Ад лідскіх муроў
Літаратурна-мастацкі зборнік 2022-2025 гг.
№ 11
Кніга 1
г. Ліда
"Пружмень"
2025
Ад лідскіх муроў. Літаратурна-мастацкі зборнік № 11. Кніга 1. 2022-2025 гг. На беларускай мове. Ліда. 2025. 296 с.
Выдаецца ў адпаведнасці з п. 7.4 артыкула 13 ЗАКОНА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ "Аб сродках масавай інфармацыі" ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З.
Выдавец: Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства "Пружмень".
Укладальнікі: Станіслаў Суднік, Леанід Лаўрэш, Валера Мацулевіч.
Галоўны рэдактар: Станіслаў Суднік.
Рэдактар раздзела паэзіі: Валера Мацулевіч.
Карэктар: Алесь Хітрун.
У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку лідскіх літаратараў за 2022-2025 гг. У зборнік трапілі матэрыялы, якія былі апублікаваны ў гэтыя гады або падрыхтаваны да друку. У зборнік увайшлі і іншыя матэрыялы, датычныя літаратурнага жыцця Лідчыны.
На першай старонцы вокладкі - партрэты лідскіх пісьменнікаў Тэадора Остык Нарбута, Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, Ірыны Багдановіч, Марыі Завалы..
С ПУП "Пружмень", 2025
Што наша моц змагла...
Так сёлета склалася, што чарговы выпуск зборніка "Ад лідскіх муроў" адбываецца ў год, калі ў Лідзе будзе адзначацца Усебеларускае свята - ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства.
З 2022 па 2025 год лідскія пісьменнікі і паэты не спалі, і ў выніку атрымаўся значны плён. Твораў сабралася больш, чым на 700 старонак, таму давялося дзяліць зборнік на дзве кнігі. У першую ўвайшлі раздзелы "Спадчына", "Паэзія" і "Пераклады". У другую ўвойдуць раздзелы "Проза", "Літаратурнае краязнаўства", "Літаратурнае жыццё", "Кнігапіс", "Мемарыял".
У раздзел "Спадчына" ўвайшлі ўнікальныя творы: вершы Тэадора Нарбута, якога ўсе лічаць выключна гісторыкам, а ён напісаў значную колькасць уласных вершаў, пародый, зрабіў шмат перакладаў антычных аўтараў. Рукапісы паэзіі Тэадора Нарбута зберагла яго дачка Тэадора Манчунская, а сканы здабыў Леанід Лаўрэш з дапамогай свайго сына. Рукапісы ёсць рукапісы, чытаюцца цяжка, таму вершаў Тэадора Нарбута пераклалі не шмат, але ўсе яны за выключэннем аднаго, друкуюцца ўпершыню. Акрамя паэзіі антычных аўтараў Тэадор Нарбут пераклаў на польскую мову раман Сервантэса "Дон Кіхот". Таму імя Тэадора Нарбута зусім законна і абгрунтавана знаходзіцца ў спісе лідскіх літаратараў, прычым, у самым пачатку гэтага спісу.
Другая асоба ў раздзеле "Спадчына" Каміла Юрэвіч з Нарбутаў. Яе кніжка "Калядкі Камілы Нарбут для кузынак і сябровак на 1852 год" засвяцілася ў Лідзе на святкаванні 700-годдзя Ліды. Потым Леанід Лаўрэш здабыў сканы. За два гады амаль усю кнігу пераклалі. Ёсць у Камілы і іншыя кнігі, але іх пакуль не здабылі. Лідская мастачка Алена Несцерава стварыла партрэт Камілы Юрэвіч. За аснову быў узяты партрэт яе цёткі Канстанцыі Нарбут.
Сучасная паэзія прадстаўлена не ў поўным аб'ёме, але ў тым, які змог сабраць Валера Мацулевіч пасля смерці брата Алеся Мацулевіча. Ніхто не быў адкінуты. Усе аўтары, якія даслалі свае творы, трапілі на старонкі выдання. А хто не захацеў - той не захацеў.
Усяго прадстаўлена 26 лідскіх паэтаў.
"Ад лідскіх муроў" - перыядычнае выданне. Хто не надрукаваўся сёлета, той зможа надрукавацца ў наступным нумары.
Станіслаў Суднік.