Папярэдняя старонка: 2012

№ 11 (1058) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1058), 14 сакавіка 2012 г.


ЛіМу - 80 гадоў

Споўнілася 80 гадоў з дня заснавання легендарнай беларускай газеты "Літаратура і мастацтва". Штотыднёвік "ЛіМ" упершыню выйшаў 26 лютага 1932 году.

У канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў "ЛіМ" быў бадай што самым прасунутым перыядычным выданнем у Беларусі. На яго старонках закраналіся тэмы, якія ў савецкія часы былі замеценыя пад дыван, кшталтаваўся светапогляд інтэлігенцыі новай беларускай дзяржавы. Нагадаем, што менавіта на старонках "ЛіМа" быў надрукаваны артыкул пра Курапаты, суаўтарам якога з'яўляецца Зянон Пазьняк.

Беларускі філосаф Валянцін Акудовіч сказаў, што ў "ЛіМа" былі розныя перыяды, але найбольш вядомы - гэта якраз пералом 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Чытачом "Літаратуры і мастацтва" з пачатку 1980-х гадоў быў беларускі мовазнаўца Зміцер Саўка. Ен расказаў нам, што, будучы студэнтам, штосуботу купляў тыднёвік у кіёску "Белсаюздруку" каля Купалаўскага тэатра. І для яго гэта быў прыемны рытуал.

Дарэчы, з 1957 года па 1970 год "Літаратура і мастацтва" выдавалася двойчы ў тыдзень. У гады вайны не выходзіла. Выданне адноўлена ў красавіку 1945 года. У 1982 годзе газета ўзнагароджана ордэнам «Дружбы народаў».

Свае першыя творы на старонках «ЛіМа» публікавалі Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Алесь Пісьмянкоў і іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты.

Літаральна перад юбілеем "ЛіМа" з'явілася навіна, што газета ўвойдзе ў склад выдавецкага дому "Звязда". Маўляў, яна прыносіць вялікія страты, і неяк трэба вырашаць эканамічнае пытанне. Адразу ж з'явіліся каментары, што гэты крок можа стаць пачаткам канца "ЛіМа". Але нягледзячы на ўсе меркаваныя перамены, газета, якую чыталі Янка Купала і Якуб Колас, захавае свае лепшыя традыцыі - так заявіла на прэс-канферэнцыі цяперашні галоўны рэдактар, маладая паэтэса Тацяна Сівец.

У цяперашні час заснавальнікамі выдання з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі, а таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі. Наклад "ЛіМа" - каля 3 тысяч асобнікаў.

Канешне, юбілей - гэта яшчэ і прызнанне заслуг. Супрацоўнікі і аўтары газеты атрымалі ўзнагароды ад яе сузаснавальніка - Саюза пісьменнікаў Беларусі. Цяперашні рэдактар «Звязды», які да нядаўняга часу ўзначальваў холдынг «Лiтаратура i мастацтва», пісьменнік Алесь Карлюкевіч быў уганараваны медалём «За вялікі ўклад у літаратуру».

ТБМ віншуе "ЛіМ" з юбілеем і зычыць рэдакцыі не забывацца на традыцыі канца 80-х - пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя.


Наступныя этапы Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Шаноўныя сябры і прыхільнікі жывога беларускага слова!

ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" працягвае правядзенне 5-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі і паведамляе, што наступныя этапы яе напісання адбудуцца 15 сакавіка ў 17.30 (2-і этап) і 23 сакавіка ў 19.30 (3-і этап, прысвечаны ўгодкам БНР). Запрашаем усіх далучыцца да такой значнай і цікавай падзеі, наведаўшы сядзібу ТБМ у вышэйназваны час (Румянцава, 13), дзе пройдуць 2-і і 3-ці этапы дыктоўкі.


20 год першай маркі Рэспублікі Беларусь

ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" праводзіць

21 сакавіка ў сераду імпрэзу, прысвечаную 20-годдзю першай маркі Рэспублікі Беларусь.

Сядзіба ТБМ, Румянцава, 13, Менск.

Пачатак у 17.30.

Уваход вольны.


125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна

Алесь Гарун (сапраўднае імя Аляксандар Уладзіміравіч Прушынскі; 11 сакавіка 1887 - 28 ліпеня 1920) - беларускі паэт, празаік, публіцыст, дзеяч беларускага Адраджэння пачатку XX стагоддзя.

Нарадзіўся ў фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менска) у сям'і чорнарабочага. Скончыў гарадскую прыходскую вучэльню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай вучэльні. З 1902 года працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску.

У 1904 годзе уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 годзе арыштаваны. 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прыгаварыла Алеся Гаруна да чатырох гадоў астрогу, як непаўнагадовага. Аднак пракурор апратэставаў пастанову судовай палаты, і ў ліпені 1908 г. Алесь Гарун быў асуджаны на катаргу. 6 лістапада катарга была заменена на дзевяцігадовую высылку ў Сібір. Высылку паэт адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай.

У Менск Гарун вярнуўся ў верасні 1917 года. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У 1919 годзе, пасля заняцця Менска палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У жніўні 1919 году ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады БНР.

У ліпені 1920 году, пасля паразы палякаў на Бярэзіне, БВК з'ехала з Менска ў Ваўкавыск. Там Алесь Гарун цяжка захварэў. Францішак Кушаль і Антон Аўсянік завезлі яго на фурманцы на станцыю. Санітарны цягнік вывез яго ў Кракаў.

Памёр 28 ліпеня 1920 г. Пахаваны ў Кракаве на вайсковых Ракавіцкіх могілках.

У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў Алег Латышонак. 24 верасня 1988 на месцы пахавання Гаруна быў усталяваны надмагільны помнік.

Пісаць пачаў з дзяцінства. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 годзе (газета «Наша Ніва»). Шмат вершаў ды апавяданняў публікаваліся ў газетах «Наша Ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах, яны атрымлівалі станоўчыя водгукі з боку крытыкаў (у прыватнасці, М. Багдановіча Я. Купалы).

Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (меўся быць выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе, але з-за вайны выйшаў толькі ў 1918, перавыданне 1929, факсімільнае выданне ў 1988), таксама зборнік «Жывыя казкі» (1920), куды ўвайшлі тры п'есы для дзіцячага тэатру: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921 годзе), «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданнем выйшла паэма «Мае каляды» (1920). Выступаў у друку як публіцыст.


Уладзіміру Крукоўскаму - 75

Уладзімір Крукоўскі , мастак-плакатыст, нарадзіўся 6 сакавіка 1937 г. у г. Асіповічы Магілёўскай вобл. У 1954 г. скончыў (з залатым медалём) сярэднюю школу ў м. Ружаны Берасцейскай вобл. Вучыўся ў Беларускім палітэхнічным інстытуце, служыў у войску, скончыў Віцебскі педінстытут (1972 г., мастацка-графічны факультэт).

З 1975 г. - сябар Беларускага саюза мастакоў. Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябар БНФ з дня заснавання.

Удзельнік шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх і замежных, персанальных і тэматычных выставаў плакату. Творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.

Аўтар (разам з Я. Куліком) эталона дзяржаўнага герба "Пагоня", а таксама сцяга і малой эмблемы БНФ.

Галоўныя журналісцкія публікацыі - у часопісах "Спадчына", "Наша вера", штотыднёвіках "ЛіМ", "Наша Ніва", газетах "Голас Радзімы", "Рунь", "Народная воля".

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў "Маладосць", "Мастацтва Беларусі", "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", "Спадчына" (1978-1998 г.г.).

Узнагароджаны медалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве".


Валянціна Церашкова адзначыла 75-годдзе

Валянціна Церашкова нарадзілася 6 сакавіка 1937 года ў в Масленнікава Тутаеўскага р-на, Яраслаўскай вобласці Расіі ў сям'і этнічных беларусаў.

Яна здзейсніла свой гістарычны трохдзённы палёт у космас у чэрвені 1963-га. У гонар Церашковай названы кратэр на Месяцы і малая планета. Цікава, што яна не хавае свае беларускае паходжанне, прызнаецца, што ў дзяцінстве гаварыла па-беларуску.

- Мая мама родам з вёскі Ерамееўшчына цяперашняга Дубровенскага раёна, а тата - з-пад Магілёва, - распавядае Церашкова. - Бацькі выехалі ў Цэнтральную Расію ў пачатку ХХ стагоддзя, бо дома не маглі пракарміцца.

Усе мае бабулі гаварылі па-беларуску, спявалі беларускія песні. З мяне самой у Яраслаўлі пасмейваліся, калі замест "открой дверь" гаварыла "адчыні дзверы".

Валянціна Церашкова - адна з найбольш славутых і выбітных беларусак, чыё імя павінна быць неаддзельным ад краіны Беларусь.


Амерыканская пісьменніца: Беларуская мова самая прыгожая ў свеце

Тэлеграф працягвае весці рубрыку, распачатую 21 лютага да Міжнароднага Дня роднай мовы, удзельнікамі якой з'яўляюцца грамадзяне іншых краін, якія спецыяльна і самастойна вывучылі беларускую мову. Гэтым разам прапануем вашай увазе гутарку з пісьменніцай і перакладчыцай са штату Паўночная Караліна (ЗША), рэдактаркай часопіса "Навіны" Паўднёва-Амерыканскай Асацыяцыі беларускіх даследаванняў, нейрафізіёлагам Джасцін Ралей ( Justin Rawley ).

Telegraf.by: Чым вас зацікавіла беларуская мова? Чаму вы вырашылі яе вывучаць?

Ралей: Я займаюся беларускай мовай толькі для сябе, але ж нядаўна стала рэдактарам часопіса "Навіны" Паўднёва-Амерыканскай Асацыяцыі беларускіх даследаванняў. Гэта - ангельска-беларускамоўны часопіс, хаця час ад часу, мы друкуем артыкулы на расейскай і польскай мовах.

Я пачала цікавіцца расейскай мовай з 15 гадоў, але не мела магчымасці размаўляць на ёй, бо не было расейскамоўных людзей ў тым месцы, дзе я жыла. Прыкладна 15 гадоў таму назад, з'явілася шмат эмігрантаў з былога Савецкага Саюза ў нашым раёне, і тады я пачала вывучаць расейскую мову больш сур'ёзна. Калі я гаварыла з гэтымі рускамоўнымі людзьмі, то таксама даведалася больш пра розныя рэспублікі былога Савецкага Саюза. Пазнаёмілася з беларусамі, і запытала іх, ці існуе асобная беларуская мова? Калі я ўпершыню пачула яе, вырашыла, што я хачу і павінна вывучаць яе, бо палічыла, што яна найпрыгажэйшая мова ў свеце (з усіх, якія я чула). Вось так я пачала вывучэнне беларускай мовы. Я часта жартую, што можа быць я гаварыла на ёй у мінулым жыцці і таму адчуваю такое моцнае прыцягненне да яе.

Напачатку я шукала матэрыялы, падручнікі, запісы і гэтак далей у інтэрнэце - i адразу знайшла падручнік для ангельскамоўных людзей Юркі Станкевіча. Я выкарыстоўвала яго для самастойнага вывучэння мовы, потым пачала займацца беларускай мовай праз Скайп, раз на тыдзень, з Хрысцінай, а потым, з Ірынай Марачкінымі, настаўніцамі, якія жывуць ў Менску. Гэтыя заняткі працягваліся амаль два гады і былі вельмі карысныя для мяне.

Тры гады таму назад Цэнтр беларускіх даследаванняў ў Паўднёва-заходнім каледжы Канзаса, абвесціў Першую Міжнародную летнюю школу беларускіх даследаванняў ў Гайнаўцы, Польшча. Я паступіла і ўдзельнічала ў гэтай школе, яна стала для мяне першым інтэнсіўным досведам, пад час якога, я размаўляла кожны дзень па-беларуску і жыла паміж беларускамоўных людзей. Пасля школы, студэнты мелі магчымасць паехаць на кароткі тур па Беларусі, а таксама ў Вільню (Літва). Наша група правяла тры дні ў Менску і пасля гэтага я вырашыла што, я б хацела працягваць вывучэнне расейскай і беларускай моў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Ірына Марачкіна дапамагла мне запісацца ва ўніверсітэт і знайсці кватэру ў Менску. Без яе, я б проста не змагла aжыццявiць маю мару жыць ў Беларусі. Такім чынам, пры яе дапамозе, я жыла і вывучала мову ў Менску шэсць месяцаў у 2010 годзе.

Mушу сказаць, што мой досвед на Беларусі меў перш за ўсё культурніцкі характар. Мае настаўніцы ва ўніверсітэце, якія выкладалі мне на расейскай і на беларускай мовах, былі выдатнымі. Я таксама мела магчымасць глядзець п'есы на беларускай мове ў тэатры Янкі Купалы, вывучаць беларускае літаратурнae вымаўленне з Зінаідай Бандарэнкай і мастацтва з Аляксеем Марачкіным. Мае сябры пазнаёмілі мяне з народнымі танцамі ў клубе "Жар-Птушка", што ў Парку Горкага. Я сустракалася з Алесем Разанавым, калі ён прыязджаў у Менск на Mіжнародную канферэнцыю беларусістаў, і абмяркоўвала з ім два мае пераклады ягоных твораў, над якімі я працавала пад час майго побыту ў Менску. Пасля гэтага, я адразу вярнулася ў Гайнаўку на Другую Міжнародную летнюю школу беларускіх даследаванняў. Там я прабыла пяць тыдняў, разам з сям'ёй, адной з маіх настаўніц беларускай мовы.

Зараз я працягваю вывучэнне беларускай мовы і літаратуры з Надзеяй Нотран (Сычуговай) з Менска, яна на працягу двух гадоў была запрошаным даследчыкам у Цэнтры беларускіх даследанняў ў Канзасе і зараз жыве ў Каліфорнiі. Таксама трымаю кaнтакт cа сваімі сябрамі ў Менску і Польшчы. У гэтым годзе ізноў адбудзецца ўжо Трэцяя Міжнародная летняя школа беларускіх даследаванняў у Гайнаўцы, у якой я планую ўзяць ўдзел яшчэ раз.

Telegraf.by: Як вы ацэньваеце моўную сiтуацыю ў Беларусі?

Ралей: Я мела магчымасць бачыць гэтую сітуацыю з пазіцыі назіральніка - як замежны чалавек. І заўважыла што, ёсць людзі, яны сустракаюцца рэдка, якія лічаць беларускую мову сваёй першай і галоўнай мовай. Для іх, расейская мова знаходзіццa на другім месцы. Іншыя размаўляюць на абедзвюх мовах, але яны так-сама сустракаюцца не часта. Есць жыхары Беларусі, якія паходзяць з іншых былых савецкіх рэспублік, якія не ведаюць беларускай мовы.

Мне здаецца, што большасць беларусаў майго ўзросту валодаюць беларускай мовай толькi на школьным узроўні, або ўвогуле абыякава ставяцца да яе. Сёння, iснуюць суполкі сярод моладзі, якія імкнуцца паставіць беларускую мову на першае месца ў жыцці, але ёсць іншaя моладзь, якaя абыякавая да беларускай мовы. Сярод людзей, якіх я сустракала на Беларусі, былі такія, якія здзіўляліся, што замежнік хацеў бы вывучаць беларускую мову, aле былі і такія, хто казаў мне, што беларуская мова не існуе, іншыя лічылі, што зараз мова занадта змешана з расейскай мовай, і таму яе можна лічаць толькі дыялектам. Сустракаліся і такія, што не размаўляюць і не разумеюць па-беларуску, часта блытаюць яе з польскай мовай (улучаючы эмігрантаў). Таксама ёсць людзі, якія глыбока шануюць беларускую мову, гісторыю і культуру Беларусi. Сярод шматлікіх разнастайных момантаў пад час майго жыцця на Беларусі, я асаблiва добра памятаю два прыклады, якія добра падкрэсліваюць моўную сітуацыю на Беларусі.

Перад тым, як выехаць з Беларусі, я вырашыла даслаць шмат рэчаў дадому, асабліва, зімнюю вопратку, запакавала рэчы i панесла некалькі скрыняў на пошту. На шостым месяцы майго навучання ва ўніверсітэце, я вырашыла засяродзіць сваю ўвагу толькі на беларускай мове, таму мне стала цяжка хутка пераключацца паміж дзвюма мовамі. Жанчына ў шапіку гаварыла па-расейску і я спыталася, ці я магу звяртацца да яе па-беларуску. Яе рэакцыя на пытанне, на маю думку, сведчыць пра тое, што яна, напэўна, саромелася таго, што не вельмі добра валодае беларускай мовай: яна засмяялася. Жанчына, якая стаяла за мной раззлавалася, і хоць я дакладна не памятаю ўсе яе словы, яна крычала нешта накшталт: "Чаму Вы думаеце што, гэта смешна? Гэтая жанчына хоча размаўляць з Вамі па-беларуску, а вы смеяцеся. Беларуская мова, адна з нашых дзяржаўных моў, і Вы павінны валодаць ёй і гэтак далей". Я з сорамам выйшла, спадзеючыся быць незаўважанай.

Чалавек у кватэры, што месцілася над маёй, рабіў рамонт - час ад часу да глыбокай ночы. Рамонт быў шумным і смярдзючым, асабліва калі ён клаў лак на падлогу. Аднойчы, позна ўвечары, я не вытрымала гэтага, і вырашыла знайсці пакой у гатэлі. Я спыталася ў кансьержкі, ці ёсць самы танны пакой, ці ёсць студэнцкая зніжка, ці засталіся пакоі, для тых, хто не палiць і г.д. Я заплаціла за пакой, і дала ёй пашпарт. Яна са здзіўленнем заўважыла: "Вы маеце амерыканскі пашпарт". Яна была рада даведацца што, ёсць такія замежнікі, якія вывучаюць беларускую мову.

Я ведаю шмат палякаў, некалькі ангельцаў, амерыканцаў і немцаў, якія размаўляюць па-беларуску вельмі добра, і таксама шмат беларусаў, якія нават не прызнаюць сваю мову. Можа быць гэта не зусім справядліва, але я прыдумала такі анекдот: "Як называецца чалавек у Беларусі, які размаўляе па-беларуску? - Замежнік".

Telegraf.by: Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?

Ралей: Наконт мовы ў Беларусі, мне здаецца, што шмат залежыць ад будучага палітычнага кірунку краіны. Калі я жыла на Беларусі, то заўважыла дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, існуе абыякавасць да мовы сярод людзей, і адначасова, ёсць "дыяспара" беларускамоўных людзей у Беларусі, якiя глыбока шануюць беларускую мову і яе літаратурную спадчыну. Есць беларусы і за мяжой, а таксама, і замежнікі, якія хочуць захаваць беларускую мову і культуру, але яны не шматлікія і не могуць самастойна выратаваць мову. Тут я б хацела працытаваць Алеся Разанава і зрабіць аналогію з тым, што Беларусь зараз знаходзiцца на раздарожжы паміж Захадам і Усходам (я маю на ўвазе ментальна, а не геаграфічна).

Людзі, якія хочуць захаваць савецкую сістэму і прытрымліваюцца савецкіх ідэяў - да мовы, да культуры - думаюць што, падтрымка мінулага гарантуе ім стабільнасць. Мне здаецца, што яны думаюць калі стануць часткай Расеі, то змогуць адбудаваць Савецкую імперыю і тым самым узняцца на больш вышэйшы ўзровень жыцця. На жаль, гэта не можа быць роўнае суiснаванне. Яны не заўважаюць, што Расея ўжо даўно прайшла гэты савецкі перыяд яе гісторыі. Іншыя людзі хочуць супрацоўніцтва з Еўропай, можа нават стаць сябрам Еўрапейскага звязу, пры гэтым захаваць сваю асобную беларускую ідэнтычнасць і культуру. Існуе таксама група людзей, якія хочуць стаць асобнай краінай, незалежнай ад эканамічнага ўплыву іншых краінаў.

Я думаю што зараз, выбар апошняга - быў бы самым цяжкім шляхам. У такім выпадку, застаецца толькі два рэальныя выбары - стаць ізноў "младшим братом России", або стаць асобнай краінай у нейкай еўрапейскай сістэме. Гэта можа быць Еўразвяз, ці іншы саюз ўсходне-еўрапейскіх краінаў. Калі Беларусь будзе працягваць шукаць сваю асобную ідэнтычнасць, то абавязкова адбудзецца Рэнесанс мовы і культуры, і наступнае пакаленне будзе менш абыякавым да сваёй ідэнтычнасці, а больш зацікаўленым быць "беларусамі".

telegraf.by. (Надрукавана з нязначным скарачэннем.)


Даследчык беларускіх замкаў

10 сакавіка 1942 года ў старажытным беларускім горадзе Мсціславе ў часы апошняй Сусветнай вайны ў настаўніцкай сям'і нарадзіўся адзін з волатаў беларускага Адраджэння канца ХХ стагоддзя, Міхась Ткачоў.

Яго бацька загінуў на фронце пад Ленінградам у 42-ім, а маці выйшла замуж другі раз за былога франтавіка, які выгадаваў Міхася як роднага сына, разам з двума сваімі сынамі.

Міхась добра вучыўся, хацеў стаць гісторыкам і вельмі цікавіўся мінуўшчынай роднага горада, асабліва ваеннай.. Ен пачаў сваю навуковую і журналісцкую кар'еру ў мясцовай газеце "Святло Кастрычніка", дзе друкаваў вынікі сваіх архіўных даследаванняў, асабліва матэрыялы пра дзейнасць мясцовых падпольшчыкаў і партызан. Яго дыпломную працу, якую ён абараніў на гістфаку БДУ, нават рэкамендавалі да друку. Потым была праца ў Жодзінскай школе і аспірантура ў Інстытуце гісторыі БССР, дзе малады гісторык стаў археолагам і даследчыкам ваеннай справы ў ВКЛ.

Да Міхася Ткачова савецкія археолагі нашых замкаў не вывучалі, часам нават знішчалі з дапамогай бульдозера верхнія пласты культурнага слою XIV - XVIII стагоддзяў, каб адразу дабрацца да так званага "дамангольскага перыяду" часоў Кіеўскай Русі.

Не вельмі шанавала руіны замкаў і мясцовае начальства. Іх называлі замкамі "літоўскіх феадалаў" і "польскіх паноў", а беларусам пакідалі "курныя хаткі" і хлявы, крытыя саломай.

І вось, дзякуючы нястомнай шматгадовай працы, Міхась Ткачоў, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі Позняга Сярэднявечча і Новага часу, абараніў спачатку кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыю па ваеннай гісторыі Беларусі XIII - XVIII стагоддзяў.

Яго кніга "Замкі Беларусі (ХІІІ-ХVІІ ст.), якую выдалі за сродкі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў 1977 годзе, выклікала вялізарную цікавасць у чытачоў і адразу стала рарытэтам. Беларускія чыноўнікі ўпершыню пачулі, што "Беларусь - гэта краіна замкаў". Менавіта тады прынялі рашэнне аднаўляць замкі ў Міры і Лідзе, а крыху пазней Стары замак у Гародні.

Шмат гадоў Ткачоў разам Лявонам Калядзінскім даследуе Віцебскі Верхні замак, а потым, разам з аўтарам гэтага артыкула - Крэўскі замак і Стары замак у Гародні. Знойдзеныя матэрыялы дазволілі Ткачову разам з іншымі археолагамі і рэстаўратарам Уладзімірам Угрыновічам выдаць на шасці еўрапейскіх мовах шыкоўны каляровы альбом "Беларуская кафля", а таксама ў 1987 кнігу "Замки Белоруссии", якая вытрымала некалькі перавыданняў.

З 1978 г. па 1989 г. ён пераязджае на сталае жыццё ў Гародню па запрашэнні гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Спачатку быў выкладчыкам, дацэнтам, праз дзесяць год абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам і загадчыкам кафедры. У 1986 г. узначаліў грамадскі краязнаўчы клуб «Паходня», што аб'яднаў мясцовую інтэлігенцыю, якая вывучала родную гісторыю, змагалася за захаванне і аднаўленне помнікаў беларускага дойлідства, у тым ліку замкаў.

Менавіта сябры клуба звярнулі ўвагу грамадскасці на гаротны лёс знакамітага Гальшанскага замка.

З 1988 года Ткачоў стаў грамадска-палітычным дзеячом. Ен бярэ ўдзел у выбарах у Вярхоўны Савет СССР (1989 г.) і Вярхоўны Савет (1990 г.) БССР. Двойчы выходзіў у другі тур, але стаць дэпутатам яму не давялося. Яго абіраюць у 1989 годзе намеснікам старшыні кіраўніка БНФ, а ў 1991 г. старшынём БСДГ (Грамада).

У 1989 годзе яго запрашаюць на працу ў Менск, загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі ў Беларускай Энцыклапедыі. У красавіку 1992 г. яго прызначаюць галоўным рэдактарам гэтай паважанай установы. Дзякуючы яму пачала выходзіць шматтомная энцыклапедыя «Гісторыя Беларусі», першая такая праца на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Нягледзячы на вялікую занятасць, Міхась Ткачоў напісаў у гэтыя выданні дзясяткі артыкулаў, найперш пра беларускія замкі. На жаль, у выніку цяжкай хваробы 31 кастрычніка 1992 года Ткачова не стала. Яго пахавалі на славутых Усходніх (Маскоўскіх) могілках. На яго надмагіллі адлюстроўваецца выява Мірскага замка, любімага замка Міхася Ткачова.

Прайшло дваццаць гадоў. Беларуская дзяржава зацвердзіла праграму па аднаўленні беларускіх замкаў. Мірскі і Нясвіжскі замкі ўнесены ў спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І ў гэтым ёсць заслуга Міхася Ткачова.

А. Трусаў , кандыдат гістарычных навук.


Міхась Ткачоў «ГРУНВАЛЬД» - ПАРОЛЬ СВАБОДЫ

(З сямейнага архіву)

Апавяданне "Грунвальд" - пароль свабоды" было знойдзена ў архівах Міхася Ткачова пасля яго смерці і апублікавана ў кнізе публіцыстыкі "Міхась Ткачоў. Паходня" ў 1994 годзе ў выдавецтве "Беларускай энцыклапедыі."

... Ноч з 14-га на 15-е ліпеня 1410 г. была цёмная і бурлівая. Прайшла жахлівая навальніца з праліўным дажджом. Хмары несліся па небе, то засланяючы, то прачышчаючы серп нованароджанага маладзіка. Віхура зрывала намёты, шкуматала абозныя фуры, круціла дым і попел сіпеўшых, залітых вадою агнішчаў. Асабліва начная нячыстая сіла прайшлася па лагеры крыжакоў, дзе некалькі шатроў вырвала з каламі, зашпурнула на высокае дрэва. Раніцай яны недарэчнымі сцягамі гойдаліся на разлапістых галінах як сведкі неўтаймаваных начных жарсцяў прыроды.

Над Вітаўтавым лагерам нібы сам Бог распрасцёр сваю ахоўную дзясніцу. Бура сюды не даляцела, і толькі дождж прайшоўся па паходных намётах, загнаўшы пад вазы тых, хто спаў, раскінуўшы рукі, на посцілках, проста на зямлі...

Раніцай адзін відушчы старац, які прыцягнуўся з абозам Вітаўта, расказваў воінам і шчыра бажыўся, што бачыў, як на Месяцы ў час навальніцы люта біліся кароль і манах. Кароль урэшце падужаў і скінуў манаха з Месяца долу. Маладыя, першы раз пры мячы, дружыннікі, вытарашчыўшы вочы і адкрыўшы раты, слухалі дзедаўскі аповяд. Старыя ж спакойна пасміхаліся ў вусы, правяралі зброю, пераміргваліся. Яны ведалі, што гэта работа мсціслаўскага пратапопа Лукі. Ен, каб прыўзняць настрой маладых воінаў перад бітвай, якая будзе для многіх першай і апошняй сечай, падаслаў свайго каліку-перахожага. Старац гэты неадступна хадзіў з мсціслаўскай харугвай ва ўсе паходы князя Лугвеня-Сямёна і рабіў сваю няхітрую, але патрэбную і карысную справу - падбадзёрваў людзей.

Князь прайшоў па абозе сваёй харугвы і, паклікаушы Луку, сказаў:

- Давай, ойча, адпускай ратнікам грахі. Адслужы малебен, умацуй дух і веру воінаў. Чуе мая душа - хутка пачнецца малацьба...

Пачуўшы пра малебен, воіны сталі тушыць вогнішчы, прама ля вазоў апраналі чыстыя, белыя палатняныя кашулі - на бой як на свята і на смерць! - аблачаліся ў кальчугі, калантары, зброі бляховыя, прылбіцы скурковыя і жалезныя. Твары суровелі на вачах. Яны на каленях выслухалі малітву і настаўленне Лукі. Пачалося адпусканне грахоў. Быў у Лугвеня і яшчэ адзін клопат: у мсціслаўскім палку ля сцяга будзе стаяць яго родны сын Юрый. Не хацеў ён яго браць з габою ў паход, рана яшчэ, толькі 13-я вясна за плячыма, дзіцё. Але сын так прасіўся, так угаворвалі Лугвеня яго дружыннікі, якія абяцалі пільнаваць сына, як вока ў ілбе, што князь здаўся. I вось цяпер даручаў дзядзькам-мсціслаўцам слова сваё спраўдзіць.

Тым часам дождж зноў пачаў было накрапваць, але ж неба праяснілася і пераможна заззяла сонца.

Усё войска Вітаўта і Ягайлы выстраілася ў тры лініі, ад чаго паміж імі ўтварыліся два калідоры - «вуліцы». Па іх насіўся на кані Вітаўт, падраўноўваючы сваіх ваяроў і выстройваючы іх у кліны. На пярэдняй вузкай лініі кожнага кліна стаялі лепшыя воіны, т.зв. «падхарунжыя», бо за імі размяшчаліся сцяганосцы. Сонца і вецер на вачах зрабілі з воінаў цуд: даспехі і шлемы, наканечнікі коп'яў то ільдзівіста свяціліся, то ўспыхвалі яркімі блікамі і тады хацелася прыжмурыць вочы ад іх нясцерпна зыркіх промняў. Рознакалёрныя плашчы-накідкі расквечвалі строй конных віцязяў, ігралі, пераступаючы і танцуючы, жарабцы-стаеннікі. Коні іржалі, прысядаючы, спрабавалі даць дыбкі, але цяжкая рука і шпоры-астрогі хутка ўтаймоўвалі іх маладую кроў. Над галовамі харунжых ірваліся з рук ад напору ветру палотнішчы сцягоў. Вітаўт іх ведаў на памяць: вось той з ярка-жоўтага шоўку-кітайкі з белай пагоняй на чырвомым полі - мсціслаўцы з князем Сямёнам. Вось тая зялёна-мурожная харугва - віцебская. Далей жоўта-чорная (жыццё і смерць) - храбрых палачан. А вось там кармазынавая - гарадзенская, а далей - валошкавая - з Бярэсця... Герб «Пагоня» лунаў над Вітаўтавымі шыхтамі і будзіў у душыы князя цвёрдасць духу і веру ў пераадоленне сёння, тут, клятых «братоў-хрысціян».

Ягайла яшчэ маліўся ў сваёй капліцы-намёце, калі прыйшлі першыя звесткі аб тым, што крыжакі рушылі.

Выцягнуўшыся ў адну лінію на некалькі кіламетраў, строй рыцараў спыніўся. Так абодва войскі стаялі да палудня. Тады вялікі магістр Ульрых фон Юнінген па парадзе герольдаў, як выклік на бітву, адправіў Вітаўту і Ягайлу два мячы. Герольды, прыведзеныя да Ягайлы, звярнуліся да яго с такімі словамі:

- Гаспадар! Магістр пасылае табе гэты меч, а другі меч мы павінны перадаць брату твайму, Вітаўту, якога мы хочам убачыць асабіста.

Хутка з'явіўся Вітаўт, якому таксама быў уручаны меч. Той моўчкі ўзяў яго ў рукі, паспрабаваў вастрыню і пільна зірнуў герольду ў вочы. Той позірка не адвёў і ўрачыста мовіў:

- Вялікія гаспадары! Магістр і маршал пасылаюць вам гэтыя мячы ў дапамогу і запрашаюць на бітву, і просяць вас, каб вы або самі выбралі месца для бітвы ці аддалі гэта права ім самім. Навошта сядзіце ў лесе, калі бітва ўсё роўна непазбежна.

Ягайла і Вітаўт на гэта горда адказалі:

- Мячы прымаем! I біцца гатовы, выбар жа месца аддаем у рукі Бога!

Ягайла гаворыць пароль: «Вільня» - «Кракаў» і пасылае прыдворных рыцараў з гэтым паролем да камандзіраў усіх харугваў. Гэта - сігнал выступаць. Для таго, каб у гарачцы бою адрозніць сваіх воінаў ад чужынцаў, загадана ўсім прывязаць да правага пляча пучкі саломы. Кароль пачаў пасвячаць у рыцары маладых вояў і паспеў ашчаслівіць больш за 1000 чалавек, калі раздаўся залп нямецкіх гармат - бітва пачалася. Але пачалася яна незвычайна. Адзін з наёмных чэшскіх атрадаў, уражаны сілай крыжакоў, пакінуў войска Ягайлы і перабег да рыцараў Конрада фон Юнінгена. Аднак вялікі магістр сказаў начальніку чэхаў:

- Я не Хрыстос, і мне не патрэбны Юда!

Атрад, раззлаваўшыся, вярнуўся да Ягайлы, які загадаў перабежчыкаў не чапаць, адклаўшы суд на потым.

Маладыя рыцары Вітаўта гарачылі коней, падымалі на дыбкі, насіліся перад строем баявых сяброў, наддаючы сабе смеласці, а ворагу - страху. Ад конскіх скачак узняўся пыл, ды раптам пырснуў невялікі дождж, які прыемна астудзіў гарачыя твары і абмыў даспехі Вітаўтавага рыцарства.

Вітаўт даў сігнал: зайгралі сурмы, загрымелі сігнал атакі бубяністыя дабышы, ударыўшы ў бубны-катлы. Войска ўраз выдыхнуўшы: «Багародзіца! Памагай!» - рушыла сталёвай шчэццю капейшчыкаў. Аднак, ламаючы лінію атакі, з левага і правага флангаў Вітаўтавага войска вырвалася конніца: злева - старшага гетмана князя з Падоліі Івана Жэдзявіда, стрыечнага брата Вітаўта, справа - дворнага гетмана Яна Гаштольда. За імі, з крыкамі «Алах, алах!» паляцелі татарскія харугвы і той-сёй з чэхаў.

Вітаўт з радасцю ў вачах пазіраў за імклівым лётам коннікаў і раптам убачыў са свайго пагорка, як коннікі адзін за другім, а то і групамі сталі знікаць з відавоку. Быццам нябачная нячыстая сіла змятала іх з даліны або глытала ў нейкую прорву.

- Воўчыя ямы! - апякла чало маланкавая думка. - Воўчыя ямы... - Вітаўт з роспаччу і крыўдай, найперш на сябе («не ўтрымаў! не разведаў!»), а потым на тых, хто так, аказалася, бяздумна паляцеў на ворага, глядзеў, як набіваліся ў нябачныя адсюль і пэўна добра замаскаваныя пасткі і вішчэўшыя і храпеўшыя ўзбітыя на вострыя калы гарачыя коні. Чуў, як крычалі няшчасныя ваяры, пасаджаныя на палі, з пераломанымі хрыбтамі, нагамі, рукамі. «Прымі, Госпадзі, тваіх рабоў і супакой іхнія душы», - перажычкаўшыся, прамовіў пра сябе Вітаўт. Ен загадаў падаць сурмамі сігнал: «Войску спыніцца!»

Парушаны строй сваёй раці князь абляцеў умомант. Праносячыся перад воямі, ён з непакоем глядзеў на твары людзей, сустракаўся вачамі з падхарунжымі. З радасцю адзначыў, што разгубленых і напалоханых твараў не было.

- Стаяць, стаяць! - камандаваў Вітаўт, - Няхай крыжакі спускаюцца да нас у даліну. Тут сустрэнем і прывецім, чым Бог паслаў! - I ён стралою панёсся на вяршыню пагорка.

Крыжацкая раць, не вытрымаўшы стаяння войска праціўніка, пачала спускацца з пагорка. Яна рассеклася на некалькі груп, якія абцякалі воўчыя ямы, абламаўшы лінію атакі. Прычакаўшы зручнага моманту, Вітаўт рушыў свае шыхты.

Першае сутыкненне было імклівым, страшным, засцервянелым крыкам. Палачане крычалі: «За святую Сафію!» Віцебскія дзядзькі - «За добрае Дабравешчанне!» Менчукі з заслаўскімі парубкамі - «За найяснейшую дзеву Марыю!»

Першы ўдар быў нанесены коп'ямі. Калі яны паламаліся, узяліся за мячы, булавы, цапы і сякеры. Па ўсяму фронту Вітаўтавага войска разгарэлася страшная сеча..

Здаецца, не надоўга вялікі князь спусціўся з пагорка, як прапусціў момант, калі немцы раптоўна нанеслі з засады ўдар сваім конным рэзервам. Па гуку бітвы, па яе страшнай мове з мычаннем, іржаннем, перадсмяротнымі крыкамі ён зразумеў, што адбылося нешта благое і непажаданае. Узляцеў на свой камандны пагорак - так і ёсць! Карціна на полі рэзка змянілася. Конная жалезная сцяна спачатку затрымала яго пехацінцаў і рэдкія групы вершнікаў, а потым адкінула назад і... пагнала, высякаючы ззаду цяпер ужо нястрашную і лёгкую здабычу. Толькі на самым правым флангу ўтварыўся віруючы кацёл, дзе ішла сеча да апошняга, на смерць. Гэта білася групоўка мсціслаўскага князя Сямёна-Лугвеня - мсціслаўцы з аршанскім і смаленскім палком. Мсціслаўцы стаялі да апошняга, баронячы не толькі сябе, але і юнага князя Юрыя, сына Сямёнава. На радасць Вітаўта ўцекачы з яго войска ўляцелі ў свой табар і з-за вазоў пачалі даваць крыжакам цесны адпор. Адступленне спынілася. Але рыцары пераацанілі свой поспех. Пакуль яны спявалі гімн «Хрыстос, уваскрос...», Вітаўт кінуў Лугвеню Мсціслаўскаму дапамогу, а потым падаспелі і польскія конныя гуфы. Хутка з немцамі на правым крыле было пакончана.

Тым часам з воўчых ям сталі даставаць уцалелых і пакалечаных ваяроў. Прынеслі Івана Жэдзявіда з паламанай нагой і найвышэйшага гетмана Ягайлы пана Сокала Чэха. Стары рубака Жэдзявід плакаў ад злосці і крыўды, што так недарэчна трапіў на хітрасць немцаў і выбыў з бітвы. У пана Сокала былі прабіты грудзі. Кроў пухірылася на вуснах, твар на вачах бляднеў і ён хутка адышоў у райскія нябесныя сады. Князя ж Івана паклалі на палатняныя конныя насілкі і адправілі ў абоз, дзе ён, аднак, хутка сканаў, бо яго дрэнна агледзелі і не знайшлі смяртэльную рану ў баку.

Пасля гэтага пагрому, які ўчыніў Вітаўт, галоўныя падзеі разгарнуліся ў бітве Ягайлавага войска з астатнімі сіламі Ордэна. Бой цягнуўся некалькі гадзін. Каля пяці гадзін вечара праціўнік стаў паддавацца і паварочваць у бок свайго абозу. У гэты крытычны момант вялікі магістр сам узначаліў 15 рэзервовых харугваў і паспрабаваў схіліць няўстойлівае ваеннае шчасце на свой бок. Доўга лёс варажыў аднаму і другому боку, але ўрэшце войска Ягайлы і Вітаўта стала адужваць. Яно ўтварыла немцам жалезны крывавы «кацёл» і дабівала раз'ятранага звера, калі ўжо промні ападаўшага сонца абвясцілі канец гарачаму дню. Сам вялікі магістр Ульрых фон Юнінген паў ад рукі татарскага хана Багардзіна, які баявой сякераў паставіў апошнюю кропку ў хроніцы жыцця «брата Ульрыха»... Многія яго паплечнікі-дваране і простыя воіны-кнехты кінулі зброю і здаліся ў палон. Частка конных рыцараў вырвалася з акружэння, і іх пагнала ў глыб Ордэнскіх зямель лёгкая конніца саюзнікаў. Толькі ліпеньская цемра ўратавала тых, каму суджана было жыць далей...

... Назаўтра, з першымі промнямі сонца на полі брані пачалі рахаваць плён крывавай працы: зносілі ў табары пад дагляд і апеку манахаў параненых, збіралі сваю і чужую зброю (кожны меў права ўзяць сабе тое, што хацеў - трафеі!). Капалі дол і складалі ў братнія скудзельніцы забітых сяброў, таварышаў, знаёмых і проста радню, зямлякоў. Курыўся ладан кадзіла паходнай капліцы. Святары адпявалі загінулых. Мсціслаўцы хавалі сваіх у двух вялікіх магілах. Перад адной на каленях стаяў юны князь Юрый і плакаў. У магіле зверху ляжаў яго дваровы дзядзька Іван Москевіч, з вёскі Пустынкі. Там Юрый праходзіў з маленства «дзядзькаванне»: вучыўся араць, сеяць, касіць, хадзіць на паляванне, рос з дзецьмі дзядзькі Івана, насіў, як і ўсе, доўгую і простую палатняную адзежу. Такая тады была традыцыя. У 12 гадоў залічалі ў падлеткі: вялікая прасторная хата дзядзькі Івана здавалася Юрыю больш утульнай, цёплай, роднай, і таму ў княскім цераме на Замкавай гары моцна тужыў па Пустынках і ўсё пазіраў з гарадской сцяны туды, за рэчку, на смалатарню, ад якой да Пустынак рукой падаць...

I вось дзядзькі Івана няма! Ён засланіў сабой маладога князя ў ракавую хвіліну, калі немцы прасеклі ў шыхце мсціслаўцаў ход да іхняга сцяга і гатовы былі праверыць мячамі бліскучыя даспехі Юрыя. Меч рыцара слізгануў па яго шлеме і ўрэзаўся ў неабароненую шыю.

Да рэшткаў мсціслаўскай харугвы, што зшыхтавалася ля братніх магіл, падышлі князь Сямён-Лугвень і Вітаўт,

- Ну вось і мае людзі, - стомлена сказаў Лугвень і азірнуў строй. Рэдка каторы з воінаў быў непаранены: у каго рука, у каго чало ці плячо бялелі белым кужалем павязкі. На тварах ва ўсім абліччы воінаў былі бачныя сляды іхняй бязмернай цяжкай ратнай працы.

- Мала ж вас засталося, воі, - прамовіў Вітаўт. - Адны недасекі...

- А нас ніхто і ніколі не высякае, - адазваўся адзін з моцных дзядзькоў. - Такія мы - мсціслаўцы, нязводныя.

Вітаўт усміхнуўся і паківаў галавой:

- Дай жа, Бог... цяпер і навекі...

- А гэта мой сын, - падняў з калень Юрыя Лугвень. - Атрымаў першае хрышчэнне мячом. Уцалеў, але іншыя за яго паляглі... Чатырнаццаты гадок яму.

- А я таксама трох добра параніў, - раптам адказаў княжыч. - А аднаго, казалі людзі, што і ўлажыў, з лука.

- Ну, калі ўсё так, як ты гаворыш, то быць табе знатным ваяром. Як будзеш жаніцца - не забудзь вялікага князя гукнуць на вяселле. Я, такі - прыеду...

I паляпаўшы па плячуку Юрыя, Вітаўт рушыў далей. Войска пераможцаў рыхтавалася да параду. Сонца ўзнялося на паўдзённую вышыню...


Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У гэтай сітуацыі частка беларускай моладзі, калі дазвалялі на тое матэрыяльныя ўмовы, выязджала перш за ўсё ў Прагу Чэшскую 6, а таксама ў Менск і Берлін. Падтрымка чэхавлавацкага ўраду для беларускай супольнасці, у т.л. у вобласці падрыхтоўкі моладзі, знайшла выражэнне ў прызначэнні стыпендый студэнтам-беларусам. У 1921 г. было прызначана 35 стыпендый. У 1922 г. лік іх вырас да 50, а ў 1923 г. - да 100 (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 18. л. 62).

Як я ўжо згадвала, найбольш шкоднай з пункту гледжання польскай дзяржавы была эміграцыя ў БССР, дзе цаной за атрыманне стыпендыі і многіх прывілей было прыняцце ідэалогіі марксізму. Такім чынам беларуская моладзь падпадала пад камуністычны ўплыў, што паглыбляла яе варожыя адносіны да "буржуазнай" Польшчы Студэнты-беларусы ва ўніверсітэтах у Польшчы і па-за яе межамі стваралі шматлікія арганізацыі рознага ідэалагічнага профілю, часта звязаныя з кірункамі рэпрэзентаванымі беларускім палітычным рухам у ІІ Рэчы Паспалітай. У Віленскім універсітэце, у якім была адкрыта Кафедра славянскай філалогіі дзейнічаў Саюз студэнтаў-беларусаў. Гэтае таварыства ўзнікла пад уплывам заснаванай у 1930 г. у Вільні арганізацыі "Цэнтрасаюз", прызнаванай за "паланафільскую" і характарызаванай як "беларуская санацыя" 7.

У наступныя гады ўплыў у Саюзе займела аднак беларуская хрысціянсская дэмакратыя (БХД), якая стаяла на грунце барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі ( гл. Папроцкая, 1995, с. 18). У выніку ідэалагічных розніц сярод студэнтаў у Віленскім універсітэце ўзнікла новае аб'яднанне пад назвай "Скарына", якое падтрымлівала блізкія кантакты з польскімі арганізацыямі, у т.л. з "Вільненсіяй", "Пілсуд'яй" і "Красоўяй". У 2 нумары выдання гэтай арганізацыі з назвай "На варце", у артыкуле "Ад рэдакцыі" аўтар апісваючы этапы беларускага адраджэнцкага руху даходзіць да высновы, што "цяпер усе сваркі павінны змоўкнуць", а галоўнай задачай павінна стаць абуджэнне і падтрымка нацыянальнай свядомасці. Здаючы сабе справу з сённяшніх умоў жыцця ў Заходняй Беларусі трэба зрабіць, як сцвярджае аўтар, адну лагічную выснову: "Час ствараць найвышэйны беларускі пазітывізм, як стваралі яго палякі ў канцы ХІХ стагоддзя і ўкраінцы ў аўстрыйскія часы" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 245).

У 1937 г. акадэмічныя ўлады распусцілі аб'яднанне "Скарына". Пратэстам супраць гэтага факту было заснаванне часткай беларускіх студэнтаў Таварыства імя Францішка Скарыны, якое было разгромлена Саюзам студэнтаў-беларусаў, звязаным з хадэкамі і выступаўшым супраць супрацоўніцтва з Польшчай. Непасрэдна звязаным з хадэцкай ідэалогіяй было выданне часопіса да 20-х угодкаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. незалежнасці Беларусі і ў гонар той гістарычнай даты названага "25 сакавіка". Ва ўступным артыкуле чытаем у т.л.: "Распачынаючы новы школьны год беларуская акадэмічна моладзь пастанавіла распачаць актыўную працу на ніве сваёй Бацькаўшчыны, абапіраючыся на ідэалы акту 25 сакавіка (........) Але акрамя ідэі незалежнасці, якая віруе ў беларускім народзе (.....) сілы народу выкарысталі нашы ворагі для чужой нам барацьбы за чужыя інтарэсы. Вялікія рэзервы палітычных сіл народу знайходзяцца пад гіпнозам камуністычнага Ўсходу і фашысцкага Захаду (......) Супрацьдзейнічаючы марксісцкай і фашысцкай ідэалогіі як чужым і варожым канцэпцыям імперыялізму студэнты-беларусы прызнаюць за сэнс сваёй дзейнасці хрысціянскую ідэалогію поўнай дэмакратыі...." (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1937, s. 441-442).

У "Гадавіках Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні", якія выдаваліся ад 1936/1937 акадэмічнага году, названа таварыства студэнтаў-беларусаў, ахарактарызаванае як ідэйна-выхаваўчае, пад назвай "Беларускі акадэмічны саюз". Яно было пад апекай кіраўніка кафедры славянскай філалогіі прафесара Эрвіна Кашмедзева. Пададзеныя ў "Гадавіках..." статыстычныя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што ў 1936/1937 і 1938/1939 гадах былі ва ўніверсітэце ў Вільні 94 студэнты-беларусы. Колькасць іх на канкрэтных аддзяленнях падаецца наступная: гуманітарнае аддзяленне - 5 чалавек, права і грамадскіх навук - 26, тэалагічнае - 3, матэматычна-прыродазнаўчае - 21, лекарскае - 21, прыгожых мастацтваў - 1, сельскагаспадарчае - 15, фармацэўтычнае - 2 ("Roczniki Uniwersytetu... 1936/1937, s. 238; 1938/1939, s. 63").

Захаваныя статыстычныя звесткі Познаньскага ўніверсітэта, якія датычыліся студэнтаў, што размаўлялі на беларускай мове, падаюць, што ў 1921-1923 гадах штогод тут вучылася ад 1-5 чалавек беларускага паходжання. Пра існаванне пэўнай групы студэнтаў-беларусаў у Берлінскім універсітэце сведчыць факт, што ў 1931/1932 акадэмічным годзе там узнік Саюз студэнтаў-беларусаў. Гэты Саюз праз газету "Беларуская крыніца" запрашаў на вучобу ў Германіі, падаючы ўмовы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама кошты знаходжання за мяжой.

Адсутнасць вычэрпвальных матэрыялаў у першакрыніцах і апрацовак, якія датычаць беларусаў, што вучыліся ва ўніверсітэтах не дазваляе падрабязна разгледзець гэтае пытанне. Прадстаўленыя звесткі дазваляюць толькі паказаць мажлівасці, якімі карысталася беларуская моладзь для атрымання вышэйшай адукацыі і грамадскага становішча. Гэты даволі павольны паступальны працэс узнікнення пласту беларускай інтэлегенцыі, які назіраўся ў 30-х гадах, быў перапынены выбухам ІІ Сусветнай вайны. Вайна, як пазнешыя гады камуністычнай улады зрабілі немажлівым далейшае развіццё базавага і сярэдняга школьніцтва на нацыянальнай мове. У Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы абавязковай была руская мова, як у школьніцтве сярэднім, так і вышэйшым. Уключэнне беларускага грамадства на мінулае паўстагоддзе ў арбіту савецкай навукі і культуры знайшло адлюстраванне ў канкрэтным стваўленні беларусаў да ўласнай культурнай спадчыны і ў выбары кірункаў нацыянальнай палітыкі маладой Рэспублікі Беларусь.


6 Сувязі беларускіх дзеячоў з Чэхаславакіяй датуюцца ад перыяду ўзнікнення ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, а дакладней ад расколу, які ў снежні 1919 г. наступіў у Радзе БНР на прыхільнікаў канцэпцыі федэрацыйнай бельведэрскага лагера Юзафа Пілсудскага і яе праціўнікаў, якія прызнавалі польскую прысутнасць на беларускай зямлі як акупацыю. Гэтыя астатнія перанеслі новаўтвораную Раду і яе кіраўніцтва ў Літву Ковенскую, атрымаўшы на гэтай тэрыторыі шырокую палітычную аўтаномію, гаспадарчую і культурную. Ковенскі палітычны асяродак падтрымліваў блізкія стасункі з Чэхаславакіяй. У 1923 г. частка кіраўніцтва пераехала ў Прагу. Роспуск Рады БНР і прызнанне Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі Саветаў за адзінага прадстаўніка беларускага народу адбыліся у 1925 г.

7 Група дзеячоў, згрупаваных вакол Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага, заснавала ў 1930 г. у Вільні арганізацыю пад назвай "Цэнтрсаюз" ("Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый") і пачала выданне часопіса "Наперад", пазней "Беларускі звон". А. Луцкевіч бачыў магчымасць рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў беларусаў ў палітычных умовах ІІ Рэчы Паспалітай. "Цэнтрсаюз" займаўся стварэннем бібліятэк і чытальняў на вёсцы, распаўсюджаннем літаратуры праз выданне "Сялянскай бібіятэкі". У 1933 г. "Цэнтрсаюз" арганізаваў Таварыства беларускай асветы, якое выдавала часопіс "Родны край". Супраць "Цэнтрсаюза" выступалі як хадэкі, так і камуністы ды іншыя беларускія групоўкі.

(Пераклад з польскай Станіслава Судніка.)

Ванда Папроцкая,

Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава


100 гадоў з дня нараджэння Тараса Хадкевіча

Хадкевіч Тарас , беларускі пісьменнік, нарадзіўся 07.03.1912 г. у вёсцы Шайцерава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Полацкім педагагічным тэхнікуме (1927-1929), у Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931-1933). Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына» (1929-1931), «Чырвоная змена» (1933-1934), «Звязда» (1936-1941). Служыў у Чырвонай Арміі (1934-1936). У час Вялікай Айчыннай вайны ў якасці камандзіра звяза прымаў удзел у баях пад Вялікімі Лукамі, Тарапцом. У канцы верасня 1941 г. быў паранены і трапіў у палон. Удзельнічаў у інтэрнацыянальным руху Супраціўлення на тэрыторыі Германіі. Тройчы ўцякаў з палону (апошні раз, на пачатку траўня 1945 г., паспяхова). Працаваў у газетах «Звязда» (1945-1950), «Літаратура і мастацтва» (1950-1951), літкансультантам СП БССР (1953-1972). Сябар СП СССР з 1947 г. Аўтар апавяданняў і аповесцей.

У 1925 г. выступіў у друку з вершамі (часопіс «Малады араты»). Выдаў зборнік паэзіі «Смялей, таварыш!» (1932). Першае апавяданне апублікаваў у 1945 г. Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей «Братэрства» (1948), «Вяснянка» (1949), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Сад у квецені» (1966), «За акном дождж» (1967), раманы «Даль палявая» (1959), «Песня Дзвіны» (1975)...

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1972).

Памёр 14.08.1975 г.


Не замовілі беларускамоўнае праграмнае забеспячэнне, а цяпер апраўдваюцца

Сп. А. А. Сіваку,

Начальніку Беларускай чыгункі

220030, г. Мінск, вул. Леніна, 17

Аб выкарыстанні дзяржаўнай беларускай мовы ў электрацягніках "Гарадскіх ліній"

Паважаны Анатоль Аляксандравіч!

Напрыканцы мінулага года Беларуская чыгунка пачала эксплуатацыю новых электрацягнікоў, закупленых у Швейцарыі, і стварыла новую чыгуначную структуру пад назвай "Гарадскія лініі".

Аднак аўтары гэтага праекта забыліся, у якой краіне будуць дзейнічаць гэтыя лініі, бо ў візуальным афармленні гэтых цягнікоў і нават на чыгуначных білетах дзяржаўная беларуская мова цалкам адсутнічае. Цікава, што месца для англійскай мовы ў інтэр'ерах вагонаў новых электрычак знайшлося.

Складваецца ўражанне ? што людзі, адказныя за візуальную і галасавую інфармацыю на "Гарадскіх лініях" не жывуць у Беларусі і не падзяляюць думкі Кіраўніка Беларускай дзяржавы А. Г. Лукашэнкі: "На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны".

Таварыства беларускай мовы спадзяецца, што ў новым, 2012 годзе, гэта прыкрая недарэчнасць будзе выпраўлена.

Дасылаем рускамоўны білет на паездку ў цягніку "Гарадскіх ліній".

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Грамадскае аб'яднанне

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Аб інфармаванні

Ваш зварот па пытанні выкарыстання беларускай мовы ў электрацягніках «гарадскіх ліній» разгледжаны.

Праграмнае забеспячэнне дзеючай інфармацыйнай сістэмы электрацягнікоў гарадскіх ліній ЭП Г дазваляе адлюстроўваць інфармацыю на відэаманіторы і табло на чатырох мовах. У цяперашні час беларуская мова ў моўны пакет праграмнага забеспячэння не ўваходзіць.

Аб'ява прыпынкаў па сістэме ўнутрысалоннага абвяшчэння ажыццяўляецца на беларускай мове.

Са знешняга боку на галаўных вагонах электрацягнікоў нанесеныя лагатыпы фармату гарадскіх ліній, якія суправаджаюцца надпісамі на трох мовах, у тым ліку і беларускай.

Праязны дакумент "на адну паездку" ў электрацягніках ЭП Г быў распрацаваны ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, узгоднены з Дэпартаментам дзяржзнакаў Міністэрства фінансаў і зарэгістраваны ў Дзяржрэестры бланкаў строгай справаздачнасці за № 4276.

Першы намеснік Начальніка

Беларускай чыгункі У.Б. Міхайлюк.


Сустрэча ў Лагойску

У межах выканання праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці" старшыня ГА ТБМ А.Трусаў і першы намеснік старшыні ТБМ А. Анісім наведалі г. Лагойск Менскай вобласці 27 лютага 2012 г. з мэтай правядзення круглага стала "Праблемы краязнаўства на Лагойшчыне". Арганізатарам і актыўным удзельнікам была дырэктар Лагойскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея імя братоў Тышкевічаў Святлана Гамеза.

Мерапрыемства адбылося ў памяшканні музея, які знаходзіцца ў будынку раённага цэнтра культуры, дзе прысутнічала звыш 30 чалавек. Удзел у абмеркаванні актуальных праблем прынялі краязнаўцы з раёна, сярод якіх былі настаўнікі, экскурсаводы, работнікі аддзела культуры, бібліятэкары, музейныя работнікі і навучэнцы школ з г. Лагойска.

У выніку абмеркавання нарадзілася ідэя стварыць групу, якая б ініцыявала працэс адбудовы Лагойскага палаца. Усе прысутныя ўхвалілі гэтую прапанову і выказалі жаданне прыняць у ёй удзел.

Падчас сустрэчы былі раздадзены календары з выявамі братоў Тышкевічаў і Лагойскага палаца, помніка архітэктуры ХІХ ст. Прысутныя атрымалі на памяць аб сустрэчы нумары газеты "Наша слова" з гістарычным і народным календарамі.

Наш кар.


5-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў "Беларускай хатцы"

6 сакавіка ў Лідскім каледжы прайшла імпрэза, якая аб'яднала ў сабе этнаграфічную вандроўку і Агульнанацыянальную дыктоўку. Ініцыятарамі імпрэзы былі цыклавая камісія філалагічных дысцыплін Лідскага каледжа і арганізацыя ТБМ каледжа.

У музейны пакой пад назвай "Беларуская хатка" прыйшлі сем навучэнак з малодшых груп каледжа, якія вывучаюць беларускую мову і літаратуру.

"Беларуская хатка" знайходзіцца ў інтэрнаце каледжа, па адрасе: Грунвальдская, 3, якраз насупраць замка. Ніякія знешнія экскурсіі сюды амаль не ходзяць - студэнцкі інтэрнат усё ж, хаця...

Напачатку была праведзена этнаграфічная вандроўка, падчас якой успаміналіся назвы розных рэчаў, якія некалі прымяняліся ў беларускім побыце - вясковым і гарадскім.

Пасля дзеці напісалі беларускую дыктоўку. Удзельнікам былі раздадзены фірмовыя асадкі і аркушы паперы ад "Белсату" з выявамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. Пісалі верш "Родная мова" Максіма Танка. Чытала дыктоўку старшыня цыклавой камісіі, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Марына Ўладзіміраўна Янаш.

Пасля дыктоўкі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік правёў з удзельнікамі невялікую віктарыну па печы. Прыемна, што агулам дзеці яшчэ могуць назваць практычна ўсе дэталі печы: і комін, і засланку, і юшку...

У якасці падарункаў удзельнікі імпрэзы атрымалі календары з выявай Лідскага замка, выдадзеныя ТБМ.

Наш кар.


Гамонка ў цягніку "Трырымск - Бярозаўск"

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

I падумаў Слухач, пачуўшы аповед Каранастага, гэта ж якое шчасце, калі ты незалежны эканамічна ад нечай прыхаці ці капрызу, ці нават ад наўмыснага гвалту якімісьці недабразычліўцамі і нават пагрозлівымі намерамі завалодаць тваёй зямлёй, тваім домам, тваёй гаспадаркай, якой аддаў многія гады жыцця, зрабіць цябе прыгонным парабкам, які не бачыць свету за працай, цяжкай і знясільвальнай, без абароны тваёй годнасці, калі цябе могуць растаптаць маральна і нават фізічна.

Эканамічна свабодны чалавек заўсёды паважаны суседзямі, якіх і ён паважае. Эканамічна свабодны чалавек выхаваны працай. Ен найперш цэніць не толькі працу сваіх рук, але і радуецца плённай працай суседзяў, рады ім дапамагчы, і тыя яму таксама адказваюць узаемнасцю. Наладжваецца цудоўнае добрасуседства і прыязнь.

Вядома ж у кожным грамадстве ёсць людзі больш паспяховыя, таленавітыя, дбайныя і заможныя. Але ж ёсць і такія, якім патрэбна дапамога грамадства, калі яно дастаткова спагадлівае, выхаванае, добразычлівае да слабейшых і пакрыўджаных прыродай. У народзе кажуць: "Не параўняў Бог дрэвы ў лесе, не параўняў Ен і людзей". Такім людзям створаны жыццёвы прытулак з патрэбнымі ўмовамі жыццядзейнасці і іх развіцця. На шчасце, падумаў, Слухач, такіх людзей у яго краіне няшмат.

Высокі: "Скажыце, калі ласка, як скарыстоўваюцца дасягненні навукі?"

Каранасты: "Я ў адной асобе і аграном, і інжынер, і эканаміст, і заатэхнік. Бухгалтэрыю вядзе жонка, і гэтай справе вучыцца малодшая дачка, якой планую перадаць у спадчыну ўсю гаспадарку, вядома, разам з зямлёй. Ветэрынарную лабараторыю запрашаю з ветстанцыі, якая праводзіць кантроль за жывёламі і якасцю прадукцыі. Таксама запрашаю раз на два гады і аграхімічную лабараторыю па даследаванню глебы, што дазваляе больш рацыянальна весці земляробства. Каля дому стаіць невялікая вежа, якая вышэй за дом, і на ёй усталявана тэлевізійная камера для навакольнага агляду. Тутака знаходзіцца і маланкаадвод. Не выходзячы з дому, маю магчымасць агляду наваколля, што вельмі зручна ўлетку, калі на пашы жывёла. Такая ж камера ўсталёвана і ў кароўніку, што таксама патрэбна на перыяд расцёлу.

Для збору насення пустазелля з поля скарыстоўваю адмысловы камбайн, які збірае зерне разам з мякінай у бункер, а салома можа здрабняцца і рассыпацца па полі, альбо збірацца ў копы. Гэта ў залежнасці ад гаспадарчых патрэб. Яшчэ зручнасць такога камбайна ў тым, што транспартуе зерне з мякінай на ток для дапрацоўкі і сушкі. Адлегласць з поля да току не перавышае паўкіламетра. Сушка ачышчанага зерня праходзіць неадкладна на адмысловай сушылцы, на якой тэмпература, не перавышае тэмпературы, што шкодзіць біялагічнай якасці зерня. Практычна ўсё зерне, мае магчымасць прарастаць, што неабходна для таго, каб прарошчваць зерне, а потым на адмысловай машыне рабіць з яго цеста, якое замешваю з грубым кормам для жывёлы, што дае дужа добрую эканамічную выгоду, бо а ніякіх камбікармоў не скарыстоўваю. Хачу, шаноўныя, зацікавіць вас вось чым. Аднойчы жонка з прарошчанага, а потым высушанага і змолатага жыта спякла хлеб. Дык пах свежавыпечанага хлеба пачулі нават суседзі, якім я іх і пачаставаў. Шкада, што не магу пачастваць вас сёння. Ну, проста аб'ядзенне!"

Вось такая цікавая гамонка вялася ў шыкоўным купэ цягніка, які так ціха рушыў ад вакзалу, што суразмоўцы і не заўважылі, як цягнік мінуў гарадскія "джунглі" і выехаў на прастор. Слухач уладкаваўся ля вакна вагона і пачаў назіраць за наваколлем. А яно радавала. Там, дзе недалёка ад чыгункі былі пабудовы сялянскіх гаспадарак, сапраўды каля кожнай з іх высіўся ветрачок. Былі відаць невялікія статкі жывёлы на пашы, а таксама па двое і па чацвёра коней. Зрэдку пасвіліся і невялікія гурты авечак буйной пароды.

Але што найбольш узрушыла Слухача, дык гэта прысады паабапал чыгункі. Усё там квітнела - буйновы росквіт. Суквецце белай акацыі перамяжоўвалася з жоўтай, грушыдзічкі цвілі бела-ружовым колерам, а таксама і дзічкі-яблыні, ды яшчэ мусіць і дзікай слівы, бо цягнік ішоў хутка і Слухач не меў магчымасці гэта добра разглядзець. Але што ён добра заўважыў, дык гэта суцэлыную паласу кветак дзікай ружы ці шыпшыны. Яна была размешчана бліжэй да чыгункі і радавала вока падарожнікаў. Як яму растлумачыў Каранасты, гэта зроблена не толькі для прыгажосці і прыемнасці падарожжа, але мае і ахоўнае значэнне для чыгункі. Ужо цераз такія калючкі буйная жывёла не зможа прабрацца ды выйсці на чыгунку.

- Вось такія падобныя ахоўныя насаджэнні прымяняюцца і ў сялянскіх гаспадарках - дадаў Кранасты . I найперш гэта на межах гаспадарак высаджваюць суцэльную паласу з арэшніку, якая ахоўвае палетак ад моцных навальнічных бур і змяншае палегласць збожжа. Таксама пасадка арэшніку ахоўвае сады ад моцнага ветру. Апроч таго, дзякуючы ранняму цвіценню арэшніку, калі нават лісце не распусцілася, пчолы маюць магчымасць збіраць з яго пылок і нектар. Падвойная карысць. Такімі ж прысадамі, як і каля чыгункі, абсаджаны буйныя і меншыя шашэйныя дарогі. Цудоўная карціна падарожжа! Ды яшчэ выгода - можна збіраць і плады гэтых пасадак. Хапае людзям, ды малым звяркам і птушкам. А пасечнікам тым больш карысць - пчолы збіраюць найбольш каштоўны вясновы нектар. Дарэчы кошт мёду такі ж, як і кошт цукру, бо сотні тысяч вулляў па ўсёй краіне. Працуе навукова-даследчы інстытут пчалярства з дзесяткам навукова-выпрабавальных пасек ва ўсіх рэгіёнах краіны з рознымі прыроднымі асаблівасцямі. Дарэчы, цукровыя буракі з-за іх высокай энэргаёмістасці пры вырошчванні і вялікіх транспартных выдатках, у краіне амаль не высяваюцца. Для вырабу цукру з-за мяжы ўвозіцца цукар-сырэц з цукровага трыснягу. Трысняговы цукар больш каштоўны, бо вырошчваецца без прымянення мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў і мае шмат пажыўных рэчываў, назапашаных у вечна-зялёных субтропіках пад гарачым паўднёвым сонцам.

А Слухач усё аніяк не мог адарваць пагляду ад краявіду, што мігцеў за акном цягніка. Поле змянілася лесам і таксама было чым дзівіцца. Прамільгалі то сасняк, то ельнік, то бярозавы гай ці то змешаны лес ды зрэдку дубровы. I ўсё было дагледжана, без ламачча, ды нідзе ні разу не мільгануў хаця б які трухлявы корч. Заглядзенне ды й годзе!

I Слухач падзяліўся гэтым сваім захапленнем з Каранастым і той з задавальненнем пачаў аповед.

- У краіне лясная гаспадарка па эканамічным значэнні займае другое месца пасля сельскагаспадарчай вытворчасці. У нас няма ні добрага вугалю, ні амаль што нафты, якая засталася толькі на вялікіх глыбінях, і яе здабыча дорага абыходзіцца. Таму ўся надзея на лясное багацце, а таксама на буйную і малую гідраэнэргетыку і ў меншай ступені на ветраэнергетыку, выкарыстання біягазу і сонечнай энергіі. Ад такой гіблоты, як атамная энергія, людзі даўно адмовіліся, бо гэта атрута на тысячагодзі, і нямала шкоды яна нарабіла ды яшчэ больш можа нарабіць людзям.

Для забеспячэння палівам для ацяплення жылля, прамысловых будынкаў на шматлікіх сотнях гектараў зямлі вырошчваюцца хуткарослыя пароды дрэў і кустарнікаў, паліва з якіх нарыхтоўваецца пры дапамозе высокаэфектыўнай тэхнікі з запасам не менш як на год наперад. Зямля для гэтай мэты выбіраецца тая, што непрыдатная для сельскагаспадарчай вытворчасці. Чаму лясы такія дагледжаныя? А таму што жыхары ў сельскай мясцовасці, якія не маюць працы ў сялянскіх гаспадарках, працуюць у лясной гаспадарцы і ў галіне перапрацоўкі драўніны, і будуюць жыллё бліжэй да лясных масіваў. Высечка ляснога ўчастка ці асобных дрэў праводзіцца позняй восенню ці ўзімку. Увесну і ўлетку праводзіцца пасеў насення дрэў і іх пасадка з абавязковым палівам. Улетку таксама ажыццяўляецца ачыстка лесу ад ламачча і карчоў. 3 усіх парод дрэў абавязкова зразаюцца сухія галіны, ад чаго якасць драўніны значна ўзрастае. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваецца ў пераважнай большасці для транспарціроўкі драўніны вузкакалейная чыгунка. Дарэчы, у краіне развіта вузкакалейная чыгуначная сетка, якая перавышае звычайную болей чым у тры разы. Гэта значна зменшыла выдаткі на перавозку грузаў.

Увогуле, я захоплены тымі зменамі, што адбыліся ў лясной гаспадарцы. Такое ганебнае з'явішча, як лясныя пажары з віны людзей, даўно не здаралася. Усе лясы падзелены на кварталы нешырокімі ляснымі дарожкамі. У кожным квартале ўнізе ўтвораны басейн для вады, што неабходна не толькі для тушэння пажараў, але і для паліву пасаджаных дрэў.

Для ачысткі лесу ад ламачча і карчоў прымяняецца тэхніка невялікіх памераў, што дазваляе ёй свабодна перамяшчацца ў лесе. Палясоўшчыкамі ў краіне працуе больш людзей, чым у сельскай гаспадарцы. Вось чаму, як кажуць, няма энергетычнага "голаду", бо пад лесам вельмі эфектыўна выкарыстоўваецца амаль палова тэрыторыі краіны.

I пачаў у думках разважаць Слухач, як цудоўна арганізавана жыццё ў апошні час. Добра, што абсалютная большасць людзей так прыхільна адносіцца да навакольнага асяроддзя і ў першую чаргу да ляснога багацця, бо на зары чалавечага існавання лес быў для чалавека і здабыткам ежы, і сховішчам ад нападу суседніх сквапных, дзікіх і крыважэрных плямёнаў. I вось цяпер, калі амаль што скарыстаныя выкапнёвыя энергетычныя рэсурсы - нафта, газ, вугаль, уранавыя руды - чалавек выкарыстоўвае лес, плошча якога ні ў якім разе не можа скарачацца, бо наступствы будуць катастрафічнымі.

Тыя рэчывы, якія атрымліваюцца пры спальванні драўніны, цалкам паглынаюцца лясамі і кустарнікавымі насаджэннямі і балотнай расліннасцю, а таксама мноствам азёр, утвораных запрудамі на рэках. Краіна, у якой, такое мноства азёр, цалкам забяспечвае патрэбу ў азёрнай, вельмі таннай, рыбе, бо не трэба яе штучна вырошчваць і карміць. Сама размнажаецца і корміцца.

Стралою ляцеў цягнік, але Слухач заўважна бачыў, калі ён праносіўся побач з паселішчамі, што даўно зніклі каля дамкоў мураваныя, металёвыя ці драўляныя агароджы. Іх месца занялі квітнеючыя рознакаляровымі кветкамі, невысокія, акуратна дагледжаныя кустарнікі, як іх у народзе называюць - "зялёная агароджа". Як жа ад гэтага квітнела ўсё ў душы Слухача! Вялікая водная паверхня, утвораная азёрамі і рэкамі, якія сталі больш вадаёмкімі дзякуючы запрудам на іх у спалучэнні з ляснымі масівамі і балотамі, якія займаюць амаль палову тэрыторыі краіны, значна змянілі клімат у краіне. Ен стаў больш лагодным, меней стала засушлівых вёснаў і летаў, а ўзімку не стала траскучых марозаў. Парушыў жа роздум Слухача Каранасты :

- Вось вы бачыце на пагорках курганы, але гэта не курганы. На самой справе гэта збудаваныя сховішчы для вады, якія абсыпаны вакол зямлёй. Гэта вельмі патрэбная рэч увесну і ўлетку для паліву, калі ідзе вегетацыя расліннасці. Асабліва выручае паліў пашы, дзе пасеяна белая ці бела-ружовая канюшына, бо без паліву паша вельмі неэфектыўная. Прымяняецца таксама і "капельны" паліў садоў, што дае дужа добры ураджай садавіны. Вада ў сховішчы пампуецца з неглыбокіх свідравін, дзе так званая "верхаводка". Вада ж для ўжывання чалавеку і жывёлам пампуецца з глыбокіх свідравін, дзе яна болей чыстая. У калгасыя часы моцна была атручана глеба і вада непамернай колькасцю мінеральных і асабліва арганічных угнаенняў, якія ўносіліся ў глебу свежымі, не апрацаванымі ў біялагічных устаноўках для атрымання біягазу, што выкарыстоўваецца для энергетычных мэт. Там жа атрымліваецца вельмі карыснае і бяспечнае для навакольнага асяроддзя арганічнае ўгнаенне. Наступствы такога "гаспадарання" антынароднай калгаснай сістэмы яшчэ адчуваюцца і сёння, і будуць адчувацца яшчэ доўгі час, наносячы шкоду здароўю людзей. У кожнай сялянскай гаспадарцы ёсць такое невялічкае вадасховішча.

Высокі скінуў туфлі і абуў тапкі, каб адпачылі ногі. I тут Слухач заўважыў, які гэта арыгінальны абутак з светла-карычневай скуры і незвычайнымі ўзорамі. На гэта Высокі даў вось такое тлумачэнне:

- У нашым горадзе працуе толькі адна невялікая швейная фабрыка, якая шые стандартнае адзенне для вайскоўцаў, паліцыі ды іншых дзяржаўных установаў. А для люду цывільнага адзенне і абутак шые мноства індывідуальных майстроў, якія спецыялізуюцца па мужчынскім і жаночым адзенні і абутку. У сваю чаргу ёсць майстры па верхней ці па ніжняй вопратцы і кожны з іх непаўторны ў сваім выкананні. Ідзе здаровая канкурэнцыя за замоўцу. Вось чаму індывідуальна пашыты абутак ці адзенне даступныя па кошту. Калі я, напрыклад, замаўляў вось гэты абутак, майстар паказаў мне некалькі дзесяткаў фасонаў і арнаментаў, выбраў найбольш для мяне арыгінальны, які Вы бачыце. Карысць вось такой вытворчасці яшчэ і ў тым, што кожны майстар імкнецца займець сабе некалькі вучняў, якія разам з ім працуюць і адначасова пераймаюць досвед і веды. Дзяржаве не патрэбна на навучанне траціць сродкі, бо калі ў майстра ёсць вучні, то ў пэўнай меры зніжаецца падатак, што заахвочвае яго запрашаць да сябе вучняў.

Індывідуальнае прадпрымальніцтва ў Бярозаўску разгалінавана ва ўсіх сферах бытавога абслугоўвання. Не пройдзеш і сотню крокаў, каб не ўбачыць кавярню ці рэстарацыю, цырульню, ці майстэрню рознага кшталту, ці невялічкую крамку. Буйных гандлёвых цэнтраў не шмат. Вялікіх заводаў і фабрыкаў таксама. Пасля таго, як сышлі ў нябыт калгасныя метады кіравання краінай, буйныя прадпрыемствы былі раздроблены. Многія з іх перамянілі ранейшую сваю вытворчасць на вытворчасць тавараў, запатрабаваных на рынку. Гэта значна павысіла іх канкурэнтаздолынасць і попыт па-за межамі краіны.

- Я вось назіраю, - сказаў Слухач , што зрэдку дзе-нідзе відаць шматпавярховікі, і іх значна паменела. Дык у чым справа?

- А справа вось у чым, - адказаў Высокі . Для абслугоўвання шматпавярховікаў значна болей патрэбна было энергіі, бо збудаванні гэтыя былі вельмі адсталыя ў праектным і тэхналагічным плане. Тыя падземныя трубы, што скарыстоўваліся для падводу цяпла пры абагрэве шматпавярховікаў, даўно сышлі ў нябыт, бо яны болей грэлі зямлю і паветра, чым самі пабудовы, а з імі пайшлі ў нябыт і шматпавярховікі. Тыя, што былі складзены з панэляў, разбіраліся значна лягчэй. Цяжэй ішла справа пры разборцы цагляных пабудоў. Іх прыйшлося распілоўваць адмысловымі піламі на часткі. Увесь гэты друз выкарстоўваўся пры пабудове вузкакалейных чыгунак, а таксама запруд на малых рэках. Хоць нейкая была карысць. Частку шматпавярховікаў удалося пераканструяваць. У іх устанавілі індывідуальныя ацяпляльныя катлы і сістэму водазабяспячэння. У нашым горадзе Бярозаўску ўжо даўно не будуюць шматпавярховікаў. Найбольш рацыянальна лічыцца будаваць комплексы дамоў у выглядзе выцягнутага простакутніка, размешчанага ў кірунку Усход-Захад, з тым разлікам, каб у кожнай кватэры амаль поўны дзень свяціла сонца. Кватэры сумяшчальныя з першым і другім паверхамі. Уваход у кватэру як з вуліцы, так і з унутранага дворыка ў "прастакутніку", які засаджаны квітнеючымі кустарнікамі і нізкарослымі дрэвамі.

Дахі дамоў і ўваходы маюць разнастайную архітэктуру, што дастаткова прывабна. Над дахам кожнай кватэры размешчна ўстаноўка для выпрацоўкі электраэнергіі, выкарыстоўваючы энергію сонца. Ацяпленне, водазабеспячэнне і каналізацыя, комплекс пабудоў аўтаномнае і працуе надзейна. У такіх комплексах, якія маюць да дзвюх соцень кватэр і больш, размешчаны і медычныя цэнтры, што дазваляе атрымаць медыцынскую дапамогу неадкладна без выкліку дапамогі з цэнтральнай лякарні. Дарэчы, з апошніх статыстычных дадзеных па нашым горадзе сярэдняя працягласць жыцця складае восемдзесят гадоў.

- Сапраўды так, дадаў Каранасты , - за апошнія гады працягласць жыцця значна ўзрасла, бо стаў лепшым дабрабыт. Калі абсалютная большасць людзей займела асабістую ўласнасць на сродкі вытворчасці, то прапала ахвота весці разгульнае, п'янае жыццё, з'явілася прага да працы. А як вядома і даўно даказана, праца і толькі праца з задавальненнем на самога сябе выхоўвае чалавека і дае яму здароўе. I не толькі фізічная, але праца інтэлектуальная - праца настаўніка, праца лекара, інжынера, навукоўца, артыста пісьменніка, якія працуюць без страху і прыгону робіць выхаваўчую і карысную для здароўя справу. Карацей кажучы, праца робіць чалавека чалавекам.

- Навука таксама, асабліва ў першую чаргу накіраваная на ўдасканаленне вытворчасці, адыгрывае станоўчую ролю ў паўсядзённым жыцці чалавека,- уставіў сваё слова Слухач . Вось вазьміце такі паўсядзённы клопат, які не так даўна пайшоў у нябыт, як патрэба насіць з сабою ды берагчы яго, гэта партманэ з грашыма. Сёння дастаткова прылады, накшталт кішэннага тэлефона, каб разлічыцца за пакупку. Націснуўшы адпаведную кнопку, падносім прыладу да тавару, які фатаграфуе ваша аблічча і перадае яго на кампутар у адпаведным банку, дзе таксама знаходзіцца ваша аблічча. Кампутар параўноўвае фотаздымкі і, вядома ж, яны супадаюць і тады аўтаматычна дазваляецца зняццё зададзенай сумы з вашага рахунку. Каб перадаць грошы з банку на рахунак прадаўца, мы спалучаем сваю прыладу з прыладай прадаўца і прызначаная сума пераходзіць на рахунак прадаўца. У кожнага, хто пажадае, можа быць такая прылада і рахунак у банку. Законам забаронена мець рахункі болей чым у двух банках. Гэта дазваляе лёгка спраўджваць аплату падаткаў. Такі разлік вельмі выгодны для дзяржавы, бо не патрэбна друкаваць шматлікія мільёны папяровых купюр, а для людзей таксама добра, бо ўжо ніхто не зможа падрабляць ваш воблік і ашукаць кампутар ды скрасці вашыя горшы.

- Вы так добра засвоілі родную мову, - звярнуўся да Слухача Высокі. Скажыце, калі ласка, як доўга да гэтага Вы ішлі?

- Доўга, даражэнькі, - адказаў Слухач . Чужая мова, як даўбешка, біла па нашай свядомасці, нашай культуры, нашай чалавечай годнасці, калечыла душу, навязваючы паскудную лаянку, якую прынеслі ў пасаг нашыя "браты-вызваліцелі" з усходу. Ужо былі многія, што і думалі па-чужынску і ўчынялі дзеянні, якія карэнным чынам супярэчылі нашаму спрадвечнаму ўкладу жыцця, што прывяло да таго, што мы сталі адным з найбяднейшых народаў у параўнанні з суседзямі. Але ж адышлі ў нябыт тыя вынішчальныя сілы, што панавалі над нашымі продкамі, не даючы ім дыхаць паветрам свабоды ды чалавечай годнасці, навязваючы хлуслівыя, антымаральныя погляды на жыццё, калі мана панавала над усім грамадствам, якое ўспрымала ману, як кажуць, за чыстую манету. Але колькі вяровачцы не віцца, канец заўсёды будзе. Дзякуючы адчайным патрыётам Бацькаўшчыны, родная мова вярнулася ў грамадства, хаця і прайшоў пэўны час. Родная мова для мяне, як чысцюткая вада з крыніцы, якая вымывае з душы і цела ўвесь бруд, абагачае розум для добрых учынкаў, асабіста для сябе і для людзей. Наша родная мова - гэта адна з кветачак у суквецці ўсясветнага сумоўя. Для мяне гэта найпрыгажэйшая з кветачак гэтага сумоўя. I як цудоўна сябе адчуваеш, калі маленькія дзеткі - кветачкі жыцця так мілагучна гамоняць на роднай мове.

Страта на зямлі хаця б адной мовы - гэта страта цудоўнай кветкі. Калі ў букеце страчана хоць бы адна кветачка, то, безумоўна, букет будзе бяднейшы. Дзякуй Богу, што такі лёс абмінуў Родную Мову.

Вось за такімі прыемнымі размовамі і разважаннямі аб жыцці-быцці, нашыя суразмоўцы і не заўважылі, як хутка праляцеў час і цягнік "прыскочыў" да перону ў Бярозаўску, і гаманкія спадарожнікі мусілі развітацца, абмяняўшыся адрасамі і тэлефоннымі нумарамі.

Слухач, глянуўшы на гадзіннік, прыкінуў у думках, што можна не спяшаючыся дайсці да месца, дзе была прызначана сустрэча з чытачамі, і ён ціхенька патупаў да шырокай вуліцы з двухпа-вярховымі дамамі. Вуліца наўкол была абсаджана цяністымі вербамі, бадай таму, што пралягала ўздоўж шырокай ракі.

Слухач ішоў у задуменні аб тым, што ён будзе казаць сваім чытачам, якое скажа ім сваё "апошняе слова", бо прыроду не пераробіш пад свае прыхаці і пажаданні. Ей можна толькі дапамагчы, не загубіўшы ўсё тое, што створана самой прыроднай эвалюцыяй, прыдумваючы пачварныя праекты, накшталт усялякіх там паглыбленняў, без аглядкі на наступствы ў мікра- ці макра- Сусвет.

Але ж дарослыя, якія сябе лічаць надта ж ва ўсім дасведчанымі, нагадваюць малых дзяцей. Колькі ты не кажы дзіцяці на агонь, што гэта Жыжа, яно ж усё роўна хоча да агню дакрануцца і пакуль не апячэцца, то будзе ўсё туды пяцца.

Але ўсё такі дзяцей трэба вучыць, а для гэтага ж патрэбен добра выхаваны і адукаваны калектыў настаўнікаў - думаў слухач.

Перапыніла яго думку прыемная мелодыя, якая даносілася з суседняй вуліцы. Дайшоўшы да скрыжавання, Слухач убачыў дзіўную працэсію, якая павольна рухалася, ў складзе якой была шырокая карэта і шырокае, і доўгае, быццам бы аўтобус без даху і бакавых вокнаў, адкрытае аўто. У ім сядзела каля сотні чалавек, пераважна моладзі. У перадзе аўто сядзеў эстрадны аркестр з дзесяткам музыкаў і граў урачыстыя мелодыі. Пасажыры аўто гучна размаўлялі і смяяліся. Некалькі чалавек спявалі жартоўную і вясёлую песню пра вяселле і сужонкаў. Слухач спыніўся, зняў свой саламяны, адмыслова сплецены капялюш, і ўсміхаючыся памахаў працэсіі.

У карэту быў запрэжаны цудоўнай пароды статны белы конь. Вупраж на ім адсвечвалася срэбрам і была ўпрыгожана рознакаляровымі, зробленымі з паперы, кветачкамі. На шыі каня, на ашыйніку былі замацаваны залацістыя званочкі, якія перазвоньваліся тонкай мелодыяй. Кіраваў канём рамізнік, апрануты ў адмыслова вышыты бела-чырвоны кафтан, які быў апаясаны шырокім цудоўна аздобленым поясам. На галаве ў яго была высокая круглая шапачка, пашытая з футра і з вялікім пяром павы. Рамізнік не меў барады, але затое ў яго былі шыкоўна падстрыжаныя і падкручаныя светла-шэрыя вусы. I выглядаў ён заліхвацкі!

За рамізнікам сядзелі сужонкі - малады ў светлым гарнітуры з вялікай кветкай на грудзях і яго нарачоная ў шыкоўнай белай вясельнай сукенцы і ў капелюшы аздобленым вянком з жывых кветак. На руках былі надзеты доўгія, амаль да локцяў, белыя рукавічкі. Яна прыпадняла ручку да вуснаў, ды ўсміхаючыся пасылала паветраныя пацалункі мінакам. Па-за сядзеннем сужонкаў узвышаўся, адмыслова ўпрыгожаны жэзл, на вяршыне якога замацаваны конь з вершнікам. У адной руцэ вершнік трымаў два сплеценыя паміж сабой пярсцёнкі. У другой - тарчу, на якой была выява Маці Божай з Дзіцяткам Езусам - цудоўны сімвал аховы шчаслівага сямейнага жыцця!

Вось так няхай будзе на вякі вечныя - падумаў Слухач. I памроілася яму, што яго Краіна ў вобразе гэтай працэсіі неўміруча і весела пакрочыла ва Ўсясветную гісторыю.

Шчаслівай дарогі, Даражэнькая!

Ад Слухача пачуў і нам пераказаў

Вячаслаў Сухарэбскі.


Не магу маўчаць...

Кніга ... Яна з намі на працягу ўсяго жыцця. Кніга... Я пішу гэта слова з вялікай Літары. Кніга падымае чалавека на вышэйшы ўзровень. Кніга для мяне - гэта мой шчыры сябра, настаўнік, дарадчык... Кожная старонка ў іх бяссонніцай маёй прачытана. Кнігі для мяне, быццам, жывыя. Я гладжу пераплёты кніг, як рукі закаханага.

Калі раскрываю новыя старонкі, я душу сваю кладу на далоні. I душа заўсёды ў чаканні цуда. Калі смерць закрые кнігу, паміж старонак, як лісты, застануцца нашы сэрцы.

Бібліятэка імя Карскага ў Гародні... Я многа дзесяцігоддзяў прыходжу сюды, быццам, у Храм. Тут незвычайная таямнічая цішыня і прыгажосць. Яна захапляе мяне. Тут сустрэча з новым, надзвычай, патрэбным. Я напіваюся гэтым багаццем, незвычайным тварэннем чалавека.

Мой малады сябра, калі ты яшчэ не даткнуўся да гэтай чыстай святой крыніцы, імя якой Кніга, павер, ты - шчаслівы. Таму што ў цябе яшчэ ўсё наперадзе. Цябе чакаюць навіны і тайны ў кожнай кнізе, на кожнай старонцы, у кожным слове...

.... Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Уважліва прачытала некалькі разоў артыкул "Як беларусы сустракаюць год Кнігі". Задумалася. Боль ахапіў маё сэрца. Што ж гэта з намі? Па тэлефону сітуацыю абмеркавалі з сябрамі. Чаму не чытаюць, не ведаюць, не купляюць?...

...У маіх родных і сяброў у кватэры на кніжных паліцах многа Кніг на роднай мове. У мяне, напрыклад, стаяць кнігі Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Васілька, А. Карпюка, I. Мележа, I. Шамякіна, В. Быкава, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, У. Някляева, У. Караткевіча, Я. Янішчыц, А. Адамовіча, П. Вераб'ёва, М. Шабовіча, В. Жуковіча і г.д.

Спіс можна прадоўжыць на некалькі старонак. У маіх знаёмых кніг больш, чым у мяне.

...Першую кнігу я атрымала ў падарунак ад сваёй мамы. Пасля - у школе за выдатную вучобу, пасля ў педагагічным інстытуце імя Я. Купалы ў Гародні. Есць кнігі з аўтографамі ад маіх педагогаў, паэтаў і пісьменнікаў.

У нас у сям'і быў культ Кнігі. Перад тым, як браць кнігу, мама ішла мыць рукі - чыста сімвалічна, калі яе рукі былі нават чыстыя. Выцірала белым саматканым ручніком з вышытым ёю беларускім арнаментам. Засцілала стол белым абрусам. I ўсаджвала мяне з сястрой за стол. Гэта быў нейкі рытуал, вельмі важны і патрэбны. Мы яшчэ не ўмелі чытаць. Чытала мама. Яна ведала напамяць вершы М. Багдановіча, Купалы, Коласа, Буйло...

Калі мы ў сям'і святкавалі дні нараджэння, дзень заканчэння школы, інстытутаў і нейкіх другіх важных падзей, мы ў падарунак атрымоўвалі Кнігі.

А пасля ў студэнцкія гады пасля стыпендыі мы спяшаліся ў Кнігарні. Так складваліся на працягу ўсяго жыцця дамашнія бібліятэчкі з кніг любімых аўтараў. Дом без Кнігі абяздушаны, пусты і халодны, так як і чалавек, які не спазнаў вялікае шчасце - Кнігу.

...А ці задумаліся тыя, хто апытваў, як адзначаюць год Кнігі? Ці задумаліся, чаму многія не чытаюць, не купляюць, не ведаюць... Мы то знаем. Ведаем. Маўчым. Я згодна з вывадамі Старшыні Саюза Беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча.

"Курс, які ўзяла Беларусь у культурнай сферы - малаэфектыўны. Самы важны клопат дзяржавы ў галіне культуры - падтрымліваць мову карэннай нацыі дзяржавы..."

Палітыкам нашай краіны даўно трэба задумацца: калі ёсць мова, ёсць народ, ёсць нацыя, ёсць Незалежнасць, ёсць Беларусь.

...Гарадзенцы абіваюць парогі кнігарняў у пошуках патрэбнай Кнігі. Завалены кнігарні гэтым друкаваным друзам, але ж няма таго, чаго душа прагне.

Дзе купіць Гілевіча, Вярцінскага, Барадуліна, Янішчыц, Буйло, Багдановіча? Днём з агнём у Гародні не знойдзеш.

У канцы 2011 г. зніклі ў кнігарнях горада кнігі беларускіх класікаў. Іх і так было не густа. А сёння стала пуста. На іх месцы з'явіліся нейкія кніжачкі, пазнаёмішся з іх зместам, а купляць няма жадання: не тое, не так, не аб тым. Ні для розуму, ні для душы... Патрэбныя Кнігі знікаюць. Гэта ж, вядома, не проста так. Гэта некаму трэба. Мэтанакіравана стараюцца выбіць з памяці сённяшняга пакалення нашу годнасць, каб забыліся, хто мы, адкуль, якія мы беларусы... I каб тыя пакаленні, што прыдуць за намі, губляліся ў пошуках адказу на падобныя пытанні. Стараюцца вынішчыць карэнні славутых беларусаў - барацьбітоў за права людзьмі звацца...

У чым саграшылі перад намі продкі? За што ім кара на сваёй Радзіме? Вынішчаецца залаты фонд беларускай мовы і літаратуры. У чым віна тых, што сядзелі ў турмах, бадзяліся на чужбіне, змагаліся за свабоду? Хіба ў тым, што любілі мацней чым сябе, свой народ беларускі, сваю мову родную...

За гэта ім і "аддзякавалі" забыццём. Перад іх мужнасцю, патрыятызмам трэба нізка схіліць галовы свае. Ды прабачэння прасіць, бо без іх наш народ не поўны, застаецца абкрадзены.

...Паважаныя спадары-статысты. Вы пішаце, што вынікі не суцяшальныя. Не самыя прыемныя, як і чакалася... Не чытаюць, не купляюць, не ведаюць. Каб менш было такіх адказаў, нам хочацца. Але ж пакуль што для гэтага нічога не зроблена.

Памыляюцца тыя, хто думае: прачытаюць у "Нашым слове", якое становішча перажывае беларуская кніга, беларуская мова, і нешта зменіцца...

Знаем. Бачым. Маўчым.

... Статыстыка. Гэтыя халодныя голыя лічбы і працэнты. Каму яны патрэбны? Хіба толькі таму, хто вядзе гэтую палітыку адзічання - адарваць ад роднай мовы, пасеяць забыццё ў мазгах маладых...

Прабачце, не магу маўчаць. Сумна і балюча на сэрцы. I не толькі ў мяне. Ведаем. Бачым. Маўчым. Гэта ж мы, беларусы ўсе разам памыляемся. Сваім маўчаннем дапамагаем, каб не чыталі, не куплялі, у бібліятэкі не хадзілі.

Мы ўсе разам вінаватыя перад мінуўшым, сённяшнім і будучым.

Роза Рымар, г. Гародня.


БЕЛАРУСКІ РАМАНС

16 сакавіка Літаратурна-музычная гасцёўня ТБМ запрашае на творчую сустрэчу з салісткай Белдзяржфілармоніі, спявачкай і аўтаркай песень Таццянай Грыневіч-Матафонавай

У праграме: Беларускія рамансы з новага альбома "Шыпшына", паспеўкі (тэксты і пераклады Сяржука Сокалава-Воюша), спевы з "Дзіцячага альбома", з альбома "З Новым Годам". Удзел бярэ Адась Матафонаў

Пачатак а 18 гадзіне Уваход вольны. (Менск, вул. Румянцава, 13)


ГОДНЫЯ ПАШАНЫ

Нехта ад мовы сваей адракаецца,

Прыкладу б ты з яе толькі не браў...

(Васіль Жуковіч.)

У апошнюю суботу лютага ў Таварыстве беларускай культуры адбылося чарговае мерапрыемства. Яно было прысвечана тым беларускім дзеячам, якія нарадзіліся ў гэтым месяцы. Ужо стала традыцыяй ўзгадваць тых, хто адыйшоў у іншы свет.

24 лютага 1922 года памёр Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі).

Жыццё і дзейнасць ягоная звязаны з Вільняй. Тут напачатку ХХ стагоддзя выходзіла газета «Наша ніва», на старонках якой друкаваліся ўспаміны і артыкулы Ядвігіна Ш. Пісьменнік пахаваны на віленскіх могілках «Росы». Ягоную магілу вельмі лёгка знайсці. Яна знаходзіцца адразу пры ўваходзе: першы помнік на якім напісана па-беларуску.

Да яго ніколі не зарастае сцяжына: прыходзяць вучні беларускай школы, прыязджаюць госці з Беларусі, а так-сама беларусы з замежжа. Пра яго зрабіла паведамленне Леакадзія Мілаш.

У лютым споўнілася 75 год з дня народзінаў Міхася Стральцова . Лёсам яму было наканавана кароткае жыццё, але колькі паспеў зрабіць! Пакінуў багатую літаратурную спадчыну: аўтар эсэ «Загадка Багдановіча», у зборніку «Жыццё ў слове» даследуе і асэнсоўвае ўрокі спадчыны Фр. Багушэвіча, М. Багдановіча, К. Чорнага, Я. Купалы, Я. Коласа. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі.

11 лютага споўнілася 205 год з дня народзінаў Напалеона Орды , пра якога шырокаму колу людзей стала вядома ў 2007 годзе, калі адзначалі ягонае 200-годдзе. Тады гэты дзень быў уключаны ў спіс памятных датаў ЮНЭСКА, былі выдадзеныя маркі, срэбныя манеты, названыя вуліцы ў Менску, Бярэсці, Гародні. Пра Наполеона Орду з паведамленнем выступіў чалец таварыства Валеры Радзюкевіч. Затым некалькі песень праспявала Ксенія Мілаш, сваім выступам яна ўпрыгожыла мерапрыемства.

На лютаўскай імпрэзе ў ТБК выступаў з дакладам Алесь Адамковіч, які з'яўляецца чальцом таварыства і заўжды прымае актыўны ўдзел. Ен даследуе жыццё і дзейнасць беларускіх святароў. І паколькі тэма мала даследавана, да яго заўжды бывае шмат пытанняў. Гэтым разам Алесь расказаў пра айцоў-марыянаў Андрэя Цікоту і Ўладзіслава Талочку.

Андрэй Цікота нарадзіўся ў сялянскай сям'і, скончыў духоўную семінарыю ў Менску, а потым і ў Пецярбургу, генерал ордэну марыянаў. У 1948 годзе арыштаваны. Яго вярбавалі, прапаноўвалі стаць праваслаўным святаром, але ён адмовіўся. «Пакіньце мяне і дайце спакойна памерці», - быў ягоны адказ. 11 лютага 1952 года ксёндз Андрэй Цікота памёр у адным з лагераў.

Святар Уладзіслаў Талочка адзін з першых пачаў весці набажэнствы па-беларуску, выкладаў рэлігію, узначаліў рэлігійную газету, супрацоўнічаў у «Крыніцы», уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы, да яго прыхільна адносіліся ўлады. У 1938 годзе адбыўся разгон у Вільні беларускіх святароў. Уладзіслава Талочку выслалі ў Беласток, а перад вайной ён вярнуўся ў Вільню. Пражыць яму засталося ўсяго некалькі год. У лістападзе 1942 года Уладзіслаў Талочка памёр. Ён пахаваны на віленскіх могілках «Росы». Зараз ТБК часта праводзіць для беларусаў замежжа экскурсіі, у якіх магіла ксяндза займае асобнае мейсца, бо ягонае жыццё і дзейнасць заслугоўваюць пашаны і павагі, з'яўляюцца прыкладам любові да роднай мовы.

Галоўная падзея гэтага месяца - устаноўчы з'езд Таварыства беларускай культуры, які адбыўся 4 лютага 1989 года ў Вільні, а 27-га Хведар Нюнька напісаў заяву ў Міністэрства культуры Літвы, каб перадалі Базыльянскія муры. Гэта адбылося 23 гады назад. Здаецца было гэта нядаўна, а ўжо стала гісторыяй. Пра дзейнасць Таварыства можна сказаць, што зроблена і напісана вельмі шмат, кожны месяц дасылаюцца весткі з мерапрыемства. На працягу 23 гадоў старшынём Таварыства абіраецца Хведар Нюнька. У сваім выступленні ён ўзгадаў першыя гады дзейнасці, падрабязна расказаў пра апошні год.

У 2011 годзе чальцы ТБК па запрашэнні генеральнага консула Літвы ў Калінінградзе здзейснілі вандроўку ў горад суседняй краіны, сутрэліся з беларусамі і суполкаю, якую ўзначальвае Ігар Шаховіч. Таварыства арганізавала і правяло канферэнцыю краінаў Балтыі, кожную апошнюю суботу месяца ў Таварыстве адбываецца мерапрыемства, кожную першую суботу - рада ТБК, адбываюцца сустрэчы з беларускімі дзеячамі, абмяркоўваюцца новыя кнігі. У гэтым месяцы абавязкі старшыні ТБК выконвала Леакадзія Мілаш.

- Мы захавалі нашую тоеснасць, нашыя прынцыпы, мы адданыя адной ідэі, ад якой не адхіліліся. У Таварыстве нацыянальныя сімвалы - герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пазіцыя самая актыўная і не мяняецца, - адзначыў у сваім выступленні Хведар Нюнька. - Нажаль, многія адышлі ў іншы сьвет. У мінулым годзе адзначалі 90-год з дня нараджэння Ю. Зямніцкага і 10 год з дня смерці. Яго дзейнасць працягвае дачка Тацяна Скарэне. Ужо два гады, як памерла Наталля Яруліна. Яна вельмі актыўны ўдзел прымала ў дзейнасці Тавараства, на працягу многіх гадоў была старшынёй рэвізійнай камісіі.

Неяк старшыня ТБМ Алег Трусаў сказаў: «Хведар Нюнька - гэта Вільня». З ім нельга не пагадзіцца. Да яго звяртаюцца па парады, па дапамогу, прыходзіць моладзь, з ім заўжды цікава, ён у курсе падзеяў, якія адбываюцца ў свеце, яму дасылаюць новыя кнігі, якія адразу чытаюцца.

На лютаўскай імпрэзе таксама прысутнічала госця з Менска, вядомы рэжысёр Вольга Мікалайчык. Яна расказала пра працу над апошнімі фільмамі, пасля адбылася прэзентацыя іх у ТБК.

Леакадзія Мілаш , г. Вільня. На здымках: Леакадзія Мілаш, Ксеня Мілаш, Валер Радзюкевіч, Алесь Адамковіч.


Конкурс "Роднае слова" ў Гайнаўцы

Гайнаўскі дом культуры сабраў маладых дэкламатараў з усяго павету. Амаль 150 удзельнікаў раённага конкурсу "Роднае слова" ў чатырох узроставых катэгорыях чыталі вершы беларускіх паэтаў.

Як зазначае старшыня конкурснай камісіі Еланта Грыгарук, сябры журы стараліся вельмі дакладна ацаніць здольнасці кожнага дэкламатара, але пры такой колькасці ўдзельнікаў гэты было даволі складана:

- Шмат удзельнікаў. Члены камісіі стараліся запісваць інфармацыю пра выступ дзіцяці: як выступала, што гаварыла, ці былі памылкі. Таму гэтыя нататкі нам трошкі дапамагалі ў ацэнцы ўдзельнікаў. Спадзяюся, што ацэнкі справядлівыя, хоць поўнага, стопрацэнтнага пераканання ў мяне няма. Таму што чалавек хоць і стараецца, але мыляецца.

Конкурс у Гайнаўцы - гэта першы з раённых конкурсаў, якія цягам бліжэйшых двух тыдняў пройдуць на Падлессі. Лепшых дэкламатараў у сваіх раёнах выбяруць таксама Орля, Бельск Падлескі і Беласток. Лепшыя дэкламатары раённых этапаў паспаборнічаюць у фінале 28 сакавіка.

Наталля Герасімюк.


Пра жыццё, надвор'е і...

Неяк вечарам нядзельным на маім падворку

Пілі піва мужыкі і вялі гаворку.


Як звычайна - пра жыццё, пра надвор'е, цэны

І сышліся ў думцы ўсе, што трэба перамены.


Калі добра паддалі, успомнілі палітыку

І з мацюкамі на яе наводзілі крытыку.


Мы хацелі зразумець, чаму нідзе не чуем

Дэпутатаў, за якіх дружна галасуем?


Спрэчкі доўгія былі, покуль не сцямнела,

Ды да згоды не прыйшлі, бо куму ўсё карцела,


Каб ягоны погляд быў усімі пахвалёны,

Што не добрыя бо ў нас аб выбарах законы.


У панядзелак як-ніяк знайшоў апахмяліцца

І прыпомніў, з-за чаго змог з кумам пасварыцца.


Я яму не саступлю ні за якія грошы

І сцвярджацьму, што Закон выбарчы харошы!


Кожны можа выбіраць,

За каго галасаваць,

Што яшчэ патрэбна?


Можаш нават не хадзіць - нічога не будзе,

Бо ў камісіях сядзяць надзейныя людзі.


Зробяць ўсё і без цябе, на тое іх вучылі,

Каб, як трэба, галасы на выбарах лічылі.


І таму ў мяне няма ніякага сумнення:

Не патрэбна ў тым Законе нейкае змяненне.


Так я куму і скажу, няхай мяне прабачыць,

Яго думка - гук пусты, нічога не значыць.

Фелікс Шкірманкоў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX