Папярэдняя старонка: Мемуары

Ліда ва ўспамінах ксендза Гіпаліта Баярунца 


Аўтар: Баярунец Гіпаліт,
Дадана: 20-05-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 54.



... Бачыў апошні нямецкі аддзел, які адыходзіў з Гародні, а 18 гадзіне і развітваўся з немцамі з радасцю сэрца, што ўжо адходзяць, і гаварыў ім: "Cu wider nie seien" ("Каб больш не пабачыцца"). Яны аднак былі не ветлівыя і з ксендзам не віталіся, а як "швайны" ("свінні") адходзілі з апушчанымі галовамі "nach Faterland". Праўда? Няветлівыя!

Пасля размяшчэння айцоў францішканцаў у Гародні ва ўласным іх кляштары на нёманскім Прадмесці, 2 верасня 1919 г. я пакінуў Гародню ў 10 гадзін раніцы, каб заняць, прызначаную мне ардынарыятам пасаду пробашча і дэкана ў Лідзе. Цяжка мне на пісьме распавесці, з якімі пачуццямі я ехаў чыгункай уласнай, польскай у вагоне, дзе нядаўна памяшчаліся "8 лошадей" альбо тавары. А мне здавалася, што еду ў вагоне люксовым, першага класу. Такое ўсё сваё, такая свабода, незалежнасць, настаў час, пра які здаўна марылі, так было весела і лёгка на сэрцы! Да Ліды дабраўся ў 5 раніцы наступнага дня, адлегласць малая (100 км), а паездка доўгая, але гэта нічога. Гэта вайна, гэта дзень уваскрашэння Польшчы! Ліда - горад перапоўнены габрэямі. Але горад польскі. Сёння элемент польскі нашмат перавышае габрэйшчыну. У Лідзе застаў польскае войска пад началам генерала С. Шаптыцкага. Які гэта талковы ваяка! Я сустракаў яго часта, бо на кожнае свята ён бываў у касцёле на святой імшы з усім штабам, з афіцэрамі і жаўнерамі. Побыт генерала Шаптыцкага ў Лідзе захапляў нашых ксяндзоў і людзей: з болем сэрца праводзілі мы яго, калі перад Божым Нараджэннем ён пераязджаў у Вільню. Пасля Новага 1920 года я адведаў яго ў Вільні ў палацыку пад Замкавай гарой, размаўлялі каля гадзіны, і тут пан генерал выказаў з болесцю сэрца, што ў выніку незразумелых акалічнасцяў мы будзем мець цяжкія баі з бальшавікамі. Дэталі размовы захоўваю для сябе. Пан генерал Шаптыцкі прадбачыў цяжкасці барацьбы, і гэта спраўдзілася летам таго ж 1920 г., калі ў чэрвені пан Шаптыцкі па дарозе на Варшаву з болем сэрца глядзеў, як бальшавікі забіраюць польскія землі (пакуль што толькі беларускія, рэд ) руйнуюць гарады і вёскі, накідваюць няволю (што я кажу? рай бальшавіцкі) бальшавіцка-габрэйска-маскоўскую нашаму народу.

Вайна з бальшавікамі

Апошні аддзел Войска Польскага адышоў з Ліды ўглыб Польшчы 17 ліпеня 1920 г. у 16 гадзін, а бальшавікі ўступілі ў Ліду ў 17 гадзін, радасна сустраканыя лідскімі габрэямі. "Какая радость. Какое счастье. Наши пришли!" - крычалі габрэйкі на вуліцах Ліды і, схапіўшы бальшавіцкага салдата, шпацыравалі па вуліцы Сувальскай (тады яшчэ Віленскай, рэд. ), я сам гэта чуў і бачыў. Я застаўся ў Лідзе таму што, высылаючы дзяцей з прытулку і іншых асоб, не меў часу падумаць пра сябе, пра сваю бяспеку. Дня 17 ліпеня, як памятаю, у суботу паклаў у ручны чамаданчык рэчы і гатовы быў вырушыць у дарогу з Познаньскай дывізіяй. Але ксёндз-капелан, капітан Ціхоцкі перажагнаў мяне і ў імя Божае прасіў застацца ў Лідзе. Застаўся з думкай, што мясцовыя габрэі яшчэ мяне не ведаюць, бо я толькі што прыехаў у Ліду, застаўся, каб бараніць парафію ад бальшавікоў, каб падтрымліваць у народзе польскі дух, каб быць польскім вокам у Лідзе. Пасля выхаду нашай улады з Ліды пазасталыя лідскія мяшчане сабралі гарадскую раду (савет) і ў тую раду ўключылі і мяне, большасць радцаў была габрэйская. Калі бальшавікі набліжаліся да Ліды, рада сабралася ў магістраце і ўрадзіла ісці з хлебам-соллю на спатканне бальшавікоў. На той нарадзе я не быў асабіста, але да мяне прыслалі дэлегацыю, ці я згаджаюся з такой ухвалай. Я ўхвалу адхіліў, зазначыўшы, што рада сустракаць бальшавікоў не можа, а размаўляць з бальшавікамі можа толькі ў зале магістрата. Так і зрабілі: часовы бальшавіцкі камендант, босы ў парванай кашулі і портках, сабраў радцаў, запытаў, дзе можна дастаць хлеба і тытуню, і раду распусціў, так закончыла сваё кароткае жыццё габрэйская рада.

Што мы выцерпелі праз два тыдні пабыту ў Лідзе з бальшавікамі, лепей сёння пра тое не ўспамінаць. Боль сэрца мяне сціскае - другі раз таго б не вытрымаў. Ператрусы, рабунак, здзекі над людской годнасцю. Гэта нешта жудаснае!

У добрай справе і пан Бог дапаможа, бо просім, праз некалькі дзён з'явіўся да мяне бальшавіцкі камендант Базыль Губарэнка з Самары і пакорна прасіў, каб я прыняў яго да каталіцкай веры і даў яму шлюб з маёй парафіянкай тым жа ранкам, і каб яго не здрадзіў перад камуністамі. Я сумеў тую справу залатвіць, і той камендант - камуніст быў мне ўдзячны і паслушны. Далей. На плябані пасяліўся п. Тараноўскі, начальнік штабу. Расіянін, правы, не бальшавік, які ўсім сэрцам ненавідзеў бальшавікоў, бо яны замардавалі яго бацьку, брата і сястру.

Лідскія габрэі чынілі мне ўсялякія пакасці, але Пан Бог мяне абараніў. Габрэі хацелі, каб я ішоў на "абщественные работы", а пан камендант Тараноўскі сумеў ад нахабных габрэяў мяне абараніць. Знаходжанне маё ў Лідзе габрэяў вельмі турбавала. Падчас побыту камуністаў у Лідзе мы хавалі памерлых палонных палякаў, я аглядаў хворых святымі сакрамантамі, спавядаў камуністаў, палякаў, сагнаных з Пецярбурга і Масквы. Падкормліваў праз верных людзей палонных палякаў і зняволеных ксяндзоў. Пры дапамозе каменданта Губарэнкі вызваліў з-пад арышту ксендза Паўксіта, пробашча з Ліпнішак, а пры адступленні бальшавікоў з Ліды вымагаў ад пана Тараноўскага, які ў апошнія дні ыў прызначаны Тухачэўскім камендантам-камандзірам лідскага адрэзку фронту, каб Ліду не бараніў і горада не руйнаваў, а ішоў бы сабе на сухія лясы. Пан Тараноўскі даў мне слова і стрымаў яго, горад ацалеў, бо абарона была слабой, і стралялі толькі з малых гармат. Бальшавікі пакінулі Ліду ў аўторак 28 верасня 1920 года. Наша войска ўвайшло ў Ліду а 8 гадзіне раніцы па дарозе ад Жырмун. Страляніна трывала з перапынкамі аж да вечара. Быццам бы ў палон было ўзята 25700 бальшавіцкіх салдатаў. Тут адбылася апошняя параза бальшавікоў. Пры адступленні бальшавікоў тры апошнія дні я мусіў хавацца. Але калі ўступіла наша войска, пад кулямі аглядаў нашых жаўнераў. Дня 1 кастрычніка я арганізаваў урачыстае пахаванне забітых жаўнераў, якія загінулі геройскай смерцю ў горадзе і наваколлі, колькасцю 63 чалавекі. Для 20-ці здалелі зрабіць труны, астатніх паклалі на вечны спачын на могілках так, без трунаў.

Дня 29 верасня аб 11 гадзіне прыехаў у Ліду пан Начальнік Дзяржавы Юзаф Пілсудскі. Пахуткаму сабраў дэлегацыю з абывацеляў лідскіх, шаўцоў, краўцоў, чыгуначнікаў, інжынера, які ўцёк з няволі, двух ксяндзоў, рушыў з імі на вуліцу "Пілсудскага" і падзякаваў за вызваленне Ліды.

У суботу дня 2-Х-1920 г. пан Начальнік Дзяржа-вы а 12-й гадзіне паснедаў у мяне на плябані вельмі сціпла, правёў нараду з генераламі і адправіў у Вільню збунтаванага генерала пана Жалігоўскага, легіянераў узнагародзіў Крыжамі валечных. (Я вельмі шкадаваў, што ўзнагародзіў толькі легіянераў і абмінуў дабраахвотнікаў з фармавання генерала Галера!). Такія коратка ўражанні ад вайны з бальшавікамі.

Грамадская і асветніцкая праца

Пасля ўваходу немцаў у Гародню я адразу заснаваў у горадзе польскую школу, меў каля 300 вучняў рознага ўзросту. Цэлы год з настаўніцамі мы працавалі ў школе з дзецьмі, а дзеці неслі польскі дух у свае хаты, у сем'і. Праца завіравала. Беларушчына знікла, а польская мова, так жорстка пераследаваная маскалямі, заняла сваё галоўнае становішча ў каталіцкіх дамах.

Немцы спасціглі мой уплыў і ў наступным годзе адхілілі мяне ад кіраўніцтва, застаўся толькі катахетам. Сціснуў зубы і пачаў паралізоўваць нямецкую працу, і колькасць тых, хто павёў дзяцей у нямецкую школу, меншала, і дзеці ў школу прыходзілі не рэгулярна. Немцы непакоіліся, здымалі кіраўнікоў, але галоўнага вінаватага ў гэтым знайсці не патрафілі. Я баяўся, каб дзяцей не анямечылі, для таго заснаваў дзённы прытулак з харчаваннем, і ў тым прытулку колькасць дзяцей паступова павялічвалася, з 15 дайшла да 200.

З пачаткам школьнага году ў жніўні 1918 г. я быў самімі немцамі запрошаны на пасаду кіраўніка школы. Я згадзіўся, але пры ўмовах, што настаўнікі будуць ад мяне залежныя, што я сам буду выплачваць грошы, якія будуць выдзяляцца мне інспектаратам, што колькасць гадзін нямецкай мовы будзе зменшана з 8 да 4. Колькасць дзяцей зноў вырасла да 200. Я браў чынны ўдзел у падкормцы людзей у час Сусветнай вайны, выконваючы абавязак прэзаса Капітулы. Так было ў Гародні, але дазволю сабе вярнуцца: таксама пра Гародню. У Гародню я прыехаў з Віленскай духоўнай семінарыі 1 чэрвеня 1909 г. Маё першае ўражанне было, што Гародня была вельмі зрусіфікавана, Гародні не ведаў. У Францішканскай парафіі мае парафіянкі размаўлялі па-расейску (беларуску), спявалі кацапскія песні. Выходзілі замуж за праваслаўных "прапаршчыкаў запасу" і бралі шлюбы ў царкве. Вялікім болем лягло мне гэта на сэрца Гэтаму ўсяму абвясціў бітву пастаянную непрымірымую. Паклікаў да сябе талковага патрыёта, маладога арганіста П. Філіна, сказаў яму заснаваць і трэніраваць касцельны хор і пры развучванні рэлігійных спеваў навучыць моладзь песням патрыятычным. Падзейнічала добра. Дзяўчаты і хлопцы з прадмесця ахвотна прынялі ўдзел у хоры, вывучвалі песні і ў сваіх дамах самі спявалі і вучылі маладое пакаленне. На кожным кроку змагаўся супраць русіфікацыі, нядзелямі перад службай на працягу гадзіны праводзіў катэхізацыю дзяцей і моладзі і заўсёды падкрэсліваў польскасць і патрыятызм. Сонныя сэрцы ўзрушыліся, пачалі адходзіць ад маскалёў і стала лепей у парафіі ў Гародні.

У Лідзе таксама не сядзеў без працы. Знайшоў тут два прытулкі на 300 дзяцей і таварыства пад назвай "Галоўная апякунская рада", якую падтрымлівала Амерыка. Як старшыня ГАР працягнуў далей справу дабрачыннасці: падкормліваў дзяцей, старых, сірот, вёў народную кухню і г.д. У падполлі адбывалася вучоба. Заснаваў пры дапамозе талковых асобаў яслі для немаўлят і маленькіх сірот, медыцынскі прыёмнік для дзяцей. Мелі склад вопраткі, бялізны, медыкаментаў і прадуктаў, пераважна амерыканскіх кансерваў.

Пры нашэсці бальшавікоў на Ліду дзеці з прытулкаў і склад былі эвакуяваны (перавезены) ўглыб Польшчы, у Лідзе засталіся яслі і прытулак для старых, якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла габрэйка Камянецкая і былы колішні спраўнік расейскі Гротэ дэ Буко. Пасля адходу бальшавікоў склад не вярнуўся ў Ліду. Дзеці вярнуліся не ў Ліду, а ў Сялец над Нёманам і заставаліся пад апекай Лідскага сойміка. Соймік падтрымліваў іх некалькі гадоў, убачыў, што ў тым няма ніякага інтарэсу (меркавалі нашы чыноўнікі і свецкія дзеячы, раней накіроўваючы той інтарэс на сваю карысць) і пасля некалькіх гадоў прытулак згарнулі, і сёння той справай соймік цалкам не займаецца.

На працягу некалькіх гадоў я апекаваўся старымі, а акрамя мяне ніхто старымі не цікавіўся і нічым не дапамагаў, я мусіў пачаць хадайніцтвы ў Магістраце, і той прыняў старых пад сваю апеку. Магістрат апекаваўся старымі два гады. А потым прытулак старых згарнулі, старых выслалі ў маёнтак Міхалова каля Валожына (7 кіламетраў), адкуль аднак многія пехатой вярнуліся ў Ліду з-за недахопу духоўнай уцехі (апякункай была гаспадыня маёнтка праваслаўнага вызнання, а касцёл знаходзіўся за 7 кіламетраў) і сёння церпяць нястачу, бо Канферэнцыя міласэрдзя св. Вінцэнта і Паўла Поні з-за недахопу фундушаў магла толькі часткова аказаць апеку.

Засталіся яслі, дзяцей было да 50, галоўная апякунская рада была распушчана. Было заснавана Таварыства дапамогі Лідскага староства, зарэгістраванае ў Наваградскім ваяводстве дня 24 чэрвеня 1921 г. пад № 61737. З ясель утварыўся прытулак "Сэрца Марыі" і быў размешчаны ў доме пана Тыркіна пры вул. 17 Красавіка, дзе прытулак знаходзіўся да 1926 г. У тым жа годзе ён быў перанесены на Касцельны фальварак пры вул. Мілоснай (Кахання) № 27 і дзе застаецца па гэты дзень.

Таварыства грамадскай дапамогі заснавала таксама прадпрыемства кройкі і шыцця ў касцельным доме пры вуліцы імя Сувальскага палка № 6, якое мела дзяўчынак да 30, вучыла іх працы і прыспасоблівала да самастойнага жыцця, вырываючы моладзь з габрэйскіх рук, у 1933 годзе прытулак і працоўня былі перададзены Віленскаму таварыству "Карытас", якое заснавала ў Лідзе сваю філію.

Падчас свайго побыту ў Лідзе кс. Г. Баярунец браў удзел у патранаце Сувальскага палка, у патранаце арганізацыі Сокала, пажарнай аховы, у надзорнай радзе кааператыву "Адзінства", у Саюзе польскіх спажыўцоў "Разам", у надзорнай радзе Лідскага народнага банка, якой быў першым арганізатарам, у кіраўніцтве Польскай мацежы школьнай, у кіраўніцтве ЛАПП, у бацькоўскім камітэце Лідскай гімназіі, браў удзел ва ўсякіх вартых арганізацыях - каталіцкіх, і грамадскіх, і дзяржаўных, ва ўсякіх дзяржаўных і грамадскіх урачыстасцях , якія стаялі на грунце каталіцкім і польскім.

Дэканская праца

Будучы лідскім дэканам кс. Г. Баярунец амаль штогод аб'язджаў парафіі дэканату і наведваў школы: усеагульныя і сярэднія, арганізоўваў дэканскія з'езды па некалькі разоў на год, браў чынны ўдзел у касцельных урачыстасцях у парафіях дэканату. У часе візіту арцыпастара асабіста суправаджаў арцыбіскупа. Кіруе Каталіцкай акцыяй у дэканаце, а таксама касцельнымі таварыствамі. Бярэ ўдзел ва ўрачыстых абходах, калі якая парафія такія абходы арганізуе. Складае справаздачы з дэканату ў Віленскую арцыбіскускую Курыю.

Падзел Лідскай парафіі

І. Лідская Фарная парафія была вялікай (каля 20 тысяч душ) і разлеглася на 20х25 кіламетраў. Кс. Гіпаліт Баярунец адразу пасля прыезду ў Ліду самастойна рэфармаваў парафію ў Крупе ў верасні 1919 года, далучыўшы да яе блізкія вёскі, двары і хутары. У Крупе існавала капліца, пабудаваная з дрэва ў 1460 г. як філіяльная Ганнай Івашка-Давойна пад назвай Найсвяцейшай Тройцы з наданнем зямлі: паселішча Ястрэбла Пінскага павету. Першым пробашчам быў кс. Станіслаў Мікульскі. У красавіку 1920 г. касцёлік згарэў. А наступнік кс. Юзаф Сабалеўскі збудаваў пры дапамозе парафіян мураваны касцёл, які быў асвечаны ў 1925 г. Трэцім пробашчам быў Генрык Драгель, а ад лістапада 1936 г. пробашчам з'яўляецца кс. Баляслаў Гудэйка. У архіве Фарнага касцёла захоўваюцца старыя інвентарныя акты, у якіх ёсць вопіс дакументаў пабудовы касцёла, стварэння і кіраўніцтва той філіі.

ІІ. Кс. Г. Баярунец у 1922 г. запрасіў у Ліду ксяндзоў-піяраў у іх уласны піярскі касцёл пад назвай Св. Юзафа Каласантага. Касцёл спачатку быў драўляны і пабудаваны Сцыпіёнам дэль Кампа ў 1757 г., у тым годзе айцы-піяры пераехалі ў Ліду з Веранова (Воранава). Сённяшні мураваны касцёл будавалі ад 1801 г. да 1825. У 1832 г. касцёл быў закрыты, манахаў расійскія захопніцкія ўлады выгналі. У 1846 годзе касцёл і кляштар згарэлі. У 1866 годзе касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву. У 1919 г. касцёл быў вернуты, і тут аселі айцы-піяры. Айцы-піяры занялі таксама свой касцёл у Шчучыне.

ІІІ. У 1922 годзе кс. Г. Баярунец здабыў парцэль зямлі для беніфікацыі ў Гаўі і заснаваў там парафію пад назвай Пераўасаблення Панскага, далучыўшы да яе многія вёскі з Лідскай парафіі, Ліпнішскай і Івейскай, у агуле каля 1500 душ. Першым пробашчам стаў кс. Юльян Юркевіч (памёр 30.10.1936 г. у Лідзе, а пахаваны ў падзямеллі касцёла ў Радуні, дзе ў апошні час быў пробашчам, а перад тым у Рудзішках пабудаваў прыгожы мураваны касцёл) і пабудаваў драўляную плябанію. Другім пробашчам да сёння ёсць кс. Юзаф Козел ад 1924 г., які дакончыў плябанію, збудаваў гаспадарскія будынкі, народны дом, а ў 1927 г. арганізаваў касцёл у пакінутай праваслаўнымі капліцы драўлянай, старой, даўняй уніяцкай у часе Сусветнай вайны. Пакрыў тую капліцу ацынкованай бляхай, дабудаваў дзве закрыстыі і ўпарадкаваў касцёлік, а таксама кіраваў касцёлам у Кір'янаўцах да 1935 г.

ІV. У Кір'янаўцах пры двары існаваў драўляны касцёл пад назвай Найсвяцейшай Тройцы, фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам. Быў забраны пад праваслаўную царкву у 1866, а ў 1919 г. вернуты. Належыць п. Ласковічу.

(Пераклад Станіслава Судніка.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX