Добра робяць у нас, калі слухаюцца іншаземцаў, якія вучаць, што нам рабіць; а яшчэ горай, што моладзь больш верыць ім, чым нам, я гэта не раз ужо бачыў! Доўгі час мне неяк муляла тое, што я не ўмею па-французску, думаў, што я змог бы добра бавіць час, чытаючы французскія кніжкі; але, пагаварыўшы з вучонымі людзьмі, я даведаўся, што французы пішуць пра нас розныя дзівосы, i цяпер я ўжо толькі радуюся, што не навучыўся ix мове, бо нічога талковага я не вычытаў бы, а толькі б раззлаваўся, вось i ўвесь быў бы з таго набытак. Мне расказвалі пра апісанне барскай канфедэрацыі, якое зрабіў Дэмулье. Я добра ведаў яго. Ён быў добры вайскавод i разбіраўся ў тым, як правільна размяшчаць лагер, але Сахаз быў яшчэ больш талковы, як i Келерман, прыроджаны кавалерыст, ды, слава Богу, яны ўсе не былі больш мудрыя i мазгавітыя, чым мы. Нашы ні ў чым не саступалі ім; i, напэўна, пан Пулаўскі, пан Зарэнба i пан Валеўскі, які потым стаў серадзкім ваяводам, i закрачымскі маршалак Сава, i многія іншыя нашы не набіраліся ад ix розуму, а яшчэ самі маглі б навучыць многаму. Узяць хаця б таго ж генерала Дэмулье, ён у сваёй кнізе ганіць усё наша, хваліць толькі сябе, а князя Караля Радзівіла ўвогуле выстаўляе дурнем. Або яшчэ адзін француз, імя якога я не умею ні вымавіць, ні напісаць, у сваёй кнізе «Аб польскім безуладдзі» ніша пра нашых больш справядліва, як i пра вытрымку i мужнасць князя Караля, а ўсё ж, пачуўшы нешта з пятага на дзесятае, сцвярджае, што Радзівіл займаўся разбоем на чале атрада з моладзі, што лютаваў у Літве, i ў гэтым ён прыпадабняецца Дэмулье, які выстаўляе нашага князя дурнем i варварам.
Тэта праўда, што наш князь не вучыўся па заграніцах, але яшчэ большая праўда ў тым, што ў яго быў свой вялікі розум. У яго быў прыроджаны розум, які заўсёды бярэ верх над набытай у вучэнні асветай, розум з галавы ленты, чым розум з кніжкі: першы ўмее добра рабіць вялікія справы, а другі ўмее добра апісаць вялікія рэчы. Яго маці - дачка вялікага літоўскага гетмана, князёўна, апошняя з роду князёў Вішнявецкіх, параднёнага з рознымі хрысціянскімі тронамі, была велікасвецкай дамай, нават пісала кніжкі, але быў у яе толькі адзін сын, i яна надта ж песціла яго; маленькаму князю Каралю ішоў ужо пятнадцаты гадок, а ён яшчэ не ўмеў чытаць i пісаць, бо кожнага настаўніка, які спрабаваў прыахвоціць яго да працы, пасля ягоных скаргаў маці тут жа праганяла з двара, а княжыч умеў толькі біцца з пажамі на дубінках, ездзіць на кані без сядла, а з усёй фізікі засвоіў уменне патрапіць куляй у падкінутае ў паветра яйка. Князь гетман пачаў думаць, што сына трэба навучыць хоць чаму-небудзь, каб ён у свой час здолеў некалі апекавацца спадчынай продкаў; i ён змог пераканаць у гэтым княгіню. Яна абвясціла, што падаруе дзве вёскі таму, хто навучыць яе сына чытаць i пісаць, прычым без усялякага патурання яму. I сапраўды, знайшоўся адзін разумны шляхціц, пан Пішчала, які валодаў такім умельствам, стаўшы праз гэта багатым памешчыкам, пазней нават быў рэчыцкім падстоліем. Пішчала навучыў чытаць, пісаць i запамінаць пачатковыя веды князя Караля i двух памешчыцкіх сыноў, узятых разам з ім у навуку дзеля спаборніцтва: Ігнацы Валадковіча, сына надворнага літоўскага харунжага, i Міхала Рэйтана, сына наваградскага падкаморыя. Прычым навучыў без усялякага прымусу, забаўляючы ix вось такім спосабам: на вялікай драўлянай табліцы крэйдай пісаўся алфавіт. Кожны з вучняў стаяў за пятнаццаць крокаў са стрэльбай, зараджанай кулямі, i цаляў у тыя літары, якія называў настаўнік. Потым літары складалі ў словы, сказы, i ўсё страляючы, так яны ўсе хутка навучыліся добра чытаць. А потым ужо, прывыкшы за нейкі час да пэўных правілаў, прыахвоціліся да навукі, навучыліся i пісаць, далей жа праз чытанне, а часцей праз гутаркі з разумнымі людзьмі засвоілі краёвае права, гісторыю свайго народа i яшчэ вельмі важныя для нас веды пра паходжанне i сувязі свайго роду. I таму, стаўшы ў дзевятнаццаць гадоў літоўскім мечнікам, князь па розуму адпавядаў сваёй пасадзе, калі ж ён стаў маршалкам Літоўскага трыбунала, то юрысты хапаліся за галовы, дзівячыся, як умеў ён адрозніваць праўду ад круцельства. Адбыўшы адзін тэрмін на гэтай пасадзе, ён мог быць абраным i на другі, трымацца яе да самай смерці, абы толькі захацеў, шляхта паважала яго за тое, што ён кіраваўся толькі сваім розумам i сумленнем, а лепшых дарадцаў не шукаў. А што да гэтых закідаў, нібыта ён у гады сваёй маладосці займаўся разбоем i быў дужа разбэшчаны, то гэта не што іншае, як наклёп, які забудзецца сам па сабе. Князь, які быў гатовы аддаць сваіх восемдзесят тысяч душ на Белай Русі, але не прысягаць на вернасць Маскве, паказаў тым самым, які ён далёкі у сваім сэрцы не тое што ад подласці, але нават ад недалікатнасці ў пачуццях. А што некалі быў маладым, жвавым, не знаходзіў выйсця сваёй палкай натуры, то з такімі самымі маладымі шляхціцамі ён бавіў час у лясах, заняты паляваннем, не адзін раз конна праехаў усю Літву, шукаючы, дзе б праявіць сваю адвагу, калі ж i спаліў дом якому памешчыку ці сагнаў з двара жывёлу, то заўсёды плаціў за страты столькі, колькі прасіў пацярпелы. I на людзях ніколі не дапускаў нічога злога, быў хоць i парывісты, але меў чулае сэрца i спачуваў чужому гору.
Паплечнікі князя Радзівіла, якіх партыя караля Панятоўскага, узначальваная ў Літве віленскім князем-біскупам, называла гайдамакамі, на самай справе былі людзьмі вялікага розуму, непахіснымі ў любові да айчыны: яны не шкадавалі для яе ні крыві, ні старанняў i ўсе вартыя таго, каб застацца ў польскай гісторыі. Сярод ix быў пан Валадковіч, адвага i нечалавечая сіла якога сёння магла б увайсці ў легенды; гэта быў адзін з самых большых любімцаў князя, трагічную гібель якога ў росквіце маладосці ён ніколі не пераставаў аплакваць. Быў пан Пац, зёлаўскі стараста, пазней генеральны маршалак барскай канфедэрацыі ў Літве, які закончыў свае дні ў выгнанні, але не адступіўся ад яе. Быў пан Жавускі, у тыя часы літоўскі падстолі, швагер князя Караля, талковы намеснік кіраўніка той жа канфедэрацыі. Гэта ён цёмнай ноччу правёў нас над Кракаў, дзе мы знішчылі вялікі маскоўскі гарнізон i захапілі сталіцу Польшчы. Быў пан Агінскі, сын віцебскага ваяводы, які мог бы многага дасягнуць, калі б не загінуў у двубоі ад рукі нейкага венгерскага магната. Быў пан Жаба, які потым быў настаўлены на полацкае ваяводства паводле аднадушнага рашэння палачан, бо гэта было адзінае ваяводства, дзе шляхта захавала да канца права свабоднага выбару ваяводы. Быў пан Слізень, слонімскі земскі суддзя, які памёр у Стамбуле ад эпідэміі паморку, калі разам з князем Каралем быў у выгнанні. Быў князь Любецкі, які пазней стаў пінскім маршалкам i вялікім дзяржаўным дзеячам. Гэта ён у часы барскай канфедэрацыі, калі яшчэ была надзея, што Рэч Паспалітая ацалее, падаў праект, у якім прапанаваў падзяліць яе на чатыры правінцыі: велікапольскую, малапольскую, літоўскую i рускую, каб у кожнай з ix быў свой мітрапаліт, канцлер, гетман, падскарбі, сваё войска, універсітэт, сейм, каб уніяцтва стала адзінай верай у ix, а базыльянам i піярам пакінуць толькі павятовыя школы, зрабіць універсітэт i гімназіі свецкімі, а яшчэ каб пры каралю былі рада i агульны народны сенат, у які палова дэпутатаў выбіралася б на правінцыйных сеймах, а другая - прызначалася каралём i працавала пастаянна, за плату, старастамі, якія складалі б выканаўчую ўладу на чале з каралём i судзілі б абвінавачаных у розных status (дзяржаўных) злачынствах - каб забяспечыць свабоду, устанавіць спадчыннасць трону для саксонскага роду i адмяніць liberum veto, каб урэгуляваць быт духавенства, каб адзін не значыў вельмі многа, а другі - вельмі мала, а на лішкі з касцельных фундацый утрымліваць універсітэты i школы. Яшчэ ён хацеў адмяніць гродскія староствы, каб гарады таксама залежалі, як земства, ад выбару шляхты, а за кошт скарачэння гарадскіх улад узмацніць казначэйства Рэчы Паспалітай; даручыць староствам займацца прыбыткамі, асабліва з monopolium (манаполіі) ад продажу солі i тытуню, з аплаты падаткаў, з гербавых збораў i спажывецкага падатку, на якія можна будзе ўтрымліваць дзвесце тысяч рэгулярнага войска. Можа, усё гэта былі толькі мроі, але я не бачу ва ўсім гэтым нічога дрэннага. Той праект я некалі перапісаў у пана Свентажэцкага, былога сакратара сейма 1784 года, i ашчадна захоўваю ў сябе.
Яшчэ быў пан Хамінскі, які пазней стаў мсціслаўскім ваяводам, ён часта выбіраўся маршалкам сеймаў i трыбуналаў, заўсёды вёў ix талкова, заўсёды ўзорна, ён напісаў нямала вершаў i ў Рыме нават лічыўся філосафам. Быў пан Шчыт, які памёр будучы полацкім кашталянам, ён добра разбіраўся ў юрыспрудэнцыі, i гэта вялікая страта для грамадства, што напісанае ім у гэтай галіне ведаў страчана, Былі Януш Гарэцкі i Мацей Дэрэас, якія пазней, у барскай канфедэрацыі, не саступалі самому Дэмулье ў справе кіравання арміяй, i яшчэ шмат іншых, чые сыны i ўнукі жывуць i цяпер. Усе яны ўваходзілі ў так званую альбанскую кампанію. Думаю, што той, хто ачольваў такую кампанію i карыстаўся яе нязменнай павагай, сам павінен быў мець вялікія здольнасці. Кожны з ix быў прыдатны да рыцарскай справы, а той, хто дасягнуў у гэтай справе значных поспехаў, карыстаўся ў ix асаблівай павагай. Аднойчы пан Валадковіч з кап'ём у руцэ пайшоў на мядзведзя, якога раззлаваў стрэл. Мядзведзь рушыў на яго, а ён смела чакаў i дастаў яго кап'ём, але яно зламалася паміж рэбраў i мядзведзь, яшчэ больш раз'юшаны, зноў наваліўся на яго. Тады Валадковіч так ударыў адламаным кавалкам кап'я на лбе мядзведзю, што аглушыў яго, а потым выхапіў кінжал i ўваткнуў зверу ў сэрца.
Пан Кастравіцкі, сын пінскага стражніка, пераскочыў у Лахве роў шырынёй паўтара сажня i да таго ж глыбокі.
Аднойчы альбанская кампанія верхам на чале ca сваім правадыром на конях над'ехала да пакрытай саломай карчмы i падпаліла яе. Шугануў агонь, вароты былі адчынены. А пан зёлаўскі стараста з літоўскім падстоліем крычаць тым, хто ратаваўся: «Уцякайце! Мы заплацім за спаленую карчму; але зараз мы зойдзем у сені i будзем біцца, пакуль адзін з нас не акажацца параненым». Сапраўды, яны ўбеглі у сені i пачалі біцца на шаблях. Яны абодва былі роўныя па сіле i ўмельстве, таму ix двубой зацягнуўся. Пукі палаючай саломы падалі на ix з даху, вакол усё палала; не ведаю, чым бы гэта магло скончыцца, але нарэшце Пац параніў Жавускага i вынес яго на сваіх руках з агню; у ix ужо было падпалена адзенне, самі падсмаленыя, навах чубам дасталося. I хто скажа, што яны не паказалі прыклад адвагі? Цяпер такому ўжо могуць не даць веры.
Калі настала бескаралеўе, князь Радзівіл быў ужо віцебскім ваяводам i падтрымліваў каралевіча Саса; але партыя ix праціўнікаў, падтрыманая Масквой, апанавала сеймікі, усёды прымусова ўвяла каптуровыя суды, а Храптовіч стаў (хай яму Бог даруе) наваградскім каптуровым суддзёй. Усе ведаюць, якая была навага да тых судоў: у часы бескаралеўя законам была судовая юрысдыкцыя, а ўся ўлада: i земская, i гродская, i трыбунальская была ў руках каптуроў. I вось пан Храптовіч, які быў вялікім знаўцам старадаўніх манет, але любіў збіраць i сучасныя маскальскія рублі, жадаючы застрашыць партыю, якая выступала супраць Масквы i стольніка Панятоўскага, выдаў пастанову аб тым, што ўсе наваградчане, якія належалі да альбанскай кампаніі, павінны стаць перад каптуровым судом, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што яны разам з князем ваяводам займаліся разбоем i нанеслі страты некаторым шляхецкім родам. Але тая пастанова не была паслана самому князю, бо ён як сенатар падлягаў толькі суду сейма, а гэта азначала не толькі перавышэнне ўлады, але i нелегальны ўзброены наход па краі.
Наваградская моладзь гуляла ў Нясвіжы, i князь мог чакаць чаго заугодна, акрамя выкліку на суд. А пан Валадковіч прымусіў вознага, які прывёз пастанову, з'есці яе, перадаў з ім пісьмо да Храптовіча, дзе паведамляў яму што прыедзе па выкліку ca сваім «адвакатам», i паказаў яго вознаму. Гэта быў раменны бізун. У яго былі тры бізуны: раменны для пана Храптовіча, шаўковы, прызначаны для пана стольніка Панятоўскага, які ўжо быў блізкі да кароны, а трэці быў сплецены з пазалочаных нітак, ён прызначаўся для віленскага ксяндза біскупа, князя Масальскага. Валадковіч узяў з сабой шэсць самых дужых хлопцаў з атрада нясвіжскай міліцыі, якія добра біліся на шаблях, i двух з ліку альбанскай кампаніі: Венцлавовіча i Вазгірда, якія заўжды былі наперадзе там, дзе патрабавалася рызыка, i ў прызначаны для суда тэрмін быў ужо ў зале для суда, не баючыся таго, што ў горадзе стаяла рота маскоўскіх пехацінцаў. Як толькі Храптовіч убачыў яго праз акно, то адразу ж праз заднія дзверы ўцёк, схаваўся ў дамініканскім кляштары i толькі там адчуў сябе ў бяспецы. Валадковіч убачыў, што яго няма, i некалькі разоў перапытаў:
- А дзе пан каптуровы суддзя, які хоча мяне судзіць?
Каптуровы пісар Матусевіч састроіў строгую міну i сказаў яму:
- Васпан з'явіўся з імпазіцыяй на юрысдыкцыю, але хто мае ius gladii (права караць), той не нападае!
А Валадковіч яму:
- Што гэта за суддзя, які пасылае пастановы, а сам хаваецца у дзень суда? Пры яго адсутнасці ўся юрысдыкцыя Ў руках пісара, i зараз мой «адвакат» будзе мяне абараняць.
Тут жа Венцлавовіч i Вазгірд схапілі пісара, паклалі яго на накрытым чырвоным сукном стале, а Валадковіч сваёй рукой адлічыў пану Матусевічу пяцьдзесят бізуноў у прысутнасці ўсіх судовых чыноўнікаў, якія глядзелі на гэта з задавальненнем, бо амаль усе былі прыхільнікамі князя Радзівіла. Адхвастаўшы пісара, Валадковіч забраў усе паперы, што ляжалі на стале, загадаў рэгенту аддаць яму ўсе дакументы, якія назапасіліся ад пачатку каптуровых судоў, i тыя паперы таксама забраў i прывёз у Нясвіж.
Неўзабаве пасля таго літоўскі стольнік, якога абралі каралём, выдаў указ, паводле якога каптуровыя суды адмяняліся: земскім i гродскім судам былі вернуты ix правы, прымаліся скаргі i на разгляд трыбунала. Але не ўся шляхта магла ездзіць на дэпутацкія сеймікі: хто быў не з партыі караля, таго не дапускалі, паколькі ж у Літве да яе мала хто належаў, то з большай часткі ваяводстваў прыязджалі зусім нямногія. Якраз тады ў Наваградку сабраўся трыбунал над кіраўніцтвам Пшаздзецкага (ён пазней стаў вялікім літоўскім пісарам), які быў адным з галоўных ворагаў князя ваяводы, як i большасць дэпутатаў. А ксёндз біскуп пастараўся, каб дэпутатаў выбралі баязлівых, якія прагаласуюць за ўсё, што ён прапануе; i сам прыехаў на адкрыццё сесіі трыбунала, каб наваліцца на князя i яго сяброў. Па ўсіх гарадах былі разасланы маніфесты ад дзевяці дзесятых частак шляхты, спадзеючыся, што адна дзесятая ix падтрымае. У князя не засталося надзеі ні на што, акрамя зброі; так склалася нясвіжская канфедэрацыя, да якой далучылася ўсё, што было ў Літве высакароднага.
Для аховы трыбунала ў Наваградак прыбыў полк, які стаяў на баку Масальскіх, ксёндз біскуп мог на яго разлічваць. А маёрам у тым палку быў нейкі Ражнецкі, які сябраваў з Валадковічам. Ксёндз біскуп i маршалак хацелі запалохаць партыю Радзівіла; палаючы нянавісцю да Валадковіча, яны хацелі выманіць яго, каб выканаць завочна вынесены яму прысуд за напад на пісара. Яны дамовіліся з Ражнецкім, што ён даставіць ім Валадковіча жывым, i гнюсны здраднік пайшоў на гэта; ён пераапрануўся мapкiтaнтaм прабраўся ў Нясвіж, убачыўся там з Валадковічам i запэўніў, што ён шчыры прыхільнік Рэчы Паспалітай i князя ваяводы, што ён здолеў схіліць на ix бок большую частку афіцэраў i што ўвесь полк можа перайсці на бок канфедэрацыі, апрача хіба некалькіх афіцэраў i камандзіра, якіх можна будзе звязаць. Толькі трэба, каб Валадковіч як прадстаўнік канфедэрацыі таемна прыехаў у Наваградак, каб не даць часу ўцячы членам трыбунала i ксяндзу біскупу, калі пачнецца паўстанне палка, каб узяць ix усіх у палон. Сорам, але так яно было: да ганебнай суполкі далучыўся родны брат Валадковіча, у яго была патаемная мэта - атрымаць пасля яго ў спадчыну значныя ўладанні. Пан Ігнацы даўно вастрыў зубы на біскупа i не мог не спакусіцца надзеяй захапіць яго. Ён быў вельмі мужны, але i адчайны, нікому нічога не сказаў i ўпэўнена рушыў у Наваградак, перад самым світаннем ён аказаўся ў кватэры Ражнецкага. А там ужо ўсё было гатова, каб захапіць яго. Праз некалькі хвілін цэлы атрад акружыў дом маёра. Пан Валадковіч зразумеў, што яго падманулі, але было позна. Ён выхапіў шаблю i паспрабаваў прабіцца. Салдатам забаранілі страляць у яго, бо пастанавілі загубіць яго толькі пасля суда. Пан Ігнацы некалькі разоў прарываўся праз шэрагі салдат, але з'яўляліся ўсё новыя; салдатам паабяцалі, што заплацяць сто чырвоных злотых таму, хто яго захопіць. Валадковіч вярнуўся ў дом, выскачыў праз акно ў сад, спрабуючы па ім прабрацца да касцёла, дзе, магчыма, не адважыліся б яго захапіць. Але ўсе шляхі былі перакрытыя, нават плот у садзе знеслі, каб можна было лепей высачыць таго, хто паспрабуе там прайсці. Больш за два дзесяткі ён параніў, а некаторых i забіў, але i сам выбіўся з сіл. У садзе быў стары склеп, ён забег туды i распачаў новую бітву, нібы ў абложанай крэпасці. Стаяў i адпачываў, пакуль нікога не было, а як толькі чуў, што салдаты пачынаюць спускацца па прыступках лесвіцы, выбягаў i калечыў ix шабляй, прымушаючы адступіць. Яго ніяк не маглі захапіць, а трэба было спяшацца, бо князь ваявода мог прыйсці на дапамогу. I тут адзін яўрэй, фактор маршалка трыбунала, знайшоў спосаб, як яго захапіць. Салдатам загадалі ўзяць матрацы i несці ix перад сабой, так яны адціснулі Валадковіча да сцяны склепа i захапілі. Ён яшчэ здолеў забіць аднаго з салдат, ударыўшы таго кулаком па галаве. Але гэта не дапамагло: яго звязалі, аднеслі ў залу трыбунала, прачыталі там прысуд каптуровага суда, які трыбунал пацвердзіў без тлумачэнняў абвінавачанага, увогуле без слухання справы. Гэта было horrendum (незаконна). У самой пастанове суда было многа маны, між іншым, там гаварылася, што Валадковіч рассек шабляй распяцце на стале суддзі, а ён жа нават не выцягваў шаблю з похваў. Taro, што адхвастаў бізуном пісара, ён не адмаўляў, але такое злачынства не каралася смерцю, ды тут суддзяў цікавіла не столькі сама справа, колькі асоба асуджанага. Пан Ігнацы мог бы патлумачыць, што пры адсутнасці суддзі ён не лічыў суд правамоцным; што за абразу пісара можна было прысудзіць штраф або турму. Ды тут ужо ніхто не думаў пра справядлівасць, думалі толькі пра помсту. Пана Валадковіча даставілі ў суд, дапыталі, асудзілі i прыгаварылі да пакарання смерцю, а неўзабаве i расстралялі: на ўсё гэта ў ix пайшло менш за гадзіну! Адразу ж пасля гэтага біскуп i трыбунал раз'ехаліся, i ў час, бо князь ваявода даведаўся, што Валадковіч падаўся ў Наваградак, адчуў, што ягонаму сябру пагражае небяспека i з шасцю тысячамі сваёй міліцыі, якую напярэдадні сабраў, i з альбанскай кампаніяй рушыў услед за ім, а праз шэсць гадзін пасля расстрэлу стаяў перад горадам. Полк Масальскіх спрабаваў абараняцца, паставіўшы заслоны, але быў разбіты дашчэнту. Там князь i даведаўся пра гібель сябра. Пазней ён заўсёды гаварыў: «У сваім жыцці я зведаў два вялікія няшчасці: першае - падзел краю, другое - гібель Валадковіча». I ўсё жыццё аплакваў яго страту.
А недзе гадоў праз дваццаць пасля таго выпадку князь ваявода адзначаў, як заўсёды, дзень святога Караля, калі да яго ў госці з'язджалася, можна сказаць, уся Літва. Князь па заведзенай звычцы сядзеў у вялізным калідоры свайго замка, акружаны слугамі i дамачадцамі. Прымаў гасцей.
сустракаючы кожнага з ix, выходзіў з дзвярэй, потым зноў сядаў у сваё глыбокае крэсла, пакуль не прыедзе чарговы госць. I ўсе, хто прыехаў, разам з ім чакалі ў калідоры, пакуль не з'едуцца ўсе, так доўжылася ўсё ранне. I вось уваходзіць нейкі госць, не стары i не малады, сярэдняга веку. Ён быў апрануты ў цёмна-сіні кунтуш з чырвоным каўняром i такімі ж абшлагамі i шапкай, у белым жупане. Ён нізка нахіліўся да князя, нібы просячы дазволу пра нешта папрасіць. Князь спытаўся ў яго:
- Пане браце, чаго ты хочаш?
- Я афіцэр войска Рэчы Паспалітай у адстаўцы i хацеў бы уступіць у вашу міліцыю.
- Дзе служыў раней?
- У палку Масальскіх. Вось мае дакументы.
Князь зірнуў на паперы, рантам нахмурыўся i
ўсклікнуў:
- Валадковіча расстралялі!
Мы ўбачылі, што ў спаборніка новай службы адбілася на твары разгубленасць, але потым ён смелым голасам прадоўжыў:
- Я не хаваю таго, што ў Наваградку праводзіў на смерць пана Валадковіча, але мне няма ў чым апраўдвацца. Я салдат, мая справа - слухацца камандзіраў, выконваць ix загады i не думаць аб ix справядлівасці. Калі вы возьмеце мяне на службу, то я з такой жа стараннасцю буду выконваць вашы загады, як i на службе караля i Рэчы Паспалітай.
А князь зноў:
- Валадковіча расстралялі! - Ён павярнуўся да свайго дзяжурнага штабс-афіцэра, ім у той дзень быў Тышкевіч, пазней ён стаў вілятыцкім старастам, а тады быў падпалкоўнікам міліцыі князя. - Загадай, васпан, каб сюды хутчэй прыслалі трох салдат з маёй варты са зброяй i патронамі. Валадковіча расстралялі!
Тышкевіч тут жа выйшаў, а мы чакаем, вельмі здзіўленыя, чым гэта скончыцца. Запанавала змрочнае маўчанне, якое перапынялася толькі словамі: «Валадковіча расстралялі!», якія князь паўтарыў некалькі разоў з усё большым узрушэннем. Прыйшлі салдаты. Князь скамандаваў:
- Зараджай!
Мы ca страхам пазіралі адзін на аднаго. Ніхто не асмеліўся прамовіць хоць бы слова; а тут жа на вачах магло адбыцца злачынства, i хаця мы былі душой i сэрцам адданымі князю, але ж мы яшчэ i шляхта, i нікому з нас не хацелася быць сведкам парушэння законаў Рэчы Паспалітай.
- Валадковіча расстралялі! - яшчэ раз усклікнуў князь - Вазьміце чырвонае папяровае сэрца i прышпіліце яго!
Афіцэр з варты падбег да былога афіцэра палка Масальскіх i сабраўся прышпіліць яму на грудзі папяровае сэрца. А князь яму:
- Куды ты яго пацёг? Не туды, а на вунь таго аленя, які на сцяне.
Там, у калідоры, уся сцяна была завешана вялікім габеленам са сцэнамі палявання на аленяў. Афіцэр прышпіліў сэрца аленю вышэй лапаткі i адышоўся. Князь скамандваў: «Агонь!» - i тры кул i прабілі сэрца. Потым князь устаў з лагодным тварам, запрасіў усіх нас у пакой. Афіцэр з палка Масальскіх растаў, як снег у маі, ніхто не ведаў, дзе ён падзеўся. А мы цэлы дзень балявалі з князем, i ніхто не ўспомніў пра тое здарэнне, якое нагнала на нас столькі страху.
Каментар
Пан Валадковіч (с. 125)
Сахаз, Келерман - Сапліца згадвае тут французскіх афіцэраў, камандзіраў палкоў, якія ваявалі на баку канфедэратаў.
Аўтарам 4-томнай «Гісторыі безуладдзя ў Польшчы», выдадзенай у Парыжы ў 1807 г., быў Клод Рулье.
Каптуровы суд - надзвычайны суд, які дзейнічаў у часы бескаралеўя. Тады была ўтворана канфедэрацыя прадстаўнікоў шляхты для кіравання дзяржавай, якая атрымала назву «каптур».
Валадковіч прымусіў вознага - уся гісторыя з учынкам Валадковіча, судом над ім, які адбыўся ў Мінску, а не ў Наваградку, не ва ўсім адпавядае сапраўднасці. Сапраўдныя падзеі, звязаныя з братамі Валадковічамі, аднавіў паводле архіўных матэрыялаў i апісаў у кнізе «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVII стагоддзя» А. В. Мальдзіс.
Імпазіцйя - тут: скарга.
Маркітанты - гандляры пры войску.