Гэтым слоганам вітала праваслаўнае паселішча "Шляхам Ефрасінні Полацкай" усіх ахвочых адпачыць - дзяцей і іх бацькоў - з розных мястэчак Лідчыны. Духоўнікам паселішча запрасілі айца Аляксея Глінскага з прыходу Хрыста Збаўцы.
Берагі слыннага Нёмана, магутныя векавыя дубы-веліканы сустрэлі дарослых і дзяцей ва ўсёй сваёй прыгажосці.
Адкрыццё паселішча адбылося 24 ліпеня святочным канцэртам. На канцэрце гучала наша народная песня "Купалінка" ў выкананні музычнага кіраўніка Аляксандры Рубан. Дзеці падрыхтавалі танцавальныя, песенныя, гумарыстычныя нумары - і свята адпачынку распачалося!
Кожны дзень быў напоўнены новымі прыгодамі і таямніцамі. Выхавацелі Валянціна Грышкевіч, Алена Салаўёва, Наталля Тананушка, Маскалёвы Таццяна і Ігар зладзілі разам з дзецьмі і дарослымі сапраўдную археалагічную экспедыцыю. Раскопкі вяліся зранку, а ўдзень і ўвечары адбываліся гульні, імпрэзы і спаборніцтвы. Асабліва запомнілася ўсім "Вечарына для ног", якая адбылася пасля раскопкі "адбітка нагі старажытнага чалавека". Давялося нават асвоіць жывапіс нагамі ў адным з конкурсаў! Дарэчы, перамагла каманда дарослых!
За бяспекай і фізічным здароўем дзяцей сачыў кіраўнік фізічнага выхавання спадар Раман Маляўскі. Кожны сонечны дзень арганізоўвалася зарадка з бегам па лясных сцяжынах Панямоння, купанні ў Нёмане.
А якія ж смачныя беларускія стравы гатавала палявая кухня начале з шэф-поварам матушкай Вольгай. Ёй дапамагалі спадарыня Лідзія Смокат, Валянціна Улас. Цяжкую працу на кухні выконвалі спадары Сяргей Трафімчык і Сяргей Сідарэнка.
Духоўнік айцец Аляксей запрасіў дзяцей і дарослых паселішча ў нядзелю ў пешы паход да вёскі Дзям'янаўцы на нядзельную службу ў царкву прападобнага Сергія. На службу завіталі і мясцовыя жыхары, якія з захапленнем слухалі спевы ў выкананні матушкі Вольгі, а таксама Кацярыны Рубан, Валянціны Грышкевіч.
Дзень за днём паселішча наведвалі госці. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава ладзіла сапраўдныя народныя танцы і спявала з дзецьмі песні на роднай мове. Бард, паэт Віктар Шалкевіч завітаў таксама з песнямі пад гітару. Вядовец бясплатных курсаў "Мова нанова ў Лідзе" спадар Алег Лазоўскі і спадарыня Марыя Ганчар правялі занятак па тэме "Сваякі", ладзілі народныя рухомыя гульні з падарункамі для самых актыўных удзельнікаў. Лідскі бард Сяргей Чарняк разам з акцёрамі прывёз на паселішча батлейку з сядзібы "Гасціна" са спектаклем "Чарнакніжнік", які з захапленнем сустрэлі апладысментамі і дзеці, і дарослыя. Завітаў да дзяцей у паселішча і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асабліва хацелася б адзначыць, што дзеці размаўлялі з уладыкам і задавалі яму пытанні толькі па-беларуску!!!
Асабліва запомніцца ўсім "жыхарам" праваслаўнага паселішча той дзень, калі ў госці завіталі рыцары з Лідскага клуба "Дайнава". Дзеці пачулі гісторыі рыцарскіх эпох, змаглі ўбачыць і нават прымераць даспехі, патрымаць у руках рыцарскую зброю. І скончыўся той дзень інсцэнізацыяй аднаго са значных гістарычных момантаў гісторыі Беларусі - "Грунвальдскай бітвы". Дзеці падзяліліся на дзве каманды: "Крыжакі" і "Ліцвіны", спаборнічалі ў моцы, спрыце і хуткасці. Цяжка было суддзям вырашыць, хто ж найлепей прызнаецца ў каханні даме свайго сэрца: "Вітаўт" ці "Ульрых фон Юнгінген", у якіх пераапрануліся галоўнакамандуючыя варожых бакоў. Але гісторыю немагчыма перапісаць! Канешне, атрымалі перамогу "Ліцвіны". Асабліва задаволенымі ад такіх спабортніцтваў засталіся хлопчыкі!
У дзень закрыцця ў госці да жыхароў паселішча завітаў спадар Зміцер Бартосік са сваёй сям'ёй. Заспявалі этнічныя песні пад жывую музыку ля вогнішча, вакол якога гучала ўвесь вечар дзіцячая беларуская гутарка! А дзеці і дарослыя атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай праваслаўнага паселішча.
Упэўнена, у наступным годзе і дзеці, і дарослыя будуць чакаць новай сустрэчы на беразе Нёмана. Ізноў загучыць родная мова на абшарах Панямоння з вуснаў маленькіх беларусаў, ізноў разляціцца ў паветры гучна і з любоўю духоўны гімн беларусаў "Магутны Божа"…
Наталля Тананушка.