І на валовай скуры не спісаць, як i колькі разоў барскія канфедэраты паказалі сябе. Дзе толькі не грымелі гарматы, але нідзе мы не выстаялі. Такіх баявых людзей, як тады, цяпер ужо не ўбачыш. Сярод самых баявых як не апісаць пана Францішка Дзержаноўскага палкоўніка гумбіненскага палка, які мяне вельмі любіў, бо мне пашанцавала аднойчы выратаваць яму жыццё ці хаця б прынамсі волю, не, усё ж хутчэй жыццё. Ён быў не з тых, каго можна было лёгка ўзяць жывым. Я сябраваў з ім, ён быў дужа гаваркі, i мне лёгка было б скласці хроніку ягонага жыцця. Ягоны бацька быў слугой i сябрам ардынатаў Замойскіх i атрымаў ад ix у пажыццёвае ўладанне Сулавец над Замосцем. У яго было некалькі сыноў, якія атрымалі добрае выхаванне пры панскіх дварах i потым выйшлі ў людзі. Вось, успомніў: ягоны старэйшы брат быў у нас маршалкам, i казалі нават, што ён недзе быў нават каралём. Але пан Францішак унікнуў навукі i паступіў радавым у Міраўскі полк. Ён амаль што не ўмеў чытаць, калі ж нешта запісваў, то ніякаму чорту немагчыма было расчытаць, што ён занатаваў. Затое трапляў за дваццаць крокаў з пісталета ў чырвовага туза, седзячы на кані. Яго мосць Мнішэх, вялікі каронны падчашы i шэф Міраўскага палка, любіў з асалодай глядзець на тое, як ён біўся кіем, намазаным алеем i крэйдай; на яго нападалі ўшасцёх, i ён ўсіх пазначаў крэйдай, а яму нічога зрабіць не маглі. Гэткі спрыт неўзабаве саслужыў яму добрую службу, таму што шэф купіў яму ў тым палку званне паручніка. Але як толькі сталася барская канфедэрацыя, ён падгаварыў амаль што ўвесь эскадрон, забраў палкавую касу, абрабаваў дом свайго паручніка Ларзака, якога за нешта неўзлюбіў, i далучыўся да канфедэратаў. Заахвочваючы яго за прыхільнасць да гэтай добрай справы, кіраўніцтва канфедэрацыі зрабіла яго палкоўнікам ад гумбіненскага павета, даручыла яму набраць полк i прызначыць афіцэраў, i неўзабаве пан Францішак ужо быў на чале такога ладнага палка, кіраваў ім аж да распаду канфедэрацыі. Якія ў ягоным палку былі прыгожыя мундзіры! Чэмеркі i шаравары блакітныя, з жоўтымі палосамі; а сам палкоўнік насіў два пісталеты ў похвах, ды яшчэ два за поясам, шаблю ды яшчэ штуцэр за плячыма, з якога, бывала, як стрэліць, то данцы валяцца як падкошаныя. Моцна ён Маскве шкодзіў! Нездарма казалі, што Дрэвіч абяцаў ад імя цара, што той, хто здабудзе яго жывым, стане пецярбургскім губернатарам, нават калі ён будзе простым казакам. Але Францішак на тое не зважаў, паводзіў сябе так, нібыта за ягоную галаву ніхто не даў бы i тынфа. Дэмулье увогуле цаніў яго i ягоны полк, адно яму перашкаджала: з ім нельга было размаўляць без перакладчыка. Дэмулье знаўся на лаціне як езуіт, з намі ён таксама абыходзіўся гэтай мовай. А пан Францішак не ведаў нават малітваў па-лацінску, што ж тады казаць пра дыспутаванне. Ён спрабаваў падрабляцца пад лаціну, але ўсё ж тое, што ён адзін сярод афіцэраў не ведаў лацінскай мовы, вельмі яму шкодзіла. Ды што ўжо тут паробіш! Неяк стаялі мы лагерам пад Тынцом. Намі камандаваў Дэмулье, нават Казімір Пулаўскі яму тады падпарадкаваўся. I якраз тады выйшаў ардананс наконт таго, каб ніхто пад пагрозай самай строгай кары самавольна не пакідаў лагера пасля заходу сонца, таму што маскавіты прачэсвалі ваколіцы, а данцы нават маглі ўзяць у палон. Але на той ардананс пан Францішак не зважаў, бо недзе за дзве мілі ад Тынца, у Бурымаве, жыла ўдава суддзі пані Суляёўска, у дзявоцтве Банароўна, дачка першага кракаўскага лаўніка, сярэдніх гадоў, прыгожая, з добрага роду, бо, як вядома, civis Сгасоуіае nobili par ( жыхар Кракава самы радавіты ) - i багатая: акрамя пажыццёвага ўладання Бурымавам яна мела сто тысяч уласнага пасагу ды яшчэ мноства ўладанняў Пан Францішак некалі пазнаёміўся з ёй у Кракаве i цяпер заляцаўся да яе. Калі мы сталі пад Тынцом, ён даведаўся, як я мыслю, ад яўрэяў, што вяльможная ўдава суддзі жыве так блізка, i вельмі палка наважыўся зрабіць ёй прапанову, бо яна падала яму надзею на шлюб з ім, а вось яе радня была супраць таго. Яшчэ ў Кракаве, калі за келіхам Францішак навёў на гэта гаворку з панам лаўнікам Бонарам, той дыпламатычна адказаў так:
Мая дачка цяпер удава, жыве сваім розумам, а потым, пане, ваенныя любяць жартаваць..
I паўтараў гэта зноў i зноў, як ні ўлешчваў яго пан Францішак. Нарэшце наш залётнік не сцярпеў i сказаў:
Клянуся шабляй, што або яна будзе маёй, або я дам па лбе першаму, хто да яе паткнецца.
Гэтымі словамі ён яшчэ больш сапсаваў адносіны з ім. Па праўдзе кажучы, хай бы ён нават са скуры вылузнуўся, а нічога не прыскорыў бы, таму што сям'я ўдавы, з якой тая не магла не лічыцца, ведала яго як заядлага карцёжніка. Яе родзічы неяк дасачылі, што пан Францішак у Кракаве цэлымі начамі гуляў у карты, ды так лоўка, што каб пан Зарэмба не пазычыў яму трыста тынфаў, то па вясне не было б з чым ісці на вайну. I вось якраз так здарылася, што Дзержаноўскі ўдала выслізнуў у Бурымава, акрамя ягоных гумбіненцаў, ніхто нічога не ўведаў Пад раніцу салдаты пачулі стрэлы. Ягоны штуцэр біў нібы гармата. Салдаты былі якраз з ягонага атрада, зразумелі, што да чаго, пабудзілі камандзіра атрада Зарэмбу. Той да мяне:
Ну вось, гэты бадзяка ўжо i бяды нарабіў! Пабачыш, не абярэмся мы з ім клопату. Бяры, васпан, з сабой дваццаць конных i скачы! Выратуй яго, пане Севярыне, Богам цябе прашу!
Я адразу ж на каня i з гумбіненцамі ў галоп! Было ціха, але мы яшчэ недалёка ад'ехалі, як зноў пачулі стрэлы, а тут якраз начало віднець, i мы ўбачылі процьму данцоў. Я крыкнуў: «Атакуем! з намі Бог!» Казакі кінуліся наўцёкі. I тут мы ўбачылі пана Францішка на кані, пры ім яшчэ некалькі коней, а ён сярод ix, як фурман на возе.
Пан палкоўнік, як ты?
А ён на гэта:
Хай табе Бог заплаціць i вам усім! Ca мной усё добра. Толькі вось чорт нацалаваў! Глянь!
Сапраўды, у яго плячо ў крыві, з раны цякла кроў, а на зямлі ляжалі трое казакаў, адзін яшчэ варушыўся
Дабіце гэтага сабаку, хай больш не кусаецца.
Гумбіненцаў не трэба было пра такое прасіць двойчы.
Віншую вас, палкоўнік, аж трох паклалі!
Дзякуй, але, браткі, праедзьце далей на паўмілі, там яшчэ чатыры ляжаць. А вось ix коні. З-за гэтых жывёлін я ледзь з душой не разлучыўся!
Як стала вядома з ягонага расказу, ён позна ноччу вяртаўся з Бурымава, а данцы яго высачылі, учатырох зрабілі на яго засаду, але паколькі казак большы, чым чырвовы туз, то ён усіх чатырох паклаў з пісталета i мог бы без прыгод вярнуцца ў лагер. Але яму стала шкада пакінуць казацкіх коней, ён ix злавіў, павёў з сабой. На шчасце, ён зноў зарадзіў сваю зброю. Не сняшаючыся ехаў у бок Тынца, а тут якраз на яго наскочыў атрад казакаў. З-за коней ён не мог хутка ўцячы, начаў адстрэльвацца. Каб мы не наспяшаліся ЯГО ўратаваць, невядома што магло з ім стацца. Пасля таго здарэння ён стаў мяне вельмі любіць. Калі мы той раніцай вярталіся, ён спытаў:
Севярыне, браце, што мне будзе за тое, што я выязджаў без загаду?
А я адказваю:
Пан Зарэмба незадаволены, вядома, але ён вас любіць.
Пан Зарэмба - шляхціц, я менш думаю пра яго, мы з ім паразумеемся, але вось гэты немец (у яго кожны іншаземец быў немцам) можа пасадзіць мяне на драўляную кабылу дзеля прыкладу для іншых. Але хай ён асцерагаецца, калі я з яе злезу, бо я магу стрэліць яму ў лоб, як сабаку.
А я яму:
Пане палкоўнік, лепей вы не заядайцеся з ім, бо i сябе загубіце, i справе пашкодзіце.
Аднак жа ўсё абышлося нямногім, бо генерал Дэмулье забраў прыведзеных коней, а Францішка пасадзіў над арышт на дзесяць дзён, а яму якраз i хапіла гэтага часу на тое, каб загаілася рана. Ён хацеў зрабіць мяне ротмістрам у сваім палку, i мне гэтага хацелася, бо дужа ж у ix былі прыгожыя мундзіры, але мяне адгаварылі, а канчаткова пераканаў усім вядомы вяльможны пан Корсак, паручнік з палка пяцігорцаў (лёгкай кавалерыі ў літоўскім войску, створанай на ўзор казацкай), з ім я крыху быў знаёмы, ён мной апекаваўся, дапамагаў пры патрэбе. Ён мне казаў: «Ты можаш сябраваць з Дзержаноўскім, але да ягонага палка не прыставай, бо загубіш сваю душу. Ён не баіцца Божай кары, рабуе сваіх i чужых, ды яшчэ занадта распусны». Тут я не зусім з ім згодны. Хоць i рознае бывала, а ўсё ж Францішак трымаўся веры, я тое магу засведчыць: i абразок на шыі насіў, i пацеры мовіў, але ў кніжкі не ўлягаў, ды яшчэ ў касцёле ніяк не мог доўга стаяць на месцы, а таму i маліўся нядоўга, за што яго лічылі ерэтыком, але гэта ўсё глупства.
Каментар
Пан Дзержаноўскі (с. 23)
Дзержаноўскі Францішак (памёр у 1812 г.) - удзельнічаў у барскай канфедэрацыі, праславіўся ў баях, асабліва над Чанстаховай, дзе ён захапіў i вывеў са строю гарматы.
Ардынат - уладальнік маёнтка, які пераходзіў па спадчыне як непадзельны да старэйшага сына або да самага старэйшага родзіча па мужчынскай лініі. Маярат - маёнтак, які на спадчыне перадаваўся старэйшаму сыну.
Міроўскі полк - полк каралеўскай коннай гвардыі, які ўзначальваў генерал Мір.
Данцы - данскія казакі, якія служылі ў царскім войску.
Дрэвіч - камандзір аднаго з рускіх атрадаў, пасланых супраць канфедэратаў.
Тынф - дробная польская манета.
Дэмулье Шарль (1739-1823) - французскі вайсковы кансультант, прысланы на дапамогу канфедэратам на чале атрада французскіх салдат.
Ардананс - указ.