НАША СЛОВА № 9 (1056) 29 лютага 2012 г.
5-я Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка ў сядзібе ТБМ
21 лютага 2012 года ў сядзібе ТБМ адбылася чарговая 5-я Агульнанацыянальная дыктоўка.
Сёлета яна праводзілася сумесна з тэлеканалам Белсат, які да гэтай падзеі падрыхтаваў адмысловыя падарункі: бланкі для напісання тэксту і асадкі кожнаму ўдзельніку. Камунікат далучыўся сваімі падарункамі для пераможцаў: да гэтага дня ў сядзібу Таварыства даставілі прыгожыя фірмовыя асадкі.
Традыцыйная дыктоўка выклікала вялікую цікавасць. У 16.00 у сядзібе сустрэліся ветэраны беларускага Адраджэння, якім выпаў гонар першымі пісаць дыктоўку. Яны пісалі верш "Родная мова" Максіма Танка.
Павіншаваць Таварыства і падтрымаць дзейнасць нашай арганізацыі прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў: італьянскай, чэшскай і грузінскай. Таму ў Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай сядзібе гучалі нароўні розныя мовы: беларуская, італьянская, грузінская, чэшская.
У 17.30 другая група пісала тэкст паводле Янкі Купалы. Паколькі прыйшло шмат людзей, якія не змаглі адразу ўсе змясціцца, давялося падоўжыць час дыктоўкі. Для дзвюх груп тэкст дыктавала першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Для трэцяй групы тэкст паводле Янкі Купалы дыктавала сябра Сакратарыяту Юля Карчагіна.
Такім чынам, 21 лютага на сядзібе Таварыства дыктоўку пісалі тры групы людзей. Было шмат вучнёўскай і асабліва студэнцкай моладзі. Усяго 21-га прыняло ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы на сядзібе ТБМ звыш 70 чалавек. Падзею асвятлялі журналісты з канала АНТ, Белсата, радыёканалаў, розных інтэрнет-выданняў і друкаваных СМІ.
Наступныя этапы дыктоўкі ў сядзібе ТБМ - 15 сакавіка і 23 сакавіка.
Наш кар.
Вечарына памяці Міхася Ткачова!
ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" праводзіць вечарыну памяці
Міхася Ткачова !
Вечарына адбудзецца 12 сакавіка ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску. Пачатак у 17.30.
Бясплатныя заняткі па беларускай мове і гісторыі для вучняў 7-9 класаў сярэдняй школы з дасведчанымі выкладчыкамі.
Арганізацыйны сход - 23 сакавіка 2012 г.
Пачатак: 18.30 у сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы",
Менск, вул. Румянцава, 13.
Праезд да ст. метро "Плошча Перамогі".
140 гадоў з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі
Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля (29 лютага 1872, в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губерня (зараз Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці) - 18 чэрвеня 1957, Масква) - беларускі жывапісец-пейзажыст. Развіваў традыцыю лірычнага пейзажу канца 19 стагоддзя.
Па паходжанні - беларус. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходстве. Мастацкую адукацыю атрымаў спачатку ў Кіеве ў малявальнай школе Мікалая Мурашкі (1885-1889), пасля ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства ў Іларыёна Пранішнікава, Сяргея Каровіна, Мікалая Неўрава, Васіля Паленава (1889-1896). Пасля вярнуўся на радзіму, дзе правёў восем плённых гадоў, шмат працуючы і выязджаючы на выставы ў Санкт-Пецярбург, Маскву і Заходнюю Еўропу.
Яшчэ ў перыяд навучання, у 1890-я гг., творы В. Бірулі выклікалі сур'ёзную зацікаўленасць у аматараў прыгожага мастацтва. Так, палатно «Наваколле Пяцігорска» (1892) было набыта Паўлам Траццяковым для яго галярэі.
Творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў Вітольду Бірулі ў выставачнай справе. З 1897 году мастак удзельнічае ў выставах Маскоўскага аб'яднання аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў. З 1899 году прадстаўляў працы разам з Таварыствам перасоўных мастацкіх выставаў, а ў 1904 стаў яго правадзейным чальцом.
Тройчы - у 1934, 1935, 1938 гг. - В. Біруля наведваў Запаляр'е (Кольскі паўвостраў). Пісаў Баранцава мора і Белае мора, раку Церыберку, горы Хібіны, возера Вуд'яр. Працаваў у мясцінах, звязаных з творчасьцю Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна і Пятра Чайкоўскага. У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старажытнарускага драўлянага дойлідства XVІ-XVII стст.
У 1947 годзе В. Біруля вяртаецца на Беларусь. Тут быў створаны вялікі цыкл эцюдаў і шэраг карцінаў: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені», «Беларусь. Зноў зацвіла вясна» і інш. Пра сваё дачыненне да Беларусі В. Біруля пісаў:
- Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосць, навучыўся яе разумець.
Памёр знакаміты пейзажыст у 85 гадоў у 1957 годзе ў Маскве, пакінуўшы ў спадчыну вялікую колькасць сваіх твораў.
Палотны Бялыніцкага-Бірулі ўражваюць гледача эмацыйнасцю, неабходнай мерай абагульнення, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Пэйзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары году. Карціны і шматлікія эцюды вылучаюцца асаблівай тонкасцю, мяккасцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрымання і перадачы жывой прыроды.
Творчасць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасць у выбітнага прадстаўніка расейскага рэалізму Ільі Рэпіна.
Народны мастак Беларусі (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны чалец Акадэміі мастацтваў СССР (1947).
Пасля смерці яго імем назвалі Бялыніцкі мастацкі музей, У Магілёве працуе музей Бялыніцкага-Бірулі - філія Нацыянальнага музея, дзе найбольш шырока прадстаўлена творчая спадчына нашага суайчынніка.
У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.
Дзеяслоў № 1 - Быкаўска-Барадулінскі
Новы нумар Дзеяслова" (№ 1, 2012) можна назваць Быкаўска-Барадулінскім, ды і выйшаў ён якраз да 77-х угодкаў Рыгора Іванавіча.
Пачынаецца ён з падборкі вершаў Барадуліна пад назвай "Карані цішыні".
У рубрыцы "Архівы" змешчаны запісы студэнта ІІ курса БДУ Рыгора Барадуліна з Нарады маладых пісьменнікаў 21 верасня 1955 г., а так-сама лісты Міхася Стральцова да Рыгора Барадуліна.
"Паміж намі - беларусамі і яўрэямі" пад такім назовам выйшла ў "Дзеяслове" рэцэнзія Леаніда Галубовіча на кнігу Барадуліна "Толькі б яўрэі былі!.. : кніга павагі і сяброўства".
Публікуецца аповесць Васіля Быкава "Атака", раней невядомая чытачам...
Прэс-служба СБП.
Тадэвуш Стружэцкі: Беларусь без беларускай мовы існаваць не можа
У Міжнародны дзень роднай мовы на пытанні інфармацыйнай кампаніі БелаПАН адказаў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі .
- Яшчэ напачатку мінулага года Вы падтрымалі ідэю абвяшчэння 2011-га Годам культуры і мовы. Чаму гэта ініцыятыва так і не была падтрымана на высокім узроўні?
- Сапраўды, Міністэрства культуры ініцыявала гэта. На наш погляд, такое прыцягнула б дадатковую ўвагу да існых праблем у сферы карыстання беларускай мовай. Але ўрэшце было прынята рашэнне аб абвяшчэнні 2012 года Годам кнігі. Мы так-сама падтрымліваем гэту ідэю, бо яна лагічна звязана з рэалізацыяй і першаснай нашай ідэі. Кніга - суб'ект нацыянальнай культуры і мовы. Гаварыць аб Годзе кнігі і не сказаць аб беларускай літаратуры немагчыма, адарваць літаратуру ад агульнанацыянальнай культуры таксама немагчыма. Я думаю, тут няма ніякіх супярэчнасцяў.
- Ёсць меркаванне, што моўнае пытанне сёння занадта палітызаванае. Адсюль і псіхалагічныя праблемы, якія перашкаджаюць размаўляць па-беларуску нават тым, хто мову ведае...
- У Міністэрстве культуры моўнай праблемы не існуе: справаводства, сустрэчы, практычна ўся дзейнасць апарату міністэрства і нашых арганізацый забяспечана якраз на беларускай мове. Большасць нашых супрацоўнікаў добра валодаюць беларуская мовай, мы звяртаемся і адказваем на запыты па-беларуску.
А ў цэлым, безумоўна, праблема ўжывання беларускай мовы ў грамадстве ёсць. Яна існуе на розных узроўнях. У свой час Міністэрства культуры было ініцыятарам распрацоўкі плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. І рэалізацыя гэтага плана дала магчымасць прыцягнуць увагу да праблемы на розных узроўнях кіравання. Сёння міністэрства ініцыюе вяртанне да гэтага плана, каб прааналізаваць, як ён выконваецца на розных узроўнях, у тым ліку і органамі ўлады.
Часам некаторыя дзеячы моўнае пытанне пераносяць у сферу палітыкі. Хаця я асабіста як грамадзянін і прадстаўнік органа дзяржкіравання лічу, што беларуская мова сёння павінна выкарыстоўвацца менавіта як важны фактар кансалідацыі нашага грамадства. Не павінна быць падзелу на тых, хто размаўляе і хто не размаўляе па-беларуску, залічэння такіх груп насельніцтва да нейкіх палітычных плыняў. Думаю, мы гэты этап ужо перажылі. Сёння нам усім патрэбна зразумець, што беларуская мова - гэта важнейшы паказчык асабістых, грамадскіх і дзяржаўных адносін да Беларусі. Рэспубліка Беларусь як самастойная дзяржава без бела-рускай мовы існаваць не можа. Гэта аксіёма.
- Што патрэбна зрабіць, каб кансалідуючы фактар беларускай мовы запрацаваў?
- Па-першае, трэба як мага часцей карыстацца беларускай мовай і звычайным грамадзянам, і чыноўнікам. Беларуская мова павінна гучаць у паўсядзённым жыцці, вольна пачувацца ў сродках масавай інфармацыі.
Больш шырока беларуская мова павінна выкарыстоўвацца ў сістэме адукацыі. Даследванні і аналіз паказвае, што большасць прадметаў у школе і іншых навучальных установах выкладаецца на рускай мове, - нават гісторыя Беларусі. На наш погляд, гэта няправільна.
Беларуская мова павінна больш шырока прысутнічаць і ў рэкламе, у тым ліку вонкавай. Крытычныя заўвагі на гэты конт вельмі часта прыходзяць у міністэрства. Некаторыя грамадзяне патрабуюць унясення змен у адпаведнае заканадаўства. Мы ўжо зрабілі пэўныя захады ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў, звярнуліся з прапановамі да Нацыянальнага сходу.
- У Беларусі - афіцыйнае двухмоўе. Тым не менш, нельга адмаўляць, што прыярытэт у паўсядзенным, афіцыйным і бытавым ужытку застаецца за рускай мовай. Што варта і можна зрабіць, каб павысіць статус беларускай?
- Гэта - агульнаграмадская праблема. Толькі заканадаўчымі актамі забяспечыць, каб усе людзі карысталіся беларускай мовай, немагчыма. Чалавек мае права размаўляць і на любой з дзяржаўных моў, і на іншых па свайму выбару. Іншая справа, што баланс павінен быць або на карысць беларускай мовы, або з рускай хаця б на роўных. Гэта зусім не абмяжоўвае канкрэтных людзей у іх праве, ён па-ранейшаму будзе вольны сам выбіраць. Але дзяржаўныя ўстановы павінны абавязкова выкарыстоўваць беларускую мову. Калі грамадзянін звяртаецца да іх з заявай на беларускай мове, на ёй жа ён павінен атрымаць і адказ. Дарэчы, гэта ўсё прапісана ў нашым заканадаўстве.
Павінна быць паўнавартасная сістэмная праца, скіраваная на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. Калі яна будзе, то можна спадзявацца, што беларуская мова стане важнейшым і абавязковым складнікам нашага жыцця.
- Як вы лічыце, ці цалкам выконваецца сёння моўнае заканадаўства?
- Не цалкам. Таму мы і ўздымаем гэтае пытанне, звяртаем увагу, што і рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы, і шыльды, і ўнутраная дакументацыя павінны базавацца на беларускай мове. Мы не дапускаем тут нейкіх перагінаў. Безумоўна, ёсць і рускамоўнае насельніцтва, якое можа патрабаваць, каб з імі мелі зносіны на рускай. Але ў маёй практыцы не было ніводнага выпадку, каб я недзе размаўляў на беларускай мове і мне зрабілі заўвагу. Я заўсёды ўпэўнена карыстаюся беларускай мовай і адчуваю, што многія людзі ставяцца да гэтага з сімпатыяй.
- Калі прымусіць размаўляць на беларуская мове складана, то замяніць шыльды, нейкія назвы можна было б і дырэктыўна. Гэта падштурхнула б насельніцтва да больш свабоднага ўспрымання беларускай мовы...
- Я думаю, што гэта - абавязак мясцовых органаў улады. Калі заканадаўствам прадугледжана двухмоўе, то давайце яго ў поўнай ступені і выкарыстоўваць. Назвы ўстаноў абавязкова павінны быць на беларускай і рускай мовах. Гэта нармальная практыка. Напэўна, трэба стымуляваць такое. Але ўжо настаў час, калі варта і проста патрабаваць выканання заканадаўства.
- Пакуль выглядае, што мясцовыя ўлады дзейнічаюць як раз насуперак патрабаванням заканадаўства. Летась на адкрыцці цэнтральнага аўтавакзала Мінска выявілася, што там няма ніводнай шыльды па-беларуску. У Маладзечне кінатэатр «Радзіма» перайменавалі ў «Родину»...
- На жаль, такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Думаю, у некаторых выпадках гэта адбываецца ад безадказнасці, у некаторых - проста элементарна ад няўважлівасці. Але тут якраз не павінна быць праблем, бо практычна кожны жыхар Беларусі зразумее ці не любое слова на беларускай мове.
Мне здаецца, мы крыху ўскладняем праблему з беларускай мовай. Для кожнага нармальнага чалавека вывучыць беларускую мову зусім не складана. У 1992 годзе абсалютная большасць супрацоўнікаў Міністэрства культуры не карысталася беларускай мовай. Але мы стварылі курсы, запрасілі кваліфікаванага настаўніка, і міністр разам са сваімі падначаленымі два разы на тыдзень пасля працы затрымліваўся і вывучаў беларускую мову. І практычна за тры месяцы большасць супрацоўнікаў пачала вольна карыстацца беларускай мовай. Ніхто сёння не перашкаджае зрабіць гэтак жа у нейкім іншым міністэрстве, у любой арганізацыі. Павінна быць агульнае жаданне, фармавацца любоў да роднага слова. Чалавек павінен адчуваць, што паняцце Радзімы непасрэдна звязана з роднай мовай.
- Чаму, на Вашу думку, у апошні год знізілася колькасць ахвотных здаваць іспыты на беларускай мове? Чаму плануецца закрыццё навучання па некаторых спецыяльнасцях, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай мовы і літаратуры?
- Сёння беларуская моладзь дастаткова шырока выкарыстоўвае беларускую мову. Але, вы маеце рацыю, ёсць і практычныя праблемы: тэставанне можна здаць на беларускай мове, а заўтра навучальны працэс будзе арганізаваны толькі на рускай. Пакуль, на жаль, чалавек не заўжды адчувае запатрабаванасць мовы.
- А як Вы ставіцеся да ідэі стварэння цалкам беларускамоўнага ВНУ?
- Стварэнне такого ВНУ патрабуе часу і адпаведных сродкаў. Калі ўлічваць, што метадычная і навуковая літаратура па многіх кірунках выдадзена толькі на рускай мове, значыць, трэба будзе забяспечыць іх пераклад і выданне па-беларуску.
А тое, што такая ВНУ патрэбна, - тут, напэўна, нікога не трэба пераконваць. Мы нядаўна сустракаліся з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і гаварылі, што ён павінен быць вышэйшай навучальнай установай, па форме і па сутнасці - беларускамоўнай. Гэта ідэя можа быць рэалізавана ў бліжэйшай перспектыве.
- Гэтымі днямі ў розных гарадах Беларусі праходзіць агульнанацыянальная дыктоўка па беларуская мове. Чаму б Міністэрству культуры не далучыцца да такой штогадовай акцыі ў якасці суарганізатараў?
- Калі гаварыць аб супрацоўніках міністэрства, то мы практычна кожны дзень пішам такія «дыктоўкі» - не толькі фармальныя лісты, але і творчыя праекты, дзе патрабуецца добрае веданне беларускай мовы. Таму я ўпэўнены, што многія супрацоўнікі такую дыктоўку напісалі б на «добра» ці на «выдатна».
Напэўна, міністэрству можна і далучыцца да гэтай цікавай акцыі. Думаю, гэта было б карысна і цікава.
- У Беларусі існуюць два саюзы пісьменнікаў, якія шмат у чым з'яўляюцца антаганістамі. Ці бычыце Вы магчымасці для іх прымірэння і аб'яднання?
- Я думаю, такія магчымасці існуюць. Трэба рабіць крокі насустрач. Творчыя людзі павінны гэта рабіць. Тым больш, калі гэта тычыцца вельмі важных падзей, фактаў, праектаў. Напрыклад, выдатная магчымасць такога паяднання - сумеснае адзначэнне і святкаванне 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не трэба дзяліцца, хто больш левы ці правы, а разам узяцца за папулярызацыю творчасці нацыянальных песняроў.
- Ужо некалькі гадоў грамадскія арганізацыі прапаноўваць назваць адну з мінскіх вуліц імем Васіля Быкава. Ці падтрымлівае Міністэрства культуры гэтую ініцыятыву? Калі ў Мінску нарэшце з'явіцца музей Быкава і помнік славутаму пісьменніку?
- Мы лічым, што імя Быкава - адзін з сімвалаў не толькі нацыянальнай літаратуры, але і Беларусі ўвогуле. Спадчына Васіля Быкава павінна быць ушанавана, запатрабавана. Спецыяльная экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, зараз размешчана ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, гэты музей зараз актыўна вывучае і збірае спадчыну Быкава.
Думаю, у перспектыве (і яна не павінна расцягвацца на дзесяцігоддзі) музей Быкава з'явіцца. Для гэтага патрэбна дакладна вывучыць яго літаратурную спадчыну, мець дастаткова музейных прадметаў, знайсці адпаведнае памяшканне...
- Пытанне наконт так званых чорных спісаў дзеячаў культуры. Хоць іх наяўнасць афіцыйна не пацвярджаецца, але факт застаецца фактам: шэраг гуртоў, музыкантаў, прычым пераважна беларускамоўных, не могуць даваць канцэрты не толькі на вялікіх пляцоўках, але і ў малых клубах у Беларусі, іх песні не пачуеш па тэлебачанні і радыё. У выніку яны змушаныя гастраляваць выключна па замежжы...
- Магу только пацвердзіць, што ў Міністэрства культуры ніякіх чорных спісаў няма. Мы лічым, што творчыя калектывы, дзейнасць і творчасць якіх не супярэчаць заканадаўству, нацыянальным традыцыям і агульнапрынятым нормам грамадскіх паводзін і гэтак далей, павінны быць запатрабаваныя. Мы не бачым ніякай праблемы ў прадастаўленні пляцовак і эфіру беларускамоўным гуртам і музыкам. Калі недзе на месцах існуюць такія забароны, то патрэбна ў кожным канкрэтнымм выпадку высвятляць, хто гэта зрабіў і з якіх прычынаў.
- Зразумела, што на выпраўленне сённяшняга стану беларускай мовы патрэбен час. Але ці ёсць яго дастаткова ў беларускага народа? Увогуле, на Вашу думку, які лёс чакае беларускую мову? Што трэба зрабіць, каб на ёй нарэшце загаварыў увесь беларускі народ?
- Безумоўна, трэба на ўсіх узроўнях фармаваць сістэму папулярызацыі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. А гэтая сістэма пачынаецца з самага ранку, калі гучыць нацыянальны гімн на беларускай мове, далей працягваецца тэле- і радыёперадачамі, дзе гучыць паўнавартасная беларуская мова. Калі кіраўнікі на ўсіх узроўнях карыстаюцца беларускай мовай, калі яна становіцца звычайнай у паўсядзённым ужытку, гучыць у грамадскім транспарце. Калі вонкавая рэклама, назвы дзяржаўных і іншых арганізацый маюць шыльды па-беларуску. Калі вучні, пачынаючы з першага класа, чуюць родную мову, чытаюць на ёй вершы. Калі ў радыё-эфіры гучаць беларускамоўныя песні. Усё гэта мае важны выхаваўчы патрыятычны фактар. Ен нагадвае чалавеку, што ён жыве ў Беларусі - самастойнай краіне з багатымі культурнымі традыцыямі і адметнасцямі, якімі можна па праву ганарыцца. І я веру, што так яно ўрэшце і будзе.
Падрыхтаваў Сяргей КАРАЛЕВІЧ.
Кожны чацвёрты гаворыць па-беларуску
Беларускую мову ў якасці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва Беларусі. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня роднай мовы.
Звесткі атрыманыя ў выніку перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году. Пры гэтым у якасці роднай улічвалася мова, якую сам рэспандэнт лічыў роднай, або мова, засвоеная ім у раннім дзяцінстве.
Падчас перапісу беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны (5 млн. 58 тыс. чалавек), аднак дома на ёй размаўляюць толькі 30% насельніцтва.
Разам з тым, як паказаў перапіс, большая частка насельніцтва Беларусі (70%) аддаюць перавагу зносінам на расейскай мове - на ёй размаўляюць 96% расейцаў, 88% украінцаў, 70% беларусаў і 51% палякаў, якія жывуць у Беларусі.
Беларускую мову ў якасці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва. Толькі 26% беларусаў размаўляюць дома на беларускай мове, затое ў якасці размоўнай яе выкарыстоўваюць 41% палякаў, якія жывуць у Беларусі.
Лінгвістычныя характарыстыкі жыхароў розных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь адрозніваюцца
Так, напрыклад, у Менскай вобласці каля 70% насельніцтва ў якасці роднай мовы назвалі беларускую, у той час як у Менску - толькі 35% насельніцтва, а размаўляюць на ёй толькі 6% жыхароў сталіцы. У астатніх рэгіёнах роднай мовай беларускую лічаць крыху больш за 50% жыхароў.
Паводле звестак статыстыкі, у гэтым навучальным годзе (2011/2012) у групах устаноў дашкольнай адукацыі выхавацелі размаўляюць на беларускай мове больш чым з 45 тысячамі дашкольнікаў - гэта складае 12% дзяцей, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі.
У дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове вывучаюць усе прадметы прыкладна 164 тысячы вучняў (18% усіх школьнікаў).
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі на пачатак навучальнага году на расейскай і беларускай мовах вучыліся 23 тысячы навучэнцаў (14% усіх навучэнцаў), на беларускай мове - 1,6 тысячы (каля 1%).
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 164,2 тысячы (37% усіх студэнтаў) і 4,2 тысячы (0,9%) студэнтаў.
У 2010 годзе ў Беларусі было выпушчана 11040 кніг і брашур накладам больш за 43 млн. асобнікаў, з іх 951 (каля 9%) - на беларускай мове гадавым накладам 4 млн. ас.
У тым жа годзе выдавалася 713 газет, на беларускай мове - 185 (26%). Гадавы наклад газет склаў 510,3 млн. ас., пры гэтым больш як чвэрць накладу выходзіла на беларускай мове. Разавы наклад газет склаў 8,1 млн. асобнікаў, з іх 1,2 млн. ас. - на бел. мове.
V Агульнанацыянальная дыктоўка ў Віцебску
21 лютага ў Віцебску, як і па ўсёй краіне, прыхільнікі роднага слова пісалі V Агульнанацыянальную дыктоўку. Звычайна так атрымліваецца, што сабрацца ўсім ахвотным у адзін час і ў адным месцы не выпадае. Таму на працягу дня ў розных аўдыторыях людзі рознага ўзросту пісалі тэкст "Ліст у рэдакцыю" паводле Янкі Купалы. Усяго арганізаваным чынам далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі ў горадзе больш за пяцьдзясят чалавек. Гэта студэнты ВНУ, працоўная моладзь, людзі старэйшага пакалення. У вольны ад заняткаў час купалаўскі тэкст пісалі пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, якія зараз настойліва рыхтуюцца да ўдзелу ў заключным туры.
Важна, што сярод ахвотных адзначыць Дзень роднай мовы было асабліва шмат маладых людзей. Але і сярод іх вылучалася вучаніца 3-га класа гімназіі №4 г. Віцебска Марыйка Шляйчкова. Дзяўчынка цудоўна гаворыць па-беларуску, бо сям'я беларускамоўная, тут шануюць роднае слова, хоць бацькі не маюць дачынення, напрыклад, да сферы адукацыі ці культуры. Яны медыкі. Сёння гэта даволі рэдкая з'ява… А пісала Марыйка тэкст, дарэчы, разам з мамай - Ірынай Віктараўнай. Гэта сапраўды шыкоўны прыклад таго, як трэба выхоўваць дзяцей, прывіваючы ім любоў да ўсяго роднага.
А найлепшыя вынікі паказалі студэнтка ВДУ імя Машэрава Ганна Ціхачова і педагог-арганізатар тэатра "Лялька" Крысціна Бондарава.
Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Дзень роднай мовы ў Гомелі
Гомельская гарадская аргнанізацыя ТБМ традыцыйна Дзень роднай мовы адзначыла напісаннем агульнанацыянальнай дыктоўкі. Сёлета гамельчукі пісалі адразу два тэксты: верш «Родная мова» Максіма Танка і «Ліст у рэдакцыю» паводле Янкі Купалы. Мерапрыемства наведала каля двух дзясяткаў чалавек. Тэкст зачытала настаўніца гімназіі імя І. Мележа, бард Вальжына Цярэшчанка. Апроч таго, Вальжына выканала некалькі песень са свайго рэпертуару. Усе ўдзельнікі атрымалі буклеты «Як пачаць размаўляць па-беларуску» і значкі «Мая мова беларуская».
Таксама напярэдадні 21 лютага, Гомельскае ТБМ правяло акцыю «Падтрымай мову - размаўляй на працы па-беларуску». На вуліцах горада сябры ТБМ заклікалі мінакоў у Дзень роднай мовы размаўляць па-беларуску. Шмат хто ўспрыняў прапанову вельмі пазітыўна і пагадзіўся прыняць удзел у акцыі. Размаўляць па-беларуску 21 лютага паабяцалі студэнты Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, прадаўцы, супрацоўнікі «Фонду міру» і інш. Спадзяемся, гэтыя людзі выканаюць сваё абяцанне. Па выніках акцыі быў зроблены відэаролік, які ўсе ахвотныя могуць праглядзець на сайце мясцовай суполкі - kli4nik.info
Наш кар.
Дыктоўка па роднай мове ў Валожыне і пад Маладзечнам
У гэтым годзе дыктоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы прайшлі і ў асобных рэгіёнах Менскай вобласці.
Валожын адзначыўся дыктоўкамі ў трох навучальных установах: СШ №1, СШ №2 і гімназіі №1 г. Валожына. Верш Максіма Танка "Родная мова" пісалі вучні з 6-га па 11-ты клас.
Распавядае адна з арганізатараў і ўдзельніц дыктоўкі, сябра Рады ТБМ па Менскай вобласці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людвіка Таўгень: "Мы пастараліся не толькі правесці дыктоўку, але яшчэ і распавесці дзецям, чаму мы павінны шанаваць матчыну мову".
У 2012 г. адзначаецца 100 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Правядзенне дыктоўкі па тэксце ягонага верша ў гімназіі было ўнесена ў план святкаванняў з нагодны дня нараджэння паэта.
Таксама прайшла дыктоўка ў Маркаўскай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна. Яе арганізавалі настаўніцы роднай мовы Марыя Вішнёўская і Ларыса Сапач. Удзел прынялі вучні 10 і 11 класаў.
Кажа Марыя Вішнёўская: "Дзеці адразу пазналі верш Максіма Танка - чыталі яго раней. Незвычайным для іх было тое, што ў якасці дыктоўкі выкарыстоўваецца вершаваны тэкст. Гэта добры досвед для іх, як вучняў".
Аляксей Чубат , сябар Рады ТБМ Менскай вобласці
Міжнародны дзень роднай мовы ў Наваполацку
21 лютага з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы сябры "суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы зладзілі віншаванне студэнтаў ля Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разам з прыгожай памяткай пра свята студэнты атрымлівалі цукеркі з беларускамоўнымі назвамі.
22 лютага ў адным з студэнцкіх інтарнатаў сябры Наваполацкага ТБМ прынялі актыўны ўдзел у творчай вечарыне, прысвечанай Дню роднай мовы. Арганізатарам, гаспадаром і вядоўцам сустрэчы быў выхавацель інтарната Сяргей Саданенка.
Напачатку вечарыны старшыня гарадскога ТБМ к.ю.н. Зміцер Шчэрбік распавёў прысутным студэнтам пра гісторыю гэтага міжнароднага свята, пра традыцыі яго адзначэння ў суседніх краінах, а таксама пра арганізацыю агульнанацыянальных дыктовак у Польшчы, Украіне, Літве. Пасля гэтага для прысутных была праведзена дыктоўка па вершы Максіма Танка "Родная мова". Пераможцы атрымалі беларускія кнігі і дыскі ад ТБМ.
Пасля афіцыйнай часткі ў студэнцкім коле гучалі вершы вядомай маладой паэткі Ірыны Бельскай, спевы пад гітару выкладчыка ПДУ і актывіста гістарычна-культурніцкага клуба "Княжыч" Віктара Якубава, салісткі гурта The Perfect Life Святланы Трапук, студэнта інтэрната Андрэя Валеўкі. На прызы ад ТБМ адміністрацыя інтэрната зладзіла моўную віктарыну.
Ад цеплыні сустрэчы прысутныя, а іх сабралося амаль два дзесяткі, засталіся ў захапленні.
Наш кар.
Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Асабліва важным у гэтай петыцыі было патрабаванне адкрыцця ў Наваградку на час летніх канікулаў кароткатэрміновых курсаў для настаўнікаў беларусаў з кваліфікацыямі настаўнікаў расейскіх школ, а таксама пастаянных двухгадовых курсаў пры Наваградскай беларускай гімназіі для моладзі, якая хоча прысвяціць сябе настаўніцкай прафесіі ў беласускім школьніцтве (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 44, л. 402). Пратэстныя рэзалюцыі падобнага зместу складаліся таксама ў пазнейшыя годы, яны сведчаць, што сітуацыя ў вобласці беларускай асветы не змянілася.
Асабліва знамянальным для ацэнкі сітуацыі быў мемарыял пададзены прэзідэнту РП Ігнацыю Масціцкаму беларускай дэлегацыяй падчас яго візіту ў Вільню 18 чэрвеня 1930 г. У гэтым мемарыяле беларускія дзеячы дамагаліся выканання наступных патрабаванняў у справе беларускага школьніцтва:
1) адкрыцця з пачаткам 1930/1931 школьнага года поўных 7-гадовых пачатковых школ, не менш, чым на адной па павет і адна-двухкласных там, дзе ўжо па некалькі год гэтага дамагаецца беларускі народ;
2) выдачы канцэсіі на прыватную настаўніцкую семінарыю ў Вільні;
3) адкрыцця аднагадовых беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні;
4) выдачы пастаяннай канцэсіі існым прыватным беларускім гімназіям у Вільні, Наваградку і Клецку;
5) выдзялення названым гімназіям урадавай дапамогі для ўтрымання настаўніцкіх штатаў і спецыяльных субсідый;
6) надання ўсім беларускім гімназіям поўных правоў дзяржаўных школ;
7) прызначэння з Міністэрства працы і сацыяльнай апекі адпаведных дапамог на ўтрыманне інтарнатаў пры названых гімназіях
8) надання кваліфікацыйнай катэгорыі тым настаўнікам беларускіх гімназій, якія працуюць у іх 6 гадоў;
9) выдзялення дапамогі Беларускаму выдавецкаму таварыству на друкаванне беларускіх школьных падручнікаў і доўгатэрміновага крэдыту на выдавецтва для беларускай моладзі;
10) утварэння кафедры "Беларусазнаўства" ў Віленскім універсітэце;
11) выдзялення дапамогі беларускім культурна-асветным арганізацыям на пазашкольную асвету.
У адносінах да пачатковых школ, названых у гэтай працы, патрабаванні не былі выкананы нават у найменшай ступені, пра што сведчыць пратэст, апублікаваны праз 6 гадоў на старонках "Беларускай крыніцы" 15 верасня 1936 г., у якім чытаем у т. л. "Пачатковае навучанне беларускіх дзяцей у польскіх дзяржаўных школах, апрача 69 школ, у якіх беларуская мова ўзятая пад увагу (падкр.В.П.) адбываецца па-польску. Бацькі і апекуны беларусы дамагаюцца для сваіх дзяцей пачатковага навучання на бацькавай мове падпісваюць дэкларацыі за беларускую школу " ("Sprawy narodowosciowе", № 6: 1936, s. 650)
Захаваны ў дзяржаўным Архіве Гарадзенскай вобласці (далей чыт. скар. ДАГВ) дакумент утрымлівае ў т.л. звесткі, якія датычаць беларускага школьніцтва на тэрыторыі Наваградскага ваяводства ў 1937/1938 школьным годзе і можа быць ілюстрацыяй таго стану рэчаў. З яго матэрыялаў вынікае, што не было на тэрыторыі ваяводства школ утраквістычных, як і з беларускай мовай выкладання. Існавала толькі 35 школ, у якіх беларуская мова выкладалася як прадмет. Гэтыя школы знайходзіліся ў Наваградскім, Слонімскім, Стаўпецкім і Баранавіцкім паветах. Ліквідацыя так званага беларускага школьніцтва (у тым дакуменце з невысветленых прычын ужываецца азначэнне "так званае беларускае школьніцтва"; падкр. В.П.) датуецца ў ваяводстве, як сцверджана ў захаваных матэрыялах, ад 1936 году. Да 1938 году было зліквідавана 12 школ утраквістычных, 17 з беларускай мовай навучання і 23 з беларускай мовай як прадметам (ДАГВ, бібл. № 784. стар. 60-61).
Цікавым уяўляецца склад статыстычных дадзеных паводле стану на 1.02.1938 г., якія таксама датычацца Наваградскага ваяводства. У Наваградскім павеце ў 17 вёсках было 17 усеагульных публічных школ, у якіх беларуская мова выкладалася як прадмет, у тым ліку: 6 аднакласных, 4 двухкласныя, 4 трохкласныя, 1 чатырохкласная, 3 пяцікласныя. Веды ў іх атрымоўвалі 2760 дзяцей нацыянальнасці, названай у статычтычнай зводцы, як "так званыя беларуская" або "тутэйшая". Для параўнання можна падаць, што польскіх дяцей у тых школах было 123, яўрэйскіх 17. У Слонімскім павеце ў 7 вёсках было 7 агульнаадукацыйных публічных школ: 4 чатырохкласныя і 3 шасцікласныя, у якіх вучылася 1146 дзяцей нацыянальнасці беларускай або "тутэйшай", 43 вучні польскія і 3 яўрэйскія. У Стаўпецкім павеце ў 8 вёсках існавала 8 публічных агульна-адукацыйных школ: 4 чатырох-класныя, 2 шасцікласныя і 2 чатырохкласныя (безумоўная памылка, але так у аўтара, рэд ). Веды ў іх атрымоўвалі 1986 беларусаў або "тутэйшых", 80 вучняў польскіх і 97 яўрэйскіх. У Баранавіцкім павеце ў 3 вёсках функцыянавалі 3 школы: 2 чатырохкласныя і 1 шасцікласная. Вучылася ў іх 390 дзяцей нацыянальнасці беларускай або "тутэйшай" і 33 польскія дзіцяці (ДАГВ, бібл. №784, стар. 4).
Асветныя акцыі арганізоўвалі супольнымі дзеяннямі, не гледзячы на розніцу у палітычных поглядах, Таварыства беларускай школы і Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. У выніку такой каардынацыі быў утвораны спецыяльны Школьны сакратарыят у Вільні, задачай якога было рассыланне інструкцый, фармуляраў, заяў і да т.п. у справе адкрыцця беларускіх школ. Школьны сакратарыят, паводле інфармацыі беларускай прэсы меў разаслаць звыш 50 тысяч дэкларацый. Да змагання за школу далучылася і прэса. Між іншым у часопісе "Беларускі фронт" №3 ад 5.12.1937, у закліку пад назвай "За беларускі школьны плебісцыт" грамадства заклікалася да правядзення плебісцыту пад назвай "За беларускую мову навучання". Гэтыя акцыі былі негатыўна ацэнены дзяржаўнымі ўладамі, яны прызнаваліся неадпаведнымі надзённым патрэбам і настроям беларускай супольнасці, арганізаванымі ў вялікай меры камуністычнымі групамі. Вынікам гэтай пазіцыі была негатыўная ацэнка дзейнасці Школьнага сакратарыяту і яго арганізатараў - Таварыства беларускай школы і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Праўдападобна, што гэта стала прычынай праверак, праведзеных у цэнтральны офісах тых арганізацый і наступнай забароны іх дзейнасці у снежані 1936 года.
Барацьба за беларускую школу аднак не спынілася пасля роспуску ў студзені 1937 года абедзвюх арганізацый. Ужо ў жніўні гэтага году Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні прыняў ухвалу новага выступлення з мемарыялам у справах асветы да прэм'ера РП і Міністра РВіПА. У канцы таго ж году на Вальным зборы гэтай арганізацыі прынята ўхвала, у якой дамагаліся (так жа, як і ў папярэдніх мемарыялах) навучання дзяцей на роднай мове, супрацьпастаўляючыся ўсеагульнаму навучанню па-польску ў дзяржаўных школах. У вобласці пазашкольнай асветы патрабавалася арганізацыя прафесійнай дапамогі "для самаадукацыі шырокіх народных мас" ("Sprawy narodowosciowе", № 4-5: 1937, s. 441-442).
У сітуацыі, у якой апынулася беларускае школьніцтва ў канцы трыццатых гадоў становяцца зразумелымі звароты беларускіх дзеячоў ад асветы, якія пачалі заклікаць да арганізацыі хатняга навучання беларускай мове, што распаўсюджваліся на старонках беларускай прэсы.
У такой жа цяжкай сітуацыі, як і ўсеагульныя школы былі беларускія гімназіі . Вышэй згаданы рапарт Сракоўскага з 1932 г., як і іншыя матэрыялы СМІ называюць 2 беларускія гімназіі ў Віленскім ваяводстве: у Вільні і Радашковічах, а таксама 2 гімназіі ў Наваградскім ваяводстве: у Наваградку і Клецку (спачатку ў Нясвіжы). Ні адна з гімназій не мела пастаянных правоў публічных 3, а дазволы на іх працу выдаваліся на тэрмін у адзін год.
Каэдукацыйная Віленская гімназія Таварыства беларускай школы гуманітарнага тыпу ўзнікла ў 1919 годзе спачатку з рускай мовай выкладання, пазней з беларускай. Засноўваючы беларускую гімназію з рускай мовай выкладання Школьная рада паставіла задачу паступовай беларусізацыі школы як з пункту гледжання складу вучняў (сярод якіх значны працэнт складала яўрэйская моладзь), так і мовы выкладання (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 30, л.70). Гэта было амаль цалкам рэалізавана на працягу чатырох гадоў. Колькасць вучняў у 1923 г. дасягала 366 (у тым ліку значны працэнт яўрэяў), а ў 1927/28 -171, у тым ліку 75% беларусаў. Спачатку гімназія карысталася з дзяржаўнай субсідыі на 4 стаўкі. У 1929 годзе ў гімназіі працавала 20 настаўнікаў і было 8 класаў. Пры гімназіі існаваў інтарнат для 65 хлопцаў, які ўтрымоўвала Беларускае таварыства дабрачыннасці. Місія метадыстаў утрымоўвала інтарнат для 18 дзяўчат.
Каэдукацыйная беларуская гімназія імя Францішка Скарыны ў Радашковічах узнікла у 1921 г. Яе ўладальнікам таксама было Таварыства беларускай школы. Яна займала 8 класаў і мела 8 настаўнікаў. У 1927/1928 школьным годзе агульная колькасць вучняў дасягала 132, пры гэтым значны адсотак складалі вучні яўрэйскага паходжання. Пры гімназіі існавалі 3 інтарнаты, якія ўтрымоўваліся Місіяй метадыстаў і Таварыствам беларускай школы.
Беларуская каэдукацыйная гімназія ў Наваградку з матэматычна-прырадазнаўчым профілем узнікла ў 1918 годзе, спачатку руская (далей паступова беларусізаваная) яна была ўласнасцю бацькоўскага камітэту. Гімназія не карысталася ніякай дзяржаўнай апекай да 1927 г., калі згодна з распараджэннем Міністэрства РВіПА атрымала 4 настаўніцкія стаўкі. Усяго тут працавала 15 настаўнікаў, а колькасць вучняў у школьным годзе 1927/1928 дасягала 151.
Беларуская каэдукацыйная матэматычна-прыродазнаўчая гімназія ў Клецку, была заснавана ў 1921 г. у Нясвіжы, пазней пераведзеная ў Клецк, утрымоўвалася галоўным чынам з прыватных фундушаў, дадаткова падтрымлівалася гарадскім самакіраваннем. Працавала 8 настаўнікаў на агульную колькасць 158 вучняў у школьным годзе 1927/1928. Ад 1929 г. мела 8 класаў (спачатку 6 класаў).
Ад моманту ўзнікнення беларускае сярэдняе школьніцтва знайходзілася ў цяжкім матэрыяльных і праўных умовах, было пазбаўлена шэрагу прывілеяў, якія падтрымлівалі польскае дзяржаўнае публічнае школьніцтва.
Факт канцэсіявання беларускіх гімназій Таварыствам беларускай школы, якое ў разуменні адукацыйных уладаў прызнавалася камуністычнай агентурай, абцяжарвала развіццё гэтых школ і прымушала да працяглай барацьбы за выжыванне, нармальныя ўмовы працы і атрыманне публічных правоў.
Непасрэдна пасля ўвядзення ў дзеянне ў 1924 г. палажэння аб школьніцтве няпольскіх народаў прадметам шматлікіх петыцый і мемарыялаў, якія накіроўваліся на адрас адукацыйных уладаў Таварыствам беларускай школы і згрупаваннямі іншых нацыянальных меншасцяў на Ўсходніх Крэсах была справа атрымання дазволу на вывучэнне ўсеагульнай гісторыі і геаграфіі на нацыянальных мовах.
У супольным мемарыяле ад 15.9.1923 г. накіраваным у Міністэрства РВіПА ад асветных арганізацый - беларускіх, літоўскіх і яўрэйскіх чытаем: "Вывучэнне гісторыі і геаграфіі на польскай мове, якая для нашых дзяцей не ёсць мовай роднай, непамерна абцяжарыць для дзяцей рух наперад, фатальна адаб'ецца на ўзроўні вывучэння тых прадметаў прывядзе гэтыя такія жывыя і цікавыя галіны ведаў да мёртвага пустаслоўя і пахісне энергію нашай моладзі, а таксама любоў да навукі. Беручы пад увагу названыя погляды нацыянальна культурнай і педагагічнай прыроды, упрошваем пана Міністра аб адмене адпаведнай інструкцыі і аб дазволе вывучаць усеагульную гісторыю і геаграфію на роднай мове" (НАРБ, ф. 883, воп. 1,спр. 40, л. 24). Польскія адукацыйныя ўлады, спасылаючыся на артыкул 7 Палажэння ад 31.VІІ.1924 г. і выканаўчае распараджэнне ад 23.4.1925 г., негатыўна аднесліся да вышэй названых просьбаў, пішучы ў абгрунтаванні: "Абапіраючыся на прыкладзенае Палажэнне, змест якога не выклікае ніякага сумнення, Міністэрства пацвярджае, што вывучэнне гісторыі і геаграфіі як і навука аб агульнай Польшчы павінна адбывацца па-польску" Сярэднія прыватныя школы з беларускай, літоўскай і яўрэйскай мовамі навучання могуць на вывучэнне беларускай, літоўскай або яўрэйскай мовы прызначыць у трох найстарэйшых класах штотыдзень на адну гадзіну болей з мэтай ахапіць навучаннем - акрамя літаратуры - таксама гісторыю культуры дадзенага народу (не гісторыю палітычную, якая павінна вывучацца з агульнай гісторыяй разам і ў адпаведнасці з прыкладзеным Палажэннем па-польску) (НАРБ, ф. 883, воп. 1. спр. 40. л. 15).
Адначасова і матэрыяльныя ўмовы спрычыняліся да крызісаў у дзейнасці беларусіх гімназій. Перамены ў адносінах адукацыйных уладаў да беларускага школьніцтва адбіліся ў т.л. на лёсах Віленскай гімназіі. Пасля вяртання незалежнасці аж да 1923 г. гімназія часткова субсідыявалася праз Урад усходніх зямель Сярэдняй Літвы а пазней праз Кураторыю Віленскай школьнай акругі. Адмена ў 1923 г. польскімі ўладамі датацый, прызначаных школе, абмяжоўвала магчымасці навучання. У выніку непазбежным стала павышэнне ўступных узносаў, што прыяло да змяншэння колькасці вучняў, а ў выніку - колькасці класаў з 10 да 8. Адсутнасць дапамогі з боку адукацыйных уладаў і безвыніковыя старанні аб атрыманні школай публічных правоў, якія давалі б яе выпускнікам права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы схілілі Беларускую цэнтральную школьную раду да ўмяшання ў справы Віленскай школьнай акругі 4. Паказваючы змены ў адносінах уладаў да беларускай гімназіі, указвалася на адмоўныя вынікі існага стану рэчаў, аднолькава як для народу беларускага, так і Польскай дзяржавы. Датычыла гэта перш за ўсё эміграцыі абітурыентаў, якія не маючы мажлівасці навучання ў польскіх вышэйшых навучальных установах выязджалі на вучобу ў Прагу Чэшскую, а таксама ў Расію і Савецкую Беларусь. Асабліва апошні кірунак эміграцыі ствараў патэнцыйную небяспеку прынікнення ў Польшчу камуністычнай ідэалогіі. Адначасова выезды на вучобу часта станавіліся падставай для сталай эміграцыі, што пазбаўляла край пэўнага працэнту інтэлігенцыі.
3 У кароткі перыяд лібералізацыі палітыкі адносна нацыянальных меншасцяў на Усходніх крэсах міністр РВіПА Густаў Дабруцкі распараджэннем ад 3 кастрычніка 1928 г. прызнаў публічныя правы беларускіх гімназій у Вільні і Наваградку. Віленская гімназія атрымала 6 настаўніцкіх ставак, Наваградская гімназія - 2 стаўкі (Мірановіч, 1993. с.53).
4 Цяжкае становішча Віленскай беларускай гімназіі прадстаўлена ў лісце Беларускай цэнтральнай школьнай рады пад назвай "Pro mеmoria", накіраваным куратару Віленскай школьнай акругі 8 лютага 1924 г. "Да гэтага часу развіццё школьніцтва. - чытаем у дакуменце, - ажыццяўлялася пры дапамозе польскіх адукацыйных уладаў. Гэта дазволіла рэалізаваць праграмы навучання ў 12 класах гімназіі. З незразумелых для школьных улад прычын у 1923 годзе тая дапамога была прыпынена, а просьба аб прызначэнні экзаменацыйнай камісіі для абітурыентаў гімназіі адхілена, што робіць немагчымай іх далейшую адукацыю ў вышэйшых навучальных установах" (LCVA, F-905, Ap. 2, B. 87, L. 7).
(Працяг у наступным нумары.)
Ванда Папроцкая, Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку
Адаміна Алена Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Андрэас Анатоль Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанцін. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Алякс. Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітр. Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Сцяпанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Уладзімір. Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георг. Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Булак Аляксандр Бутылін Міхась Уладзімір. Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгор. Вашкевіч Ігар Пятровіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вянгура Ніна Фёдараўна Вячорка Францішак Валян. Гарасюк Аляксандр Гардзей Н. М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуард. Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Дайлідка Юрый Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Уладз. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дэдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Уладзімір. Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Каваль Ірына Віктараўна Кавальчук Дзмітры Леанід. Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаев. Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андр. Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Курбацкі Аляксандр Міхайл. Кухаронак Валянціна Іван. Кухто Васіль Іванавіч Лапенка Аляксей Купрыянав. Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Станіслаў Аляксан. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцьвінчук Наталля Лукашук Марыя Пракопаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Мазанік Аляксадр Віктаравіч Макаеў Аляксандр Віктар. Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктар. Малашанка Зміцер Васільевіч Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мерцалава Надзея Фёдар. Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандр. Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Несмяянава Людміла Даніл. Ніякі Ніяк Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юрый Леанідавіч Панкевіч Аляксандр Паўлавец Зміцер Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзім. Праконіна Вера Уладзімір. Пухоўскі Аляксандр Цітавіч Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Рабчынская Лідзія Алякс. Райчонак Алег Георгіевіч Раманоўская Яніна Рамашэўская Людміла Алякс. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валер'янаўна Руткоўская Антаніна Фадз. Рымша Ангеліна Савіцкі Максім Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Саўчанка Марыя Уладзімір. Севастьянава Ганна Сярг. Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгор. Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Аляксан. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатол. Сухарава Любоў Васільеўна Сушко Вера Іванаўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сырыца Віктар Антонавіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Толсцік Вольга Трайнель Віктар Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандр. Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валерый Васіл. Філіпаў Мікалай Альбертавіч Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятр. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Ів. Цыркуноў Аляксандр Іван. Чаляпін Аляксей Чарняўская Святлана Чарняўскі Міхась Міхайлавіч Чашчына Наталля Мікал. Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шышук Андрэй Іванавіч Шэга Іван Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгораўна Яўдошына Ларыса Іванаўна
ПАСТАНОВА
Рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 12 лютага 2012 г.
Аб правядзенні 8-й справаздачна-выбарнай канферэнцыі Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
РАДА ПАСТАНАВІЛА:
1. Правесці 8-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 18 сакавіка 2012 года ў г. Полацку.
2. Зацвердзіць наступнае прадстаўніцтва гарадскіх, раённых арганізацый, суполак Таварыства: 1 дэлегат ад 20 сяброў арганізацыі. Дэлегаты канферэнцыі выбіраюцца на раённых і гарадскіх сходах, канферэнцыях сяброў таварыства. Сябры рэспубліканскай і абласной рады, рэвізійнай камісіі з'яўляюцца дэлегатамі канферэнцыі.
Да 12 сакавіка 2012 г. даслаць у абласную раду пратаколы сходаў па вылучэнні дэлегатаў.
3. Прапанаваць канферэнцыі разгледзець наступныя пытанні:
- справаздача рады абласной арганізацыі;
- справаздача рэвізійнай камісіі;
- выбары абласной рады;
- выбары рэвізійнай камісіі.
Старшыня Віцебскай абласной рады І. Навумчык.
Нацыя адраджаецца!
Стала ўжо традыцыяй у краіне правядзенне дыктоўкі па роднай мове. Сёлета яна праводзіцца ў рамках 5-й Агульнанацыянальнай.
Прыемна ўсведамляць, што ў многіх кутках нашай Радзімы гэтае мерапрыемства ўспрымаецца пазітыўна як з боку сапраўдных рупліўцаў адраджэння нацыі, так і з боку чыноўнікаў праўладных структур, якія, з пункту гледжання іх прававой нормы, сумленна стаяць на варце парадку - абароне нацыянальнай адметнасці тутэйшага народа. Але гэтага не скажаш пра выкананне жыццёвых норм у нашым раёне, дзе дабразычлівыя памкненні шчырых абаронцаў роднай мовы пры правядзенні дыктовак натыкаюцца на ўсякага роду маразматычныя рашэнні чыноўнікаў, якія заангажаваны страхам перад сваімі працаўладкавацелямі застацца без партфеля. Так было летась, так дзееца і сёлета, што вельмі ганьбіць твар улады. Гэта ж - нонсэнс!
Бачыць, як чынуша "шануе" і "паважае" родную мову? Гэта - не толькі здзек, але і адкрытае калабаранства, здрада нацыі. Цярпець такую знявагу - сябе не паважаць. Таму мы рашылі такія ўчынкі чынуш не пакідаць без увагі. (Пасля публікацыі гэтай нататкі мы будзем звяртацца да кіраўніцтва вобласці.)
Тым не менш мы правялі, як і ў мінулым годзе, дыктоўку 21 лютага на прыватнай кватэры ў колькасці 10 чалавек. Хоць з запрошаных з'явілася толькі палова (хто з'ехаў у камандзіроўку, хто занядужыў, а хто, як гэта ні сумна, пагрэбаваў), аднак сам працэс напісання дыктоўкі прайшоў жвава - эмацыянальна і з гумарам. Пасля напісання дыктоўкі нават з'явілася жаданне ў некаторых уступіць у сябры Таварыства. Гэта - вельмі добры знак таго, што "нацыя не ўмёрла" - яна адраджаецца. Новымі сябрамі ГА ТБМ сталі: Алена Калоднікава, Віталь Калбанёў, Алена Шышкіна і Алена Чувахова.
Пераможцам напісання дыктоўкі (без адзінай памылкі па тэксту верша М.Танка "Родная мова") стала педагог дадатковага навучання, сябар ТБМ са стажам Ларыса Паўлаўна Наздрына. Яна ўзнагароджана бясплатнай падпіскай на газету "Наша слова" на паўгоддзе. Другое месца дасталася новаму сябру ТБМ Алене Чуваховай, а трэцяе - падзялілі Аляксей Валабуеў, Алена Шышкіна і Алена Калоднікава. Усе яны атрымалі ў падарунак аўтаручку тэлеканала "Белсат" з памятным надпісам "V АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЫКТОЎКА, 2012"
Старшыня Салігорскай арганізацыі ТБМ
Мікола Шаравар.
На здымку (злева направа): Віталь Калбанёў, Алесь Валабуеў, Алена Чувахава, Ігар Казакоў, Уладзь Масакоўскі, Алена Калоднікава, Ніна Ярмалінская, Мікола Шаравар, Ларыса Наздрына.
У Дрыбіне дыктоўку пісалі без чыноўнікаў
21 лютага ў райцэнтры Дрыбін, што на Магілёўшчыне, таксама адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы дыктоўкай.
Яе пісалі ў кавярні раённага Дома культуры трынаццаць чалавек - пераважна людзі сталага веку. Для дыктоўкі мясцовыя рупліўцы беларускай мовы ўзялі «Змест прамовы Янкі Купалы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года».
Жыхарка райцэнтра Тамара Юневіч, якая ініцыявала дыктоўку, спрабавала запрасіць на яе чыноўнікаў і настаўнікаў, але ніхто не наважыўся прыйсці. Паводле спадарыні Юневіч, кожны з іх знаходзіў свае аргументы, каб дыстанцыявацца ад яе запросінаў:
- Тыя ж, хто прыйшоў, засталіся задаволенымі. Дзякавалі і прасілі запрашаць на такія мерапрыемствы надалей. Казалі: "Як добра, што давялося ўзгадаць родную мову". Адзначалі, што прамова Купалы ў 1925 годзе надзвычай актуальная сёння. Такім чынам, я зрабіла выснову: уладу дыктоўка насцярожыла. Напрыклад, у адной з дзяржаўных устаноў мне сказалі, што я дыктоўкай спрабую праверыць, як выкладаецца мова ў школах. Што тут скажаш? А простыя людзі, хто змог, той прыйшоў і пытанняў недарэчных не задаваў.
Пасля дыктоўкі гутарка пра беларускую мову і літаратуру ў кавярні працягнулася за гарбатай з прысмакамі.
Наш кар.
Дзень роднай мовы па-расейску
Дзень добры, ТБМ.
21 лютага - Дзень роднай мовы і я хачу расказаць, як цікава яго правялі ў нашай беларускамоўнай Запольскай сярэдняй школе.
Паміж старшакласнікамі была наладжана захапляльная віктарына. Каманды былі па сем чалавек ад кожнага класа, а астатнія вучні прысутнічалі назіральнікамі. Я таксама быў сярод назіральнікаў.
Першы тур быў пісьмовы. Камандам раздалі "сырыя" тэксты, якія патрэбна было "ачалавечыць": знайсці памылкі, уставіць прапушчаныя літары і расставіць знакі прыпынку. Другім турам віктарыны было адгадаць аўтара пройдзенага літаратурнага твору. Настаўніца зачытывала ўрывак, а вучні наперабой угадывалі вядомых паэтаў: Пушкіна, Лермантава, Маякоўскага, пісьменнікаў: Талстога, Някрасава...
У журы была і настаўніца беларускай мовы.
Пасля віктарыны я яе запытаў:
- 21 лютага - Дзень РОДНАЙ мовы. Чаму віктарына была па-руску?
- У кожнага родная мова свая, - адказала настаўніца роднай мовы.
Дзіва што дзеці з кожным годам усё чысцей размаўляюць па-руску.
Вітаўт Яжэвіч , вучань 8 класа Запольскай СШ.
(Раён у допісе не пазначаны.)
Як прайшоў наш Дзень роднай мовы
Яшчэ тыдзень таму я і не ведала, як і навошта ўвогуле адзначаць гэты дзень. Я і так выкладаю свой прадмет на беларускай мове і карыстаюся актыўна ёй у штодзённым жыцці... Ну, перад заняткам расказала б навучэнцам, што ёсць такі Дзень - міжнародны, дарэчы! Што гэта вельмі важна для кожнага чалавека па-асобку і для ўсёй нашай нацыі цалкам - не забывацца на мову і карані свае...
Ідэю прапанавала Ганна Каліноўская - навучэнка каледжа, зорачка каледжа і мега-мазгі.
Прапанавала нечакана, мы дагэтуль і незнаёмыя нават былі. Дзякуй нашаму метадысту - Чарнышовай Вользе Сяргееўне, якая нас пазнаёміла. «Дзяўчаты, я адчуваю, што гэта знаёмства - гістарычная падзея», - яе словы.
А ідэя заключалася ў тым, каб зрабіць гэты Дзень сапраўдным днём, то бок, з ранку і да вечара прысвяціць яго мове. Шчыра скажу, што планавалі на паперы разы ў тры болей розных мерапрыемстваў, але часу бракавала катастрафічна, і вось які план у нас склаўся:
З раніцы мы з Ганнай сустракалі навучэнцаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў каледжа словамі вітання, запрашэннем наведаць нашыя мерапрыемствы (план мерапрыемстваў быў на асобных картках, што ўрачыста ўручаліся ўсім) і ўлёткамі.
А напярэдадні мы, вядома, развесілі афішы, а яшчэ... пашукалі, раздрукавалі і развесілі па сценах усёй нашай навучальнай установы такія «заахвочвальныя» ўлёткі.
Акрамя гэтага смешнага слова (напісана: шчэлепы ) былі яшчэ: дбожыць, шлафрок, тлум, зух, крэсіва, тэчка, цытрына, фрызура, тынкоўка, вакацыі, замова, сурокі, каштарыс, рэшта...
Як вы бачыце, спецыяльна без адказаў: а каб была магчымасць самастойна падумаць ці няхай сабе і пашукаць (самастойна здабытае больш запамінаецца). Хто ведаў ці даведаўся цягам дня альбо напрыканцы (ў 17.00), мог атрымаць цукерку.
Таксама цукерку (і нават у асобных выпадках - цэлую жменю) маглі атрымаць тыя, хто ведаў і выразна расказваў беларускія вершы.
Дзякуй Валянціне Пятроўне Астроўскай, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры - вершаў я пачула ў той дзень нямала! І нават некалькі вершаў УЛАСНАГА САЧЫНЕННЯ! Асабліва ўразіў мяне адзін....(Вой, я, небарака, так расчулілася, што не запыталася нават групу і прозвішча дзяўчыны, думаецца, пачаткоўнай паэткі - але, паважаная зорачка, ў якой 2-й парай была матэматыка ў аўторак, Вам дакладна трэба друкавацца, бо і слова, і метр, і сэнс, і нават мелодыка Вашага верша захапляльныя! Не хавайце ад усіх такі скарб - гэта грэх!)
На першым перапынку (пасля першай пары) Ганна, «згарбузаваўшы» файны музычны гурт, прапанавала «калідорны канцэрцік»:
Файна гралі і спявалі беларускія песні Ганна Каліноўская (3 м/н), Наталля Біжык (3 м\ф), Вераніка Карсюк (2 м\хд), Віталь Барысевіч (3 н/і). Сярод мінакаў - вось сапраўды адбыўся «калідорны» канцэрт - нехта праходзіў, нехта прыходзіў, нехта ківаў галавой і спяшаўся па сваіх справах, нехта слухаў, прытанцоўваў і падпяваў з пачатку і да канца, просячы выканаць адну з песень «на біс». Словы песень Ганна раздрукавала і раздавала ўсім ахвотным, таму падпяваць гурту было лёгка. Канцэрт замест 10 хвілінаў доўжыўся амаль 20, таму на наступнае мерапрыемства крышачку спазніліся.
А наступнай была...
Сустрэча на тэму «Культура і мова». То была невялікая, камерная сустрэча ў 228 аўдыторыі (ах, шчыры дзякуй намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўсеевічу Канстанціну Уладзіміравічу за дапамогу арганізацыйнага кшталту: дзе, куды, што, як, аўдыторыі, тэхніка, запрашэнні). Сустрэча прадугледжавала два расповеды:
1) «Замежныя музыканты і беларуская мова» (гэта аб праекце «Тузін. Перазагрузка-2»). Рыхтавалася я, выкарыстоўваючы артыкулы інтэрнэт-рэсурсаў «NAVINY. BY (Культура)» і «Будзьма разам».
2) Ганна Каліноўская распавядала пра незвычайныя музычныя факты, звязаныя з беларускімі кампазітарамі, магнатамі, аматарамі музыкі (калі была напісана першая беларуская опера, кім і дзе, якія музычныя інструменты былі ў нашых продкаў ды інш.)
Ну і ў 17.00 мы вырашылі зрабіць такі «Аўдыторнік», каб падвесці вынікі мерапрыемства «Незвычайны слоўнік» і ўвогуле ўсяго дня.
Я чакала ўсіх ахвотных пагуляць з гарбатай, ласункамі, музыкай альбому «Тузін. Перазагрузка-2» і добрым настроем:
Ахвотных было не так шмат, як мы з Ганнай разлічвалі, але затое - хто! IV н/р - вы самыя лепшыя!!!!
Напачатку планавалася наступнае:
1) Узнагароджванне тых, хто пераклаў незвычайныя беларускія словы.
2) Прапанаваныя дзве гульні з мэтай пашырыць слоўнікавы запас і паспрыяць пераадоленню бар'ера ў побытавым карыстанні беларускай мовай. Гэта моладзевыя звычайныя гульні:
2.1. "Кракадзіл". Адзін удзельнік пры дапамозе мімікі паказвае загаданае папярэднім удзельнікам слова (выраз, назву мастацкага твора), астатнім трэба здагадацца, што ж гэта было за слова (ці выраз). Пытанні дазваляюцца, але вядучы не мае права адказваць уголас - толькі пры дапамозе мімікі і невербальнай мовы).
2.2. "Стыкеры". На стыкеры адзін удзельнік піша нейкае слова і наклейвае яго на лоб іншага ўдзельніка. І гэтак далей. То бок, усе бачаць і ведаюць, што напісана ў іншых, але не бачаць «свае» надпісы. Потым па крузе кожны можа задаваць пытанні, на якія можна адказаць толькі «Так», ці «Не».
Так і было, толькі да гульні «Стыкеры» так і не дайшлі...Часу не хапіла. ))))) - Не здзіўляйцеся маім «смешкам» - мы гулялі з пяці да васьмі вечара. Гулялі так, што на наступны дзень, 22 лютага, у мяне балеў жывот і шчокі. Гулялі так, што гэта запомніцца мне на ўсё жыццё.
Дарэчы, у нас было дзве каманды (звярніце ўвагу на назвы - «Дбожнікі» і «Шлафрокі» )))), і апісаць заданні, гумар, выкананне - проста немагчыма! Выбачайце, але словы тут не перададуць і дзясятую частку... Гэта проста трэба было бачыць. А яшчэ лепш - прымаць удзел.
А здымкі? Мой фотаапарат далей, нажаль, падвёў... А можа і не, наадварот, стварыў «сакрэцік» з нашага «аўдыторніка» ;)
А дзевятай вечара мы з Ганнай прыбралі аўдыторыю, паздымалі ўлёткі са сценаў каледжа і ўважліва паглядзелі адна на адну.
«ПРАЦЯГ БУДЗЕ!» - чыталася ў нашых вачах.
P.S. З аднаго боку, ноччу мне было крыху сумна: што сёння было? «Рэклама» беларускай мовы? Дакаціліся, забыліся, такія рэчы ўжо рэкламаваць трэба...
Але пад раніцу крыху супакоілася: не, для многіх, хто прымаў удзел у нашых мерапрыемствах пасля 21 лютага, будзе 22 лютага! Я ўпэўненая ў гэтым! Бо як жа інакш? Беларуская мова ж нашая, родная! Ну як жа мы без яе! Ды і хто мы без яе?
P.P.S. Не ведаю, варта гэта пісаць ці не... Ай, пачала ўжо, дык напішу... Вось якое паведамленне атрымала сёння ад Ганны: «Мне ўчора Валянціна Сяргееўна вырашыла паставіць "9" па ідэалогіі, таму што такое стаўленне да мовы і культуры мае прамое дачыненне да грамадзянскай пазіцыі!»
Віталія Глаз , Менскі дзяржаўны каледж мастацтваў, 22 лютага 2012 г.
У Баранавічах сябры ТБМ павіншавалі беларускамоўны клас з Днём роднай мовы
Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 21 лютага павіншавалі адзіны ў горадзе беларускамоўны клас, які знаходзіцца ў школе №14, з Міжнародным днём роднай мовы.
У другім класе гэтай школы навучаюцца тры дзяўчынкі: Аліса Філіпчык, Вераніка Міхальчук і Яся Малашчанка. Да іх прыйшлі сябры ТБМ на чале са старшынём гарадской арганізацыі Віктарам Сырыцам. Госці павіншавалі дзяўчынак і настаўніцу Ірыну Міхальчук са святам роднай мовы і ўручылі кожнай школьніцы кніжку Змітра Санько "Асобы, якія тварылі гісторыю" і каравай з надпісам "Наша мова". А іх настаўніца спадарыня Міхальчук атрымала ў падарунак беларуска-англійскі размоўнік.
Якуб Лушынскі.
У берасцейскіх аўтобусах - старонкі беларускай класікі
У Берасці да Дня роднай мовы ў аўтобусах размясцілі ўрыўкі з твораў класікаў беларускай літаратуры. Акцыя прайшла з дазволу адміністрацыі аўтапарка. Зладзілі яе актывісты агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».
У аўтобусах пяці гарадскіх маршрутаў побач з рэкламай з'явіліся ўрыўкі з твораў Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. Каардынатарка акцыі Алена Каховіч кажа, што такое мерапрыемства ў Берасці адбылося ўпершыню:
- Сэнс гэтай акцыі - папулярызацыя твораў айчынных аўтараў. У цяперашні час не так шмат людзей цікавіцца айчыннай літаратурай, як хацелася б. Таму, канешне, патрэбна нешта рабіць для папулярызацыі беларускай мовы і ўкладаць у гэта рэсурсы. І нават такія малыя крокі робяць сваю справу. Адміністрацыя аўтапарку адразу дала згоду і з гэтым не было аніякіх праблем. Водгукі ўвуголе гучаць станоўчыя, людзі зацікаўленыя гэтай праблемай. На мой погляд, тэма роднай мовы ніколі не страціць актуальнасці.
Паводле дамовы з аўтапаркам, старонкі беларускай класікі будуць вісець у аўтобусах да 1 сакавіка.
Наш кар.
У Бабруйску адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы дыктоўкай
У Бабруйску 20 лютага мясцовыя рупліўцы беларушчыны адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем дыктоўкі. Яе ініцыятарамі выступілі актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Пісалі дыктоўку ў сядзібе гарадской арганізацыі АГП.
Паводле актывісткі «Гавары праўду» Вольгі Піманавай, на дыктоўку прыйшлі больш за трыццаць чалавек. Шмат з іх не ангажаваныя ў грамадскую і палітычную дзейнасць. Былі акторы мясцовага тэатра і настаўнікі.
Піманава: «Для дыктоўкі мы абралі "Змест прамовы Янкі Купалы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года". Найменш памылак у дыктоўцы зрабілі журналістка Алеся Скапінцава, Юры Грынявецкі з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" і яго аднапартыец Станіслаў Кавалеўскі. Пераможцы атрымалі кнігі Ўладзіміра Някляева ды атрыбутыку кампаніі "Гавары праўду". Узнагароды атрымалі і пераможцы ў асобных намінацыях на веданне беларускай мовы і літаратуры».
Пасля напісання дыктоўкі бабруйцы чыталі вершы ды апавяданні. Пілі гарбату з прысмакамі.
Наш кар.
Дзень роднай мовы ў Магілёве
Дзень роднай мовы адзначыў музей гісторыі Магілёва - кіраўніцтва музея ўвяло на 22-га лютага цалкам беларускамоўнае абслугоўванне. Гэта значыць, што размаўляць па-беларуску будуць не толькі адказныя супрацоўнікі музея, але і тэхнічны персанал.
Паколькі 21-га лютага ў музеі быў выходны дзень, зрабіць цалкам беларускамоўным вырашылі менавіта 22 лютага. Па такім самым прынцыпе «поўнай беларусізацыі» сёння працавала Магілёўская цэнтральная бібліятэка. Наш кар.
Прэзентацыя кнігі "Вінцук Адважны" ў Лідзе
22 лютага ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы і Года кнігі ў Лідзе адбыліся дзве літаратурныя сустрэчы, асноўнай тэмай якіх была прэзентацыя кнігі "Вінцук Адважны" з серыі "Беларускі кнігазбор".
Для гэтай важнай місіі ў Ліду прыехала ўкладальніца, аўтар прадмовы і каментароў Ірына Багдановіч. Ірына прыехала ў Ліду як дадому, бо тут яна нарадзілася, правяла першыя гады маленства, тут у яе сваякі і колішнія сябры, а ў мясцовым літаратурным музеі ёсць стэнд, прысвечаны знакамітай зямлячцы.
Паршая сустрэча адбылася ў Лідскім каледжы. Тут Ірыну вітала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Марына Янаш, якая некалі жыла з Ірынай у адным доме і волей лёсу вучылася ў адным Гомельскім інстытуце.
Пасля літаратурнага мантажу і віктарыны, падрыхтаваных навучэнцамі каледжа і прысвечаных пачатку кнігадрукавання, слова займела Ірына Багдановіч.
Яна ўвесь свой выступ прысвяціла асобе Вінцука Адважнага і кнізе, якую давялося ўкласці.
Сапраўднае прозвішча выдатнага беларускага хрысціянскага пісьменніка XX ст. Вінцука Адважнага - Язэп Германовіч (4.3.1890-26.12. 1978). Ён належыць да той слаўнай кагорты беларускіх святароў-адраджэнцаў, якія актыўна і самаахвярна працавалі на ніве адраджэння нацыянальнай культуры і духоўнасці. Кола яго найбліжэйшых сяброў складалі ксяндзы Адам Станкевіч і Кастусь Стэповіч (паэт Казімір Сваяк), айцы-марыяне Фабіян Абрантовіч і Андрэй Цікота; аднадумцамі-паплечнікамі былі таксама ксяндзы-паэты Янка Семашкевіч (Янка Быліна) і Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля). У адрозненне ад сяброў, пераважная большасць якіх заўчасна пакінула гэты свет з-за хваробаў або папакутніцку загінула ў сталінскіх лагерах, Язэпу Германовічу ўдалося прайсці праз усе выпрабаванні, выжыць і пражыць доўгае жыццё, скончыўшы яго ў апошняй чвэрці XX ст. на эміграцыі, у Лондане.
У кнізе прадстаўлены найбольш значныя творы пісьменніка. Шматграннасць яго творчай асобы прадстаўляюць творы паэзіі, прозы, а таксама ўспаміны, публіцыстыка і лісты, напісаныя ім у ранні перыяд творчасці (віленска-друйска-харбінскі) і позні, эміграцыйны, калі пасля перажытых рэпрэсій ён жыў у Лондане (Марыян Гаўз). Сярод іх такія знакамітыя ў свой час творы, як вершы з віленскага зборніка «Беларускія цымбалы» (1933), напісаная ў Харбіне, а выдадзеная ў Вільні аповесць «Хлапец» (1935), успаміны з лагернага жыцця «Кітай, Сібір, Масква» (1962). Упершыню друкуюцца лісты і ўспаміны пра бацькоў з лонданскага архіва паэта.
Другая сустрэча прайшла ў цеснай сяброўскай атмасферы ў Лідскім літаратурным музеі. На сустрэчы прыйшлі мясцовыя літаратары, якія даўно марылі пабачыць Ірыну ў Лідзе, і якія акрамя аповеду пра кнігу "Вінцук Адважны" прымусілі такі Ірыну распавесці пра яе ўласныя кнігі паэзіі "Сармацкі альбом" і "Прыватныя рымляне", а таксама пачытаць свае вершы.
Яраслаў Грынкевіч. Здымкі з сустрэч.
Дзень роднай мовы ў Берасцейскім грамадска-культурным цэнтры
"Жывыя вытокі" роднай мовы загучалі ў Берасцейскім абласным грамадска-культурным цэнтры. На свята роднай мовы спецыяльна для жыхароў і гасцей горада Берасця падрыхтаваныя кніжная выстава, паэтычная вечарына і этнадыскатэка.
Дырэктар Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук адзначыла, што такое мерапрыемства для Берасця стала традыцыйным:
- Гэтае свята ў нас праходзіць ужо ў другі раз. У мінулым годзе мы яго правялі камерна, сціпла. Тады мне дапамог Дзмітры Назараў, апантаны малады чалавек з Берасця, ён прывёз нам цікавыя калектывы. У гэтым годзе ў Беларусі - Год кнігі, юбілеі знакамітых песняроў, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Вы пабачыце калектывы з усёй вобласці, і тэатральныя, і танцавальны, і пеўчыя. Святкаванне пашырае свае межы.
Удзельнік гурта "Фэст" Іван Кусцінскі мяркуе, што беларускі фальклор карыстаецца папулярнасцю:
- З фальклору ўсё пачалося, гэта вытокі любой музыкі, і не важна дзе яна - у Амерыцы, ці ў Беларусі. Мы шмат дзе бываем у замежжы, зусім недаўны былі ў Прыбалтыцы, выступалі там у гарадскіх школах, дык там цяпер спяваюць песні, якія мы выконвалі там гадоў дзесяць таму.
Свята роднай мовы носіць міжнародны характар - па ўсяму свету яно святкуецца 21 лютага.
Аліса Поль.
Да Дня роднай мовы - чарговая еўраграматыка
У серыі "Беларускія ЕўраГраматыкі" выйшла "Кароткая граматык нямецкай мовы", аўтары Л.П. Баршчэўскі і Я. А. Бяласін. Куратар серыі Уладзімір Сіўчыкаў. Выдавецтва "Радыёла-плюс".
Гэты даведнік прызначаны найперш для пачаткоўцаў: тых, хто вывучае нямецкую мову на курсах або самастойна. Пры тым што ён кароткі, тут даюцца некаторыя тлумачэнні, якіх няма ў іншых дапаможніках. Даведнік больш набліжаны да непасрэднага параўнання структуры нямецкай мовы са структурай роднай або вывучанай беларускай мовы. Дзеля зручнасці карыстальніка даведнік дапоўнены размоўнікам - спісам найбольш ужывальных выразаў нямецкай мовы і іх беларускіх адпаведнікаў. Асобна падаецца кароткі нямецка-беларускі слоўнік асабовых імён, які прапануе вырашэнне даўняй праблемы - знаходжання спосабу адэкватнай перадачы нямецкіх імён сродкамі беларускага алфавіту.
Пэўныя з пералічаных асаблівасцяў даведніка дазваляюць меркаваць, што ён не будзе лішнім і на стале спецыяліста-філолага.
Перавыдалі краёвыя слоўнікі беларускай мовы
«Віцебскі краёвы слоўнік» Міколы Каспяровіча ўпершыню пабачыў свет у 1927 годзе. Ен увабраў у сябе 9703 словы, зафіксаваных у 591 населеным пункце Віцебскай акругі. Ён быў першым у цэлай серыі, як меркавалася, з 16 падобных слоўнікаў.
«Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» Міколы Шатэрніка ўвабраў каля 9 тысяч слоў. Выйшаў ён у 1929 годзе.
"Слоўнік М. Шатэрніка каштоўны тым, што ў ім зафіксаваны як агульна-народныя словы, вядомыя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, так і багатыя россыпы народнай лексікі Чэрвеньшчыны.
Слоўнік можа быць прыдатны для сучасных карыстальнікаў беларускай мовы, якія не хочуць абмяжоўвацца «дыстыляванай» літаратурнай мовай, а імкнуцца авалодаць ёй ва ўсёй яе красе і разнастайнасці", - напісаў у прадмове Сяргей Запрудскі.
Слоўнікі выйшлі ў якасці дадатку да нумара часопіса «Архэ», прысвечанага бела-рускаму мовазнаўству 1920-х.
Замовіць слоўнікі можна праз dastauka arche.by.
Наш кар.
У Windows 8 будзе беларускі моўны пакет
Microsoft дадасць 14 новых моў і дыялектаў у сваю будучую аперацыйную сістэму. Сярод іх - беларуская мова.
Кіраўнік міжнароднай групы Windows, Ян Гамільтан растлумачыў, што новыя моўныя пакеты разлічаныя на ключавыя рынкі, што развіваюцца, на якіх працуе кампанія.
- Для нас важна забяспечыць карыстальніку магчымасць працаваць на той мове, на якой яму зручней, - сказаў Гамільтан.
У Windows 8 уключана 13 новых моў: панджабі і сіндская (Пакістан), курдская, уйгурская (Кітай), беларуская, кінья-руанда (Руанда), тыгрынья (Эрытрэя, Эфіопія), таджыкская, валоф (Сенегал), кічэ (Гватэмала), чэрокі (ЗША), гэльская (Вялікабрытанія) і валенсійская (Іспанія). Акрамя таго, Гамільтан пацвердзіў, што ў Windows 8 з'явіцца брытанская версія англійскай мовы.
Наш кар.
Ад Сакратарыяту ТБМ
Наступныя этапы Агульнанацыянальнай дыктоўкі
Шаноўныя сябры і прыхільнікі жывога беларускага слова!
ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" працягвае правядзенне 5-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі і паведамляе, што наступныя этапы яе напісання адбудуцца 15 сакавіка ў 17.30 (2-гі этап) і 23 сакавіка ў 19.30 (3-ці этап, прысвечаны ўгодкам БНР). Запрашаем усіх далучыцца да такой значнай і цікавай падзеі, наведаўшы сядзібу ТБМ (Румянцава, 13) у вышэйназваны час, дзе пройдуць 2-і і 3-ці этапы дыктоўкі.