Ала Вадзімаўна Юшко нарадзілася 19 траўня 1955 года ў вёсцы Кузьмічы Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1971 годзе скончыла будаўнічае вучылішча ў Гародні. Працавала ў Лідзе, у будаўніча-мантажным трэсце №19 (штукатурам), у будаўнічай групе ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты". Зараз працуе маляром у ААТ "Ліданафтапрадукт". Вершы піша з 2003 года. Друкавалася ў "Лідскай газеце", "Прынёманскіх вестках".
МАМЕ Я прыехала ў вёску дзяцінства свайго, Пуста там, дзе бацькоўская хата стаяла, Не пачуць мне і голас матулі маёй: "Я ж цябе гэтак доўга чакала". Цішыня, запусценне навокал ляжаць, Ну а думкі плывуць, як вадзіца: Дзе ж дарогу цяпер праз гады адшукаць, Каб вярнуцца ў тое дзяцінства? Мо, інакш у жыцці ўсё маім бы было, І з матуляй часцей размаўлялі б. Прабачэння прашу я ў матулі за ўсё І надзею нясу на спатканне. ЛЮБАЯ РАДЗІМА Сэрцу любы куточак, дарагая радзіма! Жаўруковыя спевы і клёкат буслоў. Я ў сэрцы нясу твой прастор неабдымны, І хаваю любоў паміж пацерак слоў. Толькі б неба было нібы цвет васільковы І бярозаў касіцы вецер ціха гайдаў, Над абшарамі песень свабодныя словы Каравай на абрусе часцей бы чакаў. КУПАЛУ Сто дваццаць пяць, як нарадзіўся, А мне чуваць твой голас зноў: "Нясі, дзяўчына, нашу мову, З якой я ў вечнасць адышоў! Яна, як кволая раслінка, Трымціць і цягнецца к святлу, І мову гэту святую Я праз стагоддзі вам нясу. Яе шануйце і люляйце, Не дайце ў цемры затануць. За мову гэтую і сёння Нас беларусамі завуць!" "ДАЖЫНКІ" Свята "Дажынкі" праводзіць Радзіма У горадзе з назвай цудоўнаю - Ліда. Быццам дзяўчына, красою чаруе, Шчыра, як маці, усіх нас частуе. Вам, хлебаробы, за сноп залаты Дорыць яна незабыўныя дні, Шчасця, здароўя за плённую працу. Хлеб на стале - гэта наша багацце!