Для Наваградка 1781 год быў асабліва памятны; якраз тады склікаўся спецыяльны сеймік, больш чым чатыры тысячы прадстаўнікоў шляхты з'ехалася на выбары земскага пісара. Пасля смерці Марціна Данейкі віленскі князь ваявода прапанаваў на пасаду пісара Міхала Рэйтана, брата таго самага славутага Тадэвуша Рэйтана, кіруючыся не толькі тым, што ён паходзіў са знатнага роду, але i ягонымі асабістымі заслугамі i тым, што ён карыстаўся ў ваяводстве ўсеагульнай любоўю; у нас на выбарах заўсёды бывала аднадумства, таму i на гэты раз ніхто не думаў, што хтосьці іншы будзе сапернічаць у барацьбе за тую пасаду. Але ўсё павярнулася па-іншаму. Ваяводу Несялоўскаму i наваградскаму кашталяну (амаль што ваяводу) Яленскаму не падабалася, што яны не мелі на сейміках свайго ваяводства ніякага ўплыву, i для таго, каб што-кольвечы зладзіць са шляхтай, трэба было кожны раз кланяцца князю ваяводу Радзівілу. Дарэмна ваявода некалькі разоў спрабаваў паддобрыцца да шляхты, яна заўжды сцяной стаяла за Радзівіла. Прыхільнікі ваяводы i ён сам, хочаш не хочаш, таксама былі вымушаны лічыцца з Радзівіламі, а Рэйтаны са сваімі сваякамі задавалі тон у партыі прыхільнікаў Радзівіла, служылі яму. Несялоўскі задумаў аслабіць ix уплыў i падгаварыў Казіміра Гарабурду, мужа роднай сястры Рэйтана, нашчадка колішняга славутага смаленскага ваяводы, каб ён прапанаваў на пасаду пісара сябе. Гэта прынесла нямала шкоды ўсяму ваяводству, бо пасварыла швагроў, павярнулася так, нібыта кожны з ix прагнуў славы. Дарэмна з абодвух бакоў сябры спрабавалі адгаварыць пана Гарабурду, каб ён не чыніў крыўды свайму швагру, не ішоў супраць яго, бо ўсе ведалі, колькі кілішкаў было ўжо выпіта за яго як за будучага пісара, што i сам Гарабурда спачатку не быў супраць. Казалі яму, што калатнеча паміж родзічамі пагражае ўсяму ваяводству, што ён бярэ на душу цяжкі грэх i, нарэшце, што ў яго няма шанцаў выйграць у пана Міхала. Алё сказанае было нібы гарох аб сцяну. Калі памешчыкі з'ехаліся ў Наваградак i сабраліся ў бернардзінскім касцёле на Парцюнкулі, сярод ix аказаліся i абодва швагры, ix паспрабавалі памірыць. Але Гарабурда пачаў прыпамінаць швагру старыя крыўды: што ён, маўляў, не сплаціў як след пасагу сястры, што не ведае законаў, што яму больш падыходзіць сядзець з картамі ў руках, чым з дзяржаўнымі паперамі, што хоць пан Міхал i нясвіжскі даносчык, але ёсць яшчэ сумленныя i незалежныя людзі, якія прагаласуюць супраць ЯГО. Пачуўшы такое, Міхал Рэйтан схапіўся за шаблю, і, каб бернардзінцы не вывелі Гарабурду з касцёла, а шляхта не пачала супакойваць яго, магла б праліцца кроў. Пасля таго ўжо болей ніхто не спрабаваў ix памірыць, а тут ужо надышоў час сейміка. Якраз атрымалася так, што на карысць Казіміра Гарабурды аказалася здарэнне, якое павялічыла шэрагі ягоных прыхільнікаў i ў той жа час нарабіла князю ваяводу нямала шкоды. Гэта была сутычка віленскага князя ваяводы з вяльможным панам Трызнам, наваградскім падчашым, яна абурыла нават некаторых верных прыяцеляў Радзівіла, што змагла добра скарыстаць партыя ягоных праціўнікаў. Трызна быў небагатым шляхціцам, апошнім нашчадкам старадаўняга роду, які быў нават у нейкай далёкай радні з Радзівіламі. Ва ўсякім разе, не хто іншы, як адна з роду Трызнаў некалі прынесла Радзівілам з пасагам Налібокі, ды i большая частка фундацый на пабудову Жыровіцкага манастыра была ад Трызны, продка падчашага. У архіве Жыровічаў ёсць запіс пра гэтага вядомага чалавека: «Хто не прызнае, што пан Трызна быў набожны пан...» i г. д.
Дык вось, пан падчашы, акрамя закладной на радзівілаўскае Калдычова, нічога не меў, заклад быў вельмі невялікі, але нехта іншы мог i з яго ўзбіцца на большы маёнтак, толькі у пана Трызны злотыя доўга не залежваліся, як кажуць, Мацэк зарабіў - Мацэк з'еў, а часам нават больш з'еў, чым зарабіў. Ён забраў на той свет i пару тысяч маіх, пра якія на Страшным судзе я ўжо i не буду згадваць, таму што калі ўжо я i не з'еў разам з ім бочку солі, то паўбочкі ягонага віна, ды яшчэ не лічачы мёду, выпіў. Акрамя адзінаццацігадовай дачкі, у яго не было іншых нашчадкаў, i на ім заканчваўся ягоны род. Паненка была прыгожая i з такога добрага гнязда, што i без пасагу пазней знайшла сабе добрага мужа - віцябчаніна Сыруца, чухлоўскага старасту. А на той час Трызна жыў, не дбаючы пра тое, што будзе. Ён быў прыстойным чалавекам, вясёлым, красамоўным, але часам запальчывым. I вось аднойчы, якраз у час жніва, князь ваявода, не папярэдзіўшы яго, нібы гром з яснага неба, на чале вялікай світы прыехаў паляваць у Калдычоўскія лясы. Пан Трызна ў гэты дзень распарадзіўся праз свайго падстарасту, каб сяляне пачалі жаць, i сам сабраўся выехаць у поле, як рантам да яго з'явіліся даездчыкі князя з загадам паслаць аблаву ў лес. Гэта былі людзі простыя i досыць бесталковыя, яны надта бесцырымонна абышліся з ім i тым угнявілі. Трызна адмовіўся паслаць сваіх людзей у аблаву, накрычаў на даездчыкаў i яшчэ меў неасцярожнасць дадаць, паводле ix слоў, што толькі шалёныя ездзяць паляваць у час жніва. Даездчыкі вярнуліся, пераказалі ягоныя словы прыдворным, дайшло да княскага сакратара Мікуця, а ён быў злы на Трызну за тое, што некалі, сватаючыся да ягонай дачкі, атрымаў гарбуза, а таму папомсціўся, пераказаўшы тыя словы князю. Радзівіл як пачуў ix, то, як потым мне пераказвалі, некалькі хвілін маўчаў, нібы яму адняло мову, а потым пачаў так крычаць, што аж затрэсліся Калдычоўскія лясы, i ў гневе загадаў адабраць у Трызны заклад, а яго самога выгнаць з маёнтка, што тут жа было з жосткасцю зроблена, i пан Трызна, баючыся за сваю скуру, уцёк у чым быў. Шчасце яшчэ, што жонка з дачкой паехалі ў гэты час у Пінск на свята ў гонар мясцовага святога, езуіцкага ксяндза Андрэя Баболі, i што ён сам якраз пехатой пайшоў у бок суседняй вёскі Пацыны i ўжо адтуль на вазку дабраўся да Наваградка. Там ён падаў скаргу ў гродскі суд, а таксама іск па справе аб прымусовым выгнанні з маёнтка.
Калі справа пачала разглядацца ў судзе, я мусіў адмежавацца ад князя, прыйшоў да падчашага i ca слязамі прасіў дараваць мне, бо я па абавязку буду змушаны абараняць інтарэсы князя; я разумеў, што трапіў у брыдкае становішча. Але што паробіш? Чый хлеб ем, таго i абараняць павінен. Падчашы не затаіў на мяне зла i, калі ўсё скончылася, не перастаў сябраваць са мной, больш таго, стаў паважаць мяне яшчэ больш, бо зразумеў, чаго каштавала мне гэтая гісторыя. Мушу сказаць, я ўсё ж тое-сёе зрабіў для яго. Калі я прысутнічаў на судовых пасяджэннях у пачатку разгляду гэтай справы, то перагаварыў аб ёй з вяльможным панам Радзішэўскім, старадубскім харунжым, галоўным упаўнаважаным князя, i сказаў, што не маю вялікай ахвоты выконваць свой абавязак; ён правільна зразумеў мяне, сказаў: «Ваша справа, васпане, абараняць інтарэсы князя, бо вам за гэта плацяць, i не трэба перада мной прабачацца». У самым пачатку мы хацелі адправіць гэтую справу ў земскі суд, а не ў гродскі, бо горад знаходзіцца ў юрысдыкцыі ваяводы, які вядзе там справы праз сваіх прадстаўнікоў (так робіцца ў большай частцы Літвы), таму ў земскім судзе можна было спадзявацца на больш справядлівае вырашэнне. Але ў нас не аказалася спосабу выбавіцца ад гродскога суда, бо скарга была ўжо туды пададзена, да таго ж усе справы, звязаныя з прымусовым выгнаннем з зямлі па закону адносіліся да юрысдыкцыі горада. Таму, нягледзячы на тое, што мы падалі ў трыбунал паперу з папярэджаннем наконт рго determinatione fori (правільнага вызначэння судовых паўнамоцтваў), гродскі суд пачаў разглядаць гэтую справу. Давялося адступіць. Пан падчашы высудзіў у Радзівіла толькі штраф. Ды што з таго? Небарака мог цешыцца гэтым штрафам, застаючыся без маёмасці, а князь як завалодаў Калдычовам, так i трымаў яго. На наступным пасяджэнні, бачачы, што не выпадае паўплываць на суддзяў, паспрабавалі зрабіць іначай. Падалі скаргу на аднаго з ix (каб была прычына перагледзець справу), указаўшы на тое, што ён з'яўляецца родзічам скаржніка. Тое сваяцтва было далёкае: суддзя Каятан Узлоўскі узяў жонку з роду Анцютаў, а нябожчыца жонка краўчага Трызны, мачыха падчашага, была primo voto (першапачаткова) замужам за адным з Анцютаў. Аднак гэта скарга прымусіла суддзю Узлоўскага скласці з сябе паўнамоцтвы, бо становішча яго было няпэўнае: хаця князь ваявода як быццам i не ўплываў на яго пазіцыю, але такое магло быць. Суд быў прызнаны непоўнамоцным, i справа non sunt (зноў) вярнулася на разгляд. З-за гэтага потым некаторыя ўскідвалі на вочы Узлоўскаму, нібы ён учыніў такое дзеля таго, што ягонай жонцы хацелася трапіць у Нясвіж на дзень святога Караля, каб паказаць там дачку, а яна не змагла б аказацца пры княскім двары, калі б суддзя выступіў супраць князя. Быў послух, што Леан Бароўскі ад імя князя падараваў Узлоўскаму футра з рысіных скур. Але, Бог сведка, гэта быў паклёп.
А тут якраз надышоў час сейміка з нагоды выбару земскага пісара, князь нязменна прыязджаў на яго, на гэты раз ён прыехаў яшчэ i затым, каб падтрымаць кандыдатуру Міхала Рэйтана, які быў адданы Радзівілам душой i делам. Абоз аж з трыццаці вазоў спыніўся каля кляштара бернардзінцаў, у якім князь быў сіндзікам, i ca сваім дваром амаль поўнасцю яго заняў, толькі ў некалькіх келлях туліліся як маглі судзейскія. Сам князь пасяліўся ў келлі айца гвардыяна, якая была самай вялікай, але ноччу ў яе нават кот не змог бы ўтачыцца, бо акрамя князя там покатам ляжалі Міхал Рэйтан, шатны Бургельскі, айцец Ідзі, які лічыўся вялікім заклінальнікам нячыстай сілы (а князь вельмі баяўся злых духаў i папрасіў яго спаць побач у келлі), а да ўсяго яшчэ i Непта, вялікая выжліца, любіміца князя. Пазней Міхал Рэйтан расказваў нам, што за ўсе тры дні, пакуль праходзіў сеймік, ён у той келлі не змог заснуць, так моцна храплі князь, айцец Ідзі i Непта. Навакольная шляхта, якая прыйшла на сеймік пехатой, спала на кляштарным дзядзінцы, дзе стаяла некалькі дзесяткаў фураў з крупамі, мукой, саланінай i гарэлкай, там штодня дыміліся вогнішчы з катламі, а на бойні кожны дзень забівалі валоў на мяса для гасцей. Князь абедаў два разы на дзень (на здароўе яму), адзін раз з навакольнай шляхтай на дзядзінцы харчаваўся з катла крупнікам з мясам, а другі - у абедзеннай зале кляштара з магнатамі i жыхарамі ваяводства, якіх часам прымаў у сябе, а то i з якім-небудзь запрошаным чыноўнікам.
Дык вось, пан Міхал, які хацеў, як i ўсе, каб хутчэй вырашылася справа з Трызнам (уся шляхта была зацікаўлена ў гэтым), але сам баяўся прама загаварыць пра тое з князем, а таму падгаварыў айца Ідзі (якога князь кожны раз перад сном доўга распытваў пра чысцец, якія там чыняцца пакуты i як адтуль хутчэй выбавіцца, пра што айцец, як умеў, тлумачыў яму), каб той напомніў яму пра справу Трызны, адумаўся i вырашыў яе па справядлівасці. Айцец Ідзі адгукнуўся на гэтую просьбу, ды так заўзята, потым мне шатны Бургельскі пераказаў ix размову, сведкам якой ён аказаўся. Вось як яно было. Ужо як памаліліся i ляглі спаць, нейкі час панавала маўчанне, потым князь загаварыў:
Айцец Ідзі, ці чуеце вы, як бурчыць мая Непта? Напэўна то нябожчык Валадковіч хоча праведаць мяне.
Рэйтан перахрысціўся i прамовіў:
Што такое здаецца вашай княскай мосці? Гэта нейкія людзі швэндаюцца па панадворку, вось Непта i бурчыць, пры чым тут Валадковіч?
А ты памаўчы, пане каханку, я не да цябе звяртаюся, а да айца Ідзі. Калі ты ўмееш іграць у карты, гэта яшчэ не азначае, што ты мудрэц. Айцец Ідзі, гэта праўда, што душы часам выходзяць з чысткі, каб папрасіць паратунку ў родных i сяброў? Мне здаецца, каб снрачацца з гэтым, трэба быць біскупам Масальскім або Марцінам Лютарам.
Так яно i ёсць, ваша княская мосць. Бывае такое, бывае.
Чуеш, пане Міхале? Як усе ж добра спаць побач з тэолагам, ён i растлумачыць, i супакоіць. Мой ойча, нябожчык Валадковіч мне заўжды стаіць уваччу. Што гэта быў за сябра! Каб я мог уваскрасіць яго, то аддаў бы ўсё, што Ў мяне ёсць, а сам уступіў бы ў брацтва бернардзінцаў. Яшчэ пры яго жыцці я п'яны наехаў на Пятра Котвіца i падпаліў ягоны дом. Котвіц вымаляваў на мяне скаргу i патрабаваў тры тысячы i прасіў паведаміць мне, што як я не выплачу гэтыя тры тысячы, то ён пацягне мяне ў суд. А я тады быў, лічы, голы, бо мой нябожчык бацька быў скупы i да таго ж строгі - аднойчы ён пагражаў даць мне пяцьдзесят бізуноў, хаця я тады быў ужо літоўскім мечнікам i самастойным гаспадаром, а за такі ўчынак ён бы мяне забіў, абы толькі даведаўся. Што мне заставалася рабіць? I вось мой Валадковіч аддаў у заклад два свае фальваркі абы толькі ўлагодзіць таго Котвіца (было чуваць, як князь заўздыхаў). I хіба аднойчы ён вось так мяне ўратаваў? Неяк ён кажа мне (нібы прадчуваў, што нядоўга нам быць разам): «Князь Караль, ты будзеш жыць даўжэй, чым я, калі перажывеш мяне, памятай пра маю душу». I вось тады, калі партыя, у якой верхаводзіў гэты злыдзень у інфуле, гэты крывадушнік Масальскі, здрадай i хітрасцю захапіла Валадковіча i праз тры гадзіны ён быў расстраляны тут, у Наваградку, я прыехаў у той жа вечар, але было позна. Тады я прысягнуў адпомсціць за яго кроў вашаму біскупу i падаўся ў Вільню, я быў гатовы павесіць яго на першай сасне за горадам, а потым паехаць у Рым прасіць за гэта прабачэння ў папы i паабяцаць яму пайсці пілігрымам у Святую зямлю. Але ноччу ў Вільні мне першы раз у сне з'явіўся Валадковіч i папрасіў мяне за біскупа, сказаў, што яму будзе там яшчэ горш, калі я навешу таго нягодніка. Айцец Ідзі, гэта праўда, што Валадковіч яшчэ ў чыстцы?
Ваша княская мосць, а хто ж можа ўнікнуць Божага суда? Ён i справядлівы, i літасцівы. Вядома, што пасля таго, як душа развітаецца з целам, Бог пасылае яе ў аднаведнасці з заслугамі або ў рай, або ў чыстку, або (хай ратуе нас ад такога Яго літасць!) у пекла.
Валадковіч у пекла не трапіць, пане каханку! Дай Бог усім нам быць такімі набожнымі католікамі, як ён! На сваім жыцці ён трох папоў павярнуў да уніі, а чацвёрты, упарты, памёр над бізунамі! Так ужо здарылася, што гэтая паганая слуцка-торунская канфедэрацыя, нібы яе чорт пакусаў, вытаргавала прывілеі для дысідэнтаў, праз якія цяпер я, першы сенатар літоўскай правінцыі, не магу паслужыць Богу, хоць сем гадоў ca зброяй у руках супраціўляюся гэтаму блюзнерству. Толькі нам не шчасціла. Таго, што я рабіў дзеля спакою душы Валадковіча, ойча, хапіла б, каб выбавіць з чысткі не адну ягоную, а ўсе душы, якія там ёсць. Дзеля ягонай душы я ў Малдавіі зграбаў трупы памерлых ад чумы, а ў дзень ягонай смерці заўжды пашчуся. Ваўкавыскім дамініканцам, у якіх каля касцёла пахаваны Валадковічы, я падараваў вёску, а што да паніхідаў, малебнаў, падарункаў, лампад, то тут маіх ахвяраванняў не злічыць i пан Міхал Рэйтан, хоць ён i вялікі знаўца па рахубах! I тым не меней ягоная душа не перастае прыходзіць да мяне. Мая Непта добра ведае яго i, як толькі ён падыходзіць, тут жа адклікаецца, хоць яна ўсяго толькі звер, але ж некалі яе маці Валадковіч падараваў мне на імяніны. Ойча Ідзі, дай ты гэтаму рады, а я аддзячу тым, што пакрыю ваш кляштар гданьскай чарапіцай.
Няхай Бог заплаціць вашай княскай мосці за вашы клопаты пра нас, Дзева Марыя i Святы Францыск радуюцца кожнаму вашаму дарунку. А што да памяці нябожчыка Валадковіча, то хай ваша мосць даруе каму-небудзь за ўчыненае ў гневе, напрыклад, падасць руку таму, каго абразіў, i тым самым вызваліць душу свайго сябра.
Ты, ойча, загаварыў са мной на мове ксяндза Кантэмбрынка, які ўвесь час папракае мяне дрэннымі ўчынкамі. Вось i на мінулым тыдні такое было. Па віне псяра Гжэся здохла мая лепшая харціца Вятроўка, я загадаў закаваць яго ў ланцугі, хаця па справядлівасці трэба было злупіць з яго скуру. А ксёндз Кантэмбрынк як пачаў вычытваць мне псалмы ca Святога пісьма, i страшыць, i прасіць (i хто гэта мне сказаў, што ён вялікі тэолаг?), а я хоць i паабяцаў: «Не адпушчуся, бо я - Радзівіл», але ён мне так надакучыў, што загадаў выпусціць таго Гжэся без пакарання. Ды ўсё ж я добра аблаяў ксяндза, ён бы рады быў, каб у мяне ва ўласным доме беспакарана абы-што вытваралі. Дык i ты захацеў пайсці па ягоным шляху? Няўжо i бернардзінцы такія ж шэльмы, як езуіты? Ты хаця не скажы гэтага ксяндзу Кантэмбрынку. На шчасце, мая душа спакойная, зла ні на кога я не трымаю.
Я б вам падказаў, але не адважваюся.
Кажы смела, кажы смела, айцец Ідзі, кожны стаіць за сваю веру, да таго ж я ў вас у гасцях: гэта мне трэба дбаць пра вашу ласку, а не вам пра маю, вось прагоніце вы мяне з кляштара, дзе я тады буду начаваць?
Калі вы мне дазволіце такую смеласць, то нагадаю вам, ці не ўспомніце вы, што кагосьці пакрыўдзілі.
Я, пане каханку, нікога не пакрыўдзіў. Гэта мяне ўсе крыўдзяць, а я ім дарую. Я, пане, яшчэ нікога не зачапіў, хаця вось, напрыклад, гэтая велікапольская малпа, гэты Кашуба Сікорскі называе мяне ў Варшаве літоўскім мядзведзем, але я яшчэ пакажу яму, дзе ракі зімуюць, калі ён прыедзе ў Гродна на сейм. Ды гэта да вас, айцец Ідзі, i не адносіцца, бо ён жа велікапольскі бернардзінец. А каго я пакрыўдзіў у Літве? Я пакорлівы, як дзіцянё, пане каханку. Ксёндз Кантэмбрынк пастаянна папікае мяне з амбона, затое я на яго ніколі не крыўдую. А хіба мала розных жарцікаў дазваляе сабе пан Леан Бароўскі? А пан
Ежы Белапятровіч мала лез у мае справы? А пан філосаф, які тут спіць, Міхал Рэйтан, мала выбіў у Налібоках маіх мядзведзяў i вылавіў баброў у Лахве? А я маўчу, спадзяюся на Бога. Hi на кога не маю злосці, ні на кога, тэта мяне ўсе крыўдзяць, а я - нікога. Ты, айцец Ідзі, хацеў мяне на нечым падлавіць, але не здолеў. Слухай, ці спадабаўся табе мой літы пояс, які ўчора быў на мне, з яго мог бы атрымацца такі арнат, якога няма нават у Вільні ў кафедральнай рызніцы; калі ты мне давядзеш, што я некага ў Літве пакрыўдзіў, то я аддам яго табе, калі не, то адслужыш пяцьдзесят малітваў за Валадковіча.
Згодзен, княжа! Пояс будзе наш, а малітвы за Валадковіча я ўсё роўна прамоўлю. А ўсё ж я неяк баюся, раптам вы пакрыўдзіцеся?
Кажы смела, я Радзівіл - сцярплю!
Калі ўжо вы, князь, так падахвочваеце мяне быць смелым, то скажу, што быў вядомы мясцовы жыхар, які год таму нам многа дапамагаў. Бывала, ён прысылаў нам вазы збожжа са свайго свірна, а цяпер ужо мы павінны дапамагаць яму, абы толькі ён не памёр з голаду, а ўсё таму, што вы, князь, выгналі яго з сядзібы, i ён, лічы, у адной кашулі уцёк у Наваградак. Ён цяпер судзіцца з вамі, а кавалка хлеба не мае, гэты пан падчашы Трызна.
Тут князь перапыніў яго:
Што ты лезеш не ў сваю справу, служка касцельны? Я лепей страчу цэлы маёнтак, а Трызну не дарую! Ён з маёй ласкі жыў, ледзь не задарма трымаў Калдычова, не даў сваіх людзей для аблавы, змяшаў з гразёю маіх слуг ды яшчэ i мяне абазваў дурнем! Буду судзіцца, i або я, або ён пойдзе з торбай.
Ён ужо з торбай пайшоў, васпане. Але хай ваша княская мосць згадае, што кожны дзень прамаўляе малітву, у якой ёсць такія словы: «I даруй нам даўгі нашыя, як i мы даруем даўжнікам нашым».
З гэтага дня я перастану маліцца, але не дарую.
Але ж, князь...
Маўчы! А лепей ідзі прэч, бернардзінец, i не тлумі мне галавы!
Запанавала цішыня, потым зводдаль пачуліся крокі.
Божа літасцівы! Што гэта? - спытаў князь.
Гэта я выходжу па загаду вашай княскай мосці, мае туфлі стукаюць па падлозе.
Прашу цябе, пане каханку, не выходзь з келлі, спі са мной, бо пасля таго, як да мяне прыйдзе Валадковіч, я захварэю ад тугі без цябе, мой ксенжа! З гэтым ерэтыком, Міхалам Рэйтанам, які не верыць у прывіды, я не адважуся застацца адзін на адзін ноччу, а Бургельскі спіць як забіты. Кладзіся, ойча Ідзі, i не злуйся на мяне. I ўсё ж, хоць ты i хочаш, каб я дараваў Трызну, нічога з гэтага не выйдзе.
Потым, як расказваў Бургельскі, стала ціха, але неўзабаве начаўся ўжо прывычны «канцэрт» князя, айца Ідзі i Непты. Але i пан Бургельскі, які бачыў князя наскрозь, i пан Міхал Рэйтан назаўтра ўжо змаглі прынесці Трызну хоць нейкую надзею, а яшчэ падалі яму думку, каб i той зрабіў нейкі крок насустрач князю, што нам здавалася не лішнім зрабіць, бо падчашы хаця i быў бедным, але гордым i не быў ахвочы згінацца перад кімсьці.
Аднак, як кажуць, карты ляглі добра; на наступны дзень пасля той размовы, пра якую я толькі што згадаў, а Рэйтан ды, напэўна, i сам айцец Ідзі пераказалі Трызну, пачаўся сеймік. Наваградскі харунжы Рдултоўскі адкрыў яго, бо падкаморы Незабітоўскі быў адкліканы de mało gęsto officio (з-за нядбайнага выканання сваіх функцый) ваяводам Несялоўскім, i адразу папрасіў усіх земскіх чыноўнікаў выбраць маршалка гэтага сейміка. Па касцёле разлегліся воклічы:
Запрашаем быць маршалкам яснавяльможнага віленскага ваяводу!
Згодны! Згодны! - пачала крычаць шляхта, але тут Казімір Гарабурда папрасіў слова i сказаў, што ён хоча выказаць сваю нязгоду, бо, нягледзячы на жаданне мець маршалкам такога паважанага пана, якім з'яўляецца віленскі ваявода, яго нельга выбраць, таму што паводле закона той, хто знаходзіцца пад судом, не можа спаўняць дзяржаўных абавязкаў, а таму князь, які якраз цяпер судзіцца, маршалкам быць не можа.
Тут мы ўслед за Міхалам Рэйтанам павыцягвалі з похваў шаблі i маглі б скрышыць, як капусту, усю партыю наваградскага ваяводы, тым больш, што нашых было ў чатыры разы болей, але тут выступіў наперад Ежы Белапятровіч, якога ўсе паважалі i цанілі ў абедзвюх партыях, i супакоіў нас. Ён папрасіў схаваць шаблі ў похвы i даць магчымасць разабрацца з тым, што сказаў пан Гарабурда, бо ён гаварыў праўду. Тут усе пачалі крычаць:
Просім пана Гарабурду зняць сваю справу супраць князя!
А ён на тое:
Я не суджуся з князем, я такога не гаварыў. Але вось пан падчашы Трызна падаў на князя аж дзве скаргі ў гродскі суд.
Раззлаваны Міхал Рэйтан накінуўся на Гарабурду:
Ты, васпан, не маеш права карыстацца ў сваіх мэтах чужой судовай справай! Калі сам з ім судзішся, то не ківай на Трызну, а лепей памаўчы пад старасць!
Лепей ты, васпан, сам памаўчы, калі язык не свярбіць, i не вучы розуму таго, хто яго сам можа даць у пазыку. Хай пан харунжы спытае ў пана Трызны, ці хоча ён скарыстаць сваю судовую справу з князем ваяводам, а мы паслухаем.
Тут мы ўсе пачалі крычаць, што ніхто не мае права пытацца Ў пана Трызны, бо ён сам ведае, што рабіць, i здолее скарыстаць свае правы. Князь стаяў між намі дужа ўсхваляваны, закруціў уверх свае вусы, а тут якраз сам Трызна, які быў сярод судзейскіх i маўчаў, устаў i дрыготкім голасам, у якім адчувалася шкадаванне, загаварыў:
У мяне сапраўды ёсць дзве скаргі на князя ваяводу, але я ix забіраю; ён мяне моцна пакрыўдзіў, але я як грамадзянін абавязаны падпарадкаваць свае прыватныя пачуцці грамадскаму абавязку. Паколькі я перакананы, што для нашага ваяводства не можа быць лепшага кіроўцы сейміка, чым князь ваявода, прапаную даручыць яму гэтую справу, якую ён давядзе да памяркоўнага выніку лепей, чым нехта іншы. Я адмаўляюся ад сваіх прэтэнзій да князя, хоць i разумею, што гэта можа скончыцца для мяне дрэнна, але абяцаю князю, што судзіцца з ім не буду.
Князь ваявода падышоў да харунжага, ён быў такі ўсхваляваны, што толькі i здолеў сказаць:
Хаця я i крыўдую на пана падчашага, але за такі яго добразычлівы i пачцівы ўчынак я яму аддзячу.
Тут па ўсім касцёле загрымелі магутныя воклічы:
Vivat князю ваяводу! Vivat наваградскаму падчашаму Трызну!
Так Радзівіл быў абраны маршалкам сейміка. Але ўжо ішла першая гадзіна, таму князь прызначыў пачатак сесіі на восем гадзін раніцы наступнага дня i пайшоў абедаць да харунжага Рдултоўскага, дзе ўжо стаялі на панадворку сталы, накрытыя на пятнаццаць асоб. Там з намі аказаўся i пан падчашы, i мы над звон кілішкаў пачалі мірыць Трызну з князем. Князь сказаў:
Я люблю пана Іасафата. Кроў не вада, пане каханку, а майго прапрадзеда нарадзіла жанчына з роду Трызнаў. Я вяртаю яму Калдычова, а тыя пытанні, якія могуць узнікнуць пры аднаўленні кантракта, хай вырашаць суддзі. Але Ў мяне на яго асабістая крыўда. Ён накрычаў на маіх слуг, а мяне назваў шалёным. Мы абодва шляхціцы, хай нас рассудзіць шабля, i на тым скончым.
Дарэмна Трызна пераконваў князя, што ён ніколі такога не казаў. А харунжы i суддзя Кавенскі парашылі, што Трызна павінен падпарадкавацца пажаданню князя, i яны па абедзе ўзяліся за шаблі ў прысутнасці ўсіх, хто там быў Князь адразу перайшоў у наступ i так моцна ўдарыў па шаблі Трызны, што яна пераламалася. Суддзя падаў раззброенаму Трызну сваю шаблю, але тут князь сказаў: «Я поўнасцю задаволены» i расцалаваў Трызну. Агледзеў шаблю i сказаў:
Гэта мая шабля, бо я здабыў яе цаной сваёй крыві. А прызнайся, пане Іасафаце, што я ўмею біцца на шаблях.
I тут усе пачалі піць за прымірэнне. У князя быў цудоўны настрой.
Пане Міхале, наконт пасады земскага нісара можаш быць спакойны, - звярнуўся ён да Рэйтана. - Я адзін з маёй шабляй разганю ўсю нартыю Гарабурды.
Князь i пан Трызна падпісалі у Беланятровіча паперу аб прымірэнні, пасля таго мы былі ўжо занятыя толькі справамі сейміка.
Шляхта, узрадаваная ўчынкам князя, не магла ачомацца ад радасці. Сярод прысутных толькі i размоў было пра яго:
«Ну як, хвацкі рубака наш князь? Гэта ж трэба - перасек клінок нібы лазіну. Але i пан Трызна маладзец! Ён шабляй гасіць з ад таго ўзмаху дванаццаць лоевых свечак! Хто можа зраўняцца з нашым князем?» Скажу вам: у Трызны была турэцкая шабля, а яна з больш мяккага жалеза, а ён не думаў пра тое, што яму трэба было наступаць, а не абараняцца. Але ён на гэтым толькі выйграў: князь яго моцна палюбіў. Ён яго i раней любіў, але іначай: любіў праследаваць, таму, каб Равінскі не дапамог, мог бы i галаву адцяць.
Пасля абеду ўсе рушылі на дзядзінец да бернардзінцаў, дзе зноў пілi de noviter reperta (па другому разу) i моцна панапіваліся. Усе госці перамяшаліся. Яснавяльможная i засцянковая шляхта, магнаты i мясцовыя памешчыкі былі як брат з братам. Князь напаткаў нейкага беднага шляхціца ў заношанай шапцы, аддаў яму сваю аксамітную, а ягоную надзеў на сваю галаву. Узяўшы з яго прыклад, усе пачалі мяняць шапкі, ды так, што праз момант надзявалі на галаву іншую. Потым князь, ужо добра нападпітку, пачаў распранацца i ад добрага сэрца надзяляць шляхту сваім адзеннем. Аднаму аддаў залаты пас, сказаўшы: «Бяры, дурань, дару!», другому - кунтуш: «На, свіння!», трэцяму - брыльянтавую зашчапку: «Трымай, асёл!», яшчэ аднаму - жупан: «Вазьмі, пасмешышча!» Нарэшце ён застаўся ў малінавых гайдавэрах i кашулі, на якой вісела вялікая ладанка; потым ускараскаўся на воз, на якім стаяла вялізная бочка, поўная віна. Ён уссеўся на бочцы, а воз шляхта цягала па вуліцах Наваградка. Час ад часу воз спыняўся, i тады кожны, хто хацеў, падстаўляў келіх або гарнушак, а князь вымаў з бочкі затычку i наліваў, просячы шляхту галасаваць за тое, каб пісарам абраць Міхала Рэйтана i каб не даць Радзівілам папусціцца перад ворагамі.
- Пане каханку, бачыце на мне гэтую ладанку з абразом? Я атрымаў яе ў спадчыну ад маіх продкаў. Яе насіў яшчэ мой прапрадзед Ліздзейка, трымаў у руках Уладзіслаў Ягайла. Радзівіл Сіротка хадзіў з ёй у Віфлеем. Яна такая вялікая таму, што ў ёй закладзена унія Літвы з Каронай. Я люблю Карону, пане каханку, але для мяне даражэй за ўсё наша Літва. У мяне i ў Кароне ёсць кавалак зямлі, але хай там лепей сядзіць нячысцік. Там лепей гандляваць, чым паляваць. Тут мы б'ём мядзведзяў, а там палюем на перапёлак. У ix там суслікі, а ў нас поўна добрага звяр'я. А яшчэ, Панове, мяне пачаў праследаваць віленскі ксёндз біскуп, швагер наваградскага ваяводы, які тут націскае на нас, каб не Міхал Рэйтан, а Казімір Гарабурда пісаў нам дэкрэты, i я ад роспачы хацеў ужо ўцякаць у Карону. У мяне былі б там прыбыткі ад абацтва, бо я пішу прыгожыя вершы. Мог бы я асесці i на Pyci, я пачаў ужо маліцца Езусу у Барэмлі, i тут Ён сказаў мне: «Радзівіле, вяртайся Ў Літву, бо тут ты нічога не даб'ешся, тут шляхта смярдзючая. Ostende patrem patris to (Ведай бацьку свайго бацькі) - гэткай вялікай філасофіі трымаецца шляхта на Валыні i ў Кіеве, не тое што ў Літве (i ў мяне прабабка была ліцвінка), там кожны пачынаючы ад продкаў сядзіць на сваёй зямлі. Вяртайся лепей у Літву i кланяйся ад мяне наваградскай шляхце». Я лёг крыжам на зямлю i кажу яму: «Госпадзі! А як жа я вярнуся ў Літву, калі Твой біскуп мяне праследуе?» А Ён мне: «Гэта не мой біскуп, а латруга; яму да цябе не дараўняцца. Вяртайся, Радзівіле, у Літву, i забяры мяне чорт, калі ты не будзеш там Радзівілам, як даўней, а ён як быў размазнёй, так i застанецца». Вось таму, пане каханку, я, падахвочаны Госпадам Богам маім, вярнуўся да вас, i Бог узнагародзіў мяне за маю веру, бо я ніколі не забываю дадзенага Яму слова, а свае вершы я пжшуу ксяндзу Нарушэвічу, ён хоць i небагаты, але з Радзівілаў, праз мае вершы ён атрымаў смаленскае біскупства.
I тут да яго як паваліла шляхта, ды не толькі наша, але i з супраціўнай партыі, нават засцянковай, дробнай, i мы зразумелі, што назаўтра яны ўсе будуць за нас i што наваградскія сенатары дарэмна чынілі нам перашкоды.
Аж да дзесяці гадзін вечара шляхта суправаджала князя, піла, танцавала i спявала на вуліцах, жыхары горада - прыхільнікі партыі наваградскага ваяводы - нават пачалі баяцца, як бы ix не надпалілі. Але ўсё скончылася добра, нікому зла не чынілі. Князя прывезлі на пустой бочцы на дзядзінец перад кляштарам, ён злез, падышоў да студні, зняў гайдавэры i кашулю i загадаў абліць сябе вадой. Праз тое ён адразу працверазеў i пайшоў у келлю, паеў крыху, памаліўся з айцом Ідзі, потым лёг спаць, трымаючы ў галаве, што яму заўтра роўна ў восем трэба быць у касцёле i адкрыць сеймік.
У восем гадзін раніцы мы сабраліся ў касцёле, увайшоў князь, запрасіў усіх земскіх i гарадскіх чыноўнікаў прыступіць да сваіх абавязкаў i адкрыў сеймік такімі словам!:
- Вашы мосці, яснавяльможныя i вяльможныя паны, любімыя брацці! Згодна з вашай воляй я прызначаны вашым прадстаўніком у сеймікаванні з мэтай абрання земскага пісара. Я маю гонар паведаміць вам, што двое грамадзян нашага ваяводства выставілі свае кандыдатуры на гэтую пасаду: адзін - яго мосць пан Міхал Рэйтан, які некалі быў нашым дэпутатам у віленскім трыбунале i шамбялянам яго каралеўскай вялікасці; другі - Казімір Гарабурда, віладымоўскі стараста. Прашу вас, панове брацці, засведчыць, каго з ix двух вы хочаце мець земскім пісарам.
Просім Міхала Рэйтана! - закрычалі Адынцы, Семірадскія, Гацінцы i Міцкевічы.
Згодны! Згодны! - загудзела засцянковая шляхта. - Просім пана Рэйтана!
Не згодны! - пачалі крычаць Есманы, Чачоты, Слушкі, але ix галасы былі намнога слабейшымі. Ніхто з нашых не выцягнуў шаблі, бо князь строга наказваў нам, каб ніводзін не даў зачэпкі да бойкі, хацеў, каб яго кіраўніцтва сеймікам абышлося без гвалту. Радзівіл устаў i прамовіў:
У нашым ваяводстве звычайна бывала так, што ўсё вырашалася unanimitate (аднагалосна), але nemini vox non est deneganda (нікому не забаронена выступаць супраць), таму прашу вас, паны брацці, галасаваць.
Шляхта пачала галасаваць, але ўжо праз пару гадзін Гарабурду стала зразумела, што ён не пераможа, усе засценкі яго падвялі, а таму ён, каб не паказаць слабасць сваіх прыхільнікаў, абвясціў, што не хоча перашкодзіць пану Рэйтану i здымае сваю кандыдатуру. Пасля тут жа выйшаў з касцёла i паехаў у сваю вёску, дужа расстроены i пакрыўджаны на наваградскага ваяводу, які падбухторыў яго на тую справу. Але крыху пазней той жа ваявода вылучыў яго ў гродскія наваградскія суддзі - лепш хоць штокольвечы, чым нічога, i тым самым хоць крыху яго ўлагодзіў, а Міхал Рэйтан стаў земскім пісарам.
Сеймік доўжыўся яшчэ шэсць дзён, але на самай справе наш збор ужо больш нагадваў баляванне. I ўсё ж за баляваннем не забываліся прымаць рашэнні: звыш трыццаці спраў па судовых заявах было вырашана пры дапамозе князя, а сярод ix былі i дужа складаныя. У большасці выпадкаў арбітрам выступаў Ежы Белапятровіч, які быў сапраўдным міратворцам ваяводства.
Каментар
Князь Радзівіл Пане Каханку (с. 59)
Несялоўскі Юзаф (1728-1814) - наваградскі ваявода.
Парцюнкулі - галоўнае свята ў бернардзінцаў, названае паводле касцёла Парцюнкула ў Італіі, дзе было заснавана ix брацтва.
Валадковіч Міхал - адзін з набліжаных Караля Радзівіла, вядомы сваім буйным норавам. Расстраляны ў Мінску ў 1760 годзе. Падрабязней пра яго апавядаецца ў раздзеле «Пан Валадковіч».
Лютар Марцін (1483-1546)- вядомы чэшскі вучоны, заснавальнік аднаго з адгалінаванняў хрысціянскай рэлігіі - лютаранства.
Інфула - мітра, галаўны ўбор біскупа, у пераносным сэнсе - сан біскупа.
У Малдавіі, якая тады была пад Турцыяй, Радзівіл быў у выгнанні пасля няўдалай спробы супрацьстаяць Панятоўскаму.
Літы пояс (пас) - быў важнай i каштоўнай частай адзення шляхціца. Ён прашываўся залатымі ніцямі, меў вышыўку кветкамі. Асабліва былі вядомыя слуцкія паясы. Ix цана даходзіла да 60 залатых дукатаў.
Арнат - адзенне ксяндза.
Гайдавэры - шырокія штаны.
Барэмель - мястэчка на Валыні, дзе ў касцёле захоўваўся цудатворны абраз з выявай Хрыста.