Папярэдняя старонка: 2012

№ 05 (1052) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1052) 1 лютага 2012 г.


Для ўшанавання памяці Якуба Коласа

Сп. У.У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38

Аб ушанаванні памяці

Якуба Коласа

Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!

Як вядома, у наступным годзе Беларусь будзе адзначаць юбілей класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. У сувязі з гэтым просім Вас у г. Пінску, дзе з 1912 да 1914 жыў і працаваў Якуб Колас, аднавіць мемарыяльную дошку ў яго гонар на будынку былога рэальнага вучылішча, а таксама зрабіць у гэтым будынку мемарыяльны пакой у гонар класіка.

Другую мемарыяльную дошку мы прапануем усталяваць на доме Бялевіча, дзе жыў Якуб Колас на вул. Вадаправоднай. Дом добра захаваўся і можа стаць аб'ектам турыстычнага маршруту. Было б добра, каб у Пінску з'явіўся помнік Якубу Коласу, а таксама вуліца яго імя.

ТБМ прапануе надаць імя Якуба Коласа педагагічнаму каледжу ў г. Пінску.

3 павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш пісьмовы зварот аб ушанаванні імя Якуба Коласа ў г. Пінску разгледжан у аблвыканкаме. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

У цяперашні час на будынку былога рэальнага вучылішча, размешчанага па вул. Чыгуначнай, 25 у г. Пінску, у якім выкладаў Я. Колас вядуцца рамонтныя работы. Мемарыяльная дошка з будынка знята і знаходзіцца на захаванні. Пасля заканчэння рамонтных работ яна будзе ўстаноўлена на ранейшым месцы. Будынак з'яўляецца прыватнай уласнасцю, таму стварэнне мемарыяльнай пакоя не ўяўляецца магчымым.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Пінкавіцкая сярэдняя школа» Пінскага раёна носіць імя Я. Коласа. У школе створаны і функцыянуе музей класіка беларускай літаратуры.

У горадзе Пінску адна з вуліц названа ў гонар Якуба Коласа. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 22 студзеня 1991 г. № 121 дзіцячай бібліятэцы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прысвоена імя Якуба Коласа.

Прысваенне імя Якуба Коласа педагагічнаму каледжу з'яўляецца нямэтазгодным, так як каледж працуе як структурная адзінка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і мае поўнае найменне: "Пінскі каледж УА "Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна".

З павагай,

Намеснік старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрык.



Шаноўныя сябры! Да завяршэння падпіскі на поўны збор твораў Уладзіміра Караткевіча застаўся адзін месяц. Паспяшайцеся.


125 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Шантыра

ШАНТЫР Фабіян Гіляравіч (пс. Н. Светлов; А. Хмара; крыптанімы: Ф. Ш.; Ф.Ш-р; Фабіян Шан-р; Ш. Ф.; (4 лютага 1887, Слуцк - 29 траўня 1920, Навазыбкаў) - беларускі публіцыст, празаік, паэт, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзяяч.

За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях зняволены ў Слуцкай турме у 1905-1907 гадах. У 1909 жыў у Слуцку; з 1910 - у Капылі. Працаваў мулярам, адвакатам, настаўнікам.

Пачаў друкавацца ў газеце «Наша ніва», дзе ў 1909-1912 змяшчаў празаічныя абразкі-імпрэсіі; там жа апублікаваў некалькі паэтычных твораў. У 1914 мабілізаваны ў расейскае войска, служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1916-1917 удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка», куды прыязджаў з Бабруйску. Пазнаёміўся там з Зоськай Верас, з якой пасля ажаніўся. У 1919 мелі сына.

У 1917 стаў адным з лідараў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. На з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў (Менск, 25-27 сакавіка 1917) абраны ў БНК; у ліпені 1917 - у Цэнтральную раду беларускіх арганізацыяў і партыяў.

Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з'ездзе ў снежні 1917. Тады, кіруючы левай фракцыяй, шукаў парытэтнага хаўрусу з бальшавікамі. У 1918 супрацоўнік Слуцкага павятовага ваеннага камісарыяту, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкаму. Адзін з аўтараў зборніка «Зажынкі» (Масква, 1918). У той год арыштаваны з іншымі чальцамі ЦК на ўсялякі выпадак, падчас ператварэння БССР у Літбел.

Напачатку 1919 камісар па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР. Пасля - супрацоўнік Менскага губернскага ваеннага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту.

Удзельнічаў у выданні газеты «Савецкая Беларусь». У лютым 1920 мабілізаваны ў Чырвоную Армію. 17 красавіка 1920 арыштаваны асобым аддзелам 16-ай арміі і 26 красавіка прыгавораны да ВМП. Расстраляны 29 траўня ў горадзе Навазыбкаў.

Стаўся першаю ахвяраю бальшавіцкага тэрору як у беларускай палітыцы, так і ў беларускай літаратуры.

Творы:

Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу. Слуцк, 1918; У час барацьбы: [Верш у прозе] // Крыніца. 1988, № 11.


120 гадоў з дня нараджэння Алеся Гурло

ГУРЛО Алесь , нарадзіўся 31.01.1892 г. у мястэчку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Капыльскую чатырохкласную навучальню (1908). Працаваў чорнарабочым на тартаку, зарабляў падзённай работай. У 1909 г. уступіў у шэрагі Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. З 1913 г. служыў на Балтыйскім флоце - спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў Першую Сусветную вайну - унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый 1917-га года і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у задушэнні эсэраўскага рокашу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы АН БССР. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск». У 1930 г. рэпрэсаваны. Высланы на 5 гадоў у Самару. Вярнуўся ў Менск. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957 г. Сябар СП СССР з 1934 г. Памёр 04.02.1938 г.

Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор'і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929), «Выбраныя творы» (1950), «Вершы» (1953), «Вершы» (1972). У 1947 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Нашы птушкі». У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае».

Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф. Гладкова, У. Стаўскага і інш.


З мамай - па-беларуску,
з татам - па-польску,
у садзіку - па-нямецку

З Ядвігай Раманоўскай гутарыць Уладзімір Скрабатун

У Шуневічах (пад Глыбокім) яшчэ і сёння памятаюць настаўніцу - выкладчыцу французскай мовы ў мясцовай школе - Ядвігу Іосіфаўну Раманоўскую…

Спадарыня Ядвіга ўжо даўнавата выйшла замуж за Тадэвуша Вайнарскага і жыве ў Швейцарыі ў горадзе Raterschen. Дзяцей двое: 5-гадовы сын Ян, 3-гадовая дачка Зося.

Сувязь з роднай Глыбоччынай падтрымлівае не толькі праз тэлефанаванні, электронную пошту, Скайп, але і праз "Вольнае Глыбокае", якое мы ёй дасылаем у звычайным канверце.

Спадарыня Ядвіга на тыдзень завітала на Глыбоччыну. У Стрынадках і Латыголі жывуць родныя сёстры, ды і наогул, шмат тут сяброў і знаёмых. А сёння Ядвіга Раманоўская - наш госць.

У.С.: Як пажываеш ў сваёй Швейцарыі?

Я.Р.: Як зайду ўвечары ў інтэрнэт, як пачытаю, што робіцца на Беларусі, цэлую ноч заснуць не магу!

У.С. : Спачуваю!

Я часта думаю, але па тваім прыездзе чамусьці заўсёды забываю задаць адно пытанне: у вас там, у Швейцарыі, - тры кантоны, дзе размаўляюць на трох розных мовах - нямецкай, французскай, італьянскай. А ў якім моўным кантоне пражывае твая сям'я?

Я.Р.: Рэальнасць выглядае інакш! У Швейцарыі - 26 кантонаў і 3 моўныя рэгіёны, 4 дзяржаўныя мовы.

У.С.: Во як! А я верыў стэрэатыпам, як і большасць з нас. Склаліся яны пад уздзеяннем тэлебачання.

Я.Р: Сярод дзяржаўных моў сапраўды нямецкая, французская, італьянская, але ёсць яшчэ і рэтараманская.

У.С.: Што за мова такая - рэтараманская?

Я.Р.: Гэта невялікая тэрыторыя Швейцарыі, дзе на ёй размаўляюць. Дзяржава ўкладвае туды вялікія грошы, каб гэтую мову захаваць. Там і школы адкрыліся з навучаннем на рэтараманскай мове.

А яшчэ нядаўна з мужам прачыталі, што ў франкамоўнай частцы Швейцарыі ёсць нейкі стары французскі дыялект. Вось там на камунальным узроўні сабралі грошы і пачалі адчыняць класы, каб дзяцей ў пачатковых класах навучаць на гэтым дыялекце. Робіцца дзеля таго, каб захаваць яго ад знікнення. Гэты дыялект вельмі цікавы для лінгвістаў.

Чаму я гэта падкрэсліваю? Хачу паказаць моўную палітыку швейцарскай дзяржавы.

У.С.: Сёлета ў верасні ў Глыбокім будзе праводзіцца свята - Дзень беларускага пісьменства. На фоне Швейцарыі дык мы наогул глядзімся нікчэмна. Што тут беларускага засталося? Гіпатэтычна, каб у нейкім сельсавеце Глыбоцкага раёна (кантона - па-швейцарску) знайшоўся б нейкі дыялект беларускай (альбо, нават латышскай ці літоўскай) мовы, то па прыкладзе Швейцарыі тут мусілі б адкрыць школу з навучаннем на гэтым дыялекце. У нас жа наадварот - знішчаюць мову тытульнай нацыі беларускай дзяр­жавы, а што тут ужо разважаць аб захаванні нейкіх дыялектаў.

Зрэшты, у якім моўным рэгіёне пражывае твая сям'я?

Я.Р.: У нямецка­моўным!

У.С.: І дома вы размаўляеце па-нямецку?

Я.Р.: Не! З мамай дзеці - па-беларуску, з татам - па-польску, у садзіку - па-нямецку. Між сабой дзеці - па-беларуску.

У.С.: Моўная палітыка швейцарскай дзяржавы - у дзеянні! На сямейным узроўні!

Я.Р.: Швейцарыя - досыць экзатычная краіна не толькі ў сваіх мовах, але і ў імёнах людзей. Мой сын - Ян, па-нямецку гэтае імя мусіла б гучаць як Ганс. Але ў Швейцарыі Гансаў няма. Прысутнічае славянскі варыянт, які занеслі сюды палякі і беларусы. Ян - адно з самых папулярных мужчынскіх імёнаў у Швейцарыі.

У.С.: А сама, акрамя выхавання дзяцей, чым займаешся?

Я.Р.: Вучуся! Праз год атрымаю дыплом сацыяльнага педагога.

У.С.: Зразумела! І што, на заканчэнне нашай гутаркі, ты пажадаеш нашым чытачам?

Я.Р.: Я хачу, каб яны дбалі за беларускую мову! Чаму?

Перад тым, як нарадзіўся старэйшы сын, я была на раздарожжы: якую мову выбраць для зносінаў са сваімі дзецьмі? Раілася з мужам. Я - з Беларусі, муж - з польскімі каранямі. Расейскую? Польскую? Я ж размаўляю з мужам па-польску. Альбо нямецкую? Бо жывём у нямецкамоўным рэгіёне.

Дзед майго мужа Тадзіка за часамі Сталіна патрапіў у ГУЛАГ… Загналі ў Белае мора… Загінуў! І муж кажа: "Як ты там сабе хочаш, выбірай любую, але толькі не расейскую!!!" Беларускую?

Я доўга думала: ці змагу? Але як нарадзіўся сын, я адчула, што ўсё ўва мне, што закладзена ад мамы, закладзена вельмі глыбока! Так і ў мяне да сына! І я зразумела, што родная мова, матчыная мае вялікі эмацыйны падклад. У французаў ёсць такі панятак - Maternelle (матчыная мова, родная мова) і ў немцаў - Muttersprache. І як кажуць сучасныя неўрабіёлагі, усе нашыя дзеянні пабудаваныя на эмацыйнай аснове. Мы кіруемся эмоцыямі якія ў нас закладзеныя. І таму тое, што ты закладзеш дзецям, што ў цябе самой ідзе ад сэрца, дзеці хутка ўспрымуць. Родная мова ідзе праз сэрца, праз эмоцыі. І мае дзеці гэта адчулі. Мой муж быў вельмі шчаслівы, што я ў рэшце рэшт пачала з дзецьмі размаўляць па-беларуску. У нас жа, праўда, беларуская мова з карабоўскім каларытам. Усё, як казала некалі бабуля: сподкі, пекны, бацян…

У пачатку ішло не ўсё добра… Мой сын наогул не пачынаў размаўляць на ніводнай мове, і я пачала задумвацца: можа, усё гэта марна, трэба скараціць зносіны на адну мову на карысць беларускай. Цяпер, дзякуй Богу, гляджу, што ўсе тры мовы пайшлі: беларуская, польская, нямецкая. Не марна! А дачка Зося, якой хутка тры гады, лапоча на ўсіх трох мовах: хоць па тэлефоне, хоць тэт-а-тэт…

І вось нядаўна я задала сыну і дачцэ пытанне: "А можа з вамі размаўляць па-нямецку?" Сын вельмі абурыўся:

- Не-е-е, ма­ма, толькі па-беларуску!

- А з татам? Можа па-нямецку?

- Не-е-е! З татам толькі па-польску!

І тады я зразумела, што ў дзяцей усё закладваецца праз эмоцыі. Яны адчуваюць гэтую добрую энергетыку, якую нясе родная мова. Я адкрыла для сябе столькі ўсяго, што пачала задумвацца: можа, таму і бяда беларусаў, што яны такія няўпэўненыя ў сабе, а прычына тая, што мы не ўмацоўваем свае карані, свае крыніцы… Трэба ўсё гэта мацаваць, а не адштурхоўваць ад сябе!

У.С.: Можа, бяда ў тым, што нас, ліцвінаў, расейскія акупацыйныя ўлады пасля 1840 года перайначылі на беларусаў? Ліквідавалі нацыянальную рэлігію - уніяцтва: хто пабег ў праваслаўныя, а хто і ў католікі… Згубілі гісторыю.

Я.Р.: Я ўжо дасведчаная ў гэтых пытаннях. Прачытала кнігу Вадзіма Дзеружынскага "Тайны беларуской истории». Ён дапамог мне разабрацца ва ўсім гэтым...

У.С.: У Швейцарыі прачытала "Тайны беларуской истории»? Вадзім Дзеружынскі, напэўна, быў бы несказана рады, што яго кнігі беларусы чытаюць ва ўсім свеце!

Я.Р.: Ну, я ж атрымліваю "Вольнае Глыбокае"! Таму ў курсе, якія кнігі трэба чытаць! Ну, а гэтую кнігу пад заказ мне сябрукі з Менска прывезлі.

Пра нашу мову трэба дбаць! Можа, людзі тут і не задумваюцца, як важна ведаць свае карані, але за мяжой гэта вельмі адчуваецца. Гэта важна для маіх дзяцей, каб яны ведалі і памяталі свае карані. Наша планета ўжо становіцца адной вялікай вёскай, але людзі ўжо наеліся гэтай глабалізацыі! Каб не згубіцца ў гэтай мешаніне, трэба ведаць, хто ты і адкуль ты? Вось і мой сын Ян толькі аб тым і думае, каб як найхутчэй паехаць на Беларусь, на Глыбоччыну, пасядзець ля возера з вудай і налавіць рыбы… І толькі пытаецца:

- Калі ўжо мы паедзем на Беларусь лавіць рыбу?

Вось тут і бачны вынік! Выбар мовы быў правільны!

Правільнасць выбару мовы адчула даўно. Памятаецца, сыну тады было гады паўтара, і прыехалі мы ў Карабы… Сын так добра пачуваўся тут: ён чуў мелодыку той мовы, якую ведаў з дзяцінства, выдатна ўпісаўся ў Ані (сястры) у яе будзёную вясковую рэчаіснасць! Каровы, свінні! Сялянскае паходжанне!

Мы ж прыязджаем на радзіму не так ужо і часта. Далёка! Тэлефануем. Мой сын ужо забыўся, як выглядае тая бабуля і дзядуля, але як тэлефануем ім, пытаецца:

- Бабуля, як ты там маешся?

А бабуля аж сядзе:

- Ай-й-й! А мой жа ж ты ўнучок, мой унучок!!!

А Зося ў тэлефон пісклявым голасам:

- Бабуля-я-я, я цябе люблю-ю-ю!

- А як ты там, Зосечка?- пытае бабуля.

- Добра-а-а!

У.С.: Як ты дабіраешся да Беларусі? Набываеш візу?

Я.Р.: У мяне беларускі пашпарт. Села ў самалёт і паляцела!

У.С.: Дзякуй, спадарыня Ядвіга, за цікавую гутарку. Упэўнены, што твае словы крануць душы сапраўдных беларусаў!

На здымку: Ядвіга Раманоўская.


Мовазнаўчы досвед

Узначальваць, ачольваць . «У свой час Саюз беларускіх пісьменнікаў ачольвалі Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Вольга Іпатава...» (Наша слова. № 50 (1045). 14 снежня 2011 г. С.1.

Слоўнікі падаюць толькі першае з аднакаранёвых слоў - узначальваць 'стаяць (быць) на чале', а другое з іх - ачольваць , што мае тую ж семантыку, не фіксуецца. Але ў нацыянальным друку Рэспублікі Беларусь яно часта карыстанае. Пра гэта сведчыць і яго фіксацыя ў цяперашнім "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" (Аўт-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск.: Радыёла - плюс, 2010. - 560 с.). На с. 57 чытаем: "ачулены, ачульваць, -ваю, -ваеш. -вае, -ваем, -ваеце, -ваюць".

Лексему ачольваць ачоліць, ачолены ) мае і мова нашых найблізкіх суседзяў - супольнікаў сумеснай дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае. Гэта засведчана і ў даведніку "Беларуска-ўкраінскі слоўнік", выдадзеным у Кіеве выдавецтвам "Довіра" ў 2006 годзе пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта НАН Украіны, доктара філалагічных навук, прафесара Рыгора Пятровіча Піўтарака, дарэчы, былога аспіранта Інстытута мовазнаўства акадэміі навук Беларусі. На с. 639 бачым: "Узначальваць недок. Узначаліць док. - очулювати, очолити (що), стояти (бути) на чоли, стати на чоли (чого)" .

Вядовец, вядоўца, вядок . "Імпрэзу "Час памяці. Зорка Венера ўзышла над зямлёю" да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры наладзіў Лідскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці. Пастаноўшчык і вядовец імпрэзы рэжысёр метадычнага цэнтра Юрый Карпук" (Наша слова. № 50 (1045). 14 снежня 2011. С.3). " Вядоўца ў нацыянальным строі..." (Роднае слова. 1993. № 4. С.40) . "Хто ж мой вядок ? Ён служка бога? Ці служка д'ябла - мой вядок?" (Дзеяслоў. 2011. № 5 (54). С.4).

Усе загалоўкавыя словы нататкі маюць выразную матывацыю, будову і значэнне: вяд-уць (вядзе) - вяд-овец, вяд-оўца, вяд-ок . У іх выяўляецца натуральнае найменне асобы, якое перадаецца формай назоўніка. У слоўніках замацавана пазычанне (калькаванне) вядучы (< рас. ведущий ), толькі суфікс -ущ (-ий) заме-нены на уч (-ы) .

Назоўнік вядоўца засведчаны і ўжо згаданым "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы": вядуўца, -цы, -цу, -цаў (С.102). А гэта - сведчанне яго пашыранасці і "законнасці" ў літаратурнай мове. Формы вядовец і вядок менш ўжывальныя ў маўленні. Але першая з іх - найбольш тыповая і натуральная для сучаснай словаўтваральнай сістэмы беларускай мовы з суфіксам - ец/-овец.

Пашанотны, пашаноўны, шаноўны . "Рагнеда займае пашанотнае месца як гераіня і патрыётка" (Полымя. 2011. №7. С.24) . Слова пашанотны - утварэнне ад пашанота , якое ад пашана (пашан-от-н(ы) . Загалоўкавыя словы маюць той самы корань -шан- і паходзяць ад шанаваць 'адносіцца з павагай, з пашанай да каго-небудзь'; пашаноўны 'варты павагі, паважаны, які выклікае павагу' - ад пашанаваць (пашанаваны > пашаноўны), шаноўны - непасрэдна ад шанаваць . Так узнік сінонімавы шэраг слоў рознай словаўтваральнай будовы.

Кучкавацца, групавацца . "Госці ўсё больш кучкаваліся, штось абмяркоўвалі, азіраючыся, каб іх не пачулі" (Дзеяслоў. 2011. №3 (52). С.142).

Пазаслоўнікавае кучкавацца - ад слоўнікавага кучка 'невялікая група людзей з агульнымі інтарэсамі'. Як і слоўнікавае групавацца 'аб'ядноўвацца ў групы паводле супольных інтарэсаў, прафесіі'. Першае - ўтварэнне ад свайго, спрадвечнага слова (куча, кучка) , а другое - ад іншамоўнага, пазычанага (група) .

Адміністрацыйны , а не адміністратыўны. "Кніга Смоліча напісана паводле палітычна-адміністратыўных межаў Беларусі, як яны склаліся ў памеры шасці паветаў на пачатку 20-х гадоў..." (З газет. 21 снежня 2011).

Усе перакладныя слоўнікі, пачынаючы ад першага акадэмічнага "Руска-беларускі слоўнік" пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі (Масква, 1953) падаюць беларускі адпаведнік адміністрацыйны да рас. административный . Толькі ў адным з іх (1988 г.) падаецца форма "адміністратыўны" , але з адсылкай да нарматыўнага адміністрацыйны .

Самы абсяжны і аўтарытэтны даведнік "Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне" пад рэдацыяй акадэміка АН БССР М.В. Бірылы (Мінск. Выдавецтва "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1987) змяшчае толькі заканамерныя формы: адміністрацыйны, адміністрацыйна-гаспадарчы, адміністрацыйна-тэрытарыяльны . Засведчана гэта і найноўшым даведнікам "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы" (Аўт-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск: Радыёла-плюс. 2010. - 560 с.). На с. 30 чытаем: адміністрацыйна-гаспадарчы, адміністрацыйна-тэрытарыяльны, адміністрацыйны. Гэта натуральна, заканамерна. Форма адміністратыўны - штучны перанос у беларускі пісьмовы тэкст расійскамоўнай формы, толькі з захаваннем цвёрдага гука (літары) "т" . Але ж расійскім прыметнікам на -тивный адпавядаюць беларускія на - цый-ны : иллюстративный - ілюстрацыйны, спекулятивный - спекуляцыйны, реконструктивный - рэканструкцыйны, мелиоративный - меліярыйны, ассимилятивный - асіміляцыйны ...

Павел Сцяцко



Пастанова

Рады Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 22.01.2012 г.

Аб святкаванні Еўрапейскага дня моў

У сувязі са святкаваннем Еўрапейскага дня моў (26 верасня), Рада ТБМ пастанаўляе:

1. Звярнуцца да кіраўніцтва ўсіх творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь з прапановай сумесна адсвяткаваць гэтае свята.

2. Стварыць у ТБМ аргкамітэт па правядзенні ўрачыстых святкаванняў у Менску і ў рэгіёнах Беларусі Еўрапейскага дня моў у складзе трох чалавек, сяброў Рады ТБМ:

Уладзімір Колас - старшыня,

Аляксей Марачкін - намеснік старшыні,

Станіслаў Суднік - адказны за інфармацыйнае забеспячэнне.


Заява

Рады Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 22.01.2012 г.

Аб захаванні жылога дома ў г. Горкі Магілёўскай вобласці, дзе жыў і працаваў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі

У 2013 годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. У горадзе Горкі захаваўся дом (вуліца Агранамічная, дом 3), дзе Максім Гарэцкі жыў з 1926 да 1928 год. На гэтым доме маецца адпаведная шыльда.

Аднак мясцовыя ўлады хочуць знесці гэты дом з нагоды правядзення ў горадзе свята "Дажынкі". Гэта выклікае абурэнне шматлікіх грамадзян Беларусі.

У сувязі з гэтым Рада ТБМ заклікае ўлады Беларусі захаваць згаданы дом, пасля высялення жыльцоў - зрабіць яго рэстаўрацыю і адкрыць у ім мемарыяльную музей-кватэру Максіма Гарэцкага.


У Віцебскай абласной бібліятэцы скасавалі аддзел беларускай літаратуры

З 1 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы на месцы аддзела беларускай літаратуры будзе працаваць аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

Кнігі на беларускай мове чытачам давядзецца шукаць па розных аддзелах, але шмат якіх выданняў яны больш не знойдуць увогуле - ідзе масавае спісанне беларускіх кніг, іх проста адпраўляюць у макулатуру.

Супрацоўніцы Віцебскай абласной бібліятэкі, якім даводзіцца штодня паўтараць ахвотным трапіць у аддзел беларускай літаратуры фразу "прабачце, мы не працуем, з жахам апавядаюць пра пераўтварэнні:

- Нас паставілі перад фактам, што аддзел беларускай літаратуры рэфармуецца ў краязнаўчы. Мы меркавалі, што краязнаўчы аддзел далучыцца да беларускага, і будзе адзін агульны, поўны фонд. Але яны, не ведаючы і не разумеючы спецыфікі працы, пачалі спісваць літаратуру, якая падаецца ім непатрэбнай. Спісалі кнігі па гісторыі партыі, па сельскай гаспадарцы, выданне Падокшына «Філасофская думка эпохі Адраджэння», да прыкладу.

У 1967-м годзе, калі бібліятэка толькі адчынялася, аддзел беларускай літаратуры і краязнаўства быў адзіным бібліятэчным аддзелам. Але ў 1990-я гады, калі Рэспубліка Беларусь набыла самастойнасць, яго вырашылі падзяліць на два, бо бібліятэкары не паспявалі апрацоўваць крыніцы інфармацыі, якіх большала з кожным днём.

Бібліятэкаркі меркавалі, што цяпер усё вернецца да былых традыцый, але памыліліся. У новаўтвораным аддзеле краязнаўства і бібліяграфіі застануцца толькі выданні па гісторыі Віцебшчыны, літаратуразнаўстве ды частка мастацкай літаратуры. Прычым толькі тыя кнігі, якія новае кіраўніцтва аддзелу не палічыць састарэлымі і не адправіць у макулатуру. Штат былога беларускага аддзелу так-сама расфармавалі, як і ўвесь фонд, які дзесяцігоддзямі адбіраўся тымі, хто хварэў душой за беларушчыну:

- Супрацоўнікі беларускага аддзелу цяпер па іншых аддзелах. Літаратура беларускага аддзелу цяпер што ў аддзеле мастацтва, што ў чытальнай зале, што на абанеменце, што ў тэхнічным аддзеле. Астатняе спісана.

Страта каштоўных выданняў - не адзіная праблема, пра якую гавораць бібліятэкаркі. Ці не важнейшым падаецца тое, што пасля рэформаў непазбежна пацерпіць такі бок бібліятэчнае працы, як папулярызацыя беларускай літаратуры:

- Гэты фонд застаўся без гаспадара! Кіраўніцтва мусіла прадумаць гэтае пытанне. А так перад аддзеламі ніякіх задачаў ня ставілі, хаця гэта ж не проста кніжкі перадалі - гэта частку працы перадалі! З фондамі трэба працаваць, літаратуру трэба прапагандаваць! Пра расейскую літаратуру паклапоцяцца ў іншай краіне, у нас і так клопату пра расейскую літаратуру залішне: чаму, да прыкладу, Булгакава трэба 30 асобнікаў, а Барадуліна - толькі 5? Можа, трэба 40? Гэта ж Беларусь.

У чытачоў просяць прабачэння. Ужо па-расейску.

Рэфармаванне аддзелу на агульным сходзе дырэктар бібліятэкі Аляксандар Сёмкін патлумачыў так: маўляў, гэта нонсэнс, калі ў Беларусі створаны аддзел беларускай літаратуры. Вось у Расеі няма аддзелу расейскай літаратуры, і гэта слушна.

Бібліятэкаркі не згодныя. Яны гавораць, што трэба ўлічваць тое, што склалася гістарычна, але адкрыта пратэставаць баяцца.

На афіцыйным узроўні 2012 год абвешчаны Годам кнігі. Але гэта не спыняе тых, хто спісвае беларускія выданні, якія праз дзесяць-дваццаць год стануць рарытэтамі, і не бянтэжыць кіраўніцтва бібліятэкі, дзе чытачам штучна абмяжоўваюць доступ да беларускай літаратуры.

Паводле "Радыё Свабода".


НА ШЛЯХУ ДА РОДНАЙ МОВЫ

Хутка мы зноў будзем адзначаць Дзень роднай мовы, пісаць беларускую дыктоўку. Каб падзея запаміналася, мы вырашылі пашырыць яе фармат. Штуршком паслужыла інфармацыя пра алімпіяду па беларускай мове рэспубліканскага маштабу, дзе адно з заданняў нам падалося цікавым па форме і даступным для кожнага ўдзельніка (гл. заданне 5 у дадатку).

Найперш мы правялі гэта мерапрыемства ў народным клубе "Белыя вароны" ў Каханавічах. Там гуртуецца актыўная моладзь, але беларушчына крынічыць зрэдку - толькі тады, калі прыязджаюць студэнты з універсітэтаў. Нам хацелася б, каб клуб, які носіць імя народнага, меў і адпаведны моўны асяродак.

На нашу радасць, сябры клуба зацікаўлена адгукнуліся на прапанову. Для некаторых стала нечаканкай, што з простымі на першы погляд заданнямі аказалася не так проста справіцца: у памяці не ўсплывалі даўно неўжываныя словы, рускамоўныя канчаткі аўтаматычна лезлі запаўняць прапушчаныя літары. Дыяпазон жа колькасці ўтвораных слоў з зыходнага быў вельмі значны, бо засведчыў узровень агульнай моўнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў.

Абмеркаванне вынікаў было актыўным. Такая форма "маніторынгу" ведаў па беларускай мове і адначасовага яе вывучэння ўсім прыйшлася даспадобы. На просьбу сяброў ім былі раздадзены лісткі з заданнямі, якія яны прапанавалі пасля сваім сямейнікам, аднакласнікам, сябрам па ліцэі і інш. Мерапрыемства было апрабавана і ў іншых, большасцю клубных, аўдыторыях.

Парадавала тое, што ў нашым куце яшчэ нямала добрых знаўцаў роднай мовы, а найлепшы вынік па заданні № 5 значна перавысіў балы, набраныя пераможцам рэспубліканскай алімпіяды: нашаму хлопцу з сярэдняй адукацыяй давялося дапісваць яшчэ дзевяць слоў пасля нумара 40!

Прыкладаючы картку з заданнямі, хачу патлумачыць, што дыктоўка ў № 1 зусім не падмяняе тэкст агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую мы пісалі асобна.

Сёлета мы пашырым спектр заданняў. Мяркуем прапанаваць яшчэ крыжаванку, заданні з выбарам адказаў, пошукам рыфмаў і інш. Родная мова беларусаў павінна заняць сваё адвечнае месца ў наашым жыцці.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым

Абраменка Эдуард Якаўлевіч Андруцэвіч Станіслаў Вяч. Ануфрыенка Валянціна Аскерка Валянціна Валянцін. Аўкштулевіч Тамара Яўген. Аўсеенкава Кацярына Вал. Ахрамчук Віктар Георгіевіч Бабічаў Антон Вячаслававіч Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Багдзевіч А.І. Балбераў Яўген Сяргеевіч Баравік Марыя Якаўлеўна Бардош Іна Анатольеўна Барысік Мікалай Богуш Мікалай Болбас Вадзім Іванавіч Бубен Уладзімір Бублікава Лілея Бубновіч Іна Іванаўна Бузо Алег Леанідавіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Бяліста Марына Бярэзіна Надзея Уладзімір. Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Васючэнка Пятро Васільевіч Ваўрышук Наталля Юр'еўна Вашанка Дзмітры Дзмітр. Вашкевіч Марына Верхачуб Уладзімір Васільев. Войткун Галіна Вотэхаўна Вярцейка Алесь Галякевіч Яўген Ціханавіч Гаравы Леанід Антонавіч Гарнастай Алена Гарэлава Ганна Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Гільвей Вацлаў Голуб Аксана Уладзіміраўна Грынь Сяргей Іванавіч Грышан Мікола Паўлавіч Губарэвіч Настасся Уладзім. Губарэвіч Юры Іванавіч Гуцалік Галіна Дамашэвіч Уладзімір Максім. Дземідовіч Вольга Валер. Дзенісевіч Павел Алегавіч Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Дзмітручына Ганна Мікал. Дзюбайла Андрэй Мікалаевіч Добыш Генадзь Канстанцін. Драгун Павел Якаўлевіч Драздова Марыя Аркадз. Дубіцкі Віктар Сымонавіч Емяльянава Аляксандра Вікт. Жаўняровіч Ганна Дзмітр. Жук Мікалай Жукоўская Л. С. Забаўская Святлана Засім Тамара Заяц Генадзь Мікалаевіч Іваніцкі Павел Яўгенавіч Ігнаценка М.І. Іжохіна Надзея Іванаўна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Калядка Таццяна Рыгораўна Камесніковіч Вольга Камінская Аліна Аляксандр. Канановіч Ірына Канашэнка Рыгор Канойка Ігар Карбановіч Сяргей Карнеева Алена Віктараўна Касаржэўскі Віктар Іванавіч Касцючык Валянціна Міхайл. Качура Яўген Кірэеў Антось Мікалаевіч Кішкурна Уладзімір Герасім. Клімовіч Наталля Клімчык Генадзь Кляшчонак Алена Ковель Уладзімір Корзан Ала Вікенцеўна Краснабаеў Артур Мікал. Красоўскі Сяргей Уладзімір. Крук Алена Крываногава Святлана Крыванос Алеся Крывапуст Дзмітры Валер. Крысюк Людміла Крэйніна Людміла Міхайл. Кузьмянкова Наталля Алег. Курыленка Юлія Кур'ян Астап Андрэевіч Кухаронак Аляксандр Дзміт. Кухарэнка Настасся Кучаравенка Паліна Уладзім. Кучынскі Віталь Паўлавіч Лабада Анастасія Лагодская Ірына Ладыга Сяргей Паўлавіч Лазарэвіч Аляксандр Лашкоўская Рэгіна В. Ліс Тамара Літаш Вольга Літвінава Людміла Сямёнаўна Лопух Таццяна Уладзіміраўна Лукашонак Тамара Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Лыч Леанід Міхайлавіч Лявончыкава Дз. Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Мазынскі Валер Яўгенавіч Макарэвіч Аляксандр Васіл. Маліноўская Таццяна Рыгор. Марачкін Ігар Аляксеевіч Мартынаў Мікола Рыгоравіч Маслюкова Алена Аляксан. Матавілава Кацярына Ігар. Матэлёнак Леанід Аляксанд. Машнюк Тацяна Аляксандр. Мельнікаў Мікалай Алякс. Мінько Жанна Мірановіч Міхаіл Місуна Раман Мішчанкова Юлія Анатол. Мудроў Максім Мурашка Ігар Мянькоў Юры Уладзіміравіч Мяцельскі Мікалай Міхайл. Наскоў Міхаіл Андрэевіч Нікіценка Таццяна Пятроўна Нікіцін Віталь Новікава Яна Нялепа В. Падашвялёў Дзмітры Аляк. Памецька Ніна Казіміраўна Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Парфёнаў Аляксандр Іванав. Паўкштэла Сюзана Алегаўна Петрашкевіч Аляксандр Ан. Петрашкевіч Часлава Петрушкевіч Ала Мікал. Піўко Юры Плітко Віктар Васільевіч Працко Святлана Аляксандр. Прыгожын Аркадзь Ілліч Пухоўская Таццяна Фёдар. Пяткевіч Марына Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Пятровіч Аксана Іванаўна Пятроўскі Аляксандр Ражкоў Леанід Мікалаевіч Райчонак Аляксандр Алег. Ракевіч Мікалай Раманцэвіч Валянціна Карл. Рачко Мікалай Рудніцкая Яніна Ружыцкі Павел Аляксандр. Русак Андрэй Рымко Вольга Рысявец Раіса Рыгораўна Савасцеева Людміла Савіцкі Мікалай Іванавіч Садоўская Яна Францаўна Сакалова Алена Георгіеўна Салаўёў Зміцер Віктаравіч Сарока Андрэй Іванавіч Сахута Яўген Міхайлавіч Свістун Сяргей Серада Алеся Сяргееўна Сідарук Лілея Мікалаеўна Сіманёнак Людміла Іванаўна Сіплівеня Жана Сямёнаўна Старавойтаў Сяргей Мікал. Старжынскі Андрэй Стома Анастасія Страчук Аляксандр Сярг. Строганаў Вадзім Вячаслав. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Сучок Міхась Сцепанішчава Вера Андр. Сцефановіч Галіна Іванаўна Сяменас Людміла Францаўна Сянкевіч Мікалай Іванавіч Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч Трубкін Аляксей Анатольев. Туровіч Алесь Тэрэз Віктар Утохіна Наталля Ушакоў Сяргей Аляксандр. Філюта Ніна Рыгораўна Хадневіч Васіль Хацкевіч Анатоль Канстанц. Хмянчук Марыя Іванаўна Ходар Аляксандр Цімохін Лявон Аляксандр. Ціткоўскі Ігар Адамавіч Цішакіна Ірына Пятроўна Цэдрык Ганна Васільеўна Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч Чарнышова Зоя Чарняўскі Сцяпан Чыбісаў Мікола Чылік Ніна Аляксандраўна Шалкевіч Віктар Антонавіч Шаўчук Аляксандр Мікал. Шашута Алесь Шпакаў Фелікс Шундрык Георг Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Шчасная Марыя Шырвель Андрэй Раманавіч Язукевіч Ганна Чаславаўна Яканюк Данат Лявонавіч Янушэўскі Віктар Пятровіч Ярмусік Эдмунд Станіслав. Яшчэня Ірына Яшын Дзмітры Іванавіч


"Белавежцы" распачалі новы творчы год

Прэзентацыяй перакладу кніжкі Міхася Андрасюка "Белы конь" і зборніка паэзіі Дзмітра Шатыловіча адзначылі пачатак новага года сябры літаратурнага аб'яднання "Белавежа". У час сустрэчы былі прэзентаваны таксама іншыя выданні, у тым ліку дзясяты ўжо "літаратурны альманах".

Гэта зборнік твораў больш чым трыццаці аўтараў - сябраў аб'яднання. Сярод іх ёсць таксама пісьменнікі з маладога пакалення "белавежцаў".

Як адзначае старшыня аб'яднання, прафесар Ян Чыквін, таварыства ад пачатку існавання адкрытае для маладых творцаў.

- Мы можам падказаць маладым людзям. І гэтага не трэба саромецца, калі нехта больш дасведчаны, нешта можа падказаць. І было б добра, каб ліцэісты, студэнты даведаліся, што можна папрасіць, каб мы прачыталі і далі ацэнку іх твораў.

У мінулым годзе аб'яднанне "Белавежа" выдала зборнік вершаў "Дачка Ружы" дваццацігадовай Кацярыны Сянкевіч. Гэта наймалодшая дэбютантка ў цэлай гісторыі таварыства. У час сустрэчы "белавежцаў" былі абмяркаваны таксама выдавецкія планы. У 2012 годзе выйдзе з друку літаратурны штогоднік "Тэрмапілы". У будучыні плануецца таксама выданне "Альманаха" да юбілею - 50-годдзя ўзнікнення "Белавежы".

Лукаш Леанюк.


Залатая дзясятка кніг 2011 года: "Вінцук Адважны. Выбраныя творы"

Вінцук Адважны - гэта літаратурнае імя святара Язэпа Германовіча. Напачатку дваццатага стагодзьдзя, калі заходнебеларускі каталіцкі святар усходняга абраду пачаў друкаваць свае першыя творы на старонках беларускамоўных перыёдыкаў («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»), ягоныя чытачы, за выняткам блізкіх сяброў, не ведалі, што гэтыя два імені належаць адной і той жа асобе.

Ці стварала святарскае пакліканне Язэпа Германовіча адметнасць твораў Вінцука Адважнага? І ці была праблема ў сённяшніх даследчыкаў пры прадстаўленні чытачу кнігі такой, у пэўным сэнсе, дваістай асобы? Складальніца тому кандыдат філалогіі Ірына Багдановіч не мела з гэтым праблемаў:

- Калі ты ёсць чалавек-вернік, то ты разумееш святара-пісьменніка. Калі б я не была верніцай, прыхаджанкай да касцёла, мне было б, канешне, цяжка. У цяперашняй сітуацыі, калі я бачу, што такое ёсць святар, бачу ягоную працу, чым ён займаецца, што ён робіць, то мне было прасцей. Творца-святар - гэта чалавек, які адразу разумее гэтае пакліканне, што ён мусіць быць апосталам. Не толькі праз слова з амбону, але праз літаратуру таксама гаварыць тыя высокія ісціны, якія ёсць у Бібліі. Але не навязліва, часам з іроніяй, гумарам. Вінцуку Адважнаму быў уласцівы вельмі адметны гумар. Пра гэта айцец Аляксандар Надсан яшчэ казаў, што яго здзіўляла ў гэтай асобе менавіта вось гэтая глыбінная духоўнасць і пачуццё гумару. У яго асобе гэта злівалася проста ў нейкі дзіўны феномен. Напрыклад, ён мог пісаць на біблейскія тэмы і пры гэтым захоўваць гумарыстычную ноту. І гэта ўсё роўна было высока, гэта было не нейкае блюзнерства, а высокія і вечныя духоўныя хрысціянскія ісціны, якія прамаўляў чалавек-святар, але прамаўляў як рэдактар часопіса "Божым шляхам", напрыклад. Ці як пісьменнік, які пачынаў свой шлях у канцы 20-х-30-ыя, калі пачынаў пісаць такія свае рэчы, і якія я дала ў гэтую кнігу. Гэта аповесць "Хлапец" і апавяданне "Адам і Анэлька" - тая проза, якой мы былі пазбаўленыя. Гэта проза, якая распавядала пра нейкія святарскія абавязкі, пра чалавека, беларуса, які хадзіў у школу, але хадзіў таксама да касцёла. Гэта такія новыя рэчы, я лічу, якія праўду жыцця таго даваеннага і пасляваеннага, эміграцыйнага раскрываюць вельмі поўна.

У том выбранага Вінцука Адважнага складальніца ўключыла пераважна празаічныя творы сьвятара-літаратара. Гэта найперш ягоныя мемуары пра сваё знаходжанне ў савецкіх лягерах «Кітай - Сібір - Масква», якія ўпершыню па-беларуску пабачылі свет асобнай кнігай у 1962 годзе ў Мюнхене. Гэтая кніга пра жахі сталінскай карнай сістэмы, якая выйшла на адзінаццаць гадоў раней за «Архіпелаг ГУЛаг» Салжаніцына, была выдадзеная і на італьянскай, польскай, літоўскай мовах. Апрача яе ў кнігазбораўскім томе ўпершыню надрукаваныя яшчэ некалькі празаічных твораў Адважнага. Менавіта яны прывабілі чытацкую ўвагу гісторыка літаратуры Анатоля Сідарэвіча:

- Для мяне было адкрыццё - празаік Адважны. Я чытаў ягоныя вершы - гэта "нашаніўскі" ўзровень. Ужо паэзія беларуская пераўзышла гэты ўзровень. Але я зусім не чакаў такой прозы. Я чытаў да гэтага яго кніжку "Кітай - Сібір - Масква". Гэта кніга ўспамінаў, цікавая кніга і павучальная. І вось я пачаў чытаць яго мастацкую прозу і ўбачыў, што проста мы, "дзякуючы" Ватыкану і палітыцы польскіх уладаў у Заходняй Беларусі, страцілі выдатнага пісьменніка. У Заходняй Беларусі, як вы ведаеце, празаікаў практычна і не было. Цяпер можна гаварыць пра тое, што ў Заходняй Беларусі быў прыкметны празаік Вінцук Адважны. І калі гаварыць пра прыватнасці ягонай творчасці, то гэта тое, што ён умее з гумарам пісаць. Па-другое, я, ведаеце, проста лавіў сябе на думцы: ну і грэшнік гэты святар. Я маю на ўвазе тое, як ён жанчын апісвае. Умеў апісаць і жаночыя прынады, не кажучы ўжо пра тое, як ён умеў апісаць побыт, норавы таго асяроддзя, пра якое ён піша, невялікага мястэчка. Тут ёсць нават гэтая, што называецца, пазнавальная функцыя мастацтва. І мова яшчэ не засмечаная саветызмамі і ўсякімі іншымі такімі рэчамі. Мова вельмі цікавая. Я думаю, што Вінцук Адважны стаў адкрыццём для многіх.

Выдавец Генадзь Вінярскі ў сваім прыватным рэйтынгу паставіў кнігу на першае мейсца:

- Вінцука Адважнага да гэтага ў Беларусі мала хто ведаў. Яго творы выходзілі толькі за мяжой, і яны былі даступныя толькі невялікай колькасці чытачоў. А спадчына яго пісьменніцкая вельмі вялікая. Чаго толькі вартыя ягоныя ўспаміны "Кітай - Сібір - Масква"? Гэта фактычна, як некаторыя параўноўваюць, лепш чым успаміны Аляксандра Салжаніцына, бо напісана больш адметным стылем і фактура больш цікавая. Самае галоўнае, што нарэшце беларусы ўбачылі незаслужана забытага на сваёй радзіме такога значнага пісьменніка, грамадскага дзеяча і святара, убачылі яго творчасць.

Спадар Вінярскі крыху памыляецца. Кніга Вінцука Адважнага «Кітай - Сібір - Масква» пасля мюнхенскага выдання выходзіла асобнай кнігай па-беларуску ў Менску ў 2003-м. Але яна тады адразу ж стала рарытэтам.

Ад 1960-га да адыходу ў іншы свет ў 1978-м Язэп Германовіч жыў у Лондане, узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду для беларусаў-каталікоў замежжа. Усе гэтыя гады побач з ім быў цяперашні кіраўнік місіі дырэктар беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны айцец Аляксандар Надсан. Ен вельмі ўсцешаны, што кніга легендарнага святара выйшла на радзіме і атрымала высокую чытацкую ацэнку:

- Ен прыехаў сюды, калі ўжо вырваўся з савецкіх лагераў, а пасля яму і з Польшчы было таксама цяжка выехаць у Італію, а з Рыму ўжо прыехаў да нас і ўжо застаўся тут. Ен быў перадусім святар. Гэта адзін з тых, хто не мог не быць святаром, поўнасцю адданым Богу. Беларус - несумненна, і то такі беларус перакананы абсалютна. Рэдка такіх сустрэнеш. Прайшоўшы праз усе нягоды, праз усе сібіры, кітаі, польшчы, заўсёды заставаўся беларусам. За сваю беларускасць пацярпеў яшчэ ў трыццатыя гады ад польскіх уладаў. Яму на Бацькаўшчыне не было месца. Чалавек з тонкім пачуццём гумару. Ягоная пабожнасць злучалася з тонкім гумарам. І, магчыма, гэта яго ратавала ў цяжкіх абставінах, бо заўсёды і ўсюды знаходзіў нешта такое пацешнае, смешнае. І яму ўжо лягчэй было на душы. І быў ён вельмі працавіты, не марнаваў часу. Так укладаў свой час, што заўсёды нешта рабіў. З ім заўсёды было прыемна.

Айцец Надсан адзначае, што пісаць пад псеўданімам Язэп Германовіч быў змушаны, бо калі ён пачынаў за так званым польскім часам, то не толькі святарам, а нават вернікам нельга было друкавацца ў беларускіх выданнях. Язэп Германовіч пакінуў сабе літаратурнае імя і тады, калі ніхто яму ўжо не чыніў ніякіх забаронаў.

- Ен заўсёды пісаў. Меў цяжкасці праз гэта яшчэ будучы ў Беларусі. Ну а пасля ўжо з Кітаю прысылаў свае артыкулы, нягледзячы ні на якія забароны. Праўда, пісаў пад псеўданімам "Вінцук Адважны". Для мяне гэта быў вялікі прывілей, што я мог жыць і супрацоўнічаць з ім праз амаль дваццаць гадоў. Такіх людзей, як ён, вельмі рэдка дзе можна сустрэць.

У бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане захоўваецца самая поўная спадчына Вінцука Адважнага, значная частка якое яшчэ чакае новых даследчыкаў і новых кніг.

Валянціна Аксак.


Да 100-годдзя Першай Сусветнай вайны

Сп. У.У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб стварэнні ў Беларусі

музея Першай Сусветнай вайны

Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!

У 2014 годзе сусветная супольнасць будзе адзначаць сотыя ўгодкі пачатку Першай Сусветнай вайны. Паколькі лінія Усходняга фронту праходзіла праз тэрыторыю Беларусі з 1915 па 1918 год, прапаную стварыць у г. Смаргонь музей Першай Сусветнай вайны з філіяламі ў Мядзелі, Крэве, Вілейцы і Пінску.

Музейнымі аб'ектамі могуць стаць абарончыя збудаванні гэтых часоў, а таксама шматлікія могілкі нямецкіх і расійскіх салдат і афіцэраў. Гэты музей разам з філіяламі можа прыцягнуць, асабліва ў 2014 годзе, вялікую колькасць айчынных і замежных турыстаў.

Інвестарамі стварэння музея могуць стаць Германія, Францыя, Аўстрыя, Расія і іншыя краіны-ўдзельніцы вышэйназванай вайны.

3 павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, д.13,

220005, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш зварот аб стварэнні ў г. Смаргоні музея Першай Сусветнай вайны з філіяламі ў Мядзелі, Крэве, Вілейцы і Пінску інфармуем.

Дадзеная прапанова ўважліва вывучана зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.

Па ініцыятыве Мінкультуры і Гродзенскага аблвыканкама пачата работа па стварэнню ў г. Смаргоні мемарыяльнага комплекса на лініі супрацьстаяння ў 1915 - 1917 гадах, у які ўваходзяць у тым ліку абарончыя збудаванні таго часу, месцы воінскіх пахаванняў. Урачыстае адкрыццё комплекса запланавана на 2014 год. Турыстычнае абслугоўванне аб'екта будзе арганізавана сіламі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2014 годзе на яго базе запланавана таксама правядзенне выставы "Смаргонь у Першую Сусветную вайну - 810 дзён абарончых баёў", якая адлюструе - гісторыю Першай Сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Стварэнне новага музея ў г. Смаргоні зацікаўленыя лічаць нямэтазгодным.

Акрамя таго, у перыяд адзначэння 100-годдзя Першай Сусветнай вайны будуць пашыраны раздзелы пастаянных экспазіцый Вілейскага, Мядзельскага і іншых музеяў, прысвечаных гэтай вайне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення

па рабоце са зваротамі грамадзян

і юрыдычных асоб С.І. Буко.


Заўзятары заклікаюць «Менск-Арэну» рабіць аб'явы па-беларуску

З прапановай зрабіць пробнае дыктарскае і дыджэйскае суправаджэнне хатніх гульняў хакейнага клубу «Дынама - Менск» звярнуліся праз інтэрнэт беларускія заўзятары да адміністрацыі «Менск-Арэны».

Зрабіць гэта аматары хакею просяць у мэтах «падкрэслівання самабытнасці, непаўторнасці і арыгінальнасці сталічнай каманды, якая фактычна прадстаўляе краіну на міжнародным турніры».

Заўзятары тлумачаць, што цяпер усе аб'явы на «Менск-Арэне», як і дыджэйскае суправаджэнне, ідуць па-расейску, у тым ліку і тады, калі на менскім лёдзе гуляюць каманды «Дынама» з Рыгі і «Леў» са славацкага горада Попрад.

- А калі менскае "Дынама" гуляла ў Рызе, там асноўная інфармацыя абвяшчалася па-латышску і дублявалася па-расейску. Нам бы хацелася, каб беларуская мова гучала як дзяржаўная на "Менск-Арэне". Мы прапануем браць прыклад з рыжскага "Дынама" і попрадскага "Лева". Гэта цалкам магчыма, - мяркуюць заўзятары.

Пад зваротам заўзятараў за адзін дзень падпісаліся паўтысячы чалавек.

Наш кар.


Берасцейская моладзь праводзіць кампанію "Наша мова"

Берасцейская моладзевая ініцыятыва "Аазіс" і Моладзь БНФ праводзяць у горадзе над Бугам кампанію "Наша мова" з мэтай вяртання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.

Пакуль маладзёны распаўсюджваюць інфармацыйную прадукцыю.

Ва ўлётках кампаніі адзначаецца: "Мы, моладзь Брэста, станоўча ставімся да двухмоўя. Чым больш моў ведаюць людзі, тым лепш. Сітуацыя шматмоўнасці заўсёды была характэрнай для беларускіх земляў <…> Сёння на самых высокіх узроўнях адкрыта дэманструецца непавага да беларускай мовы…"

Старшыня берасцейскай суполкі Моладзі БНФ Сяржук Кавалько адзначыў, што ўлётка ўтрымоўвае так-сама і тэкст для ўдзелу ў конкурсе:

- Гэтая ўлётка цікавая тым, што ў ёй ёсць тэкст на рускай мове, перакалад якога трэба зрабіць. Хто зробіць і дашле пераклад на пададзены электронны адрас, той атрымае фірмовыя значакі нашай кампаніі. Галоўная мэта кампаніі - папулярызацыя беларускай мовы.

Арганізатары кампаніі рыхтуюцца да 21 лютага, калі ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень у Берасці адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных мове.

Зміцер Кісель.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Чачотка Анатоль - 15000 р., г. Менск

2. Пухоўская Юлія - 10000 р., г. Менск

3. Давыдоўскі Ігар - 30000 р. г. Менск

4. Сябры клубу "Прамова" - 15000 р., г. Менск

5. Літвіна Людміла - 70000 р., г. Менск

6. Восіпава Аляксандра - 40000 р., г. Гомель

7. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

8. Антановіч Т.І. - 50000 р., г. Менск

9. Рымач Мікола - 40000 р., г. Івацэвічы

10. Гвара Віктар - 10000 р., г. Лельчыцы

11. Восіпава Аляксандра - 40000 р., г. Гомель

12. Сымон Барыс - 20000 р., г. Менск

13. Гарэцкі Радзім -50000 р., г. Менск

14. Шыдлоўская Ніна - 25000 р., г. Менск

15. Марачкін Аляксей - 10000 р., г. Менск

16. Марачкіна І. - 10000 р., г. Менск

17. Шкірманкоў Фел. - 50000 р., г. Слаўгарад

18. Мацюшэўская Зінаіда - 50000 р., г. Фаніпаль

19. Птушко Сяргей - 15000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

20. Сцяцко Павел - 50000 р., г. Гародня

21. Плакса Уладзімір - 25000 р., г. Менск

22. Тычына Міхась - 15000 р., г. Слуцк

23. Невядомы - 100000 р., г. Менск


1. Рындзевіч Вячаслаў - 50000 р.

2. Шэвяка Аляксандр - 30000 р.

3. Рымша Алесь - 35000 р.

4. Мудроў Алег - 30000 р.

5. Пісарэнка Алесь - 30000 р.

6. Фарнэль Кастусь - 20000 р.

7. Марцінкевіч Андрэй - 30000 р.

8. Главацкіх Васіль - 30000 р.

9. Кулік Анатоль - 30000 р.

10. Паўловіч Віктар - 30000 р.

11. Рудзёнак Алег - 20000 р.

12. Гняткоў Валеры - 30000 р.

Усе - НАВАПОЛАЦК


Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Перажывае ўласнае сіроцтва на зямлі толькі высокі і велічны. Пан, шляхціц. Акадэмік Лягаса даўно стаў такім. Да слуг і рабоў усведамленне сіроцтва перад небам не прыходзіць, яны зрэдзь чуюць вастрыню азывання малення ўласнай душы па высокім і чыстым, не самое вымольванне. Яны ўсяго жруць і стогнуць.

Маліцца і верыць, і адбудзецца немажлівае. Чарноцце, бязглузддзе пакінуць высокага і нізкага, прасветнага і няпісьменнага.

Даўно рашаў акадэмік Лягаса найважную задачу. Святыя ўчынкамі і жыццём выкупляюць грахі людскія. Усё вырашыць і ён, сам, неадкладна.

Ахвярнасць для іншых, тым болей для павукі іншых - шчаслівы пералёт у лепшы этап спіралі, узоркавасці. Валерый Лягаса ўжо амаль ведаў свае дзеянні на працы, у сям'і. І ўжо нікуды духоўны геній, уцялеснены ў ягонай фізічнай істоце, не спяшаўся. Акадэмік не мог сысці ад зародку/задумы. Памыляўся ён моцна і страшэнна, як і многія найвысокаадукаваныя ўпэўненцы; бязмежная душа кожнага чалавека, але не бязмежнае кола пакутаў чалавека, вытрымаць іх на Гэтым, асабліва на Тым свеце не кожнаму дадзена; тым горшы ланцуг пякельнасці для высокага, які даўно ўведаў пра смяртэльнасць нічым не папраўнага граху самагубства.

Выбух знечакана высветліў, што ў вялікай дзяржаве СССР усе папугаі, дробязь, папіхічы. На розных узроўнях кіраўнікі чакаюць каманды, дырэктывы. У паслявыбухным Чарнобылі фактычна распараджаліся ён, Валерый Лягаса, і прафесар Ігар Эрліх.

У механізатараў зпад Нароўлі і Брагіна, Тулы і Бранска аднялі пачуццё гаспадара, а самыя вялікія кіраўнікі яго не набылі. Ва ўсіх страцілася пачуццё вечнасці і вернасці. Любая ініцыятыва ў дзяржаве прапускалася праз мноства сузгадняльных паверхаў. Калі ўсе баяцца адказнасці, хто рашае? Генеральнаму сакратару і прэм'ерміністру самім ставіць засаўкі ў атамным рэактары і засяваць твой клін?

Над чацвёртым блокам ЧАЭС і пад ім неабходна тэрмінова ўзводзіць новае ўкрыцце. Сапраўднае. Злучаныя Штаты Амерыкі ў 1979 годзе атрымалі катастрофу, аналагічную Чарнобыльскай. У краіне пры адказнай атамнай будоўлі не пашкадавалі выдаткаў на двайную жалезабетонную абалонку, на моцны корпус і саркафаг, хаця таксама было шмат галасоў эканамістаў і знаўцаў: навошта выкідаць на вецер вялізазныя грошы, станцыя бяспечная, сродкі засцярогі перавышаюць любую аварыйную патрэбу ў чатыры разы.

Двайны саркафаг не дапусціў выкіду радыяцыйных часцінаў у атмасферу. Сярэдняя доза абпраменьвання людзей ў 16кіламетровай зоне не перавысіла аднаго мілізіверта. Столькі атрымлівае пацыент пры адной флюараграфіі. Нікога не перасялялі, не лячылі, не атрымлівалі праклёнаў дзяцей і дарослых. (18)

А савецкія кіраўнікі ўсё эканомілі. Мы бедныя, пасля, пасля.

Сем мільярдаў савецкіх рублёў, амаль дзесяць мільярдаў долараў, зрасходавалі на ліквідацыю вынікаў аварыі на ЧАЭС (19) , а знайсці на паляпшэнне рэактара нейкія дзесяць мільёнаў рублёў, як прасілі і настойвалі навукоўцы, у СССР не маглі. Чарнобыльская катастрофа прынесла выдаткаў нашмат болей, чым далі карысці ўсе атамныя станцыі СССР за ўсе гады.

Не цікавяць абпошленых пустацветаў і выраджэнцаў у міністэрскіх крэслах, за што і чым забілі чалавека, а як хварэў, лячылі. Усё перавярнулі з ног на галаву. Высяленне людзей з абрадыяцыйнай зоны - адзіны спосаб ратавання народа трох славянскіх рэспублік, - а кіраўнікоў СССР турбавала адно: каб не за кошт Масквы. Вялікія выдаткі дзяржаве непасільныя.

Вось адкуль выраслі ногі ільінскай трыццаціпяцібэрнай канцэпцыі бяспечнага пражывання на радыяцыйнай тэрыторыі; вось чаму дасюль не надрукавалі карты радыяцыйнасці (з'явяцца ў 1989 годзе). Людзі дасюль не ведаюць, дзе і якія можна збіраць грыбы.

Абы паменей выдаткаў дзяржаве. Дык на лячэнне народа і пенсіі пойдзе болей. Наэканоміліся, напляскаліся.

XIX

Cлёзы набягалі самі. Акдэмік іх выціраў, яны зноў выцэджваліся. Марскімі хвалямі накочваліся ўспаміны.

…У Чарнобылі склады ўрадавых камісіяў і кіраўніцтва рэгулярна заменьваліся. Першая камісія на чале з Барысам Шчарбінікам атрымала вялікія дозы абпраменьвання. Выехалі ўсе. Апрача акадэміка Лягасы. Без яго абысціся не маглі. Таленавіты навуковец ведаў, чым рызыкаваў, і застаўся.

Менавіта яго выклікалі на станцыю ў іншыя склады камісіі.

І як амаральна, калі асобныя фізікі, што ў аварыйны год сядзелі ў кабінеціках і лабараторыях, пасля сталі абмяркоўваць і аналізаваць… дзеянні Лягасы пры заглушванні чацвёртага энергаблока. Не прыдзіраліся да яго, нене, раілі, меркавалі. Самі там ні разу не былі, шчасця радыяцыі не смакавалі, а вякалі "можна так было", "новы варыянт не выключаўся", "для навукі было б карысна"…

На пакусы і пляўкі ў кулуарах, у выступленнях, публікацыях акадэмік Лягаса практычна не звяртаў увагі, а пастаянная стрэсавасць душы закіпала, адкладвалася на сэрцы. Сёння дзясяты раз прымаў лекі, цёр слёзы.

Светлы ўспамін у Лягасы - выступленне першага сакратара беларускага цэка пры абмеркаванні ЧАЭСнай катастрофы на Палітбюро. Слюнькоў правільна доказніў, праўдзіва ўсыпаў кампашкам Аляксандрава і Даляжаля. Падтрымаў яго Шчарбіцкі. З подум'ем, тыповымі ліслівымі слоўнымі вывертамі падтрымаў Гарбачоў.

…Праз некалькі месяцаў пасля аварыі на ЧАЭС разам з Генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым Валерый Лягаса лятаў у Вену на канферэнцыю МАГАТЭ. Даклады і паведамленні акадэміка, у суме болей чатырох гадзін, аб прычынах аварыі, мерах па ліквідацыі, прынцыпах бяспекі атамнай энергетыкі ўсхвалявалі камісіі, падкамісіі.

Яму штораз пляскалі не за выдатную англійскую мову, а за глыбокі змест, праўдзівасць, уменне дакладна і гумарыстычна адказаць на любое каверзнае пытанне. З чым згаджаўся да Чарнобыля і першы месяц пасля - цяпер часта адмаўляў. Уразрэз з шырока абвешчанымі вывадамі абедзвюх майскіх аляксандраўскіх камісіяў, якія прынялі за аснову ва ўрадзе СССР, упершыню выказаў папрокі да праектантаў і канструктараў рэактара РБМК-1000.

- Вы мелі адносіны да стварэння рэактара?

- Практычным увасабленнем праекта займаліся аддзел Калугіна, акадэмік Аляксандраў.

- Намеснік дырэктара інстытута заўважыў недахопы. Мог прадухіліць…

- У інстытутах і канторах Германіі, Францыі, ЗША, Японіі адзін аддзел не ўлазіць у справы другога, здагадвацца можа, а сутнасць не ведае. Тое і ў СССР.

Па тэлебачанні генсека Гарбачова паказвалі меней, чым акадэміка Лягасу. Замежнікі, асабліва навукоўцы краінаў свету, нават настроеныя супраць СССР і яго поспехаў, стоячы віталі Валерыя Лягасу. У час выступленняў і пасля ён не быў хлопчыкам для біцця, сам задаваў пытанні, ставіў праблемы.

Грамадская вядомасць рэзкага і знаходлівага акадэміка Лягасы неймаверна вырасла. Яна выклікала зайздрасць і нядобразычча сярод калегаў СССР. З'явіліся публікацыі, што ён стаў супраць любых АЭС, прадказвае паўтор Чарнобыльскай трагедыі.

Вясной і летам 1986 неаднойчы акадэміка Лягасу віншавалі з прысваеннем звання Героя Сацыялістычнай Працы. Дакументы пададзеныя, падпісаныя, засталася фармальнасць, адзін-два подпісы.

Выйшаў указ, прозвішча Валерыя Яўстафавіча Лягасы не было.

XX

Шматкроцьна паўтараюцца думкі акадэміка, факты цяжкай жыццёвай дарогі. Свечка адчувае, што пачынае самаўзгарацца; свечка баіцца зарана згарэць, баіцца куродыму. Мудры разумее, чалавек не мае права пасягнуць на волю Бога - перапыніць уласнае існаванне. Ты не ўсё выканаў, не ўсіх навучыў, не ўсім падказаў, а галоўнае - не поўнасцю перанёс кашы ўласных пакутаў.

Самазабойства - апраметны грэх. Ганьбіць яно самога, блізкіх, род. Такіх ганьботнікаў выкідаюць з акіянаў памяці. Самазабойцаў не адпяваюць святары, ні адна рэлігія не дазваляе іх хаваць на кладах. На вагах Тагасвецця дух самазабойцы нават не бывае, такі можа не дайсці да Першага Перакрыжавання, адразу трапляе на непераваротную распаленую патэльню.

Усё ведае акадэмік Лягаса, разумее, і выйсця не бачыць.

Разважае. Зноў усё перабірае, узважвае.

Духоўная сумятнеча ў душы генія рускага народа цягнулася, на жаль, нядоўга. 27 красавіка 1988 года ён усётакі палічыў патрэбным своеасабліва выкупіць віну навукоўцаў, будаўнікоў, эксплуатацыйнікаў - прыняў недарэчнае рашэнне.

У адзін з красавіцкіх вечароў самаахвярны акадэмік прыняў дурное рашэнне. Выстраліў. Праўда, некаторыя сцвярджаюць - Валерыя Лягасу хітрамудра забілі. Каб не высвечваў гнілое нутро сістэмы. Пісьмозапіску з'арганізавалі.

Царства нябеснае, мужны самаахвярнік, барацьбіт за лёсы Нямковічаў, Новікавых, Іванчанкавых, іхніх хворых дзетак і няхворых; барацьбіт за народ Расіі, Беларусі, Украіны.

Зрабіў Лягаса непапраўную памылку. Самагубствам сумленны не выкупіў грахі дзяржавы, ім ён абпляваў сябе і крэўных, запляміў калектыў.

А мо забілі вялікага і таленавітага зайздросныя сябрыпрыяцелі ці ворагі дзяржавы, і дасведчана замаскавалі пад самагубства? Ведае гэта акадэмік і згарэлыя ў хуткіх неадхільных пакутах навучальнікі на забойства, выканальнікі.

Уцялесванне духа чалавека - пачатак высокага ўзнёсу гэтай іскрынкі да дрэва жыцця, або сыход да пакутаў крыжовага шляху. Адмяніць ці змяніць пры палёце хоць што не па сілах цяпер самазабойцу, ягонаму забойцу або штурхальнікупадвучвальніку на забойства.

Ягоны самастрэл у сэрца прагучаў на ўсю дзяржаву СССР, на ўсю планету Зямля. Пачулі яго ўсюды. Каб праз тыдзеньдва забыць. Як забылі пра папярэджанні Валерыя Лягасы, што планеце пагражае самазнішчэнне. Сто шэсцьдзесят з лішнім тон урану пад чацвёртым рэактарам ЧАЭС у спрэсаванай лаве не ляжаць спакойна. Рэакцыя вераемна ідзе. Гадзіннік чэкае. Штосекунды чэкае.

Зноў дасць чуць пра сябе ўкраінскабеларускі Чарнобыль, калатне Еўропу бяда, уранавая руда ўзарвецца, непазбежна захопіць астатнія тры рэактары - тады войны ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы здадуцца дзіцячымі гульнямі. Ракетныя пагрозы, засцярогі, папярэджванні будуць непатрэбныя. Нікому. Бо аберагацца і нападаць не будзе каму, на каго, дзе… Планета стане астэроідам.

XXI

Прафесар Бадановіч адводзіць акадэміка Канопліча да лаўкі ўзбоч сценкі. Прыселі.

- Не ведаю, што казаць на пытанні. Давайце з найбольш лягчэйшага пачну. Тры працэнты апрацоўванай зямлі прыватнікаў, яна вакол людскіх сядзібаў, даюць трыццаць пяць працэнтаў сельгаспрадукцыі эсэсэсэр. У тым ліку шэсцьдзесят працэнтаў бульбы, трыццаць працэнтаў гародніны, трыццаць працэнтаў мяса, дваццаць сем працэнтаў малака. Замест усім яснага рашэння - павялічыць прыватны сектар зямлі да дзесяці-пятнаццаці працэнтаў, каб з уласнага ўраджаю накарміць нарэшце ўвесь народ, на другі год перабудовы пачалося знішчэнне прыватных гаспадарак і агародаў. Як у хрушчоўскія і брэжнеўскія часы.

Аб'ектыўка. Савецкі Саюз атрымліваў у 1986 годзе сельгаспрадукцыі 14,7 % ад сусветнага ўзроўню. Хаця меў усяго 5% насельніцтва. У СССР прадуктаў харчавання выраблялі на тры Савецкіх Саюзы. Прадукты вывозіліся за кардон па зусім нізкіх цэнах.

На кожным з 152 мільёнаў гектараў пасяўных плошчаў і 175 мільёнаў гектараў сенакосаў і пашаў у СССР штогод ад эрозіі трацілі па 3050 тон глебы. На кожным гектары. Штогод змывалася ўрадлівай верхняй глебы 23 мільярды тон: каля 100 мільёнаў тон гумусу, больш 43 мільёнаў тон азоту, фосфару, калію. (20)

- У вас ёсць спасылкі на крыніцы? - уражаны фактураю суразмоўцы, прыпалоханы суровасцю лічбаў Канопліч яшчэ ніжэй паніжае тон.

- На жаль, шмат крыніцаў, - Ігар Бадановіч блізіцца да суразмоўцы. - У нас мізэрныя ўраджаі на гіганцкіх пасяўных плошчах, бо да зямлі адносімся як хам'ё, халуі, як жывёлы. Рабы да зямлі так не адносіліся. Не ахоўваем глебы ад эрозіі.

Рыўком дастае з кішэні запісную кніжку, гартае.

- У паўтары разы болей змывалася, чым уносілася мінеральных угнаенняў. Варварства. Толькі зза гэтага не дабіралі дваццацьсорак працэнтаў ураджаю. Адняць усяго нейкіх пятнаццацьдваццаць працэнтаў сродкаў з праводжанай меліярацыі - і лепей захаваецца гумус зямлі, павысіцца ўраджайнасць збожжавых. (21) Самі жабрачым сябе, рабуем. Выстаўляемся на пасмешышча ўсяму свету закупамі збожжа. Чэрчыль мае рацыю.

- Гэтыя і іншыя запісаныя ў вас лічбы прыводзілі начальству інстытута? - Канопліч з асцярогаю азірае дасюль непрыкметнага яму суразмоўцу.

- Навукоўцы ўсё ведаюць. - Падумаў болей за секунду. - Памоўчваюць. Адзін я, неабгабляваны дурань, крычаў і крычу. Пра эрозію, меліярацыю. На ўсіх узроўнях. Начальства ўсё ведае.

Аб'ектыўка. З 1971 да 1985 года толькі ў водагаспадарчае будаўніцтва (меліярацыю) у СССР было ўкладзена амаль 132 млрд. долараў. Уведзена 11,7 млн. га абводненых і 11,5 млн. га асушаных земляў. Адначасова мільёны га былі выведзены з карыстання, да адной траціны. Выраслі выдаткі на меліяраваны гектар зямлі звыш планавага амаль у 1,8 раза. Скарацілася абвадненне пашаў - з 44,2 да 19 млн. га. Пры нарматыўым тэрміне акупнасці затрат на меліярацыю ў восем гадоў фактычны тэрмін, з вывадаў самога Мінводгаса СССР, склаў 25,6 гадоў; а пры аб'ектыўных разліках - акупнасць перавышвае тэрмін у сто гадоў. (22).

Неабходнасць гіганцкіх затратаў на меліярацыю 1971-1985 гадоў абгрунтоўвалася абяцаннямі нябачнага дасюль павелічэння ўраджаяў. Памылкі ў 10%, нават 15% можна неяк вытлумачыць. Але памылкі склалі 250 - 300 % - па ўраджаях збожжавых, па кармах. Па бульбе замест абяцаных 4,1% роста, атрымалі 0,5%, па агародніне замест 42% - 8%. (23).

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Размова са старым шляхціцам

(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч, 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш. )

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)


- А пра род ваш што расказваў?

- Расказваў, пра герб наш расказваў, паказваў герб таксама. Але нейкай такой падрабязнай інфармацыі не было. А бацька мой мне пра суседзяй расказваў.

- Пра каго, напрыклад?

- Ну, напрыклад, пра Залескіх. Пра маёнтак Місевічы з-пад Ваверкі. Маёнтак трапіў такому Залескаму, яны мелі вось тут землі - Жырмуны, Курмелі, вось у гэтым месцы. І ў яго было двое дзяўчат - прыгажунь. І да адной рускі суддзя лідскі падхаджваў 12. У Залескага тут быў буйны кавалак зямлі, ён быў сур'езны гаспадар. А другая яго дачка - гэта Гуршчынак бабця, суседзей нашых, з Ірэнай Гурскай я сябраваў у маладосці.

- А што яшчэ пра Залескіх?

- Дык ужо, што знаў, тое і забыў.

- А што яшчэ пра навакольных суседзей?

- Вось яшчэ маёнтак Валдацішкі. Суседні маёнтак. Гаспадар - Геншаль.

- Гэта здаецца, ягоны бацька Людвіка Нарбута з атрадам выгнаў у 1863 г?

- Не ведаю. Але пасля 1863 г. ён з сям'ей у Германію ўцёк. Пры цары так было, абы адсюль пабольш мясцовых сагнаць, каго ў Сібір, каго ў Еўропу. Валдацішкі быў дастаткова буйны маёнтак. З паўтысячы гектараў было. І калі Пілсудскі да ўлады прыйшоў, прыехалі тры сыны. Тыя, якія ў 63 г. былі дзеці - ужо былі ў гадах. А маёнтак ужо даўно быў польскай уладай падзелены. Засталося гектараў сто, і іх Геншалям на траіх падзялілі.

- А хто маёнткам валодаў з 1863 года?

- А быў рускі генерал Станскі, казалі пра яго. А ў 20-х Станскага не было, і сям'і яго не было. І польскія ўлады землю падзялілі, толькі 100 гектараў асталося і іх на гэтых траіх раздзялілі. Але ў Германіі іх прозвішча стала не Геншаль, а Гензель. І яны не маглі даказаць сваёй праваты. Адзін з іх свае 30 гектараў аддаў для новай парафіі, пад новы касцёл, і сам з'ехаў. Быў нейкім чыноўнікам. Засталіся Людвік і Браніслаў. Яны былі ўжо ў гадах майго бацькі недзе. Яны ўсе трое ў арміі Пілсудскага ваявалі. І гэтую зямлю атрымалі не як спадкі, а як дзяржаўную ўзнагароду. Але ў вёсцы Валдацішкі яны падабралі некалькі старых, і гэтыя старыя на судзе пацвердзілі, што яны іх з малых знаюць. А пакуль суды ішлі - выбухнула вайна, і яны маёнтак цалкам так і не атрымалі. А іх я помню. Браніслаў у Варшаву з'ехаў, бачыў яго пару раз, ён сваю зямлю аддаў Людвіку. У Людвіка быў сын - мой равеснік, гулялі разам. Ну, і нас было 70 гектараў, і ў яго каля таго. А Людвік хадзіў па паляванні, любіў паляванне. І перад паляваннем прыходзіў дазвол атрымаць ад гаспадароў, што дазваляюць яму паляваць на сваёй зямлі. Бацька гаварыў: "Падпісваць нічога не буду, але хадзі дзе хочаш". А зайцоў было па лясах, як авец у чарадзе. Людвік быў старшынём камісіі па пабудове новага касцёла ў Валдацішках, пісьменны быў. Ксёндз быў такі Васілеўскі, варшавяк. Не спадабаўся яму. Таму, што ён мог пракантраляваць. Тады ксёндз прад'явіў пратэнзію, што Людвік жыў без шлюбу з жанчынай. Ён плюнуў, і сказаў сваім камітэтчыкам: "Пакуль Васілеўскі будзе ксяндзом тут, да той пары касцёл будзе будавацца і ніколі не будзе закончаны" 13.

Пра лідскую школу імя Габрыеля Нарутовіча

- Пра гэту школу я мала памятаю. Бацькі ўсунулі мяне ў другі клас у 1937 г. Пакінулі меня жыць у Лідзе ў матчынага брата (прозвішча Шмігеры). Яны былі маладыя, яшчэ сваіх дзяцей не было. Дзядзька мяне любіў, але хто я быў для цёткі. Яна стала мяне папракаць, я неяк раззлаваўся і пехам пайшоў дамоў, так свой клас і не зкончыў. Помятаю сваю настаўніцу, муж у яе быў капітанам в 77 п.п.

І я пайшоў у свою школу недалёка ад дому.

- А чым займаліся ў Лідзе гэтыя Шмігеры?

- Да Ліды яны земляробы былі. У Лідзе - рабацягі. Мелі свайго каня, воз, і наймаліся на будоўлю грузы вазіць. Зараблялі вельмі добра, па 20-30 злотых у дзень. Гэта былі грошы!

Пра Ліду

- Пераходзім да маёй любімай тэмы - Ліда, 30-я гады. Усё пра заробкі, цэны і інш.

- Цэны памятаю. Кілаграм адборнай каўбасы каштаваў 1 злот. Кілаграм масла быў 1 злот. Ваганні цэнаў былі, гэта ж рынак, аднак больш менш так. Кілаграм мёду быў 1 злот. Пуд зерня каля 2 злотых. Прамысловыя тавары для селяніна былі дарагаватыя. Але для таго, хто працаваў у горадзе - нармальна. Ровар каштаваў карову, а карова - 150 злотых. Марожанае - недзе 5 грошаў у жыда каштавала.

- А дзе марозівам гандлявалі ў горадзе?

- А былі перасоўныя такія вазкі, па магазінах не гандлявалі. Усюды гандлявалі. І на базары, вось тут насупраць ваенгандлеўскага дома 14, на заходнім баку вуліцы стаяў цэлы радок гаспадарчых ятак: ланцугі, лемехі, уздоўж Сувальскай, тут і марожаным гандлявалі.

- Недалёка ад мяснога павільёна?

- Павільёна не помню. Не, помню, як з Сувальскай на Трэцяга Мая павернеш, дык мясны магазін быў, яны ў асноўным каўбасамі гандлявалі. А на паўднёвым баку рынка, у кірунку з захаду на ўсход быў рад ятак яўрэйскіх, і гэтыя яткі гандлявалі мясам. А тут, дзе зараз бібліятэка, тут быў буйны гандляр Родзевіч такі. Гэтыя будынкі яго былі, ён тут каўбасы рабіў, гандляваў імі, тут жа было і кіно.

- А як выглядала марозіва?

- У такіх вафельных рульках. У адных гандляроў порцыі ўжо былі накладзеныя ў іх, гатовыя ляжалі ў вазках. У іншых марожанае было ў банках, такіе банкі літраў па 10 у вазках з ільдом стаялі, і накладвалі без вагі. Помню, было чырвонае, ну такое не чырвонае, а ружовае, сіняе і белае. Якое хочаш - такое і бяры.

А мы па марожанае са школы хадзілі... там цяпер Польскі дом стаіць. Ручай там быў, і каля яго такі нармальны жылы домік, і ў ім магазін, мы туда па марожанае хадзілі.

- А дзе паліцыя была?

- Не помню, але знаю, што іх мала было. Час такі. Калі каму месяц турмы дадуць - ого! Многа! Мой брат дваюрадны служыў салдатам на заставе, у Паставах, Грынцэвіч такі, старэйшы за мяне на многа. Ён расказваў, адзін раз хацеў сабраць маліны, а яе шмат было і захапіўся. Падыходзіць рускі салдат, і гаворыць:

- Што ты тут робіш? Ты ўжо 300 метраў як перайшоў у Саветы.

- Як у Расію?

- Дык, ідзі паціху назад, пакуль цябе не злавілі. Я цябе не бачыў.

Брат казаў: "Збяромся на мосце і ў карты гуляем з саветамі разам. Ну афіцэр як насунецца, савецкі ці польскі - паразганяе". Вось такая вось справа была. Палякі шчыльна не ахоўвалі мяжы, вось гадзіны праз дзве верхам аб'едуць. А рускія стаялі на адлегласці бачнасці. А калі зловяць пераходчыка граніцы.... адзін раз затрымалі, у саветы ўцёк і вярнуўся назад. Прывялі да сябе. Аказаўся з пад Баранавіч. Кажуць: "Чаго ты ўцякаў?" Адказвае: "Ну, а што? Зямлі мала, жыць нечым, а ў Расеі там хапае, можна жыць, думаў там прыладжуся". Пытаюць: "Ну чаго ты пайшоў, а цяпер варочаешся?". "Не - кажа, - Там не тое, што гавораць". Даюць яму паперу, што ён затрыманы на мяжы: "Прыедзеш у Баранавічы, прыйдзеш у паліцыю, там цябе пакараюць". І адпусцілі. Ну, некалькі месяцаў турмы мог ён атрымаць.

- А стаянку аўтобусаў каля Фарнага касцёла памятаеце?

- Помню. Нічога там не было. Стаяла некалькі аўтобусаў, з гэтай стаянкі яны адходзілі і сюды прыходзілі. Адзін ішоў через Ваверку - Забалаць - Радунь - Эйшышкі - Вільня, другі яму насустрач - Вільня - Жырмуны і на Ліду.

- Колькі каштавалі квіткі? Людзі карысталіся?

- Цаны не помню, але людзі ездзілі, даступна было. Я, помню, быў знаёмы з адным з гэтых шафёраў, у 60-я гады ўжо. Ен рабіў у качагарцы ў КЭЧы, моцны дядзька быў яшчэ, расказаў:

- Я рабіў на аўтобусе ў тыя часы.

Я кажу:

- Ну чаму цяпер не робіш?

- Я пробаваў. Дык не можна рабіць. Усё правяраюць і правяраюць. І ўсе крадуць і крадуць.

- А як было ў гаспадара?

- А што ў гаспадара, яму стараешся прывезці паболей. А як прывязеш, дык ён і сам дасць. Робіш так, каб ён паважаў. Запчасткі гэта была не твая справа. Трэба гума? Колькі каштуе? На! Трэба там якая запчастка - на! Не было праблем, абы рабіў.

- А што яшчэ запомнілася?

- Ліду ў агульным я памятаю. І ў школу трохі хадзіў. І так часта прыязджалі. Бацька мяне заўсёды з сабой браў. Дома не было калі лішне гаварыць, а вось едучы і расказваў усё. Я знаў пра кожны хутар, пра кожнага гаспадара. Быццам бралі мяне пільнаваць воза, але самое галоўнае для мяне, што будзе марожанае.

- А пра палітыку што-небудзь памятаеце? Выбары якія-небудзь?

- Помню. Апошнія выбары. Вясной 39-га года. Выбіралі ў сейм. Аднаго пасла прозвішча помніў увесь час. Не магу сёння ўспомніць ... Ен з Ліды быў. Ад нейкіх дэмакратаў ішоў. Я толькі помню, што мужчыны збіраліся кучамі і рашалі, каго будзем выбіраць. І рашылі выбіраць яго. Не помню ўжо ці паспелі выбары правесці ці вайна выбухнула.

Помню што была і камуністысная партыя, з ёй у пачатку ўсе ваявалі, да 36 г. Сталін ім плаціў зарплату.

- А дзе быў выбарчы ўчастак?

- Або ў плябаніі, або ў школе, у нас у плябаніі быў.

Аднак гэта былі выбары. Такія выбары ў нас былі толькі на пачатку 90-х гадоў. Чэсныя выбары.

Быў тут адзін мужык з Жалудка, звычайны няпісьменны мужычок. Каля Паўночнага гарадка жыў. Помню, як ён на базары залазіў на воз і даваў: "За власць Саветаў!".

- Вы яго выступы самі бачылі?

- Так, і не адзін раз. Паліцыя слухачоў распіхвае, так лёгка, колькі той паліцыі было? Можа чалавек з 20 на ўвесь горад. У 50-х гадах мне расказвалі, што гэты мужычок сціх, яго выклікалі гарадскія ўлады, і гавораць: "Што табе трэба?". А ён быў прывычны аратар і кажа: "Вы то добра жывеце, а мне як?". Яны яму далі валоку (30 гектараў) зямлі. Вось тут у горадзе амаль што, каля Паўночнага гарадка. Далі яшчэ лес і далі грошай. І, кажуць, ён сціх. Прозвішча яго ўжо не ўспомню...

Пра Рыдз-Сміглага

Яшчэ помню адну гісторыю. У былых царскіх казармах Паўночнага гарадка, польская армія стаяла. Ужо ў канцы 30-х стаў галоўнакандуючым Рыдз-Сміглы. А яму вось у гэтай Бароўцы, дзе цяпер дачы за Паўночным гарадком, афіцэры і салдаты скінуліся і купілі фальварак Бароўка. Ён, кажуць, бярог кожнага салдата ў вайну з Саветамі. Любілі яго. Рыдз-Сміглы прывёз сюды цесця і пасадзіў жыць. А ён, расказвалі, любіў сюды прыехаць, папаляваць, пахадзіць па лесе. Ужо быў камандуючы, а ніколі ніякай аховы не меў. Садзіўся на поезд у Варшаве і прыязджаў у Ліду. А тут пяшком ішоў у Бароўку, да цесця ў госці. Адзін раз прыехаў і пайшоў, а каля яго фальварка быў харошы сад, ён потым яшчэ доўга рос. Значыць ён прыехаў, ішоў пешшу ноччу, прыйшоў у фальварак, а салдаты калоцяць яго яблыкі. Ен іх спыніў, выняў пісталет, сказаў: "Стой хлопцы". Хлопцы сталі. А ён сказаў: "Хлопцы, не лазьце ў сад, прыйдзіце да гаспадара, ён вам дасць яблык і так". Назаўтра, пяшком прыйшоў у казармы, да палкоўніка, 77-га палка, і кажа: "Распусціў ты тут хлопцаў, цягаюцца па начах па садах". Але не выдаў тых, хто ў яго ў садзе быў. Пасля таго палкоўнік плот паставіў, агарадзіў вайсковую частку.

А яшчэ адна гісторыя. У нас работнік быў, працаваў у бацькі, такі Міцюн Ян. Жыў каля нас, сям'я ў іх была вялікая. Ен да нас, пасвіў быдла ў цесця гэтага Рыдз-Сміглага ў Бароўцы. Казаў: "Аднойчы ішоў галоўнакамандуючы па-паляванні, падходзіць да мяне, я палку выразаю, а ў мяне ножык, ну такі просты, як у пастуха". Ен паглядзеў, і кажа: "Ай, у цябе нож такі не ладны, дрэнна гэта". І пайшоў. І хутка прынёс яму ў прэзент нож за 10 злотых і кажа: "Вось табе мой падарак". І што, думаеш, гэты нож у яго хутка выманулі хітрэйшыя. Гэты Міцюн, потым, ужо на пенсіі купіў хутарок каля Радуні, ля дарогі на Гародню і там жыў. Ен перад пенсіяй прыехаў да маёй маткі і кажа, іду на пенсію, але стаж трэба, можа вы мне падпішаце паперу. Маці яму падпісала за некалькі гадоў, што ў нас працаваў, і нават болей.

Пра Шымялевіча15

- Чуў, што вы бачылі Шымялевіча?

- Я знаю, што ён быў з Пелясы. Меў нейкую адукацыю. Меў схільнасць да левых партыяў і таму меў нейкія праблемы з уладай. Яго дачка выйшла замуж за лідскага старасту (у яго былі дзве дачкі, за кім была другая не ведаю). Тады яму стала лягчэй жыць. Пасля вайны пры першай магчымасці паехаў у Польшчу. Адам Хруль з ім сябраваў, Сегеня дзед. Яны часта ў Януша Сегеня 16 сустракаліся, тут на Зарэччы 17.


12 Міравы пасярэднік Юры Трубяцкі - бацька генерала Кіпрыяна Кандратовіча, міністра абароны БНР.

13 Недабудаваны касцёл стаіць да нашага часу, а "спрытнасць" ксяндза Васілеўскага ў дачыненні да грошай надоўга запомнілася парафіянам.

14 Зараз Савецкая, 11.

15 Шымялевіч Міхал Іванавіч (Szymielevicz Michal) - лепшы знаўца гісторыі Лідчыны 20-га стагоддзя. Пра Міхала Іванавіча мала што вядома. У адным са сваіх артыкулаў - "Borcie i wlosc Borcianska" - ён паведаміў, што яго продак барцяк Міхал Шымялевіч жыў у в. Паўлока, у яго было два сыны Марцін і Ян, які перасяліўся ў Подзітву. Міхал Марцінавіч Шымялевіч нарадзіўся ў Паўлоцы ў 1801 г, у 1822 г., ажаніўся з Мар'янай Вішнеўскай і жыў на зямлі сваёй жонкі ў Пелясе. У 1936-39 гг. Міхал Шымялевіч быў чальцом рэдакцыйна - выдавецкага камітэта часопіса "Ziemia Lidzka". Апублікаваў у часопісе 30 краязнаўчых артыкулаў, у кожным нумары друкаваўся яго матэрыял. Артыкулы розныя па тэматыцы: гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя. Грунтуюцца на велізарным фактычным матэрыяле.

16 Жыхар Ліды, Януш Сегень (1875-1973), дзед Януша Сегеня, сучаснага жыхара Варшавы, бізнесмена, які цікавіцца сваім радаводам і асабіста з'наёмы з Іосіфам Хрулём. Януш Сегень (1875-1973) - аўтар мемуараў "Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя". Рэдактар - Януш Сегень, унук аўтара. Пераклаў з польскай - Станіслаў Суднік. Надрукавана ў "Лідскім летапісцы" № 20.

17 Раён горада, зараз каля вуліцы Калініна.

(Працяг у наст нумары.)


Чортаў пастух

Сяргей Панізьнік

Тым беларус і жывучы -
кропляй балцкай крыві.
Васіль Зуёнак.

Пад жульвіцай 1 Віліджынец 2

путраю 3 паджалюбаў 4.

Лупы 5 выцер. Карак жыліць.

Ветах вяплай 6 абазваў.


Гулі 7 лахнуліся 8 з лесвіц,

сталі княгаць 9 ля глыжоў 10.

Лярва 11 скокнула да весніц:

вызваў Бэйбус 12 з Латышоў 13.


Там ратай жыве. I ў пуню

прэ юрлівы вісус 14 Крэўс 15:

- Так бабуні падлабуню 16 - разжагерыцца 17 навес.


Крэкчуць жэгіны 18 і лагі 19,

боб стаў пражыцца 20 ў кітах 21...

Лахі я сабраў пад пахі 22,

абжаргаў 23 скрыпучы страх, -


каб не змяў баўтрук 24-чужынец,

ці Гарэлік 25 на гальні 26...

Пазавіце: "Віліджынец!" -

Прытулюся да радні.


Гудам 27, сабрысам 28, ліцвінам

крыкну: "Свэйкі 29, сваякі!"

Хто з капусты, з-пад бацвіння,

з намі бацяны Прыдзвіння

будуць пасвіць тут вякі!


Заўвагі

1 жульвіца - вярба, ракіта;

2 Віліджынец - хлопец-непаседа, неўгамоннік, раскол; з літоўскай мовы - чалавек, які можа ўпасці чарцей;

3 путра - каша; у латышскай мове - пахлёбка з соладавай мукі;

4 паджалюбаць - перакусіць;

5 лупы - губы;

6 вяпла - раззява;

7 гулі - спаткі (у калыханцы: "Люлі-люлі, прыляцелі гулі...")

8 лахнуцца - нечакана ўпасці;

9 княгаць - нясмела ўпрошваць;

10 глыж - круглы камень;

11 лярва - непрыгожая (у літоўскай мове); зубаскалка (у комі-пярм.);

12 бэйбус - гуляка, ветранік;

13 Латышы - вёска ў Мёрскім раёне Віцебскай вобл. ;

14 вісус - скрытны, уедлівы;

15 Крэўс - жыхар Крэўскага княства, або крывіч;

16 падлабуніць - заманіць ласкай;

17 разжагерыцца - растапырыцца;

18 жэгіны - вешалы, ключы;

19 лагі -брусы;

20 пражыцца - пячыся на пары, пры невялікай колькасці вады;

21 кіта - звязка бобу, падвешаная для сушкі;

22 сабраць лахі пад пахі - хутка сабраць адзенне на выхад;

23 абжаргаць - абшчаперыць нагамі;

24 баўтрук - абжора, дармаед;

25 Гарэлік -замена забароненаму слову "чорт";

26 галень - голы венік, венік без лісця;

27 гудамі ў Літве завуць беларусаў ;

28 сабрыс - добры сусед у латгальцаў;

29 "Свэйкі!" - "Вітанне!" у латышскай мове.

У вершы масавага ўжываюцца дыялектызмы беларускага Прыдзвіння.


Лебядзіная помста

Апавяданне

Ніхто не можа дакладна сказаць калі з'явілася ў пушчы гэтае чыстае, як дзіцячая слязінка, возера. Вада ў ім светлая, крынічная і дужа халодная. Калі вып'еш кубак вады, то на губах адчуеш нейкую ленавую свежасць, але ж горла ніколі не прастудзіш, толькі яшчэ з'явіцца патрэба бясконца піць і піць, пакуль да канца не спатоліш сваю смагу. А навокал гэтага цуда-возера, быццам старажытная ваяры, сцяной пасталі высокія дрэвы: сосны, дубы, ёлкі, бярозы, грабы, якія надзейна стрымліваюць навальнічныя шугавеі, каб яны не каламуцілі люстарную гладзь возера. Сям-там на беразе возера сонна ляжаць амшэлыя, шматпудовыя валуны, якія разам з паўночным ледавіком прысунуліся сюды і навечна знайшлі сабе надзейны прытулак. Верагодна, што толькі яны памятаюць тыя даўнія часы, калі з'явілася на свет божы гэтае пушча. Лясное прыроднае дзіва. Возера круглы год вабіць да сябе ўсё жывое: звяроў, птушак, безліч казюрак, асабліва ў летнюю спёку. Аб гэты сведчаць пратаптаныя ў непралазнай гушчары сцежкі-дарожкі, усыпаныя слядамі зуброў, ласёў, казуль і дзікоў. Тутэйшыя ціхая, нялюдная мясціна заўжды была прывабным прыстанішчам для пералёту белых лебедзяў. Яны тут спакойна спыняліся, ласаваліся рыбным багаццем і вітаміннымі водараслямі, абмывалі да бялізны сваю вопратку і адляталі ў цёплыя краіны. Невыпадкова аблюбаваў гэтую мясціну Гіль Пракоп, жыхар невялікай вёсачкі Боркі, якія шчыльна прытулілася да лесу. З выгляду Прыкоп быў невысокага росту. З хударлявым маршчыністым, як смарчок, тварам. Загнутыя, крывыя ногі выклікалі ўсмешку ў вяскоўцаў. Самы стары ў вёсцы жыхар Нічыпар, жартліва, гледзячы на паходку Гіля гаварыў: "Ей-Богу, паміж ног у Пракопа праляціць не толькі варабей, але ж і голуб". З густых, насупленых броваў зырка, неяк па-зладзейску свяціліся невялікія вочы, прыкрытыя насунутай на лоб шапкай-аблавушкай, якую ён рэдка калі здымаў з галавы, а пры сустрэчы заўжды падымаў яе правай рукой уверх. Але ж яна не слухала гаспадара і заўжды зноў займала на галаве сваё ранейшае месца. Працаваць у гаспадарцы на зямлі Пракопу не хацелася, і ён заняўся зусім іншым промыслам-паляваннем. Спачатку ён уступіў у таварыства паляўнічых і рыбаловаў, але ж там яму не спадабалася, і ён выйшаў пасля таго, як там аднойчы п'яны паляўнічы паблытаў звера з чалавекам, які ад выстралу загінуў.

Па-гэтаму Гіль вельмі баяўся смерці, хацеў жыць і адзін таемна займацца бракан'ерствам. Леснікі і работнікі міліцыі ведалі, што ён займаецца адзін паляваннем, нават зрабілі ў яго сядзібе ператрус, але нічога не знайшлі крымінальнага. Сваю дубальтоўку і розныя пасткі ён хаваў у лесе, і знайсці іх не было так латва.

А з пушчы Пракоп заўжды прыносіў тушы забітых дзікіх звяроў у цёмны час, каб лішняе чужое вока не бачыла яго трафеі. Не абмінаў Пракоп і возера, нават тут меў свой човен, зроблены ўласнымі рукамі; таемна лавіў рыбу і назіраў, як у восень тут спыняліся зграі белых лебедзяў. І ў яго неяк спантанна ўзнікла жаданне пайсці на возера, забіць лебедзя. Бо па расповядах людзей лебядзінае мяса дужа смачнае. Аб гэтым ён нават намякнуў сваёй жонцы Акуліне. Яна была ціхім, маўклівым чалавекам. У калгас не хадзіла, увесь час капашылася на сваім агародзе, больш за мужыка займалася гаспадаркай: даіла карову, карміла свіней, гусей і курэй і канешне, радавалася, калі Пракоп прыносіў з лесу якую-нябудзь здабычу. Пачуўшы ад мужыка, што ён адпраўляецца на возера, каб забіць лебедзя, яна не стрымалася і пачала пярэчыць, каб ён гэтага не рабіў: "Дарагі мой саколік, калі ласка, не рабі гэтага. Ведаеш чаму? Па-першае, лебедзь - гэта божая святая птушка, якая прыносіць людзям, як і бусел святло, шчасце, радасць. Па-другое, мне сёння прысніўся дзіўны сон, быццам ты палез на высокую грушу, якая расце ў нашым двары, не стрымаўся, абламалася галіна, і ты смяртэльна ўпаў на зямлю. На падворку сабраўся натоўп вяскоўцаў. І тут надыйшла чорная хмара, пракаціўся раскацісты гром. Потым, як з вядра прайшоў лівень. Але ж чамусьці людзі не расходзіліся, стаялі, апуціўшы ўніз голавы, гледзячы на тваё цела."

Праслухаўшы выказванні сваёй жонкі, Пракоп адхіліў яе прапанову, паклаў у рукзак посцілку, кавалак сала, акрайчык хлеба, бутэльку малака і падыбаў у пушчу. На дварэ пачала ўладараць восень. Дні рабіліся карацейшымі, але спякота да канца не спала, яшчэ лагодна і ўсмешліва свяціла сонца, і неба яшчэ не губляла блакітную афарбоўку. На дрэвах лістота агрубела і трымалася яшчэ моцна і задуменна чакала, калі халодныя ночы пакрыюць зеляніну жоўтай афарбоўкай. Нізкія, балотныя мясціны Пракоп прайшоў нізка схіляючыся ад рознастайнага кустаўя. Пругкія, тонкія галінкі чапляліся за вопратку, нават бязлітасна сцёбалі па твары. Ен імкнуўся рукамі расчысціць сабе сцяжынку, якая зарасла папаратнікам, высокай зуброўкай і ліпкім ракітнікам. Мінуўшы мокрую багніну, ён выйшаў на высокі грудок, які парос высокімі і тонкімі, як верацёны, соснамі. Гэтая мясціна насіла назву Лісіныя норы. Тут увесь узгорак быў перакопаны лісінымі норамі, вакол якіх мяжалі кучы жоўтага пяску, асыпаная сасновымі іголкамі і шышкамі. Тут Пракоп ставіў пасткі на ліс і часта дадому прыносіў лясную здабычу... Гіль праверыў зоркім поглядам норы, заўважыў свежыя лісіныя сляды, пасмакаваў губамі, пацёр пецярнёй рукі патыліцу і пашкадаваў, што з дому забыў узяць пастку. А так былі б два ўловы - лебедзь і ліса. Затым Пракоп павярнуў управа, у густы ельнік, разгроб пажаўцелую траву і адтуль дастаў сваю дубальтоўку. Брызент зверху адсырэў, але ж наскрозь не прамок - стрэльба была сухой. З торбы дастаў старую хусціну. Прайшоўся па ствалах, зарадзіў патронамі і падаўся далей. Трэба было яшчэ прайсці цераз дрыгву, а потым падняцца на Воўчую выспу. Гэтую мясціну аблюбавалі ваўкі, бо лес тут быў непралазны для чалавека. Два гады таму назад у воўчым логаве Пракоп знайшоў трох маленькіх ваўчанят. Яны павылазілі са свайго сховішча вываратня сасны і з піскам чакалі маці-ваўчыцу, якая падалася шукаць сабе ежу. Верагодна, яна трапіла у нейкую аблаву і, магчыма, ужо не вернецца да свайго галоднага вывадку. Пракоп паклаў пісклівых звяркоў у мяшок. Здаў дзяржаве і атрымаў вялікую суму грошай. Ранейшыя, цікавыя ўспаміны адзін да другім роем лезлі ў галаву, і ён зноў успомніў леташнюю марозную зіму. Выпала шмат снегу, узмацніўся мароз. Нейкая таемная сіла падштурхнула яго наведаць возера. Калі прыйшоў на возера, то быў здзіўлены тым, што тут нядаўна адбылася трагедыя. Зграя галодных ваўкоў выгнала з лесу рагатага лася, акружылі яго шчыльнай сцяной з усіх бакоў і сахаты не вытрымаў напору. Паслізгнуўся і стаў ахвярай драпежнікаў. Да прыходу Пракопа, яны ўжо добра пажывіліся свежым мясам, толькі на лёдзе тырчэлі рогі, капыты і ўнутраныя бэбахі, з якіх курыўся шэры пар. Гілю было вядома, што калі воўк з'есць не ўмеру мяса, то далёка не адбяжыць ад цяжару жывата, і ён недзе паблізу адпачывае, ляжыць. Але ж воўк разумны, хітры і асцярожны і хаваецца ад чалавека раней, чым ён яго ўбачыць. Дасведчаны паляўнічы вырашыў знайсці тое месца, дзе адпачываюць звяры пасля багатага пачастунку. Яны, пачуўшы чалавечы пах, падняліся, вырыгалі частку ежы на снег і хутка падаліся ўглыб пушчы.

Гіль паспешна дайшоў да возера. Зараз галоўнае, каб надвор'е не сапсавалася, не было дажджу, і каб на месцы былі птушкі. Калі Пракоп выйшаў з лесу, то ад убачанага абрадаваўся. Лебядзі спакойна, кучкавата плавалі недалёка ад берага, дзе адзінока стаяў яго човен. Ён адчапіў човен ад невысокага слупка, паклаў на дно мяшок і посцілку, а наверх беражліва апусціў дубальтоўку, сквапнымі вачыма аглядзеў наваколле, каб нідзе збоку не было чужых людзей. Птушкі, убачыўшы чалавека, трохі паварушыліся, але не адплывалі, чакалі людской ласкі. Гіль зусім блізка паплыў да белых прыгажунь, нават для прыманкі пачаў кідаць кавалкі хлеба. Лебедзі хутка прызвычаіліся да хлебных прысмакаў, і зусім блізка падплылі да лодкі. Пракоп уважліва з зайздрасцю разглядаў іх і думаў, якую выбраць асобу: "Пэўна, вось тую, з ружовымі, круглымі, як кнопачкі, вачыма і шэрым чубікам на галаве. Яна самая вялікая, відаць самая тлустая, ёй нават плаваць цяжкавата" - шэптам, ціха прамармытаў ён сабе пад нос". Затым асцярожна, без груку дастаў з-пад посцілкі стрэльбу. Яна раней была зараджана, Пракоп паставіў курок на спуск і прыцэліўся. Рукі яго ад хвалявання трэсліся, не слухаліся галавы, вачэй. Але адступаць ужо было позна: ён узяў на мушку галаву чубаткі і націснуў на курок. Раздаўся моцны стрэл. Ахвяра тузанулася то ўправа, то ўлева, імпульсіўна задрыжала ўсё цела, і прабітая, акрываўленая галава апуцілася ў ваду. Спалоханыя птушкі залапаталі моцна крыламі па вадзе, зрабілі разгон і спалохана пачалі падымацца высока ў неба. Гіль тым часам абыякава кінуў стрэльбу на дно лодкі і паспешна падганяў да забітай птушкі човен. Дрыжачымі рукамі падняў цёплую ахвяру. Паклаў на дно лодкі і прыкрыў посцілкай. Дзевяць лебядзей самотна, спалохана кружыліся над возерам і пачалі жалобна курлыкаць. У адзін момант ад іх чародкі аддзяліўся адзінокі лебедзь, сябра забітай птушкі. Ен падняўся высока, высока ў неба, зрабіў апошні развітальны круг над возерам моцна прыціснуў крылы да сайго тулава, выцягнуў на ўсю моц шыю і ногі і стралой паляцеў уніз, шукаючы месца для сваёй гібелі. Лебядзіная вернасць сваёй сяброўцы прымусіла яго інтуітыўна прыняць такое трагічнае рашэнне. Ен моцна ўпаў на амшэлы валун-камень, каля якога расла апетая ў былінах і песнях чырвоная каліна. Раскрытымі крыламі, быццам страхой, закрыў камень-валун, лебядзіным пухам, аблітым крывёю і сокам каліны. Гіль тым часам увішна махаў вёсламі, каб хутчэй дабрацца да берага. З ілба, твару цурком цёк салёны пот, вочы сквапна, па-зладзейску наліваліся крывёю. Яго радасць раптам заглушыў моцны, як шугавей-вецер перад навальніцай, шум. Ен не паспеў, як след, падумаць, што гэта за віхор, як адчуў моцны ўдар па галаве, адзін, другі, трэці... восьмы. Жывыя лебедзі зрабілі сваю справу, адпомсцілі за сваіх загінулых сяброў. З галавы Пракопа на твар пацякла цёплая кроў, яна змешвалася з потам і зацякала ў вочы, рот. Ад моцнага ўдару ў гарачцы, ён закрычаў: "Людцы, мілыя! Ратуйце мяне! Ратуйце"! Яго голас рэхам разнёсся па пушчы і недзе ў глыбіні лесу бясследны знікаў. Гіль паступова слабеў, губляў свядомасць. Вёслы апускаліся нерухома ў ваду, рукі і ногі пачалі паступова драцвянець. Ен павольна пачаў схіляцца на карму лодкі, вочы гублялі свой ранейшы бляск, вейкі пачалі ўздрыгваць і паступова заплюшчвацца. А чарада асірацелых птушак зрабіла апошні развітальны круг над возерам і паляцела на поўдзень. Човен усю ноч гойдаўся на хвалях возера з адубелым, нежывым Пракопам. Раніцай яго знайшлі мясцовыя леснікі.

Іван Сухоцкі , Гародня.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX