Ірына Эрнстаўна Багдановіч - беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Нарадзілася 30 красавіка 1956 года ў горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Менск, 1983). Працавала малодшым і старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1983-2002), старшым выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускага ўніверсітэта культуры (1995-1997), вядучым навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Янкі Купалы (2002-2003). З 1996 года - дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук (1985). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1989 г.). Старшыня Рэспубліканскага аддзялення навуковага грамадскага таварыства "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" (з 2010 г.).
Аўтар зборнікаў вершаў "Чаравікі маленства" (1985), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Альбом першакласніцы" (для дзяцей, 2003), "Сармацкі альбом" (2004), "Прыватныя рымляне. Вершы і пераклады" (2006), "Душа лістападу" (2012), "Залатая горка. Вершы. Пераклады. Артыкулы" (2016), манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001).
Даследуе беларускую літаратуру XIX - першай паловы XX стагоддзя, беларуска-польскія міжлітаратурныя сувязі, творчасць Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, паэтаў "Маладняка" і "Узвышша", літаратурную спадчыну пісьменнікаў-святароў. Перакладае з польскай, украінскай і рускай моў. Жыве ў Менску.
Аўтабіяграфія
Нарадзілася я ў той час, калі пачаўся актыўны працэс рэабілітацыі сталінскіх ахвяраў, калі былыя вязні і вольнапасяленцы вярталіся са сваіх "аддаленых" месцаў і ў паветры патыхала так званай "адлігай". Месцам майго нараджэння стаў наш старажытны горад-крэпасць Ліда, куды на працу былі накіраваныя мае бацькі пасля заканчэння Ленінградскага тэхналагічнага інстытута. Нас было двое дзяцей у сям'і: старэйшая сястра Вольга і на два гады меншая я. Бацькам дасталіся адказныя пасады на толькі што ўведзеным у эксплуатацыю Лідскім малочна-кансервавым камбінаце, і маладыя інжынеры тады былі запатрабаваныя: маці, Марыя Яфімаўна, загадвала лабараторыяй, бацька, Эрнст Фёдаравіч, быў галоўным механікам. Гэтыя два маладыя інжынеры вельмі любілі сваю працу, былі адданыя ёй, завод быў іхнім другім домам. Тады яшчэ адчуваўся працоўны энтузіязм савецкіх "пяцігодак", людзі верылі, як здавалася, у камуністычны міф і з аптымізмам глядзелі ў будучыню, бо на той час - у 1960-я гады - быў, як здавалася, знішчаны першы сталёвы абруч таталітарызму. Заводскі пасёлак у Лідзе, дзе жылі бацькі, - так званая "малочка" - адчуваў сябе ў той час як адна сям'я. Тут наладжваліся вясенне - летнія "маёўкі" з пачастункам і купаннямі ў Нёмане і Дзітве, а выязджалі на іх цэлымі сем'ямі, разам з дзецьмі. Сяброўскімі застоллямі са спевамі заўсёды ўшаноўваліся традыцыйныя для тагачаснага жыцця святы, а ўзаемадапамога і шчырасць былі галоўнымі ў кодэксе паводзін бацькоў, іх сяброў і калег.
Аднак так склалася, што з бацькамі я жыла вельмі мала: па сутнасці, толькі два гады ад нараджэння, а потым наведвала іх толькі пад час школьных канікул некалькі разоў у год. Мяне ўзялі на выхаванне дзед і бабуля, бацькі майго таты: Фёдар Уладзіміравіч Багдановіч і Марыя Нікіцічна Савіцкая, - і ў гэтым цяпер я бачу неверагодную праяву Гасподняй ласкі над маім лёсам. Бо я спазнала глыбіні дабрыні і пяшчоты, вялікую любоў да мяне, далікатную выхаваўчую апеку людзей, ад прыроды адораных тактоўнасцю і педагагічным талентам, мудрасцю і цярплівасцю, тою асаблівай унутранай шляхетнасцю, годнасцю, культурнасцю, пачуццём справядлівасці, якія нельга было вынішчыць з натуры гэтых людзей ніякім прэсінгам татальнай уніфікацыі грамадства. Так прыкладна ў двухгадовым узросце я апынулася ў Навабеліцы - паўднёвай левабярэжнай частцы Гомеля, якая пачыналася адразу за мостам праз Сож. Навабеліца была калісьці самастойным горадам са сваім старажытным гербам - гожай выявай рысі на блакітнага колеру тарчы. Навабеліца ў часы майго маленства была больш чым напалову драўлянай, у ёй заўсёды адчуваўся свой асаблівы дух і ўклад: яе жыхары традыцыйна падкрэслівалі сваю адметнасць звычайнай распаўсюджанай фразай "паехаць у Гомель", хоць Навабеліца даўно ўжо адміністрацыйна лічылася тым самым Гомелем.
Спачатку дырэктарская кватэра дзядуні была ў школе - у памяшканні з асобным уваходам з двара і ганкам. Зручных бытавых выгод не было, але затое была тая асаблівая атмасфера Школы, высокага духу Асветы, якія прымушалі заміраць маю дзіцячую душу, марыць пра кнігі як крыніцы спазнання таямнічых глыбінь быцця. Я з дзяцінства літаральна "благагавела" прад кнігай, а настаўнік у маім уяўленні быў усямоцным магам, які ведаў адказ на любое пытанне. Найпершым жа сярод магаў-настаўнікаў быў мой дзядуля - прыклад самаахвярнага служэння асвеце, які вынес на сваіх плячах пасляваенную адбудову школы і вырасціў разам з першымі пасляваеннымі вучнямі цудоўны школьны Сад. Унікальны, па ўсіх правілах садовай культуры пасаджаны, сад некалькі дзесяцігоддзяў упрыгожваў самы цэнтр Навабеліцы Гэта быў, магчыма, водгалас даўніх шляхецкіх каранёў дзеда, які ніколі не быў службістам перад начальствам, але годна і самавіта на працягу чвэрці стагоддзя ўзначальваў адну з найлепшых сярэдніх навучальных устаноў у горадзе, дбаючы аб якасных ведах, агульнай культуры і здароўі сваіх выхаванцаў, спрыяючы творчай і талерантнай атмасферы сярод настаўнікаў. Школьныя калідоры, класы, дырэктарскі кабінет майго дзеда, сад, дзе на цэнтральнай алеі - каля фантана - раскашавалі акацыі, вялікі двор са спартыўнымі прыладамі, таполевай алеяй і майстэрнямі, наша кватэрка пры школе - усё гэта складала той непаўторны цудоўны свет майго маленства, які пакінуў адбітак у сэрцы на ўсё маё далейшае жыццё.
У 1973 годзе я закончыла навабеліцкую сярэднюю школу № 2 з залатым медалём і тады ж паступіла на рускае аддзяленне гістарычна-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо ў раннія школьныя гады, літаральна толькі засвоіўшы азы пісьменства, я пачала сачыняць вершы. Натхненне прыйшло неяк само сабой аднойчы глыбокім восеньскім вечарам, і напісаўся, як і зараз памятаю, верш пра журавоў, што адляталі ў вырай і пакідалі смутак у душы. Напісаўся ён на сіняй вокладцы звычайнага школьнага сшытка. Мне было тады, мабыць, восем гадоў, і мы жылі ўжо ў двухпакаёвай кватэры ў новым, толькі што пабудаваным доме насупраць школы. Затым на працягу ўсяго школьнага жыцця мае вершы змяшчаліся ў насценгазетах, я выступала з імі на школьных урачыстасцях і на раённых аглядах мастацкай самадзейнасці. Некаторыя з вершаў у стылі тых часоў прысвячаліся святам, але ж, безумоўна, пісаліся і вершы "для душы". Пісала я спачатку на рускай мове, і ў тых дзіцячых вершах нават незалежна ад мяне моцна прысутнічаў уплыў рускай класікі. У маім "пісанні" мяне падтрымлівалі дзед і бабуля, а таксама выкладчыца рускай мовы і літаратуры Лідзія Іванаўна Панкова (Шаўцова), якая цудоўна ведала і з любоўю выкладала свой прадмет, а таксама заахвочвала мяне да пісання.
Недзе ў 9-м класе, падахвочаная Лідзіяй Іванаўнай, я ўдзельнічапа ў гарадской літаратурнай алімпіядзе і там пазнаёмілася з вядомым у раёне настаўнікам літаратуры Цярэнціем Пракопавічам Кажамякіным, які выкладаў у суседняй навабеліцкай сярэдняй школе № 4. Ён звярнуў увагу на маю "пісаніну" і параіў прыйсці на пасяджэнне літаратурнага аб'яднання "Рунь" пры абласной газеце "Гомельская праўда". Так я стала сябрам "Руні". Неўзабаве ўпершыню для мяне там было наладжана прафесійнае абмеркаванне маіх вершаў, выказаны добразычлівыя парады старэйшымі, больш вопытнымі літаратарамі. Падтрымалі мяне тады пісьменнікі Міхась Даніленка, Уладзімір Дзюба, якія стала працавалі ў рэдакцыі, і Леанід Гаўрылкін, які тады кіраваў Гомельскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў БССР. Для мяне гэта была першая важная паваротка на творчай сцежцы. Неўзабаве ў 1973 годзе на старонках "Гомельскай праўды" рускамоўнымі вершамі "Кукла" і "Наш старый сад" адбыўся мой паэтычны дэбют. Я тады заканчвала выпускны дзясяты клас. Праз пару тыдняў на адрас школы прыйшоў ліст з сімпатычнай, але даволі з'едлівай пародыяй на другі верш. Я была крыху збянтэжаная, а пазней - удзячная, бо гэта азначала, што дэбют быў заўважаны, хоць аўтар пародыі застаўся невядомым.
У час вучобы ва ўніверсітэце я пачала спрабаваць пісаць па-беларуску. Да гэтага скіроўвала і атмасфера "Руні", і студэнцкае літаб'яднанне "Крыніца", якое тады працавала пад кіраўніцтвам прафесара Міколы Грынчыка. "Крыніцу" наведвалі таксама Анатоль Зэкаў, Алесь Лозка, пазней Анатоль Сыс. Часта мы выязджалі ў раённыя гарады і вёскі на літаратурныя выступленні, друкавалі свае вершы ў шматтыражцы "Гомельскі ўніверсітэт". У 1975 годзе мае вершы з'явіліся на старонках рэспубліканскай газеты "Літаратура і мастацтва", куды іх завезла Вера Вярба, якая тады працавала ў рэдакцыі і наведала нашу абласную пісьменніцкую арганізацыю, згуртаваную вакол "Гомельскай праўды" і "Руні". Пасля гэтай публікацыі ў мяне наладзілася доўгагадовая перапіска з журналістам беластоцкай беларускай газеты "Ніва" Віктарам Рудчыкам, які пастаянна скіроўваў мяне на беларускамоўную творчасць, штораз даводзячы правінцыйную другараднасць рускамоўнага літаратара на Беларусі. Гэтыя першыя ўрокі нацыянальнай самасвядомасці былі для мяне таксама вельмі важнымі. Вялікую ролю ў маім творчым станаўленні ў студэнцкія гады адыграў таксама ўдзел у семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах у 1974 годзе. Паэтычнай "гвардыяй" на тым семінары кіраваў Анатоль Вярцінскі, які перажываў перыяд сваёй творчай славы, зоркай жа сярод маладых удзельнікаў семінара быў тады Уладзімір Някляеў. Незабыўнымі засталіся тыя ўражанні, яны давалі глебу для натхнення, паступова скіроўвалі ісці ў глыбіню нацыянальнай культурна-гістарычнай традыцыі і там шукаць крыніцы ўласнай творчасці Разам з маімі паэтычнымі штудыямі развіваліся і навуковыя зацікаўленні. Вельмі важным тут для мяне быў удзел на 5-м курсе ва Усесаюзнай студэнцкай навуковай канферэнцыі ў Новасібірску, дзе я атрымала, можна сказаць, першае навуковае "хрышчэнне". З універсітэцкіх выкладчыкаў найбольш адчувальным быў на мяне ўплыў Алены Канстанцінаўны Няронскай - асобы яркай, неардынарнай, якая валодала ўніверсальнымі ведамі і дарам даносіць іх да студэнтаў. Яна стала і кіраўніком маёй дыпломнай работы, прысвечанай творчасці Васіля Шукшына.
У 1978 годзе я скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт з чырвоным дыпломам і з накіраваннем у аспірантуру. У гэтым жа годзе не стала больш у зямным жыцці майго дзядулі Бабуля памерла на два гады раней. Пасля яе смерці з Ленінграда пераехала жыць да нас у Гомель мая цётка па бацьку Рэма Фёдараўна Багдановіч, фізік па адукацыі, якая на працягу двух гадоў апекавалася мною і дзедам. Прыгожая і добразычлівая "цёця Рэма" была вельмі любімым і блізкім мне з дзяцінства чалавекам. 1978 год стаў у поўным сэнсе пераломным для мяне годам, калі закончыліся ўсе апекі і пачалося новае самастойнае жыццё. Я паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР у Менску і развіталася з роднай Навабеліцай - месцам майго светлага дзяцінства і рамантычнага юнацтва. Апошняй знамянальнай падзеяй гомельскага жыцця быў мой шлюб пасля заканчэння ўніверсітэта з аднагодкам, выпускніком фізічнага факультэта Станіславам Бондаравым. Шлюб гэты дабраславіў перад самым сваім адыходам у іншы свет мой незабыўны клапатлівы аберагальнік дзядуля.
Аспіранцкія гады ў Менску былі ў поўным сэнсе слова для мяне новым адкрыццём свету. Паступова праз самастойную працу з кнігамі ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (тады бібліятэка імя У. I. Леніна), у менскіх, віленскіх і ленінградскіх архівах, у гутарках з новымі сябрамі з акадэмічнага кола, у вандроўках па гістарычных мясцінах Беларусі для мяне адкрывалася Айчына ва ўсёй складанасці і трагічнасці яе гістарычнага лёсу, ва ўсёй прыгажосці і глыбіні яе культурных традыцый, нацыянальнай духоўнай спадчыны Я адчула натуральнасць і лёгкасць самавыражэння па-беларуску, асалоду ад пісання і думання на роднай мове, ад новага спазнання сябе і сваёй глыбіннай спрадвечнай сувязі з роднай зямлёй. Я проста ўжо не ўяўляла, як я магла без гэтага самаадчування і самаўсведамлення жыць раней на гэтым свеце. З захапленнем працавала над дысертацыяй па творчасці Янкі Купалы, пісаліся новыя вершы, хацелася яшчэ глыбей зазірнуць у мінулае, каб больш адэкватна перажываць сучаснасць У 1979 годзе дзеля гэтага цэлае лета правяла ў археалагічнай экспедыцыі на Віцебшчыне і Пскоўшчыне, перабіраючы зямлю ў раскопах, рэшткі керамікі, крэменю, уяўляючы мінулыя жыцці старадаўніх людзей, іх пачуцці, змаганні, жарсці. Уражанні гэтай вандроўкі засталіся ў радках паэмы "Кераміка" і ў цэлым на старонках зборніка "Фрэскі" (1989). Гэта была мая другая кніга ў бездакорна густоўным мастацкім афармленні мастака і пісьменніка Уладзіміра Сцяпана (Сцепаненкі) - тагачаснага майго суседа па акадэмічным сямейным інтэрнаце ва Уруччы. Першая ж кніга "Чаравікі маленства" (1985) пабачыла свет з дабраслаўлення Рыгора Барадуліна, чараўніка беларускага паэтычнага слова, які стаў маім "хросным бацькам" у паэзіі, "адкрыўшы" і падтрымаўшы мяне на маім другім каралішчавіцкім семінары ў 1982 годзе.
Сваю дысертацыю аб рамантычных матывах у творчасці Янкі Купалы я абараніла ў 1985 годзе. У гэты час у мяне ўжо была чатырохгадовая дачка Александрынка. Навуковым кіраўніком маёй працы быў тагачасны дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, вучоны і вядомы пісьменнік Іван Якаўлевіч Навуменка, які не навязваў мне ніякіх навуковых стэрэатыпаў, не патрабаваў адпаведнасці ідэалагічным догмам, даваў поўную творчую свабоду і зрэдзьчас рабіў слушныя стылёвыя заўвагі. Мне падабаўся такі спосаб навуковага кіраўніцтва. У 1983 годзе па заканчэнні аспірантуры мяне пакінулі на працу ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. Марыла займацца адразу доследамі беларускай паэзіі 1920-х гадоў, інтуітыўна адчувала, што тут яшчэ шмат неадкрытага і непрачытанага на скрыжалях новага часу. Новы час, "перабудова", сапрауды наступіў і ў мае творчыя праекты ўнёс свае карэктывы. У інстытуце стараннямі Адама Іосіфавіча Мальдзіса вялася падрыхтоўка да стварэння біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў, і я была ўключана ў творчую групу па напісанні біяграфічных артыкулаў. Маімі героямі былі пераважна пісьменнікі 1920-х гадоў, і лёс кожнага з іх адкрываў новую, узлётную і трагічную, старонку тагачаснага літаратурна-грамадскага жыцця. Я была захоплена працай, якая давала магчымасць пошуку. Многія імёны пасля доўгіх гадоў замоўчвання ізноў уводзіліся ў літаратурны кантэкст, адкрываліся вяршыні і трагедыі нашай літаратуры, постаці пісьменнікаў часоў "Маладняка" і "Узвышша" бачыліся ярка, жыва, яны нібыта размаўлялі пры мне, чыталі і абмяркоўвалі свае творы, дыскутавалі аб шляхах развіцця літаратуры, потым гінулі трагічна ў нкусаўскіх засценках, бо былі прасякнутыя залатым святлом неўміручай нацыянальнай ідэі. Чытаючы пратаколы іх паказанняў пад час сумнавядомага працэсу 1930 года, я перажывала іх лёсы так, нібыта ўсё гэта адбывалася са мной. Я і дагэтуль адчуваю сябе ў даўгу перад памяццю гэтага трагічнага і бліскучага пакалення літаратараў, нягледзячы на тое, што праца над слоўнікам паспяхова завяршылася і ён без перашкодаў выйшаў з друку ў 1992-1995 гг. Аднак у мяне заставалася шмат нявыкарыстаных запісаў, назіранняў, думак, якія чакалі свайго ўвасаблення ў іншых жанрах. Часткова гэта ўжо адбылося ў маіх кнігах "Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001) і "Уладзімір Дубоўка і паэтыка "Узвышша" (пакуль што апублікаваны толькі фрагменты ў перыядычным друку).
Дзевяностыя гады былі часам гістарычна-літаратурных адкрыццяў, руплівага ўзнаўлення страчаных культурных кантэкстаў, часам пераацэнкі грамадскіх каштоўнасцяў і вызначэння новых прыярытэтаў. Адыходзіла ў нябыт савецкая рэгламентаванасць грамадства, пакідаючы мноства жорсткіх рэцыдываў. Нараджаліся новыя формы грамадскага жыцця з кволымі прыкметамі дэмакратыі і аптымістычнымі надзеямі на завяршэнне і канчатковае замацаванне ў дзяржаўных актах нацыянальнага адраджэння Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняю" над плошчай Незалежнасці сталі вяршыняй беларускай гісторыі XX стагоддзя. На жаль, не ўтрыманай намі самімі вяршыняй. Але жыццё на той час вірыла. Утваралася шмат новых грамадска-палітычных арганізацый, і я не магла быць убаку ад абнаўленчай жыццёвай плыні. На гэтай хвалі ў 1991 годзе я спрычынілася да адраджэння калісьці актыўнай у Заходняй Беларусі хрысціянска-дэмакратычнай партыі і некаторы час была яе сустаршынёй ад канфесіі грэка-католікаў (уніятаў). Цікавасць да хрысціянскіх дэмакратаў для мяне не была выпадковай Перад гэтым некалькі гадоў я ўжо вывучала гісторыю гэтай партыі па старонках віленскай газеты "Крыніца" ("Беларуская крыніца") у сувязі з працай над артыкуламі пра лёсы і дзейнасць беларускіх святароў-літаратараў Казіміра Сваяка і Адама Станкевіча. Мяне здзівіла і ўразіла, наколькі гэта была чынная і грунтоўная арганізацыя, што два дзесяцігоддзі прадстаўляла адну з наймацнейшых палітычных плыняў грамадскагажыцця Заходняй Беларусі, рэпрэзентуючы нацыянальную ідэю, высокія духоўныя хрысціянскія ідэалы, і пры гэтым не была падвержаная камуністычнай спакусе прымусовага загону ўсіх у "шчаслівую будучыню", дзе асновы жыцця вызначае за кожнага чалавека партыйнае кіраўніцтва. Ідэя хрысціянскай дэмакратыі, на маю думку, застаецца і зараз найбольш перспектыўнай грамадскай ідэяй, але не запатрабаванай пакуль што беларускім палітычным жыццём.
У 1993 годзе стараннямі Алеся Бяляцкага, тагачаснага дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, таксама чыннага тады ў хрысціянскай дэмакратыі, убачыла свет мая трэцяя паэтычная кніга "Вялікдзень". Назву для яе прапанаваў між іншым сам Алесь, пазнаёміўшыся як рэдактар з яе зместам і крытычна паставіўшыся да майго загалоўка (не памятаю, дарэчы, ужо якога). Я пагадзілася з прапановай, бо сапраўды новая назва здавалася вельмі сімвалічнай у тым часе і найлепш адлюстроўвала дух і змест зборніка. У 1997 годзе быў завершаны рукапіс новай паэтычнай кнігі "Сармацкі альбом" Вялікія падборкі вершаў з яе раздзелаў убачылі свет у перыёдыцы: у газеце "Беларуская маладзёжная" (1997) і часопісе "Крыніца" (1998), дзе я стала лаўрэатам года ў намінацыі "Паэзія".
З канца 1990-х займаюся таксама перакладамі з польскай мовы. Праца над перакладамі "Крымскіх санетаў" Адама Міцкевіча стала для мяне ў пэўным сэнсе літаратурнай школай. Падахвоціў мяне да гэтага старэйшы калега па Інстытуце літаратуры, вядомы перакладчык і паэт, даследчык польскамоўнай культурнай спадчыны Беларусі XIX стагоддзя Уладзімір Мархель. Неўзабаве пачалася таксама праца над перакладамі твораў Зоф'і Тшашчкоўскай (Манькоўскай), вядомай у свой час у друку пад крыптанімам Адам М-скі, яна была ўнікальнай пясняркай на беларускіх землях на зломе XIX-XX стагоддзяў.
Творчыя планы часам паглынаюцца рэальнай жыццёвай плынню. У ёй, хочаш не хочаш, трэба знаходзіць месца хаця б для мінімальнага вырашэння бытавых, сямейных праблем і, бясспрэчна, на належным прафесійным узроўні выконваць прафесійную працу, якая для мяне з 1997 года звязана з выкладаннем на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе я чытаю курсы лекцый па гісторыі беларускай літаратуры XVIII-XIX стагоддзяў Маёй аlmа mаtеr у Менску быў у свой час Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, з якім я працягваю таксама супрацоўнічаць. Натхненне ж даецца звыш, насылаецца з таямнічых нябесных вяршыняў-глыбіняў, і калі яно прыходзіць, ува мне маўчыць выкладчык і навуковец, і я дзякую Богу за ласку спазнання творчага экстазу, "выпадзення" з рэальнасці, адлёту ў тыя блакітныя вяршыні - глыбіні, дзе толькі і магу адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівай, самадастатковай, дзе адкрываюцца сувязі часоў і прастораў, вертыкаляў і гарызанталяў, быту і нябыту, дзе крышку прыадчыняецца змройлівае покрыва над спрадвечнай таямніцай універсальнай Ісціны Быцця. Паэт жа абуджаецца ў чалавеку не столькі дзеля таго, каб адлюстраваць вялікія гістарычныя падзеі часу, колькі дзеля адчування пакліканасці перадаць непаўторнасць цуду свайго гасцявання на зямлі. У гэтым сэнсе я і цяпер адчуваю сябе дзяўчынкай з навабеліцкага саду.
Красавік 2000 года.
Заўвага:
Аўтабіяграфія пісалася для кнігі біяграфій беларускіх пісьменнікау і была замоўлена выдавецтвам "Мастацкая літаратура" ў 2000 г. Кніга з друку так і не выйшла. На 5-м Міжнародным кангрэсе беларусістаў, у траўні 2010 г., тэкст аўтабіяграфіі перададзены мною Івану Штэйнеру праз Валянціну Лебедзеву ў Гомель для публікацыі ў кнізе пра пісьменнікаў выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вынікі публікацыі пакуль што мне не вядомыя. Асобнік у раздрукаваным выглядзе перададзены ў кастрычніку 2010 г. таксама ў школьны музей навабеліцкай СШ № 2 (г. Гомель). Нарэшце ў 2016 годзе была надрукавана ў кнізе "Залатая горка" (наклад 200 асобнікаў).