Папярэдняя старонка: Мемуары

Красовы двор і яго суседзі 


Аўтар: Лясковіч Караль,
Дадана: 22-03-2023,
Крыніца: Лясковіч Караль. Красовы двор і яго суседзі. (Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша) // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 85-104.; 2022. № 1-2(97-99). С. 43-84.



Красовы двор і яго суседзі [1]


Прадмова перакладчыка

Уступ

Частка першая. Манаграфія

I. Геаграфічна-адміністрацыйнае становішча Ішчалны ў 1939 г.

II. Уладальнікі Ішчалны

Лёс Ішчалны пасля 1945 г.

III. Вопіс зямель Ішчалны

Абшар Ішчалны

Землі Ішчалны, 1921 - 1925 гг.

Выкапні

Лес

Дрэвы

Звяры

Рыбы

IV. Гаспадаранне на абшары

V. Вопіс гістарычнай забудовы

Жылы дом

Парафільяны касцёл

Скарбец

VI. Гістарычныя калекцыі

Інвентары

Лёс гістарычных збораў

VII. Суседзі Ішчалны

Блізкія вёскі

Суседнія маёнткі

Вялікае Мажэйкава

Малое Мажэйкава

Вялікая Лебяда

Маёнтак Голдава

Маёнтак Красулі

Маёнтак Чарнаўшчына

Маёнтак Жалудок

Маёнтак Шчучын

Маёнтак Гурнофель

Маёнтак Лябёдка

Маёнтак Касцянёва

Маёнтак Воўчынкі

Маёнтак Шайбакполе

Маёнтак Станіславова

Маёнтак Стрэліца

VIII. Гістарычны тракт (гасцінец)

IX. Бліжэйшыя гарады і мястэчкі

Горад Ліда [...]

Мястэчка Шчучын

Мястэчка Жалудок

Мястэчка Васілішскі

X. Удзел у грамадскай і дзяржаўнай працы некаторых землеўладальнікаў Шчучынскага павета і іх далейшы лёс

XI. Буйная зямельная ўласнасць на тэрыторыі Шчучынскага павета, 1919-1939 гг.

XII. Генеалагічныя накіды

Частка другая: Аповесці

XIII. Легенды, здарэнні, асаблівасці

Магіла Паўпяты

Закапаны скарб

Шлюбныя войскі

Нацыянальныя паўстанні і войны за свабоду

Банкруцтва

Дзядзькава апека

Часы Першай сусветнай вайны

Частка III. Вайна і мір

XIV. Міжваенныя часы, 1921-1939 гг.

Першыя гады пасля Першай сусветнай вайны

Аўдыенцыя ў Начальніка дзяржавы

Аўдыенцыя ў будучага папы Пія XI

Дары для дзяржаўных чыноўнікаў

Noblesse oblige

Прафесійная школа ў Ішчалне

Прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацый Масціцкі ў Ішчалне

Святы ў Ішчалне

XV. Пачатак Другой сусветнай вайны

Верасень 1939 г.

Частка IV. Сямейныя гісторыі

XVII. Сямейная хроніка ў 1921-1929 гг.

Падзел маёмасці


"Набліжаюцца мае 70 гадоў, хутка згасне і памяць, таму лічу сваім абавязкам напісаць гэты тэкст".

" .. у Кір'янаўцах … вывучыў беларускую мову … я сардэчна палюбіў лагодных і мілых беларусаў і, калі пачаў вывучаць гісторыю, даведаўся, што наш род, як і роды іншых землеўладальнікаў, выйшаў з гэтага народа".

Караль Лясковіч.

Прадмова перакладчыка

Мой пераклад змяшчае больш за палову цікавых успамінаў Караля Лясковіча - сына апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална. Я не перакладаў апісанні нейкіх сямейных дробязяў, накшталт шлюбаў сёстраў аўтара і інш., а пераклаў і пракаментаваў тое, што з'яўляецца цікавым сёння для нашай гісторыі і культуры. Для аматараў лакальнай гісторыі ў гэтых мемуарах маецца шмат каштоўнай інфармацыі, шмат біяграфічных дадзеных розных людзей, шмат цікавых і павучальных гісторый, але самае цікавае для мяне, гэта адносна падрабязная інфармацыя пра архіў і музей, якія паслядоўна, стагоддзямі збіралі ўладальнікі маёнтка Ішчална і якія зараз цалкам страчаны ў выніку дзвюх сусветных войнаў.

Гісторыя маёнтка Ішчална цікавіць мяне ўжо больш за дваццаць гадоў [2] і публікацыя ўспамінаў Караля Лясковіча з'яўляецца важнай прыступкай у збіранні ведаў пра гэты куток нашай радзімы.

Хачу заўважыць, што друкаванне гэтага тэксту, верагодна, заканчвае цыкл цікавых і вельмі інфармацыйных успамінаў абшарнікаў-суседзяў, якія жылі прыкладна ў адзін час, былі асабіста знаёмыя паміж сабой і згадвалі самі адзін аднаго ў сваіх мемуарах. Гэта ўспаміны сына апошняга ўладальніка маёнтка Скабейкі Андрэя Раствароўскага (адзін са спадкаемцаў былога велічэзнага маёнтка Вялікае Мажэйкава) [3] , уладальніка Малога Мажэйкава Андрэя Брахоцкага [4] і збор успамінаў членаў сям'і Іваноўскіх з маёнтка Лебёдка [5] . Усе разам гэтыя тэксты даюць магчымасць убачыць "аб'ёмную" карцінку жыцця і падзей на Лідчыне канца XIX - першай паловы XX ст.

Сканы машынапісу мемуараў Караля Лясковіча ў бібліятэцы Асалінскіх своечасова купіў мой сын Вадзім, за што я яму вельмі ўдзячны.

Леанід Лаўрэш.

Уступ

У гісторыі абодвух народаў, а перад усім, у гісторыі Літвы, кароль Аляксандр Ягайла з'яўляецца адным з найвялікшых надаўцаў каралеўскай маёмасці. Пасля яго, наступнымі надаўцамі былі Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст. Прычын раздачы зямель было шмат. Першай з іх была шчодрасць Ягелонаў і жаданне абнавіць грамадскую структуру ВКЛ праз павелічэнне прыватнай уласнасці на зямлю па ўзоры Кароны.

[На пачатку] уся зямля належала вялікаму князю, ён быў абсалютным гаспадаром і ўладаром. Валодаць невялікімі кавалкамі зямлі часамі дазвалялася толькі чальцам пануючай дынастыі, гэтая зямля звальнялася ад дзяржаўных павіннасцяў, але на гэта кожны раз патрабаваўся дазвол князя. Такім дзяржаўцам Лідскага замка быў швагер Ягайлы Вайдыла, ён валодаў воласцю Дуброўня пад Лідай.

Малыя воласці трымалі таксама даўнія князі, такія як Гальшанскія, Гедройці і інш., якія, аднак, свае галоўныя даходы мелі з Русі, дзе вялікі князь вызначаў ім часовую маёмасць "да ласкі" ( J. Choromanski. Historia Litwy).

Іншыя прычыны раздачы зямлі можна было б падаць наступнымі групамі:

а) Пакрыццё дэфіцыту каралеўскага скарбу выкліканага войнамі, інвестыцыйнымі выдаткамі на будову цвердзяў і замкаў (напрыклад Вавель), кампенсацыя коштаў пасольстваў і прадстаўніцтваў. Аднак раздача маёмасці з-за эканамічных прычын, складала толькі некалькі дзясяткаў працэнтаў ад агульнай колькасці. Напрыклад пры Жыгімонце Старым яна склала 45 адзінак маёмасці з агульнай колькасці раздадзеных 405. Гэтым раздачам надавалася наступная праўная форма:

- наданне вячыстай уласнасці як ануляванне пазыкі;

- продаж маёмасці з правам водкупу;

- згода на ўжыванне маёмасці для забеспячэння пазыкі.

б) Пакрыццё (кампенсацыя) выдаткаў падданым:

- за панесеныя з уласнай маёмасці выдаткі на карысць дзяржавы;

- за маёмасць, страчаную на ўсходзе ў выніку: мірнай дамовы 1494 г. (ВКЛ страціла частку Смаленскіх зямель з Вязьмай і частку Вярхоўскага княства з Варатынскам, Мажайскам і Адоевым), перамір'я 1503 г. (зноў страта часткі Смаленскіх зямель. У выніку пазнейшых зменаў межаў, выкананых летам 1508, 1522 і 1537 гг. былі вернуты Любеч і Гомель, але страчаны Смаленск, Ельня і Себеж) і г. д. У XVII ст. пасля казацкіх войнаў страчана Левабярэжная Украіна з Кіевам, вялікая колькасць землеўладальнікаў з гэтай тэрыторыі атрымала ў кампенсацыю землі ў іншых частках Рэчы Паспалітай.

в) Дараванне ў вячыстае карыстанне за вялікія заслугі ці для прыцягнення прыхільнікаў.

г) Пажыццёвае і леннае наданне.

д) Наданне рускім і татарам, якія ўцяклі ў Рэч Паспалітую пад апеку караля, як, напрыклад, Тахтамыш і інш.

Наданнем для выплаты каралеўскага доўгу было дараванне Ішчалняскіх пушчаў у 1505 г. падскарбію ВКЛ Якубу Давойну.

Частка першая. Манаграфія

I. Геаграфічна-адміністрацыйнае становішча Ішчалны ў 1939 г.

Маёнтак Ішчална знаходзіўся ў Наваградскім ваяводстве, Шчучынскім павеце (створаны ў 1929 г. праз аддзяленне ад Лідскага) з каардынатамі 54° 40' шыраты і 42° 32' даўгаты ў адлегласці 7 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы. Мястэчка ляжыць на старым паштовым тракце XVIII ст. Гародня - Ліда - Маладзечна - Полацк, які быў часткай магістралі Варшава - Пецярбург. У Ішалне гэты тракт перакрыжоўваецца з трактам Васілішкі - Жалудок. Адлегласць ад Ліды - 38 км.

На поўнач, на роўнай адлегласці ад старога паштовага тракту, праходзіць шаша Ліда - Гародня, якая на невялікім кавалку з'яўляецца мяжой маёнтка. На поўдні ад Ішчалны праходзіць чыгунка Ліда - Масты - Ваўкавыск.

II. Уладальнікі Ішчалны

(Крыніцы: Ішчалнянскі архіў, Slownik Geograficzny і г. д.)

Давойны ў 1505 - 1547 гг.

1505 г. Каронная маёмасць Ягелонаў "Ішчалнянская і Шчучынская пушча" разам з усім, што ў яе ўваходзіла, нададзена ва ўласнасць і дзедзічнае валоданне падскарбію ВКЛ Якубу Давойну, герба Зарэмба.

1514 г. Андрэй Якубавіч Давойна, падкаморы надворны літоўскі, сын падскарбія, фундуе ў Ішчалне першы драўляны касцёл пад вызнаннем Найсвяцейшай Тройцы.

1515 г. Андрэй Давойна застаўным правам аддае ў шматгадовы ўжытак Ішчалну і Шчучын сям'і Лімантаў.

1541 г. Кароль Жыгімонт Аўгуст дазваляе Станіславу Андрэевічу Давойну, мерацкаму старасце, памяняць статус вёскі на мястэчка і адчыніць у Ішчалне рынак.

1547 г. Брат і сястра Станіслаў і Ганна, дзеці Андрэя Давойнавіча ўступаюць Ішчалну Лімантам.

Давойны - стары сенатарскі род, добра вядомы ў ВКЛ.

1547 - 1644 гг. Ліманты

1547 г. Уся ішчалнская і шчучынская маёмасць разам з падданымі: аратымі, агароднікамі, цеслямі, бондарамі, каладзеямі, рымарамі, смалярамі, бортнікамі, баброўнікамі, загоншчыкамі, рыбакамі і ўсялякага іншага роду людзьмі дваровай і палявой работы, з цяглам, чыншамі, дзяржавамі і данню мёдам, а таксама з усімі лясамі, барамі, дубровамі, гаямі і зараслямі, зямлёй ворнай і няворнай, палямі, пасевамі, лугамі, сенажацямі мурожнымі і балотнымі, з рэкамі, бабровымі гонамі, водамі, ставамі, млынамі і сажалкамі, з корчмамі, драўлянымі будынкамі і гумнамі, усім інвентаром, статкамі, дзікім зверам, птушкамі і пчоламі - на моц урачыстага дароўнага акта, напісанага на беларускай мове [6] стараславянскім алфавітам, пераходзіць ва ўласнасць Лімантаў герба Лімант (не памятаю нагоды гэтага падарунка).

Ліманты прыбылі з Італіі ў XV ст., пасяліліся ў Літве і тут былі асіміляваны.

Можна меркаваць, што Станіслаў Давойна яшчэ пры сваім жыцці, ці як тады пісалі "цёплай рукой", пасля атрымання на гэта дазволу вялікага князя, дараваў маёмасць дачцэ і зяцю, які меў прозвішча Лімант. Гэта магчыма, бо літоўская шляхта толькі на Берасцейскім сойме 1566 г. атрымала права самастойна распараджацца сваёй нерухомай маёмасцю. [...] Ліманты валодалі Шчучынам і Ішчалнай каля 100 гадоў. Цалкам асіміляваныя, яны разам з шляхецкім народам цешыліся дабрабытам, моцнай дзяржавай, развіццём культуры - Рэч Паспалітая ў той час як раз перажывала свой залаты век.

1616 г. Маёмасць Лімантаў падзяляецца на дзве роўныя часткі: Ішчалну і Шчучын. Гэтыя часткі больш ніколі не аб'яднаюцца. Два браты Ліманты - Ян і Мікалай дзеляць маёмасць і з захаваннем усіх праўных фармулёвак таго часу атрымліваюць акт падзелу з удзелам сведак.

Са зместу гэтага акта вынікала, што старэйшы брат Ян атрымаў Ішчалну, а малодшы - Шчучын. Кожны атрымаў па 220 валок раллі, падданых таксама падзялілі па-роўну. Плошча лясоў, бароў, сенажацей і пашы дакладна не была вядома, і таму ў дамове мелася клаўзула, што пад залог ў 15 000 злотых, браты абяцалі справядліва перадзяліць гэтыя тэрыторыі пасля будучых абмераў плошчы. Невядома, ці перамерваліся калі-небудзь гэтыя землі.

Мястэчкі Ішчална і Шчучын патроху развіваліся, але ж Шчучын урбанізаваўся значна хутчэй, чым Ішчална. Мястэчка Шчучын стала гандлёва-рамесным і школьным асяродкам, а мястэчка Ішчална і надалей захоўвала аграрны характар, тут жылі толькі некалькі рынкавых гандляроў. Ішчална мела толькі каталіцкую парафію, у Шчучыне акрамя каталіцкай, мелася яшчэ і ўніяцкая парафія.

Пасля падзелу маёмасці ў 1616 г. Ішчална не доўга была ўласнасцю Лімантаў. У 1644 г. яе набыў Ян Паўпята.

У ішчалнянскім архіве было шмат дакументаў і карэспандэнцый, якія характарызавалі стасункі паміж уладальнікамі Ішчалны і Шчучына. Найбольш гэта датычыла пазнейшых уладальнікаў Шчучына - Сцыпіёнаў, поўнае прозвішча якіх было "Дэль Кампа Сцыпіён". Далейшы лёс Шчучына будзе апісаны ў раздзеле "Суседзі Ішчалны". Аднак трэба заўважыць, што ў 1939 г. шчучынская маёмасць належала сям'і князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага, які пры таямнічых абставінах быў забіты ў сваім іншым маёнтку - Тарэсіне ў 1913 г.

1644 - 1669 гг. Паўпяты

Слоўнік геаграфічны сцвярджае, што ў 1644 г. Ішчалну набыла каронная канюшына, княжна Вішнявецкая, а Паўпята купіў маёмасць у Вішнявецкіх. Але гэта памылка.

Сцвярджаю гэта з поўнай упэўненасцю, бо неаднаразова сам чытаў тастамент Яна Паўпяты і добра памятаю дату яго напісання - 1667 г.

У 1644 г. Ішчалну набылі не Вішнявецкія, а Паўпяты, менавіта мсціслаўскі войскі Ян Паўпята герба Сарвікаптур [7].

Пасля 23 гадоў валодання Ішчалнай, у 1667 г. Ян Паўпята памёр, не маючы дзяцей, і перапісаў усю сваю маёмасць (акрамя дробных выняткаў) кляштару Босых кармелітаў у Жалудку.

Яго тастамент ёсць адзіным і першым захаваўшымся дакументам, напісаным на польскай мове. Ён сведчыць пра вялікую набожнасць ахвярадаўцы. Вось што засталося ў маёй недасканалай памяці:

"У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь.

Я, нягодны слуга Божы і вялікі грэшнік, Ян Паўпята, пан на Ішчалне, адчуваючы набліжэнне гадзіны маёй смерці і будучы ў прытомным розуме і духу, гэтым маім тастаментам пры ўдзеле яснавяльможных паноў сведак, чыню наступнае распараджэнне маёй волі: ... Маю грэшную душу ахвярую ласцы і міласэрдзю Пана Бога Усемагутнага і Тройцы Святой ...

На святую імшу за спакой маёй душы запісваю ... тынфаў касцёлам (ідзе пералік касцёлаў і сум). Маё нягоднае цела запавядаю пахаваць у простай, нефарбаванай сасновай труне пад парогам касцёла ў Ішчалне, так каб вернікі, ідучы ў касцёл, тапталі маю магілу нагамі. Маю маёмасць (ідзе пералік усёй маёмасці - нерухомасці, інвентару жывога і нежывога, належных сум ад даўжнікоў і г.д.), як я не маю ні патомства родных майго прозвішча, якія маглі б яе ўспадкаваць, цалкам запісваю кляштару Босых кармелітаў у Жалудку, акрамя наступнай маёмасці для маіх слуг (ідзе пералік маёмасці). Узамен ад вялебных айцоў кармелітаў у Жалудку прашу, абы святая імша за супакой маёй душы адпраўлялася ў кляштарным касцёле штодзённа на вечныя часы ...

... А калі хто парушыць гэтае мае астатняе распараджэнне, таго знайду на тым свеце і прызаву на Апошні і Страшны суд перад абліччам Пана Бога Усемагутнага і буду скардзіцца. Дапамажы мне Пан

Бог. Аман.

У прысутнасці паважаных паноў сведак, Ян Паўпята, сваёй рукой".

Пад подпісам Паўпяты бачны подпісы і гербавыя пячаткі сведак [8].

Ян Паўпята валодаў Ішчалнай падчас самых вялікіх бедаў і няшчасцяў Рэчы Паспалітай, у часы панавання Яна Казіміра, страшных войнаў і панавання чужых войскаў па ўсёй тэрыторыі дзяржавы, у часы апісаныя Сянкевічам у "Патопе", калі шмат жыхароў нашага краю страціла жыццё ці збегла. Часы былі такія, што жывыя зайздросцілі памерлым. Пасля шматгадовага знаходжання ў татарскай няволі вярнуліся дахаты два пляменнікі Паўпяты. Не мелі яны ўласнага маёнтка, бо, верагодна, ён пайшоў на выкуп з палону, і таму жылі ў сваякоў у Полацкім ваяводстве. Не пабаяліся яны ні праклёнаў памёршага дзядзькі, ні Страшнага суду і распачалі судовы працэс з кармелітамі. Абвінавацілі іх у тым, што тастамент быў адрэдагаваны і аблудным чынам падсунуты паміраючаму, а сведкі падкуплены. Не памятаю, як ішоў працэс, але трыбунал прызнаў тастамент несапраўдным, і маёмасць перайшла да родных. Аднак браты не аселі ў Ішчалне, можа, баяліся што дух дзядзькі будзе ім помсціць, і прадалі маёмасць.

1669 - 1676 гг. Вішнявецкія

У 1669 г., у год элекцыі Міхала Вішнявецкага на пасаду караля, маёмасць Ішчална набыла каронная канюшына (жонка канюшага - Л. Л.) княжна Яўгенія Карыбут-Вішнявецкая. Вішнявецкія гербу Карыбут свой род выводзілі ад Гедзіміна. Княжна Яўгенія ніколі ў Ішчалне не жыла і нават ні разу тут не была. Для Вішнявецкіх гэта быў толькі адзін з многіх маёнткаў, як суседнія іхнія маёнткі: Вялікае Мажэйкава і Дзітва. У ішчалнянскіх архівах захоўваліся два лісты князя Яромы Вішнявецкага, датычныя вайсковых спраў і з асобай княжны Яўгеніі нічога супольнага не мелі, як і прывілеі караля Міхала. Не змог устанавіць сваяцкія сувязі паміж княжной Яўгеній і Яромай. Але для гісторыкаў, думаю, гэта не з'яўляецца загадкай.

1676 - 1694 гг. Францкевічы-Радзімінскія

1676 г. Пасля смерці караля Міхала Ішчална праз продаж пераходзіць да падскарбія ВКЛ Казіміра Францкевіча-Радзімінскага гербу Бародзіч.

Францкевічы-Радзімінскія ў той час былі старым сенатарскім родам. Яны валодалі Жалудком, які атрымалі ў пасаг за Ганну Сапяжанку і дзе ў 1682 г. фундавалі кляштар кармелітаў.

Гэта быў род непаспалітых індывідуалістаў, у якім перамешваліся католікі, уніяты і праваслаўныя. І прадстаўнікі роду даходзілі да высокіх пасадаў у сваіх цэрквах.

У 1371 - 1390 гг. Сцібор быў каталіцкім біскупам Плоцка.

У 1610 г. Юры стаў уніяцкім мітрапалітам.

У 1620 г. Ян стаў праваслаўным чарэйскім архімандрытам.

1694 - 1702 гг. Скарбак-Важынскія

Каля 1692 г. згасае мужчынская лінія Францкевічаў-Радзімінскіх. Маёмасць пераходзіць да дачок. Адна з іх у 1694 г. выходзіць замуж за тыркшлеўскага старасту Гераніма Скарбак-Важынскага герба Абданк, род якога паходзіў са Жмудзі.

Маці Францкевічоўны-Важынскай была з роду Нарушэвічаў і ўнесла значны пасаг узгаданаму вышэй падскарбію ВКЛ Казіміру Францкевічу-Радзімінскаму, таму магчымыя спадкаемцы з бакавых галін роду Нарушэвічаў распачалі судовы працэс супраць Гераніма Скарбак-Важынскага за вяртанне маёмасці. Працэс быў вельмі складаны і распачаўшыся ў XVII ст. пасля смерці цёшчы Гераніма Скарбак-Важынскага, цягнуўся некалькі дзесяткаў гадоў. Супраць нашчадкаў Гераніма Скарбак-Важынскага - Валяў, выступілі сем'і Нарушэвічаў і Мацкевічаў. Пасля працэсу ў ішчалнянскім архіве засталося мноства шматстаронкавых сшыткаў, позвы і рэплікі бакоў. Некаторыя, напісаныя Нарушэвічам, сябрам Пастаяннай Рады [9] ў часы караля Станіслава Аўгуста.

Геранім Скарбак-Важынскі - галоўная постаць у гісторыі і культуры Ішчалны. Ён паважаў гісторыю і збіраў розныя артэфакты, купляў шмат кніг. На кожнай ягонай кніжцы мелася анатацыя, у якой указвалася: калі, дзе і за якія грошы ён яе набыў. Пасля вяселля пасяліўся ў Ішчалне і сюды перавёз са Жмудзі свае зборы, архівы і бібліятэку, чым значна дапоўніў багаты архіў свайго цесця, які пачалі збіраць папярэднія ўладальнікі маёнтка.

Менавіта Геранім Скарбак-Важынскі заклаў падваліны прыгожага збору скарбаў культуры ў Ішчалне. Ішчалнянскі музей, гэтак званы скарбец быў заснаваны пазней, пасля таго як ў XIX ст. Караль Лясковіч пабудаваў новы жылы дом, які атрымаў назву "палац", хоць і быў у лепшым выпадку "палацыкам".

Геранім Скарбак-Важынскі памёр у 1707 г. Пасля яго смерці Ішчална, зноў па-кудзелі, пераходзіць у рукі іншага роду.

1702 - 1798 гг. Валі

Ян Валь, жыхар Гданьска, у 1658 г. атрымаў грамадзянства Рэчы Паспалітай і герб Валь. Яго сын (здаецца Юзаф - не памятаю дакладна імя) жаніўся з паннай Важынскай і ў 1707 г. атрымаў Ішчалну. Ад гэтага шлюбу, каля 1743 г., нарадзіўся сын Ян, стараста фрэйданскі (у Інфлянтах). Ён заканчвае пабудову мураванага барочнага жылога дома (пазнейшага скарбца).

Напалеон Орда. Ішчална. Сядзіба Лясковічаў, ХІХ ст .

Сын Яна Валя, чарговы Юзаф, жэніцца з суседкай з Голдава паннай Мар'янай Вянцковіч, маці якой паходзіла са старога роду Трызнаў, фундатараў уніяцкай царквы ў Голдаве. Сужэнцы Юзаф і Мар'яна (з Вянцковічаў) Валі на месцы драўлянага касцёла будуюць за ўласныя грошы прыгожы барочны мураваны парафіяльны касцёл. Гэты касцёл стаіць да нашага часу і служыць не толькі сваім парафіянам, але і ... як арыенцір журавам падчас іх вандровак.

У 1758 г., калі была скончана будова касцёла, Юзаф Валь, як вынікае з дакументаў, якія захаваліся, акрамя пасады старасты фрэйданскага мае яшчэ пасаду гарадзенскага харунжага.

Наколькі Юзаф Валь быў добрым гаспадаром, які пакінуў пасля сябе шмат слядоў сваёй дзейнасці, настолькі яго сын, таксама Юзаф, быў чалавекам вельмі слабога характару і нават неразумнікам. Прыціснуты моцнай індывідуальнасцю свайго бацькі, вырас няздольным да самастойных учынкаў. Ва ўзросце больш за 40 гадоў жаніўся па вялікім каханні са значна маладзейшай, прыгожай паннай Агнешкай Шукевіч з маёнтка Крупава. Шукевічы не былі вельмі багатай сям'ёй, і таму на згоду бацькоў Агнешкі паўплывала тое, што Валь абяцаў запісаць увесь маёнтак на маладую жонку, калі яна згодзіцца выйсці за яго замуж. Маёнтак Ішчална быў ласым кавалкам. Закаханы стрымаў свае слова. За дзень да шлюбу перапісаў сваёй будучай жонцы ўсё, што меў і такім чынам стаў яе слугой і нявольнікам. Пра нейкія пачуцці з боку маладой жонкі не магло быць і размовы. Прыгожая кабета стала жорсткай жонкай. Агнешка беспардонна выкарыстоўвала свае перавагі - узрост і прыгажосць - і атрымала ўладу разам са сляпым каханнем мужа.

Ніхто з тых, хто завітваў да іх у госці, не думаў, што гэты стары, які сядзіць на далёкім, не ганаровым канцы стала з'яўляецца сапраўдным гаспадаром маёмасці і мужам, і таму ўдзяляў сваю ўвагу толькі маладой гаспадыні.

Малодшая сястра Агнешкі - лагодная і паслухмяная Элеанора выйшла замуж за землеўладальніка з Гародні, лідскага суддзю Караля Лясковіча гербу Кораб - высокага, стройнага мужчыну з рашучым і дэспатычным характарам. Дзве непадобныя сям'і настолькі сябравалі, што разам жылі ў Ішчалне.

Караль Нарбут, крайчы і земскі пісар, дасціпны і вясёлы чалавек, ведаючы, як жывуць гэтыя дзве пары, арганізаваў паміж жанатымі лідскімі землеўладальнікамі дзве арміі (групоўкі): Валяў і Лясковічаў.

Усе мужы, якія падпарадкоўваліся сваім жонкам, атрымлівалі чыны ў арміі Валяў ажно да генерала, а тыя, якія трымалі сваіх жонак у руках, былі запісаны ў армію Лясковіча. Армія Валя мела нават сваіх капеланаў, гэта былі пробашчы, якімі кіравалі іх гаспадыні. Афіцэрам абодвух армій выдаваліся патэнты, падпісаныя іх камандуючым і начальнікам штаба з васковай пячаткай і апісаннем учынку, за які ён атрымаў намінацыю [10]. […]

У 1796-1798 гг. памёр Юзаф Валь, і адразу за ім памерла і яго бяздзетная жонка. Ішчалнянская маёмасць пераходзіць да сястры Элеаноры з Шукевічаў Лясковіч.

1798-1822 гг. Лясковічы

У 1798 г. Элеанора перапісала сваю маёмасць мужу. Распачалося энергічнае кіраванне Караля Лясковіча, які нядоўга займаў пасаду харунжага Лідскага павета. Праз некалькі гадоў у іх нарадзілася дачка Францішка Лясковіч.

Караль меў вялікія планы. Вырашыў зрабіць з занядбанага маёнтка сапраўдную панскую рэзідэнцыю і на пачатку XIX ст., пачаў збіраць будаўнічыя матэрыялы для шматгадовай будоўлі.

Бурыліся драўляныя будынкі, а на іх месцы паўставалі мураваныя: сталярня, стэльмашарня са складам матэрыялаў на першым паверсе і з сушняй да другім, кузня, стайні - цугавая і вазоўня. Потым хаты для слугаў, і толькі пасля ўсяго гэтага, па праекце добрага архітэктара, у стылі "неакласічны ампір", пачаў будаваць новы жылы дом. Дом быў закончаны каля 1809 г., пасля чаго хутка запоўнены мэбляй, выкананай у стылі сваёй эпохі. Знутры дом быў абабіты дубовымі панелямі. Першы паверх старога жылога дома (скарбца) быў аддадзены пад бібліятэку, архіў і збор помнікаў мінуўшчыны, тут жа зроблены і гасцінны пакой. Калі дачка падрасла, гучныя паляванні і суседскія пасядзелкі ўступілі месца вытанчаным балям.

У 1820 г. Францішка, дачка віца-маршалка Лідскага павета (Караля Лясковіча), дзяўчына, якая прыгожа спявала і грала на арфе, выйшла замуж за суседа з Голдава Антона Скарабак-Важынскага герба Абданк, пазнейшага маршалка Лідскага павета.

Гэтак злучыліся два маёнткі - Ішчална і Голдава.

1822-1918 гг. Скарбак-Важынскія

У 1822 г. памёр Караль Лясковіч, і панамі на Ішчалне сталі Важынскія.

Голдава знаходзіцца за 3 вялікія мілі (22 км) ад Ішчалны. Апрача вакальна-музычных здольнасцяў, сямейная памяць не захавала нічога пра асобу Францішкі з Лясковічаў Важынскай. Яна ўсё атрымала ў спадкі ад свайго бацькі і згодна з цывільным кодэксам стала ўладальніцай радавой маёмасці. На партрэце Францішка выглядае жанчынай звычайнай прыгажосці, чыя першая маладосць ужо прайшла. А яе муж Антон - высокі і прыстойны мужчына ў латах (верагодна, успадкаваных ад продкаў).

Скарбак-Важынскія мелі аднаго сына Баляслава. Ён жаніўся з суседкай з вялікага Мажэйкава Марыяй Грабоўскай. Мелі яны чатырох дзяцей: рана памёршага сына Баляслава і тры дачкі: Зоф'ю, Марыю і Ізабелу. Жылі шумна, з вялікімі выдаткамі, і таму грошай з двух маёнткаў не хапала. Калі да гэтага дадаць азарт Баляслава, дык неўзабаве сям'я мела шмат даўгоў. Каля 1880 г. Баляслаў, не маючы чым заплаціць картачныя даўгі, учыніў самазабойства. Убачыўшы мёртвага мужа, тут жа каля яго ад інфаркту памерла і жонка. Тры дачкі засталіся сіротамі. Апеку над імі прыняў родны брат маці, граф Станіслаў Грабоўскі - уладальнік Вялікага Мажэйкава, даўнейшай маёмасці Хадкевічаў (нашчадкаў гетмана Караля Хадкевіча).

Некралог, Słowo. 1937. № 315.

Станіслаў Грабоўскі быў добрым гаспадаром і таленавітым адміністратарам. Яго апека была вельмі дабрадзейнай для сірот. Пад яго кіраўніцтвам Ішчална ачысцілася ад даўгоў, усе будынкі былі ўпарадкаваны і пабудавана шмат новых, мураваных (напрыклад вялікія стадола і абора), над падапечнымі сёстрамі апекаваліся цёткі (родныя сёстры іх маці), і дзяўчынкі атрымалі добрае выхаванне і адукацыю.

Апякун Станіслаў Грабоўскі з-за сваёй гаспадарлівасці і шляхетнага сэрца цешыўся павагай як сярод землеўладальнікаў, гэтак і сярод сялян, аднак сваёй сям'і не меў. Памёр безпатомна ў Парыжы падчас Першай сусветнай вайны.

Ніводная з сясцёр Важынскіх не выйшла замуж, усе памерлі паненкамі ў часы Першай сусветнай вайны: Зоф'я у 1917 г. у Хельсінкі, Ізабела ў 1916 г. у Вільні, а самая малодшая Марыя развіталася з гэтым светам 20 лютага 1920-га года ў Варшаве.

На падставе судовага выраку, маёнткі якія пасля іх засталіся, як родавыя, былі вернуты: Ішчална адышла Лясковічам, а Голдава нашчадкам па пабочнай лініі Антона Скарабак-Важынскага.

З-за вайны, вялікая судовая праца была скончана толькі ў 1920 г., але з-за бальшавікоў перадача маёмасці адбылася ў 1921 г.

1921-1939 гг. Лясковічы

У 1921 г. новымі ўладальнікамі Ішчалны сталі не блізкія паміж сабой сваякі Юзаф, Станіслаў і Юльян Лясковічы. У выніку сямейнага паразумення ў Ішчалне пасяляецца сям'я Юзафа Лясковіча, якому па законе належыць палова маёмасці Ішчалны (Станіславу і Юльяну па адной чвэрці). У 1924 г. пасля абмеру зямлі і лясоў, зямельнай рэформы і перадачы часткі зямлі вайсковым асаднікам Лясковічы атрымалі 2 200 гектараў. Пасля сямейнага добраахвотнага падзелу, двор Ішчална разам з 1000 гектарамі стаў маёмасцю майго бацькі Юзафа Лясковіча. З астатніх 1200 гектараў каля 700 атрымала сям'я майго дзядзькі Станіслава, які на той момант ужо не жыў, і каля 500 гектараў высакаякасных лясоў атрымаў Юльян Лясковіч.

Юзаф кір'янаўскі і Караль ішчалнянскі (сыны Антона) былі братамі. Юзаф - сын Караля і Станіслаў - сын Фелікса [11], былі ўнукамі Юзафа (сына Антона), а Юльян - яго праўнукам. Новы ўладальнік двара Ішчална Юзаф Караль Філіп Неруш Лясковіч, нарадзіўся ў 1858 г. і з'яўляўся сынам Караля, уладальніка маёнтка Шумск, што каля Вільні. Пасля смерці бацькі ў 1861 г. стаў уладальніка Шумска - прыгожага маёнтка з мураваным палацам з 5 000 гектараў зямлі. Пасля паўстання 1863 г. уласнасць малога уладальніка па "найвышэйшым дазволе цара" была прададзеная за карцёжныя даўгі яго апекуна. Маёмасць набыў віленскі генерал-ад'ютант Лабынцаў, а сірата пайшоў туляцца па свеце. Да паўналецця карыстаўся дапамогай сваякоў сваёй маці, а потым да 1921 г. зарабляў на жыццё працай чыноўніка.

1937 - 1939 гг. Апошнія ўладальнікі

У 1937 г. Юзаф Лясковіч памёр і быў пахаваны на касцельным цвінтары ў Ішчалне. Маёнтак у роўных частках успадкавалі: яго жонка Юзэфа (памерла ў 1957 г.), старэйшы сын Габрыэль (памёр у 1959 г.), малодшы сын Караль (які з'яўляецца аўтарам манаграфіі і жыве да гэтага часу) і тры дачкі Яніна, Ева, Ірэна. Яны і былі апошнімі ўладальнікамі Ішчалны да 17 верасня 1939 г. Пасля гэтага дня Ішчална, як і ўсе маёнткі, стала дзяржаўнай маёмасцю.

У 1941 г. сюды прыйшлі немцы. Гэта не прынесла вяртанне маёнткаў ранейшым уладальнікам. Яны засталіся дзяржаўнай маёмасцю, але ў некаторых з іх ранейшым гаспадарам было дазволена жыць у якасці нанятых адміністратараў.

Лёс Ішчалны пасля 1945 г.

Пра тое што адбывалася ў Ішчалне я даведаўся з пісьма сястры Ірэны:

"Бог учыніў цуд, бо дазволіў мне нарэшце наведаць улюбёнае месца, дзе прайшлі добрыя і радасныя дні маёй маладосці. Каралю, была ў Ішчалне, ужо тры дні прайшло пасля той кароткатэрміновай выправы, а я ўсё яшчэ не магу прыйсці да сябе. Падчас кожнага наведвання Вільні марыла даехаць да Ішчалны, але з-за адміністрацыйных праблем гэта было немагчыма. Але ў пэўную хвіліну пачула магічнае слова "Ліда". Адкінула ваганні і паехала туды са знаёмай вільнянкай. З Ліды сама заехала ў Ішчалну на таксоўцы. Праз 37 км збочваем улева і міма нашых парафіяльных могілак прыязджаем да ішчалнянскага касцёла. Уяві сабе - стаіць такі ж, як і раней! Не паверыла сваім вачам, мусіла яго нават памацаць. Але ўсе брамы і вароты былі зачынены. Агарнула мяне роспач ад таго, што мусіла паехаць адсюль ні з чым. На шчасце аднекуль з'явілася дзяўчынка, якая паінфармавала мяне, што ў суседнім будынку (там дзе жыў арганіст), жыве старая, якая мае ключы ад касцёла. Яна і пусціла мяне да магілы нашага бацькі і ў касцёл. Касцельны цвінтар не змяніўся, захаваліся ўсе магілы Лясковічаў, Важынскіх, Грабоўскіх. На крыжы ў бацькі надпіс так добра чытэльны, як быццам учора напісаны. Трава старанна выкашана, нідзе слядоў бруду ці смецця. Званіца цэлая, і званы на месцы. Здаецца, пры заходзе сонца звоняць так, як раней на Анёл Панскі. Раз на месяц сюды даязджае ксёндз з Ваверкі - сівы стары, і званы ззываюць парафіян на малітву. Прыходзяць усе. На франтоне святыні кідаецца ў вочы стары валяўскі надпіс. Памятаеш гэты верш са Святога Пісьма: "Лісіцы маюць ямы свае, птушкі маюць гнёзды свае, а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыкланіць". Гэтыя словы ўзрушваюць да глыбіні. Міжволі прыйшло ў галаву, што і мы не маем свайго гнязда. Плачу, калі пішу да цябе гэтыя словы пра наш родны дом.

Старая ключніца назвалася Стасяй. Спаткала ў яе другую старую, якая мае ўжо 70 гадоў і ў часы маёй маладосці заўсёды на Божае Цела прыводзіла дзяцей, якія кідалі кветкі. Жыве яна ў Шчучыне і там апякуецца касцёлам. Выглядае прыгожа: дробныя, далікатныя рысы, чыстыя васільковыя вочы і бязмежная дабрыня ў іх. Пазнала яе адразу і ледзь не расказала пра тое, хто я. У гэтую выправу пастаралася да непазнавальнасці змяніць свой выгляд. Баялася, каб хто не пазнаў ува мне былую паненку з двара, бо маглі быць дрэнныя наступствы. Аднак папрасіла ў яе адрас для сваёй знаёмай Эміліі Русецкай. "Для панны Велі?", - радасна ўскрыкнула і адказала: "Прашу перадаць ёй прывітанне і сказаць, што я яе добра памятаю".

Дала свой адрас і пра мяне не выпытвала. Усталі і ўтрох пайшлі ў касцёл. Аслупянела ад уражання! У касцёле нічога не змянілася. Толькі дадаліся фігуры святых, ліхтары і абразы - усё гэта прывезлі сюды з ліквідаванага шчучынскага касцёла. Калятарскія лавы Ішчылны і Вялікага Мажэйкава накрыты памостамі з дошак, на гэтым памосце стаяць шэсць ліхтароў і фігур. Высока пад скляпеннямі лётала нейкая птушка. Усё ўстрымліваецца ў вялікай чысціні, метал ліхтароў блішчыць, алтар тоне ў жывых, свежа сарваных кветках. Не хапае толькі на амбоне нашага дарагога ксяндза Красадомскага. Можаш сабе ўявіць маё ўражанне! Прайшло трыццаць гадоў, і пад уладай Саветаў Дом Божы застаецца ў ідэальным стане. Нават не верыцца. Усе малітвы, як і раней, адпраўляюцца па-польску. Не бачна ніякіх слядоў рамонту апошніх гадоў, але ксёндз Красадомскі пасля вяртання з Сібіры разам з вернікамі нешта тут напраўляў.

Думаю, старыя ўсё ж здагадаліся, што я нехта з ранейшых часоў, бо амаль што праз сілу павялі мяне да маёнтка. Не хацела туды ісці, баялася ўражанняў, але яны так наляглі, што згадзілася. Не, не цікава было аглядаць руіны гэтак дарагога мне месца, бо не люблю шукаць былых слядоў прыгажосці.

Пытаеш што пабачыла?

Знішчэнне, варварства і пустку. Гэтак выглядалі двары ва Украіне пасля рэвалюцыі 1917 г. у кнізе Зоф'і Косак "Бяроза".

Ад каштанавай алеі, якая вяла ад двара да касцёла, засталося некалькі дрэваў, якія дазваляюць прыгадаць, як яна выглядала. Сама алея ў выбоінах і ў гразі пасля нядаўніх дажджоў. Ад уязной брамы і мура, які атачыў сад, не засталося і слядоў. Левы бок алеі ад былой брамы да дома выкарчаваны. Выкарчаваны левы бок саду, двара і парку. Адзінае, каля клумбы ацалелі тры пакалечаныя ліпы. Каля грэблі стаіць стары вадзяны млын, але ён не чынны, бо стаў зарос і стаў плыткім. Не бачна векавой алеі з елак, якая вяла ад двара да тракту і коннай пошты, якая стаяла каля тракту - пазнейшай прафесійнай школы. З даўніх будынкаў, апрача млына, ацалеў толькі дом агародніка і цугавая стайня, якая пасярод пажарышча выглядае нават па-панску, як палац. Акрамя гэтых, усе пабудовы - дом, скарбец, афіцына, аранжарэя і будовы фальварка разабраны да фундамента. На іх месцы толькі парослыя травой пагоркі друзу. На ўсім абшары даўняга двара не ўбачыла слядоў жыцця ці дзейнасці чалавека. Створаны працай шматлікіх пакаленняў асяродак культуры ператвораны ў папялішча.

Усё гэта было для мяне вялікім перажываннем і цяжкім выпрабаваннем для сэрца. Бачыла смерць нашага былога жыцця. Аднак, калі Пан Бог дазволіць, паеду сюды яшчэ раз, каб выпытаць старых сялян, ці ацалела што ад ішчалнянскага архіва? На гэты раз толькі прывезла з Ішчалны малы мяшочак зямлі і галінку бэзу.

Нездарма дваровыя сабакі вылі перад нашым выездам у 1939 г. Інстынктам ведалі, што запануе тут смерць ..."

III. Вопіс зямель Ішчалны

Абшар Ішчалны

Ішчална ніколі не была сядзібай магнацкай сям'і ці латыфундыяй нашых "каралевічаў" на Літве. Князям Вішнявецкім належала толькі некалькі гадоў. Была гэта маёмасць сенатараў, але сенатары мелі меншы ўплыў.

Братам Лімантам, якія ў 1616 г. дзялілі свае воласці, не быў дакладна вядомы іх абшар, бо да таго часу ніякі абмер не рабіўся. Тым болей падчас надання маёмасці ў 1505 г. дакладнай плошчы не ведаў ні кароль Аляксандр, ні атрымальнік маёмасці Якуб Давойна.

У тыя часы межы абшараў вызначала традыцыя, а не геаметрычныя вымярэнні. Старыя назвы ўрочышчаў пераходзілі з пакаленне ў пакаленне. Адвечныя пушчы, поўныя балоцістых нізін, рэчак і ручаёў, бароў на прыгорках, цягнуліся бесперапынным пасам. Жыў тут моцны і люты звер: зубры, туры, ласі, алені, сарны, мядзведзі, ваўкі, дзікі, рысі і ўсялякая звярыная дробязь. Толькі дзе-нідзе ў бязлесных анклавах сяліліся людзі.

Аднак існавала своеасаблівая прымітыўная тапаграфія, калі кожнаму кавалку зямлі давалася свая назва. Напрыклад, луг, падзелены пасам лесу, які зваўся Валасоўшчына, з аднаго боку лесу меў назву Раманішкі, а з другога - Прэйцы. Чым менш жыло тут людзей, тым большыя абшары ахоплівала назва. [...]

Ішчалнянскі двор разам з парафіяльным касцёлам, ляжыць на скрыжаванні дзвюх старых дарог: з захаду на ўсход праз Гароднаю, Скідзель, Шчучын, Ішчалну і Ліду, а з поўначы на поўдзень праз Забалаць, Васілішкі, Ішчалну, Жалудок і Орлю. На ўсход, за 2 км ад двара праходзіла мяжа з маёмасцю Хадкевіча, якая раней пачыналася ажно каля Ліды. Галоўнай сядзібай гэтай маёмасці было Вялікае Мажэйкава - некалі ўласнасць Караля Хадкевіча.

Гэты род згас у дваццатых гадах XIX ст., і захаваныя рэшткі былой латыфундыі перайшлі да графаў Грабоўскіх. Падчас Першай сусветнай вайны ў Парыжы, не маючы патомства, памёр уладальнік Вялікага Мажэйкава граф Станіслаў Грабоўскі, пакінуўшы сваім спадкаемцам 5000 гектараў дасканалых лясоў і добрыя аграрныя землі. Спадкаемцамі былі: Верашчакі, Мінейкі, графы Раствароўскія і Ваньковічы. Вялікае Мажэйкава атрымалі Верашчакі, сваякі міцкевічавай Марылі.

За 3 км на поўнач, у кірунку Васілішак, ляжала некалі вялікая маёмасць Кастравіцкіх, ад якой з-за неашчаднасці дзядоў застаўся фальварак Касцянёва. Стыльны палац у Паперні, што каля Ваверкі, яны страцілі пры канцы XIX ст. Кастравіцкія пасля Скіндараў і Александровічаў былі адным са старэйшых родаў на Лідчыне, пасялілся яны тут у выніку старадаўніх каралеўскіх наданняў.

І зноў, недалёка, за 2 - 3 км на поўдзень мелася мяжа з лясамі Жалудка, якімі валодалі князі Святаполк-Чацвярцінскія. Да 1939 г. мелі яны 17 000 гектараў. Чацвярцінскія атрымалі Жалудок пасля смерці графіні Урускай. У XVIII ст. гэта была маёмасць, знанага ў часы караля Станіслава Аўгуста, Тызенгаўза.

Сціснутая з трох бакоў ішчалнянска-шчучынская маёмасць у заходнім кірунку ішла ажно да мяжы наступнай латыфундыі - Скідзеля, які ў 1939 г. належаў князю Уладзіміру Святаполк-Чацвярцінскаму. У бок Скідзеля ляжаў маёнтак Спуша, які ў 1939 г. меў 40 000 гектараў зямлі і належаў князю Яўстаху Сапегу - амбасадару ў Лондане (памёр у 1968 г. у Кеніі, пакінуўшы там нашчадкам вялікі маёнтак).

Ішчалнянска-шчучынская маёмасць не мела форму прастакутніка, хутчэй яна нагадавала пляму з асобнымі выступамі, пляма была ў шырыню 5 км і ў даўжыню 30 км.

Можна прыняць, што агульная плошча яе ў XVI ст. складала каля 40 000 гектараў і на момант надання (у 1505 г.) не мела шмат апрацаванай зямлі, бо прывілей караля і вялікага князя ВКЛ Аляксандра надаў Давойнам "Пушчы ішчалнянскія і шчучынскія".

У 1616 г., на момант падзелу маёмасці паміж братоў Лімантаў, агульная плошча апрацаваных зямель складала 440 валок, і таму кожны з іх атрымаў па 220 валок. Валока вызначалася як ворная зямля якую можна было завалочыць, г. зн. забаранаваць парай валоў за поўны дзень. У XVI ст. не было яшчэ адзінай меры паверхні і яна тычылася толькі раллі без лугоў, пашаў і лясоў. У 1576 г. прынятая ўстава, па якой валока мела 30 моргаў [12] (як ў ВКЛ, гэтак і ў Кароне). Таму ў Кароне валока гэта каля 17 гектараў, а ў ВКЛ каля 21 гектара (бо літоўскі морг быў на 1/4 большы за польскі). З гэтага вынікае, што Ліманты мелі каля 9 000 ворных гектараў. Паверхня агульнай плошчы маёмасці была значна большай.

З часам, ішчалнянска-шчучынскі абшар паменшыўся з-за падзелаў, продажу, тастаментаў, шлюбаў. Не маю інфармацыі, каб дакладна прасачыць гэтае памяншэнне.

У 1616 г. маёмасць была падзеленая на дзве роўныя паловы. У наступныя часы Ішчална ў большай меры паменшыла сваю плошчу, чым Шчучын. Калі ў 1939 г. Шчучын меў каля 8 000 гектараў, і таму можна вызначыць, што перад зямельнай рэформай 1861 г. (адмен прыгону) Шчучын мусіў мець больш за 10 000 гектараў, адсюль ужо недалёка і да 20 000 гектараў на пачатку XVII ст.

Абшар Ішчалны значна паменшыўся, і ў 1918 г. меў 3 200 гектараў. Баляслаў Важынскі, пры якім прайшла рэформа 1861 г., вылучыў з Ішчалны 7 вёсак: Ішчалну (Валоку), Кямянцы, Малыя Баяры, Вялікія Баяры, Карысць, Мацяўцы і Бабры, адначасова ліквідаваў мястэчка Ішчална, якое да гэтага часу месцілася каля касцёла.

Пры канцы, Важынскія валодалі двума ключамі: Ішчална (3 200 гектараў) і Голдава (каля 2 000 гектараў). Голдава не было шараговым маёнткам Лясковічаў, і таму ў 1922 г. яго ўспадкавала сям'я Валейкаў - сваякоў сёстраў Важынскіх па лініі Юзафа Скарбак-Важынскага.

Ключ Ішчална складаўся з наступных частак:

- непасрэдна Ішчална, фальваркі Прэйцы, Баяры, Даргёўцы, Карысць, Сліваўшчына, Буцёўшчына, Бабры.

- лясныя ўрочышы: Навіны, Карысць, Сліваўшчына, Баяры, Вады, Могілкі, Валасоўшчына, Бабры, Бубліны.

Гэты ключ пасля Першай сусветнай вайны і да 1930 г. страціў наступныя землі:

- 450 гектараў па выплаце тастаментаў Марыі Скарбак-Важынскай. Гэта 20 гектараў у Ішчалне і 430 гектараў у Бабрах (70% лесам);

- 170 гектараў раллі ў Сліваўшчыне і Бабрах ахвяраваны вайсковым асаднікам;

- 20 гектараў лясоў падараваны гаспадарам вёсак Кямянцы і Валока;

- 560 гектараў раздзелены па законе аб зямельнай рэформе 1921 г. 300 гектараў раллі (фальваркі Баяры, Буцёўшчына і Даргёўцы і 260 гектараў лесу ва ўрочышчах Навіны і Бубліны.

Разам абшар ключа Ішчална паменшыўся на 1200 гектараў.

17 верасня 1937 г. маёнтак меў 2 000 гектараў з якіх:

- 1 000 гектараў мела сям'я памёршага Юзафа;

- 700 гектараў мелі сыны памёршага Станіслава (Уладзіслаў і Вітольд);

- 300 гектараў меў Юльян.

Сям'я Юзафа валодала: маёнткам Ішчална, фальваркам Прэйцы, ляснымі ўрочышчамі Валасоўшчына, Могілкі і часткай Навін.

Сыны Станіслава мелі: фальварак Карысць і лясныя ўрочышчы Карысць, Баяры, Вады і частку Навін.

Юльян: лясное ўрочышча Сліваўшчына і частку ўрочышча Навіны, якое падзяліў пасля продажу лесу.

Землі Ішчалны, 1921 - 1925 гг.

Стан на 1921 г. - гэта стан перад падзелам паміж спадкаемцамі Марыі Скарбак-Важынскай. Стан на 1925 г. гэта, калі мой бацька Юзаф Лясковіч атрымаў зямлю.

Землі ключа Ішчална былі расцярушаны па вялікай паверхні. Адлегласць паміж найбольш аддаленымі кропкамі дасягала 35 км. Зямля была рознай якасці і парознаму ўжывалася.

На пачатку раскажу пра тыя землі, якія адпалі ў 1922-24 гг. і потым пра тыя, якія належалі Юзафу Лясковічу і яго нашчадкам да 1939 г.

У 1921 г. уладанні не мелі цэласнасці. У адрыве ад галоўнага комплексу ляжалі:

- фальваркі Бабры, Буцёўшчына і Сліваўшчына, а таксама лясное ўрочышча Бубліны.

Самы вялікі з фальваркаў - Бабры (каля 500 гектараў) ляжаў каля ракі Дзітвы. Меў комплекс драўляных будынкаў ў пасрэдным стане. Тут сеялася жыта, меліся мокрыя лугі, якія пераходзілі каля ракі ў чарот. Кіраваў фальваркам Багатыровіч. Ён быў з тых, пра якіх пісала Ажэшка ў сваёй кнізе "Над Нёманам". Мешаны лес з перавагай хвойных дрэваў, у асноўным сасны. У лясах тры багністыя азярцы з цвёрдым дном - каралеўствы дзікіх качак. Асаблівасцю Баброў было гняздо чорных бацяноў у лесе. Назва фальварка з'яўлялася рэхам старых часоў - у XX ст. тут баброў ужо не было, і нават ніхто пра іх не памятаў. Дрэвы месцамі мелі да 120 гадоў узросту, і лес быў слаба выцераблены.

Фальварак Буцёўшчына разам з лесам меў 50 гектараў і ляжаў за 5 км на захад ад двара. Меў драўляныя старыя будынкі. Зямля тут была дрэннай, але рос прыгожы сасновы лес. Фальварак прададзены добраму і стараннаму гаспадару Мікановічу.

Сліваўшчына ляжала за 11 км на поўдзень, у бок Ражанкі. Фальварак меў 60 гектараў. Атачалі яго самыя каштоўныя дубовасасновыя стагадовыя лясы Ішчалны. Абавязкі лесніка выконваў стары служка, лагодны і добры чалавек Касцюкевіч. У фальварку меліся спаленыя будынкі, і потым ён быў ахвяраваны ўраду для вайсковых асаднікаў.

Нарэшце, астатнім адасобленым аб'ектам было ўрочышча Бубліны - 4,5 км на захад ад двара і 2 км ад Буцёўшчыны. Тут мелася 78 гектараў прыгожага сасновага лесу, які потым быў прададзены з-за неабходнасці пасляваеннага развіцця нашай гаспадаркі. Зямлю падзялілі паміж гаспадаркамі вёскі Мацяўцы.

30-ці гектарны фальварак Карысць - суцэльныя пяскі. Па непаразуменні ці з-за браку здаровага сэнсу быў узяты ў арэнду. Убогі арандатар плаціў малыя грошы, ці наогул нічога не плаціў.

На поўдзень ад фальварка знаходзілася лясное ўрочышча Карысць - прыгожы сасновы бор з мачтавымі дрэвамі. Пасля падзелу, фальварак выконваў ролю спадчыннай сядзібы Вітольда Лясковіча [13], які, аднак, падчас наездаў жыў у Ішчалне.

Фальварак Баяры меў 200 гектараў зямлі пад жыта і бульбу, а таксама лугі. Кіраваў тут Чачот, як і іншыя кіраўнікі фальваркаў - Багатыровіч і Мікановіч - ён быў засцянковым шляхціцам. Драўляныя будынкі тут доўгі час не рамантаваліся і знаходзіліся не ў лепшым стане. Баяры былі прададзены. Лес урочышча Баяры ўспадкаваў Уладзіслаў Лясковіч. Абшар лясоў большы, чым ў Карысці, але лясы больш слабыя. Падобным было ўрочышча Вады - простакутнік у 200 гектараў.

Урочышча Навіны належала ўсім траім спадкаемцам. Мела самыя старыя дрэвы - у асноўным сосны і ёлкі да 1 м ў дыяметры.

Урочышчы Валоўшчына і Могілкі мелі якасна найгоршыя, пераважна лістоўныя лясы. Шмат грабу, які ў нашых геаграфічных шыротах рос дрэнна і не быў карысным дрэвам.

Фальварак Прэйцы складаў адзінае цэлае з Ішчалнай. Меў пясчаную зямлю і шмат лугоў.

І нарэшце сама Ішчална, тут зямля была высокай якасці. [...]

Выкапні

Найбольшым багаццем Ішчалны быў мяргель, пра які пісаў "Слоўнік геаграфічны". Знаходзіўся адразу пад дзёрнам, і яго капалі як гліну, потым фармавалі ў цэглу і гасілі на вапну. Такім чынам атрымлівалі вапну высокай якасці. Яна выкарыстоўвалася як пры будаўніцтве, гэтак і ў якасці ўгнаення для сельскай гаспадаркі. Як рошчына, ужываўся ў свой час пры будаўніцтве шэрагу касцёлаў у суседніх мястэчках. Нягашаная, выкарыстоўвалася для пабелкі будынкаў. Адкладанні мяргелю цягнуліся уздоўж Ішчалнянкі і зноў выходзілі на паверхню прапз 2 км у Ішчалнянах.

Ва ўрочышчы Навіны і каля яго меліся залежы гліны [...]

У 1923 г. выкапнямі Ішчалны зацікавілася група лясных прамыслоўцаў з інжынерам Корзанам (віленцам) на чале. Яны знайшлі жалезную балотную руду, якая не мела вялікай прамысловай каштоўнасці, але ўплывала на склад вады ў крыніцах каля Навінаў. З'явіўся план пабудовы санаторыя ў Ішчалне. Мы аднесліся да плана без усялякага энтузіязму, і пасля ўсіх падрахункаў план не быў прыняты. [...]

Лес

Лясы Лясковічаў займалі 1 500 гектараў і складаліся з дрэваў ўсіх гатункаў. Тут раслі ўсе віды ягад, грыбоў і арэхаў, якія меліся на геаграфічнай шырыні Ішчалны. Аднак па абшарах маёнтка лясы размяркоўваліся няроўна.

У сасновых і саснова-дубовых барах расло шмат сапраўдных грыбоў (баравікоў). Найбольш іх было ва ўрочышчы Баяры, неяк адтуль за 4 гадзіны збору грыбоў (з 7-й да 11-й) 4 чалавекі прывезлі 1060 баравікоў. Атрымлівалася больш за 1 баравік у мінуту на кожнага грыбніка. Грыбнікамі былі кузэн Юльян, яго жонка - варшавянка, фурман Фелікс і старая няня.

Найменш баравікоў расло ў ліставым урочышчы Валоўшчына і ў Вадах - мешаным лесе з вялікай колькасцю старых елак. [...]

За некалькі гадоў пасля Першай сусветнай вайны на абшары Навіна былі высаджаны сосны. Акрамя іх тут густа выраслі бярозкі і ляшчына. Гэты лес рос на другім баку тракту і быў бліжэйшым да двара. Мы ніколі не хадзілі туды па грыбы. Але, неяк мая сястра Ева, вяртаючыся дахаты, прайшла праз гэтую частку ўрочышча (каля 30 гектараў) і знайшла там пад кустамі ляшчыны шмат баравікоў. У 1936-1939 гг. гэты лес стаў крыніцай грыбоў як для двара, гэтак і для інтэрната прафесійнай школы, які стаяў паблізу.

На больш слабай глебе Ішчалны, прылеглай да Прэйцаў, з часоў Першай сусветнай вайны захаваліся бярозавыя і сасновыя зараслі. Некаторыя нават былі далучаны да сапраўднага лесу. Тут, у маладняку, раслі падбярозавікі і чырвонагаловыя падасінавікі. Раслі яны ў такой колькасці, што грыбнік павінен быў ісці па адмысловым маршруце, каб збіраць толькі лепшыя грыбы. Дарэчы, калі збор баравікоў называўся "грыбабранне" ці "збор грыбоў", дык падбярозавікі і падасінавікі не збіралі, а "рвалі". Калі на вячэру планаваліся грыбы, а часу заставалася мала, кухар казаў дзяўчыне:

- Зоська, скоч, нарві грыбоў!

А летам за сталом рэдка збіралася меней за 15 асобаў.

Тут жа, у сасновым маладняку Прэйцы таксама раслі рыжыкі. Не памятаю, каб калі збіралі зялёнкі, свінушкі, шампіньёны. Аднак калі-нікалі прыносілі з лесу маслякі ці курачкі. А ў больш адлеглых лясах, такіх як Бабры, Сліваўшчына, Карысць ці Бубліны грыбы збіраліся вельмі рэдка. [...]

Ляшчына і арэшнік раслі ва ўсіх нашых лясах. Аднак сапраўдны рай быў у Сліваўшчыне. Штогод, у першай палове верасня мы выязджалі сюды, па арэхі (11 км ад двара). Госці і старэйшыя гаспадары сядалі на вазы-драбіны, а моладзь гарцавала вярхом. Конных было столькі, колькі мелася ў маёнтку сёдлаў, а ўсе сёдлы былі мужчынскія (з-за ваенных часоў не захавалася аніводнае дамскае сядло). Мелі адно англійскае, адно афіцэрскае аўстрыйскае, адно рускае і два канадскія-жаўнерскія). Гэта былі прыемныя і радасныя выправы. Неяк адна з кузінаў, тып Баські Валадыеўскай [14], гэтак прыціснула на сваім кані, што конь англійскай пароды мусіў пераскочыць цераз паваленую на тракце бярозу ... у выніку Ванда Астрамецкая вылецела з сядла, але ўсё абышлося.

Плёнам гэтых выправаў звычайны былі два поўныя арэхаў стокілаграмовыя мяшкі ад збожжа. [...]

Дрэвы

Пушчы Ішчалны, Шчучына, Жалудка, Вялікага Мажэйкава і Гурнофеля межавалі паміж сабой і адначасова зліваліся ў адзінае цэлае, ствараючы разам з дзяржаўнымі лясамі велічэзны лясны комплекс.

Дзядзька і апякун малагадовых сясцёр Важынскіх (Станіслаў Грабоўскі - Л. Л.) любіў лес і не быў ласы на грошы. Яго лясы былі вялікім рэзервам дасканалага старога дрэва. Купцы лесу - яўрэі з цікавасцю глядзелі на гэтыя лясы і моцна марылі, выцерабіўшы іх, напоўніць свае гаманцы. Неаднаразовы прыязджалі на перамовы, пасля якіх граф Грабоўскі кожны раз выязджаў з імі аглядаць масівы лесу, і кожны раз спакой лесу настройваў яго на сузіранне вечнасці, і ён адмаўляўся. Лес, некрануты сякерай заўсёды аказваў на яго больш моцнае ўздзеянне, чым прывід грошай. Таму купцы заўсёды ад'язджалі ні з чым, і чарговы раз уздымалася яго слава добрага гаспадара. Таму мажэйкаўскія і ішчалнянскія лясы ў ваколіцах моцна адрозніваліся ад іншых.

Швагер Грабоўскага, Баляслаў Важынскі, карцёжнік і шалапут, не шкадаваў лес. Прадаў на высечку вялікі кавалак Навін, але ніякія даходы не маглі нагнаць ягоныя даўгі. Скончыў трагічна, пра што я ўжо пісаў. Граф Станіслаў Грабоўскі змог прышчапіць замілаванне да прыроды ўсім сваім пляменнікам (дзецям сёстраў). Калі яны перанялі кіраванне маёнткам у свае рукі, дык маглі раскашаваць у спакоі, які ім пакінуў дзядзька, але і не думалі мяняць яго на манеты ці банкноты. Трыццаць гадоў сякеры не было чутно ў нашых лясах. Мачтавыя сосны спакойна раслі пад аблокі. Былі ў нас дрэвы мятровага дыяметра, якія памяталі караля Яна III і дажылі да 1939 г.

Першы вялікі і нешчаслівы кантракт на продаж 40000 старых дрэваў падпісалі сёстры Важынскія ў 1913 г. Прыйшла вайна і дэвальвацыя. Купец Стычынскі зарабіў на гэтым мільённую маёмасць, а гаспадыні не атрымалі нічога. У 1918 г. мусілі прадаць 75 гектараў дубу ў Сліваўшчыне, але фінансавы вынік быў такім жа. Гэтак Ішчална страціла большасць каштоўнага дрэва.

Звяры

За 30 гадоў да 1915 г., усе абшары паненак Важынскіх, перад усім лясы, былі сапраўдным раем для звяроў і птушак. За выняткам дробнага расходу дрэва на будоўлю і абагрэў памяшканняў, а таксама рэдкага палявання на звяроў для палацавай кухні, гэтыя лясы можна было лічыць сапраўдным запаведнікам ці нацыянальным паркам. Кузіны Важынскія катэгарычна забаранілі паляваць і наогул забіваць звяроў на ўсіх абшарах свайго маёнтка, пры гэтым іх лясная служба падкормлівала звяроў зімой і бараніла іх ад браканьераў ... Таму ішчалнянскія лясы напоўніліся зверам і птушкамі, было тут мноства вавёрак, рабчыкаў, ласёў, куніц і нават трошкі гарнастаяў. Але, як бывае, у наступныя часы былі знішчаны даробкі папярэдніх пакаленняў, і кожнае новае пакаленне ўсё пачынала з чыстай старонкі.

Першая сусветная вайна прынесла пагібель для звяроў, якіх гадавалі сёстры. Ішчална мела асаблівую ўвагу з боку нямецкіх акупантаў. Немцы прымушалі людзей ладзіць для сябе аблаву і палявалі з парушэннем усіх тэрмінаў і звычаяў палявання. Здабывалі як можна больш мяса і скур для арміі.

Пачатае акупантамі ў 1915 г. выбіванне звера прывяло да таго, што ў лясах не засталося аніводнага аленя ці лані, і нават заяц стаўся рэдкасцю. А пасля зыходу немцаў іх працу працягнулі мясцовыя браканьеры. Найлепш перажылі ліхія часы дзікі, ваўкі і лісы [...]

Рыбы

Двор знаходзіўся пры збегу двух водастокаў. На поўнач, з Прэйцаў, цёк ручай (не меў назвы) ..., у канцы парку на гэтым ручаі меўся малы стаў з паверхняй у палову гектара. Тут гадаваліся карпы і карасі. Такі сабе падручны запас рыбы. Перабегшы грэблю, ручай далей цёк праз луг да наступнага става, у які ўпадала значна большая за ручай рэчка Ішчалнянка. Такім чынам гэты ручай з'яўляўся прытокам Ішчалнянкі, якая ў сваю чаргу, перад грэбляй Станіславаўскага тракту Гародня - Ліда (яго таксама звалі Кацярынінскім), стварала яшчэ адзін стаў. Некалі, сто гадоў таму, за грэбляй мелася кола млына, якое прыводзіла ў рух фолюш. Але той стаў даўно высах, на яго дне добра расла капуста, а каменны будынак фолюша ператварыўся ў руіны.

Галоўны стаў у 4 гектары з'явіўся ў выніку двухкратнага перагароджвання Ішчалнянкі грэблямі і меў форму васьмёркі. Ніжняя палова мела форму прастакутніка і стварала асобны стаў, люстра якога вясной і восенню была цалкам чыстым, а летам месцамі зарастала водарасцямі. Гэтая палова ўжывалася для спорту - тут лавілі рыбу на вуды і спінінгі, плавала лодка, меўся пляж з мастком. Тут было каралеўства шчупакоў, акунёў, лінёў, ляшчоў і плотак.

Верхняя палова става мела размытыя контуры і меншую глыбіню і таму цалкам зарасла чаротам. ... Ішчалнянскі стаў даваў да 300 кг рыбы ў год [...]

Рэчка, якая выцякала з памежжа ўрочышчаў Навіны і вёскі Кямянцы, у далейшым цячэнні праходзіла праз вёску Ішчалняны. Там меўся вясковы млын. Адсюль рэчка паварочвала да Вялікага Мажэйкава, дзе на яе рэчышчы была пабудавана электроўня маёнтка. Пасля электроўні рэчка цякла ў бок чыгункі.

IV. Гаспадаранне на абшары

Абшары Ішчалны ляжаць уздоўж рэчкі Ішчалнянкі.

Пасярод палёў на высокім пагорку прыгожа стаіць бачны здалёк барочны касцёл, званы якога далёка разносяць урачыстыя і мілыя сэрцу гукі, якія аднак, толькі падкрэсліваюць вясковую цішыню. Каля касцёла, у яго цені, месціцца плябанія з балконам, які выходзіць на пагорак з садам. Плябанія мураваная, двухпавярховая, прыстасаваная для з'ездаў на адпусты і вакацыі клірыкаў, яна заўсёды гатова гасцінна адчыніць свае дзверы. За касцёлам стаіць старая драўляная плябанія, яна адрамантавана, і тут месціцца прытулак для старых, ксёндз Красадомскі аддаў старым і свой сад. Акрамя саду маецца гарод і над самым ручаём вясковая лазня з парылкай.

Далей, па левым беразе рачулкі, праз палову кіламетра, наступным пагорак трохі ніжэйшы. Ён штучна падвышаны, і на ім пабудаваны добры, вялікі, дбайна атынкаваны і пабелены жылы мураваны дом. Перад домам традыцыйны круглы газон з дарогай вакол яго. У правы бок ад газона - скарбец, у левы - афіцына. На спуску з пагорка - цугавая стайня, сабакарня і кузня, яшчэ ніжэй мост над ручаём, а за ім плоскі, вялікі майдан з усімі гаспадарчымі будынкамі і вялікім домам для служкаў фальварка.

Усе будынкі тонуць у моры зеляніны, якое стварае прыгожы парк і сад. Сад перасякае старая алея, якая вядзе да касцёла. Другі парадны выезд з двара вядзе каля стайні і сабакарні на грэблю праз стаў з млынам, а потым праз старую алею з елак да старога тракта эпохі караля Станіслава-Аўгуста. Да пабудовы новай шашы ў 1910-я гг. гэты тракт з'яўляўся галоўнай дарогай паміж Лідай і Гародняй. Таму каля тракта маецца будынак старой коннай пошты ў якім месціцца прафесійная школа для дзяўчат. Насупраць жылога дома-палаца выкапаны стаў з усімі прыемнасцямі: лодкай, рыбалоўствам, пляжам. Большасць будынкаў двара мураваная. [...]

V. Вопіс гістарычнай забудовы

Жылы дом

Каля 70 гадоў стары дом (скарбец) выконваў ролю жылога дома. Будоўля новага дома, разам з назапашваннем матэрыялаў цягнулася доўгія гады. Наш жылы дом праектаваў той самы архітэктар, які праектаваў і будаваў палац у Паперні, што каля Ваверкі (падобна План палаца, да 1939 г. гэта быў італьянец, фамілія яго страчана) і пасля праектавання мой прадзед пачаў збіраць матэрыялы. За некалькі гадоў была абпалена цэгла і выбраныя яе лепшыя экзэмпляры для будаўніцтва дома, горшыя пайшлі на афіцыну, гаспадарчыя будынкі і агароджу. Адначасова нарыхтоўвалі і гасілі ў ямах вапну. Нарыхтоўвалі і пілавалі лясныя матэрыялы: лепшыя лістоўніцы і сосны на бэлькі, кроквы і падлогі, а дуб на дзверы, вокны, панелі і паркет. Купляліся адмысловыя завесы, спружынныя замкі на дзверы, вялікія, стылёвыя клямкі, металічныя часткі для камінаў, кухонных, пакаёвых печак і пліт. З Наваградка вязлі кафлю. З рахункаў таго часу вынікае, што са Сліваўшчыны прывезлі лепшае дубовае дрэва, якое сушылася 8 гадоў. Будоўлю закончыў ў 1808-10 гг. харунжы Лідскага павета Караль Лясковіч. У выніку атрымаўся не палац, а малы палацык ў стылі ампір (класіцызм).

Палац, 1927 г.

Дом у Ішчалне ніколі не перабудоўваўся, а дзверы і вокны былі зроблены настолькі якасна, што і ў 1939 г. нідзе не было шчыліны. Адначасова прадзеды рыхтавалі і ўнутранае начынне дома, і таму хутка, у 1813 [15] г. маглі ўжо тут прымаць цара Аляксандра І, які спыніўся і слухаў у доме, як грала на арфе дачка гаспадароў.

Дом быў пабудаваны вельмі грунтоўна. Вонкавыя сцены мелі таўшчыню 90 см, унутраныя - 70 см. Сцены знутры былі абшыты дубовымі панелямі, і іх агульная таўшчыня дазваляла цалкам схавацца адчыеным двухстворкавым дзвярам.

Па звычаі таго часу жылы дом пафарбавалі ў белы колер. Не гледзячы на вялікую моц крокваў, не ўжылі ні дахоўку, ні бляху, а толькі гонту. Белізна дома адцянялася шэрым гонтавым дахам, і дом выглядаў вельмі прыгожым як улетку, на фоне зеляніны, гэтак і залатой восенню і нават пры свеце месяца на чорным тле неба. Аднатыпна з ім былі пафарбаваны і пакрыты таксама скарбец і афіцына.

Жылы дом меў 14 пакояў, сені, калідор, два складскія памяшканні, веранду, два ганкі. Ва ўнутраным плане дом меў дзве анфілады, якія ішлі праз увесь будынак, і таму дом як быццам падзяляўся на дзве розныя часткі - прадстаўнічую і жылую.

У прадстаўнічай частцы меўся: перадпакой, салон, малы салон (круглае памяшканне з нішамі, у якія ўбудаваны невялікія канапы), васьмікутны гасцінны пакой, кабінет, буфетная, прастакутная зала для більярду, пакой для карцін і круглая сталовая. Салон і сталовая акрамя печаў мелі каміны.

Жылая частка была падзеленая калідорам, які вёў на другі ганак. Кожная палова жылой часткі складалася з трох пакояў.

Рухомасць у доме буду апісваць па стане на 1939 г., бо ўсю мэблю разрабавалі і знішчылі падчас Першай сусветнай вайны. З даваеннага часу ацалелі толькі адзінкавыя рэчы, а менавіта: некамплектны салон у стылі Людовіка XV, вялікае венецыянскае люстра, адзін круглы мармуровы стол і адзін стол з арэхавага камплекту, раскамплектаваная спальня, два гадзіннікі XIX ст. (адзін стаячы, шафавы, другі камінны, бронзавы з эмаллю), дзве пашкоджаныя хрустальныя жырандолі, пашкоджаная арфа Францішкі Лясковіч і восем сямейных партрэтаў, сярод іх партрэты Францішкі і яе мужа Антона Важынскага.

У міжваенныя часы 1922-39 гг. акрамя адзінкавай мэблі, як напрыклад: фартэпіяна, старога гданьскага буфета, бібліятэчнай шафы, атаманкі, ложка, стала, крэсла, былі набыты тры камплекты мэблі, а менавіта: спальня чырвонага дрэва, дубовы сталовы набор, ясеневы кабінет і выкананы на замову масіўны кабінетны камплект з гербамі Лясковічаў. Уся мэбля знікла ў 1939 годзе.

Тэхнічны вопіс жылога дома.

Дах - вельмі стромкі, гонтавы.

Палац, да 1939 г.

Паддашак - высокі, прасторны з вялікімі комінамі.

Муры - вонкавыя сцены - 90 см, унутраныя - 70 см.

Бэлькі столі - сістэмы Даэрфля, густа пакладзеныя драўляныя бэлькі (36 х 36 см), выкананыя з старога прафіляванага сасновага дрэва.

Столь - гладка патынкаваная, без жывапісу, з гзымсамі ў стылі эпохі. Вышыня - 3,3 м.

Сцены - да 1914 г. у габеленах, пасля 1919 г. маляваныя, клеявыя.

Падлогі - паркет у памяшканнях 5, 6, 7, 9, 12, 14, 15; дошкі ў памяшканнях 4, 10, 16, 17, 23, 24, 25; каменныя пліты ў памяшканні 2; цэгла ў памяшканнях 3, 18, 20.

Дзверы - двухстворкавыя, высокія, масіўныя, таўшчынёй 5 см, з сухога дубу (як і ўсе дубовыя кампаненты ў доме, сушыўся 8 гадоў). ...

Вокны - разам з акяніцамі, дубовыя, двухстворкавыя з засаўкамі. Унутраныя вокны вымаліся, а на зіму мацаваліся адмысловымі шрубамі.

Дубовыя панелі - у вокнах і на сценах да вышыні 2 м - памяшканне 14, у фрамугах дзвярэй - памяшканні 2, 4, 5, 6, 7, 12, 14, 15, 16, 17, 23, 24, 25.

Убудаваныя шафы: памяшканне 4 - для запасаў жыўнасці, памяшканне 7 - у ватэрклазеце, памяшканне 15 - для вопраткі, памяшканне 16 - на акты і гаспадарскія кнігі, памяшканне 23 - для шлафрокаў, піжамаў, бялізны.

Печы - з белай кафлі, высокія, у памяшканнях 2 - 4, 5, 6, 7, 9 - 10, 12 - 14, 15, 16, 17, 24, 25.

Каміны - 5, 14.

Драўляныя сходы - пакой 11, спіральныя, вядуць у кухню, якая месцілася ў піўніцы, 19 - на паддашак, простыя.

Ганкі - памяшканне 1 (галоўны пад'езд). Бетонныя сходы. Перад калонамі дзве добрыя лаўкі. Памяшканне 13 (веранда) абсаджана дзікім вінаградам, тут месціліся стол, 2 лаўкі і крэслы. Сходы ў парк бетонныя.

Піўніцы. Пад домам піўніцы займалі 60 %, каля 400 м 2.

Перад галоўным ганкам меўся пад'езд, узмоцнены апорным мурам.

Парафільяны касцёл

Гістарычная інфармацыя пра заснаванне касцёла, якую я маю, не заўсёды супадае. Сулістроўскі ў сваім "Слоўніку мясцовасці" падае, што гэты касцёл у 1515 г. пабудавалі Ліманты, а касцельныя крыніцы заснавальнікам касцёла лічаць Андрэя Давойну ў 1514 г. На падставе вывучэння ішчалнянскага архіва і парафіяльных кніг маю права сказаць, што сапраўдную інфармацыю падаюць крыніцы касцёла.

Першым уладальнікам Ішчалны, як я і пісаў пра гэта вышэй, быў Якуб Давойна (Война ці Вайновіч). Яго сына Андрэя ў самых старых дакументах завуць Андрэем Якубавічам Вайновічам. Можна лічыць, што касцёл фундаваны менавіта ім, бо якраз у той час касцёлы і цэрквы будаваліся і ў суседніх маёнтках: Голдаве, Малым Мажэйкаве і інш. Інфармацыя Сулістроўскага не абапіраецца на крыніцы і з'яўляецца вельмі фрагментарнай.

Касцельныя хронікі былі больш дакладнымі, яны кажуць, што першы драўляны касцёл у Ішчалне стаяў на тым самы месцы, на якім у XVIII ст. быў пабудаваны мураваны, якраз вакол драўлянага касцёла пачало расці мястэчка Ішчална, ліквідаванае падчас зямельнай рэформы 1861 г.

Зараз ужо не памятаю, што казала касцельная хроніка пра акалічнасці, з-за якіх драўляны касцёл быў заменены на мураваны - пажар ці тэхнічная смерць. Умураваная ў левай сцяне касцёла шыльда, з паліраванага ружовага граніту, аздобленая гербамі фундатараў, нічога не кажа пра гэта. Яна падае, што Юзаф і Мар'яна (з Вянскевічаў) Валі за ўласныя грошы і з Божай дапамогай пабудавалі гэты касцёл у 1758 г. і просяць маліцца за спакой іхніх душаў. І больш нічога.

Вялікі касцёл пабудаваны ў стылі барока, і ў ім падчас набажэнства хапала месца для ўсіх парафіян. Касцёл выкладзены каменнымі плітамі і дастаткова ўпрыгожаны знутры. У празбітэрыюме маюцца 2 лаўкі калятараў, левая (калі глядзець з боку алтара) для дзедзічаў Ішчалны, а правая для ўладальнікаў Вялікага Мажэйкава. Акрамя кавалка зямлі ў некалькі гектараў пад касцёл, парафія мела 30 гектараў аграрнай зямлі на мяжы Ішчалны і Вялікага Мажэйкава, гэта зямля была выдзелена пароўну ад абодвух маёнткаў.

У Вялікім Мажэйкаве таксама стаіць капліца [16], філіяльная да Ішчалнянскага касцёла. Капліца фундавана ў XVIII ст. графам Хадкевічам. У святы, калі набажэнствы ў капліцы не адпраўляліся, уладальнікі і жыхары Вялікага Мажэйкава прыязджалі ў Ішчалну.

Прыгожы ішчалнянскі касцёл пабудаваны на маляўнічым узгорку, здалёк бачны і мае шэраг цікавых асаблівасцяў.

Па-першае - ён з'яўляецца указальнікам дарогі для пералётных птушак. Кожны жураўліны клін заўсёды робіць над касцёлам кола, пасля чаго змяняе напрамак свайго палёту, схіляючыся ўлева.

Другая асаблівасць - падземны могільнік пад алтаром з трунамі пробашчаў касцёла і правая крыпта, якая з'яўлялася склепам для ўладальнікаў маёнтка. Касцёл стаіць на вапнавым грунце з-за чаго парэшткі пад зямлёй не разлагаюцца, а толькі высыхаюць, гэтак жа, як у падзямеллях віленскага касцёла дамініканаў.

У бакавой крыпце ляжалі ў трунах забальзамаваныя целы дзедзічаў. У часы Першай сусветнай вайны гэты склеп быў апаганены рознымі нелюдзямі, якія з-за цікавасці і ў пошуках золата адмыкалі труны. Каб гэтага больш не паўтарылася, было вырашана труны закапаць. У 1922 г. пасля пераходу маёнтка ў нашыя рукі мы зрабілі продкам другое, на гэты раз для ўсіх адначасовае, пахаванне.

Перад пахаваннем усе труны былі яшчэ раз адчынены, целы сфатаграфаваны і пасля ўрачыстага набажэнства, жалобна перанесены ў падзямелле, і труны пахаваны. Я сам асабіста браў удзел у пахаванні. Таму хачу расказаць пра тое, што бачылі мае вочы.

У дзвюх самых старых трунах спачывалі старэйшыя Валі - Юзаф і Мар'яна. Ён мужчына сярэдняга росту з моцнай фігурай, апрануты ў кунтуш і ялавыя карычневыя боты. Дасканала захавалася не толькі скура на галаве, валасы і развесістыя вусы, але нават агульны выраз твару. Твар Мар'яны моцна зморшчыўся, на галаве шаль з далікатных брабанскіх карунак. Атласная доўгая сукня колеру выцвілага фіялету і ніякіх упрыгожанняў. На твары разліўся выраз спакою і лагоднай пакорнасці.

Наступная пара - гэта іх сын Юзаф з жонкай Агнешкай з Шукевічаў. Шчуплы мужчына сярэдняга ўзросту ў цёмным сціплым убранні, пашытым па тагачаснай модзе. Стан парэшткаў горшы, чым у бацькі, месцамі бачна цвіль. Яго жонка - невялікая кабета з вострым профілям. Не звярнуў дадатковай увагі на яе строі і на строі яе роднай сястры Элеаноры, пахаванай каля свайго мужа Караля Лясковіча ў трэцяй пары трунаў. Караля пахавалі ў мундзіры віца-маршалка павета з шэрагам вялікіх гузікаў. На гузіках расійскі арол з напалову ўзнятымі крыламі па ўзоры, прынятым падчас панавання цара Аляксандра І. На мундзіры сляды некалі вышытай золатам партупеі для шпагі. Шпагу скралі раней. Наогул, Караль Лясковіч быў высокім мужчынам, не меншым за 190 см з вузкай галавой і вузкім чэрапам.

Усе целы ў параўнанні з іншымі часткамі парэшткаў, мелі ненармальна ўзнятыя жываты, напханыя травой. На ўсіх захавалася ў цэласці скура і валасы. Не на адным твары не павылазілі на паверхню косткі.

У той час я яшчэ не ведаў змест архіваў, і імёны на таблічках мне нічога не казалі. Таму найбольшую ўвагу прысвяціў адзінай вядомай мне на той час асобе сярод уладальнікаў Ішчалны - свайму прадзеду, поўнаму цёзку Каралю Лясковічу, якога я гэтак незвычайна перапахаваў праз сто гадоў пасля яго смерці.

Здымкі нябожчыкаў былі зроблены адным з сяброў майго кузэна Юльяна Лясковіча. Не ведаю пра іхні лёс і не ведаю, ці існуюць здымкі сёння.

Перад пахаваннем я разам з работнікамі зайшоў ў падзямелле касцёла, каб выкапаць долы. На глыбіні 25 см мы знайшлі старыя труны. Дзе б мы не пачыналі капаць яны былі паўсюдна - пакладзены адна каля другой. Гэта спачывалі ранейшыя пробашчы нашага касцёла. Трухлявае дрэва лёгка пасоўвалася, і я зняў некалькі дошак. Пры святле газнічкі ўбачыў высахлыя парэшткі ў сутанах і доўгіх ботах. На абутку ўжо струхлела дратва, і па швах зрабіліся шчыліны, тканіна сутан страціла свой першасны колер і была выцвіла-карычневай. Аналагічна, як і ў нашых продкаў, таксама на ўсіх целах захавалася скура, валасы і высахлае мяса.

Магчыма, целы ўладальнікаў Ішчалны не бальзамаваліся, і на ўсе парэшткі падзейнічала гэтак званае арганічнае бальзамаванне, перад пахаваннем з іх толькі выдалілі вантробы і напхалі травамі. Гэтага не рабілі з целамі пробашчаў. Скура на парэштках была дымна-карычневага колеру, як быццам яе павэндзілі, і яна лёгка ірвалася, падобна як старая скура звера ці абутку. На парэштках пробашчаў я таксама не ўбачыў костак.

Далейшыя пошукі палічыў немагчымымі, мы зачынілі вечкі, уладкавалі зрушаныя труны і засыпалі іх зямлёй, пасля чаго выраўнялі агульны ўзровень грунту.

Назаўтра, пасля жалобнага набажэнства, мы па-чарзе перанеслі труны продкаў і паставілі на грунт паверх магілаў пробашчаў. Прысыпалі труны тонкім слоем зямлі, якой хапіла, каб толькі трошкі прыкрыць вечкі.

На падставе агляду пахаваных парэшткаў маю права лічыць, што целы продкаў не павінны былі разлагацца далей. Калі пасля 1939 г. труны зноў не апаганілі, дык яны і зараз спачываюць у тым самы стане ў левай палове касцельнага падзямелля, там, дзе мы іх пахавалі.

Скарбец

Барочны будынак гэтак званага "скарбца" планаваўся як жылы дом. Быў пабудаваны ў 1743 г. тагачасным уладальнікам Ішчалны Янам Валем, старастам фрэйданскім. Замена ранейшага драўлянага дома стылёвым і мураваным сведчыла пра важкасць і заможнасць роду. Ян Валь закончыў справу пабудовы ў канцы свайго жыцця. Пасля яго смерці заможнасць і глыбокая каталіцкасць роду была яшчэ выразней падкрэслена яго сынам Юзафам, які разам з жонкай з Вянскевічаў пабудаваў барочны гмах парафіяльнага касцёла ў Ішчалне.

Скарбец, каля 1920 г.

Будынак скарбца складаўся з піўніц, першага паверха і фацыяты [17]. Уверсе, на мураваным шчыце мелася дата A.D. 1743. Пад надпісам, над уваходам у дом быў балкон з жалезнай агароджай, на якой меліся ініцыялы "s.J.W.f." (Ян Валь, стараста фрэйданскі), балкон мацаваўся на чыгунных бэльках. Выйсці на балкон можна было з фацыяты.

Пасярэдзіне першага паверха меўся хол з уваходнай пляцоўкай і сталовая. Па баках хола знаходзіліся жылыя пакоі, якія потым памянялі сваё прызначэнне. У фацыяце былі 4 спальныя пакоі для гаспадароў і гасцей. Разам дом меў 10 пакояў, злучаных з холам. У піўніцах столь трымалі моцныя нервюры з цэглы на вапне. Гэтыя цагліны былі вялікага памеру - большыя, чым стандартная цэгла XX ст. Муры сцен тоўстыя, у тры цагліны, г. зн., каля 90 см, а ўнутраныя сцены 75 см.

У піўніцу можна было ўвайсці праз двое моцных, дубовых дзвярэй. Адзін уваход у піўніцу быў з падворка, праз дзверы ў ганку, далей, уніз вялі цагляныя сходы. Другі ўваход меўся са шчытавой сцяны будынка, адсюль быў уваход у ніжнюю піўнічную залу, геаметрычна яна цалкам паўтарала верхнюю залу скарбца.

Галоўны ўваход на першы паверх замыкаўся аднастворкавымі дзвярамі з тоўстых дубовых дошак, збітых вялікімі цвікамі ручной кавальскай работы. Таксама ручной кавальскай работы былі і завесы, засаўкі і вялізны замок XVIII стагоддзя.

У часы Валяў у піўніцы месцілася кухня, адсюль наверх можна было падняцца па сходах. Верагодна, тут жа была і чалядная. Іншыя памяшканні ў піўніцах выкарыстоўваліся як склады. Аднак, адна левая, тыльная, вонкавая піўніца з моцнымі дзвярыма служыла цямніцай і ўжывалася як пакой для арыштантаў. У валяўскіх інвентарах гэты пакой называўся "пакоем для свавольных людзей".

У часы Караля Лясковіча, які ў канцы жыцця займаў пасаду віца-маршалка павета і таму жыва ўдзельнічаў у публічным жыцці, у Ішчалне адбываліся гучныя з'езды павятовай шляхты. Пасля пабудовы новага дома, ранейшы пачаў выконваць функцыі збройні і афіцыны. Зяць Лясковіча Антон Важынскі меў пасаду маршалка Лідскага павета. Жонка ў пасаг прынесла яму Ішчалну, і ён узбагаціў свае зборы рэчаў культуры. Пры ім збраёўня-афіцына стала скарбцом. А для служкаў у левы бок ад новага дома і насупраць скарбца была пабудавана новая афіцына. На другім паверсе гэтай афіцыны чатыры пакоі і кухню займаў адміністратар маёнтка, а на першым паверсе жылі эканом і пісар.

На першым паверсе скарбца, управа ад уваходу, у адным з пакояў Антон Важынскі зрабіў бібліятэку і збор дакументаў, а ў астатніх пакоях першага паверха размясціў каштоўныя гістарычныя рэчы музейнага характару, у асноўным даўнюю зброю і латы. Пры неабходнасці тут жа жылі госці: больш паважаныя на першым паверсе, а меней паважаныя ў фацыяце.

Кухня і чалядная ў піўніцы сталі непатрэбнымі, і тут пры неабходнасці размяшчаліся слугі гасцей. У неабаграваных піўніцах набіраліся моцы старкі і віны. Падобна, што да адмены прыгону не пуставаў і пакой "для свавольных людзей".

Сын Антона Важынскага - Баляслаў, муж Марыі Грабоўскай з Вялікага Мажэйкава, нарабіў картачных даўгоў. Пасля адначасовай смерці сужэнцаў апеку і кіраўніцтва над маёнткам прыняў швагер, граф Станіслаў Грабоўскі. Выхаваннем сіротаў заняліся іх цёткі, і сіроты атрымалі выдатнае выхаванне і адукацыю, дзве з іх атрымалі навуковыя ступені дактароў. Не дзіва, што каштоўныя гістарычныя рэчы Ішчалны былі акружаны такой апекай і ўвагай, якой да гэтага не бачылі. Будынак быў цалкам перароблены і адрамантаваны, у выніку стаў скарбцом у сапраўдным сэнсе гэтага слова.

З-за таго, што зборы месціліся на першым паверсе, ва ўсе вокны піўніц і першага паверха былі ўстаўлены жалезныя краты. Доступ з кухні ў піўніцы на першы паверх быў замураваны. Паміж фацыятай і першым паверхам былі ўсталяваны моцныя, старанна акутыя жалезам, дубовыя дзверы. Таксама, над малой піўніцай (якая была паміж даўняй кухняй і арыштанцкім пакоем) вымуравалі сакрэтную камору для самых каштоўных рэчаў. Гэтая камора аказалася паміж піўніцай і першым паверхам, на месцы былых сходаў. Падлога першага паверха над каморай з каштоўнасцямі ўзнімалася толькі на якіх 60 см, тут зрабілі спальную нішу, і на ложак трэба было падымацца па дзвюх прыступках. Ложак закрылі парц'ерай, і таму выглядала ўсё цалкам натуральна. Моцныя дзверы ў камору скарбаў выходзілі на вузкую, цёмную лесвічную клетку (адсюль быў ход з першага паверха ў фацыяту). Дзверы глуха замуравалі, атынкавалі і пафарбавалі ў той самы колер, што і суседнія сцены.

Такім чынам атрымалася памяшканне вышынёй каля 2 м і памерамі 1,7 х 3 м. Частка гэтага памяшкання была аддзелена ад унутранай сцяны дадатковым мурам які хаваў сховішча, сцены сховішча ўзмацнілі стальнымі плітамі. Стальных пліт не было толькі з боку каморы, гэтую сцяну замуравалі наглуха, і каб патрапіць у сховішча, трэба было біць цэглу. [...]

У сакрэтнай каморы захоўвалі залатыя і срэбныя нумізматычныя калекцыі, старыя ўпрыгожванні, напрыклад, гузікі ад дэлій (плашч падбіты футрам - Л. Л.) і кунтушоў, запанкі з каштоўнымі камянямі, сыгнеты продкаў, ланцужкі, дыяментавая страла цара Аляксандра І, неапраўленыя дыяменты і каштоўныя камяні, залатая шкатулка і г. д.

У каморы скарбаў захоўвалася ўпрыгожаная золатам і бірузой карабеля [18], адпаведна забяспечаная ад карозіі, вялікі сервіз баранаўскай парцэляны, старасвецкія кубкі, кітайская і саская парцаляна, стары рынраф [19], старыя каваныя алавяныя ці срэбныя начынні, каштоўныя хрустальныя і шкляныя вырабы, усе яны мелі вялікую гістарычную каштоўнасць.

Для маскавання пераробкі памянялі ўзроўні падлогі паміж холам і сталовай а таксама паміж сталовай і спальняй, паміж імі дадалі па дзве мармуровыя прыступкі. Пераробка была спраектаваная архітэктарам, які жыў у Францыі і трымалася ў сакрэце. Змена ўзроўню падлогі выглядала як фантазія архітэктара. Гэтакую пераробку можна было зрабіць з-за вялікай, 4-х метровай вышыні піўніцаў і 3,5-й метровай вышыні першага паверха.

Пакоі першага паверха выконвалі дзве функцыі - яны былі месцам захавання скарбаў культуры і палацыкам для годных гасцей. У правым пярэднім пакоі паставілі адмыслова дапасаваныя да памераў кніг стэлажы, тут жа стаяла бюро, мяккі фатэль і некалькі крэсел. На бюро стаяла лямпа, ляжалі каталогі, меўся прыбор для пісьма (у тым ліку і з гусінымі пёрамі).

У гэтым пакоі была бібліятэка, яе моцныя дзверы замыкаліся на ключ. У супрацьлеглым пакоі, улева ад хола, у куфрах захоўваліся лісты, інвентары і сшыткі спраў за некалькі стагоддзяў. Асобна, у ганаровых зашклёных кніжных шафах, ляжалі каралеўскія прывілеі і пяць слуцкіх пасаў.

У холе захоўвалася рыцарская зброя, на сценах задніх пакояў вісела іншая розная зброя. Акрамя таго, ранейшая сталовая, пераробленая ў гасціную, выконвала ролю адначасова чытальні, курыльні, пакоя для розных нарад і пакоя для картачнай гульні. Два бакавыя спальныя пакоі засталіся спальнямі, сюды была перанесена старая, каштоўная мэбля, турэцкая парча, персідскія дываны. Каштоўныя рэчы са скарбца з'яўляліся здабыткамі трох апошніх родаў, якія гаспадарылі ў Ішчалне: Валяў, Скарбак-Важынскіх і Лясковічаў. Зброя засталася ад Валяў і Важынскіх, кніжныя зборы ў асноўным ад Важынскіх, архівы збіраліся з пачатку XVI ст. Нумізматыка, упрыгожванні, парцаляна і інш. збіралася стагоддзямі. Ніводнага з гаспадароў Ішчалны ў XVII - XX стст. немагчыма вылучыць з шэрагу іншых калекцыянераў.

На жаль я ніколі не бачыў ішчалнянскіх збораў у непарушным стане. Мы атрымалі Ішчалну пасля кузынак Важынскіх. Першы раз я быў тут у 1921 г. пасля дзвюх войнаў - Першай сусветнай і Польскасавецкай, праз 2 гады пасля смерці апошняй уладальніцы. Чатыры гады вайны і адсутнасць гаспадароў - часу хапала для поўнага спусташэння.

У першы візіт я ўбачыў пусты дом з працякаўшым дахам, выгараўшы скарбец з моцна пашкоджанымі ад атмасферных ападкаў скляпеннямі.

Калі, вясной 1922 г., мы атрымалі Ішчалну, пробашч, мясцовы часовы кіраўнік і некалькі гаспадароў з суседніх вёсак вярнулі нам нешта з ацалелай мэблі, за гэта, відочна, мы адпаведна аддзячылі.

Аднак, мы атрымалі адзінкавыя рэчы, фрагменты былых камплектаў. З ацалелых дакументаў і рэшты рэчаў, з аповядаў даўніх служкаў Важынскіх, з зычлівай інфармацыі суседзяў, са шматразовых уважлівых аглядаў скарбца, праз дэдукцыю, я стварыў для сябе вобраз былога. Пэўна, гэты вобраз не дакладны, але ў асноўным правільны.

Як дайшло да пажару ў скарбцы, чаму згарэў разам з ім дом і які лёс мелі скарбы культуры, я напішу ў раздзеле пра Першую сусветную вайну.

VI. Гістарычныя калекцыі

Найкаштоўнейшай часткай сваёй рухомай маёмасці ўладальнікі і ўладальніцы ўважалі зборы рэчаў культуры і гісторыі, якія тут знаходзіліся, найперш - старадрукі і архівы. Вялікую вартасць мелі гэтыя старыя кнігі, дакументы і лісты, бо яны адлюстроўвалі сваю эпоху. Як, напрыклад, гістарычная аповесць - мемуары Паска [20].

Да Першай сусветнай вайны кнігазбор, які налічваў тысячы тамоў, быў добра каталагізаваны і старанна захоўваўся. Пасля вайны засталося ледзь некалькі сотняў кніг. З архіва зніклі каралеўскія наданні і прывілеі.

У знішчэнні найкаштоўнейшых збораў пісьменства бралі удзел усе: рускія войскі, мясцовы людзі з двара і з бліжэйшых вёсак. Магчыма, невялікая частка кніг была забрана "на памяць", а можа нават і, "каб было што пачытаць". Магчыма, некаторыя рэчы трапілі ў рукі знаўцаў, але большасць была знішчана пры распальванні печаў, выкарыстана як папера для пакункаў альбо на цыгаркі.

З ваеннага пагрому 1914 - 1920 гг. не ацалеў ніводзін каталог, і таму мой аповед будзе абмяжоўвацца толькі тымі дакументамі, якія захаваліся і патрапілі пад маю апеку. І як гэтыя рэшткі дакументаў, аповед таксама будзе фрагментарным і неўпарадкаваным. А выкліканы ён не толькі прагай да аб'ектыўных гістарычных ведаў, але і пачуццём замілавання да нашага народа і яго гісторыі.

Я быў народжаны ў Расіі і пражыў там першыя 17 гадоў свайго жыцця, аднак выхоўваўся ў любові да Польшчы і ўзвышэнні ўсяго польскага. Таму працаваў з ішчалнскімі зборамі цэлыя дні і тыдні, але ж без ніякага плану. Шукаў дапамогі ў гісторыі польскай літаратуры - Ігнацыя Хржаноўскага, у трылогіі Сянкевіча, мемуарах Паска і ў гістарычных аповесцях Крашэўскага. Перачытаў шмат гэтай і падобнай літаратуры - усё што захоўвалася ў бібліятэцы. Я штудзіраваў старыя кнігі і дакументы, шматразова перачытваў тыя кавалкі, якія мне падабаліся і, дзякуючы гэтаму, праз столькі гадоў я ў стане цытаваць самыя цікавыя і характарыстычныя фрагменты. Але, на жаль, гэта толькі аматарскі аповед, а не навуковая праца.

Ішчалнянская бібліятэка была велічэзнай. Нават у тым, што ад яе засталося, я знайшоў польскія, лацінскія, французскія, нямецкія, англійскія, італьянскія і рускія кнігі.

Зборы спраў сягалі часоў Ягелонаў. Трымаў у сваіх руках друкі і дакументы нават з XVI ст. Самымі каштоўнымі ацалелымі кнігамі лічу: Volumina Legum [21], Соймавыя дыярушы, Літоўскія статуты, Статут Ласькага [22], гярбоўнікі Папроцкага і Нясецкага, старыя малітоўнікі ў драўляных вокладках, апраўленых у белую скуру і з пазалочанымі акуццямі, а таксама тэксты нашых пісьменнікаў Залатога веку і ўспаміны Яна Хрызастома Паска.

Падобна на тое, што кнігі польскіх пісьменнікаў былых стагоддзяў захоўваліся ў камплекце, але да мяне дайшлі адзінкавыя тамы творчасці Каханоўскага, Рэя, Фрыча-Маджэўскага, Гарніцкага, Бельскага, Кромера як па-польску, гэтак і на латыні. Не шмат засталося і ад кніг іншаземных пісьменнікаў таго часу, іхнія кнігі часцей былі напісаны на латыні.

Літаратурную творчасць XVII ст. найперш рэпрэзентавалі Жыццяпісы святых і Казанні Пятра Скаргі. У Казаннях запомнілася розніца ў тэкстах, напісаных у Кракаве, калі ён ужываў старапольскі канчатак "bych", як прамаўлялася ў Шлёнску ці ў Чэхіі, і ў Казаннях, напісаных у Варшаве.

Пасля пераносу сталіцы Жыгімонтам ІІІ, гэта значыць пасля 1596 г., Скарга пачаў ужываць ужо новыя формы канчаткаў "bym" і "bys".

Апрача Скаргі, ацалеў Пасак ("Мемуары"), Вацлаў Патоцкі ("Ogrod, ale nie plewiony, brog, ale co snop to inszego zboza, kram rozlicznego gatunku" і г. д.), Морштын і некалькі іншых, якіх ужо не памятаю. Кнігі гэтыя ўтрымлівалі прамовы і гавэнды, якія з сучаснага погляду належала б уважаць за байкі. Не раз аўтары змяшчалі розныя веды пра сусвет у звычайныя кнігі. У адной кнізе быў раздзел гістарычны - ён расказваў гісторыю да караля, які ў той час кіраваў, раздзел астранамічны - нават ў XVII ст. тут сцвярджалася, што Сонца абарочваецца вакол Зямлі, раздзел геаграфічна-легендарны, фізіялагічны - з апісаннямі хвароб і лекаў, кулінарных запісак і іншага. Самы сапраўдны "Ogrоd plewiony".

Шмат старых кніг мела карычневыя скураныя вокладкі, кнігі былі надрукаваны на пергаментнай паперы вялікімі прыгожымі лацінскімі ці гатычнымі літарамі.

Хіба што, былі кнігі ўсіх польскіх аўтараў XVIII ст. і ўся французская літаратура эпохі асветніцтва ў арыгінальных выданнях. У бібліятэцы таксама знайшоў тамы Шэкспіра, Байрана і Уальда на англійскай мове, Расіна, Русо, Вальтэра, Бальзака і іншых па-французску, Шылера, Гётэ, Гейне, Канта і іншых па-нямецку, Пушкіна, Чэхава, Тургенева, Льва Талстога і іншых па-руску, і таксама кнігі па-італьянску.

Акрамя рэшткаў былой багатай бібліятэкі, часткова захаваліся сямейныя архівы ўладальнікаў Ішчалны. Тое, што засталося, змяшчалася ў адным абабітым скурай куфры, які раней служыў багажнікам вялікай карэты, у якую ўпрагалася чацвёрка коней. Верагодна, архіў быў прыгатаваны для транспартавання, але вывезці яго не паспелі. Былі там дакументы, лісты і пісьмы ад 1500 года ажно да апошніх часоў, я працягваў захоўваць там і свае дакументы, датычныя маёмасці. Я далучыў тастамент Марыі Важынскай, судовы вырак, па якім Ішчална патрапіла да нас, іпатэчныя дакументы, акт падзелу маёнтка, даведкі аб перадачы зямлі асаднікам, даведкі аб выкананні спраў па тастаменце, умовы куплі-продажу лесу, парцаляцыі зямлі [23] і г.д.

Са старадаўніх актаў там былі прывілеі, наданні, патэнты, узнагароджанні, тастаменты, фундушы, дароўныя акты і акты падзелу зямлі, судовыя працэсы, выракі трыбунальскіх судоў з часоў трохкаралеўся, позвы, штрафы, рэабілітацыі, наказы, адозвы і гетманскія лісты, лісты канцлераў, ваяводаў, маршалкаў канфедэрацый, рускіх губернатараў, загады аб наборы рэкрутаў, пастановы рускіх судоў, маніфесты, скаргі, просьбы, застаўныя лісты, а таксама векселі, рэестры, інвентары, каштарысы, рахункі, квіткі выплат, рэляцыі, нататкі, пратаколы з'ездаў сям'і (як напрыклад пратакол з'езду 12-ці мясцовых Лясковічаў падчас шлюбу Францішкі Ляскавічоўны і Антона Важынскага ў 1820 г.), генеалогіі, каштоўныя прыватныя лісты, якія адбіраліся на працягу стагоддзяў.

Як я ўжо пісаў, зніклі арыгіналы каралеўскіх наданняў і прывілеяў з навешанымі васковымі пячаткамі канцлера, і я не ведаю, што з імі сталася. Праўдападобна, цёткі Важынскія вывезлі іх разам з упрыгожаннямі і самымі каштоўнымі экзэмплярамі збораў.

Сярод пакінутых дакументаў некаторыя мелі аўтэнтычныя подпісы каралёў і малыя канцлерскія пячаткі, а іншыя подпісы і гербавыя пячаткі вядомых асобаў з допісамі: "Рукой сваёй".

Самыя старыя дакументы былі напісаны па-беларуску страславянскім алфавітам [24] (у часы Яна Ольбрахта [25], Аляксандра і Жыгімонта Старога). Тады час адлічваўся ад стварэння сусвету. На некаторых дакументах было напісана "Жыгімонт І, кароль польскі", але пераважна "Жыгімонт І, Міласцю Божай кароль Польскі ..." [26]. Пазнейшыя дакументы, з часоў Жыгімонта Аўгуста былі ўжо напісаны лацінскім алфавітам, хоць і на беларускай мове - дзяржаўнай мове ВКЛ. Пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Варшаву дакументы пачалі пісацца таксама і па-польску. З поступам часу па-польску ўсё часцей і часцей, але ўсяроўна з дамешкам трасянкі. Толькі ў 1697 г. польская мова стала дзяржаўнай на тэрыторыі ВКЛ. Адзін з дакументаў, падпісаны Вялікім князем Літвы Аляксандрам, пачынаўся са словаў: "Аляксандр, сам Гаспадар" - такі тытул ужывалі Вялікія князі. ...

Усе дакументы і лісты былі калісьці старанна ўпарадкаваны, апісаны і пранумараваная. Было іх шмат, памятаю надпіс на адным з сшыткаў дакументаў № 1300. Як належыць, усе паперы адной справы ці адной тэматыкі сшываліся ў сшытак ядвабным шнурком.

Пераважна гэта былі судовыя працэсы ці дакументы, датычныя ўласнасці на нерухомасць. Да самых цікавых, якія былі сапраўдным адбіткам эпохі, належалі:

- Акты куплі-продажу ці даравання. У іх скрупулёзна выкананы ўсе юрыдычныя формулы і запісаны абавязкі бакоў, указана колькасць падданых, ці так званых "душ", пералічана, хто з іх агароднік, баброўнік, бортнік, рыбак, рымар і г. д.

Пералічваліся ўсе магчымыя гатункі зямель: пушчы, лясы, бары, палі, гароды, сенажаці, пашы, балоты і нават броды і "бабровыя гоны". Усе магчымыя сінонімы, якія акрэсліваюць факт пераходу ўласнасці, напрыклад прадае, даруе-аддае, зракаецца, перадае, робіць чын уласнасці і г. д.

Гэткія формулы ўжываліся таксама ў дакументах як на беларускай, гэтак жа і на польскай мовах. Былі яны напісаны гэтак дэталёва нават ў дробязях, каб не выклікаць магчымасці якой-небудзь неадпаведнасці. Напрыклад "бабровыя гоны" згадваліся нават тады, калі ў наяўнасці іх ужо не было, але яны калісьці меліся, ці наадварот, па прыродных умовах, маглі б з'явіцца ў будучыні.

Акты пачыналіся на ўзор каралеўскіх, з узгадвання персаналіі і тытула. Напрыклад: "Я, Юзаф Валь, пан Ішчалны, харунжы гарадзенскі і стараста фрэйданскі, гэты актам аб'вяшчаю ...".

- Дакументы судовых працэсаў, якія цягнуліся гадамі і нават дзесяцігоддзямі, з позвамі, эксплікацыямі, рэплікамі, выракамі. Часта пра важныя маёмасныя справы, але часамі пра дробязі, як, напрыклад, працэс паміж маім прадзедам Каралем Лясковічам і магутным суседам Хадкевічам з Вялікага Мажэйкава аб межах сенажацяў. Спрэчнай сенажаццю з'яўляўся луг Раманішкі, які ў выніку быў палюбоўна падзелены паміж абодвума дварамі, пры гэтым як мяжа быў выкапаны глыбокі роў, які потым яшчэ сто гадоў размяжоўваў тут Верашчакаў і Лясковічаў.

- Тастаменты, з іх самым цікавым быў тастамент Яна Паўпяты ад 1667 г., пра яго я напішу ў раздзеле "Уладальнікі Ішчалны".

- Рэабілітацыі. Памятаю толькі адну, на беларускай мове, выдадзеную рыцару, які вярнуўся з татарскай няволі.

- Спісы даўжнікоў, застаўныя акты, маніфесты. Сярод іншых, знайшоў даўгавую запіску Білевічам, дадзеную кімсьці з Пілсудскіх на Жмудзі. Паказаў гэты дакумент маршалу Пілсудскаму і атрымаў падзяку ад яго цывільнай канцылярыі. Таксама меўся маніфест апошняга віленскага ваяводы, князя Міхала Гераніма Радзівіла, як апекуна малагадовага Дамініка Радзівіла, да ўсіх, каму застаўся вінен Караль Пане Каханку. Пасля яго засталося шмат даўгоў, і спіс крэдытораў заняў некалькі старонак. Маніфест быў надрукаваны ў нясвіжскай друкарні. Караль Лясковіч з Ішчалны меў у заставе 2 радзівілаўскія фальваркі: Смолач і Бабры, з якіх Бабры набыў ва ўласнасць.

Інвентары

Самы цікавы дакумент гэтага кшталту быў напісаны ў 1743 г. Янам Валем: "Рэестр усёй маёй рухомасці, кляйнотаў, сукняў, футраў, срэбра, волава (посуду) і начынняў, а таксама вупражы і коней, якія здатны да ваеннай патрэбы". Думаю, што гэты рэестр быў зроблены падчас перасялення ў новапабудаваны дом. Кожны прадмет падрабязны апісаны.

У спісе кляйнотаў звярталі на сябе ўвагу залатыя гузікі да плашча, падбітага футрам, і кунтуша, запанкі, завушніцы, бранзалеты, розныя каштоўныя камяні і перлы без аправы.

У спісе начыння фігуравалі вялікія, аздобленыя, срэбныя келіхі, малыя келіхі і кілішкі, алавяныя паўміскі, збаны, талеркі, медныя катлы.

У спісе ўбранняў самымі цікавымі былі невядомыя зараз гатункі тканін, іх колеры і дробязныя заўвагі пра стан адзежы. У раздзеле пра "Кунтушы і кунтушыкі" чытаем: "...у гэтага кунтуша бракуе двух гузікаў", наступны "паношаны" і г. д. Было шмат жупаноў, жаночых спадніц, індэракаў [27], футраў і каптуроў з футра. Футры куніцы, собаля, лісы, а таксама мядзведзя і рысі (па адной). Скуры розных звяроў, уключна нават з сарокай.

У спісе "розных тканін" прысутнічаюць ядвабныя, атласныя, злататканыя тканіны, а таксама дываны, турэцкія малітоўнікі, кілімы і пяць слуцкіх паясоў.

У "Рэчах да ваеннай патрэбы" апісана ўсялякая вупраж, сёдлы і зброя ... Найлепей захаваўшыся да XX ст. і самы прыгожы камплект вупражы для каня тастаментам Марыі Важынскай быў запісаны разам са слуцкім пасам і карабеляй "Першаму Начальніку незалежнай Польскай дзяржавы".

У калекцыі зброі Валя меліся: карабелі, сярод якіх самай прыгожай была ўзгаданая вышэй, яна зроблена ў XVI ст., доўгія мячы, шаблі, палашы, буздыганы, дзіды, калчаны, пісталеты, ручніцы, кальчугі, шоламы, панцыры, панцырныя рукавіцы, налакотнікі, накаленнікі, шпоры і іншае.

Да маіх часоў датрывала толькі рэшта збораў. Пасля таго, як аддалі Пілсудскаму, запісаныя яму рэчы, у Ішчалне засталіся толькі: адна кальчуга, пара рукавіц, у якіх скура пад сталёвымі пласцінамі ўжо збуцвела, пагнуты шолам, адна вялікая шпора і частка налакотніка.

Коні. Шмат месца ў рэестры Ян Валь прысвяціў сваім двум табунам коней: арабскіх паўкровак і польскіх. Падзяляе коней на:

а) Жарабцы, мерыны, малыя рабочыя конікі, кабылы, маладыя кабылы.

б) Старых і маладых жарабцоў, маткі табуна, коні аб'езджаныя, трох- і двухгодкі, перазімкі і моладзь.

в) Дрыганты, цугавая коні (цуганты), хуткія коні (цэкуны), інаходцы (шляпакі), коні для лёгкіх ездакоў, паштовыя і рабочыя. Масць гэтых коней рэестр не вызначаў. Не было ніякіх згадак пра лоўчых птушках. Відочна, Валь не быў аматарам такога палявання. Не згадваюцца і сабакі, але іх павінна было быць шмат.

Пры самым канцы рэестра коратка згадваюцца кнігі. "Кніг розных ...". Не памятаю колькасці, але гэты спіс быў невялікі.

- Дакументы фінансава-эканамічныя: векселі, рахункі, каштарысы, спісы будаўнічых матэрыялаў, справаздачы адміністратараў, дарадцаў і эканомаў. Тут мяне найбольш цікавілі дакументы, якія датычылі пабудовы Каралем Лясковічам жылога дома. Рахункаў пабудовы Валямі касцёла і скарбца альбо не было, альбо яны не захаваліся.

- Лісты. Гэты раздзел архіва найбольш мяне цікавіў. На першае месца, відочна, я ставіў каралеўскія лісты з арыгінальнымі, гэтак дарагімі сэрцу, подпісамі каралёў. Гэтыя лісты мелі малыя сургучныя канцылярскія пячаткі.

З усіх каралёў самы доўгі тытул ужываў Уладзіслаў IV, а менавіта: "З Божай ласкі Уладзіслаў IV, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, прускі, жмудскі, мазавецкі, інфляндскі, смаленскі, чарнігаўскі, кіеўскі, валынскі etc.; дзедзічны кароль шведскі, готскі і вандальскі, абраны цар маскоўскі". Пісалася гэтак перад казацка-шведскім патопам, калі Рэч Паспалітая дасягнула ўсходнімі межамі да Вязьмы і Харкава, калі яшчэ не мінулі часы яе максімальнай магутнасці.

Як падчас набажэнства, чытаў я гэтыя подпісы: Sigismundus Rex, Sigismundus - Augustus Rex, Stefanus Rex і г.д. І сярод іх адзіны па-польску: Ян ІІІ - кароль. Гэта подпіс Яна Сабескага, героя з-пад Вены.

Лісты, скіраваныя да падданых, мелі розны змест. Найчасцей гэта былі адказы ў справах, скіраваных да трона. Пасля каралеўскіх лістоў, наступныя па іерархіі стаялі лісты гетманаў, лісты маршалкаў канфедэрацый і ваяводаў, царскія ўказы і лісты расійскіх губернатараў.

Чытаючы гэтыя афіцыяльныя дакументы рознага зместу, не мог пазбавіцца ад уражання, што друкарка для пісьма пазбавіла ўрадаваю карэспандэнцыю старадаўняй прыемнасці, прынізіла і забрала душу. Нават лісты губернатараў з боку гледжання пачцівасці стаялі вышэй, чым урадавыя лісты адроджанай пасля 1918 г. Польшчы.

За афіцыяльнымі лістамі ішлі лісты суседзяў, братоў-шляхты. Яны заўсёды утрымлівалі тытул адрасата і заўсёды заканчваліся зваротам "Ваш найніжэйшы слуга".

У эпоху Вазаў і Сабескага шмат трасянкі. Лісты не адрасаваліся "do kogos", а толькі "komus".

Да XIX ст. лісты звычайна не мелі канвертаў і замыкаліся сургучнай пячаткай з адбіткам сыгнета. З першай паловы XIX ст. з'явіліся канверты, але яшчэ без паштовых марак.

Пры канцы гэтага раздзела трэба згадаць пра лісты ад знаных у гісторыі, а яшчэ больш з трылогіі Сянкевіча ці кніг Крашэўскага, асоб.

Лісты з 1500-га года збіралі ўсе ўладальнікі Ішчалны ... Ацалела некалькі лістоў кароннага маршалка з часоў Жыгімонта Старога - Пятра Кміты, Вішнявецкіх (сярод іх два лісты ад Яромы), ад Януша, Багуслава і іншых Радзівілаў, ад Сапегаў, ад гетмана Караля Хадкевіча, некалькі лістоў Масальскіх, якім належалі Веркі пад Вільняй, уладальнікаў Слоніма і Іўя Агінскіх, Білевічаў, Трызнаў, Саламарэцкіх, аршанскага харунжага Якуба Кміціча. Дарэмна шукаў лісты Андрэя Кміціча - не знайшоў, бо Андрэй жыў толькі ў фантазіі Сянкевіча.

Захоўваліся лісты як вядомых у Краі можнаўладцаў: Патоцкіх, Замойскіх, Сангушкаў і іншых, гэтак і іншых, цалкам ужо невядомых.

У адрозненні ад сваіх продкаў і папярэднікаў, сёстры Важынскія мелі вялікую карэспандэнцыю з замежнымі сябрамі, у асноўным на французскай мове, сустракаліся таксама лісты па-нямецку і па-англійску.

Лёс гістарычных збораў

Ваенныя спусташэнні і масавы выезд з Крэсаў прывялі да таго, што каштоўнасць падобных збораў у розныя часы была рознай. Перад 1-й Сусветнай вайной па вялікіх дварах, расцярушаных па абшарах былой Рэчы Паспалітай ад Дняпра да нямецкай мяжы і ад Інфлянтаў і Варміі да Карпатаў і Чорнага мора, знаходзілася шмат гістарычных дакументаў. Прапаную пачытаць пра гэта выдатна напісаныя мемуары Гіпаліта Корвін-Мілеўскага "Успаміны пра семдзесят гадоў" [28]. Першая вайна і руская рэвалюцыя прынеслі да скасавання польскай культуры на ўсіх абшарах даўняй Рэчы Паспалітай на ўсход ад мяжы, праведзенай Рыжскай дамовай.

Страты пасля 2-й Сусветнай вайны былі страшэнныя. Тое, што ацалела пасля гэтага пагрому, зараз мае найвышэйшую каштоўнасць. Мае ж акалічнасці склаліся гэтак, што я не змог уратаваць нічога акрамя ... памяці. Набліжаюцца мае 70 гадоў, хутка згасне і памяць, таму лічу сваім абавязкам напісаць гэты тэкст.

VII. Суседзі Ішчалны

Гэты раздзел складаецца з двух частак: блізкія вёскі і суседнія маёнткі.

Шчучынскі павет меў найбольшую колькасць землеўладальнікаў у Навагрудскім ваяводстве - каля 100 абшарніцкіх маёнткаў і 3 латыфундыі, а менавіта:

- Шчучын, маёмасць князёў Друцкіх-Любецкіх;

- Жалудок, маёмасць князёў Святаполк-Чацвярцінскіх;

- Спуша, маёмасць князёў Сапегаў.

З усімі землеўладальнікамі, якія былі сябрамі Павятовага звязу землеўладальнікаў, меў кантакт мой старэйшы брат Габрыэль, шматгадовы сакратар гэтага Звязу і перад самай вайной віца-старшыня Звязу. Сустракаўся з імі і я - на зборах Звязу, але гэта былі хуткацечныя кантакты.

Блізкія вёскі

Царская воля 1861 г. прыгонным сялянам, акрамя агульных законаў, дала магчымасць ранейшым панам уплываць на яе рэалізацыю. У выніку сяляне атрымалі тую зямлю, якую да гэтага часу выкарыстоўвалі і апрацоўвалі, тым не менш, па ўзаемнай згодзе быў магчымы і абмен.

Да таго часы Ішчална была сельскагаспадарчым мястэчкам каля свайго касцёла. Пасля царскай волі жыхары мястэчка дадалі б двару праблем, бо патрапілі б у самую сярэдзіну маёнтка. Жыхары мястэчка належалі да трох веравызнанняў: каталіцкага, праваслаўнага і юдзейскага. З яўрэямі тагачасны дзедзіч Баляслаў Скарбак-Важынскі дамовіўся лёгка - даў ім карчму з прапінацыяй [29] і заплаціў кампенсацыю за некалькі іхніх дамоў. Сялянам прапанаваў замену з ўмовамі лепшымі, чым яны мелі ў Ішчалне і самае галоўнае ён павялічыў ім зямельныя надзелы.

У выніку паразумення, праваслаўныя сяляне перасяліліся ў праваслаўную ж вёску Бабры, якая знаходзілася за 3 км ад царквы ў Голдаве. Відочна, што лепшыя ўмовы яны прынялі з удзячнасцю, тым больш што разам з зямлёй яны атрымалі лес для будоўлі сваіх сядзіб. Тры каталіцкія сям'і Корсакаў, Матушэвічаў і Штурмаў абшарнік перасунуў ад касцёла на 1 км і даў ім узгодненыя надзелы зямлі каля лесу «Вады».

Усе будынкі ў мястэчку, якія існавалі да таго часу, былі разабраны, зямля пад сядзібамі ачышчана ад камянёў і заарана. Такім чынам мястэчка Ішчална згінула з карты і надрукаваны праз 20 гадоў "Слоўнік геаграфічны" Сулімерскага пра яго ўжо не згадвае. Новая вёска атрымала назву Валока, але яе жыхары і далей мелі прэтэнзію на назву Ішчална.

Надзелы зямлі былі, відавочна, абагульнены да законных нормаў, якія, у залежнасці ад класу зямлі, на адну сям'ю складалі ад 12 да 20 дзесяцін (15 дзесяцін = 16 гектараў).

У выніку гэтай рэформы двор атымаў непарыўны комплекс ворнай зямлі і лугоў плошчай каля 500 га які складаўся непасрэдна з «Ішчалны» і прылеглага да паўночнай мяжы фальварка Прэйцы.

Пасля надзялення зямлёй сялян вёсак Кямянцы, а таксама Малыя і Вялікая Баяры, з зямлі якая засталася быў утвораны фальварак Баяры.

Пасля надзялення зямлёй сялян вёскі Масявічы быў створаны фальварак Буцёўшчына. Аналагічным чынам мы атрымалі фальварак Сліваўшчына.

З аточанай з усіх бакоў лесам вёскі Даргёўцы сялян перасялілі ў блізкія Вялікія Баяры і на 80 дзесяцінах стварылі фальварак Даргёўцы.

Самай блізкай вёскай, як я ўжо і пісаў, была Валока (1 км ад Ішчалны) дзе пераселеныя сем'і праз час разрасліся і, як і ў іншых вёсках, гаспадаркі здрабнелі. Сем'і Андрэя і Станіслава Корсакаў мелі не толькі панскія прозвішча, але і амаль што панскі выгляд: пародзістыя твары і целы, шляхетныя постаці. Гэта была самая прыгожая вёска ў ваколіцах. Пасля прыходу да нас у 1919 г. польскіх войскаў, малады Андрэй Корсак пайшоў добраахвотнікам, атрымаў лычкі капрала і Крыж Валечных. Пасля парцэляцыі абшараў Ішчалны ён атрымаў некалькі гектараў поля па танным кошце на вялікі тэрмін выплаты. З трох Штурмаў самым шляхетным і разумным быў старшы брат Міхал, які ўвесь міжваенны тэрмін выконваў абавязкі войта Шчучынскай гміны.

Наступнай, значна большай, была вёска Кямянцы (1,5 км ад касцёла) дзе жылі Мікянцы, Гагалушкі і Шаркіны. У гэтай вёсцы мелася агульнаадукацыйная школа, у якую хадзілі дзеці з навакольных вёсак і закладзены маім братам малочны кааператыў. Адносіны двара з гэтымі вёскамі былі вельмі жывымі, частка гаспадароў гэтых вёсак арандавала нашы лугі ў Прэйцах - яны дзялілася з дваром сенам. Адсюль мы мелі касцоў, жняцоў і капальнікаў бульбы. Кямянцы паказвалі прыклад грамадзянскай і асветнай працы, уцягвалі ў гэткую працу суседнія Баяры, Валокі і Яцёўцы. Маторам гэтай працы былі настаўнікі і кіраўнік школы сп. Манрын. Двор стала падтрымліваў стасункі з настаўнікамі школы ў Кямянцах і прафесійнай школы ў Ішчалне.

З-за таго, што я мала бываў у маёнтку, не памятаю ўжо усіх прозвішчаў гаспадароў больш адлеглай ад нас вёскі Баяры. Прыпамінаю толькі, што там было галоўнае гняздо Мікянцаў, якія адтуль, праз шлюбы, прывандравалі ў Кямянцы. Таксама там жылі Гагалушкі, Чыжыкі, Шаркіны, Канцавікі, Кянці, Пільчукі і Дразды.

Вёска Яцёўцы ляжала на вонкавым баку ўрочышча Вады і раней ўваходзіла ў склад маёмасці сям'і Кастравіцкіх, якія ў міжваенны перыяд валодалі толькі адным фальваркам Касцянёва. З гэтай, самай блізкай да нас вёскай Яцёўцы, мы мелі сталыя стасункі. Яе гаспадары набывалі дровы з нашых лясоў, малолі сваё збожжа ў Ішчалнянскім млыне, падкоўвалі коней і рамантавалі вазы ў нашай кузні, касілі нашы лугі. А наш маёнтак, у свой чарод, карыстаўся ветэрынарнымі паслугамі Цыдзіка, які жыў у Яцёўцах. Цыдзікі і Ёчы былі самымі заможнымі гаспадарамі ў Яцёўцах.

На вонкавым баку Навінаў, за трактам, знаходзіліся і дзве іншыя вёскі: Ішчалняны з радовішчамі крэйды і вапны ды Дамоўцы - ранейшыя падданыя маёнтка Вялікае Мажэйкава. Гаспадары з Дамоўцаў набылі частку лесу ў Навінах, які распарцаляваў наш кузен Юльян Лясковіч.

На вонкавым баку ўрочышча Валасоўшчына ляжала ранейшая мажэйкаўская вёска Агароднікі, якая канцом сваёй вуліцы прылягала да Вялікага Мажэйкава. Жыхары ўсіх пералічаных вёсак мелі вельмі жывыя стасункі з прафесійнай школай у Ішчалне. Шмат дзяўчат з гэтых вёсак вучылася ў гэтай школе.

Усе ваколічныя вёскі былі каталіцкімі і прыхільнымі да польскасці. Іх моладзь пасля службы ў войску альбо заканчэння прафесійных школ лічыла сабе палякамі і ў асабістых паперах пісала сябе палякамі. Супольнае жыццё маёнтка з сялянамі было прыемным і карысным для абодвух бакоў. Да гэтых працавітых і спакойных суседзяў мы заўсёды мелі вялікую сімпатыю, адносіліся да іх з павагай і высока цанілі іх працу.

Суседнія маёнткі

Вялікае Мажэйкава

Вялікае Мажэйкава ляжыць за 3 км ад Ішчалны і да адмены прыгону налічвала 4 500 га. Першым яго ўладальнікам, пра якога захавалася інфармацыя, быў мазырскі намеснік Міхал Гагін, які жыў на пераломе XV і XVI стст. Ён браў чынны ўдзел у бунце Глінскага за што кароль Жыгімонт І канфіскаваў яго маёмасць Мажэйкава і Дзікушкі і ў 1508 г. перадаў яе Тышкевічу. Наданне Тышкевічу маёмасці ў Жалудоцкім павеце было кампенсацыяй за знішчаную Глінскім і страчаную з-за Масквы маёмасць у Кіеўскім павеце.

Надворны маршалак Аляксандра Ягелончыка Міхал Глінскі, пасля перамогі над татарамі пад Клецкам у 1508 г. збунтаваўся. Узбадзёраны поспехамі вялікіх князёў маскоўскіх - Івана ІІІ і Васіля ІІІ у справе атрымання зямель, пастанавіў выступіць на іх баку.

Унучка Тышкевіча Аляксандра выйшла замуж за Аляксандра Хадкевіча і прынесла яму як пасаг Вялікае Мажэйкава, якое стварала адно цэлае з Дзікушкамі. Адбылося гэта ў часы Жыгімонта-Аўгуста, у палове XVI ст.

Род Хадкевічаў … меў вялікую маёмасць. Няма пэўнасці што Мажэйкава калісьці было галоўнай рэзідэнцыяй каго-небудзь са слаўных Хадкевчіаў - Яна Гераніма ці Караля. Аднак на сувязь Вялікага Мажэйкава з гетманам указвае планіроўка будынкаў і моцная традыцыйная легенда.

Ян Геранім Хадкевіч, сын Гераніма, віленскага кашталяна, памёр у 1579 г. Ён меў наступныя пасады: 1559 г. - гетман Інфлянцкай зямлі, 1564 г. - стараста (ці ваявода) жмудскі, 1578 г. - зацверджаны на выконванай з 1566 г. пасадзе ў Інфлянтах. Акрамя гэтага стараста цельшаўскі, плоцельскі і ковенскі. Яго дзедзічная маёмасць: Шклоў, Мыш, Быхаў і Глуск. Кароль Жыгімонт Аўгуст зацвердзіў яго графскі тытул адначасова змяніў герб, дадаўшы да яго герб Інфлянтаў. Ян Геранім Хадкевіч і раней меў графскі тытул Рымскай імперыі, які кароль адразу не зацвердзіў, але надаў яму тытул графа Польшчы. Гэты была вельмі рэдкая справа, бо напрыклад Люблінская унія зацвердзіла графскі тытул толькі для двух радоў: Алясніцкіх і Тэншынскіх. Графскім тытулам Хадкевіча таксама ўганараваў цар Іван Жахлівы ....

Ян Караль Хадкевіч (1560-1621), гетман вялікі літоўскі, палкаводзец у войнах з Масквой і Турцыяй, пераможца ў бітвах з шведамі пад Кірхольмам, загінуў пад Хоцінам. Мясцовая легенда лучыць гетмана з Вялікім Мажэйкавым, але інфармацыі пра побыт яго ў мажэйкаўскім двары не захавалася. Багаты мажэйкаўскі архіў разам з дваром згарэў у 1915 г. [30]

Жылы дом з калонамі па фронту ствараў уражанне чагосьці сярэдняга паміж добрым шляхецкім дваром і палацам. Быў мураваны, атынкаваны, двухпавярховы. Насупраць палаца меўся вялікі, роўны майдан без ніякіх упрыгожанняў які выдатна падыходзіў для вучэнняў кавалерыйскай харугвы. Па абодвух баках майдана меліся дзве доўгія афіцыны з лістоўніцы з падвойным дахам. У сярэдзіне кожнай з іх меліся стайні да 20 коней, а па канцах па дзве двухпакаёвых афіцэрскія кватэры. Пасля Першай сусветнай вайны засталася толькі адна з афіцын. Палац і другая афіцына былі спалены казакамі ў 1915 г. [31] Засталося ўзвышша, якое стварала ранейшы дах ганка, які стаяў на мураваных і атынкаваных калонах.

Па другім баку палаца знаходзіўся 10-ці гектарны парк, які складаўся з шэрагу ўчасткаў, альтанак і пастрыжаных алей агульнай даўжынёй каля 2 км. Алеі былі пасаджаны такім чынам, каб вярхі грабаў і ліп стваралі ўверсе закрытае скляпенне. Калі парк быў закладзены дакладна невядома. У парку таксама быў і вялікі ружарый, які дасканала ўтрымліваўся. У канцы парку вялікая, мураваная капліца [32], пабудаваная ў XVIII ст. старасцінай Хадкевіч і перабудаваная на пачатку XX ст. Грабоўскім па праекце архітэктара Станіслава Раствароўскага.

Мясцовае паданне цвердзіць, што каменныя ядры, умураваныя ў агароджу двара, былі ваеннымі трафеямі гетмана, здабытымі падчас войнаў. За брамай, па абодва бакі тракту, захаваліся два ставы, якія па легендзе капалі ўзятыя гетманам у палон татары і туркі.

Усе гістарычныя каштоўнасці Вялікага Мажэйкава з піетэтам і найвялікшай стараннасцю ўтрымліваліся апошнімі яго ўладальнікамі Верашчакамі.

Галоўнай крыніцай маёй інфармацыі з'яўляецца «Слоўнік геаграфічны».

Для Радзівонішак «Слоўнік... « дае наступную інфармацыю: Вёска Радзівонішкі ў XVIII ст. належала да ключа Дзітва князя Вішнявецкага. На тэрыторыі Лідскага павета Вішнявецкія мелі шмат маёмасці. У часы караля Міхала Вішнявецкага яны таксама набылі Ішчалну, якая была ў іхніх руках толькі 7 гадоў.

Гістарычныя крыніца кажуць, што валоданне Хадкевічамі маёнткам Мажэйкава дзеліцца на дзве часткі - пэўны час гэтай маёмасцю валодалі Вішнявецкія. Такім чынам Вялікае Мажэйкава належала Хадкевічам два разы, як Ішчална два разы належала Скарбак-Важынскім і Лясковічам.

Першыя 30 гадоў XIX ст. Вялікае Мажэйкава застаецца маёмасцю Хадкевічаў, з якімі тагачасны ўладальнік Ішчалны судзіўся за межы маёнтка.

Каля 1826 г. Вялікае Мажэйкава было прададзена графу Рафалу Грабоўскаму, падкамораму пружанскаму, жанатаму з Цяльшэўскай. Ён быў сынам Стэфана Грабоўскага, генерала літоўскіх войскаў і прыяцеля Караля Прозара [33]. Стэфана Грабоўскага не трэба блытаць з іншым генералам Грабоўскім, першым мужам марганатычнай жонкі караля Станіслава Аўгуста - Альжбеты з Шыдлоўскіх.

Рафал Грабоўскі меў сына і 4 дачкі, а менавіта:

1. Францішку Верашчаку;

2. Тэадозію Аскерку;

3. Марыю Скарбак-Важынскую;

4. Канстанцыю Скірмунт.

З іх Канстанцыя Скірмунт памерла бяздзетнай у 1916 г.

Марыя Скарбак-Важынская памерла ў XIX ст., пакінула аднаго сына і тры дачкі. Яе нашчадкі ўсе сышлі з гэтага свету бяздзетнымі.

Сын Рафала Грабоўскага Станіслаў таксама памёр бяздзетны, і спадкаемцамі Вялікага Мажэйкава сталі нашчадкі Францішкі Верашчакі і Тэадозіі Аскеркі ў роўных частках. У выніку добраахвотнага паразумення, з улікам дзяцей, Верашчакі атрымалі 15/36, а Аскеркі 21/36 частку маёмасці.

На момант падзелу маёмасці брата, Францішка Верашчака яшчэ жыла. Яна была маці трох дзяцей:

1. Стэфан Верашчака. Быў жанаты з Патоцкай, меў сына Тамаша, які загінуў у 1939 г. і дачку Людвіку, якая зараз жыве ў Варшаве. Яна замужам за Барэцкім і мае двух сыноў.

2. Міхал Верашчака. Быў жанаты з Янінай Ельскай, уладальніцай маёнткаў Ясенец і Катоўшчына ў Наваградскім павеце, каля Туганавіч. Дзяцей не мелі.

3. Дачка Яніна, была замужам, дзяцей не мела.

Гэта лінія Верашчакаў цалкам згасла па мячы, а па кудзелі адзінымі яе прадстаўнікамі былі Барэцкія.

Гісторыя Тэадозіі Аскеркі і яе нашчадкаў наступная: як нарачоная члена Народнага жонда ў Вільні 1863 г. Аляксандра Аскеркі, прыгаворанага на катаргу ў капальні Усольска, паехала за ім добраахвотна, і там яны ўзялі шлюб. У Сібіры нарадзілася дачка Касільда, якая памерла паненкай.

Пасля вяртання з Сібіры, з-за таго, што маёнтак Аляксандра Аскеркі Раёўшчына каля Маладзечна быў канфіскаваны, і з-за забароны сяліцца на Беларусі, сужэнцы жылі ў Варшаве і Налечаве. Тут ва ўзросце 44 гады Тэадозія Аскерка памерла і тут жа пахавана. Але ў Варшаве нарадзіліся тры дачкі:

1. Марыя Мінейка;

2. Зоф'я Раствароўская;

3. Ядвіга Горват.

Мінейкі мелі наступных нашчадкаў: сына Тамаша, які жыў у Англіі і меў 2 сыноў і 1 дачку; сына Аляксандра, які таксама жыў ў Англіі і меў сына Уладзіслава; сына Браніслава, які жыў у Кракаве, жанатага але бяздзетнага.

Зоф'я з Аскеркаў і Тадэвуш Раствароўскі мелі 2 дзяцей: сына Андрэя, жанатага з Аскеркай (пасля вайны жыў у Кракаве), яны мелі 2 сыноў і дачку Ружу, якая памерла паненкай ў 1961 г. у Варшаве.

Ядвіга з Аскеркаў і Эдвард Горват мелі дачку Аляксандру, якая выйшла замуж за Станіслава Ваньковіча і аднаго сына Даніэля, памёр у 1917 г. Ваньковічы падчас апошняй вайны былі забіты немцамі ў маёнтку Збыднікаў каля Развадава ў Гародыньскім павеце. Мелі 2 сыноў: старшага Караля (памёр да 1939 г.) і малодшага, які пасля вайны выехаў у США, там памяняў прозвішча на Талбат і парваў усе кантакты з краем.

Землі Вялікага Мажэйкава ляжалі да Нёмана, у даўжыню 14 км і ў шырыню 2 км. Пачатак маёнтка быў каля маёнткаў Гурнофель і Воўчынкі, у Васілішскай гміне.

Вялікае Мажэйкава акрамя вялікіх лясоў мела наступныя фальваркі: Вялікае Мажэйкава, Марцінішкі, Дзікушкі, Скабейкі і Раманаўцы. Маёмасць, якая засталася пасля Станіслава Грабоўскага, была падзелены наступным чынам (лічбы прыблізныя):

Стэфан і Міхал Верашчакі - Вялікае Мажэйкава, 1600 га.

Марыя Мінейка - Дзікушкі, 1000 га.

Зоф'я Раствароўская - Скабейкі, 800 га.

Александра Ваньковіч - Раманаўцы, 600 га.

Рэшта, каля 500 га, як супольная маёмасць была ліквідавана (прададзена? - Л. Л.)

Вялікае Мажэйкава мела вытворчасць спірту, тартак, паравы млын і электрычнае асвятленне, электроўня працавала на водным млыне ў Ішчалнянах.

З часоў Станіслава Грабоўскага, над самым Нёманам, стаяў вялікі, салідна пабудаваны з каменю і дрэва, склад збожжа.

Апошні ўладальнік Вялікага Мажэйкава сп. Міхал Верашчака па прамой лініі, па мячы быў сваяком Марылі Путрамант з Верашчакаў - вялікага кахання Адама Міцкевіча. Слынныя Туганавічы, як пасаг, перайшлі да ягонай сям'і. Іх апошняя гаспадыня запісала Туганавічы Віленскаму ўніверсітэту, гэта быў ужо невялікі маёнтак.

Міхал Верашчака вызначаўся спакойным характарам і клопатам аб сваіх працоўных. Быць уладальнікам Вялікага Мажэйкава лічылася вялікі гонарам, бо гэта быў цэнтральны, дзедзічны фальварак і да таго ж ён меў спіртзавод, які даваў добры прыбытак. Не было такога выпадку, каб нехта з рабочых, нанятых Верашчакам, кідаў працу і шукаў іншай пасады. Да таго ж тут мелася добрая апека над пенсіянерамі, і члены сям'і працоўных маглі лёгка ўладкавацца на працу на розныя прадпрыемствы ў мястэчку. Кіраўніцтва лясамі і прадпрыемствамі Вялікага Мажэйкава знаходзілася ва ўмелых руках кузена Верашчакаў Тадэвуша Шыманскага.

Як я ўжо раней пісаў, двор у Вялікім Мажэйкаве быў спалены казакамі падчас адступлення рускай арміі ў 1915 г. Разам з ім згарэў каштоўны збор помнікаў культуры, а таксама архіў і бібліятэка.

Малое Мажэйкава

Знаходзілася ад Ішчалны за 10 км (Ішчална ляжыць якраз паміж Шчучынам і Малым Мажэйкавым. Адлегласць ад Ліды 30 км. На тэрыторыі двара, які выходзіў наўпрост на тракт Гародня - Ліда, на беразе ракі Лебёдка, стаяла карчма «Над Злебеддзю» [34] і стайні коннай пошты. Карчма была спалена ў 1915 г. падчас ваенных дзеянняў.

У 1939 г. абшар маёнтка Малое Мажэйкава складаў 1350 га. Гэтыя землі некалі былі часткай маёмасці Кастравіцкіх, аднаго з старэйшых лідскіх родаў. Галоўнай сядзібай Кастравіцкіх была Паперня з сямейнымі могілкамі ў суседняй Ваверцы. Гісторыя Малога Мажэйкава не мае ўласнай крышталізаванай індывідуальнасці.

У палове XIX ст. Малое Мажэйкава ў пасаг, разам з Казімірай Кастравіцкай (першы раз была замужам за Рышардам Ромерам), атрымаў Аляксандр Брахоцкі. Пасля яе смерці муж меў 1/14 маёнтка. Па дамоўленасці, Аляксандр Брахоцкі (сын Роха) выплаціў усім саўладальнікам кошт маёнтка і стаўся адзіным гаспадаром.

У 1866 г. Малое Мажэйкава ўспадкаваў Уладзіслаў Брахоцкі (сын Аляксандра і Алісы з Мінеяк). Ён, каля 1880 г., закончыў аграрны інстытут у Пулавах. У сваіх маёнтках добра гаспадарыў і таму ў некалькіх суседніх паветах меў рэнамэ выдатнага абшарніка і вялікі аўтарытэт як сярод землеўладальнікаў гэтак і сялян. Меў 3 сыны, узнагароджаных ордэнам Virtuti Militari за вайну 1918-20 гг. Валодаў маёнткамі Малое Мажэйкава, Вераскаў і Морына і падзяліў іх сярод сваіх сыноў і трох дачок.

Малое Мажэйкава ў 1932 г. успадкаваў малодшы брат Андрэй, інжынер-гідратэхнік, ротмістар 13-га палка ўланаў, грамадскі дзеяч і аўтар прац, датычных радаводу і маёмасці Брахоцкіх герба Праўдзіц і гісторыі 13-га ўланскага палка.

Малое Мажэйкава мела двор у класічным стылі які, падобна, быў пабудаваны Кастравіцкімі перад замуствам Казіміры. Двор гэты ў 1908 г. перабудаваў і асушыў Уладзіславў Брахоцкі. Яго апошні ўладальнік Андрэй Брахоцкі ў 1938 г. пабудаваў сучасны спіртзавод. Двор перажыў дзве сусветныя вайны і зараз ёсць сядзібай саўгасу.

У склад Малога Мажэйкава ўваходзілі два фальваркі: Скрыбаўцы і Дубянкі. На тэрыторыі Скрыбаўцаў стаіць царква XV ст. [35], пабудаваная ў гатычным стылі. Архітэктар, падобна, быў італьянцам і пабудаваў такую жа царкву ў Сынкавічах Слонімскага павета. Сынкавіцкая царква была ранейшай, Скрыбаўская пабудавана пасля яе. Абедзве ёсць цэрквамі абарончага тыпу, маюць вежы з байніцамі каб страляць і з'яўляюцца самымі старымі ў Літве. На некалькіх умураваных унутры царквы табліцах яна названа «Маламажэйкаўскай». У старых дакументах, напісаных па старабеларуску, якія зараз не існуюць, храм названы Маламажэйкаўскай царквой. У «польскія» часы храм стаў Скрыбаўскім касцёлам.

Рускія цвердзілі, што храм раней быў праваслаўным і таму яго з уніі перавялі ў сваё праваслаўе. Паспрабуем даследаваць сутнасць спрэчкі. Царкоўная унія была ўведзена на Трыдэнскім саборы 1439 г. [36] Яна аб'яднала розныя ўсходнія веравызнанні - такія як нестарыяне, монафізіты, монафіліты, візантыйскія праваслаўныя. У Літву унія прыйшла значна пазней і датычыла праваслаўнага абраду. ... Такім чынам Маламажэйкаўская царква магла быць толькі ўніяцкая. ...

Уладальнікі Малога Мажэйкава заўсёды былі калятарамі гэтай царквы, незалежна ад яе абраду.

[...]

Вялікая Лебяда

Найбліжэйшым суседам Малога Мажэйкава, на другім баку ракі Лебяда (12 км ад Ішчалны) быў маёнтак Вялікая Лебяда. Перад 1914 г. у адной з дачок рускага генерала Маўраса гэты маёнтак набыў Юзаф Міхневіч. У 1865 г. генерал купіў вялікі маёнтак Тарноўшчына і праз нейкі час стварыў тут ардынацыю.

Вялікая Лебяда мела каля 1000 гектараў зямлі, на якой гаспадарыў энергічны і працавіты Міхневіч. Лічыў сабе палякам, не меў прарасійскіх прыхільнасцяў, але ні яго самога ні яго сям'ю немагчыма было лічыць прадстаўнікамі польскай культуры, іх адносіны да яе былі нейтральныя. Па стылі жыцця яны былі больш падобныя на фермераў у чужым краі, чым на землеўладальнікаў, сцісла злучаных з польскай культурай праз гісторыю, ментальнасць і шляхетны стан. Міхневіч выводзіў сябе з сялян.

Памёр у 1930 г. пакінуўшы маёнтак сваёй жонцы. Потым маёмасць перайшла да яе сына ад 1-га шлюбу - Станіслава Фядэцкага. Наколькі вядома, Фядэцкі не пакінуў Крэсаў і жыў пад бальшавікамі і немцамі, а потым уступіў у Камуністычную партыю і пераехаў у Варшаву.

Самым цікавым аб'ектам Вялікай Лебяды быў стары, драўляны дом пабудаваны па методыцы, практыкаванай у часы Ягелонаў. Гэты дом быў варты перанясення ў тутэйшы Скансен [37]. З боку пад'езду дом меў пандус. Уваходныя дзверы адчыняліся ў вялікі хол, які ішоў праз увесь дом і заканчваўся на супрацьлеглым баку дзвярамі ў веранду і далей на гарод. Гэты хол адначасова быў сталовай і галоўным пакоем, упрыгожаным абразамі, рагамі звяроў, зброяй. Усё гэта мацавалася да габеленаў, якія ўпрыгожвалі сцены. З хола трое дзвярэй па кожным баку вялі ў жылыя пакоі і гаспадарчыя памяшканні.

Вялікую каштоўнасць мела кафляная печ, якая стаяла ў холе. На кожнай кафлі гэтай печкі меўся герб Наленч. Гэты дом разам з печчу перажыў дзве сусветныя вайны.

Маёнтак Голдава

Голдава не з'яўлялася блізкім суседам Ішчалны, да яго было 18 км у паўдзённа-ўсходнім кірунку, за ракой Лебядой, праз некалькіх кіламетраў ад ракі Дзітва. Аднак лічу яго сярод блізкіх суседзяў не толькі з-за сяброўскіх адносін, але і з-за агульнай гісторыі, а менавіта:

- у 1758 г. пабудова касцёла ў Ішчалне. Касцёл за ўласны кошт пабудаваў уладальнік Ішчалны Юзаф Валь і яго жонка Мар'яна з Вянскевічаў, дачка ўладальніка Голдава;

- 1820 г. аб'яднанне маёнткаў. Два маёнткі аб'ядналіся праз шлюб тагачаснага гаспадара Голдава Антона Скарбак-Важынскага і дзедзічкі Ішчалны Францішкі Лясковіч. Гэта аб'яднанне доўжылася 100 гадоў.

- 1921 г. адначасовыя працэсы аб спадках у Ішчалне і Голдаве. Маёнтак Голдава з 1 500 - 2 000 га успадкаваў уладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі [38].

У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. Таксама ў Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка [39]. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей: сына Вітольда і дачку Ядвігу, наколькі я ведаю, яны абое зараз жывуць у Варшаве.

Вось гісторыя Голдава з «Слоўніка геаграфічнага».

На пачатку XVI ст. Голдава належала сям'і князёў Карыбутаў-Вішнявецкіх, у якіх у 1581 г. маёнтак набыў саноцкі кашталян Мікалай Трызна. Трызны фундавалі ў Голдаве ўніяцкую царкву, якая стала пры цары праваслаўнай [40]. У 1635 г. Марцін Трызна быў каад'ютарам каталіцкага біскупа ў Вільні.

У 1622 г. як пасаг за жонку, Голдава пераходзіць букавецкаму старасту Яну Невяроўскаму.

У 1718 г. яго ўспадкаваў Францішак Вянскевіч, падваявода троцкі.

У 1762 г. як пасаг за жонку, маёмасць пераходзіць да Антона Скарбак-Важынскага, скарбніка ВКЛ, а пасля яго - да яго ўнука, таксама Антона, маршалка Лідскага павета. Меў жонку з Лясковічаў.

У 1922 г. маёнтак успадкавалі Скарбак-Важынскія і Валейкі, і ён быў іхняй маёмасцю да 1939 г.

Маёнтак Красулі

Двухсотгектарная рэшта калісьці сярэдняга маёнтка на адлегласці 5 км ад Ішчалны, у паўднёва-ўсходнім кірунку, уласнасць Марыі Яноўскай.

Красулі ніколі не былі вялікай гаспадаркай. Дарога да гэтага маёнтка ішла праз лес маёнткаў Ішчална, Жалудок і распарцаляваныя былыя землі Красулёў. Адлегласць ад Жалудка - 6 км, ад Ліды - 44 км.

Вось трошкі цікавай інфармацыі са «Слоўніка геаграфічнага».

Пасля таго як цар Васіль ІІІ у 1523 г. забраў Смаленск, адтуль прыбыў Васіль Губар і з-за таго, што ён страціў маёнтак, атрымаў ад караля Жыгімонта І маёмасць Красулі, якая ўтварылася праз аддзялення ад Жалудка «30 служб». Губары жылі тут 9 пакаленняў і з XVII ст. пачалі пісацца Губарэвічамі. Мелі розныя пасады ў павеце, атрымлівалі праўныя прывілеі ад розных каралёў.

У 1831 г. Юлія Губарэвіч выйшла замуж за Яноўскага. З гэтага часу Красулі сталі іх маёмасцю. Пасля Першай сусветнай вайны тут жыла Марыя Яноўская, жонка ўнука першага ў Красулях Яноўскага. Мела 3 дзяцей: сына Тэафіла і дзве дачкі - Марыю і Зоф'ю. Тэафіл і Зоф'я памерлі бяздетнымі. На момант выбуху вайны 1939 г. у маёнтку знаходзіліся: бабуля Марыя Яноўская (узрост каля 80 гадоў) і яе дачка Пракульская з Яноўскіх (каля 50 гадоў) і ўнучка Зоф'я Корзан з Пракульскіх (26 гадоў). Бабуля і яе дачка былі ўдовамі, муж унучкі, афіцэр польскай арміі ў выніку вераснёўскай кампаніі патрапіў у нямецкі палон, знаходзіўся ў Офлагу. Пасля прыходу Чырвонай арміі, унучка як жонка польскага афіцэра ўцякла з маёнтка і перабралася ў Варшаву, дзе жыла з сынам, пасля Варшаўскага паўстання перабралася ў Кракаў. У маёнтку засталіся старэйшыя жанчыны.

У 1942 г., падчас нямецкай акупацыі, пачалі фармавацца партызанскія аддзелы і звычайныя банды. У палове 1942 г. адна з гэтых банд, якая складалася з цёмных элементаў, а часткова і чырвоных партызан, прыйшла пагуляць у Красульскім двары. Здабылі самагонку, а закуску знайшлі на месцы - абрабавалі спіжарню ўдоў. Упіўшыся, бандыты выцягнулі кабетаў і перарэзалі ім нажом горла, потым, каб не псаваць сабе настрой, кінулі трупы ў кусты. Пасля смерці абедзвюх спадарыняў спадкаеміцай стала Зоф'я Корзан з Пракульскіх.

Па тэрыторыі Красулі трэба лічыць фальваркам. Драўляны, добры і дастаткова вялікі дом быў аточаны маленькім паркам, за якім рос пладовы сад з гародам.

У парку, пасярод вельмі старых высокіх таполяў, стаяла драўляная (з лістоўніцы) капліца з цудадзейнымі абразамі Маці Божай з дзіцяткам. Якасны, добра захаваны абраз, тып твару ўсходні, срэбныя шаты тонкай працы. Абраз мае воты, частка вотаў з XIX ст. [41]

Мясцовае паданне кажа, што Васіль Губар гэты абраз прынёс пешшу на сваіх уласных плячах са Смаленска і тут пабудаваў для яго капліцу. Паданне цвердзіць, што ў 1757 г. перад сваёй смерцю Губарэвіч загадаў унуку [42] паставіць на тым жа месцы новую, мураваную капліцу, але гэта да 1939 г. не было зроблена. Аднак гэтай легендзе пярэчыць нататка ў кнізе кс. Курчэўскага «Віленскае Біскупства» [43], якая падае, што новая капліца была пабудавана лідскім стражнікам Губарэвічам у 1764 г. Праўдападобна, тастамент дзеда быў выкананы ўнукам не цалкам, бо новая капліца была таксама з дрэва. У 1939 г. стан капліцы быў цалкам задавальняльны. Капліца мела шэраг прывілеяў ад віленскіх біскупаў.

Красулі трэба залічваць да нешматлікіх маёнткаў, якія існавалі больш за 400 гадоў і ніколі не былі прададзены. Валодала гэтым маёнткам заўсёды адна і тая ж сям'я, але апошнія 100 гадоў маёнтак пераходзіў па кудзелі.

Маёнтак Чарнаўшчына

Фальварк, які стаіць у баку ад гістарычнага тракта, на палове дарогі паміж Ішчалнай і Шчучынам, 7 км ад Ішчалны ў паўднёва-заходнім кірунку. Меў 120 га слабой зямлі. Муж яго гаспадыні інжынер Казлінскі імкнуўся павялічыць даходы і таму выконваў абавязкі павятовага агранома ў Шчучыне. На гэтай пасадзе прабыў да 1939 г. Меў дзяцей.

У 1940 г. быў арыштаваны і вывезены ў лагер (так званы «Трудлаг») у рэспубліцы Карэлія, адкуль не вярнуўся. Яго сын ваяваў у польскай партызанцы, быў паранены і страціў нагу да калена.

Маёнтак Жалудок

Адміністрацыйны цэнтр вялікай маёмасці знаходзіўся ў двары Жалудок, да якога непасрэдна прылягала мястэчка з той жа назвай. Адлегласць ад Ішчалны 10 км у паўднёва-ўсходнім кірунку. Абшар Жалудка ў 1939 г. быў большым за 16 000 га, з гэтай колькасці лясы складалі 13 000 га.

Банецкі (Poczcie rodow WKL … S. 22.) піша, што ў XVI ст. існаваў Жалудоцкі павет. «Слоўнік геаграфічны» падае, што Жалудок належаў да каралеўскай маёмасці і з'яўляўся цэнтрам староства. Гэты была вялікая маёмасць, праз якую цяклі чатыры значныя ракі: Нёман, Шчара, Лебяда і Жалудзянка.

Вялікія пушчы ляжалі за Нёманам яшчэ ў другой палове XVIII ст. і былі домам для самых вялікіх звяроў: мядзведзяў, ласёў, аленяў, сарнаў, ваўкоў і баброў, а ў больш старыя часы - зуброў і тураў.

Першымі жалудоцкімі старастамі былі:

Марцін Храбтовіч, 1501-1508.

Мікалай Пацэвіч, 1510-1515.

Князь Васіль Палубінскі, 1516-1533.

Іван Ляцкі, 1539 - ?

У 1535 г. прыбылі ў Літву па каралеўскую ласку ўцекачы ад Масквы: князь Сямён Бельскі [44] і аколічны Іван Ляцкі. Першаму з іх Жыгімонт Стары даў Жыжморы, Стоклішкі і Кармялы, а другому Высокі Двор і Жалудок. Відочна, калі яны атрымалі гэтыя наданні, дык былі значнымі асобамі.

У пазнейшыя гады, верагодна, як узнагарода за ахвяраваную службу на карысць дзяржавы маёмасць, Жалудок перайшоў у рукі Сапегаў. Ад Сапегаў маёнтак перайшоў да Францкевічаў-Радзімінскіх герба Бародзіч (як пасаг за Ганну Сапяжанку).

Казімір Францкевіч-Радзімінскі, падскарбій надворны ВКЛ, муж Аляксандры з Нарушэвічаў, набыў у 1676 г. Ішчалну, якая пры Лімантах страціла палову свайго абшару на карысць суседняга Шчучына і стала адным з ключоў маёмасці Жалудок.

У XVIII ст. Жалудок перайшоў ва ўласнасць Тызенгаўза. Тызенгаўз залажыў тут вялікі парк, у якім раслі прыгожыя ліпавыя алеі, якія захаваліся да нашых дзён. Адна з гэтых алей вырошчвалася гэтак: да галін прывязваліся камяні, якія нагіналі іх да зямлі, пры гэтым канцы галін імкнуліся расці ў гару. У выніку атрымалася алея ў выглядзе перавернутай літары «V». У 1785 г. у жалудоцкім касцёле пахавалі парэшткі надварнага падскарбія і аднаго з самых знакамітых міністраў Станіслава Аўгуста, Антонія Тызенгаўза.

Пасля Тызенгаўза Жалудок перайшоў да Урускіх. Род графаў Урускіх, уладальнікаў Жалудка і Скідзеля, згас па мужской лініі ў XIX ст. Абедзве дачкі апошняга Урускага выйшлі замуж за князёў Святаполк-Чацвярцінскіх і аднаму з іх прынеслі Жалудок а другому Скідзель.

Апошні ўладальнік Жалудка, князь Людвік Святаполк-Чацвярцінскі, сын графіні Урускай, жаніўся з княжной Ружай з Радзівілаў, сястрой ардыната на Нясвіж [45]. Прозвішча Чацвярцінскія паходзіць ад маёнтка Чацвяртня на Валыні.

Адміністрацыя жалудокскага маёнтка знаходзілася ў энергічных руках Юзафа Славінскага. Найбольшым аграрным аб'ектам маёнтка - 600 гектарнай Ліпічной кіраваў сярэдні сын князя Станіслаў. Аднак самы галоўным багаццем у маёнтку былі лясы - яны давалі галоўны грашовы даход. Кіраваў лясной гаспадаркай інжынер Пясецкі (загінуў у АК у Беластоку). Пясецкаму падначальваліся два лясніцтва ў якіх працавала 88 аб'ездчыкаў і леснікоў. Гаспадарка мела школкі маладых дрэў, прамысловы адбор саджанцаў, вялікі паравы тартак над Нёманам і ўласны рачны порт. Таксама ўзорна была пастаўленая справа падкормлівання і адстрэлу жывёл а таксама гадоўля фазанаў.

Узровень лясной гаспадаркі ў Жалудку стаяў настолькі высока, што Управа дзяржаўных лясоў прысылала сюды для вучобы сваіх ляснічых. Вырубкі рабіліся згодна з планам і вельмі ашчадна. Выцярэбліваліся толькі 200 гадовыя асіны і дубы (замест 100 гадовых, як звычайна). Рымскае права лічыла, што бясспрэчным доказам права ўласнасці з'яўляецца гаспадаранне якое робіцца з пазіцыі «добрага бацькі». У Жалудку гаспадарка вялася менавіта такім чынам. Не маглі гэтаму запярэчыць нават самыя гарачыя ворагі землеўладальнікаў. Высокі ўзровень аграрнай, лясной, жывёлагадоўчай і рыбнай гаспадарак даваў добрыя вынікі.

Прамысловасць маёнтка не абмяжоўвалася вялікім тартаком з сушылкай і млынам у Зачэпічах. Жалудок меў спіртзавод і сваю электроўню [46], якая акрамя маёнтка абслугоўвала яшчэ і мястэчка.

Усе працоўныя і іх сем'і мелі медыцынскае абслугоўванне, для гэтага ў двары меўся свой лекар [47]. Ён жа працаваў у шпіталі Св. Ружы ў мястэчку, які фундавала княгіня Ружа. Шпіталь працаваў без усялякіх датацый з боку дзяржавы ці мясцовага самакіравання і быў адчынены для ўсіх, грошы за медычныя паслугі браў па дзяржаўным каштарысе [48]. Лекары мелі права прыватнай практыкі.

Князь і княгіня праводзілі вялікую грамадскую працу. Князь быў сталым старшынём Павятовага звязу землеўладальнікаў і дэлегатам ад павета ў ваяводскім звязе, дзе меў пасаду члена кіраўніцтва. Княгіня за свае грошы ўтрымлівала ткацкія майстэрні і ўстанову, якая апекавалася дзецьмі рабочых маёнтка. Абедзве ўстановы фінансавалі ўсялякія патрыятычныя і харытатыўныя акцыі. Усталявалася традыцыя, што на ўсе грамадскія альбо дзяржаўныя акцыі Жалудок даваў столькі ж грошай, колькі давалі ўсе астатнія землеўладальнікі павета. Напрыклад, гэта датычыла справы пабудовы Народнага дома ў Станкевічах ці збору грошай на нашу авіяцыю вясной 1939 г.

Князі і адміністрацыя Жалудка бралі чынны ўдзел у працах сельскагаспадарчых вясковых гурткоў (колаў), княжна ўдзельнічала ва ўсіх жаночых таварыствах, такіх як "Кола землеўладальніц", "Кола вясковых гаспадынь" і іншых, часта фінансавала мерапрыемствы, якія праводзілі гэтыя арганізацыі.

Сям'я Чацвярцінскіх мела вялікі аўтарытэт, цешылася павагай і сімпатыяй. Дабрыня і дабрачыннасць гэтай сям'і была добра вядома сялянам і яны неаднаразова ёй карысталіся. Жалудок у нашым павеце з'яўляўся моцным культурным асяродкам.

Жалудоцкі палац ў некалькі паверхаў быў пабудаваны князям Людвікам у старафранцузскім стылі незадоўга перад Першай Сусветнай вайной па праекце інжынера-архітэктара Тадэвуша Раствароўскага з пэўнымі зменамі, якія ўнёс інжынер-архітэктар Марконі. Падчас Першай сусветнай вайны немцы занялі палац пад ваенны шпіталь. Пасля вайны палац стаяў нават без мэблі і нежылы - служыў летняй рэзідэнцыяй для моладзі з-за таго, што трубы цэнтральнага ацяплення палопаліся зімой 1918 г. і з таго часу не былі адрамантаваны. Калі-нікалі тут праводзіліся прыёмы і балі, але толькі летам ці ранняй восенню.

Я быў на адным з такіх баляў. Ён даваўся ў гонар афіцэрскага корпусу 2-га палка Грохаўскіх ўланаў, які стаяў у Сувалках, у ім служылі маладыя князі. Прыехалі ўсе афіцэры палка разам з камандзірам брыгады брыгадным генералам графам Мараўскім. Прыехалі сваякі і сябры князёў, а таксама суседзі. Разам сабралася каля 70 асобаў.

Вячэру падалі ў вялікую залу. Увагу гасцей звяртаў не багаты і вытанчаны смак ежы, а сталовыя прыборы. Сервізы былі з парцаляны вышэйшага гатунку, кожная рэч з якіх аздоблена падвойным гербам: чорным арлом з трубамі ў сярэдзіне - Радзівілаў і Пагоняй - Чацвярцінскіх. Разам яны выглядалі, як падвойны герб Польшчы і Літвы. Дапаўнялі сервізы залатыя покрыўкі з гербамі і знакамі пробы каштоўнага металу. Не ведаю, з якой колькасці тузінаў складаўся гэты парцалянавы сервіз і колькі было залатых покрывак з усімі дадатковымі прыборамі, пачынаючы ад апалонікаў і падмісаў і заканчваючы малымі лыжачкамі для перцу і солі. Каля кожнай покрыўкі ляжаў поўны камплект патрэбных прыбораў, а прыборы, якімі ў той вечар не карыстаўся, я нават і не ведаў, як назваць. Невядома, ці былі ўратаваны гэтыя скарбы, ці патрапілі яны ў рукі акупантаў.

Чацвярцінскія таксама мелі прыгожы палацык у Варшаве па вуліцы Мокатаўскай. Пасля паўстання бачыў яго згарэўшым. Магчыма, што і адсюль зніклі ўсе каштоўныя зборы.

Вяртаюся ў жалудоцкі палац. Іншая памятная падзея, якую я помню і якая мела месца ў мурах Жалудоцкага палаца, быў раўт у гонар прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся, здаецца, у верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Наваградскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Як потым стала вядома, ў яго памяці застаўся прыгожы тракт XVIII ст., якім ён ехаў, каб у прафесійнай школе ўзнагародзіць маю цётку Марыю Лясковіч. У лесе каля Вялікага Мажэйкава загадаў пакінуць шашу і ехаць трактам, якім міма Ішчалны паехаў ажно ў Шчучын.

Узгоднены з ўладамі ліст запрошаных гасцей уключаў у сябе паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Баля не было, а была толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар дастойнага госця выступіў гаспадар дома князь Людвік Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў, гэтак і з чыноўнікаў. Спадары ў фраках з ордэнамі, спадарыні ў вячэрніх туалетах.

Халодны, афіцыйны настрой перапыніў мой кузэн Юльян Лясковіч, энтузіяст, які як і ўсе мы з дзяцінства марыў пра незалежную Польшчу. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:

- Шаноўны наш спадар прэзідэнт! - сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам - Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць у нашых крэсавых землях кіраўніка Польскай дзяржавы, першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне, як сыну, прывітаць цябе!

Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Гэта сцэна была, як быццам з ранейшых вякоў, гэтак мы калісьці віталі сваіх каралёў.

Аднак мінулі радасныя хвіліны, і надышоў 1939 г. 17 верасня без аб'яўлення вайны савецкія войскі перайшлі мяжу, і хваля за хваляй пачалі заліваць усходнія ваяводствы. Князь Людвік не паслухаў парады свайго дасціпнага адміністратара Юзафа Славінскага і неадкладна не пакінуў Жалудка. Замест таго, каб на аўтамабілі ці коньмі ехаць у бок літоўскай мяжы, вырашыў ехаць у Вільню чыгункай. У Лідзе на чыгуначнай станцыі быў апазнаны і разам з жонкай арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Пазнаць яго было не цяжка, бо меў рост 1,9 м і вельмі характэрны профіль твару і вымову. Іх пасадзілі ў мясцовую турму, дзе князі прабылі 7 месяцаў, пасля чаго іх адвезлі ў Маскву. Там, па просьбе італьянскага караля Віктара-Імануіла III, Чацвярцінскія былі звольнены і згодна з пажаданнямі Рыбентропа адпраўлены ў Генерал-губернатарства [49] ў маёнтак брата Сухаволю. Але і тут не мелі спакою. З-за дыверсійнай акцыі ў ваколіцах маёнтка, князь як закладнік быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцым, дзе ў 1941 г. памёр.

Князі Чацвярцінскія мелі 5 дзяцей: 3 сыны і 2 дачкі.

Князь Ежы, старэйшы сын, юрыст. Перад вайной займаў пасаду віца-старасты Касцянскага павета ў Вялікай Польшчы. Афіцэр рэзерву польскага войска, падчас вайны вязень Офлага ў Германіі, пасля вайны эмігрант, разам з маці жыў у Бруселі, дзе ажаніўся з графіняй Жалтоўскай з Чача. Меў 2 сыны і 2 дачкі.

Князь Станіслаў. Перад вайной гаспадарыў у Ліпічне, найбольшым аб'екце маёнтка. Жанаты з Евай Буксхаўдан. Усю вайну з невялікімі перапынкамі правёў у нямецкіх турмах і лагерах. Пасля вайны, у часы Радкевіча [50] быў арыштаваны службай бяспекі за нейкую малую правіннасць і звольнены толькі ў 1956 г. Пасля звальнення пачаў дабівацца права на эміграцыю ў Канаду і ў 1961 г. эміграваў туды разам са сваёй сям'ёй. Меў 5 сыноў і 4 дачкі.

Князь Андрэй, трэці сын. Афіцэр рэзерву 3-га палка Грохаўскіх уланаў, у верасні 1939 г. прызваны на службу. Арыштаваны аддзелам Чырвонай арміі і расстраляны каля Скідзеля разам з жонкай (жонка з дома графаў Тараноўскіх).

Княжна Ружа, старэйшая дачка, чацвёртае дзіця ў сям'і. Перад вайной выйшла замуж за графа Плятэра з Лужкоў Дзісненскага павета. Падчас вайны выехала ў Швейцарыю, дзе жыве і зараз. Мела 2 сыны і 1 дачку.

Княжна Марыя, малодшае дзіця. Падчас вайны выехала ў Парыж. Так закончыла курс медыцыны і зараз працуе лекарам недалёка ад Парыжа. З мужам Зантарам мела сына і дачку. Пасля разводу выйшла замуж за Раствароўскага.

Заўвага: выезд Чацвярцінскіх з краю падчас вайны быў магчымы з-за пратэкцыі італьянскага караля Віктара-Імануіла III.

Маёнтак Шчучын

Інфармацыя «Слоўніка геаграфічнага» вельмі сціслая і лаканічная. Я хачу дапоўніць яе дадзенымі, узятымі з гісторыі Ішчалны. Ішчалнская і Шчучынская пушчы былі нададзены каралём Аляксандрам ва ўласнасць падскарбію ВКЛ Якубу Давойне (Вайновічу).

У 1616 г. тагачасныя ўладальнікі гэтага маёнтка браты Ліманты падзялілі сваю маёмасць: Ян атрымаў Ішчалнянскую пушчу, а Мікалай Шчучынскую. Пра Ішчалну ў мяне мелася дастаткова падрабязная інфармацыя, а пра Шчучын толькі фрагментарная, у асноўным пра мястэчка Шчучын.

Невядома, як доўга Шчучынам валодала сям'я Мікалая Ліманта. Пра Ішчалну вядома, што маёмасць у 1644 г. перайшла да Паўпятаў.

У «Слоўніку геаграфічным» сустракаў прозвішча Лімантаў, а менавіта ў 1658 г. неградовым старастам [51] у Васілішках быў Марцін-Дамінік Лімант, лідскі земскі суддзя, а потым кашталян віцебскі, памёр у 1670 г., фундатар касцёла і кляштара дамініканцаў у Васілішках. Ксёндз Курчэўскі ў сваім «Біскупстве Віленскім» дадае, што быў гэта драўляны касцёл пад вызнаннем Яна Хрысціцеля. Таксама гэты ж самы аўтар піша пра Крыштафа Ліманта, езуіта, які ў 1713 г. меў годнасць рэктара Віленскага ўніверсітэта.

Можна дапусціць, што абодва вышэй названыя Ліманты [52] паходзяць з той самай Ішчалнянска-Шчучынскай сям'і, аднак я не знайшоў афіцыяльнага пацверджаная гэтага і не ведаю, якія сувязі існавалі паміж імі і братамі Янам і Мікалаем.

Шчучын перайшоў ва ўласнасць магнацкай сям'і Глябіцкіх-Юзафовічаў дзесьці на пераломе XVII і XVIII ст.

Полацкі войскі Глябіцкі-Юзафовіч фундаваў у мястэчку піярскі калегіюм, зацверджаны ў 1726 г. Яго дачка Тарэза прынесла Шчучын у пасаг свайму мужу, смаленскаму кашталяну Сцыпіёну дэль Кампа. Сцыпіёны вялі свой род ад рымскіх Сцыпіёнаў. У ішчалнскім архіве знаходзілася шмат дакументаў, якія сведчылі пра кантакты і сувязі сям'і Сцыпіёнаў і ўладальнікаў Ішчалны.

У часы Рэчы Паспалітай згасла мужчынская лінія шчучынскіх Сцыпіёнаў. Апошні з гэтага роду, Юзаф Сцыпіён дэль Капа быў жанаты з Друцка-Любецкай, дачкой Францішка, пінскага кашталяна і Ганавэфы з Алізараў і пакінуў пасля сябе як дзедзічку толькі малагадовую дачку Марыну.

Удава Юзафа Сцыпіёна прагнула утрымаць Шчучын у сваіх руках і ў валоданні сям'і Друцкіх-Любецкіх таму, калі Марыне мінула 14 гадоў, выдала яе замуж за свайго брата, роднага дзядзьку дзяўчыны, князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага. Адбылося гэта ў 1817 г. Мужу было 39 гадоў, ён быў старэйшы за сваю жонку на 21 год.

Сужыэнцы падпарадкоўваліся энергічнай і дэспатычнай маці і сястры, бо высока цанілі яе розум. Шлюб дачкі дазволіў ёй кіраваць у шчучынскім палацы, які нядаўна пабудаваў Сцыпіён. У гэтым палацы спыняўся цар Аляксандр І па дарозе на Венскі кангрэс. Асабісты кантакт з князем Любецкім дазволіў належна ацаніць характар і вялікія памкненні гаспадара. Таму на кангрэсе цар даверыў яму шэраг адпаведных пасад.

У 1815 г. князь Францішак-Ксаверы Любецкі стаў членам Грамадзянскага камітэта Польскага каралеўства. У 1816 г. прызначаны гарадзенскім, а потым віленскім губернатарам. У 1821-1830 гг. князь Любецкі быў міністрам фінансаў Польскага каралеўства (Канграсоўкі) правёў рэформу і ўпарадкаваў скарбовыя справы. Таксама яго рэформы кранулі сельскую гаспадарку краю, для гэтага ён заклаў Крэдытнае таварыства землеўладальнікаў. Князь Любецкі зрабіў шмат добрага для нашага краю.

Быў перакананым пацыфістам і праціўнікам узброенай барацьбы і таму пасля выбуху паўстання ў 1830 г. пакінуў сваю пасаду ў польскім урадзе і, каб пазбегнуць пакарання, выехаў у Пецярбург. Тут выкарыстаў свой уплыў пры двары, каб пазбегнуць крыві. Аднак не здолеў змяніць ход падзей.

У Пецярбургу застаўся да канца жыцця, быў членам Дзяржаўнага савета. Памёр у 1846 г. Яго старэйшая сястра і адначасова цешча заўсёды мела ўплыў на паводзіны брата, які, займаючы шэраг высокіх пасад, прыслухоўваўся да яе меркаванняў. У памяці нашчадкаў застаўся чалавекам не толькі вялікага розуму, але і рэдка сустраканай дабрыні.

Станіслаў Мараўскі гэтак пісаў пра яго ў сваіх успамінах: «Міністр скарбу Польскага каралеўства і чынны член Дзяржаўнага савета Расіі, князь Ксаверы Любецкі, чалавек вядомы ў Еўропе сваім геніем, а ва ўсім свеце сваёй дабрынёй. Князь, не раз ляжаў ад падагры (у Пецярбургу), аднак на мае просьбы аб нейкіх земляках, загадваў абкруціць ногі шкурай барана і, каб дапамагчы бедакам, асабіста ехаў да міністраў».

Адзін з нашчадкаў міністра, праўдападобна ўнук, князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі, быў пры загадкавых акалічнасцях забіты ў 1913 г. у сваім маёнтку Тарэсіне - галоўнай сядзібе княскай сям'і. У забойстве абвінавацілі яго швагра, ардыната, барона Яна Біспінга, землеўладальніка Ваўкавыскага павета. Перад Першай сусветнай вайной, на фоне працэсу Бейліса, гэта быў вельмі сенсацыйны судовы працэс. Цікавілася ім не толькі польскае грамадства, але і ўся царская Расія і замежжа. Я меў тады 11 гадоў і дасканала ведаў усё пра тыя два судовыя працэсы.

Апошнім уладальнікам Шчучына быў князь Юзаф Друцкі-Любецкі - уладальнік Тарэсіна пад Варшавай, сын Уладзіслава Любецкага. Пасля Другой сусветнай вайны эмігрыраваў у Амерыку, дзе жыве і зараз.

Маёнтак Шчучын у 1939 г. меў каля 8 500 гектараў. Пасля вайны прыгожы шчучынскі парк у 80 га быў высечаны і стаўся часткай ваеннага гарадка. Пабудаваны аэрадром і ў шчучынскім палацы адчынены афіцэрскі клуб.

Маёнтак Гурнофель

У мае часы Гурнофель належаў старому кавалеру Альфрэду Бразоўскаму, які ў познім веку ажаніўся з паннай Аленай Янікоўскай. Ад гэтага шлюбу нарадзілася адзіная дачка (Марыя ?), якая пасля Другой сусветнай вайны выйшла замуж і жыла ў Лодзі.

Гурнофель меў 800 га зямлі і знаходзіўся за 8 км ад Ішчалны. Досыць вялікі мураваны двор не быў помнікам гісторыі.

У 1918 г., у часы шчучынскай Самаабароны, з-пад Ліды ў Гурнофель прыйшоў лідскі аддзел Самаабароны, якім кіраваў паручнік Вацлаў Шукевіч. Гэты аддзел злучыўся з такім жа шчучынскім.

Маёнтак Лябёдка [53]

Стаіць над ракой Лебядой, дзе ёсць шмат населеных пунктаў з назвай Лебяда ці Лябёдка. Маёнтак, пра які я буду расказваць, знаходзіцца за 10 км ад Ішчалны ў паўночным кірунку. Да 1939 г. належаў сям'і Іваноўскіх.

Згодна з расказам сп. Марыі Іваноўскай, жонкі памерлага 1 кастрычніка 1970 г. адваката Станіслава Іваноўскага, гісторыя гэтага маёнтка наступная.

У часы панавання караля Жыгімонта Старога, Лебёдка была нададзеная нейкім Быкоўскім, пра якіх нічога не вядома, бо арыгінальны акт надання загінуў у часы апошняй вайны. Сям'я Быкоўскіх валодала Лебёдкай да паловы XIX ст., калі як пасаг маёмасць перайшла да сям'і Іваноўскіх.

Заснавальнікам роду Іваноўскіх трэба лічыць Леанарда, які нарадзіўся ў 1845 г. у сям'і Антаніны з Быкоўскіх і бацькі Станіслава Іваноўскага, герба Рагаля.

Інжынер-хімік Леанард Іваноўскі зрабіў кар'еру ў Расіі. Быў хімікам, памолагам [54] і фінансістам. Дасягнуў чыну сапраўднага стацкага радцы [55], і ў ваколіцы яго звалі «генералам».

Гаспадарыў у Лебёдцы вельмі энергічна, увёў шэраг інавацый. Пабудаваў мураваны дом у неагатычным стылі. Разам з дапаможнымі пабудовамі двор складаўся з 25 гмахаў. Заклаў школку маладых пладовых дрэў і вялікі сад. У часе Першай сусветнай вайны гэта школка была занядбана, здзічэла і ператварылася ў падлесак.

Леанард ажаніўся з Ядвігай Райхель, якая паходзіла з маёнтка Котлін Петрыкаўскага павета. Ад іх шлюбу нарадзілася 5 дзяцей.

Ежы памёр у эміграцыі ў Англіі. Інжынер-тэхнолаг, выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Як член рэвалюцыйнай фракцыі ППС быў арыштаваны і сасланы. У 1915-17 гг. дырэктар аддзела фірмы Сіменс-Шукарт у Кітаі, Японіі, США і Маскве. У незалежнай Польшчы займаў пасады міністра прамысловасці і гандлю ў 1918 г., міністра працы і сацыяльнай апекі ў 1919 г. Падпалкоўнік польскага войска. У 1920-21 гг. дырэктар дэпартамента замежных спраў ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Як муж даверу вярхоўнага правадыра Юзафа Пілсудскага, ад яго імя вёў перамовы з генералам Дзянікіным. З 1922 г. шматгадовы дырэктар Таварыства польскіх механікаў з Амерыкі. Сенатар РП, пілсудчык, старшыня галоўнай рады Лігі Незалежнасці Польшчы. Кавалер ордэна Polonia Restituta.

Вацлаў. Інжынер-хімік, выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Потым атрымаў вядомасць як вынаходнік і выбітны хімік. Шматгадовы дэкан факультэта хіміі Варшаўскай політэхнікі. У міжваеннай Польшчы чынна падтрымліваў беларускі рух не перастаючы пры гэты быць прыхільнікам маршала Пілсудскага. У часы Другой сусветнай вайны быў прызначаны немцамі беларускім бургамістрам Менска. Гэтая пасада для аўтахонаў з'яўлялася максімальна магчымай. Будучы бургамістрам сталіцы Беларусі, чынна спрыяў польскаму падполлю - выдаваў пропускі, якія дазвалялі існаваць членам польскай АК. Загінуў на вуліцах Менска ў выніку замаху, арганізаванага камуністычнай партызанкай.

Тадэвуш. Вывучаў біялогію і заалогію ў Пецярбургу і Сарбоне. Са студэнцкіх гадоў меў сімпатыі да незалежніцкага літоўскага руху. У 1918 г. выехаў ў Коўню і там пачаў працаваць як навуковец. Каля 59 гадоў быў прафесарам заалогіі ў літоўскіх універсітэтах: перад Другой сусветнай вайной у Коўні, пасля яе ў Вільні. Меў званне прафесара і члена-карэспандэнта Літоўкай акадэміі навук. Пасля сябе пакінуў шмат прац і быў добра вядомы ў навуковых колах Літвы, СССР і Захаду. Памёр у Коўні 31 траўня 1970 г. ва ўзросце 87 гадоў.

Алена. Адзіная дачка Леанарда Іваноўскага. Вучылася ў Оксфардзе. Была уладальніцай маёнтка і дома, правы на якія перайшлі ёй у спадкі ад маці. Лебёдскі дом да самага канца выконваў функцыі сямейнага гнязда ўсёй сям'і. Алена выйшла замуж за суседа з Капцюхі, Казіміра Скінадара і разам з ім займалася гадоўляй пародзістых коней і англійскіх сабак - хартоў. Была таксама актыўнай спартсменкай, якая незалежна ад пагоды купалася ў рацэ ажно да маразоў. Гэтага ладу жыцця прытрымліваецца і зараз, негледзячы на узрост у 86 гадоў. Зараз жыве ў Дзяржаўным заводзе гадоўлі коней у Кажаніцах [56].

Станіслаў. Пяты, самы малодшы сын. Нарадзіўся ў Лебёдцы ў 1887 г., памёр у Быдгашчы, 1 кастрычніка 1970 г. Закончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта і стаў адвакатам. Пілсудчык, удзельнік школьнага страйку 1905 г., баявік ППС, былы супрацоўнік вайсковага дэпартамента Сярэдняй Літвы. Капітан рэзерву, жаўнер падпольнай АК. Шматгадовы член калегіі адвакатаў Вільні і Грамады адвакатаў № 1 у Быдгашчы.

Наступнае пакаленне - унукі Леанарда і Ядвігі Іваноўскіх.

Дзеці Ежы.

Ванда Сасноўкая, асістэнт факультэта гуманістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Ядвіга Левандоўская, доктар медыцыны, жыве ў Манрэалі разам з мужам - інжынерам.

Дзеці Вацлава - беларуса.

Сыны Стэфан і Вацлаў загінулі ў часы нямецкая акупацыі ў варшаўскім паўстанні як жаўнеры АК.

Самы малады сын Пётр загінуў пры нявысветленых абставінах.

Адзіная дачка, магістр права Ганна, выйшла замуж за адваката Каранеўскага, аўдавела і зараз жыве ў Варшаве.

Дзеці Тадэвуша - летувіса.

Ежы, старэйшы сын ад жонкі-полькі быў палякам. Інжынер-аграрнік. Перад Другой сусветнай вайной, як ротмістр польскай арміі кіраваў дзяржаўнай стайняй коней у Янаве Падляскім. У часы Другой сусветнай вайны ваяваў у Польскай арміі на захадзе. Пасля вайны не вярнуўся ў Польшчу, пасяліўся ў Паўночнай Афрыцы. Жонка з Ромераў, мае дачку.

Альгірдас, малодшы сын жонкі-летувіскі, прафесар у Літоўскім універсітэце.

Дзеці Станіслава, жанатага з Марыяй Ваяводскай, дачкой Вітольда, інжынера і ўладальніка маёнтка Карлаўшчына ў Ашмянскім павеце.

Лех, нарадзіўся ў 1917 г. у Лебёдцы, доктар медыцыны, нейролаг. Працуе у інстытуце нейралогіі ПАН.

Казімір, нарадзіўся ў 1922 г. у Лебёдцы. Доктар-інжынер і прафесар, кіраўнік Інстытута механікі ў Варшаўскай палітэхніцы.

Алена Скіндар-Іваноўская не мела дзяцей.

Апрача непасрэдна маёнтка, Лебёдка мела два фальваркі: Галавічполе і Рагачоўшчына. Агульная плошча - каля 500 га.

Маёнтак Касцянёва

Касцянёва быў адным з фальваркаў вялікага ключа Паперня, які належаў сям'і Кастравіцкіх, як і Малое Мажэйкава. Гэта была магнацкая маёмасць, пра што сведчаць згарэўшыя сцены палаца. Дом у Ішчалне быў яго паменшанай копіяй. Дом у Паперні пабудаваны ў адзін і той жа час, што і дом у Ішчалне, г. зн., у часы Напалеона - першае дзесяцігоддзе XIX ст. і адным і тым жа архітэктарам. Дом у Ішчалне быў аднапавярховы, а ў Паперні двухпавярховы і таму меў большую плошчу пакояў.

Задумаемся, чаму гэтак мала дакументаў засталося ад першых землеўладальнікаў Лідчыны. Верагодна, багатыя матэрыялы можна было знайсці ў архівах Паперні, Вялікага Мажэйкава і Ішчалны, а можа і ў палацы Шчучына. На жаль, усе гэтыя крыніцы знішчаны, а два прадстаўнікі роду Кастравіцкіх перад Першай сусветнай вайной былі яшчэ маладымі хлопцамі і нічога не ведаюць.

У міжваенны час Касцянёва мела менш за 100 га. Ляжала за 7 км у паўночна-заходнім кірунку ад Ішчалны. Паперня тады належала рускай сям'і Петуховых. Я не маю інфармацыі, як маёмасць перайшла ў іх рукі.

Сямейныя магілы Кастравіцкіх знаходзяцца ў ваверскім касцёле. Перадапошнім уладальнікам Касцянёва быў Люцыян Кастравіцкі, жанаты з Аленай са Славінскіх, якая стала гаспадыняй пасля яго. Два іхнія сыны Ежы і Самуэль у маладым веку належалі да 7 батальёна 77 палка АК. Пасля вайны заняліся навукай і зараз абодва з'яўляюцца прафесарамі.

Трэба падаць кароткую інфармацыю пра род Кастравіцкіх.

«Геаграфічны слоўнік» Сулімерскага ў тэме «Ліда» інфармуе, што пасля падзелаў РП адным з маршалкаў шляхты Лідскага павета быў Кастравіцкі (імя не ўказвае). Праўдападобна, гэта было да паўстання 1830 г.

У тэме «Ваверка» апавядае, што Ваверка мела мураваны парафіяльны касцёл пад вызнаннем св. Францішка, пабудаваны ў 1840 г. Самуэлем Кастравіцкім на месцы старога, драўлянага, які паходзіў яшчэ з 1413 г.

У тэме «Малое Мажэйкава», не ўказваючы час, падаецца, што гэта маёнтак быў пасагам Казіміры Кастравіцкай, жонкі Рышарда Рымера, ад якога Малое Мажэйкава купіў Аляксандр Брахоцкі.

У тэме «Касцянёва» ўказваецца, што гэты фальварак над ставам належыць Кастравіцкім.

У тэме «Паперня» падаецца, што ў другой палове XIX ст. гэтая маёмасць належала Кастравіцкім. Яшчэ ў XVIII ст. Паперня была часткай маёмасці «Дзітва» князёў Вішнявецкіх. Гэта ўказвае на тое, што Паперня не была старадаўняй сядзібай Кастравіцкіх.

Адна з загадак - адсутнасць у «Слоўніку» 1882 г. такой вялікай маёмасці як Гурнофель. Магчыма, Гурнофель быў маёмасцю Кастравіцкіх.

Альжбета Табенская ў сваё кніжцы «З долі і няволі» падае, што ў 1860-х гг. у Ішчалнянскай парафіі меўся фальварак «Устроні», якім валодаў Люцыян Кастравіцкі. Гэты Люцыянам не мог быць перадапошнім уладальнікам Касцянёва, бо ён нарадзіўся ў 1890-х гг.

Прозвішча Кастравіцкі таксама насіў знакаміты французскі паэт Апалінэр Гіём, пра яго паходжанне няма дакладнай інфармацыі. Ён быў сынам Анжалікі Кастравіцкай, дачкі італьянкі і польскага эмігранта Кастравіцкага, удзельніка паўстання 1863 г. Хто быў бацькам Апалінэра, невядома. [...]

Маёнтак Воўчынкі

Знаходзіцца ў Васілішскай гміне, уладальніцай яго з'яўлялася Яніна з Паплаўскіх Мейр - сапраўдная з'ява ў нашым павеце. Перад Першай сусветнай вайной успадкавала ад бацькі і дзядзькі значны маёнтак, які складаўся з фальваркаў і меў агульную плошчу каля 800 га. У 1939 г. засталося толькі 244 га. Астатняю зямлю гаспадыня ці танна прадала, ці падаравала сябрам і сялянам з навакольных вёсак.

Было ў ёй нешта ад Жорж Санд. Не надта прыгожая, але вельмі жаноцкая, самастойная, з разнастайнымі зацікаўленасцямі, поўная капрызаў, рамантычная, падобная на суфражыстку. Інтэлектуалка, якая кіравалася ў жыцці сантыментамі. У яе Воўчынках бывалі госці розных поглядаў і прафесій: літаратары, артысты, палітыкі і нават «нябесныя птушкі». Калі б жыў граф Каліёстра - ён не абмінуў бы Воўчынак, як не абмінуў іх авантурнік, перамытнік і нават бандыт Пясецкі, аўтар «Каханка вялікай мядзведзіцы». У Воўчынках увесь час бавіліся госці, хоць гаспадыня дома і не надта думала пра кухню. У часы вакацый Воўчынкі нагадвалі нейкую рэспубліку, у якой кожны госць гаспадарыў, як у сваім доме. Вольна яму было ўсё, акрамя аднаго: быць нудным.

Пані Паплаўская ўсё ж вырашыла зменшыць сваю свабоду і выйшла замуж за павятовага архітэктара з Ліды, цікавага мужчыну, інжынера Аляксандра Звольда Мейра. Але яе замуства не было доўгім.

Пасля заўчаснай смерці мужа, у 1930-х гг. яна атрымала пасаду войта Васілішскай гміны. У 1940 г. была арыштавана і вывезена ў глыб Расіі, што для яе, як для энтузіясткі сялян, было цяжкім прабуджэннем ад мараў. З СССР, праз Персію, Палесціну і Егіпет дабралася да Лондана і там памерла ў 1950-х гг. у беднасці і адзіноце.

Маёнтак Шайбакполе

На поўначы, сваім фальваркам Прэйцы, Ішчална межавала з маёнткам Шайбакполе, землі якога ішлі па паўночным баку шашы Ліда - Гародня. Уладальніцай маёнтка да 1930 г. была Марыя Райхель. Асаблівасцю Шайбакполя была яго легендарная гісторыя. ...

Маёнтак Станіславова

Другой асаблівасцю нашага павета быў не маёнтак Станіславова, а яго ўладальнік, сп. Міхал Бялінскі.

Маёнтак Станіславова знаходзіўся ў Васілішскай гміне, каля Шайбакполя, меў 415 га. Яго уладальнік, стары кавалер і нелюдзімы чалавек, не меў стасункаў ні з кім з суседзяў. Яшчэ хлопцам яго так уразіла кніга «Рабінзон Круза», што вырашыў ён пайсці па слядах Рабінзона. Уцёк з дому, даехаў да бліжэйшага порта і там, як сапраўдны зух, забраўся на борт аднаго з ветразнікаў, якіх у той час было яшчэ шмат.

Правёў у моры ўсё жыццё. У Станіславова першы раз прыехаў ужо марскім воўкам. Падчас рэдкага побыту ў маёнтку прывозіў экзатычныя трафеі і рэчы, вопратку і аксесуары з усіх кантынентаў. Ведаў увесь свет і служыў на вялікай колькасці караблёў, прайшоў ад юнгі да капітана вялікага карабля.

У Першую сусветную вайну плаваў на караблях нейтральнага флоту і потым, стомлены і немалады, высадзіўся ў Гданьску і вярнуўся ў Станіславова, каб закончыць жыццё на сваёй зямлі.

Адзінымі пажаданымі гасцямі яго былі сябры па былых вандроўках. Сваяк Бялінскага (можа брат) быў рускім генералам.

Маёнтак Стрэліца

Згодна з інфармацыяй «Слоўніка Геаграфічнага» і польскай адраснай кнігі за 1929 г., маёнтак Стрэліца ў Шчучынскім павеце, меў адлегласць да Ліды 33 км, ляжаў над ракой Лябёдкай на адлегласці 14 км ад Ішчалны, у 1870-х гг. тут меўся жылы дом і 33 жыхары на тэрыторыі двара. У 1929 г. Стрэліца мела 400 га зямлі, якой валодаў Уладзіслаў Сяклюцкі.

Крыж на кургане ў Стрэліцы, адноўлены 14 красавіка 2019 г.

Польскі гярбоўнік кажа, што першы Сяклюцкі ці Сякліцкі перасяліўся ў Лідскі павет пасля першай Хоцімскай бітвы, дзе ваяваў з туркамі пад камандаваннем гетмана Яна Караля Хадкевіча, у 1671 г. Гэты Сяклюцкі (імя невядома) быў лідскім падчашым. Яго сын, візскі падчышы служыў у петрыкаўскай харугве гетмана Паца, мужна прымаў удзел у розных падзеях.

Няцецкі кажа пра трох Сяклюцкіх: Войцеха, драгічынскага падкаморага ў 1581 г., Уладзіслава, драгічынскага падстолія і Казіміра ў 1674 г. З маіх матэрыялаў не бачна, да якой галіны роду належалі Сяклюцкія са Стрэліцы, і бракуе інфармацыі пра тое, з якога часу яны гэтым маёнткам валодалі. Перапынак у радаводзе складае каля 150 гадоў. Сямейная гісторыя падказвала, што Сяклюцкія валодаюць Стрэліцай на працягу 300 гадоў, г. зн., пасля 1670-х гг. ці ад Хоцімскай бітвы.

Ніжэй падаю генеалагічныя звесткі пра лінію Сяклюцкіх у XIX і XX ст.

Вінцэнт Сяклюцкі, жанаты з Юндзілоўнай, цешыўся павагай усяго павета з-за годнага сэрца і характару, быў апошнім лідскім падкаморым. Меў 3 сыноў і 3 дачкі. Старэйшы сын ажаніўся з Ганнай Ясінскай і асеў у Кракаве. Другі сын Люцыян узяў у жонкі сп. Стравінскую і пасля смерці бацькі пераняў маёнтак Гарнастаішкі. Трэці сын, Канстанты, жанаты са сп. Юндзіл з Сянежыц, атрымаў ад бацькі маёнтак Стрэліцу разам з трыма фальваркамі. З трох дачок, старэйшая Юзэфа выйшла за Люцыяна Кастравіцкага, уладальніка Паперні і Касцянёва. Другая, Ганна, памерла паненкай, а Гелена выйшла замуж за павятовага лекара Альшанскага.

Канстанты меў 2 сыноў: Станіслава і Вінцэнта. Станіслаў быў інжынерам-чыгуначнікам, а Вінцэнт пасля смерці бацькі ў веку 60 гадоў, асеў у Стрэліцы, ажаніўшыся з Феліцыяй з Навакоўскіх. У іх нарадзіліся 4 дачкі: Ванда Сялужынская, Ядвіга Здановіч, Яніна Куркоўская і Марыя Батко.

Найцікавейшай гістарычнай постаццю Стрэліцы быў Канстанты, дзед апошніх 4-х гаспадынь, чалавек, які нарадзіўся ў 1-й палове XIX ст. і жыў у другой палове. Меў шмат сяброў, цікавае асяроддзе, досціп, жывы характар, шляхетную душу, выбітны інтэлект і замілаванне да падарожжаў і прыгод. Быў у многіх краінах Еўропы, ведаў шмат моў, у Парыжы сябраваў з Гамбетам [57] і лятаў з ім на паветраным шары падчас асады горада немцамі. Закончыў у Парыжы матэматычны факультэт Сарбоны, а потым ў Пецярбургу - музычную кансерваторыю, заснаваную ў 1862 г. славутым піяністам Антонам Рубінштэйнам, які і быў яго прафесарам фартэпіяна. Пасля Пецярбурга зноў жыў у Парыжы, дзе ў другога вядомага кампазітара Пабла Сарасаце ўдасканальваў сваю ігру на скрыпцы і віяланчэлі. Належаў да тыпу людзей, якія маючы матэрыяльныя сродкі, выкарыстоўваюць іх, каб паглыбляць свае веды ва ўсё новых сферах дзейнасці замест манатоннай працы ў адной і прыняцця на сябе цяжкіх абавязкаў.

Калі нарэшце асеў у Стрэліцы, перарабіў вялікую більярдную залу ў музычны пакой. У пакоі знаходзіліся шафы з нотамі, два фартэпіяна, тры віяланчэлі і скрыпка высокай якасці, зробленая самім майстрам Антонія Страдывары з Крамоны. Менавіта тут ён арганізоўваў канцэрты з шырокім рэпертуарам. Канстанты граў на скрыпках ці віяланчэлі, а дзве спадарыні: яго сястра Альшанская і маці стрыечнай сястры сп-ня Вольф на фартэпіяна. Гэтыя канцэрты праходзілі сярод прыгожай прыроды стрэліцкага двара, з пахам кветак, пад стракатанні конікаў і салаўіныя трэлі - усё гэта стварала неверагодную гармонію.

Ганна Вольф з Сяклюцкіх, жонка знанага выдаўца і гандляра кнігамі, знаўцы літаратуры, доктара Юзафа Вольфа, правяла сваё жыццё ў Варшаве. Стрэліцкія ўспаміны запісала ў сваіх мемуарах. Яе дачка Халіна надрукавала свае ўспаміны ў двух нумарах тыднёвіка «Сталіца» з 29.11.1970 па 06.12.1970 г.

Постаці Канстанты Сяклюцкага таксама прысвяціў фрагменты сваіх успамінаў сваяк Сяклюцкіх Ян (Люцыян) Кастравіцкі, два лісты якога Анатоль Стэрн надрукаваў у сваёй кніжцы «Дом Апалінарыя» [58].

Яшчэ пры Канстанты паменшыўся памер маёнтка. Пасля смерці яго пахавалі на жалудоцкіх могілках. Згодна з пажаданнем, пахаванне было сціплым. Замілаванне да музыкі Канстанты, працягвалася ў яго сынах і ўнуках, але ў меншай ступені.

Два яго сыны: Станіслаў і Вінцэнт закончылі рускі кадэцкі корпус у Полацку. Старэйшы, Станіслаў, вывучыўся на інжынера-будаўніка дарог і мастоў, а малодшы, Вінцэнт, да 1930 г. гаспадарыў у Стрэліцы. Мабілізаваны ў 1914 г., вайсковую службу адбываў у Гатчыне каля Пецярбурга, дзе і перажыў рэвалюцыю. Пасля яго смерці гаспадарыла жонка Феліцыя з Навакоўскіх (землеўладальніцкая сям'я з Валыні), яна сваім пасагам дапамагла мужу адбудаваць знішчаную вайной гаспадарку.

Дом у Стрэліцы, гэтак добра апісаны ў кнізе Стэрна «Дом Апалінарыя», быў спалены ў 1915 г. казакамі і ніколі больш не адбудоўваўся. На пачатку міжваеннага перыяду, сям'я Сяклюцкіх жыла ў маёнтку кузэна Вінцэнта Сяклюцкага - Ратошыне, а пасля перабудовы мураванай стайні ў дом, вярнулася ў Стрэліцу. Вінцэнт памёр з-за хваробы сэрца ва ўзросце 62 год і таксама пахаваны ў Жалудку.

На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўднёва-заходнім накірунку знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні - помнік 1863 г. Тут была агульная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі.

Недалёка ад Стрэліцы ляжаў маёнтак Голдава з палацыкам, спаленым казакамі ў 1915 г. Раней гэта была ўласнасць сясцёр Скарбак-Важынскіх. На адлегласці 3 км ад Стрэліцы знаходзіўся распарцаляваны потым фальварак Бярозавец, апошнім уладальнікам якога быў камандзір 13-га палка віленскіх уланаў палкоўнік Мсціслаў Буткевіч, ён таксама валодаў маёнткам Качанова каля Ліды.

VIII. Гістарычны тракт (гасцінец)

Адна з дарог, якія злучаюць Гародню з Лідай, з'яўляецца гістарычным трактам. Гэта ўпарадкаваны адрэзак старой дарогі з Варшавы на Беласток, Гародню, Ліду, Маладзечна і Полацк да Вялікіх Лук, а адтуль да паўночных гарадоў старажытнай Русі: Ноўгарада, Яраслаўля, Волагды і далей да Архангельска.

Другая, кароткая артэрыя, якая злучала Польшчу з паўночнай Руссю, вяла ад Варшавы да Гародні па той самай трасе, але ад Гародні адхілялася на поўнач і праз Вільню, Свянцяны, Дзвінск, Рэжыцу ішла да Пскова.

Калі узброеныя гуфы Баторыя прасоўваліся гэтымі дарогамі да Вялікіх Лук і Пскова, яшчэ не існавала Пецярбурга з Петразаводскам, і за Ноўгарадам была пустэча. Тракт таксама не быў належным чынам упарадкаваны. Пабудавалі яго пазней. Такія гасцінцы ў ВКЛ злучалі ўсе вялікія мястэчкі і гарады. Некаторыя з іх у вельмі добрым стане дачакаліся да 1939 г., напрыклад Вілейка - Докшыцы і іншыя. Пасля пабудовы Пецярбурга, існыя дарогі дабудаваліся да новай сталіцы, злучыўшы яе з Псковам праз Лугу, Вялікія Лукі і Дно.

Як і іншыя гасцінцы, пабудаваныя у часы РП перад падзеламі, тракт Гародня - Ліда быў задуманы і выкананы як паштовая дарога,. Станцыі са стайнямі для паштовых коней і корчмамі былі размешчаны праз 10 - 12 км. Самая блізкая да нас паштовая станцыя знаходзілася ў Радзівонішках, Залябеддзі, Шчучыне і далей у бок Гародні. Тракт складаўся з выраўненай шырокай ездні, уздоўж якой шэрагамі раслі бярозы, яны стваралі прыгожыя алеі. Унутры кожнай алеі заставалася дадатковая стужка, якая дазваляла раз'ехацца дзвюм карэтам. Межы тракту пазначаліся равамі. Шырыня кожнай з бочных алей, званых «прысадамі», разам з ровам дасягала 10 м.

Пішу пра тракт і спадзяюся, што ён існуе і сёння, бо з'яўляецца каштоўным помнікам дарожнага будаўніцтва.

Тракт паўстаў у часы, калі ўся зямля з'яўлялася прыватнай маёмасцю - належала ці землеўладальнікам ці магла быць каралеўшчынай. Таму вельмі часта зямля маёнтка знаходзілася па абодвух баках тракта, і такім чынам сам тракт станавіўся ўнутранай дарогай маёнтка.

Выраўненая паверхня тракту, зарослая ўвесну смарагдавай муравой, цёмна-зялёная ўлетку, бурая восенню, а ўзімку, прыкрытая снегам, ператваралася ў прыгожую санную дарогу.

Колькі прыемных і мілых сэрцу ўспамінаў звязана з гэтым гасцінцам: дарога да павятовага Шчучына ці выезд у Малое Мажэйкава і шматразовыя вяртанні ў Ішчалну са станцыі ў Скрыбаўцах напаўнялі душу паэзіяй і рамантызмам. А акрамя гэтага, былі яшчэ вясёлыя і гучныя катанні на санях, выезды грамадой па арэхі за 10 км у Сліваўшчыну, конныя кавалькады са спадарынямі, паездкі на вазках, падчас якіх так прыемна было размаўляць з сябрамі і, нарэшце, вечаровыя шпацыры для развітання з сонцам паміж бяроз тракту.

Нават пры смутнай нагодзе тракт дадаваў адмысловага супакою. На пачатку 1932 г. памёр старэйшы землеўладальнік на абшарах нашага павета Уладзіслаў Брахоцкі. Старэйшы не з-за ўзросту, але з-за павагі, якую мелі да яго розуму, патрыятызму і нязломнага характару. С.п. Ул. Брахоцкі здаўна хварэў на сэрца. Памёр у сваім маёнтку Малое Мажэйкава. Сямейныя пахаванні Брахоцкіх знаходзіліся на ішчалнянскіх могілках. Там, у мураваным склепе спачывалі іх труны. На пахаванне з'ехаліся ў Мажэйкава шматлікія суседзі з блізкіх і далёкіх ваколіц.

Быў зімовы, марозны дзень. Тракт пад белым покрывам снегу. Бярозы уздоўж тракту, абцяжараныя амялой, у снезе. У першых санях ішчалянскі пробашч ксёндз Красадомскі і ксёндз Чаплоўскі са Скрыбаўцаў. На другіх вязлі цела памерлага, а потым ехала яго сям'я. Ужо за імі ў жалобнай працэсіі рухаліся сябры і суседзі Малога Мажэйкава - доўгі караван саней.

А па абодва бакі саннага шляху на снезе стаялі групы сялян з суседніх вёсак, яны схілялі галаву перад вялікасцю крыжа і смерці. Губы іх узносілі малітвы: «Вечны супакой, вечны адпачынак, дай яму, Пане ...». Здавалася мне тады, што час пайшоў назад і мы зноў трапілі ў XIX ст.

У XIX ст. гэты гасцінец быў дарогай надзеі і жыцця. Па ім прыходзілі ўсе навіны свету і ўся пошта: лісты, дэпешы, прэса і кнігі. Трактам прыязджалі госці і ён жа выводзіў у свет: на захад ці на ўсход, а з блізкай Ліды таксама на поўнач да Вільні, Рыгі і Пецярбурга ці на поўдзень, у кірунку рамантычнага Палесся, якое з'яўлялася раем для паляўнічых. Такі ж рай існаваў і ў нас. Старыя ішчалнянскія бары ўздоўж гасцінца злучаліся ў адзінае цэлае з лясамі Шчучына, Жалудка, Вялікага Мажэйкава і дзяржаўнымі лясамі, ствараючы такім чынам агромністы лясны арганізм. Мелася тут ўсялякая жыўнасць. Для лясных жывёл адкрыты тракт быў рызыкоўным месцам і перашкаджаў іх свабоднаму руху, але на шчасце і тут быў вынятак. У Ішчалне, падчас жаночага кіравання кузынак Важынскіх, звярам нічога не пагражала. Паляванне сурова забаранялася, і наадварот, жывёлін ахоўвалі і падкормлівалі. Нават драпежным ваўкам не рабілі крыўды, можа толькі ў лютым, калі іх галодныя зграі спрабавалі нападаць на тых, хто падарожнічаў па тракце. Ажно да 1913 г. у старых барах Ішчалны не рабілі вырубкі. Стаялі яны змрочныя і таямнічыя, з вялікай колькасцю непалоханых звяроў.

Гэты гасцінец быў сардэчным сябрам ваколічных жыхароў, крыніцай радасці і ўцех. Прыгажосць тракту падвышалася па меры аддалення ад вялікіх цэнтраў, якімі былі Гародня і Ліда. Шляхетныя алеі гасцінца, калі ён бег паміж сялянскіх палёў, не выглядалі надта прыгожымі - тут бракавала шмат дрэваў ці наадварот, яны стаялі з паламанымі галінамі занадта густа, пабітыя перуном, ураганамі ці людзьмі. Але нават на самых горшых адцінках, калі не зрок дык вуха цешылася мілымі, роднымі назвамі рэк: Дзітва, Лебяда, Нёман ...

Гаспадары вялікіх маёнткаў, праз якія праходзіў гасцінец, рупліва ахоўвалі гэты каштоўны помнік мінуўшчыны. Алеі бяроз, якія дасягалі мятровага дыяметру, бяспечна стаялі ад самога Малога Мажэйкава да Шчучына. Гэтыя, абцяжаранымі амялой бярозы, з'яўляліся аздобай краявіду на адкрытых прасторах. Але ў ішчалнянскіх барах гасцінец быў густа абсаджаны соснамі, ёлкамі і лістоўніцамі ці дубамі. Гэтак густа, што месцамі цалкам хавалі прысады. Замест бяроз, па баках стаялі стагадовыя сосны, якія нахіліліся на бок, як чаплі.

За ішчалнянскім касцёлам пачынаўся самы прыгожы комплекс прыдарожных лясоў. Трапляліся тут сосны, елкі ці дубы велічэзнага дыяметра, яны з пэўнасцю сягалі ў XVIII ці нават у XVII ст. Вышыня дрэў магла дасягаць 40 метраў. Мачтавыя сосны стаялі роўна, як свечкі, а елкі моцна і ўстойліва, як піраміды і з гэтакай годнасцю, як быццам кожная з іх мела ў сябе вялікасць святыні. З паганскіх часоў гэтыя дрэвы, і асабліва дубы, трактаваліся як святыні. Двухручныя пілы вязлі ў іх целе, а калі нарэшце валілі гіганта, дык падлічвалі яго ўзрост па кольцах і нярэдка даведваліся, што мелі яны больш за 200 гадоў.

Пасля зямлі маёнтка Ішчална, тракт выходзіў на землі шчучынскага маёнтка князёў Друцкіх-Любецкіх, а далей Спушы князёў Сапегаў, адтуль даходзіў да Скідзеля, які раней належаў графам Урускім, а ў міжваенны час князям Чацвярцінскім.

І калі нарэшце тракт выходзіў з тэрыторыі латыфундый, дык перад Гародняй трапляў на тэрыторыі шляхецкіх ваколіц. Іх уладальнікі, нават ходзячы за плугам, ніколі не забывалі сваіх шляхецкіх кляйнотаў і перадавалі традыцыі з пакалення ў пакаленне.

Гарадзенска-лідскі тракт быў пабудаваны па старой дарозе, па якой яшчэ хадзілі жаўнеры Ягелонаў, крыжакі, татары і гуфы нашых слаўных гетманаў Хадкевіча, Жалкеўскага, Крыштафа Радзівіла і іншых. Ішла па ёй і Вялікая армія Напалеона, больш дакладна - 3-я армія правага крыла, якой камандаваў брат Напалеона Геранім Банапарт, кароль Вестфальскі. У склад 3-й арміі таксама ўваходзілі французскія і польскія войскі, якія стаялі на тэрыторыі Варшаўскага княства.

3-я армія рушыла з Гародні ў кірунку Ліды, потым павярнула да Нёмана, праз які перайшла каля Орлі, Пескаўцаў і Беліцы. Вестфальскі кароль 5 ліпеня 1812 г. быў у Шчучыне, 8-га ў Жалудку. У той дзень польскі корпус князя Панятоўскага пераправіўся цераз Нёман, а дзве дывізіі авангарду генералаў Ражнецкага і Каменскага прайшлі Наваградак і дасягнулі Карэліч. 3-я армія ішла «вялікай дарогай», г. зн. гасцінцам з Гародні на Шчучын, Наваградак, Барысаў і Воршу да Смаленска - у кірунку «смаленскай брамы» - воднага падзелу паміж Дзвіной і Дняпром.

Гэты марш 3-й арміі назіраў малады Міцкевіч:

… Az oto stada, jakby gilów, siewek,

I szpaków, stsda jasnych kit i chrągiewek …

Гэтым гасцінцам прыходзіла гісторыя. ...

У XIX ст. па паштовым тракце яшчэ быў вялікі рух. У абодва бакі ехалі карэты і экіпажы. Дарожны рух значна паменшыўся пасля пабудовы чыгункі з Пецярбурга на Вільню і цалкам спыніўся пасля пабудовы чыгункі Балагое - Сядлец, якая ішла праз Ліду і Ваўкавыск, і новай шашы Ліда - Гародня. Гэтыя абедзве артэрыі паўсталі пасля японска-рускай вайны, калі ішла падрыхтоўка да вайны з немцамі.

Першапачаткова планавалася пабудаваць шашу Ліда - Гародня па гасцінцы. Шырокі стары тракт добра падыходзіў для гэтага і рабіў новую шашу больш таннай. Аднак вайсковыя ўлады мелі свой погляд. Яны лічылі, што з-за рэдкай сеткі дарог, трэба стары гасцінец пакінуць і пабудаваць каля яго новую шашу. Для артылерыі, абозаў і іншага цяжкага транспарту планавалася новая шаша, а па старым тракце мела рухацца кавалерыя і пяхота, па узбочыне тракту павінны былі ісці цывільныя.

Менавіта гэта ўратавала стары тракт. Прыгожы гістарычны гасцінец высока цаніў прэзідэнт Масціцкі, які па дарозе з Ліды ў Шчучын, ад Малога Мажэйкава загадаў аўтамабілям павярнуць з шашы на тракт, які першы раз ён убачыў падчас першага візіту ў наш край.

Першая сусветная і польска-савецкая войны не сапсавалі стары тракт. Не кранулі яго і першыя гады Другой сусветнай вайны. Аднак пад канец нямецкай акупацыі, аддзел калмыкаў ці туркменаў, які ўваходзіў у гітлераўскія войскі і стаяў у Вялікім Мажэйкаве, пачаў секчы адвечныя бярозы на дровы. Якую шкоду яны нарабілі старому помніку дарожнага будаўніцтва - зараз нават цяжка расказаць [59].

У міжваенныя часы Павятовы аддзел у Шчучыне думаў зрабіць гэты тракт гістарычным помнікам. Прапаноўваліся дзве назвы: тракт Напалеона ці Баторыя. Большасць схілялася да назвы "Тракт Баторыя", бо Напалеон ніколі гэтым трактам не ехаў. Але Другая сусветная вайна перакрэсліла гэтыя планы. [...]

IX. Бліжэйшыя гарады і мястэчкі

Горад Ліда [...]

Мястэчка Шчучын

Шчучын, які раней зваўся Літоўскім, ... у 1939 г. меў каля 4 000 жыхароў. Да 1929 г. уваходзіў у склад Лідскага а з 1929 г. стаў цэнтрам новастворанага Шчучынскага павета.

Тут ёсць касцёл пад вызнаннем Езуса Хрыстуса, пабудаваны ў 1829 г. уладальнікам Шчучына князем Францішкам Ксаверыем Друцкім-Любецкім. Да таго часу тут стаяў драўляны касцёл пад вызнаннем Св. Юрыя.

У XVIII ст. тагачасны ўладар шчучынскай маёмасці Глямбіцкі-Юзафовіч, полацкі войскі, фундаваў піярскі калегіюм, зацверджаны канстытуцыяй 1726 г.. Гэты піярскі калегіюм належаў да самых значных. Калегіюм у 1755 г. меў 6 прафесараў і рэктара Лукаша Растоцкага. У 1742 г. Тарэза з Глябіцікіх-Юзафовічаў, смаленская кашталянава, арганізавала тут ордэн сясцёр міласэрнасці і заснавала шпіталь.

[...]

У 1921 г. у Шчучыне з'явілася настаўніцкая семінарыя, яе дырэктарам быў Фларыян Катовіч.

У міжваенны час адзіным прамысловым прадпрыемствам (акрамя тых, якія былі ў маёнтках: тартакі, млыны, цагельні і вапельня) была фабрыка фанеры братоў Канапацкіх, акрамя ўсяго іншага тут выраблялася авіяцыйная фанера.

У 1929-39 гг. у Шчучынскім паветам кіравалі 4 старасты: Сялява, ?, Кавальскі, Вярбіцкі.

9 траўня 1942 г. гітлераўцы забілі ўсіх яўрэяў у колькасці 1 500.

[...]

Мястэчка Жалудок

Мястэчка Жалудок знаходзіцца за 10 км на паўднёвы ўсход ад Ішчалны і 45 км ад Ліды. У 1939 г. мела 2 000 жыхароў.

Паміж 1480 і 1490 гг. Вялікі князь ВКЛ Казімір фундаваў тут парафіяльны касцёл. Гэты касцёл згарэў у 1506 г. падчас татарскага наезду разам з актам фундацыі. Жыгімонт І у 1529 г. прызначыў камісію, якая павінна была знайсці прывілей, выдадзены яго бацькам і адбудаваў касцёл. У 1680 г. уладальнік жалудоцкай маёмасці Казімір Францкевіч Радзімінскі, літоўскі надворны падскарбі, атрымаў калятарства над тутэйшым касцёлам і ў 1682 г. пабудаваў «ад фундамента» касцёл і кляштар кармялітаў босых, якія былі тут яшчэ на пачатку XIX ст.

У 1706 г. шведскі кароль Карл XII меў у гэтым кляштары зімовую кватэру. Адсюль выязджаў у Орлю для агляду моста цераз Нёман і 8 сакавіка ледзь не загінуў з-за таго, што на рацэ пачаў ламацца лёд. А на наступны дзень ён сустрэў дэпутацыю горада Вільні.

У 1828 г. граф Тызенгаўз распачаў будоўлю на высокім узгорку над ставам парафіяльнага касцёла пад вызнаннем Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі. Будоўлю закончыла ў 1854 г. дачка Тызенгаўза графіня Уруская.

У міжваенныя часы Жалудок не меў прамысловасці, у 1940-41 гг. рускія пабудавалі тут ваенны аэрадром.

9 траўня 1942 г. гітлераўцы забілі ўсіх яўрэяў - каля 1 000 чалавек.

Мястэчка Васілішскі

Знаходзіцца за 37 км ад Ліды, 14 км ад Ішчалны. У 1939 г. налічвала каля 2 000 жыхароў.

Мае парафіяльны касцёл пад вызнаннем Св. Апостала Пятра, пабудаваны з дрэва ў 1489 г. і адноўлены ў 1747 г., а таксама царкву і сінагогу.

Васілішкі - стары населены пункт, які быў цэнтрам староства ў каралеўскай эканоміі. У часы Жыгімонта Старога Васілішкі былі павятовым мястэчкам.

Самымі старадаўнімі старастамі былі: Ян Стацкевіч у 1499 г., Ян Радзівіл (1500-1501 гг.), Васіль Львовіч Глінскі (1501-1504 гг.), Станіслаў Пятровіч Кішка (1505-1506 гг.), Ян Шчытовіч (1507-15 гг.) Якуб Кунцэвіч (1518-1523 гг.), Ян Радзівіл (1523-1541 гг.), Каспар Кунцэвіч (1546 г.), Мікалай Радзівіл (1546-1554 гг.), Ян Ваўчкевіч (1569 г.).

Марцін-Дамінік Лімант, лідскі земскі суддзя, а потым віцебскі кашталян, у 1658 г. фундаваў па-за межамі мястэчка другі мураваны касцёл і кляштар дамініканаў і надаў ім маёмасць Шкордзі, а Кацярына Францкевіч з Абрамовічаў, пісарава літоўская, у 1662 г. фундавала ім 10 000 зл.

У 1766 г. Васілішскае староства атрымаў Міхал Агінскі, віленскі ваявода, пасля яго пасаду займаў падкаморы Александровіч.

У міжваенныя часы Васілішскі не мелі прамысловасці.

10 траўня 1942 г. гітлераўцы знішчылі ў Васілішках каля 1 000 яўрэяў.

X. Удзел у грамадскай і дзяржаўнай працы некаторых землеўладальнікаў Шчучынскага павета і іх далейшы лёс

Спіс Андрэя Брахоцкага, напісаны ім ў 1961-62 гг. і дапоўнены некалькімі прозвішчамі.

1. Гр. Дунін-Баркоўскі Пётр, жанаты з Геленай Незабытоўскай, уладальніцай маёнтка Барташы Шчучынскай гміны. Дыпламаваны капітан-артылерыст, узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari 5-га класа, Крыжом Валечных і інш.

Перад 1939 г. быў:

а. Старшынём Кола афіцэраў рэзерву.

б. Прымаў удзел у вайсковай падрыхтоўцы і культурна-асветных імпрэзах.

в. Быў членам гміннай рады.

У 1939 г. мабілізаваны ў штаб арміі «Прусія» генерала Домб-Бярнацкага, патрапіў у савецкі палон і вывезены ў лагер. У 1940 г. забіты ў Катыні.

2. Багдзевіч Павел, рускі. Уладальнік маёнтка Нявіша Васілішскай гміны. Член рэвізійнай камісіі гміннай рады ў 1936-39 гг. і актыўны член Кола пабудовы агульнаадукацыйных школ.

3. Брахоцкі Уладзіслаў (1856-1932), пахаваны ў Ішчалне. Выпускнік Аграрнага інстытута ў Пулавах. Жанаты з гр. Моль а потым з Кацярынай Балінскай. Уладальнік маёнтка Малое Мажэйкава ў Лябёдскай гміне і іншых маёнткаў у іншых паветах. Перад вайной 1914 г. член шматлікіх арганізацый, філантроп, фінансава падтрымліваў шматлікія арганізацыі і інстытуцыі, як напрыклад пабудову тэатра ў Вільні, тайныя польскія школы і г. д.

4. Брахоцкі Андрэй, сын Уладзіслава. З 1932 г. уладальнік маёнтка Малое Мажэйкава. Выпускнік Варшаўскай політэхнікі з тытулам магістра-інжынера, гідратэхніка. Афіцэр рускай арміі, потым польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага і 13-га палка віленскіх уланаў. Ротмістр рэзерву, узнагароджаны ордэнамі Virtuti Militari 5-га класа і Крыжам Сярэдняй Літвы, за грамадзянскую працу Залатым крыжам заслугі. Перад Першай сусветнай вайной:

а. Член, а потым старшыня вучнёўскай братняй дапамогі ў Вільні.

б. Арганізатар і старшыня арганізацыі скаўтаў у Вільні (1912-13 гг.)

в. Член заканспіраванага кола «Вызваленне».

У 1930-39 гг. на тэрыторыі Шчучынскага павета:

а. Член Павятовага аддзела і шчучынскага сойміка.

б. Радны Аграрнай Віленска-Наваградскай арганізацыі.

в. Член камісіі па падатках Скарбовай управы ў Наваградку.

г. Старшыня пагаджальнай павятовай камісіі для дробных землеўладальнікаў.

д. Член павятовай управы Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне.

е. Дэлегат на Красовы з'езд землеўладальнікаў.

ж. Старшыня рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках.

з. Старшыня рэвізійнай камісіі сельскагаспадарчага кааператыва «Рольнік» у Шчучыне.

і. Знаходзіўся таксама ў іншых арганізацыях Шчучынскага павета.

5. Князь Святаполк-Чацвярцінскі Людвік, уладальнік маёмасці Жалудок, Ліпічна, Зачэпічы і інш., агулам каля 16 000 га. Шматгадовы старшыня Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне і Ваяводскай Рады Красовага звязу землеўладальнікаў у Наваградку. Член управы Аграрнага таварыства ў Лідзе, старшыня назіральнай рады малочнага кааператыва ў Дзікушках. Член Павятовага аддзела ў Лідзе ў 1923-30 гг. Член управы Таварыства ўладальнікаў лясоў. Філантроп, браў чынны ўдзел у шматлікіх арганізацыях у Варшаве, Вільні, Шчучынскім і Лідскім паветах.

Арыштаваны савецкай уладай у верасні 1939 г.

6. Кн. Святаполк-Чацвярцінская Ружа з нясвіжскіх Радзівілаў.

Займала пасады:

а. Шматгадовая кіраўніца Кола вясковых гаспадынь Шчучынскага павета.

б. Захавальніца і ахвярадаўца розных тэатральна-відовішчных імпрэзаў і вандровак вясковых гаспадынь у Чанстахова, Ліскава і г. д.

в. Філантропка.

г. Фундатарка шпіталя ў Жалудку пад вызнаннем св. Ружы.

д. Заснавальніца і фундатарка Народнага дома ў Станкевічах.

е. Прымала ўдзел у шматлікіх арганізацыях на тэрыторыі павета.

Арыштаваная разам з мужам.

7. Кн. Святаполк-Чацвярцінскі Ежы, старэйшы сын Людвіка і Ружы. Закончыў курс права і працаваў віца-старастам Касцянскага павета ў Познаньскім ваяводстве. ...

8. Кн. Святаполк-Чацвярцінскі Станіслаў, сярэдні сын Людвіка і Ружы.

9. Скіндар з Іваноўскіх Алена, уладальніца маёнтка Лябёдка, вядомая спартсменка і гадоўца коней на продаж і сабак-хартоў. Член управы Кола гадоўцаў коней. Прымала чынны ўдзел у павятовым Коле вясковых гаспадынь.

10. Іваноўская Сабіна, маёнтак Рагачоўшчыны. Працавала ў мясцовым Коле вясковых гаспадынь. Яе муж - прафесар Вацлаў Іваноўскі, дэкан факультэта хіміі Варшаўскай політэхнікі.

11. Янкоўскі Мар'ян, маёнтак Гадуцішкі гміны Новы Двор. Перад выбухам вайны віца-ваявода Віленскага ваяводства. У часы нямецкай акупацыі, 1941-43 гг. ад Польскага урада ў Лондане быў накіраваны ў Наваградскае ваяводства (пасля яго дэлегатам урада быў пасол у Сойм, інжынер Ян Трацяк). Пасля другога прыходу бальшавікоў Янкоўскі працаваў у падполлі, быў арыштаваны і вывезены ў глыб Расіі, дзе пры невядомых абставінах, загінуў каля Архангельска.

12. Янкоўская Аляксандра з Прыбыткаў. Жонка Мар'яна Янкоўскага. Разам з дачкой Алінай рэдка бывалі на тэрыторыі нашага павета.

13. Кастравіцкая Гелена з дома Славінскіх, маёнтак Касцянёў Васілішскай гміны. Займала пасады:

а. Падчас Першай сусветнай вайны член незалежнага таварыства «Zarzewie» [60]. Адзначана Срэбным крыжам заслугі і медалём Незалежнасці.

б. Лаўнік Васілішскай гміны ў 1936-38 гг.

в. Кіраўнік Кола пабудовы агульнаадукацыйных школ у Васілішскай гміне.

г. Члена Грамадскай рады.

е. Член рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Гурнофелі.

14. Кастравіцкі Ежы. Маёнтак Касцянёва, сын Гелены і Люцыяна. Перад вайной студэнт, а ў часы нямецкай акупацыі баец 7-га батальёна АК. Пасля вайны доктар геаграфіі і прафесар Вышэйшай школы планавання і статыстыкі ў Варшаве. Аўтар шэрагу прац па геаграфіі.

15. Кастравіцкі Самуэль, другі сын Гелены і Люцыяна. Перад вайной вучань. У часы нямецкай акупацыі баец 7-га батальёна АК. Пасля вайны магістр (зараз, пэўна, доктар) заалогіі. Аўтар шэрагу навуковых прац.

16. Казлінскі Эдвард, уладальнік маёнтка Чарнаўшчына, інжынер-аграрнік. Павятовы аграном. Вывезены ў СССР, дзе загінуў без звестак. Член управы Аграрнага таварыства.

17. Лясковіч Габрыэль, сын Юзафа, гаспадарыў у маёнтку бацькі Ішчална. Заснавальнік і старшыня малочнага кааператыва ў Кямянцах. Шматгадовы сакратар, а перад вайной віца-старшыня павятовага Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне. За грамадзянскую працу адзначаны Залатым крыжам заслугі.

18. Лясковіч Караль, сын Юзафа, уладальнік маёнтка Ішчална. Да 1930 г. жыў на тэрыторыі Ашмянскага павета, у Лідзе і Баранавічах, дзе займаўся гаспадарчай і грамадзянскай дзейнасцю.

а. У 1916 г. скаўт у падполлі. Кадэт, арганізатар польскага Кола самаадукацыі ў рускім кадэцкім корпусе ў Адэсе (Полацкі корпус у эвакуацыі).

б. 1917 г., вясна. Арганізатар кола ПОВ (польская вайсковая арганізацыя) у кадэцкім корпусе ў Адэсе.

в. 1917 г., лета. Арганізатар польскага харцэрства ў Разані.

г. 1918 г. Арганізатар уцёкаў палякаў - аўстрыйскіх афіцэраў з Разані.

д. 1920 г. Палову года служыць на фронце.

е. Пасля заканчэння Вышэйшай гандлёвай школы ў Варшаве, арганізуе ў 1930-31 гг. механічную трапальню льну ў Міхайлаўшчыне Ашмянскага павета.

ж. 1933-39 гг. Кіраўнік аддзела продажаў фірмы Аб'яднаныя тэкстыльныя прадпрыемствы К. Шайблера і Л. Грохмана ў Лодзі.

з. У 1937-39 гг. кіруе дзейнасцю Таварыства польскіх купцоў ў Наваградскім ваяводстве. Тады ж выконвае абавязкі кіраўніка польскага купецкага суду ў Баранавічах. У той жа час з'яўляецца адным з арганізатараў Польскай суполкі па апрацоўцы дрэва ў Лідзе, якая мела за мэту зламаць яўрэйскую манаполію ў справе эксплуатацыі лясоў, гандлю дрэвам і дровамі. Пасля першапачатковай цяжкай барацьбы з канкурэнтамі, суполка падужэла, умацавалася на рынку і атрымала права на экспарт.

19. Лясковіч Эвеліна, дачка Юзафа. У 1922-25 гг. настаўніца і арганізатар агульнаадукацыйнай школы ў Ішчалне. Была чынным членам Кола вясковых гаспадынь і Кола маладых землеўладальніц.

20. Лясковіч Марыя, арганізатар і шматгадовы кіраўнік прафесійнай школы ў Ішчалне. За працу ўзнагароджаная Залатым крыжам заслугі і Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. Памерла ў 1939 г.

21. Лісоўскі Баляслаў. Уладальнік маёнтка Высокі Ляцк. У 1918-1919 гг. галоўны арганізатар Самаабароны ў Шчучыне. Перад вайной, у 1939 г.:

а. Член павятовага сойміка ў Лідзе, потым у Шчучыне.

б. Член шчучынскай гміннай рады.

в. Арганізатар і кіраўнік малочнага кааператыва ў Высокім Ляцку.

г. Арганізатар і старшыня ўправы Касы Стэфчыка ў Высокім Ляцку.

д. Член павятовага звязу землеўладальнікаў.

е. Дэлегат на розныя зборы і з'езды.

22. Мейр Яніна з Паплаўскіх. Уладальніца маёнтка Ваўчынкі ў Васілішскай гміне. У чэрвені 1941 г. савецкімі ўладамі і вывезена ў глыб Расіі. Пасля паразумення паміж ген. Сікорскім і СССР была звольнена і праз Казахстан, Ліван, Ірак і Палестыну прыехала ў Лондан, дзе ў 1955 г. памерла. Перад вайной 1939 г. займала наступныя пасады:

а. На працягу 9 гадоў намесніца войта ў Васілішках.

б. Член управы Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне.

в. Член управы малочнага кааператыва ў Гурнофелі.

г. Шматразовы дэлегат на розныя з'езды.

За грамадскую працу ўзнагароджаная Залатым Крыжам заслугі.

23. Мінейка Аляксандр, інжынер-аграрнік. Кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). Падафіцэр дабраахвотнай арміі ў 1920 г., узнагароджаны Крыжам Валечных. Перад вайной:

а. Член управы малочнага кааператыва ў Дзікушках.

б. Чынны член Кола гадоўцаў коней.

в. Выбітны аграрнік, які ў Дзікушках паставіў на высокі ўзровень аграрную тэхніку. У 1939 г. выехаў у Англію як афіцэр парашутнай брыгады і там застаўся ў эміграцыі.

24. Мікульскі Аляксандр, др. медыцыны, уладальнік маёнтка Глыбокае гміны Новы Двор. Бясплатна лячыў цэлую ваколіцу. Загінуў у Варшаўскім паўстанні.

25. Марачэўскі Івон, маёнтак Макрэц. У часы Першай сусветнай вайны афіцэр 1-га палка ўланаў Беліны, потым лёгкай кавалерыі (у легіёнах Пілсудскага). Узнагароджаны ардэнам Virtuci Militari 5-га класа і Крыжам Валечных. У часы нямецкай акупацыі афіцэр АК. Загінуў у 1944 г. Перад вайной член управы гміны Ражанка і камандзір «Кракусаў» (ваенная падрыхтоўка кавалерыстаў).

26. Марачэўскі Вітольд, уладальнік маёнтка ў Шчучынскай гміне. Шматгадовы старшыня павятовага сойміку.

27. Марачэўскі Мечыслаў, сын Вітольда, маёнтак Андрушаўцы. Перад вайной старшыня студэнцкай карпарацыі «Палонія» ў Вільні. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

28. Марачэўскі Мацей, лясны інжынер, выпускнік інстытута ў Пулавах, уладальнік маёнтка Навасады Шчучынскай гміны. Ва ўзросце каля 80 гадоў з усёй сям'ёй вывезены ў Казахстан. Адзіная дачка Валоўская вярнулася ў Польшчу і жыве ў Торуні.

29. Палонскі Багдан, маёнтак Руткевічы Ражанскай гміны, інжынер-аграрый. Да 1930 г. кіраўнік управы землеўладальнікаў у Лідзе. У 1930 г. ажаніўся з уладальніцай маёнтка Руткевічы і пасяліўся ў ім. Член павятовага Звязу землеўладальнікаў.

30. Палонская Марыя з дома Грабінскіх, уладальніца маёнтка Руткевічы. У першым шлюбе Козел-Паклеўская, у другім Палонская. Член Кола вясковых гаспадынь. Яе сын, падхарунжы арміі, у верасні 1939 г. застрэліўся на літоўскай мяжы, бо лічыў, што ўцёкі з уласнай радзімы - гэта страта гонару.

31. Пракульская Зоф'я, замужам Корзан, маёнтак Красулі Жалудоцкай гміны. Да замуства чынна працавала ў Коле вясковых гаспадынь, пасля замуства пакінула Шчучынскі павет.

32. Прыбытка Антон, маёнтак Воўчынкі Васілішскай гміны. У 1921-30 гг. кіраўнік бюро павятовага сойміка ў Лідзе. У 1940 г. вывезены ў Расію, дзе згінуў без весткі [61].

33. Прыбатка Юльян, маёнтак Каранякі гміны Новы Двор. Суддзя павятовага суду ў Лідзе. Да 1930 г. старшыня Аграрнага таварыства ў Лідзе.

34. гр. Раствароўскі Андрэй, маёнтак Скабейкі Лябёдскай гміны. Капітан сапёраў, узнагароджаны Крыжом Валечных і Срэбным Крыжам заслугі за грамадскую працу. Да 1939 г:

а. Член Павятовага аддзела ў Шчучыне.

б. Член Гміннай рады гміны Лебёдка.

в. Член управы малочнага кааператыва ў Дзікушках.

г. Кіраўнік пажарнай аховы вёскі Дырванцы.

д. Старшыня Аграрнага таварыства ў Шчучыне.

е. Кіраўнік наглядальнай рады Касы Стэфчыка ў Лябёдскай гміне.

ж. Радны Віленска-Наваградскага аграрнага таварыства ў Вільні.

з. Павятовы лоўчы ў Шчучыне.

У 1939 г. быў прызваны ў войска. У часы вайны палонны ў лагеры Валенберг. Пасля вайны пасяліўся ў Кракаве.

35. Роўч Аляксандр, жанаты з Марачэўскай, сястрой Івона Марачэўскага з Макраца. Член Звязу афіцэраў рэзерва.

36. Рыхліцкі Здзіслаў, уладальнік маёнтка Лычкаў Васілішскай гміны. Арганізатар і старшыня малочнага кааператыва ў Лычкаве.

37. Князь Сапега Яўстах, уладальнік маёнтка Спуша ў Шчучынскай гміне. Стала жыў у Варшаве. Палітык, знаходзіўся на розных пасадах ад амбасадара да міністра замежных спраў. Старшыня Галоўнай рады Звязу красовых землеўладальнікаў. Арыштаваны і вывезены ў глыб СССР, дзе знаходзіўся ў 1939-1941 гг. Пакінуў СССР разам з арміяй Андэрса, у якой працаваў у культурна-асветным кірунку. Пасля вайны асеў у Найробі, сталіцы Кеніі (Афрыка), дзе памёр у 1963 г. і там жа быў пахаваны.

38. Княжна Сапега Тарэза з Любамірскіх, жонка Яўстаха. Пераважна жыла ў Варшаве, гэты горад быў галоўным месцам яе грамадзянскай дзейнасці. У Спушы, у межах Кола вясковых гаспадынь заклала і ўтрымлівала варштаты народных тканін. У часы вайны эмігравала ў Афрыку, дзе ў Кеніі, недалёка ад Найробі трымала ферму. Памерла нядаўна.

39. Сяклюцкая Ванда (па мужы Селюжынская) з маёнтка Стрэліца, чынна працавала ў Коле вясковых гаспадынь, шматгадовая сакратарка яго павятовай управы.

40. Скіндар Казімір, маёнтак Капцюха, арыштаваны ў 1939 г. і вывезены у Расію, дзе загінуў без звестак. Перад вайной быў:

а. Старшынём Кола гадоўцаў коней у Шчучынскім павеце.

б. Старшынём управы малочнага кааператыва ў Гурнофелі.

в. Утрымліваў пункт здачы дзяржаўных жарабцоў (?).

г. Член павятовага Звязу землеўладальнікаў.

41. Шалевіч Станіслаў, уладальнік маёнтка Хацяновічы Жалудоцкай гміны. Перад вайной войт гміны Жалудок. У 1940 г. вывезены ў глыб СССР разам з усёй сям'ёй, дзе загінулі без звестак.

42. Шчука Ежы, маёнтка Хільчыцы гміна Ражанка. Меў вышэйшую аграрную адукацыю. Член гміннай Рады ў Ражанцы і кіраўнік Аграрнага кола ў сваёй ваколіцы. Эміграваў у Паўднёвую Амерыку.

43. Ваньковіч Станіслаў, маёнтак Раманаўцы Лябёдскай гміны. Сенатар РП, сакратар Красовага Звязу землеўладальнікаў. Працаваў у Варшаве і Вільні. Загінуў падчас нямецкай акупацыі.

44. Ваяводскі Ян, уладальнік маёнтка Дайнараўшчына гміны Новы Двор, павятовы ветэрынарны лекар у Лідзе. У часы нямецкай акупацыі трымаў тайны ветэрынарны пункт для АК Наваградскай акругі. У 1944 г. вывезены ў СССР, адкуль вярнуўся праз шмат гадоў.

45. Ваяводская Ірэна, маёнтак Дайнараўшчына. У часы Першай сусветнай вайны працавала ў ПОВ, падчас Другой сусветнай вайны ўтрымлівала пункт кантактаў АК на мяжы Рэйха.

46. Ваяводскі Збышак, маёнтак Дайнараўшчына. Сын Яна і Ірэны. У часы нямецкай акупацыі ўлан эскадрона АК Наваградскай акругі.

47. Валейка Станіслаў, маёнтак Галавічполе Васілішскай гміны. Член гміннай Рады ў Васілішсках у 1935-1939 гг.

48. Валейка Вінцэнт, маёнтак Галавічполе, горны інжынер, працаваў у Горным Шлёнску. Расстраляны немцамі ў Кракаве [62].

49. Валейка Антон, маёнтак Голдава Лябёдскай гміны. Перад вайной быў:

а. Членам управы Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне.

б. Узначальваў рэвізійную камісію Павятовага аддзела ў Шчучыне.

в. Член Лябёдскай гміннай рады.

г. Узначальваў рэвізійную камісію малочнага кааператыва ў Дзікушках.

д. Таксама чынны ў іншых арганізацыях.

Вывезены ў СССР, дзе і загінуў.

50. Верашчака Міхал, саўладальнік маёнтка Вялікае Мажэйкава, пабудаваў у маёнтку тартак і вырабляў на продаж гатовыя будынкі, пабудаваў млын і электроўню для ўласных патрэб.

У 1920-1926 гг. у Лідскім павеце існавала Кола маладых землеўладальніц, якое займалася арганізацыяй розных імпрэзаў, адпачынкаў і экскурсій жанчын у Чанстахова, Ліскава і інш. Найбольш актыўнымі былі Гелена, Марыя і Ганна Брахоцкія, Эвеліна і Ірэна Лясковіч, графіня Ружа Раствароўская, Ванда Сяклюцкая, Крысціна Кастравіцкая і інш.

Страты сярод землеўладальнікаў Шчучынскага павета ў часы вайны 1939-1941 гг.

Расстраляныя альбо забітыя савецкай уладай ці чырвонымі партызанамі:

1. Гр. Дунін-Бароўскі Пётр.

2. Кн. Чацвярцінскі Андрэй.

3. Кн. Чацвярцінская, жонка Андрэя з дома гр. Тарноўскіх.

4. Яноўская Марыя.

5. Пракульская Марыя (з Яноўскіх).

6. Клюкоўскі.

7. Марачэўскі Івон.

8. Янушкевіч Марыя (з дома Брахоцкіх).

Вывезены ў глыб СССР, дзе загінулі без звестак:

1. Янкоўскі Мар'ян.

2. Казлінскі Эдвард.

3. Мікульскі Браніслаў.

4. Марачэўская Зоф'я.

5. Марачэўскі Мацей з 3-ма сваякамі.

6. Прыбытка Антон.

7. Скіндар Казімір.

8. Шалевіч Станіслаў.

9. Валейка Антон.

10. Лясковіч Вітольд.

11. Сапоцька Вацлаў.

Забітыя немцамі:

1. Кн. Святаполк-Чацвярцінскі Людвік.

2. Верашчака Тамаш.

3. Ваньковіч Станіслаў.

4. Ваньковіч Аляксандра.

5. Лясковіч Юльян.

6. Лясковіч Халіна.

Загінулі пры іншых акалічнасцях (АК, Варшаўскае паўстанне і інш.):

1. Козёл-Паклеўскі.

2. Лісоўскі Баляслаў.

3. Др. Мікульскі Аляксандр.

4. Валінскі Андрэй.

5. Іваноўскі Вацлаў і тры яго сына: Стэфан, Вацлаў, Пётр.

6. Лясковіч Ганна

Спіс не поўны, колькасць ахвяр - каля 34 асоб.

Вярнуліся з савецкіх лагераў:

1. Валоўская з Марачэўскіх (дачка Мацея).

2. Яніна Лясковіч (дачка Юзафа).

3. Лясковіч Тадэвуш (сын Юльяна).

Вярнуліся з лагера Асвенцым:

1. Янкоўская, дачка Мар'яна.

2. Ядвіга Жылінская з Лясковічаў (дачка Юльяна).

XI. Буйная зямельная ўласнасць на тэрыторыі Шчучынскага павета, 1919-1939 гг.

Спіс зроблены на падставе «Польскай адраснай кнігі на 1929 г.». Пазначана ўласнасць ад 100 і болей гектараў.

Гміна Шчучын:

1. Кн. Друцка-Любецкая Марыя, Шчучын - 7 566 га, Марусін - 252 га, Віты - 288 га.

2. Гасцевіч Уладзіслаў, Старадворцы - 245 га.

3. Казлінскі Эдвард, Чарнаўшчына - 175 га.

4. Калупайла Караль, Чаплічоўшчына - 172 га.

5. Лісоўская Станіслава, Шчучанак - 215 га.

6. Марачэўскі Вітольд, Андрушавец - 436 га,

7. Марачэўскі Мацей, Навасады - 164 га.

8. Незабытоўская Марыя, Ятвеск - 659 га.

9. Лясковіч Юзаф, Ішчална - 970 га.

10. Лясковіч Вітольд, Карысць - 280 га.

11. Лясковіч Уладзіслаў, Баяры і Вады - 420 га.

12. Лясковіч Юльян, Слівоўшчына - 250 га.

13. Парчэўскі Валенты, Баяры - 230 га.

Гміна Васілішкі:

1. Бялінскі Міхал, Станіславова - 415 га.

2. Багдановіч Марыя, Савоўшчына - 140 га.

3. Багдзевіч Павел, Нявіша - 225 га.

4. Іваноўскі Станіслаў, Галавічполе I - 121 га.

5. Іваноўская Сабіна, Рагачоўшчына - 65 га (пасля падзелу).

6. Іваноўская Алена, Лебёдка IV - 143 га.

7. Бразоўскі Альфрэд, Гурнофель - 845 га.

8. Какрзэй, спадк., Яноўшчына - 233 га.

9. Кастравіцкая Анеля, Анелькава - 94 га (пасля падзелу).

10. Кастравіцкі Люцыян, Касцянёва - 170 га.

11. Краснік Юзаф, Курганы і Лебёдка - 266 га.

12. Мейр Яніна, Воўчынкі - 244 га.

13. Макрэцкі Ян - 262 га.

14. Прыбытка Антон, Рачкоўшчына - 137 га.

15. Райхель Марыя, Шайбакполе - 137 га.

16. Скавінская Ванда, Багудзенкі - 153 га.

17. Скіндар Казімір, Капцюха - 144 га.

18. Валейка Станіслаў, Галавічполе - 95 га (пасля падзелу).

Гміна Жалудок:

1. Кн. Святаполк-Чацвярцінскі Людвік, Жалудок - 16 140 га.

2. Яноўская Марыя, Красулі - 171 га.

3. Мінейка Марыя, Дзікушкі - 1000 га.

4. Раствароўская Зоф'я, Скабейкі - 780 га.

5. Сяклюцкі Вінцэнт, Стрэліца - 400 га.

6. Шалевіч Людвік, Хацяновічы - 355 га.

Гміна Лебяда з сядзібай ў Скрыбаўцах:

1. Лясковічы, Бабры - 460 га.

2. Брахоцкі Уладзіслаў, Малое Мажэйкава - 1 143 га.

3. Брахоцкі Андрэй, Дубенка - 149 га.

4. Хвайніцкі Аляксандр, Ваенполь - 309 га.

5. Міхневіч Юзаф, Вялікая Лебяда - 584 га.

6. Ваньковіч Аляксандра, Раманаўцы - 586 га.

7. Верашчака Францішка, спадк., Вялікае Мажэйкава - 1625 га.

8. Выжанскі Юзаф, Анаполь - 121 га, Антонаўцы - 137 га.

9. Валейка Антон, Голдава - 290 га.

Гміна Новы Двор:

1. Грабіцкая Яўгенія, Дубічаны - 300 га.

2. Грабіцкі Альфрэд, Сіткаўцы - 112 га.

3. Янкоўскі Марцін, Гаўдзішкі - 134 га.

4. Мікульскі Аляксандр, Глыбокае - 718 га.

5. Мікульскі Баляслаў, Куліна - 400 га.

6. Мікульскі Міхал, Міхалава - 418 га.

7. Прыбытка Юльян, Кажамякі - 114 га.

8. Ваяводская Гелена, Дайнараўшчына - 117 га.

Гміна Орля:

1. Кн. Святаполк-Чацвярцінская Марыя, Ліпічно - 636 га.

Гміна Астрына:

1. Хруль Яўгеній, Няпрага - 353 га.

2. Клюкоўская Зоф'я, Добраміль - 104 га.

3. Кундзіч Л., Марыянполь - 109 га.

4. Рыхлецкі Леанард, Лычкаў - 605 га.

Гміна Ражанка:

1. Кандратовіч Кіпрыян, Жданаўцы - 401 га.

2. Макарэвіч Юзаф, Ракавічы - 278 га.

3. Малюшыцкая Фяліцыя, Руткевічы - 350 га.

4. Палонская Марыя, Руткевічы - 350 га.

5. Марачэўская Браніслава, Уняхоўшчына - 680 га.

6. Марачэўскі Юльян, Прастаншчына - 415 га, Уняхоўшчына - 710 га, Макрэц - 147 га.

7. Ромак Ірэна, Прастаншына - 375 га.

8. Сідаровіч Ян, Гердзяўка - 164 га.

9. Незабытовская Ірэна, Алешавічы.

10. Шчука Юзаф, Хільчыцы - 235 га.

11. Шчука Юльян, Жданоўцы - 90 га (пасля падзелу).

Гміна Дэмбрава:

1. Болтуць Ганна, Ніжні Ляцк - 343 га.

2. Халява Марыя, Макасёўшчына - 264 га.

3. Чаміновіч Станіслаў, Варонкаўшчына - 264 га.

4. Кн. Друцка-Любецкая Марыя, Хадзяёўшчына - 200 га.

5. Лісоўская Юстына, Высокі Ляцк - 341 га.

6. Пянькоўская Марыя, Семякоўшчына - 131 га.

7. Рамановіч Уладзіслаў, Рагачоўшчына - 120 га.

8. Шчука Вітольд, Ладаўшчына - 87 га (пасля падзелу).

9. Сапега Еўстах, Еўлашы - 404 га, Спуша - 360 га, Пысаўшчына - 70 га, Рычкаўшчына - 404 га, Лесішча - 263 га.

Гміна Сабакінцы:

1. Банькоўскі Юзаф, Шымкаўшчына - 116 га.

2. Гейдрайць Ігнат, Казімірава - 188 га.

3. Карыцкі Юзаф, Капцёўшчына - 377 га.

4. Крыдэль Станіслаў, Сабакінцы - 220 га.

5. Лявіцкі Міхал, Хлюстоўшчына - 253 га.

6. Пратасевіч Лявон, Гайкавічы - 226 га.

7. Прыбытка Антон, Хадзілоні - 371 га.

8. Шуле Мечыслаў, Гулькаўшчына - 100 га.

9. Жараўская Антаніна, Вензаўшчына - 411 га.

Гміна Забалаць:

1. Баер Марыя, Валейшы - 491 га.

2. Буцько Юзаф, Кайцёва - 129 га.

3. Бурнос Ігнат і Рафал, Заляшаны - 186 га.

4. Былованская Юзэфа, Салтанішкі - 490 га.

5. Краснік Юзэфа, Лебяда - 256 га.

6. Логаш Аляксандр і Якуб, Лебяда - 226 га.

7. Мазуркевіч Ірэна, Забалаць - 491 га.

8. Маргевіч Станіслаў, Лебёдка - 480 га.

9. Арэхва Казімір, Новая Пеляса - 135 га.

10. Ранке Міраслаў - 295 га.

11. Скавінскі Казімір, Старая Пеляса - 119 га.

Некаторыя мястэчкі:

Шчучын - 1 539 жыхароў.

Жалудок - 1 552 жыхары.

Васілішкі (не пададзена, каля 1 500).

XII. Генеалагічныя накіды

З папярэднімі ўладальнікамі Ішчалны, акрамя Важынскіх, не лучыць мяне ніякая фамільная сувязь. ... Аднак з усімі імі адчуваю духоўную еднасць. ... Мы ўсе збіралі дакументы і былі сведкамі культурнага даробку папярэднікаў. Таксама лучыць нас супольнасць месца, аднолькавыя краявіды, лясы і палі.

Год 1401 г. ... Давойна сын Візгарда - адзін з вяльможаў ВКЛ. Не існуе яшчэ прыватных маёнткаў. Уся зямля з'яўляецца ўласнасцю Вялікага князя. ... наступны Давойна па імені Алехна падпісвае акт прысягі Вялікага князя ВКЛ Жыгімонта. Яго нашчадак (хіба сын) Івашка ўжо дзедзіч вялікай воласці ў Чашыцах, частку якой запісвае сваёй жонцы Ганне, якая ў 1460 г., пасля смерці мужа, фундуе з аднаго з сваіх маёнткаў Крупава каля Ліды, філію лідскага касцёла.

У 1505 г. кароль Аляксандр надае вялікія ішчалнскія і шчучынскія пушчы свайму падскарбію Якубу Вайновічу. ... не дзіва, што Давойна пішацца як Война, Вайновіч і інш. [...]

Расце ўплыў роду Давойнаў. Кароль Жыгімонт І пацвярджае Яну Янавічу Давойне, свайму пазнейшаму маршалку, права валодання маёмасці Індура і Гелзы. Гэты Ян Янавіч - праўдападобна сын Івана Давойны, у 1484-1494 гг. з'яўляўся ваўкавыскім намеснікам. Ян Янавіч будуе ў 1546 г. касцёл у Парэччы - адным з сваіх маёнткаў.

З іншай лініі полацкі ваявода Станіслаў Станіслававіч Давойна ў 1537 г. становіцца спадкаемцам аднаго з наймагутнейшых літоўскіх магнатаў, кіеўскага ваяводы Няміровіча. Род Давойнаў уваходзіць у сямейныя сувязі з першымі родамі ВКЛ: Радзівіламі, Кішкамі і інш.

Такім быў род першых уладальнікаў і дзедзічаў Ішчалны.

Наступны род уладальнікаў Ішчалны значана сціплейшы. Гэта Ліманты, продак якіх прыбыў з Італіі ў XV ст. Іх уладанне супала з самым шчаслівым перыядам існавання Айчыны.

У ВКЛ ужо існуе спадчыннае землеўладальніцтва, але дзедзічнае права ўсякі раз павінна зацвярджацца Вялікім князем. Ад яго волі залежыць, ці ўтрымае шляхта ў сваіх руках маёмасць. Праз 19 гадоў пасля таго, як Ліманты атрымалі Ішчалну і Шчучын, г. зн. у 1566 г. Берасцейскі сойм надае літоўскай шляхце права самім распараджацца нерухомасцю. Ліманты становяцца ўладальнікамі і могуць спакойна, не маючы клопату ні ад улады ні ад супернікаў, жыць.

У тыя часы высока стаяла павага да права. Міналі пакаленні ... і, здавалася, шчасліваму жыццю не будзе канца. На высокім узроўні знаходзілася грамадская мараль і грамадзянскі патрыятызм. Вялікія свабоды шляхты былі яшчэ далёкія ад выраджэння. Павага панавала ў Сойме і вялікая дастойнасць у Сенаце. Каралі Жыгімонт Аўгуст і Стэфан Баторы падтрымлівалі культуру.

Чашу горычы выпілі наступныя пасля Лімантаў Паўпяты. На перыяд іх валодання прыпадаюць усе няшчасці Рэчы Паспалітай: казацкія і шведскія войны, маскоўскі наезд. У гэтым моры крыві, магчыма, і Ян Паўпята не змог захаваць чыстыя рукі. Праўдападобна гэтак і было, і менавіта адсюль яго поўны скрухі тастамант. Яго спадкаемцы - пляменнікі - таксама не мелі раскошнага жыцця, бо ў часы вайны трапілі ў татарскі палон.

Хутка прамінулі часы валодання Паўпятаў, Карыбут-Вішнявецкіх, Францкевічаў-Радзымініскіх і Гераніма Скарбак-Важынскага. ...

Ян Быстронь у «Польскіх прозвішчах» на стр. 239 піша: «У часы Баторыя сярод польскіх яўрэяў вылучаецца сям'я Валь (Wahl) ці Кацэнеленбогены з Берасця на Бугам. Савул Валь, фінансавы дарадца караля, згодна з яўрэйскім паданнем, быў з іншых вылучаны каралём». Продак ішчалнскіх Валяў быў гданьскім шляхціцам і таму ў 1658 г. атрымаў у Польшчы набілітацыю.

Пераходзім да наступных уладальнікаў - Лясковічаў. Ішчалну яны атрымалі як падарунак жонкі Караля Лясковіча з дома Шукевічаў, якая ў сваю чаргу атрымала маёмасць ад сястры - жонкі Валя.

Маёмасць Бабры Караль Лясковіч набыў у Дамініка Радзівіла. Маёмасць Шумск яго пляменнік, таксама Караль, купіў у 1843 г. у Шумскіх.

[…]

На жаль, страта архіваў не дазваляе мне дакладна разабрацца з родам Лясковічаў. Вышэй я пісаў, што на шлюб Францішкі Лясковіч з Антонам Важынскім у Ішчалну з'ехаліся ўсе Лясковічы. Мужчыны нашага роду ў колькасці 12 чалавек правялі сямейную нараду і напісалі пратакол. У пратаколе было дакладна запісана, хто з іх адкуль паходзіць. Былі там пададзены іх імёны, годнасці, назвы ўсіх маёнткаў. Пратакол загінуў, а ў маёй памяці засталіся толькі яго фрагменты. У той час акрамя Ішчалны і Баброў Лясковічы ў Лідскім павеце валодалі Кір'янаўцамі і Няцеччу, у Віленскім Свянецам і іншымі, якіх зараз не памятаю. Маёнтак ішчалнянскага Караля Лясковіча, які знаходзіўся каля Гародні, быў ім ужо прададзены, але, дзякуючы яму, Караль меў сваю першую публічную пасаду ў Гарадзенскім павеце. З генеалогіі Лясковічаў бачым, што тры сыны Антона ваявалі ў легіёнах Дамброўскага.

Унук Антона і сын Андрэя з Няцечы браў удзел у паўстанні 1831 г. Пасля яго задушэння мусіў эміграваць. Памёр у Парыжы і быў там пахаваны. Паўстанцам 1831 г. быў таксама Адам - другі ўнук Антона, сын Казіміра. За ўдзел у паўстанні 1863 г. расстралялі ў Вільні Альберта Лясковіча, а яго брат Юльян сасланы ў глыб Расіі. Абодва з'яўляліся сынамі Фелікса.

Наступнымі ўладальнікамі Ішчалны былі Важынскія. Антон Скарбак-Важынскі - высокі мужчына, моцны і дзябёлы. На партрэце, які вісеў у сталовай, ён намаляваны апранутым ў бліскучую стальную браню ці кірасу. Партрэт не меў ніякіх тлумачэнняў, і не вядома, ці быў ён кірасірам і служыў у створаным у 1809 г. графам Станіславам Малахоўскім палку польскіх кірасіраў, ці пазіраваў у старой рыцарскай брані сваіх продкаў. Народжаны ў канцы XVIII ст., ён мог браць чынны ўдзел у напалеонаўскіх войнах, але і пра гэта невядома. У Ішчалну прыбыў у 1820 г., пасля шлюбу з Францішкай Лясковіч.

Антон меў тыпова славянскі твар - румяны бландзін з блакітнымі вачамі, з якіх біла энергія. Верагодна любіў ўцехі, якія давала жыццё землеўладальніка: браў чынны ўдзел у публічным жыцці і цешыўся сімпатыяй паважаных суседзяў, таму хутка стаў маршалкам Лідскага павета.

Можна дапусціць, што яго жонка Францішка, як і яе маці, з дзяцінства была прыгнечана моцнай індывідуальнасцю свайго бацькі і таму жонкай была ціхай і ўтульнай. Замуж выйшла позна, ва ўзросце каля 30 гадоў. У сямейных архівах не бачыў дакументаў, якія нешта маглі сказаць пра яе характар, вядома толькі, што добра грала на арфе і брала ўдзел у публічных канцэртах, даход з якіх ішоў на філантрапічныя мэты.

Шлюб сына Антона і Францішкі Важынскіх з графіней Грабоўскай узняў павагу да сям'і. Гучныя зборы з паляваннямі, моцнымі напоямі, картамі і вялікапанскімі жэстамі давялі маёнтак да банкруцтва. Няма такога багацця, якое б немагчыма было пусціць па ветры. Нават з велічэзнай маёмасці Радзівілаў Караль Пане Каханку зрабіў руіны, і яго спадкаемца князь Дамінік страціў шмат маёнткаў, каб давесці сваю гаспадарку да ладу і сплаціць даўгі. Гаспадаранне Баляслава Важынскага закончылася смерцю абодвух сужэнцаў.

Тры дачкі Баляслава валодалі Ішчалнай каля 60 гадоў. Марыя бясплатна лячыла хворых. Зоф'я з'яўлялася галоўным кусташам сямейнага музея, яны з Марыяй былі добрымі архівісткамі і вельмі інтэлігентнымі асобамі. Ізабела добра малявала. Першая сусветная вайна змыла з архіваў усе сляды сёстраў. Захавалася толькі трошкі ўрадавых дакументаў, пісьмаў губернатараў і некалькі лістоў з Францыі з адрасам:

«A Mademoiselle

Mademoiselle la Comtesse

Sophi de Skarbek-Wazynski

Iszczolna»

Шляхцянкі па бацьку, мелі маці графіню. Не маглі ўжываць графскага тытулу на радзіме і дадавалі яго сабе за мяжой. Былі ганарыстымі снобамі. Таварыскія стасункі падтрымлівалі толькі з сям'ёй князёў Друцка-Любецкіх і гэтакімі знакамітымі сем'ямі як Ваньковічы, Валадковічы, Горваты і іншымі, а таксама са сваімі сваякамі Аскеркамі.

У памяці служкаў захаваліся тры шчабятлівыя і спеўныя паненкі, якія гралі на фартэпіяна і ў більярд, гарачыя прыхільніцы коннай язды. Вытанчаныя і незразумелыя дзедзічкі, якія размаўлялі на замежных мовах. Не засталося ніводнай працы Ізабелы, ніякай карціны. Толькі захаваліся партрэты продкаў, якія ў свой час не скралі рабаўнікі.

Другая сусветная вайна змыла ўсе сляды пра іх. Ішчална была спалена і перастала быць маёнткам.

Частка другая: Аповесці

XIII. Легенды, здарэнні, асаблівасці

Магіла Паўпяты

У справе пахавання памёршага ў 1667 г. Яна Паўпяты (згодна з яго апошняй воляй) пад парогам касцёла, засталася загадка, якая будзіць розныя домыслы. Нават мясцовы пробашч ксёндз Красадомскі не ведаў пра гэта нічога канкрэтнага. Вусныя расказы да нашага часу не дайшлі, а ў касцельных хроніках гэты факт не ўзгадваецца. Каб не парушаць спакой памёршага, раскопак не рабілася.

У момант пахавання Паўпяты, Ішчална знаходзілася ў руках ордэна кармелітаў босых, якія, як было вядома з судовага працэсу паміж пляменнікамі памерлага і ордэнам, рэдагавалі яго тастамент. Але няма ніякага сумневу, што гэтакае пабожнае жаданне дабрадзея аб месцы пахавання, было скрупулёзна выканана.

Паўпяту пахавалі пад дзвярамі невялікага, драўлянага касцёла. Не вядома, ці ў XVIII ст. пры пабудове новага, мураванага і значна большага касцёла знайшлі гэтую магілу. Калі знайшлі, дык што з ёй зрабілі? Пакінулі на старым месцы ці перанеслі, а калі перанеслі, дык куды? У піўніцу, пабудаваную пад новым алтаром, ці згодна з яго воляй: «Каб вернікі, ідучы на набажэнства, маю магілу тапталі нагамі», - пахавалі пад новым парогам? Старыя хронікі касцёла загінулі, а новыя пра тое маўчаць.

Цікава было б ведаць, ці насамрэч Паўпята быў такім вялікім грэшнікам і ў чым маглі палягаць яго грахі? Жыў ён у страшныя часы, апісаныя ў рамане Сянкевіча «Патоп».

З мемуараў Багуслава Маскевіча мы даведваемся, што ў часы наезду Хаванскага, які апанаваў Літву ажно да Берасця і Буга, панаваў найвялікшы маскоўскі тэрор. Лідскі павет аказаўся ў цяжкім становішчы. Не меў ён моцных цвердзяў, і сталіца павета Ліда цалкам вылюднела з-за маравой язвы, а замак яшчэ да гэтага быў знішчаны. Партызанскай барацьбой на Лідчыне кіраваў дзяржаўца Беліцы Фердынанд Рор (Rohr), сардэчны сябар Яна Паўпяты. У архівах Ішчалны да 1939 г. захоўвалася іх вялікая перапіска паміж сабой. Аддзел Рора вызначаўся вялікай рухомасцю. Маючы дакладную інфармацыю ад суайчыннікаў, ведаў ён пра рух войск Хаванскага і бліскавічна мяняў свае месцы пастою. Маскалі былі безлітаснымі. Яны не толькі зраўнялі з зямлёй Беліцу, але рабавалі і палілі маёнткі і вёскі, а насельніцтва забівалі. Бяда таму, хто не паспеў схавацца і на каго пала помста цара за непаслушэнства.

Трэба сказаць, што Рор плаціў той жа манетай. Захопленых маскалёў вешаў, садзіў на палю і, каб даведацца сакрэтаў, мучыў. Падобна, так жа караў і здраднікаў. Разам з Рорам быў яго верны сябар Ян Паўпята, рукі якога таксама маглі быць у крыві ворагаў. Магчыма, пры канцы жыцця гэта і прывяло яго да хрысціянскага пакаяння і пакоры [63].

Закапаны скарб

[Падчас Паўночнай вайны, у 1706 г.] гаспадар Ішчалны Валь належаў да чынных прыхільнікаў сандамірскай канфедэрацыі і караля Аўгуста ІІ. Набліжэнне войскаў Карла XII і Ляшчынскага яму нічога добрага не абяцала, і таму ён вырашыў прыхаваць самыя каштоўныя рэчы, а самому ўцякаць.

У поўнай таямніцы, пры дапамозе аднаго вернага гайдука, адданага яму душой і целам, Валь запакаваў свае скарбы ў скрыню, ад карозіі абмазаў яе алеем з тлушчам, ноччу вывез у пушчу і закапаў у падрыхтаваным, цяжкадасягальным месцы. Каб не забыць тое месца, у суседняе дрэва былі забіты вялікія цвікі.

Прадбачлівасць Валя дала вынікі. Пасля таго, як рускіх выгналі з Гародні, Карл XII вырашыў зімаваць у ваколіцах Ішчалны. Шведскі кароль стаяў у Жалудку, у кляштары кармелітаў, а яго сатэліт, польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі ў лютым 1706 г. кватараваў у Васілішках. Войскі караля Аўгуста ІІ падышлі да Ішчалны і напалі на шведскі аддзел, які там стаяў. Пачалася крывавая сутычка, у выніку якой з абодвух бакоў меліся забітыя. Католікаў пахавалі на мясцовых могілках, за некалькі соцень метраў ад касцёла, за вапельняй. Шведскіх жаўнераў, як пратэстантаў, а значыць «ерэтыкоў», пахавалі асобна, у полі на адлегласці 200 м на поўдзень ад каталіцкіх могілак. Пасля пабудовы ў часы Станіслава Аўгуста тракту Ліда - Гародня, «шведскія могілкі» - некалькі пагоркаў - аказаліся на краі тракта, з паўднёвага яго боку.

Лёс закапанага скарбу невядомы. Відочна, што таямніца не магла цалкам захавацца. З дому зніклі каштоўныя рэчы, прычым, папярэдне была зроблена акаваная жалезам скрыня і выкуты вялікія цвікі, пан кудысьці выязджаў ноччу і вярнуўся на світанку, да таго ж ахмістрыня падрыхтавала для яго вялікія тканіны, прамочаныя льняным алеям з тлушчам, а са свірна зніклі ялавыя шкуры. Людзі ведалі, што дзесьці закапаны скарб, але дзе?

Няма ніякіх звестак пра тое, што скарб быў знойдзены і прывезены ў двор. Але пра магчымасць гэтага кажа рэестр рухомасці, напісаны Янам Валем (сынам Юзафа Валя) пры перасяленні ў новы дом, а таксама багатая калекцыя скарбаў, якая захоўвалася ажно да 1918 г. і згадвалася ў тастаманце апошняй з Важынскіх.

Супраць гэтай версіі кажа гісторыя, якая адбылася перад Першай сусветнай вайной.

Скончылася шведская вайна, мінулі гады, замест драўлянага пабудавалі прыгожы мураваны барочны дом, мяняліся пакаленні гаспадароў Ішчалны. Пазначанае цвікамі дрэва расло і праз некі час цвікі ўраслі ў дрэва і сталі нябачнымі. Неяк, у першае дзесяцігоддзе XX ст., парабак пажаліўся адной з сясцёр Важынских на тое, што сапсаваў сваю любімую сякеру аб цвікі ў дубе, прывезеным ў маёнтак на дровы. Дзіваваўся - адкуль у старым дубе ўзялося жалеза і ў доказ паказаў панне старыя цвікі грубай кавальскай работы.

Сёстры жылі ў атмасферы старых гісторый і адразу зразумелі, адкуль тыя цвікі. Узнагародзілі парабка, каб ён змог набыць шмат падобных ці нават лепшых сякер, і атрымаў ён на кухні добры, пазачарговы абед з чаркай.

Было загадана пачаць пільна шукаць месца, адкуль паходзіў той дуб. Аднак, нягледзячы на абяцаную ўзнагароду, месца так і не знайшлі. Да нашага часу на тым месцы выраслі новыя дрэвы, а легенда і загадка ўсё яшчэ жыве.

Шлюбныя войскі [64]

[...]

Цар Аляксандр І у Ішчалне [65]

Цар Аляксандр І па дарозе ў Парыж наведаў Ішчалну, каб паснедаць. Мясцовая традыцыя кажа, што звычайным месцам пастою цара быў Шчучын, і адтуль з невялікай світай ён прыехаў у Ішчалну. Ці ўсё было менавіта так, невядома [66].

Трэба зразумець, што прымалі цара ў Ішчалне гэтак, як і ва ўсім краі: з найвялікшай пачцівасцю. Пасля абеду дачка гаспадара панна Францішка Лясковіч з дазволу высокага госця і ў яго гонар заіграла на арфе. Прыгожая ігра ў спалучэнні са спевам модных у той час рамантычных песенек, выклікала захапленне цара. Галантнасць імператара да дам была агульнавядомай, і таму не было нічога дзіўнага, што ў адказ ён падараваў дыяментавую брошку ў выглядзе стралы.

У Ішчалне з піетэтам захоўвалі гістарычную арфу і дыяментавую стралу. Пашкоджаная падчас Першай сусветнай вайны, арфа дажыла да 1939 г. - стаяла на ганаровым месцы ў нішы круглага салона. Стралу ўспадкавалі спадкаемцы графа Грабоўскага з Вялікага Мажэйкава і захоўвалі яе да Другой сусветнай вайны. Падчас апошняй вайны арфа была разбіта і цалкам знішчана, а брошку захоўваюць Раствароўскія.

Абед для цара сервіраваўся ў авальнай сталовай зале, а музыку слухалі ў салоне.

Нацыянальныя паўстанні і войны за свабоду

З трох апошніх радоў, якія гаспадарылі ў Ішчалне, Валі не маглі прыняць удзел ў паўстаннях, бо іх лінія згасла каля 1795 г. Апошні з Валяў - Юзаф - быў чалавекам недалёкім і не мог быць ні жаўнерам ні арганізатарам.

У родзе Скарбак-Важынскіх мелася шмат мужчын, якія праславілі сябе ваеннымі подзвігамі. Аднак, калі разглядаць часы пасля падзелаў РП, галоўнай арэнай іхняй дзейнасці быў не Лідскі, а Ашмянскі павет. Іх маёнткі знаходзіліся на Ашмяншчыне і Жмудзі. На Лідчыне жыла толькі іх адна галіна. Найбольш вядомым у часы барацьбы за незалежнасць быў арганізатар паўстання 1831 г. у Ашмянскім павеце Парфіры Скарбак-Важынскі з Мураванай Ашмяны.

У Лідскім павеце жыў яго сваяк Антон Скарбак-Важынскі - уладальнік маёнткаў Пабаляны ў Шавельскім і Ішчалны з Голдавым у Лідскім паветах. Асабіста ён паўстанцам не быў, але яго Голдава два разы было месцам канцэнтрацыі паўстанцкіх аддзелаў, якімі камандавалі генералы Хлапіцкі і Тышкевіч. Як павятовы маршалак шляхты, 30 траўня 1831 г. у Лідзе ён пачаставаў сытым сняданкам шматтысячнае войска паўстанцаў.

Лясковічы бралі чынны ўдзел ва ўсіх бітвах за незалежнасць. Родныя браты ўладальніка Ішчалны, Караля: Андрэй, Казімір і Ян згодна з сямейнай легендай служылі ў легіёнах Дамброўскага.

Сыны Андрэя з маёнтка Свянец бралі ўдзел у паўстанні 1831 г. Уладзіслаў, сын Андрэя з Няцечы, у часы гэтага паўстання быў афіцэрам артылерыі. Пасля ўпадку паўстання эміграваў у Парыж, дзе праз нейкі час заклаў польскую кнігарню. Як старшыня эмігранцкага Інстытута вёў патрыятычную і харытатыўную дзейнасць.

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі ў кнізе «Успаміны пра семдзесят гадоў» пісаў: «Мая маці мела ў Парыжы сваяка, Уладзіслава Лясковіча, стрыечнага брата маёй бабкі Тэклі Воўк. Эмігрант 1831 г., ён далучыўся да паўстання студэнтам першага курса Віленскага ўніверсітэта. Выкшталцоны, вельмі пабожны, быў па характары нечым накшталт рымляніна-хрысціяніна. Сярод эміграцыі цешыўся неабмежаванай павагай. Жыў тут 26 гадоў (напісана ў 1847 г. - заўвага Караля Лясковіча).

У часы Парыжскай камуны, афіцэр, які заняў Quartier Luxemborg, адразу паехаў па вуліцы Таўрон да польскай кнігарні Уладзіслава Лясковіча, дзе шукаў Міцкевіча». Мілеўскі не кажа пра якога Міцкевіча ідзе размова - пра Адама, які да таго часу ўжо 16 гадоў як не жыў ці пра яго сына-публіцыста Уладзіслава.

Уладзіслаў Лясковіч быў пахаваны на могілках каля Алеі Ленуар.

У паўстанні 1863 г. узялі ўдзел два сыны Фелікса Лясковіча з Кір'янаўцаў. Малодшы Альберт Войцех быў расстраляны 1 траўня 1863 г. на Лукішскам пляцы разам з ксяндзамі Ішорам і Зямацкім. А старэйшы сын Юльян, які не ваяваў, а толькі дапамагаў паўстанцам, быў сасланы на Урал у горад Кунгур Пермскай губерні. Сасланая ў Кунгур Ядвіга Прабяндоўская ў сваіх мемуарах успамінала пра Юльяна Лясковіча як пра выбітную і інтэлігентную асобу.

Банкруцтва

З часоў Караля Лясковіча апрача вінакурні і піўніцы, напоўненай тысячамі літраў старкі ў велічэзных бочках якія засталіся пасля вянгерскага віна, меліся: водны млын, фолюш, цагельня, вапельня, смалакурня і рамесныя варштаты: кузня, сталярня, стальмашарня, гарбарня, рымарня, слясарня, гантарня, а таксама пячнік, кравец і садоўнік.

Зяць Караля Лясковіча і наступны гаспадар, Антон Скарбак-Важынскі парадкаваў вёскі, ачышчаў палі ад камення, палепшыў гадоўлю быдла і значана ўзняў як матэрыяльны стан, гэтак і культурныя набыткі сям'і.

Унук, Баляслаў Скарбак-Важынскі, жыў у часы, калі выконваўся царскі ўказ 1861 г. Сваіх падданых ён перасяліў на перыферыю і такім чынам заснаваў вялікае ядро маёнтка без сялянскіх пабудоваў.

[З-за неўтаймаванай гульні ў карты і баляванняў] каса маёнтка апусцела, у справу пайшлі бягучыя даходы з зямлі, а потым і фінансавыя рэзервы. Быў прайграны пасаг жонкі з дома графаў Грабоўскіх, сумы выплат яе брата за частку маёнтка Вялікае Мажэйкава і нарэшце апошнія рэзервы - лясы. Паправіць справы мог адзін выйгрыш у карты! І зялёны столік стаўся апошняй надзеяй.

Калі здарыўся чарговы вялікі пройгрыш у карты, Важынскі не меў ужо нават грошай, каб плаціць працэнты за пазыкі ліхвярам і таму цалкам страціў магчымасць крэдыту. Картачны супернік прыслаў у Ішчалну свайго сваяка з лістом. Усю ноч і раніцу дзедзіч маёнтка правёў у сваім кабінеце. Калі ўся сям'я сядзела за ранішнім сталом у авальнай зале, лакей прынёс яму ліст з кароткім зместам - тэрмін выплаты прайшоў, і грошы трэба выплаціць зараз жа.

Адзіным ганаровым выхадам было самагубства. Гэта забяспечвала сродкамі дзяцей, бо тады, па законах імперыі, да паўналецця самай малодшай з дачок, маёмасць не магла адысці да картачнага суперніка. Баляслаў, бледны, як папера, устаў з-за стала і, перайшоўшы ў суседні пакой, зачыніў за сабой дзверы. Хутка пачуўся выстрал. Усхваляваная жонка ўбегла ў пакой і, убачыўшы мужа з прастрэленай галавой ў лужыне крыві, тут жа памерла ад інфаркту. ... Засталося чацвёра сіротаў. На бюро ляжалі два лісты: Важынскага да швагра Станіслава Грабоўскага з вялікага Мажэйкава з просьбай апекавацца пляменніцамі і фатальны ліст суперніка.

Дзядзькава апека

Граф Станіслаў Грабоўскі, нягледзячы на адносна малады век, ў павеце лічыўся добрым адміністратарам свайго вялікага маёнтка і тамы прызначэнне яго апекуном стала добрай справай не толькі для пляменнікаў, але і для маёнтка. Галоўнай задачай апекуна было выхаванне дзяўчынак і выратаванне маёнтка. Апеку над пляменніцамі ўзяла на сябе цётка Аскерка з Грабоўскіх, а матэрыяльнымі справамі кіраваў дзядзька.

Першай справай Грабоўскага быў зварот да крэдытораў - яны павінны былі прад'явіць свае прэтэнзіі. Даўгі аказаліся вельмі вялікімі, але не безнадзейнымі. Апякун падзяліў іх на дзве групы: у першую ўвайшлі грунтоўныя даўгі - падаткі, выплаты аплаты за працу, пазыкі, у другую - карцёжныя даўгі. Даўгі з першай групы граф сплаціў з уласных сродкаў, выплаты па даўгах з другой групы расклаў на шмат гадоў з мінімальнымі працэнтамі ці наогул іх ануляваў.

Наступным крокам стала існаванне ў рэжыме эканоміі. У Ішчалне запанавала амаль што кляштарная ціша. З-за адмены паляванняў і з'ездаў Грабоўскі цалкам разлічыўся з паляўнічымі і лоўчымі, ліквідаваў псярню з псярамі і г. д. Эканомія, аднак, не датычыла выхавання пляменнікаў. Адміністрацыю абодвух ключоў - ішчалнянскага і голдаўскага, граф даручыў свайму эканому. Праз мажэйкаўскія грошы ўдалося захаваць інвентар і ўсе фальваркі.

Праз нейкі час з-за туберкулёзу памёр адзіны мужчынскі прадстаўнік сям'і Баляслаў, сын Баляслава Важынскага. Не дапамагло яму нават лячэнне ў Швейцарыі.

Дзяўчаты атрымалі старанную дамашнюю адукацыю, валодалі французскай, нямецкай і англійскай мовамі. Пасля здачы экзаменаў за курс гімназіі экстэрнам, атрымалі вышэйшую адукацыю. Дзве з іх: Марыя і Зоф'я мелі ступені дактароў - медыцыны і гуманітарных навук, трэцяя вывучала мастацтва. Калі апякунства дзядзькі стала ўжо непатрэбным, маёнтак ужо цалкам не меў даўгоў.

Часы Першай сусветнай вайны

Выбух першай сусветнай вайны застаў уладальікаў Ішчалны ў розных месцах. Марыя жыла ў Берліне і была там часова інтэрніраваная, Зоф'я знаходзілася ў Парыжы, адкуль у 1915 г. праз Швецыю, вярнулася дахаты, але ў Ішчалну не патрапіла - тут ужо былі немцы, таму нейкі час прыжывала ў Ваньковічаў, у маёнтку Рудакова на Меншчыне. З Рудакова Зоф'я пераехала ў Хельсінкі і там у 1917 г. памерла. У Ішчалне жыла толькі хворая на сухоты Ізабэла, але перад прыходам немцаў яна памерла ў Вільні. Разам з Ізабэлай у Вільню патрапілі грошы, упрыгожванні і іншыя каштоўныя рэчы і разам з імі гістарычная карабеля.

На пачатку вайны рускія ўлады ўвялі «сухі закон» і загадалі знішчыць усе запасы алкаголю. У Ішчалну прыбыла жандармерыя і загадала апустошыць усе піўніцы - каштоўнейшыя старкі вёдрамі былі выліты на зямлю. Гэта была вялікая страта: 6 бочак ад вянгерскага віна на 2 000 літраў, у якіх больш за 100 гадоў захоўваліся старкі, вырабленыя па адвечных рэцэптах на нерэктыфікаваным спірце з уласнай вінакурні - разам каля 10000 літраў. Справа ў тым, што не вядома, колькі старкі было выпіта за мінулыя гады, але ў любым выпадку не болей за палову запасаў, бо ў часы Караля Лясковіча старка яшчэ не даспела, а ў часы паннаў Важынскіх алкаголь не ўжываўся наогул. Вартасць «алкагольнага скарбу» была вельмі высокай, але ад яго засталося толькі тое, што ўратавалі служкі. Змарнаваная старка распачала спіс ваенных страт.

Падчас адступлення рускай арміі, у Ішчалну (гэтак жа як і ў Вялікае Мажэйкава) прыехала казацкая сотня з загадам спаліць маёнтак і двор. Справу шчасліва вырашыў хабар. Нікога з гаспадынь маёнтка не было ў той час у Ішчалне, але патрэбную суму сабралі самі служкі. Казакі згадзіліся спаліць толькі пабудовы фальварка. Аднак потым, каб імітаваць выкананне загаду, спалілі яшчэ і скарбец, дазволіўшы служкам выносіць тое, што яны захочуць. Скарбец адмыслова спалілі гэтак, каб полымя не перакінулася на палац і афіцыны.

Перад спаленнем, служкі ўратавалі шмат каштоўных помнікаў культуры, а да рэчаў, якія знаходзіліся ў сакрэтным пакоі скарбца, полымя не дайшло. Потым яны былі знойдзены і такім чынам уцалелі, але зніклі падчас наступнай вайны.

У часы першай нямецкай акупацыі ў Ішчалне стаяла невялікая нямецкая вайсковая адзінка. Афіцэры жылі ў палацы, тут яны мелі сваю сталовую, а ў піўніцы зрабілі харчовы склад.

Пасля таго, як немцы занялі Варшаву, лінія фронту працягвала прасоўвацца на ўсход. У 1916 г. Марыі Важынскай было дазволена пераехаць у Варшаву. У Варшаве яна доўга хварэла, але ў 1917 г. паехала ў Ішчалну. Знішчаная бібліятэка маёнтка разам з помнікамі культуры прывялі яе ў роспач. У 1919 г. Марыя падпісала тастамант і 20 лютага 1920 г. памерла. Яна была апошняя з сям'і.

У часы адсутнасці гаспадароў (1915-1921 гг.) рэчы з маёнтка выносілі ўсе, хто мог гэта зрабіць. У смуце, выкліканай зменай улады, памочнік апекуна Шымялевіча, даўні камердынер графа Грабоўскага, нейкі Палуян, прыўлашчыў большасць рэчаў асабістага ўжытку: футры, вопратку, бялізну асабістую і пасцельную, абрусы, а віно прадаваў жаўнерам. Прыўлашчаную маёмасць патаемна вывозіў і хаваў у Лідзе.

Немцы ў лясах цалкам выбілі звяроў, вывезлі з двара большасць мэблі, дываноў, карцін. Аднак непасрэдна лесу шкоды яны не зрабілі, бо вакол хапала лесу на дровы. Таксама не было вырубкі лесу для будаўніцтва дарог, бо каля Ішчалны ўжо меліся добры тракт і шаша.

Аднак апякун Шымялевіч прадаў купцам, якія эксплуатавалі ішчалнянскія лясы (па кантракце, падпісаным ў 1913 г.) дадаткова 1 000 пнёў сасновага старадрэва на ўласны рахунак (верагодна, такім чынам выплаціўшы сабе заробак - Л. Л.). Акрамя таго (верагодна, але гэта ні чым не пацверджана) вывез з архіва Ішчалны каштоўныя дакументы - арыгіналы каралеўскіх прывілеяў. Быў кусташам ішчалнянскага музея і добра пра іх ведаў, гісторыя была яго жарсцю. Не асуджаю яго і не думаю, што зрабіў ён гэта, каб зарабіць. Зрабіў гэта як калекцыянер, бо быў упэўнены, што ў яго руках гэтыя скарбы дакладна не загінуць. Магчыма, акрамя дакументаў, забраў дастаткова многа каштоўных кніг. Следства, якое мы правялі, нічога не дало супраць яго.

Шымялевіч выдатна арыентаваўся ў генеалогіі ўсіх ішчалнянскіх радоў і дасканальна ведаў тое, што Лясковічы былі сапраўднымі дзедзічамі маёмасці, а пацвярджэнне дзедзічнага права вымагала правядзення вялізнай працы ў архівах [67].

У 1920 г. падчас бальшавіцкай акупацыі ў жылым доме месціўся вайсковы шпіталь, пасля якога паўсюдна засталіся сляды нязграбнага гаспадарання, а на газоне, каля ганка - магілы памерлых жаўнераў. Камандзір польскага аддзела, які выгнаў бальшавікоў у 1920 г. знайшоў схованую збрую для каня і забраў яе сабе. Ён не ведаў, што яна павінна была быць падаравана Галоўнаму Правадыру (Пілсудскаму - Л. Л.).

Падчас вайны маёнтак страціў прыгатаваны запас будаўнічых матэрыялаў (былі назапашаны, каб пабудаваць новую плябанію, а ў былой плябаніі зрабіць прытулак для старых).

У 1915 г. Лідскі павет быў заняты немцамі. У Вялікім Мажэйкаве атабарыўся нямецкі маёр, прадстаўнік Liegenschaft - арганізацыі, якая кіравала кінутымі маёнткамі. Уладальнік Вялікага Мажэйкава да таго часу памёр у Парыжы, і інфармацыя пра гэта была атрымана праз Чырвоны крыж. Маёр, анямечаны паляк з Познані, прафесійны аграрнік, верыў ў нямецкую перамогу і вырашыў зрабіць усё, каб гэтая маёмасць у перспектыве стала ягонай. Таму гаспадарыў у гэтым маёнтку, як сапраўдны «добры бацька». Сцягнуў сюды з Ішчалны ўсе назапашаныя будаўнічыя матэрыялы і пачаў мадэрнізацыю на заходні капыл. Пабудаваў вялікую мураваную абору і вялізарную стадолу, адрамантаваў усе гаспадарчыя будынкі. Раллю трымаў ва ўзорным стане.

Дзякуючы яму, Вялікае Мажэйкава стала адзіным маёнткам у ваколіцы, які выйграў ад нямецкай акупацыі. Прайграная вайна, вяртанне дахаты і юрыдычнае наданне гэтага маёнтка спадкаемцам было для маёра адной з найвялікшых страт у жыцці.

Частка III. Вайна і мір

XIV. Міжваенныя часы, 1921-1939 гг.

Першыя гады пасля Першай сусветнай вайны

У выніку «Цуду над Віслай» ... восенню 1920 г. нашы тэрыторыі былі цалкам ачышчаны ад бальшавікоў. З 1921 г. пачалося аднаўленне ...

Вясной 1921 г. узноўлены судовы працэс аб Ішчалне, пачаўся ён яшчэ ў першай палове 1920 г. Летам адбыўся вырак Віленскага акруговага суду, які прызначыў Ішчалну нам, але толькі ў канцы года мы змаглі прыбраць папярэдняга апекуна маёмасці памёршай Марыі Скарбак-Важынскай сп. Міхала Шымялевіча, прафесійнага прыватнага судовага абаронцу (адваката) [68].

Я прыехаў у Польшчу ў 1919 г. і жыў у доме дзядзькі Станіслава. У жніўні 1921 г. першы раз з дзядзькам выбраўся брычкай з Кір'янаўцаў у Ішчалну аглядаць спадкі. У лістападзе 1921 г. бацькі разам з трыма маімі сёстрамі прыехалі з Расіі і таксама пасяліліся ў Кір'янаўцах.

На пачатку 1922 г. у Ішчалне пачала працаваць наша лясная, а з 1 красавіка аграрная адміністрацыя. З жывога інвентару засталіся 1 конь і 1 карова. Паверхня дзіравых дахаў, якія пільна патрабавалі рамонту, па ўсім маёнтку складала 3 гектары.

Для кіравання маёнткам з вясны 1922 г. мы нанялі адміністратара. Першым адміністратарам, які кіраваў лясной і аграрнай гаспадаркай, быў Баляслаў Мірэцкі, чалавек вельмі нервовы і з цяжкім характарам. Таму на наступны год на яго месца ўзялі флегматычнага Яна Навіцкага. Па ўзаемнай згодзе ўсіх гаспадароў, мой бацька наняў на 2 гады для ліквідацыі супольных лясных спраў сп. Генрыка Малішэўскага, чалавека вельмі рухлівага і энергічнага. Ён павінен быў назіраць за правільнай вырубкай 6 000 сасновага старадрэва і давядзення да ладу ўрочышча Бубліны. З вясны 1926 г. Ішчална больш не мела адміністратараў. Супольныя аб'екты былі ліквідаваны, і сваімі часткамі пачалі кіраваць самі спадкаемцы.

Аўдыенцыя ў Начальніка дзяржавы

Вясной 1922 г. начальнік дзяржавы, маршал Юзаф Пілсудскі, першы раз афіцыйна выехаў у сваю любімую Вільню. Трошкі раней, у лютым 1922 г. Сойм так званай Сярэдняй Літвы, сталіцай якой была Вільня, ухваліў далучэнне да Польшчы сваіх 14 000 км 2 - тэрыторыю Віленшчыны. Галоўны выканаўца тастаменту памёршай Марыі Скарбак-Важынскай, натарыюс Ян Буйко, вырашыў выкарыстаць прыезд Пілсудскага для выканання апошняй волі Важынскай і перадаць маршалу прызначаныя яму рэчы. Без вялікай цяжкасці дабіўся аўдыенцыі, на якую прыехаў разам з новымі ўладальнікамі Ішчалны, г. зн., са мной і маімі стрыечнымі сёстрамі Алінай і Зоф'яй.

Уся наша тройца ў той момант вучылася ў Віленскім універсітэце і з'яўлялася тыповым прадстаўніком маладога пакалення: энтузіястамі, зачараванымі адноўленай незалежнасцю. Сучасная моладзь, якая нарадзілася ў сваёй дзяржаве і выхавана на тым, што галоўным з'яўляецца дабрабыт, не можа ведаць, які смак мела для нас вольнасць, здабытая падпольнай працай, уласнай крывёй і высілкамі шэрагу пакаленняў бацькоў і дзядоў. І таму мы былі шчаслівыя асабіста вітаць правадыра нашай адроджанай дзяржавы, якая ўваскрэсла праз 130 гадоў.

Прыехаўшыя на вызначаны час дэлегацыі сабраліся ў гмаху ваяводскага палаца (былога біскупскага). У зале для аўдыенцыі мы стаялі ўздоўж сцяны. Для мяне гэта былі асаблівыя хвіліны, якія ўзрушаюць розум і душу. Знаходзіўся я сярод выбраных асоб, якім выпаў гонар прысутнічаць на аўдыенцыі ў найвышэйшага кіраўніка нашай дзяржавы - чалавека, які ў маім уяўленні ўвасобіў выкананне самым вялікіх мараў пра Польшчу!

Адзін з ад'ютантаў, параўноўваючы з папярэднім спісам, спраўдзіў размяшчэнне дэлегацый. Шырока адчыніліся падвойныя дзверы, і з суседняга пакоя разам з другім ад'ютантам лёгкім крокам увайшоў легендарны «Дзядак» - падобны больш на спартыўнага маладзёна, чым на дзеда - яго стройная фігура поўнілася энергіяй. Па чарзе абходзіў дэлегацыі, казаў кароткія прамовы і паціскаў далоні. Кожныя некалькі хвілін чуліся яго рубленыя жаўнерскія словы: «Дзякуй» ці «Вялікі дзякуй». Ніякіх іншых слоў больш не прамаўляў. Усе адбывалася ў хуткім тэмпе. Неўзабаве Пілсудскі стаяў перад нашай групкай:

- Спадар натарыюс Буйко, выканаўца тастаманту спадарыні Важынскай у справе ўручэння спадару маршалу рэчаў па тастаманце, - аб'явіў ад'ютант.

- Вельмі прыемна, - сказаў Пілсудскі па-чарзе падаючы руку.

Далонь цёплая, мужчынская, моцная і энергічная, але шляхетная, бо субтыльная і прыемная ў дотыку, як далонь вытанчанай дамы. Натарыюс Ян Буйко, мужчына ў веку каля 50 гадоў, мажны, прыстойны са шляхетным тварам і шэрымі вачамі, стаў у позу найбольшай павагі.

- Спадар начальнік, - пачаў ён дрыготкім, ломаным ад хвалявання голасам. - Прашу дазволіць прачытаць уступ тастаманту маёй кліенткі Марыі Скарбак-Важынскай, датычны вашай асобы.

- Прашу, - сказаў Пілсудскі.

- Першаму кіраўніку незалежнай Польшчы запісваю ў дар старажытную карабелю, слуцкі пояс і гусарскую збрую на каня, - прачытаў спадар Буйко. Прашу прызначыць мне аўдыенцыю з мэтай уручыць Вам усе адпісаныя рэчы памёршай ...

- Бо ўсіх гэтых рэчаў не маю, - тлумачыў у замяшанні Буйко, - польскі афіцэр, камандзір аддзела ўланаў, падчас праходу праз Ішчалну, калі вяртаўся з-пад Бярэзіны, самавольна забраў збрую.

- Ведаю пра гэта. Загадаў правесці следства і знайсці, - адказаў коратка Пілсудскі, узяўшы карабелю з рук натарыюса. Пояс перадаў ад'ютанту, а карабелю выняў з похваў і з відочным задавальненнем агледзеў яе ўсю: стальны клінок, з выбітымі па ўсёй даўжыні залатымі лічбамі і літарамі - датамі і кароткімі апісаннямі войнаў і бітваў, сведкам якіх была карабеля. Самая старая дата паходзіла з пачатку XVII ст., а самы стары тэкст быў напісаны па-беларуску [69]. Верагодна гэта была «батораўка» ці «жыгімонтаўка». Кідаліся ў вочы вышчарбіны ў сталі, што казала пра тое, што шмат разоў яна сутыкалася з клінкамі ворагаў. Рукаяць са слановай косці і крыжовым эфесам, похва абцягнутая шчыгрынам і акутая рыўкамі [70] чыстага золата, у рыўкі ўстаўлена біруза.

Аблічча маршала праяснілася.

- Прыгожая рэч. Надта прыгожая, - сказаў ён з захапленнем і паглядзеў у бок наступнай дэлегацыі. Слуцкі пояс агледзеў досыць хутка.

- Спадар правадыр дзяржавы, - сказаў далей Бунько, які адчуваў сябе, як на экзамене. - Мне прыкра, што не магу цалкам выканаць пажаданні памёршай.

Пілсудскі кіўнуў, паказваючы, што разумее і сказаў: «Дзякуй». Пасля чаго пайшоў да наступнай групы.

Пакуль Пілсудскі не памёр, карабеля знаходзілася ў Сулеювеку, у яго прыватных зборах. Пасля смерці маршала, здаецца, была перададзена ў Варшаўскі Нацыянальны музей, але дакладна пра гэта не ведаю. Потым, падобна, карабеля была вывезена ў Амерыку і захоўвалася там у адным з польскіх музеяў. Не ведаю таксама, ці была нарэшце знойдзена гусарская збруя - ніякай інфармацыі пра гэта да верасня 1939 г. я не меў.

Аўдыенцыя ў будучага папы Пія XI

У каморы скарбаў, не пашкоджаны агнём, захаваўся ў цэласці вялікі сталовы сервіз са старой баранаўскай парцэляны. Разам з іншымі каштоўнасцямі, Марыя Важынская вывезла яго ў Вільню і ў сваім тастаманце запісала сервіз Папе Рымскаму.

Галоўны выканаўца тастаманту натарыюс Буйко, у тым самым 1922 г., перавёз у Варшаву запакаваны ў скрыні сервіз і там, атрымаўшы аўдыенцыю ў папскай амбасадзе, уручыў яго асабіста першаму нунцыю Апостальскай сталіцы ў Польшчы, будучаму папу Пію XI, монсеньёру Ахіле Раці [71]. Не быў на той аўдыенцыі і таму не магу пра яе расказаць.

Дары для дзяржаўных чыноўнікаў

Апрача рэчаў для кіраўніка дзяржавы і Папы Рымскага, два застаўшыхся слуцкія паясы, спадкадаўца прызначыла для прэм'ера Ігнацыя Падарэўскага і творцы польскіх вайсковых аддзелаў у Францыі, генерала Юзафа Галера, кіраўніка Добраахвотнай арміі. Абодва паясы былі ўручаны без удзелу каго-небудзь з нашай сям'і.

Noblesse oblige

Уладанне Ішчалнай азначала вяртанне ў стан землеўладальнікаў для майго бацькі і ўсёй нашай сям'і. Значную частку жыцця яны пражылі, тулячыюся па чужых кутках, не маючы ўласнасці.

У Ішчалне адразу была арганізавана лекарская апека. Усялякія сацыяльныя службы ў той час не працавалі, і таму, як было ад веку, народныя лекі вырабляліся ў вёсках. Для цяжкіх выпадкаў выклікаўся лекар - доктар Чыж (наш кузэн) з Жалудка ці доктар Конрад са Шчучына.

Потым мы арганізавалі побыт пенсіянераў, яны былі працаўладкаваны начнымі вартаўнікамі ці на іншыя лёгкія працы. Адзінокія працоўныя і пенсіянеры харчаваліся на кухні двара.

Маці ўзяла на выхаванне дзяўчынку-сірату і апекавалася ёй ажно да паўналецця. Звалі яе Янка, і мела яна разумовыя праблемы - тры гады прасядзела ў першым класе і навучылася толькі чытаць і трохі лічыць. Але высілкі маці былі не дарэмныя, Янка скончыла 4 класы і кравецкія курсы ў Вільні і там жа атрымала працу. Другім сіратой быў Баравік, ён выхоўваўся пры двары. Яму было дадзена ўсё неабходнае для жыцця і навучання.

Двор пакрываў выдаткі на духоўныя паслугі - аплачваў хрэсьбіны, шлюбы і службы пры пахаваннях. Членаў нашай сям'і стала запрашалі хроснымі бацькамі ... .

Выдаваліся матэрыяльныя дапамогі і пазыкі. На вяселлі дапамагалі мясам, цукрам, вяндлінай, рэзалі барана ці цяля. Калі выходзілі замуж пакаёўкі, ім у пасаг давалася карова. Такі пасаг атрымалі Зоф'я Кенць і Эмілія Сегень. Мае бацькі ўрачыста дабраслаўлялі сужэнцаў у дамашнім салоне.

Летам служкам кошыкамі выдаваліся ападкі яблык ці груш. На святы Божага нараджэння ці Вялікдзень садавіна даравалася на печыва разам з якаснай мукой.

Дажынкі святкаваліся з гарэлкай і півам. Амаль што кожную суботу арганізоўваліся вечарынкі з танцамі. На такія вечарыны бацька дасылаў патэфон з кружэлкамі альбо аплачваў музыкаў. Дзецям купляў цукеркі.

Зараз, праз гады, пішу з прыемнасцю пра ўсё гэта, бо такімі былі звычаі ўсіх двароў нашага краю. Так рабілася не толькі ў Ішчалне, але і ў Вялікім (Верашчакі) і Малым (Брахоцкія) Мажэйкаве, у Скабейках (гр. Раствароўскія), у Раманаўцах (Ваньковічы), Дзікушках (Мінейкі), Жалудку (кн. Друцкія-Любецкія), Спушы (кн. Сапегі) у нашых кузэнаў у Кір'янаўцах і Пяткоўшчыне і па ўсіх іншых маёнтках.

Старшы брат Габрыэль заклаў кааператыўную млячарню. Акрамя двара, да яе належалі суседнія вёскі і фальваркі. Ён быў адным з заснавальнікаў Аграрнага кола, якое павінна было ўзняць культуру вытворчасці ў нашым павеце.

З трох маіх сёстраў, старэйшая Яніна хутка выйшла замуж і пакінула Ішчалну (перасялілася ў маёнтак мужа). Самая малодшая сястра ў 1924 г. закончыла гімназію. Працавала ў Коле землеўладальнікаў і была добрым арганізатарам рознага кшталту культурных мерапрыемстваў. Сярэдняя, Эмілія, якая апрача дваранскага інстытута закончыла вышэйшыя педагагічныя курсы і вышэйшыя курсы французскай мовы, мела кваліфікацыю настаўніцы. Нягледзячы на малады ўзрост, была паважная панна і прысвяціла сябе справе асветы.

Ні ў самой Ішчалне, ні ў яе ваколіцах не было ніякага школьнага будынка і ніводнага настаўніка. Таму бацька даў пад школу самую вялікую хату і ўсё неабходнае абсталяванне. Вэля (Эмілія) зрабіла першы спіс дзяцей, якія павінны вучыцца, у гэты спіс патрапілі ўсе дзеці 7 - 13 гадоў з двара ці бліжэйшых вёсак. Пасля выканання фармальнасцяў, навучанне пачалі ва ўстаноўлены тэрмін. Для Вэлі гэты быў самы шчаслівы дзень у жыцці. Яе першы клас налічваў 35 хлопчыкаў і дзяўчынак. Старшым з іх аказаўся Стась Шор з Кямянцаў, які выглядаў для астатніх «татам». Самым здольным быў сын беззямельнага селяніна з Кямянцаў Вацак Канцавік. Усё хапаў з лёту, а ўсе кнігі праглытваў.

У 1923/24 гг. трэба было адчыняць другі клас. Бацька аддаў наступную хату і цалкам яе абсталяваў пад школу. Вэля займалася з другім класам, а ў першым класе выкладала жонка адміністратара сп. Навіцкая, былая землеўладальніца з Меншчыны. Мела вялікі талент арганізатара. Апрача агульных прадметаў вучыла дзяцей спевам. На Божае нараджэнне 1923 г. разам з Вэляй зрабіла прадстаўленне. Пабудавалі адмысловую сцэну і паставілі лаўкі для гледачоў, у куце ўсталявалі вялікую, упрыгожаную ялінку. Адыгралі калядныя сцэнкі са спевамі і пасля спектакля раздалі дзецям цукеркі. Колькі было радасці і шчасця! Першае прадстаўленне, першая ўрачыстая ялінка, першыя слодычы!

У 1924/25 гг,, на трэці школьны год, Навіцкія пакінулі Ішчалну, і школьная інспекцыя даслала сп. Марыю Пілецкую [72] з маёнтка Сукурчы Лідскага павета. Яна прыняла класы Навіцкай, а Вэля ўзяла першы клас. ...

У 1924 г. на зборы ваколічных гаспадароў, які правёў школьны інспектар, было вырашана пачаць пабудову 4-х класнай школы, якая, каб быць у цэнтры мясцовасці, планавалася ў Кямянцах. Школа павінна была мець 4 настаўнікаў. Акрамя школы, патрэбна было пабудаваць дом для кіраўніка і 3 настаўнікаў, гаспадарчыя пабудовы, стадыён і гароды для настаўнікаў - агульная плошча каля 1 гектара. Усе пабудовы вырашылі рабіць з дрэва, якое павінен быў даць двор. ...

Школа ў Кямянцах была пабудавана на працягу аднаго года. Трэці клас з'явіўся восенню 1925 г., а чацвёрты ў наступным годзе. Настаўнікі прыехалі з Малапольшчы, і мая сястра Эвеліна пакінула працу. Яе вучні, пасля 4 гадоў, маглі працягнуць навуку ў Шчучыне, у агульнаадукацыйнай сямігодцы.

Педагагічная праца Эвеліны была заўважана школьным інспектарам. Пры спатканні з бацькам, ён выразіў здзіўленне з добрага ўзроўню ведаў польскай мовы ў нашых вучняў. Сказаў, што такіх зрухаў у мове не бачыў больш ні ў адной са школ акругі. Сакрэт навучання Вэлі палягаў у тым, што яна выкладала польскую па методыках вывучэння французскай мовы, якія ведала па вышэйшых курсах [73]. ...

Трэба ўзгадаць таксама і пра сабе. У Ішчалне бываў урыўкамі: у студэнцкія часы на вакацыях ці паміж курсамі. Пасля атрымання дыплома выехаў на працу і бацькоўскі дом наведваў толькі падчас святаў і выходных дзён.

Ведаў, што філантропія не можа вырашыць праблем. Як эканаміст лічыў, што выратаванне трэба шукаць ва ўрбанізацыі, развіцці прамысловасці і гандлю, у эміграцыі яўрэйскага насельніцтва ў Палестыну. Евангеллем для мяне была кніга Генры Форда (старэйшага). Мроіўся мне шлях новага Антонія Тызенгаўза, надворнага падскарбія ВКЛ у часы Станіслава Аўгуста, якому належаў суседні Жалудок.

Быў малодшым сынам. Па волі бацькі і па-традыцыі гаспадаркай кіраваў старэйшы брат, якому вайна не дазволіла атрымаць вышэйшую адукацыю. З ім мы мелі розныя погляды на развіццё маёнтка, і таму наша суіснаванне магло прынесці толькі шкоду. І я перасяліўся ў горад.

Прафесійная школа ў Ішчалне

Рамантычныя пачуцці і глыбокая вера ў пазітыўныя ідэалы «арганічнай працы» сфармавалі індывідуальнасць маладой панны Марыі Лясковіч. У дзяцінстве яна разам з бацькамі вярнулася з глыбіні Расіі - Пярмі, куды яе бацька Юльян быў сасланы «на пасяленне» як палітычны злачынца. З бацькамі жыла ў сваім маёнтку Пяткаўшчына за 3 км ад мястэчка Жырмуны Лідскага павета. Маёнтак меў дрэнную, пясчаную зямлю з занядбанымі драўлянымі пабудовымі і таму не цікавіў рускую адміністрацыю. Гэта пазбавіла гаспадарку ад канфіскацыі. Да таго ж Юльян быў больш асцярожны за свайго брата Альберта (Войцеха), якога расстралялі ў 1863 г. Непасрэднага ўдзелу ў паўстанні Юльян не браў, аднак патрыятычнай дзейнасці не пазбягаў, што і прывяло да ссылкі ў 1867 г.

Менавіта тут, у Пяткаўшчыне, Марыя спазнала вялікае каханне. Яна рамантычна закахалася ў кузэна, а той, не падазраючы пра глыбіню яе пачуццяў, расказаў пра свой будучы шлюб з паннай Тупальскай. Гэта стала паваротнай кропкай у жыцці Марыі Лясковіч. Прысягнула, што да канца жыцця застанецца вернай першаму каханню і не пойдзе замуж. Усё жыццё прысвяціць службе народу, менавіта гэтаму вучыў яе бацька. Адразу прыступіла да рэалізацыі сваёй клятвы - арганізавала ў Пяткаўшчыне тайную школу. Не мела патрэбнай кваліфікацыі, але выкладаць у першым класе магла.

Вучаніцы каля рамеснай школы, 1927 год.

Хутка памёр яе любімы бацька. Гаспадарыць пачаў старэйшы, лёгкадумны брат Эдмунд. У духоўнай самоце знайшла апору ў асобе вікарыя жырмунскага касцёла, маладога ксяндза Генрыка Бальцэвіча. Ён натхніў яе ідэяй працаваць для людзей. Досыць часта наведваў Пяткаўшчыну і ахвотна дапамагаў у справе нелегальнага навучання. Высокі, худы і прыстойны, меў розум даследчыка. Гарэў унутраным полымем, патрэбай чыну, быў рэвалюцыянерам у сутане. Надрукаваны ў адным з расійскіх часопісаў яго артыкул пра ролю святарства ў свеце ўзбудзіў гнеў касцельных уладаў. Да таго ж артыкул быў надрукаваны без дазволу касцельнай іерархіі. Суд біскупаў прыгаварыў ксяндза на двух гадоў пакутаў у кляштары. Вікарый не згадзіўся з выракам, зняў сутану і пачаў звычайнае жыццё ў Лодзі [74].

Вяртанне дахаты было немагчымым. І былы ксёндз пачаў працаваць хатнім настаўнікам. Пра рэвалюцыйнасць ксяндза і Марыі даведаўся спраўнік і над ёй павісла пагроза паўторнай высылкі. Таму яны вырашылі разам перасяліцца ў Варшаву і пачаць вучыцца на настаўнікаў.

Але Марыя не дазволіла адносінам пайсці далей за сяброўскія. Кватэры знялі ў розных раёнах горада і не спатыкаліся ў сваіх прыватных кватэрах. Бальцэвіч да 1905 г стаў сапраўдным педагогам, настаўнікам гісторыі і польскай літаратуры на ўзроўні гімназіі (г. зн., атрымаў вышэйшую адукацыю - Л. Л.). Першапачатковая адукацыя Марыі была меншай, і яна атрымала толькі права настаўніцы пачатковай школы, аднак лічыла, што так будзе лепш для яе мэты жыць для людзей.

Абодва былі дзецьмі дзвюх эпох: рамантызму і пазітывізму. Іх «арганічная праца» заўсёды праходзіла «ў нябёсах», і іх жыццё было цалкам прысвечана гэтай працы, але цякло спакойна, манатонна і бедна. Заўсёды меўся нехта, хто патрабаваў дапамогі, і настаўніцкіх заробкаў ледзь хапала для сціплага жыцця.

Калі ў выніку сямейных падзелаў Ішчалны Марыя атрымала ў 1924 г. участак пад школу, мела яна ужо 40 гадоў настаўніцкага стажу. І хоць у краі не хапала настаўнікаў, трэба было думаць пра пенсію. Толькі сэрца не згаджалася з гэтым.

Марыя, якую ў сям'і заўсёды звалі «цёця Марыня», у спадкі ад Важынскіх атрымала права на адну чацвёртую частку маёмасці свайго пляменніка Юльяна. Таму, пры падзеле выказала жаданне, каб ёй адмыслова пабудавалі школу для дзяўчат. Жадала атрымаць пляц у 4 га каля тракту і пашкоджаны падчас вайны будынак даўняй коннай пошты. Патрабавала грошы на рамонт і будаўнікоў, грошы на абсталяванне і дровы для ацяплення ўсіх школьных будынкаў.

Жаданне цёці Марыні было выканана. Калі пачала сваю цяжкую справу, мела больш за 60 гадоў на карку і ніякага гаспадарчага досведу. Аднак вера і запал могуць зрушыць горы. Згорбленая маленькая Марыня ... няспрытная ў рухах і падобная на птушку, мела сівыя валасы, на носе тоўстыя блізарукія акуляры, на вуснах альбо ўсмешку альбо капрыз - самую моцную зброю ў барацьбе з мужчынамі. Бо як было не ўступіць шляхетнай, безабароннай, такой жаноцкай старой. Пры гэтым для сабе яна нічога не патрабавала. Марыня мела дзіўна маладыя рукі - мяккія, пяшчотныя - не для працы, але гэтыя слабыя рукі здолелі 15 гадоў цвёрда трымаць школьныя справы. Ідэалізм і сціпласць цёці Марыні разам з яе ўяўнай бездапаможнасцю складаліся ў зброю, якая крышыла ўсе перашкоды.

Некралог, Słowo. 1939, № 144.

Яе школьная праца пачалася, расквітнела і асягнула пэўных вынікаў пры канцы яе жыцця. Дарога не была лёгкай. Летам 1924 г. сямейная рада Лясковічаў аддала ва ўласнасць цётцы Марыні дзялку з паўднёвага боку гістарычнага тракту, г. зн. вонкавага ад двара боку. На гэтай дзялцы знаходзіўся мураваны будынак даўняй коннай пошты з дахам, крытым дахоўкай, будынак быў ужо моцна пашкоджаны. Па яго абодвух баках стаялі таксама мураваныя гмахі старых стайняў без дахаў. Усё вымагала рамонту і нават адбудовы.

Нанялі дамарослага будаўніка, які падаў спіс неабходных рэчаў. Дрэва для школы было нарыхтавана зімой 1924/25 гг. Пакуль дрэва сохла, увесну зроблена асушэнне пляцоўкі і пачаўся рамонт будынкаў. У другой палове 1925 г. дрэва апрацавалі і папілавалі, над школай зрабілі каркас даху тое ж зрабілі з адной са стайняў, усю тэрыторыю школы агарадзілі. Перад восеньскімі дажджамі школу пакрылі дахоўкай, а стайні этэрнітам. Дадам, што 1925 г. з-за фінансавай рэформы Уладзіслава Грабскага быў самым цяжкім у эканамічным сэнсе.

У 1926 г. з вялікімі цяжкасцямі быў закончаны першы этап будоўлі. У школе падрыхтавалі першы паверх і два пакоі на мансардзе, а таксама палову будынка стайні. 1-га верасня 1926 г. школа была асвечаная і пачала працу. Знайшлі ледзь 20 дзяўчынак з ваколічных вёсак і мястэчак і прынялі на работу толькі 2 настаўніцы. Вучобу пачалі са спазненнем. Фінансаванне школы было чыста прыватным ..., а вольныя грошы ў маёнтку меліся не заўсёды. Школа атрымала назву: «Жаночая прафесійная школа ў Ішчалне павятовага Звязу землеўладальнікаў у Шчучыне». Звяз не меў сваіх грошай, але не раз звяртаўся да землеўладальнікаў з просьбай аб дапамозе для школы.

Першы год быў суцэльнай імправізацыяй, адмысловай праграмы не мелася. На наступны год, аднак, усё стабілізавалася. На паддашку былі адрамантаваны пакоі і цалкам закончаны рамонт галоўнага будынка, закончаны гаспадарчыя пабудовы: шопы для жывога інвентару, стадолы для ўраджаю, піўніцы пад бульбу, лядоўні і вазоўні на вазы і аграрныя машыны.

Школьны будынак меў 200 м2 карыснай плошчы і дзяліўся на дзве паловы шырокім калідорам, у які выходзіла 6 дзвярэй - адны на вуліцу, другія на падворак і чатыры ва ўнутраныя памяшканні. Улева ад галоўнага ўвахода месціліся два вялікія класы-працоўні: ткацкі і кравецкі. З правага боку, ад фронту будынка, была канцылярыя і жылы пакой кіраўніцы, а ў бок падворка - кухня і клас, у якім вучаніцы таксама і снедалі. У ткацкім класе стаялі двое вялікіх кроснаў, каб ткаць розныя тканіны. У кравецкім класе меліся два вялікія сталы.

У 1927 г. пабудавалі яшчэ два мансардныя пакоі. Школа атрымала трэці клас, колькасць вучаніц павялічылася да 60. Скончана перабудова другой стайні, пашыраны інтэрнат, і туды пераведзеныя кухня, сталовая і пакой кухаркі.

Грошай не хапала, і школьны інспектар узяў выкладчыкаў у свой штат, узаконіў навучальную праграму і ўзяў навучанне пад свой кантроль. Школа атрымала публічныя правы, аднак заставалася прыватнай, і фундатары пакрывалі ўсе астатнія выдаткі.

Мая сястра Ірэна праз сваю сяброўку, дачку ўладальніка гуты шкла «Нёман», замовіла аконнае шкло для школы са значанай зніжкай. Акрамя гэтага гута падаравала інтэрнату дзве скрыні розных шкляных вырабаў: шклянкі, вазы для кветак, сподачкі, міскі і місачкі, філіжанкі, падстаўкі, скрынкі для гузікаў і шпілек, падсвечнікі і іншыя неабходныя рэчы.

За мінімальную аплату, практычна за «Бог заплаціць» два лекары - др. Чыж і др. Конрад вялі лекарскую апеку над усімі вучаніцамі.

На штогадовыя выставы школьных прац прыбывалі суседзі з блізкіх і далёкіх ваколіц. Пасля паказу адбываўся продаж вырабаў. Сурвэты, кілімы, ходнікі, сукні і блюзкі, вырабленыя на працягу школьнага года знаходзілі сваіх пакупнікоў. Вельмі шмат школьных кілімаў і сурвэтак набыў наш двор.

Шчаслівая цёця Марыня радавалася, цешылася сваёй школай. Была яна тыповым рамантыкам з пасляпаўстанцкіх часоў.

Пасля атрымання школай публічных праў, пачалі прыязджаць вучаніцы з больш далёкіх краёў. У 1929 г. пляменнік Марыі Юльян выкарыстаў добрую кан'юктуру і прадаў вялікую партыю лесу па добрай цане. Доля Марыі ў гешэфце склала 60 000 злотых. Ніколі яна не мела такіх вялікіх грошай і вырашыла ўкласці іх у школу.

4-х гектарная школьная дзялка была выдзелена з 26-ці гектарнага поля. Рэшта гэтага 26-ці гектарнага поля была аддадзена ва ўласнасць легатарыю (суспадчынніку) кузынкі Марыі, яе даўняму аб'ездчыку Леанарду Роўбу. Роўба, чалавек цвёрдага характару і выключнай працавітасці ўзняў на сваёй дзялцы узорную гаспадарку. За паслугі, аказаныя двару пры ўпарадкаўванні лясных спраў, адмыслова заблытаных апекуном Шымялевічам, Роўба атрымаў ад новых гаспадароў акрамя таго, што належала яму па тастаманту, будаўнічыя матэрыялы для фермы. Паставіў добры чатырохпакаёвы дом з кухняй, спіжарняй і піўніцамі, стадолу са спіжарняй, будынак для прылад, вазоўню, лядоўню. Усю гэтую гаспадарку вырашыла набыць цёця. У выніку Роўба атрымаў наўзамен 33 гектары зямлі на лясной вырубцы, яшчэ раз усе будаўнічыя матэрыялы і 5 000 зл. гатоўкай. Потым у доме Роўбы, у лепшым пакоі жыў пенсіянер, сябар цёці Марыні, былы выкладчык і ксёндз Бальцэвіч.

Колькасць вучняў вырасла да 75 дзяўчатак. Умовай паступлення ў школу стала пасведчанне аб атрыманні 7-мі гадовай адукацыі. Трохгадовы курс школы уключаў у сябе наступныя спецыяльнасці: кравец бялізны, кравец верхняй вопраткі, ткацтва на ручных варштатах, ручныя работы, дамаводства і г. д. Колькасць педагогаў павялічылася да 8 асоб. Бальцэвіч узяў на сябе выкладанне гісторыі і літаратуры, новая кваліфікаваная кухарка выкладала дамаводства, наш садоўнік вучыў практычнаму садаводству і агародніцтву.

У пансіянаце жылі 50 вучаніц, астатнія паходзілі з суседніх вёсак. На былым участку Роўбы, у цяні клёнаў стаялі лаўкі і сталы. Тут улетку была сталовая. Дзяўчаты ў зацішным месцы рэчкі, закрытым ад тракту зеленню, зрабілі пляж. Не ўсе вучаніцы падчас вакацый ехалі дахаты, бо не ўсе мелі ў бацькоў прыемную атмасферу. Для іх домам стала школа, і кіраўніца стала маці. ...

Школа знаходзілася ў поўным росквіце і разам з ёй самыя шчаслівыя гады свайго жыцця мелі два ідэалісты. Нічога, што абодва перасягнулі сёмы дзясятак гадоў, нічога, што Бальцэвіч не атрымліваў заробку, а ўсе грошы Марыні ішлі ў касу школы. Нічога, што абцасы абутку кіраўніцы школы былі ўшчэнт зношаны, а падэшвы дзіравыя, бо чарговая, прыгатаваная на пакупкі абутку купюра ў 20 злотых, заўсёды ішла на іншыя патрэбы. Жыццё старых сяброў, як чыстае полымя, гарэла на ахвярным алтары для любімага народа і Бацькаўшчыны. Ажыццяўляліся іх галоўныя мары.

Якая ж вялікая радасць агарнула сціплуую Марыю, калі ў 1930 г., падчас наведвання школы, павятовы стараста Сялява ўзнагародзіў яе Залатым крыжам заслугі. Марыня разрумянілася, як дзяўчынка. Страціла мову. Прызнанне, здзяйсненне мараў. Яе пачуцці ўшанаваны. Колькі калег за тую самую працу атрымалі турму ці Сібір. А яна - ордэн.

Працяглы час не сціхалі апладысменты. Усе бачылі ўзрушэнне старой. Яна змагла толькі працягнуць старасту руку. Толькі Бальцэвіч разумеў, што рабілася на душы ў старой сяброўкі. Рухам рукі ён спыніў тых, хто хацеў яе павіншаваць. Толькі, калі засталіся сам на сам, даў волю словам. Ордэн з пасведчаннем замкнула ў шуфлядзе камода на ключ, не дазволіла павесіць у канцылярыі, як жадалі ўсе.

- Пан стараста памыліўся, - казала яна настаўнікам. - Калі б крыж прызначаўся школе, я б з радасцю павесіла яго на сцяне. Не павінен ён быў узнагародзіць толькі адну асобу, у дадзеным выпадку мяне. І я не жадаю ніякіх узнагарод за сваю працу, бо раблю тое, што павінна рабіць, выконваю свой абавязак.

Мітусня закончылася, і жыццё пайшло па-старому - паміж працай і сценамі яе пакоя, які месціўся за канцылярыяй. Пакой свой дзяліла з катамі ... каты стваралі дадатковыя праблемамі, бо хутка размнажаліся, і яна не паспявала раздаваць кацянят, а тапіць не дазваляла. Таму на сядзібе заўсёды было з паўтузіна катоў.

Цёця Марыня памерла вясной 1939 г. Труна, заваленая кветкамі, стаяла ў яе пакоі, праз адчыненае акно вечарам былі чутны трэлі салаўя. Усім добра вядомая постаць Бальцэвіча скурчылася, згорбілася, і ён сунуўся за труной адзінокі і асірацелы. Зрок яго быў чужы і пусты. За труной ішоў увесь род Лясковічаў.

Прэзідэнт Рэчы Паспалітай Ігнацый Масціцкі ў Ішчалне

Недзе летам, паміж 1933 і 1935 г., прэзідэнт Масціцкі рабіў аб'езд паўночна-ўсходняй часткі РП. У часе візітацыі Шчучынскага павета ён заехаў у Ішчалну, каб асабіста падзякаваць кіраўніцы прафесійнай школы Марыі Лясковіч за ахвярную асветную працу на працягу ўсяго яе жыцця.

За аўтамабілем прэзідэнта ехалі аўтамабілі яго світы. За 3 км перад Ішчалнай прэзідэнт загадаў спыніцца. Усе, разам з Масціцкім, увайшлі ў лес каля тракту. На другім баку тракту стаяў новы жылы дом, і бялелі свежым дрэвам гаспадарчыя будынкі на выкарчаваным кавалку былога лесу. Гэта была ферма Леанарда Роўбы, даверанага слугі Важынскіх, а разам іх і наш аб'ездчык (старшы гаёвы, але яшчэ не ляснічы). Уся світа ўдыхала напоенае соснамі паветра.

Выйшаўшы з лесу, прэзідэнт убачыў каля хаты гаспадара, які з увагай і цікаўнасцю разглядаў рэдкую з'яву - элегантны картэж прэзідэнта на грунтавым тракце, па якім раней ездзілі выключна вазы. Масціцкі са світай пайшоў да Роўбы. Убачыўшы такую колькасць дастойных спадароў у прыгожых цывільных касцюмах і ваенных мундзірах, Роўба адчуў галавакружэнне і страціў дар мовы. Ён, немалады ўжо чалавек, знерухомеў.

- Вітаю цябе, добры гаспадар, дазволь увайсці ў твой дом, - сказаў прэзідэнт з усмешкай.

- Ясны пане ..., - прамармытаў Роўба, не здагадваюся, з кім маю прыемнасць.

- Я - Масціцкі, - прадставіўся незнаёмец.

Роўба ўгледзеўся ў твар госця і пазнаў прэзідэнта РП, пачырванеў, як быццам яму ўся кроў ударыла ў галаву і хутка адскочыў у бок, каб даць дарогу гасцям, выкрыкнуў хатнім: «Увага», - і пастаяўшы з хвіліну, з пакорай сагнуўся ў паклоне.

Прэзідэнт падаў яму руку, але Роўба яе сквапна пацалаваў і выкрыкнуў:

- Ясны пан прэзідэнт, пакорна прашу ў хату!

Прэзідэнт увайшоў у дом. Убачыў жонку Роўбы і зразумеўшы, што гэта гаспадыня, падаў ёй руку і мякка сказаў:

- Добры дзень, гаспадынька, ці не магла б пачаставаць мяне парным малаком?

Службісты Роўба падскочыў да жонкі:

- Нясі хутка для ўсяго панства ўсё, што маеш найлепшага, сам прэзідэнт да нас прыехаў!

- Мы - не «ясныя паны», а гэткія грамадзяне РП, як вы і вашы суседзі, - заўважыў прэзідэнт.

Роўба яшчэ раз нізка, без слоў пакланіўся. Неўзабаве на стале ляжаў белы льняны абрус, бохан свежага жытнёвага хлеба, соль, масла, дамашні сыр, малако салодкае і кіслае, кубкі, талеркі, нажы і лыжкі.

- Прашу выбачаць за такую сціплую яду, мы, чым багаты, тым і рады, - схіліла галаву гаспадыня, робячы рукамі шырокі жэст запрашэння за стол, і дадала, - зараз запалю печку і пасмажу яечню.

Прэзідэнт Масціцкі заняў за сталом лепшае месца і запрасіў Роўбу, каб сеў каля яго, але той адказаў:

- Я мушу не сядзець, а служыць ясным панам. Не дапамагло яму тлумачэнне прэзідэнта пра грамадзян.

- Прашу паноў заняць месца - звярнуўся Масціцкі да сваёй віты. Сядалі пачынах, і месца хапіла толькі старэйшым.

- Гаспадынька, просім парэзаць хлеб, бо не магу зрабіць гэта так добра, як вы, - папрасіў Масціцкі.

Гаспадыня ўзяла бохан у рукі, перажагнала яго а потым доўгім, вострым нажом пакроіла па ўсёй шырыні на лусты і паклала на талеркі. Скончыўшы, адышла да печкі і пачала памешваць нешта ў вялікай патэльні, потым паставіла на стол міску з гарачай, тлустай, грачанай крывянкай. Першым яе пасмакаваў прэзідэнт, а за ім і ўсе, хто сядзеў пры стале. Потым на стале з'явілася смажаная на мясным бачку яечня з капы яек.

Госці мелі добры апетыт і са смакам елі жытні хлеб з маслам, крывянку і яечню, запіваючы прынесеным з піўніцы халодным малаком - кіслым і салодкім. У хаце панавала сяброўская атмасфера за спакойнай бяседай.

- Нічога падобнага ні разу не мелі мы на працягу ўсяго тыдня, - усміхаўся прэзідэнт са сваімі паплечнікамі. Печаныя індыкі былі штодзень і паўсюдна, але нідзе не было такой смачнай крывянкі. Сняданак заняў шмат часу, і праграма дня была пад пагрозай, але прэзідэнт, відочна, атрымліваў асалоду.

Масціцкі ўстаў першым, за ім усе астатнія. прэзідэнт паціснуў руку гаспадыні і падзякаваў за мілы прыём. У той час нехта са світы падышоў да Роўбы, каб заплаціць яму за сняданак.

- Барані Божа - запрычытаў гаспадар пры выглядзе банкноты ў 100 злотых. За тое шчасце, якое пан прэзідэнт з яснымі панамі прынеслі ў нашу хату, я не буду браць грошы. Гэта падзея, пра якую буду памятаць да канца жыцця і распавядаць сваім унукам.

Масціцкага праінфармавалі пра гаспадара і яго сям'ю.

- Але, пане Леанардзе - сказаў прэзідэнт, працягваючы да Роўбы рукі - Больш не маю часу. Сардэчна дзякую за вашу гасціннасць, зычу ўсяго добрага ў гаспадарцы і радасці ад сына, які хутка атрымае прафесію настаўніка.

Роўба знямеў - адкуль Масціцкі ведае пра яго сям'ю, адкуль ведае, што сын вучыцца ў настаўніцкай семінарыі? Схіліўся нізка да рукі прэзідэнта, нізка схілілася і жонка.

- Да пабачэння, да пабачэння, - развітаўся з гаспадарамі прэзідэнт і пакінуў хату.

Тым часам павятовы стараста, даведаўшыся, што Масціцкі едзе ў Ішчалну, даслаў ганца да кіраўніцы школы, каб папярэдзіць яе пра «неспадзяваны» візіт.

У школе хутка прыбраліся. У той час у ёй была мая сястра Ірэна, якая незадоўга да гэтага выйшла замуж за інжынера-чыгуначніка Януша Барткевіча. Яна прыйшла да цёці, бо жадала купіць у школе некалькі сурвэтак каб упрыгожыць сваю службовую кватэру ў Баранавічах. Па прапанове цёці Марыні ахвотна засталася і прыняла ўдзел у цырымоніі. Адну з вучаніц паставілі на варту, каб папярэдзіла, калі убачыць аўтамабілі.

Прэзідэнт выйшаў з свайго аўто і ў суправаджэнні ад'ютанта ўзняўся на школьны ганак. Дзверы былі шырока адчынены, бо сустракаць госця выйшла старая Марыня з драўляным падносам, накрытым самым прыгожым, доўгім, вытканым вучаніцамі ручніком. На ручніку ляжаў бохан жытняга хлеба і сальнічка з соллю.

- Вітаю дастойнага госця і прашу пана прэзідэнта ласкава прыняць ад нашай школы гэты хлеб з уласнага жыта і дробку солі, як належыць па звычаі, - вітала Масціцкага цёця Марыня. Прэзідэнт сардэчна падзякаваў і ахвяраваныя дары перадаў ад'ютанту, пасля чаго наступіў момант знаёмства з персаналам школы, а разам з імі і з маёй сястрой:

- Пані Ірэна Барткевіч з дома Лясковічаў, прадставіла яе цёця - мая пляменніца і магчымая пераемніца. Пасля гэтага, прэзідэнт пачаў агляд школы, з цікаўнасцю аглядаў вырабы і слухаў аповед пра школьную праграму, пра настаўнікаў, пра бытавыя ўмовы вучняў і школьнага персаналу.

Пры канцы візіту прэзідэнт зрабіў прамову, у якой расказаў пра заслугі заснавальніцы і кіраўніцы школы і выказаў ёй удзячнасць ад імені Польскай дзяржавы і ад сябе асабіста. Узяў з рук ад'ютанта скрынку, выняў з яе ордэн «Polonia Restituta» і замацаваў яго на грудзях цёці. Пасля чаго, пацалаваў ёй руку [75].

Пасля таго, як прэзідэнт паехаў, яна сказала старому сябру Бальцэвічу:

- Я ўзрушана, хто ж падказаў прэзідэнту мяне ўзнагародзіць? Напэўна павятовы стараста ці школьны інспектар. Хто іх прасіў гэта рабіць? За здзяйсненне мэты майго жыцця, за магчымасць пашырэння асветы ў незалежнай дзяржаве, пра якую мы марылі, яны мне заплацілі?! Пачуваю сябе зняважанай ...

- Ці не патрэбны школе грошы? - спытаў Бальцэвіч. За ордэн плацяць 300 злотых штогод. На гэтыя грошы ўстанаві стыпендыю якой-небудзь здольнай, але беднай вучаніцы.

- Стыпендыю? ... Ты заўсёды жадаеш, каб было, як ты сказаў. Ах, як гэта не люблю [...]

Пасля доўгіх перакананняў яе ў тым, што ўзнагарода - гэта добрая рэч для справы, а адмова ад ордэна была б непавагай дзяржавы і непавагай сваіх вучаніц, большасць з якіх паходзіць з беларускіх крэсаў (гэтак у тэксце - Л. Л.). Марыня згадзілася і нарэшце зразумела, што адмова ад грошай, якія дае ордэн і пры гэтым сталыя звароты аб дапамозе, выглядалі б дзіўна. Стыпендыя ў 25 злотых у месяц амаль што раўнялася заробку кабеты ў полі за той жа месяц. Для беднай вучаніцы гэта былі вельмі добрыя грошы.

Аргументы Бальцэвіча падтрымалі таксама пляменнікі цёці: Юльян і я. Супольнымі намаганнямі мы падужалі зацятую ўпартасць старой ідэалісткі, ордэн разам з пасведчаннем замацавалі ў рамцы і павесілі ў канцылярыі, а на 300 злотых устанавілі стыпендыю.

Усю сваю уласнасць у тастаманце цёця запісала школе.

Святы ў Ішчалне

За дзень перад пастэркай [76], нас, расцярушаных па ўсім краі, коні звозілі ў Ішчалну з бліжэйшай чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы. І заўсёды наша сям'я прымала шмат гасцей.

Калі вігілійны стол быў накрыты, а пад абрусам так міла пахла сена - у акне з'яўляліся зоркі. Тады ўсе мы ў святочных строях і з урачыстым настроем сустракаліся ў сталовай. Бацька браў са стала паднос з аплаткамі і разам з маці спускаўся ўніз, у кухню. У вялікім абедзенным пакоі для чаляднікаў ужо чакалі служкі. З імі першымі пачыналі ламаць аплатку і запрашалі заняць месца за падрыхтаваным для служкаў святочным сталом. У гэты вечар усе мелі спажыць абавязковыя, традыцыйныя дванаццаць страў. Ролю гаспадыні тут выконвала ахмістрыня, сп. Зоф'я Лянчыцкая - жах не толькі для сваіх падначаленых, але і для свайго мужа. Ахмістрыню мы ўспадкавалі ад Важынскіх, і адпрацавала яна на сваім месцы да самага канца. Яе муж Караль быў значана старэйшым за гэтую поўную тэмпераменту і волі да ўлады кабету. Яна называла яго «канальей», а ён адносіўся да яе з вялікай павагай і ўсім расказваў, што мае жонку з роду князёў Агінскіх.

- Бо інакш, чаму яна мае панскае імя? - казаў ён.

- Яе маці была панскай годнасці, - канфідэнцыяльна запэўніваў ён з вялікай павагай да сваёй паловы. Муж спадарыні Лянчынскай, стары пакорлівы Караль, працаваў садоўнікам. У апошнія гады свайго жыцця стаў ужо няздольным да працы. Мог толькі кіраваць, а ўсю работу ў садзе і гародзе выконвалі адмыслова выдзеленыя для яго рабочыя.

З-за таго, што дзяцей у іх не было, сп. Лянчынская вельмі любіла парсючкоў. Яе выхаванцы, выказвалі да гаспадыні гэткія ж пачуцці, бегалі за ёй, як шчаняты, і віскаталі - ці са страху згубіцца, ці з задавальнення, што яна разам з імі. Гаспадыня брала парсючкоў на рукі, туліла да сябе і цалавала.

- Чаму гэтак любіце парасят? - неяк спытаў я яе.

- Бо яны не такія свінні, як людзі, - адказала ахмістрыня. ...

Вяртаемся да нашай тэмы. Калі чэлядзь сядала за вігілійны стол, бацькі вярталіся на другі паверх, каб падзяліцца аплаткамі з намі.

Мясцовы пробашч ксёндз Красадомскі наведваў калятараў: у адзін год бываў у Ішчалне, на другі ў Вялікім Мажэйкаве, дзе знаходзілася капліца - філія парафіяльнага касцёла. У год, калі святкаваў у нас, разам з бацькамі сыходзіў уніз, каб пераламаць аплатку са служкамі.

Пастэркі спявалі пасля вігіліі, звычайна каля 10-й гадзіны. Калі званілі званы - ішлі разам з усімі вернікамі ў касцёл, парафія налічвала каля 4 000 душ.

Усе тлумам валяць у касцёл і становяцца па старому звычаю: мужчыны па-леваму боку а жанчыны па-праваму. Лаўкі займаюць старыя і дзеці, пераважная большасць тых, хто сядзіць - жанчыны. Больш дарослыя дзеці і старыя мужчыны, якія адчуваюць яшчэ сваю сілу, стаяць. Для іх сядзець на лаўцы - страта гонару. Увесь касцёл зіхаціць дзясяткамі васковых свечак, іх адлілі ў плябаніі з воску двароў і пробашча. Воску для касцёла хапае - даюць яго двары Ішчална, Вялікае Мажэйкава і парафіяне. Толькі самыя вялікія, алтарныя, свечкі, пробаш прывозіць з Вільні, а наўзамен вязе туды воск. Апрача свечак, двор таксама ўжывае воск як пасту для прыемнага паху. Для гэтага воск змешваецца са шкіпінарам, і пах гэтакай пасты напаўняе прыемным водарам увесь бацькоўскі дом.

Касцёл поўны. На калятарскіх лаўках каля прэсбітэрыя [77], па правым баку алтара, калі глядзець з боку крыпты [78], сядзяць уладальнікі Ішчалны, а на супрацьлеглым баку - Вялікага Мажэйкава. Пасля адмысловага, кароткага званка з сакрыстыі выходзіць пробашч, убраны ў святочны белы арнат, багата ўпрыгожаны срэбрам і золатам. Усе ўстаюць, каб вітаць каплана. Заіграў арган, і пачалася св. Імша. ... Ксёндз сёння служыць тры імшы: анёльскую, пастэрскую і каралеўскую. ...

Ксёндз Красадомскі не любіць спяшацца, яму заўсёды мала малітвы. Звычайнае нядзельнае набажэнства не бывае карацейшым за дзве з паловай гадзіны, а святочнае на гадзіну даўжэйшае. Ён сам з сялян, ён добра іх разумее, ведае, што калі селянін выбраўся з дому, дык ён павінен ведаць, для чаго ён гэта зрабіў. Бо перад тым яму трэба пагаліцца, памыцца і апрануць чыстую бялізну, лепшую вопратку і абутак, добра ачысціць і выслаць свежай саломай воз альбо сані, узяць з сабой корм для каня ды і самога каня пачысціць. Часу, каб падрыхтавацца, неабходна шмат, і набажэнства павінна быць адпаведным, а да набажэнства трэба паразмаўляць перад касцёлам з суседзямі, а спяшацца можна ўжо толькі, калі селянін будзе вяртацца дахаты - каб кожны бачыў, што ён мае добрага каня, а не нейкую клячу.

Я любіў хадзіць паміж гаспадарамі і вітацца з суседзямі. Знаў многіх, і яны мяне ведалі. ...

На раніцы ўвесь дом у святочным настроі, усе элегантныя і, як быццам, больш прыгажэйшыя, чым звычайна. Да змроку ўсе цешацца домам і сабой, а ўвечары выезд у госці. Па звычаі, у першы дзень едзем у Красулі да Яноўскіх, на другі - у Малое Мажэйкава да Брахоцкіх, на трэці дзень гасцей прымаем мы, на чацвёрты едзем у Лебёдку Скіндара [79]. Тая жа чарговасць захоўваецца і на Вялікадзень.

Калі яшчэ трэба некага наведаць, дык гэта можна толькі пасля святаў. Самымі блізкімі суседзямі былі Верашчакі ў Вялікім Мажэйкаве, Ваньковічы ў Раманаўцах, Раствароўскія ў Скабейках, Сяклюцкія ў Стрэліцы, Міхневічы ў Лебядзе, Бразоўскія ў Гурнофелі, Валейкі ў Галавічполі, Іваноўскія ў Рагачоўшчыне [80], Казлоўскія ў Чарноўшчыне, Мейры ў Воўчынках, Лісоўскія ў Высокім Лацку, і самыя паважаныя - князі Святаполк-Чацвярцінскія ў Жалудку.

Вёска не ведала, што святы святкуюцца толькі 2 дні. Тут усе не працавалі з паловы вігілійнага дня ці вялікай суботы і потым яшчэ на працягу 3 дзён. Падчас святаў нават кухня была нячыннай. На ёй можна было толькі прыгатаваць малако ці ваду на гарбату і падагрэць булён ці боршч. Усе астатняе падавалася халодным.

За святамі Божага нараджэння па традыцыі адбывалася вігілійнае паляванне. Нармальным былі два святочныя паляванні, пасля кожнага з галоўных свят. Вігілійнае паляванне мела сямейны характар, госці маглі быць, але не стала. У нас паляванне праходзілі ў чатыры стрэльбы: бацька, брат Габрыэль, швагер Януш Барткевіч і я. Часамі браў удзел другі швагер ці кузэн Вітольд Лясковіч, ці хто з суседзяў. [...]

Новы год сустракалі ў сваіх гарадах і кожны бавіўся, як хацеў, пераважна на якім-небудзь гучным балі ці грамадскай забаве. У Ішчалне, аднак, Сільвестра святкавалі традыцыйна. 31 снежня, каля 8-й гадзіны вечара пры сціплай вячэры і ў штодзённых строях пачыналі развітанне са старым годам. Пасля гэтага, стол накрываўся ўжо для ўрачыстай навагодняй вячэры з алкаголем, віном і бутэлькай шампанскага. У гэты час усе ішлі ў свае пакоі, каб пераапрануцца. Каля 11-30 пісалі ўзаемныя пажаданні і падкладалі гэтыя лісты пад талеркі адрасатаў, па магчымасці пажаданні пісалі вершам. У 11-45 мама запрашала ўсіх на супольную малітву ў салон. Кожны кленчыў каля якога-небудзь крэсла альбо фатэлю, а мама ці сястра Вэля чытала малітву і літанію. За некалькі хвілін да поўначы ўставалі з калень, каб заняць месца за сталом. Раней поўнач адбіваў насценны гадзіннік, потым сігнал падавала радыё. Звычайна першы тост быў за Бацькаўшчыну і кіраўніка дзяржавы, далей ішлі тосты за бацькоў, за дом, за тых сваякоў, якія зараз далёка.

Паколькі на вігілію падавалі шчупакоў: у галярэце і смажанага, таму і на Сільвестра часта падаваліся селядцы ці кансервы замест свежай рыбы. Пра іншыя стравы можна не расказваць - гэта былі звыклыя ў маёнтках вяндліна, мяса, хлеб. ...

Падчас размоваў за сталом пачуў шмат цікавых гісторый. Бацька ўспамінаў, што пасля страты Шумска, яго узяў на выхаванне дзядзька Яўстах Сясіцкі з маёнтка Панямунь. Гэты быў прыгожы, суровы і загартаваны мужчына. У маладосці яго сэрца было распаленае расказамі пра паўстанне 1831 г. і не маючы магчымасці збройна ваяваць з царызмам ў сваім краі, ён выехаў на Каўказ, дзе да самага канца той вайны ваяваў на баку тубыльцаў за іх свабоду. Пасля пакарэння Каўказа і далучэння яго да Расіі, вярнуўся ў свой маёнтак разам з жонкай - прыгожай княжной-чаркескай. Бацька быў яшчэ падшпаркам, калі Яўстах арганізаваў гучнае паляванне з гончымі сабакамі і з удзелам суседзяў. Пасля прыезду ў лес, разбілі лагер. Пакінулі тут вазы і служкаў для прыгатавання паляўнічага снедання. Бацьку, каб не замінаў дарослым, даручылі нагляд за гэтым лагерам. Бачачы сум малога, дзядзька пакінуў яму стрэльбу:

- Ёсю - сказаў ён - калі выпадкова заяц выскачыць альбо да цябе захоча прыйсці казёл - страляй. ... Сабакі выпадкова выгналі казла да таго месца, дзе сядзеў хлопец. Ён выстраліў, і казёл упаў. ... Потым паляўнічыя пілі за малога як за караля палявання. Быў гэта самы шчаслівы дзень у яго жыцці.

Маці апавядала, што ў Лаўмянках, дзе яна расла, была адзінай дзяўчынай пасярод чатырох хлопцаў. Неяк, у верасні яны выехалі на збор арэхаў і зайшлі ў дом да засцянковага шляхціца. Яго жонка, прагнучы зрабіць гасцям добра, падала ім малако, хлеб і масла ў ... начным гаршку. Эмаліраваны гаршчок у той час быў каштоўнай і рэдкай рэччу ў засценках. Госці ўсхваляваліся, але гаспадыня патлумачыла, што начнік яшчэ ні аднаго разу не выкарыстоўваўся па прызначэнні. ...

Наступнай урачыстасцю быў Вялікдзень. Гэта свята стварала добры настрой бо было ўжо цёпла і нарэшце можна было прыбраць цяжкія футры. ... Хоць калядныя стравы былі рознымі і смачнымі, але яны не маглі параўноўвацца з вялікоднымі, і галоўным упрыгожваннем вясенняга стала была смачная шынка.

Святочныя стравы звычайна месціліся на прастакутным стале ў круглым салоне, каб у Вялікую суботу пробашч іх асвяціў. Для лепшага захавання страў, у гэтым салоне не палілася печ, і на ўсю ноч адчынялася фортка. Адразу ад уваходу, на стале стаяла вэнджаная галава вепрука з чырвоным яйкам у лычы. Далей, сярэдзіну стала, займалі: авечка з харугвачкай, міса, поўная фарбаваных яек, некалькі вазонаў з кветкамі, высокія бабкі, палітыя глазурай і пасыпаныя рознакаляровым макам. На кожную з іх пайшло па капе яек, і яшчэ для колеру ў іх дададзены шафран. Нарэшце, пасярэдзіне стаяў высокі сенкач з паліванага падчас выпечкі цеста. Па баках стаялі мяса і мазуркі. Самай смачнай аздобай мясных страў была «пудовая» шынка, запечаная ў цесце разам з косткай і таму сочная і смачная. За святы, разам з гасцямі з'ядалі 2 такія шынкі. Кожная з іх важыла каля 16 кг. Потым ішла чвэрць цяляці, печань вала, вялікі, фаршырованы індык, вялікая гусь, пара качак і піражкі з шынкай да баршчу ці булёну.

Сярод выпечкі, апрача дасканалых бабак і сенкача, вельмі смачнымі былі розныя мазуркі ... у іх склад уваходзілі сушаныя вінныя ягады (інжыр) - каралеўскія ці мігдальныя, унутр іх клаліся разынкі, а зверху пасыпаліся салодкімі мігдаламі, мазуркі маглі быць арэхавыя, шакаладныя, апельсінавыя, мокрыя ці вафельныя, у вафельных слаямі клалася шакаладная паста. Бывалі яшчэ і іншыя мазуркі, якіх ужо не памятаю. Часамі стаялі разам дзве «пасхі», адна белая, другая ружовая, з какава. У іх склад уваходзіў свежы, салодкі тварог з дамешкам розных ласункаў. ...

У некаторых дварах акрамя дамашніх птушак на сталах стаялі цецярукі, фазаны і нават глушцы, як, напрыклад, у Малым Мажэйкаве. Гэтых глушцоў упалёўвалі ва ўрочышчы Морына, якое належала Брахоцкім.

На Вялікодныя святы ніхто не працаваў 3 дні, і потым звычайна яшчэ рабілі паляванне ў Прэйцах. [...]

Галоўнай падзеяй лета былі Дажынкі. Гэта не сямейная ўрачыстасць а свята маёнтка якое сімвалізуе сціслую повязь лёсу ўладальніка маёнтка і сялян. Дажынкі адбываліся пасля заканчэння жніва жыта. Звычайна перад дажджамі на св. Яна (22 - 24 чэрвеня) належала цалкам закончыць першы пакос канюшыны. Пасля таго як канюшыну звозілі з поля, пачынаўся перыяд святаянскіх дажджоў. Пасля гэтага прыступалі да сенакосу, які, калі не замінала надвор'е, закончваўся ў першай палове ліпеня. Пасля гэтага наступаў перыяд жніва жыта. Заўсёды пільнавалі надвор'е 10 ліпеня - сем спячых братоў. Калі ў гэты дзень падаў дождж, дык прагноз быў фатальны - дажджы будуць ліць да канца жніўня - сем тыдняў. Трэбы было мець вялікі спрыт, каб у перапынках паміж дажджом высушыць сена і звазіць яго ў стадолы. У такія гады дажынкі праходзілі панура.

Але спрабую апісаць нармальныя, радасныя дажынкі, калі 10 ліпеня панавала добрае надвор'е.

Дажынкі заўсёды адбываліся ў суботу. Жніво заканчвалі на некалькі дзён раней і на бліжэйшую суботу пакідалі які небудзь кавалачак нязжатай зямлі, куды і выязджалі жняярка са жнеярамі. Пасля таго як апошні кавалак быў зжаты, работнікі забіралі адзін з снапоў і плялі прыгожы вянок з адмыслова выбраных прыгожых і моцных каласоў. У вянок упляталіся васількі, рамонкі і мак пасля чаго мацавалі яго на верхавіну грабель жняяркі. У поўдзень работнікі ўрачыста праходзілі праз двор, дзе ўжо іх чакаў бацька з усёй сям'ёй. Згодна з традыцыйнай беларускай песняй:

«Пажалі жыта, пажалі ярку,

Пойдзем да пана аж да фальварку.

Ураджай жыта з усіх бакоў.

Не шкадуй пан сыра белага,

Дасць табе Пан Бог унука малага.

Ураджай жыта з усіх бакоў», -

уручалі вянок і апошні сноп дзедзічу, пасля чаго сыходзілі. Праз некалькі гадзін, у падвячорак, усе сходзіліся на ўрачыстасць, якая павінна была адбыцца адпаведна з падрыхтаванай праграмай.

Праходзіла ўсё гэтак:

Перад ганкам жылога дома, які служба звала «палацам», на сярэдзіне газона ставіўся доўгі стол і да яго прыносіліся лавы для бяседнікаў. Пад кіраўніцтвам дзедзічкі ўся абслуга кухні рыхтавала прыём. Ставілі талеркі без накрывак. Уласную накрыўку кожны прыносіў сам. Ставіліся кілішкі і шклянкі. На першую страву ішла рыба - селядцы і смажаныя плоткі, акуні, ляшчы, часам ліні - усё, што злапалі. Кухар выдаваў бутэлькі гарэлкі, пільнуючы, каб пілі ў меру. Удзельнікі самі сабе напаўнялі кілішкі, і першы тост піўся разам з дзедзічам, а часам і яго сынамі, далей ужо ўсё ішло само па сабе. Пасля рыбы выносілі кацёл з гарачым супам, гэта мог быць тлусты жур (суп на мучной заквасцы), бацвінка ці капуснік і да яго чатыры нарэзаныя хлябы. Пасля супу падавалі гарачае: вялікія кавалкі мяса (часцей ялавічына) з гарачай кашай. Перад кожным удзельнікам ставілася бутэлька піва, а на стол шмат пляшак хлебнага квасу. Пад сталом круціліся сабакі і хапалі кінутыя ім косткі, а каля бацькоў - дзеці, якім жанчыны давалі самае смачнае. На дэсерт падавалі салодкія булачкі з крушонам ці кашы з яблык і груш, якія можна было есці ці забіраць з сабой. Мэтай дажынкавых пасядзелак было накарміць удзельнікаў дасыта, па-горла. Пасля гэтага адбывалася гучная вечарынка з танцамі, і на яе дадаткова выносілі квас і садавіну.

Я любіў дажынкі, якія быццам вярталі нас ў старыя часы. Дажынкі цэментавалі адносіны дзедзіча са сваімі работнікамі і нагадвалі ўладальнікам маёнткаў, што яны выйшлі з таго самага народа, з гэтай самай зямлі ... нашы продкі жылі тут яшчэ за паганскімі часамі.

XV. Пачатак Другой сусветнай вайны

Верасень 1939 г.

... 29 жніўня 1939 г., калі я апошні раз быў у Ішчалне, адбылася сямейная нарада. Я пераканаў сям'ю ў тым, што вайны не пазбегнуць і яна хутка пачнецца. Таму трэба мець планы на будучыню. Вырашылі, што вайну лепей перажыць на вёсцы і тут чакаць развіцця падзей. Мне трэба было застацца ў Баранавічах, дзе я працаваў. 30-га ў Баранавічах я атрымаў паперу аб перадачы свайго аўтамабіля дзяржаве - заўтра а 9-й раніцы я абавязаны быў даставіць яго ў пункт прыёму каля радыёстанцыі.

Прыйшлося доўга чакаць, покуль я здаў свой Fiat 508. Разам са мной, толькі што куплены за 12 000 зл. мерседэс, здаваў мой школьны калега Бруна Бохвіц, уладальнік ляснога маёнтка Паўлінаў.

1 верасня ў 12-й гадзіне перадалі камунікат аб пачатку вайны з Нямецкім Рэйхам і заклік прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага. Я не меў у той час ніякай інфармацыі з Ішчалны і сваё апісанне падзей у маёнтку буду грунтаваць на аповядзе швагра Бярнарда Русецкага, які ў той момант там знаходзіўся.

Наша нарада 29 жніўня нічога не змяніла, і вайна застала сям'ю непадрыхтаванай. Папярэджанне Цат-Мацкевіча ў віленскім «Слове» аб падпісаным у Маскве новым падзеле Польшчы не дайшло да сэрца. Спадзяваліся на падпісаную з Саветамі дамову аб ненападзенні, бо дзейнічала яна да 1942 г. Таму баяліся толькі немцаў.

25 жніўня святкавалі хрысціны першага малога Лясковіча Стася, сына майго брата Габрыэля. Было шмат гасцей, і ніхто не думаў пра вайну. Наш радыёпрыёмнік меў пасаджаныя батарэі таму прымаў перадачы вельмі невыразна. Падчас святкавання мы неяк не здагадаліся купіць новую батарэю, але ў плябаніі і прафесійнай школе меліся добрыя прыёмнікі.

31 жніўня каля 5-й гадзіны пасля поўдня да нас у Ішчалну прыехала з Лебёдкі спадарыня Чансарэл (Chancerelle de Reynaut) - сяброўка нашай суседкі Алены Скінадар з Іваноўскіх. Адлегласць у 10 км яна праехала конна. Спадарыня Чансарэл была англічанкай, якая выйшла замуж за француза, а потым з ім развялася. У Лебёдцы знаходзілася як журналістка. Пісала для некалькіх англійскіх часопісаў пра наш край і, між іншым, ужо пераслала ў Лондан тэкст і здымкі пра Ішчалну. Паміж ёй і мной завязаліся добрыя стасункі. Англічанка сказала, што прыехала, каб адмыслова расказаць нам важную навіну, якую яна пачула па лонданскім радыё. На польскай усходняй мяжы адбываецца канцэнтрацыя вялізных мас савецкіх войскаў. Пасля абмеркавання гэтай навіны, яна села на каня і з'ехала. Аднак і пасля гэтага ніякіх крокаў па падрыхтоўцы да вайны не было зроблена. Вырашылі, што мэта канцэнтрацыі войскаў невядомая, бо цяжка зразумець думкі палітыкаў і стратэгаў. Ды і што можна зрабіць? Толькі чакаць хады падзей. Назаўтра, 1 верасня ў 6 раніцы пачуліся моцныя выбухі, затрэсліся шыбы ў вокнах. Пачалася вайна.

У небе чуўся гул нямецкага самалёта, які скінуў бомбы на чыгуначны паўстанак Жалудок. З гэтага моманту, пачалося рэгулярнае патруляванне нямецкай авіяцыяй дарог паміж Гародняй і Лідай. Каля нас ішла чыгуначная лінія, шаша і шырокі грунтовы тракт, якія бяскарна патрулявалі нямецкія самалёты. Патруляванне немцы пачыналі пунктуальна а 6-й гадзіне раніцы і заканчвалі а 7-й вечара. Па дарогах не ішлі польскія войскі і нямецкія лётчыкі забаўляліся расстрэламі быдла, якое пасвілася вакол дарог, ці людзей, якія працавалі ў полі і асабліва калон уцекачоў з захаду.

Гэтыя некалькі нямецкіх самалётаў спаралізавалі чыгуначны і аўтамабільны транспарт. Перастала функцыянаваць пошта, усім, хто выбіраўся на дарогу, гразіла смерць. Жыхары двара Ішчална хутка дабягалі да школы, каб паслухаць радыё, але ні 1-га ні 2-га верасня радыё не паведамляла радасных навін. Аднак у сярэдзіне дня 3 верасня з выпуску навін даведаліся пра ўступленне ў вайну Англіі і Францыі. Усіх ахапіў энтузіязм. Зніклі сумненні. Здавалася, гарантавана хуткая перамога над ворагам. Але ... як і раней, немцы рухаліся наперад. Паўстаў псіхоз пошукаў нямецкіх шпіёнаў, і пачалі затрымліваць шмат падазроных людзей і накіроўваць іх у паліцыю, дзе з-за адсутнасці доказаў іх вызвалялі. Аднак, пагалоскі пра шпіёнаў пашыраліся.

Казалі, што чыгуначны абходчык падаваў нейкія сігналы нямецкім самалётам, а тыя кідалі яму на парашуце інструкцыі. Казалі, што яго схапілі і расстралялі. Быў ён нямецкім жаўнерам, які тут застаўся пасля Першай сусветнай вайны, жаніўся, але кожны год выязджаў на радзіму. Улады пра гэта ведалі і сачылі за ім.

Другая чутка прыйшла з Гародні. Казалі, што 1 верасня, падчас бамбадавання гэтага горада быў збіты нямецкі самалёт. Каля трупа лётчыка знайшлі і труп былога бухгалтара фанернай фабрыкі ў Шчучыне, якая належала Канапацкім. Акрамя іншага, гэта фабрыка рабіла фанеру для самалётаў. 1 верасня яна была атакавана з паветра, але самалёты знішчылі толькі тыя будынкі, у якіх захоўвалася прадукцыя для ваенных мэт. Казалі, што пілота наводзіў на фабрыку той бухгалтар-немец, які таксама кожны год ездзіў у Германію.

Уяўная 5-я нямецкая калона павялічвалася кожны дзень, але пачалі прыходзіць больш дрэнныя навіны. Заходнія саюзнікі не стварылі другога фронту і пачалі «дзіўную вайну» [81] ў Францыі. Польскае грамадства не разумела, што адбываецца, бо гэта пераўзыходзіла нашу магчымасць разумення. Мы яшчэ не ведалі, што можна аб'явіць вайну і не ваяваць, а спадзявацца на тое, што ўсё неяк само ўлагодзіцца.

У Ішчалне панаваў смутак. Аднак мы верылі, што наша войска можа яшчэ адступаць да ўсходняй мяжы.

15 верасня каля 13-й гадзіны над дваром з'явіўся нямецкі самалёт і пачаў кружыць над маёнткам вялікімі кругамі. Кінутая ў парк невялікая бомба спарадзіла паніку, і ўсе паўцякалі ў кусты. Забылі нават пра малую, 2-х гадовую Лялюню, дачку майго брата Габрыэля, якая бавілася каля ганка. Калі яе адтуль забіралі, малая са здзіўленнем казала, што самалёт робіць «пук - пук - пук». Пасля ўратавання Лялюні самалёт яшчэ некалькі разоў прайшоў над дваром, аднак больш не страляў і не кідаў бомбу.

У той дзень пачалі выць сабакі, вылі яны і ў наступную ноч, хоць і не было для гэтага нагоды. 16-га нямецкія самалёты амаль што не з'яўляліся, а 17-га зніклі наогул. Запанавала ціша. Радыё ў доме цалкам сціхла. Швагер Русецкі пайшоў па інфармацыю ў школу. Круцячы наладку, знайшоў нейкую шведскую станцыю якая інфармавала палякаў, што сёння, на раніцы савецкая армія перайшла польскую мяжу. Не верачы сваім вушам, вырашыў знайсці блізкую Коўню, бо ведаў літоўскую мову. Коўня абвясціла, што Саветы перайшлі польскую мяжу на ўсёй яе працягласці і ўжо увайшлі ў Стоўбцы. Усё яшчэ маючы надзею на цуд, настроіўся на Менск і страціў апошнюю надзею. Менск перадаваў нейкі масавы мітынг. Тлум роў: «Ура! Ідзём вызваляць Заходнюю Беларусь і Украіну ад польскіх паноў!» Нейкі прамоўца расказваў, што польскі ўрад на чале з Масціцкім уцёк у Румынію, пакінуўшы людзей і армію. Чырвоная армія ідзе, каб апекавацца кінутым насельніцтвам Заходніх Беларусі і Украіны. Пакт аб ненападзенні быў забыты.

Швагер вярнуўся са школы каля 14-й гадзіны і атрымаў вымову за спазненне на абед. Нікому нічога не казаў, пакуль не паразмаўляў з маім братам Габрыэлем. Разам яны вырашылі не рабіць панікі і дазволіць маме і сястры Ірэне візіт у Красулі, а назаўтра, на ранку ўсім разам ехаць у Шчучын, каб зняць грошы за пастаўкі ў войска. Як заўсёды бывае на пачатку вайны - уражай у 1939 г. быў выдатны.

Гэтак яны лёгкадумна і штучна стваралі апошнія гадзіны ідыліі. Маці і сястра паехалі брычкай за 5 км у Красулі, а Габрыэль выбраўся з жонкай на шпацыр у лес. Вось толькі сабакі вылі ўжо і ў белы дзень, бо прадчувалі вялікую бяду.

У непакоі Бярнард пайшоў па інфармацыю ў плябанію. Паразмаўляў там з ксяндзом Юнгам, які замяняў пробашча, пакуль той быў на вакацыях. Каля 16-й гадзіны пабачылі каля плябаніі некалькі вазоў, якія ехалі з Жалудка. Вазы затрымаліся каля плябаніі, і да нас падышоў адміністратар маёнтка Жалудок сп. Юзаф Славінскі. Славінскі лічыўся суровым чалавекам і меў шмат нядобразычліўцаў. Сказаў ён коратка:

- Бальшавікі прыйшлі ў Польшчу і пруць у заходнім кірунку. Часу на роздум няма, усё трэба рабіць хутка, бліскавічна. Я ўцякаю ў Ковенскую Літву, а мае паны яшчэ думаюць. Але рыхтуюць аўтамабіль і можа быць паедуць вечарам ці на раніцы.

Пасля гэтых слоў ён, не развітаўшыся, рушыў далей, у бок Васілішак.

У 16-30 Бернард выйшаў з ксяндзом-дыяканам на тракт, тут яны ўбачылі, як з'язджаў наш пастарунак паліцыі, паліцэйскія таксама накіроўваліся на поўнач. Кіраваў імі старшы сяржант. Падышлі да яго.

- Уцякайце з гэтага месца - парадзіў паліцэйскі, бо на раніцы бальшавіцкія танкі будуць у Ішчалне. Старасты ў Шчучыне ўжо няма. Нам загадана сабрацца ў Васілішках, але, куды далей, ніхто не ведае. Яны пайшлі далей. Ксёндз Юнг вярнуўся ў плябанію, а Бернард, як хутчэй, пабег у двор, каб парадзіцца з Габрыэлем.

17-я гадзіна. У двары, як звыкла, накрыты стол на падвячоркі, але жанчын няма.

Бернард выскачыў на пошукі Габрыэля. Знайшоў яго і ўсё расказаў. Вырашылі пакаваць рэчы і чакаць вяртання жанчын з Красулёў, а служкам сказаць, што з'язджаюць з-за набліжэння немцаў - іхнія танкі ўжо каля Гародні. У той час кухарам у нас працаваў былы аўстрыйскі жаўнер. Ён казаў, што перад Першай сусветнай вайной служыў кухарам пры двары Габсбургаў, а ў вайну ваяваў у адным звязе з Гітлерам. Нават пісаў да яго і атрымаў ліст, які пачынаўся словамі «Liebe kamerad». У тым лісце фюрар запэўніваў свайго старога сябра, што ён калі-небудзь вернецца і вырашыць усе пытанні. Кухар хваліўся гэтым лістом фюрара і нават паказваў яго нам.

Гэта быў энергічны селянін, і мы палічылі, што, пакуль не будзе гаспадароў, ён будзе лепшым апекуном маёнтка. Брат склікаў на нараду ўсю службу і расказаў ім пра падзеі, а потым прызначыў кухара камендантам. Сябру Гітлера спадабалася яго новая роля, і ён адразу пачаў камандаваць.

У гэты час у вазоўні падрыхтавалі вазы для далёкай паездкі - на звычайны воздрабіны прымацавалі брызентавы верх і зрабілі сядзенні. Гэта воз планаваўся для жанчын і дзяцей. У другі воз пагрузілі корм для коней, вёдры, косы, сахары і граблі. Тры іншыя вазы паставілі перад ганкам і на іх пагрузілі самыя каштоўныя рэчы і харчы - шынкі, паляндвіцы, розныя вяндліны, бочачкі масла і мёду, цукар, муку і іншае.

Самым цяжкім было сабраць рэчы. Што браць? Якія рэчы будуць неабходнымі? Часу, каб спакойна ўсё вырашыць і скласці спіс, ужо не было, да таго ж галоўнай асобай у гэтакай справе павінна быць мама, а яе не было, жанчыны яшчэ не вярнуліся з Красулёў. Яшчэ трэба было вырашыць, хто гэтымі вазамі будзе кіраваць. Ксёндз Юнг папрасіў забраць яго, і мы ахвотна згадзіліся - не трэба было шукаць яшчэ аднаго фурмана.

Нарэшце, каля 10-й гадзіны жанчыны вярнуліся. Усе апошні раз селі за вячэру і адразу пасля яе зноў заняліся зборамі. Акрамя каштоўных рэчаў, кожны прыносіў усялякія свае футры, вопратку, абутак і іншае. Швагер Русецкі схапіў з серванта дзесяцілітровы буталь выдатнай слівоўкі і паклаў у воз, якім павінен быў кіраваць сам.

Каля 23-30 усё было падрыхтавана, запакавана і прывязана. Русецкі пабег у плябанію па ксяндза. У поўнач, пасля супольнай малітвы, калона рушыла з двара. Першым ехаў воз, якім кіраваў начны вартаўнік, яго імя швагер не памятаў. Другім возам кіраваў былы выхаванец двара, а зараз служка Баравік. Трэцім, «адмысловым» возам з жанчынамі кіраваў брат Габрыэль, чацвёртым, з рэчамі, - ксёндз Юнг, а пятым, з самымі каштоўнымі рэчамі, - Бернард з жонкай (маёй сястрой) Эвелінай.

Служкі з ліхтарамі праводзілі вазы да касцёла, дзе адбылося канчатковае развітанне з пробашчам і служкамі - яны цалавалі рукі дзедзічаў. Некаторыя кабеты плакалі. Гэта была цяжкая сцэна, якая запомнілася назаўжды. Бальшавікі былі за якія-небудзь 5 гадзін ад Ішчалны, а старыя патрыярхальныя звычаі яшчэ мелі моц.

Каля касцёла караван павярнуў направа і выехаў на Васілішскі тракт. Брат, швагер і ксёндз спадзяваліся, што ў Васілішках знойдуць аддзелы паліцыі, якія там сабраліся, і пад іх аховай даедуць да Літвы, якая яшчэ захоўвала нейтральнасць. Стаяла ціхая ноч, спакой і ціша, на дарозе апрача іх нікога не было. Усе спалі і не думалі пра дрэннае, у той час як Польшча заканчвала сваё існаванне на гэтых землях.

Ноч заканчвалася, калі караван падышоў да Васілішак. Мястэчка, як быццам, вымерла. Пад'ехалі да гміннай управы. Ніякай паліцыі не было, іх эвакуявалі яшчэ вечарам. Падарожнікі вырашылі з Васілішак ехаць у Лебёдку, якой валодалі Сапоцькі. Прыехалі туды ў 6 гадзін раніцы, але ўладальнікі маёнтка былі ўжо на нагах. Яны не мелі намеру ўцякаць ад бальшавікоў, бо спадзяваліся, што ўсё неяк супакоіцца і лепей ім самім пільнаваць сваю гаспадарку, бо калі з'едуць - адразу ўсё будзе разрабавана.

У 6-00 паслухалі радыё. Варшава перадавала, што бароніцца, Баранавічы маўчалі, больш ніякай інфармацыі не было. Пасля сняданку, туалету і некалькіх гадзін адпачынку, падчас якога брат і швагер сабралі інфармацыю пра маршрут, паехалі далей, абмінаючы вялікія дарогі і тракты, па якім маглі рухацца бальшавікі.

Пад вечар, каля Начы, мінулі некалькі летувіскіх вёсак - тут была польска-летувіская парафія. На ноч сталі ў фальварку нейкага Мангірда, за 4 км ад Начы. Гаспадар прыняў падарожнікаў вельмі гасцінна. Як потым стала зразумела - тое, што яны не даехалі да Начы было памылкай, памылкай быў і позні выезд. На раніцы Бярнард возам выехаў у Начу, каб паразмаўляць са знаёмым пробашчам, ксяндзом Баляславам Стэйнам. У плябаніі кватараваў штаб нейкага польскага аддзела, і тут таксама вырашалі, што рабіць далей. …

Бернард пачаў тэлефанаваць у Вільню. Тэлефоны яшчэ працавалі, і яго хутка злучылі. З Вільні пачуўся нервовы голас тэлефаністкі:

- Прашу адлучыцца. У Вільні, на вуліцы Вялікай насупраць пошты стаяць савецкія танкі.

Бярнард вярнуўся ў плябанію і ўбачыў, што нейкі марадзёр выязджае на яго возе. Кінуўся да яго, але марадзёр наставіў на Бярнарда рулю карабіна і паехаў хутчэй. Просьбы да жаўнераў дапамагчы, выклікалі ў іх толькі ўсмешкі.

Войска ў плябаніі ўжо не было, яно ўжо маршыравала ў бок літоўскай мяжы. Пробашч сказаў Бернарду, што на вялікіх дарогах здараюцца рабункі. Параіў ехаць ноччу да недалёкай летувіскай вёскі, дзе ён мае знаёмага летувіса, які пагодзіцца правесці іх за мяжу.

З-за адсутнасці аднаго воза, прыйшлося перагрузіць багаж на іншыя і перапрэгчы коней. Вырашылі пакінуць у Мангірда самыя цяжкія рэчы - вялікія дываны і кандэлябры, якія ўзялі, не падумаўшы.

Каля 2-й пасля поўдня Русецкі вярнуўся ў фальварак Мангірда, і яны ўсе разам паехалі ў летувіскую вёску. Ксёндз памыліўся, бо акрамя зычлівасці з боку сялян, з якімі Бярнард размаўляў на іх роднай мове, больш яны нічога не дабіліся - ніхто не жадаў праводзіць бежанцаў за мяжу. Селянін, на якога ўказаў ксёндз, быў гатовы ехаць толькі да польскага мястэчка Араны, якое знаходзілася за 5 км ад мяжы. Выехалі вечарам 19 верасня і назаўтра дасягнулі чыгуначнай станцыі Араны. Ад Ішчалны да Аранаў - 80 км, а ехалі яны 3 дні.

У Аранах было шмат польскага войска, Бярнард тут спаткаў калег, якія былі ўпэўнены, што Чырвонай арміі ні сёння, ні заўтра тут не будзе і можна спакойна начаваць. Начавалі пад небам, а на ранку швагер зноў пайшоў па інфармацыю. Сустрэў толькі старшага сяржанта, якога бачыў учора. Ад яго даведаўся, што войска пайшло ноччу ў Літву, а ён збірае рэшткі расцярушаных жаўнераў і павінен ісці з імі да памежнага моста. Швагер вярнуўся да сваіх, і яны паехалі ў вёску Дзмітраўка, якая ляжала на памежнай рэчцы Мерачанцы, дзе знаходзіўся памежны мост, перагароджаны шлагбаўмам на дзве паловы: польскую і летувіскую.

На літоўскім баку былі бачны мытнікі і летувіскае войска. З імі нават можна размаўляць - яны зычліва адказвалі. Вуліца памежнай вёскі па ўсёй шырыні і на палову кіламетра ў даўжыню была застаўлена драбіннымі вазамі, брычкамі і павозкамі. Чакалі нават 3 аўтамабілі. Каля кожнага транспарту стаіць яго гаспадар. Летувісы без перашкод прапускаюць войска і паліцыю, але трымаюць цывільных.

На просьбы бежанцаў літоўскі палкоўнік адказаў, што ўрад ведае пра тое, што людзі чакаюць на мяжы і вырашае, што рабіць - гэта справа дыпламатычная. А яны, памежнікі, чакаюць каманды з Коўні.

Бярнард пачаў разглядаць таварышаў па нядолі, разам іх было каля 100 асоб. Сям'я графаў Плятараў з Сямятыч праехала далёкі шлях на сваёй брычцы - маладая пара і 80-ці гадовая старая ехалі без усялякага багажу. Разам з імі яшчэ нейкая графская сям'я, іх прозвішча Бярнард не памятае.

Далей баранеса Гартвіг, якая не выпускае з рук сумачку з упрыгожаннямі.

Тры сям'і землеўладальнікаў Сяклюцкіх з-пад Эйшышак, далёкія сваякі Сяклюцкіх са Стрэліцы Лідскага павета. Сярод іх прамысловец з Гнезна - муж адной з Сяклюцкіх.

Слатвінскія са Слонімскага павета, тоўсты бацька і стройная дачка Сафія - дэманстратыўна размаўляюць па-французску, і ўсе звяртаюць на іх увагу.

Сымон Мяйштовіч прыехаў сюды з-пад Геранён, са старажытнай сядзібы Гаштольдаў, дзе Жыгімонт Аўгуст спаткаўся з Барбарай Радзівіл. Мяйштовіч ужо не першы раз уцякае ад бальшавікоў.

Акрамя гэтых людзей, тут чакалі свайго лёсу адзін з суддзяў карнага аддзела гарадскога суду ў Вільні, некалькі пракурораў з Вільні і Гародні, некалькі павятовых стараст, 4 ксяндзы, якія ўцяклі сюды ад з немцаў з Вялікапольшчы, а зараз уцякаюць у Літву. Пятага ксяндза летувіскай нацыянальнасці з Віленскай дыяцэзіі з прозвішчам Мартынеліс Бернард ведаў асабіста і, нарэшце, шостым ксяндзом тут быў наш Юнг.

Сярод іншых - жонкі і дзеці вайскоўцаў, нашы падарожнікі з Ішчалны і шмат розных асоб, якіх Бернард не ведаў. Усе чакаюць калі адчыніцца шлагбаум, а ён усе зачынены. Адчыняецца толькі перад уцекачамі ў мундзірах, цывільныя чакаюць выраку Коўні.

Падчас гэтага чакання, на вазах пад'ехаў аддзел нашага войска, сярод іх замяшаўся Сымон Мяйштовіч і гэтак ён перайшоў мяжу. Пасля прыйшоў аддзел паліцыі з поўным узбраеннем. Гэты былі паліцэйскія з ваколічных пастарункаў, і іх прапусцілі без перашкод.

Нарэшце ў вёску прыйшоў аддзел жаўнераў з Акадэміцкага легіёна, які тут жа, на месцы рэквізаваў аўтамабіль Славінкіх. Славінскі сярдзіта абкладваў жаўнераў па-французску … Узняўся гвалт, сварка але, нарэшце, пад пагрозай рэвальвера Славінскі ўступіў - жаўнеры паселі ў аўтамабіль і паехалі на ім уздоўж Мерачанкі па польскім баку.

Была 15-я гадзіна, калі на пагорку з бока Аран паказалася некалькі сялян, якія паказвалі дарогу вайсковаму аддзелу. Хутка стала бачна, што гэта ішлі бальшавікі.

Пачалася паніка … уцекачоў агарнула роспач. Саветы акружылі вазы і загадалі ўсім сабрацца на паляне за вёскай. Там усіх узялі пад варту, а іх камандзір загадаў: «Все руки вверх!». Жонка майго брата трымала немаўля, і ёй было загадана: «Ребёнка положить на траву и руки вверх!».

Пачаўся вобшук. Жаўнеры хапалі свае ахвяры за рукі і здзіралі гадзіннікі і пярсцёнкі, з шый здзіралі каштоўныя ланцужкі і іншую біжутэрыю. Потым пачалі праглядаць кішэні. Забралі рэвальверы, партманеты і ўсе грошы. Пакінулі толькі папяросы і дакументы. Бернард схаваў у абутак 200 злотых, але ў яго адабралі ўсе тры гадзінніка. Потым гэтыя 200 злотых сталі ўсёй сумай, якую мела сям'я.

Праз нейкі час бежанцаў пашыхтавалі і пешшу пагналі назад у Араны. Праз некалькі дзён арышту ў Аранах на грузавіках усіх павезлі ў Ліду.

Нарэшце калона даехала да Ліды. Мы бачылі гэтак добра знаёмыя вулачкі, цалкам запоўненыя савецкімі вайсковымі калонамі, якія складаліся з прымітыўных вазоў. Машыны сунуліся галоўнай, Сувальскай, вуліцай ажно да вуліцы 3-га Мая, там на хвіліну затрымаліся, а потым павярнулі ўправа, у бок турмы. … Калона спынілася каля турэмнай брамы, і ў яе ўвайшоў галоўны канваір.

- Патрапілі мы ў рукі НКВД! - бедавалі арыштанты. Але ў гэтую турму іх не прынялі, бо яна была ўжо перапоўненая. …

Савецкая адміністрацыя яшчэ не працавала, але аўтамабілі з арыштантамі паехалі да былога староства. Тут у кожны грузавік дадалі яшчэ па 2 канваіры і павезлі далей, у бок авіяцыйных казармаў, але і там не было месца. Гэтак наступіла 22 верасня. Зноў вярнуліся да староства, і дадатковыя канваіры пакінулі машыны. Зноў палова гадзіны чакання, і калона рушыла да чыгуначнага вакзала. Усе вырашылі, што іх павязуць «да белых мядзведзяў». Каля 3-й гадзіны раніцы аўтамабілі спыніліся каля вакзала. Канвой хутка павыкідваў усе рэчы арыштантаў і загадаў пакінуць машыны. Пасля чаго ўсе аўтамабілі з канваірамі хутка з'ехалі. Усе зноў былі на свабодзе.

Швагер Бярнард даведаўся, што а 7-й раніцы павінен адыходзіць цягнік да Вільні і пабег да касы. Касір адмовіўся прадаць білет цывільнаму і сказаў, што для гэтага трэба мець дазвол «камандзіра»:

- Дзе ж той «камандзір»?

- П'яны, як бэля сядзіць у буфеце 1-га класа.

Бярнард набраўся смеласці і пайшоў да «камандзіра». Той, абставіўшыся пляшкамі з гарэлкай і півам сядзеў за сталом амаль што ў непрытомным стане.

- Здравствуйте, товарищ командир! - выкрыкнуў швагер.

- Какой тебе я товарищ? - буркнуў бальшавік.

- Извините, гражданин командир - паправіўся Бярнард.

- Это другое дело. Чего тебе надо?

- Хочу ехать с семейством в Вильно.

- Ну так и поезжай.

- Не могу.

- Почему?

- Кассир не продает билетов.

- Как это?

- Сказал, что вы запретили.

- Вот, болван …. (маты) … «камандзір» доўга і са смакам лаяўся. Потым няцвёрда пайшоў да касіра, аблаяў яго і сказаў:

- Продай ему билеты, столько, сколько он хочет.

Бярнард набыў 9 білетаў, заплаціўшы, як за польскім часам, па 5 злотых. Потым вярнуўся да сваіх і пасадзіў усіх у вагон. Папрасіў не выглядваць у акно, бо на пероне хадзілі нейкія асабісты.

У гэтыя дні мая сям'я магла ўцякаць да мяне ў Баранавічы, дзе я ў сваёй кватэры паспеў зрабіць добры запас харчоў, ці да Барткевіча ў Вільню, які не меў ніякіх запасаў. Сам лёс вызначыў кірунак уцёкаў.

Цягнік на Вільню рушыў з невялікім спазненнем, але Бярнард застаўся ў Лідзе, каб сабраць неабходныя рэчы. Сваю ролю ў гэтай справе адыграе буталь слівовіцы, які нейкім цудам ацалеў - усе астатнія рэчы саветы забралі сабе. Адліў трохі слівовіцы чыгуначнікам і, заплаціўшы 2 злотыя, адправіў усе сабраныя рэчы ў Вільню першым цягніком, а сам пайшоў у горад.

Зайшоў да адваката Часлава Скіндара, які меў маёнтак Міхайлаўшчына ў Ашмянскім павеце. Скіндары якраз былі дома. Ад іх даведаўся, што ў Лідзе ніхто не бараніўся і яна была занята Саветамі без адзінага стрэлу. Новая ўлада выдала загад, каб злотыя мяняліся на рублі па курсу 1:1. Перад вайной курс абмену быў 6 - 7 рублёў за злоты. З улікам таго, што новыя ўлады замарозілі цэны, на злотыя яшчэ можна было нешта купіць.

Потым швагер пайшоў да мясцовага ксяндза Гіпаліта Баярунца. Даведаўся ў яго, што ў момант уваходу чырвоных некалькі нашых лётчыкаў падняліся з аэрадрома. Сярод іх быў муж нашай кузынкі з Кір'янаўцаў капітан-пілот Казімір Кузян. Ён даляцеў да Румыніі, адтуль патрапіў у Францыю, а потым у Англію. Гераічна ваяваў у англійскім небе і закончыў вайну ў чыне палкоўніка, быў узнагароджаны баявым англійскім ордэнам «Distinguisched Flying Cross». Гэты ордэн насіў каля польскага Virtuti Militari і Крыжа Валечных. Менавіта яго жонку Зоф'ю Кузян з Лясковічаў спаткаў Русецкі ў ксяндза і вельмі цешыўся, што яна жывая і здаровая.

З плябаніі Бярнард пайшоў у рэстаран, дзе за 10 злотых атрымаў добры абед. У рэстаране да яго падсеў савецкі лейтэнант у добра сшытай форме энкавадыста. Размова хутка перайшла ў допыт. Бернард меў пры сабе пасведчанне і таму прадставіўся, як адвакат, на што лейтэнант заўважыў, што ў СССР урачы і адвакаты жывуць вельмі добра, значана лепш чым людзі іншых прафесій. Але развітваючыся, ён сказаў:

- А все-таки жаль мне вас, молодой человек. Відочна, афіцэр добра разумеў, у які бок ідзе справа.

Пасля рэстарана, на рынку, швагер неспадзявана сустрэў сына нашага кухара Нестаровіча, які якраз сёння на ранку, прыехаў з Ішчалны, каб адведаць у Лідзе свайго швагра Рамуальда Кавалеўскага, работніка пошты. Ад Нестаровіча даведаўся, што Ішчална пасля ад'езду гаспадароў была разрабавана. Рабунак пачаўся а 5-й раніцы. З аднаго боку мне было крыўдна, але з іншага, добра што наша дабро і інвентар атрымалі тыя, хто заслужыў гэта сваёй працай. Даруй ім Божа!

Вечарам Бярнард наведаў мясцовую «Рэсурсу» ці казіно. Спаткаў там майго другога швагра Вітольда Лясковіча з жонкай і дачкой, а таксама удзельнікаў уцёкаў Сяклюцкіх і Слатвінскіх. Вітольд расказаў яму свае планы ўцёкаў са свайго маёнтка Філіпкі (17 км ад Ліды, каля Бердаўкі). Бярнард парадзіў ім усім як хутчэй пакінуць Ліду. Аднак яго не паслухалі, і ўсе былі арыштаваныя і вывезеныя ў глыб Расіі. Там Вітольд Лясковіч прапаў без звестак. Што сталася са Славінскімі - не вядома.

Пераначаваўшы ў другарадным яўрэйскім гатэльчыку, пасля ранішняга туалету і сняданку, швагер пайшоў на вакзал, каб даведацца пра рух цягнікоў. Па дарозе, каля замка Гедыміна, яшчэ раз сустрэў Вітольда Лясковіча, і той расказаў яму, што вечарам у кабінеце кіраўніка дарожнага аддзела Жылінскага адбылася нарада мясцовага актыву, на якой абмяркоўвалася справа былых землеўладальнікаў. Хадзілі плёткі, што ім пакінуць па 30 га зямлі. Вітольд думаў спраўдзіць гэтую інфармацыю. Бярнард асабіста ведаў Жылінскага і таму пайшоў да яго. Аказалася, што ўлады, быццам, не хочуць забіваць землеўладальнікаў, але забяруць зямлю з маёмасцю і адпусцяць.

- Хай ідуць, куды жадаюць, і шукаюць сабе сродкаў для жыцця. Будуць вымушаны звярнуцца да нас па працу, а мы іх адпаведна выкарыстаем.

Бярнард паўтарыў гэтую інфармацыю Вітольду і вырашыў пакінуць Ліду. Цягнік на Вільню адыходзіў у 6 - 7 гадзін вечара. Аднак цывільным білетаў не прадавалі. Час да ад'езду Бярнард правеў у плябаніі, дзе спаткаў ксяндза Козела, які не раз адбываў імшу ў Кір'янаўскім касцёле. Яго шукалі за антыкамуністычныя і антыбязбожніцкія казанні, і ксёндз планаваў ехаць у Вільню тым жа цягніком. Расказваў, што некалькі ксяндзоў забіты, на дарогах разбой, але ў Лідзе пануе спакой. На вакзале яны засталі гатовы да руху цягнік, але вагоны былі перапоўненыя жаўнерамі, сярод якіх хаваліся і афіцэры з падафіцэрамі ў мундзірах шарагоўцаў. Убачыўшы Бернарда і ксяндза, жаўнеры ўпусцілі іх у вагон, і тут бежанцы згубіліся сярод масы людзей. Пасля 4 гадзін язды цягнік прыйшоў у Вільню.

Так выглядае рэляцыя майго швагра Бярнарда Русецкага. …

Частка IV. Сямейныя гісторыі

XVII. Сямейная хроніка ў 1921-1929 гг.

Я нарадзіўся ў Расіі, у г. Разань, што за 200 км ад Масквы. У 1915 г. вучыўся ў Адэсе, жыў у сям'і дзядзькі Станіслава Лясковіча, якая з-за вайны кінула свой маёнтак на Віленшчыне. У Польшчу прыехаў 1 ліпеня 1919 г. ва ўзросце 17 гадоў і жыў у маёнтку Кір'янаўцы, у сваякоў. Вучыўся ў Вільні, а вакацыі праводзіў у Кір'янаўцах. Мая сям'я працягвала жыць у Разані. Пасля Рыжскай дамовы, у лістападзе 1921 г. яны вярнуліся дахаты. Напачатку жылі ў Кір'янаўцах, а потым атрымалі ў спадкі Ішчалну.

Палову 1920 г. я правёў на фронце, але да 1921 г. закончыў два апошнія класы гімназіі. Калі прыехалі бацькі, я ўжо быў студэнтам першага семестра права Віленскага ўніверсітэта.

У студзені 1924 г. памёр старэйшына нашага роду, усімі любімы Станіслаў Лясковіч. Менавіта ён са сваёй жонкай Цэлестынай з Тупальскіх зрабіў магчымым наша вяртанне на радзіму, запрасіўшы нас жыць у сваім доме.

Мая сям'я перасялілася ў Ішчалну ў чэрвені 1922 г. Да гэтага часу я тры разы праводзіў канікулы ў Кір'янаўцах і чым мог дапамагаў у гаспадарцы. Тут я навучыўся весці гаспадарку і вывучыў беларускую мову. Потым я сардэчна палюбіў лагодных і мілых беларусаў і, калі пачаў вывучаць гісторыю, даведаўся, што наш род, як і роды іншых землеўладальнікаў, выйшаў з гэтага народа. Меў да іх братэрскія адносіны. […]

Падзел маёмасці

Адной з галоўных падзей у жыцці нашага роду, быў падзел маёмасці, у выніку якога мой бацька стаў гаспадаром цэнтральнай часткі маёнтка Ішчална - разам з лесам да яго адышло каля 1000 га. Большасць лесу атрымалі нашы кузэны.

Таксама да нас адышоў прыгожы і добра размешчаны ішчалнянскі двор з усімі пабудовамі. Сям'я Станіслава, якая мела добры дом у Кір'янаўцах і камяніцу ў Вільні, атрымала лясы двух гатункаў - на вырубку (200 га, урочышчы Вады, Карысць і частка Баяраў). Пасля вырубкі і продажу лесу ў Вадах, цётка Цэліна падзяліла грошы на 5 частак. Адну частку пакінула сябе, а астатнія раздала сваім дзецям. Яе дочкі на гэтыя грошы купілі вялікія кватэры ў Варшаве, а сыны ўклалі ў гаспадарку. Пры падзеле, сёстры прызналі сваіх братоў прадстаўнікамі сям'і, якім адышла большая частка. А самі, у якасці кампенсацыі, атрымалі: Аліна - віленскую камяніцу (каля 100 пакояў), а Зоф'я - маёнтак Кір'янаўцы з добрымі лясамі (каля 600 га). Уладзіслаў атрымаў фальварак Жыжма (250 га) з жылым домам, 200 га лесу ў Вадах і 250 га каштоўнага лесу ў Баярах. Вітольд атрымаў фальварак Філіпкі (450 га, тут не было жылога дома) і каля 270 га каштоўнага лесу ў Карысці, а таксама фальварак у 30 га ў той жа Карысці. Канчаткова нашчадкі Станіслава палюбоўна падзялілі маёмасць у 1932 г.

Маёнтак Пяткаўшчына плошчай у 1000 га быў уласнасцю Юльяна і не з'яўляўся надта каштоўнай маёмасцю. У дадатак, пасля яго бацькі, за маёнткам меліся вялікія даўгі. Падчас вайны жылы дом тут згарэў. У спадкі разам з намі, Юльян атрымаў ва ўрочышчы Навіны каля 200 га лесу і прадаў яго. Гэта дазволіла яму выплаціць даўгі і пабудаваць жылы дом ў Пяткаўшчыне. Ён заклаў рыбныя ставы і пачаў гадаваць карпаў, якіх па добрай цане прадаваў у Ліду. Дзякуючы спадкам у Ішчалне, з даўжніка, якім ён быў, Юльян стаў паважаным кліентам банка з добрым рахункам. Покуль будаваўся дом, да 1927 г. Юльян жыў у Ішчалне. […]

Пераклад і каментаванне Леаніда ЛАЎРЭША.



[1] Karol Laskowicz: (Kresowy dwór i jego sąsiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnień. // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 15480/II. S. 1-409.

[2] Гл: Лаўрэш Леанід, Круцікаў Уладзімір. Сонечны гадзіньнік у в. Ішчална // Cпадчына. № 2000. 2. С. 139-141. 2000. № 2. С. 139-141.; Лаўрэш Леанід, Круцікаў Уладзімір. Гісторыя парафіі ў Ішчалне. 490 гадоў Ішчалнянскай парафіі // Наша слова. № 22 (708), 15 чэрвеня 2005 г.

[3] Раствароўскі Андрэй. Зямля, якой ужо не ўбачыш. Фрагменты ўспамінаў // Ад лідскіх муроў. Выпуск 8. Ліда, 2015. С. 354-394.

[4] Брахоцкі Андрэй. На пераломе дзвюх эпох // Ад лідскіх муроў. Выпуск 9. Ліда, 2020. С. 355-405.

[5] Успаміны сям'і Іваноўскіх // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 9. Укладальнікі: Дзяніс Кандакоў, Аляксандр Фядута. Мінск. 2020. С. 57-116.

[6] Аўтар стала ўказвае мову старых дакументаў як беларускую ці старабеларускую мову і піша пра гэта ў сваім тэксце

[7] Лясковіч памыляецца, насамрэч маёмасцю валодалі Вішнявецкія, князь Канстанцін Крыштаф Вішнявецкі, ваявода брацлаўскі, тагачасны ўладальнік Ішчалны, маючы пільную патрэбу ў грашах, аддаў яе ў 1662 г. у заклад пану войскаму мсціслаўскаму Пятру Яну Паўпяце, а праз некалькі гадоў, калі пан войскі трохі ўзмацніўся фінансава, а князю патрабаваліся грошы і далей, прадаў яму Ішчалну навечна.

[8] Міхал Шымялевіч пісаў, што Паўпята пры перадачы свёй маёмасці кляштару Босых кармелітаў у Жалудку, запісаў ішчалнянскі фальварак Талматоўшчыну (больш за 6 валок) Марціну Квінце і яго жонцы Люкрэцыі Ліндорфаўне.

"У двары пана падкаморага лідскага Казіміра Францкевіча Радзімінскага ў той час жыло некалькі бежанцаў, выкінутых сюды ваеннай бурай - муж і жонка Ян Запольскі і Кацярына з Паўпятаў, а таксама браты Павел і Мікалай Янавічы Паўпяты. Яны і распачалі судовы працэс з кармелітамі. Пачаўся гучны на той час працэс. Дапытаны сведкі тастамента: пан Дуброўскі, чашнік і пісар гродскі віленскі, а таксама пан Данілевіч, падстолі ашмянскі. Яны пацвердзілі, што, едучы трактам цераз Ішчалну на сойм у Варшаву, былі запрошаны да хворага Паўпяты і пакінулі свае подпісы на чыстых аркушах паперы, падпісаных тым жа Паўпятом. Прыціснуты прысягай Марцін Квінта прызнаў, што і тастамент, і фундуш, і іншыя дакументы былі на чыстых, толькі з подпісамі, аркушах. І ўжо пасля смерці войскага былі сфабрыкаваны кармелітамі з удзелам яго, Квінты. Пасля чатырох трыбунальскіх дэкрэтаў спрэчка была канчаткова развязана аж у 1678 г. на карысць крэўных Паўпяты, усе запісы яго прызнаны за несапраўдныя, Ішчална прызнана ўласнасцю Запольскіх і Паўпятаў, а віленскія кармеліты прыгавораны да ўплаты тым жа спадкаемцам 3 000 зл. за вывезеную з Ішчалны рухомасць і таксама да вяртання коштаў працэсу ў суме 4 315 зл.". Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 69-70.

[9] Пастаянная Рада (Rada Nieustajаca ) - найвышэйшы адміністрацыйны орган Рэчы Паспалітай у 1775 - 1789 гг. Была ўтворана ў сакавіку 1775 г. пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай з падачы расійскай імператрыцы Кацярыны II. Да 1789 г. Рада з'яўлялася галоўным адміністрацыйным органам Рэчы Паспалітай

[10] Падрабязней гл: Мірон Браніслаў Нарбут. Лідскі павет у сярэдзіне XIX ст. Шлюныя войскі / пераклад Галіны Лаўрэш, каментары Леаніда Лаўрэша // Асоба і Час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 6. Мінск, 2015. С. 123-124.

[11] У гісторыі вядомы Ляскоўскі (Лясковіч) Войцех Альберт, сын Фелікса, дваранін Лідскага павета. Да паўстання 1863 г. яго бацька валодаў маёнткамі Кір'янаўцы і Пяткаўшчына Лідскага павета. Падчас паўстання агітаваў дваровых людзей удзельнічаць у ім, таму яго маёмасць на падставе распараджэння віленскага губернатара ад 27.06.1863 і пастановы Віленскага грамадзянскага праўлення ад 23.07.1863 падлягала секвестру. Пастановай ваеннага суда прысуджаны да смяротнага пакарання і канфіскацыі маёмасці. Прысуд выкананы (да 01.10.1864). Гл: Матвейчык Д.Ч. Удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў, біягр. слоўнік. 2016. C 354.

У 2019 г. у Вільні быў ганарова перапахаваны разам з іншымі паўстанцамі, у тым ліку і Кастусём Каліноўскім.

[12] Морг - адзінка вымярэння плошчы зямлі ў сярэднявечнай Еўропе, роўная прыблізна 0,71 гектара. У выдадзеным у 1884 г. томе VI "Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін" пісалася: "Морг (ням. Morgen (раніца), азначае плошчу зямлі, якую адзін чалавек можа на працягу 1 дня скасіць або ўзараць. Памеры морга былі рознымі".

[13] Лясковіч Вітольд Станіслававіч [1891, Вільня - 5.4.1941, ГУЛАГ]. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Да арышту жыў у сваім маёнтку ў Лідскім пав. Віленскай губ. Арыштаваны 27.9.1939. Асуджаны 9.1.1941 асобай нарадай НКВД як "сацыяльна-небяспечны элемент" да 8 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з лагераў НКВД Комі АССР. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 11.10.1989 пракуратурай Гарадзенскай вобл.

[14] Гераіня рамана Сянкевіча.

[15] Памылка, у 1812 г.

[16] Першапачаткова, гэта капліца была грэка-каталіцкай, філіяльнай да Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці - Л. Л.

[17] Фацыята - паддашак, мансарда.

[18] Карабеля - крывая шляхецкая парадная шабля ў XVI-XVIII стст., якую выкарыстоўвалi выключна для ўпрыгожвання шляхецкага ўбору

[19] Металічная пласціна з гербам ці выявай святога, якую рыцары насілі на грудзях

[20] Гл: Jan Chryzostom Pasek. Pamiętniki. opr. Roman Pollak. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1987.

[21] Валюміна Легум (лац. Volumina Legum - збор законаў), шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і іншых заканадаўчых актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793-1795.

[22] Ян Лаські або (польск. Jan Łaski, 1455-1531) - арцыбіскуп Гнезненскі і прымас Польшчы ў 1510-1531 гг. Меў вялікі ўплыў на дзяржаўныя справы і кіраваў складаннем статута Ласькага - першай кадыфікацыі польскага права.

[23] Парцэляцыя - падзел зямлі на дробныя ўчасткі.

[24] У тэксце: "były pisane w języku białoruskim pisownią starosłowiańską".

[25] Ян I Ольбрахт (Jan I Olbracht; 1459-1501) - польскі кароль з 1492 г. па 1501 г., трэці сын Казіміра ІV Ягелончыка.

[26] На тым месцы дзе аўтар паставіў тры кропкі заўсёды пісалася: "і Вялікі князь ВКЛ"

[27] Верхняя спадніца, андарак

[28] Гл: Hipolit Korwin-Milewski. Siedemdziesat lat wspomnien (1855 - 1925).

[29] Прапінацыя - права на вытворчасць і продаж алкагольных напіткаў, манапольна замацаванае за шляхецкім саслоўем. У дадзеным выпадку Скарбак-Важынскі даў дазвол яўрэям ад свайго імя.

[30] Архіў маёнтка Вялікае Мажэйкава, пачынаўся з архіва Прозара. Караль Прозар - актыўны дзеяч паўстання 1794 г., уладальнік маёнтка ў Хойніках, сабраў вялікі архіў гістарычных дакументаў. У 1840 г. частка дакументаў, каб зняць копіі, была пазычана Грабоўскім і ў Хойнікі ўжо не вярнулася. Частка архіва Прозара была знішчана пасля паўстання ў 1864 г.

[31] Унучаты пляменнік уладальніка Вялікага Мажэйкава Станіслава Грабоўскага Андрэй Раствароўскі пісаў: «Мая маці нарадзілася ў 1873 г. у Вялікім Мажэйкаве пасля вяртання яе бацькоў з Сібіры. ... Маёнтак у часе вайны (Першай cусветнай) пацярпеў адносна мала. Згарэлі два дальнія фальваркі: Станіславова і Лебёдка. У самым Вялікім Мажэйкаве не знайшлося 100 рублёў, якія патрабавалі казакі за тое, каб яны не спалілі двор. Ніхто з прыслугі не меў ці не пажадаў адкупіцца, і стары, пабудаваны з лістоўніцы дом, які памятаў яшчэ Хадкевіча, згарэў. А разам з ім згарэла шмат каштоўных абразоў, скульптур, бібліятэка і што самае дрэннае - большасць так званага архіва Празароўскага, які датычыў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Узгадваў гэты архіў гісторык Дубецкі. Нейкая частка архіва знаходзілася ў Вільні, дзе была знішчана Другой сусветнай вайной».

[32] Ад пачатку - уніяцкая.

[33] Караль Рафал Грабоўскі (сын пружанскага маршалка Феліцыяна Грабоўскага), быў спярша пружанскім (1826 г.), а потым лідскім (1837 г.) апеляцыйным суддзём. З 1826 г. быў уладальнікам Вялікага Мажэйкава, памёр у 1857 г.

[34] На карце таго часу - Злебедзь, першасная назва Залебедзь.

[35] Насамрэч XVI ст.

[36] Аўтар блытае, Трыдэнцкі сабор - адкрыўся ў 1545 годзе ў Трэнта (лац.: Tridentum) і закрыўся там жа 4 снежня 1563 г. Але насамрэч справа ідзе пра Ферара-Фларэнційскі сабор - сабор хрысціянскіх цэркваў (1438-1445). Акрамя уніі з Грэчаскай царквой, былі падпісаны булы аб уніях з Армянскай царквой (1439), Якавіцкай царквой (1441). Далей Сабор быў пераведзены ў Рым (25 красавіка 1442), дзе былі падпісаны булы аб уніях з сірыйцамі Месапатаміі, Халдэямі, маранітамі Кіпра.

[37] Скансен (швед. Skansen) - этнаграфічны комплекс - музей пад адкрытым небам, музей-вёска, размешчаны на востраве Юргордэн (швед. Djurgоrden) у Стакгольме. Заснаваны Артурам Хазеліўсам 11 кастрычніка 1891 г.

[38] Усе тры браты прычыніліся да беларускай справы. Па ініцыятыве Вацлава Іваноўскага ў маёнтку Лебёдка была выдадзена нелегальная беларуская газета «Свабода». Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з суседняга для Іваноўскіх фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (чалец ППС, зрабіў першую старонку) і Вінцэнт Валейка (зрабіў усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лебёдку, дзе падчас калядных вакацый 1902 г. Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама Вінцэнт Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.»

[39] Дачка ўладальніка суседняга з Голдавам маёнтка Стрэліца Яніна Бурак успамінала: «Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны бальшавікамі 2 лістапада 1939 г., а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай». Трэба заўважыць, што ў тым месцы Лідчыны няма населенага пункта Боркі, таму, верагодна, Яніна Бурак мела на ўвазе нейкае ўрочышча каля Голдава. Гл: Лаўрэш Леанід. Пра Валеек з Галавічполя і газету «Свабода» // Лідскі Летапісец. № 1(85). С. 20-22.

[40] Насамрэч Голдаўская парафія да пачатку XVII ст. была праваслаўнай.

[41] У 1567 г. Цімафей і Ян Губарэвічы ставілі з маёнтка 2 коннікаў у войска. У XVIII-XIX ст. Красулі былі вядомы як месца паломніцтва да цудатворнай іконы Маці Божай, якая цяпер захоўваецца ў Жалудку.

[42] Верагодна, гэта Губарэвіч Радабыльскі Пётр Ежы - лідскі каптуровы суддзя (1763), лідскі гродскі суддзя і абозны (1765, 1778-1789, 1798), дэпутат Галоўнага трыбуналу ВКЛ (1774), уладальнік фальварка Красулі і Брулеўшчына Лідскага павета і Карытніцы Слонімскага павета

[43] Гл: Jan Kurczewski. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i pracę biskupów i duchowieństwa diecezji wileńskiej oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych, 1912.

[44] Бельскія - Гедымінавічы.

[45] Людвік Рудольф Святаполк-Чацвярцінскі (1877-1941), у 1906 г. ажаніўся ў Рыме з Ружай Радзівіл.

[46] У канцы 1930-х гадоў першыя малыя электроўні з'явіліся ў мястэчках Жалудок і Воранава. Гл: Kurjer Wilenski № 7(4325) 8 stycznia 1938.

[47] Яшчэ ў 1909 г. прэса паведамляла: «Жалудок Лідскага павета. У нас ёсць гаспадарская суполка, але надта моцна яна не працуе. Аткрылі тут хаўрусную краму, за 7 месяцаў яна дала 400 руб. чыстага даходу. Хаўруснікаў у краме 120 - 140, кожны даў па 10 рублёў. Яшчэ большая была бы карысць, каб у нас была не толькі хаўрусная крама, дзе мужык толькі купляе за свае грошы, але яшчэ хаўрусы для прадажу мужыцкага дабра, здабытага мужыцкай працай - напрыклад, малака, масла, збожжа і інш.

Тут ёсць вялікая старасвецкая карчма, якая належыць памешчыку князю Ч. Ён перабудаваў нанава гэтую карчму пад краму і чайную, хочуць зрабіць тут і заезд дзеля начлегу. З крамы кн. Ч. бярэ 50 руб. Арэнды, - значыць ня шмат. Вядома рэч, што як багатыя людзі памагаюць завясці карысныя для грамады рэчы, то гэта добра. Але хаўрусныя крамы і таварыства будуць моцныя толькі тады, калі самі мужыкі будуць на іх складацца. Мужыцкі грош будзе цвярдзейшы! Княгіня аткрыла тут бальніцу на 10 ложкаў, лечаць дарма». Гл: Наша Ніва. № 9. 27 (12) февраля 1909.

[48] У Шчучынскім павеце ў той час было 4 лекары і 2 фельчары. Аднаго лекара і аднаго фельчара князь Людвік Чацвярцінскі ўтрымліваў у Жалудку на свае сродкі ў пабудаванай ім бальніцы. Медыцынскае абслугоўванне было платным. Асобы, якія працавалі ва ўстановах, павінны былі плаціць унёскі ў «касу хворых». Калі плацельшчык узносаў або члены яго сям'і захворвалі, дык тады іх лячылі бясплатна

[49] Генерал-губернатарства, ў 1939-1945 гг. - адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на тэрыторыі акупаванай нацысцкай Германіяй Польшчы.

[50] Станіслаў Радкевіч - польскі камуністычны палітык і дзяржаўны дзеяч, генерал-маёр дзяржбяспекі, адзін з заснавальнікаў карнага апарату ПНР.

[51] Неградовы стараста - гэта ганаровая пасада за заслугі перад князем (каралём), асоба, якая атрымлівала ў пажыццёвае трыманне княскія землі, не маючы на іх адміністратыўных паўнамоцтваў.

[52] Ліманты паходзілі з Фларэнцыі і з'явіліся ў ВКЛ дзякуючы каралеве Боне. Яны ніколі не былі звязаны з каралеўскай службай і як раз у гэты час імкнуліся любымі сродкамі павялічыць свае ўладанні. У 1593 г. Ліманты актыўна судзіліся з інстыгатарам ВКЛ за «добры давойнаўскія». Багаты род Давойнаў, які валодаў у Лідскім павеце Ішчалнай і Шчучынам, згас пасля 1576 г. Каб авалодаць спадчынай Давойнаў, Ліманты стварылі фальшывы акт 1515 г., паводле якога Андрэй Давойна падараваў ім усе свае ўладанні. Гл.: Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland. 2006. № 17. С.57-68.

[53] Пра маёнтак Лябёдка гл. маю дакументальную аповесць «Лябёдка Іваноўскіх» у альманаху «Новы Замак. Літаратурны альманах. Гродна», выпускі 8 і 9.

[54] Памолаг - знаўца пладовых дрэў.

[55] Насамрэч, у 1916 г., калі ён ўжо быў на пенсіі і жыў у Лябёдцы, атрымаў чына тайнага радцы.

[56] Гл: Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20-33.

[57] Леан Мішель Гамбета (1838-1882) - французскі палітык, прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Францыі ў 1881-1882 гг.

[58] Гл: Stern Anatol. Dom Apollinaire'a: rzecz o polskosci i rodzinie poety. Krakоw, 1973.

[59] Пра гэтых калмыкаў згадвае Зофія Кабылянская ў кнізе "З успамінаў санітаркі Ударных кадравых батальёнаў" // Лідскі Летапісец. 2014. 4 (64).

"Кідок быў даволі далёкі, бо аж пад Шчучын. Мясцовая канспірацыя данесла, што ў лес, адлеглы на некалькі кіламетраў ад горада, штодзённа прывозілі аддзяленне добра ўзброеных калмыкаў, якія пільнавалі мужыкоў, што працавалі пры высечцы лесу і вывазе дрэва".

[60] Клятва, зарок

[61] Вядомы лідскі паэт і краязнавец, аўтар газеты «Лідская зямля». Да 1939 г. амаль што напісаў манаграфію па гісторыі Лідчыны.

[62] Сябра Вацлава Іваноўскага, загінуў у канцлагеры

[63] Пра Фердынада Рора і Яна Паўпяту гл: Лаўрэш Леанід. «Невядомая вайна» XVII ст. на Лідчыне і вакол яе // Лідскі Летапісец. 2019. № 1(85). C. 24-37.

[64] Гл: Мірон Браніслаў Нарбут. Лідскі павет у сярэдзіне XIX ст. Шлюбныя войскі / пераклад Галіны Лаўрэш, каментары Леаніда Лаўрэша // Асоба і Час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 6. Мінск, 2015. С. 123-124.

[65] У канцы красавіка 1812 г. імператар Аляксандр І аб'язджаў войскі ўздоўж заходняй мяжы і наведаў Вільню. Ён быў сустрэты натоўпамі насельніцтва: нават самыя вялікія скептыкі паддаліся на гэты раз надзеям на рэформы і аўтаномію ў межах Расіі - тую дробязь, пра якую ўсе марылі, але рускі імператар маўчаў і абмяжоўваўся толькі міласцямі да шляхты і незвычайнай ветлівасцю з арыстакратыяй.

У Лідзе ён зрабіў агляд 6-га корпуса генерала ад інфантэрыі Дохтурава. У Лідскім павеце ў раёне Эйшышак кватаравала руская армія ў 60 000 чалавек, карпуснымі камандзірамі ў ёй былі генералы Бахмеццевы 1-шы і 2-гі. На пачатку траўня імператар Аляксандр I, аглядаючы карпусы, суткі прабыў у Эйшышках. Потым імператар наведаў маёнтак Веранова (зараз - Воранава), які належаў 70-гадовай Клары Аляксандровіч. Гаспадыня, па няведанні, прыняла імператара за рускага паручніка. Непазнаны Аляксандр піў з ёй гарбату, і пані пажалілася яму на тое, што ў яе сілай забралі 6 коней для будучага праезду імператара. Аляксандр, не адкрыўшы сябе гаспадыні, загадаў вярнуць коней..

У Лідскім павеце імператар пешшу наведаў Ішчалну - маёнтак Караля Лясковіча, піў з Лясковічам гарбату, слухаў ігру дачкі гаспадара Ішчалны на арфе. Каля Ішчалны рускі імператар інспектаваў 4-ы корпус генерал-ад'ютанта Шувалава (штаб у Васілішках), які складаўся з 11-й і 23-й пяхотных дывізій, аднаго гусарскага палка з 2-й кавалерыйскай дывізіі і дзвюх артылерыйскіх брыгад. Гл: Лаўрэш Л.Л. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 9-10.

[66] Насамрэч, цар наведаў Ішчалну пры аглядах рускіх войск перад вайной 1812 г.

[67] Пры Міхала Шымялевіча, гл: Лаўрэш Леанiд. Пра Міхала Шымялевіча: Крэскі да біяграфіі найлепшага гісторыка горада Ліды // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Укладальнікі: Леанiд Лаўрэш, Аляксандр Фядута. Мінск, 2015. С. 133-165.

Выдзены зборнік яго твораў, гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2019. - 326 с.

[68] Відочна, Міхал Шымялевіч лічыў, што гаспадарка павінна адысці іншай сям'і, ведаючы ўзровень інтэлекту і дасведчанасці гэтага чалавека, мне цікава, якой генеалагічнай інфармацыяй ён валодаў?

[69] Менавіта гэтак у аўтара - «па-беларуску».

[70] Рыўка - элемент акуцця похвы шаблі.

[71] Будучы Пій XI (Ambrogio Damiano Achille Ratti), Папа Рымскі ў 6.2.1922 - 10.2.1939 гг.

[72] Жонка ротмістра Вітольда Пілецкага.

[73] Г. зн. выкладала польскую мову, як замежную.

[74] Насамрэч, ксёндз Генрык Бальцэвіч напісаў востракрычную кнігу пра касцельныя стасункі і ананімна выдаў яе ў Львове (1900) а потым у Мюнхене (1905). Кніга выклікала вялікі скандал. Гл: Stosunki kościelne na Litwie : listy otwarte księdza do księży. Monachium, 1905.

Пра гэту кнігу пісаў Міхал Шымялевіч (гл: Міхал Шымялевіч. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 131-134.) і Людвіг Абрамовіч (гл: Za starych szpargalów // Pregląd Wileński. 1938. № 4-5. S. 12.)

Зняўшы сутану, Бальцэвіч атрымаў навуковую ступень Ph(D), яго дысертацыя выдадзена асобнай кнігай, гл: Dr. Henryk Bolcewicz. Kant a Hume. Warszawa, 1913.

[75] Узнагароджанне Марыі Лясковіч прэзідэнтам Масціцікім адбылося за некалькі месяцаў да яе смерці, на пачатку 1939 г. - гл. Ziemia Lidzka. 1939. №7-8. S. 215.

[76] Начная ці вячэрняя служба паміж 24 і 25 снежнем, у дадзеным выпадку, здаецца, аўтар мае на ўвазе спяванне калядак.

[77] Прастора каталіцкага храма паміж нефам і апсідай, прызначаная для богаслужэння і духавенства.

[78] Скляпеністае падземнае памяшканне, звычайна пад апсідай.

[79] Гэта Лебёдка Іваноўскіх, Алена Скіндар - чацвёртае дзіця Леанарда Іваноўскага, бацькі Вацлава Іваноўскага.

[80] Гэта фальварак Вацлава Іваноўскага, у які ён напачатку прыязджаў паляваць, потым пакінуў яго сваёй першай жонцы Сабіне.

[81] У Польшчы гэты эпізод пачатку Другой сусветнай вайны таксама вядомы пад назвай «Dziwna wojna».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX