Папярэдняя старонка: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 1

Спадчына: Каміла Юрэвіч з Нарбутаў (вершы) 


Дадана: 02-07-2025,
Крыніца: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 1.

Спампаваць




Вядома, што бацька Камілы, Юстын Нарбут - выхаванец вышэйшай школы Вялікага Княства Літоўскага (ўніверсітэта). Жанаты быў з Петранелай Сабаньскай. Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета.

У Юстына і Петранелі Нарбутаў нарадзіліся сын Рамуальд (1800 - каля 1871) і дачка Каміла. Маскоўскі даследчык радаслоўнай свайго роду А. Н. Нарбут падае год нараджэння Камілы - каля 1802, але Каміла сама пісала пра свайго брата: "Нас было двое. Мы не выхоўваліся разам. Першым з нас быў старэйшы за мяне мой брат". Таму я лічу цалкам дакладнай інфармацыю летувіскіх даследчыкаў, якія падаюць наступныя гады жыцця Камілы Нарбут: (~1805 ці 1814/1815 - 1881) .

Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Нарбут у нас яшчэ не даследавалася, але ў суседзяў ўжо выйшла кніга пра яе. Вядома, што Каміла была пісьменніцай і супрацоўнічала з "Дзённікам Віленскім". У 1835 г. выдала аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" і "Маральныя лісты" ("Pisma moralne"). Пасля смерці бацькі, яна стала ўладальніцай маёнтка Юршышкі. Каміла выйшла замуж за нейкага Юрэвіча і пад гэтым прозвішчам выдала яшчэ дзве кнігі: у 1852 г. "Калядкі Камілы Нарбут …" і ў 1862 г. "Літоўскія замалёўкі" .

У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенікаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы З тэкстаў Камілы Нарбут бачна, што яна неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю. У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута, якія надрукаваны ў маім вялікім артыкуле пра нашага славутага гісторыка з Шаўроў.


Першай публікацыяй Камілы Юрэвіч з Нарбутаў на беларускай мове стаў пераклад яе апавядання "Пустэльнік з Ражанкі" , якое ў XIX ст. было апублікавана ў зборніку "Калядкі Камілы Нарбут …", а ў 2023 г. у "Лідскім летапісцы" (Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі летапісец. 2023. № 3 (103). С. 54-55). А цяпер мы маем і пераклады 25 вершаў, і аповесці "Вандроўка ў Беларусь".

Леанід Лаўрэш.

Вершыкі

Гімн да Бога

Дзядзьку майму, ксендзу Станіславу Нарбуту, каноніку Берасцейскаму прысвячаю.


Сонца ўсходзіць,

Поле родзіць,

Дождж палівае,

Вецер павявае.

Гром перуновы,

Бляск суровы,

Зорак бясконца,

Кожная - сонца.


Божа магутны,

ксёндз мой мілы,

Довады ясныя пра тваю сілу.


Ранняя зора,

Плёскат мора,

Рэчак стужкі,

Спевы птушкі.

Пушчы і гаі,

Звярыныя зграі,

Горы, каменні,

Рыбы ў струменях.


Божа магутны,

ксёндз мой мілы,

Довады ясныя пра тваю сілу.

З розумам людзі

Ў думках блудзяць,

Крупка гліны,

Духу махіна.

Цар з нараджэння,

Сын аб'яўлення,

Дзедзіч усёга,

Створаны з нічога.


Божа магутны,

ксёндз мой мілы,

Довады ясныя пра тваю сілу.

Думка

Тарэсе Нарбут прысвячаю


Слаба апіша пёрка слабое

Сутнасць думкі людское,

Што хутчэй за птушку лятае,

Хвіляй свету краёў дасягае,

Што паміж ночак глыбокіх

Узлятае да зор высокіх,

Рвецца смела без меры

Ў мільённыя свету сферы,

То ў моры глыбокім тоне,

Лічыць стварэнні ў яго лоне,

То прабягае гаі і нівы,

І як прагледзіць

зямныя дзівы,

Зноў ляціць у горнія высі,

Творцу цудаў каб пакланіцца.

Ды як няшчасця

брэмя прыгнеціць,

Думка не ззяе

ў прыгожым свеце,

А як смерці цяжкая сіла,

Вырве сэрцу прадмет мілы,

Думка тады - горкая чара,

Мука жыцця,

пра магілу мара.

Думкі ў Верках

Клемянтыне Нарбут прысвячаю


Тут не раз хлопец марыў пра золата горы,

Мастак тут дзівіўся прывабам прастораў,

Палітык прадумваў былыя падзеі,

Скуль выводзіў на прышласць надзеі,

Філосаф ствараў тут свету сістэму,

Паэт тут складаў чулы вершык да Эмы.

І я прыцягнулася з болем пакуты,

З агідай да долі, магілай прыгнутай,

Страціла ўсіх, што свет мой складалі,

Любіла каго, і любоў што мне слалі,

Таму тут больш дбаць ні пра што не імкнуся,

Толькі хвілю чакаю, як з імі злучуся.

Да бярозы ў маім садзе


Тарэсе Нарбут прысвячаю


Сівая бяроза, ты вякі прастаяла,

З бурай, як волат, не раз ваявала.

Марна ўпіраўся Барэй тут нястомны,

Марна круціў Ураган неўгамонны.

Часта і людзі спагады не зналі,

Вострым жалезам з цябе кроў здабывалі*.

Ты ж стаяла заўсёды скалой несхілёнай,

Як даўні рыцар у кароне зялёнай.

Ты прадзедаў нашых гадочкі лічыла,

Прыход і сыход іх са свету сачыла,

Ды як усё, што красуе пад сонцам.

Мае пачатак і век не бясконцы.

І ты, адвечная, падлегла знішчэнню -

І галіны сухія не даюць болей ценю,

Многія з іх вятры пазрывалі

Плямы смерці ўжо на табе зазіялі.


* Нашыя сяляне ў траўні месяцы надсякаюць сякерай бярозы. Сок, які з іх цячэ, ужываюць як напой.

Скарб

Клемянтыне Нарбут прысвячаю


Хцівец думаў, што скарб - гэта стос злотых,

Мудрэц - што вера, людкасць і цнота,

Першы пакінуў на зямлі назусім,

Другі перад Богам стаў са сваім.

Творца ўчынкі абодвух разглядаў

І паводле заслуг кожнаму надаў.

Хцівец на вечную нэндзу сказаны,

Мудрэц дзедзічам неба прызнаны.

І людзі па рознаму іх судзілі:

Смяяліся з хціўца, мудраца любілі.

У жыцці пачуццяў скарб - стос злотых,

У жыцці духоўным - вера і цнота.

Мая ноч

Антаніне з Малаховічаў Карловіч прысвячаю


Ноч глыбокая без броду,

Людзі спяць, і спіць прырода.

Мне ж павекі сон не клеіць,

Я трываю без надзеі.

Ніхто смерць не пераверне,

Ніхто маці мне не верне.

Ніхто жаль не зменшыць мне,

Бо мае ўжо ўсе ў труне.

Я горыч толькі п'ю,

Толькі болесць я жую.

Я адна на той зямлі,

Мо б з сабой мяне ўзялі.

..................................................

Што ёсць свет? - зямнога шара схілы:

З яго жыццё, з яго магіла.

Што ёсць жыццё? Дух з-пад хмараў,

Пустыя рэчы, пустыя мары.

Што ёсць магіла? Ціхі куток,

Без сварак і без згрызот.

Што ёсць вечнасць? Іншае жыццё,

Нязменнае, нявіннае быццё.

Адрыўкі з паэмы "Марыя", яшчэ не надрукаванай

Мілага спатканне -

Найчульшае спрыянне:

Два толькі пагляды,

Два мігі спагады.

Па кроплі слодычы

І кубак горычы...

Што шчасця пазбаўляе

І жыццё атручае,

Што сэрца раздзірае

І магілу адчыняе.

.....................................................

Пасля цела спарахнення

І душы ўзнясення,

З нявінным сумленнем,

З мілага ўспамненнем,

Калі стану перад Збаўцам,

І пачуццяў маіх знаўца,

Бог добры, пацешыць,

І смерць яго прыспешыць,

Дзве душы разам з'яднае

І жаль мой раскідае.

...............................................

Снягі ўжо расталі, палопала шкло лёду,

Сагрэтыя сонцам зашумелі воды,

Бусел клякоча, жаўранкі спяваюць,

Пастушыныя флейты дзень вясенні вітаюць.

О, як жа прыгожа лугі зелянеюць,

Тут лопаюць пупышкі, там кветкі чырванеюць.

Калі ўсё ў прыродзе смяецца

І песня шчасця над краем нясецца,

Мне адной паміж цэлай прыроды

Цісне боль сэрца і смутак нягоды.

...............................................

Я ўсю маладосць у слязах утапіла,

Гады і гадзіны ў пакутах лічыла,

Найнявіннейшай маёй душы хаценні,

Не мелі нідзе добрага спаўнення,

Была я непазбежным адкідам прыроды,

Збіраліся хмары нада мною заўсёды.

Нада мною віхры заўжды вар'яцелі,

Пада мною гадзюкі заўсёды шыпелі.

Кожную расліну, што я пасадзіла,

Ці бурай зламала, ці градам пабіла.

Кожную жыўнасць, што я даглядала,

Смерць без пары пільнавала,

Бяда і людзям, якіх я любіла,

Бо нават і іх я няшчасцем пакрыла...

Калі не памёр той, мною абраны,

То цяжкім лёсам быў пакараны.

Бойцеся, брацці, майго вы пагляду,

Нашу я ў сабе праклён грэхападу,

Бойцеся ўчуццяў, налітых атрутай,

Кірункаў маіх - у пекла маршрутаў.

Дзяўчына на магіле

Грымелі аблокі, маланкі стралялі,

Ясна на небе зігзагі блішчалі,

Дажджу не было, а вятры толькі вылі,

І чорныя хмары строп неба пакрылі.

Падчас такой буры над свежай магілай

Дзяўчына стаяла з галоўкай пахілай.

- Марыя, бяжым, - крэўная ёй закрычала,

Выцяў пярун, і зямля задрыжала.

- Ідзі ты дадому, - дзяўчо адказала, -

Месяца бляску мне пакуль мала.

З часу, як маці мяне нарадзіла,

Хмара няшчасцяў нада мною хадзіла,

Многа ўдараў сэрца прымала,

І хвілі пагоднай ніколі не знала.

Той не баіцца з бурай спаткання,

Хто чуе яе што хвіліну дыханне,

Тога і смерць аніяк не пужае,

Бо ад пакутаў яна вызваляе


Сціхлі вятры, і грымоты знямелі,

Згаслі на небе маланак прастрэлы.

Прыбегла сваячка, як поўня заззяла,

Мёртвым дзяўчо на магіле ляжала.

Шчасце

Юльяну Машынскаму, доктару медыцыны, чальцу Лекарскага і дабрачыннага таварыства ў Вільні прысвячаю


Багацце і пыха -

Не шчасце, а ліха.

А шчасця істота -

Нявіннасць і цнота.


Высокі чыноўнік,

Строгі саноўнік,

Магнат непатрэбны

З прагай ганебнай.

Уладнік няправы,

Дзяўчына злой славы,

Да золата хцівы

Не будзе шчаслівы.


Багацце і пыха -

Не шчасце, а ліха.

А шчасця істота -

Нявіннасць і цнота.


З дому забраны,

Закуты ў кайданы,

Хваробай збалелы

Жабрак згаладнелы

Не лічыць ноч злою,

Бо чысты душою,

Не траціць надзеяў,

Не губіць спадзеву.


Багацце і пыха -

Не шчасце, а ліха.

А шчасця істота -

Нявіннасць і цнота.

Мары пра вайну

Брату майму Рамуальду Нарбуту прысвячаю


Гарматы рычаць,

Гранаты шыпяць,

Агні блішчаць,

Кулі ляцяць.


Шабель звон,

Раненых стогн,

Людское крыві,

Хоць сам плыві.

Разня і бітва,

Смелых ганітва,

Вырак крывавы:

- Смерць або слава.


Ад славы да слёз -

Вайсковы лёс.

Блісне, праз хвілю

Гасне ў магіле.

Воін прад Богам

Судзіцца строга,

У вечнасці згіне,

Слядоў не пакіне.

Мой сон

Вераніцы Падбярэскай прысвячаю


На доле ў капліцы яснеў алтар цноты,

На гары сярод церняў блішчэў балван пазалотай.

У капліцы быў мудрэц, пакрыты сівізной,

Быў рыцар, што за Айчыну хадзіў на бой,

Быў маладзён, што працай сям'ю ўсю трымаў,

Быў і каплан, што слёзы нядолі тут выціраў.

Тлум людзей, пакінуўшы той алтар цноты,

Дзёрся на гару, дзе балван з пазалотай.

Кожны рваўся быць першым, брат брата таптаў.

- На золаце, - крычалі, - свет вечна стаяў.

Ды зямля задрыжала і гару разарвала,

І хцівых з балванам ноч пекла забрала.

А ў капліцу цноты голас з неба ласкавы

Шле яе адведнікам вянок вечнай славы.

Думка пасля атрымання весткі пра смерць Цэцыліі С.


Антаніне Карловіч прысвячаю


Вецер з поўначы сцюжай вее,

І прырода ўжо мярцвее,

Травы вянуць, ліст спадае,

І зіму ўжо ўсё чакае.

Зіма пройдзе, вясна зноўку

Апранецца ўся ў абноўку.

Травы, дрэвы ажывуць,

Кветкі зноўку расцвітуць.

Толькі Цэсі не падняцца,

На магілу не ўзабрацца.

Хто нам страту ўзнагародзіць,

Хто нам жаль той падсалодзіць?

Вера толькі ўцешыць можа,

Больш нішто не дапаможа.

Вера толькі супакоіць,

Душы, сэрцы нам загоіць.

Вера ў смерці з намі будзе,

Страх знікнення нам адпудзіць,

Шлях да неба пракладае

І там шчасце абяцае.

Адам


"Адзін з маіх продкаў быў гетманам слаўным,

Другі падпісаў замірэнне з султанам,

Тры ваяводы, чацвёра кашталянаў,

Магу я лічыць, што паходжу з васпанаў", -

Так кажа Адам з гонару асалодай,

Цёмны нашчадак светлага роду.


Ніхто не дыхае чужымі грудзямі,

Ніхто не смяецца чужымі губамі,

Ніхто не слаўны з чужое славы,

Нішто слаўных продкаў ордэны і булавы.

З тых слаўных людзей кожны ў небе ўжо госць,

Скажы нам, Адам, а хто сам ты тут ёсць?

Смерць


Паміраў магнат у пазалочанай палаце,

Паміраў слуга ў сваёй беднай хаце.

Пры першым сядзеў доктар з лекамі новымі,

Пры другім - каплан з Хрыстуса словамі.

Багач золатам смерць задобрыць спрабаваў,

Слуга з пакорай крыж Збаўцы цалаваў.

Ён прайшоў працу і нягодаў многа

І надзею сваю пакладаў на Бога.

Над ім відны святасці прамені,

Над пыхлівым панам - чорнай ночы цені.

Могілкі ксяндзоў-місіянераў у Вільні


Колькі слынных паноў тут стала пылам,

Колькі бажкоў з гліны вярнулася ў гліну

Колькі тут тытулаў на мармуры бітых

Ля магілаў, пяском пакрытых.

Ці і тут ёсць розніца станаў зноў,

Клас ніжэйшы і клас паноў,

Хоць іх косці спарахнелі аднака,

І розніцы ў праху няма ўжо ніякай.

Крык збалелага сэрца

Тарэсе Нарбут прысвячаю


Бачыла бацьку ў хваробе пакутнай,

Голас маці канаўшай быў ледзьве чутны.

У горкай жалобе з апошняе сілы

Сваім я бацькам засыпала магілы.

Як толькі сэрца не лопнула з болю,

Як і мяне не забралі з сабою?

Як тыя слёзы, што я пралівала,

Новага руху іх мошчам не далі?

Ніхто тут на свеце смерць не абыдзе,

Ніводзін памёрлы назад к нам не прыдзе.

Дык навошта ж зямля доўга так існуе,

Хай гром яе трэсне, вада хай залье.

Хай з пылам на часткі яна разлятае,

Дзень ясны адразу над намі заззяе.

З крэўнымі, з любымі зноў я злучуся,

Думкай пачуццем навекі сальюся.

Будзем любіць мы Найвышшу Істоту,

Што шчасцем трывалым аддзячыць нам цноту.

Чатыры ўсмешкі


Клемянтыне Нарбут прысвячаю


Бачыла ўсмешку я цноты дзявочай,

Тварык румяны і ясныя вочы.

Бачыла ўсмешку істоты нягоднай,

Што з веры збівае люд наш прыродны.

Усмешку какеткі з прывабным абліччам,

Што закаханых на тузіны лічыць,

І ўсмешку, што сэрца раздзірае,

З якой не адзін няшчасны памірае,

Выраз знямоглай пакутнай душы,

Выраз пякельны ў жалобнай цішы.

Ляося на балі. Сапраўднае здарэнне


Радасць яснела на твары Ляосі,

Што прызналі яе прыгажэйшай ад Зосі.

Ян кідаў на яе погляд чуллівы,

Генрык раз-пораз выдыхваў маўкліва.

Прот пяць разоў з ёй мазурку танцаваў,

Вінцэнт нязменна ёй крэсла пільнаваў.

Вось зайшла Розя, з нікім не знаёмая,

З вёскі дзяўчына, у сталіцы невядомая.

Шум паўстаў у зале: "Адкуль пенкнасць новая?"

Зграбная станам, тварам бела-ружовая.

Ян на Розю ўжо пагляд кідае,

Генрык да Розі ўздых пасылае,

Прот на мазурку шэсць раз запрасіў,

Вінцэнт нават крэсла за ёю насіў.

Хай вас не цешаць ветраныя людзі,

Бо кожная новая каханне ў іх будзіць.

Тры абліччы Закрэта*

Тэадору Нарбуту прысвячаю


Закрэт быў некалі духоўнаю далінай,

Сур'ёзнай думкі, вечнасці ўспамінам,

Дзе шэпт малітвы, шум водаў вешніх,

Пабожныя ўздыханні, звонкіх птушак песні

Зліваліся разам, як гімны тварэння,

З зямлі адляталі ў нябёсаў скляпенні.

Пазней меў Закрэт шыкарную залу

Для пышных прыёмаў і гучных баляў.

Грымелі аркестры, тосты гучалі,

Не раз тут у танцах світанне спаткалі.

Бляскі золата і дарагіх каменняў,

Ніхто там не верыў у трагічнае крушэнне,

Ніхто там не верыў, што памерці трэба

І што пасля п'янкі не латва да неба.

Сёння Закрэт у друзе, сведка марнасці тых

Раскошаў зямных і вышыняў зямных.


* Закрэт размешчаны над Віліяй у адной з найпрыгажэйшых ваколіц Вільні, паводле мясцовых паданняў быў некалі кляштарам ксяндзоў - езуітаў, а пазней спадчыннай уласнасцю графа Бенігсона.

Сон двух братоў


Мікалаю Маракоўскаму прысвячаю


Вінцэнт сніў, што ў далёкай краіне

Ёсць нейкі ручай з золата плынню.

Ян сніў талісман, на медзі адбіты,

Якім ад нягодаў быў ён прыкрыты.

Пабеглі браты па мамону тады,

Ды ледзь прайшлі тры-чатыры гады,

Пад камні магілаў абодва сышлі,

І свет забыўся, што тыя людзі жылі.

Грабавыя прысады

Вераніцы Падбярэскай прысвячаю


Гэтыя грабы - сведкі майго нараджэння,

У думках узнаўляюць тысячы імгненняў,

Тут мяне насілі слабенькім немаўляткам,

Тут я вольна гуляла маленькім дзіцяткам.

Тут мне ў сэрца з вялікай ахвотай

Уклалі страх перад Богам і любоў да цноты.

Тут доўга жыла ў прыдуманым свеце,

Існым толькі для мяне на ўсёй планеце,

Дзе з бліжнім чалавек дзяліў цяжкасці дарогі,

Дзе багаты беднаму аказваў дапамогу.

Ніхто не ганарыўся колькасцю грошай,

Ніхто не аддзяляў беднасць ад раскошы,

Дзе справядлівасць усе паважалі,

Не заганы, а цноту ўсе шанавалі.

Дзе ўжо дзяцінства сышлі захапленні,

Дзе горкіх думак хаваліся цені.

Тут і пацехай ірдзелі падзеі

Ў постацях веры, сяброўства, надзеі.

Выезд у Вільню


Бывайце гаі з лугамі квяцістымі,

Плыні крутыя, крыніцы празрыстыя,

Бывай, альтанка, дзе было мне так міла,

Збягалі рання і вечара хвілі,

І жаўранкі, і шчыглы з салаўямі,

І нарцысы, геацынты, гваздзікі, расстаюся з вамі.

Еду ў горад, дзе муры несвабоды,

Дзе штучнасць нішчыць прывабнасць прыроды.

Там пыха, пустэча, няшчырасць жывуць,

Сэрца маё ніхто не схоча пачуць.

Да Р. S.

Імправізацыя


Пакідаю крэўных і хворую матку,

Пакідаю ціхую, родную хатку.

Спяшаюся ў горад, дзе свет яснее,

Дзе поспеху бачыцца надзея.

Можа, і дойдзеш да большага значэння

З ахвярай цноты, з крывым сумленнем.

Будзеш тады ўжо пылам бліскучым,

Ды толькі пылам, чуць прабліснуўшым.

Туман там ахіне, вецер некуды кіне,

І з вечнай смерці Бог не падніме,

Ён справядлівы, кліча: "Людзі,

Нікога з няпраўдай на небе не будзе".

Антось


- Хто багаты, той шчаслівы, -

Пеў Антось да грошай хцівы, -

Не хачу Юзі, што ўсё рабіць умее,

Не хачу Чэсі, што над кніжкамі карпее.

Нішто мне розум, нішто мне цнота,

Трэба срэбра, трэба злотых.

Без кахання вазьму жону,

Хоць бы дзікую варону,

Абы толькі пасаг мела, -

І ішоў да мэты смела.

І займеў за жонку Зоську,

І вялікую ўзяў вёску.

Шчасце ў іх не прынялося,

З варонай-жонкай не жылося.

Крычыць варона без прычыны,

Ганіць мужавы ўсе чыны.

Дзеці ў крыку тым растуць,

З маці прыклады бяруць.

Ні ў чым веры, ні ў чым згоды,

Горка ўсё без падсалоды

- Лепш Юзя, што ўсё ўмее рабіць,

Лепш Чэся, што над кнігамі карпіць,

Лепш розум, лепш цнота

І ад срэбра, і ад злотых. -

Спяваў Атось у абрыдзе,

Да багацця і жонкі ў агідзе.

Чалавек*


Чалавек - гэта такі разумны твор,

У высокасці сваёй прэцца аж да зор.

Пан зямлі, кароль тварэння,

Ды вялікі адно ва ўяўленні.

Тронам яго ёсць цярпенне,

Багацце яго - слёз струмені.

За горыччу смерць падыдзе,

І нікога яна не абыдзе.

У будучыні што яго чакае?

Таго розум не дасягае.


* Гэты вершык я напісала ў чатырнаццаць гадоў майго жыцця, і каб ён быў хоць дзе надрукаваны, змяшчаю яго тут як памяць пра дзіцячыя гады.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX