Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Алесь Мацулевіч 


Аўтар: Мацулевіч Алесь,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (філалагічны факультэт). Працуе ў рэдакцыі "Лідскай газеты". Вершы друкаваліся на старонках "Лідскай газеты", у літаратурна-мастацкім часопісе "Верасень", у калектыўных зборніках. У 2015 годзе выйшла яго першая кніга паэзіі "Леў і ключы".


  
  ПАДАННЕ АБ ПАКІНУТАЙ ВАРЦЕ

Што шэпчаш, вецер з глыбіні вякоў,
што крыламі ўздымаў плашчы з крыжамі?..
На замак рушыць процьма крыжакоў.
У замку - войска, князь ды гараджане.

Спужаўся князь - і з войскам уначы
паспешна ўцёк праз патайную брамку.
Пакінуў перад тым, як уцячы,
ён жменьку вартавых на сценах замка.

На гібель пэўную пакінуў князь
няшчасных, крыжакам на разарванне:
нічога не каштуе жменьку зняць
у чырванню афарбаваным ранні.

А раніцай да брамкі вораг лез,
ад радасці ў шчыты ўдараў мячамі -
ды вартавых сустрэў мячоў тых лес,
што кроў сваю з варожаю змяшалі.

У тым баі ўся варта палягла -
ды ў замак вораг так і не прабраўся…
Паданне ходзіць: прывід ваяра
на замка сценах з тых часоў застаўся.

Калі ізноў ля замка звон мячоў,
цень да байніц ляціць па галерэі -
падставіць бесцялеснае плячо
таму, хто ў бітве ворага агрэе.

Спяшаюцца сваім дапамагчы
загінуўшых вартаўнікоў фігуры…
Што шэпчаш, вецер, і аб чым маўчыш,
пануры замак - вартаўнік пануры?..


ГРУНВАЛЬДСКАЯ БІТВА
(У памяць аб падзеях 1410 года)

Сярэдзіна ліпеня… Парыць…
Такой вось спякотнай парой
палякі, ліцвіны, татары
сышліся з тэўтонскай ардой.

Было войскам горача, цесна
на полі тым ліпеньскім днём.
Пот ліўся па скронях, па чрэслах
пад сонца пякельным агнём.

Ад поту ільсніліся коней
бакі… Вось кранаецца строй -
і стала намнога спякотней,
калі павялі войскі ў бой.

Ураз косы смерці навіслі
над полем, як цемрадзь злых хмар.
Прыйшоўся па войсках ліцвінскіх
асноўны тэўтонцаў удар.
Настаў час у ворага цэліць,
свістаць смертаноснай касе.
Князі, і баяры, і чэлядзь -
з тэўтонцамі біліся ўсе.

Ніводнай не знойдзеш паляны
ты ў лесе з людзей і сцягоў.
І білі тэўтонца смаляне,
і гродзенцы білі яго.

Дзяржанне мяча моцна пальцы
сціскалі, меч сёк крыжакоў.
І білі тэўтонца тракайцы,
і віленцы білі яго…

То тут, то там грузна валіўся
крыжак, як падрэзаны грыб.
Ягайла ў асноўным маліўся,
а Вітаўт ад крыку ахрып.
У пекла гарачае бітвы
татар пасылаў Джаладзін…
Крывёй былі травы абліты,
ды трупы - куды ні глядзі.

Ды воіна трупы не страшаць!
Тэўтонец, разгромлены будзь!
Апошнія сілы сабраўшы,
харугвы па ордэне б'юць.

Каб з ордэнам 
                    моцным пакончыць,
махалі яшчэ і яшчэ
мячамі… Да захаду сонца
быў ордэн разгромлены ўшчэнт.

Разбіты крыжак! За Літвою
на полі лаўровы вянок!..
І лідскай харугвы крывёю
паліта таксама яно…


ДУМЫ ХВОРАГА КАРАЛЯ АЛЯКСАНДРА НА ШЛЯХУ З ЛІДЫ Ў ВІЛЬНЮ
(У памяць аб падзеях 1506 года)

Апалчэнне ўзначаліць прызваны,
апалчэнцаў кароль не павёў.
Вось ляжыць ён, паралізаваны,
у калысцы паміж двух канёў.

"Люд ліцвінскі! Час смерці мой блізка!
Без мяне перамогу здабудзь!
Павядуць войска Кішка і Глінскі
і ля Клецка татараў паб'юць.

Афарбуюць крывёю татарскай
апалчэнцы Літвы Лань-раку.
Вунь за гэта ўздымаецца чаркай
сонца справа, ва ўсходнім баку!

Уздымаецца за перамогу
сонца-чарка з крывавым віном.
Асвятляе мне ў Вільню дарогу,
цела слабае лашчыць яно.

Вунь як неба на ўсходзе зардзела!
Ды крылом засланяючы дзень,
над разбітым паралічам целам
нехта лётае, кідае цень.

Смерць-крумкач нада мною кружыцца.
Толькі веру: дзён колькі міне -
навіна аб разгроме чужынца
перад смерцю суцешыць мяне.

І пакажацца ў яркай прасторы
не крумкач, а пасланец-анёл…"
Думаў так Аляксандр, цяжка хворы,
у калысцы паміж двух канёў…


ЛЕЎ І КЛЮЧЫ
(У памяць аб падзеях 1590 года)

Ганарыся, нос уверх
задзяры, лідзянін:
атрымала Ліда герб -
шчыт са львом, з ключамі!

Поле ў ворагаў крыві.
Леў на ім адважны.
Хто з мячом прыйшоў - раві,
на кіпцюр насаджаны!

Поле як нябёс блакіт.
Два ключы ад раю.
Толькі мужнага рукі
ключ такі чакае.

Барані, каб уцалеў,
горад свой у войны!
Мужны, храбры будзь, як леў!
Раю будзь ты годны!

Адбівай, каб не насеў,
ворага, лідзянін!
Запавет такі нясе
герб са львом, з ключамі.


БАДЗЯГА
(У памяць аб падзеях 1659 года)

Я бадзяга са спаленай Ліды.
Я бяздомны жабрак-сірата.
Сваё гора, свой боль, сваю крыўду
ў гэтых словах хачу перадаць.

Змей на Ліду напаў агнядышны.
Меў той змей трыццаць тысяч галоў.
З абаронай яе, як кот з мышшу,
ён расправіўся, змёўшы далоў.

Змей - Івана Хаванскага войска,
нацкаванае рускім царом.
І згарэў, нібы свечка тая з воску,
родны горад пад ядравы гром.
Зубы ў арміі-змея як жорны.
Заглынае мястэчкі глыток.
Быць ад попелу Беліцы чорнай.
Быць ад попелу брудным Мыто.

Вось пачвара ў салдацкім абліччы
пажырае дамы і хлявы.
Робіць з Дворышча змей папялішча,
робіць Ваверцы хвост агнявы.

Рабаўнік па павеце пашарыў,
перабіў, папаліў, абабраў.
Я ад войска ўцякаў, ад пажараў,
і цяпер я бадзяга-жабрак.

І скрозь зубы свае, як умею,
ад душы, дзе бурліць гнеў агнём,
наўздагон агнядышнаму змею
пасылаю гарачы праклён!


ПЕСНЯ ВУЧНЯЎ ЛІДСКАГА ПІЯРСКАГА КАЛЕГІЮМА 

Зноў на лекцыі-заняткі
кліча нас званок з абеду.
Наш калегіюм піярскі -
школа розуму, храм ведаў.

Тут экзамены штомесяц,
кожнай раніцай малітва,
галава за дзень умесціць
ведаў цэлую палітру.

Гордзіеў задачак вузел
на занятках рассякаем.
Ходзім з клірыкам па лузе,
ды гербарыі збіраем.

Хай прыедзе Кацярына
ў Ліду ў пышным экіпажы - 
ёй аб змове Каціліны
мы трагедыю пакажам.

Да навукі не астынем.
Каб прэфект нас не сароміў,
шпарыць будзем на латыні
мы не горш за Цыцэронаў.

Ведаць будзем дасканала,
каб манахі не каралі,
глобус, Біблію, аналы
і граматыку з мараллю.
Хай паходняй ззяе яркай
досвед продкаў, мудрасць дзедаў.
Наш калегіюм піярскі -
школа розуму, храм ведаў.


ЗАПОЛЬСКІ АБШАРНІК
Памяці Ігната Дамейкі прысвячаецца

Кіруе маёнткам Заполле
абшарнік Дамейка Ігнат.
Як пану, Дамейку ў запале
тут першую скрыпку іграць.

Аддаўся Ігнат гаспадарцы,
часопісам, кнігам па ёй.
Вучоны - чаму б не аддацца,
здзяйсняючы думак палёт?

Разводзіць пародзістых коней
і дбае аб долі сялян.
Іх дзеці, што вучацца ў школе,
Ігнату душу весяляць.

Паўзе ў адзіноце час-змейка.
Жыве ў адзіноце Ігнат.
Жыве ў адзіноце Дамейка.
За ім - паліцэйскі нагляд.

***

Калі над тваёю верандай
праносяць каметы хвасты,
ці сняцца далёкія Анды,
што будзеш даследаваць ты?

Як зорачкі россыпам ягад
пачнуць над верандай мігцець,
ці сняцца далёкі Сант'яга
і тамашні ўніверсітэт?

Ці сняцца чылійскія шахты
і тамашнія руднікі?
Ці бачыш, Дамейка, у снах ты,
як горбяцца там гарнякі?

Ці сніш акіянскую пену
і над акіянам вятры?
Табе і не сніцца, напэўна,
што ў Чылі праславішся ты?

Як ноч россып зорак запаліць,
як сон немагчыма прагнаць,
што сніш у маёнтку Заполле,
вучоны Дамейка Ігнат?


У СВЕЦЕ РЫЦАРАЎ

Стаў нядаўна я, паверце,
членам рыцарскага клуба.

Стаў - і апынуўся ў свеце
рыцараў ды дам-галубак.

Тут даспехі, зброю носім мы.
Тут васальныя адносіны.

Для турніру, для пацехі
зброю робім і даспехі.

Праліваю пот ракой:
меч узважваю рукой.

Рыцарскі ідзе турнір.
Мы на рыцарскай гульні.

Па наплечніку б'е меч.
Дакрануцца бы да плеч!

Крыжакоў сяку сякірай.
Гляньце, меткі ўдар які мой!

Дзідаю трапляю ў цэль -
у плашча тэўтонца бель.

Звон мячоў, тарана гром -
крэпасць штурмам мы бяром.

Сходзімся грудзьмі на грудзі.
Схопліваемся ў бугурце.
Тут, у дзейнасці кіпучай,
рыцары не толькі б'юцца.

Рыцар - ён і кавалер галантны.
Ветлівасці не схавалі латы.

Ён у шахматы гуляе,
мала ў іх фігур губляе.

Рыцар - майстар танцаваць,
можа ў танцах падкаваць.

Майстар у складанні вершаў -
можа дамам од "навешаць".

Майстар паіграць на флейце.
Дамам, гукі, сны навейце!

Майстар верхавой язды -
наравісты конь, застынь!

Моц мацуем у руках мы,
ды жывём не толькі гэтым,
мы - танцоры, музыканты,
шахматысты і паэты.


РЫЦАРСКАЕ БРАЦТВА

Павярнуўшы час хадою
на шэсць соцень годзікаў,
тут сустрэліся ў двубоі
лідскі рыцар з гродзенскім.

Ролю ворагаў іграюць,
гнеў узняўшы бураю, -
аб шчыты мячы ўдараюць,
аб даспехі бухаюць.

У абодвух спрыт і вопыт - 
не сагнуць іх латамі!
Біцца і з чарцямі хопіць
моцы ў іх рагатымі!
Латы моцныя і ў ззянні -
мятымі не зробяцца!..
Аказаўся, мой лідзянін,
ты мацней за гродзенца!

Між сабою па-сяброўску
абняліся "ворагі":
"Між сабой сябры - не воўкі -
у любым мы горадзе.

Рыцараў-братоў плашчамі
ўся зямля засцелена.
Памахалі мы мячамі!
А цяпер - за келіхі!"


СЯРЭДНЯВЕЧНЫ ТАНЕЦ

"Што за людзі скачуць?" - маму
дзеці здзіўлена пытаюць.
“Праз шэсцьсот гадоў у замку
зноў сярэднявечны танец.

Дамы скачуць, кавалеры
дружна, весела, нястомна.
Здольны, можаце паверыць,
так, пакуль не стане цёмна.

Воплескі ды: "Ойра, ойра!" -
замак ажывілі ціхі -
і нясе, здаецца, горад
у сярэднявечча віхар”.

Сын з дачушкай кажуць маме:
"Хоць узрост наш і маленькі,
хочам танцаваць, як дамы,
танцаваць, як кавалеры".

"Станеш рыцарам, 
                        мой хлопчык.
Станеш дамаю, дачушка.
Рэканструктары-гурткоўцы
гэтым танцам вас навучаць.

У гурток - і сябрам блізкім
вам сярэднявечча стане
і ажывіць замак Лідскі
ваш сярэднявечны танец".


У ДОМІКУ ТАЎЛАЯ

Нібы ля дзеда ўнук-паэт,
ля замка - дом-музей Таўлая.
Яго пакой, яго партрэт
і лямпа на стале старая.

Здаецца, у пакоі тым
яго і сёння чутны крокі.
Пачуй, як дыхаюць лісты,
дыханне дакументаў копій.

Пераступі цяпер парог
пад гэтым позіркам нязгасным -
зрабі з яго пакоя крок
у свет паэзіі сучаснай.

А на другім паверсе ты
майстроў паэзіі пабачыш.
"Суквецце" тут - заходзь сюды!
Глянь, колькі сэрцаў тут гарачых!

Смялей! Не цісніся ў кутку!
А мо, і ты таленавіты?!
Табе падораць кніжку тут
з аўтографам паэта Ліды!

Адчуй паэзіі цяпло,
снег лістапада, зелень мая:
нязгаснае яе святло
гарыць у доміку Таўлая.


ДЫХАННЕ ВЯСНЫ

Да Сонца ў планет карагодзе
наш край зямны шар павярнуў -
у парку зіму мы праводзім
і дружна гукаем вясну.
"Вясна з галавой кучаравай,
прыйдзі, страх на снег нагані!"
Распальваем вогнішча жвава
і палім зіму на агні.

Па слупе палез ледзяным
па прыз 
             вельмі ўчэпісты хлопец.
Балеем, стаім і глядзім,
ці ўніз саслізне, ці прыхопіць?

Захоплена кідае снежкі
ў мішэнь на фанеры дзяўчына.
Ад нас усіх просьбу вясне кінь,
каб сонейка не прытушыла!

Вясны адчуваем дыханне
і пах шашлыкоў ды бліноў.
Мароз безнадзейна ўздыхае
і ўкладвае ў ножны клінок.

"Завеі мяне вінавацяць
у слабасці. Годзе! Маўчыце!
Канчаю з вясной ваяваць я:
вясну ўжо не перамагчы мне".


БАБРОВЫЯ СЛЁЗЫ

Глядзіць двума 
                        стваламі стрэльба
ў бабра спалоханыя вочы -
і просьба ў тых вачах: 
                          "Не трэба!",
і звера морду… нешта мочыць.

Сядзіць ён перад паляўнічым
і вастраносую трэ морду.
Блішчаць расінкі слёзак-знічак.
"Узяў, зубаты, плакаць моду".

Упершыню наш паляўнічы
бабровыя пабачыў слёзы.
"Бабёр расплакаўся! Глядзі ты!
Раве і не мяняе позы!

Не плач. 
            Цябе не буду крыўдзіць.
Ідзі, зубаты, да бабрыхі.
Ідзі ў нару. Ідзі ва ўкрыцце.
Сядзі з бабрыхаю ва ўкрыцці".

Глядзіць ён гузікамі вочак
на чалавека і сабаку -
і чалавек страляць не хоча,
убачыўшы, як ён заплакаў.

І кажа чалавек: "Не трэба".
Сляза бабра яго змякчыла.
І апускае вочы стрэльба
перад бабровымі вачыма.


ПРАГУЛКА НА ВЫРАТАВАЛЬНЫМ КАТЭРЫ

Адчаліўшы ва ўсёй красе,
пакінуў ззаду пляж стракаты,
па гладзі возера нясе
мяне выратавальны катэр.

А возера - глядзіць яно
на п'яных позіркам халодным.
І бачу ласты я ля ног,
і кіслародныя балоны,

і рацыю каля руля -
у поўнай баявой мой катэр
па гладзі возера гуляў,
гуляка і ваяка ў латах.

У возеры няма акул.
Тут вораг для нырцоў - кілішак.
Спакойна на вадзе пакуль -
і рацыя маўчыць, не кліча.

"Спакойна - значыць, пагуляць
магу!" - раве матор і будзіць.
Гляджу - і з лодкі бачу я
выратавальніцкія будні.

Ух, пагуляў! Цяпер шыбуй
назад - туды, дзе пляж стракаты.
Прагулачным часцей ты будзь,
а не выратавальным, катэр!


ЛЮДЗІ Ў ЦЯЛЬНЯШКАХ
Лідскім маракам прысвячаецца

На "палубе" мічман чакае ўсіх "нашых".
Традыцыя - без перамен.
На беразе возера людзі ў цяльняшках
збіраюцца ў Дзень ВМФ.

Для іх сёння іншыя час і прастора.
Камандуе зноў капітан.
Для іх сёння возера - Чорнае мора,
а можа - і сам акіян.

Зноў кожны з іх ходзіць па палубе чыстай -
марак ад вушэй і да пятаў.
Ваенна-марскі сцяг узняты ўрачыста
над возера тлом сіняватым.

"За тых, хто ў марах", па тры чаркі асушаць
і флоцкія ўспомняць дзянькі
матросы душою і мічманы ў душах,
жывуць успаміны ў якіх.

Успомняць аб днях рамантычных і цяжкіх.
Трывалы марскі іх саюз!
На беразе возера людзі ў цяльняшках
прыгадваюць службу сваю.


РЫБАЧКА З НАБЯРЭЖНАЙ

Над возерам духоў плыў водар,
як кветак водар над лужком.
Яна рыбачыць трошкі воддаль
ад рыбаловаў-мужыкоў.

Яе тут за сваю прымаюць.
Яе тут ведаюць даўно.
Рыбачка вудачку трымае
і напявае заадно.

Бярэцца 
             мужыкам на зайздрасць
карась, шчупак, акунь ды ёрш.
Улоў яе багаты зараз -
насы мужчынам ён уцёр!

У ззянні радасці бязмежнай
твар адлюстроўвае вада.
Яна жыве па Набярэжнай -
да возера рукой падаць.

Зімой ёй дома не сядзіцца -
рыбачыць ходзіць кожны дзень.
Няхай скавана льдом вадзіца -
ды рыба водзіцца ў вадзе!

Сюды не трэба ехаць вёрсты!
Ізноў вядзерца пад рукой.
Ізноў над возерам замёрзлым
плыве вясенні пах духоў.
 
  
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX