Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ПРОПАВЕДЗЬ КАНФЕДЭРАТА 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 28-11-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Гэта было ў 1769 годзе, чацвёртага лістапада. Якраз быў дзень святога Караля, i помніцца мне ён так, нібы ўсё здарылася ўчора. Мы служылі святую імшу ў касцёле бернардзінцаў на Кальварыі. Касцёл быў проста набіты шляхтай, было там многа i славутых асоб. На лавах сядзелі: імяніннік - князь Караль Радзівіл ваявода віленскі, побач з ім падчашы Патоцкі i кіеўскі ваявода, маршалак літоўскай канфедэрацыі стараста Пац, літоўскі харунжы Жавускі, ды дзе там успомніш ix усіх - я i на сеймах столькі народу не бачыў. Яны сядзелі на лавах, а мы стаялі, ды ці толькі мы, стаялі i вельмі важныя дзяржаўныя асобы, бо нават лавак на ўсіх не хапіла. Пасля імшы ксёндз Mapэк кармеліт, на якога глядзела столькі людзей, зацягнуў наш касцельны гімн «Те Deum laudamus», а мы, шляхта, падпявалі яму. Спяваў i яго вялікасць літоўскі харунжы, дай яму Бог вечны супакой, прыгожа спяваў басам, хоць, як кажуць старыя, i на свецкі лад. Спяваў i яго мосць віленскі ваявода, але не так ужо добра. Усе спявалі з уздымам, бо ім было за што дзякаваць Бога. Чатыры дні таму назад i ім, i нам, шляхце, добра пашанцавала. Пан Пулаўскі, варэцкі старосціч, добра адлупцаваў Маскву пад Ланцкронай, гналі Суворава аж да Мысленіц. I я там аказаўся не лішнім, здабыў сабе крыху i славы i непрыемнасці, пра што потым яшчэ раскажу.

Праспявалі мы гімн, потым на амбон узышоў ксёндз Марэк. Мы навастрылі вушы: i слова Божае паслухаць трэба, вядома, i цікава было ўведаць, што будзе прамаўляць ксёндз пра чарговую гадавіну з дня нараджэння ягамосці князя Караля Радзівіла. Ён быў важным панам, набожным, дабрадзеем для шляхты i апорай нашай барскай канфедэрацыі, забыцца пра яго ў такі дзень ніяк не выпадала, так нам здавалася. Ксёндз Марэк перахрысціўся, мы ўсе глядзелі на яго, а ён пачаў сваю пропаведзь:

- Святы Іаан Евангеліст вучыў: «Дзеці мае, любіце адзін аднаго!» I я паўтараю вам тое самае. Але ж вы не слухаецеся мяне. «Мы любім радзіму», - кажаце вы, а самі ўвесь час сварыцеся адзін з адным! Нішто сабе любоў да роднай зямлі, кал i з яе насельнікамі ў вас адны звады! А вы, Панове, тыя, хто ўзначальвае канфедэрацыю, заснаваную пад знакам веры i нашай волі, вы павінны падаваць шляхце добры прыклад, а самі замест таго або распальваеце агонь варажнечы, або падкладаеце паленцы ў агонь, распалены раней! Вы павінны скарыстаць літасць Божую для таго, каб несці святло веры іншым народам, а вы бераце на сябе вялікі грэх страты радзімы i праз тое пераступаеце мяжу Божай цярплівасці! Вось вы радуецеся выйгранай бітве пад Ланцкронай, а я смуткую, бо гэтая Божая ласка павернецца да нас новай абразай Бога: зноў вырастуць ваша ганарлівасць, ваша распуста, ваша свавольства! Калі нават бяда не вучыць вас, то што толку ад поспехаў? «Мы любім Бога, - кажаце вы, - мы праліваем нашу кроў за веру, ваюем за нашы святыні». Дай жа Божа, калі так! А што адбылося шэсць дзён таму на абедзе Ў вашай мосці, шаноўны любецкі маршалак? Як гэта выйшла, што два ротмістры з вашага акружэння пасварыліся i, забыўшыся пра Бога, ад лаянкі перайшлі да пагроз, а потым дайшло i да шабляў? А ты, маршалак, замест таго, каб як добры католік ды, нарэшце, як пачцівы гаспадар памірыць ix, улагодзіць, нават прыстрашыць, што ты ўчыніў замест гэтага? Ты ж зрабіў з гэтага забаву сабе, ты яшчэ i іншых запрасіў, каб паглядзелі, як любецкія хвацка валодаюць шабляй! А за што біліся? За гонар Дзевы Марыі, за выгнанне няпрошанага госця які вольна рассеўся ў нашай сталіцы? Ды не, за глупства, абы толькі прыемней час бавіць! Адумайцеся! Шляхецкую кроў нельга праліваць дзеля забавы! Гэта некалі ў Рыме, яшчэ да папства, у часы язычніцтва любаваліся, як гладыятары знішчалі адзін аднаго. Але нават i тады ведалі цану высакароднай крыві, бо на двубой выходзілі ў ix змаганцы з ліку падлеглых Рыму народаў, а не з ліку рымскай шляхты. Вось такія ваша воля, ваша шляхецкая роўнасць, ваша вера! Такія вы правадыры айчыны! Няма на вас рады! Зараз я адпушчу вас, а сам вярнуся ў Бярдзічаўскі касцёл. Лепш бы мне ніколі не пакідаць яго! Цяпер мне давядзецца маліцца прачыстай Дзеве за сваю душу. Так, за сваю, бо, нагледзеўшыся на вашы брыдкія паводзіны, я спаскудзіў яе! Вы называеце Дзеву Марыю вашай каралевай! Нішто сабе падданых яна займела! Хіба можа чыстая i дабрачынная панна ўладарыць над распуснікамі i скандалістамі? Пабачыце - яна не вытрывае i здыме з сябе гэтую не прыдатную ёй карону, а вы выбераце сабе караЛЯМІ д'ябла i нячыстую сілу. Гэта будуць больш вартыя вас уладары: якія падданыя, такія ў ix i каралі! Болей нічога я вам не скажу, бо ўжо духу не хапае ўшчуваць вас.

Пасля тых слоў ён сышоў з амбона, стаў на калені перад вялікім алтаром i пачаў малітву: «Перад тваімі вачыма, Божа». А мы стаялі як укапаныя. Я не мог бачыць, што рабілася з яго мосцю каронным любецкім маршалкам Граноўскім. Пазней мне расказваў пра гэта Мікалай Мараўскі, у той час панцырны паручнік; ён як прыдворны князя Караля Радзівіла быў у дзіўным сяброўстве з Граноўскім i стаяў побач з ім, што людзі прыпісвалі нечаму асабліваму, але я цяпер не буду згадваць пра тое, бо гаворка аб іншым. Дык вось, пан Мікалай, ён мой сусед вось ужо трыццаць гадоў, успамінаў, што Граноўскі ад сораму так узмок, нібы парыўся ў лазні, а тое ж дзеелася ў канцы лістапада, на дварэ ўжо ціснуў марозік. Але ж i па справядлівасці: усе мы добра ведалі, пра што ўспамінаў ксёндз. Якраз на самы Дзень задушных ён запрасіў на абед мноства паноў i службоўцаў, i тых, хто напярэдадні ваяваў пад Ланцкаронай, а таму i я сядзеў у яго за сталом. Вядома, запрасіў i сваіх, любецкіх, ці не ўсіх, як адзін. Сярод ix быў пан Снарскі, такі добры вершнік, што i казаць няма чаго, храбры ў баі, але як вып'е, то заўжды лезе біцца. Ён i да мяне за сталом чапляўся, але ж я з павагі да гаспадара i шаноўных гасцей стрымліваўся, болей слухаў разумныя размовы, чым розныя злыя жарцікі. Не здолеўшы раззлаваць мяне i не нарваўшыся на сварку з кім-небудзь іншым, ён усё ж здолеў зачапіць аднаго ca сваіх. Пан Баляслаў, якога называлі Манькутам, якраз сядзеў насупраць Снарскага i пачуў, як той усклікнуў: «Віват галоўнаму павету ў любецкім ваяводстве!» А ён быў лукаўскі зямянiн - i пакрыўдзіўся. Слова за слова - i найшло! Ix яшчэ надбухторылі маршалак i князь ваявода віленскі. Пачалася такая лаянка, што аж брыдка было слухаць. А многія з прысутных смяяліся з ix. Выйшлі з пакоя, сханіліся за шаблі i тут жа пры нас началі двубой. Чыноўнікі падтрымлівалі свайго, лукаўчане свайго, а маршалак падбухторваў праціўнікаў. А яны фехтавалі, даруй Божа, але ж люба было глядзець. Але пад канец атрымаў удар па ілбе Снарскі i ўпаў, абліваючыся крывёй. Мы паспрабавалі самі прывесці яго ў прытомнасць, а потым мясцовы цырульнік пачаў прыкладаць да раны хлеб з соллю, пусціў яму кроў з рукі. Снарскі цярпеў, як у чыстцы потым праз гадоў пятнаццаць бачыў яго здаровага i рухавага, хоць i дужа невясёлага, у званні войскага на кірмашы ў Дубне. Людзі казалі, што ў сваім павеце ён быў усімі любімы. А што сталася з Болесем, я толкам не ведаю, ён ужо даўно памёр.

Але вяртаюся да свайго. Ксёндз Марэк спяваў, але ніхто не падпяваў, бо мы ўсе застылі ў такім здранцвенні, што, здавалася, можна было б пачуць, як гудзе муха, а нас жа там была процьма. Ніводзін чалавек з касцёла не выходзіў Ксёндз Марэк скончыў малітву i зноў узышоў на амбон, што вельмі здзівіла старэйшых. Ніколі такога не бывала, каб ксёндз або мніх два разы запар прамаўлялі з амбона. Але нам было цікава паслухаць, што яшчэ ён скажа. Папершае, ён быў святар, па-другое, ён гаварыў пропаведзь, і, нарэшце, ужо сказаў нам чыстую праўду, як бы нам ні было прыкра яе слухаць. Хоць мы i былі адданыя сваім правадырам, але не маглі не паслухаць, як ім кажуць verba veritatis (слова праўды). Таму, калі ксёндз скончыў, я па свежай памяці ў той самы дзень запісаў ягоныя словы. Вось што ён сказаў:

- Б'ю сябе Ў грудзі i прашу прабачэння за тое, што забыўся пра твае імяніны i дзень нараджэння, ваша мосць князь ваявода віленскі, шаноўны правадыр нашага святога згуртавання! Заслугі твае i тваіх продкаў, твая самаахвярнасць у ІМЯ айчыны, любоў шляхты да цябе i тая жывая вера, якой пры ўсіх тваіх заслугах надзяліў цябе Бог, не заслугоўваюць таго, каб я, ушчуваючы ўсіх, аднёс свае папрокі i да цябе. Я дам табе дарунак у гэты ўрачысты для цябе i для нас дзень, самы дарагі дарунак, бо такога ты не атрымаеш нідзе болей, акрамя дому Божага. Паколькі ты як сапраўдны паляк не носіш у сваім сэрцы ніякай карыслівасці, чаго якраз не хапае некаторым іншым, то ў ахвяраваным табе дарунку ўсе іншыя твае таварышы па кіраўніцтве канфедэрацыяй убачаць i пахвалу сабе. Калі ж я не пераканаю ў гэтым цябе i тваіх таварышаў, то вы можаце прысароміць мяне i абазваць ілгуном. Бог часта на карысць некаторым сваім непачцівым слугам робіць цуды, у гэтым праяўляецца ягоная любоў. Сем гадоў таму, калі я Ў сваёй келлі праліваў горкія слёзы па нашай айчыне, мне з'явіўся Божы анёл. Бачыў я яго так блізка, як вось зараз бачу вас усіх, i Бог даў мне сілы, каб я здолеў убачыць гэтага пасланца нябеснага царства. Ён расказаў мне такое, што я не магу пераказаць вам, але тое, што трэба сказаць сёння, я скажу вам, не тоячыся, анёла ж не можа абразіць ні шляхціц, ні пан, ні нават кароль, бо ўсе мы яго слугі. Дык слухайце.

«Марку, - сказаў мне анёл, - нядобрае робіцца на тваёй радзіме. Яе губіць безуладдзе. Усім патрэбна моцная ўлада, а ніводзін з паважаных не хоча валадарыць. Кароль Сас, якога ўсе любяць, але якому ніхто не дапамагае, з дня на дзень зменіць часовую карону на вечную, i тады здарыцца такое (што i сталася цяпер): улада ляжыць на зямлі, i ніхто не хоча нахіліцца, каб падняць яе. У розных абліччах я спрабаваў звярнуцца ці не да ўсіх вашых славутых асоб i чуў толькі адзін адказ. Абрыдлае дамаседства, прыкрая лянота! Быў я ў Радзівіла, віленскага ваяводы, угаворваў, прасіў: «Едзь у Варшаву, займіся ўладай! У цябе ж уся Літва! Ратуй радзіму!»... Ён аж заплакаў, так расчуліўся: «Пайду з торбай, - казаў, - абы толькі ацалела айчына!» - «Табе не трэба ахвяраваць маёмасцю або жыццём, ты толькі паедзь у Варшаву i апякуйся ўладай». I ведаеш, што ён мне над канец сказануў: «Пане каханку, я пачну кіраваць у Варшаве, а ў гэты час Міхал Рэйтан пераб'е ўсіх маіх мядзведзяў у Налібоках». Я кінуўся да кіеўскага ваяводы. Ён чалавек славуты i ахвотна аддаў бы частку свайго багацця дзеля айчыны. Але ён задумаўся: як гэта сядзець у Варшаве, калі ён прывык уцякаць ад жонкі, каб некалькі дзён у Шорстыне піць разам з панам Цісельскім, у той час як пані ваяводзіна, седзячы ў Крыстоналі, думае, што яе муж шчыруе на гаспадарцы. Быў я i ў Сапегі, канцлера нашага. Дарэмна! Ён любіць радзіму, але не можа расстацца з судовымі справамі, не ведае, як перапыніць ледзь не штодзённыя нарады з юрыстамі. А пан Мнішак, вялікі каронны маршалак, любіць айчыну, але: «Ай, ай, як гэта я наеду сядзець у Варшаву? А мае ўпраўляючыя занядбаюць гаспадарку, кал i я не буду ix час ад часу вучыць на сесіях у Дукле». А пан ваявода кракаўскі? «Я спачатку ўсё абладжу ў сябе ў Беластоку, а потым начну думаць пра айчыну». А князь Сангушка, валынскі ваявода? «Буду я сядзець у Варшаве, а мае статкі запаршывеюць?» Вось такая яна ў вас, любоў да айчыны!

Вось чаму вы блукаеце, высільваючыся адшукаць тое, што самі ж i згубілі. Хай жа гэта надалей стане вам i вашым нашчадкам навукай; плывіце хоць на дошцы, калі ўжо карабель патануў праз вашу бесталкоўшчыну. I хаця б зараз, заклінаю вас імем Хрыста, не спыняйцеся ў вашых памкненнях, можа быць, Бог блаславіць вас на поспехі, i ў любым выпадку ўсякія вашы старанні дзеля айчыны не прападуць. Увесь час думайце нра яе, рабіце так, каб яе лёс залежаў i ад вас».

Ксёндз Марэк сказаў нам тады яшчэ многа добрых слоў Мы плакалі i суцяшаліся надзеяй на лепшае. Здавалася б, тыя паны, пра якіх ксёндз успамінаў у сваёй пропаведзі, павінны былі ўзлавацца на яго, аж не, яны, як i ўсе астатнія, выходзячы з касцёла, ветліва развіталіся з ім, цалавалі руку, а князь імяніннік запрасіў на абед, i там, як мы даведаліся ад слуг, усе госці па чарзе пілі за здароўе шаноўнага святара.

Каментар

Пропаведзь канфедэрата (с. 16)

Радзівіл Караль Станіслаў, Пане Каханку (1734-1790) - князь, сын Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) i Францыскі Уршулі, апошняй з князёў Вішнявецкіх. Прадстаўнік аднаго са старадаўніх магнацкіх родаў.

Канфедэрацыя - часовая вайсковая арганізацыя, якая ўтваралася для таго, каб падтрымаць пэўныя палітычныя патрабаванні. Барская канфедэрацыя, пра якую будзе далей часта згадвацца, - ваенна-палітычнае згуртаванне шляхты i магнатаў, якое выступіла супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага i царскай Расіі ў 1768-1772 гг., была заснавана 29 лютага 1768 г. ў горадзе Бар на Украіне.

Ксёндз Марэк - Марэк Яндовіч (Яндаловіч), (каля 1713- 1804) - легендарная, але рэальная асоба, пры жыцці карыстаўся вялікай папулярнасцю. Настаяцель кляштара ў Бары, у часы барскай канфедэрацыі абуджаў у сваіх пропаведзях патрыятычныя i рэлігійныя пачуцці, яму прыпісваўся дар правідцы. Пасля падаўлення канфедэрацыі шэсць гадоў правёў у турме ў Кіеве. Паводле легенды, прадказаў падзенне караля Панятоўскага. Яму прыпісваюць аўтарства вершаваных «Прароцтваў ксяндза Марэка», дзе прадказваецца далейшы лёс Польшчы. Яго казанні скарыстоўвалі ў сваіх творах польскія пісьменнікі-рамантыкі - С. Гашчынскі, А. Міцкевіч, Ю. Славацкі.

Пуласкі (Пулаўскі) Казімір (1746-1772) - легендарны камандзір аднаго з атрадаў канфедэратаў, пазней быў удзельнікам вайны за незалежнасць у ЗША.

Ланцкрона - мястэчка за 30 кіламетраў ад Кракава.

Выгнанне няпрошанага госця - няпрошаным госцем ксёндз Марэк называе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пасаджанага на польскі трон з дапамогай Кацярыны 11. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764-1798) - апошні польскі кароль. Нарадзіўся ў маёнтку Воўчын над Брэстам, паходзіў са шляхты, з 1755 г. меў званне стольніка Вялікага Княства Літоўскага. У 1764 г. абраны каралём.

Дзень задушных - тое, што i дзяды.

Зямянін - дробнапамесны шляхціц, які валодаў зямлёй на ўмовах выканання вайсковых службовых абавязкаў у час апалчэння.

Цырульнік - у старыя часы цырульнік не толькі стрыг i брыў кліентаў, але i выконваў функцыі лекара.

Чыстка (чысцец) - паводле каталіцкага веравызнання, месца, дзе душы пасля смерці чакаюць, пакуль ix адправяць у рай або ў пекла.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX