Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

КАРОЛЬ СТАНІСЛАЎ 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 11-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Не так проста разважаць пра грамадскія справы, а тым больш пра тых вялікіх людзей, якія ўплывалі на ix развіццё. Таму па маім разуменні найбольшая паслуга, якую можа аказаць высокі розум свайму краю, гэта належным чынам апісаць жыццё гэтых людзей. Цыцэрон казаў так: «Historia magistra vitae» (Гісторыя - настаўнік жыцця), i тым не меней, хаця быў ён глыбокім мудрацом i вызначаўся незвычайным красамоўствам, хаця праз ягоныя рукі праходзілі найважнейшыя дзяржаўныя справы, не давяраў сам сабе i не адважыўся апісаць гісторыю сваёй краіны. У замежных краінах, дзе многія рамесніцкія пёры засяваюць паперу, каб зрабіць кніжкі, як у нас шляхта ўрабляе зямлю над жыта i ячмень, напладзілася нямала гісторый рознага кшталту. Я ix не чытаў, таму што, акрамя сваёй ды яшчэ лацінскай, чужых моў не разумею, да таго ж упэўнены, што ўсе ix пісанні, нават вельмі модныя, ніякага істотнага значэння не маюць. Калі хто збярэцца апісаць гісторыю якога-небудзь народа, ён павінен спачатку грунтоўна ўведаць не толькі яго мову, але яшчэ i пазнаёміцца з заканадаўствам, звычаямі жыхароў, i толькі ўзброіўшыся ўсім гэтым, брацца за работу. Але i тады яшчэ не будзе ўпэўненасці, што яна ўдасца. Бо мала ўсё ведаць, трэба мець яшчэ ўяўленне пра лад жыцця людзей. Каваль можа адмыслова выкаваць лемех або падкову, а вось народ - гэта не мёртвы брусок у руках таго, хто яго трымае, хоць кіроўца вядзе падуладных, аднак ён робіць з імі толькі тое, што народ дазваляе рабіць; без сумнення, ён валодае імі, але i сам залежыць ад ix волі. Разглядаючы рэчы з такога пункту погляду, можна акрэсліць кола пытанняў, разабрацца ў якіх адразу не ўдаецца. Чаму Ягайла, аб'яднаўшы Польшчу i Літву, не заснаваў у Кароне перадачы трона па спадчыне, як гэта рабілася ў ягонай роднай краіне? Чаму Баторый не злучыў з Польшчай Прусію? Чаму Жыгімонт III не пасадзіў сына на суседскі трон? Чаму Ян III нічога не зрабіў для ўмацавання Рэчы Паспалітай i звярнуўся па дапамогу да Вены? Чаму барская канфедэрацыя выступіла з непрыймальнымі лозунгамі супраць дысідэнтаў? Пра ўсе падобныя пытанні я не адзін раз чуў i шчыра прызнаюся, што не змагу даць на ix адказу. Але, як мне здаецца, i адказ дасведчанага чалавека быў бы падобны на той, які даў адзін вопытны вайскавод легкадумнаму маладзёну, які хацеў навучыцца вайсковаму ўмельству. Таму вайскаводу аднойчы не пашанцавала, i малады хацеў даказаць яму, паказваючы пальцам на нейкую раку на карце, што можна было пераправіць цёраз яе войска i разбіць непрыяцеля. «Ваш палец не мост», - адказаў выведзены з раўнавагі вайскавод.

Для таго, каб добра апісаць гісторыю свайго народа, а я сумняваюся, што апісанне чужога тым больш не ўдалося б, трэба мець хоць якое-небудзь уяўленне аб кіраванні людзьмі ў складаных абставінах; асабліва рэдка сустракаецца ў аднаго чалавека i здольнасць да ўчынкаў i дар апісання тых жа ўчынкаў у кнізе. Прымем над увагу i тое, што апісаць пэўную падзею, не ўхіляючыся ад ісціны, цяжка, таму што дзяржаўны муж, вымушаны апісваць падзеі, у якіх сам удзельнічаў, не можа быць бесстароннім, таму што часам ён будзе вымушаны ўскладаць віну i на сябе. Я радуюся, што няма гісторыі нашых нядаўніх часоў, бо яе аб'ектыўнасць была б спрэчнай. Хай спачатку кожны стары сумленна апіша тое, чаму ён сам быў сведкам, хай піша i тлумачыць розныя рэчы па-свойму, зыходзячы з уласнага, а не вучонага разумення, а потым знойдзецца нехта такі, каго Наканаванасць наладуе на тое, каб з усяго гэтага ён стварыў карысную людзям гісторыю. Уся мая маладосць прайшла ў адкрытым змаганні супраць караля Станіслава i сярод не прыхільных да яго людзей, але, разабраўшыся з усім з толкам, я не магу асуджаць яго, прыпісваць яму незаслужаныя правіннасці. Я ўпэўнены, што адзін чалавек можа выбавіць увесь народ вялікай ахвярнасцю, незвычайнай самаадданасцю, але каб адзін чалавек, нават самы высокі, мог сваімі дрэннымі ўчынкамі зняславіць увесь народ, такога я не дапускаю, бо такое супярэчыць справядлівасці i міласэрнасці Боскай. Грахі падданых, а не каралёў губяць народы; я з гордасцю магу сказаць, што ні адзін трон на свеце не можа пахваліцца такімі добрымі, справядлівымі i вучонымі ўладарамі, як польскія. I ў караля Панятоўскага былі станоўчыя якасці, несумненна большыя, чым у некаторых з яго папярэднікаў. Калі б абставіны склаліся іначай, ён мог бы заслужыць сабе славу вялікага караля. Мы ведаем розных уладароў, якія на нашых вачах няблага кіравалі, лічыліся мудрымі i прадбачлівымі, але ні розумам, ні дасведчанасцю, ні абыходлівасцю ў паводзінах не маглі дараўняцца да нашага Станіслава. Гэта наша няшчасце, што мы ўвязаліся ў такую блытаніну, якой самы вялікі чалавек не мог бы даць рады. «Многа злога, калi два на аднога» - сведчыць прымаўка, а што ж рабіць, калі тлумны час возьме яго ў пераплёт! Як потым апраўдвацца, калі ніколі не паставіш на сваім.

Няхай сабе мудрацы бяруць розумам, а я ўсё тлумачу проста: ёсць першародны грэх, які не так проста акупіць; хаця Панятоўскаму не прыпісвалі ні таго розуму, ні здольнасцей, не знаходзілі прыкмет, якія забяспечылі б яму тую навагу, якая была ў Сасаў, дзякуючы ix радавітасці i наследаванню трона. Магнаты былі настолькі ўпэўнены, што Пястам няма спрыяння ўладарыць, што ніхто з ix i не прэтэндаваў на карону. Няма падставы ўлічваць тут князя Любамірскага, чалавека з несамастойным розумам, якога ў часы бескаралеўя ўзнялі інтрыгі, накіраваныя на тое, каб аслабіць адзінства магнатаў. Князь Караль Радзівіл, віленскі ваявода, кіроўца той партыі, у якой ён так доўга дзейнічаў як салдат i зямянін, быў не толькі сур'ёзным, але i сумленным дзяржаўным дзеячам, ён як мог перашкаджаў Панятоўскаму i нават спрабаваў сапхнуць яго з трона, на які паводле яго думкі той не па праву сеў, i стаяў за род Сасаў, хаця мог бы i крыўдаваць на нябожчыка караля за тое, што той не даў яму літоўскай булавы пасля смерці бацькі. Але неўзабаве i ён пераканаўся, што не варта чакаць ніякай дапамогі з-за мяжы, што дом Сасаў перастаў думаць пра нас, што ўсе двары аднолькава глядзяць на нас, упэўніўся, што як тонучы хапаецца за саломінку, калі няма іншага выйсця, так i сумленным грамадзянам не засталося нічога іншага, як аб'яднацца вакол караля, звязваючы ягоныя асабістыя інтарэсы з народнымі, каб ён, адчуваючы сябе Ў бяспецы сярод сваіх, не шукаў падтрымкі ў старонніх, а яшчэ, каб кожны стараўся пазбегнуць любой злачыннай дзеі, любой спробы парушыць тое яднанне караля з народам з упэўненасцю, заснаванай на перакананні, што любая партыя, якая пойдзе супраць караля, стане толькі сродкам, які пашырыць трэшчыну, што ўтварылася пасля столькіх гадоў безуладдзя. Калі ён памірыўся з каралём, нягледзячы на праследаванні з яго боку, шчыра пагадзіўся з ім i да самай смерці ні ён, ні хто іншы з ягонай партыі, да якой належала ўся Літва, не здрадзіў яму ў веры i падданстве. Заўжды, на ўсіх сеймах літоўскія паслы галасавалі ў аднадумстве з каралеўскім дваром. Як i на памятнай cecii сейма 1786 года, калі справа зайшла аб прызнанні за каралём subsidium charitativum (права абкладаць падаткам духавенства), якое досыць доўга абяцалі прыняць у злучаных краінах, калі ж дайшло да Літвы, віленскі князь ваявода абвясціў i адносіны ліцвінаў, i свае ўласныя пажаданні ў такіх словах:

- Не трэба марна траціць часу, такога дарагога ў канцы сейма, ад імя ўсёй літоўскай правінцыі аб'яўляю яе падтрымку пры галасаванні.

I ні сярод рыцараў, ні нават у сенаце не знайшлося нікога, хто запярэчыў бы яму.

Пан Богуш, які некалі быў генеральным сакратаром барскай канфедэрацыі, з'яўляўся адным з самых вядомых дзяржаўных дзеячаў i вельмі многа зрабіў для развіцця краіны. Калі i ягоныя i нашы старанні не прывялі да нечага вартага, ён спыніўся на малым: асеў на спадчынным фальварачку, які атрымаў у пажыццёвае ўладанне ад нашага князя ваяводы, таму што больш нічога не захацеў прымаць ад яго. Там ён заняўся вырошчваннем прыгожых кветак; ён рэдка пакідаў дом, нават амаль не ездзіў у Нясвіж, але даўніх знаёмых прымаў вельмі ахвотна. Аднойчы, калі мы гасцявалі ў ягоным доміку з панам Свентарэцкім, таксама вялікім дзеячам, маім блізкім сябрам, мы па нашай звычцы загаварылі пра грамадскія справы. Пан Богуш ведаў мяне яшчэ з тых гадоў, калі я служыў пакаёвым у яснавяльможнага Агінскага, а потым мы разам удзельнічалі ў дзвюх канфедэрацыях, а яшчэ больш нас зблізіла тое, што я, не хвалячыся, так паставіў сябе са спадчыннікамі таго ж Агінскага, што яны, разлічваючыся ca мной, як задарма адвалілі мне чатыры тысячы. Я служыў яму па-сяброўску, бо не прымаў ад яго ніякай узнагароды, хаця ён неаднойчы хацеў мне што-небудзь усватаць. I вось пан Богуш пачаў гаварыць пра тое, што трэба даць больш улады каралю, што нашы даўнейшыя доблесці зусім сацьмелі i мы не можам далей суцяшацца даўнейшым. Пан Свентарэцкі не згадзіўся з гэтым, ён лічыў, што нашаму каралю нельга верыць.

-Як можна, - казаў ён, - аддаць скарб i войска марнатраўцу i тхару?

Пан Богуш адказваў так:

-Пане браце, ніхто больш за мяне не дакучаў каралю, бо я быў перакананы, што толькі панаванне манархічнага роду можа выратаваць нас. Але гэта павінен быць абавязкова Пяст, сярод іншых лепшага не знайсці.

Мы абодва з ім не згадзіліся.

- А што, пане сакратар, - азваўся пан Свентарэцкі, - ці трэба далека шукаць лепшага Пяста? Да Нясвіжа ўсяго са тры мілі будзе. Чаму нам не ўспомніць нра нашага князя?

Пан Богуш стаў нас пераконваць:

- Мае Панове, каб тое толькі ад мяне залежала, а Літва была асобным народам, хіба я вагаўся б, каб увянчаць каронай гэтае панаванне, якое наш князь заслужыў сваімі дабрачыннасцямі. Хто больш за. мяне спрыяў ягоным шляхетным учынкам i справам дзеля агульнага дабра? Але наша Літва толькі частка Рэчы Паспалітай, а вам вядома супраціўленне нашага князя ўсяму, што не з Літвы. Кожнага вялікапаляніна ён называв кашубам, той, хто з Малой Польшчы ў яго цыган, а хто з кароннай Русі, той у яго кушнер. У ягоных вёсках, што у Кароне, ніводзін мясцовы ўпраўляючы доўга не ўтрыліліваецца, усюды ён прысылае нашых, чым яшчэ больш звязвае з Літвой. Але ж не па-каралеўску гэта - быць адданым толькі адной правінцыі, а другой занядбаць. А потым, яшчэ невядома, ці ўседзеў бы ён у Варшаве? У час сейма ён ледзь вытрымліваў шэсць тыдняў, так тужыў па Нясвіжы. А кароль павінен жыць у сваёй сталіцы. Калі ж тады ён пры такіх вялікіх дабротах душы i незвычайным розуме не разумее, што дзеля сваёй улады ён павінен апекавацца ўсёй Рэччу Паспалітай, то дзе вы знойдзеце другога Пяста, які б больш падыходзіў для ўлады, чым цяперашні кароль? Для вас не таямніца, што ў мяне ёсць цесныя сувязі з многімі магнатамі. А таму скажу вам, што як толькі я пачынаю глядзець на ix як на спаборнікаў за каралеўскі трон, то акрамя глыбокай прыязнасці, што ix i яднае, кожны з ix ведае, чаго не хапае другому, i яны аддаюць перавагу Панятоўскаму перад усімі іншымі, уключаючы i нашага князя. Я цудоўна ведаю, што ў душы Панятоўскі не дужа любіць нас, але добра ўжо тое, што ён умее валодаць сабой. Запытайце нашых суровых ліцвінаў, якія бывалі ў Варшаве, што яны расказваюць пра караля: ён паважны, не займаецца пустымі смешкамі, кожнага падданага прымае аднолькава i хоць любіць сваіх літаратараў, але не зацірае i гаспадароў. А на князя генерала яны скардзяцца, што ён выстаўляў ix на пасмешышча. Таму вось, абдумаўшы ўсё, я лічу, што было б лепей, каб Сасы, якія панавалі над намі каля сямі дзесяткаў гадоў, панавалі i далей, таму што сярод загранічных дамоў ix дом найменш чужы нашым уяўленням. Калі ж на тое воля Бога, каб намі кіраваў тутэйшы, то i яму аддамо справядлівасць. Як толькі караля Станіслава Аўгуста не стане (а мы яшчэ дачакаемся гэтага), тады наша ўвага скіруецца на вялікую дабрачынную кроў Ягелонаў, да таго дому, ад якога цяперашні кароль чэрпаў i свае сілы, i тыя надзеі, якія зычыць яму Наканаванасць.

Раз ужо Богуш нам даказаў, што наш князь не аказаўся б цалкам прыгодным для кіравання ўсёй Рэччу Паспалітай, то нам стала зразумелым, што i іншыя магнаты не будуць здатныя да кароны, а яшчэ мы не маглі не здзівіцца, што ён, такі зацяты праціўнік партыі Чартарыйскіх, тым не меней звязваў з імі надзеі на будучыню. Ён адчуў, што мы здзіўлены, i патлумачыў:

- Панове брацці, сапраўдны грамадзянін павінен абараняць законы сваёй краіны як толькі можа, нават насуперак уласным перакананням, бо там, дзе трэба падпарадкоўвацца, няма месца разважанням. Памяркоўныя людзі робяць тое, што патрабуе ад ix закон, i не могуць радавацца сваім перамогам. Во старасць павінна саступіць сваё месца маладосці, якой некалі таксама давядзецца пастарэць. Вядома, тыя, каму надакучыў звыклы ход рэчаў, не адносяцца да самай дабрачыннай часткі народа, страсць заўжды схільная да новага; але што можна тут параіць, калі вопыт вучыць нас: новае ўрэшце перамагае. Я не шкадую пра свае ахвяры i схільнасць да ранейшых парадкаў, я б ix аднавіў i сёння:, хаця i ўпэўнены, што яны нічога не дадуць, таму што няма нічога агульнага паміж выкананнем абавязку i прадбачаннем станоўчага выніку Але раз ужо асабістая выгада кіруе ўчынкамі людзей, i яна падпарадкуецца новаму, то нечага скардзіцца на тое, што будучыня - ix, а не наша спадчына. Дарэмна старацца ўваскрасіць тое, што аджыло. Лепей згаджацца з новымі з'явамі, але разам з тым захоўваць тое, што яшчэ можна захаваць, каб хаця не страціць памяць пра славу прадзедаў, стараючыся, наколькі гэта магчыма, далучыць да яе новыя ўяўленні пра жыццё. Пакуль слава продкаў яшчэ святая для народаў, няма нічога страшнага, але калі яна будзе зняважана, прыніжана, ператворана ў пасмешышча, тады ўсё прапала; гэта выразная прыкмета, што народ не заслугоўвае таго, каб існаваць, ён нават не можа жыць, таму што адарваўся ад каранёў, якімі жывіўся. Прызнаюся вам, што я апасаюся за будучую славу тых нашых слаўных мужоў, якія многа зрабілі для захавацца нашых старадаўніх звычаяў, але не хочуць, як наш князь, пайсці насустрач таму, што неабходна цяпер. Барані, Божа, наступяць апошнія часы Рэчы Паспалітай, каб нам сваёй упартасцю не зрынуць яе ў бездань, жадаючы лепей злучыць з чужымі, чым падзяліць паміж сваімі тое, што можа аказацца памылковым.

Так гаварыў гэты славуты дзяржаўны дзеяч, які так глыбока разумеў нашы справы, што нібы вешчым духам прадчуваў, да чаго яны дойдуць. Ён шчаслівы, што не дажыў да тых горшых часоў, якія прадбачыў Але гэтыя ягоныя словы ніколі не зыходзілі ў мяне з памяці. Ён жа быў дзяржаўны дзеяч вялікага розуму, пазбаўлены славалюбства, на сваёй самаахвярнасці роўны Антону Чацвярцінскаму Быў больш грамадзянін, чым Севярын Жавускі, польны каронны гетман, чым Антоні Пулаўскі i іншыя. I ўсё ж, да якога жахлівага становішча прывяла ix адданасць хай сабе i справядлівым, разумным справам, да якіх тым не менш увесь народ ужо страціў цікавасць.

У 1784 годзе кароль Станіслаў аб'язджаў Вялікае Княства Літоўскае, не мінуў ён i былой сталіцы нашага Міндоўга. Мы, наваградчане, былі надзвычай перадузятымі да яго асобы, але ён сваёй сапраўды каралеўскай велічнасцю, годнасцю пакарыў нас, i наша перадузятасць растала, як снег пад промнямі сонца. Я добра разгледзеў яго: у тонкіх рысах яго прыгожага твару было нешта чараўнічае. На мяжы нашага ваяводства, куды яго праводзілі брэсцка-літоўскія кіраўнікі i шляхта, сустракалі наваградскі стараста i тутэйшая шляхта. Усе былі на конях, наперадзе - наш ваявода, яснавяльможны Несялоўскі, які прывітаў караля прачулай прамовай. Кароль надзвычай прыгожа адказаў на яе без усялякай падрыхтоўкі, падзякаваў за прыхільнасць шляхты, пра шматлікія заслугі якой так хораша сказаў наш памяркоўны ваявода. Потым, калі ваявода прадставіў каралю службовых асоб i шляхту, той кожнаму сказаў нешта такое, што парадавала ягоную душу. Калі яму быў прадстаўлены наш Міхал Рэйтан, земскі пісар, кароль з вялікай чуласцю прыгадаў ягонага брата Тадэвуша, некаторыя пры гэтым нават пралілі слязу. Потым брэсцка-літоўскія службоўцы паводле звычая перадалі нашым права апекавацца прыёмам караля ў нашых землях, i кароль увесь час, пакуль гасцяваў у нас, насіў мундзір нашага ваяводства. Вяльможны Рдултоўскі, наш харунжы, які замяшчаў старасту, узяў з рук брэсцка-літоўскага падкаморыя Нямцэвіча дарожныя штандары караля, прыняў нагляд за яго дваром; з гэтай пары ён павінен быў штодня асабіста займацца апрананнем караля, слаць яму пасцель, нават дакранацца да яго; разам з іншымі службоўцамі яму трэба было і суправаджаць Станіслава Аўгуста ўвесь час, пакуль ён будзе ў межах ваяводства, posessionati et bene nati (наведваць нашы вёскі). Караля ўсюды прымалі з пышнасцю, на гэта найшло нямала грошай, але не з каралеўскай касы, а нашых кроўных. Калі чыноўнікі рабілі свае складкі, мы, шляхта, абурыліся, што нас не бяруць пад увагу. Пан Лукаш Грачэха ад нашага імя заявіў: «Што гэта вы, Панове чыноўнікі, толькі самі сябе лічыце вартымі гонару прымаць караля, а нас, шляхту, ні ў грош не ставіце?» I тады кожны з нас насыпаў, колькі мог, ад шчырага сэрца, бо, калі шляхціц расчуліцца, ён лічыць не ўмее. У наваградскага скарбніка пана Стэфана Верашчакі сабралася столькі звонкай манеты, што пасля ад'езду караля, якога прымалі па-каралеўску, нават кожны з яго прыдворных i слуг у адпаведнасці ca сваім становішчам атрымаў падарункі, усё ж засталося ў скарбніцы дзесяць тысяч, з якіх мы парашылі штогод рабіць залатую i чатыры сярэбраныя медалі з выявай караля на ix для ўзнагароды наваградскіх навучэнцаў, якія вызначацца ў час вучобы.

У акружэнні вышэйшых асоб ваяводства i натоўпу шляхты кароль конна даехаў да Наваградка i спыніўся перад фарным касцёлам, каб там паслухаць святую імшу. Калі кароль злазіў з каня, то харунжы Рдултоўскі падставіў яму сваё плячо, а Станіслаў Арэшка, наваградскі канюшы, трымаў адной рукой повад, а другой стрэмя. Перад дзвярыма касцёла яго прывітаў прамовай ксёндз Кунцэвіч, віленскі канонік i наваградскі афіцыял, кавалер каралеўскага ордэна. Пасля гэтага кароль стаў на калені перад абразамі i слухаў імшу, а ксёндз падаў яму Святое Евангелле. Пасля імшы кіраўнікі ваяводства аддзяліліся ад шляхты i абступілі караля. З прывітальным словам выступіў наваградскі кашталян Гедэон Яленскі, ён выказаў ад імя наваградскага чыноўніцтва пачуццё радасці з нагоды бачыць у гэты цудоўны дзень гаспадара i бацьку ўсяго нашага народа. Князь Радзівіл, віленскі ваявода, хаця i быў запрошаны ў кола наваградскіх кіраўнікоў, застаўся стаяць з намі, бо лічыў, што ён тут у гасцях як просты шляхціц i не мае права быць сярод кіраўнікоў наваградскага ваяводства. Калі кашталян скончыў, то ад нас прывітаў караля Павел Адынец. Пасля нашых вітанняў i слоў караля ў адказ (а ён усім нам дужа хораша адказваў надзіва прыгожым голасам, ён гучаў як музыка i прыварожваў нашы сэрцы), спачатку духавенства, а потым чыноўнікі i шляхта, ды i просты народ, усе пачалі хорам спяваць Те Deum laudamus. Праспяваўшы гімн, мы пайшлі ўслед за каралём у ваяводскую школу. Яе рэктар, ксёндз Крыстаф Гарабурда, вітаў караля па-лацінску, i кароль адказаў яму на гэтай жа мове, але так складна, нібы ён быў 3 радавітых, i гэтым канчаткова паланіў нас. Потым ад кожнага класа выступаў вучань i вітаў караля. Ад класа французскай паэтыкі выступаў Юльян Нямцэвіч, сын брэсцкага падкаморыя. Было відаць, што каралю вельмі спадабалася прамова гэтага хлопца; як мне потым пераказвалі дасведчаныя з прысутных, яна была надзвычай добрай.

Але тут я не магу не ўспомніць тое, што асабліва кранула мае сэрца. Мой малодшы сын, мой Каролік, гаварыў ад класа сінтаксісу перад найяснейшым панам i спадабаўся каралю, бо мой хлопец з дзяцінства быў добрым да людзей. Не толькі мы, родныя, але i нашы сябры ўскладалі на хлопчыка вялікія надзеі, у яго i тварык быў, як у анёла, i вялікія здольнасці, i надзвычайная чуласць i дабрыня. Бог даў яго нам, Бог i забраў, хай будзе хвала Яму на векі вякоў! Калі сын скончыў школу, мы купілі яму харунжаства ў восьмым літоўскім палку, бо ў хлопца была вялікая цяга да вайсковай справы. Пад Зэльвай ён біўся, як леў, перад роспускам арміі ён быў падпаручнікам, а тагачасны начальнік войска пан Ясінскі ўзвёў яго ў чын капітана таго ж палка. Але нядоўга сын радаваўся гэтаму званню. Пад Салантамі, дзе палягло шаснаццаць афіцэраў восьмага палка, загінуў i наш Каролік, працяты пяццю штыкамі. Пахаваны ён быў яшчэ на сваёй зямлі, i гэта адзінае, што мяне суцяшае.

У караля была асаблівая любоў да нашай моладзі, ён гаварыў з вучнямі, як бацька з дзецьмі, i яго голас разлягаўся па ўсім касцёле. Калі ж потым ён уласнай рукой раздаваў медалі самым здольным вучням i прыпыніўся каля майго Кароліка, не ведаю, што стала са мной, але я расштурхаў усіх, прарваўся да караля, упаў яму ў ногі i расплакаўся; сам кароль расчуліўся, падняў мяне, даў пацалаваць руку, блаславіў майго сына, i, як пазней аказалася, мая слязлівасць не выклікала ў яго непрыемных пачуццяў.

Якраз тады ішла трэцяя кадэнцыя земскіх судоў, так званая свята-міхальская, бо яна пачыналася ў дзень святога Міхаіла, таму кароль пажадаў наведаць суд. Пан Ігнацы Равінскі, які тады старшынстваваў у земстве, тут жа пайшоў са сваімі калегамі ў суд, каб прыняць караля ў час падрыхтаванай сесіі. Яны паспелі ўсё хутка ўладаваць, таму калi кароль прыйшоў у суд, ён застаў суддзяў на сваіх месцах, яны слухалі чарговую справу. Разгляд яе быў перапынены, калі з'явіўся кароль, а прэзідэнт суда прывітаў караля кароткай прамовай i запрасіў бацьку i вышэйшага суддзю народа, каб ён асабіста прыняў удзел у той працы, звязанай з усталяваннем справядлівасці, якой займаліся суддзі ад яго імя. Кароль сеў у крэсла, а ўсе суддзі і моўчкі стаялі, таму што ў прысутнасці караля ўся ўлада ў судзе пераходзіла да яго. Пан Фабіян Вайніловіч разбіраў справу, саму па сабе мала значную. Патрабавалася вынесці прысуд, які абавязваў выплаціць належную суму з простата доўгу па штрафах за няяўку ў суд пана Ромера, ашмянскага маршалка, Якубу Патрыкоўскаму, жыхару наваградскага ваяводства. Пан Ялец, прадстаўнік пана маршалка, даводзіў, што прыгавор быў несправядліва вынесены завочна, што позвы былi насланы не па месцы жыхарства маршалка ў Віленскім ваяводстве, дзе ягоныя ўладанні служылі закладам патрабаванай сумы, а ў Наваградку, дзе ў яго не было ні пядзі зямлі, i ён не пільнаваўся гэтымі справамі тут. Ён дамагаўся адмены ўплаты штрафаў. Але пан Вайніловіч стаяў на баку закона, па якім суд, які знаходзіцца forum ubiąuinarium (у адвольным месцы), гэта значыць, па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім можа быць правамоцным у справах па simplicis debiti (ранейшых пазыках); разбіраючы гэтую справу, ён звярнуўся да караля, якога прывітаў ад імя земскага суда. Зыходзячы з законаў, прысуд быў вынесены не на карысць пана маршалка, віна якога была даказана, i таму ён павінен быў у вызначаны тэрмін заплаціць патрэбную суму, i гэты прысуд быў падпісаны каралём. Пан Ялец, які прайграў справу ад імя свайго прынцыпала падпісаў паперу, у якой засведчыў, што ён згодны з прысудам i як верны падданы падтрымлівае думку караля. Усё гэта не цягнулася i гадзіны, бо было добра падрыхтавана, каб кароль не губляў часу марна.

Пасля абвяшчэння прысуду найяснейшы пан пайшоў у гродскі суд, дзе яго гэтак жа, як у земстве, вітаў пан Казімір Гарабурда, i таксама папрасіў караля прыняць удзел у пасяджэнні. Але ён не падумаў аб тым, што караля нельга было прасіць засядаць у юрысдыцы, дзе прысуды выносяцца ад імя ваяводы, а не караля. Аднак кароль знайшоў цікавае выйсце са складанага становішча i сказаў, што ўспрымае прапанову як знак удзячнасці добразычлівых падданых (што i было на самай справе), але, ca свайго боку, нагадаў, што ён быў намазаны i прыняў духоўны сан, а таму паводле канонаў не мог прымаць удзел у разборы крымінальных спраў, i Дзякуй Богу, што яму не дазволена караць мілых падданых, гэтага не дазваляе яму i яго добрае сэрца.

Я трымаў слова да караля ад імя гродскіх судзейскіх. Потым добрыя мае сябры віншавалі мяне, казалі, што я выступіў няблага; ад сябе дадам толькі, што калі там i былі пахвалы каралю, то не ад падхалімства, не з нізкіх памкненняў, яны сталі сапраўдным выяўленнем маіх перакананняў Кароль коратка сказаў, што ён задаволены.

У той дзень быў вялікі абед у гонар караля, які давала шляхта ў кляштары айцоў дамініканцаў. За сталом нас было каля тысячы. Адно толькі здалося нам непрыемным: кароль воляй-няволяй быў вымушаны запрасіць да стала аднаго з чужых князёў i пасадзіў каля сябе. Калі дзеці прымаюць бацьку, то i яны не радуюцца, калі ўмешваецца нехта чужы. Паводле даўняга звычаю, каралю прыслужвалі выдатнейшыя людзі ваяводства, на чале ix быў наш харунжы, вяльможны пан Хрызастом Рдултоўскі. Пан Бенядзікт Імянінскі, наваградскі мечнік, стаў каля караля з шабляй. Пан Іпаліт Корсак i пан Міхал Гінтэр, адзін стольнік, другі - падстолі, загадвалі кухняй, ставілі перад каралём міскі, падавалі i прыбіралі, рэзалі хлеб. Пан Ян Керсноўскі, падчашы, прыносіў бутэлькі i адкрываў коркі, а падчашы Антоні Звяровіч наліваў каралю віно, кожная бутэлька якога каштавала болей за сто злотых, наліваў яго ў маленькі кілішак, бо кароль не быў прыхільнікам пітва, не піў многа. Пан Войцех Пласкоўскі, крайчы, адкрываў пячэнне i рэзаў прызначанае для караля мяса. А іншыя службоўцы падзялілі паміж сабой нагляд за гайдукамі i ліўрэйнымі слугамі, якія былі сабраны з розных двароў для паслуг. Яны падзялілі ўсіх слуг на групы так, што ў кожнай быў свой кіраўнік. Сярэбраны посуд быў сабраны з усяго ваяводства, з усіх яго куткоў, яго гаспадароў можна было пазнаць па гербах, над гэтым каштоўным начыннем меў нагляд пан Ігнацы Равінскі, сакратар земскага суда.

Яшчэ ў час абеду князь-госць убачыў, што Звяровіч налівае каралю віно, падставіў i свой келіх i знакам паказаў, каб наліў i яму. Але наш падчашы лічыў сваім абавязкам служыць толькі свайму ўладару, зрабіў выгляд, што не зразумеў, i паставіў бутэльку на стол. Князь сурова паглядзеў на яго (а таму было ўсё роўна) i мусіў наліваць сабе сам. А мы гэта прыкмецілі, i нам было прыемна, па крайняй меры, душа была задаволена.

За абедам было некалькі віватаў, але грамада не дужа радавалася гэтаму, бо той дакучлівы чужынец псаваў нам усю весялосць. Старшына не хацела, каб мы дужа налягалі на віно, каб катораму з нас не прыйшло ў голаў нешта нетактоўнае, бо цвярозы чалавек асцерагаецца сказаць лішняе, а пасля некалькіх келіхаў можа знайсціся такі, хто сапсуе кампанію. Але над усімі пачуццямі ў нас панавала любоў да нашага караля.

Пасля абеду кароль паехаў на ўсю ноч разам князем Радзівілам у Нясвіж, дзе ўжо быў днём раней. Кароль хацеў там затрымацца на два дні, i ўсе ўрадоўцы паехалі туды ўслед за каралём. Кароль абяцаў пану Рдултоўскаму прыехаць да яго з Нясвіжа, але ён, як намеснік падкаморыя, не хацеў адмовіцца служыць каралю нават на адну хвіліну i паехаў за ім у Нясвіж разам з усімі, паехала i ягоная жонка, пляменніца князя ваяводы, яе спецыяльна запрасілі. Рдултоўскі запрасіў на заўтрашні дзень усю наваградскую шляхту ў Сноў i папрасіў сваіх сяброў i тых, хто яму служыў, тут жа ехаць туды, каб у яго адсутнасць падрыхтавалі ўсё як належыць для сустрэчы такога знакамітага i важнага госця, мяне таксама адправіў туды, сказаўшы: «Зрабі ўсё, каб мне сорамна не было, займіся гаспадаркай, бо ў мяне няма часу». Я захапіў з сабой сабранае срэбра i шкло. I хоць там не было многа слуг, але з дапамогай сяброў i радні з таго дома, якіх усё гэта застала знянацку, зрабілі ўсё як належыць. Назаўтра прыехаў харунжы з жонкай, агледзелі ўсё, узрадаваліся i дзякавалі нам, казалі, што i самі не змаглі б зрабіць лепей. Харунжы сказаў нам, што кароль быў вельмі задаволены прыёмам у Наваградку i хоча ў доме князя выказаць удзячнасць усяму нашаму ваяводству i ўзнагародзіць абодвух нашых паслоў, пана Адама Жавускага, харунжага, i пана Казіміра Яблонскага, наваградскага войскага, ордэнам Святога Станіслава, а таксама раздасць у Снове ўзнагароды i іншым нашым грамадзянам. Мноства шляхты з самага ранку з'язджалася прывітаць другі раз найяснейшага пана, а перад паўднём прыехалі з Нясвіжа нашы чыноўнікі i абвясцілі, што кароль вось-вось прыедзе. Неўзабаве пад'ехала прыдворная карэта, з яе выйшлі кароль, віленскі князь ваявода, наваградскі ваявода i ксёндз Нарушэвіч, вялікі пісар літоўскі, а затым пад'ехалі розныя карэты, з якіх высыпалі інфулы, мітры, ордэны, крэслы, i гэтак далей. Гаспадар, сустракаючы караля, упаў яму ў ногі, дзякуючы за гонар, аказаны яго дому, мы ўсе ўкленчылі таксама. Кароль стаяў перад сваімі падданымі, як бацька перад дзецьмі, прывітаў нас, яго вельмі расчуліла наша чалабіцце. Гэта было праяўленнем не пакорлівасці, а пашаны, а такога ўшанавання можа дабіцца толькі добры, па-бацькоўску клапатлівы кароль. Пані харунжая падала каралю руку i запрасіла яго ў вялікую залу для балявання, якая тут жа напоўнілася. Кароль крыху пастаяў, размаўляючы з гасцямі, хваліў добрае гаспадаранне на зямлі ў ваколіцах Наваградка, такога прыгожага збожжа ён не бачыў нават на Русі. Потым кароль загадаў правесці яго ў адведзены яму пакой. Там ён разам 3 ксяндзом Нарушэвічам пачаў рыхтаваць пісьмы для адпраўкі ў Варшаву, а мы разышліся па пакоях, дапамагалі займаць гасцей, асабліва тых, што былі ў свіце караля. 3 каралём прыехала нямала важных асоб. Сярод ix выдзяляліся чатыры шамбяляны, якія неадлучна былі пры каралю ў час усяго падарожжа. Гэта былі: пан Трамбецкі, славуты паэт, ужо немаладых гадоў, трое астатніх былі маладзейшыя - пан Шыдлоўскі, полацкі ваявода, пан Грахольскі, брацлаўскі кашталян, i пан Марыконі, наш, ліцвін, i хаця продкі яго былі з італьянскай зямлі, аднекуль з-пад Рыма, але ён быў аседлым жыхаром віленскага ваяводства, праз нейкі час стаў вількамірскім старастам. Маладзейшыя панічы былі вельмі разумныя, у гаворцы ў ix пракідаліся нямецкія слоўцы; чупрыны напудраныя, але я, прыслухоўваючыся да ix размоў, прыкмеціў, што яны няблага разбіраюцца ў польскіх справах. Так, напрыклад, калі загаварылі пра змены, якія ўзаконіў у нашым судзе сейм 1766 года, пачаў асуджаць гэты сейм пан Бутрымовіч, пінскі падстараста, васьмідзесяцігадовы стары, вельмі паважаны дзеяч, ён даводзіў, што абмежаванне права liberi vocis (аб вольным голасе) пазбавіла прывілея народа, што гэты закон справядліва паважаўся яшчэ з даўніх часоў як pupilla libertatis (зрэнка вольнасці), таму што абараняў народ ад наступстваў карупцыі, якая ў сапсаваныя часы можа ахапіць большасць у сейме. Пачуўшы гэта, некаторыя пачалі пярэчыць яму, а найперш маладыя шамбяляны караля. Пан Шыдлоўскі вельмі грунтоўна даказваў, што сарванне сейма пры належнай хадзе спраў заўсёды не адпавядала духу нашага грамадства, што паводле слоў Яна Замойскага, спачатку іп volumine legum (у зборы законаў) не было i следу такога дзіўнага прывілея, які абуджаў сярод народа толькі інтрыгі i разлад, i што нарэшце самавольства не ў тым, каб падпарадкоўвацца большасці, а ў тым, каб залежаць ад капрызу адной асобы. Пан Бутрымовіч, хоць i вялікі законнік, усё ж, відаць, абараняў не самае лепшае, бо ягоныя аргументы былі досыць слабыя. Загаворвалі таксама i пра выкананне прысудаў. Наш пасол пан Жавускі з вялікай палкасцю абараняў думку аб злоўжываннях старастаў, якія засядаюць у Варшаве, а без ix подпісу прысуды гродскіх судоў не выконваюцца. Свае разважанні ён завяршыў так:

-Я сам пацярпеў ад гэтай бесталкоўшчыны, таму маю права гаварыць. Уявіце сабе, панове, што пан Туркул, брацлаўскі лоўчы, выйграў супраць мяне ў кіеўскім гродскім судзе справу, па якой было пастаноўлена, каб я сплаціў яму шэсцьдзесят тысяч злотых. Я прасіў яго зрабіць гэта памяркоўна, каб хаця раскласці выплату на два тэрміны; але ён, зацікаўлены ў тым прысудзе, стаяў на сваім, не дапускаў i думкі пра адтэрміноўку. Я падаўся ў Варшаву, дзе жыў князь Любамірскі, ваявода i кіеўскі стараста, чалавек вельмі разумны, толькі сапсаваны жанчынамі. Там мой упаўнаважаны дамовіўся з ягонай фаварыткай, што будзе штодня плаціць ёй па адным чырвоным злотым, аж пакуль князь не падпіша прысуд патрэбнай формы. Зразумела, што тая асоба не дапусціла такога, што князь падпісаў бы патрэбны прысуд, каб не страціць пабочнага прыбытку. I пан Туркул, не маючы цярпення дачакацца выканання прысуду, памякчэў i дамовіўся са мной. На наступным сейме, дай Бог дачакацца яго, калі буду паслом, то ўнясу прапанову, каб у старастаў адабралі гэткі прывілей, шкодны для шляхты, буду дамагацца, каб гродскім судам надалі такую сілу Ў выкананні прысудаў, якую маюць земствы.

I сапраўды, у Гародні, на сейме 1784 года, па прапанове пана Жавускага, у той час валынскага пасла, закон аб выкананні прысудаў быў аднадушна ўхвалены.

Так мы бавілі час у размовах аб грамадскіх справах, i тут выйшаў кароль з пісарам, усе шматлікія падданыя былі рады бачыць манарха, гаспадар загаварыў пра тое, што ўсё ваяводства радуецца прыезду караля ў яго першым, так доўга чаканым падарожжы па Літве. Але кароль жвава перапыніў яго:

-Пане харунжы, бачу я, што вы лічыце мяне чужым, а я ж адношуся да радавітых ліцвінаў, нарадзіўся i ахрышчаны ў Воўчыне, у маладых гадах быў на пасадзе літоўскага стольніка. Я нават быў на сейміку ў Лідзе, на якім належаў да пасольства прысутнага тут вашага шаноўнага ваяводы. Ваша мосць, наваградскі ваявода, прашу вас засведчыць, што я тады вас не падвёў.

Яснавяльможны Несялоўскі пакланіўся, дзякуючы за тое, што найяснейшы пан успомніў пра яго, а ксёндз Кунцэвіч, наваградскі суфраган, сівы стары, але яшчэ здатны заводзіць гавэнды, умяшаўся ў размову:

- Дазволь, найяснейшы пане, прыпомніць пэўную акалічнасць, звязаную з жыццём вашай каралеўскай мосці ў Літве. Гэта было ў Вільні пры князю біскупе Пацеі. Быў я тады ўжо рэктарам у калегіуме святога Казіміра, а яснавяльможны вялікі літоўскі пісар толькі што стаў там прафесарам, тады яшчэ i думкі не было пра скасаванне калегіума. Князю біскупу пераказалі, што ў Панарскім лесе народ патаемна збіраецца, каб спраўляць нейкія даўнейшыя язычніцкія абрады, i што там стаіць свяшчэнны дуб велізарнай таўшчыні, пад якім людзі становяцца на калені, адбіваюць паклоны i спальваюць ахвяры. Ягонаму папярэдніку ўжо гаварылі аб гэтым, i ён аддаў загад зваліць i спаліць той дуб, але казалі, што кожны, хто стукне сякерай па тым дубе, забівае сам сябе. Таму просты люд думаў, што гэта Бог ахоўвае свой дуб, іншыя ж думалі, што дуб загавораны д'яблам, таму ніхто не адважваўся зачапіць той дуб i загад заставаўся не споўнены, а забабоны як ішлі, так i ідуць. I вось ксёндз Пацей, настолькі ж разумны, наколькі i горды, які хварэў тады на падагру i два гады не ўставаў з ложка, а таму не мог сам з'ездзіць у Панарскі лес, паслаў туды цэлую камісію, на чале якой стаяў цяпер ужо нябожчык ксёндз Юрага, віленскі афіцыял, паслалі туды i мяне 3 айцамі езуітамі. Быў з намі i ксёндз Нарушэвіч, які сёння сярод нас, ён мяне паправіць, калі памылюся. Было там многа дамініканцаў, бернардзінцаў i прадстаўнікоў іншых духоўных ордэнаў, не лічачы свецкага люду, з'ехалася ці не ўсё віленскае духавенства, хто па загаду, хто дзеля цікавасці, а да ix прыстала нямала гаспадароў i шляхты. Спачатку ксёндз Юрага прамовіў казань, звяртаючыся да народа, у ёй пераконваў, што з ідалапаклонствам пара канчаць i нельга болей пагарджаць павучаннем нашага Збавіцеля i святога касцёла аб тым, што не трэба паддавацца байкам i выдумкам нячысціка. Скончыў ён тым, што загадаў паваліць той дуб, але ніводзін прасцяк не паслухаўся. «А што мы, - кажа адзін другому, - ворагі самім сабе? Няхай ксенжа сам паспрабуе яго паваліць». Не трэба забываць, што там было нямала свецкіх асоб. Ксёндз Юрага i кажа віленскаму кашталяну яснавяльможнаму Хлябовічу: «Як важны сенатар, падай, пане, прыклад, тым самым ты развееш забабоны». А пан кашталян адказаў, паказаўшы на вялікага гетмана літоўскага i адначасова віленскага ваяводу князя Радзівіла: «Вось ён першы сенатар нашай правінцыі. Барані Божа, каб я аспрэчыў яго першынство». Князь адказаў: «Рыбанька, будзе лепей, калі першынство будзе належаць духавенству». Ксёндз Юрага даводзіў: «Не да твару духоўнай асобе махаць сякерай». Так мы i стаялі ўсе, азіраліся, але хоць i верылі, але кожны думаў: «А што, як чорт яго загаварыў?» Хто можа быць тут упэўненым, калі ён нават замахнуўся на Sanctus Sanctorum (святое таінства). Магла стацца непрыемная рэч: тут вучаць не паддавацца забабонам, i тут жа самі навучыцелі перапалохаліся настолькі, што ніводзін не адважваецца на тое, аб чым прапаведуе. Аж тут адзін малады пан, апрануты па-замежнаму, дзівосна прыгожы, больш падобны да анёла, чым на чалавека, гледзячы на гэты карагод, хапае сякеру i смела б'е па дубе, раз, другі, трэці. Тут народ убачыў, што яму нічога не зрабілася, i так наваліўся на той дуб з сякерамі, што зваліў яго на зямлю адным духам, i ён з шумам рухнуў на зямлю. Мы пацікавіліся, што гэта быў за пан, такі адважны i прыгожы, i даведаліся, што гэта пан кракаўскі кашталян, цяперашні наш памазанік, які ушанаваў нас сваім прыездам i які, дай, Божа, будзе ўладарыць над нашымі праўнукамі, як цяпер шчасліва ўладарыць над намі. Вось так, ледзьве выйшаўшы з дзіцячага ўзросту, наш вялікі манарх прадоўжыў справу Уладзіслава Ягайлы: той прышчапляў новую веру язычнікам, а гэты знішчаў апошнія рэшткі ідалапаклонніцтва. Бог узнагародзіў яго за гэта, даверыўшы яму ўладаранне людзьмі, смялейшы за ўсіх, Ён накіраваў нас на шлях збавення.

Каралю вельмі спадабаўся гэты ўспамін пра яго раннюю маладосць, тым болей што гэту падзею памяталі некаторыя з прысутных як праўдзівыя сведкі, а многія ведалі або чулі. Пан Трамбецкі пачаў папракаць ксяндза пісара за тое, што ён сам не падаў тады прыклад, але той адказаў:

- Ты, васпан, думаеш, што у нас у ордэне ўсё гэтак жа, як у шляхты, дзе кожны старшы? У нас малады не можа апярэдзіць старэйшага. Ці ж не праўда, панове, што рэктар стоўк бы мяне ў парашок, каб я без ягонага загаду ўзяўся за сякеру? А потым, ты ж сам, шаноўны пан шамбялян, напісаў пра нашага манарха:

Ты прывучаў святло i веру славіць,

Цвяроза думаць навучыў i слушна раіць.

Усё ідзе ad Caesaris ехеmplum (па прыкладу Цэзара). Пры Сасах мы былі п'яніцы, баязлівыя i цёмныя, цяпер мы цвярозыя, мужныя i асвечаныя. Учора мы, старэйшыя, маглі ўпэўніцца ў наваградскай школе, што цяпер дзеці ведаюць тое, што ў нашы часы ведалі толькі важныя чыноўнікі.

Гэтыя словы пісара спадабалася моладзі, але старэйшыя хмурыліся, а кароль, прыкмеціўшы такое, павярнуў усё па-іншаму:

- Ці былі б мы настолькі шчаслівыя, - сказаў ён, - спаўняючы законы, прадпісаныя нам Богам, калі б не знаходзілася старэйшых, якія дапамаглі ажыццявіць нашы намеры, пашыраючы веды сярод моладзі. Без дапамогі тых ветэранаў, пра якіх, відаць, жартам, вы так лёгка ўспаміналі, пане пісар, ніякія нашы старанні не мелі б вынікаў.

Гэтымі словамі кароль вельмі ўзрадаваў усіх нас. Потым жонка харунжага спытала караля, ці не пагадзіцца ён паабедаць у гумне, просячы прабачэння, што не знайшлося большай залы, у якой магло б змясціцца столькі людзей, якія хочуць падзяліць радасць сустрэчы з каралём. Кароль ветліва адказаў, што якраз натуральным будзе накарміць караля вясковага народа ў гумне, падаў руку гаспадыні i пайшоў з ёю ў гумно. Калі мы па прыкладу i з дазволу найяснейшага пана занялі месцы за сталом, тыя, хто стаяў каля караля, паказалі яму па-майстэрску зробленую з цеста i цукру фігуру Пяста, які сядзіць на возе, запрэжаным двума валамі i нагружанымі коламі, а яму каля варот Крушвіцы ваяводы падносяць карону i жазло - знакі каралеўскай улады. Гэтая цудоўная работа, якая доўга яшчэ потым захоўвалася ў Снове, была справай рук вандроўнага разьбяра Нямца, які нібы па Божай волі якраз у гэтую пару паднаўляў i залаціў у касцёле айцоў дамініканцаў розныя неабходныя ў богаслужэнні прадметы. Ведаючы, што Нямец здольны на многае, пан харунжы загадаў нам узяць яго ў Сноў, дзе ён за два дні i паказаў, на што ён здатны. Пасля таго, як кароль паехаў, пан харунжы ад дабрыні душы даў Нямцу ўзнагароду - дваццаць пяць чырвоных злотых. А тады, гледзячы на яго работу, пачалі разважаць, ці было тое ў сапраўднасці, ці тэта толькі вымысел летапісца. Адны даводзілі, што такое магло быць, другія, а сярод ix i шамбялян Трамбецкі, лічылі, што гэта алегорыя. Спрачаліся, як гэта бывае сярод вучоных, i тут загаварыў кароль:

- Злітуйцеся, не адбірайце ў нас нашага Пяста! Няхай ён заўсёды служыць нам прыкладам таго, што просты майстар, які робіць колы, каляснік, можа за свае вартасці дасягнуць найвышэйшай улады.

Тут якраз удала сказаў пан харунжы, які стаяў, як гаспадар, за каралеўскім крэслам:

-Найяснейшы пане, ваша каралеўская мосць для нас i ёсць сапраўдны Пяст, нават каляснік, як ён, бо вы робіце кола фартуны, польскай i літоўскай.

Кароль адказаў яму прыязнай усмешкай. Потым ён пачаў па-французску гаварыць з гаспадыняй. Па знаку гаспадара, які з вялікім келіхам выпіў за здароўе караля i перадаў яго нашаму ваяводу Несялоўскаму, кампанія пачала ажыўляцца. Келіх пачаў вандраваць паміж намі. Кожны раз, калі пілі за здароўе, спявалі песні на словы сына літоўскага харунжага, нашага пасла i роднага брата гаспадыні. Кароль піў з малога кілішка за здароўе гаспадароў i шляхты, але было відаць, што яму гэта не падабалася. Але мы, шляхта, разгарачоныя яго прысутнасцю, расперазаліся, i ўвесь час, пакуль абедалі, ішла ажыўленая размова. I паны, якія прыехалі з каралём, хоць i прывыклі да Варшавы з яе культурай, але пілі не горш за нас, асабліва ксёндз Нарушэвіч, ён піў так, што можна было залюбавацца. Але мы ўсё ж неяк стрымліваліся, бо пан харунжы загадзя паведаміў нам, што пасля абеду кароль будзе раздаваць узнагароды i пасады. Гаспадару трэба было быць асабліва цвярозым, бо ён як намеснік падкаморыя павінен быў расказаць каралю пра вакансіі i спадзяванні нашых грамадзян.

I сапраўды, пасля абеду кароль найшоў у адведзены яму пакой з ваяводам, наваградскім кашталянам i харунжым Рдултоўскім, там ён раіўся з імі наконт узнагарод, заслужаных грамадзянамі, i аб раздачы вакантных пасад тым, хто можа на ix спадзявацца на сваіх заслугах.

Параіўшыся, усе яны вярнуліся да нас. Мы з вялікай нецярнлівасцю чакалі. I вось кароль загадвае ксяндзу Нарушэвічу абвясціць спіс узнагароджаных. Ордэнам Белага Арла тады былі ўзнагароджаны Гедэон Яленскі, кашталян, ксёндз Кунцэвіч, аднументанскі біскуп i наваградскі суфраган. Ордэн Святога Станіслава атрымалі пан харунжы, гаснадар, пан Абуховіч, падваявода i пан Равенскі, прэзідэнт земскіх судоў. Пан Семірадскі, які год назад склаў з сябе паўнамоцтвы стольніка іп favorem (на карысць) пана Іналіта Корсака, атрымаў пасаду вайсковага суддзі. Вольныя наваградскія староствы i мастаўнічоўства дасталіся Селястыну Чачоту i Юзафу Борзабагатаму; некалькі старостваў кароль раздаў нашым людзям у месцах, якія ўжо не належалі Польшчы. У тым шырокім разліве шчадрот найяснейшага нана i мяне яго ласка не мінула: мне дасталося месца парнаўскага падчашага. Але нам былі важныя не толькі самі пасады, але i абыходжанне караля з вылучанымі ім, бо кожнаму новапрызначанаму ён умеў сказаць нешта важкае. Мне ён сказаў:

-Пан парнаўскі падчашы, мы заўжды стараемся прадставіць заслужаным грамадзянам усё больш шырокае поле для ix дзейнасці. Ведаю, што пан доўга выступаў супраць нас, але я не стаўлю гэта ў віну, бо кожны жыве па сваіх перакананнях. Я спадзяюся, што з гэтай пары пан i ў думках не дапусціць ніякіх звадак у нашай Рэчы Паспалітай i будзе з нязменнай вернасцю служыць каралю, цесна звязанаму са сваім народам, як некалі служыў той яго частцы, якая адлучылася ад яго з-за неспрыяльных акалічнасцей. Спадзяемся, што васпан заўжды будзе верным нашым слугой i прыхільнікам.

Мы ўсе сталі на калені перад каралём i каля яго ног пакляліся ў вернасці, i я да гэтай пары трымаюся яе. I не толькі я, але ўсе вылучаныя i ўзнагароджаныя з запалам прысягалі на вернасць. Мы пранікліся такой любоўю да нашага манарха, што былі нібы ў гарачцы, ніводзін з нас не мог потым успомніць, што рабіў. Памятаю толькі, што падалі Ў ногі, плакалі, спявалі i пілі, колькі ўлезла. Хаця кароль i паказваў, што рады нашаму прыёму, але думаю, што яму гэта i надакучвала, бо мы не пакінулі яму вольнай хвіліны. Адзін канчае сваю Казань, другі пачынае, а гаспадар толькі падыходзіць да таго ці другога i кажа, што каралю заўтра трэба рана выязджаць, што ён змучаны працай i дарогай i яму трэба даць адпачыць. Ледзь-ледзь удалося яму ўтаймаваць нас. А потым мы, сабраўшыся ў афіцыне, каб галас не дакучаў каралю, усю ноч пілі. Калі раніцой кароль садзіўся ў карэту, мы стаялі каля ганка i ледзь трымаліся на нагах. Тут зноў пачаліся спевы, просьбы даць нам сваё бацькоўскае.блаславенне, якое мы занясём нашым жонкам i дзецям. Многія з нас, хаця перапілі i недаспалі, паехалі конна суправаджаць караля да мяжы нашага ваяводства. Калі ж я адбыў усё гэта i вярнуўся ў Доктаравічы, якая была радасць жонцы i чэлядзі! Я злез з брычкі, i першыя словы, якія я сказаў жонцы, былі:

-Жонка, дзякуй Богу, што нам неспадзявана пашанцавала! Быў у нас з Яго ласкі маёнтак i дзеці, не хапала толькі пасады. Але кароль узнагародзіў нас i пасадай. Цяпер ты жонка парнаўскага падчашага, пацалуй жа свайго мужа!

- Што ты кажаш, няўжо праўда?

- Так, так, мая Магдуся! А памятаеш, як ты моцна пакрыўдзілася Ў мінулым годзе, калі наша суседка, пані Райская, жонка мечніка, напісала табе: «Вельміпаважаная пані i дарагая сястра». Ты тады горкімі слязамі залівалася, скардзілася на яе нетактоўнасць. А я тады казаў табе: «Хаця пані мечнікава магла б i не выстаўляцца, але нам няма за што асуджаць суседку, бо яна жонка высокай службовай асобы, а ты простая шляхцянка». Я тады ледзьве супакоіў цябе, а ты кожны панядзелак малілася, каб таксама стаць вяльможнай. Бачыш, хто з Богам, таму Бог дае. Вось i мы з яго ласкі ўжо вяльможныя.

- Ах, мой Севярыне, дазволь я пашлю па пошце пані мечнікавай паведамленне пра наша шчасце, напішу ёй як добрай суседцы.

- Добра, Магдуся, напішы. Няхай усе ведаюць, што i мы выйшлі ў людзі.

Мая Магдуся доўга не магла прыйсці ў сябе ад радасці. А я, гледзячы на яе, лепш адчуваў сваё шчасце, чым тады, калі атрымаў яго ў Снове з рук найяснейшага пана. А дома мяне з вялікай радасцю павіншавалі чэлядзь i вясковая грамада. Я паставіў вяскоўцам пяцьдзесят кварт гарэлкі на дзядзінцы, i мы разам радаваліся, а мой стары упраўляючы Пянкальскі, які клапаціўся пра маё дабро болей, чым пра ўласнае, i за мой кошт вывучыў сваіх сыноў у школах, расчуліў мяне да слёз, бо Магдуся пераказала мне яго словы, калі ён даведаўся, што я стаў падчашым:

- Пані! Цяпер я магу спакойна памерці, бо дачакаўся, што заслугі пана адзначаны.

Да мяне з'ехаліся суседзі ледзьве не з усёй акругі, каб павіншаваць, чым навялі мяне на вялікі кошт. Але мы пра тое не шкадавалі, нават Магдуся хоць i ашчадлівая гаспадыня, але была так рада свайму новаму становішчу, што не бедавала па выдатках.

Каментар

Кароль Станіслаў (с. 309)

Чацвярцінскі Антон (1748-1794) - пшэмысльскі кашталян, быў дэлегатам сейма 1773-1775 гг., выступаў на баку тых, хто дамагаўся падзелу Польшчы, прыспешнік Расіі, адзін з арганізатараў таргавіцкай канфедэрацыі. У час паўстання Т. Касцюшкі 28 чэрвеня 1794 г. быў павешаны.

Трамбецкі Станіслаў (каля 1739-1812) - каштаян, паэт, сябра караля Панятоўскага. Бываў у межах Беларусі, некаторы час жыў у Гродне.

Некалькі старостваў раздаў у месцах, якія ўжо не палежалі Польшчы - тут тлумачыцца, як Сапліца атрымаў тытул «парнаўскага падчашага». Парнавы ў апісаны час ужо не ўваходзілі ў межы Польшчы.

Я тады ледзьве супакоіў цябе - пакрыўдзілася жонка Сапліцы таму, што да яе звярталіся не як да шляхцянкі. Сёстрамі называлі жанчын у лісце тады, калі вышэйшая асоба звярталася да ніжэйшай па рангу. Тытулаваных асоб у лістах называлі «вяльможнымі панамі».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX