Папярэдняя старонка: 2012

№ 04 (1051) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1051) 25 студзеня 2012 г.


РАДА ТБМ

22 студзеня 2012 года ў Менску ў сядзібе ТБМ адбылося планавае паседжанне рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

На паседжанні быў заслуханы справаздачны даклад старшыні ТБМ Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі ў 2011 годзе (даклад чытайце на ст. 3), быў разгледжаны план дзейнасці ТБМ на 2012 год. У дадатак да праекту, які быў апублікаваны раней, былі ўнесены прапановы заснаваць узнагароду ТБМ за пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў грамадстве для розных намінацый. Дагэтуль ТБМ уручала толькі падзячныя лісты. Была ўнесена прапанова распрацаваць праект варыянту стандарту (на аснове агульнаеўрапейскага) на веданне беларускай мовы для замежнікаў. Былі ўнесены іншыя дапаўненні. План надрукаваны на ст. 2.

Было разгледжана пытанне аб давядзенні надрукаванага ў першым нумары газеты "Наша слова" за гэты год праекту канцэпцыі закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь" да ўладных структур з задачай дабіцца разгляду яго ў самы бліжэйшы час на сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Было паднята пытанне аб адзначэнні Еўрапейскага дня моваў. Гэты дзень з'явіўся ў календары не так даўно, і ТБМ раней яго не адзначала, адпаведна, фармат таксама не вызначаны. На першы раз створаны аргкамітэт, які павінен правесці адпаведную працу ў гэтым кірунку з задачай прыцягнення да працэсу пашырэння беларускай мовы ў грамадстве самых розных грамадскіх арганізацый і ў першую чаргу творчых саюзаў, якія могуць прапанаваць у гэтым пытанні вельмі грунтоўныя праекты і, самае галоўнае, могуць іх самі рэалізоўваць.

Рада ўвяла ў склад рэдкалегіі газеты "Наша слова" фотакарэспандэнта Юлю Карчагіну.

Наш кар.


Уступіў у сілу закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб"

Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ступіў у сілу 22 студзеня 2012 г., паведамляе БЕЛТА.

Закон рэгулюе пытанні, якія тычацца зваротаў у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і да індывідуальных прадпрымальнікаў.

Сярод іншых Закон утрымлівае патрабаванне, каб адказы накіроўваліся заяўніку на мове звароту. Падаць зварот грамадзянін можа на адной з дзяржаўных моў - беларускай або рускай.

Ініцыятарам гэтых новаўвядзенняў было ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Калі ласка, карыстайцеся.

Наш кар.


Абвестка

Шаноўнае спадарства!

Рада ГА ТБМ 23 кастрычніка 2011 г. прыняла Пастанову "Аб памеры складак сяброў ТБМ", якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2012 г.

У адпаведнасці з ёй былі ўстаноўлены наступныя памеры складак на год:

1. Працоўныя - 25 тысяч;

2. Пенсіянеры - 10 тысяч;

3. Беспрацоўныя - 7 тысяч;

4. Студэнты - 5 тысяч;

5. Школьнікі - 3 тысячы.

Просім Вас улічваць гэту Пастанову пры ўплаце сяброўскіх складак.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


300 гадоў з дня нараджэння Ўдальрыка Радзівіла

Удальрык Крыштаф РАДЗІВІЛ (28 студзеня 1712, мястэчка Дзятлава Слонімскага павету - 21 ліпеня 1770 - дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, паэт, гісторык. Канюшы (1734-1762) і пісар вялікі літоўскі (з 1762), стараста менскі (1739-1746). Князь Святой Рымскай імперыі.

З магнацкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Фаўстына і Барбары Францішкі з Завішаў-Кезгайлаў. Навучаўся ў Варшаве, Лягніцы.

Абіраўся паслом на соймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767, займаў шэраг дзяржаўных пасадаў. Служыў у войску ВКЛ, генерал-маёр (1743), генерал-лейтэнант (1748). У 1749 камандаваў паходам супраць украінскіх гайдамакаў, які апісаў у друкаваным «Дыярыюшы» («Diariusz podjazdu mojego na hajdamakуw»), без пазначэння месца і году выдання.

Ажаніўся з Соф'яй Рэй, па яе смерці - з Элеанорай Каменскай. У другім шлюбе меў сына Матэвуша (1768-1818), генерала расейскай арміі.

Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моваў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, ангельскую.

Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацыяў у Еўропе» («Opisanie wszystkich nacji w Europie znajdujących się»), «Універсальная гісторыя» («Historia uniwersalna», рукапіс налічвае 3648 старонак, у 1758 надрукаваны пачатак), «Сусветныя крытыкі або сатыры» («Krytyki światowe albo satyry»), «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» («Uczone zabawy wierszem і prozą»), гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегіяў, одаў. Выдаў кнігі «Апісанне клопатаў людзей усіх станаў» («Opisanie zgryzot ludzkich we wszytkich stanach», Пачаеў, 1741, тэхнічныя трактаты, некаторыя вершаваныя творы.

Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П. Карнэля, Ж. Расіна.

Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі У. К. Радзівіла твора Э. Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналогу).


90 гадоў з дня нараджэння Янкі Жамойціна

Янка ЖАМОЙЦІН (28 студзеня 1922, в. Клімавічы, Лідскі раён, Гарадзенская вобл. - 25 красавіка 2003) - беларускі пісьменнік-публіцыст, літаратурны крытык, грамадскі дзеяч.

У 1929-36 г. вучыўся ў польскай школе ў Скрыбаве і Шчучыне, у 1936-39 - у польскай гімназіі ў Варшаве, у 1939-41 - у савецкай дзесяцігодцы ў Лідзе. Падчас ІІ Сусветнай вайны на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі займаўся арганізацыяй навучання дзяцей на беларускай мове ў Лідскай акрузе. У верасні 1942 паступіў на апошні курс сярэдняй школы ў Наваградак. У 1943 кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі накіраваны ў Саюз беларускай моладзі.

У ліпені 1944 пакінуў Беларусь, быў у Германіі, у 1945 пераехаў у Польшчу. Арыштоўваўся ў лістападзе 1945 органамі МДБ, але вызвалены польскімі ўладамі.. Закончыў у Жэшуве прафесіянальны інстытут права і адміністрацыі (1949). У снежні 1949 арыштаваны паўторна і асуджаны ў Менску на 25 гадоў. Вызвалены з ГУЛАГа ў 1956. Вярнуўся ў Варшаву ў 1957. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт (1970), атрымаў ступень магістра адміністрацыі. Жыў і працаваў у Варшаве.

Пісаў на беларускай і польскай мовах. Дэбютаваў як літаратурны крытык на старонках тыднёвіка «Ніва» ў 1965. Яго пяру належаць шматлікія публікацыі пра паэзію беларускамоўных аўтараў Польшчы, артыкул-даследаванне «Шляхам «Іліяды» Гамера» - пра зроблены Б. Тарашкевічам пераклад гэтага твора на беларускую мову, шмат рэпартажаў, эсэ, крытычных артыкулаў. Друкаваліся ў «Ніве», «Беларускім календары», апублікаваў (1996) біяграфічную аповесць «З перажытага».


План дзейнасці

грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2012 год

1. Асветніцка-педагагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2010-2011 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства.

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў

па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў: збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Стварэнне інтэрнэт-партала ТБМ і забеспячэнне яго дзейнасці

4. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

5. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

6. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

7. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час", "Верасень" і іншыя бела-рускамоўныя газеты і часопісы.

8. Правядзенне літаратурных сустрэч у межах кампаніі "Будзьма".

9. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне пікетаў, сустрэчы з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнана-цыянальнай дыктоўкі - 21 лютага (2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап -25 сакавіка).

10. Выданне "Правілаў дарожнага руху" на беларускай мове

11. Правесці рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух.

12. Краязнаўчы фестываль.

13. Выдаць насценны і кішэнны календары з нагоды 150 угодкаў паўстання 1863 года.

14. Выдаць паштоўкі да юбілеяў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка.

15. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў

16. Заснаваць узнагароду ТБМ па розных намінацыях за пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў гра мадстве.

17. Распрацаваць праект варыянту стандарту (на аснове агульнаеўрапейскага) на веданне беларускай мовы для

замежнікаў.

18. Адзначыць наступныя даты:

120 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча , беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, гісторыка, каталіцкага духоўніка. Памёр у 1949 г.

280 гадоў з дня нараджэння С.А. Панятоўскага (1732-1798) - апошняга караля Рэчы Паспалітай, ураджэнца Беларусі;

120 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча ,беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, акадэміка Беларускай Акадэміі навук. Загінуў у СССР у 1938 г.

120 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы , беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, хормайстра, народнага артыста БССР і СССР, Героя сацыялістычнай працы. Памёр у 1992 г.

75 гадоў з дня народзінаў М. Стральцова - пісьменніка (1937 - 1987).

130 гадоў з дня нараджэння А. Чарвякова (1892-1937) - дзяржаўнага дзеяча Беларусі;

70 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова , беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, археолага, доктара гістарычных навук, прафесара. Памёр у 1992 г.

125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна , дзеяча беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, пісьменніка. Памёр у 1920 г.

420 гадоў з дня нараджэння Яна Амоса Коменскага (1592-1640), чэшскага мысліцеля-гуманіста, педагога, грамадскага дзеяча. Стварыў сістэму адукацыі, якая зрабіла вялікі ўплыў на станаўленне асветы і педагагічнай думкі на Беларусі

180 гадоў з дня нараджэння Альфрэда Ромера (1832-1897) - жывапісца, графіка, мастацтвазнаўцы, этнографа.

130 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка (1892-1937) - драматурга, рэжысёра, акцёра, першага народнага артыста Беларусі.

85 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Кіпеля , беларускага грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі, доктара геалогіі, ганаровага доктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

100 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля (1912-1991), беларускага паэта, педагога.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы , беларускага паэта, народнага паэта Беларусі. Загінуў у 1942 г.

200 гадоў з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага , беларускага польскамоўнага пісьменніка, гісторыка, грамадскага дзеяча. Памёр у 1887 г.

180 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута , аднаго з кіраўнікоў паўстання супраць Расіі ў 1863 г. Загінуў у 1863 г.

210 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі ,беларускага і чылійскага педагога, геолага, мінеролага, этнографа, прафесара. Памёр у 1889 г.

100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка , беларускага паэта, народнага паэта Беларусі. Памёр у 1995 г.

220 гадоў з дня народзінаў Івана Грыгаровіча (1792-1852) - пісьменніка, гісторыка;

120 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас , беларускай грамадска-культурнай дзяячкі, пісьменніцы.

130 гадоў з дня народзінаў Міхаіла Кахановіча (1882-1934) - палітычнага дзеяча, педагога, дырэктара Віленскай беларускай гімназіі.

130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа , народнага пісьменніка Беларусі. Памёр у 1956 г.

125 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага (1887-1937) - палітычнага і грамадскага дзеяча, пісьменніка, першага старшыні ўраду БССР.

200 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма (1812-1891), беларускага паэта.

75 гадоў з дня нараджэння Дануты Бічэль , беларускай паэткі.

100 гадоў з дня нараджэння Фрыды Гурэвіч , рускага археолага, канд. гістарычных навук. Памерла ў 1988 г.

1150 гадоў з часу заснавання Полацка (862 г.)

910 гадоў з дня нараджэння Ефрасінні Полацкай .

650 гадоў з дня бітвы на Сініх Водах . Войска ВКЛ разграміла татарскае. Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Па-долле, а ў стратэгічным выніку - і Кіеўшчыну (1362).

600 гадоў ад наведвання нашай зямлі Еранімам Пражскім , удзельнікам гусіцкага руху, вучоным і асветнікам.

500 гадоў з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Рудога (1512-1584) - вайсковага, палітычнага, рэгілійнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

490 гадоў з часу заснавання Ф. Скарынам першай друкарні ВКЛ (1521-1522).

490 гадоў з часу напісання М. Гусоўскім "Песні пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго" (1522).

450 гадоў выдання С. Будным "Катэхізіса".

250 гадоў з дня нараджэння Яна Рустэма (1762-1835) - жывапісца, рысавальшчыка, педагога.

150 гадоў заснавання К. Каліноўскім "Мужыцкай праўды" - першай газеты на беларускай мове (1862).

90 гадоў заснавання Інбелкульта (1922).

90 гадоў выхаду "Геаграфіі Беларусі" А.Смоліча.

90 гадоў з часу абвяшчэння аўтаномнай Беларускай Царквы . Першым мітрапалітам абраны Мельхісэдэк, былы ігумен магілёўскага Багаяўленскага манастыра і выкладчык магілёўскай духоўнай семінарыі;

90 гадоў Дзвінскай беларускай гімназіі .

75 гадоў таму (29-30 кастрычніка 1937 г.) было расстраляна каля сарака прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: М. Зарэцкі, П. Галавач, Ю. Лявонны, В. Каваль, З. Півавараў; А. Варончанка, былы наркам асветы БССР, А. Дзякаў, былы наркам асветы БССР; А. Кучынскі, былы рэктар БДУ; П. Шастакоў, былы рэдактар газеты "Савецкая Беларусь" і іншыя.

14. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

70 гадоў Анатолю Бароўскаму , пісьменніку.

70 гадоў Вячаславу Рагойшу , беларускаму літаратуразнаўцу, крытыку.

80 гадоў Адаму Мальдзісу , беларускаму культуролагу, літаратуразнаўцу, пісьменніку, краязнаўцу, доктару філалагічных навук, прафесару.

75 гадоў Уладзіміру Содалю , пісьменніку.


Справаздача

Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2011 год

Шаноўныя спадарыні і спадары!

У кастрычніку адбыўся наш чарговы з'езд, на якім мы падводзілі вынікі нашай працы за апошнія тры гады. Таму я спынюся толькі на некаторых фактах нашай дзейнасці ў 2011 г., асабліва ў апошнія некалькі месяцаў.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Фрунзенскага раёна горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Зараз ідзе праца па стварэнні суполак ТБМ у Івянцы і Капылі. Аднаўляецца дзейнасць нашай суполкі ў Мазыры. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Добра дзейнасць ТБМ асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя" і іншыя радыёстанцыі.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, працягвае выходзіць у эфір рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штоаўторак і чацвер на АНТ). Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прынялі актыўны ўдзел у 4-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча. У Менску яна праходзіла ў памяшканні музея Максіма Багдановіча. Уакцыі ўзялі ўдзел амбасадары розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні.

У мінулым годзе выйшлі 4 і 5 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін).

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага.

Зараз моўныя заняткі для беларускай моладзі праводзіць Вінцук Вячорка.

У мінулым годзе актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Вера Канкаловіч.

Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ актыўна ўдзельнічае ў праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім, Эдуарда Акуліна, Станіслава Судніка.

Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыны з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

У мінулым годзе мы зноў пачалі выпускаць "Наша слова" у фармаце 8-мі палос. Нягледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары, і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Таму я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу мінулага года выдзеліла каля 1 мільёна рублёў на падпіску раённых і школьных бібліятэк ды музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

Значна пашырыліся нашы міжнародныя кантакты. У лістападзе 2011 г. намеснік старшыні ТБМ Д.М. Тушынскі прыняў удзел у ІІІ Форуме грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства, які адбыўся ў Познані. ТБМ было афіцыйна зарэгістравана як прадстаўнік Першай працоўнай групы: "Дэмакратыя і правы чалавека". На форуме было распаўсюджана каля 150 асобнікаў новага англамоўнага інфармацыйнага ліста ТБМ.

Усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі і Германіі.

Дзякуючы вялікім намаганням бацькоў і грамадскасці, з'явіліся першыя вучні, якія навучаюцца па-беларуску ў Магілёве, Гародні, Лідзе і Баранавічах. Толькі на Гарадзеншчыне было адкрыта 20 новых першых беларускіх класаў у рускамоўных школах, у якія пайшлі 169 чалавек. Аднак сітуацыя вельмі цяжкая, бо кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не вельмі жадае займацца пашырэннем беларускамоўнай адукацыі. Таму нашу дзейнасць у гэтым кірунку неабходна актывізаваць. У некаторых класах рускамоўных школ Менска зноў пачалі вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове.

Улічваючы сённяшнюю інфляцыю Рада ТБМ з 1 студзеня 2012 г. павялічыла памер сяброўскіх складак. Таму трэба актывізаваць дзейнасць па іх зборы. Вынікі фінансавай дзейнасці ТБМ за справаздачны перыяд наступныя.

На працягу 2011 г. на рахунак паступіла 170 719 114 рублёў. З іх ахвяраванні склалі 160 674 054 руб., складкі - 10 045 060 руб.

Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Павел Падкарытаў з Екацерынбурга, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Іна Казлоўская, Павел Чайкоўскі, Тамара Лазарук, Іван Кукавенка з Менска, Васіль Цынгалёў са Жлобіна, Тамара Талерчык, Роза Рымар, Лілея Некраш з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менску, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, Аляксандра Восіпава з Гомеля і многія іншыя.

7 кастрычніка 2011 года пасля паўгадавых перамоў з беларускімі ўладамі быў нарэшце зарэгістраваны грант на рэалізацыю праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", выдзелены ТБМ Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу года. Я заклікаю ўсіх сяброў ТБМ прыняць актыўны ўдзел у ажыццяўленні гэтага праекта. Рэальную дапамогу ў яго рэалізацыі нам аказвае Міністэрства культуры, а таксама наш партнёр Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

У снежні мінулага года ў межах гэтага праекта былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурса па мікратапаніміцы "Ведаем свой край", а таксама надрукаваны насценныя календары з выявамі помнікаў беларускага мураванага дойлідства.

У 2011 годзе мы ўзяліся за ажыццяўленне важнага праекту: пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. Складанасць гэтай працы палягае ў тым, што ажыццёўлены пераклад павінен быць прыняты Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таму і зацікаўлены мы ў шчыльнай супрацы з адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі дзеля рэальнага пашырэння ўжывання беларускай мовы ў такой галіне, якая датычыцца кожнага грамадзяніна нашай краіны, паколькі мы ўсе з'яўляемся ўдзельнікамі дарожнага руху. На сённяшні дзень тэкст Правілаў дарожнага руху на беларускай мове знаходзіцца ў выдавецтве і неўзабаве будзе надрукаваны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. Таму яшчэ адзін наш клопат: у самы бліжэйшы час адкрыць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Ажыццяўленне гэтага праекта дазволіць нам вырашыць наступныя задачы: 1) па-першае, размясціць інфармацыю пра гісторыю ТБМ, яе структуры, дзейнасць; 2) па-другое, аператыўна рэагаваць на выпадкі парушэння лінгвістычных правоў грамадзян; 3) па-трэцяе, выхад на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі і некаторыя іншыя.

У гэтым партале будуць прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Таму просім вас тэрмінова прыняць удзел у гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.

У студзені гэтага года ў газеце "Наша слова" ў адпаведнасці з рашэннем апошняга з'езду і Сакратарыяту ТБМ быў надрукаваны праект канцэпцыі Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", над якой ішла праца некалькі гадоў. Хачу выказаць падзяку асноўным распрацоўшчыкам канцэпцыі спсп. С. Судніку, Л. Баршчэўскаму, В. Вячорку і Т. Фадзеевай. Зараз мы павінны выкарыстаць гэты матэрыял падчас выбараў, якія адбудуцца ў гэтым годзе.

Шаноўныя сябры! Іншых умоў для дзейнасці ў нас пакуль няма. Таму давайце будзем ладзіць свае адносіны з усімі партнёрамі на аснове ўзаемапавагі, асабістай адказнасці за сказанае і зробленае. Калі мы будзем шанаваць і берагчы адно аднаго, дапамагаць у канкрэтных справах, а не шукаць выключна недахопы і промахі ў дзейнасці, мы даб'ёмся значных вынікаў у сваёй працы. Я ўпэўнены, што ў нас шмат прыхільнікаў, а нашыя мэты падзяляюць шырокія пласты грамадства.

Дзякуй за ўвагу.

Старшыня ТБМ А. Трусаў.


Саманазвы народаў

Шматнацыянальнасць Зямлі - гэта вясёлкавасць, музычнасць, пачуццёвасць і паўната свету. Што ж, хіба ад усяго гэтага адмовіцца?

Валянцін Распуцін.

Пад тэрмінам "народ" у навуцы разумеецца ўстойлівая міжпакаленная супольнасць людзей, якая склалася гістарычна, мае агульныя, адносна стабільныя асаблівасці псіхікі і культуры, а таксама самасвядомасць. Афіцыйна лічыцца, што на Зямлі пражывае каля 3-4 тысяч народаў. Для этнаграфіі важнае значэнне, сярод іншага, маюць саманазвы народаў.

Далей прыводзяцца саманазвы некаторых народаў у беларускай транскрыпцыі. У дужках абазначана краіна іхняга найбольшага пражывання.

Аварцы (Расія) - маарулал

Аўстрыйцы (Аўстрыя) - эстэрайхер

Адыгейцы (Расія) - адыгэ

Азербайджанцы (Азербайджан, Іран) - азербайджанлылар

Албанцы (Абланія, Сербія, Македонія) - шкіптар

Алтайцы (Расія) - алтай-кіжы

Англійцы (Англія) - інгліш

Арабы (краіны Паўднёва-Заходняй Азіі і Паўночнай Афрыкі) - аль-араб

Армяне (Арменія) - хай

Асамцы (Індыя) - асамія, ахамія

Асірыйцы (Ірак, Іран, Сірыя, Іарданія) - атурая

Асяціны (Расія) - ірон, дыгарон

Атапаскі (ЗША, Канада) - дэнэ, надэнэ

Балкарцы (Расія) - таулу

Баскі (Іспанія, Францыя) - эускалдунак

Башкіры (Расія) - башкорт

Берберы (краіны Паўночнай Афрыкі) - амазіг, аманаг

Бураты (Расія) - бураад

Бялуджы (Пакістан) - балоч

Венгры (Венгрыя, Румынія, Украіна) - мад'яр

Вепсы (Расія) - цягалажэт

В'етнамцы (В'етнам) - в'ет, кінь

Грузіны (Грузія) - картвэлі

Грэкі (Грэцыя, Кіпр) - элінэс

Даргінцы (Расія) - дарган

Датчане (Данія) - данскерэ

Дунгане (Казахстан, Кіргізія, Узбекістан) - дунган, у Кітаі - хуэй

Інгушы (Расія) - галгаі

Ірландцы (Ірландыя, Вялікабрытанія) - эрынах

Ісландцы (Ісландыя) - іслендынгар

Іспанцы (Іспанія) - эспаньёлес

Італьянцы (Італія) - італьяні

Казахі (Казахстан) - казак

Калмыкі (Расія) - хальмг

Карачаеўцы (Расія) - карачайлыла

Карэлы (Расія) - кар'ялайзет

Кіргізы (Кіргізія) - кыргыз

Кітайцы (Кітай) - ханьжэнь

Карэйцы (Карэя) - часон-сарам

Кумыкі (Расія) - кумук

Курды (Ірак, Іран, Турцыя, Сірыя) - курмандж

Лапары, саамі (Расія, Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя) - саамі

Латышы (Латвія) - латвіешы

Літоўцы (Літва) - летувяй

Лужычане, сорбы (Нямеччына) - серб'я

Лязгіны (Расія, Азербайджан) - лезгіяр

Малайцы (Малайзія, Інданэзія, Тайланд) - арангмелаю

Манголы (Манголія, Кітай) - мангол

Маньчжуры (Кітай) - нялма

Марыйцы (Расія) - марый

Нанайцы (Расія) - нані

Нарвежцы (Нарвегія) - норд-мэн

Нганасаны (Расія) - ня

Немцы (Нямеччына) - дойча

Ненцы (Расія) - ненэц, хасова

Палякі (Польшча) - паляцы

Партугальцы (Партугалія) - партугэзіш

Румыны (Румынія) - рамань

Рускія (Расія, краіны СНД) - русские

Сербы (Сербія, Боснія і Герцагавіна) - србі

Славакі (Славакія) - славацы

Таджыкі (Таджыкістан, Афганістан) - таджык

Татары (Расія) - татар

Татары крымскія (Украіна, Узбекістан) - крым татарлар

Тафалары (Расія) - тоха

Туарэгі (Алжыр, Малі, Нігер) - імашаг

Тувінцы (Расія) - тыва

Туркі (Турцыя) - цюрк

Туркмены (Туркменія, Афганістан) - туркмен

Тыбетцы (Кітай) - пеба

Удмурты (Расія) - угморт, удморт

Удэгейцы (Расія) - удыхэ

Узбекі (Узбекістан, Афганістан) - узбек

Фіны (Фінляндыя) - суомалайсет

Французы (Францыя) - франсэ

Харваты (Харватыя) - хрваці

Цыганы (у многіх краінах) - рома

Чарнагорцы (Чарнагорыя) - црнагорцы

Чачэнцы (Расія) - нохчый

Чувашы (Расія) - чаваш

Чэхі (Чэхія) - чэшы

Шведы (Швецыя, Фінляндыя) - свенскар

Шатландцы (Шатландыя) - скоцс

Шорцы (Расія) - шор

Чукчы (Расія) - лыго равэльтан

Эвенкі (Расія) - эвэнк, арачон

Эвены (Расія) - эвэн

Эскімосы (Грэнландыя - у складзе Даніі, ЗША, Канада, Расія) - інуіт

Эстонцы (Эстонія) - ээстласед

Юкагіры (Расія) - вадул

Якуты (Расія) - саха

Японцы (Японія) - ніханджын

Яўрэі (Ізраіль і інш.) - егудым (на іўрыт), ід, аід (на ідыш)

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, г. Берасце.



20 красавіка 2012 года ў г. Светлагорску Гомельскай вобласці будзе праводзіцца І V навукова-практычная канферэнцыя "Шацілкаўскія чытанні".

Маем гонар прапанаваць навукоўцам і даследчыкам узяць удзел у канферэнцыі, выступіць на ёй з дакладамі.

Падрабязна гл.: svetlahorsk.belarda.org


Яўген Шатохін - мастак і капітан

Кажуць, смерць сляпая. Калі паміраюць такія, як ён, пачынаеш сумнявацца...

Яшчэ не верачы чорнай вестцы, я набраў нумар ягонага тэлефона. І ён адказаў. Але ўжо голасам дачкі Маі. Вялікае беларускае сэрца мастака Яўгена Шатохіна стамілася адлічваць сваімі ўдарамі наш час.

Яўген быў творцам, што ішоў да прызнання ўпэўнена і імкліва. Яшчэ студэнтам гэты паляшук з прымружанапільнымі і заўсёды - прынамсі, да мінулага чацвярга, калі мы бачыліся апошні раз - крыху здзіўленымі вачыма браў удзел у маскоўскіх і кіеўскіх выставах. У трыццаць два ў Вялікім Усцюгу, куды закінуў лёс, - першая персанальная выстава. У трыццаць чатыры - зноў свая, але ўжо ў Маскве.

Пражыўшы два дзесяцігоддзі ў Расеі, Яўген меў добрыя магчымасьці заякарыцца (слова ў дачыненні да яго зусім невыпадковае) дзе-небудзь у Маскве або Ленінградзе, зрабіўшыся вядомым расейскім графікам беларускага паходжання. Але ён меў не беларускае паходжанне, а беларускае пакліканне.

Вяртанне ў родны Пінск падаравала Яўгену магутнае «другое дыханне». Услед за мастаком па-беларуску загаварылі і яго творы. Нашы мастацтвазнаўцы пачалі пісаць пра майстра краявіду, пра адметны «калючы» штрых, што працуе на ўнутраную ўраўнаважанасць кампазіцыі, пра адсутнасць у ягоных малюнках і акварэлях лішніх ліній і плямаў, пра тое, што шатохінскія графічныя аркушы прачытваеш, як быццам на ўзроўні падсвядомасці... На адкрыцці ягонай выставы «Я - паляшук» у менскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў размове пра творчасць Шатохіна згадваліся імёны Пётры Сергіевіча і Яўгена Куліка.

Якраз таленавітыя пераклады свайго захаплення светам Радзімы на мову алоўка і пэндзля прынеслі Шатохіну міжнароднае прызнанне. Ягоныя працы разыходзяцца па свеце ад Вялікабрытаніі да Паўднёвай Афрыкі. Ён працуе і выстаўляецца ў Нямеччыне і Польшчы, мае больш дзясятка персанальных выставаў у Францыі. Менавіта ў гэтай краіне, а дакладней, у горадзе Пэранэ (Peronne) паводле Яўгенавага прызнання, ён у апошнія гады знаходзіў душэўны супакой і найлепшыя ўмовы для працы, але не зачыняўся ў майстэрні, а імкнуўся як мага больш сказаць гасцінным гаспадарам пра сваю краіну, што стагоддзямі была ўсходнім рубяжом і аванпостам еўрапейскай культуры.

Францыя адказала на ягоную любоў узаемнасцю. Мастацтва Яўгена Шатохіна было ацэненае некалькімі французскімі ўзнагародамі, у тым ліку прызам Нацыянальнай асамблеі. Яўген стаў ганаровым грамадзянінам горада Альбэр. Адна з французскіх газет пісала пра мастака: «Трэба было, каб смелы барадач, што прыехаў з Беларусі, з краіны, якую не здолее знайсці на карце кантыненту і адзін з ста французаў, намаляваў вежу нашай мэрыі, царкву святога Жана, вуліцу Сан-Фурсі... і толькі тады людзі звярнулі ўвагу, як густы туман і струмені дажджу хаваюць сапраўдныя пярліны. Ах, яго Беларусь...Мастак жыве з шырока адкрытай ранай: ягоная краіна, пасля таго, як перажыла савецкае ярмо, усё яшчэ пад прыгнётам...»

Прыкладна ў той час у Пінску Яўгена з палітычных прычынаў звальнялі з пасады дырэктара заснаванай ім у 1988-м дзіцячай школы выяўленчага мастацтва, а затым з тых самых прычынаў цягалі па судах.

Ен быў чалавекам непахісных прынцыпаў і перакананняў. Гэта могуць засведчыць ягоныя аднапартыйцы з КХП-БНФ, сябры-мастакі з суполкі «Пагоня», удзельнікі пленэраў у родных мясцінах Васіля Быкава, Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды, куды Яўген, бывала, прыязджаў не з свайго Палесся, а з Францыі. Ад 1990-га да 1999 Яўген быў дэпутатам Пінскага гарсавету, узначальваў там камісію ў справах культуры, рэлігіі і спорту, нярэдка выклікаючы сваёй пазіцыяй шалёную нянавісць у апанентаў.

Калісьці даўно, недзе пад Піцерам ён купіў стары вельбот з рухавіком і дайшоў на ім да Белага мора. Пятнаццаць паўночных гадоў разам з мастаком сталеў і капітан.

Дахаты, у Пінск, адолеўшы некалькі тысяч кіламетраў па рэках і азёрах, развітаўшыся з Салаўкамі і Анегай, Яўген вярнуўся з сваёй яхтай... Мінулым летам мы невялікай сяброўскай кампаніяй здзейснілі на гэтай яхце, што завецца «Сакавік 25», фантастычную вандроўку ад Пінска да Турава. Дагэтуль сняцца белыя чаплі, прыбярэжныя вячыстыя дубровы, сонныя вужы на цёплым пяску...

Мы ішлі пад бел-чырвона-белым сцягам...

Уладзімір Арлоў , 22.01.2012.


ВЫКАЗЫ СА СЛОВАМ «РАК»

Шмат якія прыказкі і фразеалагізмы - «жывёльнага паходжання», г.зн. дастасоўваюцца да чалавека, але ўзніклі праз супастаўленне людскіх учынкаў, дзеянняў з паводзінамі жывёл, іх звычкамі, асаблівасцямі і г.д. З усіх жывёлін, што водзяцца ў рэках і азёрах Беларусі, найбольш пашанцавала ў гэтых адносінах раку. У даволі многіх выпадках ён аказваецца ў фокусе ўсёй увагі, выступае аб'ектам пераасэнсавання ў складзе адпаведных сказаў ці словазлучэнняў, якія здаўна ўжо сталі агульнавядомымі прыказкамі або прымаўкамі (фразеалагізмамі).

Напэўна, кожны чуў ці ўжываў прыказку Грозен рак, ды вочы ззаду як насмешлівы адказ на чые-небудзь пагрозы ў сэнсе 'няма чаго баяцца каго-небудзь'. Напрыклад, у адным з вершаў ваеннага часу Кандрат Крапіва пісаў пра Гітлера і яго імкненні захапіць ледзь не ўвесь свет: «Мы ж на гэта скажам гаду: - Грозен рак, ды вочы ззаду!»

А ў наступным урыўку з аповесці Я. Радкевіча чытаем: «- Калі не адмаўляецеся, можаце атрымаць заданне. Не адмаўляецеся? - Задам толькі ракі ходзяць , - нахмурана адказаў Салавянчык».

Дарэчы, пры ўзнікненні гэтых прыказак іх стваральнікі адштурхоўваліся ад назіранняў за асаблівасцямі ракаў: яны сапраўды плаваюць уперад хвастом, бо задняя частка іх цела, плоская і шырокая, лепш прыстасаваная да плавання, чым пярэдняя частка. Калі ж яны поўзаюць, то звычайна уперад галавой, але могуць поўзаць і задам. У некаторых разнавіднасцях ракаў адно вока, у іншых - пара фасетачных вачэй у галаве, якая зрастаецца з грудзямі (галавагрудзі). Паколькі ракі плаваюць толькі ўперад хвастом, то ў выніку назіранняў за паводзінамі ракаў склалася недакладнае ўяўленне, быццам вочы ў рака ззаду.

Наедак з ракаў - не вялікі (прыдатныя да яды толькі іх клюшні ды шыйка), таму і склалася прыказка На бязрыб'і і рак рыба (яе сэнс - 'калі няма нічога лепшага, дык прыходзіцца абмяжоўвацца тым, што ёсць'): [Данута:] Юстын Фаміч, вядома, не арол, але не горшы за другіх. Зразумела?.. [Гануся:] Зразумела... На бязрыб'і і рак рыба (Э. Валасевіч).

Прыказка Гора толькі рака красіць гаворыцца са спачуваннем пра чалавека, які шмат перажыў: Не глядзі, што я чорнай зарос барадой. Не зарос барадой, а зарос я бядой. Не дзівіся таксама з убораў маіх: гора красіць, Паліна, толькі ракаў адных (А. Куляшоў). У прыказцы на значэнне дзеяслова красіць ('упрыгожваць') наслойваецца яшчэ адно значэнне - праз супастаўленне з ракамі, якія, калі іх зварыць, робяцца чырвонымі. Аналагічна ўтварыўся і выраз пячы (спячы) ракаў , што значыць 'чырванець (пачырванець) ад сораму': Марыля... так дзіўна глядзела на мяне, небарака... Колькі спёк я там ракаў... (А. Гарун).

Ёсць у нашай літаратурнай мове і яшчэ некалькі прыказак з кампанентам рак : І ракаў не хачу, і ног не мачу (гаворыцца як катэгарычны адказ ад якой-небудзь прапановы суразмоўніка): - Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам... Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю... - Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу... (У. Караткевіч); Куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй (абазначае 'за старэйшым, больш дасведчаным, пераймаючы яго, цягнецца і маладзейшы, недасведчаны'): Вядома ж, куды конь з капытом, туды і рак з клюшнямі. Нахватаўся, мабыць, смаркач розуму ў гэтых крытыкаў і давай вучыць пісьменніка... (І. Навуменка); Любіў рак жабу, аж вочы выеў (гаворыцца з недаверам да таго, хто на словах любіць ці шкадуе каго-небудзь, а насамрэч гатовы нашкодзіць яму): Журналіст зарагатаў, яшчэ мацней абшчаперыў Тоньку. «Любіў рак жабу, аж вочы выеў», - падумала баба Зося (А. Кажадуб). Прыказка склалася ў выніку бачанага, як рак сваім кіпцюром неадольна ўчэпліваецца ў цела рыбы або жабы і знішчае яе.

Апрача памянёнага вышэй выразу пячы ракаў , маецца шмат іншых фразеалагізмаў, у вобразнай аснове якіх ёсць кампанент рак : калі рак на гары свісне (абазначае 'ніколі ці невядома калі (будзе, павінна адбыцца што-небудзь)': Толькі калі гэта будзе. Калі рак на гары свісне? (Л. Левановіч); паказаць, дзе ракі зімуюць каму ('жорстка пакараць, правучыць каго-небудзь так, каб не захацелася паўтарыць штосьці яшчэ раз'): «Дай божа мне атрымаць работу, - падумаў Сухарэўскі. - Тады я гэтаму Лакізе пакажу, дзе ракі зімуюць» (А. Асіпенка); ведаць, дзе ракі зімуюць - '(ведаць) як паступіць найлепш, больш выгадна': - Начальства не спіць, - Андрэй паківаў пальцам, - яно ведае, дзе ракі зімуюць... (Ц. Гартны); пазнаць, дзе ракі зімуюць - '(пазнаць) што такое сапраўдныя цяжкасці, гора ў жыцці, што значыць сапраўдная кара, суровае пакаранне': Ну што, выхадзілася, нябога? Ну, нябось, пазнала, дзе ракі зімуюць? А што, не казала я?! (В. Быкаў).

