Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 10

ЭПАС 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Марыя Ганчар

Ганчар Марыя Іосіфаўна (у дзявоцтве Серафінская) нарадзілася 13 верасня 1948 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна. Закончыла Гарадзенскі педагагічны інстытут. Працавала загадчыцай сельскага клуба, настаўніцай матэматыкі і спеваў, выхавацелькай у дзіцячым садку, загадчыцай дзіцячага садка, намеснікам дырэктара сярэдняй школы. Зараз на пенсіі. Валанцёр сацыяльнага цэнтра і Чырвонага Крыжа. Творы друкуюцца ўпершыню.

Я, СЯМ'Я І РАДЗІМА МАЯ

ПРА СЯБЕ

Я - жанчына, беларуска,

людзям я дабро раблю.

Мова родная мне блізка:

і шаную, і люблю.

Люблю водар я лясны,

бачыць, як усходзіць сонца,

Слухаць звонкі спеў вясны,

які льецца праз ваконца.

Цягне лецішча ў прыдачу,

каб здабытак свой каваць,

Сеяць зернейкі на ўдачу,

паліваць і пікаваць.

І пладамі ласавацца:

там трускалкі, тут гарох.

І півоняй любавацца,

сеўшы часам на парог.

Люблю мужу варыць есці

суп, і дранку, і гуляш.

Вырабы з саломкі плесці -

стаў утульней домік наш.

Люблю з мужам вечарамі

летам з вудай пасядзець,

Назіраць за паплаўкамі,

проста на ваду глядзець

Люблю лес любой парою:

летам, восенню, зімой.

І збор ягад пад гарою,

і грыбоў - занятак мой.

Унукам "баб" ляпіць са снегу:

зайца, Ёшку і казла…

Колькі радасці і смеху,

колькі ўзімачку цяпла!

Люблю наша "Даўгалецце",

Аню, Кацю, усіх дзяўчат…

Хто хоць раз тут быў, паверце,

зноў сустрэчы будзе рад.

Люблю плаваць у басейне,

і зарадка па плячу,

Люблю ездзіць па краіне,

пазнаваць свой край хачу.

Люблю горад наш лагодны,

беларускі наш народ,

Працавіты, славы годны.

Ганаруся: тут мой род!


Люблю танцы, песні, жарты,

вышываць і шыць, вязаць.

І рашыла: нават варта

пра ўсё вершамі сказаць.

Люблю жыць на гэтым свеце,

быць матуляю, сваёй

Для ўнукаў і ўсім дзецям.

Хачу век быць маладой!

СЯМ'Я МАІХ БАЦЬКОЎ*

Помню крайні дом у вёсцы,

Збудаваны прад вайною:

Ганак, уваход у сенцы,

Бэлькі ў іх над галавою.


Злева хата, справа хатка,

Дом на два канцы

быў скрытны,

Кухня, стопка пасяродку,

Ў куце свірна велька скрыня.


У свірне столі не было,

Драбіны на гару ля сценкі,

Па іх узбіраліся паволі,

Каб не ўпасці на дол спінкай.


А на гарышчы вельмі цёмна

Пасля яркага святла.

Свая загадка, свая тайна

Пад старой страхой жыла…


І тым цягнула дзетвару,

Што не хапала ім штодня:

Бацькі падвешвалі ўгары

Раней прасолены кумпяк.

Марляй абкручвалі яго,.

Каб чыстым быў і падсыхаў,

А ножык востры ў дзяцей, -

Ён увачавідкі "усыхаў".


Яшчэ гарышча вабіла

Водарам яблык зімою,

Антонаўкі, як правіла,

І сенам духмяным з зарою.


У шчыце на гарышчы -

акенца,

Якое кідала

праменьчык святла,

Святлей каб было,

трэба шкельца

Ачысціць ад пылу датла.


Тады гарышча ажывала,

І можна ўбачыць

пад страхой

Старыя рэчы: пакрывала,

Кош, пранік, зэдлік, -

усе гарой.

За свірнам два хлявы

пад дахам:

Авечкі, свінні і карова,

Ладны конік з сваім пахам,

Куры, гусі - усе аснова.


За хлявом ішоў куратнік,

Уцеплены, як для зімы,

За куратнікам - дрывотнік,

Дзе дроў для печы бралі мы.


На свет хата паглядала

Дзвюма парамі акон,

У гародчык пазірала -

Поўна кветачак вакол.


Каля сценкі, паміж вокнаў,

Мальвы выхваляліся,

Бэз з язьмінам

у куце цесным

За плот густы чапляліся.


А дзе крыж стаяў вялікі,

Барвінак рассцілаўся,

Там нарцыс самалюбівы

Вясною прабіваўся.


Куст півоняў, поўны сілы,

Пышны, з водарам густым,

Ружавеў ён ганарліва,

Не думаў з часам

стаць пустым.


Жоўта-рыжым, як агеньчык,

Тыгровая лілея там цвіла,

Быццам сонечны

праменьчык,

Для нас "рыжыкам" была.


Гонарам нашай сям'і

І ўсяе вёскі, нават,

Дзве таполіны былі -

Раслі яны на славу.


Пірамідальныя таполі,

Што ў Беларусі рэдкасць,

А вёска Погіры іх мела,

Як нейкую адметнасць.


Па верхавінах тых таполяў

З шашы, з Жукоўшчыны,

здаля,

З Краглёў,

з любога боку поля

Вачамі дом знайсці магла.


Спасоўка - грушачка расла

Ад вуліцы прад домам,

Разгалістай, густой была -

Надзейным для нас сховам.


У жніўні грушы ўжо спелі

І падалі на грады,

Сярод гародніны жаўцелі,

Ім дзеці былі рады.


Па дрэвах лазіла, як кошка,

І вельмі мне карцела

"Пахуліганіць", часам трошкі,

Зрабіць, як я хацела.


На грушу забіралася

Пад саму верхавіну,

За ўсімі назірала я,

Можа нат, з гадзіну.


А грушы сакавітыя,

Сарваныя з галінак,

Былі, як мёд, салодкія,

Найлепшы мне ласунак.


А два акны ўсходнія

Глядзелі на надворак,

Плот, агарод, суседнія

Будовы на падпорах.


За нашай хатай быў равок,

А за ім луг да рэчкі,

Які кожны вечарок

Чакаў дзяцей, падлеткаў.


Пасля дажджу пляскаліся

У цёплай вадзе лугавой,

Аж пырскі разляталіся,

"Макрэлі" з галавой!


Луг пераходзіў у сенажаць,

За ёй кусты - націна,

Праз Велькае балота гаць,

Дзе гразла ўся скаціна.


У Дзекснях,

за балотам Велькім,

Было вельмі шмат брусніцаў,

Каб сабраць

вядзерцаў колькі,

Зломіш паясніцу.

Мы сям'ёй сваёю дружнай

За адзін дзень збіралі,

Варылі з грушамі варэнне,

Зімою з бульбай упляталі.


За вёскай злева,

на Плянтоўцы.

Збіралі ўвосень журавіны,

Яны ад жару, ад прастуды

Сабой лячыць

дзяцей павінны.


На грудочку, супраць хаты,

Зрабілі спортпляцоўку,

Там і хлопцы, і дзяўчаты

З мячом гулялі лоўка.


Былі рады вечарамі

Выскачыць за хатку,

Пагуляць з другімі дзецьмі

У валейбол, у "матку".


А рэчаньку сваю без назвы

Мы вельмі ўсе любілі:

У ёй купаліся, і пралі,

І рыбу ў ёй лавілі.


Лавілі кошыкам і сеткай,

А, часам, і рукамі,

Абмацаўшы ў норах плотак

Пад мутнымі карчамі.


У русле ладзілі запруды

З камення, гразі, глею,

Ішло ў ход паленне, груды,-

Ляпіць мы іх умелі.

Паміж запрудамі старанна

Ваду па цячэнні злівалі.

Рыбы шмат тут пастаянна,-

Улоў пароўну раздзялялі.


Трапляліся і плоткі, і мянтуз,

Кялбы, карасікі, ўюны

І карп - таўсценны карапуз.

Засмажыць - смачныя яны!


У хаце светлай і прасторнай

Стаялі шафа, лаўкі, стол

Пад абразамі Маці Божай,

Тры ложкі, лава,-увесь набор.


Люстэрка злева на сцяне

Ў прыгожай разной раме,

Яно было да сэрца мне,

Сястры, братам і маме.


Круціліся перад люстэркам

То гуртам, то асобна.

Ў куце са шпуляк этажэрка -

Няма другой такой падобнай.


З люстэркам звязаны

ўспаміны

Пра дзень смерці Сталіна,

Яго закрылі, узамен

На той сцяне - прагаліна.


Вяскоўцы ўсе:

бацькі, суседзі,

У адчаі і ваколіца,

Пыталіся: што ж гэта будзе,

Што на свеце творыцца?

Печ хлебная з ляжанкаю

Дзяліла кухню з хатай,

Маніла абяцанкаю

Сябе, цяплом багатай.


На ёй адаграваліся

Пасля дажджу, марозаў,

Пяцёра ўсе змяшчаліся,

Мінуючы пагрозы.

На ёй мы казкі слухалі,

На ёй спявалі песні.

Да дрыжыкаў палохалі

Гурток маленькі, цесны


Гісторыі страшнейшыя

Пра ведзьмакоў і ведзьмаў:

Так дзеці нам старэйшыя

Круг пашыралі ведаў.


У хатцы куфар стаяў рабы,

Жалезам абабіты,

Ён захоўваў усе скарбы:

На замок закрыты.


Што за скарбы?

Там абрусы,

Посцілкі і палатно

З лёну. Для нас, русых,

Даражэй за ўсё яно.

У яго дзетак спавівалі,

З яго бялізну шылі

І да ранаў прыкладалі,

Ручнікі бялілі.


Спачатку хату асвятляла

Лямпа - керасінка,

А на кухні, каля печы,

Чадзіла лучынка.


Потым слупы ўздоўж плоту

Ў вёсачцы паставілі

І звязалі ўсіх іх дротам:

Нам несці ток заставілі


З токам к нам

прыйшло святло,

Лямпа Ільіча заззяла.

Далей лепш усё было:

Зранку радыё гучала.


У вёсцы тэлевізар першы

Купілі нашыя суседзі,

Стараўся кожны

быць ім лепшым,

У справах лепшым

і ў бяседзе.


У іх глядзелі мы футбол,

Заўзелі вёскай за "Дынама"

Мінск, не Кіеў, баскетбол

І фільмы новыя таксама.


Сям'я - сем "Я", асобаў сем.

У Серафінскіх поўна хата:

Пяць дзяцей - і доля ўсім,

Дзед, бабуля, мама, тата.


Тата позна ажаніўся,

Узяў дзяўчыну маладою,

Мамай яна стала рана,

Перад самаю вайною.

Хата хутка багацела,

Дзецьмі поўніліся лавы,

Два гады - і нова цела -

Кахаў тата маму слаўна.


Быў ён майстрам

на ўсе рукі:

Бондар, столяр і цясляр,

Усё рабіў ён без прынукі,

Акуратна, як маляр.


Зладзіць мог балею, цэбар,

Вытачыць верацяно.

Палоскамі ўпрыгожыць

трэба,

Вельмі вёрткае яно.


Ведаў шмат ён анекдотаў,

Казак, баек, вершаў шмат,

Фокусы паказваў потым,

Мог жанчынаю прадстаць.


Юзаф здатным

быў танцорам:

Абэрак, полькі, кракавяк.

Але меў ён жорсткі нораў,

Вольнасць не цярпеў ніяк.


Што ні сям'я- свая дзяржава,

Свае парадкі і статут,

Там дзеці маюць тое права,

Якое валадар дазволіў тут.


А валадар, найчасцей -

бацька,

Як мяккі ён, мяркоўны,

То маці можа лейцы ўзяць

І правіць ў сям'і вольна.


У нашай жа сям'і - дыктатар,

Ён не крычыць, як мама, не,

Але за цяжкую правіннасць,

Да лаўкі прывязаўшы, б'е.


Хоць правіннасць і не цяжка,

Можа пацягнуць лазінкай.

Будзеш хадзіць, адназначна,

З паласатай, рабой спінкай.


Таму баяліся за дзень

Не выканаць чагосьці.

Слова бацькава - закон,

Інакш - караць кагосьці.

Бацькі жылі па прыказцы,

Згадзіцца з гэтым мушу:

"Любі дзяцей, як душу

І калаці, як грушу".


Напачатку ўсе цярпелі,

Потым сталі падрастаць,

Дыпламатыю ўключылі,

Сталі з татам размаўляць.


Пераконваць яго сталі,

Расказваць, што, як і чаму,

Розум свой так паказалі,

Што спадабалася яму.


Стаў наш тата

больш мяркоўны,

Ганарыцца дзецьмі стаў,

І жыццё пайшло

больш вольна,

Выбар шляху нам настаў.


Калі тата быў павольны,

То матуля - сам агонь:

Хутка варыць, парыць, поле,

Поіць, доіць і рве лён.


Pfaff - нямецкая машына

Дадзена пасагам маме.

Шоўк і буркі яна шыла,

Была шаноўнай самай.


Мама ўмела добра шыць,

Нават сама кроіла,

А з машынай лягчэй жыць,

Шыць на ёй я мроіла.


Мама паказала крой,

Здымаць меркі навучыла,

Потым знайшла

спосаб свой -

Для ўсёй сям'і

адзенне шыла.


Першую сваю сукенку

Я пашыла ў восьмым класе.

Выглядала, як паненка,

І на танцы ў клуб прайшлася.


Цяпер яшчэ машына тая

Верна служыць для мяне:

Трыкатаж і шоўк прашые,

Нічагуткі не міне.


"Дзякуй",- я хачу сказаць

Той старой машыне,

Што мацней змагла звязаць

Мяне з былой часінай,


За бездакорную работу

Гадоў за сотню, можа,

Без натугі і без поту

Служыць яшчэ доўга зможа.


Любіла мамачка спяваць

За любою справай,

Песняй жалю надаваць

Ці радасці яскравай.


"Ах, каб жа мне пасаганьку

Хоць адну кароўку,

Тады пайшла б і я замуж

У чужу старонку".


"А ў гародзе за млыном

Расаду садзіла,

Ой, не даў жа мне Бог,

Каго я любіла".


Калі сямейцы не ставала

Абутку, ежы ці адзення,

Да Вільні Зіна даязджала,

Каб выправіць падзенне.


Тавар там набывала рэдкі,

Якога нельга тут знайсці:

Чаравікі, хусткі, кепкі

Старалася перавязці.


На вакзалах начавала,

Цягала сумкі цяжкія,

Мокла, мерзла, галадала,

Даўгі каб аддаць важкія.


Маму звалі "шпекулянткай"

За спрыт, за вытрымку,

цярпенне,

Цяпер жа стала б

камерсанткай,-

У мазгах праведзена

лячэнне.


Вырашыла я таксама

Свет любіць, дабро дарыць,

Спрытнай, кемлівай,

як мама,

Як тата, акуратнай быць.


Прывучалі да работы

Нас ад малалецтва,

Кожны меў сваю клапоту

На ўвесь дзень з маленства.


У пяцідзясятыя гады

Калгас арганізавалі,

Каня, карову і гумно

У калгас ад нас забралі.


Брыгадзірам быў наш тата,

Мама - звеннявой па льну.

Дзеці ўсе рабілі ў хаце,

Справаў шмат, а не адну.


Скраблі бульбу, яе дралі

На бліны ці смачну дранку

І надворак падмяталі

Ці з вечара, ці зранку.

Бацвіння наламаць,

скрышыць,

Змяшаць яго з мукою,

Свіней гэтым пакарміць,

Пагладзіць іх рукою.


Карову з пашы сустракаць,

Загнаць у хлеў, палашчыць,

За рагамі паскрабаць,

За вушком пакратаць.


Сваю красулю падаіць

Бывае летам цяжка,

Бо хвастом па твары б'е,

Моцна так, з адцяжкай.


З банкі малако спусціць,

Вяршкі ў слоік выліць,

Банку чысценька памыць,

Яна калок атуліць.


Павісіць і хай прасохне,…

Малако можна цадзіць,

Інакш, яно хутка скісне,-

За гэта можна адхапіць.


Банку апусціць у калодзеж

На сваім падворку.

Хаця б толькі не страсці,

Як дастанеш зноўку.


Мы і агарод палолі,

Бульбу абганялі,

І ўзмежачак касілі,

Восенню капалі.


Каб карову пракарміць

Доўгаю зімою,

Трэба корму накасіць

Летняю парою.


Сена тады не давалі,

Не было дзе і ўкасіць,

Без дазволу - штрафавалі.

Дзе ўзяць і як пражыць?


Выручалі тады дзеці:

Зелле ўсё насілі,

Каб на зіму корм займеці,

Старанна сушылі.


Палолі бульбу, кукурузу

На калгасным полі

І цягнулі, рвучы пуза,

Клянучы нядолю.


Потым зелле пратрасалі,

Сячкарняю крышылі,

Дабаўляючы саломы,

Скаціну кармілі.


Усяму бацькі нас навучылі,

Паказвалі, што, як рабіць,

Чаму так трэба, тлумачылі,

Гаспадарамі маглі б быць.


Тата нам казаў заўсёды:

- Трэба ўсё умець рабіць,

Але не ўсе рабіць, вядома,

Веды за плячыма не насіць.


Не галадалі мы ніколі,

Хоць ежа простаю была:

Капуста, крупнік ці фасоля,-

Здароўе ўсім яна дала.


А па святах шыкавалі:

Бліны, яечня і тварог.

Елі ўсе ўжо да адвалу,

Смакавалі, хто як мог.


За ядой, як за работай,

Будзь хуткім, растаропным,

Сем кускоў знікаюць раптам,

Зяўнеш - будзеш галодным.


З нецярпеннем свят чакалі,

У хаце прыбіралі,

Пяклі булкі, гарэлку гналі,

Гасцей сустракалі.


Хлеб жа свой

пяклі мы ў печы

Адзін раз на тыдзень,

Закваску ставілі, дарэчы,

За ноч яна падыдзе.


Вымесіць рукамі цеста

Я павінна ранкам

І заняць за партай месца

Да званка, маланкай.


Яшчэ, помніцца, аднойчы

Мы масла білі зранку.

Знізу ў бойцы быў калочак,

Каб выпусціць маслянку.


А ўчора на канцэрце

Артысты прадстаўляліся

І там пачула я прыпеўку,

Што вельмі спадабалася.


"Кіну кужаль на паліцу,

Сама пайду на вуліцу,

Няхай мышы кужаль рубяць,

Няхай мяне хлопцы любяць!"


Я масла біла і спявала,

Адбівала такт нагой,

Не заўважыла, як стала

Цячы смятаначка ракой.


Літраў пяць

смятаны тлустай

За адзін раз загублена.

Мама біла мяне хустай -

На ўвесь век зарубіна.


Біла мама тады ўсіх:

І Зютака, і Ганю,

Затое помнім утраіх

І кужаль, і смятану!


А зімою вечарамі

Збіраліся ў хаце

Ўсе суседзі, дзе гулялі

Мужчыны ў карты:


"Ачко", "Тысяча", "Дурак".

Гурт для кожнае гульні.

"Біта, козыр, масць, не так,

Прыкуп, чырва, паднімі!"

Спачатку дзеці назіралі,

Падказвалі ўкрадкам,

Потым самі загулялі

Ўсё тым жа парадкам.


Карты развівалі памяць,

Вытрымку і розум,

Чым пабіць ці лепш прыняць?

Быў патрэбны роздум.

А жанчыны пралі, шылі,

Крыжам вышывалі,

На варштаце мама ткала,

І песні спявалі.


Зімой за хатай, бы каток:

Равок і луг скаваны лёдам.

Пабіты не адзін лабок,

А цягне,

быццам мазан мёдам.


Нам "лыжвы"

тата змайстраваў:

Драўляныя канькі на дроце

І да іх боты мацаваў

Вяроўкамі ў ахвоце.


І мы каталіся на іх,

Штурхаючыся левай,

Маглі б катацца на дваіх,

Калі б вучыў нас Сева.


Аднойчы з Зютакам дваіх

Каталіся на лёдзе слізкім.

Іскры ўраз з вачэй маіх,

Як лёд да галавы

стаў блізкім!


І больш не помніла нічога:

Ці Зютак дацягнуў дадому,

Ці Стасіка пазваў малога?

Праз нейкі час гляджу,

я -дома.


На возеры ж свая гульня:

У цэнтры забіваюць кол,

Ён - вось для кола, мітусня,-

І жэрдка круціцца вакол.

А на другім яе канцы

Прывязваюцца санкі

І аб'яўляюць усім ганцы

Пра новы від гулянкі.

Калок мацуецца да кола,

Штурхачам

ён служыць ручкай.

І санкі лётаюць наўкола,

На іх дзяцей жывая кучка.


Піскі, крыкі, шум і смех!

Мароз, мяцеліца не страшны!

Не ўтрымаўся, - ляці ў снег!

Вось так выхоўвалі

бясстрашнасць!


Потым клуб, мае вы братцы,

Быў у нашай хаце.

Мы жылі тады ў хатцы,

Другім канцы хаты.


Бібліятэка была ў клубе,

Цікавыя абновы,

Чыталі, седзячы на прызбе

Ці пасучы каровы.


Аднойчы трапіла мне ў рукі

Кніжка - тэксты песень,

Вучыла па чатыры штукі,

Ўсе ведала пад восень.


Па радыё пачую песню,-

Знаёмыя мне словы.

Як мелодыю запомню,

Яе спяваць гатова.


У клубе адзін раз на тыдзень

Круцілі ўвечар кінафільмы.

Пра вайну, любоў, абыдзень

Глядзець кіно маглі мы.


Я любіла, як цвыркун,

Лежачы на печы,

Глядзець фільмы праз сучок

І грэць на печы плечы.


А сучок у дошцы быў,

Што аддзяляла клуб

ад кухні,

А ля сучка - дзяцей наплыў,

Каб фільм глядзець апошні.


Янак, брат мой,

быў разумны,

Бойкі і прыгожы,

Добры, ветлівы і спрытны,

Да навукі гожы.


Закончыў школу, паступіў

У тэхнікум сталічны,

Там самастойнасць праявіў,

З дзяцінства так прывычны.


Ён, як вучыўся, працаваў,

Начамі разгружаў вагоны.

Калі дадому прыязджаў,

Цанілі шык усе ягоны.


Ён клапаціўся пра малых,

Прывозіў ім дары: цукеркі,

Ці цацкі, як звяроў жывых,

Ці кніжкі яркія, венгеркі.

Старэйшая сястрычка - Ганя.

І мама давярала ёй

Малодшых даглядаць

старанна,

Рашаць галоўкаю сваёй:

Хто поле,

а хто бульбу чысціць,

Што на вячэру рыхтаваць.

Гуляць толькі тады

адпусціць,

Як справаздачу зможаш даць.


Гані больш за ўсіх

прыйшлося

Працы, грозьбы, болю,

Але шчасце й ёй знайшлося,

Як выйшла ўжо на волю.


Уставаць рана было цяжка,

Каб каровы пасвіць,

Але песня ласкай важкай

Маё сэрца лашчыць.


Я спявала і ўяўляла

Сябе багатай дамай,

Як на балі танцавала

З багачом таксама.


Фартух, з посцілкі пашыты,

У зборку, па фігуры,

Замяняў для мяне шаты

Ў танцы тым віхурным.


Зютак меў прыгожы голас,

Часта з ім спявалі,

Паслухмяным

быў наш колас,-

З ім душу ачышчалі.


Стасіка ўсе любілі

І ўсе гадавалі,

Бо ён самы наймалодшы,

Усе шчыравалі.


Быў малым ён хваравітым,

У шэсць гадоў

стаў гаварыць,

Развязаў язык спавіты,

Цяжка было і спыніць.


Разляцеліся па свеце,

Як лісты ад буры,

Сустракаліся мы ў хаце,

Каб суняць віхуры.


Таты з мамаю не стала,

І браты ўжо адышлі.

Але сэрца маё знала,

Што шчасліва мы жылі.

Бо яшчэ мяне ўсё цягне

У родныя мясціны,

Дзе маленства і юнацтва

Прабеглі часіны.

* Так мы жылі ў 50-60-ыя гады дваццатага стагоддзя ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна.

СКАЗ ПРА ТРЫЦЦАТЫ САДОК

Слухайце ўсе павярнуўшы насок,

Сказ пра трыццаты дзіцячы садок.

Ён існуе ўжо дваццаць гадоў.

Хай жа і сотні ён будзе гатоў,

Добры, адкрыты, дзетак выхоўваць ізноў.

Яго адкрывалі якраз ў Новы год,

Весела, гучна шумеў карагод.

Госці з завода і трэста былі,

Танцы і песні здружыць памаглі,

Канцэрт супрацоўнікі ў той дзень свой першы далі.

А праз два дні прывялі першых дзетак,

Шумных, гуллівых, гарэзлівых кветак.

Іх акружылі ўвагай, цяплом,

Матчынай ласкі накрылі крылом,

Матчынай ласкі мяккім накрылі крылом.

Раніцай кожнай і хмурай, і светлай

Іх сустракалі ўсмешкаю ветлай.

І да змяркання гучаў смех дзіцячы,

Гульні, заняткі, прагулкі ды мячык,

Жывымі, цікавымі былі заўсёды, не йначай.

Ўсе абслугоўвалі дзетак: вучылі,

Шылі і пралі, варылі, кармілі,

Прывіўкі рабілі і закалялі,

Здаровы яны каб былі і не гаравалі,

Што за хваробы дзеці ніколі не зналі.

Вельмі хацелася нам, каб садочак

Выгляд прывабны меў круглы гадочак:

Дрэвы садзілі і кветкі цвілі,

Сад адмыслова мы бераглі:

Яблыкі, грушы дзеці адведаць маглі.

А афармленнем дзіцячага сада

Займаліся ўсе і асобна, і разам.

Творчасць, фантазія білі крыніцай, -

Сад прыгажэў, як дзяўчо-чараўніца,

Творчасць, фантазія ўсюды іскрыцца.

Жыццё тут бурліла, кіпела, іграла,

Здзейснілі спраў і задум мы нямала:

Конкурсы, святы, экскурсіі, фэст,

Замуж сваіх аддавалі нявест,

Замуж за хлопцаў сваіх аддавалі нявест.

Дзеці раслі, ну а мы багацелі

Вопытам дружнай працоўнай арцелі.

Аўтарытэтам бацькі надзялілі,

Бо ў прафкаме ў трыццаты заявы насілі,

Дзетак направіць у сад трыццаты прасілі.

Я вас вітаю, люблю, ўспамінаю

Ганну, Юзэфу, Людмілу і Раю,

Зою, Ірыну, Галіну, Таццяну,

Ніну, Марыю, Ларысу, Тамару,

Лену, Наташу - сустрэцца з усімі я мару.

Я вам жадаю, як гэта вядзецца,

Здароўя ў целе, у думках, у сэрцы.

Каб маладымі былі вы душою,

Каб ганарыцца маглі вы сабою,

Як дружнай сям'ёю маглі ганарыцца сабою.

Каб дзеці любілі і ў справах натхнялі,

Бацькі паважалі і давяралі.

Кіраўнікі, не шкадуйце зарплаты!

Будзе любімым заўсёды трыццаты!

Хай жа вякамі жыве і квітнее трыццаты!

НАРОДНЫ ХОР "СКАРБНІЦА"

У горадзе Лідзе ёсць знаны завод,

Вядомы ва ўсей Беларусі.

Працуе на "Оптыку" творчы народ,

І вельмі я тым ганаруся.


Заўсёды ў пашане мастацтва было,

Была самадзейнасць на ўзлёце.

Спаборніцтва цэхаў бурліла, плыло,

Спрыяючы плённай рабоце.


А з лепшых удзельнікаў створаны хор,

Вядзе яго Збігнеўна, Ала.

І вучыць, шліфуе каштоўны набор,

Каб здольнасць тут талентам стала.


Вельмі тонка яна адчувае на слых,

Хто чыста пяе, дзе фальшывяць,

І працу вядзе да нюансаў малых,

Старанні ўсіх песню ажывяць.


І зорка заззяла ў сузор'і хароў,

Што "Скарбніцай" трапна назвалі.

Народным ужо больш за дваццаць гадоў

І людзі, і ўлады прызналі.


Бо любяць харысты матуліну песню

І хочуць усім перадаць

І радасць, і сум, і пяшчоту адвечну,

Пачуццям фантазію даць.


А кожны ўдзельнік - дык гэта ж асоба:

Свой голас, характар паводзін,

Манера, паходка, пастава асобна,

А зладжана пець кожны годзен.


Спачатку скажу пра Таццяну Шыран:

У хоры яна ад пачатку,

А голас яе, як бальзамы да ран,

Прагоніць тугу без астатку.


Карпенка Святлану сам Бог адарыў

Жаночаю стаццю і голасам звонкім,

Калі заспявае, - то ж сэрца парыў,

І мурашоў па скуры гонкі.


На справе - бабуля, на выгляд - дзяўчынка:

Салістка, танцуе, іграе,

У танцах гарэзных яна, як пушынка,-

Так Алачка зоркаю ззяе.


Аптыміст і весяльчак наш Валуеў Віктар,

Заспявае - сэрцайка заб'ецца

Ад сілы пачуццяў. Ён - апора,

Што і ў буру, нат, не скалыхнецца.


"Малы залатнік, але нам дарагі", -

Пра Метака хочам сказаць,

Бо голасам звонкі, у танцах ён спраўны,

Прыпевачкі здольны складаць.


Ажывае з песняй Калодка Галіна:

Усмешка на твары, і вочы блішчаць,

Спявае сардэчна. Бы тая каліна, -

Румянцам пакрытыя шчокі гараць.


А хто не чуў Генадзя Панянкова,

Той многае, я думаю, згубіў.

Ён - на шчасце нашае падкова, -

Спявак, музыка, чалавек наўздзіў.

Аксамітны альт Валянціны Шамрэй

Гучыць і смялей, і выразней.

Давай, Валянціна, ты страх свой адрынь

І сола парадуй адказна.


Пра сяброўку Нэлечку скажу:

Чалавек цікавы і цудоўны.

Гумарэску, Нэля, раскажы,

Бо весела гучыць і непаўторна.


Ад Дзіны прывабнай цяпло і святло,

Ды стала матуляю-мамай.

Гадуй жа Валерку на шчасце, дабро,

Спяваць вучы - і ў "Скарбніцу" таксама.


Аранжыроўкі можа сам рабіць

Шмялёў Алег - саліст і гітарыст,

Адказным і сапраўдным сябрам быць,

Тэхнар рукамі, а душой артыст.


А Тонечка наша дабром адзяляе,

З ёй лёгка, прыемна спяваць.

Свой голас душэўны яна развівае, -

Дастойна салісткаю стаць.


Мурачова Таццяна - "Мурачка" наша

Нядаўна ў "Скарбніцу" прыйшла,

Але гарманічна з хорам злілася,

Сябе як салістка знайшла.


Хоць ужо не "оптыкавец" Віктар Бібліс,

А "Скарбніцы" адданы і цяпер.

Яго голас кожна сэрца схіліць.

Патрэбны ты нам, Віцечка, павер.


Марыя Бальцэвіч - не толькі спявачка -

Арганізатар яна і касір.

На кожна застолле страва-заначка

Ад шчодрай душы на ўвесь пір.


Серада Ларыса мае тэмбр грудзінны,

Музыку і рытм чуе вельмі тонка.

Кнігам аддае вячэрнія гадзіны,

А пап'е-машэ - асобная старонка.


А Саша Міцкевіч - сама дабрыня:

Спакойны, лагодны, пявучы.

З дрэва карціны - душы чысціня,

А лес яго многаму вучыць.


Канцэртмайстар наш - мастак

На варыяцыі акампанемента,

Іграе, спявае Вітольдавіч так

Віртуозна, шчыра, адметна.


Дырэктару "дзякуй" мы скажам усім хорам

І "дзякуй" прафкаму завода

За ўвагу, падтрымку, прыветлівы нораў,

Жыццё і быццё для народа.


Жадаю я "Скарбніцы" толькі расці,

Колькасна расці і ў якасць,

Каб гледачы на канцэртах маглі

Шчыра смяяцца, не плакаць.


Каб Новы год прынёс вам толькі радасць,

Цудоўны настрой і душэўны парыў,

Каб кожны вечар і кожны новы ранак

Вам хтосьці аб каханні гаварыў!


Хай Новы год яшчэ вам прынясе

Шчасце новае і пачуццяў гронку.

Спявайце, тварыце, шукайце сябе

І любіце родную старонку!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX