Гаварылі аб творчасці і ... наменклатуры. Да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш
У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя журналісцкі лёс закінуў мяне ў Масты. Тут у красавіку 1965 года ў нядаўна зноў утвораным раёне я стаў рэдактарам мясцовай газеты “Зара над Нёманам”. Неўзабаве вакол рэдакцыі згуртавалася група няштатных аўтараў выдання, якія прапаноўвалі ёй для публікацыі свае матэрыялы. У ліку такіх памочнікаў быў і настаўнік Гудзевіцкай школы Алесь Белакоз, непахісны змагар за беларускую мову. Помню, з якой радасцю Алесь Мікалаевіч дзяліўся са мною прыемнай навіной, калі ў Менску выйшла з друку кніга Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана”. А праз некаторы час па запрашэнні А. Белакоза ў Гудзевічы прыехалі літаратары з Гародні на чале з Васілём Быкавым і Ларыса Геніюш з Зэльвы. На той сустрэчы давялося пабыць і мне з жонкай Валянцінай.
Гэта была важная падзея ў жыцці ўскраіннай вёскі Мастоўшчыны. Разам з Васілём Быкавым прыехалі вядомы літаратуразнавец і навуковец Аляксей Пяткевіч, маладыя паэтэсы Данута Бічэль і Вольга Іпатава. Творцы цёпла віталі Ларысу Геніюш. Віншавалі пісьменніцу з выданнем яе паэтычнага зборніка. Тым самым творчасць Ларысы Антонаўны у недалёкім мінулым нявольніцы ГУЛАГу, чалавека, які не прыняў савецкага грамадзянства, усё ж атрымала прызнанне ў тагачаснай дзяржаве. Гэта была свайго роду перамога.
Шчырая говорка, вядома не абмяжоўвалася літаратурным набыткам Л. Геніюш. Гаварылі і аб творах іншых аўтараў і не толькі прысутных. Працягам размовы аб духоўных каштоўнасцях з’явілася наведванне створанага Алесем Белакозам музея. Ларыса Геніюш, як і іншыя госці, ганарылася бясцэннымі музейнымі скарбамі. Потым мы наведалі вясковыя могілкі, дзе пакланіліся магілам сваякоў паэткі і яе землякоў.
Заключная частка сустрэчы адбылася ў прыватным доміку Веры і Алеся Белакозаў. Яны наладзілі для гасцей, як заўважыў Васіль Быкаў, шляхетную і шыкоўную вячэру. У час застолля была прадоўжана шчырая гутарка. Ларыса Антонаўна раптам прыгадала, што атрымала недаўна ліст ад Максіма Танка. Кіраўнік Саюза пісьменнікаў, па словах Л. Геніюш, запрашаў яе прыехаць у Менск, абяцаў разам з ёю наведацца ў ЦК партыі да С. Марчалёва, каб прабіць чарговую кнігу пісьменніцы. (С. Марчалёў тады ўзначальваў у ЦК аддзел культуры і курыраваў выдавецтвы). Пачуўшы такое паведамленне, Васіль Уладзіміравіч адказаў рэплікай: “Едзь, едзь да Танка. Ён цябе зводзіць і да Марчалёва, і да Рудака”, пасля чаго ў некаторых з нашай кампаніі з’явіліся кіслыя ўсмешкі. “А хто такі Рудак?” – запытала пісьменніца. “Адзін з шэфаў беларускага КДБ”, – пачулася ў адказ. Пасля гэтага Ларыса Антонаўна разгублена спыніла размову.
Не ведаю, ці ездзіла Ларыса Геніюш на прапанаваную М. Танкам сустрэчу. Але факт застаецца фактам: пазней у дзяржаўных выдавецтвах выйшлі яшчэ два яе зборнікі паэзіі і дзве паэтычныя кніжкі для дзяцей. Адна з іх пабачыла свет пасля смерці паэтэсы.
Але вернемся на Мастоўшчыну, у склад якой у 1962-1966 гг. уваходзіла частка скасаванага, а пазней аднаўленага Зэльвенскага раёна. Натуральна, жыццё далучанага рэгіёна асвятляла мастоўская “Зара над Нёманам”.
З рэдакцыяй плённа супрацоўнічаў старшакласнік Зэльвенскай СШ Юрка Голуб. Мы атрымлівалі допісы ад настаўніка Дзярэчынскай школы Пятра Марціноўскага, рускамоўнага паэта з Ваўкавыска Івана Юшчанкі. Гэтыя і іншыя аўтары высока ацэньвалі творчасць Ларысы Геніюш і віталі яе публікацыі Зямляк паэтэсы П. Марціноўскі , будучы на пенсіі, напісаў пра пісьменніцу ўспаміны.
Апошні раз я сустракаўся з Ларысай Геніюш вясною 1968 года. З карэспандэнтам раённага радыёвяшчання Аляксеем Галаўнёвым мы былі ў камандзіроўцы ў недалёкіх ад Зэльвы мастоўскіх калгасах і завіталі ў драўляную хатку Геніюшаў. Тады мне пісьменніца ўчыніла на кнізе “Невадам з Нёмана” аўтограф, у якім выказала надзею на маю вернасць зямлі беларускай. Гэты зборнік много перададзены Лідскаму гістарычна-мастацкаму музею для экспазіцыі ў яго літаратурныя філіяле.
Напрыканцы лічу неабходным сказаць пра добрае ўражанне, якое засталося ў маёй душы пасля нядаўняй паездкі ў Зэльву на ўрачыстасці з нагоды 100-годзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Мне прыемна было бачыць там прыхільнікаў яе паэзіі з Менска і Гародні, Беластока і Ліды, Баранавіч, Гомеля, Ганцавіч і іншых мясцін. Успамінаючы змястоўную праграму юбілейных імпрэзаў, з пачуццём гонару ўслед за ўдзельнікамі тых незабыўных сустрэч вымаўляем святыя словы “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”