Вось вы смеяцеся з нас, старых, што ўсё мы пра даўнейшыя часы ды пра даўнейшых людзей... Але што паробіш, калі i часы i людзі былі раней лепшымі, чым цяпер! Ісціны ёсць суд Божы... Бог дараваў бы грэх садамянам, калі б сярод ix знайшлося хаця б дзесяць праведных людзей; а хіба ў нас не было ix хоць крыху для таго, каб захаваць айчыну? Я нізавошта ў такое не паверу Відаць, што наш заняпад часовы, але гэта прыпынак на шляху, а не пагібель, непрытомнасць, але не смерць; а пасля жыццё адродзіцца яшчэ больш добрае i светлае, гэтак жа як зярнятка, закапанае ў зямлю, замірае i набіраецца сіл, каб потым аджыць i даць яшчэ больш багаты плён. Бяда i прыгнёт часта бывалі прадвеснікамі вялікіх поспехаў Ці не таму людзі, дасведчаныя ў багаслоўскіх навуках, якія можна спасцігнуць толькі жывучы высокімі помысламі, вельмі занепакоены, калі ім усё зразумела, стогнуць, калі можна так сказаць, назіраючы нязменныя поспехі i нават радуюцца, калі нейкі неспадзяваны выпадак перарве ніць, якая снавалася роўна i лёгка. Такім быў яснавяльможны Рэйтан, наваградскі падкаморы, якога я меў шчасце неаднойчы бачыць у часы маёй маладосці. Я хадзіў у школу з усімі ягонымі сынамі, акрамя Міхала, які выхоўваўся ў Нясвіжы з князем Каралем Радзівілам, сынам вялікага гетмана літоўскага. Яснавяльможны падкаморы быў выдатным дзяржаўным дзеячам, падобных да яго было мала нават i даўней; ягоны надзвычайны розум i справядлівасць былі блізкімі да тых узораў, якія нам пакінулі святыя суддзі Божага люду. А набожнасць i вера якія! Каб не ягоная сціпласць, то ён мог бы, здавалася, уваскрашаць памерлых!
Ён быў дабрадзеем для наваградскіх езуітаў, мясцовы касцёл дамініканцаў дзякуючы ягонай шчодрасці стаў адным з найбагацейшых у Літве. Бывала, ён кожны месяц прыязджаў з суддзямі ў Грушаўку, пасціў з імі i нават біў сябе плёткай, як бы вінаваты, i слуг прымушаў: «Мой хлеб ясцё, дык пакутуйце са мной». Калі нехта з дамініканцаў ці езуітаў меўся прыехаць, ва ўсім дварэ ўзнімаўся вэрхал. Ніводзін слуга не пайшоў ад яго: старэлі i паміралі ў яго, i такімі адданымі былі, што маглі б скочыць за яго ў агонь, i гэта нягледзячы на тое, што ён быў грозны. I жонка, i дзеці таксама любілі яго. Такіх шчаслівых, як ён, было мала. Ён быў багатым ад нараджэння, багацце множылася, i здавалася, што ён пра яго не дбаў. Ніколі не цікавіўся, што там робіцца на ягонях палях, упраўляючыя тварылі, што хацелі, ён ім нязменна давяраў. «У мяне сам Бог гаспадар, а Дзева Марыя гаспадыня», - казаў ён. У яго быў маёнтак Бераздоў у полацкім ваяводстве, недалёка ад Вялікіх Лук, дык ён туды ўсяго адзін раз i з'ездзіў, пажыў пару тыдняў, i ўсё. Між тым апекаваўся ім пастаянна: ягоны бацька пакінуў яму там шэсць фальваркаў, а ён прыкупляў суседнія i пакінуў дзецям пятнаццаць. Ад бацькі яму засталася i Грушаўка, там ён жыў, трыста хат пад Мазыром прыдбаў сам, а яшчэ меў у пажыццёвым уладанні Рубяжэвічы, якія яму прынесла жонка, дачка канцлера Радзівіла, якая сваімі добрымі парадамі зберагла яму мільёны, ён сам ні пра што не клапаціўся i ні аб чым не шкадаваў.
Да славы ён быў абыякавы. Яго двойчы абіралі дэпутатам, потым земскім суддзёй, быў ён i паслом, i нарэшце стаў адным з першых кіраўнікоў ваяводства, без яго не праходзіў ніводзін сеймік. Патрэбнае рашэнне сейміка або дакумент на прывілей шукалі ў яго ў Грушаўцы, а не ён ix у Наваградку ці Варшаве. Ён неаднойчы задумваўся: чаму ў жыцці яму так часта шанцавала? Неяк згарэў цэлы склад гарэлкі, назапашанай за некалькі гадоў Выратаваць нічога не ўдалося, страт было недзе больш за трыццаць тысяч, усе Ў доме гаравалі, адзін ён быў вясёлы. «Вось i мне адзін раз не пашанцавала, - зазначыў ён. - Я рады, што Бог памятае пра мяне». Гэта сапраўды быў жарт лёсу, бо не прайшло i дня, як ён атрымаў нрывілей на крычаўскае староства Ў Мсціслаўскім павеце, якое за адзін толькі год прынесла яму болей, чым ён страціў ад таго пажару, i гэтаму ўсе радаваліся, апрача яго. Ён здзівіўся такой неспадзяванцы, гэта было як камень з неба, ён не хадайнічаў аб такой міласці, i пры двары ў яго дабрадзеяў не было.
А які быў ён шчаслівы ў сям'і!Жонка - чысты анёл: i прыгожая, i разумная, сыны выраслі ўсім на зайздрасць, тры дачкі, прыгожыя паненкі, выглядалі каля маткі як малодшыя сёстры. Яны павыходзілі замуж за нашчадкаў самых славутых родаў яшчэ пры яго жыцці. Адну ўзяў Павел Есьман, слонімскі харунжы, чый продак быў смаленскім ваяводам; другую Рэйтан выдаў за Казіміра Гарабурду, вілядымаўскага старасту, ягоны род у Літве быў ці не самы старадаўні; а трэцяя пайшла за Яхіма Рдултоўскага, сына наваградскага кашталяна, таго самага, які пасля смерці цесця стаў нашым падкаморыем. Той цесць выглядаў такім здаровым у свае амаль што восемдзесят гадоў, не ведаў, што такое лякарствы. Ды потым хвароба прыкавала яго да ложка на чатыры гады i ўрэшце i звяла ў трупу Па целе пайшлі балячкі, ад якіх ён вельмі пакутаваў (лекары казалі, што па яго выглядзе нельга было здагадацца, як яму балела), усе плакалі, а ён выглядаў нават весялейшым, чым звычайна, i паўтараў: «Мне зараз добра, таму што Бог дакрануўся да мяне жывога. Я цяпер спакойны за свой будучы лёс, раз мне цяпер так баліць; даўней я сам сябе хвастаў у знак пакаяння, а цяпер ужо Бог мяне выпрабоўвае». Бог забраў да сябе ягоную душу i блаславіў добрую памяць гэтага чалавека на зямлі яшчэ i тым, што ён быў бацькам Тадэвуша - аднаго з самых славутых мужоў нашай айчыны.
Калі б чалавецтву патрэбна было даць узор найвышэйшай дабрачыннасці ў вачах Усявышняга, то такім узорам мог бы стаць Тадэвуш Рэйтан Нават кал i не сягаць у такія высі, можна сказаць, што, пакуль будзе жывы хоць адзін паляк, памяць пра яго застанецца. Ён узняў нас на ступень, роўную выскокім узорам: ні грэчаскаму Арыстыду, ні рымскаму Катону мы ўжо не зайздросцім. А мы, наваградчане, ганарымся сваім земляком, якога наш канаючы народ запісаў залатымі літарамі сярод імён сваіх абаронцаў Я ўжо стары, але жыву надзеяй, бо кажуць, што перад смерцю чалавеку ўласцівы дух прароцтва; я спадзяюся - нашы ўнукі дачакаюцца, што ў Наваградку Рэйтан будзе ўвекавечаны ў бронзе, а дату яго смерці мясцовыя ўлады, рыцарства i ўвесь народ будуць адзначаць. Усё, што ёсць у веры самага святога, што можа прыдумаць народ, каб засведчыць свае найлепшыя пачуцці, будзе спалучана, каб увекавечыць памяць пра нашага героя. Многія бедныя паненкі, якія выйшлі замуж, дзякуючы яго шчодрасці, за салдат, што выслужылі свой тэрмін i аселі на зямлі, будуць кожны год прыходзіць да падножжа яго помніка, не адна маці будзе паказваць свайму сыну на яго i расказваць, як можна заслужыць у вольнага народа пажыццёвую славу.
Гордасць міжволі пастаянна перапаўняе мяне, калі ўспамінаю, што я правёў з ім першыя гады свайго жыцця, што мы вучыліся Ў адных настаўнікаў, што сядзелі побач на школьных лаўках, што разам забаўляліся. Ёсць нейкая дзівосная сіла дабрачыннасці. У школе мы прызнавалі перавагу Тадэвуша перад намі, хаця да навук ён быў не дужа здатны, у час нашых гульняў задумлівы, нават пануры, у яго не было i той сяброўскай гнуткасці, якой іншымі хапала для таго, каб вылучыцца. Калі да айцоў езуітаў хтосьці прыязджаў i расказваў пра даўнейшае, Тадэвуш унікаў нашых забаў i моўчкі засяроджана прыслухоўваўся да размоў, а пасля нішто не магло вывесці яго з задумення. Манастыр, у якім мы вучыліся, быў пабудаваны на ахвяраванні Яна Караля Хадкевіча, яго абраз вісеў у касцёле, i ён, бывала, усё ўглядаўся ў яго, мы аж падсмейваліся, а прафесар нават мог падысці да яго i тузануць, напамінаючы яму, што ў касцёле трэба глядзець на алтар, а не на штосьці іншае. I ці толькі абраз мог настроіць яго на такі задуменны лад? У манастырскім калідоры вісела карта Польшчы, мы прабягалі каля яе ў час перапынку паміж заняткамі, а ён зірне на тую карту, ды так i застыне, углядаючыся ў яе, так задумаецца, што нічога не заўважае вакол сябе, хаця студэнты ў час сваіх забаў хіба што мёртвага не ўзнімуць; i вось мы ўжо вяртаемся назад пасля перапынку i застаем яго каля той самай карты, дзе пакінулі яго. Езуіты доўга спрабавалі адвучыць яго ад гэтай задуменнасці, але ўрэшце пераканаліся, што ў ix нічога не выйдзе, i адступіліся, тым больш што ён вызначаўся прыкладнымі паводзінамі i паслухмянасцю перад школьным начальствам. Трэба сказаць, што езуіты выхоўвалі моладзь у строгасці, але за некалькі гадоў Тадэвуш ні разу не падлягаў спагнанням. Толькі аднаго разу за ўвесь час яго модна пакаралі, i вось чаму: быў у нас вучань чацвёртага ўжо класа Уладзіслаў Аскерка, сын наваградскага кашталяна, жонка, апошняя з роду Гасеўскіх, перадала ягонаму бацьку ў спадчыну значныя ўладанні. Хлопец ён быў талковы i вельмі здольны. Неяк у маі, у час канікул, зайшла размова пра гетмана Гасеўскага, пра ягоную славу, заслугі перад айчынай. Адзін вучань сказаў пры гэтым, што гетман уступіў у сувязь са шведамі ў час вайны, але потым сваім удзелам у тышавецкай канфедэрацыі змыў з сябе тую ганебную пляму Сын кашталяна падтрымаў гэтую думку клапоцячыся пра гонар свайго продка, але Тадэвуш слухаў, слухаў ды не змаўчаў: «Уладзіслаў, сорамна табе абараняць ганебныя ўчынкі, нават калі ix рабіў твой прадзед. Хай сабе ў гетмана былі потым заслугі i ён змыў ганебную пляму, але хто можа аспрэчыць тое, што ён быў здраднікам, калі звязаўся з захопнікамі?» Уладзіслаў запярэчыў яму, стаў даводзіць, што падпарадкавацца жыццёвым акалічнасцям яшчэ не азначае здрадзіць, i так бывае, што сам загінеш, а радзіму не ўратуеш, таму разумней падпарадкавацца непрыяцелю i захаваць сваё жыццё, каб паслужыць айчыне ў больш спрыяльныя часы. Тадэвуш так абурыўся гэтымі словамі, што схапіў камень i кінуў ЯГО ў сына кашталяна, трапіў у галаву, аж той заліўся крывёю. Гэта здарэнне нарабіла ў манастыры вялікага шуму Асабліва абуральнай выхадка Тадэвуша здалася з - за таго, што для яе як быццам i не было падстаў: сын кашталяна спакойна разважаў, i тут рантам такое... Сам рэктар ушчуваў Тадэвуша, але той нават не праслязіўся. Калі ж рэктар загадаў яму на каленях прасіць прабачэння ў пакрыўджанага, Тадэвуш цвёрда сказаў: «Я не шкадую аб тым, што зрабіў, i не буду прасіць прабачэння, хоць забіце. I буду біць кожнага, хто пачне гаварыць, што можна змаўляцца з ворагамі радзімы». Яго лупцавалі, i не раз, але i гэта не дапамагло. Упарта трымаўся на сваім, стаяў як скала. Тады яго перасталі біць, i рэктар загадаў трымаць яго над замком, а выпускаць толькі на заняткі, каб хоць такім спосабам утаймаваць ягоны нораў. Тадэвуш пратрымаўся чатыры тыдні; а на пяты ў манастыр якраз прыехаў кашталян Аскерка, даведаўся пра гэтае здарэнне, папрасіў вызваліць хлопца i прывесці да яго. Тут ён расцалаваў Тадэвуша, а потым сказаў: «Хай табе Бог даруе за тое, што ты адзначыў шрамам майго сына. Скажу толькі, што шчаслівая маці, якая нарадзіла цябе на свет. Табе няма за што прасіць прабачэння ў майго хлопца. Аб адным толькі папрашу цябе, пасябруй з ім так, як я сябрую з тваім бацькам». Тут ужо Тадэвуш адпусціўся, кінуўся ў абдымкі кашталяна, даў слова, што з гэтай пары будзе сябраваць з ягоным сынам.
Ксяндзы езуіты ўвялі ў сваіх школах нямала цікавых гульняў, заснаваных на польскіх традыцыях. Адна з такіх гульняў, бой на дубінках, нам дужа падабалася. За кляштарам быў шырокі пляц, з двух бакоў якога насыпалі пагоркі, якія называліся табарамі. Усе вучні разбіваліся на дзве групы, нібы два войскі перад бітвай. Гульня канчалася, калі адна група займала табар другой. З дапамогай дубінак мы стараліся: абараніць свой табар i заваяваць чужы. Звычайна мы падзяляліся на палякаў i маскалёў, цягнулі паперкі, дзе было напісана, каму за каго выступаць. Тадэвуш лічыўся адным з самых спрактыкаваных майстроў бою на дубінках, ад яго заўсёды праціўнікам добра даставалася, але кал i яму выпадала біцца за маскалёў, то ён саступаў нават самаму нягегламу, не баючыся нават, што яму наб'юць гузоў. Калі ж мы я:го папракалі за тое, што ён, такі спрытны i дужы, паддаецца нават тым, хто ледзь - ледзь трымае ў руках дубінку, то ён адказваў: «Чаго вы ад мяне хочаце, я не магу вытрываць, калі нават у гульні маскалі перамагаюць палякаў. Калі я, гуляючы за маскалёў, нават атрымаю па лбе, то ўсё роўна радуюся, што нашы перамагаюць, з - за гэтага ў мяне i рука не ўзнімаецца біць сваіх».
У студэнтаў пастаянна бывалі ў горадзе нелады з гандляркамі i яўрэямі, прафесарам дужа часта скардзіліся на ix, а як даць рады, калі ў школы хадзіла каля тысячы хлопцаў. Аднак езуітам прыйшла шчаслівая думка (і з дапамогай яснавяльможнага Ябланоўскага, які быў тады наваградскім ваяводам, яна ажыццявілася), каб стварыць свой школьны суд з ліку выбраных самімі студэнтамі вучняў, які хутка вырашаў бы ўсе спрэчкі.
Калі так зрабілі, то напачатку гандляркі пабойваліся спадзявацца на справядлівасць суддзяў - студэнтаў, але потым толькі радаваліся такой завядзёнцы, бо пераканаліся, што большай справядлівасці яны нідзе над сонцам не знойдуць. Суды ладзіліся кожны чацвер пасля абеду, яны складаліся з прэзідэнта, чатырох суддзяў, двух пісараў i рэгента. Студэнты самi вялi ўсю справу, нават скаржнікам давалі студэнта абаронцу. Усё рабілася так, як у гродскім судзе, студэнты праз гэта няблага практыкаваліся ў вядзенні справаводства, публічных выступленнях. На сваіх сейміках студэнты штогод выбіралі ўсіх судовых чыноўнікаў, але калі аднойчы прэзідэнтам выбралі Тадэвуша, то ён заставаўся на гэтай пасадзе аж да таго часу, калі скончыў вучобу. Аднойчы яму аддалі перавагу нават перад сынам надворнага маршалка Радзівіла (пазней літоўскага канюшага), нягледзячы на тое, што яго падтрымлівалі ксяндзы - езуіты. Тадэвуш так старанна ўчытваўся ў законы, што прафесарам даводзілася ледзь не вырываць з ягоных рук кніжкі, i гэтыя законы ён скарыстоўваў у час тых судоў Аднойчы ягоны брат Юзаф таксама насваволіў на рынку, паразбіваў гаршкі ў нейкай гандляркі, яна падала ў суд скаргу. Тадэвуш адмовіўся яго судзіць, хаця гандлярка так верыла ў яго справядлівасць, што хацела, каб суддзёй быў менавіта ён, але Тадэвуш адказаў на гэта: «Тут справа не ў даверы, а ў законе, а закон забараняе сваяку судзіць сваяка. Для мяне важней судзіць па закону, чым ганарыцца, што пры гэтым я не раблю выключэння нават для род нага брата». Кал i ўжо ён нешта сказаў, то нават над катаваннямі ад таго не адракаўся, такі ён быў.
Яшчэ ў час вучобы Тадэвуш паказаў сябе польскім патрыётам, i пасля ён заставаўся сумленным грамадзянінам, i можна сказаць, што айчыне аддадзены былі не толькі яго думкі, але нават кожны ўздых. Яшчэ ў дваццаць гадоў, калі ён стаў таварышам у харугве князя Радзівіла, то захацеў жаніцца, але неўзабаве развітаўся з такімі марамі. Яму ўспала на вока панна Еўлашэўская, дачка ваўкавыскага войта, тая самая, што выйшла потым замуж за ашмянскага маршалка Прота Хмару. Яна паходзіла ca старадаўняга роду, з кармазынавай шляхты, яе продак гадоў сто назад быў брэсцкім ваяводам. Яна была адзінай дачкой у сям'і, магла спадзявацца на добрага жаніха. Тадэвуш пазнаёміўся з ёй у доме яе цёткі, вяльможнай пані Бярновічавай, жонкі падчашага, з якой род Рэйтанаў быў у сваяцтве, пачаў заляцацца (гэтаму радавалася яго маці, а бацькі тады ўжо не было на свеце) i вось аднойчы паехаў да яе з харунжым Есьманам, сваім шваграм, як быццам бы проста дзеля ветлівасці, а на самай справе, каб бліжэй пазнаёміцца з будучай жонкай. I там ён убачыў у пакоі для гасцей на сцяне партрэт Пятра Вялікага; гэта яго настолькі ўразіла, што яму адразу ж расхацелася жаніцца. Што толькі не рабіў харунжы, каб угаварыць Тадэвуша, але ўсё было дарэмна. «Пётр жа наш самы вялікі вораг, - даводзіў яму Тадэвуш, - ён нашага нябожчыка караля ўцягнуў у вайну са шведамі, абяцаючы аддаць яму Інфляндыю, якая i без таго паводле ўсіх боскіх i чалавечых правоў наша, а пасля яшчэ i скараціў нашу армію, якая наводзіла жах на бусурманаў i над Венай выбавіла хрысціянства з ix путаў. Лепей я пражыву ўсё сваё жыццё нежанатым, але не вазьму жонку з такога роду, які настолькі паважае памяць ворага Польшчы, што яго партрэт вісіць у пакоі, дзе прымаюць радню».
Кожнаму наканаваны свой лёс, а ягоным лёсам было пакутаваць за радзіму, бо ён сапраўды радаваўся толькі тады, калі абараняў яе i ў гэтым бачыў сваю жыццёвую мэту, быў гатовы ахвяраваць жыццём дзеля яе.
Пасля таго, як памёр Аўгуст III, Масква бесперашкодна пачала ўстанаўліваць свае законы ў Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на некаторых нашых грамадзян, уведзеных у зман думкай аб тым, што радзіму можна ўмацаваць бяспраўем, што захопнік, упушчаны ў краіну з ix дапамогай, можа быць сляпым выканаўцам ix планаў па яе вызваленні.
Князь Караль Радзівіл гэтыя прыдумкі не прымаў да ўвагі, але як сенатар, які даваў прысягу, прымаючы пасаду віленскага ваяводы, разаслаў віцы, аб'явіў пасналітае pyшэннe каб усе грамадзяне краіны разам з ім выступілі на абарону парушаных правоў, каб вызваліць родную зямлю ад нашэсця чужынцаў. Тадэвуш быў у той час таварышам у харугве князя Радзівіла, ён першым зразумеў, у чым заключаюцца яго абавязкі салдата i грамадзяніна, пачаў угаворваць сваіх паплечнікаў, каб яны не вагаліся ў думках, на чыім баку ім быць. Кіроўца харугвы, чалавек добры, але ўжо сталага веку, бацька сямейства, да таго ж баязлівы, пераконваў яго, што ў такіх варунках кожны, хто пачынае, ускладае на сябе вялікую адказнасць; ці не лепей пачакаць, пакуль з'явіцца нейкая сіла, да якой можна далучыцца, а не ісці на скрут галавы; хай сабе ёсць шляхецкі запал, але ёсць яшчэ i разважлівасць, а ёю таксама нельга пагарджаць. Гэтая праклятая разважлівасць яшчэ ў тыя часы ачмурала кволы розум! Але Тадэвуш адказваў на гэта: «Васпан ставіць развагі вышэй за абавязак! Хай будзе, што будзе, але мы зробім тое, што патрабуе закон i наш абавязак, пакладземся на Таго, хто не будзе пытацца ў нас, ці захавалі мы нашы ўладанні i здароўе, а спытае, ці выканалі мы свой абавязак. Мы моцныя, пераможам i вызвалім айчыну, мы цярплівыя, пакутамі заслужым у Бога яе волю!» I ён, нягледзячы на развагі паручніка, здолеў схіліць на свой бок усю харугву i прывёў яе ca Слуцка ў Нясвіж.
Так ён стаў наваградскім рэгіментарыем, прыняў удзел у баях, праяўляючы непахісную стойкасць i смеласць. У баі над Клецкам ён убачыў прыціснутага забітым канём параненага Аляксандра Адынца, які служыў у яго i выказваў надзвычайныя здольнасці да вайсковай справы. Тадэвуш ахвяраваў сабой, свайго каня аддаў Адынцу, i той уратаваўся, а сам трапіў у палон, прабыў там два гады як сапраўдны пакутнік, аж пакуль Масква, зламаўшы ўсялякае супраціўленне, узвяла на трон Станіслава. Нясвіжская канфедэрацыя распалася, ненадоўга насталі спакойныя часы, запанавалі настроі заспакаення; не пашанцавала аднаму князю Каралю Радзівілу, які быў пазбаўлены пасад i маёмасці, туляўся за межамі краіны, не маючы іншых сродкаў да існавання, акрамя некаторай грашовай дапамогі, якую са сваёй крывавай працы пасылалі яму сябры з Літвы. Так ужо ў нас заўсёды робіцца: пасля вялікага ўзрушэння наступае абыякавасць да грамадскага жыцця, якая апраўдваецца нібыта вышэйшай думкай - на ўсё воля Божая. На тым пагадзіліся, пачалі прыстасоўвацца да новай улады i займацца сваімі справамі. А Тадэвуш аказаўся сярод тых нямногіх, хто ні на хвіліну не забываўся на ўціск
Рэчы Паспалітай. Ён адмовіўся ад усяго, што звязвала яго з уладай, адмовіўся ад дадзенага яму каралём месца ў Пастаяннай радзе, на сейміках не паказваўся. Сядзеў сабе ў Грушаўцы, знаўся спачатку з суседзямі, якія праведвалі яго, але яны так стараліся развесяліць яго i развеяць ягоныя змрочныя думкі, што яму гэта хутка надакучыла, i ён стараўся думаць пра сваё на адзіноце, некаторых гасцей прымаў толькі з ветлівасці. Сваім братам усё паўтараў: «Як мне быць вясёлым, калі наш кіраўнік выгнаны?» А потым аддаліўся i ад братоў. Ды ўсё ж ён яшчэ не быў канчаткова расчараваны. Масква, якая больш хацела нашай пашаны, чым нашых земляў, упала ў санлівасць. Народны гонар быў абражаны, заставалася яшчэ зганьбіць памяць пра самае высакароднае, што ў нас было, спавіць ніткамі граху самых сумленных людзей. Спакушаныя зваблівымі абяцанкамі, многія былі падахвочаны ўчыніць канфедэрацыю, каб скінуць з трона таго самага Станіслава, які быў на яго пасаджаны, нягледзячы на ўсеагульную нязгоду. Так склалася радамская канфедэрацыя, маршалкам якой пажадалі абраць таго самага выгнанага князя Радзівіла, які раней пацярпеў праз сваю няўхільную адданасць свабодзе айчыны i нязменную нянавісць да яе ворагаў з яго знялі баніцыю, вярнулі несправядліва адабраныя пасады, зрабілі яго, на ix думку, правадыром народа. Яму нават даручылі кіраваць маскоўскім войскам. Канфедэрацыя была абвешчана сеймам, усе паводзілі сябе так, нібыта ў нашых старых ворагаў абудзілася сумленне, нібы яны пажадалі быць з намі справядлівымі. Але цяпер ужо усе ведаюць, як былі пахаваны тыя надзеі. Пасла i трох сенатараў саслалі ў Сібір, тым самым паказаўшы ўсяму свету, чым кіруецца маскоўскі ўрад, як там разумеюць правы народаў i чым на самай справе сталі тыя ўяўныя рэформы. Гэтая абраза разбудзіла, нібы ад летаргіі, соннае грамадства. У многіх ваяводствах шляхта ўзялася за зброю, так утварылася барская канфедэрацыя.
Тадэвуш у той час быў у Бераздове, там яму было спакайней, чым у Грушаўцы, бавіць час у самоце. З гэтага стану яго выводзіла толькі паляванне ў бязмежных пушчах. Як толькі ён паспеў даведацца пра народныя хваляванні, то захацеў быць у першых радах паўстанцаў. Ён звязаўся з суседзямі, паспрабаваў ажывіць у ix кволы агеньчык любові да радзімы, заклікаў ix распачаць у беларускіх лясах зацятую барацьбу. Але сваю духоўную моц ён не змог перадаць ім. Многія з ix сапраўды спачувалі грамадскім інтарэсам, некаторыя знаходзілі для сябе больш важны занятак, а той - сёй нават дапамагаў Маскве. Ды ўсё ж ён неяк здолеў узброіць некалькі соцень людзей, пераважна са сваіх уладанняў. Да яго сначатку далучылася некалькі намешчыкаў, яны далі яму слова, але потым маскалі падпалілі аднаму з ix вёску i маёнтак, пасля гэтага ў некаторых любоў да радзімы адразу астыла, таму пры ім засталося ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек з ліку шляхты. На ўсякі выпадак яны хаваліся ў пушчы, але ix i там расшукалі маскалі, якія пры дапамозе сваіх егераў наладзілі на ix сапраўднаю аблаву Знайшліся i такія, хто паказаў ім дарогу, каб выслужыцца перад царом i такім вось чынам змусіць яго забыцца пра ix былую варожасць. Для Тадэвуша насталі цяжкія часы. Ён яшчэ спрабаваў нешта рабіць, са слязамі на вачах угаворваў сваіх, каб абараняліся з аношніх сіл, але не ганьбілі польскага гонару. Ён тлумачыў ім:
- У лесе адзін варты дзесяці. Яны ж не ведаюць, колькі нас тут.
- А што, калі ведаюць? - пыталіся памешчыкі, якія яшчэ заставаліся з ім. - А вось мы якраз не ведаем, колькі ix ёсць, яны ж нас могуць лёгка злічыць усіх да аднаго, ды нехта ўжо, магчыма, тэта i зрабіў.
Спакутаваны Тадэвуш адказваў ім, нібы наеўся жывых гадзюк:
- Дазвольце мне палічыць ix. Быць можа, ix усяго толькі жменька, пасланая, каб напалохаць нас, а вы ўжо загадзя баіцёся. Не разыходзьцеся толькі, пакуль я не разведаю.
I ўскараскаўся, ні на кога не спадзеючыся, з дапамогай пчалярскага лазіва на вялізную сасну, нібы сапраўдны бортнік. Ён убачыў, што ворагаў сапраўды было не так ужо i многа, ён нам потым неаднойчы паўтараў, што ім можна было даць адпор, але гнюсная мясцовая шляхта, як толькі ён перастаў трубіць ім у вушы нра іхнія абавязкі, тут жа разбеглася, засталося некалькі леснікоў, якія хаця б убачылі тых маскалёў, але тут жа i яны задалі лататы, калі ўведалі, што ўсе ix пакінулі. Маскалі хадзілі па лесе, а Тадэвуш сядзеў на сасне. На шчасце, яны яго не заўважылі, інакш падстрэлілі б, як глушца. Толькі нозна ўночы ён спусціўся ўніз, але ў Бераздоў не пайшоў, там ужо былі няпрошаныя госці, якія абрабавалі дом, потым спалілі яго разам са свірнам i іншымі пабудовамі, якія за дваццаць год паставіў яшчэ ягоны нябожчык бацька, а за якую гадзіну ўсё пайшло з дымам. Тадэвуш з цяжкасцю пракраўся ў Грушаўку, блукаючы па лясах, нібы звер: Бог не дапусціў, каб ён, мабыць, народжаны для больш важных спраў, трапіў да маскалёў, якія, без сумнення, захацелі б загубіць яго. У Грушаўцы яму ўдалося зрабіць больш: ён сабраў i ўзброіў некалькі соцень казакаў, пераважна са сваіх дворных, але i кожны наваградскі шляхціц аддаваў яму сваіх людзей i ўсё, што трэба. Разам ca сваім даўнім сябрам Аляксандрам Адынцом Тадэвуш павёў гэтае войска ў бой. Яно ўдзельнічала ў нешчаслівай бітве пад Сталовічамі, там гетмана Агінскага разбілі з прычыны здрады Гелгуда. Карцеччу смяртэльна параніла ў галаву Адынца, ягоным мозгам апырскала Тадэвуша. Гэтая смерць, нібы крыж, стала для Тадэвуша знакам канца, бо ён убачыў у гібелі сябра вялікую страту для краіны. Так яно i было. Ён храбра ваяваў, удзельнічаў яшчэ ў многіх баях. Але ўрэшце барская канфедэрацыя распалася: падман i сіла каторы ўжо раз перамаглі справядлівую i добрую справу.
Пачалі збіраць сейм, але ўжо загадзя было вядома, што на ім рыхтаваўся нечуваны ў нашай гісторыі жахлівы замах на айчыну. Тадэвуш ніколі не імкнуўся да пасад i нават дагэтуль пазбягаў сеймікаў, а тут парашыў паехаць на сейм як пасол, каб скарыстаць апошнюю магчымасць з дапамогай закону абараніць славу народа. Польскі Фаон, Міхал Корсак, суправаджаў нашага польскага Катона. Усе паслы на сейм, хто настроены рашуча, хто запалоханы, сабраліся ў Варшаве. О, гэта быў самы ганебны i разам з тым самы слаўны дзень для Польшчы, якраз тады наша наваградскае пасольства чула голас зняважанай i паміраючай радзімы! На ўсіх вуліцах горада стаялi ўзброеныя маскоўцы, насупраць пасольскага будынка былі пастаўлены гарматы, пры ix салдаты з запаленымі кнатамі, смерць пагражала кожнаму, хто яшчэ не задушыў у сабе рэшткі сумлення; наш манарх, як баба, ca слязамі на вачах угаворваў паслоў, якія ішлі ў залу, каб не губілі сябе i айчыну дарэмным супраціўленнем. Паслы збіраюцца, адны спрабуюць за крывой усмешкай схаваць унутраную разгубленасць, у іншых на вачах слёзы, якія выдаюць i ix слабаволле, i падпарадкаванасць лёсу; толькі некаторыя з ix са спакойнымі тварамі, паказваюць сваім выглядам, што даверыліся Богу, пакінулі за парогам пакоя ўсё, што звязвала ix з жыццём, падрыхтаваліся да любой бітвы i ахвяры. Ганебнай памяці канцлер абвяшчае каралеўскую волю - ператварыць сейм у канфедэрацыю i запрасіць быць маршалкам Панінскага.
- Згода! - адгукнуліся ( дрыготкім голасам) падкупленыя паслы.
- Згода! - больш слабымі галасамі падтрымалі ix паслы перапалоханыя.
- Не згодны! - выгукнуў Рэйтан. - Мы сабраліся на вальны сейм, а не на канфедэрацыю; прыступім да выбару маршалка вальнага сейму.
- Тадэвуша Рэйтана выбіраем маршалкам! - крыкнулі Корсак, Багушэвіч i трое іншых паслоў якія стаялі каля Рэйтана. Усе былі ў здзіўленні. Рэйтан хапае носах маршалка i адкрывае сесію сейма. Некалькі хвілін канцлер, Панінскі i іншыя найміты Масквы ў замяшанні маўчалі, большая частка паслоў адчула жаданне вярнуцца да справядлівасці, але з аднаго боку ўпэўненыя ў сабе здраднікі, а з другога - кнаты, паднесеныя да гарматных пальніц прыдушылі слабы агеньчык сумлення. Узняўся страшны галас, нібы тут сабраліся духі пекла.
- Не дазволім валадарыць над намі пяці паслам; хочам канфедэрацыю, а Панінскага за маршалка!
Вылюдкі кінуліся вырываць посах з рук Рэйтана; пяць паслоў супрацьстаяць усім астатнім.
- Няма згоды на канфедэрацыю! - крычыць Рэйтан. - Заклінаю вас, браты, імем Бога, ранамі Хрыстовымі, не пляміць імя паляка! Успомніце пра вашу прысягу! Памятайце, што канфедэрацыя прывядзе да падзелу краіны!
Рукі святататнікаў б'юць Рэйтана i яго аднадумцаў. Панінскі расхрабрыўся i ўжо з посахам у руцэ спрабуе кіраваць сеймам. Корсак i Багушэвіч, тузаючыся ў руках здраднікаў, крычаць:
- Не выйдзем з гэтага пакоя, ляжам касцьмі, а не дазволім загубіць айчыну!
Рэйтан спрабуе ўжыць апошні абумоўлены законам сродак.
- Sisto activitatem! (спыняю дзейнасць сейма!) - усклікае ён. - Сейм сарваны, няма сейма!
- Няма сейма, - паўтараюць за Рэйтанам адданыя яму пакутнікі.
- Паны брацці! - сунімаў сейм Панінскі. - Бачу я, што гэтыя паны з'ехалі з глузду. Не варта зважаць на ix, будзем засядаць далей. Запрашаю паноў да абмеркавання акта канфедэрацыі.
- Здраднік! - выгукнуў Рэйтан. - Як ты асмельваешся называць сябе маршалкам, калі няма сейма!
Панінскі прачытаў акт, а потым адклаў сесію да заўтрашняга дня; паслы разышліся, акрамя тых шасці самых адданых, якія засталіся, каб скласці свой маніфест. Трое сутак яны сядзелі там над замком, згаладалыя, потым ix, зусім аслабелых, выпусцілі. Не было, здаецца, такіх спакусаў, якімі б ix не зманьвалі, каб яны адступіліся ад маніфеста i далучыліся да канфедэрацыі. Рэйтану прапаноўвалі меншы, літоўскі посах маршалка, барысаўскае староства, а Корсаку i Багушэвічу абяцалі пасады кашталянаў i прыбытковыя вотчыны; трох іншых таксама спакушалі рознымі спосабамі. Паганец Панінскі пасмеў нават сам бессаромна заводзіць пра гэта размову.
- Подлы ты чалавек, - адказаў яму Рэйтан, - я сам гатовы даць табе тры тысячы злотых, усё, што маю пры сабе, абы ты адумаўся.
Ix спрабавалі запалохаць канфіскацыяй маёнткаў, але гэтыя мужныя людзі з зацятым маўчаннем успрынялі пагрозы. Урэшце ix вывезлі за межы горада, а пан Гуроўскі, якому якраз i было загадана адвезці ix да першай паштовай станцыі, дадаў да іншых знявагi свае здзеклівыя словы:
- Бывайце здаровы, панове, вам засталося паспрабаваць узняць супраць нас новую канфедэрацыю, калі толькі вам удасца знайсці прыдуркаў, падобных да вас. Але запомніце, што нават Дзева Марыя не сатрэ таго, што напіша пра нас царыца.
Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку, але перажытыя хваляванні, якія закранулі самае балючае, адбіліся на яго здароўі; да таго ж у час той разбойнай сесіі яго моцна ўдарыў кулаком па галаве, вырываючы посах, адзін з тых нягоднікаў у яго стала часта балець галава, адкрыліся іншыя хворасці, ён усё цярпліва пераносіў, у бяссонныя ночы ім авалодваў цяжкі одум, але розумам заставаўся цвёрды. Толькі калі да яго дайшлі весткі пра падзел дзяржавы, які стаў магчымым пры аднадушным ухваленні канфедэрацыі, такога ўдару Рэйтан не змог вытрымаць, ягоны розум замуціўся, прыдушаны прылюдным сорамам. З гэтай пары ён нікога да сябе не дапускаў, называў усіх здраднікамі i лайдакамі, якія не спяшаюцца ў Варшаву ратаваць радзіму Калі ж браты ад яго пачулі, што ён не хоча перажыць славы свайго народа, то пачалі пастаянна сачыць, каб ён не ўчыніў над сабой самагубства. Між тым многія з наваградскай шляхты прыязджалі ў Грушаўку, каб пабачыць свайго хворага пасла, які крануўся розумам, слугуючы айчыне, Аднак ён нікога не прымаў, толькі гаварыў:
- Я ix не ведаю. Усе сумленныя грамадзяне Наваградчыны цяпер у Варшаве, ім трэба нішчыць здраднікаў, а не размаўляць з хворым.
Я асмеліўся праведаць яго, калі яму пра тое сказалі, ён прыпомніў мяне:
- А, гэта Севярын Сапліца, мой школьны i ваенны сябра. Добра, хай зойдзе.
Ён ветліва павітаўся са мной i спачатку спакойна размаўляў, але потым задумаўся i ні з таго ні з сяго загаварыў, што ён рускі:
- Што ж ты, пане Севярыне, не хочаш павіншаваць мяне з вялікім шчасцем, я ж цяпер маскаль. Так, Бераздоў у беларускай губерні, а я падданы царыцы. Гэтага гонару ў мяне не адбярэш, яго мне сейм надаў. Што ж, дзякуй яму хаця б за тое, што там няма Панінскага.
Сказаўшы гэта, ён пачаў ірваць на сабе адзенне i трэсціся, тут убеглі слугі i ўтаймавалі яго, а я ўжо баяўся, як бы ён не кінуўся на мяне. Я выйшаў з пакоя ў слязах. Маці яго, удава падкаморыя, у роспачы пакінула Грушаўку i пераехала ў Мазырскае ваяводства, не маючы сіл пераносіць пакуты сына. А неўзабаве i ён скончыў сваё вандраванне па шляху слёз i гора. Аднойчы ён убачыў праз акно, як з павозкі вылазіць рускі генерал, які атрымаў службу ў Нясвіжы i парашыў нанесці візіт гаспадару Грушаўкі. Тадэвуш памкнуўся з пакоя, пачаў лаяцца на генерала, тут прыбеглі слугі, не выпусцілі яго, замкнулі дзверы. Ён вельмі ўзрушыўся, разбіў шыбіну ў акне, моцна парэзаўшыся шклом. Праз два дні пасля гэтага здарэння ён аддаў душу Богу. Я кажу - Богу, таму што за некалькі гадзін да сканання ён прыйшоў у поўную свядомасць i, як належыць, рыхтаваўся да смерці, якой ён ужо не раз без страху шукаў. Брату Міхалу ён перад тым спрабаваў прадказаць наш будучы лёс, але той пасля не захацеў раскрываць сказанае перад людзьмі:
- Не хачу засмучаць вас, таму што ўсё добрае так далёка ад нас, што мы i не дажывём, а бяда сядзіць у нас на шыі.
Перад самым сконам Тадэвуш ужо быў у думках перад
Збавіцелем нашым i Дзевай Марыяй, якім ахвяраваў свае новыя пакуты, перажытыя ім.
- Я ніколі знарок не абразіў свайго Творцы i ні на хвіліну не ўсумніўся ў веры. Спадзяюся, што мяне, убогага, не абмінуць міласэрнасць i любасць Яго найдаражэйшага Сына, а мае пакуты за няшчасную айчыну ахвярую Табе, Божа.
Гэта былі яго апошнія словы.
Каментар
Тадэвуш Рэйтан (с. 206)
Рэйтан Тадэвуш (1742 - 1780) - нацыянальны герой Польшчы, праслаўлены тым, што на сейме 1773 г. пратэставаў супраць падзелу краіны, уласным целам спрабаваў загарадзіць уваход у залу, дзе павінна было адбыцца гэтае рашэнне. Гэты момант адлюстраваны на карціне польскага мастака Яна Матэйкі «Рэйтан - заняпад Польшчы». Нарадзіўся ў маёнтку Грушаўка на Наваградчыне. Актыўны ўдзельнік барскай канфедэрацыі. Усё, што напісана пра яго ў творы, не выдумана, адпавядае сапраўднасці. У 1993 г. у Грушаўцы быў устаноўлены мемарыяльны знак у гонар Рэйтана.
Арыстыд i Катон (малодшы) - славутыя змаганцы супраць тыраніі ў часы Антычнасці.
Паспалітае рушэнне - усеагульнае апалчэнне шляхты, якое каралі Рэчы Паспалітай аб'яўлялі пры пагрозе вайны, рассылаючы па паветах i маёнтках віцы - лазовыя вянкі. Пры гэтым звычайна аб'яўляліся універсалы - лісты караля да шляхты.
Рэгіментарый - намеснік гетмана ў час ваенных дзеянняў, камандуючы арміяй шляхецкай канфедэрацыі.
Лазіва - прылада для лазання па дрэвах у пошуках раёў.
Фаон Марк - рымскі рэспубліканец, прыхільнік i паслядоўнік Катона (малодшага).
Корсак, Багушэвіч i трое іншых паслоў - на сейме Рэйтана падтрымалі два паслы ад мінскага павета - Станіслаў Багушэвіч i Тадэвуш Валадковіч.