Папярэдняя старонка: 2012

№ 06 (1053) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1053) 8 лютага 2012 г.


У Косаве ўшанавалі Касцюшку

Урачыстасьці з нагоды 266-годдзя змагара за свабоду Тадэвуша Касцюшкі прайшлі 4 лютага ў Косаве на Берасцейшчыне з удзелам прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці.

Акрамя мясцовых уладаў і прадстаўнікоў грамадскасці, на ўрачыстасці ў Косава прыехалі дыпламаты амбасадаў ЗША, Польшчы, Швейцарыі, Расіі. Напачатку дэлегацыі ўсклалі кветкі да каменя Касцюшкі каля адноўленай 7 гадоў таму сядзібы.

Потым адбылася экскурсія ў музей Касцюшкі, які месціцца ў сядзібе на тым самым падмурку, на якім яна знаходзілася і стагоддзі раней. Дэлегацыі прывезлі музею падарункі, сярод якіх каштоўныя рэчы часоў Тадэвуша Касцюшкі.

Ва ўрачыстых прамовах дыпламаты адзначылі значнасць постаці Тадэвуша Касцюшкі для многіх краінаў свету. У прыватнасці, кіраўніца аддзела адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Менску Кэры Лі падкрэсліла тое, што ідэі Касцюшкі актуальныя і сёння:

- Яго ідэі аб свабодзе і роўнасці амаль на стагоддзе апярэдзілі палітычную думку ў Еўропе і Амерыцы. І яны актуальныя і сёння.

Прыехалі ў Косава і прадстаўнікі грамадскасці з Берасця, Баранавічаў, Бярозы, шмат тут прысутнічала і мясцовых людзей. Баранавіцкі ўкраінец Рыгор Грык кажа:

- Я прыехаў сюды як украінец, каб ушанаваць памяць героя, сімвала Беларусі - Касцюшку. Таму што такія героі патрэбныя і ў наш час. І, напэўна, каб ён зараз устаў з магілы, то сказаў бы, што так не трэба жыць, мы мусім жыць як людзі ў гэтай краіне, бо мы жывём у Еўропе.

Мясцовы, івацэвіцкі актывіст Станіслаў Халадовіч кажа, што Касцюшка змагаўся за ідэалы, якіх у нашай краіне няма цяпер:

- Я так мяркую, што калі б даведаўся Касцюшка, што зараз робіцца ў нашай краіне, за якую ён гатоў быў галаву скласці, дык ён некалькі разоў перавярнуўся б у магіле.

Але каб ідэалы Касцюшкі вярнуліся на гэтую зямлю, тут павінен гарэць зніч памяці пра яго, таму і не занясе ніякі снег сцежку сюды.

Наш кар.


АБ'ЯВА

8 лютага ў межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца сустрэчаз цыклу "Чытаем сваё". Запрошаныя госці - галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль і рэдактар дадатку "Літаратурная Беларусь" Алесь Пашкевіч. Пачатак 17.30 на Румянцава, 13. Уваход вольны.


75 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова

Стральцоў Міхась, нарадзіўся 14.02.1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-1961, 1969-1972), часопісах «Полымя» (1961-1962), «Маладосць» (1962-1968), з 1984 г. - загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1962 г. Памёр 23.08.1987 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Блакітны вецер» (1962), «Сена на асфальце» (1966), аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986), кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).

Выйшлі зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986).

Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Жыццё ў слове» (1965), «Загадка Багдановіча» (1968), «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986).

Пераклаў на беларускую мову раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), асобныя творы расейскіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна, 1988) за кнігу вершаў «Мой свеце ясны».


Заява сакратарыяту ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Як паведамілі СМІ, у Віцебскай абласной бібліятэцы скасоўваецца аддзел беларускай літаратуры.

Цяпер кнігі на беларускай мове чытачам давядзецца шукаць па розных аддзелах, але шмат выданняў яны больш не знойдуць наогул - ідзе масавае спісанне беларускіх кніг, іх адпраўляюць у макулатуру…

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае занепакоенасць такой пазіцыяй і дзеяннямі кіраўніцтва бібліятэкі, аддзела культуры Віцебскага аблвыканкаму і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Падобны крок у абвешчаны Год кнігі выглядае неабдуманым і толькі пагаршае сітуацыю з неабходнасцю папулярызацыі нацыянальнай літаратуры.

Сакратарыят ГА "СБП" заклікае дзяржаўныя органы і кіраўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі адмяніць ганебнае рашэнне і аднавіць працу ліквідаванага аддзела.

30 студзеня 2012 г.

Прэсавая служба СБП


Беларускую мову выціскаюць з ВНУ

У ВНУ краіны будзе скарочаны шэраг спецыяльнасцяў, і перадусім тых, на якіх рыхтуюць адмыслоўцаў у галіне беларускай мовы.

У Міністэрстве адукацыі тлумачаць гэта незапатрабаванасцю такіх адмыслоўцаў. Многія лічаць, што скарачэнне навучання па беларускамоўных спецыяльнасцях сведчыць пра катастрафічны стан беларускай мовы і сярэдняй адукацыі агулам.

Шэраг спецыяльнасцяў па беларускай філалогіі і журналістыцы будзе скасаваны ў Педагагічным універсітэце імя Танка ў Менску і ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова. У Міністэрстве адукацыі пацвярджаюць гэты факт, але адмаўляюцца паведаміць, ці абмяжоўваецца скарачэнне навучання беларускай мове толькі Магілёвам і Менскам. У прыватнасці, намеснік кіраўніка ўправы вышэйшай адукацыі Э. Шаўцоў сказаў наступнае:

- Натуральна, што мы ажыццяўляем падрыхтоўку ў адпаведнасці з неабходнасцю па розных спецыяльнасцях. І калі некаторыя ВНУ не выканалі набор, які яны самі і планавалі, то, верагодна, - так, набор будзе скарачацца.

Скарачэнне навучання беларускай мове ў вышэйшай школе яшчэ больш паглыбіць заняпад беларускай мовы, якая і цяпер у катастрафічным стане, мяркуе намесніца старшыні грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай школы» Тамара Мацкевіч:

- У нашай краіне мэтанакіравана знішчаецца тое, што дзяржава абавязаная падтрымліваць. І знішчаецца гэта таму, каб усведамленне сябе беларусамі як нацыяй не пранікала глыбока ў грамадства і не выхоўвалася ў нашых дзяцей. І знішчэнне мовы - адзін са сродкаў такой палітыкі.

Паводле Галіны Абакунчык.



ТЭКСТЫ, якія прапануюцца Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны для 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Паважанае спадарства! Запрашаем Вас прыняць удзел у 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, першы этап якой прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы і адбудзецца 21 лютага 2012 г.

Прапануем наступныя тэксты для чытання на дыктоўцы.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


РОДНАЯ МОВА

Максім Танк

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, -
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй -
Над тым, што было i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым,
I нiвы васкросшыя закаласяцца, -
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сярэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

1943 г .


Ліст у рэдакцыю

(замест прамовы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года)

Беларусь на сваім доўгім вяку нямала чаго перажыла. Не раз і не два была арэнай крывавых змаганняў Захаду і Усходу за панаванне над падняволенымі народамі. Паншчыну перанесла на сваіх працавітых плячах. Але Беларусь яшчэ і іншую адыгрывала ў гісторыі ролю: праз яе абшары і народ ішлі калісьці, у той час вялікія і агульналюдскія, ідэалы навукі і ведаў...

Калі ж прыгледзімся ў сучасныя з'явы, то доля Беларусі тая самая, толькі на іншы манер: праз яе абшары і народ ізноў ідуць … вялікія агульначалавечыя ідэі... I, разумеецца, мусіць прыйсці той час, калі Беларусь будзе зноў арэнай вялікіх змаганняў. Трэба толькі цвёрда верыць, што верх возьме праўда, бо на свеце больш працоўных сумленных рук, як тых несумленных, што няволю сеюць.

Але што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе. Наша беларускае настаўніцтва, выхаванае і загартаванае, павінна і будзе сеяць гэтыя думкі сярод нашых дзяцей.

На змену старым барацьбітам за волю і долю людзей ідзе новая беларуская змена, ідзе наша моладзь, наш бунтарскі маладняк. Дык няхай жа жыве беларуская бунтарская песня змагання, вызвалення і свабоды!

( Паводле Янкі Купалы.)


Дзецям дастакова ведаць на дзяржаўнай мове 62 словы?

У Татарстане, дзе моўная сытуацыя нагадвае беларускую, заяўлена пра новы падыход да навучання мове. Методыка прадугледжвае вывучэнне абедзвюх дзяржаўных моваў, але ў рэальнасці расейская, якая дамінуе ў грамадстве, у дадатковай падтрымцы патрэбы не мае.

Пастаноўлена, што дзеці 4-5 гадоў абавязаныя ведаць 62 словы па-татарску і па-расейску. Ужо ў 4 класе школы іх слоўнікавы запас павінен складаць 1167 словаў. Лічбы тлумачаць заходнім досведам: распрацоўшчыкі, маўляў, базаваліся на сусветных методыках выкладання моваў.

- Мы пакуль не ведаем, што гэта за словы, - расказвае дырэктар татара-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў. - Прэм'ер-міністар заявіў толькі, што гэты спіс быў вызначаны з улікам меркавання міжнародных доследаў філолагаў. Мы спрабуем атрымаць гэты спіс. Але цікава, што нарада з гэтай нагоды прайшла 31 студзеня, а праграму вырашылі рэалізоўваць ужо з лютага. Сёння 1 лютага - мы тэлефанавалі ў розныя дзіцячыя садкі Татарстану - ніхто пра гэта нічога не чуў.

Асноўная мэта навацыяў - зацікавіць дзяцей. Таму праграма прадугледжвае стварэнне сучасных мультымедыйных дапаможнікаў: адукацыйных мультфільмаў, дыскаў з казкамі і песнямі, адмысловых перадач. У сувязі з гэтым заяўлена пра планы забеспячэння садкоў праектарамі, ноўтбукамі, экранамі.

- Калі мы спусцімся на зямлю, то дзіцячыя садкі не толькі не забяспечаныя сучасным абсталяваннем, яны нават не могуць вырашыць пытання з харчаваннем дзяцей, - гаворыць Рым Гільфанаў. - Есць падставы меркаваць, што ўрад перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Расеі, калі татары таксама стараюцца ўзнімаць свае актуальныя пытанні, робіць выгляд клопату пра татарскую мову, каб супакоіць больш актыўную частку татарскага насельніцтва, а на самой справе за гэтым, як заўсёды, нічога не стаіць.

Паводле апытанняў сярод школьнікаў Татарстану, важнасць валодання рускай мовай адзначаюць 93% вучняў-татараў і 98% расейцаў, у той час, як веданне татарскай лічаць важным 44.3%.

Толькі 3,3% апытаных вучняў мяркуюць, што без веданья татарскай мовы немагчыма прэтэндаваць на прэстыжную працу.

Радыё Свабода.


І мне ўсё роўна, якая мова…

Захацелася працягнуць размову, якую распачаў Міхась Тычына ў допісе "Замова за мову" (гл. "НС" ад 25 студзеня г.г.). Як піша аўтар, суседка сказала яму: "А мне што руская, што беларуская [мова] - якая розніца?"

Колькі разоў мне, для каго беларуская мова няродная, прыходзілася засмучацца падобнымі выказваннямі ад карэнных беларусаў. Наколькі я разумею, "якая розніца" ў норме павінна азначаць, што чалавек свабодна валодае дзвюмя мовамі і лёгка пераходзіць з адной на адну. На справе ж, "якая розніца" амаль заўжды звязана з няўменнем свабодна выказацца на адной з гэтых моў. Тут прысутнічае нейкі самападман: насамрэч не "ўсё роўна".

Некалі я пісаў у "НС", што абедзве мовы ў Беларусі многімі ўспрымаюцца як прыналежнасць афіцыёзу, больш для пісьмовага, чым для вуснага маўлення. "Трасянка", відаць, будзе існаваць яшчэ вельмі доўга. Але прэстыжным павінна стаць прыгожае і пісьменнае маўленне на дзвюх мовах.

Не трэба абурацца, чуючы "мне ўсё роўна, якая мова". Да такіх людзей трэба падыходзіць з адкрытым сэрцам, цярпліва паказваючы ім, на якую працу душы абавязвае гэтае "ўсё роўна".

Пра сябе. Мне таксама ўсё роўна, якая мова. У тым сэнсе, што руская мова і яе забайкальскі дыялект для мяне родныя, імі карыстаюся з маленства. Лёгка пераходжу на беларускую мову, нядрэнна - на ўкраінскую. Праўда, адчуваю нейкую няёмкасць пры гутарцы з рознамоўнымі суразмоўцамі адразу. Для мяне карыстанне мовамі гэта радасць, а тут трэба рабіць выбар. Звычайна ў такіх выпадках звяртаюся да сваёй роднай мовы, як і тыя да сваіх.

А ў цэлым, калі "ўсё роўна, якая мова" - гэта прыгожа. Але складана і адказна. Думаю, што менавіта на такую думку трэба накіроўваць тых, хто словамі "ўсё роўна" спрабуе перадаць нешта якасна іншае. Каб было "ўсё роўна", трэба "роўна", аднолькава ведаць абедзве мовы і пры гэтым ад беларускай мовы не адмаўляцца, а "роўна", прапарцыйна ёю карыстацца. Дарэчы, некаторыя мае беларускамоўныя суразмоўцы калісьці з гэтага і пачыналі.

З павагай,

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ.


Мовазнаўчы досвед

Грыпа і грып. Ці грыпа Вас мінула? У мяне нешта падобнае да грыпы - усё цягнецца (Маладосць. 2011. № 12. С.90). У народнай мове (Заходняй Беларусі) найменне заразнага віруснага захворвання - грыпа - не супадае ў вымаўленні з назвай у літаратурнай мове - грып . Яны маюць неаднолькавую граматычную форму: грыпа (жан. род) і грып (муж. род). Найменне хваробы - з французскай мовы - grippe , яно мае два склады (дзве галосныя). Трапіла ў беларускую мову праз польскую, дзе яно таксама жаночага роду - gryp a.

Маладзёнка. "Юджын ёй падміргнуў. Маладзёнка сарамліва адвяла позірк, падхапілася і зацокала абцасамі прэч" . (Маладосць. 2011. № 12. С.37). Пазаслоўнікавае маладзёнка - жаночая форма ад маладзён ( маладзёнка ). У гаворках Захаду Беларусі тут выступае адпаведнік з суфіксам -янк-а : маладзянка . Як і халасцянка 'незамужняя жанчына'.

Збачэнец. "Разбэшчаны падонак, збачэнец ... Чаму ён навучыць моладзь?!" (Маладосць. 2011. № 12. С.34). Пазаслоўнікавае збачэнец ад збочыць ( збачэнец ) 'сысці ўбок, змяніць свае погляды, прынцыпы, паводзіны (у горшы бок, кірунак)' (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2. С. 432). Наватвор выкарыстоўваецца як сінонім да слоўнікавага падонак ( падонкі ) 'разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства'. Вытворы з суфіксам -энец (-энец) шматлікія ў гутарковай, экспрэсіўнай мове.

Недасып, недасыпанне. "Усё гэта ад недасыпу , нервяку , - выдухнуў мужчына і ўзяўся за пачастунак" (Маладосць. 2011. № 12. С.50). Пазаслоўнікавае недасып - сінонім да недасыпанн е, толькі ўтворана нульсуфіксавым спосабам - шляхам адцінання канцавой часткі ( недасып(аць) > недасып і пераносам націску на папярэдні склад. Нульсуфіксавае аддзеяслоўнае словаўтварэнне - досыць прадукцыйны спосаб папаўнення лексічнага складу мовы.

Нервяк, нерваванне. Як паказвае згаданы вышэй тэкст ( "Усё гэта ад недасыпу , нервяку..." ), пазаслоўнікавы наватвор нервяк - утварэнне ад нервы 'сістэма, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека'. Суфіксавы наватвор ( нервяк ) мае тое ж значэнне, што і нерваванне 'стан чалавека ў хваляванні, нервовым ўзбуджанні, злосці'. І дадткова - моцную экспрэсіўнасць, што перадаецца суфіксам -як і скарочанай ("абцятай") формай слова.

Аднаіменец. "Збянтэжыўся, убачыўшы перад сабой братаяніта, земляка на Афоне, свайго аднаіменца - Максіма Спартанца, у чорным хітоне, з накінутай на плечы авечай скурай" (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55). С.35). Пазаслоўнікавае аднаіменец мае значэнне слоўнікавага цёзка . Складанае слова, з дзвюх лексічных адзінак: адно і імя (складанасуфіксавае ўтварэнне): адн-а-імен-ец . Узнікла на ўзор однофамилец , якому ў беларускай мове адпавядае: цёзка па прозвішчы, з аднолькавым прозвішчам (Русско-белорусский словарь. 1993, т.2, с.328).

Высачун. "Ен жа, кідкі, чарнявы высачун , за спіной якога была служба ў войску". (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55), с.56). Пазаслоўнікавае высачун - адпрыметнікавы вытвор з суфіксам -ун (і чаргаваннем к/ч ): высок(і) -ун > высачун . У жывой народнай мове шмат такіх асабовых назоўнікаў-характарыстык чалавека па вонкавых прыметах: таўстун, гладун, харашун, шчарбун і пад. (Больш падрабязна гл. у кнізе: П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. - Мінск, 1977, с.123).

Наверша. "Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела" . (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55), с.28). Пазаслоўнікавае наверша - ўтварэнне ад слова верх . Даслоўна значэнне 'верхняя частка прадмета, покрыва пахавальні, века труны'.

Нападаўца, нападаючы. "Дзённыя аблогі нападаўцаў будуць змяняцца начнымі вылазкамі абаронцаў". (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55). С.81). На месцы слоўнікавага нападаючы (калька рас. нападающий ) у жывой беларускай мове выкарыстоўваюцца натуральныя назоўнікавыя формы - аддзеяслоўныя найменні асобы з прадукцыйнымі суфіксамі -ец/-авец/-ўц-а, -нік, -льнік : нападаўца, павадавец, напа-дальнік, нападнік .

Хітруганіць, хітраваць, хітрыць. "Не хітругань, уладыка. Мне даклалі, што падчас асады ігумен з манахамі іх праз падземны ход да Дзвіны перанеслі" (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55). С.81). Пазаслоўнікавае хітруганіць - утварэнне ад народнага хітруган (хітруган): хітруганіць. Мае большую экспрэсіўнасць параўнальна з слоўнікавымі хітраваць, хітрыць , што надаецца структурнымі элементамі ўтваральнага слова - суфіксамі -уг-а + -ан .

Чацвёрачы. "І нос яго зламаны чацвёрачы " . (Дзеяслоў. 2011. № 6 (55). С.130). Прыслоўе (пазаслоўнівакае) чацвёрачы мае значэнне 'чатыры разы'. Такія адлічэбнікавыя прыслоўі паходзяць ад колькасных лічэбнікаў (нумаратыўных слоў) і абазначаюць адпаведна нумару колькасць "дзеянняў". Ад лічэбнікаў 1-3 узнікаюць словы з фармантам -ойчы : аднойчы, двойчы, тройчы , а пачынаючы з 4 - да асновы формы зборнасці дадаецца суфікс -ачы : чацвёрачы, пяцёрачы, шасцёрачы і г.д.

У літаратурнай мове гэтыя ўтварэнні не выкарыстоўваюцца, а ўжываецца апісальная назва: чатыры разы (герой) і г.д.

Павел Сцяцко


ЧАРГОВЫ ЭТАП АБЛАСНОЙ АЛІМПІЯДЫ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

- Вынікі алімпіяды парадавалі, - так ацаніў прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Даніловіч М.А., старшыня журы, вынікі абласной алімпіяды па беларускай мове. Яна праходзіла ў Гародні з 23 па 27 студзеня і сабрала 70 вучняў з усіх 19 раёнаў вобласці. Школьнікі традыцыйна спаборнічалі ў выкананні трох відаў заданняў: у напісанні водгука на літаратурны твор, у выкананні заданняў лігвістычна-літаратурнага характару, у вусным выказванні на грамадска-этычную тэму.

Члены журы патлумачылі пры падвядзенні вынікаў, чым усцешылі іх удзельнікі алімпіяды. Гэта ў першую чаргу той факт, што амаль усе алімпійцы выканалі прапанаваныя заданні і набралі болей за 50 % балаў з тэарэтычна магчымых за ўсе заданні. Толькі адзін чалавек трохі не дацягнуў да палавіны балаў, у той час як у мінулыя гады такіх вучняў бывала больш дзясятка. Члены журы часам перажывалі цяжкасці з вызначэннем прызёраў, настолькі шчыльна размяшчаліся іх балы. Даводзілася другі і трэці раз пераглядаць і параўноўваць іх работы, каб вызначыцца канчаткова.

Але бясспрэчнымі лідарамі, узнагароджанымі дыпломамі 1-й ступені, з'яўляюцца:

у 11 кл. Астапенка Ксенія , вучаніца гімназіі № 9 імя Ф. Кірычэнкі г. Гародні, Баламут Наталля , вучаніца гімназіі № 2 г. Гародні;

у 10 кл. Даўгаполік Дзмітрый , вучань СШ №32 г. Гародні, Мурамская Кацярына , вучаніца гімназіі № 1 г. Ліды;

у 9 кл. Бадзей Марыя , вучаніца гімназіі № 2 г. Ваўкавыска, Дзерачэнік Кацярына , вучаніца СШ № 1 г. Скідзеля.

Іх вызначаюць глыбокія, грунтоўныя адказы на ўсе заданні, творчы, нестандартны падыход да вусных выказванняў на выбраную тэму.

Усяго ўзнагароджаны дыпломамі 31 удзельнік алімпіяды, у т.л. дыпломам 1-ай ступені - 6 вучняў, 2-ой ступені - 9, 3-й ступені - 15 чал. Сярод прызёраў алімпіяды ёсць прадстаўнікі як абласнога цэнтра, так і гарадоў ды раёнаў вобласці. Добрае ўражанне пакінулі ўдзельнікі алімпіяды Ленінскага раёна г. Гародні, якія атрымалі 6 дыпломаў (па 2 кожнай вартасці); г. Ліда, узнагароджаныя трыма дыпломамі (1-й, 2-й і 2-й ст.); Кастрычніцкага раёна г. Гародні - 3 дыпломы ( 1-й, 2-й, 3-й ст.), Смаргонскага раёна - 3 дыпломы ( 2-й, 3-й, 3-й ст.), Карэліцкага раёна - 3 дыпломы 3-й ст. і інш.

Узрослы ўзровень падрыхтоўкі вучняў адзначылі члены журы, а прадстаўнікі Гарадзенскага дзяржуніверсітэта, звярнуўшы на гэта ўвагу, прапанавалі паспяховым вучням падумаць над магчымасцю паступіць на вучобу ва ўніверсітэт.

Поспехі вучняў на алімпіядзе - гэта не толькі вынік іх настойлівай працы, але і плён мэтанакіраванай работы іх настаўнікаў. Сярод іх - сапраўдныя майстры педагагічнай працы, якія шмат часу аддавалі індывідуальнай падрыхтоўцы вучняў. Тут патрэбна назваць Міхно Ніну Фёдараўну, Бутэйка Зою Аляксандраўну, Тарарака Раісу Іванаўну ( г. Гародня), Пільчук Таццяну Канстанцінаўну (г. Ліда ), Дзятковіч Марыю Леанідаўну (г. Смаргонь), Лісай Марыю Юльянаўну (г. Скідзель), Брудзік Марыю Леанідаўну (г. Ваўкавыск) і інш. Іх глыбокая цікавасць да выкладанага прадмета, улюбёнасць у родную мову перадаваліся іх выхаванцам, якія паспяхова гэта прадэманстравалі на алімпіядзе.

Нездарма прадстаўнік Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны намеснік старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі І. Буднік, звяртаючыся да ўдзельнікаў алімпіяды, пажадаў ім захаваць і несці праз усё жыццё адданасць беларускай мове і культуры, каб захавалася беларуская школа, каб споўніўся запавет нашага класіка Ф. Багушэвіча аб выжыванні беларусаў як нацыі.

Пераможцы і прызёры алімпіяды былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, а Таварыства беларускай мовы ўручыла ім кнігі беларускіх і замежных літаратараў.

Трэці этап алімпіяды завершаны, наперадзе - новая праца і рэспубліканская алімпіяда. Пажадаем нашым прадстаўнікам паспяховага выступлення.

Наш кар.


Як беларусы сустракаюць Год кнігі?

Ужо два дзесяцігоддзі Беларусь - незалежная краіна са сваёй культурнай і адукацыйнай палітыкай, творчымі саюзамі, перыядычнымі выданнямі. Як змянілася становішча беларускай літаратуры за часы незалежнасці? У 2011 годзе напярэдадні Года кнігі Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да лабараторыі "Новак" з просьбай правесці апытанне, каб даведацца, колькі чытаюць беларусы, што іх цікавіць у літаратуры, і хто з сучасных беларускіх літаратараў найбольш падабаецца чытачу.

Вынікі несуцяшальныя:

- Беларусы чытаюць мала. Ніколі не бярэ ў рукі кнігу - траціна насельніцтва (33,7%). Палова беларусаў кніг не купляе, у лепшым выпадку пры патрэбе пазычаюць у знаёмых ці бяруць у бібліятэцы.

- Сучасную замежную літаратуру (у першую чаргу расейскую) ведаюць лепей за сваю. 62 % апытаных наогул не цікавяцца беларускімі кнігамі. Істотная частка (13,3%) зусім не ўмее чытаць па-беларуску.

- На пытанне пра тое, якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце, найчасцей называюць імёны, якія сталі знакавымі яшчэ за савецкім часам: Васіля Быкава (6,5%), Уладзіміра Караткевіча (3,8%), Івана Шамякіна (3,2%). Пераважная ж большасць не ведае нікога (74,6%). Для параўнання: у сучаснай масавай расейскай літаратуры беларусы абазнаныя значна лепей. 17,8% ведаюць, хто такая Дар'я Данцова.

- Што да густаў, то ў безумоўных лідарах дэтэктывы - ім аддаюць перавагу 38,3% аматараў чытання, 28,1% калі і бяруць у рукі кнігу, то гэта жаночы раман. Кнігу класіка з паліцы здымаюць 26,5% ад усіх беларусаў, якія чытаюць хаця б раз на год.

- На думку нашых суайчыннікаў зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай маглі б цікавыя аўтары і творы (52,4%), іх большая жанравая разнастайнась (27,2%), а таксама лепшая рэклама (22,9%).

- Варта таксама адзначыць, што дзейнасць найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі - Саюза беларускіх пісьменнікаў станоўча ацэньваюць 61,4% апытаных.

Вось як каментуе вынікі апытання старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч :

- Вынікі, як і чакалася, - не самыя прыемныя. Выяўляецца, што літаратурныя імёны-брэнды савецкіх часоў беларусы дагэтуль памятаюць, а вось новых так і не з'явілася. Гэта значыць што той курс, які ўзяла Беларусь у культурнай сферы - малаэфектыўны.

Год кнігі - добрая нагода, каб аб'яднаць высілкі дзяржавы і грамадскіх арганізацый дзеля змены сітуацыі. Самы важны клопат дзяржавы ў галіне культуры - падтрымліваць мову карэннай нацыі краіны. Гэта тычыцца ўдасканалення і пашырэння школьных праграм па мове і літаратуры, павелічэння колькасці адукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання, стварэння, нарэшце, цалкам беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта.

Абсалютная большасць беларусаў дагэтуль спажывае інфармацыю праз тэлебачанне. Але на беларускім ТБ няма беларускай кнігі, няма беларускіх аўтараў, ды і наагул беларускай мовы збольшага няма. Такім чынам інфармацыя пра новыя кнігі і новых аўтараў не даходзіць да чытачоў.

Палітыка беларускай дзяржавы павінна стаць беларусалюбнай. Ну а пісьменнікам розных саюзаў трэба часцей і без перашкод сустракацца з чытачамі, каб папулярызаваць лепшае са створанага.


Астатнія вынікі апытання выглядаюць наступным чынам:

Мова літаратуры

97,1 % беларусаў не чытаюць замежную літаратуру ў перакладзе на беларускую мову. 68,4 % з іх ні пры якіх умовах не абралі б беларускамоўную версію кнігі. Аднак 20,3% згодныя набыць замежны твор па-беларуску пры ўмове добрай якасці перакладу.

Шлях кнігі да чытача

Асноўны шлях кнігі да беларускага чытача - ад сяброў і знаёмых. 44 % аматараў чытва пазычаюць кнігі, 28,7% - купляюць у кнігарнях, у тым ліку праз інтэрнэт, 26,8% - па-ранейшаму наведваюць бібліятэкі. 12,6 % аддаюць даніну сучаснасці і спампоўваюць кнігі з інтэрнэту. 49,9 % беларусаў ніколі не купляюць кнігі.

Айчынныя літаратары

Ніводнай сучаснай беларускай пісьменніцы не змаглі назваць 84,9 % апытаных. Першая ж шасцёрка названых выглядае так: Святлана Алексіевіч (2,8%), Цётка (2,5%), Валярына Кустава (2,1%), Раіса Баравікова (1,5%), па 1,1% набралі Наталля Батракова і Яўгенія Янішчыц.

А вось сярод айчынных пісьменнікаў, якіх беларусы не проста ведаюць, але і любяць чытаць: Васіль Быкаў (7,4%), Уладзімір Караткевіч (7,4%), Якуб Колас (5,5%), Янка Купала (3,9%) і Іван Мележ (2,9%).

Замежныя аўтары

Сітуацыя з замежнымі аўтарамі ў Беларусі лепшая. Іх не ведаюць і не любяць чытаць "усяго" 48,7% і 39,0% адпаведна. Улюбёныя небеларускія пісьменнікі: Дар'я Данцова (11,3%), Аляксандра Марыніна (5,6%), Таццяна Усцінава (3,4%), Леў Талстой (2,5%) і Юлія Шылава (2,0%).

Перыядычныя выданні

Што тычыцца перыядычных выданняў, 91,9% беларусаў не чытаюць айчынныя літаратурныя часопісы, а 98,9% не чытаюць часопісы замежныя, у тым ліку расейскія.

"Литературную газету" і часопіс "Наш современник" чытаюць 0,3% беларусаў. Крыху больш чытачоў у дзяржаўных айчынных выданняў, якія цэнтралізавана выпісваюць бібліятэкі: часопіс "Нёман" (2,9%), газета "Літаратура і мастацтва" (2,6%), часопісы "Полымя" (2,2%), "Маладосць" (2,2%). З незалежных літаратурных выданняў чытаюць часопіс "Дзеяслоў" (0,6%) і дадатак да газеты "Новы Час" "Літаратурная Беларусь" (0,4%).

Прэсавая служба СБП


Новы год цешыць новымі прыемнымі сустрэчамі: Генадзь Бураўкін у ТБМ

Хаця сядзіба ТБМ і не разлічана на вялікую колькасць наведвальнікаў, але ў нядзелю 22 студзеня 2012 г. поўнілася гасцямі не толькі з Менска, але і з іншых мясцін Беларусі, якія прыехалі ўбачыць вядомага паэта, былога старшыню таварыства, Генадзя Бураўкіна. На сустрэчу завіталі такія асобы, як Радзім Гарэцкі, Аляксей і Ірына Марачкіны, Адам Мальдзіс, Уладзімір Содаль і іншыя. Акрамя таго прыйшло некалькі дзясяткаў людзей рознага ўзросту, і ўсе, у тым ліку і дзеці, з вялікай цікавасцю ды ўвагай слухалі кранальныя і лірычныя вершы, якія паэт чытаў з глыбокай і чуллівай інтанацыяй. З кнігі "Лісты да запатрабавання" і паэтычнага зборніка Беларускага кнігазбора былі агучаны ці не лепшыя вершы аўтара "Наша песня", "Суседка", "Шчыра кахаю", "Найвышэйшыя сілы" і нямала іншых. Вялікая колькасць таго, што было прачытана, пакладзена на музыку, найбольш вядомым праектам тут з'яўляецца альбом Зміцера Вайцюшкевіча "Лірыка", дзе цудоўнейшыя мелодыі суправаджаюцца такімі ж прыгожымі словамі. Але ніякая песня ўсё адно не можа перадаць таго эмацыйнага і інтанацыйна меладычнага напаўнення, якое ўкладае ў свой голас сам паэт падчас чытання.

Юля Бажок. На здымках аўтара : падчас імпрэзы.


"Не пакіну цябе, не адракуся ад цябе"

Леанід Міхайлавіч Лыч - доктар гістарычных навук, прафесар, аўтар шэрагу кніг. Вядомыя яго манаграфіі "Беларуская нацыянальная ідэя", "Уніяцкая царква на Беларусі". Сумленны, скрупулёзны гісторык з пільным вокам, аўтар акутальных артыкулаў у "Народнай волі" і "Новым часе" у лютым адзначыць 83 дзень народзінаў. Моцны духам чалавек, жыццялюб з пачуццём гумара, непахісны абаронца беларускай мовы і нацыянальных інтарэсаў працягвае даследчыцкую працу.

Леанід Міхайлавіч у канцы 2011 года выдаў тры новыя кнігі. Ён даследваў тэму дзейнасці нацыянальнай інтэлігенцыі ў гады 2-й Сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй. Сабраў каштоўныя разважанні пра сучасны стан мовы ў працы "Варыяцыі на нацыянальную тэму". Надрукаваў успамін пра жыццё аднасяльчанаў з роднай вёскі Магільнае Уздзенскага раёна ў грозныя гады. У вайну яму было 11 год, уражлівая падлеткавая душа запомніла цяжкія мужчынскія турботы. Землякі пазванілі, папрасілі прыслаць больш асобнікаў кнігі.

Дбайнасць, актыўнасць у навуцы і грамадскім жыцці на працягу доўгіх гадоў падмацоўвалася сямейнай згуртаванасцю, узаемнай падтрымкай мужа і жонцы, супадзеннем навуковых інтарэсаў, вернасцю і чалавечнасцю, надзвычайнай трываласцю і аптымізмам.

Варта ўзгадаць, што навукоўца не проста працаваў за пісьмовым сталом, але і даглядаў знямоглую жонку на працягу апошніх 8 гадоў. Падлечваў у шпіталях, карміў, мыў, насіў на руках, не давяраў нікому іншаму. Ён хоча аддаць даніну памяці жонцы Ефрасінні Георгіеўне, якую бярог усё жыццё, і прысвяціць яе дзейнасці навуковую педагагічную канферэнцыю, дзе можна было б адзначыць яе ўнёсак у народную асвету Беларусі.

Леанід Міхайлавіч гадаваўся ў памежным мястэчку Магільнае на Уздзеншыне. Пасля заканчэння статыстычнага тэхнікума, ён патрапіў у вайсковую вучэльню. А ў 1957 годзе скончыў Башкірскі педагагічны інстытут, працаваў настаўнікам.

Ефрасіння Георгіеўна Андрэева нарадзілася 11 кастрычніка 1931 года ў глыбіннай сібірскай вёсцы пад Омскам, у вялікай працавітай сям'і. У пераломныя гады род Андрэевых трапіў пад хвалю раскулачвання. Бацькі былі выселены і апынуліся далёка ў Башкірскіх стэпах. Там яны прыбіліся да калгаса, цягнулі непасільную працу. Таму маці казала дачцэ: "Забудзь, хто ты і адкуль, кажы імя - Тоня, Антаніна!" Нягледзячы на голад і нястачу, дзяўчынка здолела атрымаць сярэдне-спецыяльную педагагічную адукацыю, а потым скончыла Уфімскі педуніверсітэт ў 1955 годзе.

- Якой Вам запомнілася Ваша першая сустрэча?

- Першае наша знаёмства адбылося ўлетку 1956 года на тэрыторым Башкірыі, - распавёў навукоўца. - У Юматаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме я выкладаў гісторыю СССР, фізкультуру, вайсковую справу. Мы сустрэліся ва Уфімскім райана ў педкабінеце. Праходзіла спаборніцтва паміж студэнтамі і старшакласнікамі. Мяне ўразіла, як здорава маладая супрацоўніца арганізоўвала спартыўныя спаборніцтвы, як слухаліся яе старшакласнікі. За чаяпіццем я заўважыў яе мілавідны твар. Увечары мы адправіліся на станцыю. Мне падумалася: цікавая дзяўчына! Праз сяброў я прапанаваў ёй сустрэцца ў парку ў Уфе. Мы хадзілі разам ў кіно, у тэатры. Пасля 8-ай сустрэчы прапанаваў абранніцы пажаніцца, і 1 траўня мы ўзялі шлюб.

- У 1957 годзе, - працягвае Леанід Міхайлавіч, - у мяне з'явілася жаданне пераехаць на Радзіму. Давялося яшчэ на год змяніць тэхнікум на Стэрлітамакскую дзіцячую калонію, мы паехалі туды на часовую працу. Думка пра Беларусь усё ж не пакідала. Я звязваўся з абалана, з Міністэрствам асветы пра вольныя працоўныя месцы. "Не зрывайцеся пакуль, можаце не знайсці працы", - быў адказ. Хоць і цяжка было з харчаваннем, але агарода мы не завялі, былі інтэлігентамі, якія жывуць з разумовай працы. Праз год мы рушылі на Беларусь, без усялякай надзеі на дапамогу.

- Буду настаўнікам, статыстыкам ці бугалтарам, - вырашыў я, бо меў яшчэ некалькі дыпломаў. Мы накіраваліся ў Узденскі раён. Працы там не было ў той час. Падаліся ў Менск, пераначавалі на Паўночным пасёлку з дапамогай брата Генадзя Лыча. Раптам заўважылі свежую аб'яву на слупе: "Патрабуецца загадчыца дзіцячага сада для ЦЭЦ- 3 Менска". Жонка пайшла ў аддзел кадраў ЦЭЦ, з жаданнем ўладкавацца на працу.

Яе ўзялі на працу і ў хуткім часе прапісалі ў пашпартным стале. А потым і мяне. Так дзякуючы рускай жонцы я змог прапісацца ў сталіцы Беларусі.

- Як Вы вызначыліся з прафесійнымі інтарэсамі?

- У той момант выйшла на першы план маё працаўладкаванне. Пачаў хадзіць па гарана, па школах. Прыйшоў да дырэктара школы-інтэрната № 17, дзеці там былі з праблемных сем'яў, цяжкія па выхаванні. Гэта было 15 жніўня 1958 года. Сказаў, што працаваў год у працоўнай дзіцячай калоніі. Дырэктар, былы партыйны работнік увесь час размаўляў са мной па-беларуску. На развітанне кажа: "Вы нам падыходзіце, як чалавек выпрабаваны і з досведам. Але чаму вы ні разочку не ўступілі ў дыялог са мной на роднай мове? У нас выкладчыцкая праца ідзе толькі на беларускай мове. Я вас адпускаю на 15 дзён на вёску, каб вы прыслухоўваліся, як ваша мама гаворыць, каб вы аднавілі мову. Чытайце па 10 гадзін ў голас беларускамоўныя кнігі". Калі я прыехаў праз 15 дзён, ён заўважыў: "Вы настолькі прагрэсіруеце, цяпер у мяне няма сумневаў, што Вы дзецям раскажаце вусна па-беларуску тэкст па гісторымі і геаграфіі. Выведзеце іх на прагулку і будзеце размаўляць на роднай мове."

20 снежня 1962 года я перайшоў на працу старшым лабарантам ў Інстытут гісторыі Акадэмі навук БССР. Сёлета споўніцца 50 гадоў, маёй працы ў інстытуце, дзе я застаюся вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела сацыяльна-эканамічнай гісторыі, навукі і культуры. Мая кандыдацкая праца была прысвечана гісторыі чыгуначнага транспарту.

Кніга "Эшалоны бягуць на захад" змяшчала каштоўныя звесткі аб працоўным гераізме беларускага народа па аднаўленні разбуранай ў гады вайны чыгуначнай магістралі.

Ефрасіння Георгіеўна працавала ў дзіцячым садку, вучылася ў педуніверсітэце, вяла даследванні ў педагогіцы. Яна была загадчыцай высокай кваліфікацыі. Парупілася аб набыцці мэблі, вучэбных дапаможнікаў для садка. У хуткім часе пачалі адкрываць наступны дзіцячы садок для кіраўнічых работнікаў саўнаргаса. І з гэтай задачай яна паспяхова справілася, праз настойлівасць і мэтанакіраванасць. Пачала выступаць на канферэнцыях. Яе першай друкаванай працай у 1964 годзе быў артыкул аб вырошчанні пакаёвых раслінаў з дзецьмі дашкольнага ўзросту. За ўсё жыццё яна напісала больш за 200 навуковых артыкулаў. У хуткім часе (ў 1966) ёй прапанавалі перайсці ў Міністэрства асветы.

Ефрасіння Георгіеўна пачала вучыцца ў аспірантуры, абараніла кандыдатскую дысертацыю на тэму "Развіццё грамадскага дашкольнага выхавання ў Беларускай ССР (1945-1970)."

Е.Г. Андрэева разгарнула свой талент на адказных пасадах ў Міністэрстве народнай асветы ў 1960-70 гадах. Упарта і плённа яна рэалізоўвала задуму стварыць беларускую школу педагогікі. Душой прыкіпела да беларускай мовы, ацаніла яе багацце і прыгажосць.

Ей належаць навуковыя працы " Гісторыя народнай адукацыі Беларусі (1917-1941), "Гісторыя педагогікі Беларусі са старажытных часоў" да 1917 года ".

Надавала шмат увагі праблеме нацыянальнага адраджэння, захаванню ў школе і дашкольных установах нацыянальных традыцый. Падрыхтавала метадычны дапаможнік для выхавальнікаў дзіцячых садкоў " Навучанне ў дзіцячым садзе 5-6-годак беларускай мове сродкамі дыдактычнай гульні" , які карыстаўся попытам. Е.Г. Андрэева даследвала педагагічную спадчыну Цёткі, вывучала педагагічную культуру Беларусі.

- Руская вучоная з любоўю авалодала мілагучнай славянскай мовай, якой выракліся большасць чыноўнікаў , - адкугнуўся на яе дзейнасць Сяргей Грахоўскі.

- Я абарніўся ў 1966, яна - у 1972 годзе. Наша аднапакаёвая кватэра была ператворана ў навуковы кабінет. Мы сумесна займаліся навуковай працай. Побыт наш быў вельмі сціплым, ежа - простай. Многае з быту я ўзяў на сябе, сказаўшы жонцы: ты працуй, як дактарант. Я навучыўся гатаваць буракі, калі жонка вяла заняткі са студэнтамі. Сям'я наша была дружнай, і хаця дзяцей у нас не было, адзін у адным мы знаходзілі неабходныя якасці.

Спачатку мы з Ефрасінняй Георгіеўнай жылі на ЦЭЦ-3, потым - на тэрыторыі камвольнага камбіната, у 1982 пераехалі на вул. Гвардзейскую каля Паркавай магістралі. Тут мы абараніліся як дактары навук, яна абаранілася першай ў Тбілісі. У 1989 годзе пасля абароны дысертацыі я стаў доктарам гістарычных навук, у 1993 годзе атрымаў званне прафесара. Я распрацоўваў нацыянальна-культурную і моўную праблематыку. Студэнты прыходзілі да жонкі на кватэру, яны вельмі яе паважалі і цягнуліся ўвабраць усё цікавае. Аднойчы жонка правяла апытанне, студэнты адказалі вельмі праўдзіва і шчыра наконт моўнай сітуацыі ў адукацыі, хвалілі сваю выкладчыцу.

- Верагодна, у Вас былі ўлюбёныя куткі адпачынку?

- Першыя гады, як мы вярнуліся на Беларусь з 1958 па 1976 год я не мог нацешыцца з свайго роднага краю. Мы кожнае лета праводзілі адпачынак у родных мясцінах. Нёман быў велічны, раскошны, паўнаводны. Жонка любіла купацца, добра плавала, нырала. Такіх грыбоў, як у нас, у Башкірыі яна не бачыла. Ніхто па лесе тады не праязджаў на машынах, толькі зрэдку - на матацыкле.

З 1976 года мы ўзялі за правіла кожны год наведваць якую-небудзь саюзную рэспубліку за свой кошт. Я браў даведку ў інтытуце, што прыехаў у Казахстан з мэтай вывучэння культуры і быту краю. Мяне прымалі, не як простага турыста, а як вучонага, і адпачынак мы сумяшчалі з даследваннямі.

- У 1984 годзе я пазнаёміўся з азербайджанскім вучоным. Ен прачытаў мой аўтарэферат і прыехаў да мяне. Ен паклапаціўся аб нашай сям'і і арганізаваў для нас санаторый на Каспіі на чатыры адпускныя пярыяды. У жонкі былі праблемы са здароўем, але яна трымалася бадзёра, працавала, магла паехаць у падарожжы. З 1988-га мы нікуды не выязджалі, як толькі ў санаторыі Мінска. У 1991 годзе былі на яе радзіме ў Башкірыі. Спужаліся, ці здолеем вярнуцца на Беларусь. Хадзілі на вакзал глядзець, ці ходзяць у два бакі цягнікі, сачылі па тэлебачанні, што адбываецца ў Маскве і ў Мінску, як адбываецца прыняццё дэкларацыі аб Незалежнасці.

З 2003 года жонка перанесла інсульт, але самастойна хадзіла на нагах, сябравала з навукай. С той пары яна сама гаварыць не магла, з траўня 2003 у хаце не было чуваць слова "Лёня". Але мужна яна цягнулася хоць да якой -небудзь працы разумовай. Узяла сваю кніжку і перапісала частку левай рукой да 143 старонкі, пісала вялікі літарамі.

Першыя тры гады дактары выпісвалі самыя дарагія лекі. 8 гадоў Ефрасіння Андрэеўна пражыла пасля інсульту, у сям'і даглядалі, і медыцына дапамагала. Апошнія 3 гады яна была пасцельна-хворая. Усё я рабіў сваімі сіламі, стараўся дагледзець, падтрымліваў у хаце парадак. Гатаваў супы, усе стравы, і яна была задаволена. Ефрасіння Георгіеўна адышла ў вечнасць у чэрвені 2011 года.

Буду прыкладаць намаганні, каб правесці канферэнцыю па тэме: "Рускі прафесар на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэння", каб педагагічная грамадскасць сабралася і аддала належную ўвагу яе памяці. Рыхтую ўспаміны пра жонку, - кажа навуковец.

Стол у светлым пакоі Леаніда Міхайлавіча ўпрыгожаны букетам каласкоў у вазе, на сцянах - пяйзажы беларускіх мастакоў. Дома захоўваецца яго партрэт, напісаны мастаком.

- Леанід Міхайлавіч, над якімі тэмамі Вы працуеце зараз? Што Вас хвалюе?

-У 21-ым стагоддзі я напісаў 21 кнігу. Аўтар больш за 500 навуковых прац. Яны прысвечаны культурна-моўнай праблеме. Цяпер працую над невялічкай кніжачкай, прысвечанай яўрэйскай культуры на Беларусі. Відаць, ім будзе прыемна, што піша не яўрэй, а беларус.

Для нас важна захаваць нацыянальны стрыжань інтэлігенцыі. Гэта соль нацыі, кіт нацыі.Трэба, каб мастацкая літаратура, хрыбенік нацыі, папаўнялася беларускамоўнымі творамі, каб творцы пашыралі свой моўны запас.

Захаваць энтакультурную адметнасць мы павінны любымі намаганнямі, інакш страцім права называцца самабытным народам і будзем толькі колькасна папаўняць іншыя нацыі.

Паслядоўная рэалізацыя нацыянальнай ідэі павінна гарантаваць народу найперш поўны дзяржаўны аўтарытэт, дынамічнае эканамічнае развіццё як галоўную ўмову матэрыяльнага дабрабыту, захаванне, узбагачэнне прыроднага патэнцыялу духоўнага жыцця.

Э. Дзвінская.


Сустрэча з кіраўніцтвам рэспубліканскай Рады ТБМ Алегам Трусавым і Аленай Анісім

29 студзеня 2012 года ў Баранавічах сябры гарадcкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы сустрэліся з кіраўніцтвам рэспубліканскай Рады ТБМ Алегам Трусавым і Аленай Анісім. Напачатку госці наведалі музей-сядзібу Адама Міцкевіча ў Завоссі (Баранавіцкі раён), Баранавіцкі Пакроўскі сабор і касцёл Узвіжання Святога Крыжа, што ў Баранавічах па вуліцы Куйбышава.

Затым гаварылі пра план дзейнасці ў новым годзе, пра тое, як прыгожа адзначыць 200-я ўгодкі з дня народзінаў паэта Паўлюка Багрыма, 130-я ўгодкі "бацькі" вандроўнага тэатра Уладзіслава Галубка, 210-я ўгодкі Ігната Дамейкі. Размова, безумоўна, ішла і пра пашырэнне падпісчыкаў газеты "Наша слова", 25-ці томнае выданне твораў Уладзіміра Караткевіча, пра распаўсюд каляровых каляндарыкаў на 2012 год. Дамовіліся, што сябры арганізацыі прымуць удзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", якая адбудзецца ў Менску 16 красавіка 2012 года.

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай РадыТБМ імя Францішка Скарыны.

На здымках: 1. Наведванне Завосся; 2. Сустрэча ў Баранавічах.


Краязнаўчыя сустрэчы з кіраўніцтвам ТБМ у Мсціславе і Заслаўі

25 студзеня ў Мсціслаўскім раённым доме культуры адбылася сустрэча , якую ладзілі мясцовы гістарычна-археалагічны музей і Таварыства беларускай мовы. Сабраліся настаўнікі і вучні мсіслаўскіх гімназій і школ, аматары краязнаўства. У сустрэчы браў удзел старшыня ТБМ Алег Трусаў, які распавёў пра гісторыю мсціслаўскага краязнаўства, пра Насовіча і яго слоўнік, пра Краснянскага, які з 1912 годзе выдаў гісторыю Мсціслава, пра Міхася Ткачова і яго кнігу "Замкі Беларусі", якая вытрымала ўжо пяць выданняў.

На сустрэчы выступіў дырэктар музея Ўладзімір Шылянкоў. Былі раздадзены календары з відамі Мсціслава, выпушчаныя ТБМ

3 лютага ТБМ разам з мясцовым музеем-запаведнікам наладзіла краязнаўчую сустрэчу ў Заслаўі. У сустрэчы на якую з Менска прыехалі старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік старшыні Алена Анісім, прынялі ўдзел настаўнікі і вучні 2-й заслаўскай школы. Алег Трусаў распавёў пра каферу музеезнаўства ўніверсітэта культуры, а АленаАнісім пра рэспубліканскую краязнаўчую канферэнцыю 16 красавіка. Выступіў таксама дырэктар музея Аляксандр Рак і мясцовыя краязнаўцы.

Падчас сустрэчы прысутныя атрымалі календары з відамі Заслаўя, якім выдала Таварыства беларускай мовы.

Наш кар.


Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

У аўторак, 31 студзеня 2012 г., Магілёўскае ТБМ зладзіла вечарыну, прымеркаваную да 120-годдзя вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, мовазнаўца, перакладчыка і публіцыста Браніслава Тарашкевіча. Госці імпрэзы - мовазнаўца, сябар Рады ТБМ Вінцук Вячорка, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі - прывезлі ў Магілёў кнігу "Беларускі клясычны правапіс".

Менавіта пра правапіс беларускай мовы і казалі на прэзентацыі кнігі ў Магілёве. Вінцук Вячорка распавёў пра тое, якая сітуацыя склалася ў Беларусі з тарашкевіцай. Як аўтар самога тэрміну "тарашкевіца", Вячорка не выпусціў магчымасці распавесці пра аўтара беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча - менавіта яго праца па граматыцы і пакладзены ў аснову кнігі "Беларускі клясычны правапіс".

Шмат пытанняў у прысутных выклікала і тое, як каму зручней пісаць па-беларуску. Па меркаванні культуролага Сяргея Харэўскага, "выбар правапісу - гэта асабістая справа кожнага аўтара, аднак у любым выпадку гэта павінна быць пісьменна". Сам Харэўскі прытрымваецца нормаў тарашкевіцы: "Я словы сьнег без ь не пішу".

Пры гэтым Харэўскі і Вячорка не толькі прэзентавалі новую кнігу, але і адказалі на пытанні, якія тычацца беларускага правапісу, а іх у магілёўцаў назапасілася нямала: пытанні пра асіміляцыйную мяккасць зычных, пра нюансы выкарыстання літар лацінскага алфавіту і г.д. На пытанне: "Ці не спрабавалі вы падлучыцца да распрацоўкі моўнай рэформы?" госці адказалі, што з радасцю далучыліся б, але, па іх меркаванні, рэформа беларускай мовы стала для кагосьці выдатным бізнэс-праектам, па-колькі вывудзіла нямала грошай з беларускага скарбу на новыя кнігі, дапаможнікі, слоўнікі.

Шмат прыемнага сустрэча дала і аматарам кніг на беларускай мове. Са сталіцы госці прывезлі з сабой некаторыя цікавыя выданні, у тым ліку апошнія кнігі Харэўскага "Сто твораў ХХ стагоддзя" і "Прамоўленае" - усе кнігі можна было набыць напрыканцы вечарыны.

Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі. На здымках: Вінцук Вячорка і Сяргей Харэўскі падчас імпрэзы


Краязнаўчая канферэнцыя ў Лідзе

1 лютага ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася краязнаўчая канферэнцыя "Сучасны стан лідскага краязнаўства і валанцёрскі рух". Адкрыла канферэнцыю дырэктар музея Ганна Драб, вяла імпрэзу на цудоўнай беларускай мове Наталля Валынец.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі самых розных краязнаўчых структур і арганізацый як дзяржаўных, так і грамадскіх, у асноўным з Ліды і Лідскага раёна, а таксама і з Воранаўскага раёна.

У канферэнцыі прыняў удзел і распавёў пра краязнаўчы рух у краіне старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Падчас канферэнцыі прагучалі даклады па гісторыі лідскага краязнаўства (С. Суднік), пра сучасную краязнаўчую працу (Л. Мамантава, А. Колышка, Л. Лаўрэш, У. Руль), тэматычныя даклады "Гісторыя 56-й сд" (А. Каладзяжная) і "Лідскія інтэлектуалы" (В. Сліўкін).

Падчас канферэнцыі ўсе ўдзельнікі маглі атрымаць календары з выявай Лідскага замка, выпушчаныя ТБМ, а таксама рэрытэтныя нумары часопіса "Лідскі летапісец".

Наш кар.

На здымках: дырэктар музея Ганнна Драб; старшыня ТБМ Алег Трусаў; кіраўнік Цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства Любоў Мамантава, рэдактар газеты "Ziemia Lidzka" Аляксандр Колышка, адміністратар сайту "Pawet" Леанід Лаўрэш, краязнавец з в. Нача Воранаўскага р-на Уладзімір Руль.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

- Практычна меліярацыя ў СССР...

- ... стала ўгробваннем грошай. Закопваннем. Выкіданнем іх на вецер, - аднаго прафесара, глебазнаўцу, дапаўняе другі, медык. Сузіраюцца. - Не дзіва, што яны вас ненавідзелі.

- Нядобразычлівяць замногія. Яны памоўчваюць, а я крычу. Гэта многім раней было ў радасць, зараз - сярпом па яйцах. Забылі гадамі перажываныя мной непрыемнасці. Спакойнічалі тады. Цяпер чужой былой адвазе зайздросцяць. Не болю, таму і сённяшняму, не заўсёднаму майму безграшоўю.

- Колькі вы цярпелі… Хадзіць нармальным, удавана ўсміхацца, а ў сэрцы штодзённа насіць агонь і боль… - вышэптвае Яўген Канопліч. Яму шырэй расчыняецца характар ваяра, байца.

Двое ціхенька суразмовяцца, нічога адзін аднаму не кажуць пра выказанае і пачутае. Аднадумцам ўразумелася галоўнае. Адсутнасць прафесіяналізму ў працы найвысокіх спецыялістаў, падзенне маралі, найперш у высокага чынавенства, міністэрскіх, дысцыпліны на любой вытворчасці спарадзілі недавер'е да Савецкай улады, разлютавалі мноства людзей. Сацыяльная несправядлівасць унізе і ўладнае бязмежжа вярхоў паступова прыкацілі да рабочага чалавека думкай інтэлігенцыі, якая і з'яўляецца станавым хрыбтом дзяржавы, спарадзілі непрыманне ўсяго прапаноўванага камуністычнай сістэмай. Паўсюдна заверхаводзіла абыякавасць і злараднасць, жаданне ўрваць, хапянуць, і чым найхутчэй.

Што зневажалі і чаго стагоддзямі справядліва саромеліся - прастытуцыю, якую яшчэ ў дзесятым стагоддзі значылі на дамах Парыжа густым жоўтым колерам, прастытуцыю, шоўконкурсы сталі ўзводзіць у жыццёвую норму. На гарызонце засвяцілася воблака наркатычнай заразы. Удалыя фінансавыя афералаўкі адзіночкаў узносіліся да ўзораў, прыкладу многім.

- Вам бачыцца глабальнае, а мы ямо дробязнае, мясцовае. У нас праблемы маленькага горада і чалавека. - Яўген Канопліч у роздуме. - Вы не ведаеце, у медыкаў чарнобыльцаў нястача на нястачы, дзірка на дзірцы.

Мужчыны даўно прахаджваюцца па калідоры, перамаўляюцца паранейшаму сцішана, у кабінет прафесары па адных ім вядомых прычынах не ідуць.

XXII

Іван Нямковіч убачыў двух прафесараў. Шэпчуцца, высакрэтнічаюцца. Няма пра што! Ветэрынарны доктар Нямковіч вяртаецца ад дачкі. Вяруні горшае, памірае.

- Можна дзецям шаснаццатай палаты і суседніх чым памагчы? - рашучыць да Канопліча; пачынае без усялякіх вітальных этычных выбачэнняў.

- Мы робім усё мажлівае.

- Нічога не робіце. Баіцеся перад Масквою і Мінскам абазвацца. - На розвіт: - Не можаце, каб і хацелі. Няма тут нічога.

- Ен адукаваны чалавек і так нас папікае, а што казаць пра немарач безасветную. - Канопліч пазірае заслед раздражнёнаму бацьку невылечна хворай дзяўчынкі. Перадых, два ўздыхі. - Матам крыюць.

- Зроблена на Беларусі недастаткова. Але шмат. Болей чым у суседзяў, - пагаджаецца Ігар Бадановіч.


Аб'ектыўка. Сямнаццаць краін Еўропы забруджана цэзіем . Паўсюдна радыяцыйная плямнасць і невялікасць забруджванняў . Фундаментальныя даследаванні здаранага болей ад усіх праводзяцца не ў замежжы - на Беларусі.

За пяць гадоў адчыненыя:

1. Інстытут радыебіялогіі.

2. Інстытут радыеэкалагічных праблем Акадэміі навук Беларусі.

3. Навуковадаследчы інстытут радыяцыйнай медыцыны.

4. Беларускі навуковадаследчы інстытут сельскагаспадарчай радыялогіі (стане НДІ радыялогіі Дзяржкамчарнобыля).

5. Міжнародны каледж радыеэкалогіі імя Андрэя Сахарава (стане Міжнародным эканамічным універсітэтам імя Андрэя Сахарава). (27).

У адным Гомелі запрацуюць:

1. Інстытут радыялогіі.

2. НДІ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. У яго склад увойдуць спецыялізаваны дыспансер, стацыянар на 450 месцаў, іншыя навуковыя падраздзяленні.

3. НДІ радыебіялогіі НАН Беларусі.

У Беларусі створана новая галіна прыборабудавання. Для вывучэння звязаных з ЧАЭС праблем, ліквідацыі наступстваў за пяцігодку выпушчана шэсць тысяч прыбораў трыццаці назваў. Пастаўляе іх Беларусь у шаснаццаць краін -Аўстрыя, ЗША, Францыя, Італія, Польшча, краіны СНГ…


- Ваш Цэнтр хворых з усёй Беларусі бярэ?

- З усёй. У асноўным вострых, паражоных за… за…

- Разумею. Каго з пацярпелых ужо ніхто не бярэ, у вас лечацца, - не ўтрымаўся без удакладнення Ігар Бадановіч.

- У Гомелі не толькі гэты Цэнтр, дзіцячы, ёсць спецыялізаваны дыспансер, стацыянары. У нас далечваюцца. - Таксама не даказвае Яўген Канопліч. - Далечваюцца. Да апошняга. - Пераводзіць дых. - Гуманізм дзяржавы. Беднай і гуманнай. Дэпутаты Вярхоўнага Савета шумяць, просяць і грозяць Маскве, Савецкаму Саюзу, Расіі, а там, дажыліся, пры невінаватай партыі, там усюды беспрасветная галота. Як у нас. Даруліліся камуністы. Дасюль усе імперыі развальваліся ад знешніх удараў і ўнутраных выбухаў. А тут самі сябе жралі, жралі і знішчаць дзяржаву. Немарацтва кампартыйнае.

З прыёмнікаў на вуліцы ідуць адзін за адным рэпартажы пра Гагарына і касманаўтыку. Блізілася трыццатая гадавіна з дня гістарычнага яго палёту ў космас.

Узвінчаныя, безапеляцыйна справядлівыя яшчэ двое бацькоў падыходзяць да прафесара Цэнтра Канопліча, накіпелую злосць ад дзяржаўнай бесталкоўшчыны вывальваюць на адзіна безумоўна вінаватага - медыка. Канопліч не ўмее лячыць, хоць і лічыцца прафесарам, у Цэнтры ніякіх лекаў няма, усё гомельскія раскралі або не выбілі ў саюзных міністэрстваў, стрэсціся з угрэўнага месца з патрабаваннямі да бяздарнага начальства ў Мінску і Маскве ён баіцца.

- Пішам мы ўсюдна, пішыце і вы, - хоча памагчы разгубленазамаўклівеламу калегу ўражаны бяздоказным хамульствам знешне інтэлігентных бацькоў Ігар Бадановіч.

Атрымлівае папоўніцы дакораў, папрокаў. Грозьбаў.

Выбух спарадзіў у мноства людзей сімптомы страху, дэпрэсіі, трывожнай недаверлівай падазронасці пра дрэннае здароўе не толькі ў дзяцей, а і ў саміх. Сталыя людзі, як слабыя бездапаможныя старыя, не могуць планаваць заўтрашні дзень і пазаўтрашні, не тое што будучыню. Выліваюць незадаволю на першых стрэчных - родных і суседзяў, медыкаў і настаўнікаў.

- Атрымалі? Навучыліся?

- З'еў, - згаджаецца Ігар Бадановіч. - Вось чаму памоўчваеце, апраўдваецеся.

- Бацькам трэба выказацца. Хворых трэба не проста разумець - дараваць. Мы - грамаадводы. Як і раённыя і абласныя начальнікі.

Нямковічы і падобныя думаюць, быццам навукоўцам не баліць, што чым болей з году на год мясакамбінаты Беларусі даюць каўбасаў і сала, тым менш зменаў на Гомельшчыне, Гродзеншчыне, Міншчыне. Мазыршчына, Случчына, мноства райцэнтраў павышаюць, павышаюць, павышаюць паказчыкі - і ўсё мала, мала, мала. А ў беларускіх вясковых клубах няма чым налапіць дахі, адрамантаваць хаты ва ўдоваў і франтавікоў. У краіне СССР грошай і матэрыялаў няма і няма.

Чаму падурному ўсё ідзе? Не яны ж, навукоўцы і раённаабласныя начальнікі, вінаватыя. Людзі не забылі, як гарэў суд у Слуцку, баставалі шафёры ў Крычаве, рабочыя ў Асіповічах, як не выходзілі на працу меліяратары, як згарэла ферма ў Сідаравічах, калі павезлі на мясакамбінат усіх коней…

Калі нішто не зменіцца, народ перастане працаваць. Нечарназем'е паўторыцца на Беларусі. П'янка і няпраца - сталі міжвольным выйсцем для рабацяшчага чалавека.

На Гомельшчыне, з кім не загавары, усе ведаюць гэта, плююцца; калі ж што зменіцца ў СССР, калі?

XXIII

Ехаў сёння праз Лубень жалобны вялікі аўтобус, не было ў ім нікога, хто б не крывіўся. Многія адкрыта плакалі. Ехаў люд па адвеку роднай сваёй вёсцы і не мог спыніцца ў ёй. Даўнія лубенцы і сваякі даўніх упрасілі кіроўцу да немагчымага знізіць хуткасць, прысупыньвацца.

Выглядвалі хаўтурнікі ў вокны аўтобуса, плакалі. Гэтая вёска ў іхніх сэрцах навекі, як і блізкая Нароўля.

Маладым лубенцам Нямковічам падабаўся Лубень з першага дня працы. Не вёска - золатка. Паступова побыт і тагачасныя настроі лубенцаў сталі нямковічавымі.

У іхняй вёсцы і суседніх дзеці бацькам не тыкалі, не мацюкаліся, асабліва пры дарослых. Заразу тыкання прынеслі сюды прыезджыя, як замежныя маладыя абармоты звычку паўсямесна паліць і хлябаць піва, насіць чорныя акуляры і доўгія казыркі шапак - зніжаць зрок.

Ды і як не любіць Лубень. За дзвесце гадоў існуе. Вакол лясы і лясы. Блізка аўтадарога Маскалёўка - Буда. Дружбацкія працавітыя людзі вёскі не выракаліся беларускасці, праваслаўя.

У суседніх вёсках Нічыпараўка, Хамянкі, Маскалёўка, Антонаў, Мальцы, Свяча, Дзямідаў, Чэхі, Гажын, Чырвоны Востраў жыццё ідзе гэткім жа макарам - многія старыя не паехалі за дзецьмі пад Мазыр ці на Віцебшчыну, у Карэлію ці пад Маладзечню, жывуць на Айчызне. Абпляваная аднапартыйнай камуністычнай ўладаю нараўлянская зямля ім дарагая, да скону. Усведамляюць яны гэта ці не, абязлюдзелыя паселішчы навекі ім любыя - як сэрца, ногі, рукі.

Лубенцам дарагія не адно хаты, сады, агароды, цэняць клады паміж Лубенем, Запаллю і Мальцамі, ціхія вясковыя клады з крыжамі і помнікамі, напаўразбуранай агароджай і бярозамі, на якіх гнёзды крыкных, дабрачных, чорных птахаў. Сузіранне адной аселіцы вяселіць ім вочы, сцінае душы.

Шукалі абрадыяцыйненыя перасяленцы месца новага жыхарства з цяжкасцю. Іван і Хрысціна Нямковічы выбралі Лубню, за чатыры кіламетры ад Мазыра. У Крынічным сельсавеце. Прасёлкавая дарога ўліваецца ў аўтадарогу Гомель - Лунінец.

Каркаюцькаркаюць галкі і вароны ў небе, лапоткае крылле рэжа небакрай, ускрайкі голых раннесакавіцкіх падлескаў.

Бацькі глядзяць уверх, хросныя глядзяць уверх. Птушкі вітаюць душу Веры Нямковіч. Увітваюць сябровак Веры, малюсенькіх дзяўчатак, якія зза аперацый, уколаў і таблетак ні разу не фарбавалі губы, не натанцаваліся, нічога не бачылі, нават не зведалі пацалункаў хлопчыкаў, і ўжо даўно ў нябесным чужаніцтве. Лятаюць птаствам. Як нядаўна адляцелая Альбіна Пакрова.

Нічога не з'елі, не знасілі, не бачылі. А ўжо адляцелі. Птушаняткі не сталі птушкамі, не займелі сваіх птушаняткаў.

Звіняць жаўрукі ў небе ім штодня, увосень і ўзімку.

Праз радыяцыйную зону ў вёску Запаль сакавіцкай размакрэнню едзе аўтобус. У ім найлепшаю паненкаю на свеце едзе дванаццацігадовая дзяўчынка Вера Іванаўна Нямковіч. Каралеваю едзе, усе сядзяць, а яна ўлеглася, спакойна палежвае. Дзяўчынка, якую ўпершыню ў жыцці назвалі пабацькоўству толькі сёння, на хаўтурных вянках, на дзіва спакойная. Звіняць жаўрукі ў небе для яе адной, сонца свеціць для яе адной. Яна чуе выцымбольванне жаўрукоў, чуе свіст крылля варановага птаства. Не перажывае. Радуецца ўзносу ад болю.

Душа яе крыляе над мілай Нараўляншчынай, Мазыршчынай, Гомельшчынай. Душа дзяўчаняці абдымае ўсіх. Выдзякваецца крэўным, усім добрым і спагадным. Дзякуе абодвум брацікам, якія паддаліся на ўгаворы мамы і бабкі, на крык бацькі, не паехалі суправаджаць сястрычку ў апошнюю дарогу, на клады ў практычна знесеныя зза радыяцыі Лубень і Запаль.

Пасажыры ўхутаныя ў вопратку. Холадна ў сярэдзіне сакавіка. Вяруні цёпла. Вянкі з сухіх і жывых кветак улегліся на бялюткай шапачцы, стужка і кветка на лобіку. Поверх чырвонай сукеначкі каптанік. У хаўтурных працэсіях чырвань не пажаданая, здаўна ведаюць родзічы памерлай. Маладзесенькаму храму душы зрабілі выключэнне. Не была пры жыцці ў святой для беларуса чырвані, няхай цяпер памаліневее. Банціккветка ірдзіцца на грудзях. У руках незапаленая свечка. Крыжыкі, ручнікі. Паўсюль белае, чорнае, зрэдзь чырвонае.

Сваякі хацелі на чассе паездкі труну закрыць вечкам. Хрысціна Нямковіч не дала. Хай нявеста выглядвае праз вокны кавалераў у небе, не знойдзе - жаўрукоў убачыць. Верка любіла дзяцей, абараняла, няхай знаходзіць паляцелых і жывых у астральнай прасторнасці, нябесныя пташкі памогуць каляжанцы, мілюсенькай зямной птасе.

Звіняць жаўрукі ў небе, чуе гукі дзяўчынка, бачыць гукі. Беларусачка ў паднябеснай становіцца адным з іх. Радуецца, зарана не перайначацца браты, бацькі, нават бабуля, не паляцяць у сіні далёкі вырай. Моліцца Наймоцнаму, Усебачнаму, Найдобраму.

Хай ніхто на родненькай Гомельшчыне, мілай Беларусі не чуе ўвосень і ўзімку званы жаўрукоў.

XXІV

Эпілог. Куды глядзяць Еўропа і Амерыка

Аповяд Рамана Кавалёва пра нядаўняе адведванне чацвёртага рэактара. уражваў многіх ліквідатараў.

Аб'ектыўка. Стан аб'екта "Укрыццё" на Чарнобыльскай атамнай пагоршыўся. Кіраўнік аб'екта Валянцін Купны перад беларусамі быў адкрыты. Усё мацней разбураюцца будаўнічыя канструкцыі, патрабуюць рамонту. Паступленне на аб'ект вады, кандэнсату і вады з неба перамяшчае трансуранавыя элементы, сітуацыя ў Саркафагу робіцца яшчэ болей неакрэсленай.

Забетанавана па адной тэорыі 110 тон радыяцыйнага паліва, па другой - 160 тон, пры тэмпературы за дзве тысячы градусаў сплаўка паліва, абсталявання і канструкцыяў вылілася ў лаву ў некалькі разоў большую. Хаця асобныя знаўцы ўпіраюць на вагу яе ў 300 - 450 тон.

Атамнарадыяцыйную рэакцыю у лаве супыніць, затрымаць, як і паскорыць, немагчыма. Рэакцыя пад чацвёртым рэактарам ідзе практычна нясціхна. Калі, не дай Бог, успыхне, пра што не раз ужо думаў Кавалёў, сыйдуцца крытычныя лініі - над Украінай, Беларуссю, Расіяй, над Еўропай і ўсім светам здарыцца катастрофа, у сотні разоў страшнейшая за выбух 1986 году. Тады чарнобыльскія хвалі зачапілі ўсяго адзін рэактар, выляцела вонкі 910 тон паліва з 180, на сценах асела каля дзевяці тон, аднак радыяцыя абышла планету, ападкі зафіксаваліся ў ЗША і Японіі. Надзейны трывалы саркафаг крайне патрэбны. Запланаваны тэрмін дзеяння цяперашняга саркафагу заканчваецца ў 2014 годзе.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Размова са старым шляхціцам

(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч, 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш. )

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

- Шымялевіч трымаў натарыяльную кантору ў Лідзе, яна была яго, але зарэгістравана была на іншае імя. Канешне ведалі ўсе, што кантора яго. Адам расказваў, што ён быў такі прабіўны чалавек. Але казаў, што не давалі яму тут разгуляцца. А калі ўжо дочка выйшла замуж за старасту, ён пачуў сябе свабадней, але ж і перастаў быць левым. Такую гісторыю пра яго помню, Адам расказваў, што адзін раз сядзелі яны, пілі гарбату ў Сегеня, сын Сегеня 18 быў яшчэ падлеткам, ну і там разгаварыліся пра шляхту, пра гербы, а сын Сегеня пытае ў Шымялевіча: "А якего пан гербу?", і стала ціха, ціха ... Шымялевіч памаўчаў трохі і кажа: "А я гербу вэнтунэго сельдзя! Пяляскі мужык!". Ен быў наш літовец. Але іх размова не зусім літоўская, нейкая там трасянка.

Нешта яшчэ сёння на ранку пра яго помніў. У мяне бывае так, як быццам сам не гавару, а ў галаве былыя размовы самі сабой ідуць, ідуць... А вось … Калі Шымялевіч уцякаў ад немца у Першую Сусветную вайну, ён свае рэчы адвёз на захаванне ў Едкі, дык у яго толькі кніг быў поўны воз!

- А дзе яго дом у Лідзе быў?

- Па-моему яго дом стаіць.

Вот як даходзіш да мосціка па Энгельса (цяпер па Грунвальдскай), па левым баку, як выходзіш да могілак, не даходзячы да рэчкі па-моему, бокам да вуліцы, ён ужо ўрос у зямлю, там быў яго домік. Такі нізкі, доўгі дом. Калі я не памыляюся, гэта быў яго дом... відаць, не памыляюся. Таму што Адам Хруль яму казаў: "Што ты ў гэтай ламачыне жывеш? Не можашь сабе жыллё паставіць?". А ён адказваў: "Я ж яго парамантаваў".

Пра Вітольда Пілецкага19

- Я ад вас раней нешта пра Пілецкага чуў, што ўспомніце?

- Пра Сукурчы?

- Так.

- Пілецкага я знаў. Ну, як дзіця, знаў. Ен камандаваў дабраахвотнай арганізацыя стральцоў. З бальшавікамі першы раз ваяваў ён яшчэ салдатам. У 30-я гады прысвоілі яму афіцэрскае званне. Ну і ён займаўся сваім маёнткам, відаць, што добра ў яго справы ішлі. Дакладна не помню, ці 600 гектар у яго было ці 300? У Сукурчах. Тым, хто ўдзельнічаў у гэтай арганізацыіі стральцоў, не трэба было адпрацоўваць такі дарожны абавязак, дарогі ўладкоўваць, ну там жвір вазіць, грэблі будаваць. Вось яны былі свабодныя ад гэтага. Мая хрышчоная, сястра бацькі Клементына Роўба, адразу пасля вайны, у 20-х з мужам нейкі час трымала ў арэндзе гэтыя Сукурчы. І каля Сукурч яны купілі сабе фальварк Надзея, каля Бялевіч пад Гудамі. Пілецкія потым прыехалі на гаспадарку сваю. Па вайне іх адразу не было.

- А што пра Пілецкіх было чутно перад Першай Сусветнай?

- Яны былі недзе ў Расіі. І ён адтуль пайшоў ваяваць у Войска Польскае. Пасля вайны першым прыехаў яго дзядзька, бацькі брат. Бацька мой, як быў халасцяк, часта бываў у сястры. Ен так і боўтаўся, сам мне расказваў, што жаніцца ўжо і не збіраўся.

- А ў каго купілі Пілецкія Сукурчы?

- Сукурчы былі іхнія.

- Не, у XVIII ст. і, пэўна, на пачатку XIX ст. Сукурычы былі Нарбутаў.

- Ага. Не ведаю.

Ну яны прыехалі, значыць, пачалі самі разварочваць сваю гаспадарку, а мая цётка з мужам купілі Надзею, 70 гектараў. Надзеяй валодалі да іх Жаброўскія. Надзею раскупілі 4 чалавекі: Роўба (сястра мая), Казінскі, Карэліцкі і Траццяк.

У Першую Сусветную ў цёткі ў арэндзе быў фальварак Парадунь, між Радунню і Эйшышкамі. І надта там было выгадна, вялікі горад блізка - Вільня, людзі прыходзілі з мяшкамі, прыносілі золата, прадукты каштавалі дорага. Калі рускія адходзілі, яны ў людзей выкуплялі ўсё: збожжа, жывёлу, коней. Але яны нічога ім не прадалі, сказалі хай лепей прападзе. І пасля мелі шмат прадуктаў на продаж. Таму грошы ў іх былі, каб купіць фальварак пасля вайны.

І мой бацька ў сястры часта бываў. Пілецкі быў малодшы за бацьку, але яны сябравалі. Пралежвалі ў садзе днямі, з маім бацькам. У фальварку Надзея арганізавалі базу для гэтага стралецкага таварыства. Кавалак поля адвялі, за яго дзяржава плаціла арэнду, было выгадна. Таму я яго знаў. А ў нас была харошая кабыла, такая чорная, высокая, як на рынак мы прыязджалі, вайскоўцы, які займаліся закупкамі для войска і заўжды бывалі там, падыходзілі і казалі: "Господож, продай кляч". Дык Пілецкі мяне на гэтую кабылу садзіў, у сядло, і вучыў ездзіць. У Надзеі, у цёткі, маёй хрышчонай гэта было. І стральцы вучыліся ездзіць, ставілі такія бар'ерчыкі, цераз іх на конях скакалі. Потым такія галінкі шаблямі секлі. А я, як з бацькам прыеду, любіў паглядзець на тое, як Пілецкі вучэнні праводзіць. І мяне таксама садзіў на чорную кабылу і вучыў скакаць цераз бар'ерчыкі. Аднаго разу кабыла дайшла да плота, а скакаць не захацела, рабочая кабыла была. Гэта, калі Пілецкі бываў у добрым настроі, і гуляў з дзіцем, са мной, значыць.

- Адзін раз вучыў ездзіць?

- Не, гэта было разоў можа з 10. Садзіў на кабылу, а сёдлы ў іх ляжалі, шаблі ляжалі. Шаблю мне не давалі, а сядло прыстасоўваў пад дзіця. Ну яны там трэніруюцца, а я з боку таксама езджу вакол поля. Любіў паездзіць. Бацька быў выдатна з ім знаёмы, і яны разам праводзілі час. Тут яшчэ ў раёне Кербедзяў 20 быў такі Сікорскі, і была ў яго дарослая дочанька, ну дык вярхом да іх у Кербедзі ездзілі. Ну, наогул, вольны час Пілецкі меў і такой справай займаўся.

- Як Пілецкі выглядаў? Як апранаўся?

- Ен у форме хадзіў. Гэтыя стральцы па рознаму хадзілі, хто ў цывільным, хто ў вайсковым, а ён у вайсковай форме. Калі меў справу з коньмі ў грамадзе - дык і з шабляй. Але ў і цывільным я яго бачыў.

- А што далей было?

- Вайна была. Ён дабраахвотнікам пайшоў. Потым яго польскія камуністы расстралялі. Я доўга пра яго помніў. Не знаў, дзе ён падзеўся, дзе прапаў. А потым ад тых, хто ў Польшчу выехаў, я пра яго даведаўся.

У яго доме пасялілася жанчына з усходніх раёнаў.

- Мне расказваў сведка, што ў 1943 г. у іх нешта з гаспадарчых пабудоў згарэла.

- Дом, пэўна, застаўся. Ну такая была гісторыя пасля вайны. Расказваў адзін чалавек, Кучынскі, які быў адтуль, з Козіч, я з ім працаваў разам. Ён расказваў, што ў Пілецкага ў доме пасялілася гэтая дзяўчына, яна рабіла ў Крупаве брыгадзірам і дэпутатам была. Дык Пілецкі прыйшоў у форме лейтенанта савецкага, у шынялі, гэта было ў канцы 40-х, ці ў пачатку 50-х, калі верыць гэтаму расказу. Ён мне расказваў, што Пілецкі прыйшоў, але яе не знайшоў. Але пасля гэтага яна тут жа з'ехала. Потым гэты дом неяк быў знішчаны.


18Ян Сегень (1911-1994) - жыхар Ліды, потым Варшавы. Сын Януша Сегеня (1875-1973), інжынер, аўтар мемуараў "Jan Sehen. Lida (1938-1939). 5-ty Pulk Lotniczy, szkola rzemieslnicza" (http://pawet.net)

19Witold Pilecki (1901.05.01 ў г. Аланец, Расія, Карэлія - 15.05.1948 асуджаны камуністычнай уладай Польшчы да смяротнага пакарання). Нарадзіўся ў горадзе Аланец, Карэлія, куды яго сям'я было выселеная царскімі ўладамі за ўдзел у паўстанні 1863 г. Паходзіў з шляхецкай сям'і, якая мела герб Ляліва. З 1910 г. жыў у Вільні, дзе вучыўся ў камерцыйнай школе. З 1914 г. быў членам забароненага царскімі ўладамі харцэрскага руху. У 1921 г. здаў экзамен на атэстат сталасці. На працягу 1918-1921 гг. служыў у польскім войску. Як кавалерыст удзельнічаў у абароне Гародні. 5 жніўня 1920 г. паступіў у 211 полк уланаў і ў яго шэрагах удзельнічаў у Варшаўскім бітве 1920 года, у баі ў Рудніцкай пушчы і ўзяцці Вільні. Двойчы ўзнагароджаны Крыжам за доблесць (Krzyz Zaslugi Сярэдняй Літвы і срэбны Krzyz Zaslugi Польшчы). Пасля вайны дэмабілізаваны. У 1934 г. прысвоена званне падпаручніка запасу. Ен заставаўся ў спісе ваеннаабавязаных у Лідскім павятовым ваенным камісарыяце з прызначэннем у 26 Полк велікапольскіх уланаў (26 Pulk Ułanow Wielkopolskich) у горадзе Баранавічы. У жніўні 1939 г. паўторна мабілізаваны. Змагаўся супраць немцаў у кампаніі 1939 года камандзірам звязу ў эскадроне дывізіённай кавалерыі 19 пяхотнай дывізіі Арміі «Прусія» (szwadron kawalerii dywizyjnej 19 Dywizji Piechoty Armii «Prusy»). Апошнія баі яго атрад правёў як партызанскі. Пілецкі распусціў свой звяз 17 кастрычніка 1939 г. і перайшоў на канспірацыю. Пасля заканчэння кампаніі 1939 г. перабраўся ў Варшаву і стаў адным з арганізатараў падпольнай арганізацыі Сакрэтная Польская Армія (Tajna Armia Polska). 19 верасня 1940 г. падчас вулічнай аблавы ён добраахвотна здаўся немцам з мэтай патрапіць у якасці вязня ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцым для атрымання інфармацыі і правядзення падпольнай працы. Ён быў дастаўлены ў гэты канцлагер ў ноч з 21 на 22 верасня 1940 г. У ноч з 26 на 27 красавіка 1943 г. Пілецкі ўцёк з лагера і першым праінфармаваў саюзнікаў аб тым што робіцца ў лагеры смерці. У 1943-1944 Пілецкі служыў у III аддзеле Кедыв (Kedyw) Галоўнага Камандавання Арміі Краёвай (у тым ліку - намеснікам камандзіра выведвальна-інфармацыйнай брыгады «Камелеон» - «Вожык»), удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні 1944 г. У перыяд 1944-1945 гг. знаходзіўся ў нямецкім палоне, потым ён служыў у 2-м польскім корпусе (2 Korpus Polski) у Італіі. У кастрычніку 1945 г., вярнуўся ў Польшчу з мэтай барацьбы з камуністамі. Восенню 1945 г. арганізаваў выведвальную сетку і пачаў збіраць інфармацыю аб становішчы ў Польшчы, у тым ліку аб салдатах Арміі Краёвай, зняволеных у лагерах НКВД на тэрыторыі Польшчы і высланых ў СССР. Ен атрымліваў выведвальную інфармацыю з Міністэрства грамадскай бяспекі (Ministerstwo Bezpieczenstwa Publicznego), Міністэрства нацыянальнай абароны (Ministertwo Obrony Narodowej) і Міністэрства замежных спраў (Ministerstwo Spraw Zagranicznych).

Пілецкі ігнараваў загад генерала Ўладыслава Андэрса пакінуць Польшчу ў сувязі з пагрозай арышту. Ен абдумваў скарыстацца амністыяй 1947 года, але вырашыў не выходзіць з падполля. 8 траўня 1947 г. быў арыштаваны, пачаліся допыты з катаванямі. 15 траўня 1948 г. Пілецкі прысуджаны да смяротнага пакарання (на гэты час нават у Савецкім Саюзе смяротная кара была адменена).

30 ліпеня 2006 года прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі пасмяротна ўзнагародзіў Вітольда Пілецкага ордэнам Белага арла.

У сваёй кнізе «Six Faces of Courage» брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (Michael Foot) аднёс Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой Сусветнай вайны.

20Вёска недалёка ад Сукурчаў.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)


ТБК: старыя праблемы з новым кіраўніцтвам

У суботу 28 студзеня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбыўся справаздачна-выбарны сход, пад час якой старая рада склала свае паўнамоцтвы і адбыліся выбары новага кіраўніцтва.

Справаздачна-выбарнаму сходу папярэднічала традыцыйнае мерапрыемства, пад час якога ўзгадалі найбольш выбітных віленскіх дзеячоў на беларускай ніве, юбілейныя даты якіх з дня нараджэння ці смерці прыпалі на студзень.

У студзені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння самага вялікага беларускага дзеяча на Віленшчыне ксяндза Адама Станкевіча, большая частка яго святарскага служэння прайшла менавіта тут, у Вільні. Яшчэ і сёння, калі прастаўнікі шматлікіх нацыянальнасцяў размаўляюць пра беларусаў, узгадваюць імя гэтага найвялікшага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, які ў іх вачах пакінуў самыя светлыя ўспаміны.

Гісторыя яго жыцця - гэта гісторыя змагання за беларускае слова сярод беларусаў у царкве, у школе, у сям'і, у грамадскіх месцах, з калегамі па працы… І зразумела, што як і зараз, гэта было цяжкае і няўдзячнае змаганне, перадусім таму, што самі беларусы не разумелі гэтага і саромеліся сваёй мовы, а многія нават лічылі, што культурны чалавек не павінен размаўляць па-беларуску. Гэтаму і супрацьстаяў ксёндз Адам, спрабуючы вывесці мову свайго народа з сялянскіх кутоў да грамадскага і публічнага карыстання, паказваючы, што гэтая мова такая ж самая як і польская, і руская, і літоўская.

Адам Станкевіч перадусім быў каталіцкім святаром, які нёс Божае Слова па-беларуску. І гэтаму прысвяціў усё сваё жыццё. Але, відаць, не быў бы ён тым, кім быў, калі б быў вядомы толькі гэтым. Ён зрабіў вялікую культурна-гістарчына-грамадска-асветніцкую працу на Віленшчыне, каб абудзіць беларускі народ і дапамагчы яму адчуць сябе прадстаўнікамі нацыі, якая мае сваю слаўную гісторыю, культуру, літаратуру, традыцыю. Кс. Адам Станкевіч з'яўляецца аўтарам 19 кніжак і больш, чым 2000 артыкулаў. І не ўсе яны напісаныя на рэлігійныя тэмы. Значная частка кніг і артыкулаў прысвечаная знакамітым беларускім дзеячам і пачынальнікам беларускага адраджэння (Францішку Скарыну, Баброўскаму, Паўлюку Багрыму, Кастусю Каліноўскаму, Казіміру Сваяку і інш.), знакавым падзеям у гістарычным жыцці беларускага народа, праблемам сёняшняга дня, гісторыі царквы і яе месцу ў жыцці беларускага народа. Нягледзячы на такі шырокі спектр дзейнасці, Адам Станкевіч быў доўгі час забаронены і забыты. І толькі з пачаткам 90 гг. ХХ ст. яго імя пачало вяртацца ў беларускую культуру. Але, зноў жа, варта адзначыць, што яго вяртанне адбываецца вельмі павольна і з вялікімі цяжкасцямі. Скажам, для таго, каб у Вільні ўсталяваць мемарыяльную шыльду ў яго гонар, спатрэбілася амаль дзесяцігоддзе. І, думаю, асабліва не памылюся, калі скажу, што і сёння ў Беларусі гэтае імя не вядома шырокаму колу грамадскасці.

Другая асоба, якой было прысвечана паведамленне ў часе імпрэзы - гэта віленскі біскуп Юры Матулевіч. У студзені спаўняецца 85 гадоў з часу яго адыходу да вечнасці. Нягледзячы на тое, што ён не быў беларусам, за час свайго служэння на біскупскім пасадзе ў Вільні надзвычай шмат сіл і намаганняў прысвяціў абароне беларусаў у каталіцкім касцёле і іх правам на ўжыванне сваёй роднай мовы ў святыні. Часам здзіўляе яго нязвыклая любоў да нашага народа і палымянае жаданне яму дапамагчы. З-за чаго вельмі шмат трапляў у няміласць як да польскага каталіцкага духавенства на Віленшчыне (яно тады тут складала большасць), так і да польскіх уладаў (за часы, калі Вільня знаходзілася ў руках палякаў).

Ен быў, бадай, самым шчырым абаронцам правоў беларусаў-католікаў у святыні. Верны свайму пакліканню і складзенай прысязе, да канца апошніх хвілінаў свайго зямного пілігрымавання да Вечнасці, застаўся Слугой Хрыста і Касцёла, адкідваючы ўсе палітычныя сістэмы і светапогляды, з чыстым сумленнем увайшоў у Божае Валадарства. Быў з усімі пакрыўджанымі і занядбанымі, горача бараніў тых, каго нават не хацелі прызнаваць на палітычнай мапе свету, імкнуўся да іх, агортваў сваёй бясконцай любоўю і рабіў усё, каб і яны адчувалі сябе не пакінутымі, не другасортнымі, а такімі ж дзецьмі Божымі, як і моцныя гэтага свету.

Быць усім для ўсіх, любіць усіх аднолькава - жыццёвае крэда айца Матулайціса. Ды спаўняць яго было надзвычай складана і практычна немагчыма ў той час. Але святасць чалавечае асобы, яго шматграннасць поглядаў і разуменне рэальнае сітуацыі, і жаданне быць годным паслядоўнікам свайго Настаўніка Хрыста, не толькі дапамагалі, але і рабілі яго такім, якім ён быў. На свет і касцёл ён глядзеў не цераз прызму палітычнага ці нацыянальнага светаўспрымання, а толькі як на Божае дзецішча, дзе ўсе аднолькавыя. Няма важнейшай і свяцейшай мовы ці нацыі. І менавіта такі погляд на жыццё ўзвялічваў гэтую асобу, узносіў яго над будзённасцю і шэрасцю дня.

Галоўнай яго заслугай для Беларусі і беларусаў лічу заснаванне беларускага кляштара айцоў Марыянаў у Друі і жаночага манашскага ордэна Сясцёр служак Езуса ў эўхарыстыі, задача якіх, па задуме айца Матулевіча, заключалася ў працы з беларускім вясковым насельніцтвам. І сёння менавіта гэтыя ордэны ў Беларусі з'яўляюцца самымі беларускамоўнымі. Варта адзначыць, што з Друйскага кляштара айцоў Марыянаў выйшла значная частка беларускіх дзеячоў: Язэп Германовіч, Чэслаў Сіповіч, Тамаш Падзява і інш.

У студзені адзначылі 120-годдзе з дня нараджэння выбітнага сына Віленшчыны, аўтара беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Ен быў адным з найбольш актыўных дзеячоў у Вільні ў першай чвэрці ХХ ст. З яго імем і пры яго непасрэдным удзеле і падтрымцы звязваюць стварэнне беларускіх школаў на Віленшчыне ў часы Першай Сусветнай вайны і ў пачатку 20 г.г. ХХ ст. (перыяд Сярэдняй Літвы). Створаная ім беларуская граматыка існуе і па сёння. Многія беларусы так і засталіся вернымі менавіта граматыцы Тарашкевіча і да гэтага часу не прызнаюць "здзекаў" над беларускай мовай, зробленых у 1933 годзе і цяпер, у 2010 г. Думаю, прыйдзе час, і гэтая граматыка з пэўнымі змяненнямі і дапрацоўкамі ляжа ў афіцыйны правапіс беларускай мовы.

* * *

У другой частцы імпрэзы адбыўся справаздачна-выбарчы сход, пад час якога старая рада ТБК склала свае паўнамоцтвы і была абрана новая рада. Сход праводзіў сябра ТБК Васіль Акуневіч.

У справаздачнай прамове старшыня ТБК Хведар Нюнька распавёў аб дзейнасці Таварыства за апошнія два гады. У яго выступленні канцэнтраваліся два аспекты: цяжкое складанае фінансавае становішча ТБК і сёняшняя праблема падзелу беларусаў на "чэсных" і "нячэсных". Калі ў канцы 80 - пачатку 90 г.г. ХХ ст. беларусы ішлі адным фронтам і змагаліся за нацыянальнае адраджэнне, то пасля абрання першага прэзідэнта Беларусі, яны раскалоліся і сёння асноўнай сваёй масай русіфікуюцца. У выніку мы страцілі вельмі шмат і страцім яшчэ больш. Калі зрусіфікаваныя беларусы ў Беларусі яшчэ адчуваюць сябе беларусамі, то ў замежжы гэтага няма. Пачалася поўная асіміляцыя, аб чым сведчаць вынікі перапісаў у розных краінах, дзе колькасць беларусаў за апошнія 10 гадоў катастрафічна зменшылася. Такога не было б, калі б Беларусь была б беларускай і дзяржава праводзіла б беларускую палітыку.

Другая праблема - гэта фінансавая. Сёння Таварыства не ў стане аплочваць камунальныя паслугі за офіс. Літоўская дзяржава не выдзяляе на гэта сродкаў. Зразумела, што гэта павінна была б рабіць Беларуская дзяржава тытульнай нацыі. Але яна далёкая ад праблемаў беларусаў і нават зацікаўленая ў іх хутчэйшай асіміляцыі, таму маем тое, што маем, і Таварыства практычна выжывае, дзякуючы самаахвярнай працы нешматлікіх сяброў. Пазыка за аплату камунальных паслугаў складае больш за 15 000 літаў.

Пасля таго з дакладам ад імя рэвізійнай камісіі выступіла Леакадзія Мілаш, якая зачытала справаздачу аб прыбытках і расходах ТБК і пацвердзіла афіцыйнымі дакументамі пазыкі Таварыства.

Затым адбыліся выбары новай рады ТБК і рэвізійнай камісіі.

У склад новай рады ТБК увайшлі: Акуневіч Васіль, Балаховіч Крыстына, Эванс Ніна-Барбора, Гульбіновіч Вацлаў, Нюнька Хведар, Радзюкевіч Валеры, Трусаў Алесь, Яўмен Артур, Адамковіч Алесь.

У склад рэвізійнай камісіі ўвайшлі: Галіна Кеўлічэне (старшыня), Таццяна Скорэне, Вера Віршычэне. Скарбнікам абралі Леакадзію Мілаш.

З 28 студзеня 2012 года са старымі задачамі па захаванні беларушчыны ў Літве распачала працу чарговая Рада ТБК, якая і на далей будзе стаяць на пазіцыях пабудовы дэмакратычный, незалежнай, еўрапейскай і беларускай Беларусі пад несмяротнымі сімваламі бел-чырвона-белым сцягам і старажытным гербам Пагоня.

Старшынём ТБК у Літве на 2012-2013 год адзінагалосна абраны Хведар Нюнька

Алесь Адамковіч, Вільня, 30 студзеня 2012 г.


Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька апавядае пра гэтую ды іншыя навіны таварыства

Хведар Нюнька ўзначальвае Таварыства беларускай культуры ў Летуве ўжо 23 гады. За гэты час было зроблена шмат плёну, аднак стала пераследуюць і праблемы. Тым не менш спадар Хведар не засмучаецца, застаецца аптымістам. У свае 83 гады ён ходзіць па Вільні выключна пехам. Вось і на нашую сустрэчу ён прыйшоў праз увесь горад, каб распавесці пра навіны Таварыства ды ягоныя клопаты.

- Спадар Хведар, якія асноўныя падзеі адбыліся ў жыцці летувіскіх беларусаў за прамінулы год?

Хведар Нюнька: - Па-першае, нашае падарожжа ў Калінінград было цікавым. Якраз былі сустрэчы з кіраўніком калінінградскай суполкі Ігарам Шаховічам і з ганаровым сябрам нашага Таварыства Вацлавам Станкевічам. Ен быў дэпатутам літоўскага Сойму, а цяпер ён - Генеральны консул у Калінінградзе. Цікавая была ў нас канферэнцыя беларусаў Балтыі, якую мы ладзілі напрыканцы жніўня і на якую з'ехаліся такія прадстаўнікі, як Леанід Лыч, Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў. З Прыбалтыкі, з Польшчы былі беларусы. Зрабілі шмат заяў, у тым ліку і па абароне палітзняволеных. Зварот быў і да Міністэрства асветы Летувы пра тое, што не задавальняе людзей тое, што большасць прадметаў у ЕГУ, які цяпер абаснаваўся ў Вільні, выкладаюцца на расейскай мове.

- Спадар Хведар, я ведаю, што нядаўна Вам удалося на высокім узроўні ўзняць пытанне наконт палітвязня Мікалая Аўтуховіча…

Хведар Нюнька: - Так, гэта была значная падзея. У Сойме Летувы прадстаўнікі грамадскасці, у прыватнасці Таварыства беларускай культуры, прадэманстравалі дакументальны фільм Вольгі Мікалайчык "Падарожжа па бясконцай вайне" - усё зводзілася да асобы Мікалая Аўтуховіча. Прысутнічала і сама Вольга Мікалайчык, была маці Мікалая Аўтуховіча, усё гэта было запісана,таму ў нас была магчымасць гэта пераслаць праз інтэрнэт на ўсе канцы свету, дзе ёсць беларусы.

- Спадар Хведар, я сустрэў у Інтэрнэце такую інфармацыю, што Вашаму Таварыству вельмі цяжка плаціць за ўтрыманне сядзібы Таварыства беларускай культуры, што ўтварылася запазычанасць. Якая зараз сітуацыя?

Хведар Нюнька: - Сітуацыя насамрэч зараз не самая вясёлая. Шмат гадоў мы маем сваё памяшканне, але камунальныя паслугі вымушаныя плаціць самі. Мае звароты ва ўсе летувіскія інстанцыі не далі ніякага выніку - летувіская дзяржава не мае магчымасьці нам аплочваць хаця б часткова гэтыя расходы. Таму за апошнія 3-4 гады назбіралася сума каля 17 тысяч літаў, гэта каля 6800 даляраў. За 23 гады, што я ўзначальваю гэтую арганізацыю, мы яшчэ ніколі ні ад каго не атрымалі грантаў ні з Захаду, ні з Усходу. Але я ганаруся, што за 23 гады мы ўтрымаліся, нічога не згубілі, бо сваю маёмасць мы маем.

- Спадар Хведар, была інфармацыя, што Вам адмовіліся выдаваць бясплатную беларускую візу, і праз гэта Вы не можаце наведваць Радзіму. Ці ёсць нейкая развязка гэтай сітуацыі?

Хведар Нюнька: - Мне і платную візу не даюць! Дзве асобы ёсць такія - гэта Яўген Вапа з Польшчы ды вось я тут. Можа не так трагічна, хіба смешна, калі я значную частку свайго жыцця прысвяціў менавіта беларускасці, і за гэта я не маю права паехаць на Беларусь. Сёння там такі парадак, такая ўлада, што мяне не надта і цягне, але часамі хацелася б наведаць месцы, звязаныя з маімі маладымі гадамі, з тым, што там пахаваныя мае сваякі, мая радня...

Гутарыў Арцём Багданаў , Вільня-Менск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX