Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ЧЛУХАЎСКІ КЛЯШТАР 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 07-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Мудрацы могуць думаць усе, што хочуць, але ніхто не аспрэчыць таго, што з усіх пачуццяў самае моцнае i найбольш стваральнае - вера. Слава, магутнасць, гордасць, мужнасць, розум спрыялі многаму вялікаму ў свеце; але самае важнае, тое, што перажыло стагоддзі, створана верай. Нямала старадаўніх народаў прыйшло да заняпаду, калі ж яшчэ памяць пра ix i захоўваецца паміж людзьмі, калі засталося нешта такое, што сведчыла б пра ix колішняе існаванне, то толькі помнікі ix веры. Яна жыве i цяпер, а помнікі ix магутнасці, узведзеныя ў даўнія часы, ператварыліся ў пыл, як i тыя, хто ix ствараў. Калі ж веры, хаця i слабыя, але значныя, былі такімі моцнымі, то чаго ж можа дасягнуць наша вера, адзіна праўдзівая, якой навучыў нас сам Бог! Усё тое, што засталося на свеце цвёрдага, шляхетнага, мужнага ды справядлівага, было дадзена нашым дзядам i прадзедам з верай. Я нават не разумею, чым можа ўзвысіцца чалавек, калі ён дапусціўся да найвялікшых злачынстваў, а потым зноў спрабуе цалкам аднавіць высакароднасць сваёй душы i пры тым працягвае служыць не той веры або, што яшчэ горш, ні ўва што не верыць. Бо чалавек не ўяўляе сабе тых сіл, якія ён мог бы ажывіць у сабе ў некаторых выпадках, а таму ўрэшце набіраецца ix ад больш дужага. Нават у язычнікаў былі нейкія абрады для таго, каб ачысціць сумленне. Можа, Бог нават i ў тыя часы, калі бачыў, што нейкі злачынца шчыра каецца, даваў яму магчымасць ачысціцца ад граху, вярнуцца да дабрачыннасці. Ніхто не можа прынесці ахвяру Богу, калі ў яго няма сілы на гэта, а няведанне не злачынства, нарэшце, усё, што ёсць добрага, учынак або думка - не бывае без Бога. Але гэта дужа ж глыбокія разважанні, у якіх не тое што свецкі чалавек, а нават мніх не разбярэцца; а што да нас, то ўсё тут правільна i бясспрэчна, i мы гэтага трымаемся, што ж да іншых, таго нам не дадзена зразумець. Гэта загадка, сэнс якой Збавіцель нам не адкрыў Мы адно ведаем, што будзе легкадумна падбадзёрваць сябе гэтым, i нельга за гэта жорстка асуджаць. Дзякуем нашаму Збавіцелю, што ён даў нам розум i магчымасць быць здольнымі, я так сказаў бы, падпарадкавацца яго дабрыні, што аснова нашага хрысціянскага пакаяння такая яскравая, такая зразумелая, такая цалкам справядлівая, што нам нічым не апраўдацца, калі мы не будзем карыстацца ёю. У гэтым вялікая перавага даўнейшых часоў над цяперашнімі, што хоць, з аднаго боку, i бывалі злачынствы i больш жахлівыя, чым тыя, што мы назіраем цяпер (таму што жывучасць нашых продкаў была большай, чым у ix распешчаных нашчадкаў, якія нават не могуць узняцца да неабдуманых азартных учынкаў, а толькі i ведаюць што жыць у подласці i гнюснасці), а з другога - тады высока цаніліся дабрачыннасць i пакаянне, якім можна было загладзіць правіннасць. Бывалі высакародныя ўчынкі, бывалі i брыдкія, адно i другое часам спалучаецца, уводзячы чалавека ў спакусы, асляпляючы яго. Гэтым празмерна цешацца тыя, хто захапляецца цяперашнімі часамі, але не бачыць, што робіцца навокал. Як многа стала прытулкаў для бяды i адчаю, як многа ходзіць па гасцінцах жабракоў, як пячоры драпежных звяроў сталі прытулкам для розных пакутнікаў, як перапоўніліся імі лясы. Некалі былі глыбока захаваны ў сэрцах уяўленні пра свае абавязкі, i пакуль яны застаюцца, грамадству нішто не пагражае. Бо толькі той можа сумленна тварыць вялікія справы, хто мае сілы добраахвотна прайсці праз вялікае пакаянне. У тым агульным духу часу наша айчына i трымалася не на апошнім месцы. З многіх прыкладаў таго, адзін асабліва запомніўся мне, хаця прайшло ўжо больш за пяцьдзесят гадоў, як ён стаў мне выпадкова вядомы з усімі падрабязнасцямі.

Калі я ўцякаў са смаленскай турмы, то вымушаны быў спыніцца ў мястэчку Члухаве Аршанскага павета, таму што цяжка захварэў I я неўзабаве памёр бы там у яўрэйскай карчме, кал i б Наканаванасць лесу чалавечага не паслала мне двух айцоў кармелітаў, якія вярталіся з капітулы ў свой кляштар, што па волі святога Эразма ўзвышаўся над Члухаўскай пушчай. Гэтыя міласэрныя мніхі ўзялі мяне з сабой ледзь жывога, i там я праз некалькі тыдняў ix стараннямі зноў стаў на ногі. Калі я развітваўся з імі, то яны мяне ўсім, чым маглі, надзялілі на дарогу, i я на ix сродкі дабраўся да Кракава, дзе зноў далучыўся да канфедэрацыі, даў абяцанне, што да канца сваіх дзён буду змагацца ў ёй. У тым i была прычына - чаму я не застаўся судовым чыноўнікам. Мне дужа ж падабаліся звычаі гэтага аб'яднання, якое складалася з людзей набожных i руплівых, сярод ix было нават некалькі вучоных. Там я даведаўся ва ўсіх падрабязнасцях пра яе заснаванне i хачу зараз запісаць пра ўсё, што памятаю.

У часы караля Яна Казіміра жыў у Віцебскім ваяводстве заможны памешчык Ціханавецкі, у яго быў адзіны сын. Хаця меў ён i немалыя ўладанні, але быў нечым абавязаны князю Іерэміі Вішнявецкаму i ў знак удзячнасці аддаў служыць свайго сына яго збяднеламу спадчынніку - князю Міхалу Малады Ціханавецкі жыў там бадай што на сваім хлебе i адзін складаў увесь двор князя. Калі ж неўзабаве воля народа ўзвяла Міхала Вішнявецкага на польскі трон, адным з першых учынкаў новага караля стала праяўленне ўдзячнасці за тое, што Ціханавецкі добраахвотна падзяляў з ім яго яшчэ нядаўна невясёлы лёс. Кароль зрабіў яго літоўскім крайчым, даў некалькі каралеўскіх вотчын, а таксама пасаду аршанскага гарадскога старасты. Вось так яшчэ зусім малады ён ужо быў пры высокіх пасадах.

Неўзабаве памёр ягоны бацька, i хлопец мусіў на час пакінуць Варшаву, каб ушанаваць памяць бацькі i прыняць у сваё ўладанне багатую спадчыну. Жывучы ў сваім ваяводстве, ён пасябраваў з віцебскім стольнікам, які паходзіў са старадаўняга роду Лапацінскіх, i папрасіў рукі ягонай дачкі. Аддаў яму ca згоды караля аршанскае староства, i паколькі па знатнасці паходжання ён не саступаў панне ды яшчэ быў адным з самых багатых жыхароў павета, то атрымаў дазвол, i вось у прысутнасці ледзь не цэлага павета адбыліся пышныя заручыны. Але які ж часам нядоўгі бывае поспех! Ужо, здаецца, сваім рукамі дамогся лепшага лёсу, а тут падсцерагае найвялікшае няшчасце.

Карміліца нашага пана крайчага стала перад гродскім судом (у суправаджэнні не памятаю ўжо якога памешчыка, што атрымаў некалі ад Ціханавецкага вёску, у якой яна жыла) i засведчыла, што пан краўчы - яе сын, што яна яго падмяніла, а сапраўдны Ціханавецкі памёр яшчэ ў дзяцінстве, i вось зараз яна пакутуе ад сумлення i зрабіла гэта, кіруючыся парадай ксяндза, якому спавядалася, i спадзяецца, што гэтае прызнанне - адзіны сродак, каб замаліць свой грэх. Устрывожаны такой неспадзяванкай (а ўжо іншыя Ціханавецкія былі гатовы скарыстаць гэты выпадак), пан крайчы бараніўся, як мог, хапаўся за ўсё, што магло ўратаваць. I вось ён падае на карміліцу ў суд як на паклёпніцу, патрабуе пакараць яе смерцю. Пан Лапацінскі, да якога паступіла гэтая справа, быў сам закрануты за жывое, патаемна дапамагаў яму, наколькі тое было магчымым. Карміліцу доўга ўгаворвалі ксяндзы, якіх папрасілі пераканаць яе, што яе публічнае прызнанне не зыходзіць з добрых намераў, i яны звярнуліся да яе мацярынскіх пачуццяў, давёўшы ёй, што яна пазбаўляе сына гонару, багацця i жыцця, бо ён не зможа перажыць такой ганьбы. Нарэшце тая мамка-карміліца, а на самай справе ягоная родная маці, выступіла перад гродскім судом i сказала, што яна зрабіла папярэдняе прызнанне са злосці, жадаючы адпомсціць крайчаму за тое, што не атрымала належнага за сваё старанне, калі яна яго няньчыла, а таму знарок нагаварыла на крайчага, бо яе сэрца было перапоўнена горыччу i прагай помсты. А з новым аршанскім старастам было ўмоўлена, што хаця ён, зыходзячы з абставін гэтай справы, будзе дабівацца ў судзе смяротнага прысуду (маючы такое прызнанне, ён не мог вынесці іншага), але адразу ж паедзе ў Варшаву i там атрымае ад караля грамату аб памілаванні, якую зачытаюць на плошчы ў дзень пакарання, а потым сашлюць карміліцу ў аддаленае ваяводства, забяспечыўшы ёй бязбеднае існаванне да канца жыцця.

Дамовіўшыся ca старастам i будучым цесцем, а таксама з маці, якой усё растлумачылі i якая на ўсё згадзілася, Ціханавецкі едзе ў Варшаву, каб вярнуцца ад караля з граматай аб памілаванні. Пакуль яго не было, суд цягнуўся далей без перапынкаў, усё ішло сваім парадкам, i вось ужо вынесены смяротны прысуд. Пан стараста зацвердзіў яго, упэўнены, што будучы зяць прыедзе i заслоніць маці ад смерці, яна таксама ў гэта верыла. Але пан крайчы хацеў быць пэўным у тым, каб падобнае не паўтарылася, i не прывёз грамату, тым самым дапусціў, што маці сапраўды пазбавілася галавы. Пан стараста, які адзін ведаў пра ўсё (суддзям нічога не сказалі), як толькі малодшы рэгент паведаміў яму, што прыгавор споўнены, упаў у непрытомнасці, нібы па ім ударыў пярун. А пан крайчы праз год ажаніўся з дачкой старасты, завёў з ёй шасцёра сыноў i выхаваў ix вельмі набожнымі. Усё яму ўдавалася, i жыў ён ушанаваны i ўганараваны. Можна было толькі пазайздросціць такому яго шчасцю, але ніхто не ведаў, што рабілася ў ягонай душы.

Так сплыло нямала гадоў, памерла ягоная жонка, ужо стаў дарослым самы малодшы з сыноў. I вось аднаго разу ён паклікаў усіх сыноў i прызнаўся ў сваім злачынстве, а яшчэ сказаў, што хоча на свае грошы пабудаваць у Члухаўскай пушчы кляштар i ў ім закончыць свае дні. Сыны перамовіліся паміж сабой i сказалі:

- Тата, калі ўжо так, то ніводзін з нас не мае права на тыл ўладанні, якія ты нам пакідаеш. Пабудуй кляштар, аддай усю маёмасць, якую ты значна павялічыў сваім добрым гаспадараннем, i мы ўсе разам з табой пойдзем служыць Богу.

Неўзабаве пустэльнікі пабудавалі прыгожы кляштар, там пасяліліся кармеліты. Крайчы склікаў прадстаўнікоў падупалага ўжо роду Ціханавецкіх, сапраўдных спадчыннікаў ягоных уладанняў, перадаў усё ім, папрасіў у ix прабачэння за сваё злачынства, а потым са сваімі сынамі паступіў у кляштар, праз два гады быў узведзены ў сан i памёр братчыкам у вельмі паважаным узросце. Усе ягоныя сыны сталі святарамі, ордэн кармелітаў імі ганарыўся, бо ўсе яны былі вельмі набожнымі, разумнымі i ў ліку першых прынялі ўдзел у нашым згуртаванні.

Каментар

Члухаўскі кляштар (с. 224)

У часы караля Яна Казіміра - гэты польскі кароль валадарыў у 1648-1668 гг.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX