Нічога лепшага не можа быць, чым ва ўсім спадзявацца на Наканаванасць, бо без яе для чаго нам мець самы праніклівы розум? Бог стварыў чалавека, а таму не можа забыцца пра яго i так накіроўвае ягоныя жыццёвыя акалічнасці, каб ён мог як мага лепей паклапаціцца пра сваё збавенне. Ідзе ўсё добра - дзякуй Богу; дрэнна - згаджайся з Яго воляй. А чаго ты даб'ешся, калі будзеш наракаць? Яго ты не настрашыш i не прымусіш. Калі ён не паглядзіць на твае нараканні як на глупства, то i табе ад ix не будзе толку, калі заўважыць - зусім прападзеш. Не дамагайся таго, што табе не над сілу. Калі табе дрэнна - маліся, плач перад ім, прасі, угаворвай, пакуль не змякчыш Яго, Ён добры, літасцівы, любіць сваё тварэнне. Ён не толькі Тварэц i Збавіцель, але i сам чалавек, сам цярпеў i разумее людскія беды. Блаславёная Ганна з Амяцінскіх мела дзівоснае адкрыццё, якое я чытаў у рукапісе ў Супраслі ў айцоў базыльянаў, яно было запісана неўзабаве пасля яе смерці, называлася Ласка Бега у Тройцы адзінага над жыхарамі Кароны Польскай i Вялікага Княства Літоўскага, якое, на вялікі жаль, не было абнародавана ў друку, таму што мы ў гэты час ужо знаходзіліся пад уладай царыцы, а там былі прадказанні, якія Маскве прыйшліся б не да смаку, вось князь Масальскі i пастанавіў утаіць тое, што Бог паведаміў, абы толькі не пашкодзіць сваёй саюзніцы. Так вось усё мяняецца з часам. Першы папа i першыя біскупы абвясцілі наконт закона тое, што лепей служыць Богу, чым яму, а цяперашнія вучаць, што паслушэнства Богу на тым i грунтуецца, каб чалавек ва ўсім падпарадкоўваўся закону.
Дагэтуль ідзе пагалоска па Літве пра місію айца Атаназія Навахацкага, базыльяніна ca Случчыны, пад яго уплывам нават многа папоў схіліліся да уніі, а колькі свецкіх, нават маскоўскі пасол скардзіўся біскупу Масальскаму, што гэта супярэчыць альянсу - падданых царыцы падбіваюць да адшчапенства. Князь біскуп забараніў Навахацкаму місіянерстваваць i на словах асуджаў яго за тое, што ён парушае бяспеку Рэчы Паспалітай, дадаючы, што людская зайздрасць прымусіла яго падпарадкавацца паслу. А бедны базыльянін прытварыўся прасцяком i адказаў на гэта:
-Правялебны пане! У падобным, а можа, нават больш небяспечным выпадку адзін апостал адказваў: «Si justum est in conspectu Dei vos potius audire quam Deum?» (Ці разумна перад вачыма Бога слухаць вас, а не Бога?).
Князь біскуп абурыўся, як i любы абаронца нядобрых учынкаў, i знайшоў, што запярэчыць:
- Зрабі, ксенжа, што я кажу, бо сказана ж: «Surge et ambula» (устань i ідзі), кульгавыя ўставалі, дзе мне ўжо рабіць па-апостальску.
А базыльянін гне сваё:
-Пане, кульгавыя будуць уставаць па тваіх словах, бо яны ў тым жа становішчы, што i апосталы, таму што святы Пётр, перш чым сказаць «Surge et ambula» (устань i ідзі), паведаміў: «Argentum et aurun non est mihi» (няма золата i серабра).
Князь біскуп збянтэжыўся, але не змог нічога адказаць ні накрычаць, бо, па-першае, гаворка ішла не адзін на адзін, а ў прысутнасці многіх людзей, а па-другое, усе ведалі, што айцец Атаназій за больш чым пяцьдзесят гадоў, якія ён быў на чыноўнічай пасадзе, дакранаўся да каштоўнага металу толькі беручы ў рукі алтарны келіх, што ён меў вялікую непрыхільнасць да набожных святароў, якія займаліся свецкімі справамі i цікавіліся золатам i срэбрам. Гэтай спакусе ўсяго духавенства ён i прыпісваў заняпад веры ў аўчарні, дзе быў нядбайны пастух. Ён быў амаль на ўсё жыццё зняволены за тое, што ў Вільні, выступаючы на пасвячэнні біскупа, пасмеў сказаць:
- Цяпер духавенства раздае Божыя дары за грошы; скончыцца ўсё тым, што яно не будзе мець ні Святога Духа, ні грошай, бо кожны возьме сваё, i Бог, i д'ябал.
Духавенства лацінскага абраду было гэтым вельмі абурана; нават ксёндз Вітога, тэолаг віленскага біскупа, выдаў накіраваную супраць яго кніжачку, у якой стараўся давесці, што Атаназій вяртаецца да ерэтызму гусітаў. Але Атаназію гэта не пашкодзіла, бо духавенства рускага абраду, менш срэбралюбівае, чым лацінскае, падтрымала яго, а па-другое, шляхта i просты люд яго вельмі любілі, таму што ён нічога не дамагаўся, не прызнаваў чыноўнікаў з манаскіх ордэнаў, уцякаў ад багатых i знаўся толькі з беднымі i гаротнымі. I нарэшце, непрыхільныя да яго ксяндзы i мніхі не дужа асмельваліся выступаць супраць яго, бо хадзілі чуткі, што Бог пацвярджаў ягоную набожнасць цудамі. Неяк у Лідзе ў час голаду, які быў ці не ўва ўсёй Літве ў 1748 годзе, ён асяніў крыжам груду камянёў, i яны ператварыліся ў боханы хлеба, што потым пацвердзілі тысячы людзей, а некалькі дзесяткаў шляхціцаў i сваім подпісам.
Гэтаксама i бласлаўлёная Ганна Амяцінская славілася не толькі розумам, яна пылала любоўю да веры, i праз гэту любоў яна дайшла да вышэйшай мудрасці. Дарэмна д'ябал спрабаваў шкодзіць ёй, ён заўсёды аказваўся пасаромленым; але спачатку дабіўся пэўнага поспеху, калі навёў яе не такую спакушальную думку: пекла для ўсіх адно, а Бог вызначыў для кожнага чалавека розны лёс. Бядняк крадзе, потым нечакана гіне i памірае без пакаяння. Боская справядлівасць пасылае яго ў пекла. А вось каб ён нарадзіўся багатым, у яго не было б жадання красці i ён спадобіўся б вечнага блажэнства. Тое можна сказаць i пра многіх іншых, хто саграшыў над уплывам абставін, у якія яеы трапілі. Гэтая думка ўвесь час даймала яе, i яна са слязамі прасіла Збавіцеля, каб ён вызваліў яе ад гэтай думкі, яна нічога не хацела ведаць, апрача веры, прагнула, каб нішто не адрывала яе ад служэння Богу, пастаянна малілася, i так змучыла сябе слязамі i пакутамі, што высахла да касцей; тады кіраўніцтва кляштара, у якім яна жыла, забараніла ёй пасты i цялесныя пакуты, яна не вельмі пакорліва паслухалася, бо якраз гэта было для яе самай большай пакутай. I тады Збавіцель злітаваўся над ёй i з'явіўся ёй, каб адкрыць таямніцу сваёй справядлівасці. Ён паставіў перад ёй душы ўсіх яе жывых знаёмых: тут былі святары, якія жылі ў доме яе родзічаў, i самі родныя, бацькі, слугі, падданыя, i жабракі, якіх яна ведала, было там i некалькі магнатаў, якія надарылі сваёй увагай яе родных, i сам кароль Аўгуст Другі, у той час ён шчасліва кіраваў дзяржавай, яна некалькі гадоў назад бачыла яго ў Варшаве, калі бацька быў адным з дэлегатаў, пасланых да караля віншаваць яго з паспяховым заключэннем Карлавіцкага трактату. Тады кароль быў надзвычай уражаны набожнай i сціплай паненкай, вельмі хваліў яе прыгоства, а быў ён жартаўлівым i фамільярным з жанчынамі i хацеў пацалаваць яе ў твар, што за мяжой лічылася вышэйшай каралеўскай міласцю, бо звычайна яму цалавалі руку. Але панна Амяцінская так напалохалася, што самлела, чым вельмі ўразіла i караля, i ўвесь двор, i, нарэшце, сваіх родных.
I вось усе гэтыя душы паўсталі перад Божым судом, так, як i пазней, пасля расстання з целам. I кожная душа з найвялікшай шчырасцю расказвала пра ўсе свае грахі i пра ўсе акалічнасці, якія давялі да граху, усё гэта Ганна бачыла, як на далоні. Бог не меў патрэбы судзіць гэтыя душы, бо кожная судзіла сябе вельмі строгім судом. Страх быў вельмі вялікі; пакуль душа ў целе, яна сама сябе падманвае, але тут усё выходзіла на паверхню. I аказалася, што вельмі мала душ могуць паводле святых нашых законаў, якія мы прызналі над сабой, патрапіць на неба, нямнога было сапраўды чыстых душ, вартых вечнага блажэнства, а больш было такіх, якім трэба было ачысціцца пакутай. Нам здаецца, што чысцец нястрашны, але грэшныя душы баяцца яго, бо там прыйдзецца цярпець такое, што ўсе нашыя накуты здадуцца драбязой, а самая страшная пакута - сорам, i пакутаваць трэба, а як легка было б пазбавіцца ад гэтага пры жыцці. Душы вельмі напалохаліся, ды i бласлаўлёная Ганна была ўражана, гледзячы на ix, але ласка Боская дала ёй сілы перанесці ўсё, што ўбачыла. I вось што Збавіцель сказаў усім тым душам:
- Для вас яшчэ не наступіў канец зямнога жыцця, вяртайцеся ў целы, якія вас чакаюць. Калі ж тое становішча, у якое я вас наставіў, на вашу думку, перашкаджае вашаму збавенню, выберыце сабе іншае, а як выбераце, то я вам яго дам.
I ўсе душы началі прасіць, каб Ён дазволіў ім да канца быць у тым стане, які быў ім вызначаны, таму што ні ў якім іншым яны не атрымаюць збавення. Кароль хацеў застацца каралём, пан панам, бядак бедаком, i ўсе дзякавалі Збавіцелю за тое, што ніводнаму не даў таго, што магло б яму зашкодзіць, а ўсё шкоднае ён натварыў сам, па сваёй волі. I тады кожную душу Ён адаслаў у яе цела ў месца нашых зямных пакут, i кожны абудзіўся ад сну, не памятаючы, што з ім дзеелася. Толькі бласлаўлёнай Ганне захаваў у памяці тое, як Ён справядліва судзіў сваё тварэнне. І з Яго дазволу ўсё бачанае яна пераказала свайму спавядальніку дзеля найбольшага ўмацавання касцёла, а святар тое прызнанне запісаў, каб упэўніць нас, што самая лепшая малітва, якой навучыў нас сам Бог: «Хай збудзецца воля твая, як на нябёсах, так i на зямлі», бо Ён заўсёды дае нам тое, што нам патрэбна. I не трэба прасіць часовых выгод, не трэба скардзіцца, калі Ён нам не дае ix, можа, гэта робіцца дзеля нашага дабра, можа, яны нам непатрэбны i трэба дзякаваць Яму за яго мудрасць i міласэрнасць, за тое, што ахаваў нас ад згубы, да якой вяла нас наша воля. А мы ж часам прагнем атрымаць нешта, а пазней пераканаемся, што якраз i добра, што мы таго не атрымалі.
Слава Богу i Дзеве Марыі, пастаяннай маёй апякунцы як польскага шляхціца, бо яна - польская каралева i вялікая княжна літоўская, i яна, як i мы, укрыўджана нашым паднявольным станам, яна дапамагае нам i мы горнемся да яе, бо яна можа папрасіць у Сына ўсё, што закона. Хай хто хоча, той i абвяшчае сябе маім гаспадаром, хай мяне мучыць i абдзірае, а я ведаю, што мая каралева жыве i што я падпарадкуюся толькі ёй, i нікому болей - двум гаспадарам служыць не буду. З той пары, калі чужыя багі прыйшлі на нашу зямлю, я ніколі не кланяюся ім i добраахвотна не плачу падатку, пакуль мяне не прымусяць сілай. Нагі маёй не бывала ні на адным сейміку, мяне ўгаворвалі заняць пасаду, шляхта хацела ледзь не сілай паставіць мяне земскім суддзёй; але я ніяк не мог адважыцца на гэта, я быў бы вымушаны добраахвотна падтрымліваць несправядлівыя парадкі. Калі хто кажа, што ён служыць грамадзянам, а не пасадзе, той подла хітруе. Звяртаюся да сумлення, нават да здаровага розуму, ці быў хоць адзін такі, хто пайшоў на службу толькі дзеля таго, каб служыць сваім грамадзянам? Якая можа быць служба для грамадзян, акрамя, можа, скрышэння ix кайданаў, а ці можа выбраны чыноўнік спакусіцца на гэта? «Як ні будзе добрапамысны грамадзянін старацца на службе, усё роўна на ЯГО будуць ціснуць». Тут няма нічога дзіўнага, калі ўжо ўрад не наш, хай чыноўнікі прыстасоўваюцца да яго. Мы не маем ніякай карысці ад нашых чыноўнікаў: калі яны сумленныя, а i маскалі бываюць сумленныя, але калі сярод ix трапляецца подлы, сярод нашых такіх мала, то ceteris paribus (пры захаванні ўсіх іншых акалічнасцей) маскаль заўжды будзе лепшым, таму што ён меней апасаецца таго, што можа запатрабаваць ад яго закон. А што да нашай нацыянальнасці, чым ёй паможа яе прадстаўнік? У хатняй цішыні, а не ва ўрадах захоўваецца наша нацыянальнасць. Яўрэі захавалі яе ў вавілонскім палоне i цяпер захоўваюць, бо яны былі аддалены ад урадаў, якія далучылі б ix да ўстанаўленняў, чужых для ix звычаяў. Я пажыў сярод нашых чыноўнікаў, бачу ix наскрозь: крыжыкі, званні, вось тое падахвочванне, якое прымушае ix ісці на службу. А ix выказванні для землякоў - гэта ўсяго толькі рытарычная афарбоўка, якая не ўводзіць у зман ні ix саміх, ні каго-небудзь яшчэ. Прабачым моладзі, што яна дазваляе ашукваць сябе, але сталаму чалавеку нельга адпусціць такі грэх. Быў час, калі здавалася, што чужы ўрад хоча ўзняць нашу нацыянальнасць. Тады нават губернатарамі был i палякі. Некаторыя шчырыя душы радаваліся, што, можа, мы дойдзем да добрага, але я заўсёды думаў: «Тітео Danaos et dona ferentes» (Баюся данайцаў, нават калі яны прыносяць дарункі). Д'ябал вялікі ліхвяр: ён як бы i дасць нешта, але забірае потым з вялікімі працэнтамі. Пяць гадоў былі ў нас губернатарамі палякі, але яны натварылі болей несправядлівасцей, больш заціскалі, больш прыслужвалі, чым маскалі за дваццаць гадоў. А нашы суды? Божа мой, яны шляхетнейшыя за маскоўскія тым, што больш шляхетна дазваляюць купіцца, розніца ix сумлення ў таксе, а прадажнасць тая самая.
О, маладыя мае суайчыннікі, я ўжо не ўбачу Польшчы, таму што стары, але вы, калі дачакаецеся яе, запомніце тое, што я вам скажу: не верце ніводнаму з тых, хто хаця б год служыў маскалям, хай сабе гэта будзе маршалак, або суддзя, прафесар, праганяйце яго з вашай зямлі, бо з яго ніколі не выйдзе сапраўднага паляка, калі ж вы яго пакінеце, будзьце ўпэўнены, што вы адчыніце фортку для непрыяцеля. Як толькі адродзіцца ваша айчына, не дапускайце ніякіх уступак несправядлівасці: хто ў нас служыць, добраахвотна, а не прымусова звязаў сябе з пануючым урадам, то ўжо на вашым сумленні будзе судзіць, чаго заслугоувае нядбалы сын айчыны, які добраахвотна пасмеў аддацца такой службе. Калі шчыра сказаць, то гэта здраднік, які хацеў насілля над ёй, блазан, які топча ўсе боскія i чалавечыя правы. Ён вінаваты i ў тым, i ў другім, паміж ім i вамі не можа быць нічога агульнага. Нікому не даруйце, уступкі бываюць шкоднымі для самаўладцаў, яны псуюць незалежных людзей, i на такіх апіраецца ix улада, а для вольных народаў яна згубная. Калі сярод вас знойдуцца такія, хто будзе заклікаць вас да памяркоўнасці, будзьце ўпэўнены, што гэта людзі чужыя для вас, i пастарайцеся знайсці спосабы на ўсякі выпадак пазбавіцца ад ix. Затыкайце сабе вушы, калі гэтыя бязбожнікі будуць гаварыць; прабачайце ўсё, акрамя самай нязначнай абыякавасці ў адносінах да вашых заняткаў.
Каментар
Бласлаўлёная Ганна з Амяцінскіх (с. 256)
Ганна Амяцінская (1709-1731) - манашка з кляштара брыгітак, праслаўленая сваёй набожнасцю, пра яе жыццё i яснабачанні некалі хадзілі паданні.
2 Адкрыццё (откровение) - адкрыццё Богам цудадзейным спосабам сваёй волі. У ранняй хрысціянскай літаратуры - асаблівы жанр, які апісвае яснабачанні, з'яўленне Бога, Дзевы Марыі вернікам: «Откровение Иоанна Богослова».
Гусіты - удзельнікі руху Рэфармацыі ў Чэхіі у 1-й палове XV ст., прыхільнікі вучэння чэшскага тэолага i рэфарматара Яна Гуса, вялі барацьбу за карэнную рэформу ў каталіцтве.
Карлавіцкі трактат - акт падпісання міру ў 1699 г. паміж Польшчай, Аўстрыяй, Венецыяй, Расіяй i Турцыяй пасля аўстра-турэцкіх войнаў.