Папярэдняя старонка: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 1

Спадчына: Каміла Нарбут (проза) 


Дадана: 02-07-2025,
Крыніца: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 1.

Спампаваць




Вандроўка ў Беларусь [1]

Вам, мае любімыя кузынкі і сяброўкі, прысвячаю гэты ліст, вам, жанчыны, бо я не надзелена магутным розумам і таму не магу пісаць для мужчын. У сваіх успамінах пра паездку ў Беларусь я напісала некалькі замалёвак з сучаснага нам жыцця.

У лісце да Аляксандры М. я зрабіла некалькі заўваг наконт жаночага полу ў надзеі, што хто-небудзь з нашых геніяльных аўтарак, абуджаных гэтай светлай замалёўкай, захоча зрабіць для жанчыны больш, выступіць супраць многіх і многіх забабонаў, якія жывуць у думках шырокай грамадскасці.

Вы можаце, любыя Пані, вельмі строга меркаваць аб маіх разумовых здольнасцях, але прыміце да ўвагі добрае сэрца, якое ахвярую вам праз гэтую невялікую працу, што не павінна падвяргацца сумневу і выклікаць папроку з вашага боку.

Мая маці, мой тата і некалькі ўспамінаў з гэтага падарожжа

Неяк пасля ранішняй малітвы мая маці [2] села за сваё любімае рукадзелле і спытала, што мы будзем сёння чытаць? Спытала, бо мы ўжо скончылі чытаць гісторыю Напалеона.

- Было б добра паўтарыць раздзел з твора Шатабрыяна «Геній хрысціянства або прыгажосць хрысціянскай рэлігіі» [3], але пакінем гэта на потым. Зараз я павінна пагаварыць з табой пра адну важную для нас рэч. Твой бацька праз два тыдні едзе ў Беларусь, каб залатвіць сямейныя справы і бярэ цябе з сабой.

- Я мушу ад'ехаць за сто міль ад хворай мамы?

- Гэтыя тры месяцы са мной будзе кузынка Барбара.

- Ніхто не заменіць дачку! - плачучы сказала я.

- Супакойся, Камілка, у гэтым годзе я паздаравела і ўсё лета, з Божай дапамогай, абыдуся без цябе. Ты не ведаеш свайго дзядзьку, цётак, нікога з маёй сям'і: яны добрыя, дабрадзейныя, яны любяць мяне і будуць любіць маю дачку. Калі б ты засталася сіратой, што ёсць звычайным лёсам на нашай зямлі, дык яны былі б табе сябрамі, апекунамі і дарадцамі. Мой гучны плач расчуліў маму: яна абняла мяне і выцерла слёзы, я цалавала яе калені і прасіла так надоўга не аддаляць мяне ад сябе.

- Ты яшчэ дзіця, - сказала яна з пяшчотай, але з і годнасцю, якой яна заўсёды адрознівалася, і дадала камандным тонам:

- Гэтага мы, бацькі, жадаем. А добрая дачка павінна быць паслухмянай.

Прывучаная з дзяцінства да пакорлівасці, я не адважылася сказаць ніводнага слова супраць гэтай святой для мяне волі і нават перастала плакаць.

Мая маці, страта якой стала потым самым балючым пачуццём і шмат гадоў раздзірала маё сэрца, была дабрадзейнай і разумнай жанчынай. Бог даў ёй далікатную душу, востры розум і добрае выхаванне - акрамя валодання трыма замежнымі мовамі: французскай, нямецкай і італьянскай, яна добра ведала геаграфію, гісторыю сваёй краіны, усеагульную гісторыю і літаратуру, але мала ведала нашу класіку. Сачыненні пані Гофман [4], акрамя яе аповесці «Караліна», яна лічыла вельмі карыснымі. Пераклады Адынцом англійскіх паэтаў яна прымушала мяне чытаць услых па некалькі разоў, усё для таго, каб атрымлівалася ўсё лепей і лепей - адным словам, яна любіла і паэзію і прозу і мела добры густ у літаратуры.

Мая маці мела самае добрае сэрца, высакародную натуру і строга, свята і аддана выконвала свае абавязкі. Калі хто з сям'і хварэў, яна дзень і ноч пільнавала хворага, забываючы пра ўласнае слабое здароўе, пра ежу і адпачынак. Строгая да сябе, яна не магла быць паблажлівай да сваіх дзяцей. Нас было двое. Мы не выхоўваліся разам. Першым з нас быў старэйшы за мяне мой брат. Нядаўна пачула ад яго, што ў сваім выхаванні ён больш абавязаны нашай маці, чым нашаму бацьку, бо ніводзін яго крок не пазбег яе хвалы ці вымовы. Ён не скардзіўся на строгасць маці, бо строгасць была неабходнай для выхавання маладога і жвавага чалавека, брат з удзячнасцю ўспамінаў сваю добрую маці, якая паказала яму шлях да прыстойнага жыцця. Была яна па-сапраўднаму набожнай і дабрадзейнай, але часам яе шчырасць адштурхоўвала і непрыемная праўда, якая проста кідалася ёю ў вочы, адварочвала ад яе кузынак і старых сяброў.

Яна ніколі не выракалася ўласнага меркавання, але нічога не рабіла без парады мужа і пяшчотна кахала яго да самай смерці.

Яна мела выразны, рымскім твар з прыгожымі, вялікімі і блакітнымі вачамі, у іх адбіваўся кожны рух і пачуццё яе душы.

Маці сама займалася маім выхаваннем і толькі хвароба перашкаджала ёй у гэтым. Яна з дзяцінства прымушала мяне над усім задумвацца. Любую з'яву ці маё пытанне яна паглыблена разбірала і тлумачыла, чаму гэта так.

Заахвочаная маці, я на чатырнаццатым годзе жыцця пісала вершы і апавяданні, якія яна выпраўляла, і часам нехта з нашых сяброў перадаваў іх у друк.

Любіла мяне больш за ўсіх на зямлі, але ніколі не дазваляла не выканаць нават самы малы абавязак. Настаўленні яе часам былі занадта жорсткімі, але заўсёды зыходзілі са стараннага клопату пра маё дабро.

Усмешка задавальнення, пяшчотныя абдымкі былі мне ўзнагародай за стараннасць у вучобе ці за кожную разумную думку, выкладзеную на паперы. О! Якой жа мілай для мяне была гэтая ўзнагарода! Не памяняла б яе на лаўровы вянок з Капітолія.

І вось з такой маці, я, змучаная трывогай з-за яе слабога здароўя, расставалася на тры месяцы.


Дзень ад'езду яшчэ раз падарыў пяшчоту ўсёй сям'і. Мая маці, са слязамі на вачах, ад усёй душы, даручыла дагляд за мной шляхетнай панне П., якая ехала з намі:

- Беражыце яе, дарагая Ружа, яна няўважлівая, рассеяная і з-за няшчаснага выпадку лёгка можна патрапіць у бяду. Калі будзе халоднае паветра, накрыйце яе, асабліва беражыце грудзі і горла, бо бедная Камілка, мае схільнасць да запаленчых захворванняў.

- Ты, Юстыне (звярнулася да мужа), дай мне слова, што не будзеш шмат курыць тытуню. Чаму кашляеш і ўстаеш раненька? Бо табе гэта шкодзіць. Калі будзеце ў Вільні, закажы імшу ў Вострай браме і дай міласціну бедным.

Выкліканы ў пакой фурман атрымаў загад, і яму былі абяцаны ўзнагароды, калі ехаць будзе асцярожна і пільна і не будзе піць па дарозе гарэлкі. А я ў сваю чаргу яшчэ раз заклікала кузынку Барбару сачыць за здароўем маёй маці і расказала ёй пра розныя спосабы палегчыць яе нярвовыя пакуты. Разам з маім бацькам я прасіла Барбару ў выпадку пагаршэнне хваробы, неадкладна выклікаць лекара.


Каб упакаваць рэчы, карэты пад'ехалі пад самы ганак. Праз паўгадзіны свіст бізуна абвясціў, што абодва кані ўжо запрэжаны. Я кінулася на рукі да маці, мы абедзве сумна плакалі, але нарэшце я павінна была ўступіць месца тату. Ледзь не страціўшы прытомнасць, я выбегла з хаты і села ў карэту.

Толькі калі мы праехалі некалькі вёрст, я заўважыла, што мой бацька вельмі расчулены. Таму праз сілу супакоілася і пачала з ім размову, а каб ён забыўся пра цяжкія думкі, я патроху перавяла гаворку на яго любімыя ўспаміны пра былая часы, пра яго маладыя гады, пра гісторыю нашай сям'і.

Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для служкаў і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы [5], а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе.

Сын дыгнітарыя, мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык абыякава прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.

Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека але меў адну загану - часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі [6].

Гутарка наша неўзабаве стала ажыўленай. Бацька з-за свайго добрага сэрца і, каб пацешыць мяне, падрабязна распавёў пра самыя важныя падзеі свайго жыцця і пра розныя перыпетыі, праз якія прайшла наша сям'я. Ён казаў гэта і раней, і таму я чула гэткі аповед у мінулым не раз: бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойме ў Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і хутка растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу, пасля заканчэння школы, быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, а праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.

Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца.

З гэтымі прыемнымі і непрыемнымі ўспамінамі мы праехалі дзевяць міль. Сонца ўжо зайшло, і шэрыя прыцемкі абрамлялі гарызонт, калі картавыя галасы яўрэяў, якія праязджалі каля нас, далі нам зразумець, што мы знаходзімся каля брамы Вільні.

Мы правялі ў горадзе толькі адзін дзень, паслухалі святую Імшу перад цудатворным абразам Божай Маці Збавіцеля і набылі некалькі рэчаў, неабходных для маіх строяў.

Першае, што мяне зацікавіла пасля ад'езду з Вільні, была вёска Рукойні [7], якая належала рыма-каталіцкай Капітуле. Усе хаты мелі каменныя падмуркі, вялікія вокны і коміны над дахам. О, як дабраславіла я высакародных капланаў, якія сваёй праўдзівай бацькоўскай апекай вызвалілі ад сырасці і дыму хоць гэтую малую частку літоўскага народа.

Вечарам мы ўбачылі брудныя Ашмяны, дзе моцная залева спыніла нас на начлег. Мы занялі два пакоі ў яўрэя, які гандляваў трункамі. З суседняй хаты даносіліся крыкі і смех. Там спыніліся лакеі чыноўнікаў, бо ніхто іншы не пайшоў бы куляць шклянку за яўрэйскім сталом.

Добра, што з намі ехаў свой кухар, бо ў гэтым гаротным месцы меўся толькі адзін тракцір, у якім ніколі не гатавалі вячэру. Ела я, па-праўдзе, мала: мучылі мяне смутныя ўспаміны пра родны дом, і спала мала, бо сон быў, як у гарачцы.

У Смаргоні наш экіпаж акружылі маладыя дзяўчаты з вязанкамі дробных абаранкаў у руках [8]. Кожная хваліла свае, штурхала і лаяла чужыя.

- Ці не ходзяць гэтыя дзяўчаты жаць? - спытаў бацька ў яўрэя.

- Не жнуць, не прадуць, - адказаў ён, - цэлы дзень сядзяць на сонцы, чакаюць падарожных.

- Ну, вось, ужо маем папрашаек у нашай краіне, - сказаў мне бацька. Як бы здзівіўся працавіты прусак ці разумны саксонец, убачыўшы столькі адданых гультайству здаровых і дужых жанчын.

- А папрашайкі-немкі, яны што, іншыя?

- Таму яны і іншыя аферысты і едуць у гасцінную Літву, бо на сваёй бацькаўшчыне іхняй доляй былі б беднасць і пагарда.


Пасля Лебедзева, якое знакамітае сваімі цудамі, з'явіўшыміся ў вадзе, мы прыехалі ў Мінск.

Жадаючы свяціць, хоць і чужым святлом, паўтару тут пачутае з вуснаў шаноўнага гісторыка Літвы Тэадора Нарбута.

«Пра час заснавання Мінска ў летапісах амаль не згадваецца. Адкуль вынікае, што заснаваны ён ў дагістарычныя часы. Найбольш старажытны ўспамін пра горад адносіцца да 1067 года пасля Хрыста. […]».

Пасля дэманстрацыі запазычанай эрудыцыі, самы час вярнуцца да апісання нашай вандроўкі. Пагодны вечар падштурхоўваў нас да прагулкі. Ідучы на шпацыр у сад, мы наведалі невялікі бульвар з таполямі і некалькі купецкіх крам. У кожнай з крам галоўнай рэкламай былі словы: «Пан Ракіцкі гэта купіў - пан Ракіцкі гэта пахваліў».

- А хто такі гэты пан? - спыталася я ў яўрэя.

- Вы, мусіць, паненка з далёкай краіны, калі не чулі пра яго. Ён - граф! Ён - багаты пан! Колькі разоў ён ні прыедзе ў Мінск, дык заўсёды ўсім купцам дасць прыбытак! [9]

Сад досыць добры, жывы з-за рэчкі Свіслач, якая працякае праз яго, і напоўнены шматлікай публікай. У малых мястэчках усе ведаюць адзін аднаго. Таму прыезд чужынцаў выклікаў ўсеагульную цікаўнасць. Наш лакей, які стаяў каля брамы саду, стаміўся ад пытанняў пра нас, таму яму ў галаву прыйшла дзіўная ідэя надаць нам нейкае мудрагелістае прозвішча і схлусіць, што мы едзем з Варшавы ў Смаленск. Гэтая ілжывая навіны дайшла да вушэй дзяржаўных чыноўнікаў, і ў нас запатрабавалі пашпарт.

Мінск - старажытны горад: ён перажыў некалькі страшных пажараў, якія пакінулі свае знакі. Мне спадабаўся рынак з крытай галерэяй для гандлю садавінай і гароднінай, я бачыла яго, калі праязджалі побач. Касцёлаў не наведалі, бо на другі дзень, на раніцы, мы ўжо выехалі з горада.

Ад Мінска пачынаецца вялікая пушча, якая належыць князям Радзівілам. Чула, што цягнецца яна на трыццаць вёрст і злучаецца з лясамі іншых гаспадароў. Мне падабаюцца векавыя дрэвы: від іх вяртае думкі ў далёкую мінуўшчыну. Каб агледзець тоўстыя і высокія сосны, мы некалькі разоў выходзілі з карэты. Нехта сказаў мне, што ў нізінах растуць вялізныя дубы, якія памятаюць яшчэ паганскія стагоддзі - час, калі яны самі былі часткай рэлігійнага культу. Мянялася вера, не раз мянялася ўлада, змяніліся пакаленні людзей, а іх жыццё працягваецца і дагэтуль.


На Бярэзіне, пад Барысавам, агледзелі прыгожы мост на каменных аркадах, які цягнецца амаль што на вярсту. «Ах! Колькі трэба было назбіраць камянёў», - падумала я пра сябе, перш чым гэтая вялікая праца была выканана!

- Тут некалькі дзесяткаў гадоў таму, - сказаў мне бацька, - была сутычка паміж рускімі і французамі. Тады воды Беразіны прынялі шмат людзей і шмат нарабаванага золата.

Фантазія адразу падказала мне жудасную сцэну. Я ўявіла, як сярод грукату зброі чую стогны паміраючых, бачу, як салдаты, пакрытыя ранамі, зрываюцца з моста і цяжкія фурманкі падаюць на іх, на іх таксама падае жоўты метал, які яшчэ зусім нядаўна быў для іх аб'ектам самай гарачай пажадлівасці.

Чалавечыя целы зжэрлі рыбы. Золата апусцілася на дно ў брудны іл, а рака, чыстая, як крышталь, цячэ і цячэ.


Барысаў - старажытны горад: паводле Стрыйкоўскага і Каяловіча, яго заснаваў у другой палове ХІІ стагоддзя полацкі князь Барыс Гінвілавіч. Пра гэта я даведалася з працы шаноўнага Яўстаха графа Тышкевіча, апублікаванай у 1847 годзе пад загалоўкам «Апісанне Барысаўскага павета». Пра Барысаў шляхетны граф напісаў: «Гэты горад на памежжы дзвюх краін, якое ніколі не мела асобнага існавання або асобнага жыцця. Яно служыла па чарзе толькі для абароны аднай супраць другой». […]

Недалёка ад Барысава бачныя валы: ад аднаго добрага гараджаніна я даведалася, што іх насыпалі французы, гэта быў нейкі праект пабудовы занядбанай сёння цвердзі.

Кучы прамысловага дрэва і велізарныя склады солі на берагах ракі сведчаць аб тым, што па ёй плаваюць шматлікія віціны [10] і плыты.

Граф Яўстах Тышкевіч таксама падае нам звесткі пра гандаль па Бярэзіне. […]


Дзесьці праз паўтара дня дарогі ад Барысава, не памятаю, у Мінскай ці ўжо ў Магілёўскай губерні, тата загадаў мне лепш апрануцца, бо мы будзем начаваць у нашай кузынкі пані К.

Адразу пасля поўдня я ўбачыла двор, абсаджаны прыгожымі таполямі. Мы спыніліся перад мураваным палацам. Шматлікія слугі сустрэлі нас на ганку. Камердынер правёў у багата ўпрыгожаны салон, дзе праз венецыянскія вокны ліліся плыні святла. Яны адбіваліся ў шматлікіх люстэрках, карцінах, статуях, фарфоравых вазах з натуральнымі і штучнымі кветкамі, але ў салоне нікога не было. Праз некалькі хвілін гаспадыня, жанчына больш чым паўвекавога ўзросту, выйшла з бакавога кабінета. Апранутая гаспадыня была ў выцвілы шаўковы шлафрок і паношаную турэцкую шаль.

- Ах, пан Юстын! - ускрыкнула яна і з пяшчотай абняла бацьку.

- Ты не змяніўся, кузын! Хоць гадоў з 20 я цябе не бачыла. А гэта, мусіць, твая Камілка, пра якую ты мне пісаў. Як жыве твая шаноўная жонка і сын Рамуальд?

Пасля таго, як мы селі на канапу, бацька адказаў на гэтыя ветлівыя пытанні. Тады дарагая кузына ўважліва прыгледзелася да мяне, і, блытаючы французскія словы з польскімі, знайшла маё падабенства з рознымі асобамі з нашага роду, яна пахваліла мае вочы, лоб і тон маёй гаворкі, што дало мне першае ўяўленне пра тактоўнасць салонных ветэранаў гэтага краю. Размова нарэшце набыла больш сур'ёзны адценне. Расказ бацькі пра змены, якія адбыліся за апошні дзясятак-другі год у Вільні захапіў увагу гаспадыні. А мне захацелася крыху прайсціся па салоне. Раптам, адчыніліся бакавыя дзверы з саду, і перада мной з'явіўся чалавек-нябожчык. Вочы яго былі шэрыя і патухлыя, твар блакітна-жоўты, шыя тонкая і доўгая, магільнай мёртвасцю веяла ад усёй яго фігуры.

- Гэта мой сын, Эдвард, - сказала пані К. - Ты не ведаеш, мой дарагі Эдвард, кузына Н. i яго дачку Камілу. Мярцвяк пакланіўся.

- Мой сын увесь час пакутуе, - працягвала яна, - бядак наведаў Карлсбад, Бадэн і нідзе, нідзе не знайшоў сабе здароўя.

- Можа, мясцовыя воды будуць больш эфектыўнымі? - сарамліва сказала я.

- Ні адзін доктар мне іх ніколі не рэкамендаваў, - хрыплым голасам адказаў пан Эдвард. - Мінеральныя крыніцы на поўначы занадта слабыя.

- Гісторыя павінна была прыстасаваць іх да нашых патрэб, - перабіў яго бацька, - і для дзяцей поўначы, самымі здаровымі павінны быць воды роднай зямлі [11].

Дзверы з бакавога кабінета зноў адчыніліся, і хуткімі крокамі ўвайшла прыстойная бландзінка, якую пані К. прадставіла нам як блізкую сваячку памерлага мужа. У панны Эміліі быў звычайны твар, але яе круглыя, белыя і румяныя шчокі дыхалі здароўем, а маленькія, блакітныя вочы глядзелі хутка і смела. Жвавыя, вясёлыя, яна шмат гаварыла, гучна смяялася і было бачна, што гадавалася яна свабодным чалавекам.

Падалі абед. У сталовай мы ўбачылі некалькі мужчын: гэта былі службоўцы маёнтка, якія занялі шэры канец стала. Сямейны доктар, родны брат Эміліі, сеў побач з панам Эдвардам. Мой бацька ведаў яго ў Вільні, калі ён скончыў курс медыцынскіх навук, і любіў з-за шляхетнага сэрца і адукаванага розуму.

Размаўлялі пра сёлетні ўраджай, пра законы, пра еўрапейскую палітыку - пра вялікія і малыя рэчы - дакладней, размаўляў мой бацька з лекарам, бо Эдвард размаўляў мала.

- Ці не думаеш, Уладзіслаў, - спытала пані К. у доктара, - што наш Эдвард сёння выглядае горш, чым заўсёды?

- Трэба яму пракаціцца і падыхаць духмяным паветрам лугоў і лясоў.

- Немагчыма з'ехаць з дому, калі ў цябе такія мілыя і жаданыя госці, - сказала пані К.

- Хворыя маюць свае прывілеі, - сказаў мой тата, - калі ласка, не рабіце нічога такога дзеля нас.

- Ці жадае пан Эдвард паехаць да суседа Асмалоўскага? - прапанаваў доктар, - гэта наш шляхетны сусед

- Часцей ён бывае у мяне, чым я ў яго.

- Можа, у Асмалоўскага ёсць нейкая карацейшая дарога, якую не ведаюць вашы фурманы?

Эдвард, не звяртаючы ўвагі на жарт, апусціў галаву, заплюшчыў вочы і здавалася, што ўвайшоў у той апатычны стан без пачуццяў і думак, якому часам падуладныя аслабленыя людзі.

Праз хвіліну ён выпрастаўся і ўтаропіўся на мяне. Мне зрабілася прыкра, і я захацела, каб абед як найхутчэй скончыўся. Калі ўжо ўсе ўставалі з-за стала, я пачула, як ён шапнуў доктару: «У Камілкі прыгожыя вочы».

Калі ўсе вярнуліся ў гасціную, Эдвард сеў побач са мной. Некалькі кілішкаў мадэры і шампанскага, якія ён выпіў падчас абеду, значна яго падбадзёрылі, і пачалася размова. Са здзіўленнем слухала я меркаванні кузына, якія цалкам супярэчылі прынцыпам, закладзеным у мяне з дзяцінства. Ён сказаў, што ніколі не чытае нашых кніг, бо добры густ ёсць толькі ў французскай літаратуры. Калі я сказала яму пра багацці нашай сучаснай літаратуры, ён спачатку ўсміхнуўся, а потым пачаў пазяхаць. Са страху, што з ім здарацца спазмы, я перапыніла літаратурную размову пытаннем, дзе ён збіраецца жыць зімой?

- Як толькі здароўе паправіцца, з'язджаю на некалькі гадоў у Францыю. Не падабаюцца мне аднастайныя забавы ў гарадах паўночных краін.

Найбольш характэрнымі былі гэтыя словы Эдварда: «Il faut jouir du present» [12] - бо будучыня - рэч цёмная і няпэўная. Чалавек павінен атрымліваць асалоду ад усіх, ад усяго прыемнага і не турбавацца пра што-небудзь ці каго-небудзь.

- Мяне заўсёды ўражвала, што кожны хрысціянін абавязаны цікавіцца дабром сваіх блізкіх, і дабром наогул, і толькі так ён можна зрабіць сучаснасць больш прыемнай, а будучыню больш светлай.

- Гэта катэхізіс, якога я не разумею, - адказаў ён і падышоў да стала, каб узяць сігару. Скарыстаўшы прапанову пані Эміліі, я паспяшалася ў сад.

Сад быў прасторны і агароджаны мурам. Стрыжаныя шпалеры ліп, піраміды з елак, як у старажытныя часы, рамантычны гай з крывымі сцежкамі, з шумлівым ручаём, які цёк на луг - ўсё гэта паказвала добры густ гаспадароў.

Панна Эмілія на працягу гадзіны пазнаёмілася са мной, і выказала мне поўны давер, бо назвала імёны трох кавалераў, якія змагаліся за яе руку, дадаўшы пры гэтым, што ні адзін з іх не змог атрымаць яе сэрца.

- А ты, Камілка, ці шмат у цябе кавалераў? - спытала яна.

- Пакуль ніводнага.

- Не веру! Я нават ведаю пра аднаго чалавека ў Вільні, які перапісваецца з маім братам і часам згадвае пра цябе з вялікай пахвалой.

- Хваліць можна і з павагі, і з сяброўства, і з ветлівасці.

У глыбіні шпалераў паказаўся пан Уладзіслаў, калі мы падышлі бліжэй да яго, Эмілія сказала:

- Паслухай, Уладзіслаў, Камілка такая скрытная, кажа мне, што ніхто аб ёй не стараецца і не стараўся!

- Такая скрытнасць вельмі пахвальная, - адказаў Уладзіслаў, - панна з добрым сэрцам не абвяшчае спісы сваіх прыхільнікаў: не ганарыцца тым, што адрынула чыю-небудзь дабрыню, бо калі і немагчыма раздзяліць пяшчотныя пачуцці, належыць быць удзячным чалавеку, які палюбіў цябе і хацеў быць тваім спадарожнікам праз усё жыццё.

Моцны румянец пакрыў твар Эміліі, яна мусіла прызнаць памылку, але ўсю раніцу яна была вельмі гаваркой і вясёлай.

Калі я вярнулася ў свой пакой, які месціўся паміж бацькавым і пакоем пані К., я пазбягала размовы з эпікурэйцам Эдвардам, і потым, на працягу нашай трохдзённай гасціны, паводзіла сябе з ім асцярожна. Эдвард і сапраўды быў такім, якім падаўся мне ў самы першы момант, калі я ўбачыла яго. Гэта быў нябожчык, але з ліку тых нябожчыкаў, у якіх кроў яшчэ цячэ па венах і пульс яшчэ б'ецца - адным словам, у целе яшчэ ёсць іскра жыцця побач з цалкам мёртвым духам.

- Што разбурыла здароўе Эдварда? - спытаў мой тата у доктара - што за загана? Ці справа ў спадчыннасці? Можа разумовая праца?

- Ні тое, ні другое: ён нарадзіўся здаровым; яго навучанне было абмежавана толькі французскай і нямецкай мовамі. Хвароба Эдварда - вынік ласкі, празмернасцяў і залежнасцяў. Маці любіла яго, яна прадчувала ўсе яго жаданні, яна дагаджала ўсім яго капрызам, ён быў сыты з калыскі, ён меў усё. Але пасля выхаду з-пад апекі, ён адхіліў сваю маці ад маёмасці і не пакінуў ёй ніякага даходу, бо лічыў, што старыя людзі не маюць патрэбы ў грашах. Чытанне скандальных кніг канчаткова сапсавала маладога чалавека і так выхаванага без якіх-небудзь рэлігійных або маральных прынцыпаў. Канец яго будзе заўчасны і сумны. Калі не сухоты, дык вадзянка, напэўна яго не абміне [13].

Я з пачуццём жалю глядзела на бедную пані К., якая не сумела стаць добрай маці, а стала прычынай згубы свайго адзінага, любімага дзіцяці.

Напярэдадні нашага ад'езду, падчас вячэры мой бацька спытаў:

- Як далёка ад пана Эдварда жыве падкаморы [14] М.

- Прыкладна тры мілі адсюль, недалёка ад паштовага тракту, - адказала адразу некалькі галасоў.

- Мне трэба яго наведаць. Калі я некалькі гадоў жыў у Беларусі, ён быў маім самым любімым таварышам, мінулай зімой я сустрэў пана М. у Вільні і даў слова, што наведаю яго.

- А я паеду да яго заўтра ці паслязаўтра, - сказаў Эдвард, - каб толькі пазнаёміцца з дачкой падкаморага, славутай прыгажуняй Адэляй, якая сёлета вярнулася з Пецярбурга.

Доўга гаварылі пра падкаморага: пані К. хваліла яго як добрага бацьку - ён даўно стаў удаўцом, але не навязаў дзецям мачаху. У рэшце-рэшт, пані К. назвала яго сумленным і заможным шляхціцам.

- Ён вельмі ганарыцца, - сказаў доктар, - што паходзіць са старажытнага шляхецкага роду і мае значны маёнтак. Сваю ветлівасць да тых, хто часам бывае ў яго доме, ён прыстасоўвае да даўжыні іх генеалагічнай лініі альбо да штогадовага даходу.

- Улічваючы ўсё гэта, пан М. заўсёды лічыўся добрым чалавекам, сказаў мой бацька.

- Кажуць, што ён быў даволі добрасумленным чыноўнікам, - адказаў Уладзіслаў, - я не чуў, каб крыўдзіў бліжняга ці пацягнуўся да чужой маёмасці. Але разам з тым ён - халодны сябелюбец і з-за сваёй залішняй звычкі да дароў фартуны, ніколі не падае міласціну жабракам, кажучы, што менавіта ў гэтым і ёсць абавязак клапатлівага бацькі пра лёс сваіх дзяцей. Не, я не ведаю, ці заслугоўвае імя праведніка той, хто любіць толькі сябе і сваіх дзяцей.

- Наш Уладзіслаў, - сказала з усмешкай пані К., - змог дасканала вывучыць характар падкаморага, бо тры гады наведваў яго па некалькі разоў на тыдзень.

- Ён, відаць, закахаўся ў яго дачку.

- Гэтая зорка толькі нядаўна заззяла на нашым небасхіле. Панна Адэля гадавалася ў Пецярбургу ў блізкай сваячкі сваёй маці, багатай удавы нейкага генерала, пасля якой яна, як прыёмная дачка, павінна была атрымаць у спадчыну ўсю маёмасць. Але мінулай зімой удаве генерала спадабаўся капітан гвардыі, і яна выйшла за яго замуж. Пазбаўленая надзеі, пляменніца вярнулася на радзіму.

- Тады, можа, ты быў закаханы ў пані Сакольскую, сястру падкаморага, па якой і я ў маладосці трошкі ўздыхаў?

Усе засмяяліся.

- Вы не надта памыліліся, - адказала пані К., - бо характар Сакалоўскай адрадзіўся ў яе дачцэ Караліне ... і яна (як я думаю) усё яшчэ ёсць гаспадыняй думак шаноўнага Уладзіслава.

- Які дзіўны густ, - сказаў Эдвард, - яна самая пачварная жанчына ва ўсёй нашай парафіі, я бачыў яе нядаўна ў касцёле.

- Караліна - цалкам прыстойная дзяўчына, - запярэчыла пані К.

- Заўсёды было вядома, што аб густах не спрачаюцца, - дадаў Уладзіслаў, - і, нарэшце, маё ўяўленне пра прыгажосць зусім іншае - я не шукаю яе ў формах цела. Я шукаю тое, што фармуе цела.

- І дзе вы гэта думаеце знайсці? - спытаў Эдвард.

- Для мяне прыгажосць духу - сапраўдная і адзіная каштоўнасць, якая надае чароўнасць і самым непрыгожым рысам твару.

Эдвард, які ў гэты момант апаражніў свой кубак з віном, захлынуўся ад смеху і адразу пасінеў ад кашлю. Пасля вячэры Уладзіслаў пайшоў, а Эмілія сказала мне, што ў свой час ён быў абражаны стаўленнем да яго падкаморага і хацеў забыцца на Караліну. З такім намерам выехаў разам з Эдвардам за мяжу. Але ні трохгадовая адсутнасць, ні ладныя немкі, ні вытанчанае какецтва дасціпных францужанак не здолелі знішчыць пачуццяў, якія абудзіла ў яго сэрцы сціплая літоўская панна.

- Гэта словы з ліста майго брата, - сказала Эмілія, - напісанага мне некалькі месяцаў таму. Як жа ён узрадаваўся, - дадала яна, - калі даведаўся, што Караліна не выйшла замуж і ён падабаецца ёй, як і раней. Цяпер брату стала лягчэй, пра што яшчэ не ведае пані К., і праз шэсць тыдняў я буду мець братавую, з якой мы будзем разам жыць у горадзе, дзе Уладзіслаў атрымае дзяржаўную службу.

Пасля развітання, перад якім быў багаты сняданак, мы пакінулі дом пані К. Некалькі дзён адпачынку надалі коням хуткасці, і наша падарожжа не доўжылася і трох гадзін. Падкаморы ласкава сустрэў старога сябра. Гэты быў шасцідзесяцігадовы чалавек моцнага целаскладу, румяны, свежы, са смелым і гордым тварам - дасканалы тып ранейшага шляхціца. У яго салоне знаходзіліся дзве жанчыны: здаўна знаёмая майму бацьку пані Сакольская і яе дачка. З аблічча першай жанчыны час ужо сцёр жаночыя чары, якія ззялі калісьці, і пакінуў толькі адбітак шляхетнасці і дабрыні, якіх нішто не зможа знішчыць. Караліна мела бледны колер твару, злёгку нахілены падбародак і шырокі нос. Я знайшла яе непрыгожай, але, калі заўважыла яе позірк, у якім адлюстроўвалася пяшчотная і ўдумлівая душа, калі мае вушы пачулі прыемны гук яе голасу, я зразумела выбар пана Уладзіслава.

Літаральна за паўгадзіны да нас сюды прыехала дачка гаспадара: элегантная і акуратная панна Адэля. Яна была ўвасобленым ідэалам незямной прыгажосці: так малююць грацый, так жыхары ўсходу ўяўляюць сабе гурый. Перад яе дасканалымі рысамі тавару бляклі лілеі і ружы. Чорныя вочы зіхацелі, як дзве зоркі, а такую стройную, высокую і лёгкую фігуру паэты прыпісвалі міфічным німфам. Я глядзела на красуню, як на прыгожую кветку, як на нейкую казачную багіню. Але ўсю маю ўвагу заняла размова бацькі з падкаморым і яго сястрой.

Мой бацька нагадаў пані Сакольскай, што ён калісьці яе кахаў, і з жартам заўважыў, што не атрымаў ад яе ўзаемнасці. Сакольская адмаўляла гэта, сцвярджаючы, што каханне такога прыемнага кавалера абавязкова абудзіла б яе, але прыгожы пан Юстын быў тады занадта ветранай асобай.

- Гэта праўда, - пацвердзіў падкаморы, - памятаеш, як ты спрабаваў адначасова спадабацца маёй сястры і старасціне [15] В., і для той, і для другой складаў вершы, якія я табе зараз прачытаю.

Я папрасіла прадыктаваць мне вершы майго бацькі, але ў яго памяці засталіся толькі дзве страфы. Гэта былі вершы ў класічным стылі мінулай эпохі: каханак скардзіўся на купідона, які нанёс яму балючую рану і клікаў на дапамогу музу, каб ухваліць сваіх мучыцеляў.

- Васпан Антоне, чаму мяне папракнеш у легкадумнасці, - сказаў тата, хіба ты забыўся пра свае заляцанні на Хаславіцкім [16] кірмашы да паненак з двух народаў? Тады ты яшчэ не меў гэтых белых вусоў і такой тлустасці, пан Антоні тады яшчэ быў стройны і спрытны, ён не толькі на словах, але і ананасамі, апельсінамі і цукеркамі аддаваў даніну мясцовым і расійскім прыгажуням. Гэта адбывалася ў 1806 годзе.

- Мусіш расказаць гэтую гісторыю, пан Юстын, бо, здаецца, я заўсёды быў занадта цяжкі для гэткіх прыгод.

- І таму хацеў адбіць у мяне маю будучую жонку, калі я да яе заляцаўся?

- Панна С. была ў маім гусце і я пашкадаваў, што сустрэў яе занадта позна.

- Як быццам гэта было сёння, памятаю, - сказаў мой бацька, звяртаючыся да Адэлі і Караліны, - у Халобліне [17] я гуляў у віст і пачуў з іншага пакоя спевы пана Антонія пад гукі іспанскай гітары:


Скажы мне, Разіна, пра што думаеш у гэты час?

…..


Мы якраз тады былі ў пана старасты Свянткоўскага і я адчуў нейкі неспакой. Папрасіў пана Міхала Галынскага сесці на маё месца, а сам стаў каля дзвярэй. Пан Антоні спяваў гэтую пяшчотную песню каля ног маёй абранніцы і вельмі разгубіўся, калі ўбачыў мяне, закашляўся, перастаў спяваць і адсунуўся ад яе.

- Усяроўна, дружа, ты мне тады ўсё дараваў.

- Я дараваў табе, бо твае заляцанні не мелі выніку. Інакш не абышлося б без дуэлі і нехта з нас пайшоў бы ва ўлонне Абрагамава. Падкаморы і яго рываль засмяяліся і абнялі адзін аднаго.

Калі прабіла 12-я гадзіна, падалі гарэлку і розныя салёныя і салодкія прысмакі на двух падносах. Моцны галаўны боль не дазволіў мне скарыстацца гэтымі багаццямі, і я папрасіла гарбаты. Добрая Караліна паклапацілася пра гарбату, і мы разам пайшлі на балкон, з якога быў бачны фруктовы сад, упрыгожаны рознымі клумбамі ў форме зорак, паўмесяцаў, трохкутнікаў і квадратаў, засаджаных чаромхай і засеяных летнімі кветкамі. У канцы алеі стаяла альтанка з зялёным дахам і двума вялікімі вокнамі.

Прайшоўшы некалькі пакояў, я заўважыла, што ўся мэбля ў доме новая і модная, і зрабіла выснову, што гэта з-за прыезду з Пецярбурга дачкі дзедзіча.

Вытанчана размаўляючы па-французску, хутка ўвайшла Адэля, яна хвалілася весела праведзеным часам і этыкетам у сталіцы:

- Quelle charmante! [18] - паўтарыла яна некалькі разоў. Пра іншыя рэчы і нават пра двух братоў, якія знаходзіліся там на ваеннай службе, расказвала з ахвотай. З-за добрага святла на балконе, я ўбачыла на яе прыгожым твары нейкую тугу, можа быць, з-за былой весялосці ў сталіцы.

Прынеслі гарбату, прыйшла і Караліна. О, колькі было жыцця! Колькі пачуццяў у яе размове! Якая мілая прастата была ў яе словах і рухах, і згаслі ў маіх вачах чары Адэлі. У соты раз я зразумела перавагу моцнага духу, які вышэй за прыгажосць і стройнае цела.

Што да падкаморага, дык меркаванне доктара Уладзіслава ў першыя хвіліны здалося мне занадта рэзкім, але хутка я пераканалася ў яго праваце.

Мы ўжо збіраліся абедаць, калі лакей абвясціў аб прыездзе пані капітанавай [19] Люблінскай.

- Чаго яна ад мяне хоча?

- Кажа, што мае да вас справу.

- У мяне да яе справы няма, няхай пачакае ў гардэробе.

- Можа, брат дазволіць, - адазвалася пані Сакольская, каб гэтая бедная жанчына з намі паабедала?

- А пасля абеду яна папросіць у мяне бочку жыта, бо гэтак заўсёды бывае, - дадаў падкаморы з іранічнай усмешкай.

- Якая гэта Люблінская? - спытаў бацька.

- Удава Гаўдэнцыя, - адказала Сакольская, - за мілю адсюль ён меў прыгожы фальварак. Але марнатраўца і карцёжнік, ён страціў усё і пакінуў жонку і дзяцей у галечы.

- За Гаўдэнцыем Люблінскім, як я памятаю, была кузынка маёй жонкі. Хай Камілка пойдзе і з ёй павітаецца.

- Яна і наша сваячка праз мужа, - сказала ціха Сакольская.

- Запрасіце сюды пані Люблінскаю, - сказаў падкаморы лакею, - і так зморшчыўся, што здаецца пастарэў на гадоў дзесяць.

Увайшла бедна апранутая жанчына, да яе падышоў мой бацька і прадставіў мяне як дачку яе сваячкі. Зняважаная доўгай пакутай, пажылая жанчына нахілілася, каб пацалаваць руку сваёй маладой кузынкі, я ледзь яе стрымала і сама са слязьмі абняла, потым пасадзіла яе побач з пані Сакольскай на сваё месца за сталом і села каля яе.

Падкаморы яшчэ трымаў сур'ёзны выгляд і гаварыў з маім бацькам пра літоўскую гаспадарку.

Пасля абеду пані Сакольская і Караліна падаравалі Люблінскай сукенкі, Адэля прапанавала нейкі пяшчотна-ружовы пецярбургскі капялюш, а я дала ўдаве грошы. Абышлося без бочкі жыта, якое, напэўна, падкаморы не даў бы, тлумачачы, што ў яго трое дзяцей і вялікія расходы.

Пад вечар прыехалі двое мужчын: адзін, малады сусед - добры, сціплы і адукаваны, другі асэсар цывільнай палаты з губернскага горада - прыгожы, але фанабэрысты бахвал. Я чула, як падкаморы казаў майму бацьку:

- Ён прыстойны хлопец з добрай сям'і. Ён будзе мець 400 душ, гэты юнак паходзіць з дробнай шляхты, бацька яго тытулярны радца, мае невялікі фундуш, адзінага сына выхаваў па-панску, аддаў яго спачатку ў віленскія школы, а потым у Дэрпцкі ўніверсітэт, і цяпер ён разлічвае патрапіць у канцылярыю павятовага суда, каб атрымаць чын. Думаю, што абодва маюць планы на Адэльку, і ў абодвух нічога не атрымаецца. І я нават здзіўлены са смеласці сына тытулярнага радцы.

- І я дзіўлюся, - сказаў мой бацька, - што твая прыгожая дачка не зрабіла сабе добрай партыі ў сталіцы.

- У яе было шмат паклоннікаў, але яна вагалася ў сваім выбары, бо мела з каго выбіраць. Але яе шасцідзесяцігадовая цётка выйшла замуж за маладога афіцэра і вярнула яе мне. Я ўпэўнены, аднак, што, можа, нават і не адзін гвардзейскі генерал ці сенатар, прыедзе за ёй следам.

- Але, ці сталічныя халасцякі ўмеюць быць паслядоўнымі ў сваіх густах? - спытаў мой бацька.

- Дзе ж яны знойдуць такую іншую німфу?

- Па міфалогіі, мой пане Антоне, ва ўсіх рэках маюцца свае німфы, таму і ў Няве яны павінны быць.

- Паглядзім, як Бог гэтым распарадзіцца, - адказаў яму падкаморы, ужо не рады з гэтай размовы.

Прысутнасць двух маладых кавалераў падняла ў Адэлі настрой, я заўважыла ў ёй какецтва і незвычайнае мастацтва па захаванні надзеі ў абодвух паклоннікаў. Яна належала да тых жанчын, якія імкнуцца заваяваць сэрцы мужчын не маючы да іх ніякай сімпатыі і нават без ніякай мэты - толькі, каб не было сумна.

Сусед ад'ехаў пасля вячэры, а асэсар цывільнай палаты на раніцы другога дня.

Каля сямі гадзін вечара пачуўся трэск бізуна, і пад ганак уляцела шасціконная карэта з прыгожай англійскай вупражжу.

- Нейкі незнаёмы экіпаж, - сказаў падкаморы і пачаў расстаўляць крэслы. Адэля падбегла да люстэрка, Караліна - да акна.

- Гэта сенатар з Пецярбурга, - пажартаваў мой бацька.

Пані Сакольская зняла акуляры і паспешліва склала рукадзелле. І я таксама ўжо нешта папраўляла ў сваім убранні, калі падвойныя дзверы адчыніліся і ўвайшоў Эдвард К. з доктарам Уладзіславам. Прыезд дзедзіча сямі вялікіх вёсак, які пасля вяртання з-за мяжы яшчэ не гасцяваў у суседзяў, не надта ўзрадаваў падкаморага. Ён распачаў доўгі камплімент, якога «замежны» фанфарон не даслухаў да канца і паціснуў руку майму бацьку, пасля чаго прывітаў дам лёгкім паклонам.

Нічога так не захоплівае звычайнага, матэрыяльнага мужчыны, як прыгожая постаць жанчыны. Здзіўлены Эдвард стаяў аслупянеўшы ад чар дачкі гаспадара і толькі пасля двухразовай прапановы, сеў насупраць ладнай дзяўчыны. Уладзіслаў жа не звярнуў увагі на каралеву салона і сеў у крэсла каля сваёй нарачонай.

Размова пачалася з пытанняў, якія задавалі Эдварду пра яго вандроўкі ў замежжа, ён адказваў коратка і неахвотна.

Ляск карэты абвясціў аб прыбыцці новага госця. Са старамоднага экіпажа выйшлі дзве жанчыны - гэта былі суседкі, пані суддзёва [20] з дачкой. Эдвард, скарыстаўся рухам падчас прывітання і падсунуўся бліжэй да Адэлі. Яны размаўлялі адно з адным па-французску. Каб да канца ўразіць Эдварда, Адэля выкарыстала ўсю стратэгію какеткі. Я бачыла выраз задаволенасці на твары яе бацькі і ў той момант зразумела яго думкі і надзеі.

Суддзёва сядзела побач з пані Сакольскай і гагатала як гуска, увесь час папраўляючы на сябе шалік, каўнер ці чапец. Яе дачка была белая, свежая і жорсткая, як дрот.

Праз некаторы час суддзёва падміргнула дачцэ, і яны абедзве пайшлі ў сад з залы праз шкляныя дзверы. Пані Сакольская загадала Караліне ісці за імі, і я, жадаючы падыхаць свежым паветрам, таксама выйшла ў сад. Нам уручылі парасоны. Суддзёва з судзянкай [21] ужо стаялі ў альтанцы. Ідучы да альтанкі, мы праз акно заўважылі, як маці папраўляла локаны дачцэ, і яе словы патрапілі ў нашы вушы:

- Ты сёння выглядаеш як кухарка. Я казала табе апрануць новы валняны муслін, а ты хаваеш яго для фэсту Маці Божай Шкаплернай. А зараз тут сядзіць такі вялікі пан, які адзін важыць больш, чым увесь шляхецкі сход у ксяндза-пробашча. Не жадаючы турбаваць суддзёву, мы селі на лаву звонку і прыхінуліся да сцяны альтанкі.

- Калі ты дрэнна апранутая, дык не маеш ніякага шанцу, - працягвала яна. - Чаму не адказала падкамаранцы [22] па-французску?

- Бо баялася, - адказала дачка, - гэты пан граф, напэўна, вельмі разумны, ён так доўга сядзеў у Парыжы.

- Што ж, трэба было яму паказаць, што ў цябе светлая галава, можа б, ты яму спадабалася. Шмат хто з магнатаў ажаніўся са шляхцянкай, калі яна запала яму ў сэрца. Калі не граф, дык добрым для цябе быў бы і доктар - яны крэўныя паміж сабой.

- У мінулую нядзелю нехта казаў, што гэты доктар стараецца аб Караліне.

- Казкі! Караліна непрыгожая, ён не ажэніцца з ёй.

- Ах! Мама мая, не падабаецца мне гэтая паненка з Літвы, сядзіць яна з высока ўзнятай галавой - мабыць, з-за вялікага гонару.

- Яна, можа і не ганарлівая, але бясспрэчна дурнаватая, бо маўчыць і на ўсіх глядзіць, быццам людзей ніколі не бачыла [23].

Не могучы схаваць смех, мы ўцяклі да паркану, якім быў агароджаны сад. Неўзабаве нас паклікалі на гарбату, і пані суддзёва з суддзянкай вярнуліся ў салон.

Мы знайшлі Адэльку за піяніна. Развучвала яна нейкую п'есу Шапэна, і ў тым, як яна гэта рабіла, адчуваўся незвычайны музычны талент. Эдвард, стоячы за крэслам, перагортваў для яе старонкі, яго згаслыя вочы блішчэлі, і ўся постаць рухалася пад музыку - чары Адэлі яго ажывілі і вярнулі да жыцця.

Калі падалі гарбату, панна падкамаранка прысела да Уладзіслава. Магчыма, што зачараваўшы Эдварда, яна пажадала тое самае зрабіць і з доктарам і гэтак узмацніць уздзеянне на Эдварда. Але пачуўшы кароткія і халодныя адказы доктара, Адэля вярнулася да піяніна.

Тым часам бедны доктар Уладзіслаў мусіў вытрымаць атаку суддзёвай.

- Прагну звярнуцца па параду да пана кансультанта [24], - сказала яна, тузаючы завязкі ад чапца.

- З задавальненнем удзялю вам увагу.

- Гэта не я хворая, Анетка, хадзі сюды. І, каб надаць сабе большай павагі, пасля таго, як пакланілася ў розныя бакі, яна пайшла з дачкой у кабінет, куды разам з імі пайшоў і Уладзіслаў. Седзячы каля дзвярэй, я чула ўсю размову.

- У дачкі вельмі далікатнае здароўе, яна часта скардзіцца на галаўныя болі.

- Ваша дачка цалкам здаровая, і я толькі параіў бы ёй больш шпацыраваць і піць халодную ваду.

- Добра, што пан кансультант не абцяжарвае нас лекамі, іншыя дактары адразу выпісваюць парашкі.

- Толькі тады, калі яны патрэбныя.

- Анетка можа і хварэе таму, што надта стараецца вучыцца - напачатку тры гады з гувернанткай і нават цяпер увесь час над кнігамі сядзіць. Творы Поля Кока [25] па-французску дзень і ноч чытае.

- Шкода часу і шкода здароўя. Лепш не чытаць кніг, ад якіх баліць галава. Галаўны боль спыніцца, калі шмат рухацца і піць ваду.

- Дзякуй, пане, і ты, Анетка, падзякуй, - паненка зрабіла рэверанс.

- Калі ласка завітваць да нас, - дадала яна, - мы жывём у Кірклішках, у нашым уласным маёнтку, за вярсту адсюль. Муж трымае пецярбургскія газеты - ён вялікі палітык.

- Калі будзе час, - адказаў доктар і паспяшаўся ў салон.

Эдвард падышоў бліжэй да мяне ціха сказаў:

- Je suis, enchante, ma, cousine [26].

- Адэля і насамрэч прыгожая і цудоўная, і ёсць надзея, што хутка ў вашай маці з'явіцца нявестка!

- Cela est possible [27], - сказаў ён, потым узяў капялюш, і разам з Уладзіславам яны развіталіся з намі.

Пасля іх ад'езду падкаморы пахваліў пана К.:

- Багаты, разумны, са знатнай сям'і, Бог даў яму ўсё.

- Акрамя здароўя, - дадала Сакольская, - колер твару ў яго вельмі бледны, гэта азначае хваробы.

- Вялікія паны заўсёды маюць такі колер твару, нават калі яны здаровыя, - сказала суддзёва, - бо яны гадуюцца на варэнні.

- Напэўна, на смажаных лімонах, - сказаў мой бацька, бо твар у Эдварда вельмі жоўты.

- Лепш быць жоўтым, чым чырвоным: не люблю гэту местачковую чырвань твараў, - сказала мне Адэля.

- Хацела б мець местачковае здароўе, - адказала я.

Суддзёва ўстала, і я атрымала ад яе на развітанне пацалунак з просьбай любіць яе. Увесь вечар Адэля, як і належыць кузынцы, была вясёлай і надзвычай ветлівай са мной, але ахвотна размаўляла і з Эдвардам. Яна мела марную надзею на гэтага небараку: нямоглы стан Эдварда не дазваляў яму доўгі часу думаць пра што-небудзь ці аб кім-небудзь і рабіць нейкія рашучыя крокі.

Пасля вячэры ў другім пакоі мужчыны курылі тытунь і ўспаміналі былыя часы. А між намі завязалася размова пра чалавечы характар: Адэля выкрывала зайздроснікаў і паклёпнікаў, я нешта казала пра сквапнасць, Сакольская ганіла ганарыстасць і пыху.

- Вы забываеце, дамы, што какецтва, таксама з'яўляецца адной з самых вялікіх заган - сказала Караліна, - часам какетнічаюць і мужчыны, але, часцей, асобы нашага полу. Какетлівая жанчына імкнецца атрымаць самую вялікую ахвяру, якую чалавек можа зрабіць чалавеку - ахвяру сэрца, каб потым адкінуць яе і прычыніць боль істоце, якая хацела ахвяраваць сабой дзеля яе.

Напэўна, Адэлі не спадабаліся словы Караліны.

- Ужо першая гадзіна, пара спаць, сказала яна, і, пажадаўшы спакойнай ночы, пайшла.


У сем гадзін раніцы бацька разбудзіў мяне, і мы паехалі далей.

Два дні нас страшэнна паліла сонца. Нягледзячы на працяглы адпачынак, мы, як кажуць, дыхалі агнём, бо спёка трымалася заўсёды да ночы. Каля Быхава на нас насунулася чорная хмара, паветра астыла, і разам з громам мы ўляцелі ў першую ж карчму на нашым шляху.

Я села на ганку: змяілася бліскавіца, грымеў пярун, стагнаў і свістаў вецер - усе гэта рабіла на мяне надта моцнае ўражанне. Я часам забывалася пра адкрытыя навукай законы і дзіўныя прычыны гэтых прыродных з'яў, мне падабалася даваць волю сваім марам. У маіх марах я чула голас раз'юшанага супраць роду людскога Бога або вобраз канца свету, дзе не хапала толькі трубы анёла і ўваскрэсення мёртвых. У той вечар, не думаючы ні пра што, я прагна хапала адкрытым ротам прахалоднае паветра, пакуль моцны дождж не прымусіў мяне шукаць прытулку ў пакоі.

Раніца выдалася светлай і яснай, яшчэ не запрэглі коней, і я пайшла па вуліцах мястэчка. Быхаў - сталіца павета, мае вялікую, акружаную дрэвамі, плошчу, на ёй расце пустазелле. Мае мураваны палац і валы з руінамі, якія нагадваюць, што тут калісьці быў замак, які не раз супрацьстаяў нападам мяцежных казакоў.

Бацька казаў мне, што дарэмна Хмяльніцкі спрабаваў заваяваць замак, Быхаўская цвердзь з моцным гарнізонам падканцлера ВКЛ Казіміра Леана Сапегі, была цвёрдай, як скала, аб якую разбіваўся васьмігадовы патоп ракашан [28]. За што на Варшаўскім сойме 1655 г. Рэч Паспалітая вызваліла быхаўцаў ад падаткаў на 20 гадоў, а гарнізону, які за свой кошт трымаў Сапега, было выдадзена жалаванне з дзяржаўнага скарбу. Быхаўскае графства спакон вякоў належала яго дзедзічам - князям Сапегам. […]

Мой бацька, ведаючы айчынную гісторыю, працягваў свой аповед пра падканцлера Сапегу, які трымаў уласнае войска на ўласныя грошы. […]

Мы ўжо скончылі размову пра Казіміра Леана Сапегу, калі я ўбачыла ваду.

- Гэта Днепр! - закрычала я, - дазволь, тата, я спушчуся і павітаюся з роднай ракой маёй мамы.

- Спусціся, але не на доўга.

Прастаяла я над берагам з чвэрць гадзіны, і думка мая ўляцела далёка! Не маючы, каму адкрыцца, бо я была адна, спытала ў ракі, што некалі рабілі з ёй свавольныя запарожцы? Ці памятае яна іх баявыя крыкі? Няўжо і сапраўды, новаабранаму правадыру высыпалі на галаву кош смецця? Прыклала вуха: можа зашуміць вада? Не! Ціха цячэ. Так, ціха, як цячэ цяпер жыццё ў нашчадкаў гэтых казакаў.

У той дзень мы прыбылі ў Яўсташын, маёмасць маршалка Л., жонка якога з'яўлялася кузынай майго бацькі па яго маці і прыемна правялі там больш за тыдзень. Пан Л. - добры стары, ветлівы і прыемны. Яго жонка - разважлівая і лагодная. З імі жылі некалькі бедных сваякоў, бо панства Л. не мела ўласных дзяцей. Усе былі задаволены сваім лёсам.

Больш за ўсё мяне зацікавіла мая цётка, старасціна П., васьмідзесяцігадовая старая, родная сястра пані Л. У такім узросце яна мела моцны розум, добрую памяць і чуласць сэрца, як у маладзёна. Увесь час знаходжання ў Яўсташыне я любавалася яе анёльскім сэрцам, якое сваёй любоўю ахоплівала ўвесь род чалавечы. Я цешылася з яе дабрадзейнай малітвы пра нас, кожны высакародны ўчынак кранаў яе да слёз, а няшчасці бліжніх прычынялі ёй пакуты.

Яна часта ўспамінала свайго мужа, высакароднага чалавека, з якім у поўнай еднасці пражыла пяцьдзесят гадоў і які толькі адзін раз страшэнна яе пакрыўдзіў - не чым іншым, як уласнай смерцю.

Яна любіла расказваць пра мінулае і нават пра дробныя падзеі, якія раней здараліся з ёй.

- Чаму, ты, Камілка, сёння ў кепскім настроі? Раскажу табе дзве смешныя і праўдзівая гісторыі:

"Калі я жыла ў Быхаве, пажыццёвым старостве майго мужа, прыехала аднойчы да мяне шляхцянка з суседняй ваколіцы, каб папрасіць дрэва на паліва. Жанчына паўвекавога ўзросту, смелая, гаваркая, бачна па ёй, што калісьці служыла пры двары. Размаўляю і бачу ў першым пакоі мужчыну, які стаіць там у шэрым капоце з шапкай пад пахай.

- Гэты Ягамосць з паняй прыехаў?

- Са мной, Мосць Дабрадзейка.

- А хто ён такі?

- Ён быў маім мужам, Мосць Дабрадзейка, але цяпер збяднеў на маёнтку, мае шмат даўгоў, а мінулай вясной пала яго быдла".

Другая гісторыя, такая:

"Бывалі ў нас афіцэры з нейкага палка, які кватараваў у Быхаве. Адзін з іх, чалавек ветлівы, спытаў у свайго лакея, якога ў нас узяў да сябе на службу:

- Калі імяніны ў пана і пані?

- Не ведаю, бо я тады малы быў у гэтым двары.

- А як жа іх завуць?

- Пана завуць - Анёл, а пані - Коцік.

- Ты трызніш, такіх імёнаў не бывае.

- Я не трызню, бо на свае вушы чуў, як пані мужа называе Анёлам, а ён яе - Коцікам".


Пані Л. - добрая гаспадыня і добрая кабета, аднак шмат часу аддавала сваёй старэйшай сястры. Маршалак Л. меў чулую душу і адукаваным розум, ён не паглыбляўся ў філасофскія вучэнні, але добра ведаў навуку Хрыста, старажытную і сучасную гісторыю, геаграфію, права і звычаі многіх народаў. Купляў некалькі часопісаў, якія выходзілі на роднай мове, цешыўся імі, як сваімі дзецьмі, чытаў штодзённыя газеты і часам рабіў з іх свае ўласныя палітычныя высновы, у якіх больш выяўлялася яго дабрыня да людзей чым канцэпцыі еўрапейскай дыпламатыі. Паважаны і любімы сваімі суседзямі, ён амаль што кожны дзень меў гасцей. Суседзі чакалі яго парадаў і выбіралі суддзёй у спрэчках паміж сабой. Сіроты і ўдовы шукалі ў яго дапамогі і абароны, у якой ён ніколі не адмаўляў.

- Ці быў дзядзька шчаслівы ў жыцці так, як ён шчаслівы сёння?

- Маладая ты, Камілка, таму і верыш у шчасце, пажывеш болей - страціш гэтую мілую веру. У цябе ўжо развілася пачуццё, ужо і тваё сэрца не аднойчы трымцела з-за пакут бліжніх. Уяві сабе, колькі пакут павінен перанесці чалавек, які гэтак доўга жыў на гэтай зямлі, які бачыў столькі рознага ў чалавечых лёсах, які аплакваў смерць бацькоў і родных, які падзяляў клопаты сяброў. Не, мая, Камілка, не быў і не ёсць ён шчаслівы, і ніхто са смяротных людзей з чуллівай душой не можа быць шчаслівым.

Дом пана Л. быў прасторны: жырандолі са шкляных пацерак, люстэркі са сточанымі кантамі, крэслы і канапы пад чорным саф'янам, сталы з мясцовага дрэва і дзве прыгожыя карціны фламандскай школы побач з некалькімі сямейнымі партрэтамі, усё гэта напаўняла два салоны. Сталовая не мела ніякіх аздоб, у бакавых пакоі месціліся спальні гаспадароў, сваякоў і гасцей, а таксама невялікі кабінет пана Л., які называў яго канцылярыяй. Добры парадак у гэтых пакояў рабіў гонар гаспадыні.

У першыя дні нашага прыезду ў Яўсташын я пазнаёмілася з суседзямі, акрамя прэзідэнта Р., які жыў трошкі далей. Мае цёткі расказвалі пра яго незвычайныя і смешныя гісторыі: паводле іх аповедаў Р. - добры чалавек высакароднага мыслення, меў аднак шмат дзівацтваў, якія рабілі яго непрыемным у кампаніі.

Усю зіму ён захоўваў глыбокае маўчанне, на пытанні жонкі і дзяцей адказваў толькі аднаскладова ці толькі мігамі. А з першага красавіка да канца кастрычніка ён мучыў усіх незвычайнай гаварлівасцю - у гэты час спрачаўся з усімі, абы толькі спрачацца і не аднойчы прыносіў уласныя перакананні ў ахвяру гэтай няшчаснай звычцы. Бывала, што ў дрэнным настроі ці ў сарказме, не шкадаваў нікога, асабліва жанчын, якіх, за выключэннем жонкі і дачкі, ён увогуле не любіў. Меў звычку задаваць маладым людзям пытанні са старажытнай гісторыі, a калі хто з іх не мог, не хацеў ці не умеў адказаць, кпіў з такога невуцтва. Але, пан Р. меў такі характар, што на сустрэчныя крыўды тых, каго сам пакрыўдзіў, ніколі не злаваўся і, калі яны былі дасціпнымі, нават хваліў.

Я хацела убачыць гэтага арыгінальнага чалавека і цікаўнасць мая была задаволена.

За два дні да нашага ад'езду з Яўсташына, з'явіўся пан Р. - стары ўжо чалавек, з тварам, які ззяў чырванню. Ён меў прыгожыя, вялікія вочы, быў сярэдняга росту, хадзіў з узнятай галавой, на якой меўся пецярбургскі парык са старанна і з густам укладзенымі валасамі.

Павітаўшыся і пазнаёміўшыся з сур'ёзным госцем і, растлумачыўшы яму, хто я (бо мой бацька пайшоў спаць пасля абеду), гаспадар указаў яму на крэсла побач са мной.

- Мне было прыемна чытаць маральныя аповесці, выдадзеныя пад вашым імем, - сказаў пан Р.

Не ведаючы, што яму адказаць, я прамаўчала.

- Нічога дзіўнага ў іх няма, аднак думаю, што іх стваральнікам ёсць ваш тата?

- Мужчыны займаюцца больш сур'ёзнымі справамі. Аповесці, якія вы чыталі, я напісала сама, з парадамі і падказкамі маёй маці.

- Я меў гонар ведаць вашу маці, калі яна яшчэ была не замужам. Я бачыў яе пазней, замужам, але яна ў той час нічога не пісала.

- Яна не піша і зараз, мама толькі выпраўляе мае памылкі.

- Цяжка паверыць, што маладая дзяўчына, амаль дзіця, аддае сябе літаратурнай творчасці.

- Працы там мала, вы самі бачылі, што нічога дзіўнага ў гэтых аповесцях няма.

- Аднак, такая праца заўсёды занадта сур'ёзная для жанчын, асаблівы ў маладыя гады весялосці і гуляў.

- Ёсць людзі, якія сталеюць раней, - адазваўся пан Л. - Я чытаў у нейкім перыёдыку, што адна англічанка, прозвішча якой не памятаю, на пятнаццатым годзе жыцця ўжо пісала артыкулы ў галіне дакладных навук, якія задавальнялі знаўцаў. А гэта значна цяжэйшая справа, чым складаць аповесці з дапамогай разумнай маці.

- Я б ніколі не дазволіў сваёй дачцэ займацца справай, неадпаведнай яе полу, бо трымаюся думкі імператара Напалеона, выказанай ім мадам дэ Сталь [29].

- Напалеон, - перабіў пан Л., - быў выдатным ваяром і дасканалым стратэгам, але яго думкі, якія не мелі дачынення да мастацтва вайны, заўсёды патыхалі казарменным вандалізмам і не варта іх лічыць разумнымі. Маю перакананне, што жанчына, калі яна нават маці і гаспадыня, можа не адмаўляючыся ад выканання сваіх абавязкаў, быць і пісьменніцай - калі яна ўмее планаваць свой час і калі ў яе да гэтага ёсць схільнасць.

- Дзякуй табе, родны дзядзечка, што не падзяляеш заплеснелых уяўленняў пра жаночы пол.

- Заплеснелыя уяўленні! - усхвалявана паўтарыў пан Р. - Я бачу, што гэтая паненка можа творы пісаць і пра эмансіпацыю дачок Евы.

- У мяне няма ні жадання, ні магчымасці рабіць падобныя рэчы, але я не магу пагадзіцца з прыніжальнымі для жанчын думкамі.

- Мушу прызнацца, пані, што цяжка іх ўзвысіць, цяжка падняць слабы пол на адзін ўзровень з моцным. Бо Бог стварыў мужчыну перш, чым жанчыну і даў яму першынства ва ўсім.

- Шукай больш важкіх доказаў, пан прэзідэнт, - адказаў пан Л., - бо тое, што ты зараз сказаў, не ёсць пераканаўчым. Згодна з паданнямі, Бог пачаў вялікую справу стварэння свету і зямлі з усім, што жыве на ёй ў глыбінях і на паверхні. Дзікія львы, жорсткія тыгры, злосныя змеі і няшчасныя інсэкты, з'явіліся першымі па волі ўладара прыроды, але згаданая панам першаснасць не надае пяршынства. Успамінаю нават словы аднаго старажытнага аўтара, Карнелія Агрыпы (калі я не памыляюся, дадаў пан Л., падміргнуўшы мне), што Бог, ствараючы жанчыну ў самым канцы, хацеў такім чынам ушанаваць сваю вялікую працу, бо ў кожнай працы, канец - гэта самая жаданая і галоўная мэта, да якой толькі пры канцы наблізіўся. Той жа пісьменнік кажа, што чалавек быў створаны з пяску ці з гліны, таксама як і іншыя жывёлы, а жанчына была створаны з ужо ачышчанай, жывой матэрыі, якая ўжо мела іскру розуму і мела душу.

- Што я чую! Жанчына - шэдэўр Тварца! Жанчына больш вартая, чым мужчына! - закрычаў, смеючыся, пан Р., - ах, мой пан маршалак, ты ўжо абабіўся. Думаю, хутка ўбачу цябе за кудзеляй, ці шыццём сукенкі для сваёй маршалковай.

- А вы, мой любы прэзідэнт, - адказаў пан Л., - вы выкапалі словы пра жанчын з тых часоў, калі муж, на вачах жанчын, якія праходзілі праз пакой да яго жонкі, страляў з пісталета у котку.

Увайшоў мой бацька. Пан Р. пачаў нагадваць, як яны раней пазнаёміліся, і я з задаволеннем пайшла ў іншы пакой. Падчас вячэры бесперапынна грымеў голас пана Р. Напэўна, у яго галаве вельмі хутка нараджаліся думкі, бо калі ён не спрачаўся, дык раптоўна мяняў прадметы размовы. Самым смелым быў яго скачок ад паравых бровараў да свяшчэнных войнаў. Я хацела сказаць што-небудзь пра гэта сваёй цётцы, калі пан Р. нечакана павярнуўся да мяне і спытаў:

- Хай пані будзе такой добрай і нагадае мне, старому, у якім стагоддзі быў першы Крыжовы паход?

- На пачатку адзінаццатага.

- Брава! Брава!.. Правільна, хоць, можа, і выпадкова ўгадала.

- Як гэта некультурна, - сказаў пан Л., - прыпісваць па-сапраўднаму добрую памяць выпадковасці.

- Не ўсе старыя могуць быць такімі ветлівымі да жанчын, як пан маршалак.

Пасля гэтых слоў ён зрабіў заўвагі пра папу Урбана ІІ і Пятра-пустэльніка.

І сярод усхвалення хрысціянскай пакоры Годфрыда дэ Буліёна [30], які не хацеў насіць каралеўскую карону на зямлі, дзе Збаўца свету насіў цярновы вянец, ён нечакана пераскочыў у Амерыку і расказаў усім, хто жадаў яго слухаць і тым, хто не жадаў, што ў Мексіцы, у глыбіні лясоў правінцыі Юкатан, знойдзены астанкі вялікага горада Кохукан з рэшткамі храмаў, пірамід і дамоў. Там былі знойдзены нават розныя музычныя інструменты, статуі і барэльефы, і на адным з гэтых барэльефаў маецца выява лацінскага крыжа.

Мы чакалі вучоных высноў пана Р. наконт гэтага адкрыцця сярод народа, які лічыцца дзікім, і якое паказала сляды нейкай страчанай адукаванасці. Але наш эрудыт быў уражаны новай ідэяй і сказаў з страхам:

- Папярэджваю вас, панове, што трэба рыхтавацца да смерці, бо хутка будзе канец свету.

- Адкуль гэта прароцтва? - спытала старасціна.

- Не прароцтва, а ўжо стары астранамічны разлік Ньютана пра тое, што сонца павінна хутка згаснуць.

- Не, я нідзе пра гэта не чытаў, - запярэчыў пан Л.

- Гэта на самай справе ёсць у Ньютана, - сказаў мой бацька, - ён пісаў, здаецца, што ў 2225 годзе мае праходзіць самая вялікая з дваццаці дзевяці дагэтуль вядомых камет, якая так моцна ўдарыць па сонцы, што можа яго знішчыць.

- Калі мы адхілім святыя прароцтвы пра канец свету людзей, натхнёных праз Бога, і паверым высновам астранома, дык гэтая катастрофа адбудзецца не раней, чым праз трыста шэсцьдзесят гадоў.

- Мой швагер-ліцвін больш вучоны за вас, - сказаў пан Л.

Пан Р. здзекліва ўсміхнуўся, і мы закончылі вячэраць. Тыя, хто добра яго ведаў, запэўнілі нас, што на самой справе пан Р. меў толькі невялікі запас ведаў, набытых ў езуіцкай школе, але ўмеў імі па-мастацку жангліраваць і таму сярод лагодных людзей, якія не цікавіліся прагрэсам і не ведалі новых навуковых ідэй, лічыўся адукаваным.

Перад ад'ездам, на наступны дзень, пан прэзідэнт Р. запрасіў усіх нас на абед. Мужчыны, занятыя паляваннем, адмовіліся, а пані Л. ад свайго і майго імя прыняла ветлівае запрашэнне.

У сваім уласным доме пан прэзідэнт Р. паводзіў сябе вельмі ветліва, у яго была разумная і мілая жонка. Дастатак у спалучэнні з элегантнасцю робіць жыццё ўпарадкаваным і дазваляе гаспадарам выявіць добры густ.


Набліжаўся момант нашага ад'езду ад пана Л. Са шчырым смуткам я развітвалася з гэтай шляхетнай сям'ёй.

- Як сумна на зямлі! - сказала я бацьку - трэба плакаць і плакаць. З разбітым сэрцам раней расставалася я з мамай, з жалем развітваюся зараз з роднымі, якіх, неўзабаве і магчыма назаўсёды пакіну са слязамі шкадавання. Нас будзе раздзяляць прастора большая за сто міль. Нашто патрэбны цяжар цела? Каб б чалавек быў толькі духам, ён мог бы так жа хутка, як думка, перакрочваць прасторы і кожны дзень бачыць сваіх любімых.

- Разам з тугой раставання, знікла б і чароўнасць радасных сустрэч, - сказаў бацька. А ты, Камілка, - дадаў ён з усмешкай, - увесь час была б у паветры і праз частыя візіты знудзіла б сваіх родных.


З Яўсташына мы паехалі проста да мястэчка Карма, дзедзічам якога з'яўляецца пляменнік маёй маці Міхал Б. Я чула пра яго раней толькі прыемнае і ўбачыла, што ён заслугоўвае гэтых добрых меркаванняў. Былы афіцэр гвардыі, сёння муж, бацька i дзедзіч, ён строга выконваў узятыя на сябе абавязкі.

Карма нарадзіла ў душы майго бацькі прыемныя ўспаміны - тут ён пазнаёміўся і ажаніўся з маёй маці. Ведаючы, дзе адбыўся гэты акт, ці па-іншаму сакрамант, я хацела наведаць і ўбачыць касцёл, дзе Бог прыняў клятву, якой я абавязана сваім жыццём. Але новы касцёл, з новай архітэктурай, схаваў нават сляды старога.


Ад нашага мілага кузына Міхала Б. мы паехалі ў Магілёў. На другі дзень нашага падарожжа, павольны ход карэты, якая коўзалася па пяску, прымусіў мяне на некалькі гадзін заснуць. Калі я расплюшчыла вочы:

- Мы ўжо ля брамы горада, - сказаў мой бацька.

Глядзела ў акно: зноў Днепр, і валы над ім нагадвалі пра крывавыя бітвы з казакамі і татарамі.

Сонца спускалася на захад і стварала цудоўны від над вадой. Бацька нагадаў мне, як ў маім дзяцінстве, калі падчас захаду сонца мы неяк праязджалі міма вялікага става, я малая, з жахам закрычала: «Ах, мама! Сонца патанула».

Зноў згадваюцца мне словы вучонага Тэадора Нарбута пра пачатак гісторыі Магілёва. […]

Два дні мы бавіліся ў Магілёве. Я не была ў Азіі, таму не ведаю чаму мне ўяўлялася, што гэты горад мае азіяцкі характар. Але яшчэ раней бацька сказаў, што гэта не так, і я з ім потым больш не размаўляла на гэтую тэму.

Больш за ўсё ўразіла царква якая мае назву Іосіфаўская, яе краевугольны камень заклала расійская імператрыца Кацярына ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ падчас падарожжа на з'езд у Канева [31]. Гэтая царква, пабудаваная ў класічным стылі, магла б стаяць пасярод сталіцы. Яе інтэр'ер упрыгожваюць абразы пэндзля Смуглевіча.

Магілёў стаіць на ўзгорку, горад ажыўляе вялікая колькасць садоў, і таму ён мае здаровае паветра, тут растуць шмат яблыняў, груш і іншых пладовых дрэваў. Усе тыя, каму Бог даў магчымасць бачыць далёкія прадметы (бо я маю дрэнны зрок), дзівяцца краявіду з таго месца, дзе стаіць Шклоўская брама - тут Днепр шырока разлівае сваю крыштальную ваду.

Мне спадабаўся бульвар, з адной паловы засаджаны дзвюмя лініямі дрэў, а з другой кустамі, тут жа маюцца звілістыя дарожкі для прагулак.

Дамы ў Магілёве мураваныя і драўляныя, даволі акуратныя і нават ладныя. Ніякіх грамадскіх забаў у горадзе няма, але тэатральныя прадстаўленні часам прывозяць вандроўныя акцёрскія трупы.

Пра кнігарню і друкарню нічога не чула. Чытальня адна і вельмі бедная, яе трымае яўрэй. Насельніцтва нешматлікае, бо ў гэтай правінцыі жывуць больш заможныя людзі, якія зімуюць у Пецярбургу, а лета праводзяць у сельскай мясцовасці. Аднак яны прыязджаюць на соймікі і раз у тры гады Магілёў упрыгожваецца, па вуліцах плывуць новыя і раскошныя чатырохконныя карэты, напоўненыя прыгожымі жанчынамі. У дамах магнатаў граюць аркестры. Каля брам чутны розныя дыялекты - гэта ў жоўтых ліўрэях чакаюць шматлікія служкі. З усёй гастранамічнай пышнасцю часта ладзяцца балі і вячэры.

Калі мы вярталіся з бульвара, дык нават я з маім дрэнным зрокам, была ў захапленні ад незвычайнага відарысу. Адно з прадмесцяў Магілёва, пабудаванае на другім беразе Дняпра, ляжыць на некалькі дзесяткаў сажняў ніжэй за горад. З месца, на якім мы спыніліся, хаты, жывёлы і людзі здаваліся нам напалову меншымі, чым былі на самой справе. Праз вузкую вуліцу ехалі гружаныя вазы, праляталі вершнікі, праходзілі пешаходы.

- Мне здаецца, я бачу марыянетак, - сказала я свайму бацьку, - і іх жыццё, як пародыя на чалавечыя патрэбы і намаганні.

- Ты заўсёды робіш нейкія дзіўныя параўнанні - лялечны механізм не можа дакладна перадаць сапраўднага жыцця. Я ўспомніў пігмеяў, пра якіх расказваў табе, пасля таго як прачытаў Герадота.

Мы доўга стаялі. Пачало змяркацца: амаль што ў адну хвіліну ўспыхнулі агні ва ўсіх вокнах дамоў прадмесця, i іх ззянне адбівалася ў Дняпры. Ой, як гэта было прыгожа! Я б не прамяняла гэта відовішча на самую дарагую ілюмінацыю.

На трэці дзень пасля выезду з Магілёва мы дасягнулі самай галоўнай і сапраўднай мэты нашага падарожжа - маёнтка Дамамерычы майго роднага дзядзькі.

Я не магу выказаць, якой шчаслівай я была, калі ўбачыла яго, бо дзядзька быў вельмі падобны на маю маці. Праз нейкі час я пераканалася, што і характары ў іх нічым не адрозніваюцца. Мне не трэба шмат расказваць пра свайго дзядзьку, бо характар маёй маці, апісаны вышэй, ёсць і характарам майго дзядзькі. З той толькі малой розніцай, што дзядзька меў больш павярхоўнай ветлівасці і ніколі не парушаў законаў этыкету. Ён прывык да гэтага, бо большую частку свайго жыцця правёў у сталіцах.

У дарагіх майму сэрцу яго дочках і сыне я не магла бачыць нічога акрамя самых высакародных якасцей. Дзядзька даўно ўжо пахаваў жонку і таму быў і бацькам, і маці для сваіх дзяцей.

Жыццё майго дзядзькі зараз цякло спакойна, бо ў маладосці ён перанасыціўся весялосцю вялікага свету і зараз палюбіў адзіноту. Найбольш вольнага часу ён прысвячаў французскай літаратуры, аднак верыў, што і на яго роднай мове ёсць добрыя творы і часам чытаў іх, але, як і многія людзі, якія нарадзіліся ў мінулую эпоху, не мог адвучыцца, ад французчыны і нават рэдка размаўляў на іншай мове.

У Дамамерычах я таксама сустрэлася з успамінамі пра вайну. Паводле мясцовага падання, на тым месцы, дзе сёння ёсць сад, палац і іншыя будынкі, у часы Яна Казіміра адбылася сутычка ліцвінаў з татарамі. Вялікая колькасць курганоў за агароджай сядзібы, сведчаць, што тут некалі пралівалася чалавечая кроў. У садзе я бачыла высокі і даволі ладны насып, пра які дзядзька мне сказаў, што тут пахаваны адзін з камандзіраў татарскага войска. На гэтым кургане маецца клумба з дробных кветак.

- Вандроўны дух татарскага князя, - сказала я дзядзьку, - мусіць, абураецца гэтымі малымі кветкамі: тут трэба пасадзіць некалькі пірамідальных таполяў, каб ушанаваць астанкі адважнага палкаводца.

- Больш падыдуць крымскія ружы, - сказаў мой бацька.

- Занадта вы чуллівыя да захопніка і разбойніка, - са смехам адказаў дзядзька.

- Яго парэшткі даўно зніклі, - адазвалася малодшая з маіх кузынак.

- А куды ж яны падзеліся? - запытаў бацька, - яны тут, у зямлі, у траве, у кветках. Можа, калісьці і на маёй галаве нешта вырасце. У прыродзе нічога не памірае, а толькі пераўтвараецца рознымі спосабамі ў іншае.

- Гэта праўда, так і павінна быць, - адказала Цэцылька, - але я дагэтуль ніколі не думала пра гэта.

Прыкладна за дзесяць вёрст ад Дамамерычаў, каля мястэчка Крычаў, што на рацэ Сож, я пабывала на гары, якую ў простым народзе называюць Галусавая гара. Тут, паводле падання, стагоддзі таму жыў нейкі знакаміты доктар Галус. Нічога больш пра гэтага доктара не вядома. Карпіньскі ў сваім геаграфічным слоўніку згадвае, і многія іншыя таксама пішуць, што ў Крычаве нарадзіўся Эскулап.

Напрыканцы восені я з сумам развітвалася з дзядзькам і адчувала, што больш я яго не ўбачу. Так і адбылося. Праз тры гады сваякі, сябры і падданыя аплаквалі раннюю смерць лепшага з людзей.


Вяртаючыся ў Літву, мы праязджалі праз Мсціслаў. Набліжаючыся да гэтай былой сталіцы ўдзельнага княства, а сёння цэнтра павета, мой бацька паказаў мне поле, дзе Вітаўт у 1386 г. перамог войска князя Святаслава Смаленскага. Расказаў таксама пра Лунгвена, брата Уладзіслава Ягайлы, які, будучы валадаром Мсціслава, стаў небяспечным для суседніх князёў.

Спешка ў дарозе не дазволіла нам убачыць возера каля Мсціслава са старажытнымі мурамі на яго берагах. Паводле падання, на гэтым месцы калісьці стаяў вялікі і багаты горад, у якім жылі людзі нягоднага жыцця. Горад гэты па загаду неба паглынула вада. Калі вятры свішчуць над возерам, людзі якія вераць у забабоны, чуюць стогны праклятых з глыбіні возера. Такая паганская вера можа існаваць толькі пры адсутнасці больш высокіх паняццяў.

Праязджаючы праз Копысьскі павет, мы некалькі дзён ехалі праз землі маёнтка Апчуга, які таксама належаў крэўным маёй маці. І тут таксама ёсць старажытны помнік - доўгая грэбля, насыпаная на вялікім балоце, якая да нашага часу носіць імя «Маста Вітаўта». Паважаны гісторык Тэадор Нарбут лічыць, што гэтай дарогай Вітаўт ішоў у Расію, і падчас паходу загадаў сваім людзям насыпаць грэблю, бо меў штурмавыя машыны і гарматы з порахам і каменнымі кулямі калібру ў 9-10 цаляў - гэтая гармата магла страляць адзін раз у чатыры гадзіны. Цягнулі яе 24 кані, і гэта былі першыя пушкі, якіх убачыла Задняпроўе.


На Беларусі вельмі шмат людзей дабрадзейных, разумных, з высакароднымі думкамі, але больш шырокі погляд на грамадства гэтай правінцыі дае адчуванне нейкай дзіўнай разнастайнасць.

Багаты клас захоўвае этыкет і пецярбургскія звычаі, ён размаўляе па-французску, бо не ведае роднай мовы і выхоўвае сваіх дзяцей па-нямецку. У некаторых дамах я сама бачыла выхавацеляў з Рыгі і чула, што гэтую моду пераняла ўся тамтэйшая арыстакратыя.

Бедная шляхта не вызначаецца асветай, часам гаворыць кепскай пальшчызнай, а часцей за ўсё на мясцовай гаворцы (па-беларуску - Л. Л.). Веру мае розную.

Просты народ больш цёмны, больш забабонны, чым у нас - у ім вера ў праведнага Бога спалучаецца з забабонамі політэізму. У кожнай вёсцы ёсць свае чарадзеі - кожны каваль павінен ім быць. Купалле спраўляецца урачыста, у задушныя дні яны нясуць ежу на магілы памерлых. Расказваюць, што калі-нікалі тут можа бегчы па вёсцы раскудлачаныя русалка.

Я бачыла ў Магілёўскай губерні не шмат забудаваных па прамой лініі вёсак. Малыя хацінкі раскіданыя без парадку, па некалькі ў адным двары, часам у цені дрэў, а пасярэдзіне стаіць высокая царква - усё гэта разам складае маляўнічае, але супярэчлівае цэлае.

Вясковая гаспадарка знаходзіцца на больш нізкім узроўні, чым у Віленскай губерні. Гаспадары зямлі трымаюцца за адвечную руціну і лічаць новыя агранамічныя вынаходніцтвы толькі прыгожымі тэорыямі, якія не адважваюцца ператварыць у практыку. Аруць зямлю коньмі: зямля лёгкая і ў шмат якіх паветах на полі няма камення. Сяляне мала сеюць бульбы і, магчыма, з гэтай прычыны да іх часта прыходзіць голад. Ва ўрадлівыя гады ўся прадукцыя каштуе вельмі танна, і ў малых мястэчках цяжка яе прадаюць.

Больш багатыя людзі і спекулянты ладзяць гандаль з Крамянчугом і Адэсай. Кожную вясну туды па Дняпры, на плытах і віцінах, вязуць таварнае дрэва, рознае збожжа, гарэлку, дзёгаць і пяньку. Вырошчванне канопляў у гэтай правінцыі, на працягу доўгага часу ёсць важным эканамічным чыннікам. Таму і сёння ў сярэднім класе жыве старая прымаўка: «Спіць, быццам пяньку прадаў».

У некалькіх мястэчках штогод адбываюцца кірмашы, самы шматлікі і вядомы ў Хаславічах, ён пачынаецца 24 ліпеня і доўжыцца чатыры тыдні. З розных краёў прыязджаюць купцы: беларусы і ўкраінцы. Забавы на кірмашы: тэатр, наездніцтва на конях і цырк. Часта бывае, што тут нараджаецца пяшчотнае каханне паміж маладымі сэрцамі і душамі, праз гэта ствараюцца сем'і. Граф Салтыкоў, дзедзіч Хаславічаў, дае вялікія абеды, а часам і балі - нічога дзіўнага, што ён рады гасцям - гэты кірмаш прыносіць яму даходу пятнаццаць тысяч рублёў срэбрам.

У Беларусі свята захоўваецца закон гасціннасці: дом і сэрцы гаспадароў заўсёды адкрыты для сяброў і знаёмых. Норавы асвечанага класа самыя лепшыя. Згода ў сямейных парах, пільны клопат аб добрым выхаванні дзяцей, падпарадкаванне іх бацькам - гэта спадчынныя цноты жыхароў Магілёўскай губерні. Кабета-какетка ці безразважны мужчына - гэта тыя вырадкі, якія тут амаль што не сустракаюцца.



[1] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. Пераклад і каментаванне аповесці Леаніда Лаўрэша.

[2] Жонка Юстына Нарбута і маці Камілы - Петранела з Сабаньскіх. - Л. Л.

[3] Геній хрысціянства або прыгажосць хрысціянскай рэлігіі (фр. : Le Genie du christianisme, ou Beautes de la religion chretienne ) - твор французскага пісьменніка Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыяна, напісаны падчас яго выгнання ў Англію ў 1790-я гг. для абароны каталіцкай веры падчас Французскай рэвалюцыі. Упершыню быў апублікаваны ў Францыі ў 1802 г. пасля таго, як Шатабрыян вярнуўся ў Францыю пасля агульнай амністыі Напалеона для эмігрантаў, якія ўцяклі ад рэвалюцыі. Напалеон, які нядаўна падпісаў Канкардат з папам, першапачаткова выкарыстаў кнігу Шатабрыяна ў якасці прапаганды, каб заваяваць падтрымку сярод французскіх католікаў. Праз пяць гадоў ён пасварыцца з аўтарам і адправіць яго ў ссылку. У «Геніі хрысціянства» Шатабрыян абараняе мудрасць і прыгажосць хрысціянства ад нападаў з боку французскіх філосафаў эпохі Асветніцтва і рэвалюцыйных палітыкаў. Кніга аказала велізарны ўплыў на культуру дзевятнаццатага стагоддзя. - Л. Л.

[4] Клемянтына Гофман-Танская (Klementyna Hoffmanowa z domu Tanska, 1798-1845) - празаік, перакладчыца, рэдактар, адна з першых польскіх дзіцячых пісьменніц. Жонка пісьменніка і гісторыка Караля Гофмана. - Л. Л.

[5] У 1818 г. у Гародні выйшла з друку першая кніга Юстына Нарбута «Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа» («Rys pierwiastkow narodu litewskiego, z roznych dawnych autorow zebrany»), якая змяшчае звесткі пра прагісторыю і міфалогію. Гэта невялікая кніга мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам «J. M.» Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз імя аўтара кнігі было пададзена.

У 1842 г. у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута «Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» («Dzieje wewnotrzne narodu litewskiego z czasow Jana Sobieskiego i Augusta II, krolow panujacych w Polsce; wyciag z roznych notacy0w i manuskryptow.» T. 1-2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.). - Л. Л.

[6] Нарбуты - шляхецкі род герба «Трубы». Вядуць род ад баярына Нарыбута (Нарбута) Яталтавіча. Паводле родавага падання, былі сваякамі магнацкага роду Остыкаў, таму пісаліся часам Остык-Нарбутамі. Па легендзе, галоўны паганскі святар Літвы Ліздзейка, быў продкам Остыкаў і Радзівілаў і параіў князю Нарымонту пабудаваць сваю сталіцу Вільню, адсюль: Радзівіл - той, хто радзіць Вільню. Сустракалася форма Радзівіл-Остык. - Л. Л.

[7] Сёння - Рукайняй (літ.: Rukainiai, традыцыйная беларуская назва - Рукойні) - вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. - Л. Л.

[8] Смаргонь здаўна славілася сваімі абаранкамі. Для іх выпечкі рабілі спецыяльныя печы, у якіх жанчыны-абараначніцы пяклі вялікія і маленькія абаранкі, з макам і без яго. Прадаваліся смаргонскія абаранкі не толькі на мясцовых рынках, але па ўсім ВКЛ. - Л. Л.

[9] Верагодна, Людвік Ракіцкі (1774 - пасля 1828), грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік, у 1811-1814 гг. - мінскі губернскі маршалак. - Л. Л.

[10] Віціна - рачная пласкадонная лодка з падоўжаным корпусам. - Л. Л.

[11] Каміла Юрэвіч з Нарбутаў як і яе далёкі сваяк Тэадор Нарбут садзейнічалі развіццю курорта з мінеральнымі водамі ў Друскеніках (зараз - Друскенінкай). У 1873 г. Каміла надрукавала нарыс пра Друскенікі з апісаннем гэтага курорта. Гл. Kamilla z Narbutów Jurewiczowa. Z Druskienik. Orany, Merecz, Druskieniki // Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260-261.

[12] Фр.: «Вы павінны атрымліваць асалоду ад жыцця». - Л. Л.

[13] Пра падобны тып маладых людзей пісаў віленскі мемуарыст Станіслаў Мараўскі: «...дастаткова рабіць адваротнае таму, што рабілі ў старыя часы - знішчыць сваё здароўе свавольнымі выбрыкамі, у дзевятнаццаць гадоў стаць бледным і сухім, як мумія і такім чынам спаралізаваць кветку маладосці яшчэ ў першацвеце, як заўгодна сваволіць па цёмных кутах і змучыўшы сябе распустай і бяссонніцай, уваходзіць у салон штурхаючы жанчын у бакі, усім наступаючы на ногі, з цыгарным смуродам стаяць у канцы залы, маўчаць, уздыхаць, сумаваць, пазяхаць, прыхінуўшыся пры гэтым да сцяны, дзвярэй ці акна - раней так рабілі толькі ў шынках, ці разваліцца ў фатэлі і скрыжаваць ногі. Словам, цалкам ісці за імпульсамі прыроды і пачуццём камфорту і праз гэта выглядаць незвычайна выхаваным чалавекам, каб кожны бачыў, што той, хто гэтак можа сябе паводзіць, хто пагарджае дробязямі, з якіх складаецца гжэчнасць, ёсць чалавек вышэйшых сфер, вышэйшых жарсцяў і пачуццяў. Што вулкан яго сэрца, агонь яго душы, вогненная лава яго памкненняў, вытруцілі, знішчылі і высушылі яго цела. Ён сёння - герой салона. Такога сёння шукаюць жанчыны. Ён можа быць дурным, як стол - тым лепей! Хто скажа, дурны ён ці мудры, калі ён увесь час маўчыць? А ўздыхаць кожны можа і навучыцца гэтаму не доўга. І толькі тады, калі такімі манерамі заваявана сэрца маладой жанчыны і яна набліжае такі ідэал да сябе, толькі тады выяўляецца страшэнны вакуум! Знікае падманлівая знешнасць, і ва ўсёй аголенай праўдзе, перад ёй стаіць малады чалавек са знішчаным целам і духам - нябожчык фізічна і маральна, а, можа, яшчэ і больш страшны за нябожчыка, бо пярэварацень ці прывід! Поўнае расчараванне». - цыт па: Morawski Stanislaw. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. S. 136. - Л. Л.

[14] Падкаморы - у ВКЛ суддзя па спрэчках аб межах маёнткаў у падкаморскіх судах. У Расійскай імперыі стала сінонімам пасады камергера ці азначала сімвалічнае, спадчыннае званне, як памяць пра былыя часы. - Л. Л.

[15] Старасціна - жонка старасты. - Л. Л.

[16] Зараз Хіславічы - пасёлак гарадскога тыпу ў Расіі, на рацэ Сож. Адміністрацыйны цэнтр Хіславіцкага раёна Смаленскай вобласці. - Л. Л.

[17] Халоблін, каля Крычава, маёнтак Галынскіх. - Л. Л.

[18] Фр: «Як чароўна». - Л. Л.

[19] Капітанава - жонка капітана. - Л. Л.

[20] Суддзёва - жонка суддзі. - Л. Л.

[21] Суддзянка - дачка суддзі. - Л. Л.

[22] Падкамарнака - дачка падкаморага. - Л. Л.

[23] Словы суддзёвай падаю літаральна.

[24] Сярэдні клас у Беларусі называў лекараў кансультантамі. - Л. Л.

[25] Шарль Поль дэ Кок (фр. Charles Paul de Kock, 21 траўня 1793-1871) - французскі пісьменнік XIX ст., чыё імя доўгі час служыла намінальным абазначэннем фрывольнага аўтара, які заўсёды выбіраў брудныя сюжэты эратычнага зместу. - Л. Л.

[26] Фр.: «Кузына, я ў захапленні». - Л. Л.

[27] Фр.: «Гэта магчыма». - Л. Л.

[28] «Ракашан» - у дадзеным выпадку ў сэнсе «паўстанцаў». - Л. Л.

[29] Дачка міністра фінансаў Жака Нэкера, гаспадыня літаратурнага салона, Ганна-Луіза Жэрмена дэ Сталь - пісьменніца, уладарка дум і мыслярка. Яна мела шмат каханкаў, але была вельмі непрыгожай жанчынай, прычым сама аддавала перавагу мужчынам прыгажэйшым за яе, балазе, яны адказвалі ёй узаемнасцю. Калі яшчэ малады генерал Напалеон быў запрошаны ў салон мадам дэ Сталь, тая распачала гарачую палітычную размову. Напалеон сядзеў ціха і … заснуў. Тады, гаспадыня салона звярнулася да генерала:

- А вы, генерал, згодны са мною?

Напалеон страпянуўся і сказаў спрасонку:

- Мадам, я не слухаў...

А потым у няёмкай цішыні дадаў:

- Я наогул не люблю, калі жанчыны ўмешваюцца ў палітыку... - Л. Л.

[30] Готфрыд Бульёнскі (каля 1060-1100) - адзін з кіраўнікоў першага крыжовага паходу (1096-1099). Герцаг Ніжняй Латарынгіі (з 1087 г.). Пасля захопу Іерусаліма ў 1099 г. стаў першым кіраўніком Іерусалімскага каралеўства, але адмовіўся пры гэтым каранавацца ў горадзе, дзе быў каранаваны Ісус, і прыняўшы толькі тытул барона і «Абаронцы Труны Божай». - Л. Л.

[31] 30 траўня 1780 г. у гонар сустрэчы двух імператараў у Магілёве адбылася закладка царквы св. Іосіфа. Існуе паданне, што падчас закладкі каменя ў падмурак у Кацярыны II парвалася нітка перлаў. Прыдворныя кінуліся збіраць каралі, якія рассыпаліся, але імператрыца забараніла гэта рабіць, сказаўшы: «Няхай храм будзе цудоўны, як гэтыя перлы». Для ўпрыгожвання царквы мастак Уладзімір Баравікоўскі напісаў некалькі абразоў, на іх у выглядзе святых і анёлаў адлюстраваў фаварытаў Кацярыны і саму імператрыцу. Іосіфаўская царква была скончана ў 1798 г., статус сабора набыла ў 1802 г. Гэта быў першы беларускі помнік, створаны ў стылі класіцызму. Сабор дзейнічаў да 1929 г. і быў узарваны ў 1938 г. На яго месцы пабудавалі гасцініцу «Днепр». - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX