Мне здаецца, што дарогу, якая ідзе на Голдава з Баяр, называлі Пацукоўскі гасцінец. Па левай старане жылі Кійкі, па правай Чыркі, Дарашы (Саша Дараш жыве і сёння хіба там, Іван памёр некалькі гадоў назад). Па гэтай жа дарозе (гасцінцы), дзе жылі Дарашы ў бок шашы супраць Кійкоў, быццам быў двор. У двары быў свіран, дзе быў прывязаны мядзведзь, з якім прадзедаў брат Габрусь дужаўся. Як мне бацька мой расказваў, што яшчэ і студня захавала сляды.
Прадзед мой называўся Рыгор, так як і дзед мой. Прадзед быў багатым і вялікім майстрам, рабіў драўляныя манежы. Дружыў, калягаваў з Шалевічам з Хацяноўцаў. На паляванне хадзілі разам. Сядзяць, чакаюць на пяньках… А вось і Рыгор ідзе - абняліся, пацалаваліся. Ну можам пачынаць ловы (паляванне). Прадзед, як добры майстар-сталяр, многа што рабіў для свайго калегі. Той плаціў пераважна будаўнічым матэрыялам (Ну, Рыгор, выбірай у лесе што падабаецца, якая драўніна табе патрэбна - хваіна ці ясень, або дуб. У прадзеда былі добрыя брычкі і санкі выязныя, трымаў добрыя коні. Хлявы замыкаліся драўлянымі замочкамі (хітрымі, яго работы). Памятаю з расказу бацькі як ў Зубкоў пазычалі боты з галянішчамі, ды ў некага зваліліся з ног, сядаючы.
Двор Шалевічаў называўся Хацянаўцы за вёскай Баяркі, памятаю яго яшчэ з-за часоў Польшчы, быў скромны, мураваны і не цэлы быў крыты бляхай, а толькі часткова, астатняя частка, хіба саломай. Быццам нехта з патомкаў Шалевічаў жыве ў Кельцах. Я не стрэў такога прозвішча. Гэта Лявошка гаварыў. Хлявы ў Шалевічаў былі драўляныя, але ўзорныя з адводам гною.
Запомніўся адзін расказ, як ехалі ў Жалудок прадзед і Шалевіч (Шаляйч - так у нас называлі). Шаляйч да фурмана: "Не пераганяй, бо Рыгор зазлуецца". Мне было цікава як размаўлялі. Бацька кажа мне: "Так , як мы с табой. Хіба ж тады наша мова цудоўная - пявучая ні была ў паняверцы як сёння".
Бацька мой не мог чуць іх размовы.
З ліста Ўладзіміра Антонавіча Зубко (1923-2008), ліст напісаны каля 2000 г.
Апублікавала Святлана Зубко.