Даўней усё дзеелася лепей, чым цяпер. Такія злачынствы творацца, а ix ледзьве не за жарт лічаць. I людзі сталі горшыя, як бы i кары Боскай не баяцца; цяпер ужо зла столькі ў свеце, столькі паскудства, пра якое даўней i не чулі, што Богу надакучыла караць, i здаецца, што ён нібы кажа людзям: «Рабіце сабе, што хочаце». Ды i навошта Богу насылаць кару, калі ў яго або зусім не вераць, або вераць не так, як трэба? Калі нехта будзе чытаць тое, што я зараз пішу, то, пэўна, не паверыць, а я i тысячы людзей усё гэта бачылі на свае вочы. Урэшце, я пішу для маіх унукаў, якім стараюся даць належнае выхаванне, яны не палічаць свайго дзеда выдумшчыкам.
Быў у нас адзін немалады ўжо канфедэрат, але яшчэ рухавы, па прозвішчы Бялецкі, імя не памятаю. Добры шляхціц, нічога не скажаш, яго абралі гродскім суддзёй а пра тое, што ён багаты, сведчылі трыццаць узброеных вершнікаў, якіх ён прывёў з сабой з Амсціслаўля; а што быу вучоны, то, скажу вам, я на свае вушы чуў, як ён размаўляў па-французску з Дэмулье; i яшчэ ён быў да таго набожны, выліты ксёндз; добры, не ганарысты, хаця быў ca знаці i дзяржаўны дзеяч, а просты, як звычайны царкоўны служка; мы ўсе стаялі за яго гарой, i я раскажу вам, чаму, бо гэты чалавек праславіўся выдатнымі ўчынкамі. Некалі быў ён прыдворным у караля Аўгуста Другога i меў на яго вялікі ўплыў. Пры ўсіх сваіх цнотах пан той, мабыць, з прычыны свайго першапачатковага лютаранскага выхавання прынёс (даруй яму, Божа!) i ў святы касцёл схільнасць да распуснага жыцця. Яму ўспала на вока жонка аднаго ваяводы, прозвішча я называць тут не буду, хаця добра яго ведаю, з тае прычыны, што цяпер жывуць яе праўнукі, паважаныя людзі, якія не будуць рады, калі даведаюцца, што паходзяць ад продка, які нядобра паводзіў сябе. Скажу толькі, што тая пані была прыгожая, разумная і нават дабрачынная; а кароль, што далей то болей ахоплены каханнем, пасылаў свайго прыдворнага Бялецкага, каб той пастарауся пракласці дарогу да цудоўнай здабычы; а пан Бялецкі, нібы не зважаючы на тое, што забароненае Богам не можа дазволіць i кароль, дапамагаў свайму ўладару як адданы слуга. Ён i завітваў у дом таго ваяводы, не зачынены для любога шляхціца, i лісты амурный насіў, i нарэшце сваімі ўгаворамі пастараўся як мог аслабіць супраціўленне пані, а праз гэта вынікла вялікае зло. Пан ваявода дужа дбаў аб сваёй рэпутацыі, як тое i належыць сенатару, i невядома чаму, але пачаў падазраваць сваю жонку i сачыць за ёй. Аднойчы, калі ён убачыў, што Бялецкі выходзіць з ягонага палаца, ваявода загадаў сваім слугам схапіць яго i абшукаць. У кішэні знайшлі ліст пані ваяводзіны да караля. Ваявода прачытаў яго, зразумеў усё i, нягледзячы на тое, што Бялецкі быў знатнага паходжання i каморнічым караля, загадаў збіць яго пасам на горкі яблык i потым напаўмёртвага ад болю выкінуць на вуліцу; жонку спачатку вывез у свой маёнтак, а потым адправіў у жаночы манастыр, фундаваны ягоным сямействам, дзе яна гадоў праз пятнаццаць i скончыла свае дні. Пан Бялецкі ачуняў ад пабояў i, не маючы сродкаў для таго, каб абараніць сваю годнасць, звярнуўся да караля, першапрычыны ягоных нягод, быў ім аддзячаны i ўзнагароджаны. Яму давялося перанесці столькі абраз i пагарды ад усіх (а хто не ведаў пра той выпадак?) пры двары i сярод шляхты, што калі б ён не быў у той час жанатым, то давялося 6 пайсці ў манастыр. Добры кароль, злітаваўшыся над ягоным лёсам, даў яму значныя зямельныя ўладанні на Амсціслаўшчыне, акрамя таго, праз амсціслаўскага ваяводу Пацея здабыў яму пасаду мясцовага гродскога суддзі. Бялецкі з усім сваім набыткам пераехаў у гэты аддалены край, каб не ведаць i не цікавіцца тым, што робіцца ў Варшаве. Бог пасабляў Бялецкаму, i ён не толькі памножыў там свае ўладанні, але набыў вядомасць у мясцовых жыхароў, a гэта сведчыць пра ягоны светлы розум, бо ў нашай цяпер заняпалай Літве шляхце не так проста асвойтацца ў глухмені. I ўсё ж праз нейкі час i сюды дайшлі чуткі (ужо i не скажаш, як i праз каго) пра тое, што адбылося з ім у Варшаве, i хутка перадаліся з вуснаў у вусны, утачыліся ў галовы спачатку нядобразычліўцаў, на якіх можна было i не зважаць, потым дайшлі да абыякавых і, нарэшце, да сяброў i прыхільнікаў, i так пра ўсё раструбілі, што суддзі нельга было паказацца на вочы людзям. Яго перасталі запрашаць на выязныя сесіі суда, не ездзілі да яго ў госці, калі ж ён як гродскі суддзя i прыязджаў на нейкі сеймік, то хоць небарака i не растуляў там вуснаў, але мог пра многае пачуць ад тых, хто меў у той час справы ў гродскім судзе. То ў яго пыталіся: «Дзе лепшы пас, у Варшаве або тут?», то нагадвалі яму пра раздзел XIX, артыкул 36 Літоўскага статута. На сагнутае дрэва, як кажуць, i козы скачуць; таму пан Бялецкі, убачыўшы, што трапіў у няласку да людзей, і, задумаўшыся пра лёс дзяцей, якіх у яго было некалькі (а ўсіх трэба было добра пашлюбаваць i выпусціць у свет), дужа засмуціўся i нарэшце вырашыў, не ў сілах знесці ганьбы, аддаць сябе ў рукі Божыя. Як некалі князь Радзівіл Сіротка наведваў Труну Гасподню, так i Бялецкі разважыў, што Збавіцель здыме з яго ганебную пляму. Ён добра падрыхтаваўся да свайго пілігрымства, за некалькі гадоў назапасіў нямала грошай i мог на ix купіць, бадай, столькі вёсак, колькі ўжо меў, a меў ён нямала, i ўжо зусім сабраўся ў дарогу, як тут надарылася барская канфедэрацыя. Сярод мясцовых айцоў з ордэна дамініканцаў быў адзін славуты вучоны тэолаг, якому Бялецкі шчыра верыў, ён пераканаў яго, што назапашаныя грошы лепей ужыць на ўзбраенне канфедэратаў i самому далучыцца да ix, бо ўдзел у барацьбе за веру i айчыну будзе для яго лепшым адпушчэннем грахоў, чым пілігрымства па святых мясцінах. Тым самым, як я разумею, айцец дамініканін, адухоўлены сваёй верай, адгаварыў нашага гаротніка ад даўно задуманага i пазбавіў яго пакутлівых роздумаў. I вось пан Бялецкі праз тое з'явіўся ў стане канфедэратаў у Магілёве на Днястры на чале атрада з трыццаці ўзброеных вершнікаў на добрых конях. I хаця з маладых гадоў ён быў то прыдворным, то чыноўнікам i ніколі не прымаў удзелу ў рыцарскіх забаўках, тым не менш служыў добра, тройчы пабываў у баях. Тройчы ў пару нашай канфедэрацыі ён бываў у самым пекле, i кожны раз на ягоным целе заставаўся асаблівы знак. Першы раз ён ваяваў з Рудніцкім, які пазней запляміў сябе, але ў нас быў дужа добрым вайскаводам, тады мы захапілі Яраслаў, i пан суддзя у баі быў паранены ў нагу. Як толькі падлячыўся, быў з намі пад Ланцкронай, дзе мы мелі вялікі поспех, але яму перамогу азмрочыла рана: куля трапіла якраз у сустаў рукі. У каго з нас ад такой раны магла нават усохнуць рука, a ён нейкім спосабам крыху падлячыўся, паехаў у параднай калясцы аж пад Бельск, a там немцы даверылі . яму нават кіраўнічую пасаду. Калі ж зусім паздаравеў, то, нягледзячы на тое, што ягоны атрад увесь час быў з намі, зноў далучыўся да войска, кажучы, што яму не хапае яшчэ адной бітвы для поўнага падрахунку. I ў Чанстахове, перад вачыма Маткі Боскай, ён змог споўніць свой зарок, дадзены Богу: калі пан Казімір Пулаўскі выправіўся ў паход, суддзя па добрай ахвоце пайшоў з намі, як некалі на звычайную гутарку з каралём. На ім была пунсовая накідка з залатымі бляшкамі, літы пояс. Пан Пулаўскі, які не любіў у час вайны шыкоўна апранацца, пажартаваў аднойчы:
- Пане суддзя, апамятайцеся! Што толку з таго, што вы асыпаны золатам як шчупак шафранам на каляднай вячэры? Можа, хочаце, каб вас палічылі гетманам усяго хрысціянства? Тады вы лепей ідзіце туды, дзе ваююць мазгаўнёй. А на вайне гэты бляск можа ўбачыць i той, каму не трэба. Паберажыце сябе, пане браце, не прываблівайце чужых куль, лепей ix асцерагацца.
А ён у адказ:
Ваша мосць, пане дабрадзею, я не ўчора нарадзіўся. Чалавек страляе, а Бог кулі пераносіць. Калі захоча, то ў мяне пацэляць, нават калі я над зямлю схаваюся. Калі ж не - то я засцерагуся i ад больш трапных стралкоў, чым маскавіты.
Пан Пулаўскі адказаў:
Ты гаворыш, як жывая кніжка. Калі ты такі цвёрды Ў веры, тады можаш напляваць на маю нерасцярогу. Хто робіць, што хоча, таму вольная воля.
Як аказалася, у словах кожнага з ix была свая праўда: драгун прастрэліў яму губу проста на нашых вачах, якраз таму, што добра яго бачыў, як i асцерагаў пан Пулаўскі. Але сам Бялецкі казаў, што без волі Божай таго здарыцца не магло, i з гэтым згодны i пан Пулаўскі, i я, i кожны з канфедэратаў, i любы шляхціц. Пазней, у Чанстахове, ён расказваў нам:
Я бачу асаблівы сэнс у тым, што ўсё так сталася. Грашылі мае ногі, бо хадзілі, дзе не трэба, грашылі рукі, бо насілі распусныя лісты, грашылі вусны, бо гаварылі брыдкае, вось Бог i напомніў мне пра тое, за што я век буду Яму дзякаваць, таму што я змог спакойна вярнуцца дадому
Сапраўды, пасля той раны ён пакінуў свой атрад, сардэчна развітаўся з намі i паехаў у Амсціслаў з адным толькі слугой. I якраз трапіў на сеймік, дзе выбіралі падкаморыя. Колькі там было партый, а ніводная не магла перамагчы, а як з'явіўся Бялецкі, то ўсе аднагалосна абралі яго падкаморыем, на што ён зусім не спадзяваўся. А хіба гэта не самы сапраўдны цуд? Тыя ж людзі, якія з яго кпілі, аж ён у роспачы хацеў наведаць Труну Гасподню, узнеслі яго на першую ступень ваяводскай улады.
Ранейшы бадзяга, а потым princeps nobilitatis (першы з найзнатнейшых) i яснавяльможны пан, ён памёр як паважаны i набожны чалавек - з гэтым, я думаю, ніхто спрачацца не можа.
Каментар
Пан Бялецкі (с. 28)
Гродскі суд - суд, які разбіраў крымінальныя справы шляхты.
Літоўскі статут - кодэкс законаў, прыняты ў Вялікім Княстве Літоўскім. У другой рэдакцыі Статута згаданы артыкул гучыць так: «Зводнікі i зводніцы дзеля ўтаймавання разбэшчанасці i падбухторвання жанчын да распусты не могуць быць цярпімымі, такім людзям трэба адразаць нос i вушы, калі ж яны будуць працягваць займацца тым самым i пасля гэтай кары, то пазбаўляць ix жыцця».
Чанстахоўская ікона Божай маці - ікона, якая знаходзіцца ў Чанстахове (Польшча), аднолькава шануецца як католікамі, так i праваслаўнымі.