Папярэдняя старонка: Мемуары

Успаміны Яўстаха Шалевіча 


Аўтар: Шалевіч Яўстах,
Дадана: 21-04-2021,
Крыніца: Успаміны Яўстаха Шалевіча. Пераклад і каментарыі Леаніда Лаўрэша // Маладосць. 2020. № 5. С. 96-103.; № 6. С. 100-108.

Спампаваць




Польскі гісторык Людвіка Зыцкая ў кнізе, надрукаванай у 1939 годзе [1], сярод іншых успамінаў згадала і мемуары жыхара Лідчыны Яўстаха Шалевіча пра вучобу ў Лідскай павятовай вучэльні ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Шалевіч на пачатку XX стагоддзя перапісваўся з рэдакцыяй кракаўскай газеты «Przyjaciel Ludu», у якой тады працавала Зыцкая. Менавіта па яе просьбе ён і напісаў свае ўспаміны, якія сёння разам з яго лістамі ў рэдакцыю захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы [2]. 89 сканаў двайных старонак сшытка ўспамінаў Шалевіча, абышліся мне ўсяго па 0,9 еўра за скан. Цяжкасці ўзніклі толькі з-за немагчымасці правесці аплату праз нашу банкаўскую сістэму – плаціць за сканы прыйшлося з Варшавы. Успаміны з'явіліся да 1914 года. У Шалевіча атрымаўся дастаткова сумбурны тэкст, бо аўтар яўна не меў навыкаў сістэматычнага напісання вялікіх наратываў. Здаецца, ён зашмат чытаў авантурных раманаў і стараўся пісаць «прыгожа», «як у раманах».

На жаль, на старонках аўтабіяграфіі аўтар не сказаў, дзе жыла і чым валодала яго сям'я, і не зразумела нават, у якім маёнтку ён нарадзіўся. Вядома, што Шалевічы на Лідчыне жылі ў Ваверскай і Васілішкіх парафіях, і некаторыя дэталі ўспамінаў дазваляюць меркаваць, што Шалевіч з'явіўся на свет недзе на гэтай тэрыторыі.

У старой прэсе я знайшоў толькі адну згадку пра Яўстаха (ці Яна) Шалевіча. Нейкі Вітольд Радзевіч пісаў: «Знаў… "пана Яна" жалудоцкай гміны… які жыў адзінока і з дрэва рабіў розныя цуды, якія моцна здзіўлялі яго суседзяў. Яшчэ хлопцам ён зрабіў механічны гадзіннік, які будзіў яго арыгінальным спосабам, а менавіта - з шафкі гадзінніка выскокваў д'ябал і біў хлопца ў плечы. Яго па-мастацку ўпрыгожаны разьбой экіпаж падчас вайны немцы вывезлі ў Берлін [3]».

Пераклад і каментарыі Леаніда Лаўрэша.


З вялікай прыемнасцю бяру ў рукі пяро каб выканаць пажаданне Найшаноўнейшай Пані [4] і занатаваць успаміны пра свае школьныя часы. Як я ўжо пісаў у папярэднім лісце, жадаю, каб пані гэтак жа шчыра працавала і надалей.

Прайшло ўжо 50 гадаў, як я пакінуў гэтыя мілыя для мяне навучальныя ўстановы, але і сёння соладка згадваю тыя часы. На працягу ўсяго жыцця толькі некалькі разоў снілася мне школа, і заўсёды пры гэтым я быў шчаслівы.

Маю ў Пецярбургу вельмі шляхетнага пляменніка, які мяне любіць і якому я хоць па кроплі, але расказваў пра сваё дзіўнае жыццё. У лісце я прасіў, каб ён прыслаў гэтую кніжку, у якой, уласна, я цяпер і пішу пра сваё дзіўнае авантурнае жыццё [5].

Мае навукі

1.

Чытаць па складах мяне навучыла маці. Да навукі чытання я вялікіх здольнасцей не выказваў, і таму вучыць мяне было складана. Пісьму і арыфметыцы навучыў бацька. Правай рукой мне заўсёды было цяжка рабіць дакладныя рухі, таму каліграфія была вартая Успаміны Яўстаха Шалевіча. жалю6: давалася цяжка і псавала настрой так, што адчуваў я сябе нешчаслівым. Але да арыфметыкі ў мяне праяўляліся здольнасці. Любіў яе надзвычайна: цікава мне было рабіць разлікі. Дык вось, з трох гадоў маімі настаўнікамі былі маці і бацька. Калі мой брат скончыў лідскую пяцікласную павятовую школу, ён прыехаў дамоў і некалькі месяцаў рыхтаваў мяне да паступлення ў першы клас.

Навучыцца чытаць па-руску было нялёгкай задачай, да таго ж добрых падручнікаў я не меў. Не разумеў, што чытаю, і таму часта плакаў, бо быў надзвычай чулым дзіцём.

Граматыку, матэматыку, геаграфію і іншыя навукі я засвойваў хутка. Затое неабходнасць вучыць нешта на памяць была для мяне бядой. Мой брат, на шэсць гадоў за мяне старэйшы, у школе меў калегу Б. К., які потым стаў ксяндзом і дэканам у Лідзе. Будучы ксёндз меў уласцівасць: ён адразу запамінаў адзін раз прачытаны тэкст. А вось да матэматыкі ў яго здольнасцей не было.

Да ўзросту поўных дзесяці гадоў вучыцца мне было нецікава, але на адзінаццатым годзе невядома адкуль з'явілася вялікая ахвота да навук.

Калі мой брат Адольф на працягу некалькіх месяцаў жыў дома (у Васілішскай парафіі, было гэта ў 1853 г.), сусед, с. п. [6] Ів., запрасіў яго гувернёрам да свайго сына. Як слыннаму ў акрузе настаўніку, плаціў яму вельмі добра - пяцьдзясят рублёў у год. Усе дзівіліся, бо звычайна заробак гувернёра складаў сорак рублёў у год. Раней, калі мой брат вучыўся ў школе і займаўся рэпетытарствам, дык браў па шэсць рублёў з вучня за гэты перыяд. А ў мае часы за такую працу бралі ўжо па дзесяць рублёў.

Пасля ад'езду брата да Ів. я папрасіў бацьку, каб ён і мяне аддаў пад руку Адольфа - рыхтавацца да першага класа, бо вельмі я жадаў вучыцца! Не хутка яшчэ бацька выбраўся да с. п. Ів.і толькі амаль што праз паўгода прывёз мне радасную вестку, што я прыняты (рыхтавацца да школы - Л. Л.). Адбылося гэта ўвечары, каля агню. Мая радасць не мела межаў. У той жа вечар пры ложку я падзякаваў Пану Богу за яго вялікую ласку. Бацькі гэта бачылі і вельмі радаваліся. Тата завёз мяне да с. п. Ів., і там пад кіраўніцтвам свайго брата я з вялікай ахвотай і з запалам пачаў займацца навукамі. Меў розум лепшы, чым мае таварышы, якіх было там шэсць чалавек. Часам вельмі шкодзіў галаўны боль, ад якога я пакутаваў з дзяцінства.

2.

Нарадзіўся я хворым і слабым, і адразу, як толькі нарадзіўся, пачаў хварэць, і хварэў усё жыццё, і ніколі не быў здаровы і шчаслівы - ніводнага дня, ніводнай гадзіны! Натура вытварала са мной нейкія выбрыкі, і за ўсё жыццё я быў шчаслівы, можа, некалькі хвілін. Маці распавядала, як паклала мяне малога на высокі ложак, а я з яго ўпаў на падлогу і моцна пабіўся.

Успаміны Яўстаха Шалевіча.

Шмат працаваў, шмат вучыўся і быў ужо гатовы да першага класа. На вакацыі я прыехаў дадому і ў жніўні павінен ужо быў ехаць вучыцца (у Ліду - Л. Л.) - чакаў гэты дзень як неба. Набліжаецца жаданая хвіліна, але раптам бацькі паведамляюць, што сёлета я ў школу не пайду, бо, можа, за год маё здароўе паправіцца [7] (да дзесяці гадоў я быў хворы і палову пражытага на той момант часу правёў у ложку). Як у гэтым вершыку: «Хоць ён бледны і сухотнік, але да стрэльбы ахвотнік!» [8] Гэтак і я на пачатку жыцця быў бледны і выглядаў як сухотнік, але да навукі быў вялікі ахвотнік!

Вестка пра тое, што я не пайду ў школу, ударыла мяне як маланка. Нічога не адказаў я бацькам, а толькі схаваўся ў кут і заплакаў. А хутка новая бяда - эпідэмія халеры, і таму бацькі не жадаюць аддаваць мяне ў небяспечны горад. Але нарэшце надышоў чаканы дзень. Выбраліся да Ліды, прыехалі на паштовую станцыю Місявічы [9] і спаткалі там паштальёна, які ў гэтую хвіліну прыехаў з Ліды. «Што чутно ў горадзе?» - пытаецца бацька. Як вядома, часта людзі з камара могуць зрабіць мядзведзя, паштальён быў з гэтакіх і таму адказаў майму бацьку: «Дрэнныя навіны, штодзень у горадзе ад халеры памірае па дваццаць пяць чалавек» [10]. Бацька спужаўся і ўжо хацеў паварочваць назад, але я заенчыў - і ён вырашыў так: няхай, маўляў, пра тое, прыняць мяне ці не прыняць, думае школьны лекар. Едзем!

У Лідзе з кватэры мы вышлі на вуліцу. Спаткалі шаноўнага скарбніка Крахельскага, начальніка майго брата, які тады служыў у скарбовай касе.

- Што ты тут робіш?

- Прывёз у школу хлапчука.

- А не баішся Пана Бога? Нашто прывёз гэтую худобу? Як пачне вучыцца - адразу памрэ [11].

Я адразу адчуў да Крахельскага вялікую непрыязнасць, і гэтае пачуцце доўга ў мяне не праходзіла. Было гэта ў 1855 годзе.

Мой бацька зноў пачаў хвалявацца. Да нас на кватэру зайшоў мой брат Адольф. Я адвёў яго ўбок і папрасіў, каб на міласць Бога мяне пакінулі ў Лідзе, бо я надта хачу вучыцца. Адольф угаварыў бацьку, і той вырашыў зняць для мяне кватэру ў сп. Цемахоўскай, дзе кватаравалі ён сам і прафесар Урбановіч. За стол і памяшканне гаспадыня згадзілася браць сорак пяць рублёў штогод. Багатыя людзі за кватэры для сваіх дзяцей-вучняў плацілі па пяцьдзясят рублёў. У першы год майго побыту ў школе плата за навучанне каштавала два рублі пяцьдзясят капеек, а на другі год падаражала да трох рублёў [12].

Дакупілі некалькі кніжак, адзежу брата перарабілі для мяне, і ўсё гэта разам каштавала для бацькі пяцьдзясят пяць рублёў (верагодна, з платай за кватэру - Л. Л.).

Лекцыі павінны былі пачынацца праз некалькі дзён, і бацька прапанаваў на гэты час з'ездзіць дахаты, але я, каб зберагчы сілы, адмовіўся. Знайшоў добрага таварыша - вучня чацвёртага класа Болеся Цемахоўскага, сына гаспадыні. З ім я хадзіў па гораду, і ён растлумачыў і расказаў мне шмат цікавага.

Ён вучыўся ў чацвёртым класе, а я толькі што паступіў у першы, і таму паміж намі была розніца, як паміж генералам і простым салдатам, але мы мелі аднолькавыя погляды і зацікаўленасці і таму хутка пасябравалі.

З цікавасцю я разглядаў школьны будынак і думаў: «Калісьці я тут буду вучыцца, якое гэта будзе шчасце».

3.

Нарэшце надыходзіць гэтая мілая гадзіна, гэтая дарагая і жаданая хвіліна - пачатак заняткаў. Уваходжу я ў школу! Як тут усё прыгожа, урачыста, як усё цешыць вышэйшым сэнсам! Адразу палюбіў я ўсіх прафесараў, пачаў паважаць іх як вышэйшых істот. Прэфекта (дырэктара) лічыў нейкім серафімам [13]. Лекцыі слухаў з надзвычайным запалам і замілаваннем. Дзіўна закахаўся ва ўсе навукі без выключэння: ад рэлігіі да малявання і каліграфіі. Уважліва слухаў лекцыі прафесараў, глытаючы кожнае слова. Прапусціць хоць адно - было б для мяне вялікай стратай. Таму на ўроках паводзіў сябе ўзорна - па-анёльску. Жадаў, каб да мяне ставіліся як да стараннага, працавітага, добрага вучня. Калі сустракаў прафесараў на вуліцы, саступаў ім дарогу. Здымаў перад імі шапку не толькі Успаміны Яўстаха Шалевіча. таму, што існавала такое правіла і гэта быў абавязак вучня, але і з-за сапраўднай павагі да іх. І мае высілкі пачатку не прайшлі марна. Я заслужыў славу ўзорнага вучня.

У нашым класе стары прафесар Пігулеўскі выкладаў тры прадметы: рускую мову, арыфметыку і геаграфію. На школьным сходзе, у прысутнасці дырэктара, ён сказаў: «Шалевич будет украшением нашего училища» [14] - і хутка мне пасыпаліся чацвёркі і пяцёркі [15].

Пад адным дахам я кватараваў з прафесарам Урбановічам [16] (вучыў нас чыстапісанню, чарчэнню і маляванню). Гэта быў вельмі светлы чалавек, падобна, выхаванец былога Віленскага ўніверсітэта [17]. Усё жыццё пражыў нежанаты. Паходзіў з ваколіцы каля Нёмана, са шляхты Лідскага павета. Яшчэ ён быў музыкантам, добра граў на скрыпцы і кларнеце. Як мог навучаў мяне музыцы. Быў вялікім аматарам навукі, збіраў да сябе хлопцаў і вучыў іх прыватна, часцей без усялякай аплаты, каб толькі пашыраць кола аматараў навукі і мастацтва. Акрамя вышэй згаданых прадметаў, ён у першым класе выкладаў геаметрыю, у другім - землямерную справу, а ў трэцім - архітэктуру. Трыццаць Успаміны Яўстаха Шалевіча. гадоў займаў пасаду прафесара ў Лідзе і лічыўся чалавекам выключных ведаў. Вынаходзіў новыя метады навучання і тлумачыў кожны прадмет зразумела і даступна. Вельмі цікава і меладычна кампанаваў музыкальныя фрагменты опер, як, напрыклад, кантрданс «Спеў гандальера», які я граю і цяпер і захоўваю яго нотны запіс. Вельмі цікавіўся ўсім новым, што ў той час з'яўлялася: тэлеграфам, паравымі машынамі і г. д. Не ведаў ён, што пасля яго смерці з'явяцца тэлефоны, грамафоны, друкаркі.

Гэты шляхетны чалавек і дасведчаны прафесар палюбіў мяне, як сваё дзіця, а я да яго ставіўся як да лепшага бацькі. Казаў мне, каб я ў вольны час прыходзіў да яго. Правіў мае працы па фізіцы, касмаграфіі і натуральнай, рускай і агульнай гісторыі і г. д. Расказваў пра электрычнасць, маланку з бліскавіцаю, дождж, град, снег і шмат пра што яшчэ. Я ўсё гэта слухаў з вялікай увагай і захапленнем, бо ў першым класе пра гэтакія рэчы не расказвалі, і мае калегі пра гэта ніякага ўяўлення не мелі. Называў мяне «Яўсташак-душачка». Нарэшце прапанаваў перасяліцца ў яго пакой. Тады жыццё наша закіпела. Мы цэлымі вечарамі гралі, і бывала, што я засынаў са скрыпкаю ў руках. Гулялі мы з ім па гораду не як прафесар і вучань, а як калегі. Душы нашы былі адным цэлым. Прыватна вучыў мяне маляваць, і за год у мяне сабраўся вялікі стос папер, якія прыдаліся на экзаменах пры пераходзе з першага ў другі клас. Падчас агульнага збору ўсіх вучняў у адной зале дырэктар высока ацаніў мае малюнкі і ўсім прысутным паставіў мяне ў прыклад. На пасведчанні за першы клас дырэктар напісаў: «Благодарю Шалевича за его успехи во всём. Благодарю ещё более за усердие к рисованию, выказанное им сверх прямых по классу обязанностей».

Калі я пачаў працаваць разумова, адчуў, як хутка развіваюцца мае здольнасці, і таму працаваў усё больш і больш. Я быў узорным вучнем і пры пераходзе з класа ў клас кожны раз узнагароджваўся пахвальнымі кніжкамі.

Калі здаваў экзамены з першага ў другі клас, ішло ўсе так добра, што я прамаўляў два-тры словы - і «пяцёрка» была гатовая. Успамінаю іспыт па геаграфіі. Здаваў яго самому дырэктару. Ён любіў гэтую. навуку, бо раней быў прафесарам геаграфіі і гісторыі. Я таксама быў яго ўлюбёнчыкам, ён не раз гладзіў мяне па галаве. Я выцягнуў білет, але дырэктар пажадаў задаць мне свае пытанні. Кажа мне па-руску:

- Калі б мы пачалі капаць глыбокую яму, куды б мы нарэшце патрапілі?

- На другі бок зямнога шара.

- А праз які вядомы пункт Зямлі мы б прайшлі?

- Праз цэнтр Зямлі, - адказваю.

- Да цэнтра Зямлі мы б ішлі ўверх ці ўніз?

- Уніз.

Потым мой дарагі дырэктар пажадаў мяне трохі падлавіць, ці насамрэч я ўсё разумею, і, гледзячы ў кніжку, гартае яе старонкі і як бы між іншым кажа сам сабе:

- А пасля цэнтра зямлі мы таксама будзем ісці ўніз…

Я раптоўна здагадваюся і на ўвесь клас крычу:

- Не! Тады мы будзем ісці ўверх!

- Отлично, отлично! - таксама голасна гаворыць дырэктар і загадвае мне вяртацца на месца.

Прафесары усміхаліся, а ўвесь клас пільна за мной назіраў.

Калі вяртаўся на лаву, радасці маёй не было межаў, і каб мне ў той момант хто прапанаваў атрымаць у падарунак палову Еўропы, для мяне гэта нічога б не значыла.

Хацеў тады прасіць свайго шаноўнага дырэктара, каб ён дазволіў мне яшчэ расказаць нейкіх цікавостак на гэтую тэму. Бо я мог растлумачыць яму, чаму пасля цэнтра напрамак руху змяняецца. Рукамі над галавой грэблі б пясок, і ён бы падаў на нас, а потым імкнуўся б да цэнтра зямлі. І мы самі павінны былі б упасці на цэнтр зямлі. Па геаграфіі я атрымаў «5», але мне хацелася падскочыць і расказаць, што ўсё гэта мне раней растлумачыў добры і шляхетны прафесар Урбановіч.

Гэткія «падскокванні» бывалі ў мяне не раз. Калі прафесар Пігулеўскі чытаў байкі Крылова, мне так спадабаліся досціпы аўтара, што я падскочыў і выказаў сваё задавальненне. Прафесар за гэта не пакараў мяне, бо зразумеў, чаму я так зрабіў, і быў нават задаволены маімі паводзінамі. На занятках па арыфметыцы я таксама рабіў падскокі - калі даведваўся пра нешта новае. Матэматыка мне заўсёды падабалася. Я захапляўся незвычайнымі людзьмі, якія яе прыдумалі. Тым больш што, напрыклад, геаметрыя яшчэ за 500 гадоў да нараджэння Пана Езуса стаяла надзвычай высока!

Прафесар Пігулеўскі, вельмі мілы і добры настаўнік, ладна выкладаў свае прадметы, але, як стары чалавек, калі-нікалі рабіў малыя памылкі. Неяк задаў вусна рашыць некалькі дзесяткаў арыфметычных задач. Сярэдні па здольнасцях вучань Ів. хутка, але няправільна адказаў на яго пытанне накшталт: «Чаму роўная гэтая сума?» Прафесар пагадзіўся з памылковым адказам. Мае амбіцыі былі прыніжаны тым, што гэты сярэдні вучань адказвае хутчэй за мяне. Я павінен быць заўсёды першым і лепшым! І мне здавалася, што гэты вучань памыліўся. Пачалі рашаць наступнае, а потым яшчэ новыя заданні, і не было мне часу падумаць. Вучні развязвалі задачы і адказвалі настаўніку. Тады я ўстаў і сказаў: «Здаецца мне, што мы тую задачу няправільна развязалі». Прафесар загадаў ісці да дошкі. Рашэнне выйшла па-мойму. Прафесар ухапіў мяне за галаву, пацалаваў, потым перад усім класам пахваліў і прызнаў памылку. Вялікая радасць тады ахапіла мяне.

У другім класе арыфметыка стала яшчэ больш складанай, але я ўсё роўна яе любіў. Вось толькі напаткала мяне вялікая да сябе непрыязнасць.

Прафесар Віткоўскі добра выкладаў гэты прадмет, але меў недахоп - нічога ў яго нельга было спытаць. Усе прафесары мяне любілі за тое, што я цікавіўся ў іх кожнай рэччу і пра ўсё выпытваў, а гэты не дазваляў задаваць пытанні - такі меў прынцып. А я не мог яму дараваць, што ў такой важнай навуцы, як матэматыка, нічога нельга ўдакладніць ці спытаць.

Хоць я моцна любіў бацькоў і сястру, у школу я вяртаўся з вялікай ахвотай. Перад Божым Нараджэннем без памяці ляцеў са школы на кватэру, хутка сабраў свае скарбы - кніжкі - і быў гатовы ехаць дахаты. На шчасце, бацька сам прыехаў за мной. Дахаты ехаў як у рай. Назаўтра доўга парадкаваў свае кніжкі. Бацькі казалі, каб я адпачываў, бо маю слабае здароўе, але я іх не слухаў. Пасля свят заўсёды вяртаўся ў Ліду на два дні раней тэрміну, каб, барані Божа, ні хвіліны не страціць. У школу ішоў вясёлы і рваўся вучыцца! Тое самае было на Вялікдзень. Усе экзамены здаваў на «выдатна». Па ўсіх прадметах меў «5» і толькі па каліграфіі «4».

Апрача свайго звычайна слабага здароўя, у школе меў я цяжкую хваробу. З-пад левага рабра ў мяне пачаў вылазіць вялікі гуз і дайшоў да паловы жывата. Мяне лячыў ад гэтага знакаміты ў той час у Лідзе доктар Понсэ (Ponset). Загадваў ставіць на жывот п'яўкі, а калі ранкі ад п'явак трохі загойвалі, ставіў банкі. Здавалася што на пузе ў мяне з'явілася адна вялікая банка. Акрамя гэтага, даваў глытаць нейкія лекі. І хвароба прайшла … але я прапусціў пяць лекцый.

Хворы чалавек натуральна баіцца холаду. А паколькі я ўсё жыццё быў хворым, дык з маленства да старасці яго баяўся. У лідскай школе печы не надта палілі, імкнуліся, каб было нам не надта горача, і таму ўсе зімовыя месяцы я курчыўся ад холаду і дрыжаў. Так было на працягу ўсёй маёй вучобы, толькі ў Наваградку стала лепш.

Калі прыехаў на вакацыі дахаты, дык адразу расклаў свае кніжкі і пачаў рыхтавацца да другога класа - вучыў рэлігію, геаграфію і іншыя навукі. Дарагі прафесар Урбановіч задаў мне на вакацыі вывучыць пяцьсот французскіх слоў, якія я потым яму пераказваў. Акрамя гэтага, я прачытаў духоўную кнігу - «Голас набожнай душы». У дзяцінстве і маладосці я вельмі любіў чытаць духоўныя кнігі і з адзінаццаці да дваццаці двух - дваццаці трох гадоў правёў над імі не менш часу, чым яўрэй над Торай.

У другім класе меў тую самую ці нават большую цягу да навукі, хаця галава балела болей, чым да гэтага. Я на той боль не звяртаў увагі. У першай чвэрці пасыпаліся «чацвёркі» і «пяцёркі», але потым я меў толькі «пяцёркі».

У другім класе адбылася такая прыгода. Неяк абвясцілі, што з пэўнай даты нашу школу будзе інспектаваць куратар Віленскай навучальнай акругі Урангель [18]. Нас навучылі, як яму адказваць, калі ён запытае, і як яго тытулаваць пры звароце. Наказалі нам, каб вопратка і абутак былі ў найлепшым стане. Я вучыўся дзень і ноч, каб добра адказаць куратару, калі ён да мяне звернецца. Але мой мундзір быў парваны, і я не меў часу занесці яго да краўца. Дзень за днём хадзіў у школу ў такім мундзіры, і калі з візітацыяй прыехала важная асоба, я пайшоў у школу з дзіркамі на мундзіры пад пахай.

Дайшла чарга да нашага класа. Куратар прапанаваў ксяндзу што-небудзь у нас запытаць. Ксёндз запытаў пра Хрыста. Хто адкажа? Усе сядзяць. Ксёндз задае пытанне яшчэ раз. Я ўстаю і адказваю. Потым куратар прыказвае задаць пытанне прафесару матэматыкі. Той выклікае мяне да дошкі. А я пачаў прыкрываць сваю дзірку пад пахай і так спужаўся, што ўсё ўва мне замёрла. Прафесар прадыктаваў мне задачу. Я стаю ля дошкі як пафарбаваны слуп і не маю паняцця пра задачу - думаю толькі: што будзе? Што будзе, калі я гэтай задачы не развяжу? Узношу думкі да Пана Бога: Божа міласэрны, змілуйся, змілуйся нада мною. У той момант я быў самым нешчаслівым чалавекам у свеце. Так нерухома прастаяў я некалькі хвілін - прафесар цярпліва чакаў. Пот з ілба градам ліецца па твары, а я стаю каля дошкі, каб ніхто не бачыў дзірку на маім мундзіры. І тут са мной нешта здараецца - як быццам прасвятленне находзіць. Раптоўна я разумею, як развязаць задачу. Збіраюся з думкамі і пішу на дошцы тое, што трэба. Куратар яшчэ пра нешта пытаецца, я адказваю, але твар у мяне ўвесь мокры ад поту. Куратар усміхаецца і кажа: «Совершенно вспотел!», пасля чаго адпускае на месца.

Пасля пераводных экзаменаў з другога ў трэці клас я ўзяў пахвальную кнігу, і дырэктар напісаў мне ў ёй падзяку, але зместу гэтай падзякі не памятаю. Кніжку і пасведчанне доўга хаваў як рэліквію, але пасля пэўнага выпадку яны загінулі.

Школьныя часы і ўсе тыя здарэнні мне добра запомніліся. Карціны таго жыцця і сёння стаяць перад вачамі. Да ўзросту пяцідзесяці гадоў ці яшчэ трохі болей я любіў расказваць пра час вучобы свайму сябру, арганісту з Жалудка Вінцэнту Ліхвяровічу, з якім мы сябравалі шмат гадоў. Расказваў і любімаму пляменніку, які цяпер жыве ў Пецярбургу. Ён лекар, капітан гвардыі і прасіў мяне каб я апісаў яму ўсё сваё жыццё, а сталася так, што я Найшаноўнейшай Пані апішу хаця б свае школьныя часы. А можа, потым патроху і ўсё сваё авантурнае жыццё апішу.


Трэці клас для мяне быў таксама шчаслівы. Па алгебры і каліграфіі меў «4», а па ўсіх астатніх навуках - «5». Алгебра мне добра не ішла, таму што прафесару Віткоўскаму нельга было задаць пытанні, а шмат якія тэмы цяжка было зразумець самому.

У трэцім класе, каля Вялікадня, у мяне моцна забалела галава і падняўся ціск. Гэта адбылося таму, што я працаваў двое сутак і пасля нават не змог пайсці на заняткі. Але неяк ачуняў і гэты клас добра закончыў. Зноў атрымаў пахвальную кнігу, і дырэктар напісаў падзяку на пасведчанні.

У трэцім класе мне спадабалася маляваць карты. У лідскай школе амаль усе сцены былі завешаны геаграфічнымі і гістарычнымі картамі. Я заўсёды разглядваў іх з вялікай цікавасцю. Каб грунтоўна вывучыць Германскі саюз, хацеў перамаляваць карту гэтай краіны і прасіў нашага дарагога дырэктара дазволіць мне ўзяць яе дахаты. Дырэктар згадзіўся і сказаў, што іншаму ён бы не дазволіў. Я падрыхтаваў вялікі аркуш кардона, якога нельга было купіць у краме, наклеіў на яго белую паперу, паменшыў карту ў чатыры разы і старанна скапіраваў. Калі паказаў сваю карту дырэктару, той мяне вельмі пахваліў. Аднак потым я не мог яе забраць у Наваградак, бо мой брат ўзяў яе на захаванне і паклаў у шафу казначэйства, адкуль яна знікла. Другой картай, якую я вельмі старанна скапіраваў, была карта Віленскай губерні, але гэта было ўжо ў Наваградку. Прафесар геаграфіі Лэрывер прапанаваў, каб я пакінуў гэтую карту ў гімназіі, але я з ім не пагадзіўся: жадаў мець яе ў сябе.

У мой час рэлігію выкладалі па-польску. Дарэчы, на калідорах і ў класах на перапынках па-польску размаўляць дазвалялася, але польская мова не выкладалася. Аднак на запусты 1858 года яе выкладанне дазволілі [19]. Прафесарам польскай мовы стаў нейкі Бякеша. Як сёння, так і тады нашы вучні-палякі не надта імкнуліся вывучаць сваю мову. Таму шаноўны прафесар мусіў да іх звяртацца з прамовамі пра неабходнасць яе вывучэння.

Лідская школа па-руску называлася так: «Лидское уездное пятиклассное для дворян училище». Выкладаліся ў ёй наступныя навукі: рэлігія, мовы (руская, французская, пры мне нейкі час выкладалася польская), матэматыка, гісторыя Расіі і сусветная, маляванне, каліграфія, пачаткі каморніцтва, паняцце пра будаўніцтва (у трэцім класе) і заканазнаўства (у пятым).

Калі я вучыўся, дырэктарам лідскай школы працаваў Аляксандр Аляксеевіч Шахаў. На мясцовы манер яго назвалі прэфектам па-руску - «штатным смотрителем Лидского дворянского училища» [20].

Прафесарамі рэлігіі па чарзе былі тры ксяндзы: Віткоўскі, потым Драцэвіч і, нарэшце, Свірскі. Гэты апошні працаваў самы працяглы час.

Прафесар рускай мовы Гулін нарадзіўся ў Пецярбургу. Пры мне толькі адзін раз коньмі ездзіў у свой родны горад, чыгункі яшчэ не было. Прывёз адтуль здымак на срэбнай блясе - першы фотаздымак, які я бачыў у жыцці.

Прафесар французскай мовы Баўблеўскі добра ведаў свой прадмет і прыгожа яго выкладаў.

Выкладчыкам нямецкай мовы быў немец-католік Ягор Фэглер. Вельмі маральная асоба, сімпатычны і мілы. Быў жанаты на сп. Сумарокавай. Я быў яго любімцам. Неяк ён узяў мяне пад руку, і так мы прайшлі з ім палову горада, да яго кватэры, дзе ён пасадзіў мяне каля сябе і мо паўгадзіны тлумачыў свой прадмет, а потым пазычыў вельмі важны падручнік па нямецкай граматыцы, які немагчыма было купіць. Нямецкую мову выкладаў вельмі добра, і я любіў яго, як роднага бацьку.

Польскай мове нас вучыў Бякеша, працавіты і старанны настаўнік, але, як я ўжо пісаў, нашы вучні не надта жадалі карыстацца яго навукай.

Прафесар матэматыкі Віткоўскі добра выкладаў, але праблемай было тое, што яму нельга было задаць пытанне. Гэты настаўнік сапсаваў мне адзнаку па алгебры. На экзаменах ён нецярпліва бліскаў вачыма. Быў занадта строгі, недаступны і моцна лаяўся на вучняў.

Прафесарам геаграфіі ў старэйшых класах быў вельмі самавіты і прыемны чалавек - Мінейка. Калі ён з'ехаў, на яго месца прыслалі з Масквы нейкага Бутоўскага.

Гэты быў вельмі вучоны, казалі, што раней выкладаў у Маскоўскім універсітэце, але за нейкую палітычную справу яго выслалі ў Ліду. Быў добрым і нават вялікім прамоўцам. Гэтакіх прамоўцаў я ў сваім жыцці бачыў толькі два-тры разы. Нават прафесар Урбановіч такім не быў. Прамаўляў - як Богам натхнёны. Калі ён першы раз прыйшоў да нас у трэцім класе чытаць лекцыю па геаграфіі і распавёў пра Расію, мы адразу адчулі яго прамоўніцкі дар і глыбокія веды. Здавалася, што ў грудзях яго гарыць агонь, і хацелася стаць такім, як ён.

Бутоўскі быў у вялікай роспачы з-за ссылкі ў Ліду і такога свайго нізкага сацыяльнага становішча. На лекцыях мог сваволіць, бегаць па класе, падскокваць, рабіць страшныя міны, але заўсёды меў прыстойны выгляд, і ўсё гэта было яму да твару. Пры гэтым вучні глядзелі на яго са здзіўленнем і толькі трымаліся за лавы, а я звычайна знаходзіўся ў нервовым стане і да таго ж меў схільнасць да гумару, таму часам з-за смеху падаў з лавы на зямлю! Іншы раз у класе стаяў такі рогат, што ў суседнім чацвёртым класе немагчыма было праводзіць заняткі. Калі нехта не ведаў урока і адказваў няправільна, Бутоўскі звычайна казаў: «Попал пальцем в чернильницу!» Потым хапаў за руку і ўціскваў палец ў чарніліцу.

Няшчасным мучанікам у яго быў вучань Уладак Крахельскі, сын казначэя. Ён быў запісаны ў журнале першым, і таму яму заўсёды прыходзілася адказваць урокі, тады як астатнія адказвалі не гэтак часта. Крахельскі не быў добрым вучнем, яго палец не раз бываў чарніліцы. Бутоўскі круціў яго палец ва ўсе бакі і часам хадзіў з хлопцам па класе пад ручку.

Неяк на лекцыі Крахельскі сказаў:

- В Орлеане памятник орлеанской дрове [21].

Настаўнік тут жа яго запытаў:

- Что такое дрова?

- Дровица, - адказаў Крахельскі.

- А что такое дровица?

- Паненка.

- А што такое паненка?

Вучань замаўчаў…

А настаўнік, разышоўшыся, адказаў за вучня: «Это высшее существо! Это сверхнепонятное существо! Это неестественное существо! Это благородное существо!..»

Нават дырэктар не смеў выступаць супраць Бутоўскага.

Урбановіч, як я ўжо пра яго пісаў, выкладаў каліграфію, маляванне, геаметрыю ў першым класе, каморніцтва - у другім, у трэцім - пачаткі будаўніцтва. Ён быў здольны педагог. У кожнай навуцы выдумляў свае метады і тлумачыў вельмі зразумела і даступна для вучняў. Гэта быў па-сапраўднаму важны чалавек, вялікі сябар навукі, прагрэсу і вынаходніцтваў. Я пазнаёміўся з ім, калі настаўнік меў пяцьдзясят шэсць гадоў. Бачыў яго дзённік - у маладосці Урбановіч пісаў гусіным пяром: ніводзін найлепшы почырк не можа быць прыгажэйшым. Стальных пёраў ён не цярпеў і не мог імі пісаць. Калі вучань прыносіў на заняткі стальное пяро, ён заганяў пяро ў лаўку: зломіш - і няма стальнога пяра.

На сваёй кватэры збіраў вучняў і праводзіў бясплатныя прыватныя заняткі, а калі хто плаціў, таму казаў дзякуй. Прыватна вучыў усіх, хто сам гэтага жадаў. Мяне ён вельмі любіў і зняў мой партрэт. Гэта было ў 1856 годзе, пра фатаграфію ў Лідзе яшчэ мала хто ведаў. Ён мне не раз тлумачыў, як з дапамогай сонечнага святла здымаць партрэты і пейзажы. А свой першы фотаздымак ён, як і я, бачыў у Гуліна, калі той прывёз яго з Пецярбурга.

З прыватных вучняў Урбановіча самымі вядомымі і лепшымі былі Лойка і Шчотка. Для сабе ён зрабіў яшчэ і фотапартрэт Шчоткі. Звяртаючыся да вучня, называў яго «каралевічам», і таму яго самога звалі «каралём», а паколькі я быў яго фаварытам, дык і мяне «каралём» называлі.

Я кватараваў па вуліцы Крывой у доме Калясінскай. Адзін раз па гэтай вуліцы разам ішлі прафесары Бутоўскі і Урбановіч. Урбановіч прапанаваў Бутоўскаму зайсці да Шалевіча: «Гэта выд атны вучань, яму будзе прыемна, калі мы да яго зойдзем. Ён шмат працуе над геаграфіяй і цяпер чэрціць карту Германскага саюза». Бутоўскі адказаў: «Каб ён нават зоркі з неба здымаў, дык настаўнік і тады не павінен па-сяброўску заходзіць да вучня, заходзіць можа толькі па службе». Але ўсё ж адзін раз сам да мяне зайшоў.

Наш слаўны прафесар Бутоўскі - паяц, комік і фігляр, якога свет не бачыў, - быў рускім пісьменнікам [22], ён ў Лідзе напісаў кнігу. Нарцыз Шаблоўскі, які сёння яшчэ жыве, перапісваў рукапіс гэтага твора, а выдалі яго ў Вільні. Праз дваццаць гадоў я ва ўсіх рускіх кнігарнях Вільні шукаў гэтую кнігу як памяць пра свайго прафесара, але не знайшоў [23]. Яна складалася з трыццаці дзвюх глаў, з якіх я памятаю толькі тры: «Грех скончался», «Правда осталась в Иерусалиме» і «Гостеприимство в бегах».

Наш шаноўны прэфект добра піў гарэлачку [24]. Вучань пятага класа Баляслаў Цямахоўскі, з якім я пазнаёміўся і пасябраваў у Лідзе, напісаў такія радкі пра свайго дырэктара:

Наш директор уж взбесился,

Это видно со всего,

Он и с совестью простился,

Верно, верно, уж давно!


Для него и грех скончался,

Как Аркадий наш сказал.

Он и с истиной расстался,

Это всякий замечал.


Все пороки в нём слилися,

Верьте, правду говорю,

Черти садом собралися

В черную его душу.


Ром и водку без разбора

Пьет, как воду, завсегда.

Знает Мала, Вера, Сара

Его, всякая корчма.


Кроме водочки, милее

Нет ему уж ничего.

Сердце бьёт его сильнее,

Лишь увидит он вино!

І, відавочна, пад канец сваёй працы ў школе гэты алкагалічны спецыяліст піў усё больш.

Памочнікам старых прафесараў быў Пігулеўскі, вучоны, лагодны і мілы стары. Ён выкладаў наступныя прадметы: рускую мову, арыфметыку, геаметрыю і (у другім класе) геаграфію. Нялёгка яму было ўтрымліваць сям'ю. Старшы яго сын вучыўся ва ўніверсітэце, і расказвалі, што вучыўся дрэнна. Два другія сыны хадзілі ў нашу школу, абодва былі вельмі неразвітымі. Пра яго дачок нічога не ведаю.

У нашай лідскай школе былі тры праваслаўныя вучні: Пігулеўскія і Ніканаў. Гэты вучыўся сярэдне, але меў прыгожы почырк.

Рускія выкладчыкі: дырэктар, прафесар рускай мовы Гулін і Пігулеўскі. Выкладчыкі-палякі: Баўмблеўскі, Урбановіч і Рудзінскі. Прафесар падрыхтоўчага класа Фэглер - немец-католік.

У падрыхтоўчым класе форма для вучняў была не патрэбна, і кожны хадзіў у цывільным адзенні. А ў павятовай школе і ў гімназіі мелася абавязковая форма: сурдут з цёмна-зялёнага сукна з пунсовым каўняром, пунсовымі выпушкамі і металічнымі жоўтымі гузікамі з гербам губерні, бліскучымі, у два рады. На шапцы (кепі - Л. Л.) з цёмна-зялёнага сукна былі пунсовыя паскі і такія ж выпушкі. Верхнім адзеннем служыў доўгі плашч з шырокай палярынай і вузкім стаячым каўняром - усё гэта з шэрага сукна. Форма мне вельмі падабалася, бо была зручнай і прыгожай. Калі я вучыўся ў трэцім класе, яе скасавалі і замест увялі паліто, падобнае на сучаснае (верагодна, падобнае на паліто - шынель - гімназіста пачатку XX стагоддзя - Л. Л.) У мае часы ў школах яшчэ выкарыстоўвалі цялеснае пакаранне, скасавалі яго ў 1859 годзе.

Наш любімы Шахаў сек вучняў добра, даставалася ім, бывала, і па трыццаць розгаў, часам і кроў пырскала, але ён усё роўна рабіў сваю справу. Лупцавалі нават вучняў чацвёртага і пятага класаў, але я вучыўся добра, мяне ніколі не секлі.

Адзін чатырохкласнік, гувернёр Д. з кватэры Нарбутовай, сын шляхціца з ваколіцы В., вучыўся добра, але быў вялікі свавольнік. Неяк, калі ўжо празвінеў званок на лекцыі, ён бомбай уварваўся ў наш клас, кленчыў на стале і паказваў усім нам нягжэчную частку цела. І трэба ж было такому здарыцца, што ў гэты момант у клас, каб весці ўрок, увайшоў ксёндз. А тая частка цела якраз была накіраваная ў бок ксяндза. Небарака саскочыў са стала і думаў схавацца, але ксёндз усё заўважыў і паставіў яго на калені ў калідоры вучэльні - ніякія малітвы, абяцанкі і просьбы не дапамаглі. Дырэктар заўважыў на калідоры ўкленчанага Д. і прапісаў яму яшчэ розгаў. Атрымаў спадар гувернёр! Другі раз той жа самы Д. быў абвінавачаны прафесарам Урбановічам, і зноў яму розгаў мала не было!

Урбановіч у Лідзе на адным месцы працаваў выкладчыкам трыццаць гадоў. Чалавек гэты быў надзвычай скупы. Да канца жыцця ён накапіў вялікія грошы і дажываў век разам з пляменнікамі ў ваколіцы Астравухі. Меў шчаслівую старасць. Не піў гарэлкі, піва і наогул ніякіх алкагольных напояў у рот не браў. Не паліў ні файкі, ні цыгары (папярос у той час яшчэ не было). Я бачыў яго карціны (ён сам іх намаляваў) такога зместу: сатана з рагамі, на курыных нагах, нахіляе галінку, на якой сядзяць курыльшчык, піток, аматар жанчын і карцёжнік. А вакол людзі рознага веку, стану і полу з вытарашчанымі вачыма імкнуцца да гэтай галінкі…

Другая карціна: д'ябал на курыных лапах, з рагамі, са страшным выразам твару трымае ў руках шыльду, на якой напісана: «Бяздзейныя, лянівыя, дзёрзкія - заходзьце!»

Урбановіч мяне называў «Яўстафьюшка-душачка», а каго не любіў, на тых крычаў: «Ты скотина, подлец! Будешь, будешь целовать в косматую ручку, но пощады никакой не будет!» Гэта азначала: калі пойдзеш у пекла, дык будзеш касматую руку д'ябла цалаваць, але дарэмна - раней трэба было думаць.

Наша школа месцілася на вуліцы Віленскай, у прыватным доме нейкага Міцкевіча. Гэты дом яшчэ нядаўна існаваў, і калі я праходзіў каля яго, заўсёды успамінаў мілыя і светлыя часы маёй вучобы. А калі вокны былі расчынены, я з вялікай цікавасцю заглядаў у пакоі. Але не так даўно той дом згарэў, і на памяць пра яго застаўся толькі кавалак даху на паштоўцы [25].

Яшчэ раней за мяне ў Лідзе з'явіўся мастак Пятрусевіч. Ён акварэллю намаляваў партрэт выкладчыка Урбановіча. Партрэт скапіраваў добры малявальшчык-канцылярыст Віталіс Шаблоўскі. З Шаблоўскім я быў у сяброўскіх стасунках і выкленчыў у яго гэты партрэт. Захоўваў у сябе такую дарагую памяць пра свайго прафесара. Калі я ўжо вучыўся ў Наваградку, прафесар Фэглер прасіў аддаць яму гэты партрэт таварыша. Я не мог спрачацца з паважаным Фэглерам і з вялікім болем у сэрцы мусіў расстацца з дарагой для мяне рэччу. Лёс Фэглера быў сумным - ён памёр у Вільні, і пасля смерці абодвух дарагіх для мяне настаўнікаў я расшукваў той партрэт або яго копію, але не знайшоў.

Як сярод добрага зерня знаходзіцца насенне пустазелля, так і сярод вучняў бываюць нягоднікі, якія даюць прафесарам мянушкі. Так Урбановіча ўсе называлі Каралём і рэдка калі інакш. Вількоўскага называлі Віш, Фэглера - Флюк, Баўмблеўскага - Апалонік. Гэты звычай - даваць прафесарам мянушкі - мне надта не падабаўся. Пачуўшы іх, я выходзіў з сябе і гэтым здабыў сабе шмат непрыяцеляў сярод вучняў. Калі прапаноўвалі сарваць лекцыю, я, як вельмі правільны вучань, не згаджаўся, і злосць калег вылівалася на мяне. Аднаго разу яны нават хацелі закруціць мне галаву ў паліто і пабіць. А другі раз мяне выклікалі на двубой - кулачны паядынак. Я быў вельмі слабы і не паспеў літаральна нават адным пальцам паварушыць, як апынуўся на зямлі. Нічога не мог зрабіць са сваімі праціўнікамі - ні словам, ні сілай. Але мяне вельмі крыўдзілі іх зласлівасць і дурата, бо як жа можна не паважаць настаўнікаў, якія нас вучаць і да дабра вядуць.

І нарэшце пра знакамітага Рудзкага - вартаўніка нашай школы. Ён служыў тут 38 гадоў. Паколькі без розгаў у той час вучыць не атрымлівалася, менавіта ён і выконваў пакаранне. Вучні, якія прайшлі праз рукі Рудзкага, у мой час былі ўжо палкоўнікамі, генераламі, канонікамі, прэлатамі і г. д. Неяк на пошце я сустрэўся з адным палкоўнікам, які атрымаў выхаванне ў нашай вучэльні. Распытваў ён мяне пра Ліду і школу. Між іншым, успомніў вартаўніка. «Рудзкі і цяпер служыць, - адказаў я палкоўніку. - Без яго ніяк». - «Шчаслівую меў руку… добра мяне стымуляваў», - уздыхнуў афіцэр.

Чацвёрты і апошні клас

Атрымаўшы пасведчанне за трэці клас, я паехаў дахаты. Тут з першага дня расклаў свае любімыя кнігі і пачаў рыхтавацца да чацвёртага класа. Праз тры тыдні атрымаў ліст ад брата пра тое, што Лідская школа закрыта, але замест павятовай вучэльні ў Наваградку створана сямікласная гімназія. Ён прапанаваў мне прыехаць у Ліду, каб потым далей вучыцца ў Наваградку.

Калі я прыехаў у Ліду, дык даведаўся, што заняткі ў Наваградку пачынаюцца толькі 15 верасня, і таму я маю цэлы месяц вольнага часу. Спадарыня З., з чыёй дачкой быў заручаны мой брат, папрасіла мяне, каб я гэты месяц папрацаваў настаўнікам у яе трох сыноў. Старэйшы намерваўся ехаць са мной у Наваградак. Я заўсёды быў нервовы, надзвычай чулы і сентыментальны.

У канцы месяца я пайшоў да дырэктара, каб атрымаць пасведчанне пра заканчэнне трох лідскіх класаў. Шаноўны дырэктар выправіў для мяне ў Наваградак пасведчанне з падзякай наступнага зместу: «Ученик Шалевич во всех отношениях превосходный молодой человек. Как бы мне приятно было услышать, что гг. Боублевский и Феглер [26], его бывшие учителя, а мои товарищи, помогли ему в переводе в IV класс. А. Шахов».

Яшчэ ён напісаў да свайго школьнага калегі, інспектара Беляўскага, добры ліст пра мяне. З гэтакай рэкамендацыяй я не меў праблем, і мяне прынялі ў чацвёрты клас. У гэты клас запісалася ажно пяцьдзясят пяць вучняў, і таму ў ім было цяжка. Першымі вучнямі класа лічыліся Абламовіч і Стос. Абламовіч - сын багатага гаспадара маёнтка Парасека на восемдзесят дзевяць дымоў. Стос - сын каваля, праваслаўны. Абодва вучыліся толькі на «5». Пасля гімназіі Абламовіч вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, а Стос стаў прафесарам гісторыі, ён потым пісаў, што выхаваны ў польскім духу.

У нашым класе было восем татар, з іх Абрахам Улан і Мурэчучык вучыліся не надта добра. Усяго гімназія налічвала трыццаць татар. Акрамя аднаго вялікага фігляра і штукара, усе яны нармальна вучыліся і былі разумнымі і спакойнымі хлопцамі, не схільнымі да глупстваў і дрэнных учынкаў.

У гімназіі выкладаліся наступныя навукі: рэлігія, мовы (руская, польская (часова, да паўстання 1863 года - Л. Л.), нямецкая, французская, славянская), арыфметыка, алгебра, геаметрыя, гісторыя Расіі, а таксама сусветная і натуральная, геаграфія Расіі і агульная, фізіка, хімія, астраномія.

Рэлігію выкладалі тую, да якой належаў вучань. Катэхізмы і маральную навуку нам выкладаў ксёндз Бядрынскі, потым ён быў пробашчам у Вільні. Пры мне на невялікі тэрмін пасаду дырэктара займаў Лебедзеў (рускі), а потым яго змяніў паляк Чашніцкі (ці Чэсніцкі, дакладна не памятаю). Інспектар Бяляўскі добра выкладаў фізіку і геаметрыю. Рускай мове вучылі: у старшых класах - Дзмітрыеў, а ў малодшых - Савельеў. Польскую мову выкладалі: у старэйшых - Каўчан (ён выкладаў і лаціну), а ў малодшых - Гайбовіч. Выкладчыкам французскай быў наш лідзянін Баўмблеўскі, нямецкай - на пачатку Гілберт, а потым Хэрмут. Алгебры вучыў стары спалячаны Васілеўскі. Натуральную гісторыю выкладаў вельмі мілы чалавек Кабецкі (караім). Агульную і рускую гісторыю - Чайкоўскі. Геаграфію - Лерывер, ён паходзіў з Францыі. Памочнікам старшых настаўнікаў быў Савельеў. Маляваць вучыў Пранкоўскі.

Для нашага любімага Фэглера месца адразу не знайшлося, і ён нейкі час лічыўся пры гімназіі пазашкольным наглядальнікам. Толькі праз некалькі месяцаў зноў стаў прафесарам гімназіі. Гэтага добрага чалавека ніхто ў Наваградку не паважаў, і ён павінен быў кожны дзень абыходзіць кватэры вучняў.

Акрамя двух, усе прафесары гімназіі вельмі добра выкладалі свае прадметы. Напрыклад, інспектар Бяляўскі. Калі ён тлумачыў геаметрыю, дык не было такога, каб нехта выйшаў з класа, не зразумеўшы тэмы. Ксёндз Бядрынскі, выслухаўшы нашы адказы, пачынаў наступную тэму, а калі заставаўся яшчэ вольны час, так добра расказваў нам анекдоты, што мы трымаліся за бакі ад рогату.

Шаноўны прафесар Каўчан добра выкладаў лаціну і польскую мову, і ад яго можна было шмат чаму навучыцца, але я ў той час быў вельмі хворы. Бог стварыў мяне як генія ці вялікага чалавека, але хвароба ўва мне ўсе забіла!

Прафесар Кабецкі выкладаў заалогію, батаніку і мінералогію. Хэрмут вучыў нямецкай мове па методыцы, якой у той час ніхто не карыстаўся. За гэта на яго абураліся некаторыя вучні са сваімі бацькамі і нават сам дырэктар. Выкладаў ён па методыцы, якая сёння ўжо прызнаная і агульнавядомая.

Наогул, усе прафесары добра выкладалі, і вучні наваградскай гімназіі вызначаліся добрай вучобай і прыкладнымі паводзінамі. Толькі потым з Ліды прыехаў адзін вучань, І. К., якога перад гэтым выгналі з Полацкага кадэцкага корпуса. Ён шмат што вырабляў і горш за ўсіх вучыўся. Адна авечка ўвесь статак псавала. Я з ім жыў на адной кватэры, але ён быў маім вялікім непрыяцелем і праследаваў мяне.

З-за ўзмацнення хваробы мне прыйшлося пакінуць гімназію ў чацвёртым класе. Адбылося гэта 16 лістапада 1859 года.

Я прыехаў дамоў і пятнаццаць гадоў працаваў на гаспадарцы. Меў слабае здароўе, тым не менш працаваў фізічна. Каля 1875 года заняўся выкладаннем і так працую ўжо трыццаць шэсць гадоў. З маіх вучняў адзін выйшаў у інжынеры, другі стаў капітанам, ёсць ксяндзы і г. д. А самы галоўны вучань і сваяк, самы таленавіты ў маёй сям'і, стаў нашым першым студэнтам у Інстытуце шляхоў зносін. Але ён пакінуў гэты свет у маладыя гады. Яго бацька і мой родны брат не вытрымаў страты і хутка пасля сына таксама памёр. Я застаўся адзін.

У Наваградку я кватараваў у сп. Грыфін, якая палюбіла мяне як сына. Вечарамі часта хадзіў да яе паразмаўляць. Інспектару яна пра мяне заўсёды гаварыла добра. Яе муж вучыўся ў школе з Адамам Міцкевічам.

Пасля гімназіі я сустракаўся толькі з адным маім прафесарам - з Васілеўскім, у Вострай браме.

Як у Лідскай прагімназіі, так і ў Наваградскай гімназіі сярод вучняў я меў сяброў і ворагаў. У першым класе ў мяне быў прыяцель Міцкевіч, сын эканома з маёнтка Грабоўскага [27], але ён хадзіў у школу толькі адзін год. У гэтым класе я таксама сябраваў з добрым хлапчуком Феліксам Яцінскім. Ён заўсёды быў каля мяне, і ўсе сваркі, бойкі і звады ў нас былі агульнымі. Рассталіся мы з ім у Лідзе ў 1858 годзе, зноў жа сустрэліся ў Эйшышках - толькі праз пяцьдзясят гадоў.

Калі я вучыўся ўжо ў другім класе, у першы клас паступіў Тэафіл Барклеўскі з маёнтка Ражанка, унук агародніка [28] Барташэвіча. Сірата, ён не меў ні бацькі, ні маці, гадаваўся добрым дзедам. Гэта быў спакойны хлопец, які старанна вучыўся і добра сябе паводзіў. З ім я сябраваў тры гады, мы разам выходзілі гуляць за горад і марылі пра далейшую адукацыю. Неяк выпадкова сустрэліся ў Наваградку, каля па-дамініканскага касцёла, і, як яўрэі пра гандаль, пачалі спрачацца пра астраномію. Я махаў рукамі і амаль крычаў: «Які гэты сусвет вялікі: да Месяца - пяцьдзясят тысяч міль, да Сонца - дваццаць мільёнаў міль, да найбліжэйшай зоркі - чатыры більёны міль! А колькі ж да самай далёкай?! За гэтакай размовай не заўважылі, што да нас наблізіўся наш шаноўны дырэктар. Калі ён з намі параўняўся, мы як жаўнеры выцягнуліся і знялі шапкі, а ён нам гжэчна адказаў кіўком галавы. Было бачна, што дырэктар чуў нашу размову і яму было прыемна.

Меў я і двух ворагаў, якія праследавалі мяне на кожным кроку: у першы год гэты былі Ігнат Каліноўскі (жыў з ім на адной кватэры) і Адам Баранцэвіч, з якім я мучыўся тры месяцы. Каліноўскага за нейкі ўчынак выгналі з Полацкага кадэцкага корпуса, і таму ён вучыўся ў Лідзе, а потым, на маю пакуту, у Наваградку. Я сварыўся з ім цэлы год - ён даводзіў мяне да таго, што я выходзіў на замкавую гару і біўся галавой аб камяні. Каліноўскі быў подлым хлопцам, неяк у Наваградку ён так штурхануў вучня Г., што ў таго ад удару аб сцяну з носа пайшла кроў. За гэта інспектар Каліноўскага пакараў.

Каліноўскі заўсёды глядзеў з-пад ілба і кожны дзень рабіў мне шкоду. У Лідзе адзін хлопец праз яго пайшоў на той свет.

У Лідзе маімі калегамі па вучобе былі сп. В. Ячыноўскі, І. Кяшкоўскі ды І. Ільцэвіч, цяпер у Вільні жыве Станіслаў Ёдка. Ксяндзамі сталі Мацей Гарасімовіч, Адам Сакалоўскі, Баляслаў Асецкі, Яўстах Карповіч, Аляксандр Рынкевіч і Пётр Казакоўскі.

Ксёндз Гарасімовіч старанна вучыўся і быў добрым школьным калегам. Служыў вікарыем і пробашчам па вёсках, потым быў рэктарам у Віленскай духоўнай семінарыі. Працаваў сакратаром біскупа Грынявіцкага, лічыўся яго дарадцам і правай рукой. Яны планавалі зрабіць ў дыяцэзіі шмат перамен, але біскупа выслалі, здаецца ў Яраслаўль [29].

Неяк прыязджаю я ў Ліду і сустракаю ксяндза Гарасімовіча ў касцёле вікарыем. Лячу да яго, каб выказаць сваё шанаванне (прыемна было сустрэцца, бо доўга не бачыліся). Што сталася? Чаму яго з рэктара семінарыі перавялі ў вікарыі, ды яшчэ да ксяндза Карповіча!?

Пасля Ліды ксёндз Гарасімовіч нядоўга служыў пробашчам у Новым Двары (Лідскага павета), потым заняў пасаду лідскага дэкана і пасля Ліды вярнуўся ў Вільню прэлатам.

Паходзіў з дробнай шляхты з ваколіцы Кербядзі Лідскай парафіі. У школе быў ціхім, спакойным, працавітым вучнем. Як і я, з іншымі вучнямі не гуляў (у мяч ці іншыя гульні) і ўзорна сябе паводзіў. Калі я быў у Лідзе ў 1904 годзе, раптоўна да дэкана прыйшла тэлеграма: памёр ксёндз Гарасімовіч.

У адной школе з ксяндзом Адамам Сакалоўскім я вучыўся толькі год - ён у чацвёртым класе, а я ў першым. Але мы жылі ў адной гаспадыні. Пасля чацвёртага класа ён паступіў у семінарыю і стаў ксяндзом. Меў добры голас і спяваў у хоры біскупа Адама Красінскага. Сакалоўскі пачынаў служыць вікарыем у вясковых касцёлах, потым больш за трыццаць гадоў працаваў пробашчам у Начы. З-за хваляванняў у парафіі паміж Начанамі і Дубічанамі [30] яго перавялі. Здаецца, цяпер працуе пробашчам у Жырмунах. Мае сустрэчы з ім заўсёды былі прыемнымі - пакуль ён служыў у Начы, я часта бачыў яго, бо я жыў у той жа парафіі.

Баляслаў Асецкі - мой школьны калега і блізкі сусед. Пасвячоны ў ксяндзы ў 1863 годзе, ён павінен быў служыць у Жалудку. Дзесяць гадоў служыў вікарыем у Радуні, дзе потым - не ведаю. Закончыў сваё жыццё ў Паставах. Ксёндз Якалоўскі расказваў, што прэлат Бядрынскі пасля смерці пакінуў у спадчыну 180 тыс. рублёў, 2/3 гэтых грошай былі запісаныя на яго сям'ю, але і ксяндзу Асецкаму належала атрымаць 17 тысяч рублёў. Казалі, што сабе ён пакінуў толькі 3 тысячы, а рэшту аддаў на дабрачыннасць. Калі гэта праўда, дык чэсць яму і хвала!

Ксёндз Яўстах Карповіч - сын медыка з Жалудка, калега па школе і мой добры знаёмы з дзяцінства. Цяпер служыць пробашчам у Ракаве Мінскай губерні. Ад прэлата Бядрынскага таксама ў спадчыну атрымаў многа грошай. Нарадзіўся ў вялікай сям'і, меў шэсць братоў і пяць сясцёр.

Ксёндз Аляксандр Рынкевіч таксама нешта атрымаў ад ксяндза Бядрынскага. Дзе цяпер служыць - не ведаю.

Ксёндз Пётр Казакоўскі паходзіў з Радунскай парафіі. Усё жыццё правеў у Польскім каралеўстве. Калі пастарэў - прасіў, каб яго пахавалі сярод радунскіх сваякоў, што і было зроблена.

Прэлат Бядрынскі [31] меў трохі больш за семдзесят гадоў, але быў яшчэ здаровы і, калі б не адзін выпадак, мог бы яшчэ доўга жыць. Аднойчы ён вяртаўся ад вясковага пробашча, коні панеслі, разбілі яго брычку, і Бядрынскі загінуў.

Адкуль прэлат меў так шмат грошай - невядома. Я пра гэта думаў. Каб кожны год адкладаў па тысячы, дык трэба было жыць сто восемдзесят гадоў, а ён пражыў толькі семдзесят. Калі працаваў прафесарам у Наваградку, атрымліваў звычайны заробак і пра яго вялікія грошы ніхто не чуў. Да таго ж лёкай прэлата пасля смерці скраў з яго камода 12 тысяч рублёў (гэта акрамя тых 180 тысяч).

Ай, мая шаноўная пані, я добра ведаю, адкуль гэтыя грошы паходзяць.

Як вядома, адміністратар Жылінскі [32] пабудаваў на Коннай вуліцы вельмі прыгожую камяніцу. Казалі, што з усіх пробашчаў ён цягнуў добрую даніну - пробашч нават самай малой парафіі павінен быў даваць яму ў лапу 150 рублёў штогод.

Казалі яшчэ, што нейкі ксёндз нібыта прапаноўваў Жылінскаму за арэнду Вострай Брамы 50 тыс. рублёў штогод, але той не згадзіўся. Усе гэтыя грошы не аднаму Жылінскаму ішлі, іншыя прэлаты таксама «сваё» мелі. Адзін спадар расказаў яўрэю, што Жылінскі прыгожую камяніцу пабудаваў. «Ай, я і не такую б камяніцу паставіў, каб гэтакую маці меў…»

Неяк, калі Жылінскі сядзеў у сакрыстыі Вострай Брамы, у касцёл прыйшоў нейкі селянін. Селянін запытаўся ў мясцовага хлопца: «Каму тут, паночак, на імшу даваць?» Жартаўнік адказаў: «Дай гэтаму ксяндзу (паказвае на Жылінскага), толькі папрасі яго, каб Жылінскаму грошай не даваў, бо той імшу не адправіць». Селянін падыходзіць, нізютка кланяецца, і, падаючы грошы, кажа: «Прашу, вяльможны ксяндзюлячку, прыняць за імшу, толькі Жылінскаму не давай, бо той імшы не адправіць!» - «Ня дам. Ня дам!» - адказаў Жылінскі [33].

У час вучобы майго брата ў Лідскай школе да мяне дырэктарам там працаваў нейкі католік Падзерня. Гэта быў вельмі шляхетны чалавек, так пра яго казаў мне Урбановіч. У яго час з рускіх там працаваў толькі выкладчык рускай мовы Лаўроў, быў яшчэ немец, выкладчык нямецкай мовы Гілберт, а усе астатнія - палякі [34]. Пры мне Гілберт выкладаў у Наваградку і так казаў пра чужую для яго мову: «Як у гэтых палякаў усё аднолькава: шкляны слоік, спявае слоік [35] і я слоік [36]».

Тады яшчэ выкладалася латынь. Прафесарам латыні быў Заблоцкі, французскай мовы - Масіні, скрыпач, пры мне ён ужо быў на пенсіі і граў на скрыпцы з раніцы да вечара. Неяк ён сваёй музыкай давёў мяне да слёз. Урбановіч спытаў у мяне: «Каралевіч, чаго плачаш?» - «Спадар Масіні так прыгожа грае!»

У часы Падзерні ў Лідзе былі вучнёўскія спевы. У мае часы такога ўжо не было, але мы стварылі аматарскі калектыў. Мы збіраліся па чатыры-пяць (а часам і сем) чалавек і гралі, кіраваў намі Віталіс Шаблоўскі.

Лісты

Шаноўны ксёндз-рэдактар!

З вялікай прыемнасцю бяру ў рукі пяро, каб выканаць жаданне спадара рэдактара і апісаць цяг свайго жыцця і свае працы па механіцы. Нават не для таго, каб гэта было надрукавана ў газеце, а проста каб вы ведалі.

З шасці гадоў я ніколі не выпускаў з рук нажа. У дзесяць гадоў рабіў маленькія вазкі, домікі і г. д. У адзінаццацігадовым узросце, выслухаўшы расповед майго с. п. бацькі, зрабіў мадэль помпы, і яна добра пампавала ваду. Тады ж зрабіў малы ветраны млын з бразготкай, якую было чуваць на палову вярсты. Потым ствараў прыгожыя сэрцайкі, кошыкі і крыжыкі з паперы - паненкі і пані бралі іх сабе на памяць. Пасля зрабіў ткацкі варштат і ткаў стужкі, выдумляючы арнамент.

З-за вельмі слабага здароўя ва ўзросце трынаццаці гадоў я ледзь паступіў у першы клас прагімназіі ў Лідзе. Вельмі любіў навуку і сваіх настаўнікаў, яны таксама добра да мяне адносіліся.

У 1858 годзе тую прагімназію закрылі, і я пачаў вучыцца ў Навагрудскай гімназіі. Там мяне надта зацікавіў вялікі мураваны ветраны млын, які стаяў на замкавай гары, недалёка ад маёй кватэры. Таму ў вольныя ад навукі гадзіны я прыходзіў да яго. Млынар быў надта злы і праганяў вучняў без цырымоній. Але да мяне ён ставіўся добра і дазваляў нават падымацца на вышэйшы паверх ветрака. Прыехаўшы дамоў на вакацыі, я зрабіў маленькі драўляны ветрачок з лопасцямі ў 1,5 локця, з кашом і скрыняй. Засыпаўшы ў вятрак чыстага пяску, можна было назіраць усе этапы працы млына.

Слава аб маім млыне разышлася па акрузе. У той час па Жалудоцкай парафіі хадзіў механік, нейкі Адамовіч. Ён, пачуўшы пра мой млын, адмыслова заехаў да нас, каб яго ўбачыць. На жаль, мяне тады не было дома, і механік, агледзеўшы млын, сказаў бацькам: «Калі ваш сын пойдзе па гэтай дарозе, дык узнімецца высока».

Але я не пайшоў па гэтай дарозе і ўсё жыццё блукаў па бездарожжы ў міражах.

З трох гадоў я заўсёды адчуваў галаўны боль і праз гэта не змог вучыцца далей, не дайшоў і да пятага класа, і давялося мне пакінуць любыя навукі. Схіліўшы галаву, плакаў і маліўся перад абразам Маці Божай у па-дамініканскім касцёле ў Наваградку, слёзы капалі на падлогу. Але гэта не дапамагло, я пакінуў гімназію і прыехаў дахаты, каб заняцца гаспадаркай, але патроху і майстраваў.

У 1864 годзе зрабіў сабе маленькую, у палову локця, арфу. Зрабіў яе, не маючы ні варштатаў, ні прылад, ні хоць якіх інструкцый. З інструментаў меў толькі вялікую нязграбную сякеру, долата і пілку. Увесь час быў заняты гаспадаркай і сваю арфу рабіў вечарамі і па начах. Не маючы струн, зрабіў іх з моцных навошчаных нітак. Арфа атрымалася лепшай, чым я спадзяваўся, і служыла мне больш за год.

У 1865 годзе я прыняўся за новую (ужо вялікую) арфу. Варштат пазычыў у цеслі - добрага суседа, і на гэты раз меў адпаведны матэрыял: струны зрабіў з дроту, прыдумаў, як змайстраваць сапраўдны корпус і механізм нацяжэння струн. Гэтая вялікая арфа працавала пятнаццаць гадоў і цяпер яшчэ жыве, на баку яе надпіс: «1865 год». Акрамя гэтых двух арфаў я зрабіў яшчэ чатыры. З іх адна ў 1871 годзе пайшла жалудоцкаму пробашчу ксяндзу Гайжэўскаму.

У той час я зрабіў некалькі машынак для чысткі бульбы. У 1866 годзе паставіў на полі малы вятрак, які працаваў тры гады. Усё гэта рабіў я з задавальненнем, але мне ніколі не хапала грошай.

Тры гады бесперапынна спаць не мог, усё думаў: як набіваць валікі для катрынкі? Але неяк раптам бы хто малатком па галаве ударыў - гэтак стрэліла мне мысль пра тое, як гэта можна зрабіць.

У Жалудку жыў арганіст Вінцэнт Ліхвяровіч, малады і вельмі здольны да рамёстваў чалавек. Ён быў сталяр-самавук і інструментальшчык, якіх мала. Выдатна дадаў галасы да гармоніі. Рабіў такія рэчы, якіх і ў Вільні не рабілі. Свой свайго заўсёды пазнае, і зразумела, што мы пасябравалі. Я навучыў яго нотам, і мы стварылі аматарскі музычны калектыў. Зрабілі мы катрынку, якая грала «Вітай Панна!», і потым радасна скакалі па пакоі. Я навучыў яго набіваць валік для катрынкі, і яна магла граць усё, што пажадаеш - нават і старасвецкі англез ці што іншае.

Я ўсё жыццё меў замілаванне да механікі. Як толькі канчаў рабіць адну рэч, дык адразу браўся за іншую. І покуль не зраблю - есць і спаць не магу, хаджу як упыр і грызуць мяне думкі пра новы праект!

Для маёй працы трэба было ўмець ліць латунь, і таму, калі я быў у Лідзе, зайшоў я да яўрэя-злотніка, які ліў бронзу. «Навучы мяне латунь адліваць», - кажу. Майстар паглядзеў на мяне і па маіх вачах зразумеў, як гэта мне неабходна! Вучыў мяне паўгадзіны, але я прыехаў дадому і адразу раздзьмуў горн, сабраў усё, што трэба, і адліў якасны латунны ключ.

Яшчэ ў 1865 годзе я, калі рабіў арфу, пазычыў у цеслі яго варштат і потым зрабіў сабе свой. З таго часу праца мая пайшла!

З самага дзяцінства я незвычайна любіў бляхарства. За некалькі гадоў цяжкай і мазольнай працы дайшоў да добрых вынікаў, бо зрабіў ажно чатыры бляшаныя самавары.

У 1868 годзе стварыў вялікі глобус, намаляваў на ім усе часткі сусвету, акіяны, моры, і ўсё гэта атрымалася прыгожа. Потым падарыў яго для навучання геаграфіі п. Стацкевічу. Другі такі ж глобус зрабіў праз дзесяць гадоў. Абодва былі з паперы, атрымаліся як трэба: круглыя, гладкія, моцныя і ў сярэдзіне пустыя. Другі глобус маю ў сябе і сёння - ён добра прыдаўся мне для навучання.

У 1873 годзе міравому суддзі з Жалудка Байлатаву [37] зрабіў механічную лодку сваёй канструкцыі - круцілася воднае кола, і лодка, як параход, ішла па вадзе. Суддзя - малады яшчэ чалавек - працяглы час ездзіў на гэтай лодцы па вялікім ставе і добра бавіў час. Слава пра мой выраб дайшла ажно да Польскага каралеўства.

Каля 1875 года стрэліла мне ў галаву думка зрабіць паравую машыну. На чыгуначнай станцыі ў Аранах [38] прасіў машыніста, каб той раскрыў для мяне цыліндр і клапанную сістэму паравой машыны, і я мог зразумець, як яна працуе. На пэўных умовах машыніст-немец хоць і са страхам, але ўсё ж паказаў мне тое, што трэба. Як толькі я вярнуўся дадому, пачаў збіраць усё належнае і рабіць паравую машыну - лакамабіль.

Цыліндр і іншыя штучкі адліў з волава, бо з гэтым металам ужо ўмеў працаваць. Кацёл зрабіў у стылі самавара са звычайнай белай бляхі. Калі ўсё было гатова, заліў вады, паклаў вугалю і дзьмухаў-хукаў, каб хутчэй распальвалася. Хацелася, каб як хутчэй. Нарэшце бачу: ёсць моцны пар. Хачу ўзяцца рукой за кран, каб пусціць пар у цыліндр, - рука не рухаецца, а сэрца гвалтоўна стукае. Не магу, не магу. Што будзе, што будзе?! А калі ўся мая праца марная?! Нарэшце сабраў усю сілу волі і адкрыў кран!

О Езус! Хрысце! Кола машыны хутка і шалёна закруцілася. Бегаю, крычу, скачу па дому як вар'ят! Усіх напужаў і ўсё ў хаце перавярнуў.

Але мая машына была пабудавана са слабых матэрыялаў і нядоўга мне служыла. Цешыўся ёю толькі некалькі тыдняў. Потым закінуў у кут, дзе яна праляжала васямнаццаць гадоў.

У 1885 годзе з бляхі, на манер варшаўскіх машын, я зрабіў сікаўку, якая палівала вуліцы. Магла ўжывацца пры пажары, бо струмень вады з яе перабіваў праз аднапавярховы дом.

Праз нейкі час ізноў прыйшла да мяне ідэя пабудаваць лакамабіль. Тады я ўжо меў лепшыя слясарныя і сталярныя інструменты, ды і нейкія грошы з'явіліся. Кацёл зрабіў з тоўстай меднай бляхі, цыліндр і ўсё патрэбнае да яго адліў з латуні - атрымалася надзейна і добра. Кола было хоць драўлянае і невялікае, але для вагі акутае волавам [39]. Кацёл меў мернае шкло і клапан бяспекі.

Калі падняўся ціск у катле і паравая машына пачала круціць кола - для навукоўцаў праблема на гэтым была б ужо вырашана, але механікам патрэбна, каб машына рабіла нешта карыснае. Таму я зрабіў яшчэ малатарню, якая малаціла, сартавала і ссыпала зерне ў мяшок. Зрабіў і малы тартак, які пілаваў палена на дошкі. На катле меўся свісток, які было чуваць за паўвярсты.

Зрабіў яшчэ шмат механізмаў, напрыклад, у 1867 годзе - конную малатарню, якая служыла доўгі час.

Спрабаваў сябе ў шавецкім і рымарскім рамёствах. Шаўцом не стаў, а рымарская справа нават і пайшла.

Гадзіннік. Ён атрымаўся вялікі, некаторыя колышасцерні ў ім маюць памер добрага сподка. Усе дэталі драўляныя і зробленыя маімі рукамі без ніякага такарнага станка - кола выразаў сякерай. Як выразаць зубцы на колах - прыдумаў сам. Рабіў гадзіннік у вольны час, пры агні, па вечарах. Мазольна працаваў паўгода, і нарэшце 28 чэрвеня 1898 года мой гадзіннік пайшоў. Дакладна паказваў час і біў гадзіны. Віленскі гадзіннікавы майстар, яўрэй, сказаў мне: «Рабіць такі гадзіннік - катаржная праца». Да гадзінніка я зрабіў яшчэ шмат дадаткаў - ён і абутак на раніцу падаваў, і дзверы, калі трэба, адчыняў і г. д.

Некалькі гадоў таму, у 1905-м, я цалкам перастаў майстраваць. Гадзіннік і ўсе свае рэчы вынес на гарышча, дзе яны і спачываюць. Узрост. Механікай займаўся пяцьдзясят гадоў - меў такое жаданне канструяваць розныя рэчы, што падобна было на хваробу. Але маю такі ўзрост, што ўжо нічога добрага зрабіць не магу.

18 лютага 1913 года.


Шаноўная спадарыня!

Што пані можа сказаць пра вершык «На смерць Нарбута»? [40] Я, як вялікі знаўца літаратуры, яго вельмі люблю, бо добра памятаю той страшны час. Аўтара гэтага верша я ведаў асабіста [41], мы блізка жылі і часта сустракаліся. Ён з'яўляўся невычарпальнай крыніцай анекдотаў - на вячорках заўсёды быў душой кампаніі і ўсіх весяліў, але з'яўляўся вельмі мілым чалавекам і вялікім патрыётам. У тым няшчасным годзе ён, як і я, меў шмат маральных пакут. Хаця я нават, можа, і больш. С. п. Даніэль Камінскі меў хворыя ногі і памёр у 1868 годзе.

Наш народ вельмі цёмны! Зараз, здаецца, заблішчэлі іскры асветы. Неяк мой пляменнік прыехаў да свайго бацькі і прывёз з сабой ровар. Аднойчы ён ехаў роварам, а кабета ішла насустрач. Калі яна ўбачыла, што чалавек едзе на кійку, дык вырашыла, што гэта злы дух, і пачала жагнацца, а потым уця кла ў поле. Назаўтра ён зноў паехаў і на сваім шляху дагнаў селяніна. Той, убачыўшы, што чалавек едзе на двух колах, пачаў жагнацца і бараніцца імем Езуса.

Некалькі гадоў таму над нашым дваром з'явіўся паветраны балон. Кабеты, якія працавалі ў полі, пачалі кленчыць і маліцца, жагналіся самі, жагналі балон, бо палічылі гэта за нябесную з'яву, за якой прыйдуць голад, мор, вайна і пажары. Гэтыя людзі і цяпер жывуць.

Тры гады таму зноў над намі з'явіўся паветраны балон. Мае кабеткі ўжо не жагналіся, а толькі глядзелі з цікавасцю. Я ім шмат расказваў, што паветраны балон - гэта не цуд, а вынаходніцтва чалавека.

Я ведаў аднаго старога, які вучыў дзяцей чытаць і пісаць і не браў за гэта грошы.


Пераклад з польскай і каментарыі Леаніда Лаўрэша



[1] Życka L. Działalność popowstaniowa Polakуw na ziemi mińskiej (materiały i wspomnienia) / L. Życka, M. Łęska. - Warszawa, 1939.

[2] Szalewicz Eustachy. Wspomnienia szkolne ze szkoły powiatowej w Lidzie i gimnazjum w Nowogrуdku // ДГАЛ. - Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 172.

[3] Kurjer Wilenski № 225(4542), 18 sierpnia 1938

[4] Тэкст напісаны Шалевічам пра просьбе Людвікі Зыцкай, якая не паспела яго надрукаваць, бо пачалася Першая сусветнай вайна, але перадала ў архіў і унесла ў каталог, што дазволіла мне знайсці яго ў Віленскім архіве. - Л. Л.

[5] Маецца на ўвазе вялікі блакнот, у якім Шалевіч пісаў свае ўспаміны.

[6] Святой памяці.

[7] Тады можна было ісці ў першы клас хоць у дваццаць гадоў. - заўвага аўтара.

[8] У тэксце - па-беларуску.

[9] Паштовая станцыя паміж Лідай і Ішчолнай.

[10] Падчас той эпідэміі халеры ў Лідзе штодня памірала 3-4 чалавекі.

[11] Для параўнання, Ян Булгак пісаў пра той час: «… сярод тагачаснай шляхты панавала даўняе, яшчэ даволі распаўсюджанае меркаванне, што навука дрэнна адбіваецца на здароўі. Прадузятасць паходзіла з таго, што моладзь мужчынскага полу, прызвычаеная да гарцавання на кані, да палявання і ўвогуле да руху на свежым паветры, без радасці садзілася за кніжкі, і ў школьным пакоі ёй было цесна і душна. Часта пасля некалькіх гадоў, праведзеных у гімназіі без аніякіх поспехаў, бацькі забіралі дадому вусатых сыноў, у якіх ужо не граматыка была ў галаве, а жаніцьба. Так было з братам маёй маці - дзядзькам Тадэвушам Хаціскім, які вярнуўся… з другога класа гімназіі ў Навагрудку, бо бацькі баяліся дрэнных наступстваў школы для яго квітнеючага здароўя. А хлопец быў ужо як дуб, проста са школы пачаў ездзіць у сваты і праз пару гадоў ажаніўся. Большасць тагачаснай моладзі не скончыла гімназіі: чатырохкласны школьны стаж ужо лічыўся сур'ёзным вынікам, а універсітэцкі дыплом папросту быў рэдкасцю». Гл: Булгак Я. Край дзіцячых гадоў / Я. Булгак. - Мінск, 2004. - С. 75.

[12] Аўтар не піша, за год ці за месяц.

[13] У сэнсе «анёлам». Серафімы - вышэйшы чын анёлаў, асабліва набліжаных да Бога.

[14] Тут і далей, аўтарскі тэкст на рускай мове даецца ў сучаснай граматыцы.

[15] Адзнакі па пяцібальнай шкале.

[16] Настаўнік «чистописания, черчения и рисования, коллежский секретарь Иосиф Васильевич Урбанович». Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1858 г. - Вильно, 1858. - С. 42.

[17] Віленскі ўніверсітэт быў закрыты пасля паўстання 1831 года.

[18] Апякун Віленскай вучэбнай акругі, генерал-лейтэнант, барон Рыгор Пятровіч Урангель. Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1858 г. - Вильно, 1858. - С. 34.

[19] У выніку рэформ Аляксандра ІІ нейкі час цягнулася палітычная «адліга», былі памілаваны паўстанцы 1831 года, і інш. Аднак пасля паўстання 1863 года польская мова была цалкам забаронена ва ўсіх установах не толькі Беларусі, але і этнічнай Польшчы. Цяпер мала хто ведае, што пасля 1863 года выкладанне ў польскіх школах, гімназіях і Варшаўскім універсітэце вялося выключана па-руску. Ва ўсіх установах віселі шыльды з надпісам: «Говорить по-польски запрещено».

[20] Наглядчыкам павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе ў 1860 годзе быў надворны дарадца Аляксандр

Аляксеевіч Шахаў. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. - Вильно, 1860. - С. 39.

[21] Крахельскі пераблытаў словы «дева» і «дрова».

[22] Гл.: Бутовский, А. Рассказы детям о достопримечательнейших событиях истории России / А. Бутовский. -Типография Карла Крайя, 1851.

[23] Здаецца, гэтая кніга існавала толькі ў рукапісе. Слядоў выдання яе ў Вільні я не знайшоў.

[24] «Рускія людзі ў цывільнай адміністрацыі краю сустракаліся вельмі рэдка, большай часткай толькі ў губернскіх гарадах, у павятовых рускі чалавек уяўляў сабой выключную з'яву. Прытым тутэйшы рускі службовы люд быў зусім адмысловага гатунку. Карэнных выхадцаў з Расіі заносіла сюды якая-небудзь выпадковасць... Такія назіранні я вынес з вельмі многіх гарадоў Паўночна-Заходняга Краю, куды мяне кідаў лёс. Усяго даўжэй мне прыйшлося пражыць з батальёнам нашага палка ў горадзе Лідзе Віленскай губерні. Тут у цывільнай адміністрацыі, пачынаючы з гараднічага, усе былі тутэйшыя. Праўда, найшоўся адзіны рускі, наглядчык павятовай вучэльні, званы па польскай тэрміналогіі "панам прэфектам", ды і той быў горкі п'яніца. Гэта быў карэнны русак, але ў маральных адносінах зусім бесхарактарны. Відаць, яго схавалі ў гэтую глухмень за п'янства. Да сваёй вучэльні ён амаль не меў дачынення, і... настаўнікі выкладалі так, як хацелі, без усякага кантролю; балазе ў той час яшчэ не была ўсталявана, як зараз, сістэматычная рэвізія выкладання з боку акруговых начальнікаў». Гл: Любарский, И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) / И. В. Любарский // Исторический вестник. - 1895. - Т. 59, № 3. - С. 818.

[25] Невядома, дзе на вуліцы Віленскай стаяў дом Міцкевіча. З тэксту бачна, што згарэў ён ужо пасля пажару 1891 года, верагодна, на пачатку XX стагоддзя, а яго дах бачны на нейкай з паштовак.

[26] Гэтыя настаўнікі былі пераведзеныя ў Навагрудскую гімназію.

[27] Верагодна, з Вялікага Мажэйкава.

[28] Агароднік - селянін, які апрацоўваў малы кавалак зямлі - агарод.

[29] Біскуп Караль Грынявецкі (1841-1929) у 1883 годзе быў прызначаны папам Львом XIII віленскім біскупам, а ў 1885 годзе сасланы ў Яраслаўль за супраціў русіфікацыі.

[30] Хваляванні былі выкліканы патрабаваннем летувіскіх вернікаў служыць імшу па летувіску.

[31] Феліцыян Бядрынскі (Бядржынскі) - прэлат, кандыдат тэалогіі (не блытаць з сучасным кандытатам навук), схаластык вялікага Віленскага кафедральнага капітула, законанастаўнік Віленскай мужчынскай гімназіі і Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, кавалер ордэна Св. Станіслава 3 ст., узнагароджаны залатым наперсным крыжам і медалём за вайну 1853-1856 гадоў. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. - Вильна, 1875. - С. 136-137.

[32] Пётр Жылінскі (1817-1887) - кіраўнік Віленскай дыяцэзіі, прэлат-прэпазіт (глава манаскага закона)

кафедры, доктар тэалогіі, кавалер ордэна Св. Станіслава 1 і 2 ст. з імператарскай каронай, кавалер ордэна

Св. Уладзіміра 3 ст., узнагароджаны наперсным крыжам, медалямі за вайну 1853-1856 гадоў і падаўленне

паўстання 1863-1864 гадоў. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. - Вильна, 1875. - С. 136.

Масолаў А.: «Некалькі пазней узвысіўся вілейскі дэкан П. Жылінскі, чалавек яшчэ не стары, але цалкам сівы, трымаўся як каталіцкі біскуп - важна і стрымана. Ён атрымаў адзін з лепшых Віленскіх прыходаў - Вострабрамскі (каля гэтага касцёла - знакамітая брама з капліцай, пад'язджаючы да брамы па вузкай вуліцы, усё людзі здымалі шапкі) і прызначаны прэлатам». Гл: Мосолов, А. Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. / А. Н. Мосолов. - СПб., 1898. - С. 117-118.

Пётр Жылінскі, пасвечаны ў святары ў 1842 годзе. Пробашч Віленскай Вастрабрамскай парафіі. У 1866 годзе і ў 1868-1883 гадах - адміністратар Віленскае дыяцэзіі ў сувязі са ссылкай у Вятку біскупа Адама Станіслава Красінскага. Выявіў сябе як актыўны прыхільнік русіфікацыі касцёла. У лістападзе 1869 года, падчас аўдыенцыі ў Аляксандра ІІ, заявіў, што з'яўляецца сапраўдным патрыётам Расіі і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля Айчыны і цара. У 1871 годзе даў дазвол на выданне расейскамоўнага катэхізму «Рымска-каталіцкі катэхізіс пра паслухмянасць і адданасць прастолу і Айчыне нашай Расіі або тлумачэнне 4-й запаведзі Госпада, якая датычыць начальства і яго ўлады». У 1876 годзе для паскарэння русіфікацыі касцёлаў былой Мінскай дыецэзіі падзяліў яе на два візітатарствы - Мінскае і Слуцкае. Палітыка адміністратара выклікала рэзкі супраціў вернікаў і святароў. 23 студзеня 1878 года Жылінскі атрымаў ліст ад кардынала Кацярыні, у якім Ватыкан абвінавачваў яго ў самавольным уступленні ў кіраванне дыецэзіяй, а таксама ў спробах пазбыцца лепшых ксяндзоў і ўвесці ў касцёл рускую мову. Рым патрабаваў ліквідацыі пасад візітатараў. Напрыканцы 1882 года Пётр Жылінскі выехаў у Ватыкан, дзе адрокся ад ранейшых «памылак» і атрымаў адпушчэнне грахоў. Зразумела, што такі «свой» чалавек меў поўную свабоду красці.

[33] Увесь гэты дыялог у Вострай Браме запісаны па-беларуску.

[34] У сэнсе - мясцовыя рыма-католікі.

[35] Скажонае «słowik» - салавей.

[36] Скажонае «człowiek» - чалавек.

[37] Васілій Іосіфавіч Байлатаў.

[38] Праз Ліду Палеская чыгунка прайшла толькі ў 1882 годзе, але па самаму поўдню Лідскага павета праходзіла чыгунка «Пецярбург - Варшава». Таму Шалевіч і бачыў паравоз у Аранах (тады Троцкага павета).

[39] Аднацыліндравай паравой машыне цяжкае кола патрэбна для інерцыі, каб зрушваць поршань з «мёртвай кропкі».

[40] Верш надрукаваны, гл.: Kamiński, D. Na zgon Narbutta / D. Kamiński // Ziemia Lidzka. - 2003. - № 3(55).

[41] Аўтар - Даніэль Камінскі з маёнтка Сапунцы пад Радунню.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX