Папярэдняя старонка: Пясецкі Сяргей

Сяргей Пясецкі, служба ў паліцыі Сярэдняй Літвы, 1921 г. 


Аўтар: Максімюк Дыяна,
Дадана: 23-07-2024,
Крыніца: Максімюк Дыяна. Сяргей Пясецкі, служба ў паліцыі Сярэдняй Літвы, 1921 г. // Наша слова.pdf № 30 (134), 24 ліпеня 2024.

Спампаваць




Ад перакладчыка: у 2020 г. на партале "Прыпынак гісторыі" (przystanekhistoria.pl) з'явіўся цікавы артыкул пра Сяргея Пясецкага, аўтар артыкула - Дыяна Максімюк. Прапаную свой пераклад.

Вільня і паліцэйская служба

Невядомая старонка з біяграфіі Сяргея Пясецкага.

У Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве ў Вільні захоўваецца тэчка пад назвай "Асабістыя справы Сергія Пясецкага". З яго зместу даведваемся, што ў 1921 г. пісьменнік нядоўга служыў у дзяржаўнай паліцыі на Віленшчыне.

Старонкі анкеты Сяргея Пясецкага (з przystanekhistoria.pl).

За некалькі дзён да 12 траўня 1921 года малады падхарунжы падаў заяўку на ўступленне ў шэрагі Дзяржаўнай паліцыі Сярэдняй Літвы. У рукапіснай анкеце для тых, хто паступаў на службу, ён заявіў, што ён нежанаты, беларус па нацыянальнасці, праваслаўнага веравызнання, скончыў 7 класаў гімназіі і школу падхарунжых.


Аўтар "Запісак афіцэра Чырвонай Арміі", 22-гадовы Пясецкі, пасля Рыжскай дамовы пасяліўся ў Вільні, дзе яму давялося жыць у цяжкіх умовах, цярпець галечу і займацца рознымі, не заўсёды легальнымі, справамі. Але гэта не выключала таго, што мы даведаліся з яго персанальнай тэчкі. Пасля дэмабілізацыі з арміі 12 траўня 1921 г. малады падхарунжы склаў анкету для паступлення ў Дзяржаўную паліцыю Сярэдняй Літвы. У рукапіснай анкеце для паступаючых на службу, ён пазначыў, што з'яўляецца кавалерам (нежатаным) беларускай нацыянальнасці і праваслаўнага веравызнання, скончыў 7 класаў гімназіі і школу падхарунжых. У частцы анкеты, датычнай яго прафесіі, Пясецкі напісаў: "Тэхнік і афіцэр", а ў частцы аб вайсковай і паліцэйскай службе, падаў звесткі пра 2 гады ў расейскай арміі, 14 месяцаў у Войску Польскім і 4 месяцы ў крымінальным аддзеле расейскай паліцыі ў якасці выведніка (у дадзеным выпадку, верагодна, тайнага агента - Л. Л.). Пясецкі не падае інфармацыі пра судовыя пакаранні і, маючы станоўчае заключэнне лекара аб яго здароўі, рашэннем квалiфiкацыйнай камісіі прыняты на службу. Члены камісіі падпісалі заключэнне 13 чэрвеня 1919 г. (верагодна, быў залічаны яго стаж службы ў польскім войску Л. Л.), і з гэтай даты ён лічыўся прынятым пастарунковым (шарагоўцам - Л. Л.) у 3-ці Камісарыят паліцыі Вільні.

Прыгода з паліцыяй скончылася гэтак жа хутка, як і пачалася. Праз два месяцы, загадам ад 31 ліпеня 1921 г. Пясецкі быў звольнены. Нас інтрыгуе не толькі асоба пісьменніка, але і абставіны яго звальнення. Праз тыдзень пасля пачатку службы, пастарунковы 3-га Камісарыята атрымаў 5-ці дзённы адпачынак з-за "хваробы страўніка".

У гэты перыяд, 8 ліпеня, ён падаў начальніку рапарт, у якім звяртаўся з просьбай дазволіць яму перайсці на службу ў следчы аддзел. Матывуючы гэтую просьбу, Пясецкі пісаў:

"[…] Мне не пасуе служба пастарунковым у знешняй паліцыі, бо ў следчым аддзеле я мог бы працаваць значна больш эфектыўна. Дадам яшчэ, што я ўжо працаваў у следчым аддзеле і ведаю працу выведніка".

У той жа дзень заява патрапіла ў каменду (управу - Л. Л.) Віленскай паліцыі, а адтуль у Галоўнай каменду дзяржаўнай паліцыі Сярэдняй Літвы, якая ў сваю чаргу 13 ліпеня накіравала яе вў Следчую ўправу Сярэдняй Літвы. Змест адказу мог быць чаканы з-за рэакцыі начальніка 3-га Камісарыята камісара Пяркоўскага. На просьбе пастарунковага ён чырвоным падкрэсліў фразу, што не бачыў перашкод для пераходу ў следчае ўпраўленне, але Пясецкі "саромеецца мундзіра паліцэйскага". Як быццам гэтага было недастаткова, супраць Пясецкага была распачата справа з-за адсутнасці на службе 12-13 ліпеня. Меркавалася, што гэта адбылося з-за кепскага стану здароўя маладога паліцыянта, пра што казала медыцынская даведка падпісаная доктарам А. Вінчам.

І менавіта гэта "вельмі падазроная" даведка, запусціла машыну праверкі. Пясецкі быў накіраваны ў Галоўную каменду Віленскай паліцыі, якая прызначыла яму медыцынскі агляд. Меркаванне лекара Галоўнай каменды дзяржаўнай паліцыі было адназначным - анемія патрабуе двухтыднёвага адпачынку ад працы. 5 жніўня адпачынак нават падоўжылі яшчэ на тыдзень. Тым часам ужо быў вядомы адказ Следчай управы і заключэнне Галоўнай каменды віленскай дзяржаўнай паліцыі.

Начальнік Следчай управы 18 ліпеня напісаў:

"Паліцэйскаму, які саромеецца паліцэйскага мундзіра, будзе сорамна несці службу ў паліцыі і тым больш паліцэйска-следчую, для якой ён безумоўна непрыдатны".

Карыстаючыся гэтым і дадаўшы аргумент пра слабое здароўе, віленскі камендант паліцыі, 28 ліпеня выступіў з хадайніцтвам аб звальненні Пясецкага, што і адбылося 31 ліпеня. Самы позьні датаваны дакумент (12 жніўня 1921 г.), які змяшчаецца ў асабістай справе пісьменніка, кажа, што пакідаючы службу ён "здаў раней выдадзеныя яму абмундзіраванне і зброю ў поўным парадку і камплектнасці".

Так скончыўся паліцэйскі эпізод у жыцці Пясецкага і яго "марам" пра службу выведнікам яшчэ трэба было пачакаць. Аднак, падобна, чаканне працягвалася нядоўга. Мара спраўдзілася ў жніўні наступнага года праз вярбоўку ў польскую ваенную разведку, т. з. Двуйку (Другі аддзел Генштаба, выведка - Л. Л.). Але гэта ўжо вядомая гісторыя...

Біяграфія (да 1921) паводле рукапіснай анкеты

Шукаючы працу ў паліцыі, акрамя заявы аб прыёме і асабістай анкеты, Пясецкі склаў таксама і старанна напісанае curriculum vitae (лац., аўтабіяграфію - Л. Л.). Чытаем у ёй, што будучы пісьменнік нарадзіўся 19 траўня 1899 г. (гэта яшчэ адна дата, якую можна дадаць да дзвюх раней вядомых дат: 1 красавіка 1901 г. і 1 чэрвеня 1899 г.) у Ляхавічах Наваградскага павета. Як сын дзяржаўнага чыноўніка Міхала Пясецкага (З Памятных кніжак Менскай губерні, бачым, што ў 1903 г. калежскі асэсар (чын, адпаведны капітану ў войску) служыў начальнікам паштова-тэлеграфнага аддзела ў Ляхвічах, у 1908 г. калежскі асэсар Пясецкі - начальнік паштова-тэлеграфнага аддзела ў Стоўбцах, у 1912 г. надворны радца Пясецкі - адзін з двух намеснікаў начальніка паштова-тэлеграфнай канторы ў Бабруйску. - Л. Л.), ва ўзросце 10 гадоў паступіў у Бабруйскую гімназію, адкуль па эвакуацыі апынуўся ў мястэчку Пакроў ва Уладзімірскай зямлі, дзе працягнуў адукацыю. З восьмага класа гімназіі, якую, як вядома, ён не скончыў, у 1917 г. паступіў на службу ў рускую армію. Быў паранены пад Баранавічамі і накіраваны на лячэнне ў Пяцігорск. Тут, пасля лячэння 4 месяцы служыў у крымінальным аддзеле расійскай паліцыі як выведнік. Затым у 1918 годзе вярнуўся ў Менск, скончыў школу тэлеграфна-тэлефонных наглядчыкаў і працаваў па гэтай прафесіі да 8 жніўня 1919 г. Потым, падчас "абароны бальшавікоў", быў цяжка паранены ў нагу і 2 месяцы праляжаў у шпіталі. Пасля выздараўлення, з 24 верасня 1919 г. па 10 красавіка наступнага года служыў у "Дырэкцыі ВТіТ" (верагодна, Віленскай ваеннай дырэкцыі тэлеграфу і тэлефону), а потым пайшоў у армію. Яго накіравалі ў Варшаву для навучання ў школу падхарунжых, а пасля яе заканчэння размеркавалі ў беларускія аддзелы ў Лодзі і Вільні.

У гэтым апісанні яго жыцця, падрыхтаваным пісьменнікам 31 траўня 1921 г., знаходзім сведчанне прысутнасці Пясецкага ў Лодзі, пра якое ў свой час, выказваў здагадкі Кшыштаф Паляхоньскі, а таксама пацверджанне даты ранення пры адыходзе бальшавікоў з Менска. Хай не дзівіць чытача замоўчванне ў біяграфіі пра школьныя і турэмныя эксцэсы - калі гэта праўда - бо яе змест па-новаму асвятляе гады жыцця пісьменніка пасля перапыненай вучобы і асабліва менскі перыяд. Тэкст сведчыць пра аўтабіяграфічны характар аднаго з раманаў Пясецкага - "Жыццё раззброенага чалавека", галоўным героем якой з'яўляецца выпускнік школы тэлеграфных і тэлефонных наглядчыкаў у Менску Міхал Лубень, які працаваў старшым манцёрам Віленскай ваеннай дырэкцыі пошты і тэлеграфа. Зразумела, што юнацкая біяграфія Пясецкага дагэтуль застаецца загадкай. Пэўным ёсць аднак эпізод службы ў віленскай паліцыі.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX