Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ірына Маркевіч 


Аўтар: Маркевіч Ірына,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Ірына Уладзіміраўна Маркевіч нарадзілася ў 1954 г. Вырасла ў вёсцы Ельня Дакудаўскага сельсавета Лідскага раёна ў сялянскай сям'і. Вучылася ў Біскупскай васьмігадовай школе (1961-1969 гг.), Дакудаўскай сярэдняй школе (1969-1971 гг.), Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце па спецыяльнасці "агранамія" (1972-1977 гг.), Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці "выкладчык біялогіі і хіміі" (1992-1996 гг.). Працавала ў калгасах Лідскага раёна спачатку паляводам, а пасля заканчэння ГСГІ - аграномам, загадчыкам участка, галоўным аграномам, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса "Іскра", старшынёй Дакудаўскага сельсавета і настаўніцай біялогіі і хімііі Дакудаўскай сярэдняй школы. Зараз на заслужаным адпачынку, пенсіянерка. Вершы пачала пісаць у 1999 годзе. Друкавалася ў "Лідскай газеце", выступала з вершамі на Лідскім радыё.


  
  МАТУЛЯ

Ты, напэўна, можаш забыцца
На матулін позірк і крок.
Ды можа аднойчы прысніцца
Ў іх невыказны папрок.

Маці слёзы не раз пралівала,
На ўчынкі твае паглядзеўшы,
Усё жыццё для цябе працавала,
Каб ты быў добра, смачна пад'еўшы.

Маці рана-рана ўставала
Ды на пальчыках ціха хадзіла,
І каб сну табе ўдоваль хапала,
Яна рана цябе не будзіла.


РАЗМОВА З ВЕТРАМ

За акном лятае вецер,
У шыбы дзьме і рве страху.
- Ты скажы мне, дзе на свеце
Жывуць людзі без граху?  

Дзе не п'юць, не брыдкасловяць,
Не крадуць, не б'юць сяброў?
Патрымай ты, вецер, споведзь
І ляці сабе за роў.


АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ

Зноўку восень жоўтым лісточкам
Паціхеньку ў акенца стукае,
Як жабрак благенькім кіёчкам,
На начлег да нас вечарам грукае.

Лісту холадна. Ён адарваўся 
Ад радзімай галінкі навекі.
Мне не сорамна. Я не цураюся
Ні радні сваёй, ні зямелькі.

Дзе ж цяпло знайсці лісціку восенню?
Людзі грэцца ідуць да людзей.
Адчыніце таму, хто ў ноч цёмную
Прыціскае свой кій да грудзей.    


ДАКУДАЎСКІЯ КРАЯВІДЫ

Нікнуць росы пад промнямі сонца.
Подых ветрыку гойдае хвалі.
Водар кветак узбуджае бясконца, 
Нясе памяць у мілыя далі.
Пробліск Нёмна між сосен узнікае,
Звонкі спеў салаўёў, Пажарова,
Дзе чаромха пялёсткі губляе
І званцы зацвітаюць нанова.

Птушкі кружаць над Нёманам, кружаць - 
Берагі для дзяцей абжываюць.
Ну а людзі з мясцінамі дружаць,
Дзе дзяцінства ў нябыт адпраўляюць.

Пах кастроў вечаровых, Казечна,
Спеў хлапцоў пад гітару ў сем струн
Залягае ў памяць навечна,
Ціхай стомай наводзіць на сум.

Вунь красуня ідзе беражочкам,
Ціха-ціха ўсміхнецца табе - 
Сэрца стукне ў грудзях малаточкам
Пра каханне былое (ў  журбе).

Юшка з рыбы, злоўленай у рэчцы,
Пахнуць будзе табе аж да скону.
Прыязджаю ў Дакудава. Вечна
Буду ехаць сюды, як дадому.


ПОЗНЯЙ ВОСЕННЮ

Ціха сцінаецца лёд на вадзе.
Восень за рукі зіму прывядзе.
Шапаціць пад нагамі лістота.
У душу засяляецца думак самота.

Прырода зімою адпачывае,
Каб цёпла было, усё снягамі ўкрывае:
Палі, пералескі, лясы і лугі…
Спяць нават коней сталёвых плугі.

Птушкі ў вырай зляцелі даўно.
Зайца ў лесе і то не відно.
Толькі слядоў ланцугі ўздоўж дарогі…
Можа, у людзей просіць хтосьці падмогі.  


СЭРЦА Ў ПАЛОСАХ

Не ўсё скажуць людзі ўслых,
А шануюць для шчасця малых,
Помняць, ды толькі ціха ўздыхаюць,
Калі летуценні, як хмаркі, мільгаюць.
                         
* * *

Выплывуць белыя-белыя хмаркі.
Ціха адзавецца ветрык няшпаркі,
Гойдае воблачка ў сініх нябёсах.
Хораша ў сэрцы, што ў нейкіх палосах.
        
Белая, светлая - выпадзе шчасце.
Чорная-чорная - здарыцца  гора.
Божачка мілы! Адкуль ты ўзялася?
Светлай, здаецца, была толькі ўчора.

Як у жыцці кожны раз скіравацца,
Каб толькі ў светлай палосцы застацца?
Як чарнату ды брыду абысці,
Каб шанцавала заўсёды ў жыцці?
       
Сонейка, можа, скажа ці вецер,
Як, пахадзіўшы доўга па свеце,
У светлай палосцы зноў апынуцца
І каб было на што азірнуцца.    


ПА ВЁСЦЫ СУМУЮ

Люблю над Нёманам-ракою
Ціха ляжаць ды ў неба глядзець,
Аблокі поглядам кранаць, як рукою,
І ў думках сваіх да Радзімы ляцець.
     
Успомню палі твае ды пералескі -
Ціха ў сэрцы ўздымаецца сум.
Сінімі кветкамі вясновай пралескі,
Полем жытнёвым гаючы той шум.
Посвіст шпака рана-ўранку пачую
Ці жаўрука звонкі спеў у нябёсах:
Сэрца заходзіцца - так я сумую,
Цягне ў вёску палашчыцца ў росах.
     
Бывала, пачую каровы рыканне,
Пеўніка крык ці гамонку гусей -
Тут жа прыпомню матулі маўчанне,
Дакорлівы позірк сініх вачэй.

Горад у жыцці нам дае перавагу - 
Можа, не трэба так працаваць - 
Па вёсцы сумую і маю адвагу
Ехаць туды, там жыццё дажываць.


ЖЫЦЦЁВАЯ КАЛЯІНА

Душа баліць, скуголіць, плача…
Чаму няшчасце ды няўдача
Ідуць, на пяты наступаюць,
Сяброў цкуюць, варон склікаюць?

Куды ні ткнешся - усюды закрыта,
Дарога роўная размыта,
Калдобіны і там, і тут.
Не грэе нават родны кут.

Жыццё ідзе па каляіне,
Што тоне ў брудзе, вязне ў гліне…

У чыстай бы вадзе яе адмыць,
Дадому роўненька пусціць.     


СОНЦА Ў ДАЛОНЯХ
 (Казка)

Сонца затуліла я ў далоні,
Сцішылася, думаю, як  быць…
Мо, схаваць яго ў сваім улонні?
Але ж як іншым без святла пражыць?

Сонца грэе, грэе мае рукі -
Адыходзіць удалячынь бяда,
Адлятаюць крыўды, боль і мукі,
У целе застаецца чыстата.

Не пячэ чамусці Сонца цела.
Я прашу яго: "Пабудзь яшчэ
Ды спалі ўсё, што набалела.
Няхай свежа кроў па мне цячэ".

Сонца страпянулася ў далонях:
"Годзе табе грэцца ды беды паліць!
Я пайду. Між людзьмі ў лясах, на гонях
Мне работы многа - усё хоча жыць".

"Дзякуй табе, Сонейка, за ласку,
За святло тваё і дабрыню;
Трапіла з табою я ў казку,
Адпускаю - дары іншым цеплыню".

Я далоні ціха павярнула.
Яркі шар зноў ззяе ў вышыні.
Толькі промнем ясным мне кіўнула
Ды ўсміхнулася: "Мяне не палані".


БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Беларуская мова!
Чаму ж з Табою нам не ганарова?
Чаму ж Цябе цураліся заўсёды
Паны і падпанкі, едучы на воды?

У вёсках на Табе ўвесь час гаварылі:
З Табой кахалі, лаяліся і на той свет хадзілі...
Была Ты зразумелаю заўжды
Ў літоўскай, польскай ды расійскай грамады.

Чаму ж цябе цураюцца ўсе сёння
Ў гарадах, пасёлках? З  раніцы, спрасоння
Цябе стараюцца забыць -
На іншай, моднай гаварыць.
Ты - дыялект. Ты - мова  вёскі.
Зняважыць нават сёння Цябе проста.
А я скажу адно: "Не паддавайся ім -
Жыві, не дазваляй псаваць Тваёй крыві".

Ты - мова Коласа, Купалы,
Гаворым на Табе і мы нямала.
Даўно двухмоўе ў нас, Ты пад пятой расійскай...
Ды засталася нам і роднаю, і блізкай.  


ПРАБЛЕМА ВЁСКІ
 
Сядзіць варона на суку, кажа: "Кар-р-р...
Ці даўно на гэтым полі быў гаспадар?
Зарасла ўжо пожня лесам, бур'яном,
А калі ж сюды загляне аграном?
Штось не тое робяць людзі на палях.
Няўжо лётаць мне ізноўку па лясах?
Не відаць мне ні зярнятка з той зямлі.
Дзе ж чарвей мне падзяўбаці на раллі?" 

Да вароны пад'язджае брыгадзір,
На край поля воз паставіў, пахадзіў,
Прыгадаў, як хутка ідуць гады - 
Калісь ураджай тут, на палетку, быў багаты,
Як у гэтай вёсцы быў калгас,
Намалот высокі атрымоўвалі не раз...
Ды цяпер прыйшлі "гаспадары",
Што зямліцу не аралі гады тры,
Запусцілі пырнікам зямлю -
Пустазелле ўжо пакрыла ўсю раллю,
Вырас быльнік, пасяліўся лес...
Брыгадзір патупаў і на воз палез. 

Ён падумаў: "Што ж зрабіць?
Як жа з полем гэтым быць?
Што людзям сказаць, вароне той?"
Ад яго ж залежыць мала што.

Ён палетак той аб'ехаў увесь, кругом
Ды ў цэнтр падаўся. Аграном
Так яму сказаў: "Ты не гаруй -
Ведаю пра поле, заару.
Толькі вось саляркі мала тут,
Запчастак няма - пусты кут,
Дарагое ўсё... Дык мы
Дажывёмся хутка да сумы,
Калі нам за мяса, малако,
Зерне, бульбу ды за валакно
Будуць мала так плаціць.
Як жа будзем далей жыць?"

* * *

Вы падумайце, начальнікі, у вярхах,
Што сказаць вам людзям на палях,
Той вароне, што сядзела на суку...
Памажыце. Не застаньцеся ў баку.


ДАЯРКА

Дзе ж ты красу сваю страціла, любачка?
Ужо пасівела галоўка твая.
Полем шырокім, роснай сцяжыначкай
Бегла на ферму ранкам штодня.
 
Кароўкі даіла,
Дзетак расціла,
П'яніцу-мужа дадому вяла,
Крышку паспала
Ды раненька ўстала -
Так і жыццё ты сваё правяла.

А твой начальнік,
Наставіўшы "чайнік",
З раніцы зноўку "чысціць" цябе:
"Чаму ж тут карова
Не тая, не нова
І малака гэтак мала дае?"

Ён жа забыўся,
Што п'яны зваліўся
Пад тую каровачку проста ў рышток,
Як ты, даярка,
Падбегла так шпарка
Ды абмывала мурзаты раток...

Так і бывала,
Што радасці мала
Бачыла ты ў гаротным жыцці.
Ферма ды поле - 
Уся твая доля.
Колькі ж ты будзеш у няшчасці брысці?  


МАЛІСЯ БОГУ ЗА МЯНЕ

Букецік кветак на магілу пакладзі.
На помніку на здымак паглядзі. 
Прашапчы малітву за спакой душы.
Я даўно ў даміне тут ляжу ў цішы.
      
Мяне пахавалі ў ціхі светлы дзень.
Лёсу майго хвалі зніклі недзе ў цень.
Смутак быў вялікі ў маёй радні...
Не, не ліце слёзы болей вы ні-ні.

Я не адзавуся, не ўстану з зямлі,
Не скажу ні слова, помню, як жылі,
Дзе і каго кахалі, вучыліся быць
Добрымі, ласкавымі ды па лёсе плыць.
        
Успамінаў мноства хай будзе і вам...
Я не ўстану. Проста душа рвецца ў Храм, 
Каб спакой у малітвах у Бога папрасіць,
Застацца ў нябёсах, а не ў смале быць.

У Божым Храме свечка ціха хай згарыць.
Ты часцей маліся, каб шчасліва жыць,
Закінь слова Богу й за душу маю - 
У думках я з табою ў Царкве стаю.

Памаліся Богу, чуеш, мой сваяк, 
Не хачу ў пекле гарэць аніяк.
Таму на магілку ты маю хадзі,
Маліся ды кветкі ля помніка кладзі.    


НАПАМІНАК

Што мне прынёс ты, напамінак
Былых часоў, былой красы?
Ты палажыў тугу на ўспаміны,
Падфарбаваў сівою фарбай валасы.

Памылкі лёсу могуць часта
Наша жыццё перамяніць.
Ужо потым доўга-доўга, з часам,
Нішто не можам мы змяніць.

Дык потым думаем, уздыхаем,
Клянём сябе і тых людзей
За тое, што мы страцілі, не маем...
Нашто сябе пазбавілі ідэй?

Час павярнуць назад ніхто не зможа.
Жыццё нам зноў не перажыць...
Таму ты выбірай, князёўна, ложа,
А ты, князь, думай, з кім ты заўтра хочаш жыць.


СНАРАДЫ ДАЛЁКАЙ ВАЙНЫ

Чатыры гады Беларусь ваявала.
Адкаціла фашыстаў навала.
Партызаны, салдаты - усе людзі
Цвёрда верылі: болей не будзе
Падаць з неба гарачы свінец
Ды нарэшце надыдзе канец
Іх пакутам, гору з бядою…

Шмат гадоў ужо прайшло чарадою.
Але тоіць зямля Беларусі
Міны, бомбы, снарады ў акрузе.
Аж дагэтуль працуюць сапёры.
Адгалоскі вайны б'юць маторы,
Часта гінуць ад гэтага людзі.
Дык калі ўжо канец таму будзе?

Даўно прымірыліся краіны.
Засталіся толькі ўспаміны.
А снарады далёкай вайны
Не дапусцяць ніякай маны,
Скажуць дзецям, іх продкам далёкім,
Як няпроста было і нялёгка
Беларусі вайну перажыць…

Год за годам хутка бяжыць.
Сорак пяты далёка адстаў,
Кананадай адгрукатаў.
Шчодры мір берагуць беларусы.
Але ж я за ўнукаў баюся.


СІНЮГА

П'яны мужчына па вуліцы крочыць:  
Плот абдымае, ціха хістаецца,
Нідзе і нікому нікуды не збочыць,
Толькі сабе неяк крыва ўсміхаецца.

Марозна. Вецер сцюдзёны насустрач нясецца.
Яму хоць бы што: паліто расшпіліў
Ды гэтак бяздумна кудысьці імкнецца.
Што ж ты, гаротнік, сябе так згубіў?

Следам сябрук яго, цюцька кульгавы,
Хвост затуліўшы, брыдзе абы як.
Вецер сягоння такі неласкавы:
Не любіць "сінюгу" ён аніяк.

П'яны ўчора суседзям хваліўся,
Што можа выпіць гарэлкі хоць збан. 
Толькі вось сёння ад чаркі ўпіўся
Ды шкандыбае п'янюткі "балван".

Жонка даўно ад такога пабегла.
Дзеці цураюцца - бацька ж які?
Вось і цягаецца, цяжка, бы цэгла
Да ног прывязана, не ідуць шлапакі.
     
Што мне сказаць на такі вось малюнак?
Пэўна, не ведаць лепш долі такой,
Не піць і не нюхаць, не сохнуць ад думак,
Каб пляшка гарэлкі была пад рукой.


МЯНУШКІ

У нашай вёсцы вялізарнай
Жыве так многа сваякоў,
Што разабраць элементарна,
Дзе хто, не могуць тут з вякоў.

Аднафамільцаў многа: Сідор і Крыпец,
Кушаль, Пагуляй, Рыбак, Даўлюд,
Чарноў - і той аднафамілец, - 
Баршчэўскі - усіх так многа тут.

Як разабрацца, распазнаць усіх з ходу,
Не блытаць болей аніяк?
Прыдумаў хтось мянушкі для народу,
Каб называцца мог так кожны іх сваяк.

Вось і пайшлі ў Дакудаве Брызыльцы,
Рахвалы, Сталіны, Чырвоныя, Банадыкі,
Дырэктар, Сахарынка, Жэнік,  
Джаджка - усе аднафамільцы,
Сталі насіць мянушкі сваякі.

Так і нясуць у пакаленні:
Ад бацькі - сын, ад дзеда - унук...  
Спакон вякоў мянушкі як збаўленне
Ды як разгадка ад непаразумення мук.


МАЛІТВА - ПАДЗЯКА

Добры дзень, лясочак
І лясныя богі!
Дайце мне грыбочак,
Кіньце мне пад ногі
Баравікоў белых,
Рыжыкаў, лісічак,
Трохі ягад спелых
(Чарніц ды сунічак).

Дзякую вам, богі,
За дары лясныя,
Сцежкі і дарогі,
Бары векавыя.
За паветра чыстае,
Возера празрыстае,
Энергію лясную…
"Дзякуй вам!" - кажу я.


АБ ПРАЎДЗЕ І ХЛУСЛІЎЦАХ 

Дзень у дзень і ноч ад ночы
Заглядай ты праўдзе ў вочы,
Хлусню надалей адгані
І ад плётак адпачні.

Праўда - горкая заўжды -
Нас збаўляе ад бяды,
Адзінокі яе стан
Выратоўвае ад ран...

Хай хлуслівец мякка сцеле,
Языком паўсюдна меле,
Толькі ж праўда не баіцца
Богу ў ногі пакланіцца.
    
Бог усе грахі даруе,
Таму шчасце ахвяруе,
Хто ідзе да людзей з мірам,
Праўду кажа словам шчырым.

А хлуслівец дружыць з чортам
Ды акажацца за бортам,
Калі праўды ён не любіць,
Брыдкім словам радасць губіць.


НОВЫ ГОД У ЛЯСНОЙ ЗАЛЕ 
(Казка)

Ёлка ў лесе зіхаціць.
Зайчык пад ёю сядзіць.
Ціхенька мядзведзь з бярлогі
Цягне ўсё да ёлкі ногі.
        
Выбягае шэры воўк
І зубамі шчоўк ды шчоўк:
- Новы год? А я халодны.
Каму смешна? Я - галодны!
Тут лісічка хвастом віль:
- Я прабегла многа міль,
Каб сюды на Новы год
Трапіць у дружны карагод.

А ты, воўк, не будзь занудай,
Пасядзі на рэчцы з вудай,
Злаві рыбы ды паеш,
Бо дарэмна слёзы льеш. - 
        
Падлятае курапатка:
- Ты, ліса, сказала гладка.
Няхай воўк ідзе на рэчку,
А я ела сёння грэчку.
        
Дык давай мы ў Новы год
У лесе зробім карагод.
Гэй! Звяры! Сюды  хадзіце!
Карагод з намі вадзіце. -

Прыйшоў лось. Прытупаў дзік.
Нават зубр у лес не знік,
А прымчаўся з Белавежы
Прытаптаць сняжок той свежы.
        
Прыляцелі сойкі, філін.
Крыжадзюб падумаў хвілю
І паклікаў снегіра:
- Паляцелі, ужо пара
        
Нам да ёлкі ў лясны зал,
Дзяцел ужо даўно казаў. -
Пазляталіся тут птушкі.
Мышкі вылезлі, нарушкі,

А вавёрачка з дупла
Арэшкі ёлцы прынясла.
Стары, мудры Лесавік
Новы год страчаць прывык,

Пасклікаў з усіх бароў
Многа птушак і звяроў.
Стала хораша ў гайку:
Падай лапу сябруку!

Дзед Мароз мяшок падняў,
Падарункі ўсім раздаў.
У навагоднім карагодзе
Заскакалі ўсе ў згодзе.

* * *

У зімовым гушчары
Усялякія звяры
Сталі ў дружны карагод
І сустрэлі Новы год.
	
	
МАЛАЯ  РАДЗІМА

Радзіма. 
У гэтым слове
Чуецца посвіст шпакоў.
Трактар працуе на полі,
Сабраўшы чароды гракоў.

Радзіма. 
Бэз каля хаты,
Яблыні, вішні ў садзе.
Калодзежны жораў гарбаты
Ды дзеці за плотам у засадзе.

Радзіма. 
Вёска над Нёмнам.
Гаўя з чыстай вадою.
Нарва з ямкаю-бродам,
З вясковых кароў чарадою.
        
Радзіма.  
Закуткі. Завулкі.
Клуб, дзе моладзь танцуе.
Масточкі. Тусоўкі. Прытулкі.
Там дух маладосці пануе.
Радзіма.  
Матуля. Бабуля.
Ужо дзедам сівенькім стаў тата.
На печы падсохла цыбуля.
Прыцягвае родная хата.

*  *  *

Удалеч мы рвёмся заўсёды -
Хтось вучыцца, недзе працуе.
Ці ўспомніш ты, мо, як з нагоды
Месяц за хмаркай танцуе?

У думках, у снах і ў марах
Ляцім на Радзіму Малую.
Пабыўшы на родных абшарах,
Яе абдымаю, цалую.       


НЕ СНІСЯ БОЛЬШ

Чаму ты снішся мне? І з сноў
Ты такі блізкі і далёкі.
Чаму прыходзіш зноў і зноў,
Ды не прыносіш мне палёгкі?

Сядзіш, глядзіш, уздыхаеш,
Гаворыш мне: "Прыйшла бяда".
Табе і той, якую ты кахаеш, - 
Я ж для цябе была так, не адна.

Што я магу табе парадзіць?
Чым жа магу дапамагчы?
Мяне ж ты кінуў, 
                    мне ж ты  здрадзіў -
Цяпер сядзі, і думай, і  маўчы.

Таму рашай свае праблемы сам,
А мяне болей не трывож - 
Жыццё сваё 
                   наладзіла я з часам...
Прашу цябе, не сніся больш.


НОГІ

Забалелі мае ногі
Ад дарогі, ад трывогі,
Ад пакут забытых дзён
Сунецца на іх праклён.
     
Ланцугоў жыццёвых путы
Цягнуць ногі да зямлі.
Ці ты босы, ці абуты - 
Абамлелі, "загулі".

Топчаш, топчаш свае сцежкі
Ты нагамі кожны дзень,
Пакідаючы сумежкі  
Ды слядоў блакітны цень.
     
Мы з нагамі ды рукамі
Сябраваць заўжды павінны
І ў хаце з абразамі,
І ў астрозе, хоць не вінны.

Не дай Божа страціць ногі.
Не хадзіць - амаль не жыць.
Без турбот ды без дарогі
Чалавек як труп ляжыць.
  
  
ВЯСНА Ў ВЁСЦЫ

У вёску зноў прыйшла вясна.
Людзі - як мурашкі,
Устаюць рана, яшчэ да дня,
Як заспяюць птушкі.

Бягуць коніка шукаць,
Трактар ці машыну - 
Гной патрэбна выкідаць
Ды карміць скаціну.

Соткі ўжо даўно далі
Ля лесу брыгадзіры
(Ногі іх па той раллі
Даўно не хадзілі).

У полі пырнік так парос,
Што не відно глебы,
Колас леташні прарос...
Бульбу ж садзіць трэба.

Б'юцца людзі на зямлі -
Пырнік той зграбаюць...
Цяжкімі іх дні былі.
Дзе ж падзецца? Знаюць,

Бульба вырасце калі,
Парой яе пасадзіш,
Зелле выпалеш з зямлі,
Абгоніш ды дагледзіш.

*  *  *

Цяжка ў вёсцы людзям жыць
Век было. Дык сёння
Моладзь ужо адтуль бяжыць
У горад, каб спрасоння
Ісці не ў поле працаваць,
А там, дзе лягчэй будзе,
Каб не зелле выграбаць,
А быць як белыя людзі.
Тут заплацяць болей ім.
Прыдбаць можна кватэру...
Ну а з вёскі ім бацькі
Ўсё дадуць без меры.          


ЛАЎКІ

На вясковай вуліцы
Ўсе да плоту туляцца.
Днём - каб не раз'ехалі,
У ноч - каб не "наехалі".
     
А ў нашай вёсцы - лаўкі 
Каля плоту, каля брамкі,
І сядзяць на іх заўжды
Нашы бабкі і дзяды.

Днём вядуць яны размову
Пра дзяцей ды дзядзьку Вову,
Пра палітыку талкуюць,
Аб здароўі пагаруюць.
     
А як вечар надыходзіць,
Лаўкі моладзь не абходзіць;
Дзядзькі і цёткі пайшлі спаць,
Маладыя - пагуляць.

Смех ды жарты зноў ля лаўкі:
Весяляцца дружна дзеўкі,
А вакол іх дзецюкі
Распусцілі языкі.

Хто пра што тут зноў талкуюць,
Усе навіны абмяркуюць
Ды разыдуцца па парах
Па ўсіх лаўках. Смех на тварах

Сімпатычных, закаханых,
Марай шчасця апантаных...
.     .     .
Вось каб лавак не было б,
Сумна ў нас жыццё ішло б.


ДЗЕД МАРОЗ І ЯГО НОС
(Казка)

У нашай вёсцы Дзед Мароз
Адмарозіў сіні нос.
Быў ён гэтакі вялікі.
Жартавалі ўсе музыкі:
"Вось Мароз у нас! Мароз,
Дзе ты дзеў гіганцкі нос?"
Дзед Мароз ім у адказ:
"У балоце я заграз.
Зіма цёплая была,
Чапля нос мне аддала.
Жаба з купіны скок - скок,
Падала мне мой кіёк,
Так па носе пацягнула,
Ажно сэрца здрыганула.
Вось мой нос і пасінеў,
Хоць кідай яго за хлеў.
Ледзь з балота вылез я,
Адцураўшыся кія.
З падарункамі змок мех.
Паднялі сабакі брэх,
Як да вёскі я прыйшоў
Віншаваці малышоў.
Я за хлеўчык прытуліўся,
Адпачыць каб: прытаміўся.  
Тут Снягурачка ішла,
За хлявом мяне знайшла,
Снегам як расцерла нос -
Ён узяў, назад адрос,
Стаў чырвоны ды кароткі,
Што той яблычак салодкі". 
 
 
ЗАДАВАКА

Ах, які ты задавака!
Нават шэранькі сабака
Гаўкнуць на цябе баіцца
Ды схапіць за нагавіцы.
     
Задавака важна ходзіць…
Смешна так сябе паводзіць.
Усім здаецца: ён начальнік,
А на самай справе - "чайнік".

Задавака зырыць зверху
І на ўсіх наводзіць вэрхал,
Важны, быццам бы варона,
Хоць надзень яму карону.

А дзе ж сціпласць, задавака?
Ды няма зусім ніякай.
Гонар ёсць, мазгоў няма,
Не шукайце іх дарма.
   
  
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX