Папярэдняя старонка: Ад лідскіх муроў. № 11. Кніга 2

ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА 


Дадана: 07-07-2025,
Крыніца: Ад лідскіх муроў. № 11.

Спампаваць




Станіслаў Суднік

Леанід Лаўрэш


Станіслаў Суднік

Лідская польскамоўная літаратура 1920 - 1939 гг.

Даклад на ХІІ Лідскіх чытаннях

На момант апошняга "вызвалення" Ліды палякамі ў 1920 годзе літаратурны працэс на беларускай, рускай і польскай мовах у Лідзе адсутнічаў цалкам. Магчыма, недзе, ацалелі яўрэйскія паэты, але гэты пласт культуры нам недаступны.

Вера Навіцкая з'ехала ў бежанцы ў Расію ў 1915 г. перад прыходам немцаў.

Цётка (Алаіза Пашкевіч) памерла ў 1916 годзе ад тыфу, працавала ў шпіталі, ратавала іншых, заразілася сама.

Карусь Каганец, хоць быў ужо не ў Лідзе, але таксама памёр у 1918 годзе. Да слова, пад Белагрудай атрымаў зямлю як асаднік яго брат, вайсковы лекар, маёр Войска Польскага Амброзій Кастравіцкі, які разам з братам ўваходзіў у суполку «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», створаную Вацлавам Іваноўскім.

Апалонія Серакоўская з Далеўскіх памерла ў Варшаве ў 1919 годзе.

Вандалін Шукевіч памёр у Шаўрах 1 снежня 1919 года. Незадоўга да смерці яшчэ паспеў выказацца ў падтрымку беларускай мовы.

Тэадора Манчунская (Тося Нарбут) жыла ў Кракаве, памерла ў 1925 годзе.

З усіх, хто пісаў да 1-й Сусветнай вайны ў Лідзе застаўся адзін Міхал Шымялевіч, ды і той ніякай літаратурай актыўна не займаўся.


Усё мусіла пачынацца спачатку. Найлепшыя ўмовы ў польскай дзяржаве былі для польскамоўнай літаратуры. Але ўмовы ўмовамі, а так проста на пустым месцы масавы літаратурны рух з'явіцца не мог. Тым не менш творчы дух лунаў над гэтай зямлёй, і пачалі з'яўляцца адзіночкі-літаратары.

Першай мы назавём Камілу Эмілію Макрэцкую, у замужжы Лянгэ.

Макрэцкая (Лянгэ) Каміла Эмілія - дачка Адама Макрэцкага. Мы не можам дакладна сказаць, дзе нарадзілася Каміла Эмілія, але да-кладна вядома, што яе бацька генерал Адам Макрэцкі нарадзіўся ў маёнтку Дзітрыкі Лідскага павета. Сёння гэта пустка каля Фалькаўскага лясніцтва. Дзед Камілы Эміліі пахаваны каля Няцецкага касцёла, які ў бок Беліцы. Бабка пахавана на старых лідскіх ка-таліцкіх могілках. Помнікі захаваліся. Захаваліся і помнікі прадзедаў Камілы Эміліі Машэцкіх, уладальнікаў ма-ёнтка Вінкаўцы. Яны каля самага ўваходу ў капліцу св. Барбары на старых каталіцкіх могілках Пэўны час Каміла Эмілія жыла ў Дзітрыках, прынамсі, усё ваеннае ліхалецце. Дапамагла камандзіру чырвонай дывізіі перайсці на польскі бок. У 1920 г. за бацькам пераехала ў Гародню, дзе засталася і пасля яго смерці ў 1921 годзе. Адам Макрэцкі быў першым польскім камендантам Гародні пасля вызвалення ў 1920 г. Яго магіла ў Гародні побач з магілай Элізы Ажэшкі. У 1926 годзе ў Гародні Каміла апублікавала паэму "Год 1919 або Песня пра дывізіі Літоўска-Беларускія". Падзеі, апісаныя ў паэме прайшлі на яе вачах. Адам Макрэцкі быў першым камандзірам Лідскай самаабароны, з якой паўстаў Лідскі полк 2-й Літоўска-Беларускай дывізіі. У 2010 годзе я пераклаў гэтую паэму на беларускую мову. Паэма апублікавана ў часопісе "Лідскі летапісец" № 3 (51) у 2010 г. і ў маёй кнізе "Літва". ў 2011 г., выстаўлена ў Інтэрнэце на сайце "Павет". Лідская мастачка Алена Несцерава стварыла ілюстрацыйны партрэт Камілы Эміліі Макрэцкай.

Мы не ведаем, дзе нарадзілася Каміла Эмілія Макрэцкая, не ведаем, дзе яе магіла. Ведаем, што ў яе была дачка. І ведаем, што яна, безумоўна - лідская паэтэса.

Фрагменты эпілога паэмы:


Лёг снег пушысты, срэбны і ціхі,

І далягляды стухлі крыху,

Пакрытыя белай адвечнаю капай,

Месяц схіліўся над срэбнаю мапай.

Снегам пакрытыя ельнікаў шаты,

Як вартавыя ў шапках калматых,

А там за лесам, у сіняй паўночы

Ў цёмных хацінках святло мігоча,

І там у вясковай спакойнай цішы

Чутна, як ветрык лісток калыша,

Як зайка шэры спакой парушыць,

Як сабака завые пад чорнай грушай.

Ваўкі пазбіраліся ў грозныя зграі,

Каб вынікнуць там, дзе ніхто не чакае.

Пад старою сасною стромкай, высокай

Жаўнер прыпыніўся ў задуме глыбокай.

Знік месяц за хмарамі. Цёмна. Аблокі

З'ядналі неба і лес высокі,

А між кустоў, як бы нешта шапоча

І страшнай зданню падняцца хоча...


...Ніхто не ведае, што далей будзе,

Ці край Галгофы ўбачыць перамог прамені,

Бо мы ўжо толькі - чалавекаў цені.

Браце! Выкрасім агні ў грудзях,

Каб дух астатні ўшчэнт не счах,

Бо ў варты ўжо далонь з напругі млее,

Што вораг на мяжы зямлі шалее.

Браце! Дух моцны, ды аслабла цела. -

І ад роспачы ў грудзях яму балела,

Не чуў, як вецер яму студзіць скроні,

Не чуў, як час імкліва адбягае,

Трымае моцна карабін далонню,

Паміж снягоў стаіць на варце і чакае.


У канцы 2024 - пачатку 2025 года я напісаў паэму Год 1920 або 2-я песня пра Літоўска-Беларускія дывізіі". Яна пачынаецца і заканчваецца вобразам гэтага вартавога, які заўсёды на пасту.


Наступны паэт гэтага часу - Вітольд Пілецкі.

Пра Вітольда Пілецкага напісана не адна кніга.

Вітольд Пілецкі (польск. Witold Pilecki, псеўданімы: Witold, Druh, Roman Jezierski, Tomasz Serafinski; 13 траўня 1901 - 25 траўня 1948) - ротмістр Войска Польскага, дзеяч польскага падполля, падпарадкаванага польскаму ўраду ў выгнанні, арганізатар руху супраціву ў канцэнтра-цыйным лагеры Асвенцым. У Польскай Народнай Рэспубліцы быў прысуджаны да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў шпіянажы; прысуд прыведзены ў выкананне.

Нарадзіўся ў горадзе Аланец, Аланецкая губерня, куды яго сям'я была саслана за ўдзел у паўстанні 1863 года. Паходзіў са шляхты ВКЛ гербу Ляліва.

З 1910 года пражываў у Вільні, дзе вучыўся ў камерцыйнай школе. З 1914 года быў чальцом забароненага царскімі ўладамі харцэрскага руху (у 1916 заснаваў сваю групу). У 1921 годзе здаў іспыт на атэстат сталасці.

На працягу 1918-1921 служыў у Войску Польскім, ваяваў падчас савецка-польскай вайны. Як кавалерыст удзельнічаў у абароне Гародні. 5 жніўня 1920 паступіў у 211 полк уланаў і ў яго шэрагах удзельнічаў у Варшаўскай бітве 1920 года, у баі ў Рудніцкай пушчы і ва ўзяцці Вільні. Двойчы ўзнагароджаны Крыжам за доблесць.

У міжваенныя гады сям'і Пілецкага ўдалося вярнуць свой маёнтак Сукурчы каля Крупава пад Лідай. Маёнтак, які стаў сведкам дзвюх войн, знаходзіўся ў жаласным стане, таму Пілецкі выйшаў у адстаўку і заняўся аднаўленнем і мадэрнізацыяй маёнтка, а таксама асветай мясцовага насельніцтва. Ён у 1929 годзе ажаніўся з маладой настаўніцай Марыяй Астроўскай і стварыў сям'ю. У Пілецкіх нарадзіліся сын і дачка. Вітольд Пілецкі быў адным з арганізатараў лідскага харцэрства, пажарнай аховы, кавале-рыйскага эскадрона ў Лідскім павеце.

У 1934 меў званне падпаручніка запасу са старшынствам з 1 ліпеня 1925 і 300 месцам. Ён заставаўся ў спісе ваеннаабавязаных у павятовым ваенным камісарыяце ў горадзе Лідзе з прызначэннем у 26 полк вялікапольскіх уланаў у горадзе Баранавічы.

Нажаль, сямейная ідылія Пілецкіх прадаўжалася нядоўга. 1 верасня 1939 года на Польшчу напала нацысцкая Германія, а 17 верасня ў Польшчу з усходу ўвайшла Чырво-ная Армія. Айчына зноў апынулася ў небяспецы, і Пілецкі быў ізноў прызваны на вайсковую службу. У трэці раз за сваё жыццё ён адпраў-ляўся абараняць радзіму.

Ваяваў супраць немцаў у Польскай кампаніі 1939 года ў якасці камандзіра звяза ў эскадроне дывізіённай кавалерыі 19 пяхотнай дывізіі арміі "Прусы". Апошнія баі яго атрад правёў як партызанскае падраздзяленне. Пілецкі распусціў свой звяз 17 кастрычніка 1939 года і пера-йшоў на нелегальнае становішча...

Акрамя бязмернай адвагі Вітольд Пілецкі меў мастацкія таленты, і не адзін. У 1919 годзе ён паступіў на факультэт прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, але правучыўся там ня-доўга, пайшоў ваяваць. Разам з тым памяць пра талент мастака Вітольда Пілецкага засталася ў выглядзе абраза, які вісіць у Крупаўскім касцёле.

А ў памяць пра Пілецкага - паэта засталася паэма "Сукурчы". "Сукурчы" - яшчэ адзін узор тутэйшага эпасу. Напісаная без асаблівай увагі да рыфмаў і рытму, гэта, безумоўна, паэма, магутная ў сваёй скрупулёзнасці і падрабязнасці апісання дэталяў. "Сукурчы" - энцы-клапедыя аднаго саду і аднаго дома на лапіку беларускай зямлі.

Трэба сказаць, што сад апісаны больш грунтоўна, бо Пілецкі бачыў яго сам і доўгі час. Паэма пісалася ў міжваеннае дваццацігоддзе, і ўсе дваццаць гадоў сад быў на месцы. Што тычыцца дома, то ад былой старасвецкасці і вялікасці пасля войнаў і чужога гаспадарання засталося не так шмат, таму шмат што тут пераказана з аповедаў цётак, чаляднікаў...

Я пераклаў гэтую паэму і апублікаваў у зборніку "Ад лідскіх муроў" № 9 у 2019 годзе.

У перакладзе паэма падзелена на дзве часткі: "Сад" і "Дом", хаця ў польскіх публікацыях такога падзелу няма.

Паэма напісана амаль выключна белым вершам. Пераклад зроблены з прымяненнем стылю выпадковых рыфмаў, але з мажлівым захаваннем рытмікі.


СУКУРЧЫ

Частка І. Сад


У Наваградскай зямлі над рэчкай Лідзейкай,

Што плыве ля замка Гедыміна,

Раскінуўся дамоў вясёлаю сямейкай

Ліда - горад з цёплым іменем жанчыны.


Ад Ліды на захад кіруючы стала,

Покуль Дзітвы не дасягнеш плыні,

Перад Крупкаю - рэчкай, што плыне памалу,

З цяжкасцю згледзець двор можна стары,

Што тоіцца ў зараслях з даўняй пары.


Тут Сукурчы ляжаць з іхнім светлым мінулым,

У памяці люду даўно патанулым.

Сукурчы з-за земляў, так шчодрых пшаніцай,

Яблыкам тут залатым называлі,

І соснамі бору маглі пахваліцца,

Што ад двара аж да Ліды стаялі...


Пра паэтэсу графіню Эльжбету Красіцкую мы інфармацыю маем, а вось пра яе творчасць ведаем вельмі мала.

Лідскія Красіцкія паходзяць з Літоўска-Валынскай лініі графаў Красіцкіх. Дзед мужа Эльжбеты - Юзаф Красіцкі (сын Караля Аляксандра Красіцкага і Катажыны з Чацвярцінскіх), быў жанаты з Юстынай з Сапегаў, яны мелі двух сыноў, якія памерлі ад сухотаў. Дзед Цэцыліі Раман Красіцкай памёр ва ўзросце 34 гады за некалькі месяцаў да нараджэння свайго сына Алексы, быў жанаты з Зоф'яй з Кашыцаў, дачкой паўстанца і скандальнага паэта Канстанціна Кашыца.

Алексы і Эльжбета Красіцкія першыя тры гады адразу пасля шлю-бу жылі ў радавым маёнтку Шабас-тоўка на Падоллі. Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны, у 1921 г. пераехалі ў маёнтак Вялікае Ольжа-ва, які належаў Зоф'і Красіцкай з Ка-шыцаў - маці Алексы Красіцкага.

У 1936 г. Эльжбета Красіцкая выдае ў Лідзе кніжку паэзіі "Крошкі". У рэцэнзіі надрукаванай ў газеце «Лідская зямля», указаецца, што гра-фіня ў сваёй кнізе прапагандуе мяс-цовы фальклор і з'яўляецца прыхіль-ніцай народнага мастацтва. «Пані Красіцкая, была адной з першых, хто падтрымаў неабходнасць узняць якасць вырабаў з мясцовага ільну да ўзроўню, калі ён змог бы цалкам замяніць бавоўну. Праблемы ільнаводства ў 1930-м г. яна абмяркоўвала на старонках "Сучаснай кабеты". Энтузіястка рэгіяналізму і сялян, у сваіх вершах яна акцэптуе свае гарачае замілаванне да вёскі». Дадам, што з патрыятычнай ідэяй цалкам замяніць імпартную бавоўну на мясцовы лён у той час выступіў генерал Люцыян Жалігоўскі.

Эльжбета Красіцкая добра ведала арцыбіскупа-мітрапаліта Раму-альда Ялбжыкоўскага які ўгаварыў яе прыняць удзел у пабудове Слабад-скога касцёла ў Лідзе. У выніку, касцёл быў пабудаваны з лесу маёнтка Вялікае Ольжава. Дачка Эльжбеты Цэцылія нават на год пазней прыняла першую камунію - каб зрабіць гэта менавіта ў новым касцёле. Першую камунію прымала разам з дзвюма дочкамі служак, пасля імшы дзяўчы-нак у Вялікім Ольжаве частавалі марозівам.

17 верасня 1939 г. Эльжбета з дачкой Цэцыліяй знаходзілася ў Вялікім Ольжаве. На раніцы стала вядома, што Саветы ўвайшлі ў Заход-нюю Беларусь. Разам яны селі на звычайны сялянскі воз і паехалі ў бок Вільні, у сталіцы края яны былі 18 верасня.

У чэрвені 1941 г. прыйшлі немцы. Яны выдалі загад які прыму-шаў уладальнікаў маёнткаў вярнуцца ў свае гаспадаркі. Таму ў ліпені 1941 г. Эльжбета Красіцкая са сваёй сяброўкай і дачкой вярнулася ў Вялікае Ольжава. Дом быў заняты і сям'я пасяліліся у чвараку. У жніўні 1941 г. нямецкія ўлады прызначылі Эльжбету Красіцкую адміністрата-рам маёнтка і выдалі ёй план па здачы сельскагаспадарчай прадукцыі.

З-за небяспекі, на пачатку лета 1942 г. Эльжбета Красіцкая з сяб-роўкай пераехалі ў Ліду, а Цэцылія засталася ў маёнтку і прыняла на сябе абавязкі маці. Але небяспека з боку чырвоных партызан павяліч-валася, і восенню ў Ліду пераехала і маладая гаспадыня. У Лідзе дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым мужам Станіславам Маскала. Каб не патрапіць пад вываз на працу ў Германію, Цэцылія да шлюбу, паўтара года працавала на бровары. У гэты час сям'я жыла ў арандаванай палове дома з садам, а сваю швейную машынку Зінгер Эльжбета Красіцкая абмяняла на карову і корм для гэтай каровы на два гады, у дадатак яна атрымала яшчэ і два вядры мёду...


У 1936 годзе была заснавана ўнікальная для свайго часу газета "Ziemia Lidzka". Назву перакладаюць па-рознаму, а трэба проста "Лідчына". У склад рэдкалегіі ўвайшлі выдатныя журналісты і пісьмен-нікі. Былі знакавыя людзі і сярод аўтараў, якія дасылалі допісы ў газету.

Ziemia Lidzka, "Земя Лідзка", "Лідская зямля" - рэгіянальны краязнаўчы штомесячнік. Выдаваўся з красавіка 1936 па жнівень 1939 г. ў Лідзе на польскай мове.

У часопісе апублікаваны дзесяткі арыгінальных артыкулаў па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі Лідчыны, пра лёсы людзей, звязаных з рэгіёнам. Апавядалася аб этнаграфічных асаблівасцях, мясцовым ладзе жыцця і народных традыцыях. Былі змешчаны мемуары М.-Б. Нарбута аб жыцці лідчан у сярэдзіне ХІХ ст. Значнае месца займалі работы па гісторыі вызвольных рухаў у войнах XVIII-XIX стст., аб лістападаўскім (1831) і студзенскім (1863) паўстаннях, аб падзеях 1812 года, польска-савецкай вайне (1919-21). Тут быў упершыню апублікаваны вядомы артыкул У. Галубовіча "Гарадзішчы і курганы Лідскай зямлі". Асвят-ляліся эканамічныя пытанні, шырока выкарыстоўваліся архіўныя і рукапісныя матэрыялы.

У выданні "Ziemia Lidzka" выйшлі артыкулы аб многіх асобах: лідскім старасце і заснавальніку Мірскага замка Ю. Ільінічу, археолагу В. Шукевічу, батаніку і заолагу С.-Б. Юндзілу, доктары Н. Чарноцкім, лідскіх піярах і інш.

Бібліяграфічны раздел уключаў рэцэнзіі, анатацыі, агляды, водгукі на новыя кнігі і перыёдыку.

Публікацыі звычайна суправаджаліся ілюстрацыямі. На апошняй старонцы змяшчалася рэклама.

Агульную рэдакцыю ажыццяўляў Уладзіслаў Абрамовіч. Было выдадзена 35 нумароў.

У 1990 пад назвай "Ziemia Lidzka" ў Лідзе пачало выходзіць гістарычна-краязнаўчае выданне, рэдакцыя якога дэкларавала працяг традыцый перадваеннага часопіса. Да 2007 выйшла каля 80 нумароў гэтага выдання.


Рэдактар знакавай для горада Ліды газеты "Ziemia Lidzka", якая выдавалася ў нашым горадзе з красавіка 1936 г. па жнівень 1939 г., Уладзіслаў Абрамовіч (1909-1965) нарадзіўся у Новым Двары каля Трокаў 9 траўня 1909 г. у беднай сям'і каваля Яўстаха і Уршулі (з Белапятровічаў) Абрамовічаў. Ягоны бацька быў летувісам, а маці беларускай. Пра нацыянальнасці сваіх бацькоў ён пісаў сам, запаў-няючы розныя анкеты. Бацька Яўстах, сын Міколы нарадзіўся ў 1875 г. і памёр ў 1922 г., маці Уршуля нарадзілася ў 1879 г.

У 1914 г. сям'я пераязджае ў Кашадары (зараз - Кайшадорыс), і ў гэтым жа годзе памірае маці Урашуля. Пад час Першай сусветнай вайны паміраюць тры сястры і два браты Уладзіслава Абрамовіча.

У 1917 г. 6-ці гадовы Уладзіслаў ідзе ў школу, але мала што разумее, бо бацька чамусьці аддаў яго ў школу з нямецкай мовай выкладання.

Бацька жэніцца яшчэ раз і з невядомай прычыны патрапляе ў турму, дзе 13 снежня 1922 г. памірае, а мачаха аддае малога Уладзіслава пасвіць жывёлу.

Праз два гады трынаццацігадоваму Уладзіславу нейкім чынам удаецца прыехаць у Вільню, дзе з 1918 г. жыў ягоны старэйшы брат Рамуальд. Пасяліўшыся ў брата, Уладзіслаў шукаў любую фізічную працу, каб зарабіць на жыццё.

У 1925 г. 16-ці гадовы юнак уладкоўваецца вучнем да краўца Б. Вайнерыса па вуліцы Троцкай - 8 і працуе тут чатыры гады. Здольнага, разумнага і працавітага хлопца бярэ пад сваю апеку ксёндз Юзаф Вайчунас, дзякуючы якому Уладзіслаў не кідаючы працу ў краўца змог наведваць вячэрнюю школу і ў 1926 г. атрымаць адукацыю, дастатковую для паступлення ў польскую гімназію імя Крашэўскага, куды яму таксама дапамог паступіць ксёндз Вайшунас. Восенню 1929 г., атрымаў-шы пасведчанне аб 7-мі гадовай адукацыі, Абрамовіч пераходзіць ў гімназію для занятых на працы, у якой быў лепшы для занятага вучня рэжым наведвання ўрокаў.

З-за слабага здароўя Уладзі-слава не бяруць у войска. З чэрвеня 1929 г. ён пераходзіць працаваць на пошту Вільня-2, якая знаходзілася каля чыгуначнага вакзала, дзе да 9 красавіка 1930 г. ён cартуе карэспан-дэнцыю. Потым, з кастрычніка 1930 г., уладкоўваецца на сезонную працу архівістам у архіў па вуліцы Даміні-канскай, 4, на гэтым месцы затрымліваецца да канца траўня 1931 г.

У 1930 г. Уладзіслаў Абрамовіч заканчвае навучанне ў гімназіі. У тым жа годзе сябар Абрамовіча па гімназіі і супрацоўнік выдавецтва "Зніч" Станіслаў Мярло на свае гро-шы выдаў дэбютны зборнік вершаў маладога паэта "Switanie mysli". У 1933 г. ён жа выдаў другі зборнік які называўся "Regjonalne".

Экзамены пры заканчэнні гімназіі Уладзіслаў здаваў тры разы, і таму пасведчанне аб сярэдняй адукацыі (матуру) атрымаў у гімназіі імя Лелявеля толькі ў 1933 г., матура дае яму магчымасць пачаць новае жыццё.

Абрамовіч вельмі жадаў вучыцца ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, але не меў грошай. Таму малады чалавек паступіў на завочны аддзел Вышэйшай школы журналістаў у Варшаве, якая хоць і не давала вышэйшай адукацыі, але пасля яе заканчэння ў 1934 г. будучы рэдактар "Лідскай зямлі" атрымаў сталую прафесію.

З 1933 г. Уладзіслаў Абрамовіч пачаў працаваць карэктарам у выдавецтве "Зніч", а потым журналістам у газеце "Кур'ер Віленскі". Тады ж ён зацікавіўся сучаснай летувіскай паэзіяй і пачаў перакладаць яе на польскую мову, першыя пераклады выйшлі ў 1935 г. у Наваградку ў зборніку "Wybоr najmlodszej poezji litewskiej". Таксама перакладаў і летувіскіх празаікаў: Петраса Цвірку, Антанаса Венцлаву, Казіса Баруту, Ёнаса Марцінкявічуса, Ёнаса Балтушыса і інш.

На пачатку 1936 г. ён узначаліў бюро газеты "Кур'ер Віленскі" ў Лідзе. Наш горад атрымаў вельмі працаздольнага чалавека з выдатнымі арганізацыйнымі і літаратурнымі здольнасцямі, які адразу знайшоў аднадумцаў і пачаў выдаваць вельмі важную ў гісторыі горада Ліды газету "Лідская зямля" ("Ziemia Lidzka").

Першы нумар новага месячніка выйшаў ужо 15 красавіка 1936 г. Рэдакцыя "Лідскай зямлі" месцілася там жа, дзе і карэспандэнцкі пункт газеты "Кур'ер Віленскі" ў Лідзе: першапачаткова - у доме 4/7 па вуліцы Замкавай, з красавіка 1937 г. у д. 8 па вуліцы Гарнянскай, тэл. 166, праз год журналісты з'ехалі з Гарнянскай, зноў на вуліцу Замкавую, 4/7, тэл. 73, а з 1939 г. рэдакцыя газеты месцілася ў памяшканні Лідскага музея па адрасе: вуліца Сувальская, 3. Усе гады месячнік друкаваўся ў друкарні Зяльдовіча. "Лідская зямля" была адзіным краязнаўча-рэгіянальным выданнем у Заходняй Беларусі таго часу, нічога падобнага не было нават у Вільні, да жніўня 1939 г. месячнік выйшаў 41 нумарам.

Абрамовіч напісаў у месячнік шэраг выдатных артыкулаў, рэда-гаваў артыкулы іншых бліскучых аўтараў, сярод якіх, акрамя яго, леп-шымі былі Аляксандр Снежка, Антон Грымайла-Прыбытка і, канешне, бліскучы лідскі гісторык, верагодна, лепшы за ўсе часы знаўца лідскай гісторыі, Міхал Шымялевіч. Лідскі месячнік меў найвышэйшыя атэста-цыі ад вядучых інтэлектуалаў тагачаснай Польшчы. У 1938 г. Абрамовіч выдаў кнігу "Наваградская старонка" (Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Szkice Krajoznawcze z 25 ilustracjami. Lida, Nakl. wyd. "Ziemi Lidzkiej". 1938.), якая атрымлівае высокую ацэнку адмыслоўцаў.

Таксама ў 1936-39 гг. Абрамовіч штодзённа пісаў пра лідскія падзеі ў "Кур'ер Віленскі" і такім чынам стварыў найцікавейшую мазаіку падзей у нашым рэгіёне.

Пасля жніўня 1939 г. Уладзіслаў Абрамовіч вяртаецца ў Вільню. З 1 ліпеня 1940 г. па 22 чэрвеня 1941 г. працуе ў літоўскім інфармацыйным агенцтве ELTA як рэдактар-каментатар. У тым жа 1940 г. жэніцца з Кацярынай Гінтаўт-Дзевялтоўскай, якая да гэтага часу шмат гадоў працавала перакладчыцай з польскай мовы на летувіскім радыё, што вяш-чала на Польшчу.

Пасля прыходу немцаў Абрамовіч успомніў сваю першую пра-фесію краўца і працаваў ў кравецкай віленскай майстэрні "Стандарт". У 1942 г. пераходзіць на працу карэктарам у летувіскую друкарню "Svyturys". У часы нямецкай акупацыі Абрамовіч уратаваў выкінутыя акупантамі на брук бясцэнныя зборы Віленскага Таварыства аматараў навук.

Пасля прыходу Чырвонай арміі, з 13 ліпеня 1944 г. працуе бібліё-графам у Бібліятэцы Літоўскай Акадэміі навук. З 1947 г. і да канца жыцця ўзначальваў аддзел рукапісаў той жа бібліятэкі. Ад пачатку жыў у Вільні па вуліцы Арсенальскай, потым - Горкага і пры канцы жыцця - Леніна.

У сям'і Абрамовічаў нарадзілася дачка Барбара, якая стала актор-кай і выйшла замуж за опернага спевака і прафесара кансерваторыі Эдуардаса Каняву. Абрамовічы дачакаліся двух ўнукаў - Эдуардаса і Андруса.

У 1951 г. Уладзіслаў Абрамовіч атрымаў дыплом гісторыка ў Ві-ленскім універсітэце. Шмат займаўся перакладамі літоўскіх паэтаў на польскую мову. Выкладаў на кафедры бібліятэказнаўства Віленскага ўніверсітэта, таксама выкладаў польскую мову аспірантам універсітэта. Кіраваў літаратурным гуртком, які склаўся вакол польскамоўнай газеты "Czerwony Sztandar", быў сябрам Саюза пісьменнікаў.

Напісаў некалькі кніг на летувіскай мове: пра Валерыя Урублеў-скага (1958 г.), Тадэвуша Урублеўскага (1960), пра Шаўчэнку ў Вільні (1964). Па-польску выдаў кнігі пра кнігадрукаванне ў Літве (1957) і пра Міцкевіча ў Коўні (1956).

У 1963 г. выдаў вопіс гаспадарчых феадальных інвентароў у Літве (Rankrasciu rinkiniai i Feodaliniu zemes valdu Lietuvoje inventoriu aprasymas), якія захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук. Пачаў збіраць матэ-рыялы да фундаментальнай манаграфіі пра літаратурную Вільню.

Загінуў 16 лістапада 1965 г. Калега пісаў у некралогу, надрукава-ным ў "Acta Baltico-Slavica": "Вядомы гісторык і літаратуразнаўца, паэт і перакладчык, аўтар адзінаццаці кніжак, загінуў у росквіце свайго таленту і творчых сіл - скончыў жыццё самагубствам у Вільні". Самазабойства адбылося пасля разводу з жонкай. Пакінуў кароткую запіску: "Я паміраю за дружбу народаў. Мая дачка Барбара, калі ласка, даруй і зразумей, я павінен быў гэтак зрабіць".

Пахаваны на Росах пад каменным надмагіллем улева ад галоўнай брамы (блізка да яе), каля яго магілы - магіла Марыі Пілсудскай, першай жонкі Юзафа Пілсудскага.


Міхал Шымялевіч (18.Х.1879 - 11.01.1969). Лепшы лідскі гісторык XX ст. Нарадзіўся ў вёсцы Пеляса (цяпер Воранаўскі р-н), лічыў сябе барцяком. Адукацыю пачаў ў Лідскай павятовай вучэльні. У 1901 г. малады Шымялевіч працаваў у Лідскай судова-міравой акрузе, канцыля-рыі з'езду міравых суддзяў, памочнікам сакратара. Як малады гісторык-аматар атрымаў грант ад гістарычнага таварыства для вучобы ў Кракаве (з 1905 па 1908 г.). Атрымаўшы вышэйшую гістарычную адукацыю ў еўрапейскім універсітэце, даследчык вяртаецца ў Ліду. Верагодна, пер-шай надрукаванай працай Шымялевіча была кніга "Горад Ліда і Лідскі замак" (1905). У 1927 г. Міхал Шымялевіч выбіраецца ў Гарадскую раду ад ТБШ. У 1936-39 гг. Шымялевіч быў сябрам рэдакцыйна-выдавецкага камітэта газеты "Лідская зямля" ("Ziemia Lidzka"), дзе ён апублікаваў каля 30-ці бліскучых краязнаўчых артыкулаў. У 1940 г. Міхал Шымялевіч быў вывезены ў Казахстан, ягоны дом у Лідзе быў кан-фіскаваны. Найвялікшую каштоўнасць меў велізарны архіў гісторыка, і таму ад-мыслова дасланыя ў Ліду выкладчыкі БДУ з Менска пачалі займацца апрацоўкай архіва Шымялевіча. Архіў згарэў разам з цэнтрам го-рада ў 1941 г. Сам М. Шы-мялевіч цудам выжыў у вы-сылцы. Пасля 1948 г. жыў у Сопаце. Напісаў яшчэ некалькі каштоўных прац. Асабліва каштоўная "Ішымскі стэп".

Сапраўдным падмуркам лідскага краязнаўства стаў выдадзены ў 2019 г. збор твораў гэтага лепшага ў ХХ ст. знаўцы нашай гісторыі: Міхал Шымялевіч. Збор твораў. Укладальнік Леанід Лаўрэш. Рэдак-тар Станіслаў Суднік. Выдавецтва "ЮрСаПрынт", Гародня. 326 с.


Аляксандр Снежка (1896-1975), нарадзіўся ў Кейданах (зараз - Летува). Лідскі краязнавец, аўтар шэрагу публікацый у газеце "Ziemia Lidzka", у 1937 г. як аўтар выдаў кнігу пра касцёл у Міры ("Kosciol farny w Mirze. Szkic monograficzny, 1587-1937". Lida, 1937). Да 1939 г. працаваў у Лідзе рэферэнтам па культуры ў Арганізацыі вайсковай падрыхтоўкі паштовых работнікаў (PPW). Пасля Другой Сусветнай вайны жыў у Польшчы, заснавальнік і першы дырэктар Музея пошты і тэлекамуні-кацый ва Уроцлаве. Гісторык пошты, філатэліст, аўтар 400 публікацый.


Антон Грымайла-Прыбытка, сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920-30-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынём Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі "Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах" (1936 г.). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй аб Лідскім і Шчучынскім паветах. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы.


Сярод аўтараў даваеннай "Лідскай зямлі" паспеў засвяціцца Уладзімір Урбановіч.

Уладзімір Урбановіч (1921-1999) у 1960-1990 гадах быў самым вядомым у Беларусі краязнаўцам, педагогам, вандроўнікам, калекцыя-нерам і музейшчыкам. А яшчэ - шчырым беларусам, дэлегатам Ус-таноўчага з'езда Таварыства бела-рускай мовы ў Менску.

Нарадзіўся Уладзімір Урба-новіч у 1921 годзе ў вёсцы Пудзіна на Лідчыне ў сялянскай сям'і. У 1932 годзе скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадука-цыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельскагаспадарчую гімназію Сло-німскага павета.

У 1939 годзе апублікаваў у газеце "Ziemia Lidzka" дзве нататкі, адна з іх - пра Вялічкаўскае возера.

Пры "саветах" зноў здаваў экзамены за 7 класаў і паступіў у Менскі політэхнікум. Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку, пасля якіх працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскую педагагічную вучэльню і літаратурны факультэт Гарадзенскага пед-інстытута. А калі скончыў педінстытут, то ўладкаваўся настаўнікам род-най мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна.

Уладзімір Урбановіч адзін з першых у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу "Па дарагіх мясцінах" (Мн., 1964), дзе дзяліўся досведам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна. Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выка-рыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках у школе. Вывучаючы жыц-цё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-земля-коў, ён з вучнямі на раварах і пяшком абышоў, аб'ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Ежы Путраманта, літаратурныя Лідчыну, Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Наваградчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, якія тады яшчэ жылі, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.

У 1955 годзе ў Валеўскай сярэдняй школе быў створаны края-знаўчы музей. Спачатку ў ім былі тры аддзелы: гістарычны, этнаграфіч-ны і прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей чацвёртым аддзелам - літаратурным. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 арыгінальных. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты, асабліва ў свой літаратурны аддзел. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з "Хронікай Быхаўца", з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цётку, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай "Загляне сонца і ў наша ваконца", друкарнямі Марціна Кухты і "Нашай нівы". Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура кнігамі Б. Тарашкевіча, І. Дварчаніна, Г. Леўчыка, К. Буйло, В. Таўлая, М. Танка, М. Васілька, Н. Тарас, газетамі і часопісамі той пары, фотаздымкамі беларускіх літаратараў, каштоўнымі дакументамі і кнігамі А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, М. Рылеева, І. Катлярэўскага, С. Нерыс і іншымі асобамі, лёс якіх непасрэдна быў звязаны з Наваградчынай.

У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдае сваю новую кнігу "Шляхамі паэтаў і герояў". Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым досведам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літара-туры. Пра кнігі настаўніка з Валеўкі пісалі Аляксей Пяткевіч, Рыгор Шкраба, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Вера Ляшук, Сцяпан Александровіч і многія іншыя вядомыя асобы.

Чалавек, жывучы ў глыбінцы, дзеля беларускай справы працаваў даволі сур'ёзна і актыўна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Уладзімір Урбановіч вёў вялікую перапіску, тысячы пісем ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і вядома ж адвозіў іх на Свіцязь, дзе частаваў, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…

За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урба-новіч быў унагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком "Выдатнік народнай асветы". Ён так пры жыцці і не атрымаў звання Заслужны работнік культуры ці Заслужаны настаўнік Беларусі. І толькі пасля смерці (памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны), яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Наваградскага раёна.


Ну і апошні, каго мы павінны назваць, Ежы Путрамант.

Ежы Путрамант нарадзіўся 10 лістапада 1910 года ў Менску. Бацька быў царскі афіцэр, маці - менская мяшчанка, нават удзельніца руху "талстовак". У маленстве меў імя Юрак.

З 1925 года сям'я іх пражывала спачатку ў горадзе Лідзе, а потым на хутары Банева (недалёка ад вёскі Дакудава Лідскага раёна). Бацька, палкоўнік Войска Польскага, быў начальнікам Лідскага ваекамата, а пасля выхаду на пенсію - войтам Дакудаўскай гміны.

Пасля заканчэння Лідскай гімназіі Путрамант паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У гэты час і пачалася яго літаратурная творчасць. Пісьменнік зблізіўся з маладымі рэвалю-цыйна настроенымі пісьменнікамі, прагрэсіўнай моладдзю, што адыгра-ла важную ролю ў яго далейшым жыцці і літаратурнай творчасці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Ежы Путрамант жыў у Савецкім Саюзе, супрацоўнічаў у польскім часопісе «Nowe Widnokregi» ("Новыя гарызонты"), прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі польскай арміі, а з 1943 года як афіцэр 1-й дыізіі імя Тадэвуша Касцюшкі са зброяю ў руках змагаўся за вызваленне Польшчы. Даслужыўся да маёра.

У многіх сваіх раманах, аповесцях, такіх, як «Рэчаіснасць», «Верасень», «Паўвеку» і іншых Ежы Путрамант глыбока і праўдзіва апісаў барацьбу супраць рэжыму санацыі ў Заходняй Беларусі ў 30-я гады.

У першым томе мемуараў «Паўвеку» пісьменнік расказвае пра сваё жыццё з ранняга дзяцінства да пачатку польска-нямецкай вайны ў 1939 годзе. У кнізе дадзены яскравы малюнак грамадскіх адносін у Заходняй Беларусі ў 20-30-я гады, паказаны шляхі пераходу перадавой часткі польскай моладзі на бок змагання. Аўтар апісвае Ліду, Дакудава, Банева, Іўе, Наваградак, возера Свіцязь, рэкі Нёман і Дзітву і многа іншых мясцін, называе людзей, некаторыя з якіх жылі яшчэ нядаўна. 1-шы і 2-гі тамы "Паўвеку" перакладзены мной на беларускую мову і апублікаваны ў часопісе "Лідскі летапісец".

У адным са сваіх лістоў да Уладзіміра Урбановіча Ежы Путрамант пісаў: «Я вельмі расчулены вашай памяццю. Сапраўды, я пра-жыў у Баневе каля 10 гадоў - з 1928 па 1939. Там пачаў сваю літаратурную дзейнасць, там засталіся ў час вайны і мая асабістая бібліятэка, і шэраг рукапісаў, і дзённік, і самыя лепшыя ўспаміны маладосці. Нейкі час я нават падпісваўся «Банеўскі» - гэта быў адзін з маіх псеўданімаў... Пасылаю фатакартачку. Калі атрымаеце - напішыце...»

У другім лісце Ежы Путрамант пісаў: «З беларускіх пісьменнікаў таго часу я добра знаёмы і сябрую з Максімам Танкам, з якім сустрэўся нядаўна ў Маскве на III з'ездзе ССП».

Акрамя творчасці Ежы Путрамант пабыў і чыноўнікам ад літара-туры. Ён быў Генеральным сакратаром Саюза польскіх пісьменнікаў (1950-56), віца-старшынём СПП з 1959 г.

У зборніку "Ад лідскіх муроў" № 8 апублікаваны дзевяць вершаў Ежы Путраманта ў перакладзе на беларускую мову (адзін у перакладзе Максіма Танка і восем у маім перакладзе).

Чакае свайго перакладу аповесць "Верасень".

Памёр Ежы Путрамант 23 чэрвеня 1986 года ў Варшаве.


Вось такая ў агульных рысах лідская польскамоўная літаратура 1919-1939 гадоў. І гэта наша літаратура. Яна была. І яна засталася, бо "напісанае застаецца".

Леанід Лаўрэш

Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш (нар. 1 сакавіка 1963, Ліда), беларускі пісьменнік, краязнавец, перакладчык і незалежны даследчык.

Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985). Па адукацыі інжынер. Стварыў у 1999 годзе гістарычна-краязнаўчы сайт pawet.net. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2018 па 2021 г. Жыве ў Лідзе. Мае жонку, сына, нявестку і ўнука. Аўтар звыш 20 кніг і больш за 400 артыкулаў.

Сфера навуковых зацікаўленняў Леаніда Лаўрэша - краязнаўства, літаратуразнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Навуковая зацікаўленасць гісторыяй Лідчыны тычыцца шырокага часавага дыяпазону - ад першабытнасці да часоў Заходняй Беларусі (1921-1939). Асобна цікавіцца еўрапейскімі падзеямі канца XIV - пачатку XV стагоддзяў, якія закранулі Лідчыну. Быў удзельнікам творчага калектыву ГрДУ імя Я. Купалы, які па заданні Інстытута гісторыі НАНБ выконваў навукова-даследчую работу па канфесійнай гісторыі Беларусі XIX ст.

Таксама ён даследуе біяграфіі і дзейнасць вядомых ураджэнцаў Лідчыны, у т.л. звяртае ўвагу на забытыя і малавядомыя імёны. Апублікаваў шэраг біяграм і біяграфічных даследаванняў, у т.л. Кіпрыяна Кандратовіча, Яўгена фон Гротэ дэ Буко, Антонія Гарэцкага, Аляксандры Нарбут, і іншых.

У 2020 годзе Леанід Лаўрэш быў узнагароджаны граматай-падзякай ад Інстытута гісторыі НАН Беларусі «… за арганізацыю навукова-пошукавай работы і плённую працу на ніве краязнаўства».

У 2023 годзе ўзнагароджаны граматай-падзякай Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі «… за плённую літаратурную і краязнаўчую працу…».

Лідскія Нарбуты

1. Аляксандра Нарбут і яе сёстры - выхаванкі Пулаваў.

2. Гісторык Юстын Нарбут і яго дачка Каміла.

3. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў.


Я распавяду пра нашых зямлякоў, якія пакінулі свой след у гісторыі і культуры. Пра гераінь гэтага тэксту я ўжо пісаў раней [1], у гісторыкаў і мемуарыстаў гэтых жанчын называлі Нарбутоўны. За час, які прайшоў з моманту ранейшых публікацый, з'явілася новая інфармацыя, што і прымусіла мяне вярнуцца да тэмы.

Аляксандра (у замустве Цясельская) з сёстрамі Канстанцыяй і Тэкляй была далёкімі сваячкамі Юліі Шышковай з Нарбутаў, пры якую я раскажу ў канцы артыкула - яны мелі агульнага прадзеда - лідскага падкаморага Уладзіслава Нарбута (нарадзіўся каля 1650 г.) і прабабулю, жонку Уладзіслава - Крысціну, пра якую вядома толькі, што яна паходзіла з роду Лукоўскіх герба Даленга [2]. Уладзіслаў Нарбут да 1698 г. некалькі разоў выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Вядома, што яго родны брат Аляксандр загінуў у Венгрыі на вайне з туркамі і па тастаманту ад 28.11.1683 г. яго маёнтак Хадзілоні [3] перайшоў да Уладзіслава Нарбута [4]. Але ў традыцыях таго часу, нават больш далёкія сваякі лічылі і называлі адзін аднаго кузынамі.

А Юлія Шышкова з Нарбутаў была сястрой Юстына Нарбута і цёткай Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, пра якіх я распавяду таксама. Цікавай асобай з'яўляецца яшчэ адна гераіня гэтага артыкула, перакладчыца Ганна Нарбут з Гразмані - маці Юліі Шышковай і мачаха Юстына Нарбута.

Аляксандра Нарбут і яе сёстры - выхаванкі Пулаваў

Міхаіл Балінскі ў сваёй працы «Даўняя Віленская акадэмія» пра Аляксандру Нарбут пісаў наступнае: «… у той час у Вільні кожны адукаваны месціч, кожны, хто меў адносіны да навукі, быў моцна ўсхваляваны навіной, якая толькі што разышлася па горадзе, што агульнавядомая сваімі талентамі і адукаванасцю, высакародная літоўская панна Аляксандра Нарбутоўна [5] , дачка подкаморага лідскага, была абрана сябрам Акадэміі навук у Берліне на паседжанні 19 студзеня 1788 г., і патэнт на тое з рук прускага князя Генрыха атрымала. Усцешыла гэта шмат асоб і асабліва шматлікую сям'ю. Некаторыя здзіўляліся гэтаму і лічылі гэта не жаночай справай, а ў некаторых, як часта бывае ў свеце, гэты факт узбуджаў зайздрасць, калі не здзек» [6].

Смешна, але факт абрання Аляксандры з Нарбутаў, і сёння выклікае зайздрасць. І таму, каб адразу «расставіць кропкі над і», зраблю наступную заўвагу. Міхал Балінскі - вельмі аўтарытэтны і адказны гісторык, не падаваў у сваёй фундаментальнай манаграфіі неправераную інфармацыю, тым больш, што факт абрання Аляксандры быў агульнавядомы і ніяк не аспрэчваўся сучаснікамі. Спісы членаў Прускай акадэміі ў інтэрнэце правяраюцца за 5 хвілін, і таму я адразу даведаўся, што на сённяшні дзень нашай зямлячкі няма ў спісах Прускай акадэміі. Тлумачэнне гэтаму толькі адно, яго я падаваў і раней - абранне Аляксандры з Нарбутаў было палітычным, і пасля змены сітуацыі і падзелаў Рэчы Паспалітай спісы акадэмікаў былі падпраўленыя, а можа і страчаныя. Я некаторы час вывучаў гісторыю Прускай акадэміі тых часоў, якая зусім не была сярод лепшых, і магу упэўнена цвердзіць пра вялікія прабелы ў нашых ведах пра гэтую навуковую ўстанову ў XVIII ст. і прабелы ў спісах яе чальцоў.

Цікава, што ў 1776 г. прускі кароль Фрыдрых II забяспечыў ганаровае членства ў гэтай акадэміі для сваёй стрыечнай сястры, расійскай імператрыцы Кацярыны II - пра навуковы ўзровень гэтага акадэміка з чыста хатняй адукацыяй можна лепей прамаўчаць. У 1794 г. акадэмікам Берлінскай акадэміі стала не надта вядомая нават у свой час пісьменніца Джуліяна Джаване ды Джыразоле. А першай жанчынай, прынятай у Прускую акадэмію «за чыста навуковыя справы», толькі ў 1949 г. стала аўстрыйскі фізік Ліза Майтнер [7]

Для нас галоўнае тое, што нашы лідскія дзяўчаты - Аляксандра і яе сёстры, пра якіх гаворка пойдзе ніжэй, патрапілі ў «вяршкі вяршкоў» («crеme de crеme». фр.) тагачаснага Еўрапейскага грамадства, атрымалі адпаведную адукацыю, выхаванне і максімальна развілі свой творчы патэнцыял - лёс сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) быў нестандартным і вельмі цікавым для адносна небагатай тагачаснай лідскай шляхты.


Нарбуты - старажытны род, дакладней некалькі радоў, не маючых роднасных сувязяў, з іх лідскія - самы разгалінаваны, старажытны і шматлікі шляхецкі род Нарбутаў. Род лідскіх Нарбутаў пачынаецца з XV ст. (легендарныя прадстаўнікі роду - з X ст., напрыклад легендарны заснавальнік роду Нарбутаў - Даўспрунг як быццам прыбыў у Літву з Рыма разам з Палемонам у 924 г.). Першы «гістарычны» Нарбут (нарадзіўся каля 1430 г.) валодаў маёнткамі Арняны і Калтыняны каля Вільні. Адзін з яго сыноў - Войцех набыў маёнтак Лебедзь і пасля уцёкаў Міхала Глінскага з Літвы, атрымаў ягоны маёнтак Забалаць у Лідскім павеце. Ягоны унук Пётр (нарадзіўся каля 1540 г.) пабудаваў касцёл у Забалаці і лічыцца родапачынальнікам Нарбутаў на Лідчыне [8].

Бацька сясцёр Нарбут - Тадэвуш Нарбут (каля 1740 - ?) герба Задора, палкоўнік пяцігорскі, лідскі падстолі з 1768 г., стольнік з 1778 г., падкаморы Лідскага павета (1782-1792) і каралеўскі шамбелян, сын Казіміра Юзафа Нарбута (каля 1700 - ?). Ад першага шлюбу ў Тадэвуша Нарбута каля 1760 г. нарадзіліся тры дачкі: Канстанцыя, Аляксандра і Тэкля, ад другога шлюбу з Кацярынай Вяжэвіч - сын Войцех, каралеўскі шамбелян, пасол сойма 1788 г. ад Лідскага павета, дачка Ганна і сын Станіслаў (? - 1858), смаленскі канонік і пробашч касоўскі..

Войцех Нарбут (1762-26.02.1837) выхоўваўся ў Вільні ў калегіюме ордэна піяраў, потым у 1774-1776 гг. вучыўся ў Варшаве ў «Калегіюм Нобіліум» і звярнуў на сябе ўвагу караля Станіслава Аўгуста, у якога з дапамогай Чартарыскіх каля 1775 г. стаў пажам, а потым шамбелянам і даверанай асобай караля. У 1788 г. Войцех быў абраны на Чатырохгадовы сойм (1788-1792) паслом ад Лідскага павета і прысутнічаў на паседжанні сойма 3-га траўня 1791 г. як прыхільнік канстытуцыі. Потым ён быў паслом на Гарадзенскім сойме. Пасля сойма, у 1794 г. падарожнічаў разам з князем Адамам Чартарыскім за мяжой. У 1801 г. Войцех Нарбут стаў выхавальнікам князя Дамініка Радзівіла, сына Гераніма. Маецца непацверджаная інфармацыя, што на трохгоддзе - 1810-1812 гг. абіраўся маршалкам Лідскага павета. Па жаданні сяброў Войцех напісаў займальныя і гістарычна цікавыя мемуары аб прыдворным жыцці часоў караля Станіслава Аўгуста. Мемуары яго пад назвай «Успаміны аб сваёй службе пажом пры каралі Станіславе» («Pamiętnik o sluźbie swej przy Kroli Stanisławie, jako Paź») планаваў выдаць Ю. Крашэўскі, але яны засталіся ненадрукаванымі [9]. Акрамя таго, ён пераклаў з французскай «Разважане над Евангеллем...» абата Дюкеня (Abbe Duquesne. «L'evangile medite et distribue pour tous les jours de l'annee, suivant la concorde des quatre evangelistes»). Таксама Войцех Нарбут славіўся сваімі працамі па разьбярстве, якія высока ацэньваліся калекцыянерамі [10].

Войцех Нарбут разам з жонкай Ганнай з Эйсмантаў прымаў удзел у Гарадзенскім сойме 1793 г., пра што пісаў Рэймант [11]. Памёр 26.02.1837 г. у родных Сукурчах на Лідчыне.


Лідскі падкаморы Тадэвуш Нарбут, бацька нашых сясцёр Нарбутоўнаў, быў адносна багатым чалавекам. Верагодна ён меў дом у Лідзе, бо ў 1790 г., паводле інфармацыі Ч. Малеўскага, яму ў Лідскай парафіі належала Зарэчча (прыгарад Ліды). Таксама яму належалі ваколіцы Бельскія і Плясавічы, фальварак Сукурчы і фальварак Востраў. Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі (у якой жылі больш за 500 чалавек) [12] і вельмі старым населеным пунктам. У другой палове XХ ст., калі Сукурчаў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захоўвалася памяць пра тое, што на бэльцы аднаго з тутэйшых вельмі старых будынкаў, нібыта была напісана дата - XVI ст. [13] Апошнім уладальнікам фальварка Сукурчы быў легендарны герой Другой сусветнай вайны Вітольд Пілецкі.

Фальварак Востраў знаходзіўся за 1 км ад Сукурчаў. Гісторык Тэадор Нарбут так пісаў пра гэты фальварак: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належала да Тадэўша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальваркам...» [14]. У Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу [15]. Згодна з Тэадорам Нарбутам (унучатым племеннікам Тадэвуша Нарбута) менавіта ў Востраве было падпісана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 г. якое палажыла канец братазабойчай вайне паміж Вітаўтам і Ягайлам. У 2007 г. мне удалося знайсці месца, дзе стаяў легендарны ў нашай гісторыі фальварак Востраў [16].

Належаў Тадэвушу Нарбуту і фальварак Лаўчылавічы каля Ліды, але потым ён быў аддадзены ў забеспячэнне доўгу ў 26 000 злотых Юзафу Гразмані.

Паўстанец 1863 г, аўтар найкаштоўных мемуараў Мірон Браніслаў Нарбут так напісаў пра бацьку і сына Нарбутаў: «У даўнейшыя часы шляхта лідская была ахвочая на соймах да спрэчак і схільная не толькі да недысцыплінаванасці і келіха, але і да абароны межаў Рэчы Паспалітай ад нашэсця ворагаў: у канфедэрацыі Барскай, у паўстанні Касцюшкі і ў пазнейшых баях з акупантам несла свае жыццё на ахвяру Краю. Павет Лідскі на соймах меў прадстаўнікоў, якія голасна адстойвалі недатыкальнасць межаў Рэчы Паспалітай - гэта Тадэвуш - гэта Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі, пасол на сойм вальны 1776 г. Пры ратыфікацыі першага падзелу Рэчы Паспалітай ён выступіў супраць і за гэта пераследаваўся ўладамі, потым шамбелян караля Станіслава Аўгуста - Войцех Нарбут, пасол - актыўны грамадскі дзеяч, прамоўца на сойме варшаўскім 1791 г., на каторым адбылася без пралівання крыві грамадзянская рэвалюцыя, прыняўшая векапомную Канстытуцыю 3-га Мая, якая дазволіла ўшляхціць цэлы народ, даць яму грамадзянскія свабоды, якімі дагэтуль карысталася выключна шляхта» [17].

Сын Канстанцыі Нарбут - Леан Дэмбоўскі напісаў цікавыя мемуары, якія могуць служаць крыніцай па гісторыі яго сям'і. Пра свайго дзеда «па-кудзелі» ён пісаў: «Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі ... быў паслом на сойм 1776 г. дзе не падпісаўся пад ратыфікацыяй першага падзелу Рэчы Паспалітай і таму меў за гэта шмат непрыемнасцяў. Лідскі падкаморы жыў у радзінным маёнтку Сукурчы і па жонцы меў вёску Котлаў, а каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх (насамрэч, ад Юдыцкіх - Л. Л.) фальварак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт. Некалькі разоў быў паслом і ўсё жыццё траціў на арганізацыю партый, кіраўніцтва соймікамі і выбарамі ў Трыбунал літоўскі. З лістоў дзеда... відаць, што свае галоўныя высілкі накіроўваў ён то на падтрымку каралеўскай партыі, то партыі Чартарыскіх, якая часам супрацьстаяла шчыралітоўскай партыі князя Радзівіла. Акрамя гэтага ўмеў праз асабістыя роднасныя сувязі Нарбутаў на Літве вырашаць праблемы. Аднак у выніку страціў фартуну. Адзін яго сын быў шамбелянам пры каралі, іншы прысвяціў сябе духоўнаму званню. Дзве дачкі, (насамрэч, тры, трэцяя сястра - Тэкля з Нарбутаў. - Л. Л.) адну маю маці Канстанцыю і іншую, старэйшую, Аляксандру, узяла на выхаванне княгіня Ізабела Чартарыская. Яны разам з князёўнамі Тарэзай і Марыяй атрымалі адукацыю і былі іх неразлучнымі сяброўкамі» [18]. Такім чынам сёстры Аляксандра, Канстанцыя і Тэкля выхоўваліся і атрымалі адукацыю пры двары княгіні Ізабэлы Чартарыскай з Флемінгаў (1745-1835) у Павонзках і Пулавах, у гісторыю яны ўвайшлі як так званыя «пулаўкі» [19].


Каб зразумець далейшыя падзеі і тагачасны стан рэчаў, трэба спыніцца на асобах Ізабэлы і Адама Казіміра Чартарыскіх.

Ізабэла Чартарыская з Флемінгаў нарадзілася 3-га сакавіка 1746 г. г. (па іншых звестках 22-га траўня 1740 г.) ад бацькі, небагатага саксонскага двараніна а потым вялікага падскарбія ВКЛ і паморскага ваяводы Юрыя Флемінга і маці Антаніны Чартарыскай.

Ізабэла пісала: «Мая маці памерла пры родах. Пазней бацька ажаніўся з яе роднай сястрой, якая таксама праз два гады пакінула гэты свет. Абедзве сястры памерлі ва ўзросце 22 гады, абедзве 22 сакавіка, абедзве пры родах ад воспы, абедзве ў адной і той жа хаце ў Варшаве, на адным і тым жа ложку» [20].

Ізабэла атрымала арыстакратычнае выхаванне, якім кіравала яе бабуля, княгіня Элеанора Чартарыская з Валдштэйнаў, удава літоўскага канцлера князя Міхала Фрэдэрыка, бабуля жыла ў Варшаве і ў Воўчыне (у Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці). З дзяцінства Ізабэла Флемінг выклікала да сябе вялікую ўвагу, бо была адзіным нашчадкам вялікіх зямельных уладанняў свайго дзеда, Міхала Фрэдэрыка Чартарыскага.

19 кастрычніка 1761 г., на 16-м годзе жыцця Ізабэла ў Воўчыне выйшла замуж за свайго стрыечнага дзядзьку, князя Казіміра Адама Чартарыскага, бліскучага і багатага 26-гадовага маладога чалавека, які потым нават прэтэндаваў на каралеўскі пасад. Шлюб маладым сужэнцам даў сваяк і познанскі біскуп Тэадор Чартарыскі. Юры Флемінг ў пасаг дачцэ запісаў 800 000 злотых і вялікую зямельную маёмасць.

Маладая пара спачатку не мела ніякіх узаемных пачуццяў. Сярод іншага гэтаму спрыяла фізічная непрывабнасць Ізабэлы на момант вяселля, якая была выклікана нядаўна перанесенай воспай [21]. Сын Ізабэлы Адам Ежы Чартарыскі ўспамінаў: «Незадоўга да вяселля мая маці, падчас наведвання сялянскай хаты, знайшла ў калысцы немаўля, хворае на воспу. Мама вельмі напалохалася з гэтага, бо некалькі яе сясцёр ужо памерлі ад воспы. Яна захварэла і знаходзілася ў такім стане, што людзі пачалі сумнявацца, ці выжыве яна. Пасля таго, як ачуняла, бацькі дамагліся яе шлюбу. На сваім вяселлі маці мела чырвоныя плямы, воспіны на твары і парык на галаве, бо страціла ўсе валасы. Княгіня Любамірская [22] была ў роспачы і нават страціла прытомнасць з-за таго, што яе брату даюць такую брыдкую жонку. […] Пасля шлюбу, цалкам ачуняўшы, мая маці хутка стала сапраўднай прыгажуняй» [23].

З гэтага часу пачынаецца актыўнае жыццё Ізабэлы Чартарыскай, жыццё, якое можна падзяліць на тры перыяды: маладосці - часу свецкіх захапленняў і арыстакратычных забаў, сталага ўзросту - часу заняткаў палітыкай, нарэшце, старасці - перыяду літаратурнай працы.

Пасля вяселля, маладыя жылі ў Алешыцах (зараз - Падкарпацкае ваяводства), а зімовыя месяцы праводзілі ў Варшаўскім Блакітным палацы. Маладая княгіня адчувала сябе там нядобра - муж ставіўся да яе непаважліва, і да таго ж яна цярпела прыніжэнні з боку швагеркі Ізабэлы Любамірскай. Аднак Ізабэла карысталася сімпатыяй свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, будучага караля Польшчы, які абараняў яе і потым стаў адным з яе каханкаў.

Не маючы камфорту ў сваім маёнтку, княгіня ў мужчынскім адзенні пажа адправілася з мужам за мяжу. Часам гэта выклікала непаразуменні, напрыклад, аднойчы ў Франкфурце-на-Майне яе прынялі за дацкага прынца, а ў Майнцы яна ледзь не стала ахвярай сексуальных дамаганняў з боку старэйшай жанчыны. Гэтыя паездкі адыгралі вялікую ролю ў развіцці інтэлекту Чартарыскай, аб чым клапаціўся і яе муж. У Францыі князі Чартырыскія разам наведвалі Жан-Жака Русо і Вальтэра, іх прымалі ў салонах французскай арыстакратыі, дзе юная княгіня кружыла галаву ўсяму велікасвецкаму грамадству [24].

У 1763 г. Ізабэла Чартарыская разам з мужам вярнулася на радзіму, дзе ў гэты час памёр кароль Аўгуст ІІІ і ўзнікла пытанне аб абранні новага караля. Адам Казімір Чартарыскі падтрымаў кандыдатуру свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, аказаў яму энергічнае садзейнічанне, і сам адмовіўся ад дамаганняў на карону.

Справа ў тым, што яшчэ пры жыцці Аўгуста III партыя Чартарыскіх (т. з. "фамілія") пры падтрымцы Расіі імкнулася ўзяць уладу ў Польшчы. Першапачаткова кандыдатам у новыя каралі быў вылучаны менавіта князь Адам Казімір і рускі цар Пётр III у 1762 г. падчас візіту Чартарыскага ў Пецярбург, заахвочваў яго заняць польскі трон. Але Адам Казімір больш цікавіўся літаратурай, мастацтвам і навукамі і таму адмовіўся, заявіўшы, што не адчувае сябе здольным узяць адказнасць за Рэч Паспалітую («Рэч Паспалітая» - пераклад з лацінскага слоў «Res Publica» - «рэспубліка»), якая пагружалася ў анархію. Потым з кандыдатурай Адама Казіміра Чартарыскага не пагадзілася царыца Кацярына II, якая прыняла ўладу ў Расіі пасля звяржэння і забойства свайго мужа Пятра III - царыца баялася, што, дзякуючы багаццю і інтэлектуальным якасцям, Чартарыскі будзе занадта незалежны. Таксама царыца ведала ад свайго пасланца ў Варшаве Рапніна [25] і прускага караля Фрыдрыха II, што Чартарыскія маюць намер адмяніць liberum veto і правесці рэформы, якія пагражалі бы пануючаму становішчу Расіі ў справах Рэчы Паспалітай. Таму ў 1765 г. новым каралём быў абраны Станіслаў Панятоўскі, які таксама належаў да «фаміліі» і з'яўляўся фаварытам Кацярыны ІІ, пасля каранацыі ён прыняў імя Станіслаў Аўгуст [26].


Пасля абрання караля пачалася самая бліскучая і шумная эпоха ў жыцці Ізабэлы Чартарыскай. Яна стала фаварыткай караля і адначасова знаходзілася ў блізкіх адносінах з рускім пасланцам князем Рапніным. Але гэта не замінала патрыётам глядзець на маладую княгіню, як на боства. Сама Чартарыская даволі высока ацэньвала свой фізічны стан, пазней, ва ўзросце 35 гадоў, яна пісала: «Я ніколі не была красуняй, але заўсёды была ладнай. Маю прыгожыя вочы, а паколькі ў іх адлюстроўваюцца ўсе пачуцці душы, дык прыгажосцю майго твару можна захапляцца. Маю даволі белыя плечы, мой лоб гладкі і не псуе мой твар, мой нос ані брыдкі, ані прыгожы, у мяне вялікія вусны, белыя зубы, добрая ўсмешка і прыгожы авал твару. У мяне дастаткова валасоў, каб лёгка прыкрыць галаву, яны і цёмныя, як і мае бровы. Маю больш высокі, чым нізкі рост, мая фігура стройная, а талія можа і занадта тонкая. Рукі брыдкія, але ножкі найпрыгажэйшыя, і таму мае рухі вельмі грацыёзныя. Мой твар, у гэтым сэнсе, падобны на мой розум - найвялікшая чароўнасць іх абодвух залежыць ад майстэрства, з якім я здолела падвоіць іх каштоўнасць. У маладосці я шмат заляцалася, але з кожным годам усё менш, тым не менш мой жаночы пол усё яшчэ часам нагадвае пра сябе, бо жаночая прыгажосць - вялікая моц» [27].

Верагодна, каля 1765 г. сімпатыя Чартарыскай да стрыечнага брата «Антося» (г. з. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага) перарасла ў больш глыбокае пачуццё. Адносіны Ізабэлы са Станіславам сталі шырока вядомыя ў Варшаве. Ведаў і яе муж, ён цярпеў раман і нават падвозіў княгіню ў замак на сустрэчы з каралём, а сам шукаў любоўных прыгод у іншых месцах. Плёнам саюзу Чартарыскай і Панятоўскага стала дачка Марыя Ганна, (нарадзілася ў сакавіку 1768 г., пазней яна стала пісьменніцай), якую вуліца зларадна называла «Цёлкаўна» («Цялец» [28] быў гербам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама яго мянушкай).

Адначасова ў Ізабэлы Чартарыскай завязаўся раман з расійскім пасланнікам Мікалаем Рапніным, які прадстаўляў інтарэсы царыцы Кацярыны II у Варшаве, яго задачай было тарпедаваць усе спробы рэформаў у тагачаснай Рэчы Паспалітай. Ізабэла скарылася Рапніну, да якога не мела пачуццяў, па просьбе караля і свайго мужа Адама, якія спадзяваліся такім чынам здабыць прыхільнасць пасланца. Цікава, што 4 сакавіка 1767 г. (у папяльцовую сераду) Рапнін разам з Чартарыскай выклікалі ў Варшаве вялікі скандал - Рапнін купіў увесь тэатр (які звычайна павінен быў быць зачынены ў гэты дзень) і загадаў сыграць французскую камедыю для сябе, Ізабэлы і супрацоўнікаў сваёй місіі.

Умяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай урэшце прывялі да стварэння ў лютым 1768 г. Барскай канфедэрацыі і выбуху паўстання. Ізабэла і Адам Казімір Чартарыскія, каб пазбегнуць пагрозы, вандравалі ў гэты час па Еўропе. 10 красавіка 1769 г. Кацярына ІІ звольніла Рапніна з пасады. Гэтае звальненне было выклікана незадавальненнем царыцай недастатковай, па яе меркаванні, абаронай інтарэсаў Расіі ў Рэчы Паспалітай, а таксама раманам пасланца з Чартарыскай - Рапнін, які спачатку лёгка ставіўся да гэтага рамана, закахаўся ў Ізабэлу шчырым каханнем. Верагодна ад гэтага саюза 14 студзеня 1770 г. нарадзіўся першы сын княгіні - Адам Ежы Чартарыскі (1770-1861), пазнейшы міністр замежных спраў Расіі пры цары Аляксандры І, куратар Віленскай навучальнай акругі, у якую ўваходзіў і Лідскі павет [29] (пайшоў у адстаўку пасля справы філаматаў), а потым - кіраўнік патрыятычнай эміграцыі ў Парыжы [30] (т. з. «Гатэль Ламбер» [31]).

У 1772 г. княгіня адправілася са сваім мужам у Нідэрланды, каб урэгуляваць спадчыну свайго памерлага бацькі Юрыя Флемінга і прадаць графства Беркялу, якое яму належала. Увосень 1772 г. Ізабела апынулася ў Лондане, куды яе разам з мужам суправаджаў Рапнін. Тут Чартарыскія сустрэлася з амерыканскім навукоўцам і палітыкам Бенджамінам Франклінам, ён вылечыў княгіню ад дэпрэсіі праз ігру на фісгармоніі. У адным з лонданскіх салонаў Ізабэла Чартарыская пазнаёмілася з французскім герцагам Арманам Луі дэ Гонта дэ Лазенам, з якім у княгіні адбыўся самы бурны раман яе жыцця. Першая сустрэча з Чартарыскай зрабіла на герцага вялікае ўражанне, хаця ён і быў жанатым чалавекам. Пра сустрэчу з ёй ён пісаў у сваіх успамінах: «У пакой увайшла дама, апранутая і прычасаная лепш, чым звычайна гэта робяць англійскія жанчыны. Я спытаўся пра яе, і мне сказалі, што гэта княгіня Чартарыская. Сярэдняга росту, з цудоўнай фігурай, з найпрыгажэйшымі вачыма, найпрыгажэйшымі валасамі, найпрыгажэйшымі зубамі, прыгожымі ступнямі і вельмі смуглым колерам твару, хоць і знявечаным воспай, з лагоднымі манерамі і непараўнальнымі рухамі - пані Чартарыская даказала, што нават не будучы прыгожай, можна быць чароўнай» [32].

Паколькі ні муж, ні Рапнін першапачаткова не мелі нічога супраць кантактаў Ізабэлы з герцагам дэ Лазенам (Рапнін зайздросціў толькі Адрыяну Луі дэ Баньеру, графу дэ Гіне, французскаму паслу ў Лондане, які ў той час таксама абагаўляў Ізабэлу), у 1772 г. яны ўтрох адправіліся «на воды» ў Спа (сённяшняя Бельгія). Пасля ад'езду туды Рапніна, княгіня па дарозе ў Спа прызналася дэ Лазену ў каханні. У Парыжы 5 лістапада 1773 г. паміж імі пачалася інтымная блізкасць, на наступны дзень, Чартарыская змучаная раскаяннем, спрабавала атруціцца, але яе выратавалі. Знаходзячыся ў герцага ў Парыжы, яна ўсё больш улюблялася ў яго, і ў рэшце-рэшт адмовілася ад Рапніна.

Ізабэла вярнулася дахаты ў красавіку 1774 г. Пры ад'ездзе яна прызналася дэ Лазену, што цяжарная ад яго. 28 кастрычніка 1774 г. ў Блакітным палацы ў Варшаве, княгіня нарадзіла сына Канстанціна Адама. Ізабэла выклікала сапраўднага бацьку дэ Лазена, які, схаваўшыся ў шафе за ложкам княгіні, прысутнічаў пры родах. Француз потым пісаў, што роды былі цяжкімі і цягнуліся ажно 36 гадзін [33].

Планы дэ Лазена наладзіць сумеснае жыццё з Чартарыскай скончыліся правалам - ён быў адкліканы назад у Францыю. Адносіны паміж закаханымі пачалі псавацца, Ізабэла абвінаваціла француза ў нявернасці, але і сама пры гэтым мела раманы з іншымі мужчынамі, у тым ліку, напрыклад, з Францішкам Ксаверыям Браніцкім. Паступова перапіска паміж каханкамі закончылася.

Герцаг дэ Лазен быў гільяцінаваны ў 1793 г. падчас Французскай рэвалюцыі. У 1821 г., яшчэ пры жыцці мужа Ізабелы, былі апублікаваны яго дзённікі, што выклікала вялікі скандал. Герцаг падрабязна апісаў свой раман з Ізабэлай, а таксама і з іншымі дамамі з англійскай і французскай арыстакратыі, і таксама з «простымі» жанчынамі. Сем'і, якія пацярпелі ад гэтых падрабязнасцяў, патрабавалі прызнаць дзённікі падробкамі, і ў 1858 г. па просьбе сям'і Чартарыскіх, і ў першую чаргу Адам Ежы Чартарыскага, дзённікі былі канфіскаваныя [34].


Заўважу, што ўсе персанажы гэтага артыкула - тыповыя прадстаўнікі так званага «галантнага века», пра характэрныя рысы якога, неабходна сказаць некалькі слоў.

«Галантны век» («Fêtes galantes», фр., літаральна «галантныя святы») ахоплівае часы з 1715 па 1770-я гг. - гэта значыць усё праўленне караля Людовіка XV, аднак некаторыя аўтары падаўжаюць яго да самага пачатку Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789 г.).

Паняцце «галантнасць», якое дала найменне цэлай эпосе, перш за ўсё адносілася да стасункаў паміж мужчынам і жанчынай з арыстакратычнага асяроддзя. «Галантнасць» у перакладзе з французскай мовы азначае вытанчаную ветлівасць, надзвычайную абыходлівасць. Паступова «галантнасць» распаўсюдзілася на ўвесь стыль жыцця. «Галантным» прызнаваўся чалавек, чые манеры, гаворка і гарнітур былі бездакорнымі, чые веды казалі аб цікавасці да навук і мастацтваў. Прытрымліваючыся гэтага пастулату, дзеці з арыстакратычнага асяроддзя атрымлівалі рознабаковую адукацыю. «Галантны кавалер» і «галантная дама» да дробязяў прадумвалі кожны свой жэст, погляд і слова. Звычайна ўзорам для пераймання вышэйшым светам быў манарх - кароль, курфюрст ці князь, які абавязкова прыпадабняецца Богу. Добрым тонам лічылася мець фаварытку, даваць у яе гонар балі, канцэрты і маскарады.

У жанчыне шанавалася не халодная прыгажосць, не правільныя рысы твару, а пікантнасць: асіны стан, вузкія сцёгны, маленькія ступні, круглы твар. Жанчына «Галантнага века» павінна была нагадваць далікатную статуэтку.

Галоўнай псіхалагічнай асаблівасцю чалавека «Галантнага веку» была інфантыльнасць. Ён не хацеў сталець, увесь час жадаў святаў, прагнуў штодзённых перамен, і адной з галоўных псіхалагічных рэакцый галантнай эпохі быў капрыз як адказ на невыкананае жаданне. Галоўны вораг чалавека гэтага веку - нуда ад якой ён пазбаўляўся любым чынам. Мемуарыст Станіслаў Мараўскі так апісваў паводзіны маладога чалавека «галантнага веку»: «У маю маладосць яшчэ квітнела мастацтва XVIII стагоддзя падабацца жанчынам. Найперш трэба было быць моцным, свежым, мець румянец на твары і, па магчымасці, быць прыгожым. Адказваць трэба было абдумана, гаварыць умела і дасціпна, быць вясёлым і не надакучваць іншым. Трэба было быць надзвычай гжэчным з кожнай дамай - маладой і старой, брыдкай і прыгожай. Трэба было ведаць, як сядзець, як трымаць капялюш, як браць у рукі лыжку, як чэрпаць той лыжкай суп і іншую ежу і як уцягваць ежу ў рот, каб пры гэтым не ствараць непатрэбныя гукі, як гэта робяць сёння, гэтыя гукі нашы сяляне называць «сёрбаннем». Трэба было ведаць, як узяць і трымаць нож і відэлец пры стале, як ужываць сурвэтку і г. д. І хто больш зграбна, трапна і элегантна выконваў гэтыя умовы, той лічыўся лепш выхаваным. Тытунёвага смуроду баяліся, як чумы» [35].

У Галантную Эпоху існавала самабытная маскарадная культура. Шматлікія п'есы і камічныя оперы таго перыяду звычайна грунтаваліся на сітуацыі, калі дзяўчына пераапранаецца ў мужчынскі камзол, а юнак «ператвараецца» ў дзяўчыну, ці служанка - у арыстакратку і г. д. (нагадаю вандроўку з мужам Ізабэлы Чартарыскай ў мужчынскім адзенні пажа па Еўропе). Галоўным стала гульня, чалавек як быццам не жыў, а толькі гуляў у жыццё [36].


Нягледзячы на тое, што галоўнай рэзідэнцыяй Чартарыскіх у Варшаве быў Блакітны палац, княгіня шмат часу праводзіла ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Павонзках. Заражаная модным у той час сентыменталізмам, княгіня Ізабела Чартарыская зладзіла сабе пад Варшавай рэзідэнцыю Павонзкі (тады за 3 мілі ад Варшавы) - ідылічны прытулак з даволі блізкай копіяй версальскага палаца Трыянон. Тут Ізабэла Чартарыская ў хатках пастухоў прымала магнатаў, апранутых пастушкамі, тут ладзіла балі, на якія з'язджалася ўся арыстакратычная Варшава. Каралеўскія балі, змяняліся шумнымі прыёмамі ў Павонзках - жыццё маладой княгіні праходзіла весела і бестурботна. І толькі Першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 г. на нейкі час прыпыніў гэтыя велікасвецкія забавы і, ва ўсякім разе, некалькі змяніў жыццё Ізабэлы Чартарыскай.

Пасля таго, як у 1771 г. Чартарыскія арандавалі Павонзкі, Ізабэла вырашыла стварыць тут сентыментальны ландшафтны парк, які мог бы канкурыраваць з Варшаўскім Мокатувам (Mon Coteau) яе швагеркі Ізабэлы Любамірскай і Аркадзіяй яе сяброўкі Алены Радзівіл. Праз гады яе сын Адам Ежы Чартарыскі гэтак апісаў жыццё ў Павонзках: «Кожны з дзяцей меў хатку з садам, а пасярэдзіне на ўзвышэнні, над сажалкай, вада якой, сцякаючы ў маленькую рэчку, арашала ўсе пасадкі ... каб упрыгожыць гэты маёнтак, мая маці завяла ў ім штучныя разваліны ... кожная з хатак ... калонія мела сваю адмысловую эмблему. У сястры Марыі эмблемай была выява берасцянкі з надпісам: «Весялосць». Мне далі галінку дуба з надпісам: «Цвёрдасць». Над хатай маці была намалявана курыца з куранятамі. Над халупай сястры Тарэзы - кошык з белымі ружамі і надпісам: «Дабрыня» ... панны Нарбут мелі таксама свае хаткі ... Усё гэта было прыдумана і ўладкавана маёй маці» [37]. А швейцарскі матэматык Іаган Бернулі, які наведаў Чартарыскіх у 1778 г., пісаў гэтак: «Павонзкі выглядаюць як невялікая вёска, якая схавалася ў лесе сярод азёр і рэчак. Акрамя некалькіх штучных руін, засталіся толькі простыя драўляныя хаціны, крытыя саламяным дахам. Знутры, аднак, гэтыя хаты абстаўлены з неверагодным густам і пышнасцю» [38]. Але найбольшае ўражанне у Павонзках рабіў дом княгіні Ізабэлы з шыкоўнай лазенкай на ніжнім паверсе. Бернулі пра яе: «У апошнім памяшканні верхняга паверха ёсць схаваная ніша, праз якую з дапамогай спецыяльнага прыстасавання можна апусціцца ў ніжні пакой. Гэты пакой з'яўляецца лазенкай. І якой лазенкай! Ванна схаваная ў нішы пад канапай, абабітай каштоўнай залатой тканінай, сцены выкладзеныя сапраўднай, вытанчана распісанай кафляй з залатымі абадкамі. Я налічыў каля шасцісот кафляў, пры тым адна кафля, у што лёгка паверыць, каштавала дукат» [39].

Трэба сказаць, што такія ці падобныя рамантычныя паселішчы былі ў той час ў вялікай модзе ў магнатаў. У якасці прыкладу можна прывесці знакамітую Альбу Радзівілаў каля Нясвіжа. Адзін з прыдворных, які суправаджаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Караля Радзівіла «Пане Каханку» ў Нясвіж, занатаваў: «Наступіла нядзеля. Пасля імшы ў замкавай капліцы, кароль паўторна паехаў у Альбу, каб бліжэй агледзець пабудаваныя там для сяброў і сваякоў Радзівілаў з густам аформленыя «хаткі» з садком пры кожнай «хатцы» і нават з дзікім паркам. Тут ён зрабіў візіт генералавай Фэргінавай, якая жыла ў Альбе, і князю Мацею. У гэтай рэспубліцы Альба, князь-ваявода быў «войтам», усе з'яўляліся грамадзянамі, а караля віталі хлебам з соллю, як быццам у нейкай незалежнай дзяржаве» [40].

Палацавы комплекс Павонзкі княгіні Ізабэлы, знаходзіўся насупраць сучасных Вайсковых могілак. Ён не захаваўся да нашых дзён, бо быў знішчаны падчас паўстання 1794 г. Аднак у канцы XVIII ст. гэта было вельмі моднае сярод арыстакратыі месца, тут прымалі гасцей, у тым ліку і караля Станіслава Аўгуста, ладзіліся забавы і тэатральныя пастаноўкі, у якіх выступала Чартарыская, яе сям'я і яе гадаванкі.

Гэты настрой весялосці і пастаяннай пагоні за задавальненнямі разбурыла трагічная смерць старэйшай дачкі Тарэзы. На пачатку 1780 г. здарыўся няшчасны выпадак - ад каміна загарэлася сукенка Тарэзы. Нягледзячы на неадкладную дапамогу мастака Норбліна, які патушыў полымя сваім паліто, ужо праз некалькі дзён, 13 студзеня 1780 г., дзяўчына памерла ад апёкаў. Сведка гэтай трагедыі, пісьменнік, палітык і гісторык Юльян Урсын Нямцэвіч (1757-1841), гэтак апісаў падзею: «... мы нарэшце вярнуліся ў ... Варшаву. Уязджаючы на мост з боку Прагі, сутыкнуўся з фурманам князя, які вёз дровы. «Што чутно, кахане?» - спытаў я. «Нічога новага, - кажа, - толькі тое, што дачка князя-генерала згарэла». [...] Гэтая жудасная навіна была праўдай. Прыгожая княжна Тэрэза ўжо памерла. Некалькі дзён таму ў лёгкай муслінавай сукенцы яна грэлася ля каміна, полымя ахапіла яе спадніцы і ў імгненне вока на княжне загарэлася ўсё. Яе малодшая сястра, сёння герцагіня Вюртэмбергская, панна Нарбутоўна, якая сёння Дэмбоўская, страцілі прытомнасць і перш, чым крыкі палаючай жанчыны даляцелі да старой ахмістрыні, перш, чым прыбеглі на дапамогу, было ўжо позна. На трэці дзень гэтая маладая асоба памерла ў самых жудасных пакутах. Я пакінуў яе свежай і прыгожай, як бутон ружы, які вось-вось раскрыецца, а зноў убачыў на катафалку непазнавальна ссохлай і збляклай. Такія ўжо няпэўныя нашы дні» [41].

Прыкладна тады ж княгіня Ізабэла нарадзіла дачку Габрыэлу, якая памерла праз некалькі дзён пасля народзін. Чацвер, дзень смерці Тарэзы, з гэтага часу стаў для Ізабэлы Чартарыскай днём жалобы. Швейцарскі паэт і прапаведнік Іаган Каспар Лаватэр, з якім княгіня пазнаёмілася ў Цюрыху, а потым перапісвалася, прысвяціў памяці Тарэзы сваю паэму «Тарэзе Чартарыскай». Пасля смерці Тарэзы яе маці загадала перанесці яе хатку на Павонзках (з некранутым убранствам як памяць пра дачку) у глыб лесу, і пасля трагедыі яна радзей наведвала раней любімую рэзідэнцыю [42].


4 красавіка 1782 г. памёр цесць Ізабэлы князь Аўгуст Аляксандр Чартарыскі. Вялізную маёмасць князя падзялілі яго дзеці - Ізабэла Любамірская і Адам Казімір, які атрымаў, між іншым, маёнткі на Падоллі, Валыні, маёнткі Сяняву, Воўчын і Пулавы.

Вось як Юльян Урсын Нямцэвіч апісваў двор Чартарыскіх у Воўчыне (на Берасцейшчыне - Л. Л.), прывяду вялікія, але цікавыя фрагменты тэксту: «Калі ў канцы жніўня 1777 г. я скончыў адукацыю і вярнуўся дадому, мае бацькі атрымалі запрашэнне ад князя Чартарыскага, [...] які жыў у той час у Воўчыне. [...] Тут ужо збіраліся госці, бо Воўчын абяцаў наведаць кароль [43].

Палац у Воўчыне аднапавярховы, даволі прасторны і мае тры дзядзінцы, акружаныя афіцынамі для двара і гасцей. Пакоі прыгожа аздобленыя, з вялікімі партрэтамі Аўгуста II і III, Карла XII, бацькі і маці караля (Станіслава Аўгуста Панятоўскага - Л. Л.). Маці караля на карціне была апранутая ў белы жупан і малінавы кунтуш, яе намалявалі ў постаці настаўніцы геаграфіі, якая вучыць па карце маленькага хлопчыка. Гэтым хлопчыкам быў пазнейшы кароль Станіслаў Аўгуст. Нарадзіўся гэты кароль у Воўчыне, у мураваным доме ўдалечыні ад палаца, каля касцёла.

Пры палацы меўся вялікі парк у французскім стылі, са шпалерамі падстрыжаных самшытаў, унізе парку цягнуліся празрыстыя каналы. Княжацкі двор, хоць і нельга было параўноўваць з даўнімі панскімі дварамі, але ён быў даволі вялікі. [...]

Калі мы прыехалі ў Воўчын, мой бацька прадставіў мяне князю Чартарыскаму: «Мосць пане, падстолій, - сказаў бацьку князь, - не хвалюйся за свайго сына, я бяру яго пад сваю апеку». А княгіня, сказала маёй маці: «Не аддам яго табе, пакуль не ажэніцца». Неўзабаве прыехаў кароль, і пачаліся розныя святы, у тым ліку і ў вёсцы Грымятычы, якую княгіня ўпрыгожыла і пабудавала там дом. Панны Нарбутоўны, панны Пашкоўскія і іншыя прыдворныя дамы гралі ролю жнеяў. Княжны Тарэза і Марыя былі яшчэ дзецьмі. Увечары ладзілі танцы. Мая маці была прыхільніцай Барскай канфедэрацыі і не любіла караля [...], але замiрылася з iм падчас танца, бо была заваявана гжэчнай ветлівасцю манарха» [44].

Неўзабаве, у 1783 г., Адам Казімір вырашыў перанесці сваю галоўную кватэру з Блакітнага палаца ў Варшаве ў Пулавы. Гэта рашэнне аблягчалася тым, што адносіны паміж Станіславам Аўгустам і Чартарыскімі ўжо некалькіх гадоў як сапсаваліся.

Княгіня Ізабэла шмат часу аддавала развіццю і добраўпарадкаванню пулаўскай рэзідэнцыі. Яна наняла шмат мастакоў, будаўнікоў і ландшафтных архітэктараў, якія пад яе кіраўніцтвам аднавілі палац і Пулаўскі парк (працамі кіраваў архітэктар Іахім Гемпель). У 1788 г. пачалося будаўніцтва дарычнай аранжарэі, якую звалі «Грэцкі дом», а пазней, у 1791 г., пачалося будаўніцтва «палаца Марынкі», прызначанага для дачкі Марыі. Чартарыская імкнулася да таго, каб яе Пулавы, якія атрымалі назву «Паўночныя Афіны», былі роўныя каралеўскаму двару. Развіццю культурнага і інтэлектуальнага жыцця пры двары Чартарыскіх спрыяла прысутнасць пісьменнікаў, мастакоў і дзеячаў Асветніцтва, якія ўдзельнічалі ў тым ліку ў навучанні дзяцей князёў Чартарыскіх. Сярод іх былі Готфрыд Эрнэст Гродэк (пазней прафесар Віленскага ўніверсітэта і настаўнік Адама Міцкевіча), пісьменнікі Юльян Урсын Нямцэвіч, Ян Павел Вароніч, Францішак Дыянізі Князьнін, мастакі Ян Пётр Норблін, Фогель, К. Войнякоўскі, Я. Рыхтар, архітэктар Я. Хемпель, дзякуючы клопатам сям'і Чартарыскіх, атрымаў адукацыю і пачаў сваю кар'еру сын пулаўскага цесляра, архітэктар Крысціян Пётр Айгнер [45], тут працавалі музыканты Вінцэнт і Францішак Лясловы. Такім чынам у другой палове XVIII ст. князь Адам Казімір Чартарыскі разам з жонкай стварыў у Пулавах сапраўдны асяродак навукі і мастацтва. У палацы мелася выдатная бібліятэка, фінансаваліся навуковыя даследаванні ў галіне філалогіі, літаратуры, гісторыі. Да навуковай працы прыцягваліся лепшыя навукоўцы Еўропы. Пры двары атрымлівала адукацыю і выхаванне таленавітая моладзь. Пулаўская школа атрымала агульнаеўрапейскае прызнанне, калі Чартарыскія стварылі яе філіялы ў Францыі і Англіі [46].

З Тадэвушам Нарбутам, бацькам Аляксандры і яе сясцёр, князя Чартарыскага звязвалі агульныя дзяржаўныя клопаты: «Бацька [Чартарыскі] ў Вільні быў старшынём суда Літвы. Ён горача аддаваўся выкананню сваіх абавязкаў … віцэ-прэзідэнтамі суда тады былі: у Гародні - Швяйкоўскі, вельмі выдатны чалавек, а ў Вільні - Нарбут, бацька паннаў, якія выхоўваліся ў доме маіх бацькоў» [47] . Графіня Ганна Патоцкая, якая асабіста добра ведала Чартарыскіх, пісала: «Тут можна было назіраць сапраўдную арыстакратыю... Калі князь... аказваў падтрымку якому-небудзь небагатаму, але высакароднаму сямейству, ён тайна аддзячваў [сямейству] за выказаны давер» [48].

У сваіх мемуарах, сын Адама Казіміра і Ізабэлы Чартарыскіх, будучы міністр замежных спраў Расейскай імперыі Адам Ежы Чартарыскі пісаў: «Знаходжанне майго бацькі ў Літве прыцягнула да нас вялікую колькасць выхадцаў гэтай правінцыі. ... З Літвы, каб атрымаць у нас выхаванне, прыехала таксама некалькі маладых людзей. Іх прысутнасць ажыўляла Пулавы ў вольныя ад заняткаў гадзіны» [49]. Звычайна ў княгіні выхоўвалася 12 дзяўчат. Калі яны завяршалі адукацыю, княгіня клапацілася аб тым, каб дзяўчаты добра выйшлі замуж. Панны жылі ў асобным будынку пад апекай Францішкі Марыі Янушэўскай, якая разам са сваім мужам Філіпам займалася таксама і адукацыяй дзяўчат [50]. Асноўнай навукай, якую вывучалі дзяўчаты, была французская мова, модная ў той час і неабходная для чытання кніг. Вельмі добра выкладалі польскую мову, і княгіня заахвочвала паненак больш гаварыць і пісаць па-польску. Князь вельмі цікавіўся ўзроўнем адукацыі пулаўскіх дзяўчат, пра што сведчаць асабістыя віншаванні, якія ён накіроўваў выпускніцам. Па заканчэнні тэрміну адукацыі выхаванкі дзякавалі князю і ягонаму дому за «гонар атрымаць выхаванне ў Пулавах» [51] .

Вядома, што княгіня Ізабэла Чартарыская вельмі добра адносілася да сясцёр Нарбут. Яны жылі з Чартарыскімі як члены іх сям'і, абедалі за княжым сталом [52] і былі сяброўкамі маладых князёўнаў [53]. У зборніку Марыі і Уладзіслава Тамкевічаў «Даўняя Польшча ў анекдоце» ёсць нават анекдот з пулаўскага жыцця Аляксандры: «У Чартарыскіх у Пулавах пэўны час стала жыла панна Аляксандра Нарбутоўна. Была яна ўсімі паважаная і любімая, аднак князь Адам не мог ёй дараваць таго, што яна зашмат ужывала тытунь, таму аднойчы сказаў пра панну Аляксандру: «Калі б іншыя часткі цела ў нашай панны Аляксандры, былі неўтаймаваныя гэтак жа, як нос, то якая ж панна была б!» [54].

Сёстры Нарбут прымалі ўдзел у сямейных пастаноўках, Адам Ежы Чартарыскі ўспамінаў: «У Павонзках … ставілі оперу пад назвай «Земіра і Азор». У адным з актаў гэтай оперы на сцэне з'яўляліся і дзве з маіх сясцёр з паннай Нарбут. Сцэна ўяўляла зачараваны замак, дзе сёстры павінны былі суцяшаць Земіру» [55]. «Неяк, пасля адной з тэатральных п'ес, калі ўжо ўсе раз'ехаліся, успыхнуў пажар. Агонь з'явіўся ў бакавым крыле хаты, дзе жылі мае сёстры. Сёстры з гувернанткай, мадэмуазель Пці і іх сяброўкі, панны Нарбут, ратуючыся, павінны былі ўцячы на іншы канец двара … пасля пажару Аляксандра, малодшая з сясцёр Нарбут, была ў адчаі і, думаючы, што мы пазбавіліся ўсёй нашай маёмасці, казала, каб мае бацькі пераехалі ў вёску яе бацькоў Сукурчы ў Лідскай акрузе» [56].

На пераломе 1784/1785 г. адбылася непрыемная падзея ў жыцці Чартарыскіх - яны сталі ахвярай даносу, як быццам князь Адам Казімір узначаліў змову з мэтай забойства караля. Справа выклікала вялікі рэзананс у тагачаснай Варшаве, жыхары якой падзяліліся на прыхільнікаў князя Адама і яго ворагаў. Аднак суд, які скончыўся ў красавіку 1785 г., даказаў адсутнасць змовы.

Фактычна, скандал і судовы працэс (які каштаваў князю Адаму амаль 4 мільёны злотых) яшчэ больш паглыбілі крыўду сям'і Чартарыскіх на караля. Таму сястра Адама Чартарыскага княгігя Любамірская, якая падчас скандалу была на баку брата, з'ехала за мяжу, больш не вярнулася ў краіну і памерла ў Вене, а сям'я Чартарыскіх і ўвесь двор пераехалі ў Пулавы.

Паступова Ізабэла Чартарыская ператваралася з жанчыны, зацікаўленай перш за ўсё забавамі, у патрыётку сваёй радзімы. У маладосці яна мала цікавілася палітыкай, аднак цяпер вырашыла актыўна працаваць разам з мужам. Улетку 1786 г. Адам Казімір падарожнічаў па Валыні і Падоллю, як быццам з мэтай агледзець маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі, але сапраўднай мэтай было жаданне наладзіць кантакты з лідарамі антыкаралеўскага лагера: Станіславам Шчэнсным Патоцкім і Францішкам Ксаверыям Браніцкім. Абшарнікі з розных куткоў краіны пачалі прыязджаць у Пулавы на перамовы перад сесіямі сойма, якія ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы сойм.

У такой атмасферы Ізабэла Чартарыская вырашыла паставіць оперу з трох актаў «Маці Спартанка», толькі што напісаную Францішкам Князьніным на музыку прыдворнага кампазітара Чартарыскіх Ляслова з дэкарацыямі Яна Пятра Норбліна. Опера была пастаўлена ў вялікай зале Пулаўскага палаца. Прэм'ера, верагодна, адбылася 15 чэрвеня 1786 г. На ёй прысутнічалі такія апазіцыйныя каралю магнаты, як Францішак Ксаверый Браніцкі, Севярын Ржавускі, Ігнацы і Станіслаў Косткі Патоцкія - агулам было больш за 500 чалавек. Драма Князьніна выклікала рэзананс у Пулавах і па ўсёй Рэчы Паспалітай. У аснову сюжэта быў пакладзены эпізод з Беатыйскай вайны, калі ў 371 г. да н. э. адбылася бітва паміж фіванцамі пад кіраўніцтвам Эпамінонда і спартанцамі. Опера заклікала змагацца за незалежнасць. Пасля гэтай пастаноўкі «Маці Спартанка» стала прыдомкам княгіні Ізабэлы, якая выконвала ў п'есе галоўную ролю спартанкі Тэоны [57]. У спектаклі гралі яе сыны Адам Ежы і Канстанты і лідзянкі Аляксандра Нарбутоўна з яе сястрой Канстанцыяй Дэмбоўскай [58], Аляксандра ў гэтай пастаноўцы атрымала ролю Талэзіі.

Да таго часу Аляксандра Нарбут ужо стала вядомай актрысай, перакладчыцай і літаратарам. Яе прозвішча ёсць у спісе літаратараў Яна Савінскага [59]. У «Гісторыі польскай літаратуры …» Фелікса Бянткоўскага [60] маецца інфармацыя пра пераклад п'есы дэ Жанліс «Зэлія, альбо шчырасць». Выхадныя дадзеныя гэтага перакладу наступныя: Zelia, czyli Szczerość (Zelia, albo Szczera; Zelia czyli Osobliwsze wychowanie). Kom. w 5 a. Narbutówna Al. (1790). Ładowski R. Warszawa, 1793 [61].

У 1784 г. княгіня Чартарыская заказала вядомаму мастаку Францішку Смуглевічу [62], які нядаўна прыехаў з Рыма, зрабіць малюнак з сімвалічнай выявай «Надзеі». Гэтую працу, праз сваю дачку Марыю Вюртэмбергскую, яна даслала Аляксандры Нарбут. Цікавая была матывацыя гэтага падарунка - ад пачатку Чартарыская загадала Смуглевічу зрабіць малюнак паводле задумы Аляксандры, а потым даслала ёй «першы эскіз, як аўтару гэтай чароўнай задумы». Такім чынам, «Надзея» сталася сумеснай працай - аўтарам ідэі была Аляксандра Нарбут, кіраванне справай узяла на сябе княгіня Чартарыская, а Смуглевіч стаў выканаўцам.

Дзеці Чартарыскай і яе выхаванкі падзялялі захапленне княгіні выяўленчым мастацтвам. Яе вучаніцы, у тым ліку і панны Аляксандра і Канстанцыя Нарбутоўны, а пазней Цэцылія Дэмбоўская (дачка Канстанцыі Нарбутоўны), таксама стваралі самастойныя мастацкія творы. Пад уплывам Чартарыскай, абедзве панны Нарбутоўны і потым Цэцылія Дэмбоўская вучыліся ў самога Яна Пятра Норбліна - мастака французскага паходжання, жывапісца, графіка, гравёра і карыкатурыста, аднаго са стваральнікаў жанравага жывапісу ў Рэчы Паспалітай і найвыбітнейшага мастака эпохі Станіслава Аўгуста [63].

А ў паэме Францішка Князьніна «Паветраны шар - ці пулаўскія вечары», апавядаецца пра палёт паветранага шара ў Пулавах. Тут сёстры, як і ўсе іншыя насельнікі Пулаў, фігуруюць пад імёнамі грэчаскіх герояў: Аляксандра - гэта Кліадора, а Канстанцыя - Ірыс [64]. Нарбутоўны у паэме занатоўваюць падзеі: «Ірыс - алоўкам, а яе сястра пяром, Ірыс як мастак, а сястра яе Кліадора як дзеяапісальніца» [65]. Паэма апісвала рэальныя падзеі 1784 г. Чартарыскія вельмі цікавіліся апошнімі навінамі з Францыі пра палёты толькі што вынайдзенага братамі Мангальф'е паветранага шара. І ў Пулавах з ініцыятывы Канстанцыі Нарбут было заснавана «Таварыства Паветраных шароў» (Towarzystwo Balonowe). Агульнымі намаганнямі пулаўскай моладзі (напрыклад князь Адам Ежы Чартарыскі выразаў з паперы элементы шара, а Аляксандра Нарбут пакрывала шар рознымі фарбамі) пад кіраўніцтвам прафесара ле'Гулера (L'Huillier) быў пабудаваны і запушчаны ў паветра шар з катом Феліцыянам у кошыку. Шар нейкі час лётаў у паветры над прысядзібным садам, а калі прызямліўся, кот уцёк ад гаспадароў і схаваўся на дрэве [66]. Палёт паветранага шара з катом Фелюсям быў адным з першых у нашай частцы Еўропы і меў вялікае рэха ў магнацкіх колах Рэчы Паспалітай, таму Князьнін і напісаў сваю паэму «Паветраны шар - ці пулаўскія вечары» і прысвяціў яе княжне Марыі Чартарыскай [67].

Леан Дэмбоўскі пісаў пра абставіны шлюбу сваёй маці Канстанцыі Нарбут: «Мая маці была прыгожай і стройнай, мела вялікі поспех, але галоўным для яе сталася тое, што, яна змагла знайсці сяброўства сваіх дабрачынцаў і сяброўства гэтае было заснавана на павазе і схільнасці сэрца, якая засталася нязменнай аж да смерці». І калі ў 1784 г., князёўна Марыя Чартарыская выйшла замуж за Людвіка, герцага Вюртэмбергскага [68], роднага брата будучай рускай царыцы (жонкі будучага імператара Паўла I, у той час - вялікага князя, маці будучага цара Аляксандра I), маладой герцагіні Вюртэмбергскай давялося пакінуць Айчыну, яе муж, герцаг Людвіг знаходзіўся на прускай службе. І яе сяброўкай на чужыне была Канстанцыя Нарбут, разам яны нейкі час жылі ў Берліне. Дэмбоўскі працягвае: «Манархам тады быў Фрыдрых II - вялікі знаток і аматар жаночага полу. Падчас гэтага знаходжання ў Берліне, Канстанцыя пазнаёмілася з афіцэрам прускай гвардыі графам Чакам (Chack) і разбіла яго сэрца сваёй прыгажосцю. Калі маладыя жанчыны вярнуліся ў Варшаву, за імі прыехаў і закаханы граф Чак. Пайшоў слых што вяселле графа і Канстанцыі - ужо вырашаная справа. Нават кароль Станіслаў узяў прускага графа пад сваю пратэкцыю. Канстанцыя была не супраць, перспектыва стаць графіняй, багатай і ўплывовай жанчынай ёй спадабалася. Аднак у Сукурчах перспектыва вяселля з прусаком не выклікала захаплення. Бацька, лідскі падкаморы, сказаў, што свайго дазволу не дасць, пакуль немца не пазнае. З такіх далёкіх краёў, казаў ён, і хто яго тамака ведае, граф ці не граф - а можа галыш які? І дадаваў: «Ці ж мор на ліцвінаў, каб панну за немца выдаваць?». З меркаваннем падкаморага была згодна лідская шляхта, якая нястомна гасцявала ў Сукурчах і мела меркаванні па ўсіх пытаннях. Дарэмна лідская падкаморава, маці Канстанцыі, стаўшы на бок дачкі, казала, што князёўна Масальская была выдадзена за нейкага француза (князя дэ Лігнэ), а Радзівіл пайшла за расіяніна Ферзена, тое ж зрабіла і Бжастоўская - ніхто яе не падтрымаў. Выданне дачкі замуж за немца здавалася шляхце незразумелым horrendum (жахам. лац. - Л. Л.), а каралеўская пратэкцыя тлумачылася дрэннай схільнасцю манарха ды іншаземцаў. Калі розгалас пра меркаванае вяселле разышоўся па Літве, прыехаў ваявода Хмара і абвінаваціў падкаморага і пана Валадковіча, бо гэты апошні, Канстацыю за свайго сына меціў» [69] . І Канстанцыя адмовіла немцу, сказаўшы што ніколі з амуж за чужаземца не пойдзе. «Немец быў шчыра закаханы і ўпаў у меланхоліяю, хацеў пакончыць жыццё самазабойствам, але час усё лечыць, залячыў і гэтую рану» [70].

У той жа год, пасля Валадковіча, заявіў пра жаданне дамагацца Канстанцыі палкоўнік, а пазней генерал Арлоўскі, які карыстаўся пратэкцыяй князя Чартарыскага. Абапіраючыся на пасярэдніцтва войскага ВКЛ Залеўскага, ён звярнуўся да лідскага падкаморага. Але падкамораму не спадабалася і гэтая партыя. Сватаўся да Канстанцыі і сам Нямцэвіч, Дэмбоўскі піша, што «слынны потым, а той час звычайны афіцэр-інжынер Юліян Урсын Нямцевіч, наўпрост звярнуўся да падкаморага, аднак падкаморы, які быў pater difficultatum (цяжкім, ці суровым бацькам. лац. - Л. Л.), калі ішла справа аб лёсе ягоных дачок, адмовіў і яму, Арлоўскаму - таму што стары, Нямцэвічу - таму што малады!». З ліста падкаморага да дачкі: «Ад нейкага часу часта перапісваюся з панам Нямцэвічам. Малады чалавек, піша добра, але яшчэ малады. Каму ж вядома, што з яго будзе? - вядома толькі Богу, а не мне. Хто можа прадбачыць, што з яго вырасце? Высокі дуб ці крывы глог? Бачу, што жывы як агонь, а ці не будзе занадта запальчывы?» [71] . Прыхільнікам Канстанцыі лічыўся і слынны паэт Шыманоўскі.

Усе гэтыя сватаўствы скончыліся тым, што Канстанцыя выйшла замуж за ротмістра народнай кавалерыі Дэмбоўскага. Шлюб адбыўся ў Пулавах 29 снежня 1786 г.


З 1783 г. галоўнай сядзібай Ізабэлы Чартарыскай сталі Пулавы (але яе муж аддаваў перавагу іх другой сядзібе - Сянявам), княгіня ўсё роўна шмат падарожнічала па краіне і за мяжой, актыўна ўдзельнічала ў палітычным жыцці. У 1787 г. князі Чартарыскія сустракалі ў сваіх маёнтках у Галіцыі аўстрыйскага імператара Іосіфа II, а ў верасні таго ж года Ізабэла з'ехала ў Парыж. Там яна сустрэлася, між іншым, з каралевай Марыяй-Антуанетай, якой перадала ліст ад яе брата - імператара Іосіфа, а таксама ў апошні раз сустрэлася са сваім былым каханкам - герцагам дэ Лазенам.

Канстанцыя вандравала разам з княгіняй Чартарыскай. У Парыжы яны спыніліся ў гатэлі «Палац Раял», які быў уласнасцю прынца Арлеанскага (у гатэлі ў гэты момант жыў надворныя маршалак Ржавускі, старэйшы брат польнаго пісара Казіміра Ржавускага). З Канстанцыяй у якасці прыслугі знаходзіўся казачок, які ні слова не разумеў па-французску, але кожны вечар разгульваў па гасцініцы. За ім хадзілі тлумы цікаўных французаў, бо прымалі казачка за кітайца. У канцы 1787 г. Канстанцыя вярнулася з Парыжа на дзевятым месяцы цяжарнасці, і праз 3 дні ў яе нарадзілася дачка Цэцылія, якая таксама, як і яе маці, атрымлівала адукацыю і выхаванне ў Пулавах. А 16 кастрычніка 1789 г. у Пулавах нарадзіўся яе сын Леан, аўтар успамінаў, якія я цытую [72].

Тады княгіня Ізабэла прадоўжыла вандроўку па Еўропе разам Аляксандрай, і ў канца снежня 1787 г. Аляксандра разам з Чартарыскай была ўжо ў Берліне. «Княгіня ў канцы снежня прыязджае ў Берлін. Ужо памёр Фрыдрых Вялікі, але адносіны (да Чартарыскай - Л. Л.) за два гады не змяніліся, і вельмі добры прыём княгіні ў Берліне нельга было зразумець без уліку палітычнай сітуацыі. Кабінет міністраў і каралеўскі двор Берліна ў гэты час спрабаваў здабыць папулярнасць у Польшчы і давер партыі, да якой належаў муж княгіні» [73] .

Заўважым, што ў канцы снежня 1787 г. Аляксандра Нарбут знаходзілася ў Берліне.

Калі летам 1788 г. княгіня з Аляксандрай вярнуліся ў Пулавы, на радзіме ўжо пачыналася падрыхтоўка да сойма, які ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы. Калі князь Адам Казімір быў абраны паслом на сойм ад Люблінскага ваяводства, Ізабэла паехала за ім у Варшаву. Падчас сойма, Блакітны палац Чартарыскіх у Варшаве стаў адным з галоўных цэнтраў палітычнага жыцця. Кожную сераду Чартарыскія ладзілі ў палацы прыёмы, падчас якіх адбываліся важныя сустрэчы і ажыўленыя дыскусіі. Верагодна, менавіта ў Блакітным палацы быў напісаны першы праект Канстытуцыі 3 мая. Аднак Пулавы, якія знаходзіліся адносна недалёка ад сталіцы, не страцілі сваёй важнай ролі.

Паводзіны Ізабэлы Чартарыскай хутка выклікалі злосныя памфлеты, якія распаўсюджваліся па Варшаве, і што яшчэ горш, палітычная дзейнасць княгіні пакрыўдзіла караля, які падазраваў у ёй правадніка прускай арыентацыі і змову супраць сябе. У лісце ад 28 лістапада 1788 г. Станіслаў Аўгуст пісаў свайму амбасадару ў Пецярбургу Антонію Аўгустыну Дэболі, што Чартарыская: «...забяспечыўшы сябе пратэкцыю Прусіі і маючы моцную падтрымку ў народзе, спадзяецца [...] прывесці сваю дачку і яе мужа, герцага Вюртэмбергскага на трон, тады яны пазбавяцца ад мяне праз смерць або рэвалюцыю» [74].

Такім чынам, менавіта ў гэты час, час максімальнага палітычнага збліжэння Чартарыскіх з Прусіяй і адбылося выбранне нашай Аляксандры Нарбут у Берлінскую акадэмію.

На жаль знайсці дакладную інфармацыю аб яе выбранні сябрам акадэміі навук у Берліне на пасяджэнні 19 студзеня 1788 г. покуль не ўдалося, але можна выказаць здагадку, што акрамя палітычных мэтаў падтрымкі сваёй партыі, гэтае абранне было дэманстрацыяй павагі да Чартарыскіх, прызнаннем іх сістэмы адукацыі, а таксама таленту іх выхаванкі. Нешта падобнае ў той час было звыклай справай, напрыклад, нават у па-сапраўднаму знакамітай і ўплывовай Французскай акадэміі (у ёй акадэмікам плацілі неблагія грошы), яшчэ за 90 год да абрання Аляксандры Нарбут ў Берлінскую акадэмію, з разлікам на перспектыву і з-за павагі да бацькі, былі прыняты семнаццацігадовы сын знакамітага астранома Касіні - Жак, а таксама ягоны пляменнік Джакама Маральдзі [75].

Берлінская акадэмія, арганізаваная Лейбніцам на пачатку XVIII ст. перажыла заняпад пры «жаўнерскім каралі» Фрыдрыху Вільгельму I (1688-1740). Пасля яго смерці, у кіраванне Фрыдрыха II, фінансаванне акадэміі значна палепшылася, яна была пашырана і забяспечана лабараторыяй, для ўдзелу ў кіраўніцтве акадэміяй запрошаны добрыя навукоўцы. Але толькі ў XIX ст. Пруская акадэмія стала цалкам аўтарытэтнай навуковай установай.


Сямейнае жыццё князёўны Марыі з Чартарыскіх не атрымалася. Нейкі час яна разам з Канстанцыяй жыла ў Варшаве ў кляштары сакраментак, чакаючы разводу з Людвігам Вюртэмбергскім. Пасля разводу яны абедзве з'ехалі ў Сянявы - уласнасць князёў Чартарыскіх, дзе іх чакала Аляксандра Нарбут са сваімі двума пляменнікамі.

У Сянявах Чартарыскіх бываў Касцюшка і ў адно з наведванняў падарыў свае ордэнскія стужкі [76]. А 28 кастрычніка 1792 г., пасля таго як генерал выйшаў у адстаўку, нязгодны са здрадніцкай палітыкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ён прыехаў у Сянявы на дзень св. Тадэвуша (адзначаецца 28 кастрычніка). Гнанаму генералу былі наладжаны ўрачыстыя імяніны. На ягоную галаву быў ускладзены вянок, сплецены з галінаў дуба, уласнаручна пасаджанага каралём Янам Сабескім у ХVІІ ст. пасля перамогі над туркамі пад Венаю. Пры гэтым у гонар героя прагучаў верш «Генералу Касцюшку ў дзень ягоных імянін у Сяняве» [77].


Вайна, паўстанне 1794 г. руйнаванне Павонзак і Пулаў, а потым паўторная адбудова Пулаваў - усё гэта знаходзіцца ўжо па-за межамі маёй кнігі.


За ўдзел у паўстанні Касцюшкі ў 1794 г. у Дэмбоўскіх былі канфіскаваны ўсё маёнткі на Украіне, і Чартарыскія падаравалі ім невялікі фальварак Пожуг [78] за адну мілю ад Пулаў. Увесну 1800 г. Канстанцыя Дэмбоўская з мужам прыехала жыць у гэты фальварак. Тут жа хаваліся ад расейцаў і ўсе астатнія з Нарбутаў. З 1796 г. тут ужо жылі «дзве сястры маёй маці - панны Аляксандра і Тэкля, брат Войцех Нарбут… Панна Аляксандра хутка выйшла замуж за палкоўніка Цясельскага і пераехала да яго ў Самакленскі (недалёкая, на ўсход ад Пулаў)», - пісаў Леан Дэмбоўскі [79]. Такім чынам, у 1800 г. Аляксандра выйшла замуж за Станіслава Цясельскага (1750-1823) і стала Аляксандрай Цясельскай. «Палкоўнік Цясельскі - стары з «салодкім» характарам, моцна замілаваны ў батаніку, пэўны час наглядаў за адукацыяй сыноў князя. Ва ўзнагароду за ягоныя заслугі, князь пажыццёва надаў яму прыгожы фальварак Самакленскі, каштоўны больш не зямлёй, а вялікімі і прыгожымі лясамі. Нягледзячы на тое, што валоданне фальваркам было толькі пажыццёвым, Цясельскі пабудаваў там ладны мураваны дом і залажыў вялікую аранжарэю і сад з рэдкімі раслінамі. На рэчках пабудаваў шлюзы, паставіў млын, тартак, залажыў вёску Сыры, даглядаў лясы. Пасля яго фальварак падвоіў свой сабекошт» [80].

Леан Дэмбоўскі з гумарам апісваў сваю цётку: «Мая цётка мела слабое здароўе, але была дзіўна экзальтаванай жанчынай. Умела добра маляваць і любіла займацца жывапісам. Аднак я нічога іншага ў яе на мальбертах не бачыў, як толькі малюнак мора пры заходзе сонца. Купідон на лодцы адплываў, а нявеста на беразе абапіралася на якар і з прагай працягвала да яго рукі. Гэтым купідонам для панны Аляксандры быў стары палкоўнік Цясельскі. Калі Гіменей скончыў нарэшце тыя доўгія амуры (Аляксандра выйшла замуж за палкоўніка. - Л. Л.), і з'явіўся новы прадмет для мастацтва: два сэрцы гараць на алтары, каля якога ў маўчанні ляжыць абсыпаны кветкамі Купідон. Акрамя гэтага, у Сяняве, у сваім садзе яна разводзіла велізарных птушак - соваў і мела для іх дзевяць вымураваных фрамуг, у якіх вялікія і маленькія совы парабілі сабе гнёзды» [81].

Пляменнік Леан Дэмбоўскі быў чалавекам XIX стагоддзя - якое звалі «стагоддзем навукі» і «стагоддзем пары і электрычнасці», ён ужо не разумеў людзей «галантнага» XVIII стагоддзя і таму іранізаваў над сваёй цёткай.

Дадам, што Аляксандра Цясельская з Нарбутаў усё жыццё кульгала на адну нагу [82].

Менавіта ў Самакленсках прайшлі апошнія гады жыцця Аляксандры. Памерла яна ў 1803 годзе і, верагодна, была пахавана недзе недалёка ад фальварка мужа.


Аляксандра Нарбут і яе сёстры з'яўляліся часткай інтэлектуальнай эліты Рэчы Паспалітай, і пасля таго, як гэтай дзяржавы не стала, пачалі жыць сваім прыватным жыццём. Гэтыя творчыя жанчыны былі добра вядомыя сваім сучаснікам і даследчыкам першай паловы ХІХ ст., яны бясконца згадваюцца ў мемуарах той эпохі (я працытаваў тут толькі малую частку гэтых згадванняў), але ў наш час сталі невядомымі сваім землякам. Нараджаюцца і сыходзяць у нябыт дзяржавы, але мы павінны памятаць пра першую і адзіную у гісторыі горада Ліды жанчыну-акадэміка (нават пры ўсёй характэрнай для таго часу ўмоўнасці яе выбрання), памятаць пра яе сясцёр і ўнікальны творчы дух, у якім яны выгадаваліся.

* * *

Замест эпілога, прывяду фрагмент з успамінаў нашай зямлячкі (з маёнтка Дабраўляны, сучасны Смаргонскі раён), паэтэсы, пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў, якая дзяўчом наведала Пулавы ў 1825 г.:

«Неўзабаве ... прыйшло запрашэнне з Пулаў ад князёў Чартарыскіх правесці ў іх астатак лета. Услед за гэтым лістом, прыйшоў другі з запрашэннем маім бацькам, бо князь Адам, калі займаў пасаду куратара Літоўскай навучальнай акругі, асабіста ведаў майго тату. Ад такога запрашэння адмовіцца было немагчыма, і ў канцы жніўня, пасля пяці тыдняў у бабулі, па маршруце, апісаным у лістах біскупа Красінскага, праз «пяскі і лес», мы рушылі ў дарогу і на наступны дзень, перад заходам сонца, на супрацьлеглым беразе Віслы, якую трэба было яшчэ пераплыць на плытах, прыехалі ў Пулавы, мястэчка раскінулася ў даліне, вышэй стаялі замак і храм Сібілы [83] . Пулавы падрабязна апісала пані Таньская ў сваіх «Разрыўках» [84].

Пулавы, сёння ўласнасць скарбу, ператвораны ў дзяржаўны інстытут для дзяўчат, але старыя Пулавы 1825 г., ад якіх засталася толькі назва, некранутымі ўжо сорак два гады жывуць у маёй памяці як зачараваны замак са сваёй напаўсагнутай васьмідзесяцігадовай феяй з сухімі рысамі твару, з пранізлівым позіркам, з напудранай фрызурай - княгіняй Ізабэлай з Флемінгаў Чартарыскай. Яна ветліва і нават сардэчна вітала нас на парозе вялікай залы, і яе занядбанае ўбранне надавала ёй нешта таямнічае. Каля княгіні Ізабэлы стаяла дачка, княгіня Марыя Вюртэмбергская і сын, князь Адам Чартарыскі, абодва ўжо сівыя, як галубы. У той час у Пулавах жылі ўнукі Замойскія і прыгожы князь Леон Сапега, заручаны з адной з унучак Замойскіх. Праводзілі тут усё лета два сямействы Плятэраў, а таксама генерал Мараўскі з жонкай і дзецьмі. Была панна Панятоўская, пляменніца апошняга караля і Эмма Стрыжэўская з Патоцкіх, заўсёды элегантная жанчына з прэтэнзіямі, якімі яна адрознівалася ад патрыярхальнай прастаты князёў. Каб закончыць гэты спіс, трэба дадаць яшчэ ваяводзіну, графіню Патоцкую з Вілянава. Штодзень у другой гадзіне дня звон склікаў гасцей ў ніжнюю залу палаца на абед, гонар якому аказваў князь Адам і яго сястра. Княгіня-маці абедала ў сваім пакоі пасля таго, як адведае школкі ў вёсцы. Штодзень за стол садзілася да трыццаці чалавек, якім прыслугоўвала не меншая колькасць гайдукоў, лакеяў і казакаў. Пулаўскі стол не меў ні рыбы, ні дзічыны, хоць палац стаяў пасярод багатых лясоў, рэк і азёр, бо тут не адыходзілі ад традыцый, якая заўсёды адпавядала жарту с.п. князя-генерала, неяк ён сказаў пра пулаўскі стол: «На ім старое масла і маладое віно».

На наступны дзень пасля нашага прыезду мы зладзілі пікнік на траве. Кожны госць мусіў прынесці сваю страву, і сама княгіня прыйшла з булёнам і печанай баранінай уласнага прыгатавання, сказаўшы, што ёй можна даверыцца, бо ў часы рэвалюцыі яна гатавала на трыццаць асоб. Мае бацькі зрабілі сюрпрыз - літоўскі халаднік - і растлумачылі, што яны, як падарожнікі, не маюць часу развесці вогнішча. Кожную страву сустракалі воклічамі: «Віват», а калі хтосьці прапанаваў моркву ў алеі, пані Стрыжэўская кампліментарна заўважыла, што страва смакуе як «entre la pomme de terre et l'ananas» ( фр. «мясцовая морква з ананасам». - Л. Л.) . Адзіная бутэлька шампанскага, ахвяраваная ўнукам, выклікала не толькі віваты, але і здзіўленне, а чорную каву ахвяраваў маленькі чатырохгадовы «турак» - сынок Станіслава Плятэра, якога пасадзілі ля падножжа вялізарнага дрэва пад назвай «Le protecteur» (фр. «Пратэктар, абаронца». - Л. Л.).

Прагулкі ў лодках, язда ў старасвецкіх карэтах - кашах са збруяй адпаведнага веку, у якіх было вельмі весела катацца, гарбата на ганку, а часам і на траве, пасля вячэры пасядзелкі ўвесь час у іншым куце салона, бо так любіла княгіня - вораг аднастайнасці і цырымоній, вось што было зместам гэтых пяці дзён у Пулавах, якія ніколі не забудуцца.

Князі прымалі ў ніжніх апартаментах, бо залы адчыняліся толькі для вялікіх сямейных урачыстасцяў. У абедзеннай зале стаяла вялікая мармуровая ванна, у якую клалі капелюшы, шалікі і малітоўнікі (у нядзелю). Нам казалі, што калісьці Урсын Нямцэвіч прагледзеў вялікую колькасць французскіх кніг і як сябар роднай мовы, на кожнай з іх напісаў: «Бог не разумее французскай мовы». Нам паказвалі адну з такіх кніжак, і мой бацька, заўважыўшы памылку ў правапісе, жартам сказаў: «Бог, хоць і не разумее французскай мовы, але папярэджвае, што слова «французская» пішацца праз «с». Гэта рассмяшыла дам, якія ў помсту папрасілі яго занатаваць сваю заўвагу на кнізе.

Гасцей размясцілі ў адмыслова пабудаваных для гэтага двухпавярховых афіцынах з унутранымі калідорамі, з камінам, у якім бесперапынна гарэў агонь, за што слугі дабраслаўлялі княгіню - каб распаліць пліту, не трэба было бегчы на кухню. Мой бацька пераняў гэта для нашага новага палаца, які будаваўся тады ў Дабраўлянах. Княгіня-маці старанна клапацілася пра сваіх гасцей і ў сваёй дыспазіцыі карэт для шпацыраў ні пра каго не забывала, нават і пра дзяцей. Яна была ветлівай і абыходлівай з гасцямі, такой жа была нават і са сваімі дзецьмі. Я памятаю яе словы да сына: «Пане Адаме, калі будзеш ісці, прынясі мне мой званочак». Пачуўшы гэта, сын адразу ўскочыў і прынёс.

Яна любіла расказваць смешныя анекдоты пра сябе, адзін з іх быў з прускіх часоў, калі паміж Пулавамі і Варшавай мелася мяжа на якой строга пільнавалі кантрабанду і штучныя парыжскія кветкі былі цалкам забаронены. Княгіня ўзялася перавезці велізарную колкасць букетаў для усіх сваіх дам, якія рыхтаваліся да вяселля, і натуральна, таксама і для нявесты. А паколькі сукенкі і аздобы не падлягалі мыту, яна абшыла свой падарожны шлафрок гірляндамі, зрабіла капялюш з 12 вялізнымі букетамі, і апранутая з такой вялікай фантазіяй, выйшла з карэты перад здзіўленымі мытнікамі. Адны з іх смяяліся, другія злаваліся, а старшы запатрабаваў плату за кантрабанду, бо ў падарожжа так ніхто не апранаецца. На што княгіня адказала, што ведае - яна выглядае смешна, але любіць кветкі, якіх ніколі не бывае зашмат. Нягледзячы на відавочнае парушэнне, з-за строгага выканання прусакамі сваіх прадпісанняў, княгіня не заплаціла ні граша і прыехала ў Пулавы ў касцюме Флоры.

Кожную раніцу мы шпацыравалі па цудоўным парку, дзе кожнае пасаджанае княгіняй дрэва служыла ўзорам для яе кнігі пра сады. У «Марынках», палацы пабудаваным для княгіні Вюртэмбергскай, жыла сумная сям'я Людвіка Плятэра.

Ля падножжа замка, на схіле зялёнага ўзгорка, каля крыніцы з сапраўднай жывой вадой, стаяла скульптурная група італьянскага мастака, за якую 30 000 дукатаў заплаціў граф Жавускі [85]. Дзве постаці - рыцара у пакутах і мёртвай дзяўчыны - былі выразаны з суцэльнага кавалка... На руцэ Танкрэда ляжала мёртвая Кларында, якую ні вада, набраная ў шлеме рыцара, ні яго слёзы [86] ўжо не маглі вярнуць да жыцця! На пастаменце меўся надпіс:

«Ты гінеш ад рукі кахання, прыўкрасная Кларында,

А твой Танкрэд пралівае слёзы з-за сваёй перамогі!».

Неяк на ранку княгіня адкрыла нам сваю нацыянальную скарбніцу і сэрца ліцвінкі захавала ў сваёй памяці палаш Ягайлы і ланцуг Ядвігі. Княгіня сама хацела паказаць маім бацькам гатычны дом. Ветлівая і поўная жыцця, яна рухала цяжкія скрыні, у якіх знаходзіліся дзіцячыя рэчы Жан-Жака Русо, лісты ад мадам Севінье і г. д. А косткі Абеляра і Элаізы, Лаўры і Петраркі, здабытыя княгіняй з іх магіл, у яе касцістай руцэ я памятаю і дагэтуль. Пачуўшы ад майго бацькі, што ў Дабраўлянах мае быць рыцарская капліца, яна падарыла яму цэлую скрыню каляровага шкла, якую атрымала ў катэдры ў Майнцы пасля вялікай рэвалюцыі. У нядзелю княгіня павязла нас у касцёл ў яе любімай вёсцы Уластавіцы. Увечары таго ж дня на лузе святкаваліся дажынкі, на якія княгіня жадала пакінуць і нас, хоць мы ўжо з ёй развітваліся. Яна энергічна дабівалася свайго, спачатку доўга ўпрошвала нас і нарэшце, тупнуўшы калісьці маленькай і грацыёзнай ножкай, сказала: «Не адпушчу! Не адпушчу! Загадаю паздымаць колы!». Мы засталіся, і гэта быў наш апошні дзень у Пулавах, з якімі мы развітваліся ля падножжа каменнага крыжа, дзе наша, апранутая ў белае, маці, з распушчанымі валасамі, пасадзіла нас на лаву каля балюстрады і ўкленчыўшы, малілася малітвай Касцюшкі: «Божа! Дазволь нам яшчэ адзін раз пабываць у Пулавах! … Дай Божа! Дай Божа!». Гэта відовішча спыніла княгіню Вюртэмбергскую, якая ехала па дарозе, даслухаўшы малітву, яна ўсклікнула сваім лагодным галаском: «Гэта не толькі прыгожа, але і ветліва». І мастак, які тут пры гэтым прысутнічаў і першы раз быў у Пулавах, пашкадаваў, што гэтая жывая карціна не будзе назаўсёды ўвекавечана…

На наступны дзень мы ўжо былі на дарозе ў Літву.

Наша вяртанне ў Вільню было радасным...».


У 1831 Габрыэля запісала:

«Але самым сумным было пачуць пра Пулавы, дзе васьмідзесяцігадовая княгіня мусіла саступіць маёнтак свайму ўласнаму ўнуку, князю Вюртэмбергскаму. Пакінула пасля сябе столькі ўспамінаў і прыгожыя сляды сваёй працы ў маёнтку, да якога так прызвычаілася. Разам з дачкой, княгіняй Вюртэмбергскай, схавалася ў сваіх маёнтках у Галіцыі і праз некалькі гадоў закончыла там сваё жыццё».


Sic transit gloria mundi...

2. Гісторык Юстын Нарбут і яго дачка Каміла

Унучка Юзафа і дачка Юстына Нарбута Каміла пісала пра свайго тату:

"Сын дыгнітарыя (саноўніка, вяльможы - Л. Л.), мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык абыякава прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.

Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека, але меў адну загану - часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі" [87].

Вядома, што ў чэрвені 1792 г. Юзаф Нарбут хадайнічаў аб уладкаванні свайго сына Юстына ў двор караля [88]. што ў асноўных рысах супадае з інфармацыяй Камілы : «… бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойм у Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу пасля заканчэння школы быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.

Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца» [89].

Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, Юстын Нарбут у чыне палкоўніка камандаваў пяхотным палком у бітве пад Соламі 25.06.1794 г.

Вядома, што Юстын Нарбут - выхаванец вышэйшай школы Вялікага Княства Літоўскага (універсітэта). Жанаты быў з Петранелай Сабаньскай. Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета [90].

Маёнтак Юршышкі меў шэсцьсот дзесяцін зямлі. Захавалася статыстычнае апісанне гэтага маёнтка, створанае ў 1846-1849 гг. [91] Юршышкі знаходзіліся за 63 вярсты ад Вільні, за 42 вярсты ад Ліды і за 8 вёрст ад Эйшышак, да паштовай дарогі з Ліды ў Вільню было каля 27 вёрст. У 1846 г. тут жылі 68 прыгонных сялян - 39 мужчын і 29 жанчын, якія павінны былі адпрацаваць 3 дні паншчыны на тыдзень і па 6 гвалтаў на жніво. А яшчэ яны мелі начныя варты, рамантавалі дарогі і адпрацоўвалі іншыя работы. Сялян-мужчын аддавалі ў рэкруты. За дробныя правіннасці выносіліся вусныя папярэджанні, але часам сялян каралі фізічна. У панскім двары мелася сем слуг - чатыры мужчыны і тры жанчыны.

Больш за палову тэрыторыі маёнтка займаў лес, і таму тут меліся ідэальныя ўмовы для галоўнай забавы тагачаснай шляхты - палявання, а галоўным прыбыткам сядзібы быў гандаль лесам. Плошча ворнай зямлі ў Юршышках была вельмі невялікай - ледзь толькі пятая частка ад усёй зямлі маёнтка. Зямлю апрацоўвалі канём ці запрэжкай з двух валоў. І панскія, і сялянскія землі ляжалі ў нізіне, і таму глеба ў Юршышках была прыдатнай для сяўбы пшаніцы, ячменю, аўсу. Вырошчвалі таксама каноплі, лён, гарох, фасолю, капусту, цыбулю, бульбу. У гаспадарцы меліся 30 кароў звычайнай пароды, 6 рабочых коней і 12 авечак. Быў і вінакурны завод, але ён выкарыстоўваўся толькі для ўнутраных патрэб. Прадукты, вырашчаныя ў маёнтку, прадаваліся ў Вільні, Эйшышках ці проста на месцы.

Панскі дом быў драўляны, аднапавярховы, ацэнены ў 1000 рублёў срэбрам. А гаспадарчыя пабудовы двара - гумно, стайні, куратнік - у 935 рублёў срэбрам. Трэба дадаць, што Юршышкі, як і суседнія Шаўры (паміж імі 28 км), былі сядзібай-архівам. У маёнтку захоўвалі не толькі збожжа на выпадак голаду (а ён звычайна наведваў Юршышкі раз на тры гады), але і вельмі каштоўныя гістарычныя дакументы, якімі карыстаўся ў тым ліку і Тэадор Нарбут, тут пісалася гісторыя ВКЛ [92].

Вядома, што Юстын і Петранела Нарбуты 20.09.1835 г. прадалі за 3525 рублёў Яну Антонію Канапацкаму (сыну Казіміра) маёнтак Сумарокаўшчына [93].

Магчыма, галоўнай справай Юстына Нарбута было вывучэнне гісторыі роднага краю. У 1818 г. у Гародні выйшла з друку яго першая кніга «Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа» («Rys pierwiastków narodu litewskiego, z różnych dawnych autorów zebrany»), якая змяшчае звесткі пра пра гісторыю і міфалогію. Гэта невялікая па фармаце для таго часу кніга ( in-quarto - «у чацвёртую частку ліста», памеры старонкі - 24,15 - 30,5 см) мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам «J. M.» Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз было пададзена імя аўтара кнігі. Першую кнігу Юстына Нарбута сучаснікі амаль што не заўважылі, і гэты твор нібы растварыўся ў часе.

У 1842 г., незадоўга да смерці аўтара, у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута «Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» («Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce; wyciąg z różnych notacyów i manuskryptów.» T. 1-2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.).

Другая кніга Юстына Нарбута выклікала сапраўдную ўвагу з боку інтэлектуальнай эліты таго часу - дастаткова сказаць, што рэцэнзію на яе напісаў сам Юзаф Крашэўскі. У гэтай працы аўтар галоўным чынам апісаў гісторыю барацьбы паміж біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693-1701 гг., якая скончылася бітвай пад Алькенікамі. Гісторыкі лічаць, што, магчыма, інспіратарам напісання гэтай кнігі быў нехта з Сапегаў, бо Юзаф Крашэўскі ў рэцэнзіі на яе ставіць у віну аўтару празмернае абяленне Сапегаў і ачарненне біскупа Бжастоўскага, асабліва ў другім томе гэтай працы, а таксама невыкарыстанне Нарбутам шэрагу крыніц, напрыклад, багатага збору лістоў Андрэя Хрызастома Залуцкага.

Сёння абодва гэтыя, напісаныя ў Юршышках творы, для нас аднолькава каштоўныя. Першы - бо ён з'яўляецца адным з першых даследаванняў гісторыі ВКЛ, другі, хоць ён ахоплівае толькі дзевяць гадоў з 1693 па 1702, бо вельмі добра перадае дух эпохі. Важна, што праз усю другую кнігу чырвонай ніткай праходзіць галоўная выснова Юстына Нарбута - вераломства і нянавісць разбураюць дзяржаву. Гісторык гаворыць пра катастрафічныя наступствы палітычных інтрыг для жыцця краіны. Таму князі Сапегі ў кнізе Нарбута, нібы апошнія магікане Вялікага Княства Літоўскага, спрабуюць супрацьстаяць хаосу, які ахоплівае дзяржаву. Па меркаванні Нарбута, разам з выключэннем Сапегаў з палітычнага жыцця, заканчваецца і само ВКЛ. «На гэтым перыядзе я спыняю сваё пяро, якое апісвае гісторыю Літвы, бо ў наступныя часы пачынаюцца ўплывы суседніх народаў, і да гэтых часоў я не смею дакрануцца», - заканчвае Юстын Нарбут сваю кнігу [94].

Дачка Каміла пісала: «Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для слуг і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы, а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе» [95].

Як бачым, у рукапісе застаўся яшчэ і пераклад кнігі пра Генрыха IV.

Таксама нам вядомы рукапіс Юстына Нарбута пра наведванне царом Пятром І родных мясцін гісторыка. Нарбут перадаў рукапіс Адаму Кіркору, які надрукаваў яго ў розных крыніцах 95. У адным са сваіх артыкулаў і я карыстаўся гэтым тэкстам.

Юстын Нарбут памёр 25 верасня 1845 г. ва ўзросце 72 гады і быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, надмагільны помнік-камень з надпісам паставіла па бацьку дачка Каміла [96]. Помнік-камень, памерам 90 на 100 см, мае адшліфаваную пярэднюю частку, на версе якой выбіты выпуклы крыж, нахілены ўлева, а ўнізе выгравіраваны надпіс:

«ПАРЭШТКІ / С. П. / ЮСТЫНА НАРБУТА / ПАЛКОЎНІКА / ПАМЁР У ВЕРАСНІ 1845 г. / 25-ГА ДНЯ ВА ЎЗРОСЦЕ 72-ГАДЫ / АД УДЗЯЧНАЙ ДАЧКІ / К. НАРБУТ //.» [97]. Адрас пахавання, Старыя Росы, сектар - 12, нумар магілы - 0038.


Тэадор Нарбут пісаў у Вільню свайму сябру, бібліяфілу і доктару Аніцэту Рэніеру [98]: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня (відочна, па юліянскім календары - Л. Л.) пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я радзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня (27 верасня па грыгарыянскім календары Л. Л.) » [99].

Адзначу, што Тэадор Нарбут быў дастаткова далёкім сваяком Юстына. Лінія Тэадора пайшла ад лідскага маршалка Казіміра Нарбута (нар. каля 1650 г., жанаты з Мар'янай Навіцкай), які быў родным братам Міхала Нарбута - дзеда Юстына. Лідскі маршалак Казімір Нарбут з'яўляўся прадзедам гісторыка Тэадора Нарбута. Як бачым, паміж Юстынам і Тэадорам атрымаўся зрух на адно пакаленне, і таму бацька Тэадора Нарбута - Яўхім, быў траюрадным братам Юстына [100]. Але ў традыцыях тых часоў, нават самыя далёкія сваякі называліся кузынамі і паміж імі падтрымліваліся сваяцкія адносіны, якія, як бачым з ліста Тэадора Нарбута, меліся і паміж гэтымі дзвюма галінамі рода.

З тэкстаў Камілы Нарбут [101] бачна, што яна неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю.

У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута 102, якія надрукаваны ў маім вялікім артыкуле пра нашага славутага гісторыка з Шаўроў [102], якія надрукаваны ў маёй кнізе пра нашага славутага гісторыка з Шаўроў [103]. Сярод іншага, з яе тэксту даведваемся, што сярод найважнейшых гістарычных экспанатаў, якія Тэадор Нарбут збіраў ўсё жыццё, у маёнтку Шаўры меліся рыцарскія даспехі і «ідал» - каменная статуя багіні кахання. Калі Каміла наведала Шаўры ўжо пасля смерці гісторыка, пасля секвестру маёнтка і вывазу яго збораў у Вільню, яна напісала: «У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцей, цяпер пануе страшэнная пустата. Няма ўжо застаўленых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны, якім так ганарыўся наш гісторык» [104].


Спынімся трошкі на радаводзе Юстына Нарбута.

Прадзед Юстына - лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут, жанаты з Лукоўскай.

Дзед - пісар лідскага гродскага суда Міхал Нарбут, у 1733 г. падпісаў элекцыю караля Станіслава Ляшчынскага, у 1734 г. ён - ротмістр Лідскага павета, у 1739 г. - дэпутат Трыбунала ВКЛ [105].

Бацька Юстына Нарбута - Юзаф Нарбут (нар. каля 1752) быў жанаты ў другім шлюбе з Ганнай Гразмані. Кім была яго першая жонка, невядома. З 1768 па 1794 г. Юзаф Нарбут займаў пасаду лідскага харунжага, у 1773 г. абіраўся паслом на сойм [106].

Лідскі харунжы, таргавічанін [107] Юзаф Нарбут, быў тыповай асобай свайго складанага часу. У 1768-1769 гг. ён выступаў пасярэднікам ад імя біскупа Масальскага ў спрэчцы біскупа з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам, Нарбут з'яўляўся набліжаным да біскупа чалавекам, і Масальскі нават дзяліўся з ім сваімі важнымі думкамі аб палітычных справах.

Юзаф Нарбут быў абраны паслом на сойм 1773 г. які склікаўся па ініцыятыве Расіі, Прусіі і Аўстрыі, і павінен быў узаконіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Каб шляхта не ўжыла liberum veto, паслы на сойм і сенатары, якія за грошы служылі замежным дзяржавам, аб'явілі яго канфедэратыўным соймам (на такім сойме рашэнне прымалася большасцю галасоў), і Юзаф Нарбут быў сярод падпісаўшых акт канфедэрацыі. На гэты сойме Нарбут ўвайшоў у шэраг розных камісій, у тым ліку і камісіі, якая вырашала лёс маёмасці езуітаў у Літве, камісіі па наглядзе над шпіталямі ў Літве і г. д. Гэты ж сойм прызнаў за ім староства Мерач. У 1873 г. унучка Юзафа Нарбута Каміла Юрэвіч з Нарбутаў, надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім, сярод іншага пісала: «Апошнім пажыццёвым (мерачанскім) старастам быў Агінскі, па смерці якога, гэтае староства, па наданні нейкага сойма, на 50 гадоў павінен быў атрымаць харунжы літоўскі Юзаф Нарбут (як бачым, унучка значна падвысіла свайго дзеда, ён быў толькі лідскім харунжым - Л. Л.). Але не маючы надзеі перажыць Агінскага, Нарбут прадаў свае правы некаму іншаму. Сёння зрабілі па-іншаму, гэтая зямля падзелена паміж беднымі сялянамі» [108].

Харунжы Юзаф Нарбут меў вялікі ўплыў у нашым павеце і, як пісалі сучаснікі, «разам з крэўнымі і сябрамі заўсёды «як трэба» праводзіў павятовыя соймікі». Нават лічылася, што ён цалкам узяў «пад сябе» лідскія соймікі, але насамрэч у павеце яму супрацьстаяў падскрабі ВКЛ Антоні Тызенгаўз, які, наогул, не любіў усіх Нарбутаў. Напрыклад, гэты вядомы чалавек не дазволіў Юзафу Нарбуту атрымаць пасаду лідскага падкаморага і ордэн св. Станіслава.

Палітычная дзейнасць патрабавала грошай і ў 1780 г. жонка харунжага прасіла караля, каб скарб ВКЛ заплаціў частку іх доўгу, а астатнюю частку дазволіў сплаціць па долях, якраз тады Камісія скарбаў ВКЛ разглядала даўгі Нарбута, і яму пагражала канфіскацыя маёнтка Перапечыца [109]. Вядома, што Тамаш і Бенедыкт Мігдалы, уласнікі фальварка Мігдалы з Забалацкай парафіі, ахвяравалі лідскім піярам 12000 злотых, 1 000 злотых з гэтай сумы гатоўкай, а астатняя сума забяспечвалася праз застаўное права маёнткам Несікоўшчына, потым гэта забеспячэнне было перанесена на Вялікую Перапечыцу лідскага харунжага Юзафа Нарбута [110].


У 1784 г. Радзівіл запрашаў Юзафа Нарбута ў Нясвіж на сустрэчу караля, і харунжы абяцаў прыехаць.

Другім шлюбам Юзаф Нарбут быў жанаты з Ганнай з Гразмані і таму бываў у Вільні ў свайго швагра Пятра Гразмані, які з'яўляўся сябрам тайнай арганізацыі патрыятычнага напрамку. Тут лідскі харунжы сустракаўся з Якубам Ясінскім. Верагодна, потым Юстын Нарбут праз свайго дзядзьку меў пратэкцыю Ясінскага перад Касцюшкам і такім чынам атрымаў чын палкоўніка. Стэфан Бурхард - аўтар артыкула пра Юстына Нарбута ў польскім «Слоўніку біяграфічным» лічыць верагодным, што менавіта пра яго ідзе справа ў «Актах Касцюшкі», дзе фігуруе нейкі Нарбут, які з падачы Якуба Ясінскага 27.08.1794 г. атрымаў патэнт палкоўніка міліцыі Лідскага павета.

Удзельнічаў лідскі харунжы і ў так званым «чатырохгадовым сойме» (з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 г.), на якім быў праведзены шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах. У рукапісным архіве дачкі Тэадора Нарбута - Тэадоры Манчунскай захаваліся копіі з рукапісаў Юзафа Нарбута, якімі валодаў яе бацька. Прывяду кавалак з тэксту лідскага харунжага, перапісанага і дапоўненага дачкой Тэадора Нарбута:

«Падчас чатырохгадовага сойма на соймовай радзе адбылася наступная падзея. Багатай пані Заянчкоўскай з Літвы трэба было перайграць адну справу. Мусіць, тады нехта падказаў ёй, што гэта можна зрабіць з ласкі літоўскага соймавага сакратара. Пакрыўджаная кабета прыйшла ў перадпакой залы рады, уселася каля нейкага Ягамосці і спытала ў яго: «Ці ведаеце вы соймавага сакратара?» Той адказаў, што ведае. «Тады, як ён увойдзе, прашу яго мне паказаць». Неўзабаве ўваходзіць соймавы каронны сакратар, цалкам недатычны да прайгранай справы, але Ягамосць кажа, што гэта той самы сакратар. Кабета падскоквае да яго і кажа: «Ты не справядлівы! Ты пагубіў мяне з 10 сіротамі, таму - маеш!», - і ўрэзвае яму моцную аплявуху. Зрабіўся скандал, кабету прагналі і данеслі аралю. У той час соймовым літоўскім сакратаром быў Юзаф Нарбут і менавіта праз яго рукі праходзіла справа пані Заянчкоўскай. Калі на падседжанні ён падаў паперы літоўскаму канцлеру, кароль убачыў яго каля сябе і падаў знак, каб падышоў: «А што, пане Нарбут, ці ты таксама атрымаў?», - пытаецца кароль з усмешкай. «Найяснейшы пане, сёння атрымлівае не кожны, хто заслугоўвае», - адказаў сакратар Нарбут. «Як гэта?» «Бо ў гэтай справе, замест мяне, атрымаў пан каронны сакратар!».

Гэтая гісторыя ў свой час стала добра вядомай, і не без дапамогі караля Нарбут хутка меў староства, якое да гэтага прасіў іншы заслужаны і высокі дыгнітарый.

Пасля с. п. Юзафа Нарбута засталіся вельмі цікавыя ўспаміны, якія сёння знаходзяцца ў пана Браніслава Нарбута, яны падрыхтаваныя да друку, але час і акалічнасці не дазваляюць покуль гэтага зрабіць» [111].

Браніслаў Нарбут - родны брат Тэадоры Манчунскай і паўстанец 1863 г. Пасля паўстання ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання, якое замянілі на 15-ці гадовую ссылку ў Сібір. Пасля вяртання ў Шаўры, Нарбут заняўся гаспадаркай. У 1880-х гг., калі Манчунская ўпарадкавала свой архіў, Браніслаў быў гаспадаром бацькоўскага маёнтка Шаўры [112] таму ўспаміны Юзафа Нарбута захоўваліся ў Шаўрах. Ці дачакаліся яны нашых часоў, невядома.

Юзаф Нарбут з'яўляўся актыўным прыхільнікам Таргавіцкай канфедэрацыі і лічыўся асобай,»адданай расійскай партыі». Невядома, як паводзіў сябе Юзаф Нарбут падчас паўстання 1794 г., аднак у складзеным Рапніным спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя «ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павета», а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павета атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які забяспечваў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый. Магчыма, гэтаму паспрыяла не толькі другая жонка, але і дачка лідскага харунжага Юлія, бо абедзве яны былі каханкамі ўсемагутнага Рапніна, пра гэта трошкі ніжэй.

У 1797 г. Юзаф Нарбут кіраваў маёнткам літоўскай артылерыі - «графствам Ліпнішскім», якое хутка стала дзяржаўнай маёмасцю [113].


Трэба сказаць некалькі слоў пра вядомую перакладчыцу і літаратарку, другую жонку Юзафа Нарбута - Ганну з Гразмані. Ганна - дачка Юзафа Адальберта Гразмані (1718-1794?) і Ганны з Галынскіх. Верагодна, яна нарадзілася на Любліншчыне ці на Мазоўшы.

Існуюць розныя версіі адносна вайсковых званняў яе бацькі. Па першай версіі, Юзаф Гразмані - капітан войска кароны. Другую версію выказаў яго сын Пётр, які на следстве ў 1796 г. паказаў, што яго бацька Юзаф быў каронным палкоўнікам і ўладальнікам невялікага маёнтка, а маці ў дзявоцтве - Красінская. Аднак звесткі пра прозвішча маці не дакладныя, бо з Красінскіх была не яго маці, а бабуля. Вядома, што Ганна Гразмані спрачалася з родам Красінскіх за пасаг сваёй маці. Да 1767 г., як вынікае з яе прашэння да караля, яе дзед быў камісарам маёмасці Любамірскіх у Люблінскім ваяводстве, а потым 12 гадоў камісарам у абознага Казіміра Красінскага, які не выканаў сваіх абяцанняў перад Гразмані. Страціўшы грошы, Гразмані вымушаны былі прадаць сваю каралеўскую зямлю ў Самборскай эканоміі і перабраліся ў Варшаву [114].

Род Гразмані паходзіў з Італіі [115]. У 1775 г. гэта сям'я атрымала ці пацвердзіла права шляхты. На Лідчыне, з канца XVIII ст. Гразмані валодалі маёнткам Лаўчылавічы (знаходзіўся каля сучаснай вёскі Рылаўцы), часткай маёнтка Ішчална, маёнткам Місевічы і фальваркам Лебяда [116].

Ганна Гразмані мела некалькі братоў.

Вікенці Гразмані валодаў на Лідчыне маёнткам Лаўчылавічы.

Юзаф Гразмані (1762-1843) - прэлат Віленскага кафедральнага сабора. Крашэўскі пісаў: «Прэлат Гразмані, адзін з сучасных калекцыянераў, меў навуковую калекцыю, якая складалася з розных рэчаў, змешаных у прыгожым беспарадку. Мелася ў яго і некалькі ахвярных каменных молатаў, але не ведаючы ні іх ранейшага прызначэння, ні іх гістарычнай каштоўнасці, ён з задаволенай усмешкай, якая казала пра яго душэўны спакой, паказваў усім, як дасціпна ён знайшоў новую ролю для гэтай рэчы, калі, уставіўшы ў адтуліны свечку, зрабіў з яе падсвечнік» [117]. Вядома, што будучы прэлат нарадзіўся ў 1762 г. у Мазоўшы, у 1771-1779 гг. вучыўся ў рыцарскай школе дзе вывучаў ваенную архітэктуру а ў 1780 г. працаваў на фабрыцы зброі ў Казеніцах [118].

Пэўна найбольш цікавым быў Пётр Гразмані, шамбелян двара, дзеяч паўстання Касцюшкі. Спачатку ён знаходзіўся ў атачэнні караля Станіслава Аўгуста і стаў яго шамбелянам, нават збіраў грошы на нейкія «заморскія цікавыя рэчы», пэўна, на вельмі цікавыя каралю ў той час мінералы. Але ўжо ў 1780 г. кароль устрымаўся ад выплаты яму грошай, таму Пётр Гразмані дамагаўся вяртання гэтых рэчаў і меў намер пусціць на продаж праз латарэю. Шмат хто з набліжаных да караля асоб мелі аб ім самае горшае меркаванне, высмейвалі незаконна выкарыстаны Гразмані тытул барона і папярэджвалі караля аб «вар'яцтве гэтага чалавека», які «адлучаны ад супольнасці сваіх сваякоў і не мае з імі ніякай сувязі».

У той час князь Адам Казімір Чартарыйскі выказаў думку, што перакладчыкам распуснай камедыі «Тры гадзіны пасля вяселля» (1781 г.) з'яўляецца менавіта Пётр Гразмані. Таксама, магчыма, што агульнае меркаванне пра яго было выклікана яшчэ і тым, што Гразмані, які ажаніўся да 1780 г. з Тэкляй Папроцкай, не змяніў свайго бязладнага ладу жыцця і праз тры дні пасля вяселля нават аддаў сваю маладую жонку аднаму з крэдытораў за даўгі.

У 1781 г. Гразмані з'яўляўся членам трох масонскіх ложаў у Вільні - здаецца, страціўшы каралеўскую ласку, ён перабраўся ў Літву, але і тут у шляхецкіх колах набыў рэпутацыю «чалавека, нявартага павагі». Тым не менш, з гэтага часу ў яго жыцці пачалася новая эпоха.

У 1789 г. на гадлях віленскага войтаўскага суда Пётр Гразмані набыў у Вільні камяніцу, а пасля абвяшчэння Канстытуцыі 3 мая ўпісаўся ў гродскія кнігі як месціч, ці па сучаснаму - гараджанін, і стаў членам віленскага магістрата. У 1793 г. на грошы жонкі набыў за Вострай брамай сядзібу з пляцам і садам. У той жа час ён пачаў актыўную палітычную дзейнасць. Часова апынуўшыся ў Варшаве, стаў адным з першых удзельнікаў змовы, арганізаванай генералам Ігнацыям Дзялынскім, які з 1793 г. рыхтаваўся да будучага паўстання і належаў да яе радыкальнага напрамку. Летам 1793 г. Гразмані быў накіраваны ў Вільню, бо як жыхар гэтага горада ведаў мясцовыя стасункі і меў асабістыя сувязі як са шляхтай, гэтак і з месцічамі. Неўзабаве Гразмані пацвердзіў, што на Віленшчыне чакаюць паўстанне. Сярод будучых лідэраў першым ён ставіў Якуба Ясінскага, бо лічыў, што Ясінскі можа ўзначаліць віленскі гарнізон. Відавочцы тых падзей пішуць у сваіх мемуарах, што Гразмані прадставіў Касцюшку свой віленскі даклад як доказ падрыхтаванасці краіны да рэвалюцыі.

У доме Пятра Гразмані ў Вільні па вуліцы Віленскай частымі госцямі былі: закаханы ў яго жонку Ясінскі, а таксама пісьменнік і палітычны дзеяч Юзаф Ігнацый Касакоўскі, які таксама абагаўляў яго жонку, бываў тут і лідскі харунжы Юзаф Нарбут, другая жонка якога Ганна, пісьменніца і перакладчыца французскіх твораў, была сястрой Пятра Гразмані. Падчас знаходжання ў Вільні яна наведвала дом Пятра і Тэклі Гразмані, да якіх часта прыязджалі змоўшчыкі ў тым ліку і Якуб Ясінскі.

У час аблогі Вільні рускімі войскамі 18 ліпеня 1794 г. Гразмані і іншыя гараджане былі прызначаны магістратам для падтрымання парадку ў горадзе і падрыхтоўкі яго да абароны. Але ўжо ў жніўні Гразмані з'явіўся ў Варшаве ў якасці камісара для падпісання скарбовых білетаў коштам у 25 злотых. Пасля паразы пад Мацяёвіцамі ён разам з Ясінскім і іншымі асобамі, апынуўся ў Народным савеце, дзе разам з Гуга Калантаем выступіў у падтрымку Кракаўскага акта паўстання, у гэтым савеце, па словах сучаснікаў, ён адыграў важную ролю.

Пры захопе Варшаўскай Прагі Гразмані спаліў і знішчыў усе дакументы і паперы, якія тычыліся паўстання 1794 г. Пасля разгрому паўстання ён не спыняў падпольнай дзейнасці. Разам з іншымі, уступіў у створаны 13 сакавіка 1795 г. Цэнтральны сход, які наладжваў сувязі з іншымі тайнымі арганізацыямі і высылаў агентаў за мяжу. У выніку арышту аднаго са змоўшчыкаў і канфіскацыі папер, прускія ўлады разам з іншымі членамі Сходу пасадзілі ў турму ў Шпандаву і Гразмані.

Паводле данясення прэзідэнта Паўднёвай Прусіі Хойма ад 9.5.1796, Гразмані яшчэ быў жывы. Аднак з таго часу пра яго не было ніякіх вестак. Магчыма, што ў 1811-1812 гг. ён ідэнтычны члену ложы Святыні Ізыды Пятру Гразмані, прыведзеным у «Спісе польскіх масонскіх ложаў».

Жонка Пятра - Тэкля Гразмані (1763-1797) з-за Ясінскага пачала разводны працэс з мужам, але паўторна выйшла замуж за Касакоўскага. Памерла 3 студзеня 1797 г. і пахавана на віленскіх могілках [119].


Ганна Нарбут з Гразмані атрымала добрае выхаванне і адукацыю, выдатна валодала французскай мовай. Вядомыя яе пераклад кнігі Ален Рэне Лесаж «Кульгавы д'ябал» (A. R. Lesage'a «Diabel kulawy», 2 тамы, Вільня, 1777 г. ) і пераклад кнігі Мары Катрын Дэжардэндэ дэ Віледзю «Астрэя альбо Тамерлан» (М. C. Desjardins de Villedieu «Astrea albo Tamerlan», Вільня, 1778 г.), а таксама кніжка для моладзі Арно Бэркен «Сябар дзяцей» (A. Berquina «Przyjaciel dzieci», Вільня, 1786 г.). Гэтую кнігу Ганна прысвяціла свайму сыну.

Усе гэтыя кнігі, друкаваліся за грошы яе мужа ў друкарні віленскіх піяраў, а апошняя з іх, магчыма, выйшла ўжо пасля смерці перакладчыцы. У 1778 г. былы правінцыял Ордэна піяраў, астраном, матэматык і паэт Феліцыян Выкоўскі [120] прысвяціў верш «перакладчыцы кніг» [121], лідскай харунжыне Ганне Нарбут з Гразмані [122].

Піяр Мікуцкі Антоні ў 1770-1772 гг. выкладаў у Лідскім піярскім калегіюме паэзію і рыторыку. Позняй восенню 1771 г. ён паставіў першую на лідскай сцэне п'есу «Няшчасце заўсёды ўважлівых і незадаволеных людзей, і адзіная асабістага няшчасця прычына, прыпісаная часу або сапсаванаму па іх меркаванні грамадству». П'еса была напісана ім у гонар харунжых Лідскага павета Нарбутаў і «сказана сцэнічным вобразам» у памяшканні калегіюма. У п'есе высмейваліся заўсёды незадаволеныя, буркатлівыя на сапсаванасць сучаснага ім грамадства людзі [123].

Літаратуразнаўцы лічаць пераклады Ганны Нарбут сярэднімі па якасці, але прызнаюць важнасць і своечасовасць іх з'яўлення [124].

Вядома, што бацька Юстына - лідскі харунжы Юзаф Нарбут, таксама быў схільны да творчай працы. Пра гэта яскрава сведчылі яго каштоўныя ўспаміны, кавалак з якіх прыведзены вышэй. Але тэксты, напісаныя Юзафам Нарбутам засталіся ў рукапісах. Літаратурныя здольнасці дзеда і бацькі пераняла Каміла Юрэвіч з Нарбутаў.


Ганна Гразмані ў свой час была вядомая сваім вольным жыццём, часта спынялася ў Варшаве, дзе жыла на вуліцы Доўгай. Гэтая жанчына мела скандальную рэпутацыю, яна, па словах сучаснікаў, аднолькава горача захаплялася як мужчынамі, так і літаратурай [125].

У той час сярод лідскай шляхты была распаўсюджана гульня, пад час якой шляхціцы, у залежнасці ад таго хто галоўны ў сям'і дзяліліся на «войска Лясковіча» і «войска Валёвай». Справа ў тым, што ў Лідскім павеце быў заможны стараста па прозвішчу Валь, уладар Ішчалны, Голдава і іншых вялікіх гаспадарак. Ён ужо ў сталым веку ажаніўся з паннай з Шукевічаў і быў ў яе так закаханы, што перад шлюбам апісаў на жонку ўсю сваю маёмасць. Пані Валёва была досыць энергічнай жанчынай і праз некаторы час самастойна кіравала не толькі маёнткам, але і асобай мужа, пра існаванне якога ўсе пачалі забывацца, бо ў размовах упаміналі толькі пра пані Валёву. Аднаго разу, калі ў маёнтку былі госці, Валь некалькі разоў паспрабаваў падтрымаць гутарку, аднак адна з госцяў цішком запыталася ў Валёвай: «Як завуць гэтага старога, напэўна, гэта эканом пані?». І тая пачырванеўшы, працадзіла праз зубы: «Гэта мой муж». Сястра ж пані Валёвай была замужам за Каралем Лясковічам. Лясковіч быў чалавек небагаты, але меў добрую галаву і моцную волю. Сваёй жонкай кіраваў дэспатычна. Прыкладна гэтак жа, як Валь у жонкі, яна не мела аніякага голасу ў мужа. Абедзве пары жылі разам, бо Лясковіч быў даверанай асобай Валёвай і займаўся яе гаспадарчымі справамі. Караль Нарбут, лідскі крайчы і земскі пісар, будучы чалавекам вясёлага характару, падзяліў сваіх жанатых землякоў на два войскі: «войска Валёвай» і «войска Лясковіча». Усе мужчыны, якія былі пад абцасам у жонак, і тыя, што паслухмяна выконвалі жаночыя загады, адносіліся да афіцэраў войска Валёвай. Нарбут дзеля смеху, выпісваў патэнты ў гэтыя войскі [126].

Лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч, закончыўшы друкаваць у «Лідскай зямлі» ўспаміны Мірона Браніслава Нарбута, даў кароткі каментар да яго тэксту «Шлюбныя войскі». Ён лічыў магчымым, што пад гумарыстычнымі «Шлюбнымі войскамі» хавалася сапраўдная арганізацыя, якая ў 1796 г. рыхтавала чарговае паўстанне. Улады напалі на след змоўшчыкаў, і таму для паратунку скампраметаваных асоб арганізацыя была прадстаўленая Рапніну як жарт. Для гэтага ў «войскі» дадаваліся асобы, да якіх расійскі ўрад меў поўны давер [127].

Вядома, што 1796 г. расейскі фельдмаршал Рапнін пачаў будаваць дарогі у Літве, у тым ліку і з Ліды на Гародню [128], і, верагодна, таму гасцяваў у Лідзе. Старога зацікавілі чуткі пра незвычайныя лідскія войскі. Аднойчы на балі ў вёсцы Перапечыца Рапніна пазнаёмілі з крайчым Нарбутам [129]. Падчас знаёмства Рапнін сказаў: «Я з'яўляюся фельдмаршалам [130] расейскай арміі і меў бы задавальненне даведацца аб тым тытуле, які я мог бы мець у войску, створаным панам Нарбутам». На што Нарбут адказаў: «Гэта будзе залежыць ад заслуг Вашай княскай светласці, заўважаных на адпаведным полі славы, прызначаным выключна для гэтых войскаў». Праз нейкі час дамы намовілі княжну Рапніну падыйсці да мужа, які гуляў у карты, і палашчыць яго па твары, што яна і зрабіла. Прайшло некалькі хвілін, і камердынер прынёс вялікі запячатаны пакет, які падаў князю. Рапнін неадкладна адкрыў пакет і знайшоў у ім патэнт на чын падхарунжага «войска Валёвай». Задаволены, ён схаваўшы гэты патэнт, сказаў, што далучыць яго да іншых сваіх патэнтаў з вайсковымі тытуламі і ўзнагародамі [131].

Міхал Шымялевіч пісаў, што згодна з вуснай лідскай традыцыяй, князь Рапнін быў злоўлены сваёй жонкай у маёнтку Нарбутаў Перапечыца падчас «цалкам недвухсэнсавай сітуацыі» з удзелам лідскай харунжыны Ганны Нарбут з Гразмані. Каб неяк загладзіць правіну, гэтая сітуацыя ў Лідскім грамадстве была пададзеная як жарт, для чаго Рапніну і быў публічна уручаны дыплом падпаручніка «войска Валёвай». Адначасова змоўшчыкі зрабілі Рапніна як быццам саўдзельнікам змовы і такім чынам адвялі падазрэнні ад сябе [132].


Вядома, што, Юстын Нарбут па словах яго дачкі Камілы (гл вышэй) «яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху», таму, магчыма, ужо яго малодшы брат Казімір (нар. каля 1774 г., шамбелян каралеўскага двара, валодаў маёнткам Радзівонішкі на Лідчыне, у 1832 г. яшчэ жывы) быў сынам Ганны з Гразмані. Бясспрэчна, яе дзецьмі былі сёстры Юстына - Карнелія (нар. каля 1780 г.), Зузанна Рыла (па іншай інфармацыі Далецкая [133]) і знакамітая Юлія з Нарбутаў (нар. 1779 г.) [134] якая пераняла рысы сваёй маці, першым мужам якой быў Лабаржэўскі, а другім рускі міністр Шышкоў [135].

У Юстына і Петранелі Нарбутаў нарадзіліся сын Рамуальд (1800-каля 1871) і дачка Каміла. Маскоўскі даследчык радаслоўнай свайго роду А. Н. Нарбут падае год нараджэння Камілы - каля 1802 [136], але Каміла сама пісала пра свайго брата: «Нас было двое. Мы не выхоўваліся разам. Першым з нас быў старэйшы за мяне мой брат» [137]. Таму я лічу цалкам дакладнай інфармацыю летувіскіх даследчыкаў, якія падаюць наступныя гады жыцця Камілы Нарбут: (~1805 ці 1814/1815 - 1881) [138].

Вядома, што Рамуальд даслужыўся да чыну маёра і ў 1854 г. займаў пасаду начальніка Выбаргскай жандармскай каманды. Пасля звальнення са службы жыў у Вільні, свайго маёнтка не меў. Жанаты з Тэкляй з Сурокавых (нар. каля 1801 г.). У 1871 г. ужо ўдава Тэкля Нарбут пісала прашэнне аб змякчэнні пакарання свайму сыну Юстыну, які быў удзельнікам Крымскай вайны і меў узнагароды: ордэны св. Ганны і св. Станіслава 3 ст. Вядома, што ў 1863 г. адстаўнога штабс-капітана Уладзімірскага пяхотнага палка Юстына Нарбута (унука гісторыка) западозрылі ў крымінальным злачынстве і саслалі на 15 гадоў на катаргу ў Забайкальскую вобласць. У 1876 г. яго звольнілі і пасялілі ў вёску Шушанскае Енісейскай губерні. Тут ён каля чатырох месяцаў жыў у селяніна Ягора Паталіцына, а потым недзе знік.

Штабс-капітан Нарбут меў дачку Камілу (нар. каля 1850 г.), якая выйшла замуж за карэтнага майстра Грахоўскага. У 1869 г. яе маці скардзілася ўладам на супрацьзаконны шлюб дачкі [139].

Далей лінія лідскага гісторыка Юстына Нарбута не прасочваецца.


Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Нарбут у нас яшчэ не даследавалася, але ў суседзяў ўжо выйшла кніга пра яе [140]. Вядома, што Каміла была пісьменніцай і супрацоўнічала з «Дзённікам Віленскім». У 1835 г. выдала аповесць «Мечыслаў і Стэфанія» [141] і «Маральныя лісты» («Pisma moralne»). Пасля смерці бацькі, яна стала ўладальніцай маёнтка Юршышкі. Каміла выйшла замуж за нейкага Юрэвіча і пад гэтым прозвішчам выдала яшчэ дзве кнігі: у 1852 г. «Калядкі Камілы Нарбут …» [142] і ў 1862 г. «Літоўскія замалёўкі» [143]. Пасля выдання кнігі «Калядкі Камілы Нарбут …» выйшла замуж за Юрэвіча

Ніжэй друкуецца яе невялікая аповесць пра «Вандроўку ў Беларусь» са зборніка «Калядкі Камілы Нарбут …». З гэтай аповесці маем інфармацыю пра Юстына Нарбута, якую я прывёў вышэй, інфармацыю пра яе далёкіх сваякоў у Магілёўскай губерні (усе гэтыя асобы выступаюць пад крыптанімамі), апісанне беларускіх гарадоў і маёнткаў, пачынаючы з Ашмянаў, Менска і далей. З тэксту бачна, што Каміла мела хуткі розум, жвавае пяро, добрую назіральнасць і дрэнны зрок. Яе творы не належаць да вышынь літаратуры - яна з ліку тых твораў, якія складаюць моцную сярэдзіну, добра чытаюцца і абмяркоўваюцца адукаваным класам свайго часу. Для нас Каміла Нарбут, акрамя яе месца ў літаратуры, цікава яшчэ і тым, што яна - наша зямлячка і яе кнігі - гэта літаратура Лідчыны. Таксама важна, што яна належала да Нарбутаў - роду, які граў важую ролю ў нашай гісторыі.

У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала згаданы вышэй нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенкаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы [144]. Трэба дадаць, што яшчэ ў 1840-х гг. лякарняй у Друскеніках апекаваўся сваяк Камілы, гісторык Тэадор Нарбут і ў яе ніжэйнадрукаванай аповесці маюцца думкі пра лекавыя воды.


Першай публікацыяй Камілы Юрэвіч з Нарбутаў у перакладзе на беларускую мову стала яе апавяданне «Пустэльнік з Ражанкі» [145], якое ў XIX ст. было апублікавана ў зборніку «Калядкі Камілы Нарбут …».

Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў

Юлія з Нарбутаў (09.07.1779 - 06.06.1849), вядомая ў Расіі як Юлія Восіпаўна Нарбут, дачка Іосіфа-Казіміра (1752 г. н.) і Ганны з Гразмані. У 1773 г. Іосіф-Казімір Нарбут быў абраны паслом на сойм, а з 1792 г. з'яўляўся лідскім харунжым [146]. Маці, Ганна Нарбут з Гразмані - вядомая пісьменніца і перакладчыца з французскай мовы [147]. Сводным братам Юліі быў вядомы гісторык Юстын Нарбут (1773-1845), дачку якога, Камілу, як і яе бабулю, ведалі як пісьменніцу [148].

Зусім маладой дзяўчынай Юлія выйшла замуж за Ігната-Пятра Лабаржэўскага - афіцэра войск Рэчы Паспалітай, пасла на Гарадзенскі сойм 1793 г. Лабаржэўскі з'яўляўся тайным агентам расійскага пасольства, і вядома, што з 1787 г. ён атрымліваў за гэта 240 дукатаў штогод. Сужэнцы Лабаржэўскія мелі сына Ігната [149].

Пра ўдзел Юліі ў працы Гарадзенскага сойма паведамляў Юзаф Крашэўскі ў кнізе «Польшча пад час трох падзелаў, 1772-1799», ён пісаў аб прыездзе «панны Нарбутоўны з княжной Радзівілавай «на сoйм у Гародню 1793 г.» [150] . І на сойме, губернатарам Літвы, расейскім генералам Рапніным «нягледзячы на стары ўзрост кіравала прыгожая і разумная панна Нарбутоўна са сваім бацькам, пра што ўсе казалі ўголас, і ён (Рапнін - Л. Л.) часам быў настолькі чалавечны, што менавіта ў гэтыя гады ... яго пахваліў Карпіньскі» [151].

Агульнавядомым было тое, што маладая жанчына, як і яе маці, з'яўлялася каханкай усемагутнага Рапніна [152]. Верагодна таму падчас паўстання Касцюшкі ў складзеным Рапніным спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя «ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павета», а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павета, бацька Юліі, атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які абараняў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый [153].


Падчас панавання караля Станіслава Панятоўскага Лабаржэўскі некалькі разоў ездзіў у Пецярбург з рознымі дыпламатычным даручэннямі, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з 1797 г. разам з каралём жыў у Пецярбургу [154], выконваў абавязкі віцэ-прэзідэнта ў Дэпартаменце рымска-каталіцкіх спраў Юстыц-калегіі, меў чын калежскага дарадцы [155]. Старшыня Юстыц-калегіі Карл Гейкінг пісаў: «У гэты час прыехаў у Пецярбург са сваёй чароўнай жонкай … Лабаржэўскі. Ён прасіў мяне абавязкова прызначыць яго на стацкую службу. Я прапанаваў яму першае пасля віцэ-прэзідэнта месца ў дэпартаменце, зацвердзіў прызначэнне … у дэпартаменце ... . Гасудар ведаў Лабаржэўскага, які ў Польшчы выконваў абавязкі камісара, суддзі і пасланца. Такім чынам ён меў навыкі ў стацкіх справах і ў справах з законам» [156].

У 1800 г. Лабаржэўскі атрымаў пасаду суддзі Валынскага надворнага суда і чын стацкага дарадцы і менавіта на Валыні ён у 1802 г. купіў маёнтак Вяліск у Сапегаў. У памяці дасведчаных людзей Лабаржэўскі застаўся як чалавек, які за грошы працаваў супраць сваёй бацькаўшчыны, але і як пісьменнік, які асвятляў гісторыка-палітычныя тэмы. Памёр ён у 1826 г.

Невядома, як у канцы 1812 г. Юлія трапіла ў Вільню, але знакаміты віленскі мемуарыст Станіслаў Мараўскі зафіксаваў выпадак, які атрымаў ў той час шырокі розгалас і які адлюстроўвае авантурны характар нашай гераіні: «Прайшла яна ўсе каляіны жыцця і скончыла яго на высокай грамадскай прыступцы, на якой усе яе памылкі адышлі ў нябыт ... Была гэта жанчына qui a fait tout, mais tout у сваім жыцці, аж да выдзірання са шпагі герцага Вюртэмбергскага [157] вялізнага брыльянта падчас балю ў Кутузава ў Вільні. Князь Кутузаў-Смаленскі, які быў закаханы ў яе тады да смерці, на самой справе выпрасіў ў яе на раніцу гэты брыльянт і вярнуў яго герцагу, аднак, нягледзячы на сакрэт, уся Вільня пра тое ведала» [158].

Як бачым, Юлія Восіпаўна мела, як кажуць, своеасаблівую рэпутацыю.

Той жа Станіслаў Мараўскі ўспамінаў, што, перш, чым зрабіцца жонкай Шышкова, «Лабаржэўская з дому Нарбутаў прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час (1799-1801 і ў 1809-1812 гг. - Л. Л.) генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ спадароў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова. Калі я з ёй пазнаёміўся, яна была ўжо старой, але яшчэ моцнай, дзіўна прыгожай і мілай і была ўжо жонкай міністра» [159].

Згадвае Мараўскі і пра віленскі раман Юліі са сваім стрыечным дзядзькам, прэлатам віленскай катэдры Міхалам Длускім: «… наш прэлат Длускі быў не без граху. Анёлы заняпалі, а як жа часам не саграшыць чалавеку, нават калі ён і падобны на анёла? Прыгожы, вялікі, багаты, адукаваны, таленавіты, ён не мог не мець спакус. Яго, як звычайна, спакусіла жанчына. І хоць ён у жыцці не раз казаў жанчынам: «Ідзі прэч, шатан!», але ўсё ж перад адной з гэтых шатанак, ён нарэшце паў. Але не было вялікім дзівам упасці з такога коніка, пра гэта я магу судзіць, бо і я праз некалькі дзясяткаў гадоў убачыў гэтую жанчыну! Не буду пляткарыць, аднак каханне Длускага не было распустай, якой аддаўся гарбаты і страхалюдны прэлат Зянковіч, у абдымкі якога кідаліся ледзь не ўсё модныя віленскія пані, бо Зянковіч быў багатым, але яшчэ больш з-за таго, што меў ён надзвычайна вялікую схільнасцю да марнатраўства.

Длускі, чалавек сціплы і з чулым сэрцам, не вытрымаў і патрапіў у сеткі, якія на яго паставіла прыгожае, поўнае ўдзячнасці і абаяння нябеснае стварэнне - генаралава Лабаржэўская [160] з дому Нарбутаў.

Што ж, магчыма Длускі і не ведаў, што ў сваёй хроніцы пісаў легат і папскі нунцый у Польшчы Энеа Сільвіа Пікаламіні, які потым стаў папам Піям ІІ аб Нарбутоўнах [161] , і захаваўся, небарака, у гэтую жанчыну па самыя вушы. Ці з-за глупства, ці каб добра яго абдзерці, замест таго каб хаваць адносіны, мілая спакусніца пачала знарок дэманстраваць гэтую сувязь. Выбухнуў скандал, які неабходна было хутка схаваць і патушыць. Мой бацька, як Ментар Тэлемака са скалы, гвалтоўна разарваў гэтую сувязь. Лабаржэйўская залілася горкімі слязьмі і запатрабавала 2000 дукатаў, каб загаіць сваю каліпсаву рану (у інтэрпрэтацыі рымскім пісьменнікам Гаем Юліям Гігіным старажытнагрэцкага міфа, німфа Каліпса забіла сама сябе з-за кахання да Адысея - Л. Л.). Мой бацька маючы каля сябе сястру Лабаржэўскай Далецкую (ці Далінскую - Л. Л.), якую збаламуціў для гэтага, і яна аддалася яму і целам і душой, пры дапамозе генерала Хацкевіча, які неадкладна жадаў узяць Лабаржэўскую на свой рахунак, пакончыў справу кампрамісам у тысячу дукатаў. Але калі Лабаржэўская развітвалася, дык паклялася помсціць вечна, але не з-за малой сумы грошай, а за канец такога салодкага кахання. Аднак, трэба сказаць, што клятву сваю яна не выканала, бо, відочна, была жанчынай з мяккім, добрым і незлапамятным сэрцам. У 1828 г., ужо будучы жонкай міністра, яна прыняла мяне ў Пецярбургу, як сына, навучала мяне, дзе магла пратэжыравала, і я меў у сталіцы шмат прыемных момантаў у яе вялікім, знакамітым і бліскучым доме. Яна цалкам адпавядала свайму становішчу, узняла дом, з дзіўнай прыемнасцю і ветлівасцю захоўвала ўсеагульную павагу, асабліва цёплую да землякоў, як быццам ніколі не была нікім іншым, як толькі жонкай міністра» [162] . Хоць Юлія і ўзяла тысячу дукатаў, каб спыніць сувязь і не кампраметаваць прэлата, але, здаецца, тут усё ж было каханне.

Віленскі доктар Юзаф Франк пісаў пра тыя самыя асобы: «Кутузаў пайшоў яшчэ далей, бо наведваў тэатр з каханкай і яе сваякамі. Грамадства публічна выказвала незадаволенасць сваякамі, але даравала Лабаржэўскай з дома Нарбутаў, якая маючы сувязь з генералам, імкнулася ўсім спадабацца. Трэба прызнаць, што была яна прыгожая, адукаваная і цудоўна спявала. Радавітасць давала ёй права знаходзіцца ў свецкіх кампаніях, аднак потым яна мела праблемы са сваёй сястрой, пані Зузанай Далінскай - нават само імя Зузанна прамаўлялася са смехам. Гэтыя пані мелі двух кузынаў-канонікаў. Адзін з іх - прэлат Длускі быў незвычайна разумным чалавекам, а другі прэлат віленскай капітулы Гразмані быў чалавекам вельмі марным. Быў закончаным быдлякам і дапамагаў Зузанне Далінскай у яе любоўных справах. Ён аддаваў ёй сваю кватэру для сустрэч, за што яна павінна была ахвяраваць яму парцэляваныя філіжанкі, бо ён быў гарачым калекцыянерам парцэляны і меў яе рэдкую калекцыю» [163].

Той жа Станіслаў Мараўскі паведаміў пра яшчэ адзін раман Юліі Лабаржэўскай. У дадатку да сваіх успамінаў, ён надрукаваў віленскія анекдоты (гэта слова мела трошкі іншы сэнс у той час), сярод іх ёсць «Анекдот пра Ганну Нарбутову з дома Радзівілаў і ксяндза Гразмані» наступнага зместу: «Сярод мноства смешных анекдотаў, якія расказала мне гэтая жанчына, калі тлумачыла прычыну разводу з сваім першым мужам Нарбутам, быў і наступны [164] . Пасля шлюбу яны жылі ў Вільні ў доме Мюлера. Там жа жыла і генеральша Лабаржэўская <...>. Увесь час ёй дапамагаў сваяк (родны дзядзька - Л. Л.), нейкі ксёндз Гразмані, які паводзіны нашай літоўскай Аспазіі [165] пакрываў сваёй пацёртай сутанай і ўжо праз шмат гадоў, калі Лабаржэўская стала жонкай адмірала і міністра асветы Шышкова, з-за яе пратэкцыі зрабіўся прэлатам віленскай капітулы!

Неўзабаве пасля прыезду ў Вільню Ганна Нарбутова са здзіўленнем заўважыла, што з яе мужам часта і знянацку здараюцца розныя прыгоды, што па вечарах ён часта паводзіць сябе дзіўна і без найменшай прычыны з самым жорсткім чынам сварыцца з ёй, рабіў ён тое, што мае называецца une querelle d'alrmsnd (фр. «нямецкая сварка». - Л. Л.). Кожны такі выбрык звычайна заканчваўся поўнай адмовай ад шлюбнага ложка на 24 ці нават больш гадзін. У такіх выпадках раззлаваны Нарбут забягаў у свой кабінет, штурхаў і перасоўваў крэслы, а потым, крыху супакоіўшыся, садзіўся пісаць усю ноч, што вельмі раніла маладую жонку. Бачыўшы ў гэтым толькі дзіўны характар мужа і яўную несправядлівасць да сябе, яна таксама паказвала яму свой нораў і ціха ў адчаі плакала ў падушку, але рабіла выгляд, што ягоныя выхадкі яе не хвалююць. Аднаго разу, пасля такой навальніцы, калі насуплены Нарбут пакінуў яе ляжаць у ложку, яна адчула, што на гэты раз сваімі паводзінамі дала падставу для сваркі і ёй прыйшло ў галаву, ці не лепей было б пайсці да яго з пяшчотай і ласкай? Чаму б пакорліва не папрасіць у мужа прабачэння? Яна доўга вагалася, але каханне перамагло. І калі пасля паўночы маладая жанчына пачула з кабінета мужа рыпенне яго пяра, ёй стала шкада свайго мужа, які з-за яе будзе ўсю ноч пісаць. Таму яна ціхенька ўстала з ложка, абула хатнія пантофлі, накінула шаль і ў такім маляўнічым строі на дыбачках падкралася да дзвярэй кабінета. Муж ў шлафроку пры двух свечках усё пісаў і пісаў - жорстка скроб пяром па паперы. Жонка падбегла да яго і раптоўна, ззаду схапіла за шыю, а потым са слязамі пацалавала і ўсклікнула: «Прабач мяне, давай памірымся, мой дарагі муж».

Але якой ж было яе здзіўленне, калі, расплюшчыўшы вочы, напоўненыя салодкімі слязьмі, яны ўбачыла, што цалуе … каго?

Брыдкага, чырванатварага і пракажонага ксяндза Гразмані, святара, які апрануты ў шлафрок яе мужа быў так ашаломлены гэтым здарэннем, што страціў самавалоданне. Гэта ён павінен быў усю ноч бязлітасна маляваць кветкі на паперы. Што гэта было? Лабаржэўская збаламуціла Нарбута. Кожны раз, збіраючыся на спатканне з ёй, ён сварыўся з жонкай каб мець нагоду пакінуць яе і пайсці ў кабінет, дзе яго чакаў азалочаны і ўслужлівы Гразмані, які апранаўся ў яго шлафрок і граў яго ролю, пакуль сам Нарбут з прыемнасцю праводзіў ноч з Лабаржэўскай» [166].


Тым не менш, лідзянка была сапраўднай патрыёткай, і добра дасведчаны ў тутэйшых справах М. М. Навасільцаў у лісце да Аракчэева ў 1824 г. згадваў Лабаржэўскую сярод асоб, якія маюць уплыў на справы Віленскага ўніверсітэта: «Небяспечнейшая з усіх, па маім меркаванні, сп. Лабаржэўская (старая інтрыганка, вядомая яшчэ з часоў нябожчыка князя Кутузава). Я не ведаю чаму, але гэта праўда, што на яе больш, чым на іншых, спадзяюцца» [167]. Не дзіва, бо Юлія дзейсна дапамагала Адаму Міцкевічу. Міністр асветы Шышкоў даў сасланым філаматам права самім выбраць сабе месца службы. Зычлівае стаўленне міністра асветы Шышкова да гнанага паэта даследчыкі тлумачаць уплывам на міністра тады яшчэ яго будучай другой жонкі Юліі Лабаржэўскай з Нарбутаў [168].

У салон Юліі, яшчэ Лабаржэўскай, Адама Міцкевіча ўвёў Восіп Пшацлаўскi [169]: «Акрамя нядзель, калі ў Шышкова збіраліся раўты і завязваліся партыі, блізкіх знаёмых прымалі кожны вечар. Тады грамадства падзялялася на два лагеры. Мы пакідалі старога з яго лядашчымі акадэмікамі займацца глыбокімі корняслоўнымі даследаваннямі і адпраўляліся піць гарбату да разумнай і заўсёды ветлівай Юліі Восіпаўны. З ёй была маладая пляменніца, яе гувернантка, англічанка і заўсёды якая-небудзь госця з шматлікай радні Аляксандра Сямёнавіча. З адной з такіх паненак тут пазнаёміўся Міцкевіч. Яна была разумная, адукаваная і надзвычай паэтычна настроеная, так што нават і з дрэнных рускіх перакладаў «Конрада Валенрода» і «Крымскіх санетаў» зразумела і ацаніла паэта. Хутка паміж імі завязалася сяброўства, а вядома, да чаго вядзе гэтае пачуццё дзвюх асоб рознага полу і аднолькава маладых. Я хачу сказаць, што звычайна яны пераходзяць у гарачую дружбу, што адбылося і ў гэтым выпадку. ... Я быў наперснікам Адама ў яго адносінах да дзяўчыны Б[акунінай]. Ён мне прызнаўся, што яна яму так сімпатычная, што папрасіў бы яе рукі, калі б яго не ўтрымлівалі істотныя прычыны. Ён сказаў: "З табою я не стану гуляць у сціпласць. Я не магу не разумець, што вочы майго народа звернутыя на мяне, і я абавязаны ўлічваць яго меркаванне. Што б сказалі мае землякі, калі б я жаніўся з рускай баярышняй, дачкой сенатара, сваячкай вялікага Кутузава і сваячкай аднаго з міністраў? Ніхто ... не зразумеў бы гэтага інакш, як прыпісваючы мне нізкія і агідныя планы. Я не маю права так губляць сябе, ад гэтага пацярпеў бы дух усяго майго народа. Зрэшты (дадаў ён з усмешкай), навошта я табе гэта кажу; хто ведае, ці прыняла б А[удоцця] маю прапанову?"» [170] . Аднак са сваёй будучай жонкай Цалінай Шыманскай вялікі паэт пазнаёміўся не ў Юліі Восіпаўны, а ў пецярбургскім доме маці Цаліны - вядомай піяністкі Марыі Шыманскай [171].

Маючы 47 гадоў, у 1826 г. Юлія выходзіць замуж за адмірала, міністра асветы (у 1824-1828 гадах), прэзідэнта Акадэміі Расійскай А. С. Шышкова [172] (1754-1841), які мае ўжо 72 гады. Гэты шлюб стаў сапраўдным скандалам, бо шакаваў сваякоў жаніха і ўвесь Пецярбургскі свет.

Агент III аддзялення Е. Хацяінцава ў кастрычніку 1826 г. даносіла пра жаніцьбу Шышкова наступнае: «... сп. Лабаржэўская вядомая ва ўсёй Польшчы сваім спрытам і дурнымі паводзінамі, мае мужа, але падала паперу для разводу з ім, прадставіўшы толькі тую прычыну, што яе нораў не падобны да нораву мужа; кансісторыя з-за гэтай нікчэмнай прычыны не магла іх развесці, у каталікоў можна атрымаць развод толькі тады, калі згодны муж і па важных прычынах, але Лабаржэўскі не пагаджаўся на гэта. Яго жонка прыехала сюды некалькі гадоў таму і знайшла апекуна ў цяперашнім сваім жаніху і стараннямі яго і Логіна Іванавіча Кутузава [173] дамаглася, што [мітрапаліт] Сестранцэвіч прызнаў прычыны дастатковымі, і атрымала развод, але яе муж сп. Лабаржэўскі накіраваў апеляцыю да Папы, і таму да вырашэння справы яго развод не можа лічыцца сапраўдным. Папа не мае ў Расіі ўлады, але па спрэчных разводах ... Расія прадставіла яму [права] вырашаць. Партыя Шышкова ў роспачы ад жаніцьбы старога ... мітрапаліт і многія іншыя імкнуліся яго адгаварыць, але ўсё дарэмна» [174].

У вышэйшым свеце пайшлі розныя чуткі: напрыклад, Ланская пісала з Пецярбурга ў Маскву С. С. Ланскому, будучаму міністру ўнутраных спраў, пра вяселле Шышкова «з полькай ад жывога мужа ... Міністр асветы падае прыклад пабожнасці» [175]. Напярэдадні жаніцьбы А. С. Шышкоў нават атрымаў ананімны ліст з угаворамі не ісці на гэты крок. Прадчуваючы наступствы, адмірал прасіў дазволу на шлюб у самога імператара [176].

Восіп Пшацлаўскі, сваяк Юліі Шышковай, так апісаў абставіны гэтага шлюбу: «Аляксандр Сямёнавіч, быўшы тады міністрам народнай асветы і маючы пад 70 гадоў (насамрэч 72 гады - Л. Л.), ажаніўся (другім шлюбам) з Юліяй Восіпаўнай, народжанай Нарбут, ўдавой сапраўднага стацкага дарадцы Лабаржеўскага, які рушыў у Пецярбург за польскім каралём Станіславам-Аўгустам пасля яго адрачэння ... . Гэтая запозненая жаніцьба выклікала ў горадзе шмат пляткарства. Калі Шышкоў прасіў сабе ў імператара Мікалая дазвол на шлюб, гасудар даў яго з літасцівай усмешкай і ўслед за гэтым, папрасіўшы ў свой кабінет гасударыню, прадставіў Яе Вялікасці масцітага жаніха як «будучага маладога». Шлюб гэты, аднак жа, звыш чакання, аказаўся шчаслівым. Сп-ня Шышкова славілася некалі прыгажосцю, ад якой у яе гады яшчэ заставаўся значны працэнт. Яна была разумная, па-велікасвецку адукаваная і вельмі добрая жанчына. Стомлены адзінотай, шаноўны стары (ён не меў дзяцей) знайшоў у жонцы выдатную гаспадыню, адданую сяброўку, якая даглядала яго з клапатлівасцю сястры міласэрнасці, што ў жаніцьбе Аляксандра Сямёнавіча «і патрабавалася даказаць». Гэта прызнавалі ўсе тыя, хто жыў у доме» [177].

Сам міністр на схіле гадоў згадваў у сваіх лістах: «Два разы я жаніўся, і ніводная з маіх жонак не мела ніякага пасагу» [178]. Шышкоў, які «пад халоднай знешнасцю» меў «палкі» нораў, «у маладыя гады ўлюбляўся няспынна і пакутаваў ад кахання» [179]. Каханне прымушала яго ігнараваць уласныя перакананні. Вядомы змагар за ўсё рускае і патрыярхальнае, у адным са сваіх твораў ён назваў католікаў і пратэстантаў «ерэтыкамі», тым не менш, здзівіў сучаснікаў два разы: ажаніўшыся першы раз з галандкай лютэранскага веравызнання Дар'яй Аляксееўнай Шэльцінг, а пасля яе смерці, баючыся застацца на старасці ў поўнай адзіноце, - з каталічкай - лідзянкай Юліяй Лабаржэўскай [180].

Другі шлюб дадаў напружанасці ў сямейнае жыццё Шышкова, бо яго дом падзяліўся на дзве партыі: з аднаго боку - жонка, а з другога - пляменніцы, якія жылі разам з міністрам і разлічвалі атрымаць усю яго спадчыну. Перажываючы з-за сварак, Шышкоў загадзя склаў тастамант, у якім звяртаўся да сваякоў з просьбай аб прымірэнні: «Я прашу і малю іх усіх маёю да іх любоўю, каб яны, з хрысціянскага абавязку і з пачуцця ўзаемнай да мяне любові, ушанавалі маю памяць шчырай аднадушнасцю і ўсёй магчымай увагай да апошняй волі паміраючага, які заўсёды жадаў захаваць паміж імі мір» [181].

Адмірал не раскайваўся ў сваёй другой жаніцьбе, віноўнікамі сварак лічыў пляменніц, а да жонкі ставіўся з належнай удзячнасцю і шанаваў яе клопаты: «Можа быць, маё жыццё даўно б ужо спынілася, калі б мая жонка, пакінуўшы ўсе свецкія выезды, не была неадлучна са мною і не захоўвала ўсімі магчымымі спосабамі мой спакой». Таму ён, «закляты вораг католікаў і палякаў», пакорліва цярпеў гасцей сваёй Юліі, якая стала значнай фігурай дыяспары, што не надта падабалася яго сябрам. С. Т. Аксакаў пісаў: «Я не мог абыякава бачыць шаноўнага Шышкова пасярод розных вусатых, саманадзейных і ганарыстых, якія гаварылі ўсялякае глупства і якія звярталіся да яго занадта па-просту». У выніку, цаной узаемных саступак, гэты няроўны шлюб прынёс кожнаму тое, што абодва шукалі: Шышкоў знайшоў у жонцы надзейнага сябра, а яна атрымала ад яго права пажыццёвага валодання домам і маёнткам [182].

Дарэчы, у прыдворным свеце існавала меркаванне, што да адной з пляменніц Шышкова, Паліны, у 1832-м ці 1834-м (даследчыкі спрачаюцца) заляцаўся Пушкін, бо 30 чэрвеня паэт пісаў жонцы: «Твая Пушкін і Шышкоў былі добра знаёмыя [183]. Пушкін і Шышкоў былі добра знаёмыя.

Юлія Восіпаўна Шышкова у 1820-я стала адной з цэнтральных фігур нашай дыяспары ў Пецярбургу, галоўнай апякункай сваіх суайчыннікаў, якія воляй лёсу былі закінуты ў расійскую сталіцу. Гісторык літаратуры А. Фядута піша: «У яе салоне бывалі літаратары і журналісты Фадзей Булгарын [184] і Юзаф Сянкоўскі, мастак Аляксандр Арлоўскі, выбітная піяністка Марыя Шыманоўская. Шышкова хадатайнічала аб дазволе на выезд Адаму Міцкевічу і аб дазволе выдаваць газету Францішку Малеўскаму і Восіпу Пшацлаўскаму. Нават тады, калі ўдава адмірала страціць свой уплыў, большасць суайчыннікаў будзе ставіцца да яе з шчырай удзячнасцю і пяшчотай; сведчаннем таму - старонкі з дзённіка Х. Шыманоўскай, дачкі М. Шыманоўскай, жонкі Фр. Малеўскага. З-за імкнення Ю. В. Шышковай дапамагчы суайчыннікам яе салон успрымаўся многімі прадстаўнікамі ўлады як цэнтр «польскай інтрыгі» [185].

Восіп Пшацлаўскі пісаў: «Юлія Восіпаўна была мне сваячкай па жаночым калене і прыходзілася бабуляй, але з прычыны, што яна яшчэ не выглядала старой, я называў яе ma tante [186]. Пасля яе замуства я зрабіўся ў Шышкова сваім чалавекам; цётачка проста мяне песціла і сцвярджала, што Аляксандр Сямёнавіч палюбіў мяне; ён нават пытаў пра мяне, калі я некалькі дзён не прыходзіў. Зрэшты, я быў не бескарысны для яе. Калі нікога іншага не было, Юлія Восіпаўна пасылала мяне размаўляць з мужам, асабліва ў тыя гадзіны пасля абеду, калі шаноўны дзядзечка, не дзеля сну (ён не спаў днём), а для супакаення ўкладваўся на канапе і калі найманая для гэтага жанчына часала яму галаву з белымі, як срэбра, валасамі. Ён з задавальненнем размаўляў са мною, і хоць гэта не зусім супадала са схільнасцямі маладога чалавека, я не сумаваў. Шышкоў распавядаў часам анекдоты са свайго жыцця, але часцей мы бавілі час у дыспутах пра розныя рэчы» [187].

Мабыць Пшацлаўскi меў пэўны ўплыў на састарэлага адмірала, бо аднойчы нават параіў Шышкову не аказваць пратэкцыю па службе непрыемнаму для сябе чалавеку - фіскалу, які ў 1829 г. высочваў Пшацлаўскага, падазраючы яго ў сувязях з дзекабрыстамі [188].

Сталы госць у доме адмірала і міністра, Пшацлаўскi адзначаў, што «Шышкова старалася ўсяляк шчасціць старыя гады свайго мужа, дастаўляць яму задавальненне і забавы. У звычайныя дні па вечарах яна складала для яго партыю ў віст, у які той любіў гуляць. Сваякоў яго прымала гасцінна, і амаль заўсёды хто-небудзь з іх жыў у Шышкова па цэлых месяцах. Па нядзелях бывалі вечары, на іх збіралася шмат гасцей з вышэйшага свету, у тым ліку ўсе старыя сябры і калегі гаспадара. У адну гадавіну яго нараджэння зладзіла сюрпрыз. Яна добра спявала, у яе было невялікае, але сімпатычнае сапрана. Адзін з лепшых тагачасных паэтаў сачыніў для яе вартыя гэтай нагоды куплеты. Яна склікала шмат гасцей. Пасля гарбаты Аляксандра Сямёнавіча папрасілі ад партыі, якую ён ужо гуляў, у вялікую залу. Былі праспяваны куплеты, ад якіх стары прыйшоў у замілаванне; затым Каратыгін (старэйшы) [189] прадэкламаваў сцэны з нейкай тэатральнай п'есы, перакладзенай бог ведае калі самім Шышковым з французскай, а вядомы вершатворца Барыс (празваны Борка) Фёдараў [190] ... прачытаў свае вершы: «Раніца Аляксандра Сямёнавіча», дзе гралі ролі: жонка, дырэктар Дэпартамента народнай асветы і фаварыт-попка, той самы, які некалі з'еў маё прашэнне (папугай Шышковых - Л. Л.). Масціты віноўнік свята быў вельмі задаволены; затым вечар перайшоў у баль; Шышкоў любіў, каб моладзь у яго танцавала» [191].

Расказвае Пшацлаўскi і адзін характэрны эпізод, у якім бачная розніца ў стаўленні да людзей ніжэйшых саслоўяў у Еўропе і ў Расіі. У Пецярбургу жыў англічанін, настаўнік спеваў Кельнер, пазашлюбны сын караля Георга III. Не жадаючы мець прывілеі, якія яму належалі як пазашлюбнаму сыну караля, ён змяніў прозвішча і, каб нішто не нагадвала яму ненавіснага паходжання, пасяліўся з жонкай у Пецярбургу, дзе набыў вялікую практыку. Зрэшты, у Пецярбургу ўсе ведалі пра яго паходжанне.

Юлія Восіпаўна якраз рыхтавала мужу сюрпрыз і таму брала ў англічаніна ўрокі спеваў. Аднойчы падчас урока гаспадыні далажылі, што стараста прывёз чынш з іх вёскі. Яна прасіла настаўніка крыху пачакаць і выйшла да старасты. Той, па тагачасным сялянскім звычаі, упаў Шышковай у ногі. Убачыўшы гэта праз анфіладу пакояў, «Кельнер з моцным англійскім словам ускочыў з крэсла, надзеў капялюш і так прайшоў праз усе пакоі, а ў апошнім абняў ашаломленага мужыка са словамі: «Рoor brother!» [192] і, звяртаючыся да гаспадыні дома, сказаў: «Міласцівая матухна, калі б я мог чакаць, што ўбачу ў вас такое варварства, такое прыніжэнне чалавечай прыроды, дык нага мая не пераступіла б вашага парога. Не чакайце мяне больш». Кельнер з лютасцю распавядаў нам пра гэта, і мы дарэмна стараліся супакоіць яго; нявінную Шышкову ён зненавідзеў» [193].

Здаецца, і пасля жаніцьбы з міністрам Юлія Восіпаўна мела каханкаў. Зямляк Шышковай Фадзей Булгарын у канцы 1831 г. у паперы, састаўленай для III аддзялення, пісаў пра нейкага Дабецкага, які «каханак Шышковай, нячэсаны адвакат, інтрыган і жулік...» [194]. У другой запісцы ён даў такую характарыстыку Дабецкаму: «... служыць у міністэрстве асветы і ў розных камісіях і камітэтах. Вялікі інтрыган, чалавек падазроны і ненадзейны. Пратэжыраваны сп. Шышковай. Паспеў нахапаць крыжоў, чыноў і сабраць багацце» [195].

Цікава, што раней і сам Фадзей Булгарын як «паляк», разам з Шышковай, выклікаў падазрэнне III аддзялення. Так, у 1827 г. «ўсплыла» справа, яшчэ ў 1823 г. ініцыяваная Навасільцавым, які абвінавачваў «палякаў», што жывуць у Пецярбурзе, у варожай дзейнасці супраць Расіі [196]. Да таго ж і сам Булгарын быў нейкім сваяком Шышковай і ў мемуарах на схіле гадоў пісаў пра яе: «Тады міністрам асветы быў Аляксандр Сямёнавіч Шышкоў, які жорстка ненавідзеў М. І. Грэча [197] ... ... Мяне Шышкоў паважаў, бо быў жанаты з маёй сваячкай, народжанай Нарбут, у першым замужжы Лабаржэўскай. Мая разумная кузына ўладзіла справу, запэўніўшы, што маё шчасце залежыць ад сяброўства з Грэчам, і Шышкоў пагадзіўся зрабіць прадстаўленне гасудару аб дазволе выдаваць нам газету «Паўночная пчала» ... Мала таго: Шышкоў паехаў да графа Аракчэева, які ... паважаў яго, і прасіў далажыць гасудару пра дазвол выдаваць «Паўночную пчалу», назваўшы мяне сваяком ... сваёй жонкі» [198].


Станіслаў Мараўскі зрабіў запіс у дзённіку пра смерць Юліі Шышковай 6 ліпеня 1849 г. Смерць яе была вельмі хуткай: на працягу некалькіх гадзін памерла ад халеры, эпідэмія якой ужо некалькі гадоў лютавала ў імперыі. «Гэта была дзіўная жанчына, каля васьмідзесяці гадоў яе цела і душа ішлі рознымі шляхамі, яе вялікія памылкі, як звычайна, праз нейкі час забыліся на тле дабра, якое яна зрабіла ў глыбокай старасці, у той непрацяглы час, калі нарэшце яе ўжо адпусцілі грахі, бо яна доўга, доўга трымалася за іх абедзвюма рукамі і расстацца з імі ніяк не магла. Гэта наша Нінон дэ Ланкно [199], гэта наша сучасная Аспазія, яна памерла з вялікая пакорай ды з нейкім богабаязным зычэннем і прагай смерці. Яе апошнія словы да тых, хто стаяў каля ложка, былі: «Comme le cholera est bon ... on en meurt» [200]. Мне пішуць, што да самага канца яна захавала тую абаяльнасць твару, якая разбіла столькі сэрцаў. Але вось якое дзіва - смерць так амаладзіла яе рысы, што тыя, хто яе не ведаў, а бачыў толькі пасля смерці ў труне, давалі ёй дваццаць пяць ці найбольш трыццаць гадоў» [201].

Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў пахавана на Волкаўскіх лютэранскіх могілках Пецярбурга [202].


На жаль, да гэтага часу не выяўлены партрэты ніводнай з нашых Нарбутоўнаў. Не маем і партрэта Юстына Нарбута. Вядома толькі, што партрэт Юліі Шышковай з Нарбутаў знаходзіўся ў калекцыі Тэадора Нарбута, Уладзіслаў Сыракомля паведамляў, што гісторык меў: «Партрэт Юліі Шышковай з Нарбутаў, жонкі былога міністра асветы, пэндзля Марэчла Бачарэлі (1731-1818), які надаў ёй міфалагічную постаць Венеры» [203]. Сам Тэадор у лісце да свайго сябра, віленскага доктара Рэніера пісаў наступнае: «Арыгінал карціны Бачарэлі, партрэт маладой жанчыны ў выглядзе Венеры. Хацеў бы паказаць яе Азямблоўскаму і параіцца аб рэстаўрацыі яе пашкоджаных частак, неабходна яе пакрыць лакам і г. д. Можа, Рыпінскі-старэйшы ўзяўся бы за гэтую працу, хацеў бы, каб гэта была рука майстра, якая не сапсуе карціну знакамітага мастака» [204]. Было б цудам, каб гэтая карціна захавалася недзе да нашага часу.

***

Я моцна шкадую, што Юлія Шышкова не пакінула ўспамінаў. На яе вачах рабілася гісторыя. Знаходзячыся ў самых вярхах грамадства, яна бачыла, як рушылася Рэч Паспалітая, яна перажыла войны Напалеона, пры ёй раскручвалі справу філаматаў і філарэтаў у Вільні, яна належала да вяршкоў пецярбургскага свету. Чалавек вострага інтэлекту, Юлія Восіпаўна не магла не думаць пра свае мемуары, але, верагодна, раптоўная смерць не дазволіла рэалізаваць планы, і ўсе шматлікія таямніцы, якія яна захоўвала, назаўсёды пайшлі разам з ёй. Менавіта таму гэты артыкул пра маю зямлячку я вырашыў амаль што цалкам скласці з успамінаў пра яе, напісаных іншымі людзьмі.



[1] Галоўнае, гл: Лаўрэш Леанiд. Аляксандра Нарбут - акадэмiк Берлiнскай акадэмii навук // АСОБА і ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 4. 2011; Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122; Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.

[2] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. Москва, 1998. С. 49-50.

[3] Гл. Інвентар маёнтка Хадзілоні 1760 г. // АВАК. Т. 35. С. 89-94.

[4] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 10.

[5] Alexandra Narbutówna (у Балінскага - з адным «t», у іншых крыніцах - з двума).

[6] Balinski Michal. Dawna academia Wilenska. Petersburg, 1862. S. 322. // Wszakże mało może zważano na, to cu czytał, bo właśnie wtenczas w Wilnie każdy światły mieszkaniec, albo majncy pretensya do nauki, mocno był zajęty osobliwa wiadomością, która tylko co rozeszła się w mieście, że znajoma wszystkim z talentów i nauki, zacna litewska panna, Alexandra Narbutówna, podkomozanka lidzka, wybrana została na towarzyszkę akademii nauk w Berlinie, na posiedzenia jej dnia 19 stycznia r. 1788, i patent na to z rak książecia Henryka pruskiego otrzymała. Pochlebiało to wielu osubom, a mianowicie całej licznej rodzinie, dziwiło niektórych jako nieoswojonych z tym rodzajem zaszczytu dla kobiet, a w innych nawet, jak to nieraz bywa na świecie, obudzalo uczucie jakiejś zazdrości, jeżeli nie szyderstwa.

[7] Londa Schiebinger: Schöne Geister: Frauen in den Anfängen der modernen Wissenschaft. Stuttgart. 1993. S. 151.

[8] Нарбут А. Н. Нарбут Н. И. Нарбуты Лидские // Наш Радавод. Кніга 6. Ліда. 1994. С. 44-45.

[9] Тым не менш, відочна, Крашэўскі карыстаўся гэтымі мемуарамі калі пісаў сваю шматтомную «Польшчу пад час трох разбораў...» (Józef Ignacy Kraszewski. Polska w czasie trzech rozbiorow, 1772-1799).

[10] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 539.; Русский биографический словарь под ред. А. А. Половцова. М. 1910. Т. 15. С. 61.

[11] Reymont Władysław. Ostatni Sejm Rzeczypospolitej. Warszawa, 1913. S. 48, 185.

[12] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego... Warszawa. 1890. Т. 11. S. 561.

[13] Пацюпа Юры. Tahafut al-Tahafut // Arche. 2006. №4. С.205.

[14] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. 5., S.491. «Ostrow w powiecie Lidzkim, na zachód Lidy niedaleko Myta, za lewym brzegiem rzeki Dzitwy, niegdyś ogromna majętność skarbu litewskiego, gdzie były pałace obszerne, jak dotąd fundamenta i sklepy przekonywają, ogrod owocowy miał zawierać w sobie 9 morgów przestrzeni, pod ostatnie czasy należała do Tadeusza Narbutta, Podkomorzego Lidzkiego. Dziś w zdrobnieniu przez exdywizye jest niewielkim folwarkiem ... ».

[15] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912. S. 486.

[16] Гл: Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Гістарычны альманах. 2007. Т. 13. С. 109-118.

[17] Narbutt Miron Bronisław. Lida i Lidziane. // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[18] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S. 8-9.

[19] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 539.

[20] Цыт па: Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. Warszawa, 1978. S. 10.

[21] Там жа. S. 11.

Ізабэла Любамірская з Чартарыскіх (1733 ці 1736-1816) - арыстакратка, мецэнатка і калекцыянерка твораў мастацтва эпохі ракако. Сястра Адама Казіміра Чартарыскага. Ва ўласнасці Ізабелы Любамірскай знаходзіліся варшаўскія палацы ў Вілянуве, Урсынаве і «Mon Coteau» (фр. «Мае ўзгоркі») ў Мокатуве. Яна паклала краевугольны камень у будынак Нацыянальнага тэатра ў Варшаве. Была адна з самых вядомых жанчын у Рэчы Паспалітай XVIII ст., прымала актыўны ўдзел у палітыцы свайго часу.

[23] Adam Jerzy Czartoryski. Pamiętniki i memoriały polityczne 1776-1809. Warszawa. 1986. S. 78-79.

[24] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach, S. 11-16.

[25] Рапнін Мікалай Васілевіч (1734-1801), расійскі ваенны i дзяржаўны дзеяч, генерал-фельдмаршал (1796 г.), князь.

[26] Marian Dziewanowski. Książę wielkich nadziei: Biografia księcia Adama Czartoryskiego. Wrocław, 1998. S. 20-24.

[27] Gabriela Pauszer-Klonowska, Pani na Puławach, S. 65-66.

[28] Віленскі каралеўскі астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі нават вылучыў новае сузор'е: Цялец Панятоўскага («Taurus Poniatovii», або «Taureau royal de Poniatowski», назва сузор'я паходзіць ад герба караля) па суседстве са Шчытом Сабескага. Цялец Панятоўскага размяшчаўся паміж сузор'ямі Змеяносца i Арла i ўключаў V-падобную групу зорак. Пачобут лічыў iх падобнымі на зорны збор Гіяды ў сузор'i Цялец, што i дало астранамічную падставу да вылучэння на небе сузор'я з такой назвай. Гэты падарунак вучоны зрабіў свайму аўгусцейшаму патрону дзеля праслаўлення ягонага імя. Спачатку Цялец Панятоўскага прыжыўся на зорных картах, але пасля сузор'е было скасавана і не ўваходзіць у сучасны спіс сузор'яў. Аднак чатыры зоркі гэтага скасаванага сузор'я (66, 67, 68, 70 Oph (Змеяносец)) у сучасных зорных атласах адзначаны як адкрыты зорны збор (open clusters) Mel 186 (Cr 359). - гл. Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміі. Мінск, 2013. С. 47-48.

[29] Лаўрэш Л. Л. Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда. Гродна, 2023. С. 34.

[30] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 32-36.; Marian Dziewanowski. Książę wielkich nadziei. S. 29.

[31] Гатэль Ламбер (фр.: Hotel Lambert) - прыватны асабняк XVII ст. у цэнтры Парыжа на востраве Сен-Луі, гістарычны помнік Францыі. У пераносным сэнсе «Гатэль Ламбер» - найменне кансерватыўнай часткі польскай эміграцыі сярэдзіны XIX ст. ў Парыжы, бо з 1843 г. гатэль Ламбер быў палітычным штабам і культурным цэнтрам эмігранцкай дыяспары ў Францыі на чале з Адамам Ежы Чартарыскім і яго братам Канстанцінам.

[32] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 35-48.

[33] Гэты дэ Лазен быў каханкам фаварыткі караля Францыі Людовіка XV, вядомай як маркіза Пампадур, сярод іншых, яго каханкамі былі Алена Радзівіл (1753-1821, жонка віленскага ваяводы Міхала Гіраніма Радзівіла) і Ізабела Чартарыская, якая нарадзіла ад яго свайго сына Канстанціна. Лазен не сумняваўся ў сваім бацькоўстве, і сучаснае генетычнае даследаванне паказала, што ў генатыпе Канстанціна Чартарыскага няма паўночнаеўрапейскай галагрупы, якую павінны былі мець Чартарыскія - Гедымінавічы.

[34] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 41-48.

[35] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825) . Warszawa, 1924. S. 135-136.

[36] Гл: Фукс Эдуард. Галантный век. Москва, 1994.

[37] Адам Чарторижский. Мемуары. Москва, 1998. С.15-16.

[38] Danuta Wójcik-Góralska. Władztwo księżnej Izabeli, Książka i Wiedza. Warszawa. 1967. S. 85.

[39] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 52.

[40] Cz. J. Stanisław August Poniatowski w gościnie u księcia "Panie Kochanku". Karta z dziejów Nieświeża // Słowo. 1926. № 251.

[41] Julian Ursyn Niemcewicz. Pamiętniki czasów moich. T. I. Gdańsk, 2000. S. 51.

[42] Там жа. S. 49-66.

[43] Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся ў Воўчыне, і некаторы час яго парэшткі знаходзіліся ў тамтэйшым касцёле. Гл: Мацкевіч Юзаф пра вяртанне ў 1938 г. парэшткаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Ленінграда // Наша слова.pdf № 27 (79), 5 ліпеня 2023.

[44] Julian Ursyn Niemcewicz. Pamiętniki czasów moich. T. I. S. 33.

[45] Danuta Wójcik-Góralska. Władztwo księżnej Izabeli. S. 94-107.

[46] Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. Москва, 2005. С. 44.

[47] Адам Чарторижский. Мемуары. С.20.

[48] Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. С. 44.

[49] Адам Чарторижский. Мемуары. Москва, 1998. С. 28.

[50] Zofia Gołębiowska. Oświata i wychowanie w Puławach oraz kluczu końskowolskim w czasach Czartoryskich. Puławy. 2005. S. 35.

[51] Zofia Gołębiowska. Oświata i wychowanie w Puławach oraz kluczu końskowolskim w czasach Czartoryskich. S. 36.

[52] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.177. // У 1793 г., Канстанцыя была ужо замужам, "pp. Dembowscy": "Pierwszy stol panski: JO ksiestwo, ksiazeta mlodzi, ksiezna Wirtemberska, pp. Dembowscy, marszalek, Skuczewicz, Rembielinski, Kniaznin, Gutowski, Szpinek, Zalewski, Ciesielski, Orlowski major, ks. Piramowicz, panna Narbutowna, Gasparowna, p. Kling, p. Ferber, ksiezniczka Zofia, Madame Petit, pp. staroscianka (Stadnicka) i Bardeleben, przyjaciol lub gosci 7 osob przecietnie codzien".

[53] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.117. // "Pannami ksiezny byly dwie siostry Narbuttowny dwie panny Paszkowskie, francuzka panna Parisot, i do pilnowania malych dzieci pani Pichel z corka".

[54] Maria Tomkiewiczowa, Władysław Tomkiewicz. Dawna Polska w anegdocie. Warszawa, 1968. S.287-288. // "U Czartoryskich w Puławach przez pewien czas przebywała w charakterze rezydentiki panna Aleksandra Narbuttówna. Była ona przez wszystkich szanowana i lubiana, jednakże książę Adam nie mógł jej darować tego, że ustawicznie zażywała tabakę. Toteż mawiał on o pannie Aleksandrze:

- Zęby inne członki u naszej panny Aleksandry tak jak nos były niewstrzemięźliwe, co by to za panna była!"

[55] Адам Чарторижский. Мемуары. С. 18.

[56] Там жа. С. 15.

[57] Gabriela Pauszer-Klonowska. Pani na Puławach. S. 94-107.

[58] Dwór kobiecy w Rzeczypospolitej XVII i XVIII wieku. Kraków. 2021. S. 279.

[59] Jan Sowiński. O Uczonych Polkach. Warszawa, Krzemieniec i N. Gluncksber, 1821.

[60] Fielix Bentkowski. Historya literatury polskiej w spisie dziel drukiem ogloszonych. Warz. i Wilnia, 1814 S. 566.

[61] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. IV. Warszawa, 1828. S.5.

[62] У лідскім фарным касцёле раней было 4 абразы пэндзля гэтага вялікага майстра, зараз застаўся 1 абраз. Гл: Лаўрэш Леанід. Новае пра лідскі фарны касцёл, замак і абразы пэндзля Смуглевіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 2 (94). С. 55-58.

[63] Dwór kobiecy w Rzeczypospolitej XVII i XVIII wieku. Kraków. 2021. S. 274-275.

[64] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. III., Lipsk. 1837. S. 7.

[65] Dzeila Franciszka Dyonizego Kniaznina. T. II., Warszawa, 1828. S. 32.

[66] Skrzydlata Polska. 1984. № 6.

[67] Фрагменты:

[...] Kto by się kiedy tej spodziewał myśli,

Żebyśmy mieli po powietrzu latać?

Ku temu już ludzie na ostatek przyśli,

Że się dziś mogą z ptakami pobratać.

Cudowną Banię pióro me okryśli,

Jak ma wybujać i wiatry zamiatać.

Śpiewam tę Radę co ją budowała:

Dowcip tu pracą i nagrodą chwała.


[...] Lecz co zna dobrze świat stary i nowy,

Co myśli pięknie i co gładko pisze:

Z temi się ozwie Kliodora słowy:

Przezacne siostry, baczni towarzysze,

Czegoż to ludzkie nie wymyślą głowy?

Nowych klęsk sobie szukają, jak słyszę.

Ej, niebezpieczne z powietrzem frymarki:

Wieluż to z niego postrącało karki!


[...] Otóż i bania idzie znamienita,

Czterema poważnie wzniesiona ramiony,

Lud ją okrzykiem i klaskaniem wita,

We dwa szeregi dla niej ustawiony.

Kępa pospólstwem jak mrowiem okryta,

Pełne są chłopców dęby i jesiony.

Filusia każdy z nich oglądać drze się,

Co go na barkach Kliodora niesie.

[68] Людвіг Фрыдрых Аляксандр Вюртэмбергскі (1756-1817). У 1784 годзе ажаніўся з Марыяй Чартарыскай і быў прызначаны галоўнакамандуючым арміі ВКЛ, у 1790 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта. У 1792 г. падчас вайны з Расіяй паводзіў сябе пасіўна, сказаўся хворым, адмовіўся ваяваць супраць расейцаў і пакінуў войска. У 1793 г. Марыя Чартарыская падала на развод.

[69] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S. 9-11.

[70] Там жа.

[71] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. T. I. S. 12.

[72] Там жа. S. 13.

[73] Puławy (1762-1830). Monografia z życia towarzyskiego, politycznego i literackiego na podstawie archiwam ks. Czartoryskich w Krakowie. Opracował Ludwik Dębicki. Lwów. 1887. T.1. S.255. // W towarzystwie księżny była panna Aleksandra Narbuttówna, ... siostra pani Dembowskiej i równie jak ona wychowanica Puław. ... przybywa księżna z końcem grudnia do Berlina. Tu już nie żył Fryderyk Wielki, ale stosunki na dworze przed dwoma laty zawiązane, nie uległy zmianie, owszem na dobre przyjęcie księżny nie była może bez wpływu sytuacya polityczna. Wszak gabinet i dwór berliński starał się w tej właśnie porze obradującego sejmu jednać sobie popularność w Polsce i zaufanie stronnictwa, do którego mąż księżny jenerałowej należał.

[74] Jerzy Michalski. Opozycja magnacka i jej cele w początkach Sejmu Czteroletniego // Sejm Czteroletni i jego tradycja. Warszawa, 1991. S. 56.

[75] Копелевич Ю.Х. Возникновение научных академий. Середина XVII-середина XVIII в. Ленинград. 1974. С. 98.

[76] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S.19.

[77] Бензярук Анатоль. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. Брэст, 2006. С. 66.

[78] Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 539.

[79] Dembowski Leon. Moje wspomnienia. 1898. Petersburg. T. I. S.40.

[80] Там жа. S. 100-101.

[81] Там жа. S. 16-17.

[82] Whelan Agnieszka. Gesture and Performance: Princess Izabela Czartoryska and her Gardens, 1770-1831. Doctoral thesis (Ph.D), UCL (University College London). 2013. S. 174.

[83] Храм Сібілы (Swietynia Sybilli) у Пулавах. Адна з самых вядомых пабудоў палацавага парку Пулаў. Круглы гмах стаіць на высокай набярэжнай Віслы. Пабудаваны на мяжы XVIII і XIX ст.ст. па загадзе княгіні Ізабэлы Чартарыскай па праекце Крысціяна Пятра Айгнера. Створаны на ўзор храма Весты ў Цівалі, Італія. - Л. Л.

[84] Маюцца на ўвазе «Rozrywki dla Dzieci» - першы польскі часопіс для дзяцей, які выдаваўся ў Варшаве ў 1824-1828 гадах Клеменцінай Гофман з Таньскіх. - Л. Л.

[85] Скульптурную групу Танкрэда і Кларынды, згодна з успамінамі Леана Дэмбоўскага, княгіні Чартарыскай ахвяраваў не Казімір Жавускі, а князь Станіслаў Ябланоўскі, які купіў яе за 1500 дукатаў пасля караля Станіслава Аўгуста і загадаў паставіць ноччу ў ніжнім садзе Пулаваў

[86] Скульптура выканана на сюжэт эпічнай паэмы знакамітага італьянскага паэта XVI ст. Тарквата Тасо «Вызвалены Іерусалім» (1575 г.). У паэме апісваецца падзея Першага крыжовага паходу (1096-1099), які завяршыўся ўзяццем рыцарамі-крыжакамі Іерусаліма. Ваяўнічы рыцар, удзельнік крыжовага паходу Танкрэд пакахаў дзяўчыну Кларынду, якая ваявала на баку сарацынаў (мусульман). Не пазнаўшы яе ў латах, Танкрэд смяротна параніў яе. Па сюжэце, перад смерцю Кларында пажадала прыняць хрысціянства, і Танкед, набраўшы вады для хрышчэння ў шлем, усё ж пазнаў яе. - Л. Л.

[87] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.

[88] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[89] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.

[90] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[91] Гл: LVIA. F. 394. Ap. 4. B. 757. L. 1-11. Статистическое описание усадьбы Юршишки. 1846-1849.

[92] Reda Griškaitė. Dvaras kaip "archyvas": bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4-7 d.) // Metai. 2016. № 10. Vilnius. P. 136-138.

[93] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 108.

[94] Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego, z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce, wyciąg z różnych notacjów i manuskryptów. T. 2. Wilno, 1842. S. 97.

[95] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.

[96] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[97] ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.

[98] Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37-44.; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.

[99] Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.

[100] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 49-50.

[101] Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.

[102] LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r-105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875.

[103] Гл: Лідскі летапісец. 2024. №1-2(105).

[104] LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r-105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875. Lap. 105.

[105] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 11, 49-50.

[106] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 13.

[107] Таргавічанін, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі - саюза магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788-1792 г., які выкарыстала Расійская імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзяржаўнага ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі быў падпісаны 27 красавіка 1792 г. у Санкт-Пецярбургу і фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792 г., праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую.

[108] Kamilla z Narbutów Jurewiczowa. Z Druskienik. Orany, Merecz, Druskieniki // Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260.

[109] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 532-533.

[110] Шымялевіч М. Збор твораў. уклад. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 106.

[111] [Monczuńska z Narbuttów, Teodora]. Zapiski córki ś. p. Teodora Narbutta z papierów, [каля 1880 m.] LVIA. F. 1135. Ap. 11. B. 19. Lap. 125v-126v.

[112] Biruta (Amelia Derewińska). Dożynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisła. 1889. T. III. z. 1. S. 92-94.

[113] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 532-533.

[114] Там жа. S. 532-533.

[115] Там жа. S. 533.

[116] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 78.

[117] Цыт. па: Konstanty hr. Tyszkiewicz. Wilija i jej brzegi. Pod względem hydrograficznym,historycznym, archeologicznym i etnograficznym. S. 17.

[118] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[119] Polski Słownik Biograficzny. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1960-1961. T. IX. S. 32-33.

[120] Феліцыян Выкоўскі (1728-1784, за дасягненні ў астраноміі і матэматыкі яго называлі «Капернікам», а пра яго, як пра паэта, казалі: «Што ў Польшчы - Нарушэвіч, то ты - у Літве».

[121] Ślusarska Magdalena. Felicjan Wykowski (1728-1784) : zapomniany poeta z wileńskiego środowiska pijarów litewskich // Napis. Pismo poświęcone literaturze okolicznościowej i użytkowej, 1999, T. 5. S. 81-82.

[122] Dziełem to jest natury, gdy z swej szczodrej ręki

Dla pięknej płci szafuje powaby i wdzięki,

Lecz że te są doczesne, więc nie na tym sztuka:

Nieśmiertelną ją czyni cnota i nauka.

Ta to jest chęć chwalebna! Ta cała przyczyna,

Czemu książki tlómaczy lidzka chorążyna:

Prócz wybornych przymiotów duszy, serca, ciała,

Będzie z dzieł swych rozumnych nieśmiertelność miała!

[123]Літаратурны краязнаўчы даведнік па Лідскім раёне ад Адама Мальдзіса // Лідскі летапісец. 2023. №2(102). С. 73.

[124] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 540.

[125] Reda Griškaitė. Dvaras kaip "archyvas": bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4-7 d.). P. 138.

[126] Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia lidzka. 2002. №1(48).

[127] Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia Lidzka. 1937. №9. S. 99.

[128] Michał Szymielewicz. Białohruda // Ziemia lidzka. 2001. № 2(45).

[129] Апошні лідскі крайчы Караль Нарбут, намінаваны 18.01.1790 г. (Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warszawa, 2004. T. 1. S. 333.) Караль Нарбут - родны брат Яўхіма, бацькі гісторыка Тэадора Нарбута.

[130] Імператар Павел 18 лістапада 1796 года прысвоіў 62-гадоваму Рапніну чын генерал-фельдмаршала, а ў 1798 г. звольніў яго са службы. Гэта таксама дазваляе датаваць падзеі ў Перапечыцы паміж 1796 і 1798 гадамі.

[131] Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia lidzka. 2002. №1(48).

[132] Narbutt Miron Bronisław. Lida i powiat lidzki z przed stu laty. Armije małżeńskie // Ziemia Lidzka. 1937. №9. S. 99.

[133] 5 лютага 1842 г. Нарбут пісаў свайму сябру доктару Рэніеру: «Кажуць, што прэлат Гразмані памёр. Пакінуў ён старажытныя рэчы, для мяне там цікавы толькі каменныя молаты (каменныя сякеры - Л. Л.) - два ці тры, астатняе не цікава. Можа ведаеш Далецкага, гэта мой кузэн і ўнук нябожчыка, сын яго пляменніцы, трэба яго папрасіць пра молаты. Ёсць і яго пляменнік Яўстах Гразмані, мой знаёмец з Лідскага павета, але не ведаю, каму гэтыя рэчы запісаны тастамантам». - цыт па: Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[134] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 19, 49-50.

[135] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.

[136] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 24.

[137] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.

[138] Griškaitė Reda. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų. P. 264.

[139] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 29, 33, 49-50.

[140] Гл: Reda Griškaitė. Moteris ir istorija: Kamilės Narbutaitės patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

[141] Аповесць «Мечыслаў і Стэфанія» згадвае ў сваіх успамінах Табенская - Гл: Табенская Альжбета. З долі і няволі. Успаміны выгнанкі // Лідскі Летапісец. 2020. № 2 (90). С. 80.

[142] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.

[143] Jurewiczowa Kamilla z Narbuttow. Restytucya. Obrazek litewski. Wilno, 1862.

[144] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260-261.

[145] Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 54-55.

[146] Нарбут А.Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. C. 13-14., 19.

[147] Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1977. S. 540.

[148] Нарбут А.Н. Нарбуты Гродненской губернии. С. 18-19, 50.

[149] Polski Słownik Biograficzny. Т. XVIII. S. 370-372.

[150] Józef Ignacy Kraszewski. Polska w czasie trzech rozbiorow, 1772-1799: studya do historyi ducha i obyczaju Warszawa, Nakl. Gebethnera i Wolffa, 1903. T. 3. 1791-1799, S. 308.// "... Pięknością odznaczały się, podskarbina litewska Ogińska, hr. Potocka, kasztelanowa Ożarowska, księżna Czetwertyńska, baronówna Heiking, panna która Narbuttówna przybyła z księżną Radziwiłłową, i wiele innych. Mnóstwo panien szukało mężów na tych ruinach. Była to chwila, gdy z Francyi przybyły mody greckie, suknie przezroczyste, podpinane, wdziewane bez koszuli, obnażone nóżki pierścieniami okryte... Markiza Lullie, jakoby emigrantka francuzka, znakomitej rodziny, pierwszą się zjawiła w Warszawie w tym stroju.... stan natury przypominającym. W Grodnie równie ją, jak jej brylanty wielbiono.

[151] Józef Ignacy Kraszewski. Polska w czasie trzech rozbiorow, 1772-1799: studya do historyi ducha i obyczaju Warszawa, Nakl. Gebethnera i Wolffa, 1903. T. 3. 1791-1799, S. 606. // "Stary Repnin, którym, pomimo wieku rządziła piękna panna Narbuttówna i zręczny jej ojciec, o czem głośno mówiono, okazywał się czasami tak ludzkim, że - właśnie w tych latach, jako wielce dobroczynną istotę opiewał go - Karpiński...".

[152] Боленко К. Г., Лямина Е. Э. Из семейной переписки А. С. Шишкова [Вступительная статья] // Пушкин и его современники Сб. науч. трудов Под ред. Е. О. Ларионовой. СПб., 2005. С. 79.

[153] Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. S. 533.

[154] Русский биографический словарь. Санкт-Петербург, 1902. Т. 13. С. 527.

[155] Список состоящим в гражданской службе чинам шестого и седьмого классов на 1798 г. СПб, 1798. С. 84.

[156] Гейкинг К. Г. Дни императора Павла. Записки курляндского дворянина. СПб. 1907. С. 17.

[157] Герцаг Павел (Паўль) Карл Фрыдрых Аўгуст Вюртэмбергскі (1785-1852) - прынц Вюртэмберга. У эпоху напалеонаўскіх войн генерал-маёр расійскай службы..

[158] Цыт. па: Поляки в Петербурге в первой половине XIX века. Москва, 2010. С. 787-788.

[159] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. S. 10.

[160] Яе першы муж Лабаржэўскі меў расійскі чын «стацкі дарадаца» і таму яе можна было называць «генералава». - Л. Л.

[161] Аўтар памыляецца, Энеа Сільвіа Пікаламіні у сваім «Апісанні Польшчы, Літвы і Прусіі» не меў на ўвазе толькі род Нарбутаў, а наогул звычаі ў Літве, ён пісаў: «Шляхетныя матроны маюць мужчын, якіх яны называюць памагатымі ў шлюбе».

[162] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825). S. 10-11.

[163] Pamiętniki dra Józefa Franka. T. 2. Wilno, 1913. S. 64.

[164] Маецца на ўвазе лідскі харунжы, палкоўнік Юзаф Нарбут (каля 1780 г. н.) стрыечны брат Юліі, які нейкі час быў жанаты на Ганне Радзівіл (з Жырмунскіх Радзівілаў). У 1810-1816 гг. - суддзя віленскага ніжэйшага земскага суду і, верагодна, менавіта ў тады і адбывалася гэта гісторыя.

[165] Аспазія (каля 470-400 да н. э.) - адна са славутых жанчын старажытнай Грэцыі, каханая жанчына Перыкла, вялікага палітычнага дзеяча старажытных Афін. Адрознівалася прыгажосцю, грацыяй, прыродным розумам і адукаванасцю. Яе дом у Афінах быў месцам збору ўплывовых і выбітных па розуме і таленце людзей.

[166] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825) . S. 422-424.

[167] Боленко К. Г., Лямина Е. Э. Из семейной переписки А. С. Шишкова. С. 79.

[168] Bazylow L. Polacy w Petersburgu. Wrocław, 1984. S. 178.

[169] Пшацлаўскі Восiп (1799-1879), журналiст, нарадзіўся ў Слонiме.

[170] Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамiнаў. Мiнск, 2012. Т. 1. С. 153-154.

[171] Там жа. С. 154.

[172] На пасаду прэзідэнта Акадэміі Расійскай (не блытаць з Акадэміяй навук) Шышкоў быў прызначаны ў траўні 1813 г. Гэтая Акадэмія створана ў 1783 г. як цэнтр па вывучэнні рускай мовы і славеснасці. Пасля смерці прэзідэнта А. С. Шышкова была далучана да імператарскай Акадэміі навук і з 19 кастрычніка 1841 г. стала «другім» Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Імператарскай Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук (такім чынам у Акадэміі навук стала тры аддзяленні).

[173] Сваяк фельдмаршала М. І. Кутузава, генерал-лейтэнант.

[174] Видок Фиглярин. Письма и агентурные записки Ф. В. Булгарина в III отделение. Москва, 1998. С. 149.

[175] Там жа.

[176] Полежаева Т.В. «Ходил я в католицкую здешнюю церковь слушать музыки и пения»: к вопросу о характере религиозности АС Шишкова // Вестник Томского государственного университета. История. 2013. №1 (21). С. 65-66.

[177] Поляки в Петербурге в первой половине XIX века. С. 420.

[178] Егерева Т. А. «Вдохновенная чистой любовью, ты мой ангел-покровитель, главный по Боге»: русские консерваторы начала XIX века в личной жизни // Социальная история: ежегодник. 2011. СПб., 2012. С. 27.

[179] Там жа.

[180] Там жа. С. 29.

[181] Егерева Т. А. «Вдохновенная чистой любовью, ты мой ангел-покровитель, главный по Боге». С. 37.

[182] Там жа. С. 38.

[183] Пушкин А. С. Переписка, 1832-1834 // Пушкин А. С. Полное собрание сочинений. Т. 15. Переписка, 1832-1834. Москва 1948. С. 170.

[184] Фадзей (Тадэвуш) Булгарын (1789-1859) - пісьменнік, журналіст, выдавец першай прыватнай грамадска-палітычнай штодзённай газеты ў Расіі.

[185] Поляки в Петербурге в первой половине XIX века. С. 17.

[186] Цётухна (фр.)

[187] Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 2. С. 180-181.

[188] Там жа. С. 180., 182.

[189] Каратыгін П. А. (1805-1879) - акцёр і драматург.

[190] Фёдараў Б. М. (1798-1875) - празаiк, паэт, журналiст.

[191] Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамiнаў. Т. 2. С. 182-183.

[192] Бедны брат (англ.).

[193] Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамiнаў. Т. 2. С. 183-184.

[194] Видок Фиглярин. Письма и агентурные записки Ф. В. Булгарина в III отделение. С. 429.

[195] Там жа. С. 432.

[196] Рейтблат А. И. Фаддей Венедиктович Булгарин: идеолог, журналист, консультант секретной полиции. Москва, 2016. С. 121.

[197] Мікалай Іванавіч Грэч (1787-1867) - пісьменнік, выдавец, рэдактар, журналіст, публіцыст, філолаг, перакладчык. З Ф. Булгарыным іх звязвалі шматгадовыя дзелавыя і сяброўскія адносіны. З 1825 года разам з Ф. Булгарыным выдаваў і рэдагаваў літаратурную і палітычную газету «Паўночная пчала».

[198] Русский архив. 1869. № 7. С. 1554.

[199] Нінон дэ Ланкло (фр. Ninon de Lenclos або Lanclos, сапраўднае імя Анна дэ л'Анкло - Anne de l'Enclos; 1615/1623 - 1705) - французская куртызанка, пісьменніца і гаспадыня літаратурнага салона. Праславілася сваёй прыгажосцю, незвычайным досціпам, а таксама тым, што захоўвала сваю выключную прывабнасць практычна да самай смерці на дзявятым дзясятку. Дэ Ланкло - сімвал адукаванай і незалежнай жанчыны, царыцы парыжскіх салонаў, у якой спалучаюцца розум і сэрца, прыклад нораваў XVII і XVIII стст.

[200] «Халера - гэта добра ... я паміраю» (фр.)

[201] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825). S. 385-386.

[202] Саитов В. И. Петербургский некрополь. Санкт-Петербург, 1913. Т. 4. C. 551.

[203] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy ze szkła, glony i kamienia. S. 4.

[204] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX