Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Валера Мацулевіч 


Аўтар: Мацулевіч Валера,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Валера Мацулевіч нарадзіўся 4 жніўня 1983 года ў Лідзе. Скончыў Наваградскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці "Бухгалтарскі ўлік і аўдыт". Працаваў на прадпрыемствах ААТ "Лакафарба", ААТ "Лідскі завод электравырабаў". Вершы пачаў пісаць з 19 гадоў. Друкаваўся ў газетах "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", "Гродзенская праўда", часопісах "Ад лідскіх муроў", "Нёман", "Маладосць". Аўтар зборнікаў "Струны душы" (2011) і "Чалавек са свечкай" (2014).


   
   БЫВАЮЦЬ ДНІ

Бываюць дні, калі жыццё
Падалей хочацца паслаць,
Душа крычыць: "Запі і ўсё!
Кідай змагацца ды шукаць!"

Не ткуцца ў вершыкі радкі,
І апетыт не хоча быць,
А тэлефон, як знак тугі,
На пыльным століку маўчыць.

Ды варта стаць каля акна,
Калі ноч сцеле цішыню,
А ў небе сажы чарната -
І ўбачыш зорку там сваю.

Праменняў мяккае святло
Пяшчотна лашчыць небасхіл,
І забываецца ўсё зло
Часіны той, дзе лёс не міл.
Пакуль той зоркі ёсць краса,
Не кіне шчасцейка мяне,
Ліхой часіны ж паласа -
Яна пабудзе і міне.


МЕСЯЧЫК
(трыялет)

Я адзін, як месячык у небе,
А навокал - рабаўніца ноч.
І не бачна зорак цёплых воч.
Я адзін, як месячык у небе.
Светлы сум спадзе, 
                      як срэбны дождж,
І ў садах народзіцца малебен.
Я адзін, як месячык у небе,
А навокал - рабаўніца ноч.


ЖНІВЕНЬ

Поўніць паветра спякотаю жнівень.
Душна. І многія ў хаце сядзяць.
Не выйшаў ва двор нават вецер лянівы,
І нерухомыя дрэвы стаяць.

Мабыць, панурацца надта тугою,
Што хутка золата скінуць лістоў.
Людзі пад сонца спякотным канвоем
Крочаць паволі па зоне двароў.

Жвавым патокам, пылячы шыны
І ажыўляючы хуткасцю дзень,
Побач імкліва нясуцца машыны,
Можа, як людзям, ім хочацца ў цень.

Ходзіць нуда, як убогі бадзяга,
З клункам што цягнецца ў нейкую даль,
І, дварняком падляцеўшы нязграбным,
Ты, адзінота, мне лапу падай.

Сонныя думкі снуюць хаатычна,
Мэты няма ў іх, дый сэнс не якраз,
І на душы вяла, душна крытычна,
Як і на вуліцы ў жнівеньскі час.


ВОСЕНЬСКІ КЛЁН
(трыялет)

Палае клён паходняй Праметэя,
А мо як сэрца горкаўскага Данка.
Сярод скупога восеньскага ранку
Палае клён паходняй Праметэя.
Пульсуе ліст, агністы, як маланка,
У ім Любоў, і Вера, і Надзея.
Палае клён паходняй Праметэя,
А мо як сэрца горкаўскага Данка.


ЖОДЗІНСКІ АСІЛАК

Асілак жодзінскі - БелАЗ,
Ты - зубр сярод машын,
Бы радзівілаўскі палац,
Дарос да аблачын.

Ты - роднай Беларусі дух,
Магутны і стальны,
Ты - безліч працавітых рук,
Што робяць быллю сны.

Ты як паганскі моцны дуб
З гісторыі дзядоў,
Ты - веліч мар, што гнуць бяду,
Аб днях праз сто гадоў.

Ты сімвал, волат, працаўнік
І казачны герой,
Ты для мяне не грузавік,
А твар зямлі маёй!


ЗАХАВАЙМА Ў ЧЫСЦІНІ

Захавайма ў чысціні
Нашы пушчы і палі,
І аблокі ў вышыні
Захавайма ў чысціні.

Захавайма ў чысціні
Нашы рэкі, ручаі,
І азёры ў цішыні
Захавайма ў чысціні.

Захавайма ад пакут,
Прамысловых ран-атрут,
Цела роднае зямлі
Захавайма ў чысціні.

Мудрасць з розумам няхай
Лечаць, цешаць родны край.
Ў наша заўтра зазірні:
Ці яно ж у чысціні?


МАЙСКАЯ ЗАМАЛЁЎКА

Падалося мне позняй вясной,
Што трава стала хваляй марской,
Што як з тропікаў неба бязмежнае;
І на хвалях зялёных ў садах
Квецень яблынь на мачтах-ствалах,
Быццам ветразі яхт беласнежныя.

Светлячкі залатых дзьмухаўцоў
Нібы скарбы з мінулых часоў,
З караблёў, затануўшых у буру;
З дна марскога прыветна блішчаць,
Аб прыгодах паданнем гучаць
І настрой праганяюць пануры.


ЗАФАРБАВАНЫ СУМ

Распусціў каляровае пер'е
Парк асенні, нібыта паўлін.
Тоне ў фарбаў стракатых бязмер'і
Сум халодных, самотных хвілін.

Кінь журбу аб вясновым блакіце,
Дыванах малахітавых траў -
Бачыш, Восень малюе графіці,
Каб яе ты таксама кахаў!


КАЛІ ВЕЗУВІЯ ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ЦМОК...

Сышліся чорныя хмары
І неба запаланілі.
Смяротны чарнобыльскі цмок
Над светам лятаў...
Д. Бічэль.

Калі Везувія Чарнобыльскага цмок
Дыхнуў у твар краіны Ефрасінні,
Атрутны водар сапсаваў на час Ёй зрок,
Змяніўшы шэрым задуменна-сіні.

Калі нябачныя траплялі у людзей
Праменні-кулі падшага анёла,
Ёй падалося, быццам зноў Біці-Гірэй
Вядзе арду на гарады і сёлы.

Калі нячысцік, а не добры дамавік
Абраў жытлом пакінутыя хаты,
А ноч мятлой прагнала з неба маладзік,
Ёй забалелі даўнія стыгматы.

Бы крэматорый, бы Сусветная Вайна,
Чарнобыль нішчыў светлую надзею.
Але праз попел усміхалася вясна,
Што Беларусь не зробіцца Пампеяй.


КАЛЫХАНКА ЧАЛАВЕКУ

Спі, чалавеча, табе нагадаю
Вобраз вясёлкавы весняга раю.

Вось зніклі клопаты, зніклі слязінкі,
Граюць з калыскаю яблынь галінкі.

Зніклі кудысьці і шоргат, і грукі,
Сэрца натхняюць чароўныя гукі.

Зніклі кудысьці дамы і машыны,
Поіць пяшчотаю шчэбет птушыны.

Зніклі кудысьці дажджы і туманы,
Бачна святло, чуцен голас каханы.

Там, дзе калосся чуваць шапаценні,
Ходзіць Хрыстос у бялюткім адзенні...

Спі, чалавеча, а я нагадаю
Вобраз вясёлкавы весняга раю.
 

МАТУЛЯ

У рачулцы ёсць вады багата,
Без вады не стала бы жыцця.
Ад матулі ёсць жыцця пачатак,
Ад яе любові пачуцця.

Пот і гразь змывае з нас рачулка -
Ад жыцця не лепшыя сляды,
У матулі сэрца б'ецца чутка,
Змыць крывёй гатова жах бяды.

Гоніць рэчка ўдзень і ўночы хвалі,
Тыя хвалі - працы мазалі,
І матуля ледзь адпачывае,
Толькі б мы шчаслівыя былі.
Рэчка хваляй пеннаю ўзбялела,
У адказ на злых вятроў парыў.
Грэх казаць: "Матуля пасівела",
Гэта Бог ёй срэбра падарыў.


У КРАІНЕ ДЗЯЦІНСТВА БЫЛОГА ...

У краіне дзяцінства былога,
За дарослых гадоў даляглядам,
Я сябе ўспамінаю малога,
І мне пахне адтуль шакаладам.

Там ўсё побач: далёкія зоры,
У пірацкіх сцягах акіяны,
Таямнічыя волаты-горы,
І гайдаюць Тарзана ліяны.

Там не раз я даваў абяцанне,
Што як вырасту - стану пілотам.
Камянёў найкаштоўнейшых ззянне
Не было даражэй самалётаў.

Там, як ранішнік быў навагодні,
Я фарсіў у плашчы мушкецёра,
А ў адказ праз сівыя стагоддзі
Усміхаліся тыя чацвёра.

Там мяне ў летнім парку з калматай
Грывай неслі імклівыя коні;
Снег зімой, бы звярок той пухнаты,
Мне прасіўся хутчэй у далоні.

Сябраваў, не шкадуючы вочы,
Я з цікаваю кніжкай ад ранку,
Калі ж спаць я лажыўся уночы -
Рыжы кот мне спяваў калыханку.


УСПАМІН ПРА СВЯТА

Калі вечар зімовы заўзята
Шчэрыць чорныя зубы праз шкло,
Ўспамінаецца Боскае Свята,
Што ў далёкім дзяцінстве было.

І святочыя ў вокнах карункі,
І святочны абрус на стале,
І пад ёлкай святочнай дарункі,
І святочнасць на сэрцы ў мяне.

І душа ўсё бліжэй да касцёла.
З неба снег, быццам там хмаратрус:
Гэта сядуць вячэраць анёлы -
Бог ім сцеле бялюткі абрус.

Ды ад зорачкі першай агеньчык
На ялінцы запаліць агні,
І прасіць будуць большы і меншы:
- Святло Божае,  зло прагані!

А карункі - пялюшкі для Бога -
Тыя ў кожным бялеюць акне,
Каб Ён ласкай не кінуў нікога
І, вядома, прыйшоў да мяне.


ТРЫЯЛЕТ 

Начамі просіць хлеба Дабрыня,
Дванаццаць зор вакол яе хусцінкі.
Глядзіць у вокны кожнае хацінкі,
Начамі просіць хлеба Дабрыня.
Ды не пакіне цёплыя прасцінкі
Той, хто даўно забыў яе імя.
Начамі просіць хлеба Дабрыня,
Дванаццаць зор вакол яе хусцінкі.


ЯБЛЫНІ

У валкі  сакавіцкімі граблямі
Над дамамі аблокі сабраныя.
Між дамоў сталі ў роспачы яблыні,
Беспрытульнаму лёсу адданыя.
І, нібы жабракі падцаркоўныя,
Да нябёсаў, дзе птушкі праносяцца,
Уздымаюць галін рукі чорныя,
І як Богу яны Сонцу моляцца:

- Паглядзі, як мы доляй пагарджаны,
Як усмешкай Тваёй не абуджаны,
Зімнім хамам-марозам зняважаны,
Абакрадзены восеньскай сцюжаю.

Нас дражнілі сняжынкі, ўніз скачучы,
Лёд сярдзіты лічыў падазронымі,
Ды завея, у жмені скамячыўшы,
Часам міласць шпурляла з праклёнамі.

Ці ж вачам не былі мы ласункамі?
Дзе ж аблічча падзелася зграбнае?
Адары нас за крыж падарункамі:
Урачыстасцю, веліччу вабнаю.  

Снег на целе, здаецца, стагоддзямі,
Як прасцінкі, ў шматкі разадраныя.
Дай надзею скрыць здзек зімы-восені,
Дай адзенне, вясной-красой тканае.

Пакажы нам Свой твар паміж хмаркамі,
На ўсю моц пакажы, чыстым золатам.
Пакарай холад дзідамі шпаркімі,
Абаронцаю будзь нам ад холаду.

Вылі рэкі цяпла, каб імкнуліся 
Ўніз да трэшчынак, да галіначак,
Так, каб сокі ўнутры ўсхалынуліся
Ў кожнай з клетачак, кожнай з жылачак.

І мы дзецьмі, за клопат удзячнымі,
Светлым летам з хвілінамі доўгімі
Маляванкамі з яблыкаў смачнымі
Расфарбуемся ў гонар твой, Добрае.


ЯЗЫКІ

Што ні выйдзе з-пад рукі,
Абгавораць языкі.

Замясіў я неяк цеста -
Языкі сказалі: "Прэсна!"

Як не прэсны смак, то горкі -
Кажуць мне: "На сметнік толькі!"

Як не горка, значыць кісла -
Мне сказалі: "Аскаміста!"

Як не кісла, то салодка -
Кажуць: "Не прымае глотка!"

Што ж, скажу па праўдзе вам:
Не дагодзіш языкам!

Дык старацца будзь гатоў
Для сябе - не языкоў! 


НЯХАЙ ЖЫВУЦЬ ВЕРШЫ

Я паліў свае вершы ў агні -
Ля агню адагрэўся вандроўнік,
Я тапіў свае вершы ў вадзе -
Той вады напіліся казулі,
Закапаў свае вершы ў зямлю -
На зямельцы ўрадзілася збожжа,
Я тады іх у сэрца зашыў -
А яно застагнала ад болю.

Баліць сэрца -
Ды адагрэўся вандроўнік,
Баліць сэрца -
Ды напіліся казулі,
Баліць сэрца -
Ды ўрадзілася збожжа.

Няхай жывуць вершы!

   
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX