Першы фестываль лідскай кнігі і друку
Другі конкурс імя Веры Навіцкай
Узрасло буйным коласам зерне Скарыны
Залаты юбілей лідскага "Суквецця"
Новы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў
ІІІ Лідскі літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям"
Першы фестываль лідскай кнігі і друку
Фестываль лідскай прэсы і кнігі "Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова" пры вялікім зборы народу правяла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" 15 верасня 2016 года на ганку бібліятэкі. Ганак тут беларускі, змяшчае мо дзве сотні чалавек.
У рамках фестывалю на тарцавой сцяне бібліятэкі размешчаны банер з пазнакай "500 год ад пачатку беларускага кнігадрукавання". Па факту гэта першы банер у горадзе да будучага ўсебеларускага юбілею. Распрацавала банер супрацоўніца бібліятэкі Дар'я Марцінкевіч. Назва на фасадзе будынка ўтрымоўвае толькі словы "Цэнтральная раённая бібліятэка", то цяпер ёсць і імя Купалы, і яго словы, і нават партрэт.
Сярэднявечная музыка гурта "Скудрынка" і фальклорна-сучасныя песні гурта "Талер" распачалі імпрэзу і стваралі фон усёй дзеі. Тым больш, што кніжная традыцыя на Лідчыне вельмі даўняя. У 1576 г. Ян Карцан родам з-пад Ліды ў друкарні Яна Кішкі друкуе сачыненне С. Буднага «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры» і працу Цыцэрона «Аб павіннасцях», перакладзеную на польскую мову С. Кашуцкім. У 1598 годзе лідскі стараста Ян Абрамовіч выдаў у Вільні евангелістычны "Катэхізіс", які змяшчаў 300 рэлігійных песень. І не так важна, якую з гэтых датаў хто возьме за пачатак лідскага друку, галоўнае, што той пачатак быў і быў не ў 1917 годзе.
Удзел у фестывалі бралі "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", выдавецкі дом ТБМ з "Нашым словам", "Лідскім летапісцам" і альманахам "Ад лідскіх муроў", Лідская друкарня, кнігарня "Кніжны свет", "Саюздрук". Былі арганізаваны кніжныя выставы "Летапіс друку Беларусі", "Лідскія перыядычныя выданні", "Лідчына літаратурная", выстава-продаж сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі.
З Менска спецыяльна на фестываль прыехаў шчыры сябар г. Ліды, паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла, які чытаў свае вершы.
Намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны бард Сяржук Чарняк выканаў песню пра "Наша слова", напісаную ім спецыяльна пад фестываль на тэкст Сяргея Чыгрына са Слоніма.
Наша слова
Каб у хаце гучала родная мова,
І грэла нам душу і сэрца:
Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова",
Каб словам бацькоўскім сагрэцца.
Чужых нам ніколі не трэба замоваў,
Чужых не жадаем праклёнаў.
Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -
Жывіце прыгожа, натхнёна.
Хай ліўні смяюцца пад гром перуновы,
І ветры гуляюць на волі…
А мы не баімся, бо ёсць "Наша слова" -
І нас не спалохаць ніколі.
Ці сонечным ранкам, ці ў час вечаровы,
Мы з мовай задумы ўсе здзейснім.
Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -
Лячыцеся казкай і песняй.
Гасцей сустракаем заўжды адмыслова,
На стол саматканы засцелем абрус…
Чытайце заўсёды, сябры, "Наша слова" -
І жыць будзе тут Беларусь!
На апошнім этапе фестывалю ў чытальнай зале бібліятэкі была адкрыта партрэтная галерэя супрацоўнікаў даваеннай рэдакцыі газеты "Ziemia Lidzka", пісьменнікаў - Уладзіслава Абрамовіча, Міхала Шымялевіча, Аляксандра Снежкі, Антона Грымайла-Прыбыткі. Выстаўленыя партрэты намаляваў лідскі мастак Вадзім Вераб'ёў.
Пра лідскіх даваенных краязнаўцаў і іхнія лёсы распавялі Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш. Была падкрэслена іх краёвая пазіцыя, чаго варты хаця б той факт, што Міхал Шымялевіч быў чальцом Лідскай гарадской рады ад ТБШ, адзіным чальцом ад ТБШ у Лідзе.
Паводле СМІ.
Другі конкурс імя Веры Навіцкай
На працягу двух гадоў Лідскай раённай бібліятэкай праводзіўся другі адкрыты літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які ставіў сваімі мэтамі прапаганду творчай спадчыны дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай сярод лідзян, заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей (першы такі конкурс праходзіў два гады назад).
Калі ў першым літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай было каля дзесяці ўдзельнікаў, то ў другім - больш за дваццаць (з 27 аўтараў да конкурсу паводле тэматыкі дапушчаны 20 чалавек), што сведчыць аб тым, што конкурс імкліва набірае папулярнасць. Сярод іх як вопытныя аўтары, так і тыя, хто пакуль толькі спрабуе свае сілы ў напісанні літаратурных твораў. Асабліва шмат было даслана на конкурс вершаў (больш за сотню). Нямала паступіла і загадак, ёсць казкі, п'есы, фантастычныя апавяданні, гісторыі з жыцця.
Адзін з арганізатараў конкурсу імя Веры Навіцкай, лідскі паэт, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік пераклаў на беларускую мову кнігу Веры Навіцкай "Добра жыць на свеце" (напэўна, гэта першы выпадак перакладу твораў Навіцкай на беларускую мову). Пакуль што адзіны асобнік гэтай перакладзенай кнігі ён перадаў у фонд Лідскай раённай бібліятэкі.
20 снежня 2016 года ў раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу, на якое былі запрошаны яго ўдзельнікі. Журы начале з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзімірам Самсонавым, вельмі нялёгка было вызначыць пераможцаў. У выніку прэміяй III ступені быў узнагарожданы Уладзімір Васько, які даслаў на конкурс фантастычнае апавяданне "На залатой планеце" пра касмічныя прыгоды двух школьнікаў, прэміяй II ступені - Ганна Рэлікоўская (вершы пераважна на школьную тэматыку), прэміяй I ступені - Святлана Цішук (вершы і п'еса "Каток-футбаліст"). Пераможцам конкурсу акрамя дыпломаў былі ўручаны грашовыя прэміі.
Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі Валянціна Троцкая, Валянцін Бярэсціч, Ала Мась, Аляксандр Бойка, Уладзімір Руль. Апошні - жыхар Воранаўскага раёна (нагадаем, што конкурс адкрыты).
Дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў другі выдадзены бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям" (першы такі зборнік выйшаў два гады назад).
Застаецца толькі дадаць, што сярод дасланых на конкурс твораў былі і шматлікія дзіцячыя творы лідскага паэта Смарагда Сліўко (1931-2006), якія сабрала для конкурсу яго ўдава Ірэна Нікадзімаўна. Вечар памяці Смарагда Сліўко адбыўся адразу пасля падвядзення вынікаў літаратурнага конкурсу "Дарослыя - дзецям".
Алесь МАЦУЛЕВІЧ.
На здымках: 1. Журы конкурсу; 2. Удзельнікі конкурсу; 3. 1-ю прэмію атрымоўвае Святлана Цішук; 4. Кніга В. Навіцкай "Добра жыць на свеце".
Узрасло буйным коласам зерне Скарыны
Пятыя Лідскія чытанні
2017 год у культурным жыцці праходзіў пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Менавіта 500 гадоў назад, а дакладней - 6 жніўня 1517 года, у Празе, адным з найбуйнейшых на той час цэнтраў кнігадрукавання, беларускім асветнікам, вучоным, гуманістам Францішкам Скарынам была выдадзена першая ва ўсходніх славян друкаваная кніга - "Псалтыр" - на старажытнабеларускай мове. Яна стала першай з дваццаці трох выдадзеных Скарынам кніг Бібліі. Выданне гэтых друкаваных кніг Бібліі паспрыяла пашырэнню кнігадрукавання, ідэй гуманізму і асветніцтва ва Ўсходняй Еўропе.
Да 500-годдзя той знакавай падзеі была прымеркавана навуковая канферэнцыя "Пятыя лідскія чытанні", якая адбылася 19 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі бібліятэк, мясцовыя краязнаўцы, а таксама краязнаўцы са Слоніма і Дзятлава. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала кніжная выстава "Ўзрасло буйным коласам зерне Скарыны", прысвечаная гісторыі друкаванай кнігі на Беларусі.
Спачатку прысутным быў прадэманстраваны кароткаметражны відэафільм пра Францішка Скарыну. Затым з дакладамі выступалі ўдзельнікі канферэнцыі: краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, бібліятэчныя і музейныя работнікі і іншыя.
Так, з асвятленнем жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара ў школьных падручніках азнаёміла настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 17 Тарэза Капачэль; бібліяграфічны агляд кніг пра Францішка Скарыну правяла галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка; пра аднаго з паслядоўнікаў Скарыны, друкара Яна Карцана (які, праўдападобна, родам з Лідчыны), расказала настаўніца гісторыі Мінойтаўскай СШ Алена Мілевіч; праблему перакладу твораў старажытна-беларускай літаратуры на сучасную беларускую мову закрануў у сваім выступленні святар Свята-Георгіеўскага храма-помніка айцец Уладзімір Камінскі; па тэме "Царкоўныя кнігі Лідчыны XVIII стагоддзя" выступіў краязнавец Леанід Лаўрэш.
Краязнавец з аграгарадка Дворышча Віктар Кудла азнаёміў прысутных з некаторымі выдадзенымі ў канцы XIX стагоддзя кнігамі, якія захоўваюцца ў яго сям'і як рэліквіі (продкі Віктара Іванавіча прывезлі гэтыя кнігі з глыбіні Расіі, куды трапілі як бежанцы ў час Першай сусветнай вайны), - гэта і Евангелле, у якім больш за 900 старонак, і "Беседы о земле и тварях, в ней живущих", і кніга па гісторыі развіцця сельскай гаспадаркі "Куль хлеба и его происхождение", і кніга па медыцыне "Новое в естественном лечении". Яшчэ з адной старой кнігай - паэмай Якуба Коласа "Сымон-музыка" 1928 года выдання - пазнаёміў краязнавец з вёскі Сялец Мікалай Дзікевіч (гэта была першая прачытаная Мікалаем Мікалаевічам кніга на беларускай мове, зараз яна захоўваецца ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея).
Агляд калекцыі друкаваных выданняў, якія захоўваюцца ў фондах згаданага музея, правяла галоўны захавальнік фондаў музея Наталля Хацяновіч.
На мерапрыемства ў якасці дакладчыка быў запрошаны і госць са Слоніма - паэт, журналіст, краязнавец Сяргей Чыгрын. Ён выступіў з дакладам па гісторыі кнігадрукавання на Слонімшчыне.
З дзейнасцю ДАУПП "Лідская друкарня" пазнаёміў прысутных яе дырэктар Мікалай Пякарскі, з дзейнасцю Выдавецкага дома грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Ф. Скарыны" - паэт, журналіст, краязнавец Станіслаў Суднік.
Тэксты ўсіх сваіх дакладаў выступоўцы аддалі раённай бібліятэцы. З гэтых тэкстаў работнікамі бібліятэкі пазней быў складзены зборнік па тэме "500 год беларускаму кнігадрукаванню".
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.
Залаты юбілей лідскага "Суквецця"
21 чэрвеня 2017 года ў памяшканні Лідскага гістарычна-мастацкага музея адбылася вечарына, прымеркаваная да 50-годдзя літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". На святочным мерапрыемстве прысутнічалі лідскія паэты, а таксама тыя, хто супрацоўнічае з літаб'яднаннем, мае да яго дачыненне. Вядоўцамі святочнай праграмы былі кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун і маладая паэтэса, якая параўнальна нядаўна ўлілася ў калектыў літаратурнага аб'яднання, Анастасія Яловік.
Лідскае "Суквецце" ўваходзіць у лік самых моцных і вядомых літаратурных аб'яднанняў Гарадзенскай вобласці, ведаюць пра яго і далёка за межамі Гарадзеншчыны. Часам утварэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" ўмоўна прынята лічыць чэрвень 1967 года, калі суполку літаратараў пры рэдакцыі газеты "Уперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты") узначаліў адказны сакратар Віктар Кучынскі. Пасля Віктара Кучынскага літаб'яднанне доўгі час, больш за трыццаць гадоў, узначальваў Уладзімір Васько, а з 2004 па 2011 год "Суквеццем" кіраваў Міхась Мельнік.
З залатым юбілеем літаратурнае аб'яднанне павіншавала і пажадала яму далейшых творчых поспехаў галоўны рэдактар "Лідскай газеты", пры якой і існуе літаб'яднанне, Кацярына Серафіновіч. Віншавалі "Суквецце" і расказвалі аб супрацоўніцтве з ім рэдактар часопісаў "Лідскі летапісец" і "Ад лідскіх муроў", газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ганна Драб, кіраўнік творчай музычнай майстэрні "Родник" пры Лідскім каледжы Святлана Мазітава...
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.
Новы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў
26 верасня 2017 года на чарговым паседжанні Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" у сябры Саюза быў прыняты лідскі пісьменнік, краязнавец, эсэіст Леанід Лаўрэш.
25 сакавіка 2018 года старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Валянцін Дубатоўка ўручыў Леаніду Лаўрэшу пасведчанне сябра Саюза.
ІІІ Лідскі літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям"
снежня 2018 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на ўрачыстай цырымоніі падводзілі вынікі і ўзнагароджвалі пераможцаў ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".
Гэты конкурс з'яўляецца яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй, ладзіцца ён раз у два гады і ўпершыню прайшоў у 2014 годзе. Арганізуе конкурс дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" пры падтрымцы лідскага ТБМ. Мэта конкурсу - прапаганда творчай спадчыны Веры Сяргееўны Навіцкай сярод лідзян, выяўленне, падтрымка і заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.
Вера Сяргееўна Навіцкая - пісьменніца канца ХIX пачатку XX стагоддзя (з 1910 года яна ўзначальвала "Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх"), аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак - гімназістак. Для горада Ліды Вера Навіцкая на сёння - найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, таму конкурс і носіць яе імя.
Конкурс праходзіў з 15 чэрвеня па 10 снежня 2018 года. Да ўдзелу ў конкурсе было прынята 16 заявак. Тры аўтары выступілі ў намінацыі "Проза", астатнія - у намінацыі "Паэзія". Сярод удзельнікаў былі як аматары, так і пісьменнікі, і паэты, якія маюць не толькі вялікі вопыт, а і ўзнагароды за свае творы.
Пераможцамі ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" сталі:
- I месца - Алесь Мацулевіч (намінацыя "Паэзія");
- II месца - Ірэна Сліўко (намінацыя "Паэзія");
- III месца - Ірына Бараздзіна (намінацыя "Проза").
Па-за конкурсам была прадстаўлена кніжачка дзіцячых вершаў Марыі Канапніцкай (23 траўня 1842 - 8 кастрычніка 1910) "Ад вясны да зімы". Кніжачка ўтрымоўвае 19 дзіцячых вершаў у перакладзе з польскай мовы Станіслава Судніка і ў адным асобніку будзе знаходзіцца ў Лідскай бібліятэцы.
Напрыканцы мерапрыемства са шматлікімі віншаваннямі і словамі падзякі, сябры журы запрасілі ўсіх да ўдзелу ў наступным IV Лідскім літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які адбудзецца ў 2020 годзе.
Яраслаў Грынкевіч.