Што ж да прастамоўнага выразу да Масквы ракам не пераставіш каго (абазначае 'залішне многа каго-небудзь', то, зразумела, яго кампанент ракам не мае ніякага дачынення да назоўніка рак : [Цярэшка:] Хуценька саланіну, нясі яйкі, нясі гурочкі-галубочкі, капустачку кісленькую... Частаваць будзем. [Паліна:] Каго? [Цярэшка:] Начальства! Мяне! [Паліна:] Такога начальства да Масквы ракам не пераставіш (А. Макаёнак).

Як відаць з пададзеных прыкладаў, у народным уяўленні стаўленне да рака не зусім станоўчае, хутчэй - наадварот. Гэта бачым і ў выразе як з раку смаку (ён ужываецца пры словах карысці, выніку і абазначае 'зусім ніякай (карысці ад каго-, чаго-небудзь)'; напрыклад: Размова атрымалася цяжкай, працяглай і - безвыніковай. Карысці - як з раку смаку (А. Бутэвіч); Аж самому часам станавілася непамысна: каб такі дзяцюк ды лістам слаўся перад зялёнай дзеўчынёхай, а выніку, лічы, ніякага, як з раку смаку («Полымя»).

Іван Лепешаў.


Замова за мову

Дырэктарка адной з сельскіх школаў запрасіла мяне на сустрэчу са старшакласнікамі - расказаць ім пра сваю прафесію журналіста, з якой быў абручаны яшчэ ў 1952 годзе. Я вёў рэй па-беларуску, пытанні вучні і настаўніцы, якія прысутнічалі ў класе, задавалі таксама на роднай мове - і гэта радавала мяне, натхняла. А калі пасля сустрэчы спытаў у дырэктара, жанчыны інтэлігентнай, дабразычлівай, на якой мове настаўнікі размаўляюць па-за класам, дома, адказ быў шчырым? "На рускай - як і ўсе сёння ў вёсцы".

* * *

У раённай бібліятэцы на абанеменце маладая жанчына адабрала стос кніжак, падручнікаў і раманы дэтэктыўна-любоўнага жанру. Вядома, усе рускамоўныя. Назваўшы сябе, спытаў, твор якога беларускага пісьменніка яна прачытала сёлета. Адказала коратка: "Нікаво". То можа томік Васіля Быкава, класіка нашага, вядомага ва ўсім свеце, патрымалі? "Не чітала нічаво, мы его в школе проходзілі, а что - не помню". Яна студэнтка БДУ, вучыцца на экнанамічным факультэце - дадала да сказанага. Быццам эканамісту беларускамоўная кніжка і не патрэбная! Дарэчы, яшчэ чатыры маладыя і сярэдніх гадоў жанчыны ў чытальнай зале не назвалі ніводнага твору беларускіх аўтараў, прачытаных за год. З дакладу на чарговым ХVІ справаздачна - выбарчым з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў была агучана такая сумная лічба: "На апытанне сацыёлагаў у Менску і ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі: "Як часта вы чытаеце літаратуру на беларускай мове?", - 80 адсоткаў апытаных заявілі: "Не чытаю наогул", - вось так!

* * *

Запрасілі мяне на адно святочнае застолле ў кавярні, сабралася чалавек дваццаць, пераважна людзей сталага веку. Гучэлі рускамоўныя тосты. Папрасіў і я слова. Сядзеўшая паблізу знаёмая бабуля, настаўніца па прафесіі, нягучна заўважыла: "Не гаваріце только по-белорусску". А я не паслухаў - і тост выказаў на роднай мове. І быў абрадаваны - мне дружна запляскалі. Усе, акрамя той бабулі-дарадчыцы.

* * *

У 70-80 гады мінулага стагоддзя на гарадскім рынку у нядзелю ад вясковых жанчын сталага веку, што доўгім ланцужком стаялі ўзбоч плоту з дарамі сваіх садоў і агародаў, можна было пачуць беларускую мову: "Чарніцы", "Буякі", "Гарбузікі", "Журавіны", і г.д. Сёння вясковыя бабулі, не кажучы пра гарадскіх, што вучыліся ў маладосці ў рускамоўных школах, толькі па-руску называюць свой тавар: "Купіте тыкву", "клюкву", "чарніку", "картошку". Што тут здзіўляцца, калі з дынаміка над уваходам у шапік, дзе прадаюць дыскі з песнямі, на усю моц гучыць расейская папса, ад будынка адміністрацыі рынка праз узмацняльнік аб'явы гучаць таксама рускамоўныя. Ды і ўсе шыльды болей чым на дзвюх сотнях крытых павільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў рускамоўныя. На пытанне да знаёмай суседкі, пенсіянеркі, як яна ставіцца да гэтага поўнага засілля моўнай расейшчыны на рынку, пачуў адказ: "А мне что руская, что беларуская - какая разніца?" У доме нашым на 48 кватэр ніхто з жыхароў, акрамя аўтара гэтых радкоў, не выпісвае беларускамоўных газет, у суседнім 104-кватэрным доме - таксама!. Не меней за 90 адсоткаў жыхароў наогул не выпісваюць ніякіх газет.

Праведаўшы летам сваю вёсачку, дзе засталося пяць састарэлых бабуль, завітаў у сад да суседкі-пенсіянеркі - запрасіла адведаць яе свойскіх абрыкосаў. А ў садзе сустрэўся з яе маладзейшым гадоў на дваццаць братам, гараджанінам, рабочым. Пачуўшы маю беларускамоўную гамонку з яго сястрой, ён нечакана задаў пытанне: "Ты наверно нацыоналіст?" "Чаму, - пытаюся, - ты так лічыш?" "Гаварыш па бэнээфовску" - чую адказ. "А вось і не ўгадаў, я то сам беспартыйны, а мову матчыну не забываю. Шкада, што ты забыў яе, хоць вучыў у сельскай школе." Ён прамаўчаў.

Міхась Тычына , сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, г. Слуцк.


Акцыя беларускай песні прайшла ў Берасці

20 студзеня берасцейскія актывісты агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» правялі акцыю беларускай песні на адной з ажыўленых вуліц горада.

Падчас акцыі актывісты спявалі беларускія песні, выклікаючы зацікаўленасць мінакоў. У рэпертуары былі і «Песняры», і народныя песні, і любімы моладдзю гурт NRM.

Актывіст «Дзедзіча» Сяржук Кавалько кажа, што акцыя скіраваная на папулярызацыю беларускай мовы сярод берасцейцаў:

- Мы разам з моладзевай ініцыятывай "Аазіс" ладзім кампанію "Наша мова", падчас якой будзе шмат цікавых мерапрыемстваў, акцый, якія накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. І сённяшняя акцыя беларускай песні паказала, што тэма надзвычай актуальная ў Беларусі. Падчас акцыі некаторыя людзі падыходзілі і замаўлялі нейкія расейскія песні, але якое іх здзіўленне было, калі яны даведваліся, што тут спяваюць толькі па-беларуску. Людзі кажуць, што такога дзіва яшчэ не бачылі, беларускую песню проста так на вуліцы пачуць сёння немагчыма. І ў гэтым наша трагедыя.

Акцыя доўжылася з 17-й да 18-й гадзіны.

Наш кар.


"Радыёла-плюс" выдалабеларуска-польскі размоўнік

Мінскае прыватнае выдавецтва "Радыёла-плюс" працягвае сваю серыю "Беларускія ЕўраРазмоўнікі". Гэтым разам пабачыў свет "Беларуска-польскі размоўнік-даведнік".

Размоўнік выйшаў пад рэдакцыяй вядомага перакладчыка Лявона Баршчэўскага. Прадмову да выдання напісаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. Куратарам серыі з'яўляецца дырэктар выдавецтва "Радыёла-плюс" Уладзімір Сіўчыкаў.

- З аднаго боку, гэтая кніжка - своеасаблівы працяг нашай колішняй серыі "Беларускія Еўра-Граматыкі", якая і зараз доўжыцца. Гэта пэўнае адгалінаванне, і мы яго назвалі сугучна "Беларускія ЕўраРазмоўнікі". У гэтай серыі выйшла ўжо другая кніжка, і таму можна лічыць, што серыя адбылася.

Беларуска-польскі размоўнік-даведнік прызначаецца найперш тым, хто выязджае ў Польшчу ў камандзіроўку, на адпачынак, турыстам. Ён мае адметную структуру: можа не толькі дапамагчы карыстальнікам, але і адначасова зацікавіць іх у лепшым засваенні мовы суседняга народа. Дзеля гэтага ў склад гэтай кнігі ўключаны граматычны даведнік.

Наш кар.


Выйшла кніга пра гісторыі беларускіх сем'яў з Падлесся

"Ой даўно, даўно..." - беларускія гісторыі з Падлесся выйшлі кнігай. "Гісторыі ў гэтай кнізе - чыстая праўда, праўда, якая жыве ў памяці канкрэтных людзей, можна сказаць, іхняя праўда," - піша ва ўступе да кнігі рэдактар Мікола Ваўранюк.

Дзевяць расповядаў ўдзельнікаў праекта: Касі Бялькевіч, Дар'і Вапы, Ніны Ваўранюк, Дар'і Дажынка, Олі Мазурук, Ліды Пякарскай, Габрыся і Юліі Скаўронскіх, Юліты Тымашэвіч і Ігара Карнілюка. Гэта свайго роду гісторыя беларусаў Падлесся ў 20 стагоддзі: бежанства, вайна, пасляваенны перыяд. Кніга багата аздоблена сямейнымі, гістарычнымі ўжо фотаздымкамі, а таксама фотаздымкамі ўдзельнікаў праекту.

Чакаецца, што прэзентацыя кнігі пройдзе ўжо ў лютым ў Беластоцкай тэатральнай акадэміі. А кніжка выйшла ў свет дзякуючы фінансавай дапамозе Міністэрства адукацыі Польшчы і Маршалкоўскай управы Падлесся.

Гісторыя стварэння кнігі пачалася ў 2008 годзе, калі з'явілася ідэя сабраць успаміны падлескіх беларусаў, пра іх сем'і.

Пасля звыш двух гадоў працы з'явіўся спектакль "Ой, даўно, даўно... - беларускія гісторыі з Падлесся" - пераказы прадстаўнікамі наймалодшых пакаленняў успамінаў бабуляў, дзядуляў, цётак і бацькоў. На матэрыялах гэтай працы, якую правяло аб'яднанне "АББА", і нарадзілася кніга.

Валянціна Лаеўская.


Прэзентацыя беларускамоўных календароў

16 студзеня 2012 г. у сталічным Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя беларускамоўных календароў, выдадзеных Таварыствам беларускай мовы ў межах праекта "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці". Нягледзячы на тое, што паралельна ў суседнім памяшканні адбываліся іншыя імпрэзы, і пачатак прэзентацыі пераносіўся, ахвотных убачыць унікальную прадукцыю сабралася шмат. Прысутнічалі журналісты многіх друкаваных і электронных СМІ. Перад прысутнымі выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў, а таксама аўтар дызайну Ігар Марачкін. Вяла імпрэзу першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Напрыканцы кожны з прысутных атрымаў настольны каляндар з выявамі Менска, падпісаны Ігарам Марачкіным. У той жа вечар можна было ўбачыць тэлерэпартаж з прэзентацыі на канале "Белсат".

Наш кар.

На здымку: 1, 2 - прэзентацыя календароў; 3 - дызайнер Ігар Марачкін; 4 - наведвальнікі выставы.


СБП абвяшчае конкурс маладых пісьменнікаў "Экслібрыс"

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае конкурс маладых пісьменнікаў "Экслібрыс".

Гэты год выдаўся на дзіва багатым на юбілеі класікаў беларускай літаратуры: у 2012-м споўніцца 200 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма, 130 - Якуба Коласа і Янкі Купалы, 125 - Алеся Гаруна і Цішкі Гартнага, 100 - Максіма Танка, 95 - Янкі Брыля, 75 - Міхася Стральцова... Славутым юбілярам Саюз беларускіх пісьменнікаў і прысвячае гэты конкурс .

Да ўдзелу ў літаратурным спаборніцтве прымаюцца:

- Празаічныя творы;

- Паэзія;

- Драматургія;

- Літаратурная крытыка;

- Пераклады мастацкіх тэкстаў на беларускую мову;

- Пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову.

Узяць удзел у конкурсе могуць пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і перакладчыкі, не старэйшыя за 35 гадоў.

Тэксты на конкурс можна дасылаць да 1 траўня на адрас sbp lit-bel.org, абавязкова (!) пазначыўшы тэмай ліста "Экслібрыс". У лісце мусіць быць інфармацыя пра імя, прозвішча, дату нараджэння ўдзельнікаў, іх кантактныя нумары тэлефонаў і e-mail.

У журы конкурсу "Экслібрыс" увайшлі: Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч.

Па выніках літаратурнага конкурсу будзе праведзена вечарына ўзнагароджвання пераможцаў. Творы фіналістаў будуць надрукаваныя ў часопісе "Дзеяслоў" і газеце "Літаратурная Беларусь", іх аўтары атрымаюць магчымасць наведаць літаратурныя майстар-класы, якія правядуць вядомыя беларускія пісьменнікі. Па сканчэнні конкурсу пры СБП пачне працаваць Школа маладых літаратараў.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Наведванне першай асобай дзяржавы прынесла зрухі ў ліквідацыі наступстваў бяды, хаця і невялікія. Валюты на набыццё прыбораў, лекаў і абсталявання Беларусі амаль не выдзелілі, беларускіх будаўнікоў з Сібіры, Нечарназем'я, Прыбалтыкі, Арменіі на радзімныя гоні не вярнулі. Радыяцыйныя разваліны Беларусі прынесла Масква, а выбірайцеся з іх паслухмянчыкі і цягавітаўцы самастойна.

Праз хвілінаў колькі акадэмік Лягаса бярэ чыстую паперу, паволі задумліва выводзіць першыя радкі. Ён напіша ў галоўную газету краіны, папросіць, каб нічога з яго тэксту не выкідалі. Не правілі, не дапамагалі яму выказаць думку. Каб у рэшце рэшт зразумелі, чаму Лягаса можа пайсці на самы высокі акт даказвання і выказвання.

Чарнобыльская трагедыя ціха незаўважна будзе атручваць сотні і тысячы гадоў мільёны невінаватых мужчын, жанчын, дзяцей. Доўгія гады пасля трагедыі не было ў насельніцтва абгрунтаваных ацэнак дозаў радыяцыі і набраных у наступныя гады. Падзенне маралі і духоўнасці ў кіраўніцкім і вярхоўным стваральных колах планеты самаразбуральна вядзе чалавецтва па сцяжыне незваротнага змянення генафонду нацый, самазнішчэння дзяржаў.

Поўная кансервацыя ЧАЭС і новы саркафаг каштуюць чатыры-пяць мільярдаў долараў, іх няма. На войны чалавецтва грошы знаходзіць, на абарону сябе ад Чарнобыльскіх ядзерных наступстваў - не. На працягу стагоддзя для абароны адных беларусаў неабходны па два мільярды долараў штогод. Усяго два. Злачыннае бяздзеянне так званай сусветнай грамадскасці выяўляецца ў самым галоўным. Грошай Беларусь не атрымлівае. Як і Украіна. Талковага саркафага ўкраінцы ўзвесці не могуць. Сусветная супольнасць абяцае дапамогу, абяцае, абяцае…

Куды мы ідзём? Па кім будуць званіць жаўрукі ў небе, наогул ці будуць птушкі ў небе?

XVI

Сустрэча на калгасным выгане ўскрай вёскі Лубня поруч Мазыра не ішла з памяці акадэміка Лягасы. Шараговы ветэрынарны доктар, а выдаў - маскоўскім разумнікам на Старым пляцы не прысніцца: "Некаму трэба несці крыж. За дзеі/нядзеі дурняў абавязковая адплата - самому, родным, сваякам".

Дачка Івана Нямковіча хварэе, сам не надта пачуваецца; ведае, жывуць у рызыкоўнай чарнобыльскай зоне, - а нясе крыж. Церпіць.

Яшчэ ў Нямковіча вырвалася штосьці кшталту "возьмеш удар на сябе - выратуеш блізкіх". Хто б мог падумаць! Такія ідэі ў членаў Вялікай акадэміі рэдкасць. Сапраўды, працуюць людскія макатры не аднолькава - у залежнасці ад генаў, асветнасці, развіцця; залежаць не ад мясцовасці і пасаднасці стваральніка і носьбіта ідэі/думкі - ад галавы. Нараўлянска-мазырскі ветэрынар пераўзышоў многіх маскавітных.

Валерый Лягаса выключыў тэлевізар, буркнуў жонцы "я заняты", капаецца ў запісных.

- За мяне не трэба свечку несці, - перапыняе ўспаміны Валерый Лягаса. - За акадэмію я панясу, вазьму грэх. На сябе.

Дапісвае сказ. Крэсліць. Упісвае новы радок.

Усюды ў нас тайны, патаемні, тайначкі. Усюды не беражом чалавека. Толькі на дзень Перамогі 1990 года ў Санкт-Пецярбурзе ацалелыя ваенныя атамнікі ўпершыню заявілі пра сябе. Голасна, адкрыта. Паведамілі вядомае ім адным. (16)

- Чарнобыль не ўтаілі. Швецыя, Польшча, Англія, Германія, Румынія не далі ўтаіць гнюсоцце, - шэпча і не шэпча, вымаўляе і не вымаўляе акадэмік Лягаса.

Усё болей спісаных лістоў на канапе, падлозе, крэслах.

Гаспадар асобныя перачытвае. Хапае чыстыя лісты. Хуценька піша.

- Нехта павінны прыняць усіхны боль на сябе. Хтосьці павінны адплюшчыць вочы слепакам.

Рыўком вымае з папкі новы ліст. Піша.

Выступіў - у інстытуце, на канферэнцыі. Апублікаваў вывады.

Прынялі да ведама. Дайшло да рашальных чынавенаў ці не, акадэмік Лягаса не ведаў. Балота цынічнай безадказнай бюракратыі нават не ўскайданулася.

XVII

Вызначэнне арганізацыі, якая эксплуатуе АЭС, як асноўнай арганізацыі нагляду, не дае магчымасці рэалізаваць на практыцы адзін з фундаментальных прынцыпаў забеспячэння бяспекі атамных станцый - раздзяленне адказнасці паміж эксплуатоўнікамі АЭС і тымі, хто рэгулюе. Акадэмік Лягаса ведаў, адказнасць за бяспеку АЭС была размеркавана ў СССР паміж шматлікімі арганізацыямі (генеральны праекціроўшчык, галоўны канструктар, эксплуатацыйнікі), хаця фактычна адказвала за бяспеку адна дырэкцыя атамнай станцыі.

Аднак адпаведна з нарматыўнымі дакументамі дырэкцыя АЭС магла адказваць толькі за прадпісаныя ёй рэгламенты эксплуатацыі. Утворанае размеркаванне функцыяў зніжала неабходную культуру бяспекі АЭС ва ўсіх асобаў, органаў і арганізацыяў, што мелі зносіны з ею.

З 1974 года да 1986 года ў СССР прынята і надрукавана амаль шэсцьдзесят зводаў палажэнняў па атамнай бяспецы. У іх выкарыстаны міжнародны досвед распрацоўкі нарматыўных дакументаў. У пачатку 70х у краіне ўведзены спецыяльныя правілы бяспекі станцыяў. Глыбокаэшалаваная абарона, адзінкавая адмова асобнага вузла рэактара або самога рэактара, аналіз бяспекі на аснове магчымых падзеяў аварыі, прынцыпы і крытэрыі бяспекі праектавання актыўнай зоны рэактара, сістэмаў бяспекі, сістэмаў супынку рэактара ў Савецкім Саюзе выдатна разумелі. Выкарыстоўвалі міжнародны досвед і ў гэтым.

Але ў краіне ўсе правілы мелі ў асноўным рэкамендацыйны характар. Фармальна дадзеная рэкамендацыйнасць дазваляе зняць любыя абвінавачванні ў невыкананні патрабаванняў да нарматыўных дакументаў з распрацоўшчыка рэактара. Дазваляе заявіць канструктарам, што недахопы канструкцыі рэактара не з'яўляюцца вынікам парушэння якіхнебудзь нарматываў. Распрацоўшчык рэактара і канструктар маглі выталкоўваць нарматывы як ім зручна, і пры гэтым не парушаць ні адно патрабаванне органаў нагляду.

Як сцвярджаюць вучоныя В.Г. Бар'яхтар і іншыя (на іх вывадах і асноўваецца аўтар), галоўнымі перадумовамі аварыі на ЧАЭС сталі:

- адсутнасць заканадаўчага рэгулявання адносінаў у выкарыстоўванні ядзернай энергіі;

- прысваенне асноўным прынцыпам ядзернай бяспекі рэкамендацыйнага характару;

- адсутнасць у СССР незалежнага рэгуліроўнага органа;

- існаванне практыкі ўскладання адказнасці на эксплуатацыйную арганізацыю, хаця прыняцце рашэнняў, размеркаванне рэсурсаў, адпаведныя паўнамоцтвы перада-валіся іншым дзяржаўным органам. (17)

Першы блок ЧАЭС пушчаны 26 верасня 1977 года, другі блок - 17 лістапада 1978 года, трэці - у снежні 1981, чацвёрты - у снежні 1983. Пуск пятага энергаблока быў намечаны на канец 1986. Пасля красавіцкай аварыі будаўніцтва пятага і шостага энергаблокаў спынілі.

Паслявыбуховы пуск першага энергаблока ЧАЭС быў першага кастрычніка 1986 года, другога - пятага лістапада 1986, трэцяга - трэцяга снежня 1987.

Тэхнічны праект рэактарнай устаноўкі РБМК1000 распрацаваны для Ленінградскай АЭС і зацверджаны ў НСТ Мінсярэдмаша СССР у кастрычніку 1967. Болей ён не дапрацоўваўся і не пераглядваўся. На жаль, праект чацвёртага блока ЧАЭС меў істотныя адхіленні ад нормаў і правілаў па бяспецы ў атамнай энергетыцы. Гэтыя адступленні распрацоўшчыкі праекта не абгрунтавалі і не ўзгаднілі ва ўстаноўленым парадку ў належных арганізацыях.

Праектныя недахопы рэактара РБМК1000 выявіліся пасля пуску першага блоку Ленінградскай АЭС у снежні 1973 года. Віну за тую аварыю ўсклалі на персанал. Хаця высновы расследвальнай камісіі адназначна сведчылі - прычына аварыі ў прынцыповых недахопных асаблівасцях канструкцыі рэактара, а не ў памылках эксплуатацыйнікаў.

Правяральная камісія выявіла істотныя праектныя недахопы. Аварыя адбылася зза прынцыпова няправільных асаблівасцяў у канструкцыі рэактара, а не памылкаў персаналу.

9 верасня 1982 года адбылася сур'ёзная аварыя на першым блоку ЧАЭС. Радыеактыўнасць вылецела вонкі. Вінаваты аператар. Памылкова прыкрыў клапан, а трэба было яго адкрыць. Але аўтаматычная аварыйная абарона не спрацавала, разбурылася зборка для паліва. Рэактарная ўстаноўка была неабаронена ад памылковых дзеянняў персаналу. Аварыйная абарона ў самім рэактары дзейнічала занадта марудна.

…Думкі акадэміка Лягасы паўтараюцца, успаміны наплываюць адзін на другі. Ускрыліся сур'ёзныя канструкцыйныя недахопы рэактараў у 19811983 гг. пры пусках трэцяга і чацвёртага блокаў ЧАЭС і першага блока Ігналінскай АЭС (1985). Пры эксплуатацыі чацвёртага блока ЧАЭС не раз адзначалі, што стрыжні СУЗ замест адмоўнай рэактыўнасці ўносілі дадатную. Ажно пяць секунд. Часта выпадалі сігналы аварыйнай абароны. Па магутнасці і па хуткасці нарастання. Гэта паказвала не толькі слабую эфектыўнасць абароны, сведчыла, што ўводзіцца як адмоўная, так і дадатная рэактыўнасць (эфект выціснення).

Сходу былі намечаны меры па ўхіленні недахопаў. Аднак ні адна з іх не была выканана: абмежаванні на выцягванне стрыжняў РР да верхніх канцавікоў, дапрацоўка канцавікоў, дапрацоўка стрыжняў СУЗ3. Галоўны канструктар акадэмік Даляжаль прызнаў недахопы, дадаткова прапанаваў меры па кампенсацыі рэактыўнасці. Таксама нічога не было зроблена. Ніхто ад Мінсярэдмаша і Атаммаша не прасачыў, ці выконваецца неабходнае.

У 1975 годзе прапанову навуковага кіраўніка акадэміка А.П. Аляксандрава пра абавязковае пастаяннае ўвядзенне нейтронных паглынальнікаў у ніжнюю частку актыўнай зоны рэактара прынялі ў Мінсярэдмашы, гэтае міністэрства адказвала за ўсе атамныя будоўлі дзяржавы. І зноўтакі нічога не зрабілі. Выканалі рэкамендацыі толькі пасля аварыі на ЧАЭС. Не адразу выканалі, праз гады - у 1993 годзе.

Аналагічнае злачыннае абыякаўскае стаўленне міністэрскіх і саўмінаўскіх бюракратаў праявілася ў 1975 годзе пасля аварыі на Ленінградскай АЭС. Пасля аварыяў у 1980 годзе, у 1983, 1984 гг. Нават прапановы ў 1984 годзе Галоўнага канструктара па кампенсацыі эфекту выцясняльнікаў не былі выкананы Мінсярэдмашам.

Акадэмік Лягаса ўжо не даведаецца, што ў красавіку 1993 года на трэцім блока Ленінградскай АЭС адбылася падобная аварыя, разбурыўся тэхналагічны канал. Прычына - адмова запорнарэгуліроўнага клапана (ЗРК), канструкцыйная недапрацоўка. Толькі цяпер сталі найхутка масава замяняць ЗРК на ўсіх блоках АЭС з рэактарам РБМК. У тым ліку і на энергаблоках ЧАЭС. Толькі цяпер.

Позна, ох як позна і паволі круцяцца мазгі ў кіраўнічкоў, выпеставаных кампартсістэмай!.. Не вісела над імі пуга асабістай матэрыяльнай адказнасці за нязробленае. За страты людскія. Не баяліся турмы, расстрэлу.

Памыліцца можа кожны, памылкі даруюць усе разумныя. Але за сістэматычныя памылкі, як нявернасць клятве, трэба не папракаць - караць. Як было ў святой язычніцкай даўніне.

Аб'ектыўка. Выбух на Чарнобыльскай станцыі з чацвёртага рэактара выкінуў чатыры тоны ядзернага паліва, з 190,2 тоны. Самыя лёгкія рэчывы ўзняліся на адзін кіламетр, уключыліся ў глабальную цыркуляцыю атмасферы. Толькі 25% радыеактыўнасці выкінула ў першы дзень. З 26 красавіка да шостага траўня зямля, людзі, прастора атрымалі дозу радыяцыйнай атруты нашмат большую за выкінутую ў дзень выбуху.

100 тон паліва забетанавалі. Па іншых сцвярджэннях да 160. Тэмпература перахліствала 2000 градусаў. Паліва сплавілася з канструкцыямі, абсталяваннем, сценамі; вага кангламерата/лавы ад 450 да 300 тон. Працэс бетанавання толкам кантраляваць верталётчыкі і ліквідатары абсалютна не маглі. Побліз разбуранага рэактара радыеактыўнасць захліствала за 3000 рэнтген. Радыеактыўную рэакцыю чалавеку супыніць практычна немагчыма. Калі прыхаваны бетонам схрон/лава нечакана выбухне, а саркафага/укрыцця практычна няма, то, у які раз паўторна крэсляць думкі акадэміка Лягаса, войны ў Азіі і ў Афрыцы, забастоўкі ў Амерыцы і ў Еўропе, габрэйскапалестынскія жарсці стануць дзіцячымі гульнямі ў пясочніцы. Самазнішчэнне планет не запланавана Правідэнцыяльнасцю. Аднак знікне Еўропа. Не толькі яна. Засталага паліва ў чацвёртым рэактары, плюс паліва астатніх трох рэактараў, яны працуюць, будзе дастаткова, каб звергнуць усю планету ў даледніковы перыяд.

Не чалавека - казюркаў не стане на цудоўнай абжытай планеце Зямля!

Немагчыма асіліць гарэтнай Украіне ўзвядзенне другога саркафага, магутнейшага, складанага. Няма трохчатырох міліярдаў даляраў. Заможныя Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўропа знішчаць самі сябе крыхаборствам у такім найважным для чалавецтва пытанні.

МАГАТЭ не хоча нічога бачыць, усё яшчэ верыць першапачатковаму савецкаму патайніцтву і ўкрывальніцтву. Французскія спецыялісты і ўкраінскія рабочыя пачынаюць будаваць укрыццё, марудна будаваць.

Куды ляціць чалавецтва? Няўжо ў бездань?!

XVIII

Дзеля славы Яго спяваюць птахі і расчыняюцца кветкі. А што зрабіў ты і падобныя? Не абараніў людзей і каменне, дрэвы і чарвякоў, - дыханне жывога Бога. Ты ўсё жыццё працаваў і слухаў, не пярэчыў, згаджаўся. Гэта, лічыш, аснова для шчасця?

Акадэмік Лягаса пры ўсёй яго асветнасці не ведаў, што самы найвялікі чалавек толькі наймалую кропку можа зрушыць у вышынях. Пры вялікім збегу абставінаў і ўдачы. Пры вялікіх вымалітваннях Найдобраму, Усебачнаму, Наймагутнаму і плённай дабрачнасці словаў і ўчынкаў. Спакойнасці перад Богам і Яго матылямі, людзьмі.

Не кожны можа ўсвядоміць халодную неабходнасць любой хвіліны быцця, як і штодзённую натуральнасць пакутаў і непаладкаў, кожная з якіх зніжае шал і напругу жыцця. Разбівае крышталь ілюзіяў. Спрэчка ў сям'і для слабага, бясстрыжневага можа стаць роўнай выбуху на ЧАЭС. Не мелодыі песні - выгаласы пакутаў гомельскіх ліквідатараў і перасяленцаў вярэдзілі душу акадэміка.

Сіла не трэба, розум не трэба, зарадка не трэба. Усё выканалася і адбылося. Дрымлівая нямотная сціхота ўнутры чалавека, наўкол чалавека. Барвянае сонца скрозь заплюшчаныя веі ўваходзіць у чалавека. Не саграе.

(Працяг у настумным нумары.)


Размова са старым шляхціцам

(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч, 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш. )

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)


- У яго былі 4 работнікі. Якія даходы атрымліваў?

- Я сам не разумею, як ён выкручваўся. Зямля была раскідана, як у вёсках. Але ж у вёсках хоць былі шнуры - табе, мне, другому і трэцяму, а ў яго былі такія дробныя надзелы, што яго 70 гектараў былі падзелены амаль што на 200 дзялак.

- Аднак!

- Як можна было гаспадарку пры гэтым весці хораша!

- Дык, гаспадарка ў Воўкавічах была ў арэндзе?

- Так, десяткі гадоў у арэндзе. Дзед жыў у Едках, дзве гаспадаркі весці быў не ў стане. Дык гаспадарка ў арэндзе і дабівалася. Ты ўяві, складзена са шматкоў і яшчэ ў арэндзе сколькі часу.

- А колькі ўраджаю арандатары аддавалі гаспадару?

- Знаеш, дзе як. Бывала што і палову аддавалі, а ў нашым выпадку, калі не было каму прыглядваць, была дамова агульная, аддавалі меней і 5 рублёў падатку ў год плацілі пры цары.

- А колькі можна было з вашай гаспадаркі зарабіць у год?

- Такая запушчаная сельская гаспадарка была ў гэтых месцах! Я яшчэ малы быў, спытаў у бацькі: "Чаму ў Яна Гейштафта такое дробнае вымалачанае жыта?". А бацька кажа: "Яно ўсё было такое. А Ян ніяк не можа прыладзіцца да новага часу. Пайшло новае насенне, жывёла пайшла іншых парод, а ён не можа, у яго і конікі малыя, і кароўкі малыя, і збожжа малое". А Ян Гейштафт жыў неяк з гаспадаркі, не так ужо і кепска жыў. А ў бацькі была жывёла добрая, карова была 600-700 кг, гэта ўжо нешта!

- Колькі ў год збожжа прадавалі?

- Збожжа мала, у асноўным жывёлу. Гектар, у сярэднім, жыта мог даць, пасля лубіну, цэнтнераў 50, але гэта раз у два годы... ратаваў лубін.

Я, ужо пасля вайны, спытаў неяк у цёткі: "Чаму вашы мужыкі курылі самасад?" Абодва курылі. Гэта была дзяржаўная справа: гарэлка, тытунь, нельга было вырошчваць, строга сачылі. А яна кажа: "Я тытунь высаджвала, дзе небудзь сярод жыта". А там быў такі непрахадны хутарок Татаршчына, сярод балота, дык і кажа: "Пакуль жыта ўбіраць, я тытунь убяру". А тытунь быў дарагі, малы пачак, недзе грам 100, быў 80 грошаў. Вось яна там тайком, ціхенька, маўчком ... але была разумная жанчына. Камандавала яна ўсім.

- Якія - небудзь газеты ваш бацька выпісваў?

- Нашы выпісвалі сельскагасрадарчую газету "Plien", з Варшавы, і яшчэ ішлі нейкія сельскагаспадарчыя часопісы, я іх любіў глядзець.

- А радыё было?

- Было 4-х лямпавае радыё. Яно і вайной працавала, але цяжка было з батарэямі. Батарэі для яго былі - дзве сухія і акамулятар. Да вайны польскія станцыі слухалі - Вільня, Варшава, Кракаў, Чанстахова ішла, а вайной я асабліва запомніў перадачу "To mowi Londan", Суседзі любілі прыйсці паслухаць Лондан.

- А калі купілі прыёмнік?

- Колькі сябе памятаю - быў заўсёды. Часу сядзець каля яго не было. Але я ўключаў музыку якую, калі Адам Хруль прыйдзе паслухаць.

- А што пра бацьку свайго раскажаце?

- Бацька халасцячыў, халасцячыў і нахаласцячыў амаль 50 гадоў. Дык, у такім узросце і выбіраць не было з каго. Узяў 20-гадовую, маю маці.

- Давайце падрабязней пра вашага бацьку паразмаўляем, у якім годзе ён у Амерыку ездзіў?

- Быў там адзін год, вярнуўся ў 12-м годзе. Быў у Бостане, па ўсяму відаць, што там добра было. Ен працаваў на мясакамбінаце, ну рабочым простым, гаварыў, што мяса ў каўбасную машыну віламі закідваў. І за год зарабіў такую гаспадарку, якую тут ужо меў. Больш за 1000 царскіх рублёў прывёз. Сястра Клементына ў Лідзе замуж выходзіла, патрэбна было вярнуцца. Вярнуўся, як раз грошы былі патрэбны на вяселле сястры. Хацеў яшчэ купіць фальварак Крэцавічы між Пашкавічамі і Петрашунцамі, гектараў 30 з лесам. Але не атрымалася. Аднак сястры дапамог капітальна, выдаў замуж, і маладыя ўзялі ў арэнду фальварак Парадунь. Там іх застала вайна 7 і за вайну з гэтай гаспадпркі яны зарабілі, каб купіць сабе фальварак Надзею, 70 гектараў.

- А чаму ў Амерыку паехаў, сябры паклікалі ці як?

- Яму ўжо было за 30. Ён будаваў чыгунку, ну гэту, навейшую

- Так, Балагое - По-лацк - Сядлец, наш участак з Маладзечна на Масты.

- Працаваў, зямлю вазіў, плацілі добра. Яго швагер, старэйшай сястры муж, ён быў падрадчык, зямлю, камень вазілі. І бацька ў яго працаваў. Жыў у Едках з братам, які ўжо меў сям'ю. Потым з братам яны падзялілі гаспадарку. Брату сямейнаму пакінуў распрацаваны фальварак у Едках, пад Лідай, усё ж цэнтр павету, усё блізка, тая ж чыгунка. А сам, з малодшай сястрой Клементынай паўшоў на балота, у Воўкавічы. Дарогі цяперашняй на Радунь не было, сувязі з Лідай не было. І вось адзін раз прыйшоў з работы, вечарам, а сястра кажа, што едуць трое хлопцаў у Амерыку. З іх адзін быў блізкі сябар дзяцінства, Юзаф Падэйка. Пайшоў развітацца, пасядзелі, пагаварылі, і вырашыў і сам ехаць. Праблем не было, былі б грошы на дарогу. Агенты падбіралі рабочую сілу, і трэба было толькі за дарогу плаціць. Арганізацыю яны бралі на сябе. Ну прыйшоў дамоў, узяў колькі пар бялізны, тое-сёе, і пайшоў. Нелегальна перайшлі рускую граніцу, усе ўжо было арганізавана, салдат рускі толькі разаслаў шынельку цераз разараную паласу і сказаў у пацёмках: "Скачы!". А каштавала гэта рубель з чалавека. Было іх 5 чалавек, і карова тады каштавала 5 рублёў. Пасля мяжы, у Германіі ўжо быў арганізаваны транспарт, і прыехалі яны ў Брэмен, селі на карабель. Два тыдні гайдаліся ў моры і прыехалі ў Амерыку. І праз год сястра піша што выходзіць замуж. Юзаф Падэйка, сябар, кажа: "Едзь, выдасі сястру замуж, калі не будзе грошай вярнуцца ў Амерыку - я прышлю." І паехаў. Сястра выйшла замуж, даў ёй 700 рублёў як пасаг, арэнда Воўкавіч скончылася, і трэба было некаму тыя свае 70 гектараў абрабляць. Застаўся. Трэба было падрамантаваць свой фальварак, ён столькі гадоў хадзіў па арэндзе. Пакуль тое ды сёе - і вайна. І скончылася язда ў Амерыку.

- А як ён жаніўся?

- Жаніўся ў 25-м. Ужо не было каго і браць. Яму пасаг жончын не патрэбен быў. Ён ужо быў вырашыў і не жаніцца. Вырашыў пры сястры пражыць, з сястрой Клементынай у сям'і былі добрыя адносіны ўсё жыццё. У вайну 8 нешта з немцамі не паладзіў. Ну, немцы любілі добрых гаспадароў. І падаткі трэба было плаціць. А што ён тут мог адзін? Ну пазачыняў усё і пайшоў да сястры. Потым, казаў, памяняліся жандары. У Пелясе яны стаялі. Калі памяняліся яны, прыехаў немец - жандар да суседа і сказаў, каб знайшоў Хруля, і каб ён ехаў гаспадарыць. "Мы знаем, ён з нашымі папярэднікамі не ладзіў, з намі ён паладзіць". Жанлары ў Пелясе жылі як у раі. 12 чалавек іх там стаяла, кармілі іх, паілі ўсёй акругай.

- І ўжо вырашыў не жаніцца, а што потым было?

- Захварэў зваротным тыфам. І адзін чуць не памёр. Пакуль ачомаўся, ужо сказалі, што памёр, і пачалі гаспадарку дзяліць. Вось тады і вырашыў жаніцца. Брат з Едак пачуў, што памёр, прыехаў з Едак да Дзітвы і пытаецца ў людзей, ці памёр? "Не, - кажуць, - не памёр, ужо ходзіць". Развярнуўся і паехаў назад. Хутка далажылі. Ага, раз так, узяў і жаніўся.

Тут, у Воўкавічах, яшчэ мой дзед фальварак адзін з трох злажыў. Да 30 спадчынных гектараў яшчэ 40 дакупіў.

Пра сям'ю і г.д.

- А пра паўстанне 1863 г. у сям'і гаварылі?

- Мая сям'я была намнога за мяне старэйшая, мне ўжо не было адкуль што даведацца. Дзед удзелу ў паўстанні не браў... Гаварылі, што многа маёнткаў было канфіскавана царом тады... Быў адзін Гейштафт Ежы, ён быў малодшы за дзеда. Бацька, калі прыязджаў у Воўкавічы (там сядзелі пасэсары), дык заходзіў да яго, ну каб пераначаваць, паміж імі былі сувязі яшчэ дзядоўскія... ну дык ён прымаў удзел ў паўстанні.

У дзеда Марціна быў брат малодшы, Віктар. Мой траюрадны брат Ян Хруль прымаў удзел у нейкай змове супраць цара, аднак не памятаю, пра якога цара казалі ... Ян жыў у Вільні, вучыўся і трошкі працаваў і прымкнуў да рэвалюцыянераў, рэвалюцыянеры былі рускія. І яго прыгавырылі да расстрэлу. У Воўкавічы прыехаў прыстаў, ну і тут сабраліся мужчыны, пра Яна добра расказалі. Прыставу, як гаворыцца, "усунулі" 9 .

- Дык, прыстаў чаго прыязджаў?

- Ну дык па месцы зняць следства, даведацца ўсё пра Яна. Ну і напісаў ён харошую паперу, што маўляў, трапіў выпадкова, і яму прысудзілі пажыццёвую высылку ў Сібір.

А тут сын Віктара - Адам (бацька Яна) працаваў у маёнтку Гародна па бухгалтарскай частцы.

- У якія гады?

- Ну яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. У Гародна, памоему Патоцкі 10 быў гаспадар, Патоцкія тут не жылі, жылі ў Парыжы. Але пад Беластокам і ў Гарадзенскай і Віленскай губернях усе былі іх маёнткі, так, што маглі яны па гэтых дзвюх губернях праехаць толькі па сваёй тэрыторыі. Яны ў тры гады, можа, раз прыязджалі, так паглядзець. Потым яны началі прадаваць усё пагалоўна, пайшла распрадажа.

Гэта жонка Адама Хруля раказала майму бацьку. Ну і ў руках Хруля была ўся бухгалтэрыя. І ўся распрадажа ішла цераз него. Яго і эканома. А пасля прадаж Патоцкія прыслалі рэвізію. І ён кінуў сям'ю, і драпануў у Амерыку. Тады было свабодна. У Гераманіі сеў на карабель і паехаў. Ен у Амерыцы адразу пабудаваў два трохпавярховыя дамы, адсюль павёз чамаданчык грошай Патоцкіх. Ну і свае грошы меў. Яго жонка расказвала, што ў Гародна яны жылі "не горш за Патоцкіх". Усе меў ад Патоцкіх, нават соль. І атрымоўваў годную зарплату.

- А яго сын вучыўся ў Вільні і далучыўся да рэвалюцыянераў?

- Так. Гэта было потым. Адам пакіную сям'ю. А што сям'і было рабіць? Яна забрала дзяцей і пераехала сюды ў Воўкавічы. І бацька мой з Едак сюды пераехаў. Жылі яны цераз плот. Яна была Даўгялянка, у дзявоцтве - Марыя Даўгяла. Адам нейкі час працаваў у Амерыцы настаўнікам.

- Меў адукацыю?

- Ну, так. Дзе вучыўся, не ведаю. Ну, а далей ён адкрыў у Амерыцы фабрыку шакаладу. Ен дзецям сюды прысылаў грошы, на вучобу, кантакты былі. На гэтыя грошы адзін з сыноў Адама - Тэафіл атрымаў у Варшаве вышэйшую адукацыю харчавіка, і бацька яго тут жа забраў у Амерыку. Бацька яму адразу падрыхтаваў шакаладны цэх, і ён там прыжыўся, развіў фабрыку 11.

Трэці сын Адама, так-сама Адам, жыў з намі цераз плот з маці. І ён трапіў у армію перад самай Сусветнай вайной, у гвардыю, гвардыю царыцы. Служыў у Магілёве. Служыў у штабе. Прысвоілі яму афіцэрскае званне. Пры бальшавіках, пасадзілі яго начальнікам ваенкамата дзесьці ў Сібіры. Сядзеў, як мыш пад венікам. Але на бальшавікоў наглядзеўся. Што там выраблялася, страшная справа! Хапалі ўсіх. У 1924 годзе вернуўся сюды. З'ездіў у Амерыку, атрымаў спадчыну па бацьку. Вярнуўся назад. Яго тры разы войтам выбіралі ў Радуні. Закон быў такі, як выбраў народ - паўгода павінен адпрацаваць. Потым можаш і ў дэміссію падацца. У 1939 г. яго бальшавікі не зачапілі, хаця ніводнага жывога войта не пакінулі. Казалі, што той брат, Ян Хруль - рэвалюцыянер у Маскве быў буйным чырвоным начальнікам. А Адам, як Саветы прышлі, дык працаваў бухгалтарам у райспажыўсаюзе ў Радуні. А калі ў калгасы сагналі, яго бухгалтарам у калгас перавялі.

Адам мне і пра род наш шляхецкі расказваў. Усё, што я чуў пра род - гэта ад Адама, ён жа мне - траюрадны брат. Розніца ва ўзросце вялікая была, але ён любіў са мной гаварыць, ён мне расказваў пра вайну, Расею, бальшавікоў, Сібір.


7 Маецца на ўвазе Першая Сусветная вайна.

8 Маецца на ўвазе Першая Сусветная вайна.

9 Ян Адамавіч Хруль - шляхціц, слесар-тэхнік; нарадзіўся ў 1886 г. у Радуні; вучыўся ў хімічнай-тэхнічнай вучэльні, затым на вячэрніх тэхнічных курсах. У 1904 г. працаваў у Варшаве, сябар Партыі польскіх сацыялістаў пад мянушкай «Ян», наведваў гурткі; арыштаваны ў Варшаве на дэманстрацыі, праз 3 тыдні вызвалены як непаўнагадовы. У 1905-06 гг. працаваў ў Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Пецярбурзе пад мянушкай «Ваня», член баявой дружыны, удзе-льнічаў у падрыхтоўцы экспрапрыяцый. Арыштаваны восенню 1906 г. у Віцебскай губерні і адпраўлены на радзіму; па дарозе ўцёк, з'ехаўшы ў Пецярбург, перайшоў на нелегальнае становішча і працягваў працу пад той жа мянушкай ў баявой дружыне. Арыштаваны ў 1907 г., заключаны ў Петрапаўлаўскую цвердзь; 9 жніўня таго ж года Пецярбургскі Ваенна-акруговы суд асудзіў яго па 1630, 1632 артыкулах Палажэння аб пакараннях за спробу нападу на арцельшчыка з мэтай экспрапрыяцыі казённых грошай на 10 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у 1908-12 гг. ва Ўладзімірскім і 1912-16 гг. у Аляксандраўскім цэнтралах. На пасяленні - з 1916 г. у Балаганскім павеце, Іркуцкай губерні, служыў рахункаводам. У 1920-30 гг. жыў у Маскоўскай вобласці, пасёлак Клязьма, праезд Кірава, д. 7. Працаваў у арцелі "Хімфарба" апальшчыкам. Арыштаваны 1938/01/29. Асуджаны. 1938/02/27 тройкай пры УНКУС па Маскоўскай вобласці. Абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны 1938/03/07. Месца расстрэлу: Масква. Месца пахавання - Маскоўская вобл., Бутава. Рэабілітаваны ў красавіку 1956.

10 Гародна, ў першай палове XVIII ст. было спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму ўнуку Людвіку Скумін-Тышкевічу (памёр у 1809 г.), жанатаму на княгіні Канстанцыі Панятоўскай (1759-1830). Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ўвесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дуніным-Вансоўскім. Тастамантам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу М. Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога ўсё перайшло ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. Напрыканцы ХІХ ст. А. Патоцкі прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева, ад яго - да генерала Кіпрыяна Кандратовіча. У той час маёнтак складаўся з 23200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку з Гароднам.

11Тэафіл каля 1910 пераехаў у Злучаныя Штаты. Ён раней меў досвед практычнай працы на шакаладнай фабрыцы Ведля ў Варшаве. У ЗША, заснаваў вытворчасць шакаладу высокай якасці. Акрамя фабрыкі, меў малочную ферму і краму на 5-й авеню ў Нью-Ерку. Версія пра грошы Патоцкага з'яўляецца сумніўнай і сям'ёй абвяргаецца.

(Працяг у наступным нумары.)


Далучаймася да вытокаў!

Палескія родныя нашы прасторы,

Як глянеш - ім краю нідзе не відаць,

Лясы, пералескі, з блакіту азёры,

Над Прыпяццю вольнай дубровы шумяць.

Авяр'ян Дзеружынскі.

Даследуючы духоўную культуру беларусаў, асаблівасці мясцовых гаворак і тэрытарыяльныя межы пашырэння пэўных моўных з'яў, першы наш вучоны-энцыклапедыст, заснавальнік айчыннага мовазнаўства Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861 - 1931) выбіраўся ў мовазнаўчыя экспедыцыі асабіста, ахвяруючы ўласнымі сродкамі і часам, каб канчаткова пераканацца ў правільнасці зробленых ім, на падставе сабранага інфарматарамі фактычнага матэрыялу, навуковых вывадаў. Я. Карскі прытрымліваўся думкі, што "следует всегда исходить из фактов, а не подгонять факты к предвзятой теории". Таму вучоны заўсёды імкнуўся асабіста ўпэўніцца ў існаванні тых ці іншых, перадусім, фанетычных, з'яў у жывой мове беларусаў. Я. Карскі пісаў адносна гэтага: "Изучая немногие бывшие мне тогда доступными сборники белорусских народных произведений, я заметил, что они крайне неудовлетворительно передают белорусскую речь. Поэтому у меня самого появилось желание сделать несколько белорусских записей…, <…> лично мне приходилось до того времени побывать в Борисовском уезде и в разных местах Новогрудского; кроме того…, в течение 10 лет в Минске я имел возможность сталкиваться с белорусскими уроженцами из разных мест губернии". Любы навуковы артыкул філолага грунтаваўся на трывалым падмурку ўласных палявых даследаванняў: "…несколько раз мне приходилось жить (особенно летом) в м. Волме Минского уезда… ", "как плод пребывания в Сокольском уезде… явилась заметка…".

Вядома, што тыя беларускія пісьменнікі, у тым ліку дзіцячыя, якія нястомна цікавіліся падарожжамі і іншымі краінамі, паспяхова выводзілі айчынную літаратуру з традыцыйнага вяскова-рэгіянальнага тэматычнага кола на сусветныя літаратурныя праблемныя далягляды (напр., У. Караткевіч, Я. Маўр, А. Глобус, В. Вольскі, Я. Пархута, ды інш.). Мы і сёння зачытваемся вандроўніцкай літаратурай, якая была створана ў далёкі дарэвалюцыйны час. Падмуркам для навуковых даследаванняў і ў нашыя дні з'яўляюцца "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" Уладзіслава Сыракомлі, "Путешествия по Полесью и Белорусскому краю" Паўла Шпілеўскага, "Живописная Россия…" Адама Кіркора, "Авантуры майго жыцця" Саламеі Пільштыновай. Адзначаныя літаратурна-гістарычныя помнікі праз смугу часоў даюць нам магчымасць поўна і ўсебакова ўявіць жыццё нашых прашчураў, зразумець і адчуць іх культурнае і навуковае бачанне тагачаснага свету.

Краязнаўчая практыка становіцца не толькі пажаданай, але і неабходнай у справе выхавання паўнавартаснага настаўніка-славесніка з уласцівай яму, між іншым, належнай геаграфічнай культурай, якая стварае неабходны рэзерв ведаў і робіць асобу выкладчыка надзвычай каштоўнай і прывабнай у педагагічнай справе.

Сённяшнія студэнты-філолагі дзённай і завочнай форм навучання маюць выдатную магчымасць выпрабаваць набытыя веды па фалькларыстыцы і беларускай дыялекталогіі, прымаючы ўдзел у адпаведных практыках, прадугледжаных вучэбнымі праграмамі на 1-м, 2-м (або для завочнікаў на 3-м) курсах. Характар названых вучэбных практык патрабуе наяўнасці абавязковага палявога матэрыялу, занатаванага ў тым выглядзе, у якім ён сапраўды існуе ў асяроддзі сваіх носьбітаў. Нягледзячы на многія станоўчыя аспекты фальклорнай і дыялекталагічнай практык, яны, аднак жа, абслугоўваюць дзве канкрэтныя вучэбныя дысцыпліны і задавальняюцца зборам і апрацоўкай адпаведнага моўнага матэрыялу з далейшым вузкаспецыяльным выкарыстаннем яго пры складанні тэматычных зборнікаў або слоўнікаў. З такіх каштоўных падарожжаў па абшарах Гомельшчыны можна было б вынесці і больш карысці, калі хаця б у межах гэтых дзвюх практык перад кіраўнікамі груп ставілася яшчэ і дадатковая адзіная задача краязнаўчага характару: падарожна фіксаваць з'явы - у шырокім разуменні гэтага слова - матэрыяльнай і духоўнай спадчыны наведваных населеных пунктаў і ўрочышчаў. У ідэале ж краязнаўчая практыка павінна была б папярэджваць усе астатнія і праводзіцца для студэнтаў 1-га курса з мэтай азнаямлення апошніх з важнейшымі гістарычнымі мясцінамі і рэгіёнамі вобласці для пашырэння іх кругагляду і развіцця пачуцця адказнасці за будучую навукова-даследчую працу, да якой яны прыцягваліся б пазней. Шматгадовы досвед групавых кіраўнікоў фальклорнай і дыялекталагічнай практык сведчыць аб нярэдкім наўмысным скажэнні студэнтамі разнастайных моўных фактаў па прычыне недастатковай зацікаўленасці апошніх у выніках сваёй збіральніцкай справы. Каб зарабіць высокую адзнаку, студэнт аддае перавагу колькасці над якасцю і, спісваючы добры стос картак, не клапоціцца аб праўдападобнасці і нават наважваецца на недапушчальную ўласнааўтарскую "творчасць". Каб адчуваць адказнасць за даручаную справу, неабходна яе хаця б трошкі любіць. Любоў жа да духоўных скарбаў роднай зямлі прывіваецца менавіта ў час краязнаўчых падарожжаў і актыўнага вывучэння старажытнай спадчыны Бацькаўшчыны. Запачаткаваць гэтую высакародную справу з поспехам магла б любая кафедра філалагічнага факультэта нашай ВНУ. Аб тым, што ў школьнай адукацыі апошнім часам краязнаўству надаецца сур'ёзная ўвага, сведчыць адкрыццё "Цэнтра турызму і краязнаўства навучэнцаў і моладзі Гомельскага раёна" ў вёсцы Старыя Дзятлавічы, дзе сканцэнтраваны велізарнейшы краязнаўчы матэрыял: гісторыя навакольных вёсак і іх назваў, апавяданні аб жыцці знакамітых людзей, ветэранаў вайны і працы, удзельнікаў афганскіх падзей, падрыхтаваны матэрыялы, звязаныя з навуковымі даследаваннямі творчасці славутых ўраджэнцаў вёскі - Юрыя Фатнева і Зінаіды Радчанка (1839 - 1916), выдатнай беларускай фалькларысткі і этнографа, дзейснага члена Рускага геаграфічнага таварыства з 1887 г., пра жыццё і даследчыцкую дзейнасць якой чуў рэдкі студэнт-філолаг.

Літаратурнае і лінгвістычнае краязнаўства Гомельшчыны мае свае традыцыі і дасягненні. Гомельская зямля нарадзіла нямала асоб, якія сваімі самабытнымі творамі праславілі родныя прасторы. Сярод іх - Кірыла Тураўскі, які "Словамі…" і прытчамі імкнуўся пашырыць веды сярод простага люду. Глыбокай пашаны заслугоўваюць святыя Беларускай праваслаўнай царквы Марцін і Лаўрэнцій Тураўскія, нястомная адукацыйная дзейнасць якіх пакінула добрую памяць у сусветнай гісторыі. Студэнтаў-філолагаў варта знаёміць з мясцінамі Тураўшчыны, багатымі на помнікі даўніны, што сталі вядомыя ў выніку археалагічных раскопак і працы фальклорных і дыялекталагічных экспедыцый розных узроўняў. Напрыклад, вёскі Пагост, Верасніца, Запясочча, Рычоў, Азяраны, Хваенск, Перароў, Малешаў, Хачэнь, Чэрнічы, Слепцы… У в. Пагост можна патрапіць не толькі сухаземным, але і водным шляхам па Прыпяці і Сцвізе. Такое выгаднае становішча паўплывала і на статус вёскі, якая лічылася палескім цэнтрам правядзення восеньскіх кірмашоў, на якія з'язджаліся купцы з Петрыкава, Мазыра, Турава і ўсяго наваколля. У цэнтры вясковых могілак Пагоста знаходзіцца драўляная капліца, у якой месціцца адзін са святых легендарных каменных крыжоў, што прыплылі, паводле падання, супраць цячэння па Прыпяці з Кіева. Тутэйшыя жыхары са шчырым шанаваннем ставяца да святыні і ганарацца тым, што крыж у свой час быў вернуты з Гомельскага краязнаўчага музея. Вёска Пагост з'яўляецца агменем духоўных традыцый Палескага краю, аб чым сведчыць устаноўлены ўпершыню ў краіне мемарыяльны знак.

Разнастайнымі помнікамі культуры і прыроды характарызуецца кожны раён Гомельшчыны. Стаянкі першабытнага чалавека (в. Бердыж, в. Юравічы), археалагічныя помнікі (в. Мохаў, в. Дарашэвічы, г. Тураў) і ўнікальныя ландшафтныя масівы спаконвечных лясоў і непраходных балот, раслінны і жывёльны свет Нацыянальнага парка "Прыпяцкі", абеліскі партызанскай славы і змагання з фашызмам, гераічнай барацьбы воінаў Савецкай Арміі (в.Азарычы, в. Чырвоны Бераг, г.п. Лоеў і інш.), радзіма народных пісьменнікаў І. Мележа (в. Глінішчы), І. Шамякіна (в. Карма), І. Навуменкі (г. Васілевічы), а таксама А. Макаёнка (в. Журавічы), Б. Сачанкі (в. Вялікі Бор), У. Верамейчыка (в. Ведрыч), А. Грачанікава (в. Шарпілаўка), М. Башлакова (п. Баштан), М.Мятліцкага (в. Бабчын) - усё гэта стварае дзівосны і непаўторны каларыт нашага рэгіёна.

Такім чынам, у справе якаснай падрыхтоўкі філолага-даследчыка і настаўніка роднай мовы і літаратуры вызначальную ролю павінны адыгрываць краязнаўчыя студэнцкія практыкі, якія, акрамя задачы натавання пэўных моўных з'яў, даюць выдатную магчымасць моладзі ў набыцці навыкаў будовы жывых міжасобасных зносінаў з людзьмі, спрыяюць знаёмству маладых людзей са штодзённай сялянскай працай і клопатамі беларусаў, пашыраюць і замацоўваюць веды пра выдатных прадстаўнікоў Бацькаўшчыны. Актыўная краязнаўчая работа (экскурсіі, паездкі, сустрэчы) будзе садзейнічаць пашырэнню эрудыцыі студэнтаў, спрыяць замацаванню добрых традыцый і таварыскіх адносін у калектывах і выхоўваць патрыятычныя пачуцці.

Л. П. КУЗЬМІЧ, Р. У. СЕРЫКАЎ.


Філатэлістычная выстава "Мне сняцца сны аб Беларусі" у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

У сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны размешчана чарговая філатэлістычная выстава Лявона Карповіча. "Мне сняцца сны аб Беларусі" . Выстава складаецца з 157 картмаксімумаў, прысвечаных гістарычным падзеям, знакамітым асобам і архітэктурным помнікам Беларусі.

Сярод даўніх традыцыйных абласцей калекцыянавання - філатэліі і філакартыі як бы прамежкавае месца займае атрымаўшая вялікі распаўсюд каля паўстагоддзя таму назад так званая максімафілія - збіранне картмаксімумаў, часам званых і максімумкартамі (МК). Што такое ўласна картмаксімум? Гэта паштоўка (паштовая картка), на аверсны бок якой, на той, дзе звычайна змешчана рэпрадукцыя, малюнак ці фота, налеплена паштовая марка з тоесным ці, у крайнім выпадку, з амаль аналагічным ці досыць блізкім малюнкам. Усё гэта як бы змацавана паштовым штэмпелем, якім пагашана марка.

Часам на паштовых марках з-за невялікіх іх памераў далёка не ўсе дэталі малюнка добра адрозныя, а паштоўка ўяўляе лепшую магчымасць бачыць іх больш выразна. У гэтым адна з прывабных бакоў картмаксімумаў для калекцыянераў.

Другім іх прывабным бокам з'яўляецца тое, што выраб картмаксімумаў часцей за ўсё ўяўляецца свайго роду індывідуальным творчым працэсам, падчас якога калекцыянер павінен не толькі механічна падбіраць маркі і паштоўкі, тоесныя ці блізкія па сюжэце, але і, што вельмі важна, самастойна адшукваць тыя ці іншыя звесткі адносна выяўленчых матываў на марках і паштоўках, якія ўжываюцца для картмаксімумаў. Гэта неабходна яшчэ і для таго, каб падабраць адпаведны штэмпель для гашэння. А без гашэння паштовай маркі тым ці іншым вызначаным штэмпелем картмаксімум не адбудзецца. Такім чынам картмаксімумы носяць індывідуальны, часта ў адзінкавым асобніку, характар. Выставы картмаксімумаў больш маляўнічыя і распазнавальныя для гледачоў. Запрашаем наведаць выставу.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX