Папярэдняя старонка: Мемуары

Ксёндз Юзаф Бародзіч і яго успаміны, датычныя Ліды 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-04-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Ксёндз Юзаф Бародзіч і яго успаміны, датычныя Ліды // Лідскій Летапісец, 2020. 1(89). C. 76-80.



Ксёндз Юзаф Бародзіч нарадзіўся ў 1861 г. каля Панявежы ў Ковенскай губерні. У 1893 г. паступіў ў Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1897 г. Служыў вікарыем у Лідзе, Новых Троках, Даўгілішках, потым адбываў адзін год у Гарадзенскім кляштары за «лідскую справу». Сваю «літаратурную дзейнасць» кс. Юзаф Бародзіч распачаў брашурай пра культ Сэрца Хрыста, напісанай і выдадзенай па-летувіску [1].

У 1900 г. знаходзіўся ў Рыме, дзе Папа Леў ХІІІ дабраславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Пасля служыў у Вільні, першы касцёл пабудаваў у мястэчку Жозлі, другі - у Клюшчанах. У 1905 г. быў накіраваны ў Мёры, дзе на працягу 1905-1907 гг. пабудаваў цагляны касцёл. Царскімі ўладамі ссылаўся ў Яраслаўль, Рыбінск і Аглонскі дамініканскі кляштар у Латвіі. Нават у ссылцы, у Рыбінску, ён таксама пабудаваў касцёл.

Суд у Гародні прысудзіў яго да пакарання ў Дынабургскай цвердзі. Але ксяндзу ўдалося ўцячы з цягніка, за адзін расійскі рубель мытнік прапусціў яго на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі. Нейкі час Бародзіч вывучаў філасофію ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. У Кракаве ў яго зноў абудзілася цяга да напісання кніг. Тут ім былі створаны кнігі «Пад возам і на возе» і «На Русі Галіцкай схізма не пройдзе». Людзі, якія добра ведалі кс. Бародзіча, дзівіліся таму, як гэты чалавек стаў літаратарам, бо ён ніколі не меў ніякіх схільнасцей да гэтай справы. Але здзіўленне публікі трымалася не доўга, бо хутка стала вядома, што суаўтарам яго кніжак з'яўляецца езуіт Аляксандр граф Моль (Mohl). Гэты, без сумлення, здольны чалавек, пры канцы жыцця стаў фанатычным «усепалякам» [2].

Пасля Кракава кс. Бародзіч патрапіў у Сан-Рэма. Тут служыў у касцёле святога Роха, пабудаваў заезджы двор «Палонія» і невялічкі гатычны касцёл. На касцёле замовіў намаляваць белага польскага арла. Аднак за злоўжыванні быў дэпартаваны ў Расію. Ксяндза ўратавала тое, што пачалася Першая сусветная вайна і карабель, на якім ён плыў, падарваўся на міне. Перачакаў вайну ў Канстанцінопалі. Пасля абвяшчэння польскай незалежнасці, вярнуўся ў Польшчу, але ў Сан-Рэма распачалася судовая справа аб паходжанні сродкаў на будову маёнтка «Палонія», аб прысабечванні ксяндзом сабе нерухомасці ў Сан-Рэма і нават аб кантрабандзе дыяментаў. Але справа была неяк залагоджана [3].

У 1920-30-х гг. кс. Бародзіч стаў зацятым антыбеларусам. Прычыніўся ён і да закрыцця манастыра марыянаў у Друі. Не буду пра гэта пісаць, бо гэты перыяд жыцця Бародзіча ўжо добра і падрабязна апісаў а. Аляксандр Надсан [4]. Пасля закрыцця манастыра ў Друі, беларускі ксёндз Уладзіслаў Талочка гэтак напісаў пра гэтага надзвычай энергічнага і авантурнага чалавека: «Каго можа зараз баяцца гэты мільянер, капіталіст, уладальнік палацаў і вілаў, сябар арцыбіскупа і сакратароў Каталіцкай акцыі, прыяцель ваяводаў, старастаў і паліцыі?» [5]

Я пераклаў і пракаментаваў толькі частку ўспамінаў ксяндза Бародзіча, датычных Ліды. Успаміны, напісаныя тады, калі ён яшчэ не стаў беларусафобам, і ў іх можна знайсці шмат цікавых і зараз цалкам забытых момантаў з рэлігійнага жыцця нашага горада, што робіць ніжэй надрукаваны тэкст надзвычай цікавым для ўсіх аматараў гісторыі.

Пад возам і на возе [6]

Вікарый ў Лідзе (верасень 1898 - студзень 1899)

… атрымаў распараджэнне на перавод вікарыем у Ліду. Губернатар вырашыў, што ў Лідзе за мной будзе лепшы нагляд з боку мясцовай жандармерыі і асабліва праслаўленага палякажэрцы і ворага касцёла папа Каяловіча, які на працягу 40-ці гадовай «дзейнасці» шмат ксяндзоў саслаў у кляштары ці ў выгнанне.

[…]

Ліда з'яўляецца павятовым горадам і вузлавой станцыяй на перакрыжаванні чыгуначных ліній - Палескай і Сядлецкай [7]. Каля горада паўсюдна растуць хвойныя лясы, глеба пясчаная. У горадзе маецца старажытны, але ўбогі касцёл у раманскім стылі [8]. У мае часы яго знешні выгляд быў варты жалю, выглядаў касцёл сумна і занядбана, да таго ж быў ён замалы, бо не мог умясціць нават чацвёртую частку вернікаў. Лідская парафія налічвала да 18 тысяч душ [9]. Яшчэ да студзеньскага паўстання 1863 г. у Лідзе меўся багаты кляштар з прыгожым касцёлам, але ён быў замкнуты Мураўёвым [10].

Ксёндз Юзаф Бародзіч.

Аб вяртанні кляштарнага касцёла [11] ці аб дазволе на пабудову новага лідзяне прасілі здаўна, але поп Каяловіч заўсёды ім перашкаджаў бо даводзіў губернатару, што гэта было б шкодна для праваслаўя.

На ўзгорку, недалёка ад касцёла, яшчэ стаялі руіны старога замка [12]. Але калі імі ніхто не будзе апекавацца, дзякуючы яўрэям і маскоўскаму гаспадаранню, хутка ад замка і следу не застанецца.

Мясцовы вясковы люд бедны, але яўрэі вельмі багатыя. Гандаль і прамысловасць знаходзіцца ў іх руках, і яны нават арандуюць маёнткі. Адзіны Лясковіч [13] гаспадарыць сам, чым дае добры прыклад суседзям, якія пускаюць свае маёнткі ў арэнду.

Да часоў Мураўёва ў Лідзе віравала гандлёвае жыццё, але пасля паўстання 1863 г. горад заняпаў і ўжо ніколі не вярнуўся да стану ранейшага росквіту.

У горадзе і ваколіцах урад замяніў некалькі касцёлаў на цэрквы, а людзей альбо сілай перавёў у праваслаўе альбо як «упартых», неміласэрна праследаваў [14].

Кожная вёска прымусова мусіла трымаць царкоўныя школы і настаўніка-русіфікатара. У гэтых школах сістэматычна ганьбілася каталіцтва і ўсімі спосабамі людзі намаўляліся да прыняцця праваслаўя. Кожны вучань мусіў вучыць праваслаўны катэхізіс і царкоўныя абрады. Папы раздавалі дзецям праваслаўныя абразы, медальёны і ўсходнія крыжыкі, прышчапляючы нянавісць да ўсяго каталіцкага.

Самыя руплівыя мае папярэднікі спрабавалі змагацца з гэтым ціскам русіфікатараў, але поп Каяловіч разам з жандарамі і паліцыяй заўсёды пазбаўляўся ад гэтакіх ксяндзоў і высылаў іх ці на пакуту (у кляштар - Л. Л.), ці ў выгнанне. Знайсці віну было не цяжка. Тым больш, што згодна з загадамі Мураўёва каталіцкае духавенства ў Літве павінна было служыць ураду ў якасці прылады для русіфікацыі краю і слепа падпарадкоўвацца бюракратыі. Хто паводзіў сябе па-іншаму, таго каралі.

Казанні ў касцёле дазволена было прамаўляць толькі пробашчу, але толькі з выдадзенай урадам кніжкі Бялабрэскага. За імправізацыі падчас казанняў ксяндзу пагражала суровая кара.

* * *

Калі я прыехаў ў Ліду, пробашчам, дэканам і катэхітам быў 60-ці гадовы стары - хворы і худы [15]. Не дзіва, што парафія была занядбана. Жывучы ў сталай небяспецы з боку паліцыі і папа, ён ратаваўся ад іх незвычайнай гасціннасцю. А яны злоўжывалі гасціннасцю пробашча гэтак моцна, што пры канцы яго плябанія замяніла ім рэстаран і дом картачнай гульні [16]. Сам гаспадар сядаў за картачны столік разам са сваімі гасцямі, каб адмыслова прайграць ім грошы і такім чынам даць хабар. Таму з'яўляўся кавалерам розных ордэнаў імперыі і нават адзначаны манархам крыжам з надпісам: «Доброму пастырю за хороший пример» [17].

Горш было з вікарыямі, асабліва з тымі, якія не жадалі падпарадкоўвацца «ўставам» Мураўёва. Ксёндз-дэкан гамаваў запал маладых і даваў ім бацькоўскія парады:

- Асцярожна, - казаў.

- Мой дарагі, за табой ужо жандары сочаць, поп данёс. І, што? Кар'еру сабе сапсуеш і мне клопату наробіш!

Відавочна, адразу пасля прыезду ў Ліду, ксёндз-дэкан накіраваў мяне з візітам да спраўніка Ляўданскага [18]. Гэты чыноўнік прапанаваў мне прыняць яго пратэкцыю і прачытаў лекцыю пра лаяльнасць і правільныя думкі. Пры гэтым страшыў, што ў адваротным выпадку я буду мець цяжкія наступствы. У канцы падабрэў і ласкава прапанаваў мне быць паслухмяным, бо, пэўна, я ёсць «лепш выхаваным» ксяндзом, чым мой папярэднік, г. зн. - менш «фанатычным». Пры гэтым не забыўся нагадаць мне, што «рука руку мые», што кожны вікарый павінен плаціць яму па сто рублёў штогод за яго працу па абароне вікарыя перад губернатарам.

Пасля спраўніка прыйшла чарга папа (Каяловіча - Л. Л.). Гэты мне прама сказаў, што трэба падпарадкоўвацца ўладам і быць вольным ад усялякага «фанатызму»:

- Тутэйшыя людзі спяць, - сказаў ён. - Няхай спяць, і не трэба іх будзіць!

Афіцэр жандармерыі прыняў мяне з вялікай пачцівасцю і засведчыў, што мне ў Лідзе будзе добра, калі я буду «ўмець жыць».

* * *

Такімі былі мае першыя крокі на гэтай пасадзе.

Прадставіўшыся ўладам, я змог пачаць працаваць з людзьмі. Слухаючы споведзі, менавіта тут першы раз пачуў беларускую мову (курсіў мой - Л. Л.), якую да гэтага часу цалкам не ведаў. Мне яна падалася дзіўна сумнай, але беларускі народ спадабаўся мне сваёй незвычайнай пачцівасцю. Ён на дзіва шчыры і ўдзячны, калі ставішся да яго з добрым сэрцам і прыхільнасцю [19].

Адразу зразумеў, што старыя і малыя цалкам не ведаюць пацераў. Пра катэхізіс, відавочна, не было нават і мовы.

Паколькі я не меў права навучаць народ з амбона, пачаў штонядзелю і на святы катэхізаваць людзей з алтара, а таксама кожны раз, калі мяне выклікалі да хворага. З цяжкасцю сабраў 600 дзяцей. Пасля двухмесячнай навукі, адбылася першая, самая вялікая да гэтага часу ў Лідзе ўрачыстасць першай св. камуніі.

* * *

У той час адбыўся інцыдэнт, які напужаў увесь горад. З касцёла знік партрэт маскоўскага князя Аляксандра Неўскага, «святога», непрызнанага Рымам, які быў размешчаны ўнутры касцёла ў часы Мураўёва (увесь сказ перакладзены гэтак, як у аўтарскім тэксце - Л. Л.). Пачалося следства. Нікога не знайшлі, але падазрэнне скіравалася на мяне, і жыццё маё адразу пагоршылася, нават нягледзячы на тое, што даў спраўніку «ў лапу» 19 рублёў, каб супакоіўся [20].

Тады ж закончылася пераробка кляштара ў расійскі клуб [21]. На яго адкрыццё арганізавалі вечарыну з танцамі і запрасілі гасцей, між іншых і ксяндза-дэкана разам са мной. Усімі спосабамі я спрабаваў адмовіцца ад удзелу ў гэтай урачыстасці, але ксёндз-дэкан загадаў ісці разам з ім. У апошнюю хвіліну я змог уцячы ў касцёл і там схавацца. Ксяндзу-дэкану давялося ісці аднаму і глядзець на гульні расійскай моладзі ў месцы, дзе раней маліліся манахі. Маё ж становішча яшчэ больш пагоршылася.

* * *

А працы для мяне меней не стала: удзень спавядаў, а ўначы ездзіў да хворых. Хаваць нябожчыкаў дапамагалі папы … Так, менавіта папы! Нічога дзіўнага. Бо за кожнага, навернутага ў праваслаўе, урад плаціў ім па 50 рублёў! Таму яны прыкладалі ўсе намаганні, каб як мага больш перахапіць сабе, хоць бы і нябожчыкаў. Паліцыя ім у гэтай справе дапамагала. Бывала і так, што ксёндз адпраўляў на могілкі цела католіка, а поп апрануты ў «царкоўныя рызы» з паліцыяй перахопліваў хаўтуры па дарозе і хаваў нябожчыка, як ужо праваслаўнага. Што не зробіш, каб атрымаць 50 рублёў [22]. Ксёндз саступаў, бо за супраціў паліцыі яму пагражала выгнанне ці кляштар.

Пераважна гэтак адбывалася ў вёсцы Дакудава, дзе касцёл замянілі на царкву, але «ўпартыя» ездзілі ў Ліду за 30 км [23]. Каб пазбегнуць адказнасці, людзі хавалі сваіх памёршых нават без ксяндза. Бывала, што паліцыя і наўпрост забараняла ксяндзу ехаць на пахаванне. Так, напрыклад, калі ў 1899 г. памерла спадарыня Нарбут - жонка Тэадора Нарбута і маці Людвіка, ксяндзам было забаронена прыехаць, каб высвеціць труну і магілу. Сям'я і людзі пахавалі нябожчыцу ў маёнтку Шаўры [24].

* * *

Уплыў папоў на каталіцкае насельніцтва не застаўся без згубных вынікаў: у самім горадзе давала аб сябе знаць рэлігійная абыякавасць. З-за вайсковай службы, а таксама царкоўных школ, моладзь размаўляла па-руску, а мясцовы поп часта наведваў ваколічныя вёскі, пры гэтым заходзіў у кожную хату і раздаваў «иконы» і медальёны. Такім чынам вёска і сяляне страчвалі сваю рэлігійную самасвядомасць.

Зразумела, што горшыя ўзоры паводзін духоўнай і свецкай улады знаходзілі сваіх руплівых паслядоўнікаў. У нашым народзе шырылася п'янства, распуста, людзі пачалі верыць ва ўсялякія забабоны, множылася звадніцтва, а крадзёж стаў звычайнай справай. Дайшло да таго, што большая частка парафіянаў не наведвала касцёл і не прыступала да Святых сакрамантаў [25].

Што мне было з гэтым рабіць? Як ратаваць загубленыя душы? Як дагрукацца да іх?

Самай лепшай нагодай для працы з людзьмі сталася для мяне каляда [26]. Пачаў аб'язджаць парафію і наведваць вёску за вёскай, хадзіць ад дома да дома. Трымаўся наступнага плану: прыехаўшы ў вёску першы раз (а вёскі былі вельмі вялікімі), ішоў ад хаты да хаты і на пачатку свянціў хату, а потым кожнага экзаменаваў на веданне катэхізіса. Пасля чаго аглядаў падарункі папоў і заканчваў запрашэннем сабрацца ўсім у зручным месцы. Тут, узяўшы іх усіх у свае рукі, прыкладаў усе сілы, каб разбудзіць іх сумленне, накіраваць да святой веры і растлумачыць, якімі шкоднымі для іх з'яўляюцца царкоўныя школы. Заўсёды рабіў націск на тое, каб прыбралі розныя праваслаўныя медальёны, іконы і замест іх сам раздаваў сялянам абразы. Патрабаваў, каб пільна хадзілі ў касцёл.

Гэтак аб'ехаў усю парафію. Але як толькі закончыў гэтую справу, на мяне ўжо гатова была скарга - чуйны поп (Каяловіч - Л. Л.) пра кожны мой крок даносіў губернатару. Пачаліся «справки», следства і допыты.

Мне пагражала вязніца. Каб уратаваць мяне, біскуп раней выраку ўладаў перавёў мяне вікарыем у Трокі.

Перад выездам з Ліды, у дзень Трох Каралёў, развітаўся з гасцінным беларускім людам [27]. Весткі пра мой перавод вернікі сустракалі енкам і плачам. Усе хацелі, каб я не спяшаўся з ад'ездам. Відавочна, я не мог ім гэта абяцаць, бо справа ад мяне не залежала. Тады вернікі атачылі мяне ў плябаніі і сказалі, што нікуды мяне не адпусцяць, покуль з Вільні не вернецца лідская дэлегацыя да біскупа, якую яны выслалі, каб ратаваць мяне.

Тады ж у плябанію прыйшоў спраўнік і жартам звярнуўся да мяне з вершам:

За Лидские пороки, едете в Троки

А с Трок - прямо в острог.

Потым выдаў мне білет на вольны праезд па Менскай губерні і загадаў, каб я паціху выйшаў праз заднія дзверы плябаніі і гародамі ішоў на вакзал. На вакзале мне была выдадзена інструкцыя пра тое, што мне трэба хавацца ад парафіян і таму я паеду кружной дарогай ў напрамку Менска - на станцыю Нёман [28]. Там я дачакаюся цягніка ў бок Вільні і гэтак даеду да біскупа. У Нёмане прайшлося чакаць усю ноч. Каб я мог адпачнуць, начальнік станцыі [29] выдзеліў для мяне асобны пакой. Я лёг на канапу і хутка заснуў. Тады адбылася дзіўная рэч - мяне нешта разбудзіла, і я ўбачыў, як у пакой уваходзіць жандар, бярэ графін, які стаіць каля мяне на стале і паднімае яго ўверх. З станцыйнай платформы праз вакно ў пакой пранікала дастаткова свету, каб усё гэта было добра бачна. Я вырашыў, што жандар хоча мяне ўдарыць і закрычаў. Жандар пра маё знаходжанне тут не ведаў і таму аслупянеў ад страху, пасля чаго, разбіўшы графін, упаў на падлогу і нават званітаваў. На мой крык збегліся чыгуначнікі разам з начальнікам станцыі. Усе яны аслупянелі ад здзіўлення, калі ўбачылі на падлозе непрытомнага жандара. Потым стала вядома, што жандару пра мяне ніхто не расказаў, а ў пакой ён зайшоў, каб папіць вады.

Тым часам вернікі даведаліся, што мяне ўжо няма ў Лідзе. Не паверыўшы гэтаму, народ зноў прыйшоў у плябанію, абшукаў усе закуткі і толькі тады пераканаўся ў праўдзівасць чуткаў. Узнялася вялікае абурэнне, але рабіць нешта ўжо было позна. Разышліся па хатах.



[1] Nowy występ ks. Borodzicza // Pregląd Wileński. 1927, № 16. S. 4.

[2] Там жа.

[3] Там жа. S. 5.

[4] Гл: Надсан A. Pro patria aliena: Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938). Менск, 2006. С. 34-51.

[5] P. Kantryba ( Ул. Талочка). Pokłosie na Marjanów w Drui // Pregląd Wileński. 1938. № 4-5. S. 5.

[6] Pod wozem i na wozie : pamiętniki Józefa Borodzicza, czyli kilka lat pracy duszpasterskiej na Litwie, Białej Rusi i w głębi Rosyi. Kraków, 1911. S. 15-16.; 17-23.

[7] Сядлецкая лінія (зараз Маладзечна - Ліда - Масты) пачала працаваць толькі у 1906 г. - Л. Л.

[8] Маецца на ўвазе фарны касцёл пабудаваны ў другой палове XVIII ст. у стылі барока. - Л. Л.

[9] У лідскую парафію ўваходзілі вернікі горада і значнай частцы павета. - Л. Л.

[10] Маецца на ўвазе касцёл і кляштар піяраў, які пасля пажару 1843 г. не дзейнічаў і пасля 1863 г. быў перададзены праваслаўным. - Л. Л.

[11] Відавочна, маецца на ўвазе касцёл кармеліцкага кляштара, які стаяў нядзейсны з часоў паўстання 1831 г. - Л. Л.

[12] Сваявольная яўрэйская дзятва выломвае мур кавалкамі і скідвае ўніз замкавага ўзгорка.

[13] Верагодна, маецца на ўвазе ўладальнік маёнтка Кір'янаўцы Станіслаў Лясковіч. - Л. Л.

[14] Гаворка ідзе пра прымусовае скасаванне уніі. - Л. Л.

[15] Сянкевіч Юзаф, ксёндз-пробашч і дэкан у Лідзе ў 1889-1905 гг. Міхал Шымялевіч пісаў: «У выказванні сваёй прыхільнасці да трону некаторыя ксяндзы перамагалі праваслаўных папоў. Лідскі дэкан Сянкевіч у святочныя дні аздобіў касцельную браму транспарантам, на якім была намалявана манаграма цара і царыцы з надпісам «Боже, царя храни»«. Зараз перапахаваны на Слабадскіх могілках - Л. Л.

[16] Жырмунскі ксёндз Генрык Бальцэвіч пісаў: "Інтэлігенцыя не працуе з народам і ўвесь свой час праводзіць за картамі. Ксёндз ёсць «пажондным» партнёрам калі не хапае чацвёртага. Карцёжная гульня ёсць адзіным нашым інтэлектуальным высілкам у правінцыі, цэнтрам гэтага руху часта ёсць плябанія а варштатам капланскай працы - зялёны столік. За картамі, «інтэлектуальнай» ежай служаць плёткі, «тоўстыя» нясмешныя анекдоты і ў самым лепшым выпадку палітыка, якая разумеецца на газетным узроўні" - Цыт. па: Bolcewicz Henryk. Stosunki kościelne na Litwie: listy otwarte księdza do księży. Monachium, 1905. S. 67. - Л. Л.

[17] Той жа Генрык Бальцэвіч пісаў: "У Гародні, на такой важнай пляцоўцы, з усіх бакоў абкладзенай праваслаўем і русіфікацыяй, дэканам ёсць разбэшчаны пошукам выгады ксёндз, скончаны сібарыт, адзінай мэтай якога ёсць падабацца ўраду. Ва ўсіх павятовых гарадах нашай дыяцэзіі сядзяць дэканы альбо рашуча праўрадавыя (Ясевіч, Сайкоўскі), альбо несвядомыя прылады ў дзяржаўных руках (Сянкевіч, Карвоўскі, Шымкевіч, Дзякевіч). У іх касцёлах народ не мае нічога ні для сэрца, ні для розуму. Касцёлы брудныя, казанні ніжэй крытыкі, хораў, гэтага магутнага сродку прыцягнення народа да касцёла, няма, арганы лямантуюць аб божай помсце, касцельныя служкі жывуць у п'янстве і распусце, а ксяндзы - рэнегаты ці сібарыты - збіраюць грошы". - Цыт. па: Bolcewicz Henryk. Stosunki kościelne na Litwie: listy otwarte księdza do księży. S. 65. - Л. Л.

[18] Лідскі спраўнік Сцяпан Мацвеевіч Ляўданскі. За сваю службу атрымаў розныя адзнакі і быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра 3-й ступені. - Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1903 г. Вильно, 1902. ч. 3. С. 58. - Л. Л.

[19] Успаміны пісаліся ў той час, калі кс. Бародзіч не быў яшчэ «беларусажэрцам» і таму цалкам аб'ектыўна пісаў пра лідзян, як пра беларусаў. - Л. Л.

[20] У сваіх успамінах, надрукаваных у 1928 г., кс. Бародзіч піша, што менавіта ён сам асабіста спаліў абраз Аляксандра Неўскага. - Гл: X. kan. J. Borodzicz. Kresy Wileńskie w niebezpieczenstwie. Wilno, 1928. S. 6.

[21] Маецца на ўвазе кляштар кармелітаў. - Л. Л.

[22] Не магу не заўважыць, што гэта новыя "Мёртвыя душы" па-беларуску. - Л. Л.

[23] З вёскай Дакудава справа больш складаная, чым піша ксёндз Бародзіч. Зразумела, што ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква пасля 1839 г. стала праваслаўнай, а грэка-католікі пачалі лічыцца праваслаўнымі. Але ў Дакудаве, як у былой Радзівілаўскай маёмасці, так званых «Нойбургскіх маёнтках», раней меўся пратэстанцкі збор, які недзе ў XVIII ст. быў заменены на касцёл. У 1784 г. у гэтай вёсцы ёсць уніяцкая царква і касцёл філіяльны лідскаму. У першай палове XIX ст. касцёл ужо зачынены, але ў спісах парафіян-уніятаў ад 1829 г. яшчэ запісана шмат іх сваякоў рыма-католікаў. На пачатку XX ст. Дакудава - ужо чыста праваслаўная вёска. Стымул у 50 рублёў (добрыя скураныя боты ў той час каштавалі меней за 3 рублі) усё ж працаваў. - Л. Л.

[24] Становіцца зразумелым, чаму сам Тэадор Нарбут пахаваны каля Нацкага касцёла, а яго жонка і дзеці асобна. - Л. Л.

[25] Прыкладна ў той жа час ксёндз Генрык Бальцэвіч з Жырмун пісаў: "Пабожнасць нашага люду я назваў бы паганскім хрысціянствам. Рэлігійныя абрады выконваюцца досыць скрупулёзна, а ў жыцці - паганскі дух. Народ ходзіць у касцёл, спавядаецца, штодзённа адмаўляе пацеры, цалкам адбывае пасты і адначасова поўны ўзаемнае незычлівасці, цешыцца з чужога гора, не шануе чужой уласнасці, падпаламі сее нянавісць паміж суседзяў, сваркамі і праклёнамі робіць пекла з сваёй сям'і. Наш звычайны селянін будзе засмучаны з-за страты ружанца ці з таго, што сплюне пасля камуніі, але без усялякага сумнення ўлезе на чужы луг, ніву, лес, абкрадзе брата, будзе за рубель ці кілішак фальшыва сведчыць у судзе, грошы, пазычаныя без сведак, не верне, будзе крыўдзіць удаву і сірот, і пры тым ніхто не абароніць слабых, бо прызвычаіўся да пакутаў бліжняга і шануе толькі сілу. Адзін селянін скраў кавалак сала, але гэта была пятніца і таму не еў гэтае сала ні ў той дзень, калі скраў, ні ў наступны і толькі ў нядзелю пачаў есці тое, што скраў. Іншага злапалі, калі пасвіў быдла на чужой ніве, ён пры гэтым меў ружанец і маліўся". - Цыт. па: Bolcewicz Henryk. Stosunki kościelne na Litwie: listy otwarte księdza do księży. S. 68. - Л. Л.

[26] Аднак кс. Бальцэвіч адзначаў, што "«візіта парафільяная», ці так званая ў нас «каляда», ці ж не ператварылася яна ў нас у напаўненне капланскіх торбаў і кішэняў?" - Цыт. па: Bolcewicz Henryk. Stosunki kościelne na Litwie: listy otwarte księdza do księży. S. 79. - Л. Л.

[27] Цікава, але ў 1920-я, кс. Бародзіч ужо б ніколі не назваў лідскіх рыма-католікаў беларусамі. - Л. Л.

[28] У той час праз Ліду яшчэ не прайшла Полацк - Сядлецкая чыгунка, і ў Менск трэба было ехаць праз Баранавічы. - Л. Л.

[29] З 2 снежня 1895 года начальнік станцыі Нёман - Міхаіл Андрэевіч Сёмушкін, «скончыў Маскоўскую павятовую вучэльню, праваслаўнага веравызнання». Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1900 г. Вильно, 1900. ч. 1. С. 107.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX