Уладзімір Міхайлавіч Логаш, старшыня Лідскага гарвыканкаму ў 1969-1980 гг.
Імкліва бяжыць час. Ужо ідзе трэцяе тысячагоддзе, за плячамі 70 пражытых год, а 26 гадоў, якія злучалі мяне з горадам Лідай, пастаянна жывуць у маёй памяці, і ўспамін пра Ліду заўсёды выклікае самыя светлыя і самыя добрыя пачуцці. І не толькі таму, што гэта былі маладыя гады, але больш таму, што гэта былі гады плённай работы, работы па пасляваенным аднаўленні горада, будаўніцтве яго вытворчых і сацыяльна-культурных аб'ектаў, пашырэнні межаў і добраўпарадкаванні.
Чаму я сёння пішу гэтыя радкі?
Ёсць настойлівыя просьбы шэрагу былых паплечнікаў проста людзей напісаць і расказаць пра тое, што рабілася ў той час, падмацаваць не толькі канкрэтнымі фактамі, але і сваімі рэфлексіямі і ўспрыманнем зробленага і перажытага больш за чвэрць мінулага стагоддзя, якія прыпалі на частку майго жыцця, звязанага непасрэдна з горадам Лідай.
Па-другое, як бы падсумаваць вынік тых спраў, якія былі зроблены з маім удзелам, будучы на пасадах ад прараба да кіраўніка трэста - 15 год, а затым -- старшыні гарвыканкаму - 11 гадоў....
А было зроблена за гэты час вельмі шмат. Напэўна мала хто задумваецца, наколькі складаным з'яўляецца будаўніцтва. Бачны толькі нязручнасці, якія ствараюць будаўнікі на этапах узвядзення аб'ектаў, а крытыкі і папрокаў у іх адрас, хоць адбаўляй. Не задумваецца насельніцтва, у якіх складанейшых умовах (снег, дождж, мароз, слота і мноства іншых праблем) даводзіцца працаваць будаўнікам, хаця памер аплаты працы быў у іх ніжэй, чым на прадпрыемствах горада.
Не гледзячы на тое, што прайшло больш 20 год, як я пакінуў Ліду, усё што зроблена, а таксама многія падзеі і сёння стаяць перад вачамі.
Па-трэцяе, Хачу успомніць тых людзей, якія вельмі шмат зрабілі для наладжвання жыцця ў горадзе, яго адбудовы і добраўпарадкавання.
Калі я пачаў работу, у горадзе жыло 20 тысяч жыхароў, а ў пачатку 1981 года ў час пераезду на работу ў Горадню горад налічваў амаль 75 тысяч. Калі ўлічыць, што на пачатку 50-х гадоў у горадзе былі лічаныя шматпавярховыя дамы, не было вадаправода, каналізацыі: ні фекальнай, ні ліўневай, крыніц цяпла, разбураная прымысловасць, аб'екты жылля і сацкультбыту, можна ўявіць аб'ём той работы, які быў выкананы за гэтыя гады.
Будзе несправядліва, калі не ўзгадаць пра тых людзей і ў Горадні, і ў Менску, і ў Маскве, і ў іншых месцах, якія спрыялі і дапамагалі вырашаць многія праблемы горада. Некаторыя думаюць, што варта папіць кавы з высокім начальнікам, як ужо і шляхапровад гатовы. Усё гэта значна складаней, бо былі і такія, што важна надзімалі шчокі і гаварылі штосьці. А па самой справе было, як па - Крылову: "І мы аралі".
Кабінеты і калідоры лідскай улады
Нарадзіўся я 10 снежня 1931 г. у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна ў 38 кіламетрах ад Ліды, побач з чыгункай Ліда - Баранавічы.
Добра помню ў дзяцінстве яшчэ за польскім часам вясковыя мужыкі часта гаварылі пра Ліду, куды яны вазілі на продаж адкормленых свіней, бо там можна было прадаць іх даражэй, чым у нашым Дзятлаве ці Наваградку. У тыя часы мясцовыя яўрэі скуплялі свіней, а потым перапрадавалі іх на экспарт за межы Польшчы. Цікава было слухаць іх расказы, асабліва калі каму-небудзь з іх удавалася, як яны гаварылі, "ашукаць жыда" і нейкую залатоўку вытаргаваць. З іх гаворак паўставала ўяўленне пра горад, яго памеры, вуліцы, дамы, і здавалася, што ён быў значна большым, чым ваяводскі Наваградак. У тыя часы на вёсках у асенні і зімовы час жанчыны і дзеўкі па чарзе хадзілі на вячоркі, пралі там кудзелю, мужчыны гулялі ў карты, расказвалі цікавыя гісторыі, ці проста небыліцы, спявалі разам песні, бавілі свой час. У гэты час асаблівай работы па гаспадарцы не было, акрамя малацьбы, нарыхтоўкі дроў ды догляду жывёлы. У той час на вёсках захаваліся яшчэ з ліцьвінскіх часоў імёны такія, як у жанчын - Адэля, Саламея, Марцэля, Тэкля, у мужчын - Цыпрусь, Тодар, Тамаш, Гальяш.
Усе гэтыя аповяды пра Ліду я чуў падчас агульных пасядзелак.
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе ўся моладзь з вёскі кінулася на работу ў Ліду, куды падаўся і мой старэйшы брат Васіль. Чамусьці амаль усе хлопцы ўладкаваліся у паравознае дэпо: хто качагарам, а хто яшчэ дзе, таму што машыністы і больш высокія чыноўнікі чыгункі былі прысланы з Усходу. Былыя з польскіх часоў работнікі альбо разбегліся, альбо былі проста адсунуты ад працы.
Паступова пачала наладжвацца работа чыгункі і прадпрыемстваў горада.
Першы раз я прыехаў у Ліду недзе ў траўні ці чэрвені 40-га года разам з братам, які кватараваўся на вуліцы Шырокай. Згадваецца першы выхад у горад каля могілак, вадакачкі і да руін замка, унутры якога на пляцы, як мухаморы, стаялі грыбкі-навесы, дзе можна было купіць марожанае ці які прысмак. Па вуліцы Савецкай ляжалі тратуары з бетонных плітак, а праезджая частка забрукавана, паабапал стаялі слупы з тэлефоннымі правадамі. З невысокіх, у асноўных 2-х, 3-х павярховых камяніц на вуліцу выходзілі невялікія лаўкі, снавала многа людзей, ішоў гандаль. Чулася беларуская, руская і польская мовы, між якімі часам яўрэі між сабой гергяталі на сваёй ідзіш. На другі дзень побыту на рыначным пляцы ладзіўся кірмаш. Уразіла вялікая колькасць фурманак, чаго там толькі не было: бульба, збожжа, сала, вяндліны, рознае печыва, таргавалі півам, напіткамі, сельгаспрыладамі і рознай дробяззю, патрэбнай у гаспадарцы. Сярод мясцовага насельніцтва было нямала вайскоўцаў, чыгуначнікаў, якія былі адзетыя ў сваю ўніформу.
Пасля першай паездкі ў даваенны час даводзілася яшчэ некалькі раз прыязжаць у Ліду разам з маці ці сёстрамі, якія былі старэйшыя за мяне.
Тады мне думалася, што Ліда вялікі горад, і большыя за яе маглі быць толькі Варшава ці Вільня.
І вось вайна, яна пачалася ў нядзелю 22 чэрвеня, а на наступны дзень раніцай каля вёскі над чыгункай з боку Ліды праляцелі нямецкія самалёты і скінулі бомбы. Адна з бомбаў проста насупраць вёскі трапіла на чыгуначную каляю, паразрывала рэйкі і ўтварыла вялікую вырву. Рух паяздоў спыніўся. У гэты ж дзень пайшлі чуткі, што страшна бамбілі Ліду, і ў нашай вёсцы з боку Ліды быў бачны чорны дым - горад гарэў. Праз тыдзень у вёску прышлі немцы. З'явіліся яны па дарозе з Дзятлава на раварах, недзе чалавек 20, нагналі страху на людзей, назбіралі яек і масла і паехалі назад. Неўзабаве чыгуначная каляябыла перароблена - яе звузілі пад заходнія стандарты - і рух цягнікоў аднавіўся. Падчас акупацыі нямногія ездзілі ў Ліду, з іх расказаў было вядома, наколькі страшна быў разбураны горад.
Як толькі немцаў выгналі з нашай зямлі, пачало аднаўляцца жыццё і ў Лідзе. Першы мой прыезд у горад адбыўся восенню 1944 года. На чыгуначным вакзале працавалі палонныя немцы, якія аднаўлялі разбураны будынак, а побач у бараку працавалі станцыйныя службоўцы. Забяспечвалі рух цягнікоў. Там, дзе сёння пошта, працаваў невялікі рыначак, бойка ішоў гандаль гарачай бабкай, а таксама розным барахлом. Горад выглядаў жахліва, асабліва цэнтр. Па вуліцы Савецкай ад ТЭЦ да замка амаль усё было ў руінах, калі засталося што, то гэта некалькі дамоў, касцёл ды царква. На былым рыначным пляцы ўжо ў 1945 годзе зноў пачалі збірацца кірмашы.
Пасля заканчэння школы ў 1950 г. я паступіў на будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Дарога з дому да Менска і назад праходзіла праз Ліду, і на працягу ўсёй вучобы я быў сведкам, як памалу аднаўляўся горад і як наладжвалася жыццё, тым больш, што дзве старэйшыя сястры Вера і Юля сталі сталымі жыхарамі горада, і я часта на працяглы час затрымліваўся ў іх сем'ях. У 1954 годзе пасля 4-га курса інстытута я праходзіў тут вытворчую практыку на працягу амаль 2-х месяцаў у гарадскім будаўнічым упраўленні.
Галоўны інжынер упраўлення Кішкурна прызначыў мяне на гэты час майстрам на будаўніцтва цэха лемяхоў і адвалаў "Лідсельмаша". Пры гэтым глянуў на мяне і дадаў: "Будзеш мець магчымасць зарабіць пару рублёў на туфлі", бо абутак у мяне выглядаў не лепшым чынам.
Роўна праз год пасля заканчэння інстытута я прыехаў у Ліду на сталую працу ў будаўнічае ўпраўленне і быў прызначаны на пасаду прараба. У гэты час маімі аб'ектамі былі ТЭЦ, "Сельмаш" і абутковая фабрыка. На ТЭЦ ужо працаваў адзін кацёл, і дзве турбіны давалі ток гораду, ішла работа на другім катле і рыхтаваліся фундаменты над трэцюю турбіну і градзірню. На "Лідсельмашы" завяршаліся работы на цэху лемяхоў і адвалаў, пачыналіся работы на кавальскім цэху, а таксама па пракладцы чыгункі ад ТЭЦ на тэрыторыю завода.
Ужо ў пачатку 1956 года, калі на ТЭЦ з'явіўся лішак цяпла, пачалі пракладаць цеплавыя сеткі, каб перадаць цяпло на піўзавод, камбінат харчовых канцэнтратаў, абутковую фабрыку, "Сельмаш", у жылыя дамы, бо да гэтага ўсе заводы мелі свае невялікія кацельні, а ў Дворышчы кожнае лета ўручную капалі торф, сушылі яго і рыхтавалі паліва на зіму. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве аказвалі кіраўнікі заводаў, бо былі вельмі зацікаўленымі атрымаць на свае вытворчасці цяпло. З прыемнасцю ўспамінаю Данілу Маркавіча Шапіру - дырэктара "Сельмаша", Георгія Арцёмавіча Сляпцова - дырэктара піўзавода, Рыгора Апанасавіча Машыхіна, а затым Віктара Дзмітрыевіча Марыніна - дырэктараў камбіната харчовых канцэнтратаў, якія вельмі часта бывалі на будоўлі і, чым маглі, дапамагалі. Амаль кожны месяц я для сваіх рабочых атрымоўваў дазвол на піўзаводскую саладзіну ці зерневыя адходы з камбіната харчовых канцэнтратаў, каб карміць уласных свіней.
У сярэдзіне 50-х гадоў з ВНУ Беларусі ў Ліду пачало прыбываць многа маладых спецыялістаў. Гэта дактары: Шэшка, Лысы, Місевіч, Войніч; настаўнікі: Цішук, Русак; інжынеры: Татур - на ТЭЦ, Мураўкін, Ярэма і Обарнеў - на чыгунку: Шарык, Бубен, Кашынскі, Азаранка, браты Скрабцы - на "Сельмаш". У асноўным гэта былі мясцовыя, свае, нацыянальныя кадры, якія паступова пачалі замяняць адпрацаваўшых, у асноўным практыкаў, але зрабіўшых сваю добрую справу, людзей.
У гэты час будаваліся: кінатэатр "Кастрычнік", гасцініца па вул. Кірава, гаркам КПБ, дзіцячыя яслі па вул. Кірава, жылыя дамы па вул. Савецкай.
З кожным годам аб'ёмы будаўнічых работ у горадзе раслі, а акрамя гэтага былі аб'екты ў Воранаўскім, Іўеўскім і Жалудоцкім раёнах.
У 1959 годзе, у студзені я быў прызначаны галоўным інжынерам будаўнічага ўпраўлення - узрос аб'ём работы, павялічылася адказнасць.
Рос і калектыў будаўнічага ўпраўлення, павышалася прафесійнае майстэрства кадраў, якім пад сілу былі і ўзросшыя аб'ёмы работ, і тэхналагічная складанасць аб'ектаў. З высокім прафесіяналізмам працавалі муж і жонка Кавальцовы, майстры Ляпешка, Зюлкоўскі і Банцавіч, брыгадзіры Бічэль, Мікавоз, Лапіцкі, Гагалушка і многа іншых годных людзей.
У 1959 годзе добрай падзеяй для горада стала пабудова па вул. Міцкевіча маста і плаціны, і на рацэ Лідзейцы ўтварылася добрае возера, якое стала месцам адпачынку для гараджан. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера камунгаса Крыніцкага А. М., які не толькі будаваў, але і сам запраектаваў усе пабудовы, а работы вяліся метадам "народнай будоўлі".
Неяк у гэты час мяне да сябе запрасіў начальнік упраўлення Сіранкоў Ф. І. і сказаў, каб я агледзеў касцёл на Слабадзе, маўляў, ёсць звесткі, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане, што там працякае дах і падгнілі перакрыцці і столь. Я пабываў там, залез на гарышча, агледзеў усе канструкцыі, убачыў, што яны зроблены дабротна - і кроквы, і бэлькі: толькі ў адным месцы падцякаў дах, але неістотна і падправіць яго было вельмі проста. Таму я даў заключэнне, што касцёл у добрым стане.
Недзе ў 1960-м ці 1961-м годзе пачалося будаўніцтва аўтарамонтнага завода. Спачатку дырэктарам быў Дакукаў, а затым Дулуб. Завод будаваўся на новай пляцоўцы, былі вялікія цяжкасці з інжынерным забеспячэннем.
У 1963 годзе пачалося ўзвядзенне лакафарбавага завода. Па тым часе гэта была будоўля вялікай хіміі, знаходзілася на кантролі партыйных органаў, Міністэрства прамысловага будаўніцтва. На будоўлі часта бывалі сакратар гаркама Фамічоў, намеснік старшыні саўнаргаса Батурын, міністр будаўніцтва Жыжаль, кіраўнік трэсту Кіціс.
Рашэннем калегіі Міністэрства прамысловага будаўніцтва я быў прызначаны начальнікам пускавога комплексу лакафарбавага завода з адначасовым выкананнем абавязкаў галоўнага інжынера ўпраўлення. У гэты час начальнікам упраўлення быў Кулеба. Тады ж упраўленне папоўнілася маладымі інжынерамі Вендзілоўскім, Антоненкам, Верамоўскай, Івановым, эканамістам Яцэвіч.
Па справах будоўлі лакафарбавага завода даводзілася часта выязджаць у Менск у саўнаргас, дзяржплан, міністэрства, дзяржзабесп і аператыўна вырашаць розныя пытанні. З многімі працаўнікамі ўсталяваліся добрыя асабістыя кантакты - гэта вельмі дапамагала ў рабоце. У гэты ж час пачалася забудова цэнтра горада вайсковымі будаўнікамі. Праект забудовы быў распрацаваны "ваенпраектам" на чале з архітэктарам Ісачанкам У. Р., які пазней стаў галоўным архітэктарам Гарадзенскай вобласці. Трэба сказаць, што забудова цэнтра вялася шпарка: недзе на працягу 3-х гадоў быў пабудаваны Дом афіцэраў і жылыя дамы, якія ўтварылі галоўную плошчу, вуліцы Савецкую, Кірава і Ленінскую.
Ужо на пачатку шасцідзесятых гадоў стала відавочным, якія вялікія нязручнасці стварае чыгунач ны пераезд з вуліцы Ленінскай на Камуністычную: падчас манеўровай работы на ст. "Ліда" перад шлагбаўмамі ствараліся вялікія чэргі з адного і другога бакоў. Машыны не толькі трацілі час, але і забруджвалі атмасферу. Тады, яшчэ пры працы старшынём выканкаму Ушацкага І. І., была зроблена спроба падступіцца да гэтага пытання: на вуліцах Ленінскай і Камуністычнай былі выбіты пікеты і праведзена геадэзічная здымка пад будучы шляхапровад, але потым, пасля таго, як Ушацкі пераехаў у Горадню, гэтая работа на некалькі гадоў замерла.
З пачаткам будаўніцтва лакафарбавага завода рэзка пайшлі ў рост аб'ёмы работ у цэлым па будаўнічым упраўленні, бо ўзнікла патрэба ў аб'ектах інфракструктуры: жыллё, дзіцячныя садкі, вадаправод, каналізацыя і г. д.
Да гэтага, напрыклад, усе каналізацыйныя сцёкі ад аб'ектаў, што былі ў цэнтры горада, без ачысткі сцякалі ў некалі чыстую крынічную рачулку Каменка, якая адным рукавом выцякала з гарадскога парку, а другім - з-пад бальніцы і цякла каля стадыёна, а зліваліся яны каля цяперашняга магазіна "Кніжны свет". Усе гэтыя сцёкі моцна забруджвалі Каменку, і ў насельніцтва яна атрымала новую назву - Смярдзючка. Не было ў горадзе і вадаправода. Кожнае прадпрыемства і групы дамоў атрымлівалі ваду ад сваіх, прасвідраваных побач артэзіянскіх свідравін, што пярэчыла санітарным нормам.
Такім чынам, горад не меў нармальнай, пісьменна пралічанай інжынернай інфраструктуры, не магло быць і спецыялістаў-рабочых, якія маглі б прафесійна выконваць работы.
Усё гэта стваралася па ходу спраў. Добрыя стасункі ў гэты час у будаўнічага ўпраўлення склаліся з будаўнічым трэстам №15 г. Менска, які даў згоду пракласці праз увесь горад ад галоўнай помпавай станцыі, па вул. Перамогі да ачышчальных збудаванняў напорны каналізацыйны калектар з жалезабетонных труб, якія ўпершыню ў БССР прымяняліся ў такім будаўніцтве. Выконвалі гэтыя работы з УМ-70 Міхаіл Ільіч Старынскі і прараб Віктар Іосіфавыч Міцкевіч, а з СУ-72 прараб Копель Хаймавіч Гурэвіч, якія выдатна зрабілі справу.
Не было ў той час і Генеральнага плана горада - а гэта галоўны стратэгічны дакумент забудовы. Першыя прыкіды яго з'явіліся недзе ў 1963 годзе. Спытаецеся: а як ішла забудова? А так і шла: які-небудзь высокі чыноўнік, які меў рэальную ўладу, гаварыў, што вось тут пасадзім той ці іншы аб'ект, а тут пракладзём дарожку. Старэйшыя людзі помняць, як па вуліцы Перамогі былі пабудаваны новыя аб'екты: кніжны магазін, дзяржаўны банк, прадуктовы магазін "Чайка", якія ужо ў 70-я гады давялося зносіць, бо не ўпісваліся ў агульную схему. Што такое - рабіць без плана, можна і сёння пабачыць. Звярніце ўвагу на былую кантору камбіната бытавога абслугоўвання па вуліцы Ленінскай, якая, як "скула", ненатуральна выпірае на тратуар і праезджую частку.
У гэты час 1-м сакратаром быў Рыгор Філатавіч Фамічоў, які падчас вайны партызаніў у гэтых мясцінах, палюбіў наш край і вельмі хацеў і рабіў, каб усё лідскае было самым лепшым. З яго ініцыятывы Марыя Паўлаўна Галяева стварыла "Лідскае піва", якое і да сёння мае высокую папулярнасць. На камбінаце харчовых канцэнтратаў быў створаны "Лідскі набор спецый для юшкі", на абутковай фабрыцы - сувенірныя тапкі, на заводзе электравырабаў - адмысловыя свяцільнікі.
Яго стараннямі ў 1966 годзе без плана было распачата будаўніцтва першага ў вобласці крытага плавальнага басейна. Успамінаю, як па яго дамоўленасці я выязджаў у ЦК КПБ і дзяржплан і атрымаў фонд пад гэтую будоўлю на цэмент, метал, аздобную плітку. Многа дапамагаў ён асабіста пры будаўніцтве лакафарбавага завода. Яго стараннямі галіновае міністэрства прадугледзела грошы на будаўніцтва новай гасцініцы, а невялікую гасцініцу па вул. Кірава перадалі пад інтарнат лакафарбавага завода. Наогул, Рыгор Філатавіч па свайму складу быў гаспадарнікам, нездарма ў канцы ён стаў старшынём аблвыканкаму.
Праз два гады пасля пачатку ў рэкордна кароткі час у 1965 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга лакафарбавага завода. А гэта цэхі эмаляў і фарбаў, цэх алкідных смолаў і цэх нітрафарбаў са складамі сыравіны, гатовай прадукцыі, заводаўпраўленне, інжынерныя збудаванні, каля 2 км цепласетак, чыгунка з мастом праз возера, вадазабор, сеткі вадаправода і каналізацыі, пад'язныя дарогі. Прыёмка завода была абстаўлена ўрачыста - быў мітынг, аркестр. Прысутнічалі: Батурын - нам. старшыні саўнаргаса, Круль -- нам. міністра будаўніцтва, Кіціс - кіраўнік трэста №11, Фамічоў - 1-ы сакратар гаркама партыі і кіраўнікі генпадрадных і субпадрадных будаўнічых арганізацый.
Завод быў прыняты, як кажуць, "на хаду": выпускалася фарба, і кожны атрымаў па банцы першай фарбы. Па старой добрай завядзёнцы завод добра "замачылі" ў чыгуначным рэстаране. Акрамя лакафарбавага, будаваліся 4-х павярховы корпус завода электравырабаў, вялікія прамысловыя плошчы на заводзе "Лідсельмаш", саладоўня на піўзаводзе, цэх узарванай кукурузы на камбінаце харчовых канцэнтратаў, рэстаўраваўся хлебазавод і малочны камбінат, на ТЭЦ уводзіліся новыя катлы і новыя лініі цепласетак. У гэты час у сувязі з ростам аб'ёмаў будаўнічых работ пачалі распрацоўку дакументацыі на будаўніцтва ўласнай вытворчай базы ў складзе: рошчына-бетонныя магутнасці, база УПТК, дрэваапрацоўка, складскія плошчы, чыгуначныя пад'езды, база механізацыі і ўласная кацельня. Усе гэтыя перадумовы спрыялі таму, што ў лютым 1966 года будаўнічае ўпраўленне было рэарганізавана ў будаўнічы трэст №19. Кіраўніком трэста быў прызначаны Ціхановіч П. М., а я - галоўным інжынерам, але меней як праз год Ціхановіч па сямейных абставінах пераехаў у Горадню, і 3 студзеня 1967 года пачалася мая работа на пасадзе кіраўніка трэста. Пачаў складвацца калектыў. Галоўным інжынерам працаваў Антоненка В. М. Начальнікамі будаўнічых упраўленняў: Кавальцоў, Кудрыцкі, Вендзілоўскі, Грынчанка, Гуцін, начальнікамі пададдзелаў: Вайтовіч, Яцэвіч, Кавальцова, Бяспалаў, Гордзель, Фёдараў.
Каб спраўляцца з аб'ёмамі работ, што пастаянна раслі (штогод па 10-12 працэнтаў), была выпрацавана сістэма арганізацыі работы: заданні - пастаянны кантроль - выкананне. Вузкім месцам было забеспячэнне рабочымі кадрамі - аплата працы і ўмовы работы не вельмі вабілі моладзь працаваць на будоўлі. Адзінам выйсцем было забяспечваць кадры жыллём. Дзякуючы добраму стаўленню да трэста і асабістай дапамозе намесніка старшыні аблвыканкама Рубаніка У. Н., трэст змог напрацаваць у запас тэхнічную дакументацыю на будаўніцтва ўласнага жылля, што дазволіла штогод уводзіць у эксплуатацыю па 60-80 кватэр для сваіх рабочых, а таксама мець свае інтарнаты для халасцякоў: і жаночыя, і мужчынскія. Быў пабудаваны і дзіцячы сад. Сацыяльную частку жыцця калектыву добра дапамагалі вырашаць прафсаюзная арганізацыя (кіраўнікі - Даргель Н.Н. і Шатохін І.П.) а таксама парткам трэсту (Мілюкоў І.Н.). Пасля ўводу ў эксплуатацыю ў 1965 г. першай чаргі лакафарбавага завода пачалося будаўніцтва яго другой чаргі. У гэты час першы дырэктар лакафарбавага Петухоў А. А. які ажыццявіў будоўлю 1-ай чаргі і пуск завода, неўзабаве з'ехаў у Яраслаўль, а на яго месца быў прызначаны Бакуменка А. А. Трэба адзначыць, што асваенне магутнасцяў завода ішло шпаркімі тэмпамі. Ліда і наваколле адчулі, што ў горадзе ёсць такая вытворчасць - гэта было відаць па добра пафарбаваных дамах, асабліва, калі ехаць па дарозе з Ліды ў Менск.
Кожны год раслі аб'ёмы работ, і ў складзе трэсту ўжо ў 1968 годзе стварылі будаўнічыя ўпраўленні: БУ-103, БУ-104, БУ-175, УМСР-163, УПТК, завод ЖБВ. Будаваліся: "Сельмаш", ТЭЦ, завод электравырабаў, абутковая фабрыка, мясакамбінат, піўзавод, камбінат харчовых канцэнтратаў, аўтарамонтны завод, аўтакамбінат, таксаматорны парк, нафтабаза, хлебазавод, малочны завод, пачала ўзводзіцца птушкафабрыка. Гэта пацягнула за сабой стварэнне інфраструктуры: жыллё, дзіцячыя сады, школы, аб'екты бытавога абслугоўвання, гандлю, а таксама інжынернага забеспячэння - вадаправод, каналізацыя, цеплавыя сеткі і многа іншых аб'ектаў.
Вялікія аб'ёмы работ вяліся на шклазаводзе "Нёман". Яшчэ ў 1960 годзе тагачасны галоўны інжынер шклазавода Карзюк С. Л. (пазней стаў дырэктарам завода і адпрацаваў на гэтай пасадзе на працягу амаль - 20 год да выхаду на пенсію) праз партыйныя органы і Міністэрства будаўніцтва дамогся, каб наша будаўнічае ўпраўленне ўзяло ў падрад выкананне будаўнічых работ на аб'ектах завода і г. Бярозаўкі. Давялося ствараць там нявялікую сваю базу і практычна ўсё, што сёння ёсць на заводзе - гэта работа нашага ўпраўлення і трэсту. А гэта - цэхі выпрацоўкі шкла, апрацоўкі, складовы, хімпаліроўкі, склады, рэканструкцыя старога цэха, жылыя дамы, дом культуры, дзіцячыя сады, школы. Будаўніцтва там вёў Новікаў Я. І.
У канцы 1968 года праз два гады пасля пачатку будаўніцства быў уведзены ў эксплуатацыю плавальны басейн. У гэты час ініцыятар будоўлі - Фамічоў Р.Ф. пераехаў на работу ў Горадню, а першым сакратаром гаркама партыі стаў працаваць Кабяк Сяргей Цярэнцевіч. Гэта быў мой аднагодак. Прыехаў ён у Ліду з пасады старшыні Дзятлаўскага райвыканкаму, а перад гэтым працаваў на такіх жа пасадах у Слонімскім, а яшчэ раней у Астравецкім раёнах. Да гэтага ў 50-ых гадах ён працаваў у Лідзе амаль 2 гады 1-ым сакратаром гаркама камсамолу, так што горад быў яму добра знаёмы. У 1968 годзе, у канцы, пачалося ўзвядзенне новай гасцініцы, будавалася 2-я чарга лакафарбавага завода, там уводзіліся новыя магутнасці.
Неяк летам 1969 года Кабяк папрасіў, каб я прыйшоў да яго, і на сустрэчы ён спытаў, як я гляджу наконт таго, каб заняць пасаду старшыні гарвыканкаму. Параіўшыся са старэйшым братам, які працаваў ляснічым на возеры Свіцязь, і з сям'ёй, я даў згоду. 1 снежаня гэтага ж года на сесіі гарсавету я быў абраны старшынём. Працавалі з Сяргеем Цярэнцевічам вельмі дружна. Першае, што было зроблена - я склаў спіс майго асабістага бачання гарадскіх праблем, да якіх я прыглядзеўся за гады жыцця і будаўніцтва горада. Перш-наперш мы ўдваіх абгаварылі іх, выдзелілі, што прыярытэтнае, а што адкладвалася на другую па важнасці чаргу.
Ведаючы тое, што галоўным горадаўтваральным фактарам з'яўлялася вытворчасць, было вырашана ўсімі спосабамі прыцягваць у горад інвестыцыі ў прамысловыя прадпрыемствы, ствараць для заказчыкаў добрыя ўмовы і зручнасці і адначасова, наколькі гэта было можна, навязваць далявы ўдзел у будаўніцтве агульнагарадскіх аб'ектаў.
-
Сярод праблем, якія трэба было тэрмінова вырашаць стаялі:
- 1. Будаўніцтва шляхапровада праз чыгуначную каляю па вул. Ленінскай.
- 2. Забраць фекальныя каналізацыйныя сцёкі і скінуць за горад на ачышчальныя збудаванні, каб зліквідаваць "смярдзючку"
- 3. Трэба было разабрацца з ліўневымі водамі, якія амаль штогод вясной залівалі цэнтральную частку горада. Для гэтага трэба было распрацаваць генеральную схему ліўневай каналізацыі.
- 4. Зарэгуляваць рэчку Лідзейку, стварыўшы на ёй каскад азёр, адначасова ўвязаць з ліўневай каналізацыяй.
- 5. Правесці карэкціроўку генеральнага плана, таму што па многіх параметрах ён станавіўся тормазам далейшай забудовы.
- 6. І самае галоўнае. Трэба было стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця кожнай галіны гарадской гаспадаркі: гандаль, бытавыя паслугі, жыллёва-камунальная гаспадарка, ахова здароўя, асвета, культура і г. д.
Атрымаўшы ад Сяргея Цярэнцевіча "дабро", прыступілі да ажыццяўлення намечаных мераў. Якраз у гэты час у 1969 г. ЦК КПСС і СМ СССР прыняў закрытую пастанову аб развіцці ў сістэме Міністэрства абароннай прамысловасці СССР аптычнай прамысловасці. У Беларусі было прадугледжана стварыць у Менску, Лідзе, Смаргоні, Вілейцы і Рагачове заводы для гэтых мэтаў.
Выканкам гарсавету, прымаючы рашэнне аб выдзяленні пляцоўкі пад завод, абавязаў заказчыка прыняць далявы ўдзел у развіцці базы будаўнікоў, якая ўжо будавалася па Навапрудскай вуліцы ў паўднёвай частцы горада, звязаць базу будаўнікоў з пляцоўкай будучага завода. Для гэтага трэба было за кошт завода пабудаваць кавалак кальцавой дарогі ад вуліцы Камуністычнай да вуліцы Навапрудскай, перасёкшы чыгункі на Горадню і Баранавічы.
Для стварэння нармальнай сувязі з цэнтрам горада завод абавязваўся прыняць далявы ўдзел у будаўніцтве шляхапровада па вуліцах Ленінскай і Камуністычнай.
Яшчэ завод абавязалі ўкладаць інвестыцыі ў развіццё агульнагарадскіх сістэм вадаправода, каналізацыі, ствараць жыллё і дзіцячыя сады для будучых работнікаў.
Было зразумела, што з'яўленне ў горадзе такога прадпрыемства разам з развіццём і іншых заводаў, якія ўжо даўно дзейнічалі, будзе даваць добры штуршок для росту горада і пацягне за сабой расшырэнне і ўдасканаленне ўсёй інфраструктуры горада. Трэба адзначыць, што Кабяк С. Т. асабіста і вельмі актыўна дапамагаў вырашаць многія пытанні і ў Менску, і ў Маскве. Неаднаразова разам выязджалі ў Дзяржплан, Саўмін, ЦК КПБ, у іншыя ўстановы і там абгрунтоўвалі, пераконвалі і даказвалі патрэбу горада ў тых ці іншых аб'ектах, бо там у гэтых органах з наскоку, "на авось" нічога не праходзіла. З яго боку была поўная падтрымка ўсіх дзеянняў выканкаму ў частцы забудовы горада.
Калі пачалося ўзвядзенне шляхапроваду, мы з ім абышлі амаль усе дамы, якія траплялі пад знос, сустрэліся і перагаварылі з усімі людзьмі, якіх трэба было перасяляць.
Даваў Сяргей Цярэнцевіч і поўную свабоду ў падборы кадраў гарадскіх выканкамаўскіх служб, бо было відавочна, што без добрых прафесіяналаў, што дасканала ведаюць сваю службу, добрасумленных і адданых справе людзей, цяжка будзе спраўляцца і кіраваць усімі справамі ў горадзе. Хаця, трэба заўважыць, работа пачыналася не на пустым месцы. Многа было зроблена і папярэднікамі: Ушацкім І. І. і Сямёнавым А. С. і тымі людзьмі, якія ў той час працавалі. Сярод кіраўнікоў аддзелаў і службаў былі Дадзькова А. І. - старшыня планавай камісіі, Прахарэнкава А. А. - загадчык фінансавага аддзела, Русак П. І., затым Мазоўка А. С. - загадчыкі гарана, Грос Х. К. затым Малахоўскі М. І. - загадчыкі жыллёва-камунальнага аддзела, Аляксейчык П.В. - загадчык аддзела аховы здароўя, Астраверхава Н. С. - заг. аддзела гандлю, Станцэль В. А. - АУС, Зялінская Л.З. - аддзела сацыяльнага забеспячэння, Кастрыцкі М.Р. - загадчык аддзела паліва, Ходар І. Т. - камбінат бытавога абслугоўвання, Аламаха В. І. - аддзел культуры, Поўх Н.І . - кінафікацыі, Пархута А. С. -гал. архітэктар горада, Тарасаў А. М. - камітэт па фізкультуры і спорту, Петрачэнка Р. - заг. агульным аддзелам, Вардоеў В. А. - начальнік штаба грамадзянскай абароны, Жалкоўскі А.В. - галоўны рэдактар аб'яднанай газеты "Уперад", Літвін У. М. - дзяржстрах, Кур'ям Р. А., а затым Зінкевіч Л. І. - інструктары.
Гэта былі вельмі адказныя людзі ў асноўным аднаго веку, амаль усе мясцовыя, тутэйшыя людзі, для іх быў неабыякавы лёс горада і тая зямля, дзе жылі іх продкі і дзе належала жыць іх дзецям.
Намеснікамі старшыні ў той час былі Астрэйка Фёдар Іванавіч, Дземідовіч Аляксей Юльянавіч, Аўдзеенка Ціхан Кузьміч, Зарэмба Святлана Арсеньеўна, сакратаром Дзенісенка Галіна Васільеўна. У цэлым гэта быў працаздольны калектыў, амаль усе загадчыкі аддзелаў і служб мелі вышэйшую адукацыю і досвед працы, усе зналі, умелі і, самае галоўнае, маглі арганізаваць справу, добра паставіць работу.
Загадчыкам фінансавага аддзела была Прахарэнкава А. А. За ўвесь перыяд маёй работы ніколі не было выпадку, каб мы не маглі прафінансаваць якія-небудзь патрэбы бальніц ці іншых устаноў аховы здароўя або школ, дзіцячых садкоў, аб'ектаў культуры. Гэтыя пытанні ўдала вырашаліся за лік перавыканання даходнай часткі гарадскога бюджэту, бо аддзел не толькі кантраляваў як падаткаплацельшчыкі плацілі падаткі, але і дапамагаў адшукваць рэзервы на саміх прадпрыемствах.
Добра кіраваў пытаннямі аховы здароўя Аляксейчык П. В., які вельмі ўдала вёў будаўніцтва аб'ектаў, здабываў у сваім Міністэрстве капітальныя ўкладанні, актыўна працаваў з падраднымі, будаўнічымі і рамонтнымі арганізацыямі па асваенні сродкаў. Высока была пастаўлена і лячэбная работа, ва ўсіх установах панаваў парадак і дысцыпліна і, як вынік, выдатныя паказчыкі ў ахове здароўя.
Адным са складанейшых участкаў была жыллёва-камунальная служба, на яе работу было больш за ўсё скаргаў, бо вада, цяпло, работа каналізацыі, дарогі, тратуары, дах над галавой - гэта патрэбы першай жыццёвай неабходнасці. Трэба сказаць, што загадчыкі - спачатку Грос Х.К., а пазней Малахоўскі М. І. - добра вялі справу, пісьменна кіравалі складанымі інжынернымі збудаваннямі. Менавіта ў гэты час былі пабудаваны і задзейнічаны вадазабор за аўтакамбінатам №3 і пачата асваенне сродкаў на вадазаборы "Бароўка", пабудавана сістэма ліўневай каналізацыі, узята ў трубы р. Каменка і ліквідавана "смярдзючка", створана гарадская схема фекальнай каналізаціі з помпавымі станцыямі, напорнымі калектарамі і ачыснымі збудаваннямі, якія мелі біялагічную ачыстку сцёкаў за вёскай Астроўля. Успамінаецца, як запускалі ачышчыльныя збудаванні, як туга ішло вырошчванне бактэрый. Загадчык ачысных Мельнік Валодзя і заг. лабараторыі Юхневіч Аня кожны дзень падлічвалі на колькі дабавілася бактэрый, і як яны паядаюць нечыстоты, і калі дабіліся больш за 90% ачысткі, былі вельмі задаволены. Неўзабаве стокі з прамысловых прадпрыемстваў, жылля і аб'ектаў сацкультбыту былі забраны на ачышчальныя збудаванні і ў нізоўях р. Лідзейкі зноў з'явілася рыба. Добра была пастаўлена работа школ горада. Загадчыкі гарана Русак І. І., затым Мазоўка А.С., а яшчэ раней Дрэвіц шмат зрабілі для стварэння сеткі школ і дзіцячых устаноў, пастаноўкі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Былі пабудаваны сярэднія школы №6, №7, №11, №8, №4, а памяшканне былой школы №8 было аддадзена пад музычную навучальню, адкрыццё якой было добрай падзеяй у культурным жыцці горада. У многіх школах вяліся прыбудовы, рэканструкцыі, ствараліся лепшыя ўмовы для дзяцей.
Вельмі важным аб'ектам у горадзе была ТЭЦ. Пабудаваная ў пачатку пяцідзесятых гадоў, яна патрабавала пастаяннага пашырэння, бо горад рос, і раслі патрэбы ў цяпле. Трэба аддаць належнае дырэктару Шчыцінай Н. М., а затым і Гардзіенку П. Р. наколькі ўмела яны кіравалі станцыяй: пастаянна ішла мадэрнізацыя абсталявання, укараняліся мерапрыемствы па эканоміі паліва, высокай была культура вытворчасці, ствараліся выдатныя ўмовы для працаўнікоў. Былі пабудаваны гасспосабам свой клуб, аздараўленчы комплекс, вялося добраўпарадкаванне тэрыторыі. У гэты час не было праблем з забеспячэннем горада цяплом, хаця давалася гэта няпроста.
Восенню 1973 года Кабяк С. Т. перайшоў на працу ў абкам партыі на пасаду 2-га сакратара, а займаўшы гэты пост Фамічоў Р. Ф. стаў старшынём аблвыканкаму. Паколькі яны абое - былыя лідзяне, мы добра адчувалі з іх боку спрыяльныя адносіны да горада. Менавіта ў гэты час пачала пашырацца ідэя аб рэстаўрацыі Лідскага замка. Фамічоў Р. Ф. вельмі добра аднёсся да гэтай задумы, тым больш, што быў добры прыклад у суседзяў - літоўцаў: у гэты час вялася рэстаўрацыя ў Троках, у атачэнні азёр, замка - былой рэзідэнцыі нашых князёў у 14-15 стагоддзях. Некалькі разоў Рыгор Філатавіч вёў размовы з тагачасным міністрам культуры рэспублікі, і паступова ішло і расло перакананне ў тым, што Лідскі замак можна аднавіць. Хаця было нямала скептыкаў і супраціўнікаў, якія гаварылі, што няма патрэбы аднаўляць замак, паколькі замак будаваў, маўляў, літовец Гедзімін, а яны, літоўцы, некалі захапілі Беларусь - вось такая памылковая думка існавала ў афіцыйнай гістарыяграфіі таго часу. На самой жа справе этнічныя продкі летувісаў - жмудзіны ніколі не мелі варожых стасункаў з этнічнымі продкамі беларусаў - ліцвінамі. У тыя часы гэтыя дзве этнічныя групы жылі адной дзяржавай у міры, згодзе і дружбе.
Праз некаторы час, калі ідэя пачала выспяваць і пашырацца, удалося ўключыць у план работ рэспубліканскай рэстаўрацыйнай майстэрні гэты аб'ект. Для таго, каб да гэтай справы падысці грунтоўна, была выпрацавана канцэпцыя: 1) сабраць гістарычныя звесткі пра замак, 2) сабраць па магчымасці графічны матэрыял, 3) правесці раскопкі на месцы і вывучыць увесь культурны пласт. Затым на першым этапе правесці кансервацыю рэшткаў замка, скласці праект рэстаўрацыі і прыступіць да аднаўленчых работаў.
Кіравалі гэтымі справамі гісторык і археолаг Алег Трусаў і кіраўнік і аўтар праекту рэстаўрацыі архітэктар Сяргей Багласаў. У той час у вобласці не было сваёй структурнай адзінкі, якой можна было б даручыць гэтую работу, бо ні адна падрадная арганізацыя не хацела (і прымусіць было немагчыма) ўзяць у работу гэты аб'ект. Давялося ствараць сваю брыгаду, каб зрушыць справу з месца. Узначаліў гэтую брыгаду і рэстаўрацыю майстар Іосіф Мацейка, ураджэнец Іўеўшчыны, вельмі сціплы і добрасумленны чалавек. Вельмі добра дапамагалі ў гэтым тагачасны дырэктар Сельмаша Міхаіл Хашынскі і яго намеснік Уладзімір Бубен. Менавіта на заводзе былі зроблены рыш-таванні, без якіх немагчыма было выконваць работы. Добра памятаю, як для кіраўніцтва завода і начальнікаў цэхаў у замку была праведзена экскурсія, якую вёў Алег Трусаў. Было бачна, як усім цікава было слухаць пра гісторыю замка, г. Ліды і краю, у чарцяжах і малюнках убачыць веліч гэтага збудавання, і адчуць талент і мудрасць нашых продкаў, стварыўшых такі шэдэўр свайго часу, які павінем заняць пачэснае месца ў сучаснай архітэктуры горада.
Каб прыцягнуць увагу жыхароў проста на вуліцы былі выстаўляны малюнкі будучага замка, каля якіх збіралася шмат людзей, прыходзілі вучні школ, для якіх часта праводзіліся экскурсіі. Вось так паволі пачыналася аднаўленне Лідскага замка, і з кожным годам гэты тэмп узрастаў. Пры сустрэчах з людзьмі і гаворках з імі, калі размова ішла пра родны горад, адчувалася, што паступова расло ўсведамленне: Лідскі замак - гэта нацыянальны здабытак беларусаў, іх гісторыя, іх гонар.
Асобным клопатам гарвыканкаму была забудова і добраўпарадкаванне горада. Знешні выгляд, добрая планіроўка, наяўнасць зручнасцяў для задавальнення патрэб людзей, добрая якасць будаўнічых работ гэта, так бы мовіць, візітная картка любога паселішча. Добра разумеючы гэта, трэба было стварыць адзіны вытворчы і тэхналагічны ланцуг, пачынаючы ад праектавання, наяўнасці матэрыялаў, абсталявання, кваліфікаваных кадраў, якія маглі б усё гэта рабіць. Гэта павінна было стаць сістэмай.
У 1970 годзе мне давялося пабыць у Балгарыі, паглядзець забудову толькі што створанага балгарамі новага курорта Албена на Чорным морыі адпачыць там. Уразіла планіровачнае рашэнне ўсёй забудовы, якасць будаўніцтва, высокая ступень добраўпарадкавання і азелянення, прастата і зручнасць ва ўсім. Адчувалася кваліфікаваная прадуманасць усяго комплексу. У наступным годзе падчас паездкі ў Польшчу ўдалося пабачыць заходнія гарады Легніцу, Шчэцін, Калабжэг і там яшчэ раз пераканацца, што значыць для горада якаснае добраўпарадкаванне.
Для сябе было вырашана: 1. Нічога не рабіць у спешцы, без дэтальна прапрацаванага праекту, без бачання канчатковага выніку, каб пазбегнуць пераробак; 2. Не распыляць сілы і сродкі; калі што-небудзь пачалі рабіць, то даводзіць да канца. 3. Прадугледжваць максімум выкарыстання мясцовых, танных матэрыялаў: натуральны камень, бетонная плітка, зялёны газон, кусты і кветкі. 4. Не "вынаходзіць ровар", а выкарыстоўваць навейшыя дасягненні і ў краіне, і за мяжой. Для гэтага не шкадаваць грошай на спецыяльныя часопісы і літаратуру. 5. Стварыць у складзе рамонтна-будаўнічага ўпраўлення ўчастак па добраўпарадкаванні, а ў зелянгасе па азеляненні, мець там добрыя кадры, якія маглі б якасна выконваць работы. Толькі ўсё гэта магло, калі рабіць сістэмна, вывесці добраўпарадкаванне горада на новы, больш высокі ўзровень.
У 1970 годзе галоўны архітэктар горада Кміта Р. з'ехаў на сваю радзіму у Віцебскую вобласць.
І вось у 1971 годзе пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Берасцейскага інжынерна-будаўнічага інстытута прыязджае Пархута Анатоль Сяргеевіч. Прыехаў маладзенькі хлапчук, але ўжо з сям'ёй, што гаварыла аб сур'ёзнасці яго, вельмі сціплы і акуратны. З першых крокаў яго работы на пасадзе галоўнага архітэктара горада адчулася, што ён добра валодае ведамі атрыманымі ў інстытуце, тонка адчувае і добра знае законы прыгажосці і свой фах. Па меры набыцця доследу і дальнейшай працы ён, як ніхто, дакладна і чотка рыхтаваў усе праекты рашэнняў, выдатна арганізоўваў працу свайго калектыву. Калі сказаць агульна - гэта надзвычай таленавіты чалавек, мой аднадумца і добры памочнік у працы.
У гэты час завяршалася будаўніцтва гарадской гасцініцы. Было вырашана пачаць добраўпарадкаванне каля яе не так, як было прадугледжана праектам, а на больш высокім узроўні. Пад кіраўніцтвам Пархуты яго супрацоўнікамі праект быў "пералапачаны", і пачалося ажыццяўленне намечанага. Затым пачалася работа над пляцоўкай перад замкам, каля касцёла, затым па вул. Савецкай ля музычнай навучальні. Памятаю, як даводзілася вытрымліваць супраціў каталіцкіх вернікаў. Старшыня касцельнай рады Дамжальская не раз заходзіла і скардзілася, што тратуар з боку гасцініцы блізка падыходзіць да касцёла. Аднаго разу па папярэдняй дамоўленасці да мяне завітаў ксёндз Станіслаў Роек па гэтым жа пытанні. На чарцяжах яму было паказана, як будзе выглядаць добраўпарадкаванне вакол касцёла, што будзе прыведзены ў парадак касцельны калодзеж, што будуць стаяць вакол лаўкі на якіх можна будзе пасядзець, быў прыведзены прыклад Друскеніцкага касцёла, вакол якога створаны выдатны зялёны газон, і Роек, як здавалася, застаўся задаволеным, бо болей гэтага пытання не ўзнікала. Адначасова ў гэты час вялася рэканструкцыя вул. Ленінскай і Камуністычнай. Калісьці гэта былі вузкія вуліцы з забудовай вакол іх драўлянымі дамамі, цяпер жа патрабавалася зрабіць двухпалосную вуліцу з трохрадным рухам транспарту ў адзін і другі бок. І тут не абышлося без прапрацовак Пархуты А.С. Пры гэтым нельга было марудзіць, бо поўным ходам ішло будаўніцтва шпяхапроваду. Пазней, як ужо пачало вымалёўвацца хараство добраўпарадкавання ў горадзе, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі звярнула на гэта ўвагу і недзе ў 1975 ці 1976 годзе быў праведзены рэспубліканскі семінар, на якім быў разгледжаны досвед работы па добраўпарадкаванні, падведзены вынікі і намечаны новыя, больш высокія рубяжы. Тады ж удалося дамовіцца з міністам Бязлюдавым А. Г. аб выдзяленні каля дзесяці штатных адзінак для стварэння падраздзялення па праектаванні аб'ектаў дабраўпарадкавання. Гэта вызваляла на другія справы супрацоўнікаў аддзела архітэктуры, але ўсяроўна Пархута заставаўся ідэйным кіраўніком і душой у новым калектыве. У рэспубліцы нідзе такіх структур не было, і гэта быў добры прэцэндэнт. Начале калектыву стаў Станіслаў Васілеўскі. Цяпер нават невялікія ўчасткі мелі праектнае рашэнне. Для ўкаранення ўсяго гэтага ў справу ў складзе рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, якім кіраваў Станіслаў Філіповіч, стварылі адмысловы ўчастак начале з Антонам Алексіевічам, які з кожным годам нарошчваў аб'ём работ, лепей аснашчаўся абсталяваннем і інструментамі, павышаў якасць работ. Усе прынятыя і ўкаранёныя меры значна паскорылі ход спраў па добраўпарадкаванні, надалі гэтай рабоце арганізацыйную і тэхналагічную завершанасць, стварылася пэўная сістэмнасць. І, бадай самае галоўнае, у адрозненне ад самых добрых ці пустых слоў, усе ўдзельнікі працэсу адчулі асалоду ад зробленага і ўбачанага наяву.
З кожным годам горад набываў лепшае аблічча, і гэта было заўважана. У канцы 1978 г. Савет Міністаў БССР прыняў адмысловую Пастанову, у якой быў адобраны досвед работы Лідскага гарвыканкаму па добраўпарадкаванні горада і рэкамендавана ўсім выканкамам рэспублікі ўкараняць гэты досвед у сябе. У горад пачалі прыязджаць, хто па дамоўленасці, а хто і інкогніта, з розных мясцін Беларусі, каб азнаёміцца з тым, што рабілася.
Вось так, паступова, з году ў год, у закончаным на высокім узроўні выглядзе, кавалак за кавалкам расло добраўпарадкаванне і забудова горада, набываючы цэльнасць і добры выгляд. І рабілася гэта не на год і не на два, вось і сёння, праз 30 год, многае са зробленага добра служыць людзям.
У сярэдзіне 70-х гадоў актыўна пачалася работа ў мікрараёне, які назвалі імем Касманаўтаў. Гэта была цяжкая праца, бо на тым месцы была старая, драўляная забудова, якую трэба было знесці; падвесці камунікацыі цяпла, вады і каналізацыі з помпавай станцыяй. У гэты час акрамя трэста №19 у горадзе стварылі ўчастак Гарадзенскага домабудаўнічага камбіната, што дазволіла значна павысіць тэмп будоўлі жылля. Амаль штогод у горадзе ўводзілася ў дзеянне да 1000 кватэр, акрамя гэтага - гандлёвыя плошчы і плошчы прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, і ўжо пад канец 70-х гадоў ад вул. Ленінскай да Міцкевіча і паміж чыгункай і вул. Перамогі мікрараён прыкладна на 15 тыс. жыхароў набыў сваю завершанасць. З 1973 года першым сакратаром гаркаму партыі на працягу 5-ці гадоў працаваў Грыцэнка Барыс Фёдаравіч, які да гэтага ў Мастах працаваў старшынём райвыканкаму. Ён быў вельмі разважлівы чалавек, беражліва адносіўся да кадраў, паважаў чужую думку і даваў добрую свабоду ў дзеяннях выканкаму і кіраўнікам - гаспадарнікам, не займаўся дробязнай апекай.
На гэты час узнікла неабходнасць стварэння адміністрацыйна-культурнага і гандлёвабытавога цэнтра. І зноў - такі за гэтую справу ўзяўся Пархута В. С. Высілкамі супрацоўнікаў аддзела архітэктуры і яго асабіста было зроблена некалькі варыянтаў планіроўкі цэнтра, якімі прадугледжвалася размяшчэнне ўнівермага, дома быту, дома культуры і адміністрацыйных будынкаў. Пасля ўсебаковага разгляду на сесіі гарсавету быў выбраны канчатковы варыянт і пачалося праектаванне рабочай дакументацыі. Добрыя парады і дапамогу ў забудове цэнтра мы атрымалі ад былога галоўнага архітэктара нашай вобласці Качанкі У. Р., які ў гэты час працаваў у Менску ў інстытуце БелНІІП горадабудаўніцтва і адначасова быў аўтарам праекту нашага гарадскога Дома культуры. Менавіта яго высокае прафесійнае майстэрства дазволіла стварыць тэхналагічна зручны, вельмі кампактны і цікавы па сваёй архітэктуры і інтэр'еру аб'ект, якім стаў Дом культуры.
Адначасова створанай праектнай групай вяліся прапрацоўкі ператварэння некалі праезджай вуліцы Чапаева ў пешаходную, выконваліся работы па добраўпарадкаванні вуліц Кірава, Перамогі, Камсамольскай. Завяршэнне будаўніцтва мастаплаціны на вул. Таўлая дазваляла спраектаваць і забудаваць вул. Таўлая на ўчастку ад вул. Савецкай да вул. Качана, тым больш што ўжо на гэты час было завершана будаўніцтва мікрараёна Раслякі.
У канцы 70-х гадоў пачалося будаўніцтва Дома быту, а акрамя гэтага пачалі праектаваць універмаг і Дом культуры таксама па індывідуальных праектах.
Як толькі пачало падыходзіць да завяршэння будаўніцтва завода "Оптык", пачалі праектаваць і забудоўваць мікрараён "Слабада" з галоўнай вуліцай імя Машэрава, у склад якога акрамя жылля ўвайшлі дзіцячыя сады, школы, аб'екты гандлю і бытавых паслуг. З заканчэннем і ўводам у эксплуатацыю магутнай кацельні завода "Оптык" для больш устойлівага цеплаазабеспячэння горада была запраектавана і пабудавана перамычка паміж цеплавымі сеткамі завода "Оптык" і гарадской ТЭЦ, якая перасякала чыгунку побач з шляхапровадам.
Жыццё і рост горада патрабавалі развіваць інжынернае забеспячэнне: будаваліся помпавыя станцыі і сеткі каналізацыі, павялічваліся магутнасці водазабору, станцыі другога пад'ёму і сеткі водаправода, асвойваліся ачышчальныя збудаванні, стваралася база жыллёва-камунальный гаспадаркі.
Прамысловасць горада таксама добра развівалася. Добра вёў забудову і работу аўтарамонтнага завода дырэктар Дулуб Ю. Д., Лакафарбавага завода - Міронаў Б. В., Лідсельмаша - Кашынскі М.А., Азаранка В. А., Скрабец Н. М., Бубен У. М., Завода электравырабаў - Грынюк П.Н., Піўзавода - Выгоўскі Э. Б., Камбіната харчовых канцэнтратаў - Цуй П. І., Малочнага завода Багамолаў Р. А., Нафтабазы - Дзяржынскі П., Аўтакамбіната - Рубцоў М. К., Аўтобусна- таксаматорнага парка Ашмяна Г., Мясакамбіната - Рындаў М.У., завода "Оптык" - Белавус А. І., Камбіната збожжапрадуктаў - Тарлецкі, Будаўнічага трэста №19 - Антоненка В. М., Вендзілоўскі Л. Л., Каралёў Г. К., станцыі "Ліда" - Лявіцкі Л. М., паравознага дэпо Саянін Б.Н., дыстанцыі каляі Плахатнюк, прадпрыемстваў энергетыкі - Шчыцына Н. М і Карабан Н. П.
У складзе генеральнага плана горада была выдзелена і прапрацавана паўночная прамысловая зона. У гэты час пачалася яе забудова. Першай пачала стварацца магутная будаўнічая база міжкалгасных будаўнічых арганізацый у складзе Завода жалезабетонных вырабаў, Камбіната дрэваапрацоўкі і сталярных вырабаў, цэхаў па вырабу карамзіту. Затым пачалося будаўніцтва камбіната збожжапрадуктаў у складзе элеватара, млына і цэха камбікармовых прадуктаў.
Амаль адначасова пачалося ўзвядзенне машынабудаўнічага завода "Нёман", які ў той час адносіўся да Міністэрства радыёпрамысловасці СССР - гэта была абаронная галіна.
У 1978 г. г. Горадня святкаваў 850 годдзе, бо па летапісу ён быў заснаваны ў 1128 годзе, гэта было дакладна вядома. Горадня была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Тады хтосьці ўнёс прапанову, што Ліда заснавана у 1180 годзе і ў 1980 г. будзе 800 гадоў - больш круглая дата. Гэтая думка паволі пачала ўкараняцца ў галовы. Сапраўды, у энцыклапедыі Бракгаўза і Эфране сказана, што Ліда заснавана пасля вялікага разарэння гэтых зямель у 1180 годзе...
Але калі звярнуліся у Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР, то гэтую дату навукоўцы пацвердзіць не змаглі. Дакладна было вядома, што ў 1323 г. Вялікі князь Гедзімін пачаў і ў 1326 г. у асноўным завяршыў будаўніцтва Лідскага замка, які ўваходзіў у сістэму абарончых збудаванняў нашай старажытнай дзяржавы. Але гэтая дата не ўпісвалася па тым часе ў юбілей, а святкаваць і пашумець сямутаму хацелася. Напэўна, калі быў пабудаваны замак, то быў ён створаны не на пустым месцы, жылі тут і тыя, хто будаваў і гаспадары замка. Пачаўся пошук іншых дат.
І тады спыніліся на тым, што быццам бы сын Гедзіміна, Альгерд у 1380 годзе падараваў замак для свайго слугі па імені Вайдыла. Хаця было вядома з дакументаў, што яшчэ раней у 1346 г. Альгерду Ліду падараваў яго родны брат Кейстут. Тым не менш дата юбілею акруглілася, і пачалі рыхтавацца да 600-годдзя. Адбыўся казус і з узнагароджаннем горада. Былі аформлены дакументы на атрыманне ордэна "Знак Пашаны", аднак паколькі гэтае пытанне вырашала Масква, то там хтосьці засумняваўся ў правільнасці даты і ўзнагароджанне да свята застапарылася. Тады Рэспубліка тэрмінова ўзнагародзіла горад Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Але неўзабаве, не ведаю пад чыім уплывам, было прынята рашэнне аб узнагароджанні горада і ордэнам "Знак Пашаны" Такім чынам горад атрымаў дзве ўзнагароды з выпадку 600-годдзя, хаця пры гэтым дакладная дата заснавання горада была сфальсіфікавана. Святкаванне прайшло масава на стадыёне і ў іншых месцах горада з вялікай помпай, безумоўна было весела і цікава.
Са з'яўленнем у горадзе заводаў "Оптык", "Нёман", камбіната хлебапрадуктаў, а таксама пастаяннае пашырэнне існых прадпрыемстваў пачаў узнікаць дэфіцыт водазабеспячэння. Было вырашана за кошт прадпрыемстваў пачаць стварэнне на р. Нёман вадазабору тэхнічнай вады і пракладкі ў горад вадавода, і гэтая работа пачалася. Акрамя гэтага для забеспячэння завода "Оптык" газам ад магістральнага газаправода пабудавалі газаправод высокага ціску, і каля вёскі Астроўля стварылі новую ГРС, ад якой пачаўся адбор газу на тэхналагічныя патрэбы завода і для падачы ў жылыя дамы.
Створаныя добрыя перадумовы, дазвалялі гораду пастаянна з году у год добра забудоўвацца, пашырацца і добраўпарадкавацца. Былі наладжаны добрыя стасункі з абласнымі і рэспубліканскімі арганізацыямі і міністэрствамі. Добра адносіліся да заводаў Сельмаша, Электавырабаў, "Оптык", малочнага, лакафарбавага іх міністэрствы ў Маскве. Калі трэба было вырашыць аздабленне мармурам будынка ЗАГСа, то каменеперапрацоўчы завод г. Менска даў і пліты, і мармуровую крошку без праблем. Добрыя стасункі склаліся з Дзяржзабеспячэннем па забяспечванні патрэб горада ў бітуме і цэменце. Мікашэвіцкі завод "Граніт" і яго дырэктар Рудэнка Іван добра адносіліся да нас пры адгрузцы шчэбеню.
Са свайго боку мы стараліся, каб выдзеленыя капіталаўкладанні і матэрыялы былі скарыстаныя з толкам, без марнатраўства, бо ў вярхах былі страшна не задаволены, калі не выконваліся планы, і работы рабіліся не так, як трэба. І той выгляд горада, які ў выніку старанняў і працы гараджан ён набыў за тыя часы, дазволіў, каб пазней у 1985 годзе на базе горада Ліды, Мастоўскага раёна і г. Горадні, правесці Рэспубліканскі семінар і паказаць усёй рэспубліцы ўсё лепшае, што было зроблена. Тэма семінару была: "Забудова і добраўпарадкаванне сядзібных тэрыторый" - досвед работы Гарадзенскай вобласці. Вынікі таго семінару падводзіліся ў Лідзе ў актавай зале будаўнічага трэсту №19, і работа па забудове і дабраўпарадкаванні горада была высока ацэнена спецыялістамі - будаўнікамі і архітэктарамі. Быў адзначаны грунтоўны падыход да справы, з глыбокімі ведамі, без дылетанцтва. У сярэдзіне 70-х гадоў пачалася масавая забудова гарадскіх мікрараёнаў "Маладзёжны", дзе ў асноўным адводзіліся зямельныя ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва грамадзян, а таксама "Індустрыяльны", які фармаваўся, як "спальны раён" для паўночнай прамысловай зоны, дзе гаспадарамі былі: КБМ, Камбінат збожжапрадуктаў і завод "Нёман".
Пэўная работа праводзілася па транспартным абслугоўванні людзей. У 1972 годзе па дамоўленасці з вайсковымі авіятарамі і іх кіраўніцтвам у Менску ажыццявілі план сумеснага выкарыстання вайсковага аэрадрома для палётаў у Менск цывільных самалётаў. З Ліды ў Менск і назад пачалі лятаць самалёты - спачатку АН-32, а пазней ЯК-40. Гараджане былі вельмі задаволены, бо на пералёт затрачвалася ўсяго 20 хвілін. Пазней, недзе ў 1976 годзе, калі на аэрадром прыбыла новая, больш сакрэтная тэхніка, вайскоўцы адмовіліся ад сумесных палётаў. Але да гэтага часу завяршылася будаўніцтва больш простай аўтадарогі Менск-Ліда, траса якой стала карацейшай на 18 км. і склала толькі 165 км. Тады з удзелам дырэктара аўтобуснага парка Ашмяны Г. удалося ўгаварыць Міністэрства аўтатранспарту рэспублікі, канкрэтна намесніка Міністра Галецкага А.Г. упершыню ў Рэспубліцы адкрыць экспрэсны маршрут аўтобуса з Ліды ў Менск, бо да гэтага аўтобусы заходзілі ў Іўе і Валожын, прыпыняліся каля розных населеных пунктаў і трацілі многа часу. На новую дарогу пачало затрачвацца нямногім больш 2-х гадзін. З невялікім прамежкам часу гэты экспрэсны маршрут настолькі прыжыўся, што ўзнікла патрэбнасць адкрываць яшчэ адзін рэйс, больш таго гэта былі вельмі рэнтабельныя рэйсы. Аналагічныя экспрэсы па прыкладу Ліды пазней пачалі курсіраваць з Менска і ў іншыя гарады Рэспублікі.
Усё, што рабілася ў горадзе ў тыя часы, рабілася пад кіраўніцтвам выканкаму і гарадскога Савету. Як правіла, пытанні плану і бюджэту па тагачаснаму статусу выканкаму і гарадскіх Саветаў вырашаліся на сесіях гарадскога Савету, пытанні перспектыўнага развіцця і іншыя стратэгічныя пытанні таксама разглядаліся на сесіях, якія праводзіліся адзін раз у квартал. Усе бягучыя пытанні жыцця горада арганізоўваліся і вырашаліся на паседжаннях выканкаму, а таксама на розных, так званых "штабах", на канкрэтных аб'ектах, на планёрках, у працоўных калектывах. І ўсе пытанні, якія ўзнікалі і патрабавалі ўмяшання выканкаму, вывучаліся, і па іх прымаліся адпаведныя меры. Многія пытанні паспяхова вырашаліся ў адпаведных аддзелах і службах выканкаму і, трэба адзначыць, што ўсе загадчыкі аддзелаў і служб кваліфікавана і адказна вялі справы ў сваіх падраздзяленнях. Усё, што рабілася ў горадзе, добра асвятляў на старонках газеты "Уперад" галоўны рэдактар Жалкоўскі А. В. Гэта быў, можна смела сказаць, летапісец Лідчыны.
Добра быў наладжаны кантроль з боку агульнага аддзела (Петрачэнка Р. Г., Кур'ян Р.А., Ткачова Т.К.) за выкананнем рашэнняў.
Вельмі сумленна працавалі намеснікі старшыні выканкаму Астрэйка Ф. І. Дземідовіч А. Ю. Аўдзеенка Ц. К., Зарэмба С. А., сакратар выканкаму Дзенісенка Г. В.
Надзвычай складаны ўчастак быў у Астрэні Ф. І., які курыраваў працу гарадской гаспадаркі, размеркаванне жылля, асабліва ў часы, калі ўводзілася амаль па 1000 кватэр у год. Тады ўзнікала мноства скаргаў, таму строга па закону і справядліва трэба было наглядаць за гэтым. За ўвесь час працы мы былі спакойныя, што памылак і парушэнняў не будзе, і іх не было. За час работы лік скаргаў скараціўся з амаль 1500 у год да меней чым 1000, бо ніхто ніколі не даваў пустых абяцанак, а калі былі парушэнні, то ў такіх выпадках быў аб'ектыўны падыход да іх ліквідацыі.
Вось так з году ў год, з месяца ў месяц, з дня ў дзень вялася планамерная, мэтанакіраваная праца па забудове і добраўпарадкаванні горада, вырашэнні надзённых патрэбаў насельніцтва.
Што яшчэ дапамагала вырашаць пытанні? Мой старэйшы брат Васіль працаваў ляснічым на возеры Свіцязь. Яшчэ з маладых часоў ён сабраў у сябе бібліятэку старых кніг, многія з якіх тычыліся гісторыі нашага краю. У яго было вельмі многа сяброў з Менска, Баранавічаў і іншых мясцін, якія прыязджалі адпачыць на легендарным возеры і заадно пасядзець за цікавай кнігай. У яго гасцілі Андрэй Вазнясенскі, Янка Брыль, Данута Бічэль, мноства карэспандэнтаў розных газет і часопісаў і іншых цікавых людзей, сярод іх была яшчэ і Царук Іраіда Восіпаўна - дэкан гістарычнага факультэта БДУ, родная сястра Сяргея Прытыцкага.
Дык вось, калі ў 1975 годзе прыступілі да рэстаўрацыі Лідскага замка, з яе боку была аказана велікая дапамога ў накіраванні ў Ліду студэнцкіх аддзелаў для раскопак і рэстаўрацыйных работ. І гэта рабілася на працягу некалькіх гадоў. Кіраваў тады гэтай справай малады гісторык Алег Трусаў.
І яшчэ, менавіта ў брата на Свіцязі, я пазнаёміўся з Артурам Чупецкім, дырэктарам Баранавіцкага завода сянажных вежаў. Яго спрыяльныя адносіны дапамагалі гораду атрымоўваць з завода для добраўпарадкавання вуліц сянажную плітку, калі вялі работы каля гасцініцы, касцёла, замка, на вуліцы Ленінскай, бо гэта па тым часе быў самы лепшы матэрыял.
Там жа на Свіцязі пачалі складацца добрыя адносіны з работнікамі з Саўміна і Дзяржплана Беларусі. Вельмі многа ў вырашэнні праблемаў будоўлі ў горадзе дапамагалі былы мой інстытуцкі аднакашнік Чарняўскі Генадзь, які кіраваў аддзелам падрадных работ Дзяржкаму, Аляшкевіч Валодзя - загадчык аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама намеснік Старшыні Дзяржплана Шварцбург Пётр Ільіч. Менавіта апошні паводле нашага абгрунтавання прымаў канчатковае рашэнне па будаўніцтву ў горадзе шляхапровада. А каб прыняць рашэнне мы павінны былі вельмі моцна абгрунтаваць, бо аб'ект па тагачасных цэнах патрабаваў каля 10 млн. рублёў капітальных укладанняў: сам маставы пралёт - 3,5 млн., падходы з аднаго і другога боку - амаль столькі ж, ну і патрабавалася пабудаваць калясотні кватэр каб знесці старое жыллё па вул. Ленінскай і Камуністычнай і перасяліць туды жыхароў. Не менш складана было ўбіцца ў план праектавання аб'екта і ў планы падрадных арганізацый.
Сам маставы пераход праектаваў інстытут "Дарпраект", а падраднай арганізацыяй па яго будаўніцтву быў Берасцейскі мостабудаўнічы аддзел №5. Па ўсіх гэтых пытаннях вельмі часта даводзілася выязджаць у Менск, хадзіць з дзвярэй у дзверы да розных адказных асобаў, удзельнічаць у нарадах, весці перамовы, даказваць, пераконваць і схіляць на свой бок іх погляды. Што яшчэ спрыяла ў вырашэнні пытанняў? У 1971 годзе мяне абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Дэпутацкі значок і пасведчанне дазвалялі больш проста заходзіць да высокіх начальнікаў і ў Дзяржплане, і ў Саўміне, і ў міністэрствах Рэспублікі, і, нават, у Маскве, дзе даводзілася часта бываць, было прасцей сустрэцца з патрэбнымі людзьмі ў Міністэрстве абароннай прамысловасці СССР, Дзяржплане СССР, Міністэрстве хімічнай прамысловасці СССР, каб вырашаць пытанні будаўніцтва заводаў "Оптык", Лакафарбавага і другіх гарадскіх аб'ектаў.
Менавіта дэпутацтва дапамагло і пры вырашэнні пачатку будаўніцтва шляхапровада і рэканструкцыі вул. Ленінскай. Памятаю, як Шварцбург П.І. гаварыў, што ў нас у Оршы, Баранавічах яшчэ складаней, а вы тут лезеце. І толькі пасля таго, як я пабываў у сакратара ЦК КПБ Калакалова Ю.Б. і ў телефоннай размове са Шварцбургам П.І. апошні даводзіў яму тое самае, Калакалоў сказаў: "Давайце ствараць прэцэдэнт" і справа зрушылася.
Аналагічна вырашаліся пытаніі па праектаванні ліўневай каналізацыі. Толькі Чарняўскі і Аляшкевіч вырашылі ўключыць у план "Белдзяржпраекту" яе праектаванне, а пазней і капітальныя ўкладанні ў яе будаўніцтва. З дапамогай Міністра меліярацыі воднай гаспадаркі Рэспублікі Паўлючука Уладзіміра Іосіфавіча было даручана інстытуту "Гіправадчас" зрабіць праект рэгулявання рэчкі Лідзейка, якім было прадугледжана ўтварэнне ў межах горада 4-х азёр: 1) па вул. Свярдлова, 2)насупраць Сельма-ша, 3) каля піўзавода і 4) у раёне нафтабазы. На два з іх неўзабаве (на вул. Свярдлова і насупраць піўзавода) былі выкананы рабочыя праекты. Пры падрыхтоўцы дакументацыі на возера па вул. Свярдлова добра паспрыяў дырэктар саўгаса "Лідскі" Мацей Крыніцкі, бо возера ў 1962 годзе ўтваралася ў пойме Лідзейкі парослай хмызнякамі на землях саўгаса. Затое Лідскі райкам партыі пачаў выказваць сумніў, але старшыня райвыканкаму Бурлыка Іван Рыгоравіч усётакі прыняў рашэнне і ўзгадніў гэтую будоўлю. У 1973 годзе Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі выдзеліла грошы і праз два гады будоўля была завершана. Што датычыцца возера насупраць піўзавода, то тады па вул. Таўлая ў складанейшых умовах была пабудавана - мостаплаціна, якая была самым важным элементам для стварэння возера.
Час, які звязаў мяне з Лідай быў вельмі цікавым. Гэта быў час росквіту планавай эканомікі, адзяржаўлення ўсіх сфер жыцця, поўнага ўладарства і адначасова невялікай адказнасці партыйных органаў.
Усё было падпарадкавана плану, нават быў лозунг: "Выкананне плану - абавязак, перавыкананне - гонар". Без плану немагчыма было распачаць будоўлю, атрымаць матэрыялы ці абсталяванне, шукаць рабочых, атрымаць у банку заработную плату.
Вельмі важна было разабрацца, як фармаваўся план будаўнічных абот. А фармаваўся ён няпроста, пакуль трапляў на зацверджанне дзяржаўных органаў. Калі трэба было, скажам, уключыць аб'ект у план, патрэбны былі ўзгадненні ў міністэрствах, аблвыканкаме, многіх аддзелах Дзяржплану, у Саўміне. Дасведчаныя гаспадарнікі гэта добра ведалі. Добра помню, як дырэктар мясакамбіната Рынзаў Н.У. шмат пахадзіў па кабінетах у гэтых органах, каб уключыць у план будоўлю халадзільніка і рэканструкцыю забойнага цэха, я ужо не гавару пра тое, якіх намаганняў яму каштавала, каб дабіцца пачаць будоўлю па вынасу вытворчасці ў раён станцыі Гуды. Яго "высокасці плану" было падпарадкавана ўсё - ад выпуску іголкі да касмічнага апарата. Усім тады пастаянна ўбівалі ў галаву, што толькі планавая эканоміка ў стане забяспечыць магутнасць дзяржавы і бязбеднасць існавання грамадзян. І яшчэ нам унушалі: дзяржава можа быць багатай і без багатага насельніцтва, і ўсе ў гэта верылі.
Калі ў тыя часы хто-небудзь лепей апрануўся, ці што лепшае купіў, ці наогул стаў багацейшым, то адразу да яго прыклейваўся ярлык - "куркуль". Амаль на усё існаваў дэфіцыт, адсюль нарадзіўся і блат. Самымі паважанымі людзьмі былі работнікі гандлю, складоў ці сферы паслуг. У людзей былі грошы, але атаварыць іх было складана. Вось такі быў час.
Тым не менш, калі якая будоўля трапляла ў план, за ходам яе ішоў жорсткі кантроль з боку партыйных, дзяржаўных органаў, народнага кантролю, амаль усе аб'екты своечасова здаваліся ў эксплуатацыю.
У сярэдзіне 1980 г. падчас святкавання так званага 600-годдзя мне стала вядома аб пераводзе мяне на пасаду загадчыка аддзела будаўніцтва Гарадзенскага абкаму КПБ, і на абласной партыйнай канферэнцыі ў канцы снежня я і быў у гэтай пасадзе зацверджаны. Цяжка было пакідаць Ліду, якую ведаў з маленства, і якой было аддадзена 26 гадоў працы. Пазней, працуючы на новай пасадзе, давялося займацца і ў Лідзе будоўляй такіх аб'ектаў, як Сельмаш, камбінат збожжапрадуктаў, камбінат харчовых канцэнтратаў, заводы "Нёман", "Оптык", "Ізатрон", дамы культуры і гандлю, аб'екты жылля і сацкультбыту.
Працавалася ў Лідзе вельмі добра, у калектыве былі добразычлівыя стасункі, без паскудстваў, звадак і інтрыг, былі і святы, дні нараджэнняў, якія хоць і сціпла, але адзначалі.
Я вельмі ўдзячны ўсім, з кім давялося працаваць у Лідзе, мець зносіны і разам жыць, і лічу сябе шчаслівым, што лёс завязаў мяне з гэтым цудоўным горадам і яго людзьмі.
Асобна хачу расказаць пра майго сябра Бубена Уладзіміра Міхайлавіча - дырэктара завода "Лідсельмаш" У 1950 годзе мы пазнаёміліся з ім у Беларускім палітэхнічным інстытуце - ён вучыўся на інжынера-механіка, а я на будаўніка. Знаёмства адбылося на рэпетыцыі інстытуцкага хору. Кіраўнік хору, прафесар кансерваторыі Маслаў, пасля праслухвання прызначыў нас абодвух у партыю басоў і мы з ім амаль на працягу 5-ці гадоў прастаялі побач, пасцігаючы харавое майстэрства. Вельмі часта даводзілася падчас летніх канікул бываць у яго сям'і. Бацька яго, айцец Міхаіл, працаваў святаром у саборы Наваградка, а я кожнае лета праводзіў ва Усялюбе, за 14 кіламетраў ад Наваградка, дзе мой старэйшы брат Васіль працаваў ляснічым. Што гэта была за сям'я? Бацька за польскім часам, сялянскі хлопец, беларус з-пад Маладзечна, пехатою дабраўся да Вільні з вялікай прагай да вучобы і паступіў у духоўную семінарыю вучыцца на святара.
З ім разам вучыўся Генадзь Цітовіч, які пазней стаў стваральнікам і кіраўніком дзяржаўнага народнага хору Беларусі і, як толькі бываў ў Наваградку, ніколі не абмінаў гэтую сям'ю. Пасля заканчэння семінарыі айцец Міхаіл навучаўся ў Варшаўскім універсітэце на багаслоўскім факультэце і атрымаў ступень магістра.
Маці Уладзіміра Міхайлавіча паходзіла з сям'і святара і была глыбока набожнай жанчынай. Словам, бацькі былі высокаадукаванымі, інтэлігентнымі людзьмі, выхаванымі на хрысціянскіх каштоўнасцях і строга трымаліся іх. У сям'і панавалі павага, згода і паслушэнства.
Вась у такіх умовах вырас і злажыўся, як асоба, і сам мой сябар. Пасля заканчэння інстытута я паехаў на працу ў Ліду, а ён быў накіраваны ў Валагодскую вобласць на торфапрадпрыемства, там ажаніўся, і апошняя работа ў яго была - галоўны інжынер прадпрыемства. Мы пастаянна з ім перапісваліся, і я дамовіўся на Лідсельмашы пра яго ўладкаванне на працу. Пачынаў ён на заводзе інжынерам па абсталяванні. І, дзе ён ні працаваў, усюды яго паважалі падначаленыя. Гэта быў добрасумленны прафесіянал своёй справы, ад яго ніколі не чулася ні брыдкаслоўся, ні лаянкі. Але калі даходзіла да вылучэння на больш высокія пасады (у 1970 годзе - на пасаду дырэктара завода "Оптык") спрацоўвала "ідэалагічная несумяшчальнасць" - бо бацька святар. Яго не раз запрашалі да сябе чыноўнікі ад прапаганды і прапаноўвалі, каб ён угаварыў бацьку адмовіцца ад рэлігіі і сваёй пасады святара, чаго ён не мог зрабіць.
І толькі, калі пачалася гарбачоўская перабудова, і аслаблі ідэалагічныя шоры, ён быў нарэшце ў 1986 годзе прызначаны на пасаду дырэктара Сельмаша, прарабіўшы дагэтуль на пасадзе намесніка дырэктара амаль 20 гадоў. А зрабіў ён вельмі вялікі ўклад у будаўніцтва і развіццё завода, а таксама і горада, будучы амаль пастаянным членам гарвыканкаму розных кадэнцый. Калі трэба было вырашаць любое пытанне дапамогі гарадской гаспадрцы, ад яго ніколі не чулася слова:"Не, не магу". У горадзе сярод дырэктараў яго вельмі паважалі, а на заводзе, можна смела сказаць, яго любілі.