Дзяцінства прайшло ў Клімавічах
Акупанты мяняюцца - акупацыя застаецца
Накіраванне ў Саюз беларускай моладзі
Трывожны канец нямецкай акупацыі
Канец СБМ - пачатак новых турбот
Памяці Янкі Жамойціна
Як i ў мiнулыя весны, ен зноў ехаў на спатканне з роднай Лiдчынай i Беларуссю. Ды так жаданая сустрэча не адбылася: у пагранiчнай Кузнiцы, лiтаральна поруч з Радзiмай, знясiленае нягодамi жыцця сэрца беларуса-патрыета спынiлася. I нябожчыка вярнулi назад у Варшаву, дзе яго i пахавалi
Янка Жамойцiн, вядомы пiсьменнiк-публiцыст i грамадскi дзеяч, нарадзiўся 28 студзеня 1922 года ў весцы Клiмавiчы Лiдскага раена. Пiсаў на беларускай i польскай мовах. Гады Вялiкай Айчыннай вайны перажыў на акупаванай гiтлераўцамi тэрыторыi. Быў у той час арганiзатарам навучання вясковых дзяцей на беларускай мове ў ваколiцах Лiды, удзельнiчаў у беларускiм незалежнiцкiм руху.
У 1945 годзе Я. Жамойцiн пераехаў у Польшчу. У канцы 1949 года быў у другi раз арыштаваны i iнтэрнаваны ў СССР, дзе яго прыгаварылi да 25 гадоў зняволення. Адбываў пакаранне ў лагеры г. Караганда. Задоўга да заканчэння лагернага тэрмiну, у 1955 годзе, Янку Жамойцiна вызвалiлi ад пакарання i рэабiлiтавалi. Чалавек, ад якога адвярнулася родная быццам краiна, вярнуўся ў Польшчу.
Пачынаючы з 70-х гадоў ХХ стагоддзя, Я. Жамойцiн актыўна працаваў у галiне публiцыстыкi. Яго пяру належаць шматлiкiя публiкацыi пра паэзiю беларускамоўных аўтараў Польшчы, артыкул-даследванне «Шляхамi «Iлiяды» Гамера» - пра зроблены Б. Тарашкевiчам пераклад гэтага твора на беларускую мову, шмат рэпартажаў, эсэ, крытычных артыкулаў. Друкавалiся яны ў штотыдневiку польскiх беларусаў «Нiва», у календарах беларускага грамадзянскага культурнага таварыства, у iншых польскiх i замежных выданнях.
Верыцца, што светлая памяць аб Янку Жамойцiну надоўга застанецца на ободва бакi мяжы - у Польшчы i Беларусi. Споўнiлася 40 дзен, як ен памер.
А. ЖАЛКОЎСКI, Биржа Инфрмации № 279 от 12.06.2003.
Мой родны кут
Клімавічы невялічкая вёсачка, усяго 16 сядзібаў, забытых Богам і людзьмі пасярод разлеглага балота. Бугор на ўскраіне дрыгвяністай абалоны вызначыў асаблівы расклад вёсачкі. Сядзібы вяскоўцаў уладзіліся не так, як наогул у іншых вёсках, абапал адной вуліцы - яны неяк прытуліліся да сябе, утвараючы заселенае кола, якое пераразалі дзве вуліцы накшталт літары "Т". Пачынаючы з паўднёвага захаду, ад асновы літары да яе папярочкі, былі сядзібы Радзюжоў, Сямашкаў і аднаго Давідовіча; правы рукаў, з цэнтру на паўднёвы ўсход, засялялі Клімовічы, Жамойціны, Саўрасы і адзін Сямашка; з сярэдзіны на паўночны захад ішлі сядзібы Клімовічаў і Здановіча.
Вуліца, што ішла на паўднёвы захад, канчалася невялікай грэбляй і мосцікам, зараз за якім была вёска Губяйкі, а далей - Сямашкі каля чыгункі. Паўднёва-ўсходнім рукавом вуліца выходзіла ў поле і нейкіх паўкіламетры далей упіралася ў балацявінку, цераз якую драўляная кладачка спалучала Клімавічы з Ігнаткаўцамі. Усё заплечча клімавіцкай літары "Т", з паўднёвага ўсходу па паўночны захад, займала балота з невялікім алешнікавым зараснікам, які называлі купніком. Фактычна, вольхі раслі на купінах. Балота разляглося на добрых 10 квадратных кіламетраў. За балотам былі вёскі Голдава і Цвербуты ды пасёлак Вайнаполе.
Вуліца, што выходзіла на паўночны захад, за вясковым выганам і магілкай невядомага жаўнера з I сусветнай вайны знаходзіла свой працяг у палявой дарожцы. Яна лёгкім пад'ёмам даходзіла да мясцовага ўзвышша, на якое ўсе казалі Горка, а потым раптоўна спускалася ў "садок" з грэбляй. "Садком" у нас называлі поплаў, які доўгім на два кіламетры клінам урэзваўся ў бугор на ўскраіне дрыгвяніка. За грэбляй дарожка лагодна падымалася ўверх між палёў ажно да чыгункі, якая пераразала Праходы - так называлі клімавіцкі лес. За лесам быў санлівы чыгуначны паўстанак з поштаю, дрымоту якога толькі зрэдчас парушалі цягнікі маршруту Варшава - Ліда.
У Клімавічах, як і ва ўсіх іншых вёсках у ваколіцы, насельніцтва было амаль выключна карэннае. Хлопцы жаніліся перш за ўсё з дзяўчатамі са свае вёскі, або з суседніх, з якімі знаёміліся на царкоўных святах ці на вечарынках. Такім чынам сваяцтва завязвалася паміж жыхарамі наогул аднаго царкоўнага прыхода. Межы такога прыхода і вызначалі абсяг вядомага свету для большасці прыхаджанаў, калі не лічыць тых хлопцаў, якіх бралі ў войска.
Мой час, пра які тут гутарка, пачаўся пад канец другога дзесятка гадоў гэтага стагоддзя, калі ў роднай старонцы на змену расейскаму рэжыму прыгнёту прыйшоў польскі. Людзі апынуліся ў іншай дзяржаве, але гэта не займела вялікага ўплыву на іхні лёс, унутраны свет, працу ад зары да зары, іх адвечныя звычаі, турботы і ўцехі. Праўда, людзі хапілі бяды, прычыненай вайною і бежанствам ды самаволяй салдатні і бандытызмам. Край быў знішчаны, але народ, разагнаны па свеце бежанствам ці схоплены ў салдаты, вяртаўся ў свае гнёзды, каб нанава наладзіць сваё немудрагельнае бытаванне. Дзе-нідзе прыходзілі весткі ад адзіночных сем'яў у Расеі, якія, напалоханыя чуткамі аб самаўпраўстве польскіх легіянераў, пастанавілі заставацца на чужыне. У асноўным, аднак жа, вясковы люд вярнуўся ў сваёй натуры не зменены, хоць і здаралася чуць пра выпадкі прыгнечаных ліхалеццем бежанцаў.
Частцы клімавіцкіх сем'яў удалося ўхіліцца ад бежанства перад немцамі і стрываць вайну на месцы; іншыя вярнуліся дахаты пасля пяцігадовага бадзяння па расейскіх абшарах. З'яўленне ў вёсцы некага чужога ставалася небывалай падзеяй, чуткі пра якую ішлі далёка за ваколіцу. Непгга такое прыдарылася і ў Клімавічах, калі з вайны вярнуўся Уладзюк Саўрас, прыхапіўшы сабе дзеўку недзе ажно з Падмаскоўя. Дзеўка тая ніяк не змагла навучыцца нашай "простай" мовы і гаварыла ўвесь час мала ўцямнай маскоўскай "скороговоркой". Дастала яна за гэта мянушку Маскоўка і ніхто не азываўся пра яе інакш, відаць, і не ведаючы яе сапраўднага імя. Уладзюк жа з таго часу значыўся Саўрасом адно ў метрыцы, бо для вёскі стаўся ён Маскалём. У гэтым, дарэчы, не было нічога дзіўнага, бо мянушкі мелі амаль усе вяскоўцы. Іншых называлі "рыжымі" ці ,.рыжакамі" яшчэ іншых "газванамі", "бэлдыкамі", "смецюхамі"... Наша сям'я мела мянушку Бацяны, ад таго, магчыма, што на высознай і разгалістай ліпе каля нашае хаты абсталявала сабе гняздо бусліная - бацяновая - сям'я. Цікава, што самую птушку людзі ў вёсцы называлі буслам, нас жа ахрысцілі "бацянамі".
Апрача Маскоўкі была яшчэ адна адметная жанчына - жонка Карпуся Давідовіча, якую не называлі інакш як Карпусіхай. Была гэта адзіная жанчына ва ўсім прыходзе, якая курыла тытунь; да таго - таргавала ў краме, пакуль не абанкруцілася. Іншыя вяскоўцы былі "ўсе свае" і вылучаліся хіба што звычкамі ці здольнасцямі. Цікава, несумненна, і тое, што ў вёсцы не было ніводнага п'яніцы. Зрэшты, цана гарэлкі не заахвочвала да яе спажывання, а пагроза 2-гадовага зняволення абмяжоўвала вытворчасць самагонкі.
Цвёрды сялянскі лёс яднаў усіх вяскоўцаў у поглядах на лад і ўклад жыцця. Калі хто выбіваўся з агульнапрызнанага сялянскага кругавароту, яго лічылі не зусім каб нармальным. Быў у нас такі адзін, Тодар Радзяк, які, пакінуўшы клопат аб гаспадарцы брату, хапіўся за рамяство. Людзей ён найбольш здзівіў самакатам - бліскучым, на двух колах, першым гэткім дзівам у вёсцы. Катаўся ім на выгане, захапляючы смургеляў і выклікаючы зайздрасць у падлеткаў. А Іван Саўрас, празываны ў нас Смецюхом, які таксама шмат якія штукі патрапіў вырабіць, узяўся і сам змайстраваў самакат, каб не ўступіць Тодару. Іван ужыў дзеля гэтага два калаўроткавыя колы і яшчэ нейкія іншыя часткі з хатняга спрату. Цяжка, мабыць, у гэта паверыць, але самакатам можна было ездзіць. Дальбог...
Тэхнікі ў той час у заходнебеларускай вёсцы не было амаль ніякай. З новай, "панскай" уладай не прыйшла нейкая новая цывілізацыя. Найхутчэй прыйшлі судовыя экзекутары, каморнікі і каланісты. Асноўнымі прыладамі сялян далей былі серп, каса і цэп. Праўда, курныя хаты зніклі з сельскага краявіду, жалезныя плугі заступілі драўляныя сохі, а бароны займелі жалезныя зубы. Лучына, якою паўсюдна асвятлялі хаты, цягам часу ўступіла месца газоўкам. Аднак газа была дужа дарагая сялянам, таму яшчэ і ў пачатку 30-х гадоў старэйшыя клімавічане запасілі на зіму сасновую лучыну, якой свяцілі не толькі ў хаце, але і калі на додніцы хадзілі малаціць. Лучыну ўтыркалі ў старанна падраўнаваныя і звязаныя слупікі жытняй саломы і запальвалі яе з другога канца. Усе малацілі цапамі, і толькі самы багаты гаспадар у вёсцы, Аляксандар Клімовіч, меў конны манеж, які служыў рухавіком для сячкарні і малатарні. Збожжа ён касіў касою, у той час як усе іншыя жалі сярпамі, упэўненыя, што каса абівае зерне і марнуе яго. Прытым, як усе лічылі, з абмалоту з-пад касы нельга было звязаць добрых кулёў, ці то каб пашыць стрэху, ці накрыць яміну з бульбай на зіму, ці хоць асмаліць вепрука перад свежаваннем. Адсутнасць тэхнікі і наогул прагрэсу ды зацікаўлення "крэсовым" земляробствам з боку ўладаў пакідала сельскую гаспадарку на ўзроўні дзевятнаццатага стагоддзя. Сяляне цяжка працавалі на свой мізэрны быт, здабываючы грошы на падаткі, газу і соль за выручку з продажу збожжа ці жывёлы, альбо за паўдармовую працу ў мясцовых абшарнікаў і каланістаў.
Праца вяскоўцаў на ўласных гаспадарках вызначала ўвесь кругаварот вясковага жыцця. Пасля абмалотаў наступаў зімовы перапынак у мужыцкай працы, за якім ішла трывожная і наогул галодная пара прадвесня, калі вёска рыхтавалася да вясны. Тады якраз рабіліся ўсе ўзгадненні: калі выпускаць жывёлу ў поле; з якога канца вёскі вызначыць чаргу пасьбы жывёлы; калі выйсці ў поле з плугамі; калі пачынаць сяўбу ярыны; калі садзіць бульбу. Неўзабаве пасля веснавога клопату пачыналіся сенакосы. На досвітку ўсю вёску будзіў звон менчаных на палосках аселіцы косаў, які ў мяне нязменна выклікаў уражанне нейкага светлага і радаснага ўздыму сярод усіх жыхароў. Дасюль не магу ўразумець, як кожнаму гаспадару ўдавалася беспамылкова трапіць на сваю вузкую палосачку сенакосу, якія ж не былі аддзелены ніякімі асаблівымі пазнакамі ці межамі. Не прыгадваю, каб гэта давяло да якога большага канфлікту ці сваркі. Калі і здаралася каму "падкасіць" у суседа, перапросіны наступалі адразу. Пасля сенакосаў у адзін час для ўсяе вёскі пачыналася сярповае жніво, якое звычайна канчалася дажынкавымі песнямі і нярэдка сціплым застоллем. А потым ішла асенняя пара з капаннем бульбы і сяўбою жыта, ажно да малацьбы, і кругаварот паўтараўся.
Гаспадыні была адведзена не менш істотная роля ў гаспадарцы, хоць традыцыя стаўляе яе заўсёды на другі план. Няпісаным абавязкам гаспадыні было накарміць сям'ю, апрануць, утрымаць парадак у хаце і чысціню ды яшчэ пасабляць ў гаспадарскіх і палявых занятках. Тэхніка і цывілізацыя ў гэтых і адносінах таксама амаль не прысутнічалі. Каб утрымаць сякую-такую чысціню, трэба была падрыхтаваць "лугавую ваду" - настойку з попелу, залітага варам. У гэтым "лузе" з дадаткам крынічнай вады мыліся кожную суботу дарослыя і дзеці, а таксама ўжываўся ён для мыцця бялізны. У гэткі спосаб людзі ашчаджалі дарагое ў той час мыла.
У полі серп быў выключна жаночай прыладай. Мужчыны амаль не дакраналіся да яго; іх абавязкам падчас жніва было вязаць снапы, сушыць іх у "дзесятках", звозіць у гумны і малаціць ды перасейваць. Гаспадыня даставала муку, з якой ёй трэба было ўмець рабіць адмысловую закваску, рашчыняць і пячы хлеб, які павінен быў захоўвацца адносна свежым на працягу двух тыдняў або нават даўжэй. Выраб бялізны і іншае вопраткі вымагаў самага складанага ўмельства ў працы вясковай жанчыны. Пачыналася ўсё ад лёну, утрымаць чысты палетак якога лічылася гонарам кожнае гаспадыні. Большасць далейшых натугаў у апрацоўцы лёну была праводжана талакою, значыць калектыўна, усёй вёскай. Лён трэба было вырваць, абмалаціць семя ручнымі пранікамі на таковішчы ў клуні, разаслаць на поплаве і высушыць, звязаць у кулі, перасушыць у сушарні, сцерці на церніцах дзеля аддзялення валакна ад кастрыцы, патрапаць валакно на трапачках і вычасаць. Талака пры апрацоўцы лёну была выклікана перш за ўсё наяўнасцю толькі аднае сушарні на ўсю вёску і неабходнасцю сцерці лён на церніцах неадкладна пасля перасушкі і абтрапаць яго з рэштак кастрыцы. Ільняное валакно, прызначанае на палатно, вымагала дакладнага вычасання на часалках, якія былі зроблены з цвікоў адпаведна ўбітых у дошку, што прымацоўвалася на "козлах". Зрэбныя тканіны - на рабочую вопратку, мяшкі - не вымагалі ажно так роўнай і тонкай пражы, як палатно.
Пража ачышчанага валакна - кудзелі, прымацаванай да прасніцы - адбывалася штодзённа: на додніцы, да таго як рыхтаваць снеданне сям'і і карміць жывёлу, а таксама вечарамі. Калаўроткі былі цудам тэхнікі, з якім старэйшыя жанчыны ніяк не маглі звыкнуцца, а таму яны сваю пражу круцілі на верацёнах, якія вымагалі спрыту амаль як у жанглёраў. Дзяўчаты збіраліся з сваімі кудзелямі на вечарыны, штодня ў іншай, ды пралі, спяваючы песні, жартуючы з хлопцамі, ці слухаючы іхняе балаканне. Далей трэба было зматаць пражу на матавілах, потым у клубкі, а потым аснаваць на асноўніцах і выткаць на кроснах. Так мінала жанчынам зіма. Апошняй дзеяй у гэтым надта складаным працэсе было бяленне палатна, калі веснавыя паплавы ўсцілаліся доўгімі палатнянымі дарожкамі.
Дзяцінства прайшло ў Клімавічах
Я нарадзіўся 28 студзеня 1922 г. неўзабаве пасля вяртання сям'i з бежанства. Мама - здольная i працавітая краўчыха, акрамя звычайных заняткаў звязаных з доглядам дзяцей i рыхтаваннем ежы, шмат шыла i вучыла шыцця i крою іншыя дзяўчаты, што дапамагло ў пачатковы перыяд пасля вяртання з бежанства ўтрымаць сям'ю ды ў далейшым не раз ратавала з розных нявыкрутак. Іншымі гаспадарскімі справамі займалася бабка Куліна i асірацелая пляменніца Стэпка, якая таксама належала да сям'і. Калі яны памерлі, усе абавязкі зваліліся на маміны плечы. Бацька мой закончыў усяго прыхадское вучылішча, але меў даволі шырокія зацікаўленні, якія стараўся пашырыць яшчэ больш саматугам. Гаспадарка ва ўсім гэтым цікавіла яго найменш, хоць кіраваў ёю сумленна. Часткова нашу гаспадарку абраблялі іншыя людзі ўзамен за маміны кравецкія паслугі. Бацька энергічна ўзяўся кіраваць сеткай вясковых крамаў кааператыва "Сполэм" ды таксама дзейнічаў ва ўправе вясковай (ці мо гміннай) крэдытнай касы Стэфчыка. Апрача гэтага ён быў заўсёды заняты бескарыслівай дапамогай аднавяскоўцам у іхніх праблемах з войтам, паліцыяй, прыхадскім святаром ці судамі. Сам ён таксама час ад часу не мінаўся з каморнікам за незаплачаныя падаткі ці страхоўку, ці за нейкія банкавыя няўплаты, у чым яго мусіла выручаць мама. Нямала часу i грошай ён патраціў на судовыя справы за фальварак каля сотні гектараў з лесам, які ягоны слабадумны пад старасць дзед запісаў у тастаменце свайму работніку, кавалю, калі бацька з сям'ёй быў у бежанстве. Судзіцца з кавалём, да таго ўласнікам такога маёнтка, было ў Рэчы Паспалітай безнадзейнай справай. Аднак жа гэта каваля-памешчыка, а не майго бацьку, за той фальварак "вызваліцелі" ў 1940 годзе адправілі ў Сібір. Ці то ад удзячнасці для лесу, ці то ад пачуцця маральнай перавагі над колішнім судовым праціўнікам, бацька, па намове мамы, тайком пасылаў кавалю на выгнанні крупы на кашу, каб той з сям'ёю не прапаў ад галоднай смерці.
Нарадзіўся я ў тыповай хаце на дзве сям'і, у так званай хаце "ў два канцы" з уваходам цераз ганак у супольныя сені. Адзін "канец" належаў нашай сям'і, a ў другім жыў дзед Юстын (дзядзька майго бацькі) з бабкай Марыяй ды сынам Касцюком i братанічам Аляксандрам, ведамым як Шурка. Шурка быў солтысам са стажам роўным узросту II Рэчы Паспалітай з працягам на пазнейшыя савецкую i нямецкую акупацыі (ягонае салтысаванне закончылася яму дзесяцігадовым побытам у гулагу). У цэнтры нашай хаты стаяла вялізная печ з прыпечкам. Хата, з уваходам з сеняў праз кухню, была падзелена на чатыры памяшканні: кухню (з дадатковым "чорным ходам"), "вялікую хату" i дзве спальні, называныя "бакоўкамі".
Дваццатыя гады былі часам дастатняга сямейнага жыцця.
Мама - увасабленне жаночай уражлівасці - была нашай, дзяцей, заступніцай перад бацькам. Баба Куліна запамяталася мне асобай вечна нечым занятай, якая ўсё шаптала пацеры, a калі не, дык у нечым усё нас, малечу, папракала, або нешта загадвала нашаму сабачку, Галасу, або клікала коціка, прыяцеля майга малодшага браціка. Стэпка, пасля хатняга занятку, прысядала да прасніцы з калаўроткам, дзе i хутка засыпала, змораная працай.
Бацька часта падарожнічаў сваёй каляровай брычкай, у якой любіў сабе падрамаць у даўжэйшыя выезды. Наш гнедач заўсёды надзейна дастаўляў гаспадара на свой панадворак. Частыя бацькавы адлукі ад дому, тым не менш, не мяшалі паступоваму павялічванню сям'i.
Сястра Людміла, старэйшая за мяне на сем гадоў, нарадзілася ў бежанстве. Па мне, больш-менш кожныя два-тры гады, з'явіліся ў свет Аляксей, Андрэй, Таіса і, крыху пазней, Алег. Люда закончыла беларускую гімназію ў Вільні i педагагічны інстытут ды стала настаўніцай; Андрэй выбраў сабе сан святара; Лёня i Алік закончылі тэхнічныя школы i працавалі майстрамі слесарскіх цэхаў на фабрыцы. Усе браты ўдаліся музыкальнымі, іграюць на розных інструментах. Таіса, здольная i энергічная асоба, стала шэрым кардыналам лідскага шырпатрэбу.
Стыль бацькавага жыцця вымагаў кантактаў, перш за ўсё з мясцовымі знакамітасцямі, якіх бацька час ад часу запрашаў на паляванне або суботамі ў лазню (якая ўвосень была сушарняй лёну). Хоць сам бацька не быў вялікі ахвотнік да выпівання, то для сваіх гасцей ён ладзіў вячэры за кошт мамінай працы. Гаспадар лішняй чаркі не выпіў, але гасцям не скупіўся з напоямі, ажно пакуль застольная гамана не пераходзіла тую мяжу, за якой канчалася маміна цярплівасць. Здаралася часамі i "культурная дзейнасць" падчас тых застолляў. Людка, якой тады споўніліся 12 ці 13 гадоў, падрыхтавала мяне i Лёню (чатыры гадкі) да "эстраднага" выступления. Апрануўшы нас у белыя кашулі ды абуўшы ў юхтавыя хадакі на ваўняныя белыя самаробная шкарпэткі, яна выпіхнула нас з бакоўкі да банкетнікаў якраз у той момант, калі псаломшчык, не зважаючы на прысутнасць свайго шэфа, благачыннага айца Мацея Яцкевіча, забасаваў:
С вином мы родились,
с вином мы помрём...
Мой брацік, у якога быў незвычайны слых, пераступіўшы цераз парог, заінтанаваў (а я за ім):
Ой гарэліца мая,
што ты вычаўпляеш,
ты над намі мужыкамі
літасці не маеш!
Госці замоўклі на такую нечаканасць, а мы, убачыўшы бацькава нахмаранае аблічча, счэзлі з ягонага поля зроку. Воплескі гасцей, якія паляцелі нам наўздагон, супакоілі бацьку, а мама палічыла наш "нумар" нялішняй антыалкагольнай прапагандай.
Наступствы грамадаўскага ўздыму, як i ўсё іншае на свеце, адчуліся ў нашай вёсачцы са спазненнем у некалькі гадоў, але ўсё ж не мінулі яе. Паколькі наш бацька быў адным з штандаровых актывістаў, дык яго i закранула рэакцыя ўладаў. На пачатку 30-х ён быў пазбаўлены кіраўнічай пасады ў вясковых кааператывах "Сполэм", а пасля i адхілены ад удзельніцтва ва ўправе Стэфчыкавай касы, ды яшчэ з якімісьці прыдуманымі, на яго погляд, абвінавачаннямі ў матэрыяльным злоўжыванні.
Сям'я пачала адчуваць нястачу, якая з цягам часу ставала ўсё больш невыноснай. У дадатак да гэтага я цяжка захварэў пасля не вылечанай да канца жаўтухі. Перыядычныя наведванні лекараў у Лідзе i Шчучыне, адлеглых ад вёскі на 25 кіламетраў, не далі ніякіх вынікаў. Хвароба мяне знемагала крок за крокам, арганізм на працягу аднаго года аслабеў настолькі, што я не меў сілы ўстаяць на нагах, часта трызніў i страчваў прытомнасць. Крызіс прыйшоў у пачатку 1931 года. Апрытомнеўшы, я ўбачыў заплаканую маму i сумнае аблічча бацькі. На стале каля маёй пасцелі стаяла грамнічная свечка ў шклянцы з жытнім зернем. Запомнілася адчуванне задаволенасці, што мой лёс выклікаў спагаду не толькі бацькоў, але i ўсёй сям'і. Потым мне апавядалі, што, не вычуваючы пульсу, усе падумалі, што я ўжо памёр. Адзін бацька, як заўсёды, не здаваўся. Хутка пабег на лыжах да настаўніка Юнга ў суседнія Ігнаткаўцы i прынёс укол, які сам мне зрабіў, пабуджаючы, праўдападобна, дзейнасць аслаблага дашчэнту сэрца. Адсюль пачалося павольнае перасільванне хваробы i доўгачаканае паляпшэнне здароўя.
Ачуняўшы канчаткова ад хваробы вясною 1932, я з неспакоем пачаў думаць пра школу, у якую не хадзіў звыш года. Школьныя заняткі неразрыўна спалучаліся з "лапамі" (сцябаннем прутком па далонях) i стаяннем на каленях для ўсяго класа. Гэткім чынам пан наўчыцель Юнг дапамагаў нам засвоіць падставу ідэалагічнага ўзгадавання ў польскай дзяржаве - вершык Кто ты естэсь? Поляк малы... Пайшоўшы ўвосень 1931 у чацвёрты клас, я ўбачыў, што атмасфера ў школе стала іншай.
Школьныя сябры (у тым ліку, праўдападобна, i я сам) падраслі. Большасць заняткаў у нашым класе вяла настаўніца, жонка кіраўніка школы пана Юнга, Марыя Юнг. Пані Марыя паходзіла з Віленшчыны (ейны муж быў з Велькаполыпчы), i была добрай настаўніцай, якая знаходзіла паразуменне з вучнямі i абуджала ix давер i сімпатыю. Яе адносіны да нас былі важнейшыя за якія-небудзь іншыя ўзгадаваўчыя метады. Дзеці, перакананыя сваёй настаўніцай у багацці, красе i сусветным значэнні Польшчы - ix ойчызны - захапляліся гераічным рыцарствам, слаўнымі каралевамі i абагаўляным Першым Маршалкам, які адваяваў з няволі тую ойчызну, ды ўспрымалі геаграфічныя i гістарычныя навукі сваёй пані як дзівосны, казачны свет.
Незалежна ад усяго, найбольш эмоцыі ў школьным жыцці выклікаў канец заняткаў, якія завяршаліся супольнай малітвай Дзенкі Ці Божа за святлосьць тэй навукі... Тут наступала "ідэалагічнае" спаборніцтва. Групка шарачковых шляхцюкаў з калоніі Станкевічы, якія былі "польскай веры" (ix было намнога менш, чым нас, "рускіх"), гарлапанілі на ўсю моц: Вымя Ойца i Сына i Духа Свянтэга амін. Мы, каб не паказаць сябе горшымі, хоць i "рускія", можа не так прарэзліва, але дружна падтаквалі: Воймяца i Сына i Сьтага Духа амін. Пасля гэтага рытуалу, "польскія" i "рускія", змяшаўшыся ў адну грамаду i адчуваючы павеў свабоды, усе аднолькава загаворвалі "па-просту" i разбягаліся кожны ў свой бок, у той не-казачны, басаногі, зрэбна-шарачковы свет.
Такім чынам у галовах чацвёртакласнікаў замацоўвалася ўяўленне аб двух светах. Першы з ix быў школьным, заможным, панскім светам з панскай уладай, панскай мовай, панскімі маёнткамі i паліцыяй, якой пужалі дзяцей. Другі - гэта ix хатні, штодзённы свет, падпарадкаваны таму першаму, перад якім бацькі здымалі шапкі i адчувалі страх. Гэта i было дастатковай адукацыяй выпускнікам чатырохкласнай школы ў Ігнаткаўцах, каб пасеяць у ix душах комплекс непаўнацэннасці i неабходнасць пакорлівага падпарадкавання.
Не лічачы маёй асобы, толькі два сябры з ігнаткаўскай чатырохкласнай школы былі высланы бацькамі ў пяты i пасля шосты класы школы ў Скрыбаве, адлеглым на сем кіламетраў па простай лініі, гэта значыць, напрасткі цераз дрыгвяны поплаў. З сябрам Барысам Паваргам мы штодзённа перамервалі туды i назад, палову шляху подбегам i палову маршавым крокам. На зіму бацькі закватаравалі нас абодвух у нейкай цёткі, якая жыла побач школы, разам з тым трэцім сябрам, шляхцюком Вацлавам Кмітам. Скрыбаўская гмінная школа імя Пілсудскага, вялізная i новая, ставіла вучням большыя вымогі, а яе кіраўнік, пан Семяноўскі, дбаў пра належную дысцыпліну i ўзровень, неабходны для падрыхтоўкі выпускнікоў да далейшай навукі ў гімназіі.
Тым часам, у 1933 г., бацька адвёз сястру Людку ў Вільню i ўладкаваў у Віленскай беларускай гімназіі.
З роднай хаты ў свет
Дома жыццё паступова ўскладнялася. З году ў год нарастаў крызіс i павялічваліся нястачы, а тут яшчэ i мне трэба было шукаць якогасьці кірунку. Каб не марнаваць часу, прыйшлося прадоўжыць навуку ў сёмым класе, праграма ў якім была задумана як падрыхтоўка да практычнага жыцця для тых, што на гэтым канчалі сваю адукацыю. Найбліжэйшая ад Клімавіч сямікласная школа была ў Шчучыне, мястэчку адлеглым на 25 кіламетраў. Туды i завезлі мяне бацькі ды пакінулі на кватэры ў знаёмага настаўніка Гулько, шчырага беларуса. Спадар Гулько быў яшчэ не стары сямейны чалавек, але чамусьці пазбаўлены настаўніцкай пасады. Сям'ю, відаць, утрымоўваў з нейкае сціпленькае пенсіі. Сям'я ў яго была не малая, ды маладая. Наймалодшаму Яўгену было шэсць гадоў, потым ішлі Галя, Ліда i Люда, якая, здаецца, была гады два малодшая за мяне. Жонка ў яго была кабета вясковая, практычная і, па неабходнасці, ашчадная. Непарушнае меню на вячэру складала ў яе тоўчаная бульба, скупавата палітая нейкім соусам з цыбуляю. На такім наедку не растлусцееш. Ды справа ўвогуле была ў тым, каб дзеці не дужа балюча галадалі.
Да мяне адносіліся як да сямейніка. Дома мы разам вучыліся, аднолькава карысталіся дапамогай спадара Гулько ў падрыхтоўцы ўрокаў, разам гулялі i разам хадзілі ў школу, якая месцілася ў кляштары айцоў піяраў каля парку князёў Друцкіх-Любецкіх. У нядзелькі слухмяна наведвалі царкву, дзе па загаду бацькі я стаў прыслужваць айцу Прьггыцкаму падчас літургіі. Справа была ў тым, што бацька даведаўся аб існаванні праваслаўнага мітрапольнага інтэрната ў Варшаве, дзе можна было дастаць стыпендыю i накіраванне ў гімназію. Дзеля гэтага трэба было выканаць наступныя ўмовы: а) падпісаць заяву на тэалагічную падрыхтоўку ў інтэрнаце ды на навуку ў тэалагічным ліцэі i далей, ажно да сану святара; б) даслаць пасведчанне аб здадзеным уступным экзамене ў адной з вызначаных гімназій у Польшчы (у маім выпадку - у Гродне); в) даслаць рэкамендацыю ад святара; г) забяспечыць кандыдата дзвюма гімназічнымі ўніформамі, двума плашчамі, адпаведным абуткам i бялізнай. Бацька пастанавіў выканаць усе ўмовы нягледзячы ні на якія кошты.
Самым далікатным момантам быў экзамен у гімназію, ад якога залежала ўсё далейшае. Мае падарожжа цягніком у Гродна, упершыню ў гэткі свет, было адзінокае i трывожнае. Праўда, раней мне даводзілася адольваць пехатою 25 кіламетраў ca Шчучына дахаты на Вялікдзень ці Каляды, але тут была новая сітуацыя: я ехаў у невядомае. Бацька не стрываў напружанасці ў чаканні выніку майго экзамену. Пазычыўшы самакат у настаўніка Юнга, ён адолеў на ім 100 кіламетраў i нечакана з'явіўся ў гімназіі. "Прыклаўшыся да манкета" ксяндзу, дырэктару гімназіі, ён даведаўся, што асноўны мой экзамен, па польскай мове, - праца на тэму "Кім хачу быць у жыцці?" - быў ацэнены вельмі добра. Гэта бацьку супакоіла, хоць ксёндз-дырэктар адзначыў пры тым, нгго па геаграфіі я не адказаў на адно пытанне: "Што такое белы вугаль i дзе яго найбольшае скупішча?" Фактычна, я не мог на яго адказаць, бо дагэтуль не чуў такой дзівотнай назвы сібірскай драўніны. Гэта, на шчасце, не памяшала мне атрымаць прамоцыю ў гімназію.
Сам я перажываў тыя падзеі, пэўна, не менш за бацьку, бо запамятаўся мне ўбачаны ў часе вакацыяў сон, як быццам Божая Маці прыслала мне два белыя пантофлі, якія прынёс анёл i павесіў на штыкецінах перад вакном. Сон той найбольш усцешыў маму, бо з яго яна гадала памыснае заканчэнне ўсяе справы.
Мой паспяховы экзамен у гімназію ўсцешыў i сястру Людку. На яе думку, у інтэрнаце я апынуся ў асяроддзі блізкім да нашай беларускай культуры. Гэта пад яе ўплывам пачала абуджацца ўва мне беларуская свядомасць. З кожным сваім прыездам з Вільні Людка прывозіла адпаведную сялянскім зацікаўленням літаратуру на беларускай мове, перш за ўсё - беларускія календары. Маім абавязкам было распаўсюджваць ix сярод сялянаў. Спачатку справа ішла надта нясмела; адно лічаныя вяскоўцы былі ў змозе адшкадаваць залатоўку на каляндар. Але звестка пра яго, усё ж, разыходзілася па сёлах, i праз год гаспадары (і асабліва гаспадыні) самі запрашалі мяне дахаты i прасілі каляндар ці кніжку, а то i прыходзілі да нас, каб ix купіць або заказаць. Настаўнік Гулько са Шчучына быў другой асобай, якая істотна прычынілася да майго нацыянальнага ўсведамлення.
У Варшаве
Варшава мяне ашаламіла. Папярэджаны аб магчымых падманах жулікамі i крадзяжах, апынуўшыся на Віленскім вакзале ў Варшаве, я сутаргава заціскаў у руках сваю карзіну з маёмасцю, пакуль не пачуў воклік Кастуся Іванова, Людчынага сябра i вучня духоўнай семінарыі ў Вільні, які жыў у Варшаве. Ён дапамог мне ўладкавацца ў інтэрнаце i пазнаёміў са сваёй сям'ёй у сталіцы - маткай i чатырма старэйшымі сёстрамі, якія час ад часу запрашалі мяне ў адведзіны. Гасцяванне ў ix было мне адзінай асалодай майго бытавання, асмужанага настальгіяй i няўцямнасцю таго вонкавага свету, у якім пачуваў сябе разгубленым не толькі я, але i шмат якія іншыя калегі з інтэрната. Паз'язджаліся яны туды з розных закуткаў "крэсаў". Падпарадкаваныя строгаму інтэрнацкаму i школьнаму рэжыму ў варшаўскіх гімназіях, дзе мова i звычаі нашмат адрозніваліся ад таго, у чым жылі да свайго прыезду, яны балюча перажывалі сваю новую сітуацыю. Практычна нанава трэба было вывучаць польскую мову, да таго даходзіла чужаземная мова i, апрача яе, лацінская мова. Пасля абеду ў інтэрнаце ішлі багаслоўскія заняткі. Жыццё падалося кашмарным, хоць на асабістыя думкі i перажыванні не застава лася зашмат часу.
У інтэрнаце трэба было трымаць ідэальны парадак. Кожны выхаванец меў сваё месца, сваю шафку, свой нумар на бялізне (у мяне - 51), свой столік для навукі, свой ложак у спальні, месца за сталом у сталоўцы i г.д. Усё ішло паводле жорсткага рэжыму: прабуджэнне званком, асабістая гігіена, парамі ў капліцу на малітву, парамі ў сталоўку на снеданне, зноў малітва, потым у школу. Пасля школьных заняткаў тое самае: парамі на абед, малітва пасля абеду, гадзіна вольнага часу, рыхтаванне ўрокаў, багаслоўскія заняткі ca святаром, вячэра, малітва ў капліцы, званок на сон, усё ў ідэальным рэжыме, без якога-колечы ўдзелу свае волі.
Самы цяжкі быў першы год. На шчасце, мой клас атрымаў добрага, спагадлівага нам, выхавальніка, айца Мікалая Лянчэўскага. Ён сам быў свежа спечаны багаслоў з Крамянца, добра разумеў наша становішча і, магчыма, спачуваў нам у глыбіні душы. У другі i трэці год нашай навукі паступова прыходзіла адаптацыя як да ўмоваў жыцця, так i да навучальнага ўзроўню варшаўскіх гімназіяў.
Прыйшоў чэрвень 1939 года. У мітрапольным інтэрнаце на вуліцы Каперніка 13 наступіў гарачы час. Духата ў нагрэтых сценах выціскала апошнія кроплі поту, але ніхто з выхаванцаў не думаў аб прагулках у вольны ад заняткаў час. Кожны ўсё яшчэ шліфаваў i зубрыў прадметы, якія прадбачаны былі да разліку перад канцом навучальнага года. Насельнікі інтэрната - у асноўным хлопцы з Заходняй Беларусі i Украіны - былі або сынамі святароў i рыхтаваліся да прадаўжэння місіі сваіх бацькоў, або сялянскімі дзецьмі, для якіх не было ніякай іншай магчымасці здабываць адукацыю. Зрэшты, нават калі i здабудзеш тую адукацыю, то i так паставяць на тваёй персанальнай папцы літару "Р" - праваслаўны - што раўняецца: беспрацоўны. Заставаўся адзін выхад - вывучыцца на святара. Гэта было больш рэальна за ўсё іншае, бо ў інтэрнаце (створаным у Варшаве як кузня праваслаўных палякаў, замест зліквідаваных семінарыяў у Вільні i Крамянцы) можна было атрымаць стыпендыю, a i ў гімназіях, па якіх рассылалі выхаванцаў, магчыма было паменшыць хаця б напалову адміністрацыйную таксу, г.зн. плату за вучобу.
Я, як сялянскі сын, належаў менавіта да гэтай групы, a становішча, у якім апынуўся перад заканчэннем трэцяга класа ў 1938/39 годзе, было асабліва складанае. Звольнены ў гімназіі імя Уладзіслава IV толькі з паловы таксы, я нават не асмеліўся прасіць у бацькоў тае другое паловы, бо ж ведаў, якія цяжкасці перажывае сям'я. Часова пазбавілі мяне права прысутнічаць на занятках. Прыйшлося праседжваць пад дзвярыма класаў, падтрымліваць цесны кантакт з аднакласнікамі i мацней налягаць на хатнія заняткі, тым больш, што класны кіраўнік (якога чамусці называлі Рабесп'ерам) абяцаў заступіцца за мяне. Яго старанні далі шчаслівы вынік, i праз нейкія дзесяць дзён я зноў апынуўся ў класе разам з усімі. Думаю, што тут была таксама немалая заслуга i майго інтэрнацкага выхавальніка Мікалая Лянчэўскага, які напісаў мне вельмі добрую характарыстыку. Усе мы яго любілі за сардэчныя адносіны да нас, ды i сёння я маю гонар залічаць яго да сваіх прыяцеляў.
Сваю адсутнасць на занятках мне ўдалося неяк нагнаць, i мой перавод у чацвёрты клас прайшоў без асаблівых цяжкасцяў. Чацвёрты быў апошнім класам нашай вучобы ў варшаўскіх гімназіях. Пасля яго заканчэння мы мелі стацца вучнямі тэалагічнага ліцэя, які дзейнічаў пры інтэрнаце. Гэтым i была абумоўлена стыпендыя на ўтрыманне ў інтэрнаце.
Надышлі ўрэшце апошнія дні навучальнага года. Хоць пасведчанні яшчэ не былі на руках, кожны ўжо ведаў вынік свайго школьнага змагання. Подых летніх вакацыяў, спадзяванні на хуткае спатканне з сем'ямі - усё гэта складалася на атмасфэру інтэрнацкай эйфарыі. Павесялелі неяк i сталі свойскімі выхавальнікі, пасля шматлікіх нямілых нам i ім інцыдэнтаў.
Загадам міністра веравызнанняў i адукацыі нядаўна звольнілі з пасады дырэктара інтэрната архімандрыта Феафана Пратасевіча, які карыстаўся ў нас вялікім аўтарытэтам. На яго месца быў назначаны святар Хведар Храшчэўскі, ад якога вечна тхнула тутунёвым дымам i, час ад часу, гарэлкай. Блізкія канікулы аднак аслабілі настрой прыгнечанасці ад гэтай непамыснай змены, а думка аб двух месяцах прыволля зрабіла ўсіх весялейшымі. Урэшце апошняя зборка ўсіх у гімназічнай зале - вучняў, настаўнікаў i дырэктара, якога мы ўсе баяліся як агню. Хутка i гэтым разам надта ж весела праспявалі Boże coś Polską i - бывайце здаровы!
Я з трапяткім сэрцам чакаў свайго Рабесп'ера, каб падзякаваць яму за дапамогу. Ён выслухаў мяне з непрыхаваным задавальненнем i ветліва сказаў: Zuch z ciebie, chłopcze. Nie zawiodłeś mnie, i nawet Mademoiselle Poplavski chwaliła twoje postępy z francuskiego, a to się jej zdarza nieczęsto. Staraj się więc tak dalej, a będę cię bronił. Яго настрой i словы, якімі ён хацеў падкрэсліць маю заслугу ў яго добрым учынку для мяне, збянтэжылі мяне настолькі, што я адважыўся а дно на вучнёўскі паклон.
Дахаты
У інтэрнаце сумятня была ў разгары - хто пакаваў свае манаткі, хто бег купіць падарункі дахаты. Грошай мне прыслалі ўсяго толькі на цягнік i на трамвай, a невялікіх ашчаднасцяў яшчэ хапіла на супольнае таксі да Віленскага вакзала. На падарункі - ні граша. Прыйшлося сабраць некалькі бутэрбродаў, якія засталіся ад другога снедання, i лусту хлеба з каўбасою, падрыхтаваную кожнаму на дарогу - будзе гасцінец тром малодшым братам i сястрычцы. Ад нястачы грошай, усё ж, пачуцця шчасця не меншала.
У цягніку ўдалося нам - тым, хто ехаў на Ваўкавыск, Ліду, Баранавічы, Вільню - заняць цэлае купэ. Рэй вёў заўсёды вясёлы, блізкі мой сябра Мікола Грэбень. Быў ён найлепшым у класе, a мо i ў цэлым інтэрнаце, лаціністам i вечна канфліктаваў з паланістам. Нехта з нашай грамады дастаў бутэлечку гарэлкі (пэўна, не больш за 100 грам) i пачак папяросаў "Płaskie", каб пагуляць у дарослых. Кожны мог пацягнуць адзін глыток i выкурыць адну папяросу. Для мяне, як напэўна i для большасці з нас, гэта было першае сутыкненне з гарэлкай i папяросамі. Адно i другое падалося вельмі паганым, але трэба было хваліць пачастунак нароўні з іншымі сябрамі. Падслухаўшы, няйначай, нашу беларускую гутарку, у суседнім купэ размясціліся жыдоўскія хлопцы, якія ехалі з нейкай сваёй варшаўскай школы ў Ліду. Наша адметнасць у польскай стыхіі хутка звяла нас у падарожнае знаёмства i дружбу (а лес прадоўжыў гэта з некаторымі i пазней). Па дарозе хлопцы спакваля сыходзілі. Маёй мэтай быў паўстанак Курган, не даязджаючы кіламетраў 25 да Ліды. Я развітаўся з Міколам Грэбенем, які паехаў далей, здаецца, у Ліду.
Курган, як заўсёды, быў сонны. Яго дрымоту парушалі што дня толькі два цягнікі: адзін ранішні, а восьмай гадзіне, у Вільню, a другі вячэрні, таксама а восьмай, у Варшаву. Абодва цягнікі для навакольных сялянаў i пастушкоў служылі паказнікамі часу. Былі яшчэ два таварныя цягнікі, але праходзілі ў розныя поры. Яны навакольных жыхароў не надта цікавілі; часам хтосьці махаў зайцам - нелегальным пасажырам у кандуктарскіх будках.
Чыгуначным шляхам хадзіць было забаронена, таму я пайшоў палявой дарожкай, абапал якой квітнелі духмяныя да ап'янення зёлкі i травы. Вось i Праходы - лес, ад якога на нашай дзялянцы застаўся практычна маладняк i зрэдку стройная хвоя або елка. Найлепшы будаўнічы матэрыял бацька прадаў у цяжкія гады, каб як-небудзь утрымаць у Віленскай гімназіі Люду, а пасля i мяне выправіць у інтэрнат з двума камплектамі адзення, падручнікамі ды іншымі рэчамі. На самай справе i прадаць ужо не было чаго дзеля гэтых патрэбаў, але бацька не адступаўся. Прадаў апошняе што мог, нават свежа зрублены хлеў, а жывёлу перавёў у адгароджаную для яе частку гумна.
Цяністы бярэзнік, перамяшаны дзе-нідзе з хвойнікам, i ўсёахопная духмяная цішыня так i вабілі на адпачынак пасля ўсіх незвычайных эмоцыяў. Хапіла прылегчы ў цянёчку, каб умомант усім уражанням на змену прыйшло забыццё. Салодкі сон, мабыць, задоўжыўся, бо дахаты (два кіламетры) я даплёўся пад полудзень. Дома мяне ўжо перасталі чакаць таго дня.
Уцалелыя ад мінулагодняга пажару тры ці чатыры хаты (у тым ліку i нашая) i некалькі гаспадарчых будынкаў у маіх родных Клімавічах падаліся мне маленечкімі i загубленымі ў зелені ліпаў, клёнаў i садоў. Аселіца была ўжо скошаная, быццам выбрытая.
Першым прызнаў мяне Галас - наш разумны, верны сабачка. Бацька, асвоіўшы думку, што я прыеду заўтра, спакойна кляпаў касу пасля змагання з сенажаццю на досвітку. Мама, пачуўшы рух сярод дзяцей, перапыніла свае шыццё на машыне, якім зарабляла, каб неяк стрываць галоднае прадвесне i вясну да першай гародніны, бульбы, а пасля - да новага хлеба. Як заўсёды спакойная, яна падышла да мяне з ледзь прыкметнай усмешкай, пытаючы: "Дзе ж ты, сынок, прападаў так доўга?" I дазволіла пацалаваць рукі на прывітанне. Прывітаўшыся з астатнімі сямейнікамі без асаблівай пяшчотнасці, я пабег да бацькі, каб i яму аддаць шанаванне пацалаваннем рукі.
Раздаўшы дзецям "падарункі" з бутэрбродаў (ім гэта нават спадабалася, а маме ледзь не выціснула слязу), я расказаў бацькам пра вынікі сваёй вучобы. Паведаміў прытым, што згодна з рэкамендацыяй майго інтэрнацкага выхавальніка, кожную нядзелю i свята я павінен прыслужваць святару, чытаць "часы" i "апостала". Мама вельмі ўзрадавалася, а бацька прыняў усе да ведама моўчкі. У заключэнне "прывітальных гутарак" бацька сказаў толькі, што лета трэба скарыстаць дзеля працы на паветры, каб не застацца такім белым на твары i целе. Параіў падстрыгчы чуб i запрапанаваў начлег з канём на папасе ўжо з першай ночы. Так яно i сталася.
Кожны дзень на змярканні збіраліся на вуліцы хлопцы i мужчыны, каб выкурыць па скрутку махоркі або сушанага лісця балотнага лаўру ў люльцы, паталкаваць пра сёё-тое i дамовіцца на начлег у лесе. Я ведаў, што ўсім тым, хто з якой-колечы прычыны адбіваўся ад вясковага гурту (апрача прызыву ў войска), прыпісвалі зазнайства ці нешта ў гэтым сэнсе, i такога хлопцы "не прымалі" або трактавалі як адшчапенца.
Маючы гэта на ўвазе, я стараўся паводзіць сябе згодна з усімі прынятымі правіламі i звычаямі. Не дапамагло. Аж надта выразна адчувалася тое, што не лічаць мяне зусім сваім, i што гэта не ад зайздрасці. Ніхто з ix не змяніў бы свайго лесу на мой, каб ламаць галаву навукай, пакінуць вёску ды пхацца, як той казаў, у паны i падпанкі, а нават у папы дзеля лягчэйшага, як думалі, жыцця. Гэта лічылася ў вяскоўцаў чымсьці немаральным i сарамлівым. Яны былі ўпэўненыя, што ад зямлі не адарвешся, а неба i так не дастанеш. У дадзенай сітуацыі, ва ўмовах беспрацоўя i неталерантнасці да рэлігійных i нацыянальных меншасцяў, такі погляд меў абгрунтаванне. Але з другога боку, у вёсцы, з увагі на яе замкнёнасць i штораз большую колькасць людзей, рабілася цесна.
Урэзалася мне ў памяць гутарка паміж маімі суседзямі, крыху старэйшымі за мяне хлопцамі, якіх потым мабілізавалі на абарону Рэчы Паспалітай. Раман Саўрас, рослы i дужы, але бедны, хваліўся перад сябрамі, што наняты польскімі вайсковымі асаднікамі касіць сенажаць, у спаборніцтве з ігнаткаўскімі хлопцамі, ён скасіў за дзень цэлы гектар i зарабіў 80 грошаў. За ix ён мог купіць пачку гродзенскай махоркі, якой хапала на тыдзень сціплага пакурвання. Махорка тая была горш апошняга самасея, але што ж - рызыкаваць астрогам, садзячы тытунь?
Паяднанне з вясковымі хлопцамі адбылося хутка. Гутаркі ля начлежных вогнішчаў, апавяданні крыху з перажытага i крыху з прачытанага, а таксама i выдумка вельмі зацікавілі дзецюкоў. Яны, абмежаваныя кругаглядам да вясковых i сямейных справаў, прагна ўслухоўваліся ў звесткі пра іншы свет, іншае жыццё, дзівосы тагачаснай тэхнікі, якія для ix былі абсалютнай абстракцыяй. Наведванні, калі-нікалі, цыганскага табару ў лесе, супольныя гульні i спевы ўзбагачвалі нашае жыццё начлежнікаў. Хоць праца на гаспадарцы пасля кожнага начлегу крыху дапякала, перамена гімназіста ў сялянскага практыканта аказалася прыемнай, i туга па мурах інтэрната або гімназіі не з'яўлялася.
Балючая нечаканасць
Ліпень, хоць i ў стоме, мінуў вельмі хутка. У жніўні, дзесьці напрыканцы першай дэкады быў час, каб пацікавіцца, ці не надышла вестка з інтэрната аб пачатку заняткаў. Лісты прыходзілі ў той жа Курган, дзе затрымліваўся цягнік, i там чакалі адрасата. Гэтым разам чакаў заказны ліст. Паколькі бацькава i мае імя былі аднолькавыя, я дастаў той ліст без праблемы. Распячатаўшы канверт, я адразу ўбіўся вычыма ў ліст, адрасаваны бацьку. Змест быў кароткі i ясны: "Ваш сын выключаны з праваслаўнага мітрапольнага інтэрната. Рашэнне канчатковае i не падлягае адмене". У маім нутры ўсё раптоўна замерла. Ногі не сталі мяне слухацца. Я прачытаў яшчэ раз. Усё ясна, толькі чаму? Прыгнечаны весткай, я марудна плёўся дамоў. Думкі гналі адна адну, шукаючы магчымай прычыны такога ўдару. З боку гімназічных улад, аб чым маглі сведчыць вынікі вучобы, не магло быць ніякіх прычын. У інтэрнаце выхавальнік майго класа, айцец Мікалай Лянчэўскі, напісаў мне як найлепшую характарыстыку. У чым жа тады справа? Засталося яшчэ разважыць палітычныя прычыны, магчыма, што звязаны са звальненнем архімандрыта Феафана, беларуса, з пасады дырэктара інтэрната i замену яго тым Храшчэўскім. Ідучы развагамі ў гэты бок, сталі прыгадвацца факты, якія на самай справе выклікалі сенсацыю сярод насельнікаў інтэрната.
З папярэдніх вакацый не вярнуліся ў інтэрнат Віктар Коска i Майсей Савашынскі з Орлі. У інтэрнаце пайшлі чуткі, што яны абодва, разам з іншымі мясцовымі хлопцамі, перабеглі на Беларусь, паверыўшы прапагандзе, што там бясплатная навука на роднай мове. Абодва яны былі маімі сябрамі з інтэрната i аднакласнікамі ў гімназіі. У вольны нядзельны час нам даводзілася наведваць Беларускі камітэт у Варшаве, які збіраўся недзе на вуліцы Хмельнай. Там аднак пра такія рэчы ніколі не было гутаркі. Інжынер Адам Клімовіч - хадэк, які там выступаў - быў, праўда, беларускім патрыётам, але перш за ўсё католікам. Кравец па прафесіі, Пётра Ластаўка, які актыўна удзельнічаў у беларускім руху, таксама быў далёкі ад якой-небудзь бальшавіцкай прапаганды. Больш з нікім не прыйшлося нам там пазнаёміцца ці пагутарыць, апрача студэнтаў тэалогіі Варшаўскага універсітэта, якія наракалі на аднаго з нашых інтэрнацкіх выхавальнікаў, айца Аляксея Зноску, што той быццам быў прапагандыстам Божай службы ў Праваслаўнай Царкве на польскай мове i нават царкоўнаславяншчыну перакладаў на яе. У інтэрнаце ён, аднак, раней часам гаварыў пропаведзі на беларускай мове, i нам гэта падабалася.
Разважаючы тую нітку прыгадак, я прыпомніў яшчэ i той факт, што адміністрацыйны сакратар інтэрната, нейкі Вішнеўскі, ураднік назначаны Міністэрствам веравызнанняў i адукацыі, паклікаў мяне аднойчы i разам ca сваім памочнікам распытваў пра маю сям'ю, пра мову, якой карыстаюся дома. Пытанні былі таксама пра сястру, чаму яна вучылася ў беларускай, а не польскай гімназіі, i г.д. Хоць на іхнія пытанні я адказваў шчыра, то ўсё ж з іхняга боку напаткаў нейкія крытычныя заўвагі ці прапрокі, якія давялі мяне да плачу.
У канчатковым выніку, фактычнай прычыны тае крыўды, якую прычыніла мне выключэнне з інтэрната, так i не ўдалося выявіць.
Дома перш-наперш адбылася нарада з Людкаю, якая пасля атрымання атэстату сталасці ў Віленскай гімназіі паспела ўжо скончыць двухгадовы педагагічны інстытут, i таксама з мамай. Усім нам было ясна, што гэта незвычайная справа, i ўсе мы разумелі, што гэта будзе цяжкі ўдар для бацькі. Мы баяліся ягонай рэакцыі. Тым часам пастанавілі шукаць нейкае выйсце. Людка не губляла надзеі атрымаць працу ў школе ў нейкай вёсцы. Яна адразу паабяцала мне дапамогу, хоць ніякіх грошай яшчэ не зарабляла. Мы пастанавілі падаць заяву ў гімназію ў Лідзе. Я лічыў, што буду даваць прыватныя ўрокі першакласнікам па французскай i лацінскай мовах, i што нейк пераб'юся.
Заяву, аднак, давялося пісаць ад імя бацькі. Падроблены подпіс мігам быў раскрыты гімназічным дырэктарам, i ён, паклікаўшы мяне на размову, загадаў, каб з'явіўся сам бацька. Давялося яму аб усім сказаць.
У нядзелю мама з Людкай выперлі мяне з хаты на ўвесь дзень i дамовіліся, што мама наважыцца паразмаўляць з бацькам, а вечарам Людка ўпусціць мяне праз вакно. Так i сталася. Людка, дачакаўшыся мяне, перасцерагла, каб не паказвацца на вочы бацьку. Ён, пачуўшы ад мамы навіну, страціў над сабой кантроль, i ў сям'і дасталося ўсім без разбору. Сон не з'явіўся ні на хвіліну да самай раніцы. Абдумаўшы ўсе магчымасці спаткання з бацькам, я вырашыў адбыць яго без сведкаў. Гэта мне ўдалося. Бацька, быццам выпадкова напаткаўшы мяне, кінуў у мой бок адно-адзінае слова - "сволач" - i пайшоў далей. Гэтая бацькава рэакцыя працяла мяне да болю, які быў i ягоным удзелам. Адбіты на абліччы адпячатак жалю i гора, перажытага ім у тую ноч, усвядоміў мне веліч пакуты таго цвёрдага па сваёй натуры чалавека. Абстаўленая ім апошняя карта раптам аказалася бітай, i іншых хадоў ужо не было. Паставіў ён на гэтую карту нямала, бо свой лес, i лес сваёй сям'і i сына, які, здабыўшы адукацыю, павінен быў рэкампенсаваць перажыванні бацькам i малодшаму сямейству, памагаючы яму выйсці ў свет з даўно ўжо зацеснай гаспадаркі. Цэлая гэтая будоўля раптам звалілася ад чыёгасьці незразумелага ўказу, i адбудоўваць ужо не было за што. Не ведаю, ці мае пазнейшыя тлумачэнні магчымых прычын майго выключэння з інтэрната пераканалі бацьку, але ён усё ж паехаў у Ліду да дырэктара гімназіі i заяву пацвердзіў.
Канец ІІ Рэчы Паспалітай
Жыццё прынесла нечаканасці. Хаця вёска фактычна была пазбаўлена кантакту са светам, весткі пра неспакой у краіне яе не мінулі. Узмоцненыя дзеянні паліцыі, пошукі якіхсьці шпіёнаў паказвалі, што адбываецца нешта дрэннае, а вестка пра пачатую 1 верасня вайну разнеслася маланкаю па ўсёй краіне. Зрэшты, непрыкметны дагэтуль рух самалётаў - ды такіх, што i вочы раней не бачылі - i грукат узрываў, якія даносіліся здалёк, не пакідалі сумненняў.
Гімназія ў Лідзе 1 верасня ўсё ж напоўнілася моладдзю. Але дырэктар заявіў, што канікулы прадаўжаюцца аж да адмены.
Бацька кожны дзень пасылаў мяне ў суседнюю вёску Ігнаткаўцы да настаўніка, з заданнем паслухаць па радыё перадачы пра вайну. Нямецкае войска хутка рухалася на ўсход, а хлопцы, што адбылі раней вайсковую службу, былі ўсе мабілізаваны i высланы на фронт. Вярнуўся толькі адзін Арсень Радзюк з палону. Прапалі без вестак Раман Саўрас, Віцюк Радзюк, Міша Клімовіч i яго брат Сашка. Людзі, якія памяталі першую нямецкую акупацыю i бежанства, баяліся наступу немцаў. Ажно раптам громам разнеслася вестка, што Чырвоная Армія пастанавіла вызваліць "з-пад панскага іга" Заходнюю Беларусь i Заходнюю Украіну.
Хоць пра бальшавікоў у апошнія гады распаўсюджваліся розныя страшныя чуткі, то аднак людзі лічылі, што ўжо горш не можа быць, i чакалі таго "вызвалення" досыць спакойна. 17 ці 18 верасня на лідска-шчучынскай шашы i на гасцінцы, які называлі Екацярынаўскім, паявіліся незлічоныя калоны грузавых машын з салдатамі, танкі, конныя тачанкі. Войска, праўда, паказалася не так прыгожа абмундзіраванае, як польскае, але вялікая колькасць тэхнікі ўражвала. Людзі выбягалі на дарогі, дзе затрымліваліся невялікія часці. Там гутарылі з імі нейкія камандзіры, чыста апранутыя, з чырвонымі зоркамі на рукавах. Абяцалі свабоду i вызваленне ад паноў, якіх яны прагоняць, i нават раздавалі па паўбуханкі хлеба, хоць у тым часе, восенню, хлеба ўсім хапала.
Мяне збянтэжыла тое, што некалькі камандзіраў, пабачыўшы на мне школьны мундзір, распытвалі, якое гэта абмундзіраванне i з недаверам ставіліся да інфармацыі, што гэта вучнёўская вопратка.
Людзі расказвалі, што ў некаторых вёсках будавалі прывітальныя брамы войску і, заахвочаныя заклікамі вайскоўцаў, разбіралі дворскую маёмасць. Я гэтага нідзе не бачыў, а наш памешчык з Лебяды, Земавіт Фэдэцкі, калі быў змушаны ўладамі адмовіцца ад свайго маёнтка, знайшоў на даволі доўгі час прыпынак у суседняй вёсцы Феліксова. Былі i такія чуткі, што паны недзе быццам сарганізавалі мяцеж i рэжуць мужыкоў. Весткі гэтыя, хоць не пацверджаныя, выклікалі сярод людзей неспакой i змусілі мужыкоў да пільнай аховы вёсак. На шчасце, у нас была гэта толькі чутка.
Заняткі ў Гімназіі Кароля Хадкевіча ў Лідзе пачаліся ў першыя дні кастрычніка. На ўрачыстым адкрыцці школьнага года я з радасцю сустрэўся з маім прыяцелем з інтэрната - Міколам Грэбенем, які быў у іншым класе.
У хуткім часе ў школе правялі анкету, хто якой нацыянальнасці. У нашым класе афіцыйна беларусам запісаўся я, як i ў Варшаве, i апрача мяне толькі адна дзяўчына - Ніна Слесар. Іншыя вучні, хоць з чыста беларускімі прозвішчамі, назвалі сябе палякамі. Яўрэйскія дзеці таксама запісвалі сябе палякамі. Некаторыя казалі, што мусяць папытаць бацькоў.
Ледзь толькі настаўнік пакінуў клас, закончыўшы той дзіўны плебісцыт, як на мяне i Нінку пасыпаліся знявагі i забруджаныя крэйдаю анучы ад школьнай дошкі. Я заўважыў, што гэты закалот распачаў нейкі Вайткевіч (здаецца Раман), сын паліцыянта. Гэта зусім збянтэжыла мяне, тым больш, што ў варшаўскай гімназіі ніхто з нацыянальнасці не рабіў праблемы. Хіба што варшаўскія сябры часам пажартавалі з нашага ўсходняга акцэнту, але без якой-небудзь зласлівасці.
Незалежна ад вынікаў таго плебісцыту (мне яны невядомыя), школу неўзабаве перамянілі на беларускую дзесяцігодку, у якой толькі заняткі па прадмеце беларускай мовы вяліся на мове збліжанай да беларускай. На змену былому дырэктару паявіўся новы - беларус (з Бабруйска ці Віцебска) прозвішчам Валько. Добры просты чалавек, у нязменнай гімнасцёрцы, гутарыў па-беларуску, хоць можа не надта літаратурна. Былы дырэктар Кляйндзіст стаў яго намеснікам - завучам, што значыла "аведующий" вучобай.
Чацвёртакласнікі апынуліся ў восьмым класе i адчулі паніжэнне ўзроўню навучання. Амаль усе вучні мусілі нагнаць недахоп ведаў па гісторыі народаў СССР, прыкласціся да рускай мовы i папрацаваць над літаратурнай беларускай, якую большасць ведала толькі як вясковую гаворку. Настаўніца беларускай мовы Соня Майсееўна нядрэнна валодала ёю i вельмі пільна рыхтавалася да ўрокаў, а мяне лічыла сваім кансультантам, што мне, ясная справа, імпанавала.
Людка стала настаўніцай у суседняй няпоўнай сярэдняй школе i Соня Майсееўна старалася падружыць з ёю, як экспертам-беларусаведам. Мой малодшы на два гады брат Лёнік паступіў у тэхнічнае вучылішча ў Лідзе i мы ўсе трое жылі пры польскай настаўніцкай сям'і Міхнеўскіх, у доме каля муроў замка Гедыміна, займаючы два пакойчыкі на мансардзе.
Умовы жыцця сталі хутка ўскладняцца. Востра адчуваўся недахоп тавараў, а перад усім прадуктаў харчавання. Мы з Лёнікам хадзілі на досвітку пад пякарню i так стараліся заняць месцы ў чарзе, каб, памяняўшыся імі ў адпаведны момант, купіць па дзве буханкі хлеба. Прадавалі кожнаму па адной, а нам трэба было прынесці хлеба сабе i пані Міхнеўскай, муж якой быў затрыманы органамі НКУС, а пасля нейкага часу звольнены. З прамысловымі таварамі было таксама дрэнна. Памятаю, што Ліда восенню хадзіла ўся ўпэцканая граззю i я пастанавіў купіць сабе галёшы, якія прадукаваліся ў Лідскай фабрыцы. Чарга пад магазінам фармавалася ўжо пасля поўначы. Я заняў месца а другой гадзіне ночы. Міліцыя штораз разганяла чаргу, якая тут жа аднаўлялася. За першым разам каля адзінаццатай раніцы ўдалося мне даціснуцца аж да прылаўка, каб пачуць, што трэцяму перада мною прадалі апошнюю пару. Наступным разам прыйшлося забяспечыць сабе месца ў чарзе апоўначы. I нейк дабіўся тае пары галёшаў.
У Лідзе стала выходзіць мясцовая газета "Уперад". Рэдактарам быў Петра Радзюк з Вільні. Намовіў ён мяне напісаць артыкул на тэму школы. Мой першы ў жыцці нарыс рэдактару спадабаўся.
У школе жыццё i адносіны між моладдзю хутка ўнармаваліся. Знікла праблема нацыянальных розніц. Моладзь канцэнтравалася на сваіх юнацкіх i школьных праблемах. А таксама кансалідавалася, чаму спрыяла, на мой погляд, пагроза страты асабістай свабоды, што вісела практычна над кожным, ці то з фактычных палітычных, ці прыдуманых прычын, за нешта не так сказанае, за прагул на працы, за прошлыя падзеі i г.д. З другога боку, яднала шырока разгорнутая вучнёўская культурна-мастацкая самадзейнасць. Мэтай гэтай самадзейнасці было перад усім палітычнае ўзгадаванне моладзі, што ў выніку, аднак, давала адваротны да запланаванага эфект.
Моладзь, якая ў большасці стала адчуваць у сямейным жыцці прыгнечанасць, выкліканую няпэўным заўтрашнім днём ды татальную матэрыяльную нястачу, ядналася непрыкметна ў пачуцці асаблівага супраціву. Стала з'яўляцца штораз больш забароненых жартаў, спрафанаваных прапагандысцкіх плакатаў i т.д. Інспірацыя ішла, праўдападобна, з пазашкольнага асяроддзя.
Створаная ў школе камсамольская арганізацыя гуртавала амаль выключна моладзь, якая прыбыла з бацькамі з усходніх рэгіёнаў Беларусі. Мясцовае маладое пакаленне таго часу, узгадаванае на прынцыпах хрысціянскай або яўрэйскай этыкі, не гарнулася да арганізацыі, заснаванай на атэізме. Датычыла гэта i мяне - былога кандыдата ў святары.
Акупанты мяняюцца - акупацыя застаецца
Напад немцаў на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года выклікаў у людзей неадназначныя, a ў кожным выпадку трывожныя, пачуцці. З аднаго боку, рассыпка савецкага рэжыму не выклікала жалю, а сумятня, прычыненая нямецкім нападам, прынесла нават часовае аблягчэнне збянтэжаным масавымі арыштамі i вывазкай у Сібір людзям. З другога боку, у шматлікіх разбітых сем'ях паявілася трывога за лёс адсутных з розных прычын членаў сям'і: арыштаваных, вывезеных, высланых на работу, вучобу ці забраных у Чырвоную Армію.
Трывог а не мінула i нашай сям'і. Адсутнасць Лёніка, які тым часам выехаў у тэхнічнае вучылішча ў Беласток, устрывожыла асабліва маму. Людка перажывала невядомы лёс мужа, які два дні перад вайной паехаў у Курск да цёткі, якой у жыцці не бачыў. Ды ён ніколі наогул не быў у Савецкім Саюзе.
Нямецкая агрэсія расшыралася з маланкавай хуткасцю. Тысячы чырвонаармейцаў здаваліся ў палон, не прадбачваючы нечалавечай трактоўкі. Стратэгічныя дарогі былі завалены пакінутай вайсковай тэхнікай. У кустах валялася зброя. На дарогах паявіліся незлічоныя калоны гнаных на захад палонных. Па вёсках разнеслася чутка, што палонныя слабнуць ад голаду i стомы, а тых, якія не могуць прадаўжаць сваёй нявольніцкай дарогі, звычайна забіваюць. Людзі гаварылі, што сярод палонных салдат здараюцца i маладыя цывільныя хлопцы.
Весткі тыя, быццам па загаду, змабілізавалі перад усім уражлівых на чужое няшчасце жанчын. Амаль з кожнай сям'і нехта з торбаю хлеба ды соллю (якой прасілі паслабелыя ад страты вадкасці ў арганізме палонныя) выходзіў на ўскрай дарогі. Перадача хлеба ў рукі нешчасліўцаў была небяспечнай, бо канваіры адганялі, а то i дзе каго ўпіхалі ў калону. Людзі кідалі кускі хлеба ў натоўп гнаных мужчын, а тыя хапалі ix у паветры. Соль кідалі ў якіх-небудзь мяшэчках альбо проста ў палатняных вузельчыках. Пры нагодзе людзі пільна сачылі, ці не паявіцца ў калоне палонных хто-небудзь свой ці знаёмы, бо іншай магчымасці пошукаў не было.
З нашай сям'і таксама на змену нехта выходзіў, каб акунуцца ў тым пекле, створаным людзьмі на зямлі. Час ад часу з калоны даносіліся маленні: перадайце сям'і той ці іншай у Бабрах, Змітраўцах ці іншых Сямашках, што ix сыноў, братоў i т.д. гоняць з палоннымі. Такім чынам нямала хлопцаў ратавалі, даганяючы калоны ці знаходзячы ix у звычайных загарадах з калючага дроту, дзе прыпынялі гнаных i трымалі пад голым небам да знямогі.
Падобны лёс спаткаў i майго брата Лёню, якому ўдалося вызваліцца з такога лагера пасля амаль месячнай галадоўкі, абяссіленаму, ледзь жывому. Муж Люды вярнуўся пасля таго, як немцы занялі Курск.
З немцамі вярнуліся памешчыкі, вайсковыя польскія асаднікі, паліцыянты i ўрадаўцы, каб апанаваць гаспадарку i адміністрацыю. Пасыпаліся розныя правакацыі, забойствы мужыкоў i нават паленне вёсак з людзьмі. Першая суседняя спаленая вёска, Леснікі, дзе жылі i мае сваякі, сталася жудаснай перасцярогай дня фактычна ні ў чым невінаватых людзей.
Каганец беларускай асветы
У хуткім часе пайшлі чуткі, што паявіліся беларускія арганізацыі. Людзі, якія стараліся ўдзельнічаць у цывільнай адміністрацыі, рабілі гэта, у асноўным, дзеля абароны беларускага насельніцтва. Была створана Беларуская народная самапомач і, перад усім, прызначаны школьныя інспектары, якія пачалі арганізаваць нароўні з польскімі беларускія народныя школы.
Я - выпускнік дзевятага класа, прысвоіўшы ад сястры Людкі "абэцэду" па педагогіцы i дыдактыцы, пастанавіў паспрабаваць настаўніцкага хлеба. Намовіў бацьку i мы паехалі ў Ліду, у школьны інспектарат. Пры нагодзе спаткаўся я з некаторымі школьнымі сябрамі, якія таксама шукалі працы. Як на злосць, спаткаўся i той Вайткевіч. Глянуў на мяне воўкам i хутка затрымаў нейкіх нямецкіх салдат ды нешта заўзята ім тлумачыў, паказваючы на нас з бацькам. Немцы падышлі да нас i з рогатам, тыцкаючы на бацькаву чорную бараду, пыталі: "Jude? Kommunist? Pass, bitte". Зірнуўшы на бацькаў памяты пашпарт, на мяне i на наш воз, махнулі рукою і, кінуўшы ў бок правакатара: "Kwatsch", пайшлі сваей дарогаю. Вайткевіч паспешна мяне запэўніў, што гэта не апошняе з ім спатканне, што, на жаль, у будучыні i споўнілася.
У інспектараце прыняў мяне інспектар Макарэвіч, хоць можа i недаверліва, але ветліва, i даў мне накіраванне ў вёску Касілаўцы, пгго між Лідаю i маімі Клімавічамі, каб сарганізавць там заняткі для класаў I-IV.
Псіхічна падмацаваны Людкай, якая абняла ўжо школу ў суседніх Сямашках, з'явіўся я ў восеньскую нядзелю да касілаўскага солтыса з просьбаю склікаць сход. На працягу паўтары гадзіны хата солтыса запоўнілася мужчынамі. Я стаў нясмела талкаваць пра неабходнасць беларускай школы, так як у суседнім Мыце сарганізавалася школа польская.
Дзядзькі маўчалі, пакуль адзін з ix не адазваўся з пытаннем: "А хто будзе вучыць дзяцей?" Я зразумеў, што гэта пытанне рытарычнае, правакацыйнае, але адказаў: "Зразумела, што я".
"Дык дзе ж ты жыць будзеш, хлопча, хіба што ў старой Акуліны на печы?"
Я збянтэжыўся такім паваротам справы, але нечакана іншы селянін, устаўшы з месца, стаў вымахваць пальцам перад носам таго жартаўніка, ды басам на яго: "Калі табе не падабаецца, дык матайся сабе к чортавай мацеры, бо няма з чаго насміхацца ды страшыць хлопца, калі хоча нам дапамагчы".
Тут i загаварылі мужыкі. Слова да слова, знайшлася вольная хата ў старога Кушыка на маю школу i пакойчык у сына той Акуліны, Селявіча, для настаўніка, i лаўкі паабяцалі мне прывезці з Мыта. Надышлі i хлопцы, якія завязалі ca мною гутарку i паабяцалі дапамогу, калі спатрэбіцца. Такім чынам я стаў "дырэктарам" чатырохкласнай беларускай школы з правам падмятання. Мыць падлогу ахвяраваліся вясковыя дзяўчаты i кожны тыдзень сумленна выконвалі сваё абяцанне. Заняткі адбываліся цэлы дзень: да поўдня першы клас з другім, а пасля поўдня - трэці з чацвёртым. Падтрымку майму дыдактычнаму змаганню давала ўвесь час Людка, да якой па парады ездзіў я на ровары. Дзякуючы яе каштоўным, так тэарэтычным як i практычным, радам, навука ў тых умовах выглядала не найгорш.
Напрадвесні 1942 года паявіўся ў мяне на інспекцыі Юльян Груцкі з Васілішак, які быў кіраўніком Беларускай народнай самапомачы i адначасна візітатарам школ у тым раёне. Не ведаю, наколькі быў ён знаёмы з педагогікай, але выявіў нечаканае захапленне маім спосабам навучання, аб чым паведаміў i акруговаму інспектару ў Лідзе.
Жыццё ў Касілаўцах уладзілася вельмі добра. Настаўніка людзі паважалі i ўсяляк спрыялі яму, a вечарамі моладзь ахвотна запрашала ў сваю кампанію.
Аднак ідылія не трывала доўга. Вясною 1942 года праводзіўся перапіс насельніцтва, у якім мелі абавязак удзельнічаць усе вясковыя настаўнікі. Маім абавязкам было выканаць перапіс у Касілаўцах i трох іншых акалічных вёсках. Аказалася, што каля 90% запісаліся беларусамі, а беларускую мову, як хатнюю, назвалі блізка 100%. Палякамі назвалі сябе толькі некаторыя рымскія католікі i пара сем'яў назвалася рускімі. Згодна з раней атрыманай інструкцыяй, адказ на пытанні нікому не накідаўся i не раіўся. Афіцыйныя вынікі перапісу ў Лідскай акрузе мне не былі вядомы, але пасля яго заканчэння ўзмоцнілася дзейнасць падпольнага руху.
Тэрор на змену спаборніцтву
Лідскі i Шчучынскі паветы былі пад моцнымі польскімі ўплывамі. Адміністрацыя i паліцыя былі абсаджаны галоўным чынам палякамі. Праніканне беларускага элементу ў органы тэрытарыяльнага праўлення было непамерна слабейшае. Адзіная грамадская арганізацыя таго часу, Беларуская народная самапомач (БНС), створаная на ўзор польскай Rady Głównej Opiekuńczej (RGO), апрача збору харчовай i матэрыяльнай дапамогі галоднаму Менску i іншым гарадам на ўсходзе краіны, старалася пашырыць прысутнасць беларусаў у грамадскім жыцці, у тым ліку ў органах мясцовай адміністрацыі, арганізаваць народнае школьніцтва, абарону суайчыннікаў, калі ім рабілася крыўда акупантам ці кім іншым.
БНС здабыла сярод насельніцтва даволі вялікую папулярнасць, як адзіная арганізацыя, да якой людзі маглі прыходзіць са сваімі скаргамі, шукаць ратунку ці сякой-такой помачы. Зразумела, што яна першая i трапіла пад абстрэл у тым спаборніцтве за магчымасці ўздзеяння на публічныя i культурныя праблемы.
Усё гэта можна было яшчэ трываць, пакуль яно ўтрымлівалася ў рамках паняцця "спаборніцтва". Прапаганда таго ці іншага боку, якая б яна не была, магла перасцерагаць, але не забівала. Пад тым прапагандысцкім - у адмоўным сэнсе - "абстрэлам" апынуліся i школы. Напуджаныя людзі пачалі баяцца пасылаць дзяцей у беларускую школу. Аднак навучальны год у Касілаўцах закончыўся без асаблівых перашкод.
У хуткім часе жахам адгукнуліся ў народзе весткі аб крывавых ахвярах. Першым забітым у тым рэгіёне быў у ліпені 1942 года студент Петра Рандарэвіч - старшыня шчучынскай БНС, вядомы там дзеяч культуры. Выведзены сілаю невядомымі асобамі пасля пастаноўкі ў Ракавічах п'есы Янкі Купалы "Паўлінка", быў мучаны i застрэлены. На вечары прысутнічалі, між іншымі, Юльян Груцкі (успамянуты раней) i шчучынскі дасведчаны настаўнік - назначаны школьным інспектарам у Васілішкі - Павел Шляхтун. Аб расправе з Петрам Рандарэвічам Павел Шляхтун хутка паведаміў каменданта паліцыі ў Шчучыне, Коцата, якога ведаў як дасведчанага паліцыянта яшчэ з даваеннага часу. Той абнадзеіў Шляхтуна, што дапаможа, i параіў яму разам з Груцкім вярнуцца ў Васілішкі, не робячы замяшання. Тыя аднак да Васілішак на сваіх самакатах так i не даехалі. Абодва былі зложаны стрэламі з вінтовак непадалёк Васілішак. Пасля гэтага забойцы завалаклі трупы ў жыта. Перапалоханыя людзі не асмельваліся ўмешвацца ў тую небяспечную справу i ўжо надгнілыя пасля некалькіх дзён целы забрала лідская жандармерыя. Расследаваннем справы заняўся нейкі малады паліцыянт з Ліды, прозвішчам Усевалад Канчук, які таксама хутка згінуў ад кулі ў патыліцу, пасланай яму на вуліцы ў Лідзе сярод белага дня. Неўзабаве пасля забойства Рандарэвіча былі замучаны дзве маладыя настаўніцы ў Ражанцы, а пазней - праваслаўны святар Аляхновіч з жонкаю. Ахвяры, пачынаючы з лета 1942 года пасыпаліся густа. Разносіліся пра ix жудасныя весткі.
Маімі сябрамі ў часе працы ў Касілаўцах былі настаўнікі беларускай мовы ў Навасёлках i польскай - у Мыце. Абодва польскай нацыянальнасці, а той з Навасёлак - мой школьны лідскі сябра. Нашы кантакты былі шчыра сяброўскія, пазначаныя ўзаемнай лаяльнасцю. Ва ўзніклай складанай сітуацыі мы, як i раней, раіліся як быць далей. Паводле нашай згоднай ацэнкі, прадаўжаць навучанне было немагчыма, тым больш, што i сяляне супраціўляліся пасылаць дзяцей у школу.
Тым часам дайшла да мяне чутка, што ў Наваградку дзейнічаюць прагімназія i настаўніцкая семінарыя, арганізуецца матуральны агульнаадукацыйны курс (апошні год сярэдняй школы), i пры гэтым комплексе школ сарганізаваны інтэрнат. Мы з Міколам Грэбенем (з якім кантакты былі ўвесь час вельмі блізкія) i іншымі сябрамі дамовіліся выбрацца ў Наваградчыну на самакатах. Сам Наваградак, як i яго ваколіцы, выклікалі ў мяне нечакана цудоўнае ўражанне. Знайшліся хутка i сябры, якія прынялі нас як родных, памаглі мне аформіць неабходныя для паступлення на матуральны курс дакументы i дабіцца месца ў інтэрнаце.
Дачакаўшы канца жніўня, я так i падаўся на тыя навукі. Дабраўшыся ў Ліду, на чыгуначны вакзал, трэба было нейк забрацца на цягнік у Наваельню, а адгуль "кукушкаю" (вузкакалейнаю чыгункай) - у Наваградак. На вакзале паявіўся школьны калега Вайткевіч, той самы сын паліцыянта. Не адчуваючы да яго ніякай варожасці, я падышоў i спытаў, ці не ведае ён, як папасці на цягнік у Наваельню. Ён распытаў, куды i чаго я еду, а пасля паклікаў чыгуначнага паліцэйскага - немца i нешта яму сказаў. Той накіраваў на мяне зброю i завёў у камендатуру. Тут паявіўся мой "сябра", які ўражальна тлумачыў нешта (хіба) афіцэру, што сядзеў за пісьмовым сталом. Я нямецкай мовы не ведаў, але чуў, як паўтараюцца словы: "Неман, Наваельня, бандыты". Немцы акружылі мяне, сцягнулі з плячэй плашч па локці, каб не мог валодаць рукамі, дакладна абшукалі мяне i мой мяшок, у якім быў гарох для інтэрнацкай кухні, раскідалі пакунак з кніжкамі i сшыткамі, аднялі фінскі нож i нешта злосна выкрыквалі. Я не ведаў, што за Нёманам былі савецкія партызаны, але зразумеў, што Вайткевіч - правакатар i што склалася небяспечная для мяне сітуацыя.
Вытлумачыцца я не мог, бо Вайткевіч пераклаў бы ўсё наадварот. Раптам прыйшла мне ў галаву думка спытаць, ці хто разумее па-французску. Нейкі малады унтэр-афіцэр спытаў мяне тады школьнай французскай мовай, што я хачу сказаць. Мяне гэта вельмі абнадзеіла, бо я зарыентаваўся, што яго веды французскай мовы адпавядаюць маім. Я стараўся пераказаць яму, куды i чаго еду i што ix канфідэнт злоўжывае сваім становішчам ды наводзіць асабістыя парахункі. Хлопцу, відаць, заімпанавала роля перакладчыка, бо стараўся перадаваць змест дакладна i хутка перамяніў адносіны свайго шэфа да мяне. Вярнулі мне маю "маёмасць", а той унтэр-афіцэр вывеў мяне на вакзал i нават памог забрацца на цягнік. Растлумачыў мне таксама, што Вайткевіч гэта ix супрацоўнік, але не карыстаецца яго сімпатыяй.
У Наваградак
Цягнік у напрамку Баранавіч стаяў ужо пад параю, але чамусьці ўсё яшчэ марудзілі з адпраўкаю. Састаў цягніка быў мешаны: перад паравозам стаяла таварная платформа, за лакаматывам - тры ці чатыры крытыя таварныя вагоны, далей столькі ж пасажырскіх i зноў некалькі таварных. Сам факт такога асаблівага складу непакоіў. Платформа перад паравозам сведчыла пра магчымасць замініравання чыгункі.
На сярэднім пасажырскім пульманаўскім вагоне віднеў надпіс: "Nur fur Deutsche", іншыя былі прызначаныя для тубыльцаў. Гэта даваенныя польскія ці мо нават яшчэ царскія вагоны трэцяга класа, адметнасцю якіх былі дзверы - адны побач адных - над ступенькай уздоўж цэлага вагона. Унутры вагон падзелены сценкай з дзвярыма на дзве часткі. Між драўлянымі лавамі быў праход уздоўж "салона".
У вагоне стаяў востры пах тытуню, поту i самагонкі. Найбольш лавак займалі рослыя хлопцы ў зялёных мундзірах, што дапівалі літровую бутэльку ўпераменку з дружным смехам - гэта былі літоўскія жандары. У іншым вугле сядзелі паліцэйскія ў чорнай вопратцы, кідаючы час ад часу моцнымі словамі, прыхарошанымі квяцістымі прыметнікамі то польскага, то беларускага паходжання. Некалькі маўклівых мужчын у сялянскай вопратцы кідалі па слоўцу, быццам з прымусу, пра слабы ўраджай i непамерна цяжкія налогі збожжа i мяса. Мне прыпала месца каля двух дзецюкоў, якія таксама не раскідваліся словамі, толькі напаўголаса абменьваліся двухсэнсавымі крытычнымі заўвагамі на польскай мове. Насупраць сядзелі два пажылыя мужыкі, a неўзабаве каля мяне прысеў яшчэ адзін з ix кампаніі. Яны таксама не былі гаваркія, але калі цягнік нарэшце скрануўся з месца, сталі ўзгадняць мэту падарожжа, мяшаючы маскоўскую гаворку з беларускімі назвамі мясцовасцяў, што сведчыла аб ix чужацкім паходжанні. Месца, аднак, яны доўга не сагрэлі i ўжо на першым прыпынку перайшлі ў другую палову вагона. Відаць, не па душы была ім штораз весялейшая гутарка тых жандараў, пераплеценая жаўнерскімі песнямі на незразумелай мове.
Спатканне з канфідэнтам, незвычайны склад цягніка i разнароднасць яго пасажыраў, усё гэта выклікала нечаканыя эмоцыі, што перамешвалі цікавасць са страхам перад невядомым, у якое міжволі прыйшлося мне нырнуць. Стала ясным, што з ад'ездам цягніка з Ліды я паступова паглыбляўся ў новы, невядомы свет. Польская мова, паўсюдная ў Лідзе, раптам у цягніку заглухла ці залезла ў падполле. Мае два маладыя спадарожнікі выразна канспіраваліся са сваёй польскасцю i правакавалі толькі мяне - пацана ў гімназічным плашчы - адазвацца, але, пераканаўшыся ў адсутнасці рэакцыі з майго боку, замоўклі. Перасцярога перад мінамі, паяўленне рускіх дзецюкоў, якія нагадвалі тых шматлікіх уцекачоў з палону, што папрыпыняліся ў адзінокіх маладзіц, гэта было несумненна пацвярджэнне факта дзейнасці савецкіх партызан. Польскае падполле мела ў тым часе іншыя турботы, чым мініраваць камунікацыйныя шляхі.
У Наваельню цягнік даплёўся без перашкодаў. Побач вакзала, на станцыі вузкакалейнай чыгункі заўзята дымеў паравоз "кукушкі". Кучка пасажыраў з лідскага цягніка хутка падалася ў напрамку прычэпленых да яго некалькіх вагончыкаў. Вольнага месца ўсярэдзіне было шмат. Я ўладзіўся побач пасажыраў - з выгляду сялян - каб прыслухацца ix гутарцы. Мае суседзі гаварылі толькі па-беларуску, а пявучасць i чысціня мовы захапілі мяне так, што я асмеліўся спрабаваць завязаць з гэтымі людзьмі размову.
Спачатку я адчуў з ix боку нейкую стрыманасць, але калі выясніў мэту майго падарожжа, быў палічаны за свайго. Звярнуўшы ўвагу на мой плашч гімназіста, яны параілі не падарожнічаць у "мундзіры", бо гэтага не любяць "лясныя хлопцы", якія час ад часу паказваюцца на лясных адрэзках шляху i праследуюць абмундзіраваных, не разбіраючыся ў паходжанні уніформы. Тады толькі я звярнуў увагу, што ўсе паліцэйскія i іншыя мілітарызаваныя ды з ружжом згуртаваліся ў адным вагоне.
Падарожжа, аднак, прайшло спакойна. У Наваградак прыехалі перад самым змярканнем. У інтэрнаце знайшоў я сваіх летніх знаёмых з цягніка. Яны без ніякіх цырымоній адвялі мяне да матурыстаў, якія запрапанавалі вольны ложак. З'яўленне новага сябра выклікала зразумелае зацікаўленне, тым больш, што прыбыў я з Лідчыны, пра якую было нямала чутак.
Першымі прынялі мяне вельмі па-сяброўску Андрэй Вайтовіч, Філя Давідчык, Міхась Ляпешка ды іншыя, чыіх прозвішчаў не прыпамінаю. Нехта з ix пабег у кухню папрасіць міску вячэрняй заціркі, ды, на жаль, пазнавата. Усё, чым разжыўся, гэта толькі луста хлеба. Бачачы гэта, маўклівы Міша Ляпешка вычараваў са свайго куфэрка кусок белага як снег, пахучага прыправамі сала і, быццам збянтэжаны, запрапанаваў мне яго як акрасу да таго хлеба. Голад дапякаў ужо ад полудня, дык спажыванне, што здавалася каралеўскай вячэрай, прыпыніла гутарку. Пасля трывожных падзеяў дня нарасталі пачуцці расслабленасці i аптымізму, выкліканага шчыра сяброўскім прыёмам i зычлівасцю, якою бескарысна, ці можа інстынктыўна, адчуваючы супольны інтарэс у імкненні да жыццёвай мэты, абдаравалі мяне жыхары інтэрната.
Хлопцы на момант таксама прыціхлі. Пасля, не перашкаджаючы мне ў вячэры, сталі між сабою каментаваць пачутае i папаўняць ранейшымі інфармацыямі. У ix гутарцы Лідчына явілася варожым нямецка-польскім энклавам, дзе знішчаецца кожная праява беларускага нацыянальнага руху. Факты перамешваліся з міфамі. Каб не распальваць эмоцыяў, я пастанавіў быць стрыманым у сваіх апавяданнях, a інцыдэнт з Вайткевічам ахарактарызаваў як асабістыя парахункі канфідэнта з выбранай ім ахвярай. Мае сяброўскія ўзаемаадносіны з польскімі настаўнікамі падаў я як прыклад апалітычных міжлюдскіх кантактаў. Некаторыя прынялі гэтыя інфармацыі з разуменнем, іншыя з недаверам, але спакойна.
Вераснёўскай раніцай наступнага дня прыйшлося мне ўпарадкоўваць фармальныя справы, звязваныя з наступлением на матуральны курс i закватараваннем у інтэрнаце. Паспеў я яшчэ на дзве апошнія лекцыі: па грамадазнаўству, якое выкладаў Анішчык - шчыры беларус з філасофскімі схільнасцямі, i па беларускай мове Наталлі Орсы, муж якой, Аляксандр, быў у той час школьным інспектарам. Абедзве лекцыі паказаліся - як зместам, так i формай яго пераказу - чароўна прыемнымі, блізкімі сэрцу.
Школы: прагімназія, настаўніцкая семінарыя i матуральны курс, разам з інтэрнатам займалі цэлы комплекс будынкаў каля маладога парку, пры замчышчы. Між школьнымі будынкамі, хоць яшчэ да канца не ўладжаны, не пуставаў спартыўны пляц.
Школьная моладзь - амаль выключна з вёсак Наваградчыны, з Карэліч, Любчы, Наваельні i з самога Наваградка. Пераважалі, зразумела, дзеці сялян. На нашым матуральным курсе, апрача мяне з Лідчыны, былі яшчэ тры хлопцы з Дзятлава: два Мацюковічы - мае аднакласнікі з варшаўскіх гімназіяў i інтэрната, ды трэці - Станчук-Ляўчук. Іншыя - усе наваградчане. Беларускую мову ведалі дасканала, тым больш, пгго наваградская гаворка амаль поўнасцю адпавядае нормам літаратурнай. Частка матурыстаў - гэта былыя вучні Віленскай беларускай гімназіі. Іншыя, хоць да вайны вучыліся ў польскіх школах, аднак дома карысталіся роднай моваю, а на працягу двух гадоў савецкай школы засвоілі i тэарэтычныя філалагічныя веды. Культ роднай мовы ў наваградскім асяроддзі быў укаранелы з часу зліквідаваных у міжваенны час палякамі беларускіх школ.
Сярод сяброў
Незалежна ад таго, што хлопцы ў інтэрнаце прынялі мяне па-сяброўску, першыя тыдні, як у школе, так i ў інтэрнаце адчуваў я сябе прышэльцам з іншага асяроддзя. Да маёй адаптацыі ў вялікай ступені прычыніліся: Ліла Спорык - прыгожая, сімпатычная, аптымістычна настроеная, i ўраўнаважаны, спакойны Міша Ляпешка - былыя вучні Беларускай гімназіі ў Вільні. Яны добра ведалі маю сястру Людку, старэйшую за ix гімназічную сяброўку. З Міхасём i Лідаю аставаліся ў нас вельмі мілыя, сяброўскія адносіны праз увесь наваградскі перыяд.
Асабліваю ўвагаю, аднак, абдзялілі мяне два блізкія мне сябры: гаваркі, упэўнены ў сваіх здольнасцях i дасягненнях Філя Давідчык i маўклівы, працавіты, салідны i скромны Андрэй Вайтовіч. Абодва яны ахвотна завязвалі ў інтэрнаце гутарку на грамадскія тэмы, цікавіліся маімі поглядамі i ацэнкай актуальных падзей. Стараліся папоўніць недахопы ў харчаванні, балазе абодва былі нядрэнна забяспечаны прадуктамі.
У трэцюю, сонечную нядзелю кастрычніка інтэрнат амаль цалкам апусцеў. Хлопцы пераважна параз'язджаліся ці парасходзіліся дамоў, іншыя рассыпаліся па горадзе, парку ці гойсалі на спартыўным пляцы. Не маючы канкрэтных планаў, я пастанавіў узяцца за нямецкую мову, якую мусіў вывучыць ад пачатку. Французская мова, з якою мне давялося змагацца ў варшаўскай гімназіі i лідскай дзесяцігодцы, не была прадбачана на матуральным курсе.
Неўзабаве паявіўся Філя i запрапанаваў дапамогу. Фактычна, нямецкай мовай валодаў ён нядрэнна i, у адрозенні ад іншых сяброў, меў адвагу карыстацца ёю ў гутарцы. Праца на самай справе пайшла шпарчэй. Дасведчаны сябра папраўляў памылкі "навічка", тлумачыў ix сутнасць, выдатна памагаў засвойваць граматычныя асновы i сэнс мовы.
Заняткі час ад часу ўступалі месца сяброўскай гутарцы. Філя хваліўся сваімі прыгодамі i быў выразна зацікаўлены маімі каляінамі лёсу, намякаў на нацыянальную свядомасць, пачуцці. Мне стала ясна, што яго зацікаўленне, апрача звычайнай сяброўскай цікавасці, мае якуюсьці акрэсленую мэту. Пацвярджэння гэтай здагадкі не прыйшлося доўга чакаць. Філя, упэўніўшыся ў маіх поглядах, падсунуў мне якісьці машынапіс, без каментарыя, але з засцярогай, што гэта толькі да майго ведама i да звароту пасля прачытання.
Разбуджаная цікавасць, аднак, не прыцямніла свядомасці, што ў існуючых абставінах праўдападобна патрэбна асцярожнасць. Развітаўшыся з сябрам, прыйшлося шукаць апасаблення, каб пазнаёміцца са зместам тае таямнічай перадачы. "Бюлетэнь н-р 1 Беларускай Незалежніцкай Партьгі". Абодва прыметнікі загалоўка нейк падсвядома прыспешылі рытм сэрца, якое раптам закалацілася пад напорам нечаканага ўражання. З другога боку, закадаваныя ў памяці адмоўныя дасведчанні ад кантактаў з даваеннымі i сучаснымі іншымі партыямі - далёкімі ад прыхільнасці вызваленчаму руху на Беларусі - выклікалі пачуццё нейкага дысанансу словам "партыя" ў загалоўку. Чаму "партыя" а не, напрыклад, "арганізацыя", што было б больш адпаведным паняццем для з'яднання ўсіх прыхільнікаў суверэннасці Краіны, незалежна ад поглядаў на ўнутранны палітычны лад ці рэлігійных перакананняў? Тая крытычная думка, аднак, адступіла - зацікаўленасць зместам была мацнейшая.
Цяжка было б сёння, пасля паловы стагоддзя, прыгадаць падрабязна той змест. У такіх выпадках уражанні аказваюцца больш трывалымі i асноўны сэнс прачытанага астаўся ў памяці дзякуючы, перш за ўсё, сіле эмоцыяў. Галоўнай думкаю таго лістка было змаганне за вызваленне Краіны з кожным акупантам, незалежна ад маскі, за якою б ён не скрываўся. Антынямецкі характар пераказу i крытычны погляд на савецкае i польскае панаванне над Беларуссю паказвалі, што ў распаўсюджванні яго патрэбна асаблівая развага.
Цяжка сказаць, у якой ступені сярод моладзі была пашырана тая сакрэтная літаратура, але, несумненна, наваградская моладзь у той час была аб'яднана ідэяй незалежнасці i воляй змагання за яе. Патрыятычнае выхаванне ў абставінах пагрозы з боку акупанта i непрыхільных беларускаму адраджэнню сіл савецкага i польскага падполляў, не магло быць стыхійным. Яно мусіла быць добра прадуманае, а падпольная літаратура выконвала ролю адной з тэарэтычных крыніц. I хаця яна магла мець толькі выбраных адрасатаў, то аднак заўважальны сярод моладзі ўздым патрыятычных настрояў сведчыў пра поспех у гэтай галіне.
Што магло быць прычынай азнаямлення якраз мяне з гэтай сакрэтнай справаю, выяснення прыйдзецца пачакаць.
Тым часам жыццё ў Наваградку цякло сфармаваным гісторыяй народа рэчышчам, напоўненым бурлівым патокам апошніх падзей. Мясцовая адміністрацыя была фактычна ў руках беларусаў, людзей спрыяльных нацыянальнаму руху наогул, a ўжо асабліва беларускай культуры. Школьніцтвам кіраваў акруговы школьны інспектар д-р Аляксандр Орса.
Школьныя заняткі ў ваенных абставінах, калі не хапала паперы, не было актуальных падручнікаў, патрабавалі ад настаўнікаў дадатковага часу на падрыхтоўку канспектаў, а ад вучняў - асаблівай пільнасці. Недахопы асабліва адчуваліся ў навучанні гісторыі, літаратуразнаўства, мовы i наогул прадметаў гуманістычнага накірунку. Найбольш клопату было з датуль не зубранай археалогіяй, якая, грэх сказаць, не абуджала зацікаўлення. Настаўніка Казака, сімпатычнага інтэлігента, гэта выводзіла з раўнавагі. Зрэшты, засваенне так шырокай навукі з робленых на лекцыі нататак межавала з фікцыяй.
Найбольш забаўны быў пан Мянжыцкі, дасведчаны настаўнік матэматыкі, які вывучыў адно слова "трыкутнік", астатняе пераказваў вучням на польска-рускай трасянцы.
Іншыя настаўнікі добра ведалі беларускую мову - адкуль ix столькі i ўзялося? Нават Стась Стрыхажэўскі не здраджваў нічым сваёй польскасці, знаходзіў заўсёды прызнанне, хоць усім вядомая была дзейнасць яго брата як рэзідэнта AK на Наваградак. Стась - крыху кульгавы спартсмен - быў настаўнікам гімнастыкі.
Вялікай сімпатыяй вучняў карысталіся Барысаглебскі - невялікі ростам, здольны настаўнік фізікі i Пляскач, які выкладаў хімію. Місіяй Дыдышкі было заставіць моладзь расспявацца i той малады сімпатычны настаўнік спеваў выпаўняў яе паспяхова. Нямецкую мову выкладаў Барыс Рагуля, але гэта асобны раздзел апавядання. Аляхновіч - стары кавалер, у разуменні яго выхаванцаў баязлівы дзівак, быў вымушаны цярпець не заўсёды прадуманыя хлапечыя жарты, тыпу пярэпалахі i т.п. Праўдзівым бацькам, поўнасцю адданым моладзі, быў дырэктар прагімназіі i настаўніцкай семінарыі Кастусь Скрабец.
Вучні матуральнага курса спачатку не састаўлялі маналітнага калектыву. Вядома, што падзеі апошніх чатырох гадоў пазганялі ix з розных школаў, але ўсіх ix яднала адно імкненне: скончыць сярэднюю адукацыю, здабываную ў той час, як-ніяк, не ў "цяплічных" умовах. Сяброўства аднак, ад гэтага ні крыху не пацярпела. Усе дзяўчаты i хлопцы былі зычлівыя i спагадлівыя адно аднаму.
Апрача згаданых ужо, прыпамінаюцца мне яшчэ наступныя аднакласнікі. Галіна Бузук - найлепшая сяброўка Лілы Спорык, праўдзівая мастачка слова i арыгінальнай думкі, адораная паэтычным уяўленнем, прасякнутая любоўю да Бацькаўшчыны i Народа, апантаная прапаведніца вызвалення. Апошні яе верш, які трапіўся мне, быў напісаны ў 1944 годое ў Альпах. Паводле пазнейшых чутак, Галіна працавала на фабрыцы Юнкерса ў Саксоніі, дзе была за матку беларускім дзецям i падлеткам, вывезеным немцамі з прыфрантовай зоны. Не пакінула дзяцей i з надыходам фронту, пасля чаго, нягледзячы на пратэст яе падапечных, была арыштавана i загінула ў ГУЛагу. Яе сяброўку Лілу лёс нейк ашчадзіў. Яна кончыла англійскую філалогію, была вядомай выкладчыцай англійскай мовы i аўтаркай падручнікаў. Жыве ў Менску.
Лідка Назарэвіч - прыгожая дзяўчына, тып расавай беларускі. Таня Караткевіч - арыентальная краса i сябра Гарбацэвіч (імя не памятаю) - абое дзеці наваградскіх інтэлігентаў ці духоўных, ад кампаніі трымаліся быццам бы на баку.
Станчук-Ляўчук - класны жартаўнік. "Аддубашыў" сваю "дзесятку" ў ГУЛагу. Яўген Сераброўскі - "прыдворны" фатограф класа, вельмі добры гімнаст. Нейкім цудам папаў у "вызваліцелі" Берліна; цяпер жыве ў Омску.
Калала (імя не помню) - добры матэматык, без клопату аналізаваў, запісваючы на дошцы, найбольш складаныя матэматычныя формулы, пакуль, пасля квадратных дужак не надаралася неабходнасць ужыць скабавых дужак. Гэтага ніяк не ўдавалася яму нарысаваць, а свядомасць гэтай, па сутнасці зусім малазначнае няўдачы, бянтэжыла хлопца. Тады выручыў яго настаўнік Мянжыцкі, справядліва падкрэсліваючы лагічнае мысленне Калалы.
Ігар Мішын - уражлівы, вельмі ветлівы сябра, цяпер мянчук. Валік Сенька - меў клопаты з прышчамі на твары, але быў вясёлы, сатырычна настроены, i свой талент час ад часу выкарыстоўваў у наваградскай газеце. Пасля матуральнага экзамену прыйшлося нам жыць, вельмі дружна, у якоесьці яго цёткі. Пры ўсёй сваёй таямнічасці, ён даваў мне зразумець, што супрацоўнічае з савецкім падполлем. Міхась Шунько - энергічны хлопец, заўзяты дыскутант. У пастаноўцы на 25 Сакавіка, якую рыхтавала спадарыня Наталля Орса, атрымаў ролю Кастуся Каліноўскага ("Пісьмо з-пад шыбеніцы"). Мяне настаўніца абдарыла роляй пракурора. Я вельмі зайздросціў Міхасю i як мог стараўся выкруціцца ca сваёй "пракурорскай місіі", але з цёткай Наталляй "non disputandum".
Жураўлёў (хіба рускі), вельмі здольны сябра, перад матураю дзесьці счэз. Паводле легенды, у якойсьці акцыі быў арыштаваны жандармерыяй i праявіў тады вялікі гераізм. Валодзя Бугай таксама неяк папаў у партызаны ў час навучальнага года i таксама разнеслася чутка аб яго подзвігах. Вялікай для мяне нечаканасцю было выпадковае з ім спатканне ў Лідзе, калі ехаў я да бацькоў на Вялікдзень 1943 года. Валодзя, у добра дапасаванай чорнай уніформе нямецкай чыгуначнай аховы, паказаўся мне на вакзале зданню. Ён, аднак, пабачыўшы мяне, падышоў, з радасцю выцягнуў руку на прывітанне, пытаючы: "Ну што, Янка, так вылупіў вочы, Бугая не бачыў?" Хаваючы здзіўленне, я таксама стараўся перакінуцца на жартоўны тон: "Бугай то быццам той самы, толькі футарал, у які яго запакавалі, паказаўся мне дзіўным". Валодзя ў тон адказваў, што важны не футарал, а тое, што ў ім. Быў вельмі зацікаўлены курсам, кожным сябрам, аж урэшце запытаў, чаму мяне праследуе згаданы раней Раман Вайткевіч. Гэта мяне вельмі занепакоіла i я расказаў сябру цэлую гісторыю з тым маім праследаваннем. Валодзя, бачачы маю збянтэжанасць, супакоіў мяне і, пацвярджаючы факт канфідэнцкай службы Вайткевіча немцам, запэўніў, што ён больш не пашкодзіць. Я, ясна, не дапытваўся, як гэта разумець i адначасна падумаў, што яго мундзір можа быць толькі маскіроўкаю. Як гэта не здасца камусьці дзіўным, але пацвярджэннем тае думкі паказалася звычайная, адкормленая вош, якая паўзла па плячах майго субяседніка. Сведчыла яна - такое было маё тадышняе перакананне, - што наш былы сябра не начаваў у жорсткіх санітарных умовах нямецкіх казармаў. Зрэшты, сваімі паводзінамі ён амаль адназначна пацвердзіў тую думку, жадаючы на развітанне "шчаслівага Уваскрашэння".
Захар Кавэліч - высокі бландзін, сын заможнага селяніна, апекаваўся малодшымі сястрою i братам, вучнямі семінарыі. У час наступлення нямецкіх войскаў, выпадкова ў лесе напароліся на савецкую разведку i абодва былі расстраляны. Казімір Гінц - здольны музыка, быў гонарам настаўніка Дыдышкі.
Іншых сяброў сёння не магу прыпомніць, не таму, што яны былі менш цікавымі. Проста, чалавечая памяць паддаецца разбуральнай сіле часу. Лёс большасці сяброў мне невядомы, але згаданыя прыклады паказваюць, што ix жыццёвыя сцежкі паблытала ваенная завіруха.
Бясспрэчным аўтарытэтам карыстаўся Барыс Рагуля - выкладчык нямецкай мовы i інструктар вайсковай падрыхтоўкі ў старэйшых класах настаўніцкай семінарыі ды на матуральным курсе. Хадзіла аб ім легенда, як аб былым студэнце медыцыны, вязню НКУС, які ў драматычнай сітуацыі здолеў вырвацца на волю, а пасля папаў у няласку немцаў за кіраваныя, ад імя беларускага грамадства, цывільнай адміністрацыі смелыя патрабаванні ў галіне школьніцтва, бяспекі i іншых асноўных правоў людзей.
Заўсёды, як на тыя ўмовы, шыкоўна апрануты, энергічны, вясёлы, паспяхова яднаў вакол сябе моладзь, дзякуючы, галоўным чынам, арганізацыйным здольнасцям i пераканаўчым, горача патрыятычным прамовам. Кіруючыся эстэтызмам, зажадаў ён увесці ў школе аднолькавую вопратку - быццам вучнёўскую уніформу - з шэрага ільнянога палатна, скроенага паводле аднаго для ўсіх узору. Мела гэта велізарнае, не толькі эстэтычнае значэнне. Аднолькавая вопратка падкрэслівала еднасць школьнага асяроддзя, звонку прыдавала яму акрэслены характар, ліквідавала комплекс непаўнацэннасці ў бяднейшых вучняў, якія адзеннем не маглі зраўняцца са сваімі багацейшымі сябрамі.
Здзівіла мяне зацікаўленне Барыса Рагулі маёю скромнаю асобай. Думаў я, што прычынілася да гэтага яго сястра Зіна, сяброўка маёй сястрыцы Людкі з Віленскай беларускай гімназіі. Неўзабаве, аднак, аказалася, што прычына была глыбейшая. Барыс, праўдападобна ўжо ўпэўнены ў маіх поглядах, нейк аднойчы пасля заняткаў, без асаблівага ўступу, павёў са мною канкрэтную гутарку. Падкрэсліўшы складанасць сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, стараўся ён пераканаць мяне ў неабходнасці i шанцах аб'яднання свядомых беларусаў дзеля падрыхтоўкі да немінучай барацьбы за вызваленне Краіны. Звярнуў ён увагу на небяспеку кожнай беларускай нацыянальна-адраджэнскай дзейнасці, так з боку немцаў, як i савецкіх ды польскіх партызан. Палажыў націск на ўсведамленне як найшырэйшых кругоў беларускага грамадства, асабліва моладзі. Запрапанаваў разважьщь справу да наступнага спаткання.
Не цяжка было дадумацца сувязі між ранейшымі дыскусіямі ў інтэрнаце з Філем Давідчыкам i гэтай нечаканай гутаркай з настаўнікам, з якім да тае пары не лучылі мяне ніякія асабістыя кантакты. Я зразумеў, што нечакана стаў на мяжы майго ранейшага, адносна бестурботнага бытавання i будучай жыццёвай прыгоды, што з аднаго боку маніла сваёй таямнічай павагай, з другога - пагражала небяспекай. Заахвочваў давер сябра i настаўніка з выключным аўтарьггэтам.
На грамадскую ніву
Прыбліжаўся марозлівы канец 1942 года, які дапякаў скупавата апранутым i вечна недакормленым жыхарам бурсы. Нейк у пачатку снежня Барыс Рагуля спытаўся мяне, ці не маю ахвоты пагутарыць. На гэты раз спатканне ён вызначыў у апусцелай ужо школе, змрокам кароткага снежаньскага дня. Прымасціліся мы ля вучнёўскага століка ў класнай зале. Згадаўшы змест вядомага мне ўжо бюлетэня, Барыс растлумачыў, што Беларускую незалежніцкую партыю заснаваў рымска-каталіцкі святар Вінцук Гадлеўскі, якога нядаўна за яго незалежніцкія імкненні замардавалі немцы. Звярнуў ён увагу на неабходнасць абсалютнай канспірацыі, калі хто адважыцца на такую дзейнасць.
"Першапачатковай задачай сяброў арганізацыі, - паясніў Рагуля, - будзе папулярызацыя ідэі незалежнасці перад усім сярод маладога пакалення беларусаў. A ў нашым выпадку - сярод школьнай i наогул інтэлігенцкай моладзі". Падкрэсліў ён, што ў акружэнні варожых сіл, не маючы адпаведных сродкаў i пры недастатковай нацыянальнай свядомасці не маем магчымасці падняць самастойную ўзброеную барацьбу, як, напрыклад, палякі. Мы будзем усведамляць твораныя акупантам узброеныя групоўкі, у якіх удзельнічаюць беларусы, старацца выкарыстоўваць ix для абароны насельніцтва ад любога тэрору, адмаўляць, на розныя магчымыя спосабы, ад удзелу ў пацыфікацыйных акцыях, супраціўляцца, па меры магчымасцей, такім акцыям. Гэта будзе заданне больш дасведчаных дзеячаў, у першую чаргу вайскоўцаў, якія будуць мець уплыў на падначаленых ім хлопцаў. Будзем імкнуцца ствараць незалежныя ўзброеныя сілы, мэтай якіх будзе барацьба за свабоду i суверэнітэт Краіны, калі прыйдзе на гэта пара, - дадаў Барыс.
Атмасфера апусцелай школы i пачутае прывялі мяне ў ашаламленне. Але высновы з пераканаўчай, хаця i перасцерагальнай, гутаркі настаўніка былі адназначныя: абавязак, давер i гатоўнасць дзеяння. Бачачы маё хваляванне, мой субяседнік заключыў: "Гэта ўсё, што я меў сказаць табе, астатняе залежыць ад самога цябе. Можам на гэтым кончыць i разысціся, альбо складзеш прысягу перад Пагоняй". "Якую прысягу?" - перапыніў я недакончаны сказ. "Прысягу на вернасць Беларускаму Народу i Бацькаўшчыне ў змаганні за яе незалежнасць" - гэты адказ развеяў фактычна адзіную маю насцярожанасць адносна названай "Беларуская незалежніцкая партыя" арганізацыі. (Я ўжо зазначыў, што тэрмін "партыя" спалучаўся, у тадышнім перакананні, з нечым адмоўным, што служыць інтарэсам якойсьці групы, а не народу.)
"Калі ты пагаджаешся, прысягаць будзеш перад Пагоняй, як сімвалам Беларускай дзяржавы" - на гэтыя словы я ўстаў без вагання, глянуў на выяву Пагоні на сцяне класнага памяшкання, падсветленую слабенькім святлом з вакна, ці то ад электрычнай лямпы на слупе, ці ад водбліску месяца ў марозны вечар. У галаве мільганула думка, што надышоў момант, які можа мець рашучае значэнне не толькі для майго лёсу.
Пасля паўстагоддзя цяжка пераказаць тыя інтымныя эмоцыі, якія завалодалі ў тую хвіліну цэлай існасцю недасведчанага хлопца. Цяпер здаецца, быццам гэта датычыла некага іншага. Зрэшты, спробы пераказу сапраўдных эмоцый, выкліканых той асабліваю хвілінаю, сённяшняму чытачу, без такіх дасведчанняў, маглі б паказацца наіўнай, а мо i выдуманай экзальтацыяй.
Сам акт прысягі, поўны павагі, адбыўся спакойна, без хваляванняў. Я паўтараў за настаўнікам словы, якія былі пацвярджэннем зместу, пераказанага раней.
Неўзабаве надышлі зімовыя навагодне-калядныя канікулы, а з імі першае заданне: распаўсюдзіць бюлетэнь i пашукаць пішучую машынку. Абшар дзеяння - Ліда, Лідчына i Вільня. У Наваельню правёў мяне, з маёю валізачкай, Філя Давідчык, пасажны літрам самагонкі i куском сала. На станцыі стаяў пад параю таварны цягнік у напрамку Ліды. Дзейны Філя падбег да паравоза i выклікаў немца, які канваіраваў машыністаў. У выніку вокамгненных перамоваў вузялок Філі перайшоў у валоданне ахоўніка, а я стаў пасажырам паравоза, з якога выкінулі мяне перад семафорам лідскага вакзала.
Першы этап падарожжа кончыўся шчасліва. Я адведаў пару лідскіх прыяцеляў, у якіх пакінуў частку майго грэшнага багажу.
У Скрыбаве я наведаў былога выхаванца беларускай гімназіі, а тадышняга войта - Сяргея Мальца (загінуў у ГУЛагу). Ён даў мне нейкае пасведчанне на падарожжа ў Вільню i адрас Земавіта Фэдэцкага - сына былога мясцовага абшарніка, прыхільнага беларускім справам - разам з пісулькай-просьбай дапамагчы ў закупцы пішучай машынкі. Я быў папярэджаны, што нельга пытаць у камісійных ці іншых крамах, бо такімі кліентамі тут жа цікавіцца гестапа.
Ані Земавіт, ані мой прыяцель Валодзя Колас з яго віленскімі гімназічнымі сябрамі не здолелі, на жаль, мне памагчы. Толькі пасля пятнаццаці гадоў даведаўся я ад сястры Людкі, што вясною 1943 года наведала нашу бацькоўскую хату ў Клімавічах, дзе жыла тады i яна з мужам, група мужчын у савецкіх уніформах. Патрабавалі яны аддаць пішучую машынку. Калі швагер стаў пераконваць, што нічога пра машынку яму невядома, вывелі яго з хаты, пачалі біць i прыгразілі смерцю. У пэўны момант Людка пазнала голас яе калегі Валэйкі з суседняга голдаўскага фальварка. Назваўшы яго імя, папрасіла адпусціць мужа, які нічога не ведае. Той, рассакрэчаны былою сяброўкаю, не меў іншага выхаду, як загадаць сваім падначаленым спыніць акцыю. Аказалася, што была гэта партызанская адзінка Арміі Краёвай (АК), пераадзетая ў савецкую форму. Валэйка перапрасіў Людмілу, выпытаў пра мяне, папярэдзіў аб наступствах распаўсюджвання вестак пра яго візіт i адышоў са сваім атрадам баевікоў.
Вернемся, аднак, у Наваградак 1943 года. Жыццё ў школе ішло сваім парадкам. Матурысты рыхтаваліся да экзамену на атэстат сталасці. Моладзь урачыста адсвяткавала 25 Сакавіка. Вясна паспяхова перамагала зімовую сцюжу i прыносіла штораз то новыя весткі. Інфармацыі з фронту, хоць i скупыя, адназначна паказвалі прыбліжэнне новага немінучага "вызвалення", якое не мела нічога супольнага з воляй. Абазначала гэта неабходнасць як найхутчэйшай падрыхтоўкі да самавызвалення, калі ў ходзе вайны будзе дадзена такая магчымасць.
Сярод наваградскай моладзі Барыс Рагуля абрастаў усё новымі легендамі. Разнесліся чуткі, што немцы правільна ацанілі яго здольнасці правадыра i акруговы камісар пастанавіў выкарыстаць ix для абароны Наваградка ад партызан. Чуткі гэтыя пачалі памалу спраўджацца.
Накіраванне ў Саюз беларускай моладзі
Надышоў травень 1943 года. Фактычна канчалася падрыхтоўка да матуры. Неспадзявана Барыс Рагуля выклікаў трох ці чатырох абітурыентаў, у тым ліку i мяне. У канфіданцыяльнай гутарцы паведаміў нам, між іншым, што за дазволам i пад пратэкцыяй акупанта арганізуецца Саюз беларускай моладзі (СБМ). Нашым абавязкам будзе як мага зберагчы арганізацыю ад уплываў акупанта, забяспечыць ідэалагічную працу з моладдзю, развіваць культурна-асветную дзейнасць i ўмацоўваць перакананне, што галоўны абавязак гэта служба свайму беларускаму Народу i Бацькаўшчыне, а не якому-колечы "вызваліцелю", тым больш - яўнаму акупанту.
Каб здзейсніць пастаўленую мэту, мы мусім дабіцца свайго кіраўніцтва арганізацыі, якое будзе вернае тым ідэям i выканае вызначаныя заданні. Кіраўніка СБМ у акрузе зацвярджае, на жаль, акруговы камісар, як начальнік цывільнай улады. "Запрапануем яму на выбар вашыя кандыдатуры, - абвясціў Рагуля, - каб забяспечыцца ад выпадковага, ці мо i здрадніцкага элементу ў кіраўніцтве моладзі".
З тону i стылю прамоўцы было відаць, што пытанне не падлягае дыскусіі. У выніку цэлая наша кампанія апынулася ў кабінеце акруговага камісара. Той, пасля кароткай гутаркі з Барысам, не пытаючы нас, паказаў на мяне. Я адчуў сябе, быццам апараны гаршком кіпятку і, праўдападобна, змяніўся з твару, бо раптам пачуў на плячы далонь настаўніка, што зразумеў як падбадзёрлівы жэст. Сябры ад гэтага павесялелі, а мне бюро выпісала падарожны ліст у Менск, на курсы кіраўнікоў СБМ.
Падарожжа пачалося, зразумела, наваградскай "кукушкай", якая бойка задымела, a ўнутры запоўнілася гучнай, мірнай самагоннай гаманой кожнага з кожным. Тут панавала роўнасць i братэрская згода паліцэйскіх з партызанамі, якія прападалі недзе сярод лесу, сялян з усімі астатнімі, што карысталіся іхнімі смачнымі i развесяляючымі дарамі божымі.
У Наваельні, ад жандарскага мурашніка рознай формы i масці, свет паказаўся зусім іншым. На змену ранейшай бестурботнасці пасажыраў "кукушкі" прыйшла насцярожанасць. Хутка яны паразбягаліся, абы далей ад бяды. Цягнік нармальнай чыгункі, настаўлены рылам на Баранавічы, соп быццам з прымусу, ды i ў яго нутры панавала змрочная цішыня.
У Баранавічы дабраліся неяк без перашкодаў, але па дарозе на Менск аказалася больш перапынкаў чым язды. Калі цягнік прыпыніўся на даўжэй па прычыне пашкоджаных недзе рэек, пасажыры высыпаліся на зялёны дыван свежай сенажаці, упрыгожаны казачным колерамі веснавых кветак. Паветра напоўніла грудзі свежасцю i жыццё паказалася цудоўным дарам, азораным прыязным веснавым сонцам. Толькі вагон "Nur fur Deutsche" стаяў як замураваны, выкінуўшы адно некалькі жаўнераў з вінтоўкамі, якія безупынна разглядаліся навокал. На гудок паравоза скончылася "ідылія" на поплаве i пасажырская публіка, быццам мурашкі, папаўзла назад у цягнік, які праз пару хвілін ляніва паплёўся ў вызначаным кірунку.
Менск навёў на мяне прыгнечанасць. Людзі на вуліцах былі панурымі, калі чулі гул матора, з непакоем паварочвалі галовы ў той бок. Іншыя раптам знікалі дзесьці ў пад'ездах ці панадворках. Бестурботнае асяроддзе наваградскай моладзі паказалася мне аазісам вольнасці.
Кіраўнічы штаб СБМ знайшоў я без цяжкасці. Прыёмная працэдура прайшла спраўна. Курсантамі былі пераважна крыху старэйшыя за мяне хлопцы з усходняй Беларусі. Пасля аказалася, што гэта былыя афіцэры Чырвонай Арміі, якія папалі ў палон i ўжо адбылі нейкую падрыхтоўку. Цяпер накіравалі ix арганізаваць Саюз беларускай моладзі. Апрача ix было i некалькі "заходнікаў": з Глыбокага, Вілейкі, Ганцавіч, хіба з Баранавіч i я - з Наваградка. Былыя афіцэры ставіліся да нас быццам з апякунствам, а мы да ix з недаверам, як да нямецкіх стаўленікаў. Курсы працягваліся нешта два тыдні i ў канцы пачатковая прадузятасць ужо не заўважалася. Як бы тыя былыя ваякі не маскіраваліся, стала ясным, што не немцам служыць яны прыехалі. Не заставалася ні трохі сумнення, што незалежна ад такіх ці іншых палітычных поглядаў, завербавала ix любоў да Радзімы, настальгія па культуры, у якой выраслі.
Заняткі на курсах былі даволі інтэнсіўныя, штодзень больш дзесяці гадзін. Выкладчыкамі былі: шэф-праваднік Міхась Ганько, нейкія дзядзькі, якіх не памятаю i апякун СБМ ад немцаў - Герман Шульц. Фізічнаю культурай, галоўным чынам вайсковаю муштрай, займаўся адзін з курсантаў, былы капітан Дзмітры Стэльмах - шчыры братка-беларус, вайсковец у кожнай цалі.
Мае адносіны да тэарэтычных заняткаў былі асаблівыя. Я меў пару кніжак, свае школьныя канспекты, i яны былі прадметам майго зацікаўлення таксама ў час курсавых лекцый. Адзінай турботаю было, каб на заканчэнне не прыдумалі правяраць пераказаныя нам веды. Толькі ад параднай муштры Дзмітра не было магчымасці выкруціцца. А ён ганяў да знямогі, што, зрэшты, больш усім адпавядала чымсьці нудныя даклады, якімі ніхто не цікавіўся. Ніякіх экзаменаў, зразумела, не было.
Акруговымі кіраўнікамі, пасля заканчэння курсаў, былі назначаны амаль выключна хлопцы з прывезенай з Нямеччыны групы. На Наваградскую акругу быў прысланы былы лейтэнант Мікіта Каляда, спакойны, сціплы дзяцюк. Я стаў яго намеснікам.
Мікіта ў Наваградку завязаў лучнасць перш-наперш з групай прысланых з Нямеччыны расейскамоўных прапагандыстаў, якія не карысталіся пашанай у наваградскім асяроддзі. Ды i самому Калядзе - выхаванцу Камсамола i Чырвонай Арміі - не адпавядала атмасфера Наваградка. У сувязі з гэтым да арганізацыйнай працы ён не загараўся i мяне таксама не турбаваў, даючы магчымасць падрыхтавацца да экзамену сталасці.
Ініцыятыва надалей заставалася ў руках Барыса Рагулі i ён дзейнічаў. Не пасягаючы на права кіраўніцтва арганізацыяй, апрануўшы цёмна-сінюю форму спартыўнага тыпу з бел-чырвона-белаю павязкаю на левым рукаве, якую атрымалі ўсе кіраўнікі СБМ (у тым ліку i мы з Калядою), ён стараўся пазнаёміць моладзь ca створанай арганізацыяй. Інфармаваў аб нашым з Калядою назначэнні i аб прадбачаным супрацоўніцтве са школаю ў арганізацыі гурткоў самадзейнасці дзеля развіцця культурна-асветнай дзейнасці.
Сваё становішча я адчуваў як вельмі нязручнае i да экзамену сталасці стараўся не паказвацца ў новай вопратцы кіраўніка СБМ. Каб не адрознівацца ад сяброў, заставаўся верным нашаму палатнянаму школьнаму мундзірчыку. Аказалася, апрача таго, вельмі цяжкім псіхалагічным бар'ерам адзецца ў нябачаны дасюль мундзір, прывезены з якіхсьці там, няведамых моладзі курсаў. Гэта магло быць ацэнена як прапаганда калабарацыянізму, а даверанай мне праўдзівай місіі я рассакрэціць не мог.
Падзеі самыя прыносілі лепшыя ці горшыя развязкі. Міфы апошняга часу пра Барыса Рагулю сталі ператварацца ў рэальнасць. Акруговы камісар запрапанаваў яму сарганізаваць самаахову ад партызан. Барыс не адкінуў прапановы, але паставіў свае варункі: яго фармацыя будзе добраахвотніцкая, ім самім сарганізаваная, незалежная ад нямецкай жандармерыі i ўпаўнаважаная ўтрымаць лад на акрэсленым абшары, на якім выключаюцца пацыфікацыі і, наогул, умяшанне нямецкіх паліцэйскіх. На такіх умовах быў хутка створаны кавалерыйскі эскадрон Рагулі, які так i называлі - "рагулеўцы". Эскадрон набіраўся, у большасці, з выпускнікоў настаўніцкай семінарыі i матуральнага курсу на асновах дабравольнасці i хутка здабыў сімпатыю сярод жыхароў Наваградка i Наваградчыны. Яго поспехі ў забеспячэнні спакою i ладу на абшары дзеяння заставаліся таямніцай Барыса i яго найбліжэйшых падначаленых.
Сакрэтам палішынеля, аднак, было паразуменне між важакамі розных бакоў аб падзеле тэрыторыі i ўзаемнай талерантнасці. Тым больш, што з усіх бакоў былі "свае хлопцы", не намераныя адзін аднаго забіваць. Не выключаецца, што i мясцовыя немцы знюхалі гэтую асаблівасць, але не сунулі носа дзеля ўласнай выгады. Такім чынам "баявыя акцыі рагулеўцаў" праходзілі, наогул, без стратаў, а з наваградчан была знята пагроза.
Першай, выпадковай i хіба апошняй да часу эвакуацыі, ахвярай быў жаўнер Даніла Мамчыц, паховіны якога мелі характар жалобнага мітынгу з удзелам, між іншым, ганаровай калоны юнакоў i юначак са штандарам СБМ.
Заняты арганізацыяй эскадрона, Барыс Рагуля адхіліўся крыху ад спраў моладзі. Мікіта Каляда, тым часам, пайшоў шукаць прытулку ў сваіх старых сяброў сярод партызан. Кіраўнічы штаб СБМ назначыў мяне акруговым кіраўніком, надаўшы ступень правадніка (ранейшая ступень - падправаднік). Людміла Гутар скончыла курсы i была назначана кіраўнічкай дзяўчат на Наваградскую акругу. Некалькі дзяўчат кончылі курсы малодшых кіраўнічак у Дроздаве каля Менска i Фларыянаве каля Баранавіч, а хлопцы - у Альбярціне каля Слоніма. Такім чынам, кіраўнічы калектыў сарганізаванага ўжо ў Наваградку СБМу папоўніўся вартаснымі юначкамі i юнакамі. Школьная, а часткова i пазашкольная, моладзь хілілася да арганізацыі. Маім намеснікам назначаны быў Міця Гарбач - старшы звязовы. Вельмі культурны, спакойны i працавіты хлопец, паўсірата, быў узорам абавязковасці.
Праваднічка Людміла Гутар, прыгожая дзяўчына, паспяхова кірaвала юначкамі. Сама Людка была вельмі апякунчая, умела зразумець іншых i спагадаць ім. Калі да некага звярталася, сваю прыхільнасць аказвала, ужываючы імёны ў ласкавай форме, напрыклад: Лідачка, Барысок i т.п. Гэтым здабывала сабе сімпатыю.
З кіраўнічага штаба СБМ надышла інфармацыя, што арганізацыя атрымала сваю уніформу шэра-зялёнага колеру: фрэнч са штанамі для хлопцаў i ca спаднічкамі для дзяўчат. Юнакі надзелі круглыя шапкі з казырком, a юначкі - пілоткі. Абутак - з-за недахопу скуры - на дзеравянай падэшве. Уніформа, між іншым, заахвочвала да ўдзелу ў СБМ - практычна, уся школьная моладзь у яе апранулася.
Сярод дзяўчат знайшлося нямала вышывальніц. Яны спрытна павышывалі эмблемы СБМ на бел-чырвона-белых павязках - Ярылаў крыж у бел-чырвона-белым ромбе, перакрыжаваны мячом i лапатаю (як сімваламі змагання i працы), a пасярэдзіне літары "СБМ". Значок на шапку, гэта таксама бел-чырвона-белы ромб з Ярылавым крыжам уздоўж чырвонай паласы ромба.
Уніформа, у вялікай ступені, прычынілася да ўпарадкавання працы Саюза. Арганізацыйны падзел на: малодшае юнацтва - 10-14 гадоў (зялёная акантоўка пагонаў), юнацтва - 14-18 гадоў (сіняя акантоўка) i старшае юнацтва - 18-20 гадоў (чырвоная акантоўка пагонаў), адпавядаў, па сутнасці, школьным класавым падзелам. Ba ўзроставых групах дружыны з 12-20 асоб вызначылі сваіх дружыновых. Тыя тыпавалі перадавікоў у дружынах i стараліся чым-колечы выклікаць павагу іншых калег да сваёй дружыны. Тры-пяць дружын групаваліся ў грамаду (у юначак - у гурток), дзве-чатыры грамады тварылі звяз (у дзяўчат - круг). Грамады i звязы аб'ядноўвалі юнацтва розных узроставых катэгорый. Вышэйшая арганізацыйная адзінка СБМ - секцыя (тры звязы i тры кругі) - у Наваградку не стварылася. Замест таго ўзніклі секцыі зацікаўленняў: мастацкая, песенная, літаратурная, спартыўная, рукадзелля. З тых сябровак i сяброў, якія вылучаліся ў секцыях зацікаўленняў, запамяталіся: Каравайчык (імя не памятаю) i Галіна Родзька - мастацтва, тая ж Галіна i Людка Гутар - ручныя працы (вышыванне), Мікола Рулінскі - спорт, згаданая раней Галіна Бузук i Янка Лойка - паэзія. Песеннай справе добра прыслужыўся настаўнік Дыдышка, які стварыў дасканалы хор.
Выхаваўчая i культурная праца ў СБМе вялася супольна са школаю i была як быццам прадаўжэннем школьнага выхавання моладзі. Падкрэсліць трэба, што свая арганізацыя моцна моладзь актывізавала. Спрыяла гэтаму згаданая арганізацыйная будова СБМ. Кожная кіраўнічка i кожны кіраўнік адзінак СБМ - малодшыя: перадавік, дружыновы, грамадовы, старшы грамадовы, - сярэднія: звязовы, старшы звязовы, секцыйны (у Наваградку секцыйнага не было), - старэйшыя: падправаднік, праваднік i старшы праваднік (апошняга таксама ў Наваградку не было) - мелі на пагонах свае знакі адрознення. У арганізацыйнай працы мела гэта велізарнае значэнне. Кожны кіраўнік клапаціўся аб выглядзе i паводзінах сваіх падапечных, у секцыі зацікаўленняў стараўся накіроўваць сяброў з адпаведна выяўленымі здольнасцямі i т.п.
Грамадовыя са сваімі грамадамі стараліся паказацца ў як найспраўнейшым маршы з песняю, у чым, практычна, была зацікаўлена ўся моладзь i ахвотна спаборнічала між сабою. Маршавая песня, i песня наогул, была важным выхаваўчым элементам, тым больш, што змест усіх тадышніх песень быў выключна патрыятычны. Вось некаторыя з ix: "Пагоня", "Мы бойкая моладзь", "У гушчарах затканых імглою", "Бывай мой родны кут", СБМаўская песня (словы Міхася Ганько) "Як шырока i далека Беларуская зямля", вайсковая песня (музыка i словы правадніка Петры Мядзвецкага) "Ідуць жаўнеры беларусы" i іншыя. (Нямала з гэтых песень можна пачуць i ў кругах сённяшняй моладзі.) Не без значэння для дысцыпліны быў фактар маршу i песні.
Істотным выхаваўчым момантам была калектыўная праца пры пабудове спартыўнага пляца, загатоўцы дроў для школы на зіму i г.п. Кожныя заняткі ў большай чым адна дружына групе пачыналіся песняй "Беларусь наша Маці-Краіна". Важнейшыя заняткі, спартыўныя спаборніцтвы, a ўжо асабліва ўрачыстыя мерапрыемствы нацыянальнага характару, пачыналіся падняццем сцяга на мачту i гімнам "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Сцяг падымалі трое штандаровых: два юнакі i юначка, пры паставе ўсіх прысутных на "зважай". Калі палатно сцяга павольна сунула ўверх, суправаджальнікі галоўнага штандаровага дэкламавалі, кожны па адным сказе з дваццаці юнацкіх правіл, вядомых усім на памяць. Вось некалькі з ix: "Ты не жыў, калі жыў для сябе, ты не згінуў, калі памёр за Бацькаўшчыну"; "Кожны твой крок i кожны твой чын павінны прыносіць гонар народу"; "Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях"; "Гісторыя твайго народа павінна быць тваёй бібліяй"; "Мова дадзена душы людзей"; "Я адзін - нішто, але мой народ - усё, я смяротны, але мой народ павінен жыць вечна". Усе гэтыя сказы выказвалі волю працы для Бацькаўшчыны i змагання за яе незалежнасць.
Перад апушчэннем штандара, на заканчэнне ўрачыстасці, спявалі, пераважна, "Пагоню". Бел-чырвона-белы штандар з эмблемай СБМ выканалі для акруговай арганізацыі СБМ юначкі-вышывальніцы.
Агульна кажучы, праца ў наваградскім СБМе не рознілаоя ад прынцыпаў скаўцкіх арганізацый. I хоць мы не выпаўнялі ўсіх пастаноў статута, аднак прытрымлівaліся асноўных для таго асяроддзя статусных заданняў: "быць школай нацыянальнага ўсведамлення, з мэтай падрыхтоўкі кадраў паслядоўных будаўнікоў вольнай Беларусі". На практыцы галоўнае значэнне прыдавалася разбуджэнню i ўмацаванню пачуцця нацыянальнага гонару, абавязку працы для Бацькаўшчыны дзеля яе вызвалення, адказнасці за яе лёс i дабрабыт ды развіццё нацыянальнай культуры. Прывітаннем юнацтва былі словы "Жыве Беларусь", адказам: "Жыве". Рэакцыяй на пахвалу быў адказ: "Служу Бацькаўшчыне".
Да забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, у верасні 1943 года, у працы арганізацыі не адчувалася ніякага ўмяшання нямецкай адміністрацыі. Неўзабаве, аднак, пачаліся непаразуменні. Некалькі асоб з Кіраўнічага штаба былі арыштаваны. Адзін з сяброў, які перажыў i апынуўся на эміграцыі, У.Г., піша, між іншым: "Я напэўна астаўся адзін у жывых, хто тады трапіў у камеру смертнікаў".
Шэф-праваднік Міхась Ганько аб'явіў дабравольны набор юнакоў у дапаможныя атрады "Luftwaffe". У Наваградку прапаганда гэтай акцыі была даручана рускамоўным прапагандыстам, якія не мелі ніякага аўтарытэту, таму i не дабіліся поспеху. У пачатку вясны 1944 года паявіўся лейтэнант "Luftwaffe", нейкі Гайнц, з самаходам, плакатамі i васільковымі мундзірамі для дабравольцаў. Сітуацыя ўскладнялася, бо яўная антыпрапаганда была немагчымая. Можна было толькі гаварыць з адзіночнымі, даверанымі сябрамі. Людку, кіраўнічку дзяўчат, я таксама стараўся не мяшаць у справу, але яна сама ведала, што трэба бараніцца i выдатна памагла адцягнуць Гайнца ад яго місіі. Супольна знайшлі мы яму прыгожую казачку (дачку казацкага афіцэра), якая заняла лейтэнанта так, што яму не хапала часу на вярбоўку i прымаў кожнага, незалежна ад нацыянальнасці i асяроддзя, з якога прыбыў.
Нашы хлопцы з намерам ваяваць хіліліся да "рагулеўцаў". У суме чатырох ці пяцёх, цікавых прыгод i свету, свядомых хуткага заканчэння вайны юнакоў, атрымалі ад афіцэра накіраванне ў зборны лагер у Альбярціне, адкуль мелі быць вывезены ў падрыхтоўчы лагер у Альпах. Ці выехалі - мне невядома.
З Беларускай незалежніцкай партыі ніякія дырэктывы не паяўляліся. Тым часам азнаёмлены са справамі БНП мой сябра, вучань віленскай беларускай гімназіі Валодзя Колас перасцярог, што ў БНП паявіўся якісь небяспечны нямецкі агент. Нічога больш канкрэтнага сябра, на жаль, не ведаў. Я лічыў сваім абавязкам перадаць часткова непасрэдна ці ўскосна інфармацыю іншым блізкім мне сябрам. З Рагулям не гэту тэму гутаркі не было. Я лічыў, што ён у гэтых справах лепш зарыентаваны, чым я. Як складаліся далейшыя лёсы БНП, мне не было вядома апрача таго, што ў лагерах прымусовай працы вывезеных у Нямеччыну акупантам беларусаў паявіўся новы бюлетэнь БНП у 1944 годзе. Ідэяй зместу не адбягаў ён ад папярэдніх: выразна антынацысцкі, прапануючы незалежнасць краіны. Ніякіх доследаў пасля яго кальпартажу не было. Можа гэта абазначаць, на мой погляд, што незалежна ад правакацыйных пралазаў, кансерватыўнае крыло БНП асталося верным сваім вызваленчым ідэям i дзейнічала далей падпольна. Іншых доказаў на гэта, аднак, не маю i мой погляд у гэтай справе мае характар выключна гіпотэзы. Апошняе слова пра БНП яшчэ не сказана i невядома, ці гэта будзе магчыма. Што б не сказаць, аднак, то пэўнае адно: ад першых дзён, тыдняў, месяцаў дзеяння арганізацыя гэта здолела знайсці i змабілізаваць людзей да працы ў галіне адраджэння не толькі культуры, але i ідэі незалежнай краіны, што неўзабаве абрушылася лавінай, асабліва ў асяроддзях моладзі. Вернемся думкаю, аднак, у Наваградак. Вясна 1944 г. прыбліжала франтавыя дзеянні з усходу. Наваградак перапоўнілі казацкія абозы. Па прапанове гарадской управы пасяліліся ў жыхароў горада i бежанцы з Віцебска, у тым ліку i мой сябра Алесь Банькоўскі - кіраўнік віцебскай акругі СБМ з сям'ёю.
Моладзь, аднак, жыла далей сваімі штодзённымі турботамі, быццам нячуткая на клопаты акружыючага яе свету i незалежная ад яго.
У сённяшніх разважаннях, пасля паўвекавога перапынку, дзе-якія здарэнні таго часу паказваюцца малапраўдападобнымі. Чым можна выясніць той факт, што ва ўмовах палітычнага тэрору з боку акупанта i супрацьстаячых іншых варожых сіл на акупаванай Беларусі, каля сотні тысяч моладзі, у тым ліку больш тысячы юначак i юнакоў малога Наваградка, без ніякай прынуды ў так кароткім часе змаглі стыхійна стварыць свой духовы ідэалагічны энклаў? Што стала крыніцай энтузіястычнага дзеяння ў імя ідэі вольнасці, пашаны i развіцця нацыянальнай культуры:
· разбуджэнне дрэмлючай ад вякоў у падсвядомасці пакаленняў тугі па вольнасці?
· паўсталая на гэтым грунце незразумелая да канца масавая закамплексаванасць?
· уздым пачуцця нацыянальнага гонару пад уплывам працякаючых падзей?
· рэакцыя на перажытыя i існуючыя ўмовы?
Пытанняў можна задаць без ліку. Адказ на ix вымагае сумленных i разумных доследаў не толькі гісторыкаў, але перад усім сацыёлагаў i псіхолагаў. Справа, на жаль, усё яшчэ ў мёртвым пункце, прыдушана нахабнаю, хлусліваю, варожаю, чужою прапагандай.
Сапраўдныя беларускія сённяшнія гісторыкі пад націскам масы не менш важных недаследаваных або зафальшаваных падзей ды белых плямаў, не хутка ў існуючых варунках змогуць дакапацца да праблемы СБМ. Праблема, аднак, для гісторыі Беларусі неабыякавая.
Трывожны канец нямецкай акупацыі
У чэрвені рыхтаваўся 2-гі Усебеларускі Кангрэс у Менску. З Наваградка выбралася на кангрэс нешта каля 30-ці з лішнім асоб, у тым ліку некалькі з кіраўніцтва СБМ. Было гэта даволі хвалюючае здарэнне. 27 чэрвеня 1944 г. будынак тэатра пад аховай афіцэраў i жаўнераў Беларускай краёвай абароны запоўніўся дэлегатамі - больш тысячы асоб. Нямала было моладзі ў юнацкіх мундзірах. У пэўным моманце падышоў да мяне мужчына гадоў каля 40, зусім незнаёмы, i, назваўшы мяне па прозвішчы, заявіў коратка: калі змест рэферата мінецца з прынцыпам вольнасці краіны - выходзім з зала. Зважайце вось на тую групу - паказаў на правае крыло побач выхаду. Я не адазваўся, помнячы перасцярогу сябры В. Коласа аб магчымай правакацыі i ў сувязі з гэтым пасольства незнаёмага захаваў я да ўласнага ведама. Ад пачатку рэферата Калубовіча слухаў пільна, аднак, сачыў тое правае крыло залы, тым больш, што аргументацыя чаму Беларусь павінна парваць з савецкаю Масквою (асноўны касцяк рэферата) была дастаткова вядомая. Рэферат паказаўся выважаным, ніякага "вернападданніцкага" акцэнту ў ім не аказалася i ўсё прайшло спакойна. Эйфарыю выклікаў пасля змест дэкларацыі, навязваючай да дэкларацыі незалежнасці ад 25 сакавіка 1918 г. Дэлегаты зразумелі i прынялі тую фармулёўку дэкларацыі як прадаўжэнне незалежнасці аб'яўленай 25 сакавіка 1918 г. Незалежна ад таго, як хто ацаніў сцверджанне, што кангрэс з'яўляецца паўнапраўным i найвышэйшым прадстаўніцтвам беларускага народа, а Беларуская Цэнтральная Рада законным прадстаўніком, ніхто не выказаў іншага становішча i ніхто не супрацівіўся прыняццю рэзалюцыі, што зрэшты i не мела ў гэтых абставінах сэнсу.
Чутны ўжо ў Менску грукат франтавых гарматаў нікім не ўспрымаўся абыякава. У адных разбуджаў надзею, у іншых трывогу, але ў кожным турботу пра будучыню.
У Наваградак вярнуліся мы са сп. Гутарам i Людкай Гутар таварным цягніком 30 чэрвеня.
У сувязі з заканчэннем школьнага года большасць моладзі паразыходзілася з горада ў вёскі. Асталіся толькі жыхары Наваградка i сёл, якім пагражалі партызаны, у асноўным з Карэліцкага раёна.
Наваградак быццам акупаваны казакамі, якія наводзілі жах на людзей, Гараджане, a асабліва сем'і жаўнераў, чакалі вяртання "рагулёўцаў" з якойсь вайсковай акцыі на Глыбоччыне. Эскадрон тым часам разросся галоўным чынам колькасцю добраахвотнікаў-семінарыстаў i ператварыўся ў дывізіён Беларускай краёвай абароны. Горад прывітаў сваіх жаўнераў 4 ліпеня.
Нам з Міцем Горбачам удалося склікаць юнацтва колькасцю каля адной грамады i аб'явіць хаця б сімвалічна перапынак дзейнасці СБМ у Наваградку. Не зважаючы на атмасферу неспакою ў горадзе, моладзь не праяўляла ніякіх турбот i захоўвалася як i на папярэдніх спатканнях. Уфармаваная калона адспявала "Беларусь, наша Маці-Краіна". Я аб'явіў спыненне дзейнасці акруговай арганізацыі Саюза беларускай моладзі ў Наваградку i пераняў пад сваю апеку сцяг акруговай арганізацыі СБМ. Падсумаваўшы ў некалькіх сказах дасягненні СБМ, я выказаў перакананне, што прыйдзе час адраджэння краіны, у тым ліку i руху моладзі, a эпілогам яго будзе несумненна вольная Беларусь.
На развітальны кліч "Жыве Беларусь!" вырваўся быццам з грудзей грамады з неймаверна пераканаўчай сілаю адказ "Жыве!". Уражанне ад гэтага апошняга развітальнага клічу ўрэзалася ў душу, думаю, не толькі маю, што сталася стымулам думак i пачуццяў ды дзе-якіх пачынанняў у розных жыццёвых сітуацыях.
Летні спякотны дзень схіляўся да сумеркаў i ў так позні час у неспакойным горадзе прыйшлося хутка разысціся.
На другі дзень мы спаткаліся з Міцем Горбачам, каб абмеркаваць альтэрнатыву: эвакуіравацца на захад, ці астацца ў краіне. Матывацыяй, выказанай мною было: указанне кіраўнічага штаба СБМ кадрам арганізацыі выехаць у Нямеччыну i прадаўжаць працу з моладдзю ў лагерах прымусовай працы. Шэф-праваднік Міхась Ганько атрымаў на гэтае дзеянне СБМ згоду, a ўмовы, сцверджаныя ўжо раней адведзінамі некаторых лагераў, аказаліся жалю годнымі.
Другім матывам была спадзяваная жорсткая расправа бальшавікоў з кожнай праявай нацыянальнай дзейнасці, аб чым сведчылі практыкі 30-х гадоў.
Міця меў адзін бясспрэчны матыў: жыццё лічыцца толькі на бацькаўшчыне. Становішчам гэтым напомніў мне ён мае асабістыя перажыванні, балючую настальгію, якую прыйшлося перажыць выехаўшы з Бацькаўшчьшы ў варшаўскі інтэрнат на гімназічныя "навукі" ў 1936 г. Я разумеў калегу, якому не прыйшлося праўдападобна ніколі пакідаць Наваградак, як толькі на курсы кіраўнікоў СБМ у Альбярціне. Ён вырашыў астацца, а я, развітаўшыся з сябрам, апынуўся перад трудным жыццёвым рашэннем.
Эвакуацыя
З усходняй Наваградчыны цягнуўся ўжо абоз фурманак з сем'ямі на захад. Стаў варушыцца i сам Наваградак. Я да бацькоў выслаў свайго брата - вучня семінарыі Андрэя, які жыў у сям'і былога пасла Аляксандра Стагановіча пад апекай, адданай усёю душою дзецям, у тым ліку i Андрэю, спадарыні Марыі Стагановіч. Яны з цэлай сям'ёю таксама выехалі. (Мне давялося выпадкова спаткацца з імі дзесь у Нямеччыне i ў драматычных варунках памагчы ім пагрузіцца ў перапоўнены цягнік. У 1988 г. адведаў я сям'ю Стагановічаў у ЗША, пасля чаго ў хуткім часе памёр спадар Аляксандр. Маткаю апекаваўся сын Лёва; памерла яна ў 1995 г. Андрэй - мой брат - выбраў місію святара. Высланы з Беларусі ў Расею, у горад Клетню, а пасля Клінцы, заўзята адбудоўваў i будаваў цэрквы. Яму ламалі святыні, абкрадалі, палілі, пагражалі, а ён упарта будаваў да канца сваіх дзён. Памёр 11 мая 1995 г.)
4 ліпеня 1944 г. вярнуліся ў Наваградак чаканыя "рагулеўцы". Веснавыя навабранцы - наймалодшыя хлопцы - паразбягаліся дамоў. У казармах астаўся касцяк дывізіёна, у тым ліку мае школьныя сябры. Большасць з ix вырашыла эвакуіравацца. Я дагаварыўся на сумеснае падарожжа, калі не стануць на перашкодзе вайсковыя справы.
Хлопцы чакалі загаду. Непакой нарастаў сярод ваякаў, а з ім дэзарыентацыя i нерашучасць што рабіць?
Ноччу 6 ліпеня дамагаліся яны камандзіра Барыса Рагулі, які явіўся i звольніў з абавязку службы тых, хто вырашыць астацца. З групаю, якая вырашыла прадаўжаць ваяцкую справу i эвакуіравацца, дамовіўся на спатканне ў падарожжы на захад у акрэсленых пунктах i часе, даверыўшы кіраўніцтва эвакуацыяй камусь з малодшых афіцэраў. Пазней былы афіцэр дывізіёна Мікола Рулінскі напіша: "Ноччу я паехаў маторам да Барыса (...) ды сказаў, што хлопцы хочуць пагутарыць. Прыехаў, пагутарылі - Хто хоча: туды ці сюды (...) Назаўтра "Татраю" Барыс, Люда, Рагуля Міхась i пасол - выехалі". Кастусь Мярляк у сваіх успамінах шчыра прызнаецца, што ноччу 6 ліпеня, вырваны загадам Б. Рагулі ад нарачонай, у якой начаваў, паспеў захапіць з казармаў шафера грузавіка, які ладаваў дабро, каб ехаць дамоў. Загадаў хлопцу падрыхтаваць да падарожжа самаход i паехаў з ім па сваё прыватнае дабро, а пасля па знаёмых, з якімі вяртаўся на захад тым жа самаходам. Далей К. Мярлак піша, што 9 ліпеня пад вечар у Гародні спаткаліся яны, з Б. Рагулям i пяццю разведчыкамі на конях, "якія незалежна паявіліся ў Гародні. Зараз жа на месцы было ўзгоднена, што эскадрон міне Гародню i накіруецца на Ломжу, a камандзір з інтэндантам (К. Мерляком) i падарожнікамі накіруюцца на Беласток. Пасля нарады разведчыкі вярнуліся ў эскадрон. Гэты факт адлучыў камандзіра i інтэнданта ад наваградскага эскадрона кавалерыі назаўсёды". Мікола Грэбень расказвае, што па дарозе ў заходнім напрамку ад Гародні сустрэў "рагулеўцаў" Мацука i Васіля Канюха, якія высланыя ў разведку пасвілі сваіх коней у аўсяным палетку, чакаючы камандзіра з інтэндантам i аправізацыяй на ўмоўленае спатканне. Ці адбылося тое спатканне, К. Мярляк не ўспамінае.
На досвітку 7 ліпеня 1944 г. я застаў наваградскія казармы быццам вымецены: хлопцаў - ні душы. Хто выехаў ноччу, хто падаўся ў вядомым сабе напрамку, каб шукаць прыпынку на месцы. Казакі, зарыентаваўшыся ў сітуацыі беларускага эскадрона, зрабавалі большасць табара i верхавых коней. Якімі сродкамі транспарту падаліся хлопцы на захад - цяжка сказаць.
Пакінутыя свайму лесу маладыя недасведчаныя хлопцы, якія па ix уласнаму выбару мелі быць элітай беларускага войска, канчалі ў найлепшым выпадку драматычна. Многія з ix адцярпелі мукі ў гулагу, іншыя паплаціліся жыццём. Апусцелы Наваградак прыйшлося i мне ў ліпеньскую раніцу пакінуць назаўсёды. Забраўшы невялікую валізку з архівам СБМ, штандарам i самымі неабходнымі рэчамі на багажнік свайго самаката, падаўся я ў напрамку Ліды. Дарога гусцела з кожным кіламетрам ад фурманак i вайсковага транспарту. Валізачка мая ёўзалася па багажніку самаката, быццам намагаючыся вызваліцца з той таўкатні пыльнага падарожжа i мяшала перамяшчацца з неабходнай хуткасцю. Ліду прыйшлося прайсці пяшком. Пасля начной бамбардзіроўкі кругом дымелі недагашаныя пажарышчы; з дзеравяных хатак пааставаліся шчэпкі. Па вуліцах пабітыя коні, людзі i паломаныя вазы з маёмасцю. Мая спроба найсці Алега Лапіцкага - акруговага кіраўніка СБМ у Лідзе, на жаль, была беспаспяховай. Ад самога горада, выбраўшыся з яго ў напрамку Гародні, бежанцы штораз былі спіханыя з шашы вайсковым транспартам i рабілася ўсё цясней i цясней. Цераз мост на Дзітве, толькі што так-сяк напраўлены пасля пашкоджання бомбаю, афіцэр прапускаў перад усім вайсковыя фарміраванні. Людзі ў спякоце таўпіліся як авечкі перад тым ігольным вухам, каб як-небудзь перабрацца на заходні бок рэчкі. Я ca сваім самакатам уціснуўся на мост без асаблівага клопату. Праехаўшы наступныя 12 кіламетраў, пры хутары каля дарогі пабачыў я на адпачынку сям'ю з Наваградка (прозвішча не памятаю). Тры кіламетры ад таго месца на паўднёвы ўсход - мая вёска Клімавічы з цэлаю сям'ёю. Багаж мой наваградчане згадзіліся ўзяць на фурманку, умовіўшыся, што аддадуць яго прадстаўніку СБМ у Нямеччыне, калі нам не ўдасца сустрэцца ў далейшым падарожжы. Сам я падаўся да бацькоў развітацца. Мінаючы вёскі Змітраўцы, Сямашкі, Губейкі аж да Клімавіч не спаткаў на вуліцах жывога духа. Дома ўся сям'я чамусьці згуртавалася ў гумне, што каля аселіцы, за якою балота аддзелена ад поплава альховым гаем - "купніком". За ім уся клімавіцкая жывёла, перад усім коні, якія былі пад найбольшай пагрозай рабунку. Я, хоць быў дастаткова змораны, стараўся ўтрымаць настрой бадзёрасці, каб запабегчы развітальным лямантам. Адведзіны не трывалі доўга, але не абышлося без абеду i чаркі "крупніку" (веснавога мёду на спірце), што дадало мне крыху энергіі. Мама ўвіхалася моўчкі, рыхтуючы пачастунак. Час ад часу кіравала на мяне свой позірк поўны трывожнага жалю i непакою. На яе твары, па натуры спакойным i лагодным, паявіліся глыбокія рысы цярпення, але з вуснаў, заціснутых у якойсь дзіўнай пранізлівай грымасе, не выдабылася ані адно слова. Я зразумеў, што хіба мама адна разумела мяне ясна ў тым моманце i адчувала мае праўдзівы псіхічны настрой i становішча, у якім я апынуўся, што будзіла жах у яе сэрцы.
Развітанне трывала коратка. Мама, бласлаўляючы мяне на дарогу, сказала амаль шэптам: "Буду маліцца за твой паварот i веру, што ён збудзецца". Тым часам дзесь з глыбіні яе грудзей вырваўся ледзь чутны стогн, быццам рэха ахапіўшага ўсю яе гора. З вачэй пакаціліся слёзы, а вусны зноў упарта замоўклі. Уражанне ад гэтага развітання аказалася самым цяжкім грузам не толькі на найбліжэйшае падарожжа. Сеўшы на свой самакат, я рашыў не азірацца i націскаючы з усяе сілы на педалі стараўся асягнуць фізічную стому, што мела заглушыць несціхаючае балючае перажыванне.
Ад'ехаўшы 2 кіламетры ад роднай хаты, на чыгуначным пераездзе, што на акраіне вёскі Сямашкі, спаткаў я нечакана двух наваградскіх школьных сяброў у вайсковай вопратцы - Захара Кавэліча з яго малодшым братам (імя не памятаю) з рагулевага дывізіёна. Спатканне гэта, на які кіламетр ад гродзенскай шашы, здзівіла ix не менш, чым мяне. Абодва былі запуджаныя i бездапаможныя. Не маючы коней, адбіліся ад наступаючай сваёй групы, што мабыць ад'ехала дзесь далей у напрамку Гародні, бо як сцвярджалі, шаша ўжо апусцела i праўдападобна прыблізілася франтавая паласа. Не маглі вырашыць, куды дзецца. Я таксама не меў ніякай рады для сяброў у такой сітуацыі, апрача таго, што паказаў сяло, дзе жылі мае бацькі, а сам вырашыў прадаўжыць сваё падарожжа на захад. Хлопцы, як пасля аказалася, вырашылі праўдападобна не траціць часу i пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, узялі курс на Наваградак. У 1953 г. у карлагу ад Віктара Хоміча я даведаўся, што Кавэлічы напароліся ў лесе за Нёманам на вайсковую, праўдападобна савецкую партызанскую часць, якая расстраляла ix на аснове аднаго толькі сцверджання, што былі ў бялізне з вайсковымі прызнакамі.
Гарадзенская шаша фактычна аказалася пустою i адзінокаму "цыклісту" ніхто не мяшаў прадаўжаць свой курс. Неўзабаве паказалася сярод зелені стужка рэчкі Лебяды, якая прывабна дыхнула свежым подыхам паветра. Цяжка было адмовіць папаўнення згубленай з потам вільгаці. Прыйшлося хутка спусціцца з моста, насалодзіцца крыштальна чыстай вадзіцай, быццам жыватворным эліксірам, i далей, у дарогу. За мною асталося ўжо Мажэйкава, вёскі Шпількі i Кіралі, дзе трэба было пераадолець узвышанасць, што каля смалярні ў лесе. Тут ужо адазвалася стомленасць. Падышоўшы пад горку, прыйшлося далей "педаляваць", аж да поўнай знямогі, што неўзабаве i наступіла. Сканаў цяжкі трывожны дзень, а наваколле ўсё яшчэ аставалася пустым. Выбраўшы побач шашы гусцейшы хмызняк, адвязаў я з рамы самаката скрутак, што называўся плашчом, з якога зрабіў пасцель, i прывязаўшы нагу да кола маёй машыны, вокамгненна, быццам зачараваны цудадзейнымі мелодыямі Арфея, адключыўся ад рэчаіснасці. Дрыжыкі паўзучага па кустах халоднага досвітку сігналізавалі надыход новага дня. Прабуджэнне было тым больш прыкрае, што з краіны забыцця раптоўна паставіла яно мяне перад кашмарнай рэчаіснасцю. На разважанні, аднак, не было часу. "Уцерабіўшыся", быццам пад прымусам, на свой самакат, трэба было прадаўжаць падарожжа.
Пасля гадзіны вандравання пачуўся гул матора з усходу. Неўзабаве на гарызонце паявіўся грузавы самаход, толькі невядома чый. Спроба затрымаць разагнаную машыну, на жаль, не прынесла поспеху i над наваколлем зноў запанавала трывожная цішыня. Пасля пяці-шасці гадзін язды стаў я даганяць фурманкі i чым далей, тым станавілася ix штораз больш. У рэшце рэшт паявіліся перад вачыма i мае наваградчане з валізкаю, якія ўжо згубілі надзею на спатканне. Гаспадар фурманкі звярнуў увагу на некалькіх хлопцаў у СБМаўскай форме, што падарожнічалі таксама фурманкаю i мелі дырэктывы ехаць у напрамку Ломжы на зборны пункт у якімсь фальварку над Нарвай, дзесь непадалёку Візны. Абоз цягнуўся вяла, дык людзі мелі магчымасць знаёміцца, радзіцца, умаўляцца. На месцы прыпынку мы не былі першымі. Распрэжаныя фурманкі, папутаныя на поплаве коні, рыхтуючыя або спажываючыя страву людзі, стваралі ўражанне грамаднага пікніка. Сабралася немалая група сяброў СБМ - пераважна кадры сярэдняга кіраўніцтва, што чакалі спадзяванага прадстаўніка кіраўнічага штаба Саюза, з якім кадры СБМ мелі накіравацца ў вядомы ўжо лагер у аўстрыйскіх Альпах, што каля мястэчка Шпіталь. У такіх абставінах сяброўскія сувязі завязваюцца хутка.
Спатканыя хлопцы, азнаёмленыя з сітуацыяй, пакарміўшы прышэльцаў, запрапанавалі начлег у якойсь клуні, пасля адпачынку на паветры. Раскошнае купанне ў рэчцы, увальненне ад дарожнага пылу сябе i вопраткі, якая пасля мыцця хутка абсушылася нагрэтым сонейкам павевам ветру - усё гэта разам разрадзіла ранейшае напружанне. На змену яму прыйшла магутная стома, над якой запанаваў збаўчы сон. Цяжка цяпер сказаць, як доўга ён уладаў свядомасцю падарожнікаў, утопленых у духмяным сене клуні. Падсвядомае адчуванне голаду i духата ад летніх сонечных праменняў наступнага ўжо дня, як па загаду, паднялі начлежнікаў. Мае наваградскія суседзі таксама ачунялі i падбадзёрваліся аб'яўленай ім мэтай падарожжа.
Апоўдні я выбраўся ў суправаджэнні трох спатканых сяброў у блізкае сяло абмяняць самакат на прадукты харчавання. Выбралі найпрыгажэйшую хату ў вёсцы, што мела сведчыць аб заможнасці гаспадара. Пачатковая насцярожанасць селяніна да незнаёмай яму нашай эсбээмаўскай уніформы ўступіла ветлівасці, калі пачуў наша прывітанне на польскай мове. Прытым змылілі яго праўдападобна i нашы бела-чырвона-белыя павязкі на рукавах, у якіх бачыў перад усім жаданыя ім белы i чырвоны колеры. Запрасіў нас прысесці на лаўцы каля хаты i павёў асцярожную гутарку аб нічым, пазбягаючы якіх-колечы пытанняў. Нашу прапанову абмяняць самакат на прадукты харчавання прыняў, абдзяліўшы нас шчодра i на дадатак загадаў дочкам прыгатовіць яешню, што замяніла нам абед. Цэлая сям'я запрасіла паўтарыць адведзіны, палічыўшы нас праўдападобна "сваімі", у чужой вопратцы дзеля маскіроўкі, але са "свойскімі" сімваламі. Адведзіны не паўтарыліся i "ідылія" над Нарваю таксама скончылася на наступны дзень. Грамадка моладзі, каля 15 асоб, грузавіком адвезеная на чыгунку, пагрузілася ў цягнік. Падарожжа ў Аўстрыю то чыгункаю, то грузавікамі заняло двое сутак. Альпы выклікалі нечакана цудоўнае ўражанне, тым больш, што для большасці з нас было гэта першае сутыкненне з горамі. Мінуўшы чысценькае мястэчка Шпіталь, неўзабаве ў даліне Мальта паказаўся на чырвонай мачце бела-чырвона-белы сцяг, прывітаны воплескамі пасажыраў грузавіка. Якаясь дзяўчына заінтанавала, а за ёю цэлая грамада падхапіла дружна песню "Беларусь, наша Маці-Краіна". На наша прывітанне з баракаў невялічкага лагера высыпаліся, як пчолы, усе, хто жыў i загудзела як каля вулея. Сардэчныя прывітанні ўсіх з усімі, лавіна пытанняў i хаатычных інфармацыяў. Пагудзела сабе так грамада нешта з паўгадзіны, ажно адказны за парадак юнак у форме звязовага прыпыніў гоман i заняўся пасяленнем новапрыбыўшых.
Лагер меў характар зборнага пункта кадраў СБМ, пачаўшы ад грамадовых канчаючы на правадніках. Парадак дня - тыпова скаўцкі - пачатак ад падняцця сцяга на мачту, заканчэнне - апушчэннем сцяга. Кожная цырымонія суправаджалася патрыятычнаю песняй "Беларусь, наша Маці-Краіна", "Пагоня" ці "У гушчарах" i інш. Адмысловай праграмы заняткаў (апрача парадкавых) не было, што давала магчымасць турыстычным выхадам у горы. Незалежна ад эйфарычнага ўздыму, выкліканага момантамі прывітання папаўняючых грамаду сяброў, наогул у атмасферы лагера адчуваўся настрой настальгіі i трывогі перад невядомым будучым.
Наступны этап падарожжа ў канцы ліпеня 1944 г. з Мальты ў Берлін прыбліжаў сяброў СБМ да прадаўжэння ix працы ў новых нялёгкіх абставінах.
Праца ў лагерах Нямеччыны
У Шпандаў-Вэст на акраінах Берліна лагер моладзі згуртаваў значную колькасць функцыянераў СБМ. Кіраўнік лагера штандаровы Дзмітры Стэльмах, даючы волю сваім вайсковым упадабанням былога капітана, знаходзіў задавальненне са сваімі падуладнымі ў вайсковай муштры, што выдатна памагала ўтрымаць лад i дысцыпліну. Ніхто, на добрую справу, не ведаў, што яго чакае ў найбліжэйшым часе. Шэф-праваднік Міхась Ганько тым часам праўдападобна "таргаваўся" ў Остміністэрыюм, стараючыся асягнуць магчыма найбольшы ўплыў кіраўніцтва СБМ на апеку над моладдзю, вывезеную на прымусовую працу ў Нямеччыну, ды ахапіць гэтай апекай магчыма ўсю беларускую моладзь, усе дзеці, сітуацыя якіх была незайздросная. У другой палове жніўня пачаліся камандзіроўкі ў працоўныя лагеры. У першую чаргу кіравалі дзяўчат у лагеры з дзяцьмі ў Саксонію, дзе неабходная была цёплая матчыная апека над няшчаснымі. Хлапчукі ў тых жа лагерах атрымалі апеку кіраўнікоў СБМ.
СБМ стараўся агарнуць усю беларускую моладзь у Нямеччыне i зрабіць усё магчымае для аблягчэння яе лёсу ды духовага збліжэння да ўсяго, што роднае: да мовы, культуры, пазнання гісторыі i геаграфіі Краіны.
Я атрымаў назначэнне ў горад Кёльн, дзе ў тэхнічнай арганізацыі ОТ (Арганізацыя Тодт) знаходзілася больш сарака беларускіх хлопцаў, як дапаможная сіла нямецкім i галандскім гарнякам. Лarep, хаця быў у зоне безупынных альянцкіх налётаў, аднак распаложаны на акраіне горада ў старой напалеонаўскай крэпасці, быў у нейкай ступені бяспечны. Начальнік лагера прыняў мяне, мякка кажучы, без энтузіязму, але гарнякі, як пазней аказалася, усе без выключэння праціўнікі гітлерызму, праявілі выразную зычлівасць i падказвалі, дзе чаго дабівацца для хлопцаў.
Першае, што ўдалося, гэта атрыманне "выхадной" вопраткі апрача рабочых камбінезонаў i зраўнанне ў харчаванні з гарнякамі ў супольнай кухні. Удача тая прыдбала i мне карысці ў сэнсе аўтарытэту ў падапечных 16-20-гадовых хлопцаў. Праца цэлай экіпы была ненармаваная i небяспечная. Заданнем яе было ратаванне людзей, засыпаных грузам збамбардаваных дамоў у рэгіёне i выдабыванне пабітых. Налёты на Кёльн, Ахен, Мёнхенгладбах i іншыя акалічныя мясцовасці паўтараліся безупынна. Нашай задачай была акцыя, якая пачыналася падчас бамбардзіроўкі i працягвалася аж да ачьппчэння вызначанага ўчастка. Праца адбывалася пад пагрозай безупыннай небяспекі ад бамбардзіроўкі, завалу руін, у якіх праходзіла праца, пакалечання людзей ці трупаў у развалінах будынкаў, абвінавачання ў сабатажы i т.п. Паводле прынятых прынцыпаў можна было з'есці прадукты, знойдзеныя ў падвалах, але толькі на месцы. Вынас чаго-небудзь з месца акцыі пагражаў смерцю, што адносілася i да немцаў, i да чужеземных работнікаў. Аднойчы на паліцыю быў складзены данос, што два нашы хлопцы з Гродзеншчыны Ясюк i Стась (прозвішчаў не помню) падарылі дзяўчатам кожны па адным пярсцёнку. Хлопцаў арыштавалі пад закідам, што пярсцёнкі вынеслі з месца акцыі. Праўдападобна так i было, але трэба было ратаваць "кавалераў". Нашы запэўненні паліцэйскім, што яны мелі гэта з дому, толькі раздражнілі гестапаўцаў. Кіраўніком нашай брыгады быў вельмі людскі немец, які ненавідзеў гітлераўскага рэжыму. На нашу вельмі гарачую просьбу пайшоў у гестапа яшчэ з двума гарнякамі i якімсь цудам адваяваў хлопцаў. Ад уздячнасці за інтэрвенцыю я перастаў яму надаядаць намаганнем унармаваць час працы, што ў тых абставінах было i так немагчымым. Бывала, што адпачынак трымаў i пару дзён. Тады можна было распараджацца часам i выкарыстоўваць яго на свае заняткі. Узгадаваўчую працу прыйшлося пачынаць з нуля. Большасць хлопцаў паслугоўвалася роднай, беларускай мовай, але нацыянальная свядомасць амаль што адсутнічала. Разрознівалі яны два палітычныя полюсы: варожы, гэта Гітлер i процілеглы, гэта саветы з амерыканцамі, што супраць Гітлера. Гутарка пра якуюсь там незалежнасць была б для ix пустым гукам, але родныя песні спявалі ахвотна i між іншымі толькі што пазнаныя патрыятычнага характеру. З прыемнасцю слухалі літаратурныя апавяданні, цешыліся вершамі. Такім чынам вельмі паслядоўна i асцярожна можна было даходзіць да паважнейшых гутарак. Лепш аднак хлопцы гарнуліся да песняў у маршы, напрыклад, "У гушчарах", каб паказаць нямецкім супрацоўнікам, што i мы не гусі.
Позняй восенню 1944 г. перавезлі нас у пасёлак Лёйн над ракой Лян Вэцлярскага павета i групу хлопцаў закватаравалі ў якімсь клубе, іншых - у сялян. У тым часе Гітлер вырашыў пахаваць безупынна бамбардаваныя фабрыкі ў вырубаныя ў скалах тунелі. Нашай задачай стала падрыхтоўка месца на фабрыкі пад скаламі. Гарнякі ўзрывалі скалы ўнутры гор, а нашы хлопцы ладавалі друз на вагончыкі, якія выцягваліся на Паверхню электрычнымі агрэгатамі. Усе аднак былі перакананыя, што гэта Сізіфава праца i начальства не падганяла падуладных а нават па просьбе сялян звальняла хлопцаў да пільных сельскагаспадарчых прац, да якіх яны ахвотна гарнуліся. У пасёлку было нямала жыхароў навакольных мястэчак, якія паўцякалі ад паветраных налётаў. Тыя пераважна спрыялі гітлерызму i не аказвалі нам сімпатыі. Сяляне наадварот - вайна ім вельмі надаела i яўна наракалі на нацыстаў, што ўцягнулі Нямеччыну ў тую авантуру. Рабочы дзень нашых групаў трываў да 10 гадзін, але хлопцы вярталіся няўтомленыя, бо разам ca сваімі нямецкімі спецыялістамі, некантраляваныя, не спяшаліся. На заняткі аднак не аставалася часу ў восеньскія кароткія дні. Галоўнай турботай было зберагаць парадак i сяброўскія адносіны ў калектыве. Там, аднак, таксама не адбывалася без інцыдэнтаў. Хлопцы ўнадзіліся ў сабраныя на панадворку солтыса яблыкі, загатоўленыя на выцісканне соку. Выкідалі такую колькасць агрызкаў, што нехта звярнуў увагу i заявіў паліцэйскаму. Той паставіў закід, што я дапусціў да крадзяжу. Я абяцаў выясніць закід i папрасіў паліцэйскага, каб той стрымаўся з разглядам справы. Звярнуўся я да жанчыны, што была адказнай за гаспадарчыя справы пасялковай управы да часта наведвала майго гаспадара Франца Габэрлінга. Папрасіў я, каб яна пагутарыла з солтысам i паліцэйскім i заявіла, што дазволіла хлопцам набраць тых яблыкаў. Яна запэўніла мяне, што ўсё залагодзіць i зрабіла так, што цэлая наша грамада атрымала яшчэ афіцыйна даволі фруктаў. З сям'ёю Франца Габэрлінга я хутка ссябраваўся. Ён, як i іншыя сяляне, быў гарачым апазіцыянерам i любіў пагутарыць, хаця яго мясцовы дыялект вельмі розніўся ад літаратурнай мовы i цяжка было яго зразумець. Каб было смяшней, па яго просьбе я навучаў дома ix адаптаваную 9-гадовую дачушку апрача арыфметыкі i геаграфіі - нямецкай мове, бо яна, выхаваная на дыялекце, не разумела "гохдойч". Умовы жыцця ў Лёйне цэлай нашай групы былі ніштаватыя i не вымагалі з майго боку старанняў аб паляпшэнні, але i не стваралі магчымасцей заняткаў з хлопцамі. Тым часам у лістах ад сяброў з рабочых лагераў наплывалі весткі аб драматычных змаганнях за паляпшэнне бытавых абставін дзяцей i моладзі ды за дазвол i час на навучанне. Гэта ўсё выклікала ўва мне сіндром неспаўнення асноўнага абавязку i я пачаў дабівацца накіравання ў большее лагернае асяроддзе.
У студзені 1945 г. вызвалі мяне ў цэнтр падрыхтоўкі кадраў у Драйсіг Акер, як аказалася, на з'езд кіраўнічых кадраў СБМ. Не ўпэўнены ў сваім вяртанні ў Лёйн, я забраў з сабою ўсё неабходнае, а часіку свайго "дабра" - штандар i архіў Наваградскай акругі СБМ - пакінуў на перахаванне сям'і Габэрлінг. Вярнуцца ў Лёйн мне не давялося. Надарыўшаяся пасля дваццаці гадоў магчымасць пошукаў штандара i архіва не прынесла чаканага выніку. Па маёй просьбе заняўся гэтым сп. Юры Попка, жыхар заходняй Нямеччыны, калекцыянер беларускіх памятак i дакументаў. У лісце да мяне напісаў, што ані тае хаты, ані сям'і Габэрлінг у перабудаваным Лёйне не знайшоў.
Вышэйшае i сярэдняе кіраўніцтва СБМ на спатканні ў Драйсіг Акер на пераломе студзеня i лютага 1945 г. не скрывала свайго абурэння непрыхільнасцю лагерных адміністратараў да нашых апекуноў моладзі i дзяцей, да ix намаганняў палепшання бытавых умоў. У кулуарах вяліся гутаркі на тэму надыходзячай перамогі альянтаў i магчымасці наладжання кантактаў на той момант. Ніхто аднак не мог прадбачыць канкрэтнага сцэнарыя для паасобных асяродкаў.
Тут, у гутарцы з маімі сябрамі, пачынальнікамі арганізацыі выявілася, што дарога ix у СБМ была падобная да маёй. Інспіраваная аніматарамі незалежнасці i гэтага накірунку. З Драйсіг Акер я атрымаў, згодна з пажаданнем, накіраванне ў рабочы лагер пры фабрыцы Юнкерса ў Дэсаў. Падарожжа прадбачвалася цераз Берлін. Нехта з прысутных, даведаўшыся пра маё назначэнне, папрасіў перадаць прыяцелю невялічкую пасылку, праўдападобна з прадуктамі харчавання. Была нейк палова лютага 1945 г. Даехаўшы да Александэрпляц у цэнтры Берліна, загудзела раптам паветраная трывога, людзі навалам падаліся на станцыю метро, на магчыма найніжэйшы паверх пад зямлёю. Неўзабаве пачуўся гул цяжкіх самалётаў, а за ім з заходняга напрамку даходзіў грукат ад разрыву бомбаў. Узрывы пасля некалькіх хвілін на момант спыніліся, каб паўтарыцца штораз бліжэй i гучней, ажно аглушальныя трэскі i подмухі затрывожылі тую людскую масу, што, быццам анямелая, чакала на рашэнне лёсу: астацца праз хвіліну змятымі i засыпанымі ў той масавай магіле, ці выйсці на прастор пасля чаканай адмены трывогі. Грукат панёсся далей на ўсход ад цэнтра, а пасля пачуўся збаўчы працяглы гудок - канец налёту. Людзі раптам загаманілі i спакойна падаліся на паверхню. Горад выглядаў быццам толькі што пакінутае поле цяжкога бою - навокал пажары i разваліны. Вуліцы пазасыпаныя друзам, што перад гадзінаю быў яшчэ будынкамі. Раптам на тым могільніку горада паявіліся санітары, пажарнікі, на скрыжаваннях вуліц паліцэйскія інфарматары. Дзякуючы той беспрыкладнай арганізацыі мне ўдалося выпаўніць паручэнне і, дабраўшыся да вакзала, прадаўжаць падарожжа. Было вядома, што ў Дэсаў i ваколіцах знаходзіцца каля паўтары тысячы беларускіх дзяцей i падлеткаў ды адчуваецца недахоп апекі над імі. Кіраўнічыя кадры СБМ, у тым ліку былыя намесніцы галоўнай кіраўнічкі Вэра Катковіч з сястрою Анеляй дамагаліся дазволу на школьнае навучанне дзяцей i перажывалі вялікія цяжкасці. Кіраўніцтва лагера прымусова выселіла Анелю. У натоўпе людзей прыйшлося яе ўтрымоўваць нелегальна, а яна i так прадаўжала сваю місію маткавання дзецям, навучання мовы i асноўных прадметаў пачатковай школы ў групах. Памагалі ёй у гэтым іншыя сяброўкі i сябры. Гэта была сапраўды ахвярная праца. Дзяўчаты з кіраўнічага актыву апекаваліся перад усім дзяцьмі, стараліся аказаць ім як найбольш сэрца i ласкі, замяніць у якойсь ступені маткі. Кіраўнікі апекаваліся асабліва старэйшымі хлопцамі, праводзілі з імі заняткі i змагаліся за паляпшэнне бытавых варункаў. Маткаванне дзецям ды высілак кіраўнічых кадраў СБМ паступова матэрыялізаваўся ў пераменах умоў жыцця на лепшае. Унармаваўся час працы, дзеці сталі задбаныя, чыстыя, нядрэнна апранутыя, сарганізаваныя, перасталі быць безабаронай i безіменнай масай. Створана ім эмацыянальную лучнасць з культураю, з якой ix вырвалі, паспяховае навучанне, гутаркі на розныя тэмы i ўсведамленне пачуцця пашаны да роднай мовы, перакананне ў забеспячэнні ім абароны - усё гэта разам перамагло ix страх i безнадзейнасць, якія ix апанавалі на пачатку. Праца дзяцей у фабрыцы, што пры лагеры, была ў фізічным сэнсе лёгкая, але вымагала дакладнасці. Прадметам прадукцыі былі дробныя элементы для самалётаў. Поспехі падлеткаў у выкананні ix задання былі добрым аргументам за палягчэнне рэжыму i заспакаенне нашых дамаганняў бытавога характару, між імі i ўнармавання часу працы. Харчаванне ў агульналагернай кухні было разлічана толькі на вегетацыю. Скупыя порцыі няякаснага хлеба, час ад часу крыху бурачнага мармеладу, сурагат кавы, суп з бручкі на абед i якаясь худзенькая "гэмюза" (агародніна) заспакойвала пачуццё голаду на кароткі час i не стварала ўмоў для развіцця маладых арганізмаў. У такіх варунках паказалася мне жалю годным заканчэнне спажывання ежы дружным воклічам у групах "Мы смачна наеліся!" Цынічнае практыкаванне гэтых паводзін выясніў кіраўнік аддзела хлопцаў Шозда (імя не памятаю). Гэта быў спосаб на атрыманне дадатковай ежы ад кіраўніка кухні, які той дзіцячы вокліч лічыў сабе асалодай за лаянку, якой выслухоўваў ад рабочых, пазганяных з розных краін да прымусовай працы.
Можна падумаць, што адносіны юнацтва да працы i паводзіны ў сталовай гэта тыповыя для беларусаў метады прыстасавання. У тых абставінах, аднак, цяжка было б шукаць іншага спосабу на пражыццё. Старэйшыя хлопцы пад апекай аднаго з кіраўнікоў штодзённа пад якойсь выдуманай прычынай (то для хворых, то для іншай змены i т.п.) прыносілі ў барак цэбар ці два супу, бярэмя буханкаў хлеба, кацёл тае няшчаснае "гэмюзы" ці вядзерца мармеладу. Не абышлося без непаразуменняў. Нехта з лагернага нагляду звярнуў увагу на частыя вандраванні з тымі цэбрамі супу i пагражаў кіраўніку кухні пакараннем. Прыйшлося шукаць выхаду з сітуацыі. Тут зноў задзейнічалі вынікі працы. Кіраўнікі рабочых цэхаў, наогул прыхільныя дзецям, нейк ахвотна прынялі да ведама, што поспехі ix саміх залежаць ад турбот, каб ix падапечныя не цярпелі безупыннага голаду. Дзякуючы ix супольным з нашымі старанням, дадатковае харчаванне нейк залегалізавалася, а нават папоўнілася.
Выгнанне з горада Дэсаў
Прыбліжаўся канец вайны. Пашкоджаныя бомбамі фабрыкі сталі працаваць з перабоямі. Штораз больш часу прыйшлося праводзіць у лагерных бункерах. Нейк у канцы першай дэкады красавіка раніцай сонечнага веснавога дня цэлы лагер чужаземных рабочых, уключна з нашым аддзелам, акружылі жандары. Афіцэры ў лагерных аддзелах цераз мегафоны аб'явілі загад падрыхтавацца ўсім да выхаду з горада пад канвоем жандармерыі. За непадпарадкаванне загаду пагражала пакаранне расстрэлам. Можна было забраць з сабою пледы, пасцельную бялізну i неабходную вопратку ды які-колечы посуд для харчавання, колькі хто зможа несці. Каля поўдня сфармавалася калона ў некалькі кіламетраў, якая ў чарапашым тэмпе рушыла на ўсход. Мы рупліва стараліся ўтрымаць цэласць асяроддзя моладзі i дзяцей, забавязалі старэйшых апекавацца слабейшымі ды меншымі i так без панікі прадаўжалі сваё падарожжа ў невядомае. Раптам на небе паказалася некалькі знішчальных лёгкіх самалётаў з чырвонымі зоркамі на крылах. Калона спакойна пасоўвалася, аж адна ці дзве машыны завярнулі i пасеялі па калоне з кулямётаў. Людзі паразбягаліся з дарогі, іншыя пападалі, яшчэ іншых палажылі кулі "геройскіх" лётчыкаў, што выканалі яшчэ адзін круг над перапуджаным натоўпам гнаных людзей, спраўдзілі вынікі дакананага дзеля гульні злачынства i адляцелі. Мы пералічылі ў групах дзяцей i моладзь i пераканаліся, што ніхто з нашых не згінуў. Аднаго хлопчыка паранілі, але абышлося без бальніцы i пры дапамозе іншых, перавязаўшы рану, падаўся ён у далейшую дарогу з групай.
Пад вечар непадалёк гарадка Цэрбст сярод лесу калона затрымалася i неўзабаве наш канвой адлучыўся, пакінуўшы людзей уласнаму ix лесу. Вясна, на шчасце, абдарыла выгнанцаў пагодлівым цёплым надвор'ем. У лесе мужчыны перанялі ініцыятыву ў здабыванні ежы падходамі на вясковыя капцы з бульбаю за лесам ці пошукамі іншых крыніц, дзе можна пажывіцца. Атакі на капцы з бульбаю былі даволі рызыкоўнай акцыяй i рэалізацыя ix адбывалася падчас паветраных налётаў, калі вяскоўцы сядзелі ў сваіх падвалах, або пад прыкрыццём ночы. У вандраваннях па лесе нечакана трапілі мы з малою групаю хлопцаў на збудаванні вайсковай бальніцы, каля якіх прагульваліся дзве дзяўчыны ў белых халатах. Падышоўшы да ix, я даведаўся, што гэта фламандкі з Бельгіі, якія працуюць у бальніцы. Хлопцы, што былі са мною, пабачыўшы нашу ветлівую гутарку, таксама падышлі. Дзяўчаты, даведаўшыся пра нашу сітуацыю, рашылі памагчы прадуктамі харчавання. На пачатак прынеслі вядро рысавай кашы i ўмовіліся на наступнае спатканне.
Пераначаваўшы ў лесе, юнакі заняліся капаннем траншэяў, якія бераглі ад кулямётнага абстрэлу з самалётаў, a начамі - ад холаду i расы. Памаглі ім у гэтай працы жаўнеры, якія, акапаўшыся на акраіне лесу, чакалі праціўніка. Фламандкі нашы аказаліся вельмі руплівымі, але ix дапамога для нашай, большай за дзвесце чалавек групы падапечных мела сімвалічнае значэнне. Тым часам з кожным днём голад дапякаў штораз больш. Намаганне помачы ад вёскі не прынясло чаканага выніку. У лесе апрача нас качавала пару тысяч людзей. Чутныя з усходу водгукі фронту не прыбліжаліся, затое самалёты надаядалі бесперапынна. Суседства паўгалоднага войска таксама не аблягчала нашу сітуацыю. Магчымасці здабывання прадуктаў харчавання дзецям фактычна вычарпаліся, a сілы паступова чэзлі. Параіўшыся, дайшлі мы да вываду, што няма іншай магчымасці, як толькі дамагацца дазволу вяртання ў лагер. Шанс на гэта быў малапраўдападобны з увагі на пагрозу пакарання смерцю кожнага, хто асмеліцца вярнуцца, а па-другое, вяртанне цераз франтавую зону было рызыкоўнае. У такой сітуацыі кіраўнікі вырашылі кінуць між сабою жэрабя, каму прыпадзе тая місія. Лёс выканання задання выпаў на мяне. Хлопцы, праўдападобна ад жаўнераў, вычаравалі камбінезон i каску пажарніка як маскіроўку, што мела запабегчы затрыманню мяне франтавымі войскамі. Дарога аказалася спакойнаю быццам перад бураю i да граніцы горада Дэсаў удалося дабрацца без асаблівых перашкод, але мінуўшы мост на рацэ Эльбе пачаўся артылерыйскі абстрэл акраін i мост быў зараз разбіты, што паставіла пад пагрозай магчымасць майго вяртання да групы.
У лагеры было ўжо крыху людзей, якія скрываліся па розных закамарках, няпэўных сваёй долі. Зона артылерыйскага абстрэлу прыбліжалася i людзі пачалі сходзіцца ў бамбасховішча. Ноччу над лагерам паявіліся самалёты i скінулі некалькі бомб на фабрыку, але дасталася i лагеру. У пашкоджаным бамбасховішчы некалькі асоб параніла асколкамі. Раніцай цераз лагер сталі прабягаць нямецкія жаўнеры, a неўзабаве паявіліся танкі з белымі зоркамі, з-за якіх высыпаліся чорныя ваякі i з аўтаматычнай зброі сталі абстрэльваць усю тэрыторыю, па якой вольна крочылі, быццам сейбіты смяротнага насення. Супраціву ніхто ім не аказваў, а яны, шпацыруючы хісткім крокам, пасоўваліся ў горад.
Канец СБМ - пачатак новых турбот
Сувязь з пакінутымі ў лесе сябрамі парвалася канчаткова, што i вызначыла канец майго дзеяння ў СБМ. Пасля доўгіх гадоў Вэра Катковіч расказвае: "Ноч пасля твайго адыходу была вельмі трывожная. Паяўлялася штораз больш войска, якое займала баявыя пазіцыі. Стала ясным прыбліжэнне фронту з кожнаю гадзінаю. Рана, за іншымі людзьмі, падаліся i мы ў паваротную дарогу ў напрамку Дэсаў, куды аднак дабрацца не было нам суджана. Над рэчкай Мульдай (прыток Эльбы) затрымалі нас амерыканскія жаўнеры, a неўзабаве наступілі ўсходнія саюзнікі. Пераход у абшар дзеяння амерыканскай арміі быў забаронены пад пагрозай расстрэлу. Дзяцей перанялі ад нас расіяне. Гэта было драматычнае расстанне, аб чым апісала мая сястрыца Анеля ў сваіх успамінах. Пасля шматлікіх прыгод мы з Анеляй навязалі сувязь з польскай вайсковай місіяй у Берліне i там нейкі час працавалі".
Так прыблізна кончылі i іншыя згуртаванні СБМ - без цырымоніі, без фанфараў, пад напорам сілы. Адсюль арганізаваныя кіраўнічыя кадры моладзі ў змаганні за яе ідэалы, пад сцягам СБМ, рассыпаліся, але не счэзлі. Яны раздробніліся на адзінокія змаганні кожнага з уласным, пераважна драматычным, а падчас i трагічным, лёсам, вызначаным часценька прыпадкамі ці сплётам зусім нечаканых абставін пераходнага часу. Найцяжэйшым выпрабаванням лёсу падвяргнулася асноўная шматлікая колькасць сяброў, загнаных у гулаг. Частка з ix загінула з рук жывадзёраў НКУС, іншыя сталі інвалідамі, дзе-якім удалося вытрымаць i арганізаваць жыццё занава.
Тыя, якіх не дасягнулі шчупальцы сталінскага "спрута", разбегліся па свеце, ды дзе яны толькі не апынуліся! Перажыўшы матэрыяльныя цяжкасці, ніхто, аднак, з ix не звіхнуўся i цяпер адгукваюцца з кожнага кантынента, хто сам яшчэ жывы, хто голасам сваіх дзяцей ці ўнукаў. Не месца тут на растрасанне лёсаў - кожнага паасобку. Аднак, ці сапраўды можна звузіць праблему да барацьбы толькі з уласным лёсам кожнага з успамянутых? Думаю, што ўсё-такі пярэчаць гэтаму тэзісу адроджаныя, як Фенікс з попелу, арганізацыі між іншым скаўцкія i беларускія школы на выгнанні, не гаворачы ўжо пра грамадскія i іншыя палітычныя арганізацыі выгнанцаў, гісторыя якіх i значэнне сёння ўжо дастаткова вядомыя.
Маўчыць усё яшчэ гісторыя нацыянальна-адраджэнскага пасляваеннага руху моладзі ў краіне, закаваная ў архівальных пратаколах доследаў тых нешчасліўцаў, якія сарганізаваўшыся, не ўсцерагліся ад папаўнення нявольнічых калон гулага. Паявілася там ix нямала з розных, пераважна школьных, арганізацый i з розных мясцовасцей. Ці гісторыя ў сілах высветліць канкрэтнае гэта з'явішча, наколькі яно было наступствам дзейнасці СБМ - цяжка вырашыць. Разважаючы гэту праблему, нельга не вярнуцца на момант у Наваградак, каб прыгледзецца якраз канкрэтнаму прыкладу волі барацьбы групы былых юнакоў, пра якіх асвядоміў мяне адзін з ix - Кастусь Рамановіч - удзельнік арганізацыйнага камітэта Саюза вызвалення Беларусі ў Наваградку ў 1946/47 гадах.
Навуковец-юрыст I. Енка ў артыкуле п.з. "Злачынцы ці героі?" ("Пагоня", 11-26 верасня 1992 г.) сцвярджае на аснове следчых матэрыялаў, што ў 1947 го дзе група з васемнаццаці маладых хлопца ў заснавала ў Наваградку арганізацыю "Саюз вызвалення Беларусі". Мэтай яе было стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы шляхам актыўнай барацьбы з савецкай уладай. Арганізатарамі яе былі: Г. Казак, К. Рамановіч, А. Усёкевіч, М. Кожыч, С. Пярловіч. Усе яны былі суджаны на 10-25 гадоў зняволення ў гулагу. Да сённяшніх дзён, у незалежнай быццам беларускай дзяржаве, Гродзенскі абласны суд мае адзін адказ на ix ці ix сем'яў дамаганні рэабілітацыі: "вінаватыя таму, што здзейснілі дзяржаўнае злачынства". У аналізе справы аўтар артыкула даходзіць да вывадаў, што галоўнай прычынай так жорсткіх пакаранняў у параўнанні з фактычным дзеяннем было тое, што моладзь уяўляла сабой мясцовую беларускую інтэлігенцыю, якую ў сталінскія часы папросту знішчалі. Уважае, што рашэнні суда маюць i далей асаблівую палітычную афарбоўку, апіраючыся на пануючыя ўсё яшчэ ў судовых асяроддзях савецкія ідэалагічныя догмы. Заўважае прытым, што следствы i суд над хлопцамі спрацавалі па раней падгатоўленай схеме. Сярод прозвішчаў следчых, пракурораў i суддзяў не было ніводнага беларускага, ды дадае: "ix дзеці i ўнукі сёння таксама любяць пакіраваць".
Вернемся, аднак, думкамі ў пераможаны Дэсаў. Лагер паступова напаўняўся людзьмі - чужаземцамі розных нацыянальнасцей з розных краін, якія стараліся гуртавацца, у асноўным, паводле грамадзянства. Часткова прыбывалі былыя жыхары лагера - працаўнікі фабрыкі Юнкерса, якім удалося зберагчыся ад выгнання з Дэсаў паліцыяй, ці якімсь цудам вярнуцца з тае эвакуацыі. У большасці паяўляліся, аднак, зусім іншыя асобы, дасюль небачаныя сярод рабочых Юнкерса. Былі гэта прышэльцы з іншых працоўных прадпрыемстваў, сельскія працаўнікі, a ў асноўным палонныя чырвонаармейцы. Яны хутка змантавалі свой моцны энклаў, які стараўся накінуць стыль жыцця i паводзін другім.
Не без уплыву на ix паводзіны былі штораз часцейшыя адведзіны лагера савецкімі вайсковымі "місіянерамі" (прадстаўнікамі "рэпатрыяцыйнай місіі"), якія выклікалі эйфарыю хуткага вяртання на "родину". Несвядомыя былыя ваякі прадбачанага ім - як здраднікам - праўдзівага лёсу, маніфеставалі свой уздым радасці, не пазбаўлены элементу агрэсіі ў адносінах да карэнных жыхароў горада i ваколіц. Зразумела, што непрыстойна было б вяртацца "на родину - победительницу" з пустымі рукамі, а нейкага забеспячэння былых зняволеных спадзявацца было таксама нельга. Мае пошукі каго-колечы з бліжэйшых знаёмых беларусаў аказаліся дарэмнымі. Абазначала гэта, што нікому з сяброў перабрацца з лесу ў Дэсаў не ўдалося. Адзін з кіраўнікоў дэсаўскай групы СБМ - звязовы Шозда, які паявіўся ў лагеры падчас наступлення амерыканскай арміі, неўзабаве счэз не пакінуўшы ніякай весткі. (У лесе сярод эвакуіраваных з Дэсаў нямецкай паліцыяй дзяцей i кіраўнікоў раней я яго не спаткаў). У 1957 годзе спамянуты раней мой дзядзька Шурка - той солтыс перыяду ўсіх трох акупацыяў - перадаў мне вестку, што зняволенне ў гулагу, дзесь у ваколіцы Беламорканала, адбываў ён з маім сябрам Шоздам. У асяроддзі савецкіх грамадзян апынуліся два былыя мае падапечныя са Случчыны, якія адведвалі мяне амаль кожны дзень i ўспамагалі кансервамі i другімі прадуктамі харчавання проста з амерыканскіх рэсурсаў. Аднойчы прывалаклі мне цэлы камплект вопраткі з абуткам. Усё новенькае "з-пад іголкі". На маё абурэнне i закід, што рэчы праўдападобна паходзяць з рабунку i на адмову ix прыняцця, запэўнілі мяне, што тавар атрымалі з нейкага магазіна за дазволам амерыканскіх чорных жаўнераў ці нават ад ix саміх. Найбольш забаўным было тое, што ў новых абставінах яны пачуліся маімі апекунамі i павучалі, што час пераапрануцца з уніформы СБМ, бо інакш не пражывеш. Перапыніўшы мой далейшы маналог, пакінулі тыя рэчы і, развітаўшыся ціха прывычным клічам "Жыве Беларусь", пабеглі. З захавання хлопцаў я зрабіў вывад, што на маю тэму, былога кіраўніка СБМ, была якаясь гутарка ў ix новым асяроддзі. Нямала было там вядомых мне савецкіх хлопцаў, з якімі ўвесь час жылі мы дружна i ўзаемна ўспамагаліся. Яны бачылі i цанілі нашу апеку над дзетварою i час ад часу садзейнічалі з намі. Я быў упэўнены, што i ў новых абставінах ніякага свінства мне не прычыняць. Тым часам амерыканская ваенная камендатура сарганізавала адміністрацыю лагера, забяспечыла прадуктамі харчавання i рэактывавала дзейнасць сталовай. У лагеры быў уведзены каменданцкі час i ўстаноўлена вайсковая ахова. Жыхары заходніх краін паступова сталі раз'язджацца дамоў пасля аб'яўлення заканчэння вайны.
Грамадзяне Румыніі, Польшчы, Чэхаславакіі, Угоршчыны i Югаславіі, a ў тым ліку праўдападобна i частка савецкіх падданых выразна, рознымі спосабамі сепарыраваліся ад савецка-остаўскага асяроддзя i былых палонных чырвонаармейцаў (знак "OST" насілі на вопратцы дэпартаваныя з акупаванай немцамі тэрыторыі СССР). Я асабіста пасяліўся на прыватнай кватэры ў старэнькага нямецкага сужонства - пенсіянераў. Мае хлопчыкі i там высачылі мяне ды падкідалі час ад часу свіную тушонку i іншыя кансервы, пакідаючы тую здабычу маім гаспадарам, пераважна падчас абеду ў лагернай сталовай, значыць, падчас маёй адсутнасці на кватэры. Аднойчы "прыперлі" яны галадаючым старэчам мяшок мукі i нейкага зерня ды пакінулі ўсё бездапаможным, разам з каляскаю. Перапалоханыя весткамі аб грабяжах немцы не маглі зразумець зусім іншых паводзін тых хлапчукоў ды ix менталітэту - нейкіх нечуваных ім нават з назвы беларусаў.
У чэрвені, быццам маланкаю, разнеслася вестка, што амерыканцы перадаюць Дэсаў у акупацыю савецкай арміі. У лагеры паявіліся вайсковыя місіі: французская i амерыканская, якія мелі заданне правесці рэгістрацыю перасяленцаў у ix акупацыйныя зоны. Я, кіруючыся сваімі ведамі французскай мовы i сякою-такою магчымасцю слоўнай канверсацыі з французамі, вырашыў дабівацца выезду ў французскую зону. Місію французаў узначальваў невысокага росту, гадоў пад сорак, крыклівы сяржант, як пасля аказалася, задзёрысты камуніст. Кожнага, хто стараўся пазбегчы кантакту з савецкай акупацыйнай уладай, лічыў патэнцыяльным ворагам i так адносіўся да сваіх наведвальнікаў. Мяне, як i іншых маладых хлопцаў, пасля доўгіх допытаў абвінаваціў у праўдападабенстве службы ў нямецкіх вайсковых ці эсэсаўскіх фарміраваннях, прагнаў i пагражаў арыштам, калі толькі знойдзе хвіліну вольнага часу. Дзяўчат, у прынцыпе ўсіх, лічыў нямецкімі наложніцамі. Стала ясным, што незалежна ад афіцыйнага загаду, кіраваўся ён мэтай максімальнага абмежавання наплыву зацікаўленых у французскую зону акупацыі.
У лагеры апынулася некалькі палякаў, якія ведалі мяне з працы ў СБМ з перыяду апекі над дзяцьмі. Адносіны між намі былі заўсёды карэктныя, a бліжэйшыя кантакты i сімпатыя завязаліся ад якогась інцыдэнту ў фабрыцы незадоўга перад наступленнем альянтаў. У цэху, побач польскіх дзяўчат, працавалі нашы хлопцы. Полькі сарганізавалі нейкую малую дыверсію, якая перапыніла працу. Гэта заўважылі хлопцы i адзін з ix (імя не памятаю), віцябчанін, расказаў мне гэта як сенсацыю. Я яму параіў, каб лепш забыўся пра тое, але кіраўніцтва цэха не забылася бараніць сваю скуру i паведаміла паліцыю.
Да выстраеных у адзін рад дзяўчат паклікалі майго віцябчаніна ды яшчэ двух або трох хлопцаў i мяне. Афіцэр загадаў, каб я папярэдзіў хлопцаў гаварыць праўду, адказваючы на яго пытанні. Цяпер цяжка прыпомніць дакладна мае словы скіраваныя да хлопцаў. Памятаю, аднак, што ідэяй думкі было звярнуць увагу, што ix добрыя поспехі ў працы вымагаюць зразумелай пільнасці i яны павінны пацвердзіць толькі тое, што напэўна бачылі i напэўна ведаюць, бо ад гэтага залежыць жыццё іншых. Віцябчанін зарэагаваў коратка, але рашуча: "Мы ж не дурныя i не можам нічога выдумоўваць". У рэшце-рэшт дзяўчат не абвінавацілі, a такія здарэнні хутка не забываюцца.
Інцыдэнт з французам быў нагодай дня польскіх сяброў праявіць у адносінах да мяне, беларуса ў клапатлівай сітуацыі, належную, у ix перакананні, галантнасць.
Тым часам у лагеры паяўлялася штораз больш савецкіх мундзіраў розных вайсковых фарміраванняў. Разнесліся чуткі, што незалежна ад колеру пагонаў, шапачных вобадкаў ці нават самой уніформы, вопратка ix выпаўняла ролю маскіроўкі малойчыкаў з вядомага ў тым часе i паўсюдна на зямлі прысутнага "прадпрыемства смерці" - СМЕРШ. Не было сакрэтам, што хаця абрэвіятура гэта фармальна абазначала "смерць шпіёнам", то абсяг дзеяння "фірмы" адпавядаў больш лозунгу "хто не з намі, той супраць нас, а хто супраць, той паблажлівасці не павінен спадзявацца". Лагерная атмасфера перамянялася з дня на дзень. Кіраваныя самазахаваўчым інстынктам чутныя дасюль славакі i чэхі быццам счэзлі з лагера. Харваты, якія пераважна дабравольна прыехалі на работу, каб падтрымаць барацьбу за "Новую Еўропу" ды змаганне (поруч вермахта) сваіх усташаў за незалежнасць Харватыі, таксама апынуліся за полем бачання. У лагерным сімбіёзе з імі, непрымірымыя дасюль сербы, якія пакінуўшы сваіх чэтнікаў, шукалі ў Нямеччыне сховішча перад навалам цітаўскага рэжыму альбо прымусова былі вывезены на работу, супольна шукалі выхаду з існуючай сітуацыі. Усе іншыя заходнія нацыі канчаткова развіталіся з Нямеччынай, ад'ехаўшы без перашкоду ў свае краіны. У лагеры асталіся такім чынам у асноўным палякі, а дакладней - польскія грамадзяне, i савецкія падданыя, а фактычна расіяне, бо "нацмены" "савецкага народа" таксама быццам бы растварыліся ў прасторы. Савецкія "місіянеры рэпатрыяцыі" праводзілі безупынную агітацыю. Красамоўна пераконвалі яны слухачоў, што зрэфармаваная радзіма чакае ix вяртання, падгатовіўшы дастатняе жыццё ў рэваншы за ix нягоды ў гітлераўскай няволі. Людзі, фактычна змораныя вайною i няволяй, жадалі пачуць падобныя заклінанні i ахвотна i некрытычна верылі той хлусні, перакананыя, што яны ні ў чым перад радзімаю невіноўныя. Нарастаючая, асабліва сярод палонных чырвонаармейцаў (а ix была большасць) атмасфера вяртання гранічыла з эйфарыяй.
За адзінкамі, якія тайком пакідалі лагер, рассылаліся пошукі. Гэта адбілася трывожным рэхам i на польскім грамадстве. Паколькі польская рэпатрыяцыйная місія не паяўлялася, круг больш актыўных людзей стварыў унутрылагерны самаўрад, які дамагаўся ў амерыканцаў чым хутчэйшай адпраўкі ў ix акупацыйную зону. На рашэнне амерыканскіх вайсковых улад чакаць доўга не прыйшлося.
Стварылася альтэрнатыва: падацца з палякамі на захад у амерыканскую акупацыйную зону альбо палезці на кручок савецкай прапаганды ды пагрузіцца ў "цялятнікі" (таварныя чыгуначныя вагоны) накіраваныя "на родину" (tertium non datur). Прыйшлося выбраць меншае зло - першую магчымасць.
Эвакуацыя наступіла даволі хутка i адбылася гвалтоўна, праўдападобна з прычыны намагання ўсходніх саюзнікаў перадачы ім дамоўленай тэрыторыі.
Набітыя бітком людзьмі цяжкія амерыканскія "студэбэкеры" даставілі выгнанцаў у напоўнены ўжо да паловы лагер каля гарадка Гёпінген. Агароджаная лагерная тэрыторыя, густая амерыканская вайсковая варта вакол агароджы, прымітыўныя санітарныя i наогул бытавыя ўмовы - усё разам зрабіла прыгнятаючае ўражанне, як аказалася - не без прычыны. Крымінагенныя паводзіны часткі ранейшых жыхароў таго "энклава" змусіла вайсковую адміністрацыю да ўзмацнення рэжыму, абмежавання выхаду з лагера толькі за пропускамі - цяжкімі да атрымання i т.д. Дзень за днём праходзілі ў безнадзейнасці i трывозе, выкліканай даволі частымі адведзінамі вайскоўцамі ўсходніх саюзнікаў. Мае заявы, кіраваныя ў адрас вайсковай адміністрацыі з просьбай дазволу выезду ў пошуках блізкіх мне асоб, былі вырашаны адмоўна.
У Польшчу
Неўзабаве надышла восень, а з ёю ліквідацыя лагера недастасаванага да зімовых умоў. Відаць лёсам былі прысуджаны тыя чыгуначныя "цялятнікі" накіраваныя на ўсход, але ў гэтым выпадку толькі да польскай мяжы з Чэхаславакіяй - да перасыльнага пункта Козле. Цягнік затрымаўся ў Козлі пры пероне загружаным людзьмі i ix "здабычнай" (чытай: нарабаванай) маёмасцю. Пасажырам нашага цягніка неахвотна ўступалі месца раней прыбыўшыя падарожныя. У меру разгружання цягніка ўзмагаліся праклёны, лаянка, a часамі i рукапрыкладства. Напружанне стомленых падарожжам i чаканнем пад голым небам людзей узмацнялі мaрудныя i непрыемныя допыты кожнага прыбыўшага функцыянерамі органаў бяспекі, пасля якіх толькі працаўнікі далегатуры Дзяржаўнай рэпатрыяцыйнай управы (Państwowy Urząd Repatriacyjny) - ГГУР афармлялі рэпатрыяцыйныя пасведчанні i білеты на праезд да жаданай чыгуначнай сганцыі.
Праніклівасць функцыянераў бяспекі не настройвала аптымістычна. Адзіным маім дакументам было пасведчанне лагернай адміністрацыі фабрыкі Юнкерса. Выдаваныя ў апошні год вайны такія пасведчанні заступалі раней ужываныя са знакамі "Р" ці "Ost", так што маё пасведчанне не выклікала падазрэння, a ўтомленасць майго даследчыка не заахвочвала яго да гутаркі. У часе падарожжа давялося падружыць з хлопцам з Познані, які вяртаўся, так як i я, без багажу, толькі з невялікім чамаданчыкам. Ветлівы пазнаняк, даведаўшыся пра мае паходжанне i немагчымасць вярнуцца на Бацькаўшчыну, запрасіў мяне дамоў на час пошуку якога прыпынку. Аформіўшы ў бюро ПУР адпаведныя дакументы, мы неўзабаве апынуліся ў прыгарадзе Познані, дзе жыла яго сям'я i дзе было поўна савецкага войска. Прывітала нас вельмі сардэчна яго старэйшая сястра, але даведаўшыся пра маю сітуацыю, раптам расплакалася, не скрываючы страху перад сачэннем савецкімі вайсковымі за кожнай хатай, кожным чалавекам, a асабліва за прыезджымі. Адносіны пераможцаў да мясцовых жыхароў прычынілі нямала бяды, здзеку над людзьмі i крыўды, вышаптала перапуджаная жанчын. У такіх абставінах прыйшлося зноў звярнуцца ў ПУР, які накіраваў мяне на перададзеныя Польшчы рашэннем Ялцінскай канферэнцыі землі па рэкі Одэр i Ныса, з якіх выгналі ранейшых жыхароў - немцаў. Такім чынам апынуўся я ў гарадку Рыпін-Любускі, дзе было нямала эвакуіраваных з Наваградчыны i самога Наваградка. Тут зноў перш-наперш кантакт з бюро ПУР. Прынялі мяне там ветліва, далі вольны пакой у суседстве, а пасля праведзенай са мною гутаркі кіраўнік ПУР запрапанаваў працу на пасадзе пасяленчага інспектара. Маім абавязкам мела быць арганізаванне пасялення рэпатрыянтам з Савецкага Саюза. Прапанову, зразумела, я прыняў, а перада мною былі два дні вольныя ад працы з выпадку ўгодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі. Даведаўшыся адрасы знаёмых наваградчан, пастанавіў я некаторых адведаць. Адносіны ўсіх спатканых вонкава былі карэктныя. Найбольш шчыра прыняла мяне сям'я Яна Палонскага, жонка якога Марыля - беларуска, жывучы побач школы ў Наваградку, утрымоўвала кантакты з моладдзю, чым прыцягала кліентаў свайму мужу - шавецкаму майстру. Яна i пераказала ўсе навіны з пасляваеннага Наваградка.
Першае зняволенне
Праца мая пачалася ў лістападавы цёплы дзень з камандзіроўкі да толькі што прыбылых перасяленцаў. У дарозе мінуў мяне самаход, але зараз затармазіў, а два яго пасажыры загадалі майму фурману затрымаць коней. Мяне ветліва папрасілі перасесціся ў машыну, якую завярнулі ў адваротным ад намеранага мною напрамку. Даязджаючы да Рыпіна павозка наша затрымалася на вуліцы, пры якой стаяў знаёмы з Наваградка электрык прозвішчам Ягадоўскі са сваім пляменнікам, якога прыпомніў я як шустрага i празмерна абавязковага дружыновага СБМ. На пытанне аднаго з маіх спадарожнікаў, які паказваў на мяне: "Чы то тэн?", абодва адказалі: "Так, то тэн". Было ўсё ясна. Моўчкі давезлі мяне ў горад Слубіцы (палова Франкфурта з польскага боку ракі Одор) і, не выясняючы ні слова, зачынілі ў падвале якойсьці камяніцы. На другі дзень раніцай паявіўся сяржант (пасля даведаўся я яго прозвішча - Аляксандр Пясэцкі), які прынёс мае старыя камашы i вопратку з маёй кватэры. Укінуўшы ў мой катух тыя лахмоцці, запрапанаваў "прадаць" яму за прадукты харчавання мой эсбээмаўскі мундзір, у які я быў апрануты, пашыты з зялёнага сукна, прыдзеленага раней сярэднім i вышэйшым кіраўнікам СБМ. Я без слова згадзіўся, хоць не верыў у яго прапанову рэваншу i не дадумоўваўся намеранай ім фактычнай расплаты, што выпадкова выясніцца крыху пазней. Таго ж дня вечарам два ўзброеныя жаўнеры завялі мяне на першы паверх, дзе я апынуўся ў даволі прасторным пакоі з адной толькі шафай, адным крэслам i пісьменным сталом, на якім сядзеў, растапырыўшы ногі ў ботах з халявамі, вярзіла з квадратнаю фізіяноміяй i пісталетам у руках, якія насілі савецкія афіцэры. Па пакоі прахаджваўся суб'ект у вайсковай (у адрозненні ад свайго кампаньёна) вопратцы з пагонамі паручніка i тварам інтэлігента, "узброены" ў вялікую тоўстую нагайку, якою раз-пораз хлястаў па халявах сваіх "афіцэрак". Па загаду "цывільнага" жаўнеры падвялі мяне ва ўпор да яго, ахутанага смуродам самагону, гнілога дыхання, a адзін з салдацікаў цвёрда, відаць прывычна, трымаў за каўнер маёй вопраткі. "Уладар" пачаў гутарку пытаннем, чаму я прабаваў уцячы з падвала. Пачуўшы маё запярэчанне, стаў мяне вызываць, акладаючы жалязякай пісталета дзе папала, у тым ліку i па твары, ды штораз чубам бота даваў мне выспяткі ў прамежнасць. Уючыся ад болю, падтрымоўваны за каўнер ваякамі, я стараўся перапосіць здзекі моўчкі, прадаўжаючы маё пярэчанне, бо ўцякаць не прабаваў i пытанне лічыў правакацыяй. Наступная серыя ўдараў i слоўных знявагаў выразна паслабіла ўражлівасць катаванага на страх i боль, а раз'юшанасць праследавацеля дайшла да зеніту. Упэўнішы мяне, што не ўцяку i згнію тут на месцы, змяніў тэму, задаўшы іншае пытанне: хто i з якой мэтай скіраваў мяне з амерыканскай зоны акупацыі ў Польшчу.
Не маючы адказу i на гэта пытанне, вызваліў я сваім пярэчаннем новую атаку фурыі жывадзёра, які стаў чаргова прымяняць усе прыдуманыя ім прыёмы мучэння. Паўтарыўшы дакладна пабоі, раптам згарнуў ляжачыя на стале паперы i фатаграфіі, забраныя з маёй кватэры. Крычаў, што ўсё ведае пра мяне і, назваўшы мяне засраным інтэлігентам, схапіў атэстат сталасці ды, змяўшы ў далоні, тыцкаў ім мне пад нос, загадваючы "zeżreć ten chamski świstek". Адвярнуўшы галаву ад яго кулака, пачуў я новыя ўдары ажно да страты прытомнасці. Ён, таксама непрытомны ад злосці, выкліканай маім супрацівам, парваў атэстат сталасці на кусочкі i выкінуў у смецце. Усе далейшыя яго садысцкія акты здзеку перасталі рабіць уражанне ў атупелай свядомасці яго ахвяры. Трыманне жаўнерамі ў пазіцыі галавою ўніз, ламанне пальцаў на ўсаджаных між імі прутах - усё стала раптам абыякавым. Не асягнуўшы жаданых адказаў, следчы нарэшце загадаў паставіць сваю ахвяру пад сцяну перад ім i аб'явіў рашэнне застрэліць, калі на прызнаюся да "сваёй віны". У тым моманце мая ўвага чамусьці сканцэнтравалася на афіцэры, які заўважальна нервова стаў крочыць па пакоі i на абодвух жаўнерах, якія не здолелі скрыць сваёй стомленасці. Падумаў я прытым, што страляць ён не захоча, каб не пабрудзіць памяшчэння. Гэта рэакцыя на яго пагрозу чамусьці запамяталася мне да сёння, як зусім нечаканая ў той драматычнай сітуацыі i незразумелая. Пагрозу прымянення зброі мой мучыцель аднак выпаўніў i аддаўшы тры выстралы над маёю галавою, аб'явіў перамену свайго рашэння. Загадаў жаўнерам прынесці лапату, якую сунуў мне, крыкнуў вывесці ў агарод, выкапаць яму i выканаць экзекуцыю. Жаўнеры павялі, падтрымоўваючы, асуджанага лесвіцай уніз і, праўдападобна прывучаныя да такой працэдуры, павярнулі ў падвал ды зачынілі ў каморцы побач той, у якой сядзеў я дасюль.
Паступовае памяншэнне напружання прыйшло на змену ранейшаму здранцвенню, якое чаргова ўступіла адчуццю ўсёабдымнага болю цэлага цела. Спроба сесці на збітых з дошак нарах спарадзіла нечакана пабольшанне цярпення. У такой сітуацыі найлягчэй аказалася стаяць, учапіўшыся нейкай выстаючай са сцяны падвала жалязякі. За сцяною маёй "кватэры" раздаваліся жарты i смех затрыманых за штосьці дзяўчат, якія правакавалі вартаўнікоў хмельным спевам з-за кратаў падвала: "chodź kochanie na je..." i т.д.
Цераз закратаванае ваконца маёй каморкі відаць было свет у вокнах акалічных дамоў i прасоўваючыяся час ад часу цені ix жыхароў. Усё гэта адводзіла думкі ад толькі што перажытага ды напамінала пра існуючае вакол у меру нармальнае жыццё, што ў маім тадышнім адчуцці здавалася мне асабіста чымсь абстрактным, чымсь, што мяне не датычыць.
Думкі гэтыя аднак не выклікалі ў свядомасці ніякага ўражання. Яны проста зусім незалежна пераплывалі адна за адною цераз збалелую галаву ажно да поўнага знемажэння, што змусіла вязня прылегчы на тых не прыладжаных да сябе дошках нараў. Пякучы пачаткова боль ад сутыкнення з цвёрдым лежывам паступова слабеў у меру спакойнага нерухомага ляжання. Са сну вырваў мяне грукат замка ў дзвярах каморкі. Спробу раптоўна падняцца з месца спыніў, аднак, востры боль, які змусіў застацца ў ранейшай пазіцыі цела. Прынесенае вартаўніком снеданне паказалася мне якойсьці недарэчнасцю, тым больш, што павыбіваныя то ў адзін, то ў другі бок сківіцы, хоць i ўдалося вярнуць у належнае ім месца, аднак не дазвалялі нат паварушыць ротам. Выцершы паступова запечаную кроў з твару, губаў i галавы, прыйшлося захаваць нерухомую пазіцыю знявечананага цела. Зактывізаваліся затое думкі, якія выпіралі адна другую, губляючыся ў здагадках фактычнай мэты мучэння мяне праследавацелямі, хто яны такія, як павесці сябе ў далейшых з імі кантактах ды чым усё гэта можа кончыцца.
Дзесьці пад поўдзень зноў заляскатаў замок i дзверы майго жылля адчыніліся насцеж, a ў ix паявіўся той паручнік - сведак допытаў - у суправаджэнні маладой цяжарнай жанчыны. Яны без слова прыглядаліся мне некалькі добрых хвілін, a я пільна сачыў за выяўленнем ix твараў i інтэнсіўна, але беспаспяхова шукаў у памяці падабенства да каго-небудзь са спатканых дасюль у жыцці людзей. У вачах аднак абоіх маіх "гасцей" удалося заўважыць хутчэй прыкметы спачування, чым нянавісці ці іншага адмоўнага пачуцця. Кім была тая цяжарная жанчына, так i асталося для мяне таямніцай, але яе адведзіны ды рэакцыя твару, выкліканая маім незайздросным выглядам, разбудзіла іскру надзеі, што ўсё-такі нехта пацікавіўся, кім на самой справе з'яўляецца той патурбаваны арыштант. Гэта думка крыху аблягчыла маю псіхічную траўму. Неўзабаве пасля ix адыходу прыйшоў узброены пасланец з абедам. Паставіўшы ежу каля неспажытага снедання, запрапанаваў прагулку для спаўнення фізіялагічных неабходнасцяў. На маю адмову (есці я не мог, a фізіялагічных патрэбаў не адчуваў) зарэагаваў увагаю, што мае "адчаянне" нікога тут не ўсхвалюе, а акт галадоўкі можа мне прыдаць лішняй бяды. Я i сам гэта добра разумеў i далёкі нат думкаю быў ад "хванабэрыяў" у тыпе галадоўкі, магчымых у цывілізаваным свеце.
Пасля трох-чатырох дзён мая фізічная кандыцыя паступова стала папраўляцца. Тыдняў тры ніхто мяне не непакоіў, а я губляўся ў здагадках, што яшчэ могуць прыдумаць мае "апекуны". Тым часам раны ад пабояў выгаіліся i ў рэшце рэшт вывелі мяне зноў на паверх у той самы пакой, дзе чакалі адно цырульнік i вартаўнік. Пабрыўшы маю бараду, далі магчымасць памыцца, а на досвітку наступнага дня загадалі хутка сабраць сваё "дабро" і, вывеўшы, пасадзілі ў знаёмы мне самаход між жаўнерам i згаданым раней сяржантам Аляксандрам Пясэцкім. За рулём самахода сядзеў вядомы ўжо паручнік, які ўзначальваў канвой, а каля яго яшчэ адзін вайсковец. За "нашым" самаходам стаяла з заведзеным маторам грузавая машына, з кузавам, прыкрытым брызентам, загружаная якімісь таварамі. Па загаду паручніка канвой падаўся ў падарожжа, як пасля аказалася, у Познань, з невялікай хуткасцю, дасягальнай прыстарэламу грузавіку. Неўзабаве дарогу перагарадзіў нам шлагбаўм, за якім стаялі ўзброеныя па зубы савецкія жаўнеры, а побач згуртаваная ваенная тэхніка, у тым ліку самаход, з кабіны якога выйшаў нам насустрач афіцэр. Запытаўшы, хто камандзір канвоя, зажадаў ад яго дакументаў усіх прысутных. Зідэнтыфікаваўшы дакументы з усімі апрача мяне, зажадаў прад'яўлення i майго пасведчання тоеснасці. Ніякія тлумачэнні паручніка аб загадзе сакрэтнага транспартавання вязня не прамаўлялі да пераканання саюзніка, які загадаў перадаць "шпіёна" ў яго распараджэнне ды прыказаў жаўнерам акружыць наш канвой. Паручнік папрасіў аднак яго на сакрэтную гутарку адзін на адзін, i сеўшы ў кабіну савецкага газіка, афіцэры доўга спрачаліся між сабою, пакуль польскі ваяка не пераканаў свайго суразмоўцу вядомым ім толькі абодвум аргументам. Такім чынам шлагбаўм перад намі падняўся i наш "караван" падаўся ў далейшае падарожжа. Адолеўшы пару дзесяткаў кіламетраў, зноў затрымка войскам пераможцаў i паўтарэнне працэдуры, амаль ідэнтычнай з папярэдняю, што прычыніла нямала трывогі, асабліва вязню. Перамогшы i гэту перашкоду i ад'ехаўшы ад яе, камандзір затрымаў свой самаход, які папхнуты лёгка грузавіком, кіраваным недасведчаным шафёрам, стаў каціцца ў адхон. Мне неяк удалося схапіць за ручны тормаз i затрымаць машыну на даволі стромым адхоне. Гэта зрабіла добрае ўражанне на афіцэры. Пасля кароткага адпачынку i пераадолення ў далейшым падарожжы яшчэ адной савецкай перашкоды, асенні кароткі дзень хіліўся да канца, а спадарожнікі штораз больш згадвалі пра магчымасць падсілкавання. Праязджаючы на змярканні цераз якоесь мястэчка, ваякі заўважылі карчму, што стала наступнай прычынай перапынку ў нашым вандраванні. Пакінуўшы кагось з грузавіка на варце, усе апошнія падаліся ў закусачную, ведучы i мяне з сабою.
У дастаткова прасторнай ізбе за сталом сядзела некалькі дзецюкоў, змагаючыхся з літровай пляшкай сівухі, ды выглядала на тое, што не з першай. Наша кампанія, пасадзіўшы мяне на лаве пад сцяною, заняла месцы пры стале побач i заказала таксама літроўку, цэлую гурбу каўбасы ды хлеба. Пасіліўшыся з большага, камандзір паднёс i мне паўшклянкі самагону i кусок каўбасы з хлебам. Адмовіцца ад такога пачастунку не хапіла сілы, тым больш, што i на думку не прыйшла магчымасць выклікання той ветлівасцю афіцэра вострага канфлікту. Падхмеленыя тубыльцы, даведаўшыся, што з'яўляюся вязнем, напалі на афіцэра за яго паблажанне фашысту ці мо нават шпіёну. Завязалася спрэчка, якая давяла да ўзаемнай пагрозы пісталетамі. Перамагла аднак прытомнасць галавы "obywatela porucznika" i пагоджаныя бакі канфлікту распілі на развітанне яшчэ адну бутэльку смярдзючага "эліксіру". Выйшаўшы на паветра, афіцэр загадаў усім заняць свае месцы i пакінуць вязня ў яго распараджэнне. Сам адвёў мяне ўбок i, прытвараючыся вельмі грозным, стаў дапытваць, што мяне злучае з сяржантам Пясэцкім. Я пачаткова сцвярджаў, што не разумею ў чым справа. Аднак мой суразмоўца патрабаваў шчырага адказу, аргументуючы свае дамаганні фактам прапановы Пясэцкага расстраляць мяне ў лесе падчас адпачынку пад зачэпкай уцёкаў у час адводу ў кусты для аддання мачы. Тады я палічыў мэтазгодным паведаміць паручніка аб інцыдэнце "вышабравання" Пясэцкім ад мяне вопраткі i абутку. Гэта інфармацыя выразна задаволіла яго i на маю просьбу паінфармаваць, ці ў Познані паўторыцца падобнае катаванне, як у яго пастарунку, цвёрда запярэчыў. Выясніў прытым, што адбылося гэта незалежна ад яго волі а нат супраць яе, а аплявуху я атрымаў між іншым памылкова за нейкага нямецкага жандара, які седзячы перада мной у той каморцы распілаваў краты, гатовіўшыся да ўцёкаў, за што прыйшлося расплаціцца мне. Дадаў, што атрымаў загад даставіць мяне ў "Wojewódzki Urząd Bezpieczeństwa" (у скарачэнні "УБ") у Познані. Пад'ехаўшы пад шлагбаўм таго "ужэнду", пакінуў мяне пад наглядам вартаўніка, а сам са сваімі падуладнымі (у тым ліку i з Пясэцкім) падаўся ў напрамку будынкаў установы. Я, несвядомы рэчаіснасці тадышняй Рэчы Паспалітай, спытаў жаўнера, што гэта за "ужонд", якога ён пільнуе. Той на маё пытанне адказаў таксама пытаннем: "A ty co, z choinki zerwał sia, nia wiesz co to NKWD?" Мне стала да канца ўсё балюча ясна, уключна з тым, што маю дачыненне з земляком. Прабуючы выкарыстаць гэты факт, стаў наракаць, што цераз непаразуменне мяне арыштавалі ў дарозе з Нямеччыны на нашу Віленшчыну. Прабуючы разбудзіць у хлопца пачуцці зямляцтва, падкінуў яму думку, што яго абавязкам пільнаваць шлагбаўм, а не чалавека, ды яшчэ земляка, калі яму прыйдзе адхіліцца на пару крокаў. Мая нечакана смелая (з-за недахопу часу) гутарка выразна перапалохала хлопца. Стаў ён раптам прытварацца рашучым ды заявіў, што зямляк ці не зямляк, але "krok w lewo, krok w prawo benda strzelać prosto w ciebie, bo ani myślą za jakiego szpiona na białe niedźwiedzie być wywiezionym". Гэта "сяброўская" гутарка можа яшчэ прадоўжылася б, каб не вярнуўся так хутка мой афіцэр з астрожнымі канваірамі, якія забралі мяне пад замок.
Нечаканая спагадлівасць
Раніцай яшчэ не ўспеў я пазнаёміцца ў камеры з вязнямі, як паявіўся канваір i завёў мяне ў бюро ў суседнім будынку на допыт. Функцыянер у цывільнай вопратцы, праўдападобна следчы суддзя (інстытут якога функцыяніраваў яшчэ ў пасляваенны час), аказаўся мужчынам з выгляду каля сарака гадоў. Агарнуўшы мяне зрокам з ног да галавы, запрапанаваў сесці, упэўніўся ў маёй тоеснасці i запытаў, за што мяне арыштавалі. Адказ мой быў стэрэатыпны, якія ён чуў ад вязняў праўдападобна штодзённа: "Не ведаю, бо я не зрабіў ніякага злачынства i ніякага абвінавачання мне не прад'явілі". Тады мой суразмоўца пераключыўся на канкрэты i спытаў, якой дзяржавы лічу сябе грамадзянінам ды чым я кіраваўся, уступаючы ў Саюз беларускай моладзі. Такіх пытанняў я спадзяваўся, разважыў у думках польскія традыцыі барацьбы за незалежнасць, неастыўшую нянавісць да акупантаў i пастанавіў рызыкнуць шчыры адказ - згодны з маім перакананнем. Назваў я сябе грамадзянінам Польшчы беларускай нацыянальнасці, а на работу ў СБМ быў накіраваны толькі што паўсталым у часе акупацыі рухам незалежнасці Беларусі. Міжвольная грымаса на твары следчага, што было прызнакам ні то паблажлівасці, ні то спачування маёй наіўнасці, паказалася мне аптымістычным прагнозам i ў гэтым я не памыліўся. На пытанне, якое заданне я атрымаў ад таго "незалежніцкага руху", я выясніў, што ў так кароткім часе дзеяння асноўным заданнем было замацаванне нацыянальнай свядомасці моладзі ды прысваенне ідэі незалежнасці, што мела зберагчы моладзь ад уплываў акупанта. Паспешна дадаў я, што ніякай іншай дзейнасці, якую можна было б залічыць да злачыннай, я не праводзіў.
Ён тым часам, пераглядаючы мой дэпазіт - якіесь фатаграфіі i праўдападобна пратакол ca Слубіц, не ўглыбляўся ў дэталі справы ды прыкліканых мною арганізацый i быццам не слухаў адказу на пытанне.
Пасля хвіліны маўчання ён заўважыў, што тэарэтычна можна згадзіцца з тым, што нельга караць "за пабожныя зычанні". Дадаў аднак, што я дзейнічаў на тэрыторыі савецкай дзяржавы i супраць дзяржаўным інтарэсам, а гэта ўжо мяняе сутнасць справы. Некалькі наступных пытанняў, не звязаных непасрэдна са справаю i непратакуліраванне адказаў сведчылі, у маім разуменні, аб незацікаўленні следчага праблемай, тым больш, што гутарка вялася спакойна i мела характар хутчэй дыскусіі чым следства.
У рэшце рэпгг, згарнуўшы тыя паперы са стала на маіх вачах, суразмоўца мой парваў ix i выкінуў у смецце. Вярнуў мне фатаграфіі, рэпатрыяцыйны дакумент i заявіў, што ён не мае асновы для арышту i пастанаўляе звольніць мяне. Я, збянтэжаны тою нечаканасцю i асмелены яўнай, у маім перакананні, добразычлівасцю чыноўніка, папрасіў яго рады, ці мне можна вярнуцца ў Рыпін. Ён, падумаўшы, параіў мне ў крайнім выпадку забраць з кватэры неабходныя рэчы i паехаць дзе-небудзь у іншае месца. Дадаў прытым, што мэтазгодным было б з'явіцца ў каменданта міліцыі, a калі з яго боку напаткаю якую непамыснасць, спаслацца мне трэба на капітана Казлоўскага. Званком выклікаў ён таго капітана, пазнаёміў нас, загадаў вывесці мяне на волю i заапекавацца ў выпадку неабходнасці.
Я, ашаломлены да рэшты такім зваротам справы, стараўся дастасавацца да дадзенай мне рады. Вярнуўшыся ў Рыпін, заглянуў на кватэру, давёў сябе да сякога-такога ладу i пераначаваў дома. Раніцай пастанавіў адведаць чыгуначны вакзал ды разглянуцца за шанцам выезду на захад. Пад параю стаяў пасажырскі цягнік без якой-колечы, як мне здавалася, аховы. Я ўскочыў у вагон, запоўнены нямецкімі палоннымі. Ідучы ўздоўж вагона, звярнуў я ўвагу на чатырох маладых хлопцаў, якія сядзелі на адной лаве. Не надумоўваючыся, спытаў, ці яны не памаглі б мне ўладзіцца між імі, каб пераехаць заходнюю граніцу. Хлопцы пераглянуліся між сабою, але ў тым моманце пачулася звонку гутарка двух мужчын, што якісь "цывіль" увайшоў у цягнік, дык хутка трэба праверыць. У такой сітуацыі асталася толькі адна магчымасць - выйсці з вагона на другі бок цягніка. Мне гэта ўдалося i, пралезшы цераз іншы, таварны цягнік, абышоў я станцыю i вярнуўся ў будынак вакзала, дзе трывога дзеля пошукаў "цывіля" была ўжо ў заўважальным разгары.
Расчараваны няўдачай, падаўся я да каменданта міліцыі даведацца, якая будзе яго рэакцыя на маё паяўленне. Той выслухаў мяне, загадаў міліцыянту сцерагчы, а сам пусціўся да выхаду. Я зразумеў складанасць сітуацыі i пастанавіў спаслацца на капітана Казлоўскага. Афіцэр, быццам апечаны, ускочыў назад у пакой i, зачыніўшы дзверы, зганіў мяне, што не папярэдзіў яго зразу. Параіў не вяртацца на кватэру i памог непрыкметна пакінуць камендатуру. Мінаючы рыначную плошчу, нечакана напаткаў я таго ж пана Ягадоўскага (канфідэнта), які гутарыў з двума савецкімі афіцэрамі. Для яго гэта спатканне таксама было нечаканасцю, ад якой не здолеў затаіць разгубленасці i на маё ветлівае прывітанне стараўся адказаць таксама прытворнай ветлівасцю. Мінуўшы майго праследавацеля, з рынку ўвайшоў я ў першы напатканы перавулак ды, прыбавіўшы кроку, мяняў, як мага, вулічкі, напрамкі i ўрэшце шчасліва асягнуў хату спомненага Яна Палонскага. Палонскія заканспіравалі мяне ў сваёй кватэры i выслалі ў разведку 10-гадовага сыночка Янку, які інфармаваў цераз кожныя дзве гадзіны аб руху савецкіх жаўнераў у ваколіцы маёй кватэры. Тым часам спадарыні Марылі (жонцы пана Палонскага) удалося паразумецца з маімі, пазнанымі перад арыштам, сябрамі з ПУРа, якія загадалі чакаць ix да вечара. (Імёны ix, на жаль, зацерліся ў памяці з прычыны зусім кароткіх нашых кантактаў.) На змярканні паявіўся адзін з ix з дзяўчынай (гадоў каля трыццаці), якая запрапанавала называць яе Тэрэсай i завяла мяне дамоў дзесь на акраіне мястэчка. Жыла яна з пажылой жанчынай, да якой трэба было звяртацца "цётка". Акцэнт у ix гутарцы здраджваў усходняе, праўдападобна віленскае, паходжанне, але на самым пачатку мы дамовіліся, што не будзем узаемна азнаямляць сябе аб справах мінулых i, наогул, асабістых. Пра мяне, разнеслася чутка па цэлым мястэчку i яны безумоўна арыентаваліся ў маёй сітуацыі ды прычынах, што на яе злажыліся. Факт гэты тым больш непакоіў мяне, a цішыня майго тайніка спрыяла аналізу перажытых прыгод. Не было сумнення, што лес паставіў мяне з аднаго боку барыкады з напатканымі добразычлівымі i дасканала сарганізаванымі людзьмі. Ясным было мне таксама, што яны ведалі, каму спрыялі i рабілі гэта не толькі па гуманітарных меркаваннях, рызыкуючы сваёю асабістай бяспечнасцю. Кім былі яны фактычна, да сёння асталося мне таямніцай. Зразумелым здавалася толькі тое, што былі гэта людзі дасведчаныя наступствамі савецкай цемры, з'яднаныя ў абароне супраць той пагрозы, ва ўмовах пасляваеннага адраджэння.
Жанчыны пратрымалі мяне дзён восем. На досвітку снежаньскай раніцы Тэрэса падвяла мяне палявой сцежкай у напрамку чыгуначнага прыпынку. Людзі падарожнічалі ў тым часе пераважна ў "цяплушках" таварных цягнікоў. Пашанцавала i мне папасці ў такі цягнік, які ўжо стаяў падрыхтаваны да адпраўкі на ўсход краіны цераз Варшаву. Вагон быў загружаны да паловы рознымі прадметамі бытавога назначэння. У другой яго палове стаяла нагрэтая да чырвані чыгунная печка, папулярна называемая казою. Абапал яе сядзелі i стаялі пасажыры, пераважна "шаброўнікі". Гэта былі жыхары пераважна цэнтральных раёнаў краіны, якія "шабравалі", інакш кажучы - рабавалі, рознае дабро з пакінутых немцамі дамоў ці гаспадарак на заходніх землях, якія называлі "Ziemie Odzyskane".
Я без плашча ці паліто i без багажу паказаўся маім спадарожнікам падазроным, дык прыйшлося тлумачыцца, што вяртаюся з Нямеччыны i шукаю нейкай працы i сям'і, якая магчыма эвакуіравалася з усходу. Цягнік валокся марудна, сабіраючы па дарозе таварныя вагоны, дык для пасажыраў было дастаткова часу, каб завесці знаёмства. Якісь дзядзька, які зарэкамендаваў сябе мясніком з горада Жэшаў, запрапанаваў мне працу i продаж яму наручнага гадзінніка, які заўважыў ён у мяне на руцэ ды палічыў яго праўдападобна залатым, бо быў з жоўтага металу. Я фактычна не меў канкрэтнай мэты падарожжа, але рашыў прыпыніцца ў Варшаве ды пашукаць знаёмых. Варшава зрабіла жудаснае ўражанне. Цэнтр горада дашчэнту знішчаны. Людзі перамяшчаліся па грамадных звалах разбітых да фундаментаў будынкаў знаёмых раней вуліц.
На адвячорку, шукаючы начлегу, даведаўся я ад жыхароў горада аб якімсь прытулку на вуліцы Навагрудскай. Суразмоўцы мае, ахопленыя псіхозам небяспекі з боку марадзёраў з арміі "вызваліцеляў", папярэдзілі аб пагражаючай небяспецы з ix боку на ахутаных цемрай вуліцах. Фактычна, вандруючы Навагрудскай вуліцай не напаткаў я жывой душы i з цяжкасцю знайшоў начлежны дом, які аказаўся запоўнены людзьмі да той ступені, што цяжка было знайсці месца, каб прысесці. Сырое халоднае надвор'е наступнай раніцы i дапякаючы голад не заахвочвалі да дзеяння. Самапачуццё паправіла крыху міска гарохавага супу, спажытага ў сталовай багадзельні "CARITAS", дзе дзіўным выпадкам спаткаў Юрку Бусько - знаёмага з Наваградка, удзельніка наваградскай групы на II Усебеларускім кангрэсе, а актуальна студэнта медыцыны. На дамоўленае спатканне ў горадзе Юрка не паявіўся. Усе іншыя мае спробы кантактаў з праваслаўнаю мітраполіяй, перапоўненай вандруючымі святарамі, ПУР, УНРРА (United Nations Relief and Rehabilitation - Арганізацыя Аб'яднаных Нацый для дапамогі i адбудовы) i іншымі акадэмічнымі ды рэпатрыяцыйнымі ўстановамі кончыліся няўдачна. Асабістых знаёмых, у маёй тадышняй сітуацыі, адведаць не асмеліўся. А слаблены ад голаду i холаду арганізм пазбавіўся імуналагічнай здольнасці перад інфекцыямі. Абстаноўка здавалася безнадзейнай, што прымусіла мяне пакарыстацца атрыманым ад сп. Яна Палонскага лістом да яго брата з горада Радам i паехаць туды. Той, малодшы, пан Палонскі, таксама шавецкі майстар, утрымоўваў жонку i двое дзяцей з дробных, сведчаных людзям паслуг. Сям'я яго ледзь звязвала канцы з канцамі, але прыняла мяне - прыблуду - ветліва.
У такіх абставінах прыйшлося мне прадаць гадзіннік - апошнюю рэч, якая прадстаўляла нейкую вартасць, каб не быць абузай для тых людзей, тым больш, што мае фізічныя недамаганні змусілі да некалькіх дзён адпачынку. Балючы нарыў на левай руцэ змусіў да хірургічнай інтэрвенцыі ў пункце Чырвонага Крыжа, а холад - да адведзін УНРРЫ, дзе далі мне якоесь асенняе цеснаватае паліто-кімано. У такой, быццам маскараднай, вопратцы, з падвязанаю рукою i цякучымі ўжо іншымі нарывамі, прыйшлося прадоўжыць маё падарожжа ў невядомае. Мяснік у Жэшаве, які дэклараваў мне працу, даведаўшыся аб продажы гадзінніка, наадрэз адказаўся прыняць маю прапанову любога занятку. Такім чынам аказаўся я зноў у тупіку, з якога не бачыў выхаду i стаў дапытвацца пра прытулак для рэпатрыянтаў. На вакзале чыгуначнікі параілі паехаць у гарадок Пшэворск, дзе каля чыгункі дзейнічаў такі рэпатрыяцыйны пункт.
Зноў ПУР
Неўзабаве надышоў цягнік i пад натоўпам падарожных я апынуўся ў цяплушцы. У часе падарожжа нечакана, з жахам сканстатаваў я, што кішэня, у якой былі ўсе мае асабістыя дакументы i рэшта грошай, атрыманых за гадзіннік, аказалася пустою. Дарэмныя былі пошукі на падлозе вагона i просьба звярнуць мне кашалёк, калі хто выпадкова знайшоў яго. Нехта з пасажыраў, даведаўшыся, што я - "нетутэйшы", асвядоміў, што дакументы лічацца тут каштоўнай здабычай, на якую палююць партызаны з УПА (Украінскай паўстанчай арміі) i польскага НЗС (падпольнай арганізацыі Narodowe Siły Zbrojne). Занепакоены тою інфармацыяй, на вакзале ў Пшэворску я заявіў аб інцыдэнце каменданту чыгуначнай міліцыі, які не скрываў складанасці сітуацыі i накіраваў мяне ў начлежны барак ПУР, што каля таварнай чыгуначнай рампы, дзе затрымоўваліся таварныя цягнікі з вугалем са шлёнскіх капальняў. Дзеля гэтага транспарту былі адмыслова дастасаваны чыгуначныя рэйкі да савецкіх вагонаў, якімі безупынна, эшалон за эшалонам, адпраўляўся вугаль у СССР.
У бараку прыняла мяне вельмі ветліва гаспадыня прытулку, дала паесці i запрапанавала ўладзіцца ў ізбе, прызначанай для начлежнікаў.
Памяшчэнне аказалася прасторным. У куце яго ляжала каля тоны вугалю, непадалёку ад якога стаяла распаленая чыгуначная печка, дагляданая пажылым чалавекам, які гаварыў на мешанай польска-ўкраінскай мове i называў сябе Пятроўскім. Іншыя начлежнікі ўжо спалі на кучках саломы, без пасцелі, прыкрытыя кожны сваёю вопраткай альбо якою дзяружкаю. Пачуўшы новага прышэльца, адзін з хлапцоў падарваўся з логава, наскубаў па крысе ад іншых саломы, разаслаў яе пад сцяною i запрапанаваў мне прылегчы. Прыкрыўшыся сваім "кімано", я маментальна паддаўся забыццю, але ненадоўга. Разбудзіла мяне мітусня сярод мужчын, якія апранутыя пабеглі з барака. Неўзабаве адзін за адным вярталіся янві з мяшкамі, напоўненымі вугалем, якім папоўнілі назапашаны ўжо раней у куце ізбы. Грукат высыпванага вугалю даносіўся i з суседняга памяшчэння барака. За некалькі хвілін цяжка засоп паравоз, які набраўшы з гідранта, што насупраць барака, вады, пастанавіў прадоўжыць сваё падарожжа на ўсход з цяжкім каштоўным чорным грузам. Кончыўшы спраўна сваю акцыю, хлопцы маментальна вярнуліся на свае логавы, каб на досвітку з новымі сіламі выгрузіць здабыты вугаль на падагнаныя пад барак сялянскія падводы. "Транзакцыі" гэтыя, якія былі таямніцай палішынеля, паўтараліся кожную ноч. Час ад часу спадарожнічалі тым акцыям вінтовачныя выстралы чыгуначных міліцыянтаў, - зразумела ў неба, скарэй дзеля паказухі перад якой-небудзь інспекцыяй, чым для пагрозы вугальшчыкам. Яны, наогул, карысталіся пашанай грамадзян, у тым ліку i міліцыі, за адвагу рабавання нарабаванага дужэйшымі ды за дабравольнае забяспечанне насельніцтва самым каларыйным вугалем - антрацытам.
Вугальным "прадпрымальнікам" залежала на папаўненні сіл i пасля некалькіх дзён, калі я пры дапамозе медыцынскай сястры сп. Зофіі Пільх крыху ачуняў з недамаганняў, запрапанавалі мне ўдзел у "прадпрыемстве". Адчуванні мае ў гэтай справе былі мешаныя. Я разумеў, што ні ў якім выпадку не магу папасці ў канфлікт з міліцыяй, з другога боку не было іншай магчымасці хутка запрацаваць на неабходныя абутак i вопратку. Хлопцы вызначылі мне лягчэйшую работу, як слабейшаму фізічна, але затое больш небяспечную. Маім заданнем было ўлезці на верх даволі высокага загружанага вагона перад самаю адправаю цягніка, калі яго абслуга была занята сваімі тэхнічнымі праблемамі, хутка наскідаць вугалю (глыбы яго былі даволі вялікія) i пакуль эшалон разгоніцца - выскачыць з яго. Хлопцы тым часам падбіралі скінугы вугаль у мяшкі i валаклі "на склад".
Набліжаліся Каляды 1945 года. Тым часам я здолеў сяк-так апрануцца за выручку з продажу чорнага, так у літаральным, як i переносным сэнсе, тавару.
На Куццю ўсе сужыцелі нашай кватэры паразбягаліся да мясцовых жыхароў, з якімі здолелі пазнаёміцца. Астаўся адзін Пятроўскі, які лічыўся ненармальным, i я. Мы вычысцілі i дакладна вымылі ізбу i сеўшы каля печкі прабавалі завесці гутарку аб нічым. Урэшце мой кампаньён таксама дзесь змыўся, а я астаўся ca сваімі цяжкімі думкамі. Гаспадыня, сп. Эспеншыдт, аглядаючы барак, зацікавілася маім адзіноцтвам, прыклікала сваіх сыноў i ўсе грамадою сталі мяне намаўляць з'есці сумесна вячэру. Гэта была для ўсіх нас сумная, рэфлексійная Куцця. Муж гаспадыні згінуў на вайне (супраць каго ваяваў - не было гутаркі), дваццацігадовая дачка Зося страціла нагу, выскачыўшы (паводле яе слоў) з таварнага вагона, баронячыся перад згвалтаваннем савецкімі жаўнерамі. Сыны - 17, 14 i 7 гадоў - былі школьнікамі. Сям'я гнездзілася ў маленькім пакойчыку i харчавалася прадуктамі з дараў УНРРА. Цэлы той рэпатрыяцыйны пункт утрымоўваўся з дараў УНРРА. ПУР меў у бараку сваё невялічкае бюро, медыцынскую абслугу, харчовы а пасля i прамысловы склад. Заданнем яго было прымаць i часова ўтрымоўваць рэпатрыянтаў, якія шукалі месца пасялення ў Польшчы, арганізаваць бясплатны транспарт перасяленцам у заходнія рэгіёны краіны, аказваць па меру магчымасці помач рэпатрыянтам, сведчыць медыцынскую i іншую дапамогу перасяленцам з усходу ў цягніках, якія затрымоўваліся на станцыі Пшэворск.
На новым этапе
Перад святам кіраўніцтва бюро запрасіла ўсіх жыхароў барака на ўрачысты абед у першы дзень Каляд, арганізаваны элітай Пшэворска. Мерапрыемства фінансавала найбагацейшая купчыха мястэчка пані Рольска, але арганізацыйны бок належаў да грамадскіх дзеячаў мясцовай інтэлігенцыі. У меру прадаўжання спажывання, у тым ліку i трункаў, множыліся прапановы i тосты, між іншымі кіраваныя ў адрас моладзі, якая мусіць пераносіць наступствы вайны i т.д. Паколькі мае сябры-вугальшчыкі, занятыя спажываннем божых дароў не здраджвалі зацікаўлення тымі выступленнямі, я чамусьці пачуўся забавязаны выступіць ад імя моладзі i падзякаваць за праяўленую турботу за маладых i за запрашэнне на святочны абед. Эмацыянальны настрой, дамінуючы на спатканні, падсвядома ўздзейнічаў i на мае думкі, якія вызваліліся ў змесце майго выступлення ды мімаволі разбудзілі рэфлексіі аб ахвярах, ускладзеных моладдзю на алтар вайны ў кожнай ваюючай краіне, аб наступствах вайны, якія прыходзіцца людзям пераносіць i т.д. На заканчэнне прыйшла ў галаву цытата з Адама Асныка:
Trzeba z żywymi naprzód iść,
po życie sięgać nowe,
a nie w uwiędłych laurów liść
z uporem chować głowę.
У часе маёй прамовы заўважылася выразнае зацікаўленне прысутных ды хваляванне жанчын, што пасля спаўнення тосту акружылі мяне, засыпаючы рознымі, у тым i клапатлівымі для мяне, пытаннямі. Пані Рольска запрасіла мяне на абед дамоў. На наступны дзень прыехала па мянё, зарганізавала дома спатканне між іншым з намеснікам дырэктара цукровага завода i абавязала яго даць мне занятак у часе цукровай кампаніі. Дырэктар, вядома, споўніў просьбу купчыхі. Тым часам вызвалілася месца працы ў бюро ПУР i я быў назначаны рэферэнтам транспартнага аддзела. Абавязкам маім было арганізаваць транспарт сем'ям з дабыткам, накіраваным у заходнія рэгіёны i праводзіць інспекцыю кожнага транспарту з перасяленцамі з СССР у цягніках, якія затрымоўваліся пры таварнай рампе перад нашым баракам. Паколькі праца вымагала кругласутачнай прысутнасці, я атрымаў асобны пакоік у бараку, а тым самым i адносную бытавую незалежнасць.
Эшалоны з перасяленцамі надыходзілі безупынна: 3-4 у суткі. Сяляне падарожнічалі ў вагонах са сваёю жывёлаю i гаспадарчымі прыладамі. Гараджане дзеля забеспячэння больш вартасных прадметаў, згодна з інструкцыяй, давяралі ix кіраўніку транспарту, які падарожнічаў у адмысловым вагоне. У эшалонах рэпатрыянты карысталіся рознымі мовамі: польскаю - пераважна дыялектамі з тэрыторыі заходняй Украіны, украінскаю, яўрэйскаю, рускаю, a калі-нікалі i мовамі каўказскіх народаў. Кіраўнікі эшалонаў былі пераважна п'яныя, не ўспявалі працверазіцца ад "афармлення" справы з савецкімі пагранічнікамі, ад якіх залежаў кантроль дакументаў, маёмасці i час затрымкі цягніка на граніцы.
Варты ўспаміну адзін інцыдэнт перасяленкі з кіраўніком эшалона, якому яна даверыла торбу з маёмасцю. Жанчына, устрывожаная водгукамі п'янства ў вагоне начальства, раніцай, падчас стаянкі цягніка на станцыі, прыбегла праверыць свой багаж. Калі аказалася, што ў торбе не хапіла бохана хлеба, нарабіла ляманту, што яе абакралі з залатнікоў, засакрэчаных у хлебе дамашняга выпеку. Пан кіраўнік, што не паспеў яшчэ ачуняць ад бяседы з афіцэрамі пагранічнікамі, не быў у стане выясніць справы. На шчасце паўбохана хлеба асталося на стале, які выглядам прыпамінаў асаблівае "поле бою". У шклянцы з недапітым самагонам, на дне, ляжаў залаты чырвонец. Ліхаманкавыя пошукі кончыліся знаходкай пад сталом, на падлозе вагона, яшчэ некалькіх залатых дзесяцірублёвых манет, якіх субяседнікі "выключылі" праўдападобна з закусачнага меню.
Дзякуючы помачы УНРРА бытавыя ўмовы ў бараку ПУР папраўляліся з дня на дзень. Жыхары яго атрымалі на час прабывання пасцель, палявыя койкі, неабходную вопратку. Прадукты харчавання дастаўляліся рэгулярна. Жыццё навакольных людзей было аднак насычана непакоем, выкліканым украінскім i варожым яму польскім падполлем, падтрымоўваным мясцовым насельніцтвам. У гутарках акалічных жыхароў УПА i наогул украінцы паказваліся як смяротныя ворагі, мэтай якіх было вынішчэнне спакойнага польскага насельніцтва i ўсяго, што польскае. Створаны такім чынам стэрэатып украінцаў выклікаў нянавісць да ix, узмацняную затоеным пачуццём страху. Ніхто з гаворачых пра гэта не ўспамінаў пра супраціўленне ўкраінскаму варожаму руху. Адзін толькі спамянуты Пятроўскі ў сваёй прастаце выхваляўся сваімі расправамі над украінскімі сем'ямі на Валыні па загаду падпольнага кіраўніцтва, дадзенай яму i яго сябрам. Жыццё маладога чалавека без дакументаў ды яшчэ можа вядомага з прозвішча органам бяспекі як уцекача з ix рук, нельга было ў тых умовах лічыць спакойным. Тым больш цяжка было шукаць магчымасці наладзіць кантакт з кім-колечы спагадлівым ды прадаўжаць вучобу. Вясною 1946 года ў часе службовай камандзіроўкі ў Вроцлаў здарылася мне прысутнічаць на літургіі ў праваслаўнай царкве, дзе нечакана сустрэўся з Міколам Рулінскім - спамянутым раней былым звязовым СБМ у Наваградку, а пасля афіцэрам БКА (Беларускай краёвай абароны). Лес прывёў яго з некалькімі іншымі сябрамі ў Вроцлаў, дзе ўдалося ім паступіць у Вышэйшую гандлёвую школу i атрымаць працу ў пажарнай камандзе. Кемлівасць i зычлівасць сябра абнадзеілі мяне i мы пастанавілі ўтрымоўваць сувязь. У ліпені таго ж года Мікола паявіўся неспадзявана ў мяне ў Пшэворску, змушаны шукаць прыпынку. Цэлую яго кампанію здэканспіравала дзяржбяспека, але хлопцам удалося нейк разбегчыся. Такім чынам у наш барак ПУР прыбыў яшчэ адзін "рэпатрыянт" на 3 ці 4 месяцы. Апынуліся мы тады абодва ў даволі клапатлівай сітуацыі, што не пазваляла разгуляцца па краіне. Дзякуючы пасведчанню Міколам факта атрымання мною атэстата сталасці, мяне прынялі ў Інстытут адміністрацыі ў Жэшаве - трохгадовую вышэйшую прафесіянальную ўстанову, якая падрыхтоўвала кваліфікаваных працаўнікоў адміністрацыі альбо давала магчымасць прадоўжыць вучобу на чацвёртым курсе ва універсітэце. (Дыплом гэтай установы ад 1949 года пасля 15-гадовага перапынку паслужыць асновай для паступлення на трэці курс юрыдычна-адміністрацыйнага інстытута Варшаўскага універсітэта.)
Мікола тым часам аднавіў кантакт з земляком Мазурам (імя не памятаю), які быў дырэктарам дзяржаўнага сельскага гаспадарства ў рэгіёнах панямецкіх зямель на захадзе Польшчы, а я аформіў яму ў нашым аддзеле ПУР накіраванне туды на пасяленне.
Трывожным аказаўся 1947 год. На прадвесні распаўсюдзіліся чуткі аб узмацненні змагання ўнутраных войск з паўстанцамі УПА на Падкарпацці, якіх інакш не называлі, як толькі бандамі. Вясною рух войска, у тым ліку i кадравай арміі, узмацняўся штораз больш. У рэшце рэшт у нашым бараку ПУР i навакольных дамах пасяліліся ўстановы дзяржаўнай бяспекі i войска.
Паступіў загад падрыхтавацца да эвакуацыі перасяленцаў чыгуначным транспартам. I неўзабаве сталі над'язджаць вайсковыя самаходы, загружаныя людзьмі i ix маёмасцю, якую ўдалося ім захапіць у часе паспешнай акцыі высялення. Усіх i ўсё выгружалі пад адкрытым небам на падмоклым поплаве вакол нашага барака i пры чыгуначнай рампе да часу падрыхтавання эталона.
Лямант жанчын па адлучаных ад сем'яў мужыках, крык i плач дзяцей, малітвы i набожныя спевы старых, водгукі допытаў затрыманых ды арыштаваных маладых мужчын - усё разам выклікала жудаснае ўражанне i спачуванне рэпрэсіраваным. Так пачалася, гістарычная ўжо сёння, акцыя "Вісла", мэтай якой было знішчэнне фарміраванняў УПА, у тым ліку i прымусовае перасяленне насельніцтва ўкраінскай нацыянальнасці i этнічных лэмкаў з польскага Падкарпацця ды Нізкага Бэскіду дзеля знішчэння базы ўтрымання паўстанцаў.
Нельга прамаўчаць факт, што навакольнае польскае насельніцтва, абсалютная большасць якога была крытычна настаўлена да існуючага прасавецкага ладу, а тым самым i да пануючай улады, апынулася на баку пакрыўджаных ды забыўшыся пра нядаўні гнеў, калі не сказаць - нянавісць.
Медыцынская i гаспадарчая служба нашага аддзела ПУР безупынна турбавалася аб санітарным, медыцынскім i харчовым абслугоўванні. Чыгуначнікі стараліся неадкладна сабіраць вольны транспарт, скараціць як мага чаканне людзей у неспрыяльных умовах ды адпраўляць ix па назначэнню ў Прусію ці на Шлёнск у ваколіцы Вроцлава. Арганізаванне транспарту па меры магчымасцей згодна з пажаданнямі перасяленцаў: каго з кім, куды i т.д., узгадненне з уладамі i чыгуначнікамі вымагала безупыннага напружання i вялікай ахвярнасці ў існуючых умовах. Да таго безупынна непакоілі нас сваімі вымаганнямі вайскоўцы, якіх нельга было адрозніць ад працаўнікоў бяспекі. Не абышлося i без сустрэчы з наваградчанінам - паручнікам Караткевічам - сваяком маёй сяброўкі з матуральнага курса Тані Караткевіч. Хлопец, які адрозніваўся ад рэшты саслужыўцаў скромнасцю i выразнай спагадлівасцю выгнанцам ды нашай прымусовай працы, калісь у кароткай гутарцы даў мне зразумець, што мы знаёмыя, але не павінны з гэтым здрадзіцца перад іншымі i кантактавацца з сабою.
Наваселле
У 1948 годзе скарыстаў я прапанову працы ў аддзеле павятовага самаўрада ў Пшэворску, які быў пад наглядам старасты. Абавязкам маім было апрацоўванне эканамічных планаў, якія я i сам тады лічыў асноваю гаспадарчага дзеяння i ставіўся да свайго задання сур'ёзна. У сувязі з гэтым прыйшлося наладзіць супрацоўніцтва з рознымі адміністрацыйнымі i гаспадарчымі ўстановамі ў павеце, пазнаёміцца з сельскаю гаспадаркаю i самым сялом, што расчаравала мяне сваім занядбаннем i прымітывізмам. Мой праект пяцігадовага плана быў ацэнены павятовымі ўладамі станоўча i гэта схіліла старасту запрапанаваць мне кватэру ў адным з будынкаў парку Замойскіх, куды я i перабраўся на пачатку снежня 1949 г. Год той, як мне здавалася, канчаўся для мяне вельмі памысна.
Атрыманне дыплома Інстытута адміністрацыі дазволіла мне запісацца на чацвёрты год вучобы ў Лодзінскім універсітэце i адчыніла магчымасць уладзіцца наогул у Лодзі. Мой гаспадарчы план быў добра ацэнены i прыняты ваяводскай уладай. Здаў я яго 22 снежня 1949 г. i вяртаўся дадому поўны аптымізму, тым больш, што не было ўжо ніякіх прызнакаў пагрозы зняволення мяне. Я быў ужо жанаты з дзяўчынаю з Югаславіі. Мы дачакаліся сыночка i спадзяваліся выехаць у Югаславію пасля заканчэння мною вышэйшай асветы. Цітаўскі камунізм, вызвалены з-пад уплываў Сталіна меў іншае (ад савецкага) аблічча. Мы былі перакананы, што там, у сонечнай Югаславіі, станем поўнасцю вольнымі ад пагрозы бальшавіцкага тэрору. У сувязі з нашымі планамі далі мы сыну адпаведна славянскае імя Леслаў, што абазначала чалавека лепшай (добрапрыгожай) славы.
Зноў няволя
Нечакана аказалася, што мая гульня ў хованкі зусім не закончылася i мне не суджана было вярнуцца дамоў - на нашу кватэру, ды наогул пабачыцца з жонкаю i дзіцём. Даходзячы да хаты цераз паркавую цемру, з-пад кустоў выскачылі два ціхенькія хлопчыкі i тыцкаючы мне пад бокі пісталетамі, упэўніліся ў маёй тоеснасці ды загадалі пайсці з імі моўчкі. Папярэдзілі яшчэ мяне, што ў выпадку спробы майго адрачэння ад супольнага з імі падарожжа, маюць загад страляць без папярэджання. У павятовай управе бяспекі праседзеў я цэлую ноч у таварыстве адмысловай асабістай варты. Першыя спробы допытаў пачаліся ў ваяводскай "бяспецы" ў Жэшаве 23 снежня. З размовы з афіцэрам я зарыентаваўся, што ён абсалютна не ў курсе справы i на мае пытанне, ці яго гутарка са мною мае характар допыту, які знойдзе адлюстраванне ў пратаколе, замест адказу паклікаў вартаўніка i загадаў аддаць мяне пад ахову. Гэта мяне ўпэўніла ў меркаванні, што я затрыманы па загаду цэнтральных улад, да таго неабавязкова польскіх. У Міністэрстве публічнай бяспекі ў Варшаве пры вул. Кашыковай (на сутыкненні з Уяздоўскімі алеямі) апынуўся я каля поўдня 24 снежня, а "пасяленцы" падвальнай камеры таго ж шаноўнага міністэрства прывіталі мяне позным вечарам. Было ix васьмярых. Як толькі ляснуў замок зачыненых за мною дзвярэй, мужчыны выцягнулі дзесь з кутка імітацыю ёлачкі, упрыгожаную каляровымі абрэзкамі паперы i кінуліся вітаць прышэльца святочнымі каляднымі пажаданнямі. Пабачыўшы аднак маю поўную зморанасць, так фізічную, як i псіхічную, пастанавілі адлажыць гутаркі на святочныя дні i задаволіліся папяросамі, прыдбанымі мною ў час падарожжа. Дзеля заспакаення маёй цікавасці толькі выясніў што падвал, у якім мы апынуліся, гэта засакрэчаны астрог, размешчаны пад цэлым будынкам Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, прызначаны вязням, якімі зацікаўленае непасрэдна міністэрства або ўсходні саюзнік. Астрог жорстка адізаляваны ад вонкавага свету, без прагулак для вязнаў i якіх-колечы кантактаў з людзьмі звонку. Паводле пануючага звычаю, навічок атрымоўваў месца найбліжэй дзвярэй або каля "кібля" (пасудзіны для спаражненняў). Мне прыйшоўся сеннік каля дзвярэй, дзякуючы прасторнай камеры. Сеннікі вязняў ляжалі на каменнай падлозе каля двух сцен, перпендыкулярна да ix.
Сцэнарый прывітання мяне вязнямі з ix калядным "дрэўцам", выгляд камеры i атмасфера пануючая ў ёй паказаліся мне звышрэальнымі з'явішчамі. На самай справе такія паводзіны людзей уражвалі, a пазбаўленне ix якога-колечы кантакту з вонкавым светам ці хаця б надежных вязням прагулак, без доступу да інфармацыі звонку было своеасаблівым абмежаваннем ix свету камернымі сценамі. Ніхто нікога не дапытваўся прычын паяўлення яго ў тым падвальным свеце. Гэтыя справы былі другімі, зусім інтымнымі турботамі кожнага з ix. Па сутнасці, аднак, былі яны галоўнай прычынай тае камернае асаблівасці паставаў i паводзін сужыцеляў. Калі хто рашаўся падзяліцца з камернымі сябрамі тою сваёю інтымнасцю, якая прычынілася да зняволення, то толькі па ўласных меркаваннях. Фізічнае зняволенне чалавека - істоты грамадскай - не ідзе, як аказалася, упоруч з духовай ізаляцыяй. Наадварот, зняволенне ўзмагае пажаданне падзяліцца некаторымі думкамі, што ў сілах калі-нікалі перамагчы тую вымушаную інтымнасць вязня. Прага вызвалення ад тых думак змушае тады нешчасліўца шукаць адрасата сваім сакрэтам, ці, як хто хоча - спавядальніка, ад якога спадзяецца спачування, парады, апраўдання ці магчымасці раскаяння, a ў крытычнай сітуацыі кіруецца надзеяй пераказу такім шляхам сваіх ідэалаў патомным.
Ведаюць пра гэта дасканала "архітэктары" знявольвання, што pyпяцца рассылаць па астрогах сваіх штатных "спавядальнікаў" (у вязніцкім жаргоне "саксотаў", у жаргоне польскіх вязняў - "капусяў"). Зарыентаваныя ў гэтых справах дасканала i дасведчаныя вязні i яны на такія гутаркі стараюцца накладаць "табу".
У камеры апынуўся я ў цікавай кампаніі - людзей асвечаных i дасведчаных жыццём. Тых, што памяць мая зберагла, гэта былі: галоўны сакратар партыі Stronnictwo Pracy (у тым часе ўжо развязанай), інжынер хімічнай фабрыкі з Мосціц, інжынер па прафесіі - былы вайсковы аташэ ў Балгарыі (сядзеў ужо два гады пад следствам i ані разу не быў дапытваны), былы капітан корпусу пагранічча, ляснічы з Бяшчадаў (праўдападобна ўкраінец па нацыянальнасці), доктар батанікі Фіялкоўскі (пазней вядомы фітатэрапеўт) i студэнт-падхарунжы ці мо паручнік Арміі Краёвай (АК) прозвішчам Коньчыкоўскі - вельмі сімпатычны хлопец, каларьггная постаць. Асновай сужыцця ў камеры была традыцыйная для палітычных вязняў польскіх астрогаў салідарнасць. Вязні ў камеры састаўлялі вельмі дружны калектыў, члены якога дзяліліся ўсім, што было магчымае да падзелу. Перад усім сябры неслі салідарную помач кожнаму так маральную, як i фізічную, напрыклад, хвораму ці патурбаванаму на допыце i т.п. Падзелу падлягалі i веды кожнага ў калектыве. У сувязі з тым кожны дзень адзін з сужыцеляў меў абавязак прадумаць тэму з абшару сваёй прафесіі ці зацікаўленняў, зрабіць даклад на гэту тэму i правесці дыскусію. Найменшая праблема была з падзелам матэрыяльных прадметаў, бо не маючы кантакту са светам, ніхто не меў ix у сваім уладанні, апрача папяроснага дыму, калі каму ўдалося вычараваць кусок сігарэты.
"Ідылію" сужыцця ў камеры крыху парушыў новы вязень Богдан Пясэцкі - чалавек у добра скроеным касцюме, сканцэнтраваны на сваім самалюбстве i хвастаўстве, які ганарыўся сваімі кантактамі з Гамулкам i сваім самаходам, як кур'ёзам у тым цяжкім для людзей часе. Пан Пясэцкі зразу адвярнуў ад сябе сімпатыю вязняў i заслужыў на "прывілею" апаражнення "кібля" i мыцця камеры.
У часе месячнага майго знаходжання ў падвалах міністэрства бяспекі я некалькі разоў быў трывожаны допытамі, якія мелі характар ідэнтыфікацыі мяне як вязня i пры нагодзе - фізічнага патурбавання. Увагі следчага, скіраваныя ў мой адрас, як напрыклад закід, што я дзейнічаў у надзеі прыезду Андэрса на белым коніку, сведчылі аб адсутнасці інфармацыі ў польскіх органах бяспекі на маю тэму. Абазначала гэта, што польскія ўлады дзейнічалі па загаду савецкіх таварышаў.
У часе аднаго з допытаў прывялі нечакана Міколу Рулінскага i паставілі вачыма да сцяны. Следчы загадаў не адзывацца. Мікола аднак адвярнуўся незаўважна ў мой бок i нязначна скланіўшы галовы мы прывіталіся лёгкай усмешкай. Неўзабаве сябру майго вывелі, а следчы, разгневаны паводзінамі сваіх "падапечных", упэўніўшыся ў нашым знаёмстве, загадаў мне прысядаць i падымацца аж да адмены загаду. Мне тая кара паказалася не так ужо i цяжкай. Выконваючы маю "гімнастыку" быў я пад уражаннем спаткання з прыяцелем. Мікола паказаўся ў дамашняй вопратцы, а на нагах меў абутак на драўляных падэшвах, ужываны праўдападобна дома пасля працы. Сведчыла гэта аб тым, што ён, так як i я, быў схоплены раптоўна i пазбаўлены магчымасці адпаведна адзецца.
У пэўным моманце маёй "спартыўнай практыкі" я не здолеў ужо падняцца. Мускулы i сухажылле ног перасталі дзейнічаць. Мой уладар праўдападобна чакаў на гэты момант, бо без слова прыклікаў жаўнераў, якія, узяўшы мяне пад рукі, зацягнулі пад сцяну i абапёршы плячыма на ёй паставілі на выпрастаных нагах. Пасля некалькіх хвілін, на загад выйсці, я дарма прабаваў адарвацца ад сцяны. Ногі не дзейнічалі i жаўнеры зацягнулі мяне ў камеру. Апека сяброў, адпаведныя масажы нягледзячы на востры боль, цераз некалькі дзён паставілі мяне на ногі, а тым самым i давялі да канца маё прабыванне ў тым астрозе.
Пад апеку контрразведкі
Раніцай студзеньскага дня 1950 г. пад канец месяца вывелі мяне з будынка міністэрства i перадалі пад апеку маёра ў польскай уніформе, які, паказваючы на вайсковы самаход, папулярны "Лазік", загадаў: "Полезай в машину!" У самаходзе сядзеў пад стражай хлопец у шынелі пажарніка, які назваў сябе пры спраўджанні тоеснасці Аксак Кавальскі i пра якога спамінаў Рулінскі, як пра аднаго з сяброў з Вроцлава. У часе падарожжа на варшаўскую Прагу маёр некалькі разоў незаўважным жэстам даваў знакі мужчынам у цывільнай вопратцы, якія стаялі на тратуары альбо праходжваліся. Фактаў гэтых нельга было адчытаць іначай, як забеспячэнне перад магчымымі ўцёкамі з умоўленага транспарту. Мэтай нашага падарожжа аказаўся будынак пры вуліцы Ягелонскай на варшаўскай Празе, што прылягаў да спартыўнай плошчы маёй гімназіі імя Владыслава IV, у суседстве мітрапалітальнага праваслаўнага сабора. Уехаўшы ў браму дома, выгрузілі нас у падвал пад апеку савецкай вайсковай часці, як пасля аказалася "СМЕРШа". На калідоры падвала спаткаў нас дзяцюк ва уніформе савецкай арміі з аграмадным нажом, якім, не адазваўшыся ні слоўцам, стаў абразаць усе гузікі ад паліто, адзення, пасля чаго загадаў аддаць раменны пояс, шнуркі з абутку, гадзіннік і, спраўдзіўшы, ці няма якога ланцужка на шыі, абмацаўшы ад галавы да ног, упіхнуў у прылягаючы да калідорчыка катух - тыповы пограб без падлогі, з нарамі збітымі з няструганых дошак, але без сеннікаў. Тут таксама не адбывалася ніякае следства, апрача праверкі тоеснасці.
Больш-менш пасярэдзіне калідорчыка стаяла печка з чыгуну ці мо з жалезнай бочкі. Заданнем яе было нагрэць увесь падвал. Не спраўлялася дабрадзейка, хоць безупынна рассылала ўсё выпрацаванае цяпло. Аднойчы жаўнер з аховы выклікаў мяне на калідор, дзе стаяў крыжак, ці як хто хоча "казёл" для пілавання дроў. Побач ляжала некалькі сасновых i бярозавых паленаў ды папярочная шла. Да мяне прывялі высокага худога як жэрдка "акулярніка". Я зразу пазнаў міравога суддзю Віктара Ярмалковіча, які ў часе нямецкай акупацыі пачаткова працаваў у Лідзе, а пасля быў пераведзены ў Шчучын. Ведаў я яго толькі з выгляду i чуў шмат чаго добрага як пра шчырага спрыяючага людзям беларуса. Заданнем нашым было папілаваць тыя круглякі на дровы ў печку. Пад шорах пілы стараўся я незаўважальна пераказаць якіесь сігналы майму напарніку ў працы ды наладзіць сувязь, той аднак не рэагаваў. Праўдападобна лічыўся з магчымасцю правакацыі, аб чым я тады не падумаў.
Пад канец студзеня 1950 года раніцай усіх вязняў вывелі з падвала на калідор i перагналі ў падрыхтаваны да падарожжа грузавы самаход з брызентавай пакрышкай. Было нас 10-15 асоб, у тым ліку адна жанчына - Жэня Шляхтун са Шчучына, добрая сяброўка маёй сястры Людкi з Віленскай беларускай гімназіі, якую пазнаў я з неаднойчы агляданай фатаграфіі i з расказаў Людмілы. (Пасля 25 гадоў ад таго здарэння здарылася магчымасць сустрэцца са спадарствам Жэняй i Віктарам Ярмалковічамі ў Біскупцы, у Полыпчы, i даведацца, што ў часе перажытай супольна прыгоды ў студзені 1950 года былі яны ўжо сужонствам.)
Пагрузіўшы вязняў даселася i варта. Нехта ўкінуў у кузава тры лапаты. Зняволеныя, быццам па загаду, пераглянуліся, патрывожаныя ў думках пытаннем, для каго i з якой мэтай забралі гэтыя рыдлёўкі ды куды нас вязуць. Позірк на гімназію i на сабор, з якімі былі звязаны гады майго ранняга юнацтва, выклікаў глыбокія рэфлексіі i сумненне ў тым, што ў жыцці яшчэ прыйдзецца вярнуцца сюды.
Даехаўшы на таварны вакзал Прага-Поўнач, шафёр, пачакаўшы разгрузкі вугалю, падагнаў самаход задам да дзвярэй таго ж таварнага вагона так, што з кузава "пасажыры" павыскоквалі проста ў вагон.
Чвэрць вагона была адгароджана ўнутры кратамі, за якімі стаяла ўзброеная варта. Рэшта плошчы аставалася ў распараджэнні нашай грамадкі i парашы (што польскія вязні называлі "кіблем"). Па загаду салдата ўсе вязні моўчкі радочкам уселіся пад сцяною i не вялі між сабою ніякай гутаркі. Без дазволу "апекуна" нельга было ўстаць ані перамяшчацца. Кожнага грызла пытанне куды нас вязуць. Адказ пачуў я звонку пасля поўначы ад чыгуначнікаў, якія выконвалі манёўры цягніка на якойсь станцыі. Адзін з ix запытаў сябра: "Co ten ciubaryk chciał od ciebie?" ("ciubaryk" - пагардлівая мянушка савецкага ваякі ў Польшчы ў тым часе). "Do Lignicy wiezie! "żywe" - tak stoi na karcie przewozowej. Pewno wywozi nasze świnie na zakąskę swoim Iwanom. Przyszedł zobaczyć wagon" - прагучэў адказ, што мне выясніў больш чаго, чым сябру чыгуначніка. З наступленнем сонечнай раніцы хтось з падарожнікаў угледзеў цераз шчыліну вагона крытыя чарапіцаю ахайныя домікі, тыповыя для нямецкага вясковага будаўніцтва. Гэтае назіранне пацвердзіла напрамак нашага падарожжа на захад. Легніца была дастаткова вядомая ў тым часе, як асноўная савецкая база ў Польшчы: вайсковая, контрразведачная, дзяржаўнай бяспекі i т.п. Стала ясна, што для нас гэта будзе канцэнтрацыйны пункт да адправы ў СССР. Гэта быў фактычны савецкі энклаў, з яго ўласнымі нормамі i стылем. Да дзвярэй нашага таварнага вагона на легніцкай станцыі быў падагнаны задам арыштанцкі самаход (папулярна называны "чорны варанок", у тым часе нікому з нашай групы яшчэ невядомы). Цераз адсунутыя дзверы вагона быў непасрэдна адзін-адзіны выхад у тую арыштанцкую "кібітку", дзе кожны зняволены меў свой вельмі цесны "бокс" - цёмны, хоць вока выкалі. Везлі нас па якіхсь калдобінах, здавалася страшэнна доўга, у невядомае. На месцы, пасля праверкі тоеснасці, як на здзек, я даведаўся ад чыноўніка ў цывільнай вопратцы, што буду "рэпатрыіраваны", а пакуль што прыйдзецца пачакаць у лагеры (побач Легніцы) на транспарт. Лагер быў даволі прасторны, рупліва пільнаваны вайсковаю аховаю. Кантакту з былымі спадарожнікамі чамусьці наладзіць не ўдалося.
Лагер з дня на дзень папаўняўся новымі зняволенымі. Бытавыя ўмовы ў ім былі ніштаватыя i каб не ахова вакол, можна было б паверыць, што гэта зборны пункт для рэпатрыянтаў - "на родину". У лагеры былі людзі рознага паходжання, прафесіі, нацыянальнасці, з розных краін, асабліва з Польшчы, Чэхаславакіі, Нямеччыны, Аўстрыі; інтэлігенты, рабочыя, сяляне, вайсковыя i т.д. Час прабывання ў лагеры быў таксама розны, у сярэднім тры тыдні да аднаго месяца. Былі аднак i такія, што прыжыліся тут i на паўгода, чакаючы быццам на якіесь выясненні, пра іншых адміністрацыя забылася ў сваім чыноўніцкім хаосе. Тыя бывальцы ведалі найбольш. Ведалі пра сакрэтнае забеспячэнне лагера перад уцёкамі, арыентаваліся, каго вывозяць індывідуальна да самалёта ды ў Маскву, каго на цягнік у Мінск, ці групамі ў перасыльную турму ў Брэст.
На "Родину"
У канцы лютага 1950 года мне давялося папасці ў вагон такі, як i той, што прывёз нас пад вартай з Варшавы, з той розніцай, што быў ён запоўнены седзячымі на падлозе вагона людзьмі. Між растапыранымі нагамі кожнага "рэпатрыянта" сядзеў наступны. Такі быў заведзены парадак дзеля ашчаднасці плошчы ў вагоне. Цягнік фармаваўся такім чынам каля двух гадзін, але ніхто з прысутных не ведаў, колькі вагонаў налічваў яго састаў. Усе ў нашым вагоне былі чымусьці перакананы, што едзем у брэсцкую турму. У сувязі з гэтым я пільна стаў шукаць кусочка хімічнага алоўка i неўзабаве хтось мне падсунуў тайком такі "агрызак". Паперкі ад папяросных муштукоў у мяне яшчэ не звяліся, апрача таго меў я насавую хустачку i кусочак хлеба. Рэквізіты гэтыя паслужылі мне да сарганізавання карэспандэнцыйнай перадачы. На кусочку паперы напісаў я кароткую інфармацыю аб сваім зняволенні ды аб адпараўцы праўдападобна ў брэсцкую ці магчыма ў мінскую вязніцу. На намочанай хустачцы-насоўцы напісаў я адрас маёй сястры Людкі, якая жыла ў Любліне i кароткі зварот з просьбаю выслаць гэту інфармацыю па дадзенаму адрасу. Заданнем завернутага ў хустку кусочка хлеба было зберагчы пасылку ад падрыву ветрам у часе руху цягніка. Характэрны грукат колаў на якойсь станцыі ў паўднёва-ўсходнім раёне Польшчы сведчыў аб тым, што ўязджаем на якісь чыгуначны вузел i там удалося мне выпіхнуць той вузялок цераз шчыліну ў падлозе, адмыслова пашыраную вязнямі ў часе падарожжа. Я спадзяваўся, што зняволенне мяне прычыніць маім бацькам i сям'і нямала клопату, што ix будуць непакоіць, аб чым неабходна было ix паведаміць, каб даць ім магчымасць падрыхтавацца. Вузялок той знайшоў якісь чыгуначнік, выслаў яго на адрас сястры i такім чынам намераны мною план споўніўся.
Брэсцкі астрог, пабудаваны палякамі ў апошнія гады другой Рэчы Паспалітай, зрабіў уражанне сучаснага манументальнага аб'екта адасаблення. У даволі прасторнай камеры аказаўся я шостым пасяленцам. Усе пяць ранейшых сужыцеляў быццам бы не звярнулі нават увагі на навічка, які паздароваўся з імі называючы сваё прозвішча. Усе яны аказаліся маўклівымі аўтэнтычнымі палешукамі. Адзін з ix толькі, настаўнік, быў пісьменны, усе чатырох апошніх не забаўляліся ў грамацеяў. Найактыўнейшы з ix, былы савецкі партызан Мікола, так пакахаў партызаншчыну, што партызаніў без перапынку пасля ўстанаўлення савецкага ладу. Патрактаваў сваю партызаншчыну, як спосаб на "лёгкае" жыццё i зберажэнне сябе ад мабілізацыі ў савецкую армію ды высылкі на праўдзівую вайну. Усе іншыя пасяленцы камеры былі зняволены за ўяўныя кантакты з постсавецкімі партызанамі на Палессі, называнымі папулярна "бульбоўцамі". На самай справе ніхто з ix толкам не ведаў, хто яны - тыя партызаны. Напрыклад, самага старэйшага дзядзьку, які не расставаўся днём ні ноччу са сваім саматканым суконным бурносам, абвінавачвалі ў тым, што быццам бы партызаны зрабавалі з яго хлява авечак, а ён не паінфармаваў аб гэтым міліцыю. Іншы адведаў суседа, каб пазычыць бязмен i не заявіў, што ў таго суседа былі чужыя незнаёмыя мужчыны, што быццам бы аказаліся партызанамі. Усіх ix абвінавацілі "в измене родине" i хлопцы былі ўжо перакананы, што ў найлепшым выпадку, калі адназначна не дакажуць ім віны, то "особое совещание" ці іначай "тройка" ўлепіць ім завочна па 10 гадоў зняволення ў "исправительно-трудовых лагерях". Калі следчы пастараецца спрытна правесці "доследы" i напісаць пратаколы, якія яны падпісваюць, то суд немінуча пашле ix на 25 гадоў у "ітээл" (скарочанае вымаўленне назвы лагероў). Мяне ўважалі кандыдатам на "катушку" (г.зн. 25 гадоў зняволення плюс 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў), кіруючыся фактам, што шукалі i знайшлі мяне за граніцай, а гэта лічылі кур'ёзам.
Хлопцы сядзелі ўжо пару месяцаў i былі вельмі мізэрныя, згаладалыя. Цяжка сёння спамятаць, якое яно было тое харчаванне, але голад фактычна дапякаў безупынна. Памятаю толькі, што на вячэру кожны дзень дзялілі па адным апалоніку змолатай бульбы разбаўленай вадою да кансістэнцыі супу, што толькі ўзмацняла пачуццё голаду. Бяздзейнасць i галадоўка разбуджалі ў людзей фрустрацыю i яны безупынна спрачаліся між сабою няведама за што. Адзінай "атракцыяй" была Прагулка звонку турмы ў прагулачных боксах між сценамі без даху. Каб развеяць нуду i прыглушыць пачуццё голаду, хлопцы ахвотна згадзіліся вывучваць песні, мае СБМаўскія i народныя: "Касіў Ясь канюшыну", "Ой ляцелі гусі" i іншыя. Мае кампанейцы аказаліся вельмі музыкальнымі i ахвотнымі да спеву. Нечаканасцю паказалася тое, што наогул не здраджваючыя вонкава ніякіх перажыванняў дзяцюкі, усе да аднаго, узрушыліся амаль да слёз песняй, якую ўпершыню пачулі: "Расцвіталі ў полі васілёчкі". Яна разбудзіла дрэмлючую ў ix падсвядомасці тугу па сельскім жыцці, повязі з натураю. Яны звычайна атаясамліваліся з персанажамі той песні - сялянскіх дзяўчыны i хлопца. Цераз нейкі час да нашай песні прылучаліся жанчыны з іншых прагулачных клетак, якім неабыякавы быў змест ды простая народная мелодыя. Рэакцыя вартаўнікоў на вышках на гэта спяванне была вельмі розная. Сваю апрабату адзін хлапец з вышкі, напрыклад, выказаў у такі спосаб, што запаленую папяросу завярнуў у газеты i кінуў спевакам, быццам недакурак; іншыя абураліся i дарма загадвалі "молчать". Аднойчы заўзяты службіст перапыніў нат прагулку на знак пакарання за непадпарадкаванне яго загаду. Не абышлося i тут без хвалюючага спаткання. Аднойчы, выходзячы з камеры на прагулку, пачулася маё імя, выкліканае дзяўчынай на калідоры за кратаю, што аддзяляла жаночы корпус ад мужчынскага. Аглянуўшыся, пабачыў я быццам з'яву, сяброўку з наваградскай семінарыі - Людку Гацко, як i калісь, стройную, з яе касой, звісаючай па бушлаце да самага пояса. Спатканне абмежавалася толькі абменам прывітанняў i разбудзіла мешаныя пачуцці. З аднаго боку як жа прыемна было пабачыць кагось блізкага, зычлівага, з другога - выклікала яно горкую рэфлексію, тым больш, што гэта была спакойная, скромная дзяўчына, няздольная па сваёй натуры да якога-колечы ліхадзейства. У другой дэкадзе сакавіка (хіба ў першы дзень каляндарнай вясны - 21 сакавіка 1950 г.) на досвітку выклікалі мяне "с вещами", што абазначала вывазку (у турэмнай i лагернай наменклатуры - этап). На падвальным калідоры турмы ўжо стаяла невялікая калона выхудзелых вязняў - гэта "контрыкі" (контррэвалюцыянеры). Зусім іншае ўражанне выклікала іншая, уфармаваная побач, калона загарэлых, яшчэ здаровых дзяўчат. Гэта "бытавікі", толькі што арыштаваныя за якіесь дробязі ў калгасе, хутка асуджаныя i адпраўленыя ў ІTJI. Пабачыўшы нашы постаці, быццам цені, дзяўчаты ўзрушыліся і, нягледзячы на варту, сталі развязваць свае клункі, з якіх выкідалі ў нашым напрамку прызапашаныя на чорную гадзіну жытнія сухары, якімі абдзялілася салідарна цэлая наша галодная калона.
Неўзабаве паявіўся канвой з сабакамі, які забраў нас ад тых спагадлівых зямлячак. У Мінск везлі нас у сталыпінскім вагоне. Гэта прыдуманыя дрэннай славы Сталыпіным вагоны пасажырскага характару, дастасаваныя ўнутры да перавозу зняволеных. У дарозе ўжо пачуліся наступствы неразважна хуткага спажыцця сухароў некаторымі вязнямі. Скурчаныя ў выніку турэмнай галадоўкі страўнікі не ў сілах былі справіцца з разбухшымі пад уплывам страўнікавых сокаў сухарамі. Енкі нецярплівых заморкаў за сценкамі клетак вагона не ўціхалі. Чым гэта кончылася, мне невядома.
У Мінску на вакзале чакала нас некалькіх чырвонапагоначнікаў з двума сабакамі. Людзі абыходзілі наш "карагод", бачна прыглядаючыся, пераважна з выразнымі прызнакамі спачуцця, іншыя - з нянавісцю ці зусім абыякава, але ніхто не затрымоўваўся. Такі быў, відаць, заведзены парадак. Толькі i ўдалося пабачыць Мінск, што на вакзале. "Чорны воран" праглынуў нас у сваё цёмнае, цеснае, смярдзючае потам нутро, але ненадоўга. Неўзабаве чутно было адпіранне брамы перад затрыманым самаходам, пасля - другой i мы апынуліся на невялікім дзядзінцы каля круглай у сваім кшталце будоўлі.
"Амерыканка"
"Амерыканка" - гэта вядомая ўжо з апавяданняў следчая турма для "врагов народа", ці, як хто хоча, "изменников родины", ці найболын папулярна - "контриков". Тэрмін палітычныя вязні не ўжываўся. Унутры вязніца выклікала ўражанне панурай таямнічасці. Пустую ад нізу да самога даху плошчу акружалі, быццам калідоры, тэрасы на трох ці чатырох паверхах. З аднаго боку прылягалі яны да сцяны з дзвярыма да камер, з другога забяспечаныя з самога нізу да верху ад пустога круга кратаю, каб каму не прыйшло ў галаву саскочыць з якога паверха. Лесвіца між паверхамі празрыстая між ступенькамі. Цэлае нутро будынка знізу ўверх даступнае назіранню з аднаго пункта нагляду. Кожны паверх пустого круга, быццам калодзеж, забяспечаны сеткай з металу. На кожным паверсе, па тым калідоры-тэрасе ў невялікіх прамежках шляліся наглядальнікі, якія чаргова заглядалі ў камеры цераз "ваўчкі" (інакш - юдавы вочы) у дзвярах, адхіліўшы перш вонкавыя накрыўкі тых "вачэй". У якімсь пункце турма спалучалася калідорам з будынкам управы МГБ, дзе вялося следства. З камер не даносіўся ніякі гул, так што ў турме панавала абсалютная, злавесная ў адчуцці новапрыбыўшага, цішыня.
Напачатак, без асаблівых фармальнасцей, заперлі мяне ў пустую камеру. Рабіла яна ўражанне труны, вузкай пры дзвярах i паступова расшыранай да вонкавай сцяны круга той будоўлі. У самым версе вонкавай сцяны - вакенца з кратаю i бляшанай заслонкай звонку, так, што стаўшы ў адпаведным пункце можна было пабачыць кусочак неба. Цераз суткі ці двое быў я пераведзены ў большую быццам крыху камеру, дзе знаходзілася 5 ці 6 мужчын. Усе яны, апрача аднаго, былі мясцовыя. Кіруючыся дасведчаннем, хлопцы папярэдзілі мяне, што на пачатку адбудзецца "куртуазная" гутарка з начальнікам турмы i назначаным да справы следчым. Неўзабаве вывелі мяне ў той прылеглы да астрога дом, дзе ў даволі прасторным пакоі ўжо чакалі падпалкоўнік (прозвішча не памятаю) - начальнік турмы, маёр Вінакураў - мой будучы следчы i пракурор. Гутарка на самай справе пачалася ветліва. Начальнік паведаміў, што ўсё аба мне ведае i мае дастатковыя падставы для арышту. Пасля трох месяцаў зняволення паказалася мне гэта недарэчным, але рашыў не каментаваць тую "ведамасць". Тады пракурор уручыў ордэр на арышт для пацверджання мною подпісам i адышоў. Гутарка мела шаблонны характар i праводзілася з мэтай асвядоміць мяне ў цяжкім праступленні, у справядлівасці савецкага правасуддзя, неабходнасці сумленных паводзін у следстве ды прызнанні віны, што можа аблягчыць маю сітуацыю. Я выслухаў усё таксама ветліва i папрасіў (у сваёй наіўнасці), каб следства вялося на беларускай мове з прычыны толькі павярхоўнай знаёмасці рускай. Зарэагаваў на гэта Вінакураў словамі: "Ничего, поймёшь". Я вычуў іранічную пагрозу ў яго рэакцыі i зразумеў, што наіўна шчырая мая просьба была неўпапад, аб чым следчы стараўся пераканаць мяне ў даволі хуткім часе.
Тым часам, згодна з папярэджаннем сужыцеляў камеры, дзяўчына прынесла чай i пачку папяросаў ад якой, згодна з наказам сяброў нядолі, я не адмовіўся.
Следства
Цераз дзень пачалося следства, якое адбывалася амаль выключна ноччу. Пасля сігналу на начны "адбой" прыблізна цераз 20 хвілін, калі ўжо вязні (асабліва ўтомленыя трываючым следствам) успелі заснуць, звонку даходзіў грукат наўмысна голасна адчыняных "кармушак" (акенцаў у камерных дзвярах, цераз якія падаецца вязням страва). Па меры набліжання таго водгаласу да камеры, нарастае непакой вязняў, якія падсвядома вырываюцца са сну, чакаючы свайго прызначэння. Урэшце адчыняецца "кармушка", у якой паказваецца галава "вяртухая" (жаргонная назва вартаўніка, які водзіць зняволеных), з вуснаў якога даносіцца шэпт, напрыклад: "На букву Ж". Тады кожны вязень забавязаны вышаптаць сваё прозвішча, калі яно пачынаецца на тую літару, апрача таго імя i імя па бацьку. Трапіўшы на вызначаную асобу "вяртухай" зноў шэпча, але ўжо тонам загаду: "Собирайся!" Выкліканы такім чынам падрываецца з логава, дрыжачы, як правіла кожны, ад хвалявання, апранаецца, падганяемы тым жа злавесным шэптам i выходзіць цераз ухіленыя дзверы, выканаўшы наступны загад: "Руки назад". Калі па дарозе хто пакажацца наперадзе, наступае наступны загад: "Лицом к стене" i так трымае, пакуль той іншы не счэзне з поля зроку. Калі прыйдзецца павярнуць з калідора ў іншы калідор у будынку МГБ, праваднік дае акрэслены сігнал, каб не сустрэцца з іншым вязнем. Тым часам вязні, што засталіся ў камеры, стараюцца як мага хутчэй заснуць, але ці надоўга? Працэдура такога буджэння паўтараецца некалькі разоў штоночы.
У кабінеце следчага, непадалёк яго пісьмовага стала, стаіць табурэт для вязня, на якім як жа цяжка прасядзець цэлую ноч. Сустрэча з арыштаваным перад допытам праходзіць па-рознаму, залежна перад усім ад асабістага настрою ці фанабэрыяў афіцэра. Раз пачынае іранічнымі заўвагамі.ці пытаннямі, напрыклад, як самаадчуванне, ці падабаюцца бытавыя ўмовы i іншыя. Найчасцей, аднак, прыдумоўвае якоесь сенсацыйнае заяўленне ці інфармацыю, якая можа занепакоіць падапечнага, напр.: "Ну, о тебе поступили весьма неблагоприятные известия" ці штось падобнае. Пачатак следства, гэта ў асноўным сабіранне асабовых даных ад часу дзеда, бабы i г.д. Тэма гэта цягнецца, паўтараецца без ліку ў розных варыянтах - адну, другую ноч, да знемажэння. Дасведчаны следчы ведае, што да асноўнага следства трэба арыштаванага ўтаміць, выбіць з сілы, аслабіць дух супраціўлення волі праціўніка. Дзеля паскарэння гэтага працэсу пасля поўначы вязня адсылаецца ў камеру, a калі ён ужо засне, тады зноў адчыняецца "кармушка" i чуецца шэпт: "На букву Ж". Ты называеш сябе, выконваеш ужо нашмат больш усхваляваны з прасоння загад адзецца i трапляеш зноў на свой табурэт. Спатыкаешся зноў са сваім "праследавацелем", альбо з кім іншым, які пратрымае цябе на тым табурэце да раніцы каб ты паспеў толькі вярнуцца ў камеру i заснуць перад сігналам "подъём", што падыме кожнага, хоць бы паўжывога; а як не, то тым горш адпакутуеш у карцэры за "злоумышленное нарушение тюремного режима".
Самая прыкрая бытавая аперацыя наступае пасля "подъёма" са сну. Апаражніўшы "парашу" з адходаў у прыбіральні, трэба як мага хутчэй прамыць твар i назад у прыбіральню на "апраўку" (спаўненне фізіялагічных патрэбаў) па загаду ва ўмовах неверагоднага забруджання з прычыны недахопу месца i недастатковага адплыву нечыстотаў. Незалежна ад балючага пачуцця прыніжэння чалавечай годнасці (пакуль не прывыкнеш) цяжка вытрымаць моташнасць ад агіды, у абліччы якой ты бяссільны i мусіш вытрымаць, калі не хочаш быць знішчаны фізічна за непадпарадкаванне. Ды які мог бы быць іншы выхад?
Днём кожная камера падлягала безупыннаму назіранню цераз той зненавіджаны вязнямі "ваўчок", што ў дзвярах камеры. Мэтай таго наглядання было забеспячэнне выканання загаду забароны сну ці нават дрымоты да вячэрняга адбою. За нарушэнне гэтай забароны прадбачваліся кары ад стаяння ў камеры ў абсягу поля зроку праз ваўчок, цераз забароны прагулкі i іншыя, да пакарання карцэрам. Змаганне вязняў са сном у такіх умовах гэта безупыннае мучэнне, што аслабляе так фізічныя, як i псіхічныя сілы нат найдужэйшых. Тое безупыннае змаганне са сном знішчала i магчымасць чытання, тым больш, што даступны былі толькі кнігі прапандысцкага характару. Калі пападзецца што-небудзь з беларускай белетрыстыкі, то абавязкова на рускай мове. У такіх абставінах i гутарка не клеілася між асавелымі ад знямогі сужыцелямі камеры, што i не паспрыяла i запамятанню ix прозвішчаў. Самаю каларытнай постаццю ў камеры быў Бандарэнка (хіба Мікола) родам з-за Гомеля. Хлопец, пазбаўлены інстынкту самазахавання, свядомы беларус, энтузіяст змагання за незалежнасць спосабам, які яму толькі здараўся, без асаблівага аналізу сваіх пачынанняў. Папаўшы ў канцэнтрацыйны лагер у Нямеччыне, добраахвотна пайшоў працаваць у крэматорыю, хоць ведаў, што пасля якогась часу працаўнікоў гэтага прадпрыемства таксама забіваюць. Ён нейк дачакаўся вызвалення амерыканцамі. Заўважаны якімсь, праўдападобна спецыялістам ад разведкі, прыняў ад яго прапанову ўдзелу ў падрыхтоўчым курсе для разведчыкаў у СССР. У сваім аповедзе найбольш захапляўся дакладнасцю, прадбачаных інструктажам на курсе, гутарак i пагрозаў з боку МГБ пасля вяртання "на родину" з фальшывымі дакументамі i трапнасцю прадбачаных яму адказаў i выясненняў. Дзейнічаў ён пачаткова на Данбасе супольна з напарнікам, а як той неразважна здэканспіраваўся, Мікола перабраўся на Беларусь i да 1949 года ўключна выконваў заданні разведчыка. Аповед яго быў нашпігаваны драматычнымі, быццам узятымі з крымінальнай аповесці, сітуацыямі, якія хлопцу прыйшлося перажыць. Следства яго вёў якісь палкоўнік, які меў дазвол прымяняць у адносінах да вязня апрача бяссонніцы яшчэ i фізічныя пабоі i карцэр.
На якісь час перад канцом нашага следства ў камеру прывялі вязня - быўшага афіцэра смаленскага МГБ, які перайшоў са сваімі саслужыўцамі да працы ў часцях "СД" (SD - Sicherheitsdienst) - нямецкай палітычнай разведкі. Асуджаны на 25 гадоў, з лагера быў прывезены ў турму на дапаўненне следства. Прозвішча яго мне, на жаль, невядомае. Спатканы пазней мною ў 1951 годзе ў перасыльным лагеры ў Акмолінску той былы афіцэр дамагаўся абмену майго асенняга паліто, у якім мяне арыштавалі, на стары бушлат i кусок хлеба, праўдападобна па даручэнню лагернай службы МГБ. У гутарцы ён мне прызнаўся, што высланы на "пераследства" выпаўняў у турме заданне сочкі вязняў у камеры i здаваў з гэтай дзейнасці справаздачу начальніку турмы. У тых "перагаворах" са мною ўжыў ён аргументу, што аба мне даў быццам бы станоўчую ацэнку, што я адчытаў як пагрозу на будучае, калі з ім не згаджуся. Паведаміў прытым мяне, што М. Бандарэнка, асуджаны на смерць, адкінуў прапанову накіраваць просьбу аб памілаванні i напісаў дамаганне як найхутчэй расстраляць яго, што i было споўнена.
Іншых сужыцеляў камеры, у маім перакананні, можна ў асноўным разглядаць як кантынгент нявольніцкай працы ў ІТЛ - людзей без акрэсленых палітычных перакананняў i акрэсленай віны. Тэатральны акцёр (наколькі прыпамінаю - Чарняўскі) арыштаваны быў за працу ў театры імя Янкі Купалы ў Мінску ў часе нямецкай акупацыі. Іншы дзядзька, гадоў 55, лішне "балтаў пад п'яную руку" i меў адно вытлумачэнне: "жизнь дала трещину". Асаблівасцю ў гэтай кампаніі быў старэча - яўрэйскі дзеяч Сацыялістычнай рабочай яўрэйскай партыі, якая перад рэвалюцыяй арганізавала між іншым першыя рабочыя забастоўкі ў Гродне. Бальшавікі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі прызналі "Бунд" нацыяналістычнай арганізацыяй і, у залежнасці ад перыядаў насілення розных чыстак, вылаўлівалі ўдзельнікаў той партыі ў рамках праграмы гістарычнага разліку. Баптыст, мінчанін прозвішчам Вайткун, зняволены быў за баптысцкую прапаганду. Вельмі спакойны чалавек - прапаведнік ідэі "несупраціўляцца злу насіллем". Лёс сутыкнуў нас пасля ў карлагу i тады дзядзька Вайткун заявіў, што калі б дачакаўся магчымасці змагацца з праклятым бальшавізмам, з прыемнасцю паслужыўся б кулямётам.
Мінула некалькі дзён i мяне зноў заперлі ў адзіночную камеру. Недасведчаны вязень не ведае, што гэта частка працэсу тактыкі "змякчання". Ты ўспеў ужо пазнаёміцца з камернымі жахарамі, зжыўся з імі, а цяпер пасядзі зноў адзін, сам на сам са сваімі думкамі. Дык вось падумай, што магло быць прычынай тваёй ізаляцыі. Можа на цябе нехта лішняе набрахаў ды цябе залічылі да асабліва небяспечных ворагаў савецкай дзяржавы? Ці мала розных кашмарных думак наплывае ў галаву чалавеку, запертаму ў чатырох сценах, за якім пільна сочаць, каб прыпадкам не задрамаў, каб думаў, хочаш ці не, бо на гэта ж цябе i заперлі ў адзіночку. Калі хто i звернецца да цябе, то не інакш, як толькі загадам, падмацаваным тонам нянавісці ці пагарды, i ты, безабаронны, можаш зарэагаваць толькі безумоўным падпарадкаваннем. У кантактах са следчым нічога не мяняецца. Ён быццам i не ведае, што перамяніў твае бытавыя ўмовы ізаляцыяй i ты прытвараешся, што быццам нічога не змянілася, ды стараешся пераносіць яго знявагі, канцэнтруючыся на магчымасці абароны. Найцяжэйшым у такіх умовах аказваецца той перыяд дня, які ты мусіш ператрываць у змаганні з атакую чым цябе сном, не маючы да каго звярнуцца словам, апрача самога сябе. З прыемнасцю вітаеш тады кожную праяву жыцця, напрыклад, у постаці мухі, калі заблудзіць у твае сцены. Чакаеш, быццам госця, той блашчыцы, якая ў адпаведным часе выпаўзе на сцяну, каб давандраваць да месца на столі, з якога кінецца на тваё логава з вядомай мэтай. Ты свядомы таго, што яна корміцца табою, але ацэньваеш гэта ў катэгорыях рэваншу за ўдзел у тваёй адзіноце.
Валадар твой ведае, што ў акрэсленым часе ты зжывешся з тою адзіночкай i гэтым самым затрачваецца сэнс трымаць цябе там, дык вяртае сваю ахвяру ў ранейшую камеру, каб звольніць месца іншаму кандыдату на "змякчанне" ў ізаляцыі. Ён упэўнены ў тым, што вяртанне ў камеру i так не пераменіць тваёй сітуацыі зацкаванага безабароннага звярка.
Першыя дні следства пацвердзілі заяву начальніка турмы, што ведае пра мяне шмат чаго, але гэта адносілася толькі да маёй дзейнасці ў СБМ на Бацькаўшчыне i ў Нямеччыне. Праца мая ў гэтай галіне была яўная, не засакрэчаная, а ад 1944 года да часу майго арышту шмат маіх сяброў апынулася ў зняволенні. Гэта аднак не задавальняла маіх турэмных уладароў. Яны паставілі сабе заданне абвінаваціць мяне ў чымсь асабліва шкодным, найлепш у дыверсіі ці шпіянажы, згодна з пануючаю ў тым часе шпіёнаманіяй. Найлепшым для гэтай мэты зыходным пунктам магла быць Беларуская незалежная партыя (БНП). Я запамятаў добра перасцярогу следчага суддзі ў познаньскім астрозе ў 1945 го дзе, што незалежніцкія імкненні БНП (у яго акрэсленні "сепаратыстычныя") у ацэнцы МГБ будуць разглядацца як замах на савецкую дзяржаву.
Паколькі ў пачатковай фазе следства не было пра гэта ніякага ўспаміну, я спадзяваўся, што маё дачыненне да БНП астаецца за абсягам допытаў. У выпадку ўспаміну з боку следавацеля, я пастанавіў не прызнавацца, што гэта арганізацыя мне вядомая. Неўзабаве, аднак, пераканаўся, наколькі маё пастанаўленне было наіўнае. Па-першае, дасведчанаму прафесіяналу, маёру Вінакураву няцяжка было зарыентавацца ў няшчырасці майго адрачэння ад БНП. Па-другое, у яго распараджэнні былі пратаколы з допытаў маіх, раней спомненых, сяброў Філі Давідчыка i Андрэя Вайтовіча, якія былі ўжо зняволены. Па-трэцяе, мае даволі блізкія кантакты з Барысам Рагулям мелі сваё значэнне. Незалежна ад таго следчы выяўляў такія веды пра БНП, што цяжка было сцяміць, што мела сувязь з фактамі, а што з'яўлялася хлуснёй з мэтай перабольшання праблемы.
У такой сітуацыі выяўленне мною сапраўднай дзейнасці, звязанай з ідэяй незалежнасці, сфармуляванай між іншым у бюлетэні, яго абсалютна не задавальняла, хоць праўдападобна быў перакананы, што гэта не разыходзілася з фактамі. Ён выразна паставіў сабе за мэту абвінаваціць мяне ў дыверсіі i шпіянажы. Я разумеў дастаткова, чым гэта пагражае i стараўся мабілізаваць усе сілы для абароны перад тою хлуснёй, тым больш, што гэтыя праблемы мяне ніколі i ў ніякай ступені не цікавілі. Хоць гэта магло здавацца мала праўдападобным, то я тады на самай справе не ведаў нават назваў нямецкай ані амерыканскай разведак i не быў свядомы існавання якойсь дыверсійнай школы ў Дальвіц. Маёр Вінакураў праўдападобна таксама разумеў гэта, але для яго было найважнейшае паспяховае, згодна з пастаўленай мэтай, заканчэнне следства намераным абвінавачаннем. Пачалося з закіду, што БНП, інспіраваная нямецкай разведкай, супрацоўнічала з ёю, а пасля i амерыканскай разведкай i ўдзельнічала ў падрыхтоўцы дыверсантаў у Дальвіц. Я чуў раней пра спробу нямецкай правакацыі ў БНП, але нічога не ведаў аб пастаўленым следчым закідзе ў супрацоўніцтве з разведкамі ані з дыверсійнаю школаю i не верыў у гэты закід. Я не памятаю падрабязна зместу прысягі складанай перад Пагоняй у наваградскай школе, але добра запамятаў яе сэнс вернасці беларускаму народу, Бацькаўшчыне i змаганню за яе незалежнасць. Вінакураў сфармуляваў змест прысягі як быццам на вернасць БНП, з чым я не мог пагадзіцца, што i прыйшлося акупіць цяжкімі дасведчаннямі. Іншы са шматлікіх прыдуманых для следства эпізодаў, які мяне асабліва ўзбударажыў i запамятаўся мне, гэта адчытанне быццам пратакола з допыту майго сябры Філі Давідчыка, у якім гаварылася, што я сумесна з ім быў удзельнікам дыверсійных курсаў у Дальвіц. Я ані праз хвіліну не сумняваўся ў хлусні следчага i не верыў у магчымасць такой выдумкі з боку сябры. Не менш i гэтае здарэнне абышлося мне даволі цяжкімі наступствамі. Кожнае маё супраціўленне беспадстаўным закідам следчага выклікала ў ім абурэнне, пагрозы, знявагі, а то тузанне за каўнер, а то пырсканне вадою ў твар i іншыя. Па меры прадаўжэння той валакіты, бяссонніцы i знявагаў наступала атупленне ўражлівасці, абыякавасць на намаганні праціўніка i яго пагрозы. Ён сваё, а ты сваё, але i на гэта знайшоўся спосаб.
Карцэр
Калісь раніцай, пасля бяссоннай з-за следства ночы, нечакана ў "кармушцы" камерных дзвярэй пачуўся прывычны шэпт: "На букву Ж". У гэтым выпадку "вяртухай" (турэмны канваір), вырваўшы мяне з камеры, загадаў зусім іншы маршрут. Павёў мяне кудысь уніз, у падвальным памяшчэнні загадаў раздзецца да бялізны, зняць з ног шкарпэты i басанож у камашах пагнаў яшчэ ўніз, не ведаць на які ўзровень таго падвала ды цераз цьмяна асветлены калідорчык, з якога ўпіхнуў мяне ў якісь катух. Гэта карцэр - памяшчэнне велічынёй якісь 2,5 м x 1,5 м. Над дзвярамі карцэра крата, цераз якую прабіваецца слабенькі свет з калідорчыка. У куце каморкі якаясь пасудзіна для спаражненняў, якая праўдападобна нікім не выносіцца, бо цераз праржавелае дно ўся адданая ўрына маментальна выцякае на бетонную падлогу, насычаючы паветра аманіякавым смуродам. Сцены, столь i падлога катуха насычаны сырасцю, у якой поўзаюць ледзь прыкметныя якіесь мініяцюрныя стварэнні, якія шэрым сваім колерам не адрозніваюцца ад сценаў, па якіх яны вандруюць i якіх мінераламі ці мо i людскімі адходамі праўдападобна кормяцца. На шчасце, да чалавека адносяцца яны абыякава, не чапляюцца яго; хіба толькі выпадкова. Вязні называюць ix макрыцамі, але пацверджання гэтай назвы нідзе мне знайсці не ўдалося. У такіх умовах прысланіцца да сцяны немагчыма, a сесці таксама няма на чым, бо табурэт даюць вязню толькі на ноч. Холад з сырасцю пранікаюць маментальна праз бялізну, пранізваюць усё цела, выклікаючы нястрымліванае дрыжэнне. Гэта змушае нешчасліўца да безупыннага руху ажно да поўнага расходавання фізічнай сілы. Раніцай дастаўляюць у карцэр па кружцы ледзь цёплай вады, якую называюць кіпятком. Цераз дзень да вады дадаюць кусочак хлеба. Сілы пакідаюць чалавека ў такіх абставінах вельмі хутка. Свядомасць безабароннасці перад так прыдуманым працэсам знішчэння чалавека i бязвыхаднасць становішча ў пэўным моманце выклікаюць назойлівую прагу смерці, як адзінай магчымасці вызвалення наносімых пакутаў, прыніжэння i бесперспектыўнай вегетацыі. Паяўляецца тады быццам апошняя надзея - думка малітвы. Спроба сканцэнтравацца аказваецца амаль немагчымай. У галаве паўстае замяшанне ад супярэчнасці думак, адчуццяў i адсутнасці веры ў магчымасць выхаду з таго кашмарнага тупіка, прычыненай аслабленнем сілы волі змагання.
На змену напружанасці думак i пачуццяў нечакана наступае вакуум i быццам раздваенне твайго "я". Абыякавай рэчаіснасцю становіцца той смярдзючы, мокры, з яго макрыцамі катух i пранізваючы холад, a ўсё іншае быццам адносіцца да часткі кагось другога. У рэшце рэшт, папаўшы ў кругаварот між свядомасцю рэчаіснасці i ілюзіяй, наступае перамена: то адпружанне, то страх перад стратай прытомнасці, выклікаючы рэшту сіл для абароны ўласнай тоеснасці.
Следства канчаецца
Вечарам чацвёртых сутак кары нечакана адчыніліся дзверы карцэра, з-за якіх пачуўся загад: "Выходи". Атрымаўшы сваю вопратку, папаў я проста на знаёмы табурэт у следчага. Нагрэтае летнім сонцам паветра ў напоўненым яго свежасцю, цераз адчыненае вакно, пакоі дзейнічала быццам бальзам пасля перанесеных карцэрных пакутаў. Прыпушчаная следчым атака паказалася ў тым моманце чымсь другарадным, не так ужо i страшным. Наступствы знемажэння штораз больш адчувальна перашкаджалі завесці дыялог між праціўнікамі. Не памагалі пагрозы, штурханцы ані пырсканне ў твар вадою. Разгневаны маёр урэшце выклікаў варту i загадаў: "Уведите!" - "В камеру?" - запытаў вяртухай. "А куда же ещё?" - зарэагаваў афіцэр таксама пытаннем. Такім чынам атрымаў я бадай першую спакойную ноч у камеры, заданнем якой была рэгенёрацыя неабходных для прадаўжэння следства сіл. Ад наступнай ночы пацякло ўсё зноў сваім ручаём. Паўтараныя пытанні, на якія не магло быць адказу, тылу: "Кто и с какой целью направил тебя в Польшу?" i іншыя недарэчнасці, пагрозы, знявагі, бяссонніца ажно да заканчэння следства. У вольныя ад працы суткі Вінакурава заступаў іншы следчы, пераважна старшы лейтэнант Кутузаў. Адносна малады чалавек, гадоў 35-36, лічыў сябе прагрэсіўным i на самай справе адрозніваўся ад сваіх старэйшых тупагаловых таварышаў. Нядрэнна ён арыентаваўся ў справах беларускага нацыянальнага руху, між іншым у часе акупацыі. Не бачыў яго, як Вінакураў, выключна ў чорных колерах, абмяжоўваючы ацэнкі да паняцця калабарацыянізму. Кутузаў не адмаўляў погляду аб вызваленчых імкненнях таго руху, хоць лічыў яго утапічным - нерэальным. Тлумачыў, што быў ён палітруком у партызанскіх групоўках Наваградчыны. Фактычна ведаў ён прозвішчы дзеячаў беларускіх арганізацый i не таіў, што знішчэнне кожнага не прадстаўляла б ніякай праблемы, хто праявіўся б небяспечным калабарацыяністам. Не скрываў сваіх талерантных адносін між іншым да рагулеўскага эскадрона i СБМ. Замяшчэнні яго ў следстве мелі хутчэй характар непратакулаваных спрэчак, чым допыту. Заданнем ix было ператрыманне вязня на дапросе, не пазваляючы заснуць. Абмаўляючы справы СБМ, Кутузаў паінфарамаваў, што падследственнымі яго з'яўляюцца Анеля i Вэраніка Каткевічанкі. Анеля была перакладчыцай у гарадской управе Мінска ў часе акупацыі, а пасля ў Нямеччыне супрацоўнічала з Вэрай у СБМ як настаўніца i апякунка беларускіх дзетак у нямецкіх працоўных лагерах. Вэра была намеснікам д-р Надзеі Абрамавай, галоўнай кіраўнічкі дзяўчат пры кіраўнічым штабе СБМ. Была яна з сынком Славікам, народжаным у турме.
Кутузаў абяцаў наладзіць нам сустрэчу, у якую я не верыў, маючы на ўвазе жорсткасць турэмнага рэжыму. Ад часу нашай разлукі ў лесе ў Нямеччыне, куды нас выгнала з дзяцьмі з Дэсаў нямецкая жандармерыя ў 1945, лес дзяўчат быў мне невядомы.
Следства мае кончылася ў першай дэкадзе верасня 1950 г. Аднойчы ў дзень завялі мяне да начальніка турмы. Той запытаў, ці ў следстве не прымянялі фізічную сілу i наогул ці маю якія заўвагі да следчага. Я быў вязнямі папярэджаны аб такой сустрэчы i згодна з радамі дасведчаных не заяўляў аб заўвагах, кіруючыся жаданнем як найхутчэйшага заканчэння следчых пакут. Цераз дзень ці два выклікаў мяне i пракурор, які правёў са мною даўжэйшую гутарку на тую ж тэму, што i начальнік. Апрача таго ён глыбей пранікаў у змест пратаколаў з допытаў i вельмі настойліва раіў перадумаць справу i выявіць, калі што затаіў я са сваёй дзейнасці супраць СССР. Папярэдзіў яшчэ, што калі нешта пазней выявіцца( то мяне вернуць у турму i асудзяць нашмат больш жорстка. Я спадзяваўся, што мяне ніжэй "нормы" (25 гадоў зняволення) i так не ацэняць, але; не хацеў каментаваць спосаб ані вынікі следства i толькі стараўся пераканаць майго суразмоўцу, што не маю больш нічога дабавіць да справы.
Суд
Калі прывялі мяне на пасяджэнне суда, у зале сядзелі ўжо сёстры Анеля i Вэраніка з дзіцём. Склад суда прадстаўлялі два афіцэры i два сяржанты - праўдападобна засядацелі. З боку сядзелі якісь іншы пракурор i ў цывільнай вопратцы - адвакат. На пытанне, ці маю заўвагі да складу суда, я адказаў адмоўна з агаворкай, што не скарыстаю з удзелу адваката, з якім я не меў нагоды паразумецца i папрабую бараніцца сам. Гэта была, безумоўна, тактычная памылка, якая выклікала ад пачатку адмоўнае ўражанне ў суддзяў, a асабліва ў сябры адваката - пракурора, якія расцанілі маю заўвагу, як падрыў аўтарытэту сістэмы савецкага правасуддзя. Пракурор пасля ў сваёй мове аж надта выразна даў зразумець гэта. Судовы працэс, добра рэжысіраваны, прайшоў спраўна, па шаблону. Роля сясцёр Каткевічанак абмежавалася да пацвярджэння маёй тоеснасці. Пракурор у сваёй прамове акрэсліў мяне як ярага нацыяналіста, "неисправимого врага советского народа и государства" i патрабаваў вышэйшай меры пакарання - расстрэлу. Суд аб'явіў перапынак, на час якога пазачынялі нас - мяне i маіх сведкаў - у якіхсь жалезных шафах. Не памятаю, колькі трываў той перапынак, але паказаўся ён мне страшэнна доўгім i прыкрым з-за безабароннасці. Суд аднак прыгаварыў мяне да зняволення ў "особых исправительно-трудовых лагерях" срокам на 25 гадоў i на пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Гэта, аднак, не задавальняла садысцкіх намаганняў пракурора. Ён склаў пратэст i да часу вырашэння яго супраціву пратрымалі мяне дзён дзесяць у адзіночнай камеры ў падвале пад асабліваю вартай i на галодным пайку, пасля чаго перавезлі ў гарадскую турму пры Валадарскай вуліцы ў Мінску.
У турме на Валадарскай
У турме публіка i атмасфера паказаліся зусім іншымі. На пачатак зачынілі мяне ў пустой камеры, але неўзабаве прывялі чалавека з фіялетавым тварам, без адной нагі - на кастылі. Ён акрэсліў мяне з выгляду як "контрыка" (контррэвалюцыянера - у турэмным дыялекце), а сам зарэкамендаваўся "уркам" (злодзеям). Знаёмства i "сяброўства" завязалася вельмі кутка. Прышэлец акрэсліў сваю віну як "халатнасць". Пакінуты таварышчамі на варце падчас абкрадання імі кіёска з гарэлкаю i закускай, не згледзеў прыбыцця міліцэйскага патруля, за што i атрымаў 10 гадоў зняволення. Мой "срок" з упэўненасцю ацаніў "капуткай" (25 гадоў) i з прыемнасцю слухаў аповеды аб маіх маладзёжных гарцах. Камера хутка запоўнілася, пераважна калгаснікамі з мяшкамі, аж у канцы ўвагналі групу некалькіх 14-15-гадовых падлеткаў. Тыя зразу кінуліся да сялянскіх мяшкоў, выбіраючы з ix што ім падабалася. Ніхто з рабаваных не прабаваў бараніцца, нават не адзываўся. Калі акружылі мяне, мой аднаногі сябра сваім шнапсбарытонам рашуча загадаў: "Этого не трошь!" i хлопчыкі паслушна адсунуліся. Ледзь падлеткі кончылі сваю гульню ў рабунак, ix зноў павялі кудысь цэлаю ватагай. Хутка камера запоўнілася i ўсіх нас вывелі мыцца. Сабраўшы ўсю вопратку для пражаркі, турэмная жаночая абслуга выканала кожнаму стрыжку ўсіх валасоў, дзе якія былі, пачынаючы ад прамежнасці i на галаве канчаючы. У аграмадную лазню сагналі больш за трыццаць чалавек. Пераважна былі гэта маладыя хлопцы, загарэлыя ад летніх праменняў сонца, некалькі дзён толькі зняволеныя i ўжо асуджаныя пераважна на 5-7 гадоў ИТЛ за "похищение государственного (або "общественного") имущества" г.зн. за крадзеж для сям'і мяшка калгаснага ці саўгаснага зерня або бульбы i т.п. Ад тае групы некалькіх "изменников родины", у тым ліку i мяне, пасля лазні аддзялілі i завялі ў адмысловы корпус.
Рэжым быў тут зусім іншы. Спаць можна было ўдоваль, на прагулках не толькі што гутарыць не забаронена, як у "амерыканцы", але i паспяваць можна; не надаядай толькі турэмнай ахове i ўсё ў парадку. Спеў i сякія-такія кніжкі - гэта адзіныя супрацьяддзі на турэмныя хваробы: тугу па блізкіх i вольнасці, на безнадзейнасць i бездапаможнасць у абліччы жорсткага самаўладства прыгнятальнікаў.
Аднойчы на турэмным калідоры жаночага сектара, адгароджанага жалезнаю кратаю ад мужчынскага, удалося пабачыць Вэру з дзіцём. Паказалася мне вельмі ўзрадаванай гэтым спатканнем. Да лістапада 1950 г. турма на вул. Валадарскай запоўнілася па берагі. Прывезеныя з лагероў у турму вязні на перасуд ці ў характары сведкаў на чыіхсь судовых працэсах расказвалі аб сваіх вельмі драматычных прыгодах з падарожжа ў лагер у прошлым. Палітычных вязняў, наогул спакойных i несвядомых умоў таго нявольнічага свету людзей, вазілі абавязкова з крымінальнікамі, добра сарганізаванымі, пераважна пад кіраўніцтвам дасведчанага злачынца - узурпатара над імі. Няпісаным заданнем банды малойчыкаў было абрабаванне "контрыкаў". Кожнага, хто бараніўся, калечылі, а то i, сумесна з аховай, абвінавачвалі ў сабатажы. Зрабаванае дабро аддавалі свайму правадыру, а той распараджаўся згодна з крымінальнымі правіламі. Працэдура такая не абыходзілася без карысці для аховы, якая лічыла крымінальных зняволеных "сваімі людзьмі".
Няйначай было i ў лагерах, дзе правадыры арганізаваных бандаў крымінальных злачынцаў - "блатных" - трымалі ўладу над вязнямі ўнутры лагера. Банды "радавых" крымінальнікаў - пераважна дробных зладзеяў i разбойнікаў - называныя "шпаною", задавальняліся унутрылагерным разбоем. Нападаючы на "рабацяг", якіх пагардліва называлі "фраерамі", адбіралі атрыманыя вечарам пайкі запрацаванага хлеба - пазбаўлялі цэлыя працоўныя брыгады ix поўгалоднага харчавання.
Блатныя (крымінальныя злачынцы), якія кіравалі між іншым гаспадарчымі справамі ў лагеры - як сацыяльна блізкія ўладам гулага - абкрадалі вязняў з надзеленых лагеру прадуктаў харчавання. Яны давалі распіску на прадукты затрыманыя (для сябе) лагернай аховай i расходвалі быццам на лагерную кухню. З таго, што аставалася вязням, яшчэ абрывалі сваім злачынным хаўруснікам, якія ix зберагалі ад помсты рабацягаў. У лагерах панаваў голад, які прычыняў вялікую ступень смяротнасці. Кожная спроба супраціву такім парадкам кончылася ссылкай у штрафныя брыгады ці падраздзяленні. Прывезеныя на перасуд "зэкі" (заключаныя) расказвалі ў турме пра нялюдскі тэрор i голад у штрафных лагерах на Салаўках i ў "Севжелдорлаге", дзе распаўсюдзілася людаедства. Галодныя блатныя рэцыдывісты рэзалі безабаронных вязняў, варылі або пяклі на вогнішчы i жэрлі. У другой палове саракавых гадоў лагеры сталі інтэнсіўна запаўняцца пераважна маладымі людзьмі, асуджанымі за антысавецкую, у тым ліку мілітарную дзейнасць. Баевікі Украінскай паўстанчай арміі, змагары за незалежнасць прыбалтыйскіх краін, часткова i беларускія хлопцы вайсковых i іншых арганізацый сталі яднацца ў абароне перад разбоем i рабункам "шпаны". Даходзіла да крывавых сутычак, пагражаючых лагернаму рэжыму. Чуткі пра лагерныя "парадкі" ў СССР сталі распаўсюджвацца ў свеце. Падтрымала i пашырала ix маладая пасляваенная эміграцыя з заходніх краін СССР i Сярэдняй Еўропы на Захадзе. Праблема не мінула i Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Выяўленая ў вольным свеце статыстыка смяротнасці, наступствы голаду i драконскага рэжыму сталі непакоіць i самога Сталіна, які так турбаваўся пра свой "імідж" быццам бы сапраўднага "бацьку народаў". У 1948 г. была праведзена часовая перабудова лагернай сістэмы дзеля паляпшэння парадку ўнутры лагераў, завастрэнне рэжыму перад усім сярод вязняў палітычнага характару i апанавання некантраляванай смяротнасці. Не абазначала гэта выразнага аблягчэння долі "зэкаў", але павелічэнне вымогаў у адносінах санітарных умоў, больш жорсткае прытрымліванне перыядычнасці i вынікаў "камісовак", кантроль за самаволяй лагернай адміністрацыі i аховы не абышліся без прызнакаў перамен. Стварэнне "особых исправительно-трудовых лагерей" дзеля ізаляцыі палітычных вязняў ад добра сарганізаванага свету "блатных" не аблягчыла умоў ix вегетацыі ў сэнсе хранічнага голаду i непасільнай працы, але прычынілася да паляпшэння бытавой бяспекі зняволеных.
У этап
На пераломе восені i зімы, у халодны лістападаўскі дзень, па турме разнесліся чуткі аб падрыхтоўцы ў "этап", што абазначала падарожжа ў лагер этапамі, ад турмы да турмы. Неўзабаве выкліканыя на турэмны калідор вязні на загад "выходи с вещами" строіліся тройкамі ў групы з 30 чалавек i адпраўляліся на чыгуначны таварны вакзал, дзе чакалі падрыхтаваныя "цяплушкі" - таварныя вагоны. Унутры вагона трохярусныя памосты, на якіх можна было прылегчы, але малая адлегласць між ярусамі не пазваляла сесці, a ў найлепшым выпадку абаперціся толькі на локці рукі ў паўседзячай пазіцыі. Самы ніжні ярус наогул пуставаў з-за холаду, што прабіваўся ад падлогі вагона. У адным з процілеглых куткоў выразаная ў падлозе вагона i чымсь прыкрытая дзіра - гэта "прыбіральня", дзе спраўляліся фізіялагічныя патрэбы пасажыраў. У іншым вугле "буржуйка" змайстравана з жалезнай пасудзіны, ад якой выведзена з вагона труба - дымаход. Буржуйка мела выпаўняць заданне печкі, дзеля чаго вагон i называўся цяплушкай. Адсутнасць паліва ажно да марозаў ніжэй - 15°С не апраўдвала той назвы i вязні напераменку ляталі так, каб узаемна абагравацца альбо ратаваліся ад холаду трываючы ў безупынным руху, да знемажэння. Атрыманы на дарогу "паёк" у форме куска жытняга хлеба i кількі (дробнай салёнай рыбы) ці куска сушанай прасоленай рыбы адстрашваў голад, выклікаў неўтаймаваную прагу, але не аднаўляў патрачаных калорыяў, а што даволі важнае ў тых абставінах - не выклікаў фізіялагічных неабходнасцяў. Раз у суткі адбываўся пералік вязняў i пры гэтай нагодзе "вадапой". На некаторых станцыях у Расеі быў бясплатна даступны кіпяток пасажырам цягнікоў далёкага курсіравання. Гэта лічылася дабрадзействам i тэмай сатыры на свабоду слова ў СССР: "Я смело говорил и говорить буду, что у нас на каждой станции кипяток бесплатен". За такую прапаганду не судзілі. Калі наш цягнік затрымоўваўся на станцыі, дзе "кипяток бесплатен", ахова пасля пераліку прыносіла вядро тае цёплае вады i вядро халоднай. Вязні кідаліся на кожную ваду, якою яна б не была. Калі кіпятку на станцыі не было, атрымоўвалі мы вёдры вады проста з гідранта. Пераможцамі ў атаках на ваду былі вязні, якія мелі нейкую пасудзіну: банку з-пад кансерваў ці кацялок. Іншыя былі ад ix залежныя, але затое менш пасля скардзіліся на боль жыватоў.
Падарожжа цягнулася вяла, зборнымі цягнікамі, з доўгімі прыпынкамі i з-за неабходнасці было падзелена на некалькі этапаў, якія канчаліся ў перасыльных турмах. Усе яны былі да сябе падобныя. Кожная перасыльная турма была падрыхтавана да прыняцця натоўпу змораных людзей. Загнаныя ў турэмныя камеры, быццам жывёла, сасмаглыя людзі кідаліся перш за ўсё на бочкі са сцюдзёнай вадою, напоўненыя перад прыбыццём вязняў. Перад пустым бачонкам, які знаходзіўся ў іншым куце камеры, фармавалася зараз жа чарга, каб споўніць "накіпеўшыя" ў тым часе фізіялагічныя неабходнасці. Неўзабаве пасудзіна напаўнялася i пачынаўся грукат у дзверы з дамаганнем вынесці "парашу". Ідэнтычныя водгукі даносіліся з іншых камер, але ніхто звонку гэтым не пераймаўся. Відаць гэта было ўжо ўпісана ў сцэнарый прыняцця "часцей" i "парашы" жоўценькім струменьчыкам плылі па камерах пад ногі натоўпу, напаўняючы паветра аманіякавым смуродам.
Наступны нумар праграмы - лазня з адначаснай пражаркай вопраткі i абутку. У той лазні "парадак" вядомы: стрыжка ўсіх валасоў жаночай (абавязкова) абслугай, змаганне за пасудзіну на ваду, а каму не хапіла цёплай вадзіцы, аставаўся яшчэ шанс на халодны душ. Калі ў пражарку аддаў хто кажух ці шубу, немінуча атрымоўваў напалову цяснейшую, пакурчаную ад празмерна высокай тэмпературы. Ругань, енкі праклёны - нікога не ўзрушаюць. Апусцелыя камеры, у тым часе хутка памытыя іншымі вязнямі, прымаюць наступных падарожных; бочкі зноў напоўнены вадою. Дачакаўшыся з цяжкасцю наступнай раніцы - далей у "этап". Гэты няхітры эпізод з пересыльнай турмы ў Горкім можна без турбот аднесці да кожнай іншай "перасылкі" i для кожнай споўніць ён ролю быццам фатаграфіі. Вось як шаблонна была распрацавана.
Першае сутыкненне з лагерам
З апошняй перасылкі ў Петрапаўлаўску везлі нас нядоўга ў Акмолінск i там перагналі ў лагер (праўдападобна пад Акмолінскам, бо ніякага горада з лагера не было відаць). Гэта была мая першая сутычнасць з лаrepaм. Для нашага транспарту вязняў выконваў ён ролю каранціна. Баракі на 300-350 асоб кожны, застаўленыя "вагонкамі" (збітымі з дошак двухяруснымі нарамі для спання для чатырох асоб) сталі хутка напаўняцца маладымі хлопцамі - пераважна ўкраінцамі, балтамі, часткова беларусамі ды людзьмі арыентальнага тыпу. На доўгачаканае падсілкаванне сталі выводзіць у сталовую чаргова баракамі, у якіх людзі былі памешчаны паводле транспартных саставаў. Зала сталовай адпавядала колькасці пасяленцаў барака, якія займалі месца абапал доўгіх быццам сталоў, прымітыўна збітых з няструганых дошак. Турэмная абслуга дзейнічала вельмі спраўна. Кожны чаргова атрымаў алюмініевую міску i кусочак чагось, напамінаючага камок хлеба. У місцы ганялі адна адну крупіны нейкай быццам кашы пачарнелай у мутнай вадкасці. Па зале разносіліся крыкі "ложки нужны". На заўвагу з кухні "нет и не будет" публіка звычайна выхлёбтвала з місак тую вадкасць, пакідаючы на дне рыбіны косці. На гэты момант толькі i чакалі прытаіўшыеся цёмна-шэрыя постаці ў бліскучых ад бруду бушлатах. Яны маментальна сабіралі міскі, апаражняючы ix з тых касцей, што вандравалі проста ў ix страўнікі. Гэта былі лагерныя "дахадзягі", якія шукалі паратунку для сваёй незайздроснай вегетацыі.
Заданнем каранціну, як аказалася, было ператварэнне турэмнай масы ў рабочую сілу ды ў характар тавару, якім павінны зацікавіцца "купцы" з навакольных лагерных пунктаў. На пачатак праводзілася ідэнтыфікацыя. Перад вывадам у лазню - востры загад усім пабрыцца пад пагрозай кары за непадпарадкаванне ды за незабеспячэнне магчымасці параўнання асабістага выгляду з турэмнай фатаграфіяй у персанальнай папцы. Аказалася, што цырульня не працавала, але гэта нікога не хвалявала. У бараку найбольш дасведчаныя былыя ваякі скрабалі ўжо сваё аблічча асколкамі шкла з пабітых ваконных шыбаў (нанач палаталі нейк тыя дзіры ў вокнах кускамі кардону). Мне таксама прыйшоўся кусочак шкла, пры помачы якога ўдалося пазбавіцца зарасту з пакрываўленага пры нагодзе твару. Пасля лазневай працэдуры - сарціроўка паводле месцаў высылкі з турмаў, безупынныя лічэнні, канфрантацыі з персанальнымі дакументамі i ўрэшце камісоўкі. Камісоўка - гэта агляд адмысловаю камісіяй кожнага дагала распранутага вязня, акрэсленне яго катэгорыі працаздольнасці, залічэнне да прафесіі, якую ён сам назаве i прызначэнне да часовай рабочай брыгады. Я, падвучаны раней дасведчанымі вязнямі, назваў сябе рамеснікам - цесляром, што зрэшты не супярэчыла маёй сякой-такой умеласці з ранняга вясковага юнацтва. Выбар гэты збавіў мяне пазней ад высылкі ў руднікі. Цераз некалькі дзён паявіліся "купцы" з лагера ў Карагандзе, якія патрабавалі пільна будаўнікоў для горада, у тым ліку i цесляроў.
У працоўны лагер
Быў люты 1951 -га года. Лагер на акраіне Караганды ўвесь час атакаваны ветрам, які безупынна наносіў пясок змешаны са снегам, пранікаючым у кожную шчыліну: у вушы, нос, за каўнер i т.д. З навічкамі, толькі што прывезенымі сюды, не цацкаліся. Кожны атрымаў сваю "зэкаўскую" вопратку "БУ", што абазначала "бывшую в употреблении", на якой мусіў зразу выпісаць хлорам свой атрыманы нявольніцкі знак: на шапцы, на плячах, на грудзях вопраткі, на штанах. Знак павінен быць разборлівы i заўважальны здалёк, бо ў іншым выпадку пагражала пакаранне карцэрам. Мой знак ВВ-82. Дзень мінуў на безупыннай валакіце: бязлікіх "проверках", пераліках, "шмонах" (шмон - асабістая рэвізія), канфрантацыях з персанальнымі дакументамі i т.д. Вячэра нічым не рознілася ад таго падсілкавання ў акмолінскім каранціне. У канцы дня раздзел "навічкоў" па існуючых рабочых брыгадах, што ўспелі ўжо вярнуцца з працы ў лагер. Я папаў у брыгаду цесляроў (з Божай ласкі) - украінскіх хлопцаў з брыгадзірам, таксама ўкраінцам. Апынуліся ў ёй i беларусы: Мікола Яроцкі з ваколіц Баранавіч i дзядзька Міхась (які ніколі не карыстаўся прозвішчам). Так мы i стварылі беларускую секцыю з трох чалавек ва ўкраінскай брыгадзе.
Пачаўся быццам новы этап у маім нявольніцкім бытаванні, перыяд безнадзейнага манатоннага панурага змагання за прадаўжэнне тае біялагічнае вегетацыі, якая ў падсвядомасці дзесь падтрымоўвала ўсё-такі праменьчык праўдападабенства чагось, што ва ўмовах жорсткага абсалютнага фізічнага i маральнага прыгону здавалася неверагодным.
Лагер параўнаўча невялікі - каля трох тысяч зняволеных, падзеленых на рабочыя брыгады, якія будавалі Караганду. Былі гэта амаль выключна маладыя хлопцы i часткова мужчыны да 45 гадоў. Апранутага ў ватаваныя лахманы "БУ", прапацелыя i засмоленыя з аграмаднымі з усіх бакоў здалёк бачнымі літарамі i нумарамі на вопратцы людзі згубілі свае вонкавыя індывідуальныя прыкметы. Усе мы ператварыліся ў шэрую безназоўную масу - рабочую сілу - тавар, адзінкі якога пазначаны дзеля рацыянальнага выкарыстання. Гэтай, у асноўным, мэце быў падпарадкаваны рэжым таго "особого исправительно-трудового лагеря". Яго "особенность" заключалася ў тым, што згуртаваныя ў ім "враги советского народа", пазначаны былі літарамі i лічбамі, поўнасцю абстрыжаныя да скуры; ад'ізаляваны ад вонкавага свету з забаронай якіх-колечы кантактаў з-блізкімі, адведзін ix у лагеры, а нават лістоўнай карэспандэнцыі, калі не лічыць фармальнага дазволу на напісанне двух лістоў у год, якія часта канчалі свой маршрут у лагернай цэнзуры.
Дзесяцігадзінны працоўны дзень, апрача падарожжа на рабочыя аб'екты i ў лагер, безупынныя пералікі вязняў у лагеры i на рабоце - у сярэднім 16 разоў у дзень, запіранне на замок баракаў нанач пасля вячэры, ліхое харчаванне, якое не перапыняла пачуцця голаду, асабісты "шмон" (вобыск) кожнага не менш, чым тры разы ўдзень - усё гэта служыла той "асаблівасці" рэжыму.
Адзіны вольны ад працы дзень у месяцы быў пераважна прадбачаны на апаражненне баракаў дзеля "шмону" пасцелі, асабістых рэчаў i caміх баракаў, што практычна пазбаўляла вязняў магчымасці асабістых кантактаў у вольным ад працы часе, а тым больш шанцаў на якія-колечы арганізаваныя сустрэчы. Безупынны індывідуальны нагляд за вязнямі (асабістыя вобыскі, канфрантацыя нумароў з прозвішчам i т.д.) ды сачэнне за паводзінамі рабочых брыгад (пералікі, рабочыя заданні - "нарады", змены саставаў брыгад, ацэнкі вынікаў працы калектываў) - усё разам служыла забеспячэнню ўнутранай ізаляцыі лагернікаў, паколькі адбірала ім шанц нават талкова пазнаёміцца.
Важным элементам нявольніцкага бытавання была бесперапынная галадоўка людзей, якая выклікала ix фрустрацыю, абмежаванне думак i ў рэшце рэшт паступовае ламанне псіхікі. Асабліва маладым людзям цяжка было прабіцца думкамі за абшары праблемы, звязанай з патрабаваннем арганізму забяспечыць яго вегетацыю.
Найважнейшым момантам асноўнай ежы - вячэры, што варта адцяніць, была раздача хлеба. Калі толькі брыгадзір выходзіў з хлебарэзкі з падносам запоўненым пайкамі хлеба, вочы цэлай брыгады, як па загаду, ахаплялі той паднос, беспамылкова ацэньваючы велічыню запрацаваных пайкоў. Хлеб быў парэзаны на кусочкі дакладна адважаныя пароўну. Калі ў якім пайку не хапала хоць грама, то тая недастача была абавязкова прышпілена да асноўнага пайка кусочкам шчэпкі велічынёю ў запалку. Паднос з хлебам нёс звычайна памочнік, а сам брыгадзір кожнаму ўручаў яго порцыю, мяркуючы так, каб акрайчык, называны гарбушкай, прыпадаў кожны чарговы дзень каму іншаму. Гарбушка лічылася адрозненнем, бо мела менш вадкасці ў скарынцы, чым вадзяністы мякіш, i з тае прычыны была больш аб'ёмістай, хаця не рознілася цяжарам.
Рабочыя калектывы стараліся інтэнсіфікаваць сваю працу дзеля перавыпаўнення нормы, ад якой залежаў надзел хлеба, а то i дабаўкі аўсянага супу, які называўся кашай. Гэта быў спосаб на пабольшанне працы, бо той дадатковы паёк вымагаў затраты большай колькасці калорый, чым ён рэкампенсаваў. Зрэшты перавыкананне рабочай нормы прыводзіла да павялічэння асноўнай яе велічыні. Некаторыя хлопцы шукалі паратунку ў пазбяганні патраты энергіі, хаваючыся на будове ад работы. Такія паводзіны аднак супярэчылі інтарэсам калектыву i самога брыгадзіра, a выяўленне такой паставы пагражала штрафною брыгадай, што абазначала першую ступень да канчатковай гібелі.
Сістэма "особых" лагераў аднак не на тое была створана, каб прадоўжыць статыстычную смяротнасць вязняў саракавых гадоў з прычыны голаду. Гэтая праблема тут была жорстка кантралявана адмысловымі камісіямі, якія перыядычна праводзілі "камісоўкі" - агляд голых вязняў i адбор з рабочых брыгад "дахадзягаў" - гэта тых, у якіх ягадзіцы прыліпалі да шкілета. Калі такія заморы яшчэ мелі сілу сяк-так рухацца, ix пасылалі працаваць у кухню на тыдняў 3-4, альбо арганізавалі ў брыгады да лагерных працаў, падкармляючы аўсянкай да часу аднаўлення сіл.
Іншай "дабрадзейнасцю" спецлагера была адсутнасць у ім разбояў між вязнямі, крадзяжоў i даносаў, дзякуючы рэзкаму абмежаванню колькасці блатных. Практычна ў спецлагеры асталіся толькі тыя з ix, якія "запрацавалі" ў лагеры пакаранне за сабатаж, забойства кагось з аховы i т.п., што можна было залічыць да палітычных злачынстваў. Гэта не мяшала лагернаму кіраўніцтву лічыць ix "сацыяльна блізкімі" i давяраць розныя функцыі лагерных прыдуркаў. (Прыдуркамі называлі лагерную абслугу, якая не падлягала вываду на рабочыя аб'екты за лагер.) Удзел ix i ў гэтай галіне быў аднак змаярызаваны палітычнымі вязнямі, у прынцыпе з той групы, што мела сваё найбольшае прадстаўніцтва; у выпадку нашага лагера - украінцамі.
Нянавісць хлопцаў да прыгнятальнікаў выэлімінавала жорсткімі метадамі (пераважна забойствам) перад усім сексотаў (канфідэнтаў). Паступова зліквідаваны былі нават найдрабнейшыя крадзяжы. Прысваенне чаго-колечы не свайго, асабліва куска хлеба, пагражала карай фізічных катаванняў да паўсмерці, што не практыцы аказалася вельмі паспяховым у ліквідацыі зладзейства, якое з'яўлялася зморай бытавых лагераў. У лагеры была КВЧ (КАВЭЧЭ - "культурно-воспитательная часть"). Там можна было дастаць кусок паперы, на якім пад наглядам было дазволена напісаць казённым алоўкам ліст (2 разы ў год), можна было i пазычыць кніжку. Большасць кніжак з галіны прапаганды не ўзбуджала ніякага зацікаўлення, не толькі з-за адсутнасці ўмоваў i сілы да чытання. Не невялічкую колькасць класічнай літаратуры была чарга, у якой трэбе было чакаць каля паўгода. Мне ўдалося аднойчы дастаць кніжку "Война и мир" Льва Талстога, якую трэба было прачытаць на працягу адзінага ў месяцы вольнага ад працы дня. Калі пазапіралі баракі, раптам аб'явілі трывогу. У барак увайшоў афіцэр з ахавай і, загадаўшы ўсім выстраіцца ў праходзе між "вагонкамі", прачытаў інфармацыю аб пакаранні смерцю групы манашак у жаночым лагеры, якія сур'ёзна патурбавалі якогась эмгэбіста i зганьбавалі яго мундзір. Я, стоячы на сваім месцы, уляпіў вочы ў кніжку, каб не траціць часу. Заўважыў гэта наглядчык, вырваў ад мяне кнігу i аб'явіў тры дні пакарання БУРам (БУР - барак усиленного режима). Неўзабаве пасля адыходу аховы прыбег "воронок" (пасланец з камендатуры) ды адвёў мяне ў БУР - не карцерны паёк i прабыванне ў халодным памяшчэнні не нарах без сенніка, трое сутак. Так кончылася мая сутычнасць з літаратураю. Я цяжка пераносіў безупынныя вятры, наганяючыя пясок ці пясок змешаны са снегам, ды пясчаныя бураны. Стаў адчуваць безупынныя болі горла i павышаную тэмпературу цела, што аднак не магло мець уплыву на звальненне з працы на будове горада. У 1952 годзе стаў недамагаць сэрцам пры адначаснай гарачцы. Адведзіны лагернай санчасці аднак не аблягчалі сітуацыі. Урэшце лагерны лекар, гродзенскі хлапец Мечыслаў Баркоўскі, паставіў дыягназ: endocarditis i ў 1953 выяднаў у сваёй начальніцы (фельчаркі ў чыне лейтэнанта МГБ) дазвол палажыць мяне ў інфэрмэрыю. Тэмпература аднак не ўступала, а недахоп лекаў i дрэннае харчаванне не стваралі магчымасці палепшання самаадчування.
Пад восень 1952 г. М. Баркоўскі з задавальненнем паведаміў, што ўдалося яму залічыць мяне да ўнутрылагернай брыгады, якую арганізавала камендатура для няздольных да працы на будове па-за зонаю лагера. Неўзабаве аднак аказалася, што гэта быў хітрык лагернага кіраўніцтва. Цераз дзён два па лагеры разнеслася трывожная вестка, што арганізуецца этап у інвалідны лагер у Спаск, што ў карагандзінскім стэпе. У спіску прадбачаных у этап хлопцы знайшлі i мае прозвішча. Спаск уславіўся ў карлагу як "душагубка", між іншым для маладых людзей непрыдатных да працы, якіх пазбаўляліся каменданты рабочых лагпунктаў (у тым ліку i блатных - адказчыкаў ад работы). Спробы сябра Баркоўскага ў яго начальніцы звольніць мяне ад таго этапу аказаліся беспаспяховымі.
Некалькі землякоў: Арсень Навагран з Наваградка, Адамовіч (ліцэіст з Глыбоччыны - удзельнік падпольнай вызваленчай арганізацыі моладзі пасля вайны), Рамановіч, спомненыя Мікола Яроцкі i дзядзька Міша ды яшчэ некалькі сяброў, якіх не памятаю, знайшлі хвіліну часу развітацца, ці хутчэй можа выказаць спачуванні.
Спаск
Грузавікі выкінулі нас - некалькіх старэчаў i маладых "дахадзягаў" - перад брамаю спаскага лагера інвалідаў у сонечны восеньскі дзень. Як вокам глянуць абшар пустыннага стэпу, аплецены загародамі некалькіх радкоў калючага дроту вышынёю каля трох метраў. Між радкамі той пачварнай загароды стаяць, у адлегласці каля 250 м адна ад адной, вышкі з кулямётам i дрэмлючымі чырвонаармейцамі. Большая частка той тэрыторыі паперасечвана глінянымі або каменнымі сценамі вышынёю ў тры метры з двума доўгімі баракамі ў кожэнай клетцы між тымі сценамі. Толькі ў цэнтры гэтага пачварнага паселішча знаходзілася большая неперагароджаная плошча з некалькімі будоўлямі, каля якіх круціліся людзі. Трэцяя частка той тэрыторыі была аддзелена сцяною, абапал якой, з кожнага яе боку былі працягнуты загарады з калючкі. Гэта падзел лагера на мужчынскую i жаночую зоны. Ад мужчынскай жылой зоны быў адізаляваны цэнтральны шпіталь карлага з амбулаторыяй i клінічнай лабараторыяй. Апошняй забудаванай часткай зоны быў двор з пякарняю ды рознымі майстэрнямі. Рэшта абшару, абгароджанага калючкай i вышкамі, была незагаспадарана. Усходняя яго частка, бугрыстая i скальная, гэта каменяломы. Першае, што кінулася ў вочы выкінутым пад брамай лагера зняволеным, гэта звышкіламетровая чарада людзей, паўзучая з каменяломаў у напрамку жылой часткі лагера. Далей, дзесь на поўнач за лагернай зонай, цягнуліся даўжэзныя бетонныя быццам бункеры. Гэта сіласы капусты i агародніны. Калі ад ix павеяў вецер, наносіў на лагер невынослівы смурод гнілізны. Непадалёк таго смярдзючага "овощехранилища" - плошча пакрытая бугарочкамі, між якімі дзе-нідзе валяўся кусок скалы ці крушня каменьчыкаў. Гэта турэмны могільнік. Далей, да самога небакраю, шэры, спечаны сонцам стэп, непакоены пясчанымі подыхамі. Катастрафічнае ўражанне ад пабачанага пейзажу паглыбіў яшчэ нейкі афіцэр МГБ, які нечакана паявіўся з пасёлка функцыянераў МГБ i лагернай аховы, што непадалёк лагера. Афіцэр па невядомай нам прычыне прычапіўся да нас - некалькіх маладых хлопцаў - абяцаючы нам "уют" у адгароджанай ад рэшты лагера будоўлі з яўным выглядам астрога. Гэта, як пасля выяснілася, быў славуты "шизо" (штрафной изолятор), з якога рэдка каму ўдавалася вярнуцца ўласнымі сіламі. На адвячорку ўвагналі нас у зону. Калекаў зразу завялі ў інвалідскія баракі, іншым загадалі чакаць на спомненай цэнтральнай плошчы лагера.
Нечаканае спатканне
Лагернікі чакалі ўжо нас з надзеяй, што даставім ім якія-небудзь навіны. Перад усім шукалі землякоў. Мне, на шчасце, зразу папаўся блізкі - Міхась Кучэшса, гадоў 45-47, як аказалася, невідушчы ад развітага крывянога ціску i глаўкомы. Той самы Кучэйка - дзеяч Жалудоцкага БНС у часе акупацыі, за што "w imieniu Rzeczypospolitej" была расстреляна цэлая яго сям'я за вячэрнім сталом, а ён сам, спознены з-за дарожнай аварыі, астаўся ў жывых, каб пазней падзяліць лес мільёнаў савецкіх "зэкаў".
Міхась, як заўсёды, зычлівы аптыміст, хуценька выслаў некага ў шпітальную зону з просьбаю паклікаць лекара - Алеся Банькоўскага - майго сябру, былога кіраўніка Віцебскай акругі СБМ. Алесь маментальна прыпёрся ды яшчэ з Віктарам Хомічам - былым наваградскім семінарыстам, а пасля "рагулеўцам". Віктар меў ідэальна каліграфічны почырк (ён выпісаў мой атэстат сталасці, які апынуўся ў кошы для смецця, калі я адмовіўся яго з'есці па загаду раз'юшанага жывадзёра ў слубіцкім (Франкфурт-на-Одэры) арышце восенню 1945 г.). Хлопцы схапілі мяне ў шпітальную зону, папярэдзіўшы вязняў, каб нікога аб гэтым не інфармавалі, калі нават стане шукаць i дапытвацца лагерная ахова. Алесю ўдалося яшчэ скантактавацца са сваім начальнікам шпітальнага аддзела (старым фельчарам - афіцэрам МГБ) i палажыць мяне ў бальніцу з-за абвастрэння эндакардьпу. Такім чынам сябры апярэдзілі вядомага ім з садызму "оперуполномоченного", які кожнага прывезенага ў інвалідскі лагер маладога чалавека прафілактычна кіраваў у "шизо". Усе іншыя фармальнасці ўзяў на сябе Віктар, які дзякуючы свайму ідэальнаму почырку i адсутнасці пішучых машынак выконваў абавязкі сакратара начальніка шпіталя палкоўніка Харашавіна. Маючы на ўвазе недахоп медыцынскага персаналу ў бальніцы, Алесь з першых дзён дастаўляў мне адпаведную літаратуру, праводзіў безупынныя гутаркі, вучыў выконваць перавязкі ды ўколы, браў як світу ў яго лекарскія абходы, так, што на працягу месяца зарэкамендаваў мяне як дасведчанага медбрата, што ў лагернай наменклатуры называлася "фельчарам". Спагадлівы яму начальнік аддзела, хоць i стараўся прыняць мяне на работу, аднак камендатура адмовіла з прычыны 25-гадовага тэрміну пакарання.
У каменяломы
Прыблізна цераз месяц усіх хворых вывезлі на "камісоўку". Камісія, пабачыўшы мяне аджыўленага, нат не хацела зацікавіцца гісторыяй хваробы. Прызнала першую катэгорыю працаздольнасці i назначыла ў каменны кар'ер, у брыгаду Пятра Цімафеевіча Бандарэнкі - суджанага за трацкізм, лагерніка з 18-гадовым стажам, чалавека сяброўскага але неразважнага ў сваёй нянавісці да лагернага рэжыму. У брыгадзе было нас некалькі адносна маладых; большасць - гэта старыя людзі, пераважна азіяты, ужо непрацаздольныя. Нашым, "маладняка", заданнем было накалоць молатамі i жалезнымі клінамі столькі асколкаў скалы, колькі іншыя - старыя - зняволеныя былі здольныя вынесці з кар'ера на бераг для спомненага "кульгавага" транспарту. Турботай брыгадзіра было так аблічыць колькасць выпрацоўкі, каб не папасці ў штрафавікі. Зрэшты, Бандарэнка за нешта такое гатоў быў бы перагрызці нарадчыку горла i той быў свядомы такой магчымасці.
Маім напарнікам у "малатабойні" быў мой равеснік Косця Ахметаў - крымскі татарын, настаўнік. Кульгавы ад пастрэлу ў нагу ў часе ўцёкаў са ссылкі ў Сібір у пошуках сваёй жонкі i асуджаны на 25 гадоў, цяжка пераносіў няволю. Закаханага ў сваёй жонцы Фаціме, хутка, пасля ix жаніцьбы паводле ўсіх татарскіх традыцыяў, быў сілаю разлучаны з ёю. Аул, дзе яны жылі i працавалі, быў нечакана акружаны войскам i на працягу адной гадзіны ўсе яго жыхары пад прымусам былі як папала пагружаны на грузавікі i паразбіванымі сем'ямі развезены ў розныя напрамкі. Гэту трагедыю разлукі многіх сем'яў падзялілі i Косця з Фацімаю.
Алесь адведваў мяне, як мог падлечваў маю хранічную ангіну, якая мела ўплыў на хваробу сэрца i стараўся прадаўжаць маю медыцынскую навуку. Надышоў сакавік 1953 г. а з ім надзея на перамену лёсу мільёнаў нявольнікаў савецкай імперыі.
Смерць тырана
Аднойчы раніцай чамусьці доўга не адпіралі баракаў. Наканец у нашу лагерную секцыю (2 баракі на 350 асоб, аддзеленыя сценамі ад іншых) уварвалася група жаўнераў i выгналі ўсіх надвор, дзе было яшчэ навеяна ветрам снегу на 1,5-2 метры. У тую гурбу снегу ўціснулі стол, на які ўскарабкаўся афіцэр з паперай, абведзенай чорнай аблямоўкай i заявіў, што адчытае жалобнае паведамленне ЦК КПСС аб смерці Сталіна i загадаў: "Шапки долой". "Зэкі", быццам умоўленыя, пераглянуліся, але ні адзін не сягнуў рукою да шапкі. Тады збянтэжаны афіцэр таксама націснуў на лоб знятую раней сваю "вушанку" i паспешліва адчытаў тэкст. Вернутыя пад замок у баракі вязні загулі як на базары. Сярод людзей запанавала эйфарыя. Яны абымаліся, падбадзёрваліся надзеяй вольнасці. Пад вокны барака штораз падыходзілі жаўнеры, але баракаў не адпіралі. На адзінае таго дня падсілкаванне выводзілі малымі групамі, пад узмоцненай аховай. Нікому аднак i ў галаву не прыйшла магчымасць бунту. Запанавала надзея на паступовыя перамены. Неўзабаве пачуліся весткі(аб вядомых сёння ператасоўках у ЦК КПСС, а пасля i аб ганебнай, неверагоднай тады, смерці крывавага Берыі. Нашы лагерныя валадары сталі паступова губляць сваю ўпэўненасць у безадказнасці. У хуткім часе была аб'яўлена амністыя, але толькі для бытавікоў. Павыпусканыя на волю зладзеі i іншыя блатныя хутка сталі запрацоўваць на вяртанне ў лагер, між іншым i ў Спаек, дзе нечакана расла ix колькасць.
Палітычныя вязні сарганізавалі нефармальны самаўрад, з якім камендатура мусіла лічыцца. Жыццё ў дробязях стала паступова мяняцца, напрыклад, часцейшая перапіска, незапіранне баракаў, галаўныя прычоскі i т.п. Паслабленнем рэжыму сталі злоўжываць перад усім блатныя. Па жаданню зэкаўскага самаўраду, пад прэсіяй усіх вязняў, з лагера вывелі блатных галаварэзаў на працягу адной гадзіны.
У лагеры стаў арганізавацца культурны рух, пачынаючы з хору, аркестра, шахматнага гуртка інвалідаў i т.п. Пашырэнне магчымасці асабістых кантактаў між вязнямі паспрыяла дэканспірацыі многіх цікавых людзей, у тым ліку літаратараў розных краін. Выйшла з лагернага падполля канфесійная дзейнасць розных веравызнанняў на асновах поўнай узаемнай талерантнасці i спагады. У праваслаўных распаўсюдзіліся пажаданні споведзі, захоўваючы яе інтымны характар. Каталіцкія ксяндзы i іншыя рэлігійныя групоўкі пайшлі ў напрамку калектыўных рэлігійных практыкаванняў.
Пад восень 1953 г. Алесь Банькоўскі забяспечыў мне месца ў шпіталі i дамовіўся са сваім сябрам хірургам, украінцам Зазуляй, на ампутацыю маіх міндалепадобных залозаў, запальны стан якіх ускладняў хваробу сэрца. Пацешыў прытым, што здольнасць i хірургічны вопыт Зазулі аблегчыць па меры магчымасці наступства адсутнасці абязбольваючага сродка. Пацеха была невялікая, але аперацыя прынесла несумненныя карысці. Выдаленне залозаў прыпыніла інфекцыю сэрца, а час гаспіталізацыі пад кірункам Алеся быў старанна выкарыстаны на падрыхтоўку да працы ў шпіталі. Перашкодай накіравання на работу ў характары медбрата быў надалей тэрмін пакарання, але Алесю ўдалося нейк пераканаць свайго начальніка (старога фельчара - афіцэра МГБ) i той вырашыў даць мне працу, на яго адказнасць. У часе гутаркі з начальнікам за Алесем прыбег "варанок" з загадам явіцца ў камендатуру, а цераз 2 гадзіны майго прыяцеля ўжо вывелі з лагера: куды - ніхто не ведаў. Пасля пяці гадоў удалося мне адведаць Алеся ў Наваградку. Непакоены безупынна ворганамі НКУС, адчуваў сябе прыгнечаным псіхічна i не скрываў сваёй боязі кантактавацца з сябрамі ажно да сваёй заўчаснай смерці.
Праца ў шпіталі i лабараторыі
Мая праца ў шпіталі пачалася з палаты для хранічна хворых, пераважна гіпертонікаў, часткова паралізаваных эпілептыкаў, кардыялагічных i нервовых захворванняў i іншых, не выключаючы i дзесятка сімулянтаў - крымінальных рэцыдывістаў, разам каля сотні мужчын.
Жыў я з імі ў адной палаце, дык i праца мая была безупынная, кругласутачная - на кожны заклік хворых. Памочнікам маім быў санітар Міша - малдаванін, працавіты хлопец. На дзень прыходзіў у палату лекар, зняволены ўжо семнаццаты год - па прафесіі ветэрынар. Чалавек зусім абязволены, нерашучы. Даступнымі лекамі амаль выключна былі: валідол, папаверын, майскі ландыш, камфорны алей (у ампулах), рэдка глюкоз i парашкі кафеіна, якога безупынна дамагаліся тыя сімулянты-рэцыдывісты, якія ў выпадку адмовы не жартавалі. Гэта быў ix наркотык, а безупыннае запатрабаванне на яго змусіла нас падвоіць колькасць атрыманых парашкоў, мяшаючы ix з мелам - пры помачы лабарантаў, у зацішшы ix шпітальнай лабараторыі. У бязвыхаднай сітуацыі нашы грозныя "пацыенты" атрымоўвалі парашок чыстага мелу, ад якога таксама весялелі, перакананыя ў дабратворнасці спажытага "порошка". Для мяне з малдаванінам абазначала гэта ігру з агнём у выпадку дэканспірацыі нашага абману злачынцамі.
Безупыннае прабыванне сярод безнадзейна хворых людзей, бездапаможнасць ва ўмовах недахопу нават асноўных лекаў, недастатковая медыцынская апека, бясконцасць гутарак з хворымі дзеля падтрымання ix надзеі на палепшанне - усё гэта перавышала мае псіхічныя магчымасці маладога тады, хай сабе i адданага справе, хлопца. Абставіны змусілі мяне завязаць сувязі з лекарамі шпіталя - вопытнымі ў лагерных умовах медыкамі ды з кіраўніцтвам клінічнай лабараторыі. Адны i другія аказаліся вельмі спагадлівымі i сумленнымі ў супрацоўніцтве. Добрыя рады i сведчаная імі помач не выручала аднак недахопу сродкаў. Найбольш неўральгічную сітуацыю прычынілі гіпертонікі - пераважна старыя людзі, якія састаўлялі асноўную колькасць падапечных. Ціск крыві ў тых хворых нечакана час ад часу падвышаўся пад уплывам розных перажыванняў, што i раз канчалася, у большай ці меншай ступені, паралічам. Нат найхутчэйшая лекарская дапамога ў такіх выпадках аказвалася безнадзейнай, калі асноўнаю магчымаю працэдураю магло быць толькі спусканне крыві ў выпадку гіпертанічнага крызісу.
Даволі цесныя сувязі з лекарамі шпіталя, a асабліва з кіраўніцтвам лабараторыі, прычыніліся да завязання i сяброўскіх кантактаў. На мой крытычны псіхічны стан звярнуў увагу кіраўнік лабараторыі прафесар Васадзе з Тбілісі i яго намеснік, здольны практык, інжынер хіміі Валодзя Хаменка, які практычна кіраваў лабараторыяй. Ён i папярэдзіў мяне, што прадаўжэнне працы i знаходжанне ў той сітуацыі, у якой я жыў тады, давядзе да псіхічнага надлому. Зацікавіў мяне працай лабараторыі i прафесіянальнай літаратурай на гэту тэму. Хаменка пераканаў дырэктара шпіталя, палкоўніка Харашавіна, перанесці мяне да стацыянара ў лабараторыю. Ад той хвіліны пачаўся наступны этап у маім лагерным існаванні. Сістэматычнае i безупыннае паглыбленне тэарэтычных ведаў, канфрантацыя ix з практыкай пад наглядам i кіраўніцтвам як жа ветлівага праф. Васадзе i сяброўскага Валодзі Хаменкі спрыялі хуткаму пазнаванню тайнаў клінічнай лабараторыі i паступоваму выконванню штораз больш складаных аналізаў пад ix вокам. Цераз год вельмі інтэнсіўнай працы ўдалося здабыць мне нядрэнныя кваліфікацыі самастойнага лабаранта. Узровень працы лабараторыі, дзякуючы спомненым кіраўнікам, быў высокі, хоць адсутнасць некаторых рэактываў i кампанентаў ускладняў яе. Так, напрыклад, рэакцыя Васэрмана на прысутнасць белай спірахеты ў крывi сіфілітыка, што была між іншым маім заданнем, вымагала да даследчага працэсу апрача хімічных рэактываў, якія рыхтаваліся супольна з Хаменкам, яшчэ сывараткі конскай крыві, эрытрацытаў барана i крыві з сэрца марскіх свінак. З-за адсутнасці кансервантаў ці гатовых прэпаратаў выкананню гэтага задання служылі жывыя істоты: конь, мерынос i цэлая калонія марскіх свінак, з якіх ні адна не згінула пасля дакладнай інгэрэнцыі ў нутро сэрца іголкай шпрыца. Варта адцяніць факт, што ў некалькіх выпадках спраўджаная кроў маладзенькіх дзяўчынак, прысланая для збадання з жаночай зоны лагера, выказала пазітыўную рэакцыю на прысутнасць белай спірахеты. Дзяўчаткі не мелі яшчэ ў жыцці сексуальных кантактаў, але прысутнасць у лагерным асяроддзі сіфілітак паспрыяла ў нейкіх абставінах заражэнню цераз ix кроў ці сліну.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі
Паслабленне лагернага рэжыму паспрыяла, між іншым, наладжанню сувязей з вельмі цікавымі людзьмі. Нельга аднак абысці маўчаннем спаткання з самымі блізкімі, апрача Алеся i Віктара, хлопцамі. Пра Лёніка Каляду з Наваградка, юнака СБМ а пасля падначаленага Барыса Рагулі, спамінаў мне ўжо капітан Кутузаў у час следства як аб неўстойлівым псіхічна падследным.
У шпітальнай зоне лагера была абведзеная мурам зона псіхічна хворых, з якой даходзілі часта крыкі, спевы ці сажнёвыя прамовы між іншым на беларускай мове. Выканаўцам апошніх быў, як аказалася, Лёнік. Раз прамаўляў з патрыятычным пафасам, іншым разам пагражаў лагернай ахове за яго зняволенне. Адведвалі яго мы з Віктарам. Час ад часу пазнаваў нас, успамінаў Наваградак i сяброў i раптам у паўслове перапыняў гутарку, каб перанесціся свядомасцю ў свой прывідны, незразумелы нам, свет. Лёнік перажыў лагер, вярнуўся ў Наваградак, падлечыўся i залажыў сям'ю. Сёння ўжо няма яго сярод жывых.
Іншым вельмі цікавым хлопцам быў Юзік Пабяржын з Глыбоччыны. Былы вайсковец - змагар за незалежнасць, паэт, прынцыповы ў сваіх перакананнях i незалежнасці думак, неразрывны спадарожнік сваёй паэтычнай музы. Думкі яго, гнаныя пачуццямі, плылі так хутка, што найспраўнейшая рука не паспявала замацоўваць ix на паперы. Паслугоўваўся ў паэзіі ўсё ящчэ непадзельным у тым часе стылем нашаніўскай пары з дамінацыяй твораў тыпу паэмы. Хай мне дазволена будзе прыклікаць некалькі радкоў адной з яго паэм на тэму спаткання з музай, напісаную ў лагернай атмасферы, п.з. "Маё спатканне":
Вакол няволя, ў небе сінь туманаў
Уткала ясных зорак вугалькі.
Калючым дротам доля закранана:
Агні, сабакі, вышкі ды стралкі.
Сігнал адбою з рэйкі заржавелай
Загнаў сяброў на нары у барак
I я адзін з душою набалелай
Сачу як тухне бледная зара.
За сплётам дроту у стэповай далі
Шакалы вылі жудасным выццём.
А мне здалося, там лямантавалі
Над маім юным стоптаным жыццём.
Мне стала жаль, што вяну не даспеўшы,
Што марна гіну ў здзеку i нудзе,
Што ўжо не ўбачу гадоў ласкавейшых
I тут бясследны след мой прападзе...
Працягла высокі ціск крыві ў Юзіка зруйнаваў цалкам яго здароўе. Атэрасклероз асабліва заатакаваў сасуды ног i пагражаў ампутацыяй ці гангрэнай, што для яго не было таямніцай. У такіх вось абставінах ён шукаў думкамі кантактаў са сваёю музай i вобраз яе маляваў у сваіх пачуццях, быццам зматэрыялізаваных гуках слоў яе:
Я промень сонца, я гадоў цвіценне,
Я хмель кахання, я нашэпт лясоў,
Экстаз, нірвана, солад, захапленне,
Я aqua vitae, я раскошы сон...
Аднак жа не братаўся з тою абажанай ім з'яваю, разумеючы сваю недасканаласць, звяртаўся да яе з пашанаю, у другой асобе множнага ліку:
Я вас чакаў сустрэць як збавіцельку,
Сваю душу схаваць пад Боскі плашч.
A ў вас няма спагады чалавеку.
Чужы, чужы вам болю майго плач...
У сваіх роздумах, аднак, паэт даходзіць да вываду, што аднымі толькі пачуццямі сэрца нельга асягнуць вялікага ды дарма:
Хацеў зглыбіць я моры й акіяны,
Экзотыку няведаных краін,
Згадаць народаў i манархаў планы,
Спусціцца ў пекла, ўзняцца у раі...
Быццам дакор сабе ўкладае ў вусны музы:
Няшчаснік марны, сэрца свайго чашай
Змераеш неба праўды й пекла злосць?
Бязмежны свет не зменіць скрыпка ваша.
Душой змярай плод духа; сэрца - плоць.
Што ж, сэрца ваша, як марская губка
Усмокча толькі то, што ўкруг яго...
Муза яму бачыцца патрабавальнай, амбітнай:
Пегаса хочаш? Эх ты, недаверак!
Яго заездзілі другія ўжо ушчэнт.
Я муза муз, ўладарка уладарак.
Цябе вазьму я ў свой кабрыялет.
Цябе я з духамі Шылера й Гётэ
Таўстога й Лермантава падружу.
Спяваці будзеш мыслямі сусветаў,
У матэрыялізм дыхнем ізноў душу...
У гэтым незвычайным дыялогу, звершаваным у 65 страфах, напоўненых наперамен то эмоцыямі, то глыбокімі думкамі, паэт поўнасцю аддаецца чаканай гадамі музе i для асягнення пажаданага эпагею ў сваёй паэзіі гатоў вытрымаць кожную спробу, з вераю ў асягненне сапраўднага паэтычнага экстазу, які быццам i паявіўся ў яго пачуццях:
Пачуў акорды незямных сімфоній,
Мелодыю не йграную нідзе
I ажылі душы маёй затонкі
I ўваскрэсення прывітаў я дзень.
Страфы вершаў Язэпа Пабяржына, якія ўдалося мне вынесці з лагера "на волю", зразумела, не адлюстроўваюць поўнасцю характару яго паэзіі. Пісаў ён шмат i хутка, бічаваў савецкую імперыю i нявольніцкі, антычалавечы лад яе, апяваў красу роднае мовы i краіны ды драму суайчыннікаў...
Завязаліся ў лагеры кантакты з літаратурнымі крытыкамі i паэтамі, сярод якіх мне запамяталіся цесныя сувязі з украінскім паэтам Еўтушэнкам (імя, на жаль, не памятаю) i вядомым яўрэйскім дзіцячым пісьменнікам Кіпнісам (пасля звальнення ён пісаў да мяне з Кіева).
Вершы Пабяржына i Еўтушэнкі мы канспіравалі ў лабараторыі сярод прафесіянальнай дакументацыі. У 1956 годзе камендатура лагера "вынюхала" нешта падазронае i на Вялікдзень (дзень быў вольны ад працы) афіцэр з групаю жаўнераў акружылі лабараторыю (у лагер жаўнеры ўваходзілі без ружжа) ды сталі "шманаць" (абысківаць). Даведаўшыся пра гэта, Еўтушэнка маментальна склікаў нешта каля трохсот "зэкаў", якія акружылі жаўнераў. Сам ён прабіўся ў лабараторыю i, пабачыўшы нас збянтэжаных, выклікаў афіцэра ды запрапанаваў яму зірнуць на панадворак. Той, глянуўшы на натоўп вязняў i выразна перапуджаных сваіх падначаленых, пад нейкай выдуманай прычынай адклікаў акцыю i падаўся з ваякамі да выхадной брамы, у суправаджэнні шматлікай грамады лагернікаў.
У 1955 годзе з лагера сталі звальняць хранічна хворых людзей. Выйшаў на волю між іншым наш неацэнены прафесар Васадзе. Месца яго ў лабараторыі заняў Валодзя Хаменка. Да мяне штораз прыходзілі былыя мае падапечныя з палаты нявылечна хворых - развітацца. На пачатку 1956 г. у лагер прыехала камісія, адна з тых пакліканых Вярхоўным Саветам СССР д ля перагляду спраў зняволеных, перад усім палітычнага характару. Сярод людзей вытварылася атмасфера надзеі i чакання У большасці выпадкаў выкліканых камісіяй звальнялі. Вызвалі i Язэпа Пабяржына, але ён вярнуўся злосны. Уцягнуты членамі камісіі ў палеміку i разгневаны ix увагамі, заявіў (паводле яго слоў), што ён не бачыць ніякай сваёй віны i, калі надарыцца магчымасць, аддасць усе сілы барацьбе за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны. Прызналі яго "неисправимым" i вярнулі ў лагер.
На пачатку 1956 г. вызвалілі i Хаменку. Па яго прапанове начальнік шпіталя назначыў мяне кіраўніком лабараторыі. На маё шчасце, ненадоўга.
Вызваленне
У жніўні 1956 года камісія паклікала i мяне. Перагляд маіх судовых дакументаў i гутарка не працягнуліся больш 15 хвілін. Галоўнай тэмай не былі мае "праступленні", але справа майго грамадзянства. Заўвагі членаў камісіі ў гутарцы са мною сведчылі, што яны запазналіся з маёй справай i маюць на яе свой погляд. На пытанне: "Кто вы по национальности и какое ваше подданство?", я адказаў: "Беларус, грамадзянін Польскай Народнай Рэспублікі". "Но вас же судили как гражданина БССР?" Я пацвердзіў, але дадаў, што на гэта я не меў ніякага ўплыву.
На самай справе я беспаспяхова спорыў на гэту тэму ў следстве, але не ведаў, што тым часам да маіх дакументаў была даслана, праўдападобна сястрою, спраўка аб грамадзянстве i пасведчанне з варшаўскай гімназіі, у якой я вучыўся да вайны. Пасля кароткай кансультацыі камісіі, яе старшыня аб'явіў рашэнне: "Освободить со снятием судимости и поражения прав". Дадаў прытым, што магу атрымаць накіраванне i білет у любое месца СССР, але дазволу на выезд у Польшчу трэба дамагацца ў Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі. Такім чынам здзейснілася тое, што яшчэ ў зусім недалёкім прошлым было неверагодным i аб чым можна было толькі марыць, як аб цудзе, які ўшчаслівіў бы чалавека.
Рэчаіснасць аказалася аднак іншай. Здаўленае пачуццё эйфарыі, выкліканае на момант свядомасцю асабістай вольнасці, нечакана ўстутупіла рэфлексіі, якая насоўвала натоўп пытанняў без адказу. Колькім сотням тысяч такіх як я ўдалося мінуцца з жаданай для ix пракурорамі шыбеніцай, перанесці цярпенні i здзекі следства, голаду i паднявольнай працы, патраціць гады маладосці, каб пачуць у канцы, што ўсё гэта адбылося без ix віны, ды наогул вінаватых у гэтых недарэчнасцях быццам бы i не аказалася? A колькіх не мінула незаслужаная смерць з рук катаў?
На гэтыя i падобныя пытанні, на жаль, i да сёння няма талковага адказу, а тады тым больш не было часу на разважанні. Паявілася новая рэчаіснасць i трэба было хутка дастасавацца да яе. Вядома было, што сярод заходніх рэспублік, у БССР была найбольш збальшавізаваная бюракратыя, дык я пастанавіў "зачапіцца" ў Вільні, але білет запатрабаваў у Гродна, каб адведаць сям'ю ў Лідзе. Справа ў тым, што чалавек без пашпарта не лічыцца, пашпарта нельга дастаць без прапіскі, a Вільня - горад "закрытый", дзе нікога не прапісваюць. Прыйшлося тады пашляцца па акалічных мясцовасцях i ў канцы знайшлася жанчына, якая згадзілася прапісаць мяне за 100 рублёў у месяц без згоды на фактычнае закватараванне. Літоўцы ахвотна пазбываліся кожнага, хто стараўся выехаць у Польшчу, дык працэс здабывання неабходных дакументаў праходзіў даволі спраўна. У тым часе брат асмеліўся павядоміць мяне, што жонка мая згінула трагічна хутка пасля майго арышту, а сын, прытулены пачаткова чужымі людзьмі, быў пасля нейкага часу аднойдзены i забраны сястрой Людкай, якая ў тым часе жыла ўжо ў Варшаве.
Я ўладзіўся на работу ў шпітальнай лабараторыі ў Лідзе, а напрыканцы 1956 года атрымаў гатовыя дакументы на выезд з Літвы ў Польшчу.
Спатканні з роднымі
Першага студзеня 1957 года ўхіліліся перада мною дзверы памяшкання Людкі ў Варшаве, на колькі пазваляў ланцуг, што забяспечваў перад магчымай агрэсіяй непажаданага прышэльца. У прасвеце дзвярэй паказаўся кучаравы сінявокі прыгожы хлопчык. Я здагадаўся, што гэта мой асірацелы сынок, а за ім яшчэ двое малышоў з выпучанымі на мяне вачыма. Калі пачулі ад мяне, кім я маю быць, у вачах цэлай тройкі паявіўся адценак сумнення. Відаць, пабачаная "бушлатная" постаць за дзвярыма ніяк не прылягала ў ix уяўленні да бацькі Леслава з аповедаў Людкi. Пасля кароткіх "перагавораў" Леслаў усё ж такі адважыўся ўпусціць мяне ў памяшканне. Нікога старэйшага дома не было. Я з цяжкасцю ўстрымоўваў эмоцыі, выкліканыя тым незвычайным спатканнем з сыночкам, з якім не расставаўся ў думках праз усе сем гадоў адсутнасці. Прывітанне; аднак, у тых абставінах было стрыманае. Волю хваляванням усім прысутным дома дала Людка, вярнуўшыся з мужам з нейкіх навагодніх гасцей. Леслаў стараўся аказваць штораз большае прывязанне да мяне. Кожныя два-тры дні адведваў мяне ў шпіталі, дзе я пасля прыезду мусіў цэлы месяц лячыцца. Прызнаўся ён у гутарках са мною да непакоячай яго думкі, што я зноў магу дзе-небудзь прапасці. Я разумеў, што ён уважаў перад усім сваім гонарам пахваліцца (як i ўсе хлопцы) перад сябрамі, што ён, як i іншыя, мае праўдзівага бацьку, ды яшчэ невядома чым аб'ясняў сваім сябрам маю адсутнасць. На самай жа справе відавочная была яго заклапочанасць дома, як цяпер звяртацца да мужа Людкі, да якога адносіўся дасюль як да бацькі i так яго называў, а Людка стала яго мамаю i так асталася да смерці. Каб яго не бянтэжыць гэтай праблемай, па маёй прапанове мы пастанавілі не мяняць яго адносін да сваіх цяперашніх "бацькоў". I так хлопец "разжыўся" двома бацькамі. Цераз год Лecлаў перайшоў пад маю апеку, з хвілінай атрымання памяшкання. Адносіны між намі склаліся вельмі добра i асталіся прыяцельскімі да сёння, але, на жаль, не здолелі ўжо асягнуць пачуцця роднасці, тым больш, што я мусіў узяцца за працу, кончыць універсітэцкую асвету i так ужо асталося між намі. Незалежна ад спамянутых клопатаў, як жа цяжка прыйшлося пераадолець комплексы зняволення. Я сёння не паверу ні аднаму, хто прайшоў цераз сіта 4-5-7 - гадовага зняволення ў савецкай сістэме (іншай я не дасведчыў), што ён вярнуўся без комплексаў. Гэта была б хлусня або несвядомасць фактычнага стану. Сумняваюся таксама, ці ў якога-колечы былога "зэка" не асталіся ў падсвядомасці тыя кашмары, якія непакояць яго ў снах усё жыццё. Гэта, на жаль, толькі частка наступстваў перажытага маім пакаленнем моладзі. Мушу, аднак, з цэлай упэўненасцю заявіць, што ніколі не непакоіла мяне пачуццё раскаяння ці жалю з прычыны перажытага. Наадварот, калі паяўляецца сумненне, то перад усім у тым сэнсе, ці дастаткова сумленна выконваліся прынятыя на сябе грамадскія, хай сабе не так ужо i вялікія, абавязкі. Ці сума дзеянняў i лёсаў маладых людзей майго пакалення ўздзейнічала ці ўздзейнічае на лёс Народа i Бацькаўшчыны? Ці наогул гісторыя наша, так шчодра фальшаваная іншымі, захоча заняцца тою праблемай? Нельга было б не адцяніць на заканчэнне той факт, што палітычная кастрычніцкая "адліга" 1956 года ў Польшчы прычынілася да вельмі зычлівага прыняцця звольненых гулагаўскіх вязняў, незалежна ад ix паходжання.
Так пачалася мая небезухібная сучаснасць, якой, аднак, не прадбачана месца ў гэтых успамінах.