НАША СЛОВА № 3 (1050) 18 студзеня 2012 г.
Год кнігі пачалі з закрыцця беларускіх часопісаў і газет
Старшыні ГА "Таварыства беларускай
мовы імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб разглядзе звароту
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Міністэрстве інфармацыі разгледжаны Ваш зварот адносна часопіса "Бярозка". Паведамляем наступнае.
Заснавальнікамі часопіса "Бярозка" выступаюць Міністэрства інфармацыі і РВУ "Літаратура і мастацтва". Выпуск выдання ў 2011 годзе ажыццяўляўся за кошт уласных сродкаў установы і субсідый з рэспубліканскага бюджэту.
Нягледзячы на меры, якія былі прынятыя ў апошні час, фінансава-эканамічныя паказчыкі дзейнасці рэдакцыі часопіса вельмі нізкія. Па выніках 10 месяцаў 2011 года страты ад выпуску дадзенага выдання склалі 75,7 млн. рублёў, удзельная вага ўласных даходаў рэдакцыі знізілася да 41,9%. Падпісны тыраж часопіса на 1.10.2011 - усяго 1142 экз.
У гэтай сувязі было прынята рашэнне аб выпуску часопіса "Бярозка" у 2012 годзе ў новым фармаце - у якасці штотыднёвага дадатку да часопіса "Маладосць" на 24 палосах, які таксама выдаецца РВУ "Літаратура і мастацтва". Адначасова гэта паспрыяе і павялічэнню колькасці чытачоў "Бярозкі", паколькі тыраж "Маладосці" больш, чым у дваразы вышэй.
Пытанне аб выпуску часопіса "Бярозка" як самастойнага выдання можа быць разгледжана пры ўмове паляпшэння фінансава-эканамічнай сітуацыі.
Намеснік Міністра У.У. Матусевіч.
Спадару А.А.Трусаву,
старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны",
вул. Румянцава, 13,
г. Менск, 220034.
ПРАПАНОВА
Пры арганізацыі падпіскі на газету "Наша слова" чытачы просяць публікаваць у газеце мастацкія творы для дзяцей. Такая просьба паступіла ад новага падпісчыка на газету В.У. Малочкі. Каб задаволіць пажаданні чытачоў, Салігорская арганізацыя ГА ТБМ прапануе:
1. Адкрыць у газеце "Наша слова" літаратурную старонку кшталту Літаратурнага праекта ў газеце "Новы Час", а для дзяцей - спецыяльны раздзел з назвай "Раніца". Такім чынам мы пакрыем той недахоп у распаўсюдзе матчынай мовы сярод падлеткаў і моладзі, які можа атрымацца пры закрыцці часопіса "Раніца".
2.Скарыстаць для гэтай мэты творчы калектыў часопіса "Раніца".
3. Літаратурную старонку ў газеце ў сувязі з пашырэннем яе маштаба пажадана публікаваць у кожным нумары. Гэтым самым мы можам павялічыці як наклад газеты, так і прывабіць грамадзян, асабліва моладзь, да творчай дзейнасці.
Старшыня Салігорскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны": М.Л. Шаравар.
Рэдакцыя газеты "Наша слова" ў сувязі з аб'яўленнем 2012 года Годам кнігі лічыць патрэбным разгледзець пытанне аб беларускамоўнай дзіцячай перыёдыцы ў Беларусі на паседжанні Рады ТБМ
22 студзеня 2012 года.
120 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча
Браніслаў Адамавіч ТАРАШКЕВІЧ (20 студзеня 1892 - 29 лістапада 1938) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец.
Нарадзіўся ў засценку Мацюлішкі Віленскага павету (цяпер Літва) у сялянскай сям'і. У 1916 г. скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моў. У 1917 г. - адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Петраградскага аддзялення Белнацкама.
Выступаў у беларускім друку з 1914 году. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асветнага аддзела Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ» . У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі. Граматыка пасля вытрымала 6 перавыданняў. Граматыка доўгі час з'яўлялася галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-ых гг.
Пераклаў на беларускую мову "Іліяду" Гамера і "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча.
У 1919 г. - выкладчык беларускай і старажытна-грэцкай моў у Менскім педагагічным інстытуце. У 1920 г. - загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы. З 1921 г. - дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы . У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922-1924 гадах з'яўляўся старшынём Беларускага пасольскага клуба.
24 чэрвеня 1925 года разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады.
У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, а ў траўні 1928 г. засуджаны на 12 год зняволення. Пасля тэрмін зняволення быў зменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова выпушчаны з астрога.
У лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы. З верасня 1933 г. у выніку абмену палітзняволенымі жыў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква).
6 траўня 1937 г. арыштаваны. 5 студзеня 1938 "двойкай" НКВД і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1957 года.
120 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы
Рыгор Раманавіч ШЫРМА (20 студзеня 1892, в. Шакуны Пружанскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Пружанскі р-н Берасцейскай вобл. - 23 сакавіка 1978, Менск) - беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст СССР (1955). Герой Сацыялістычнай Працы (1977).
У 1911-1912 г. быў слухачом двухгадовых настаўніцкіх курсаў у Свянцянах. Паступіў у Сядлецкі настаўніцкі інстытут (скончыў у 1918). У канцы 1-ай Сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Пасля вайны актыўна ўключыўся ў беларускі рух, у 1922 г. дзейнічаў у Беларускім выбарчым камітэце. У 1924 г. арганізаваў хор у Пружанах. З 1926 г. выкладчык спеваў Віленскай беларускай гімназіі, выхавальнік у інтэрнаце гімназіі. Стваральнік харавых калектываў У 1926-1937 г. быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы . Выдаваў зборнікі беларускіх песняў. Стварыў і кіраваў двума хорамі ў Вільні: вучнёўскім пры гімназіі і студэнцкім. Быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 г.
З літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933 г. У 1933 г. разам з Ф. Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс «Летапіс ТБШ» (з 1936 «Беларускі летапіс»). Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938). У 1940 арганізаваў і ўзначаліў (да 1970) Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР (з 1978 яго імя).
Арыштаваны ў 1941 г., сядзеў на Лубянцы. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам. Сабраў больш за 2 тыс. беларускіх народных песень. У 1966-1978 г. старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1946). Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.
Беларускі народны каляндар: 2012
Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Гэта пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Ён уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.
У народным календары на 2012 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 2002).
Студзень
1. н. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.
6. пт. Першая, Посная куцця . Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі . Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі" або "Гэроды".
7. сб. Божае Нараджэнне. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
8. н. Зімні пакроўчык, Маладзёны (Бабіны). Частавалі бабу-пупарэзніцу.
9. пн. Сцяпан. «На Святога Сцяпана вышэй слуга за пана».
13. пт. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».
14. сб. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».
17. а. Марк. Калі на Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.
18. с. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад'язджае».
19. ч. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла». «На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама».
20. пт. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой Вясельніцы (да посту).
24. а. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».
25. с. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел .
31. а. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».
Люты
1. с. Ігнат . «На Святога Ігната зіма багата».
2. ч. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца - хлебу палавіца...».
5. н. Агата . Каровіна свята . «Хлеб і соль Святой Агаты не пусціць бяды да хаты».
6. пн. Аксіння Паўзіміца. « На Аксінні мяце ». Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».
11. сб. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».
14. а. Трыфан. «На Трыфана зорна - вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых.
15. с. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася...», «На Грамніцы палавіна зіміцы».
18. сб. Агата. Каровіна свята .
20. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.
21. а. Пятро . « Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца да Вялікадня ».
22. с. * Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Лысая серада. Праталіны-залысіны.
23. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Валосы (Крывы чацвер). Свята жывёлы. «На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы кладкы». Прохар. « Ласі скідаюць рогі», «Прыйшоў Прохар ды Улас - скора вясна ў нас».
24. пт. *Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца. Улассе. Свята жывёлы. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга - будзе мароз».
25. сб. *Дзедава субота (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а ўнукі зазналі мукі».
26. н. * Масленіца. *Гуканне вясны. « Сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку » (22.02) . Фаціння. Заступніца ад хвароб.
27. п. * Паласказуб. Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.
29. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, гулялі ў карчме і пераскаквалі цераз пень.
Сакавік
2. пт. Фёдар Ціран. Заступнік ад злодзеяў.
3. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".
4. н. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець».* Зборніца (Ізбор). Пачатак збору ў поле. «А Святы Ізбор - бяжыць вада з гор».
9. пт. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок. Наглядалі за зімоўкай пчол.
10. сб. Сорак пакутнікаў. Пліска (Прыска). «На Святога Прыску праб'е лёд і пліска».
12. п. Рыгор. «На Святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».
13. а. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
14. с. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).
15. ч. Хвядот. «На Хвядота занос - усё сена знясе».
17. сб. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў». Вясенняе раўнадзенства . Даўжыня дня - 11.59, усход - 6.18, захад - 18.17.
18. н. Марка. На Марка грак вяртаецца з выраю.
19. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Абрад "жаніцьбы коміна". Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Язэпа пагода - год ураджайны».
21. с. * Серадапосце. Выпякалі "храстцы".
22. ч. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі».
25. н. Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Феафан. Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў. Дабравешчанне (Звеставанне). Выкарыстоўваўся як Новы год у краінах Еўропы. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны.
30. пт. Аляксей Цёплы. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою». Дзень рыбалова.
Красавік
1. н. * Нядзеля Пальмова. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.
2. п. Пачатак* Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».
4. с. Васіль Сонечнік. « Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае ».
5. ч. * Вялікі чацвер. Арына (Ірына). «На Арыну сей капусту ў рассадніках».
6. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё хлебных дзежак. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пярэдадзень свята.
7. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб не грымеў гром. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак - халоднае лета». Абрад «стралы».
8. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ. «Хрыстос уваскрос!» - «Сапраўды ўваскрос!». (Быў Новым годам/летам найбольш у ХІV ст.). *Вербніца. « Вярба б'е, не я б'ю». Благуста. « На Благусту сій капусту ».
9. п. *Чысты (блакітны) панядзелак. Пачатак * Белага (Вялікага, Страснага) тыдня. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае».
10. а. * Чысты аўторак. «У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы».
11. с. * Дравяная страсць. Мылі ўсё драўлянае.
12. ч. * Чысты чацвер. У лазню. Абрад "мыцця дзежкі".
13. пт. *Чырвоная (Велікодная) пятніца. Сеялі гарох.
14. сб. *Вялікая (Чырвоная) субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. На Мар'ю - разводдзі.
15. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.
16. п. *Другі дзень Вялікадня. Хадзілі валачобнікі. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць».
Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам».
18. с. *Градавая серада . Праводны, Мёртвы, тыдзень.
19. ч. *Вялікадне мёртвых (Наўскі чацвер). Наведвалі могілкі.
21. сб. Руф. Руф рушыць снягі.
22. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".
23. п. *Радунічныя Дзяды. Юры (Ежы). Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».
24. а. * Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць». Анціп - ахоўнік зубоў.
25 . с. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка
28. сб. Пуд. Калі Руф рушыць снягі, то Пуд пугае.
29. н. Арына. «На Арыну сей капусту». 30. п. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч. Варажылі на каноплях: «Святы Андрэю, канапелькі сею».
Травень
1. а. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».
5. сб. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.
6. н. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня». Абрад «страла».
7. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Алісей. « Прыйшоў Алісей - авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанні па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. а. Марк. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава - вырасце як лава».
9 . с. *Пераплаўная, Градабойная, серада.
10. ч. Ярылавіца. Свята Ярылы.
11. пт. Пранціш . Які дзень, такое і лета.
13. н. Якуб. «На Якуба грэе люба».
14. пн. Макарэй. Абрады ля вады.
15. а. Барыс . Апякун поля і жывёлы.
17. ч. * Ушэсце . Унебаўшэсце пана Езуса.
19. сб. Антоній. «На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца».
21. п. Іван Веснавы . Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».
22. а. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену - вырасце па калена».
24. ч. *Ушэсце. Дзень агляду жыта. Абрад «страла». Макей. «Мокра на Макея - і лета не прасушыць...» Кірыла і Мяфод.
27. н. * Сёмуха, Тройца. Свята зеляніны. Сідары. «Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы». *Градабойцы (Ледавіты дзень).
28. п. Пахом. « Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом».
29. а. Магдалена . «Магдалена зязюльку прысылае».
31. ч. Шэсць дзеў. «Лён сей позні на Шэсць дзеў». Канапелька Матруна. «Канапелька Матруна ў зямлю махнула». Фядот.
Чэрвень
2. сб. * Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота.
3. н. *Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі). Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...». Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. п. * Русальніца. Гранны тыдзень. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...». Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».
5. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Дзень Ефрасінні Полацкай.
6. с. *Градабой (Серада Русаль). Засцерагаліся ад граду. Здабывалі агонь з ясеня.
7. ч. * Божае цела. *Наўская Тройца. Памінанне. * Абліваха. Абліваліся вадою, каб пайшоў дождж. Ян. «Рой перад Янам - пчаляр будзе панам».
10. н. * Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак.
11. п. * Пятроўка Галадоўка ( да 11 ліп .). "Стары хлеб паелі, а новага не нажалі".
13. с. Ерамей. Антоній . «Антоні, аддай коні».
14. ч. * Дзевятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён».
15. пт. * Дзевятуха. Свята ад навальніцы.
20. с. Дзень (19-22) астранамічнага сонцастаяння . Даўжыня дня - 17.08 гадз., усход - 4.37, захад - 21.45. Маладзік (19.06).
21. ч. * Дзесятнік. "Дзесятнік гнаі возіць". Тодар. « На Тодара раса - канапель паласа».
22. пт. * Дзесятка. Косы точыць. Жыта паспявае. Кірыла. На Кірылу з усяе моцы Зямля імкнецца да Сонца.
23. сб. Купала . У старажытнасці - Новы год/лета, прыпадала да дня сонцастаяння.
24. н. Ян Купальны. «Сонца грае».
25. п. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».
26. а. Акуліна Грачышніца (Задзярыхвост).
28. ч. Амос. «Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс»
29. пт. Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два».
30. сб. Данат. « Святы Данат коскi точыць, сянцо косiць».
Ліпень
5. ч. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне.
6. пт. Купалле . Свята Сонца і кахання.
7. сб. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».
10. а. Самсон Сенагной. Сем братоў. «На Самсона дождж - сем тыдняў то ж». «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».
11. с. Канец Пятроўкі.
12. ч. Пятро. Свята заканчэння Купалля. «Да Пятра дзеўка хітра, а на Пятры - хоць твар ёй падатры».
13. пт. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон.
14. сб. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, Св. Кузьма сярпы робіць, а Св. Дзям'ян сена грабе».
17. а. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».
18. с. Свята Месяца. «Месяц гуляе».
21. сб. Казанская. « Будзеш вазіць сена на Казанскую, то гумно да другое Казанскае не дастаіць ». Градавы дзень. Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп . «Пракоп бок прыпёк».
25. с. Якуб . «На Якуба хлеба поўна губа», «Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма» .
26. ч. Гаўрылей. Засцерагаліся, каб град не пабіў каноплі. Ганна . «Свята Ганна снапы кладзе», «Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная».
29. н. Афінаген. Заціхаюць птушкі. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў, падрыхтоўкі да жніва. «Шыпілінка ў кузню ідзець сярпы зубіць».
Жнівень
1. с. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні», «Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая».
2. ч. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у воду кусок ільда», «Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць, после Іллі - і на кусту не сушыць».
4. сб. Мар'я (Магдалена). « Магдалена - вады па калена».
6. п. Спас. Барыс і Глеб (Барыс Палікоп). « На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю бярыся», «Святы Барыс снапы зносіць, Святыя Ганны дамоў возяць».
7. а. Ганны. « Святыя Ганны бабкі стаўляюць». Макар. «Макар налье ў рукаў».
9. ч. Палікоп. Дзень жніва. Панцеляймон. Лекар ад хвароб галавы. «З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца», «Хто з Панцялея працуе, таму не пашанцуе».
11. сб. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».
12. н. Сіла. « Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея » .
13. п. Спасаўскія запускі. Пярэдадзень Спасаўскага посту.
14. а. Макавей, Першы Спас, Мядовы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.
15. с. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста - стала поле чыста».
16. ч. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак».
17. пт. Аўдоцця Сенагнойка.
19. н. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. ч. Лаўрэн - свята млынара.
24. пт. Баўтрамей . «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей».
27. п. Міхей. «Лёгкі вецер у гэты дзень - будзе пагодлівая восень, моцны - дажджлівая і халодная».
28. а. Прачыстая. Свята ўраджаю.
29. с. Трэці Спас. Свята хлеба. «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Ян Сценцель. «Ян па лета прыйшоў і ўжо восень знайшоў», «А Ян Сценцель руней сцеліць» .
30. ч. Міроны Ветрагоны.
31. пт. Флор і Лаўр (Храл і Ягор'е). Свята коней. «На Храла і Ягор'я ня ткуць і ня пашуць».
Верасень
5. с. Лупа. «Сей на Лупа - будзе жыта купа».
7. пт. Баўтрамей. « Жыта на зіму сей».
8. сб. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста».
10. п. Мацей . Абаронца ад п'янства.
11. а. Калінавік (Іван Крываўнік).
13. ч. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. пт. Сымон. (1 вер. Новы год/лета ў ВКЛ з канца ХV cт.). Абрад «жаніцьбы коміна». Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Бабіна лета (і ў іншыя дні) .
19. с. Цуды (Міхал). «Міхал з поля спіхаў».
21. пт. Багач (Нараджэнне Божае Маці). Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
24. п. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».
25. а. Раўнадзенства. Дзень астранамічнай восені. Усход - 7.01, захад - 19.00.
26. с. Стаўроўскія Дзяды.
27. ч. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.
29. сб. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян да ляны пасцілаў»
Кастрычнік
2. а. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.
3. с. Астап (Астаф'я). Прыкметы па ветру.
4. ч. Пранцішак (Францішак). «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».
8. п. Сяргей. Жалезны тыдзень.
9. а. Іван Шаптун (Іван Кураед, Багаслоў). Шапталіся свахі пра нявест.
14. н. Пакровы (Трэцяя Прачыстая). Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам». «Пакровы - зарыкалі каровы».
21. н. Трыфан, Палагея. «Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа». Зміцер. «Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў».
25. ч. Марцін - свята млынароў. Млынары частаваліся на каменным крузе гусяцінай.
28. н. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць».
29. п. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй. Параскева Пятніцкая.
30. а. Паклоны. Адбівалі паклоны пакутніку Андрэю Крыцкаму.
31. с. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. ч. Усе святыя. Памінальны дзень у католікаў.
2. пт. Задушны дзень. Памінальны дзень.
3. сб. Змітраўскія Дзяды. Асяніны. «Святыя Дзяды, завём вас...».
4. н. Казанская. «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца».
8. ч. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. пт. Тодар. «На Тадора поўна камора».
10. сб. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. н. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. Свята млынароў. Мядзведзь кладзецца ў бярлогу.
12. п. Артошка. Пачатак прадзення.
14. а. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. с. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. ч. Матрона. « З Матроны становіцца зіма».
24. сб. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».
25. н. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. «Кацярына забрала лета».
27. а. Юстыніян. Піліп - пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).
28. с. Піліпаўка - перадкалядны пост.
29. ч. Мацей. «На Мацея зіма пацее».
30. пт. Андрэй . Дзявочае свята.
Снежань
2. н. Адвент.
4. а. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла».
5. с. Пракоп. «Прыйдзе Пракоп хмуры - раскапае гуры». Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».
6. ч. Матрыхваны. Не пралі. Мікола.
7. пт. Кацярыны. «Забрала край лета».
9. н. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні».
13. ч. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. пт. Навум. «Навум наставіць на вум». Пачыналі вучыцца.
17. п. Варвары . «Мікола і Варвара ноч урвалі».
18. а. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».
19. с. Мікола Зімовы. « Без Міколы небывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».
21. пт. Зімовае сонцастаянне . Даўжыня дня 7.23, усход 8.26, захад 15.49.
22. сб. Ганны. «Ганкі - сядайце на санкі».
24. п. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)
25. а. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.
26. с. Сцяпан. «Кожны сабе пан».
31. п. Марк. «Марка да Варка - няхай будзе парка». Багатая куцця. Сільвестр.
Алесь Лозка.
СПАДЗЯВАЦЦА НА СЯБЕ?..
11 студзеня ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова адбылося "Беларускае пяціборства-ХІ". Гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва для старшакласнікаў з 2001 года ладзіць абласная арганізацыя ТБМ пры падтрымцы універсітэта. Пазмагацца за прызы пяціборства на гэты раз з'явіліся 30 навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў Магілёўшчыны, пераважна з Магілёва і Бабруйска.
Перамагла Наста Жыркевіч, дзесяцікласніца гімназіі № 3 Бабруйска. Наста ўдзельнічае ў пяціборстве ўжо трэці раз і кожны раз паспяхова. У 2010 годзе яна, тады яшчэ васьмікласніца (а звычайна ў пяціборстве бяруць удзел навучэнцы 9-11 класаў), паказала выдатны вынік і заняла І месца. Праз год да першага месца ёй нечага не хапіла, заняла ІІ месца. На гэты ж раз зноў вярнула сабе І месца. У яе былі вышэйшыя балы ў трох намінацыях: па матэматыцы, гісторыі Беларусі і роднай мове. Першае зразумела, бо Наста - неаднаразовая пераможца абласных матэматычных алімпіяд. А астатняе - гэта ўжо асабістыя памкненні (ці, магчыма, гены продкаў агукаюцца).
На ІІ месцы адзінаццацікласніца той жа гімназіі Алёна Храпко. Годам раней Алёна паднялася толькі на шостае месца. Зараз палепшыла вынік, дзякуючы выдатным развязкам матэматычных задач і някепскай мове. Можна сказаць цёплае слова настаўніцкаму калектыву гэтай гімназіі, таленавіта працуюць.
ІІІ месца заняў васьмікласнік з вёскі Пудаўня Дрыбінскага раёна Ягор Лаўрэнаў. Матэматыку яму выкладае маці і, як бачым, выкладае добра, бо найперш высокія балы за матэматыку ўзнялі хлопца на высокае месца.
Усе тры прызёры атрымаюць у дадатак адмысловыя прызы за лепшыя развязкі матэматычных задач, а Наста - яшчэ адмысловыя прызы за лепшы адказ на пытанне з гісторыі і за лепшую мову.
Бабруйская каманда з шасці чалавек і на гэты раз перайграла спаборнікаў абласнога цэнтра, якіх было сямнаццаць. Магілёўцам дастаўся толькі адмысловы прыз за лепшы адказ на пытанне з прыродазнаўства, яго атрымае Антон Маслянкоў з абласнога ліцэя № 3, якому не хапіла некалькіх балаў, каб заняць трэцяе месца.
Аналізуючы працы сёлетніх пяціборцаў, можна адзначыць, што ў параўнанні з мінулагоднімі палепшыліся вынікі толькі ў матэматыцы, усе астатнія балы сталі ніжэй або на тым жа ўзроўні. Валоданне роднай мовай прыблізна такое ж - адна памылка на 10-15 слоў. Перад пачаткам спаборніцтва прадстаўнік аргкамітэта папрасіў падняць рукі тых, у каго адзнакі па беларускай і рускай мовах аднолькавыя. Паднялі рукі 26 з трыццаці чалавек. "А зараз няхай падымуць рукі тыя, хто сам лічыць, што ведае гэтыя мовы аднолькава." Тут паднялі рукі толькі тры чалавекі. Вучні самі разумеюць фальш выстаўленых ім высокіх адзнак па мове.
Вельмі нізкія балы атрымаліся ў намінацыі "літаратура". Спаборнікам прапаноўвалася па верлібрах паэта і фрагментах яго біяграфіі распазнаць Максіма Танка, стагоддзе якога будзем адзначаць у гэтым годзе, і, як бы зазірнуўшы ў душу гэтага чалавека, дапоўніць прапушчаныя радкі верлібраў. Назвалі Максіма Танка два спаборнікі і пяцярым удалося пранікнуць у сутнасць аднаго з чатырох верлібраў, больш-менш трапна дапоўніць яго прапушчаны радок. За поўны і правільны адказ на гэтае пытанне спаборнік мог атрымаць 50 балаў. Агульнымі намаганнямі назбіралі 35 балаў з магчымых 1500.
Тут варта задумацца. Не чытаць твораў лепшых пісьменнікаў, паэтаў сваёй краіны - гэта значыць губляць духоўную сувязь з мінуўшчынай, з зямлёй, на якой нараджаліся, раслі, гадаваліся, жылі, працавалі, мыслілі і стваралі продкі, гэта значыць - губляць свае карані. Без такіх сувязяў, без гэтых каранёў чалавек становіцца слабым, безабаронным, як той смоўж, які ратуецца, схаваўшыся ў ракавіне і адасобіўшыся ад усяго свету.
Сапраўды,
Ты яшчэ толькі
намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся
на маці;
Ты яшчэ - чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся
на дружбу;
Ты толькі - паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся
на любоў,
І толькі тады
становішся чалавекам,
Калі …
Якую думку заклаў паэт у апошні радок? І нашы смоўжыкі пагалоўна адказваюць: "…Калі спадзяешся на сябе".
А што ж у аўтара?
І толькі тады
становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.
Магчыма, хаця б гэтыя трыццаць небесталанных маладых людзей, прачытаўшы думку паэта ў нашым аркушы з адказамі (такі аркуш кожны ўдзельнік атрымоўваў па заканчэнні спаборніцтва), здзівяцца, збянтэжацца і задумаюцца. І пацягнецца кволы карэньчык да нашай зямлі, да нашай духоўнасці… Дай Бог!
Міхась Булавацкі, Магілёў.
ЯК УЗНІКАЮЦЬ ПРЫКАЗКІ
Амаль усе прыказкі характарызуюцца «найбольшай канцэнтрацыяй думкі пры найменшай затраце слоўнага матэрыялу» (К. Крапіва) і вылучаюцца такімі асаблівасцямі, як сцісласць, выразнасць, поўная або частковая вобразнасць, высокія мастацкія якасці. За кожнай прыказкай «стаіць аўтарытэт пакаленняў, якія стварылі яе. Таму прыказкі не спрачаюцца, не даказваюць - яны проста сцвярджаюць ці адмаўляюць што-небудзь з упэўненасцю, што ўсё імі сказанае - цвёрдая ісціна»(В.П. Анікін). Яны - «ядро і сок мовы», - пісаў яшчэ ў 1618 годзе першы збіральнік беларускіх прыказак Саламон Рысінскі.
У парэміялогіі (навуцы аб прыказках) доўга бытавала, а іншы раз і сёння паўтараецца сцвярджэнне, выказанае ў свой час (1892 г.) А.А. Патабнёй, што амаль усе прыказкі паходзяць з баек, анекдотаў і казак: маўляў, само сюжэтнае апавяданне з цягам часу забылася, а вывад (у выглядзе прыказкі) застаўся. Гэтакай жа думкі прытрымліваўся і І.І. Насовіч, калі ўзнікненне, напрыклад, прыказкі "Няхай той серадзіць, хто на неба глядзіць" звязваў з байкай пра хітрую лісіцу і воўка-дурня.
Думаецца, аднак, што пераважная большасць прыказак узнікла не з баек, анекдотаў ці казак, а з якіхсьці дыялогаў, у індывідуальным акце маўлення.
Стваральнікам прыказкі заўсёды з'яўляецца які-небудзь асобны чалавек, і ўзнікае яна адразу, у маўленчым акце, у працэсе маўлення. Спачатку гэта - аўтарскі твор, а пасля ён, калі толькі ўспрымаецца моўным калектывам як абагульняльны выраз на аснове шматлікіх жыццёвых назіранняў, то падхопліваецца іншымі людзьмі з бліжэйшага асяроддзя і з цягам часу становіцца агульнаўжывальнай моўнай адзінкай. «Паколькі асоба аўтараў на прыказках не адбілася, - пісаў Я. Карскі, - то народ лёгка забыў іх складальнікаў і захаваў гэтыя творы як свае ўласныя».
Аказіянальнымі, індывідуальна-аўтарскімі былі на пачатку свайго жыцця сотні прыказак неалегарычнага характару, напрыклад: Адна бяда - не бяда; Вада не гарэлка - шмат не вып'еш; Госць мала гасцюе, ды многа бачыць; Добры гаспадар і сабаку не выганіць у такую пагоду; Едзеш на дзень, бяры хлеба на тыдзень і г.д.
Аналагічным шляхам, у індывідуальным акце маўлення, узніклі шматлікія прыказкі, якія ўжываюцца як адзін з паказчыкаў народнага календара і адносяцца да розных рэлігійных святаў, напрыклад: Грамніцы - палавіна зіміцы; Ілля ўкінуў лядня; Калі на Юр'я роса, сей грэчку і проса; Прыйшлі Пакровы - заганяй у хлеў каровы і інш.
Што да прыказак з поўным або частковым пераасэнсаваннем іх кампанентнага складу, то яны таксама часцей за ўсё паходзяць з «якіхсьці дыялогаў». Прычым, напэўна, толькі нямногія з іх напачатку маглі ўжывацца ў прамым значэнні, а пасля пераасэнсаваліся, стаўшы дастасоўвацца да шмат якіх іншых аналагічных з'яў. Гэта, напрыклад, такія выказы: Бот лапцю не пара; Дзіравага мяшка не напоўніш; Дзе п'юць, там і льюць; Любіш катацца, любі і саначкі вазіць; Парою сена косяць.
Пераносныя значэнні ўзнікаюць у прыказках звычайна ў выніку метафарычнага пераасэнсавання - пераносу пэўнага суджэння з адной з'явы на другую па аналогіі, на аснове падабенства паміж імі. Пры такім пераасэнсаванні пэўнае абстрактнае суджэнне, увасобленае ў прыказцы, перадаецца праз канкрэтны вобраз, праз нагляднае ўяўленне пра што-небудзь. Напрыклад, абагульненае, абстрактнае значэнне 'свае недахопы ці станоўчыя рысы дзеці пераймаюць ад бацькоў' мы можам перадаць праз метафарычнае выказванне-прыказку "Яблык ад яблыні недалёка падае" , у аснове якой ляжыць канкрэтны вобраз. Прыказкі алегарычнага характару паводле свайго ўзнікнення - гэта разгорнутыя метафары, якія складаюцца з некалькіх унутрана звязаных кампанентаў-метафар.
Можна вылучыць некалькі найбольш тыповых семантычных мадэляў, па якіх арганізуецца супастаўленне розных з'яў. Напрыклад, ёсць шмат прыказак «жывёльнага паходжання», г.зн. такіх, якія дастасоўваюцца да чалавека, але ўзніклі праз параўнанне людскіх учынкаў, дзеянняў і інш. з паводзінамі, звычкамі жывёл. Вось некалькі такіх прыказак - з поўным або частковым пераасэнсаваннем іх кампанентаў: Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць; Бадлівай карове бог рог не дае; Быў конь, ды з'ездзіўся; Воўк і лічанае бярэ; Два мядзведзі ў адной бярлозе не зімуюць; Стары вол баразны не псуе.
А гэта прыклады прыказак «птушынага паходжання»: Арлу з савой не па дарозе; Варона з куста, пяць на куст; Кожная птушка ляціць у сваю чараду; Кожны кулік сваё балота хваліць; На сваім сметніку і певень гаспадар; Пужаная варона куста баіцца.
Ёсць таксама нямала прыказак «расліннага паходжання», напрыклад: Ад крывога дрэва прамога ценю не бывае; Без ветру і дуб не шуміць; Вясной і травінка да травінкі хінецца; І да грыба трэба нагнуцца; Пустазелле з поля вон; Скрыпучае дрэва доўга скрыпіць.
Вельмі многія прыказкі алегарычнага характару склаліся на аснове сказаў, якія ў сваім першапачатковым сэнсе непасрэдна звязаны з канкрэтнымі назіраннямі чалавека за рознымі з'явамі прыроды, а таксама за з'явамі з іншых разнастайных сфер, напрыклад: На адным месцы і камень мохам абрастае; Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць; Ціхая вада берагі мые; Бяздоннай бочкі не напоўніш; Дыму без агню не бывае; Золата і ў смецці блішчыць.
Матыў узнікнення кожнай прыказкі з вышэйпералічаных мадэляў зразумелы амаль любому моўніку, таму такія прыказкі не патрабуюць этымалагізацыі. Аднак у парэмійным складзе беларускай літаратурнай мовы ёсць нямала і такіх прыказак (алегарычных і неалегарычных), якія маюць патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення. Пералічым некаторыя найбольш тыповыя групы гэтых прыказак: 1) прыказкі, аўтарства якіх вядомае; 2) запазычанні, калькі і паўкалькі з іншых моў; 3) прыказкі з нерэальным вобразам у іх аснове ці з патэнцыяльнай сюжэтнасцю або пабудаваныя на абыгрыванні якога-небудзь слова-кампанента; 4) прыказкі, ужыванне якіх абмежавана строга акрэсленай сітуацыяй або пэўным тыпам кантэксту; 5) прыказкі, якія змяшчаюць у сабе незразумелае сучаснаму носьбіту мовы слова-кампанент.
Спачатку больш падрабязна спынімся на першай групе прыказак (аўтарства якіх вядомае).
Сёння амаль усе ўжываюць у пэўнай маўленчай сітуацыі прыказку "Апетыт прыходзіць у часе яды" . І звычайна дастасоўваюць яе зусім не да яды, а выкарыстоўваюць у значэнні: жаданне, патрэбнасць, цікавасць да чаго-небудзь павялічваецца па меры таго, як пазнаеш што-небудзь, захапляешся тым, што пачаў рабіць. Ужываючы гэту прыказку, сёння мала хто ведае, што яе аўтар - французскі епіскап Жэром дэ Анжэ. Для абсалютнай большасці моўнікаў гэта - самая што ні ёсць звычайная прыказка.
Аднак у некаторых падручніках, навучальных дапаможніках, артыкулах такія выказы, як "Апетыт прыходзіць у часе яды" і іншыя, аўтарства якіх больш-менш вядомае даследчыкам-спецыялістам (і толькі ім), ставяцца ў адзін рад з прыказкамі і фразеалагізмамі і называюцца крылатымі выразамі. Такая кваліфікацыя гэтых моўных адзінак, на наш погляд, недакладная, няправільная.
Калі той ці іншы аўтарскі выраз набыў «крылатасць» і ўсе прыкметы фразеалагізма, ён становіцца звычайнай фразеалагічнай адзінкай, уключаецца ў слоўнікі нароўні з іншымі выразамі. У беларускай літаратурнай мове ёсць больш як 120 адзінак, якія сфармаваліся ў выніку фразеалагізацыі крылатых выразаў: пятая калона, апошні з магікан, мядовы месяц, гарматнае мяса, белая варона, птушынае малако, ля разбітага карыта, дражніць гусей, рыльца ў пушку, ні пава ні варона, свінтус грандыёзус, жаба ў каляіне, сена на асфальце, хварэць на пана, ружовы туман і г.д.
Аналагічна былыя аўтарскія выразы, структурна арганізаваныя як сказ, сталі звычайнымі прыказкамі. Іх 90 у «Тлумачальным слоўніку прыказак» (2011), дзе атрымалі рознабаковую характарыстыку каля 1800 гэтых моўных адзінак. Сярод прыказак, аўтарства якіх вядомае, найперш трэба адзначыць 24 адзінкі біблейскага паходжання, да прыкладу: Бог даў, Бог і ўзяў; Не капай другому яму, сам у яе ўвалішся; Хто не працуе, той не есць; Хто сее вецер, той пажне буру; Што пасееш, тое і пажнеш. Яшчэ некалькі прыказак гэтай групы (у дужках называецца стваральнік афарызма): Цяжка злавіць чорную кошку ў цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма (Канфуцый); Усё цячэ, усё мяняецца (Геракліт); Грошы не пахнуць (Веспасіян); Ад вялікага да смешнага адзін крок (Напалеон); Пераможцаў не судзяць (Кацярына ІІ); Вялікае бачыцца на адлегласці (С. Ясенін).
Варта асобна сказаць, што вытокам 12 прыказак сталі творы беларускіх пісьменнікаў, напрыклад: Дум не скуеш ланцугамі (Я. Купала); Забілі зайца не забілі, а гуку многа нарабілі (Я. Колас); Зерне падае не на камень (І. Пташнікаў); Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (К. Крапіва); Няма таго, што раньш было (М. Багдановіч).
Як адзначалася вышэй, другая група прыказак - запазычанні, калькі і паўкалькі.
Запазычванне прыказак можа быць толькі з роднасных моў. У адных выпадках (часцей) парэмійныя кампаненты запазычаных прыказак цалкам супадаюць з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання ў абедзвюх мовах. Параўнаем, напрыклад, укр. Язик до Киева доведе - бел. Язык да Кіева давядзе . У другіх выпадках (радзей) пры запазычванні захоўваецца пэўнае слова-кампанент з мовы, адкуль запазычана прыказка: руск. Своя рука владыка - бел. Свая рука ўладыка (параўн. і ва ўкраінскай мове: Своя рука владика ). У беларускай мове ёсць прыказкі-запазычанні з рускай, украінскай і польскай моў.
З рускай мовы: Іван ківае на Пятра; Сем бед - адзін атвет ; Масква слязам не верыць і інш. З украінскай мовы: У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька ; Цярпі, казак, атаманам будзеш . З польскай мовы: Спяваць дарма - баліць гарла; Бяла не бяла, абы ваду відала.
Калькі - гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных прыказак, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, Рука руку мые - калька з лацінскай мовы ( Manus manum lavat ). Дарэчы, найбольшая колькасць калек прыпадае (больш за 20) на лацінскую мову ( Груган гругану вока не выдзеўбе; Куй жалеза, пакуль гарачае; Пра мёртвых або добрае, або нічога і інш.). Ёсць таксама калькі з грэчаскай мовы (скажам, Двойчы ў адну раку ўвайсці немагчыма ), з французскай ( Добра смяецца той, хто смяецца апошні ), з англійскай ( Добрымі намерамі выслана дарога ў пекла ). Калькамі з нямецкай мовы выступаюць Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна; Надзея памірае апошняй . Між іншым, відаць, на аснове апошняй калькі і пад яе ўплывам у беларускай мове склалася прыказка Надзея - матка дурных , якая абазначае 'няма на што спадзявацца' і гаворыцца з прыкрасцю ў безвыходным становішчы; яе ўжыванне пацвярджаецца ў памянёным «Тлумачальным слоўніку прыказак» цытатамі з твораў М. Гарэцкага, В. Быкава, А. Карлюкевіча.
Паўкалькі - гэта часткова пераклад, часткова запазычанне з іншай мовы. Больш як 10 прыказак прыйшло ў беларускую мову як паўкалькі з рускай мовы ( Няпрошаны госць горш за татарына; У нагах праўды няма; У сям'і не без вырадка і інш.). Ёсць паўкалькі з царкоўнаславянскай мовы ( Шукайце і знойдзеце ), з польскай ( Што задужа, то не здрова ), з лацінскай ( Прывычка - другая натура ), з англійскай ( Факты - упартая рэч ), з італьянскай ( Фініта ля камедыя ) і іншых моў.
Трэцяя група прыказак, якія маюць патрэбу ў вытлумачэнні іх паходжання, - парэмійныя мініяцюры са спецыфічнымі прыкметамі мастацка-паэтычнага характару.
Па-першае , гэта прыказкі, узнікненне якіх - плён народнай фантазіі. У іх аснову пакладзены прыдуманыя, нерэальныя вобразы. Так, прыказкі Кінеш за сабою - знойдзеш перад сабою; Кінь наперад - знойдзеш ззаду (абазначаюць 'калі зробіш каму-небудзь ласку, то і табе адплацяць тым самым') пабудаваны на нерэальным вобразе ў іх аснове, яны, калі іх разглядаць на ўзроўні звычайнага, непарэмійнага сказа, сэнсава алагічныя. Яшчэ толькі некалькі прыкладаў з вялікага мноства: Увосень і кабан паросен; На кірмашы і бык цельны; Адальюцца воўку авечыя слёзкі; Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў .
Па-другое , прыказкі з сюжэтнай патэнцыяльнасцю. У іх пэўныя дзеянні, адлюстраваныя ў зыходным, першапачатковым, дапрыказкавым значэнні, падаюцца ў цеснай сувязі паміж сабой, як у сюжэце якога-небудзь мастацкага твора: Баба з калёс - каню лягчэй; Прыйшлі ў маю хату і б'юць майго тату і інш. Часта ў прыказцы ёсць сюжэтная патэнцыяльнасць і нерэальны вобраз; напрыклад: Вераб'і крупы склявалі, а сініцу за гэта ў клетку пасадзілі; Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю; Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя - абсек пальцы .
Па-трэцяе , ёсць шэраг прыказак, пабудаваных на абыгрыванні якога-небудзь слова-кампанента. Так, у прыказцы За пастой грошы не плацяць , якая прамаўляецца пры запрашэнні сесці, слова «пастой», з аднаго боку, як бы ў форме загаднага ладу ад дзеяслова «пастаяць», а з другога боку - гэта як бы назоўнік «пастой» у сэнсе 'часовае знаходжанне ці пражыванне ў нанятым памяшканні'. Пададзім яшчэ некалькі прыкладаў з падкрэсліваннем абыгранага слова ці слоў: Зранку і коні не п'юць ; Перамелецца - мука будзе; На гэта лета добра і гэта ; Не падмажаш - не паедзеш ; Сядзі ў будзе ды чакай, што будзе .
Звернемся цяпер да прыказак, ужыванне якіх абмежавана пэўнай сітуацыяй або пэўным тыпам кантэксту (чацвёртая група) .
Пераважная большасць прыказак выкарыстоўваецца ў шматлікіх і разнастайных жыццёвых абставінах, ужыванне ж некаторых іншых прыказак абмяжоўваецца строга акрэсленай сітуацыяй. Напрыклад, прыказка Бог тройцу любіць гаворыцца толькі як прапанова зрабіць што-небудзь трэці раз ці ў апраўданне чаго- або каго-небудзь трэцяга. Такія прыказкі называюцца сітуацыйнымі.
Ужыванне ж невялікай часткі прыказак абмежавана пэўным тыпам кантэксту. Іх можна назваць кантэкстуальнымі. Яны рэалізуюцца толькі ў дыялагічным маўленні звычайна як адмоўная рэакцыя на якое-небудзь слова ў папярэднім выказванні суразмоўніка. У прыказцырэпліцы, выкліканай гэтым словам-стымулам, нярэдка ёсць такое ж слова-кампанент, часцей сэнсава тоеснае з ім.
Так, прыказка Бывала, варона лапці абувала, а цяпер грак ходзіць так мае сэнс 'няма чаго ўспамінаць тое, што было калісьці' і ўжываецца як іранічная рэакцыя на слова бывала пры спробе суразмоўніка супаставіць што-небудзь ранейшае з сучасным: - Даўней такога не здаралася. Бывала, неяк шанавалі, паважалі адзін другога. - Бывала, варона лапці абувала, а цяпер грак ходзіць так, - перадражніла Маланку Варка (Л. Калодзежны).
Прывядзем некалькі кантэкстуальных прыказак з паказам перад імі (праз працяжнік) слова, якім стымулюецца ўжыванне пэўнай прыказкі: грэх - Грэх у мех, грашаняты ў торбу; дарам, задарам - Задарам і скулка не сядзе ; думаць, падумаць - Індык думаў, думаў ды здох ; Хай конь думае: у яго галава большая (вялікая); каб - Каб ды кабы, дык у роце б раслі грыбы; бог - На бога спадзявайся, а сам не давайся .
У пятай групе прыказак, якія таксама патрабуюць этымалагічнай даведкі, ёсць слова-кампанент, не зусім зразумелае для сучаснага моўніка: рэдкаўжывальнае або ўстарэлае ці дыялектнае. Некалькі прыкладаў з паясненнем у дужках такіх слоў: Бог не слухае, што свіння рухае ( рухае - дыялектны дзеяслоў са значэннем 'рохкае'); Гаспадарка - клапатарка ( клапатарка - наватвор ад назоўніка «клопат», выкліканы рыфмай з папярэднім словам); З міру па нітцы - голаму сарочка ( мір - устарэлае слова, якое абазначала 'сельская грамада').
Іван Лепешаў.
Ірыне Міхайлаўне Быкавай - 85
13 студзеня споўнілася 85 гадоў Ірыне Міхайлаўне Быкавай - жонцы народнага пісьменьніка, публікатару яго літаратурнай спадчыны.
Тое яе жыццё, якое было ў Ірыны Міхайлаўны да 22 чэрвеня 2003 года, ужо зрабілася часткай біяграфіі Быкава. Некалькі дзесяцігоддзяў побач з Васілём Уладзіміравічам - і не проста жонка, каханая жанчына, але і дарадца, і першы чытач ягоных твораў (Ірына Міхайлаўна валодае выключным густам, і хачу яшчэ раз прыгадаць ягоныя словы, якія аднойчы ўжо цытаваў: "Ірына Міхайлаўна... стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся".) Між іншым, рукапісы для часопісаў і выдавецтваў звычайна друкавала на машынцы менаіта яна.
А потым, калі Васіль Уладзіміравіч адышоў у Вечнасць - пачалося жыццё у імя Быкава, і тое, што зрабіла Ірына Міхайлаўна дзеля ягонай памяці - не зрабіў ніхто. Найперш маю на ўвазе творчую спадчыну пісьменьніка.
Падрыхтоўка неапублікаваных тэкстаў да друку, упарадкаванне архіву, збіранне эпісталярнай спадчыны - гэта было б вялікай і пачэснай працай нават пры ўмове, калі б ёй дапамагалі дзяржаўныя інстытуцыі і акадэмічныя інстытуты. Так бы яно і было ў дэмакратычнай дзяржаве, якая шануе сваіх геніяў. Але дзяржава "ўмыла рукі" (а можна сказаць іначай - дзякаваць Богу, не чапае сваімі лапамі спадчыну Быкава). У кожным разе, тое, што зрабіла Ірына Міхайлаўна за гэтыя амаль дзевяць гадоў без Быкава і дзеля Быкава - літаратурны вычын.
Без яе не было б ні публікацыяў "Дзеяслове", ні Поўнага збору твораў, тамы якога яшчэ працягваюць выходзіць, ні шмат якіх перадачаў на хвалях Радыё Свабода - менавіта Ірына Міхайлаўна запісала, захавала для нас аўтарскае чытанне некаторых быкаўскіх твораў.
Жадаем Вам, Ірына Міхайлаўна, здароўя і доўгіх гадоў, і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.
Сяргей Навумчык.
Таварыства беларускай мовы далучаецца да віншаванняў і добрых зычэнняў! З юбілеем, шаноўная Ірына Міхайлаўна!
У Гайнаўцы праходзіць ХVIII Алімпіяда па беларускай мове
18-ты раз вучні сярэдніх школ Польшчы прымаюць удзел у Алімпіядзе па беларускай мове. У памяшканні Гайнаўскага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы праходзіць другі этап алімпіяды, у якім прымаюць удзел 47 ліцэістаў з Беластока, Бельска Падляшскага ды Гайнаўкі.
На пісьмовай частцы вучні маюць да выбару чатыры тэмы, тры з якіх прысвечаныя творчасці Максіма Танка. Па словах старшыні галоўнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове прафесара Аляксандра Баршчэўскага, творчасць Максіма Танка абрана вядучай тэмай алімпіяды не выпадкова.
- Першая прычына - гэта гадавіна з дня нараджэння паэта, а другая - гэта тое, што ён часткай свайго жыцця арганічна звязаны з Польшчай. Да 1939 года ён жыў у Польшчы, вучыўся ў Польшчы, нават сядзеў у турме ў Польшчы. І мне здаецца, што гэта была добрая ідэя ўшанаваць памяць Максіма Танка, абіраючы яго творчасць вядучай у сёлетняй алімпіядзе.
Пасля пісьмовай часткі вучні здаюць таксама вусны іспыт. Вынікі раённага этапа алімпіяды будуць вядомыя пасля праверкі пісьмовых прац. Цэнтральны этап алімпіяды пройдзе 15 сакавіка.
Наталля Герасімюк , Гайнаўка.
ГА "ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ"
МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь"
ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ
Запрашаем прыняць удзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі
"Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух"
16 красавіка 2012 г., г. Мінск
Праблемнае поле канферэнцыі:
1. Тапаніміка як складовая частка краязнаўства.
2. Ахова і выкарыстанне помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны: досвед і перспектывы развіцця.
3. Валанцёрскі рух на адбудове помнікаў архітэктуры.
4. Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства.
5. Лінгвістыка як аспект краязнаўства.
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 16 сакавіка 2012 г. выслаць на адрас аргкамітэта заяўку з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы і пасады, вучонай ступені і вучонага звання, тэмы даклада, адраса, тэлефона, е-mаіl), а таксама тэкст даклада (элекронны варыянт і экзэмпляр на паперы).
Плануецца выданне зборніка публікацый канферэнцыі. Патрабаванні для публікацыі: аб'ём тэкста - да 5 (пяці) старонак фармата А4, праз 1 інтэрвал, шрыфг Тіmes New Roman 14. Усе палі па 20 мм. Спасылкі па тэксту даюцца ў квадратных дужках, напрыклад, [3, с. 10]. Пасля тэкста прыводзіцца спіс літаратуры ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК. Зборнік плануецца да выдання на кастрычнік 2012 г.
Аргкамітэт: 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13, ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", siadziba gmaі1.com.
Гарадзенскай "Бацькаўшчыне" - 20 гадоў
20-годдзе споўнілася знакамітаму на Гарадзеншчыне хору беларускай духоўнай музыкі "Бацькаўшчына". Не адно пакаленне чула нацыянальныя творы ў выкананні гэтага калектыва.
Духоўная ды патрыятычная музыка вабіць людзей розных палітычных, рэлігійных перакананняў, а таксама запал яго бяззменнага кіраўніка - Веры Кунцэвіч. Яна сама не здолела адказаць на пытанне: у чым сакрэт даўгажыхарства калектыву?
- Не ведаю, шчыра кажучы, проста я вельмі люблю гэтую працу, мне баліць пра тое, што робіцца на радзіме. Я хачу, каб гучала мова маёй бабулі, маёй мамы. Я хачу, каб дзеці мае гаварылі па-беларуску. Таму што, гэта такая прыгажосць - беларуская мова, беларускія песні, іншых такіх няма. Калі мы ездзілі па Еўропе, слухачы гадалі: польскія - не польскія, украінскія - не украінскія, рускія - не рускія. Пыталіся: хто вы? Мы кажам: беларусы. Гэтая культура - яна невялікая. Але такая зыркая зорачка. І я пакуль буду жыць, не магу закрыць рот. Я не магу, каб усё гэта не гучала, каб усё гэта згінула.
У адным з найбольш камерных храмаў цэнтра Гародні - Лютэранскай царкве канцэрт "Бацькаўшчыны" сабраў аншлаг. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі прадстаўнікі нацыянальнай і творчай інтэлігенцыі. Сярод іх прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў Беларусі. Сумесна з Бацькаўшчынай выступілі калегі: калектывы "Глос з-над Немна", "Зарачанскія крынічкі", хор хлопчыкаў і дзяцюкоў СШ №3, мастацкім кіраўніком якога ізноў - Вера Кунцэвіч.
Віктар Парфёненка, Фота аўтара.
Выдавецтва "Галіяфы" заснавала новую кніжную серыю
Менскае выдавецтва "Галіяфы" ў новым годзе заснавала новую кніжную серыю. У ёй будуць выдавацца зборнікі пачаткоўцаў, якія наведваюць літаратурнае аб'яднанне "Вобла", што працуе пры выдавецтве.
Дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў паведаміў, што пачынаецца падрыхтоўка двух зборнікаў для гэтай серыі:
- У нас зараз новая серыя запускаецца, серыя літаб'яднання "Вобла". Запланаваны дзве кнігі. Гэтая серыя будзе для дэбютантаў. Будзе кніжка Каці Макарэвіч (паэзія) і Аляксея Плачэнкі (проза). Вось гэтыя дзве кніжкі мы рыхтуем да друку.
Літаратурнае аб'яднанне "Вобла" імкнецца падтрымаць першыя крокі маладых аўтараў і дапамагчы раскрыць іх творчы патэнцыял. Кіруе аб'яднаннем журналіст і літаратар Ігар Жалткоў.
Васіль Кроква.
Менскі хлебазавод № 3 выпусціў новы гатунак хлеба з добрай беларускай назвай "Стары млын".
Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе
Фрагменты з дакументальнага рамана
(Працяг. Пач. у папяр. нум..)
Калі б не героі пажарнікі , запраста пажар перакінуўся б на астатнія тры блокі. Ад сумеснага вар'яцкага подыху агню і радыяцыі чатырох блокаў не стала б Еўропы. Ад уранавай атруты пацярпела б планета Зямля, найхутка пачала б атручвацца, гаснуць.
Калі б не герой капітан Збароўскі і яго салдаты , што зрабілі спускавы вадавод ад возера назбіранай вады пад рэактарам, што нырцавалі ў радыяцыйную атруту і ўсётакі адчынілі засаўкі і вінты, далі ход вадзе, - ад сумеснага вар'яцкага подыху агню і радыяцыі чатырох блокаў магло не быць Еўропы. Ад уранавай атруты пацярпела б планета Зямля, найхутка пачала б атручвацца, гаснуць.
Калі б не героі шахцёры і метрабудаўцы Масквы, Кіева, Днепрапятроўска і Урала, што ў неймавернай гарачыні і завышанай фонавасці ўзвялі падземныя сцены пад фундамент і заледзянілі сцены чацвёртага рэактара, не далі яму апусціцца да грунтовых водаў, брудзіць іх - ад сумеснага вар'яцкага подыху агню і радыяцыі чатырох блокаў пацярпела б Еўропа. Ад уранавай атруты пацярпелі б падземныя воды планеты Зямля, яна б найхутка пачала атручвацца, гаснуць.
Уторыцца, траіцца, дзесяцікроціцца адна і тая думка. Акадэмік Лягаса - герой краіны і герой Расіі - ад разгубленасці і ўявы пра магчымую жудасную падзею заплакаў. Як пры пляўках яму ў твар ад зайздросных і абыякавых, ад вінаватых у аварыі.
Падлюгі яўныя і няяўныя, вялікія ваўкі і малюпасенькія шэранькія мышкі аб'ядналіся ў гневе, нападках. Лягаса не зрабіў… Лягаса мог, не скеміў, не захацеў… Пры жаданні... Людзі яго ўзроўню павінны прадбачыць…
Навуковая немарач і партыйная недалёкасць нацкоўвала газетначасопісных верхаглядаў і тупакоў на акадэміка Лягасу.
Ад вусных выступленняў у сваіх НДІ, заяваў і рэзалюцыяў дайшло да артыкулаў, інтэрвію.
Хто даў каманду звальваў віну з сябе, Лягаса ведаў. Цкаваць некага трэба, кусаць трэба - дык не нас. Мы не пры чым. З намі МАГАТЭ згадзілася. Пры выступленні ў Вене на паседжанні МАГАТЭ навукоўцы адобрылі Лягасу, пасля нам не запярэчылі, згадзіліся.
Валерый Лягаса не знаходзіў месца. Трэці раз хапаў карвалол і валідол.
XIV
На выгане неўздалёк вёскі Лубня пад Мазырам сеў магутны вайсковы верталёт з вялікім маскоўскім начальствам - намеснік старшыні СМ СССР Дагужа, акадэмік Лягаса і Чаза… - і гомельскім начальствам - першы сакратар абкама КПБ Бама. Прывыклыя да погрукаў зверху і збоку каровы статка не разбегліся.
Ветэрынарны доктар Іван Нямковіч акурат падменьваў пастуха, той на гадзінку пабег дахаты, захварэла ўнучка. Бама пазнаў доктара, пахваліў за падменьства.
Маскоўскім рупіць пачуць слова праўды непасрэдна ад непадрыхтаванага суразмоўца. Іван Нямковіч ухіляўся шчырасці нядоўга.
Выказвацца пра недахопы ў будаўніцтве домікаў і пасёлкаў, перасяленнях, забеспячэнні вяскоўцу стала цяжка, нясконцыя ўдакладненні збівалі з тропу.
- Цікавіцеся думкай, а слухаць не хочаце.
- Не выдзірайце мінусы, - мякенька раіць Аляксандр Бама.
- Што не па шэрсці начальству - заўжды з мінусавага.
- Вы што?
- А вы што?
Уладзімір Дагужа цыкнуў на гомельскага верхавена.
Размова паступова заспакойніваецца. Сапраўдныя вучоныя і адміністратары ніколі не змушваюць субяседніка называць няпраўду праўдай. Прыляцелых здзівіла прывозка чыстых кармоў для кароў Нараўляншчыны ў год аварыі і пасля год; з аднаго краю раёна бралі сена і перавозілі на другі, яно чыстае. На Мазыршчыне ўмоўна чыстага корму каровам улетку без прывазнога хапае. Абяцаных дазіметраў людзям не выдалі. Нават спецыялістам не прадаюць.
- Чаму вы засталіся тут? - акадэмік Лягаса як бы няўзнак адводзіць ад групы ветэрынарнага доктара, балазе да верталёта на легкавіку падмяцеліла кіраўніцтва гаспадаркі. - Паўтара года праімклівіла. Многія з Гомельшчыны, ратуючыся, паехалі ў Карэлію, Браншчыну, Пскоўшчыну, на Украіну.
Мужчыны пераглядваюцца лішнія секунды. Чуюць вагу слова і хвіліны. Упадобваюцца адзін аднаму мацней. Па спаважлівых адносінах да суразмоўца дэлегатаў нядаўняй раённай канферэнцыі і сёння прыляцелых Іван Нямковіч даўно ўсёк, перад ім не просты начальнік.
- Ездзіў я на Браншчыну і Смаленшчыну. Прапанавалі хаты, без вокнаў, падваліны згнілі. Бэлькі падпёртыя. Такую за пяцігодку не адновіш. Вопратка люду вёскі - у нашых апахмельшчыкаў лепшая.
- Там зарплаты вялікія.
- Нашмат большыя. Ідуць на гарэлку. Вы не ўбачыце на Беларусі ні адной вёскі без садоў і платоў, а там суцэль. У дзве расейскія вобласці з родзічам ездзіў. У кожнай у пяці гаспадарках таўкліся. Усюды адно і тое, рэзваль. Ураджайнасць - 1012 цэнтнераў, а ў нас даўно за трыццаць. На Расеі гараваць і тут гараваць, дык тут радзіма, сваё.
- Маглі ў нас выбраць для перасялення моцную гаспадарку.
Мужчыны зноў сузіраюцца. Чым болей адходзяцца ад прыляцелай на верталёце групы, тым часцей тоненькі аловакдазіметр Лягаса прытульвае да зямлі, травы.
- Некаму трэба крыж несці. - Непрыкметны шараговы беларускі вясковец знечаканіў высокіявысокія словы. Лягаса ўстрапнёны. - У жонкі ў суседняй вёсцы ёсць доктар народнай медыцыны, Алёшка Бялько. Слуццак кажа, хто толкам нясе свой крыж, тым болей чужы крыж, трапіць у рай. Такім памагаецца, самім і крэўству.
- Перагінае доктар гэты, ваш, народны… - з перакананым не спрачайся.
- Ён усіхны. Грошай за парады і лекаванне не бярэ. Яго словы збываюцца, занадта часта, хутка. - Іван Нямковіч мякчэй заканчвае: - Пакутую я, дык мо жонка і дзеці не пахварэюць, дачка паправіцца.
- Святыя могуць шмат, разумею. - Мужчыны рукаюцца, зноў паціскаюць адзін аднаму рукі, вяртаюцца да групы плячо ў плячо.
Прадчуванне адно і тое на дваіх, акадэміка Лягасы і ветэрынара Нямковіча. Нічога нельга адкладваць. Безагляднасць веры ў праўду на зямлі кіравала імі. Мала што выказалася, а дух памірэнчага замірэння паяднаў беларуса і рускага. Гімн любові і хвалы Богу за сілу і можасць бачыць веру і верных пранізваў абодвух. Справядлівыя разгледзелі адзін аднаго.
- Што вы хацелі б ад нас? - падмяцеліў абласны партначальнік, ён сама добрасць.
- Ад вас - нічога. У прынцыпе хачу, каб гэтая дзяржава згніла, - не адводзіць позірку ад сакратара абкама Іван Нямковіч.
- Вы… мы… улада… Дастаткова нам… Як так можна… - Аляксандр Бама яшчэ заікаецца, а яго перабівае той жа вясковы ўпэўненец:
- Паўтараю, каб гэта дзяржава хутчэй дапарахнела.
Вуснамі ветэрынарнага доктара Івана Нямковіча выказваўся праклён ад тысячаў нараўлянскіх, хойніцкіх, брагінскіх, веткаўскіх, касцюковіцкіх, чэрыкаўскіх сем'яў. Ад памерлых і яшчэ жывых чарнобыльскіх пакутнікаў. Іван Нямковіч не толькі справядлівіў - ішоў на штыкі. Ён ведаў, каму так ганебна і горка выказваўся. Утоптваў у гразь ветэрынарны доктар не ўвішненькага, усё жыццё прыстасавальніка, сакратара абкама партыі Баму - савецкую ўладу. Не адзін на адзін, такое парткіраўнікі лёгка цяпер зцерпліваюць, як усё пачасцелыя здачы партбілетаў, - ганіў уладу ў прысутнасці вялікага маскоўскага вучонага, чыё слова было вырашальным на Урадавых камісіях.
- Вы член партыі?
Намёкам на мажлівы працяг размовы хацеў пагразіць абкамавец шараговаму камуністу, і не ўдалася дробязнасць шэрані.
- Здаў білет. - Дабівае. - На другі год пасля выбуху. - Б'е Нямковіч доўбняю прама па галаве: - Калі вы ўсе ("халуі" не выдаў) ўтойвалі радыяцыю, укладвалі нас і дзяцей у ложкі і труны.
Няма лепшых тэкстаў пра Абсалютнага і яго лепшых сыноў, чым напісана ў кнізе нябёсаў, прыроды. Жывое і нежывое, у тым ліку зорка і дождж, сонца і вецер Там усяго ўз'яўныя словы Бога жывога. Пераходнае, з'яўнае і зніклае на планетах, што цячэ ці яшчэ толькі з'яўляецца - усё прах і тлен, водбліскі Яго сілы, явы, любові. Чалавек абавязаны не адно хваліць анёла свайго і род свой, планеты і з'явы, а найперш дастойных людзей, нават цені дастойных. Ветэрынар Нямковіч сярод цяперашняга ўладства даўно не бачыў вартных. Хваліць стваральніка Неба Нябёсаў, вады і травы мог, савецкае ўладніцтва - не мог. Мільённая доля атама выказвацца высока не долела, праўдзівіць стваральнікам цяперашняга чарнобыльскага хаосу была абавязаная.
Усе трое адчулі вышыню адказаў Нямковіча, нават Аляксандр Бама не запярэчыў. Боль Вярунькі і хворых дзетак, боль раз'яднаных сем'яў, пачатак уласнай фізічнай нямогі распараджаліся ліквідатарам, мужыком, бацькам, гаспадаром. Аплявухі нельга цярпець да бясконцасці. Нямковіч выказваўся. Ішоў. Некаму трэба ісці на штыкі дзеля ўсіх.
Адкрыта, пры сведках.
- Дапякло вам і нам. Давайце перастанем, - пабрацку аблапіў Нямковіча ўсміхлівы Лягаса, адводзіць ад верталёта. Пастуха чакаюць каровы.
- Вам што… - удзячыцца Нямковіч, на розвіт цёпла сціскае працягнутую руку акадэміка.
- Невядома каму мацней радыяцыйная бяда пячэ, невядома, - пахітвае галавою акадэмік Лягаса, рушыць да зазыўных паплечнікаў.
У дзвярах крылатніка акадэмік раіць Баму забыць рэзкасць доктара. Усё забыць. У наступны прылёт Лягаса спецыяльна пацікавіцца вынікам пагрозы. Лягаса стане ў абарону ветэрынара. Званок Лягасы Слюнькову ці Сакалову будзе эфектны пры любых калізіях.
Жыццёвадасведчаны лагоднік Бама абяцаў нічога ад сустрэчы на выгане не памятаць.
XV
…Паўтараецца думка, траіцца, дзесяціцца, ад яе Лягасу не ўцячы.
Аўтаматычнай сістэмы пажаратушэння на дахах рэактараў ЧАЭС не было. Чаму? Радыёкіраваных трактараў і робатаў не было. Чаму?
Праца на АЭС заўжды была звычайнай працай на прадпрыемстве, патэнцыяльна выбухова небяспечнымі ў СССР былі толькі парахавыя заводы. А ў прыгаворы судовага рашэння раптам абазначана, што ЧАЭС - патэнцыйна выбухова небяспечнае прадпрыемства. Калі гэта так, праектаваць і будаваць такія прадпрыемствы патрэбна зусім іначай.
Рэактар ніколі не ўзарваўся б, калі б адпавядаў прынятым у краіне нарматыўным дакументам па бяспецы. Адпавядаў, усяго адпавядаў.
Аж да дванаццаці гадзін дня 26 красавіка ў Чарнобылі, Прыпяці, Кіеве, Менску, Маскве не было зразумела, не дацямілі, што людзі ў Прыпяці жыць не павінны. Паўсуткаў вырашалі простае пытанне, імгненнай важнасці і вырашальнасці пытанне.
Анатоль Аляксандраў і паслядоўнікі ва ўсім вінавацяць абслуговы персанал ЧАЭС; дапусцім, аляксандраўцы маюць рацыю, афіцыйна і практычна перамаглі. Дык чаму справядліўцы засакрэцілі ўсе звесткі пра аварыю? Не гаворыцца нідзе пра вывады інспектара А.А. Ядрыхінскага, прафесара Б.Г. Дубоўскага, камісіі І.А. Штэйнберга; іх справаздачы палежваюць у камісіі Вярхоўнага Савета СССР па расследаванні аварыі на ЧАЭС. Дабрацца да іх дадзена рэдкім.
…Акадэміка Лягасы няма. За сталом сядзіць, ляжыць на канапе, зноў сядзіць за сталом чуйная думкая нябесная струна. На струнулакатар ідуць падзеі былыя, сённяшнія, будучыя. Што будзе заўтра, пазаўтра, праз год дадзена бачыць рэдкім; Лягаса сёння ўведваў, праніцаў тоўшчы часу.
Некаму патрэбна браць агонь на сябе , хтосьці дзеля ўсіх павінны стаць апошнім, дурнем. Ачышчальным трубным звонам.
Ен згодны. Абы прабудзіць чалавецтва, засцерагчы планету ад смерці. Так, першы намеснік дырэктара інстытута Лягаса не святы, памылак багата нарабіў на працы, у сям'і. Хутка стаў слабець фізічна. Так, ён асабіста не мае ніякіх адносін да аварыі на ЧАЭС. Але ён мог закрычаць пра яе мажлівасць; мог тэарэтычныя згадкі выказаць пустым статуям высокага ўзроўню.
Дапаможаш, не дапаможаш - выконвай сваё, звані, крычы жывым трупам . Есць сярод жывых самаахвярнікі і чуйцы, не будуць адмоўна думаць і маўчаць, як пра Чарненку доктар Чаза, які ведаў усе страшэнныя хворасці сакратара, нельга балезнаму зусім працаваць, нельга дазваляць такому ускарасквацца на высокі дзяржаўны пост генсека. Ведаць небяспеку грамадству, дзяржаве ад твайго маўчання і не азывацца - бяздарна, нікчэмна. Акадэмік Чаза разлічваў на самапрызнанне балезнага чалавека, а Чарненку, як кожнаму састарэламу і нямогламу, абы напаследак павыстаўляцца, пакіраваць, хоць секунду першым пакрасавацца. Дый сорамна дзеду ўсялюдна прызнацца ў немацтве… Ганьба такому асцярожніку акадэміку. (14)
Нельга Лягасу сумнявацца ў мудрасці жывых. Звані, крычы. Зразумеюць твой боль і крык. Ратуюць асобнага чалавека, а тут дзяржава, нацыі, планета.
Лягаса не здагадваўся, падумаць не мог, што хтосьці з стваральнікаў і канструктараў хітрамондра ці з абыякаўства, свядома ці з несвядомай тупасці стане тапіць народ свой, душы людскія, не збаіцца кары нябеснай, агню пекла, падвесіць усю планету на валасок.
Разаграваюцца сто семдзесят, няхай сто шэсцьдзесят тон урану пад чацвёртым рэактарам, забетанаваныя пасавецку, цяпамляпам, балазе вывезці не маглі, атанавалі гаручае вокідна, здаля, не маглі зза страшэннай радыяцыі прыблізіцца верталёты, не маглі толкам укладваць бетон аўтаматымяшалкі, - разагрэюцца тоны урану, ірвануць. Што тады? Саркафага надзейнага няма, дасюль няма, а тады ён увогуле не будзе патрэбны. На Украіну і Беларусь, на Еўропу і планету саркафаг не надзенеш.
У лютым 1987 года ў зонах ЧАЭС быў Генеральны сакратар ЦК КПСС, будучы Прэзідэнт Савецкага Саюза Міхаіл Гарбачоў. Яму і камандзе многае стала ясна. Пятая частка беларускай зямлі пашкоджана радыяцыяй. З забруджанай тэрыторыі выселена 415 населеных пунктаў. Забруджана 46,5 тысяч квадратных кіламетраў цэзіем137, болей 37 кБк/м 2. Стронцый, плутоній дадаткова. У зоне і пры зоне жыло 2,2 мільёна чалавек. Выбух на ЧАЭС прычыніў Беларусі стратаў на 235 мільярдаў долараў ЗША (у цэнах 01.6.1992). Трыццаць два гадавыя бюджэты Беларусі за 1985 год. (15)
Грамадскія акцыі "Чарнобыльскі шлях" праводзяцца ў Беларусі з 1989 года.
(Працяг у наст. нум.)
Валер Санько
Размова са старым шляхціцам
(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч, 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш. )
Хруль герба Праўдзіц
Шляхціц гэтага роду Лаўрын Хрулевіч ўпершыню ўспамінаецца ў "Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г." сярод щляхты " двора господарьского лидского" у шэрагу тых, хто "того ж двора бояре, которые людей не мают сами повинни головами ку службе ехати" . Тое, што Лаўрын мае прозвішча "Хрулевіч" кажа аб тым, што ён сын Хруля і такім чынам мы маем права лічыць род Хрулёў лідскай шляхтай з XV ст.
"Крестоприводная книга Великого Княжества Литовского 1655 г." дае нам прозвішчы двух Хрулёў у Лідскім павеце: "Валентин Савастьянов сын" і "Самойло Хриштопов сын", з якіх апошні з'яляецца продкам аўтара гэтых успамінаў. Менавіта ён - Samuel Chrul s. Krzysztofa пачынае радавод Хрулёў які захоўваецца ў віленскіх архівах (F 391-1-509 "Rodowуd szlachecki Chrulуw h. Prawdzic, pow. Lidzki). Важна, што пра сына Самуэля Хруля - Эліяша у гэтым радаводзе пададзена інфармацыя, што свой маёнтак ён атрымаў ад бацькі ў 1677 г. Такім чынам калі Лаўрын Хруль ў 1528 г. не меў значнай маёмасці, дык ужо праз 130 гадоў, Самуэль Хруль у сярэдзіне XVI ст., меў маёнтак. Найбольш верагоднай магчымасцю для шляхціца значна палепшыць свой маёмасны стан была ўдалая вайсковая служба.
У дадатку да гярбоўніка Каспара Несецкага Ян Бабровіч пісаў, менавіта што Стэфан і Казімір Хрулі ад лідскай шляхты падпісалі акт канфедэрацыі ў Алькеніках у 1700 г. і дадае, што даўнія аўтары пра іх не пішуць. Аднак у якім сваяцтве быў Казімір з Самуэлем Хрулём, невядома.
У спісе лідскай шляхты за 1765 г. верагодным прадстаўніком апісванай галіны роду з'яўляецца Юзаф Хруль (верагодна Едкі), сярод яго суседзяў па Лідскай парафіі таксама фігуруюць Міхал і Леан Хрулі (з Калясішчаў), і Антон, Эліяш і Міхал Хруль з Чэхаўцаў.
Новыя расейскія ўлады адразу прызналі шляхецкі стан апісванай галіны роду Хруль. З "Коннотационного реестра Виленского Дворянского Депутатского Собрания для записи утверждённых в дворянстве с 3.III.1798 г. по 20..I.1799 г." даведваемся, што Вінцэнту сыну Юзафа з пацэсіі Даўгялы шляхецкае паходжанне было пацверджана прывілеем ад 3.XII.1798 г. Другі раз шляхецтва было пацверджана прывілеем ад 18.VII. 1859 г. З інфармацыі бачна, што пры канцы XVIII ст. род зноў страціў маёнтак, і Вінцэнт стаў арандатарам. Але ўжо яго сын Марцін зноў становіцца ўладальнікам ладнага кавалка зямлі. Бо ў "Ведомости мелкопоместных дворян Лидского уезда утвержденных в дворянсте владеющих землёю 1851 г. nr 109 s. 24." (F 391-7-73) Марыяна Хрулёва (54 года) - удава Марціна з сынам Марцінам валодаюць 36 дзесяцінамі зямлі у Воўкавічах.
Неабходна дадаць, што у 1853 г. у Лідскім павеце жыве некалькі дзесяткаў збяднеўшых сямей Хрулёў, якія чакаюць пацверджання шляхецкага стану ад расейскага ўраду: іх - 12 сямей у Калясішчах і 8 -у Чэхаўцах, а Адольф Хруль, сын Паўла - у Лідзе, фурман паштовай станцыі. А ў 1864 г . (Zesp. 515, inw. 25, vol. 83 s. 433 Rewizska skazka rok 1864) месцічамі Ліды з'яўляюцца ўжо 5 сямей. На лідскіх гарадскіх могілках да нашага часу захаваліся магілы гэтых сямей. Каля 1880 г. у горадзе па вул. Віленскай з'явілася майстэрня Баляслава Хруля па вырабу помнікаў. Пасля смерці Баляслава майстэрняй кіравала яго жонка Анэля Хруль з Малеўскіх.
Дзед аўтара ўспамінаў - Марцін сын Марціна (1820? - 1887) ёсць і ў спісе лідскай шляхты 1845 г. (Zesp. 391, inw. 9, vol. 20 s. 13). Марцін сын Марціна разам з жонкай Эміліяй валодалі 40 дзесяцінамі зямлі ў ваколіцах Едкі і Воўкавічы.
Акрамя Марціна, Марцін і Марыяна мелі сына Віктара які у сваю чаргу меў сына Адама , пра якога ўспамінае аўтар мемуараў. У спісе лідскай шляхты 1891 г. уладальнікам 25 дзесяцін зямлі ў ваколіцы Воўкавічы быў Адам Хруль (37 гадоў) з жонкай Марыянай з Даўгялаў (30 гадоў) сынам Тэафілам (7 гадоў) і трыма дочкамі, пазначана што гэта сям'я стала жыла ў Пагародна. У тым жа спісе ёсць родны дзядзька аўтара ўспамінаў Ян Хруль .
У 1911 г. у Радунскім дэканаце пачаліся сур'ёзныя хваляванні з нагоды спроб летуанізацыі парафіі з боку часткі парафіян (у асноўным з Забалаці) і часткі ксяндзоў летувіскага паходжання. Летувіская газета "Viltis" надрукавала вынікі апытанняў жыхароў Радунскай парафіі пра родную мову. З даследавання вынікае, што ваколіца Воўкавічы мела 6 хат, дзе жыло 25 чалавек, у гэтай ваколіцы шляхта назвала роднай мовай толькі беларускую, у адрозненні ад суседзяў, якія роднай лічылі і польскую (Kurjer Wilenski, 1911 - № 9(129)). А 11 лютага 1918 г. усе жыхары ваколіцы падпісалі зварот да польскага ўраду, у якім выказалі пажаданне жыць у польскай дзяржаве: "Мы, палякі якія спрадвеку жылі ў ваколіцы Воўкавічы Радунскай парафіі… з дзеда - прадзеда былі, ёсць і будзем палякамі. Звяртаемся да Цябе, Дастойны Урад з просьбай уратаваць ад небяспекі. Немцы з летувісамі …, не пытаючыся волі народа…, ствараюць тут нейкую літоўскую дзяржаву… Мы жыхары гэтага краю не жадаем летувіскай дзяржавы а жадаем злучэння з нашай сапраўднай радзімай Польшчай" ( http://www.xxwiek.pl/dzien/1918-02-11/Wolkowicze_ Prosba_mieszkancow_o_ przy-laczenie_ ziemi_ litewskiej_ do_Polski/ 9006 ).
Як бачым, чын генера-ла Люцыяна Жалігоўскага, які праз 2,5 гады ўтварыў "Сярэднюю Літву", меў тут моцны падмурак.
Пра вялікі лідcкі пажар 1891 г.
- Пра гэты пажар 1 мне расказваў мой бацька (1880 г.н.). Гэты пажар пачаўся ад дома, які стаяў недалёка ад праваслаўных могілак 2. У гэтым доме дзеці гулялі з мышкай, мышка схавалася ў кастрыцы. Каб злавіць мыш , кастрыцу падпалілі, пачаўся пажар, які хутка перакінуўся на ўвесь горад. Праз некалькі гадзін на конях прыехалі тушыць пажар пажарнікі з Вільні. З-за дыму нічога не было бачна, таму віленскіе пажарнікі сталі на пачатку вуліцы Віленскай, як- раз каля таго дома дзе пажар пачаўся. Яны спыталі ў людзей, ці прамая вуліца далей. Дазнаўшыся, што не зусім прамая, паехалі проста ў агонь і дым у цэнтр горада. Ліда выгарала тады ўшчэнт. Гарэла сутак двое, згарэла ўся Сувальская 3 ... Мне ў дзяцінстве было вельмі цікава, што на конях пажарнікі прыехалі Ліду тушыць з Вільні.
- А дзе вучыўся Ваш бацька?
- Ен вучыўся ў павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе. Ен застаўся без бацькі (майго дзеда) у 5 гадоў. Нейкіх падрабязнасцяў пра яго вучобу не ведаю.
Пра фальварак
- А дзе жылі?
- Сядзіба была харошая ... Гумно было 40 аршын даўжынёй.
- Дзе гэта было?
- Мой дзед (прыкладна 1840 г.н.) жыў у ваколіцы, ваколіца наша называлася Воўкавічы 4. Потым ужо бальшавікі ўсе некалькі ваколіц "перахрысцілі" ў Гейштафты 5 . Гэтую сядзібу трэба было пабудваць! Потым яна перайшла майму бацьку, які доўгі час быў халасцяк. Сам ён практычна не працаваў фізічна. Трымаў дзвюх дзяўчат, двух хлопцаў, сам жыў у Воўкавічах.
- Колькі было зямлі?
У дзеда ў Воўкавічах недзе каля 70 гектараў ворыва. Але гэта не значыць што яна было адразу. У яго было гектараў 30 напэўна. Астатняе ён, дзве гаспадаркі, прыкупіў і атрымалася нешта пад 70. Яшчэ адна гаспадарка была ў Едках 6 , яна так дасталася.
- Як дзеда звалі?
- Дзед Марцін... Жаніўся ён ужо ў гадах. Не меней 40 гадоў, відно па сям'і. Жонка ў яго была Эмілія Едкаўна, з роду Едак. У яе два брата былі. І абодва працавалі ў Варшаве чыноўнікамі, мелі нейкую адукацыю. Абодва памерлі ад туберкулёзу ў сярэднім узросце халасцякамі, пахаваны ў Варшаве, і іх гаспадарка ў Едках засталася безпрыгляднай. А жанчыны ў той час не мелі права на спадчыну.
- Былі праблемы?
- Відаць, узгаднілі з юрыстамі, бо ён адтуль не хацеў выязджаць. Юрысты падказалі, што ў гэтым выпадку, калі ты туды ў Едкі паедзеш і будзеш там жыць, ніхто цябе не высяліць, і ніхто не адбярэ, інакш самыя дальнія сваякі скарыстаюцца гэтай гаспадаркай, толькі не ты.
- Так ён і з'ехаў з Воўкавіч у Едкі?
- Так, ён быў ужо жанаты на Эміліі, у Воўкавічах у іх нарадзілася адна дочка... І яны пераехалі з адным дзіцем. І ён жыў у Едках гадоў 20, не меней. Пераехаў у Едкі каб пакінуць за сабой гэтую гаспадарку. Ен пабудаваў новую сядзібу ў Едках, другую пасля Воўкавіч. Для гэтага трэба быў час. Там пабудаваць і тут пабудаваць.
- А пра сядзібу ў Воўкавічах, там было гумно ў 40 аршын, а што яшчэ? Дом?
- Пра тую сядзібу я дакладна знаю, што там вось такое гумно было вялікае, канюшня была з вазоўняй, для кароў памяшканне, для авец, аборай яго называлі, што яшчэ... Свіран быў для збожжаа, ён быў двухпавярховы, і для такой гаспадаркі ён быў не малы, з балконам і... была не столь, а як называлі - заход. Добры быў свіран. Быў пабудаваны без пілы. Сякерай рубленыя вуглы. Ніжні паверх - было 6 засекаў, ну такіх... да 3 тон кожны. І дом быў такі, як у Едках, вялікі, але ён згарэў. Стаяў ён у Воўкавічах трохі не ў тым месцы, дзе пазнейшы дом наш стаяў, на гэтай жа пляцоўцы, але метраў за 50 ад пазнейшага дома.
1Вялікі пажар 1891г. знiшчыў 444 дамы i каля 600 нежылых будынкаў. Аднак гэты пажар прывёў да таго, што ў горадзе пачалi будавацца мураваныя дамы.
2Тагачасная вуліца Віленская, могілкі з царквой існуюць да нашага часу.
3Вуліца Віленская Сувальскай стала на пачатку 1920-х гадоў.
412 кіламетраў на поўнач ад Ліды.
5Зараз ужо знікла і гэта вёска.
6Вёска за некалькі кіламетраў ад Ліды.
(Працяг у наст. нумары.)
Згукі мінуўшчыны
Публічная бібліятэка XXI ст. выконвае мноства сацыяльна-значных функцый. Адна з іх - захаванне і адраджэнне нацыянальнай памяці. Гэта задача рашаецца не толькі за кошт прыросту кніжных збораў, але і дзякуючы збору, сістэматызацыі і захаванню дакументаў краязнаўчага характару.
Для захавання і папулярызацыі лепшых культурных нацыянальных традыцый бібліятэкары выкарыстоўваюць розныя сродкі, у тым ліку музейныя формы (больш яркія, вобразныя, лёгкія для ўспрымання). Гэта павінна стымуляваць развіццё нацыянальнай самасвядомасці, замацоўваць веды аб мінулым і спрыяць гістарычнаму аптымізму.
Гэта роля бібліятэкі можа быць ацэнена як адна з важнейшых праяў яе місіі, сведчанне яе сацыяльнай запатрабаванасці.
Вывучаючы гісторыю свайго краю, бібліятэкары разам з друкаванымі і рукапіснымі крыніцамі, пачынаюць збіраць прадметы матэрыяльнай культуры. Такім чынам, у бібліятэках з'яўляюцца спачатку невялікія тэматычныя выставы, якія ў выніку шматгадовай пошукавай работы папаўняюцца і паступова перарастаюць у сапраўдныя экспазіцыі, этнаграфічныя куткі і пакоі.
Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк Лідскай ЦБС здзяйсняецца на падставе Палажэння аб краязнаўчай рабоце бібліятэк Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, Палажэння аб краязнаўчай рабоце бібліятэк Лідскай РЦБС.
Бібліятэкі Лідчыны выконваюць сваю ролю па вывучэнні і распаўсюджванні сярод насельніцтва гістарычнакраязнаўчых ведаў. Для гэтага бібліятэкары:
- старанна збіраюць і захоўваюць літаратуру па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, эканоміцы, культуры, літаратуры свайго краю і мясцовыя дакументы (выдадзеныя на тэрыторыі краю);
- найбольш поўна адлюстроўваюць краязнаўчыя дакументы ў краязнаўчым даведачна-бібліяграфічным апараце (краязнаўчай картатэцы);
- складаюць і выдаюць бібліяграфічныя дапаможнікі, закладкі, буклеты;
- сумесна з іншымі ўстановамі і арганізацыямі складаюць летапісныя і біяграфічныя апісанні выдатных мясцін, знакамітых дзеячоў і асобных значных падзей;
- арганізоўваюць работу краязнаўчых аматарскіх аб'яднанняў;
- выступаюць ініцыятарамі збору прадметаў матэрыяльнага характару: рэчаў хатняга побыту, вырабаў народных промыслаў, адзення, дакументаў і фотаздымкаў і інш., якія становяцца асновай музейных экспазіцый у бібліятэцы.
Кожная бібліятэка Лідчыны хоча быць адметнай. Самы багаты краязнаўчы фонд сярод сельскіх бібліятэк - у Бердаўскай. Ужо колькі год бібліятэкары вядуць летапіс вёскі "Мой край". Артыкулы з газет і часопісаў, ксеракопіі дакументаў, фотаздымкі аформлены ў шматлікія тэматычныя папкі і альбомы "Нашы краявіды", "Партрэт роднай зямлі", "Помні іх імёны, яны прайшлі дарогамі вайны", "Бердаўка. Рэлігійнае жыццё: гісторыя, сучаснасць", "Бердаўская бібліятэка: гісторыя, сучаснасць", "Як мы працуем" (СВК "Бердаўка-Агра") і інш.
Стварэнне этнаграфічных пакояў лічыцца прэстыжным і спрыяе станоўчаму іміджу бібліятэкі, росту яе аўтарытэту не толькі сярод яе непасрэдных чытачоў, але і на ўзроўні раёна і вобласці. Важнае значэнне пры стварэнні такіх музейных экспазіцый мае асабістая зацікаўленасць бібліятэкара.
У гарадской бібліятэцы-філіяле №3, Дварышчанскай і Тарноўскай сельскіх бібліятэках музейныя экспазіцыі існуюць у выглядзе асобных этнаграфічных пакояў "З гісторыі вякоў і пакаленняў", "Спадчына" і "Скарбы Бацькаўшчыны".
Работа з экспанатамі прадугледжвае складанне актаў прыёмкі, падрабязнае апісанне прадмета, фіксаванне гісторыі дакумента і звязаных з ім паданняў, імя яго папярэдняга ўладальніка.
Сёння фонд этнаграфічных пакояў пры бібліятэках налічвае ад 40 да 90 экспанатаў. Гэта кухонны посуд, адзенне, ручнікі, посцілкі, даматканыя ходнікі, прылады працы. Кожная калекцыя мае асаблівасці не толькі ў колькасці экспанатаў, але і ў арганізацыі экспазіцыі, арганізацыі масавай работы. Так, напрыклад, у этнаграфічным пакоі гарадской бібліятэкі-філіяла №3 выдзелены дзве зоны: сялянскі і гарадскі побыт мінулага.
Супрацоўнікі бібліятэк арганізоўваюць экскурсіі для розных узроставых груп чытачоў. Для малодшых школьнікаў праводзяцца міні-ўрокі, конкурсы і віктарыны. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы да святаў беларускага народнага календара "Прыбяром наш велікодны стол", "Добры вечар, шчодры вечар", "Вялікі Спас ласункаў прыпас" і святы вёсак "Вёска - мая чараўніца" (Тарнова).
Інтэлектуальнаму, духоўнаму, экалагічнаму і эстэтычнаму выхаванню, прапагандзе гісторыі краю павінна садзейнічаць стварэнне дзіцячага аматарскага аб'яднання краязнаўчай накіраванасці "Вытокі" ў гарадской бібліятэцы-філіяле №3 і фальклорнага клуба "Скарбніца" ў Тарноўскай сельскай бібліятэцы.
У Лідзе ёсць гістарычна-мастацкі музей, які прафесійна і планава вывучае гісторыю Лідчыны. Але яго супрацоўнікі не могуць сабраць абсалютна ўсе матэрыялы пра кожную вёску. Гэтым і на грамадскіх пачатках займаюцца сельскія бібліятэкі. У свае этнаграфічныя пакоі яны збіраюць незвычайныя для сённяшняга часу рэчы.
Такі музей гісторыі вёскі неабходны яе жыхарам: ён выхоўвае павагу да мінулага краю, далучае да крыніц народнай культуры.
Лідская ЦРБ імя Янкі Купалы .
Прэзентацыя каталога аўтографаў Янкі Купалы
12 студзеня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрасіў на ўрачыстае адкрыццё юбілейнага Купалаўскага года, у рамках якога адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання "Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы..."
Калекцыя аўтографаў Янкі Купалы ўяўляе сабой унікальны ўзор творчай лабараторыі вялікага паэта і адносіцца да разраду ўнікальных культурных каштоўнасцяў... Сярод іх ёсць сапраўдныя рарытэты: рукапісны зборнік "Шляхам жыцця" (раней захоўваўся ў Беларускім музеі ў Вільні), аўтографы паэм "Сон на кургане", "Бандароўна", камедыі "Паўлінка", ранніх вершаў паэта на беларускай і польскай мовах, асабістыя лісты і запісы.
Культурная спадчына надзвычай уразлівая і безабаронная частка, нават спецыяльная атмасфера музейных сховішчаў не выратоўвае яе ад натуральнага разбурэння. Асабліва гэта тычыцца пісьмовых крыніц. Галоўная небяспека для гэтых унікальных музейных прадметаў - час, які няўмольна разбурае паперу, на якой пісаліся геніяльныя радкі. Захаваць іх для будучых пакаленняў можна з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. Менавіта ў гэтым заключаецца асноўная мэта дадзенага выдання.
Прэзентацыя каталога - першае з цэлага шэрагу знакавых мерапрыемстваў, якімі будзе пазначаны юбілейны год Песняра. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця бралі ўдзел: міністр культуры Павел Латушка, старшыня нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша. У зале прысутнічалі Ўладзімір Содаль, Анатоль Бутэвіч, Леанід Левановіч, Навум Гальпяровіч і іншыя. Алесь Разанаў падараваў музею літаграфію.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.