З кнігі знакамітага прафесара біялогііі Станіслава Юндзіла "Успаміны майго жыцця"[1]
Я нарадзіўся 6 траўня 1761 года ў Лідскім павеце, у Ясенцах, у бедным дзедзічным маёнтку майго бацькі, Бенедыкта Дуніна-Юндзіла. Я быў старэйшым сынам Ружы Даўгятлоўны, другой жонкі майго бацькі. Ад першага
шлюбу з Квяткевічоўнай ён меў сыноў Шымона, Міхала і дачку Марцыяну, якая
выйшла замуж за Насевіча. Мой малодшы брат Юзаф, памёр у дзяцінстве. Праз
чатыры ці пяць гадоў пасля майго нараджэння я страціў маці, і мой бацька
ажаніўся з Мартай Сангіноўнай, якая, пад разважлівым бацькоўскім наглядам, не
стала ля мяне мачыхай.
Беднасць маёнтка майго бацькі (Такім чынам, Юндзіл не паходзіў з багатай сям'і, як
пісаў Юзаф Бялінскі ў кнізе: Uniwersytet wilenski. T. III. S. 205.) не
дазволіла яму даць двум маім старэйшым братам належную адукацыю ў школах. Таму
пазней, працай і намаганнямі, а таксама невялікім пасагам маёй маці, некалькі
павялічыўшы сваё багацце, бацька больш клапаціўся пра маё выхаванне. На шостым
ці сёмым годзе я пачаў вучыцца чытаць, пісаць і лічыць, а потым, праз
настаўнікаў, якіх прывезлі ў маёнтак, пачаў вывучаць лацінскую граматыку па
падручніку Альвара і чытаць у старых паперах старарускія (стабеларускія - Л.
Л.) рукапісы[2]. Калі ўжо крыху вывучыў
лацінскую граматыку і меў ужо пэўны прагрэс у пісьме, бацьку здавалася, што
адпраўка мяне з дому палегчыць маё далейшае выхаванне, а магчымасць
практыкавацца ў эканамічных разліках і юрыдычных пытаннях забяспечыць маю
будучыню.
Таму ў красавіку 1773 года ён перадаў мяне Казіміру Даўгялу, паўнамоцнаму камісару літоўскага стражніка Пацея, у Алькеніках. Даўгяла, хоць і меў адно прозвішча з маёй маці, не быў маім сваяком. Але з-за фінансавых даўгоў перад маім бацькам ён абяцаў арганізаваць для мяне вывучэнне вышэйзгаданых прадметаў. Гэта навучанне было нядоўгім - літоўскі стражнік Пацей памёр у тым жа годзе, мой настаўнік пакінуў службу, і восенню я вярнуўся дадому. Бацька не дазваляў мне доўга адпачываць дома. Увесь час прасіў мяне заняцца чымсьці карысным і хутка прыдумаў для мяне новую працу. У той час было прынята, каб чопавы падатак[3] у павеце збіралі адмысловыя асобы, якіх называлі контрагенты. Блізкі сусед, Ежы Хмялеўскі, атрымаў гэтую малавыгадную пасаду, і, паколькі ён сам не ўмеў пісаць, па просьбе бацькі ўзяў мяне памочнікам. Такім чынам, падарожнічаўшы амаль два месяцы з карчмы ў карчму, з мястэчка ў мястэчка, я змог убачыць увесь Лідскі павет уздоўж і ўпоперак і прывезці дадому некалькі заробку.
У 1774 годзе мой добры бацька, лічачы мае першыя юнацкія гады амаль дарэмна змарнаванымі і бачачы маё пастаяннае жаданне вучыцца, нарэшце, падштурхнуты маімі паўторнымі просьбамі, ахвяраваў сваімі старанна сабранымі грошамі і вырашыў ва ўзросце чатырнаццаць гадоў запісаць мяне ў школу піяраў у Лідзе. З самага пачатку майго знаходжання ў школе я заўважыў, наколькі карыснымі грунтоўнымі былі пачаткі лацінскай граматыкі, якія я атрымаў ад сваіх хатніх настаўнікаў. Я не толькі апынуўся на роўні амаль з усімі сваімі аднакласнікамі ў першым класе, але нават лёгка пераўзышоў многіх, так што адразу пасля першага года мяне перавялі ў другі клас, а ў наступным годзе я таксама прасунуўся, і лёгка быў пераведзены ў трэці клас (у кожным класе вучыліся па два гады - Л. Л.). Такім чынам, пасля першых двух гадоў я перастаў быць цяжарам для майго бацькі, бо дзякуючы маім поспехам у вучобе і належнаму выкананню ўсіх абавязкаў, школьныя ўлады не толькі вызвалілі мяне ад утрымання наглядчыка нада мной, але праз некалькі месяцаў, нягледзячы на маладосць, я сам стаў хатнім наглядчыкам за іншым вучнем.
1777 год стаў больш важным і вырашальным у маім жыцці. У гэтым годзе, разважаючы, які далейшы і больш пэўны жыццёвы шлях я павінен абраць, без чыіх-небудзь угавораў, падыходаў ці парадаў, памятаючы толькі пра выпадковыя прапановы майго бацькі шукаць сваю будучыню ў святарстве, яшчэ не маючы шаснаццаці гадоў, у красавіку я заявіў айцу Вольнеру, рэктару піяраў у Лідзе, што маю жаданне далучыцца да іх ордэна. Наколькі я памятаю, рэктар з разуменнем прыняў маю заяву і хутка пасля гэтага, развітаўшыся з бацькам і сям'ёй, я адправіўся ў Шчучын, а адтуль неўзабаве, каб пачаць свой навіцыят, у Любяшаў. У тым жа годзе, у пачатку ліпеня, я апрануў манаскі строй піяраў.
Статут гэтай Кангрэгацыі прадугледжваў два гады навіцыяту, на працягу якіх я меў час падумаць, ці працягваць гэтую справу, ці адмовіцца ад яе. Я меў права вывучаць свае схільнасці …
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Pamiętniki Ks. Stanislawa Jundziłła. Kraków, 1905. S. 4-5.
[2] У Юндзіла:“… przez sprowadzonych do domu nauczycielow grammatyki łacińskiej Alwara i czytania na starych papierach ruskiego skoropisu”. З чаго бачна, што каля 1770-га года, маладога шляхціца вучылі старабеларускай мове нароўне з лацінай, якая тады была мовай навукі і адукацыі, і раней за полькую мову. - Л. Л.
[3] Чопавы падатак - падатак з усякага роду напояў як замежных, так і мясцовых. У каралеўскіх гарадах (Ліда - каралеўскі горад) захоўваўся да канца XVIII ст. і перавышаў ўсе астатнія падаткі разам узятыя. - Л. Л.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
