Папярэдняя старонка: Мемуары

Жамойцін Янка. Мой родны кут 


Аўтар: Жамойцін Янка,
Дадана: 06-06-2016,
Крыніца: Жамойцін Янка. Мой родны кут // Белавежа: літаратурны альманах / [рэдактар Ян Чыквін]. - Беласток: Белавежа, 2011. - 194 с. - (Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб'яднання 'Белавежа'; кн. 83). С. 19-25.



Янка Жамойцін (нар. 28 студзеня 1922 г. ў в. Клімавічы на Лідчыне), празаік, літаратурны крытык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Прайшоў праз ГУЛАГ. Памёр 25 красавіка 2003 г. на дарозе да роднага дому ў Беларусі. Пахаваны ў Варшаве.
Аўтар аўтабіяграфічных - аповесці З перажытага (Беласток 1996) і апавядання Лёсы іх сышліся ў Спаску ("Тэрмапілы", 2002 №6).

МОЙ РОДНЫ КУТ

Клімавічы невялічкая вёсачка, усяго 16 сядзібаў, забытых Богам і людзьмі пасярод разлеглага балота. Бугор на ўскраіне дрыгвяністай абалоны вызначыў асаблівы расклад вёсачкі. Сядзібы вяскоўцаў уладзіліся не так, як наогул у іншых вёсках, абапал адной вуліцы - яны неяк прытуліліся да сябе, утвараючы заселенае кола, якое пераразалі дзве вуліцы накшталт літары "Т". Пачынаючы з паўднёвага захаду, ад асновы літары да яе папярочкі, былі сядзібы Радзюжоў, Сямашкаў і аднаго Давідовіча; правы рукаў, з цэнтру на паўднёвы ўсход, засялялі Клімовічы, Жамойціны, Саўрасы і адзін Сямашка; з сярэдзіны на паўночны захад ішлі сядзібы Клімовічаў і Здановіча.

Янка Жамойцін.

Вуліца, што ішла на паўднёвы захад, канчалася невялікай грэбляй і мосцікам, зараз за якім была вёска Губяйкі, а далей - Сямашкі каля чыгункі. Паўднёва-ўсходнім рукавом вуліца выходзіла ў поле і нейкіх паўкіламетры далей упіралася ў балацявінку, цераз якую драўляная кладачка спалучала Клімавічы з Ігнаткаўцамі. Усё заплечча клімавіцкай літары "Т", з паўднёвага ўсходу па паўночны захад, займала балота з невялікім алешнікавым зараснікам, які называлі купніком. Фактычна, вольхі раслі на купінах. Балота разляглося на добрых 10 квадратных кіламетраў. За балотам былі вёскі Голдава і Цвербуты ды пасёлак Вайнаполе.

Вуліца, што выходзіла на паўночны захад, за вясковым выганам і магілкай невядомага жаўнера з I сусветнай вайны знаходзіла свой працяг у палявой дарожцы. Яна лёгкім пад'ёмам даходзіла да мясцовага ўзвышша, на якое ўсе казалі Горка, а потым раптоўна спускалася ў "садок" з грэбляй. "Садком" у нас называлі поплаў, які доўгім на два кіламетры клінам урэзваўся ў бугор на ўскраіне дрыгвяніка. За грэбляй дарожка лагодна падымалася ўверх між палёў ажно да чыгункі, якая пераразала Праходы - так называлі клімавіцкі лес. За лесам быў санлівы чыгуначны паўстанак з поштаю, дрымоту якога толькі зрэдчас парушалі цягнікі маршруту Варшава - Ліда.

У Клімавічах, як і ва ўсіх іншых вёсках у ваколіцы, насельніцтва было амаль выключна карэннае. Хлопцы жаніліся перш за ўсё з дзяўчатамі са свае вёскі, або з суседніх, з якімі знаёміліся на царкоўных святах ці на вечарынках. Такім чынам сваяцтва завязвалася паміж жыхарамі наогул аднаго царкоўнага прыхода. Межы такога прыхода і вызначалі абсяг вядомага свету для большасці прыхаджанаў, калі не лічыць тых хлопцаў, якіх бралі ў войска.

Мой час, пра які тут гутарка, пачаўся пад канец другога дзесятка гадоў гэтага стагоддзя, калі ў роднай старонцы на змену расейскаму рэжыму прыгнёту прыйшоў польскі. Людзі апынуліся ў іншай дзяржаве, але гэта не займела вялікага ўплыву на іхні лёс, унутраны свет, працу ад зары да зары, іх адвечныя звычаі, турботы і ўцехі. Праўда, людзі хапілі бяды, прычыненай вайною і бежанствам ды самаволяй салдатні і бандытызмам. Край быў знішчаны, але народ, разагнаны па свеце бежанствам ці схоплены ў салдаты, вяртаўся ў свае гнёзды, каб нанава наладзіць сваё немудрагельнае бытаванне. Дзе-нідзе прыходзілі весткі ад адзіночных сем'яў у Расеі, якія, напалоханыя чуткамі аб самаўпраўстве польскіх легіянераў, пастанавілі заставацца на чужыне. У асноўным, аднак жа, вясковы люд вярнуўся ў сваёй натуры не зменены, хоць і здаралася чуць пра выпадкі прыгнечаных ліхалеццем бежанцаў.

Частцы клімавіцкіх сем'яў удалося ўхіліцца ад бежанства перад немцамі і стрываць вайну на месцы; іншыя вярнуліся дахаты пасля пяцігадовага бадзяння па расейскіх абшарах. З'яўленне ў вёсцы некага чужога ставалася небывалай падзеяй, чуткі пра якую ішлі далёка за ваколіцу. Непгга такое прыдарылася і ў Клімавічах, калі з вайны вярнуўся Уладзюк Саўрас, прыхапіўшы сабе дзеўку недзе ажно з Падмаскоўя. Дзеўка тая ніяк не змагла навучыцца нашай "простай" мовы і гаварыла ўвесь час мала ўцямнай маскоўскай "скороговоркой". Дастала яна за гэта мянушку Маскоўка і ніхто не азываўся пра яе інакш, відаць, і не ведаючы яе сапраўднага імя. Уладзюк жа з таго часу значыўся Саўрасом адно ў метрыцы, бо для вёскі стаўся ён Маскалём. У гэтым, дарэчы, не было нічога дзіўнага, бо мянушкі мелі амаль усе вяскоўцы. Іншых называлі "рыжымі" ці ,.рыжакамі" яшчэ іншых "газванамі", "бэлдыкамі", "смецюхамі"... Наша сям'я мела мянушку Бацяны, ад таго, магчыма, што на высознай і разгалістай ліпе каля нашае хаты абсталявала сабе гняздо бусліная - бацяновая - сям'я. Цікава, што самую птушку людзі ў вёсцы называлі буслам, нас жа ахрысцілі "бацянамі".

Апрача Маскоўкі была яшчэ адна адметная жанчына - жонка Карпуся Давідовіча, якую не называлі інакш як Карпусіхай. Была гэта адзіная жанчына ва ўсім прыходзе, якая курыла тытунь; да таго - таргавала ў краме, пакуль не абанкруцілася. Іншыя вяскоўцы былі "ўсе свае" і вылучаліся хіба што звычкамі ці здольнасцямі. Цікава, несумненна, і тое, што ў вёсцы не было ніводнага п'яніцы. Зрэшты, цана гарэлкі не заахвочвала да яе спажывання, а пагроза 2-гадовага зняволення абмяжоўвала вытворчасць самагонкі.

Цвёрды сялянскі лёс яднаў усіх вяскоўцаў у поглядах на лад і ўклад жыцця. Калі хто выбіваўся з агульнапрызнанага сялянскага кругавароту, яго лічылі не зусім каб нармальным. Быў у нас такі адзін, Тодар Радзяк, які, пакінуўшы клопат аб гаспадарцы брату, хапіўся за рамяство. Людзей ён найбольш здзівіў самакатам - бліскучым, на двух колах, першым гэткім дзівам у вёсцы. Катаўся ім на выгане, захапляючы смургеляў і выклікаючы зайздрасць у падлеткаў. А Іван Саўрас, празываны ў нас Смецюхом, які таксама шмат якія штукі патрапіў вырабіць, узяўся і сам змайстраваў самакат, каб не ўступіць Тодару. Іван ужыў дзеля гэтага два калаўроткавыя колы і яшчэ нейкія іншыя часткі з хатняга спрату. Цяжка, мабыць, у гэта паверыць, але самакатам можна было ездзіць. Дальбог...

Тэхнікі ў той час у заходнебеларускай вёсцы не было амаль ніякай. З новай, "панскай" уладай не прыйшла нейкая новая цывілізацыя. Найхутчэй прыйшлі судовыя экзекутары, каморнікі і каланісты. Асноўнымі прыладамі сялян далей былі серп, каса і цэп. Праўда, курныя хаты зніклі з сельскага краявіду, жалезныя плугі заступілі драўляныя сохі, а бароны займелі жалезныя зубы. Лучына, якою паўсюдна асвятлялі хаты, цягам часу ўступіла месца газоўкам. Аднак газа была дужа дарагая сялянам, таму яшчэ і ў пачатку 30-х гадоў старэйшыя клімавічане запасілі на зіму сасновую лучыну, якой свяцілі не толькі ў хаце, але і калі на додніцы хадзілі малаціць. Лучыну ўтыркалі ў старанна падраўнаваныя і звязаныя слупікі жытняй саломы і запальвалі яе з другога канца. Усе малацілі цапамі, і толькі самы багаты гаспадар у вёсцы, Аляксандар Клімовіч, меў конны манеж, які служыў рухавіком для сячкарні і малатарні. Збожжа ён касіў касою, у той час як усе іншыя жалі сярпамі, упэўненыя, што каса абівае зерне і марнуе яго. Прытым, як усе лічылі, з абмалоту з-пад касы нельга было звязаць добрых кулёў, ці то каб пашыць стрэху, ці накрыць яміну з бульбай на зіму, ці хоць асмаліць вепрука перад свежаваннем. Адсутнасць тэхнікі і наогул прагрэсу ды зацікаўлення "крэсовым" земляробствам з боку ўладаў пакідала сельскую гаспадарку на ўзроўні дзевятнаццатага стагоддзя. Сяляне цяжка працавалі на свой мізэрны быт, здабываючы грошы на падаткі, газу і соль за выручку з продажу збожжа ці жывёлы, альбо за паўдармовую працу ў мясцовых абшарнікаў і каланістаў.

Праца вяскоўцаў на ўласных гаспадарках вызначала ўвесь кругаварот вясковага жыцця. Пасля абмалотаў наступаў зімовы перапынак у мужыцкай працы, за якім ішла трывожная і наогул галодная пара прадвесня, калі вёска рыхтавалася да вясны. Тады якраз рабіліся ўсе ўзгадненні: калі выпускаць жывёлу ў поле; з якога канца вёскі вызначыць чаргу пасьбы жывёлы; калі выйсці ў поле з плугамі; калі пачынаць сяўбу ярыны; калі садзіць бульбу. Неўзабаве пасля веснавога клопату пачыналіся сенакосы. На досвітку ўсю вёску будзіў звон менчаных на палосках аселіцы косаў, які ў мяне нязменна выклікаў уражанне нейкага светлага і радаснага ўздыму сярод усіх жыхароў. Дасюль не магу ўразумець, як кожнаму гаспадару ўдавалася беспамылкова трапіць на сваю вузкую палосачку сенакосу, якія ж не былі аддзелены ніякімі асаблівымі пазнакамі ці межамі. Не прыгадваю, каб гэта давяло да якога большага канфлікту ці сваркі. Калі і здаралася каму "падкасіць" у суседа, перапросіны наступалі адразу. Пасля сенакосаў у адзін час для ўсяе вёскі пачыналася сярповае жніво, якое звычайна канчалася дажынкавымі песнямі і нярэдка сціплым застоллем. А потым ішла асенняя пара з капаннем бульбы і сяўбою жыта, ажно да малацьбы, і кругаварот паўтараўся.

Гаспадыні была адведзена не менш істотная роля ў гаспадарцы, хоць традыцыя стаўляе яе заўсёды на другі план. Няпісаным абавязкам гаспадыні было накарміць сям'ю, апрануць, утрымаць парадак у хаце і чысціню ды яшчэ пасабляць ў гаспадарскіх і палявых занятках. Тэхніка і цывілізацыя ў гэтых і адносінах таксама амаль не прысутнічалі. Каб утрымаць сякую-такую чысціню, трэба была падрыхтаваць "лугавую ваду" - настойку з попелу, залітага варам. У гэтым "лузе" з дадаткам крынічнай вады мыліся кожную суботу дарослыя і дзеці, а таксама ўжываўся ён для мыцця бялізны. У гэткі спосаб людзі ашчаджалі дарагое ў той час мыла.

У полі серп быў выключна жаночай прыладай. Мужчыны амаль не дакраналіся да яго; іх абавязкам падчас жніва было вязаць снапы, сушыць іх у "дзесятках", звозіць у гумны і малаціць ды перасейваць. Гаспадыня даставала муку, з якой ёй трэба было ўмець рабіць адмысловую закваску, рашчыняць і пячы хлеб, які павінен быў захоўвацца адносна свежым на працягу двух тыдняў або нават даўжэй. Выраб бялізны і іншае вопраткі вымагаў самага складанага ўмельства ў працы вясковай жанчыны. Пачыналася ўсё ад лёну, утрымаць чысты палетак якога лічылася гонарам кожнае гаспадыні. Большасць далейшых натугаў у апрацоўцы лёну была праводжана талакою, значыць калектыўна, усёй вёскай. Лён трэба было вырваць, абмалаціць семя ручнымі пранікамі на таковішчы ў клуні, разаслаць на поплаве і высушыць, звязаць у кулі, перасушыць у сушарні, сцерці на церніцах дзеля аддзялення валакна ад кастрыцы, патрапаць валакно на трапачках і вычасаць. Талака пры апрацоўцы лёну была выклікана перш за ўсё наяўнасцю толькі аднае сушарні на ўсю вёску і неабходнасцю сцерці лён на церніцах неадкладна пасля перасушкі і абтрапаць яго з рэштак кастрыцы. Ільняное валакно, прызначанае на палатно, вымагала дакладнага вычасання на часалках, якія былі зроблены з цвікоў адпаведна ўбітых у дошку, што прымацоўвалася на "козлах". Зрэбныя тканіны - на рабочую вопратку, мяшкі - не вымагалі ажно так роўнай і тонкай пражы, як палатно.

Пража ачышчанага валакна - кудзелі, прымацаванай да прасніцы - адбывалася штодзённа: на додніцы, да таго як рыхтаваць снеданне сям'і і карміць жывёлу, а таксама вечарамі. Калаўроткі былі цудам тэхнікі, з якім старэйшыя жанчыны ніяк не маглі звыкнуцца, а таму яны сваю пражу круцілі на верацёнах, якія вымагалі спрыту амаль як у жанглёраў. Дзяўчаты збіраліся з сваімі кудзелямі на вечарыны, штодня ў іншай, ды пралі, спяваючы песні, жартуючы з хлопцамі, ці слухаючы іхняе балаканне. Далей трэба было зматаць пражу на матавілах, потым у клубкі, а потым аснаваць на асноўніцах і выткаць на кроснах. Так мінала жанчынам зіма. Апошняй дзеяй у гэтым надта складаным працэсе было бяленне палатна, калі веснавыя паплавы ўсцілаліся доўгімі палатнянымі дарожкамі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX