НАША СЛОВА № 13 (1060) 28 сакавіка 2012 г.
Дзень Волі ў Менску
У Менску ўдзельнікі шэсця, прысвечанага Дню Волі, сабраліся каля Акадэміі навук. На пляцоўцы - каля паўтары тысячы чалавек. Над людзьмі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягаў, таксама сцягі ЕС, сцягі партый. Прыйшлі вядомыя ў Беларусі палітыкі, гэта лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і шмат іншых вядомых людзей. Людзі час ад часу скандуюць: "Жыве Беларусь!", "Свабоду".
Ад Акадэміі навук шэсце накіравалася да плошчы Бангалор, дайшло прыкладна 3-4 тысячы чалавек. Ускладняла сітуацыю вельмі кепскае надвор'е, пайшоў дождж з мокрым снегам, таксама вельмі моцны вецер. Тым не менш людзі не сыходзілі. У шэсці ўдзельнічалі Аляксей Марачкін, Віталь Рымашэўскі, Віктар Карняенка і інш.
Мітынг адкрыў адзін з заяўнікаў Уладзімір Колас, потым выступілі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімір Халіп. Яны казалі аб небяспецы незалежнасці, якая навісла над краінай. Выступіла таксама жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, якая заклікала Аляксандра Лукашэнку праявіць міласэрнасць і выратаваць жыццё яе мужа, які працяглы час галадае ў следчым ізалятары. Па словах аднаго з заяўнікаў Дня Волі ў Менску, нягледзячы на вельмі кепскае надвор'е, мерапрыемства атрымалася шматлюдным і годным.
Наш кар.
Родная мова вяртаецца ў беларускія школы
Пра намер перавесці выкладанне двух школьных прадметаў - гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі - на беларускую мову паведаміў журналісту "Звязды" міністр адукацыі нашай краіны Сяргей МАСКЕВІЧ:
- Такая задача ўжо пастаўлена і мы будзем імк-нуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гіс-торыі і геаграфіі роднага краю.
Трэба нагадаць, што пераход на выкладанне гісторыі Беларусі на рускую мову адбыўся ў 2006 годзе. І хоць афіцыйна права, на якой мове вывучаць гісторыю Беларусі (рускай або беларускай), было прадастаўлена вучням рускамоўных школ, у вельмі хуткім часе беларуская мова амаль цалкам знікла з урокаў гісторыі ў гэтых школах. А беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі. Арганізатары цэнтралізаванага тэставання заўважылі, што, пачынаючы з 2007 года, колькасць ахвотнікаў здаваць тэст па гісторыі Беларусі на роднай мове з кожным годам змяншалася. І летась цэнтралізаванае тэставанне па гісторыі Беларусі пісалі на беларускай мове толькі каля 33% з тых, хто зарэгістраваўся на гэтую дысцыпліну. З кожным годам працягвала змяншацца і колькасць абітурыентаў, якія на абавязковым экзамене па дзяржаўнай мове з дзвюх моў выбіралі беларускую. У 2011 годзе рускую мову пажадалі здаваць падчас ЦТ больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў.
На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэставання колькасць тых, хто пажадаў здаваць экзамен на беларускай мове, увогуле выглядала больш чым сціпла: па геаграфіі - 5,2%, матэматыцы - 6,2%, фізіцы - 5,6%, хіміі - 5,5%, біялогіі - 7,2%, сусветнай гісторыі - каля 8,7%, грамадазнаўстве - 2,5%. Можна меркаваць, што гэта статыстыка адлюстроўвае рэальную сітуацыю з колькасцю вучняў, якія навучаюцца сёння ў рускамоўных і беларускамоўных школах.
Міністр адукацыі так-сама запэўніў, што пры скарачэнні гуманітарнага блока дысцыплін у ВНУ, неабходнасць якога звязана са скарачэннем тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, пад скарачэнне не трапіць курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". І дадаў, што выкладанне гісторыі Беларусі таксама будзе весціся на беларускай мове.
Надзея НІКАЛАЕВА , "Звязда".
150 гадоў з дня нараджэння Адама Багдановіча
Адам Ягоравіч БАГДАНОВІЧ (1.4.1862 , мяст. Халопенічы Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Крупскі раён Менскай вобл. - 16.4. 1940, Яраслаўль), этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык. Бацька М. Багдановіча.
У 1882 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы там арганізаваў гурток самаразвіцця і самаадукацыі, пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. У жн. 1882 уступіў у «семінарскую» групу нарадавольцаў Менска. На працягу 3 гадоў вёў прапагандысцкую работу ў вёсках Ігуменшчыны (цяпер Чэрвеньшчына). У 1885-1891 загадчык 1-й гарадской пачатковай вучэльні ў Менску. З 1886 выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па этнаграфічнай тэматыцы («Минские губернские ведомости», «Минский листок», «Гродненские губернские ведомости», «Виленский календарь», «Нижегородский листок» і інш.). Уваходзіў у кіраўніцтва менскай арганізацыі «Народная воля». Пасля рэзкага пагаршэння здароўя адышоў ад рэвалюцыйнай дзейнасці. У 1892 пераехаў у Гародню, дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. З 1896 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. У 1920-1931 загадчык навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах. У 1932 арыштаваны ДПУ. Правёў у зняволенні 3 тыдні, вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай. Багдановіч быў сябрам М. Горкага і яго сям'і, вёў актыўную перапіску з дзеячамі бел. і рус. культуры, напісаў пра іх успаміны.
135 гадоў з дня нараджэння Васіля Захаркі
Васіль Іванавіч ЗАХАРКА (1 красавіка 1877, Дабрасельцы (цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласці) - 14 сакавіка 1943, Прага) - беларускі палітычны дзеяч, другі прэзідэнт БНР.
Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і. У 16 гадоў стаўся сіратою, разам з двума баратамі і сястрою. У 1895 здаў іспыт на царкоўнапрыходскага настаўніка. Працаваў у царкоўнапрыходскай школцы. Потым працаваў пісарам.
З 15 кастрычніка 1898 году на вайсковай службе. Вытрымлівае іспыт на «Заўрад ваеннага чыноўніка», потым іспыт па праграме ваенна-юнкерскай вучэльні. У 1902 годзе звольніўся з войска афіцэрам запасу. Працаваў сакратаром губернатарскага ўпраўлення, пасля сакратаром бурмістра горада Пултуска. Належаў да Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Зноў прызваны да войска 10 снежня 1904 года ў сувязі з выбухам расейска-японскай вайны. Служыў да 1917 года. У 1912 - у чыне калежскага сакратара, у 1915 - тытулярным дарадцам. У 1916 - загадчык канцылярыі штабу 10-й арміі. У красавіку 1917 - намеснік старшыні вярхоўнага суду штабу 10-й арміі.
Прымаў актыўны ўдзел у з'едзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту 22 кастрычніка 1917 года ў Менску. У створанай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радзе займаў пасаду сакратара.
На І Усебеларускім Кангрэсе Захарка абраны сябрам Рады З'езду. Пад час разгону Кангрэсу арыштаваны з іншымі сябрамі Рады бальшавікамі.
Пасля 25 сакавіка Захарка займае розныя міністэрскія пасады ў кіраўніцтве БНР. Быў намеснікам старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага да ягонай смерці 8 сакавіка 1928 года. Пасля заняў пасаду прэзідэнта БНР.
6 сакавіка 1943 года тастамантам здаў паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку, а 14 сакавіка памёр. Пакінуў пасля сябе багаты архіў БНР.
Да 140-годдзя акадэміка Ўладзіслава Людвігавіча Котвіча
На тэрыторыі Лідскага павету нарадзіліся тры акадэмікі - усходазнавец Уладзіслаў Людвігавіч Котвіч 1 красавіка 1872 г. у Восаве, заолаг Тадэвуш Леанардавіч Іваноўскі 16 снежня 1882 г. у маёнтку Лебяда і фізік Аркадзь Бенядыктавіч Мігдал 11 сакавіка 1911 г. у Лідзе.
Месца нараджэння Ўладзіслава Людвігавіча Котвіча завуць па рознаму - вёска Асоўе на Віленшчыне (ВСЭ), вёска Восава каля Ліды (Вікіпедыя), Восава на Віленшчыне (WEP), в. Восава Лідскага р-на (А. Пяткевіч "Людзі культуры з Гродзеншчыны"). Вёсак з падобнай назвай у Лідскім павеце было дзве: Восава (Осава) - на тэрыторыі цяперашняга Воранаўскага раёна і Восава на тэрыторыі цяперашняга Лідскага раёна, ёсць і трэцяя - у Наваградскім раёне. Іх часта блытаюць: А.М. Кулагін у энцыклапедычным даведніку "Каталіцкія храмы на Беларусі" Восаўскі мураваны касцёл перанёс з Воранаўскага ў Наваградскі раён, а яго драўлянага папярэдніка аднёс да "страчанай спадчыны" Лідскага раёна.
Шматлікасць тапонімаў Восава-Осава прывяла да таго, што выхадзец з Лідскага павету член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі Навук і акадэмік Польскай Акадэміі Ведаў Уладзіслаў Людвігавіч Котвіч не ўключаны ў кнігу "Памяць" ні па Лідскім, ні па Воранаўскім раёне, не ўключаны ў 18-ці томавую Беларускую энцыклапедыю, не ўключаны ў 6-ці томавую Энцыклапедыю гісторыі Беларусі, не ўключаны ў энцыклапедычны даведнік "Мысліцелі і асветнікі Беларусі". На сённяшні дзень у Ў.Л. Котвіча, аднаго з самых яркіх нашых землякоў, застаюцца невядомымі сваяцкія сувязі і сацыяльнае паходжанне, і не зусім пэўным месца нараджэння. Будзем спадзявацца, што да 150-гадовага юбілею знойдзецца скурпулёзны даследчык, які адамкне гэтыя таямніцы. У Архіве Расійскай Акадэміі навук у фондзе 761 захоўваецца яго метрычнае пасведчанне і копія атэстата сталасці, ды і метрычныя кнігі Восаўскага касцёла дзесьці павінны быць.
Такім чынам, 140 гадоў таму назад, у Восаве, (Осаве, Асоўі) Лідскага павету нарадзіўся Ўладзіслаў Людвігавіч Котвіч. Восем гадоў ён вучыўся ў Другой Віленскай гімназіі, якую скончыў з залатым медалём у 1890 г. У веку 19 гадоў пачаў вучобу ў Пецярбургскім універсітэце на факультэце ўсходазнаўства. Спецыялізаваўся на мовах мангольскай групы, вывучаў таксама маньчжурскую і кітайскую мовы. У 1894 г. здзейсніў сваю першаю вандроўку ў Калмыкію. Дыпломную працу напісаў аб будыйскім кульце. Пасля заканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта ў 1895 г. пачаў службу ў якасці службоўца канцылярыі міністра фінансаў. У 1896 г. у другі раз пабываў у калмыцкіх стэпах. З 1898 да 1917 г. працаваў як усходазнавец у канцылярыі міністра фінансаў.
У 1900 г. абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў званне прыват-дацэнта і 1 ліпеня быў дапушчаны да чытання лекцый у Пецярбургскім універсітэце. У гэты ж год стаў супрацоўнікам Азіяцкага музея Расійскай Акадэміі Навук. У 1900-03 гг. выкладаў ва ўніверсітэце мангольскую мову, з 1903 г. - калмыцкую і маньчжурскую. У 1902 г. арганізаваў выданне зборніка "Collectanea Orientalia", які сам ж і фінансаваў. У 1903 г. атрымаў пасаду загадчыка кафедры мангольскай філалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта і быў уключаны ў склад Рускага камітэта для вывучэння Сяpэдняй і Ўсходняй Азіі ў гістарычныных, аpхеалагічных, лінгвістычных і этнагpафічных адносінах. У гэтым камітэце служылі вядучыя аpыенталісты Расіі і "прымалі ўдзел некалькі значных афіцыйных асоб і выбітных прывадных гpамадзян". У 1907 г. абраны дзейным чальцом Рускага Геаграфічнага таварыства, у 1909 г. - чальцом Рускага археалагічнага таварыства.
Станаўленне Ў.Л. Котвіча як выкладчыка і навукоўца асвятліў яго вучань, відны ўсходазнавец акадэмік У.М. Аляксееў:
"1898 г. Ва ўніверсітэцкай мангалістыцы - ніякай навукі.
1900 г . У верасні тоненькі, паўжывы У.Л. Котвіч тоненькім, прыдушаным, як бы да смерці спалоханым голасам чытае ўступную лекцыю. Сур'ёзна, але неяк без новага, пастарому.
1902 г., вясна. Пасля трэніроўкі толькі ў Котвіча я лічу сябе мангалістам.
1902 - 1904 гг. Заходжу да Ўладзіміра (менавіта так !) Людвігавіча на дом, гутару з ім і адчуваю ў ім чалавека зусім іншага "фармату", чым шматлікія сіньёры ад факультэта. Атрымліваю ад яго нешта як бы жыватворчае.
1905 - 1906 гг. Пішу Котвічу з Лондана. Па яго патрабаванні рыхтую справаздачу да друку. Чытаю ў яго вялізных лістах натацыі: "Нельга спадзявацца на памяць, трэба трымацца картачнай сістэмы".
1909 г . Прыязджаю з Кітая і застаю… іншага Котвіча - які нарадзіўся нанава, навуковец еўрапейскага, а не азіяцкага тыпу, скінуўшы лупіну, у якой ён збіраў сам сябе…
З 1909 г. - развіццё навукоўца да буйнога і выдатнага. Мангалістыка вырастае ў магутную навуку. Вучні ідуць толькі ад Котвіча: Б.Я. Уладзімірцаў, С.А. Козін.
Такая рэдкая карціна замаскаванай інкубацыі і затым імклівага росту навуковай асобы навукоўца, высакароднага, найбуйнога, бездакорнага!".
У 1910 г. У.Л. Котвіч у трэці раз наведаў Калмыкію, а ў 1912 г. здзейсніў паездку ў даліну Архона (Паўночная Манголія), дзе вывучаў старажытнацюркскія рунічныя надпісы, а таксама кляштар ХVI стагоддзя ў Эрдэні-Дзу. У 1915 г. уваходзіў у склад Камітэта па будаўніцтве ў Санкт-Пецярбурзе першага ў Еўропе будыйскага храма. У 1917 г. ізноў ажыццявіў паездку ў Калмыкію. Увосень быў абраны дацэнтам. У 1917-19 гг. чытаў лекцыі на факультэце ўсходніх моў Петраградскага ўніверсітэта па мангольскай, калмыцкай і маньчжурскай мовах. Увосень 1920 г. прызначаны першым дырэктарам Петраградскага інстытута жывых усходніх моў. У пачатку 1923 г. стаў прафесарам.
У 1922 г. атрымаў адразу два запрашэння на працу ў Кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт і ў Львоўскі ўніверсітэт. Выбраў Львоў - адміністрацыя Львоўскага ўніверсітэта намервалася адкрыць інстытут усходазнаўства. Перад ад'ездам у Польшчу, 1 снежня 1923 г. быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай Акадэміі Навук па разрадзе ўсходняй славеснасці (маньчжуразнаўства і манголазнаўства) на аддзяленні гістарычных навук і філалогіі.
1 кастрычніка 1924 г. у Львоўскім універсітэце атрымаў пасаду загадчыка адмыслова створанай для яго кафедры філалогіі Далёкага Ўсходу. У той жа год абраны старшынём польскага ўсходазнаўчага таварыства, якім будзе заставацца да смерці. Wladyslaw Kotwicz - так зараз будзе гучаць яго імя. "Агульныя ўмовы жыцця тут цалкам здавальняльныя, але навуковая праца па ўсходазнаўстве працякае пры вельмі цяжкіх умовах з прычыны адсутнасці кніг і калекцый. Мая бібліятэка затрымалася ў Маскве; у мяне няма самых неабходных дапаможнікаў…, але стараюся не маркоціцца".
У 1927 г. абраны дзейным чальцом польскай Акадэміі Ведаў і стаў галоўным рэдактарам часопіса "Rocznik Orientalistyczny". У 1930-я актыўна ўдзельнічаў у працы ўсходазнаўчых навуковых канферэнцый (Львоў, Кракаў, Вільня, Варшава). Рэдагаваў і фінансаваў серыю "Collectanea Orientalia" (1932-39). Адначасова з працай у Львове перыядычна выкладаў у Віленскім універсітэце. Лічыўся адным з самых вядомых алтаязнаўцаў. Быў перакананы ў тым, што алтайскія мовы маюць агульнае паходжанне, дапускаў існаванне ў далёкім мінулым даволі цеснай моўнай агульнасці, якая ахоплівае тры групы: цюркскую, мангольскую і тунгуса-маньчжурскую, аб чым пісаў у сваёй працы "Studia nad jezykami altajskimi".
З пачаткам Другой Сусветнай вайны пераехаў у Вільню да дачкі Марыі Котвіч супрацоўніцы Ўніверсітэцкай бібліятэкі.
Памёр Уладзіслаў Людвігавіч 3 кастрычніка 1944 г. ва ўласным доме ў Чорным Бары пад Вільняю.
Апублікаваў за сваё жыццё каля 150 прац. Найважнейшыя з іх:
Лекцыі па граматыцы мангольскай мовы.1902;
Калмыцкія загадкі і прыказкі. 1905;
Матэрыялы для вывучэння тунгускіх прыслоўяў // Жывая даўніна. 1909;
Кароткі агляд сучаснай арганізацыі выкладання ўсходніх моў у рускіх вучэбных установах. 1910;
Агляд сучаснай пастаноўкі вывучэння ўсходніх моў за мяжой. 1911;
Кароткі агляд гісторыі і сучаснага палітычнага становішча Манголіі. 1914;
Дослед граматыкі калмыцкай гутарковай мовы. 1915 і 1929;
Мангольскія надпісы ў Эрдэнідзу // Зб. Музея антрапалогіі і этнаграфіі пры Расійскай АН. 1917;
Рускія архіўныя дакументы па зносінах з айратамі ў XVII-XVIII стст. // Весткі Расійскай Акадэміі навук. 1919;
Les pronoms dans les langues altaїques.1936;
La langue mongole, parlee par les Ouigours Jaunes pres de Kantcheou.1939;
Граматыка літоўскай мовы. Кароткі курс. 1940.
В. Сліўкін.
Турусы на калёсах
У нас штогод праводзяцца абласныя алімпіяды па беларускай мове, у якіх бяруць удзел старшакласнікі. А часопіс «Роднае слова» час ад часу змяшчае адпаведныя трэніровачныя матэрыялы пад рубрыкай «Рыхтуемся да алімпіяды». У № 8 за 2010 год на с. 74-84 даецца вялікая публікацыя У. Рагойшы і А. Радзевіча з шэрагам заданняў. Адно заданне патрабуе ўстанавіць «адпаведнасць паміж рускімі і беларускімі фразеалагізмамі». Сярод пяці рускіх выразаў, змешчаных у левай частцы табліцы, ёсць і турусы на колёсах . У канцы памянёнай публікацыі пададзены даведкі да заданняў. Калі верыць гэтым даведкам, то адпаведнікам рускага турусы на колёсах выступае журавель на хвойцы . Але ж такога фразеалагізма няма і ніколі не было ў беларускай мове. Аўтары згаданай публікацыі запазычылі яго з «Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем» З. Санько, дзе не толькі выразу турусы на колёсах , а і вельмі многім іншым адвольна падбіраюцца нейкія быццам бы беларускія адпаведнікі, якіх, аднак, няма ў нашай ні літаратурнай, ні дыялектнай мове.
Акадэмічныя слоўнікі беларускай літаратурнай мовы таксама не фіксуюць выраз турусы на калёсах . Толькі «Руска-беларускі слоўнік» (1982, т. 2, с. 501), змяшчаючы гэты фразеалагізм, падае яго пераклад на беларускую мову словамі хлусня, балбатня . А між тым І.І. Насовіч у «Зборніку беларускіх прыказак» (1874, с. 26) прыводзіць гэты выраз у форме гоніць турусы на калёсах з тлумачэннем 'гаворыць бязглуздзіцу' . Есць ён і ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І. Насовіча (с. 641) з паясненнем 'пустая балбатня' . Фіксуецца выраз і ў даведніку Г.Ф. Юрчанкі «Слова за слова» (1977, с. 116): турусы на калёсах - 'лухта, бязглуздзіца'.
Ужываюць яго і многія беларускія пісьменнікі, праўда, у форме дзеяслоўных фразеалагізмаў: разводзіць турусы на калёсах - 'балбатаць, гаварыць глупства, хлусіць'; падпускаць турусы на калёсах - 'выдумляць, маніць' . Напрыклад: Разводзь, разводзь, доўгавалосы, турусы на калёсах! (Я. Колас); Ды мала што тут мне наплёў стары! Я сам, як кажуць, маю вусы: б'юць - уцякай! Даюць - бяры! І нечага разводзіць тут турусы… (Э. Валасевіч); Пастукаўшы ў дзверы гасцінічнага нумара і атрымаўшы дазвол увайсці, ён не стаў… разводзіць антымонію ці падпускаць турусы на калёсах, а дакладна, амаль паваеннаму адрэкамендаваўся: - Следчы абласной пракуратуры Мікалай Іванавіч Баркоўскі (Б. Стральцоў); Сродкі масавай інфармацыі дазіравалі праўду, штампавалі ідэалагемы, разводзілі турусы на калёсах, пра што ўжо не цяжка было і здагадацца (В. Якавенка).
У рускай мове, як засведчана ў многіх даведніках, выраз выкарыстоўваецца як з дзеяслоўнымі кампанентамі ( разводить, подпускать ), так і без іх - у форме турусы на колёсах . Хутчэй за ўсё, гэта ж характэрна і для беларускай мовы, але ў аўтара гэтых радкоў няма адпаведных пацвярджальных прыкладаў з літаратурных крыніц.
Думаецца, што выраз з кампапнетам турусы не ўключаўся ў беларускія акадэмічныя слоўнікі таму, што лічылася (і цяпер лічыцца): этымалагічна, паводле паходжання гэта слова - «уласна рускае» і, магчыма, звязана «са старажытным тарасъ » у значэнні 'падкатны зруб, ужываны пры асадзе горада' . У шматлікіх рускіх працах (І.М. Снегірова, С.В. Максімава, Э. Вартаньяна і іншых) атрымалі пашырэнне легенды пра турусы як асадныя вежы з бярвення, якое паварочвалася на нізкіх і тоўстых драўляных колах; такія вежы нібыта выкарыстоўваліся мангола-татарамі пры асадзе сярэдневяковых гарадоў Русі. Многія з гэтых зборнікаў, прысвечаных паходжанню фразеалагізмаў і выразу пра турусы ў тым ліку, прафесар Б.А. Ларын слушна назваў «зусім анекдатычнымі кнігамі», аўтары якіх «выдумлялі для шырокай публікі забаўную этымалогію ў самым сярэдневяковым стылі». Некаторыя іншыя рускія аўтары звязваюць узнікненне фразеалагізма з назвай у старажытных татараў лямцавых кібітак («улусаў» ), якія нібыта перамяшчаліся, што ўспрымалася мясцовым насельніцтвам з вялікім неўразуменнем і недаверам.
На самай справе ўзнікненне фразеалагізма турусы на калёсах не мае ніякай сувязі з рэаліямі Масковіі («старажытнай Русі»). Гэта - недакладная паўкалька з італьянскай мовы: turres ambulatoriж, літаральна «турусы рухомыя, якія ходзяць» . Паводле М.І. Міхельсона, выраз ведалі яшчэ рымляне, «не верылася народу ў існаванне такіх машын, і пра ўсякія неверагодныя аповеды казалі: гэта турусы на калёсах».
Калі цяпер вярнуцца да апісанага напачатку алімпіяднага задання, дык адзіна правільным адпаведнікам да рускага турусы на колёсах будзе беларускі выраз турусы на калёсах .
Іван Лепешаў.
БЯСПЛАТНЫЯ ЗАНЯТКІ
для вучняў 7-х і 9-х класаў у сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі").
Першыя заняткі для дзевяцікласнікаў - 4 красавіка (серада), 16.30. - 18.20.
Першыя заняткі для сямікласнікаў - 6 красавіка (пятніца), 17.00. - 18.50.
АДБЫЛАСЯ VIII СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ
У нядзелю, 18-га сакавіка, прайшла чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ. На гэты раз месцам яе правядзення быў абраны Полацк. З такой прапановай выступіла мясцовая гарадская арганізацыя, якую ўзначальвае Валянціна Крук. Да таго ж сёлетні год, як вядома, юбілейны: Полацку - 1150 гадоў. Таму і было прынятае рашэнне запрасіць актывістаў Таварыства менавіта ў гэты старажытны беларускі горад.
На канферэнцыю быў абраны 31 дэлегат з 11 раённых і гарадскіх арганізацый. Прысутнічалі так-сама запрошаныя госці. Канферэнцыя распачалася ўрачыстым канцэртам - саракахвілінным выступам народнага ансамбля беларускай песні і музыкі "Полацкія россыпы", які дзейнічае пры Полацкім гарадскім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Дэлегаты і госці былі ў захапленні ад выканальніцкага майстэрства народнага калектыву. Прагучалі беларускія песні, напісаныя менавіта полацкімі паэтамі і кампазітарамі. Гэта цудоўны прыклад папулярызацыі мясцовых выканаўцаў, творцаў. Дадамо, што і густоўныя канцэртныя строі, і адмысловыя музычныя інструменты ўласнаручна выраблены ўдзельнікамі калектыву. З мініпрэзентацыяй сваёй кнігі вершаў, паэм і апавяданняў "На маёй Радзіме, Беларусі…" выступіў вядомы полацкі аўтар, актыўны сябра ТБМ Феакціст Фядотаў. Кожны ахвотны мог атрымаць асобнік выдання з аўтографам аўтара.
Пасля такога ўрачыстага ўступу пачалася праца канферэнцыі згодна з парадкам дня. Са справаздачным дакладам выступіў старшыня абласной рады І.А. Навумчык. Ен дастаткова падрабязна расказаў пра дзейнасць абласной арганізацыі за апошнія два гады, спыніўся на праблемах, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння. Так, у прыватнасці, было адзначана, што на сённяшні дзень у некалькіх раёнах вобласці не працуюць мясцовыя суполкі. Аднаўленне іх дзейнасці павінна стаць адной з прыярытэтных задач для актывістаў у найбліжэйшы час. Таксама, як і актывізацыя падрыхтоўкі да святкавання 90-гадовага юбілею Васіля Быкава. Часу застаецца не так і шмат, а зрабіць патрэбна надта многа. Па-ранейшаму не вельмі актыўна папулярызуецца газета "Наша слова" - орган ТБМ. Тым больш што з лютага па некалькі асобнікаў згаданага выдання распаўсюджваецца праз шапікі "Белсаюздруку" ў Віцебску, Полацку і Наваполацку. Асобна сп. Навумчык спыніўся на аглядзе-конкурсе рэгіянальнага друку "З беларускім словам", які рэгулярна праводзіць наша арганізацыя. Гэта вельмі карпатлівая і няпростая праца, але яе вынікі заўсёды з увагай успрымаюцца і самімі рэдакцыйнымі калектывамі, і чытачамі. Адначасова ён выказаў шкадаванне, што ініцыяваны Віцебскай абласной арганізацыяй падобны агляд-конкурс у межах усёй краіны так і не быў праведзены.
Спрэчкі па дакладзе вызначаліся асаблівай канкрэтнасцю і ўзважанасцю. Гучалі розныя меркаванні і прапановы адносна павышэння эфектыўнасці працы Таварыства, было выказана шмат канструктыўных ідэй. Сваім бачаннем праблем і перспектыў дзейнасці абласной арганізацыі падзяліліся намеснік старшыні абласной рады Юрась Бабіч, загадчык літаратурнай часткі Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Дашкевіч, ветэран Таварыства і вядомы віцебскі краязнавец Валянцін Арлоў, кіраўнікі мясцовых структур Валянціна Крук, Феакціст Фядотаў, Валеры Рылькевіч, Дзмітры Шчэрбік, Юры Нагорны. Георг Станкевіч распавёў пра стварэнне суполкі ў Бешанковіцкім раёне, заклікаў часцей звяртацца да мясцовых кіраўнікоў дзяржаўных структур менавіта па-беларуску. Ігар Пракаповіч пазнаёміў з новым нумарам бюлетэня Пастаўскай раённай арганізацыі "Шыпшына", акцэнтаваў увагу на праблеме моўнага афармлення назваў вуліц, устаноў, гандлёвых і забаўляльных кропак. Агульнае меркаванне выступоўцаў - неабходнасць амаладжэння таварыства, прыцягненне новых сяброў з ліку студэнцкай і працоўнай моладзі. Дарэчы, і сярод дэлегатаў, і запрошаных гэтым разам было сапраўды як ніколі шмат маладых людзей. У тым ліку і тых, хто толькі нядаўна ўступіў у шэрагі ТБМ. І такі факт дазваляе спадзявацца не толькі на колькасны, але і на якасны рост нашай грамадскай арганізацыі.
На канферэнцыі быў прыняты план дзейнасці на наступны перыяд, абрана рэвізійная камісія, зацверджаны новы склад рады і яе старшыня. Абласную арганізацыю пагадзіўся ўзначаліць Іосіф Адамавіч Навумчык і быў падтрыманы адзінагалосна.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі для дэлегатаў і гасцей была прапанаваная экскурсія па старажытным Полацку. Пазней - наведванне выставы вядомай полацкай мастачкі Нінэлі Шчаснай. У якасці экскурсавода надзвычай змястоўна і цікава пра творчасць знакамітай зямлячкі расказала гаспадыня мерапрыемства Валянціна Крук.
У кулуарах усе прысутныя - і дэлегаты, і госці - у адзін голас адзначалі сапраўды зацікаўленую, дзелавую атмасферу, у якой прайшла канферэнцыя. Нязмушаны, канструктыўны абмен думкамі павінен паспрыяць павышэнню эфектыўнасці працы Таварыства на ніве беларушчыны, прыцягненню новых людзей у шэрагі ТБМ, папулярызацыі роднага слова. Ад імя абласной рады хацелася б выказаць шчырую падзяку полацкім сябрам Таварыства і персанальна кіраўніку гарадской арганізацыі сп. Валянціне Іосіфаўне Крук за бездакорную, узорную падрыхтоўку канферэнцыі.
Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной рады ТБМ.
Гародня напісала 5-ю Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку
24 сакавіка ў Горадні адбылася агульнанацыянальная дыктоўка, якую пісалі каля 200 чалавек. Верш Ларысы Геніюш «Мы - народ» чытаў паэт Генадзь Бураўкін. Арганізатарамі выступілі «Гарадзенская бібліятэка» і Таварыства беларускай школы ў супрацоўніцтве з ТБМ імя Ф. Скарыны, з Радыё Рацыя і незалежным тэлебачаннем Белсат. Дыктоўка - адзін з элементаў мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі.
Паэтэса, выкладчыца ўніверсітэта Ала Петрушкевіч кажа, што заўсёды прыходзіць пісаць дыктоўку:
- Заўсёды іду туды, дзе ёсць наша, дзе ёсць беларускае. Дзе і калі яшчэ можа быць яно, беларускае, як не на беларускай дыктоўцы? Тым больш заўсёды, апроч таго, што мы яе пішам, натуральна не дзеля таго, каб праверыць свае веды арфаграфіі, заўсёды ёсць яшчэ штосці, як сёння - дзве цудоўныя кнігі. Як жа дзеля гэтага не прыйсці? І яшчэ: атмасфера беларушчыны, беларускасці. Думаю, гэта важна ўсім, хто сябе лічыць беларусам. Калі пытаюцца: дзе яна ваша Беларусь? А я кажу заўсёды: яна ёсць, таму што я ёсць, я і ёсць Беларусь...
У Гародню прыехалі з Менска Сяргей Шапран і Міхась Скобла, якія падрыхтавалі да друку дзве новыя кнігі - з гарадзенскага архіву Васіля Быкава і лісты Ларысы Геніюш.
Пасля дыктоўкі адбылася прэзентацыя, у ёй удзельнічалі Генадзь Бураўкін, Данута Бічэль, прафесар Аляксей Пяткевіч. Кнігі выпусціла «Гарадзенская бібліятэка». Бацькавы архівы захаваў Васіль Быкаў - сын пісьменніка, які жыве ў Горадні. Ен таксама браў удзел у дыктоўцы.
Пры канцы ўдзельнікаў дыктоўкі чакаў выступ Алеся Камоцкага.
Удзельнікі дыктоўкі пакідалі свае запісы аб беларускай мове на палатне, што было вывешана на сцяне
Усё было ўрачыста, па-святочнаму.
Наш кар.
Гістарычны музей павінны мадэрнізаваць
Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38
Аб рэарганізацыі Нацыянальнага гістарычнага музея
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!
Сёння, 8 снежня 2011 года спаўняецца 20 гадоў незалежнай еўрапейскай дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь.
Аднак на сённяшні дзень мы не маем спецыяльнага будынка гістарычнага музея, у якім можна было б расказаць пра гераічную гісторыю беларускага народа. I калі будынак Нацыянальнай бібліятэкі прыцягвае ўвагу шматлікіх гасцей нашай сталіцы, то пра будынак гістарычнага музея, былы банк, такога не скажаш.
У сувязі з гэтым, з нагоды ўгодкаў нашай незалежнасці, я прапаную правесці рэканструкцыю нашага гістарычнага музея і стварыць вакол яго цэлы музейны комплекс, як гэта ўжо было зроблена з Нацыянальным мастацкім музеем.
Для гэтага неабходна:
1. Тэрмінова адсяліць музей прыроды з ніжніх паверхаў музейнага будынка ў іншае памяшканне.
2. Перадаць гістарычнаму музею некалькі суседніх будынкаў, і ў першую чаргу будынак, дзе знаходзіцца алімпійскі цэнтр па падрыхтоўцы гульцоў у шахматы і шашкі, а таксама шмат дробных бізнес-структур.
3. Зрабіць пешаходнай частку вуліцы Карла Маркса ад Нацыянальнага гістарычнага музея да Нацыянальнага мастацкага музея.
3 павагай,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы імя
Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб разглядзе звароту
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адпаведнасці з даручэннямі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры сумесна з Мінскім гарвыканкамам разгледжаны Ваш зварот аб выдзяленні дзяржаўнай установе "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь" (далей.-.Музей) дадатковых будынкаў для размяшчэння фондасховішчаў і экспазіцый, а таксама стварэння пешаходнай часткі вуліцы К. Маркса. Па выніках паведамляем наступнае.
Для размяшчэння фондавых калекцый музея неабходны будынак плошчай не менш 3,5 тыс. кв.м. Па інфармацыі Мінскага гарвыканкама ў камунальнай уласнасці будынка такой плошчы, які адпавядае патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь у частцы захоўвання музейных прадметаў, няма. Будынак па вул. К. Маркса, 10 знаходзіцца ў аператыўным упраўленні ўстановы "Рэспубліканскі алімпійскі цэнтр падрыхтоўкі па шахматах і шашках" Міністэрства спорту і турызму.
З улікам дадзеных абставінаў Кіраўніком дзяржавы даручана Савету Міністраў унесці ў першым паўгоддзі 2012 года канктрэтныя прапановы па вызначэні і перадачы будынкаў Музею.
Работа па стварэнні пешаходнай часткі вуліцы К. Маркса вядзецца Мінскім гарвыканкамам. Інстытутам "Мінскпраект" падрыхтаваны праетныя рашэнні па першаму этапу работ. У сувязі з дэфіцытам бюджэтных сродкаў распрацоўка будаўнічага праекта першага этапа работ у 2010-2011 гадах не праводзілася.
Намеснік Міністра В.І. Кураш.
Канверт да 20-годдзя першай маркі
"Белпошта" выпусціла мастацкі канверт да 20-годдзя першай беларускай маркі.
Беларуская філатэлія вядзе свой пачатак з выпуску першай паштовай маркі "Крыж Ефрасінні Полацкай, XII ст.", якая была ўведзена ў абарачэнне 20 сакавіка 1992 года. За гэтыя гады выпушчана больш за 900 паштовых марак.
Асноўныя тэмы, якія знаходзяць сваё адлюстраванне ў паштовых мініяцюрах, - гэта спорт, геаграфія і гісторыя, культура і архітэктура, флора і фаўна Беларусі.
Беларуская паштовая марка сёння - гэта каштоўны матэрыял для калекцый філатэлістаў, цікавы і пазнавальны свет для юных збіральнікаў паштовых мініяцюр, а для звычайных грамадзян - знак паштовай аплаты.
Прэзентаццыя "Правілаў дарожнага руху"
20 сакавіка на сядзібе Таварыства беларускай мовы iмя Ф. Скарыны (вул. Румянцава, 13) адбылася прэзентацыя першых у гісторыі краіны Правілаў дарожнага руху па-беларуску.
Гэта першае выданне Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь на беларускай мове, якое дапаможа ахвотным вывучаць ПДР і здаваць на дзяржаўнай беларускай мове экзамены на атрыманне правоў кіроўцы. Яно падрыхтавана сябрамі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
У прадмове да выдання першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім зазначае, што да іх неаднаразова звярталіся грамадзяне Беларусі са скаргамі на адсутнасць у аўташколах як Правілаў дарожнага руху, так і дапаможных матэрыялаў па іх вывучэнні выдадзеных па-беларуску.
ТБМ спрабавала вырашыць праблему шматразовымі зваротамі да ўладаў Беларусі, а таксама ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь з просьбай зацвердзіць і выдаць афіцыйны беларускамоўны варыянт правілаў. Аднак нягледзячы на пэўныя абяцанні, сітуацыя ніяк не вырашалася.
Таму ТБМ узяло ініцыятыву ў свае рукі. Перакладалі Правілы сябры ТБМ з Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама Святлана і Юрась Гецэвічы, маладыя грамадзяне, якія хацелі самі навучацца кіраванню аўтамабілем на беларускай мове. Усе патрэбныя кансультацыі рабочая група атрымлівала ад супрацоўнікаў ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь праз перапіску і непасрэдны кантакт.
Правілы дарожнага руху па-беларуску пабачылі свет, дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Ўладзіміру Сіўчыкаву.
Варта дадаць, што гэта даведачнае выданне, выдадзенае абмежаваным накладам выдавецтвам «Радыёла-плюс».
Цяпер ТБМ распрацоўвае дадатковыя матэрыялы для беларускамоўных кіроўцаў.
Акрамя таго, адзначыла А. Анісім, ТБМ ужо пераклала адзін з канспектаў па вывучэнні правілаў дарожнага руху на беларускую мову. «Гэта той матэрыял, які змогуць выкарыстоўваць аўтаінструктары ў працы з беларускамоўнымі навучэнцамі аўташкол, - сказала яна. - Гэта матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у практыцы, падрыхтаваць экзамен для здачы на правы і г.д.».
ПДД.by
Дыктоўка ў Наваполацку
Суполка "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы зладзіла другі этап святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы. Дыктоўка праводзілася ў межах беларускамоўнага моладзевага кватэрніка. Удзельнікі дыктоўкі атрымалі асадкі ад тэлевізійнага канала Белсат, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, а тыя, хто лепш за ўсіх напісаў, - яшчэ і памятныя прызы. Пасля быў прагляд беларускага відэа: пачынаючы ад мультфільмаў і сканчаючы файным відэа "Смак беларускай мовы" і "Будзьма Беларусамі". Затым быў салодкі стол, дзе ўдзельнікі дыктоўкі змаглі абмеркаваць вынікі, падзяліцца ўражаннямі, завесці сабе новых знаёмых, убачыць старых. На развітанне удзельнікі выказалі жаданне ўбачыцца яшчэ раз і з пазітыўным настроем пайшлі да хаты. Вось так прайшоў другі этап святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў Наваполацку! Будзьма з мовай! Будзьма Беларусамі!
Андрэй Галавырын , старшыня суполкі "Рубон" Наваполацкага ТБМ.
Зачынена на абед
З 3-га па 17-е красавіка ў мастацкай галерэі "Ўніверсітэт культуры" па адрасу: Кастрычніцкая плошча, 1. Палац Рэспублікі. пройдзе выстава Ганны Сілівончык "Зачынена на абед". Адкрыццё адбудзецца 3-га красавіка а 17-й гадзіне. Галерэя працуе: 11.00 - 19.00. Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.
Адкрыццё творчасці Ганны Сілівончык нібыта дзівосная знаходка, накшталт той, калі некалі у дзяцінстве адшукаеш у шафе няўлічаны бацькамі слоік слівавага варэння. Узбуджаны ўсе рэцэптары, узгадваецца смак, колер і асаблівы водар маленства, у якім змяшаліся салодкае з кіславатым, яркае з пастэльным, імклівы палёт з зачараваным лунаннем. Нават само прозвішча хочацца пасмакаваць - Сі-лі-вончык. Як лядзяш ці зацукраваную вішаньку.
Жывапіс мастачкі спалучае жаночае какецтва і яркую дзіцячую непасрэднасць, яму аднолькава ўласцівы філасофскія хітраспляценні і шчырая эмацыянальнасць.
Толькі з самых самых свежых ўражанняў, жывых пачуццяў, самых светлых і чыстых думак, духмяных мрой, салодкіх мар, спакуслівых летуценняў, яскравых фантазій і насычаных вітамінамі фарбаў стварае Ганна Сілівончык свае карціны. Падобнае мастацтва гэта не толькі асалода для вачэй, але і пажытак для розуму.
Выстава твораў Ганны Сілівончык размесціцца ў трох залах галерэі "Ўніверсітэт культуры". Экспазіцыя такім чынам сімвалічна падзяляецца на першае, другое і дэсерт, дзе творы мастацтва пададзены як вытанчаныя стравы і раскошныя далікатэсы, смачнейшыя прысмакі, пікантныя закускі, апетытныя ласункі -сапраўднае задавальненне для гурмана.
Запрашаем і вас наведаць гэты "Званы абед" , дзе прыадкрываючы дзверы сваёй мастацкай кухні, аўтар падзеліцца з гледачамі рэцэптамі майстэрства і "кулінарнымі сакрэтамі".
Прыемнага апетыту!
Біяграфічныя звесткі:
Ганна Сілівончык нарадзілася ў 1980 г. у Гомелі. Скончыла Беларускі мастацкі ліцэй імя Ахрэмчыка і Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці станкавы жывапіс. З 2008г. з'яуляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Удзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, каля дваццаці персанальных. У 2009г. узнагароджана медалём "Талент і прызначэнне" міжнароднага фонду міру і згоды. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеі сучаснага рускага мастацтва Джэрсі Сіці (ЗША), фондах Гомельскага палацава-парковага ансамбля (Гомель, Беларусь), Елабужскім дзяржаўным музеі-запаведніку (Елабуга, Расія), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Польшчы, Кітая.
silivonchik.ru
Дзень Волі на Лідчыне
25 сакавіка актывісты лідскіх і бярозаўскіх грамадскіх арганізацый адзначылі наведваннем магіл змагароў за незалежнасць Беларусі і за беларускую дзяржаўнасць.
У Лідзе былі ўскладзены кветкі і запалены знічы на магілах дзеячоў Беларускай Незалежніцкай Партыі, якія з падачы немцаў былі пазабіваны АКАўцамі ў 1943 годзе. Гэта Юльян Саковіч, Маракоў, Ваўчок і іншыя.
Затым традыцыйна ўжо лідзяне і бярозаўцы наведалі Воранава і ўсклалі кветкі да помніка міністру БНР ва ўрадзе Рамана Скірмунта генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча. Дарэчы, 20 гадоў назад магіла генерала знаходзілася на тых жа могілках, дзе знаходзяцца магілы дзеячоў БНП.
Розныя эпохі, розныя лёсы, але яднае іх адно: і тыя, хто адышоў, і тыя, хто прыйшоў да іхніх магілаў праз усё жыццё хацелі і хочуць аднаго - незалежнай, вольнай, багатай, беларускай Беларусі. І яна, гэтая Беларусь будзе, бо мы ствараем яе кожны дзень.
Наш кар.
Дзень Волі ў Берасці
«Калі моладзь шануе гэтае свята - 94-я ўгодкі, то яшчэ Жыве Беларусь! І дзякуй тым, хто паклаў сваё жыццё на гэтую працу», - такія словы гучалі падчас ушанавання памяці дзеячаў БНР у Берасці.
Каля 40 чалавек прыйшлі 25 сакавіка да магілы дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Адама Трыпуса на Трышынскім пагосце. Людзі ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, прыбралі магілу. Гісторыкі распавялі пра постаць Адама Трыпуса, пра іншых дзячаў БНР, звязаных з Берасцем.
Краязнаўца Ігар Бараноўскі адзначыў, што вялікае шчасце, што адшукалі магілу Адама Трыпуса, дзе на 90-я ўгодкі БНР паставілі помнік:
- Удалося адшукаць магілу... Ужо іржавая шыльда была, на якой ледзь-ледзь можна было прачытаць, што там Трыпус быў пахаваны. Яшчэ пару гадоў, і мы не знайшлі б гэты помнік.
Пасля мерапрыемстваў на Трышынскіх могілках актывісты Моладзі БНФ і «Дзедзіча» зладзілі гульню «БНР-Берасце». Падчас яе ўдзельнікі шукалі па горадзе пэўныя пункты, а тыя, хто хутчэй прыйшоў да фінішу, атрымаў падарункі. Такая гульня праходзіла ўпершыню ў Берасці. Падчас яе ўдзельнікам спатрэбіліся веды з гісторыі БНР.
Пасля гэтай гульні берасцейскія прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці сабраліся на Вайсковых могілках, дзе ўшанавалі памяць жаўнераў генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
Наш кар.
У Беластоку маліліся за беларускі народ
Беларусы Беласточчыны маліліся за беларускі народ падчас літургіі ў царкве Агія Сафія ў Беластоку. Малебен за беларускі народ адслужыў айцец Анатоль Конах. Напрыканцы ўсе прысутныя праспявалі песню "Магутны Божа".
Акрамя малебна ў святочнай праграме - канцэрт беларускіх песень у выкананні дзяцей і моладзі з Беластока і Бельска Падлескага. Таксама пройдзе традыцыйнае ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў асобам, якія адзначыліся ў развіцці беларускасці на Беласточчыне.
Наш кар.
Непахісны сенатар: дослед біяграфіі Вячаслава Багдановіча
Гісторыю Заходняй Беларусі міжваеннага дваццацігоддзя немагчыма ўявіць без Беларускага пасольскага клуба - фракцыі польскага парламенту, якая на працягу 8 гадоў бездакорна абараняла канстытуцыйныя правы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы на вышэйшым палітычным узроўні. Адным з прызнаных лідараў гэтага клубу быў Вячаслаў Васілевіч Багдановіч - сенатар Рэчы Паспалітай, вядомы абаронца праваслаўя і вялікі патрыёт сваёй Айчыны. Яго жыццёвы і творчы шлях - прыклад высокага патрыятызму і паслядоўнага служэння сваёй веры.
Сям'я сельскага святара Васіля Багдановіча дала беларускай культуры трох выбітных сыноў. Так было наканавана лёсам, што ў беларускі рух ішлі сем'ямі, а часцей брацкімі тандэмамі: браты Луцкевічы, браты Гарэцкія, браты Цвікевічы. У выпадку з Багдановічамі мы сустракаем цэлае трыа. Малодшы з іх, Анатоль, пасля заканчэння гістарычна-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта настаўнічаў у розных кутках Беларусі, затым працаваў у БДУ і Інбелкульце. Як выдатны мовазнавец і педагог, з'яўляўся сакратаром Арфаграфічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у стварэнні праектаў беларускага правапісу 1930 і 1933 гг. Яго падручнік для тэхнікумаў і самаадукацыі "Беларуская мова" і сёння не страціў сваёй педагагічнай вартасці. Не вытрымаўшы ціску з боку сталінскай рэпрэсіўнай машыны, у 1934 г. ён пакіне БССР і пераедзе ў Расію, дзе будзе працаваць выкладчыкам рускай мовы ў Астраханскім, Магнітагорскім і Краснадарскім педінстытутах. Генадзь Багдановіч, сярэдні брат, так-сама абярэ дарогу настаўніцтва. Ен скончыць Віцебскую духоўную семінарыю і Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй, да 1917 г. будзе працаваць настаўнікам у Вілейцы і Кінешме (Кастрамская губерня). Потым далучыцца да беларускага руху, стане сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады і як прадстаўнік гэтай партыі ўвойдзе ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекту закона аб выбарах ва Устаноўчы Сход Расіі. Апынуўшыся ў 1919 г. у Заходняй Беларусі, Генадзь Багдановіч будзе стаяць ля вытокаў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаць там гісторыю Беларусі і геаграфію. У гэтыя часы ён вызначыцца так-сама і як рэдактар часопіса "Незалежная думка". У 1924 г., паверыўшы ў савецкую прапаганду, пераедзе ў БССР і ўладкуецца выкладчыкам у віцебскіх навучальных установах. Праз 6 гадоў яго арыштуе ДПУ па вядомай справе "Саюз вызвалення Беларусі" і ў 1937 г. Генадзь Багдановіч загіне ў зняволенні, як і сотні іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.
Старэйшы з гэтай тройкі - герой нашага артыкула - пражыў яскравае жыццё і пакінуў значны след у беларускай гісторыі і гісторыі Праваслаўнай Царквы, які яшчэ не да канца ацэнены сучаснымі нашчадкамі.
Вячаслаў Багдановіч нарадзіўся 26 верасня 1878 г. у мястэчку Дзісна Віленскай губерні. Як выхадца з духоўнага саслоўя, яго ўжо з малых гадоў выхоўвалі ў атмасферы ведаў і пабожнасці. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Віцебскую праваслаўную семінарыю, якую, паводле анкеты выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі 1921 г., з пэўных прычын не скончыў. Затым прага навукі прывяла яго ў Кіеўскую Духоўную Акадэмію. У сценах вядомай Акадэміі Вячаслаў пачаў старанна вывучаць філалогію і багаслоўе, абраўшы тэмай свайго кандыдацкага даследавання рускамоўнае казанне сярэдзіны ХІХ ст. (вынікі гэтага даследавання былі надрукаванны ў выданні "Учено-богословские и церковно-практические опыты студентов Киевской духовной академии. Вып. 1. Киев, 1904. С. 95-121). 12 чэрвеня 1903 г. малады чалавек атрымаў дыплом кандыдата багаслоўя "с правом получения степени магистра чрез представление удовлетворительных для сей степени новых сочинений". Але Багдановіч вырашыў спыніцца на дасягнутам і вярнуцца на Радзіму. У гэтым жа годзе ён прыехаў у Віцебск і ўладкаваўся на пасаду выкладчыка біблейскай і царкоўнай гісторыі ў сваю першую alma-mater- духоўную семінарыю. Акрамя гэтага, падзарабляў настаўнікам музыкі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. У Віцебску будучы беларускі сенатар так-сама атрымаў першы досвед грамадскай дзейнасці: ён прымаў актыўны ўдзел у выбарах у Дзяржаўнаю Думу 3-га склікання, падтрымліваючы кандыдатуру беларускага гісторыка і краязнаўца А. Сапунова. Між іншым гэты эпізод з яго жыцця вельмі часта падкрэсліваўся ў беларускай прэсе, асабліва падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы 1922 і 1928 гг.
Маладога настаўніка, актыўнага, таленавітага і рознабакова адоранага (Багдановіч меў выдатныя мастацкія і музыкальныя здольнасці), адразу заўважылі духоўныя і адукацыйныя ўлады. Вясной 1907 г. ён быў прызначаны інспектарам Менскай духоўнай семінарыі, а ўжо ўвосень 1907 г. яго пераводзяць на тую ж пасаду ў праваслаўную семінарыю ў Вільню. З гэтага часу жыццё Вячаслава Багдановіча будзе неразрыўна звязана з горадам Гедзіміна, з яго інтэлігенцыяй і праваслаўным насельніцтвам. Акрамя сумленнай працы інспектара, ён у гэты час ўваходзіў у Літоўскі епархіяльны вучылішчны савет і выконваў абавязкі ахоўніка епархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасцей. Па-ранейшаму надаваў увагу грамадска-асветнай працы - быў скарбнікам і кіраўніком паломніцкага аддзела Віленскага Свята-Духаўскага брацтва ды нават з'яўляўся рэдактарам аднаго нумару "Вестника", які выдавала гэтае брацтва. Але пачатак Першай Сусветнай вайны ўнёс свае змены ў спакойнае жыццё. У 1915 г. Літоўская духоўная семінарыя разам з усёй адміністрацыяй і выкладчыцкім складам была эвакуявана ў Разань, дзе і праіснавала фактычна да кастрычніка 1917 г. Тут, пры дапамозе Багдановіча, выхаванцы семінарыі змаглі знайсці сабе жыллё ў памяшканнях Гаўрылаўскага прытулку. За часы бежанства ён не пакінуў пасады інспектара, як і раней выкладаў багаслоўскія дысцыпліны і паспеў нават паўдзельнічаць як дэлегат міран Літоўскай епархіі ў Памесным саборы 1917 - 1918 гг. Пры яго ўдзеле на саборы быў прыняты адмысловы парадак абрання патрыярха: першы раз абіралася пэўная колькасць кандыдатаў, на другі раз сярод гэтых кандыдатаў вызначаліся тры асобы з ліку якіх, па лёсіку, выбіраўся патрыярх. Між іншым, В. Багдановіч пакінуў для гісторыі вельмі цікавыя ўспаміны аб працы сабора і своеасаблівыя замалёўкі яго удзельнікаў (на сённяшні час выяўленна каля 205 малюнкаў).
Пасля заканчэння вайны ў Вільню вярнуліся толькі трое супрацоўнікў перадваеннай семінарыі: інспектар В. Багдановіч, выкладчыкі У. Нядзельскі і В. Прадцечанскі. Дзякуючы неверагодным высілкам гэтых людзей, увосень 1919 г. заняткі ў семінарыі аднавіліся. Спачатку працавалі толькі 2 старэйшыя багаслоўскія класы, праз 2 гады выкладанне пачалося ва ўсіх класах, а да семінарыі таксама былі далучаны 4 класы духоўнай вучэльні. Выконваць абавязкі рэктара адроджанай семінарыі пачаў Вячаслаў Багдановіч (стаць паўнавартасным рэктарам ён не мог, бо не меў духоўнага сану). Менавіта дзякуючы яму, у семінарыі ў ва ўсіх класах быў ўведзены такі прадмет, як беларуская мова . Таксама ў гэтыя часы ён быў рэдактарам «Литовских епархиальных вестей" і, па некаторых звестках, з'яўляўся псаломшчыкам віленскай могілкавай царквы св. Ефрасінні. Але паступова ў Вільні пачыналіся цяжкія часы для праваслаўя. Віленшчына, якая ў 1922 г. стала часткай Польшчы, ў поўнай ступені адчула ўсе "прывабнасці" польскай канфесійнай палітыкі. Абвяшчэнне на варшаўскім сінодзе аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў межах Польскай дзяржавы было негатыўна сустрэта многімі святарамі і міранамі. Сярод іх быў і архіепіскап віленскі Елеўферый, які не згадзіўся падпарадкавацца варшаўскаму мітрапаліту Георгію ды польскім інтарэсам. Нязгоду з польскай аўтакефаліяй ды падтрымку свайму герарху выказаў таксама В. Багдановіч. Пры гэтым апошні не выступаў катэгарычна супраць аўтаноміі ці нават аўтакефаліі як з'явы царкоўнага права. Багдановіч падкрэсліваў, што палякі, як народ выключна каталіцкі па веравызнанні, не могуць мець уласную праваслаўную царкву, якая адразу ж стане зброяй супраць праваслаўных славянскіх меншасцей. Аднак іншыя славяне-праваслаўныя, у тым ліку і беларусы, могуць утвараць свае аўтаномныя альбо аўтакефальныя цэрквы, але пры гэтым выканаць дзве неабходныя ўмовы: 1) атрымаць згоду ўсяго праваслаўнага народа праз сваіх духоўных кіраўнікоў на царкоўным саборы і 2) атрымаць згоду мацярынскай царквы. Калі гэтыя умовы будуць цалкам вытрыманы, царква атрымае самакіраванне на поўных кананічных падставах. Але ў Польшчы кананічнасць была толькі мрояй. Увосень 1922 г. па просьбе мітрапаліта Георгія ўлады арыштоўваюць нязгодных - архіепіскапа Елеўферыя і В. Багдановіча і накіроўваюць іх у прыгарад Кракава ў адзіны з каталіцкіх кляштараў. Вячаслава Васілевіча таксама пазбавілі пасадаў рэдактара і рэктара. У семінарыі з'явілася новае памяркоўнае кіраўніцтва; пасля на яе пячатцы замест праваслаўнага крыжа будзе выразаны белы арол. Але Багдановіч не прабыў доўга ў вязніцы - пад націскам грамадскасці яго хутка вызвалілі, а ўладыку Елеўферыя прымусілі выехаць за межы Польшчы, у Літву. З гэтага часу пачнецца новая старонка ў жыцці нашага героя, наскрозь прасякнутая барацьбой за сваю веру, за свой народ.
Зацікаўленнасць беларускім нацыянальным рухам у Багдановіча, верагодна, узнікла яшчэ падчас жыцця ў эвакуацыі. Настальгія па радзіме ды пражыванне ў чужым асяроддзі змушалі многіх бежанцаў па-іншаму глядзець на свае палітычныя перакананні і густы. Багдановіч у гэтыя часы таксама мог адчуваць моцныя ўплывы малодшых братоў, якія ўжо трывала далучыліся да барацьбы за самавызначэнне беларускага народа. Па некаторых звестках, тагачасны інспектар віленскай семінарыі ўдзельнічаў у першым з'ездзе бежанцаў з Беларусі, які праходзіў 24 - 27 верасня 1917 г. у Маскве пад патранатам Беларускай народнай грамады. У рэзалюцыі з'езда ўтрымлівалася патрабаванне шырокага абласнога самакіравання для Беларусі. Але больш актыўна ўключыцца ў беларускую грамадска-культурную працу Вячаслаў Багдановіч зможа толькі пасля прыбыцця ў Вільню. У верасні 1921 г. ён стаў правадзейным сябрам Таварыства беларускай школы (ТБШ) і віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). Дзякуючы старанням Багдановіча, для новаўтворанай Віленскай беларускай гімназіі было вылучана памяшканне ў знакамітых "базыльянскіх мурах" на Вострабрамскай вуліцы, дзе ў той час месцілася таксама праваслаўная семінарыя. У самой гімназіі ён пэўны час выкладаў Закон Божы і матэматыку.
Як чалавека вядомага і энергічнага, Вячаслава Багдановіча не магло абмінуць віленскае і агульнапольскае палітычнае жыццё. У красавіку 1922 г. ён, разам з Б. Тарашкевічам і А. Луцкевічам, ўвайшоў у склад Палітычнай камісіі БНК, якая займалася падрыхтоўкай да парламенцкіх выбараў у Польшчы. У выбарчую кампанію масава ўключылася беларуская інтэлігенцыя, усе палітычныя аб'яднанні і партыі, нават беларускае духавенства, як праваслаўнае, так і каталіцкае. Згодна з даследчыкамі, 1922 г. стаў годам самага высокага ўзроўню нацыянальнага адзінства беларусаў у міжваеннай Польшчы. Для больш паспяховай кардынацыі выбарчай акцыі беларускія палітыкі ўтварылі Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, у якім вядучае месца належала і Вячаславу Багдановічу, як знаўцу праваслаўя і асобе, найбольш набліжанай да праваслаўнага духавенства (разам з Багдановічам ў камітэце працавалі такія беларускія праваслаўныя дзеячы, як М. Красінскі і прат. М. Пліс). У некаторых крыніцах сустракаюцца звесткі, што менавіта Вячаслаў Васілевіч адным з першых прапанаваў праект блока славянскіх меншасцяў падчас будучых выбараў, паступова пашыраючы яго і на неславянскія народы. Ідэя гэта была хутка рэалізавана - 17 жніўня 1922 г. на канферэнцыі ў Варшаве прадстаўнікі беларусаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў і немцаў падпісалі дэкларацыю аб утварэнні Блока нацыянальных меншасцей, каб агульным фронтам і сумеснымі намаганнямі весці барацьбу за парламенцкія крэслы. Выбарчы спіс блока атрымаў нумар 16. На так званых "Крэсах Усходніх" па спісу БНМ праходзілі вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы: Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, Ф. Ярэміч, А. Уласаў і інш. У 63-й Віленскай выбарчай акрузе падчас выбараў у сенат - верхнюю палату польскага парламента - спіс БНМ узначаліў Вячаслаў Багдановіч - на той час ужо намеснік старшыні Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта. Атрымаўшы перамогу, ён стаў першым у найноўшай гісторыі беларускім сенатарам, чым у будучыні вельмі ганарыўся.
У літаратуры часта сустракаюцца звесткі, быццам бы В. Багдановіч быў абраны ў сенат выключна рускім насельніцтвам Віленшчыны. Такое меркаванне з'яўляецца грубай гістарычнай памылкай. У тагачаснай Польшчы выкарыстоўвалася прапарцыйная сістэма выбараў, паводле якой выбаршчыкі галасавалі не за пэўнага кандыдата, а за спіс, які прадстаўляў палітычную партыю, блок альбо рух. У дадзеным выпадку за спіс № 16, пад якім ішоў Блок нацыянальных меншасцяў, у Віленскім ваяводстве маглі аддаць свае галасы не толькі рускія, але і беларусы, украінцы, яўрэі і нават немцы, карацей прадстаўнікі ўсіх тых народаў, інтарэсы якіх абараняў згаданы блок. Таму нельга лічыць, што Багдановіча правяла ў сенат нейкая пэўная этнічная супольнасць, але разам з гэтым прызнаем, што рускія і беларусы складалі большасць сярод яго выбаршчыкаў. Нагадаем таксама, што Багдановіч ішоў на выбары ад імя беларускіх палітычных сілаў, і таму роля беларускіх выбаршчыкаў тут магла быць вырашальнай. Аднак сам сенатар неаднаразова падкрэсліваў падчас сваіх выступаў, што гаворыць ад імя усіх меншасцей, якія прывялі яго ў парламент.
У польскія сейм і сенат 1 склікання беларусы змаглі правесці 14 сваіх прадстаўнікоў. Для больш цеснай і кансалідаванай працы беларускія паслы (дэпутаты) неўзабаве аб'ядналіся ў Беларускі пасольскі клуб, які праіснаваў на польскім палітычным даляглядзе фактычна да 1930 г. В. Багдановіч займаў у клубе пасаду кіраўніка царкоўнай камісіі. На працягу 8 гадоў (у 1928 г. яго пераабралі сенатарам у другі раз) ён бездакорна абараняў праваслаўнае насельніцтва Польшчы ад бесталковай дзяржаўнай канфесійнай палітыкі і паланізацыі. З сенацкай трыбуны Багдановіч адлюстроўваў жудасныя факты пераследу ўладамі праваслаўнага духавенства, зачынення праваслаўных храмаў і перадачы іх католікам, абураўся памяркоўным стаўленнем да гэтага афіцыйнай "аўтакефальнай" герархіі. Беларускі сенатар паўсюдна падкрэсліваў неабходнасць свабоднага ўнутранага развіцця царквы і вырашэння царкоўных праблем кананічным (саборным) шляхам. За дзень да афіцыйных урачыстасцей з нагоды абвяшчэння аўтакефаліі, 16 верасня 1925 г., ён абнародваў пратэст, які быў падпісаны таксама іншымі беларускімі пасламі. У ім падпісанты заяўлялі, што "акт аўтакефаліі ўтвораны бязь ведама і ўдзелу праваслаўнага народу і што выразіць свае жаданьні ў гэтым пытаньні дарогай кананічнай (на саборы) гэтаму народу дадзена не было" 1.
Але віну за крызіс у праваслаўі Багдановіч ўскладваў не толькі на духоўныя і свецкія ўлады, а і на шараговае духавенства, якое зусім не жадала выступаць супраць антыправаслаўнай урадавай палітыкі. Адносна гэтага ён пісаў: "Прыязджае да мяне ў сэнат дэлегацыя ад сялян аднэй парахвіі гарадзенскай эпархіі. Просяць бараніць іх, бо ў іх зачынілі іхны прыход. Ідзем разам з імі да міністэрства. Пытаемся. А там раз'ясьняюць, што на зачыненне гэтай парахвіі згадзіўся сам архіерэй - вось і подпіс яго пад згодай. - Як так? А чаго-ж не запыталіся гэтага ў парахвіян? - "A co oni wiendzą ci parafijanie? Oni sami nie wiendzą, co im potrzebna"… Вось і ўся справа . Калі - б бараніў справу архіерэй , - гэта было - б надужыцьцем і можна было - б бараніць яе і ў Сойме . А так… надужыцьця няма. Наадварот: "згода" і ўсё ў парадку!".
Сенатар пастаянна адгукаўся на любыя праявы антыправаслаўнай палітыкі ў Польшчы і спрабаваў сваім умяшаннем вырашыць наспелыя праблемы. Напрыклад, у траўні 1925 г. ён выступаў на мітынгу ў Жыровічах, дзе ў прысутнасці 300 чалавек абараняў мясцовы праваслаўны манастыр ад нападаў католікаў. Пасля мітынгу Багдановіч сабраў шмат скаргаў ад праваслаўных беларусаў. Скаргі да яго прыходзілі і з Беластоку, дзе мясцовыя ўлады не дазвалялі вернікам дабудаваць праваслаўны сабор, на даху якога нават ўжо параслі бярозы і рабіны. "Чырвоная рабіна - пісаў сенатар, - здавалася мне нібы чырвоным сьцягам, які вырас на мейсцу крыжа…". Багдановіч выступаў і супраць разбурэння Александра-Неўскага сабора ў Варшаве. Пад яго кіраўніцтвам у Вільні ладзіліся мітынгі-пратэсты супраць увядзення так званага "новага" стылю ў праваслаўны каляндар, на якіх ён выступаў з гарачымі прамовамі. Як сапраўдны хрысціянін і патрыёт, у сенаце Вячаслаў Васілевіч абараняў нават беларускіх каталіцкіх ксяндзоў, якіх улады пераследвалі за патрыятычную дзейнасць.
Падчас сваёй працы ў парламенце, дый пасля, Вячаслаў Багдановіч меў трывалыя кантакты з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхату: архіепіскапам Елеўферыем, патрыярхам Ціханам, рыжскім архіепіскапам Іаанам (Померам) і інш. У 1924 г. сенатар разам з прат. Лукой Голадам і беларускім паслом Міхаілам Кахановічам утварылі ініцыятыўную групу па арганізацыі царкоўнай грамады пры капліцы св. Кацярыны ў Звярынцы - прадмесці Вільні. Створаная ў траўні 1925 г. грамада, была адзінай на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, якая захоўвала юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі. Падчас набажэнстваў у капліцы Багдановіч выконваў абавязкі псаломшчыка. У крыніцах таксама сустракаюцца звесткі, што напрыканцы 1920-х гг. сенатар меў намер разам са святаром Ракецкім арганізаваць у вёсцы Суцькава на Смаргоншчыне другі прыход, які б не падпарадкоўваўся Варшаўскай мітраполіі, але праект гэты так і не быў рэалізаваны. За сваю цвёрдую пазіцыю ў царкоўных справах, Багдановіч і яшчэ восем яго паслядоўнікаў у чэрвені 1925 г. спецыяльным актам былі адлучаны ад Польскай праваслаўнай царквы і пазбаўлены права мець любыя кантакты з праваслаўнымі на тэрыторыі Польшчы. Але афіцыйная герархія не магла не прызнаць вялікі аўтарытэт, які меў сенатар Багдановіч сярод грамадства і вернікаў не толькі ў Заходняй Беларусі, але і па ўсёй Еўропе. Таму, хоць і абвясціўшы адлучэнне, яна ўсялякімі шляхамі імкнулася наладзіць з ім сувязі і схіліць яго на свой бок. Асабліва гэта выявілася падчас падрыхтоўкі да так званага Усяпольскага царкоўнага сабора, які планавалася склікаць у канцы 1920-х гг. Летам 1928 г. па асабістым даручэнні мітрапаліта Дыянісія гарадзенскі епіскап Аляксей (Грамадскі) запрасіў Багдановіча на сустрэчу. Падчас размовы епіскап усяляк падкрэсліваў памылковасць адлучэння сенатара ад царквы і запрашаў яго прыняць удзел на будучым саборы. Але госць быў непахісны. Ен згадзіўся прыняць удзел толькі як прадстаўнік выгнанага архіепіскапа Елеўферыя і толькі пры яго ўласнай згодзе. Аднак паўдзельнічаць у саборы хоць у якім-небудзь статусе Багдановічу так ніколі і не давялося - сабор не быў скліканы і застаўся ўсяго толькі міражом саборнасці польскага праваслаўя.
У гэтыя часы Вячаслаў Багдановіч не забываў і беларускую грамадска-палітычную працу. З кастрычніка 1927 г. ён разам з протаіярэем Лукой Голадам пачаў выдаваць беларускамоўны "царкоўна-грамадзкі і палітычны" часопіс "Праваслаўная Беларусь". Трэба заўважыць, што сенатар быў не толькі арганізатарам і натхняльнікам гэтага выдання, але фактычна і адзіным яго аўтарам. Пад уласным прозвішчам ды пад рознымі псеўданімамі (В. Васілевіч, Саборанін, псеўданім "Сябра" верагодна таксама належыць В. Багдановічу) ён змяшчаў у часопісе бліскучыя артыкулы, у якіх закраналіся самыя розныя праблемы рэлігійнага і палітычнага жыцця: узаемадачыненні царквы і дзяржавы, пытанні саборнасці і аўтакефаліі, адносіны да праваслаўя ў іншых усходнееўрапейскіх краінах і Польшчы, міжпалітычныя стасункіі г.д. Акрамя гэтага, на старонках "Праваслаўнай Беларусі" былі змешчаны апрацаваныя дзённікавыя запісы В. Багдановіча аб Памесным Саборы 1917 - 1918 гг. пад агульнай назвай "10 гадоў таму назад", а таксама яго артыкулы-успаміны аб Віленскай праваслаўнай семінарыі і Беларускім пасольскім клубе. Вялікая ўвага надавалася своеасаблівай "завочнай" палеміцы з прыхільнікамі аўтакефальнага ладу. У артыкулах "Бяз грунту", "Мітрапалічы блёк", "Адказ мітрапаліта Дыанізыя мітрапаліту Сергію", "Аўтокефалія" і інш. сенатар указваў на штучнасць існай царкоўнай герархіі і сцвярджаў, што яна займаецца больш палітыкай і дзяржаўнымі інтарэсамі, чым хрысціянскім выхаваннем сваёй шматнацыянальнай паствы. У трэцім нумары часопіса была надрукавана праграма і статут "Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб'яднання" (ПБДА) - партыі, якая павінна была аб'яднаць прыхільнікаў свабоднага развіцця Праваслаўнай Царквы ды праціўнікаў мітрапаліта Дыянісія. У праграме аб'яднання нават прапаноўвалася аддзяліць царкву ад дзяржавы, каб у будучыні пазбегнуць умяшання з боку апошняй. Але трэба заўважыць, што гэтая палітычная сіла, якая складалася з В. Багдановіча і літаральна двух-трох яго аднадумцаў, была ў некаторай ступені эфемернай арганізацыяй, партыяй "на паперы". Весткі пра яе ўтварэнне з'явіліся непасрэдна перад парламенцкімі выбарамі 1928 г. з мэтай пашырэння аўдыторыі беларускага нацыянальнага руху і пошука новых прыхільнікаў падчас выбарчай кампаніі. З'яўляючыся выключна "тэхнічнай" партыяй і зрабіўшы сваю справу, пасля выбараў ПБДА фактычна нічым не вызначылася на заходне-беларускай палітычнай арэне, хаця і праіснавала прыблізна да 1935 г. Але сам факт з'яўлення беларускай праваслаўнай партыі з хрысціянска-дэмакратычнымі элементамі ў ідэалогіі адлюстроўвае жаданне яе арганізатараў узняць праблемы Праваслаўнай царквы ў Польшчы на больш высокую палітычную плоскасць.
Грамадска-палітычная дзейнасць В. Багдановіча не абмяжоўвалася выданнем "Праваслаўнай Беларусі" і стварэннем ПБДА. 19 чэрвеня 1927 г. ён быў абраны раднікам Віленскай гарадской рады ад Аб'яднанага беларуска-расійскага блока. Праз месяц, у ліпені 1927 г. Багдановіч стаў старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта - фактычна цэнтральнай арганізацыі беларусаў на "Ўсходніх Крэсах". Абранне на такую адказную пасаду сведчыла пра значны давер, які меў сенатар у асяроддзі беларускіх дзеячоў. Ен быў пастаянным удзельнікам беларускіх літаратурных і культурных імпрэзаў, арганізоўваў некаторыя з іх, напрыклад мерапрыемсты, прысвечаныя 500-годдзю з дня смерці вялікага князя Вітаўта. З'яўляўся адным з утваральнікаў і кіраўнікоў віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Як выдатны музыка, В. Багдановіч паклаў на ноты некалькі вершаў беларускіх паэтаў, напрыклад "К сонцу" Янкі Купалы, і нават верш сваёй вучаніцы - Наталлі Арсенневай - "Неба сіняе, сіняе будзіць душу" (паводле А. Клімовіча аўтарства раманса "Зорка Венеры" на словы М. Багдановіча таксама належыць В. Багдановічу). Бліскучы знаўца і прыхільнік беларускай культуры, ён быў аўтарам літаратуразнаўчых нарысаў пра творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, артыкула пра народны хор Р. Шырмы і г.д. У гэтыя часы Багдановіча таксама хвалявала праблема ўзаемадачыненняў роднай мовы і царквы. Прызнаючы неабходнасць ужывання беларускай мовы ў казаннях і дадатковых набажэнствах, ён, у той жа час, падкрэсліваў усю карысць захавання ў літургічнай практыцы царкоўна-славянскай мовы, як непаўторнай з'явы агульнаславянскай і беларускай культуры. "Для нас беларусоў, - пісаў Багдановіч, - царкоўна-славянская мова з'яўляецца гістарычнай падставай нашай культуры… Мы стаім за родную мову і ў духоўнай школе, і ўва ўсім адміністраціўным жыцьці царквы. Не выключаем і так званага "дадатковага набажэнства", якой у свой час дазволіў… перавадзіць на беларускай мове патрыарх Ціхан яшчэ ў 1921 г. А калі славянская мова пазастанецца ў галоўным багаслужэньні беларускага народу, то гэта нічуць ня перашкодзіць яго нацыянальнаму адраджэньню і росту яго роднай культуры, а нават дапаможа гэтаму". У гісторыю беларускай літаратуры В. Багдановіч увайшоў таксама як аўтар першага агіяграфічнага твора ("Сьв. Віленскія мучанікі і дзіватворцы Антоній, Іоанн, Евстафій - патроны Беларусі"), напісанага на новабеларускай літаратурнай мове. Але пра гэта чамусьці сёння мала прыгадваецца.
У міжваеннае дваццацігоддзе В. Багдановіч вызначыўся і як выдатны спецыяліст па рускай літаратуры і філасофіі, якімі цікавіўся яшчэ ў дарэвалюцыйную пару. Пэўны час ён быў кіраўніком Рэлігійна-філасоўскага гуртка пры Віленскім рускім таварыстве. У рускіх часопісах і газетах Польшчы нярэдка можна было сустрэць глыбокія артыкулы Багдановіча, прысвечаныя аналізу творчых дасягненняў М. Салтыкова-Шчадрына, Ф. Дастаеўскага, Д. Меражкоўскага, М. Ляскова, паэтаў Сярэбранага веку. У сярэдзіне 1920-х гг. перад рускімі студэнтамі Віленскага ўніверсітэта ён чытаў лекцыі па гісторыі рускай літаратуры часоў Асветніцтва. Адной з апошніх яго прыжыццёвых прац быў змястоўны біяграфічны нарыс, напісаны па апублікаваных мемуарах аб апошніх днях М. Лермантава ("Почти сто лет назад"). Акрамя гэтага, Вячаслаў Багдановіч быў папулярызатарам і прыхільнікам рускай рэлігійнай філасофіі, што так-сама знайшло сваё адлюстраванне ў яго творчасці. Ен вывучаў адну з найважнейшых плыняў рускай філасофіі - сафіянства, аналізаваў забытае ў тыя часы гістарыясофскае вучэнне К. Ляонцьева, рэцэнзаваў кнігі М. Бярдзяева і М. Лоскага. Трэба адзначыць, што толькі ў апошнія часы былі зроблены некаторыя спробы вывучэння і пэўнай сістэматызацыі шматграннай творчай спадчыны Багдановіча, якая па-ранейшаму мала вядома сучасным даследчыкам. А яна, безумоўна, магла б быць карыснай не толькі для гісторыкаў, але і для літаратуразнаўцаў, філосафаў і культуролагаў.
У 1930 г. Вячаслаў Багдановіч не быў абраны ў сенат у трэці раз і яго палітычная дзейнасць у верхняй палаце польскага парламента скончылася. Пачаліся цяжкія часы - не было сталага заробку. Нялёгка было атрымаць і заслужанную пенсію: урад не спяшаўся падтрымліваць свайго былога праціўніка і крытыка. У пошуках працы Багдановіч планаваў нават пераехаць у Рыгу, дзе яму прапаноўвалі месца настаўніка рускай мовы ў беларускай школе. Аднак пры ўсім гэтым не хацеў пакідаць Вільні, горада, дзе жылі яго сям'я ды сябры, дзе кожны квартал нагадваў дзесяцігоддзі пражытага і здзейсненнага. Пра гэта ён пісаў рыжскаму архіепіскаму Іаану: "Я, кажется, сам писал Вам, Владыко, что, конечно, прежде всего желал бы устроиться в Вильне, с которой связывают меня обстоятельства и идейного и житейского характера… Поэтому, когда отсутствие определенных перспектив, а также (а это главное) ресурсов на день насущий заставили меня "обратить взоры" на Латвию, то я и здесь прежде всего думал о возможности устроиться временно без семьи" . Пакінуць Заходнюю Беларусь Багдановічу так і не прышлося, ён уладкаваўся выкладчыкам літаратуры ў Віленскую рускую гімназію, у якой будзе працаваць да 1939 г. Тут былы сенатар вызначыўся не толькі як выдатны педагог, але і як арганізатар тэатральнага гуртка, рэжысёр-пастаноўшчык шматлікіх спектакляў і канцэртаў па творах рускіх класікаў ды нават дэкаратар і касцюмер. Не пакідаў і грамадскай працы - з'яўляўся кіраўніком Царкоўнай камісіі Беларускага нацыянальнага камітэта. Праўда ў 1935 г. ён быў вымушаны пакінуць камітэт у знак пратэсту супраць празмернага ўплыву на арганізацыю маладых дзеячоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Між іншым, Багдановіч, нягледзячы на некаторыя палітычныя разыходжанні, меў вельмі блізкія і цёплыя стасункі з лідэрамі беларускай хадэцыі, некалькі разоў выступаў на з'ездах гэтай партыі.
Надта цікавы і малавядомы яшчэ адзін факт з "паслясенатарскага" жыцця Вячаслава Васілевіча: у часы матэрыяльных цяжкасцяў сябры прапаноўвалі яму прыняць духоўны сан. Аднаму з іх ён пісаў: "Сознавая свои недостоинства, я все же никогда принципиально не был против этого. Единственным принципиальным препятствием здесь могло бы служить разве лишь несогласие Владыки Елевферия, без благословения которого я бы… не предпринял бы этого шага" . Але Багдановіч не рашыўся зрабіць гэты крок і віны літоўскага архіепіскапа тут няма. Далучацца да кагорты польскіх "аўтакефальных" святароў ён не жадаў, як і ствараць "кананічны" прыход, што прывяло бы зноў да пераследаў і астракізму. Так-сама не ведаў, як растлумачыць простым прыхаджанам, якія мала разбіраюцца ў царкоўным праве, чаму іх святар… адлучаны ад царквы. Прыняцце духоўнага сана - справа даволі адказная, і Багдановіч, як чалавек вельмі сумленны, не мог вырашыць яе хутка і неабдумана. Магчыма, калі б лёс вызначыў яму большы час, то крок гэты ён усё ж такі зрабіў бы.
1 верасня 1939 г., калі пачалася Другая Сусветная вайна, Вячаслаў Багдановіч, разам з іншымі беларускімі і ўкраінскімі грамадска-палітычнымі дзеячамі, як асоба недабранадзейная і небяспечная, быў арыштаваны польскімі ўладамі і вывезены ў знакаміты канцлагер у Бярозу-Картузскую. Там ён, у жорсткіх умовах, правёў больш за два тыдні і 17 верасня, выкарыстаўшы неразбярыху, уцёк з лагера разам з іншымі зняволеннымі. Прыехаўшы 26 верасня ўжо ў савецкую Вільню, Багдановіч хацеў вярнуцца да грамадска-царкоўнай і педагагічнай працы. Па некаторых звестках, ён прызнаў Саветы і станоўча ставіўся да ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі як да акта гістарычнай справядлівасці. Але новая ўлада мела наконт яго іншыя погляды. У кастрычніку 1939 г. ён, як і дзясяткі іншых беларускіх дзеячоў і патрыётаў, быў арыштаваны органамі НКУС. З гэтага часу след былога сенатара Рэчы Паспалітай губляецца. Па адной з версій, яго без суда і следства расстраляюць у Вілейцы.
Вячаслаў Багдановіч пакінуў Беларусі вялікую колькасць сваіх твораў, ідэй, разважанняў, не да канца ацэненых і прачытаных. Вельмі шкада што сёння ведаюць іх, як і самога Багдановіча, толькі адзінкі. Можа ўжо прыйшоў час праваслаўным у Беларусі ўспомніць свайго земляка, які калісьці адзіны зрабіў выклік няпраўдзе і стаяў на абароне кананічнасці і царкоўнай свабоды. Выдадзены Беларускім экзархатам РПЦ збор твораў гэтага публіцыста, сенатара і багаслова быў бы добрым напамінам пра яго самаахвярнае служэнне Праваслаўнай царкве і свайму народу.
Аляксандр Горны.
1Тут і далей у цытатах захоўваецца арыгінальных правапіс тых часоў
Беларуская мова для грамадскіх арганізацый Лідчыны
22 сакавіка ў Лідзе прайшло чарговае планавае паседжанне Каардынайнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме. Паседжанне было прысвечана Году кнігі і прадугледжвала больш дэтальнае знаёмства з дзейнасцю грамадскіх арганізацый і дзяржаўных структур, завязаных на кнігу.
Паседжанне праходзіла ў Лідскім літаратурным музеі і больш чым напалову мела характар экскурсіі. Пры гэтым усе асноўныя выступы ішлі на беларускай мове.
Тон задала дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ганна Драб, якая на цудоўнай беларускай мове распавяла пра гісторыю стварэння Літаратурнага музея ў Лідзе, пра змест экспазіцыі, дакладней, пакуль што выставы, пра задачы, праблемы і планы. Адзін пункт плана - адкрыццё літаратурнага (Таўлаеўскага) турыстычнага маршрута па Лідзе, як падказаў нехта з прысутных, з абавязковым чытаннем вершаў Таўлая.
Далей Ганна Драб перадала слова старшыні лідскага ТБМ Станіславу Судніку, які распавёў пра жыццёвы шлях Валянціна Таўлая, пра тое як яго, камуністычнага паэта, выкупілі ў Лідзе з нямецкай вязніцы і збераглі ад вернай смерці (бацька і мачыха Валянціна загінулі ў Асвенцыме).
Наступнай слова мела намеснік галоўнага рэдактара "Лідскай газеты" Людміла Петрулевіч, таксама па-беларуску, а далей пра літаб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" распавядаў новы кіраўнік, малады паэт і літаратуразнавец Алесь Хітрун.
Была прэзентавана кніга Тацяны Сямёнавай "Осенний вальс", выдадзеная пры дапамозе жаночых грамадскіх арганізацый.
Завяршылася паседжанне экскурсіяй па Лідскім замку, якую правяла Наталля Хацяновіч.
І хоць яшчэ далёка да таго, каб беларуская мова так была прадстаўлена на ўсіх паседжаннях, але прыемна было пачуць, як адзін з удзельнікаў, аказаўшыся ў атачэнні беларускамоўных, сам па-беларуску сказаў:
- Першы раз чую, каб усе вакол гаварылі па-беларуску.
Дай, Божа, не апошні.
Наш кар.
На здымках: пра Валянціна Таўлая распавядаюць Ганна Драб і Станіслаў Суднік; выступае кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун.
Тыдзень праваслаўнай кнігі ў Лідзе
З 19 па 25 сакавіка ў Лідзе праходзіў шэраг мерапрыемстваў у рамках "Тыдня праваслаўнай кнігі". Тыдзень ладзілі праваслаўныя храмы Лідчыны. Імпрэзы прайшлі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі і на іншых пляцоўках.
Так у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі арганізавана выстава праваслаўных старадрукаў, сабраных з лідскіх храмаў. Сярод выстаўленых кніг ёсць і даволі старыя, у якіх маюцца рукапісныя ўстаўкі. Выстава суправаджаецца паказам беларускамоўнага дакументальнага фільма пра Св. Сафію Слуцкую.
А 22 сакавіка ў Школе мастацтваў адбылася вечарына хрысціянскай паэзіі. Вёў вечарыну па-беларуску сам Лідскі дабрачынны айцец Расціслаў. На жаль, не змог прыехацьз Жыровічаў інак Мікалай (Зьніч), і вершы Зьніча чытаў айцец Уладзімір з храма Ўсіх Святых. Свае вершы чыталі мясцовыя паэты, а таксама госця з Дзятлаўскага раёна Вера Хрышчановіч. Усе лідскія паэты - і ўцаркоўленыя і свецкія - чыталі вершы ў асноўным на беларускай мове. Праявілася парадаксальная з'ява: выступоўцы размаўлялі на руска-беларускай трасянцы, але вершы чыталі на дасканалай беларускай мове. Праўда, песні гучалі рускамоўныя.
Як сказаў адзін са святароў, адна з мэтаў такіх імпрэзаў - зламаць бар'ер паміж праваслаўнымі і беларускамоўнымі, бо бар'ер такі супраціўны Богу і здароваму сэнсу.
Наш кар.
Жыровіцкаму цудатворнаму абразу ў гонар яго свята 20 траўня
Тут поле, як поле,
Пясок, як пясок,
Ды толькі чарга за вадою.
То Мацеры Божай
святы паясок,
Што звязвае неба з зямлёю.
О, Дзева Марыя,
Сама Ты прыйшла,
Каб выбавіць грэшныя душы,
І як жа магла гэта веліч Твая
Змясціцца на дзікай
той грушы.
Царыца нябесная,
Нізкі паклон
Прымі і ад нас, беларусаў.
Пад Божым пакровам
і Рым, і Афон,
І снежныя шапкі Эльбруса.
Тут поле, як поле,
Пясок, як пясок,
Ды толькі чарга за вадою.
То Мацеры Божай
святы паясок,
Што звязвае неба з зямлёю.
Вера Хрышчановіч, Дзятлаўскі р-н.