Папярэдняя старонка: Мемуары

Успаміны Фёдара Кардаша 


Аўтар: Фёдар Кардаш,
Дадана: 27-01-2007,
Крыніца: Лідскі летапісец № 29-30.



У цянётах акупацыі

1955 год. Скончана вучоба на аддзяленні журналістыкі БДУ. У кішэні дыплом і паперканакіраванне агітпрапа ЦК КПБ. Месца прызначэння - рэдакцыя газеты Чырвонаслабодскага раёна Менскай вобласці.

Уздыхнуў з палёгкай, бо, па праўдзе кажучы, абрыдла туляцца ў сценах альма-матар ажно пяць гадоў. На добры толк усю праграму можна было засвоіць і за палову адведзенага тэрміну. Калі б радыкальна скараціць час на гістарыю КПСС, ды іншыя, не вельмі патрэбныя для газетчыка дысцыпліны. Але партыйныя ідэёлагі, пэўна, думалі інакш, лічылі неабходным грунтоўна прамыць мазгі моладзі, каб яна цвёрда трымалася генеральнай лініі КПСС і не збочвала налева ці направа ад яе.

Беларускі толькі па назве

Нельга не адзначыць той факт, што ўсе прадметы выкладаліся ва універсітэце на рускай мове. І толькі гісторыю БССР чытаў па-беларуску вядомы тады дацэнт Л. Абэцэдарскі. Пазней ён выдаў "нагара" сумесна з такімі ж навукоўцамі фальсіфікаваную ў духу расійскага шавінізму гісторыю Беларусі, а затым асобную брашуру пра так званых нацдэмаў, якіх бяздоказна абвінаваціў у скажэнні роднай гісторыі, хоць скажаў якраз ён сам са сваімі калегамі.

Зрэшты, гвалтоўная русіфікацыя мела месца не толькі ў ВНУ, але і ў школах, нават сельскіх. Гэта я магу сцвярджаць зыходзячы з уласнага досведу. У Маўчадскай СШ раней Гарадзішчанскага, а зараз Баранавіцкага раёна, дзе я вучыўся ў першыя пасляваенныя гады, матэматыку, напрыклад, выкладаў па-беларуску пажылы настаўнік. Калі ён пайшоў на пенсію, прыслалі рускамоўную жанчыну. І ніхто ні нас, ні бацькоў не спытаў, ці жадаем мы пераходзіць на "великий и могучий язык". Нават урокі геаграфіі вяліся па-руску, бо выкладчык, ён жа дырэктар школы, прыбыў да нас з суседняй рэспублікі...

Смешна, калі б не было так сумна, але будучым беларускім журналістам за пяць гадоў вучобы ніхто з універсітэцкай кафедры не сказаў ні аднаго добрага слова пра дарэвалюцыйны беларускі друк. Як быццам бы яго і не існавала. Нават пра знакамітую "Нашу Ніву", дзейнасць якой склала цэлую эпоху ў нацыянальным руху, калі і ўспаміналі, дык абразліва называлі буржуазна-нацыяналістычнай газеткай.

Выкладчык Акулаў, былы карэспандэнт "Правды" па Далёкім Усходзе, разважна апавядаў толькі аб расійскай журналістыцы да 1917 г., а дацэнт М. Зярніцкі - пра савецкі друк Беларусі.

Двое з названых выкладчыкаў праявілі да мяне асабістую ўвагу. Гэта было яшчэ ў час уступных экзаменаў. Гісторыку Абэцэдарскаму, відаць, спадабаліся мае адказы на пытанні, што значыліся ў білеце. І ён прапанаваў мне пераходзіць на гістарычны факультэт. Але я ўжо "навастрыў лыжы" на журналістыку і адмовіўся, хоць, можа, і трэба было згаджацца. Ды зараз позна шкадаваць аб тым. Што датычыць М. Зярніцкага, то ён сустрэўшы мяне ўжо пасля абароны дыпломнай работы, сказаў, каб я паступаў у аспірантуру пры БДУ. Але гэта мяне таксама не прывабіла, бо я спяшаўся хутчэй расстацца з ВНУ і акунуцца, як тады казалі, у жыццё, змагацца за справядлівасць, за сапраўдны сацыялізм, а не за тое, што будавалі ў маёй роднай вёсцы Харашкі...

У сувязі з Акулавым прыходзіць на памяць яшчэ адзін пацешны эпізод. Справа ў тым, што ў праграме навучання яўна бракавала непасрэдна газетнай практыкі. Толькі на другім і чацвёртым курсах нас пасылалі на некалькі тыдняў у рэдакцыі раённых ды абласных газет. Але не ўсюды стажорам аказвалі дапамогу. Яны часта былі прадастаўлены самі сабе. Да іх адносіліся абыякава, а падчас проста са злосцю: некалі, маўляў, з табой важдацца.

Таму набываць нават самыя простыя, але перш за ўсё неабходныя ў рабоце навыкі было нялёгка. Скажам, калі тэма запланаванага артыкула вызначана, то як канкрэтна ажыццявіць задуму, спланаваць яго, куды пайсці або паехаць, з кім сустрэцца, як правесці гутарку і г.д., каб справіцца з заданнем. Патрэбна было валодаць пэўнымі ведамі, прыёмамі і метадамі працы. І гэтаму якраз удзялялася мала ўвагі, у навучанні панаваў тэарэтычны ўхіл. Пэўна, каб пазбавіцца таго недахопу, Акулаў і вырашыў запрасіць да нас пісьменніка. Але закончылася сустрэча маленькім канфузам... Нашаму выкладчыку не спадабаўся досвед, шчыра раскрыты госцем. Аказваецца, з мэтай разгаварыць суразмоўцу пісьменнік-марыніст (ён пісаў на марскія тэмы) перш ставіў на стол выпіўку. Вось так за чаркай у якой-небудзь забягалаўцы ён і збіраў факты для чарговай аповесці або апавядання. Выкладчык спалохаўся, што мы набылі веды са знакам мінус, і таму ў сваім заключэнні папярэдзіў, каб мы такі спосаб здабычы матэрыялу не прымянялі ў будучай працы. Усе трохі сумеліся, а госць добра-такі пачырванеў.

Але наўрад ці прысутныя аднадушна пагадзіліся з такой ацэнкай сказанага марыністам.

Асабліва самотна пачувалася на апошнім курсе - у другім паўгоддзі вучобы фактычна не было. Як і ўсе, я ў асноўным займаўся дыпломнай работай. Тэму для яе выбраў не абы-якую - аб барацьбе друку з бюракратызмам. Раумеў, даволі рызыкоўна, але ж уся палітычная сістэма Краіны Саветаў была наскрозь пранізана гэтай хваробай. Таму хацелася трохі лепш разабрацца, у чым прчына з'явы, з якой быцца бы ўсе змагаюцца, а перамагчы ніяк не могуць. Працуючы ў газеце, абавязкова сутыкнешся з ёю.

Думалася, галоўная бяда заключалася ў засіллі шматлікага адміністрацыйнага і кіраўнічага апарату і ў поўным бяспраўі так званага простага савецкага чалавека, народных мас, як любілі гаварыць бальшавікі. Ды і як мог шараговы грамадзянін штосьці патрабаваць ад мясцовай і тым больш ад вышэйшай улады, калі ён быў раз назаўсёды напалоханы, паралізаваны старахам перад гэтай уладай, якая з незвычайнай жорсткасцю распраўлялася з няўгоднымі ёй людзьмі і тым больш іншадумцамі. Адзіным правільным вучэннем лічыўся марксізм-ленінізм, крок ад яго ў бок караўся хутка і бязлітасна. Каб нікому не ўздумалася падтрымаць пацярпелага ці самому ісці той жа дарожкай.

Аднак ніякія рэпрэсіі, ніякія пагрозы не могуць спыніць імкненне чалавека да пошуку сапраўды, справядлівасці, прычын ненармальнага стану грамадства. Нядзіўна, што многія студэнты, асабліва старэйшыя, хто паспеў паслужыць у арміі, панюхаць пораху на фронце ці папрацаваць у калгасе, на прадпрыемстве, ужо не глядзелі праз ружовыя акуляры на савецкую рэчаіснасць. Паміж сабой у вузкім коле хлопцы рэзалі праўдуматку, асуджалі вусатага правадыра за здзекі над народам. У гарачых падчас спрэчках даказвалі адзін другому і самім сабе, што пануючая сістэма наскрозь прагніла, трымаецца на хлусні і гвалце, не здольна палепшыць жыццё народа.

Многія ўжо разумелі, што абяцанкі пабудаваць сацыялізм, а затым і камуністычны рай нічога не варты. Уласна кажучы, дастаткова было пахадзіць па горадзе, каб пераканацца ў разыходжанні тэорыі з практыкай. Усюды можна было наглядаць бясконцыя чэргі.

- Што даюць? - пытаеш у крайняга.
- Ды муку, не бачыш? Унь нясуць, хто атаварыўся, даскочыў раней, - незадаволена адказваў той.

У другім месцы давалі штосьці іншае. Таксама трэба было стаяць у чарзе, таму што бракавала нават самых неабходных прадуктаў і тавараў. Перад святамі чэргі павялічваліся, бо "выкідвалі" на продаж больш розных прыпасаў. Дэфіцытам жа было амаль усё, а тут раптам нешта з'яўлялася на прылаўках. Трэба толькі гадзіну-другую пастаяць, пацярпець, авось дастанецца які-небудзь кілаграм мукі-крупаў ці што з адзення. Словам, для савецкага чалавека перад рэвалюцыйнымі святамі наставалі, як тады гаварылі, "мучныя" дні. І гэта тварылася ў сталіцы. Што ўжо казаць пра глыбінку, там нават хлеб выдавалі па спісах, бо карткі фармальна адмянілі.

Абараніўшы дыпломную работу на выдатна, я сапраўды мог прэтэндаваць, калі не на аспірантуру, дык хоць бы на абласную газету. Але яшчэ ў пачатку пятага курса нам сказалі, што ўсіх адправяць у раённыя газеты. Я згадзіўся, і сам напрасіўся паслаць мяне ва Усходнюю Беларусь. Тайная мэта, пра якую, канешне, нікому не казаў, - паглядзець, што робіцца ў краях, дзе савецкая ўлада ўсталявалася без малога сорак гадоў таму назад.

У Заходняй Беларусі я ўжо штосьці пабачыў і зрабіў для сябе пэўныя высновы, пра што пачаў пісаць у рэспубліканскую газету "Савецкі селянін", рэдакцыя якой у той час месцілася ў будынку насупраць Дома Ўраду. Аднойчы для праверкі маёй пісаніны ў калгас завіталі ажно два карэспандэнты. Яны пахадзілі па вёсцы, пагутарылі з людзьмі, работнікамі канторы і пераканаліся, што селькор нічога не зманіў. У калгасе сапраўды не было парадку, і адна з прычын у тым, што старшыня моцна пасябраваў з "зялёным змеем".

У выніку ў газеце з'явіўся мой допіс і грунтоўны каментар заезджых журналістаў. Пару месяцаў раней у газеце таксам былі надрукаваны дзве ці тры мае нататкі, і аўтару нават прыслалі ганарар.

- Ну што, мусіць, на картовыя штаны хапіла? - весела пасмяяліся з селькора мацёрыя пісакі.

Маці згатавала для гасцей абед, яечню з салам. Не было якраз хлеба, дык схадзіла да суседкі пазычыла, але мужчын накарміла і малака дала запіць. Вось так я пазнаёміўся з калегамі па будучай прафесіі.

Cправы калгасныя

Пасля новай публікацыі калгаснага старшыню пазбавілі пасады. Але не адправілі простым паляводам у брыгаду. Уладкавалі на больш хлебнае месца, бо ён жа быў членам кампартыі, а яна сваіх людзей проста так не кідала.

Ішоў час, ды мала што мянялася ў калгасе. І цвярозыя кіраўнікі не маглі даць рады гаспадарцы, якая марнела на вачах. Людзі страчвалі веру ў лепшыя часы, бо з году ў год атрымлівалі на працадзень усяго па некалькі соцень грамаў збожжа. Яго нават на хлеб не хапала.

Паводле расказаў сялян нешта падобнае тварылася і ў навакольных вёсках, дзе прайшла калектывізацыя. Зрэшты, усе негатыўныя факты і з'явы спісваліся на цяжкасці росту.

- Нічога, - супакойвалі прыезджыя начальнікі. - паступова справы наладзяцца, калгасы пойдуць угору, лінія ж партыі правільная...

З лініяй партыі спрачацца, вядома, было цяжка і небяспечна, але верылася ў яе поспех слаба. Вось чаму мяне надта цікавіла, што творыцца там, дзе калгасы дейнічаюць з канца 20-х гадоў.

Між тым, калісьці (гэта было яшчэ да вайны) многія сяляне з вялікай цікавасцю адносіліся да звестак пра перабудову вясковага жыцця. Я памятаю, як мой бацька з суседзямі чыталі і абмяркоўвалі статут сельгасарцелі і знаходзілі, што ў ім пераканаўча раскрываюцца вялікія магчымасці калгаснага ладу. Ну як жа ж, дяржава прышле машыны, дапаможа набыць лепшыя гатункі насення збожжа, бульбы і іншых культур. Вырастуць ураджаі, і сяляне зажывуць заможна і шчасліва, прыйдзе, нарэшце, дастатак у хату.

На хвалях гэтых мрояў некалькі дзесяткаў сем'яў зімой 1940 года аб'ядналіся ў сельгасарцель. Кіраўніком абралі майго бацьку. Пачаліся працоўныя будні. Але вельмі хутка наступіла расчараванне, бо мары не спраўджваліся. На самай справе, завёў чалавек у калгас карову, каня, аддаў воз, плуг, барану, усё начынне. Забралі, як непатрэбнае яму, гумно. І што засталося? Штодзень хадзіць, як парабак, на працу, а заробку ж ніякага. Толькі ў канцы года, пасля разліку ў дзяржавай, стане вядома, якім будзе працадзень. А ён не мог быць важкім, таму што падаткі аказаліся непад'ёмныя. Атрымлівалася горш, чым у пана. Той плаціў рэгулярна і больш. Калгаснікі з горыччу казалі: "Раней было панава, а цяпер планава", і план гэты аказаўся проста бяздонным: колькі ні здавай, а ўсё мала.

Самі сяляне не маглі фактычна самастойна вырашыць ні аднаго пытання, на ўсё трэба было мець згоду раённых кіраўнікоў. Наогул, калгас яны не забывалі (у той час іх мала было), амаль кожны дзень хтосьці наведваўся ў праўленне. Бацька павінен быў хадзіць, ездзіць з імі ў поле, на ферму, нешта тлумачыць, даказваць, прасіць дапамогі і г.д., а потым трэба было і пакарміць чалавека. Калі гэта адзін, два разы на месяц, а як праз дзень ці кожны дзень, што тады рабіць? І даводзілася карміць, бо сталовай жа не было.

Так, за некалькі месяцаў начальнікі паелі ўсе нашы кумпякі і кілбасы, якія звычайна захоўваліся да жніва, калі надыходзілі самыя цяжкія дні сялянскай працы. Бацьку так усё абрыдла, што ён задумаў, як мага хутчэй пазбавіцца ад сваёй кіраўнічай пасады.

І хутка гэта здарылася. Адбыўся агульны сход, на якім старшынём абралі новага чалавека, бедняка, значыць больш надзейнага для ўлады, бо мой бацька лічыўся серадняком, добрым гаспадаром і таму меў сваю думку ды не раз пярэчыў начальству. Згубіўшы кіраўнічую пасаду, бацька быў яўна ў добрым настроі, ні на кога не крыўдаваў, адразу пайшоў у калгас рознарабочым. Праўда, не заўсёды там быў занятак. У такім выпадку хадзіў у арганізацыю, якая незадоўга перад тым пачала будаваць завод па вытворчасці вапны: блізка ад вёскі адкрылі паклады мелу.

Вайна, адступленне

Хочацца адзначыць, што, нягледзячы на крах спадзяванняў аб лепшым жыцці, адносіны бацькі да савецкай улады не змяніліся. Мабыць, думаў, як і пераконвалі, што прычына ўсіх цяжкасцяў у складаным міжнародным становішчы, неабходнасці рыхтавацца да вайны. І неўзабаве прароцтвы агітатараў пацвердзіліся найгоршым чынам. 22 чэрвеня 1941 года мірнае жыццё было парушана. Фашысцкая Германія раптоўна, як і зараз сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, напала на СССР. Але аб якой раптоўнасці можна казаць, калі нават па вёсках людзі гаварылі, што немцы падцягнулі да граніцы вялікія сілы.

Уражанні ад першых ваенных дзён назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. Была нядзеля. Мы, хлапчукі, бавіліся на рэчцы і не адразу звярнулі ўвагу на пралятаючыя самалёты. Але раптам яны пачалі "даваць нырца", пачуліся моцныя выбухі. Мы зразумелі, што бамбілі блізкае да нас мястэчка Моўчадзь, пачалася вайна. Самалёты, як вараннё, кружыліся над паселішчам і скідалі свой смертаносны груз. Пазней даведаліся, што былі разбураныя вадзяны млын і мост на гасцінцы, больш там нічога вартага і не было.

Дзесьці на трэці-чацвёрты дзень праз нашы Харашкі пайшлі першыя адступаючыя савецкія салдаты. Амаль усе без зброі, без камандзіраў, кучкамі па 3-5 чалавек пацягнуліся сцежкай на ўсход. Ісці па гасцінцы на Моўчадзь яны не маглі, бо там ужо гаспадарылі немцы.

За ўвесь час гэтага сумнага зыходу, які працягваўся дзён дзесяць, толькі аднойчы выпала пабачыць частку, гатовую да бою. Шыхтам пры поўным узбраенні пяхотны звяз вёў маладзенькі лейтэнанцік. Мы, хлапчукі, нават прайшлі за імі да канца вуліцы і памахалі на развітанне рукамі. Іншым разам па вёсцы праехалі дзве падводы, гружаныя хуткастрэльнымі дзесяцізараднымі вінтоўкамі СВТ. Мужчыны гаварылі, што гэта была новая сакрэтная зброя Чырвонай Арміі. Толькі наўрад ці фурманы далёка яе завезлі і даставілі па прызначэнні, бо звярнулі на тую ж сцежку, па якой адсупалі салдаты. Ехаць возам па ёй было нязручна, практычна немагчыма: сцежка бегла па ўзараным полі, сігала праз канавы, кустоўе, крутыя ўзгоркі, ажно да маяка, які стаяў на самым высокім у ваколіцы месцы. Далей дарогі таксама не было. Аднак шкадаваць аб тым, мабыць, не варта: пазней стала вядома, што тая вінтоўка аказалася ненадзейнай, у баявых умовах часта адмаўляла, і яе мала або зусім не выкарыстоўвалі.

Запомнілася яшчэ некалькі эпізодаў і сцэн, якія давялося наглядаць у тыя дні. На перакрыжававанні вуліц Харашкаў, адкуль паблізу пачыналася ўзгаданая сцяжынка, многія салдаты звычайна спыняліся, каб адпачыць на прызбах бліжэйшых дамоў. Тут заўсёды было людна, паміж прысутнымі вяліся розныя размовы, абмяркоўваліся ваенныя падзеі.

Няўдачы нашы часовыя, - запэўнівалі байцы вяскоўцаў. - Сіл у нас нямала, дзесьці замацуемся і дамо адпор фашыстам. - Але тут гутарку перабіў трэск матацыкла.

- Пэўна, фрыцы, трэба спыніць! - раздаліся трывожныя галасы.

Аднак спыняць не было чым, зброі ні ў кога не аказалася, хоць прысутнічалі дзесяткі два байцоў. Матацыкліст - ён быў адзін - спакойна, без павелічэння хуткасці адолеў перакрыжаванне і паімчаўся ў кірунку мястэчка. З-за хаты ніхто з чырвонаармейцаў не вылез. Зрэшты, ездака маглі застапарыць якой-небудзь дзеравякай, кінуўшы яе пад колы. Для таго можна было выкарыстаць і жэрдку з плота ці з прызбы, на якой сядзелі. Не паспелі падумаць і рашыцца. Афіцэр таксама не зрэагаваў. Наогул, камандзіраў рэдка было відаць сярод адступоўцаў. Дзе яны падзеліся, ніхто пра тое не ўзгадваў.

Цікава, што за ўсе дні адступлення мы бачылі толькі аднаго параненага. Салдат ледзь звязаў пару слоў па-руску:

- Узбэк я, - патлумачыў. - Самалёт, - паказвае на неба, - тыр-р-р і папаль мая рука...

Было добра бачна, што куля ў двух месцах пашкодзіла мускулы. Рука моцна распухла і прыкметна пасінела. Перавязаць ніхто не здагадаўся, мабыць, не знайшлося ні бінту, ні ёду. Пачнецца гангрэна - і чалавека няма. Праз вёску прайшла на ўсход не адна тысяча байцоў і ні аднаго, за згаданым выключэннем, параненага. Відаць, ніхто іх не падбіраў... хто мог рухацца сам, той ішоў.

Незвычайна моцна ўразіў мяне выпадак здачы савецкіх салдат у палон. Усё адбывалася літаральна на маіх вачах. Было каля 11 гадзін раніцы. Праз акно я ўбачыў траіх чырвонаармейцаў, якія падыходзілі да лавачкі, што стаяла на другім баку вуліцы, наўскасяк ад нашага дома. На здзіўленне спакойна яны закурылі і ўселіся на тую лавачку.

- Чаму яны не спяшаюцца ўцякаць? Мусіць жа, немцы ўжо блізка, - усхвалявана звярнуўся я да маці, якая ўвіхалася ля печы. Быццам бы яна магла ведаць, у чым справа. Тым не менш маці выглянула ў акно, паўглядалася і прамовіла:
- Не ведаю, сынку, што яны надумалі?

Сапраўды, яшчэ ўчора з абеду плынь адступоўцаў прыкметна паменела. Пад вечар рух амаль спыніўся, на ўсход прайшлі адзінкі змораных салдат. А сёння наогул нікога не было, калі не лічыць гэтую тройку.

Цікавасць мяне проста распірала, і я выйшаў на двор, стаў ля брамкі і ўтаропіўся ў салдат. Да іх было рукой падаць, ад сілы 12-15 метраў. Яны не звярталі на мяне ніякай увагі, і я мог бесперашкодна разглядаць іх. Пасярэдзіне сядзеў высокі, амаль на галаву вышэй за сваіх таварышаў хударлявы, не стары яшчэ мужчына. Ён заўзята смактаў сваю "казіную ножку", раз за разам пляваўся, пускаў праз нос клубы дыму і нешта гаварыў суседу справа, заросламу чорнай шчацінай таўстуну. Трэці чырванатвары, пэўна, самы маладзейшы з іх, не ўмешваўся ў размову і спакойна курыў. Паколькі больш нічога асаблівага не адбывалася, я пакінуў свой пост. Аднак праз нейкі час пачуўся гул матора, і я зноў заняў наглядальны пункт.

Неўзабаве з-за павароту паказаўся матацыкл. У ім сядзелі - добра відно было - трое ў незнаёмай зялёнай форме. Чырвонаармейцы борздзенька падхапіліся і паднялі рукі ўгару. Матацыкл спыніўся, з люлькі вылез немец, падышоў да байцоў і пачаў абшукваць іх кішэні, але там было пуста. Мусіць, хлопцы загадзя пастараліся вытрасці ўсё лішняе. Толькі ў чырванатварага знайшоў брытву. Немец раскрыў яе, пакруціў, паўглядаўся і закінуў на саламяную, парослую зялёным мохам страху суседняй хаты. Брытва добра там уляглася і не скацілася на зямлю.

А я ўсё стаяў ля брамкі і не мог забыць карціну, якая толькі што разварочвалася перада мной. Яна пакінула ў мяне, 9-гадовага хлопца, вельмі прыкры асадак: "Як гэта так, - круціліся ў маёй галаве калючыя думкі, - чаму яны здаліся ў палон? Чаму не пайшлі з усімі разам на ўсход, каб стаць у шыхт ды ваяваць з фашыстамі?"

А назаўтра мы перажылі новае трывожнае здарэнне. Немцы ў той дзень больш не паказваліся ў вёсцы. Затое глыбокай ноччу хтосьці нясмела пастукаў у дзверы. Праз акно бацька прыкмеціў на падворку некалькі чалавечых постацяў. Былі гэта немцы ці чырвонаармейцы, разабраць аказалася немагчыма. Ды ўсё роўна, хочаш не хочаш, а пусціць мусіш, бо людзі вайсковыя, узброеныя. Калі адчынілі дзверы, у хату ўвалілася ажно шэсць здаравенных мужчын. Гэта былі савецкія афіцэры. Яны папрасілі даць ім адпачыць, трохі паспаць, а раніцай разбудзіць і прыгатаваць, што паесці. Бацька сказаў, што ўчора тут былі немцы на матацыкле з каляскай і ўзялі ў палон траіх байцоў.

- Ничего, хозяин. До утра фашисты вряд ли явятся, - упэўнена сказаў адзін з гасцей. - А мы за это время отдохнем. Четверо суток не спали. Только вы нас разбудите пораньше, как начнет светать.

Дзесьці каля пяці гадзін раніцы бацька падняў мужчын. А маці ўжо паспела згатаваць першую сялянскую страву - яечню з салам, наварыла таксама бульбы, падала і кіслага, і салодкага малака. Ваякі чыста "падмялі" ўвесь посуд і шчыра падзякавалі гаспадарам за гасціннасць. Паклалі на стол і некалькі чырвонцаў. Маці спрабавала вярнуць іх назад, але ніхто не згадзіўся ўзяць.

Афіцэры пачалі паспешліва збірацца ў дарогу. Адзін з іх, шырокі ў плячах, каржакаваты здаравяк хапіў са стала нож і давай спорваць свае камісараўскія адзнакі і кідаць за куфар. Праз хвіліну ўсе шасцёра пакінулі наш дом і пашыбавалі на вядомую сцяжынку.

Новыя ўлады і іх норавы

Больш адступоўцаў не было. Вёска прыціхла, усе разумелі, што хутка з'явяцца новыя ўладары. І яны не прымусілі сябе доўга чакаць. Праз некалькі дзён усю вёску запоўніла нейкая баявая частка, мабыць, не менш палка. Немцы нікога з жыхароў не чапалі, а там, дзе стаялі паходныя кухні, прапаноўвалі ахвочым паспрабаваць салдацкай ежы - гарохавага супу з вяндлінай. Дзеці, якія смялейшыя, не адмаўляліся і сёрбалі гэтае варыва, казалі: смачнае.

У гэты час без прыпынку прайшла калона аўтамашын з артылерыяй. У кузавах на адкідных лаўках сядзелі салдаты, а на знешнім баку да бартоў былі прымацаваны каністры з бензінам. Запаслівыя!... Назаўтра раніцай зняліся і рушылі на ўсход усе вайскоўцы. Відаць, падцягваліся за фронтам, які ўжо мінуў Менск.

Хутка наведаліся ў Харашкі і прадстаўнікі новай мясцовай улады - немец з дзвюмя цывільнымі асобамі. Яны сабралі купку жыхароў бліжэйшых дамоў і аб'явілі, хто будзе солтысам і хто яго памочнікам. Калгаснікам загадалі своечасова ўбраць ураджай і звезці ў гумны. Калі жніво скончылася, дазволілі ўзяць па 15 снапоў на кожнае дзіця і па 30 - на дарослага члена сям'і. Для насення выдзелілі на кожны гектар па адной капе - 60 снапоў. Гэтага, канешне, было недастаткова, але ж каму паскардзішся? Астатняе зерне, што не прапілі новыя начальнікі, павезлі на прыёмны пункт.

У час малацьбы жыта пацярпеў мой бацька і яго напарнік, таксама Іван, Якаўчык. Яны ўчынілі маленькую дыверсію - усунулі нейкую жалязяку ў "нутро" малатарні, і тая спынілася. На бяду, непадалёку аказаўся памочнік солтыса Мікалай Салаш і нейкі Ружыцкі, прыблуда. Казалі, ён прывалокся з-пад Беларстока і тут прыстаў да ўдавы ў прымы. Хадзіў з тоўстай гумавай палкай, умеў гаварыць па-нямецку. Гэтай гумай ён і пачаў лупцаваць мужчын, а потым пагнаў іх у Дварэцкую гміну, што за 9 кіламетраў ад нас. Маці была ў роспачы: што рабіць? Падумаўшы, рашыла туды ехаць. Запрэгла каня, пасадзіла ў воз траіх меншых дзяцей і разам з жонкай Якаўчыка памчаліся ратаваць мужчын.

У пастарунку допыт вёў мясцовы палячок - паспеў ужо ўладкавацца, прымазаўся да новай улады. Мужчын ён дапытаў і замкнуў у нейкай халоднай каморцы. Выйшаў на ганак, а тут якраз пад'ехалі жанчыны і пачалі прасіць, каб адпусціў мужыкоў. У адказ пачулі крык і лаянку.

- Цо, псякрэў, юж ходзілі до каменданта? - як рак, пачырванеў ад злосці нямецкі служака. - Нацо дзецко прывезла? - насядаў ён на маці. - Як былам у камендатна, то дзецко не бралам, - блытаў ён польскія і беларускія словы.

А маці разам з іншымі жанчынамі сапраўды паскардзіліся каменданту, што начальнікі прапіваюць збожжа і не даюць ім патрэбнай колькасці насення. Скарга, канешне, засталася без увагі.

Дзеці ж у час гэтай далёка не мірнай размовы паднялі гвалт, хоць вушы затыкай. Нават дзяжурны паліцыянт - ён быў з суседняй вёскі Кажыхоўцы, знаў маці - не вытрываў, падышоў да воза і пачаў супакойваць дзяцей. Паказваючы на 3-гадовую сястрычку Зіну, ён сказаў, што і ў яго ёсць такая ж дачушка. І паціху шапнуў, што бацьку біць не будуць. Разлік маці апраўдваўся. Махнуўшы рукой, следчы вярнуўся ў кабінет і загадаў выпусціць затрыманых.

Аднак калі мужчыны выходзілі, паліцай зноў стаў лупцаваць іх гумай. Бацьку, праўда, менш папала, бо ён адразу выскачыў з ганка на двор, а напарнік трохі прамарудзіў, яму добра дасталося па галаве дубінай. Галава, гаварыў, месяцы два балела.

У калгасе было пасаджана шмат бульбы, капаць яе таксама прымусілі калгаснікаў. І калі за жніво хоць трохі заплацілі зернем, то за бульбу нічагусенькі. І яшчэ насмяяліся: маўляў, у калгасе вам амаль нічога не давалі на працадні, лічы, дарма ішачылі на Саветаў, то чаму немцы будуць вам плаціць? Адным слова, здзекаваліся.

Прычым, насміхаліся не толькі нямецкія паслугачы, але многія з тых вяскоўцаў, хто не быў у калгасе і пацярпеў ад яго: у каго зямлю забралі, у каго сенажаць і інш. Гэтыя людзі паверылі прапагандзе фашыстаў аб хуткай перамозе над Саветамі. Бацька спрачаўся з імі, даводзіў, што не ўсё так проста, як каму здаецца.

- Што ўдавалася ў Еўропе, тое не пройдзе тут, - упэўнена даводзіў ён - Найшла каса на камень. Заваяваць Расею практычна немагчыма. Занадта яна вялікая і не такая ўжо слабенькая...

Але яго не хацелі слухаць. Людзі былі пакрыўджаны савецкай уладай і праглі адпомсціць тым, хто з мясцовых садзейнічаў таму. Яны вырашылі выдаць немцам калгасных актывістаў. Верхаводзіла гэтай задумай памешчыца, якая пасля прыходу немцаў вярнулася ў свой маёнтак. У спіс смертнікаў уключылі больш за дзесяць чалавек, у тым ліку і бацьку. Але сярод змоўшчыкаў аказаўся нейкі далёкі яго сваяк. Ён дамогся, што бацьку выкраслілі з гэтага чорнага спісу. Лёс астатніх быў трагічны.

Ахвяры акупантаў

У той дзень мяне не было дома. Я начаваў у маміных бацькоў на хутары Пялекі, што кіламетры паўтара ад вёскі. Мой сон перабіла баба Марта: "Уставай, унучак! У Харашках нешта нядобрае дзеецца. Страляюць, чутна".

Мы выскачылі на падворак. Сапраўды, прыслухаўшыся, можна было адрозніць і асобныя стрэлы, і аўтаматныя чэргі. "Што такое, што ўсё гэта значыць?" - разважалі мы, але адказу не знаходзілі. Падышоў дзед Антон. Паслухаў і кажа: "Цяпер нельга ісці ў вёску, трэба пачакаць, пакуль хто не з'явіцца адтуль".

Але мне не цярпелася. Праз гадзіны дзве-тры, калі даўно ўжо скончылася страляніна, я панёсся дахаты. Пры падыходзе да вёскі нічога падазронага не заўважалася. Было ціха. Немцаў нідзе не бачна. Людзі спакойна хадзілі па вуліцах, займаліся штодзённымі справамі. Маці я застаў дома, на агародзе палола грады. Яна мне тут жа і распавяла пра перажыты страх.

- Ранічкай, яшчэ кароў на пашу не ўсе выгналі, як прымчаліся немцы на машынах і абкружылі вёску. Хадзілі па вуліцах і крычалі: "Вэк! Вэк!" Мы не разумелі, чаго яны хочуць. Бацька ў канцы агарода зграбаў ячмень, які немцы пакасілі, як там стаялі, але не ўвесь забралі. Па бацьку стрэлілі, мусіць непрыцэльна, а для таго, каб кідаў сваю работу ды ішоў за імі. Я была з дзецьмі ў хаце. Пачула стральбу і выйшла на вуліцу. Бачу, ідуць людзі, немцы іх гоняць. І мяне да іх далучылі, а дома ж засталіся адны малыя. За сялом жанчын і дзяцей згуртавалі ў адным месцы, асобна. А мужчын за дарогай, там узгорак, іх не бачна было. Раптам бачу ідзе мая старэйшая дачка Валя - ёй нядаўна споўнілася 11 гадкоў - і нясе малога браціка Віцю, годзік толькі яму, а побач ідзе Ліда. Я іх да сябе прыгарнула. Сядзім, плачам. І ў другіх жанчын слёзы ў вачах. А маці солтыса Чувака тут і кажа, мабыць, каб суцешыць нас: "Не бойцеся, зайцоў паловяць ды паедуць". Я думаю, прычым тут зайцы?

Адно ж бачым - вядуць мужчын, дзесяць чалавек я налічыла. Недалёка ад нас, на дарозе ім загадалі стаць на калені. Неўзабаве пад'ехала бартавая машына, іх пагрузілі і павезлі, жанчынам сказалі ісці дахаты. І мужчыны прыйшлі, каго не забралі. З'явіўся і мой гаспадар. Як гаварылася вышэй, яго выкрасліў са спісу наш сваяк. Выратаваўся яшчэ адзін мужчына - Піліп, наш сусед. Яго хтосьці папярэдзіў, і ён выехаў з вёскі, павёз у млын збожжа малоць. Больш яго ніхто не чапаў.

А тых дзесяць чалавек завезлі ў Наваградак і там каля старых казармаў пастралялі. Прымусілі нават самім сабе магілу выкапаць. Вартаўнік засыпаў, распавядаў потым.

І было б за што губіць людзей! Якія яны там актывісты? Адзін у лаўцы гандляваў, можа, хто на яго і затаіў злосць, не даў якога тавару ці што. Другі быў кладаўшчыком, трэці - настаўнікам пачатковых класаў. Астанія простыя, як кажуць, калгаснікі. Яны, праўда, прыхільна паставіліся да савецкай улады і ў калгас увайшлі. Вось і ўсе іх грахі. Не чуваць было, каб хто з іх каго пакрыўдзіў. Хіба, можа, хто ў панскім двары нешта ўзяў. Так ці не, а мясцовая памешчыца адыграла ў гэтай трагедыі сваю злачынную ролю, бо яна ж, кажуць, камандавала, каго ўключаць у той спіс. Потым разам з немцамі збегла ў Польшчу.

Мясцовыя памешчыкі паўсюль абселі нашу вёску, зрэшты, як і ўсю Беларусь.

Іх продкі даўно здрадзілі свайму народу. Перайшлі ў каталіцтва, апалячыліся. Сталі чужымі для беларускага мужыка. Як агідныя паразіты, яны высмоктвалі з яго ўсе сокі і не давалі нічога ўзамен. Мала хто з іх вярнуўся да свайго народа. Наадварот, заўзята памагалі чужой дзяржаве закабаляць беларуса, трымаць у цемнаце і невуцтве і рабаваць, бясконца рабаваць, пакуль гэта ўдавалася.

З'яўленне партызан

Немцы адразу спрыялі распаду калгасу. Людзям дазволілі забраць сваіх коней, інвентар, і кожны пачаў гаспадарыць на ранейшым кавалку зямлі. Было нялёгка, таму што выдзеленага з галгаснага ўраджаю зерня не хапала на сяўбу і на хлеб. Бульбы, як ужо адзначалася, не далі зусім. Тым не менш былыя калгаснікі знайшлі выхад. У кожнага ж былі родныя ці блізкія сябры. Якія пазычылі патрэбную колькасць насення з умовай вярнуць з новага ўраджаю. А немцы, паколькі збожжа і бульбу забралі, асаблівую ўвагу звярнулі на жывёлагадоўлю, загадалі карміць свіней і здаваць ім у лік падаткаў.

Ды няма дурных, чаму гэта ім здаваць? А сабе што? Кожны стараўся абхітрыць акупанта. Цішком у хляве задушыць парсюка, на санкі і ў лес. Там асмаліць, дома разбярэ і схавае. Канешне, калі мясцовыя начальнікі захочуць, то прыпільнуюць. Такое не раз здаралася. Вось і наш сусед Пракоп (яго звалі "Працадзень", бо ён часта паўтараў гэтае слова, жаліўся, што мала даюць на працадзень) толькі прывёз з лесу асмаленага вяпрука, не паспеў прыбраць, як з'явіліся начальнічкі, нават адзін з суседняй вёскі Азяраны прыехаў. "Каляду" пагрузілі на воз і пакацілі ў тыя Азяраны. Наладзілі там п'янку. Пракопава сястра пайшла за імі (яе мужыка забралі ў ліку тых дзесяці чалавек), то вярнулі ёй адзін кумпяк і аполец сала.

Пазней партызаны расправіліся з тым азяранскім солтысам. Была ўжо зіма. Прыехалі вярхом, зайшлі ў хату. Чужых адпусцілі, астатніх: старых бацьку, маці, а таксама сястру, нават трохгадовага хлопчыка і самога пастралялі і хату падпалілі. А можа хапіла б аднаго вінаватага? Не, усіх пад корань знішчылі. Сапраўды, рука чакіста не ведае літасці.

Вясной партызан прыкметна пабольшала, яны пачалі наведваць і Харашкі. Да нас часта заходзілі ў хату, паціху нешта гаварылі з бацькам. Мы, дзеці, прывыклі ўжо да візітаў начных гасцей і не звярталі на іх увагі. Вядома, маці перш за ўсё карміла іх, ставіла, калі прасілі, самагонку. Давала з сабой хлеб, бульбу і сала, калі яно было. Потым партызаны асмялелі і пачалі нарыхтоўваць прадукты, мусіць, па чарзе з кожнага дома. Аднойчы ў суседа Піліпа нават выдралі некалькі рамак з пчоламі, прынеслі да нас у хату, бо тут сядзеў камандір. Назаўтра раніцай дзядзька Піліп па свежаму следу прыйшоў і ледзь не пасварыўся з бацькам. Я таксама пацярпеў: пчала неяк забралася да мяне ў цёплую пасцель, відаць, добра адагрэлася і замест удзячнасці балюча ўджаліла...

Партызаны, трэба сказаць, былі розныя. Адзін паесць ды папросіць даць чыстыя анучы, падзякуе і пойдзе. А трапляліся такія, што аблазяць маўчком кожны закуток, перавернуць усё дагары нагамі, не гаворачы, чаго ім хочацца. У аднаго маўчуна маці спытала: "Таварышко, скажэце, што вам трэба, я сама дам?" "Насення з грыбоў!" - буркнуў сабе пад нос таварыш і працягваў "пошук"... ды нічога жаданага яму не папала, і ён зноў жа моўчкі пашыбаваў з хаты.

З часам людзі прызвычаіліся, што днём па вёсцы швэндаюцца немцы, а ноччу прыходзяць лясныя браткі. У светлы час ім не выпадала з'яўляцца, бо на чыгунцы, якая дугой акружала Харашкі і адным канцом падыходзіла амаль да самых хат, стаяў бункер. Пазней пабудавалі яшчэ адзін, ад якога было недалёка да другой, усходняй ускраіны вёскі. Так што наведвацца сюды было небясечна ў любы час сутак. У гэтым мы хутка пераканаліся. Глыбокай ноччу ў акно моцна пастукалі. Бацка пазнаў, што гэта быў памочнік солтыса Салаш Мікалай. "І чаго яму, сабаку, трэба?" - са злосцю прамовіў бацька і пайшоў у сені. Калі адчыніў дзверы, тады толькі ўбачыў, што да сцяны прытуліліся людзі ў белых халатах. Ясна, што гэта былі немцы. Зайшлі ў хату. Зазірнулі ў спальню, мабыць, правяралі, ці няма чужых. Пастаялі, пагаманілі і пайшлі.

Потым высветлілася, што гэта была засада. Спадзяваліся падлавіць партызан. Але тыя, на шчасце, не паказаліся. І ўсё абышлося, ніхто не пацярпеў.

Харчы і адзенне былі пастаянным клопатам партызан. Гэта ў асноўным здабывалася ў насельніцтва, якое таксама не вельмі выдзялялася багаццем. Ды адкуль яно магло ўзяцца? Людзей абіралі немцы, а тут яшчэ партызанам давай. І давалі, куды дзенешся. З набліжэннем фронту партызаны дзейнічалі ўсё смялей, а з зімы 1944 г., наогул, пачалі распараджацца, як законная ўлада. На вёску пачалі даваць разнарадку, колькі здаць якіх прадуктаў. Становішча настолькі ўскладнілася, што ніхто не хацеў быць солтысам, бо на яго ж усе шышкі падаюць. Са згоды немцаў гэтую клапатлівую і няўдзячную пасаду пачалі выконваць па чарзе. Кожны мужчына на цэлы тыдзень станавіўся каліфам. Бацьку ў яго чаргу давялося збіраць масла. Сабраў 20 кілаграмаў і завёз у партызанскую вёску.

Не забывалі пра Харашкі і немцы з абодвух бункераў. Мала таго, што спраўна спаганялі падаткі, дык гэтыя тылавыя ваякі рознымі спосабамі выцыганьвалі ў сялян дадатковую даніну. Праз колькі дзён яны зноў і зноў абыходзілі хаты з адным і тым жа заклікам: "Матка, яйкі! Курка! Шпэк!" некаторыя, відаць, больш спагадлівыя да мясцовых жыхароў, наладжавалі свайго роду тавараабмен, зразумела, далёка не раўназначны. За дзесятак яек, напрыклад, давалі столькі ж карамелек або сахарыны. Аднойчы не было бацькоў, то і я здзейсніў падобную гандлёвую аперацыю.

НЕБЯСПЕЧНАЯ СУТЫЧКА

А гэтая трагікамічная гісторыя здарылася на самы вялікдзень. Два немцы хадзілі па сяле з кошыкам і збіралі "валачобнае" - яйкі. Назбіралі поўны кош. Былі яны дзесьці каля сярэдзіны вёскі, а тут якраз партызаны на конях (яны ўжо другі раз асмеліліся з'явіцца днём, быў 44-ы год). Нейкая дзяўчына падказала фрыцам, што блізка партызаны. Яны давай драла. Яйкі свае з перапуду паразбівалі, з таго кошыка пацякло, смеху было на ўсю вёску... Толькі фрыцы паспелі выбегчы за апошнія будыніны, як партызаны згледзелі іх і давай страляць. Але не пацэлілі. Праўда, немец упаў і апошнія яйкі рассыпаў, але ўсё ж паспеў дабегчы да бункера. Адтуль група фашыстаў выскачыла з кулямётам і зайшла наперарэз партызанам.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі да ўсходняга канца вёскі дабеглі немцы з другога бункера. На ўзгорку, адкуль добра былі відаць шляхі адыходу партызан, яны хуценька ўстанавілі кулямёт і адкрылі шалёную страляніну. Адступоўцы аказаліся фактычна пад перакрыжаваным агнём і вымушаны былі збочыць з адной і другой вуліц ды ўцякаць па агародах, а потым па засеяных збажыной палях. Але гэта было ўжо далекавата ад кулямётаў, бадай, з кіламетр. Падбіць тут нікога не ўдалося.

Не пашанцавала толькі партызану, які ўцякаў апошнім па дарозе, блізкай да першага бункера. Ён чамусьці не з'ехаў на поле, каб быць далей ад кулямёта, а імчаўся проста па дарозе. І тут яго паранілі, каня пад ім падбілі. Добра, што другі партызан запыніў каня з возам, дзе ехаў хтосьці да вёскі, прагнаў ездака, а сам падляцеў і забраў таварыша, выратаваў яго ад блізкіх ужо немцаў. Аднак паранены, расказвалі, усё ж памёр, не дабраўшыся да аддзелу.

Вельмі драматычнае становішча склалася і для другога партызана. Ён дайшоў амаль да апошніх хат усходняга канца вёскі, трымаў за павадок каня і пра нешта размаўляў з селянінам. Але тут раптам страшна блізка ўзахлёб загрукатаў кулямёт. Ні партызан, ні немцы з-за хат не бачылі адзін аднаго. І гэта выратавала небараку. Ён хутчэй завярнуў каня, а той нешта заўпарціўся і не кранаўся з месца. Партызан тузаўся з ім, тузаўся, а потым усё ж заскочыў наверх і пагнаў па вуліцы, далей ад кулямёта. Немцы яго, пэўна, так і не заўважылі, пакуль ён не павярнуў на іншую вулку, што ішла на поўнач і па якой нядаўна пранесліся яго таварышы. Адсталаму таксама на дзіва лёгка ўдалося праскочыць небяспечныя зоны і застацца цэлым.

Гэты бой, калі яго так можна назваць, бо партызаны не адказвалі на агонь (ім не да таго было, прыходзілася ратавацца з пасткі, у якую трапілі, і тут маглі выручыць толькі коні, пехацінца чакала верная смерць), быў першы, які я бачыў на свае вочы. Бачыў, як тузаўся з канём партызан, як ляцелі іншыя яго таварышы на сваіх разнамасных дрыгантах да выратавальнага ляску, што сінеў непадалёку. Стаяў ля варот, пакуль маці не прагнала да склепа, дзе ўсе дамачадцы хаваліся са страху. Хоць, здаецца, і кулі над намі не свісталі. Было сапраўды страшна, але надзвычайна моцна ўзрушала і выклікала жаданне наглядаць, бачыць, як гэтае страхоцце адбываецца.

ДЫВЕРСІІІ НА ЧЫГУНЦЫ

Чаго-чаго, а страху за вайну нацярпеліся, бо чалавек быў абсалютна бяспраўным і безабаронным. Днём немцы гаспадараць, а ноччу пратызаны ідуць па харчы або на чыгунку: то тэлеграфныя слупы парэжуць, то міну пад рэйкі падкладуць. Праўда, буйной дыверсіі ні разу не здаралася. Памятаю, аднаго разу побач з вёскай падарвалі таварны цягнік, але вагоны не зваліліся пад адхон, толькі апошні ў саставе сышоў з рэек. Мы, хлапчукі, пасвілі кароў каля лініі - так называюць чыгунку - і падышлі да самага месца аварыі. Нас ніхто не ганяў, мы стаялі і цікавалі за работай фрыцаў. Адзін з іх з дапамогай газарэзнага апарата за якую хвіліну адхапіў пашкоджаны, сагнуты выбухам прыкладна мятровы кавалак рэйкі і махнуў рукою машыністу: едзь, маўляў. Той памалу рушыў цягнік, але вагон не ўзлез на рэйку, пайшоў міма, неяк зачапіў і зноў задраў яе. Немец падаў сігнал машыністу спыніцца і каля самага кола зноў адрэзаў ладны кавалак скрыўленага металу. Махнуў машыністу. На гэты раз вагон ускочыў на рэйку і праз якой паўгадзіны поезд памчаўся на Баранавічы. На месцы аварыі засталося стачыць кавалкі непашкоджаных рэек, прымацаваць да шпал і тым ліквідаваць вынікі дыверсіі. Нікога з жыхароў немцы тады не чапалі, нікому не прад'яўлялі прэтэнзій, а вось у іншым выпадку ледзь не закончылася трагедыяй. На той раз дыверсія была ўчынена прыкладна за кіламетр ад вёскі. На стыку рэек партызаны адкруцілі гайкі, і паравоз паляцеў пад адхон. Раззлаваныя фашысты - гэта быў пасажырскі цягнік - рашылі кагосьці пакараць за перажыты страх. Але каго караць? Паабапал чыгункі з аднаго боку лес, а з другога - балота. Неяк яны ўсё ж даведаліся, што трэба падняцца на гэтыя лясістыя горкі, там буде поле і вёска. Пытанне, каго пакараць, перад імі, відаць, не стаяла. Партызанаў даўно і след прастыў. Ахвярным казлом, як заўсёды, маглі стаць толькі мясцовыя жыхары. З гэтай мэтай узброеныя фашысты заявіліся ў Харашкі. З бліжэйшых дамоў яны пачалі выганяць людзей на вуліцу і шыхтаваць у шарэнгі. Махаючы аўтаматамі, яны недвухсэнсоўна пагражалі расстрэлам. На шчасце, тут якраз падышлі немцы з бункера - зноў збіралі яйкі. Цяпер усе радаваліся ім, як ніколі раней: павінны ж дапамагчы! І сапраўды, тылавыя ваякі пачалі даказваць, пераконваць пацярпелых ад аварыі суродзічаў, што жыхары ні пры чым, зусім невінаватыя. Пасля працяглых спрэчак людзей усё ж адпусцілі.

Адным словам, Харашкам пашанцавала. У той час пра карныя аддзелы хадзіла многа пагалосак, што яны ў партызанскіх зонах паляць вёскі і знішчаюць людзей. Аднойчы праз Харашкі праехала на санях чалавек сорак у чорных шынялях. Казалі, што яны вярталіся з Ліпічанскай пушчы, удзельнічалі там у баях з партызанамі каля ракі Шчары. Мусіць, пасля гэтага хутка прайшла чутка, што фашысцкія ўлады прынялі рашэнне знішчыць Харашкі разам з іх жыхарамі. Вечарам бацька запрог каня, дзяцей у воз і паехалі на хутар Чорны Луг, за кіламетры чатыры ад Харашкаў. Там паблізу лесу жыла яго сястра. Сам гаспадар не паехаў, застаўся дома. А мы ўсю ноч не спалі, слухалі, ці будзе страляніна. Адно ж было ціха. Назаўтра вярнуліся дадому. Маці гаварыла, што гэта партызаны папярэдзілі нас аб магчымай аблаве.

Трэба адзначыць, што бацька даволі часта сустракаўся з ляснымі таварышамі. Вадзіў іх на чыгунку. Выконваў іншыя заданні. Як потым мы даведаліся, ён лічыўся сувязным аднаго з аддзелаў, але пра тое маўчаў. Тады лепш было не ведаць пра такія справы, асабліва дзецям.

З ваенных гадоў яшчэ запомнілася, калі ў школу (яна працавала ўвесь час акупацыі) наведаўся яўрэйскі партызанскі аддзел. Іх было чалавек 15, усе ўзброеныя, з ручнымі кулямётамі і новымі савецкімі аўтаматамі з круглымі дыскамі. Было гэта днём, і мы дзівіліся такой смеласці лясных ваяк. У класе вісеў партрэт Гітлера. То адзін з байцоў наставіў на яго кулямёт і заявіў: "Гітлер капут!" Але не стрэліў, толькі ўсе пасмяяліся. Адпачыўшы якой паўгадзіны, вясёлыя госці пайшлі сваёй дарогай.

Іншым разам у школу завіталі фрыцы. Перакінуліся некалькімі словамі з настаўніцай і запатрабавалі праспяваць нямецкі гімн. З горам папалам мы яго неяк выканалі. "Дойчлянд юбер алес", - прапішчалі дзіцячыя галасы. Гансы пахвалілі нас: "Гуд, гуд" і кудысьці пайшлі ў бок чыгункі.

Гібель бацькі

Той трагічны дзень назаўсёды стаў для нашай сям'і непапраўнай бядой. Здарылася яна 11 красавіка 1944 г. Ноччу бацька пайшоў з хаты і больш не вярнуўся. Яго паклікалі партызаны, каб ісці на чыгунку. Паднялі і іншых мужчын, усяго набралася чалавек пад дваццаць. Загадалі ўзяць з сабой сякеры і пілы, бо меліся рэзаць тэлеграфныя слупы.

Калі дайшлі да чыгункі, раздзяліліся на пары і размеркавалі, каму якія слупы знішчаць. Першыя два ад пераезду дасталіся бацьку з суседам Санюком. Яны, асцярожна ступаючы, падышлі да слупа, рукамі ўпоцемках абмацалі, каб не трапілася якая жалязяка і не пашкодзіла інструмент. Усё, здаецца, было нармальна. Вострая піла адразу добра ўвайшла ў сыраватую яшчэ драўніну, відаць, нядаўна тут пастаўленую. "Ж-жык, ж-жык" -раздаўся даволі моцны шоргат па дрэву. Вось ужо хутка і сярэдзіна слупа, яшчэ некалькі рухаў і ён зваліцца на зямлю. Пэўна, завісне на правадах, але для такога выпадку ёсць сякера. Каб адбіць дрот ад шкляных ці фарфоравых кубкаў, і справе канец. Але тут раптам, нібы маланка, бліснула ў самыя вочы. Раздаўся аглушальны выбух, слуп, як падкошаны, абрынуўся на зямлю і падмяў пад сябе мужчын. На кароткае імгненне наступіла цішыня. Аднак хутка з недалёкага раўчука раздаліся кулямётныя чэргі. Трасавальныя кулі яркімі светлячкамі ляцелі ўсцяж чыгункі, а затым скіроўвалі ў лес, шукаючы і там сваю ахвяру.

У вёсцы не спалі, чакалі вяртання мужчын. Пачуўшы выбух і стральбу, зразумелі, што нешта нядобрае здарылася на чыгунцы. Раней такія адносна нескладаныя дыверсіі, як пашкоджанне ліній сувязі, праходзілі ў цішыні без усялякай страляніны. Значыць, напароліся на ахову. А выбух сведчыў, што справы могуць быць горш.

Маці пайшла ў завулак, што вёў на балота і да чыгункі, з надзеяй сустрэць бацьку або іншага ўдзельніка, а я застаўся на сваім падворку і наглядаў за вуліцай: можа, хтосьці паявіцца. І тут прыкмеціў, што нехта бяжыць, кульгаючы, па рыштку, трымаючыся ў цяні каля самых платоў. Гэта быў дзядзька Язэп. Мусіць, ён таксама ўдзельнічаў у аперацыі. Жыў ён праз дзве хаты ад нас.

- Дзядзька, што здарылася? - спытаў я, заступаючы яму дарогу, каб спыніць яго.
- Міна! Міна была ў слупе. І засада каля пераезду, - паспешліва, не спыняючы руху, прамовіў ён і пакільгікаў да сваёй сядзібы.

А бацька не з'яўляўся. Маці пайшла па вёсцы шукаць каго з мужчын, хто б распавёў, што здарылася, і дзе яе Іванка, можа, хто бачыў і ведае, што з ім. Усе прыбеглі ўжо дамоў, а яго і суседа Санюка так і не было. Пра іх нічога не ведалі ці не хацелі гаварыць.

У галаву лезлі адчайныя думкі: яны, пэўна, параненыя, ляжаць там бездапаможныя. Іх пакінулі, а самі, як зайцы, памчаліся праз лес дадому. Пазней высветлілася, што фактычна так яно і было. Пасля выбуху міны і кулямётнай траскатні стала зразумела, што мужчын, якія пілавалі той пракляты слуп ля самага пераезду, не ўратуеш. Хочаш не хочаш, а яны трапяць у рукі фашыстаў, што хаваліся ў раўчуку, чакаючы зручнага моманту, каб адкрыць агонь.

Маці не сядзелася ў хаце. Яна плакала, хадзіла туды-сюды па суседзях, не ведаючы, што рабіць, у каго шукаць якой парады. Мы з бабай Мартай - яна начавала ў нас - таксам не спалі, прымасціліся на лаўцы і моўчкі перажывалі нашу бяду.

Раптам пачулася рыпенне дзвярэй - мне і сёння стаіць у вачах карціна далейшых падзей. Дзверы быццам самі марудна так, асцярожненька сталі адчыняцца. У вузенькую пакуль шчыліну павольна высунуўся кончык дула вінтоўкі з тырчаўшай наверсе мушкай. Застыўшы якую хвіліну нерухома, ён затым мацней націснуў на край дзвярной бакавіны, і ў добрую ўжо шчыліну высунулася галава ў вайсковай пілотцы. Вочы хуценька абмацалі хату і, відаць, нічога падазронага не найшлі. Тады немец смела адкрыў насцеж дзверы і ступіў на парог. "Бандыты, бандыты", - прамовіў ён і адразу ж заглянуў за перагародку. Там на самаробных ложках мірна спалі дзеці, больш нічога цікавага не было. Павярнуўшыся, утаропіўся ў нас: старое і малое таксама не ўяўлялі пагрозы. Пакруціўшы туды-сюды галавой, фрыц нарэшце пасунуўся на падворак.

Мы неяк інстынктыўна павярнуліся да акна, каб прыкмеціць, куды пойдзе непажаданы госьць. Аж літаральна за якіх-небудзь чатыры-пять метраў ад хаты ўбачылі другога салдата, які ставіў на ножкі ручны кулямёт якраз насупраць акна, дзе мы сядзелі. Прыладзіўшы яго, ён прылёг на зямлю, прыціснуў да пляча прыклад, парухаў руляй, паправіў трохі ножкі. Затым падняўся і падышоў да салдата, які толькі што пакінуў хату. Дасталі цыгарэты і закурылі.

Бабуля! Дык яны ж страляць нас будуць, - занепакоіўся я.

- Ды не, унучак, не бойся, яны проста папужаюць. Ішоў бы ты лепш спаць, - і пагладзіла мяне па галоўцы.

Аднак я ўжо не быў такі малы, каб не здагадацца, што справы дрэнныя. Было ясна, што ўсё гэта азначае. Пэўна, знайшлі бацьку, і нас, як партызанскую сям'ю, пастраляюць або ў лепшым выпадку адправяць у канцлагер, як робяць тое ў іншых вёсках, пра што кожны ведаў. Але ратавацца было позна, салдаты пільнавалі нас і не дазвалялі выходзіць з хаты.

Паратунак прыйшоў нечакана. Мы і не заўважылі, калі на падворку з'явіліся новыя асобы. Гэта быў нямецкі афіцэр, памочнік солтыса і маці з імі. Афіцэр аддаў загад салдатам, тыя падхапілі зброю і зніклі. Маці паведаміла нам, што здарылася. Узрывам міны бацька быў цяжка паранены, а Санюк забіты. Немцы іх падабралі і завезлі ў Моўчадзь, дзе стаяла залога. Цяпер сказалі, што бацьку можам забіраць. Не марудзячы, мы запрэглі каня і паехалі ў мястэчка. Там, у гумне, на таку, падасланыя гарахавіннем, ляжалі двое... Адзін з іх быў наш бацька. Ён яшчэ жыў некаторы час, яго стогны чулі ў блізкім доме. Потым нямецкі лекар зрабіў укол, і ён заціх. Назаўсёды... Каб адразу была аказана медыцынская дапамога, бацька, пэўна, застаўся б жыць. Ды клапаціцца пра тое не было каму. Акупанты не для таго прыйшлі на беларускую зямлю, каб ратаваць нашых людзей.

І ўсё ж сям'і не расстралялі. Як і ў выпадку з паравозам, заступіліся немцы з бункера. Сваю ролю, мусіць, адыграла і тое, што апошнія некалькі месяцаў бацька працаваў разам з іншымі вяскоўцамі на бункеры, дакладней, на высечцы лесу. Яны пагадзіліся на гэта, таму што пайшлі пагалоскі, што мужчын будуць браць на акопныя работы. Відаць, была ўлічана і нязначнасць здарэння: некалькі спілаваных слупоў - не такая ўжо вялікая страта, каб за тое нішчыць людзей. Наогул, у раёне Харашкаў за ўсе гады вайны, як ужо адзначалася, не было буйных дыверсій. Немцы не лічылі вёску партызанскай, бо і з усходу, і з захаду яна была пад іх наглядам.

Адступленне. казакі даюць драла

Набліжаўся час выгнання акупантаў. Недзе ў сярэдзіне траўня 1944 года вёску запаланілі казакі, розныя: данскія і кубанскія, а адзін з усмешкай сказаў, што ён менскі казак. У нашым двары паставіў палатку кубанец, камандзір эскадрону з жонкай - высокай румянай маладзіцай. Яна аднойчы разахвоцілася і расказала, як немцы іх агітавалі здымацца з месца, пакідаць сваю радзіму.

- Мы вам аддамо ў карыстанне Беларусь, будзеце жыць не горш, чым на Кубані, - разліваліся салаўямі дробныя каляфрантавыя гебельсы, "вешалі лапшу на вушы" казакам.

Аказалася, што Беларусь, як і іншыя тэрыторыі, па якіх ехалі кубанцы, была дашчэнту разбурана вайной.

Падманулі нас, - скардзілася казачка. - У мяне быў поўны склеп варэння. Усё кінулі і паехалі...

Але рабаваць Беларусь не забывалі. Мы думалі, паколькі ў нас атабарыўся камандзір эскадрону, то не забяруць кабылку. Адно ж у апошні дзень нейкі праныра-казак пралез у хлеў, закілзаў яе і паехаў. І яшчэ плёткай памахаў, каб не скардзіліся.

Усё ж мы не паслухалі яго, услед за казачым табарам пайшлі ў Дварэц. Там адшукалі нейкага больш высокага начальніка, і ён загадаў аддаць трафей. Толькі радасць наша была заўчаснай. На ўскраіне мястэчка стаяў пост, адтуль закрычалі, замахалі рукамі, патрабуючы спыніцца. Пэўна, нашы паводзіны здаліся ім недарэчнасцю, нават дзікасцю: як гэта так, што за нахабства! Каб нехта асмеліўся вось так перад самым носам зводзіць некуды каня? Казачая душа гэтага не магла сцярпець! Да нас падбег адзін з ахоўнікаў, адразу хапіў за павадок і прыгразіў, каб вымяталіся, а то будзе горш. Ніякія словы, што сам начальнік дазволіў, не падзейнічалі на рабаўнікоў. Мы папляліся дадому. Дзеці паведамілі, што нядаўна прыязджаў па кабылку той першы казак, крычаў, што застрэліў бы маці, каб сустрэў.

Сапраўды, на стральбу ды расправу яны скорыя. Прастаялі ў вёсцы, мусіць, з тыдзень і двух чалавек забілі ні за што, ні пра што. Мужчыны ішлі дамоў, але чамусьці не па дарозе, а звярнулі ў кустоўе. Вартавыя ўзялі іх на мушку, патлумачылі гэта тым, што, маўляў, падумалі, падобна на партызан, хаваюцца. А тыя ні ад кога не хаваліся, проста, як заўсёды, ішлі знаёмай сцежкай. Але прагрымелі стрэлы, і абодва мужчыны загінулі. Аднаму куля трапіла ў галаву, а другому ў шыю.

Канешне, ніхто ў стральцоў не спытаў, навошта яны гэта зрабілі. Казалі, паспрачаліся, хто ў якое месца патрапіць, каб адразу напавал. І абодва ўцэлілі, куды трэба.

У нашай мясцовасці фашысты не паспелі арганізаваць супраціўленне імкліва наступаючым савецкім войскам. Што акупанты збеглі, мы даведаліся па дымах на абодвух бункерах, іх падпалілі самі немцы. Была ціхая сонечная раніца, і дымы гэтыя акуратнымі слупкамі падымаліся ў вышыню, дзе паступова рассейваліся. Неўзабаве прагрымела некалькі артылерыйскіх стрэлаў з боку Моўчадзі ў кірунку Дварца і Наваельні, дзе, як пазней казалі, сабралася шмат вайсковых цягнікоў. У тым жа кірунку нізка праляцела пара самалётаў з чырвонымі зоркамі на крылах. Недзе праз тыдзень у ляску каля вёскі спыніўся і пераначаваў полк цяжкай артылерыі. Дулы, падобныя на тоўстыя бярвёны, везлі на падвойных вазках коньмі. Вось, бадай, і ўся карціна наступлення, бачная з Харашкаў.

Вельмі хутка, літаральна праз некалькі дзён, з вёскі і навакольных хутароў пачалі забіраць мужчын у войска: вайна патрабавала новых ахвяр. Забралі і мужа мамінай сястры Жэні Глоцьку Мікалая. Разам са свамі таварышамі ён забег да нас, каб развітацца. Вясёлы і добры, шчыры хлопец. Ён абдымаў нас, цалаваў, мусіць, шкдаваў, што мы, пяцёра малых, засталіся без бацькі. Пачаставаў нас мёдам. Але яго паклікалі, ён яшчэ раз паабдымаўся з намі і пайшоў. Пайшоў і больш не вярнуўся, як многія яго сябры. Потым у вёсцы гаварылі, што ўсе яны паляглі пад Кенігсбергам. Іх, амаль нявучаных і няўмелых, гналі, як бараноў на ўбой, на форты і дзоты прускай сталіцы.

Праўда, аднаму з Харашкаў усё такі пашэнціла. Гэта быў Андрэй Салаш. Дык вось, ён не толькі выжыў у тых цяжкіх абставінах, але праявіў адвагу і кемлівасць, - дарэчы, можа, таму і застаўся цэлым. Іх роце загадалі выбіць фрыцаў з першай траншэі ўмацаванай лініі ворага. Спачатку байцы дружна падняліся і пабеглі, але нямецкая абарона аказалася надзвычай густа насычанай кулямётамі, артылерыйскі налёт перад атакай не здолеў задушыць усе агнявыя пункты. Цяпер яны ажылі і напавал касілі шэрагі наступоўцаў. Цяжка параніла камандзіра роты. Атака зусім выдахлася, байцы заляглі. На адкрытай прасторы шалёны кулямётны агонь не даваў магчымасці падняць галаву. А тут яшчэ мінамёты падаспелі. Заставацца на месцы станавілася немагчыма. У гэтых абставінах наш зямляк не разгубіўся. Ён перадаў па ланцугу налева і направа, каб рыхтаваліся і па яго камандзе падняліся ў атаку, інакш у чыстым полі мінамёты усіх даканаюць. Праз колькі хвілін, адкрыўшы агонь з аўтамата, ён першы ўскочыў і памчаўся да нямецкіх пазіцый. За ім падняліся ўсе астатнія. Фашысты не вытрымалі нечаканага націску і пабеглі. Траншэя была захоплена. Вось так шараговы баец выратаваў становішча і выканаў загад камандавання. За гэты вычын яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

Трое супраць аднаго

Успамінаючы ваенныя гады, нельга абысці маўчаннем дзейнасць у Заходняй Беларусі польскай Арміі Краёвай. Увогуле, у нашай мясцовасці яе прысутнасць не адчувалася, таму што тут жылі беларусы праваслаўнага веравызнання, якія ў большасці падтрымлівалі савецкую партызанку. Аднак шмат хто з іх рознымі шляхамі трапляў у залежнасць ад немцаў: хтосьці з родных служыў у паліцыі або ў адміністрацыйных установах. У такім выпадку іх блізкія аказваліся перад нялёгкім выбарам: да каго падацца. Звязвацца з савецкімі партызанамі ім было небяспечна - не павераць. Таму многія пераязджалі ў гарады, пад крыло немцаў.

Што датычыць Арміі Краёвай, то яна гняздзілася ў мясцовасцях, дзе было шматлікім або нават пераважала каталіцкае насельніцтва. Тым не менш акаўцы нярэдка прымушалі і беларусаў супрацоўнічаць з імі, нават уключацца ў іх аддзелы. З тым жа, хто не згаджаўся, жорстка распраўляліся. Гэтак жа дзейнічалі і ў адносінах да людзей, якія падтрымлівалі савецкіх партызан.

Такім чынам, беларусы аказаліся ў трох розных лагерах, не супрацоўнічалі, а фактычна ваявалі паміж сабой. Такое трагічнае становішча заўсёды складваецца там, дзе народ не мае ўласнай дзяржаўнасці і таму не здольны абараніць сябе ад агрэсіўных суседзяў. Сыны гэтага народа вымушаны змагацца і гінуць за чужыя інтарэсы.

Большасць, як ужо адзначалася, была на баку Саветаў, але зноў жа - не па добрай волі, а вымушана. Бо немцы не толькі рабуюць, але вёскі паляць і насельнітва знішчаюць за падтымку савецкіх партызан. Апошнія, дарэчы, часцяком, каб выклікаць нянавісць да немцаў, спецыяльна наладжвалі засады каля населеных пунктаў і тым правакавалі фашыстаў на расправу з мірнымі жыхарамі.

Армія Краёва таксама выступала як каланіяльная сіла, намагаючыся не толькі зафіксаваць сваю прысутнасць на дадзенай тэрыторыі, але і адстойваць свае даваенныя межы. Яна пры тым не жадала прызнаваць, што межы гэтыя былі ўстаноўлены ў выніку Рыжскай дамовы з Расеяй, без згоды на тое беларускага ўраду і беларускага народа.

Як бачым, ніхто з трох удзельнікаў вайны не лічыўся з чацвёртымі бокам - беларусамі, якія спрадвеку жылі на гэтай зямлі, і дзе цяпер ішло зацятае змаганне за панаванне над нашай няшчаснай краінай. У гэтай бойцы трох каланізатараў-захопнікаў найбольшыя страты зноў жа неслі беларусы, бо вайна вялася на іх тэрыторыі ды з імі ніхто з названых драпежнікаў не лічыўся. Мясцовых насельнікаў рабавалі, імкнуліся перацягнуць на свой бок. А калі яны не ішлі, жорстка распраўляліся. Нават за пару слоў, сказаных супраць, маглі пазбавіць чалавека жыцця. Такое, прынамсі, ледзь не здарылася з маім цесцем - лідзянінам Уладзімірам Дрэвіцам. Ён, па праўдзе, і не хаваў свайго негатыўнага стаўлення да тых людзей, якія ў міжваенны час або раней прынялі каталіцкую веру і пачалі лічыць сябе палякамі. Польская дзяржава ўсяляк заахвочвала гэтае рэнегацтва, давала неафітам розныя льготы, і, пэўна, таму многія з іх з пагардай адносіліся да іншых жыхароў.

Дык вось, дзед Дрэвіц, як яго называлі, аднойчы вазьмі і скажы: "Я ваш драўляны касцёл спалю і сваім Жуком (канём) заару тое месца, дзе ён стаяў". Зразумела, нічога такога дзед не збіраўся рабіць, бо быў вельмі лаяльны і памяркоўны чалавек. Усе лідскія старажылы добра ведалі гэта і ўспрынялі яго словы як жарт. Аднак акаўскія верхаводы думалі інакш: іх пракуратар вынес дзеду смяротны прысуд. Здзейсніць яго даручылі баевіку, які днём проста на вуліцы непадалёку ад будынка нямецкай ахоўні СД падскочыў ззаду і стрэліў у галаву "вінаватаму". На шчасце, куля трапіла ніжэй мозгу. Параненага суседзі даставілі ў лякарню, і ён застаўся жыць. Аднак далячыцца не ўдалося таму, што акаўы збіраліся прыйсці і дабіць пацярпелага. Ул. Дрэвіц, якому добрыя людзі паведамілі пра тое, хуценька сабраўся і з'ехаў у Баранавічы. Там, у сваякоў, ён пражыў да выгнання немцаў.

Памагатыя акаўцаў не пакінулі ў спакоі дзеда і пасля выгнання немцаў, яны данеслі ў КДБ аб тым, што Дрэвіц быццам бы аказаўся заўзятым нацыяналістам і прыслужваў "германцам". Дарэчы, і ў міжваенны час дзед таксама не быў у міласці ў польскіх уладаў. Яшчэ пры цары ён закончыў Віленскую чыгуначную навучальню і працаваў на станцыі Ліда. Палякі адмовілі яму ў гэтай пасадзе. Для адводу вачэй паставілі на чаргу. Але за дваццаць гадоў польскай акупацыі для беларуса ні гэтай, ні іншай вакансіі не знайшлося.

І пасля выгнання фашыстаў яны спяшаліся ачарніць беларуса перад савецкай уладай за службу ў нямецкіх установах. У сапраўднасці самымі актыўнымі прыслужнікамі ў немцаў былі палякі. Гэта яны з першых дзён акупацыі хуценька пашыліся ў паліцыю, запоўнілі ўсе пасады ў адміністратыўных установах і адразу пачалі выдаваць немцам нацыянальна свядомых беларусаў, характарызуючы іх як камуністаў. На скаргі пра надуманасць абвінавачанняў немцы толькі разводзілі рукамі: чаму ж вы самі не ідзяце ў паліцыю і нашы грамадскія ўстановы, працуючы ў якіх мелі б магчымасць абараняць сваіх людзей? Аб тым жа гаварылі Дрэвіцу і яго знаёмыя, якія ўжо супрацоўнічалі ў розных установах: "Ты хочаш быць "чысценькім" перад Саветамі, а нас хай душаць акаўцы?" і ўрэшце проста заявілі: "Не паслухаешся, адправім твайго сынка ў Германію..."

Выхаду не было. Дзед згадзіўся ісці працаваць у ЗГС - даволі нейтральную па тым часе ўстанову: рэгістраваць нараджэнні, шлюбы, смерці. Праўда, уедлівы служка, ён хутка зразумеў, што не ўсе дакументы аб смерці яму даюць для рэгістарцыі. І аднойчы сказаў пра тое свайму начальніку. Немец паклікаў яго і перад самым носам паківаў пальцам: "Не лезь куды цябе не просяць, а то сам акажашся на іх месцы".

І ўсё ж дзед сапраўды застаўся "чысценькім", нічога дрэннага супраць савецкай улады не зрабіў і тым не менш, як ужо адзначалася вышэй, памагатыя акаўцаў "накаталі" заяву на яго ў КДБ. Службовец гэтай установы доўга "мурыжыў" старога, дабіваючыся прызнання: ты працаваў у немцаў, значыць вінаваты. "Дык я ж нічога не здзейсніў такога, каб мяне садзіць за краты", - апраўдваўся дзед.

- Вот я тебе сейчас как врежу по уху. Тогда вспомнишь о всех своих поганых делишках. А пока шагай в клозет и хорошенько подумай, что ты совершил против нас.

Вось так па некалькі разоў на дзень чэкіст то адпраўляў старога ў прыбіральню, то клікаў назад на допыт. Але дзеду не было ў чым каяцца, і яго пакінулі ў спакоі.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін факт, які меў месца ў бальніцы, калі параненаму збіраліся аказваць дапамогу, то ўрач-паляк, які, пэўна, быў звязаны з акаўцамі, пачаў пераконваць свайго калегу адмовіцца ад аперацыі на той падставе, што раненне, маўляў, настолькі сур'ёзнае, што хірургічнае ўмяшанне нічога не дасць. Усё безнадзейна. На шчасце, другі ўрач рэзонна адказаў: "Наш абавязак да апошняга змагацца за жыццё чалавека, хто б ён ні быў. На аперацыйным стале няма ворагаў, усе роўныя". Так насуперак акаўцу дзед быў выратаваны, рана аказалася несмяротнай.

Урокі мінулай вайны (і не толькі яе) пераканаўча сведчаць аб неабходнасці стварэння незалежнай дзяржавы. Ва ўсім свеце ўсе народы так і дзейнічаюць. А вось нашы кіраўнікі чамусьці імкнуцца заключаць нейкія уніі і саюзы з суседзямі, якія потым нам вылазяць бокам. У 1569 годзе наша сярэдневечная дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае пад націскам Польшчы, разлічваючы атрымаць ад яе дапамогу ў барацьбе з агрэсіяй Масквы, подпісала унію з Польскім Каралеўства. І што з гэтага атрымалася? Княства паступова страціла незалежнасць. А праз 200 гадоў Беларусь наогул была акупавана Расейскай імперыяй. Наступны саюз адбыўся ў 1922 годзе - з бальшавіцкай Расеяй. І зноў з тым жа вынікам: страта незалежнасці, русіфікацыя, масавыя рэпрэсіі, знішчэнне людзей у шматлікіх Курапатах па ўсёй рэспубліцы.

Цяпер гісторыя дала нам яшчэ адзін шанец. З развалам СССР Беларусь зноў дамаглася суверынітэту. Прайшло ўсяго некалькі гадоў, і на табе - зноў знайшліся дзеячы, якія паставілі сабе за мэту інтэгравацца з Расеяй. Ва ўсім свеце людзі, як зрэнку вока, аберагаюць сваю дзяржаўнасць, без якой народ безабаронны ад знешніх нападаў і абавязкова падпадае ў залежнасць ад суседзяў. Няўжо ў нас гэтага не раумеюць? Але ж гэта ясна і школьніку сярэдніх класаў. Чаму ж тады знішчаецца беларускамоўная асвета, нацыянальная культура, фальсіфікуецца гісторыя? Так рабілі ўсе каланізатары. Выходзіць, і сувярэнная Беларусь дейнічае такім жа чынам. Нават немцы падчас першай і другой сусветных войнаў, калі акупавалі нашу краіну, дазвалялі беларусам адкрываць нацыянальныя школы. А зараз беларуская ўлада зачыняе іх! Нонсэнс!

Пачатак мірнага жыцця

Фронт малазаўважна пракаціўся па нашай мясцовасці, грукатаў дзесьці па магістральных шляхах, а потым, наогул, усё заціхла. Настаў мірны час, не трэба было асцерагацца ні фашыстаў, ні партызан. Можна было спакойна займацца сялянскай працай: араць, сеяць, ганяць на пашу жывёлу, убіраць у належны час жыта, ячмень, пшаніцу. Апошнюю, дарэчы, у нас заўсёды сеялі, хоць і мала. Таму, што трэба было ўгнойваць поле або размяшчаць па бульбянішчы, землі ж супяшчаныя. Аднак пшаніца няблага расла. І маці сяды-тады пякла з яе смачныя пульхныя булкі. Таму я з недаверам ставіўся да савецкіх начальнікаў, якія сцвярджалі, што ў Беларусі пшаніца не расце. Такія заявы, напрыклад, не раз чуў ад намесніка міністра па хлеба-нарыхтоўках. Чалавек, пэўна, не мясцовы, ён не ведаў сапраўднага становішча. А вось жа кіраваў міністэрствам. Вядома, падчас існавання СССР пшаніцу можна было завозіць з іншых рэспублік. Калі ж раздзяліліся, то траціць валюту на яе закупку не было сэнсу. Гэта нарэшце зразумелі "вертыкальшчыкі" і пачалі адводзіць пад пшаніцу заначна больш зямлі, чым раней.

Жыццё без бацькі надзвычай ускладнілася. Гадаваць пяцёра дзяцей - не простая справа. Старэйшай сястры Валі было 14 гадоў. Самаму малодшаму браціку Віцю і 4 не споўнілася. А дапамогі не было адкуль чакаць. Праўда, хутка пасля смерці бацькі да нас заязджалі трое партызан (днём, на конях) і пыталі ў маці, чым дапамагчы. "Конь ёсць, то можам парсюка табе прывезці або цялушку, што скажаш, тое і зробім", - абяцаў, відаць, старшы з іх, у кубанцы з чырвоным верхам, вусаты, хмуры мужчына сярэдніх гадоў. Буланы жарабец без упынку круціўся пад ім і не даваў спакойна гаварыць. Маці адказала, што нічога не трэба. Баялася, каб не данеслі немцам. Тады бяды не абярэшся.

На шчасце, конь у нас быў. Вясной я паехаў араць пад яравыя, хоць аратаму таму ўсяго 12 гадкоў стукнула. Як жа цяжка было ўпраўляцца з плугам!

Адносная палёгка наступала 1 верасня, з пачаткам вучобы. Хадзіў я ў Маўчадскую СШ, у Харашках засталася толькі пачатковая школа. Пры немцах быў і пяты клас, я яго закончыў, аднак у Моўчадзі ўсіх садзілі ў той клас, у якім займаўся апошні год.

Праблем з вучобай у мяне не было. Паспяваў па ўсіх прадметах на "чатыры" і "пяць", хоць часу на заняткі бракавала. Да мястэчка каля пяці кіламетраў, кожны дзень туды і назад. Атрымліваецца дзесяць. І дома трэба дапамагаць: то дроў накалоць, то вады прынесці, сечкі жывёле нарэзаць і г.д. Толькі позна ўвечары можна было садзіцца за кнігі. Усім школьнікам даводзілася пісаць і чытаць пры адной газавай лямпе за адным сталом.

Маці, канешне, мела яшчэ больш клопатаў, яна павінна была спраўляцца і з жаночай, і з мужчынскай работай. Увосень і амаль да паловы зімы малацілі збажыну. Я таксама ўдзельнічаў. Гэта, бадай, цяжэй, чым араць і хадзіць за плугам.

Пра падаткі і фінагентаў

Падаткі сталі яшчэ адной праблемай для нашай слабасільнай гаспадаркі і слабых работнікаў. Здзіўляла тое, што для шматдзетнай сям'і і без гаспадара, які загінуў у барацьбе за савецкую ўладу, не было ніякай палёгкі, ніякіх ільгот. Наадварот, з нас патрабавалі больш, чым звычайна. На якой падставе? Усё вельмі проста: прыпісалі лішні гектар. Не палічыліся з тым, што мы ўсю зямлю не апрацоўвалі, не было каму, не хапала сілы. Па гэтай прычыне маці адмовілася плаціць дадатковы падатак. І вось аднойчы вясковыя ўпаўнаважаныя Салаш і Грэбень разам з агентам па збожжы і старшынём сельсавету Фядуцікам заявіліся да нас і хацелі сілай, самавольна забраць збожжа, падрыхтаванае для азімай сяўбы. Але пакуль яны хадзілі ў хлеў і гумно правяраць, колькі засталося тае збажыны, маці замкнула каморку. А Грэбень узяў сякеру і хацеў збіць замок з дзвярэй. Маці падняла крык, прыбеглі малыя дзеці на дапамогу. Пачуўшы гвалт, прыйшоў сусед Максім, і начальнікі адступіліся, аднак прыгразілі, што ўсё роўна даб'юцца свайго.

Аб гэтым дзікім здарэнні я напісаў у баранавіцкую абласную газету. Прыязджаў карэспандэнт, але да нас нават не зайшоў, задаволіўся тлумачэннямі старшыні сельсавету Фядуціка: маўляў, мы толькі папярэдзілі Кардаш, ніякага гвалту не было. Між тым начальнікі хутка прыйшлі зноў і ўжо "законна" апісалі нашу маёмасць. Што заставалася? Скардзіцца вышэйшаму начальству. Рашылі звярнуцца ў Вярхоўны Савет Беларусі. Маці плакала і апавядала пра злых "мытароў", а я занатоўваў нашы крыўды на паперы.

На гэты раз даволі хутка прыехаў для праверкі скаргі дэпутат Вярхоўнага Савету - не памятаю яго прозвішча. Ён паглядзеў усе квітанцыі, па якіх было бачна, што маці выканала абавязацельствы: і збожжа здала, і грошы заплаціла. Аказалася, што ўпаўнаважаныя Салаш і Грэбень самі не здалі яшчэ ні кілаграма збожжа ў лік падаткаў, затое яны рэгулярна арганізоўвалі п'янкі для агентаў і старшыні сельсавету. Дэпутат добратакі напалохаў гэтых дробных дзялкоў, і яны адсталі ад нас. Праўда, другі п'яніца-камуніст неяк сказаў маці: "У Маскву дарожку знайшла, усё пішаш, крыўды свае выкладаеш. Нічога, утомішся"... Пазней я пераканаўся: праўду сказаў камуняка, Масква, савецкая ўлада слязам не вераць. Дарэчы, у Маскву мы і не пісалі. Стары п'янтос штось пераблытаў, ачмурэўшы ад сівухі.

Як сёння, памятаю першую паездку на хлебанарыхтоўчы пункт у Наваельні. Гэта кіламетраў 15 ад Харашкаў. Разам з маці загрузілі на воз чатыры ці пяць мяшкоў жыта, уселіся самі і рушылі ў дарогу. Прыкладна за пару гадзін былі на месцы, каля доўгай прыземістай будыніны, якая размяшчалася ўздоўж чыгуначнай каляі. Прыёмшчык - тоўсты, як вяпрук, мужык з нахабным поглядам, у вайсковай зялёнага колеру фуфайцы паказаў рукой на вагі, затым на вялізную гурбу жыта: "Узважвай і цягні наверх". На вагі мы з маці складвалі мяшкі, а тут трэба было аднаму браць на спіну і па дошках узбірацца на самую вяршыню збожжавай гары. "Ён жа мог дазволіць высыпаць збожжа ў падножжы гэтай гары. - са злосцю думаў я, - не прымушаць слабога падлетка паўзці наверх". Дрэнна памятаю, як я дабраўся да вяршыні, бо ўся ўвага была звернута на заплечны груз. Рупіла адно: хоць бы не ўпасці. Нейкім цудам я ўсё ж дабраўся да месца і ад стомы рухнуў разам з мяшком. Аддыхаўшыся, падняўся, разблытаў завязку і пачаў высыпаць збожжа. Але мяшок не слухаўся мяне, падняць яго не ставала сілы, і таму я пакрыху адной рукой выграбаў жыта. Прыёмшчык западозрыў нешта нядобрае і хуценька ўзбег па дошках да мяне і рукой пачаў раскідваць збожжа туды-сюды. Спачатку я і не здагадаўся, што ён і для чаго робіць. Потым ужо сцяміў: гэты вяпрук падумаў, што ў мяшку быў пясок, таму я так доўга вазіўся. Ён, мусіць, не здагадваўся, што я не мог падняць мяшок і адразу высыпаць збожжа. Ён і цяпер не падмог мне, а, пакалупаўшыся ў жыце, злез уніз...

Зноў у калгасе

Каб паспяхова гаспадарыць на зямлі, трэба быць не толькі фізічна вынослівым, але і руплівым, дбайным, старанным чалавекам. Трэба добра ведаць сакрэты вырошчвання розных культур, усё рабіць своечасова і якасна, прымяняць новыя, так сказаць, тэхналогіі. Бацька, хоць не праходзіў якіх-небудзь спецыяльных курсаў, ахвотна выкарыстоўваў лепшыя ўзоры вядзення паляводства. Паколькі арганікі было недастаткова, дык яна ішла ў асноўным пад бульбу (аб мінеральных туках і слыху не было), то пад жыта, напрыклад, пачалі сеяць горкі лубін. Больш сеялі канюшыны, сырадэлі, гароху і вікі. У выніку глеба ўзбагачалася азотам, на гэтых плошчах можна быо размяшчаць усе збожжавыя.

Але вайна не спрыяла сялянскай справе,у вёсках мужчын заставалася мала, у асноўным старыя і дзеці. Усе клопаты ляглі на плечы жанчын. Думалася, пасля разгрому фашызму будзе лягчэй. У дзень Перамогі, аб чым у вёсцы даведаліся раніцай 9 траўня, людзі смяяліся і плакалі. Мы былі якраз у хаце, пачулі агульнае ўзбуджэнне і выбеглі на вуліцу. Ад шчасця плакалі тыя, у каго мужы і браты засталіся жывыя. Плакалі ад незабыўнага гора тыя, у каго родныя загінулі і ўжо ніколі не вернуцца дамоў, іх жонкі застануцца ўдовамі, а дзеці - сіратамі.

Паплакалі, пагаравалі і пачалі займацца паўсядзённымі справамі, бо іх не перанясеш на другі тэрмін. Жыццё працягвалася.

Нехта маці падказаў, што за бацьку павінны даваць грашовую дапамогу на дзяцей. Трэба толькі дастаць неабходныя даведкі ў сельсавеце і райвыканкаме. Разам з сяброўкай па няшчасцю Санюковай жонкай яны і пайшлі "солнцем палимы" па бюракратычнаму колу. Што за людзі сядзелі тады ва ўладных органах, можна толькі падзівіцца. Старшынём Азяранскага сельсавету быў вядомы ўжо нам Фядуцік. "У сельсавеце, - расказвала маці, - трэба было ўзяць даведку з месца жыхарства, бо пашпартоў у нас не было, каб ехаць у Менск у штаб партызанскага руху атрымаць "пахаванку". Здавалася б, усяго тых спраў хвілін на 20, але Фядуцік якраз сабраўся некуды ехаць і не згаджаўся пачакаць, пакуль сакратар напіша даведкі. "У дзве гадзіны вярнуся і тады падпішу", - важна заявіў начальнік. Вымушаны былі чакаць. Прабіла дзве гадзіны, потым тры і чатыры. Дзень быў вясенні, доўгі. Ужо і 10 гадзін вечара. Пачало цямнець, а яго ўсё няма. Потым з'яўляецца зусім п'яны. Сакратар, мясцовы, азяранскі чалавек, адразу да яго:
- Жанчыны сядяць цэлы дзень, ты абяцаў падпісаць ім даведкі.
- Ніякіх даведак падпісваць не буду - пачаў выпендрывацца начальнік, - час ужо пасля работы.
Маці прыняла гэта за жарт і давай тлумачыць:
- Таварыш старшыня! Нам жа ісці далёка, кіламетраў сем, праз лес, ваўкі яшчэ з'ядуць. Падпішыце, калі ласка, даведкі ж падрыхтаваныя.
-Я сказал тебе русским языком, подписывать не буду. Время после работы, - упарціўся сельскі галава. І ў пацвярджэнне сваёй пазіцыі стукнуў кулаком па стале. Пазней маці расказвала: "Мяне хапіла злосць, я таксама кулаком па стале: ах, гавару, нягоднік ты! Не хачу, каб ты пэцкаў нашы паперы. І пачала плакаць". Тады сакратар зноў падышоў да яго і пачаў сарамаціць. Тут з'явілася настаўніца, таксама пачала прасіць. Нарэшце начальнік, мусіць, працверазеў трохі і падпісаў тыя няшчасныя даведкі. Назаўтра трэба было ісці яшчэ ў раён, завяраць іх. Потым паехалі ў Менск. Але адразу і там не змаглі аформіць дакументы. Давялося ехаць яшчэ раз. І што ў выніку? Прызначылі грашовую дапамогу... 72 рублі ў месяц. На іх можна было купіць пару булак хлеба.

Маці прызвычаілася гандляваць, інакш адкуль браць грошы? Пякла булкі велічынёй са сподачак (у нас называлі іх пышкамі) і вазіла ў Баранавічы. Непадалёку ад разбуранага чыгуначнага вакзала была пляцоўка, стаялі лаўкі. Вось там ішоў гэты гандаль . Я часцяком суправаджаў маці, падносіў карзіны да станцыі, дапамагаў залезці ў таварны вагон. Пасажырскіх не было. Іншы раз ехаў з ёю ў Баранавічы. Нашы булкі па чырвонцу за штуку куплялі ў асноўным афіцэры, бо ў горадзе было шмат вайскоўцаў.

Вынікі гэтых гандлёвых экспедыцый, якія паўтараліся даволі часта, пачынаючы з восені да самай вясны, былі неблагія. Дадому маці прывозіла кучу пакамечаных "дзеньзнакаў", высыпала на стол, і мы лічылі іх, складвалі ў меншыя кучкі згодна з наміналам. Выручка дазваляла не толькі купіць кнігі, сшыткі для пяцярых школьнікаў, але прыадзець і абуць іх. Аднак з пачаткам калектывізацыі гандаль змарнеў сам сабой: не было пшаніцы, не было з чаго выпякаць булкі.

У 1948 годзе аднаасобнае гаспадаранне скончылася. Зноў арганізавалі калгас. На жаль, жыццё ад гэтага не палепшылася. Калі раней, маючы каня, кожны мог нарыхтаваць дастакова корму для жывёлы, то цяпер гэта стала балючай праблемай. Каб трымаць карову, - а як без яе? - трэба было на плячах радзюжкай насіць траву з балота, з кустоў, спярша нажаць яе сярпом. Калі ўбіралі жыта, то потым касілі для сябе ржышча, бо саломы не давалі, яна ішла для грамадскага статку. Ды не дазвалялі тое ржышча ўбіраць, крадком рабілі.

Мы, дзеці, усе пяцёра, хадзілі ў школу, а ў калгасе працавалі толькі летам. І то не заўсёды, таму што рабочых рук тады яшчэ хапала. Я некалькі разоў абганяў бульбу - гэта лічылася не цяжкай работай. Вазіў таксама жыта ад малатарні да склада. Аднойчы мы ўдваіх з суседам везлі, то ён унёс "прапанову": "Давай скінем табе мяшок і мне мяшок", - я адмовіўся: "Не, дзядзька, не хачу. Мы ж яго ўзважвалі, недастача будзе". Больш ён не загаворваў, а нешта ўсё бубніў, мусіць, кляў і мацюкаўся на мяне.

Не абышлося ў Харашках і без надзвычайнага здарэння. Вечарам у школе праводзілі калгасны сход. Было даволі шумна. Людзі актыўна абмяркоўвалі грамадскія справы. Аж тут з панадворку грымнуў стрэл. Чалавек, які стаяў ля акна, паволі споўз на падлогу і захрыпеў. Куля трапіла яму ў галаву, і ён адразу сканаў. Гэта быў камуніст, адзін з арганізатараў калгасу, кульгавы Дзям'ян. Перабудова вёскі на калгасны лад патрабавала ахвяр.

Смерць дыктатара

Праз два гады я закончыў Маўчадскую сярэднюю школу. Куды падавацца далей, для мяне пытання не было. Даўно вырашыў паступаць на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, таму што прызвычаіўся пісаць для газеты, з якой была сувязь, хоць не вельмі трывалая.

Але, бадай, галоўнае заключалася ў іншым. Працуючы ў друку, думалася, можна будзе штодзённа "бічаваць" тыя заганныя парадкі, што ўсталяваліся ў краіне. Гэты настрой трываў усе гады вучобы, з ім я ехаў на першае месца працы. Смерць "вялікага кормчага" павінна была толькі аблегчыць маю задачу. Дарэчы, цікава было наглядаць, як сустрэлі гэтую навіну ў сценах альма-матар - можна сказаць, у цэнтры інтэлектуальнага жыцця рэспублікі. Кідалася ў вочы, што асабліва перажывалі студэнткі, яны па-сапраўднаму рымзалі. Гледзячы на іх, цяжка было стрымаць усмешку.

У дзень пахавання дыктатара ва ўсе групы прыйшлі прадстаўнікі парткамітэту і рэктарату. Па камандзе выкладчыка ўсе ўсталі і 5-хвілінным маўчаннем ушанавалі памяць дарагога бацькі савецкага народа. У гэты час бесперапынна гулі завадскія гудкі. На тым усе мерапрыемствы скончыліся, і заняткі аднавіліся.

Праўда, на нашым аддзяленні не абышлося без непрыемнага для прыхільнікаў Іосіфа Джугашвілі здарэння. Адзін "маласвядомы" студэнт сказаў пару непачцівых слоў у адрас улюбёнца народа. За гэта яго ледзь не выключылі з універсітэта.

Многія ахвотнікі відовішчаў дабіліся дазволу і паехалі ў Маскву на пахаванне правадыра. З нашага курса таксама ездзіў адзін хлапец, тонкі і высокі. З гэтай нагоды пасмейваліся: больш убачыць паверх галоў. Вярнуўся, то расказаў, што гэта была другая Хадынка, падушылі мноства народу.

У раённай газеце

Пасля месячнага адпачынку пасля заканчэння БДУ 1 жніўня 1955 г. я ўжо быў на месцы працы ў гар. пасёлку Чырвоная Слабада Менскай вобласці - гэта кіламетраў трыццаць на паўдзень ад Слуцка. Мяне залічылі сакратаром раённай газеты "Чырвоная зара". У рэдакцыі было ўсяго двое штатных супрацоўнікаў - рэдактар і сакратар. Для дзвюхпалоснай газеты, якая выходзіла двойчы на тыдзень, больш і не патрабавалася.

Парадавала, што ў рэдакцыі быў уласны транспарт, нават дзве адзінкі: ровар і ...гнядая кабылка. Пра апошнюю, праўда, я не адразу даведаўся. Сакрэт раскрылі жанчыны з друкарні, якая месцілася ў адным будынку з рэдакцыяй.
- Чаму вы толькі на ровары ездзіце ў свае калгасы? - спытала аднойчы смяшлівая маладуха, Вольгай, здаецца, звалі.
- На ім тэба педалі бясконца крупіць, ножкі забаляць. У нас жа кляча ёсць для камандзіровак. Усеўся на яе, як пан, ды паганяй сабе...

Усе дружна зарагаталі. Да таго я не чуў, каб у раённых газетах трымалі коней для транспартных паслуг. Што ж, у кожнага калектыву, відаць, свае звычаі. Ва ўсякім разе, можна і на кабыле сяды-тады праехацца. Дома падлеткам даводзілася часцяком ганяць коней на балота, на пашу. Кожны раз на гэтым шляху трэба было пераадольваць даволі крутую горку. І нічога, неяк абыходзілася, ні разу не зваліўся, хоць трымацца можна было толькі за конскую грыву.

Калі ўволю нацешыліся, жанчыны папярэдзілі, каб я не вельмі спяшаўся ажыццявіць іх параду. Паліна - рэдактарка наўрад ці дасць каня ў маё распадарджэнне. Конь патрэбны соткі начальнікаў апрацоўваць, а не раз'язджаць па раёне...

Але рагатухі памыліліся. Рэдактарка сама прапанавала мне з'ездзіць у не вельмі аддалены калгас вярхом, бо дарога туды гразкая, на ровары не дабярэшся. Між тым неабходна было тэрмінова падрыхтаваць карэспандэнцыю аб ходзе азімай сяўбы. Я хуценька сабраўся і рушыў у дарогу. Думаў, вяскоўцы будуць смяяцца з "казака", але быццам бы ніхто не звярнуў увагі на маю каняку. У той час на ўвесь раён было дзве-тры легкавушкі, так што многія вымушаны былі карыстацца конскай сілай. Адным словам, даручэнне я паспяхова выканаў, але больш рэдактарка не прапаноўвала мне ездзіць на кабыле, а я і не прасіў. У маім распараджэнні быў ровар і спадарожныя машыны.

Аднаго разу ўзяў мяне з сабой у калгас сам старшыня райвыканкаму Краснеўскі: мабыць, яму было цікава пазнаёміцца з новым чалавекам, усю дарогу распытваў, адкуль, хто бацькі. Калі прыбылі на месца, я сказаў, што мне абавязкова трэба ўзяць інтэрвію ў агранома.

- Давай, давай, толькі не зацягвай надоўга, - папярэдзіў ён і дадаў, - потым прыходзь у кабінет старшыні калгасу.

Там мы не затрымаліся, адразу пайшлі на кватэру да "чырвонага памешчыка". Ён, вядома, выставіў на стол усё лепшае, што было з хатніх прыпасаў: кілбасу, вяндліну, адбіўныя, розныя салаты і інш., а выпіўка была адна - медавуха. Раней мне не даводзілася ўжываць такі напой, хоць чуў аб ім. Выдатная рэч, надзвычай духмяная і прыемная. П'еш і піць хочацца і не п'янееш так хутка, як ад гарэлкі. Наадварот, галава робіцца яснай і светлай, пакуль не перабраў меры. А вось ногі трохі падводзяць: яны становяцца нібы ватныя, падгінаюцца, не хочуць служыць, як належыць.

Выбраліся мы ад гасціннага гаспадара ў прыцемках, так што наўрад ці хто заўважыў, як мы няўпэўнена пляліся да начальніцкай "Волгі". У райцэнтры Краснеўскі не адпусціў мяне дадому, запрасіў у свой кабінет. У поцемках мы доўга гутарылі з ім. Між іншым, ён пахваліўся, што яго бабуля служыла кухаркай у Леніна, у Крамлі. Успомніў нават пра эпізод з нейкага кінафільма, калі яна папрасіла Ільіча прыглядзець за малаком, каб не адбегла. Ды дзе там, ён, канешне, заняўся больш важнымі справамі, размовамі аб барацьбе за народнае шчасце, аб сусветнай рэвалюцыі. А малачко тым часам шуганула на пліту. Ах, Ільіч, які ты, аднак, няўклюда!... Я, зразумела, не прыдаў значэння гэтай фантазіі, хоць быў "пад мухай", як і сам апавядальнік.

Скарыстаўшы нашы панібрацкія на той момант адносіны, я задаў Краснескаму дужа далікатнае пытанне, якое ў іншых абставінах не асмеліўся б уздымаць: чаму здача збожжа дзяржаве лічыцца першай запаведдзю? Калгасы толькі распачалі ўборку, збожжа яшчэ сырое, тэхнікі, у тым ліку аўтамабіляў, не хапае. А іх загружаюць гэтым напаўсырым збожжам і гоняць на прыёмны пункт за трыццаць і больш кіламетраў. Па-гаспадарску спачатку трэба было б убраць, калі не ўсю, то значную частку засеянага, падсушыць і тады пачаць здачу дзяржаве.

Начальнік уважліва выслухаў мяне. Неяк парухаўся на крэсле і нечакана строгім голасам заявіў: "А вот этого я тебе не скажу!" - сказаў чыста па-руску, хоць да таго ўжываў звычайную трасянку. Мне, па - праўдзе, і не трэба было нешта тлумачыць. Я сам ужо дакумекаў, чаму мае месца апісаная вышэй практыка. Па-першае, да лета ў дзяржаўных засеках збожжа заставалася ў абрэз. Па-другое, начальнікі баяліся, што калі паслухацца калгаснікаў, то недаатрымаеш вялікую колькасць хлеба. Не агледзішся, як у гаспадарках пачнуць раздаваць збожжа на працадні, скормліваць жывёле, проста раскрадаць. А на працадзень, чго добрага, уздумаюць вызначыць не 200-300 грамаў, а, да прыкладу, 2-3 кілаграмы. Толькі папусціся, і горад застанецца без хлеба.

Больш Краснеўскі мяне не запрашаў у гастролі па раёну. Ды ў час начной гутаркі ён прызнаўся, што збіраецца пакінуць выканкамаўскую пасаду і пайсці старшынём калгасу. Ён падлічыў, што зарплата будзе не меншай, а большай. І занятак цікавейшы. У выканкаме закапаешся з паперамі, а там жывая справа, цесныя сувязі з людзьмі. Хутка Краснеўскі ажыццявіў сваю задумку, прыняў старшынства над семежаўскім калгасам імя Сталіна - назву яшчэ не замянілі.

Я неяк наведаў новаспечанага калгаснага кіраўніка. Пагаварылі пра сёе-тое, было бачна, што ён ужо асвоіўся ў новай ролі. Прызнаўся, што хоць гаспадарка моцная, адна з лепшых у раёне, але праблем хапае. Асабліва турбуе недахоп тэхнікі, у тым ліку трактароў, з-за чаго зацягваюцца палявыя работы, што адмоўна ўплывае на ўраджайнасць, на эканоміку ў цэлым.

Сумныя ўражанні

Зрэшты, Краснеўскі не адкрыў мне якіясьці надзвычайныя сакрэты. У падобным, нават горшым становішчы былі іншыя калгасы. Слабая матэрыяльна-тэхнічная база тлумачылася проста: прамысловасць краіны пакуль што не магла ў пэўнай колькасці забяспечваць вёску трактарамі, камбайнамі, аўтамабілямі, прычапнымі прыладамі. Да таго ж увесь машынны парк быў сканцэнтраваны на сядзібах МТС, якія мелі свае цяжкасці з рамонтам тэхнікі: пастаянна не хапала запчастак. Нядзіўна, што трактары нярэдка ламаліся, падоўгу прастойвалі ў баразне.

За некалькі месяцаў я фактычна аб'ездзіў увесь раён, усе гаспадаркі. Бачыў усё сваімі вачыма, пісаў аб тым у газеце. Уражанне было больш чым сумнае. Адсутнасць элементарнага парадку на калгасных сядзібах, на фермах, старыя, напаўгнілыя гаспадарчыя памяшканні, бруд каля будынкаў і на вуліцах, пустыя прылаўкі магазінаў, адзетыя ў замусоленыя куфайкі людзі - глядзець на ўсё гэта было бязрадасна, балюча. Нават у самой Чырвонай Слабадзе хлеб выдавалі па спісах.

Між тым раён хоць і невялікі, але па сваіх патэнцыяльных дадзеных мог вырабляць багата рознай прадукцыі, бо меў досыць урадлівыя землі. Але наяўныя магчымасці не выкарыстоўваліся, як належыць. Тое ж самае наглядалася і ў Харашках, на захадзе Беларусі, не лепш, аказваецца, было і на ўсходзе рэспублікі. Цікава, але тут я пачуў тую ж прымаўку: "Раней было панава, а цяпер планава". Тое ж можна было бачыць і чуць у Баранавіцкім і ў Нараўлянскім раёнах, дзе я праходзіў практыку.

Выходзіць, у розных кутках Беларусі людзі аднолькава ацэньвалі сваё становішча. На самай справе, не яны, калгаснікі, вызначалі, колькі чаго выдаць на працадзень. За іх гэта вырашалі ва ўладных кабінетах. Там сядзелі "мудрыя галовы", якія клапаціліся перш за ўсё аб тым, каб забяспечыць горад, а калгаснікам - што застанецца. Заставалася звычайна мала. Зусім мала. У такім разе, адкуль у сельскага жыхара будзе жаданне ўвіхацца на калгасных палетках і фермах, якія танулі ў гноевай жыжцы? Як даўней у прыгоннага селяніна, цяпер у савецкага хлебароба не было зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. Фактычна ён мала чым і адрозніваўся ад прыгоннага. Без згоды кіраўніка ён не мог пакінуць калгас, у яго і пашпарта не было.

Шматлікія рашэнні партыйных і савецкіх органаў аб далейшым развіцці сельскай гаспадаркі, якія часцяком з'яўляліся ў друку, не давалі плёну менавіта па ўказаных вышэй прычынах. У іх толькі канстатавалася, што калгасы і саўгасы не выконваюць планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па паляводству і жывёлагадоўлі, нізкія ўраджаі збожжавых, бульбы і іншых культур, мала атрымліваюць малака і мяса, не прымаюцца меры па ўмацаванні кармавой базы, паляпшэнні лугоў і пашаў і г.д. Пастановы абавязвалі ніжэйстаячыя органы, кіраўнікоў гаспадарак прыняць меры па выпраўленні недахопаў, узмацніць арганізацыйную і палітычную работу сярод працаўнікоў вёскі. У газетах часта публікаваліся таксама лісты перадавікоў сельгасвытворчасці, у якіх усе недахопы спісваліся на нізкую працоўную дысцыпліну калгаснікаў. Аўтары допісаў патрабавалі стварыць вакол гультаёў абстаноўку нецярпімасці...

Марныя жаданні: прымусіць людзей па-ўдарнаму працаваць на адным голым энтузіязме немагчыма. Трэба, каб старанне чалавека добра аплачвалася, на жаль, у пастановах партыі і ўраду аб гэтым часцей за ўсё нават не ўпаміналася. Нас, студэнтаў, таксама кожны год "ганялі" на бясплатныя работы, звычайна на ўборку бульбы. Цэлы месяц, часта ў дождж і холад, мы капашыліся на палетках і ні рубля не атрымлівалі за гэта. Працавалі фактычна толькі за харчы, прычым у сваім адзенні і абутку, бо спецвопраткі ніхто не даваў. У мяне аднойчы ў час бульбянога аўралу адарвалася падэшва ў чаравіку. Што рабіць? Майстра ў вёсцы не было, а ў горад кіраўнік не пускаў. Давялося падвязаць падэшву вяровачкай і працягваць змаганне, бітву за ўраджай. Дарэчы, для студэнта было б нядрэнна, каб калгас даў хоць бы па кошыку бульбы ў якасці аплаты за ўдарную працу - ні разу не далі, нават размовы аб тым не вялося. Цікава, калгаснікі ў гэты час убіралі другі хлеб на сваіх прысядзібных участках. Прымушаць іх ісці на грамадскую працу ніхто не адважваўся, таму што ўласная бульба з'яўлялася, бадай, адзіным гарантам ад галоднай зімы.

Студэнтаў выкарыстоўвалі не толькі ў якасці рабсілы. Пасля вераснёўскага Пленума ЦК кампартыі 1953 г., які прыняў шэраг мер па ўздыму сельгасвытворчасці, нас, трэццякурснікаў, адправілі ў калгасы Менскага раёна з заданнем выступіць з дакладамі аб рашэннях гэтага пленума. Тады я лішні раз упэўніўся, наколькі цяжкім было становішча ў вёсцы. Апатыя, безвыходнасць, расчараванне - такі быў настрой сялян. Стары калгаснік, у якога я начаваў, наўпрост сказаў: "Усе мы страцілі веру ў змены да лепшага. Мы толькі працуем, а прыйдзецца дзяліць набытак - выходзіць па сто-дзвесце грамаў на працадзень. Усё амаль дарма забірае дзяржава".

Становішча ўсюды аднолькавае: і на захадзе, і на ўсходзе. Так было ў першыя пасляваенныя гады і пазней. А зараз? Прайшло дзесяць гадоў мірнага жыцця, а станоўчых зрухаў зусім мала. Усюды беспарадак. Застой. Заняпад. Па словах правадыроў, у калгасах, увогуле ў краіне жыццё павінна квітнець, а на справе адбываецца штосьці мала зразумелае. Чаму? Гэтыя пытанні не давалі спакою. Мае спадзяванні на тое, што крытыка ў газеце будзе садзейнічаць выкараненню недахопаў, аказаліся марнымі, проста смешнымі. Паступова да мяне даходзіла, што прычыны заняпаду глыбей, чым думалася. Яны крыюцца, мабыць, у самой прыродзе ўлады, у тым, што ў краіне парушаны асновы дэмакратыі. Фармальна Канстытуцыя гарантуе правы грамадзян, на справе ў нас адсутнічае свабода слова і друку, мітынгаў і сходаў і г.д.

Вось і на вёсцы - нават тыя правы, якімі надзяляюцца калгаснікі, паўсюдна парушаюцца. Статут сельгасарцелі быццам бы дазваляе вяскоўцам прымаць удзел у кіраванні гаспадаркай, а практычна ўсім запраўляе старшыня праўлення, чалавек, якога прыслала раённая ўлада. Скардзіцца няма каму. Таталітарны рэжым, што пануе ў краіне, не дапускае крытыку ў свой адрас. Таго, хто асмеліцца на такую дзёрзкасць, самы справядлівы савецкі суд адпраўляе за калючы дрот.

Мае спробы пагаварыць аб бяспраўным становішчы калгаснікаў выклікалі насцярожанасць. Такія пытанні ніхто не хацеў абмяркоўваць. Толькі аднойчы за чаркай малады юрыст пагадзіўся з маімі разважаннямі, але "ўнікаць" у дэталі не адважыўся.

Вельмі паказальна, што ніхто і словам не заікнуўся аб падзеях у час Слуцкага паўстання 1920 г., а ў ім жа актыўна ўдзельнічалі жыхары Вызны (так раней называласяЧырвоная Слабада) і ўсёй воласці, якая тады належала да Слуцкай акругі. Вось як запалохалі народ! Бацькі баяліся даверыць вяліую тайну сваім дзецям і ўнукам, бо справа пахла Сібір'ю.

Хто вінаваты і што рабіць?

Рана ці позна гэтыя пытанні ўзнікаць у кожнага, хто задумваецца над існай рэчаіснасцю. З аднаго боку, камуністычная тэорыя быцца бы адкрывае правільны шлях да дабрабыту і шчасця людзей. На практыцы атрымліваецца нешта адваротнае. За дзесяць пасляваенных гадоў нашыя былыя ворагі, напрыклад, Заходняя Германія і іншыя, дасягнулі небывалых поспехаў у адбудове разбураных мінулай вайной гарадоў, у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, паляпшэнні дабрабыту народу. А краіна Саветаў ніяк не магла вылезці з галечы і адсталасці. Чаму?

На Захадзе грамадзяне мелі палітычныя і эканамічныя свабоды, маглі самастойна вырашаць свае праблемы. У той час у Савецкім Саюзе дыктататура кучкі пратыйных босаў перашкаджала нармальнаму развіццю эканомікі. Далі б савецкім людзям свабоду, магчымасць праявіць свае здольнасці, як гэта было пры тым жа НЭПе, і яны за нямногія гады дабіліся б уздыму народнай гаспадаркі. Але аб эканамічнай свабодзе ў той час нават размовы не было. Партыя лічыла, што грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці больш эфектыўная, чым прыватная, хоць жыццё ўсё часцей пераканаўча абвяргала гэтую марксісцкую догму. Усюды, дзе ўсталёўваўся камуністычны рэжым, людзі былі асуджаны на паўгалоднае існаванне. І ніякай перспектывы да лепшага не было відаць.

Калі адышоў у іншы свет вусаты бацька, многія спадзяваліся, што ўлада нарэшце дазволіць людзям вальней уздыхнуць, вярнуцца, як тады казалі, да ленінскіх прынцыпаў у дзяржаўным і партыйным будаўніцтве. Можна будзе без боязні гаварыць аб недахопах у дзейнасці кіраўнічых органаў, развіваць крытыку і самакрытыку. Я таксама паддаўся на гэту прыманку і вырашыў напісаць ліст на самы верх, у ЦК кампартыі. Думалася, няхай і мой голас папоўніць тую масавую плынь скргаў і прапаноў, якая штодзённа і безупынна цячэ і б'ецца аб крамлёўскія сцены.

Аб чым пісаў? Увогуле, тое ясна з папярэдніх старонак. Галоўны "націск", помніцца, зрабіў на адсутнасць дэмакратыі ў краіне, неабходнасць вызваліць друк ад засілля цанзуры, каб людзі маглі свабодна крытыкаваць дзейнасць камуністычнай партыі і савецкай улады.

Трэба адзначыць, што ліст я закончыў і адаслаў па згаданым вышэй адрасе дзесьці ў лістападзе 1955 года, яшчэ да ХХ з'езду КПСС, які адбыўся ў лютым наступнага года, і на якім М. Хрушчоў выступіў з дакладам "Аб пераадоленні культу асобы Сталіна і яго вынікаў". Выходзіць, я раней партыі развянчаў правадыра ўсіх народаў, назваў яго сярэдневяковым тыранам...

Гэты факт, увесь змест ліста прымусіў задумацца аб санкцыях, якія "органы" могуць ужыць да аўтара. Было ясна, што, нягледзячы на некаторае змякчэнне палітычнага рэжыму, яго сутнасць мала ў чым змянілася. Таму я вырашыў падпісаць сваё пасланне выдуманым прозвішчам. Вядома, гэта не зусім этычна, але, з другога боку, саджаць чалавека за краты толькі за тое, што ён асмеліўся выказаць сваю думку, хіба этычна? Хіба нармальна? Падумалася таксама, што ліст не такі страшны, каб доблесныя чакісты пачалі шукаць зламысніка. Дык што было рабіць? Пасылаць ці не пасылаць? Павел-трактарыст, у якога я жыў на кватэры, на мае жальбы, што горка назіраць той бардак, што творыцца ў калгасах раёна, секануў безапеляцыйна: "Кінь ты дурыць галаву! Маеш добрую пасаду, дык працуй сабе. Якая табе розніца, што адбываецца ў калгасах? Да фені ўсё гэта, няхай начальства шманае, што рабіць"...

Але я не паслухаў "чалавека з народа". Я быў у такім стане, што не мог маўчаць. Глыбокае расчараванне ад блізкага знаёмства з савецкім жыццём, роспач апанавалі мяне. І ў адчаі я ўсё ж рашыўся патурбаваць крамлёўскіх кормчых...

Яны аказаліся верныя сабе: у мясцовыя органы паступіў загад знайсці і пакараць! Праз колькі часу мяне выклікалі ў райкам камсамолу. Там ужо чакаў супрацоўнік менскага абласнога УКДБ. Ён запатрабаваў ад мяне тлумачэнняў з выпадку майго антысавецкага ўчынку. Я коратка адказаў, што ў лісце выказаў свае думкі аб становшчы ў краіне. А супраць савецкай улады ніякіх злачынных намераў не маю. На гэтым наша гутарка і закончылася, пасланец органаў яўна быў незадаволены мною. Не памятаю, але хтосьці з раённых начальнікаў папракнуў: "Трэба было, даражэнькі, больш каяцца і клясціся ў вернасці партыі і савецкай уладзе. Інакш загрыміш у якую-небудзь Варкуту". Ён як у ваду глядзеў. Даволі хутка яго прадказанне пачало здзяйсняцца....

Услед за кэдэбістам у райцэнтр прыехаў работнік Менскага абкама камсамолу і забраў мяне з сабою. На пасяджэнні абкаму выключылі з арганізацыі і сказалі звяртацца ў ЦК, калі не згодны. Хоць пытанне гэтае маглі абмеркаваць на месцы працы, на пленуме райкаму камсамолу, але выносіць такую далікатную праблему на разгляд РК палічылі немэтазгодным. Навошта моладзі ведаць, што ў яе шэрагах аказаўся іншадумец. Юнакі ў нас на сто працэнтаў ідэйна загартаваныя і маральна вытрыманыя, з'яўляюцца надзейнай апорай і рэзервай партыі. А з адшчапенцам здолеюць разабрацца вышэйшыя інстанцыі. Праз некалькі дзён я ўжо стаяў перад бюро ЦК камсамолу. Выслухалі мяне. Шмат пытанняў не задавалі, для іх усё ўжо было вырашана. Толькі асаблівую актыўнасць праявіў нейкі вайсковец, відаць, работнік армейскага камсамолу. Ён увесь час круціўся на крэсле, ажно падскокваў, і сваімі пытаннямі-разважаннямі падбіваў мяне прызнацца ў сувязях з замежнымі прапанандысцкімі цэнтрамі, а можа, і з больш страшнымі органамі....

- Мусіць, галасы розныя слухаеш? - распякаў мяне ружовенькі маладзён.
- Няма ў мяне прыймача, - спрабаваў я адбіцца ад гэтага заўзятага актывіста.

А па праўдзе, ён меў-такі рацыю, гэты палітбаец. Сяды-тады я слухаў "Голас Амерыкі" ці Бі-Бі-Сі, што выпадала пачуць скрозь ярасныя шумы і посвіст глушылак: у рэдакцыі была радыёла. Але не галасы, не радыёла вінаватыя, не яны зрабілі з мяне крытыка ўлады, а навакольнае савецкае жыццё. Яны, зразумела, дзяліліся навінамі. Аднойчы, напрыклад, расказалі, што супрацоўнік савецкага пасольства ў Аўстраліі папрасіў палітычнага прытулку, мясцовыя ўлады пайшлі яму насустрач. У СССР падняўся неверагодны шум з гэтага выпадку. Крэмль патрабаваў выдачы "злачынца", атрымаўшы адмову, скасаваў дагавор аб закупцы вялікай партыі воўны. З яе, паведамлялі "галасы", можна было вырабіць мільёны метраў тканіны ды пашыць безліч касцюмаў. Савецкая прэса такой "дробяззю", зразумела, не цікавілася. А мой аднакурснік з гэтай гісторыі зрабіў слушную выснову: "Наш Соса давядзе да таго, што хутка ўсе будзем хадзіць у куфайках"....

Пра фінал маёй справы здагадацца было няцяжка. Спадзявацца, што камсамольскія бюракраты пашкадуюць небараку. Наіўна. Яны зрабілі тое, што ад іх патрабавалі, і выключылі са слаўных радоў камсамолу. Цяпер у любы момант можна было чакаць "гасцей". Маё меркаванне пацвердзілася раптоўным з'яўленнем вядомага яшчэ па універсітэце "сябра" органаў. Ён быццам бы неспадзявана сустрэў мяне і між іншым пацікавіўся, дзе жыву. Я не стаў гуляць у хованкі, усё роўна гэта не прынесла б карысці. Каб больш пераканацца ў тым, папрасіў пазычыць "траяк".

- Заўтра аддам, мне ўжо выслалі грошы па пошце. Раніцай атрымаю і вярну,- запэўніў я.

Прабач, але з сабой няма ні капейкі, - нібы з жалем у голасе прамовіў"прыяцель". Пры гэтым ён нават не стаў правяраць свае кішэні. Я пільна глянуў яму ў вочы і, здаецца, прачытаў у яго нахабных зрэнках адказ: "Пацерпіш. А заўтра грошы табе не спатрэбяцца. Пойдзеш на казённыя харчы!" "Гад. Пашкадаваў "траяка"!" - круцілася ў мяне на языку. Ён, мусіць, адчуў, як я натапырыўся, хуценька развітаўся і пашыбаваў са справаздачай да сваіх начальнікаў...

Арышт і следства

У мяне быў яшчэ час, каб схавацца ад чакістаў, збегчы куды-небудзь у Сібір ці на Далёкі Усход, у тундру, нарэшце - у бяскрайнім Саюзе зацішных куткой хапала. Але не было адпаведнага настрою. Жыць пад пастаяннай пагрозай выкрыцця не хацелася. "Няхай ужо судзяць! Шмат не дадуць, не той час", - махнуў я рукой на ўсе турботы.

...Яны прышлі раніцай. Разам з другім бяздомным мы бесклапотна спалі ва універсітэцкім інтарнаце. Моцны, неаднаразовы стук у дзверы сведчыў, што з'явіўся начальнік, гаспадар, які мае права перарваць наш сон. Давялося ўставаць, я нават не пацікавіўся, які нахабнік асмеліўся нас непакоіць. Адкрыў і адразу сцяміў, што гэта яны самыя...

- Ваша прозвішча? Мы з КДБ, паедзеце з намі, - прамовіў, паказваючы некае пасведчанне, адзін з "гасцей".

Я сабраў свае рэчы і рушыў да дзвярэй. Дзябёлыя, праўда, стараватыя, мужыкі ў аднолькавых шэрых плашчах суправадзілі мяне да такога ж старэчага легкавіка "Победа", пасадзілі пасярэдзіне. Мабыць, каб не збег... У гэты час студэнты і выкладчыкі якраз ішлі на заняткі, многія звярнулі ўвагу на нашу даволі дзіўную кампанію і, пэўна, падумалі, што адбываецца нешта не зусім звычайнае: маладзён і два дзядзькі некуды спяшаюцца з'ехаць...

Прыехалі мы хутка, было недалёка. Абласная ўправа КДБ месцілася тады ў трохпавярховым будынку, што на плошчы Свабоды.

Неўзабаве завялі ў нейкі кабінет, дзе сядзелі двое мужчын строгага выгляду. Яны назвалі сябе: начальнік управы, намеснік пракурора. У адрозненне ад ранейшых даволі ветлівых дзядзькаў гэтыя амаль адразу накінуліся на мяне з лаянкай: як ты, нягоднік, асмеліўся накрэмзаць антысавецкі опус і зняважыць партыю і ўрад. Я спрабаваў нешта пярэчыць, ды дзе там, яны і слова не далі вымавіць, працягвалі лаянку. І калі, мабыць, здаволіліся, сагналі злосць, пракурор аб'явіў, што мяне затрымліваюць у якасці сведкі, і падсунуў паперку для подпісу.

Пасля гэтага "халоднага душу" павезлі ў так званую "амерыканку", круглую турму, якая знаходзілася ва ўнутраным двары рэспубліканскага КДБ. Перад тым як завесці ў камеру, пажылы старшына правёў татальны шмон не толькі рэчаў, але і майго цела... Прымусіў распрануцца да трусоў, агледзеў спераду і ззаду. Загляуў у рот, а ў канцы і ў ж... Толькі пасля гэтых ашаламляльных працэдур дазволіў апрануцца. Затым яшчэ ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі у профіль і анфас. Для тамтэйшых службоўцаў гэта былі звычайныя заняткі, а для няшчаснага вязня выглядала даволі дзіка. Падумалася: вось як працуе карны механізм нялюдскай дзяржавы. Ну няхай бы глядзелі, выбачайце, у задніцу якому крымінальніку, навучанаму хаваць штосьці недазволенае паміж ягадзіц, а пацярпелага "за язык" можна было б і пазбавіць ад падобных тонкасцяў агляду. Дык не, вось будзеш ведаць, што тут з табой усё могуць зрабіць, што захочуць: прынізіць, зняважыць, пабіць...

Змясцілі мяне ў адзіночную камеру, дзе, здаецца, акрамя ложка, засланага бруднага колеру коўдрай, нічога не было. Камера настолькі вузкая, што калі выцягнуць рукі, то амаль дастанеш сцен. У самым версе, пад столлю, у сцяне слаба свяцілася невялічкае акенца з рыфлёным шклом. Ад сценкі да дзвярэй з "кармушкай", праз якую падавалі ежу, і "вочкам" для нагляду за арыштантам было крокаў шэсць - 2,5 - 3 метры. Вось і ўся прастора!

Пра рэжым можна было даведацца з паперкі, што вісела на сцяне ля дзвярэй. Помніцца, патрабавалася строга выконаваць усе загады адміністрацыі, уставаць пры наведванні начальнікаў і г.д.

Неўзабаве выклікалі на першы допыт (допыты ўвогуле працягваліся звыш двух месяцаў). Следчы лейтэнант Карнач аказаўся чалавекам маладым і ветлівым, за ўвесь час нашага "супрацоўніцтва" ён ні разу не павысіў голас, не тое каб крычаць ды абражаць. Уласна кажучы, справаа мая была даволі простай, ніякіх асаблівых сакрэтаў не ўтрымлівала, падследнага не трэба было "ламаць", каб выцягнуць з яго неабходныя паказанні. Амаль усё было, як на далоні. Перш за ўсё той злашчасны ліст на пяцідзесяці старонках рукапіснага тэксту, дзе хапала "выкрывальнага" матэрыялу для якіх заўгодна высноў. Найбольш падыходзіў сюды артыкул 72"а" Крымнальнага кодэксу БССР аб антысавецкай агітацыі і прапагандзе.

Аднак следства фактычна не магло ўстанавіць, ці сапраўды я займаўся гэтай самай агітацыяй і прапагандай. Безумоўна, ліст "изготовил и отослал" у ЦК партыі, але ж я не распаўсюджваў яго, нікому не даваў чытаць. Такой мэты я не ставіў перад сабой. Адправіў "на верх" і канцы ў ваду. Вядома, у той жа Чырвонай Слабадзе можна было пазнаёміць каго-небудзь з напісаным. Толькі каго? - вось пытанне. Колькі я не вёў размоў з маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, калі ездзіў у камандзіроўкі па справах рэдакцыі або па заданні райкаму камсамолу, блізкіх адносін ні з кім не ўсталявалася. Адзін сакратар камсамольскай арганізацыі калгасу, які падвозіў мяне пасля сходу ў райцэнтр, наступным чынам растлумачыў паводзіны вяскоўцаў і не толькі іх: "Хто яго ведае. Сёння іншага не зразумееш"...

Між тым зразумець няцяжка. Усе былі незадаволены сваім становішчам, дзіва што, нават у райцэнтры хлеб выдавалі па спісах. І гэта ў адносна багатым хлебным раёне. З іншымі прадуктамі было яшчэ горш. Аднак людзі маўчалі, таму што над усімі панаваў страх аказацца ў засценках "органаў".

Не маўчаў толькі вядомы ў пасёлку п'яніца - забыў яго прозвішча. Дык ён, як толькі я заходзіў у сталоўку, адразу пачынаў крычаць: "Далоў Сталіна, далоў тырана!" Пры гэтым цікаваў, як я рэгую на яго выкрыкі. Я, канешне, не звяртаў увагі на гэтую прымітыўную правакацыю, паеў ды пайшоў сваёй дарогай. Між тым паводзіны алкаша сведчылі, што "органы" ўзялі мяне на ўлік. Значыць, устанавілі, хто аўтар ліста... Трэба было рыхтавацца да сусрэчы з прадстаўнікамі "плашча і кінжала".

Для следства было важна таксам ўстанавіць, выявіць карані крамолы, адкуль набраўся такіх антыдзяржаўных поглядаў. Пэўна ж, ва універсітэце! Значыць, там былі прапагандысты і агітатары. Хто яны? Адсюль патрабаванне следчага: "Назавіце сваіх сяброў!..." Вось і думай: калі назавеш, у хлопцаў будуць непрыемнасці. Мала з кім вялі размовы, дыскусіі, спрачаліся, якая ў тым віна людзей? Яны ж лістоў не пісалі, нават не чыталі майго "твору". Навошта іх уцягваць у гэтую гісторыю? Сам заварыў кашу, сам і расхлёбвай. Таму я заявіў: "Не было ніякіх сяброў!"

Маё сцвярджэнне чакіста ўзвінціла: "Як гэта не было? Пяць гадоў быў са студэнтамі і ні з адным не зблізіўся? Тады называй, з кім жыў у інтарнаце разам, калі такі хітранькі!" Тут ужо адступаць не было куды. Але ж гэта не страшна, мала з кім жыў. Потым аднакурснікаў дапытвалі. Яны нічога не сказалі на шкоду ні сабе, ні мне. Я сам сабе нашкодзіў, як ніхто іншы, аднак абвінавачанне ў атнысавецкай агітацыі неяк павісала ў паветры. Не знаходзіла досыць пераканаўчага абгрунтавання. Заставалася спыніцца на "изготовлении и хранении антисоветского документа". Следчага гэта не задавальняла. Яму карцела выведаць штосьці больш істотнае. Відаць, для таго ў камеру да мяне падсадзілі новага чалавека. Ён адразу не спадабаўся мне. Цэлы дзень, амаль без перапынку ўсё стагнаў і плакаў, жаліўся, што яго несправядліва абвінавачваюць у забойстве старшыні калгаса.

- Вы ж, пэўна, чулі, - звярнуўся ён да мяне, - што ў Берасцейскай вобласці здзейснена некалькі тэрактаў, застрэлілі ў адным калгасе старшыню, а ў другім - брыгадзіра. Але ж я тут ні пры чым.... А ў вас што за справа? - неяк раптоўна, нечакана спытаў "тэрарыст" і пільна ўтаропіўся на мяне.
- Напісаў ліст, які палічылі антысавецкім, - давялося задаволіць яго цікавасць.
- Гэта ерунда, не страшна. Калі нікому не паказвалі ліста, то вам многа не дадуць, - суцешыў мяне сусед. І дадаў: - А каб было вярней, напішыце скаргу ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, так будзе больш надзейна. - тлумачыў мне юрыдычныя тонкасці "знаўца" закону.
- А вы, аказваецца, дасведчаны чалавек, - падкалоў я сукамерніка.

Пасля гэтага сексот ужо не заводзіў размоў, а ўсё плакаў, мабыць, хацеў паказаць, што ён не зусім нармальны, і яму можна ўсё гаварыць, ён бяскрыўдны "шызік". Дарэчы, мяне таксама правяралі. Відаць, таму, што аднойчы пажаліўся на галаўны боль і папрасіў даць таблетку. Але не толькі па названай прычыне. У дзяржаве з "найвышэйшай формай дэмакратыі" кожнага іншадумца маглі залічыць у псіхічна хворыя. Раз крытыкуеш высокае начальства, значыць ненармальны. У псіхушку цябе! Бо савецкая ўлада народная, самая справядліваў ў свеце, а ты ўздумаў нешта цяўкаць на яе. Не пройдзе!

Але мне пашанцавала: рэжым трохі памякчэў, пачыналася "оттепель". Ужо не толькі на закрытым пасяджэнні з'езду Хрушчоў зачытаў даклад аб кульце асобы Сталіна. Спецыяльны ліст пра гэта агалошваўся на сходах актыву ва ўсіх раёнах. Аб тым жа была прынята пастанова ЦК партыі. У канцлагерах працавалі камісіі па перагляду спраў нявінна асуджаных, многія зэкі былі апраўданы і выйшлі на волю. Канешне, гэта яшчэ не азначала, што можна беспакарана крытыкаваць родную савецкую ўладу. Многа захацеў! Да свабоды, дэмакратыі быў яшчэ доўгі шлях. Мая гісторыя яскрава засведчыла тую неаспрэчную сапраўду. Два месяцы ў цеснай адзіночнай камеры надзвычай здоўжыліся. Цэлы дзень перад табой голыя сцены, пафарбаваныя ў цёмна-зялёны колер, які не дадаваў, а хутчэй забіраў добрую частку святла, што з цяжкасцю прабівалася праз вузкае цмянае акенца.

Праходжвацца можна было ад знешняй сценкі да дзвярэй з кармушкай, гэта пяць-шэсць невялікіх крокаў. Выпускалі з камеры раніцай у туалет, а пазней на прагулку, якая працягвалася чамусьці толькі паўгадзіны. Усцешыла тое, што дазвалялася заказваць кнігі ў турэмнай бібліятэцы. Чытанне запаўняла ўвесь свабодны час і пераключала ўвагу ад сумных думак пра свой лёс на перажыванні кніжных герояў. Нейкую "разнастайнасць" у турэмнае існаванне ўносілі допыты... Вось і ўсе "радасці" зэка. На адным "спатканні" са следчым ён паведаміў, што быў у Харашках, пазнаёміўся з маці і сёстрамі.

- У цябе добрая сям'я, - заўважыў мой "апякун". Але не сказаў, што і там праводзіў ператрус і нічога крамольнага не знайшоў.

Суд і падарожжа ў гулаг

У кастрычніку мая справа нарэшце была перададзена ў Менскі абласны суд. Нягледзячы на мае высілкі, абвінавачанне засталося ранейшым: антысавецкая агітацыя і прапаганда... Прызначаны судом адвакат перад пачаткам працэсу падышоў да мяне і заявіў: "У маіх паслугах няма сэнсу. Ніхто цябе не абароніць. Усё роўна паедзеш у лагер. Так што, калі хочаш, сам сябе абараняй". "Вось дык адвакат" - падумалася мне. Зрэшты, я прытрымліваўся такой жа думкі адносна сваёй справы і таму не пярэчыў. Толку ад такога спецыяліста не было. Як многія тагачасныя юрысты, ён не жадаў весці палітычныя працэсы з -за іх малаперспектыўнасці.

На судзе я сказаў тое, што гаварыў падчас следства: "Агітацыяй і прапагандай не займаўся. Ліста нікому не паказваў, нікому не распавядаў пра яго. Ніколі не меў на мэце і нічога не рабіў для падрыву савецкай улады, я толькі крытыкаваў недахопы, на якія не раз указвалі самі кіраўнікі партыі і дзяржавы".

Аднак нічога не дапамагло. Прысуд, па ўсім відаць, даўно быў запраграмаваны. Мяне асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў папраўча-працоўных лагерах.

Праз некалькі дзён адправілі на месца адбыцця пакарання, аб якім ніхто нічога не сказаў. Першым прыпынкам на гэтым шляху была Аршанская перасыльная турма. Нас выгрузілі з так званага сталыпінскага вагона, у якім ехалі з Менска, і загадалі зшыхтавацца ў калону. Вось тут і прагучала знакамітыя словы каманды: "Патрабую строга прытрымлівацца парадку руху. Крок улева, крок управа - страляю без папярэджання". Калону акружылі ахоўнікі з аўтаматамі і аўчаркамі. Крыкі канваіраў і брэх раз'юшаных сабак рабілі жудаснае ўражанне.

З цягам часу прывыкаеш да ўсяго, але ўпершыню прадэманстраваны турэмны парадак запомніўся назаўсёды. Вось, аказваецца, як выглядае сапраўдны твар улады. Нават выпадкова, задумаўшыся, ступіш крок па-за шарэнгу, каб абмінуць якую лужыну, на цябе могуць нацкаваць аўчарку або які заўзяты службіст-ахоўнік застрэліць без папярэджання.

У Оршы прабылі нядоўга. Дзве ночы праваляліся на драўляных нарах, спалі ў верхнім адзенні ў такой цеснаце, што з цяжкасцю ўдавалася павярнуцца з аднаго боку на другі. Шэрай раніцай зноў зшыхтавалі і павялі на чыгуначную станцыю, дзе ў глухім тупіку, воддаль ад вачэй вольных людзей стаяў напагатове знаёмы вагон. Яшчэ завідна прыбылі ў Маскву. Тут, як і ў Менску, зэкаў перавозілі ў "варанках", дзе меліся невялічкія кабінкі. У кожную запіхалі не па аднаму, а па двое "пасажыраў". Добра што ехаць было недалёка, на Чырвоную Прэсню, дзе бальшавікі зладзілі перасыльную мурму. Калісьці ў далёкія 1905-1907 гг. тут на барыкадах маскоўскія рабочыя змагаліся за лепшую долю, за свабоду. Царызм задушыў паўстанне. Кастрычніцкі пераварот, або пралетарская рэвалюцыя, як яе называлі камуністы, таксама не прынесла волі народу. Аб тым сведчыла "паспяховая" дзейнасць мясцовай перасылкі. Але на той час, на здзіўленне, яна аказалася паўпустой. Я амаль да вечара сядзеў адзін на ўсю даволі вялікую камеру. Праўда, пазней прывялі трох масквічоў, рабочых. Старэйшы з іх падышоў да мяне пазнаёміцца. Спытаў, адкуль і за што тут апынуўся. Калі пачуў адказ , рассмяяўся: "Тут мы ўсе супраць савецкай улады".

Назаўтра ў камеру зайшла цэлая кампанія начальнікаў, у ліку іх - два чырвонамордыя генералы. Да нас яны не звярталіся, паўглядаліся, пагаварылі, паціху паміж сабой і пайшлі. Пазней стала вядома, што гэта быў (добра не памятаю) румынскі ці венгерскі галоўны турэмшчык, які прыязджаў вывучаць "досвед" савецкага ГУЛАГу. Яго суправаджаў наш гулагавец са світай маёраў і палкоўнікаў. "Вось таму і камеры напаўпустыя. Хочуць паказаць, што ў нас створаны нармальныя ўмовы для зняволеных", - так пракаментаваў візіт замежнага госця адзін з масквічоў.

У мардоўскіх лясах

"Пагуляць" у сталіцы доўга не давялося. Хутка зноў у аўтафургонах нас даставілі да спецвагонаў і павезлі на ўсход. "Ёсць чуткі, што ў Мардовію загоняць", - сцвярджалі бывалыя зэкі. Іх здагадкі спраўдзіліся. Я трапіў у лагаддзяленне № 7 Мардоўскага ўпраўлення папраўча-працоўных лагераў. Тут сядзелі толькі палітвязні. Што ўяўляў сабой савецкі канцлагер? Як і ў іншых месцах зняволення, гэта быў адносна невялікі барачны пасёлак за калючым дротам. У аднапа-вярховых драўляных будынінах знаходзіліся жылыя памяшканні для зэкаў, розныя гаспадар-чыя падраздзяленні, сталовая, адміністрацыя лагера і г.д.

"Мой" барак складаўся з двух пакояў, у кожным налічвалася па 20 двух'ярусных нараў, на якіх маглі размясціцца 80 чалавек. Пакоі раздзяляліся калідорам, там стаяў стол, дзе зэкі "забівалі казла". Раней баракі днём і ноччу закрываліся на замок. Толькі пасля паўстанняў, якія пракаціліся па ГУЛАГу, замкі знялі і людзям дазволілі свабодна хадзіць па зоне. Аднак з-за цеснаты, перанаселенасці ў бараках было душна. Спёртае смярдзючае паветра не садзейнічала нармальнаму адпачынку пасля клопатаў працоўнага дня.

Да жылога пасёлка прымыкала рабочая зона, таксама абнесеная калючым дротам і строга ахоўваная. Тут выраблялі футляры для прыёмнікаў Саратаўскага радыёзавода. Мне загадалі ісці ў цэх, дзе шліфавалі футляры. Перад тым іх трэба было падчышчаць цыкляй - гэта ручная работа. Я пахадзіў некалькі дзён і пераканаўся, што нормы ніяк не выканаю.

- Будзеш дарма "ўкалваць", лепш зусім не з'яўляйся туды, - падказалі лагерныя старажылы. Я так і паступіў. У той час неабавязкова было хадзіць на працу.

Але хутка ў барак наведаўся начальнік цэха і пачаў раздаваць заробак за месяц. Супраць майго прозвішча значылася ўсяго некалькі рублёў. Ён спытаў у мяне, адкуль прыбыў, за што пакаралі, якая спецыяльнасць. Паспачуваў і сказаў назаўтра падысці да яго ў цэх. Высветлілася, што некалькі дзён таму назад рабочы інструменталкі адбыў свой тэрмін і паехаў дамоў. Вось начальнік цэха і паставіў мяне на яго месца. Так я набыў больш прыдатны для сябе занятак. Асвоіўся даволі хутка. Увогуле затачыць інструмент не складана, але цыклю пасля заточкі неабходна было яшчэ загінаць пад пэўным вуглом, што не заўжды ўдавалася, бо рабілася гэта аперацыя на вока. Праўда, па першым часе маю работу правяраў і падказваў, як правільна выконваць заточку і загін цыклі, другі рабочы інструменталкі Мікола - ён адбываў тэрмін за ўдзел ва ўкраінскім нацыянальным руху. Мы з ім працавалі зладжана, ніхто ў наш адрас не выказваў ніякіх нараканняў. Мяне асабліва парадавала, што ў інструменталцы былі так званыя "залікі": за адзін рабочы дзень залічвалі два. Дзякуючы гэтаму я выйшаў на волю амаль на год раней тэрміну. Але да гэтага было яшчэ далёка.

Першыя дні прынеслі шмат уражанняў ад знаёмства з лагерным бытам, з людзьмі, якія адбывалі свой тэрмін. Дарэчы, тут утрымлівалася каля тысячы зняволеных. Раней, канешне, было больш. Многіх адпусцілі дамоў, рэабілітавалі. Непадалёку ад нашага быў размешчаны яшчэ жаночы лагер, дзе, па чутках, "сядзела" румынская камуністка Анна Паўкер. Як ужо адзначалася, я трапіў падчас лібералізацыі лагернага рэжыму: можна было не працаваць, атрымліваць пасылкі, пісаць лісты ў значна большай колькасці, чым раней. Знялі замкі з баракаў і г.д., і ўсё ж умовы ўтрымання зняволеных заставаліся нялёгкімі. Цесныя і брудныя баракі, аднастайная малакаларыйная ежа: тройчы на дзень давалі нішчымныя крупяныя кашы, у абед дадавалі яшчэ такі ж суп, звычайна ячменны крупнік з варанай рыбай, пайка хлеба і чай. З мізэрнага заробку вылічвалі і за ежу, і за адзенне. За гэты ж кошт утрымлівалася шматлікая адміністрацыя лагера.

Не дзіва, што людзі выказвалі незадаволенасць і гатовы былі ўдзельнічаць у розных пратэстных дзеяннях. Аднойчы, напрыклад, спрабавалі аб'явіць штрайк і не выйсці на працу. Праўда, задума не ўдалася, таму што група зэкаў-сексотаў не падпарадкавалася агульнаму рашэнню і пасля доўгіх і гарачых спрэчак усё ж пабрыла ў рабочую зону, а за імі пацягнуліся і іншыя. Другім разам адбылася сутычка з "кумам" - чакістам, начальнікам асобага аддзелу. Справа ў тым, што з "бура" (барака ўзмоцненага рэжыму) пачуўся крык зэка, які адбываў там пакаранне за нейкае непадпарадкаванне адміністрацыі. Пачуўшы гвалт, людзі збегліся да барака і запатрабавалі спыніць здзекі. Хутка сабраўся цэлы натоўп, хтосьці паведаміў начальству. Прыбег "кум" і пачаў кідацца на людзей, піхаць, прымушаў разысціся. У адказ адзін з "бунтаўшчыкоў" хапіў важкае палена і добратакі ўсмаліў чакісту па патыліцы, што той зваліўся. Адразу ўсе разбегліся, бо за напад на службоўца лагера пагражаў новы тэрмін. На жаль, праз некалькі дзён таго хлопца ўсё ж знайшлі і адправілі ў іншае месца. Гэты факт зноў пацвердзіў, што ў лагеры шмат сексотаў. А для запалохвання, каб больш падобнага не паўтаралася, за агароджай супраць "бура" ўзвялі агнявую вышку. Там, калі спатрэбіцца, маглі ўстанавіць кулямёт і адкрыць страляніну па натоўпу... Здарэнне каля "бура" доўга абмяркоўвалі, успаміналі пра бунты і паўстанні ў іншых лагерах.

У нашым бараку "кватараваў" зямляк-мянчук Саша Ходар. Яго называлі Сашка-беларус. Аднойчы ён распавёў мне сваю лагерную эпапею.

- Гэта было ў час вайны, - пачаў ён. - Наш танкавы полк пасля цяжкага пераходу толькі што спыніўся на адпачынак. Раптам бачым - пад'язджае "Віліс". З яго вылез супрацоўнік СМЕРША і, нічога не кажучы, дастаў пісталет і выстраліў у нашага механіка-кіроўцу. Пакуль мы ачомаліся ад гэтага надзвычайнага здарэння, ён сеў у легкавік і памчаўся па дарозе.

Рашэнне магло быць адно: пакараць нягодніка. Я хуценька даскочыў да гарматы і на трэці раз трапіў у "Віліс"...

Сашу арыштавалі. Ваенны трыбунал вызначыў максімальны тэрмін: 25 гадоў лагераў строгага рэжыму. Тут неабходна патлумачыць, з-за чаго разгарэўся сыр-бор. Справа ў тым, што на маршы смершавец, абганяючы калону, небяспечна наблізіўся да танка. І той трохі зачапіў начальніцкі легкавік і прымяў заднія дзверцы. Смершавец, мусіць, палічыў, што на яго хацелі наехаць, і вось такім чынам расправіўся з кіроўцам. Без суда і следства...

Саша Ходар за час зняволення прайшоў шмат якія берыеўскія лагеры. І паўсюдна ў іх панавалі крымінальнікі. Яны жорстка распраўляліся з палітвязнямі, адбіралі ў іх адзенне, прадукты, пасылкі, збівалі, а пры спробе супрацьдзейнічаць, маглі пырнуць нажом або, наогул, забіць. Ахова глядзела на гэта скрозь пальцы. Каб спыніць гвалт над сабой, трэба было аб'яднацца. Саша якраз і здолеў гэта зрабіць, пераканаў знявераных пакутнікаў, што яны ў стане даць адпор нелюдзям, калі будуць дружна і смела падтрымліваць адзін аднаго. І з той пары пачаліся частыя сутычкі паміж бакамі. Нярэдка яны даходзілі да сапраўднага пабоішча: у ход ішлі нажы, ламы, арматура, усялякія падручныя сродкі. Каманда на чале з Ходарам настолькі рашуча дзейнічала, што "уркі" пачалі здаваць, ухіляцца ад сутычак і больш не асмельваліся рабаваць палітвязняў. Сашу і іншых "байцоў" каралі, прысуджалі новыя тэрміны, пераводзілі ў іншыя лагеры. Але яны ўсюды наводзілі свой парадак, ставілі на месца розных "злодзеяў у законе". Вось тады і пайшла пагалоска пра знакамітага Сашку-беларуса.

Я ўжо на маскоўскай перасылцы пачуў гэтае імя. Адзін "урка", жадаючы даказаць, што ён удзельнічаў у страшных бойках з палітвязнямі, асадзіў свайго апанента словамі: "А ты ведаеш Сашку-беларуса? Гэта ж яго каманда разграміла нашу "маліну"...

Саша Ходар нядоўга пабыў у лагаддзяленні № 7. У той час па дамове з польскім урадам зняволеных гэтай нацыянальнасці адпраўлялі на радзіму. Вось Саша і выкарыстаў свой шанец: запісаўся палякам і паехаў у Польшчу. Дарэчы, іспанцы таксама адпраўляліся на радзіму. Франка, хоць і фашыст, аднак дабіўся, каб дзеці былых рэспубліканцаў і нават камуністы маглі вярнуцца дадому. Падумалася: усюды родная краіна, як любая маці, клапоціцца аб сваіх дзецях, даруе іхнія "грахі" і кліча ў свае абдымкі. А наша, нібы злая мачыха, здзекуецца над сваім народам, трымае яго ў голадзе і холадзе, гноіць у лагерах і турмах, даводзіць становішча да людаедства, пра што таксама не раз згадвалі зняволеныя...

Памятнай для мяне засталася сустрэча ў лагеры з яшчэ адным неардынарным чалавекам - Цімохам Вострыкавым. Высокі і прыгожы хлопец, аднойчы ён сабраў нас і апавядаў пра Беларускую Народную Рэспубліку, паколькі ў той дзень якраз спаўнялася чарговая гадавіна з дня яе абвяшчэння. Я не тое што не ведаў пра дату 25 сакавіка, проста не было звычкі адзначаць гэтае вялікае свята беларусаў. Дый трэба шчыра прызнаць: школа і універсітэт зусім не садзейнічалі таму, каб научэнцы ведалі праўдзівую гісторыю сваёй радзімы. Наадварот, старанна хавалі яе, усяляк фальсіфікавалі. Калі дзе і ўспаміналі БНР, то заўсёды ў зняважлівым кантэксце. Маўляў, гэта міф, амаль нічога не было, тэлеграму кайзеру пасылалі і г.д. Адным словам, з дапамогай хлусні і скажэння гістарычных падзей і фактаў рыхтавалі з нас інтэрнацыяналістаў, а дакладней, нацыянальных нігілістаў. Досыць адзначыць, што ні разу ні адзін выкладчык не прывёў поўнай назвы старажытнай беларускай дзяржавы. Усе гаварылі: Вялікае Княства Літоўскае. Толькі ў часы перабудовы, калі пачалі з'яўляцца больш аб'ектыўныя працы навукоўцаў, я даведаўся, што поўная назва дзяржавы гучыць наступным чынам: Вялікая Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Значыць, не толькі Літоўскае! Вось як хітра і подла хавалі ад нас нашу гісторыю.

А Цімох Вострыкаў, нягледзячы на тое, што ВНУ канчаў за мяжой, выдатна ўсё ведаў і напомніў мне і іншым слухачам сапраўдныя падзеі нашай мінуўшчыны. І тым паспрыяў росту нацыянальнай свядомасці кожнага з нас.

На волі

Мне пшанцавала, што я трапіў у лапы савецкай карнай машыны ў іншыя часы, калі яна трохі прыцішыла сваю нялюдскую работу. Дзякуючы залікам рабочых дзён маё "сядзенне" ў лагеры скарацілася амаль напалову. У дзень ад'езду атрымаў чыгуначны білет, булку чорнага хлеба і, здаецца, дзве ці адну бляшанку кількі ў таматным соўсе... На дробныя дарожныя расходы начальнік лагера даў 10 рублёў. Я спытаў, чаму так мала, амаль за цэлы год працы ўсяго столькі ўзнагароды?! Квадратная морда турэмшчыка ўспыхнула агнём, пранізлівыя зрэнкі пракалолі мяне навылёт.

- А кармілі цябе за што? - зароў начальнік так, што вялізны яго жывот затросся, як у ліхаманцы, - ідзі лепш па добрай волі, - пагрозліва дадаў гэты цэрбер савецкай лагернай сістэмы.

Сапраўды, я палічыў за лепшае спыніць "дыскусію", схапіў свае манаткі і пашыбаваў да чыгункі, а то чаго добрага арыштуе, заявіць, што кінуўся на яго з кулакамі - паспрабуй потым дакажы, што ты не вярблюд. Самы справядлівы савецкі суд паверыць яму, а мне лепш туды не трапляць, вырашыў я.

У вагон ледзь ускочылі. Правадніцы ведаюць, што тут лагер на лагеры і асноўныя пасажыры зэкі, могуць абакрасці, учыніць бойку і да т.п. Таму не хочуць пускаць, хоць сунеш ёй білет у самыя рукі. Падзейнічала, мабыць, тое, што заявілі: мы не крымінальнікі, а палітвязні.

Да Масквы даехалі без прыгод. Тут давялося развітацца з сябрамі: на Менск я застаўся адзін. Паколькі да цягніка было амаль восем гадзін, я вырашыў зрабіць экскурсію па сталіцы. А потым пад'ехаў да Крамля і стаў у доўгую чаргу да маўзалея, - яго раней ніколі не наведваў, а хацелася глянуць на чалавека, які быў ініцыятарам стварэння савецкага ГУЛАГу. Нічога асаблівага не ўбачыў: труп ды труп.

У Менску таксама спыніўся, каб зайсці ў КДБ і забраць дакументы. Мяне сустрэў маладзенькі лейтэнанцік і са здзіўленнем прамовіў: "Ты гэтак хутка вярнуўся?..." Вось, думаю, здорава, яны хочуць, каб ты як мага даўжэй парыўся ды мёрз "в местах не столь отдаленных", хоць і не было за што. Але спрачацца не стаў, атрымаў дакументы і пайшоў. Заглянуў у адну менскую газету, дзе працаваў аднакурснік. Размовы не атрымалася, ён асуджаў мой учынак.

Дома пабыў з тыдзень і падаўся шукаць працу. У газету не бралі. Партыйныя ідэёлагі не захацелі кудысьці накіроўваць, адпраўлялі да рэдактараў. А тыя адказвалі: калі абкам дасць накіраванне, возьмем. Атрымлівалася замкнутае кола. Толькі ў кастрычніку прынялі на працу ў вячэрнюю школу сельскай моладзі, куды ніхто не жадаў ісці. Там пабачыў, які бяспраўны савецкі настаўнік. Нават калгасны брыгадзір мог яму "насаліць", данесці начальству, што настаўнік не жадае займацца агітацыяй... Таму быў задаволены, калі выпадкова ўдалося ўладкавацца ў ружанскую раённую газету. А праз год, з дапамогай аднакурсніка, перабраўся ў лідскую газету. Пазней стаў уласным карэспандэнтам "Гродзенскай праўды" ў Лідзе. Тут я абзавёўся сям'ёй. Маю дачку і сына, абое закончылі ВНУ і працуюць: дачка - урачом, сын - інжынерам.

Наогул, чым займацца пасля вызвалення, не раз з трывогай думалася яшчэ ў лагеры. Пры тым я не спадзяваўся, што адразу патраплю ў якую-небудзь газету, бо трохі ведаў рэдактараў і партработнікаў. Яны занадта асцярожныя кансерватыўныя, каб пайсці на рызыкоўны ў той ці іншай меры крок, за які можна атрымаць вымову ад вышэйшага начальства. Таму не выпадкова маімі хадатаямі быў намеснік рэдактара і да таго ж - паэт, а другі раз - карэспандэнт рэспубліканскай газеты. Да людзей такой катэгорыі было своеасаблівае стаўленне з боку партыйных дзеячаў, яго можна ахарактарызаваць фразай: "Ат, што з іх узяць? Не варта звязвацца". Зразумела, што і сама атмасфера ў краіне садзейнічала змякчэнню нораваў кіраўнічага апарату. Тым не менш у абодвух выпадках, калі партначальнікі даведваліся, што ў рэдакцыі з'віўся "падазроны" чалавек, маіх дабрадзеяў выклікалі сакратары па ідэалогіі і пыталіся: "Почему не посоветовались со мной?" Адказвалі мае дабрадзеі аднолькава: "Літработнік - наменклатура рэдактара, і таму не хацелася вас турбаваць..." Вось так я і "замацаваўся" ў газеце.

У лагеры ўзнікалі думкі і аб тым, каб змяніць прафесію, напрыклад, стаць шафёрам. Але для таго трэба было скончыць спецыяльныя курсы, якіх у зоне не было. Затое пажылы піцерскі рабацяга, удзельнік рэвалюцыі і перадавік вытворчасці, які аказаўся занадта разумным і пачаў папракаць родную партыю ў здрадзе камуністычным ідэалам, за што трапіў у мардоўскія лясы для перавыхавання, - вось ён і ў няволі праявіў ініцыятыву, арганізаваў курсы па падрыхтоўцы токараў. Запісаўся туды і я. Наведаў пяць ці шэсць заняткаў, але нешта душа мая не ляжала да такарнай справы. Стой цэлы дзень, як прывязаны, ля гэтага станка і наглядай, як верціцца-мільгае ў вачах блішчасты кругляк-патрон... Кінуў заняткі і застаўся без запасной прафесіі.

У газету цягнула яшчэ таму, што там адчуваеш сябе больш вольным. Адпісаўся, здаў матэрыял і можаш расслабіцца, пагуляць нават у рабочы час, праветрыць галаву... Дрэнна толькі, што пастаянна ў тваёй галаве круціцца пытанне - праблема: а ці ёсць карысць ад твайго занятку, ад гэтай бясконцай пісаніны? Ды наогул, ці варта працаваць у савецкай прэсе, калі ў гармадскім жыцці ўсталявалася двайная-трайная мараль, калі хлусня ўзведзена на ўзровень дзяржаўнай і партыйнай палітыкі і практыкі?

Усё так, правільна, але што рабіць і куды падацца, калі ўсюды аднолькава. І якой-небудзь перспектывы нават у будучым не прадбачыцца. Будаўнікі камунізму апынуліся ў стане безнадзейнасці і расчаравання. Змяніць існы дзяржаўны лад, здавалася, немагчыма. Мой цесць, разумны чалавек, часта паўтараў: "Назад шляху няма". Сапраўды, у краіне створана такая карная сістэма, што нават нязначнае адступленне ад "генеральнай лініі" будзе заўважана і неадкладна "папраўлена", іншымі словамі - прыдушана.

Выхад у адным - працаваць, рабіць, што дазволена ў рамках сістэмы, і пакрысе, непрыкметна расшыраць гэтыя рамкі. Нельга чапаць партыйныя і савецкія органы! Але ж калгасы, заводы, усе працоўныя ячэйкі грамадства можна і трэба крытыкаваць, гэтага патрабуе сама партыя. Калі ў вытворчых падраздзяленнях, у навуцы, культуры, асвеце, ва ўсіх галінах шмат недахопаў, то чалавек паступова пераконваецца, што тут віна не простых людзей, а, пэўна, штосьці прагніло на самым версе ўлады і ў яе ніжэйшых звеннях. Вось такой лініі я і многія іншыя стараліся прытрымлівацца. Крытыкавалі, выяўлялі прычыны адставання вытворчых і іншых калектываў, рыхтавалі аналітычныя і, канешне, інфармацыйныя матэрыялы, без якіх ні адна газета не можа абысціся.

Калі пачалася гарбачоўская перабудова, працаваў у незалежнай газеце "Перспектыва", а пазней сумесна з Лідскім таварыствам беларускай мовы наладзілі выданне газеты "Народная трыбуна, пазней змянілі назву на "Голас з Ліды", якія я рэдагаваў. Гэта быў час , калі можна было зусім адкрыта абмяркоўваць шматлікія праблемы станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Прычым у газеце мы асвятлялі дзейнасць не толькі мясцовай улады, але і рэспубліканскіх ораганаў. Аднойчы я падрыхтаваў і змясціў у газеце артыкул амаль на цэлую паласу, у якім падвяргаўся крытыцы старшыня Савета Міністраў рэспублікі В. Кебіч.

У газеце змяшчалася шмат выкрывальных матэрыялаў аб карупцыі сярод кіраўнічай наменклатуры. Апошняя, дарэчы, пасля часовага сполаху вельмі хутка прыстасавалася да новых абставін і зусім не збіралася дзяліцца ўладай з узнікшымі дэмакратычнымі арганізацыямі. Карыстаючыся сваім становішчам, розныя вялікія і малыя начальнікі стараліся, як мага больш, адхапіць ад грамадскага пірага. Асабліва гэта стала прыкметна па будаўнічым буме, які паўсюль разгарнуўся. Вакол гарадоў, нібы грыбы пасля дажджу, пачалі вырастаць цэлыя вуліцы і нават пасёлкі (іх называлі "царскмі" або "дваранскімі") двух-, трохпавярховых катэджаў. Некаторыя з іх выглядалі не горш за палацы магнатаў.

Здавалася б, гэта і нядрэнна: хутчэй будзе вырашацца жыллёвая праблема. На справе атрымлівалася нешта зусім адваротнае: будаваліся ж начальнікі, якія мелі добрыя гарадскія кватэры, а так званыя шараговыя грамадзяне, якія дзясяткі гадоў стаялі ў чарзе на дзяржаўнае жыллё, засталіся "з носам" і не дзіва, бо не кожнаму давалі пляц для дома. А па-другое, дзе было ўзяць сродкі на будоўлю? Начальнікі атрымлівалі крэдыты ў ашчадных касах, а просты чалавек не мог зняць грошы нават са свайго рахунку, калі ён быў. Вось і атрымлівалася, што людзі багатыя ўзводзілі свае палацы за сродкі маламаёмых грамадзян. Да таго ж начальнікі за бясцэнак альбо зусім дарма (пад выглядам браку) набывалі будматэрыялы, часта без аплаты карысталіся будаўнічай тэхнікай і нават рабочай сілай.

У газеце "Голас з Ліды" з нумара ў нумар змяшчаліся публікацыі на згаданую тэму, шырока асвятлялася дзейнасць апазіцыйных партый і рухаў, іх барацьба з ўсталяванне дэмакратычнага ладу ў краіне. На жаль, у 1996 годзе я быў вымушаны зменшыць свой удзел у грамадскай рабоце ў сувязі з захворваннем жонкі. Тры гады з лішкам працягвалася нашае змаганне з інсультам. І ўсё ж хвароба перамагла. Яшчэ раней, заўчасна, хутка пасля Чарнобыля, памерла ад белакроўя мая старэйшая сястра Валя. Скончыла свой зямны шлях наша маці, якая пражыла 92 гады. Заўчасна таксама пакінуў гэты свет і мой малодшы брат Віктар.

Трэба заўважыць, што ўсе дзеці з нашай сям'і набылі жаданую адукацыю. Сёстры Валя, Ліда і Зіна працавалі настаўніцамі. Апошнія дзве зараз на пенсіі. Віктар атрымаў адукацыю ў Рыжскай навучальні паветранага флоту і працаваў інжынерам у авіяцыі. Мая праца ўсе гады была звязана з газетнай справай. Мая жонка Таццяна таксама закончыла педінстытут і працавала настаўніцай, а потым завучам і дырэктарам школы. Вось так. Адны ўжо закончылі свой зямны шлях, а мы ўтраіх - я і сёстры Ліда ды Зіна - пакуль яшчэ трымаемся. Я і цяпер стараюся ўдзельнічаць у грамадскіх мерапрыемствах, хаджу на мітынгі і дэманстрацыі...

Фёдар Іванавіч Кардаш
Фёдар Іванавіч Кардаш
нарадзіўся 5 студзеня 1932 года ў в. Харашкі Дзятлаўскага раёна. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Быў размеркаваны ў газету раённага цэнтра Чырвоная Слабада Менскай вобласці. Напісаў ліст у ЦК КПСС на 50-ці аркушах, дзе выклаў сваё бачанне беззаконня і парушэння правоў чалавека ў СССР. У 1956 годзе быў асуджаны на два гады лагераў. Пакаранне адбываў у Мардовіі. Пасля вяртання працаваў у розных месцах, у тым ліку ў Пружанскай раённай газеце, а ў 1961 годзе з дапамогай аднакурсніка, сёння вядомага паэта, перабраўся ў Ліду на пасаду літработніка ў газеце "Уперад". Прыняў на працу былога палітвязьня рэдактар Гарэлік. Пазней Фёдар Кардаш працаваў загадчыкам прамысловага аддзелу і сакратаром рэдакцыі. З 1966 года на працягу 20 гадоў Фёдар Кардаш працаваў уласным карэспандэнтам газеты "Гродзенская праўда" па "Лідскім кусце" (Ліда, Лідскі, Іўеўскі, Воранаўскі раёны). У пачатку 90-х заснаваў і выдаў 23 асобнікі першай лідскай недзяржаўнай газеты "Народная трыбуна" (пазней "Голас з Ліды"). Пасля 1995 года жыве ў Менску. Перанёс дзве аперацыі. Пра свой лёс і свой жыццёвы шлях Фёдар Кардаш распавядае ў гэтай публікацыі.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX