Папярэдняя старонка: Суднік Станіслаў

Успаміны. З беларускай мовай па жыцці 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 06-09-2011,
Крыніца: Наша Слова № 35 (670) 8 верасня 2004 г.; № 36 (671) 15 верасня 2004 г.; № 37 (672) 22 верасня 2004 г.; № 38 (673) 29 верасня 2004 г.; № 39 (674) 6 кастрычнiка 2004 г.; № 40 (675) 13 кастрычнiка 2004 г.; № 41 (676) 20 кастрычнiка 2004 г.; № 43 (678) 3 лiстапада 2004 г.; № 44 (679) 10 лiстапада 2004 г.; № 45 (680) 17 лiстапада 2004 г.; № 46 (681) 24 лiстапада 2004 г.; 47 (682) 1 снежня 2004 г.; № 48 (683) 8 снежня 2004 г.; № 49 (684) 15 снежня 2004 г.; № 50 (685) 22 снежня 2004 г.; № 51 (686) 29 снежня 2004 г.; № 1 (687) 5 студзеня 2005 г.; № 2 (688) 12 студзеня 2005 г.; № 3 (689) 19 студзеня 2005 г.; № 4 (690) 26 студзеня 2005 г.; № 5 (691) 2 лютага 2005 г.; № 6 (692) 9 лютага 2005 г.; № 7 (693) 16 лютага 2005 г.; № 8 (694) 23 лютага 2005 г.; № 9 (695) 2 сакавіка 2005 г.; № 10 (696) 16 сакавiка 2005 г.



Не адзін раз мне даводзілася чуць, чытаць і ў якасці рэдактара "Нашага слова" друкаваць аповяды беларусаў, пра тое, як ім цяжка даводзілася з беларускай мовай у расейскамоўным асяроддзі савецкіх часоў, як яны вымушаны былі цярпець кпіны з-за сваёй беларускасці, як пераходзілі на расейскую мову, каб не быць белай варонай і г. д.

Я ж звяртаюся да гэтай тэмы таму, што ў маім жыцці ўсё было з дакладнасцю наадварот. Беларуская мова мне дапамагала, яна мяне ахоўвала, вяла па жыцці, забяспечвала, калі хочаце, месца ў самых розных калектывах і, нават, кар'ерны рост. Чаму так? І як так магло быць?

Адказ будзе доўгім.


Я, Станіслаў Суднік, нарадзіўся ў сям'і Вацлава Судніка і Ганны Суднік (з дому Некрашаў) 21 верасня 1954 года. Ва ўсіх маіх дакументах напісана, што я нарадзіўся ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці. На самай справе я нарадзіўся на хутары Касцянева, аж за цэлых 300 метраў ад гэтых Сейлавіч, але 300 метраў былі поплавам, што быў праходны толькі зімой, калі замярзаў і летам, калі высыхаў. А так па вялікім рахунку гэта было паўасушанае балотца.

На Касцяневе стаяла недзе каля сямі сядзіб на адлегласці з паўкіламетра адна ад другой. З поўначы ад Касцянева быў, як было сказана поплаў, з поўдня паміж Касцяневам і Ліпніцкімі было балота пад назвай Алешнік, з усходу - забалочаная пойма рэчкі Тур'і, якая аддзяляла Касцянева ад Куліка, на захадзе зацягваў той жа Алешнік, аддзяляючы Касцянева ад Бажантарні. Нельга сказаць, што Касцянева было адрэзана ад цывілізацыі. Была "града", па якой можна было прыйсці ў вёску, быў брод, цераз які можна было перабрацца ў Кулік, а пасля па грэблі зноў жа ў вёску. Праўда на развесіі было наша Касцянева жывой выспай. З-за такіх геаграфічных варункаў і такой заселенасці (аж сем сядзіб) мне, малому чужых людзей даводзілася бачыць надзвычай рэдка, хіба пастухі прыгоняць статак, ці якія госці надарацца. Бацькі хадзілі на працу ў калгас, а нас з Вандай - малодшай маёй сястрой, выхоўвала ў асноўным бабуня, Марыя Адамаўна з Мысліцніх з засценка Пасякі, якая прыйшла ў Сейлавічы замуж. Яна з намі гаварыла, яна нас вучыла і выхоўвала. Таму мы вывучалі менавіта яе мову, мову ў якой не было ні аднаго небеларускага слова, акрамя хіба слова млека .

Не ведаю дакладна, як яна ставілася да рускай мовы, хутчэй што ніяк, бо я да 2-га класа наогул не ведаў, што бывае такая руская мова на свеце. Абыходзіліся і без яе. Польскую ж мову старая шляхцячка Марыя Суднік-Грынкевіч з дому Мысліцкіх не любіла канкрэтна. На пытанне: "Чаму вы, цётка, па польску не гаворыце?" - адказвала: "Па-польску, па ср-ку. Гавары, як Бог даў. Хто такія палякі? Яны - мужыкі, а мы - шляхта!" Гэтыя выказванні цалкам адпавядалі агульнай пазіцыі радзівілаўскай шляхты ў моўным пытанні. Гэтая пазіцыя захавалася і да сёння.

Падчас перапісу 1999 года нясвіжская шляхта на 100% назвала роднай мовай беларускую і на 100% сказала, што дома размаўляе па-беларуску.

Бабуня была непісьменная. Яна была з 1883 года, а ў тыя часы дзяўчат, нават дастаткова багатых шляхцянак, пісьменству вучылі рэдка, тым больш, што расла пры айчыме. І мабыць з-за непісьменства бабуня ведала напамяць усяго адзін вершык. Але гэта быў вершык па-беларуску.

Як я ехаў з пад Кіяна

Ды ў Смаргоні і не п'яны.

Як прыехаў на Ваўкелы,

А ў мяне быў конь

Добры, белы...

і г. д.

Ніхто не ведаў, хто аўтар гэтага верша, і толькі ў старэйшых класах школы я даведаўся, што гэта верш Францішка Багушэвіча "Здарэнне". Гэтага верша ад бабуні навучыўся і я.

Такая вось моўная атмасфера для мяне малога і была. Пра польскую мову ведалі, што яна ёсць, а пра расейскую нам ніхто і не казаў.

Фактычна на Касцяневе, ды і потым у Сейлавічах гучала амаль літаратурная беларуская мова з некаторымі паланізмамі, якія даўно і стала праніклі ў яе. Характэрнай асаблівасцю нашай мовы было э-канне ў назоўніках мужчынскага роду множнага ліку, і сям-там у іншых часцінах мовы. Казалі: казлэ, баранэ, слупэ, чатэры і г.д.

Трэба сказаць, што і на іншых хутарах мова нічым не адрознівалася. Хто вучыўся ў польскай школе, мог ужыць калі-нікалі польскае слова, хто паслужыў у Савецкім войску - расейскае.

Асабняком стаялі назвы розных інструментаў і прыстасаванняў. Там трапляліся такія словы з нямецкай, з яўрэйскай, а то і французскай моваў, што ўжо і не згадаць усіх.

На хутарах ды і ў Сейлавічах да сярэдзіны 60-х гадоў не ведалі мату. Дакладней будзе сказаць: не ўжывалі. Мы малыя яго не чулі ніколі: ні дома, ні ў вёсцы, ні ў школе. Мат з'явіўся, калі пачалі масава вяртацца са службы ў войску пасляваенныя хлопцы.


У канцы 50-х гадоў хутары пачалі зганяць у вёску. Прыехала і мова. З такой мовай мы і пайшлі ў школу.


У першы клас я хадзіў два разы. Першы раз у 1961 годзе. Да 7 год мне не хапала тры тыдні, але бацькі вырашылі аддаць у школу.

Багаж ведаў перад школай быў "значны". Напрыклад, каляровых алоўкаў не бачыў ніколі. Разумеў слова крэйда , але не пагаджаўся са словам мел , бо мелам маці бяліла печ. Палова вучяў не ведала слова сшытак , бо ў Сейлавічах бытавала слова каета , мабыць, французскага паходжання і г. д.

Такіх былых хутаранцаў у клас набралася 43 чалавекі, з іх 37 хлопцаў. Бедная Ядвіга Іосіфаўна схапілася за галаву. А што рабіць? На дапамогу прышлі медыкі. Пачалі рабіць прывіўкі ад воспы і сказалі, што каму няма сямі тым рабіць нельга, а без прывівак у школу хадзіць нельга. Так нас траіх шасцігодак адправілі яшчэ год сабак па Сейлавічах ганяць, за што мы ніколі ў крыўдзе ні на кога не былі. Падраслі, паразумнелі, лягчэй вучыцца было, ды і клас набору 1962 года, як нам падавалася, быў лепшы.

У першым класе ні пра якую мову гаворка не вялася. Былі чытанне, пісьмо, арыфметыка, чыстапісанне і што там яшчэ: спевы, праца, рысаванне, фізкультура. Але калі мы дапускалі недакладнасці Крыстына Станіславаўна папраўляла і казала: "Па-беларуску правільна вось так". Таму тое, што мы размаўляем па-беларуску мы ведалі.

Расейскую мову мы пачалі вучыць з 2-га класа. Мае асабістыя нелады з гэтым прадметам пачаліся з першага дамашняга задання. Заўпарцілася слова "коза" Напісаў "каза" Закрэсліць нельга, пяцёркі не будзе. Балазе першы ліст. Выдраў. Перапісаў класную работу, і зноў дамашняя - і зноў "каза" Выдраў наступны ліст. І так чатыры разы. І ўсё пяром "Зорачка". Дрэнны быў знак. Так я і школу скончыў з адной чацвёркай - па расейскай мове. Суцяшала тое, што я ў праблемах з расейскай мовай быў не адзінокі. Па вялікаму рахунку толкам яе не ведаў ніхто, гэта пра пісьменнасць, а што тычыць маўлення, то тут і казаць няма чаго. Ніхто язык не ламаў і ламаць не збіраўся. Таму ад рускай мовы заставаліся толькі словы, вымаўленыя з усімі цвёрдымі р, ч, ж і г.д.

Нелюбоў да рускай мовы пераносілася і на настаўнікаў, якія выкладалі гэты прадмет Асабліва цярпела Ніна Дзмітраўна Сваткоўская. Усе напасці, якія мог прыдумаць вучнёўскі розум даставаліся ёй.

Нелюбоў да рускай мовы была абсалютна стыхійнай, нікім не арганізаванай, але ў тым і была яе сіла. Трэба сказаць, што нямецкая мова, якая пачалася з 5-га класа ніякіх асаблівых эмоцый ня выклікала. Прадмет і ўсё.

Падчас вучобы мелі месца спробы з боку настаўнікаў пашырыць ужыванне рускай мовы. Так маладая настаўніца фізікі Ніна Платонаўна, вельмі прыгожая і патрабавальная, паспрабавала перакачаць нас, што трэба вучыцца па-расейску, бо ў Менску ўсё па-расейску, але сустрэла ўпартае непаразуменне. Мы гатовыя былі па-расейску праводзіць КВЗ, якія ўкараняла Ніна Платонаўна, але вучыць па-расейску фізіку не хацелі. Мусіла настаўніца сама пераходзіць на беларускую мову.

Недзе ў 9-м ці 10-м класе нам прывезлі падручнікі па біялогіі на расейскай мове. Першай абурылася Лёдзя Ванагель з Андрушоў. "Я па гэтай кніжцы вучыцца не буду", - і шпурнула падручнік з перадапошняга стала пад дошку. Астатнія склалі падручнікі на край сталоў і перадалі на настаўніцкі стол. Праз тыдзень прывезлі беларускія кніжкі. Але ў прынцыпе эксцэсаў было не шмат.

Каб не пакрывіць душой, мушу сказаць, што ніякага арганізаванага нацыянальнага руху за Беларусь ці супраць Расеі ў Сейлавічах не было. Супраць рускіх мы выступаць не маглі, бо жывога рускага ў тых Сейлавічах амаль не бачылі. Некалі прыстаў у прымы да тутэйшай шляхцянкі былы царскі салдат Андрэй Кірашоў. У яго былі два сыны Ёзік і Франак, абодва шчырыя католікі. Ёзік меў прозвішча Кірашоў, а Франак - Кіраш. Мой сябар Янак 10 гадоў прахадзіў у школу як Кіраш, і толькі ў канцы, як пачалі ўдакладняць прозвішчы для атэстата, высветлілася, што ён Кірашоў.

Не больш было ў Сейлавічах і палякаў. Як за маю памяць, то этнічнага паляка не было ніводнага. За пяць кіламетраў у Бузунах быў адзін былы польскі жаўнер Пшыбас, які, як і Кіраш, прыстаў у прымы ўжо да бузуноўскай шляхцянкі. Той, што праўда, быў паляк зацяты. Па-польску гаварыў да смерці.

Асаднікаў у Сейлавічах не было. Можа пры Польшчы і былі настаўнікі- этнічныя палякі, а мо і не, цяпер цяжка даведацца.

Пасля вайны ў Сейлавічы прысылалі старшынь сельсавета і калгаса з рускімі прозвішчамі Руднёў, Лакціёнаў, але ці былі яны расейцы, ці з Усходняй Беларусі ніхто зараз не скажа, бо і тады нікому не было цікава. Неўзабаве і гэтыя пазнікалі, каго пасадзілі, хто з'ехаў.

Такім чынам ніякіх антырасейскіх настрояў у Сейлавічах не было. Традыцыйна лаялі бальшавікоў і саветаў. Але разам з тым у моладзі былі вельмі моцныя антыгарадскія настроі. Гарадскім лічыўся кожны, хто гаварыў па-расейску. Было няважна, з Нясвіжа ты ці з Менска, калі гаворыш па-нашаму, то наш, калі па-расейску, то гарадскі. Асабліва не любілі сваіх, якія пабыўшы два месяцы ў горадзе пачыналі гаварыць па-расейску. "Што? З'еў паўтары гарадскія батоны і ўжо рускім стаў!" - казалі ў Сейлавічах. Чамусьці гаварылі пра паўтара батоны. Мабыць, калі хто паспеў з'есці два батоны, то той меў права гаварыць па-расейску. Не ведаю дакладна, як там сейлаўцы пачуваліся ў вялікім свеце, але ступаючы на сваю зямлю тут жа абтрасалі гарадскі пыл і ў большасці сваёй былі людзі, як людзі.

Разам з тым праблема беларускай мовы нам была вельмі знаёмая. Калі, напрыклад, у школе выбухнула эпідэмія на паэтаў, шмат хто пачаў пісаць вершы, то мела месца спецыяльная нарада вучняў старэйшых класаў па пытанні, на якой мове пісаць. Тады за рускую мову выказаўся ўсяго адзін чалавек, астатнія спрабавалі пяро па-беларуску. Беларускамоўныя паэты атрымалі значную падтрымку, калі ў 1969 годзе ў 9-ты клас Сейлавіцкай школы прыйшоў Косця Жук з Затур'і, сённяшні сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Кастусь Жук. Ён пісаў тады непараўнальна лепш за ўсіх нас і пісаў па-беларуску, таму аўтарытэт беларускай мовы ў паэзіі стаў бясспрэчным.

Тады ж у маё жыццё ўвайшоў Маскім Багдановіч з яго "Пагоняй", ды так, што і старэйшага сына я ў 1977 годзе назваў Максімам. Тады ж у пачатку 70-х узніклі, як сімвал беларускасці, "Песняры". Не пералічваючы ўсіх заслуг "Песняроў" я мушу назваць адну. У той час "Песняры" легалізавалі беларускую мову, як мову сусветнага мастацтва. У нас з'явілася чым і кім ганарыцца, з'явіліся песні, вядомыя ўсяму народу, фактычна агульнанацыянальныя песні.


Аднак крыўда за занядбанне роднай мовы ў нас усё-такі не згасала. Пакуль я быў у Сейлавічах, да буйных эксцэсаў справа не даходзіла. Наогул я 10 гадоў быў як бы нефармальным лідарам моладзевай групоўкі да 15 чалавек хлопцаў, а ў 9-10 класе - кіраўніком групы "Спартак" з колькасцю сяброў да 50 чалавек. За 10 год з нашай "каманды" ні адзін чалавек не трапіў ні ў бальніцу, ні ў міліцыю, ніхто, дзякуй Богу, не ўтапіўся, не пакалечыўся, што высока цанілася бацькамі, якія проста патрабавалі, каб іхнія дзеці гулялі ў нашай кампаніі. Але, калі я ў 1977 годзе паступіў у вайсковую навучальню і пакінуў Сейлавічы, рэй павялі Славік і Юрак Чарнюкі ды Чэсь Пражэнік. Славік быў больш рэзкі, таму антыгарадскія настроі пачалі вылівацца ў тое, што ўсіх хто гаварыў па-расейску, пачалі проста біць. Асабліва даставалася студэнтам, якія прыязджалі капаць бульбу.

Многае з часам памянялася. Памяняліся і хлопцы, але тыя часы актыўнага супрацьстаяння гарадскому абрусенню не прайшлі бясследна.

На працягу вучобы ў школе я некалькі разоў спрабаваў прыступіць да вывучэння польскай мовы, але заўсёды справа ўпіралася ў тое, што акрамя малітоўнікаў (кантычан) ні адной польскай кніжкі ў Сейлавічах было не знайсці (як стала вядома пазней, на гарышчы ў Стася Грынявіцкага яны ўсё-такі былі). Таму пацеры чытаць нас неяк панавучвалі, але не больш.

Сталыя сейлаўцы, якія пахадзілі ў польскую школу, польскую мову разумелі, ніхто нічога супраць яе не меў, але, як бы дамовіўшыся, па-польску не гаварылі. "Ламаць язык" ці то на польскі, ці то на расейскі манер у іх лічылася проста непрыстойным, усяроўна, прабачце, што пукнуць ў "гжэчнай" кампаніі. Кожнае нетрадыцыйнае слова, ужытае чалавекам, магло стаць крыўднай мянушкай не толькі для яго, а і для дзяцей і ўнукаў. "Гавары, як Бог даў", - векавечная лінгвістычная формула выконвалася тут непахісна.

Такім чынам мае спробы заняцца польскаю моваю далей "Ойча наш" не пайшлі. Затое я недзе знайшоў рэкламу курсаў стэнаграфіі. У школе я паспеў скончыць першы курс. 1-шы і 2- гі курсы былі незалежныя, і пасведчанні выдаваліся пасля кожнага курса. Таму першую ступень стэнаграфічнай навукі я прайшоў зусім афіцыйна. Пазней у вайсковай навучальні мне забаранілі стэнаграфаваць канспекты, асабліва па гісторыіі КПСС і іншых марксісцка-ленінскіх навуках, на той падставе, што камандзір павінен правяраць, як курсант вядзе канспекты, а як жа ён тыя "кручкі" праверыць? Хаця, мабыць, дбалі яны не пра якасць канспекта, а пра яго змест, як бы чаго лішняга не заканспектаваў хто.

І вось з такога моўнага запаведніка я сам паехаў у той жа горад, паступаць наўпрост у Менскую вышэйшую інжынерную зенітную ракетную навучальню Супрацьпаветранай абароны краіны. Ад гэтага моманту і пачаўся мой рух па расейскамоўным жыцці з беларускай мовай.

Першая сутычка на моўнай глебе адбылася з масквічамі ўжо ў лагеры абітурыентаў. Яны мяне цалкам не разумелі. "Учись говорить по-русски, деревня", -- запатрабаваў адзін. "Прыеду ў Маскву, буду вучыцца, а пакуль ты ў Менску, ты і вучыся". Канфлікт неўзабаве вырашыўся сам сабой. Я напісаў сачыненне на рускай мове на "3", а масквічы паатрымоўвалі за тыя ж сачыненні "двойкі" і паехалі дадому.

Пры паступленні мне першы раз дапамагла мова. Тры экзамены былі здадзены. На чацвёртым (фізіка) мне дастаткова было чацвёркі, але білет быў складаны, я хваляваўся і адказваў на дзвюх мовах адразу. Яніна Вацлаваўна Лянец, якая слухала мяне, усміхнулася, спытала, якія першыя адзнакі сказала: "Будзеш вучыцца", -- і паставіла "чатыры".

1972 год, 1-шы курс.

Пасля залічэння я аказаўся ў 1-й группе 1-га курса 1-га факультэта. Групы фамаваліся адпаведна з замежнымі мовамі, а па-колькі ў беларускіх вёсках вучылі ў асноўным мову нямецкую, то і ў нашай групе сабралася значная колькасць такіх жа вясковых хлопцаў з Беларусі, таму праблема разумення знялася сама сабой. "Мы будзем называць цябе Слава", - сказаў адзін з новых аднагрупнікаў. "Называць можаце, як хочаце, адзывацца буду толькі на "Стась". На тым пытанне з імем вырашылі. Расейцы праўда называлі "Стас", але ўжо Бог з імі, маскалямі.

Не магу сказаць, што падчас вучобы мне ўдавалася захоўваць чыстую мову. Ішла магутная рускамоўная плынь інфармацыі. Па-расейску даводзілася вучыць, адказваць, несці службу. Беларускай мове заставалася месца па-за службай. Безумоўна, яна засмечвалася, але ніхто на гэта ня звяртаў увагі. Наогул, калі дзе і была ў Савецкім Саюзе свабода, то гэта ў войску. Ні адзін начальнік, ні адзін камандзір ніколі нічога не сказаў мне пра мову. Паміж курсантамі размовы ўзнікалі часта, але насілі міралюбівы характар. Расейцы ніякай агрэсіі не праяўлялі, ды і куды ім што было праявіць, камандір групы - беларус, сакратар партарганізацыі - беларус, сакратар камсамольскай арганізацыі - беларус.

Паваротным з'явіўся чацвёрты курс, калі мы з казармы перасяліліся ў гасцініцу. Са мной у адзін пакой пасяліліся Сяргей Кастрыцкі з Узды, Уладзімір Варанковіч з Крывічоў з- над Нарачы і Лёня Загольдны з Тулы. Неўзабаве пасля засялення Кастрыцкі сказаў: "Стась, ты ж не размаўляеш па-беларуску. У цябе вясковая, мяшаная мова, гавары або чыста па-беларуску, або чыста па-руску". "Добра. Але чыста па-беларуску". Я вымушаны быў звярнуць асаблівую ўвагу на чысціню мовы. Праз месяц праблема была знятая. Русізмы з мовы зніклі, ну амаль зніклі. Вайсковая тэрміналогія мусіла застацца, бо беларускай тады проста ніхто не ведаў. Таму я мушу сёння толькі "дзякуй" сказаць Сяргею Кастрыцкаму, які падштурхнуў мяне да ўдасканаляння мовы. Мы да гэтага часу ў сяброўскіх адносінах, і сам Сяргей няблага валодае мовай.


Першы выпадак, калі мяне канкрэтна выручыла беларуская мова, адбыўся на Віцебшчыне, у Гарадокскім раёне. Пасля 3-га курса, падчас летніх вакацыяў жаніўся Федзя Якімец з-пад Слоніма і браў дзяўчыну з вёскі Смароднік Гарадокскага раёна. Вось туды я і паехаў на вяселле. Паехалі ўтраіх: Амбражэвіч з Плянтаў Салігорскга раёна, Варанковіч і я.

Што тычыцца вяселля, то там усё не так, як у нас, і пасля вяселля мы з тамашняй моладдзю падаліся яшчэ на забаву ў суседнюю вёску. Як яна называецца, я не ведаў і тады. Ісці было кіламетраў з пяць і ўсё лесам.

Ну забава, як забава: музыка, танцы, хлопцы, дзяўчаты, знаёмствы. І недзе нехта з некім пабіўся. Ды пабілі мясцовых. Тыя з'явіліся ў клуб разбірацца, хто тут чужы. Ну чужы я. Падходзіць да мяне знаёмы ўжо хлопец з мясцовых і кажа: "Выйдзі, там цябе клічуць". Выходжу з сенцаў:- "Хто кліча?" Нікога няма. Паварочваюся ісці назад. Падымаюся на ганак. З-пад лямпачкі - кулак. Паляцеў з ганка. І адразу вакол кола. Успяваю падумаць, што варта падняцца і буду ў коле. Не падымаючыся, з нізкага старту шуснуў пад рукі і з кола выскачыў. Ну а далей..., у мяне быў другі разрад па бегу, гэта ў ботах, а ў туфлях ды ўцякаючы і на першы прабяжыш.

Хто там са спітых вяскоўцаў дагоніць курсанта ўжо 4-га курса. Адабягуся, падражнюся, далей пабег. Расцягнуў па полі ўвесь кагал. А толку што? Пінжак у клубе вісіць. Як дадому ісці не ведаю. Трэба вяртацца. Заходжу ў клуб, апранаю пінжак. Ізноў падходзяць. "Ну і чаго ж вы да мяне прычапіліся?" Слова за слова пакуль ізноў ішлі з глуба. Гляджу яны азадачаныя: "Адкуль ты такі беларус?" Туды-сюды. Супакоілася ўся кампанія. Іхні завадатар па прозвішчы ці мянушцы "Ваявода" камандуе сваім: "Сказаць ва ўсе вёскі, пакуль Стась будзе тут, каб ніхто пальцам не крануў". Адправіў меншых шукаць мае чорныя акуляры, якія выпалі з кішэні пад час першай заварушкі. Знайшлі. Прыставіў дзвюх дзяўчынак, каб давялі да Смародніка. І тыя строга задачу выконвалі. Назаўтра ў вёсцы дзівіліся. "Бачыш ты, хацелі набіць, а не набілі".

Я пражыў на Віцебшчыне недзе з тыдзень, купаўся ў тутэйшым возеры, бадзяўся з моладдзю па вёсках, а загад "Ваяводы" дзейнічаў усюды. Ні аднаго канфлікту.

Тут мушу спыніцца на адной з вечарын у вёсцы, якая стаіць кіламетра за 2-3 ад расейскай мяжы.

Забава ішла сваёй чаргой, як раптам зашушукалі: "Маскалі прыйшлі". Зайшла група моладзі, як аказалася з расейскай вёскі. Да мяне падышоў адзін з тутэйшых хлопцаў:-"Зараз будзем біць маскалёў, ты з клуба не выходзь, а то могуць не разабрацца". "А за што вы іх біць будзеце?" "А на тым тыдні яны нашых пабілі". Сітуацыя традыцыйная.

Расейцам далі станцаваць танцы два ці тры. У клуб урываецца разбэрсаная дзяўчына: "Расея, такую тваю маць, нашых б'юць!"

Паняслося.

Праз некаторы час хлопцы пачалі вяртацца "Добра далі." "Што, больш не пойдуць? "Ды не, на тым тыдні мы да іх пойдзем." "Дык там вам дадуць." "Нічога, потым мы ім ізноў прыкінем." Спорт у іх на памежжы такі - маскалёў ганяць. Самае цікавае, што ў тых беларускіх вёсках не ўжывалі слова "расеец", "расіянін", "рускі". Ужывалі толькі слова "маскаль".

Больш як ніколі не быў у тых краях, але з памяці не сціраецца, як беларуская мова аберагла мяне і зрабіла сваім сярод абсалютна чужых і незнаёмых людзей, незнаёмых, але беларусаў.


Тады ж пад уплывам першых савецкіх зонг-опер "Арфей і Эўрыдзіка", "Авось" і "Юнона" я пачаў пісаць лібрэта да беларускай зонг-оперы "Лесаўчы кі", дакладна ведаючы, што ніколі такой оперы не будзе. Савецкая ўлада падавалася вечнай, а нават маёй гістарычнай самаадукацыі хапала, каб зразумець, што пад назвай "лесаўчыкі" Уладзімір Караткевіч і Павел Марціновіч геніяльна хавалі ненавісных для Расеі "лісоўчыкаў". Захавалася каля дзесятка зонгаў (песень) з тога твору, за якія абсалютна не сорамна і зараз, хаця ў самім творы на галоўную ролю заміж Максіма Крываноса трэба выводзіць радзівілаўскага шляхціца "злога лютараніна пана Аляксандра Лісоўскага", які па адной з версій быў родам з нашых мясцін. Прынамсі, Лісоўскія жылі там зусім нядаўна.


Як выгадна ведаць беларускую мову, паказала і стажыроўка на Украіне, каля Жданава, зараз, Марыупаль.

Мы стажыраваліся ў зенітна-ракетным дывізіёне. Пры такіх стажыроўках часта мелі месца канфлікты паміж салдатамі і курсантамі. Мы прыехалі ў абед. Вечарам да мяне падходзяць мясцовыя сяржант і салдат: " Выйдзем, пагаворым." Ну выйшлі... "Хто? Адкуль?"

Аказалася, адзін літовец, адзін паляк з Літвы, "дзяды", г.зн. адслужылі 1,5 гады. "Так, Стась! Калі хоць нешта не так, скажы нам"

Увесь час стажыроўкі прайшоў у поўным спакоі. Ні іхнія афіцэры, ні нашыя так і не даведаліся, чаму на гэты раз усё было так гладка і ціха.

У канцы стажыроўкі, калі пачалі збірацца дадому, узнікла ідэя дапоўніць сухі паёк, які выдавалі на дарогу, мясцовымі прадуктамід. На той час на калгасным полі побач з дывізіёнам былі гуркі. Можна было нарваць тых гуркоў і так, але ж без пяці хвілін афіцэры, вырашылі папрасіць у вартаўніка. Хто будзе гаварыць. Украінскай не ведае ніхто. "Давай, Стась, па-беларуску." "Давайце." "Дзядуля, ці можна ў вас трошкі гурочкаў нарваць?" "Рвіце сыночкі, колькі трэба". Мабыць таму дзядку пад Жданавам вялікай розніцы між беларускай і ўкраінскай мовамі не было.

Падчас гэтай стажыроўкі я яшчэ раз пераканаўся, якая вялікая сіла зямляцтва, як выгадна ва ўсіх адносінах быць прадстаўніком сваёй зямлі і свайго народу. Калі раней у мяне у навучальні быў адзін зямляк - Мар'ян Грынявіцкі з Нясвіжа, а потым паступіў Коля Янцэвіч з Затур'і, то ў Жданаве землякамі сталі нават літоўцы. На наступнай стажыроўцы ў Карэліі за земляка мяне лічылі ўжо ўкраінцы, дзе з іхняга боку мне зноў жа была гарантаваная падтрымка ва ўсім, асабліва, калі ўлічыць, што камбат там быў зноў жа беларус.

На стажыроўцы ў Карэліі мне пашанцавала падвучыць украінскую мову. Выйшла нейкая блытаніна з дакументамі, і я два тыдні лежма ляжаў у кватэры афіцэраў - халасцякоў. Там было шмат пустых бутэлек і адзіная кніга "Кабзар". Вось гэтага "Кабзара" я два тыдні і чытаў. Дык і хапіла.


Пасля заканчэння навучальні я быў размеркаваны на Урал і трапіў у зенітна-ракетны дывізіён у г. Верхні-Тагіл. Да мяне ў гэтым дывізіёне быў адзін беларус - малодшы сяржант Ярашэвіч. Сяржант быў крайне баявы. Малодшым сяржантам станавіўся два разы, у адпачынак з'ездзіў два разы, пры тым, што ў Савецкай Арміі магчыма было з'ездзіць у адпачынак толькі раз.

У дывізіёне мяне сустрэлі не проста, як лейтэнанта - інжынера Судніка, а як паўнамоцнага прадстаўніка ўсяго беларускага народа з усёй станоўчай і адмоўнай аўрай, якую мелі беларусы ў Савецкім Саюзе. Само сабой разумелася, што новы лейтэнант павінен служыць, як усе беларусы - старанна і надзейна. Праз два месяца пасля прыезду зрабілі мяне яшчэ і сакратаром партыйнай арганізацыі дывізіёна. Гэтае сакратарства мне было патрэбна, як у мосце дзірка, але так жа яно было патрэбнае і іншым афіцэрам, таму пры першай магчымасці і спіхнулі гэтую "ганаровую пасаду" на маладога лейтэнанта.

Тут жа адбылося маё знаёмства і з "асобым аддзелам". Прыехаў лейтэнант (а мо старшы лейтэнант) - асабіст і пачаў гутарку, ці не пайшоў бы я служыць да іх. "Рабіце афіцыйную прапанову, тады і будзем гаварыць". Прапанову рабіць не сталі, а вось радавод "да сёмага калена" праверылі. Праз некаторы час прыязджае зноў той жа лейтэнант і пытае: "А чаму ты нідзе не пішаш, што ў цябе радня за мяжой". (За мяжой, г. зн. у Польшчы, жылі дзве бабуніныя сястры, якія пайшлі туды замуж, мо яшчэ пры цары, а мо пры Польшчы і па савецкіх законах раднёй не лічыліся, аднак іх знайшлі і, як кажуць, палічылі). "За якой мяжой? Яны дома, гэта я за мяжой". Я быў на Урале, да Сібіры адзін дзень язды, таму там ужо можна было жартаваць і так.

Больш са мной на гэтыя тэмы не размаўлялі і, наогул, з прадстаўніком асобага аддзела наступны раз я сустрэўся праз шэсць гадоў, калі на гэтую пасаду прыехаў беларус, і самосабой у яго была нагода пазнаёміцца і папіць гарэлкі ў тайзе, падалей ад бацькоў-камандзіраў.

Чым далей я жыў на Урале, тым больш пераконваўся, наколькі лягчэй у жыцці, калі ў цябе за плячыма твой народ і твая краіна, хай нават і ў выглядзе саюзнай рэспублікі. У Верхім Тагіле я выпісваў ЛіМ, "Полымя", "Маладосць", і ўсе беларусы ў брыгадзе, корпусе і арміі ведалі што на "Непагоду" (пазыўны дывізіёна) прыехаў шчыры беларус.

Малодшы сяржант Ярашэвіч са статусам "дзеда" аказаў самую дзейсную падтрымку земляку. Сказаў: "З-за каго ў Судніка будуць непрыемнасці, той будзе мець бляклы выгляд". Дзейнічала. Парадак быў, прынамсі пакуль Ярашэвіч не звольніўся. Такая падтрымка не бывае лішняй на этапе ўваходу ў калектыў, асабліва для лейтэнанта.

Зямляцкія адносіны адразу склаліся з Коўтунамі (украінцы) і Барысенкамі (Апочка, Пскоўская вобласць). Віця Барысенка пачуўшы маю гаворку выгукнуў: "О, ты ж якраз, як мая маці, гаворыш!" На Урале гэтага дастаткова, пад зблізіцца.

Праз дзень-другі пра тое, што прыехала сям'я беларусаў стала вядома ў горадзе. Горад невялікі 14 тысяч чалавек, але праз некалькі дзён мы былі знаёмыя з усімі трымя сем'ямі беларусаў, якія ў гэтым горадзе жылі.

Мая ярка выражаная беларускасць спрычынілася да таго, што калі ўзнікла патрэба некага паслаць у камандзіроўку ў Барысаў, то з кандыдатурай пытанняў не было. Камандзіроўка была не мёд - начальнік варты вайсковага цягніка. Тыдзень дарогі ў "цяплушцы і велізарная адказнасць. З вайсковымі цягнікамі столькі было надзвычайных здарэнняў, што не расказаць. Тым не менш у мяне ўсё было добра.

У Барысаве я адразу стаў сваім сярод тутэйшых цывільных працаўнікоў вайсковага прадпрыемства, што дазваляла палюбоўна вырашыць мноства спрэчных пытанняў па здачы і прыёму тэхнікі.

У Барысаве я быў дома, таму ні аднаго эксцэсу, ні аднаго непаразумення.

Інакш было на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Там сустрэць беларуса яшчэ цяжэй, яым на Урале. Аднак жа. Вырашыў я наведаць свайго аднагрупніка ў Князьвалконцы, што не так далёка ад Хабараўска. Паехаў. Каб не ісці з пустымі рукамі, зайшоў у краму. Ну на Далёкі Ўсход цывілізацыя, наогул не спяшалася, а калі дайходзіла, то кавалкамі. Таму, зайшоўшы ў краму, я ніяк не мог зразумець, па якому прынцыпу там гандлююць. Падышоў да касы і пытаю: "Што тут у вас спачатку чэк выбіваюць, ці тавар бяруць?" Сказаў вядома ж па-расейску, але мой "чэк" так прагучаў, што з другога канца крамы зрываецца з месца зусім незнаёмы старшы лейтэнант, падбягае: "Паслухай, ты адкуль". Аднаго слова "чэк" з трох літараў аказалася дастаткова, каб за Хабараўска беларус пазнаў беларуса.

А быў на тым Далёкім Усходзе і экстрэмальны выпадак.

У Савецкім Саюзе - краіне суцэльнага дэфіцыту, дэфіцытам было і піва, асабліва ў такіх "не так аддаленых ад цывілізацыі месцах," як Хабараўскі край. Праз некаторы час пабыту на Далёкім Усходзе, разведаўшы месцазнаходжанне, хоць і дарагога, але піўбара, мы з групай афіцэраў паехалі папіць піва. За півам зачапіліся за маю гаворку, потым за Беларусь, ну як звычайна. Большасць была, як звыкла, дрымуча неадукаваная і ў гісторыі, і ў літаратуры, і ў мове нашай краіны. Гутарка займела гарачы характар, і я, быў грэх, сказануў, што "расеец - гэта, наогул, помесь мангола з яго канём". Ну афіцэры прапусцілі гэта міма вушэй, але не прапусцілі мясцовыя за суседнім столікам. Неўпрыкмет сітуацыя пачала напаляцца. І тут да нашага століка падыходзіць хлопец азіяцкай знешнасці і ціха на вуха кажа мне: "Беларус, рабі ногі!". У такіх абставінах два разы паўтараць не трэба. Як вучыў колісь наш камбат: "Сваечасова змыцца - не значыць струсіць". Я спакойна падняўся з-за стала, спакойна выйшаў з бара. Праз некалькі хвілін мяне дагнаў той жа азіят. Пазнаёміліся. Быў ён якут. Звалі Руслан Макараў. Чаму ён папярэдзіў мяне, а таму, што ў іх тыя ж праблемы. Расейцы ім нават імёнаў не пакінулі. Якут быў дастаткова цывілізаваны, прынамсці, каб адрозніць асіміляцыю ад пралетарскага інтэрнацыяналізму.

У Хабараўску на памяць аб Далёкім Усходзе я купіў кітайска-расейскі слоўнік. Праўда, з кітайскай мовы я засвоіў толькі парадак размяшчэння іерогліфаў у слоўніку, мабыць, назваць гэты парадак алфавітным будзе некарэктным.

Яшчэ з далёкаўсходняй экзоцікі можна згадаць дарожнае знаёмства з маладой бураткай Ганнушкай, якая цікава распавядала пра свой народ і дзвюхканфесійнасць буратаў, паводле якой беларуская дзвюхканфесійнасць: падзел у асноўным на праваслаўных і католікаў - і не падзел зусім. Бураты ж дзеляцца на праваслаўных і будыстаў. Кожны змешаны шлюб у іхніх варунках - гэта і драма, і трагедыя, і камедня адначасова. І разыгрываюцца гэтыя спектаклі не на вялікай сцэне, а ў межах адной вёскі і на год на некалькі разоў.

Тым не менш паездка на Далёкі Усход не прапала дарам. У дарогу я ўзяў кнігу "Чэшская рапсодыя" на чэшскай жа мове. Сем дзён дарогі туды, ды чамусьць толькі шэсць назад хапіла для таго, каб адолець гэтую кнігу у 600 старонак. Ніякага слоўніка, вядома ж, не было. Дайшоўшы да канца, я разумеў усё ў іхняй мове, праўда, далей у вывучэнні чэшскай мовы і літаратуры я зайшоў не далёка. Традыцыйнага "Швейка" я прачытаў па-ўкраінску, "Вайну з саламандрамі" Чапака па-расейску.


Другі выпадак адбыўся праз паўгода, зімой 1967 года ў Чырвонай Слабадзе Салігорскага раёна. Жаніўся Слава Васілеўскі. Сам з Беразіна, а браў дзяўчыну з Чырвонай Слабады. Гулялі вяселле ўжо па-нашаму, у два заходы. Адны выхадныя ў маладой, другія - у маладога. Так робіцца, калі маладыя далёка жывуць.

Ну Слабада - лічы горад. Вяселле павялі па-руску. Падпілі, пачалі спяваць расейскія песні. Тут душа не вынесла. Падбіў некалькі суседзяў і заспявалі па-беларуску. Нажаль, трэба сказаць праўду, моладзь не ведала нічога, акрамя рэпертуару "Песняроў", які ў 1976 годзе і сам па сабе яшчэ быў не надта багаты. І селі б мы ў лужыну з сваёй беларускасцю, каб не прышлі на падмогу пажылыя кабеты. Загучалі "Цячэ вада ў ярок", "Зялёная вішня", "Ляцелі гусі з броду" і г.д. Усё такі, як ні кажы, Чырвоная Слабада - гэта колішняя Вызна - адзін з цэнтраў Слуцкага збройнага чыну, і як на сённяшні розум, то мне падаецца, што яны пра той чын памяталі. Мая беларускасць настолькі спадабалася дзядзьку маладой, што той не адыходзіўся, потым забраў да сябе начаваць, дзе мы яшчэ паўночы гаварылі. А праз тыдзень у Беразіно гэты дзядзька не даваў пачаць вяселле, пакуль не прыйшоў апошні аўтобус, і ён не пераканаўся, што Стась не прыехаў. Гэта было на зімовых вакацыях, якія самі па сабе кароткія, і мне ўжо трэба было ехаць у Менск, было не да вяселля. Маладому то можна было прыпазніцца на дзень які, ну а мне то не выпадала.

Дык вось і ў Чырвонай Слабадзе адбыўся выпадак падобны на віцебскі. Пасля спробы беларусізацыі вяселля, колькі той Слабады, мігам разнеслася чутка, што прыехаў курсант, які размаўляе толькі па-беларуску. Хата маладой была далекавата ад клуба, але танцавалі ўсяроўна ў клубе, ці можа ў іх Дом культуры. Закончваўся недзе другі танцавальны "сеанс", збіраліся ісці ізноў за сталы. Знаёмыя недзе падзяваліся і я выйшаў з клуба адзін, ды, мабыць, не праз тыя здверы. Крышку адышоў, арыентуючыся на патрэбны кірунак, аж тут трое: "Што, курсанцік, папаўся? Зараз будзем біць" "Ну і за што, што я вам зрабіў?" І раптам адзін крычыць: "Стой, хлопцы, гэта ж братка-беларус. Пайшлі, мы табе карацейшую дарогу пакажам". Канфлікт быў вычарпаны. Беларусаў у Вызне не б'юць.


Трэба згадаць, што не вывучыўшы польскай мовы ў школе, я не пакідаў гэтай ідэі ў Менску. Чамусьці мне падавалася, што гэта патрэбна, і яшчэ я быў упэўнены, што будзе гэта не цяжка. У Менску мне ўдалося набыць саманавучальнік з пласцінкамі (у Сейлавічах сказалі б "з плытамі"). Справа была за прайгравальнікам. Свайго курсант 1-га ці 2-га курса мець не мог. Але тут зноў на дапамогу прыйшло ўсемагутнае ў войску зямляцтва. Старшынём старэйшага на адзін год курса нашага ж факультэта быў Мар'ян Грынявіцкі з Нясвіжа. А як згадаць, што мая прабабка ўраджоная Грынявіцкая, то ў нашых варунках такі зямляк - лічы сваяк. У іх на курсе быў прайгравальнік. У вольны час я забіраўся ў іхнюю капцёрку (а іхні курс жыў, на паверх вышэй за наш) і вучыў польскую мову. Праўда цягнулася гэта не доўга. Наўзабаве я закінуў падручнік, накупіў сабе ў краме "Дружба" што месцілася, здаецца, на плошчы Калініна, раманаў Крашэўскага і пачаў спалучаць прыемнае з карысным. Але перашай польскай кнігай, якую я адалеў быў усё-такі "Пан Тадэвуш", Шыкарнае выданне ў скуранай вокладцы, коштам у 5 рублёў і яшчэ 4 капейкі, пры "стыпендыі" курсанта 1-га курса -8 руб. 30 кап., а 2-га курса - 10 руб. 80 кап.

Што тычыцца раманаў Крашэўскага, то гэта было акно ў мінулае. Гістарычнай мастацкай літаратуры ў той час, наогул, было не шмат. А беларуская гістарычная мастацкая літаратура замыкалася, фактычна, на асобе Уладзіміра Караткевіча. Таму раманы Крашэўскага, якія прадаваліся ў палатняным пераплёце з залатым дубовым лістом на пярэдняй бачыне вокладкі, давалі разуменне таго, што на гісторыю можна глядзець з розных бакоў. Тым больш, што ў тыя часы кніжнага дэфіцыту значна лягчэй было купіць кнігу на замежнай мове, чым па рускай, а на беларускую, наогул нічога ніхто не перакладаў. З цяжкасцю даставалі Дзюма, Друёна, Скота. Рускія пераклады Сянкевіча з'явіліся на паліцах, мабыць, у 80-я гады. Таму "Час быка" Яфрэмава я прачытаў у свой час на балгарскай мове, а "Людзі, як богі" Снегава - на нямецкай. Такі быў час. Раман Караткевіча "Нельга забыць", як мне казалі выйшаў на 15 мовах, на беларускай было толькі 16-е выданне.

У навучальні на працягу пяці гадоў я ўпарта вучыў і нямецкую мову. У той час, калі ўсе закончылі гэты прадмет на 3-м курсе, я і яшчэ два чалавекі вучылі нямецкую мову ўсе пяць гадоў і ў канцы атрымалі дыпломы вайсковых перакладчыкаў з правам самастойнай працы, а таксама паздавалі кандыдацкія мінімумы, на ўсякі выпадак. Ужо ў Лідзе, застаўшыся без працы, ледзь не ўладкаваўся настаўнікам нямецкай мовы ў вясковую школу, але нешта ў іх не склалася, і давялося выкладаць стэнаграфію ды выдаваць "Наша слова".


У гарадах тады было цяжка сустрэць чалавека, які размаўляў бы па-беларуску. А калі такі чалавек сустракаўся, то гэта была з'ява ў жыцці.

Яшчэ са школы, пазнаёміўшыся на раённай алімніядзе па матэматыцы ў 1971 годзе, я іду па жыцці не разам, але поруч з Люсяй Майсеняй (Людміла Іосіфаўна Майсеня, кандыдат фізіка-матэматычных навук, адзін з аўтараў Беларускай матэматычнай энцыклапедыі, 3-х томавага падручніка "Курс вышэйшай матэматыка" на беларускай мове і інш.)

Мы ў свой час перапісваліся, сяды-тады сустракаліся, гаварылі пра творчасць У. Караткевіча, хадзілі на "Песняроў", але, галоўнае, я заўсёды меў адчуванне, што недзе побач ёсць чалавек, які думае пра Беларусь так жа, як і я. Таму не маюць рацыі тыя, хто лічыць, што Людміла Майсеня прыйшла да беларускасці на хвалі адрадждэння. Яна з гэтай беларускасцю была з маленства, якое прайшло на такой беларускай Нясвіжчыне. Мова беларуская для яе была сапраўды роднай, маці была настаўніцай беларускай мовы, а бацька ў 40-выя быў рэпрасаваны з абвінавачваннем у беларускім нацыяналізме. На допытах яму ў віну побач з іншым ставілі веданне на памяць "Пагоні" М. Багдановіча.

У 1976 годзе ў Слуцку мне надарыўся на жыццёвым шляху Уладзімір Івановіч. Ён працаваў простым шафёрам, у вольны час іграў у народным тэатры. Расейскую мову не прызнаваў, хоць жаніўся на сібірачцы.

У тым жа 1976 годзе мне ўдалося натрапіць на беларускамоўны асяродак у Менску.

На 4-м курсе ў нас быў ужо вольны выхад у горад. Я часта бываў у цэнтральнай кнігарні. У беларускай секцыі прадаўцом тады працавала паэтэса Святлана Каробкіна. Аднойчы я пачуў, як яна размаўляе з нейкім хлопцам па-беларуску. Дачакаўшыся покуль ён пойдзе, я папытаўся ў Святланы: "Гэта мусіць нейкі пісьменнік?". "Ды не, -кажа, - гэта просты хлопец Алесь Міткавец з Гомеля." Я спытаў ці няма яго адрасу. Адрас быў. Я яму напісаў. Неяк змовіліся і сустрэліся ў Менску. Як аказалася, яго тады выключылі з БДУ, прынцыпова паставіўшы на сесііі "двойкі" па беларускай мове, беларускай літаратуры ды гісторыі і на здзек "пяцёрку" па педагогіцы. У Алеся ў Менску жыла сястра Ён наязджаў часцяком, і мы сустракаліся не адзін раз. Алесь пазнаёміў мяне са студэнтамі універсітэта Ігарам Чарняўскім і Міколам Мікалаевым. У іх я ўпершыню пачуў "Сказ пра Лысую гару" і ўпершыню ўбачыў "Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі" Ластоўскага, якую яны хавалі на дне валізкі, а валізку пад ложкам. У іх я бываў часта. Сёння гэта відныя асобы, а тады былі простыя хлопцы. Памятаю, як мы наважыліся пайсці ў госці да Алеся Разанава. Купілі бутэльку добрага віна і падаліся, здаецца, без папярэджання. У Разанава быў "пагром". Ён сартаваў сваю бліятэку, мабыць пасля пераезду найкага, кнігі ляжалі суцэльнай гарой на падлозе вялікага пакоя, а ён хадзіў вакол іх і, мабыць, спадзяваўся нешта знайсці.

Пасядзелі, пагаварылі і найшлі. У нас не хапіла смеласці прапанаваць спадару Алесю зрабіць па чарцы. Не адважыліся.

У БДУ тады кволай сцяблінкай беларускасці прарастала насценная газета "Мілавіца". Хлопцы казалі, што змясцілі ў ёй адзін з маіх вершаў.

Юнацкае сяброўства моцнае. Менавіта на Міткаўца і Чарняўскага я абапёрся у 1988 годзе, калі мы пачыналі беларускі рух у Казахстане і Цвяры. Менавіта ад Ігара я павёз у Казахстан першую адраджэнцкую літаратуру і першую касету з песнямі Сокалава-Воюша.

І яшчэ адзін чалавек пакінуў у тыя часы глыбокі след у маёй свядомасці. Гэта Фёдар Янкоўскі.

Недзе ў тыя гады пачалі выходзіць яго кніжкі. Першай, здаецца, была "Абразкі". Я яе купіў у Салігорску, чытаў на вакзале ў Капылі і ў голас смяяўся. Людзі, мабыць, аглядаліся. Абразак пра Знайду: "Прычакала Знайда помачы, сама ляжыць, а дзеткі брэшуць", - быў нібы ў Сейлавічах спісаны. У маёй бабці калісьці была сучка, якую так і звалі "Знайда", і пра якую часта згадвалі.

Разам з тым абразкі Янкоўскага выклікалі не столькі смех, колькі клопат пра мову. Пазней я пісаў яму, недзе маю колькі лістоў у адказ, збіраўся адведаць. Адзін раз, прыехаўшы ўжо, здаецца, з Казахстана хацеў зайсці да яго, але паблытаўшыся па Менску, змарнаваў час і не знайшоў патрэбнага дома. А неўзабаве ён памёр.

Гаворачы пра жыццё ў Менску нельга абмінуць і мае паэтычныя практыкаванні. Вершы я пісаў можа з класа 2-га, але, мабыць, слабыя, бо ніхто іх не друкаваў. Праўда ў 1972 годзе на конкурсе да 90-годдзя з дня народзінаў Я. Купалы і Я. Коласа мой верш "У адказ на верш "Арлянятам" выйшаў пераможцам у раёне і яшчэ недзе перамог, мабыць у вобласці.

Пісаў вершы і ў навучальні, некалькі разоў наведаў літаб'яднанне пры газеце "Во славу Родины", але там я быў чужы. Першы мой верш "Касцёр" быў надрукаваны ў Капыльскай раённай газеце "Слава працы" за 13 ліпеня 1976 года. У той час мая творчасць пачала збочваць з агульна-лірычнага кірунку на нацыянальны. Тут ізноў трэба згадаць усеагульны ўплыў "Песняроў". Мы ганяліся за білетамі на іх канцэрты, даведаліся пра гастролі "Песняроў" у ЗША. Каб паслухаць канцэрт са Штатаў, які трансляваў "Голас Амерыкі", дасталі моцны прыёмнік, за дзень да канцэрта настроіліся. У дзень канцэрта, позна вечарам уключыліся, паспелі пачуць інтэрвію Мулявіна, па-бе-ларуску дарэчы, але, як кажуць, не на тых нарваліся. Загучалі першыя акорды першай песні і... ўключыліся савецкія глушылкі. Ні адной песні паслухаць не далі.

Пад уплывам "Песняроў" я напісаў верш:

Пастаўце помнік

"Песнярам",

Як ставілі вялікім людзям

Ці за свабоду змагарам,

Ды толькі хай

інакшым будзе,

Хай непадобным будзе ён

Да помнікаў вякоў далёкіх,

Хай будзе лёгкім, нібы сон,

Нібы сасонка ў пушчы

стромкім.

А на вяршыні хай яго

Гучаць чароўныя цымбалы,

І ў давяршэння да ўсяго

Гурба музык стаіць удалых.

Пастаўце помнік гэты там,

Дзе больш за ўсё

людзей бывае,

Адкрыты будзе хай вятрам,

Хай першым сонца ён вітае.

Каб людзі проста перад ім,

Стрымаўшы крок

у задуменні,

Амаль што стаць ужо зусім

Былі гатовы на калені

За тое, што сваёй зямлі

Яны шчэ не зракліся мовы,

А пад нябёсы паднялі

І кожны гук яе і слова,

За тыя песні, што ў дзядоў

Узяўшы, спелі нам сягоння,

За звон вясновы жаўрукоў,

Якім іх струны

нам гамоняць...

Пастаўце помнік

"Песнярам",

Як ставілі вялікім людзям...

Я паслаў гэты верш у некалькі выданняў, але ўсюды яго скрытыкавалі, як недасканалы.


Тут для параўнання трэба згадаць некалькі абразкоў, якія паказалі б стан з мовай на Украіне.

Украіна вялікая і розная. Я ўжо згадваў пра Жданаў, а зараз пра іншыя мясціны.

Выпала камадзіроўка пад Жытомір. Дарога з Урала да Кіева і далей на Жытомір ляжыць праз Харкаў. Там звычайна бывае перасадка. У Харкаве мы мусілі чакаць недзе з паўдня, таму вырашылі наведацца ў горад. Ідзём мы з Васям Юрловым, сам ён з Паволжа, ідзём размаўляем. Я па-беларуску, Вася о-кае. Насустрач савецкая пенсіянерка: "Во нацыяналістаў развялося, ступіць няма дзе!" Баяліся ў Харкаве ўкраінскіх нацыяналістаў, хаця мабыць на той час рэдка бачылі, калі беларуса і валжаніна прымалі за украінцаў. Ці проста баяліся ўсяго нярускага.

Недалёка ад вакзала зайшлі ў кнігарню. Я ўбачыў нейкую цікавую кнігу і кажу прадаўшчыцы, маладой дзяўчыне: "Дзяўчынка, пакажыце, калі ласка, вунь тую кніжку". "Ой, як вы гарна па-ўкрайнску размаўляеце!" "Дальбог жа, не сказаў па-ўкраінску ні аднаго слова". Пажартавалі, пасмяяліся, хаця наогул то не да смеху. У Харкаве ў пачатку 80-х, аказваецца не маглі адрозніць беларускую мову ад украінскай, і нават, тыя, хто ўкраінскай мовай у прынцыпе валодаў. Таму што на Ўкраіне, асабліва ўсходняй і цэнтральнай, тады панавала тая ж трасянка, і ніякі не суржык, а трасянка -трасяннай, таму я са сваёй беларускай мовай упісваўся ў гэтую трасянку зусім натуральна, у тым ліку і ў Жытомірскай вобласці, у такіх "цэнтрах цывілізацыі" як Сцяпок ды Андрушоўка.

Хаця былі і адрозненні. У Кіеве, дзе была перасадка на Жытомір, мы паслалі малодшага па-званні афіцэра па білеты. Сказалі яму, што білеты на Жытомір трэба браць у "Прыгарадных касах". Недзе праз гадзіну той вярнуўся і развёў рукі: "Няма тут "Прыгарадных касаў". Я адразу зразумеў, у чым справы, згадаўшы, як мой аднагрупнік, дарэчы, беларус з Бялынічаў у тым жа Кіеве на "Піўдзённым вакзале" "Южный" шукаў. Так аказалася і тут. "Прыгарадных касаў" сапраўды не было, былі "Приміські касси". Такім чынам, у Кіеве нешта ўкраінскае ўсё ж было. Было трохі ўкраінскага і ў Вінніцы. Мікрараёны, магчыма не ўсе, але называліся па-ўкраінску

У 1981 годзе мяне перавялі на павышэнне ў іншы дывізіён. Пазыўны "Чарната". Дывізіён быў размешчаны за 14 км ад Шайдурыхі Няўянскага раёна, у якой калісьці настаўнічаў у мясцовай школе і пісаў "Уральскія сказы" Павел Бажоў.

У дывізіёне ўжо быў адзін беларус лейтэнант Аляксандр Станішэўскі з Рудні ці то Гулева, ці то Шлягіна Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Яго жонка Жана была з Менска. Праз год прыслалі яшчэ Станіслава Цвірку з Ганцавіч, а яшчэ праз год лейтэнанта Ваньковіча. За дывізіёнам цвёрда замацавалася назва "Беларуская вайсковая акруга".

Салдацік-беларус трапіўся туды толькі адзін - шараговец Куандыкаў. Куандыкаў быў недзе з Саратава. Бацька казах, маці беларуска. На пытанне, як яго спадобіла з такім прозвішчам беларусам запісацца, баец бадзёра адказаў: "Дык што ж мне казахам быць?"

З такім беларускім зямляцтвам нельга был не лічыцца, асабліва, калі Цвірка правёз жонку са Слоніма, і лейтэнант Баранаў таксама прывёз беларуску.

Станішэўскія мовай валодалі слаба, затое Цвірка - бліскуча, ведаў мноства гісторый, анектотаў. Першае што сказаў, пад'язджаючы да дывізіёна: "Смарката доля, марны лёс". Гэтага выслоўя расейцы вывучаць не маглі. Затое ўсе ведалі, як лячыцца ад беларускай хваробы "смага".

У той жа час у штабе арміі служыў маёр Міхаіл Камароў з Бабруйска, які вельмі моцна дапамагаў нашаму дывізіёну ўсім, чым мог.

У гэтым дывізіёне былі іншыя адносіны да партыйнай работы. Тут пасаду сакратара партарганізацыі займаў начальнік штаба маёр Расохін па мянушцы "Чэкіст", які за ўсім і ўсімі сачыў і ўсё ў дывізіёне ведаў. Быў такі выпадак, што дзяжурны тэлефаніст схаваў дэмбельскі альбом у лючок у падлозе кабіны. Гэты лючок закручваўся на 64 шрубы. Ну, у салдата час быў. За ноч дзяжурства можна і больш шрубак адкруціць ды закруціць. А вось начальнік штаба не паленаваўся, шукаючы той альбом, таксама тыя ж 64 шрубы адкруціць.

У дывізіёне здарылася няшчасце. У майго падначаленага лейтэнанта Іўніцкага была цяжарная жонка. Вольга была маладая і яшчэ недасведчаная, нават тэрмін дакладна не ведала. Жывот быў вялікі, усе думалі, што ўжо хутка раджаць. Яна і сама так думала. Пачала рабіць рамонт, каб да родаў паспець. Ці падняла што, ці фарбы надыхалася. Пачаліся болі. Яе завезлі ў Няўянск. А там заміж таго, каб пакласці на захаванне, пачалі стымуляваць роды. Жывот, бачыце. вялікі. Ні пра якое УГІ (УЗИ) тады не чулі. Ну і нарадзілася двойня, 6-ці месячныя хлопчыкі. Таму і жывот быў вялікі. У Няўянску 6-ці месячных выхадзіць не маглі. Памерлі. Вольга тэлефануе мужу: "Забяры мяне адсюль." Да Няўянска 40 кіламетраў. Лейтэнант падходзіць да начальніка штаба, які выконваў на той момант абавязкі камандзіра, з просьбай даць машыну. А той у адказ: "Гора горам, а служба службай. Заўтра пойдзе машына і забяруць." Ну лейтэнант з такім "душэўным" падходам не згадзіўся. Проста падышоў да салдата, кіроўцы баявой машыны. Той сказаў: "Ды пайшоў ён." І паехалі. Прывезлі няшчасную Вольгу. Ну скандал, угон баявой машыны. Вымова вымовай. Начальнік штаба, ён жа сакратар партыйнай арганізацыі склікае партыйны сход выключаць Іўніцкага з партыі. Хто бываў на такіх сходах, памятае сакраментальную фразу: "Якія ёсць прапановы па адкрыцці сходу?" Я ўстаю і гавару: "Ёсць прапанова сход не адкрываць." У НШ вочы на лоб палезлі. Такога яшчэ не было. Пазелянеў бядняга. Выскачыў, пабег, недзе патэлефанаваў, прыбег. Ізноў тое самае. Я ізноў: "Не адкрываць." Запатрабаваў паставіць пытанне на галасаванне. А што там галасаваць? Большасць камуністаў у 1-й батарэі. Як галасуе камбат, так і яны. Што гэта нам не абыдзецца, ведалі, але некаторы час было ціха. І вось канец месяца. Падвядзенне вынікаў. Камбатаў ніколі не запрашалі, а тут камандзір сказаў ехаць. Тое падвядзенне на маёй асобе пачалі і закончылі. Камбрыг гадзіны паўтары паласкаў уздоўж і ўпоперак. А што я парушыў? Нічога. Нават вымову аб'явіць няма за што. Нічога мне і не было. Я прыводжу гэты прыклад для таго, каб паказаць, што гэта такое дэмакратычны цэнтралізм у камуністычным выкананні. Дарэчы да годнасці нашых камандзіраў, ніхто больш ніколі не згадваў пра гэты выпадак. Паўтарагадзінная праборка камбрыга была проста яго ўласным рэверансам у бок сістэмы.

У многім дзякуючы і гэтаму выпадку, і беларускаму зямляцтву наогул атмасфера ў дзівізіёне была такая, што калі я пакідаў падраздзяленне і развітваўся з дывізіёнам -салдаты маёй батарэі плакалі ў шыхце.


У 1983 годзе мяне нечакана, без маёй згоды перавялі на палігон у Казахстан. Што сталася прычынай таму, я дакладна не ведаю і да гэтага часу. Хутчэй за ўсё - звычайны збег абставінаў. Мне прапанавалі, я адмовіўся. Набліжаўся час старэйшаму сыну Максіму ісці ў школу, а школы блізка не было, трэбала вазіць у Шайдурыху. Давізіён пераўзбройваўся на новы тып тэхнікі. Мог мець значэнне і той партсход. Не ведаю. Карацей, перавялі. Камбатам пасля мяне быў прызнчаны беларус Станішэўскі, яго намеснікам Цвірка. Беларуская традыцыя на "Чарнаце" захоўвалася.


На палігон я прыехаў у адзін дзень з Іванам Ягоравым, маім аднакурснікам з Гомеля.

У нашай частцы было каля 30 беларусаў, ды мо яшчэ столькі выпускнікоў Менскай навучальні, у многіх з якіх, жонкі былі беларускі. З прычыны сваёй нешматлікасці беларускае зямляцтва было больш згуртаваным, чым скажам, украінскае, якое налічвала 70-80 чалавек. Згуртаванасць беларускага зямляцтва абумоўлівалася і тым, што многія беларусы ўжывалі па-за службай беларускую мову, а украінцы, калі і ведалі мову, то не ўжывалі ніяк.

У сярэдзіне 80-х зямляцтва ніякай арганізаванай дзейнасцю не займалася. Падтрымлівалі больш блізкія адносіны, чым з іншымі, дапамагалі адзін аднаму, чым маглі.

У савецкія часы быў вядомы анекдот:

"Сустракаюцца два грузіны.

- Паслухай, Сандро, у цябе машына ёсць?

- Ёсць.

- І ў мяне ёсць, а ў Гогі няма. Давай дапаможам, купім.

Сустракаюцца два расейцы.

- Паслухай, Іван, ты сядзеў?

- Сядзеў.

- І я сядзеў, а Сцяпан не сядзеў. Давай дапаможам, пасадзім."

Беларусы ў Казахстане вялі сябе хутчэй, як тыя грузіны, дапамагалі адзін аднаму, "цягнулі" па службе, выручалі ў складаных сітуацыях.

Стасункі з землякамі дапамагалі неяк заглушыць вострае пачуццё настальгіі. А яно было сапраўды моцным. Да прыкладу, беларусы павыцягвалі з камплектаў ўсе беларускія сцягі і на савецкія дэманстрацыі хадзілі са сваімі сцягамі. Пры гэтым, калі здараўся "няшчасны выпадак", і начальніку клуба загадвалі вывесіць сцягі ўсіх 15 рэспублік, то ён, лаючы, на чым свет стаіць, усіх беларусаў, бегаў па частцы, шукаючы беларускі сцяг, а пасля ішоў пазычаць у каго-небудзь з беларусаў жа. На яго шчасце такія "парады" здараліся не часта.


У 1986 годзе за першыя сто баявых пускаў ракет я быў узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі".

У тым жа 1986 годзе я быў прызначаны начальнікам аддзела, прычым не свайго, а суседняга, дзе быў тутэйшы прэтэндэнт на гэтую пасаду. Значнай часткай афіцэраў там таксама былі беларусы. У бліжэйшы час на ключавыя пасады былі расстаўлены капітаны Селях, Браслаўскі, Малажавы (з Калодзішчаў), Пілецкі. На ранейшую маю пасаду быў прызначаны мой намеснік Іван Камароў з Заслаўя. Удалося рэкамендаваць яшчэ шэраг беларусаў на вакантныя пасады. Але на той момант гэта ўсё было толькі як дзеянні ў рамках зямляцтва.


Спрыяльная сітуацыя для перарастання зямляцтва ў нацыянальны рух склалася ў 1988 годзе, калі я, будучы яшчэ маёрам, быў прызначаны на вельмі высокую пасаду - начальніка аддзела ацэнкі, кантролю і аналізу стрэльб і праз працяжнік намесніка камандзіра часткі. Гэта была ўжо палкоўніцкая катэгорыя. У гэтым жа годзе я паступіў на завочны факультэт тады яшчэ Калінінскай акадэміі СПА імя маршала Савецкага Саюза Жукава Г.К. У гэтым жа годзе ў частку быў пераведзены ст. л-т Ігар Супаненка родам з Менска.

Маё прызначэнне на гэтую пасаду зноў пацягнула шэраг іншых прызначэнняў. На больш высокія пасады паступова пайшлі Іван Ягораў з Гомеля, Міхаіл Бабушкін з Бранска, Леанід Лапо, Сяргей Міхалевіч з Менска, у частку прыйшло шмат маладых беларускіх афіцэраў. З Поўначы нашымі намаганнямі быў пераведзены Станіслаў Цвірка з Ганцавіч, а ў вышэйшы штаб ад нас перайшоў Віктар Бычко з Іўя.

Акрамя таго ў Прыазёрск у штаб нашага злучэння быў пераваедзены палкоўнік Генадзь Рубанаў, родны брат беларусага пісьменніка Уладзіслава Рубанава. Ён таксама меў з намі самыя найлепшыя стасункі і ў адзін з момантаў вельмі выручыў.

Безумоўна, што пры прызначэнні на вышэйшыя пасады ў першую чаргу браліся пад увагу службовыя якасці афіцэраў, і ў нашых войсках гэта далёка не пстрыканне абцасамі. Але, як я ўжо зазначаў, беларусы, практычна ўсе, служылі вельмі добра і сумленна. Калі той жа Супаненка заступаў дзяжурным па частцы, то частка дрыжала. Мне і то не проста было дамовіцца, з ім каб не ўсе заўвагі, выяўленыя падчас службы ў маім падраздзеле, ішлі ў рапарт камандзіру. Асноўным недахопам нашых афіцэраў было тое, што яны не ўмелі выдзеліцца так, каб іх заўважылі. маглі доўга і надзейна служыць на адной пасадзе і не рухацца, хаця даўно ўжо тую пасаду перараслі. Таму часта дастаткова было прапанаваць некага з іх камандаванню, і ён неўзабаве прызначаўся на пасаду больш высокую.

У тым жа 1988 годзе была ўстаноўлена сувязь з Калінінскім зямляцтвам, якое ўзначальваў палкоўнік Вікенці Чорны з Клецка, і ў якое ўваходзілі, як выкладчыкі акадэміі, так і слухачы.

У тым жа 1988 годзе былі ўстаноўлены стасункі з Менскам. Мы атрымалі доступ да беларускай літаратуры новага часу. Тады да гэтага спрычыніўся Ігар Чарняўскі. З 1989 года ў Менску мы апіраліся ў асноўным на Міколу Міхноўскага і Алеся Емяльянава.

Першай акцыяй стаўся збор подпісаў за дзяржаўнасць беларускай мовы. Тады пад гэтым зваротам падпісаўся 21 афіцэр. Наш ліст быў надрукаваны ў дзвюх газетах Беларусі і ўвайшоў у даклад Ніны Мазай Вярхоўнаму Савету БССР. Гэта збор подпісаў быў адным з першых збораў за беларускую мову. Праўда, пасля гэтага наступныя нашыя лісты і звароты ў Беларусі друкаваць перасталі. Узнікла пытанне пра ўласную газету.


Але акрамя беларускіх справаў трэба было яшчэ і служыць. Летам 1990-га года наша частка падпала пад інспекцыю Міністра абароны СССР. Асаблівасцю гэтых інспекцый было тое, што яны ведалі толькі дзве адзнакі "2" і "3". "4" было вялікай рэдкасцю. "5" яны не ставілі ніколі. Не скажу, што мы былі да той інспекцыі бліскуча падрыхтаваныя. Хутчэй наадварот. Але з першай дысцыпліны, шыхтовай падрыхтоўкі сітуацыя пачала складвацца спрыяльна. У той час, калі афіцэры штаба атрымалі "2" і мусілі былі пераздаваць, мой падраздзел атрымаў "4", што дало агульны арыентыр. Мы здавалі дысцыпліну за дысцыплінай і стабільна ішлі на "4". Нават камандаванне ўласнай часткі глядзела на ўсё гэта са здзіўленнем. І вось палітычныя дысцыпліны. Палітзаняткі для салдатаў і сяржантаў і марксісцка-ленінская падрыхтоўка для афіцэраў. Я пайшоў прадстаўляць найбольш слабое звяно - салдатаў, дзе славян было некалькі чалавек. Намесніка паслаў прадстаўляць афіцэраў, дзе ўсе пагалоўна былі з вышэйшай адукацыяй. і тут салдаты і сяржанты атрымоўваюць свае "чацвёркі", а афіцэрам ставяць "3". І па ўсёй інспекцыі. Марксісцка-ленінская падрыхтоўка - асноўная дысцыпліна. Агульная адзнака не можа быць вышэй "3". Даздаваліся. Пачынаю разбірацца. Прымаў маскоўскі палкоўнік з Галоўнай палітуправы. Перад здачай яго спыталі, як адказваць: як у падручніках напісана, ці як Гарбачоў гаворыць? "Адказвайце, як самі думаеце." Ну і расказалі, да чаго яны ў той казахскай пустуні дадумаліся пад час гарбачоўскай перабудовы. Аказваецца ў пустыні думалі не так, як у Маскве.

Але, як кажуць, тут палкоўнік не ўгадаў. Узначальваў палітработнікаў генерал Станкевіч, па ўсім відаць з войскаў. Падыходжу да генерала: "Так і так, таварыш генерал, прашу пераправерыць." "Добра."

З'яўляецца генерал.

- Ну каго тут ацанілі няправільна?

- Капітан Лабуда.

- Адкуль родам?

- З Ружанаў.

- А я з Пружанаў.

На тым здача закончылася і для Лабуды і для астатніх. Аддзел атрымаў сваю "4".

Я атрымаў за гэтую інспекцыю ордэн "За службу Радзіме" 3-й ступені. Маю ордэнскую кніжку з подпісам прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Усяго за тую інспекцю ордэнамі былі ўзнагароджаны два чалавекі (прынамсі пра двух нам было даведзена). Другі ордэн, таксама "За службу Радзіме" 3-й ступені атрымаў мой падначалены Іван Ягораў з Гомеля. Ён паказаў бліскучую стральбу начале зенітна-ракетнага дывізіёна. Так што мой беларускі аддзел па ўсіх паказчыках аказаўся на вышыні, што дазволіла быць спакойным і за беларускія справы.


Для таго, каб трымаць падраздзел на вышыні трэба мець нейкае паняцце пра педагогіку, прынамсі пра вайсковую педагогіку. За час службы ў войску мне даводзілася сустракаць і падручнік па матэматыцы з грыфам "Таемна" ("Сакрэтна"). А што тычыцца вайсковай педагогікі, то гэта надзвычай асаблівая педагогіка. Афіцэр - камандзір - гэта вам, безумоўна, не прафесар. Што прафесар, лекцыю прачытаў, экзамены прыняў. Працуе са студэнтамі, якія праўдамі і няпраўдамі прарваліся ў ВНУ, хочуць і могуць вучыцца.

Афіцэр-камандзір працуе з салдатамі, якія часта ў тыя ВНУ не трапілі, а яшчэ часцей і не спрабавалі трапіць. Салдат з вышэйшай адукацыяй быў рэдкасцю. Салдат не ішоў у войска дабраахвотна, як казала савецкая прапаганда. Яго ў войска забіралі. І ў дадатак падраздзел, як правіла складаўся чуць не з прадстаўнікоў усіх нацыяў не толькі СССР, але і свету: ад грэкаў і немцаў да ўйгураў і татаў.

Канцавой мэтай выхавання і навучання ў вайсковым калектыве было менавіта прывіццё смаку да службы, ахвоты і імкнення да лепшых асабістых вынікаў, лепшага асабістага ўкладу кожнага салдата ў агульны вынік падраздзелу. Ад вялікай вайсковай формулы "Не ўмееш - навучым, не хочаш - прымусім" трэба было пакінуць толькі першую частку: навучыць таму, чаму трэбала, у другой частцы салдат павінен быў хацець служыць. Толькі пры такіх падходах можна было трымаць падраздзел у ліку лепшых, займаць першыя месцы, што ў рэшце рэшт забяспечвала рух па службе, як для камандзіра, так і для афіцэраў. Я наўмысня маўчу, што пры ўсім сказаным, у памяці заўсёды па вялікім рахунку трэба было трымаць, што з гэтымі салдатамі ты павінен ісці ў бой, і вынікам навучальнага працэсу будзе тое ці цябе заслоняць ад кулі, ці пашлюць тую ж кулю табе ў спіну.

У савецкай ідэалогіі існавала фундаментальная пасылка, што вайсковыя калектывы ў Савецкай Арміі інтэрнацыянальныя. Гэта ў некаторай ступені было справядліва ў адносінах да афіцэраў, а ў адносінах да сяржантаў і салдатаў правільна будзе гаварыць, што калектывы былі шматнацыянальнымі. Уменне бачыць нацыянальныя адрозненні і сімпатыі прадстаўнікоў розных этнасаў давало магчымасць правільна знайсці кропкі кіравання калектывам.

На Урале кольсць салдатаў і сяржантаў у батарэі была невялікай, таму там праца вялася з кожным індывідуальна. У Казахстане я пачаў камандаваць даволі вялікімі падраздзеламі. У розны час у падраздзеле ўзнікалі разныя этнічныя групоўкі: украінская, узбекская, літоўская, казахская, чачэнская, уральская.

Я прыняў падраздзел, дзе каля паловы салдатаў было з Украіны. Гэта было абсалютна нехарактэрна для нашых войскаў. Рускіх, беларусаў і ўкраінцаў бралі звычайна ў больш сур'ёзныя віды Ўзброеных Сілаў: Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, Вайскова-марскі флот, дэсант. А тут украінскі набор трапіў у Супрацьпаветраную абарону. Хлопцы ўсе былі выключна талковыя, таленавітыя, дружныя, Адзін з іх Слава Лычак з Кіева у будучым стане першым наборшчыкам газеты "Рокаш". Аднойчы ўкраінцы выкінулі нумар якраз паводле вядомага фільма з удзелам украінскага артыста Быкава, дзе падраздзел спявае песню:

"Аты-баты, шлі солдаты,

Аты-баты, на войну..."

У частцы быў абвешчаны конкурс на лепшую шыхтовую песню. Украінцы прапанавалі спець "Распрагайце, хлопцы, коней..." Песня яўна не шыхтовая, але ж талент нідзе не падзенеш. Удзяўбці ўкраінскі тэкст казахам і узбекам было не цяжка, цяжэй расейскамоўным афіцэрам. І вось конкурс. Песня атрымалася. Сур'ёзны палкоўнік з журы сказаў: "Эх, даў бы я ім першае месца, але ж ні аднаго слова не разабраў, што яны спявалі?" Праўда ніхто не адважыўся сказаць па прыкладу фільма, што гэта "По долинам и по взгорьям".

Далі другое месца.

Наступнай моцнай групоўкай была літоўская. Яна была не шматлікая, але гэта былі сяржанты. Тры літоўцы: Чакаўскас, Мікшас, Жамайціс і паляк з Літвы Радзевіч.

Я расставіў іх на ўсе ключавыя пасады. Чакаўскас, кандытат у майстры спорту па боксу, быў прызначаны старшыной, астатнія камандзірамі аддзяленняў. У падраздзеле, дзе асноўная маса шарагоўцаў была з Сярэдняй Азіі і Каўказа, наступіў літоўскі "орднунг". Гэта быў той рэдкі выпадак, калі літоўцы ў Савецкай Арміі служылі за сумленне. Усе яны пабывалі ў адпачынку. Радзевіч прывёз мне кучу польскіх кніг, у тым ліку і "Крыжакоў" Сянкевіча. Чакаўскас вярнуўся ўжо з "Пагоняй" ("Віцісам"). Прымацаваў на месца камсамольскага значка. А паколькі быў старшыной, то пры шыхтаванні часта аказваўся ў першай шарэнзе. Намеснік начальніка штаба падпалкоўнік Дымчынскі правярае знешні выгляд падраздзялення. Убачыў "Пагоню".

-А гэта што такое?

-Камсамольскі значок, таварыш палкоўнік.

А салдаты збоку:

-Так, так, таварыш палкоўнік гэта ў іх зараз камсамольскія значкі такія.

-Прыдумаюць жа. Зараз у кожнага будзе свой камсамольскі значок, - прабурчаў Дымчынскі і падаўся далей.

У Літве ва ўсю ішлі нацыянальна-адраджэнцкія працэсы. На літоўцаў паглядалі скоса, але я ім цалкам давяраў, і яны мяне ні разу не падвялі. Чэсна даслужылі, чэсна звольніліся.

Галаўным болем усіх камандзіраў Савецкай Арміі былі чачэнцы і прымыкаўшыя да іх інгушы. Адзін чачэнец у падраздзяленні - гэта нармальна, два - ужо многа. Каб прымусіць іх служыць, трэба было знаць усе тонкасці іх нацыянальнага характару.

Першы раз у падраздзел далі двух чачэнцаў. Аднаго з Казахстана, другога з Чачні. Прозвішча апошняга - Асуханаў. Асуханаў меў неблагі характар і стараўся служыць. За ім цягнуўся і другі чачэнец.

Я даў Асуханаву адпачынак, што для чачэнцаў было вялікай рэдкасцю.

Пасля гэтага там у Чачні мяне пачалі лічыць амаль сваяком. Сястра яго з Грознага пачала пісаць лісты, некалькі разоў прысылала пасылкі. Абяцала, калі брат будзе жаніцца, абавязкова паклікаць на вяселле.

Калі Асуханаў звальняўся, то на нешта яму не хапала грошай, і ён папрасіў у мяне 50 рублёў. Тады гэта было не мала. Я і перад гэтым сяды-тады пазычаў грошы салдатам. Ніхто ніколі іх не вяртаў. Тут я таксама махнуў рукой. Але, як ні дзіўна, чачэнец грошы прыслаў. Вось і ўся розніца паміж іхняй нацыяй і іншымі.

Другая чачэнская група была ў складзе 4-х чалавек: дваюрадныя браты Джамалдзінавы з Чачні, Хуртыгаў з Дагестана і ігуш Муртазаеў.

Гэтыя больш менш служылі пакуль служылі сяржанты літоўцы, а ў суседнім падраздзеле служыў чачэнскі князь Мірзоеў. Ён загадаў служыць і служылі, хаця калі прайходзіў дзень, і чачэнцы нічога не ўтварылі, то можна было лічыць за шчасце. Іх вельмі цяжка было ўпісаць у агульныя нормы. Яны катэгарычна не прызнавалі абавязкі па прыборцы памяшкання. Будзе рабіць, што хочаш, капаць, бяліць, каменне цягаць, але не будзе мыць падлогу, ці падмятаць.

Чачэнцы ніколі не выходзілі на рынг ці на дыван адзін супраць другога, як сёння на міжнародных спаборніцтвах арабы не выходзяць супраць яўрэяў, але тут матывацыя была зусім іншая.

На першынстве часткі па боксу, дзе мой аддзел павінен быў заняць 1-е месца, у адной з вагавых катэгорый малодшы сяржант Джамалдзінаў у фінале павінен быў выйсці на рынг супраць старэйшага за яго чачэнца. Паводле іхніх законаў Джамалдзінаў павінен быў зняцца. Але ён быў яшчэ "малады", і я ды іншыя афіцэры фактычна сілай выпіхнулі яго на рынг. Ну і што? Зняўся яго супраціўнік. Той быў "стараслужачы", і яго не змаглі прымусіць.

Выйграў сваю вагавую катэгорыю і Хуртыгаў. Таго прывялі на рынг з гаўптвахты пад аўтаматам. Умова простая: "Перамагаеш - вызваляю, прайграеш - яшчэ трое сутак".

На такіх умовах і для Хуртыгава супраціўніка не знайшлося. Давялося вызваляць. Прада, не на доўга. Хуртыгаў быў любімым салдатам начальніка палітаддзела. Той саджаў бравага чачэнца проста пры кожнай сустрэчы і аж на сцену лез, калі бачыў Хуртыгава з аўтаматам на пасту і пасадзіць не мог. Адкуль у іх такая "любоў" ніхто не ведаў, але калі Хуртыгаву трэба было ўлізнуць ад службы, то ён выходзіў на дарогу, расшпільваў падкаўнерык і чакаў начальніка палітаддзела. Той яго без слоў хапаў і вёў на гаўптвахту, якая была тут жа поблізу, і Хуртыгаў сутак трое "паліраваў" нары, замест таго, каб "службу цягнуць".

Тым не менш, з гэтай ардой удавалася трымаць падраздзел у належным стане і быць на добрым рахунку.А сутнасць усёй выхаваўчай методы была ў тым, што для ўсіх гэтых "нярускіх" я таксама быў "нярускім", а значыць у некаторай ступені - сваім. І калі служыць камандзір-беларус, то чаму не павінен служыць сяржант - аварац ці шараговы казах.

Ну, паколькі дзевяць гадоў я адслужыў менавіта ў Казахстане, то трэба сказаць і пра казахаў. Казахскіх хлопцаў бралі з розных канцоў Казахстана і былі гэта зусім розныя людзі. Па-першае трэба ўлічваць, што ўвесь казахскі народ дзеліцца на тры джузы. Гэта нешта накшталт індыйскіх кастаў. На сёння гэтых джузаў афіцыйна як бы і не існуе, як не існуе афіцыйна беларускай шляхты, а рэальна яны ёсць.

Па вонкаваму выгляду я мог зблытаць казахаў сярэдняга і малодшага джузаў, але ніколі не блытаў прадстаўнікоў старэйшага джузу. Канешне цяжэй, калі кроў змешаная.

Казахі служылі ў асноўным добра, акрамя алмацінцаў. Гэта асобная катэгорыя. Яны практычна не ведалі казахскай мовы і мелі адну светлую мару пакурыць анашы. У той час у савецкіх статутах не было нават азначэння "наркаманія". За анашу нельга было і вымову аб'явіць. Але ёсць статут, а ёсць жыццё. Усё, што ўдавалася адабраць, усё адбіралася і знішчалася. Пры працы з казахамі тэба было ведаць, што сяржанта можна прызначаць са старэйшага або малодшага джуза. Сяржанта з сярэдняга джуза слухацца не будуць.

Пасля развалу Савецкага Саюза, а, менавіта, вясной 1992 года пачалося масавыя дэзертырства салдатаў і сяржантаў азіяцкіх рэспублік.

Першыя "ламанулі" таджыкі. Прыязджалі сваякі на машынах. Салдаты выбіраліся з часті за бліжэйшы пагорак і знікалі. Праўда, куды яны ўцякалі? У Таджыкістане многім перапрануцца не давалі, уручалі аўтамат і - наперад, ваяваць.

Потым пабеглі ўзбекі. Туркменаў у нас амаль не было.

Дайшла чарга да казахаў. Пачаліся размовы на тэму: "Хачу служыць у казахскім войску, каб афіцэры былі казахі, каб мова была казахская"

Дэзертыры былі праблемай для ўсіх сувярэных краін. У кожнай з іх гэтую праблему вырашалі па-своему. Як было сказана, таджыкі сваіх адпраўлялі ваяваць. Расейцы прыстройвалі сваіх да вайсковых частак на тэрыторыі Расеі.

Назарбаеў вырашыў гэтае пытанне найбольш радыкальна. Ён стварыў дзве казахскія часткі з афіцэрамі - казахамі - два штрафныя батальёны: адзін у Алма-Аце, другі ў Карагандзе. Нашы казахі пра гэта празналі і дружна вырашылі: "Ну яго з такім казахскім войскам, даслужым тут". Між іншых каўказцы і украінцы не ўцякалі, даслужвалі ў вайсковай частцы, якая належала не вядома якой краіне, бо прысягі ні адной сувярэннай краіне там не прымалі.


Але вернемся да беларускіх справаў. Пасля інспекцыі Міністра абароны (1990 г.) у частцы змяніўся камандзір. Заміж палкоўніка Гамава, які быў прызначаны начальнікам кафедры Калінінскай акадэміі, прыйшоў падпалкоўнік Віктар Палякоў, сам родам з Урала, дзе я перад Казахстанам адсужыў 6 гадоў, таму ў нейкай ступені таксама зямляк, але галоўнае, ён быў сябрам Вікенція Чорнага, кіраўніка беларускай арганізацыі ў Цвяры (тады магчыма яшчэ Калініне), а таму адразу заплюшчыў вочы на ўсе беларускія праблемы, што дало нам магчымасць актывізаваць працу.

Мой аддзел ужо на той час меў дастаткова моцную кампутурную базу. З прыходам у аддзел я вырашыў праблему кадраў. У аддзел быў пераведзены капітан Фелікс Хузяханаў, татарын з Таджыкістану, інжынер ад Бога, але які ніяк не ладзіў з тонкасцямі службы войскаў. Ён атрымаў маёрскую пасаду, кватэру на пляцоўцы і поўную магчымасць выціскаць з тэхнікі ўсё, на што яна здольная. У аддзел быў забраны і адзіны ў частцы чысты матэматык ст. л-т Аляксандр Сінюкоў, рускі з Украіны. Асвойваць кампутар пасадзілі і мал. с-та Лычака Вячаслава, украінца з Кіева. Мастаком, як паложана ў войску, быў прызначаны Ібраім Сейтасманаў, крымскі татарын з Узбекістану. Таму вершнікі Пагоні ў нас рэгулярна мелі азіяцкія твары, але гэта дробязь.

Сканера не было. Прынтар матрычны. Праграм вёрсткі не было. Беларускага шрыфту не было. Але было жаданне. І мы прыступілі да рэалізацыі праекту выдання беларускай газеты "РОКАШ".

У жніўні 1990 года была аддрукавана першая сотня асобнікаў. Назва "Рокаш" была прынята на конкурснай аснове з некалькіх, у тым ліку разглядалася і "Пагоня". "Рокаш" прымалі з разлікам, што і ў Беларусі мала хто толкам ведаў, як гэтае слова перакладаецца на расейскую мову. Прынамсі ў акадэмічных беларускіх слоўніках яго няма. Тут разлікі апраўдаліся. Ніхто з камандавання ні разу не папытаўся, што значыць слова "Рокаш". І вось чаму.

Гэта ўжо цяпер можна сказаць, што рокаш - гэта мяцеж , не бунт, не паўстанне, а мяцеж. Паспрабуйце ўявіць газету з наўвай "Мяцеж" у Савецкім Саюзе. Самыя крутыя расейскія нацыяналісты далей "Набата" не ішлі. А ў нас быў "РОКАШ", таму што нашыя расейскамоўныя начальнікі з-за сваёй дрымучай непісьменнасці перакладалі яго проста як "Рокот".

Эпіграфы газета мела два: "Жыве Беларусь!" і радкі М. Багдановіча:

"... Біце ў сэрцы іх,

біце мячамі,

Не давайце

чужынцамі быць..."

Тады ж узнікла і пытанне, хто будзе выдаўцом газеты. Само жыццё вымушала нас на пераход ад аморфнага зямляцтва да нейкай арганізацыі. Мы маглі або аформіць сваю арганізацыю, як гэта пазней парабілі беларускія зямляцтвы ў розных кутках Савецкага Саюза, або далучыцца да нейкай арганізацыі ў Беларусі. Арганізацый такіх тады было дзве: Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Параіўшыся, усё-такі яшчэ быў 1990 год, мы вырашылі, што ўсё тое, што мы спланавалі для сваёй дзейнасці, найбольш адпавядае мэтам і задачам ТБМ. Таму тады ж у жніўні 1990-га года было прынятае рашэнне аб ператварэнні беларускага зямляцтва ў г. Прыазёрску Джэзказганскай вобласці Казахскай ССР у Прыазёрскую гарадскую арганізацыю ТБМ імя Ф. Скарыны. "Рокаш" такім чынам быў вызначаны газетай Прыазёрскай гарадской рады ТБМ імя Францішка Скарыны (Джэзказганскай воб-ласці, Казахскай ССР) . Гэта была другая газета ў гісторыі (пасля "Нашага слова"), якая выйшла пад шыльдай ТБМ. У прынцыпе раду ТБМ, як такую, ніхто і не абіраў, актыў зямляцтва аўтаматычна пачаў выконваць функцыі рады. Так было больш бяспечна і дэмакратычна. Ядро тым не менш складалі афіцэры-беларусы 1-га аддзелу плюс частка найбольш актыўных афіцэраў 2-га і 3-га аддзелаў.

Пра выхад газеты ведалі ўсе, каму трэба: і асобы аддзел, і камандзіры аж да Масквы, але рэакцыя была нулявая. Ад першага нумару было ўстаноўлена правіла, што ў газеце не павінна быць слова "рускі". Мы пісалі пра беларускія справы. І нам сваіх праблемаў хапала.

Пасля выхаду мы разаслалі газету па вядомых нам адрасах, а неўзабаве пасыпаліся заяўкі і праз паўгода мы мелі мабыць да сотні сталых чытачоў і, нават, аўтараў.


Пасля выхаду 1-га нумара "Рокаша" і ацэнкі сітуацыі мы зрабілі наступны крок. У верасні 1990 года ў Прыазёрску мы адкрылі беларускую нядзельную школу. Тады гэтая з'ява была даволі новая. Нашая школа была першая і адзіная беларуская школа на абшарах СССР. За базу была ўзята школа "60-год Казахстана", дзе вучыліся мае сыны. Дазвол дырэктара мы атрымалі без праблем. Стаяла пытане, як набраць вучняў? Мы развесілі аб'явы. Алена Лабуда , жонка капітана Лабуды з Пружан і рэдактар мясцовай тэлестудыі арганізавала для мяне інтэрвію на мясцовым тэлеканале. Тады на тым тэлебачанні ўпершыню прагучалі беларускія словы, хоць адна ці дзве фразы, але прагучалі. Быў уключаны, як зараз кажуць і адміністрацыйны рэсурс. Усё такі, камандзір я быў ці не камандзір? Камандзір. Таму сваім падначаленым у мяккай форме, але скамандаваў: дзяцей школьнага ўзросту адправіць у школу. Тут значную дапамогу аказала Святлана Іўлева са Слуцка. Яна была настроена, калі не нацыялістычна, то крайне патрыятычна. Муж у яе быў рускі з Алтая, але вучыўся ў Менску разам з адным з нашых актывістаў Сяргеем Міхалевічам . Сама Святлана закончыла Менскі медінстытут і працавала ў горадзе ўрачом. Мела значны аўтарытэт. Таму яе пазіцыя была вельмі важная для жонак афіцэраў, некаторыя з якіх паглядалі на нашыя пачынанні даволі скептычна. Але, калі Іўлева адправіла ў школу сваю дачку, то гэта рэзка палепшыла стаўленне іншых жанчын. Безумоўна, што децям не хацелася ісці ў школу яшчэ і ў нядзелю. Але тут ужо працавалі розныя фактары: ад трэба і абавязаны ведаць сваю мову , да цікавасці саміх заняткаў. Былі такія, як Алена Бязрукава , якая засвойвала ўсё беларускае з фанатызмам і праз паўтары гады ўжо пісала вершы па-беларуску. Гэта была ўнікальная дзяўчынка - наша апора ў вучнёўскім калектыве. Лена падчас прыходу ў школу (у звычайнай школе яна была недзе ў 7-м класе) мела цвёрда сфармаваныя нацыянальныя перакананні. Адкуль яны ў дзяўчынкі, якая вырасла ў рускамоўнай сям'і (маці беларуска, айчым рускі), фактычна не жыла ў Беларусі, ніхто не ведаў. Прачытаўшы ў газеце Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, яшчэ да прыходу ў школу, яна выразала яе, прыклеіла на сцяну і заявіла бацькам: "Ад гэтага моманту я - беларуска!" Яе айчым пасля скардзіўся: "Што вы зрабілі з маёй дачкой? Дома прымушае сястру размаўляць па-беларуску, а бацькоў проста называе маскалямі." Лена выдатна закончыла першы год, атрымала ў падарунак поўны збор твораў Уладзіміра Караткевіча. Другі год яна давучылася да палавіны, пакінула бацькоў і пераехала да дзеда з бабуляй у Менск, тут закончыла 9 класаў і пайшла вучыцца далей.

Але і тыя, у каго не было такіх перакананняў, каго прымушалі хадзіць у школу бацькі, усяроўна навучыліся і чытаць, і пісаць і ведалі асновы гісторыі. Менавіта, мы ў Прыазёрску першыя ўжылі тэрмін "беларусазнаўства", каб назваць прадмет, дзе давалі агульныя веды пра Беларусь.

У 1990/91 навучальным годзе недзе з месяц у нас быў адзін клас. Затым мы вымушаныя былі падзяліць яго на два і не з-за колькасці дзяцей, а з-за таго, што дзеці былі рознаўзроставыя, і старэйшыя нашмат хутчэй засвойвалі матэрыял. Заняткі ў старэйшым класе вёў я, у малодшым Ігар Супаненка.

У 1991/92 навучальным годзе ў школцы было ўжо тры класы з агульнай колькасцю вучняў больш 40 чалавек. Усе выкладчыкі былі афіцэры. Старэйшы клас прадаўжаў весці я, сярэдні - Ігар Супаненка і малодшы даверылі лейтэнанту Маянскаму , украінцу, але родам з Гародні, які лепш за іншых ведаў мову. Былі і трычатыры запасныя выкладчыкі: маёр Цвірка, ст. л-ты Грамадка, Пахучы і яшчэ лейтэнант з Гомеля, прозвішча, нажаль, ужо забылася. Запасныя выкладчыкі былі патрэбныя таму, што ўсё ж такі гэта былі афіцэры. Не заўсёды на выхадныя ўсе былі вольныя, а заняткі сарваць было немагчыма. Таму і трымалі ў пастаяннай гатоўнасці запасных.

Дысцыпліна ў школе была высокая, асабліва ў Супаненкі, які па характару - службіст. Таму нашай дысцыпліне зайздросцілі штатныя настаўнікі гэтай школы, дзе практычна ўвесь калектыў быў жаночы, з жонак афіцэраў.

Пачыналі навучальны працэс мы з адной кніжкай "Белорусский язык для говорящих по-русски" і адным букваром. Пасля абвяшчэння ў "Рокашы" пра адкрыццё школы нам пайшлі пасылкі з беларускімі падручнікамі. Гэта былі вельмі розныя кніжкі для розных класаў, а пажадана было мець аднатыпныя падручнікі. Праз некаторы час пасля пачатку заняткаў Ігар Супаненка аказаўся па нейкай патрэбе ў Менску. Там ён знайшоў Бібліятэку рэзервовага фонду (назва пададзена прыблізна), супрацоўнікі якой ахвотна згадзіліся нам дапамагчы. Праз некаторы час мы атрымалі ў Прыазёрску 37 пасылак з падручнікамі. Я іх толькі з пошты гадзіны дзве насіў, хоць і недалёка было. У той час, калі з Беларусі мы раз пораз чулі нараканні на недахоп падручнікаў для беларускіх школаў, у нас былі фактычна ўсе патрэбныя падручнікі для ўсіх класаў. Пасля я сам яшчэ два разы ездзіў у тую бібліятэку (не памятаю адрасу, але ведаю як даехаць) і дабіраў патрэбныя кнігі для клас-камплектаў. Паступленне падручнікаў мела вельмі станоўчае значэнне, усе паверылі, што наш пачын не авантура, а справа сур'ёзная.

Тут трэба спыніцца на праблемах, якія ў нас узнікалі з-за дыс-кусіі паміж прыхільнікамі "наркамаўкі" і "тарашкевіцы". Ніхто з нас не быў супроць "тарашкевіцы", але падчас стварэння школы быў уключаны рычаг прагматызму. Мы гаварылі бацькам, што будзем вучыць дзяцей таму, што ім спатрэбіцца пасля вяртання ў Беларусь. Гэта разумелі. З другога боку і ўсе падручнікі былі на наркамаўцы. У гэтай сітуацыі было вырашана заняткі весці на школьным варыянце беларускай мовы, а ў канцы навучальнага года некалькі ўрокаў выдзеліць пад "тарашкевіцу". Але не ўсё аказалася такім простым.

Заняткі ў нашай школе ішлі ў паскораным тэмпе, таму дыктоўкі мы пачалі практыкаваць ужо з трэцяга ўрока. Дзеці лёгка вывучылі літары, лёгка засвоілі асноўнае правіла: "Як чуецца, так і пішацца". Яно ім вельмі спадабалася. Расказалі пра "мяккі знак", пра асаблівасці яго напісання. З засваеннем гэтых асаблівасцяў ужо было цяжэй. Аднак пачалі пісаць. Першая дыктоўка. Правяраем. Хто напісаў лепш, хто горш. І вось аркуш Юлі Севярын. ( Севярын - прозвішча беларускае і ў жаночым варыянце не скланяецца, так жа як і Аўгусцін, Логвін, Жэмайцін і г. д.). Юля ў звычайнай школе была ў 2-м класе. Правіла "як чуецца, так і пішацца" яна засвоіла, а вось прамудрасці ад СНК БССР 1933 года не адалела. Юля мела выдатны музычны слых і праставіла ў дыктоўцы ўсе "мяккія знакі", дзе яны чуюцца. Пры гэтым не проста праставіла, а праставіла ў 100% выпадкаў. Ну і што рабіць з гэдыкай "пісьменніцай". Не лаяць жа за музычны слых, а мо і за генетычную памяць. Звярнуўшы ўвагу на тое, што і ў іншых дзяцей таксама хапала памылак на "мяккі знак", мы прышлі да наступнай формулы: тэксты папраўляць, але памылкі на "мяккі знак" за памылкі не лічыць. Праўда праз некаторы час праблема знялася сама па сабе, дзеці пачалі адрозніваць, дзе "мяккі знак" пішацца, а дзе не.

Разам з тым, хоць і па сёння ў школах гэтую праблему здымаюць за кошт працэсу адукаці, у грамадстве яна не знятая, пра што сведчыць тая ж дыктоўка з далёкага ўжо 1990-га года, малой тады і дарослай зараз беларускі Юлі Севярын.

І яшчэ з тога ж разраду. Дзеці, якія ніколі да тога беларускай мовы не вучылі, усе пагалоўна бліскуча засвоілі " а -канне" і " я -канне" і амаль ніколі на гэтыя правілы памылак не рабілі.

Аднак вернемся да "Рокаша". Над газетай акрамя мяне ў розны час пра-цавалі Ігар Супаненка, Станіслаў Цвірка, Сяржук Пахучы, Віктар Грамадка. На наборы пасля звальнення Славы Лычака сядзелі ўжо рускія салдаты: Андрэй Аўчыннікаў з Урала і Аляксей Мазураў з Паволжа. Перад звальненнем Аўчыннікаў ледзь не плакаў: "Што вы са мной зрабілі? Я ж рускую мову забыўся. Я ў лістах да маці "і" беларускае стаўлю. Я ж цяпер ніякага экзамену па рускай мове не здам."

І некалькі словаў пра тэхналогію выдання газеты ў нашых дзікіх умовах. На першых парах вялікіх праблемаў не было. Наклад быў невялікі, у нас былі запасы паперы, запасы чырвонай і чорнай стужкі для прынтара, рассылка была невялі-кая. Але наклад рос, запасы пачалі канчацца, адных канвертаў трэба было падпісаць не адзін дзесятак. З паперай праблему вырашылі наступным чынам. Я даведаўся, што на складзе службы ўзбраення ёсць рулон афсетнай паперы вагой з паўтоны, ну "ніяк ім не патрэбнай". Абгрунтаваўшы ўсё вострай службовай неабходнасцю, я забраў рулон у аддзел. Навучыліся друкаваць на прынтары без стужкі. Пачалі клеіць канверты самі.

Але блізілася 19-е жніўня 1991 года. У траўні мы завяршылі навучальны год. У жніўні выйшаў 8-мы нумар "Рокаша". Газета выходзіла штомесяц, але былі пропускі ў

***

"ДРУГІ З'ЕЗД ТБМ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ

14 - 15 чэрвеня 1991 года у Менску у Доме літаратара прайходзіў у 2-гі з'езд ТБМ імя Францішка Скарыны. З'езд адкрыў старшыня Рэсубліканскай рады ТБМ паэт Ніл Гілевіч. Ён жа зрабіў справаздачны даклад. З садакладам выступіў прафесар Леанід Лыч. Ад беларускага ўраду на з'ездзе прысутнічалі Кебіч, Дзямчук, Краўчанка, Кавалёў, Сухнат. Сур'ёзнае прадстаўніцтва. Затое не было нікога ні з кіраўніцтва КПБ, ні лідараў БНФ, хаця з добрай паўзалы было сяброў і прыхільнікаў БНФ, БСДГ, НДПБ. Прысутнічалі дэлегаты са шматлікіх суполак ТБМ, як з Беларусі, так і з замежжа, блізкага і далёкага: з Літвы, Эстоніі, Ніжняга Ноўгарада, Цверы, ну і вядома з Прыазёрска, а таксама з Польшы, з Лондана - уніяцкі святар Аляксандр Надсан. Святароў наогул было чацвёра, акрамя Надсана - два каталіцкія і адзін праваслаўны. Узброеныя сілы СССР прадстаўлялі падпалкоўнікі Вінцэнт Чорны з г. Цвер, Станіслаў Суднік з Прыазёрска, Мікола Статкевіч і Мікола Бірукоў з Менскай вучэльні. Быў таксама і маёр міліцыі з Менска.

Не спрабуючы перадаваць змест прамоў (яны амаль усе надрукаваны, з большага. У "Нашым слове") хочацца адзначыць атмасферу з'езду. Прэзідыюм вёў з'езд пад лозунгам згоды, кансалідацыі усіх беларускіх сілаў дзеля адраджэння мовы. Зала была настроена, аднак, больш радыкальна. Асабліва крайнія пазіцыі занялі прадстаўнікі клуба "Спадчына", "Задзіночання беларускіх студэнтаў", суполкі ТБМ з Ніжняга Ноўгарада. Тым не менш варта адзначыць, што па ўсіх пытаннях з'езд лёгка дайходзіў да згоды. Агульны непакой за стан роднай мовы дамінаваў над усімі іншымі пачуццямі.

На выбарах старшыні рэспубліканскай рады ТБМ з памяркоўнага Ніла Гілевіча і радыкальнага Вінцука Вячоркі з'езд аддаў большасць галасоў за Ніла Гілевіча.

Ацэньваючы значэнне з'езду варта заўважыць, што ён, не гледзячы на ўсе паднятыя праблемы і цяжкасці, не гледзячы на яшчэ раз пацверджаны гаротны стан беларускай мовы, усё такі пасяліў надзею ў душах дэлегатаў, надзею на тое, што мова будзе адратавана, што мова будзе жыць. Людзі пакідалі з'езд з верай у карысць і неабходнасць той працы, якую яны праводзяць. І ўлічваючы тое, што на Беларусі моўнае пытанне знаходзіцца на вастрыні палітычнай барацьбы, з'езд замацаваў надзею на поўнае нацыянальнае адраджэнне беларусаў наогул.

Надзею падае і такая з'ява, нацыянальная ідэя зрабіла пралом і ў цесным шыхце закасцянелых "інтэрнацыяналістаў", здолела ў шмат каго абудзіць нацыянальны гонар. Старшыня Савета Міністраў В. Ф. Кебіч паабяцаў усе прамовы з першага верасня рабіць па-беларуску, ЦК КПБ прыняў рашэнне на працягу 1,5 гадоў перавесці партыйнае справаводства на беларускую мову і г.д. Вельмі хочацца верыць, што нацыянальная ідэя зможа такі ўзняцца і над "ізмамі" малафеяўцаў і над "антыізмамі" Пазьняка."


"ШТО НЕ НАДРУКАВАЛА "НАША СЛОВА"

(з прамовы Станіслава Судніка на 2-м з'ездзе ТБМ)

Мы знайходзімся далёка ад Беларусі і, магчыма, памыляемся, але мы ацэньваем стан беларускай мовы і беларускай нацыі наогул, як крытычны. Прыклады такога становішча мы маем у гісторыі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў такім стане знаходзілася чэшская нацыя. Ёй тады пагражала поўнае анямечванне. Чэшская суполка "Яднота" выпрацавала шэраг прынцыпаў паводзін чэха, які больш вядомы пад назвай "Статут чэшскай сям'і".

Чэхі тады выратаваліся. Мы таксама выпрацавалі шэраг прынцыпаў, які умоўна назвалі "Палітыка жорсткага нацыяналізму". І не трэба баяцца гэтага слова. Каб беларускі нацыяналізм стаў каму-небудзь хоць чым-небудзь небяспечным, трэба, каб беларусы спачатку сталі нацыяй. Не збіраючыся пералічваць усе пункты я спынюся на галоўных.

Гэта:

- Усе школы, сярэднія-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя установы перавесці на беларускую мову выкладання, уступныя экзамены прымаць па-беларуску:

- усе партыі і рухі рэспублікі падпарадкаваць нацыянальнай ідэі;

- утварыць моўныя камісіі і моўныя экспертызы ва ўсіх установах і сродках масавай інфармацыі;

- прадугледзець крымінальную адказнасць за антынацыянальную дзейнасць.

Кожная рускамоўная тэле- і радыёперадача - антынацыянальная дзейнасць.

Той хто ад імя Беларусі сёння падпіша саюзную дамову зробіць злачынства перад беларускім народам і падлягае крымінальнай адказнасці.

Беларусь не падрыхтавана ні да якіх пагадненняў і дамоў. Што мы маем? Мы маем абрэзаную тэрыторыю. Я не асуджаю наш урад, калі ён патрабуе Віленскі край, але мы патрабуем яшчэ і Смаленшычыну, і Браншчыну, і Беласточчыну. Цяжка вярнуць гэтыя землі, але пытанне пра спрэчныя тэрыторыі на перамовах па падпісанні саюзнай дамовы павінна быць пастаўлена.

Мы не маем канстытуцыі сувярэннай Беларусі, не маем нацыянальнай улады. Пра які Саюз можа ісці гаворка.

Мы прапануем падкласці трывалую эканамічную падкладку пад будынак беларусізацыі, пад закон аб мовах. Гэта:

- усім выкладчыкам усіх навучальных устаноў, хто вядзе заняткі па-беларуску павысіць зарплату на 30 працэнтаў;

- на ўсе установы, выданні, партыі, якія не выконваюць закона пра дзяржаўнасць мовы, накладваць штрафы, а грошы скарыстоўваць для беларусізацыі;

- усім установам, арганізацыям, рухам, партыям, у назве якіх ёсць словы "Беларусь" ці "беларускі" і, якія не ўжываюць беларускую мову забараніць выдзяленне эфірнага часу на беларускім радыё, тэлебачанні, у дзяржаўным друку і г. д.

Зараз гісторыя нам дала апошні шанц выратаваць сваю мову і сваю нацыю. І я хачу скончыць сваё выступленне словамі Янкі Купалы:

"Пара ў рукі браць паходні,

уставаць,

ісці ноч прасвятляць,

бо, што

не воозьмеце сягоння,

таго і заўтра вам не ўзяць".

Такі быў час, такія былі памкненні, такія былі прамовы. Магчыма не ўсё было гладка і карэктна, але так было.

Але блізілася 19-е жніўня 1991 года. Аднак распавядаць пра гэты лёсавызначальны час немагчыма, пакуль не будзе расказана пра такую з'яву, як антыкамунізм у Савецкай Арміі.

Камуністычную ідэалогію ў войску ўвасаблялі сабой не камуністы, дакладней, члены КПСС, якімі былі практычна ўсе афіцэры і многія прапаршчыкі. Камуністычную ідэалогію ўвасаблялі палітработнікі, больш правільна, нампаліты ў падраздзяленнях, начальнікі палітаддзелаў у частках, члены вайсковых радаў (ваенных саветаў) у штабах армій і вышэй.

Нампалітаў у войсках не любілі. Асабліва гэта тычыцца Войскаў супрацьпаветранай абароны. Спецыфіка тут была ў наступным. Калі ў сухаземных войсках нампаліт, прынамсі, мог весці байцоў у атаку, у авіяцыі нампаліт павінен быў лятаць, у Марфлоце нампаліты плавалі, то ў Супрацьпаветранай абароне нампаліт быў абсалютна бескарысным у баявой сітуацыі. У баявых разліках СПА для нампалітаў месца не прадугледжвалася баявымі статутамі. Па жыцці ў падраздзелах СПА нампаліт не ведаў і не мог выконваць абавязкі ні аднаго нумара разліку. Ад зачуханага салдата-першагодкі з якой-нібудзь дзікай азіяцкай ускраіны ў баі толку было больш, чым ад маёра з вышэйшай палітычнай адукацыяй. Нампаліты мабілізоўвалі падраздзелы на выкананне баявых задач, пры гэтым самі не ўмелі павярнуць ні аднаго шліца ў кабіне, ні адной ручкі на пускавой устаноўцы.

Таму, калі нампаліты яшчэ і пачыналі здымаць стружку з баявых афіцэраў за незаканспектаваныя марксісцка-ленінскія работы ці матэрыялы чарговага з'езду, або за недахопы ў нясенні баявога дзяжурства, гэта выклікала глухое незадавальненне. Яно было тым большым, чым больш патрабавальным быў нампаліт.

У гады таталітарызму такое незадавальненне жорстка душылася, але падчас гарбачоўскай перабудовы канфліктная сітуацыя паміж афіцэрскімі масамі і нампалітамі пачала абвастрацца. Не магу сказаць, як гэта выглядала ў іншых месцах, у нашай частцы пачалося пагалоўнае ігнараванне ўсіх каманд і распараджэнняў нампалітаў. Ды яны і самі разумелі сітуацыю і на нізавым узроўні самі фактычна спынілі ўсялякую працу, дабіваючыся знешняй фармальнай бачнасці, што ўсё добра.

У гэты час пачалі набіраць сілу так званыя афіцэрскія сходы, і найбольш талковыя нампаліты пачалі працаваць цераз гэтыя сходы. Беларус, намеснік камандзіра каманднага пункта цэнтра Мікола Маргун прымкнуў да нашага беларускага руху, і займеў нашую падтрымку.

Тым не менш камуністычная сістэма валілася. Дзесьці афіцэры кідалі партыйныя білеты, у нас моладзь масава перастала плаціць партыйныя складкі. Аднак гэтая з'ява амаль не кранула беларускае зямляцтва. Я аддаў загад усім беларусам не разменьвацца на дробязі. Не ведаю, магчыма гэта было няправільна, але планавая нацыянальная дзейнасць мне падавалася важней за дзіцячы антыкамунізм, які не ішоў далей антыпартыйнай дэмагогіі і няўплаты складак. І ўсё ж першым у нашай частцы партыйны білет кінуў беларус Віктар Кулікоў з Магілёўшчыны.

А выглядала ўсё так.

У Кулікова дзед яшчэ да рэвалюцыі быў кавалём у нейкай графіні. Падчас рэвалюцыі яму трапіў у рукі грунтоўны скарб у золаце. Нейкім чынам, магчыма ў час НЭПу, дзед умудрыўся пакласці гэтае золата ў савецкі банк. Палова скарбу належала наўпростаму нашчадку па мужчынскай лініі, якую гэты нашчадак, у нашым выпадку Віця Кулікоў, мог узяць толькі на адкрыццё ўласнай справы (крамы, завода і г. д.), другая палова дзялілася паміж усімі жывымі дарослымі нашчадкамі. Такіх аказалася чацвёра: Віця, яго сястра і дзве цёткі. Але кожны з іх ізноў жа мог узяць сваю долю толькі са згоды Віктара.

Пасля Чарнобыльскай аварыі мясцовыя начальнікі прысталі да адной з цётак, каб яна аддала сваё золата на будоўлю новай бальніцы. Цётку, якая тога золата не бачыла і бачыць не вельмі рвалася, угаварылі хутка, а вось атрымаць згоду ад Віці было не так проста. Начальнічкі дачакаліся, калі ён прыедзе ў адпачынак, і прыставілі да яго чалавека з райкаму, каб той угаварыў Віцю падпісаць згоду. Ды не тут тое было. Віця ўпёрся. Яго пачалі паіць. Паілі два тыдні. Віця ні ў якую. Так Віця і ад'ехаць збіраўся, нічога не падпісаўшы, але з ім у цягнік сеў свежы супрацоўнік райкаму. І магчымасці нават баявога маёра аказаліся ўсё-такі абмежаванымі. Дапіўшыся да чорцікаў з настырным райкамаўцам, на паўдарозе паміж Магілёвам і Масквою Віця падпісаў тую згоду.

Працверазіўшыся і зразумеўшы, на колькі яго "абула" родная партыя, Віця пасля прыезду адразу пайшоў да начальніка палітаддзелу і шпурнуў партбілет на стол. Ніякія ўгаворы на яго не падзейнічалі. Што з ім рабіць, камандаванне не ведала і проста махнула рукой, тым больш, што ўжо было лета 1991 года.

Партыя імкліва траціла вагу ў войсках. Прымаліся розныя меры, такія, як увядзенне вызваленых пасадаў сакратароў партарганізацый, правядзенне Ўсеармейскага партыйнага сходу... Ад нашай часткі трэба было вылучыць на той сход аднаго дэлегата. Камандаванне разумела, што афіцэры ні аднаго палітработніка на той сход не пусцяць, і прапанавала традыцыйна апалітычнага намесніка начальніка базы па ўзбраенні. Ён не выклікаў негатыўнай рэакцыі, і павінен быў прайсці па выніках галасавання, але нечакана на сходзе супраць яго выступіў Супаненка, якога тут жа падтрымала маса ўкраінскай моладзі. Беларусы глядзелі на мяне. Я прапанаваў зрабіць перапынак. У чым справа? Аказалася ў Супаненкі ўзнікла ідэя паслаць на той сход беларуса. Давялося ўталкоўваць і Ігару, і ўкраінцам, што нашых інтарэсаў на тым сходзе няма.

Не памятаю добра, як канфлікт развязаўся, але ён паказаў сілу антыкамуністычнай большасці ў частцы і яшчэ раз падкрэсліў вагу беларускага зямляцтва.

Пасля ўсяго напісанага можа скласціся ўражанне, што ў войску было бязладдзе, што яно было некіраванае. Ні ў якім разе. Дысцыпліна з падзеннем уплыву кампартыі ніколькі не ўпала. Усе баявыя задачы выконваліся. Стрэльбы ішлі. Ішлі масштабныя вучэнні. Наадварот, вырас аўтарытэт камандзіраў, якія кіравалі не "горлам", а інтэлектам, якія не партбілетам размахвалі, а вялі ўдумлівую выхаваўчую працу, у тым ліку на індывідувльным узроўні.

У пачатку жніўня выйшаў 8-мы нумар "Рокаша". Газета выходзіла што-месяц, але былі пропускі ў сувязі з маімі частымі паездкамі ў акадэмію, ды іншымі праблемамі, як недахоп паперы, стужкі для прынтара, звычайнай калькі. Таму за год са жніўня па жнівень выйшла восем нумароў.


19 жніўня 1991 года быў панядзелак. У нашым аб'яднанні былі планавыя камандзірскія заняткі, на якіх павінны былі прысутнічаць наш камандзір, яго намеснікі і ўсе камандзіры падраздзяленняў. Паколькі час у Прыазёрску ад Масквы ссунуты на 3 ці 4 гадзіны, то заняткі паспяхова пачаліся. Камандзір базы палкоўнік Роменскі раздаў дзяжурныя нахлабучкі, каму паложана, і хто пад гарачую руку трапіў. Мабыць і яшчэ нечаму павучылі. Праз колькі гадзін ад пачатку зайходзіць начальнік палітаддзелу палкоўнік Замарый і гаворыць, што трэба ўсім перайсці ў іншы пакой, дзе ёсць тэлевізар. Тэлевізар цівавей за камандзіра, таму ўсе ахвотна перайшлі, а на экране - ГКЧП. Праслухалі паведамленне, здаецца, два разы.

Роменскі аддаў каманду тэрмінова выехаць у часткі. Нашыя 120 км на вайсковым транспарце - гэта 3-4 гадзіны дарогі. Я ехаў з Паляковым. Заскочылі ў горад. Я паспеў папярэдзіць жонку, што можа быць дрэнна. У прынцыпе яна сама ўсё разумела.

Па дарозе больш маўчалі. На гарызонце пачынаў прарэзвацца 37-мы год. "Заслугаў" перад партыяй ува ўсіх было дастаткова. Афіцэры былі настроены антыкамуністычна. Калі б былі аддадзеныя каманды на арышты дэсідэнтаў, маглі мець месца ўзброеныя выступлені. Палякову было над чым думаць. Ён быў з Уралу. Ельцын быў уралец. Ельцын, наогул, закончыў УПІ (Уральскі палітэхнічны інстытут) - усесаюзны расаднік дэсідэнцтва. Мне ў свой час трапіліся на стажыроўку студэнты УПІ. Яны прывезлі забаронены ўжо "Адзін дзень Івана Дзянісавіча" Салжаніцына, які я потым паспяхова абмяняў на "Графіню дэ Мансаро" і 3-ці том "Праз дзесяць гадоў" Дзюма. На Ўрале служыў я, служыў Роменскі, служыў камандзір бліжняй баявой часткі Валодзя Касцюк. "Споведзь на зададзеную тэму" Ельцына была ў вельмі многіх. Ельцын быў надзвычай папулярны. На яго былі ўсе спадзяванні. Таму, было над чым думаць, не толькі Палякову.

Мне ў голаў лезлі даволі песімістычныя радкі, з якімі я ўнутрана не пагаджаўся, і фактычна выпрацоўваў стэрэатып далейшых паводзінаў. Падчас прыпынку на 86-м кіламетры я ўсё гэта запісаў:

Беларусы,

мы зноў не паспелі

Справу нашу

звяршыць да цямна,

Крумкачы

край радзімы абселі,

І да волі дарожкі няма.


Зноў патухлі

ўсе зоркі надзеі,

Зноўку цёмная ноч настае,

Зноўку песня ў адчаі нямее,

Мара крылы злажыла свае.


Дык запалім жа паходні

нашай непакоры,

Шчыльнымі шыхтамі

выйдзем разам, як адзін,

Нам няма дарогі

ў тое чорнае заўчора,

Лепей зыркім полымем

сягоння мы згарым!


Мой народзе

адчайна гаротны,

Гвалт цярпець

мы не зможам больш, не,

Жыць не зможам

з тугою смяротнай,

Лепей легчы

ў апошняй вайне.


Лепей згінуць

ад кулі варожай,

Сэрцам смелым

свой край асвятліць,

Лепей смерцю

памерці прыгожай,

Чым без славы

і гонару жыць.


Дык запалім жа паходні

нашай непакоры,

Шчыльнымі шыхтамі

выйдзем разам, як адзін,

Нам няма дарогі

ў тое чорнае заўчора,

Лепей зыркім полымем

сягоння мы згарым!

Гэта была паэзія. Наперадзе чакала жорсткая проза. Радыёсувязі ў камандзірскай машыне не было. Сітуацыя была невядомая.

На пляцоўку прыехалі ўжо вечарам. А падзеі між тым развіваліся. Па лініі палітаддзелу паступіла каманда правесці мітынг ў падтрымку ГКЧП. За камандзіра заставаўся яго першы намеснік украінец палкоўнік Савянкоў. Той зшыхтаваў частку і абвясціў мітынг адкрытым. "Хто жадае выступіць? Ніхто? Тады мітынг закрыты. Разысціся!" Далажыў у палітаддзел базы: "Мітынг праведзены. Выступоўцаў не было."

Наступнай паступіла каманда апячатаць усе будынкі, асабліва з электроннай тэхнікай і зняць партрэты Гарбачова. Паколькі камандзіры падраздзяленняў былі яшчэ ў дарозе, то іх намеснікі, у прыватнасці за мяне заставаўся Іван Ягораў, выканалі каманду ўмерана. Да нашага прыезду ўсё было апячатана. Што рабіць далей. Ісці здымаць корпус з-пад аховы, каб зняць партрэт Гарбачова? А, заўтра паспеем. У начальніка 3-га аддзела Юры Крывашова, майго былога намесніка, яшчэ лепш. Адзін КП-за 5 км, адзін - за 20, адзін - за 40. З-за Гарбачова трэба цэлую ноч ездзіць. Ну што будзем рабіць? Юра выцягвае з-пад стала бутэльку спірту і спакойна кажа: "Давай урэжам. Заўтра будуць пытацца, дзе былі, скажам, былі п'яныя, не ведаем". У прынцыпе са спіртам так і паступілі, але сітуацыя прасцей не стала.

Радыкальных камандаў, накшталт арыштаў ці затрыманняў не паступала. З другога боку, каб не дапусціць арыштаў, "У ружжо" маглі быць паднятыя два баявыя падраздзелы, але хто павінен аддаваць каманду? На ўсякі выпадак у казарму 1-га аддзелу быў адпраўлены найбольш надзейны маёр Цвірка з задачай выконваць толькі мае каманды. У астатнім ўключыўся рэжым чакання. Прывялі ў гатоўнасць усе радыёпрыёмнікі, лавілі, хто што мог. Асаблівую актыўнасць праявілі ўкраінцы. У капітана Мішкіна са Жданава быў магутны прыёмнік. Ён паспяхова вылавіў усе заходнія станцыі і асобна паклікаў мяне слухаць. Як ужо згадвалася, украінцы сваім палкоўнікам не давяралі, і ўкраінская моладзь арыентавалася на беларусаў. Дзесьці пад раніцу даведаліся, што ў Ельцына ўжо некалькі танкаў. Трохі палягчала.

А ў гэты час на базе ў аўтароту з'явіўся сам начальнік палітаддзелу Замарый. Камандуе: "Зняць Гарбачова!" Камадзір аўтароты, які з тыдзень таму агроб партыйнае спагнанне з-за нізкай дысцыпліны ў роце, сам падскочыў да сцяны, сарваў партрэт і давай ламаць яго на калена. Старшына крычыць: "Таварыш старшы лейтэнант, ён жа ліцыцца!". "Чорт яго бяры, заплацім".

20 жніўня ў аўторак камандаванне базы палічыла за лепшае выехаць "у войскі" і явілася ў нашую частку для працягу заняткаў. Адпаведна заняткі ў навучальным корпусе, адпаведна партрэт Гарбачова вісіць. Усе маўчаць.

Я некалькі разоў яшчэ буду згадваць гэтыя партрэты Гарбачова. Але не трэба думаць, што ў войску Гарбачова любілі ці гатовыя былі кінуцца на яго абарону. Гарбачова не любілі з-за яго барацьбы супраць п'янства, якая ніяк на п'янства не паўплывала, а стварыла да ўжо быўшых яшчэ два віды дэфіцыту: на гарэлку і на цукар. Гарбачоў пасадзіў афіцэраў, як і ўвесь народ, на тыя ж талоны, загнаў у тыя ж чэргі. Розніца паміж дэфіцытам на мяса і на гарэлку была ў тым, што дэфіцыт мяса можна было зразумець - краіна вялікая, надвор'е неспрыяльнае, Афрыку карміць трэба і г. д. Дэфіцыт гарэлкі быў штучны, і яго разумець ніхто не збіраўся. Савецкі народ без гарэлкі жыць проста не ўмеў. Святаў была процьма. Можа, хто на 1-е траўня і ездзіў на горных лыжах. Астатняя маса плаўна пераходзіла з дэманстрацый за сталы, выязджала на пікнікі і г. д. А тут Гарбачоў са сваімі безалкагольнымі вяселлямі. Ужо больш дзесяці гадоў увесь каталіцкі касцёл вядзе ў Беларусі мэтанакіраванае змаганне за тое, каб хаця б пахаванні праходзілі без спіртнога, і то поспехі слабаватыя. А там хацелі вырашыць гэтае пытанне адной дырэктывай. Не, Гарбачова не любілі. Але 19 жніўня нязняцце яго партрэтаў глядзелася своеасаблівым пратэстам супраць ГКЧП. Глядзелася менавіта так, незалежна ад прычын і ўмоў, у выніку якіх гэтыя партрэты засталіся вісець.

19 жніўня камандаванне базы паслала прывітальную тэлеграму ў адрас ГКЧП. Камандаванне нашай часткі ніякай тэлеграмы не пасылала. Магчыма, не па рангу было, магчыма, за іх паставілі подпісы на базе, але з часткі тэлеграмы не было. Сувязісты ўсё гэта адсачылі, і мы ўсё ведалі. Афіцэры базы пасля путчу пісалі, праўда, не ведаю куды, кляўзу на сваё камандаванне з-за гэтай тэлеграмы.


20 жніўня ў аўторак працоўны дзень пайшоў, як звыкла, з пад'ёмам, зарадкай, прыборкай тэрыторыі, разборам здарэнняў за ноч, разводам і г. д. Настрой у нас быў не самы гіблы. У вайсковых акадэміях вучылі не толькі "Ура" крычаць. Там вучылі і паліталогіі. Адным з пастулатаў гэтай навукі было палажэнне, што, "калі дзяржаўны (вайсковы) пераварот доўжыцца больш за чатыры гадзіны, то ён непазбежна церпіць паразу" . У нашым выпадку пераварот доўжыўся ўжо амаль суткі. Заставалася спадзявацца, што закон пра чатыры гадзіны аб'ектыўны, а не прыдуманы марксісцка-ленінскімі тэарэтыкамі.


Не паспеў закончыцца развод, бяжыць пасыльны са штаба: "Неабходна адчыніць вучэбны корпус". Аказваецца камандаванне базы палічыла за лепшае ў гэты складаны час не сядзець у штабе, а выехаць "у войскі" і з'явілася ў нашую частку для працягу перапыненых учора заняткаў. Адпаведна заняткі ў навучальным корпусе, у лекцыйнай зале, а тут партрэт Гарбачова не зняты. Аднак усе маўчаць.

На разводзе я сказаў Крывашову вызваліць Мішкіна ад службы і адправіць слухаць радыё. Усе астатнія заняліся службовымі пытаннямі. Ішлі планавыя вучэнні. На палігоне знайходзіліся часткі Маскоўскай акругі СПА. Аўторак - дзень праверкі тэарэтычных ведаў, серада - дзень праверкі гатоўнасці тэхнікі, чацвер стрэльбы, пятніца - папярэдні разбор баявых стрэльбаў, панядзелак, аўторак поўны аналіз, у аўторак пад вечар ці ў сераду падвядзенне вынікаў і выстаўленне адзнакаў.

Недзе ў сярэдзіне дня мяне выклікае намеснік камандзіра палкоўнік Савянкоў: "Суднік, маўчы! Думай, што хочаш, але маўчы!"

Тым часам аўторак паціху праходзіць. У Ельцына ўжо сур'ёзная перавага. У сераду сітуацыя, як быццам праясняецца. Аказваецца партрэт Гарбачова вісіць вельмі правільна.

Пад час перапынку ў занятках падходзіць да мяне начальнік сувязі базы маёр Рунчаў і кажа: "Суднік, я ж ведаю, што ты Гарбачова не зняў не з-за ідэйных перакананняў, а па разгільдзяйству". "Затое назад вешаць не трэба, а аўтарота хай цяпер скідваецца, ды купляе новы партрэт".

Чацвер прайшоў ціха, калі гэтае слова прыймальнае да дня, у які адстраляліся два зенітна-ракетныя палкі, і толькі мішэняў ды ракет было запушчана на некалькі мільёнаў савецкіх, яшчэ моцных, рублёў. Стрэльбы прайшлі паспяхова, і маскоўскія генералы ў чацвер вечарам зладзілі банкет, запрасілі і мяне. Былі яны вельмі азадачаныя, як і ўсе камандзіры і начальнікі высокага рангу. А як яны павінны былі сябе адчуваць, калі ў Маскве арыштоўвалі гэкачэпістаў, нехта здаваўся, нехта страляўся. Узброеныя Сілы засталіся без Міністра абароны і начальніка Генеральнага штабу. Нехта камандуе самалёт Гарбачова з Фароса прыняць на вайсковы аэрадром, нехта камандуе - не прымаць. Аднак кіраўніцтва войскамі страчана не было. Усе галоўнакамандуючыя відамі Узброеных Сілаў былі на месцы. Баявое дзяжурства неслася.

Давялося суцешыць генералаў тым, што якраз яны ў самым выйгрышным становішчы. У Маскве ўсё скончылася. На чый бок стаць, цяпер ужо ясна. А дзе былі і што рабілі 19-га, дык выконвалі баявую задачу на палігоне.


У пятніцу - канец працоўнага тыдня. Сітуацыя як бы стабілізавалася, аднак аказалася, што ўсё не так проста. Паступае каманда мне прыбыць разам з камандзірам на падвядзенне вынікаў на базу. Раней мяне туды ніколі не клікалі. На ордэн за тыдзень не наслужыў, значыць будуць лаяць. За што? - пытанне не стаіць. Быў бы камандзір падраздзялення, а, за што лаяць, знойдуць.

Усё падвядзенне я прасядзеў у калідоры. Пасля заканчэння клічуць. За сталом - камандзір базы палкоўнік Роменскі, з якім у мяне вельмі добрыя адносіны. Мы служылі з ім на Урале, і ў розны час камандавалі адной батарэяй. Сам данскі казак, да якога нядаўна наведвалася дэлегацыя з Дона, з прапановай узначаліць казацкі рух і заняць пасаду атамана Ўсявялікага войска Данскога; намеснік па авіяцыі ўкраінец палкоўнік Сцепаненка, пра якога ўсе ведалі, што ён спіць і бачыць, як даць дзёру на Ўкраіну, і такі даў адным з першых; начальнік палітаддзелу палкоўнік Замарый, таксама ўкраінец але з Баку, намеснік па ўзброенні удмурт ці чуваш па нацыянальнасці, быў ціхі і не шкодны, таму прозвішча забылася, ну і мой камандзір рускі Палякоў з Уралу. Не было нашага начальніка палітаддзелу, які ў адпаведнасці з іншым вайсковым законам ( "На дворе январь холодный - в отпуск едет Ванька взводный, солнце жарит и палит - в отпуск едет замполит" ) быў у адпачынку. Адсутнічаў беларус палкоўнік Рубанаў, які не быў намеснікам камандзіра, але якога звычайна запрашалі на такія нарады. У той раз не запрасілі.

Заходжу ў кабінет. На стале дассе на падпалкоўніка Судніка. Усе нумары "Рокаша". Усе выразкі з беларускіх газет, дзе пра нас пісалі. Хто збіраў, невядома да гэтага часу, але, мабыць свой братка-беларус.

Пачынаецца размова. Мяне абвінавачваюць у нацыяналізме і распальванні антырускіх настрояў. Абвінавачваюць усе, усё камандаванне базы, сярод якога няма ні аднаго чыста рускага. На маім баку толькі адзін чалавек, менавіта рускі падпалкоўнік Палякоў.

Дассе паступіла яшчэ 19-га, але разбіраліся са мной толькі 23-га. Вось тут на абвінавачванне ў антырускіх настроях я і папрасіў іх знайсці слова "рускі" ў "Рокашы". Калі гэта не ўдалося, то найбольш шчаслівы быў Палякоў. Ага, няма. На ўсякі выпадак начальнік базы палкоўнік Роменскі загадаў па камандзе падпалкоўніку Палякову выданне газеты "Рокаш" забараніць, што той мне і апавясціў тут жа. Так і адбылася гэтая забарона 23.08.1991 года. Гэта потым пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, пасля збівання дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь пачнуць забараняць і зачыняць газеты "Свабода", "Навіны", "Имя", "Пагоня" і сотні іншых. Але тады 23 жніўня 1991 года першай забароненай беларускай газетай новага часу была газета "Рокаш", газета Прыазёрскай гарадской рады ТБМ імя Францішка Скарыны Джэзказганскай вобласці Казахскай ССР.

Што можна са мной яшчэ зрабіць, ніхто з камандавання прыдумваць не захацеў, і 23 жніўня на тым усё і закончылася. Безумоўна, калі б ГКЧП перамог, гэтай мілай гутаркі не было б. Гутарылі б іншыя і ў іншым месцы.

24-га ці 25-га жніўня Ельцын забараніў кампартыю. Ішлі разборкі ў верхніх структурах вайсковага камандавання, КДБ і іншых ведамстваў. Стала некалькі не да нас. Праз некаторы час рускі палкоўнік Палякоў напіша прадстаўленне аб прызначэнні мяне на больш высокую пасаду, на пасаду яго першага намесніка. Данскі казак палкоўнік Роменскі падпіша гэтае прадстаўленне. Падпіша яго і крымскі татарын генерал-палкоўнік Акчурын. Дарэчы, генерал-палкоўнік Акчурын быў з сям'і крымскіх татараў, вывезеных Сталінам у Сярэднюю Азію, і ў поўным аб'ёме зведаў савецкую нацыянальную палітыку на ўласнай скуры.


Аднак, як бы там не было, жнівень прайшоў. Надыходзіў верасень. Трэба было пачынаць наступны навучальны год у Беларускай нядзельнай школе. Ізноў пайшла агітацыйная кампанія. Слова "рэклама" тады яшчэ амаль не ўжывалі. Ізноў мне арганізавалі выступ на Прыазёрскім тэлебачанні. І на 1991/92 навучальны год мы набралі больш за 40 чалавек ды вымушаны былі арганізоўваць тры класы. У старэйшым выкладаў я, у сярэднім - Супаненка, у малодшым - Маянскі, украінец з Гародні. Навучальны працэс ужо быў адладжаны, ніякіх праблемаў з падручнікамі, дысцыплінай ці іншымі аспектамі не ўзнікала. Прынамсі у нас клопатаў з беларускай школай у Казахстане было менш, чым сёння з беларускім ліцэем ў незалежнай Беларусі.


А тым часам прачнуліся вайскоўцы і ў Беларусі. Падчас путчу 19-20 жніўня ў Менску было заснаванае Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. На 12-13 кастрычніка быў прызначаны ўстаноўчы з'езд. Прапусціць гэты з'езд мы не маглі. Мы падрыхтавалі да з'езду два плакаты са знакамі распазнавання ў беларускім войску і ўзнагародамі беларускай дзяржавы. Але нават маёй улады было недастаткова, каб адправіць дэлегацыю з Казахстана ў Беларусь. Давялося прымяняць вайсковыя хітрасці. Некаму была арганізавана камандзіроўка, нехта падгадаў адпачынак, нехта "прыхварэў". Тым не менш з далёкага Казахстана прыехала чатыры чалавекі: я, маёр Мікола Маргун, капітан Ігар Супаненка, старшы лейтэнант Віктар Грамадка.

Ёсць амаль паэтычнае апісанне таго, як ехалі калісьці дэлегаты на І Усебеларускі кангрэс. Трэба аддаць належнае і нашым дэлегатам, якія ехалі на свой з'езд за тысячы кіламетраў, не чакаючы падзей у Белавежскай пушчы.

Потым, пасля разгрому беларускага вайсковага руху ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, да якога шчыльна прыклаў руку сённяшні "дэмакрат" сп. П. Казлоўскі, часта падымалася пытанне, а ці трэба было склікаць гэты з'езд, ці трэба было "свяціць" нацыянальна свядомых беларускіх афіцэраў?

З гэтай нагоды я магу сказаць наступнае. Нашая нацыянальная інтэлігенцыя, якая воляй лёсу зноў сталася рухавіком нацыянальнага адраджэння, вельмі слаба ўяўляла сітуацыю ў Савецкай Арміі і глядзела на яе, як на маналітную апору Масквы і Камуністычнай партыі. Яна баялася Савецкай Арміі і, як і прыбалты, была гатовая адмовіцца і адмахнуцца ад усяго, што было звязана з вайсковай справай у Савецкім Саюзе.

Правядзенне з'езду БЗВ дазволіла нашай інтэлігенцыі, нашым дэпутатам зразумець ролю беларускіх афіцэраў ў Савецкай Арміі, зразумець іх настроі. Правядзенне з'езду дазволіла рассеяць страх перад войскам і потым у снежні 1991 года праводзіць правільную палітыку пры падзеле Узброеных Сілаў СССР.

А тое, што потым разграмілі вайсковы рух, то гэта не наступства з'езду. Некаторыя дэлегаты з'езду служаць у Беларускім войску да гэтага часу. Прычына разгрому якраз у слабасці гэтага руху, а гэта асобнае пытанне, на якое я яшчэ адкажу.

На з'ездзе прысутнічалі дэпутаты Вярхоўнага Савету, генералы, у тым ліку генерал-лейтэнант Асмалоўскі, камандуючы арміяй СПА, які пазней зробіць усё магчымае, каб забраць мяне з Казахстана ў Беларусь.

Цяжка сёння згадаць падрабязнасці тога з'езду. У першы дзень я сядзеў у прэзідыюме, а на другі дзень наогул вёў з'езд. Магу згадаць толькі ўражанне, якое зрабіў наш выхад з Дома літаратара і шэсце пад сцягамі з "Пагоняй" да помніка Янку Купалу. У новы час Менск упершыню бачыў столькі людзей у вайсковай форме пад "Пагоняй", якая сама яшчэ была для людзей за дзіва.

Як бы там не было з'езд адбыўся. Сёння ён неад'емная частка нашай гісторыі. Даволі падрабязна рэпартаж з таго з'езду пададзены ў 9-м нумары "Рокаша".

А пакуль што "Рокаш" не выходзіў. Яшчэ да з'езду БЗВ 28 верасня адбылася мая сустрэча з сябрамі Алма-Ацінскага культурнага асяродка "Беларусь".

Узначальваў асяродак народны дэпутат Казахстана, рэктар архітэктурна-будаўнічага інстытута, прафесар Павел Атрушкевіч , зараз ён казахстанскі сянатар. На той сустрэчы акрамя Паўла Атрушкевіча прысутнічалі: народны дэпутат Казахстана, старшыня гарвыканкаму г. Тастана, прэзідэнт Асацыяцыі малых гарадоў Казахстана Тамара Жаваранкава ; прэзідэнт Асацыяцыі выпускнікоў Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі Яўген Іваноў (родам са Смаленшчыны); адказны сакратар культурнага асяродка "Беларусь" дацэнт Яўген Майсейчык , дацэнт Валеры Гульніцкі , старшыня кааператыва "БАС" Валянцін Попель , пісьменніца Л. Шашкова , Міхась Лецка , Алесь Казлоўскі і інш. Здымала гэтую сустрэчы беларуская тэлеперадача "Крок". Падчас гэтай сустрэчы мы з Майсейчыкам распрацавалі хітра-мудры план аднаўлення выдання "Рокаша". Тут трэба сказаць, што ў беларускім асяродку ў Казахстане практычна не было палітыкаў, але там усе выдатна разумелі значэнне хай сабе і прымітыўнай, але ўсё ж газеты "Рокаш", чаго не скажаш пра многіх сённяшніх палітыкаў.

Да нас ішлі лісты з запытамі, чаму газета не выходзіць? "Рокаш" быў другой у свеце пасля "Нашага слова" газетай ТБМ. Мы рэкамендавалі сваім чытачам пісаць на імя камандзіра нашай часткі. У сваю чаргу Майсейчык і Атрушкевіч арганізавалі некалькі такіх спецыяльных лістоў. І вось аднойчы, недзе ў лістападзе, выклікае мяне Палякоў. Заходжу. Сядзіць чытае ліст. Паглядзеў на мяне: "Ну ты даеш". "А што такое?" "Ведаеш адкуль гэты ліст? З Якуціі. А што тут пішуць? Тут пішуць, што беларусы Аўстраліі хвалююцца , чаму не выходзіць "Рокаш". "Ну, і правільна, хвалююцца"... "А мне што рабіць?" "Ну, не я ж забараняў газету". Задумаўся Віктар Барысавіч і загадаў выклікаць начфіна: "Як мы можам узяць грошы з Судніка за тое, што ён на дзяржаўнай тэхніцы друкуе сваю газету?"

А начфін быў жук яшчэ той. Гэта ён сумеў усе партыйныя складкі, што пад час ГКЧП тэрмінова здалі тыя афіцэры, якія не плацілі іх ужо па паўгода, не пералічыць па прызначэнні, а выдаў іх афіцэрскаму сходу. На гэтыя грошы былі куплены два відэамагнітафоны, на якіх потым круцілі парнафільмы. Палова цымусу ад тых фільмаў і заключалася ў тым, што круцяць іх на "партыйных" магнітафонах.

Таму начфін мог ведаць, што мая кандыдатура разглядаецца на пасаду першага намесніка камандзіра часткі, гэта значыць на пасаду яго непасрэднага камандзіра. А мо і не ведаў, але ён мудра адказаў што няма такога артыкула, каб браць грошы са свайго ж афіцэра. Магчыма, што ў той час такіх артыкулаў і не было. Малаверагодна, што і сёння яны ёсць, бо наўрад, каб недзе сёння ў вайсковай частцы друкавалася грамадская газета.

Начфін быў абазваны бесталковым і адпраўлены з кабінета. "Ну і што будзем рабіць?" - пытае Палякоў - "А, давайце, як раней, я буду друкаваць, а Вы рабіць выгляд, што нічога не ведаеце". "Ідзі !"

У лістападзе 1991 года выйшаў 9-ты нумар "Рокаша", якраз той, у якім быў рэпартаж пра 1-шы з'езд БЗВ.

10-ты нумар "Рокаша" выйшаў у снежні пасля Белавежскіх падзеяў. Газета разам з тым пісала і пра падзеі больш раннія. Адна з такіх падзей паседжанне каардынацыйнай рады БЗВ, якое адбылося 16 лістапада. Сёння некаторую цікавасць мае рэпартаж з тога паседжання. Вось што пісаў "Рокаш":

"... Адкрыў пасяджэнне старшыня БЗВ падпалкоўнік Мікола Статкевіч...

... З палітычным дакладам аб ваеннай палітыцы на Беларусі выступіў народны дэпутат РБ маёр Грыбанаў (сам родам з Браншчыны)...

... Далей з садакладам выступіў народны дэпутат РБ маёр Шэйман. Ён спыніўся на выніках працы сесіі ВС РБ, якая напярэдадні разглядала вайсковыя пытанні. Ён сказаў, што камандуючы БВА Кастэнка за адзіныя Ўзброеныя Сілы, а, значыць, і ўсе яго падхалімы таксама... На думку дэпутата фінансавы абвал наступіць у 1992 годзе, і менавіта тады адбудзецца развязка, а таму БЗВ неабходна актывізаваць працу, прапагандаваць ідэю Беларускага войска і збіраць больш дадзеных, як толькі можна, дапамагаць Рэспубліцы..."

Дух рэвалюцыйнай сітуацыі вісеў у паветры. 25 кастрычніка я напісаў верш "Незалежнасць", які быў надрукаваны ў лістападаўскім нумары "Рокаша". Да скону Савецкага Саюза заставаліся лічаныя дні.

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Светлы дзень, светлы час. Незалежнасць

Лашчыць сэрцы, і душы, і лёс.

Светлы дзень, светлы час. Непазбежнасць

Нашай волі ідзе ад нябёс.


Мы акрылены светлай надзеяй

Нашых мараў штандары шумяць,

Нашых мрояў заранка ірдзее,

Нашых думак канём не дагнаць.


Мы паходняй святой непакоры

Разганяем бязвольнаці цвіль,

Мы ідзём на свабоды прасторы,

Мы выходзім са змроку магіл.


А навокал ваўкі з крумкачамі

Шчэраць зяпы на нашу зямлю,

Мой народ, ты з пустымі рукамі

Не адстоіш свабоду сваю.


Ты адкрытай мазольнай далонню

Мусіш толькі даваць і даваць,

Талент, хлеб і дзяцей у прадонне,

У нахабную прорву кідаць.


Дык пастаў ты далонь тую рубам,

А шчэ лепей зацісні ў кулак

Скрыгатні хоць затворам, хоць зубам

І прыпомні, што ты быў ваяк.


Ад твае ваяўнічае славы

Шмат дрыжалі і Захад, і Ўсход,

Ты - нашчадак вялікай дзяржавы,

Мой забіты, гаротны народ.


Мы - сыны твайго вечнага болю,

Мы паўсталі ў апошні мо раз,

Мы заплацім за волю сабою,

Ты вазьмі, ты вазьмі толькі нас.


Ты вазьмі нашу смеласць і сілу,

Нашай кроўю свой сцяг акрапі

І хай нашыя будуць магілы

Для цябе, як памежжа слупы.


Каб ніколі, ніколі, ніколі

Ты не мог больш назад адысці

Са святое дарогі да волі,

З найцяжэйшай дарогі ў жыцці.

8 снежня былі падпісаны Белавежскія пагадненні. Савецкага Саюза не стала, але палігон заставаўся на месцы. Нашая частка заўсёды была часткай маскоўскага падпарадкавання і да Казахстана адысці не магла, хоць і знаходзілася на тэрыторыі Казахстана. Не магла яна адысці да Казахстана і паводле нацыянальнага складу афіцэрскага корпусу. З 500 афіцэраў у нас быў адзін казах. Аднак у адпаведнасці з тым жа нацыянальным складам частку праблемна было падпарадкаваць і Расіі, хаця па факту каманды і загады аддавала Масква. Загады загадамі, але калі раптам пайшлі размовы пра прысягу, беларусы і ўкраінцы выказалі поўнае незадавальненне, і размовы адразу сціхлі.

Тым не менш частка служыла, грошы плацілі. Фінансавы абвал толькі пачынаўся.

Казахі даволі хутка скумекалі, што трэба ствараць сваё войска. Неўзабаве галоўнакамандуючым супрацьпаветранай абароны Казахстана быў прызначаны генерал Алтынбаеў, якога мы добра ведалі. Ён нейкімі абяцаннямі аж з Камчаткі выцягнуў палкоўніка Шчукіна, былога першага намесніка нашай часткі, і гэты энергічны і талковы афіцэр дзеля кар'еры лёгка кінуў сваю Расію і перайшоў на службу да казахаў.

Праз некаторы час Шчукін прыедзе ў нашую частку агітаваць за пераход у казахскае войска, але сустрэне глухое непаразуменне. Ні адзін афіцэр нават не хіснецца ў бок Казахстана.

А пакуль што афіцэры чакалі палітычных рашэнняў, якіх не было. У гэты час рэзка падняўся аўтарытэт нашай школы. "Рокаш" выходзіў штомесяц. Адчуваючы перамены, мы дараблялі недаробленае. У снежні 1991 года я надрукаваў сваю першую кніжку "Пагоня за мову".

У выхадных дадзеных пазначана, што гэта другое выданне. Фактычна першым выданнем была раздрукоўка падборкі вершаў у 20 асобнікаў. Цяпер жа былі даданыя вершы апошняга часу і паэма "Літва". Аб'ём склаў 84 старонкі фармату А-5. Кніжка была пераплецена. Увесь наклад склаў 40 асобнікаў. Класічны самавыдат. Цікава, што пастаўлены кошт у 3 талеры. Светлыя былі мары і спадзяванні.

У Беларусі ішлі працэсы ўсведамлення незалежнасці, але ўсё адбывалася не так, як нам хацелася, не так, як мы меркавалі. Па вялікаму рахунку мы пачыналі разумець, што "Маці-Радзіма" ў асобах камандавання Беларускай вайсковай акругі можа проста на нас забыцца.

Камандаванне Беларускай вайсковай акругі ні ў якім разе не збіралася вырашаць праблемаў беларускіх афіцэраў на абшарах СНД. Да вышэйшы чыноў ЧБВА, наогул, з цяжкасцю дайходзіла, што яны аказаліся ва Ўзброеных сілах новай краіны. Мы ж з Казахстана не маглі паўплываць на падзеі ў Беларусі, і таму імкнуліся нешта зрабіць тут. Добра разумеючы, што сапраўднага беларускага войска не можа быць без беларускіх статутаў, мы вырашылі прыступіць да іх распрацоўкі. Мы не мелі базы для гэтай працы. Наогул, ніхто з нас ніколі беларускага статута не бачыў. Як жартаваў Стась Цвірка, беларусы мелі толькі дзве каманды: "Мыйце рукі ды заходзьце ў хату" і "Налівай, бо не ядуць" . Ад з'езду БЗВ, а можа і раней у дэмакратычных выданнях рознага кшталту пачалі цыркуляваць некаторыя словы з беларускага вайсковага лексікону. Ігар Супаненка недзе здабыў фрагмент шыхтовага статуту Беларускай Краёвай Абароны. Мы прыступілі да працы. У аснову канцэпцыі Шыхтовага статута Беларускага Войска былі пакладзены наступныя пасылкі:

1. "Стоевой устав Вооружённых Сил СССР" быў дастаткова дасканалы і прывычны для афіцэраў.

2. Статут беларускіх частак 20-х гадоў у БССР нам не быў вядомы, але тэрміналогія падручнікаў па вайсковай справе на беларускай мове, якіх мы мелі каля дзесятка (я забраў гэтыя кніжкі са з'езду БЗВ, потым мы іх вярнулі), нас не задавальняла. У асноўным гэта былі дрэнныя калькі з расейскай мовы.

3. "Строевой устав Вооружённых Сил СССР" (раней "Строевой устав Красной Армии") і шыхтовы статут БКА былі спісаныя з шыхтовага статута Вермахта (Узброеныя Сілы Германіі).

4. Звычайны пераклад "Строевого устава Вооружённых Сил СССР" не падыходзіў з-за лігвістычных асаблівасцяў беларускай мовы. Любая шыхтовая каманда дзеліцца, як правіла, на дзве часткі: падрыхтоўчую і выканаўчую. Выканаўчай часткай каманды з'яўляецца, зноў як правіла, апошняе слова ці апошні склад каманды. Выканаўчая частка павінна быць кароткай і ў абсалютнай большасці выпадкаў на гэты склад (слова) прыпадае ці прымусова пераносіцца націск. Падрадковыя беларускія пераклады расейскіх камандаў не адпавядаюць гэтым патрабаванням.

5. У шыхтовым статуце БКА мы не бачылі грунтоўна прапрацаванай ідэалогіі.

У выніку за аснову была ўзятая ідэалогія "Строевого устава Вооружённых Сил СССР" і лінгвістычная сістэма статута БКА.

Статут рабіўся ў два этапы. Спачатку была створана сістэма шыхтовых камандаў, а пасля на яе аснове быў аформлены статут.

У студзені 1992 года былі надрукаваныя 20 асобнікаў "Шыхтовага статута Беларускага Войска". Пазней, недзе ў лютым, ці сакавіку 1992 года ў НДІ Войскаў СПА ў г. Цвер 10 статутаў былі пераплецены ў цвёрдую вокладку. У нас усё яшчэ не было сканера, і таму малюнкі на ўвесь наклад рабіліся ўручную. На сёння гэты статут выключная рэдкасць. Пакуль што ў беларускім войску ён не выкарыстоўваецца, але ў нашай гісторыі ён ёсць і чакае свайго часу.

Чаму мы пачалі працу менавіта над шыхтовым статутам. Па-першае, абсалютная большасць савецкіх афіцэраў, нават беларусаў па нацыянальнасці ўявіць сабе не магла, што нечым можна замяніць такія звыклыя: "Равняйсь! Смирно! Налево! Шагом марш!", а калі хто і ўяўляў, то далей "Раўняйся! Смірна! Налева! Шагам марш!" не ішлі. Была вострая неабходнасць паказаць, што беларуская мова дазваляе мець абсалютна незалежную ад расейскай сістэму каманд. Па-другое, шыхтовымі камандамі пранізаны наступныя два статуты: "Статут унутранай службы", "Статут залогавай і вартавой службы". (Пра "Карабельны статут" мы не дбалі.) Па-трэцяе, для напісання шыхтовага статута ў прынцыпе дастаткова было сістэмы шыхтовых каманд, якая ў нас была распрацаваная. У той жа час для напісання "Статута унутранай службы", "Статута залогавай і вартавой службы" і "Дысцыплінарнага статута" неабходна было прапрацаваць усё поле беларускай вайсковай тэрміналогіі. Патрэбна было мець або тэрміналагічныя, або хаця б перакладныя слоўнікі. На той момант гаворка ішла перш за ўсё пра перакладныя расейска-беларускія слоўнікі, бо мы на 100 % былі перакананыя, што маладое беларускае войска са старым афіцэрскім складам далёка ад савецкіх статутаў не адыдзецца.

Мне часта задавалі пытанне: "А якое ты меў права ў адзіночку пісаць вайсковы статут?". Па-першае, не зусім у адзіночку. Нас была ладная грамада. Па-другое, я меў права не меншае, чым Ермаловіч, калі ён у адзіночку пісаў гісторыю Беларусі, прынамсі, я быў падпалкоўнік і слухач выпускнога курса Вайсковай каманднай акадэміі імя Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава. Усе астатнія афіцэры, якія займаліся гэтай справай, таксама былі з вышэйшай адукацыяй. А цяпер пра гэтыя правы дык і зусім марна гаварыць. Так было.

У выніку шыхтовы статут на беларускай мове ёсць. Напрацоўкі па астатніх статутах на сёння перададзены ў рэдакцыю "Нашага слова" для заканчэння і даводкі.

Так вось непрыкметна я дабраўся да яшчэ аднаго перыяду ў сваім жыцці - цвярскога. Ці то згадваў ці то не, але ў акадэмію я паступіў у 1988 годзе, паступіў на завочны факультэт. Да сёння не ведаю, чаму мяне тады адпусцілі паступаць, бо раней не пускалі. І вось тут мне зноў добрую службу саслужыла беларуская мова. У акадэміі перад выклікам на здачу экзаменаў ёсць так званы конкурс асабістых справаў, прынамсі, быў у савецкі час. Паводле гэтага конкурсу асабістых справаў усе, хто хоць крыху выклікаў сумненне ў палітаддзела, асобага аддзела, на ўступныя экзамены проста не выклікаліся. У прыёмную камісію акадэміі акрамя іншых уваходзілі начальнікі ўсіх факультэтаў, у той год уваходзіў начальнік 1-га факультэта, мой былы камандзір палкоўнік Цецяратнікаў.

Завочнікаў разглядалі ў канцы. Цецяратнікаву ці то сядзець надакучыла, ці справы якія былі, і ён вырашыў пайсці. І вось ён паціху рухаецца да дзвярэй і краем вуха чуе: "... ведае дваццаць моваў, але выклікаць не будзем - паляк". Цяцяратнікаў спыніўся: "Хто ведае дваццаць моваў?" "Ды Ваш былы падначалены, маёр Суднік, але выклікаць не будзем, бо ён - паляк." Ну, тут Цецяратнікаў стаў на дыбы. "Які ён вам паляк? Ён - самы чыстакроўны беларус, ён адзін на палігоне па-беларуску гаворыць."

Аўтарытэт у Цецяратнікава ў акадэміі быў, але, мусіць, не зусім дастатковы для вырашэння майго пытання. Мне выклік на ўступныя экзамены прыйшоў, але пасля прыезду ў акадэмію я высветліў, што ні ў якіх спісах мяне няма, ніхто мяне тут не чакае. Мне дазволілі патэлефанаваць Цецяратнікаву, ён умяшаўся ізноў, і мяне ўключылі ў спіс. Ну а далей, у мяне чырвоны дыплом пасля Менскай навучальні, медаль "За баявыя заслугі", палкоўніцкая пасада, першы экзамен па тактыцы, на якім мяне ўжо ніхто не слухаў. "Пяцёрка", і я - слухач акадэміі.

Трэба зрабіць заўвагу адносна згаданых дваццаці моваў, згадка пра якія мела такое выключнае значэнне. Гэтая лічба хутчэй жаданая, чым рэальная, але так было запісана ў маёй асабістай справе, і таму Цецяратнікаў гэта ведаў. Пацвярджаць веданне гэтых моваў мяне ніхто ніколі не прасіў, а абвяргаць лічбу самому не было ніякай нагоды, мы свае асабістыя справы бачылі вельмі рэдка. Хаця, калі я быў маладзейшым і разумнейшым, то часта чытаў тэкст, разумеў яго без усялякіх слоўнікаў і не ведаў, на якой гэта мове. Было і такое.


Разам са мною паступілі яшчэ тры беларусы: Віктар Бычко (родам з Іўеўскага раёна), Міхаіл Ананіч (родам з Глыбокага), Міхаіл Дубовік (родам з Узды). На 30 чалавек ЗРВшнікаў, такім чынам, было чацвёра беларусаў і ў дадатак яшчэ некалькі выпускнікоў Менскай навучальні.

Да нашага паступлення ў акадэмію тут ужо было ладнае беларускае зямляцтва. Гэта было абумоўлена асаблівасцямі будаўніцтва вайскова-прамысловага комплексу СССР.

"У Калініне (Цвяры) былі размешчаны галоўныя ўстановы Войскаў Супрацьпаветранай абароны краіны: Вайсковая акадэмія СПА і галаўны навукова-даследчы інстытут СПА, а ў Менску ў 50-я гады размясцілася Менская вышэйшая інжынерная радыётэхнічная навучальня, пазней Менская вышэйшая інжынерная зенітная ракетная навучальня. Менскія выпускнікі, як спецыялісты, былі на галаву вышэй выпускнікоў іншых навучальняў, таму многія з іх аказваліся ў НДІ ў Калініне, а многія паступалі ў акадэмію. Пры гэтым частка заставалася ў акадэміі на пасадах выкладчыкаў, беларусы станавіліся начальнікамі вядучых кафедраў і аддзелаў. Большасць з іх - дактары і кандыдаты вайсковых і тэхнічных навук. Само сабой у Калініне склалася беларускае зямляцтва з элітнай часткі афіцэрства, моцнае беларускае лобі. Лідарам і душой зямляцтва быў старшы выкладчык акадэміі, кандыдат вайсковых навук, палкоўнік Вікенці Чорны (родам з Клецка). Актыўныя ролі выконвалі В. Шуверткоў (Клецк), Я. Яўменчык, І. Прыступюк, Г. Казлоў, беларусы з ліку слухачоў акадэміі." Валера Шуверткоў разам са мной закончваў Менскую навучальню, разам мы прыехалі на Урал: я застаўся ў Свярдлоўскай вобласці, а яго адправілі ў Чалябінскую.

Устанаўленне сувязяў паміж беларусамі-завочнікамі і беларусамі выкладчыкамі адбылося неўзабаве пасля паступлення. І тут не лішнім будзе сказаць пра асобу Вікенція Дарафеевіча Чорнага, з якім мяне звёў Валера Шуверткоў. Вікенці на той час слабавата валодаў беларускай мовай, але ён быў шчырым, свядомым беларусам паводле выхавання. Заслуга ў гэтым, найперш, яго бацькі, настаўніка гісторыі адной з клецкіх школаў Дарафея Чорнага. Ён выхаваў шчырымі беларусамі ўсіх сваіх трох сыноў. Так што Вікенці не быў неафітам, беларуская свядомасць сядзела ў ім з маленства. І ён гэтую свядомасць не хаваў, таму вакол менавіта Вікенція Чорнага і групавалася беларускае зямляцтва яшчэ да 1988 года.

Падтрымлівалі беларускі рух у Калініне і многія рускія афіцэры, найперш выпускнікі Менскай навучальні.

У Калінінскім НДІ служыў Гена Сцяпанаў, мой блізкі сябар па навучальні, з якім мы пяць гадоў сядзелі за адным сталом. На адной кафедры з Чорным і Шувертковым служыў яшчэ адзін мой аднагрупнік па навучальні Валодзя Вінаградаў, да якога я ездзіў у госці ў Князьвалконку пад Хабараўскам. Сцяпанаў і Вінаградаў былі рускімі, але падтрымлівалі з беларусамі самыя цесныя стасункі. Прынамсі, хатні адрас менавіта Сцяпанава, паколькі ён рускі і мог выклікаць меншае падазрэнне, неўзабаве стаў апорным паштовым адрасам для перасылкі беларускай літаратуры ў Калінін.

Тут трэба спыніцца на матывах паводле якіх многія рускія афіцэры падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух. Я згадваў ужо, што ў войску нампалітаў не любілі. Па факту гэта была форма антыкамунізму. Абсалютная большасць афіцэраў СПА мела вышэйшую адукацыю, і яны разумелі, што рэальная сіла, якую ніколі не зможа зламаць камуністычная ідэалогія, гэта нацыянальныя рухі. Беларускі нацыянальны рух быў для іх блізкі з-за яго памяркоўнасці. Абсалютная большасць гэтых афіцэраў адмоўна ставілася да таго, што беларусы забываюць сваю мову і культуру і падтрымлівала ідэю нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Сярод іх не было шавіністаў, альбо мы іх не бачылі.

З вясны 1989 года беларускае зямляцтва ў Калініне набыло ярка выражаныя нацыянальныя рысы. Былі ўстаноўлены сувязі з нацыянальнымі суполкамі ў Беларусі. У Калінін пачала паступаць адраджэнцкая літаратура. З восені 1990-га года ў Калінін пайшоў "Рокаш".

Пасля распаду Савецкага Саюза на кафедрах акадэміі ў адкрытую пачалася распрацоўка Стратэгіі будаўніцтва Узброеных Сілаў Беларусі. Групу па распрацоўцы Стратэгіі афіцыйна ўзначальваў Вікенці Чорны. Неафіцыйным тэарэтычным кіраўніком і мазгамі гэтай групы быў рускі палкоўнік, доктар вайсковых навук. Я не ведаю яго лёсу, таму прозвішча не называю. Ніхто з камандавання акадэміі гэтай працы не перашкаджаў.

У пачатку 1992 года афіцэры акадэміі і НДІ, якія займаліся распрацоўкай Стратэгіі дабіліся прыёму ў Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіча. У пачатку лютага я прыехаў у акадэмію надоўга (апошняя сесія і напісанне дыплома). Недзе праз два тыдні чацвёра афіцэраў з Цвяры і я на "Запарожцы" выехалі з Цвяры ў Менск. Наконт майго ўдзелу ў перамовах з Шушкевічам дамоўлена не было, але тады ўсё было неяк прасцей. У Дом Ураду ўваход быў практычна вольны. Да кабінета С. С. Шушкевіча трэба было прайсці некалькі пастоў аховы, але там да прозвішчаў цвярскіх афіцэраў проста дапісвалі яшчэ і маё ды прапускалі.

Прыём у Станіслава Станіслававіча быў, можна сказаць, цёплым, але закончыўся ключавой фразай: "Хлопцы, я нічога ў вашых вайсковых справах не разумею, ідзіце да Кебіча." Назаўтра нас прыняў Кебіч, таксама даволі цёпла. Выслухаў усе нашыя прапановы, у тым ліку і пра стварэнне афіцэрскіх батальёнаў, паабяцаў у самы бліжэйшы час стварыць інтэлектуальнае ядро па арганізацыі новага беларускага войска. Але гэта былі агульныя фразы. І зразумела, што потым Вячаслаў Францавіч пальцам аб палец не выцяў, каб нешта з абяцанага выканаць. Магутны навуковы патэнцыял цэлай акадэміі аказаўся ў Беларусі непатрэбным.

Калі ж глянуць на сітуацыю з сённяшніх пазіцый, то тагачаснае беларускае кіраўніцтва, мабыць, найбольш баялася менавіта свайго нацыянальнага войска, менавіта гэтых афіцэрскіх батальёнаў.


Але войска войскам, а Беларусь Беларуссю. У тым жа лютым 1992 года ў Цвяры, дзякуючы намаганням палкоўніка В. Чорнага, падпалкоўнікаў В. Шуверткова і майму ўжо даволі вялікаму досведу ў гэтай справе, быў адкрыты беларускі нядзельны клас на базе сярэдняй школы № 23, што на вул М. Горкага. Пасля Прыазёрска гэта была другая нядзельная школа на абшарах СНД. Чамусьці іншыя беларускія зямляцтвы ў бок школаў не рухаліся, хаця каму што дадзена. Мы да прыкладу не маглі зладзіць Купалле, а ў іншых месцах ладзілі.

"У той час да вайскоўцаў у Цвяры ставіліся вельмі добра і да беларусаў таксама, на мітынгах называлі не інакш, як братамі, таму ніякіх праблем арганізацыйнага плану не ўзнікла. У клас было набрана каля 15 дзяцей рознага ўзросту, якія беларускую мову амаль не чулі, але з першых урокаў яна загучала з вуснаў малых беларусаў зусім натуральна, без ніякага акцэнту." Заняткі па беларускай мове, літаратуры і беларусазнаўству вёў я. У Цвяры былі праблемы і з заменай выкладчыка, і з падручнікамі. Мне ўдалося адзін раз з'ездзіць у Менск і прывезці частку кніг. Яшчэ раз падкрэслю, што ў той час не было праблемаў з падручнікамі для такіх школак, як нашы, мабыць, проста трэба было ведаць, да каго звярнуцца. Мы ведалі. Я забыў назву і адрас гэтай бібліятэкі, трэба, хіба што, калі пяшком па Менску туды схадзіць, каб сказаць праз 12 гадоў свой "Дзякуй".

Дзеці займаліся ахвотна і паказвалі неблагія поспехі. Падчас вучобы яны цалкам адчувалі сябе беларусамі і гэтыя некалькі месяцаў беларускага навучання аказалі сур'ёзны ўплыў на фармаванне іхняга светапогляду, на ўсведамленне сябе грамадзянамі далёкай, маладой, незалежнай дзяржавы. Сярод вучняў таксама былі проста апантаныя беларушчынай. У адзін з дзён падчас эпідэміі грыпу на заняткі прыйшла адна дзяўчынка (прозвішча не памятаю, на вялікі жаль), астатнія пахварэлі. " Ну што будзем рабіць?" - пытаюся. "Будзем вучыцца." Так і вёў усе тры ўрокі для аднаго чалавека.

Заняткі ў школцы працягваліся да канца траўня. У 1992/93 навучальным годзе цвярскі беларускі клас, нажаль, адноўлены не быў.


У гэты перыяд быў у маім жыцці і яшчэ адзін цікавы эпізод. Мне ў Прыазёрск перадалі просьбу Зянона Пазьняка знайсці сярод генералаў-беларусаў некалькі кандыдатаў на пасаду міністра абароны Беларусі. Я даволі лёгка з гэтай задачай справіўся, але, нажаль, сёння можна пакуль што гаварыць толькі пра аднаго. Начальнікам штаба Туркестанскай вайсковай акругі быў тады генерал-лейтэнант Шпак. Я лёгка датэлефанаваўся да генерала па вайсковых лініях сувязі і перадаў яму інфармацыю. Шпак прыехаў у Менск, але паразумення не знайшоў. Потым мне перадавалі словы быццам бы сп. Зянона: "Дзе вы такога дурнога генерала знайшлі?" А гэты "дурны" генерал стаў генерал-палкоўнікам, адкамандаваў паветрана-дэсантнымі сіламі Расіі, зараз дэпутат Дзярждумы Расіі. Сапраўды, няма прарока ў сваёй Айчыне. Тым не менш карысць ад маіх званкоў была ў тым плане, што некалькі генералаў, хоць і не сталі міністрамі, але "прасачыліся" ва Ўзброеныя Сілы Беларусі на розныя пасады.

Па бегу 1992 года і падзеях у Беларусі станавілася ўсё больш ясным, што паўтараецца сітуацыя 1918 года, калі 40-тысячная беларуская армія з Адэсы не змагла перабрацца на Беларусь, распалася, і кожны дабіраўся дадому, як мог. Было відно, што беларускія ўлады не збіраюцца займацца больш як 30-ццю тысячамі беларускіх афіцэраў, якія засталіся ў краінах СНД. Каб перавесціся ў Беларусь, трэба было здабыць выклік з той жа Беларусі. У штабе Войскаў СПА пановаму і Менскай арміі СПА па-старому мяне ведалі, але вырашаў пытанне камандуючы. У адзін з прыездаў мне ўдалося пагутарыць з генерал-лейтэнантам Асмалоўскім. Падчас гутаркі Асмалоўскі выклікаў свайго начальніка штаба і сказаў: "Нацыяналіст, але будзем выклікаць". Пагаварыўшы яшчэ, паўтарыў: "Нацыяналіст, але будзем выклікаць." Гэта быў загад. Выклік я атрымаў на рукі. Пасля гэтага напісаў рапарт на перавод.


Пасля падпісання белавежскіх пагадненняў на некаторы час узнікла пэўная паўза ў дачыненнях з Узброенымі Сіламі. У кіраўнікоў новых незалежных дзяржаў не хапала прававой базы для размежавання сфераў уплыву на іх. Таму некаторы час вайсковая машына круцілася, быццам бы нічога не здарылася. Недзе там падпісваліся пагадненні аб падзеле савецкага войска, палігон пачынаў стрэльбы 1992 года па складзеных у СССР планах. Слухачоў акадэміі хвалявала, ці дадуць ім закончыць акадэмію і атрымаць дыпломы, ці ўсіх афіцэраў, цяпер ужо іншаземцаў, адправяць у свае краіны. Балазе, у мяне быў апошні курс, і была надзея, што давучыцца дадуць. Была небяспека, што будуць прымушаць прымаць расейскую прысягу, але расейцы не спяшаліся. У іх было шмат іншых праблемаў, ішоў падзел уласнасці і ўлады.


Аднак паўза заканчвалася. Недзе з канца вясны 1992 года казахі пачалі ўмешвацца ў справы палігона, перыядычна закрываючы паветраную прастору. Прынятыя законы аб абавязковых 20 гадах выслугі заміж 25 справакавалі масавыя звальненні афіцэраў. Тут найбольшую актыўнасць праявілі ўкраінцы. Яны валам павалілі на "дэмбель". Украінцы разабралі ўсе кантэйнеры на станцыі Сары-Шаган і стварылі там чаргу на некалькі месяцаў наперад.

У акадэміі між тым было ціха. Пісаліся дыпломы, здаваліся дзяржаўныя іспыты. Недзе ў гэты час я быў прызначаны першым намеснікам камандзіра часткі на месца ўкраінца палкоўніка Савянкова, таго самага, які 19 жніўня 1991 года праводзіў мітынг у падтрымку ГКЧП без выступоўцаў. Ён даў цягу з Казахстана вельмі аператыўна. Палякоў настаяў на маім прызначэнні, Роменскі падпісаў, Акчурын зацвердзіў. Гэтае прызначэнне стварала шмат праблемаў, я мог застацца камандаваць усёй гэтай махінай пад назвай палігон на момант перадачы яго казахам, калі б Палякову ўдалося перавесціся першым.


Абарона дыплома ў акадэміі прайшла без асаблівых эксцэсаў. Дыплом быў напісаны талкова. Пасля слухачы наступных курсаў моцна мяне лаялі, бо не маглі спісаць, не разумелі, у чым сутнасць. Думаю, што не больш разумелі і генералы на абароне, але сваю "пяцёрку" і дыплом з адзнакай я атрымаў.

Выпускны адгулялі весела. Пасля выпускнога я заехаў у Менск і зноў папрасіў яшчэ аднаго з генералаў умяшацца ў мой перавод у Беларусь. Была самая пара развітацца з "гасціннай" Бекпак-Далой (Галодным Стэпам). На той момант да майго ад'езду з Казахстана заставалася менш паўгода, але хто пра гэта ведаў.

А наогул сітуацыя была не з лепшых. Палігон расфармоўваўся. Пра гэта ўжо было вядома. Пытанне было пра час. У Беларусі пачаліся ганенні на сяброў БЗВ. Яшчэ ў снежні 1991 года "Рокаш" № 10 пісаў пра спробы ў Печах звольніць з Узброеных Сілаў маёра Міхася Варанца, які быў сябрам Каардынацыйнай рады БЗВ і кіраўніком мясцовай суполкі ТБМ. Праз некаторы час ён быў звольнены, як і многія іншыя. Пачаўся наймацнейшы ціск на Міколу Статкевіча, старшыню БЗВ. Праўда, пакуль старшынём Вярхоўнага Савету быў С. С. Шушкевіч, ціснулі яшчэ з аглядкай. Як ні дзіўна, але найбольш бяспечна і надзейна было застацца на службе ў Расіі. Аднак, зыходзячы з нашых перакананняў, служыць Расіі мы больш проста не хацелі.


У канцы чэрвеня 1992 года я вярнуўся ў Прыазёрск. У ліпені выйшаў 12-ты нумар "Рокаша". У адной з нататак гэтага нумара гаварылася:

"У пачатку ліпеня адбылася сустрэча кіраўніцтва БЗВ са Старшынём Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь спадаром Шушкевічам С. С. Гаворка ізноў ішла пра прысягу. Спадар Шушкевіч пагадзіўся з тым, што прысягу трэба прымаць, але, як і калі гэта будзе, не вядома. Спадар Шушкевіч выказаў таксама згоду з тым, каб ускласці абавязкі па патрыятычным выхаванні ў Беларускім Войску на БЗВ".

Сёння гэта можа падацца не такім ужо важным, але тады пытанне прысягі выходзіла на пярэдні план. У нашай частцы пайшлі чуткі, што нас збіраюцца прывесці да прысягі на вернасць Расіі. Хто запускаў такія чуткі можна толькі здагадвацца. На той момант мы з гэтай праблемай справіліся вельмі хутка. Гэта была не Цвер, дзе мы былі ў меншасці і фактычна без усякіх правоў. На палігоне я быў першым намеснікам камандзіра і па той жа лініі чутак адказаў, што, калі паспрабуюць прывесці частку да прысягі на вернасць Расіі, я прывяду беларусаў і украінцаў да прысягі на вернасць Беларусі і Украіне. Кіраваць часткай, дзе афіцэры прысягнуць тром розным краінам тады яшчэ не ўмелі. Пра міжнародныя сілы яшчэ не чулі. Таму чуткі тут жа сціхлі. Пра прысягу ізноў часова забылі.

Аднак напружанасць у частках не здымалася, наадварот, яна нарастала. 30-га жніўня, 6-га і 13-га верасня адбыліся сходы беларускіх вайскоўцаў Прыазёрскай залогі (гарнізона). Ініцыятарам сходаў быў намеснік старшыні афіцэрскага сходу залогі падпалкоўнік Курылаў. Вось што пісаў пра гэта "Рокаш" № 13-14 (жнівень-верасень 1992 г.)

"... Сход 30 жніўня сабраў кала 80-ці афіцэраў, на наступных сходах лічба крыху паменшылася. На сход былі запрошаны і сябры Прыазёрскай суполкі БЗВ, якім адразу была прызначана роля апазіцыі, як "вядомым нацыяналістам і прыхільнікам БНФ".

Якія ж прычыны выклікалі гэтыя сходы. Гэта:

-няпэўны статус войск гарнізона, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Расіі, але на тэрыторыі Казахстана;

-пагроза прыняцця Расійскай прысягі і страты з - за гэтага беларускага грамадзянства;

-безпаспяховыя шматлікія спробы афіцэраў вырашыць праблемы пераводу на Беларусь самастойна;

-поўная сацыяльная безабароннасць афіцэраў, становішча якіх нагадвае становішча людзей на ледзяных крыгах пад час павадку.

30 жніўня першым пытаннем былі разгледжаны заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да лёсу афіцэраў на чужыне. Па другім пытанні з інфармацыяй аб дзейнасці БЗВ і ягонай мясцовай суполкі выступіў старшыня Прыазёрскай суполкі БЗВ падпалкоўнік Суднік. Шумам і пратэстам была сустрэта беларуская мова выступоўца, на што падпалкоўнік Суднік заўважыў: "А я думаў, што тут сабраліся беларусы" . Пасля гэтага некалькі чалавек пакінула залу, а астатнія супакоіліся і не перабіваючы слухалі і інфармацыю

На сходзе было вырашана прыняць зварот да Вярхоўнага Савета Беларусі. Была створана каардынацыйная група і вырашана, што адзін варыянт звароту рыхтуе суполка БЗВ, а другі - частка гэтай групы.

6 верасня адбылося абмеркаванне гэтага звароту. І тут адбылося тое, што вельмі здзівіла усіх прысутных. Справа у тым, што суполка БЗВ прысутнічала на усіх сходах, але складам не больш 5 - ці чалавек, прычым, раз ад разу людзі часткова мяняліся. І вось у выніку нязгоды думак па шматлікіх пунктах звароту суполка БЗВ у гэтым, напачатку варожым асяроддзі, выйграла усе галасаванні і перагаласаванні , пачынаючы з таго, што зварот павінен быць надрукаваны толькі на беларускай мове і заканчываючы тым, куды яго накіраваць.

13 верасня стаяла пытанне збору подпісаў і дастаўкі звароту ў Вярхоўны Савет.

Пераломам свядомасці афіцэраў на карысць нацыянальнага назваць такі зыход сходу 6-га верасня нельга, але надлом наступіў. Шчыліна брані "прамаскоўскага інтэрнацыяналізму" прабіта у свядомасці многіх афіцэраў. І справа тут не у нейкіх аратарскіх здольнасцях сяброў БЗВ. Справа у тым, што БЗВ стаіць на дакладна выверанай нацыянальнай платформе, і пахіснуць гэтую платформу нейкаму так "аморфнаму інтэрнацыяналізму" не пад сілу.

Нацыянальную ідэю можна прыдушыць, можна засыпаць друзам усякіх вучэнняў і ідэялогіяў, абазваўшы іх інтэрнацыянальнымі ці агульначалавечымі каштоўнасцямі, але варта на засмяглую душу капнуць хоць кроплю жыватворнай вады родных крыніц, асвяжыць яе водарам родных лугоў, і прачынаецца беларус.

Праз гады, дзесяцігоддзі, нават праз пакаленне прачынаецца беларус. Праходзіць бяспамяцтва, беларусы пачынаюць углядацца ў свае карэнні і пачынаюць працааць на Беларусь. Павольна, спачатку дбаючы больш пра сябе, пра кавалак хлеба, але потым, дбаючы ўжо пра Радзіму, аддаючы ўсе сілы ёй..."


Вось якія праблемы хвалявалі, вось чаго хацелі ад беларускіх уладаў беларускія афіцэры ў Казахстане.

"Да народа Беларусі.

Да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Да палітычных і грамадскіх арганіздацый Беларусі.

У рэдакцыі беларускіх газет.

З В А Р О Т

сходу вайскоўцаў Прыазёрскага гарнізона Джэзказганскай вобласці Казахстана, ураджэнцаў Беларусі і прызваных з тэрыторыі Беларусі

Мы, афіцэры і прапаршчыкі Прыазёрскага гарнізона Джэзказганскай вобласці Казахстана, удзельнікі сходу вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, абмеркавалі і з разуменнем успрынялі Зварот Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь да вайскоўцаў-беларусаў.

Мы разумеем пазіцыю Прызідыума Вярхоўнага Савета Беларусі адносна неабходнасці вытрымкі, цярпення пры развязцы праблем связаных с вяртаннем вайскоўцаў-беларусаў і ураджэнцаў Беларусі на Радзіму. Усведамляючы ўсю складанасць развязкі гэтай праблемы, якая закранае інтарэсы не толькі нас, але і нашых сем'яў і нашых сваякоў, мы разам з тым выказваем заклапочанасць адсутнасцю пэўнай інфармацыі пра ход вайсковай рэформы ў Беларусі, што не дазваляе аб'ектыўна ацаніць працэсы ў нацыянальным абарончым будаўніцтве.

У сувязі з тым, што вайсковае ведамства Беларусі ўнесла ва ўрад і парламент краіны прапановы аб прывядзенні ўсяго асабовага складу Беларускага Войска да прысягі на вернасць Рэспубліцы Беларусь, для ўсіх нас, хто праходзіць вайсковую службу за межамі Беларусі, аб'ектыўна ўзнікае наступная праблема.

Логіка падзелу былых УС СССР і стварэнне нацыянальных войскаў, непазбежна паставіць пытанне прывядзення да прысягі і асабовага складу Узброеных Сіл Расіі, у склад якіх уваходзіць нашае злучэнне. Але ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадзянстве" прыняцце вайсковай прысягі і служба ва Узброяных Сілах другой дзяржавы з'яўляецца падставай для пазбаўлення грамадзянства Рэспублікі Беларусь. У нас выклікае адпаведную заклапочанасць і тое, як у гэтым выпадку будзе працаваць у адносінах да нас артыкул 2-гі "Пагаднення паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД аб сацыяльных і прававых гарантыях вайскоўцаў, асоб зволеных з вайсковай службы і членаў іх сямей".

Такім чынам перад кожным паўстае праблема выбару. З аднаго боку - гэта неабходнасць церпяліва чакаць развязкі пытання аб пераводзе на Беларусь з перспектывай звальнення, пра што сведчаць адказы тым з нас, хто звяртаўся па гэтым пытанні ва Ўправу кадраў Міністэрства Абароны Беларусі, таму што размеркаваць усіх жадаючых немагчыма. З другога боку магчымасць працягваць службу на тэрыторыі Расіі ці іншых краін СНД і ў выпадку прывядзення да вайсковай прысягі якой -небудзь краіне страціць права на беларускае грамадзянства, што для большасці з нас і нашых сем'яў стане самай сапраўднай трагедыяй. Апынуўшыся не па сваёй волі далёка ад роднага краю, не маючы гарантый хуткага дабраўладкавання на Радзіме, мы ў сучаснай, крайне нестабільнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі станем тым "гаручым" матэрыялам, на якім можа ўспапалымнець і напружанасць, і дэстабілізацыя ўнутранага становішча ў краіне.

Зыходзячы з інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і 0,5 мільёна яе грамадзян, чые лёсы звязаны з беларускімі вайскоўцамі ў краінах СНД, прапануем:

1. Стварыць камісію (падкамісію) Вярхоўнага Савета па справах бліжняй эміграцыі (па справах ураджэнцаў Беларусі ў краінах СНД) з задачамі распрацоўкі і вынясення на Вярхоўны Савет законаў і падзанонных актаў, якія б дазволілі развязваць праблемы бліжняй эміграцыі, у тым ліку і беларускіх вайскоўцаў, на дзяржаўным узроўні.

2. Заключыць міждзяржаўны пагадненні на пераходны перыяд паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі краінамі СНД аб парадку праходжання службы беларускімі вайскоўцамі на тэрыторыі іншых краін СНД, аналагічныя пагадненням паміж Расіяй і Казахстанам, як найбольш аптымальныя для эканамічных магчымасцяў Беларсі і лёсу вайскоўцаў, а, калі такія дакументы ўжо прынятыя, давесці іх да ўсіх вайскоўцаў-беларусаў, якія праходзяць вайсковую службу за межамі Беласі.

3. Заключыць міждзяржаўныя пагадненні паміж Рэспублікай Беларусь і ўсімі краінамі СНД аб статусе вайскоўцаў - ураджэнцаў Беларусі, якія праходзяць службу ва Узброеных Сілах гэтых краін з захаваннем за вайскоўцамі і членамі іх сямей правоў на грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выцякаючыя з гэтага правоў і сацыяльных гарантый на ўласнасць, атрыманне жылля, адукацыю і г. д., прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, заканадаўствам Беларусі, пагадненнямі краін-удзельніц СНД і міжнародным правам. (Як варыянт, прапануецца разгледзець: наданне вайскоўцам, якія праходзяць службу за межамі Беларусі, статусу вайсковага дарадцы з магчымасцю выкарыстання іх, як у бліжнім, так і дальнім замежжы; службу па кантракту; накіраванне ў доўгатэрміновую камандзіроўку і г.д.).

4. Даручыць Ураду Беларусі ў бліжэйшы тэрмін распрацаваць дзяржаўную праграму вяртання, уладкавання і сацыяльнай абароны вайскоўцаў і членаў іх сем'яў, а таксама асоб, звольненых у запас і адстаўку, якія праходзілі службу на тэрыторыі краін СНД.

Кантроль за ажыццяўленнем гэтай праграмы ўскласці на камісію (падкамісію) Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па справах бліжняй эміграцыі.

5. Заключыць міжурадавыя пагадненні паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі краінамі СНД аб спрашчэнні пераводу беларускіх афіцэраў са Узброеных Сіл гэтых краін у Беларускае Войска.

6. Растлумачыць механізм удзелу вайскоўцаў-ураджэнцаў Беларусі, якія праходзяць службу за яе межамі, у надыходзячым працэсе прыватызацыі.

7. Пры распрацоўцы і прыняцці рашэнняў па пытаннях, кранаючых лёсы вайскоўцаў, якія праходзяць службу за межамі Беларусі, членаў іх сямей, улічваць іх думкі і прапановы.

Мы звяртаем увагу шаноўных народных дэпутатаў Рэспублікі Беларсь, грамадскасці Беларусі, што справа ідзе пра сорак тысяч афіцэраў і прапаршчыкаў, з сем'ямі гэта складае каля 120 тысяч.

Застацца абыякавым да такой колькасці народу - гэта будзе не проста амаральна, гэта будзе злачынна.

Зварот прыняты на сходзе афіцэраў і прапаршчыкаў Прыазёрскага гарнізона, ураджэнцаў Беларусі 6.09.92 года і замацаваны подпісамі удзельнікаў сходу."


Які быў адказ на гэты зварот, і ці быў ён наогул, сказаць не магу. Блізіўся да канца першы год незалежнасці Беларусі, і па ўсім было відно, што вырашаць нашыя справы на дзяржаўным узроўні ніхто не збіраецца. Здабыў выклік і напісаў рапарт на перавод у Беларусь Ігар Супаненка, падаў рапарт на звальненне з Узброеных Сілаў падпалкоўнік ужо на той час Іван Ягораў. Ён пачаў службу яшчэ салдатам, з арміі паступіў у навучальню, доўга служыў на Поўначы, таму меў дастатковую выслугу і смела мог звальняцца. Рабілі захады для пераводу або звальнення і іншыя афіцэры. Але пакуль усе былі на месцы, і, як кажуць: паміраць збірайся, а жыта сей.

Наступіў верасень, зноў прыйшла пара пачынаць заняткі ў нядзельнай школе.

4-га верасня па Прыазёрскім тэлебачанні выступіў Ігар Супаненка і вельмі дакладна і поўна распавёў пра школу. У прыватнасці было сказана, што Прыазёрская суполка ТБМ шчыльна супрацоўнічае з культурным асяродкам "Беларусь" горада Алма-Аты. Сёлета культурны асяродак "Беларусь" правёў конкурс на веданне гісторыі Беларусі. Па выніках гэтага конкурсу, у якім прамалі ўдзел і нашы дзеткі, 8 чалавек было залічана у беларускія ВНУ без экзаменаў, сярод іх адзін вучань нашай школы.

Усяго КА "Беларусь" меў права накіроўваць у ВНУ Беларусі штогод да 20 чалавек. Праўда, карысталіся яны з гэтага права адзін ці два гады.

Ненаўмысная рэклама зрабіла сваю справу. 6-га верасня у школу прыйшло 14 новых вучняў, але, разам з тым, да 10 чалавек выехала у Беларусь. Тым не менш, на 20 верасня колькасць вучняў дасягнула стабільнай для нас лічбы 40 чалавек, і гэта яшчэ не мяжа. Да таго ж на занятках зхявіліся дарослыя, чаго не было летась.

Заняткі пачаліся у 4-х


Ненаўмысная рэклама зрабіла сваю справу. 6-га верасня у школу прыйшло 14 новых вучняў, але, разам з тым, недзе каля 10 чалавек выехала у Беларусь. У тым ліку паехаў і мой старэйшы сын Максім, які паступіў у Менскі радыётэхнічны каледж, не памятаю, як было тады, ці пасля 8-га класа ці пасля 9-га, бо мела месца яшчэ і школьная рэформа. Тым не менш, на 20 верасня колькасць вучняў у нашай нядзельнай школе дасягнула стабільнай для нас лічбы 40 чалавек, і дзеці прадаўжалі прыходзіць. Да таго ж на занятках з'явіліся дарослыя, чаго не было ў мінулыя гады.

Заняткі пачаліся ў 4-х групах:

- першая група - 2-гі клас агульнаадукацыйнай школы;

- другая група - 3-ці клас;

- трэцяя група - 4-ты - 6-ты класы;

- чацвёртая група - 7-мы - 11-ты класы і дарослыя.

Выкладчыкамі былі прызначаны Станіслаў Суднік, Ігар Супаненка, Юры Маянскі, Сяржук Пахучы, Юры Кавалевіч, Вадзім Крывецкі, Станіслаў Цвірка, Віктар Грамадка . Я прадаўжаў весці старэйшую групу (у новай герархіі - 4-ю), Супаненка - 3-ю, Маянскі - 2-ю. Каго мы паставілі на новую (самую малодшую) 1-ю групу, нажаль дакладна сказаць ужо не магу. Гэта мог быць і Пахучы, і Грамадка, і Кавалевіч, і любы іншы. Захавалася галоўнае: быў адзін асноўны выкладчык і адзін на падмену.

Заняткі, як і раней, пайшлі па трох прадметах: па беларускай мове, па беларускай літаратуры, па беларусазнаўству (гісторыі, геаграфіі, мастацтву, культуры, рэлігіі Беларусі).

На новы навучальны год для старэйшай групы была запланавана для вывучэння граматыка Тарашкевіча і беларуская лацінка ў двух варыянтах.

Гісторыя выкладалася ў старэйшых групах па кнізе Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь", а у малодшых па "Кароткаму агляду гісторыі Беларусі".

Мы рыхтаваліся да новага навучальнага года, але праблемы з падручнікамі ўсё-такі на пачатак года былі. Вельмі дорага пачала каштаваць перасылка. У Менску нам давалі кнігі, колькі хочаш, але бібліятэка ўжо не мела магчымасці за свой кошт перасылаць іх, было дорага.

З нагоды пачатку новага навучальнага года і цяжкасцяў, якія ўзніклі, "Рокаш" № 14 пісаў:

"Але, не гледзячы ні на што, барацьба будзе працягвацца. Барацьба за кожнага чалавека, за кожнага будучага грамадзяніна Беларусі, за кожнае слова роднай мовы, уложанае ў памяць, за кожнае імя гістарычнага дзеяча Беларусі, укладзенае у душу дзеля ўваскрашэння нацыянальнай свядомасці. Можна быць упэўненымі, што пасля нашай школы ў Беларусі бязродных манкуртаў стане на 40 чалавек меней."


Але тыя годы сапраўды былі гадамі пераменаў. У кастрычніку 1992 года на мяне і на Ігара Супаненку былі падпісаны загады аб пераводзе ў Беларусь. Мае дзевяць казахстанскіх гадоў заканчваліся. Але пакуль не здаў пасаду, я заставаўся намеснікам камандзіра, і ў кастрычніку 1992-га года выйшаў яшчэ адзін нумар "Рокаша" - 15-ты.

У газеце падымаліся розныя тэмы. Адной з такіх тэмаў была праблема тэксту Вайсковай прысякі. Газета друкавала тэкст прысягі Беларускай краёвай абароны. У той жа газеце быў надрукаваны мой верш "Прысяга", які ўвайшоў у шэраг праграмных.

Гэты нумар "Рокаша" змясціў развітальны артыкул, які лічу вартым тут прывесці:

Ш А Н О Ў Н А Е С П А Д А Р С Т В А

Так атрымліваецца, што гэты нумар нашай газеты хутчэй за ўсе стане апошнім, прынамсі апошнім, як газеты Прыазёрскай гарадской рады ТБМ. Справа ў тым, што на падпалкоўніка Судніка і маёра Супаненку падпісаны загад міністра абароны Расіі аб пераводзе іх у распараджэнне міністра абароны Рэспублікі Беларусь. У выніку гэтага тыя супрацоўнікі рэдакцыі, якія яшчэ застаюцца ў Прыазёрску, трацяць магчымасць выкарыстання тэхнікі, а разам з тым і магчымасць выпуску газеты.

Са жніўня 1990 года выходзіў "РОКАШ". Сёння нам яшчэ цяжка сказаць, ці патрэбнай была гэтая нялёгкая работа, ці прынеслі мы карысць Беларусі, ці ўсё мы зрабілі, што маглі зрабіць. Невялікім быў наклад газеты, усяго каля 150 асобнікаў. "РОКАШ" быў другой пасля "НАШАГА СЛОВА" газетай, якая выйшла пад шыльдай ТБМ, і адзіным у Казахстане беларускім выданнем. Мы выдалі 15 нумароў і адзін святочны выпуск, прысвечаны 73 угодкам БНР. Акрамя таго мы выдалі абмежаваным накладам зборнік паэзіі Станіслава Судніка "ПАГОНЯ ЗА МОВУ" і "ШЫХТОВЫ СТАТУТ БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА", распрацаваны тут жа у Прыазёрску. Мы адкрылі беларускія нядзельныя школы ў Прыазёрску, дзе трэці год вучыцца да 40 дзетак, і ў Цвяры, дзе вучыцца да 15 дзетак. Наша газета адкрыла маладую паэтэсу Лену Бязрукаву, якая мае вялікі талент і, мы верым, вялікую будучыню.

Мы не паспелі... Мы не паспелі вельмі шмат і ўжо не паспеем.

Сёння мы з вялікім сумам развітваемся са сваёй газетай. Мы не ведаем, што чакае нас на Беларусі, ці прыдземся мы да двара ў тым войску, якое зараз называецца беларускім, ці давядзецца асвойваць тонкасці цывільнага жыцця. Мы не ведаем, ці удасца нам аднавіць газету, але апошні склад рэдакцыі: падпалкоўнік Станіслаў Суднік, маёр Ігар Супаненка, маёр Станіслаў Цвірка, капітан Віктар Грамадка пакідае за сабой выключнае права на скарыстанне назвы "РОКАШ".

Шаноўныя чытачы "РОКАША". Мы не праводзілі падпіску на нашую газету, яна распаўсюджвалася бясплатна, таму мы не маем перад вамі ніякіх фінансавых даўгоў і, тым не менш, мы шчыра просім прабачэння за тое, што газета "РОКАШ" знікае з вашага жыцця.

Калі хто захоча напісаць нам, не спяшайцеся, кожны атрымае новы адрас аднаго з нас.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі

Калектыў рэкакцыі.


У лістападзе я выехаў у Беларусь. Здаў кватэру. У два кантэйнеры загрузіў рэчы. Кантэйнеры, хоць з цяжкасцю, але па бутэльцы спірту за кожны ўдалося здабыць. Стась Цвірка правёў нас да Масквы (сам ён яшчэ заставаўся служыць і ехаў у камандзіроўку).

Аднак нацыянальнае жыццё ў Прыазёрску на гэты не спынілася. Заставаўся Супаненка. Школа прадаўжала працаваць. Паехаў Супаненка, пераразмеркаваліся выкладчыкі, і школа працавала. І толькі недзе пад Новы год, калі ў Прыазёрск прыйшла сапраўдная зіма, і ў чарговы раз камунальныя службы размарозілі горад, школа спыніла сваё існаванне. У Прыазёрску словы "размарозіць горад" абазначалі, што ўвесь 60-тысячны горад, школы, дамы, бальніцы заставаліся без цяпла. У буднія дні дзеці ў школах вучыліся па тры ўрокі. Гнаць іх у той холад яшчэ і ў нядзелю не выпадала. Размеркаваць класы па кватэрах было можна, але гэта тым, хто застаўся, было ўжо не пад сілу. З маім ад'ездам не стала таго, што зараз называецца адміністрацыйным рэсурсам. Не было каму мабілізаваць увесь вайсковы інтэрнацыянал на працу дзеля Беларусі. Неўзабаве і ўся нашая частка была расфармаваная.


Сёння можа падацца дзіўным, як такое магло быць у савецкім войску?

Сам дзіўлюся. Але такія былі часы, такая была краіна, такія былі людзі. Каб гэтага ўсяго не было не ўпала б нам незалежнасць пераспелым яблыкам проста ў рукі.



П Р Ы С Я Г А

Перад Богам Ўсявышнім і Роднай Зямлёю

Я табе прысягаю, радзімы мой край,

Прысягаю і сілай, і думкай сваёю,

І гарачай крывёю, і шляхам у рай,


Прысягаю палеткам і нівам жытнёвым,

І табе, памяць прадзедаў, лёгшых у дол,

І сцюдзёным завеям, і кветкам вясновым,

І табе, роднай хаты амшалы вугол.


Прысягаю сягоння, і заўтра, і ўчора,

За ўсе дні, што пражыў і яшчэ пражыву,

Што нідзе і ніколі, ні ў шчасці, ні ў горы,

І ні ў сне паўсвядомым, і ні наяву


Ні на крок не сыду я са шляху змагання,

Ні на міг не схаваю мяча і пяра,

Не пачую ні модлаў, ні слоў апраўдання

Аж да тога, пакуль не настане пара,


Што мая Беларусь перарве ўсе аковы,

І заззяе спрадвечнаю славай сваёй,

І з кайданаў праклятых паробіць падковы

Для імклівых дрыгантаў Пагоні святой.


І не здолець мяне, ані сілай, ні здрадай,

Ні агнём, ні мячом, ні ліслівай маной,

Не купіць ні рублём, ні жытлом, ні пасадай,

Не зламаць ні ў любові, ні ў веры святой,


Я дайду і аддам і жыццё, і натхненне,

І зраблю нават тое, што нельга зрабіць,

Хай памру без надзей на грахоў адпушчэнне,

Ды ўсяроўна адну яе буду любіць.

Беларусь і па смерці я буду любіць.



У Менску нас ніхто не чакаў.

І ўсё ж мы былі дома.

Мікола Міхноўскі дапамог у інтарнаце, у якім ён жыў сам, атрымаць пакой за ўмераную плату і на вялікі тэрмін. Апорны пункт з'явіўся. Пара была прыступаць да ўладкавання на службу.

Тое што ў выкліку, які мне давалі ў штабе Менскай арміі СПА, гарантавалася маё ўладкаванне па службе, на самай справе нічога не значыла. За тыя паўгода, пакуль цягнуўся гэты перавод, у Менску шмат чаго змянілася. Па-першае, быў звольнены са службы генерал-лейтэнант Асмалоўскі, які персанальна даваў каманду арганізаваць мой перавод, і які з-за сваёй высокай чалавечай парадачнасці ніколі б не адмовіўся ад сваіх абяцанняў.

У Беларусі з'явіўся міністр абароны сп. П. П. Казлоўскі і адпаведна новы камандуючы СПА (здаецца генерал-маёр Мажухін, каб не памыліцца). У новага камандуючага перада мной ніякіх абавязкаў не было.

Я гэта выдатна разумеў і на першым этапе не стаў да яго звяртацца. На той момант у мяне склаліся добрыя адносіны з палкоўнікам Нікуліным, які ў савецкі час займаў пасаду намесніка члена Вайсковай Рады Чырвонасцяжнай Беларускай вайсковай акругі, а ў новых рэаліях быў намеснікам начальніка Ўправы выхаваўчай працы, ці прыблізна так тады гэта ўсё называлася. Пазней ён узначаліў гэтую Ўправу і атрымаў генерала. Ён быў рускі, але ўспрымаў мой "нацыяналізм" вельмі памяркоўна. Нікулін сказаў, што возьме мяне ў сваю Ўправу, і мы з ім паехалі ў Управу кадраў. І вось тут я ўбачыў сапраўдны твар новага "беларускага" войска, якое ўзначальваў сп. Казлоўскі.

Па Ўправе і перад ёю таўкліся натоўпы лейтэнантаў, старшых лейтэнантаў, капітанаў, якіх пачкамі звальнялі з Ўзброеных Сілаў, звальнялі без пенсіяў, без кватэраў. Застацца служыць удавалася тым, хто мог умудрыцца даць добры хабар. А хто мог?

Высокі ранг палкоўніка Нікуліна дазволіў нам прайсці непасрэдна да начальніка Управы кадраў. Але тут мяне яўна ніхто не чакаў. Гаворка не заладзілася адразу. На спробу палкоўніка Нікуліна прапанаваць свой варыянт начальнік Управы загадаў мне выйсці з кабінета, і гаворка пайшла без мяне. Як мне пераказалі пасля, ішла яна ў наступнай форме: "Палкоўнік, ты ж рускі, куды ты гэтага нацыяналюгу цягнеш?" Нікулін выйшаў з кабінета і сказаў, што нічога не атрымоўваецца, кадры не прапускаюць.

Я застаўся адзін і пайшоў па кабінетах. Гаворка ішла так: "Пасадаў няма. Палкоўніцкіх няма. Падпалкоўніцкіх няма. Маёрскіх няма. Толькі капітанскія." "Я згодны на капітанскую." "Але мы не можам з палкоўніцкай паставіць на капітанскую. Прапануем звальняцца." "Я не хачу звальняцца." Звальняцца было нельга. Атрымоўвалася, што з расейскага войска я адбыў, а ў беларускае не прыбыў. Я завісаў паміж дзвюмя краінамі без грамадзянства, без правоў, без кватэры, без пенсіі, без усяго. Аднак звольніць без маёй згоды яны проста так не маглі. Сітуацыя ўзнікла патавая. Браць не хочуць - не ўзяць не могуць. Трэба было шукаць выйсце. У чарговы раз зайшоўшы ў кабінет я сказаў: "Ведаеце што, мяне выклікала СПА, дык і адпраўце мяне ў распараджэнне СПА." Гэта было выйсце для ўсіх, міністэрскія кадры хуценька справадзілі мяне ў распараджэнне Галоўнакамандуючага Войскаў СПА. Я спадзяваўся, што там будзе лягчэй, прынамсі, там было шмат знаёмых. Але, як было сказана, Асмалоўскага ўжо звольнілі, і я стаў і тут нікому непатрэбным. Аднак у кадрах СПА адказвалі па-іншаму. Шукай сабе месца, і мы цябе возьмем.

Дзе яго шукаць? Першым чынам родная навучальня. Там было ўжо шмат маіх аднакурснікаў на пасадах выкладчыкаў, але практычнай карысці з іх было мала. Не мог мне нічым дапамагчы і Мікола Статкевіч, у якога ўжо былі вельмі напружаныя адносіны з камандаваннем. Але сярод усіх быў і мой аднакурснік, з якім яшчэ падчас вучобы былі надзвычай добрыя адносіны, Сяргей Кастраміцкі. Украінец. Ужо доктар навук і загадчык кафедры. Ён без усялякіх разваг і рассусольванняў сказаў: "Пішы рапарт. Я праб'ю ўсе інстанцыі да намесніка начальніка навучальні па навуцы. А там ужо, як выйдзе." Кастраміцкі выдатна ведаў мае перакананні і дапамагаў, у многім менавіта сыходзячы з іх.

Рапарт плаўна рухаўся па інстанцыях, прайшоў нават намесніка па навуцы, але ў начальніка навучальні раптам прагучала: "Толькі цераз мой труп." Станавілася весела.

Я вярнуўся ў штаб СПА. Трэба было пачынаць усё спачатку. Пасады ў СПА, канешне ж, былі. Але ўсё вырашаў камандуючы. Калі ж справа дайшла да камандуючага, зноў прагучала: "Толькі цераз мой труп." "Трупаў" станавілася зашмат, а мне рабілася не да смеху. Дзявацца не было куды. Відавочна вымалёўвалася змова. І пераадолець яе станавілася немагчымым.

На сёння забылася, па чыім прадстаўленні, здаецца па прадстаўленні Статкевіча, я трапіў на прыём да камандуючага Унутранымі войскамі, тады здаецца палкоўніка, Агальца. Размова з Агальцом праходзіла ў самых найлепшых танах. Ён, якраз, не баяўся, а нават, здаецца, вітаў мой "нацыяналізм". Ён расказаў, якія ўзнагароды ўведзены ў яго войсках. Яны амаль цалкам былі зроблены па эскізах, якія мы прывозілі з Казахстана на 1-шы з'езд БЗВ, хаця я ні ў якім разе не сцвярджаю, што нехта браў за аснову нашыя ўзоры. Проста, у многіх думкі ішлі ў адным кірунку. Па маёй праблеме сказаў, што ў самым крайнім выпадку ён мне дапаможа. Аднак мне самому ісці ва Ўнутраныя войскі было не ў клімат. Я мог проста аказацца ў ахове якой-небудзь калоніі, што ні ў якія планы не ўваходзіла.

Трэба было шукаць выхад на людзей больш уплывовых, чым камандуючы СПА. У Доме Ўраду я сустрэў Ніла Гілевіча і папрасіў арганізаваць для мяне прыём у Шушкевіча. Але гэта быў апошні варыянт, і надзей на яго было няшмат.


Я ўжо раней згадваў, што яшчэ са школы падтрымліваў сяброўскія адносіны з Людмілай Майсеняй. Адпаведна, пасля майго прыезду ў Менск Людміла была ў курсе ўсіх маіх мытарстваў. Ёй прышло ў галаву паспрабаваць скарыстацца з шыркага кола знаёмстваў яе брата Анатоля Майсені, вядомага журналіста і палітолага, які па роду сваёй журналісцкай дзейнасці быў знаёмы з дзяржаўным сакратаром па нацыянальнай бяспецы, здаецца так гэтая пасада называлася, спадаром Данілавым.

З Анатолем Майсеням я ўжо быў знаёмы, быў, нават, у яго дома. Гэта было ў адзін з маіх прыездаў з Казахстана. Анатоля тады для нечага цікавіла сітуацыя ў войску, і ён проста запрасіў мяне і Статкевіча, каб пагутарыць.

Анатоль звярнуўся да Данілава, і той выдзеліў свой абедзенны перапынак для таго, каб пагаварыць са мной.

У прызначаны час я быў ля кабінета Данілава. Я разумеў, што Данілаў рускі, і што мне трэба зрабіць на яго добрае ўражанне, але я таксама разумеў, што перш чым мяне прыняць, ён, напэўна, навядзе даведкі і будзе мець дакладнае ўяўленне, з кім мае справу. І, наогул, тут, дома, на Радзіме я не збіраўся ісці на нейкія кампрамісы. Данілаў быў у цывільным, і я не ведаў, што ён генерал. Таму, зайшоўшы, я адрэкамендаваўся па-беларуску. Ён сказаў сесці, і пачалі гаварыць. Ён гаварыў па-расейску, я па-беларуску. Я не мог нават у гэтай складанай сітуацыі паступіцца мовай, хаця і разумеў, што мая беларускасць можа быць проста расцэнена, як выклік, але перайсці на рускую мову не мог і ўсё тут.

Так мы прагаварылі ўвесь абедзенны перапынак. Данілаў даволі дасканала і падрабязна распытваў мяне, але пра што дакладна, зараз не ўспомніць. Пасля абеду ў кабінет зайшоў нейкі маёр ці падпалкоўнік і, пачуўшы нашу размову, вызверыўся на мяне: "Товарищ подполковник, как вы разговариваете с генералом?" "Ничего, ничего, я понимаю," - сказаў Данілаў і адправіў свайго падначаленага. Падчас гутаркі Данілаў разабраўся, у чым справа, і што са мной паступаюць абсалютна несправядліва. Ён падняў слухаўку тэлефона і набраў нумар. На тым канцы нешта адказалі. Пасля кароткай размовы я пачуў ключавую фразу: "Должен служить!". На тым канцы запярэчылі. Данілаў паўтарыў больш рэзка: "Должен служить!"

Прыём быў закончаны. Данілаў сказаў мне ехаць у штаб СПА і, што пытанне павінна быць вырашана.

Прыехаўшы ў штаб СПА, я ўбачыў, што сітуацыя сапраўды змянілася. Мне прапанавалі на выбар дзве пасады: адна ў Лепелі ў палку вайсковай СПА, другая ў Мастах - камандзірам дывізіёна аб'ектовай СПА. Безумоўна, што я выбраў Масты, таму што хоць тып дывізіёна быў і не той, на якім я служыў калісьці, але гэта было значна бліжэй, чым любы вайскавы комплекс. Пасада камандзіра дывізіёна была на дзве ступені ніжэйшая за тую, якую я займаў у Казахстане, але выбіраць не было з чаго і не было калі.

У той дзень камандуючы СПА ў штабе адсутнічаў, рашэнні прымаў ці намеснік, ці начальнік штаба. Прозвішча я ведаю, але ён яшчэ служыць. Ён мог адкласці прыняцце рашэння да прыезду камандуючага, тым больш, што пазіцыя апошняга была добра вядомая ўсім. Але гэты генерал быў беларус. Таму ён перадаў мне загад неадкладна пісаць рапарт на прызначэнне камандзірам дывізіёна ў Масты. Пасля напісання рапарта ён тут жа загадаў рыхтаваць загад. Загад быў падрыхтаваны хвілін праз 15. Генерал тут жа яго падпісаў і перадаў мне распараджэнне неадкладна выехаць у Ліду, таму што мастоўскі дывізіён належаў да лідскай брыгады. Як ён назаўтра разбіраўся з камандуючым, я не ведаю, але відаць званок Данілава быў даволі важкім, бо на службовым становішчы генерала ягонае такое самаўпраўства не адбілася. Аднак зуб у камандуючага на мяне быў вялікі.

Уся гэтая катавасія з маім уладкаваннем на службу цягнулася не многа - не мала, а тыдні два. Быццам бы і аперацый апісаў не шмат, але хутка на словах, а на справе ўсё было доўга і марудна. Сям'я пажыла ў Менску з тыдзень, пераехалі да сваякоў у Салігорск, але меншаму сыну трэба было хадзіць у школу, таму пагасціўшы колькі дзён у Салігорску пераехалі ў Сейлавічы, дзе Арцём пайшоў у маю ж школу. Былі яшчэ, нават, настаўнікі, якія вучылі мяне. У Сейлавічах на першай пары Арцёма вадзілі на ўрокі рускай мовы і літаратуры ў іншыя класы, каб сейлаўскія дзеці паслухалі жывое рускае маўленне. Бо хоць і ў сейлавіцкай школе ўжо ўсё больш пачыналі ўжываць рускую мову, але ўзровень яе заставаўся такім жа, як і ў мае часы. Гэта была Арцёмава другая школа. Потым будзе яшчэ тры.

На наступны дзень, заехаўшы ў Сейлавічы, і сказаўшы жонцы, як вырашылася пытанне, я прыехаў у Ліду. Прыехаў пад вечар. Быў снежань месяц, дні кароткія. Покуль поначы знайшоў тую частку ў незнаёмым горадзе, але паспеў да канца рабочага дня.

У Лідзе ў службе ўзбраення служыў мой сябар і аднагрупнік яшчэ па навучальні маёр Яўхім Фельдман. Ён не адзін раз быў у мяне дома ў Казахстане, калі прыязджаў на стрэльбы. Быў чыстакроўны яўрэй, надзвычай кантактны, вясёлы, і мне было дзе прыткнуцца. Намеснікам камандзіра брыгады быў Віктар Сельскі, з ім я сустракаўся на палігоне і ў свой час дапамагаў яму. Ён быў з Іўя, вучыўся ў навучальні на год ці два пазней за мяне, у акадэміі вучыўся на вочным факультэце ўжо пры мне, сябраваў з Вікенціем Чорным.

На наступны дзень камандзір часткі палкоўнік Хамутнікаў (тады, магчыма, яшчэ падпалкоўнік) прадставіў мяне асабоваму складу дывізіёна і пакінуў камандаваць.

Асноўнае было дасягнута, я пачаў службу ва Ўзброеных Сілах незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Прымаць дывізіён не было ў каго. Былы камандзір, падпалкоўнік Абрамаў, пайшоў на пенсію, яго намеснік, які выконваў абавязкі камандзіра, маёр Альхавікоў (каб не памыліцца) прыняў для сябе рашэнне не прымаць беларускую прысягу і ехаць у Расію, дзе яго так жа ніхто не чакаў, як не чакалі нас у Беларусі. Ён не прымаў беларускую прысягу па ідэйных перакананнях, і ў той месяц, які ён даслужваў да загаду, у мяне з ім былі адносіны значна лепшыя, чым з тымі рускімі, што заставаліся ў Беларусі. Недахопы, якія былі ў дывізіёне немагчыма было вешаць на Альхавікова, яны збіраліся гадамі і дзесяцігоддзямі. Прапілі калісьці кузаў ад аўтамабіля, вось гэты кузаў і перавешваўся з камандзіра на камандзіра і як бы быў на месцы. Прыняў п'яны прапаршчык кабелеўкладчыкі па фармуляру кабелеўкладчыка, дзе лічыцца два ключы, і добра, а тое, што па фармуляру аўтамабіля лічыцца яшчэ поўны набор гэтых ключоў прайшло міма і г. д.

Наогул, тое што я ўбачыў у дывізіёне славутай Беларускай вайсковай акругі, мяне вельмі расчаравала. На глухім Урале дывізіёны былі абсталяваны значна лепей. Прынамсі там я такога награвальнага аграгата, як тытан, не бачыў, а тут давялося вучыцца карыстацца ім.

Вугалю ў дывізіёне было на тыдзень, бензіну на дзве паездкі. Дывізіён ніколі баявога дзяжурства не нёс, быў кадраваны, г. зн. укамплектаваны па скарочанаму штату. Праблемай было пагалоўнае п'янства садатаў. Мастоўскія дзяўчаты вельмі любілі нашых хлопцаў і кожны божы дзень, дакладней, вечар, прыносілі да агароджы самагонку.

Нічога нацыянальнага ў дывізіёне не было. Не было, нават, дзяржаўнага сцяга. Пра тое, што тут падраздзел Узброеных Сілаў Беларусі, можна было здагадацца толькі па нацыянальнаму складу: больш 50 працэнтаў афіцэраў, прапаршчыкаў і салдатаў былі ўжо з Беларусі: беларусы, палякі ці рускія, але з Беларусі. Іншая палова салдатаў даслужвала да вясенняй дэмабілізацыі.

Першае, што я зрабіў на наступны дзень, гэта загадаў падняць над дывізіёнам белчырвонабелы сцяг. Паколькі, як было сказана вышэй, у дывізіёне сцяга не было, то я выцягнуў з валізкі свой самаробны сцяг, якім мы карысталіся ў Казахстане, і гэты сцяг быў падняты на зенітнаракетным дывізіёнам у слаўным горадзе Масты. Недзе праз тыдні два я вытрас у брыгадзе новы шаўковы белчырвонабелы сцяг. Прыбліжаўся прыём прысягі, і адмовіць не маглі, ну ніяк не маглі.

Другім пунктам загадаў зняць з варотаў чырвоную зорку. Паколькі дывізіёна я яшчэ не ведаў, а хітрыя байцы адразу не сазнаваліся, хто што ўмее, то мастака знайсці не ўдалося. Тады я сам па клетачках намаляваў "Пагоню" і загадаў павесіць на варотах.

Гаварыў я са сваім "войскам" пабеларуску. Таму адразу наладзіўся лепшы кантакт з сяржантамі, чым з афіцэрамі. Сяржанты атрымалі "Шыхтовы статут" і загад перапісаць усе неабходныя каманды і вывучыць. Не памятаю, колькі часу ім было дадзена, ці то тыдзень, ці то два. Афіцэрам на тое самае быў дадзены месяц. Праз два тыдні днявальны ўжо заміж "Смірна!" крычаў: "Зважай!", а дзяжурны дакладваў: "Спадар падпалкоўнік, падчас майго дзяжурства здарэнняў не адбылося!"

У першыя ж выхадныя я ўстанавіў сувязь з мастоўскімі актывістамі нацыянальнага адраджэння. Яшчэ з Казахстана я быў завочна знаёмы з Язэпам Палубяткам і Алесем Белакозам, дырэктарам Гудзевіцкага музея. Дарэчы, у гэтым музеі павінен быць поўны збор усіх нашых выданняў у Казахстане. Туды мы пасылалі ўсё. Я сустрэўся з Палубяткам. Ён пазнаёміў мяне з Аляксеем Сабасцянам і Лявонам Барташам. Недзе праз месяц ці два ў Мастах актывізавалася дзейнасць ТБМ, прынамсі, паседжанні гарадской рады ішлі кожны тыдзень.

Ішоў снежань. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь рыхтаваліся да прысягі. У грамадстве не сціхалі спрэчкі наконт легітымнасці гэтай прысягі. Запускалася дэмагагічнае пытанне наконт таго, колькі разоў афіцэр можа прымаць прысягу. Маўляў, прысягнуў раз Савецкаму Саюзу і больш не маеш права. Найбольш шчыравалі на гэтым грунце "ветэраны" і не вайны а розных "службаў". Сутнасць дэмагогіі заключалася ў тым, што калі Расія пераемніца СССР, то і ўсе, хто прымаў прысягу на вернасць СССР, аўтаматычна прынялі прысягу на вернасць Расіі. На гэтае пытанне мы выпрацавалі грунтоўны адказ з расійскай жа гісторыі. Там войска прымала прысягу на вернасць не Расіі, а цару, і здаралася, афіцэры ды і салдаты пры частай змене гэтых цароў прысягалі па некалькі разоў. Але пра гэта памятаць не хацелі.

Пра тое, што я прыехаў служыць у Масты хутка стала вядома ў Гародні. Недзе ў сярэдзіне снежня мяне запрасілі на Гарадзенскае тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы, прысвечанай прыёму прысягі. Арганізаваў перадачу Валеры Задаля, які ў той час яшчэ працаваў на тэлебачанні. Перадача была ў запісе, але ішла ў эфір праз нейкіх паўгадзіны пасля запісу, і падчас эфіру я сядзеў у суседнім пакоі і адказваў на гнеўныя пытанні ветэранаў усё таго ж дэмагагічнага кшталту, колькі разоў афіцэр можа прымаць прысягу. Іншага аргументу ў іх не было. Там жа ў Гародні я папрасіў знайсці для мяне беларускі гімн "Магутны Божа" або "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Праз некаторы час у Масты перадалі касету з запісам гімну "Магутны Божа" ў выкананні гарадзенскага хору "Бацькаўшчына".

Блізілася 31 снежня 1992 года. У савецкім войску ў дывізіёнах прысягу не прымалі. Маладыя салдаты прымалі яе ў каранціне і прыходзілі ў дывізіёны ўжо пасля прысягі. Таму для дывізіёна справа з прысягай была некалькі нязвыклая, хаця сам рытуал ніякіх пытанняў не выклікаў. Аднак былі новыя часы, была новая краіна. Па наіццю тады мы рабілі тое, што зараз стала нормай. Важна было ўзмацніць ідэалагічную складовую мерапрыемства. Я вырашыў прыцягнуць да ўдзелу ў мерапрыемстве святара. У Мастах можна было паклікаць або ксендза, або бацюшку. Ацаніўшы сітуацыю і сыходзячы з таго, што праваслаўных сярод тых, хто меўся прымаць прысягу было значна больш, я вырашыў клікаць бацюшку.

Мастоўскі бацюшка быў яркім прыхільнікам Савецкага Саюза, але дамовіцца ўдалося. Што праўда, і ён за жыццё першы раз ішоў на вайсковую прысягу, даводзілася асвойваць новы рытуал і яму.

Прысягу прымала частка падраздзелу. Усе іншаземцы прысягу не прымалі. Таму шыхт нешматлікі. Я прыняў прысягу першым. Потым пачаў прыводзіць да прысягі афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдатаў. Само сабой, тэкст прысягі быў на беларускай мове. Бацюшка свянціў кожны аўтамат. Пасля таго, як у шыхт стаў апошні салдат, я падаў каманду "Зважай", адчынілася акно, і з магнітафона загучаў гімн "Магутны Божа". З гэтым гімнам мастоўскі зенітнаракетны дывізіён зрабіў свой крок у гісторыю, як адзіны вайсковы падраздзел у незалежнай Беларусі, што прыняў прысягу на вернасць Бацькаўшчыне пад духоўны гімн усіх беларусаў "Магутны Божа". І хай сабе гэты крок застаўся па вялікім рахунку незаўважаным, але ён быў.

Прыняцце прысягі мела вялікае значэнне для ўсталявання ў войску ў цэлым і маім дывізіёне ў прыватнасці нацыянальнага клімату. Усе, калі не сэрцам, то розумам адчулі сябе грамадзянамі Беларусі. Тыя ж хто прыехаў, як і я, зза межаў Беларусі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам пасля прыёму прысягі атрымоўвалі права на беларускае грамадзянства, як для сябе, так і для сваіх сямейнікаў. А з грамадзянствам атрымоўвалі і ўсе правы. Гэта быў вельмі разумны закон, і сёння можна сказаць "Вялікі дзякуй" тым, хто да яго дадумаўся.

Пасля прысягі пачаліся вайсковыя будні з усімі праблемамі, непрыемнасцямі, падставамі і, нават, стукачаствам, чаго ніколі не даводзілася сустракаць ні на Ўрале, ні ў Казахстане.

Як ужо было сказана, сяржанты атрымалі загад за два тыдні вывучыць усе шыхтовыя каманды пабеларуску, з чым яны паспяхова і справіліся. Найменш праблемаў было ў Чыркуна, які быў родам з Нясвіжчыны. Крыху цяжэй было Кожуху з Віцебскай вобласці. А ў самую складаную сітуацыі трапіў мал. ст Маскалёў. Ён быў беларус родам з Латвіі. Каб не ісці ў латышскае войска, перад прызывам пераехаў у Беларусь да нейкіх там сваякоў і дабраахвотнікам пайшоў у войска беларускае. Беларускай мовы ён не ведаў амаль зусім, таму шыхтовыя каманды проста завучваў на памяць, як вершы. І гэта яму вельмі ўдалося, камандаваў ён не горш за іншых. І вось малюнак, які я назіраў і які часта распавядаю пры выпадку. Традыцыйны для войска шыхтовы трэнаж. Стаіць на шыхтовым пляцы малодшы сяржант Маскалёў і праводзіць шыхтовыя заняткі з шарагоўцам Мамедавым. Мамедаў быў азербайджанец і даслужваў да дэмабілізацыі, як і многія іншыя. Маскалёў камандуе: " Зважай! Лева фронт! Крокам руш! Права фронт! Тыл фронт! Лева скос! Лева кірунак!" і г. д. Мамедаў спраўна маршыруе па пляцы. І нікому з іх нават думка ў галаву не прыходзіць, што недзе ў Менску манкурты з генеральскімі пагонамі на поўным сур'ёзе даказваюць, што беларуская мова для вайсковых камандаў не прыдатная, што трэба 10 гадоў працы Акадэміі навук, каб напісаць статуты пабеларуску, што яшчэ 10 гадоў трэба ўкараняць мову ў войска. Малодшы сяржант Маскалёў з Латвіі гэтага не ведае, таму ўкараніў беларускія каманды ў галаву шарагоўцу Мамедаву за два трэнажы. Так і з астатнімі. "Зважай! Лева фронт! Крокам руш!" і дывізіён рушыў па беларуску.

У мяне была невялічкая кніжачка часоў, мабыць Беларускай краёвай абароны з шыхтовымі песнямі, таму дывізіён праз некаторы час спраўна маршыраваў пад песню:

"Лева фронт! Крокам руш! Нашыя жаўнеры!

Родны край бараніць

Ад чужой халеры..."

З новага навучальнага года ў дывізіёне расклады заняткаў таксама пачалі пісаць па беларуску. Афіцэрам была пастаўлена задача пабеларуску пісаць планы і планканспекты заняткаў. І пісалі. З меншай колькасцю памылак ці з большай, але пісалі. З правядзеннем заняткаў пабеларуску было цяжэй, але кірунак быў узяты, і праз паўгода фактычна ніякіх праблемаў з мовай падчас правядзення заняткаў не было. Гэта пры тым, трэба ўлічваць, што мова не была самамэтай. Мэтай заняткаў былі баявая падрыхтоўка і баявая гатоўнасць, вайсковая дысцыпліна, служба войскаў і г. д. Мова проста надавала ўсяму гэтаму нацыянальны каларыт і, чаго не разумелі нашыя генералы, стварала ў дывізіёне атмасферу патрыятызму, выхоўвала жаданне служыць не за страх, а за сумленне, за справу свабоды і незалежнасці Беларусі.

У дывізіёне паводле ўсялякіх рэкамендацый і трацыцый яшчэ савецкай эпохі павінна была выходзіць насценная газета. У савецкі час любімым заняткам многіх начальнікаў палітаддзелаў было прыехаць у дывізіён, зняць сценгазету і чырвоным алоўкам выправіць усе граматычныя памылкі, падкрэсліўшы тым самым непісьменнасць (чытай, "тупасць") камандавання дывізіёна. Гэтая газета была нікому непатрэбнай абузай, але разам з тым і "святой каровай" савецкай сістэмы. Насценныя газеты віселі ўсюды: ад дзіцячага садка да Акадэміі навук. Адпаведна, і ў маім дывізіёне была нейкая газета, не памятаю з якой назвай, але абсалютна не беларускай. Таму яшчэ да прысягі я загадаў выпусціць новую газету пад назвай "КРЫЖ ЯРЫЛЫ" . Адпаведна штомесяц газета пачала выходзіць. Зразумела, газета выходзіла на беларускай мове. У першым нумары, памятаецца, была выява Вітаўта Вялікага. Пра што пісалі ў той газеце, зараз не памятаю, але магу з упэўненасцю сказаць, што пісалі ўсё правільна, бо пасля гэтыя газеты былі галоўным абвінаваўчым матэрыялам супроць мяне.

У той час у дывізіёне было паложана весці заняткі па беларускай мове, што я ахвотна і рабіў. Заняткі па беларускай мове ішлі ва ўсіх Узброеных Сілах. Тут я не рабіў нечага недазволенага ці лішняга. Стаўленне да гэтых заняткаў, трэба адзначыць, ва Ўзброеных Сілах ніколі не было варожым. Афіцэраў прынята традыцыйна лічыць тупаватымі, дык вось гэтыя "тупаватыя" афіцэры выдатна разумелі, што мова можа стацца адным з элементаў, па якім будзе вызначацца прафеійная прыдатнасць афіцэра, а таму з папраўкай на звыклае разгільдзяйства мову вучылі, дакладней: вучылі не вучылі, а на заняткі хадзілі.

У дывізіёне на першых парах не было нампаліта, таму і колішнія палітычныя заняткі, а ў 1993 гуманітарную падрыхтоўку я ўзяў на сябе, бо ніхто пабеларуску весці яе яшчэ не быў гатовы. Гэта мне таксама пасля паставяць у віну.

Вось так і пайшла гэтая мая служба ў беларускім войску. Было выключна ясна, што ўся мая беларусізацыя маім начальнікам супроць шэрсці. Камандзірам лідскай брыгады, да якой належаў мой дывізіён, быў палкоўнік Хамутнікаў, рускі, які ў нацыянальным пытанні быў вельмі асцярожны. Ніколі не дапуціў ні аднаго выказвання супраць беларусізацыі. Што ён думаў на самай справе, хто ж яго ведае. Ён не прыязджаў на палігон, таму па Казахстану не быў мне знаёмы. Да гэтага часу мы з ім вітаемся, калі яму надараецца быць у Лідзе. Намеснікам па выхаваўчай працы (колішні начальнік палітаддзела) быў падпалкоўнік Мальцаў, рускі. Начальнікам штаба быў падпалкоўнік Аджымамедаў, азербайджанец, у графе "нацыянальнасць" у якога, як гаварылі афіцэры, было запісана: "беларус". Намеснікам па ўзбраенні быў падпалкоўнік Радзевіч, хутчэй за ўсё паляк, першым намеснікам быў падпалкоўнік Сельскі, беларус з Іўеўскага раёна ці самога Іўя, начальнікам тылу быў падпалкоўнік Удовін, не ведаю нацыянальнасці.

Улічваючы, што камандуючы СПА генерал Мажухін быў катэгарычна настроены супроць усялякіх праяў беларускасці ў войску (пры ім арганізоўвалася цкаванне і Статкевіча, і Анатоля Крыварота з Берасця, і іншых афіцэраў з нацыянальнай свядомасцю) трэба было чакаць, што спакойнай службы ў мяне не будзе. Я не ведаў тады, не ведаю цяпер і ведаць не хачу, якім службам было даручана арганізацыя цкавання мяне і ўсяго дывізіёна, але больш за ўсё "свяціліся" ў гэтай справе колішнія палітработнікі.

На чым мог "згарэць" савецкі афіцэр? На жанчынах і на гарэлцы. У 90я годы пасля знікнення партыйных арганізацый і палітаддзелаў пытанне жанчын актуальнасць страціла. Заставалася лавіць на п'янстве. Але гэта было вельмі праблематычна. Трэба было некалькі разоў "узяць" п'яным у рабочы час, што было немагчымым, бо служба ў дывізіёне ішла, у рабочы час нават п'янага прапаршчыка знайсці было немагчыма, ні то што камандзіра дывізіёна. Таму асабістыя якасці адпадалі. Заставаліся прафесійныя: баявая падрыхтоўка, баявая гатоўнасць і вайсковая дысцыпліна. Баявая падрыхтоўка адпадала. На 34 дывізіён быў гатовы заўсёды. Заставаліся баявая гатоўнасць і вайсковая дысцыпліна. Спачатку ўзяліся за дысцыпліну. У дывізіён пачаль ссылаць усялякую шваль. З маладога папаўнення ў дывізіён адправілі ўсіх, у каго была судзімасць, хто не хацеў служыць, хто ўцякаў з прыёмніка па некалькі разоў. Пры гэтым ніхто не папярэджваў, што вось гэты схільны да ўцёкаў, а гэты яшчэ да чаго. Даводзілася пра ўсё даведвацца па іхшых каналах. Адпаведна, пачаліся ўцёкі і з дывізіёна, але зараз гэта ўжо ставілпся ў віну камандзіру дывізіёна. Было тых уцёкаў усяго два ці тры, але гэтага стала дастатковым, каб пры першай магчымасці паставіць мяне перад ясныя вочы генерала Чавуса, які пасля прызначэння міністрам абароны Казлоўскага некаторы час выконваў нейкія функцыі кшталту генералінспектара.

А у Вас, товарищ подпалковник, что с этими двумя солдатами?

Уцяклі.

Чавус мабыць ведаў ужо нешта пра мяне, таму пачуўшы пабеларуску: "Уцяклі", рэзка змяніў тон і сказаў:

Уцяклі? Ну і чорт з імі. Зловім і пасадзім.

Першы раз для мяне абышлося.

У той жа час у СПА Узброеных Сілаў Беларусі ішла рэформа. Здымаўся з узбраення адзін від зенітнаракетных комплексаў. Тыя дывізёны скарачалі. Мой дывізіён, наадварот, разгортваўся да поўнага штату. У дывізіён пачалі прыбываць афіцэры з самых розны канцоў былога Савецкага Саюза і, практычна, ўсе не па спецыяльнасці. Дывізіён з Мастоў павінен быў перадыслакавацца ў Рось. Там ішло будаўніцтва каманднага пункта, дакладней, перабудова. Укладваліся вялікія сродкі, каб праз некалькі гадоў усё кінуць і аддаць на разрабаванне.

У траўні ці чэрвені 1993 года дывізіён здаваў выніковую праверку за 1шы перыяд навучання. Шыхтовую падрыхтоўку прыслалі правяраць падпалкоўніка Сельскага, адзінага чыстакроўнага беларуса сярод камандавання брыгады. Той, безумоўна чуў пра беларусізацыю дывізіёна. Прынамсі, баявую работу я вёў пабеларуску і па гучнай сувязі дакладваў у брыгаду: "Задачу зразумеў. Выконваю." "Цэль знішчана. Расход дзве." і г. д. Але ў брыгадзе чулі мяне аднаго, а тут Сельскі ўбачыў беларусізаваным увесь дывізіён. Асабліва яго ўразіла, як камандуюць сяржанты, як салдаты на яго рускамоўныя пытанні кшталту: "Что такое строй?" адказваюць пабеларуску: "Шыхт гэта, вызначанае статутам размяшчэнне вайскоўцаў, падраздзелаў і частак для іх сумесных дзеянняў у пешым парадку і на машынах. Шыхт бывае..." і так далей.

Сельскі быў азадачаны і сказаў: "Ну калі мне яшчэ і камандзір раскажа абавязкі камандзіра пабеларуску...". Адбарабаніў я яму тыя абавязкі. Не памятаю, якую там адзнаку нам паставілі, але тут усё было добра.

Пракалоліся мы на баявой гатоўнасці. Сапсавалася адна станцыя. Я не ведаю, зламалася яна выпадкова, ці не, але старшы лейтэнант, які ізноў жа не быў спецыялістам па гэтай сістэме, не паспеў адрамантаваць яе ў вызначаны тэрмін. Дывізіёну ўляпілі "не б/г". Мы не былі на баявым дзяжурстве, зняць за адну небаегатоўнасць камандзіра не маглі, але на апошняе месца ў брыгадзе дывізіён загналі.

Памоему, тады з ліпеня, пачынаўся новы перыяд навучання. Трэба было пісаць План баявой падрыхтоўкі, т. зв. форму 10. Нягледзячы на ўсе непрыемнасці, на ўсе "наезды" форма 10 была напісана пабеларуску, усе іншыя дакументы былі аформлены па беларуску. У брыгадзе, дзе звыкла моцна прыдзіраюцца да такіх дакументаў, прыдзірацца да нас не сталі, магчыма вырашылі, што мучыцца ім з маім дывізіёнам нядоўга, хутка камандзіра здымуць, і ўсё будзе, як раней. Хамутнікаў таксама падпісаў форму без усялякіх пярэчанняў.

Я выдатна разумеў, што ў брыгадзе я ў ролі каня, які ідзе папярок баразны і ўсім замінае, але што было рабіць. Мы змагаліся за Беларускае войска, я адзін мог на фоне ўсялякіх тэорый па лініі БЗВ ці БНФ праводзіць гэтую беларусізацыю на практыцы. Мог і праводзіў.

На жнівень 1993 года ў брыгадзе былі запланаваныя вялікія вучэнні. Я сам прапанаваў камандзіру брыгады ўключыць у план вучэнняў перадыслакацыю майго дывізіёна ў Рось. Гэта давала брыгадзе вялікую эканомію сілаў і сродкаў, напаўняла вучэнні рэальным зместам. Дывізіёну гэта пагражала чарговай "двойкай", бо ў тых умовах укласціся ў нарматывы было немагчыма, але я дбаў пра будычыню, таму што гэтая "двойка" ў рэальных умовах перадыслакацыі больш значыла за "пяцёрку" на месцы. Дарэчы, ніхто тую "двойку" не паставіў. Генерал, які кантраляваў вучэнні, прыехаў у дывізіён ужо ў Росі, паглядзеў на новую пазіцыю і сказаў, што ўсё нармальна. Адпаведна і ацэнка стала нармальнай. Баявую задачу па перадыслакацыі мой беларускі дывізіён выканаў. Была пастаўлена ноавя задача: рыхтавацца да заступлення на баявое дзяжурства. Да гэтага. як я ўжо згадваў, дывізіён быў кадраваны, баявога дзяжурства не нёс ніколі. Патрабаванні там даволі высокія, а самае галоўнае, у дывізіёне не было традыцыі нясення баявога дзяжурства, балазе некалькі афіцэраў, якімі дывізіён дапоўнілі, дзяжурства неслі, але працы быў непачаты край.

І тым не менш дывізіён на баявое дзяжурства заступіў і паспяхова аддзяжурыў першы месяц, што моцна падняло баявы дух у дывізіёне. У асабовага складу з'явілася ўпэўненасць у сабе і падраздзеле. Усе, хто спадзяваўся, што мы завалімся з дзяжурствам, селі ў лужыну. А дывізіёну дзяжурыць нават спадабалася. Папершае за дзяжурства даплачвалі, хоць і невялікія грошы, але даплачвалі. Па другое, удалося вырашыць шмат побытавых праблем. У дывізіёне не было бензіну, каб вазіць дзяцей у школу. Перад заступленне, калі нічога адмяніць было нельга, я патэлефанаваў начальніку тылу і сказаў, што далажу афіцыйна па гучнай сувязі аб негатоўнасці да заступлення на баявое дзяжурства па бензіну. Бензін прывезлі ў той жа дзень.

Падчас нясення баявога дзяжурства па законах яшчэ савецкага часу на дывізіёнам павінен быў падымацца дзяржаўны сцяг. Паколькі новы ядвабны сцяг у нас быў толькі адзін, то я аддаў для пад'ёму на матчу свой казахстанскі сцяг, які быў з паркалю. За месяц дзяжурства сцяг моцна страпаўся, для далейшага ўжытку стаў непрыдатны, але я яго беражліва схаваў на памяць пра былыя часы, якія па факту былі значна спакайнейшыя за тыя, што насталі ў дывізіёне.

Увесь гэты час дывізіён адчуваў моцны прэсінг. Пастаянна ішоў збор кампрамату, нехта нешта некуды дакладваў. Праверкі і камісіі сталі звыклымі. І ўсё недахопы, недахопы, недахопы.

На нейкім этапе гэтых недахопаў назбіралі дастаткова. Аднойчы раздаўся званок. Гаварыў асабіста камандзір брыгады: "Таварыш падпалкоўнік, вам трэба заўтра на 10.00 прыбыць у Менск да камандуючага". Нічога добрага гэты выклік не абяцаў. Я патэлефанаваў аднаму з намеснікаў камандуючага, якому я мог патэлефанаваць, спытаў што рабіць. "Рыхтуецца расправа. Скажыся хворым і не едзь." А як сказацца хворым. Такога за маю службу не было ні разу. Наогул "хвароба хітрасці" ў войску была крайне не папулярная. Можна было "захварэць" у бязвыхаднай сітуацыі, але "хварэць" са страху перад камандуючым? Афіцэрскі гонар не дазволіў. Я паехаў.

У штабе я палічыў патрэбным перш за ўсё зайсці да намесніка камандуючага. "Я ж табе сказаў не прыязджаць". "Ну, я не мог." Тут раздаецца званок і намесніку камандуючага паведамляюць, што камандуючы захварэў, і яго сёння не будзе. Генерал паглядзеў на мяне: "Ідзі адзначся ў дзяжурнага па ўправе, што ты прыязджаў і дуй у дывізіён".

Абышлося і на гэты раз, а праз два тыдні камандуючага знялі. Неўзабаве прыйшоў новы камандуючы Войскамі СПА Рэспублікі Беларусь, былы камандуючы тбіліскай арміі СПА генерал Кастэнка. Ніякага дачынення да Кастэнкі, колішняга камандуючага ЧБВА ён не меў. Часткі тбіліскай арміі на палігон у Казахстан ездзілі вельмі рэдка, але мне даводзілася сустракацца з генералам Кастэнкам у яго бытнасць камандзірам горкаўскага корпуса СПА. У мяне тады былі вельмі добрыя адносіны з начальніка ЗРВ гэтага корпуса палкоўнікам Каробачкіным. Не раз даводзілася выбірацца са складаных сітуацый. Можна было спадзявацца, што генерал мяне памятае, тым больш, што Кастэнка быў беларус.


А машына па маёй дыскрыдытацыі працавала. Мала таго, што збіралі ўсялякую ахінею кшталту: спыніла дывізіённую машыну ВАІ (Вайсковая аўтаінспекцыя). А вайсковую машыну толькі спыні, там столькі недахопаў можна накапаць, што яе ніяк далей штрафной пляцоўкі пускаць нельга. Я ў машыне за старшага быў сам. Старшы ВАІ - маёр. Якраз ехалі з брыгады, і якраз атрымалі спірт. Я выйшаў да маёра, адышоў з ім у бок. "На колькі цягнуць мае недахопы?" "На многа." "На паўлітра спірту цягнуць?" "Мала". "Літар." "Хопіць." Раз'ехаліся. Стуканулі. Вінаваты ў скарыстанні спірту не па прызначэнні. Каб выкупіць машыну са штрафной пляцоўкі, вядро б тога спірту завезлі, але гэта нікога не хвалявала. Вінаваты.

Другі раз я падставіўся сам і больш сур'ёзна. У дывізіёне, не гледзячы ні на што баявая падрыхтоўка ішла без асаблівых спрашчэнняў. Паводле курса баявой падрыхтоўкі праводзіліся стрэльбы са стралковай зброі - аўтаматаў, пісталетаў.

На стрэльбы пісаўся рапарт, аддаваўся загад па брыгадзе, атрымоўваліся патроны. Пасля стрэльбаў здаваліся мішэні і гільзы.

Правесці стрэльбы з усім дывізіёнам было немагчыма. Частка была на варце, часткаў прызначэнні, і я вырашыў страляць два дні, каб прапусціць праз стрэльбішча 100% асабовага складу. Гэта было парушэнне, таму што паводле загаду стрэльбы павінны былі прайсці ў адзін дзень, але ніякага крыміналу не было і блізка. Патроны былі здадзены ў пакой для ўзбраення, і поўны парадак. Тым не менш раніцай нам патэлефанавалі, што да нас выехала камісія па праверцы ўзбраення.

Прыбег старшына: "Што рабіць?" "Хавай." Схаваў. УАЗік заехаў на тэрыторыю, я далажыў старшаму праверкі, што дывізіён да праверкі гатовы, а палітработнік адразу пайшоў па дывізіёну і адразу ў тое месца, дзе павінны былі ляжаць патроны. А трасцы, няма. Як потым сказаў старшына, ён перахаваў іх перад самым заездам камісіі ў дывізіён, і наш тутэйшы стукач не паспеў праведаць, дзе што.

Аблом. Тады той жа палітработнік бяжыць у нашую качагарку і прыносіць адтуль адзін патрон ад аўтамата, адзін ад пісталета, адзін халасты патрон ад ДШК. Надзвычайнае здарэнне. Качагар вачыма лыпае, нічога не ведае. Ну што, давай лічыць усе боепрыпасы. Усё на месцы. Давай правяраць серыі. І вось тут ізноў аблом. Серыі і аўтаматных, і пісталетных патронаў не сходзяцца. Патроны то не з дывізіёна. Халастых патронаў ад ДШК у дывізіёне няма наогул. Як зараз паказваюць у фільмах, усе рэчдокі камісія прывезла з сабой. Тым не менш усё было запісана ў акты. Аказваецца збіраўся кампрамат для прадстаўлення мяне на вайсковую раду.

Назаўтра я зшыхтаваў дывізіён са зброяй. "Права - Фронт! На стрэльбішча крокам - Руш!" Старшына прынёс патроны. Закончылі стральбу, здалі гільзы. Я не выпусціў са стрэльбішча ні аднаго чалавека, а пасля стрэльбаў дакладваць было позна.

Такая была атмасфера. У дадатак прыслалі алкаголіка-прапаршчыка, які дапіваўся да белай гарачкі, і хоць пра яго пастаянна дакладвалі камандаванню, ніхто яго не звальняў. "Выхоўвайце!" Яго лячыць трэба, а тут: "Выхоўвайце".


Хто і што там панапісваў яшчэ, але мабыць паназбіралі смецця шмат. Палічылі, што дастаткова, і прадставілі дакументы на Вайсковую раду (Вайсковы савет). Я не ведаю, што гэтая вайсковая рада павінна была са мной зрабіць, бо ў мяне не было нават дысцыплінарных спагнанняў, але магчыма задняй датай якіх і назапісвалі.

І вось Рада. Там прысутнічаў камандуючы, усе намеснікі, начальнікі радоў войскаў, усе камандзіры частак з намеснікамі па выхаваўчай працы.

Выклікаюць. Заходжу. Сказалі стаць за нейкую нібы трыбуну ў канцы залы. На трыбуну каля стала камандавання выходзіць падпалкоўнік Мальцаў, намеснік камандзіра нашай брыгады па выхаваўчай частцы.

Першы пункт абвінавачвання - насценная газета "Крыж Ярылы". Мальцаў разгарнуў газету і вырашыў зрабіць экскурс у гісторыю. Перад гэтым я яму ўсё растлумачыў і пра Ярылу, і пра крыж. Ён вырашыў паўтарыць гэта камандуючаму. Толькі пачаў, як устае Кастэнка: "Товарищ подполковник, что вы себе позволяете, вы что тут нам ликбез устроили. Да маломальски образованный офицер наизусть должен знать, кто такой Ярила, что значит крест Ярилы. Товарищи офицеры, кто не знает, кто такой Ярила?" Бедныя камандзіры ўгнулі галовы, паспрабуй скажы, што не ведаеш, хто такі Ярыла? "Вот видите, товарищ подполковник, один вы наверное и не знаете. Садитесь. Что ещё есть к подполковнику Суднику?" "Он отстранил от проведения гуманитарной подготовки заместителя по воспитательной работе." "Почему?" - павярнуўся ў мой бок Кастэнка. "Ён не ведае беларускай мовы. Вывучыць, будзе дапушчаны." Кастэнка павярнуўся да сваіх намеснікаў: "А что у нас на все войска нельзя найти для этого дивизиона офицера-воспитателя, который знает родной язык? Что это за уровень подготовки офицерских кадров?" Яму паспрабавалі нешта адказаць, але камандуючы слухаць не стаў: "Товарищ подполковник, езжайте в дивизион и служите! Следующий вопрос."

Сітуацыя ў дывізіёне стабілізавалася. Мы ізноў заступілі на баявое дзяжурства, здалі выніковую праверку. На гэты раз лепш, хоць праблемаў было, пасля навучальні прыслалі маладых лейтэнантаў, як звыкла, не па спецыяльнасці. Дывізіён знайходзіўся на палявой пазіцыі. Кампрамат на мяне працягвалі збіраць, але падаваць яго Кастэнку было без сэнсу. Тады пачалі грузіць усё ў Міністэрства абароны.

У Міністэрстве быў узяты курс на разгром БЗВ, і я лёгка трапляў пад гэтую кампанію, хоць афіцыйна я як бы не ўваходзіў у гэтую арганізацыю, але яшчэ на 1-м з'ездзе быў абраны ў кіраўніцтва і ў Казахстане ўзначальваў Прыазёрскую суполку. Пазней усіх афіцэраў, якія служылі, прымусілі напісаць рапарты аб выхадзе з БЗВ, мы і панапісвалі са згоды кіраўніцтва арганізацыі. Аднак, ніхто, мабыць, не паверыў гэтым "шчырым" пісулькам. Афіцэраў з нацыянальнай самасвядомасцю звальнялі аднаго за другім. Звольнілі Варанца, Статкевіча, Крыварота, Бірукова і многіх іншых. Я заставаўся адным з апошніх. Недзе пад Воршай яшчэ служыў Супаненка. У яго былі праблемы таксама, але пакуль справа да звальнення не даходзіла.

Як толькі сітуацыя вакол мяне прыціхла, узнікла магчымасць актывізаваць дзейнасць нацыянальных структураў у Ваўкавыскім раёне. Я наведаў Гудзевіцкі музей, асабіста пазнаёміўся з Алесем Белакозам. Паспрабавалі стварыць суполку ТБМ у Росі. Нас было двое: я і пажылая настаўніца з Роскай школы. Тады вырашылі далучыць да суполкі Верацілу з Краснасельскага. Такім чынам стала тры чалавекі. Суполка з'явілася.

Неўзабаве ў мяне ўстанавіліся сталыя стасункі з ваўкавыскай нацыянальнай элітай (Рось - гэта ўжо Ваўкавыскі раён). У Ваўкавыску пачалі праводзіцца рэгулярныя паседжанні, хаця там было цяжкавата разабрацца паседжанні якой структуры гэта былі: ці то БНФ ці то ТБМ. Узначальвалі гэтае кола Аксаміт і Кавальчук. Прынамсі, так выглядала.


Побач з усім сказаным нельга прайсці міма яшчэ адной справы. Урыўкамі, прыхопкамі я працаваў над расейска-беларускім вайсковым слоўнікам. Слоўнік быў спланаваны на 7 тысяч слоўных артыкулаў (пазней атрымаецца 8 тысяч). Працы было шмат. Служба не дазваляла ўдзяляць гэтай справе шмат часу. Тым не менш я па сваёй наіўнасці лічыў, што ніхто акрамя мяне гэтага не зробіць, і працягваў пісаць слоўнік. Не памятаю ўжо добра, як тое сталася, але са мной звязалася незалежная выдавецкая кампанія "Тэхналогія" і прапанавала выдаць кароткі варыянт слоўніка. Мне належала зрабіць выбарку адной тысячы слоўных артыкулаў і перадаць у выдавецтва. Гэтую тысячу я падрыхтаваў даволі хутка і дадаў да яе раздзельчык "Каманды і камандныя словы".

Летам 1993 года гэты слоўнічак пабачыў свет. Умясціўся ён на 34 старонкі. Выйшаў накладам у 1000 асобнікаў. Тым не менш гэта быў першы вайсковы слоўнік у новай Беларусі і, наогул, адзін з першых тэрміналагічных слоўнікаў, што пачыналі з'яўляцца ў той час. Каб не выглядала, што складанне гэтага слоўніка было ўжо такой прымітыўнай самадзейнасцю, лічу патрэбным прывесці спіс літаратуры, якая была ў мяне пад рукой падчас напісання слоўніка:

"М. Байкоў і А. Бараноўскі. Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Ч.1 (расійска-беларуская). Менск, 1927.

Ваенны расійска-беларускі слоўнік /Бел. акад. навук. Ін-т мовазнаўства. Ваенна-тэрміналагічная камісія. Менск, 1933.

Зыніч. Вайсковая стылістыка /Выд. бел. вайсковай камісіі. Менск, 1919

Каманды па-беларуску /Браслаў, 1920.

С. Гураў. Палявая варта /Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Сэктар вайсковай літаратуры. Менск, 1932.

С. Гейнрыкс. Дзействы асобнай палкавой гарматы /Дзяржаўнае ваеннае выдавецтва БССР. Менск, 1932.

Праф. У. Генэрозаў. Тэорыя і практыка стральбы куляй і шротам /Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Менск, 1933.

С. Азар'еў і Н. Балашоў. Баявая служба чырвонаармейца-хіміка /ДВБ. Сэктар ваеннай літаратуры. Менск, 1936.

В. Аляксееў і І. Хорыкаў. Стралкова-тактычная падрыхтоўка кулямётнага аддзяленьня і разьдзелу /Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1931.

Страявы статут Б.К.А. /Менск, 1944

Шыхтовы статут Беларускага войска /Выдавецтва "Рокаш", г. Прыазёрск, Казахстан, 1992 г.

Семиязычный военный словарь. Русский, болгарский, венгерский, немецкий, польский, румынский и чешский языки. Составители И. М. Бойко, В.С. Бакаленко, В. Л. Куценко /Военное издательство Министерства обороны СССР. Москва, 1917.

В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік /Коўна, 1924 С.М. Грабчыкаў. Русско-белорусский словарь /Минск, "Народная асвета", 1990.

В. А. Кочергина. Санскритско-русский словарь /Москва, "Русский язык", 1987."


Прыведзены спіс паказвае таксама, што ў 20-я, у пачатку 30-х гадоў вайсковая літаратура на беларускай мове выдавалася. Пры гэтым выдавалася літаратура самага рознага кшталту. У гэтым спісе не хапае адной кніжкі, своеасаблівай бібліятэчнай легенды, кніжкі пра догляд вайсковых коней, напісанай Г. К. Жукавым у час, калі ён камандаваў Беларускай вайсковай акругай, і выдадзенай на беларускай мове. Магчыма, гэтая кніжка - сапраўды легенда, але мы яе шукалі.


Слоўнік паспеў да Першага з'езду беларусаў свету, які праходзіў у Менску 8-10 ліпеня 1993 года. На з'ездзе адбылася яго своеасаблівая прэзентацыя. Мне некалькі штук далі, трохі купіў. Зараз застаўся на руках адзін асобнік.

Я ўжо не магу прыпомніць, якім чынам я сам аказаўся на з'ездзе беларусаў свету. Проста так мяне ніхто не пусціў бы. Магчыма, быў у адпачынку. Дакладна памятаю, што на з'ездзе я пабыў паўтара дні і з'ехаў у дывізіён.


Служба займала шмат часу, але я знайходзіў спосабы падтрымліваць стасункі і з Менскам, і з Гародняй. А пад мяне капалі. Збіралі кампрамат, яўна і таемна. Чакалі моманту, пакуль я пракалюся. Але пасля таго, як Кастэнка ўсіх астудзіў, на некаторы час кантроль стаў не такім навязчывым.


Я падставіўся сам. Адбылося гэта 12 лютага 1994 года.

На гэты дзень было спланавана паседжанне Гарадзенскай абласной рады ТБМ імя Францішка Скарыны, на якім абмяркоўвалася пытанне аб выкананні Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы вайскоўцамі Гарадзеншчыны. Даклад па гэтым пытанні прапанавалі зрабіць мне.

У той жа дзень, у тым жа памяшканні, пасля абласной рады ТБМ было спланавана правядзенне ўстаноўчага сходу Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў з удзелам Міколы Статкевіча.

Я адпрасіўся ў камандзіра брыгады з'ездзіць у Гародню. Дывізіён быў не на дзяжурстве, таму ў камбрыга не было ніякіх падставаў, каб адмовіць. Камбрыг не задаваў мне пытання, чаго я ў тую Гародню еду, сам я яму наперад тлумачыць таксама нічога не стаў.


Абласная рада ТБМ адбывалася на філфаку ГрДУ імя Янкі Купалы. Паколькі ў гэтым памяшканні былі спланаваныя абодва мерапрыемствы, на радзе аказалася шмат незнаёмых людзей. Іх ніхто не выганяў і не пытаўся нават: "Чые вы, хлопцы, будзеце?" Як потым высветлілася, былі хлопцы з гарадзенскіх вайсковых частак, і прыйшлі яны не ўступаць у БЗВ. Вялі сябе спакойна, але як аказалася, калі не запісвалі, то добра ўсё запаміналі.

Рада прайшла, як заўжды праходзіць. Я зрабіў даклад. Прынялі пастанову аб невыкананні ў вайсковых частках Гарадзеншчыны Закона аб мовах.


Пасля заканчэння рады ТБМ у зале засталіся тыя, хто збіраўся ўступаць у БЗВ. Усіх афіцэраў Гарадзенскай залогі, якія знайходзіліся на службе і не маглі ўступаць у БЗВ, Статкевіч папрасіў пакінуць залу. У гэты момант мне таксама трэба было выйсці разам з гарадзенцамі, але мне Статкевіч дазволіў застацца, і я застаўся. Гэта была элементарная памылка. Мне і да таго было вядома, што там будзе вырашана, я мог выйсці і пачакаць канца на дварэ, мог выйсці з усімі, а потым вярнуцца. Хаця, як сёння, падаецца, нічога б мяне не ўратавала, каб і выйшаў. Я быў вінаваты ўжо тым, што быў беларусам. Абышлося б у гэты раз, падсеклі б у іншым месцы.

А так 12 лютага я правініўся двойчы: па-першае, без дазволу камандавання зрабіў даклад пра выкананне Закона аб мовах ў вайсковых частках Гарадзеншчыны, будучы ўсяго камандзірам дывізіёна, чым перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы; падругое, удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе Гарадзенскай абласной арганізацыі БЗВ, хаця перад гэтым пісаў рапарт аб выхадзе з БЗВ. І хоць у дакладзе ўсё было правільна, і ні ў якую структуру БЗВ я фармальна не ўвайшоў, гэта ўжо нічога не значыла.

Нехта з гарадзенскіх афіцэраў далажыў па камандзе, што адбывалася на радзе і на сходзе БЗВ. Аператыўны дзяжурны Міністэрства абароны аб'явіў гатоўнасць № 1 нашай брыгадзе і, адпаведна, майму дывізіёну. Гэта трэба было, каб зафіксаваць тое, што мяне няма на рабочым месцы. Не важна, што я адсутнічаў законна, з дазволу камбрыга. Патрэбны быў повад. Яго знайшлі.


Далей раскрутка сітуацыі ішла вельмі хутка. У панядзелак ці аўторак камбрыг загадаў мне прыехаць у штаб брыгады, дзе ад мяне запатрабавалі напісаць яшчэ адзін рапарт пра тое, што я не ўваходжу ў БЗВ. Ну, напісаў.

А праз некалькі дзён, ці мо праз тыдзень паступае каманда прыбыць у Менск на вайсковую раду. Куды ж ты дзенешся? Паехаў.

Вайсковай рады ў поўным разуменні гэтага слова не было. Была, больш дакладна, пашыраная нарада камандавання Войскаў супрацьпаветранай абароны з прыцягненнем камандавання нашай брыгады. І пытанне ў іх было адно, што рабіць з Суднікам.

Камандаванне Войскаў СПА было ў цяжкай сітуацыі. Як перадаў мне адзін з афіцэраў, камандуючы СПА генерал Кастэнка атрымаў ад міністра абароны Казлоўскага распараджэнне наступнага кшталту: "Або ты звольніш Судніка, або я звольню цябе". Не ведаю, наколькі гэта адпавядала рэчаіснасці, але па танальнасць гаворкі са мной, па атмасферы ў кабінеце, па паводзінах Кастэнкі было выразна відно, што робяць яны ўсё гэта "з-пад палкі". Таму, адназначна, што ініцыятыва гэтай "разборкі" са мною належала Міністэрсту абароны. А ўжо, хто там персанальна граў першую скрыпку, не так і важна.

Разбіраліся са мной чатыры гадзіны, хаця, здавалася б, што там разбірацца. Я быў абсалютна на віду. Усе мяне ведалі. Дакладна ўжо не памятаецца, хто і якіх "сабак на мяне вешаў", але асноўная прэтэнзія, як я разумеў, была ў тым, што я насаджваю на-цыяналізм у дывізіёне і вяду выхаваўчую працу з падначаленымі ў разрэз з палітыкай Міністэрства абароны. Таму напачатку ішла гаворка пра тое, дзе і якую пасаду знайсці падпалкоўніку Судніку, каб гэтая пасада, як казалі ў войсках, была "без асабовага складу", гэта значыць патрэбна было знайсці такую пасаду, каб у мяне ў падначаленні не было ні афіцэраў, ні салдатаў. Такія "хітрыя" пасады, калі ты адказваеш толькі за сябе ў войсках былі, але былі яны галоўным чынам у Менску, у штабе Войскаў СПА. Але, каб Кастэнка ў якасці пакарання перавёў мяне з Росі ў Менск, то яго дакладна б не зразумелі. Можна было знайсці месца выкладчыка ў навучальні, але навучальня падпарадковалася непасрэдна Міністэрству, і там толькі нядаўна пазбавіліся ад Статкевіча.

Таму мяне некалькі разоў запрашалі ў кабінет і прапаноўвалі самыя неве-рагодныя пасады ў розных кутках Беларусі. Я на ўсе гэтыя пасады згаджаўся і ўпарта цвярдзіў адно: "Хачу служыць Беларусі."

Пасля чарговай маёй згоды служыць то пад Баранавічамі, то яшчэ недзе, мяне выпраўлялі з кабінета і раіліся далей.

І вось недзе пад канец чацвёртай гадзіны гэтай валтузні, пасля некалькіх маіх заходаў у кабінет, пас-ля таго, як я і маральна і фізічна дастаткова стаміўся, у тым ліку і ад разумення безвыхаднасці сітуацыі для камандавання СПА, выходзіць з кабінета падпалкоўнік Мальцаў, намеснік камандзіра нашай брыгады па выхаваўчай частцы і гаворыць: "Ёсць прапанова падаць рапарт на звальненне па выслузе гадоў, - і як змей-спакушальнік дадае, - са свайго боку камандаванне выдзяляе трохпакаёвую кватэру ў г. Лідзе, само-сабой пенсія і ўсе льготы, якія паложаны ў такім выпадку, у тым ліку і права нашэнне вайсковай формы". "Трэба падумаць." Але доўга думаць не далі. Падышоў яшчэ нейкі афіцэр: "Згаджайся, бо за паўгода з'ядуць і выганяць і без пенсіі, і без кватэры". Перспектыва была самая рэальная, што выганяць без нічога. Была верагоднасць, што могуць абмануць і тут. Я быў абсалютна ўпэўнены ў парадачнасці камандавання Войскаў СПА, але звальненне ішло ўжо цераз міністэрства абароны, а на іхнюю парадачнасць моцна спадзявацца не выпадала. І ўсё ж не гэтыя развагі былі галоўныя. Каб такая прапанова паступіла ў пачатку я адмовіўся б адназначна, а тут мяне проста выматалі, і я сказаў: "Ну і чорт з вамі, служыце самі, давайце паперу". Я напісаў рапарт на звальненне. Мальцаў занёс рапарт у кабінет, там яго падпісаў камбрыг і аддаў камандуючаму.

Праз некаторы час мяне ізноў паклікалі. Кастэнка сказаў, што ён пад-пісаў рапарт. "У маім рэзерве ў Лідзе ёсць кватэра , але яна на першым паверсе, я дамоўлюся з КЭЧ, каб паверх замянілі на пяты ці шосты", - сказаў камандуючы, што потым і зрабіў, я атрымаў кватэру на шостым паверсе. Я папрасіў прабачэння ў камандавання СПА за ўсе непрыемнасці, якія яны з-за мяне мелі, і мы рассталіся.

11 траўня 1994 года загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь № 0284 я быў звольнены ў запас. На працягу месяца здаваў дывізіён, афармляў розныя паперы і 1 ліпеня 1994 года развітаўся з войскам, праслужыўшы 22 каляндарныя гады.

Такім чынам я праслужыў ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь 17 месяцаў. Камандаваў дывізіёнам месяцаў 16, апошні, калі ішла здача, можна ўжо не лічыць. Гэтыя 16 месяцаў ва Ўзброеных Сілах Беларусі існаваў зенітна-ракетны дывізіён, дзе ўсё ўнутранае жыццё, уся служба, былі арганізаваны на беларускай мове. Канешне, у рамках Беларусі адзін дывізіён - гэта дробязь, але ён быў, як быў некалі адзін швадрон Рагулі, пра які дагэтуль памятае ўся Беларусь. Памятаюць у войсках і пра гэты дывізіён, сяды-тады мне ж самому распавядаюць пра яго розныя байкі. Няхай сабе і так.

Гэтыя 16 месяцаў паказалі прыдатнасць беларускай мовы для вайсковай службы, паказалі жыццёвасць і практычную дастасаванасць беларускага шыхтовага статута, але самае галоўнае, гэтыя 16 месяцаў паказалі, што вайсковыя масы не былі варожыя да мовы, да незалежнасці, да беларусізацыі, як не варо-жыя яны і зараз. Не было ніякай праблемы ў пераводзе на беларускую мову Ўзброеных Сілаў тады, ня-ма ніякай праблемы і цяпер.

Тады не хацелі ды баяліся гэтага пераводу ў вярхах дзяржаўнага кіраўніцтва, там жа не хочуць ды баяцца і цяпер.


Мне распавядалі, як з доляй зларадства абмяркоўвалі ў Казахстане мой пераезд у Беларусь і прызначэнне на пасаду камандзіра дывізіёна. Напэўна нехта недзе пазласловіў і з нагоды майго звальнення, звальнення ў прынцыпе несправядлівага. Мне не далі служыць той краіне, пра якую я марыў, калі не ўсё жыццё, то значную яго частку. З гэтай нагоды мяне часцяком пыталіся, ці не крыўдна мне за такія адносіны. Хацелася б сказаць, што пытанне ўсялякіх крыўдаў я вырашыў даўно. Калі яшчэ ў 1992 годзе ў чарговы раз мне стала вядома, што перавод у Беларусь з Казахстана ізноў сарваўся, ма-лодшы сын пачаў дапыт-вацца, хто і чаму не пускае нас дадому. Тады ў мяне злажыўся верш.

НЕ КРЫЎДУЙ НА РАДЗІМУ, СЫНОК

(эмігранцкая калыханка)


Сонца знікла

за шэрай пустыняй,

Знічкі цмяна ў начы зіхацяць,

Зноўку ў дальняй

чужынскай краіне,

Мой сынок,

ты ідзеш спачываць.


Мо прысніцца табе

наша поле,

Наш лясок,

а за ім сенажаць,

Дзе б ты мог

на ласкавым прыволлі

Бегаць, гойсаць,

гуляць і скакаць.

Мо прысніцца табе

наша рэчка

Там дзе рыбкі

снуюць чарадой,

Ці няведамай птушкі

гняздзечка

Пад старой,

спарахнелай вярбой.


Ты скрозь сон

будзеш рвацца пад шаты

Векавечных

магутных дубоў,

Зразумець не здалеўшы

слоў таты,

Што цябе

не пускаюць дамоў.


Што туды ты не трапіш

на лета,

Ні на дзень,

ні хаця б на чуток.

Мой харошы,

ты толькі за гэта

Не крыўдуй на Радзіму,

сынок .


Наша добрая Маці-Радзіма

Моцна любіць цябе і мяне,

Моліць Бога, каб ліха гадзіна

Нас не стрэла

ў чужой старане.


Гэта кепскія дзядзькі,

што ўладу

Заграбасталі ў кіпці свае,

Напрыдумаўшы

усячанькіх звадаў

Не пускаюць дадому цябе.


Гэта ім мы сыночак, чужыя,

Гэта ім

перашкодзім мы жыць,

І яны, нібы злыдні ліхія,

Не жадаюць

туды нас пусціць.


Спі, сыночак,

мой мілы, цудоўны,

Хай прысніцца табе

лепей сон,

Што на Белай Русі

стаў галоўным

Добры, ласкавы

дзядзька Зянон.


Ён успомніць пра нас

і пакліча,

І мы пойдзем яму памагаць,

А тых злыдняў

з нялюдскім абліччам

Мы папросім

сюды адаслаць.


Спі, маленькі,

і радуйся шчасцю

Ў мроях родны

наведаць куток,

І нідзе, ні пры якіх напасцях

Не крыўдуй на Радзіму,

сынок.

3.09.92 г.


Мы не можам дазволіць сабе такой раскошы, як крыўда на Радзіму, на народ, на лёс, на абставіны. Бог Усемагутны даў нам магчымасць нешта зрабіць для Беларусі, для нашай Беларусі, для той Беларусі, пра якую мы думаем, якой хочам, і якая будзе. Не аднаго мяне выгналі. Нас выганялі, выганяюць і будуць выганяць да тога часу, пакуль яны мацнейшыя. А што ж мы? А мы вечныя, бо мы народ.

Мы зменім сродкі,

зменім імя,

Мы зменім тых,

хто нас вядзе,

Але запэўню вас ў адзіным:

Мы не падзенемся нідзе.

Нідзе не прапаў і я пасля звальнення. Пераехаў у слаўны горад Ліду і пачаў прыстасоўвацца да цывільнага жыцця. Але гэта ўжо іншая песня для іншага часу.

Сёння ж можна дадаць да сказанага наступнае. Я накрэсліў свой шлях па жыцці ад 21 вервсня 1954 года да 1 ліпеня 1994 года, ад моманту калі я нарадзіўся ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна і да моманту, калі закончыў службу ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Заняў той шлях амаль сорак гадоў.

Быў гэты шлях падобны на тысячы і мільёны іншых і быў у нечым асаблівы. І асаблівасць яго была перш за ўсё ў тым, што ўсе гэтыя сорак гадоў былі асветлены любоўю, любоўю да Беларусі і да беларускай мовы, як сутнасці гэтай Беларусі.

Многія зрабілі за сорак гадоў больш. Магчыма мог зрабіць больш і я. Магчыма, не трэба было ісці ў тое войска і бадзяцца па чужыне, магчыма трэба было араць і засяваць бацькавую зямлю, забраную ў калгас, магчыма трэба было вучыць дзяцей, і марксізму-ленінізму ў тым ліку, магчыма трэба было працаваць на заводзе, рабіць МАЗы, каб яны вазілі акрамя іншага і ядзерныя ракеты. Жыццёвы шлях мог быць розны, але атрымаўся такі, які атрымаўся. І я свой аповяд хацеў бы скончыць вершам Алы Дудаевай.

Калі на сходзе дня

ад стомы я ўпаду,

Пад'ём быў цяжкі,

не судзі маю бяду.

Калі ў смяротнай бітве

кроў пралью,

Зноў не судзі,

я гонар бараню.

Калі мяне

мой сябар прадаваў,

Не асуджай,

я верыў і кахаў.

Не разабраў,

дзе хцівасць, дзе хлусня,

Ўсё ж не судзі,

быў чэсны я да дна.

Калі ж закрые вочы

мне плашчом зямля,

Тады судзі.

А Бог табе суддзя.

А, магчыма, для таго, каб суд атрымаўся сапраўды справядлівым, павінны прайсці стагоддзі, магчыма толькі стагоддзі скажуць, ці рацыянальна было ў век глабалізацыі так трымацца за мову невялікага народа.

Я ж напісаў пра свой шлях па жыцці з беларускай мовай і дзеля беларускай мовы, і на тым судзе стагоддзяў будзе адзін вельмі важкі аргумент - так было .

Станіслаў Суднік


Вельмішаноўны Станіслаў Вацлававіч!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" шчыра віншуе Вас, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўнага рэдактара газеты "Наша слова", сябра Рэспубліканскай Рады і кіраўніка Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ з 50-мі ўгодкамі ад дня народзінаў.

Ваш жыццёвы шлях пачынаўся на мове, якую даў Бог, і вернасць роднаму слову Вы пранеслі цераз усё жыццё. Родная мова дапамагала, ахоўвала, вяла па жыцці, рабіла сваім сярод абсалютна чужых і незнаёмых людзей, бо гэтую мову Вы ўпершыню пачулі з вуснаў маці Ганны і бацькі Вацлава, прадстаўнікоў слаўных шляхочых родаў.

Вы з'яўляецеся шчырым сябрам нашай арганізацыі, суполкі якой стваралі не толькі ў Беларусі, але і на казахскай, і на цвярской зямлі. А беларуская нядзельная школа на 40 вучняў, газета "Рокаш" (15 нумароў) ды выдадзены "Шыхтовы статут Беларускага войска" у Казахстане сведчаць пра грунтоўныя арганіза-тарскія здольнасці падпалкоўніка-беларуса, які і на чужыне здолеў зладзіць куток беларушчыны.

Размаітасць Вашых інтарэсаў уражвае: літаратурная работа, журналістыка, навуковая і грамадская праца, краязнаўства. У саюзе беларускіх пісьменнікаў Вас ведаюць як добрага паэта, аўтара зборнікаў "Пагоня за мову" і "Мой Грунвальд". Мовазнаўцы ўдзячныя Вам за стварэнне ў сааўтарстве унікальнага "Расейска-беларускага вайсковага слоўніка". Вы з'яўляецеся рэдактарам альманаха "Ад лідскіх муроў", часопіса "Лідскі летапісец", газеты "Тэлескоп". Вашае пільнае вока даследчыка і палымянае сэрца патрыёта стварылі літаратурны помнік у форме эсэ роднай вёсцы Сейлавічы - і краязнаўцы Беларусі з гонарам прынялі Вас у свае шэрагі.

Як кадравага вайскоўцу, Вас адрознівае актыўнасць і імклівасць дзеяння, запраграмаванага на поспех. Створаны Вамі варыянт Дэкларацыі аб беларускай мове пасадзейнічаў ўсталяванню новай сістэмы жыццядзейнасці ТБМ, а канструктыўныя дыялогі з кіраўніцтвам г. Ліды вядуць да ўмацавання стабільнасці ў беларускамоўнай прасторы роднага горада і наваколля.

На ствале дрэва Вашага жыцця - пяцьдзесят колцаў. Яны ўзбагачаюць род Суднікаў-Грынкевічаў гербу "Ляліва" яшчэ адной няўрымслівай асобай, якой справа ёсць да ўсяго, гонар існавання якой - ісці з беларускай мовай па жыцці.

Шанцавання Вам на гэтым шляху, святла і спрыяння, дарагі дружа! Вартасных Вам сяброў і надзейных тылоў, шаноўны падпалкоўнік беларускага войска!

Сакратарыят ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX