Папярэдняя старонка: Мемуары

Савецкія ўлёткі - беларускай лацінкай, 1919 г. 


Аўтар: Грынкевіч Яраслаў,
Дадана: 02-02-2022,
Крыніца: Грынкевіч Яраслаў. Савецкія ўлёткі - беларускай лацінкай // Наша слова.pdf № 5, 2 лютага 2022.



26 студзеня 1919 года бальшавікі выпусцілі ўлёткі беларускай лацінкай, каб упэўніць сялян Лідчыны, што яны клапоцяцца за народ і змагаюцца "супраць нямецкіх палачоў і проціў нашых пастаянных мучыцеляў паноў і багачоў". На другім баку адозва па-руску.

Улёткі друкаваліся ў Лідзе ў 1-й арцелі друкарскай справы.

У Лідзе перад вайной былі недзе з чатыры невялікія друкарні. Каб не трапіць у разрад буржуяў, уладальнікі хуценька згарбузавалі друкарскую арцель, якая лічылася савецкай формай арганізацыі працы.

Савецкая ўлётка бедарускай лацінкай, 1919 г. Фота: 'Куфар старажытнасцяў'.

Традыцыі беларускай лацінкі на Лідчыне былі моцныя. І Вацлаў Іваноўскі, і Алаіза Пашкевіч, і многія іншыя, асабліва беларускацэнтрычныя, грамадзяне карысталіся лацінкай, спачатку польскай, потым беларускай. Як бачым, у друкарнях былі адпаведныя шрыфты. Трэба сказаць, што падчас нямецкай акупацыі лідскія друкарні актыўна працавалі, друкавалі прадукцыю на розных мовах. Чаго не было ў лідскіх друкарнях, дык гэта нямецкага гатычнага s, ставілі ss.

А што ж канкрэтна адбывалася ў гэты час у Лідзе? Хто канкрэтна мог выдаваць гэтыя ўлёткі?

Разбяромся ў гэтым з дапамогай кнігі Леаніда Лаўрэша "Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг." (Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017).

11 лістапада 1918 г. закончылася Першая сусветная вайна, германскае камандаванне ў Камп'енскім лесе падпісала перамір'е з краінамі Антанты.

Пры канцы 1918 года палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - беларуская, польская, яўрэйская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі.

У перыяд завяршэння нямецкай акупацыі ў Лідзе пачала стварацца нелегальная камуністычная арганізацыя. З кастрычніка па снежань 1918 г. яе дзейнасць узначаліў дасланы з Вільні ўпаўнаважаны Губернскага камітэта РКП(б) Утроб (Чэхаў). Пры канцы снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны рэвалюцыйны камітэт пад кіраўніцтвам упаўнаважанага ЦК РКП(б) Н. Лазарава. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі (100 вінтовак), і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.

Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пакінулі Ліду, і 3 студзеня 1920 г. - Лідскі павет.

12 снежня 1918 г. штаб Заходняй арміі бальшавікоў аддае загад аб працягу наступу ў Беларусі: «Заходняй дывізіі (начдыў Яршоў) у складзе чатырох палкоў, лятучага атрада т. Вянглінскага... і 38-га авіяцыйнага атрада... заняць і абараняць раён Гародня - Ваўкавыск - Ліда - Баранавічы - Маладзечна, стварыўшы Лідскі баявы ўчастак».

Савецкая ўлётка бедарускай лацінкай, 1919 г. 1-я арцель друкарскай справы, Лида. Фота: 'Куфар старажытнасцяў'.

Рэўкам узяў пад кантроль гарадскую электроўню, тэлефонную і чыгуначную станцыі, будынак вакзала і склады. 31 снежня адбыўся гарадскі мітынг - першая масавая палітычная акцыя рэўкама. Мітынг быў праведзены ў будынку кінатэатра «Нірвана», і ў ім прынялі ўдзел пераважна рабочыя. Сябры рэўкама абвясцілі, што ўлада ў горадзе належыць працоўным, а «горад стане савецкім, як і ўсе беларускія гарады. З панамі і буржуазіяй будзе пакончана».

Польская «Самаабарона» таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаны часова пакінуць горад.

Юзаф Дзічканец пісаў: «Бальшавікі ўвайшлі ў Ліду з боку мястэчка Іўе. У горадзе іх з энтузіязмам сустракалі тутэйшыя камуністы. Гэта былі атрады стралкоў 3-га Сядлецкага палка, які ўваходзіў у склад Заходняй савецкай дывізіі. Частку тых атрадаў размясцілі ў казармах пяхоты, астатніх - у прыватных дамах у горадзе. Камандаванне, якое ўзначальваў камісар Шпак, а таксама штаб дывізіі, які ўзначальваў нейкі палкоўнік Длускі, размясцілі ў доме доктара Рэнарта, які знаходзіўся пры галоўнай вуліцы, якая тады называлася Віленскай».

10 студзеня 1919 г. аддзеламі 3-га Сядлецкага палка «заняты г. Ліда і выстаўлены заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку». 3-ці Сядлецкі полк Чырвонай Арміі быў часткова раскватараваны ў казармах на тэрыторыі сучаснага Паўночнага гарадка, а некаторыя часткі - у хатах і кватэрах лідзян.

Прыход частак Чырвонай Арміі, як і паўсюдна, адмоўна адбіўся на харчовай сітуацыі ў горадзе. Вялікая колькасць крам зачынілася, іх уладальнікі ці пакінулі горад, ці прыпынілі гандаль на нявызначаны тэрмін. Рэўкам пачаў рэгістрацыю ўсіх прадпрыемстваў у горадзе і павеце, а таксама ўсіх крам і таварных складоў. Неўзабаве Лідскі часовы рэвалюцыйны камітэт абвясціў сябе паўнамоцным органам савецкай улады і прыняў рашэнне называцца Лідскім павятовым ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт кантраляваў ключавыя прамысловыя прадпрыемствы, чыгунку, адчыніў біржу працы для беспрацоўных, лякарню, пачалі працаваць камунальныя службы і г.д. На гарадскую «буржуазію» была накладзена «кантрыбуцыя» на суму 80 000 акупацыйных марак для «патрэб працоўных». Пасля накладання на «буржуазію» кантрыбуцыі гандаль у горадзе цалкам заглух. Не толькі багатыя, але і дробныя гандляры пахавалі тавары, баючыся рэквізіцыі. Лідзянам было абвешчана пра пачатак рэалізацыі дэкрэтаў савецкага ўрада. У павеце пачалася рэгістрацыя абшарніцкіх маёнткаў з мэтай іх ператварэння ў сельскагаспадарчыя камуны.

Улётка падпісана менавіта гэтым Ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. Напісана ўлётка архаічным беларускім правапісам, з поўным выкананнем правіла: "Як каму чуецца, так таму і пішацца", але назва месяца ўжо беларуская. Месяц с тудзень праскланялі так жа, як і снежань: снежань - снежня; студзень - студня.

Канкрэтна аўтарам улёткі мог быць член Лідскага ВРК, беларускі эсэр Адольф Сегень. Адольф Сегень быў знаёмы з Янкам Купалам у Віленскі перыяд, ёсць яго надрукаваныя ўспаміны пра Івана Луцкевіча, з якіх можна зрабіць выснову, што менавіта Іван Луцкевіч прыцягнуў Сегеня да беларускага руху.

Пры гэтым нідзе не пазначана дзяржаўная прыналежнасць гэтага Лідскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX