Я па нараджэнні ліцвін, жыхар Наваградка, i лічу гэта за найвышэйшы гонар для сябе. Удоўжкі i ўшыркі праехаў я ўсю Польшчу, i ўсё ж не магу не прызнаць, што Чырвоная Русь - найпрыгажэйшая ў нашай дзяржаве. Зямля там амаль што без працы надзяляе ратая незлічонымі дарункамі, статкі ходзяць без нагляду, як хмары, найпрыгажэйшыя коні i незлічоныя чароды авечак пасуцца на палях, а спеў сялян i прыгажосць сялянак сведчаць пра ix дабрабыт. Чуў я, што з часу заваёвы гэтай зямлі вялізныя маёнткі ранейшых гаспадароў прыйшлі ў заняпад, былі падзелены на часткі паміж прышэльцамі рознага калібру, якія часта з дапамогай крадзеных грошай здабывалі сабе ўладанні, памножыўся лік падпанкаў, якія сваімі зверствамі давялі няшчасных сялян да жахлівага стану. Усё магло быць, але я расказваю толькі пра тое, што было ў даўнія часы i што рабілася на маіх вачах. Першы раз я ўбачыў Чырвоную Русь у 1763 годзе, але тады было не да таго, каб любавацца яе прыгажосцю, бо ў той час мы пасля паразы ад Падгарычаніна з рэшткамі літоўскай канфедэрацыі, шпарка рухаючыся i амаль штодня ўступаючы ў бой, прайшлі ўвесь гэты агромністы край, каб дабрацца да малдаўскай зямлі, што нам i ўдалося, насуперак розным перашкодам, дзякуючы нашай цярплівасці i мужнасці, а таксама шчасцю i розуму нашага вайскавода, князя Радзівіла, віленскага ваяводы. Мы бачылі, як ён штодня на кані ўвесь час спяшаўся туды, дзе была самая вялікая небяспека, i ў найцяжэйшых выпрабаваннях нават хмурынкай на твары не азмрочыў нашых спадзяванняў.
Я быў сведкам таго, як над Савінцамі, ужо непадалёку ад Днястра, перайсці які было мяжой нашых надзей, ягоную куртку не раз прашывалі кулі, па нас стралялі з карабінаў, за некалькі крокаў ад яго ўпала гарматнае ядро, падскочыла i зноў упала перад канём. Гэтае ядро, якое важыла дванаццаць фунтаў, ён загадаў забраць, а потым ядро такой самай вагі адлілі з чыстага срэбра, i Радзівіл ахвяраваў яго Барунскай Божай Маці, дзе я яго бачыў потым над яе абразом. У час рэвалюцыі маскалі абрабавалі касцёл у Барунах i забралі тое ядро.
Праз некалькі гадоў, ужо ў пачатку барскай канфедэрацыі, яснавяльможны Агінскі, віцебскі ваявода, паслаў пана Азулевіча (паходжаннем з татараў, але вельмі знатнага, які пазней быў палкоўнікам лёгкага палка ў Рэчы Паспалітай i маім суседам аж да самай сваёй смерці, якая наступіла нядаўна), па распараджэнні кіраўніцтва федэрацыі да крымскага хана Іслам Гірэя, каб зацікавіць яго справамі канфедэрацыі, схіляць яго на наш бок i пра ўсё паведамляць. Для таго, каб паведамляць навіны, якія маглі даходзіць толькі вусна, бо давяраць ix паперы не выпадала, таму што даводзілася прабірацца праз непрыяцельскі стан, паслалі чатырох хлопцаў, якім можна было верыць. Пан Азулевіч быў не старэйшы за нас, але больш вопытны, няблага ведаў бусурманскія мовы, яму давяралі кіраўнікі канфедэрацыі. Вось хто быў у гэтай чацвёрцы, пасланай у дапамогу яму: Міхал Ратынскі, сын мінскага падчашага, Войцех Масальскі, сын ашмянскага рэгента, Мікоша, які добра размаўляў па-бусурманску, пазней ён застаўся талмачом Рэчы Паспалітай у Стамбуле, а чацвёрты - я. Кожны 3 нас быў павінен дабірацца сам па сабе, каб ніхто нічога не западозрыў, i толькі ва Умані нам трэба было злучыцца, там нас сустрэў пан Младановіч, генеральны радца, які даў нам інструкцыю ад свайго гаспадара - кіеўскага ваяводы пана Патоцкага, каб мы падпарадкаваліся толькі Азулевічу. Мы выправіліся з Львова, i кожны сваім шляхам шчасліва дабраўся да Умані, акрамя Масальскага, які стаў пакутнікам за айчыну. Ён нарваўся на атрад Браніцкага, у той час кароннага лоўчага, які ўжо тады зарабляў на крыві суайчыннікаў. I нейкі прыдворны лоўчага выдаў яго, бо некалі яны сустракаліся ў Львове пры двары зялоўскага старасты Паца, генеральнага маршалка канфедэрацыі. Браніцкі пачаў выведваць у яго, куды, ад каго i з чым ідзе, ён здагадваўся, што з нечым важным; спакушаў яго рознымі абяцаннямі, потым жудасна катаваў. Але высакародны хлопец, памятаючы пра сваю прысягу, не паддаўся на ўгаворы, вытрымаў катаванні, i Браніцкі загадаў павесіць яго як шпіёна.
Іслам Гірэй быў перакананым прыхільнікам палякаў i заўжды падгаворваў Порту, каб яна аб'явіла вайну Расіі; спачатку ён карыстаўся вялікім даверам у султана, меў падкупленых людзей сярод Дывана, але ў 1763 годзе літаральна падвёў нас, задушаны шаўковым шнуркомі калі Азулевіч быў пасланы туды, Гірэй са сваімі прыхільнікамі, як мог, падтрымліваў Патоцкага, а той з усіх сіл стараўся падбухторыць султана на вайну i дамогся свайго, але супраць вайны быў Дыван, які пастаянна хітраваў i быў нічым не лепшы за тых, хто заплаціў горлам за сваю прадажнасць. Султана ён павярнуў на свой бок такім чынам: той дужа ўлягаў у сваю веру i быў бы рады ўвесь свет падпарадкаваць свайму Магамету. Вычарпаўшы ўсе сродкі ўздзеяння на султана, падчашы рашыўся на рызыкоўны крок. Ён дасканала ведаў турэцкую мову, быў у ласцы ў султана, таму што аказваў яму розныя прыватныя паслугі, i вырашыў сам пайсці да яго. Ахова ведала, што султан добра ставіцца да Азулевіча, i прапусціла яго. Апынуўшыся перад султанам, Азулевіч упаў яму ў ногі i сказаў:
- Правадыр прававерных! Вырві нас з-пад улады Масквы - i ўвесь мой народ прызнае твайго прарока! Я застануся ў цябе ў заложніках і, як толькі даведаюся, што маскалі выгнаны з нашай зямлі, прысягну табе i прылюдна зраблю абразанне.
Султан расцалаваў яго, а гэтага ён не рабіў нават са сваім візірам, i паабяцаў распачаць вайну, бо тут ужо быў закрануты гонар Магамета. А яшчэ была любоў да радзімы - за яе Азулевіч быў гатовы ўтапіцца. Пан падчашы быў заўзятым католікам, моцным у веры аж занадта, i ніхто лепей, чым ён, не ведаў, за што каталіцкая вера дае вечнае збавенне i што чакае таго, хто ад яе адступіцца. Вось чаму неяк пазней правялебны Красінскі, камянецкі біскуп, адзін 3 кіраўнікоў канфедэрацыі, чый родны брат, ражанскі падкаморы, быў генеральным маршалкам канфедэрацыі ў Кароне, як Пац у Літве, па-сяброўску ўшчуваў яго за тое, што ён так далёка зайшоў.
- Бог мне сведка, ксёндз-біскуп, - адказваў Азулевіч, - што не дзеля распусты або бязвер'я гатовы быў я адступіцца ад веры маіх продкаў, а толькі дзеля выратавання айчыны. Калі б мяне абмінула літасць Боская, то сам чорт у пекле мусіў бы мяне паважаць.
Пры гэтых словах набожны біскуп, i ў той жа час патрыёт, нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў i змахнуў слязу
I вось мы злучыліся ва Умані, аплакалі лёс нашага няшчаснага сябра (кроў якога клікала да пометы абмаскаленаму шляхціцу, які, пайшоўшы па шляху здрады, стаў адным 3 уплывовых людзей у дзяржаве; пра ягоную душу мы не забыліся, бо Рагушэўскі абвясціў яму анафему ў базыльянскім касцёле, i ўсе мы, нават пан Азулевіч, хоць стаў магаметанінам, маліліся таксама), а потым пачалі збірацца ў далейшую дарогу. Наш шлях ляжаў напрасткі праз Запарожскую Сеч. Сямён Казудра, кашавы атаман, які быў у добрых адносінах з кіраўнікамі федэрацыі, якраз памёр, наспявалі выбары новага кашавога. Страта яго была для нас вельмі адчувальнай, бо мы ўскладалі на яго вялікія надзеі, спадзяваліся, што ён далучыцца да нас з войскам, якога ён мог сабраць да трыццаці тысяч, i тады канфедэрацыя зноў лёгка перамагла б на Украіне, большая частка якой была ва ўласнасці паноў, якія намі кіравалі, а калі б падышлі турэцкія i крымскія войскі, то неўзабаве ўся Чырвоная Русь стала б вольнай. Нам хацелася, каб выбралі кашавога, які нам спрыяе. Такім быў Дзюмдзурык, пісар Сечы, які дапамагаў бы нам яшчэ больш ахвотна, бо ён быў палякам са старадаўняга роду. Гэта якраз ён схіліў на наш бок Сямёна Казудру, быў ён чалавекам дужа хітрым, многа чытаў, карыстаўся ўплывам ва ўсім Запарожжы. Каб яго выбралі кашавым, ён бы нам дапамагаў, бо ён кіраваў пісарамі. Але паводле звычаяў Запарожскай Сечы кашавы не навінны быў умець чытаць i пісаць. I вось пан Рагушэўскі адправіў нас у Сеч ca скарбовай гарэлкай' як слуг эканоміі. Мы ішлі з бізунамі ў руках каля падводаў, запрэжаных валамі, i на ўсім доўгім шляху нас толькі адзін раз затрымалі данцы, але, як толькі мы паказалі паперу з эканоміі, адразу адпусцілі. Рагушэўскі даў нам у дапамогу некалькі ўманскіх казакаў, якія ўжо неаднойчы бывалі ў Сечы, i мы шчыра даверыліся ім, тым болей што яны таксама былі вернымі нашай айчыне. Так мы патрапілі ў Кагарлык, мястэчка непадалёк ад Умані, на мяжы Рэчы Паспалітай, якраз там быў кірмаш. На самай справе гэта было нават не мястэчка, а вялікая карчма над ракой Сінюхай, а каля яе некалькі маленькіх яўрэйскіх дамоў. На кірмаш з'ехалася мноства татараў, казакаў, сялян i яўрэяў, там куплялі i прадавалі коней, кароў, тлушч, сушаную рыбу, смалу i шмат чаго іншага. Мы з падводамі атабарыліся каля карчмы, валоў пусцілі на пашу, зайшлі ў карчму, дзе ўбачылі процьму людзей адусюль, але, хто да якога народу належыць, лёгка было пазнаць. Татары ў кароткіх кажушках футрам наверх i крымскіх барановых шапках, у ix былі загарэлыя твары i малыя вочы. Украінскіх сялян можна было пазнаць па вытанчаных тварах i чыстых белых кашулях, на ЯКІХ яшчэ выразней выдзяляліся сярмягі. У кожнага паголеная галава, толькі зверху ад усёй чупрыны пакінута шырокая каса, якая спадае на плечы, яны называюць яе асяледзец. Вялікія шаравары, шырока абвязаныя чырвоным поясам, пад які засунута нагайка з плеценага рэменя i з сярэбранай ручкай, адразу сведчылі, што гэта казак. А маскоўскага кацапа кожны пазнае па цёмна-блакітным сарафане, запушчанай рудой барадзе i валасах, пастрыжаных у круг, па тварах, як месяц у поўню, на якіх напісана абыякавасць, i па шырокіх плячах, масіўным целе. З жанчын былі толькі ўкраінкі, выдзяляліся тры ix тыпы: бабы, маладзіцы i дзяўчаты. У баб на галовах хусткі, апрануты яны ў цёмныя апончы, абшытыя авечай шэрсцю, увогуле носяць сціплыя строі, як i належыць ix узросту. А вось маладзіцы i дзяўчаты, сярод якіх было многа прыгожых, былі апрануты досыць страката: на строях багатыя i каштоўныя галуны, на шыях нізкі караляў, якія паказвалі, што ix мужы i родныя з багатых. Кал i мы зайшлі, то цэлая купка дзяўчат стоўпілася каля сляпога спевака, які іграў на ліры i спяваў ім пра розныя падзеі са Святога пісьма i з гісторыі Украіны. Мы якраз пачулі, як ён спяваў пра выкраданне князёўны Астрожскай князем Дзімітрам Сангушкам. Мы звярнулі ўвагу на тое, што ўкраінцаў найбольш цікавілі тыя месцы, дзе спявак пералічваў уладанні князя i яго прыдворных казакаў, гэтак жа як i пра багацці князёўны Астрожскай, пра яе слуг - мужчын i жанчын, названых па імю. Калі называлася імя, якое меў нехта ca слухачоў, хлопцаў i дзяўчат, усе смяяліся i паказвалі на таго пальцам. Мы былі ўсе апрануты як украінскія сяляне, i на нас ніхто не звярнуў увагі. Пан Азулевіч сядзеў з татарамі, знаёміўся i сябрыўся з імі, яму гэта было няцяжка, бо па-татарску ён мог гаварыць не горш, чым па-польску. Мікоша еў нейкую страву з валовых ног i прасяную кашу, якія яму прынесла яурэйка, а Міхал Ратынскі быў заняты толькі прыгажосцю дзяўчат i ўжо надта ж заляцаўся да адной з ix, што мне зусім не спадабалася, бо ні адзін з нас не гаварыў так, як украінцы, пад якіх мы падрабляліся, а таму мы стараліся болей маўчаць. Між тым Міхал балбатаў з дзяўчынай штось па-ліцвінску, i мог бы нас утравіць у небяспеку, бо мы яшчэ маглі сустрэць i маскоўскіх ваенных. Тады нам не мінуць бяды! Толькі ўжо пана Міхала ніяк нельга было адарваць ад красы ўкраінкі, якая хоць i падсмейвалася крыху з ягонай дзіўнай мовы, але не без прыемнасці паглядала на гэты знак прызнання яе прыгажосці. А я, у той час такі самы малады, як i ён, прызнаюся, быў больш зацікаўлены спевам лірніка, слухаў, не адрываючыся. З той песні я даведаўся, што Арцём Ялавіцкі, уладальнік чатырнаццаці вёсак, быў маршалкам двара князёўны Астрожскай i на чале яе прыдворных так праславіўся ў баі пад Сухавам, што кароль Жыгімонт падараваў яму надворнае літоўскае харунжаства, але той не прыняў такога падарунка, адмовіўся з той прычыны, што князёўна Астрожская прападзе без яго, што не варта яму пакідаць удаву адну, а паводле Евангелля нельга служыць двум гаспадарам. Якраз пасля ягонай смерці князь Дзімітр i зрабіў наезд на астрожскі замак. Даведаўся, што князь Чацвярцінскі, спадчыннік Камайгрода, які быў разам з князямі Дзімітрам i Васілём у тым наездзе, быў сынам Астафея, які за свой кошт трымаў полк казакаў на службе Рэчы Паспалітай i меў вялікія заслугі, яму вельмі хацелася стаць брацлаўскім кашталянам, яму некалі гэтую насаду паабяцаў кароль. А паны-рада не дазволілі споўніць тое абяцанне, яны хацелі, каб ён спачатку перайшоў у рымскую веру, а потым па ягоным прыкладзе гэта самае рабілі б рускія дваране. Але ён цвёрда трымаўся праваслаўя i ні аб чым іншым нават не думаў, хаця быў вельмі незадаволены тым, што кароль не стрымаў свайго слова. Маскоўскі патрыярх, даведаўшыся пра тое, паслаў да яго нейкага ігумена з прапановай перайсці на службу да цара, а за гэта яго зробяць не кашталянам, а ўдзельным брацлаўскім князем, а яшчэ яму трэба памсціцца Рэчы Паспалітай за няўдзячнасць у прызнанні ягоных заслуг. А ён яму адказаў:
- Крыўда крыўдай, а айчына айчынай. Я з непрыяцелем у перапіску ўступаць не буду, а на словах перадай яму, што князь Астафей Чацвярцінскі, спадчыннік Камайгрода i палкоўнік караля Рэчы Паспалітай польскай, сказаў так: маці спачатку наб'е, а потым пашкадуе, а мачыха спачатку пашкадуе, а потым наб'е.
Як толькі лірнік скончыў спяваць i падставіў шапку, у яе пачалі падаць пятакі, i яна ўміг напоўнілася. А потым парубкі 3 маладзіцамі i дзяўчатамі пачалі танцаваць шумкі. Я першы раз убачыў, як казак танцуе. Асабліва спрытна танцаваў адзін прыгожы казак, упрысядку, як яны гэта называюць, то, сапраўды, прысядаючы, то падскокваючы ўверх, прытопваў, кружляў з дзяўчатамі па ўсёй хаце надзвычай зухавата, пры гэтым увесь час іграў на бандуры i спяваў украінскія песні пра каханне. Я прыкмеціў, што дзяўчаты літаральна елі яго вачыма; калі ж ён танцаваў з каторай, то іншыя смутнелі. Але што нас найбольш уразіла, дык гэта купка казакаў, вопратка якіх значна адрознівалася сваёй пышнасцю ад адзення ўсіх іншых. Яны насілі цёмна-сінія шаравары з залатым галуном, пунсовыя паўкунтушы з адкіднымі рукавамі, якія звешваліся долу, жупанкі з белага атласу, шаўковы пояс з залатымі махрамі i высокія шапкі з сівога баранка, зверху ў ix звісалі на плечы кліны пунсовага сукна з залатым кутасом. Было відаць, што яны пазбягалі жанчын i паспешліва адсоўваліся, калі каторая з ix нават выпадкова набліжалася да ix; затое ўсіх мужчын, знаёмых i незнаёмых, яны частавалі гарэлкай i мёдам вельмі настойліва, i самі пілі, ды так, што ледзь яўрэй карчмар прынясе вядро гарэлкі, як яно ўжо i апусцела, ён прыносіць другое, поўнае, яго тут жа выпіваюць. I нас таксама пачаставалі з такой жа прастатой i гасціннасцю, але адмовіцца нельга было, i мы выпілі па дзве шклянкі за ix здароўе. Мяне разабрала такая цікавасць, што я хаця i наважыўся маўчаць, але не вытрымаў i спытаўся ў яўрэя, чаму гэтыя казакі так багата апрануты i так многа п'юць.
- А вы что же, не знаете запорожскгх казаков? Оні з рыбой в десять подвод былі в Уманг, а там доведалісЯу что гх кашавы памёр; так спешают нового выбіраты, что не мелі часу прапіць свайго заробку i з парожнімі фурамі праз Кагарлык повертають на Сеч. Уже тут прадалі валоў i вазы, Гэта мае шчасце, што яны прыехалі з грашыма, у карчме яны усё хутка прап'ют i голыя дадому паедут. Гэтыя багатыя жупаны яны прывезлі з сабой, у Сены не годыться так убіратыся, яны ix куповалы в Умані. Як толькі сонца зойдзе, то вы ўбачыце, як яны ходзяць у сябе.
Гэта яшчэ больш распаліла маю цікаўнасць, i я з нецярплівасцю чакаў вечара: мы збіраліся перад самым заходам сонца рушыць далей, бо ўдзень стаяла невыносная гарачыня. Але нам не давялося чакаць так доўга, таму што яшчэ не мінула i дзвюх гадзін, як яўрэй пачаў ix разлічваць, забраў у ix усё да апошняга граша, хіба што пара пятакоў у каго i засталася. Тут яны загадалі падаць ім бочку, напоўненую дзёгцем, i пачалі адзін за другім залазіць у яе ва ўсіх сваіх прыгожых уборах, акунаючыся на шыю, потым распраналіся i скідвалі з сябе ўсю адзежу, як бы пагарджаючы марнасцю жыцця, кідалі яе на вуліцы, не зважаючы, хто падбярэ, кідалі i шапкі, таксама паквэцаўшы ix дзёгцем. А потым кожны апранаў кашулю, вымазаную салам, i сярмягу - тое, у чым прыехалі з Сечы, i з бізуном у руцэ, моцна п'яныя, яны пайшлі, нікому не сказаўшы: «Бывайце здаровы».
Міхал Ратынскі не мог адарвацца ад сваіх заляцанняў, хаця я i прасіў яго хоць крыху паспаць перад доўгай бяссоннай ноччу, ён нават паспрабаваў танцаваць з парубкамі i дзяўчатамі i вельмі насмяшыў нас, калі першы раз пайшоў упрысядку Але Мікоша, Азулевіч, уманскія казакі, якія ішлі 3 намі, i я, знайшоўшы ў сенцах салому i сена, падаслалі ix i ляглі спаць аж да той пары, калі мы збіраліся ісці далей.
Яшчэ два дні мы ішлі стэпам. Нідзе ні ўзгорка, ні дрэўца, толькі агромністая прастора, роўная, як мора, а над ёй нават ветрык не вее. Час ад часу нам трапляліся курганы, якія стаялі ў пэўным парадку на некаторай адлегласці адзін ад аднаго (гэты былі казацкія магілы, але яны служылі i для назірання, i для таго, каб не збіцца з дарогі ў час зімовай завеі), часта сустракалі мы статкі напаўдзікіх жывёл, якія ўзімку i ўлетку пасвіліся пад нябёсамі. Перасягнуўшы гэтую бязлюдную прастору, мы спыніліся ў Гардзе над Бугам, дзе пачыналася месца панавання запарожскіх казакаў. Там паміж узбярэжных скалаў былі пароблены запруды або ставы для лоўлі рыбы; каля ix мы заспелі есаула, які замяшчаў палкоўніка корсунскага палка, што выехаў у Сеч на выбары; полк стаяў тут на варце. Есаул нас гасцінна прыняў, даў для суправаджэння аднаго з сечавікоў з вялікай жалезнай булавой, пакрытай жалезнымі калцамі. Нашы казакі растлумачылі, што дастаткова толькі каму ўбачыць гэтую булаву, каб мы былі ў поўнай бяспецы, i хаця запарожцы схільныя да разбою, з гэткай булавой мы можам быць спакойнымі, але, праходзячы праз ix паселішчы, мы будзем часта сустракаць яго супляменнікаў i ix чэлядзь, i з усімі давядзецца піць гарэлку, якую мы вязем, яны гэта вельмі любяць, але для уманскай эканоміі страты не будзе, бо за яе заплоцяць, абы толькі мы без перашкод праехалі праз Сеч. Запарожская Сеч падзяляецца на сорак палкоў, кожны з якіх адказвае за пэўную мясцовасць; калі б нас дзе-небудзь абрабавалі або ўчынілі якую іншую шкоду, то за ўсё павінен заплаціць той полк, на землях якога тое станецца. Мы дазналіся, што яны спачатку досыць часта рабавалі Сміленшчыну i Уманшчыну. Але радца Уманшчыны пан Артынскі, які пазней памёр брацлаўскім падчашым, акружыў Умань глыбокімі равамі i насыпамі з частаколам, а добра абучаная прыдворная міліцыя кіеўскага ваяводы Патоцкага не толькі паспяхова абаранялася, але i часта знішчала тых, хто нападаў, бывала, што ўсё прадмесце Умані было завалена ix целамі; Патоцкі i сам нападаў на паселішчы запарожцаў, паліў ix, жывёлу забіраў, а тых запарожцаў, якія траплялі ў палон, або забіваў, або прымушаў працаваць. I так бывала неаднойчы, але нарэшце Бундур Маналыг, які быў у той час кашавым, падлісаў трактат з Уманскай i Смілянскай эканоміямі, павадле якога Запарожская Сеч больш не будзе нападаць на Польшчу, а з дазволу сваіх улад зможа прыязджаць у Смілы i Умань, а таксама ў іншыя ўладанні Патоцкіх i Любамірскіх толькі дзеля гандлю. А падданым тых дзвюх абласцей з дазволу ix эканомій можна было дзеля гандлю бываць у Сечы, але толькі праз Гард, дзе была варта на мяжы земляў Рэчы Паспалітай i Сечы i дзе тым, хто прыязджаў, давалі праваднічага з булавой. Калі ж які-небудзь запарожац чыніў ім нешта благое, скажам, украў штосьці, дзе б гэта ні здарылася, кашавы караў за гэта смерцю пасля разгляду такой справы суддзямі Сечы i падпісання прысуду пісарам. I смерць яго была не простай: абвінавачанага прывязвалі да слупа, а побач ставілася бочка гарэлкі i клалася бярэмя палак. Кожны казак, які праходзіў каля таго слупа, павінен быў выпіць гарэлкі i ўдарыць прывязанага палкай. Так яго білі i білі, аж пакуль не забівалі да смерці. Такую смерць прыняў незадоўга да нашага прыезду Тамаш Падкуйка, запарожскі атаман i паэт, песні якога спявалі ў абедзвюх Украінах i ўсё з-за таго, што кашавы Сямён Казудра (заўчасная смерць якога стала для нас такой нечаканасцю) прымаў у сябе маскоўскіх афіцэраў, якія прыязджалі паводле сваіх звычаяў, па загаду цара; ён папрасіў Падкуйку пайграць на бандуры i паспяваць. Той хацеў пахваліць гасцей i склаў песню, у якой між усяго іншага гаварылася, што ляхі бедныя, бо хаця маюць жонак, але ix не хапае іхнім ксяндзам, запарожцы яшчэ бяднейшыя, бо аддаюць жонак святарам, а самі мусяць абыходзіцца без ix, а маскоўцы самыя багатыя, у ix хапае жонак для ўсіх. I вось, адправіўшы афіцэраў, кашавы загадаў судзіць Падкуйку за тое, што ён асмеліўся парушыць статут Сечы, i пасля прысуду паэт быў забіты палкамі, нягледзячы на тое, што яго любілі i кашавы i ўсё Запарожжа. Так вось яны шануюць свае законы. Сапраўды, акрамя жонак святароў, якіх столькі ў Сечы, колькі там палкоў (а тыя святары часцей за ўсё расстрыжаныя ў Маскве за гультайства папы), ні ў Сечы, ні на землях, што да яе адносяцца, няма ніводнай жанчыны. Лік запарожцаў павялічваўся за кошт уцекачоў з Польшчы або Русі, часта гэта былі не самыя лепшыя людзі, але ў Сечы яны падпарадкоўваліся яе суровым законам, захоўвалі ix прадпісанні. Былі ў Запарожжы i выхаванцы з ліку хлопчыкаў, выкрадзеных за межамі Сечы, якіх казакі прызнавалі за сваіх сыноў i якія пасля ix смерці атрымлівалі ў спадчыну ix маёмасць. Калі ж казак паміраў, не маючы нашчадкаў, то яго маёмасць дзялілася на дзве палавіны: адну забіраў кашавы, другую - царква палка, да якога належаў нябожчык. Вось чаму цэрквы ў ix былi вельмі багатыя. Акрамя таго, на Дняпры быў востраў, дзе жылі з сем'ямі жанатыя казакі, яны плацілі падатак гарэлкай i мёдам. Часта казакі ўсынаўлялі дзяцей тых пасялян. Кашавы i яго чыноўнікі, якіх было толькі два, суддзя i пісар, нічым у адзенні не вылучаліся сярод простых казакаў, а ix жытло было мала багацейшым, вызначалася хіба толькі прыгажосцю i велічынёй садоў. Пчалярская дзесяціна складала прыбытак пісара i суддзі. Кожны палкоўнік браў плату за коней, кароў i авечак на ўтрыманне кураня, а у кожным курані палкоўнік браў плату за выпечку хлеба, гатаванне ежы i выраб гарэлкі, грошы ішлі на ўсіх рэестравых казакаў, ix чэлядзі, якой падабалася бавіць час у курані.
У размовах з уманскімі казакамі пра статут i звычаі запарожцаў, гэтага своеасаблівага народа, мы праязджалі па тым прыгожым краі, дзе яны жылі. Далей пайшоў ужо не голы стэп, пачалi трапляцца гai, зарослыя алешнікам i вербалозам яры, было непрывычна толькі, што нідзе мы не бачылі слядоў плуга. Запарожац не выносіць ніякай працы, сялянскай гаспадаркай ён грэбуе. Толькі некаторыя з ix займаюцца садам, але самы лепшы ix занятак - гультайства.
Нарэшце мы прыехалі ў горад Сеч. Але наўрад ці можна было б назваць горадам сорак доўгіх драўляных корчмаў, а пасярод, як у квадраце, рынак. Кожная карчма належала пэўнаму палку, каля рынку стаялі тры будыніны: адна для кашавога, другая - для пісара, трэцяя - для суддзі. Будыніны вялікія, крытыя саломай, каля ix вялікія фруктовыя сады, звычайна яны належалі кашавому, які толькі памяшканнямі i адрозніваўся ад двух сваіх чыноўнікаў, бо ў яго яшчэ была вялікая мураваная стайня, у якой магло змясціцца да пяцідзесяці коней. Дабраўшыся да рынку, мы пайшлі адразу да пісара, які сядзеў пасярод хаты i курыў. Ён быў ужо амаль сямідзесяцігадовы, худы, рысы яго твару сведчылі пра высакароднае паходжанне. Ён ведаў, што мы прыедзем, а з панам Азулевічам размаўляў як з даўнім прыяцелем, хаця i першы раз бачыў яго. Запрасіў нас у сваё прытулішча, правёў у пакой i досыць чыста загаварыў па-нашаму. Вось што ён расказаў:
- Справы нашы дрэнь. Яшчэ i гадзіны не прайшло, як кашавым абралі Юрыя Майбараду. На гэтую пасаду ён узбіўся дзякуючы хітрыкам запраданых Маскве папоў. Ён фанатычны схізматык i ўбіў сабе ў галаву, што як толькі Польшча пераможа маскавітаў, то адразу ж увядзе на Сечы унію. I цяпер, без сумнення, ім будзе кіраваць наш пратапоп Саганічын, родны брат пераяслаўскага абата, які злы на палякаў за тое, што яны ледзь не забілі ў Жытоміры ix роднага пляменніка, чарняца мартыніянскага манастыра, які быў у хеўры гайдамакаў i на чале ix многа парабаваў i нашкодзіў сярод мясцовай шляхты. Пакуль жывы Майбарада, няма ніякай надзеі на тое, што Сеч зможа хоць чым-небудзь дапамагчы. Да заўтрашняй раніцы я яшчэ ўсё гэта абмазгую лепей, а заўтра некаму з вас трэба вяртацца i паведаміць пра ўсё канфедэрацыі. А зараз я павінен ісці на цырымонію ўступлення кашавога на пасаду, гэта працягнецца нядоўга, вы станьце i паглядзіце на ўсё здалёку; потым вяртайцеся сюды i чакайце мяне. У кашавога будзе вялікі баль, ён частуе вячэрай усю Сеч. Усе дазвання перап'юцца, апрача мяне, таму што ў дзень выбараў кашавога пісар, паводле нашых звычаяў, не можа ўзяць у губу нічога з модных трункаў. Трэба, каб хоць хто-небудзь з улады быў цвярозым.
Сказаў нам гэта пісар i выйшаў, узяўшы з сабой паперу i чарніліцу, а пяро было ў яго за вухам. Яму трэба было скласці акт аб уступленні кашавога ў свае правы.
Праз некаторы час i мы падаліся на рынак, дзе ўбачылі мноства казакаў перад карчмой чыгірынскага палка, у якім быў есаулам новаабраны кашавы. З гучнымі воклічамі ўвесь гэты натоўп правёў кашавога ад карчмы да ягонай сядзібы, дзе стаялі чатыры перавернутыя вазы, на якія насыпалі зямлі, i неўзабаве на дзядзінцы вырас досыць высокі курганок. На вяршыні таго курганка сеў новаабраны кашавы, а казакі ад кожнага палка зайшлі з вялікім кашом у хату, дзе жыў кашавы, назмяталі у кош усялякага смецця i ўвесь той поўны смецця кош занеслі на вяршыню курганка І, ледзь-ледзь падняўшы, высыпалі яго на галаву новага кашавога, а пісар гучна вымавіў: «Гэтак жа, як ты бачыш сябе, абсыпанага смеццем, i мы будзем побач з табой заўжды, як толькі спатрэбімся». У гэтым i была ўся цырымонія ўваходжання ва ўладу новага кіраўніка Сечы, які ад гэтага перавернутага над ім каша i носіць назву кашавога. Потым кашавы ішоў у свой дом, i з гэтага моманту пачыналася ягоная ўлада. Самай першай яго дзеяй было адкрыццё склепа свайго папярэдніка, адкуль казакі выносілі ўсю гарэлку, віно i мёд, аж пакуль ён не апусцеў. Тут жа кашавы i ўсе казакі селі на зямлі каля катлоў з баршчом, прасянай кашай, клёцкамі, свінінай i баранінай. Кожны браў з катла вялікай драўлянай міскай тое, што яму падабалася, i клаў сабе ў місу, i усе пачалі есці з вялікай ахвотай, запіваючы кожны кавалак гарэлкай або вішнёўкай, i так шклянка за шклянкай. Толькі пісар, як ён i казаў, сядзеў асобна, еў тое самае, што i ўсе, але, апрача жбанка вады, нічога з пітва перад ім не было. Кашавы старанна частаваў прыезджых купцоў i ўсіх, хто не належаў да Сечы, сярод ix былі i мы. Елі з місак усё, што я называў, 3 вялікім смакам, пан Азулевіч таксама пакаштаваў i свініны, i ўсяго іншага разам з намі. Калі ж мы ўбачылі, што хмель ужо зайшоў у казацкія галовы, падвесяліў i гасцей, паціху вылузнуліся з кампаніі i падаліся да хаты пісара, дзе быў наш locum standi (начлег), i там чакалі, пакуль ён прыйдзе, недзе да дзесяці гадзін вечара.
Назаўтра пан Азулевіч адправіў мяне назад з данясеннем, а сам выправіўся ў Бaxчыcapaй маючы ўсю надзею на татараў, а на сечавых казакаў не было ўжо чаго разлічваць, бо ўсе папы цяпер абураны на Польшчу, i Юры Майбарада, новы кашавы, ix слухаецца. Дзюмдзурык на развітанне сказаў яшчэ: простыя казакі сімпатызуюць Польшчы, бо яны адданыя сваім звычаям i прывычнаму ладу жыцця, яны думаюць, што Масква, сцвердзіўшы сваё панаванне ў Польшчы, не пацерпіць ix вольнага жыцця, у той час як вольны польскі народ, паводле ix спадзяванняў, не парушыў бы ix незалежнасці. Але старшына амаль уся не на нашым баку. Папы кажуць ім, што чыгірынскае i чаркаскае староствы будуць падзелены, а кашавога цешылі надзеяй, што ўся аседлая Сеч будзе ў ягонай спадчыне, як толькі ён схіліць казацтва да прысягі на вернасць цару. Вось так хацелі гэтыя людзі прадаць сваю волю дзеля ўласных выгод, але дарэмна, бо Масква ніколі не трымала слова, дадзенага здраднікам.
Перад сваім ад'ездам я адважыўся запытацца ў пісара, як гэта ён, па ўсім відаць, польскі шляхціц i асвечаны чалавек, стаў адным з таварыства, якое складаецца з простых, цёмных людзей i валацуг.
Ён адказаў нам так:
- Не буду ўтойваць ад вас ні гісторыі свайго жыцця, ні таго, чаму я тут аказаўся. Па нараджэнні я шляхціц, i маё прызначэнне было мець карысць у сваім шляхецтве сярод вялікага народа, уладаць значнай маёмасцю. Я нарадзіўся Ў віцебскім ваяводстве, а прозвішча маё Воўк. Бацька мой быў небагаты, але шляхціц старадаўняга роду, выхаваны за мяжой. Ён праславіўся ў войнах караля Яна ІІІ i дайшоў бы да вышэйшых узнагарод у Рэчы Паспалітай, калі б вера, у якой ён быў выхаваны, не стала таму перашкодай, а быў ён з сям'і радавітых кальвіністаў. Але быў ён малады, выхаваны, прыгожы, падабаўся панне Бжастоўскай, дачцы мінскага кашталяна, багатай дзяўчыне, каталічцы, i яна пайшла за яго замуж насуперак волі ўсяго сямейства Бжастоўскіх, якое было ў радні з Ягелонамі i хацела б для сваёй дачкі ў мужы, паводле звычаю, якога-небудзь магната, а не шляхціца, хаця i радавітага, ды не вышэй ваяводскага ўзроўню. Мой бацька асеў у багатым жончыным маёнтку ў тым самым віцебскім ваяводстве, дзе было i ягонае гняздо. Жыў ён у вёсцы, кіраваў гаспадаркай, быў у дружбе з усімі суседзямі i так шанаваў нашу маці i яе веру, што за ўсё жыццё не перашкаджаў ёй маліцца па-свойму. Нас было ў яго двое: я i сястра, маладзейшая за мяне. Бацька парашыў выхаваць нас у мацярынскай веры, а сам па некалькі разоў у год ездзіў у Копысь, маліўся там па-свойму, але так, каб пра гэта ніхто не ведаў. Пра рэлігію ніколі не размаўляў, у сваіх звычках прыстасоўваўся да веры жонкі, пасціўся разам з намі, бываў у касцёле i казаў лацінскім капланам, што ён католік. Пакуль быў жывы наш пробашч, чалавек сапраўды апостальскі, ён нікога не адлучаў ад ласкі Божай, i жыццё маіх бацькоў цякло шчасліва. Але пасля яго смерці аршанскія езуіты пачалі наступ на наша сямейства, бо мой бацька, акрамя таго, што быў абыякавы да гэтага таварыства, не перашкаджаў жонцы жыць па-свойму. Ксёндз Ракіта, кіроўца аршанскіх езуітаў, стаў спавядальнікам маёй маці i ўнушаў ёй усё, што хацеў. Быў ён чалавекам досыць вучоным, павалэндаўся па заграніцах, часта бываў у Рыме, засвоіў усе спосабы кіравання розумам слабых. Спачатку ён спрабаваў павярнуць у сваю веру майго бацьку; але той заўжды або адмоўчваўся, або пераводзіў размову на іншы прадмет, ніколі з ім не спрачаўся з гасціннасцю гаспадара i не хацеў збліжацца з ім. Пацярпеўшы няўдачу, ксёндз пачаў абходжваць маці, стаў гаварыць ёй, што ерэтык - вораг Хрыста, што той, хто не слухаецца папу, - язычнік i нехацімец, што толькі езуіты-католікі вераць шчыра, а ў людзей іншай веры ёсць добрыя якасці толькі ад прыроды, а гэта не мае значэння для Бога, што дзеля Хрыста трэба адрачыся i ад радні, i ад дзяцей, i ад мужа. Вось так баламуціў ён маю маці, i ў яе прапала любоў да мужа i да дзяцей. З бацькам у яго нічога не выйшла, i, затраціўшы столькі намаганняў, ксёндз адступіўся б, i шчаслівае жыццё маіх родных на працягу дваццаці гадоў так жа шчасліва i завяршылася б, калі б змрочныя думкі не прыспешылі заўчаснай смерці бацькі, можа, нават яна не дала яму ўпасці ў вялікі грэх. Пасля смерці бацькі езуіты маглі ўжо смела завалодаць розумам маці i яе маёмасцю. Хто толькі не перабываў у нас з ліку езуітаў, а не змог пераканаць бацьку. Што да маці, то яна аказалася ў палоне ксяндза Ракіты, нічога не рабіла без яго дазволу. Маёй сястры ён унушыў давер да свайго ордэна, i яна стала манашкай; тое самае ён хацеў зрабіць i ca мной, але я не паддаўся, з дапамогай маіх родзічаў Бжастоўскіх я стаў панцырным харунжым у кавалерыі. Я тады быў маладым i гарачым, неаднойчы прыязджаючы да маці, не мог не абурацца тым, як нахабна гаспадарылі езуіты ў доме маіх продкаў Ксёндз Ракіта дарэмна нагаворваў маці на бацьку, але здолеў адвярнуць яе сэрца ад мяне. Ён нагаварыў ёй, што я жыву распусна, ніколі не спавядаюся, што я прыхаваны кальвініст i што маёнтак у маіх руках будзе знакам абразы Бога, што мая маці, жывучы з ерэтыком, упала ў страшны грэх i няма іншага спосабу пазбыцца яго, як аддаць маёнтак езуітам, i тады над ёй злітуецца святы Ігнацы, заснавальнік ix ордэна. I вось, пакуль я служыў Рэчы Паспалітай, усё рыхтавалася да таго, каб выбавіць мяне з маёнтка. А я, нічога не ведаючы, пачаў дабівацца ўзаемнасці багатай панны ca знатнага роду i неўзабаве атрымаў дазвол ажаніцца a ёй. Ужо быў прызначаны дзень шлюбу, маці была не супраць. Я разлічваў быць шчаслівым у шлюбе, бо вельмі кахаў сваю нявесту. I рантам мая маці ўсю сваю маёмасць аддае езуітам, а сама становіцца манашкай у ix манастыры ў Оршы. Родныя маёй нарачонай убачылі, што я выжыты з маёнтка, i сказалi мне: «Выбачай, пане харунжы, але куды ты павязеш нашу дачку? Мы не можам аддаць нашу дачку за бяздомнага». Я да айцоў езуітаў, упрошваў ксяндза Ракіту, каб аддаў мне хаця б нейкую частку маёнтка, каб абышоўся ca мной па-людску. Ксёндз Ракіта адказаў з лагоднай усмешкай, што маёнтак для свецкіх людзей часта бывае прыстанішчам граху, а ў духоўных ён будзе служыць на хвалу боскую, што як добры католік я павінен падпарадкавацца волі маёй маці i толькі радавацца, піто яе багацце пойдзе на выхаванне моладзі ў набожнасці i на пераход у ісціную веру язычнікаў. Сказаў, што не можа нічога выдзеліць мне з дарунка маці, таму што ён пайшоў на фундацыю касцёла, i што я магу скарыстацца 3 ЯГО, калі ўступлю ў ix брацтва i, нарэшце, што калі будзе на тое мой дазвол, ён будзе пастаянна маліцца за сына ix дабрадзейкі. Сказаўшы гэта, ён, лісліва кланяючыся, пачаў прасіць у мяне прабачэння, што не можа болей гаварыць са мной, бо спяшаецца на малебен. Выйшаў я з кляштара раззлаваны, з прагай помсты. Падаўся ў маёнтак, ЯКІ яшчэ нядаўна належаў мне i маёй маці, знайшоў там некалькі бацькавых слуг, якіх маці прагнала па нагаворы езуітаў, таму ix лёгка было ўгаварыць, каб яны дапамаглі мне адпомсціць. Мы ўзброіліся i ноччу напалі на аршанскі кляштар. Я забіў ксяндза Ракіту ўласнай рукой. Двух другіх ксяндзоў-езуітаў, якія бывалі ў нашым доме, закалолі слугі, бо ў ix былі свае рахункі з імі. Астатніх мы звязалі, абрабавалі кляштар, потым усё, узятае там, падзялілі. Пасля гэтага мы разышліся, кожны пайшоў сваёй дарогай, шукаючы, дзе схавацца. Мне ўжо нельга было заставацца ў Польшчы: у той час езуіты былі яшчэ больш магутнымі, чым цяпер, я не мог не выклікаць у ix падазрэння, раней ці пазней мяне не мінула б ix кара за святатацтва i забойства. Нейкі час я хаваўся пры розных дварах, а потым якраз каля межау Рэчы Паспалітай утварылася Запарожская Сеч, я падаўся сюды, каб хаця б быць непадалёк ад айчыны, у якой не мог жыць не баючыся. У мяне тут з'явіліся заслугі, я набыў пэўную вагу. Прайшло ўжо сорак гадоў, як я на пасадзе пісара, i Бог мне сведка, што я не ўпускаў магчымасці быць карысным маёй радзіме i землякам. Сумленне мяне не мучыць: я абышоўся з ксяндзом Ракітай жорстка, але там, дзе грамадзянскае права не вырашае па справядлівасці, даводзіцца самому яе ўстанаўліваць. Стараюся быць карысным маёй айчыне, прывык жыць тут. Простыя казакі - людзі прыстойныя, ix любоў да свабоды не можа не прывабіць польскага шляхціца. Старшына псуецца, а Масква робіць усё, каб дарэшты яе спляжыць. Мне падабаюцца законы Сечы, i адно мяне цяпер непакоіць, што Масква праглыне нас, але я ўжо стары i не дажыву да гэтага. Верце мне, панове брацці, што я шчыра адданы Рэчы Паспалітай як зямляк, але я ўпэўнены, што нідзе свабода не можа захавацца, неўзабаве яна i ў Польшчы будзе парушана, а хутчэй за ўсё i страчана.
Каментар
Запарожская Сеч (с. 106)
Чырвоная Русь - так у даўнія часы называлі ўсходнюю частку Украіны.
У час рэвалюцыі - так называе Сапліца паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
Задушаны шаўковым шнурком - такі быў спосаб пакарання смерцю ў Турцыі.
Скарбовая гарэлка - гарэлка, якая прадавалася ў казённых крамах.
Эканомія - зямельнае ўладанне, якое належала каралеўскаму двару
Па-ліцвінску - у тыя часы азначала - па-беларуску.
Наезд - шляхецкі самасуд, узброены напад на ўладанні шляхціца, які, паводле думкі нападнікаў, вінаваты ў пэўным злачынстве.
Паны рада - рада Вялікага Княства Літоўскага i Рэчы Паспалітай, вышэйшы орган дзяржаўнай улады.
У абедзвюх Украінах - ва ўсходняй i заходняй частках Украіны.
Уцекачы з Польшчы - у межы Запарожскай Сечы ўцякалі 3 Польшчы, ВКЛ, Расіі незадаволеныя сваім становішчам сяляне i прадстаўнікі іншых саслоўяў Сярод запарожскіх казакаў было нямала выхадцаў i з беларускіх зямель.
Курэнь - вайсковая адзінка ў Запарожскай Сечы.
Рэестравыя казакі - частка ўкраінскіх казакаў, якія былі ў XVI-XVII стст. на службе ў польскага ўрада i ўносіліся ў спецыяльны спіс - рэестр.
Схізматык - так католікі называлі прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.
Бахчысарай - горад у Крыме, сталіца татарскага ханства.
Старшына - кіраўніцтва казацкага войска - атаманы, палкоўнікі, есаулы,сотнікі, харунжыя, суддзі. Старшынай Сапліца называе таксама вышэйшае кіраўніцтва ў павеце.
Ездзіў у Копысь - у Копысі быў адзіны ў Беларусі кальвінісцкі касцёл, пабудаваны ў канцы XVI ст. гетманам Крыштафам Радзівілам.