Папярэдняя старонка: Мемуары

Памяці Анатоля Куляша 


Аўтар: Дзікевіч Мікалай,
Дадана: 20-03-2015,
Крыніца: Лідская газета №21(12579)-2015.



Год назад - 21 сакавіка 2014-га - перастала біцца сэрца краязнаўцы, аўтара кнігі, нарысаў, артыкулаў, пазаштатнага карэспандэнта "Лідскай газеты" Анатоля Фёдаравіча Куляша.

Я завочна пазнаёміўся з ім у 1952 годзе, калі "Лідская газета" (тады - "Уперад") надрукавала першы яго артыкул. Ён працаваў у той час другім сакратаром раённага камітэта камсамолу.

З мая па кастрычнік 2009 года, працуючы над кнігай пра вёску Сялец і ўсё тое, што адносілася да майго Прынямоння, я сабраў 23 успаміны Анатоля Фёдаравіча. Зараз яны захоўваюцца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.

Уважліва сачыў я за ўсім надрукаваным Анатолем Куляшом, прачытваў па некалькі разоў. Абмяркоўвалі з жонкаю Вольгай Іванаўнай. Дарэчы, яна была знаёма з Анатолем Фёдаравічам яшчэ са студэнцкіх гадоў. Жыла ў Лідзе, каля каталіцкіх могілак, а ў доме праз вуліцу кватаравалі Анатоль Фёдаравіч з Маргарытай Іванаўнай.

Я пранікся самымі лепшымі пачуццямі да асобы Анатоля Фёдаравіча. Асабліва ён зацікавіў мяне, калі была надрукавана кніга "Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты". Пазней, наведваючы яго дома, бліжэй пазнаёміўся з яго задумкамі. Анатоль планаваў завяршыць кнігі: аўтабіяграфічную - "Пра час і пра сябе", - а таксама кнігу "Горад Ліда сваімі вачыма". Я чытаў першапачатковыя замалёўкі, успаміны аб вёсцы і акаляючай мясцовасці, уражанні пасля вандровак па былым Савецкім Саюзе (ён працаваў экскурсаводам). Анатоль Фёдаравіч выканаў вялізны аб'ём працы.

Анатоль Кулеш быў у захапленні ад убачанага сваімі вачыма горада Ліды пасля падрыхтоўкі яго да рэспубліканскіх «Дажынак». Азнаямленне з новабудоўлямі арганізаваў для яго на сваёй машыне былы вучань. Гэта натхніла Анатоля Фёдаравіча на тое, каб дапоўніць кнігу аб Лідзе аповедам аб тым, якой яна стала праз 20 гадоў.

Неяк Анатоль пазваніў мне і паведаміў, што рыхтуе матэрыял па гісторыі вёскі Агароднікі. Мы ўдакладнілі некаторыя звесткі. Надрукаванае я прачытаў і перадаў, што ўпамянутыя ім Германовічы жылі ў вёсцы Ганчары, праўда, былі яны і ў Агародніках. Праз некалькі дзён Анатоль заклапочана сказаў: маўляў, пара кідаць гэту пісаніну (так і сказаў - "пісаніну"). Я пачаў яго супакойваць, выказваць словы пра важнасць вясковых замалёвак. Не ведаю, супакоіў я яго ці не. Але з таго часу даў сабе зарок спачатку паразважаць і толькі тады штосьці яму гаварыць. Бо вельмі блізка прымаў ён усё да сэрца.

Успамінаю яшчэ адну размову з Анатолем Фёдаравічам - аб артыкуле "Запісана пад дыктоўку лёсу" (урыўкі з біяграфічнага нарыса "Пра час і пра сябе") у «Лідскім летапісцы» (№38-40, 2007 год), дзе ён на сакавітай беларускай мове з доляй гумару апісаў свой жыццёвы шлях ад маленства да сталасці. Гэты нарыс я прачытаў без затрымак, за адзін прысест. Прачытаў яго яшчэ раз і нядаўна.

Анатоль Кулеш у артыкуле "Запісана пад дыктоўку лёсу" апавядае: "рос уражлівым хлопчыкам", быў "даверлівы, лёгка ранімы", "на жаль, недастаткова валявы". Верыцца, але не ва ўсё. Апошняе зусім не стасуецца з тым, што ён зрабіў у сваім жыцці.

Мікалай ДЗІКЕВІЧ, в. Сялец.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX