Ірына Багдановіч
Ірына Багдановіч - беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Нарадзілася 30 красавіка 1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям'і інжынераў. Выхоўвалася ў сям'і бабулі і дзеда, настаўнікаў, у Гомелі. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук БССР (1983). Працавала малодшым і старшым навуковым супрацоўнікам гэтага Інстытута (1983-2001); дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1996-2021). Цяпер працуе старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (1985).
Аўтар зборнікаў вершаў "Чаравікі маленства" (1985), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Альбом першакласніцы" (для дзяцей, 2003), "Сармацкі Альбом" (2004), "Прыватныя рымляне" (2006), "Душа Лістападу" (2012), кнігі "Залатая Горка: вершы, пераклады, артыкулы" (2016), манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001).
Даследуе беларускую літаратуру ХІХ - першай трэці ХХ стагоддзяў, беларуска-польскія міжлітаратурныя сувязі, творчасць Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, паэтаў "Маладняка" і "Узвышша", літаратурную спадчыну пісьменнікаў-святароў.
Перакладае з польскай мовы. Асаблівую ўвагу надае перакладам літаратурнай спадчыны пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, творчасць якіх ёсць агульным здабыткам сучасных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы, - Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузыні, Зоф'і Манькоўскай і іншых. Яе пераклады змешчаны ў анталогіях "Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай" (1998), "Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя" (2013), "Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя" (2013, серыя "Залатая калекцыя беларускай літаратуры"), а таксама ў кнігах: Адам Міцкевіч "Санеты=Sonety" (1998), "Крымскія санеты=Sonety Krymskie" (2004), "Выбраныя вершы" (2018, серыя "Паэты планеты"); Зоф'я Манькоўская "Цяпер і назаўсёды=Dzisiaj i na wieki" (2004); Уладзіслаў Сыракомля "Выбраныя творы" (2011, серыя "Беларускі кнігазбор"); Габрыэля Пузыня "Струмень любові = Strumien milosci" (2018).
Жыве ў Менску.
У Белагрудзе…
Памяці пробашча касцёла ў Белагрудзе ксяндза Рышарда Пэрчака, спачылага 25 верасня AD 2024, прысвячаю
У Белагрудзе велічна прыгожай,
Асвечанай з вышыняў ласкай Божай,
Святло струменіцца ад алтара -
Ад Гостыі ў далонях святара,
Прыходзіць Хрыстус Збаўца кожны раз
У цудзе Эўхарыстыі да нас,
Святар - як Alter Chrystus - творыць цуд:
Усё і ўсіх любоўю поўніць тут!
Любоўю! Невычэрпную крыніцу
Яе ён мае ў сэрцы… Таямніцу
Хрыстовага збаўлення адкрывае
Усім, хто яе просіць і чакае:
У споведзі святой прытуліць душы,
Камень няверы ў недавярку зрушыць,
Сужэнствы ў шлюбе з Богам паяднае,
Дасць хлеба ўсім, хто прагне, а не мае,
Каб Хлеб нябесны - Ты ва ўсіх быў, Езу!
Сваім жыццём тварыў ён катэхезу,
У Праўдзе Божай жыў і ў праўдзе людскай
Ён пад апекай Маці Божай Белагрудскай,
Праз яго рукі, словы, абавязкі
Сплывалі тут на ўсіх патокі ласкі
І міласэрнасць Божая… Аб цудзе
Тым сведчыць усё чыста ў Белагрудзе:
І велічнай святыні сцены, вежы,
І брама, і цвінтар стары з крыжамі,
І гэты надмагільны насып свежы,
Дзе наш святар спачыў… І мы ўсе ў жалі
Укленчылі… З малітвай просім: Божа!
Яго айцоўскім сэрцам быў з нас кожны
Сагрэты ў сваёй злыбядзе й патрэбе,
Дай яму шчасце вечнасці прыгожай!
Дай быць яму пры Тваім троне ў небе!
З апосталамі ўсімі ў Небастане
Дай вечны адпачынак яму, Пане…
1-2 кастрычніка 2024 г.
Трэці Адам
Светлай памяці Адама Мальдзіса ў гонар 90-годдзя з дня яго нараджэння прысвячаю
Адам - прабацька ўсіх жывых на свеце,
Як з Бібліі ўсім нам даўно вядома,
Зрабіў памылку ў Старым Запавеце
І страціў Рай, застаўшыся без Дома…
Бяздомнасць тую ўслед за ім спазналі
Усе нашчадкі з плямай першароднай,
Шукалі выйсця, Збаўцу ўсе чакалі,
Каб выбрацца з бяздомнасці гаротнай.
Сустрэлі холад, голад і нястачы
Дзяцей няшчасных Першага Адама,
Палон ліхі зусім народ спартачыў -
Народ забраны, ці… народ абраны?..
І наш народ ва ўсім гэтым парадку
Таксама гараваў, шукаў і страчваў,
Палацы памяняліся на хатку,
І радавод змарнеўся і злядачыў.
Як той народ біблейскі, што выходзіў
З палону ў абяцаны край мядовы,
Так рушыў наш народ… У той прыгодзе
Пан Бог нам даў на шлях Адамаў новых.
Другі Адам уславіў край Гражыны,
І Нёман са шляхетным радаводам,
Русалак свіцязянскіх і сцяжыны,
Што з Конрадам сам зведаў Валенродам.
Ён са здароўем параўнаў Айчыну:
Яна ці ёсць, ці ты бадзяга ў свеце…
А час ішоў… І Бог, каб памагчы нам,
Адараваў наш край Адамам Трэцім,
Бо скрушна так глядзеў на нашы ўпадкі,
На скарбы, што даваў нам поўняй Духу,
Глядзеў, якія дзеці распарадкі
Ўчынілі з гэтым дарам: пацяруху…
Але народ не збыў жывыя сілы,
Хоць гэтулькі трываў ён пад прымусам,
І Бог дыхнуў з Нябёс: "Адаме мілы,
Ты вернеш беларусам - беларусаў!
Табе даю дарэчныя прылады:
Рыдлёўка - для архіўнага капання,
Пяро - над словам-думкаю для ўлады
І прозвішча - для моцнага трывання
У лучнасці са Мною, бо малітва
З табой ад нараджэння і да скону,
Ідзі, бо ты жаўнер прыгожай бітвы!
Malda - малітва выведзе з прыгону -
З прыгону занядбання скарбаў родных,
З прыгону ўсіх бязлітасных паразаў…"
І стаў Адамаў лёс здзяйсненнем годным
Ўсіх гэтых Божых велічных наказаў,
Стаў мудрым і разважлівым вяртаннем
З бяздомнасці… І, згодна Божай мэце,
Йшла Беларусь углыб самапазнання
З апосталам сваім - Адамам Трэцім…
13 верасня 2022 г.
Сустрэча на Залатой Горцы ў Нядзелю Добрага Пастыра каля скульптуры Святога Айца Яна Паўла ІІ
Пані Эльжбеце Смулковай - прафесару і дыпламату
Залатагорская прыгода -
Нядзеля, травень, Божы цуд…
Чаромхавы ліецца водар
На ўсё, што Бога славіць тут:
На Крыж місійны, кожны помнік,
Схаваны ў дыване травы,
Касцёл, што ў неба мклівіць промні
Малітваў мёртвых і жывых.
Пры лавачцы Айца Святога,
Дзе ён з ружанчыкам сядзіць,
Як Добры Пастыр, каб ад злога
Нас захінуць, абараніць,
Грамадка па Імшы стаяла -
Пан Амбасадар, Пробашч і
Пані Эльжбета!.. Я пазнала!..
І смутак у душы аціх,
І мілатою невымоўнай
Мяне сустрэча абняла,
Нібы зазіхацеў цудоўны
Прамень Фаворскага святла!
Залатагорская святыня -
Трон Бога! Скарбніца надзей!
А Пастыр Добры не з вышыняў
Ласкава так на нас глядзеў!
Ласкава так!.. Сядзеў на лаўцы
І позіркам усіх туліў,
Дабраслаўляў і вёў да Збаўцы
Праз церні і крыжы зямлі.
Знікала гарката, пустэча,
Дух вызваляўся й вырастаў…
Залатагорская сустрэча -
Як Божы план, дзе ўсё дарэчы,
Як цуд прысутнасці Хрыста…
8 траўня 2022 г.
Сонца ўстае…
Па-над зямлёй, дзе віхура гуляе,
Дзе нам цяпла і святла не стае,
Ранак, нарэшце, спагадна нам ззяе…
Ціха… Марозна… І сонца ўстае…
Сонца, як сімвал надзей запаветных,
Сонца, што цемру звяло на нішто,
Сонца, як сябра з усмешкай прыветнай,
Сонца… Сын Божы з'явіўся… Раство!*
7 студзеня 2024 г.
* У "Слоўніку баларускай мовы" І. І. Насовіча зафіксаваны формы 'Рожество' і 'Рожтво' ў значэнні 'Свята Божага Нараджэння'; у сучаснай гутарковай беларускай мове захоўваецца форма 'Раство', тоесная форме 'Рожтво', хоць сучасныя нарматыўныя слоўнікі і не фіксуюць такое ўжыванне (заўвага аўтара).
Пячатка Бога
…Бог пакінуў на кожным стварэнні пячатку дабрыні
і прыгажосці, аднак з цягам часу чалавек стаў
сапсутым, здольным распаўсюджваць зло і смерць
у свеце.
З Катэхезы Папы Францішка
2 снежня 2020 г. у Ватыкане
Зямля была цямрэчай і пустэльняй.
Прамовіў Бог: "Хай станецца святло!.."
Больш цемра не здавалася суцэльнай,
Стаў дзень і ноч, далей тварэнне йшло:
Узніклі воды, ўсякія расліны,
Плады, насенне, каб працэс не згас;
Бог зоркі запаліў цудоўным чынам
На небасхіле й падарыў нам Час;
Папрацаваў над рыбамі марскімі,
Над птушкамі паднебнымі й звярмі,
Так насяліў істотамі жывымі
Зямлю. Быў рад, што добра ўсё зрабіў.
Тады задумаў Бог і чалавека
Увесці ў той зямны прыгожы дом:
"Хай над зямлёй пануе ён давеку -
Над птушкай, зверам, рыбкай, паўзуном…"
І прыгажосцю гэтага тварэння
Зачараваны, Бог затым спачыў:
"Як добра ўсё! Ах, як жа харашэнна!" -
І створанае ўсё дабраславіў.
Так на тварэнні ўсім сваім прыгожым
Пакінуў Бог пячатку дабрыні,
Ніякі сцерці грэх яе не зможа,
Ніякія спакусы ўшчэнт, ані!
Бо сэрцаў глыбіня належыць Богу,
Хоць камянеюць сэрцы ад грахоў,
Бог дабраслаўляе ўсіх на перамогу
Сваёй пячаткай з надпісам "Любоў".
Яе ні з чым не параўнаць, не зблытаць,
Яна ратуе свет спрадвеку дзён,
Цудоўных пераменаў нам, малым, даць
Яна адна і можа! - Не праклён,
Не насыланне на злачынцаў кары,
Не прага помсты… Вер, што будзе цуд:
Бог аднавіць сваю пячатку марыць
У кожным з нас: заўжды, цяпер і тут!
Я, мы, ты, кожны ў сэрца сваё глянем,
Ці ёсць жа ў ім пячаткі Бога след?..
Ці я яе захламіў і запляміў,
А сам кажу: "Які ж сапсуты свет!.."
Адкінуць страх, няўпэўненасць, трывогу:
Для роспачы брак часу і прычын;
Свяціцца - ўсім - сваёй пячаткай Бога!
І цемру тым святлом перамагчы…
2-5 снежня 2020 г.
Прадчуванне снегу
Калі здаецца, толькі ноч і ноч,
І светлы дзень ніколі не настане,
Што толькі дождж у неба па праграме,
Ты ў роспач безнадзейную не збоч!
Хоць сэрца напаўняе смутак, шэрань,
А за дажджом ізноў шарэе дождж,
Прыслухайся…хтось стукаецца ў дзверы,
І чутна, хтось праходжваецца ўздоўж,
Уздоўж тваёй няверы, смутку, жалю,
Каб сэрца мілатою наталіць,
Каб акунуць цябе ў любові хвалю,
А ты баішся дзверы адчыніць…
А ты баішся, можа там злачынцы,
Бо свет няпэўны, жорсткі і глухі,
Або ліхія зноў прыйшлі чужынцы
Па твой астатні скарб найдарагі…
А можа, там анёл, пасланнік Бога,
А з ім - надзея, вера і любоў?
Ды страх працяў: а раптам там… ні-ко-га,
А толькі цемра, толькі дождж ізноў?..
Дзень так і не настаў… Спусціўся вечар
Чарговы на змакрэлыя двары;
Віхруе вецця з ветрам калатнеча,
Ні ліхтара, ні зоркі ў тым віры…
І раптам: белым-белая сняжынка
На шыбу легла радасцю вітаць!
Анёльская, бялюткая, скажы-ка,
Ці доўга яшчэ цемры панаваць?
Бялее зіхатлівая, не тае,
Нібы да шкла хтось твар свой прыхіліў…
І раптам з высяў - з краю і да краю -
Ўрачыста снег, як цуда, паваліў!
Снег як прышэсце, як трыумф надзеі,
Як абяцанне, што не вечны змрок,
Снег як прароцтва будучых падзеяў
Збаўлення, што рыхтуе нам Пан Бог…
31 снежня 2020 г.
Адкуль узяліся канваліі…
Букецік для Хрысціны Лялько ў дзень яе нараджэння
Змрок з маразамі над бел-светам сноўдаў,
Спалі анёлы пад снежнаю коўдрай,
Спалі, бо ўсё было лёдам скавана,
Ў скрыню няволі зімовай схавана,
Ключ жа згубіўся ў аблоках, у хмарах,
Што тут заседзеліся ў гаспадарах…
Але ж урэшце знайшоўся той ключык -
У промню сонца ласкава-пякучым,
Што з-пад тых хмараў заззяў, залучыніў,
Паадчыняўшы лядовыя скрыні,
Сонных анёлаў растурхаў, адкрылі
Вочкі яны, натапырылі крылы,
Імі патрэслі, на промню прыселі
І да гасподы нябёс адляцелі…
Ды, як ляцелі, патрэслі крылінкі
Па-над гародчыкам бабы Валінкі*,
Ўсюды ад крылцаў пылок панасеялі:
Папрарастаў той пылок - канвалеямі!
Склалі красы тае чыстай пярліны
Гэты букецік для пані Крыстыны.
* Баба Валінка - персанаж апавядання Хрысціны Лялько "Канваліі".
28-30.03.2021 г.
Уладзімір Васько
Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 па 2021 год. Жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021), "Неабдымнае" (2023), "Салаўіная радасць" (2024). Лаўрэат прэміі імя Анатоля Іверса 2022 года.
Вершы
Залетуценіцца
Зноў прабудзілася натхненне
і бачу ўсё за дымкай дня:
і белых воблакаў успенне,
і цень крылатага каня.
Малюю на экране неба
пейзажы восені глухой.
Чакае ціха снегу глеба,
Чакаем мы зімы з табой.
Карціць на лыжах,
лёгкіх, гнуткіх,
прабегчыся па цаліку,
дзе вецер спавівае ў скруткі
абрускі поля на скаку.
Залетуценіцца, запеніцца
і лес, і дол, і далячынь.
Хачу я ўбачаным пацешыцца
з узгоркаў - дарагіх вышынь.
25.08.2023 г.
Калейдаскоп
І я спагадлівы, і ты.
Ці добра гэта ці ганебна
ў стане жорсткіх і крутых,
Дзе прагнуць еўрыкаў
празмерна?
Да ведаў цяга - на нулі.
І думкі сталі, як шкілеты.
Якія буры замялі
пяском пустыні інтэлекты?
Як цукар смокчам нікацін.
Татуіроўкі брудзяць целы.
Дурман экранаў, бруд карцін.
Чый геній будзе ўцалелым?
А тут яшчэ забойстваў жах
і смертаносны шторм гарэлкі.
І скача па Зямельцы страх,
бы конь, што
выпусцілі з клеткі.
Такі вось, глянь, калейдаскоп-
сядзі, варочай - забаўляйся.
І дзе гарох, і дзе тут боб -
да цёмнай ночы разбірайся.
08.08.2023 г.
Памаўчы
Непаэты пішуць вершы -
і чытаць няма чаго.
Галавы, браток, не вешай.
Толькі б горай не было.
Во як рынуцца ў кнігарні
графаманы-рыфмачы -
ты тады вазьмі і гаркні,
а пакуль што памаўчы.
27.10.2023 г.
Пуга
Свішчы, паэтычная пуга,
на вуліцах і ў дварах,
палохай скапленні нядугаў,
наводзь на мярзотнікаў страх.
Сячы па плячах і па локцях,
каб выраслі пульхіры.
Прывыклі таптацца ў балоце,
гарэлку жлактаць ды курыць.
А хто будзе рэйкі варочаць,
у будучыню зазіраць,
не слухаць, што
Вангі прарочаць,
а смела ў космас лятаць?
Краіна не любіць панылых,
уцякаючых ад атак.
Чаму нам не браць
прыклад з Ніла?
З Гілевіча? Так, так, так.
Свішчы, неаслабная пуга,
у шапку не спі ані дня.
Уцёк ад жыцця нехта Пуга -
самазабойцаў спыняй.
12.11.2023 г.
Пры сустрэчах
Ах, людзі, людзі, вы - нібы мурашкі,
у вечных клопатах, у нейкай мітусні.
То цягне вас да працы, то да пляшкі,
то да таго, што і Ньютон не сніў.
На вуліцах, у крамах пры спатканнях пытаемся:
- Ну як яно жыццё-быццё?
- Ды нешта во смыліць ужо ў суставах.
- А ў мяне дрыжака-калаццё.
І мала хто пахваліцца:
- Выдатна!
Цягаю штангу, ем усё падрад.
Заглядваюся на жанчынак здатных
і не заводжу з лекарамі блат.
Во малайчына гэты дзядзька дужы.
Ён аптыміст, не скардзіцца, не п'е,
смяецца ва ўвесь рот, зусім не тужыць,
як прасціну, хвароб не цягне на сябе.
І я такі напорысты, як Прыпяць.
Магу каня альбо быка падняць.
Не трэба пры сустрэчах хныкаць-мыкаць
і толькі пра хваробы размаўляць.
30.10.2023 г.
У непагадзь
Застой … І глухое бязтэм'е …
Будні шэрыя, як сава.
Ціхіх воблакаў бабіна зрэб'е.
Парыжэла пад старасць трава.
Не намацаць бліскучых эпітэтаў,
а намацаю - не ідуць.
Ці навяжа зіма белых світэраў,
ці ўсталюецца каламуць?
Мо, як летась, прабудзе бясснежжа,
і метафара - носам у гразь.
Ліпічанскі гушчар, Белавежжа
зарыкаюць зубрына ў адказ.
Ды сінічак гуллівыя рыфмы
не схавае ў тумане зіма.
Мой радок не ўрэжацца ў рыфы:
іх у Нёмане нашым няма.
Цьфу застой! Адкасніся нарэшце!
Я і ў непагадзь зоркам спяю:
новых слоў мне, як сечкі, нарэжце
і насыпце ў торбу маю.
10.11.2023 г.
Прыхільнасць
Мала людзей прыхільных,
менш, чым бяздомных катоў.
Зробіцца лёс твой палынным -
не адгукнецца ніхто.
Той спіну над зваркаю горбіць,
шукаючы дзіркі ў трубе,
а гэты нічога не робіць,
ды граблямі грошы грабе.
А нехта ў ботах гумовых
варочае ў смецці нулі:
ніхто за яго не замовіць,
каб на работу ўзялі.
Чакае пакутліва лета,
бо хочацца шчаўя набраць,
схуднелая ў дошку кабета,
багатым на ўсё напляваць.
На звалку пайшло спачуванне,
прыхільнасць украў нейкі зброд,
а мы ўсё бубнім пра каханне,
пра чорныя бровы ўразлёт.
11.11.2023 г.
Варажба
Хто прыйдзе да нас у паўмзроку?
Мучыцель? Мысліцель?
Хто бервяно знойдзе ў прарока ў воку?
Душыцель? Казніцель?
Хто цвёрдасць прыдасць майму кроку?
Ганіцель? Натхніцель?
Хто пераважыць на вагах планету?
Падпальшчык? Тушыцель?
Прышэльцы з касмічных прастораў
нас падманулі, надулі -
і робім снарады, бы скручваем дулі.
Будзем змагацца бясконца
ці жыць памяркоўна і ў згодзе?
Падумай, народзе.
Хто прыйдзе да нас
Праз стагоддзе?
Падумай, народзе.
17.11.2023 г.
* * *
Не пішацца штосьці, хоць пазногці грызі.
А што за прычына - не ў сілах уцяміць.
Як быццам іду басанож па гразі,
а ў небе бяскрылыя коні лятаюць.
Нахапаў уражанняў - хоць адбаўляй,
ды ў вершы яны не імкнуцца, не лезуць.
Падкінь мне натхнення, бярозавы гай,
пашлі на спатканне дзяўчыну-гарэзу.
Яна можа ўзрушыць, дарогу праб'е
да светлых, прасторных паветраных замкаў,
альбо разам з мною і тое прап'е,
што не ўкрала старая цыганка.
18.11.2023 г.
Ля акна
Трапяткія, гнуткія галінкі
праганяюць лёгкі ўсплеск тугі.
Праз акно гляджу і штохвілінкі
ўспамінаю воблік дарагі.
Там, на гэтым гладкім тратуары
прыгажуню летась я сустрэў.
На яе ружовым светлым твары
нараджаўся радасны напеў.
Трэба ж так запасці ў сэрца, трэба,
што не мог вачэй я адарваць.
Хто яе паслаў насустрач з неба,
каб імгненна так зачараваць?
Больш яе не бачыў я ніколі.
Во які няўдачлівы Адам!
Можа прычакаю лепшай долі
і сустрэну зноў дзяўчыну там.
23.11.2023 г.
Самапародыя
Няхай мяне цунамі абміне:
іду праз акіян паэзіі ўброд.
Хоць прозвішча кашачае ў мяне,
ды і мурлыкаю, як Васька-кот.
Так многае вабіць
Хаджу пры ўзлеску, па полі,
вачыма лаўлю прыгажосць.
Чакаю, калі ў прыполе
хмара прынясе цёплы дождж.
Так многае вабіць і кліча!..
Мне хочацца бачыць і чуць
той слуп, што стаіць, нібы клічнік,
пра што правады з ім гудуць.
Прастрэльваю позіркам далі,
не ведаю стомы і сну,
збіваю магнітныя хвалі,
цалую, як дзеўку, вясну.
Жыццё яшчэ не пражыта,
і я маладзенькі такі:
рукою прычэсваю жыта,
вышукваю ў ім васількі.
Працую настырна, у поце,
частую прасторамі ўсіх,
пакуль не ўвязну ў плоце
абмежаванняў ліхіх.
23.11.2023 г.
Наранку
Схамянуўся? Дзе я, хто я?
Ява ўжо прыйшла, а сон не знік.
За акном шуміць старая хвоя,
і далёка грукае цягнік.
Я на дачы. Лес цераз дарогу.
Белыя аблокі ў вышыні.
Памалюся ціха, сціпла Богу,
пагартаю пройдзеныя дні.
Светлыя і вабяць, і уздымаюць.
Змрочныя не буду ўспамінаць.
Салаўі пра добры час спяваюць.
Эх, каб я ўмеў так спяваць!
Плямы ночы растаюць, знікаюць.
Весялей становіцца і мне.
Раніцу на ганку сустракаю,
як дзяўчыну, што кахаў раней.
Свежы ветрык прагне цалавацца
са шпакамі, яблынямі, мной.
Здатна летам у паднябеснай хаце.
Будзе здатна некалі й зімой.
18.03.2024 г.
***
Праз цемру іду на святло,
шукаю ў смецці золата,
каб вымахаць з часам у волата.
Ах, смеласць! Эх, было - не было!
Пярэгарадзь мной не ўспрымаецца,
хоць без яе не пражыць.
А слава здаля ўсміхаецца,
гарэзай насустрач бяжыць.
Аблезлыя фарбы снежня я
збіраю, бы ў лесе грыбы.
Сустрэнецца дзеўка смешная -
за век яе не забыць.
Чупырыцца гурба снежная,
і лёд ляжыць на вадзе.
Душа мая цёмная, грэшная,
куды ты мяне завядзеш?
06.04.2024 г.
Схільнасць ракавая
Люты звер дабрэй за чалавека:
іншы раз і абміне здалёк.
А ў мундзіры чорным недарэка
прама ў вас націсне на курок.
І пры гэтым усміхнецца едка,
быццам ты пад месяцам нішто.
Во па кім стагоддзі плача клетка.
Для яго, бы смецце вальс-бастон.
Да забойстваў схільнасць ракавая,
як ад пекла важкія ключы:
- Ах ты свалата такая-рассякая!
Атрымоўвай кулю і маўчы.
Падалі сыны і Беларусі,
і Расіі, і другіх краін.
Да забойцаў я ўсё ж дабяруся,
абуджу іх карніцкі ўспамін.
Кроў пралітая адпомсціць просіць.
Голас ёсць і ў сэрца, і ў крыві.
Чую, у Хатыні час галосіць:
- Генацыдчыкаў усіх пералаві.
21.10.2023 г.
Азарэнне
Азарэнне прыходзіць само,
(сілай волі яго не прыцягнеш),
разганяе душэўны твой смог -
усё па-іншаму ўспрымаеш.
Позняй восенню дзень быў благі:
дождж цадзіўся, падкрадваўся смутак,
і хмара, як аблога тугі,
не знікала ўжо некалькі сутак.
Ды сустрэлася ты на прычале Надзей
і ўсмешкай сваёй азарыла
і самотныя ліпы, і твары людзей,
і дамы, і мяне прасвятліла.
Быццам хтосьці скамандаваў: "Стой!
Доўга стой, упівайся ўсмешкай".
І хмара адплыла над табой, пад табой
з цёмнай хваляй анежскай.
22.10.2023 г.
Не туды ідзе
Войны пакурожылі планету.
Як спыніць іх? Як у час паспець?
Нездарма ж прыдумалі ракету,
што разносіць безадказна смерць.
Менш і менш куточкаў чыстых, ціхіх.
Перарые іх ушчэнт ваенны крот.
Будзем есці не свежы мёд з грачыхі.
А атруту запіхаць у рот.
Мабыць перабольшваю? Магчыма.
Але бачу свет наш не туды ідзе.
Лыпае Зямля трывожнымі вачыма,
паратунку просіць у людзей.
26.10.2023 г.
Байкі
Львы і буйвалы
Паганец-леў на буйвала напаў,
хацеў спатоліць голад масай мяса.
Ды той яго паставіў на-папа
і галаву драпежніку расквасіў.
Падбіты леў знядужана зароў,
суродзічаў паклікаў ён, нягеглы, -
і тыя закрычалі: "Кроў за кроў!"
І на падмогу беднаму прыбеглі.
Прыбеглі, як фанаты на футбол,
не пазычаючы звярынай хваткі,
і павалілі буйвала на дол,
і рвалі яго тушу на кавалкі.
А статак буйвалаў стаяў, маўчаў,
не кінуўся на паратунак брата,
драпежнікаў калечыць не пачаў, -
шукай цяпер, хто ў смерці вінаваты.
07.11.2023 г.
Караед
Някідкі, непрыгожы караед
на тоўстай хвоі распачаў абед.
Ды тут аднекульдзяцел прыляцеў
і задзяўбці нягодніка хацеў.
- Панок, - заплакаў караед, -
не еш мяне, я даўні твой сусед.
Ты лепш - на мыш унізе нападзі,
яна тлусцейшая, чым я. Глядзі!
- Ты не задурвай мне, падонак, галавы.
Мыш - страва вунь для той савы.
А ты - наедак добры для мяне.
Ты ведаеш, за што цябе народ кляне?
За тое, што кару ціхмя грызеш,
і з-за цябе хварэе, сохне лес.
- Панок, - мацней узмаліўся караед, -
то ж, радыяцыя прынесла процьму бед,
і дрэвы засыхаюць ад яе.
А я кары аніякой не ем.
- Хітруеш, братка, - дзяцел тон прыўзняў
і караеда дзюбай прыпадняў. -
Вось зараз праглыкну за твой падман
і змоўкнеш, як прырэзаны баран.
- Вялікасць Ваша, - мовіў караед, -
я хворы пандэміяй, я амаль шкілет.
І скула ў мяне гнаіцца на гарбе,
баюся заразіць, паночак, і цябе.
- Цьфу, ты паршывец, - дзяцел аж збялеў
і караеда выплюнуў на мурашыны хлеў.
І там мурашкі з'елі хітраца.
Так і дадыбаў ён да горкага канца.
___________________
Да ўсякіх шкоднікаў прыходзіць пакаранне,
не гледзячы ні на пасаду, ні на званне.
26.11.2023 г.
Камар-паклёпнік
Камар паклёп наводзіў на пчалу,
што злосная яна і колецца іголкай,
на твар вам можа пасадзіць скулу
і ўкусіць мінака праз порткі.
Мёд хоць збірае, дык сама і есць,
а пчаляру дае адны аб'едкі.
І муж яе, і мужаў тлусты цесць
зачаста прыпадаюць да гарэлкі.
Пчала не папракае іх, маўчыць.
Яшчэ і мёд прыносіць на закуску
і ад кладоўкі аддае ключы
за паўкілішка згары ці за буську.
Дачуўся пра паклёп пчаліны муж
і камара наводмаш моцна ўдарыў:
- Ты што наводзіш плёткі, чортаў вуж?!
Я і не нюхаю ні піва і ні згары.
- Я? Я не я, - заёрзаўся камар. -
Мо гэта чмель ці божая кароўка…
Ды тут жа атрымаў другі ўдар -
і стаў паклёпнік месцам мокрым.
_______________
Калі ў цябе завузкаваты лоб
і сам ты закажэнены і вялы,
дык не наводзь ад зайздрасці паклёп
на чэсных, працавітых і ўдалых.
02.12.2023. г.
Чалавек і малпа
У Афрыцы пад пальмаю сядзеў
прыезджы з Беларусі нехта Цішка.
Ён нешта ў адзіночку піў і еў,
і да яго прыдыбала мартышка.
- Ты наш патомак, - мовіла яна. -
Праз працу спрыту, розуму набраўся
і прыахвоціўся патроху да віна,
і спакваля да Месяца дабраўся.
- Ну некалі Чарльз Дарвін так казаў:
што чалавек пайшоў усё ж ад малпы,
а ад каровы і быка - каза,
а дуб нібыта ад прыгожай пальмы.
Ды я не веру гэтаму ані.
І ты падстаў і доказаў не маеш.
Цябе вось тут хоць качаргой забі -
ды чалавекам ўсё-такі не станеш.
Не, ты не маеш рацыі, мартышка.
І не працягвай лапу да кілішка.
02.12.2023 г.
Прымак
Казёл пайшоў у прымы да казы.
Яна яму спачатку дагаджала:
і дапускала да свае казны,
і ўволю есці й спаць давала.
Пасля патроху пачала бурчаць,
што ён занадта многа курыць,
пры людзях пачынае моцна чхаць,
што аж палохаюцца куры.
Сабаку злоснага аднекуль прывалок,
які ўсю ноч на месяц вые.
І сам, бы круглы абібок,
ёй ні спадніцаў, ні панчох не мые.
Разневаўся абураны прымак
і зноў вярнуўся ў сваю хаціну,
садзіў цыбулю, украдкай сеяў мак,
трымаў курэй, рагатую скаціну.
А ў казы ўсё пайшло не так:
ні дроў няма каму калоць, ні рэзаць сечку,
ні на кавалкі раздрабніць бурак,
ні ад свіней адгарадзіць авечку.
Прыйшла каза да прымака сама:
- Вяртайся, галубок, у мой закутак.
Я буду смажыць акуня, сама
і ваксаваць твой кірзавы абутак.
Але казёл той ганарлівы быў
і забляяў надрывіста і строга:
- Рабы, нахабніца, не мы, мы не рабы.
Шуруй, пакуль я добры, ад парога.
08.12.2023 г.
Ваяўнічы хрушч
Хрушч неяк з клёна папракнуў Жука:
- Чаго ты капашышся ў конскім гноі?
Такога ад цябе я не чакаў…
Я думаў: ты - сапраўдны воін.
Цябе ў атаку, пэўна, не падняць…
Туляешся ў ацепленых акопах,
а каларадскія жукі даўно сядзяць
на бульбе міліённым скопам.
Ты мог бы іх усіх перадушыць
і вызваліў бы бульбу ад навалы.
Не разумею, як так можны жыць
паблізу ад няўзброенай аблавы.
Я дык лятаю, як навейшы дрон,
і тых, хто ўнізе, болей не баюся.
Я - маршал Жукаў, я - Напалеон!
Ля сённяшніх герояў бокам труся.
- Ну й разышоўся ты, таварыш Хрушч.
Да палкаводцаў трэба быць спаважным.
Запудраныя вочы больш расплюшч.
Недастаткова ў бітвах быць адважным.
Так, смеласці ў цябе - хоць адбаўляй,
а розуму - я не скажу, што процьма.
Ты там на клёне дурня не валяй,
а лепей да майго туліся локця.
- Не, Жук Жуковіч, ты - хоць мой сваяк,
ды не магу я цешыцца табою,
бо я прывык да штурмаў і атак,
а ты ў нару хаваешся ад бою.
- А … Кожнаму сваё, - прамовіў Жук. -
Я буду чым далей ад ўсякай бойні,
а ты, як самы ваяўнічы зух,
змагайся з машкарой на гэтым клёне.
09.12.2023 г.
Махлярка
Варона каркала на дрэве пра бяду,
як быццам хто яе сціскаў за горла.
А голуб варкаваў ля лаўкі на хаду,
казаў, што ўсё ў нас пойдзе вельмі добра.
Яго любілі ў двары ўсе:
хто кіне крошак, хто пшаніцы сыпне.
Ён падрастаў, мажнеў тут пакрысе
і быў удзячны людзям за гасціннасць.
Сцвярджаў, што на Зямлі наступіць мір,
і будзем жыць па светлых Божых планах,
не ўздрыгнуць ні Карпаты, ні Памір,
і на душы ў народаў стане файна.
А гэтая адлюдніца ўгары
бясконца каркала пра войны і пажары.
Казала: свет наш у агні згарыць
альбо загіне ад атрутнай згары.
Варону праганялі мы з двара.
"Акыш! - крычалі. - Вон адсюль, пляткарка!
Табе здыхаць даўно ўжо пара,
а ты не сціхаеш гэтак каркаць."
Ну, а яна ўсё пра сваё ды пра сваё,
нібы не можа жыць без ашуканства:
"Вам не пазбегнуць стратаў і баёў,
канфліктаў, землятрусаў, хуліганства."
"Не, ты дурная! - крыкнуў галубок. -
Не блытайся ў падманлівых прагнозах,
Бо нехта скруціць галаву набок -
і не заплача па табе твая бяроза."
Варона ўздрыгнула і паляцела прэч,
А галубок застаўся каля лаўкі.
Лепш пазбягаць з пляткаркамі сустрэч
і не ўспрымаць, што каркаюць махляркі.
10.12.2023 г.
Гісторыя з шашком
У дзядзькі прозвішча было Шашок,
і да яго ў двор панадзіўся шашок.
Найбольш ён нападаў на куранят.
Ой, спрытны ж быў і хітры гэты гад.
Задушыць куранё і валачэ за хлеў,
дзе ён пад жэрдкамі сваю кватэру меў.
А дзядзька не лічыў тых куранят.
Агледзеўся, калі іх стала ўжо няшмат.
Спярша падумаў ён пра каршуна,
ды не была даказана яго віна.
Стаіўшыся Шашок стаў пад хлявом,
каб абязвечыць злодзея калом.
Ды той быў з розумам - не пень, не пень:
з-пад жэрдкаў не вылазіў цэлы дзень.
Ход пад падмуркам пракапаў шашок
і ноччу прабіраўся ў хлявушок.
Ды неяк певень на яго напаў,
задзёўбаў, уцячы назад не даў.
Наранку дзядзька дзверцы адчыніў -
ляжыць шашок, навек ён тут спачыў.
_____________
Хоць красці чужое часам удаецца,
на нечым злодзей ўсё-ткі пападзецца.
12.12.2023 г.
Баравік і мухамор
У лесе мухамор і баравік раслі
і між сабою спрэчкі завялі.
- Ды я, ды мы! - выкрыкваў мухамор. -
Мяне шануе й паважае бор.
А на цябе й асіна не глядзіць.
Ты не ўмееш людзям дагадзіць.
Я ростам вымахаў - глядзі які!
А ты плюгавы нейкі і брыдкі.
І шапка ў кропачкі прыгожая на мне.
Жыву я ў роскашы, купаюся ў віне.
А ты на лоб напяліў капялюш,
не бачыш, як паўзе паблізу вуж.
Ды і нага ў цябе, як не нага,
а нейкая рабая булава.
Мяне не абмінаюць вепрукі,
і песні пра мяне пяюць гракі.
- А можа каркаюць, - заўважыў баравік
і перайшоў ужо амаль на крык. -
Ты каркання дастойны - і не больш,
найболей здатны трапіць пад галёш.
Ды што ты акалесіцу тут прэш?!
Атруту ты ў сабе нясеш.
Цябе футболяць у лесе грыбнікі,
ласі, казулі, вепрукі.
Паганец ты, зануда-мухамор,
пра гэта нам пяе сасновы хор.
Нікчэмнасць ты, смярдзючы мухамор.
Так, ад цябе ўпадаюць мухі ў мор.
Мне сорамна з табой вось тут стаяць,
яшчэ й пра нешта ўголас размаўляць.
Абходзьце мухамора лепш здаля:
ён не каштуе дохлага нуля.
______________
Мо й між людзей дзе мухаморы ёсць,
якія ў свядомасці, бы ў горле косць.
16.12.2023 г.
Карась
Мацёры, пазалочаны карась
зашыўся каля берага ў гразь.
Над ім насілася гуллівая платва,
прастрэльвалі вадзіцу шчупакі.
І ўбачыла паўсонная Дзітва:
ідуць сюды з аглядкай рыбакі.
- Тут некалі, я помню, быў кар'ер, -
прамовіў барадаты браканьер. -
Яго злучылі трактары з ракой,
і рыбы тут - хоць ты хапай рукой.
Давай закінем невад, можа, тут
і рыбу возьмем у густы хамут.
- Я згодзен, - адказаў другі рыбак, -
а як яго закінуць? - А вот так:
на беразе расцягнем невад нахаду
і кінем грузікамі ў ваду.
Так і зрабілі. І за вераўкі
свой невад выцягнулі рыбакі з ракі.
Было ў ім многа плоткаў, шчупакоў.
Ды рыбнагляд набег з усіх бакоў.
Аштрафавалі рыбакоў, забралі снасць…
… На іх данёс па рацыі карась…
08.01.2024 г.
Парады
Дабралася да шапкі з норкі моль -
і дзядзька (не германскі канцлер) Коль
не ведаў, як і што тут з ёй рабіць,
і стаў парады ў людзей прасіць.
Вінцук сказаў:
- Насып на поўсць паўжмені тытуню.
Яна яго баіцца, як агню.
Коль пенсіі не шкадаваў
і цыгарэтаў многа накупляў.
Расцёр іх, і тытунь на поўсць паклаў:
- Тут будзе, моль, табе другі анклаў.
Ды моль не здохла - стала яе больш,
і нават завялася ў поўсці вош.
Фадзей параіў:
- Дзядзька Коль,
пасып па шапцы густа-густа соль.
Праз тыдзень паздыхае моль твая -
і шапка стане зноў, як новая.
Засыпаў шапку соллю дзядзька Коль -
і, праўда, паздыхала тая моль.
Але чаго заплакаў бедны Коль?
Раз'ела поўсць і нават шкуру соль.
09.01.2024 г.
Воўк-прадпрымальнік
Адкрыў буфет у лесе шэры воўк,
навешаў шарыкаў на дзверы і акно,
каб павялічваўся звяроў прыток,
пілі гарэлку, каньячок, віно.
Пераступіў парог найпершым рысь:
- Па чым сто грамаў?
- Я прашу пятак.
- А ёсць хоць чым гарачанькім загрызць?
- Ёсць піражкі, падсмажаны шчупак.
Паскробся па кішэнях хітры рысь -
а там пустэча:
- Грошыкаў няма.
- А ну адсюль хутчэй, галота, брысь!
Не дам табе я выпіць задарма.
Рысь выскачыў і плюнуў на сцяну,
і зноў палез на тоўстую сасну.
Наступным ўвайшоў вялікі лось,
павёў вачыма пільнымі наўскось:
- Па чым каньяк вунь той "Напалеон"?
- Па сто рублёў каштуе сёння ён.
Лось ад здзіўлення гучна так зароў,
што ў ваўка ажно застыла кроў.
Сахаты развярнуўся, выйшаў вон:
- Гарыць ён гарам твой "Напалеон"!
Праз паўгадзіны завітаў мядзведзь:
- Чым тут нутро мне з холаду пагрэць?
- Ёсць "Першачок", "Бульбаш" ну і "Сваяк",
ёсць адмысловы, шасцізоркавы каньяк.
- Налі чатыры шклянкі "Бульбаша",
але пра мой візіт у лесе ні ша-ша,
і сам за дружбу трошкі хлебані,
аднак пра мой візіт нікому ані-ні.
Пілі мядзведзь з ваўком пакуль маглі…
Пасля раптоўна біцца пачалі.
Мядзведзь ваўка за хвост да бэлькі прывязаў,
а сам яго буфет абрабаваў.
Прыйшла ваўчыца:
- Ты чаго вісіш,
як Мусаліні, галавою ўніз?
- Валтузіўся з мядзведзем доўга я,
і ён мяне да столі прыпадняў,
а сам буфет дачыста абакраў.
- Казала, шый з авечых шкураў кажушкі,
а ты ўсё марыў пра грашовыя мяшкі…
Ты сам з мядзведзем, бачу, налізаўся…
Як дурнем быў, так дурнем і застаўся.
Ваўчыца перарэзала вяроўку й воўк
упаў, пабіўшы, аб падлогу бок.
17.01.2024 г.
Бурнос і тэлевізар
Аднойчы незадумлівы Бурнос
дадому новы тэлевік прынёс.
Сядзіць у мяккім крэсле, нібы пан,
і цэлы дзень глядзіць ён на экран.
Абрыдла тэлевізару трываць -
і ён пачаў Бурноса папракаць:
- Ну што ты пяліш зрэнкі на экран,
як на вароты новыя баран.
Ты ж бачыш, я кручу біліберду:
як есці даць сабаку ці кату,
як смажаць рыбу, блінчыкі пякуць,
як дровы сукаватыя сякуць.
Няўжо табе такое па душы?
Ці без мяне ўжо ты не ў стане жыць?
Мо даў бы мне хоць трошкі адпачыць?
Прашу цябе, шаноўны, адключы.
Бурнос прыкінуўся, што спіць,
прыжмурыў вочы і маўчыць.
Пасля як схамянецца, закрычыць:
- От, не дуры мне галавы, экран!
Я сабе - і парабак, і пан,
і што хачу, дык тое і раблю.
А будзеш балбатаць - другі куплю,
на кухні прымацую да сцяны,
што не пакажа ён - мне хоць бы хны.
- Ну ты і "ўсяядны" тып, Бурнос.
Табе хоць жабу пакладзі пад нос.
20.01.2024 г.
Кот-зомбі
Сівенькі дзед ў вёсцы жыў з катом,
дзяліліся яны сырком і малаком,
хадзілі разам у каморку ды і ў хлеў,
дзе кот лавіць мышэй выдатна ўмеў.
Да іх дваіх не лезла ў твар бяда.
Сябрамі сталі - не разлі вада.
Ды ўбачыў неяк у каморцы дзед:
грызуць мышакі бульбу на абед.
Ніколькі не баяцца ўжо ката,
нібыта ён ім - родненькі братан.
Пасля яны гулялі ў чахарду,
скакалі ўжо на галаву кату.
Глядзіць ў поўным недаўменні дзед:
хто тут наладзіў ім кардыбалет?
- Баюн! - аклікнуў ён ката. -
Скажы мне праўду: што за ерунда?
Чаму не нападаеш на мышэй?
Ці ты не бачыш іх? Ці слых уцёк з вушэй?
- Я - зомбі, дзед, і не магу хоць што зрабіць,
каб гэтых грызуноў пералавіць.
- А хто ж цябе паспеў зачараваць?
- Ды пацукі, калі ты ўлёгся спаць.
І я цяпер пад дудку іх скачу,
дзе трэба мяўкаць, я, дзядок, маўчу…
07.02.2024 г.
Грак і рак
- Ну, як жывеш ты, паважаны рак? -
спытаў з алешыны цікаўны грак.
- От, варушуся ў вадзе сяк-так,
як той на хутары стары дзівак.
Я ўжо на пенсіі даўно сяджу
і часта знізу на цябе гляджу.
Табе зайдрошчу я, шаноўны грак:
ты воблакам і дрэвам, як сваяк.
А я сяджу тут ціха пад карчом
і з шыцікаў рыхтую суп "харчо".
- Ці чуў, што ва Украіне йдзе вайна?
Мо ведаеш, калі закончыцца яна?
- Чуць-чуў, але канца ёй не магу ўгадаць …
Табе ж з-пад неба, можа, лепш відаць?
Ты лётаеш туды-сюды, як дрон.
А ў мяне ў вушах ад ціску звон,
і зрок сягае толькі да цябе
і да вароны той, што на вярбе.
Так што, як прыйдзе той вайне канец,
паведамі мне, чорненькі мудрэц.
- А ў цябе мабільнік ёсць там, пад вадой?
- А як жа, я нашу яго заўжды з сабой.
Грак каркнуў і ўзяў кірунак на Херсон.
Яго там збілі: прынялі за дрон.
22.02.2024 г.
Яўхім, сабака і блохі
Яўхім бадзячага сабаку прыручыў
і на канапе спаць яму дазволіў -
і той багата блохаў напусціў,
якія далучыліся да молі.
Яўхім любіў славуты лідскі квас:
пры Жэўжыку хлябаў яго без меры -
і блохі перакінуліся ўраз
на памяркоўнага гаспадара кватэры.
Калі Яўхім піхаў скарынку ў рот
і нешта смачнае трымаў у жмені,
яны на карк скакалі, на жывот,
і на худыя вострыя калені.
Перадушыць іх гаспадар не мог:
яны хаваліся ў адзенне, пад канапу -
і развялося гэтых самых блох
больш, чым смярдзючай поўсці на сабаку.
А ноччу пад дзвярыма лаз знайшлі,
прабраліся на лесвіцу адважна
і, бы паротна ў наступленне йшлі,
кідаліся на сціплых і на важных.
Такімі хутка-спрытнымі былі,
што казыталі ўжо дзяўчатам пяты,
і неўзабаве даскакаць змаглі
ад першага паверха аж на пяты.
Сусед Яўхіму выказаў папрок:
- Чаму ты дыхлавосам блох не морыш?
Яны ўжо мне на рукі - скок ды скок…
- От, не пляткар, Захар, у калідоры.
14.03.2024 г.
Лешч і клешч
Паганы крывапійца-клешч
глядзеў, як плавае прыгожа лешч,
і, вусы растапырыўшы, спытаў:
- Што ты ясі, рачная бедната?
- Усё запар. Не галадаю я.
- А я дык упіваюся ў каня,
у чалавека, соннага лася,
у тлустую свінню і парася.
Ты п'еш вадзіцу там, на дне,
а я чужую кроў. Я, ляшчучок, такі.
- Знайшоў хваліцца чым… Ты паразіт!
Ты людзям і жывёлам так адбрыд,
што кожны рад цябе пераўтварыць у прах
на сенажаці, у лесе, у дварах.
- Мяне не проста, ляшчучок, злавіць:
я навучыўся непрыкметна жыць.
Я поўзаю пад лісцем, пад травой.
Як той казаў, я хлопец з галавой.
Дык бег аднекуль гонкі конь-скакун
і скінуў капытом кляшча ў раку.
А лешч шукаў яду, плыў наташчак -
і тут жа ўхапіў упаўшага кляшча.
22.03.2024 г.
Сцяпан і баян
Не малады, дапытлівы Сцяпан
купіў стары, падношаны баян.
На ім пачаў вучыцца ён іграць
і пальцамі стаў гузікі кранаць.
Але мелодыю не знаў, як падабраць.
На гузікі націсне ён наўгад,
а ў баяне тым бяспровідны разлад.
- Ды што ты, Сцёпа, - зарыпеў баян, -
не ўводзь сябе ды і мяне ў зман,
бо слуху ў цябе зусім няма -
такога я і не прысніў дзярма.
А Сцёпа гне па-грубаму сваё:
- Няўжо такі я невук, ё-маё?
А можа ты няўмека, хлус-баян?
Ты хоць бляі, як той рагач-баран.
А то: то па-дурному зарыпіш,
то засапеш, альбо зусім маўчыш…
З цябе не выціснеш мелодыі ніяк,
ты як разбіты на кавалкі гляк.
Ну як такіх сварлівых прымірыць,
калі ўнутры ў іх усё хрыпіць?
07.04.2024 г.
Ганна Гайдукевіч
Ганна Іванаўна Гайдукевіч нарадзілася ў вёсцы Дакудава ў сям'і работнікаў калгаса. Пасля заканчэння Дакудаўскай сярэдняй школы вучылася ў Гарадзенскім музычна-педагагічным вучылішчы, а затым у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (філалагічны факультэт, беларуская і руская мовы). Працавала ў школах Лідчыны, дваццаць гадоў - у Лідскім педагагічным вучылішчы (цяпер Лідскі каледж) выкладчыкам музыкі, беларускай мовы і літаратуры. Зараз на заслужаным адпачынку.
Вершы Ганна Гайдукевіч спрабавала пісаць яшчэ ў школьныя гады, але тыя першыя спробы лічыць няўдачнымі. Вельмі доўгі час вершаў не пісала: шмат часу і сіл трэба было аддаваць працы і сям'і, да таго ж каля трыццаці гадоў спявала ў ансамблі песні і танца "Лідчанка", рэпетыцыі таксама патрабавалі сіл і часу.
І толькі ў пачатку 2020 года Ганна Іванаўна прысвяціла сябе паэзіі. Можна сказаць, паэтычная муза прыйшла да яе ў сталым узросце. А падахвоціла яе да напісання вершаў сяброўка і зямлячка Ірына Маркевіч, актыўная ўдзельніца літаб'яднання "Суквецце". "Калі сачыненні ў свой час пісала добра, чаму б не паспрабаваць сябе ў вершах?" - вырашыла Ганна Іванаўна і таксама ўлілася ў калектыў літаб'яднання.
Асноўныя тэмы яе вершаў - вёска, вясковае жыццё, родныя людзі, сябры і знаёмыя, спрабуе сябе таксама ў напісанні гумарыстычных вершаў, баек.
Ганна Іванаўна друкавалася ў "Лідскай газеце", альманаху "Ад лідскіх муроў", а яе верш "Сіні-сіні" быў надрукаваны ў газеце творчай інтэлігенцыі Беларусі "Літаратура і Мастацтва".
У 2023 годзе ў Менску выйшла першая кніга аўтара "З душой і жартам".
Родны бераг
Мой родны кут -
Сівога Нёмна
Прыбярэжжа…
Бацькоўскі дом,
Вакол - садок…
Паўзбоч -
Палёў, гаёў
Пяючае бязмежжа,
І росціл лугу
Па той бок…
…Блакіт вясновы
Над падворкам…
Там басанож
Калісь хадзіла.
На сэрцы -
Радасна, і горка:
А ні вазоў,
А ні людзей…
А ўва мне голас
Мамін мілы:
"Дамоў,
Дачушка,
Едзь хутчэй!".
Даўно ў Дакудава
Не клічуць…
Ад ліпаў, што за хатай, -
Пні…
І сад, падобна,
Час свой лічыць -
Дакалатаў бы
Да вясны…
А сцежку,
Што вяла к парому,
Нат днём з агнём
Не адшукаць.
Прыбой дзяцінства!..
Невядома,
У сне якім
Цяпер спаткаць?
Бывала, як
Нядзелька прыйдзе -
Ні чалавечка
Каля дома.
Ніхто не томіцца
На прызбе -
Дыхтоўна
Танчаць
На пароме.
Абцас юначы
Рытм трымаў.
Танцоры макам
Рассыпалі.
У лад
Старэнькія
Пляскалі,
Паром па Нёмне
Хвалі гнаў.
Ускрыляла
Музыка баяна -
Пяюна
Дзядзькі Ігнася!
Прыпеўкі нават
Дзеці зналі -
Іх чула,
На веру здайся,
Уся Зямля…
…Гадоў мінула…
Хваль у Нёмане
Сплыло
Не менш.
Мой кут! Мой родны…
Хачу дадому -
А да каго?..
Хоць плач, хоць енч…
Маё Дакудава
Маё Дакудава
над Нёмнам…
Куточак любай Беларусі,
У былым з паслугаю
паромнай…
Табою, вёска, ганаруся!
К табе лячу ў душы
з уздымам,
Як госця ў дом маіх бацькоў,
Дзе бульба ў печы
пахне дымам,
Падворак - поўны парсюкоў.
У вайну была ты
партызанкай,
Фашыст караў цябе агнём…
А сёння - вольная сялянка,
З бусліным клёкатным
гняздом.
Віруе ў Нёмане вадзіца
У промнях сонца
крышталём.
І радасць у прасцяг бруіцца -
Я… з журавінавым кастром.
Куды тут толькі ні блукала,
Галышкай па рацэ плыла,
А з ганка мамачка гукала:
- Даіць Красуню ўжо пара!..
Наш сад і зараз -
быццам райскі,
Крамяны яблык у руцэ…
Адам - не побач…
"Укусіць не дайся!" -
Блісне слязінка па шчацэ…
А Банева!.. Грыбны куточак.
Лісічкі, маслякі…
Заскочаць самі -
Настаў кошык,
Што ў суп,
Што ў сушку на шнуркі…
…Маё Дакудава!..
Тут сэрцу мілы
І луг - прыбрэжжа да ракі,
І пчолкі, што звіняць гулліва,
Мялісу нюхаюць з рукі…
Куточак любай Беларусі,
Старонка - Спадчына імя.
З усіх дарог к табе імкнуся,
Мая радзімая зямля!..
Сіні-сіні
Пакуль лісток шуршыць асенні,
А холад злы не астудзіў,
Хаджу ад лёну ў захапленні,
Што водар дзіўны падарыў…
…Блакіту розліў на палетку.
Яго, бы мора, дол гайдае…
Лялеюць лён жанкі, падлеткі,
І песня - працы гімн - лунае …
А мы, малеча, - каля мам.
Замінка ім, ды не бяды…
Здаецца, полецца лён сам,
Па ім плывуць людзей рады…
І я ўдзячна свайму лёсу -
З маленства шмат чаму вучыў:
Садзіць, палоць, зграбаць пракосы,
І - сіні лён мне шчасцем быў…
Вечарынка
Нядзелька. У вёсцы шарая гадзіна.
Ля клуба - аж гіжыць народ.
Уважыць маладых - то не навіна,
Гармонік кліча ў залу, у карагод.
Дзяўчаты - гурбамі, уздыхаюць,
Снуюць па-заліхвацку юнакі,
А шчыра - дык усе ж яны жадаюць
Патанчыць, прагуляцца ля ракі.
Сусед Пятрусь - увішны наш музыка,
Шыкоўна, гожа, гойна можа граць.
А сілаю гармоніка вялікай:
Нат сэрцы навучыўся ён злучаць.
Заводзіць ўсіх пявучая тальянка,
Даюць так дыхту-жару стар і млад.
У пары ўсе - і рыжык, і смуглянка:
Патанчыць з прыгажуняй кожны рад.
І захапіла ўсіх, як падняволле,
Уздым настрою, радасці палёт…
Вірліва закружылася танцполе,
Прытупваюць і польку, і факстрот.
Зардзелася ад шчасцейка Марына:
Лявон з суседняй вёскі ўсё ж знайшоў.
Хлапец - хоць не паэт,
Ды пышная ж чубрына!
На вуха шэпча шмат узнёслых слоў.
І расхрабрылася пад полечку дзяўчына,
Трохрадцы стала ўголас падцінаць.
Нібы крылом над галавой
Узмахнуў хлапчына,
Абцасам кутым - рытмы выбіваць…
…Напэўна, шчасцем поўняцца іх сэрцы,
Забыліся на ўсё, а вось сябры…
Заўважылі: у Марыніным дамку
Няма святла ў акенцы,
Улюбёныя - ля рэчкі да зары…
Восенню
Паначапляла пацеркаў рабіна,
З бярозкі "медзякі" плывуць на дол,
Туманам-малаком убелены даліны…
Паўсюль - барвяна-жоўты арэол…
А мне аднекуль ветрык заблукалы
Наманіць слоў з даўнішніх дзён -
З тых восеняў, калі кахала…
Ды…гэта быў, няйначай, сон.
У лета кане гэта восень,
І дворнік прыгажосць змяце,
Але… Запомніць памяць просінь,
Што шэпча:
- Пакахай яшчэ!..
Той жнівень…
Адляцела ў вырай весняя зара:
На ўсё ў прыроды свая воля…
З памяці не сыйдзе жніўная пара -
Хвіліна паркалёвай маёй долі.
…Наляцеў, заплакаў горка лівень,
Учула:
- Любая, адзіная на свеце!..
Потым - восень.
Вецер з жаўталісцем з сэрца вымеў
Запаветы-словы, прагудзелі ў вецці…
Сумна восень мне падаравала
Думкі злыя, слоў калючых скразнякі…
З-за аблокаў воля
Ў нікуды не пераслала
Незабыўны той мой жнівень ля ракі.
Летняя ноч
Месяц-серпік, нібы нож,
Кроіць змрочны купал неба,
Пасыпае зорны дождж…
Над палеткам пахне хлебам.
Пышна вішня расцвіла,
Яблынька зардзела сцюжна,
Хмарка месяц аплыла,
Светлячкі мігцяцца дружна.
Зіхацяць начныя краскі -
Цень з святлом гуляюць хвацкі.
Верыць у дабро салоўка,
На мышэй палюе соўка…
Па ягады
На галаве - квяцістая хусцінка,
І лёгкаважкі кошык - у руцэ.
Віхлястая сярод травы сцяжынка
У Балотны лес, у ягады вядзе.
Вітальна падбадзёрыла бярозка,
Здалёку - сонны голас каршуна.
А водар верасовы мёдна-борздка
Згладзіў горкі подых багуна.
Вось чырванню зайгралі журавіны,
Зіхцяць і клічуць:
- Ты мяне бяры!
Нібы каралі на грудзях дзяўчыны,
Гараць… Ну, што агеньчык у кастры.
Якая радасць! Гэта ж дар балотны…
Ён так багаты вітамінам "Цэ".
Бяру, бяру яго з травы халоднай,
А чай сцякае потам па шчацэ.
Дружок
Дружок ледзь-ледзь ланцуг валочыць,
Гадкоў яго і не злічыць,
Глядзіць у вочы, есці просіць -
Старэнькі пёс, ды хоча жыць.
Служыў ён доўга, чэсць па чэсці,
Усю шыю ланцугом садраў,
Кароўку пасвіў і сваё знаў месца,
А вартаўнік - ну, ідэал.
І вось дзянёк настаў пасмурны,
Не знаў Дружок - прышла пара:
Бяднягу знешне хоць культурна,
Але… прагналі са двара.
Брыдзе бядак, куды - не знае,
А сэрца раздзірае боль.
Завошта так жыццё карае?
Скажы, мой лёс, знаць мне дазволь.
Гады ж сваё бяруць, дарэшты:
У пажылых - тужлівы век…
Стары Дружок не надта брэша…
Будзь Чалавекам, чалавек!
Анамалія
Санлівы нівы з-за бясснежжа,
Рыхтуе сані… Новы год.
Чакае ўсё - вось-вось заснежыць,
На рэчках забрыльянціць лёд.
Сумуе рунь па коўдры-снезе,
Замшэлы сцята дуб маўчыць.
Азябшы, сонца на бярозе
Якуюсь хвілю пасядзіць…
Ды ветрагон, відаць, забыўся,
Што - зімняе ў пары імя,
Гудзе галлём, дажджом разліўся…
Ды не іскрыцца белізна.
Прырода, людзі - у чаканні:
У небе дзеецца ж "таржок"…
На зорцы ў цішы перадранняй,
Зямля агорнецца ў сняжок!..
Няўрымслівая козачка
Штодзень казіная сям'я
Пасецца на лужку зрання.
Усе козачкі, як на падбор,
А сярод іх - казёл Мажор.
Ды іншы раз усё ж нямірна
Набэчыцца каза Макрына -
Нібы яна за ўсіх мілей,
І малачко яе смачней.
Адводзіць ад усіх Мажора,
Бляе яму пра сіне мора.
Хоць ён казёл, а розум мае
І на Макрыну не зважае.
- Чаму, і што
не надта гладка? -
О, гэта - цяжкая загадка…
Разумніца мазгі напнула,
Як быць далей?
Кажысь, адчула
І пацягнулася да рэчкі,
Скубуць дзе траўку
дзве авечкі.
"Рассядуся на беражок -
У мяне ж салодкі галасок.
Суседзі звернуць можа ўвагу,
Акажуць мне сваю павагу".
Падбегла да авечак смела,
Зірнула вочкамі ўмела,
Давай і мэкаць, і бляяць,
Бо трэба ж спрыт
свой паказаць.
- Суседка-кумачка, прабач, -
Сказаў казе Баран-рагач, -
Авечкі - прыгажэй за ўсіх,
Не трэба іншых нам, такіх.
Ды ты, Макрына, не гаруй,
Сабе за выхадкі даруй,
Хоць ты, каза, і зухавата,
Сакрэт - гадкоў табе багата…
Вясною
Росны золак лашчыць землю,
Серабром зіхціць рака.
Сонца ранку дае волю,
Шэпча казку асака.
Ранне шчэбетам ўзбадрыла,
Мыла шоўк лужка расой.
Птушак спеў сваволіць міла,
Лес кудлачыцца красой.
Расфарсілася рабінка,
Белым цветам аплыла,
Прыгажуня! Ну, дзяўчынка!
Мёдны водар узняла.
Раздурэўся дзень вясновы,
Цеплынёю адарыў,
Сад апранак справіў новы,
Шпак жытло сваё абжыў…
Неспадзяванка
Сяльчанін дзядзечка Панас
Працуе шчыра, проста клас.
Такі ж ён здатны да ўсяго,
За гэта любіць люд яго.
Панас з гарэлкай не сябруе,
А дабрабыт сям'і мацуе.
І вынік добры заслужыў,
Ды матацыкл новы набыў.
Вось і збылася яго мара -
Шчаслівы ён, жонка Тамара.
І цешча едзе паглядзець.
У краму трэба падаспець.
Абнова - добрая нагода,
Аб гэтым шэпча і прырода.
Заглянуць і сябры-суседзі,
А цешчу - пачастую брэндзі.
Так думаў зяць, імчаў з трывогай
Ды любаваўся ён дарогай,
Якую вось-вось дабудуюць,
Чым лёс сялянскі падмацуюць.
Яны ў краме ўсё купілі,
Дамоў шчаслівыя кацілі.
Ды толькі вось неспадзяванка -
З-за гравію - свіння-паганка…
А хуткасць - ну як у ракеты,
Нібы спяшала на катлеты.
Раз'елася ж мадам свіная!
Ну, а мазгоў амаль не мае.
Панас зусім не спадзяваўся -
На выхадкі рабой нарваўся.
Цяпер не цяжка ўявіць:
Усе на баку, свіння вішчыць,
А з сумкі выцякае віскі,
І побач - з горада сасіскі.
А матацыкл - дык не пабіўся,
Бо ў кучу з гравіем зваліўся.
А аблавухая дурніца!..
Паклыпала сваім хваліцца.
Жанчына мужу спачувае,
Слаўцом прыемным суцяшае:
- Усё смачнае у хаце ёсць,
Ацэніць гэта, знаю, госць.
***
Жыве сумленна чалавек,
Шчыруе ў працы цэлы век.
А пастку лёс ужо рыхтуе,
Каб падлажыць "свінню рабую".
Дапамагла
Пчальнік вітае месяц май,
Тут працы - толькі паспявай,
Пра адпачынак і не мар,
Шчыруй удала, дзед Макар!
Так з дня ў дзень працуе ён.
Ды толькі трэбала ў раён.
Пчаляр да жонкі: "Папрацуй,
Бо выйдзе рой, а ты пільнуй!
Да ўсяго ж ты вельмі здатна,
Спрацуеш, веру, на выдатна.
А каб хутчэй - прасі суседку,
Ды не забудзь жа і пра сетку".
Паехаў муж, ну а жанчына
Пайшла да пчол
так смела, чынна.
- Прыйшоў і мой час
адпачыць,
Не ўсё ж ля печы
той хадзіць…
Сядзіць на лавачцы кабета,
Пакуль што сетка не адзета.
Тут побач венік і вада,
Як выйдзе рой - то не бяда.
Ды ў вуллі раптам загудзела,
Тут пчолка-матка паляцела,
Ну, а за ёй - малады рой.
Пчалярка страціла спакой.
Крычыць яна, заве суседку:
- Нясі мне, Маня, табурэтку!
Мне трэба пчол
сваіх спыніць
Ды ў райніцу іх закрыць.
Тут Зося сетку начапіла,
Так спрытна венік ухапіла,
На рой той -
пырскаць і махаць,
Далей за сад свой
не пускаць.
А яблынька галлё раскрыла
І пчолак шчыра прытуліла.
- Маня, бяры хутчэй дымар,
Хай будзе ўсё ў нас без ахвяр.
Кабеты радасна шчыруюць
І рой з ахвотай атакуюць:
Ужо Зося пчолак абтрасае,
Дымарыць Маня пачынае.
Ды раптам штось
не так пайшло,
На злосць крылатых панясло.
Ізноў яны ўсе падняліся,
Пякучай справай заняліся.
- Трываць больш нельга,
Маня, вер,
Пруць за пазуху, каўнер,
Яны звіняць і ўсё пякуць,
Ды моцна па нагах сякуць.
А Маня ўнізе не гультуе,
Так лоўка дымаром кіруе:
- Ратуй, суседачка, дымі
І пад спадніцу болей дзьмі!
Ой, так знясілела кабета!..
Зляцела Зося ўніз ракетай,
Усё - прэч і праз бар'ер,
Бы непатрэбны куль папер,
Бягом да рэчкі: так бліжэй -
Жыццё ж без болю даражэй.
А справу трэба добра знаць,
Каб печ на пчолак памяняць!
Мо, гэта склероз?
- Мае гады - маё багацце! -
Сказалі мудрыя мужы.
Напэўна, старасць - гэта шчасце,
Што гэта так - вось дакажы.
Так завязалася размова
Сярод вяскоўцаў-землякоў.
Успамінаць - не так і нова,
Ну і канешне ж - пра любоў.
Любоў да жонкі і да дзетак,
Да сельскай працы, каб пражыць,
Каб жылося без таблетак,
Усё трэба помніць, даражыць.
Прайшлі гады, прайшлі турботы -
Хоць цэлы дзень, мужык, ляжы.
Як жыць цяпер нам без работы?
Сусед Лявон, усім скажы.
Лявон знаходлівы на слова,
Любога мог развесяліць,
Ды расказаў ізноў, нанова,
Як можна ў старасці забыць.
- Дзень пенсіі, была аплата,
Чагось забрыў я да Фамы,
Бо я забыў, дзе мая хата,
А пасля чаркі - да кумы.
А кумка спрытная такая…
Прынесла сала да бліноў.
Аж бач - ідзе мая старая,
Я зразумеў - бяжы дамоў.
Браткі мае, што там чаўплося…
Не здольны вам я расказаць.
Аж шкло у вокнах затраслося,
Ад тумакоў бакі баляць.
А цела ныла, проста жах.
Я бег так шпарка, без маны,
Забыў пра ўсё, быў такі страх,
Ледзь не згубіў свае штаны.
Так пёр дадому ва ўвесь дух,
Праз гэту познюю любоў
Забыў пра боты і кажух…
І мог застацца без зубоў.
Я хоць стары, а як зіма,
Калі трашчыць яшчэ мароз,
Чамусьці сніцца мне кума…
Мо гэта мой такі склероз?
Прыткі кот
Жыве ў двары калматы кот,
Штодзень здзіўляе ён народ:
Ці точыць кіпці на вярбе,
Ці дабывае харч сябе.
Такі спрытняга гэты кот,
А лепш за ўсё ён любіць спорт,
На корт вядзе яшчэ сяброўку,
Распачынае трэніроўку.
Вось крос узяў старт на траве,
Далей паўзком і на спіне.
Гулялі доўга, так стаміліся,
Ля клёна-волата спыніліся.
Тут наш смяльчак
Зноў скок ды скок,
Залез на саменькі вяршок,
Яна ж за сябрам назірае,
Сядзіць пад дрэвам, пазяхае.
Прысеў каток і косіць вока,
Відаць, плануе. Белабока
Пырхнула ўверх, а ты, зладзей,
Не задавайся, будзь цішэй,
Спускайся ўніз - лаві мышэй!
Кот з дрэва скок - і хвост трубою,
Сяброўку мяўкнуў за сабою,
Не змог здабыткам падзяліцца…
Бягом на сметнік пажывіцца.
***
Сярод людзей бывае так,
Хоць справу робіць абы-як,
А думае, што ён мастак.
Госць прыехаў…
У аўчарні, каля рэчкі,
Жыве Баран, а з ім авечкі.
З мазгамі ён не вельмі дружыць,
А па сяброўках часам тужыць.
Найлепшы способ весяліцца -
З братамі лоб у лоб пабіцца.
Беспрычынна, для весялосці,
Каб трашчалі барановы косці.
Звычайна ўсё было ў нядзелю,
Калі ў застоллі пасядзелі,
Ён сам, ягоны дзеці, жонка,
Было шмат сена, самагонка.
Але аднойчы было так:
Прыехаў пагасціць зямляк -
Прыгожы Бяша, вельмі сыты,
Відаць, ніколі не быў біты.
Бо быў вялікі ён начальнік,
А не якісь вясковы "чайнік".
Сабраў усіх, стаў дакараць.
- Чаму бяднота, нашто гразь?
Каб добра жыць - прасі дазвол,
А калі не - у пратакол!
Бляяць авечкі сталі ўсе,
Выказваць думкі пакрысе:
- Дык мы ж твае аднахлявоўцы,
Скажы нам радаснае слоўца.
Ты ж падарункі нам не вёз…
Стаміліся мы ад пагроз.
Прыезджы слова яшчэ ўзяў,
Наперад выйшаў і сказаў
Сурова, вычурна, ды злосна:
- Кіруй, Баран, ты больш сур'ёзна!
А калі трэба - пакарай,
Сваёй уладзе волю дай!
Баран прамовіў у адказ:
- Ты прыязджаеш кожны раз
Да нас сюды адпачываць -
Павінны ўсіх тут паважаць!
Бо нарадзіўся, з намі рос
Ля гэтай рэчкі і бяроз,
А нас выхоўваць - не дарос!
Кірую так, ну як магу,
Сваіх авечак сцерагу.
Мяне ты знаешь, я - Баран.
Пайшоў ты прэч, а нас не рань!
Ты зразумей, нарэшце, Бяша,
Найпрыгажэй аўчарня наша.
Малой Радзімы не цурайся,
А з землякамі хоць вітайся…
Міхась Мельнік
Міхась Іванавіч Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года на Магілёўшчыне (вёска Майсеевічы Асіповіцкага раёна), але вось ужо 45 гадоў яго жыццё, працоўная і грамадская дзейнасць, літаратурная творчасць цесна звязаны з Лідчынай. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, працаваў у школах, прафтэхвучылішчы, гістарычна-мастацкім музеі, шмат гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выдаў зборнікі вершаў "Скрыжаванне", "Лодка жыцця", "З табою".
Надзея
Далёкі месяц -
Бы чаўнок зялёны -
Павіснуў
Над рыпучымі снягамі.
Мой праўнучак -
Наіўны і ўтрапёны -
Падскоквае -
Яго б дастаць рукамі.
А я гляджу,
Дзівак,
Не разумею,
Што ручкі цягнуцца
Да вышыні
Сусвету…
Не згаснуць мары ў свеце
І надзеі,
І не звядуцца
На зямлі паэты.
***
Па днях,
Як па пнях,
Іду да сябе на споведзь -
Са сваёй душой,
Са сваёй слязой,
Са сваім сумненнем,
Сумленнем,
Бы са збавеннем
Ад дум недарэчных,
Трывог штодзённых,
Ды са сцвярджэннем
Ісціны спрадвечнай,
Што я -
Беларус!
***
Заўжды хай цешаць песні
Пра прынямонскі край…
Няхай жа вецер весні
Абудзіць мройны гай.
Хай мір на свеце белым
Сярод людзей жыве
І ветразем надзеі
Удалячынь плыве…
Красу зямлі любімай
Нам захаваць дано,
Бо сонца над Радзімай
Для нас усіх адно.
Выратаванне
Часамі бывае мне цяжка,
Бы птушцы,
падбітай у лёце…
Туга, як зялёная раска,
Засмоктвае
ў тлумным балоце.
А я выбіраюся, рвуся,
Як з пекла да вечнага раю, -
Адвагай сваёй ганаруся
І сілу жыцця набіраю…
На зоркі гляджу і дзіўлюся,
Іх тайнаму лёсу зайздрошчу:
Яны над маёй Беларуссю
Гараць нават цёмнаю ноччу!
***
Памыляўся, не раз памыляўся
Ды рабіў не ўсё так, як трэба…
Толькі верным заўжды заставаўся
Богу, Маці і Роднаму Небу.
Я жыву сёння сціпла і ціха,
Пэўна, старасць мяне асядлала.
Але ж сэрца маё б'ецца ліха,
Каб да скону дажыць удала.
Прабачэння прашу, каго крыўдзіў
Ці каго абышоў увагай…
Хай ад нас дабрыня не адыдзе,
Каб была між людзьмі павага.
Перасцярога
Нехта суседу дзвярэй не адчыніць,
Нясе паспяховаму пагрозу
Ды на калегу паклёпы чыніць,
Бо ён ад зайздрасці страчвае розум.
Хтосьці на бліжніх кулак падымае,
Нават здараецца братазабойства…
Гэтакі нелюдзь сэрца не мае,
Гэткі злачынец з ліку ўродстваў…
Каб не згубіць чалавечую годнасць
І каб не страціць прыстойнасць людскую,
Трэба нам еднасць і памяркоўнасць,
Трэба мець чуласць і душу жывую…
Ніколі забываць мы не павінны,
Што нам жыццё даецца адзін раз.
Давайце ж кожныя жыццёвыя хвіліны
У радасці адзначым сярод нас!
Кацярына Гоман
Кацярына Гоман (Сымановiч) - нарадзiлася ў 1988 годзе ў горадзе Лiдзе.
Скончыла БДУКМ у 2014 годзе па спецыяльнасцi "мастацтва эстрады, iнструментальная музыка". Настаўнiца па фартэпiяна, канцэртмайстар. Спявачка, фiналiстка розных тэлепраектаў, дыпламантка i лаўрэатка мноства конкурсаў, вакальных фестываляў, дзейная салiстка яўрэйскага ансамбля "Шалом" г. Лiды. Захапляецца паэзiяй. Друкавалася ў "Лiдскай газеце". Жыве ў Менску.
Вандроўнік-Чараўнік (песня)
Адчыніць дзверы, вокны, сэрца,
Закрочыць у пошуках жыцця,
Ён чараўнік, які, здаецца,
Шукае шлях да небыцця.
Малюе ў марах краявіды,
Ляціць да будучыні дзён,
Каханнем, шчырасцю спавіты,
Натхняе мой забыты сон.
Прыпеў:
Вазьмі з сабой, вандроўнік,
У чароўны, дзіўны свет,
Імгненнямі напоўні
Пажоўклых дзён букет.
Ярчэе колер фарбаў,
Іх бляск яшчэ не знік,
Я бачу мноства скарбаў,
Вандроўнік-Чараўнік!
Загадкай маніць да прастораў,
Прыжмурыць вочы, шалапут,
З душой дзіцяці, без прытвораў,
Ён, сапраўды, пакажа цуд.
Краіну мар, паляну казак,
Сакрэты зораў-таямніц,
На ўсе пытанні дасць адказы,
Ён - жыццядаўца ўсіх крыніц.
Прыпеў:
Вазьмі з сабой, вандроўнік,
У чароўны, дзіўны свет,
Імгненнямі напоўні
Пажоўклых дзён букет.
Ярчэе колер фарбаў,
Іх бляск яшчэ не знік,
Я бачу мноства скарбаў,
Вандроўнік-Чараўнік!
(Проігрыш)
(На іншы матыў)
Учора дзень быў, як застылы,
Але вандроўнік даў мне крылы!
Я стаў рамантык-летуценнік,
Свавольнік у задавальненні!
Прыпеў:
***
Няўмелае, асірацелае,
Ад болю прыціснута.
Нястрымнае, зарабавелае,
Крывёю апрыснута.
Цярплівае, незразумелае,
Самотай ахутана.
Пакутліва злямантаванае,
Пустэчай апутана.
Самлелае, жалю счакалася,
Знямоглае стукае.
Пакрыўджана так і зацялася,
Зрабілася лютае.
Трапечацца, горка галосячы,
Знікае, маленькае.
Нявечна, жыцця яшчэ просячы,
Сціхае, старэнькае.
Змагалася, моцна трымалася,
Урэшце стамілася.
Збялелае заўсміхалася,
У шчасці - спынілася...
Сэрца...
Памяцi Васiля Быкава
Быкаў Васіль - пісьменнiк народны -
Жыў сцiпла ў вёсцы: прыгожай і роднай.
Любiмая ежа - клёцачкi з печы,
Запалам было - маляванне, дарэчы.
А потым - вайна, гучны выбух гарматы.
Дарога дадому - сям'я, слова "тата"...
Меў Быкаў вялікую бiблiятэку,
Быў шчырым i добрым заўсёды, спрадвеку...
Вялікі пісьменнік і гонар матулі...
"Рашучасць і чуласць", - казаў Барадулін.
Для нас, чытачоў, Быкаў - літаратура
Зямлі беларускай, пясняр і фігура,
Якая, як зорка, узышла ў небасхіле...
Ён быў з тых людзей, хто працівіцца сіле.
Ваеннай аповесці майстар чароўны,
Ён талент меў бачыць наскрозь усіх цудоўна.
Яго празывалі нясхібным, сумленнем...
І творчасць яго - у памяці пакаленняў.
Ён - Быкаў Васіль - імя на скрыжалі,
Што ведалі добра і паважалі.
2024 г.
Твой час
Толькі сыдзе зморак ночы,
Дзень расплюшчыць сонцу вочы.
Цёплы промень сціщыць вецер,
Час згадаць аб хуткім леце.
Неба чыста, высь без хмараў,
Раіць лёс узлятаць да мараў,
Крок рабіць, здзяйсняць надзеі,
Час шукаць у жыцці падзеі!
Выпаў шанц - бяры з падзякай,
Смехам, радасцю прыцягвай!
Смелым кінься ў рух, імклівым!
Час кахаць і быць шчаслівым!
Балада пра сына
(Песня)
(Уступ)
1.
Люльку з дзіцём у маленечкай хаце,
Ціха калыша знямоглая маці.
Долю шчаслівую кліча з нябёс,
Просіць палегчыць пакутны іх лёс.
Час не стаіць, і сынок ужо ў ботах,
Стрэльбу ўзняўшы ідзе па балотах,
Вораг Радзіму крывёю заліў,
Мары ў попел няшчадна спаліў!
Прыпеў:
"Сынку! Мой родны!
Сэрцу гаротна!
Дзе ты, анёлак?
Жывы?
Ціха ў хаце,
Думкі аб страце,
Не! Адганю іх!
Жывы…
(Пройгрыш)
2.
Бой прагрымеў і так мірна над полем,
Сонца на небе, ды знікла нядоля,
Маці - зямелька паўстала з калень,
Вось і настаў светлы час перамен!
Толькі ніколі не сцішацца раны,
Слёзы па тых, хто быў Богам забраны,
Горыч нястрымная ў сэрцах матуль,
Тых, чые дзеці памерлі ад куль…
(Пройгрыш)
Прыпеў:
"Сынку! Мой родны!
Сэрцу гаротна!
Дзе ты, анёлак?
Жывы?
Вочы… Пазнала…
Лёгка як стала…
Як жа ты доўга…
Жывы…"
(Кода)
Сяргей Герасiмовiч
Нарадзіўся ў 1962 годзе. У 1985 годзе скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (перакладчыцкі факультэт), перакладчык з іспанскай і англійскай.
Стажыраваўся ў Гаванскім універсітэце (г. Гавана, Куба) і ва ўніверсітэце Пампею Фа-бра (г. Барселона, Іспанія). Вайсковы перакладчык у 1987-1989 гадах (Народная Рэспубліка Мазамбік, правінцыя Іньямбане).
Уваходзіў у склад клуба аўтарскай песні "Ветразь" (г. Менск) з 1981 па 1985 год.
Аўтар песенных альбомаў "Паўднёвы крыж", "Гэта ўвогуле, жыццё..." і зборніка паэзіі "У кальцы Сатурна" (2024 г.).
З 1991 года працуе ў ЗАТ "Каскад" г. Ліды. Курыруе праекты па рэстаўрацыі і ўзнаўленні свяцілень XVII-XIX стагоддзяў на аб'ектах-помніках архітэктуры.
Прысвячэнне Лідзе
Мне цудаў заморскiх нiякiх не трэба.
Ёсць Беларусь, i народ мой не згiнуў.
Мне тут даравана блакiтнае неба,
Лясы i зямля, якой не пакiну.
Ref.
Дзяўчаты прыгожыя, моцныя хлопцы -
Нашчадкi зямлi Гедымiна.
Ззяе над вежамi нашае сонца.
I Лiда - наша Айчына.
У нашай крывi - свабода i гонар.
Мы ведаем, як працаваць i кахаць.
У Лiдзе найлепшыя пiва i бровар,
А зоркi насамрэч ярчэй зiхацяць.
Два нашы ключы леў спрадвеку баронiць.
Адзiн ключ - на Захад, другi - на Усход.
I Лiду нiхто i нiколi не зломiць.
Было так i будзе на тысячу год.
Ref.
Дзяўчаты прыгожыя, моцныя хлопцы -
Нашчадкi зямлi Гедымiна.
Ззяе над вежамi нашае сонца.
I Лiда - наша Айчына.
Шынту
Калi нас няшчасце руйнуе,
магчыма ўратавацца
адным успамiнам iмгнення
пра холад вады са студнi,
ды смакам яблыка з саду,
тварам, звяртаннем да мары,
першым суквеццем язмiну,
бясконцым компаса колам,
згiнуўшай некалi кнiзе,
гекзаметра пульсам дакладным,
ключом ад дзвярэй знаёмых,
ды водарам бiблiятэкi
нешта нашкалт сандалу.
Назвы ранейшых вулiц,
цiкавыя колеры мапы,
пазура прыемная роўнасць,
мiнулая гадавiна,
дванаццаць званоў цьмяных.
Увасабленнi Шынты
блукаюць па ўсiх дарогах.
Сцiплыя боствы iмкнуцца
неяк спадволь дакрануцца,
а потым пра нас забыцца.
Jorge Luis Borges.
Shinto. La Cifra. 1981
(Пераклад з iспанскай.)
Memento
Калi я згiну,
пахавайце мяне з гiтарай
у жвiры ракi iмклiвай.
Калi я згiну,
памiж кветак Гранады
i яе апельсiнаў.
Калi я згiну,
флюгер зрабiце
маёй дамавiнай.
Але толькi,
калi я згiну!
Federico Garcia Lorca.
Memento. Vinetas flamencas. 1921-1922.
(Пераклад з iспанскай.)
Ала Юшко
Ала Вадзімаўна Юшко нарадзілася 19 траўня 1955 года ў вёсцы Кузьмічы Ваўкавыскага раёна. У Гародні вучылася на тынкоўшчыка-маляра. Жыве ў Лідзе з 1971 года. Працавала па прафесіі ў БМУ-175, ААТ "Ліда-нафтапрадукт". Вершы піша з 48-гадовага ўзросту. Друкавалася на старонках "Лідскай газеты", у часопісе "Ад лідскіх муроў" і ў іншых выданннях. Аўтар кніг "Лепестки судьбы"(2019) і "Ларчик с секретом"(2024).
Памяць
Загінула вёска, заціхла,
Памяць сцёрлі з зямлі.
Зарасла хмызняком, бур'янамі,
І галосяць там злыя вятры.
На пагосце крыжы пачарнелі
І прабіўся да сонца палын.
Сіратліваю, горкай слязою
Ён над прахам забытым застыў.
Дзе падзеліся дзеці, унукі?
Прадаўжальнікі роду свайго.
За мяжою шукаючы шчасця,
Не знайсці вам радзімы парог.
Вершык
Каб вершык добра напісаць,
Патрэбна нам чытаць, чытаць.
Я з гэтым згодна, вам скажу,
Бо часам слоў як не хапае,
Дык гэта будзе і не верш -
Яго пародыя крывая.
Свае тут думкі, пачуцці,
Надзеі ўсе і спачуванні
У верш кароткі ты ўлажы,
Ды так, каб душу не параніў.
А калі што і прачытаў,
Глядзі,
каб плагіятарам не стаў.
Пакуты
У ганенні, патугах, пакутах
Ішла душа да іканастаса,
І як ступаць, і што казаць,
Яна гаротная не знала.
Гарэла свечка на ветры,
І воск каціўся, як сляза.
За тым дымком,
што віўся ўгору,
З душы знікала чарната.
І ёй адкрыўся Лік святы
Маці Усецарыца абняла
І як маленькае дзіцятка
Да Бога сына павяла.
Купалле
У летнюю цёплую ночку,
Як зоркі на небе зіхцяць,
Трэба ў лесе ў поўнач,
Папараць кветку шукаць.
Мае цудоўную сілу,
Дорыць надзею каханым.
Той, хто яе адшукае,
Кажуць, шчаслівым ён стане.
Цяжка ўбачыць-знайсці,
У год толькі раз зацвітае,
У рукі даецца таму,
Хто верыць у чары кахання.
Брусніцы
Казку чула, ці то быль,
Хто цяпер тут разбярэцца.
Як старая бабка ў лес
У брусніцы хадзіла.
Тая ягада ў траве,
А старая ўжо не бачыць.
Дык дзве пары акуляраў
Нос упрыгожылі яе.
Пад нагамі мох і багна,
Што казаць - балота тут.
Быццам чэрці тую бабку
Па вадзе і купінах вядуць.
Усю акругу аблятае,
Назбірае ягад, не падняць
Прычытае: галадала,
Унукам буду памагаць.
Рот той ягады не бачыў,
Грошы вочы аднялі,
І пагост бур'ян "украсіў" -
Вось і вывады рабі.
Зіма-завея
Чакаюць усе зіму-завею,
У ёй таямніца ёсць свая,
Яна не церпіць тугу і смутак,
Ёй вір патрэбен для жыцця.
Румянец шчок, і бляск вачэй,
І бег трусцою па сняжку,
Забавы ўсе не пералічыш,
Што ты з сабой нясла ў мяшку.
Куды пайшла і дзе прапала?
Каму нявіннасць аддала?
Цнатліва-чыстае ўбранне
Ў якія далі панясла?
З табою мы прывыклі жыць,
Ты гнала ў нашых жылах кроў.
Няўжо цяпер у гэтым веку
Для нас ты станеш
дзіўным сном?
Ліда
На плошчы ў бронзе застыў Гедымін,
Ягонаю спадчынай Ліда багата.
У замку, што гораду ён падарыў,
І сёння яго дух вітае.
Абноўлены сцены і вежы стаяць,
Жыццё поўным ходам віруе.
А князь на кані, з даўніны сівой,
Гасцей да сябе запрашае.
Вярнуўся да нас ужо назаўжды,
Яму тут усё даспадобы.
І горад не знікне любы з зямлі,
Як памяць жыве у народзе.
Свечкі
Выкінуў свечкі каштан кучаравы,
Ліп шэраг у квецені жоўтай стаіць.
Ціха, павольна, у цені схаваўшыся,
Рэчка Лідзейка ў далеч бяжыць.
Горад мой любы, утульны, прыгожы,
Вуліцы вабяць сваёй чысцінёй.
Семсот красе яго дзявочай,
Не дарам Лідай нараклі яго.
Шчасця ў жыцці табе, Ліда!
Мірнага неба і чыстай вады!
Ляцяць над табою стагоддзі,
Дораць табе незабыўныя дні.
Конь
Запрэглі каня ў плуг,
Сталі пугай паганяць.
За другіх табе рабіць,
Лёс такі рашылі даць.
Так нагрузяць воз з вярхом,
Што дваім не пацягнуць.
Шкура потам аблілася,
А яго яшчэ і б'юць.
Здзекі тыя над жывёлай
Рэжуць вочы, сэрца рвуць.
Гаварыць ён не ўмее,
Ды часамі рэшты дасць.
Так агрэе капытом,
Што забудзеш, як завуць.
Лепш трымайся за аглоблі
І сядзі, пакуль вязуць.
Бывае казус і ў людзей:
Адзін робіць, сем глядзіць.
А як сонца прыпячэ,
Дык і гэты ўцячэ.
Валера Мацулевіч
Валера Мацулевіч нарадзіўся 4 жніўня 1983 года ў Лідзе. Скончыў Наваградскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці "Бухгалтарскі ўлік і аўдыт". Працаваў на прадпрыемствах ААТ "Лакафарба", ААТ "Лідскі завод электравырабаў". Пасля - у школе № 8. Вершы пачаў пісаць з 19 гадоў. Друкаваўся ў газетах "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", "Гродзенская праўда", літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў", "Нёман", "Маладосць". Аўтар зборнікаў "Струны душы" (2011) і "Чалавек са свечкай" (2014). Песні на яго словы напісаны лідскім кампазітарам Віктарам Хобаравым, а таксама выконваюцца бардамі Міхаілам Карнілавым і Сержуком Чарняком. Жыве ў Лідзе. Піша вершы на беларускай і рускай мовах.
Прысвячэнне "Лідскай газеце"
Да 85-годдзя выдання
Калі на сэрцы - смутак, у вокнах - дождж
І адзінота падмяніла лета,
За сябрука надзейнага не горш
Вам дапаможа "Лідская газета".
Калі яе разгорнеш на стале,
То ўсвядоміш: ты больш не самотны,
Як быццам хтосьці за плячо кране
І дзесьці побач цэлы горад родны.
З табою Ліда гутарку пачне,
Славутае мінулае прыпомніць
І, бы ў прыгожым каляровым сне,
З сучаснасцю цікавай пазнаёміць.
Радкі дадуць душэўны супакой,
З дзіцячай казкі, як вада жывая,
І ўпэўнена падымуць твой настрой,
Нібы байцу лістоўка баявая.
Слата і смутак не турбуюць больш,
Калі ў руках любімая газета,
І верыш, што ён пройдзе, гэты дождж,
І заўтра будзе сонейкам сагрэта.
Дарога ў Ерусалім
Нашы продкі называлі Млечны Шлях Дарогай у Ерусалім
Дарога-кілім…
Дарога ў Ерусалім…
Шлях да зорнае мэты,
Па якім закаханыя
альбо паэты,
Ці святы па жыцці
Толькі змогуць прайсці,
Зазірнуць у Сусвет,
З карагодам планет
Танчыць для Пана Бога,
Там, дзе ўсё і нічога,
Дзе хор ясачак-ангелаў
Кліча ў Рай дыфірамбамі…
Дарога-кілім…
Дарога ў Ерусалім…
***
За акном завеі
Снежныя гудуць,
З велічным Сусветам
Гутарку вядуць.
Зоркі, не сняжынкі
На зямлі ў гасцях.
Праз мае сцяжынкі -
Снежны Млечны Шлях.
Першы снег
З пустэчы неба
ў мае далоні
Нясмелым сумам
снег падаў першы.
Баяўся, пэўна,
яго пагоняць,
Ды ён застаўся
ў гэтым вершы.
Ляцеў з нябёсаў,
крыштальна-крохкі,
Безабаронны
прад гэтым светам,
Журботна слухаў
людскія крокі,
Шукаў цяпла,
што мінула з летам.
І я ахутаў
душы пяшчотай
Яго маркоту,
яго маўклівасць,
Каб развітаўся
ён з адзінотай,
Не траціў веру
ў добразычлівасць.
Снег упрыгожыў
прыроды ўлонне,
Вясёлы самы
і самы першы,
А мне здалося:
я грэў сягоння
Чыёсьці сэрца
ў далонях верша.
Сланечнікі
(Напісана пад уражаннем ад карцін мастака Ван Гога)
Сонца промні сеяла
Шчодра і заўзята,
І ўзышлі сланечнікі -
Сонца маўляняты.
Вось стаяць, гайдаюцца
Хваляй залатою,
Быццам забаўляюцца
Ў гульні між сабою.
І прырода весела
Іх пацалавала,
Якасць найкаштоўную
Ім падаравала:
Хай у светлай радасці,
І ў бядзе-пачвары,
Цягнуцца да сонейка
І душой, і тварам…
Як мне доля выпадзе
Адысці са свету,
Я хачу сланечнікам
Расцвітаць улетку.
Каб хвілінай радаснай
І ў бядзе-пачвары
Да Святла павернутым
Быць душой і тварам.
Ганна Рэлікоўская
Рэлікоўская Ганна Леанардаўна нарадзілася 8 ліпеня 1964 года ў вёсцы Кянці Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1979 годзе скончыла Кенцеўскую васьмігадовую школу і паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, бо з дзяцінства марыла аб настаўніцкай працы. У 1983 годзе пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 8 г. Ліды. Дыплом гістарычнага факультэта БДУ, атрыманы ў 1991 годзе, дазволіў ёй перайсці на выкладанне гісторыі ў старэйшых класах спачатку у той жа СШ № 8, затым у СШ № 17. На працягу 1999-2000 навучальнага года з'яўлялася старшынёй прафкама навучэнцаў Лідскага індустрыяльнага тэхнікума. З 2005 па 2017 год працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 г. Ліды. Затым зноў вярнулася у СШ № 17, дзе і завяршыла педагагічную дзейнасць у 2022 годзе. Зараз на пенсіі. З юнацтва захапляецца вершамі, лічыць, што менавіта праз рыфму, праз асаблівы рытм, спалучэнне гукаў можна найбольш дакладна перадаць свае пачуцці, свой погляд на навакольны свет. Друкавалася са ст удэнцкіх гадоў у мясцовых раённых газетах, некалькі вершаў трапілі на старонкі "Настаўніцкай газеты", выбраныя творы ўвайшлі ў зборнікі паэзіі, выдадзеныя у Лідскім раёне і за яго межамі. Тэмы вершаў самыя разнастайныя: прызнанне ў пачуццях да Радзімы, да беларускай мовы, да настаўніцкай працы, да дзяцей, да матулі.
Лідзе
Ліда! Сэрца маё замірае
Ад пяшчоты глыбокіх пачуццяў.
Любы горад! Цябе ўсхаваляю
І хачу быць табою пачутай.
Сем стагоддзяў ты цешыш вочы
Прыгажосцю сваіх краявідаў.
Тут буслы ўвесну клякочуць,
Каб хутчэй апраналася Ліда
Пасля белай коўдры зімовай
У накід з сонечных дзьмухаўцоў,
І каб дзеці смяяліся зновку
На пацеху сваіх бацькоў.
Летнім днём у цяжк ую спякоту
Каля возера сцежку знайду,
Вып'ю лідскага квасу ў ахвоту,
Да Кургана свой шлях пракладу,
Пастаю, пачытаю шыльды,
Памяну герояў вайны.
Ёсць табе ганарыцца кім, Ліда!
За цябе йшлі на подзвіг сыны,
Каб узімку, і ўвесну, і ўлетку
Ты давала нам сілы ў жыцці,
Каб цвілі аж да восені кветкі,
Каб навокал маглі расці
Школы новыя і заводы,
Гмахі крамаў, зелень садоў,
Каб стаяў горад мой тут заўсёды,
Як стаіць ужо 700 гадоў!
Бескарыснасць
Ёсць нейкія мэты вышэйшыя,
Каштоўнасці без даляраў.
Ёсць людзі найдаражэйшыя,
За іх - хоць жыццё ў ахвяру.
Ёсць месцы для сэрца мілыя
Нават без статуй Свабоды,
Нельга ніякай сілаю
Пакінуць іх назаўсёды.
Ёсць прага да працы бясконцая,
Неўтаймаванасць сэрца.
І ёсць вялікае сонца,
Якое дае ўсім сагрэцца.
"Новым" беларусам
Пра што мне з вамі размаўляць, прабачце?
Аб еўра альбо доларавых пачках?
А я хачу пра кнігі, тэлебачанне,
А я хачу аб дочкіных задачках.
Над чым мне плакаць з вамі? Над кілбасамі?
Ці над некупленаю новаю дублёнкаю?
А я хачу паплакацца над казкаю,
Над новаю прачытаннай старонкаю.
Аб чым мне марыць з вамі? Аб ласосях?
Ці як разбагацець хутчэй другога?
А я хачу, каб зазірнулі госці,
І каб лілася шчырая размова.
Прададзеная хата
Што прададзена хата - не веру.
Трэба вывезці ўсё непатрэбнае.
Ланцугі. Матычкі. Шпалеры.
Абразы. І дзяружку зрэбную.
На сцяне кажухі і ватоўкі.
У прыскрынках абрусы і шалі.
У альбоме старыя паштоўкі.
На пліце чыгункі пазбіралі.
Коўдры. Крэслы (у іх ножкі хістаюцца).
Вёдры, венік, з паперы букеты.
Гаспадар навачэсны ўглядаецца.
А навошта яму ўсё гэта?
На палічцы валяецца графка.
Не вітае гадзіннік боем.
На стале шклом міргае карафка*.
І такое мне ўсё дарагое!
Шафа кніг. Незатрабавальны
Цэлы куфар сурвэтак, адзення.
Ціха ў крэдансе посуд крыштальны
Плача з намі ад гэтай падзеі.
* Карафка - шкляны посуд для напояў, графін.
Яшчэ адна вясна
(Матулі да 90-годдзя)
Матуля! Дажылі! І слава Богу!
Матулечка! Хутчэй страчай вясну.
Зноў сонейка сабе праб'е дарогу,
Каб дзьмухаўцы расчухаць ада сну.
Паглянь, за вокнамі снягі ж ужо расталі,
І свежай глебай дыхае зямля.
Ты ў мяне, як-нібыта са сталі,
Старэнькая матулечка мая!
Прыслухайся, як жаўрукі спяваюць,
Агулам далучаюцца шпакі.
Яшчэ адна вясна ў жыцці мінае.
Трымайся, мама, і сто год жыві!
Першы снег
Ад такой прыгажосці вершы,
Быццам той узор за акном,
Выліваюцца з сэрца, паверыш,
І кладуцца ў радок за радком.
І настрой да аблокаў узлятае,
Як дымок, што ўецца слупом.
З надыходам зімы ўсіх вітаю
І з цудоўным марозным дзяньком.
Не пішацца
Не пішацца… Зусім не пішацца.
І слоў не знойдзена. І рыфма крышыцца.
І верш ляціць у тар-тарары.
Я памаўчу да той пары,
Пакуль адновяцца пачуцці
І ў вершы зможаце пачуць вы
Усю мілагучнасць, прыгажосць.
Я не хачу пісаць пра злосць,
Пра боль, пра фобіі, пра жахі.
Чакаю веснавыя пахі,
Каб стаў настрой хоць крыху лепш.
Тады народзіцца мой верш!
Флюіды
Хто сказаў, што няма флюідаў?
Дык чаму ж я іх адчуваю
Кожны раз, як прыеду ў Ліду?
Ад' язджаю - і іх не хапае.
Калі ў вёсачку родную траплю
І пабачу яе краявіды,
Мне ў сэрца адразу па кроплі
Пранікаюць імкліва флюіды.
Аднадумцаў-паэтаў, бывала,
Не наведаю, выпушчу з віду,
Дык адразу ж душа застывала
Ад нястачы тых самых флюідаў.
Я бягу на спатканне з каханым.
Усё мацней і мацней з прыбліжэннем
Шэсце гэтых флюідаў жаданых,
Незямное іх прыцяжэнне.
Захіснуся ад злосці і гневу,
Ад няпраўды і ад агіды.
І застогнуць напружана нервы.
Гэта што, як не тыя флюіды?
Як без іх чалавекам застацца?
Хіба жыць без пачуццяў, як гніды?
Усім жадаю, каб з вамі ў працы
І ў жыцці былі побач флюіды.
Чаромхавы пах
Як чароўна чаромха цвіце!
Пах казыча і нос, і жаданне.
Успамінаю, як у цемнаце
Прастаялі з табой да рання.
І такі ж чаромхавы пах
Галаву маю задурманіў.
Ты насіў мяне на руках
І даваў мне шмат абяцанняў.
Добра ведаю я цяпер
Чорных ягад смак звар'яцелы.
Абяцанні твае за каўнер,
Як пялёсткі чаромхі, ляцелі.
Толькі зноў надыходзіць май.
Ад чаромх навакол белым-бела.
Больш, каханы, мяне не шукай.
Я з другім гэту весну сустрэла.
Аднакласнік
Ён на пасадзе вельмі важнай,
І мае выгляд эпатажны.
А я, кабета ў капял юшы,
Кахаць мяне яго прымушу.
Мы з ім вучыліся ў школе,
Ды не страчаліся ніколі.
Ён быў малы і рыжаваты,
Над ім смяяліся дзяўчаты.
Гультай, лайдака, абармот.
І раптам - бац! - такі ўзлёт!
Цяпер ён там, на самым версе,
На чорным ездзіць "Мерсэдэсе".
О, каб вярнуць маё юнацтва!
Хацеў жа ён са мной абняцца.
Дай, Божа, мне цяпер той момант!
Было б усё ў нас па-другому.
Падмажу бровы, вочы, губы.
Куды ты дзенешся, мой любы!
Пяшчотны позірк услед, у спіну,
Хамут на шыю ўраз накіну.
Мы будзем парай падхадзяшчай,
Абы не здрадзіла мне ўдача.
З табой нам усміхнецца шчасце.
Дык да сустрэчы, аднакласнік!
Легенда-быль
У 301 годзе хрысціянства ўпершыню ў свеце стала дзяржаўнай рэлігіяй. І адбылося гэта ў Арменіі.
На высокай-высокай гары,
Дзе страчаюцца сонца прамені,
У старажытным манастары
Адбылося цуда ў Арменіі.
І не толькі ў Арменіі! У свеце!
Добра ведаюць гэта ўсе:
І дарослыя, і нават дзеці.
Дух святы гэту вестку нясе.
Быў раней манастыр - Айрыванк,
У пячоры ўздымаліся сцены.
Ен прытулкам служыў для армян,
Калі брындалі ворагаў цені.
Там бруіла крыніца святая,
Ратавала ад смагі лютай.
Адступала варожая зграя,
Пакідаючы боль і пакуты.
Многім сілам маліліся людзі,
Бо язычніцкай вера была.
І стагналі душы ў брудзе.
Ды сцяжынка сюды прывяла,
Каб ачысціць, каб зменшыць гора,
Каб на праўду адкрыць ім вочы,
Пілігрыма - Святога Рыгора,
Што здалёк у Арменію крочыў.
У руках яго дзіда вострая.
Ёю рымскі сотнік валодаў.
На крыжы Ісуса Хрыстоса
Гэтай дзідай калоў з асалодай.
Той крыві кроплі шчэ не высахлі
(Беражліва манах нёс святыню).
А народ на ўзгорак высыпаў,
І цар Трдат на яго позірк кінуў,
Загадаў хутка ў яму манаха
Апусціць без вады, без хлеба,
Толькі сам нацярпеўся страху
І звярнуў свой позірк у неба.
Сілы нейкія падказалі,
Каб Рыгора вызваліў ён.
З той турмы манаха дасталі,
Прывялі да цара на паклон.
Запрасіў Трдат Рыгора ў пакоі,
Доўга слухаў святыя размовы.
Упершыню сэрца цар супакоіў,
Ён паверыў у асветніка словы.
І замест шматлікіх багоў
Сталі людзі маліцца Ісусу.
Чыстай стала армянская кроў,
Адышлі ад іх беды, спакусы.
У манастыр тую дзіду змясцілі
Ад нядобрых людскіх пачвар
І Гегардам яго ахрысцілі,
Збудавалі нямала хачкар.
З той пары ў многіх краінах
Перасталі ганяць хрысціян.
Зразумелі цары, што павінны
Прыклад браць з церпялівых армян.
Землятрусы, арабы з халіфам,
Разбуралі Гегард, палілі.
Ды армяне спраўляліся з ліхам,
Манастыр яшчэ лепш аднавілі.
Авазан, Жаматун, Катогіка
Прыгажосць сваю захавалі.
Праўда дзіду Лонгіна, сотніка,
У сабор Эчміадзін забралі.
***
Да армян мы з вялікай павагай.
Галаву схіляем у пашане
Перад самаю першай дзяржавай,
Дзе ўсе людзі былі хрысціяне.
Айрыванк - манастыр у пячоры.
Рыгор - па адной з версій асветнік, які прынёс у Арменію "Дзіду Лёсу", якой быў праткнуты Ісус Хрыстос.
Трдат ІІІ - цар армян у ІV ст. нашай эры, які першы ў свеце зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй.
Гегард (Гегардаванк) - манастыр дзіды.
Хачкар - стэлы з крыжамі.
Авазан - першая царква ў пячоры.
Жаматун - пакой у скале.
Катогіка - галоўная царква.
Лонгін - рымскі сотнік, які дзідай калоў Ісуса распятага на крыжы.
Эчміадзін - манастыр, сімвал Арменіі, месцазнаходжанне пасада Вярхоўнага Патрыярха Каталікоса Усіх Армян.
Ірына Маркевіч
Маркевіч Ірына Уладзіміраўна нарадзілася ў 1954 г. Вырасла ў вёсцы Ельня Дакудаўскага (цяпер Трацякоўскага) сельсавета Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучылася ў Біскупскай васьмігадовай школе (1961-1969 гг.), Дакудаўскай сярэдняй школе (1969-1971 гг.), Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце па спецыяльнасці агра-намія (1972-1977 гг. ), Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці выкладчык біялогіі і хіміі (1992-1996 гг.). Працавала ў калгасах Лідскага раёна спачатку паляводам, а пасля заканчэння ГСГІ - аграномам, загадчыкам участка, галоўным аграномам, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса "Іскра", старшынёй Дакудаўскага сельсавета і настаўніцай біялогіі і хімііі Дакудаўскай сярэдняй школы. Зараз на заслужанным адпачынку, пенсіянерка.
Вершы пачала пісаць у 1999 годзе. Друкавалася ў "Лідскай газеце", літаратурным элек-тронным інтэрнэт-часопісе "Русская Балтика" ў Літве, часопісе "Ад лідскіх муроў" № 8, 9, 10 прымала ўдзел у другім і трэцім літаратурных конкурсах імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", якія праводзіліся Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, лаўрэат шостага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" (2024 г.). Выступала з вершамі па Лідскім радыё, на розных мерапрыемствах у палацы культуры г. Ліды, школах г. Ліды, пагранатрадзе г. Ліды і інш. У 2022 годзе выдала кнігу вершаў "Даверлівы дыялог".
Прысвячаецца памяці Аляксандра Іосіфавіча Мацулевіча
Цяжка, калі адыходзяць сябры,
Добрыя, шчырыя, светлыя людзі.
Талент пайшоў не ў свой час, без пары.
Вельмі шкада: яго больш не будзе.
Помнім: збіраў і шукаў ён паэтаў,
Часта званіў, віншаваў вельмі шчыра,
Раіўся, ведаў, сяброў меў з паўсвету...
Сумна нам стала: няма камандзіра.
Помніць "Суквецце". Заўсёды так будзе.
Цяжкае гора. Скрушная замяць.
Гэткім, як Саша, правільным людзям.
Раю на небе... І вечная памяць.
04.01.2024 г.
Маліся Богу
Букецік кветак на магілку пакладзі.
На помніку на здымак паглядзі.
Малітву прашапчы за супакой душы.
Даўно ў даміне хто ляжыць ў цішы?
Яго пахавалі ў ціхі светлы дзень.
Адразу лёсу хвалі зніклі недзе ў цень.
Вялікі смутак быў ва ўсёй радні...
Не ліце слёзы болей вы, ні-ні.
Ніхто не адзавецца, не ўстане з зямлі,
Не скажа ні слова... Помніце, жылі,
Страчаліся, кахалі, вучыліся быць
Ласкавымі і добрымі, ды з людзьмі дружыць.
Успамінаў мноства хай будзе і вам...
Ніхто не ўстане. Душа рвецца ў Храм,
Спакою ў малітвах у Бога папрасіць,
Застацца ў нябёсах, а не ў смале быць.
У Божым Храме свечка ціха хай згарыць.
Маліся Маці Божай, каб шчасліва жыць.
Таму на магілку ты часцей хадзі,
Праведай ды кветкі ціха пакладзі.
Ельня
Ельня - малая Радзіма завецца.
Мроіць думка мая і заўсёды імкнецца
Вёску наведаць ля шумнай дарогі,
Дзе вырасла я, не мела трывогі.
Так разляцеліся яе жыхары:
Хто ў горад паехаў, хто хварэў да пары,
Хто век свой аджыў, пайшоў у нябыт...
Вёска ж стаіць і шануе свой быт.
Кожнае лета шчыруюць бацькі.
Дзеці прыедуць, пагрэюць бакі.
Бегаюць, скачуць, турбуюць унукі...
Гэтак ва ўсіх, не трэба прынукі.
З раніцы кава. Вечарам чай.
Байкі цікавыя, сястрычка, страчай.
Еду ў Ельню песні спяваць,
Сустрэцца, пагутарыць, пасумаваць.
Цешаць вясною нас жураўлі,
Ластаўкі летам, буслы, салаўі.
Восенню будзем збіраць ураджай.
Вёска сумуе: не ад'язджай.
Зімою ласі і казулі гуляюць,
Што засталося - усё паз'ядаюць,
Нават кару на дубку абгрызуць,
Гуляюць, сваволяць, спаць не даюць.
Ноччу зайцы, дзікі заглядаюць,
Мабыць, паесці штосьці шукаюць.
Можа, ваўкоў тут меней бывае...
Вёска затоіць, сагрэе, схавае.
Так пажывае Ельня мая:
Слухае песні шпакоў, салаўя,
Кліча зімою звяроў да сябе,
Мірна, спакойна чакае мяне.
Песні ў лесе зязюля кукуе,
Лічыць гады. Няхай нам пашанцуе
Доўга і добра на свеце пажыць,
Каву ды чай смачна вёскаю піць.
14.05.2023 г.
Бяссонніцы
Ціха гадзіннік час адбівае.
Горад заснуў. Адпачывае.
Толькі Бяссонніца сумна блукае,
Спаць не дае, штосьці шукае.
Ты не сяброўка. Ты не каханка.
Дзе ж твая казка ці калыханка?
Мне дай спакою і раскажы
Як тут заснуць. Дапамажы.
Толькі ў адным я згодна з табою:
Штосьці ўсё рупіць, мала спакою.
Думаю. Думаю. Вось і не сплю.
Кідай мяне. Сціпла сцярплю.
З ветрам за вокнамі хутка зляці.
Зоркамі яснымі ўсё асвяці.
Месяцам блісні на небе без хмар...
Сон мне нясі. Хай засне ўвесь абшар.
03.01.2024 г.
Жураўлі
Ля маёй вёскі жураўлі
Шлюбны баль свой пачалі,
Па-над полем кружаць,
кружаць,
Між сабою нібы дружаць.
Робяць круг яны шырока.
Аж прываблівае вока,
Як танцуюць журавы,
Не шкадуючы травы.
Ногі іх ідуць у скокі,
Б'юць крыламі ва ўсе бокі,
Узлятаюць аж пад хмары,
Аглядаючы абшары.
Плаўна робяць нова кола,
Льецца іх "курлы" наўкола -
Ціха кружыць пачуццё...
Будзе шлюб на ўсё жыццё.
Рэдкасную з'яву бачу,
Я знямела, ледзь не плачу
Ад прыроднай прыгажосці,
Слоў няма, прапалі штосьці.
Дзякую вам, жураўлі,
Шчасце, мір мне прыняслі.
Хай заўжды такое будзе...
Беларусь вас не забудзе.
03.05.2023 г.
Гаючыя ўспаміны
Мы даўно пайшлі з дзяцінства:
Хто ранней, а хто пазней,
З успамінаў дзьме дзівацтвам,
Што нас робіць весялей.
Часта ў хованкі гулялі,
Пігру, штандара вялі,
Лялькі з хустак выраблялі...
Што шукалі? Што маглі?
Сад. Груша. Радочкам вуллі.
Пільнаваць пчол, бавіць час
Тата з мамай і бабуляй
Прымушалі нас не раз.
Мы на посцілках ляжалі,
Слухалі гудзенне пчол
І за ўсім так назіралі,
Грушкі бралі ў прыпол.
Вельмі смачна пад грушою
Есці сала з часнычком,
У цянёчку ды з душою
Слухаць, баяць са шпачком.
Як зязюля закукуе,
Мы пачнём гады лічыць.
Побач жаўручок спявае,
Не дае нам адпачыць.
На званочках у садзе нашым
Шмат чмялёў,
каровак божых.
Водар сена, выгляд пашы,
Памяць
усё жыццё трывожыць.
***
Шмат гадочкаў праляцела...
Помнім мы дзяцінства дні.
Брат, сястра, я пасталелі.
Вёска, ты на нас зірні,
Калышы ціха ўспаміны,
Закранай думкі і мроі...
Дзе ні еду - позірк кіну,
У марах раюся з табою.
Думкі гоняць да калыскі,
Што бясконца ўсіх хвалюе,
Дзе дзяцінства нас люляе,
Гоіць сэрца шчасцем блізкім.
11.06.2023 г.
Пра мяне, вецер і птушак
Полем, вёскаю ды лесам
Вецер гойсае зімою.
Думкі мкнуць за ім з нябёсаў,
Развітаўшыся са мною.
Прылятаюць, адлятаюць
Птушкі нашы кожны год.
- Вы скажыце, - я спытаю, -
Дзець куды мільён турбот?
Вы на крылах аднясіце
Ад усіх людзей бяду
Ды мяне з сабой вазьміце,
Бо ў турботах прападу.
Птушкі весела махалі
Тысячамі пёраў, крылаў
Быццам нешта абяцалі...
Восень. Паляцелі ў вырай.
Толькі ж я стаю на ганку,
І ўслухоўваюся чутка
Ды іду на працу ранкам.
Не, не веру болей чуткам.
Хай дзяцей буслы прыносяць
Нам у хаты ды кватэры
І вясну па кветках водзяць...
Вось тады і дам я веры.
2024 г.
Пра Ліду...
Пра Ліду пісаць я буду.
Пра горад пісаць я хачу.
Я яе хараства не забуду,
Ад прыгажосці маўчу.
Тут усё мне добра і звыкла:
Ціхія вуліцы, ліпы і клёны...
Назаўжды да цябе я прывыкла,
Горад мой любы, зялёны.
Ты прыгожы любою парою:
Кветак розных шырокая плынь...
Восенню, летам, вясною
Краскі гэтыя вокам акінь.
Людзі добрыя, ветліва-шчырыя,
Нас паўсюдна тут сустракаюць.
Справы, жаданні іх мірныя
Горад наш і раён аздабляюць.
2024г.
Гады ляцелі…
Гады ляцелі, як адно імгненне...
Куды ж яны? Дзе летуценні?
Чаму мяне вы так пакінулі
Калі ўсе мары зніклі, згінулі.
Чаму сплылі яны далёка...
Дзе ж ты цяпер, мая палёгка?
Навошта вецер гоніць хмары,
Кідае іх, мінуў абшары.
Жыццё бяжыць, часам віруе:
Каго паб'е, каго цалуе.
Не ўсё ідзе, як я хачу -
Таму цярплю, малюся, не крычу.
Не трэба клікаць дапамогу...
Іду я ў храм, прашу я Бога
- Змілуйся , ды хоць крыху памажы,
Дарогу шчасця мне адкрый і пакажы...
17.02.2023 г.
Пойдзем на спатканні
Сакавік... Сакавік!
Ты даўно да нас прывык,
Гурбы снегу растапіў,
Кветкі сонцам прабудзіў.
Птушак з выраю ты клікаў:
Чаплю, жораў закурлыкаў,
А вось бусел, той чакае,
Красавік ён заклікае.
Салавей у траўні будзе.
Ён каханне нам абудзіць...
Пойдзем, пойдзем на спатканні
З маладосцю і каханнем.
08.03.2023 г.
Як забыць?
Ты з мяне смяяцца будзеш,
Што кахаю аднабока,
Потым спынішся, забудзеш...
Ад цябе я так далёка.
Я скажу: "Цябе кахаю
І нікога больш не маю.
Гэта тайна. Пачуццё
Са мной цэлае жыццё."
Можна ўсё даўно забыць.
Толькі ж як я буду жыць
Без кахання і сустрэч?
Сумна, цёмна насамрэч.
Рвуць вятры мае дарогі,
Сыплюць попел заміж жвіру.
Хоць няма нідзе падмогі,
Я прыйду. Кахаю шчыра.
2023 г.
Алесь Сымановіч
Алесь Сымановіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў горадзе Лідзе. Па нацыянальнасці беларус. На працягу пятнаццаці гадоў служыў музыкантам штатнага ваеннага аркестра ў Лідскай в/ч № 34154. Працаваў музыкантам, дырыжорам, інструментоўшчыкам, аранжыроўшчыкам у розных установах культуры і адукацыі, рэдактарам шахматнай рубрыкі ў "Лідскай газеце". Кандыдат у майстры спорту па шахматнай кампазіцыі. Захапляецца паэзіяй. Мае паўнагадовых сына і дачку. Жыве ў Лідзе.
Ліда - мой горад
(Песня)
Горад мой замкам славуты высокім,
Што размясціўся пад небам шырокім.
Ціха журчыць і віляе Лідзея…
Ліда - мой гонар і сімвал надзеі!
Я ганаруся, мой горад, табой,
Ярка грыміць салют!
Распавяду таямніцу сваю:
Ліда - мой родны кут.
Помнік ля замка стаіць Гедыміну,
Лідскіх гасцей сустракае Скарына…
Бібліятэкі, басейны, музеі,
Школы, лякарні, кавярні, алеі!
Я ганаруся, мой горад, табой,
Славу табе пяю!
Людзі хай слухаюць споведзь маю,
Як я цябе люблю!
Цепліць агонь на зялёным Кургане -
Памяць герояў адвечна ў пашане!
Моцна сябруюць і спорт, і культура:
Музыка, танцы і літаратура.
Горад любімы, рабіся мацней,
Гукамі шчасця грай!
Мірная Ліда, на радасць дзяцей
Слаўся, квітней, мой край!
Ордэн на сцягу блішчыць "Знак Пашаны":
Фарбай гісторыі размаляваны!
Фабрык, заводаў у Лідзе так многа -
Якасць прадукцыі здзівіць любога.
Ліда - стваральніца новых ідэй,
Слаўлю твой герб і сцяг!
Дбае пра долю старых і дзяцей
Продкаў маіх зямля!
Горад да шчасця свой шлях пракладае,
Праз сем стагоддзяў маладым выглядае.
Сэрца трымціць ад любові да Ліды,
Радуюць вока яе краявіды!
Слаўся, мой горад, квітней і расці,
Ты для мяне - сям'я!
Песня мая над краінай ляці,
Ліда - любоў мая!
Аляксей Сымановіч
Аляксей Сымановіч нарадзіўся ў Лідзе ў 1985 годзе. Настаўнік рускай мовы і літаратуры, мастацтва. Настаўнік-метадыст. Магістр філалагічных навук. Лаўрэат юбілейнага X Міжнароднага Пушкінскага конкурсу (г. Масква). Лаўрэат II абласнога фестывалю "Паэзія - душы рух". Аўтар зборнікаў вершаў "12 ісцін", "25 крокаў да Дэкадансу", "Методыка 25-га кадра". Жыве ў Лідзе, гадуе траіх дачок.
Дрыкгант
Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося…
У. Караткевіч. "Дзікае паляванне караля Стаха".
Дрыкганта вочы агністасцю поўняцца,
Быццам хаваецца полымя ў іх.
Стаха ляціць агалцелая конніца -
Скачкі Мінулага, думак маіх.
Інахадзь дзіўная, дзесьці - машыстая.
Дрыкгант чубары, дзе шлях твой ляжыць?
Плямамі дробнымі, нібы іскрыстымі,
Увесь пакрыты, да зорак бяжыць…
Таполі
Гамоняць таполі,
Лапочуць: "Даволі!
Пужліва дрыжаць
У маркотным чаканні.
Ляціце да зор
У сіні прастор!
Там будзе жыццё,
Там будуць спатканні.
У срэбным тумане
Халодных галактык
Шукайце ўсё тое,
Што тут не знайшлі.
Не трэба баяцца,
Сыны, адрывацца
Ад маці гаротнай - Зямлі!"
На досвітку недзе
Ў нудзе без патолі
Аб чымсьці гамоняць
Старыя таполі.
І вельмі шкада:
Іх людзі не чуюць.
У іх іншая справа:
паперкі малююць.
У іх іншая справа:
сядзяць у Інтэрнэце.
У іх іншая справа:
сто грам у буфеце.
І мы разумеем:
што ёсць - тое будзе.
Бо мы не таполі,
а простыя людзі.
2017 г.
Дзяцінства
Я жыву на самым краі
Цудадзейных светлых мар.
І ляцяць нягодаў зграі
З асалодай мне на твар.
Я - рамантык-летуценнік,
Што лунае ў вышыні
У журботным задуменні
Пра дзяцінства тыя дні,
Калі марыў я пра неба,
Шчасце, ласкавыя ўсмешкі,
Калі зведаў водар хлеба
Ды прагледзеў тыя сцежкі,
Што вялі да маці-сонца.
І свабоды подых часам
Заглядаў у маё аконца
Разам з казачным Пегасам.
Час нястрымны, апастылы…
На душы маёй гаротна,
Што жыццё зламала крылы;
Так балюча, так самотна…
Час дзяцінства - на хвіліны;
Захавайце ў сэрцах людзі
Назаўсёды ўспаміны,
Покуль сонца тое будзе.
Да 50-годдзя заснавання "Суквецця"
Паважанае спадарства, наша слаўнае "Суквецце" -
Гэта россып вершаў-кветак: тут дарослыя і дзеці.
Загляніце ж, калі ласка, на чарговае спатканне -
І пачуеце пра Ліду, пра краіну разважанні,
Пра натхненне і надвор'е, пра жывых і пра забітых,
Пра цікавыя прыгоды, пра рабочых працавітых.
Вы, панове, зразумейце: у мяккім слове "аб'яднанне"
Ёсць сапраўднае сяброўства тых, хто верыць у Каханне!
Вечнасць не дае адказу
(трыялет)
Вечнасць не дае адказу.
Сэрца верыць у каханне.
Што змяняецца для нас?
Вечнасць не дае адказу.
Не забыць сустрэчы час…
Для чаго ж тады растанне?
Вечнасць не дае адказу.
Сэрца верыць у каханне.
Марыя Завала
Завала Марыя Юр'еўна нарадзілася 5 лістапада 2013 года ў Лідзе. Вучыцца ў 5 "А" класе СШ № 4 г. Ліды. Пачала складаць невялікія вершы ў другім класе. Цяпер амаль кожная падзея, звязаная з моцнымі эмоцыямі, ператвараецца ў верш. Займаецца вакалам, з'яўляецца удзельніцай узорнага хору "Аніма".
Мая Беларусь
Мой край - Беларусь, а я - беларуска,
Жыву сярод добрых і чулых людзей.
Мы - мірныя людзі, я тым ганаруся.
Працуем з душой, ідзём у заўтра смялей.
Казаў мне дзядуля аб тым, як жылося
Задоўга да нас, у дзяцінстве яго.
І колькі падзей з той пары адбылося,
А памяць жыве, быць інакш не магло.
Мы прадзедам нашым паклонімся нізка
За шчасце і мір, што ў баях здабылі.
Край родны для нас, як дзіцяці калыска.
Яго зберажом, яго продкі далі.
Паклонімся ў ногі і "дзякуй" мы скажам
За веру, якую пасеялі нам,
За кветкі надзей, мы ў вяночак іх звяжам,
За дом, які ворагу я не аддам.
Боль Хатыні
Як успаміны пра вайну
Шмат помнікаў стварылі людзі.
Хатынь жа - помнік пра бяду,
Пра вёску, больш якой не будзе.
Няма дамоў, няма людзей,
Згарэлі ў полымі гарачым.
І толькі рэхам тых падзей
Звіняць званы, як быццам плачуць.
А слёзы капаюць бом, бом…
Цяжкія, горкія, скупыя…
І стэлы быўшых каміноў
Стаяць наўкол, як вартавыя.
Няма дамоў, няма людзей,
І дзетвара тут не гуляе.
Халодны вецер, як зладзей
Між каміноў лісты ганяе.
Не трэба слёз, вайны не трэба,
У згодзе ўсе павінны жыць.
Што нам дзяліць? Аблокі з неба?
Ці, можа, сонца падзяліць?
Дабром дзяліцца трэба, смехам,
Любоўю, дружбай, дабрынёй
І шчасцем з кожным чалавекам,
Каб мір заўжды быў і спакой!
Любімы горад
Прыйшла вясна, прачнуўся горад,
І сонца свеціць весялей.
І наша Ліда, зняўшы холад,
Вясну сустрэла. Жыць далей!
Іду па вуліцы і бачу,
Што вочы добрыя ў людзей.
Бо мы, лідзяне, я адзначу,
Глядзім у заўтра ўсё смялей!
Наш горад мілы, вельмі файны,
Прыгожы, цёплы, як мой дом.
Бо кожны - гаспадар тут дбайны,
Сям'ёю дружнай мы жывём.
У гэты год стварэння, міру
І дабрыні, каб без мяжы!
Жадаю ўсім, каб не згубілі
Усё, што продкі нам далі!
Замак
Велічны, непрыступны
Замак у Лідзе стаіць.
Князь Гедымін з пастамента
Пільна ўдалеч глядзіць.
Кожная цэгла і камень
Подых даўніны нясе.
Ведаюць, як будаваўся
Горад у гордай красе.
Як падымаўся з руінаў,
Дні ліхалецця цярпеў.
Лідчыны помнік, краіны
Выстаяў і ўзмацнеў.
***
Адзін лісток на дрэве сохне,
І кветка ў полі не цвіце,
І птушка цёплаю вясною
Сама сабе гнязда не ўе.
Бо без сяброў, без мамы, таты
Ну, проста немагчыма жыць!
Бягу са школы я дахаты,
Каб іх да сэрца прытуліць.
Бывай, лета!
Думала, лета не скончыцца,
Плаваць у возеры хочацца.
Але зноўку восень прыйшла
І дожджык з сабой прынясла.
Хмары гуляюць па небе,
Хаваецца сонейка недзе.
Канікулы, лета…
Вярнуць бы жаданае. Дзе ты?
Восень фарбы размясціла,
Як мастак пазалаціла
Дрэваў кожненькі лісток,
Тут штрышок, тут завіток.
Чараўніца, што сказаць!
Трэба парасонік браць.
Зімні дзень
Марозны сонечны дзянёк,
З нябёсаў сыплецца сняжок.
Прыгожа, як у казцы!
Накрылася зямля пярынай,
Прыбраліся яліны ў іней.
Утульна, пэўна, ім.
Сядзіць снягір, сінічка скача,
Лядзяшка на страсе не плача.
Зямлю пакрыў кілім.
А сонца свеціць, снег іскрыцца,
Замерзла ў возеры вадзіца.
Нават аблок няма.
Як удалеч кінеш вокам,
Прастора белая навокал.
Цудоўная зіма!
Зіма
У горад прыйшла зіма,
Дарогі ўсе замяла.
Бялюткае ўсё кругом,
У казцы быццам жывём.
На дрэвах футры і шапкі,
Кусты, як маленькія хаткі.
Павешу ля дома кармушкі:
Частуйцеся, мілыя птушкі!
Дамавёнак
У мяне ў кватэры цуд!
Нехта пасяліўся тут.
Ён не злосны і не шумны,
І, заецца мне, разумны.
Любіць есці ён цукеркі,
Падкрадае іх з талеркі.
І пячэнькі, і зефір.
Фанцік вылізаў да дзір.
Можа Фімка стаў сласцёнай?
З'еў цукеркі ночкай цёмнай.
Не, цукеркі з'еў Кузьма,
Дамавёнку дам імя!
Мой край
Мой край беларускі,
Радзіма мая!
Цудоўны, прыгожы!
Люблю цябе я!
Рачулку і лес,
Птушак спеў у гаі.
Хачу, каб заўсёды
Мы ў міры жылі!
Кастусь Якубчык
Канстанцін Іосіфавіч Якубчык нарадзіўся ў 1983 годзе, працуе ў лакаматыўным дэпо Ліда слесарам па рамонце рухомага састава. Вершы спрабаваў пісаць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве. Затым у яго творчасці быў 15-гадовы перапынак. І толькі з лета 2020 года ён зноў піша вершы, галоўным чынам вершы для дзяцей.
Успаміны з дзяцінства, яго жаданні і мары ў той бесклапотны час леглі ў аснову многіх яго вершаў. Штосьці для іх чэрпае і з назіранняў за сваёй дачкой Жэняй.
Акрамя дачкі, адным з першых ацэншчыкаў творчасці Канстанціна Якубчыка з'яўляецца яго сястра Іна. А суседка Людміла Усюкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры, праглядае вершы, дае слушныя парады па іх удасканаленні. Калега па рабоце ў дэпо Алег дапамагае ў стварэнні друкаваных варыянтаў рукапісных тэкстаў. Усім ім аўтар вершаў вельмі ўдзячны.
Канстанцін марыць аб выданні ў будучым уласнага паэтычнага зборніка менавіта для дзяцей.
Творы паэта змяшчаюцца ў "Лідскай газеце", ёсць яны і ў 10-м літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў". Яго верш "Вучоны кот" быў надрука-ваны ў дзіцячым часопісе "Вясёлка".
Канец 2022 года прынёс Канстанціну Якубчыку дзве перамогі - у 5-м адкрытым рэгіянальным конкурсе імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" і ў прафсаюзным фестывалі-конкурсе Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі "Созвездие талантов" (у намінацыі "Сердцу милая сторона"). На яго верш "Письмо лету" лідская паэтка і кампазітар Людміла Краснадубская напісала музыку, песня на гэты верш была развучана ў сярэдняй школе № 10, дзе вучыцца дачка Канстанціна Іосіфавіча.
Снег
Як прыгожа і павольна
Снег кладзецца на зямлю,
Дорыць срэбра наваколлю,
Я ў далонь яго лаўлю.
Прыгляжуся і пабачу
На карункаў прыгажосць.
Чараўніцтва - не іначай
У сняжынках гэтых ёсць.
Можа, гэта млын з нябёсаў
Сыпле, нібы як муку.
І ляціць, ляціць бялёсы
Снег павольна мне ў руку.
Зноўку зімка завітала
Зноўку зімка завітала,
Сцеле коўдры па палях.
Поле, сцежкі замятае -
Пракладае новы шлях.
А наўскрай дарог бярозы,
Нахіліўшыся, стаяць.
Ціснуць першыя марозы -
Аж галіначкі трашчаць.
Завітала гаспадынька,
Ходзіць, бачыць, што ды як.
Завірухі хоча - уздыме.
Размалюе, як мастак.
А як ужо заморыцца,
Дык ляжа адпачыць.
І вецер супакоіцца,
Павольна снег ляціць.
Зіма вясну прасіла…
Зіма вясну прасіла:
- Хвілінку пачакай,
Не ўвесь я снег струсіла
На поле ды на гай.
Не ўсе я зацягнула
Лужочкі крышталём.
Ды штосьці абмінула,
А час ўжо прайшоў.
- Ты, зіма, спяшайся, -
Гаворыць ёй вясна, -
Ды хутчэй збірайся! -
Падказвае яна.
- Я па кожнай сцежцы
Прабегчыся хачу.
Сыпану пралескі.
Бярозам сок пушчу.
Здыму я коўдру з поля,
Хай жыта прадыхне.
І гай пацешу ўволю,
Жаўрук няхай пяе.
- Ты мяне паслухай:
Яшчэ цяпла няма.
Прайду - дык з завірухай,
Хай помніцца зіма!
Вясновы ранак
Люблю цябе, вясновы ранак.
Птушыны грай у цішыні.
Вітаю сонца абаранак,
Яго святло і прамяні.
"Добры дзень! -
кажу я птушкам, -
Дзякуй вам за вашы спевы!".
Нібы шэпчаце на вушка:
- "Падпявай вясны прыпевы".
Люблю я восень залатую…
Люблю я восень залатую,
Не люблю даждлівую.
Бо з дажджамі я сумую,
З сонейкам - шчаслівы я.
Люблю я восень залатую,
Не люблю маркотную.
Бо з маркотнай я сумую -
Мне мілей пяшчотная.
Люблю я восень залатую,
Не люблю няшчодрую.
Бо з няшчодрай я сумую -
Мне каб лісце коўдраю.
Люблю я восень залатую,
Не люблю вятрыстую.
Бо з вятрамі я сумую -
Мне мілей агністая.
Люблю я восень залатую,
Не люблю даждлівую.
Бо з даджамі я сумую,
З сонейкам шчаслівы я.
Восень - колер залаты
Восень - колер залаты.
Быў наш клён зялёны -
Зараз жоўтыя лісты
Ападаюць з клёна.
Болей рэха не блукае
Па густых галінках.
Лета бабіна чапляе
Вецер павуцінкай.
Пад нагамі зараз коўдра -
Лётай без абутку.
Клён насыпаў лісце шчодра -
Сам стаіць галюткі.
Ды галюткі ненадоўга:
Апране ў кажух зіма.
Пашкадуе, як старога,
Бачыш: хутка і вясна…
Лідзе
Шмат гарадоў на Зямлі:
Вялікіх, прыгожых, знаёмых.
Сцежкі жыцця куды б не вялі,
А сэрца аддам я адному.
Любы мой горад дзяцінства,
Знаёмы, адкуль не ідзеш:
Ад вуліц, утульных і чыстых,
Да кургана ды замкавых веж.
Ты бачыў сваімі вачыма
Вайну, што забрала сыноў.
Хачу, каб ніколі Айчына
Такога не зведала зноў.
Сем вякоў ты стаіш
над Лідзейкай!
Сем вякоў, а ўсё ж малады!
Такога не бачыў нідзе я,
Хоць прыгожыя ёсць гарады.
Усё мне міла ў родным краі
Усё мне міла ў родным краі,
Усё, што побач ля мяне.
Я ўсё з ўсмешкаю вітаю -
Нішто мой погляд не міне.
Як не любіць свае мясціны!
Той лес, што бачу я здалёк,
І вас, нізенькія хаціны,
І вас, рамонкі ля дарог.
І цябе, жаўрук над полем,
Дзе спевы звонкія гучаць.
Іх слухаць любіць наваколле,
Аж сэрцу хочацца спяваць.
А прыемна як паслухаць
Гул тых пчолак працавітых!
Узяць у рукі ды панюхаць
Сенца з траўкі сакавітай!
Дзе праз жыта бачна трошкі:
Пра між срэбра каласоў
Гуляе ў хованкі валошка.
Я шукаў яе, - знайшоў.
Як не любіць свае мясціны!
Да сэрца цягнецца рука:
Не шкада мне той гадзіны,
Што слухаў спевы жаўрука.
Арэлі захварэлі
Нашыя арэлі,
Мабыць, захварэлі:
Крышку зыржавелі
Ды гучна заскрыпелі.
Пачалі чырыкаць -
Трэба тату клікаць.
Няўжо, як чалавеку,
Арэлям трэба лекі?
- Не турбуйся, - тата кажа, -
Зараз мы алеем змажам.
Ім алей і будзе лекі -
Для арэляў няма лепей.
Арэлі болей не скрыпяць,
Мяне клічуць пакатаць.
Часцей змазвайце арэлі,
Каб ніколі не хварэлі.
Чарапаха і Слімак
Слімак, сустрэўшы Чарапаху,
Акінуў позіркам яе,
І ад здзіўлення аж да жаху:
- Ты так падобна на мяне!
Таксама носіш хатку
З сабой заўсёды на спіне,
У небяспецы ці ў нападку,
Як я, хаваешся ў яе.
Цябе магу лічыць сястрою,
І мне здаецца: мы радня,
Бо так падобныя з табою,
Свой панцыр носячы штодня.
А Чарапаха - Слімаку:
- Хай будзе так, я не крыўдую,
Шмат год жыву я на вяку,
А ўпершыню такое чую.
Хоць я неспешны маю рух,
І панцыр мой - мне абарона,
То чым адрозніць пчол ад мух?
Магла б арлом сябе лічыць Варона!
Прабач, табе сястра не я,
Ты прыглядзіся да мяне:
Мы толькі тым падобныя,
Што носім хаткі на спіне.
Хутка заўтра не прыходзіць
Хутка заўтра не прыходзіць,
Калі сесці і чакаць.
Заўтра хутка надыходзіць,
Калі ў ложак бегчы спаць.
Я ж ужо заплюшчыў вочы,
Толькі каб не адчыніць.
Каб хутчэй заснуць да ночы,
Буду я да ста лічыць.
Адзін, два, тры, чатыры, пяць -
Вочкам, вочкам трэба спаць.
Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць -
Ручкі коўдру месяць, месяць.
А далей лічыць не буду:
Не паможа гэта сну.
Мне патрэбна, мабыць, цуда
Вось тады я і засну.
Думаў, лік - мой ратунак:
Зноў і зноў лічыў, сябры.
Толькі маці пацалунак
Лепей чым адзін, два, тры…
Вартаўнік
Каля брамкі вартаўнік
Наш сцярог падворак.
Толькі бачыў - раптам знік.
Клікаў разоў сорак.
Ён яшчэ малы наогул,
А ўсё ж слухае мяне.
На падворак - ані кога
Без увагі не міне.
Нешта я яго не бачу,
Мо, схаваўся небарака,
Ці вартуе? Не іначай!
Хоць шчаня, але ж сабака.
Падыду яшчэ за хату,
Клічу, клічу - не ляціць.
- Цішай,- мне тут кажа тата,-
Вартавы змарыўся. Спіць.
Кацярына Янчэўская
Янчэўская Кацярына Валянцінаўна, паэт, мастацтвазнаўца, філосаф. Нара-дзілася 27 чэрвеня 1981 года ў Лідзе. Навуковыя і творчыя зацікаўленні: філасофская антрапалогія і фенаменалогія, этычныя праблемы сучаснага чалавека, выяўленчае мастацтва Беларусі і Францыі, эстэтыка. Вершы друкаваліся ў зборніку "Ад лідскіх муроў", газеце "Літаратура і мастацтва", "Лідская газета", часопісах "Маладосць", "Дзеяслоў", "Тэрмапілы". Аўтар кнігі паэзіі "Белае шматкроп'е" (2021).
Вяршыні і падводныя камяні
Зеляніна дыханнем ліпеня
Малюе ўзвышша думак
На Лідскай раўніне,
Няўрымслівы вецер гуляецца
З рытмам ягадных гронак;
Адораны фарбамі сад
Сыпле ў кошык
Летніх эцюдаў абрысы.
Пад кронамі ліпеня
У няроўным дыханні лістоты,
Бы "горлінка ў горнай цясніне"*,
Паэзія...
Над Лідскай раўнінай -
Вецер, малюнкі… І вершы -
Пладоў сакавітых вяршыні...
* "горлінка ў горнай цясніне" з "Найвышэйшай песні Саламонавай".
Духмянасць
Вось запаветны водар
разгортвае далоні:
высакародныя літары лета
складаюць псалмы...
Ноч, раніца, дзень, вечар -
Так ветла таемны промень
Стварае летапіс пяшчоты,
рытм сэрца агучвае веды:
Ты ёсць у лагоднай малітве,
Ты ёсць у жыцці...
Сон
Чалавек спяшаецца:
Справы паглынаюць дні
Справы патрабуюць яснасці;
Чалавек у палоне рэальнасці
Ці рэальнасць у палоне мітусні?
Хуткаплынны час!
Асцярожна: дзверы зачыняюцца!
Наступны прыпынак:
Сон.
…Расплывістая невядомасць туману
Утрымлівае ад падзення
Ў плынь безнадзейнага...
Па іншы бок бачнага штосьці ствараецца зноў -
Народжаная з мігцення сутнасці
Vita Nova?
Літургічны выток сусвету
Калі здаецца, што побач нікога,
Нікога,
Нікога
Ў жыццевым віры
Адзіноты:
Толькі пакуты
Вартуюць твой кут
Сярод неабсяжнай пустэльні…
Раптоўна
Скрозь драпіны на небасхіле,
Скрозь вастрыню адзіноты
Адкрывае сябе
Літургічны выток сусвету.
Раскрытае неба ў маленькай пячоры
Чалавечага лёсу;
Разгорнутая кніга жыцця.
Раптоўна
Гушчар адзіноты і гучныя словы-раны
Залечвае маўчанне квітнеючых ружаў ля храма...
***
Наўкола:
цёплае
узвышанае
паветра,
паўнюткае
думкамі
схілаў
і ўмацаванняў.
З вышыні:
так лёгка боль коціцца ў Нёман,
а немач адпускае на волю надзею...
У хвіліны мірнага суіснавання сэнсаў
так істотна паспець прытуліцца
да лета жыцця.
Узаемаадносіны
Жнівень - час збіраць ажыны
І маляваць ягаднымі фарбамі
Сілуэты пяшчоты
На паверхні поўні...
Кароткія летнія ночы:
У гушчары адценняў
Ці цяжка разгледзець адно аднаго?
Кароткія сны:
Дзесьці на шматаблічнай мяжы
У бясхмарным небе
Балансуюць водсветы belle еpoque.
Кароткія прасвятленні.
У глыбіні рэальнасці,
Вывучаючы перашкоды,
Неабходна паспець дамаляваць
Сілуэты пяшчоты
На яшчэ не застылай планеце.
А да твару працягваюць рукі шыпы,
Пытаннямі здабываючы мяккасць рухаў.
У жнівеньскіх ведах - ажынавае жыццё.
…На шматаблічнай мяжы цемрадзі і святла
Хто здолее не змарнаваць час?
***
Прарастае святло
Вінаграднай лазы
У раскрылены лёс
Любові...
***
Сонца скрозь туман.
Зноў крокі да лекавых кветак.
Зноў крокі як ноты суцяшэння.
Летняя календула -
мост паміж маўклівасцю і гучнай размовай,
мост паміж самотнымі стратамі
і праяўленнем новага.
Драматургія пераходу ад таго,
што адбылося і ніколі не вернецца,
да таго, што нараджаецца скрозь начную нябачнасць
і ранішнюю імпрэсіяністычнасць ліпеньскага туману…
***
Вясковая вышыня:
думкі трымаюцца за далягляды лістоты,
пад парасонам святла
на імгненне
міласэрна здаецца,
што цемра забыла свой шлях
да чалавечага сэрца...
Ластаўкі
Калі пайшлі доўгачаканыя летнія дажджы,
востра адчуваеш, як высахла ўласнае сэрца
ад абставін і перажыванняў,
што балюча змяняюць
conditio humana.
У гісторыі чакання дажджу,
у гісторыі трывання і разбурэння
заплаканыя думкі
і заплаканыя кветкі
з надзеяй глядзяць
на жывы ластаўчын лад
(там ніводнага фальшывага дзеяння).
У такой невясёлай гісторыі,
як знайсці сілы,
каб залатаць гаркавы сэнс?
***
Світальнае Ольжава побач:
Сэрца бачыць
Абіцель прападобнага Паісія Святагорца.
Побач:
Жытнёвага поля жыццёвыя сэнсы
І гаючае дыханне лесу.
Вестка нябесных зярнятаў
І таямніца чалавечнасці...
Спасціжэння таго, што знікае, каб вярнуцца зноў.
Каб вярнуць нас да саміх сябе, створаных нанова.
Парэчкі
Лета
не мімалётны давер
пральецца
парэчкамі
ў сонечныя разважанні.
Расчулена ягадныя радкі
збіраюць усмешкі роднага неба
і крокі на роднай зямлі.
Людміла Краснадубская
Людміла Краснадубская нарадзілася ў в. Вішнёўка, Менскага раёна, Менскай вобласці.
Скончыла там дзесяцігодку, адвучылася ў ордэна "Знак Пашаны" Мар'інагорскім саўгас-тэхнікуме па прафесіі - аграном. Працавала, выйшла замуж, нарадзіла трох дзетак, мае восем унукаў. Піша вершы са школы, друкуюся ў раённых і рэспубліканскіх выданнях, шматлікіх зборніках.
Выйші ў свет чатыры кнігі, мае шмат матэрыялаў для не-калькіх наступных.
Акрамя вершаў піша песні, бо сама любіць спяваць. Выступае дзе толькі просяць - у санаторыях, школах, вайсковых частках, ЦДК г. Ліды і інш…
Была ўдзельніцай 12 і 13 Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у г. Гародні, свята Беларускай кнігі ў Гародні, маю шмат дыпломаў і грамат.
З'яўляецца ўдзельніцай літаратурнага аб'яднання "Суквецце" г. Ліды, салістка хора ветэранаў "Майскія зоры", кіраўнік вакальна-тэатральнай студыі "Натхненне" пры клубе "Даўгалецце", любіць вандраваць.
Кожнае лета едзе ў вандроўку па прыгожых месцах на-шай цудоўнай, любай краіны, нашай роднай Беларусі!
ЗНАРОК НЕ ПРЫДУМАЕШ
Байкі
Прагрэс
Ішла бабуля на аўтобусны прыпынак,
Спяшалася, што было сіл.
Аж бачыць, праз дарогу йдзе хлапчына,
Ідзе адзін і не адзін.
Ўтаропіўся ў тэлефон ён,
А што наўкол - не бачыць, аніяк.
На светафоры ўжо гарыць чырвоны,
Як быццам кажа: "Эй хутчэй бядак!"
У бабулькі зашчыміла сэрца:
Бяда, ой, зараз пад машыну пападзе!
На дапамогу да яго яна імчыцца.
Хапае за рукаў, вядзе.
А той як раптам зарагоча,
Бо нешта смешнае ў тэлефоне ён знайшоў.
Бабулька вылупіла вочы: "Бяда, падумала,
Вось і яе канец прыйшоў".
Хлапец навушнікі дастаў з кішэні
І быццам сам з сабой пачаў ён размаўляць.
Бабуля ў дзве рукі перахрысцілася,
Малітву пачала шаптаць.
Ды што тут робіцца такое,
Мо, засяліўся ў хлопца бес?
Ды не, тэхнічнае тут слова,
Хлапцу затлуміў галаву прагрэс!
Мараль:
Жыццё ніколі не стаіць на месцы.
Тэхнічнага прагрэсу не спыніць.
І каб старэйшых да інфакту не давесці,
Дзяцей з маленства трэба навучыць.
Разумны робат пачытае нанач казку.
Разумны робат прыбірае чыста дом.
Кафтан пашые, адпрасуе,
Але тады навошта мы жывём?!
Разумны вяпрук
Свіней бабуля гадавала.
Быў у яе не адзін вепручок.
Із іх рабы, быў самы разумнейшы,
Нібыта той сабака быў.
Як разам з грамадой, то ён цішэйшы
Ці то ў траве, ці то ў гразі ляжыць.
Але як толькі гаспадыня захінецца,
Ён першы да яе бяжыць.
Вухам паківае і спіной патрэцца,
Ды ляжа хрукнуўшы ля ног.
Усё лепшае яму, вядома, дастаецца,
І абхітрыць яго ніхто не мог.
Але прыйшла пара, хто мог падумаць,
Рабога лепей пачалі карміць.
Вяровачка не доўгая вілася -
Кубелец з салам поўненькі стаіць.
Вось так з людзьмі бывае лёс жартуе,
Як лезе іншы па галовах уверх.
Жыццё лагодна так напамінае:
Адумайся і не бяры на душу грэх.
Усё ў жыцці паверне бумерангам.
Хай грошай шмат, ля дома лімузін.
Але сяброў не будзе з табой побач.
Любімы сам сабой, застанешся адзін.
Пляткаркі
На лавачцы сядзелі дзве кабеты.
Лускалі семкі, размаўлялі пра жыццё.
Ім з дня на дзень сябе заняць няма чым,
У соты раз лічылі ў суседзяў набыццё.
Глядзі, паласы новыя прыдбалі,
А вунь паркет на сметнік павязлі.
А колькі ж за рамонт аддалі?
Ды грошай столькі дзе ўзялі.?
На лаўцы языком папляскаць
Лепш, чым пайсці і штось зрабіць.
Дапамагчы нявестцы дзетак няньчыць,
Ды посуд дома перамыць.
Прыгатаваць абед для маці прастарэлай,
То гэта для кабецін пусты гук.
Вось хто жыве з кім, хто не ладзіць
Яны, пляткаркі, тут як тут.
Што цяпера збярэш, тое зімою спажывеш
Пра грыбы суседкі размаўлялі,
Як ікру із іх рабіць - дэлікатэс.
Як сушыць, варыць, як смачна есці.
Толькі як на чым патрапіць у той лес?
Сашка мне казаў: на электрычцы
Можам мы даехать хоць куды.
На прыстанку выйсці ў Касавішчы.
Там касой касі грыбы.
Мне Пятрусь казаў, другая кажа,
На аўтобусе шпарчэй.
У Ваверцы грыбоў завала,
Такога ты не знойдзеш анідзе.
Лета адцвіло, ужо восені змярканне,
Зноў гаворка завялася пра грыбы.
Усе іх завязуць, абы жаданне,
Ды не выбраліся так і нікуды.
Ля падъезда семкі што палушчыць,
Лепей, чым па лесе пахадзіць.
Гнуцца трэба там ды прыгінацца,
Ды кляшча шчэ можна падчапіць.
Рыхтаваць што трэба на зіму запасы?
Ха, схадзіў у краму - ды купіў.
У цяпле, на лавачцы, пры хатцы,
Вось глядзіш, і зноўку год адцвіў.
Адпачынак
Там рукзак, тут клунак вёрткі, хто спяшае на прыпынак?
Едуць дачнікі на соткі, каб пачаць свой адпачынак.
З гачкай хто, а хто з лапатай, дзесьці чутны мотаблок.
Завіхаюцца заўзята Манька, Ванька ды Змітрок.
Бокам, ракам на каленцах, хто як можа, так капаюць.
Потым полюць тыя грады, што казаць - адпачываюць!
Спазаранку ледзь прачнуся, каб паслухаць птушак спеў,
Чую зноў - не разагнуся, ногі не ідуць, павер.
Родныя мае вы людцы, гэта ж дача, не вайна,
Адрабілі дарагія з маладосці вы спаўна.
Але вось прыйшла субота, хто спяшае на прыпынак?
Едуць дачнікі на соткі, каб прадоўжыць АДПАЧЫНАК.
Склероз
Выправіла бабка дзеда ў магазін:
Ты ж купі там солі, не забудзь, глядзі
Дзед у магазіне ўсё купіў, як трэба:
Зельцу, і кілбасаў, і буханку хлеба.
Бабцы ад склерозу ўзяў кавалак сала,
Каб не забывалася і смачна гатавала.
Рады, ідзе да дому, усяго даволі.
Дома баба кажа: Ну, купіў ты солі?
Зноўку выпраўляе яна дзеда з хаты:
Без солі не вяртайся, дурань барадаты.
Дзедка з магазіна ногі ледзь валоча,
Сустракае баба і з яго рагоча:
Ну, ёсць соль у торбе, дурань барадаты?
Мусіць мне самой ўжо выпраўляцца з хаты.
У магазін схадзіла, цукру накупіла,
А пра соль бабуля і сама забыла.
Так яны па соль увесь дзянёк хадзілі.
А ці то купілі, а ці не купілі,
Гісторыя пра гэта нам маўчыць, не кажа,
Можа, і сягодня ў іх без солі каша.
Капуста ў копах
На базары, у нядзельку бабуля бойка гандлявала
Ды за расаду памідораў ані рубля не саступала.
Збоку іншая кабета, капусту бойка прадавала.
Капустка ранняя і позняя, надбаўку добрую давала
І не трымалася так за капейку, замест 10 дасць 15.
Прыйшоў дзядок, купіў рассаду,
жанчына тут тавар прыдбала.
У натоўпе хлопец малады, гандлярка да сябе яго зазвала:
Купі капу, ой, спажывеш, не будзеш ведаць, дзе падзеці.
А той ў адказ: "Каня няма, а сена сам што буду есці?"
Кабета ў рогат: "Ты глядзі, жывеш што першы год на свеце?
Капусту ў Лідзе ў копах прадаюць,
расады каліў 60 у тым букеце.
А паўкапы, то 35, скупому ў гандлярах не месца.
Купляй, садзі і будзеш спажываць, усю зіму капустку есці".
Хлапец збянтэжыўся, пачырванеў,
рвануў, аж пяты заблішчалі.
Але запомніць пэўна назаўжды,
капусту ў Ліде ў копах прадавалі.
У копы сена ставілі заўжды, у копы збожжа некалі стаўлялі,
А што расада ў копах каб была,
З часоў аж ВКЛ мы звычай захавалі..
***
Дзяўчыначка - быліначка, а столькі валачэ.
Сумка ў руках і на плячы.
Не дружыць, пэўна, з галавою -
Павінен быць мужчына пад рукою.
А вунь мужчына, ён прывычна
З пакецікам і выглядае фантастычна.
Уходжаны, прыгожы, ідзе па тратуары,
Відно што жонку добрую ён мае.
Даглежаны, абмыты, накормлены спаўна,
А на вячэру вып'е і фужэр віна.
І адпачыць ён заслужыў, бо ён мужчына,
А жонка што, а што жанчына?
Жанчын шмат болей на зямлі.
Адкуль? Мужчыны той падлік вялі.
Чаго ж тады жанчын тых шанаваць?
Мужчын жа меней! Трэба зберагаць!
Лісіца
Вёў Заяц нарыхтоўку харчу на зіму.
Знянацку пад карчом сустрэў Лісу-куму.
Худая, абадраная, забыта Богам
Змарнелая Ліса ляжала там аблогам.
Пашкадаваў Касы Лісіцу-прахадзімку.
Прытулак даў, адзеў, нібы карцінку.
Ад'елася Ліса і ўся размаляваная
Ды ў Касога ўжо не закаханая.
Навошта мне ў нары якойсці жыць?
У палацы жыць хачу. Царыцай быць!
Ды шусь за дзверы і давай лятаць
Прыстойнага сабе шукаць.
Той - без машыны, гэты - не багаты,
Ідзе Ліса, сама сабе дае парады.
Аж бачыць - чыйсці дом прыгожы.
Відаць, што мае гаспадар і чын, і грошы.
На ганак выйшаў Леў. Лісіца да яго:
- О, мой ты ўладар, - і лізь у пятку раз, другі, -
Ты за сябе мяне вазьмі, не зведаеш са мной тугі!
Льву спадабаўся той расклад,
Ліса шыкоўная, прыгожая - ён рад:
- А што з сям'ёю мне сваёй рабіць?
Усё ж эйфарыю Леў рашыў перапыніць.
Ліса заёрзала, хвастом тут закруціла,
І так далей яна загаварыла:
- Навошта жонка старая, сям'я і дзеці?
Цябе буду кахаць адзінага на свеце.
Згубіў Леў галаву, паверыў абяцанку,
Кахаць што будзе вечна, з вечара да ранку.
Лета прайшло, і надыходзіць восень
Але Ліса ўжо не просіць,
Не ліжа ногі Льву, завяла свае парадкі.
Даюць аб сабе знаць Лісіцыны павадкі:
- Курэй і качак сам ты з'еш,
А мне калбаскі з'ездзіш, прывязеш!
Чаго не зробіш ты дзеля каханай?
І за мяжу паехаў Леў, але вярнуўся рана.
А дома бруд, парадку ніякога.
Ідзе ў пакоі ён і бачыць там... другога!
Не быў бы Леў царом звяроў.
Страшэнна, на ўвесь лес зароў:
Прыкідвалася беднаю, абражанай,
Такою мілай, добранькай, уважлівай!
Згроб лапамі і выкінуў Лісіцу вон.
Ліса і ёсць Ліса - брунетка ці бландынка,
Ці рыжая, ці з сівізной - Ірына ды Марынка,
Жывуць яны дзеля сябе, каханай
Наташа, Вольга ці Святлана.
Як толькі грошы дзе пачуе прахадзімка,
Так і кідаецца мужчыну ў абдымкі.
Мараль:
Каб зберагчы сям'ю і гонар свой,
Парайся не з хвастом, а з галавой!
Каб не згубіўся
Дзесь ехала бабулька не адна,
У аўтобус села на прыпынку.
Адной рукой яна дзядка ўвяла,
У другой трымала торбу і хусцінку.
Дзядулю пасадзіла як далей,
Заціснула амаль што ў куток.
Ля краю прымасцілася сама,
А каб жа не згубіўся той дзядок.
Дарога бегла шпарка ўздоўж палёў.
І як тут быць, дзядок засумаваў,
Памкнуўся месца памяняць сваё,
Бабулі грозны крык яму не даў:
- Ты сіднем сядзь, чаго ўстаеш?
Ды ўціснула далей яго ў куток.
Аўтобус колькі вунь жанчын вязе.
А каб жа не згубіўся той дзядок.
Так ехала, бубніла без канца.
Пераканаць яе ніхто не мог.
Якая рэўнасць у такіх гадах,
Не дзенецца нідзе яе дзядок.
Ніхто не мог дапяць, а што рабіць?
Каханне, нехта вымавіў знарок.
Дзядулю хутка стукне сто гадкоў,
Ну, дзе ён дзенецца, яе дзядок?!
Размова па душах
- Цябе ў жыцці ніколі не кахала, -
Казала жонка мужу.
- А што ж пайшла ты за мяне?
- Ды, татачка прымусіў.
- А дзеўкай я краса была!
- Ага, паціху муж смяецца,
Бо нават воўк у лесе каб спаткаў,
Не ведаў бы куды падзецца!
Дзве валасіны замест кос на галаве,
А зубы, дык няма чаго казаць, страшыла.
Каб цесць не ўліў у рот мне
Самагонкі пляшкі дзве,
Ніякай сілай бы мяне к сабе не прысушыла!
Сэнс жыцця
Сядзяць мужчына і жанчына на прыстанку,
Чакаюць свой аўтобус мабыць тут.
Сядзяць даўно, аж спазаранку,
Ды ўглядаюцца чамусьці ў зямлю.
Калі бліжэй я падышла і паглядзела,
Убачыла, што дужа п'яныя яны.
Жанчына тая, абы як адзета,
Мужык надзеў навыварат штаны.
Марнуецца жыццё ўвачавідку.
Абодвум толькі б жыць ды жыць.
Ды ўцягнула п'янка ў звычку
Піць і курыць, курыць і піць.
Прыйшлі ў жыццё з рукамі і нагамі,
Ды інваліды на душу і галаву.
А мо яшчэ калі задумаюцца самі:
Чаго жыву і як жыву?!
Што дзе падзелася?
Калі былі мы маладыя,
Былі здаровыя і ўдалыя.
Але прыйшла пара і вось,
Сядзіць на лавачцы Антось.
У драных портках, сіні нос,
Глядзіць, каб чарку хто паднёс.
Яшчэ і не стары, але такі нямоглы.
Хоць мае жонку ён і догляд добры.
Прычына ўсяму - вядома ж п'янка.
З рання да вечара - гулянка.
Мараль якая з таго будзе?
Як нарадзіўся чалавекам - будзь ім!
Жыві ты так, каб не смяшыць людзей.
І ў сорам не ўганяць сваіх дзяцей!
Танцы
Скача, скача маладзіца да мужчыны, як тыгрыца:
- Ты ў мой бок чаго не глянеш,
Іншых мо там абдымаеш?
Стаў мужчына, захіліўся,
Ад кіпцюраў затуліўся:
- Што ты маеш да мяне, мілая жанчына?
Сягодня я прыйшоў на танцы,
Вольны я мужчына.
Жонкі ўжо даўно няма,
Дом мне стаў мой, як турма.
Вось сябры пашкадавалі і сюды мяне зазвалі.
Кажуць: знойдзеш сабе жонку
І ў жыцці новая старонка.
Сапраўды жанчын прыгожых
На танцульках стрэціць можна.
У сукенках, у спадніцах скачуць файна маладзіцы.
Палажыў вока на кралю,
А цяпер занятак маю,
Толькі з ёй мне танцаваць, па баках не пазіраць.
Божа мілы, што рабіць?
Лепш на танцы не хадзіць.
Але і дома немагчыма адзінокаму мужчыне.
Людцы родныя парайце,
У бядзе не пакідайце.
Можа, спортам я займуся,
З трэнажорам параднюся
Хоць цяжкі ён і з жалеза, ды не давядзе да стрэсу!
Малая радзіма
Я нарадзілася зімою на Міколу,
Калі ваўкі ў Піліпаўку блукалі,
Хацела маці, каб была я людзям мілай
Таму імя Людміла мне і далі.
Дзяцінства ўспаміны наплываюць,
Як неслі нас з гары там санкі, лыжы.
Хоць старасці ўжо чутны подых,
Ды ўспамін дзяцінства сэрцу бліжай.
…тут возера заўжды кішэла рыбай,
Мятровых карпаў рыбакі цягалі.
Вадзілася ж не толькі рыба хіба:
Андатры, нутрыі так блізка праплывалі…
А кветкі... колькі іх было наўкола:
Званочкі і рамонкі, васілёчкі.
Збіралі ў букеты, ставілі ў хаце,
А на Купалле з іх плялі вяночкі.
А потым па вадзе пускалі -
Глядзелі, да каго які прыб'ецца.
Было павер'е, як вяночкі разам,
Дзяўчына з хлопцам шлюбам пабярэцца.
Куточак родны. Любы назаўсёды.
Даруй, прашу, што рэдка прыязжаю.
Вандрую па жыцці - сям'я, турботы.
Ды ўсё часцей Вішнёўку ўспамінаю!
Станіслава Белагаловая
Станіслава Іванаўна Белагаловая (Круповіч) нарадзілася 25 жніўня 1959 года ў вёсцы Крамушаўка Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыла Налібоцкую сярэднюю школу, вучылася ў Гарадзенскім гандлёвым вучылішчы. Пасля заканчэння вучылішча засталася жыць і працаваць у Гародні. У 1977 годзе выйшла замуж. Разам з мужам у 1978 годзе пераехала жыць у Ліду. Мае дваіх дзяцей (сына Валерыя і дачку Наталлю), чатырох унукаў. Амаль уся працоўная дзейнасць прайшла ў Лідскім гархарчпрамгандлі (у цяперашні час - ААТ "ГПФ "Ліда"). З 2014 года на заслужаным адпачынку. Ветэран працы.
Пісаць вершы спрабавала ў юнацтве, але тады не прыдала гэтаму значэння. І толькі на пенсіі сур'ёзна занялася творчасцю. У 2018 годзе выйшаў першы зборнік вершаў "Наедине с душой". Рыхтуецца да друку другі зборнік. Некаторыя вершы пакладзены на музыку. Песні "Доченька", "Мой сын" прысвечаны дзецям. Яны гучаць на Лідскім радыё.
Актыўная ўдзельніца лідскага літаратурнага аб'яднання "Суквецце". Прымае актыўны ўдзел у адкрытым рэгіянальным літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай. Друкуюцца вершы ў "Лідскай газеце". Друкавалася ў літаратурна-мастацкіх зборніках "Ад лідскіх муроў" 2016-2019, 2020-2021 гг. Таксама яе твор быў змешчаны у кнізе А. Карлюкевіча "Літаратурнае гняздо Беларусі".
"Станіслава Белагаловая - разнапланавая аўтарка. Яна скіроўвае свой позірк на людзей, якія побач, на Ліду, у якой жыве. Яе хвалюе лёс чалавека, лёс краіны. У вершах утрымліваецца сапраўдны сур'ёзны роздум пра жыццё.
Ёсць заклік да самаўдасканалення." (Уладзімір Васько).
Будуць зноў красавацца палеткі
Няўжо памерла вёсачка мая?
Хаткі, як сіротачкі, стаяць,
У некаторых з дзіркамі страха -
Голуб прымасціўся буркаваць.
Трывожыцца карміцелька-зямля
Жаўцее ўмомант сенажаць,
А колькі там засохлага галля,
Немагчыма без слёз пераказаць.
Паціхеньку рэчка высыхае,
Непрыкметны сталі берагі,
Той дзіўнай рыбкі не хапае,
Сэрца замірае ад тугі.
Нас радуюць добрыя весткі -
Мноства ёсць прапаноў і ідэй,
Будуць зноў красавацца палеткі
Працавітых, сумленных людзей.
20.05.22 г.
Вайны нам не трэба
Як жа хочацца мірнага неба,
Ясных зорак у цёмнай начы.
Злой, праклятай вайны нам не трэба!
Нам патрэбны спакой на душы.
Каб квітнелі лугі і палеткі,
Белы бусел на дрэвах гняздзіўся,
Гаманілі ў дварах нашы дзеткі -
Сон салодкі ўначы ім прысніўся.
Каб хадзіць па траве басанож,
Прыгажосцю зямлі захапляцца,
А не браць у рукі зброю ці нож -
За жыццё сваё мужна змагацца.
Як пакiнуць тугу? Немагчыма...
Як пазбегнуць ад гэтай бяды?
Будзем Богу малiцца мы шчыра,
Каб адвёу нас ад чорнай вайны.
23.03.22 г..
Восень нас чаруе зноў і зноў
Як прыемна восеньскім дзяньком
Сонечным надвор'ем захапляцца,
Назіраць за жоўтым матыльком,
Прыляцеўшым з намі развітацца.
Мяккай, залацістаю пушынкай
Вусны мае лёгенька кранае,
Да чаго ж чуллівая хвілінка.
Маё сэрца быццам замірае.
Забаўляльны цёплы вецярок
З пяшчотаю развейвае хусцінку.
А паветра свежага глыток
Ахвотна замяняе вітамінку.
Срэбранай, бліскучай павуцінкай
Восень нас чаруе зноў і зноў.
Усланаю лісточкамі сцяжынкай
Шчаслівая вяртаюся дамоў.
03.10.21 г.
Дарэмныя намаганні
Зіма-свавольніца вярнулася.
Адкрыта, напрасткі ідзе,
Дажджом халодным асвяжылася,
Сняжком цярушыць дзе-нідзе.
Так асцярожна аглядзелася -
Мо, зноў дарогу замясці?
Куды ж, завея, ты падзелася?
Шкада - сяброўкі не знайсці.
На дапамогу імчыць ахвотна
Слабы, няўпэўнены мароз.
У зімы на сэрцы так турботна.
Да болю, не хапае слёз.
Аднак, дарэмна намаганне
Застацца тут і панаваць,
Ужо чуецца вясны дыханне,
І птушачкі дамоў ляцяць.
22 02.23 г.
Жыццё, як рэчачка…
Жыццё,як рэчачка бяжыць
Наўгад у нязведанныя далі,
Весяліцца і шумна бурліць,
Або сумуе разам з намі.
Сцяжынку кожны выбірае -
Падчас жаданне загадаць,
Ці роўная,ці чуць крывая,
Наперад цяжка прадказаць.
Чамусьці мучыць нас сумненне,
А ці ж мы правільна жывём?
Магутны Бог дае цярпенне,
Па сцежцы ўпэўнена ідзём.
Жыццё падносіць нам урок,
Гады ў пазыку не дае.
Неспадзяваны прагучыць званок,
І ў іншы свет нас забярэ.
14.04.21 г.
З 700-годдзем цябе, мая Ліда!
Мірны, сонечны наш гарадок.
Не знайсці прагажэйшай мясціны.
Самы лепшы на свеце куток,
Носіш імя прыгожай дзяўчыны.
З чым змагу я цябе параўнаць?
Хіба ж з кветачкай ранняй вясновай,
Цяжка слоў мне такіх адшукаць
Каб зліліся ў адно з роднай мовай.
Утульны, адноўлены Замак
Нас у госці з цяплом запрашае,
Турыстаў надзейны прыстанак
Пра мінулае зноў нагадае.
Цішыня ля Кургана Бяссмерця,
Спяць у магіле Радзімы сыны,
Замірае душа, стыне сэрца
Ад бязлітаснай, чорнай вайны.
Колькі гора ты змог перажыць,
Не зламалі разруха і голад,
Успамінамі будзем мы жыць,
Непакораны, мірны наш горад.
Дзіўнай ружай квітней з году ў год,
Каб яснелі твае краявіды.
З 700-годдзем цябе, любы горад!
З 700-годдзем цябе, мая Ліда!
24.04.23 г.
Кніга будзе ў пашане
На стэлажах, у чытальнай зале
Ў радочак кніжачкі стаялі.
Пра лёс, пра родную мову
Паміж сабой вялі размову.
- Вельмі крыўдна, хоць ты плач,
- Куды ж падзеўся наш чытач?
- Усё далей ад нас культура,
- Няўжо памрэ літаратура?
- Усім вядома - не сакрэт
- Сёння ў модзе інтэрнэт.
- Зусім забыліся пра нас,
- У пашане словы "фэйк" і "клас"..
- Мы ўпэўненыя, надыдзе час
- З павагай звернуцца да нас.
- Усё зменіцца, на месца стане,
- Зноў кніга будзе ў пашане!
18.09.21 г.
Край мой родны
Як жа лёгка ў роднай старонцы!
Тут інакш дуе ветрык ласкавы.
Пагрэцца пад промнямі сонца,
І не думаць праз іншыя справы.
Пад бацькоўскім радзімым вакном
Вабіць ружа і бэз белы-белы.
У цішы пасядзець вечарком -
Сэрца радуюць птушачак спевы.
У радочак таполі стаяць -
Белы бусел у гняздо завітае.
Як прыемна за ўсім назіраць,
І душа, нібы ў вырай узлятае.
Сэрцу любы мне кожны дзянёк,
Захад сонейка тут прыгажэйшы.
Край мой родны, бацькоўскі куток,
З кожным годам мне ўсё даражэйшы!
16.06.23 г.
Падарунак нябесны
Пад матуліным светлым акенцам
Яркім полымем ружа цвіце,
Зачароўвае, радуе сэрца,
Не знайсці мне такую нідзе.
Кожную кветачку ветрык шануе,
На вушка ёй песні пяе,
Ранкам сонейка песціць, цалуе,
Цёплы дождж падвячоркам палье.
Не нацешуся дзіўнай красуняй,
Прыцягвае водар чароўны.
Адпачыць там мне з любай матуляй,
Сапраўды - падарунак нябёсны.
27.08.22 г.
Чулыя сны
У добрых снах я бачу сваю рэчку -
Дзяцінства і юнацтва асалоду,
Жую салодка-кіслую парэчку,
Прывабны пах яе чуваць быў з броду.
Частуюся з ахвотаю калінай,
Увагі не звяртаючы на горыч,
А з лепшаю сяброўкаю рабінай
Шкадуем, што не можам быць мы побач.
Спыніўшыся, прысеўшы на хвілінку
Душою, сэрцам я адпачываю.
Зноў прыгадаю сціплую дзяўчынку,
Што зычыць добры лёс для свайго краю.
****
Прадвесныя, чулыя, добрыя сны -
Іскрынкі магічныя ў сэрцы.
Кожны міг, кожны крок мяне грэюць яны,
Расчынілі ў душы насцеж дзверцы.
06.09.22 г.
Хай жа спраўдзіцца гэтае жаданне
Закружыўся бялюткі сняжок,
Нібы зорачка яскрава ззяе,
Быццам сціплы лясны матылёк
Мае вусны пяшчотна кранае.
Цёплай коўдрай накрыўшы зямлю,
Усё шчыльней і шчыльней прыціскае.
Як матуля дачушку сваю,
Так ласкава з душой абдымае.
Як жа хочацца марыць, тварыць,
За хвілінку адправіць пасланне -
Каб спакойна і мірна нам жыць,
Хай жа спраўдіцца гэта жаданне.
16.01.24 г.
Не будзем сумаваць...
Зіма хвалюецца, злуецца,
Падчас бурчыць у сне,
Уразумець ёй давядзецца -
Перадаць ключы вясне.
Надвор'е радуе, спрыяе,
Лагодны, сонечны дзянёк,
Воблачка, нібы гуляе,
Лашчыць яго вецярок.
Рэчка здалёку шуміць,
Напаўняе свае берагі,
Лёд пачарнелы трашчыць,
У момант знікаюць кругі.
Напэўна, статная вярбінка
Надзене новае ўбранне.
Нібы, сціплая дзяўчынка.
Чакае першае спатканне.
Настрой вясны квітучай
Спрабуем разам прадказаць.
Водар кветачак пахучых
Нам не дазволіць сумаваць.
01.03.21 г.
Ларыса Лайкевіч
Ларыса Іванаўна Лайкевіч працуе настаўнікам пачатковых класаў у СШ № 12 горада Ліды. У свой час скончыла Лідскае педагагічнае вучылішча, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна (гістарычны факультэт). Скончыла магістратуру. Зараз паступіла ў аспірантуру.
Свой першы верш напісала ў дзесяцігадовым узросце, у час вучобы ў школе ў пасёлку Забалаць Воранаўскага раёна. На напісанне таго верша Ларысу натхніў аповед настаўніка аб Беларусі на ўроку беларускай літаратуры.
Асноўныя тэмы вершаў Ларысы Лайкевіч: Радзіма, бацькі, работа настаўніка, адносіны людзей паміж сабой, каханне, філасофскія разважанні.
- Вершы ў мяне нараджаюцца самі сабой, - прызнаецца паэтка. - Я іх не вымучваю, не прымушаю сябе пісаць. Пішу ў асноўным па начах. Напрыклад, верш "Настаўнік" я склала за дзве ночы. А бывае, верш ствараецца за лічаныя хвіліны. Я лічу, што паэтычны талент - гэта дар з нябёс. Паэты - людзі крыху "не ад гэтага свету", яны знаходзяцца на сваёй хвалі і ўмеюць заўважаць у акаляючым тое, што чалавек нелірычнага складу душы не заўважае.
Мова родная
Мова родная, мова пяшчотная!
Асалодай людской пранікнёная.
Ты - матуліна і бабуліна,
Светла-шчырая, вельмі чулая.
Ты Францішкава, мова Коласа,
Недасягнутая і прыгожая,
Мілагучнасцю скрозь надзелена
І суцэльная, нераздзельная.
Мова прашчураў, мірна-звонкая.
Ты - славянская, ты - цудоўная!
Беларуская, дабрачынная.
Ды блакітная, ды айчынная!
Мова родная, слова вернае,
Не забытае, а надзейнае!
Пакланюся я слову роднаму,
Чарадзейнаму, непакорнаму!
Зорны вечар
Зорны вечар над зямлёю ўсходзіць,
Закрывае месяц небакрай.
І дрыжыць таполя на марозе.
Пакрывае шэранню ўжо гай.
Падбіраецца зіма да нас знянацку.
Прытаілася над лесам і гудзе.
Завывае песняй, ну нібыта цацкай,
Завірухай весела мяце!
Што ж зіма, табе ўжо гаспадарыць!
І зямля кладзецца на спакой…
У гэтай прыгажосці, як у казцы…
Ціхі сон накрые ўсё сабой.
Вярнуся
Калісьці вельмі змораны вярнуся
Я на бацькоўскі, ужо немалады парог,
Прад абразом сваім перахрышчуся
Я стомлены з чужых, былых дарог!
Так зухавата вее цеплынёю
І белым караваем са стала.
Я адпачну змарнелаю душою
І супакой пачую ў клёкаце бусла.
Калісьці вельмі змораны вярнуся.
Вярнуся, каб ужо не йсці назад.
Матулі ў пояс нізка пакланюся,
І як малы засну ў яе руках.
Беларус
Дабрачыннасць беларусаў лечыць.
Талерантнасць прыдае ім сіл.
Беларус спрадвеку шчыра верыць
У святло і велічнасць душы.
Міласэрнасць беларуса грэе…
Цеплыня - нібы святло ў акне.
Беларус заўжды, заўжды сумее
Падтрымаць і падмагчы ў бядзе.
А гуманнасць беларус не страціць.
І не прамяняе ні на што.
"Беларус!" - гучыць так горда, браце.
Беларус спакон вякоў - вякоў спакой.
Нябёсы, дзякуй вам за падарунак!
Нябёсы, дзякуй вам за падарунак -
Жыць на зямлі і радавацца дню,
Што называюся спрадвеку беларусам,
Што ў міры і спагадзе я жыву!
Нябёсы, дзякуй вам за падарунак
Мне - любавацца гаю прыгажосцю,
Блакітам неба, лесу і рачулак!
Мне могуць толькі шчыра пазайздросціць!
Нябёсы, дзякуй вам за падарунак -
За дабрачыннасць ветлівых людзей,
Якія тут жывуць, у Беларусі,
Такіх не знойдзеш болей анідзе!
Нябёсы, дзякуй вам за падарунак -
За светлую і чулую зямлю!
Я ганаруся краем беларускім
І прызнаюся, як яго люблю!
У маёй Айчыны - слаўны лёс!
У маёй Айчыны - слаўны лёс!
Веліччу адсыпана дарога,
Напрасткі, ушыркі і наскрозь,
Ёй спявае песні Перамога.
Над маёй зямлёй ірдзее сцяг
Мужнасці і вернасці адданай.
У вачах дзяцей яе працяг,
У памяці былога ціхай ранай.
Прад маёй зямлёй - шчаслівы шлях,
Палымнець у садзе, зорным небе,
Пад крылом імклівага бусла,
З караваем аржанога хлеба.
Прыродзе адданы
Агульны дом - нябёсаў краявіды!
Абшар лясоў, лугоў, сваёй зямлі.
Прыродзе буду я адданым, верным сынам,
Там, дзе заходзяцца ад песняў салаўі.
Дзе пад блакітам палымнеюць ружы
І гай шуміць зялёнаю ліствой,
Дзе кожнай кветцы ў пояс пакланюся,
Травіначцы я ўдзячны ўсёй душой.
Я па дарожцы весела імчуся,
Бяроз пачую шэпт і дзіўны смак,
Суніц лясных далонямі крануся,
Адчую бег павольны ручайка.
Агульны дом - нябёсаў краявіды
Павінны берагчы штодзень мы і штоміг.
Прырода бацькаўшчыны сэрцам не забыта.
Яе нікому не адняць! Яе ніколі не забыць!
О, Беларусь!
О, Беларусь - мая Айчына!
Чароўны край, прытулак мой.
Табой любуюся адзінай,
Цябе люблю я ўсёй душой.
Я не магу без хвалявання
На прыгажосць глядзець тваю.
Разлівы рэк, лясоў хістанне
Так грэюць душаньку маю!
О, Беларусь, цябе пакінуць
Ніколі, пэўна, не змагу.
Мне лепей будзе ўжо загінуць,
Бо без цябе не пражыву!
Вольга Ашмяна-Бічэль
Вольга Ашмяна-Бічэль нарадзілася ў 1973 годзе ў горадзе Лідзе. Скончыла Лідскае педвучылішча ў 1992 годзе, пасля вучылася ў ГрГУ імя Я. Купалы. Працавала ў Дакудаўскай сярэдняй школе настаўніцай пачатковых класаў. У Дакудаве знайшла свае каханне (мужа Бічэля Андрэя) і паэтычнае натхненне. Мама траіх дзяцей і паэтэса ў душы.
Дождж
Дождж імжыць ці пачынае ліцца.
На акне - празрыстыя сцяжынкі,
Парасона мокрая спадніца.
Цяжкі шоўк змакрэлай павуцінкі.
Чыстая, прамытая лістота.
Ліпкія, халодныя арэлі.
Цёплае нутро гумовых ботаў.
Грукат навальнічных артылерый.
Манатонна-надакучны стукат.
Хмараў незалатанае сіта.
Па люстэрках лужын босы тупат.
Хараство нябеснага блакіту.
Нечаканасць вадзяной лавіны.
Адсырэлы пах падсохлых зёлак.
Веер пырскаў з-пад калёс машыны.
Неспасціжнасць мастака вясёлак.
Немагчыма пражыць без памылак
Не трывожце мяне ўспаміны,
Не кранайцеся струнаў душы.
Не спрабуйце дастаць да глыбіняў,
Дайце крыху пабыць у цішы.
Немагчыма пражыць без памылак
І жыццё нельга перапісаць.
Колькі лёсу агідных ухмылак
Усім нам давялося спазнаць.
Шлях, спачатку, здаецца вясёлы
І спакусамі вабіць, знарок,
Ды нялёгка даюцца высновы.
Першы вопыт - як цяжкі ўрок.
Кожны крок у жыцці, як аснова,
То марудная плынь, то скачок.
Не мяняюцца ўчынкі і словы,
Сыпле час, як праз пальцы пясок.
Як паспець за імклівым патокам?
І пачуццяў людскіх не губляць.
Не забыць сваіх родных вытокаў,
Каб душы сваёй не сапсаваць.
Трэба ўперад глядзець - не пад ногі,
І як хочаш, то сам выбірай.
Што расце паабапал дарогі?
Моху цвіль ці бярозавы гай.
Поўня
Поўны месяц ільецца праз шкло
Па празрыстаму шоўку фіранак,
На падлозе адчыніць акно
У загадкавы свет спадзяванняў.
Намалюе пейзаж на сцяне
У адной ім вядомай манеры,
Адлюструе выявы ўва сне
І прымусіць у казку паверыць.
Усталюе спакой у душы
І настроіць мелодыю сэрца,
Зазвініць срэбным звонам уначы
І салодкім натхненнем уварвецца.
Завіхурацца думкі хутчэй
Легкакрылымі марамі зданняў,
З поўным месяцам ўліцца лягчэй
У загадкавы свет спадзяванняў.
***
Налі мне келіх даўкага віна,
Падкінь пален у жарало пячуркі,
Мы прасядзім з табою да відна
У хатачцы ля ціхае рачулкі.
Вугольчыкі зацягвае смугой,
А мы з табой паклічам успаміны.
І хай яны прасякнуты тугой,
Нам іншых лёс дарэмна не падкіне.
Наш смутак - як празрыстая вада
І наталіцца ёю нам не досыць,
Мільгае светлых мрояў чарада -
Найлепшых дзён адплыўшай маладосці.
Усе нашы дні мы помнім нездарма,
У іх пяшчота, што ішла ад сэрца к сэрцу,
Прасякнутыя промнямі цяпла,
Не толькі нам - другім далі сагрэцца.
З аднога келіха ўдваіх мы п'ем віно
І на дваіх адно жыццё ільецца.
Дарэмна не пражытае яно -
Заўсёды келіх поўным застаецца.
Жанчынам элегантнага ўзросту
Па вуліцы, нібыта па памосце
(У вачах усмешка хітрыкамі грае),
Жанчына элегантнага ўзросту
Павольна крочыць, нібы маладая.
На ёй сукенка, туфлі на абцасах
Зусім маленечкіх (узрост не дазваляе).
"Чырвоная Масква" знаёмым пахам
У паветры растае і адлятае.
Куды б ні йшла яна - да ўнукаў ці сябровак -
З маленечкаю сумачкай пад пахай,
Заўсёды яе выгляд бездакорны
Прымусіць азірнуцца раззявякаў.
І так заўжды, у хаце і на працы,
Да ўсіх вакол павага і прыязнасць.
Сабе не дазваляла расслабляцца,
Нібыта за ўвесь свет нясла адказнасць.
І хоць ужо пасерабрыла скроні
І новая маршчынка далягае,
У жанчыны элегантнага ўзросту
Ў вачах хітрынка - значыць маладая!
Дзіўны выпадак
Байка
Бывае, зранку як не пашанцуе,
Дык потым цэлы дзень - пад хвост сабаку.
Праблема сёння Казіка хвалюе:
Ізноў ступіў на граблі, небарака.
Але не тыя граблі альбо вілы,
Што ў куце хлява стаяць у парадку, -
Каханне, што звядзе яго ў магілу.
Забыўся ў сваёй суседкі шапку.
І вось здарэнне як у анекдоце:
Каханкі муж вярнуўся нечакана.
Душа - у пятах, сам у халодным поце...
А раптам страшны доказ не схаваны?
Сядзіць у жаху, сэрца ў журбоце...
У акно зірнуў - а там сусед з бярданкай.
Прыйдзецца смерць прыняць не па ахвоце...
Ужо, відаць, расправіўся з каханкай.
З апошніх сіл, наколькі дух трымаўся,
Рвануў дубэльт, каб праз акенца збегчы.
Нагою ўжо на прызбе аказаўся.
Тут раптам нешта разанула ў плечы...
І ён застыў у нязграбнай той паставе,
Як заяц напалоханы ў жыце,
І зразумеў, што гэта, неўзабаве,
Спіну скавала ў радыкуліце.
Сусед зайшоў, ружжо прыткнуў у ганку,
Убачыў Казіка, які застыў у раме.
"Ого, цябе скруціла абаранкам,
А я ішоў гукнуць на паляванне".
Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна. У Лідзе жыве з 1994 года.
Друкаваўся ў літаратурных часопісах "Полымя", "Маладосць", "Верасень", "Новы замак".
Аўтар кніг паэзіі "Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", "Літва", "Пілігрымка дадому".
Рэдактар літаратурных альманахаў "Ад лідскіх муроў", "Стольны град" (Наваградак), "Нясвіжскі ўток", "Родныя пагоркі" (Капыль).
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2001 па 2021 г.
Яцвягі
Мой род прайшоў дарогай цяжкай
І ў той дарозе ўсё згубіў,
Згубіў ён мову, песні, казкі
І імя сам сваё забыў.
Ды выжыў нейк і зноўку ўстаў,
І зноў над ім штандары славы,
І станавым хрыбтом ён стаў
Свабоднай новае дзяржавы.
Нас адмянілі ўсіх гісторый знаўцы,
А мы жывыя, мы вось тут,
Спяваюць песні зноў дайнаўцы,
Судавы родны праслаўляюць кут.
Год 1920 або 2-я песня пра Літоўска-Беларускія дывізіі
Мы доўга моўчкі адступалі…
М. Лермантаў.
І
Жаўнер на пасту, карабін пры назе,
Час чарапахай маруднай паўзе.
Спакойна вакол, і вакол неспакой,
Дыхае прышласць чарговай вайной.
Ліпень пячэ, не шкадуючы жару,
Ноччу ярчэй палымнеюць Стажары.
Жаўнер на пасту пра Сусвет той не дбае,
Жаўнер на пасту толькі змену чакае.
Паглядвае ён з неахвотай на ўсход,
Дзе з яго сваякоў робяць іншы народ.
Жаўнер дывізіі Літоўска-Беларускай,
Ён тут пад Лепелем па-над далінай вузкай
Мяжу пільнуе паміж Польшчай і Расіяй,
Кладзе здароўе тут сваё і сілы.
А думкі ізноў за голаў бяруць:
"А дзе ж Літва яго? Яго дзе Беларусь?
Хто лепшы для яго зямелькі,
Хто дабрадзей, хто кат з-пад пелькі?
Калі Бог здобрыцца над намі,
Мы станем самі тут гаспадарамі?
Калі ўжо плуг направіць можна глыбей,
Каб адвярнуць зямлі зляжалай глыбы,
Прайсці па іх жалезнай бараною,
І шчодра поўнаю рукою
Зярняты сыпануць з сявенькі,
Няспешна, рупна, памаленьку
Ўсю гаспадарачку да ладу
Падняць нарэшце з заняпаду…"
ІІ
Паціху зоркі патухаюць
І неба сонцу саступаюць.
Яго яшчэ і не відно,
Ды адчуваецца яно
Па тым, як ціхенька-паціху
Ўсё прачынаецца пакрыху.
Ды раптам бліснулі зарніцы
Паўсюль, уздоўж усёй граніцы.
Жаўнер пальнуў, падаў трывогу,
Падняў дывізію на ногі,
Хай не дывізію, хай полк ці роту,
Ды прахапілася пяхота,
Бягуць разлікі кулямётаў.
Артылерысты з цесных хатаў
Бягом пабеглі да гарматаў,
А недзе ў лугавым сутонні
Заржалі спуджаныя коні.
Не, не спрасоння падалося,
Усё напраўду пачалося
ІІІ
Масква рашыла рэвалюцыю
Палякам несці на штыках
І, падмахнуўшы рэзалюцыю,
Распачала крывавы шлях.
На ўсёй мяжы савецка-польскай
Чырвонай Арміі сабрала моц,
І рухам сілы той геройскай
Спакойную парвала ноч.
Рванула конніца ўдалая
Пайшла ў няспынны той набег,
Па Беларусі корпус Гая
Уздоўж дарог, лясоў і рэк
Прарваў палякаў абарону,
На захад пёр далей і больш,
А дзе здаралася заслона,
Яе абходзіў і: "Даёш!"
Пра моц Літоўска-Беларускіх
Палкоў чырвоныя ўжо зналі
І па праломах фронту вузкіх
Іх злева - справа абцякалі.
Каб не застацца ў акружэнні
І каб адбіць ліхі напад,
Быў дадзены на адступленне
Начальствам фронту ім загад.
Пайшлі на Менск, каб абарону
Якую-кольвеч там заняць,
І пад тым Менскам, хоць да скону
Быў Менскі полк гатоў стаяць.
Ды як стаяць? Бо злева-справа
Чырвоных конніца ляціць,
І лозунг іх: "Даёш Варшаву!" -
Ужо ў вушах усіх звініць.
Менск здадзены без бою, і на захад
Далей дывізія ідзе,
І, адбіваючы атакі,
Не прыпыняецца нідзе.
А нам тут трэба прыпыніцца,
Каб аглянуцца чуць назад,
Дывізій нашых дыспазіцыю
Па фронце вызначыў загад.
Першая дывізія з палкамі
Віленскім, Менскім,
Наваградскім і Гарадзенскім
Мусіла ўздоўж Нёмна адступаць,
А другая зноў з палкамі
Лідскім, Слуцкім,
Ковенскім і Беластоцкім
Мяжу з Літвою мусіла трымаць.
Што першая дывізія найлепей
Была узброена - не дзіва,
Бо з населеных паветаў
Яна жаўнераў прытуліла.
Віленскі, Менскі, Гарадзенскі -
Палкі старэйшымі былі.
Наваградскі быў маладзейшы,
Бо быў з занёманскай зямлі.
Наваградскі ішоў у ар'егардзе
І вёў няспынныя баі.
Ля Морына ў ліхім нападзе
Чырвоныя полк гэты адсяклі.
І ўсё, бяда і акружэнне,
І літасці ніякай не чакай,
І будзе поўнае знішчэнне,
І мог схапіць той полк адчай.
Ды, Морына, яно ж пры краі
Самой Наваградскай зямлі,
Наваградзец тут Нёман знае,
Брады без цяжкасці знайшлі.
І як чырвоныя, што сілы,
Зноў цісканулі да відна,
Знайшлі адно, што дол пахілы,
Ні чалавека, ні каня.
Полк перайшоў на левы бераг лоўка,
Праз Пудзіна і Васілевічы далей,
Выйшаў пад Сялец і зноўку
Перабраўся да дывізіі сваей.
Ідуць палкі… Пісакі напісалі,
Што ўпаў іх баявы жаўнерскі дух,
А што наваградцы з-пад Морына не паўцякалі
І не разбегліся, то гэта быццам марны гук.
Ідуць палкі.. А тут загад іх даганяе,
Пад Лідай абарону каб заняць,
Ад Крупава і да Сяльца з іх вымагае,
Каб фронту лінію трымаць.
Загад прыйшоў, ды толькі незадача -
Палкі пад Шчучынам даўно,
Вярнуць пад Ліду іх на ўдачу
Ні сіл, ні сэнсу не відно.
IV
Дывізія другая пад Вільняю была,
Баі з чырвонай кавалерыяй вяла.
Ад летувісаў фланг трымала,
Нямала цяжкасцяў спазнала.
І пасля баёў цяжкіх
Згубіла цэлых два палкі.
Таму і здарылася так,
Што пад Гародняй шмат атак
Адбілі Лідскі з Ковенскім палкі,
Сябе пакрыўшы славай на вякі.
Слуцкі полк на поўдзень адышоў
І да сябе за Нёманам прыйшоў.
На мяжы з варожай Летувой
Беластоцкі полк трымаў за боем бой.
Пайсці наперад летувісам не даваў
І многа нашых тэрыторый зберагаў
А вораг пёр, і пёр, і пёр,
"Даёш Варшаву!", - горла дзёр.
V
Пазначыўся ў палякаў нейкі лад,
І першая дывізія атрымвае загад:
"Нёман утрымаць любой цаной,
За кожны метр вясці смяртэльны бой.
Трымаць Масты, дарогі тут трымаць,
Чыгунку і шашу каб ні за што не здаць".
Дзве арміі чырвоных
Наступ тут вядуць,
Тысячы, ідэяй акрылёных,
У атаку тут ідуць.
Там іх дывізіі па дзесяць аж палкоў
Таранам пруцца зноў і зноў.
Першая дывізія з цямна тут да цямна,
Б'ецца, ні сілаў, ні ратунку тут няма.
Загад патрабуе: "Ні кроку назад!".
Баі за Сцяпанішкі другі дзень падрад.
Камдыў вырашае за Нёман сысці,
На той бераг ракі ўсе палкі адвясці.
І хоць не мае на тое загаду,
Ён сам абарону даводзіць да ладу.
Наваградскі полк іх адход прыкрывае,
Як плацдармы трымаць, добра ён знае.
Ён забяспечыць адход тут сумее,
І сам адарвацца і знікнуць здалее.
І новая лінія ў іх абароны,
І на іхнім баку сам бацька Нёман.
Зноў загад вымагае на смерць ім стаяць
І пераправы праз Нёман трымаць.
Фронт утварыўся па Нёмне і Шчары,
Аж да Ваўкавыска пылаюць пажары.
Польская першая армія - дух не скароны,
Насупраць трох цэлых армій чырвоных.
Дух баявы іх бязмежна высокі,
Зрок у Еўропу сягае далёка.
Нёман прайсці - і адкрыты абшар,
Можна горда нясці свой чырвоны штандар.
Ды дывізія тут вось на іхняй дарозе
Мары сцішае аб перамозе,
І адступаць аніколькі не хоча,
Агнём палымнеюць хлапечыя вочы.
Чырвоныя брод неўзабаве знайшлі
І ў лабавую атаку пайшлі.
Два палкі пачалі пераправу,
Каб здабыць перамогу і славу.
Да сярэдзіны рэчкі іх падпусцілі
І з кулямётаў без жалю скасілі.
З двух палкоў, можа, полк загайдаўся на хвалях
І па Нёмну паплыў у Балтыйскія далі.
Гэта потым пісакі напішуць расказы,
Што тут беларусы панеслі паразу,
А покуль атака рашуча адбіта,
Дывізія з роднай зямелькаю зліта.
Ды толькі на Шчары не так выглядае,
Там абарона прыкметна слабая.
Там інжынеры акопы толькі пазначыць паспелі,
Больш жа нічога зрабіць не сумелі.
І вось Ваўкавыск у пажары дыміцца,
Збіты палякі на Шчары з пазіцый,
Зноў адступілі ды золкавым ранкам
Заняць абарону змаглі над Зяльвянкай.
VI
А над Нёмнам смерцю вее,
Ціск чырвоных не слабее.
І недзе, мо ў гадзіну часу
Пайшлі ў атаку цэлай масай.
Такая сіла паваліла,
Што тут здранцвенне наступіла.
Замоўклі раптам кулямёты,
Знямелі ад здзіўлення роты.
Такога быць жа не павінна,
Людская сунецца лавіна.
І невядома, як трымаць тут бой
З той неадольнаю сцяной.
Ды, дзякуй Богу, што на флангах роты
Не бачылі карціны той,
Загаварылі кулямёты
І сыпанулі куляў рой.
Іх і было ўсяго пятнаццаць,
Тых ЦКМ-аў баявых,
На іх адно і спадзявацца,
І верыць трэба толькі ў іх.
Максімаў восем, сем англійскіх
Разлікі вынеслі на бераг
І скрыжавалі агонь блізкі,
І зашумеў крывавы нерат.
Кладуцца першыя шарэнгі
І па вадзе сплываюць,
А новыя з нязвычным пэндам
Ужо на мёртвых напіраюць.
Трашчаць пятнаццаць ЦКМ-аў,
Кладуцца мёртвыя шыхты,
І стогн плыве над Нёмнам немы,
Знямелі дрэвы і кусты.
Ну і злажылі тую масу,
Легенда потым тут жыла,
Што пад Мастамі гэтым разам
Калмыцкая дывізія лягла.
Стаіць там помнік невялікі,
Не ўсе і знаюць яму цэну,
А гэта памяць пра разлікі
Тых пераможных ЦКМ-аў.
А фронт загнуўся на Зяльвянку,
А вораг спераду і збоку,
Так і чакай неспадзяванкі
І прарыў у тыл глыбокі.
Узята Рось, і Воўпа ўзята,
Пераразаюцца дарогі.
І Слуцкі полк праз бой зацяты
Ідзе сваім на дапамогу.
Адкуль ён толькі тут узяўся
Ды сіл дывізіі дадаў,
Адчайна, мужна адбіваўся
І правы фланг ёй прыкрываў.
Ды злева тут прарыў адбыўся,
І вораг Нёман перайшоў,
Кацёл, як ёсць для іх стварыўся,
Загад на адступленне не прыйшоў.
Прыйшоў загад стаяць на месцы
І пераправу бараніць,
А вораг далей хай нясецца.
І што камдыву тут рабіць?
Чырвоныя наўрад ці зналі,
Што ўся дывізія ў катле,
Таму нямоцна насядалі,
На захад рваліся далей.
Няма ўжо фронту там, выходзіць,
І супраціву больш няма,
Бо хто ўцякае, хто адходзіць,
Каб адарвацца да цямна.
І камандзіры вышніх рангаў
Спісаць дывізію паспелі,
Калі ні вечарам, ні ранкам
Больш звестак пра яе не мелі.
А тыя, пра каго пісалі,
Што зусім апалі сілай,
І што духам падупалі,
І што стаялі над магілай,
Паходным шыхтам на змярканні
Рванулі з клятага катла,
Адзінства сіла і яднання
Ў той час ім добра памагла.
Наперад пушчаны таранам
Ішоў адборны самы звяз,
Рашучы, дзёрзкі, нестрыманы,
Ён не спыніўся, не заграз.
Ірваў чужую абарону,
Рабіў дывізіі праход,
Граміў раз'езды і заслоны
І не сцішаў на хвілю ход.
І між чырвонымі тыламі,
І між чырвонымі палкамі,
Як паміж пальцамі пясок,
Прайшла дывізія начамі
Ў аж надсвіслацкі лясок,
Дзе на здзіўленне камандзіраў,
Што пахавалі ўжо яе,
Пры карабінах і ў мундзірах,
Як грозны прывід паўстае.
Усе палкі яе стаялі
І хто прыбіўся да яе,
Яны той бітвы не прайгралі,
Як дзе гісторык нам пяе.
Яны з пазіцый адступілі,
Каб зноўку новыя заняць,
Яны не беглі, а насілу
Змаглі штаб арміі дагнаць.
Зноў шчыльны фронт, зноў абарону
Заняў на новым рубяжы.
Жаўнер ізранены, стамлёны
І просіць Бога: "Памажы!"
VII
Пакуль выходзілі з самога пекла,
Каб зачапіцца за Свіслач хаця,
Конніца ворага перла і перла,
І быў кожны дзень цяжкай бітвы працяг.
Як з бяссілля Гародню без бою здалі,
Тут патрэбны не спеў, тут трэба плач,
Бо жаўнеры зноў нашыя там паляглі,
Каб назад каралеўскі той горад забраць.
Літоўска-Беларуская другая,
Пабітая з-пад Вільні адышла,
Ды поле бою ўсё не пакідае,
Для барацьбы шчэ сілачкаў знайшла.
Ковенскі і Лідскі тут былі палкі,
З мясцовай шляхты ўсе ўкамплектаваны,
І генерал Макрэцкі на вякі
Ў шэрагах яе занатаваны.
І як здалі Гародню, так здалі наступны,
Усёй тут логіцы канец,
Здалі амаль што непрыступны,
Магутны, слынны Асавец.
Мог Асавец пакрыцца славай,
Мог стацца цэнтрам абароны,
Мог стацца гонарам дзяржавы
І быць ніколі не скароным.
А на яго забыліся па-просту,
Зусім не сталі бараніць,
І тут ужо не пра геройства,
Пра здраду трэба гаманіць.
І паляцелі зноў загады
Той Асавец назад забраць.
Яго забраць, канешне, рады,
Ды толькі сілаў дзе ж узяць?
VIII
Што ні крок, то бой зацяты,
Паўсюль палякі адступалі,
Камандуючы арміяй быў зняты,
Бо вінаватых і тады шукалі.
І Ендрыеўскі - камандзір Літоўска-Беларускай
Армію тады ўзначаліў,
А Жандкоўскага, таксама службы рускай,
Камандаваць дывізіяй паставіў.
І стаў у першай арміі парадак,
Бо афіцэры рускай службы ўсе былі,
І разумелі ўсе аднолькава загады,
І бой аднолькава вялі.
А ў Літоўска-Беларускай першай
Афіцэры ўсе красовыя былі,
Жаўнеры там былі з найлепшых -
Пасланцы Беларускае зямлі.
Дабраахвотнікі аснову там складалі
З самых беларускіх гоняў і бароў,
Якія праз вякі вякоў давалі
Найлепшых у тым краі ваяроў.
І армія змагла сабрацца
І абароны лінію заняць,
І здолела на фронце тым трымацца
І колькі дзён не адступаць.
Чарговым рубяжом той абароны
Сталі рэчкі Нараў, Буг,
І толькі тут палкам стамлёным
Нейк удалося перавесці дух.
Паўночны фланг дзясятая трымала,
Дывізія, адважная ў баях.
Калісьці аж з Каўказа пракладала
Яна да Польшчы гераічны шлях.
Пры ёй сабраны многа частак блізкіх,
І дваццатая брыгада тут была
Палкі два: Ковенскі і Лідскі
Дывізія другая зберагла.
Іх тут было пяцьсот і пяцьдзясят,
Баявых багнетаў у шыхтах,
А выйдзе з бою сто і пяцьдзясят,
Ды выйдуць пры штандарах і сцягах.
Каб зберагчы дывізію для дальшых справаў,
Іх усіх на транспарт пасадзілі
І аж за Віслу, за Варшаву
Для папаўнення снарадзілі.
А першая Літоўска-Беларуская
Трымала фланг паўднёвы.
І хоць абсаджаны не густа,
Да бою фланг той быў гатовы.
І тут прыйшла навіна нечакана,
Бярэсце пала - моцная фартэца,
Наперад гоніць вораг апантана
І таксама на Варшаву рвецца.
І польскай арміі чацвёртай
Даводзіцца без ладу адступаць,
І нашай абароне цвёрдай
Фланг правы пачынаюць агаляць.
А ў цэнтр, у стык двух згрупаванняў
Рашуча выцяў Тухачэўскі,
І Ломжу ўзяў без намаганняў,
Ад абароны паляцелі трэскі.
Адважны маршал, як казалі,
Савецкі быў Напалеон,
І сярод тых, што адступалі,
Асноўныя шукаў палякаў сілы ён.
І вось, сустрэўшы моцны супраціў,
Рашыў, нарэшце, што знайшоў,
У наступ сілы ўсе пусціў
І да Ломжы ўраз дайшоў.
Рэзервы Ломжу пробуюць адбіць,
Ды ім удача не спрыяе....
Камандаванне фронту то не спіць
І новую там лінію стварае.
І ўжо пад самым Радзымінам
Акопы свежымі дывізьямі заняты,
А першая з дзясятай мужна, чынна
Выйшлі ўсё ж і з тых баёў праклятых.
І першую дывізію пад Прагу
Ў армейскія рэзервы адвялі,
Дзе, ацаніўшы іхнюю адвагу,
Дух перавесці ім далі.
Ды адпачынак быў нядоўгі,
Трываў, мо, некалькі гадзін,
Ляціць ганец, зламаўшы ногі,
- Чырвоныя занялі Радзымін.
І з тых пагоркаў Радзыміна
Варшава ўжо ў біноклі ім відна,
Адна-другая шчэ гадзіна -
І будзе скончана вайна.
* * *
Іх Радзымін, і нападнік святкуе,
І не імкнецца заняць абарону,
А рашуча наперад прастуе,
На прасторы палёў і загонаў.
Ад Радзыміна да Варшавы пуста,
Каб хоць акопчык там які...
Аж, глянь, Літоўска-Беларускай
Як здані выніклі палкі...
Была атака страшнай сілы,
Ад крыўды моцнай і адчаю,
І тое поле заступілі
Яны ад краю і да краю.
І так магутны быў напор,
І так імклівая лавіна,
На іх багнетах ззяннем зор
Уся адсвечвала краіна.
Удар у багнеты, маўклівы і знаны,
Без гуку, без крыку, без стрэлу,
Быў трапны нікім не чаканы,
І мала ўцякло ацалелых.
Атакай адною ўзялі Радзымін,
І выбіты вораг імкліва,
Чырвоных аддзел ні адзін
Не змог аказаць супраціву
Радзымін - беларускае Барадзіно
І вось Радзымін - іх апошні рубеж,
Апошняя ў жыцці застава,
Ты спакусай сябе больш не цеш,
Далей не адступіш, бо ззаду Варшава.
Як некалі ў Празе Ясінскі стаяў
І біўся за кожную пядзю,
Як ад куляў варожых упаў
На тым, на апошнім парадзе.
Як Корсак затым бараніў пражскі мост,
Мост падпаліў, і на пядзі зямлі
Трымалі ліцвіны апошні свой пост
І шыхтам адзіным на неба пайшлі.
А кола гісторыі круціцца зноў
І накруціла ім той Радзымін,
І накруціла пакуту і кроў,
І зноўку бароніць Варшаву ліцвін.
Заняты пазіцыі ў спешцы сяк-так,
І часу няма аглянуцца,
Бо вораг ачомаўся ўжо, і атак
Бясспынныя хвалі пачнуцца.
У цэнтры Віленскі, за ім Менскі полк,
І нашыя злева і справа,
Ды ведае вораг у бітве ўжо толк,
Відна ўжо ў біноклі Варшава.
Ён гасіць па цэнтры з усіх кулямётаў,
Грымяць навальніцай гарматы,
Лятаюць над полем платы і вароты,
Пылаюць стадолы і хаты.
І так пры пякельнай той працы
Месца жывое, мо, дзе ці пакінуў,
І вось пры чарговай атацы
Полк Віленскі паказвае спіну.
Ды тут падымаецца грознай сцяной
Менскі полк і атакай, што страху не знае,
Можа толькі адной штыкавой,
Зноўку тое мястэчка рашуча займае.
Зноў кананада, зноў масаю валяць,
Менскі полк Радзымін пакідае.
Нядоўгай чырвоным была з таго радасць,
Полк Гарадзенскі камдыў падымае.
І зноўку атака, і зноў адступленне,
Здалі Радзымін пяты раз,
Ды вядомае ўжо ўсім камдыва рашэнне,
І чакаюць палкі на свой час.
І час наступіў нечакана, знянацку,
Злева ў атаку пайшоў Жалігоўскі,
Наш генерал, і ваяка ён хвацкі,
Дзясятую кінуў наперад геройскі.
Выйшаў у тыл ён таму Радзыміну,
Вэрхал падняўся, нязнаны даўно,
І чатыры палкі проста ў тую хвіліну
Выцялі разам, усе заадно.
Іх подзвіг адзначыць прыпала нагода
І Віленскі полк, што вось тут паміраў,
Паўстанцкі штандар шэйсят трэцяга года
За храбрасць без краю тады атрымаў.
І свята палка там тады абвясцілі
Ў верасень месяц пятнаццаты дзень,
Каб у стагоддзях пра іх не забылі,
Каб не крануў хоць які-небудзь цень
* * *
Дзе ты, лернік з сівой барадою,
Дзе пясняр Беларускай зямлі?
Хто спяе, хто напіша пра тое,
Як ліцвіны ўміралі, ды перамаглі.
Нас у школе пра многае вельмі навучаць,
Пра бой Кулікоўскі, пра Барадзіно,
Ды Радзыміна ў тых песняў сугуччы
Яшчэ не чутно і яшчэ не відно.
Ніхто нам не спеў пра атакі ліхія,
Ніхто не згадаў, як блішчалі штыкі,
Ніхто сказаў пра імгненні святыя,
Як з малітвай ішлі пад нябёсы палкі.
Гарадзенскі, Віленскі, Наваградскі, Менскі,
Песень пра вас тут ніхто не пяе,
А вы на жыцця тым кароткім адрэзку
З гонарам неслі імёны свае.
Гарадзенскі, Віленскі, Наваградскі, Менскі,
Бой на шляху вашым быў не адзін,
І хай іх гісторыі хвалі ўжо знеслі,
Скалой непарушнай стаіць Радзымін.
І родзіцца колісь на нашых прасторах,
Пясняр, што спяе пра ваш велічны чын,
І падпяе наш народ тады хорам
Спеў пра забыты ў гадах Радзымін.
І колісь адгорне настаўніца ў школе
Старонку, дзе будзе абзац хоць адзін,
І ціха, рашуча, адважна прамовіць:
- Паслухайце, дзеці, пра наш Радзымін.
ІХ
А што другая, мо адпачывала
І папаўняла шэрагі свае,
Дзён некалькі ў запасе прастаяла,
Ды вораг жа спакою не дае.
На поўначы прарваўся цераз Віслу,
Як дзевяноста год назад было,
І небяспека з захаду навісла,
І ўсё, што жыва, тут у рух прыйшло.
Палкі і Ковенскі, і Лідскі
На поўнач кінуты былі
І праз марш зусім няблізкі
Пад Плоцкам аж у бой іх увялі.
І цяжка зноў ім давялося,
Ды толькі раптам грымнуў гром,
З-пад Вепжа наступленне пачалося,
І ўсё ў чырвоных рухнула на злом.
Пілсудскі выцяў моцнай сілай,
Якую здолелі таемна назбіраць
Тылы варшаўскае групоўкі разграмілі
І пачалі на ўсход іх гнаць.
І ахапіла паніка чырвоных,
Ніхто такога з іх бо не чакаў,
І засвяціла смерцю і палонам,
І хто, як мог, цяперака ўцякаў.
На поўначы ўвесь слаўны корпус Гая
Загналі за нямецкую мяжу.
Іх там нібы інтэрнавалі,
Ну, а па-праўдзе, далі адбегчы на Літву.
Х
Свежыя палкі вялі змаганне
І гналі ворага з зямлі.
Прайшло і ў нас перагрупаванне,
Першую дывізію ў армію другую аддалі.
І з першаю дывізьяй легіёнаў
Быў створаны магутнейшы кулак.
І зноў чакаў іх бацька Нёман,
І быў на небе светлы знак.
Задача ў іх была, дай Бог,
На Ліду выйсці і дарогі перакрыць,
Бо хто б яшчэ задачу тую здзейсніць мог,
І хто б такое мог зрабіць?
А вораг зноў сабраўся з сілай
І пад Гародняй цвёрда стаў.
Сюды чырвоных многа адступіла,
І Тухачэўскі новы наступ рыхтаваў.
З паўдня нарэшце вырушыў Будзённы.
Чаго так доўга ён чакаў?
Ніхто не ведае па сёння,
Чаму раней не наступаў.
І быў разбіты, і пагналі
Яго адважныя палкі
І ўсім рашуча паказалі,
Хто быў які і стаў які
ХІ
Другая армія на левым фланзе наступала,
Шырокі занімаючы абшар,
І разам з гэтым рыхтавала
Магутны, дзёрзкі свой удар.
І дзве найлепшыя дывізьі
Тут у гатоўнасці былі,
І патронаў, і правізьі
З сабою на тры дні ўзялі.
А пад Гародняй бой грукоча,
Ніхто там горад не збіраецца здаваць,
Бо Тухачэўскі жа не хоча
Сваю паразу прызнаваць.
Рыхтуе зноўку наступленне,
І на Варшаву зноў паход,
Сюды падходзіць папаўненні,
І невядомы шчэ зыход.
І вось тады насуперак тэорыі
Дывізіі штандары паднялі
І па літоўскай тэрыторыі
У рэйд глыбокі свой пайшлі.
Перш кавалерыя рванулася імкліва
І ў Друскеніках узялі мост,
Літоўцам толькі прыгразілі,
І тыя паказалі хвост.
Услед ішлі легіянеры,
Ляжаў для іх маршрут такі:
Парэчча, Радунь, і з намерам,
Каб выйсці на Дуброўню, Шайбакі.
Літоўска-Беларуская ішла правей,
І ім цяжэйшы выпаў шлях,
Праціўнік там стаяў гусцей
І быў дасведчаны ў баях.
Палкі Наваградскі і Гарадзенскі
Адразу выйшлі на Азёры,
Ну а палкі Віленскі, Менскі -
На Васілішкі маршам скорым.
Адтуль на Скрыбаўцы, Паперню
Шашу адрэзаць і чыгункі каляю,
І іх з маршруту не адвернеш,
Прыйшлі на землю, на сваю.
Дывізіі яшчэ як наступалі,
Як свой выконывалі план,
Магчыма, толкам і не зналі,
Што атакуюць правы фланг
Вялізнай трэцяй арміі чырвоных,
Дзе Лазарэвіч камандарм,
І што трымала той хвалёны
Панаднёманскі плацдарм.
Пад Азёрамі палкі з баямі
Выходзілі самой Гародні ў тыл
І крок за крокам выбівалі
З чырвоных наступальны пыл.
І вось Гародня ўжо свабодна,
На ўсход чырвоных маса паваліла,
І два палкі з адвагай годнай
Ім тут дарогу заступілі.
Чаму паўсотні тысяч тых чырвоных
Ад меншых польскіх сілаў адступала?
Было снарадаў мала і патронаў,
Галоўнае, што духам падупалі.
"Даёш Варшаву!" - больш не актуальна,
Не бударажыць болей кроў,
Галодныя, раздзетыя, павальна
Імкнуліся, каб вырвацца дамоў.
Напішуць потым: "Вінаваты камісары,
Што выйшаў з войск рэвалюцыйны дух,
Што пра захоп Еўропы мары
Разлецеліся ў пыл і пух".
ХІІ
"Крывавы бор"
Палкі выходзяць пад Паперню,
Мажэйкава і Лебяду заняць,
Яны чырвоных тут адвернуць,
Каб шлях на Ліду пераняць.
Ды вось з палкоў тых толькі Менскі,
Што ў авангардзе тут ідзе.
І першы батальён з віленскіх
З падтрымкай іх не падвядзе.
Другі віленскі трохі ззаду,
А трэці ў Васілішках стаў,
Бо камандзір тады нападу
Па ўсёй той лініі чакаў.
І бой з абеду распачаўся,
Чырвоных многа тут было.
Масіў з Гародні прарываўся,
Дывізій некалькі ішло.
А Менскаму палку задача -
Іх каля Скрыбаўцаў спыніць
І, колькі будзе той удачы,
Пабіць, рассеяць, паланіць.
Ім адысці не даць на Ліду,
Сабрацца з сілай ім не даць,
Па гонях і лугах раскідаць,
Бязладна змусіць уцякаць.
У фланг адходзячым калонам
Тут з маршу выцяў Менскі полк,
Пайшлі ў атаку батальёны,
І быў з атакі значны толк.
Была дарога перакрыта,
Ды вораг масаю ішоў,
Полк Менскі быў з дарогі збіты,
Віленскі батальён прыйшоў.
Ізноў атака - зноў удача,
Ды наплывае новы вал.
І затрымаць іх - вось задача
Амаль нязможная, ды шал
Атак цяжкіх не заціхае,
Ідзе тут бой за кожны куст.
А вораг прэ і насядае,
І засцілае поле тут.
Жаўнеры зноў за пералескам
Ствараюць зладжаны ланцуг,
Ізноў атака, і на ўзлеску
Адно ўдаецца перавесці дух.
Другі віленскі падыходзіць,
Тут батальёнаў цэлых пяць,
А сонца плаўненька заходзіць,
І вельмі мала што відаць.
Страляць зусім не выпадае.
Халера ведае, куды.
А вораг зноўку насядае,
І выхад быў адзін тады.
Пайшлі ў багнеты батальёны,
Ну і прыклад пры сраве тут,
І толькі лаянка, праклёны
Суправаджаюць іх маршрут.
Ноч, як смала, вакол густая.
І б'ецца люта з ценем цень,
Хто перамог, ніхто не ўзнае.
Пакуль ізноў не прыйдзе дзень.
Бой той заціх адно пад ранне.
Затух, нібыта той касцёр,
Хто быў забіты, хто ад ранаў
На гэтым полі сам памёр.
Хто заблудзіўся ў бліжняй кнеі
І ўпаў ад стомы да відна,
І покуль зноў не развіднее,
Тут не адновіцца вайна.
І будзе мірна тут і ціха
Жывы ля мёртвага ляжаць,
Яшчэ хоць чуць, яшчэ хоць крыху.
Бо так не хочацца ўставаць.
Ды сонца неба асвятляе,
Прамень праслізнуў па зямлі.
І яснасць ціха наступае:
А мы ж, аднак, перамаглі.
Узніклі з цемры камандзіры,
А поле - зрок не адарваць.
І гімнасцёркі, і мундзіры
Суцэльнай масаю ляжаць.
Сям-там дзесь нехта варухнецца,
Дзесь знак паранены падасць,
Вось з лесу нехта валачэцца -
Свой ці чужы, дык не пазнаць.
І вось паціху ўваскрасае
Непераможны Менскі полк,
Хоць многіх-многіх не хапае,
Хоць жыцця спеў для многіх змоўк.
* * *
Палякі ўсё пасля перапісалі,
Паўстанак Скрыбаўцы ў радок не ўлез.
"Крывавым борам" бо назвалі.
Той сапраўды крывавы лес.
Чатыры сотні нашых засталося,
Чырвоных яшчэ болей там было,
Магілаў многа там капаць прыйшлося.
І пылам часу іх патрохі занясло.
Праз дзесяць год з магіл падаставалі
Сваіх-чужых, каго знайшлі,
І ў Феліксаве ўсіх іх пахавалі,
І зноў гады над імі паплылі.
Яшчэ праз шэсць дзясяткаў год,
Калі ўжо Беларусь паўстала,
Паставіў помнік тут народ,
Каб памяць зноўку не прапала.
А яшчэ гадоў праз трыццаць
Прыехала аж з Менска дура,
На тэлебачанні ў сталіцы
Нібыта важная фігура,
І над касцямі менскіх тых стральцоў
Скандал наладзіла, каб помнік знесці,
Не ведае ні яцяў, ні азоў,
А хоча пад начальства ўлезці.
Ды, Слава Богу, ёсць на Лідчыне народ,
Са свістам вылецела штучка,
Ні плён не атрымала, ні ўмалот
Паганая, нікчэмная мянчучка.
Стаіць пад Феліксавам помнік,
Ён на зямлі і ў памяці стаіць,
І покуль мы стральцоў тых помнім,
Датуль і Беларусі быць.
ХІІІ
Пакуль дывізія пасля цяжкіх баёў
Палкі па фронце субірала,
Тут Ліда - цэнтр усіх шляхоў,
Сама арэнай бітвы стала.
Прайшла па поўначы дывізья легіёнаў,
Дуброўню лёгка заняла
І сіламі імклівых батальёнаў
Аж з поўдня Ліду абышла.
Без намаганняў і баёў
Узяты Ёдкі, Шайбакі,
І ўжо каторы раз ізноў
Сам горад занялі палкі.
Заняць то занялі, ды не надоўга
Спакой і мір тут наступіў.
З Гародні ажыла дарога,
І вораг масай паваліў.
Не ўсіх прыняў Крывавы бор,
Прарвацца многія змаглі,
Сабралі з розных частак збор,
На Ліду проста ў лоб пайшлі.
Ды ўжо заняў тут абарону
Той польскі сорак першы полк,
Што ўдачай лёгкай акрылёны
Праз Ліду адчаканіў крок.
Што гэта полк стральцоў сувальскіх,
Пасля вядома будзе ўсім,
Ды трэба тут, хоць мала-мальскі
Нам праўду расказаць аб ім.
Бо быў той полк зусім не польскі,
Літоўска-беларускі быў.
Дзявяты, што ў баях геройскіх
Павагу да сябе здабыў.
Да Першае дывізьі легіёнаў
Ён быў далучаны ў баях,
І так вось выйшлася, што сёння
Яму праз Ліду пралажылі шлях.
Бой разгарэўся ля кашараў,
Агонь пайшоў па Слабадзе,
Запалымнелі ў ноч абшары,
І не схаваешся нідзе.
Пяцьдзясят шостая дывізія чырвоных,
І іншых частак шмат пры ёй,
Што ўноч праніклі праз заслоны,
Каб увязацца ў гэты бой.
Бой зацягнуўся аж да рання
І разгарэўся зноў удзень,
Зусім няроўнае змаганне
Сувальскі полк адзін вядзе.
І крок за крокам адступае,
І ўжо чыгунка за спіной,
І ўжо вакзал наледзь трымае,
Лёс чуе незайздросны свой.
Ды тут камдыў своечасова
Падмогу моцную паслаў.
Падняўся полк і сілай новай
За горад ворага пагнаў.
І ўсё, і трэцяй арміі чырвоных
Не стала больш, як не было,
Па паплавах, лясах і гонях
Няшмат тады іх уцякло.
Сувальскі полк на ўсход падаўся
Паход вызвольны прадаўжаць.
А Менскі, што ізноў сабраўся,
Застаўся Ліду прыкрываць.
А каб не сцёрся чын змагарскі,
І каб дагэтуль памяталі
У гонар тых стральцоў сувальскіх
У Лідзе вуліцу назвалі.
Ну а цяпер вось па Савецкай
Ідзе бадзёранькі мінак
І тым далёкім ліхалеццем
Не пераймаецца ніяк.
Нашто яму той полк Сувальскі.
Нашто дзядоў адважны чын?
Ён іншае зусім закваскі,
І ён даўно ўжо - не ліцвін.
Паход на Вільню
ХІV
Палкі дывізіі Літоўска-Беларускай
Пад Лідаю сышліся ўрэшце ўсе.
На ўсходзе мір палоскай вузкай
Ледзь-ледзь, здаецца, праяснеў.
Ды што той мір, калі захапаў
Усю Віленшчыну чужак
І са зладзейскіх, прагных лапаў
Не хоча выпусціць ніяк.
Вось тут стаіць той полк Віленскі,
Паўстанчы што нясе штандар.
А там мяжа, і ходзіць нейкі
Зусім нязнаны гаспадар.
Ніхто не ведаў тут жмудзіна,
Хіба, мо, парабкам калі,
Аж, толькі вось прыйшла гадзіна -
На нашай панам стаў зямлі.
І залівала сэрцы крыўда,
І закіпаў у душах гнеў,
З ніякай іхняю Тарыбай,
Ніхто тут знацца не хацеў.
І не хацелі чуць казанняў,
Ніякіх не прымалі слоў,
Сам маршал нават пры жаданні
Не мог наведацца дамоў.
XV
Дзясятая дывізья з Радзыміна
На поўдзень кінута была,
Ажно да самай Украіны
З баямі цяжкімі дайшла.
Камандаваў быў ёю Жалігоўскі,
Наш з-пад Ашмянаў генерал,
Яшчэ з Каўказа шлях геройскі
Ён з той дывізіяй пачаў.
І вось Будзёнаму насустрач
Палкі адважныя пайшлі
І моцнай сілаю рашучай
Саму конармію зняслі.
І гналі ўжо па Украіне,
Калі загад дастаўлен быў,
Камдыў дывізію каб кінуў
І ў стаўку тут жа каб прыбыў.
Размова ў стаўцы ў іх вялася
На роднай мове, на адной.
На новы ўзровень паднялася
Тут тэма роднай Вільні той.
Што аказалася ва ўладзе
Чужых, замурзаных паноў
І нікне ў цяжкім заняпадзе,
Дадому хоча зноў і зноў.
Сказаў Пілсудскі прама, проста:
- Я не магу вам загадаць,
Я звязаны дамоваў мноствам,
Я Вільню не магу чапаць.
Мне панавязвалі граніцы,
Якіх не можна перайсці,
І з гэтым мушу я мірыцца,
А трэба выйсце мне знайсці.
Пад Лідаю дывізія стаіць,
Літоўска-Беларуская на фармаванні,
Яна павінна аб'явіць
Пра выхад з падпарадкавання.
Яе адну ты павядзеш
Супроць аж цэлае дзяржавы,
Дай Бог, вам справіцца, сумець,
Ліцвінскую падвысіць славу.
А штаб дывізіі ўжо ў Воранаве быў,
І ў Эйшышках конны эскадрон.
Палкі дарожны атрасалі пыл,
І скрып гарматаў быў чуцён.
Пастаўлена задача Жалігоўскім,
І надта цяжкая яна,
Стамілася ў паходах войска,
І нібы скончана вайна.
Чарговы раз ісці ў паход.
Ісці насуперак ураду,
Але ж чакае іх народ,
Ну, а Варшава шые здраду.
Хіснуліся палякі зразу,
Статут не хочуць парушаць,
І якога тут адказу
Ад Жалігоўскага чакаць.
Адказ быў просты і рашучы:
- Усіх палякаў зняць з пасад.
І польскі конны полк адлучыць
І адправадзіць дзесь назад.
І трапіў тут камдыў Жандкоўскі,
Які адстояў Радзымін,
І быў адважны і геройскі,
Ды не здалеў законаў тын.
- Бо не ліцвін. - І Жалігоўскі
Камдыва тут жа адаслаў,
Бо для пачаткаў тых геройскіх
Ліцвінскі, цвёрды трэба сплаў.
Чатыры ўсе палкі паспелі.
І Касцялкоўскі ўланаў вёў,
І батарэю пушак мелі,
Старых, аж царскіх шчэ часоў.
Не меў пан Люцыян тут камісараў,
І слаўных агітатараў не меў,
А меў адну святую мару,
Бо адрадзіць Літву хацеў.
І час настаў, калі аўтарытэтам
Ён мусіў зрушыць тут усіх
І да адзінай слаўнай мэты
Павесці рыцараў сваіх.
Адной дывізіяй, адзінай
Вайну ён мусіў тут пачаць
І з еўрапейскаю краінай
У адзіночку ваяваць.
За Летувою ўся Антанта
І з Лігі Нацыяў чыны,
Ды толькі гэта акупанты,
Бо не ліцвіны ўсе яны.
Напаў на цэлую дзяржаву,
З адной дывізіяй напаў,
Пераступіў закон і права,
Бо за Айчыну ваяваў.
XVI
Мо, бачылі, як з пушчы дзе-калі
Зубры выходзяць на паляну,
Галовы ўгнуўшы да зямлі,
Пагляд кіпуча-палымяны.
Вось, як зубры ў свой бой апошні,
Пайшлі ліцвіны ў той паход,
Трымцелі пад нагамі пожні,
Дрыжаў над рэчкамі чарот.
Яны ішлі, і іх чакалі,
Як сёння, мо, чакаюць нас,
Яны ішлі, бо не праспалі,
Не прапусцілі слаўны час.
"Маці Божая Вастрабрамская, Дабраславі намеры нашы!"
Дывізія пайшла на Яшуны,
А Касцялкоўскі на Сорак Татараў,
Амаль што без бою ўзяты яны,
Збываюцца светлыя мары.
І без бою ўзяты быў Рудамін,
І на Вільню дарога адкрыта.
І на родных палетках ліцвін
Бачыць рунь векавечнага жыта.
Чакалі, што будзе там бой не адзін
І Вільня нам дорага стане,
Ды толькі некалькі соцень жмудзін
Раззброілі самі вільняне.
І бою заміж тут прыём трыумфальны
Чакаў іх пад Востраю брамай,
Быў такі здзейснены чын эпахальны,
У нашай гісторыі самы-найсамы.
Віленскі полк горад свой пільнаваў.
Тры астатнія далей пайшлі,
Наезнік імкліва паўсюль уцякаў
З нашай адвечнай зямлі.
А фронт расшыраўся і цяжка было
Паўсюдна яго ўжо трымаць,
І тут вось нарэшце рашэнне прыйшло
Ў Вільню падмогу паслаць.
Ад бітва Варшаўскай засталіся там
Пабітыя моцна палкі -
Лідскі і Ковенскі - пэўна Бог сам
Накрэсліў ім лёс менавіта такі.
У Модліне тыя палкі ўжо стаялі,
Папоўніўшы збітыя роты свае,
Ды толькі нядоўга яны спачывалі.
Зноўку іх час баявы настае.
Каманда. Цягнік. І рашучы кідок
На Вільню. На ўзмогу сваім,
І чуе ўжо Вільня іх зладжаны крок.
І кветкі кідае пад ногі ўжо ім.
Адразу на фронт. Левы фланг занялі,
Наперад, далей наступаць,
Да Жмудзі самой упрытык падышлі
І меліся Коўню заняць.
* * *
А ў Вільні чужынцы ўсялякіх масцей,
Атланты пасланцы, Тарыбы шматкі,
І ў Жалігоўскага кожны хацеў
Спытацца: "А хто ты такі?
Як ты адважыўся проста адзін
Супраць аж цэлай Еўропы пайсці?"
- Я дадому прыйшоў, бо я ёсць ліцвін,
І іншых прычынаў тут вам не знайсці!
І выгнаў ён з Вільні замежных паслоў,
І з Лігі народаў чынушаў далоў.
Ён не з вайною, ён з мірам прыйшоў
У родны свой край. Досыць слоў.
Жалігоўскі хацеў той вялікай Літвы,
Што калісьці ў стагоддзях была,
Ад якой тут народ у жыцці ўжо адвык,
Ды якая яшчэ ва ўспамінах жыла.
Аж толькі жмудзіны не хочуць таго,
Супраць Антанта. Палякам няўцям,
Што выйдзецца з гэтага вось усяго,
І тады вырашае ён сам.
Ён абвясціў незалежнасць сваёй,
Хоць невялікай дзяржавы,
І законы свае ён паставіў у ёй,
І стала тут людскае права.
І беларуская мова свая
На роўных паўсюль загучала,
І грудзі расправіла раптам зямля,
І вольныя песні ізноў заспявала.
І Тарашкевіч у момант вось той
Добры павеў улавіў,
І школ беларускіх тры сотні з ліхвой
Ён быў тут адразу адкрыў.
Фронт прыпыніўся і стаўся мяжой
Між Летувой і Сярэдняй Літвой.
Там Рыжскі мір зноў па волі чужой,
А тут краю куточак, ды свой.
І войска ён тут жа прыводзіць у лад,
З трох дывізій корпус фармуецца свой,
Конніцы трохі, і трохі гармат,
І ўсякай службы яшчэ тылавой.
А ў Варшаве ізноў нарастае скандал,
Як такое ліцвіны пасмелі ўчыніць,
Еўропай усёй паднялі гнеўны шал,
Каб гэты слаўны паход адмяніць.
І ціск на Пілсудскага страшны пайшоў
З боку прадажных да дна крыкуноў,
Ды маршал адказ ім рашучы знайшоў,
І быў гэткі змест яго слоў:
- Мне гэткая Польшча зусім без патрэбы,
І я тут за ўладу трымацца не стану,
Вось вам зямля, вось вам неба,
А я к Жалігоўскаму заўтра прыстану.
Мы будзем удвух родны край бараніць,
А тут няхай немец кіруе,
Бо добрае нельга для Польшчы рабіць,
Яна табе гэта павек не даруе.
І сцішыўся шум, і пра права забылі,
І як бы так трэба было,
Віленшчыну ў Польшчу ахвотна ўключылі,
І нейк усё далей пайшло.
А Польшча, як Польшча, там ладу няма,
Бо вельмі разумных зашмат там галоў,
Яе не чапай, дык яна і сама
Праз годзік-другі ўся разваліцца зноў.
Ды ёсць недзе ў нетрах яе
Дзевяць тых беларускіх палкоў.
І вось крызіс у Польшчы ізноў настае,
І пра іх там успомняць ізноў.
Ковенскі, Віленкі, Менскі
Слуцкі, Наваградскі і Беластоцкі,
Сувальскі, Лідскі і Гарадзенскі
Былі адзінай сілай моцнай.
Ім Бог паслаў чарговы чын
Змяніць гісторыі ўсёй ход.
Між лёсу гразкіх каляін
Вырульваў дваццаць шосты год...
Эпілог
Жаўнер на пасту, карабін пры назе,
Час чарапахай маруднай паўзе
Адгрымелі баі, праляцелі гады,
А думкі ў яго, як даўней, як тады:
"Вось скончыцца служба - ён прыйдзе дамоў
У вёску сваю аж на сотню дымоў,
Аж на сотню старых і закураных хат,
Са стрэхаў тырчаць рэбры голыя лат.
Дзе маці старая, што кожнай вясной
На шчаўе чакае ў халупе сырой.
Зямелькі кавалак, а трэба нейк жыць,
Нават д'ябла не стала, каб душу залажыць....
Ён стаіць спамінае іх грозны паход,
Раз на раз наплывае той дваццаты іх год.
Што маглі, што змаглі для Айчыны яны,
Як усё захапілі чужыя чыны.
Ты бяспраўны, як быў, толькі нібы ўжо пан,
Толькі што не злажыў галаву на дзірван.
Зноўку мову тваю топчуць ботамі ў гразь
А ты ціха маўчы, не дай Бог, не вылазь.
Бо, як добранька ў косці табе надаюць,
Сам уцяміш тады, дзе твая Беларусь...
Жаўнер на пасту, карабін пры назе
Ды толькі сумненне яго не грызе,
Ён ведае цвёрда, што правільна жыў,
Што шчыра, аддана Радзіме служыў.
Нягодам ніякім яго не сагнуць
І не забраць у яго Беларусь.
Хай ходзяць панамі чужыя чыны,
Нічоганькі з намі не зробяць яны.
Хай цёмныя хмары з наўколля плывуць,
Грэе сэрца Літва, а душу Беларусь.
Жаўнер на пасту, ён адзін там за нас,
А тут пралятае віхураю час,
І мушу закончыць я песню сваю,
А людзі няхай неяк так падпяюць:
"Бусел над палямі
Плаўненька крыліць,
Песня над палкамі
Гучная ляціць.
- Гэй, гэй, ліцвіны,
Гэй жа беларусы!
Блішчуць карабіны
Над палёў абрусам.
Блішчуць карабіны.
І шумяць штандары,
Здзейснім для краіны
Мы пра волю мары.
Бусел над палямі
Робіць разварот,
Дык, спявай жа з намі,
Слаўны наш народ.
- Гэй, гэй, ліцвіны,
Гэй жа беларусы!
Блішчуць карабіны
Над палёў абрусам.
Блішчуць карабіны.
І шумяць штандары,
Здзейснім для краіны
Мы пра волю мары".
Вільня - Ліда.
Лістапад 2024 г. - люты 2025 г.
Сяргей Чыгрын
Нарадзіўся 24 верасня 1958 года на Слонімшчыне. Скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Працаваў настаўнікам, журналістам, загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі ДУК "Слонімскі драматычны тэатр". Жыве ў Слоніме.
Напісаў і выдаў больш за 100 гістарычна-краязнаўчых і літаратуразнаўчых кніг, зборнікаў вершаў і п'ес. Падрыхтаваў літаратурную спадчыну Янука Дарашкевіча, Тодара Лебяды, Анатоля Іверса, Самсона Пярловіча, Алеся Сучка, Кандрата Лей-кі і многіх іншых літаратараў ХХ стагоддзя. Аўтар шматлікіх паштовак, буклетаў, плакатаў, прысвечаных гісторыі Беларусі.
Узнагароджаны ганаровым знакам Беларускага фонду культуры "Рупліўцу. Стваральніку" (2023 г.). Лаўрэат Лідскай літаратурнай прэміі імя Веры Навіцкай (2022, 2024 гады)
Вершы ад робата
Будзе робат калісьці нам вершы пісаць…
Станіслаў Суднік.
Такой сустрэчы не забуду -
Сам робат завітаў у Ліду,
Вязанку вершаў ён прынёс
Пра сена, вёску і авёс.
Ён напісаў нам пра калгас,
Як добра тут жывецца ў нас,
І напісаў ён пра чабор,
Пра Лідскі замак, холад зор,
Пра што ён толькі не пісаў,
А як пісаў - не расказаў.
І не прысеў да нас на лаву,
Аддаў радкі ён Станіславу,
Для Лідскіх ён аддаў муроў:
Друкуй радкі - і будзь здароў!
Яйкі ад сялянкі
Ізноў сялянку сцапалі гвардзейцы,
Ішла ў мястэчка яйкі прадаваць…
Станіслаў Суднік.
Што трэба хлопцам ад сялянкі?
Вядома ж, трэба толькі яйкі.
Насмажаць хлопцы на патэльні -
І еш з блінамі, хоць ты трэсні.
І водар будзе на ўсю Ліду -
Сялянскіх яек не забуду.
Ды і сялянку прыгадаю,
Калі сваіх яек не маю.
Калі ласка
Кажыце менш чаго дурнога -
Часцей кажыце: "Калі ласка".
Кастусь Якубчык.
Часцей кажыце: "Калі ласка!"
А менш "пажалуйста" кажыце,
Тады жыццё цудоўнай казкай -
Валошкай закрасуе ў жыце.
Тады дурноты знікне хваля,
Дурных паменее на свеце:
Паразумнеюць нашы Валі,
А разам з імі - Васі, Пеці…
Пяшчотай вас і мілай ласкай
Каханнем шчырым зачарую…
Часцей кажыце: "Калі ласка!",
А я вам вершы падарую.
Коні ў жыце
А конь чорны топча жыта…
Валера Мацулевіч.
Конь чорны забег у жыта,
Сівенькі конь залез у ячмень.
Чырвоны конь - грымяць капыты -
У авёс зайшоў на цэлы дзень.
Пасуцца коні, бы на волі,
А волі коням не відаць…
Я крыкнуў ім: "А ну, даволі,
Людское збожжа вам таптаць!"
Ды коні слоў маіх не чуюць,
Ад крыку я ўжо занямог…
Усё паелі, патапталі,
А мне пакінулі гарох.
Вершаваная аўтаручка
Узлятаю з ложка, чысты ліст хапаю
І аўтаручкай верш вяжу, вяжу…
Уладзімір Васько.
Вяжу я вершы аўтаручкай,
Алоўкам тку радкі свае,
І не чапае мяне ўнучка,
І ўнук мяне не пазнае.
Я вышываю ціха рыфмы,
Вяжу паэмы і санеты.
І не губляю нават рытмы,
І на хаду я ем катлеты…
Бо аўтаручка, як іголка, -
Калю, калю свае радкі.
І выбягаюць яны лоўка,
Нібы на кроснах ручнікі.
І навязаў я аўтаручкай
На ўсё жыццё сваіх радкоў.
Яны прыліплі, як ліпучка,
Таму вязаць яшчэ гатоў!
Мурашнік
Зямля - мурашнік.
Мы ўсе - мурашы…
Уладзімір Васько.
Я стаў мурашкай,
Паўзу ў мурашнік.
Жывецца цяжка,
Дзе мой "калашнік"?
Стральну ў мурашнік -
Ой, не грашы!
Працую цяжка -
А дзе ж грашы?
Ратуй, мурашнік,
Я твой - мураш…
Наемся кашкі -
І ў сон-трэнаж.
Галалёд
Бяссонніца прыцягвае, як галалёд…
Кацярына Янчэўская.
Мая бяссонніца - мой галалёд,
Паверце, людцы, не першы год.
Не першы год - адзін галалёд,
Хачу адлігі, каб спаць, як кот.
Няма адлігі, няма снягоў,
Мая бяссонніца без берагоў.
Мая бяссонніца - мой галалёд,
Туды іду - куды народ…
Настане, веру, крыгагод -
І буду спаць я цэлы год!
Чарачка за чарачкай
Раней куляў я чарак дзесяць,
А сёння выпіў дзве ўсяго…
Антон Піліпчык.
Хачу сябры я вам прызнацца
Раней куляў я чарак дваццаць.
Каўбас для закусі купляў,
Было, што сорак я куляў.
І біў у грудзі я і кляўся,
І больш не піў, не напіваўся,
Калі аднойчы ажаніўся -
На дзесяці ўсяго спыніўся.
А сёння выпіў толькі дзве…
І паплыло ўсё ў галаве.
Нёман і Гаўя
Гады набрынялі, як цмокі…
Плавае цыклоп аднавокі…
З-пад карчоў павылазілі д'яблы…
Цяпер зусім невядома -
Дзе рэчанька Гаўя, дзе Нёман…
Данута Бічэль.
Хацелі б мы ці не хацелі -
Маладыя гады праляцелі,
Як цмокі, цыклопы і д'яблы.
І час наступіў сасмяглы.
І рэдка пішуцца вершы,
І Нёман самотным стаў,
І хочацца выпіць хершы,
Ды п'ю валідол і фестал.
І сняцца цыклопы і цмокі,
Якія вяртаюцца зноў,
А час маладосці далёкі -
Вярнуць не хапае слоў.
І рух тады быў, і гоман,
І ў танцах кружылася я…
Была я нядаўна, як Нёман,
А стала сёння - Гаўя.
Снягурка Станіслава
Адкрый нам тайну, Дзед Мароз,
Дзе ж ты так доўга прападаў?
Ці гэта жарт або ўсур'ёз?
Сваю снягурку ты прадаў?
Станіслава Белагаловая.
Прадаў Снягурку Дзед Мароз,
І ў пушчы Белавежскай знік.
Прадаў Снягурачку усур'ёз, -
На гэта меў ён свой разлік.
Навошта дзеду шчэ Снягурка,
Карміць, паіць яе штодня,
Ён сам не супраць пачастункаў,
Ласункаў просіць і радня.
Шчаслівы дзед на санях едзе,
Чырвоны нос здалёк відзён.
Яго вітаюць ў Лідзе дзеці,
А дзед таемны як шпіён.
- А дзе ж твая Снягурка, дзеду? -
Здалёк пытаюць яго ўсе.
- Яшчэ да вас, сябры, прыеду…
І барадою сам трасе:
- Прадаў Снягурку вельмі танна,
Ды і навошта яна вам?
У нас Снягурка - Станіслава -
Яе нікому не аддам.
Тахтамыш і Гірэй
Тапталі яе Тахтамыш і Гірэй…
Ірэна Сліўко.
Заехаў спачатку адзін Тахтамыш,
А потым за ім завітаў і Гірэй.
А я сядзела ў замку, як мыш,
Схаваўшы ў скляпеннях свіней і курэй.
Блукалі па замку Тахтамыш і Гірэй:
- Куды вы прапалі - вылазце хутчэй…
І свінні прыціхлі, і куры маўчаць,
Ніхто не жадае чужынцаў страчаць.
А сэрца ўсё б'ецца мацней і мацней,
Шкада мне стала курэй і свіней.
Я веру, не здрадзяць мне храма муры:
- Стары Тахтамыш, ты мяне забяры,
І ты забірай мяне, злосны Гірэй,
Прашу не чапай толькі кур і свіней.
Нічыя
Ты нічый, і я нічыя…
Ірына Багдановіч.
Я зусім цяпер нічыя,
Бо і ты зусім нічый,
Я спыталася ў ручая:
- Ці патрэбна табе нічыя?
Адказаў мне вясёлы ручай:
- Нічыя - гэта толькі адчай…
Ну, і ты без мяне нічый,
Ну, і я без цябе нічыя.
Ах, як добра, што гэта я -
Не твая, не твая, нічыя.
Я спытала ў салаўя:
- Ці патрэбна табе нічыя?
Ад здзіўлення мой салавей
Паляцеў далей ад людзей…
І чаму я цяпер нічыя
Заблудзілася ў цёмных гаях?..
Мой Квазімода
І на тваім плячы сустрэць зару,
Мой Квазімода.
Ірына Багдановіч.
Старэю з табой год за годам,
Са мною старэеш і ты.
О, мой дарагі Квазімода!
Ты мае не збярог гады.
Была я прыгожай і мілай,
Сядзела з табою ў кафэ.
А ты выпіваў "чарніла",
Хадзіў у старым галіфэ.
Я ружай квітнела заўсёды,
І самай шчаслівай была.
О, мой дарагі Квазімода,
Так добра калісьці жыла.
Зару сустракала з табою,
Ляжала ў цябе на плячы…
А сёння я стала старою,
І болей мы толькі маўчым.
Узяла ў палон адзінота,
І нейкая горыч штодня…
О, мой дарагі Квазімода!
О, твая дарагая я!
Вусны-вуголле
Да тваіх грудзей прыпала я.
Апаліў ты вусны пацалункам.
Быццам бы здалёк і спакваля,
У мяне шукаў ты паратунку.
Людміла Краснадубская.
Не шукаю болей паратунку -
Апаліў ты вусны пацалункам.
І яны гарэлі, як вуголле,
Ды было прыемна, як ніколі.
Мне з табою проста асалода,
Ты палі так вусны мне заўсёды,
Ноччу іх палі і ціхім ранкам -
Я твая, каханы мой, каханка,
Каб гарэлі вусны, як вуголле,
Не тушы, прашу цябе, ніколі.
Натхненне
А муза нешта не пяе
І не стаіць натхненне ззаду…
Жыццё сваё дарэмна траціш
У чаканні новых панядзелкаў…
Вольга Ашмяна-Бічэль.
Няма натхнення ззаду
І спераду няма.
Хачу пісаць баладу,
А на душы - зіма.
Паддай нахнення ззаду
І спераду паддай…