Святлана Герагозава нарадзілася ў лютым 1986 года ў Лідзе. Да 1996 года жыла з бацькамі ў г. Пінску, дзе яны працавалі пасля вучобы па накіраванні навучальнай установы. У Лідзе Святлана скончыла сярэднюю школу №15 з беларускай мовай навучання, а затым Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут (факультэт "Міжнародныя адносіны"). Атрымала спецыяльнасць "рэферэнт-перакладчык англійскай і французскай моў". Выйшла замуж, жыве ў г. Маскве, працуе у Цэнтральным апараце фонду сацыяльнага страхавання па санаторна-курортным лячэнні.
ВЕЦЯРОК АСЕННІ Вецер раніцою стукнуў у акенца, Быццам усміхнуўся дружалюбна мне, Прашаптаў лагодна пра цяпло, здаецца, Каб не замярзала ў блізенькай зіме. Ноччу сон прысніўся: ты са мною побач… Хіба ж можна верыць тым спантанным снам? Так хачу пачуць я твой прызыўны покліч, Разам бы адолець перашкоды нам. Спадзяюся, радасць прынясе нам восень, Быццам ветрык стукне ў акенца мне, Мы успомнім лета між зялёных соснаў, Ты таемна словы радасці шапнеш. СПАДЗЯВАННЕ Ужо даўно за поўнач. Цішыня такая. Нехта нарадзіўся, хтосьці і памёр. І гадзіннік стрэлкамі тэрмін адмярае, І раптоўны выкрык у цішы замёр. А жыццё ж чаруе новым спадзяваннем, Побач з горам радасць, слава перамог. Многа прыгажосці ў нашых парываннях І ў цікавых сцежках зведаных дарог. Мы ў жыцці сумуем, плачам і кахаем, Часта забываем пазваніць сябрам. І ў душы трывогу ад людзей хаваем… Будзем жыць надзеяй: Бог паможа нам! * * * Ты - воблака ў сінім бязвоблачным небе. Ты - музыка, чутная мне ў цішыні. Ты - свежая мякаць у чарсцвеючым хлебе. Ты - слодыч у кіслым і церпкім віне. Павер, без цябе не чуваць сэрца стук. Вакол свет, гаркавы ад слёз і нягод. І валяцца справы надзённыя з рук. Мне дзень без цябе нібы змулены год. Я МАЛЮЮ Малюю пах я з водарам язміну. Малюю воблака і побач з ім цябе, Малюю снег, што з колерам маліны, І нават дождж, салодкі, як бізэ. Малюю ноч і зоркі ў небе чыстым, Малюю свет загадкавы зямны, Малюю сонца фарбаю агністай І мірны дом, дзе будзем побач мы. Малюю смак гаркава-шакаладны Ад пацалункаў на губах маіх. Малюю кветкі, родныя прысады, Малюю прыгажосць для нас дваіх. Каханне наша беражна малюю, Што б'ецца ў сэрцы нашым кожны дзень, Якое шчасціць, радуе, хвалюе І засцілае даўніх спрэчак цень.