Хутка будзе ўжо восемдзесят год, як я вякую ў гэтым месцы пакуты, але калі б пражыў яшчэ ў два i ў тры разы болей, ніколі б не забыў таго ўражання, якое пакінуў у мяне Люблінскі трыбунал, хаця быў я на ім не дзіцянём i не маладзёнам, а недзе ўжо амаль саракагадовым. Я цяпер ужо стары, але не зайздрошчу нашай беднай моладзі, якая перажыве мяне, бо яна ніколі не ўбачыць таго, што бачыў я! Можа, яна i дачакаецца чагосьці добрага, але ўсё будзе не так, як было тады. На нашых трыбуналах была навага, было на што паглядзець; а каронны трыбунал быў яшчэ больш велічны, бо ён быў i старэйшы на гадоў дзвесце, i не пароўну адмяраў народам справядлівасць. У Літве дзесяць ваяводстваў, а ў Кароне ix каля трыццаці. Калі барская канфедэрацыя скончылася, краіна была падзелена першы раз; майго гаспадара, як я пісаў раней, ужо не было сярод жывых, i я аказаўся на раздарожжы. Мне хацелася яшчэ паслужыць у войску, я нават дамагаўся гэтага, але ў новых умовах на канфедэратаў глядзелі як сабака на вожыка. Я застаўся без працы. Што было рабіць? I ўспомніліся мне тыя часы, калі я перапісваў для дзядзькі судовыя паперы. Падумалася: пайду я ў судзейскія служыць грамадству. Што-кольвечы з права я памятаю, ды яшчэ чаму-небудзь падвучуся. Не святыя гаршкі лепяць. Людзі дапамаглі мне. У Польшчы шкадавалі тых, хто змагаўся за айчыну i праз тое згалеў. Сярод сваіх з голаду не памрэш. Пан Фабіян Вайніловіч, земскі рэгент, узяў мяне як справаводцу; а пры такой разумнай галаве навучыўся б праву нават той, хто не хацеў Увогуле, той, хто працаваў, як належыць, не зазіраў у чужую кішэню, карыстаўся даверам у шляхты. Якраз у той час мне пашанцавала: пан Стэфан Абнорскі, давераная асоба князя Радзівіла, ажаніўся з паняй Храпавіцкай, багатай удавой (якой ён некалі адсудзіў маёнтак у вельмі заблытанай справе), пасля ён выехаў ва ўладанні жонкі на Белую Русь, якраз дзякуючы князю. Многія тады хацелі заняць ягонае месца i плялі інтрыгі. Але князь ці то меў нейкае чуццё, ці то прыпомніў, што бачыў мяне ў баях, што я пару разоў прыязджаў да яго з сакрэтнымі даручэннямі ад Агінскага, які тады быў маім гаспадаром, а то i памятаючы пра мае заслугі перад радзімай, даверыў мне вядзенне ўсіх спраў, якія ён мог мець у земстве або ў гродскім судзе Наваградка, Амаль год апекаваўся я інтарэсамі свайго новага гаспадара, i тут аднойчы князь загадаў мне ехаць у Белую з часткай прыдворных i чакаць яго там. Потым туды прыехаў i князь, але гасцяваў нядоўга i падаўся ў Люблін, дзе завяршалася даўняя судовая справа, якая вырашалася вельмі цяжка. Яна была звязана з часамі князя Радзівіла Сіроткі, i тыя абставіны, пры якіх яна ўзнікла, засталіся ў гісторыі. Некалі князь Сіротка вельмі сябраваў з брэсцкім ваяводам Ілінічам, у якога было многа маёнткаў, а сярод ix i ў вёсцы Белая, дзе ён жыў. Калі князь Сіротка сабраўся ў пілігрымства да Святой зямлі, ён даверыў яе свайму сябру. Аднак жа з той краіны, дзе яшчэ панавала язычніцкае варварства, дзе хворае паветра прыносіць мор, куды трэба дабірацца праз мора, горы i пустыні, дзе падарожжа вельмі небяспечнае, можна было i не вярнуцца. Князь быў тады яшчэ нежанаты, i не было ў яго іншай радні, апрача княжычаў Радзівілаў, заядлых кальвіністаў. А яны з той пары, як ён пайшоў з дыпламатычнай службы, праследавалі яго як маглі, а таму ён ix не вельмі любіў i не хацеў, каб пасля ягонай смерці вялікія ўладанні ўзбагацілі нядобразычлівых родзічаў, Пра ўсе гэтыя рэчы ён расказаў сябру, папрасіў параіць яму, як распарадзіцца ix лёсам. Ілініч сказаў яму.
- Ты можаш зрабіць завяшчанне, але калі Бог не дасць табе шчасця вярнуцца на радзіму, то з тваёй шчодрасці могуць не скарыстацца тыя, каго ты ёй ашчаслівіш. Ты ведаеш, што ў нашым судовым заканадаўстве ніводнае завяшчанне не будзе моцным, калі будуць магчымасці для яго розных вытлумачэнняў. Мае родзічы, біржанскія Радзівілы, цяпер у сіле, яны вядуць рэй у справах двух народаў, а ў Літве нават католік не пойдзе супраць ix. Апратэстуюць яны тваё завяшчанне, завалодаюць тваімі вёскамі, населяць ix пратэстантамі. Я раіў бы табе распарадзіцца набыткам не ў завяшчанні, а ў фармальнай дамове.
- Як гэта? - спытаў князь Сіротка.
- Ты не жанаты, - адказваў Ілініч, - а ў мяне няма нашчадкаў; падпішам дамову на перажыццё паміж намі. Калі я першы памру, то усе мае вёскі стануць тваімі, калі ж Бог цябе прызаве першым, Случчына, Койданаўшчына, Себеж i ўсё іншае, чым ты цяпер валодаеш, будуць маімі; а кальвіністы хай ідуць да д'ябла - ніводнай валокі тваёй зямлі яны не атрымаюць.
- Згодны! - адказаў князь, i яны ў той жа дзень з'ездзілі ў Бярэсце i падпісалі такую дамову.
З той пары Ілінічу заставалася толькі атрымаць пацвярджэнне смерці князя Сіроткі, а чуткі хадзілі розныя: то нібыта карабель, на якім ён плыў, разбіўся, то што ён памёр ад чумы, то што яго забілі бусурманы. Ілініч так асмакаваўся тымі землямі, што пачаў губляць цярпенне, але мусіў чакаць дакладных звестак, бо пяць княстваў i трынаццаць графстваў не так проста праглынуць. Але, як кажуць, чалавек думае так, а выходзіць гэтак. Князь Сіротка З Божай дапамогай прамінуў усе нягоды i цяжкасці, вярнуўся жывы i здаровы. Смерць пільнавала яго па свеце, але не знайшла, а пана Ілініча яна напаткала ў ягонай вёсцы. Князь Сіротка якраз у той час ужо вяртаўся на радзіму, толькі на некалькі дзён затрымаўся ў Кракаве, а потым паехаў у Белую, каб абняць сябра. Толькі ён пад'ехаў да вёскі, як насустрач яму пахавальная працэсія... Пытаецца, каго хаваюць, i даведваецца што два дні таму на паляванні мядзведзь задраў ваяводу Ілініча. Сіротка аддаў яму апошнюю пашану, шчыра плакаў па ім. У князя было чулае сэрца, у хроніках пішацца, што не было такой добрай якасці, якой бы не хавалася ў ягоным сэрцы. Дамова засталася ў сіле. Хапіла чым памянуць нябожчыка i выцерці свае слёзы: Белая, Славацічы, Заблудаў i многа іншых маёнткаў Ілініча адышлі да роду Радзівілаў Такім чынам тое пілігрымства пайшло яму на карысць як на тым, так i на гэтым свеце, але ён заслугоўваў Божай міласці. Аднак у жонкі Ілініча быў яшчэ пасаг - дзвесце тысяч злотых па - цяперашняму, укладзеныя ў розныя мужавы маёнткі. Яна была з роду Тарлаў. Хаця ў яе не было правоў на пажыццёвае ўладанне, але князь Сіротка не займаў тых маёнткаў, пакуль яна жыла, i ўсе нрыбыткі ішлі таксама ёй. А яна, бачачы такую яго дабрыню, запэўніла ў лісце да яго, што ні сама яна, ні яе спадчыннікі ніколі пра той пасаг не будуць успамінаць. I ўсё ж пасля яе смерці Тарлы начал i спрачацца ca спадчыннікамі князя, даводзячы, што воля ўдавы павінна быць выказана не ў лісце, а ў адпаведным дакуменце, засведчаным родзічамі. Гэтая цяжба доўжылася ці не паўтараста гадоў. Князь Міхал Радзівіл, вялікі літоўскі гетман, сам ездзіў у Люблін з Тарлам, люблінскім ваяводам, ад якога ён нямала напакутаваўся, бо той быў такі ўжо зух, што другога, на яго надобнага, i не знайшоў бы. Але i тады ўсё сышло на нішто, бо неўзабаве люблінскі ваявода Тарла, апошні ў родзе па мячы быў забіты ў паядынку. З каронным падкаморыем князем Панятоўскім, які ў той час аказаўся ў Любліне. Не дзіва, што я да драбніц ведаю пра гэтую справу: я па дзесятку разоў перачытаў усе шматлікія дакументы.
Паехалі мы у Люблін услед за князем. У вазок да мяне сеў княскі прыдворны Варфаламей Ходзька. Добры хлопец, але распуснік, якіх i Карона i ўвесь свет не бачылі! У ягонага бацькі было досыць многа вёсак ва Упіцкім i некалькі дэпутатаў у трыбунал. Ён i не спрабаваў заняцца выхаваннем сына, бо не мог даць яму рады, такому бэйбусу Вывеў яго ў суддзі, але той аказаўся больш здатным махаць шабляй, чым пяром, i паспеў спісяжыць ёю столькі лбоў i вушэй, што бацьку давялося аднойчы заплаціць за яго трыццаць тысяч адкупнога за калецтвы. Яму пашанцавала, што быў блізкім да Радзівілаў, а князь ваявода якраз любіў шляхту, спрытную ў абыходжанні з шабляй, таму бацька i аддаў сына яму, каб ён стаў нясвіжскім прыдворным. Ходзька быў невысокі, хударлявы, з выгляду нязграбны; але я, колькі жыву, не бачыў чалавека такой сілы i такога спрытнага ў баі на шаблях. У яго быў тонкі палаш, які ён называў смычком. Ён вельмі любіў у незнаёмай кампаніі паказацца гэткім цюхцяем, дазваляў жартаваць з сябе, потым адказваў нахабна, спецыяльна, каб яго выклікалі на двубой. Але спачатку рабіў выгляд, што ён як тхор, спрабуе выкруціцца, ухіліцца ад паядынку, потым жа, нібы не хочучы, браўся за зброю, біў i калечыў тых, хто яшчэ не ведаў пра ягоны нораў Мяне ён не чапаў, бо я сябраваў з ягоным бацькам, ён мяне паважаў i верыў мне. Мне даводзілася неаднойчы ўгамоўваць яго, калі ён з дваром прыязджаў у Наваградак i спецыяльна заварваў кашу. Ён звычайна i начаваў у мяне, бо мы служылі пры адным двары. Вось чаму ён i ехаў ca мной. Дагэтуль Ходзька ні разу не пакідаў межаў Літвы, а таму за дарогу ўвесь час звяртаўся да мяне з роспытамі. А потым i кажа мне:
- Выбачай, пане Севярыне, але ўсё ж мой «смычок» хацеў бы пайграць з кім - небудзь з насельнікаў Кароны; я быў бы асабліва рады сустрэцца з тым з каронаўцаў, хто паходзіць з Ленчыцы.
- А чаму?
- Таму, што некалі мяне даймалі школьнай навукай, i я вычытаў у французска - польскім слоўніку Трота «Se battre en diable - біцца па - ленчыцку. - Гэта ўсё, што асела ў маёй памяці з французскай мовы. I таму я быў бы рады ўведаць, што ў Ленчыцы «скрыпачы» не горшыя, чым у Панявежы.
- Э, пане Варфаламей, канчай ты плесці такую бязглуздзіцу. Хіба забыўся, што, учыніўшы бойку пад бокам у трыбунала, ты атрымаеш шанц неўзабаве сустрэцца са Святой Тройцай? Васпан усё жыццё шукае гузакоў, а я папярэджваю: калі васпан мае намер учыніць якое глупства ў Любліне, то я на першым жа прыпынку пра ўсё раскажу князю, а васпана нікуды не пушчу.
- Пане Севярыне, я проста так жартую, каб толькі бавіць час. Будзьце ў спакоі, я буду трымацца каля вас, а князю нічога не кажыце.
Я падумаў, што паніч супакоіўся, бо ў час начлегаў i выпасаў мы сустракаліся з лукаўскай шляхтай за куфлем, але Варфаламей нікога не зачапіў. I вось мы дабраліся да Любліна. Было гэта ў суботу вечарам. Я радаваўся таму, што назаўтра была нядзеля. Справа ў тым, што, пад'язджаючы да Любартава, мы спускаліся з гары, i тут рантам лопнулі нашыльнікі, коні панеслі. Варфаламея разабраў смех, а я не на жарт спалохаўся i даў сабе зарок: калі Бог уратуе мяне, то ў Любліне з самага ранку паспавядаюся i пакаюся ў грахах. На грэблі наш вазок перакуліўся, а мы сапраўды толькі цудам засталіся жывымі. Але здарылася так, што ў нядзелю я не змог зранку пайсці да споведзі, бо князь загадаў прыйсці да яго, каб дапамагчы харунжаму Радзішэўскаму i пагаварыць пра нашу справу з Грынявіцкім i Кажмянам; адзін з ix стаў пазней ваяводам, а другі - любецкім кашталянам. Яны былі галоўнымі адвакатамі ў Любліне i прыяцелямі князя. На шчасце, у князя быў свой капелан i паходны алтар з прывілеямі ад нунцыя, іначай я не паслухаў бы нават святой імшы. Наша парада скончылася а дванаццатай гадзіне дня. Удвух з Варфаламеем мы паспяшалі да базыльянаў i якраз заспелі там канец набажэнства. Я ўгаварыў ксяндза паспавядаць мяне, але прычасце давялося адкласці да заўтра.
У той год трыбунал праходзіў пад кіраўніцтвам яснавяльможнага пана Халанеўскага, каламыйскага старасты, які быў у сваяцкіх сувязях з князем, а прэзідэнтам быў канонік Вадзіцкі, гебдаўскі абат, у якога на стале ніколі не стаяла віна, маладзейшага за пяцідзесяцігадовае; у час работы трыбунала яго было выпіта столькі, што, напэўна, хапіла б на тое, каб колькі тыдняў круціць жорны вадзянога млына. Ён пераконваў нас, што віно павінна быць на год старэйшым за гаспадара. Вядома, яснавяльможны пан маршалак Халанеўскі з вялікай пашанай прыняў свайго сваяка, князь сустрэў яго каля камяніцы, жалкуючы, што той яго апярэдзіў, потым яны ўдвух паехалі да правялебнага прэзідэнта i правялі разам увесь вечар. Калі ж пан Кажмян запрасіў да сябе на абед харунжага Радзіеўскага i цівуна Рупейку, які з ласкі князя займаў у той час пасаду маршалка двара, то я, як яго упаўнаважаны, кіраваў дваром i распараджаўся пры маршалкоўскім стале. Пасля абеду мы пайшлі паглядзець на горад, i я ўзяў з сабой Варфаламея, не вельмі давяраючы ягоным словам, сказаным у час падарожжа. Пачалі шпацыраваць на горадзе. Але ж была нядзеля, усе судовыя ўстановы былі зачыненыя, а чыноўнікі, судовыя i адвакаты сядзелі за бяседнымі сталамі або адпачывалі, да таго ж у нас не было знаёмых, а таму мы з Варфаламеем выйшлі за горад па львоўскім гасцінцы, каб палюбавацца на ваколіцы. Крокаў за пяцьдзесят ад горада пад старым! ліпамі ўбачылі карчму, на ўзбоччы гасцінца пад ліпамі ляжаў вялікі камень - жоран ад вадзянога млына. Варфаламей прамовіў:
- А няблага было б сесці на гэтым камені ў цяньку i папіць піўца.
- Праўду кажаш. Пачакай мяне тут, а я пайду ў карчму i папрашу, каб нам вынеслі піва.
Я так i зрабіў. Каля карчмы убачыў некалькі маладых хлопцаў з ліку судовых чыноўнікаў, па пунсовых кунтушах зразумеў, што яны тутэйшыя. Я пакланіўся ім, яны мне, зайшоў у пакой, сказаў яўрэю, чаго я хачу, ён пайшоў у лядоўню нацадзіць свежага піва, а я ў чаканні стаяў, чытаючы на вокнах розныя надпісы. Калі яўрэй вярнуўся з півам, я пайшоў з ім пад ліпы. Аж бачу Варфаламея, які так i сядзеў на камені, а каля яго ўсе тыя, каго я сустрэў каля ўваходу ў карчму. Яны ўзялі яго ў кола, а ён пазіраў на ix, як разявака. Я адчуў, што тут пахне сваркай, падышоў бліжэй, а ён кажа мне, скроіўшы прыдуркаватую міну:
- Пане Севярыне, дабрадзею, гэтыя паны нешта прамаўляюць да мяне на сваёй каронаўскай мове, я ix не зусім разумею.
Адзін з пунсовых жупаноў кажа мне:
- Васнан, можа, не ведае, што гэта спецыяльны судовы млын, вось камень, а мы кола. Хто дакранецца да гэтага каменя, той павінен выйсці з яго мукой або крупамі. Васпаны удвух, то скажыце, каго мы змелем, а каго пусцім на крупы.
А я ім:
- Мае шаноўныя, я ўжо стары для таго, каб з мяне жартавалі, Бог сведка, што я заўтра іду да прычасця, а па - другое, я абараняю тут інтарэсы князя Радзівіла, віленскага ваяводы, ca світай якога я сюды прыбыў, я не магу распараджацца сабой, пакуль не параблю яго справы. А гэта прыдворны князя, пан Варфаламей Ходзька, ён суддзя, прыехаў са мной. Будзьце ласкавы, Панове, пакіньце нас у спакоі.
Сярод ix быў, як я потым дазнаўся, справавод Кажмяна па прозвішчы Чаркоўскі з Брацлаўскіх, які ведаў пра справу князя i быў сярод тых чыноўнікаў, якія над ёй працавалі. Ён прамовіў:
- Шаноўныя калегі, гэта давераная асоба князя, ён не дакрануўся да каменя, мы не маем права малоць яго, а вось пан суддзя ўжо сеў на яго, i яму не адкруціцца.
- А як жа вы будзеце малоць мяне, калі я не з вашага свірна?
- Калі даткнуўся да нашага каменя, то, значыць, з нашага свірна.
- А як гэта вы будзеце мяне малоць?
- Слухай ты, браце, хіба твая карабеля ў цябе толькі для аздобы?
- Бадай што так.
- Ну, тады мы цябе навучым, як з ёй абыходзіцца. Уставай i выцягвай шаблю!
- А мне падабаецца сядзець на гэтым камені. Ці не лепей было б вам папіць піва, адчапіцца ад мяне i змалоць некага з вашых, бо нашае літоўскае збожжа добра прасушанае i цвёрдае.
- А вось мы i пабачым, - азваўся адзін з ix, - ці цвярдзейшае яно за наша. Я маршалак кола, таму з мяне трэба пачынаць.
- А што, як я асіндзея баюся? Леней прабачыцца, чым біцца.
- Не, з гэтага нічога не будзе. Выходзь, бо іначай мы ўсе, колькі нас тут ёсць, пачнём разам пляжыць цябе.
- Ну, калі вы ўжо такія заядлыя, то ці няма сярод вас каго - небудзь з Ленчыцы, каб я не баяўся? - Ён дастаў хусцінку i зрабіў выгляд, што выцірае слёзы. - О, бедная мая мату ля, як жа яна будзе плакаць па сваім Бартку!
Тут ужо не стрываў я:
- Панове дабрадзеі, паслухайце мяне, старэйшага за ўсіх вас! Гэта ж тут, у Любліне, зладзілася унія Кароны i Літвы. Мы парушым спакойны сон нашых продкаў, калі на гэтым месцы ліцвіны пасварацца з палякамі. Ці не лепей нам разам у знак намяці пра караля Людвіга, бацькі каралевы Ядвігі i цесця нашага Ягайлы заліць у шлункі некалькі куфляў венгерскага? Пакіньце ў спакоі гэтага ціхага хлопца i дазвольце мне або паслаць па віно, або пачаставаць вас у карчме.
Судзейскія пачалі адпускацца, некаторыя з ix звярнуліся да свайго маршалка:
- Давай пакінем у спакоі гэтага літваса, ён жа не ведаў нічога пра наш млын.
Тут ужо Варфаламей забаяўся, што сварка нічым не скончыцца, седзячы на камені i чухаючы патыліцу, ён спытаў:
- А, дык васпан i ёсць маршалак гэтага млына? А вось у Літве ў млынах сядзяць вартаўнік ды свінні, а не маршалкі,
Я ледзь не самлеў.
- Слухай ты, браце, я з павагі да гэтага пана дарую табе жыццё, але трымай язык за зубамі i не падступайся да нас з дурным i жарцікамі, кал i не хочаш, каб мы цябе як след адлупцавалі.
- Не злуйся, васпан маршалак, не буду болей жартаваць, скажу праўду. Ведаеш, чаму я быў бы рады біцца з кім - небудзь з Ленчыцы, а не з панам? Бо даведаўся, што яны вельмі разумныя.
Тут ужо нішто не магло дапамагчы. Маршалак ледзьве не лопнуў ад злосці, выхапіў сваю шаблю i з вялікім імпэтам пачаў наступаць на Ходзьку. Той ледзь паспеў саскочыць з каменя i выхапіць свой «смычок», але не забыўся плюнуць у рэчку. З першага ўдару ён так хвасянуў маршалка па руцэ, што шабля выпала. Пакуль маршалку перавязвалі руку, ён стаяў, як аслупянелы, i не столькі ад болю, колькі ад канфузу
- Ну што, - спытаў Варфаламей, - ёсць яшчэ хто? Я думаў, што біцца з каронаўцамі - гэта вялікая філасофія, а тут аказалася, што маршалка перамагчы лягчэй, чым з'есці хлеба з маслам.
- Пачакай, мужлан, я табе задам! - усклікнуў другі i кінуўся на яго з вялізным палашом. Але яны абмяняліся ўсяго двума - трыма ўдарамі, i гэты таксама атрымаў смычком па лбе.
Тут устаў трэці:
- Дык ты, літоўскі прыдурак, хочаш мець справу з ленчыцкім шляхціцам? Ён перад табой.
Гэты пратрымаўся крыху даўжэй, але таксама дастаў па лбе.
- А ты чорт, а не ліцвін, - прамовіў адзін з хлопцаў - Слухай, пане браце, аказваецца, ты нас падмануў. Выглядаў разявакам, а аказаўся майстрам вышэйшага гатунку. Паводле правілаў нашага млына, той, хто біўся тройчы, вызваляецца ад павіннасці. Калі ты згодзен з гэтым, прапануем табе нашу дружбу, калі не, хочаш працягваць, то мы гатовы служыць табе ўсе адзін за адным.
- Omne trinum perfectum (усё, што робіцца тройчы - дасканалае), - уставіў я. - Хопіць з ix. Лепей, Варфаламей, пацалуйся з гэтымі добрымі хлопцамі.
- Хай будзе так, - адказаў Варфаламей, - я i так маю за гонар пазабаўляцца з вамі сваім смычком, а за яшчэ большы гонар буду лічыць вашу дружбу. - I пачаў цалавацца з імі, прабачацца перад тымі, каго параніў, а асабліва перад маршалкам.
Я сказаў, каб суцешыць ix:
- Хай васпаны не крыўдзяцца, вы яшчэ мелі шчасце так лёгка разысціся з маім калегам, бо ён першы баец на шаблях у Літве.
Мы памірыліся i ўсе разам падаліся да кватэры параненага маршалка, дзе судзейскія наладзілі для нас баляванне; добра пагуляўшы, мы вярнуліся на нашу кватэру. Па дарозе я крыху паўшчуваў Варфаламея, але яшчэ больш палюбіў яго за тое, што ён падтрымаў гонар літоўскай правінцыі.
Назаўтра мы пайшлі з Варфаламеем на пасяджэнне трыбунала i там сустрэлі некаторых з тых, з кім пазнаёміліся ўчора каля жорнаў. Яны чакалі прыбыцця членаў трыбунала. Многа суддзяў i ix кліентаў было ў самай першай зале: на вока можна было вызначыць, што ix было больш як дзве тысячы. Нашы новыя прыяцелі правялі нас усюды i усё патлумачылі. У трыбунальскай зале стаяў вялізны каменны крыж з выявай Збавіцеля, а над крыжам надпіс вялікімі залатымі літарамі: Justitias vestras judicabo (Я суды вашы судзіць буду). Нас уразіла тое, што Хрыстос павярнуў твар так, што яго выразу нельга было разгледзець; але нашы прыяцелі расказалі нам, што гэтак зрабіў не разьбяр. На самай справе Хрыстос спачатку глядзеў на pretorium (судовую залу) але аднойчы адбылося здарэнне, запісанае ў трыбунальскіх актах, якое i паслужыла прычынай перамены. Удава нейкага бедака была пакрыўджана судом праз аднаго магната. Яе справа была чыстай, як бурштын, але магнат падкупіў членаў трыбунала, дамогся выгаднага для сябе прыгавору насуперак праву i сумленню. Калі яго зачытвалі, няшчасная ўдава ўсклікнула на ўсю залу: «Каб мяне судзілі чэрці, прысуд быў бы больш справядлівы!» А ўсё ж сумленне грызла дэпутатаў, удаву адпусцілі з мірам i зрабілі выгляд, што нічога не чулі. Якраз ужо быў канец сесіі, раз'ехаліся маршалак i дэпутаты, i свецкія, i духоўныя, засталіся толькі трыбунальскія пісары i канцылярыя. Аж тут пачалі з'язджацца карэты, іх было мноства, а з ix павыходзілі паны, адны ў кунтушах, другія ў капюшонах, i ўсе з рагамі i капытамі, якія выглядалі з - пад адзення. Яны пачалі паднімацца па лесвіцы, зайшлі ў залу, расселіся па крэслах, адзін заняў крэсла маршалка, другі - прэзідэнта, астатнія селі на месцы дэпутатаў Пісары i канцылярысты зразумелі, што гэта чэрці, i сядзелі за сваімі сталамі ў вялікім страху, чакалі, чым гэта скончыцца. I тут чорт, які заняў месца маршалка, загадаў разглядаць справу той удавы. Каля кратаў сталі двое чарцей юрыстаў, адзін выступаў рго (за), другі - contra (супраць), i вельмі талкова гаварылі, з веданнем нашых законаў. А потым маршалак пасля кароткай прамовы выклікаў пісара валынскага ваяводства (тая справа адносілася да Валыні), сапраўднага пісара, а не чорта, загадаў яму сесці за стол i ўзяць пяро. Пісар падышоў, напаўмёртвы са страху, i пачаў пісаць дэкрэт, які яму дыктавалі, ён быў поўнасцю на карысць той пакрыўджанай удавы. I вось тут Хрыстос, уражаны тым, што чэрці аказаліся больш справядлівымі, чым трыбунал, у якім засядала столькі ксяндзоў, адвярнуў свой твар i не пакажа яго зноў (як пра тое абвясціў адзін люблінскі базыльянскі святы), аж пакуль не скончыцца прадажнасць у судах, сіманія ў духавенстве i звадніцтва сярод шляхты. Той дэкрэт чэрці падпісалі (замест подпісаў засталіся выпаленыя сляды капытоў рознай велічыні) i паклалі яго на чырвоным сукне, якім быў накрыты трыбунальскі стол, а потым зніклі. На наступнай сесіі дэкрэт знайшлі там, дзе яго паклалі чэрці, бо ніхто з канцылярыі не адважыўся дакрануцца да яго. Ён захоўваецца цяпер у архіве, да яго nemini acta impedita (доступ не забаронены), кожны можа яго прачытаць.
Мы задумаліся над гэтым дзівосным здарэннем, i тут якраз пачулі галасы: «Паны ягамосці, саступіце з дарогі, саступіце! Ідзе яснавяльможны пан сандамірскі!» А потым зноў: «Саступіце з дарогі! Яснавяльможны пан хелмскі ідзе!» I так раз за разам называюць іншага яснавяльможнага. Мы вярнуліся з залы пасяджэнняў у зборную залу, там паміж двума радамі суддзяў i кліентаў, якіх выстраілі возныя, ішлі ў залу пасяджэнняў важныя дэпутаты, лёгкім нахілам галавы вітаючыся з асобнымі кліентамі. Рантам пачуліся стрэлы, якія абвяшчалі прыбыццё маршалка. Возныя абвясцілі:
- Панове, цішэй! Цішэй! Маршалак найяснейшага трыбунала ідзе!
I тут, нягледзячы на такі вялікі збор людзей, запанавала цішыня, здаецца, пачуў бы, як пралятае муха. Правы i левы рады, паміж якіх ішоў маршалак, нізка схіляліся ў паклонах i толькі тады, калі ён праходзіў, адзін за другім выпростваліся, i так зладжана, нібы хто цягнуў за шнурок. За маршалкам ішлі некалькі магнатаў, сярод ix князь ваявода віленскі з вялікім каронным маршалкам. Яны па - сяброўску размаўлялі, хоць i судзіліся між сабой; але трымаліся пачціва, акрамя ўсяго іншага ix лучылі i шматлікія крэўныя сувязі. Ішоў польны каронны гетман Жавускі, швагер князя ваяводы, з ім у пары ішла князёўна Канстанцыя, дачка князя маршалка, яна была дужа прывабнай, але не столькі прыгажосцю, колькі розумам, які не часта сустрэнеш не толькі паміж жанчынамі, але i ў першых мужоў дзяржавы; нягледзячы на выхаванне за мяжой, яна дужа хораша гаварыла па - нашаму i хоць i была ў маладых гадах, але так добра ведала нашы законы, што нават шаноўны бацька раіўся з ёй, хаця быў міністрам. Ён прывёз яе i сюды, у Люблін.
Маршалак трыбунала запрасіў князя вялікага кароннага маршалка, князя ваяводу i іншых сенатараў, якія хацелі прыняць удзел у рабоце трыбунала, прайсці за спецыяльную загарадку, а возныя прынеслі ім крэслы. Звычайна міністраў i сенатараў не запрашалі на ўступнае пасяджэнне, але яны часам з ветлівасці прыходзілі.
Трыбунал быў у зборы, i прэзідэнт зацягнуў духоўны гімн Veni Creator, дэпутаты - святары i некаторыя ca свецкіх падпявалі, спявалі таксама адвакаты i многія з кліентаў, галасы былі чуваць аж на рынку. Пасля таго, як прагучаў гімн, маршалак, паводле традыцыі, даў загад войскаму абвясціць пачатак сесіі, i той, стоячы на парозе зборнай залы, трубным голасам абвясціў:
- Ягамосці Панове! Найяснейшы трыбунал заклікае вас да разгляду i слухання спраў! Выступаць сёння запрашаем паводле пастаяннага спісу. Чарга прыпадае на кракаўскае ваяводства. Панове, рыхтуйцеся.
Рэгент трыбунала агучыў пералік спраў, якія падлягаюць разгляду, першай ішла справа маркграфа велікапольскага, кароннага надворнага маршалка, які выступаў істцом, з васпанам Дэмбінскім, кракаўскім харунжым, адказчыкам у гэтай справе. Пан Кажмян выступаў як адвакат з боку скаржніка, а пан Пліхта абараняў Дэмбінскага. Уступная частка працэсу была проста бліскучай! I Цыцэрон, i Дэмасфен - нішто ў параўнанні з двума нашымі адвакатамі.
На гэтай сесіі разглядалася i некалькі іншых спраў, бо пан маршалак быў чалавекам ашчадным, на кожнай сесіі абвяшчаў па некалькі дэкрэтаў А як гэта ўсё было ўрачыста! Духоўныя дэпутаты былі ў мантыях з карункамі, свецкія - у мундзірах сваіх ваяводстваў, судзейскія - у люблінскіх мундзірах: пунсовыя кунтушы з зялёнымі адваротамі i каўнярамі, у белых жупанах. Такі ж самы мундзір апранаў тут i наш князь як грамадзянін таго ваяводства, да якога адносілася вашчатынскае графства, якое таксама дасталося яму ад Ілініча i якраз было прадметам спрэчкі са спадчыннікамі Тарлаў.
А ў калідорах - гайдукі, ганцы, лакеі, слугі, стральцы; а на рынку - карэты, каляскі, а коні такія, на якіх не было б сорамна выехаць i самому папе рымскаму! А золата проста лілося ракой! Толькі на трыбуналах шляхціц i спазнаваў веліч свайго народа. Таму калі мы, прыдворныя віленскага князя ваяводы, вярталіся пасля сесіі на начлег i праходзілі паўз крамы, дзе немцы i французы гандлявалі i ўзбагачаліся нашымі грашыма, то паглядалі на ix звысоку i кожны думаў: «Мы не зайздросцім вам, што ў вас кожны жыве ў камяніцы, як вы хваліцеся, i што ў вас шмат - шмат упрыгожанняў. Што б вы рабілі з вашым розумам без нашых грошай! У вас ніколі не было i ніколі не будзе таго, што ёсць у нас! Дзе толькі не з'явіцца нехта наш, ён пераўзыдзе i французаў, i валохаў, i немцаў; а ўсё ж ніхто да вашых не лезе, хаця вы i хваліцеся, што ў вас усё лепшае, чым у нас, у Польшчы».
У гэты дзень быў абед у пана прэзідэнта, дзе быў i наш князь са сваім антаганістам; там якраз i запачаткавалася згода паміж імі. А князь Быкоўскі, дэпутат ад луцкай капітулы, які атрымаў стараннямі князя алыцкую інфулу, запрасіў вяльможнага Радзішэўскага i ўсіх нас, прыдворных князя, да сябе, там было некалькі дэпутатаў i адвакатаў Мы чулі, як раз - пораз стралялі гарматы на віват тым, хто піў у прэзідэнта. Увечары мы пайшлі ў тэатр, і, прызнаюся, нам проста не хапіла цярпення. Як - ніяк чалавек заплаціў грошы i хацеў бы ўбачыць прадстаўленне, зразумець, што паказваюць, але ж толькі пачнеш слухаць, як усчынаецца такі галас, што нічога не чуваць. А як пакажацца вышэй нас маршалак, ці дэпутат, ці жонка якога - небудзь дэпутата, то знізу як пачнуць крычаць «віват», а некаторыя нават загадвалі прынесці віна i прасілі актораў перапыніць ігру, пакуль яны п'юць за здароўе.
Вось так, наслухаўшыся віватаў i напіўшыся з келіхаў, якія прайшлі праз дзесяткі два рук, паглядзелі перапыненую п'есу, якая скончылася недзе ў адзінаццаць гадзін. Каб я ведаў пра такое загадзя, то нізавошта б не выйшаў з пакоя. I я парашыў: колькі яшчэ ні давядзецца прабавіць часу ў Любліне, болей у тэатр не хадзіць - лепей проста адразу кінуць у ваду чатыры злотых.
Але мы прабылі ў Любліне нядоўга, бо як толькі прыехаў брат князя кароннага маршалка - князь кракаўскі кашталян - а з ім каронны польны гетман, то судовая справа, якая цягнулася ледзь не дзве сотні гадоў, завяршылася за некалькі гадзін. Князь ваявода адмовіўся на карысць княжычаў Любамірскіх ад усіх правоў, якія ў яго былі да спадчыны пасля Шыдлавецкіх, а княжычы сцвердзілі яго ў правах на пасаг ваяводзіны Ілінічавай, на вяртанне якога яны прэтэндавалі. Дакумент аб гэтым напісаў сваёй рукой сам маршалак трыбунала, абодва бакі паставілі свае подпісы. Копіі з яго князю ваяводу прынеслі юрысты княжычаў Любамірскіх, якім князь раздаў каля тысячы чырвоных злотых.
А Радзішэўскі, пасля падпісання тых копій, аднёс ix разам ca мной да княжычаў Любамірскіх, што стала для мяне вялікай радасцю, бо я не бачыў зблізку яшчэ ні аднаго кракаўскага кашталяна, які па сваёй пасадзе ёсць princeps senatus (першы сенатар) для абодвух народаў.
Што тады атрымаў вяльможны Радзішэўскі i іншыя, я не цікавіўся; скажу толькі, што Усарэўскі, маршалак двара князя - вялікага кароннага маршалка, па загаду свайго гаспадара ўручыў мне табакерку. Яна была папяровая, але цяжкая, бо ў ёй ляжала пяцьдзесят чырвоных злотых, з якіх на дваццаць чатыры я ў той самы дзень купіў бочачку салодкага венгерскага віна: у мяне ў гэтым годзе нарадзілася дачка. Купленую бочачку я адправіў з абозам майго гаспадара ў Літву. А табакерка патрапіла ў Доктаравічы i ціха ляжала ў шафе, пра яе ніхто не ўспамінаў, аж пакуль на вяселлі той самай дачкі мае добрыя сябры не дапамаглі мне спусціць i астатнія злотыя, якія там былі.
У той час, калі мы жылі ў Любліне, давялося мне стаць сведкам аднаго дзівоснага выпадку. Вяльможны пан Курдваноўскі, багаты памешчык, які верхаводзіў у партыі таго самага гетмана Браніцкага, што потым асеў на жыхарства там, адкуль узяў жонку, вельмі любіў звады; у Жытоміры i Уладзіміры, дзе былі ягоныя маёнткі, не было таго суда, дзе не ляжала б ягоных заяў, былі яны i ў трыбунале. Разбіраліся з імі ўпаўнаважаныя вялікага кароннага гетмана. За яго спіной стаялі ўплывовыя людзі: гора было тым шляхціцам, якія жылі з ім па суседстве. Ён быў такі ўпарты, ніколі ні з кім не згаджаўся, спрачаўся да апошняга. У адной удавы была вёсачка, зусім невялікая, яна ляжала ў акружэнні ўладанняў Курдваноўскага, якому дужа хацелася набыць яе. Ён не адзін раз спрабаваў угаварыць удаву прадаць яму тую вёсачку. Але ўдава, яе прозвішча было Глінкова, зусім не хацела яе прадаваць, мабыць, таму, што маёнтак быў ёй даражэй за тыя грошы, якія за яго давалі. Тады раззлаваны Курдваноўскі парашыў судовай цяжбай здабыць тое, чаго нельга дамагчыся з грашыма. У яго быў сярод знаёмых крыху абазнаны ў юрыспрудэнцыі i здольны на падобныя справы неафіт Абрамовіч, нечым яму абавязаны. Пры дапамозе судовых хітрыкаў ён неўзабаве сам стаў памешчыкам, займеў некалькі вёсак, якія потым дасталіся ў спадчыну ягоным дзецям. Ён не прамінаў ніводнай бруднай судовай справы, меў з ix карысць для сябе. Ягоны продак за дванаццаць сярэбранікаў прадаў Хрыста, а ён за шэсць быў гатовы прадаць усю Святую Тройцу. Якраз такі i быў патрэбны Курдваноўскаму. Яны парашылі зрабіць такую махінацыю: дзед пані Глінковай купіў гэтую вёску ў продкаў пана Курдваноўскага, а кантракт resignationis (на продаж) i квітанцыя de pretio (кошту) на яе знаходзіліся ў архіве Жытоміра. Падкупіўшы нейкага Хамца, давераную асобу пані Глінковай, каб ён арыгіналы тых папер выкраў i аддаў ім, яны з тымі паперамі едуць у Жытомір i там за тысячу чырвоных злотых мясцовы земскі пісар Хаецкі выдзірае з архіўных папер копіі тых дакументаў. Знішчыўшы такім спосабам сведчанне продажу вёскі, Курдваноўскі падае на ўдаву скаргу ў суд аб незаконным уладанні маёнткам sine nulio dato et accepto (без куплі i аплаты). Устрывожаная ўдава, упэўненая ў тым, што справядлівасць на яе баку, ды яшчэ ў надзеі на добрыя адносіны да яе таго Хамца, спакойна чакае рашэння суда. Земства просіць абодва бакі прадставіць дакументы. Абрамовіч як давераная асоба прысягае, што яны ёсць, а ў Курдваноўскага былі тады яшчэ рэшткі сумлення i ў суд ён не з'явіўся. Хамец засведчыў, што дакументаў ва ўдавы няма. I тады земскі суд прысудзіў Курдваноўскаму, чыім інтарэсам так дапамог Хаецкі, тую вёску з выплатай грошай за гады «незаконнага» валодання ёй удавы. Вось так пані Глінкова засталася без кавалка хлеба з трыма малымі дзецьмі. Яна апелявала да трыбунала, які пацвердзіў рашэнне земскага суда. Але ў кароне два трыбунальскія прыгаворы conformiter (па адной справе) трэба было правесці праз канвікцыю, i якраз тады, як мы былі ў Любліне, тыя справы ляжалі на стале. Курдваноўскі прыехаў на трыбунал у добрым настроі, спадзеючыся заручыцца двума прыгаворамі: земскім i трыбунальскім. За яго стаяла некалькі дэпутатаў, а сумленне сваё на той час ён ужо зусім страціў.
Едучы у Люблін, ён стаў на начлег у Пясках; стомлены дарогай, лёг спаць, i сніцца яму так выяўна, як бы i на самай справе, што ён прыходзіць у залу трыбунала. Бачыць: месцы маршалка i дэпутатаў займаюць зусім не знаёмыя людзі. Маршалак абвяшчае, што весці пасяджэнне будзе тактавы рэгістратар, i загадвае зачытаць спіс спраў. Якраз першай па спісу ідзе справа Хамца. I той, на здзіўленне Курдваноўскага, падрабязна расказвае ўсю праўду пра тое, як яны знішчылі дакументы для таго, каб выйграць справу. Выслухаўшы яго, маршалак абвяшчае прыгавор, па якім Хамец падлягае пакаранню смерцю. Потым загадвае перайсці да наступнай справы - Хаецкага. I Курдваноўскі чуе (хаця i ўва сне, але вельмі ўражаны), як абвінаваўца расказвае, шхо пісар узяў тысячу чырвоных злотых, якія даў яму сам Курдваноўскі, як ён выкраў дакументы i гэтак далей. Маршалак зноў чытае прыгавор, у якім на смерць асуджаецца Хаецкі. Курдваноўскі чакае, што ж будзе далей. Аж чуе, што рэгент называе дзве наступныя справы: Абрамовіча i Курдваноўскага. Маршалак загадвае аб'яднаць дзве гэтыя справы ў адну. I чуе Курдваноўскі, што абвінаваўца расказвае, як усё было, i патрабуе грозным голасам (ад якога ў круцяля пайшоў мароз па скуры), што трыбунал, прысудзіўшы да смерці адваката Хамца i пісара Хаецкага, не можа прызначыць меншай кары Абрамовічу, які быў галоўнай спружынай у гэтай справе. А што да Курдваноўскага, які сваімі грашыма, як д'ябал, спакусіў гэтых нікчэмных людзей, давёў ix да злачынства, то ён, прадстаўнік аднаго з самых старажытных родаў на Падляшшы, павінен быў бы служыць прыкладам узорных паводзін, але звязаўся з крывадушнікамі i людзьмі падазронага шляхецтва дзеля таго, каб загубіць бедную ўдаву, сапраўдную шляхцянку. Ці быў бы справядлівым прысуд найяснейшага трыбунала, каб ён не даўся ў знакі Курдваноўскаму i каб ён, атрымаўшы найбольшую выгаду з усёй гэтай банды, застаўся без пакарання? Калі абвінаваўца скончыў, маршалак, не чакаючы пярэчанняў, бо, па праўдзе кажучы, тут не было чаго запярэчыць, сказаў так: «Вынясенне прысуду па справе Абрамовіча i Курдваноўскага адкладзем да Вялікадня» - i гучна стукнуў кіем так, што Курдваноўскі прачнуўся. Ён адчуў сябе зусім разбітым пасля такога сну i сеў у цягнік у вялікай трывозе. Тут i пачаў д'ябал намаўляць яму, што сон - гэта мрыя, што вось думаў ён пра гэта, яно i саснілася. Але раз ужо сумленне загаварыла ў ім, то на тым нічога не скончылася, на тое яна i законнасць, каб скарыстоўвалася любая магчымасць дамагчыся справядлівасці, што той, хто парушае закон, пачынае думаць, што ён прадаў сумленне, i ён нарэшце паабяцаў сам сабе знайсці спосаб узнагародзіць чым - небудзь пані Глінкову, калі настануць лепшыя часы. Да Любліна ён пад'язджаў ужо супакоены i як толькі прыехаў, то пачаў прадпрымаць захады наконт сваёй справы, круцячыся i так, i гэтак. I тут якраз прыходзіць яму эстафета з данясеннем, што Хамец, які вёз Хаецкага на нейкае судовае пасяджэнне, памёр: пад ix вазком абваліўся мост i Хамца выцягнулі з - пад вазка нежывога, а Хаецкі памёр праз дзве гадзіны.
Гэтая падзея так уразіла Курдваноўскага, што першы раз у жыцці ён адступіўся ад звадаў Ён не толькі пацвердзіў правы пані Глінковай на тую вёску, але заплаціў усе дазвання выдаткі за шкоду, якую ёй зрабіў Больш таго: упаў ёй у ногі ў прысутнасці ўсяго суда, прасіў дараваць яму, прылюдна расказаў пра сон, які Бог літасціва паслаў яму. Гэтым учынкам ён па - свойму праславіў сябе, бо прызнаць сваю віну, пакаяцца i ліквідаваць зробленую шкоду можа далёка не кожны.
I трыбунал, i ўсе, хто на ім прысутнічаў, i мы, шляхта, былі вельмі задаволены ўчынкам Курдваноўскага, і, напэўна, гэтая новая праява вялікіх i таемных Божых наканаванняў многім пайшла на карысць. З той пары Курдваноўскі стаў зусім іншым: кінуў свае звады, вёў сапраўды хрысціянскае жыццё. А тыя пачутыя ўва сне словы: «Адкладваем прысуд Курдваноўскаму да Вялікадня» ён увесь час памятаў і, пакуль доўжыўся пост, усё рыхтаваўся да смерці, перажываючы пакуты сумлення, i ўвесь час думаў, што ён памрэ ў час тых святаў. Як я пазней уведаў, памёр ён ужо ў паважаным веку. Яшчэ тады, як я сустракаўся з ім у Любліне, ён быў ужо немалады, а памёр ён якраз у дзень Уваскрасення Божага, як яму было дакляравана, i смерць яго была не зайздроснай: можна толькі здагадвацща, чаго каштавала яму больш як трыццаць гадоў запар рыхтавацца да яе.
Каментар
Люблінскі трыбунал (с. 86)
Род пa мячы i пa кудзелі - адпаведна спадчыннасць па мужчынскай або жаночай лініі.
Карабеля - крывая шабля, прыналежнасць параднага убору шляхціца, насілася на поясе пры жупане або кунтушы.
Асіндзей, асінжка - ветлівы зварот у старадаўняй Польшчы.
Сіманія - распаўсюджаны ў часы Сярэднявечча продаж царкоўных пасад. Быў адной з важных крыніц прыбыткаў пап i каралёў.
Валохі - італьянцы.
Капітул(а) - рада пры біскупе, якая складалася з асоб духоўнага звання, што ўдзельнічалі ў кіраванні парафіяй.
Доктаравічы - веска ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Паводле аўтара, менавіта там быў маёнтак Сапліцы.
Канвікцыя - тут: зацвярджэнне.