Папярэдняя старонка: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 1

СПАДЧЫНА: Тэадор Остык Нарбут 


Дадана: 02-07-2025,
Крыніца: Ад лідскіх муроў. № 11.

Спампаваць




Тэадор Нарбут (8 лістапада 1784, маёнтак Шаўры Лідскага павета - 26 лістапада 1864, Вільня) - гісторык, археолаг, інжынер.

Пачаў навучанне ў Лідзе. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1803). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе. Удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806-1807) і расійска-шведскай (1808-1809) войнах; капітан, вайсковы інжынер. Удзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве Бабруйскай фартэцы. З 1812 г. у адстаўцы. Жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ, праводзіў археалагічныя раскопкі. Найбольш значны яго твор - "Гісторыя літоўскага народа" (т. 1-9, 1835-1841), дзе, разам з іншым, апісаны народныя абрады беларусаў Лідчыны. Друкаваўся ў газеце "Kurier Wilenski". Між іншым пісаў вершы, якія не друкаваліся. Пераклаў на польскую мову раман "Дон Кіхот" (не быў апублікаваны па фінансавых прычынах).

Арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863-1864 гадоў. Пахаваны каля касцёла ў Начы.

Тэадор Нарбут першы на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней - на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Апісаў руіны цвердзі на Нёмане каля в. Лыскава Гарадзенскага пав. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Увёў у навуковы ўжытак "Хроніку Быхаўца" (1846). Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Наваградак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі...

Пра верш Тэадора Нарбута "Казіно ў Лідзе ў 1823 г."

Асаблівае месца сярод прадстаўнікоў вядомага на Лідчыне роду Нарбутаў займае наш славуты зямляк, гісторык, археолаг, вайсковы інжынер Тэадор Нарбут (1784-1864). Ён вучыўся ў Лідскай піярскай школе, потым, у 1803 г., скончыў Віленскі ўніверсітэт, стаў афіцэрам расійскай арміі, удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806-1807) і расійска-шведскай (1808-1809) войнах, падчас апошняй атрымаў моцную кантузію. Тэадор Нарбут удзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве Бабруйскай фартэцы, дзе моцна захварэў, цудам выжыў, але страціў слых, і з 1812 г. капітан Тэадор Нарбут пайшоў у адстаўку. Практычна да канца жыцця жыў у сваім радавым маёнтку Шаўры, займаўся гісторыяй і, безумоўна, належаў да вяршкоў тагачаснай інтэлектуальнай эліты нашага краю. Горад Ліда, у якім Тэадор вучыўся, дзе жылі яго сваякі, у якім род Нарбутаў фундаваў Кармеліцкі кляштар, гісторык лічыў сваім родным горадам.

Нядаўна я атрымаў сканы нявыкарыстанага да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі архіва дачкі гісторыка Тэадоры Манчунскай [1], якія аплаціў мой сын, за што яму вялікі дзякуй. Архіў Тэадоры Манчунскай складаецца са 142 сканаў здвоеных старонак, якія, на жаль, не ёсць паслядоўным, наратыўным тэкстам яе ўспамінаў. Галоўным зместам архіва з'яўляюцца вершы яе бацькі, розныя яго ненадрукаваныя ў прэсе артыкулы, метэаралагічныя заўвагі, а таксама ўрыўкавыя ўспаміны самой Манчунскай пра яе сям'ю, раней не надрукаваны тэкст самога Тэадора пра яго род і г. д. Архіў Манчунскай, сярод іншых крыніц, стаў асновай майго вялікага артыкула пра Тэадора Нарбута [2] і, спадзяюся, хутка я закончу пісаць кнігу пра нашага славутага земляка. Як для мяне, Тэадор Нарбут - два разы калега - ён таксама інжынер і асоба, якая сур'ёзна займалася гісторыяй нашага краю (устрымаюся ад таго, каб сам назваць сябе гісторыкам).


Рукапіс верша Тэадора Нарбута "Казіно ў Лідзе ў 1823 г." адразу прыцягнуў маю ўвагу па дзвюх прычынах. Па-першае, ён мае несумнеўную краязнаўчую вартасць для нашага горада, па-другое, ён у нейкім сэнсе з'яўляецца перафразам верша знакамітага паэта Антонія Адынца пра віленскае казіно, які асобнай брашурай быў надрукаваны ў Вільні ў 1823 г. [3] Зразумела, што па сваіх мастацкіх якасцях, верш Нарбута немагчыма параўнаць з вершам Адынца, што добра разумеў і сам гісторык, для якога вершапісанне было толькі адпачынкам ад навуковай працы. Яго дачка пісала: "Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча] …" [4], - верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.

З верша Нарбута даведваемся, што сярод іншых танцаў у лідскім казіно танчылі і паланэз. Верагодна, у той час ужо немалады і глухі гісторык не надта цікавіўся танцамі, але Тэадора Манчунская падае ў сваім рукапісе яго вершаваны тэкст на матыў паланэза [5], які Нарбут усё ж танчыў сам і любіў больш за ўсе іншыя танцы: "Любімай музыкай майго цалкам пазбаўленага слыху таты быў паланэз. З-за слыху ён цалкам перастаў чуць музыку, хоць раней сам граў на скрыпцы. У яго памяці засталіся толькі такты паланэза, і ён часта яго спяваў, пры гэтым пытаўся ў нас, ці не фальшывіць? Паказваў нам, як раней танчылі, як раней здымалі шапку перад дамай, прыкленчваючы пры гэтым і абапіраючыся на карабелю [6] , і ні адны імяніны ў нас ці збор гасцей не абыходзіліся без таго, каб наш бацька не загадваў граць паланэз. Ён не чуў музыку, але вёў даму ў першай пары праз усе пакоі і ў апошнім паварочваў" [7].

Невядома, калі Тэадор Нарбут напісаў свой верш пра казіно. Магчыма яго натхніў Адынец, і тады верш напісаны недзе ў 1823 ці ў 1824 г. Але, магчыма, гэты вершы нарадзіўся ў выніку рэфлексій гісторыка пра свае маладыя гады.


Ну, а зараз трошкі пра тагачаснае казіно і іншыя месцы адпачынку. З успамінаў віленскага доктара медыцыны Станіслава Мараўскага даведваемся, што галоўнымі і любімымі месцамі адпачынку не толькі тагачаснай эліты, але і звычайных гараджан былі маскарады, якія мы з большага можам сабе ўявіць (падрабязней, чытайце ў Мараўскага), потым - так званыя рэдуты [8], на якія збіралася публіка без масак, каб за невялікія грошы патанчыць, рэдка калі бываў тут нехта з лепшай публікі, бо больш багатыя асобы з вышэйшага свету бавілі свой час на прыстойных і нават шыкоўных вечарах у казіно. Каб стаць сталым наведвальнікам віленскага казіно, трэба было ўнесці першапачатковы капітал і пасля гэтага, і толькі выбраным асобам, выдаваліся разавыя білеты коштам два рублі срэбрам. У 1822 г. наведвальнікам віленскага казіно быў будучы цар Мікалай І і яго брат, вялікі князь Міхаіл [9].

У віленскае казіно прыходзілі толькі прыстойныя людзі і тут ніколі не было ні боек, ні сварак. 4 (16) сакавіка 1823 г. Ян Чачот пісаў Адаму Міцкевічу: "Забаўляюцца цяпер у нас, як ніколі. Чаму? Ці таму, што голыя, ці каб забыцца, што голыя, не ведаю. З вечара на вечар, з казіно на рэдуты і гэтак далей ходзяць і ходзяць. Адна з прычын - гэта тое, што сабраліся такія дамы, якім ёсць за што даваць вечары; другая - што іншыя, хоць голыя, не хочуць падаваць у гэтым выгляду. І хоць бедны мужык пухне недзе ад голаду, яны тут, як ты кажаш, валяючыся ў золаце, шумяць. Сёння вялікі маскарад; кажуць, што гэтыя "касцюмы", якія блішчалі на балі ў Лапацінскіх, будуць паказаны і для простага люду. Будзе там, кажуць, маска для высмейвання паноў, што балююць якраз у той час, калі на Русі іх падданыя паміраюць з голаду. У чацвер быў вялікі пікнік. 400 залатых асвятляла залу, налівала келіхі шампанскім, стаўляла вячэру і, кажуць (і, пэўне ж, слушна), наспраўляла новых фракаў і капелюшоў тым, хто займаўся арганізацыяй пікніка. Ды ад голых і пустых нічога лепшага і не трэба было чакаць. Вельмі добра, што ніхто з пачцівых у тых забаўках не ўдзельнічаў. Нават Ходзька, антрэпрэнёр, такі аматар да гэтакіх забаў, не быў давольны пікніком. І многа было незадаволеных. Расказваюць пра тое, што Тышкевічыха мелася зрабіць добры ўчынак - хацела ўласным коштам даць вечар і каб сабраныя на пікнік грошы былі аддадзены на выкуп беднага бацькі (у яго ж такая вялікая сям'я), якога ўзялі ў турму за неаплачаны доўг. Пустапарожнія гулякі, што арганізоўвалі пікнік, не дапусцілі гэтага. Я тады назваў бы Тышкевічыху сапраўднай гераіняй, калі б тыя прызначаныя на свой вечар 400 залатых сціпла аддала альбо свайму няшчаснаму бацьку, альбо на дапамогу бедным. Бывай здароў і абавязкова хутчэй адпісвай" [10].

Станіслаў Мараўскі пісаў, што "ў нашых малых мястэчках без боек і сварак не было і не магло быць рэдуты ці іншай падобнай установы. Згубілася б уся соль, увесь смак весялосці, бо менавіта так уяўляла сабе адпачынак правінцыяльная моладзь" [11]. Але, як бачым з верша Нарбута, казіно ў Лідзе адпавядала віленскаму і праходзіла на па-сапраўднаму, высокім узроўні. Верш пачынаецца са згадвання Лідскага замка і рэчкі Лідзеі, гукі музыкі з казіно адбіваліся ў байніцах і мурах замка, з чаго робім выснову, што памяшканне казіно было недзе недалёка. У вершы маецца шмат іншых цікавых для аматара нашай гісторыі момантаў, але я не буду іх пералічваць, бо лепш, калі чытач сам прачытае верш нашага славутага гісторыка ў перакладзе Станіслава Судніка, які дасканала перадаў памер верша, думкі і эмоцыі аўтара. За што яму вялікі дзякуй.

Леанід Лаўрэш.

Студэнцкі гімн

Неразлучныя сябры, смялей

Пойдзем на пакуты без трывогі,

Двум і ў вязніцы будзе весялей,

Двум пекла не страшны парогі.


Божа мой! У смяртэльнай гадзіне,

Будзе вельмі цяжкое расстанне,

Дружба са смерцю не згіне

І аплача маё скананне.

Знаю, што некалі лягу ў магілу,

Сябар слязу затаіць не зможа,

Згадае мяне вельмі міла

І на магілу кветкі паложыць.

1805 г. Пераклад Станіслава Судніка.

Паланэз

Усё з часам з зямлі знікае:

Прыгажосць, каханне і пяшчота,

А покуль час нам ззяе пазалотай,

Мы іх упарта даганяем.


Бо, як вада плыве-сцякае,

Як паланэза тон упаў,

Час для гульняў і забаў

Імкліва так сплывае.


Моладзі ўкора, моладзі ўказ,

Майце карысць пры забаве,

Плыньце ў жыцця ціхай наве,

Збірайце цноты, покуль ёсць час.


Шчаслівы, хто ў кожную пору

Ў цнотах сталенне цвічыць

І з тым хвілі прабеглыя лічыць,

І з тым мае ў жыцці апору.

1823 г. Пераклад Станіслава Судніка.

Казіно ў Лідзе ў 1823 г.

Там, дзе кружыць Лідзея, крутой плынню бяжыць,

Ёсць горад, пры ім замак у руінах ляжыць.

Сведка смутнай, праблісклай той краіны славы,

Абаронца колісь горада, якога забавы

Апісаць паспрабую, хоць у частцы малой

У кампаніі кузыны, прыгожай і маладой.


Як толькі месяц рогам неба кранаўся,

Ішоў я ў тое месца, дзе быць кожны стараўся.

Мой Божа, які від мне тут думкі чаруе,

Падтрымай мяне, Божа, пакуль забавы ўсе адмалюю.

Ля ўваходу здзіўлялі выбарам буфеты,

Сталы так застаўлены, аж гнуцца ад страваў пры гэтым,

Багатыя на канфецюры, бутэлькі і дэсерты.

Далей гучныя фаготы, валторны і кларнеты,

Габоі, барытоны, дом аж трасецца ў шале,

А байніцы ў замка мурах водгук той паўтаралі.

У зале танцаў убачыш столькі цудаў разам,

А кожны з іх найдзіўным здаецца абразам.

Там Дося, што ножкі найпрыгажэйшыя мае,

Балінча цуд прыгажосці пры Лоры Фларэці ўяўляе.

Філіс з анёльскім тварам каля боскай Хлоі красуе

Чый пагляд даражэй за свет цэлы каштуе.

О, нябранкі, у што ж ваша ператворыцца ўвага

Ў параўнанні тых цудаў рэдкай адвагі,

А ты, дэндзю трох багінь, падобны Парысу,

Чым, каб, як каралевіч, прыхільнасць знайшоў пры Клярысу,

Лепш бы, каб не бачыць мілы пагляд і галаву Дафны,

Альбо ўклад Лікорыс - Лауры ўбор трафны.

Што ні мода - твор мастацтва, што ні досціп - талент ззяе,

Што жаданне падабацца або сціпласць святая.

Што неахвота да весялосці, што далі майстэрства сілы,

Усё там ўборы жанчын умясцілі.

Папраўляюць, дзе хібу прырода зрабіла,

Да маральных прадметаў пер'е далучыла.

Бо свет цяпер больш густоўны, тымі лішкамі пагарджае,

Што забавы з маралі асновамі злучае.

Гляньце, той і гэтая пачынаюць ход малы,

Плыве вольны паланэз, нібы ўзнятыя валы,

Якія на шумным моры рознага ўзвышэння,

Зніжаюцца, змяншаюцца аж да знікнення.

У гарманічных паваротах ісці прымушае

І згадаць пра продкаў намаўляе.

Цяпер хутка ў два рады пары паўставалі,

І кантраданс найпрыгажэйшы кларнеты зайгралі.

У ім тая пара спора рабіць замену

І паўз цэлы рад праходзіць сцэну.

У канцы розных фігур у такт робіць набор

Неспасціжны стварае для вока ўзор.

І зноў народны танец наступае,

Гукі мазуркі, што грудзі ўздымаюць.

У іх цёплыя згадкі, у іх мілыя забавы,

У іх шляхетнасці найвысшыя праявы.

Альбо жвавы кракавяк у паваротах крутых

Накрэсліць нам круг сапраўды маладых.

Нявіннае прыцісканне, нявінныя залёты,

Так гожа і так тонка, як патрабуе век цноты.

Далей кадрыль наступае, тактычныя скокі,

Хоць бавіць праз павароты і фігур спрыт высокі,

Не дасягае ні мазуркі, ні кракавяка,

Не можа ўстаць над танцам свойскім для паляка.

У той час, калі багі жылі на нашай зямлі,

Самі тамтэйшым насельнікам танцы перадалі.

Хоць у суровых дубравах або ў святыні цені

Навучалі іх цноце ў сціплым уміленні.

Адтуль ахвота да забаў, дасканаласць танцаў мілых,

Хаця цноту пасля трохі падзабылі.

Аднак жа танцаў польскіх не знікла мода,

Дальбог жа, хто яшчэ такія бачыў карагоды?

Тое колка ў адным рытме, тое ног выгінанне,

У тым вальсе манатонным плаўнае хістанне.

Рухі, шкодныя здароўю, для вачэй не мілыя,

Лепей бы для казака захавалі сілы,

Або з вясёлым звонам бразгаць астрогамі,

Бо час танцаў з рознымі для нас народамі

Сёння прамінуў, таму пільнуйма, што ў спадкі засталося,

Хоць і танцаў, што ад прадзедаў зберагчы ўдалося.

А стан наш сённяшні, на лепшае ўздымем,

Таму і танцуем. Я скончу. Паклон табе, кузына,

За нашу добрую пацеху з той мілай забавы,

Што для мяне ў Лідзе ўчыніла. Лідзе ж - памяць і слава.

Пераклад Станіслава Судніка.

Пародыя на песню Яна Каханоўскага

Вёска нэндзы і пакуты,

Хто ж пакажа ўціск твой люты?

Над тваёй сягоння доляй

Лес галосіць, плача поле.

Селянін табе адданы,

Чалавекам не названы,

Ён свайго не мае й пядзі

У няволі, у заняпадзе.

Каб жыць іншым без трывогі,

Ёсць зямельныя разлогі:

Стуль шыкоўнае адзенне

І бяседы, і ўзвышэнне.

Хто не робіць анічога,

Толькі вёсак мае многа,

Той жыве, каб нажывацца,

Есць і п'е з чужое працы.

Селянін жа каля плуга -

Вось і ўся яго выслуга.

Ён сям'ю сваю ў няволі

Не накорміць нат ніколі.

Не яму цвітуць гароды

І прыносяць пчолы мёды,

І авечка дорыць воўну,

І арэ вол поле роўна.

Косіць ён у полі, лузе -

З таго пан карысць здабудзе.

А па севе, у час зімовы

Жаль яго прыцісне новы.

Чутны сумныя тут гімны,

Дзе куток заўсёды дымны.

Рэдка смех там і гулянні,

Дзе сваволяць пакаранні.

Дзе ўсё ж чулы тут народзе,

Хоць яго лёс ведзьмы зводзяць.

Ён не ведае свабоды,

А шчыруе тут заўсёды.

Венцер у яго гатовы,

Каб у рэчцы браць уловы.

Ён за шчаснай сочыць пташкай,

Бы не мае працы цяжкай.

Хоць сваты і небагаты,

Весяляцца яны ў святы,

Бы сатыры тыя скачуць,

І над песняй сваёй плачуць.

Гаспадыня ж, вось нябога,

Пра вячэру дбае з тога,

Што паслаў Бог - не іначай,

Ксёндз пакінуў, пан не ўбачыў.

Мужу служыць, дагаджае,

Пры жыцці яго трымае,

Дзеліць нэндзу, клопат Боскі,

Нараджае вязняў вёскі.

Падрастуць яны калісьці -

Жабракі ж ужо ў калысцы.

Прывыкаюць да цярпення,

Да жыццёвага сумнення.

Хвалец веку залатога

Вёску я не ўслаўлю многа,

Бо калі б яе ты ўбачыў,

Песню б сам сваю зыначыў.

Пераклад Уладзіміра Мархеля.

Здрада

Дзіўныя вочкі Вашыя - чары,

Што мой спакой атруцілі,

Да ўсіх і няшчасцяў, і караў

Вы нячулым мяне зрабілі.


Здрада, падступства, зайздрасць злая,

Усе злосці людское звады,

На нявіннасць дзіка сягаюць,

Усімі трубамі сыплюць яды.


І калі ў астатку так падгадалі,

Што ліха процьму я з Вас спазнаў,

На мяне беды ніадкуль напалі,

Якіх зусім ніколі не чакаў.


Ці жыцця хочаце - вазьміце яго,

Памру спакойна ў надзеі,

Што тыя вочкі, вочкі шчасця майго

Міла па мне сумам павеюць.


Іх позірк слізгане па магіле,

Каб той горычы не піць чары,

Вочкі дзіўныя, вам здрадлівым,

Няшчаснаю стаў я ахвярай.


О, калі сэрца хочаш ад бяды

Ты для спакою ўратаваць,

Збоч ад пенкных вочак тады,

Бо сродак маюць зачараваць.

Пераклад Станіслава Судніка.



[1] [MONCZUNSKA Z NARBUTTOW, Teodora]. Zapiski corki s. p. Teodora Narbutta z papierow, [apie 1880 m.] Lietuvos valstybes istorijos archyvas (LVIA), f. 1135, ap. 11, b. 19, lap. 1r-137v. Далей - ДГАЛ (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19.

[2] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: жыццяпіс без прэтэнзіі на паўнату. Да 240-годдзя з дня смерці гісторыка // Лідскі Летапісец. 2024. № 1-2 (105-16). С. 31-74.

[3] Odyniec, Antoni Edward. Kasino: wiersz na dochod Towarzystwa Dobroczynnosci wydrukowany. Wilno, 1823.

[4] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 21. Арк. 10.

[5] Там жа. Арк. 21.

[6] Карабеля - крывая шабля, прыналежнасць параднага ўбору шляхціца, насілася на поясе пры жупане або кунтушы.

[7] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 21. Арк. 21 адв.

[8] Рэдута - ранейшая разнавіднасць публічнага балю-маскараду з уваходам па білетах. - Л. Л.

[9] Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. S. 362-363.

[10] Чачот Ян. Выбраныя творы. Мінск, 1996. С. 297-298.

[11] Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). S. 362.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX