Папярэдняя старонка: Мемуары

Лідзкая акруга падчас нямецкае акупацыі 1941-1944 г. 


Дадана: 05-09-2016,
Крыніца: Лідзкая акруга падчас нямецкае акупацыі 1941-1944 г. // Беларуская Думка №1, кастрычнік 1960. С. 6-9.



На Лідчыне, як i на ўсёй заходняй Беларусі, пасьля разгрому арміяў Савецкае Расіі ў чэрвені 1941 г. i акупацыі яе нямецкімі войскамі, палякі разгарнулі надзвычайную дзейнасьць. Яны неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіруючымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе становішчы ў акруговай, паветавай i валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама i ў нямецкіх установах: мясцовых вайсковых камэндантурах, а пазьней i ў акруговым камісарыяце нямецкае цывільнае адміністрацыі. Адначасна палякі ахапілі пэрсанальную абслугу мясцовых нямецкіх кіраўнікоў. Такім чынам, ад самага пачатку нямецкае акупацыі, уся адміністрацыйная i паліцэйская ўлада ў паветах i валасьцёх апынулася поўнасьцю ў польскіх руках. Мясцовыя крайсляндвірты-немцы былі акружаныя полькамі машыністкамі, перакладчыцамі, сакратаркамі; a ў нямецкай акруговай адміністрацыі палякі таксама поўнасьцю ахапілі сваімі людзьмі дапаможныя становішчы перакладчыкаў i г. д., а нават i другарадныя кіраўнічыя становішчы.

Дабіцца гэтага палякам было няцяжка, бо наплывовы элемэнт з Пазнаньшчыны добра валодаў нямецкаю моваю, i такім чынам мог увайсьці ў давер да немцаў.

Палякі адразу распачалі акцыю вынішчэньня беларускага нацыянальнага актыву як сваімі рукамі, так i рукамі немцаў. Рабілася гэта вельмі проста. Досыць было паляку-паліцэйскаму затрымаць каго-небудзь і, прывёўшы да нямецкіх уладаў, сказаць, што гэта камуністы, як затрыманага бяз допыту i суда выводзілі ў недалёкія кусты i расстрэльвалі.

У той час ня было сувязі з мясцовасьцямі i таму нельга даць дакладных лічбаў аб вымардаваных беларусах у першую пару акупацыі. У маёй - забалоцкай - воласьці ў канцы жнівеня 1941 г., бяз ніякае прычыны, былі забраныя палякамі-паліцэйскімі Аляксей Смолік з вёскі Праважа i мой дваюрадны брат з Гудзінімскіх Пасек. Арыштаваных завялі ў "ортскамэндантуру" у Астрынку з рапартам, што ix злавілі, як узброеных камуністых. Ахвяры былі зараз-жа выведзеныя на мясцовыя жыдоўскія могілкі i расстраляныя. Мяне меў спаткаць такі самы лес, але за мяне заступіўся былы войт польскай адміністрацыі, які быў добрым сябрам майго нябожчыка бацькі.

Польская мясцовая адміністрацыя накладала на беларускае насельніцтва значна большыя падаткі й іншыя павіннасьці, чым на палякоў. Амаль з кожнае беларускае хаты былі высыланыя хурманкі ў нямецкія абозы. Абозы былі цяжкай павіннасьцяй: шмат народу памёрла там ад хваробаў, шмат было забіта вайной, а хто вярнуўся дамоў,то без каня. Палякаў гэтая павіннасьць абмінала.

Ужо першая высылка на прымусовыя працы ў Нямеччыну так сама лягла цяжарам на беларусоў. Забіралі моладзь нават з тых гаспадарак, дзе яе рукі, як апошняга мужчыны, былі неабходна патрэбныя для абрабляньня зямлі. Польская адміністрацыя загадвала сваякам-беларусам абрабляць зямлю ў такой гаспадарцы. У тым самым часе беззямельныя й беспрацоўныя палякі ў вялікай колькасьці пражывалі ў мястэчку Забалоцьце, але ix не пасылалі на працу ў Нямеччыну.

Увесну 1942 г., калі нямецкая цывільная адміністрацыя абвясьціла, што заходняя Беларусь не становіць польскіх Крэсаў Усходніх, a зьяўляецца часткаю Беларусі (Вайсрутэніі), то мясцовыя палякі выказвалі жаль, што ня вынішчылі ўсіх беларусаў да вайны - ня было-б для каго тварыць Беларусь.

У красавіку 1942 г. у мястэчку Васілішкі быў заснаваны паветавы аддзел Беларускай Народнай Самапомачы (БНС), на чале якога стаў настаўнік Юліян Груцкі. Тады-ж быў прысланы на становішча школьнага інспэктара Шляхтун, стары беларускі настаўнік, які за часоў польскага панаваньня не атрымаў працы настаўніка, бо быў беларусам. Распачалася арганізацыя беларускіх школаў. У травені 1942 г. у Забалацьці быў заснаваны валасны аддзел БНС, на старшыню якога прызначылі мяне. Пачалася паступовая замена палякаў беларусамі ў адміністрацыі.

На гэту арганізацыйную беларускую нацыянальную дзейнасьць палякі адказалі сваім крывавым тэрорам, ажыцьцяўляючы сваё спозьненае вынішчэньне беларусаў.

У нядзелю 19 чэрвеня 1942 г. паветавы старшыня БНС у Шчучыне, ён-жа i дырэктар настаўніцкае сэмінарыі, Рандарэвіч зарганізаваў Сьвята Моладзі на беразе Немана, у 7 км ад Шчучына. Пасьля імпрэзы, ейныя кіраўнікі Рандарэвіч, Груцкі i Шляхтун зайшлі на вячэру да мясцовага сьвятара. Пад час вячэры, у памешканьне сьвятара ўварвалася некалькі ўзброеных палякаў, якія зажадалі ад прысутных дакумантаў. Шляхтун i Груцкі паказалі свае настаўніцкія пасьведчаньні й ix не чапалі, але Рандарэвіча забралі, завялі ў жыта i застрэлілі.

На наступны дзень - 20 чэрвеня - інспэктар Шляхтун i настаўнік Груцкі раніцай варочаліся на самакатах дамоў. Не даязджаючы 4 км. да Васілішак, яны былі затрыманы палякамі-паліцэйскімі з Васілішак, заведзеныя ў жыта i застрэленыя. Самакаты засталіся на дарозе. Калі аб зьнішчэньні данесьлі ў паліцыю, дык дасьледваньне было праведзена фармальна, i ніхто ня быў выкрыты. Праз тыдзень сяляне знайшлі трупы замардаваных па цяжкім паху i данесьлі ў паліцыю. Паліцыя прывязла трупы ў Васілішкі i з кпінамі казала, што гэта "падла" засмуродзіла ўсё мястэчка.

Па некаторым часе на прыходзе Турэйск, каля Шчучына, быў замучаны на сьмерць са сваёй матушкай сьвятар Іван Аляхновіч.

Перад Калядамі 1942 г. кіраўнік гаспадарчага аддзелу Васілішкаўскай паветавай управы Гарадзейчык наведаў сваю сям'ю ў вёсцы, адлеглай 8 км. ад Васілішак. У Сьвяты Вечар, калі сям'я Гарадзейчыка была за сталом, узброеная банда палякоў уварвалася ў хату i тут-жа застрэліла Гарадзейчыка.

На пачатку 1943 г. былі ўведзены новыя асабістыя пасьведчаньні (аўсвайсы), у якіх была рубрыка "нацыянальнасьць". Кіраўнік фінансавага аддзелу Васілішкаўскай паветавай управы Грушнік, якога палякі лічылі сваім чалавекам, падаў у пасьведчаньні нацыянальнасьць беларускую. У кароткім часе па атрыманьні ім пасьведчаньня, увечары нехта пастукаў да яго ў дзьверы. Грушнік адчыніў дзьверы i быў застрэлены з пісталета.

У сакавіку 1943 г. качальнік Лідзкай гарадзкой паліцыі, беларус, лейт. Канчук Усевалад, праходзіў каля рынку ў Лідзе з сястрой i ейнай калежанкай. Праходзячы праз натоўп, Канчук атрымаў стрэл у патыліцу i паваліўся забітым. Забойцы перабеглі вузкі выган, пераскочылі праз ручай i зьніклі ў Лідзкіх руінах.

У канцы травеня 1943 г. з Менску былі прысланыя: Ю. Саковіч на становішча Акруговага Старшыні БНС у Ліду i Л. Маракоў на становішча паветавага старшыні ў Васілішкі. Ніхто з мясцовых беларусаў яшчэ ня ведаў аб гэтых новых прызначэньнях, але палякі ведалі i мясцовы падпольны польскі суд вынес прысуд сьмерці новапрызначаным беларусам. Ужо за два дні да прыбыцьця ў Васілішкі Л. Маракова, адзін тамтэйшы кравец паляк казаў майму сябру А. С., які пражываў у гэтага краўца, што лепш-бы не прыяжджаў сюды новы паветавы старшыня, бо доўга тут не пабудзе.

Перад Сёмухай прыехалі ў Васілішкі Саковіч i Маракоў. На наступны дзень яны пайшлі адведаць беларусаў у фальварку Гайкаўшчына, недалёка ад Васілішак. Палякі хацелі забіць ix у дароге, але прыбылыя ішлі з групай некалькіх асобаў, таму забойцы на самакатах абмінулі ix. Каля 3-яй гадзіны дня Саковіч з Мараковым вярнуліся ў Васілішкі, але дзьверы кватэры былі замкнутыя, бо гаспадыня пайшла адведаць сваю матку. Тады прыбылыя пайшлі да знаёмае лекаркі, прысланае на працу з Менску. Прайшоўшы некалькі крокаў праз плошчу, Саковіч з Мараковым спаткалі дзьвюх асобаў, якія, мінаючы, хутка дасталі пісталеты i застрэлілі прыбылых. Забойцы пераскочылі ксяндзоўскі плот i зьніклі паміж будынкаў. Забойцамі былі: плютановы польскага войска, пражываўшы ў Старых Васілішках i шляхціц з фальварку Острава, Васілішкаўскай воласьці.

У ліпені 1943 г. Ільля Кіслы, беларускі грамадзкі дзеяч, праяжджаючы на самакаце a поўдні па галоўнай вуліцы Ліды, атрымаў стрэл у патыліцу.

На пачатку восені 1943 г. Мікола Сямашка, камандант ахоўнага аддзелу ў маёнтку Запольле, адлеглым 4 км. ад Ліды, быў застрэлены паляком паліцэйскім.

Увосень гэтага самага году Жалудоцкі паветавы старшыня Токць Барыс, які ехаў хурманкай з мяст. Жалудок да чыгуначнай станцыі Скрыбава, на паўдарозе быў затрыманы i застрэлены палякамі.

У 1943 г. валасны старшыня ў Бакштах Кастусь Кішкель быў арыштаваны польскай паліцыяй бяз прычыны. Пасьля допыту, паляк-паліцэйскі Дражынкевіч, адводзячы арыштаванага да турмы, застрэліў яго па дарозе, нібы за спробу ўцёку.

Тады ж быў застрэлены палякамі Юраціцкі школьны інспэктар Пратасэвіч.

У пачатку сакавіка згінуў на парозе свае хаты старшыня г. Ліда Пінкевіч. Забойцы пастукалі ўвечары ў дзьверы i, калі Пінкевіч адчыніў, застрэлілі яго з пісталета.

Вышэй пералічаныя беларусы, памардаваныя палякамі, былі мне асабіста ведамыя (за выняткам Пратасэвіча); з імі я супрацоўнічаў, або спатыкаўся. Але, апрача пералічаных, палякі вымардавалі на Лідчыне мноства іншых: настаўнікаў, працаўнікоў адміністрацыі i сялян, аб чым я толькі чуў з пераказаў іншых беларусаў пазьней. Некалькі такіх выпадкаў я i падаю ніжэй.

Банда польскіх партызанаў напала на хутар заможнага беларуса каля чыгуначнага прыстанку Курган. Палякі дамагаліся ад селяніна зброі, якое той ніколі ня меў. Селяніну выломвалі пальцы, прыпякалі гарачым зялезам, заганялі пад пазногці смалякі i запальвалі ix, рэзалі скуру i салілі жывое цела; так зьдзекваліся, пакуль селянін ні сканаў. Усе гэтыя катаваньні палякі рабілі ў прысутнасьці жонкі i дзяцей катаванага.

Аляксандар Федаровіч быў змабілізаваны ў паліцыю, але хутка звольніўся, бо ня было каму працаваць на гаспадарцы. У хуткім часе яго знайшлі на адлегласьці 12 км. ад хаты, утопленым у рацэ Дзітва, супроць Навасёлак, са зьвязанымі рукамі й нагамі.

Увесну 1944 г. палякі распачалі антыбеларуекі тэрор у больш масавым абсягу. На пачатку красавіка 1944 г. толькі ў Белагрудзкай i Беліцкай валасьцёх было забіта польскімі бандамі больш 100 беларусаў у працягу аднаго тыдня. Вымардоўваліся сваякі настаўнікаў, працаўнікоў адміністрацыі, БНС, вясковых старастаў, якія працавалі пад нямецкай акупацыяй, а таксама забіваліся ўсё тыя, хто працаваў падчас савецкае акупацыі да 1941 г. нават на найніжэйшых становішчах, як: вясковыя ўпаўнаважаныя, працаўнікі сельпо i г. п.; сваякі ix таксама вымардоўваліся. Такім чынам палякі ачышчалі Беларусь ад інтэлігентнейшай часткі насельніцтва, ад сваіх патэнцыяльных ворагаў. Такую акцыю палякі маглі арганізаваць на Лідчыне дзякуючы свеасаблівым мясцовым абставінам.

Ад пачатку нямецкай акупацыі на Лідчыне дзеіла моцная нелегальная польская арганізацыя, якая ў другой палове 1943 г. была прызнаная немцамі за дзейнік, з якім належыць лічыцца. Немцы ня толькі талеравалі гэтую польскую арганізацыю, але i памагалі ёй зброяю, амуніцыяй, лекамі, а нават прыймом у шпіталі хворых i раненых польскіх партызанаў. На вуліцах Ліды было відаць едучых хурманкамі польскіх ахвіцэраў i жаўнераў. У маёй прысутнасьці ў канцылярыю акруговае нямецкае жандармэрыі ў Лідзе прыбыў польскі паручнік у ўніформе, зажадаў спатканьня з акруговым камандантам жандармэрыі, што i было зараз-жа выканана.

Немцы вялі на Лідчыне падвойную палітыку: афіцыйна нібы падтрымлівалі нацыянальныя імкненьні беларусаў, а за плячыма - давалі паляком магчымасьць арганізаваць збройную сілу, нацкоўваючы ix на берарусаў. Стацыянаваньне літоўскіх ды ўкраінскіх батальёнаў на Беларусі дадаткова сьцьвярджае факт, што немцы не ўважалі беларускі народ за прыхільны для сябе.

Адклікаючы з вясковых школаў уcix беларускіх настаўнікаў, якія яшчэ ня былі памардаваньія палякамі, немцы тлумачылі гэта беларусам, як імкненьне захаваць настаўнікам жыцьцё. Можка прыпушчаць, што гэтае адкліканьне было ўступкай польскім дамаганьням аб спыненьні арганізацыі беларускіх школ на Лідчыне.

Выпраўляючы беларусаў ў раёны, на працу на кіраўнічыя становішчы, немцы запэўнялі ix аб сваей дапамозе i рэпрэсіях супроць палякоў за эвэнтуальныя акты тэрору. У сапрадкасьці-ж немцы не рабілі ніякіх захадаў у сувязі з мардаваньнем палякамі беларусаў. Трэба прыпушчаць, што гэтая дзейнасьць была на руку немцам.

Зьмена польскай адміністрацыі на беларускую на Лідчыне адбывалася вельмі паволі. Паліцыя да канца была пад кантролем палякаў. На пачатку красавіка 1941 г. на 25 камэндантаў паліцыі 21 камэндант былі палякамі. Дзьве трэціх агульнага складу паліцыі Лідчыны былі палякамі. Акруговы камісарыят Ліды да канца быў запоўнены польскімі дапаможнымі працаўнікамі, за выняткам некалькіх беларусаў.

Палякі вельмі ўмела абслугоўвалі розныя асабістыя патрэбы нямецкіх кіраўнікоў, пачынаючы ад акруговага камісара. На дзень нарадзінаў камісара палякі падаравалі яму каштоўны пярсьцёнак з нацыстоўскага колеру каменем. Сымпатыі камісара да палякоў дайшлі да таго, што ў 1944 г. ён езьдзіў на Вялікдзень на сьвянцонку да польскіх партызанаў. Полькі машыністкі i сакратаркі вельмі ахвотна абслугоўвалі розныя жыцьцёвыя патрэбы нямецкіх кіраўнікоў і, карыстаючыся з магчымасьцяў, адстойвалі польскія нацыянальныя справы. Пры такіх прыязных абставінах палякі разбудоўвалі свае збройныя аддзелы на выпадак магчымасьці захопу ўлады на Лідчыне i на ўсёй заходняй Беларусі. Некалькі ілюстрацыяў для характарыстыкі магчымасьцяў гэтае польскае падрыхтоўчае дзейнасьці падаецца ніжэй.

Адзін селянін з вёскі, адлеглай 2 км. ад Васілішак, аднойчы нявыехаў на шарварк. На наступны дзень жандармы з паліцыяй зайшлі да гэтага "непаслухмянага" чалавека. Аказалася, што ён быў пад польскай уладай: у хаце была цэлая канцылярыя. Плютановы пісаў на машынцы. Жандармы арыштавалі плютановага, забралі куфар актаў, машынку i запас зброі. Праз дзьве гадзіны пасьля гэтага ў жандармэрыю зьявіўся польскі паручнік з капралам i зажадаў звальненьня арыштаванага i звароту ўсяго забранага, пагражаючы збройным выступленьнем супроць немцаў. Немцы выканалі ўсе дамаганьні польскіх партызанаў.

У Васілішкаўскай жандармэрыі працаваў "обэрвахмайстар" Цесьляк з Верхняй Сілезіі (мабыць, зьнемчаны паляк). Ён перадаваў усе патрэбныя сакрэты паляком, за што меў каханку польку i частыя пачастункі ад палякаў.

Пасьля забойства Саковіча i Маракова былі выкрыты ix забойцы, а так сама было сабрана шмат матэрыялаў аб польскай дывэрсійнай дзейнасьці ды акцыі супроць беларусаў на Лідчыне. Матэрыялы былі пераданыя Ільлі Кісламу для далейшага ходу. Гэтыя матэрыялы забрала Лідзкая жандармэрыя i пераслала жандармэрыі ў Васілішках. Палякі заразжа былі паінфармаваныя аб кампрамітуючых ix матэрыялах i ўжо праз тыдзень па атрыманьні матэрыялаў Кіслы быў застрэлены палякамі, аб чым мы ўпаміналі вышэй. Больш трох месяцаў матэрыялы ляжалі ў Васілішкаўскай жандармэрыі. Трэба прыпушчаць, што папярэджаныя немцамі палякі паліцэйскія, выкрытыя ў матэрыялах, пайшлі ў партызаны, забраўшы зброю i амуніцыю з паліцыі.

Частка Гарадзеншчыны i Беласточчыны былі далучаныя да Усходняй Прусіі. Польская падпольная арганізацыя з Васілішак дзеіла на абшары гэтых адлучаных тэрыторыяў. Гэтая дзейнасьць была выкрыта нямецкімі ўладамі Усходняе Прусіі, якія выкрылі карэньні яе ў Васілішках i прыбылі сюды для ліквідацыі. Аднак, Ваеілішкаўская жандармэрыя не дапусьціла да гэтай ліквідацыі, матывуючы патрэбай часу для далейшага сачэньня.

У гэтым часе ў Васілішках была раскватэраваная рота 63 батальёну "штуцманшафту" украінцаў, з якімі мы мелі прыязныя дачыненьні. Украінцы таксама выкрылі існаваньне польскай падпольнай арганізацыі і, ня пытаючыся немцаў, дня 23 сьнежня 1943 г; арыштавалі ў Васілішках 22 палякоў. На наступны дзень 5 асобаў было звольнена, а рэшта мела быць дастаўлена ў Ліду. Транспарт складаўся з арыштаваных палякаў, 8 нямецкіх жандармаў i 15 украінскіх "штуцманаў". Каля Вавёркі польскія партызаны зрабілі засаду, відаць загадзя паінфармаваныя. Стрэламі з кулямётаў палякі забілі 3-х немцаў i 9-х украінцаў ды адбілі арыштаваных палякаў. Роту украінскіх "штуцманаў" перавялі з Васілішак у Іўя, відаць, для супакою, i ніякіх рэпрэсіяў супроць палякоў за забітых немцаў ня было.

Па-ранейшаму польскія банды наяжджалі на беларускія вёскі, рабавалі сялян, а пазьней даносілі немцам, быццам беларусы маюць зносіны з савецкімі партызанамі. Немцы прысылалі карныя вайсковыя аддзелы, якія забівалі нявінных беларусаў, хапалі й вывозілі на працу ў Нямеччыну, a вёскі палілі. Так была спалена вёска Вялікае Сяло Скрыбаўскай воласьці; шмат вёсак было спалена часткова.

Савецка-расійскія партизаны апэравалі пераважна на абшарах, якія прылягалі да вялікіх лясоў. На Лідчыне ня было вялікіх лясных масываў, i таму ня было спрыяльных абставінаў для савецкіх партызанскіх злучэньняў, якія дзеілі на ўзьмежах Лідчыны, за Нёманам, у Занямонскай пушчы i на ўсходзе, у Налібоцкай пушчы. Там яны вымардоўвалі беларускі нацыянальны актыў побач свае антынямецкае акцыі.

На мяжы Радунскай i Забалацкай валасьцей, пры сутыку ix з Літвой, дзеіла невялікая колькасна партызанка жыдоў, якія ўратаваліся з Радунскага гэтто. Аднак, гэтыя партызаны не выяўлялі ніякае дзейнасьці, апрача рабаваньня насельніцтва для свайго харчаваньня.

(Подпіс аўтара не падаецца для бясьпекі яго сваякоў, якія жывуць пад савецкай уладай).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX