Папярэдняя старонка: Мемуары

Успаміны Івана Пантуса 


Аўтар: Пантус І. А.,
Дадана: 22-05-2021,
Крыніца: Пантус І. А. Простае шчасце людское… // Лідскій Летапісец, 2020. 1(89). С. 81-84.



Іван Антонавіч Пантус, 1940 года нараджэння

З 1966 года па 2002 год працаваў на шклозаводзе "Нёман". Ветэран працы. Жыве ў г. Бярозаўка

Чалавек не выбірае, калі яму з'явіцца на гэты свет. Майму суразмоўцу, Івану Антонавічу Пантусу, выпала жыць у складаны перыяд нашай гісторыі: вайна, пасляваеннае ліхалецце, савецкія часы з усімі іх "выгодамі". Але ж дзяцінства сваё ён называе шчаслівым. І тут справа, відаць, не ў часе, калі выпала нам жыць, а ў самім чалавеку, бо калі ён нацэлены на тое, каб быць шчаслівым, то ніякія дзяржаўныя пера-трусы, ніякая ўлада, нават калі яна і блізка не думае пра асобнага чалавека, не здолее яго зрабіць няшчасным.

Парадавала цудоўная мова Івана Антонавіча, якая лашчыла слых сваёй славутай беларускай мілагучнасцю. І яшчэ адну вартую ўвагі асаблівасць нашай размовы з Іванам Антонавічам хацелася б адзначыць: яго цікаўнасць да людзей, іх жыцця, тых драматычных, а часам і смешных здарэнняў, якія з імі адбываліся. Чалавек веруючы, выхаваны ў павазе да бацькоў, да людзей, Іван Антонавіч, як нам здалося, знайшоў сакрэт чалавечага шчасця: любіць Бога, любіць жыццё ва ўсіх яго праявах.

1

Я нарадзіўся 8 студзеня 40-га года. Вёска, дзе жылі бацька і маці, называлася Малачкі. У гады вайны немцы вёску спалілі, усе дваццаць двароў. Бацькі расказвалі, што перад гэтым нейкі немец на польскай мове папярэдзіў і параіў, каб скарб закапалі ў зямлю. Бацькі паклалі ў куфар, што было з дабра - адзенне, сала, зерне на пасеў - і закапалі на дрывотні. Як вёска была спалена, прыбеглі "ратавальнікі" з лесу (партызаны) і давай штыкамі поркаць зямлю, шукаць, што схована. От якія "зашчытнікі"! Іван Антонавіч Пантус, 1940 года нараджэння. Павыкопвалі ўсё і забралі. А ў бацькоў пяцёра дзяцей, што рабіць? Пайшла тады маці ў лес скардзіцца да камандзіра. Было гэта вясной 43-га года. Знайшла тое месца, дзе партызаны стаялі, і ўбачыла вартавога: "Ты куды ідзеш?" - "Да камандзіра, маю яму сакрэтныя звесткі". Яе правялі да камандзіра, маці ўсё яму расказала. Ён тады пытаецца: "Ці пазнаеш ты іх?" - "Пазнаю!" Яна і паказала тых людзей, што забіралі куфар, але нічога там ужо не было, толькі карову аддалі. Як назад ішла, вартавы бачыць, што карову вядзе, і кажа: "Каб я знаў, к… , чаго ідзеш, застрэліў бы". Добрыя людзі партызаны…

Як спалілі нашу вёску, мы пераехалі ў Межнікі. А тады нас пагналі немцы ва Уселюб. Многа народу сабралі на плошчы. Да нас падышоў адзін немец і кажа па-польску: "Дзядька, ці маеш якіх сваякоў, у каго можна было б пажыць? Я адвярнуся, а ты давай па кані, бо павязуць вас у Наваградак, а там вывезуць у Германію". Бацька па кані, па кані, і давай уцякаць у вёску Бенін. Там мы пражылі зіму ў цёткі. Адзін з маіх першых успамінаў такі: сказалі ўсім легчы на падлогу, і мы ляжалі, прыціснуўшыся, а кулі па хаце ляталі. Муж гэтай цёткі быў пры Польшы ляснічым, а перад Саветамі ён выехаў у Польшчу, а яна тут з сынам засталася. Што там выйшла, не ведаю, але партызаны ў яе на вачах расстралялі сына. Яна ад гэтага стала трэсціся, і мая мама яе даглядала аж да самай яе смерці. Мы ў гэтай хаце жылі доўга. Вайна скончылася, ішлі салдаты з фронту, заставаліся ў нашай вёсцы, лес валілі. Нас з гэтай хаты выселілі, зрабілі нары і пасялілі там салдат. А потым, як салдаты паехалі, то мы вярнуліся назад.

Я сваю вёску любіў і пасля вайны хадзіў туды да дзядзькі і цёткі. Дзядзька Паўлюк і цётка Варка былі мне вельмі радыя, бо жылі адзінока. Адзіны іх сын пайшоў на вайну і без вестак прапаў. Дзядзька быў надта жартаўлівы. Як яшчэ сын яго Коля быў малы, ён да яго прыгаворваў: "Колечка, сынок, купі шкла кусок, мы для нашай Вары зробім акуляры". А гэтага Колі і фатакартачкі не засталося. Хатка іх была маленечкая, але чысценькая, акуратненькая, кругом ручнікі, фіраначкі, печ пасярэдзіне. На печы спалі, а насупраць яе ложак стаяў. Над ложкам вісела жэрдка, на якую вешалі адзенне, бо шафаў тады не было. Хату асвячалі лучынаю.

У 1949 годзе стаў калгас, адзін на дзве вёскі - Крамушок і Межнікі. Называўся ён "Прамень рэвалюцыі". "Прэдсядацелем" быў Караль Пяткевіч. "Інцярэсны" быў чалавек, умеў са сваімі людзьмі абыходзіцца. Бальшавікоў ён не любіў. Бацька мой ў калгас не пайшоў, уладкаваўся грыбаварам на сушыльню. Цяпер гэта сушыльны завод у Наваградку, дваццаць адзін кіламетр ад Межнікаў. Прывозілі яму бочкі, катлы, прыправы, і ён варыў нарыхтоўкі з таго, што прымаў ад людзей: з грыбоў, бульбы, ягад. Бацька быў граматны, бывала, напіша, ніводнай памылкі не дапусціць. Умеў пісаць і па-польску, і па-руску. Бацька быў праваслаўны, а маці каталічка родам з Дзетамлі, з Жураўскіх. Яна расказвала пра сваё дзяцінства, як жылі яны на хутары, купілі яго ў нейкай бабы. А там былі "чудзяса"! Пакідалі яе ў хаце печы паліць, есці наварыць, памыць што, а браты яе і сёстры ішлі ў поле. Адзін раз засталася яна і чуе, што па столі нехта грукае, як мяшок з жалезам, а потым нешта ў сені звалілася і рассыпалася. Яна думала, можа, суседзі палохаюць, узяла брусок, з якога лучыны шчапалі, думала, пакажу ім зараз. Выйшла ў сенцы - нікога няма. Вечарам расказвае сваім, а яны не вераць. Селі вячэраць, есці галушкі. Дзядька матчын, Павел, чуе, як нехта нешта гаворыць: "Лезу, лезу, хачу есці." А ён кажа: "Еш, еш, дамо галушак". Леглі спаць, уранку бачаць: яма ў падлозе ў пяску ўтварылася. Яны яе неяк засыпалі і да ксянза, каб той хату пасвенціў. Пасвенцілі, леглі спаць, а перад гэтым загналі ўсю скаціну і кабылу сівую, збрую на цвікі павесілі. Уночы бацька на двор да ветру выйшаў, бачыць - сівая кабыла па аўсе ходзіць! Ён пабудзіў жончынага брата Паўла і кажа: "Слухай, ты кабылу ставіў, мусіць, не зачыніў?" Той узяў аброць і пайшоў кабылу лавіць, а яна то каля яго, то, ногі не перастаўляючы, метраў за 10 ад яго. Тут ён зразумеў, што гэта яго нячысцік водзіць. Вярнуўся дзядзька ў хлеў, а кабыла на месцы стаіць. Хату гэтую потым прадалі, і як разбіралі людзі, каб перавезці, то знайшлі на гарышчы чэрап, закручаны ў ручнік. Казалі, што баба, якой хата належала, як мужык яе памёр, адрэзала яму галаву, у ручнік укруціла і закапала ў пілавінах. Во такі цуд, а праўда ці не, не ведаю.

Яшчэ мне маці расказвала, як бавілі час на вечарынках. Гульні былі такія: "У рэменя". Ставілі табарэтку, а той, хто водзіць, бярэ рэмень, стукае каго і ўцякае да лавы. У фанты гулялі, судзілі - што гэтаму фанту зрабіць? Напрыклад, мост збудаваць. Што трэба для моста? Бервяно. Той, хто водзіць, выбірае дзяўчыну, якая яму падабаецца, яна становіцца каля яго, а ён тады кажа: "Трэба дошка для моста"… Ну і так шарэнга стаіць, мост гатовы, трэба ехаць, тады цалуюцца. Яшчэ гулялі ў тэлефон. Адзін бярэ саломінку ў зубы, а другі з другога канца. Хлопцы адшчыпваюць патроху, апошняму ўжо зусім малая саломінка застаецца. Іголку знайсці: той, чый фант, казырок сажай вымажа і ідзе іголку шукаць, то кожнага выкачае ў сажы - смяюцца ўсе, рагочуць. "Зоркі палічыць". Трэба руку падняць, каб зоркі палічыць, а хто возьме ды вады ў рукаў увалье, зноў смяюцца ўсе. Во так і бавіліся цэлы вечар. Танцы былі не такія, як цяпер, бугі-вугі. Вальс, полька, абэрачак, падыспань. Цэлая хата набіралася людзей. Малых па мерцы прапускалі. Хлопец якую палку возьме і мерае дзетвару. Хто ніжэй палкі - не пускае.

У мужчын свае забаўкі. Збяруцца на млыне і давай пра ўсё спрачацца на самагонку. І сілаю мераліся - хто зможа мяшок поўны на гарышча ў зубах занесці? У нашай вёсцы адкормлівалі калгасных бычкоў. Іх трэба было кастрыраваць. Быў такі ветэрынар Аляшкевіч, то па трыццать бычкоў у дзень кастрыраваў. Мужчыны памагалі, а тады ўвечары збяруцца, балююць. Гатавалі стравы з таго, што здабылі ад бычкоў пасля аперацыі.

Маці наша ў хаце ўпраўлялася адна. Пякла сем булак хлеба на тыдзень, ляжалі яны ў каморы на падвешанай бэльцы, каб мышы не далезлі. Помню дзежку з дубовых і ліпавых дошак, а да боку яе рошчына прылеплена, каб новы хлеб расчыніць. У пост бульбу варылі ў мундзірах і палівалі льняным алеем. А бралі яго ў аднаго дзядзькі па прозвішчы Кандратовіч, які меў маслагонку і гэтае семя ціснуў. Жмых давалі на корм жывёле. А само семя смажылі. Саладуху рабілі: жыта зальюць, соладам заквасяць, яно тыдзень закісае, тады падсалодзіш і п'еш. А шынку маці падсушыць на печы, дык яна аж зялёным пераліваецца, як адрэжаш. Пірагі пяклі ў церлах, у тых, у якіх на Каляды мак церлі. За тыдзень да свята маці ўсім ісподняе чыстае падрыхтуе, зложыць, каб на суботу ўсе адзеліся. Прас быў толькі для крамнага, самаробнае качалкаю прасавалі. Маці шыла ўсім адзенне з лёну, а перад гэтым сама яго прала і ткала. Былі ў яе і кросны, і варштат. У кроснах - дзве ніці, а на варштаце - ужо многа. Кожную нітачку па ўзоры выкладала, як на паперы было намалявана. У складаных узорах па восем панажоў было. Было ў яе і матавіла, і прасніца, калаўрот, юрок (палачка з вострымі канцамі, пасярэдзіне дзірачка). Маці і верхняе адзенне шыла сама: порткі, кажухі, ватоўкі на ваце ці на кудзелі.

Жывёлы было шмат, у вёсцы тры радоўкі былі на пашу кароў выганяць. І казла свайго пасвілі разам. У нашага настаўніка Клімава (у першы клас да яго хадзіў) карова была бязрогая. Такая ж шкодная была, як і сам настаўнік. Як толькі адвернешся, дык яна галопам у калгаснае поле. Адну яе толькі і ганялі.

У Межніках жыла жанчына з дзецьмі. Казалі, што муж яе быў палкоўнікам войска польскага. Яна прывезла з сабою вялікую бібліятэку польскіх і рускіх кніг. Дык я, карову пасвячы, польскую мову і вывучыў. Возьмеш у яе кніжку і чытаеш на пашы з асалодай. Дзяцінсва маё было шчаслівае. Людзі тады многа збіраліся, песні спявалі. Сусед наш Кароль адпраўляў маёву. У яго на ліпе абраз Маці Божай Вострабрамскай быў. То да яго цэлая вёска збіралася, а ён браў Біблію, чытаў уголас, а потым песні спявалі - да рання.

Самагонку гналі спакойна, прама ў садзе. Мы яшчэ дзецьмі былі, то налівалі яе ў чарнільніцу для прыколу. Як пішаш самаробным пёрам, расплываецца ўсё па паперы. Потым ужо за самагонку пачалі караць. Да бацькі майго прыехалі, відаць, нехта падказаў. А ён якраз з вядром самагонкі ў сенцы ўвайшоў, куды было яго дзець? Ён узяў ды павесіў гэтае вядро замест таго, з якога ваду пілі. Пачалі шукаць. Адзін паняты захацеў папіць, зачэрпнуў з вядра кубачкам, выпіў, усё зразумеў, але прамаўчаў. Потым яшчэ разоў пару хадзіў піць.

2

У школу я хадзіў у вёску Бердаўка Наваградскага раёна. Дырэктарам нашай школы быў Ёрш. Сядзелі мы ў панскім доме. Помню, прыйшоў ён і давай аб'яўляць, што Сталін памёр, а слёзы цякуць… А я сабе думаю, што ж ты плачаш, добра, што ён здох. Сядзець на ўроках нам не хацелася. А недалёка ад нас была сушылка, туды складалі шышкі, што ў лесе сабралі, і сушылі. Уцячэм, бывала, з сябрам з урокаў і сядзім сабе ў цяпле. Бо там былі такія ўрокі, што і хадзіць на іх не хацелася. Настаўніка гісторыі Шэшку папытаем пра вайну, а ён і давай тады цэлы ўрок расказваць і хто што вывучыў (хатняе заданне) не пытаецца. Сам ён з вайны прыйшоў з медалямі. А вось другога настаўніка матэматыкі любілі, сядзелі на ўроку з аткрытым ротам, слухалі, як казку якую. Звалі яго Ламан Аляксандр Васільевіч. З дзецьмі ўмеў абыходзіца. Не заносіўся, а на перапынках з намі ў валейбол гуляў, ды так добра - не абвядзеш яго.

Як мне было гадоў сямнаццаць, у нас у Лешчанцы салдаты сталі і прыходзілі да нас на вячоркі. Дзевак нашых пазабіралі, але не замуж, а так. Усякіх там "праісшэствій" было. Адзін салдат замужнюю бабу (яна самагонку прадавала) хацеў згвалціць. Яна адбівалася, то ён ёй ногі нажом парэзаў, а потым схаваўся ў другім канцы вёскі і ў шыльніку, што людзі на подсцілку карове сабралі, начаваў. А бацька гэтай жанчыны меў зброю, бо лесніком быў, то хадзіў па вёсцы і казаў, што застрэліў бы яго, каб знайшоў. Жанчыну гэтую павезлі ва Уселюб, швы налажылі. Салдата гэтага потым судзілі прама ў вёсцы, паказальны суд быў, трыбунал.

Прапаганды тады хапала, шпіёнаў нейкіх амерыканскіх усё лавілі. І да нас энкавэдысты прыязджалі. У Лешчанцы будавалі базу ракетную, то там таксама нейкіх шпіёнаў лавілі. Да нас у вёску з Наваградка прыязджала "кінаперадзвіжка". Помню, плацілі 15 альбо 20 капеек. Але дзяцей не надта пускалі, то мы праз вокны глядзелі, а калі кіншчык адвернецца, то і ў хату ўскочым. Фільмы круцілі "Чапаева", "Волга-Волга" і іншыя. Уся вёска збіралася.

У войска пайшоў, камсамольцам не быў. А потым усё-ткі ўламалі. Як дэмабілізаваўся, сказалі, каб стаў на ўлік, а я не стаў, забыўся. А потым ужо пачалі гаварыць, каб у партыю ўступаў. Запісаўся, бо думаю, задалбаюць. А жонка не ўступіла, абышлося. Як разваліўся Саюз, напісаў заяву, што не згодны з лініяй партыі. Што тут пачалося! Забегалі, пачалі гаварыць, што мяне задушаць. Выклікалі на паседжанне парткама, а я не пайшоў, без мяне выключылі. А праз якія паўгода партыя тая сама развалілася. Быў у нас такі чалавек - Віктар Пятровіч Сучкоў, дык ён так верыў у гэтую партыю, сапраўдны камуніст. А тут сустрэў яго нядаўна, пачаў ён мне гаварыць, што не ведаў пра гэтых парцейцаў, якое ліха яны вытваралі. Дык вось ён у 2003 годзе на старасці гадоў з жонкай абвянчаўся, а да таго ў Бога не верыў. А што той кодэкс "страіцеля камунізму"? Яны ж яго з дзесяці запаведзяў перапісалі, а замест Хрыста свайго Леніна паставілі.

Мы сваіх дзяцей то пахрысцілі. У Бярозаўцы ў пачатку 90-х ксёндз Анджэй Стапыра дабіўся, каб касцёл, спалены ў 50-я, зноў пабудавалі на тым самым месцы, і сам на будоўлі працаваў, з усімі цэглу цягаў. Так ён добра людзям памагаў: у Польшчу на лячэнне, каму трэба, адпраўляў і на вучобу. Памагала яму сястра Барбара, манашка. Яна і да людзей хадзіла, памагала, маёй жонцы масаж рабіла. І суседку нашу вылечыла, Дзерваедаву жонку. А мне ён ровар падарыў. А першыя ровары былі рыжскія, камеры і пакрышкі не зношваліся. Помню, што яшчэ былі ў нас камеры ад амерыканскіх машын, чырвоныя, імі валёнкі падклейвалі без клею: нагрэў, прылажыў і па снезе ходзіш хоць бы што, не мокнуць. А рэжаш нажом тую гуму - аж скрыпіць.

3

Што ні чалавек - то свая гісторыя. Наш сусед быў на фінскай вайне і пяшком прыйшоў адтуль дадому, гаварыў, што па самалётах дарогу знайшоў. Дваіх з нашай стараны забралі на фінскую вайну - Жадзеўскага Вацлава і Дмухоўскага Эдмонта. Вось гэты Дмухоўскі і расказваў, што надта зарадаваўся, як убачыў, што Жадзеўскага кухарам паставілі. "Я яму кажу: Вацак, дай мне лішні палонік, дык ён мне гэтым палонікам чуць па галаве не заехаў". Пасля вайны вазілі лес сплаўляць у Морына, такія вялікія машыны газагенератарныя. Бярвенняў наложаць па восем кубоў і даўжынёю таксама метраў па восем. Вацак Жадзеўскі рабіў лесніком, ну і запыніў адну машыну. Шафёр гэтай машыны таксама быў на фінскай вайне і пазнаў яго, пайшоў у кабіну, узяў рукаятку і давай яго малаціць. Каб не адцягнулі, то, мо, і забіў бы, такі быў злы на яго. А ў Генюшах каля Бердаўкі быў такі чалавек, што ў Слонім бягом бегаў. У яго пытаюцца: "Куды бяжыш?" - "У Слонім". - "А чаго?" - "Каб нагу натрондзіць і ў армію не папасці". Ён быў добры паляўнічы, але любіў прыўкрасіць свае паляўнічыя дасягненні. Казаў, што вавёрцы ў вока трапляў, а калі яна падала з дрэва, то забіла зайца, што ляжаў пад дрэвам. А такі казачнік і жартаўнік, усяго мог напрыдумаць: "Мне дроў не трэба, у двары таполя расце, корань пусціла прама ў печку, толькі палі".

Быў у нас "прэдсядацель" сельсавета Гнілякевіч, байструк, - невысокі,тоўсты. А ўрэдны быў! І выпіць любіў. Прыедзе на падводзе ў вёску, яго ўжо частуюць добра. Наесца ён, нап'ецца і падстаўляе толачак, каб на сяннік залезці. Праспіцца, а ўвечары вязі яго ўжо ў Налібакі, бо ён там жыў. А ўдзячнасці да людзей то ніякай не меў.

Смешных здарэнняў было шмат. У Крамушаўцы жыў адзін дзядзька, Міхась Круповіч, быў у яго сын Янак. Як яны гналі самагонку, па кладцы бражнік вазілі на санках у кусты. Ён бацьку і кажа: "Можа, не паедзем?" - "А чаго?" - "Дык кладка ненадзейная". А сам яшчэ раней узяў нажоўку і падпілаваў бярвенне. Кладка зламалася, і бацька зваліўся ў ваду. І з бабы сваёй пасмяяўся. Тая карову даіла ў хляве, а ён залез наверх, рассунуў дошкі і цвіком карове тыц у сьпіну. Баба кажа, мусі, ураклі карову. Насыпала вуголля ў гаршчок і давай карову абносіць, каб сурокі выбраць, а ён зноў карове ў спіну - тыц. Тая нагою па гаршчку, ён пабіўся, вуголле рассыпалася, і салома загарэлася, ледзве патушылі. Такі быў малы лядачы, што за яго ўсім даставалася. Кабыла ў іх была шарачковая. Ехалі яны з бацькам на возе, той дастаў кісет, хацеў закурыць. Ён бачыць, што бацька не трымаецца, то лейцамі кабыле па нагах (яна вельмі баялася гэтага). Бацька ўпаў і моцна пабіўся. Але ж як і вырас, то не паразумнеў. Пайшоў ён з жонкай сена красці. Кажа ёй: "Ты ляж, я табе дзяружку прывяжу". Як яна легла, ён дзяружку з сенам прывязаў і як крыкне: "Лёня, прэдсядацель!" Яна як рване! А сама дзіця чакала, то назаўтра і нарадзіла.

Я многіх людзей добра памятаю, нават і з дзяцінства. Быў у нас такі Бронюсь, добра на скрыпцы іграў, хадзіў па васэлях. Ішоў адзін раз з васэля добра п'яны, а тут каля яго брычка спынілася. Нейкія людзі кажуць яму: "Садзіся, нам трэба зайграць добра". Паехаў ён з імі, іграў, а яны добра з ім разлічыліся: золата далі, на мяккую падушку спаць палажылі. Прачнуўся ён на ранку - ляжыць на конскім гноі, відаць, чэрці заманулі. Другі дзядзька тожа на скрыпцы граў. Запомнілася мне, як ён рассказваў пра сваю службу ў польскім войску. Служыў ён у кавалерыі, ці то ўлан быў, ці то драгун. Добра вучылі іх на конях ездзіць. Конь скача па манежы, і трэба ўскочыць на яго, схапіўшы за загрывак. Як адзене той мундзір з аксель-бантамі і багнет (кінжал) на баку - вачэй не адвесці. Яшчэ ён расказваў пра важнае правіла для ўлана: калі багнет дастаў, то трэба яго ў дзела ўжыць, а калі не - то і не даставай. Запомніўся мне і другі Бронюсь, Жураўскі. Пра яго хадзіла байка. Пераступіў ён п'яны ў калодеж, зваліўся і крычыць: "Падайце карабель, бо тоне журавель".

Былі ў нас і людзі, якія ішлі проціў уласці. Адзін гаспадар, звалі яго Кароль Дмухоўскі, адмовіўся ўступіць у калгас. Дык у яго забралі ўсю зямлю, абрэзалі аж па самы падворак. Але ён усяроўна не маўчаў, гаварыў, што гэтым вашыўцам канец будзе. Ён калі-нікалі любіў выпіць. Стане каля плота і запрашае выпіць. Калі яму не было з кім выпіць, дык ён браў люстра, ставіў насупраць сябе і сам з сабою выпіваў: "Будзь здаровы, Караль".

Памяняліся цяпер нашыя мясціны. І назвы іншыя: Крываногава стала Сасноўкай, рэчка Сціхава цяпер Крамушоўка. Некалі хутары пазносілі, думалі, што будзе болей зямлі. А цяпер і гэтую, што ёсць, пакідалі. Некалі столькі рыбы было ў рэчках - стронгі, сліжы, курмяжкі, без кручка лавілі, кошыкамі. Вада ў Сціхаве была сцюдзёная, крынічная. Мы запруду рабілі ў адным месцы, каб глыбей было, і купаліся там. Дзяцей шмат збіралася. А цяпер усё зарасло. Рэчачка тая ледзь цячэ. Вёскі стаяць пустыя. Зараз у Межніках жывуць толькі шэсць чалавек. З аднаго канца жыве жанчына Галіна Палёха, затым - Люцік Круповіч з жонкаю Ядзяю. Яшчэ у адной хаце жыве Ліда Малочка, у другой - Доня Пятрова, і на другім канцы вёскі - Сашка Прусак. У Крамушоўцы толькі тры жыхары.

Вёска хутка ўся зарасце кустамі. На палях нічога не сеюць і не садзяць. Сенажаці не косяцца. А там калісьці раслі сотні траваў чырвонакніжных. Вельмі шкада, такія прыгожыя былі краявіды!

Ці адродзіцца калі мая вёсачка? Ды і навакольныя таксама. Хіба толькі, як Беларусь стане ўжо па-сапраўднаму вольнай!

Гутарыў і запісаў Сяргей Чарняк.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX